epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Доўгая дарога дадому

1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7.ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода


Кароткае прадмоўе

 

Перш за ўсё хачу папярэдзіць чытача, што гэтая кніга — твор вельмі інтымны, суб’ектыўны, аднабаковы, якім, зрэшты, ці не заўжды зьяўляецца мемуар, успамін, сьведчаньне. Думаецца, у тым ягоная сіла, але адначасна і слабасьць, падстава для прэтэнзіяў і нязгоды. У сваё апраўданьне магу толькі сказаць, што ня меў жаднага намеру каго-небудзь абразіць, што-колечы скрывіць ці знарок падаць у неадэкватным сьвятле.

Бальшыня названых у творы пэрсонаў прыведзеная пад іхнімі сапраўднымі імёнамі. Хіба ў асобных выпадках імёны зьмененыя — зь меркаваньняў павагі да годнасьці тых пэрсонаў ды і ў інтарэсах аўтара. Наколькі тое магчыма, аўтар імкнуўся прытрымлівацца храналёгіі, хаця тое не заўжды ўдалося. Асабліва там, дзе падзеі адбываліся паралельна або выпадалі з пэўнага лягічнага ланцугу.

Выбачаюся перад тымі, каго не ўпамянуў тут, пра каго напісаў мала ці тым болей ня так, як яны заслугоўваюць. Перад тымі, каго засмуціў названымі фактамі або празьмернымі азначэньнямі. Знарок нікога не хацеў пакрыўдзіць. Прабачце мне!

Аўтар

 

1. Ваколіцы. Возера

Родная мая мясьціна, мабыць, ня надта тыповая для раўніннай поўначы Беларусі — дужа зрыты рэльеф, пагоркі і лагчыны, раўкі, балацявіны і азёры. Азёраў дык нават зашмат — палявых і лясных, круглых, крывулястых, часам з голымі, а ў бальшыні з аброслымі трысьнягом берагамі. Ну і, вядома, лясы. Чырвоных бароў, праўда, засталося няшмат[:], бары высякалі, асабліва пасьля войнаў — на будоўлю, дровы, на продаж. Палі амаль паўсюль цесныя, лапікамі на пагорках, нізінах, часьцяком парэзаныя раўчукамі з алешнікам на схілах. На тых лапіках пад лесам, каля балотаў, па-над рэчкамі ці азёрамі рассыпаліся вёскі — невялікія, з крывымі вуліцамі, а то і зусім бяз вуліцаў, — з дарожкай ад хаты да хаты. Не хутары і ня вёскі, але так, мабыць, было зручней гаспадарыць, бо гаспадарка ахоплівала хату, хлявы, сьвіран, варыўню, гумно з токам, паветкай і пуняй. Нават невялікая вёска здалёку рабіла ўражаньне немалой забудоўкі. Цягам часу будынкаў усё менела[:] гарэла, бурылася, пераносілася да калгасных падворкаў — абораў ды канюшняў. Менела і людзей. Цяпер у маіх Бычках1 два дзясяткі самотных хатаў, палова зь якіх стаяць пустыя. У астатніх дажываюць свой век нямоглыя пэнсіянэры.

Наш падворак у вёсцы быў крайні, далей — поле і парослы алешнікам ды ляшчыньнікам роў. З тым ровам найперш зьвязанае маё маленства; у ім, асабліва ўлетку, было безьліч зманлівага і цікавага. Там зьліваліся дзьве ручаіны, утвараючы вадзяныя запруды на камянях, сьцежку заўжды перакопвалі кратовыя норы, крыху далей, на схіле, зеўрала барсукова нара, а ўнізе, пад абрывам, бруіла з-пад камянёў крынічка. Усе даваенныя гады мы бралі зь яе ваду, якую, аднак, ня дужа лёгка было цягаць па крутых сьцежках, асабліва ўзімку. Але калодзежу на падворку мы ня мелі, а вада з крынічкі была дужа добрая — чыстая, заўжды сьцюдзёная і смачная, як казала маці. У калодзежах такой не бывае.

Над ровам удалечыні відаць былі цёмныя купкі ельніку, то — Гаі, Бліжнія і Дальнія, куды дзятва пачынала хадзіць зь Вялікадня, калі падсыхалі сьцежкі. Там мясьціўся зусім ужо інакшы сьвет — лясны, змрочны і таямнічы. У Піліпаўку чулася, як там выюць ваўкі, хаця адмысловае ваўчынае месца звалася Ваўкоўшчынай, яно было збоч і далей ад Гаёў, за іншым, яшчэ глыбейшым ровам. Увогуле равоў у нас хапала, усе зарослыя хмызьняком, з крутымі, галаваломнымі схіламі.

Пачаў сябе памятаць, можа, гадоў зь пяці. Першыя мае ўражаньні ад навакольнага сьвету, аднак, зьвязаныя з возерам.

Мой сябра Валодзя Галавач, старэйшы за мяне на тры ці чатыры гады, аднойчы сказаў: пойдзем на возера. Канешне, гэта было дужа зманліва, але ж далёка – можа, кілямэтры два. Для пяцігадовага то сапраўды цэлы сьвет. Прытым усё самавольна, без дазволу бацькоў. I вось мы пайшлі. Трэба было перайсьці поле, ільняную ніву, пералезьці цераз глыбачэзную, страшную аўражыну, узьлезьці на крутую гару [–] і ўжо зь яе бачным рабілася возера, якое няроўным блішчастым лапікам разьлеглася ў лесе. Той бераг таксама гарысты, круты, парослы ельнікам ды дубамі; а на гэтым — хмызьняк, драбналесьсе. Перад самым возерам такі спрытны беражок зь пясчанай водмельлю, збоч вялізная крутая гара з дубамі. Казалі, там некалі было паганскае капішча. I вось я ўпершыню ўбачыў гэткі цуд. Надвор’е было ціхае, летняе, дык той бераг спакойна вісеў у вадзе ўніз галавой — і елкі, і дубы. Toe захапляла. Усё самае рамантычнае ў маім дзяцінстве зьвязанае менавіта з тым возерам. Пасьля там купаліся, вудзілі рыбу, лавілі ракаў, — тыя яшчэ вадзіліся. Калі трохі падрос, памятаю, хадзілі ноччу са смаляком. Смаляк запаліш, а яны вакол выпаўзаюць на водмель, нават страшнавата робіцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявішча на беразе, а ён — цоп за палец, і цягнеш яго. Трохі далей на балоцістым беразе ў хмызьняку жылі бабры, ладзілі свае хаткі. Часам можна было бачыць (асабліва ўвечары), як яны плывуць, што-небудзь цягнучы да свайго жытла.

Цікава зазначыць, што за час, які мінуўся з моманту маіх першых уражаньняў ад возера, шмат што — калі ня ўсё — у навакольлі зьмянілася. Ня стала прыазёрных вёсак, пабурыліся ў вайну, ды так і не аднавіліся мястэчкі, паадыходзілі ў іншы сьвет людзі. А возера ніколькі не зьмянілася. Усё той жа бераг, тыя ж яго абрысы, водмель і зарасьнікі трысьнягу побач. I нават тры старыя алешыны на беразе як расьлі на пачатку мінулага стагодзьдзя, так растуць і цяпер. I той бераг такі ж круты і лясісты, недаступны ні зімой, ні ўлетку. Сапраўды, неўміручае і нават нязьменнае мілае маё азярко, якое я буду любіць да скону дзён. Возера тое называлі Белякоўскім — па назову бліжняй, дарэчы, уцалелай за вайну вёскі. А гістарычны назоў ягоны — Гарадзень, мабыць, паводле памянёнага ўжо капішча. А крыху далей — зьвязанае з гэтым рачулкай возера Камароўскае. То большае, з астраўком, і побач зь ім, бы спарыш, меншае. А паміж імі па мастку праходзіла дарога. I вось, памятаю, гэта таксама было ў дваццатыя гады, калі аднаасобна жылі, настала нейкае сьвята, магчыма, Сёмуха, паехалі мы сям’ёй у Стайкі на набажэнства. Казалі, прыехаў архірэй. На гэтай дарозе з гары панёс конь, і мне, малому, здалося, што якраз той кіруе ў возера. Дужа спалохаўся. Дзякуючы таму спалоху запомніў і паездку, і возера, і сябе малога. А возера таксама прыгожае, на астраўку менскія археолягі раскапалі стаянку нэалітычнага чалавека. Так што мясьціны гэтыя былі даўно абжытыя, але ацалелыя праз тысячагодзьдзі.

Калісьці над возерам ля вёскі Белякоўшчына стаяў маёнтак пана Рудаміна (дарэчы, славуты род часоў ВКЛ), у якім колькі год мясьцілася школа. Пасьля школу перавялі ў Двор-Слабодку, а Рудамінаў маёнтак разабралі на бярвеньне і перавезьлі ў Вушачу пад райвыканкам, які там і быў да самай вайны. Возера без жытла асірацела, хаця недалёка былі вёскі — Саўчонкі-дольнія і Саўчонкі-гаране. Цяпер пра іх сьведчаць толькі аброслыя маліньнікам камяні падмуркаў. Далей па рэчцы была вёска Вітава з мастом, грэбляй і мураваным млынам. Вітава і млыну даўно няма, але вёска Чарапоўшчына на гары пакуль што стаіць, прытуліўшыся да зьдзічэлага саду і дамоўкі пана Маліноўскага. Яшчэ ў 20-я гады то была здатная будыніна з вэрандай, зашклёнай разнаколернымі шкельцамі, а галоўнае — з мэталічнай вінтавой лесьвіцай на другі паверх. I тое ды іншае дужа захапляла дзятву, мы бегалі туды паглядзець хоць знадворку. У сярэдзіну не пушчалі, там была важная ўстанова — сельсавет, на ганку якога тупаў міліцыянт з наганам на баку.

 

1 Вёска Бычкі Вушацкага раёну Віцебскай вобласьці.

2. Бацькі. Школа. Кублічы

Пра дзядоў-прадзедаў ведаю няшмат, мабыць, мала захавалася пра іх у нашай сямейнай памяці. Ці, можа, бацькі ня мелі патрэбы распавядаць пра іх дзецям. Сьпярша тое насамрэч было малым нецікава, а пасьля не было каму слухаць. Ведаю толькі, што адзін дзед быў патомны рыбак, усё жыцьцё лавіў рыбу. Тую справу перадаў сыну, брату маёй маці — Лявону, які таксама лавіў рыбу. Другі дзед быў селянін-адыходнік, сэзонна рабіў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыі, там жа пад канец жыцьця выбіўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода. Баба жыла ў вёсцы, але рана памерла, вялікіх уражаньняў па сабе не пакінула. Бацька Уладзімер Хведаравіч1 у маладосьці нямала пабадзяўся па сьвеце і толькі на старасьці жыў у роднай вёсцы. Як цяпер пагляджу, гэта, можа быць, самае нешчасьлівае пакаленьне, якое за ўсё свае жыцьцё долі ня знала. Адно бязладзьдзе, рэвалюцыі, войны. Ды калектывізацыя. Ды барацьба з ворагамі народу... Голад, кроў і пакуты.

Зямлі было мала, казалі тады — два надзелы, дык бацька кожнае лета хадзіў у адыходнікі — на цагельныя заводы ў Латвію, пасьля служыў чатыры гады ў царскай арміі, у Горадні, дзе, дарэчы, пасьля і мне давялося жыць. Толькі прыйшоў са службы, пачалася Першая сусьветная вайна, быў змабілізаваны ў самсонаўскую армію, недзе ў Аўгустоўскіх лясах трапіў у палон і апынуўся ў Нямеччыне. Працаваў у баўэра. У палоне, казалі, было па-рознаму, як дзе і каму. На заводах і ў шахтах дык дужа кепска, а ў прыватных гаспадароў, здаралася, і нішто. Канешне, трэба было працаваць, але немцы кармілі, апраналі, неяк клапаціліся аб працаўніках, ня тое, што пасьля на радзіме, у калгасах. Бацька часта ўспамінаў свой палон добрым словам, што ў мяне, вечна галоднага падлетка, выклікала непаразуменьне і зайздрасьць. Яшчэ бацька быў на грамадзянскай вайне, наступаў на Варшаву. А перад тым палякі наступалі на нас, у ваколіцах вёскі адбыўся бой, было шмат забітых з абодвух бакоў. Тое месца, дзе ляжалі забітыя, пасьля доўга называлі Бітаю пожняй.

Мама распавядала, некаторыя зь сялянаў зьдзіралі зь іх боты, апратку. Тое распавядала з асуджэньнем, амаль спалохам (гэта ж — вялікі грэх!) і паказвала ў вуглу хаты дзірку, дзе засела куля, што прыляцела ўсё адтуль, зь Бітай пожні. Я таксама не любіў тую пожню, але болей за калючую траву, што расла там і дужа калола босыя ногі.

Бацька ўспамінаў, як ва Усходняй Прусіі (у Аўгустоўскіх лясох) трапіў у палон да немцаў. «А куды ты дзеў вінтоўку?» — цікавіўся я. «Павесіў на сук у лесе», — казаў бацька. I я шкадаваў: нашто ў лесе, лепш бы прынёс дамоў, я б зь ёй гуляў. Мне ў той час было гадоў пяць.

Маці Ганна Рыгораўна2 паходзіла зь вёскі Завулак, якая апынулася па той бок мяжы, пад Польшчай. За мяжой застаўся і яе брат, той, што лавіў рыбу. Яна ўвесь час па ім гаравала, асабліва як агітатары распавядалі, што працоўныя ў Польшчы гібеюць без правоў і бяз хлеба. Для нас, дзяцей, гэта таксама была нейкая драма, спасьцігнутая ў надта раньнім узросьце. Я быў старэйшы. Праўда, была яшчэ старэйшая за мяне сястра Антуніна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў... Пасьля мяне нарадзілася сястра Валя, а ў 30-м годзе — брат Мікола (памёр у 2000-м). Ну, калі яшчэ казаць пра бацькоў... Бацька быў даволі строгі да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойваліся. Маці ж, наадварот, — дужа мяккая і жальлівая, я ніколі ня чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай і добрасьцю. І я лічу, што гэта кепска. Жыцьцё — усё ж бязьлітасная рэч, для яго яшчэ ў дзяцінстве патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоіў ад маці занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзіла — на вайне і пасьля вайны. Асабліва ў войску, дзе ў пашане пэўная зьвераватасьць характару.

Мабыць, варта яшчэ зазначыць, што вёска наша была ў якіх-небудзь двух кілямэтрах ад мяжы з Польшчай3, і тая акалічнасьць накладвала свой адбітак на шмат што — побыт, палітыку, самаадчуваньне людзей.

Шмат рамантычнага па маладосьці, а таксама драматычнага зьвязанае ў мяне зь мяжой. У Кублічах побач са школай была памежная камэндатура, каля школьнага двара — канюшня і цір ці стрэльбішча, дзе памежнае начальства страляла з рэвальвераў. Па дарозе ў школу і са школы можна было бачыць памежнікаў, якія ўсё кудысь ехалі — конна, групамі, па два, зь вінтоўкамі і шашкамі, у прыгожых, скрыпучых сёдлах. Камандзіры жылі ў мястэчку, а іх жонкі-настаўніцы вучылі нас у школе. Памежнікі часам паказвалі кіно ў вёсках, былі як бы шэфы. На нейкае сьвята на местачковай плошчы наладжвалі джыгітоўку — на конях, шашкамі «секлі лазу». Усё тое было цікава. А ўлетку купалі коней на Камароўскім возеры, мы памагалі. Не абыходзілася, канешне, і без драматычных падзеяў. Памятаю, неяк узімку прымчалася начальства, усіх мужыкоў выгналі ў засады — пільнаваць парушальнікаў мяжы, і тыя дзень і ноч сядзелі ў кустоўі, каб падаць сігнал, калі заўважаць каго. У канцы 20-х — пачатку 30-х з Польшчы на гэты бок ішло нямала народу, у асноўным моладзі, пасьля вядомага разгрому кампартыі і камсамолу. Хлопцы ішлі вясёлыя, нават з гармонікамі, — як жа, вырваліся з-пад панскага гнёту ў новы сьвет. Мы бачылі, як іх ранкам вялі з заставаў у камэндатуру, і яны пасьміхаліся. А пасьля, як ужо мы ішлі са школы, іх на аўтамашынах везьлі далей, і рукі іх былі закладзеныя назад ці, можа, зьвязаныя, і яны не пасьміхаліся. Аднойчы на мяжы нехта забіў пагранічніка, і яго хавалі ўсім раёнам на кірмашовай плошчы ў Кублічах. Як цяпер разумею, забілі таго не абавязкова палякі ці парушальнікі, а зусім магчыма — свае ў мэтах правакацыі, як гэта яны здаўна рабілі. Усё тое афарбоўвала дзяцінства ў часам ненатуральныя, звыродлівыя колеры. Асабліва калі мець на ўвазе некаторыя наступныя падзеі...

Школа ў вёсцы арганізавалася на мяжы 30-х гадоў, сьпярша гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце. Хата тая і дасюль стаіць, пасьля вайны ў ёй жыў мой брат Мікола. А тады гаспадары проста перасяліліся ў трысьцен, а большы пакой аддалі пад школу. Там паставілі два даўгія сталы і сабралі чалавек пятнаццаць вясковай драбнаты. Настаўнікам быў Антон Васільевіч Аўласенка зь вёскі Дарошкавічы. Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым. Сталася так, што ўсе мае сябры былі старэйшыя за мяне і пайшлі ў школу раней, а мне толькі шэсьць год. Сяджу адзін дома, а ў школе штось адбываецца цікавае, і я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку і павёў да настаўніка. Пагаварыў зь ім, і Антон Васільевіч кажа: хай ходзіць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якім я хадзіў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацінку, уставіў туды пяро. I пачаў я вучыцца.

Відаць, да гэтага часу (а можа, трохі раней) адносіцца маё знаёмства з мастацкай літаратурай. Яшчэ чытаць ня ўмеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова («I плакала Рыва...»). А ў школе неяк прынёс настаўнік некалькі дзіцячых кніжак, пачаў раздаваць для чытаньня — на табе, на табе... Мне дасталася тоненькая кніжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю – «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда: не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка. Абдзяліў лёс на першым этапе. У другую клясу пайшоў ужо ў іншую вёску — у Двор-Слабодку. Гэта трошкі далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзібе. Пад школу адвялі палову панскага дома з вэрандай, кафлянай грубкай і вялікімі вокнамі. Вучыў нас малады настаўнік Сьцяпан Рыгоравіч Троцкі, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пэнсіі, доўга працаваў у Браславе. Тады быў вясёлы, нязлы, мы яго любілі.

Ён вучыў, здаецца, адну зіму. Пасьля прыйшоў іншы — Сяргей Сьцяпанавіч Новікаў, паходжаньнем з нашае вёскі. Гэты ўжо быў супрацьлегласьць ранейшаму, — даволі строгі чалавек, парцеец, ён арганізоўваў калгасы ў нашай акрузе і загінуў у партызанах, у час знакамітага разгрому, названага пасьля «прарывам». У яго была свая, партыйная сістэма навучаньня: вельмі ён напіраў не на мову ці арыфмэтыку, а на грамадазнаўства, на гісторыю таксама. У пакоі, дзе мы вучыліся, было дзьве клясы — два шэрагі партаў. Калі ў адной клясе ішоў вусны ўрок, дык у іншай — пісьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю і сяджу, слухаю, пра што ідзе гаворка ў старэйшай клясе. Неяк сталася, што некалькі разоў, калі там ніхто ня мог адказаць на нейкае пытаньне настаўніка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднімаю руку, і Сяргей Сьцяпанавіч мяне выклікае, а пасьля сарамаціць старэйшых за тое, што яны ня ведаюць. Вось так я паактыўнічаў пару разоў, і настаўнік кажа: няма чаго табе там сядзець, перабірайся сюды. Так сярод зімы ён перавёў мяне ў чацьвертую клясу. Хаця тое мне не пайшло на карысьць. Бо скончыў я чатыры клясы ў дзесяць год, а што далей? Сярэдняя школа ў Кублічах, за тры кілямэтры, дык бацька і кажа: «Куды табе, малому, далёка хадзіць? Хадзі зноў у Слабодку». I пайшоў я зноў у чацьвертую клясу, абы вучыцца. Значыць, у трэцюю клясу хадзіў паўгода, а ў чацьвертую – два гады. Пасьля пайшоў у Кублічы, дзе была сярэдняя школа і куды хадзілі хлопцы і дзяўчаты з усяе акругі.

Калі замярзала балота, у школу хадзілі наўпрасткі — па алешніку, цераз пагорак і далей на балота. Там трэба было абысьці хамлачок алешніку з дрыгвяністай асакой, перабрацца цераз зарослую аерам рачулку і ўскараскацца на крутаваты схіл перад Кублічамі. Шлях быў цяжкі, але цікавы: на балоце трапляліся зайцы, можна было спугнуць курапатак у асацэ. Аднойчы ў зімовых прыцемках мне трапіўся воўк, нейкі час мы зь ім ішлі ў адным накірунку, я — па сьцежцы, а ён зводдаль па цаліку. Пасьля разышліся — кожны сваёй дарогай.

На балоце перад школай разьлеглася невялікае азярко, недаступнае ўлетку, затое дужа цікавае восеньню, як пакрыецца тонкім празрыстым лёдам. Там можна было пакоўзацца ўранку, дасьледаваць, што на неглыбокім тваністым дне. На дне дзе-нідзе, ледзьве варушачы плаўнікамі, драмалі язі ды шчупакі. Варта было прадзяўбсьці паціху невялічкую палонку і скіраваць на рыбіну зробленыя з тоўстага дроту восьці, як тая рабілася тваёй хвалюючай здабычай. Тым звычайна займаліся некаторыя старэйшыя хлопцы, малым дазвалялася хіба паназіраць зблізку.

 

Лета, лецечка, лецейка…

Лета чакалася, марылася, набліжалася ў думках-мроях. А яно марудзіла, вясна доўжылася. Вясна – таксама няблага, але ж – школа. Іспыты-экзамэны кожны год, за кожны клас. Ізноў жа – бясхлебіца, шчаўё ды крапіва. Траўнікі, ад якіх баліць у роце.

Ды во нарэшце школа ззаду, падручнікі – на паліцу. Лес ужо апрануўся ў лістоту, вакол зелена. Крыху кепска – бяз школы няма кніжак, чытаць няма чаго. Затое – воля і – возера. Наладжваем вуды. Кручкі здабылі загадзя, ёсьць пару з вушкамі, а то цяпер у крамах – толькі з пляскатымі канцамі. Тыя дрэнна трымаюцца ў валасянай, зьвязанай вузялкамі лесцы. Тую «леску» вяжам з валасоў, выдраных з хваста белай кабылы. На жаль, яна адна ў калгасе – белая. Брыгадзір сварыцца… Але брыгадзір увогуле добры, Антон Стрыжонак, і сварыцца ён нязлосна.

На рыбу я ўстаю на зары і – на возера. Вядома ж, Белякоўскае (так мы яго завем). Каб ня йсьці праз Саўчонкі, дзе нядобрыя рабяты (могуць пабіць), узьлязаю на гару ля Саўчонак-Гараняў, адтуль сьцежкай праз алешнік да возера. Чарвякі тут жа, у беразе. Настае вялікая пільніца – я і паплавок, нічога больш не існуе. Першая паклёўка, кругі па вадзе. Але паклёўка – яшчэ ня рыбіна. Рыба клюе вельмі ашчадна, баючыся ці што. Сонца ўскочваецца над лесам, прыгравае плечы ў кашулі, а ў мяне толькі дзьве платвічкі. Да абеду, можа, чатыры. Мяняю месца, хаджу сюды-туды па беразе. Месцаў, здатных для рыбалкі, тут, аднак жа, няшмат – усё трысьцёг, гарлачыкі. Бяда, калі адарвецца кручок. Бывае, што ён апошні.

Пад полудзень на бераг прыходзіць хто-небудзь з навакольных вёсак, мала знаёмы. Здаля чую размову: хто то вудзіць? – Ды гэта Ладзімераў малец. З Бычкоў… Значыць, ведаюць. Але я ня ведаю, добра гэта ці не. Можа, лепш, каб ня ведалі. Бо, кажуць, вудзіць рыбу ня можна. Лавіць можна толькі дзяржаўным рыбакам. Я ж – не дзяржаўны.

Намокшы моцна зьнізу, нарэшце вылязаю з вады, адкасваю мокрыя штаніны. Хочацца есьці. Улоў мой – пяток платвічак і адзін акунёк. Панясу маме, хай сасмажыць.

Ускараскваюся на гару пад Саўчонкі. Тут у крайняй хаце жыве мой аднаклясьнік Мішка Саўчанка. Але ён – нейкі чужы. Дружыць з іншымі хлопцамі.

Добра на возеры, але ж заўтра – на пасту. Падышла радоўка.

 

Паста – мой самы нялюбы абавязак.

Радоўка прыпадае кожнага тыдня. Вёска невялікая, кароў няшмат. Статак пасуць па два пастухі на дзень. Гэты абавязак дапякае штогод – ад вясны да позьняй восені. Праўда, у школьную пару – толькі пасьля заняткаў, а ўлетку – дзень цэлы. Ад зары да зары. Дужа не хацелася ўставаць рана, мама будзіла колькі разоў. Урэшце зьлязаў зь сена ў паветцы, сонны выганяў кароўку. Колькі памятаю, была ў нас Акулярка, рабая, чорна-белая кароўка з плямамі, бы акулярамі, на вачох. Яна карміла сям’ю гадоў дзесяць. Скончыла свой век у вайну, калі яе забралі партызаны – на ўласны пракорм.

Пасьвіць жывёлу не было дзе – уся зямля была занятая пад культуры. Заставаліся парасьнікі, раўкі, пералескі. Трэба было бегаць і бегаць, каб не разбрыліся каровы. Трохі лягчэй рабілася, як пачыналі жаць-касіць – тады на пожнях і ржэўніку. Ногі былі ўсе паколатыя, балючыя. Раніцой (пад восень асабліва) дапякалі росы – сьцюдзёныя, золкія. Ад іх лыткі браліся болькамі. Доўга не гаіліся.

Улетку ганялі жывёлу на паўдзён. Тое давала гадзіны тры перадыху ад палявой гарачыні. А пасьля зноў – у поле, да захаду сонца.

Бацькі ў той час – абодва на полі. Касьба, сушка, звозка сена. Затым – жаць. Бабы ў белых хусьцінках скрозь па полі. Снапы ставілі ў бабкі, так дасыхала збожжа. Звозіць сена даручалі старэйшым хлопцам – тое было цікава. Асабліва сядзець высока і пазіраць адтуль на абшары. Але ж дарогі… Аднойчы і я пакіраваў канём з брыкай. Ды на павароце з дарогі ў вуліцу крута падвярнуў брыку і абярнуўся. Дужа спалохаўся. Брыгадзір, аднак, ня лаяўся. Толькі болей мне таго не даручаў.

Улетку пасьля пятай клясы пасьвіў коні. Пасьвілі ўдвох зь Ільлюком, маім стрыечным братам, – мы ўдзень, а ягоны бацька, мой дзядзька Сьцёпка, уначы. Зноў рана ўставаць і ісьці куды ў дальняе поле – за Гаі ці ў Мамоны, дзе ўночы пасьвіліся калгасныя коні. Коні, вядома, не каровы, спутаныя і спакайнейшыя, але таксама кожны з норавам. Разбрыдуцца – пашукаеш. А то ўлезуць у пасевы, зробяць патраву. Патрава – то найгорш, брыгадзір пагражае аформіць штраф і спагнаць з бацькі. Але ўдзень, як прыгрэе сонца, можна пасядзець у цяньку і пачытаць кніжку. На полудзень па чарзе зь Ільлюком езьдзім конна – на якім-небудзь маладым каньку. Раніцай коней разьбіраюць калгасьнікі – у плуг, барану, у калёсы і брыкі. Коні худыя, на кепскай пашы за ноч не напасьвіліся, мужчыны кураць і лаюцца. Дзядзька Сьцёпка лае мяне, што спазьніўся на зьмену. Але пакуль я знайшоў яго ў парасьніках, сонца паднялося высакавата…

 

Пасьля сёмаё клясы пільнаваў сад у Астроўшчыне.

Астроўшчына – шляхецкі фальварак, вёсачка ў шэсьць двароў. (Пасьля іх зьвезьлі ў Бычкі, ліквідавалі Астроўшчыну.) Але тут вялікі стары сад – грушы, яблыні, вішні. Мне далі ружжо без патронаў, і я хаджу вакол і па садзе, пільную. Вакол ціха, нікога няма, тады я сядаю ва ўтульнае месца пад клёнам, дзе пасьля збудаваў шалаш, і – чытаю. Памятаю, тою парой чытаць цікавага не было чаго – чытаў Салтыкова-Шчадрына. Але тое нецікава4. Упоўдзень, як калгасьнікі ішлі на полудзень, хто-ніхто зь іх забягаў у сад. Мой абавязак быў – ня даць ірваць яблыкі. А як не дасі? Казаў: «Ня рві, дзядзька, а то падам сьпіс у кантору». А той адказваў: «Ну калі падасі, дык і нарву. Тады ўжо ўсё роўна». І рваў. Так што ўсё адно – ці падасі сьпіс, ці не, усё роўна нарве. А некаторыя яшчэ абяцалі спусьціць штаны ды [неразборліва] крапівой. Прыкрая была справа – вартаваць сад. Ледзьве дабыў да канца лета.

 

У нас у вёсцы таксама быў сад. Садок, як звычайна яго называлі. Садок я любіў – зь вясны, як ён быў у квецені, да восені, як пасьпявалі яблыкі. І асабліва грушы – вялікія фунтоўкі і спасаўкі. Спасаўкі высьпявалі да Спаса. Яшчэ да таго часу я зь зямлі прыкмячаў, каторая дзе па сонцы сьпела найперш, і ў зручны час узьлязаў на дрэва. Смачныя былі грушкі. Зь яблыкаў смачны быў апорт – адно яго дрэва, але апорты ды іншыя сьпелі позна. Самай, аднак, позьнясьпелай расла ў кутку садка адна дзікая яблынька. Казалі, некалі гэты дзічок пасадзіў дзед, меўся прышчапіць лепшую, ды сьмерць не дала, застаўся дзічок, заўжды абсыпаны дробненькімі дужа кіслымі яблычкамі. Іх мы зьбіралі ўвосень і ссыпалі на гору ў падстрэшша. Яны там мерзьлі, але ўзімку давалі сок, які з содай пілі – нейкі дзівосны пеністы напой, што любіла мама. Тая яблынька, здаецца, і цяпер стаіць адна ў былым садку – старая, скручаная, зьнявечаная часам. Але яшчэ нешта родзіць – крыху знаёмых маленькіх яблычкаў. Іншых дрэўцаў ужо даўно няма.

Без гаспадароў сад нядоўга жыве.

Неяк зімой у школьную пару я захварэў.

Вядома ж – прастуда. Ногі заўсёды мокрыя ў худых чаравіках, на плячах – сьвітка ды сарочка, пакуль дабяжыш да Кубліч, акалееш добра. А і ў школе халаднавата. Дужа кашляў, асабліва ўначы. Бацька лаяў: я ж казаў, ня бегай, сядзі лепш дома, дык трэба табе на лёд, у сьнежкі, з мальцамі. Цяпер во кашляй!

Як ужо добра зьлёг, з тыдзень не паднімаўся, бацька прывёз з Кубліч фельчара Дашкевіча. Той паслухаў грудзі праз трубку, сказаў ляжаць, на двор не хадзіць. Выпісаў мікстуру ад кашлю. Так я праляжаў, мабыць, зь месяц. Бы нічога не балела, але кашаль біў няшчадна, у грудзёх хрыпела. І нічога не хацелася есьці. Якраз выдалася нішчымная пара, запусьцілася карова. Ні малака, ні мяса. Адна бульба і капуста. Памятаю, бацька з маці раніцой гавораць: мусіць трэба зарэзаць авечку, бо Васька не паправіцца, нічога ня есьць… А я аж спалохаўся, бо любіў тую авечачку (было іх усяго дзьве). Кажу: ня трэба рэзаць, я папраўлюся.

Авечку не зарэзалі, але Васька папраўляўся дужа паволі, ледзь-ледзь. Мама плакала, яна ўжо пахавала гады тры таму старэйшую дачку, Антаніну, што памерла таксама праз прастуду. Памятаю, ляжала 16-гадовая дзяўчынка на стале ў вянчальным строі (што маці некалі ўбіралася на вянчаньне), і мяне дужа дзівіла тое ўбраньне. Усе плакалі. А я ня плакаў – быў малы і не разумеў, што такое сьмерць.

Вялікае сьвята здаралася ў школе, калі раптам абвяшчалі, што пасьля трэцяга ўроку будзе кіно. На жаль, тое выдаралася рэдка, можа, раз у чвэрць, і разам для ўсёй школы. Бы мурашнік, вясёлыя і дурасьлівыя, мы высыпалі на двор, дзе строіліся ў калону і з настаўнікамі, радасныя і ажыўленыя, кіравалі ў ДСК (Дом сац[ыялістычнай] культуры). Ужо ўсе ведалі, якое будзе кіно (пра вайну пераважна), рассаджваліся на лаўках і чакалі, калі выключыцца сьвятло і застрыкоча апарат. Пачатак фільму зачароўваў, усе заміралі, хапаючы зрокам тытры. У нямых фільмах гэтых тытраў было шмат. Трэба было пасьпяваць іх чытаць і глядзець за падзеяй. Фільмы ўсе падабаліся, тады не выпадала «кепскіх» фільмаў. Ідучы дахаты, абмяркоўвалі, спрачаліся. Уночы некаторыя моманты сьніліся – кіно працягвалася.

Тады, як я хварэў, якраз паказвалі «Чапаеў», і я яго прапусьціў. Шкадаваў шмат год, то была найбольшая, можа, крыўда школьных гадоў. Але хто вінаваты? Такі выдарыўся лёс.

Часам, хоць і рэдка (мабыць, яшчэ да калгасаў), кіно прывозілі і ў вёску. Між вокнаў нацягвалі белую палатніну, прыносілі лаўкі. Між імі ў парозе ставілі апарат з двума коламі, да лаўкі прыладжвалі дынаму, якую па чарзе круцілі маладыя мальцы. Малышня ўпокат клалася пад экранам і ўпівалася ў яго позіркамі. Стужка нярэдка рвалася, кінамэханікі там поркаліся, абразалі, клеілі. Абрэзкі кідалі на падлогу, і дзятва іх хапала. Пасьля мы разглядвалі іх на сьвятло, тое было ня менш цікава, чым увесь фільм цалкам.

Позьняй восеньню зь пятай клясы езьдзілі ў Вушачу на зьлёт ударнікаў. Ехалі ўтрох з настаўнікам Жырковым на фурманцы. Было сьцюдзёна (ці не з таго і захварэў), добра прамёрз. Настаўнік з жалем глядзеў на мяне і суцяшаў: я таксама некалі ехаў у горад во ў такой рудой сьвітцы… У Вушачы нас прэміявалі[:] Сьвярдлова Мэера – фотаапаратам, а нас зь яшчэ адным вучнем – каляровымі алоўкамі ў прыгожым пэнале.

То было маё першае падарожжа за межы вёскі і Кубліцкай школы.

Другое сталася ўлетку, як ехаў у піянэрлягер у Стайкі. Стайкі былі пад Леплем, лягер – у вясковай школе. Мне сказалі яшчэ вясной, што паеду туды, і я чакаў месяц ці болей. Урэшце сабралі ў Кублічах вучняў шэсьць, у тым ліку мяне і знаёмага ўжо вучня з старэйшай клясы Мэера Сьвярдлова. Да Вушачы везьлі фурманкай, а адтуль да Лепля – грузавіком. Дарога дужа прыгожая – лес, азёры, і вецярок у твар. Тое ўражвала.

Лягер ня надта спадабаўся – арганізаванасьць, лінейкі, фіззарадкі. Чытаць было што, але на тое не было часу – скрозь мерапрыемствы. Затое кармілі добра. Пасьля вясковай галадоўкі мы ўсе елі кашу з хлебам, над чым пасьміхаліся «гарадзкія», і мне было сорамна. Чамусьці ня памятаю вялікай радасьці ад таго лягеру, якога я так чакаў. Хіба дарога туды. Якая была назад – не запомнілася.

Вялікі клопат для бацькоў (дый для нас) была апратка і абутак. Асабліва апошні. Зімой, бывала, на золку сплю і чую, як бацька калупаецца над маімі башмакамі – зашывае, падбівае – рамантуе. Калі зусім не было як рамантаваць, ягоны сын надзяваў калодкі або апоркі, што надта сарамаціла яго. Але інакш не выпадала. Тое ж і з вопраткай. Новую кашулю ці штаны пашыць не было з чаго – у крамах не прадавалася, а свайго (зрэбнага) наткаць было немагчыма – лён увесь забірала дзяржава. Памятаю, аднойчы пад восень мама пашыла мне новую сарочку зь дзьвюх белых (у кропачку) жаночых хусьцін з абрэзанымі шлячкамі. Але ў адным месцы шлячок вылез і стаўся для мяне сарамлівай пакутай.

У сёмай клясе маці справіла мне пінжак, які пашыла яе сяброўка ў Кублічах Рыва (Рывітка). Для таго трэба было астрыгчы авечак, расчасаць воўну (часалі ў Кублічах мы з мамай). Я круціў часальную машыну. Пасьля мама прала, а затым фарбавала ніткі і ткала – кросны былі здаўна, толькі стаялі бяз справы пад сьцяной. У тым пінжаку я хадзіў два гады ў школу, фатаграфаваўся на пашпарт. І зьняў толькі, як той прадраўся – на локцях пераважна.

Прынялі ў піянэры, выдалі чырвоныя гальштукі з прыгожымі мэталічнымі зашпількамі, якія нам дужа падабаліся. Болей за гальштукі. Але бабы ў вёсцы сьмяяліся, а некаторыя і лаяліся, казалі: бязбожнікі. Дык мы да Кубліч гальштукі хавалі ў кішанях, зашпільваючы на паваротцы да школы. Пасьля заняткаў там жа зьнімалі.

У Кублічах, як у кожным беларускім мястэчку, тады было шмат яўрэйскіх дзяцей, зь якімі мы разам і вучыліся, і сябравалі. У нашай клясе палова вучняў былі яўрэйскія рабяты. Я сябраваў з братамі Сьвярдловымі — Мэерам і Лейбам. Мэер быў старэйшы, ішоў на дзьве клясы наперадзе, а зь Лейбам мы хадзілі ў адну клясу. Загінуў мой Лейба-Лёва ў [19]41-м годзе, расстраляны разам з усімі кубліцкімі яўрэямі ў Вушачы, а Мэер жыў у Маскве, працаваў на нейкай паштовай скрынцы. Неяк прыязджаў у Менск, і мы разам езьдзілі ў мястэчка нашага маленства, дзе не засталося і сьледу ад хаты Сьвярдловых. Ды і наогул мала што засталося ад Кублічаў — усё пабамбілі, папалілі, панішчылі ў вайну... А колісь гэта было слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах XVI стагодзьдзя, з праваслаўнай царквой (былой уніяцкай), у якой мяне хрысьцілі і дзе я пазнаў першае прычасьце. У Кублічах нарадзіўся Вярыга-Дарэўскі, вядомы літаратар, удзельнік паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Была таксама сінагога, школа і нават пажарня побач з царквой, аптэка, кузьня. Галоўнае месца, аднак, ля кірмашовай плошчы займаў чырвоны цагляны будынак межавой камендатуры. Сьпярша ён проста прымыкаў да плошчы, затым яго абгарадзілі высокім дашчатым плотам з колам на рагу — у выглядзе турэлі, да якой прыладзілі ручны кулямёт. У 30-я гады пабудавалі новую, неблагую школу, але садралі крыжы з царкоўных купалоў, каб тыя нельга было згледзець з-за мяжы, бо ж — арыенціры для «міравой буржуазіі», якая толькі і цікуе, каб разбурыць Кублічы. Але бурыць іх пачалі самі. Усё царкоўнае майно сканфіскавалі або проста расьцягалі ваяўнічыя атэісты, якімі абавязаны былі быць усе піянэры, камсамольцы, бальшавікі, настаўнікі і актывісты. I мы[,] піянэры-актывісты, цягалі з царквы і дралі старажытныя фаліянты, клеілі з царкоўных рукапісных пэргамэнтаў папяровых зьмеяў, якія запускалі ў ветраныя дні. З царкоўных жа рызаў раённы быткамбінат пашыў цюбіцейкі, у якіх шмат гадоў хадзілі ўлетку нашыя хлопцы. У першы год вайны ўсё яўрэйскае насельніцтва акупанты выгналі ў Вушачу і расстралялі ля могілак. Перад вызваленьнем Кублічы былі ўшчэнт разбамбаваны і спалены. Цяпер гэта захудалая вёска зь некалькімі сілікатнымі будынінамі на пачатку.

Так, рэлігійна-хрысьціянскія традыцыі марнелі, цэрквы, касьцёлы зачыняліся, сьвятароў саджалі. Але заставалася прывабнасьць старажытных традыцыяў — Калядаў, Дзядоў, Купальля. Асабліва Купальля. У ноч на 7 ліпеня вясковая моладзь, якой тады было куды больш, чым цяпер, ладзіла смаляное кола ці якую дзягцярную карчашку і на пагорку за хатай Галавачоў запальвала яе на высока ўзьнятай жардзіне. I тут жа ўсе разьбягаліся, хто куды. Неўзабаве з Кубліч скакаў конны памежны нарад, скідваў і тушыў тую карчашку. Памежнікі лаяліся[:] паліць агонь на Купальле забаранялася. Чаму? Таму! — быў лаканічны адказ.

За лесам (парасьнікамі) знаходзілася яшчэ адно мястэчка — Селішчы. То ўжо быў каталіцкі цэнтар рэгіёну — зь вялікім касьцёлам, кляштарам, крытым бліскучай белаю бляхай, якая была відаць аж з нашага поля. Там круглы год зелянелі хвоі на каталіцкіх могілках з дужа файнымі мармуровымі помнікамі і надпісамі лацінкай. У сярэдзіне могілак між хвояў высілася белая мармуровая скульптура анёла-дзяўчыны — вядома ж, на магіле памерлай. Мы дужа баяліся таго помніка, ня ведаю чаму.

Цяпер Селішчы — таксама захудалая вёска з пабураным касьцёлам і бязладнымі могілкамі.

Кублічы да вайны былі сельсавецкім цэнтрам, а Вушача — раённым. У маім тагачасным уяўленьні то было ўжо горадам, далёкім і зманлівым — з клубам, сталоўкамі і нават кнігарняй. У кнігарні вісела знакамітая карціна Зайцава (рэпрадукцыя, вядома) — «Чапаеў на кані», — у бурцы, з апушчанай бліскучаю шабляй. Захапляла натуральна выпісанае неба (тады яшчэ гэтак умелі) з прыгожымі аблокамі, і я, зрэдчас бываючы ў Вушачы, заходзіў у кнігарню палюбавацца на Чапаева.

 

1 Уладзімер Хведаравіч Быкаў (1888 – 1969).

2 Ганна Рыгораўна Быкава, у дзявоцтве Скрабатун (1888 – 1984).

3 «Вёска Бычкі была каля 2 км ад мяжы з Польшчай» – на той час там праходзіла дзяржаўная мяжа БССР і Польшчы.

4 У аўтарскім асобніку кнігі з тэкстам «Доўгай дарогі дадому» В. Быкаў у іншым месцы выкрасьліў наступны сказ: «Так доўжылася шэраг гадоў. Зімой — школа, летняй парой — праца ў калгace. Адно лета пасьвіў коней, другое — пільнаваў калгасны сад. Ужо там пачытаў кніжак уволю, быў час, ды мала было кніжак. Памятаю, змушаны быў чытаць Салтыкова-Шчадрына, які мне зусім не падабаўся. Мусіць, рана я за яго ўзяўся».

3. Настаўнікі. Канец школы

Але Кублічы... Як я ўжо казаў, тут была новая, драўляная школа са сьветлымі клясамі, фізкультурнай пляцоўкай побач. I, канешне, з новымі настаўнікамі. Рускую мову і літаратуру выкладала Клаўдзя Якаўлеўна Пашута, маладзенькая дзяўчына, якая толькі што прыехала з Полацкага педтэхнікуму. Мы любілі яе проста за маладосьць, хоць і настаўніца яна была неблагая. I ўсё ж беларускім дзецям руская мова давалася няпроста, асабліва дыктанты, усялякія сачыненьні. Я ж пад той час захапляўся кніжкамі, абыякімі — рускімі ці беларускімі, — таму і руская мова ў мяне ішла без асаблівых праблемаў. Беларускую мову выкладаў Андрэй Дзям’янавіч Курчанка — змрачнаваты чалавек, даволі строгі настаўнік. Трэба сказаць, ён выдатна ведаў сваю справу, і, паколькі быў строгі, усе мусілі сур’ёзна вучыць беларускую мову. Ну а мне яна давалася проста, можа, таксама дзякуючы таму, што і я пабойваўся Андрэя Дзям’янавіча. Хаця ён выклікаў мяне рэдка і ніколі не даваў адказаць да канца. Толькі я пачынаў, як ён казаў: сядай! I ставіў пяць. (Ці — «выдатна», я ўжо забыўся, якія адзнакі тады былі. Сыстэма ж адукацыі ў нас пэрманэнтна мяняецца.) Як бы там ні было, беларускую граматыку я надоўга засвоіў (ведама ж, наркамаўку) і, можа, толькі цяпер пачынаю забываць. А яшчэ быў настаўнік Красінцаў, які выкладаў фізыку, гісторык і географ Жырноў. Гэта таксама былі слаўныя настаўнікі, сьветлая ім памяць.

У тыя гады я ўжо захапіўся чытаньнем. Але дзе браць кнігі? Канешне, у школьнай бібліятэцы, якая была ня дужа багатая, ды ўсё ж клясыка ў ёй знаходзілася, і беларуская і руская, і што-нішто з сусьветнай. Найперш прыгодніцкая літаратура — ад Жуль Вэрна да нашага Янкі Маўра1, кнігі якога я вельмі любіў. Дужа папулярную на той час «Як гартавалася сталь»2 чыталі па чарзе ўсёй школай. Аднойчы я захварэў і доўга не хадзіў у школу, затое чытаў, і перачытаў усё, што было ў Слабодскай школе, а гэта пераважна руская клясыка. Тады ж адолеў «Вайну і мір», тры тамы «Ціхага Дону», шмат што з Ганчарова3, Тургенева4, а таксама Зарэцкага5, Гартнага6, Галавача7. Доўга нідзе ня мог дастаць коласаўскую «Дрыгву», пра якую дазнаўся са школьнай граматыкі. Дык падпільнаваў, як яна паявілася ў нарыхтоўчай краме ў Селішчах. Але ж дзе было ўзяць грошы? Звычайна летняй парой дзеці дралі лыка лазы, крушыны, усё тое сушылі на сонцы і здавалі ў нарыхтоўчыя канторы. Чарговы раз занёсшы ладны бярэмак кары ў Гушчынскую Слабодку, я займеў магчымасьць купіць «Дрыгву». Як усё тое было прачытана, ішло паляваньне на кніжкі па сябрах і знаёмых. Скажам, дачуўшыся, што ў кагосьці ёсьць якія незнаёмыя кніжкі, я прасіў даць пачытаць. На два дні, на адну ноч. Памятаю, з намі ў школе вучыўся Баброўскі, здаецца, зь вёскі Чамярычына. Ягоны бацька ці дзед былі настаўнікамі яшчэ за царскім часам, і пасьля іх застаўся сундук з кніжкамі. Во гэта быў скарб! Баброўскі прыносіў мне кніжкі ў школу, я да яго бегаў па кніжкі і ўлетку. Чытаў пераважна выданьні XIX стагодзьдзя — Маміна-Сібірака8, Караленку9, Станюковіча10, Памялоўскага11, некалькі раманаў Шэльлера-Міхайлава12 ды іншых. У яго ж неяк знайшоў рэдкую па тым часе кнігу Жуль Верна «Из пушки на луну», якая мне дужа спадабалася. Дазнаўшыся, што на беларускай мове яе няма, я сам пераклаў яе з расейскай, паслаў у Менск у газэту «Піянэр Беларусі», каб там надрукавалі і пазнаёмілі беларускіх дзяцей з гэтым творам. Канешне, тое было наіўна, але кніжны сьвет ужо звыкла стаў для мяне ня меней значны за рэальны. У дзіцячыя гады адбывалася нейкае душэўнае фармаваньне, можа, болей важнае за ўплывы рэальнага сьвету...

Паэзія, у тым ліку і расейская клясыка, мала краналі. Трохі пазьней, у юнацтве, пачаў падабацца Лермантаў13. I я зразумеў, чаму, калі пасьля вайны прачытаў у Буніна14, што Лермантаў, а зусім ня Пушкін15— першы паэт Расеі.

Некалькі год у школе я сядзеў за адной партай з Шуркам Андрэйчыкам. То быў ціхманы, задуменны хлапец, добра вучыўся па матэматыцы. Лепш за мяне. Але я лепей пісаў дыктоўкі і сачыненьні. Тады мы стварылі пэўную каапэрацыю і памагалі адзін аднаму: ён мне па матэматыцы, а я яму па мовах. Зь цягам часу я зусім занахабнічаў і на ўроках матэматыкі чытаў пад партаю кніжкі. Так доўжылася, аж пакуль дырэктар Сьлімборскі, ён жа выкладчык матэматыкі, мяне не злавіў і не паставіў двойку. Мусіў выпраўляцца. Было сорамна, бо па астатніх прадметах меў адны пяцёркі.

Тут, можа, трэба сказаць яшчэ пра адно школьнае захапленьне — маляваньне. Маляваць пачаў рана, можа, з трэцяй ці чацьвертай клясы, — як звычайна, алоўкам ці акварэльнымі фарбамі для насьценнай газэты, розныя школьныя дапаможнікі — карты, схемы... Але якое выяўленчае мастацтва ў вёсцы? Ды ўсё ж знайшлося. У суседняй вёсцы Астроўшчына жыў селянін Бобрык, бедны — бяднейшы, можа, за ўсіх. Але ў часы грамадзянскай вайны ён быў слугою ў якогась заможнага двараніна недзе ў Сібіры, казалі, нават у губэрнатара. Дык ён прывёз на радзіму некалькі карцін алеем, маленькіх такіх эцюдзікаў. Яшчэ ён прывёз гадавыя пераплёты часопісаў «Нивы», «Огонька» за некалькі год. «Огонька» нават з пачатку стагодзьдзя аж да 1916 году. Там было шмат рэпрадукцыяў — чорна-белых і каляровых таксама. Я браў у яго тыя пераплётыпадшыўкі, чытаў, разглядаў малюнкі тагачасных мастакоў. Ну і, канешне, сам маляваў. Пасылаў кудысьці на конкурсы свае малюнкі, перапісваўся, здаецца, зь Менскім ці Віцебскім домам піянэраў. Там былі мэтадычныя кабінэты, адкуль мне прысылалі заданьні...

Што ж да кніжак, дык яны таксама маюць сваю пару, кожную зь іх трэба чытаць у пэўным узросьце. Цяпер дык шкадую, што рана перачытаў якраз самыя значныя кнігі, зь якіх у дзіцячым узросьце ўзяў далёка ня ўсё, што належала ўзяць. Але, можа, і памыляюся. Можа, менавіта ў раньнім узросьце яны і маглі закрануць штосьці ў душы, а пасьля ўжо рабілася позна. I пасьля кранала-камячыла жыцьцё, а не ўплывала літаратура.

Апроч клясыкі, у гэтую пару давялося прачытаць некалькі кніжак, якія так ці інакш штось закранулі ў дзіцячай душы і засталіся ў памяці. То выпадковыя кніжкі, часам малавядомых аўтараў. Прачытаў і доўга ня мог забыць ваеннага трагізму кніжкі «У якуцкай тайзе» І. Строда16. Або «Ад’ютант генэрала» Май-Маеўскага17 – гэтую прадцечу шмат якіх наступных «шпіёнскіх» ці «разьведчыцкіх» кніжак пазьнейшых часоў. «Сіўцоў вражак» Асоргіна18 раскрыў вочы на пасьлярэвалюцыйны час у Маскве. Вядома ж, жахлівы час, убачаны, аднак, з пазыцый трохі інакшых, чым мы звычайна сустракалі ў савецкай літаратуры. Гэта была літаратура 20-х гадоў, творы «папутчыкаў», а не пісьменьнікаў-камуністых. Зь беларускіх у гэтым шэрагу помняцца «Прысады» М. Зарэцкага ды хіба «Спалох на загонах» П. Галавача. Асабліва фінал гэтай хрэстаматыйнай аповесьці.

 

1 Янка Маўр (сапр. Іван Фёдараў, 1883–1971) – беларускі пісьменьнік.

2 Кніга Мікалая Астроўскага (1904–1936), расійскага пісьменьніка.

3 Іван Ганчароў (1812–1891) – расійскі пісьменьнік.

4 Іван Тургенеў (1818–1883) – расійскі пісьменьнік, паэт.

5 Міхась Зарэцкі (сапр. Міхаіл Касянкоў, 1901–1937) – беларускі празаік.

6 Цішка Гартны (сапр. Зьміцер Жылуновіч, 1887–1937) – беларускі пісьменьнік.

7 Платон Галавач (1903–1937) – беларускі празаік.

8 Дзьмітрый Мамін-Сібірак (сапр. Мамін, 1852–1912) – расійскі празаік і драматург.

9 Уладзімір Караленка (1853–1921) – расійскі пісьменьнік, грамадзкі дзеяч.

10 Канстанцін Станюковіч (1843–1903) – расійскі пісьменьнік.

11 Мікалай Памялоўскі (1835–1863) – расійскі пісьменьнік.

12 Аляксандр Шэльлер-Міхайлаў (1838–1900) – расійскі пісьменьнік.

13 Міхаіл Лермантаў (1814–1841) – расійскі паэт.

14 Іван Бунін (1870–1953) – расійскі пісьменьнік.

15 Аляксандр Пушкін (1799–1837) – расійскі паэт.

16 Іван Строд (1894–1938) – расійскі пісьменьнік.

17 Уладзімір Май-Маеўскі (1867–1920) – расійскі пісьменьнік

18 Міхаіл Асоргін (1878–1942) – расійскі пісьменьнік

4. Калектывізацыя. Гамашы

Дагэтуль маё апавяданьне ішло па дзіцячай лініі, болей выбірала з памяці лепшае ці, можа, нэўтральнае. Але жыцьцё насамрэч было іншым, і памяць захавала шмат якія грымасы таго дарослага жыцьця.

Вось, памятаю, ці ня ў 32-м годзе тое было, вясной. Па краіне ішла калектывізацыя, па сутнасьці гвалтоўная ліквідацыя сялянства як клясы. У спрэс сялянскай краіне ліквідоўвалася сялянская кляса — што ёсьць клясычны генацыд, хіба што паводле клясавай прыналежнасьці. Сялян агітавалі, што ў калгасе будзе лепш, а яны, «дурні», ня верылі і тым стваралі канфлікт зь дзяржавай. Але тое ў сфэры палітыкі, а як было ў жыцьці? Быў малы, але ж памятаю, як у вёсцы ішоў сход — некалькі дзён запар, сялянаў усё ўламвалі ўступаць у калгас. Тыя ўпіраліся — думалі, нешта залежыць ад іхняе згоды. Ды марна. Неяк прачынаюся дужа рана, устрывожаны тым, што плача маці. У дзяцінстве я дужа адчуваў мамін настрой і звычайна адпаведна рэагаваў на яго. Я ніколі ня бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосіць, бы па нябожчыку. Побач у куце, унурыўшыся, сядзіць бацька. Я падскочыў да маці і пытаюся: «Чаго ты?» А бацька кажа: «Не чапай яе — арганізаваўся калгас». Ну, хай бы арганізоўваўся, але чаму плача маці? Аказваецца, таму, што на золаку прыехала брыгада і выграбла ўсё з кублаў, зь мяхоў і засекаў. Во і кармі дзяцей! Дык маці і плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары і пачалося.

Вядома ж, як у калгасах было — голад, прыгонная праца, рэпрэсіі... Жалезнай хадой ішло раскулачваньне. Раскулачылі селяніна, у якога была карова зь цялушкай. Ва ўсіх па адной карове, а ў гэтага — зь цялушкай. Другога раскулачылі за тое, што ўлетку пляменьніца памагала жаць жыта. Значыць — наёмная сіла. I трэцяга — як сабатажніка. Не хацеў уступаць у калгас, упіраўся. Вывозілі сем’ямі. Памятаю хлопца, зь якім вучыўся. Раскулачваньне было ўвосень, хаця ня памятаю, ці да арганізацыі калгаса, ці пасьля... I вось ён не пайшоў у школу, і я пабег яго праведаць. Гляджу, там ужо грузяць майно на фурманкі, а мой сябра хваліцца: «Мы цягніком паедзем, ага!» I мне стала зайздросна — чаму майго бацьку не раскулачылі, і я б таксама цягніком паехаў. А так цягніка і ня бачыў... Арганізавалі калгас, прыйшла вясна, даелі бульбачку, што засталася ад абагульненьня. Есьці ня стала чаго. Елі мякіну з травой, крапіву. I так доўжылася шмат гадоў, бо з калгасаў нічога не давалі. Ураджаі кожны год дрэнныя, усё, што вырасьце, ішло на дзяржхлебаздачу ды насеньне. Памятаю такія моманты... Бацька пойдзе ўвосень на канчатковае разьмеркаваньне і прынясе гадавы заробак — паўторбы жыта. Вось і ўсё, што мы зарабілі за год, усёй сям’ёй працуючы ў калгасе. Такі заробак. Але ж яшчэ з нас і пастаўкі: мяса, воўну, яйкі, малако, масла, грашовы падатак, страхоўка, яшчэ пазыка і рознае іншае, не пералічыць. Дзе ўзяць грошы? Што прадаць, каб сплаціць? Не кажучы ўжо, каб нешта купіць. Хоць бы штаны хлопцам хадзіць у школу. Пры аднаасобніцтве ратаваў лён, які сеялі, апрацоўвалі і апраналіся. А цяпер наконт лёну стала дужа строга — таксама наклалі падатак. Спаганялі страшэнна.

Той час запомніўся мне нязвыклаю панурасьцю бацькі. Звычайна ён прыходзіў з калгаснае працы, моўчкі сёрбаў штось зь міскі, выйшаўшы з хаты, сядаў на калоду ў дрывотні. Моўчкі курыў. Маці яго тады не чапала, мы маўчалі таксама. Мне здавалася, што бацька злуецца — на мяне, можа? I я таксама трохі крыўдаваў на яго, дурань. Куды пазьней зразумеў прычыну бацькавай панурасьці — яму, як і сялянам наогул, ня стала як жыць.

Памятаю (гэта яшчэ да калгасаў было), бацька ўвечары разьвівае конскія путы, раскручвае, каб здаць за лён. А то ходзяць сельсавецкія актывісты, робяць вобыскі, каб знайсьці, калі хто схаваў якую-небудзь кудзелю. У вёсны ва ўсіх рабілі суцэльны вобыск, прыйшлі і да нас. А ў нас была істопка старая, з прадранай стольлю, трохі затуленай саломай. Шукалі, шукалі, нічога не знайшлі, і ў мяне пытаюцца: «Мальчик, где отец прячет лён?» А я кажу:

«На істопцы». Ну гэтыя: «Иваноў, давай туда!» А я... Ну чаму я гэтак сказаў? Мабыць, з непрыязьні. У мяне папыталіся, ну я і сказаў, маючы на ўвазе тую замаскаваную дзірку ў столі. I праўда, гэты Iваноў уваліўся туды, пачаў лаяцца. А я ўцёк у роў. Пасьля бацька лаяў мяне: «Ну дзе ты бачыў там лён? Лён у нас у другім месцы схаваны, век ня знойдуць...» Так, лён. Але ж трэба было яшчэ здаць і збожжа. Каб збожжа не малолі на муку, а везьлі на млын, дзе яго маглі спалавініць, зрэквізаваць, а то і проста абрабаваць. Але ж у сялян былі свае млыны — жорны. Амаль у кожнага стаялі ў сенцах ці ў варыўні-істопцы гэтыя несамавітыя прылады з двух плоскіх камянёў. Ды і што там было куды везьці, якіх пару мяшкоў жыта. Бацька малоў сам. Дык вось аднойчы прыйшлі гэтыя камбедаўцы, сельсавецкія актывісты, і зьнялі верхні камень. На рагу з падмурку вытыркаўся вялікі валун, дык яны кокнулі аб яго жорнавам і разьбілі на тры кавалкі. Ну і вось жывём са збожжам, але бяз хлеба. А гэтыя ходзяць, рэгулярна правяраюць, ці ляжаць у крапіве аскялёпкі. Тады бацька ўначы неяк узяў іх і змацаваў у адно драўляным абручом. Набіў, падраўняў і паціху малоў. Ноччу зьмеле, а потым абруч зьніме і зноў гэтыя камяні — у крапіву, бы і не чапаў.

А пасьля, ужо за калгасам, ніякага збожжа не было, ня сталі патрэбны і жорны. Настала поўная галеча. Зь вясны галадуха, есьці няма чаго. Чакаем бульбы. А бульба... Гэта цяпер скарасьпелка ды іншыя гатункі, дзякуючы інстытуту бульбаводства. А тады была бульба толькі аднаго гатунку, які высьпяваў аж пад восень. А так усё лета напаўгалодныя.

Першая бульбачка.

Добра нагаладаўшыся за лета (бясхлебіца і бязбульбіца), дачакаліся нарэшце пары, калі падрасла бульбачка.

Тое было пасьля Спаса, але яшчэ да школы. Мама даўно ўжо прыгледзела баразёнку каля раўка, дзе бульбачка павінна быць найлепшая. Калівы тое падказалі, а вока ў мамы на гэты конт было беспамылковае. Мама ўзяла кошык, а я рыдлёўку. І праўда, першае ж каліва выцягнула на карэньні колькі ня дужа яшчэ вялікіх, але спрытнейшых чырванаватых бульбінаў, якія мама ашчадна паклала ў стары, прадраны кошык. Я капануў колькі разоў рыхлую зямлю, пасьля рукамі добра пашарыў у ёй і знайшоў яшчэ зь пяток бульбінаў. Тое ж зрабілі з суседнім кусьцікам. Праўда, пад ім было менш, я хацеў капануць і яшчэ колькі кустоў, але мама запрацівілася – кажа, хай яшчэ падрастуць. Нам, можа, хопіць.

Прынесьлі кошык на падворак, сястра Валя адразу ўзялася скабліць бульбачку – ашчадна, каб не саскрэбсьці лішняе. Шасьцігадовы Міколка заклапаціўся пра цяпельца, каб было хворасту і колькі палак дроў. Цяпельца ладзілі ў мураве каля вуліцы, дзе было чысьцей, чым у глыбіні падворку ля хлеўчука. Для таго паклалі тры пляскатыя камяні і разам з братам разьдзьмулі агеньчык. Мама хутка паставіла чыгунок, ня самы вялікі – меншы, даверху накладзены невялічкай яшчэ, ружаватай, з вочкамі бульбачкай. Зьверху прыкрыла накрыўкай. Варыся, бульбачка.

Мы сядзелі па-над цяпельцам, якое дыміла, Валя ўсё круцілася, адварочвалася ад дыму. А Міколка падкладваў і папраўляў палкі. Аднаго разу ледзьве не перакуліў чыгунок, і мама спалохалася – не чапай, дай я. Мы чакалі, калі закіпіць.

Але во і закіпела, кіпень трохі зьбег церазь бераг чыгунка, засіпеў на вугольлі. Цяпер трэба было падкладваць менш. «Ужо зварылася?» – нецярпліва пытаўся Міколка. Мама сказала, што сьвежая бульбачка варыцца доўга, тое ж – ня ў печы. Так яна варылася, і праўда, даўгавата, але мама не сьпяшалася адцэджваць – яна чакала бацьку. Бацька з мужчынамі быў у полі, павінен быў неўзабаве прыйсьці, і мы рыхтавалі яму вячэру. Мама ўжо прынесла гарлачык кіслага малака, ну а хлеба… Хлеба няма. Будзе сьвежая бульбачка замест хлеба. – Татуля ідзе! – радасна паведаміла Валя. І праўда, зза рога хаты на падворак стомленай хадой увайшоў бацька. Згледзеўшы цяпельца і сваю сямейку вакол, сумна ўсьміхнуўся. – Во, ужо і бульбачка! Дык памыю рукі.

Дужа не цярпелася хутчэй пакаштаваць сьвежай, з дымам, цьвердаватай, даўно чаканай бульбачкі. – Ну цяпер не памрэм, – казаў бацька, прысаджваючыся на ўслончык. – Калі дажыліся да бульбачкі…

І цяжка, самотна ўздыхаў1.

Канешне, ратавала малако, але ж моладзі і мужчынам хацелася хлеба. Апроч таго, вечныя праблемы з вопраткай і абуткам. Па гразі, па сьнезе кожны дзень за тры кілямэтры ў школу. Тры туды, тры назад. У крамах жа нічога ня купіш, ды й за што купіць? Памятаю, калі ў сяльпо прывязуць мануфактуру, дык за ёй душыліся чорт ведае як. Газы давалі па літру ці паўлітры на месяц і толькі па пайскіх кніжках. Прыйдзеш зімой са школы, у хаце цёмна, перад печчу — лучына, так вось трэба рыхтаваць урокі. Праўда, сярод гэтай нэндзы часам выпадалі сьветлыя моманты. Неяк увосень кліча мяне дырэктар, паглядзеў на мае растаптаныя ў гразі башмакі і кажа: «Ідзі ў сельмаг, памерай гамашы. Скажы: дырэктар прыслаў». Пайшоў я, памераў, а пасьля дырэктар мне іх купіў. Усё ж я быў выдатнік, і, мабыць, тое штось значыла. Ужо я бярог-ашчаджаў тыя гамашкі...

 

1 Вылучаны прабеламі фрагмэнт друкуецца паводле рукапіснага непранумараванага дадатку. Устаўлены ўкладальнікам тому.

5. Хапун. Бобрык

Якраз тою парой бацька ўзяўся будаваць новую хату, старая згніла, жыць у ёй стала немагчыма. Узімку хадзіў у сельсавет, каб дазволілі сьпілаваць колькі хвояў, затым іх трэба было вывезьці. Ужо цёплай парой закладваў падмурак, пасьля ладзіў зруб. I ўсё сам, адзін, не пакідаючы палявой працы ў калгасе. Прыйдзе, бывала, на полудзень і хуценька на зруб — сякерай цюк, цюк... Так да восені. Увосень перабраліся ў новую, яшчэ недаробленую, без падлогі хату. Хораша пахлі сьцены, але не было печы. Печ стаўлялі ўжо ў зазімак. Намерзьліся добра...

Маімі вясковымі сябрамі былі хлопцы, пераважна старэйшыя за мяне, апроч хіба Васіля Паршонка, на год ці на два маладзейшага. Вядома ж, усе яны былі адметныя ўласным характарам: некаторыя добрыя і таварыскія, іншыя — ня надта. Валодзя Галавач, хоць і старэйшы за мяне на тры гады, паводзіў сябе як роўны, ладна таварышаваў, памагаючы, калі ў чым была патрэба. Toe і ня дзіва — у яго была маці вельмі добрая жанчына, апекавалася маёй маці, калі тая засталася адна, бяз мужа. Валодзя памагаў мне сячы дровы, як бацька ляжаў з тыфам у Вушачы. Добры хлопец быў сын рэпрэсаванага – Коля, мой сусед (жыў цераз адну хату), які пасьля вайны на радзіму не вярнуўся, атабарыўся ў Латвіі. Меней мы сябравалі зь ягоным братам Мішам Зьмітраковым, казалі тады: задаецца. Пасьля вайны ён быў дырэктарам школы, якую адбудоўваў у Кублічах. З Васілём Паршонкам, будучым кінамэханікам, мы, памятаю, каталіся зімой на лыжах; Васіль лепей за мяне зьяжджаў з самых крутых пагоркаў. Яшчэ адзін сябра, мой стрыечны брат Мікола, не вярнуўся з вайны — падобна, быў забіты пры штурме рэйхстагу, як сьведчыў камбат Няўстроеў. А ягоны малодшы брат Iльля, былы партызан, пабадзяўшыся па сьвеце, пад старасьць вярнуўся на радзіму і пахаваны на бацькоўскіх могілках.

Вось цяпер я ўспамінаю і хачу зазначыць, што ўсё ж такі дзеці — жорсткі народ. I нават у нечым па-жывёльнаму люты. Ну, натуральна, тое залежыць ад сацыяльнага стану, выхаваньня, гэта само сабой. Як і ў дарослых. Але дарослы чалавек мае нейкае права на годнасьць, хоць бы на асабістую. А малы? Ён жа ня мае ніякіх правоў, а то і ўяўленьня пра тыя правы. Ён прывык думаць, што ўсё вырашае сіла — улады, дарослых, старэйшых сяброў... I заўсёды знойдзецца нехта старэйшы ці дужэйшы, а то і з садысцкімі схільнасьцямі, які дыктуе свае законы. I часта меншы не разумее, што тое няправільна, што павінна быць іначай. I не паскардзіцца, бо ведае, што яго не абароняць. I ведае таксама, што скардзіцца кепска — тое яму ўнушылі рана, асяродзьдзе, а то і бацькі. Настаўнікі таксама. Ростам я быў не малы, але худы і слабы, і з тае прычыны ў розных сутычках ня мог адчуваць перавагі. Перавага была за іншымі — болей дужымі, а галоўнае — болей нахабнымі. У мяне не было нахабства. Во тут я і прыпамінаў мяккі матчын характар, які я ўнасьледаваў і які мне нямала шкодзіў зь дзяцінства. Зноў жа ў дзяцінстве я быў схільны востра перажываць свае ды і чужыя няшчасьці. Асабліва як пачасьціліся рэпрэсіі, сялянскі хапун. I сябраваў з хлопцамі, што засталіся без бацькоў, якіх іншыя стараніліся ці грэбавалі, бо ж — ворагі народу. У нас тады вёска была двароў на дванаццаць, праўда, хутары яшчэ пасьля падсялілі. Дык з гэтых дванаццаці гаспадароў шасьцёх узялі. Цёмных калгасьнікаў, былых беднякоў. Узялі і Бобрыка. Мабыць, яму тая «Нива» з царамі ды графінямі бокам вылезла. Быў яшчэ Дзям’ян Азевіч, інвалід Першай сусьветнай вайны з сухой паралізаванай рукой, якую насіў у чорнай пальчатцы. Ён зарабляў на хлеб рамонтам гадзіньнікаў, якія несьлі яму з усёй акругі. I ён усе іх рамантаваў — насьценныя, кішэнныя, будзільнікі і г. д. I нават больш — шкло ў іх ставіў. А шкло дзе возьмеш? Дык ён купляў шкло для лямпы, з выпуклай часткі выразаў самы пятачок і ставіў. Я, калі вучыўся, колькі год насіў яму гадзіньнікі зь мястэчка, пераважна ад настаўнікаў. Пакладу ў карабок ад запалак і прынясу. Ён шкельца ўставіць, аднясу назад. А тады нясу рубель за працу. I ён заўсёды дасьць 20 капеек. Вось і гэтага інваліда ўзялі. А ягоны сын у гэты час, таксама Дзёмка, служыў на Далёкім Усходзе. А пасьля, у вайну, пайшоў у партызаны і ваяваў да перамогі. Ваяваў за савецкую ўладу, якая панішчыла ягонага бацьку. Але — не пакрыўдзіўся, за што, як вядома, хвалілі бальшавікі. Што не азлобіўся». Як быццам за тое сапраўды можна было не азлобіцца.

Улетку на Пятроўскім лузе бабы зграбалі сена. Надвячоркам ля мастка спынілася райкомаўская эмка, зь якой вылез нейкі чын у пінжаку. Ён загадаў брыгадзіру дзядзьку Антону сабраць баб да кучы.

Хутка ўсе і сабраліся на скрытным прылесным пагорку, пасталі, зморана абапершыся на граблі. Рабкамавец разгарнуў газэту і пачаў чытаць. У войску арудавала група шкоднікаў і шпіёнаў на чале з маршалам Тухачэўскім ды іншымі. Яны труцілі чырвонаармейцаў, падсыпалі ім у харч бітае шкло, выдавалі замежнікам вайсковыя сакрэты. Вярхоўная калегія Вайсковага трыбуналу прысудзіла іх да расстрэлу, і ўчора прыгавор быў выкананы. Слаўныя савецкія чэкісты не спудлавалі і на гэты раз.

Бабы плакалі[:] гэта ж трэба, такія падлюгі. «Добра, што іх выкрылі, а то майму малодшаму ўвосень прызывацца, далібог атруцілі б» – плакала ад радасьці адна баба з Слабодкі. «Анягож, – пагаджалася другая. – Ці ім шкода нашых хлопцаў. Зьвяругі такія».

Брыгадзір Антон зацята маўчаў. Невядома, што было ў яго ў думках. Але ён быў разумны мужык, і мы, дзеці, неяк паважалі яго. Толькі чаго ён маўчаў – тады было нам невядома.

Вёска наша ў асноўным была праваслаўная, але з хутароў падсялілі некаторых каталікоў. Прозьвішчы такія: Лявіцкі, Блажэвіч, Корсак, — іх у першую чаргу і пабралі. Забралі таксама нашага суседа Барыса. Браў звычайна раённы ўпаўнаважаны НКВД Перацяцькін. (I потым пасьля вайны прыяжджаў, — мабыць, пацягнула на месца злачынства.) Ну і памежнікі стараліся — не так пільнавалі мяжу, як хапалі сонных мужыкоў з гэтага боку. Хоць і вартавыя мяжы, але ж адна сыстэма — НКВД. Ніхто з рэпрэсаваных не вярнуўся, хоць і ўсе рэабілітаваныя. Узялі тады таксама некалькіх настаўнікаў, у тым ліку і нашага дырэктара Карчэўскага, які мне гамашы купіў. Але і саміх памежнікаў, камандзіраў таксама арыштоўвалі. Напрыклад, капітана Акулава, мужа нашай настаўніцы. Цікава, што ў ролі сэксотаў-стукачоў выкарыстоўвалі старэйшых вучняў. Як судзілі дырэктара, дык наша адна вучаніца была на судзе сьведкай супраць яго. Гэта гадоў у 15. Мабыць, як і ўсюды. А пры мяжы асабліва.

I ў кожнай вёсцы былі ў іх сэксоты, дзе лепшыя, дзе горшыя, актыўныя і ня вельмі. Нам у гэтым сэнсе, мабыць, не пашэнціла. У вясковую абшчыну ўлез чужынец, прышлы чалавек, — пасьля грамадзянскай прыстаў да мясцовай кабеты. Ня ведаю, адкуль ён быў родам, але НКВД наладзіў зь ім вельмі цесны кантакт. I ён нават ня надта таіўся, яшчэ пахваляўся, што памагае чэкістам. Недзе ў пяцідзясятых гадах, як я прыяжджаў да бацькі, ён прыходзіў таксама і за чаркай гаварыў, што хацеў пасадзіць бацьку, была прычына, ды пашкадаваў. I бацька яму быў удзячны. Ня ведаю, што ён меў на ўвазе. Можа, мамін «кантрабандны» пераход?

Мабыць, варта ўспомніць гэты «крымінальна-палітычны» ўчынак. Як я ўжо казаў, мама паходзіла з таго боку мяжы і ўсе тыя гады ня мела ніякай сувязі з братам. Нават ня ведала, ці жывы ён. У трыццаць дзявятым годзе пасьля ўзьяднаньня паявілася нейкая надзея хоць бы атрымаць вестку. Новую мяжу адсунулі за Беласток, але старую не ліквідоўвалі. Ахоўвалі па-ранейшаму пільна, каб ніхто — ні адтуль, ні туды. Мы чакалі. Але неяк галоднай парой маці наважылася і пайшла — цераз лес, балота, каля возера, ужо дарогу яна памятала зь дзяцінства. I прайшла. I вярнулася. I прынесла галодным гасьцінцы — у мяшэчку трохі мукі і бараньнюю лытку. Аказалася, што брат пад панскім прыгнётам усё ж жыве лепей, чым сястра-калгасьніца, у якой на стале даўно няма хлеба. Пасьля мама баялася, што хтось данясе і яе пасадзяць. Але не пасадзілі, і мы ўжо думалі, што ніхто ні пра што не дазнаўся. Аказваецца, некаторыя дазналіся...

 

6. Віцебск

Улетку паслаў дакумэнты ў Віцебск, у мастацкае вучылішча. Мабыць, дарэчы будзе зазначыць, што тое маё рашэньне не было нечаканым, па ўсёй верагоднасьці, так вымагаў лёс. Жыць у калгасе рабілася неяк, голад і рэпрэсіі гналі людзей прэч. Але дарослыя ўцячы з калгаса нікуды не маглі, хіба што моладзь, падлеткі. Якраз на гэтым часе ў школе паявіўся новы піянэрважаты, малады хлопец Віктар Кандрацкі, які ажаніўся з нашай Клаўдзяй Якаўлеўнай. Працаваў ён няшмат і раптам зьнік, аказваецца, паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднойчы ўлетку мы сустрэліся ў Кублічах, і ён расказаў пра вучобу, паказаў свае студэнцкія малюнкі. Сказаў, што даюць інтэрнат і нават плоцяць стыпэндыю — аж 60 рублёў. Заахвочаны ім, я пайшоў да дырэктара па свой клясны табель. Дырэктар сьпярша не пагаджаўся, усё ж я быў выдатнікам у школе. Але мусіў табель аддаць (Тры папярэднія сказы выкрасьленыя аўтарам у кніжным выданьні.). Во бацька і кажа: «Едзь куды-небудзь, бо тут ад галадухі зачахнеш. А там, у Віцебску, будзеш хоць стыпендыю мець. 60 рублёў — гэта ж грошы!» Праўда, бацька меў розум сялянскі, і яму ня дужа падабаўся мой мастакоўскі выбар. Ён усё казаў: «Лепей бы вывучыўся на настаўніка ды паступіў у партыю, як наш Новікаў. Начальнікам стаў». На бацькаў жаль, таго мне не было суджана... Зрэшты, як і стаць мастаком...

На ўступныя экзамэны ехаў цягніком, гэта быў мой першы выезд у вялікі сьвет, зь перасядкаю ў Полацку, у якім я таксама быў першы раз. Выехалі на золаку, па дарозе пераняў дождж, добра вымаклі. Сушыўся, ходзячы ранкам па Полацку. Пасьля звыклага вясковага гарадзкое навакольле ўражвала незвычайна, усё там было новае і цікавае. Вузкія, крывыя, брукаваныя вулічкі, крамы... Таксама і ў Віцебску, які ўразіў мяне шматлюдзьдзем і... трамваямі. Зь некаторым страхам ехаў на трамваі ад вакзалу ў цэнтар. На плошчы віселі вялізныя каляровыя рэклямы кінатэатраў, недалёка высіўся аграмадны сабор і вежа ратушы.

Вучылішча месьцілася ў добрым старым дамку буржуазнага выгляду, з мазаічнай падлогай у вэстыбюлі. (Здаецца, цяпер там музычная школа. Будынак захаваўся, не пабурылі ў вайну.) Галоўныя экзамэны былі, вядома ж, па мастацтву, мы малявалі акварэляй нацюрморт з гаршкамі. Пасьля іншыя прадметы, якія я здаў пасьпяхова, і, вярнуўшыся дамоў, атрымаў паведамленьне аб залічэньні ў студэнты.

У інтэрнаце мастацкага вучылішча былі толькі матрацы з ваты – камячыстыя і нязручныя, на іх і спалі. Коўдры трэба было прывезьці з дому, і я прывёз стракатую коўдрачку, вынятую маці з куфра як самую каштоўную. Тканая яна была накшталт крыжыкаў – белае з чорным, і мае злыя сябры адразу ўбачылі ў ёй штось папоўскае. Ад іхніх папрокаў мне было сорамна, і я накрываўся коўдрай толькі ў сьцюжу, зьверху яшчэ клаў тужурку. Тужурка тая дасталася мне ад першага мужа мамы, які ў рэвалюцыю прыехаў з Курляндыі, прывёз самыя каштоўныя рэчы (тужурку, залачоныя запанкі для кашулі, цэлюлёідныя каўнерыкі і манжэты), склаў у куфар. І паехаў у Пецярбург, дзе і прапаў. Мама чакала яго ці ня год пяць, а пасьля, схадзіўшы пешшу на паклон да Ефрасіньні Полацкай, выйшла замуж за суседа-ўдаўца Уладзімера.

Увосень пачалася вучоба: жывапіс і малюнак, якія выкладаў стары Лейтман, усе іншыя прадметы, як і ў школе. Жылі мы сьпярша ў інтэрнаце на Магілёўскай плошчы, цяпер яе няма — перайменавалі ў Савецкую. Ці, можа, Цэнтральную. А потым, забыўся зь якой прычыны, нас чатырох пасялілі ў прыватным доме на Смаленскім кірмашы. Здаецца, раней тая плошча называлася Краснаю. Празь нейкі час у вучылішчы арганізавалася скульптурнае аддзяленьне, і я зь невялікай групай хлопцаў перайшоў туды. Скульптурныя клясы мясьціліся ў бакавым завулку перад былой ратушай і мастацкім музэем. Вучыла нас скульптар Ганна Iванаўна Бяляева, паходжаньнем, здаецца, з Кіева. (Пасьля вайны нідзе ня чуў пра яе, мабыць, прапала.) Дырэктарам вучылішча быў Iван Восіпавіч Ахрэмчык. Там жа знаходзілася ягоная майстэрня, на першым паверсе, з вокнамі, якія выходзілі на вуліцу. Вокны вялізныя, як і належыць для мастакоўскай майстэрні. Калі пачынала цямнець, уключае сьвятло, а шторы не зашморгвае, і мы глядзім, што ён робіць. Помніцца вялікая, на ўсю сьцяну палатніна, на якой недамаляваныя абрысы Леніна і Сталіна на нейкім зьезьдзе. Тады гэтая тэма была абавязковай. Скульптура ўвогуле давалася мне лёгка, але падабалася менш, чым жывапіс. Шмат ляпілі анатомію — фрагмэнты клясыкаў, мікелянджаляўскага Давіда — насы, вушы, твар, — тое было няцяжка. Болей клопату было з кампазыцыямі — аднаі дзьвюхфігурнымі. Маёй курсавой работай стала фігура пагранічніка ў шынялі, зь вінтоўкай і біноклем каля вачэй. Выкладчыца пахваліла.

У скульптурнай клясе мастацкага вучылішча гліну для лепкі аднекуль прывозілі, а фарбы для маляваньня трэба было купіць. Пакуль што мы абыходзіліся акварэльлю, бо масьляных фарбаў, пра якія ўсе марылі, набыць маглі хіба некаторыя. У нас маслам працаваў хлопец з Азэрбайджану (пасьля і яшчэ адзін), астатнія толькі пазіралі, як ён ліха «кладзе мазкі». Мы ж ашчадна размазвалі акварэльлю на невялікіх аркушах таўставатай паперы.

А пасьля, як адмянілі стыпэндыю, ня стала за што купіць і акварэлі. Найлепшы гатунак зь яе лічыўся «мядовы», і ён быў даволі дарагі.

Горад вабіў, цікавіў, часам захапляў сельскага жыхара будынкамі і вітрынамі. Зрэдзьчас заходзіў у сабор, дзе абразоў ужо не было, а з вышыні гайдаўся знакаміты маятнік Фуко – як доказ таго, што Бога няма і зямля круціцца. Іншыя саборы пад той час ужо паўзрывалі. Заўжды галодных студэнтаў, аднак, найбольш вабілі сталоўкі, паткнуцца ў якія патрэбна была адвага. Найперш – чыстыя абрусы. Зноў жа афіцыянткі ў белых фартушках. Неяк яны дужа прыдзірліва аглядалі нас, сарамлівых падлеткаў, прымалі з усьмешкай наш сарамлівы «заказ». Заказ быў болей чым сьціплы: каша (пшонная ці пярловая) з лыжачкай масла наверсе, 200 грамаў хлеба і чай. Каша каштавала 60 кап. Наедак зь яе порцыі для нас быў ніякі. Калі са стыпэндыі мы замаўлялі па дзьве порцыі, і то было мала.

У асноўным харчаваліся хлебам з кіпнем – па бохану на дзень. Тое каштавала 1 рубель. Аднойчы, як жылі на Смаленскім базары, падрабілі пару рублёў: намалявалі акварэльлю, добра пацерлі (бы старая паперка), і прадаўшчыца не заўважыла. Але толькі аднойчы. Болей не адважыліся, дый хутка атрымалі стыпэндыю.

Віцебск тады, канешне, быў традыцыйна мастацкі горад, меў музэй; на вуліцы Гогаля недалёка ад плошчы быў музэй славутага Пэна, якога незадоўга перад тым загадкава забілі. У невялікім пакоі і на драўлянай лесьвіцы віселі яго карціны, выкананыя ў стылі дабротнага рэалізму — шаўцы, старыя яўрэі, коні, выявы старадаўняга Віцебску. Пра ягонага славутага вучня Марка Шагала, які тады жыў у Парыжы, у яго родным горадзе нічога не было вядома. Бы ён і ня меў ніякага дачыненьня да гэтага гораду. Але час мяняецца, і праз шмат гадоў я ўжо быў у ліку тых, хто на Пакроўскай вуліцы адкрываў скульптурны помнік славутаму земляку.

Я там правучыўся няшмат. Увосень саракавога году аб’явілі «радасную» навіну: пастановай ураду стыпендыі адмяняюцца, за ўсе матэрыялы і падручнікі трэба плаціць. Як было жыць, ня толькі вучыцца? Грошай мне з дому ніколі не прысылалі, ды я і не прасіў. Аднойчы бацька, як ехаў у горад, заехаў да дзядзькі Сьцяпана, пазычыў тры чырвонцы, якія я расьцягваў, як мог. Найбольш — на хлеб, якім звычайна мы харчаваліся. Устанеш раненька, гадзін у 6, і — да хлебнай крамы ў чаргу. Чарга вялізная, усе чакаюць. Гадзін у восем прывозяць хлеб, пачынаецца штурханіна. Карткі пад гэты час ужо адмянілі, дык па хлеб у горад рынуліся з навакольных вёсак, зь іншых раёнаў. На хлеб выдаткоўваўся ня больш за рубель, бо трэба ж было яшчэ купіць фарбы. Ды і з брызентавых гамашаў вылезьлі пальцы... Спрабавалі мы з хлопцамі перабівацца такімісякімі заробкамі[:] на грузавой станцыі, шчотачнай фабрыцы. У Віцебску, як ні дзіўна, да самай вайны захаваўся дробны прыватны сэктар. Недзе на вуліцы, што вяла да аэрапорту, убачылі маленькую такую крамку, над дзьвярыма было няўмела напісана «Головные уборы шью» — стары Абрам шыў там шапкі. I вось, памятаю, мы ўдвух з Шаўчонкам, хлопцам з Палесься, пайшлі туды. (Шаўчонак пасьля таксама кінуў вучобу, — не было як вучыцца. Ня меў абутку, дык ён асеньняй парой, па гразі хадзіў у растаптаных бурках.) Дамовіліся з гаспадаром зрабіць яму прыгожую шыльду, ён паабяцаў за тое 15 рублёў. Знайшлі нейкую здатную фанэрыну, загрунтавалі, напісалі «Галаўныя ўборы». На адным канцы дошкі намалявалі кепку, а на другім капялюш. Панесьлі заказ. Гаспадар паглядзеў, паглядзеў і кажа: а чаму капялюш? Што, я капелюшы раблю для буржуяў? I ня ўзяў шыльду, адмовіўся. Відаць, быў напалоханы з часоў нэпа.

 

7.ФЗН. Шостка

Так ляснуў наш заробак. Яшчэ пашвэндаўшыся па горадзе і нічога нідзе не здабыўшы, я зразумеў, што ў вучылішчы больш не ўтрымаюся, з мастацтвам прыйдзецца канчаць. Пайшоў у канцылярыю па дакуманты. Там наш выкладчык літаратуры, здаецца, прозьвішчам Леванёнак, кажа: «Шкада, Быкаў, — мог бы вучыцца...» Мне таксама было шкада, але як вучыцца? Аднёс у камісіёнку апошнюю сарочку, купіў білет да Полацку і яшчэ дзьве булкі, якія і зьеў, прысеўшы ў сквэрыку, дзе цяпер помнік Пушкіну. Прыехаў у вёску, пайшоў у сваю школу, у дзясятую клясу. Але з вучобай тут здорава адстаў. Ды новыя парадкі і ў школе. Падручнікі цяпер аказаліся платныя, трэба купіць. Але і купіць няма дзе, не хапае падручнікаў. Дома ранейшая галеча, калгаснае бязладзьдзе. Hі хлеба, ні дроваў. Якраз у гэты час пачынаецца набор у новаарганізаваныя школы прафэсіянальнага навучаньня (ФЗН), і я хутка зноў апынуўся ў Віцебску. Што ў Віцебску — мяне радавала. Знаёмы горад, любыя музеі. I ўспаміны. Невясёлыя, аднак, успаміны... У школе вучылі на будаўнікоў: муляры, бэтоншчыкі, арматуршчыкі — усё дужа далёкае ад мастацтва. Мастацтва рабілася ўсё больш недаступным. Трэба было працаваць — на сьцюжы, з растворамі. Але тут кармілі, давалі прытулак у інтэрнаце, а пасьля яшчэ пачалі і апранаць. У вучылішча я не хадзіў, хіба калі ўвечары падыходзіў пад вокны, бачыў паверх фіранак захінутыя анучамі скульптуры на станках. Было сорамна і балюча...

Зіма таго году была надта сьцюдзёная, зь вятрамі і маразамі. Мы ж працавалі і вучыліся скрозь на сьцюжы. Памятаю, муравалі дом на Суражскай шашы, я клаў вугал, для чаго патрэбны быў спрыт і галоўнае — дакладнае вока, каб не скрывіць. Бегалі грэцца ў суседні цэх чарапічнай фабрыкі, дзе было зацішней. А мой вугал атрымаўся трохі пахілы ў адзін бок, наш настаўнік Андрэй Iванавіч быў незадаволены, і я нейкі час перажываў з тае прычыны. (Дарма, аднак, перажываў. Хутка ад таго дому застанецца адна куча друзу. А пасьля вайны не застанецца і друзу, які зьнікне пад быльнягом і крапівой.)

На пачатку чэрвеня — выпуск. Нам аб’явілі, што паедзем працаваць на Украіну, у горад Шостку. Пакуль былі зборы, я адпрасіўся зьезьдзіць на радзіму. Рэч у тым, што якраз у Шостцы жыў мой дзядзька... Гэта таксама гісторыя, гісторыя лёсу. Дзядзька колісь быў актывістам, зрабіў нейкую партыйную кар’еру, працаваў нават рэдактарам газэты дзесь на Палесьсі. Але пакуль ён служыў Савецкай уладзе, тая раскулачыла дома бацьку, брата, — саслала ў Сібір. Мабыць, нясоладка стала сыну, і ён дзеля паратунку апынуўся на Украіне, таксама ў Шостцы. Прыехаў я дамоў, пайшоў да дырэктара школы, распавёў пра сваё становішча. Дырэктар Сьлімборскі паспачуваў ня надта ўдалай кар’еры свайго колішняга выдатніка і даў мне не атэстат, а табэль за дзясятую клясу, дзе сам праставіў патрэбныя адзнакі. Мой плян быў такі: у Шостцы я здам экстэрнам экзамэны за сярэднюю школу і паступлю ў тамашні індустрыяльны інстытут, да якога мае нейкае дачыненьне мой дзядзька. Ён і Сьлімборскі былі знаёмыя...

 

8. Украіна. Вайна. Белгарад

Пагодным чэрвеньскім ранкам мы прыяжджалі на Украіну... Белыя мазанкі, таполі, нечуваная мова на станцыях, гогалеўскія асацыяцыі пераносяць мяне ў іншы сьвет, рамантычны і казачны. Ня думалася тады, што гэтак шмат драматычнага і трагічнага будзе зьвязана ў мяне з гэтай краінай.

Не пасьпеў агледзецца, як сьлед пазнаць горад і нават адшукаць дзядзьку, як выбухнула вайна.

Прызнацца, тое маладых сьпярша і ня надта палохала. Была ж толькі нядаўна фінская вайна, перад тым — вызвольны паход у Заходнюю Беларусь, усё сканчалася трыюмфам перамог. Пераможам і тут. Тым болей, калі намі кіруе непераможны таварыш Сталін. Але пакрысе рабілася сумна, а затым і страшнавата. Хацелася дамоў, бліжэй да родных мясьцінаў. Ды не было як. Калі нямецкі вермахт захапіў Менск і Гомель, падступіў пад Кіеў, нас змабілізавалі цераз ваенкамат. Сьпярша на абаронныя работы. Можа, месяц капалі даўжэзны і глыбокі супрацьтанкавы роў, здаецца, пад Пірагоўкай, які затым кінулі, бо немцы ўжо замыкалі сваё акружэньне Кіеўскага катла...

Пачынаецца эвакуацыя. Тысячныя калёны 17—18-гадовых юнакоў пацягнуліся пыльнымі дарогамі на ўсход. Стаяла паўднёвая сьпёка. У сёлах і гарадках, дзе мы праходзілі, нас праводзілі жанчыны і дзяўчаты, давалі якую ежу, садавіну, махалі хусткамі. Некаторыя плакалі. Мы паводзілі сябе вольна, жартавалі. Нас, жменьку беларусаў, ніхто не аплакваў, нашыя плакальшчыцы засталіся далёка. Але і ўкраінкі нас шкадавалі і любілі. На ўскраіне старажытнага Глухава адна чарнакосая ўкраінка падбегла і пацалавала мяне — то быў першы хвалюючы дзявочы пацалунак у маім жыцьці. Начавалі звычайна ў гумнах, аборах, ужо апусьцелых школах. Хлопцы-ўкраінцы дужа добра сьпявалі. Як ні былі стомленыя за дзень, у цемрыве летняй зорнай начы дзе-небудзь на краі сяла доўга гучала самая любімая і знаёмая «Распрагайтэ, хлопці, конэй та лягайтэ спачывать, а я пійду ў сад зэлэній та крынычэньку копать». Як разьвіднее — пад’ём і на сьпякотную дарогу, пакуль ня зьявяцца ў небе нямецкія каршуны.

Харчуемся, чым дзе прыйдзецца. Болей самапасам. Быў вялікі ўраджай яблыкаў, гародніны. Забягаем у прыдарожныя крамы, у якіх, аднак, амаль пуста. Усё расхапалі да нас. У Белгарадзе я спрабаваў купіць фруктовага чаю, які можна было есьці, ды загруз у натоўпе каля прылаўка. Праз тое адстаў ад калёны, а затым і згубіў яе. Пакуль бегаў па забітых войскамі вуліцах, настала ноч. Стомлены зайшоў у паўразбураную бомбай хаціну і заснуў. Пабудзілі камэнданцкія патрулі. Адвялі ў камэндатуру. Там уначы допыт — хто такі, чаму адстаў, зь якой мэтай? Абшукалі, адабралі дакументы. Знайшлі ў маёй валізцы карту — выдраны з падручніка аркушык, на якім я, грамацей, адзначаў, як рухаецца фронт. Той аркушык мяне ледзь не загубіў. Лейтэнант у сіняй фуражцы, што дапытваў мяне, пасьля першых жа словаў выцяў у адно вуха, затым зь іншай рукі — у другое: «Почему скрывался?» Я спрабаваў давесьці, што адстаў ад каманды, што іду з Сумской вобласьці. А мой сьледчы на тое адказваў: «Все так говорят, грубо работают ваши фашисты, по шаблону. Но мы выбьем из тебя признание, японский городовой!» Тую адмысловую лаянку я тады чуў упершыню і запомніў на ўсё жыцьцё.

Што праўда, болей мяне ня білі, яшчэ палаяўшыся, адвялі ў цесную камеру ў сутарэньні. Тут было цёмна, адчувалася прысутнасьць людзей, і я прысеў каля ўваходу. Але неўзабаве прывялі і яшчэ некага, пасьвяціўшы ліхтарыкам, мяне змусілі перасесьці далей. Я прысланіўся плячмі да сьцяны і, здаецца, задрамаў трохі.

Як стала днець, прачнуўся. У камеры трохі пасьвятлела. Тут сядзела чалавек восем, я паўзіраўся ў маіх суседзяў. Адзін ляжаў на баку, выцягшы даўгія ногі ў высока накручаных абмотках. Другі сядзеў побач, на галаве ў яго была фуражка з зоркай над казырком. А яшчэ адзін ляжаў ля мяне, ён быў у белай вышыванцы, з рукамі, закладзенымі назад. Я не адразу здагадаўся, што яны ў яго зьвязаныя, і незнарок памкнуўся іх разьвязаць. Але чалавек тузануўся і прастагнаў: «Не чапай, застрэляць». I я адвярнуўся.

Дзіўна, што да паўдня з камэры нікога не выводзілі, а прывялі яшчэ трох. Усе тут маўчалі, толькі адзін з прыведзеных пачаў плакаць, і на яго крыкнулі: «Сьціхні! Разьнюніўся...» Усе чагосьці чакалі і слухалі, што адбываецца знадворку. А там сапраўды штось адбывалася, грукацелі машыны, чуліся крыкі камандаў ці што. Упаўдзён адбылася жахлівая бамбардзіроўка гораду, усё скляпеньне трэслася, аж сыпалася са столі. Недзе паблізу стралялі кулямёты, але зенітак не было, як стрымана зазначыў мой сусед у абмотках.

Пад вечар некалькі чалавек вывелі, болей не прывялі нікога. У камеры павальнела, але знадворку цішэй ня стала. Недзе, даволі блізка, бахала артылерыя. Я зноў трохі задрамаў. А прачнуўся ад таго, што дыхнула сьвежым паветрам, у дзьвярах стаялі вайскоўцы ў плашчпалатках. Ботамі яны пабудзілі тых, што былі бліжэй, і загадалі выйсьці. Дужа хутка ў другім канцы будынку пачуліся стрэлы.

«Чатыры», — са страхам мовіў хтосьці ў камеры. Твар майго суседа ў вышыванцы стаў зусім белы, бы абсыпаны мукой. Дзьверы затым пачалі часта расчыняцца, падобна, пачалі выводзіць усіх, па чарзе. Недзе, ня так далёка, усчалася страляніна, празь якую мы чулі некалькі блізкіх стрэлаў. Чарговы раз прыйшлі два — малады ў сіняй фуражцы і сталы, вусаты чырвонаармеец зь вінтоўкай. Гэты, вусаты, кіўнуў мне — на выхад, і я паслухмяна падняўся. Не памятаю, як выйшлі са склепу, цераз выбрукаваны двор завярнулі за вугал мураванага будынку на вытаптаныя грады агароду. I там пад старым дашчатым плотам я згледзеў у крапіве даўгія ногі ў высока накручаных абмотках. I я не стрымаўся — сьлёзы самі ручаём паліліся з вачэй. Чырвонаармеец прыпыніўся, бы зьдзіўлены маім бязмоўным плачам, і раптам кажа: «Пацан, бяжы! Хутка!». I я рвануў цераз бульбоўнік да блізкай праломіны ў плоце, чакаючы, што ён зараз у мяне стрэліць. Ён і сапраўды стрэліў, але ўгару, як я зразумеў бегучы, хоць і не азірнуўся нават.

Я бег і за плотам, празь нейкія агароды, пералез цераз драцяную загародку, абабег пахілыя хлеўчукі, апынуўся ў аброслым дзядоўнікам завулку. Добра, вайскоўцаў тут не было, толькі нейкая цётка зь вядром высунулася з-за вугла, я моўчкі яе абмінуў і нарэшце выбраўся да чыгункі. Тут зьніякавеў трохі, ня ведаючы, куды падацца — управа ці ўлева? Пайшоў улева, — каб ад вадакачкі, што блізка высілася над дахамі. Там неўзабаве спаткаў дзядзьку-чыгуначніка, які з мэталёвым чамаданчыкам у руках ішоў кудысь ці аднекуль. Я папытаўся, у якім баку Харкаў, і дзядзька, паўзіраўшыся ў мяне, моўчкі махнуў рукой — там. Я і пайшоў па пуцях на захад. Па дарозе ісьці было нельга, дарогі былі забітыя войскамі, што адступалі, бежанцамі — пешымі і на вазах. Я шпарыў па чыгунцы, кіраваў у Валчанск — гарадок пад Харкавам, дзе, як дачуўся раней, фармаваліся запасныя часткі. Каманда, ад якой я адстаў, накіроўвалася менавіта туды. Але дзе быў той Валчанск? Ці сапраўды пад Харкавам, як паказаў мне чыгуначнік? Болей папытацца не было ў каго. Ды я і баяўся пытацца.

Увогуле тады мне пашэнціла. Як збоч ад дарогі ў лесе знайшоў сваю каманду, тая ўжо строілася для фармоўкі. Я вельмі ўзрадвваўся, пачуўся амаль шчасьлівым. Але ж у мяне не было ніводнага дакументу, усё засталося ў Белгарадзкай камэндатуры. Добра, што камандзіры ня надта прыдзіраліся — не было часу, ды й хлопцы пацьвердзілі: то наш. I я ці не ўпершыню адчуў радасную еднасьць калектыву, яго шчасьлівую перавагу перад задушанай жыцьцём адзінкай. Пра свае драматычныя прыгоды ў Белгарадзе доўга нікому не распавядаў, пра дакументы пасьля пісаў, што страчаныя падчас вайны. Бяз пэўных падрабязнасьцяў*.

 

Нас сфармавалі ў новую каманду, далі нейкую б/у абмундзіроўку, але замест зброі — рыдлёўкі. Абвясьцілі, што з гэтага дня мы — у складзе армейскага інжынэрнага батальёну. Прыбыло нейкае начальства, і нас зноў павялі капаць траншэі на поўнач ад Харкава. Праз колькі дзён выдалі вінтоўкі — па адной на дзесяць чалавек, і мы адчулі сябе байцамі непераможнай Чырвонай арміі. Неўзабаве пачалася катавасія. Падышоў фронт, пачасьціліся бамбёжкі. Прарывы нямецкіх групаў, паветраныя дэсанты, якія належала адбіваць, але часьцей мы ад іх уцякалі. Аднойчы нас кінулі на прыкрыцьцё нашай кавалерыйскай контратакі. Там я ўпершыню адчуў увесь жах гэтай вайны.

Ноччу на ўскрайку кукурузнага поля мы выкапалі акопчыкі. Наперадзе — бураковая ніва, а за ёй вялізнае ўкраінскае сяло. Учора мы празь яго ішлі. А затым ішла кавалерыя — шмат кавалерыі. Дагэтуль бачу: запыленыя, стомленыя коні і людзі, вакол пыл, пыл... На Украіне ўлетку заўсёды пыл на дарогах. Кавалерысты, відаць, ішлі здалёку, удзень над імі вісела нямецкая авіяцыя, увесь час бамбіла. Навакольле ўсё гарыць... А яны ўзброеныя так: вінтоўка за сьпінай, шашка, процігаз, перамётныя сумкі ля сёдлаў... Чамусь запомніліся конскія процігазы. На сядле сумка вялікая, і ад яе ідзе тоўстая гафрыраваная трубка, бы кішка, і маска, — надзяваецца каню, калі газавая атака, якіх, дарэчы, нідзе на вайне не было. На сьвітаньні коньнікі кінуліся на сяло ў атаку, на нямецкія танкі. Немцы падпусьцілі іх даволі блізка і з кулямётаў наладзілі ім такое, што Божа мой! Празь якіх дзесяць хвілін усе адхлынулі назад. I вось бяжыць конь у пене, безь седака, а то сядок вісіць зь сядла ўніз галавой. Конь падае, б’ецца, зь ягонага бруха вывальваюцца вантробы ды яшчэ кішка гэтая процігазная цягнецца. Усё навакол пашкуматана кулямётнымі чэргамі. Хуценька мы адтуль драпанулі — усе, пешыя і коньнікі — у лясок, атака захлябнулася, і болей яе не ўзнаўлялі. Танкі пайшлі далей.

Потым яшчэ было нямала такога ж, бязладнага і дурнога. Мы будавалі для маршала Будзённага камандны пункт, на якім Сямён Міхайлавіч ледзьве ня трапіў у палон. Адыходзілі на Стары і Новы Аскол... Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычніку, армію нарэшце вывелі пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, адны рэшткі.

 

* З 22 чэрвеня да 10 кастрычніка 1941 году асобымі аддзеламі НКВД і заградатрадамі войскаў НКВД па ахове тылу затрымана 657 364 вайскоўцаў, што адсталі ад сваіх частак і ўцякалі з фронту. Асобымі аддзеламі арыштавана 25 878 чалавек, астатнія сфармаваны ў баявыя часткі і адпраўлены на фронт. Паводле пастаноў асобых аддзелаў і паводле прыгавораў вайсковых трыбуналаў расстраляна 10 201 чалавек... (З даведкі намесьніка начальніка асобага аддзелу НКВД СССР Мільштэйна.) [Зноска аўтара.]

9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка

Апынуліся на станцыі Гразі, там усчалася перафармоўка. I тут аказалася, што паводле тылавых законаў 23-і год нараджэньня прызываецца, а 24-ы — яшчэ не. I вось нас усіх, хто быў з 24-га года, сабралі разам. А трэба сказаць, што такіх набралася няшмат, бо ўкраінцы — ня дурні, яны далёка ад дому не адыходзілі, звычайна вярталіся. Ну а мне куды было вяртацца? Беларусь засталася за тысячу кілямэтраў, ня дойдзеш. I я змушаны быў цягнуцца з усімі. Дык сфармавалі з маіх аднагодкаў калёну, выдалі па тры буханкі хлеба і, як былі, у зашмальцаваных ватоўках, не зважаючы на зіму — у пілотках, выправілі ў тыл. Але зноў пад камандай падпалкоўнікаў [запасу] — каб не разьбегліся. Iшлі ў Саратаўскую вобласьць...

Харчаваліся зноў самапасам — хто чым знойдзе. Сяляне часам кармілі, усё ж то быў тыл, і шмат у каго мужчыны былі на фронце, людзі спачувалі вайскоўцам. Тым больш такім жаўтаротым, як мы. Хаця гледзячы дзе. На станцыях, дзе ўсё было абабрана, нічога нам не надаралася, а ў сёлах трохі перападала. Пакуль дайшлі да Саратаўшчыны, абнасіліся і абязножалі. Чаравікі мае сталі такія, што і парцянкі вылезьлі. А тут пачаліся халады. Цёплага ж на нас не было нічога. Памятаю, нейкая цётка дала мне вязаны шалік[,] і ўсё. Нарэшце дабрылі да станцыі Салтыкоўка, гэта ў самым канцы 41-га. Там нас разьмеркавалі па калгасах. Мы з адным хлопцам, Лёшкам Арловым (дарэчы, таксама ўшацкім) трапілі ў недалёкі калгас...

Сяло было вялікае (дзіўна, забыў яго назву), на поўдзень ад ст[анцыі] Салтыкоўка. Калгас, здаецца, меў назву «Камінтэрн». Мы зь Лёшкам Арловым жылі недалёка адзін ад аднаго, але спатыкаліся рэдка – тое ў нашых гаспадароў не было прынята. Я ўвесь дзень, зьезьдзіўшы зранку ў стэп і прывёзшы мерзлага будыльля, сядзеў дома. Рабіць не было чаго, чытаць таксама. Гаспадары амаль не размаўлялі між сабой (нявестка варагавала зь сьвякроўю), гаспадар быў на працы. Але была малая, гадоў шэсьць дзяўчынка, – мілае, прыхільнае стварэньне, якая не адыходзіла ад мяне цэлы дзень, патрабуючы што-небудзь распавядаць. Я распавёў ёй усе казкі, што ведаў, распавёў пра Беларусь зь яе лясамі, птушкамі і зьвярамі. Але таго было мала. Тады, неяк дастаўшы ў суседзяў таўсты том акадэміка Тарле – пра Напалеона, пачаў ёй чытаць. Наўзьдзіў, яна слухала, і мне была палёгка.

Там мы праседзелі ў калгасьнікаў амаль усю зіму 1942 году. Калгас выдзяляў проса – па кіляграму на тыдзень. Гэтае проса трэба было абадраць на цёрцы, атрымаць пшано. У сям’і, дзе я жыў, былі гаспадар-камбайнёр, які меў бронь, гаспадыня, малая дзяўчынка і бабка. Бабуля гэтая, сьветлая ёй памяць, і варыла мне кашу. Сям’я, натуральна, харчавалася асобна, а я — пшоннаю кашай, што па тым часе зусім няблага. У нас да вайны пшано было далікатэсам. Памятаю, у Віцебску талерачка такой кашы з чайнай лыжачкай масла зьверху каштавала 60 капеек. Тут масла не было... Увогуле было галаднавата, заўсёды хацелася есьці... Малады ж быў.

Трудная была тая зіма, сьцюдзёная, а галоўнае — даймала адзінота, адарванасьць ад звыклых мясьцінаў, ад радзімы, што апынуліся пад акупацыяй. Лёшка жыў цераз дарогу ў суседзяў, і нашаю зь ім задачай было забясьпечыць гаспадароў палівам. Палівам служыла будыльлё сланечніку, што застаўся пад сьнегам у стэпе. Для таго мелася пара гаспадарскіх буркаў на двух. I вось часьцяком (разы дватры на тыдні) едзеш з санкамі ў стэп, пералазіш яр і наломваеш там мёрзлага будыльля, вязеш яго ў сяло. Зь цяжкім возам перабрацца цераз крутыя схілы было няпроста, добра нарвеш кішкі. А як вылезеш мокры ад поту, успомніш свой роў ля роднае вёскі, паглядзіш на чырвоны марозны захад, дзе далёка-далёка засталася радзімая старонка, і ўжо не стрымаеш сьлёз. Тым болей, што вакол расхінуўся марозны стэп, ніхто тут цябе ня бачыць, можна не саромецца. Адзінота, закінутасьць, адчуваньне поўнага сіроцтва — балючыя самотныя пачуцьці, якіх да таго перажываць не даводзілася. Першы, але не апошні раз было тое...

Не сказаць, што да нас там адносіліся кепска, — як і да ўсіх. Але на нейкім часе стала нам нязмогла, і мы з Лёшкам вырашылі рушыць на захад. Беларусь была пад акупацыяй, але ж там былі партызаны. Зноў жа фронт, жахі якога памалу сталі забывацца, і нам захацелася туды. Аднойчы і рванулі. Ды недалёка. Наіўных уцекачоў на захад затрымалі на першым жа чыгуначным мосьце, вярнулі ў раённы НКВД у Рцішчаве. Там зноў пачалося тое, што некалі са мной у Белгарадзе. Дапытвалі, хто нас паслаў на мост і зь якім заданьнем? Тое, што мы прабіраліся на захад, у бок фронту, выклікала ў начальнікаў недавер, нават абурэньне. Iм трэба было пераканаць нас і сябе, што мы ішлі ў тыл і зь нейкаю мэтай. Зь якой?

Выбавіў нас адтуль выпадак іншага кшталту. Уначы прывялі нейкага крымінальнага вепрука, які тут жа, у пакоі дзяжурнага, усчаў бойку. Быў надта дужы, паперакуліў усю мэблю, пачаў душыць начальніка, і да яго кінуліся ўсе міліцыянты, якія там былі. А мы зь Лёшкам тым часам ціхенька высьлізнулі празь дзьверы. Зноў вярнуліся ў калгас, да ранейшых гаспадароў, якім штось ня дужа складна схлусілі. Ня ведаю, ці паверылі.

 

10. Аткарск. Саратаў

Дажылі там да вясны, а затым, здаецца, у красавіку, у калгас прыйшла разнарадка на моладзь — зноў у ФЗО. Вядома ж, мясцовым сваіх шкада, прызначылі нас, а нам толькі таго і трэба. I вось мы зь Лёшкам зноў апынуліся ў ФЗО, на гэты раз недалёка, у Аткарску... Дарэчы, нялішне зазначыць, што шмат каму зь перадпрызыўнай моладзі тыя ФЗО-ФЗН далі часовы, але неабходны хлеб і прытулак, сталіся, так бы мовіць, прафэсыйнай акадэміяй, нярэдка апошняй у іхнім кароткім жыцьці. Бо хутка затым — прызыў, фронт і канец усяму. Толькі і ўспамінаў з цывільнага жыцьця — невялічкая групка аднагодкаў, самотных фэзэушнікаў...

У Аткарску была чыгуначная школа, вучыўся там на пуцейца: рамонт пуці, падбіўка шпалаў, разводка... I гэта першую палову лета 42-га году. Надта сьпякотнага, дарэчы, здаецца, у нас такой гарачыні не бывала. Было трудна, мазалі на далонях ад кувалды і рыдлёўкі. Затое кармілі, што тады было важна.

У Аткарску, школе чыгуначнікаў, тое сьпякотнае лета міналася на чыгунцы, у працы, да якой дабіраліся пехатой, па шпалах. Часам заходзілі кілямэтраў за дзесяць, адтуль – на абед, і зьвечара дадому. Ля ракі Мядзьведзіцы пад кустамі чуўся піск марзянкі – то трэніраваліся дзяўчатысувязісткі. Ля іх праходжваліся іхнія настаўнікі – афіцэры. У жніўні ў войска мяне праводзіла адна маладая жанчынка, што рабіла ў школе. Яна дужа шкадавала мяне. Казала, толькі вясной праводзіла брата, гэткага, як я, і ўжо празь месяц атрымала «пахаронку» – з-пад Сталінграду. У мяне не было хатняга адрасу, дык яна сказала, каб я запісаў яе адрас у Аткарску. Я абяцаў… Але пасьля падумаў: нашто? Мала ёй братавай «пахаронкі»?

Ну а ў жніўні 42-га прызыў хлопцаў 1924 году нараджэньня, і адразу — у запасны полк пад Тацішчавам.

Запасны полк у Тацішчаве нагадваў мурашнік і быў увесь у зямлі. Тысячы салдатаў жылі ў зямлянках, вучыліся побач у полі. Дысцыпліна была жалезная, камандзіры – яшчэ цімашэнкаўска-варашылаўскай школы – ад сяржантаў да палкоўнікаў. Муштравалі звычайна строем: шагістыка, поўзаньне, акопваньне. І пастаянныя пераклічкі, праверкі, – каб не дэзэрціравалі. Але было і зьнікалі – учора быў, а сёньня няма. І ніхто ня ведае, куды дзеўся.

Вінтовак нам там не давалі, былі толькі вучэбныя, якія мы вучыліся разьбіраць і зьбіраць. Скардзіцца на ўмовы забаранялася, на самадурства камандзіраў таксама. Палітрукі сачылі за дысцыплінай і рабілі палітінфармацыі аб становішчы на франтох. Асабліва на Доне, дзе фронт ужо быў прарваны, і немцы перлі на Сталінград.

Там шмат было мясцовых, землякоў, саратаўскіх. Толькі мы зь Лёшкам пачуваліся чужымі. Але хутка нас разлучылі: мяне – у Саратаў, Лёшку – у Вольск. Больш я яго ня бачыў. І нічога пра яго ня чуў. Па ўсёй верагоднасьці, прычына таму – усё Сталінград. У Саратаве я затрымаўся, а Лёшка ў Вольску – наўрад.

Тое паселішча вядомае шмат каму зь ветэранаў, многія там спасьцігалі сваю першую вайсковую навуку, якую памятаць будуць доўга. Той полк дзейнічаў, відаць, ці не да канца вайны — рыхтаваў кадры, салдацкія і сяржанцкія,— для перамогі.

Праўда, мне давялося прабыць там нядоўга, на пачатку верасьня мяне накіравалі ў Саратаўскае пяхотнае вучылішча.

Пачаліся вучэбныя будні. Ужо там дасталося, як не даставалася нідзе і ніколі. Кожны дзень па 10 гадзін заняткаў — рэдка ў клясах, болей на пляцы і ў полі, — у сьпёку, дождж і мароз, у нашых клясычных, на «рыбіным мяху» шыняльках. Апроч таго, абаронная праца пад горадам — немцы падышлі ўжо да Саратава і бамбавалі яго кожную ноч. У асноўным цалялі ў камбайнавы завод, які на той час рабіў самалёты, і ў нафтаперагонныя крэкінгі. Нас на ноч кідалі на дзяжурства — ліквідоўваць пажары, як загарыцца завод, бо выпуск прадукцыі працягваўся і пад бомбамі. Гэта выглядала так: як толькі сьцямнее, аб’яўляецца трывога. Паяўляюцца самалёты, вешаюць у небе свае асьвятляльныя бомбы САБы. На зямлі ад іх — бы ад сонца, а ў небе не відаць нічога. I пачынаюць сыпаць бомбы. Усё вакол хадуном ходзіць. Нам дык яшчэ трываць можна, мы сядзім у шчылінах, калі загарыцца, тушым, выкочваем на двор самалёты. Хаця былі і ў нас ахвяры. Але гэта нішто ў параўнаньні з тым, як даставалася нашым курсантам на крэкінгах зь іх вялізнымі ёмкасьцямі нафты. Там усё палыхае, не сьціхаючы ні ўдзень, ні ўначы. I хлопцы гараць, няма чаго і хаваць. Цэлыя аддзяленьні, узводы не вярталіся з гэтага мора агню. I так амаль да зімы. Зімой тое спынілася, як немцаў акружылі пад Сталінградам.

Аднойчы, зноў жа ўвосень 42-га, батальён кінулі пад Сталінград. Пешым маршам дайшлі да Камышына. У Камышыне, аднак, нас ператрэсьлі: палову з кожнае роты пакінулі, а палову паслалі на падмацаваньне Сталінграду. Рэшта вярнулася ў Саратаў. У тым ліку і я. А мой таварыш зь Беларусі Коля Iваноў пайшоў у Сталінград і, вядома ж, загінуў. Пасьля вайны спрабаваў знайсьці ягоных родзічаў. Але ж... Iвановых у нас дужа многа. Пасьля яшчэ было нямала выпадкаў, калі ноччу па трывозе паднімаюць роту, выстрайваюць і зачытваюць сьпісы тых, хто зараз жа адпраўляецца на станцыю, у маршавую роту, на фронт.

Цяпер з вышыні ваеннага вопыту і перажытых гадоў нельга не зьдзіўляцца, чаму і як там нас вучылі. Галоўнай, мабыць, як і здаўна ў расейскім войску, была страявая — пляцавая ваенная навука, паводле якой ацэньвалася ўсё астатняе. Усё астатняе падганялася пад яе. Нават тактыка зь яе строга рэглямэнтаванымі парамэтрамі ў абароне і ў наступленьні. На вайне ніхто іх не трымаўся, бо было непатрэбна. На вайне аказалася, што той камандзір мае найбольшы посьпех, які хутчэй за іншых адрынуў даваенную навуку і творча экспэрымэнтуе, асобна падыходзіць да кожнага бою. Можна сказаць, што вайну рабілі дылетанты. Даваенныя прафэсыяналы збанкрутавалі ў самым яе пачатку. Але каб зразумець тое, трэба было набыць пэўны вопыт, а мы такія былі зялёныя...

Пра камандзіраў можна б расказаць шмат — розныя былі. Камандзірам нашай роты быў старшы лейтэнант Грыб, немалады ўжо чалавек, беларус, аднекуль з Гомельшчыны. Можа, менавіта дзякуючы яму я скончыў гэта вучылішча, дайшоў да выпуску. Неяк непрыкметна, па-зямляцку ён мной апекаваўся. А можа, таму, што вучыўся я і вучылішча скончыў на «выдатна». Як бы цяпер сказалі, — з чырвоным дыплёмам. Але тады толькі павесілі маё фота на ганаровую дошку выпускнікоў... А там — запомніўся інтэлігентны выкладчык тапаграфіі, якому я часам маляваў карты-схемы, — Рамественскі, на той час ужо інвалід вайны. Камандзірам батальёна быў маёр Анціпас, грэк. Вядома, на фронт грэкаў не пасылалі, скарыстоўвалі ў тыле, але гэта быў ладны камандзір, з традыцыямі старога царскага афіцэра. Чаго ня скажаш пра цэлую плойму маладзейшых гарладзёраў, выхаванцаў Варашылава і Цімашэнкі. (Ды Бог ім судзьдзя.) Гэтыя муштравалі пераважна васемнаццацігадовых бязглузда і жорстка, найперш каб самім ацалець ад вайны, пераседзець яе ў тыле. Toe, аднак, удалося далёка ня ўсім. У свой час іх таксама паслалі пад зьнішчальны агонь, і шмат хто зь іх там пагінуў. Што трохі іх выбачае...

 

11. Фронт. Кашара. Севярынка

Увосень 43-га прысвоілі званьне малодшага лейтэнанта. Пагоны выдалі залатыя, на якія кожны з выпускнікоў прышпіліў па адной маленькай зорачцы. Атрымалася даволі прыгожа, пайшлі сфатаграфавацца. Ды атрымаць фота не пасьпелі — ноччу ўсіх паднялі для адпраўкі на станцыю, дзе ў тупіку стаялі пустыя таварныя вагоны. Праўда, з жалезнымі печкамі, і то добра.

Ехаць давялося доўга, месцы ў вагонах абсталёўвалі самі — цягалі на станцыях дошкі для нараў. Прадукты атрымалі мукой, па кіляграму на чалавека, з тае мукі пяклі на печках ляпёшкі, якімі і харчаваліся ўсю дарогу.

А тыя прыгожыя пагоны ніяк нам не паслужылі. У дывізіі, куды ўрэшце прыйшлі, начальнік штабу сказаў проста: «Зьняць! Тут вам не парад». Зьнялі, але палявых не атрымалі і пайшлі ў бой беспагоннымі. Я да зімы хадзіўбегаў у шынялі без пагонаў, трымаючы залатыя ў сумцы. Пасьля старшына роты зьняў з забітага артылерыста зялёныя, якія ці не паўгоду давялося насіць на сваіх юначых плячох.

Фронт пачынаўся з Дняпра, на ўжо адбітых пад той час пляцдармах. Так што пашэньціла — фарсіраваць Дняпро не давялося. Але і за Дняпром хапіла пекла, у якое мы трапілі. Найперш няўдалае наступленьне на Крывы Рог, адкуль нас турнулі немцы. Кілямэтраў 60 нашая пяхота і танкі адступалі на поўнач. Пасьля, трохі перадыхнуўшы, завязалі баі за Александрыю і Знаменку...

Я быў у звычайным стралковым палку камандзірам узводу. Пачалася зіма, сьцюжа, хоць і не такая, як на Волзе. Сёлы ўсе разьбітыя, баі за кожны пагорак, за кожную балку... Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбівалі спрэс.

Страты былі аграмадныя. Трапіўшы ў стэпе пад кулямётны агонь, рота за гадзіну ці не палову байцоў пакідала на сьнезе. Або ў кукурузе. Ці на краі сланечнікавага будыльля. Іншага сховішча тут не надаралася. Падалі забітыя, не ўставалі параненыя. Кідацца ратаваць каго не выпадала, тое было справай санінструктараў, калі яны яшчэ ўцалелі. Лёгкапараненыя ратавалі сябе самі – паўзьлі ў тыл. Суправаджаць іх ніхто ня меў права, тое забаранялася статутам і ўважалася як ухіленьне ад бою. Шмат якія параненыя, калі не маглі самі выпаўзьці, апыналіся параненымі другі раз, а то і забітымі. Мой сяржант, паранены ў сьцягно, перш чым паўзьці ў тыл, захацеў закурыць і счакаў, пакуль хлопцы прыпаляць яму цыгарку. Ды дачакаўся асколка ў жывот. Ня ведаю, ці давезьлі яго да санчасткі...

Хаваць сваіх забітых нам не даводзілася, звычайна кожнага пакідалі на тым месцы, дзе яго напаткала сьмерць. Не было калі і не было як пад агнём, а пад агнём мы былі заўсёды. Ці кулямётным, ці мінамётным, ці пад абодвума разам. Старэйшыя камандзіры ўсё гналі пяхоту «ўпярод і ўпярод!». Забітых хавалі пасьля, у тыле, пра тое дбалі адмысловыя «пахаронныя каманды». Дзе-небудзь у сяле ці ля дарогі яны капалі братнія магілы, звозілі са стэпу трупы. Распраналі, вымалі з кішанёў дакумэнты, зьбіралі на сьнезе зброю. Працы ў іх было шмат, таму ня надта глядзелі на тое, труп перад імі ці яшчэ жывы. «У яме дойдзе, – казалі. – А валёнкі спатрэбяцца. Шынялі таксама»... Сьпісы на забітых складалі ў штабе, там жа адзначалі, дзе хто пахаваны. Але тое зусім ня значыць, што ў пэўнай магіле пахаваны пералічаныя асобы. Яны маглі быць пахаваны ў іншай, як і ў гэтай пахаваны зусім іншыя, чым тыя, што пазначаныя ў штабных сьпісах1.

Звычайна ўдзень вялі бой за сяло (а сёлы ж на Украіне вялікія), пад вечар выбілі, немцы пайшлі. Але ж мы ў сяле ня спынімся, трэба ж гнаць немцаў, пакуль яны адступаюць. Хіба забяжыш, схопіш дзе кавалак хлеба, калі ён ёсьць, якая цётка дасьць цёплага бурака, і — зноў у поле. Зноў бой і агонь — выбухі мін, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў. I крыкі начальства, мат-перамат — асабіста і па тэлефоне. Аж пакуль немцы ня спыняцца ў суседнім сяле. Тады і мы спыняемся ў полі.

Ад бяссоньня і стомы стан увесь час быў блізкі да поўнай абыякавасьці. Пад агнём не хацелася акопвацца ці хавацца. Заб’е – ну і чорт зь ім. Абы хутчэй, менш пакутаваць. Куды болей, чым страх, дацінала сьцюжа. У стэпе, ноччу. Заснуць, аднак, не было як, – мароз змушаў калаціцца, дрыжэць, стукаць нагамі. Хоць бы лежачы ў сьнезе. Той стан перапынялі толькі каманды ды мацюкі камандзіраў. Ды калі блізкі, ва ўпор, абстрэл. Ці мінамётны агонь. Тады на кароткі час ахопліваў спалох. А затым – зноў стома і абыякавасьць да ўсяго.

Зіма на Украіне, можа, і не такая лютая, як у Расеі, але таксама сьцюдзёная — са сьнегам і вятрамі, асабліва ў раўнінным стэпе. Апрануты я быў у тое, што нам выдалі ў вучылішчы — шынэлак, кірзовыя боты, шапка. У палку атрымаў толькі трохпалыя рукавіцы і аўчынную камізэльку, якая ўвогуле мяне ратавала. Тым болей, што тыднямі днявалі і начавалі ў полі. Каскі я не надзяваў. Аднойчы надзеў на шапку, але яна дрэнна трымалася там, і мой памкамузвода, сталы сяржант, кажа: «Што карысьці зь яе! Кідай к чортавай матары...» Перад тым на краі кукурузнага поля забіла нашага самага маладога ва ўзводзе байца — куля трапіла ў каску, калі той ляжаў у ланцугу, і прабіла яе наскрозь. Як увайшлі ў сяло, дзе пад вербамі ляжала некалькі забітых немцаў у касках, усё той жа памкамузводу па чарзе стрэліў кожнаму ў голаў, і ўсе каскі аказаліся прабітыя. Дык я і кінуў у сьнег сваю. Адразу стала спрытней, і я не пашкадаваў ні разу. З салдатаў таксама мала хто насіў каску — хіба самыя абачлівыя. I я ня чуў, каб яна каго ўратавала. Асабліва ў наступу.

Там у першым баі загінуў мой сябра Коля Перажны, зь якім мы ў адным узводзе вучыліся ў Саратаве. Як нас разьмяркоўвалі па часьцях у Ануфрыеўцы, ён усё наракаў, што не далі пісталетаў, якія належалі камандзірам узводаў. Тады сказалі — там атрымаеце. Коля так і не дачакаўся свайго ТТ, раней атрымаў кулю ў сэрца. Другому сябру, Валодзю Леўчуку, пашэньціла болей — ён дайшоў да Бугу, дзе на пераправе быў цяжка паранены. Болей на фронт ня трапіў, жыцьцё дажываў кульгавым інвалідам-франтавіком.

Мяне ж пакуль што кулі і снарады міналі, толькі аднойчы марознаю ноччу ў стэпе згубіў рукавіцы і добра прымарозіў рукі. Але ў тым сам вінаваты. З абмаражэньнямі да дактароў лепей было не зьвяртацца, тое нярэдка ўважалася як знарок і суседзіла з трыбуналам.

Мой першы бой у якасьці камандзіра ўзвода ня надта запомніўся. Помню толькі, як ротны, нейкі камлюкаваты, цывільнага выгляду чалавек у паўшубку, гнаў салдатаў і мяне разам праз шырокае поле кукурузы, пакуль мы ня трапілі пад агонь.

Залеглі. Пасьля ішлі зноў. Ноччу ішлі ў батальённай калёне. Зранку і ўвесь дзень нас жахліва бамбілі нямецкія самалёты, і мы то разьбягаліся па стэпе, то зноў зьбіраліся на дарозе. Неяк спыніліся на краі сяла ў пустой аборы, ротны сказаў, што трохі адпачнем і будзем атакоўваць кашару за дарогай. I толькі я задрамаў у кутку на саломе, як усчалося бамбаваньне, трэба было вымятацца ў стэп — пад агонь з-за дарогі. Ротны застаўся ў аборы, дзе яго і забіла пры другім налёце «юнкерсаў». З камандзіраў у роце я застаўся апошні, таму да мяне і прыбег намесьнік камандзіра палку — наступаць, такую тваю маць! Пайшлі наступаць — ланцугом па полі да кашары. На гэты раз нам пашэнціла, агню не было, мы дабрылі да развалюхі-кашары, дзе не знайшлі нікога, немцы вымеліся. Каб чаго ня сталася, я паслаў у тыл аднаго сяржанта далажыць, што кашара ўзята. Як высьветлілася пасьля, таго няварта было рабіць. Сяржант вярнуўся і сказаў, што камандзір палку аб’яўляе мне падзяку. Што ж, добра. Мы залеглі за кашарай у сьнезе, згаладнелыя, замерзлыя. I мой памкамузводу кажа: а давайце ў кашару, трохі пагрэемся. Тым болей, што салдаты дзесь раздабылі тэрмас шнапсу. Акурат для сугрэву.

Пагрэцца, аднак, не пасьпелі, як зь недалёкай кукурузы выпаўзьлі тры бронетранспарцёры і адкрылі па кашары шквальны агонь. Мае паўскоквалі і без усялякай на тое каманды сыпанулі назад, да дарогі. За імі дзе паўзком, а дзе подбегам рушыў і іх няхуцавы камандзір. Там пад абстрэлам даседзелі да ночы. А як сьцямнела, на дарогу прыбег намесьнік камандзіра палку, які тут жа паабяцаў мяне расстраляць, калі я да ранку не вярну страчаную кашару. Аказваецца, ён ужо далажыў пра яе ў дывізію, а яна зноў апынулася ў немцаў. Становішча маё было такое, што горш не прыдумаеш. Ля кашары стаяць тры бронетранспарцёры, а ў мяне засталося якіх пятнаццаць салдатаў. Як яе ўзяць?

Аднак мусіў браць. Уначы пры бліскучай поўні пайшлі, ды хутка вярнуліся зноў: немцы не падпусьцілі і да паловы поля. Стаў чакаць ранку і свайго прысуду. Але за той час штось сталася на фланзе — страляніна, крыкі. Хутка адтуль бяжыць аўтаматчык, — на штаб напала нямецкая разьведка, намкампалку патрабуе, каб усе мы — неадкладна туды, на дапамогу. Пабеглі на дапамогу, ды спазьніліся. Немцы ўжо вымеліся, а намкампалку забіты. Уранку ля школы два маіх салдаты капалі яму магілу. А да нас у роту прыйшоў новы камандзір лейтэнант Міргарад, зь якім я праваяваў да калядаў. Нейкім чынам той выпадак адбіўся ў напісаным праз дваццаць гадоў апавяданьні «Ранак-сьвітанак».

На стэпавай роўнядзі ваяваць было цяжка, схавацца ад кулямётнага агню не было як. Ды й ад мінамётнага таксама. Адзіным укрыцьцём служылі няўбраныя ўлетку кукурузныя палеткі ды адзінокія сьцірты ў стэпе. Але апошнія часьцей за ўсё былі здрадніцкім зманам, бо немцы здалёк бачылі, а болей ведалі, што за імі заўсёды хаваліся, і старанна абстрэльвалі іх. А іх выбіралі для схову ад агню і ветру тыя, што былі трохі ў тыле: санітары з параненымі, абозьнікі, камандзіры. Там яны часьцей за ўсё і гінулі — у тыле пяхотных ланцугоў. У той час, як у ланцугу было часам схоўней.

З баямі мы займалі вялікія і малыя сёлы, ішлі далей. А ў гэты час ззаду, у занятых сёлах пачыналі дзейнічаць тылавыя службы, штабы і палявыя ваенкаматы. Гэтыя зьбіралі ўсіх, хто там сядзеў з 41-га. Такіх набіралася нават зашмат, – партызанаў жа там не было, усе дома. Найперш зьбяруць у стэпе вінтоўкі, што засталіся каля забітых-параненых. Забітых яшчэ не пахавалі, а іхнімі вінтоўкамі ўжо ўзбройваюць прызыўнікоў. Абмундзіроўкі няма, і яны так, у хатняй апратцы, зь «сідарамі» за сьпінай ідуць у ланцуг — атакаваць суседняе сяло. Няшмат, аднак, даходзіць да таго сяла. Тады пачынаецца ўсё спачатку.

З камандзірамі тое ж самае, кадравых мала. У нас у роце было толькі два афіцэры — я і камандзір роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялілі, не было каго. Добра, калі пісар пасьпее перапісаць прозьвішчы, а то ідуць безыменнымі. I гінуць. Таму столькі ў нас цяпер «неизвестных солдат», пропавших без вести». Такі быў улік. У пяхоце не было ніякага ўліку. Во кулямёты ўлічвалі, гарматы, танкі. Нават снарады начальства лічыла, бо за іх адказнасьць мела. А за людзей адказваў адзін Гасподзь Бог...

Новы, 1944 год сустрэў пад сьціртай у засьнежаным полі. Як пацямнела, бой стаў сьціхаць, — немцы таксама хацелі сустрэць навагодзьдзе. Старшына прынёс вячэру — пярловы суп. Той, хоць і пляскаўся ў тэрмасе, але даўно прастыў і быў сьцюдзёны. Хлеб дык і наогул зьмерзлы — секлі нямецкім штыхом. Але нам, тром афіцэрам, менавіта пад новы год выдалі доппаёк — па жмені сухога пячэньня і баначку шпротаў на трох. Жуючы з кішаня тое пячэньне, я і задрамаў пад сьціртай, не дачакаўшыся запаветнага часу зьмены году.

А недзе на золку паднялі — батальён рушыў у наступ.

Немцы джгалі трасіруючымі зь недалёкага сяла, адкуль іх належала выбіць. На той раз ня выбілі — залеглі ў голым полі.

Звычайна немцы не любілі бліжняга, як ён называецца, бою і нішчылі агнём здаля. Наконт агню яны былі майстры, нічога ня скажаш. Гэта ў нас вучылі салдатаў зь іхніх састарэлых «драгунак», якімі нас угаворвалі ганарыцца, рабіць 6—8 стрэлаў у хвіліну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялі з аўтаматаў колькі маглі, а іхні кулямёт МГ-42 рабіў 1000 стрэлаў у хвіліну. Iхнія мінамётчыкі ўмелі навесіць па 12 мінаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такім шквале агню доўга не выжывеш. Празь дзень-другі — або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як сумна жартавалі салдаты. У нас з агнём было куды горш, заўжды не хапала боепрыпасаў. Нават у шараговага байца, калі ён страляў у баі. Тое, што было з сабой (у падсумках ці магазынах), можна было расстраляць за некалькі хвілінаў. Зноў жа [–] куды байцу ўзяць болей патронаў? Хіба за пазуху, у кішані. Немцы для тае мэты скарыстоўвалі боты з шырокімі халявамі, у якія напіхвалі магазынаў. Нашыя ж дыскі ў боты не запіхнеш. Ды й боты не такія, з вузкімі халявамі, а ў байцоў спрэс абмоткі. Таму на полі, у ланцугу, пяхота не страляла, эканоміла для бою ў сяле. Меркавалася, што там, сярод хатаў, можна прымяніць штых-маладзец, бо куля — дура, як вучыў «вялікі Сувораў». Але немцы не падпушчалі блізка, яны нішчылі нас у полі градам куль і асколкаў. Таму наш штыхавы бой, якому дужа вучылі салдатаў і афіцэраў, практычна ў вайну не прымяняўся. (Таксама, дарэчы, як і процігазавыя сумкі, якія марна цягалі да самай перамогі.) Славутыя «кацюшы» ўжываліся рэдка, для транспарціроўкі іхняга боезапасу патрэбны былі дзясяткі аўтамабіляў, а гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлівала толькі малакаліберная артылерыя — саракапяткі ды 76-мм гарматы на коннай цязе. Але коні на полі бою жылі меней, чым жылі салдаты.

Аднойчы на пачатку зімы я зрабіў першую спробу асвоіць артылерыю. На полі бою каля сьцірты саломы наткнуўся на кінутую саракапятку. Перад тым тут стралялі танкі, і гэтыя артылерысты ці, можа, уцяклі, ці іх пабіла — за сьціртай ляжала некалькі трупаў. А снарады былі — некалькі скрынак. Як страляць з такіх гарматаў, нас у вучылішчы трохі вучылі. I я паспрабаваў. Не па танках — па пяхоце ў недалёкім сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацік мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглі ўзяць з сабой, пакінулі ля сьцірты.

Пасьля невялікага перадыху пачалася Кіраваградзкая апэрацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Леніна, як ён пісаў, палемізуючы з аўтарам «Мёртвым не баліць»2. На ягоную думку і думку Сталіна, то была вельмі пасьпяховая апэрацыя. Можа быць, з гледзішча Крамля так яно і было. Але было іншае гледзішча — салдата з засьнежанага поля, залітага крывёй і здратаванага гусеніцамі танкаў, на якім быў амаль цалкам разгромлены наш полк. Там загінуў камандзір маёй роты лейтэнант Міргарад, камандзір батальёну капітан Сьмірноў, камандзір палку маёр Казар’ян, дзясяткі салдатаў ды іншых афіцэраў.

Пачалося ўсё, як нашу дывізію ўвялі ў прарыў. Наступалі мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялі агнявы бой, а ноччу калёнай — у стэп, лезьлі як мага ўглыб, дзе можна пралезьці. Дзе пускалі немцы. Спаць не было ніякай магчымасьці, ніводнай гадзіны. Гэта таксама фэномэн, вынаходзтва савецкай ваеннай навукі — прымусіць салдата абыходзіцца бяз сну. Думаецца, ні ў адной арміі так ня ўмеюць. I вось ідзем сонныя па стэпе, засьнежанай дарогай, шмат хто сьпіць на хадзе, спатыкаецца, падае. Тады іншыя лаюцца. Аднойчы я ледзьве не зайшоў да немцаў. Памятаю, дарога была замеценая, але сьнег не глыбокі. I вось бачу вакол сябе лета, нейкія дрэвы, быццам алея. А наперадзе сьцяна, бы замак, і ў ёй вароты чорныя. Трохі трывожна, але я туды іду, у гэтыя вароты. I раптам чую:

«Куды прэш? Лажысь!» Я прачынаюся. Побач ля дарогі ляжаць нашыя разьведчыкі, а наперадзе пасадка, тонкія дрэўцы. Аказваецца, там немцы, і яны пачалі ўжо джгаць трасіруючымі ў наш бок. Калі б ня гэтыя разьведчыкі, дык і зайшоў бы ў іхнія рукі. А тады сказалі б: перайшоў да немцаў. Дарэчы, гэткія выпадкі на вайне былі дужа распаўсюджаныя — калі заходзілі ці заяжджалі да немцаў. Нават генэралы гэтак траплялі ў палон.

Потым зноў ішлі па начы, помню — шэрань, мароз.

Зноў розныя прыгоды былі. Начальнік штабу палку завёў нас не туды, спыніліся. Пачалі арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, ніводнага арыенціру, толькі няўбраная кукуруза ды сланечнік шархацяць на ветры. Стаялі, стаялі, раптам на «вілісе» даганяе генэрал. Ня ведаю, які, можа, камандзір дывізіі, сарваў з капітана пагоны, давай біць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохі драманулі на сьнезе. Пасьля зноў пайшлі. Пад ранак выйшлі да сяла пад гарой, аказалася, то Вялікая Севярынка — сяло, якое стала брутальным знакам у маім лёсе. Там каля крайніх хатаў нейкія ямы, зь якіх, відаць, улетку бралі пясок, і мой узвод адразу ў іх зашыўся. Як разьвіднела, здаля ўбачылі будынкі ды трубы вялікага гораду Кіраваграду. Але, пэўна, згледзелі нас і немцы. Нам страляць было далёка, а немцы зь цяжкіх мінамётаў пачалі шпурляць па сяле, не давалі нікому высунуцца ў поле. У нас стратаў не было, а там, ззаду, некаторых пабіла, у тым ліку і афіцэраў з нашага палку.

 

1 Два папярэднія абзацы дадатку ў кніжную публікацыю не ўвайшлі і пасьля рукапісу ў кампутарнай раздрукоўцы былі дапраўленыя аўтарам. Далей прыводзіцца рукапісны тэкст дзеля параўнаньня: «Страты былі аграмадныя, кулямётным агнём у стэпе выбівалі роты за колькі гадзін. Падалі забітыя, не ўставалі параненыя. Кідацца, ратаваць каго было нельга – тое была справа санінструктараў. Яны ж клапаціліся, каб адвезьці параненых у тыл (вядома, цяжкіх, лёгкапараненыя выбіраліся з-пад агню самі). Нельга было пакінуць ланцуг, каб уратаваць каго, калі нават зь сяброў – тое ўважалі як спробу ўхіліцца ад бою. Цяжкапараненыя сыходзілі крывёю і гінулі дзе-небудзь у кукурузе. Лёгкапараненыя, калі марудзілі ці не маглі хутка выбрацца, апыналіся параненымі другі раз ці наогул забітыя. Мой сяржант, паранены ў нагу, перад адпраўкай у тыл хацеў закурыць і счакаў, пакуль ягоны баец прынясе яму цыгарку, ды атрымаў кулю ў жывот. Ня ведаю, ці давезьлі яго да санчасьці.

Хаваць забітых нам не даводзілася, забітых звычайна пакідалі на тым месцы, дзе іх забіла. Не было калі і не было як пад агнём зь імі валэндацца. Старэйшыя камандзіры ўсё гналі “Уперад!”. Хавалі ў тыле адмыслова створаныя для таго “пахаронныя каманды”. Яны капалі брацкія магілы, сьцягвалі трупы. Распраналі іх, зьбіралі зброю. І закопвалі. Забітых улічвалі ў штабе, складалі сьпісы. Але тое зусім ня значыць, што ў магілах ляжаць паводле сьпісу. Часам магло быць, што ляжаць зусім іншыя».

2 Аповесць «Мёртвым не баліць» Васіля Быкава.

12. Першае раненьне

Увечары, як пацямнела, мінамётны агонь спыніўся, і камандзір батальёну капітан Сьмірноў загадаў выстрайвацца ў паходную калёну, якую павёў кудысьці ў стэп. Пасьля агнявога напружаньня трохі павальнела, стала на душы спакайней. I вось мы ідзем, у стэпе даволі сьветла, хоць месяца не было. Нейкая дарожка палявая, трошкі наежджаная. Я іду побач з нашым другім узводным, які нядаўна прыбыў у роту. Ён — старшы лейтэнант, артылерыст, але з акружэнцаў, і таму яго паслалі ў пяхоту — на перавыхаваньне. Наперадзе ідуць камандзір батальёну, далей разьведка, а мы ў сярэдзіне калёны. Можна расслабіцца. Бой грыміць, але дзесь зводдаль і збоку, а тут быццам ціха. Раптам гляджу — побач у зарасьніку кукурузы нейкія людзі. Толькі я іх згледзеў і нават не пасьпеў яшчэ што падумаць, як адтуль густа паласнулі чэргі — трасіруючымі па ўсёй калёне. Чорт ведае, што вакол пачалося, такі ўраганны кінжальны агонь. А паводле загаду камбата ў выпадку нападу нашая рота разгортваецца зьлева ад дарогі, іншыя — справа. Я, канешне, зьбег з дарогі, упаў на сьнег. У мяне быў аўтамат, але пры ім толькі адзін магазын. Чаму адзін?

Перад наступленьнем кінулі нам невялікае папаўненьне з тылавых падразьдзяленьняў. У нашу роту далі ручны кулямёт і прыслалі батальённага пісара. У пісара быў аўтамат, але без патронаў... Але сьпярша пра кулямёт. Вось пачынаюць выцягваць калёну, а ў мяне ніхто ня хоча браць кулямёт. Шмат людзей зь Сярэдняй Азіі — мая ні бяльмеса, мая ні бяльмеса. I астатнія адмаўляюцца: я не служыў, ня ведаю, як зь яго страляць. Каб ня кідаць кулямёт, аддаў яго нейкаму дужаму дзядзьку, каб ён хоць нёс. Нельга ж губляць кулямёт... А тут стаіць пісар без патронаў, мармыча: што мне рабіць, толькі блытацца пад нагамі? Хітраваў, мабыць, хацеў, каб яго адправілі з роты. Тады камандзір роты кажа: Быкаў, аддай ты яму дыск, каб ён ня ныў. Ну я і аддаў, бо болей аўтаматаў ва ўзводзе не было, усе толькі зь вінтоўкамі. А сам застаўся з апошнім, што пры аўтамаце. Toe было, канешне, памылкай. А можа, і паратункам, як пасьля выявілася.

А тут, упаўшы, бачу, што справы нашыя — швах. Па-першае, з кукурузы ідуць танкі. Колькі іх там, не зразумець, можа, чатыры ці пяць. Ці яшчэ болей. Узраўлі рухавікі, і яны рушылі, загрукацелі іх кулямёты. А між танкамі — аўтаматчыкі, і крычаць: рус, здавайся! Так яны заўсёды крычалі, калі заганялі нас у якую пастку. Ну, я пачаў біць з аўтамата, здалося, задаў ім агню. Але во аўтамат змоўк, значыць, патроны ўсе. Азірнуўся назад, а нашы далёка ўжо бягуць у полі. Тут засталіся толькі тыя, што ўжо не кратаюцца. I я ліхаманкава рашаю для сябе: ляжаць ці ўскокваць? Калі праляжу яшчэ хвіліну, дык яны мяне возьмуць жывым. Калі ўскочу, дык буду расшкуматаны кулямётнай чаргой. Што лепей?

Але немцы ў той час перанесьлі агонь на тых, што адбегліся далей, мусіць, блізка ля сябе яны цэляў ня бачылі. Агняны напор нібы павальнеў. Я ўскочыў і кінуўся перабежкамі. Нават не перабежкамі, а рыўкамі. Ускокваю, а праз тры-пяць крокаў падаю. Затым зноў ускокваю і зноў падаю. I так трошкі адарваўся ад немцаў. Прытым я навучыўся пазнаваць, калі яны страляюць па мне. Як чэргі пачынаюць мільгаць вакол, падаю. А як перамяшчаюцца па іншых, ускокваю. I ў такі момант, як бег, па лытцы моцна ўдарыла, бы палкай. I я ўпаў. У боце адразу стала горача, гэта палілася кроў. Я думаю: відаць, перабіла нагу. Калі так, дык усё, скончыўся Быкаў... Але ўсё ж праз колькі сэкунд ускочыў, чакаю, падломіцца нага ці не? Не, быццам не падломваецца. Толькі баліць і ў боце ўжо хлюпае. Аўтамат без патронаў, але ў мяне і безь яго навешана: палявая сумка, дзьве гранаты, адна супрацьтанкавая, кумулятыўная, — даволі несуразная штуковіна. Па-першае, цяжкая, далёка ня кінеш, па-другое, трэба, каб яна ўдарыла аб браню сваім донцам, зь якога толькі і можа тую браню праламіць. А каб граната так ударыла, у яе рукаятцы зроблены стабілізатар — такая стужка з тканіны. Увогуле кідаць яе вельмі нязручна. I тармозіць яна сама сябе, ды яшчэ гэты палёт... Кідануў я гэтую гранату няўдала. Відаць, недакінуў, і яна не ўзарвалася. Або я ня трапіў, і цяпер не разумею, што атрымалася.

А з танку мяне заўважылі, і той рашуча давярнуў у мой бок... Ну, тое расказваць доўга, а так гэта сэкунды... I вось я закруціўся, бы вуж, на сьнезе, ледзьве пасьпеў выхапіць з-пад танка ногі, як ён гусеніцай — па полах майго шынялю і пайшоў далей. Здалося, я ўжо разьвітаўся з жыцьцём. Але гляджу: там, дзе танк, хтось ускоквае і шырока размахваецца гранатай, аж адлятае ўбок палявая сумка. З палявой сумкай у нас быў толькі ротны, лейтэнант Міргарад. Выбух, танк засмылеў і неўзабаве запалыхаў на сьнезе. Там усчалася страляніна, але гэта ўжо нашы забахалі, мабыць, па танкістах. А я з гэтага месца ўсяляк — то бокам, то на каленях пачаў пад дымам прабірацца далей. I тут якраз побач надарыўся санінструктар нашае роты, аказваецца, ён бачыў, як мяне параніла. Санінструктар і кажа: ня трэба туды, за ўсімі, немцы якраз туды і цаляюць. Давай у гэты бок, дзе кукуруза, там быццам лагчынка. I праўда, мы павярнулі ўбок, дзе тырчэла нейкае будыльлё, і выйшлі з-пад удару, які кіраваў на сьцірту. Пасьля патрапілі на нейкую дарожку. Там ён сьцягнуў мой бот, перавязаў нагу. Рана была скразная, прабіла галёнку, як пасьля аказалася, адшчапіла частку касьці. Нага ад таго не падламілася, але боль быў страшэнны, я потым праваляўся ў шпіталі студзень, люты, сакавік — амаль тры месяцы. Не зажывала...

Яшчэ забыўся сказаць, што, як бег, яны абстрэльвалі нас і з танкавых гарматаў. I вось адзін снарад разарваўся якраз наперадзе, мяне моцна выцяла ў жывот, — у гарачцы здалося, што я атрымаў яшчэ і асколак. Асколак у жывот — то вельмі кепска. Хаця сьпярша боль невялікі, гэтыя параненыя доўга не жывуць. Я ўжо бачыў такіх. Цела ўсё мокрае — не зразумець, ці ад поту, ці ад крыві. Перавязаў мяне санінструктар і пакінуў на дарозе, яму трэба было ў роту. У нашай жа арміі быў загад, што байцам забаранялася пакідаць поле бою дзеля суправаджэньня параненых. Ля сьціртаў грымеў бой, туды пайшлі танкі, і мой санінструктар быў там патрэбны. Дарэчы, ён там і загінуў. Там жа загінуў і камандзір роты Міргарад ды і шмат іншых. Сьцірты гарэлі ярка ўначы, і адтуль на дарозе паявілася фурманка з параненымі. Але то была фурманка ня нашай — суседняй часці, і ў ёй сядзела дзяўчынасанінструктарка. Мяне пасадзілі таксама. Празь нейкі час мы спусьціліся з пагорачку, наперадзе ляжала вялікае сяло з царквой. Там дзяўчына ў кагось папытала, дзе санчастка, куды везьці параненых? (Далей было тое, што апісана ў аповесьці «Мёртвым не баліць». З абсалютнай дакладнасьцю1.)

 

1 Апошнія тры словы (сказ) у кампутарнай раздрукоўцы выкрасьленыя аўтарам.

13. Ноч у сяле. Сьцірты

У хаце, дзе сабралі параненых, я спаткаў аднакашніка з вучылішча. Таксама параненага. Мы дамовіліся раніцай выбірацца разам. Была там і адна санінструктарка, баявітая дзеўка накшталт маёй Каці. Уначы мы нават выпілі трохі, — знайшлося ў некага. Потым хлопцы апаролі ў падпечку трусоў, давай трусоў гэтых рэзаць. Хоць і параненыя, а есьці хочацца. Бліжэй да ночы разбалелася нага, і я прылёг на лаўцы. Апоўначы хтось мяне будзіць — расплюшчыў вочы, а гэта наш камандзір батальёну капітан Сьмірноў, пытаецца: «Ты паранены? Хадзіць можаш?» Кажу: не. Крыху наступаць мог, але сказаў, што не. Ён кажа: «Во зьбіраю батальён...». Закурыў, пагрэўся і пайшоў. Я зноў задрамаў і прачнуўся ад таго, што ўсё хадуном ходзіць, страшэнны абстрэл. Па сяле б’юць мінамёты, чутно, што і танкавыя гарматы таксама страляюць, — гук такі асаблівы, кароткі.

Прыкрыцьця ніякага, мы ж у сваім тыле. Параненыя затрывожыліся і пачынаюць па адным выпаўзаць на вуліцу. А на вуліцы ўжо імчацца фурманкі, ратуюцца. Мой аднакашнік, малодшы лейтэнант, кажа: «Давай пойдзем да царквы, там цераз поле — нашы».

Неяк мы зь ім выйшлі з нашай хаціны, але да царквы не дайшлі, нас абстралялі. Я кажу: «Там мы ня пройдзем» — і вярнуўся, ён пайшоў адзін. Ды празь нейкі час расчыняюцца дзьверы, і ён падае на парозе зь дзьвюма кулямі ў горле. Крывавая пена з роту і з ранаў. Нешта хацеў мне сказаць, ды толькі хрыпеў. Хутка сканаў на маіх руках. Яшчэ праз гадзіну ў хаце засталіся толькі тыя, што не маглі хадзіць, астатнія паразьбягаліся. Танкі ўжо ўвайшлі ў сяло. Бачу, тут мне не адсядзецца. Нага распухла за ноч і баліць горш, чым напачатку. Ступіць я ўжо не магу. Тады і я выпаўз. У двары нейкі дзядзька з пограбу дае мне пачак аўтаматных патронаў і зноў — кумулятыўную гранату. Патронаў я ня ўзяў — у пісталеце ў мяне былі патроны. А гранату ўзяў. Адкруціў ручку, паглядзеў, ці ёсьць запал. Запал быў на месцы. Так я ўзброіўся і думаю: «Мабыць, то — мой фінал, фініта ля камэдыя». I папоўз на дарогу.

А на вуліцы ўжо, мабыць, нашыя схлынулі, нікога няма. Танкі ўсё страляюць, асабліва на тым канцы сяла. I тут паяўляецца параконная фурманка, на ёй чалавек пяць салдатаў. Ага, думаю, стой! Крычу ім і махаю гранатай. Калі ня спыняцца, думаю, запушчу ў іх гранатай. Але чорта яны спыніліся, — пранесьліся міма. Рашучасьці кінуць гранату ў мяне не хапіла. Ды ўсё ж там знайшлася добрая душа, фурманка спынілася. Саскоквае адзін у паўшубку, падбягае да мяне, хапае пад пахі. Так я апынаюся ў фурманцы. I як урэзалі мы з таго сяла ў поле, вырваліся, можна сказаць, з-пад танкаў. А тыя не сьпяшаюцца нас даганяць, — страляюць з гарматаў, болей цераз нашыя галовы па тых, што далёка наперадзе. У паветры толькі фыркаюць танкавыя балванкі. Я аберуч трымаюся за нешта ў фурманцы і гляджу назад, на сяло. Ля царквы бачу нашу санчасьць у няхуцавай мазанцы. Адзін танк там раптам спыняецца і з вуліцы двума стрэламі б’е па хаціне, тая знікае ў воблаку пылу. I ўсё. Мабыць, тыя, што там заставаліся, абстралялі яго ці кінулі гранату, во танк і расправіўся зь імі. Па ўсёй верагоднасьці, тое ж назіраў аднекуль і мой камбат, які заходзіў перад тым, як пайсьці зьбіраць батальён. Дык ён, канешне, рашыў, што там застаўся і Быкаў. Так мяне сьпісалі зь ліку жывых, бо ў той полк я больш не вярнуўся.

Ёсьць і яшчэ адна версія паходжаньня мае «пахаронкі». Рэч у тым, што на тое поле пад Севярынкай наш полк не вярнуўся, начальства скіравала ягоную рэшту ў іншым кірунку. Забітыя заставаліся ў стэпе. Іх замяло сьнегам. І толькі як вясной сьнег растаў, пачалі вытайваць трупы, якія сяляне крукамі звалоквалі да саней і везьлі ў Севярынку. Ля аднаго зь іх, мабыць, знайшлі маю палявую сумку зь сякімі-такімі дакумэнтамі і палічылі, што той «падсьнежнік» ёсьць Быкаў.

Пасьля ў Севярынцы на братняй магіле зрабілі нейкі помнік зь некаторымі прозьвішчамі загіблых, сярод якіх апынуўся і я.

Пасьля ў мяне было яшчэ некалькі дзён прыгодаў, прыкладна такіх, як апісана ў «Мёртвым не баліць». Дарэчы, гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесьць, дзе ўсё ці амаль усё — праўда. Але менавіта тое, што праўда, і стала непрымальным для сацрэалізму. Можна сказаць, што галоўным ворагам гэтага славутага мэтаду была праўда. Праўду адсочваў увесь дзяржаўна-партыйны інстытут выдаўцоў, рэдактараў, рэцэнзэнтаў і крытыкаў. У той час, як валадары нашых думак не пераставалі правакацыйна агітаваць: пішыце праўду! Колькі нашага брата, пісьменьнікаў, пагарэла менавіта на праўдзе... А на хлусьні, наадварот, рабілі кар’еру.

Далей нас, параненых, везьлі кудысь на брані нашых танкаў. Была ноч, сьветлая, зімовая. I нас раз за разам бамбілі нямецкія самалёты. У часе бамбовак танкі спыняліся, і танкісты хаваліся пад імі, каб, калі загарыцца, пасьпець адбегчыся. А я ні зьлезьці, ні адбегчыся ня мог і ляжаў пад бомбамі зьверху. Толькі моцна трымаўся, каб ня скінула выбухам. Але пасьля адной асабліва лютай бамбоўкі, калі на сельскай вуліцы згарэлі дзьве машыны, ня вытрываў і скаціўся долу. Узьлезьці назад не ўдалося, і я запоўз у нейкую хату. Танкі пайшлі далей. Куды? — я ня ведаў, ды і танкісты самі ня ведалі. Даведаліся пасьля. Дык запоўз я ў хату, хтосьці памог, узьлез на ложак. Цёмна, ноч. На стале нешта стаіць, гаршчок нейкі. Сунуў туды руку, намацаў яшчэ цёплы бурак і пачаў яго есьці. Побач на ложку хтосьці ўжо ляжаў, мая рука ўсё трапляла ў штось мокрае на саломе, ды мне было не да таго. Я адразу заснуў. А як прачнуўся, пачало сьвітаць, гляджу на суседа, а гэта немец, обэрлейтэнант. Але ўжо нежывы, ужо сьцюдзёны і нават задубянеў. А быццам быў жывы, як я ля яго клаўся.

Ранкам пачаўся бой, ужо за гэтае сяло. Помню, узышло сонца, усё ярка высьвеціла. На вуліцы нейкія выкрыкі, хтосьці кудысь бяжыць, а ў мяне, відаць, тэмпэратура паднялася, і я перастаў разумець, што адбываецца. I ад гэтай калатнечы, і ад недасыпаньня. Ва ўсякім разе я ўжо ня ведаю, хто ў сяле — нашы ці немцы? Бо страляніна чулася ў адным канцы, пасьля ў другім, раздаваліся незразумелыя крыкі, затым усё прыціхла. Думаю, што ж я тут буду ляжаць, чаго дачакаюся? Выпаўз у сені. Каля дзьвярэй адгароджаны дошкамі засек з бульбай, такой дробненькай, мабыць, на корм. Я прылёг на гэтую бульбу, дастаў пісталет і ляжу. Чую, бягуць па вуліцы, па дварах, але быццам гаворка ня наша, значыць, немцы. Дзьверы зачынены, але калі іх расчыніць, дык я тут жа, насупраць дзьвярэй, можа, трошкі збоку. I вось туп-туп па двары. Адчыняюцца дзьверы — немец! Адной рукой трымае дзьверы, а ў другой — аўтамат. А я зь пісталетам гляджу на яго. Канешне, я магу стрэліць у кожную сэкунду, а яму для таго трэба перахапіць аўтамат у правую руку. I вось я ня стрэліў, а ён кінуў дзьверы і павярнуўся назад.

Я там праляжаў яшчэ нейкі час. Пасьля, як можна было меркаваць, немцы адсюль адышлі. Па вуліцы пайшлі нашы машыны. Праўда, адкуль і куды — не зразумець. Але я ўжо выпаўз з падворку і стаў ля паркану. Iдзе бензазапраўшчык, я пачаў махаць рукой, ды ён не спыніўся. Стаю, гляджу яму ўсьлед. Той выехаў зь сяла, едзе палявой дарогай, а там раздарожжа. Ён скіраваў улева, у бок невялікага ярка, а з таго ярка па дарозе — трасы. Запраўшчык і пыхнуў, бы факел.

Пасьля мяне ўсё ж падабрала адна машына і давезла да чыгуначнага пераезду. Там былі нашы матацыклісты зь нейкага разьведбату і яшчэ нейкія байцы. Мы сунуліся ў чыгуначную будку — можа, аднак, гэта былі чыгуначныя казармы. Рабочыя ў іх жылі. I там — жах адзін. Ляжаць на падлозе чалавек пятнаццаць нашых забітых... Аказваецца, танкісты ўчора пасьцягвалі сюды сваіх параненых, а па чыгунцы ходзіць нямецкі бронецягнік, — гэта ж яшчэ ў іхнім тыле. На досьвітку ў тую казарму зайшлі немцы зь цягніка і ўсіх параненых пастралялі. Дзядзька-рабочы кажа:

«Ратуйцеся, хлопчыкі, яны хутка зноў вернуцца!». Ну мы і пайшлі. Але куды? Ззаду чыгунка з бронецягніком, зьлева відаць, як за аўражынай немцы штосьці капаюць, далей шаша, па якой гужом ідуць нямецкія машыны, пэўна, выяжджаюць з Кіраваграду. А наперадзе — міннае поле, — яшчэ ўказальнікаў не прыбралі, на дарозе шыльдачкі з «Міnеn». Але іншае дарогі ў нас няма, а за полем хоць сьцірты, нейкае сховішча. I старшы лейтэнант, які быў сярод нас, кажа: «А ну, упярод! Хто першы?». У яго некалькі падначаленых у белых маскхалатах. Але іх ён не пасылае, ён хоча паслаць кагосьці з чужых. I паслаў аднаго, параненага ў галаву пехацінца. Той падарваўся першы. Затым другі пехацінец пайшоў, але падарваўся якраз ня ён, а свой» у белым халаце, які ішоў, здаецца, ці не чацьвёртым. Хоць і ішлі па сьлядах першага. Я стыргікаў ці ня пятым. Урэшце дабрылі да сьціртаў...

Закапаліся ў сьціртах, сядзім. Назіраем. Сапраўды, празь нейкі час прыходзіць бронецягнік, спыняецца на пераезьдзе. Зь яго выходзяць чалавек пяць немцаў, ідуць у наш бок. А там у полі стаялі дзьве пакінутыя машыны, мы думалі, яны таксама падарваліся на мінах. Аж не. Тыя немцы дайшлі да машын, там нешта парабілі (можа, замінавалі), павярнулі назад, да чыгункі. Час ідзе, мы чакаем.

Баі грукочуць вакол нас, на ўсім даляглядзе. Скрозь нешта гарыць, бухае. Тут жа, дзе мы, цішыня, апроч нас, няма нікога. Немцы нас ня бачаць. I раптам проста над сьціртамі спускаецца нямецкая «рама», трохі прабягае па сьнезе і спыняецца. Вылазіць лётчык, адчыняе капот, пачынае штосьці там калупацца. I адзін з разьведчыкаў кажа старшаму лейтэнанту: «А давайце захопім “раму”». Я авіямэханік, магу ўзьляцець». Увогуле дзіўнаваты намер, але што рабіць? Улезьлі мы добра, невядома, ці выседзім хоць бы да ночы. Карацей кажучы, пайшлі трое да самалёту. У белых халатах, не адразу зразумееш, хто? Не дайшлі, можа, мэтраў пяцьдзясят. Немцы штось крыкнулі, і нашы нерашуча спыніліся, нехта схапіўся за аўтамат. I ў той момант разварочваецца кулямётная турэль, і з буйнакалібернага як паласнуць па разьведчыках... Самалёт завёўся, зрабіў невялікую разьбежку і падняўся ў неба.

Выходзілі адтуль ноччу. Сьвяціла поўня, на сьнезе відаць далёка, таксама натрываліся страху. На гэты раз старшы лейтэнант першым паслаў мяне, і я стыргікаў, абапіраючыся на чыюсь вінтоўку. Але ўрэшце перайшлі шашу і ў нейкім сяле выбавіліся да сваіх. Але сяло бамбуюць «юнкерсы», сыплюць касэтнымі бомбамі.

У хаце, дзе ляжаць параненыя, чакаюць вывазу, гаспадарыць дзяўчына ў пагонах, выпісвае «карткі пярэдняга краю» і кіруе пагрузкай. Але транспарту няма, параненыя нэрвуюцца. Даходзіць чарга да мяне, пытаецца: зь якой часьці? Называю сваю дывізію, а яна кажа: то ня наша часьць, я ня дам картку. Што рабіць? Бяз гэтай карткі мяне ня прыме шпіталь. Я чакаю. Тады налятае чарговая партыя пікіроўшчыкаў, — выбухі, вылятаюць прэч вокны. I дзяўчына, страсянуўшы зь сябе тынкоўку, таропка падпісвае мне картку. Можна ў тыл. Але на чым? Яшчэ з адным параненым у руку сяржантам выбіраемся на вуліцу. Бамбоўка скончылася, ды на вуліцы пуста. I раптам аднекуль «віліс» з афіцэрам, і мой сяржант крычыць: «Коля!». Шафёр — яго знаёмы. На тым «вілісе» пад вечар я быў ужо ў армейскім шпіталі ў Александрыі. Во як пашэнціла ўрэшце.

 

14. Шпіталь. Дарога на фронт

Вайна — бадай, скрозь чалавечае няшчасьце, а шчасьце, як вядома, рэч дужа адносная. У параўнаньні зь перадавой кожны шпіталь можа здацца курортам. Шпіталь у Александрыі якраз у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылі ў лазьні, пражарылі вашывую вопратку, далі чыстую бялізну. Параненых шмат, месцаў, як заўжды, не хапае. Афіцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маім суседам быў лейтэнант-танкіст са знакамітым прозьвішчам Варашылаў. (З Варашылавым ляжаў, казаў пасьля.) Той шпіталь належаў Пятай танкавай арміі, таму пераважна тут былі танкісты — параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асабліва страшныя. Абпалы дужа балючыя і доўга ня гояцца. Людзі пакутуюць, часта нэрвуюцца і лаюцца. Зь сёстрамі, між сабой, з начальствам. А начальства — дактары — тут ці ня спрэс жанчыны рознага ўзросту. Мужчыны — толькі палітрукі, якія і тут ведаюць адно і тое ж — сваю надакучлівую прапаганду, прывіваць нянавісьць да нямецкафашыстоўскіх захопнікаў. Тае нянавісьці ў нас саміх звыш меры — і ня толькі да фашыстоўскіх захопнікаў. Некаторыя параненыя, не стрываўшы, са злосьці пасылаюць начальнікаў на тры літары, тады ў палаце скандал, вечарам ці ноччу паяўляецца с ь м е р ш1, недысцыплінаванага кудысь пераводзяць. На перадавую, аднак, ніхто ня рвецца, усё ж тут як-ніяк цёпла, ціха і не забіваюць. Праўда, галаднавата, але да голаду за жыцьцё мы прывыклі.

Часам узьнікаюць размовы, успаміны пра нядаўнія баі.

Там я шмат што пачуў наконт славутага «порядка в танковых войсках», пра якасьць хвалёных танкаў. Пра саракапяткі танкісты і слухаць не хацелі, для іх гэта быў не супрацьтанкавы сродак, а «хлапушы», як яны казалі. Гаворка часьцей ішла пра «тыгры» і «фэрдынанды», якія са зручных пазыцый выбівалі нашы танкавыя батальёны. А іх паспрабуй дастаць. Пастаўленая на трыццацьчацьвёрцы 76-мм гармата іх ня брала, а яны са сваёй 88-мілімэтроўкі наскрозь прабівалі браню нашых танкаў. А мы, дурні, былі засвоілі, што наша трыццацьчацьвёрка — лепшы танк у сьвеце. Паслухалі б прыхільнікі гэтых трыццацьчацьвёрак, што пра іх кажуць тыя, хто ў іх гарэў і гінуў. Але ж наша», рускае, усё лепшае — і састарэлая «драгунка» ўзору мінулага стагодзьдзя, і ППШ — аўтамат фінскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 году, і вядома ж, наш суконны шынэлак на «рыбіным мяху». Што ўжо казаць пра франтавыя шпіталі, пра якія ня раз з болем і гневам пісаў Віктар Астаф’еў. Галоўнае шпітальнае лякарства — іхтыёлавая мазь, чорная сьмярдзючая мазюка, якой мазалі ўсе раны. Добра, калі рана чыстая, а калі ў ёй зямля, часткі бруднай апраткі... Пэніцыліну ж тады не было. Найбольшая надзея была на хірургаў, якія рэзалі няшчадна, тым, можа, і найбольш ратуючы. Кармёжка ўсё тая ж, вайсковая, хіба што гарачая — хлеб, каша пярловая, радзей пшонная, суп вермішэлевы ці зноў жа пярловы. I традыцыйны чай. (На фронце мы дзівіліся, што немцы п’юць каву — напой, які мы ў сялянстве ніколі ня спытвалі і які здаваўся нам агідным, бы з сажы. Але яны пілі яго з малаком.)

Афіцэраў усё ж імкнуліся разьмеркаваць па якіх-небудзь будынках, салдатаў жа клалі звычайна ў апусьцелых за вайну калгасных аборах, кароўніках ці сьвінарніках. Трохі вычышчалі гной, слалі салому, якую накрывалі зьверху ўнівэрсальнай салдацкай апраткай — плашч-палаткамі. Укрываліся кожны сваім шынялём ці ватоўкай, спалі нераспранутыя. Зімой на праходзе ставілі жалезную грубкубочку, якую палілі круглыя суткі. Вакол яе месьцілася 23 сотні параненых. Адаспаўшыся пасьля перадавой, спакваля пачалі адзін з другім знаёміцца, моладзь — кучкавацца па інтарэсах. Нават гуляць у карты. Калі-небудзь ноччу пры сьвятле капцілкі можна было пачуць пад ціхенькі перабор балалайкі якую з папулярных песьняў. А то і салдацкі фальклёр. («Первая болванка попала в бензобак, вылез я из танка сам не знаю как. Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить, — в танковой бригаде мне уж не служить. А наутро рано ведут в особотдел: что же ты, подлюга, в танке не сгорел? Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить...

Очень виноватый, я им говорю: в завтрашней атаке обязательно сгорю...» – і г. д.).

Як пачала гаіцца нага, стаў выходзіць у горад. Недалёка быў імправізаваны кірмаш, дзе прадавалі семкі, махорку, малако, гарачую бульбачку, яшчэ нешта. Але тут аказалася, што ў мяне няма разьліковай кніжкі, таму я не магу атрымліваць зарплату. Увогуле зразумела, бо той кніжкі я ніколі ня меў, на перадавой навошта мне былі грошы? Затое ў мяне, апроч шынялька, была аўчынная камізэлька, якую я і загнаў, купіў бутлю бураковай самагонкі. Пасьля на той жа кірмаш аднёс цёплыя, ватныя штаны — блізілася вясна, раставаў сьнег. Рана мая то гаілася, то давала рэцыдыў, разы два на тыдзень рабілі перавязкі. Са сваёй дывізіяй ня меў ніякай сувязі, нікога адтуль не паступала, і ня дзіва: то быў шпіталь іншай арміі. Але за тым, што рабілася на фронце, увогуле сачылі— кожны дзень прывозілі параненых, тыя расказвалі. Асаблівы наплыў быў, як пачаўся наступ на поўдзень, як фарсіравалі Буг. Неўзабаве шпіталь перамясьцілі трохі на поўнач, пад Знаменку. Зноў — у калгасную абору, афіцэраў — у будынак сельскае школкі. Там пачалі выдаваць лёгкі духмяны табак, і я прывучыўся курыць. Мне ішоў дваццаты год, а я яшчэ не пачынаў курыць — ганьба для савецкага афіцэра, як насьміхаліся старыя курцы.

Нарэшце пад чарговы пераезд шпіталю выпісалі. Зь яшчэ адным выздаравелым — параненым танкістам, малодшым лейтэнантам Тавакіным [—] атрымалі прадпісаньне ў аддзел кадраў 5-й танкавай арміі. Iшлі пехатой за фронтам, які пачаў наступ. Ад сяла да сяла, кожны раз начуючы дзе заставала ноч, там жа і кормячыся. Тагачасныя ўкраінскія сёлы, двойчы абрабаваныя — калектывізацыяй і вайной — былі не багацейшыя за беларускія. Праўда, можа, ня надта пабураныя — там не было «партызанкі». Звычайна, як мы паяўляліся на парозе, цётка пачынала бедаваць: «Ай, чым жа я вас нагадую, у мяне ж толькі фасоля ды бараболя». Нам добра была і фасоля з бараболяй. Калі-нікалі, праўда, перападала і шклянка самагонкі — сьмярдзючай і мутнай буракоўкі, — і той мы былі радыя.

Усюды па дарогах і сёлах пыталіся з Тавакіным пра свае часьці, і аднойчы мой танкіст нешта надыбаў, напаў на сьлед свайго танкавага корпусу. Але мне туды было неяк, я ж не танкіст, і я прадаўжаў пошукі адзін. Вясна ўжо была ў разгары, сьнег на Украіне той год растаў яшчэ ў лютым. Дарогі былі жахлівыя, суцэльная гразь. Клейкі ўкраінскі чарназём адрываў падэшвы, і мае кірзачы ашчэрылі зубы. Скрозь войскі, войскі... Адны калёны ішлі на поўнач, іншыя на захад ці на поўдзень — не зразумець.

Аднойчы сеў на ўзбочыне перадыхнуць, гляджу, як брыдзе пяхота, за ёй пайшлі перадкі з гарматамі. I раптам бачу на адным знаёмы вусаты твар, — то ж старшы лейтэнант, узводны, зь якім я расстаўся ў ноч майго раненьня. Я да яго — куды і адкуль, як тут апынуўся? Чаму апынуўся, кажа, а я нікуды і не выбываў, толькі перайшоў у батарэю. Але ж дзе наша дывізія? — пытаюся я. А во яна, кажа, перакідваюць на іншы ўчастак. Я падзівіўся: перада мной прайшоў мой полк і — ніводнага знаёмага твару? А старшы лейтэнант кажа: «I ня ўбачыш знаёмых, нікога няма. А наогул навошта табе вяртацца ў гэтую дывізію, якая надта ж невязучая, заўжды яе б’юць. Пашукай чаго іншага. (Наіўны чалавек — ён меркаваў, што дзесьці ёсьць дывізіі «вязучыя».) Але тады я паверыў яму і зрабіў так, як ён раіў.

Празь дзень у нейкім ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай арміі, прад’явіў свае дакумэнты, запоўніў патрэбныя анкеты і атрымаў накіраваньне ў 252 СД2. Амаль шчасьлівы выйшаў на вуліцу. Вакол было ціха, на фронце ішла перадыслякацыя, толькі ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамі б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афіцэра, можа, ведае, дзе шукаць 252 СД? Той уважліва паглядзеў на мяне і паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кіруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзішся. I я трохі пашкадаваў тады пра сустрэчу на дарозе з дывізіяй, якая пайшла ў тыл. Ды было позна.

Таго ж дня ў штабе дывізіі мяне прызначылі камандзірам узводу батарэі 45-мілімэтровых гармат стралковага палку.

 

1 Абрэвіятура ад «сьмерць шпіёнам». Разьбіўка ў тэксьце тут і далей аўтара.

2 Стралковая дывізія.

15. Пагорак. Санінструктаркі

Празь дзень ужо трываў бязьлітасную агнявую калатнечу, ад якой грунтоўна адвык за шпітальныя месяцы. Трудна было зноў прывыкаць, асабліва як неўзабаве на нас наваліліся нямецкія танкі. Аднойчы пры перамене пазыцыяў наляцела шасьцёра «юнкерсаў», якія канчаткова дабілі батарэю, і мы засталіся без гарматаў.

Сталася так, што пяхота пайшла наперад, а мы адставал і, трэба было мяняць пазыцыі. Падагналі перадкі, прычапілі гарматы... Але неўзабаве за пагоркам наткнуліся на вінаграднік, ад якога павярнулі ў аб’езд, да дарогі. Тут якраз і наляцелі нямецкія пікіроўшчыкі. Адзін зь іх павярнуў да нас і сьпікіраваў на гармату. Першаю бомбай разьбіла перадок, перабіла станіны з сашнікамі, параніла каня, які, аднак, тузаўся, спрабуючы падняцца. Тады два іншых самалёты сьпікіравалі на ўцалелую гармату, якую ездавыя што было сілы гналі ўздоўж вінаградніку. Гэтую яны найперш абстралялі з кулямётаў і паклалі коней. Затым стала ўсё прасьцей. Салдаты, натуральна, адбегліся ў вінаграднік, а гэныя з двух заходаў ушчэнт раскалашмацілі гармату. Два салдаты (ездавыя) былі там забітыя, два параненыя, снарады зь перадкоў раскіданыя выбухамі па ўсім вінаградніку. А мы з камбатам толькі надарвалі горлы ад крыку, а зрабіць не маглі нічога. Усё сталася цягам якіх пяці хвілінаў.

Уцалелі дванаццаць салдатаў, я і камандзір батарэі — капітан. Салдатаў аддалі ў батальёны на папаўненьне, а мы сядзім на КП за ўзгоркам. У мяне настрой – горш не прыдумаеш[:] толькі прыйшоў у «вязучую» дывізію, і на табе – зноў разгром. Капітан не сумуе: ён атрымаў новае прызначэньне — начальнікам артылерыі суседняга палку. А начальнік артылерыі — гэта не камандзір батарэі, бяры вышэй, і рызыка мінімальная — жыць будзеш. Вось ён дастаў фляжку са сьпіртам, мы трохі выпілі. Капітан чакае канавода з канём, якога ўжо за ім паслалі з новае службы. А во і канавод, вядзе на повадзе ладнага коніка для новага начарта. Мы разьвітваемся. «Ну, Быкаў, жадаю табе дажыць да пабеды». Ты дык, можа, і дажывеш, думаю я. А мне... Зь ціхай зайздрасьцю праводзіў яго. Наш КП, можа, за кілямэтар ад пярэдняга краю, але за пагорачкам. А яму трэба ехаць у тыл, але таксама цераз пагорачак, дарэчы, увесь раскапаны міннымі выбухамі. Праўда, ёсьць і другая дарожка — у аб’езд, па лагчынцы. Гляджу, мой капітан даскакаў да гэтай разьвілкі, трохі прымарудзіў, мабыць, рашаючы, куды скіраваць. I скіраваў наўпрасткі, цераз пагорак. Дужа порстка паехаў. I вось ён выскоквае на пагорак, а тут міны — бах, бах! Ён хутчэй. А міны зноў бах, бах, бах! I ўсё там завалакло дымам ды пылам. А як тое воблака зьдзьмула ветрам, гляджу, конь бяжыць з пагорку, повад матляецца, а седака няма. Канавод вярнуўся адзін. А ўвечары выцягнулі забітага капітана. Во такі ён, вайсковы лёс!

Пад Унгенамі — ёсьць такая памежная станцыя перад Румыніяй (дзе пасьля мытнікі рабілі свой славуты савецкі шмон») – сталі у абарону. Калісьці мы гэтую станцыю бралі, здавалі таксама. Гэта перад якой — «Праклятая вышыня1. Паколькі я без гарматаў, паслалі мяне на ПНП (перадавы назіральны пункт) камандзіра палку дзяжурыць ноччу. Камандзір палку на сваім КП сьпіць (отдыхает, на уставном языке), а мы павінны ня спаць, глядзець і слухаць. У маім падначаленьні разьведчык і тэлефаніст. Увогуле ПНП — гэта земляная шчыліна, трохі прыкрытая жэрдкамі з плашчпалаткай наверсе. На перадавой усталявалася некаторае зацішша, асабліва ўначы. Перад намі трошкі ўбаку на нэўтралцы месьціцца невялічкае малдаўскае сяльцо, хатаў, можа, 10—15. Людзі адтуль, канешне, уцяклі ў тыл, хто ж уседзіць там пад абстрэлам. Некалькі хатаў ужо згарэла, а рэшта пакуль стаіць. Мой разьведчык надыбаў там ноччу нейкага дзядзьку, які застаўся пільнаваць хату. Ну і, канешне, у яго ёсьць некалькі курыц і віно. I вось мы аднойчы... Камандзір палку калі пазвоніць ноччу гадзінаў у дванаццаць, а так – цішыня. Тэлефаніст застаецца, а мы ідзём, тым болей блізка, можа, якіх метраў сто ўніз па схіле. Дзядзька зловіць нам курачку, абскубе, зварыць (уначы дыму не відно), прынясе гарлачык віна. Мы самі паямо ў цяпле і тэлефаністу прыхопім у кацялочку. У полі халадэча, а ў хаце добра. Вырашылі, што можна і кімарнуць з гадзіну ў цяпле. Так мы там пасьвіліся. Не сказаць, што часта, але разы чатыры хадзілі.

I вось аднойчы — яшчэ курачка не зварылася, — што такое?.. Страляніна, выбухі гранатаў, нейкія крыкі... Мы, канешне, кулём на гароды... Побач яшчэ нехта бяжыць, страляюць з аўтаматаў, нічога не разабраць у цемры. Прыбеглі на ПНП, а там тэлефаніст ужо апраўдваецца, камандзір палку крычыць у трубку: што адбываецца, дзе Быкаў? У сяле гараць хаты, — страляніна, праўда, сьціхла. Я пачаў тлумачыць: хадзіў даведацца, што там здарылася. А здарылася тое, як пасьля высьветлілася, што туды хадзілі не толькі мы з разьведчыкам, але хадзіў і камандзір батальёну з начальнікам штабу, да таго ж хадзілі і немцы таксама. Во яны і сутыкнуліся. Пабілі нашых, начальніка штабу ўзялі ў палон. Пасьля пачалося расьсьледаваньне, намі займаўся с ь м е р ш, але неяк абышлося. Hі я, ні разьведчык, ні тэлефаніст ня выдалі нашыя паходы па начах, а так рознае магло быць. Маглі прыпісаць кантакт зь немцамі.

Санінструктарамі ў войску часта былі дзяўчаты. Праўда, на перадавой звычайна сустракаліся тыя, што не спатрэбіліся ў тылах. Прыгажэйшыя, маладзейшыя, канешне, заставаліся пры штабах, на розных тылавых пасадах. Штабоў жа, як і тылоў, хапала: апроч вайсковых яшчэ ж і палітадзьдзельскія штабы, штабы тылу ды контрразьведкі с ь м е р ш. Хоць паводле штату дзяўчаты і лічыліся санінструктарамі, сувязісткамі, снайпэрамі, але жылі пры начальстве. Кожны маёр, палкоўнік, тым больш — генэрал меў сабе ППЖ, і тое было як бы ўзаконена. Рэдка якая маладая і прыгожая апыналася ў батальёне, ня кажучы ўжо пра роту. I яны не былі дурніцамі, ня дужа імкнуліся на перадавую. Па дарозе ў дывізію я спаткаў дзяўчыну, старшыну ці сяржанта па званьні, якую таксама накіроўвалі ў нашу часьць. Прыгожая дзяўчына, маладая, здаецца, вострая на язык. Яна ішла ў дывізійны батальён сувязі, але я падумаў, што наўрад ці затрымаецца ў тым батальёне. Якраз пра тое мы тады гаварылі, і яна так калюча адказвала. Потым я пайшоў далей, у полк, батальён, а дзяўчына засталася ў штабе дывізіі. Празь нейкі час сустракаю яе ўжо ў нашым палку, пытаюся: чаго гэта вы тут? А яна кажа: перавялі. Ну, перавялі дык перавялі. А пасьля ўжо, калі я быў камандзірам узводу аўтаматчыкаў і бегаў пад агнём з аднаго флангу на другі, якраз пачуў знаёмы голас. Ля КП батальёну. Трохі мне стала цікава, зазірнуў у ровік, а там ля тэлефона — тая дзяўчына. Я пытаюся: што, зноў перавялі? Так, кажа, ня ўжылася з ротным у палкавой роце сувязі... Значыць, не захацела спаць зь ім, во ён і сьпісаў яе ў батальён. Так яе характар і прывёў яе на самую перадавую. А так бы скончыла вайну ў тыле, пры ўзнагародах. А тут ці хоць жывая засталася, ня ведаю.

Маладыя ў войску, тым болей на фронце, былі пад узьдзеяньнем магіі зброі, асабліва стралковай. Нашыя «драгункі» (ня кажучы ўжо пра «СВТ») нікому не падабаліся. Кожны баец пры выпадку наравіў замяніць гэтую даўжэзную няўклюду на які карабін ці трафэйную нямецкую. Таксама як і аўтамат ППШ – праслаўлены (як і ўся нашая зброя, прапагандай) ды няўклюдны. Канешне, нямецкі шмайсэр» быў ва ўсіх адносінах лепшы, але яго трэба было «дастаць». Як і патроны да яго. Зноў жа, на тую замену дужа коса глядзела начальства, магло ўгледзець у тым палітыку. Прасьцей было зь пісталетамі – ня так кідаліся ў вочы. Я першай парой абыходзіўся без ТТ, які належаў [па званьні], але які не далі, у пяхоце меў ППШ, таго было даволі. Але пасьля набыў «парабэлум», які доўга ў мяне быў на дзязе. Праўда, як сталі ў абарону ў Малдавіі, ня стала нямецкіх патронаў, дык я, калі была патрэба, страляў зь яго нашымі, ад ППШ – яны падыходзілі, хаця білі карацей, чым нямецкія. Пасьля атрымаў ТТ, а парабэлум» замяніў на «Вальтэр» – так і хадзіў з двума пісталетамі на дзязе. Толькі ў шпіталі застаўся бяз зброі, за што ледзьве ня трапіў пад расстрэл заградатраду на Дунайскай пераправе ў Венгрыі.

Страляць зь пісталета ў жывога немца, на шчасьце, не давялося, у аўтаматчыках страляў з аўтамата – на адлегласьці, па тых, што ўцякалі, аднойчы – што атакавалі. Быў бой у траншэях, які апісаны мной у «Яго батальёне»2, але там болей за ППШ ішлі ў ход гранаты – свае «лімонкі» і нямецкія «яйкі».

 

1 «Праклятая вышыня» – назва аповесьці В. Быкава.

2 Назва аповесьці В.Быкава.

16. Барсучэнь

Вясной баі скрозь прыціхлі, фронт стаў у абарону. Пасьля таго, як мы ня надта ўдала аддзяжурылі на ПНП, мяне выклікаюць у штаб палку і ставяць новую задачу: з групай салдатаў (12 чалавек) паехаць у прыфрантавую вёску Барсучэнь і заўтра ж выселіць зь яе ўсё насельніцтва. Сяляне могуць з сабой узяць тое, што ўлезе на воз. Другі раз нельга. Зразумела? Iспалняйце...

Пайшоў з салдатамі шукаць тыя Барсучэні. Аказалася, за пагорачкам, кілямэтрА праз паўтаpa ад перадавой. Знайшоў старшыню сельсавету, растлумачыў задачу. Памочнікам у мяне быў старшына Ганчарэнка, былы бухгалтар з-пад Віньніцы. Сяляне асабліва не пярэчылі, — трэба дык трэба: вайна ж. Хто ведае, што тут задумалі гэтыя рускія разам зь немцамі, якія за бугром? Пагрузілі на свае куруцы дзяцей, пасьцелі, паклалі колькі мяхоў кукурузы і паехалі, як было загадана, на пятнаццаць кілямэтраў у тыл. Мы таксама, як было загадана, у абодвух канцах вуліцы збудавалі з жэрдак шлягбаўмы, паставілі вартавых. Выбраўшы лепшую хату, я вугалем напісаў на белай сьцяне камэндатура».

Пачалася новая, тылавая служба ў да часу абязьлюдзелай вёсцы. Галоўны сэнс тае службы, як пасьля зразумеў, палягаў у тым, каб ня даць сялянам карыстацца ўласным харчам, бо той харч канфіскоўваўся дзеля патрэбаў фронту. Неўзабаве ў сяло прыехалі нейкія тылавыя часьці, штаб армейскага інжынэрнага батальёну, яшчэ нехта. Пачалі гаспадарыць, грузіць на машыны ўсё, што засталося з прадуктаў, — галоўным чынам кукурузу, збожжа, муку. У

Малдавіі на гэты конт — ня тое, што на Украіне, правізіі хапала. У кожнай гаспадарцы быў хлеб, нават белы, быў сыр, сушаныя фрукты, алей, малако. Калгасы малдаванаў абрабаваць не пасьпелі, цяпер законна рабавалі войскі, якім з тылу перасталі вазіць правізію. Увесь вайсковы транспарт быў заняты падвозам боепрыпасаў — рыхтаваўся «бросок на Балканы». Высялялася шырачэзная 15-кілямэтровая паласа па ўсёй Малдавіі. Але ж заставалася віно, якое таксама было ў кожнага гаспадара, і яго нельга было ўзяць на адну фурманку. Віно закопвалі. Ды наіўныя былі тыя малдаване — хіба ад савецкага салдата можна было штосьці схаваць? Тым болей віно? У кожнага салдата пры вінтоўцы быў шомпал, які выдатна выконваў ролю вінашукальніка». Празь якіх дзён дзесяць раскапалі і выпілі ўсё. Часам між п’янымі салдатамі ўзьнікалі бойкі і нават перастрэлкі, за віно і за хаты таксама. Гэта калі адны часьці яшчэ ня зьехалі, а іншыя прыехалі і патрабуюць жытла. Часта прыяжджала палкавое начальства — пракантраляваць і выпіць таксама, пакуль яшчэ было што.

Пад камэндатуру я займаў хату псаломшчыка, дзе засталося трохі старых расейскіх кніжак. I я там чытаў «Так сказаў Заратустра»1 і яшчэ нешта з антычных аўтараў, вядома, у перакладзе на расейскую. Хоць і вайна, але цягнула да ведаў, да культуры, якіх не дабралася за мірным часам.

Было пагоднае лета, стаялі цёплыя паўднёвыя ночы. I да мяне прыходзіла адна сястрычка зь інжынэрнага батальёну, якую я частаваў грэцкімі арэхамі і малдаўскім віном. I мы падоўгу гутарылі пра літаратуру, мастацтва. Яна распавядала пра сваё даваеннае жыцьцё ў зялёнай украінскай Зьвянігарадцы, адкуль была родам. Гэтай парой мне споўнілася дваццаць гадоў, яшчэ я ня ведаў жанчыны і дужа ашчадна адносіўся да нечаканага пяшчотнага пачуцьця. Тым болей першага і гэткага нечаканага. Але неяк прыйшоў незнаёмы лейтэнант, з выгляду старэйшы за мяне, і прадставіўся: «Уполномоченный контрразведкой с м е р ш. Слышали, что такое с м е р ш?» Так, я штонішто чуў пра той яго сьмерш, але што яму трэба? А яму трэба дазнацца пра нашыя адносіны з чырвонаармейцам Лужковай. Бо гэта – справа бясьпекі. А я, дурань, думаў, што гэта асабістая справа... Але ўсё ж нарэшце аказалася, што асабістая, бо, як пасьля паведаміла мне чырвонаармеец Лужкова, той сьмершавец меў на мэце яе перш за ўсё як дзяўчыну. Празь якіх-небудзь дзён дзесяць інжынэрны батальён зьехаў на іншы ўчастак, і пачалося ў мяне пакутнае, ледзьве не штодзённае ліставаньне. Здавалася, увесь сэнс жыцьця залежаў ад таго, як хутка будзе ад яе ліст. Але правільна зазначана кімсьці, што каханьне — казачка з заўсёды сумным канцом.

Крыху пазьней і ў іншай вёсцы мяне хацелі судзіць. Ужо завялі справу, прыяжджаў сьледчы з вайсковай пракуратуры. Здарылася так, што мае салдаты ўлезьлі ў царкву. З рэлігіяй жа, вядома, як у нас абыходзіліся: то зь ёй змагаліся на зьнішчэньне, то часам адпускалі пятлю на царкоўнай шыі. У вайну якраз адпусьцілі, а салдаты таго не ўлічылі, і я разам зь імі. Салдаты зламалі замок і ўлезьлі ў царкву паглядзець на выявы сьвятых, а болей — за паперай. Там былі царкоўныя кнігі і ў іх чыстыя старонкі, якія выдзіралі на лісты да бацькоў і жонак: ніякай жа паперы нам не давалі. Курцоў выручалі франтавыя газэты, якія надта цаніліся з тае прычыны, але ж на газэтах ліста не напішаш. Дык вось папы паскардзіліся палітрукам, а тыя — у пракуратуру. I мяне абвінавацілі, што не ўпільнаваў царкву. Я кажу: а мы яе і не пільнавалі, мы атэістыя. Тым горш, кажуць, будзеце адказваць.

Паводле той жа царкоўнай справы з ЦК кампартыі Малдавіі прыехаў цывільны чалавек, ён таксама рабіў дазнаньне. А ў час, вольны ад сьледчых спраў, захацеў выпіць. Ды ў сяле выпіць ужо не было чаго, і мы паехалі зь ім на недалёкі хутар. Зьлезьлі з фурманкі, ідзём праз жыта па сьцежцы, размаўляем. I раптам ад хутара — стрэлы. Мой госьць хапаецца за карабін, ды тут жа асядае — па твары паўзе долу вока, шчака абліваецца крывёю. А на хутарскім падворку лаецца наш салдат зь вінтоўкай у руках. Два салдаты, што былі з намі, кінуліся туды, я — да госьця. Хутчэй на фурманку і — у шпіталь. Па дарозе дамаўляемся сказаць, што нас абстралялі немцы. Прыехаўшы дадому, я так і даклаў начальству. Але назаўтра прыехаў капітан Травін, якому я быў падпарадкаваны, і вылаяў мяне за ашуканства. Ён ужо ведаў, як усё адбылося ў сапраўднасьці. Але адкуль? «Адтуль!» — злосна сказаў стары і вопытны старшына Ганчарэнка. То быў для мяне першы ўрок такога кшталту — урок, які, аднак, я кепска засвоіў. Ня ведаю, чым бы ўсё скончылася, калі б неўзабаве не пачаўся вялікі наступ, стала не да царквы, не да п’янага салдата, які параніў цывільнага.

Якраз перад наступам атрымаў першы ліст ад бацькоў — гэта пасьля трох гадоў абсалютнага бязьвесьця. Парадаваўся, што ўсе жывыя, хата ня спаленая. Сястру Валю вывозілі ў Нямеччыну, але яна была вёрткаю, мая сястрыца, і ўцякла з-пад канвою. Яны таксама нічога ня ведалі пра мяне і парадаваліся з майго ліста — што жывы. Бо за тыдзень да майго ліста атрымалі «пахаронку», гэта праз тыя баі, пад Кіраваградам. (Зрэшты, тая «пахаронка» яшчэ мела для мяне малапрыемны працяг праз шмат гадоў пасьля вайны.)

Пасьля вайны сястра распавяла пра тую сваю «вёрткасьць».

Вясной 44-га году яна разам зь некаторымі вясковымі дзяўчатамі ўцякла з «акопаў», якія капалі для нямецкай абароны. Але немцы прыехалі ў вёску і пачалі хапаць маладых для адпраўкі ў Нямеччыну. Шмат якіх дзяўчат пахапалі і вядуць у Чарапоўшчыну. А сястру не знайшлі, тая пад той час схавалася ў лазовым кусьце за сажалкай. I тады яе стрыечная сястра, што ўжо ішла пад канвоем, з зайздрасьці кажа канваіру: «А вы паглядзіце там у кусьце». Так яны апаролі Валю і таксама паставілі ў калёну.

Праз колькі дзён пешага, пад канвоем, падарожжа, скарыстаўшы здатны момант (бамбоўкі ці што), падканвойныя пачалі разьбягацца. Канваіры, страляючы, — за імі. Валя прысела ў жыце, аж бачыць: на яе ідзе канваір-немец. Ён згледзеў сястру, але зрабіў выгляд, што не заўважыў, прайшоў поруч. Так сястра ўратавалася і праз колькі дзён дабралася дахаты.

 

1 Твор Ф. Ніцшэ.

17. Бой. Кантузія

Наступ на Балканы (так званая Яса-Кішынёўская апэрацыя) пачаўся для нас увогуле пасьпяхова: абарону прарвалі, рынуліся за Прут. Там усчаліся жорсткія баі за масты і пераправы, бо якраз і немцы з Кішынёўскага катла таксама пёрлі на тыя масты.

У горадзе Пермі пасьля вайны выйшла кніжка пра нашу дывізію пад назовам «Ветераны дивизии вспоминают». Там надрукаваны ўспаміны падпалкоўніка Піліпенкі, былога афіцэра штабу дывізіі. Між іншым Піліпенка піша і пра адзін эпізод тых баёў з удзелам лейтэнанта Быкава. «Боевые порядки стрелкового батальона капитана Савченко, которому был придан взвод лейтенанта Быкова, атаковала вражеская пехота, поддержанная сильным огнем артиллерии, минометов. Около трех часов шел напряженный бой... На рассвете следующего дня гитлеровское командование бросило в бой несколько танков. На участке стрелкового батальона, который поддерживал артогнем лейтенант Быков, появились 3 вражеские машины. Быков подал команду “огонь!”. Два снаряда разорвались рядом с передним танком, но тот продолжал двигаться. Грянул третий выстрел, и немецкая машина остановилась. Другие вражеские танки стали обходить горящую машину, ведя на ходу огонь по нашим орудиям. Осколками вражеского снаряда было повреждено орудие, убит старший сержант Буяненко, ранен наводчик и заряжающий. В эту трудную минуту к орудию встал Быков. Через канал ствола он навел орудие, затем зарядил и выстрелил в приближаюшийся танк противника. Фашистская машина развернулась на одной гусенице и остановилась. Противотанковая батарея полка понесла значительные потерн в личном составе и боевой технике, поэтому лейтенант Быков был назначен командиром взвода роты автоматчиков этого же полка. Не раз ему приходилось со своим взводом ходить в атаку и отбивать контратаки противника». I так далей. Я ня ведаю дакладна, але, па ўсёй верагоднасьці, гэты тэкст узяты з т. зв. наградного листа». На самай жа справе ўсё адбывалася трохі інакш.

Рэч у тым, што там немцы прарываліся з Кішынёўскага катла, таму ўпартасьці ў іх хапала. Таксама справа ішла пра жыцьцё і сьмерць... У маёй гармаце ня толькі разьбіла прыцэл, яе таксама разьбіла снарадам з танка. Снарад ударыў амаль пад левае кола, ад выбуху нас заваліла зямлёй. Я быў побач з зараджаючым, між станінаў, і на колькі сэкунд, відаць, страціў прытомнасьць. Як узьняў галаву, бачу: мае не паднімаюцца, наводчык зусім у зямлі. А танк — во ён, стаіць у якіх пятнаццаці мэтрах і скіроўвае гармату далей, на кагось у наш тыл, — з намі ён ужо скончыў. А нашая гармата зараджаная, наводчык не пасьпеў стрэліць. Я дацягнуўся рукой і, лежачы, ціскануў на кнопку спуску. Узьняўся пыл, штосьці там сталася. Гляджу, танк паварочваецца, паварочваецца, — ну, думаю, зараз дасьць мне тут. Аж не — ня дасьць, бо ззаду сьцелецца гусеніца, усё ж я яе зьбіў. Куды дзеліся танкісты, так і не зразумеў. Бой тым часам трохі перасунуўся збоч, да пераправы, куды яны прарваліся. Каля агнявой прайшла нашая самаходка, прыбег нехта з другога разьліку. Але ў мяне дужа баліць галава, з вуха ідзе кроў. Сяржант штось да мяне кажа, а я ня чую. Аглух. Аказалася, ня толькі ня чую, але і нічога не магу сказаць. Адняло мову. I ўвесь я калачуся. Ужо ці не адваяваўся, думаю...

На нейкай грузавой машыне паехаў у санбат. Там шмат параненых, дактары ўсе на апэрацыях. Я сеў у цяньку на прызьбе, праседзеў да вечара. Нават падрамаў трохі. Вуха баліць, але кроў больш не ідзе. На зьмярканьні пайшоў у палатку, дзе дактары. Ды зачапіўся за вяроўку расьцяжкі і — вылаяўся. Паявілася мова. Toe ўзрадавала неверагодна, і я яшчэ некалькі разоў вылаяўся — усё грамчэй і грамчэй. З заткнутым ватаю вухам пайшоў на дарогу. Позна ўвечары дагнаў свой батальён.

Адчуваю сакрамэнтальнае пытаньне пра страх: ці баяўся? Канешне, баяўся, а можа, калі і трусіў. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўвогуле розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх ад агню, асабліва артылерыйскага ці бамбовак. Калі побач выбухне, дык, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатовае разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакутаў. Але ж быў і страх, што ішоў ззаду, — ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было ня менш, чым у мірны час. Нават болей. Калі цябе камандзір абяцае расстраляць пад ранак, калі ты ня возьмеш страчаны хутар ці вышыню, ці траншэю (што па тым часе зусім верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў ці камандзіра. Немцы яшчэ могуць не пацэліць, і табе абыдзецца. А свае, камандзіры (ці калі ўвяжацца трыбунал), ужо прамашкі не дадуць. Тут ужо ўсё дужа пэўна і катэгарычна.

Пасьля яшчэ былі баі, але ў Румыніі па танках мы не стралялі. Маю падбітую гармату выцягнулі з агнявой, замянілі кола, а прыцэлу не знайшлі. Так мы яе і вазілі на фармоўку над Луцк, пасьля ў Венгрыю. I да майго новага раненьня яна заставалася без прыцэлу.

А наконт танка. На фармоўцы ўвосень пачалі прадстаўляць да ўзнагародаў, напісалі і на мяне: «к орудию встал Быков, через канал ствола навел орудие, затем зарядил» і г. д. Але аказалася, што за той танк ужо ўзнагародзілі кагось з дывізійнай артылерыі, якая там таксама страляла. Выходзіць, Быкаў падбіў падбіты танк? Можа, і так, я спрачацца ня стаў, з начальствам тое бескарысна. Тым болей, што на тым часе я ўжо стаў аўтаматчыкам. Не захацеў стаць ад’ютантам у камандзіра палку, крыклівага маёра Коваля, і той са злосьці паслаў мяне ў аўтаматчыкі.

 

18. Братаньне

Тут, можа, варта вярнуцца назад і распавесьці, як на пачатку вясны адбылося ў нас «братаньне зь немцамі». Сталася тое, як і ў «Праклятай вышыні»1, хаця, можа, трошкі і ня так. Можа, страшней нават. Сапраўды, тыя падзеі здарыліся ў роце аўтаматчыкаў. Вясна, а неяк сапсавалася надвор’е, шыбанула завея, сьнегу наваліла гурбы. А пасьля раптам — сонца, сьнег адразу растаў, зноў вясна.

Во якраз у тую ноч перад вясной немцы прагналі роту з вышыні і асталяваліся на ёй самі. А нашы замест таго, каб зноў атакаваць, рашылі замірыцца, адпачыць, пакуль начальства далёка, штабы адсталі. Iніцыяваў усё старшына роты. Унізе працякала рачулка, за якой тая вышыня, а нашыя заселі на гэтым схіле. I во старшына выйшаў да рэчкі, паклікаў нямецкага обэр-лейтэнанта, і яны заключылі перамір’е. Наладзілі сувязь... Сталі хадзіць і нашы, і немцы. Памыць парцянкі, перакінуцца махоркай і атрымаць замест цыгарэты. Ну і размовы. Словам — братаньне, самае што ні ёсць. I доўжылася яно два дні. Камандзір роты якраз адсутнічаў, яго замяшчаў узводны, малады хлопец. А выкрылася як? Праз два дні, як параненых адпраўлялі ў тыл, тамашні санінструктар і «стукнуў». Натуральна, начальства ўзьвілося...

Аднаго разу ноччу дзьве мае саракапяткі перакідваюць на чужы ўчастак. Ну, трошкі мне дзіўнавата, але што ж, бывае, чаго начальства ня выдумае. Да ранку збольшага акапаліся, сядзім. Пяхота крышку наперадзе і ўнізе, неспакойная, усё варушыцца. Нешта чуем краем вуха, а не разумеем. Ззаду падвезьлі мінамёты, артылерыю. Я — на прамой наводцы. I во толькі разьвіднела, гляджу — ідуць немцы да рэчкі. Iдуць так свабодна, са зброяй, але адкрыта зусім. Падыходзяць да рэчкі і крычаць: «Эй, Iван!». I яшчэ нешта. А ў нас усё замерла. Яны пастаялі, між сабой пагутарылі, пасьля нешта, відаць, западозрылі, і двое бягом назад. Астатнія таксама пачалі ад рэчкі адступаць. I вось тады нашы ўрэзалі. Спачатку артылерыя, затым падняўся батальён — цераз рэчку на вышыню. А яны маўчаць. Вось ужо ззаду рэчка і лужок, затым пайшла разьмяклая ральля на схіле, а за ім надта крутое месца зь невялічкімі кусьцікамі, там ужо самая вышыня. Як да гэтых кусьцікаў дайшлі, тут ужо яны ўрэзалі. Толькі некалькі чалавек параненых выпаўзьлі да рэчкі.

Пасьля месяц цэлы бралі гэтую вышыню. I ў маі яшчэ атакоўвалі, і ўсё бяз выніку. Так да Яса-Кішынёўскай апэрацыі, да 20 жніўня, яна заставалася ў немцаў. А людзей колькі паклалі! Во гэта я там пасьля ледзьве ня трапіў у палон. Замест мяне трапіў начштабу батальёну.

 

1 Назва аповесьці В. Быкава.

19. Хвароба. Фарміроўка

У Румынію ўвайшлі з баямі, але далей немцы супраціўляліся ўсё меней. У адным сяле салдаты выкацілі на вуліцу бочку, абступілі яе з кацялкамі, а піць баяліся. Перад наступленьнем было нямала гутарак і загадаў наконт таго, што пераходзім мяжу з капіталізмам, трэба чакаць розных правакацыяў. Ежы ад румынаў ня браць, віна ня піць, — усё атручана. Тады крыкнулі: фельчара сюды! Падбег малодшы лейтэнант Федаркоў, санінструктар батальёну (пасьля загінуў у Венгрыі), салдаты да яго: правер, можа, атручана? Той зачарпнуў кацялком, добра адпіў — парадак, не атручана, давай да дна! Ну да дна і выпілі. Рэшту вылілі на дарогу, каб ворагу не дасталося.

Румыны па загаду караля Міхая (пасьля ўзнагароджанага Сталіным ордэнам Перамогі) дружна капітулявалі. Ці разьбягаліся дадому. У іх было шмат коней, і мы часьцяком мяняліся імі — проста на дарозе сваіх здыхлякоў на іхніх ці нямецкіх біцюгоў. Мелі нават і запасных. Бо на фронце коней гінула ня менш, чым людзей, і артылерыя заўжды адчувала праблему зь цяглавай сілай. Але вось аднойчы дывізію ды і ўсю армію вяртаюць з фронту на нейкую тылавую станцыю, пачынаецца пагрузка на чыгунку, кудысь перакідваюць. Вагонаў не хапае. Пяхотай набіваюць цяплушкі, артылерыю закочваюць на адкрытыя плятформы. Там жа і артылерысты. Ад дажджу і ветру — усё тыя ж палаткі.

Тут я захварэў — зусім па-дурному, па дарозе на фармоўку, бо, як казаў мой сябра ўзводны Ягораў, хто ж хварэе па дарозе ў тыл? Але так, менавіта па дарозе ў тыл. Сьпярша была малярыя, трэсла з прырэчных малярыйных паплавоў, пасьля падключылася яшчэ нешта. На плятформе пад палаткай стала невыносна, тым болей, што пайшлі восеньскія дажджы. I мяне перанесьлі ў цяплушку санчасьці.

Але, здаецца, нашыя дактары навучыліся за вайну толькі рэзаць, а на якія там хваробы спрэс забыліся. Праляжаў я ў халодным вагоне ўсю дарогу да ўкраінскага Луцку, лепей ня стала. Выгрузіліся ў лесе, пачалі абладжвацца — зямлянкі, шалашы, канавязі... I тут я зусім зваліўся. Зноў паклалі ў санчасьць — закінуты дом бяз вокнаў, безь дзьвярэй. Ляжу адзін на саломе ў кутку, дрыжу, тэмпэратура расьце, даюць нейкія таблеткі, якія памагаюць слаба. Аднойчы адчуў, што калі я зараз жа ня ўстану і не пайду адсюль, дык тут і сканаю. I я сабраў у сабе ўсю волю, усе слабыя сілы і, хапаючыся рукамі за хваіны, дабрыў да сваіх хлопцаў. Там мне далі паўкварты самагону, ад якога я адразу заснуў. Пасьля неяк пакрысе ачомаўся.

Адразу ж пачаліся заняткі, — палявыя і страявыя, зь песьняй (а як жа, — жалезная традыцыя з часоў прускай арміі), нарады, палітзаняткі (таксама традыцыя, хіба савецкая). Празь нейкі час пасьля вячэры прыходзіць да шалаша наш палкавы сьмершавец, пачынае размову: колькі ў апошніх баях забітых, колькі параненых... А Мокіш, пытаецца, таксама забіты? Так, кажу, таксама. Ля Серату. А вы бачылі сваімі вачыма? Тут я трошкі затрывожыўся, бо гэты Мокіш у часе бамбоўкі дзесь зьнік, можа, разарвала бомбай. Надта напружаны быў бой, і ніхто ня згледзеў, куды ён дзеўся. Каб не рабіць сабе лішняга клопату, калі пачалі пісаць зьвесткі пра страты беззваротныя (забітых) і зваротныя (параненых), я і запісаў Мокіша ў лік забітых. Дык вось, кажа сьмершавец, вы пакрываеце дэзэртыра. Ваш Мокіш затрыманы камэнданцкім патрулём у Бельцах. Зь якой мэтай вы далі фальшывыя зьвесткі?

Во бяда, ліха на яе і на гэтага Мокіша, каб яму ні дна, ні накрыўкі. Ды і я — варона! Але хто думаў, што ён дасьць драла дадому? Давялося мне зноў пісаць, апраўдвацца, сьмершавец яшчэ разы два прыходзіў. Пасьля адстаў.

Атрымалі папаўненьне ў жывой сіле, і мяне перавялі з батарэі ў ПТА 2-га батальёну. Камандзір батальёну (зноў капітан Сьмірноў) адразу зрабіў мне вымову, як я прыйшоў прадстаўляцца, — за дрэнны парадак на канавязі, нячышчаных коней. (Божа, колькі крыві псавалі гэтыя коні!

У вайну і пасьля. Чысьціня іх і збруі, бясконцыя вывадкі — жывучыя рэцыдывы старой кавалерыйскай традыцыі, якая не хацела аджываць і ў новы час. Сапраўды, кожная армія рыхтуецца да мінулай вайны, а будучая прыходзіць нечакана.) Тым ня менш строгі быў наш камбат Сьмірноў, былы школьны настаўнік. Ён таксама папсаваў мне нямала крыві ўжо ў баях на венгерскай зямлі. Але я на яго не крыўдую, бо шмат што было заслужана.

Фармоўка, аднак, хутка скончылася, атрымалі папаўненьне і падрыхтаваліся да пагрузкі на чыгунку. Перад пагрузкай давялося стаць сьведкамі страшнай сцэны расстрэлу двух салдатаў — за абрабаваньне і забойства ўкраінскай сям’і зь недалёкага хутару. Iх судзіў вайсковы трыбунал і прыгаварыў да вышэйшай кары. Раніцой на паляне літарай П пастроілі полк, на сярэдзіне выкапалі яму. Асуджаных бязь дзягаў і пагонаў паставілі да ямы, зачыталі прыгавор. Затым камэнданцкі ўзвод даў залп, і абодва зваліліся ў яму. Як іх там закопвалі, мы не глядзелі, настрой ва ўсіх быў прыгнечаны. Канешне, усе разумелі, што тыя два заслужылі, што атрымалі, але ж... Усё роўна было агідна ад гэтага пакараньня напаказ. З агідай у душы полк і адправіўся да станцыі Луцк — на пагрузку ў эшалён.

Пагрузіліся і паехалі, на гэты раз у цяплушках — зь печкамі і нарамі. У асобным вагоне — коні (конскі састаў, паводле вайсковай тэрміналёгіі). У мяне ва ўзводзе чатыры вялізныя нямецкія біцюгі, якія добра цягнуць гармату зь перадком, але заўжды крокам. Рысьсю яны ня ўмеюць. I шмат корму ім трэба. А сена ў нас няма, аўсу не даюць. Калі зьвярнуцца да начальства, атрымаеш адзін адказ: знайсьці. Знайсьці і накарміць! Панятна? Iспалняйце! Мае салдаты «ісполнілі» — дзесь на станцыі нацягалі з плятформы буракоў і накармілі, адна кабыла празь дзень здохла. Што рабіць? Хутка выгрузка, як цягнуць гармату? Дайшло да начальства, палітапарату, тыя паднялі хай — страта баяздольнасьці, вінаватага да адказу. Хто вінаваты? Канешне, камандзір, лейтэнант Быкаў. Зноў завялі справу...

А ў мяне на тым часе быў камандзірам гарматы (той самай, што без прыцэлу) старшы сяржант Закіраў, башкір па нацыянальнасьці, вялікі спэц па конях. Ён і кажа: ня дрэйф, лейтэнант, выгрузімся — каня дастанем. Яшчэ лепшага. I праўда, дастаў. Ды не аднаго. Нават і мне дастаў пад сядло — выдатнага дрыкганта, езьдзіць на якім было адно задавальненьне. Кепска хіба, што дужа высокі, каб узьлезьці, трэба якая падстава — плот ці пень. Зь зямлі дастаць нагой стрэмя было немагчыма. Затое на дарозе — ня конь, насалода. Маршам праз Трансыльванію, партызанскую Ваяводзіну дагналі трэці Украінскі фронт. Немцы там слаба абараняліся, болей адступалі, і мы хутка ўвайшлі ў Венгрыю.

 

20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою

Гэта была першая на нашым шляху сапраўды эўрапейская краіна, не пабураная вайной, са шматлікімі адзнакамі даваеннага дабрабыту. Позьняй восеньню ў дождж і слоту ідзем, бывала, празь венгерскія гарадкі і паселішчы ды прагна пазіраем на іх ладныя, пад чарапіцай дамоўкі, акуратныя брамкі, драцяныя агароджы. Белыя сьцены вясковых хатаў яшчэ здалёку зьзяюць чырваньню ад маткоў разьвешанага перцу, знакамітай венгерскай папрыкі... Сустракала насельніцтва ўвогуле прыязна, нават гасьцінна, хоць венгерская армія тады яшчэ ваявала з намі, хіба безь нямецкага імпэту. У кожным доме белы хлеб, вяндліна, каўбасы, слоікі варэньня з розных фруктаў. Уся садавіна перапрацавана, нарыхтавана ўзімку, састаўлена ў скляпах. Па скляпах, канешне, мы заўсёды лазілі. Бо ці баі, ці бамбёжкі, надзейнае сховішча, калі ў вёсцы, — склеп. Там жа і выдатнае венгерскае віно. Аж ня хочацца вылазіць — пад агонь, — на кроў і сьмерць. Войска там перайшло на самазабесьпячэньне, тое, што варылася ў палявых кухнях, перасталі браць. Iдзём, бывала, калёнай празь якое сяло, і салдаты, бы мышы, шмыг-шмыг па падворках. Пасьля даганяюць свой строй — падпахай вэнджаны кумпячок, процігазная сумка поўная слоікаў з варэньнем, на штыху белы бохан, а ў руках вядзёрка ці каністра зь віном. Камандзіры глядзелі на тое паблажліва, самім перападала. Зноў жа Венгрыя была саюзьніцай Гітлера, таму шмат што дазвалялася.

Позьняй восеньню фарсіравалі Дунай. Помню, тры дні біліся, і ўсё няўдала. А Дунай там шырачэзны, можа, як Волга. З аднаго берагу другі ледзьве відаць. Мы фарсіруем ноччу. Вядома, сьпярша артпадрыхтоўка — даволі слабая, сродкамі штатнай артылерыі. Зь берагу я пастраляю крыху на крайнім прыцэле, бяжыць хтось ад камбата: «Спыніць стральбу, — чым будзеш страляць на тым беразе?». У сэнсе, калі на гэтым расстраляеш свой боезапас. То правільна, стральбу спыняем. Празь нейкі час прыбягае начальнік артылерыі — пачаму спынілі артпадрыхтоўку? Немедленна агонь! Ну канешне, гэты адказвае за артпадрыхтоўку, а той бераг яго пакуль што не хвалюе. Так дзьве ці тры ночы. Перадавыя роты на плытах і лодках адплываюць па начным Дунаі, і ніхто не вяртаецца. Хіба назаўтра прыбрыдзе зьнізу па цячэньні мокры салдат, дрыжучы раскажа, як іх там сустрэлі немцы. Так доўжылася да таго часу, пакуль па Дунаі не прайшлі бранякатэры з танкавымі вежамі на палубах, у некаторых былі нават «кацюшы». Яны ўзялі нас на свой борт і высадзілі на тым беразе. Коней пакінулі на гэтым, а там у першым жа венгерскім сяле мой Закіраў раздабыў коней у поўным складзе. Так ад Дунаю пачалі наступленьне ў напрамку на Балатон. Гэта былі жахлівыя баі кожны дзень і кожную ноч.

Памятаю, калі камбат аддаваў загад, мы заўсёды цікавіліся, хто перад намі: немцы ці венгры? Калі венгры, дык яны надта не супраціўляліся, пад націскам адыходзілі. А немцы, канешне, як заўсёды: колькі хацелі, столькі і абараняліся. Лёгка зьбіць іх з занятых пазыцый было немагчыма, пакуль яны самі не пакідалі іх.

Стаяла позьняя восень, сьцюжа, слота, дажджы... Сьпярша ад Дунаі ішлі лясістыя пагоркі, а затым раскінуліся балоцістыя поймы, мэліярацыйныя каналы. Акапацца там не было як, поле бою наскрозь прастрэльвалася. Неяк увесь дзень ішоў дождж, позна ўвечары занялі нейкую вёску, батальён разышоўся па хатах, начальства таксама. Стомленасьць страшэнная, халадэча. Спаць жа ніколі не дазвалялася, калі можна было, хвіліну якую ўрывалі дзе і хто мог. Галоўным чынам як зьнікалі куды камандзіры. Мы закацілі ў нейкі падворак гарматы і тут жа ў хаце прылеглі. Толькі я прыдрамаў, здаецца, а ўжо сьвітае, і за вёскай у лесе ідзе бой. Батальён рушыў туды на сьвітаньні, а нас не гукнулі. Ну, бачу: справы мае кепскія... Бо я з гарматамі абавязаны быць там. А я праспаў. I салдаты мае праспалі. I вось мы рванулі туды цераз поле — пад абстрэлам, што было сілы ў коней. Даскакалі да лесу, а тут якраз камандзір батальёну, адразу да мяне зь пісталетам: за ўкланеньне ад бою... Падобна, ён тут жа хацеў са мной расправіцца, бо батальён ляжыць, а немцы сякуць разрыўнымі, ліха працуюць іх хуткастрэльныя МГ. Але памалу астыў і загадвае: зьбіць кулямёты! 20 мінут часу. Мы хутчэй гармату ўстанаўліваем, і тут высьвятляецца: няма снарадаў. Рэч у тым, што дзеля гатоўнасьці снарады заўсёды клалі на станіны, а як гналі пад агнём цераз поле, тыя пападалі, рассыпаліся. Дзе цяпер іх шукаць?

У нашым жа перадку былі толькі бранябойныя і падкаліберныя, якімі тады не стралялі.

Кулямёты сякуць, толькі вецьце сыплецца. Камбат крычыць: «Быкаў, агонь!» А чым агонь? Гэта было, канешне, жахліва, я тады хацеў, каб мяне як найхутчэй забіла. Усё ж паслаў перадок на поле, пазьбіралі ў быльнягу снарады, пачалі мы страляць. Словам, у гэтым лесе яны калашмацілі нас добра, а што мы зрабілі ім нашым агнём, тое невядома. Можа, зьбілі, а можа, тыя пад вечар самі адышлі.

Як я ўпамінаў ужо, другая гармата ў мяне была без прыцэлу, а без прыцэлу якая ж стральба? Такім чынам, у запасе заставалася, апроч гарматы, яшча пара коней, шэсьць чалавек салдатаў. Я іх трымаў у тыле, — што ім рабіць на перадавой? На перадавой у нас ладныя хлопцы Сьвінцоў і Пронін, камандзір і наводчык — харошы наводчык. А старшы сяржант Закіраў, спэц па конях, у нас за інтэнданта. Пакуль мы гібеем пад агнём, цягаем сюды-туды нашу гармату, вядома ж, у холадзе і голадзе, яны там дзесь у бліжняе вёсцы для нас стараюцца. I во, як пацішэе пад вечар, пацямнее, глядзім, Закіраў з салдатам паўзуць. Цягнуць нам у вядзерцы мяса ці кураціну, белага хлеба пару боханаў у рэчмяшку і віна ў тэрмасе ці каністры. Во тады мы раскашуем — між станін, за гарматным шчытом.

Пасьля высачэзнага дрыкганта, пакінутага на тым беразе, Закіраў дастаў мне маладую кабылку, якая двойчы ўратавала мне жыццё. Аднаго разу, як наступленьне трохі прыпынілася, выклікае мяне камандзір батальёну. Быў вечар, туман, дробны дожджык сыпле. Месца незнаёмае, мы толькі надвячоркам тут апынуліся, але мне чамусьці здалося, што КП1 блізка, за пагоркам. I я паехаў. Страляніны блізка няма, і я ехаў, ехаў, ды раптам ня ведаю, куды ехаць. Чую нейкія галасы, павярнуў да іх, гляджу: на касагорчыку вінаграднік і на ягоным краі нешта капаюць. Паціху пад’яжджаю бліжэй, прыслухаўся — немцы! Завярнуў у іншы бок, ехаў, ехаў, узьбіўся на нейкую дарогу, а там нямецкія машыны ідуць...

Я быў без аўтамата, зь пісталетам, бо аўтамат мне яшчэ ў пяхоце абрыдзеў. Ды й нязручны ён з гэтым барабанным магазынам. Лепш што лягчэйшае. Нямецкі «шмайсэр», напрыклад. Але да нямецкага патрэбны патроны, якіх не заўсёды хапала. Здавалася тады, што во за пагорак заеду, і там КП. А тут нешта ні пагорка, ні КП. I я ўжо ня ведаю, як быць? I тое натуральна, бо я заехаў да немцаў. Але адчуваю, што мая кабылка ўсё некуды бярэ ўбок, і я думаю: хай сама ідзе. Повад пусьціў, і яна пайшла. Рухава гэтак пайшла. Цераз пагорачак перайшла, пасьля ўзьлескам, сюды-туды і прывяла мяне да лагчынкі. А там пасьвяцца коні нашага камэнданцкага ўзводу. Там блізка быў і КП камандзіра батальёну.

А потым яе забілі, пада мной, хоць мяне яна ўратавала.

Гэта пазьней. Помню, пяхота ўзяла нейкае вялікае мадзьярскае сяло ці гарадок нават, мы сьпяшаемся на ўскраіну, дзе ідзе бой, ды тут паяўляюцца нейкія два маёры, крычаць: «Срочно вон туда, направо! Нямецкія танкі! Іх трэба спыніць». I ўжо там ідзе страляніна. Паскакаў я направа, але аказалася, што тыя зьвесткі пра танкі былі спазьнелыя, танкі ўжо ўвайшлі ў вуліцы. I вось на адным павароце (вуліца літарай Г загіналася) я і падляцеў пад чаргу, з танку сьцебанулі па маёй кабылцы, і яна з усіх ног рухнула пад плот. Толькі крывавае шмацьцё ад яе паляцела, мяне запырскала крывёй. Але кабылка, падаючы, шпурлянула мяне за агароджу, у гарод... Як пасьля празь дзень салдаты зьнялі сядло, дык яно скрозь было пасечанае кулямі. А я адтуль выпаўзаў агародамі. Гармату завярнулі ў другую вуліцу, добра, што гармата за мной не пасьпела... Дарэчы, пасьля ўжо каня ў мяне не было, ня стала як езьдзіць. Наступ наш замарудзіўся, — ад сяла да сяла болей па-пластунску. Скрозь у полі каналы, канавы, а баі кожны дзень і кожную ноч. Выматвалі так, што і есьці ня хочацца, толькі б упасьці і ляжаць. Але дзе ўпадзеш? Трэба акапацца, а неяк. Капнеш на штых лапатай, а там вада. Во ў гэтую гразь кладзешся і ляжыш пад агнём — жыць жа ўсё роўна хочацца. А тут надвор’е паскуднае, кожны дзень макрата, дождж. Калі танкі паяўляюцца, тут ужо настае гарачка, тут ужо потам абліваешся.

Аднойчы прыпыніліся ў нейкім графскім маёнтку, сунуліся ў барак, дзе былі кватэры для тутэйшых парабкаў. Графа, вядома, тут не было, парабкі засталіся і спачувальна паставіліся да нашых салдатаў, частавалі віном і распавядалі пра сваё панявольнае жытла. Нашыя зацікаўлена слухалі: колькі зараблялі грошай, хлеба і нават віна. Распавёўшы пра сябе, тыя пыталіся: ну, а як у вашых калгасах? I хто-небудзь з нашых, падумаўшы, пачынаў хлусіць — і пра грошы, і пра хлеб, стараўся, каб было больш, чым у венграў. Iншыя змрочна маўчалі.

 

1 Камандны пункт.

21. Падбіты танк. Другое раненьне

Памятаю, мае саракапятчыкі адзін танк падбілі — якраз перад фальваркам, зь якога, дарэчы, нас толькі што выбілі — і нас, і пяхоту. Як і належала ў такім выпадку, трэба, каб пісьмовае пацьверджаньне было ад камандзіра батальёну. Яшчэ ня скончыўся бой, рвуцца снарады, і я думаю: дажывём да вечара, тады і аформім. А пад вечар наляцелі «мэсэршміты», пачалі пікіраваць з равунамі, выбілі нас і адсюль. I мы драпалі сьледам за пяхотай, кацілі па полі нашу саракапятку. Пакуль ня ўперліся ў каналы. Вось так: наперадзе канал і збоку канал. Каналы не шырокія, пяхота перабралася на той бок і на ўзьлеску заняла пазыцыі. А нам як перабрацца? Нам цераз каналы перабрацца немагчыма. I вось мы гармату паставілі на броўцы і ляжым, чакаем. Калі танкі пойдуць, дык нам будзе хана. Але якраз сьцямнела, і яны не пайшлі. Толькі аднойчы ўлупілі балванкай у броўку, заляпіла мяне гразёй. Уначы танкі кудысьці сышлі, пяхота вярнулася на гэты бок. Раніцой, атрымліваючы ў камбата задачу, я сказаў пра падбіты танк. А ён кажа: хо! Ужо трэці за сёньня дакладвае пра падбіты танк. Учора я сваім мінамётчыкам падпісаў. Мае саракапятчыкі засталіся мной незадаволеныя — празяваў, камандзір, узнагароды дастануцца іншым. Спрытнейшым. Што ж, правільна! Трэба ўмець ня толькі падбіваць, а і падпісваць. Апошняе, можа быць, нават важней. Ня толькі на вайне.

Тым часам надвор’е зьмянілася, ноччу добра падмарозіла.

Той фальварак пяхота ўсё ж узяла, выйшла на яго другі бок. Роты пайшлі абапал прасёлку, абсаджанага дрэвамі і кустамі. Ды нядоўга ішлі, зноў — танкі. Кулямётным агнём яны паклалі пяхоту ў чыстым полі. Трэба акапацца, а як? Мёрзлую зямлю ня надта бярэ лапатка. Так і ляжаць, не страляючы нават. Гэта ў кіно прыгожа паказваюць, як з гранатамі паўзуць пад танкі, шпурляюць, узрываюць. А тут танкі падышлі метраў на 400 і спыніліся. Далей не ідуць. А батальёны ляжаць. Усё, бы на далоні, і яны снарад за снарадам у кожнага байца. Выбіваюць батальён. Мы разьвярнулі саракапятку акрай дарогі. Але для сара– капяткі ўсё ж далекавата. Хоць мы і ў баявых парадках пяхоты, мне нават здавалася, што метраў на паўсотню наперадзе ад яе. Мабыць, яна трохі адбеглася ад танкаў, а мы не пасьпелі. Але танкі нас ня так добра бачылі за дарожнымі прысадамі. Кусьцікі рэдзенькія, ды ўсё ж трохі нас прыкрывалі. Мой наводчык распачаў агонь. Памятаю, я ляжаў збоч ад гарматы. (Каб бачыць свой выбух, належала ляжаць збоку. Калі стрэліць гармата, узьнімаецца воблака пылу і дыму, і тады нельга згледзець, куды пайшоў снарад. А збоку відаць.) Так я ляжу, можа, мэтраў празь пяць збоку і ззаду. Гляджу, стрэл і — міма. Другі раз — таксама міма. Трэці раз стрэліў... Раніца была хмарная, таму трасу добра відаць, асабліва бранябойна-трасіруючага снараду. На гэты раз ён ударыўся аб браню і зрыкашэціў — траса пайшла ў неба. Добра, каб пацэліць у борт або ў гусеніцу. Але паспрабуй за паўкілямэтра патрапіць у гусеніцу — тут бы ў танк пацэліць. Ня памятаю, колькі мы так зрабілі стрэлаў (дзе ў той гарачцы будзеш што помніць), але нас заўважылі. I калі я, лежачы, махаў рукой, патрабуючы «агонь», непадалёк выбухнуў першы снарад з танка. I мне якраз у руку — асколак. Такі вузкі і востры, засеў між фалангамі пальцаў, з рукі палілася кроў. (Пасьля ў санчасьці доктар спрабаваў выдзерці яго, ды тое не ўдалося, выдзіралі ў шпіталі.) Я ўзяўся перавязваць сябе і трохі страціў увагу да танкаў, якія, аднак, памалу рухаліся куды хацелі. Стала патрэбным давярнуць гармату на танк, які нас абстраляў, і калі наводчык зрабіў тое, аказалася, што замінае недалёкі куст... Трэба было камусь яго сьсекчы. А тое ўжо пад агнём і зусім без прыкрыцьця. Каго паслаць? Наводчык крычыць, трэба прыняць рашэньне, і я прыняў... Тое, можа, дасюль на маім сумленьні, але я паслаў таго, з кім у мяне нядаўна здарыўся канфлікт, прыкрая сутычка, калі я хацеў нават застрэліць яго. Бо ноччу на вуліцы, дзе ішлі немцы, ён дэмаскаваў нашу гармату — стрэльнуў у немца. На шчасьце, тады абышлося, і цяпер я скамандваў: Лазук (прозьвішча зьменена), сьсячы куст! Хутка! Ён не адразу і няхутка папоўз зь сякерай і толькі ўзяўся, лежачы, секчы, як зноў выбухнула — на гэты раз ля таго куста, наперадзе, перад гарматай. Салдат там і застаўся. Наступны снарад яны ўсадзілі пад самы ствол... Я ўжо блытаю... Iх было двое, маладзенькіх, дужа падобных адзін на аднаго — Сінцоў і Пронін, абодва малодшыя сяржанты. Дык я ўжо забыўся, хто зь іх быў камандзірам гарматы, а хто наводчыкам. Наводчыка там жа забіла, а камандзіра параніла ў плячо і яшчэ некуды. Яшчэ зараджаючы ацалеў. Гармата перакулілася, завалілася ў варонку, а мы, усе параненыя, па канаве, за кусьцікамі падаліся да нашага перадку, на якім ірванулі ў тыл, у санчасьць. Там, помніцца, пераначавалі, а назаўтра на аўтамабілі нас адвезьлі ў тылавы шпіталь у Сэксардзе. Гарадок такі кілямэтраў 60 ад перадавой, які мы бралі месяц таму.

 

22. Сэксард [Сегеда]

Шпіталь мясьціўся ў тамашнім гатэлі ў цэнтры гарадка. Здаецца, то быў двухці трохпавярховы будынак. Нумары, як і ўсюды ў гатэлях, маленькія, цесьненькія. I набіта ў іх так, што ляжалі зноў па два і па тры чалавекі на ложку. I ў салдацкіх, і ў афіцэрскіх палатах. На гэты раз маім напарнікам аказаўся камандзір стралковай роты, паранены ў твар. Пазіраў на сьвет ён толькі адным вокам, кармілі яго лыжачкай, не разьнімаючы рота.

Канешне, ужо тут было іншае шпітальнае жыцьцё, чым на Украіне. Галоўнае, у мяне былі ногі, і я часам выходзіў у горад. Між тым у горадзе ішло цікавае жыцьцё. Увечары працаваў рэстаранчык, дзе вяртлявыя, цыганскага выгляду гарсоны налівалі віно — за грошы і так, пад абяцаньне заплаціць заўтра. Усюды былі разьвешаны ружовыя абвесткі з прапановай запісвацца ў венгерскую кампартыю. За гарадзкой ускраінай у вінаградніках былі вінныя скляпы, каторыя, канешне ж, разрабавалі вызваліцелі, і адтуль у горад некалькі дзён цякло па канавах віно. Бы кроў. Мы хадзілі туды з бутлямі і каністрамі і прыносілі ў шпіталь пачастунак. Але на ўваходзе стаяў нампаліт, які адбіраў увесь унёсак, скіроўваў яго ў сталоўку. У сталоўцы выдавалі па шклянцы за абедам. Такая была сьмешная норма, якую мы ўсё ж знаходзілі магчымасьць перакрыць шматкроць.

Добрае было жыцьцё ў шпіталі, але, як і ўсё добрае, хутка скончылася. Якраз пад новы год немцы прарвалі наш фронт, і іх танкавы авангард апынуўся на ўскраінах гораду. Ноччу ўсіх нас паднялі, і хто мог хадзіць, — пехатой, за паўсотню кілямэтраў на пераправу ў Байю.

Была завея, валіў сьнег. Я, яшчэ два лейтэнанты і шпітальная сястрычка Галя адмахалі за ноч тыя кілямэтры, выйшлі на бераг Дунаю, дзе месьціўся гарадок Байя. Там была пераправа. Але на пераправу нас не пусьцілі, заградатрад хацеў усіх заарыштаваць найперш за тое, што мы былі бяз зброі. Як дэзэртыры ці тыя, што хочуць здацца ў палон. Свой штатны ТТ пасьля раненьня я змушаны быў здаць у полк, а «вальтэр» у мяне адабралі ў шпіталі — «з аружыем не паложана». Ад заградатраду выбавіла нас Галя, мы пайшлі ніжэй па Дунаі і пераправіліся церазь яго па лёдзе, між шугі і палонак. Перайшлі Дунай, пераначавалі ў нейкай хаце — мокрыя, утраіх на адным ложку. Назаўтра дабрылі да новага шпіталю. Рана мая была лёгкая, там зь яе выцягнулі асколак, застаўся толькі невялічкі абломак, які ў мяне і дагэтуль. Нашу ў руцэ як памяць.

У тым тылавым шпіталі ў Сегедзе я быў нядоўга, пад канец месяца выпісаўся. На спадарожных машынах скіраваў у аддзел кадраў арміі, дзе атрымаў накіраваньне — на гэты раз вышэй, у армейскую супрацьтанкавую брыгаду (ШТАБР). Там былі 76-мм гарматы, што мне здаваліся асілкамі пасьля мае саракапяткі. Памятаю, ішлі ў Дунапатай, дзе фармавалася брыгада, з двума лейтэнантамі — Iвановым і Рыжковым. Гэтыя па вайсковай адукацыі (яшчэ даваеннай) належалі да карпусной артылерыі і дужа бедавалі, што іх заслалі цяпер у супрацьтанкавую, дзе «ствол доўгі, а жыцьцё кароткае». Але іх паслалі туды пасьля штурмбату, у якім яны адбылі свой тэрмін, бо з’яўляліся акружэнцамі і да вызваленьня прасядзелі ў Адэсе. Яны, апанураныя, бедавалі, а я радаваўся, бо для мяне тое было падвышэньнем. Я вырываўся з пакутніцы-пяхоты.

 

23. ІПТАП. Разгром

У лютым наш полк (IПТАП1 ) сваім ходам выехаў на фронт і заняў пазыцыі ззаду за пяхотай. То быў супрацьтанкавы абаронны раён (ПТОР) на кірунку верагоднага прарыву нямецкіх танкаў. Гэтая верагоднасьць была вызначана кімсь з д’ябальскай дакладнасьцю, бо хутка гэты полк быў дашчэнту разгромлены за адзін ранак. Амаль нічога не засталося: ні гарматаў, ні нашых цягачоў — «студэбэкераў». I гэта за тры месяцы да канца вайны, і такая колькасьць танкаў. (Адкуль яны браліся, можна прачытаць у нядаўна перакладзеных успамінах Альбэрта Шпэера, рэйх-міністра па ўзбраеньні. Ён там распавядае, як перабудаваў нямецкую вытворчасьць на вайсковы лад. У тым ліку і на выпуск танкаў, самалётаў і ўсяго іншага, чаго ў іх хапала да канца вайны.)

Што да Венгрыі, дык немцы ўсю зіму грамілі там два ўкраінскія франты — Маліноўскага і Талбухіна. Калатнеча была страшэнная, але яна засталася амаль невядомай у Саюзе, замоўчанай савецкімі СМI. Толькі пасьля апублікаваньня мэмуараў маршала Маліноўскага стала відаць, што абстаноўка ў Венгрыі склалася тады катастрафічная. Немцы разграмілі некалькі нашых армій (асабліва дасталося 3-му Украінскаму фронту маршала Талбухіна), выйшлі да Дунаю. Мяркуючы па ўсім, Сталін ня ведаў, як ратаваць фронт, і, паводле сьведчаньня Маліноўскага, даў права яму і Талбухіну вырашыць: пакідаць фронт на правым беразе ці эвакуяваць яго на левы. А што такое — эвакуяваць фронт? Гэта ж маса войска, тэхнікі, зноў жа — тылы. Пераправы ж былі ўсяго дзьве, — пантонныя цераз Дунай. I Маліноўскі піша, што яны з Талбухіным прынялі рашэньне эвакуяваць, каб выратаваць фронт. Але ў тыя дні якраз пайшоў лёд па Дунаі, шуга, якія і зьнесьлі абедзьве наплаўныя пераправы. Такім чынам, фронт павінны быў ратаваць сябе сам. Там шмат загінула, а мы ўратаваліся. З ранейшай маёй дывізіі мала каго засталося. Зараз наладжваюць сустрэчы франтавікоў, і я кожны раз пытаюся, хто ёсьць з 924-га палку? Некалькі тылавікоў, доктар з санчасьці ды тыя, хто, як я, выбыў па раненьні ў сьнежні.

I вось я ваюю ў артылерыйскім супрацьтанкавым палку. Увогуле, малапрыемная справа апынуцца сярод незнаёмых людзей у якасьці н о в е н ь к а г а, да каго ўсе прыглядаюцца, бы правяраюць. Я ўжо ведаў тое паводле ранейшага вопыту і стараўся не спудлаваць. Тое, што звычайна даравалася свайму, сталаму, наўрад ці даравалі б новенькаму.Гэта ў рознай ступені адносілася як да начальства, так і падначаленых, роўных табе таксама. Сталы можа дзе і спалохацца, лішне засьцерагчыся, новенькі ж ня мае на тое права.

А ўжо калі спатрэбіцца кім ахвяраваць, ці кім рызыкнуць, дык тут новенькі будзе якраз дарэчы2.

Але тое няпроста, як і ўсё на вайне. Найперш таксама аказваецца, што нашыя 76-мм гарматы супраць танкаў малаэфэктыўныя. Увогуле тая гармата — не супрацьтанкавая, проста яе выкарыстоўваюць у гэтай якасьці. Бо іншых няма. Адлегласьць прамога стрэлу ў яе малая, прабойная сіла снараду таксама. Прыцэльныя магчымасьці кепскія — горшыя, чым у саракапяткі. Наогул якасьць зброі — заўсёды наша самае злабадзённае пытаньне. У шпіталі ці дзе ў зацішку мы болей за ўсё пра тое гаворым — якая гэта дрэнь нашы аўтаматы, кулямёты, гарматы ды і танкі. Але на палітзанятках пра тое сказаць немагчыма, бо ва ўсіх газэтах напісана, што наша зброя лепшая за нямецкую, што ў немцаў усё дрэнь ды эрзацы. I хлеб, і мыла, і кава. Ды яшчэ сьмярдзючы дуст, якім яны перасыпаюць усё ў бліндажах. Куды лепей, як мы, вошы смажыць у бочках. Часам нам чытаюць загады пра выпадкі, калі некаторыя афіцэры асуджаны вайсковым трыбуналам за пахвалу нямецкай зброі. Тым болей нямецкай тактыкі. Нашая тактыка таксама лепшая за нямецкую, чуем мы, і толькі некаторыя з нас пры тым крыва ўсьміхаюцца. Але маўчаць.

Тады мы таксама займалі ПТОР3 — гэта значыць, разьмяшчаліся на танканебясьпечным напрамку, на прамой наводцы. Да пярэдняга краю, можа, кілямэтры два. Стаім, відаць, з тыдзень. Увогуле спакойна, хіба толькі даймае нямецкая авіяцыя. Але дзе яна не даймае? Цераз дарогу ад маіх гарматаў разьмяшчаюцца агнявыя пазыцыі майго сябра лейтэнанта Беражнога, які дужа любіць кніжкі, заўсёды нешта чытае. Я таксама люблю пачытаць. Неяк узяў у яго «Сястру Кэры» Драйзера, але прачытаць не пасьпеў, і ўвечары ён прыйшоў да мяне па кніжку. Я папрасіў адтэрміноўкі, і Беражны пайшоў на свае пазыцыі.

А ранкам прачынаюся ў зямлянцы (зямляначкі ў нас былі дужа саплівенькія). Прачынаюся ад прадчуваньня таго, што нешта здарылася. Сьпярша не магу зразумець, што? Страшэнны роў, дым і агонь. Выскокваю зь зямлянкі і зноў не магу зразумець нічога. Нічога не відаць, дым есьць вочы.

Зьверху нешта абрушваецца, падае, вые. Быццам сырэны. Аказваецца, пікіруюць «месэршміты». А ў нас на агнявой была скрынка ракет — звычайных для ракетніц на выпадак начной стральбы. Дык самалёты абстралялі і падпалілі ракеты. Тыя гараць і ўзрываюцца. Асколкаў няма, але... Ракеты там асьвятляльныя, каляровыя, букетныя, усё гэта гарыць, пыхае, ірвецца, і роў абрынаецца зьверху. Адзін самалёт адыдзе, за ім пікіруе другі, і з кулямётаў лупяць. Я ўжо ня памятаю, ці яны адляцелі, ці яшчэ пікіравалі, але мы пачалі тушыць пажар. I вось тады да нашага слыху данеслася, што насоўваецца і горшае. Зямля хадуном захадзіла, дрыжыць і, канешне, — знаёмы гул. Калі ветрам трохі аднесла дым ад гарэлых ракетаў, зірнуў я на дарогу, што была збоч. А трэба сказаць, полк разьмяшчаўся так: дзьве батарэі з гэтага боку, тры з таго. Тое называецца — асядлаць дарогу. Дык вось па той бок дарогі за пасадкай прэ натоўп танкаў. Здалося, менавіта натоўп, ідуць суцэльным гуртам, бы каровы на вадапой. Ніякага там баявога парадку, толькі пярэднія страляюць з гарматаў. Вось так, не спыняючыся, прайшлі і палову нашага палку, бы зьлізалі. Бы яго і не было — ні гарматаў, ні машын, ні людзей. Тут да мяне прыбягае камбат, старшы лейтэнант Ахрын (жыве ў Нікалаеве, зрэдчас мы перапісваемся): «Вытасківай пушку, падагнаць машыны!.. Матаем адсюль!» Падагналі «студэбэкеры», выцягнулі гарматы і некуды ўбок. Па рацыі камандзір палку загадаў — наперарэз танкам. Але тут трапілі ў нейкае забалочанае кустоўе, машыны пачалі грузнуць, пасьля прабіраліся па зарослых дубняком пагорках. Вядома ж, спазьніліся куды трэба было і трапілі пад абстрэл з танкаў, якраз на палявым касагоры, які выдатна прастрэльваўся зь сяла. У нас было машынаў дваццаць, гармат меней — дзьве батарэі. I мы рашылі, што трэба прарывацца па адной машыне. Машына разганяецца і як мага шпарыць па касагоры, а танкі страляюць. Так адна пройдзе, а другую спаляць. Я праскочыў, не пацэлілі. Iншых пападбівалі і папалілі...

Яшчэ празь дзень засталася ў нас адна мая гармата з машынай, радыёстанцыя і штабная машына. Астатнія ўцалелыя пайшлі іншым кірункам, бо ўсім разам прайсьці было нельга. Але з намі камандзір палку палкоўнік Парамонаў, штаб, некалькі тылавікоў і аўтаматчыкаў. Прыпыніліся ноччу ў нейкім венгерскім фальварку — вялікі дом пад чарапіцай, стайні, аборы. Наперадзе шырокі магістральны канал, там пантонная пераправа, і нам трэба на той бок. Але пераправа ўжо захопленая немцамі, нам далей ходу няма. Пад кустоўем у канцы падворку паставілі гармату. Перад намі шырокі роў, а за ім дарога на пераправу. I на гэтую дарогу ўранку хлынуў усё той жа танкавы натоўп. У паветры — гул, гром, лязгат гусеніцаў, нават блізка нічога нельга пачуць.

I тут прыбягае да мяне парторг — камандзір палку загадаў адкрыць агонь. Ну што ж, агонь дык агонь. Але ці доўга так пастраляеш? Наводчык прыцэліўся і стрэліў. Я побач сачу — ці пацэліў? Ды бачу, снарад пайшоў высока ў неба. Што такое? — крычу наводчыку, той удакладніў на панараме прыцэл. Зноў стрэліў. Я чакаю, каторы танк спыніцца, ды дзе там! Снарад б’е ў зямлю побач. Тады кідаюся да гарматы... А ў ёй ёсьць такі механізм – паралелаграм зь цягай, якая злучае панараму са ствалом. Куды ствол, туды і прыцэл — паводле ідэі. Але як мы цягалі гармату па лясах і пагорках, зрушылі тую цягу, і цяпер панарама і ствол не паралельныя. Трэба рамантаваць.

Далажыў парторгу, той пабег дакладваць камандзіру палку. Разумны чалавек быў наш палкоўнік Парамонаў, вылаяўся і махнуў рукой. Бо што тут можна зрабіць? I хто вінаваты? Пакуль мы мітусіліся, танкі прайшлі на пераправу і за пераправу. А нас тым часам з вышынь за каналам пачалі абстрэльваць свае цяжкія мінамёты. Мабыць, бачаць, што сноўдаюць нейкія людзі, во яны і б’юць, толькі чарапіца з дахаў разьлятаецца. Тут мяне кліча камандзір палку і, паколькі я праштрафіўся, дае заданьне перабрацца за канал і наладзіць сувязь з тымі мінамётчыкамі. Для таго выдзяляе мне чалавек пяць артылерыстаў, нейкіх прыблудных сапёраў і нашага батарэйнага старшыну Жарава. Што ж, сабралася група чалавек дванаццаць, прыгнуўшыся, пабеглі па полі. Але далёка не адбегліся, гляджу — нічога ня выйдзе: тыя з-за каналу адразу накрылі нас агнём. Залеглі, што рабіць? Двух параніла ўжо, некага забіла. Старшыне асколак у задняе месца ўпіўся. А да каналу яшчэ ісьці ды ісьці... Мінамётчыкі, канешне, падумалі, што гэта немцы. Ну і вырашыў я вярнуцца. Забралі двух параненых, забітых пакінулі, і ўсё пад агнём, між разрываў прыйшлі на фальварак. Камандзір палку нават ня лаяўся, сам усё бачыў.

Праўда, мінамёты неўзабаве перанесьлі агонь далей, рашылі, мабыць, што з фальваркам скончана. I мы там неяк даседзелі да ночы. Ноччу вырашылі прарывацца, бо іншага выйсьця няма. Паслалі лейтэнанта Борматава (цяпер палкоўнік, жыве ў Крывым Розе) разьведаць пераправу — ці цэлая. Ці, можа, мінамётчыкі яе ўжо расстралялі. Аказалася, пераправа цэлая, канешне, пад аховай (побач стаяць два бронетранспарцёры) і пад’езд да яе перагароджаны шлягбаўмам. У нас адна гармата, машына з радыёстанцыяй, яшчэ машынаў штук пяць. Першым пусьцілі мой «студэбэкер», затым астатнія. Задача — зьбіць шлягбаўм і праскочыць на той бок каналу. Але і на тым беразе таксама немцы, пасьпелі ўжо захапіць пляцдарм. Чуваць, там ідзе бой, усё грукоча і грыміць. Мы з камбатам стаім на падножках абапал кабіны, у кузаве салдаты са зброяй напагатове. У прыцемках пад’ехалі да шлягбаўма, насустрач выскачыў немец з кружком чырвоным, бліснуў нам, штось крыкнуў... «Студэбэкер» усё ж магутная машына, як урэзаў ён у гэты шлягбаўм, той і адляцеў. Мы праскочылі цераз пантоны на той бок, там адразу каменны дом і паваротка на вуліцу. А ззаду пачалася страляніна, але мы па гэтай вуліцы рванулі, як толькі можна было ў прыцемках. Здаецца, усе праскочылі, толькі самую заднюю машыну падбілі. Адразу за паселішчам прыпыніліся, бо нас абстралялі ўжо свае, паранілі двух салдатаў у кузаве і прабілі кола ў маім «студэбэкеры».

Неўзабаве паявілася начальства, і мы занялі абарону пад вышынямі. У пяхотным ланцугу паставілі гармату. З тыдзень ішлі баі за тыя вышыні, але танкі далей не пайшлі. Мабыць, сваю задачу яны выканалі, паехалі на іншы ўчастак. А тут калашмацілі адна адну пяхота, вышыні на некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Я з гарматай акапаўся пад самай вышынёй, тое нас, мабыць, і ўратавала. Бо тых, што былі ззаду, немцы расстрэльвалі з вышынь, а нас пад носам ня бачылі. Там у нас загінуў падпалкоўнік Аўчароў, капітан Кавалёў, двое ўзводных і шмат салдатаў. Аднойчы пяхота ўцякла, пакінула маю гармату, якую мы не маглі выкаціць. Але абышлося — уратаваў туман. А ўвогуле маю гармату ратавала нашая самаходка, што згарэла ў першы дзень і прыкрыла нас сабой з боку ад каналу, адкуль наш пляцдарм прастрэльвалі немцы. Яшчэ нас бамбілі свае «кукурузьнікі» — жаночы авіяполк. Кожную ноч вешалі ў небе ліхтары і пачыналі кідаць бомбы. Добра, што яны не цалялі — проста разгружаліся... У перапынках паміж бамбоўкамі прыходзіў нампаліт маёр Цквітарыя, тлумачыў нам загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, звароты Ваеннага савету наконт таго, каб ні кроку назад. Як пачыналася бамбоўка, ён кідаўся да ровіку, але быў тоўсты, няспрытны, месца ў цесным ровіку яму не хапала. Тады ён крычаў: «Я намесьнік камандзіра палку, прыказываю асвабадыт места...». Як ён хутка сыходзіў, на вышыні пач[ын]алі працаваць нямецкія «гукаўкі». Праіграўшы

«Сьценьку Разіна» або «Ямшчыка», яны абрыналі на нас шквал уласаўскай прапаганды накшталт таго, што пад кіраўніцтвам Гітлера пачаўся пералом у вайне, што ня сёньня, дык заўтра мы будзем тут канчаткова дабітыя, таму трэба ратаваць сваё жыцьцё, а не паміраць за Сталіна і ягоных жыдоў-камісараў. Але тая прапаганда ўжо ні на кога ня дзейнічала, мы ўжо выдатна разумелі, што час Гітлера мінаўся.

Дзесьці ў гэты час мы атрымалі новыя, 57-мм гарматы.

Гэта ўжо былі добрыя супрацьтанкавыя гарматы — з доўгім ствалом і вялікай прабіўной сілай снараду. Яны нам адразу спадабаліся. Я сам прыстраляў іх паводле ўласнага спосабу — з дапамогай біноклю. Трапнасьць іх таксама была выключная, і мы шкадавалі толькі, што паявіліся яны ў нас гэтак позна. Але і тое добра. У хуткім часе яны нам паслужылі, як за ўсю вайну не служылі іншыя гарматы.

 

1 Ад «истребительный противотанковый полк».

2 Гэты і папярэдні абзацы друкуюцца ўпершыню паводле аўтарскай кампутарнай раздрукоўкі.

3 Ад «противотанковый оборонительный район».

24. Наступ па Венгрыі

16 сакавіка магутным выбухам на сьвітаньні (гэта немцы ўзарвалі ўсё тую ж пераправу пад Шаманторніяй) пачаўся іхні адыход і нашае наступленьне на захад. Наступалі па тых жа мясьцінах, дзе месяц таму абараняліся, дзе наш полк разграмілі нямецкія танкі.

Як праяжджалі каля маёй агнявой пазыцыі, дзе гарэлі ракеты, спыніліся, і камандзір палку загадаў завярнуць убок, на старыя пазыцыі разгромленых батарэяў, забраць уцалелыя снарады. Мы адчапілі гармату і на «студэбэкеры» паехалі недалёка ад дарогі ў поле. На падножку машыны да нас ускочыў капітан-сьмершавец, і я з пэўнай трывогай падумаў: навошта?

Пазыцыі ўзводу Беражнога былі крайнія, мы адразу ўбачылі яго разьбітую гармату, разварочаны гусеніцамі ровік, некалькі трупаў салдатаў і яго самога — на броўцы ровіку з раскінутымі рукамі. Дзяга зь яго была зьнятая, пісталета не было ўжо, з гімнасьцёркі хтосьці зьвінціў ордэн Чырвонага сьцягу. Залітая крывёй гімнасьцёрка ссохлася. Скрынкі са снарадамі былі ўсе побач, але гармата... У вогуле яна была цэлая, толькі ствол — пялёсткамі ўбакі. Значыць, узарваная. Гэта было вельмі кепска. Гляджу на капітана, а той падышоў, пруцікам пастукаў па ствале і кажа, пазіраючы нам у вочы: «Глядзі, гэта ж трэба было, так трапіць. Трапіць у самы ствол!» — кажа так, каб усе пачулі. I салдаты каб учулі, і я таксама. Я паглядзеў на яго і крыху зьдзівіўся, а пасьля зразумеў, што капітан гэта — знарок. Бо сам ён артылерыст (ва ўсякім разе такія эмблемы насіў) і ў гэткіх справах павінны быў разьбірацца. Канешне, падарваў не Беражны, ён ужо забіты, значыць, хтосьці з жывых. То ўжо была падсудная, трыбунальная справа, і с ь м е р ш мог яе раскруціць. А ён даў нам знак, што лічыць гармату разьбітай з нямецкага танку. I праўда, болей размоў аб тым не было. Забралі некалькі скрынак снарадаў. Забітых не ўзялі, іх павінны былі пахаваць тылавікі, мы сьпяшаліся, бо немцы адступалі.

...Ноч некуды ехалі, ехалі — па нейкіх мокрых і гразкіх прасёлках, па полі, пад ранак прыехалі на ўскраіну сяла, паставілі гарматы абапал сьцірты. Чутно, як непадалёк адбываўся якісьці рух — гырчэлі маторы, штосьці гуло, шархацела, часам чуліся прыглушаныя галасы. Iшлі калёны. Немцы ад Будапешту прарываліся на захад.

Як стала трошкі сьвітаць, убачылі зводдаль тое, што чулі ў цемры. Iшоў суцэльны паток войска: аўтамабілі, танкі, пяхота. Зараз жа адкрылі агонь. Страляць было проста, бо блізка. Адразу там запалала некалькі аўтамабіляў, з танкаў па нашай ускраіне зрабілі некалькі непрыцэльных стрэлаў. А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока і трапна ўзяў іх на прыцэл. З другога стрэлу загарэўся танк. Калёна амаль спынілася, заднія пачалі напіраць на пярэдніх, пярэднія гарэлі. Пяхота ў паніцы кінулася ў поле, і мы расстрэльвалі яе асколачнымі. Пасьля, як усё скончылася, нешматлікія машыны ўцяклі, а пяхота разьбеглася, мы пайшлі паглядзець, што нарабілі. Жудасна было тое бачыць... Такога разгрому я ня бачыў зь вясны сорак чацьвёртага, як на дарозе пад Уманьню нашыя танкісты разграмілі нямецкую штабную калёну.

Гэта быў ці не апошні бой на венгерскай зямлі, за восень, зіму і вясну багата палітай нашай крывёю...

Да аўстрыйскай мяжы рухаліся ўвогуле ўдала, зь нядоўгімі сутычкамі. А на мяжы ўсё спынілася, немцы сталі ў абарону. У перадгор’і Альпаў — шырачэзная даліна, якую немцы перакрылі агнём і нас туды не пушчаюць. Нямецкія танкі здаля б’юць па адзінай на схіле дарозе. Пяхота, артылерыя — усё ў нас спынілася. Ды хутка з’явіўся нейкі генэрал у камбінезоне, але з генэральскай фуражкай на галаве, і якраз налез на нашую батарэю. «А вы чаго тут тарчыцё? А ну ўпярод!» I пагнаў батарэю па адхоне ўніз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамі неяк праскочылі, і мы хуценька за кусьцікамі пачалі акопвацца. Iншых, што ехалі за намі, немцы не пусьцілі, спалілі некалькі машынаў, і болей ніхто празь іх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы на праглядзе ў сваіх, мы не клапаціліся. А на вайне як бывае? Розных часьцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе іхнія астатнія, а іншыя могуць і ня ведаць. I нейкія мінамётчыкі, якіх спрытны генэрал змусіў хутчэй адкрыць агонь, агонь і адкрылі. Па нас, канешне. Толькі я з салдатам выкапалі ровік па калена, як тыя пачалі смаліць. Міны кучна клаліся якраз абапал. I, відаць, накрылі б, калі б не найшла вясновая хмарка і не паліў дождж. (Зрэшты, у вайну, калі пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся і дождж. Iншы раз ён і не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькі дождж хлынуў, я выскачыў з ровіку[:] давайце за машынай і хутчэй адсюль. Але куды — наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы... Трохі некуды ад’ехалі, за нейкія кусьцікі, ад якіх было бліжэй да немцаў, чым да сваіх, і тым уратаваліся. Пад носам у немцаў стала спакайней.

 

25. Аўстрыя. Малярыя

Ну а пасьля падцягнулася болей войска, пачалося планамернае наступленьне і баі. Ды ўжо ў горнай мясцовасьці. Адчувалася хуткае сканчэньне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень біліся за нейкую вёску, не маглі ўзяць, тады аднекуль зь іншага ўчастку перакінулі самаходны полк. Гэта 76-мм самаходкі, якіх на вайне таксама звалі «бывай, радзіма». Во яны праходзяць міма, у адной ззаду (зад у іх адкрыты) стаіць бравага выгляду камандзір, вусаты у танкавым шлеме, і гойкае нам: «Упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць!». Што ж, давай упярод, калі ты гэткі спрытны. Вёску ўзялі, пяхота прайшла на той бок, мы — сьледам. Каля мастка, гляджу, стаіць абгарэлая самаходка, і зь яе зьвісае на гусеніцу абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналі таго аптымістага.

Помняцца і яшчэ прыкрыя, а то і камічныя выпадкі. Як я ўжо казаў, у Румыніі я першы раз захварэў на малярыю. Даволі паскудная хвароба, тым болей, што шпітальнага лячэньня не вымагае. Зімой была перадышка, а вясной пачаліся прыступы. З пэўнай рэгулярнасьцю — пад вечар або калі ўбачу ваду... Хоць здалёк, хоць зблізку. Раптоўна здрыгаюся, і пачынаецца ліхаманка на некалькі гадзінаў. Аднойчы мы займалі пазыцыю на прамой наводцы ў полі. Трошкі далей і збоч ад агнявой расьлі дрэўцы, нейкія кусьцікі. Агонь не вялі, але немцы былі блізка. Мяне раптам затрэсла, і я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабівалася. Як лёг, салдат наваліў на мяне нейкіх трафейных коўдраў, нямецкіх шынялёў — каб сагрэцца. Пасьля, як крыху адпусьціла, заснуў. А як прачнуўся, дык зьдзівіўся, што вакол дужа ціха. Высунуў галаву з-пад таго варахоб’я — ужо сьцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, стаяць нейкія людзі і пазіраюць чамусьці не туды, куды заўжды пазіраюць на фронце, — у бок праціўніка. Гэтыя пазіраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся і прыслухаўся — то ж немцы! Канешне, спалохаўся, хаця нічога дзіўнага. У пяхоце такіх, негераічных, выпадкаў хапала. Але пра тое мала напісана. Бо зь пяхоты, апроч хіба В. Кандрацьева1, у літаратуру ніхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напісана пра вайну зь ліку яе ўдзельнікаў, канешне, належыць усё ж артылерыі. Мабыць, паводле традыцыі, распачатай артылерыстам Л. Талстым2. А тут, пакуль я дрыжэў пад варахоб’ем, нашы драпанулі, гармату камбат загадаў адцягнуць ніжэй у сяло, а пра мяне забыліся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалі па аўтамабіль, а іншыя ня ўгледзелі... I вось бачу чужыя сілуэты, — адзін у касцы, а другі, помню, у казыркастай шапцы... I я паўзком, на кукішках даў адтуль дзёру. Знайшоў сваіх, камбат пытаецца: дзе быў? У немцаў, кажу, быў. Пасьмяяліся... Усё ж ішоў сорак пяты, да перамогі заставаўся апошні месяц. А здарылася б тое раней на год ці паўгода, было б не да сьмеху. Як з тым нашым камандзірам узводу кіраваньня, які параненым пабратаўся зь немцам. У Венгрыі, у час бою за нейкае сяло, надта бамбілі нямецкія самалёты, і гэты лейтэнант, паранены ў нагу, сунуўся ў скляпок на двары сялянскага падворку. Якраз зьмяркалася, і ў той скляпок сунуўся і яшчэ нехта, таксама паранены. Тады скончылася бамбёжка і наогул скончыўся бой. I во яны сядзяць удвух, але ў цемры ня бачаць адзін аднаго і ня ведаюць, хто побач — свой ці чужы? Таму маўчаць. А галоўнае — ня ведаюць, хто заняў сяло — нашы ці немцы. Ніхто першы ня хоча адкрыцца. Так мінула ноч. I толькі як пачало сьвітаць, лейтэнант убачыў, што перад ім немец, гаўптман мэдыцынскай службы. I ніхто зь іх за пісталет не схапіўся, бо зноў жа — невядома, хто наверсе. Першы не стрываў немец, таксама паранены, неяк выбраўся, а лейтэнант сам выбрацца ня можа. Сядзіць і чакае, калі прыйдуць немцы і возьмуць яго ў палон. Або прыстрэляць у яме. Немцы і прыйшлі. Але на ламанай рускай мове растлумачылі, што страляць ня будуць, будуць рабіць арцліхер беістанд (мэдыцынскую дапамогу). I выцягнулі лейтэнанта, занесьлі яго ў мэдпункт, дзе той жа ягоны начлежнік перавязаў яму нагу і папытаўся, што ён хоча: да сваіх ці ў палон? Канешне, лейтэнант захацеў да сваіх. Тады яго ўначы два немцы паклалі на палатку і падцягнулі да нашых акопаў на краі сяла. Праз паўгадзіны ён туды і зваліўся. Ну, адвезьлі ў санбат, ляжыць там лейтэнант, яго перавязваюць, але ж дужа яму цікава з сваіх прыгодаў. I ноччу ціхенька ён расказаў пра тое суседу — што зь ім тры дні таму здарылася. Падзівіліся трохі абодва. А яшчэ празь дзень прыйшоў незнаёмы афіцэр і сказаў, каб гэтага лейтэнанта тэрмінова падрыхтавалі да эвакуацыі. Аднаго. Болей яго ніхто ў палку ня бачыў. I чутак нават ніякіх не дайшло.

Пасьля той выпадак нейкім чынам паслужыў мне, калі я пісаў «Адну ноч»3. Хаця там іншы фон ды інакшы час, але грамадзтва, а найперш нашая рэдактура не былі гатовыя прыняць падобныя тэмы, ад якіх патыхала непрымальным для іх пацыфізмам. Тагачасны рэдактар «Полымя» Максім Танк адмовіў аўтару ў публікацыі таго апавяданьня з прычыны «невыразнасьці», як ён напісаў, ідэі. Думаецца, ідэя была выразная, як надта выразнымі былі і партыйныя ўстаноўкі ў адносінах да яе.

Во ўжо гэтыя партыйна-кадэбоўскія адносіны!

Баі на той час павальнелі, немцы ня дужа абараняліся, але і мы надта ня лезьлі. Пяхота шмыгала па дамоўках, па падворках. Патрэбны былі трафеі. У гэтую пару прыйшоў зьверху дазвол пасылаць на радзіму пасылкі. Таму і шарылі ў пакінутых пад агнём дамоўках, расчынялі шафы, хапалі якую апратку, абутак. А заадно і харч. Хаця наконт харчу ў Аўстрыі было куды бядней, ня тое што ў Венгрыі, — самі аўстрыякі харчаваліся па картках. Дысцыпліна ў войску расхлябалася, часьцяком салдаты кудысь зьнікалі па ўласных справах. Пілі, аднак, ня менш, як заўжды. П’янаваты камандзір трэцяй батарэі капітан Кохан уначы вяртаўся на свой НП4 з суседняй батарэі, і ягоны вартавы застрэліў яго. За які месяц да канца вайны. Пахавалі ва Ўсходняй Аўстрыі.

Аднойчы дайшлі мы да нейкага невялічкага паселішча і сталі. Ноч мінулася спакойна, спакойны быў ранак. Гарадок заняла пяхота, мы — за ёй. А блізенька за раўком — манастыр. Я троху падрамаў ноччу, а на золку прачнуўся і пайшоў праз браму ў манастырскія будынкі — цікава было паглядзець, у нас жа манастыроў даўно не было. Манастыр быў пакінуты, па ягоных калідорах ужо блукалі салдаты. Усюды валяліся богаслужбовыя кнігі, нейкае майно...

I тут раптам пачалося — танкі выйшлі на ўскраіну гарадка і турнулі нашу пяхоту. Калі мы ўсе, хто быў у манастыры, выскачылі адтуль, пабачылі, як тая бяжыць, рассыпаўшыся па ўсім полі; аднекуль з-за сьценаў і платоў гарадзкіх будынін страляюць танкі. Мы з нашых пазыцый страляць па іх не маглі, перашкаджалі прыдарожныя пасадкі, ды й той участак быў ня наш. I каб уратавацца без прыкрыцьця пяхоты, мае хлопцы прычапілі гарматы да студэбэкераў» і рванулі на дарогу. Можа, тое тады было і правільна, але чаму пабегла пяхота? I дзе ўрэшце пяхотныя камандзіры? I дзе нашы слаўныя палітработнікі, якія натхняюць байцоў на перамогу над зьлейшым ворагам?

Няўжо таксама разбрыліся па цікавых месцах?

Прыкладна пра тое я і крычаў, бегучы пад кулямі па голым полі. А слухаў мяне адзін капітан, які таксама апынуўся ў гэткім жа становішчы пакінутага пад агнём. Капітан гэты быў упаўнаважаны контрразьведкі с ь м е р ш, і ён адно — маўчаў. Крычаў я са злосьці, бо нашыя шанцы адолець шырокае, забаранаванае поле пад ураганным агнём з танкаў былі невялікія. А дужа крыўдна было празь нейчую дурноту гінуць перад канцом вайны. А можа, і праз сваю дурасьць таксама.

Але і добра, што я адышоўся зь перадавой (бо наўрад ці я адважыўся б у гэткай сытуацыі з’язджаць з поля бою), безь мяне хлопцы ўратавалі гарматы, а галоўнае — уратаваліся самі. Неяк і нам пашэньціла жывымі дабегчыся да ўкрыцьця, а танкі далей не пайшлі. Пасьля неяк разабраліся. Але я доўга прыглядаўся, калі бачыў, што нехта староньні ідзе на агнявую: ці ня той капітан? Ён не прыйшоў. Здаецца, у нейкім сэнсе ён быў неблагі сьмершнік, пра што сьведчыў той ранейшы выпадак з гарматамі лейтэнанта Беражнога. Я ўжо гатовы быў у тым упэўніцца.

Тады ж у нейкім аўстрыйскім гарадку я спаткаў правобраз сваёй будучай Джуліі. У гарадку тым, як, зрэшты, і ў многіх іншых аўстрыйскіх гарадках, было шмат прыгнаных з усходу (ды і з захаду таксама) рабочых, што працавалі на аўстрыйскіх вайсковых заводах. Жылі яны ў вялізных даўгіх бараках, а як горад займала Чырвоная армія, разбрыдаліся, хто куды. Вядома ж, кіруючы найперш на радзіму, калі тое было магчыма. Неяк мы сталі калёнай машын з гарматамі на гарадзкой вуліцы, чакалі, пакуль начальства наперадзе штось вырашыць. I тады ля машын паявілася спрытненькая чорнавалосая дзяўчынка ў паласатым убраньні, якая нешта пыталася ў салдат, што сядзелі ў кузавах. Аказваецца, пыталася пра нейкага Iвана. Канешне, амаль з кожнага кузава ёй адгукаўся які-небудзь Iван, але дзяўчына круціла галавой — не. Так яна абышла калёну, не знайшоўшы таго, хто быў ёй патрэбны. Тады я падышоў да яе і папытаўся, каго яна шукае? На кангламераце нямецка-руска-італьянскіх словаў яна распавяла, то яе імя Джулія, яна італьянка і шукае рускага палоннага

Iвана, зь якім летась разам уцякала з канцлягеру. У гарах іх схапіла паліцыя, яе зноў кінулі ў канцлягер, а што сталася зь Iванам, яна ня ведае. Цяпер яна мае надзею знайсьці яго сярод чырвонаармейцаў. Канешне, то была марная надзея. Але невялічкая тая гісторыя запомнілася мне, каб гадоў пра 20 зрабіцца «Альпійскай баладай»5.

 

1 Вячаслаў Кандрацьеў (1920–1993) – расійскі пісьменьнік.

2 Леў Талстой (1828–1910) – расійскі пісьменьнік.

3 Апавяданьне В. Быкава.

4 Ад «наблюдательный пункт».

5 Аповесьць В. Быкава.

26. Канец вайны

А ў другім месцы, заняўшы агнявыя пазыцыі на гарадзкой ускраіне, мы пастукаліся ў дзьверы бліжняга катэджу. Нам адчынілі адразу — на парозе стаяла маладая дзяўчына ў белым фартушку, якая спытала па-расейску, што нам трэба. Toe нас дужа зьдзівіла, і мы ў сваю чаргу спыталі ў яе, ці яна руская? Так, быў адказ, яна руская. Але тут жыве пан прафэсар, ён стары і просіць яго не турбаваць. Але хто такая яна і чаму тут? А яна з Днепрапятроўску і служыць у пана прафэсара, які зусім цывільны чалавек і вельмі добра адносіцца да яе. Toe нас зьдзівіла яшчэ болей: гэтая зямлячка абараняе немца? I, падобна, не зьбіраецца пушчаць нас у гэты заможны катэдж. Toe ўжо абурала. Нехта з нас падвысіў голас, нехта схапіўся за пісталет. Тады мой сябра, таксама ўзводны Валька Бахцігозін, рашуча мовіў: стойце, адставіць! Пайшлі назад... Мы пайшлі адтуль, знайшлі іншае прыстанішча, дзе нас ніхто не спыняў. Не запрашаў, але і не спыняў. Пасьля я папытаўся ў Валькі, чаму ён стаў у абарону тае зямлячкі, і Валька сказаў, што ў Эўропе трэба паводзіць сябе цывілізаванымі людзьмі, а ня хцівымі азіятамі. Toe мне запомнілася. Як і сам Валька — самы малады з нашых узводных, далёкі нашчадак польскіх ссыльных у Сібіры, родам з гораду Ачынска, адзіны сын у матулі, якая ці ня кожнага дня слала яму на фронт пранумараваныя лісты і прасіла яго рабіць гэтаксама, — яна працавала бухгалтаркай. Валя так не рабіў, хоць меў добрую натуру і любіў сваю маму. Начальства недалюблівала надта маладога і нейкага не характэрнага для ўзводных хлопца. А я любіў Валю. Пасьля вайны з усіх нашых ветэранаў найбольш хацеў адшукаць Валю Бахцігозіна, ды марна...

Быў ужо май, цьвіў бэз. Стаялі каля невялічкага горнага гарадка ці, можа, пасёлачку, празь які праходзіла асфальтаваная шаша. Пазыцыі займалі за лесапільняй, месца было зацішнае. Немцы з-за пасёлку зрэдчас пастрэльвалі зь мінамётаў, разьбіваючы апошнія ўцалелыя дамоўкі. Я на лесапільні раздабыў веласіпед і вучыўся езьдзіць на ім — у дзяцінстве ж не давялося. Аднойчы разагнаўся з горкі і на павароце нечакана зьбіў таго сьмершаўца. Абодва паляцелі на асфальт, разадраў капітану штаны. Падняўшыся, ён пачаў бэсьціць мяне і напомніў пра мае размовы пад агнём на полі, пра якія ён не забыўся. Я тады нават струхнуў, бо думаў, што капітан усё ж забыўся на іх. Але неяк абышлося. Капітана хутка перавялі некуды, на яго месца прыехаў іншы — на гэты раз з танкавых войскаў. Хаця эмблемы яны насілі на выбар — якія ім падабаліся.

Так настала сёмае мая. Мы — усё ў тым пасёлку, пяхота таксама на ягонай заходняй ускраіне. Амэрыканцы яшчэ далёка. I вось уначы нашыя радысты дачуліся, што заўтра падпісаньне капітуляцыі Германіі. А мы атрымліваем загад: у 19.00 атака на нямецкія пазыцыі. Падрыхтавацца да атакі, ставіць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём і коламі. Ну, мы найперш напісалі лісты дадому, маўляў — ідзём у апошні бой. Калі што, дык.... Псыхалягічны стан болей чым паршывы, бо пераналадзіліся ўжо на мір, паявілася ўжо надзея, што выжылі. А тут...

Праўда, яшчэ памарудзілі з гадзіну, а тады пасьля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзіва! Калі пяхота дабрыла да варожых траншэяў, тыя аказаліся пустыя. Немцы змыліся. I начальства загадала чапляць за машыны гарматы і даганяць немцаў. Але безь пяхоты. Калі што, самім быць за пяхоту. I за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалі. Ехалі ўсю ноч і ранак. Немцаў дагналі. Далей усе дарогі былі запруджаны нямецкімі калёнамі — пяхота, артылерыя — усе кіруюць на захад, здавацца амэрыканцам. Нам яны здавацца ня хочуць. А мы і не бярэм. Мы атрымалі новую задачу — як мага хутчэй злучыцца з саюзьнікамі. А гэтых мы проста мінаем. Некаторыя зь немцаў буркаюць «Гітлер капут» і ўскідваюць руку. У каторых на руках гадзіньнікі, нашыя іх зьнімаюць. Гадзіньнікі — самы папулярны трафей. Некаторых раззбройваем. Асабліва тых, хто ў эсэсаўскай форме.

Дамчалі да ракі Энс, у цэнтральнай Аўстрыі. Гэта быў мой апошні рубеж той вайны. За ракой амэрыканцы. Пакідалі на лужку абы-як пастаўленыя машыны, пачалі «сустрэчу». Нас на той бок не пушчалі, затое амэрыканцы свабодна прыйшлі на гэты бок. Некаторыя з амэрыканцаў мелі славянскае паходжаньне (пераважна з палякаў), а ў нас былі хлопцы з Заходняй Беларусі, якія разумелі папольску, такім чынам устанавіліся зносіны. Яны нам дарылі свае гадзіньнікі, запальнічкі, розную драбязу — на памяць. Мы ім што маглі падарыць — зорку зь пілоткі. Але знайшлося віно, і мы добра ўпіліся разам — пераможцы розных армій і нацыянальнасьцяў. I ўсе паснулі проста ў кузавах нашых «студэбэкераў». Начальства некуды зьнікла, можа, да іншага начальства, у кожнага знайшлася свая кампанія.

Уначы я прачнуўся і пабрыў у горад. Маленькі такі гарадок, але спрытны, як і ўсе іхнія гарады. I не разбураны, цэлы. Бачу ў адным месцы сьвятло з фараў, і нашы салдаты штось робяць. Аказваецца, тут харчовы склад гэтага гораду. Хлопцы прынесьлі супрацьтанкавую гранату і бабахнулі ёю па замку — дзьверы і праваліліся. А там процьма скрынак, мяхоў — сьпіртное, кансэрвы, мука, шакаляд... Пачалі выгрузку. Я таксама зьбегаў да сваіх, прыгнаў «студэбэкер». I мы нагрузіліся. Але не абдзялялі і аўстрыйцаў, якія прыйшлі да пераможцаў. Аўстрыякі жылі галаднавата, харч быў па картках. Падышоў адзін дзядуля зь місачкай, просіць дазволу набраць мукі. Кажу, што табе місачка — бяры мех. Кажа — цяжка. Але падстаўляе згорбленую сьпіну, салдаты навальваюць яму мех мукі, пайшоў дзед хістаючыся. Мы сталі добрыя, чужога дабра не шкадавалі... Можа, і добра рабілі, то была наша ноч, ноч пераможцаў. Наступны за ёй дзень ужо належаў ня нам.

Удзень зьявілася вялікае начальства, усіх чужынцаў выгналі з гэтага берагу на той, на мосьце паставілі трайную варту. Нікога — ні туды, ні адтуль. А мы толькі марылі пачаставаць нарабаваным нашых саюзьнікаў. Не ўдалося. Полк хутка адвялі ў тыл, пад горад Леабэн, дзе ў лесе найперш загадалі здаць усё здабытае тою ноччу. Калі не дачакаліся добраахвотнай здачы, начальства пайшло само і выгрузіла з аўтамабіляў нашыя запасы — бутэлькі, сыр, шакаляд. Сказалі, будзеце атрымліваць у парадку харчаваньня. Нічога не атрымалі. Тыя скрынкі паехалі ў тыл.

Праз пару дзён полк пастроілі на лужку з нагоды перамогі. Палічылі, хто самы старэйшы (ня ўзростам, а па часе прабываньня ў палку), хто найболей заслужаны (лічы — узнагароджаны). Даўжэй за ўсіх праслужыў у палку начфін, а самы ўзнагароджаны — камандзір маёй гарматы старшына Лук’янчанка. Але заслужана ўзнагароджаны гэты немалады ўжо сялянскі сын аднекуль з Кубані. Камандзіры батарэяў узнагароджаныя ня надта, узводныя яшчэ меней. Ордэн Чырвонай зоркі — звычайная наша ўзнагарода за вайну. У мяне таксама. А Вальку Бахцігозіна так і не ўзнагародзілі нічым. Раней усё казалі — малады, пасьпее... А тут і вайна скончылася.

Празь дзень-другі — новы загад: падрыхтавацца да маршу. Куды? Кажуць, быццам аж у Сафію. Празь Венгрыю, Югаславію, Румынію. Па сьлядах нядаўніх баёў. Выцягнулі на дарозе калёну, але перад тым, як рушыць, начальства пайшло трэсьці машыны. Камбрыг сказаў: «Я вас барахольшчыкамі цераз Эўропу не павязу». Зноў загад: здаць усё майно, прадукты, нічога, апроч боепрыпасаў, у кузавох не павінна быць. Пачалі адбіраць. Пажылыя ветэраны, што праваявалі ўсю вайну, у каго панішчана ўсё на радзіме, голыя дзеці і галодныя жонкі, ледзьве ня плачучы, прасілі: ну дазвольце хоць гэтыя гамашы адвезьці. Ну хоць гэтыя падэшвы на боты. Нічога не дазвалялася. Тады з машын пачалі кідаць усё ў раку, што цякла побач з дарогай, і па ёй паплылі ўсялякія шмоткі, гітары, скрынкі з правізіяй, а то і бутэлькі. Хай прападзе, але не здамо. Хаця хапіла і здадзенага. Толькі начальнік палітаддзелу ўжо з Балгарыі адправіў тры «студэбэкеры» ў Адэсу, дзе жыла ягоная сям’я. Не адсталі ад яго і іншыя начальнікі, у тым ліку і новы начальнік аддзелу контрразьведкі с ь м е р ш.

 

27. Балгарыя. Камсорг

Па наплыўным мосьце цераз прыгажун Дунай пераехалі ў братнюю Балгарыю, дзе мне наканавана было пражыць год. Балгары спатыкалі нас, бы родных, бы вызваліцеляў, якіх вечна любілі. Варта было сысьці з машыны, як цябе тут жа абкружалі сяляне: братушкі, братушкі, добра дошлі! Тут жа паяўлялася чарка або кварта, пілі за Расею, за Балгарыю, за вечную дружбу. Здавалася, той дружбе ня скончыцца век. (Як праз 20 гадоў я зноў прыехаў у Сафію, пачуў ад балгараў такі анекдот. Да дзеда Тодара ў вінаграднік прыбягаюць дзеці, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускія на Месяц паляцелі! Дзед выпрастаўся. Што — усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццаці гадоў хапіла, каб ад векавой дружбы нічога не засталося. Апроч хіба маляўнічых абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым.

А тады пачалося нуднае гарнізоннае жыццё ў вайсковым гарадку на Плоўдзіўскай шашы ў Сафіі. Як звычайна — пад’ём, зарадка, развод на заняткі, гарнізонная служба, нарады. У горад да восені нікога не пушчалі. Усе — салдаты і афіцэры, маладыя і старыя — таміліся на сьпякоце за калючым дротам вайсковага гарадку. Бальшыня афіцэраў, асабліва маладых, пасьля вайны служыць не хацелі, хацелі дадому, дзе заставаліся родныя, якіх ня бачылі ўсю вайну. Уся наша радасьць была купіць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносілі да дроту, і выпіць. Таму пілі — і афіцэры, і салдаты. Да восені нікога не дэмабілізавалі, таму ўсе разам — маладыя, 18-гадовыя, і старыя, да 50 гадоў, — вучылі вайсковыя статуты, будову матчасці і палітыку на рэгулярных палітзанятках. Сьпярша нашыя адносіны да англа-амэрыканскіх саюзьнікаў былі ляяльныя, усё ж мы памяталі, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елі тушонку, на чыіх аўтамабілях езьдзілі. Але затым раптам, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робіцца) тыя адносіны зьмяніліся, і мы пачулі ад нашых камандзіраў ды палітрукоў, што найпершыя цяпер нашыя ворагі [–] гэта Амэрыка з Англіяй. Таму трэба пільнасьць і пільнасьць! Не паддавацца на правакацыі і мацаваць боегатоўнасьць.

Увосень салдатаў некалькіх узростаў (да 1924 году нараджэньня ўключна) дэмабілізавалі, афіцэраў пакінулі. Я напісаў некалькі рапартаў аб дэмабілізацыі, ніводнаму зь іх не далі хады. Служы, прафэсія афіцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у блаславёнай краіне Балгарыі, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступіў, хапіла мне камсамолу, які таксама нямала дапёк. Ці не заўсёды я быў камсоргам батарэі, дзе клопату было няшмат, але цяганіны хапала. Найперш сходы, паперы, баявыя лісткі... А галоўнае — на кожны тыдзень, месяц, квартал — пляны мерапрыемстваў, дзеля блізіру, бо ніхто іх выконваць і не зьбіраўся. Але за тым сачылі нампаліты, у якіх іншых абавязкаў і не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклікаў нампаліт камандзіра палку, кажа: «Быкаў, а калі мы выберам цябе камсоргам палку? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткі хадзіць ня трэба. Ты афіцэр граматны, вучылішча скончыў, думаю, справішся...». Камсамол мне абрыдзеў, але і заняткі штодзень у сьпёку і непагадзь — таксама ня мёд, і я пагадзіўся. На чарговым сходзе быў аднагалосна абраны камсоргам.

Яшчэ празь нейкі час той жа нампаліт кажа: «Камсорг палку павінны быць членам партыі, таму трэба табе ўступіць. Я дам рэкамэндацыю». Toe ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыі — гэта рабства душы, што я перастану належаць сабе, а галоўнае — тады бывай дэмабілізацыя і ўсе мае мары.

Але жыцьцё ці лёс распарадзіліся інакш. Не паводле нампаліта маёра Цквітарыя, ні паводле майго жаданьня.

Увосень нас пачалі пушчаць у горад — у вольны ад службы час, і афіцэры, бы застаялыя ў загарадках коні, рынуліся на гарадзкую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мілай нашаму сэрцу Сафію. На плошчы Народнага сходу, якраз насупраць помніка цару-вызваліцелю ўлады зрабілі Дом афіцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якім можна было найперш выпіць і закусіць. Канешне, такі выпадак грэх было ўпусьціць, і мы яго не ўпускалі. Абы былі грошы.

З грашыма часам здаралася напруга. Заробак узводнага быў невялікі, да таго ж шмат у каго былі адасланыя грашовыя атэстаты родным і блізкім. Я таксама паслаў атэстат сваім на 600 рублёў, прыкладна столькі ж атрымліваў на рукі. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпілі ў рэстаране (кампанія чалавек шэсьць), але не хапіла. I віна, і грошай. Тады Лёшка Рыжкоў і кажа: «Быкаў, ты ж, здаецца, зьбіраў камсамольскія ўзносы, дзе яны?». У сэйфе, кажу. «Дык што ж яны ляжаць у сэйфе, марнуюцца. Грошы павінны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем». Эх, Лёшка, які ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзін я. Паехаў, забраў з сэйфа што там было, і слаўна мы дагулялі той дзень у рэстаране насупраць царавызваліцеля.

Здарылася, аднак, што ў панядзелак палучка не адбылася — з банку грошай не далі. Toe было горш, але я маўчаў. Трошкі зьдзівіўся, праўда, калі пасьля заняткаў мяне паклікаў — і не абы-хто, а сам начальнік палітаддзелу брыгады, які наўрад ці калі мяне і бачыў. (Зрэшты, як і я яго.) Размова пачалася ветліва: ну як працуецца, якія пляны? А пасьля, нібы між іншым — узносы сабраў? Сабраў, кажу. I што — здаў іх у фінаддзел? Не, яшчэ не, сказаў я, і ўсярэдзіне ў мяне нешта апала. А дзе яны, грошы? — пытаецца палкоўнік. У сэйфе, кажу. А ну — прынясіце...

Я ўстаў і сеў. Усё было зразумела. Хтось стукнуў, і я прапаў. Ну не зусім, але халяўская мая паліткар’ера ляснулася ў самым пачатку. Праз два дні вярнуўся на батарэю, і мой камбат Ахрын пакпіў: «Ну што, ня выйшаў зь цябе палітрук! Я ж гаварыў». А нампаліт маёр Цквітарыя сказаў, што пасьля такога ўчынку мне ня месца ня толькі ў партыі, але і ў камсамоле. На днях зьбярэм сход і выключым. Я са злосьці напіўся і, вярнуўшыся з рэстарану, кінуў у грубку свой камсамольскі білет. (З таго часу і на ўсё жыцьцё — беспартыйны.) Назаўтра напісаў новы рапарт аб дэмабілізацыі.

Колькі тыдняў пасьля хадзіў, бы ашаломлены, і ламаў сабе галаву: хто? Хто данёс? Toe мог зрабіць толькі нехта з шасьці, што былі ў застольлі. Нават зь пяці. Але ж усе былі браты па зброі, аднагодкі, сябры. Каго было падазраваць у самым, можа быць, гнюсным? Сярод шасьцёх два былі членамі партыі — ці не яны? Ці, можа, хто з камсамольцаў? Або зусім беспартыйны Лёшка, які ўсё і справакаваў?

Таго, аднак, я не дазнаўся ніколі. Як і ў шмат якіх іншых выпадках.

 

28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя

Даўно людзьмі заўважана, што бяда ня ходзіць адна, бяда любіць кампанію. Хаця наступныя за першай беды ўжо ўспрымаюцца інакш, часам з гумарам, са зьедлівай самаіроніяй. Як у мяне з абмундзіроўкай, якая для маладога вайскоўца заўсёды нямала значыць. Хацелася выглядаць «як усе», лічылася нягожа, калі на цябе будуць паказваць пальцам. Тым болей у горадзе.

Тады ў Сафіі ў мяне ўзьніклі менавіта такія праблемы: не было гожай абмундзіроўкі. Яшчэ ў Аўстрыі пачаў зьдзяваць гімнасьцёрку і адарваў каўнер, які амаль сапрэў за зіму. Выдалі з падменнага фонду б/у. Быццам і ніштаватая гімнасьцёрка, але зь дзьвюма лапікламі: ззаду на левай лапатцы і сьпераду на грудзях, — пэўна, зьнятая з забітага. Шынэлак мой аказаўся з падпаленымі поламі, бо ляжаў у машыне, а як прарываліся ў Венгрыі, тая машына згарэла, пасьпелі выхапіць толькі гэты падгарэлы шынэлак. (У рэчмяшку згарэлі і малюнкі ў альбоме. Маляваў жа...) I во ў такім шынялі з падпалінамі прыехаў у Сафію. Улетку нічога, але ж пачалася восень, насталі халады. Неяк стаю на Арловым мосьце ў сваёй гімнасьцёрцы, чакаю аўтобус на Плоўдзіўскую шашу. А ўжо зімна, падае рэдкі сняжок. Побач ідуць балгары, чую гамоняць: «Братушка — сібірак, сібірак...». Я ўвесь азяблы, а яны думаюць, што загартаваны, мне цёпла, бо сібірак.

Каб неяк даць сабе рады, купіў шынэль у аднаго балгарскага генэрала. Балгарскую ж армію разагналі, афіцэраў звольнілі. А форма ў іх была такая, як у царскай Расеі, толькі з шасьцю гузікамі, — падобная да нашай. Шынэлак быў харошы, хіба з адным немалым недахопам — чырвонай падкладкай. Ну але калі добра затуліць полы, дык і нішто. Хіба надта шыкоўны матэрыял, зь якога пашыты...

Першы раз надзеў той шынэлак у выхадны, калі мы зь сябрам і ягонай сяброўкай зрабілі паход на Віташу. Усё лета пазіралі на гэту цудоўную гару паблізу Сафіі, а ўзьлезьці на яе не даводзілася. Дабраліся да яе зімой, па сьнезе і, добра стаміўшыся, заначавалі ў паляўнічай хіжыне. Мой сябра старшы лейтэнант Валодзя зь сяброўкай засталіся, а я павінны быў ранкам пасьпець на развод. Таму на сьвітаньні мусіў рушыць з гары. На шашы сьпяшаюся, але адчуваю, што спазьнюся, і тут якраз — «віліс» і ў ім камандзір брыгады. Ну, спыніўся — сядайце! Сеў, едзем. Пад’ехалі да прахадной, я хацеў неяк сашмыгнуць, каб пасьпець у свой строй, бо на пляцы ўжо пастроена брыгада, чакаюць камбрыга. Але той мне — пастойце! I вядзе на пляц. А там, як звычайна, дзяжурны камандуе строю сьмірна», аддае камбрыгу рапарт. Я стаю побач і ўжо адчуваю, што зараз будзе штосьці дурное. Так і здарылася. Падаўшы каманду «вольна», камбрыг гучна гаворыць дзяжурнаму: «Ну, а цяпер адрапартуйце во гэтаму гаспадзіну генэралу! Яму, ці бачыце, не даспадобы савецкая форма, дык ён абрадзіўся ў балгарскую. — I паднімае маю палу на чырвонай падкладцы. — Во палюбуйцеся, “как попугай»!..” У страі рагочуць. Але ня надта. Камбрыг быў чалавек новы, прыехаў з акадэміі і дужа энэргічна змагаўся за парадак», ад якога мы за вайну адвыклі. Я і падвярнуўся яму пад руку. А камандзір палку палкоўнік Парамонаў тады мне сказаў: «Каб я цябе болей у гэтым шынялі ня бачыў!». Ну што мне было рабіць? Прадаў я гэты шынэлак нашаму ўзводнаму, лейтэнанту Крывавязу, які зь яго пашыў сабе кіцель і брыджы. Мне выдалі зноў нейкі падменны, англійскі, — добры шынэлак, але кароткі. Давялося падшываць унізе... Але з тым і Крывавязу не пашэнціла. Увогуле ён быў хлопец задзірысты і аднойчы, выпіўшы, пабіўся з маёрам, начальнікам сяржанцкай школы, які быў таксама на добрым падпітку. Лейтэнант быў маладзейшы і, мабыць, перамог у бойцы. Маёру стала крыўдна. I ўжо ноччу ён пайшоў у інтэрнат, дзе жыў Крывавяз, каб прадоўжыць бойку. Але той спаў, маёр яго не дабудзіўся. Затое тут жа на тумбачцы была складзена ягоная абмундзіроўка з таго шыняля. Тады маёр узяў са стала чарніліцу і добра паліў чарнілам — і кіцель і брыджы. Гэта цяпер проста — здаў у хімчыстку і вычысьцяць, а тады... Чым толькі ня цёр яе Крывавяз — і мылам, і бэнзінам — нічога не памагло. Так і прапала абмундзіроўка з майго шыкоўнага генэральскага шыняля. Сапраўды, з чужога няшчасьця сабе шчасьця ня будзе.

Сябраваў я там з многімі, былі адпаведныя майму чыну кампаніі. Займеў у іх пэўную рэпутацыю, асабліва пасьля здарэньня з камсамольскімі ўзносамі. Гэта начальства за тое на мяне ўзьелася, а сябры — зусім наадварот. Неяк зблізіўся зь лейтэнантам Дзібнерам, які служыў у штабе. Той быў родам зь Ленінграду, у якім жыве і дагэтуль (мы зрэдку перапісваемся, перазвоньваемся. Ён цяпер — доктар геалягічных навук, спэцыяліст па геалёгіі Арктыкі). Тады мы зрэдчас хадзілі разам у горад. Віталь любіў выпіць шклянку віна, а галоўнае — шмат расказваў пра свой Ленінград, які я ніколі ня бачыў. Ён быў старэйшы за мяне, да вайны скончыў унівэрсытэт і быў дужа адукаваны, што вельмі імпанавала мне.

Другі мой сябра быў хлопец іншага складу. Ня буду называць яго прозьвішча, але гэта таксама быў наш узводны, старшы лейтэнант, якога я [зваў] Валодзя. Родам ён быў з Уладзівастоку, хаця ня надта распавядаў пра свой горад. Ён быў захоплены іншым горадам — Соф’яй, як яго называлі балгары. I аднойчы захапіўся дзяўчынай, балгаркай. Канешне, на сваю бяду... Рэч у тым, што тады ўсе і ўсялякія нашы кантакты з іншаземцамі ня толькі не дазваляліся, а жорстка прыпыняліся. Нельга было і небясьпечна пасябраваць з балгарынам, калі выпіць зь ім ці нават некалькі разоў запар сустрэцца, каб тое не рабілася вядома нашаму міламу с ь м е р ш у, які за мяжой шчыраваў з падвоеным імпэтам. Валодзя ня толькі пасябраваў, ён закахаўся ў студэнтачку Веру, дачку нейкага высокага балгарскага ўрадоўцы, члена ЦК балгарскай кампартыі. Валодзя меркаваў, што тая акалічнасьць — членства яе бацькі ў ЦК — яму штосьці дазволіць. Аказалася, нічога не дазволіла.

У балгарскі пэрыяд нашага жыцьця хутка ўспыхнуў і незвычайна абвастрыўся сум па далёкай радзіме. Дужа хацелася дамоў. Для спатканьня з роднымі, якіх ня бачылі даўгія гады, а таксама са звыклай зь дзяцінства прыродай, ландшафтам, побытам. Родныя мясьціны сьніліся ноччу і клікалі да сябе, кранаючы душы, гучалі галасы бацькоў, што даходзілі ў сумных лістах. На радзіме быў голад і бязладзьдзе, мы ж у Балгарыі жылі ў адноснай сытасьці, хацелася дапамагчы, чым было можна. Аднак, выслаўшы атэстат, сам застаўся з капейкамі — толькі на цыгарэты. Toe дужа хутка азмрочыла мой паўсядзённы побыт.

Амаль увесь вольны час, якога, зрэшты, было няшмат, мы бавілі ў горадзе, мілай Сафіі. Там былі мастацкія музэі, дзе я зь цікавасьцю і ўпершыню разглядаў некаторыя творы буржуазнага, «салоннага» жывапісу, першы раз пабываў у оперы, вядома ж, на расейскіх спэктаклях («Евгений Онегин», «Князь Игорь»). Балгары тады і пасьля ставілі найболей расейскія творы. Неяк у вулічным натоўпе са зьдзіўленьнем назіраў, як адмыслова прывезеныя для таго з Расеі экскаватары і бульдозэры бурылі каменную агароджу царскага палацу ў цэнтры Сафіі. Які энтузіязм панаваў тады сярод люду — прагналі цара-крывапійцу! (Каб праз паўстагодзьдзя зь няменшым энтузіязмам вітаць ягонае вяртаньне.) Палітычны клімат у краіне ўсё болей вызначалі камуністы — мясцовыя з падтрымкай і пад кіраўніцтвам прыезджых дарадцаў. Неўзабаве пачалі выкрываць ворагаў балгарскага народу, здраднікаў, кшталтам Васіла Каларава, якіх патрабавалі расстраляць. Што і было зроблена. (Ведама ж, як не зрабиць, калі народ просіць.) На такім палітычным фоне пачалося і доўжылася Валодзева каханьне: бацька ягонай каханкі, здаецца, трапіў у апалу.

Валодзя пачаў таіцца, усяляк хаваць свае сустрэчы зь Верай. На вуліцы тое было складана, на кватэры ў яе бацькоў немагчыма. У гарнізоне за ім, вядома, было наладжана сачэньне, с ь м е р ш сачыў за кожным крокам. Некалькі разоў яго выклікалі і папярэджвалі. У парткаме пагражалі выключыць з партыі. Валодзя не хацеў быць выключаным, бо тады б яго адразу выслалі на радзіму, ён хацеў быць зь Верай. У такі час ён даверыўся мне і прасіў дапамагчы. Гэта мы зь ім хадзілі ў той выхадны на Віташу, дзе ён астаўся начаваць. Чамусьці той факт яму трэба было ўтаіць, і ён папярэдзіў мяне, каб я сказаў (калі паклічуць), што мы ўвечары разам вярнуліся ў горад і я ўвесь час быў зь імі. Розныя запіскі Веры, яе фотаздымкі ён хаваў сьпярша пад верхняй дошкай нашага стала ў інтэрнаце, пасьля, як згледзеў, што іх там хтось апароў, перадаў мне. Я насіў іх у сваёй палявой сумцы — на заняткі, у поле, артпарк. Але аднойчы не знайшоў іх там — скралі, калі я абедаў у сталоўцы. Мяне паклікалі ў аддзел контрразьведкі і пыталіся пра Валодзю. I пра тое, што было ў ягоных тых паперах. Я сказаў, што чужых папераў не чытаю. А калі б там былі шпіёнскія зьвесткі, — спыталіся ў мяне, — і вас залічылі ў шпіёнскія сувязьнікі? Што я мог ім сказаць? Там былі лісты пра каханьне, я ведаў гэта, хоць і не чытаў іх.

Валодзю арыштавалі, паклікаўшы ў палітаддзел. Iдучы туды, ён прадчуваў тое і толькі шапнуў мне: у шэсьць нуль-нуль схадзіць на Арлоў мост і перадаць Веры, каб не чакала. Што я і зрабіў. Пра лёс Веры нічога не дазнаўся, бо хутка расфармавалі брыгаду і нас раскідалі па розных месцах Балгарыі. Адрасу яе я ня ведаў. (Вось яшчэ адзін нерэалізаваны — «негатыўны» сюжэт з маёй далітаратурнай біяграфіі.)

 

29. Мікалаеў

Нядоўгі час пасьля я правёў у стралковай дывізіі пад Бургасам, але і тую расфармавалі, вывеўшы на станцыю Кодыма Адэскай вобласці. Са станцыі Унгены мы ішлі пешым маршам — якраз па тых месцах, дзе два гады таму ваявалі. У тое лета на поўдні панавалі страшэнная засуха і яе звыклы спадарожнік — голад. Малдаўскія сёлы стаялі паніклыя, безь людзей, людзі сышлі на поўнач — Украіну, Чарнаўцы. Забег я ў сяльцо пад вышынёй, куды хадзілі ўначы і дзе нас ледзьве не захапілі ў палон. У тым сяльцы я не сустрэў ніводнага чалавека, яно зусім абязьлюдзела. Не было і гаспадара, які частаваў нас курацінай. Адна лебяда ў дварах, поле чорнае, выпаленае сьпякотай. У вайну не было гэткага...

Улетку я быў ужо ў Мікалаеве, у тамашняй стралковай дывізіі. Дывізія стаяла ў летніх лягерах пад Цярноўкай за Бугам. Упершыню тады давялося напоўніцу зьведаць усе пяшчоты стэпавага поўдню. Найперш даліся ў знакі вецер, пыл і пясок. Страшэнная сьпёка, і нідзе ніводнага дрэўца. Усё ў пыле — пасьцелі ў палатках, пыл на сталах у летняй сталоўцы, на посудзе, на апратцы людзей. Неаднойчы тады ўспамінаў я нашы мілыя лясы-пералескі, клёны і дубы прысадаў, іх паласатыя цені цераз вуліцу. Прыгажуны — лясныя азёры... Праўда, тут блізка была рака, але ля ракі патрулі — пільнуюць, каб ніхто не падышоў і блізка. Такі ўжо спрадвечны прынцып у войску: куды трэба, туды не пушчаць. I гнаць, куды нікому ня трэба. Усе заняткі на голай, без травы, стэпавай роўнядзі, усё назіраецца са штабнога пагорку. Як заўсёды ў мірны (ды і ваенны) час, заняткі, страявая і палітпадрыхтоўка. Усё на сьпёцы, з ранку да вечару.

Там мяне ўпершыню пасадзілі на гаўптвахту — утапіўся салдат. Пасьля заняткаў пайшоў самавольна на Буг, бухнуўся ў ваду і ня вынырнуў. Можа, знарок, а можа, і не. Але хто вінаваты? Вядома ж, камандзір узводу. Хоць камандзір у той момант быў на інструктажы па палітзанятках. Ды ўсё роўна пасадзілі. На гарнізоннай гаўптвахце парадкі катаржныя, — ні сядзець, ні ляжаць. У пяць пад’ём, лежакі выносяць. Каб не садзіліся, на цэмэнтную падлогу выліваюць пару вёдзер вады. Камэндант — зьвер. Мала банальных зьдзекаў, яшчэ ўносіць асабісты элемэнт — увесь дзень люта лаецца, абражае апошнімі словамі, бы ўласных заклятых ворагаў.

Пад восень захварэў, паклалі ў шпіталь. На гэты раз у самы здатны для таго час — перад інспэктарскай праверкай. Шпіталь вокнамі выходзіў на пляц фізгарадку. Iнспэкцыю прыехаў рабіць сам камандуючы Адэскай вайсковай акругай маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. Мы назіраем з другога паверху шпіталю, як ён тое робіць. Усіх афіцэраў — маладых і старых — пастроілі ў шэраг ля фізкультурнага снараду «кабылы». Камандзір палку камандуе: упярод! Да кабылы валюхаста бяжыць які-небудзь лысы, таўставаты, гадоў пад 50 маёр, камандзір батальёну, робіць спробу пераскочыць, ды дзе там, саступае ўбок. Наступны — тое ж самае. Ну, маладзейшыя, узводныя пераскокваюць, і то ня ўсе. Хто не пераскочыў — у асобны шэраг. Такіх апынулася бальшыня. I маршал пачынае мацюгацца: зажраліся, распанелі, ня хочаце добрасумленна служыць савецкай радзіме, вялікаму таварышу Сталіну... Во як трэба — вучыцеся! Падтыкае пад дзягу полы шыняля, кароткая разьбежка і — гоп! Пераскочыў. I загадвае камандзіру палку: трэніраваць! Як натрэніруюцца, далажыць. Сеў у свой «віліс» і паехаў. «Дурак, хоць і Жукаў», — кажа яму ўсьлед сівы начфін артпалку.

Увечары адзін хворы, капітан-артылерыст, які ў вайну служыў на Першым Украінскім фронце, распавёў, як камандуючы фронтам Жукаў ліквідоўваў увосень 43-га нямецкі прарыў пад Жытомірам. Езьдзіў, як заўсёды, на «вілісе» з бронетранспарцёрам галаварэзаў-аўтаматчыкаў і бартавым аўтамабілем ваеннага трыбуналу. Дзе якая няўстойка, хапаў першых жа, хто трапляў пад руку, — салдат ці афіцэраў — загадваў аўтаматчыкам расстраляць. З кішанёў яшчэ не астылых трупаў трыбунальшчыкі даставалі дакумэнты і афармлялі прысуд. Маршал сам не забіваў і нічога не падпісваў, тое рабілі іншыя — паводле ўсіх правілаў вайсковай юрыспрудэнцыі.

Позьняй восеньню перайшлі на зімовыя кватэры. Салдаты — у старыя, мікалаеўскага часу казармы, афіцэры — хто куды, на прыватныя кватэры. Перад тым я спаткаў майго сябра Вальку Бахцігозіна, зь якім разлучыўся ў Сафіі. Валька ўсё малодшы лейтэнант, але служыць у артпалку, дзе, канешне, болей прэстыжна і спакойна, чым у стралковым. Валя ўзяў мяне да сябе на кватэру, якую нядаўна зьняў у старой адзінокай бабулі. Бабуля пусьціла нас з умовай, што на зіму мы дастанем ёй дроў. Мы абяцалі, хаця дзе іх дастаць, ня ведалі самі. Зрэшты, так і не дасталі і перажылі зіму ў няпаленай хаце, амаль не распранаючыся нанач. Харчаваліся ў сталоўцы, разам з салдатамі: суп вермішэлевы, каша пярловая, чай, часам кампот. I то добра. Гараджане і таго ня мелі, жылі голадна, прадукты — па картках. У горадзе можна было купіць шклянку віна — сухога ці паўсухога. Звычайна вырашалі, колькі градусаў, што будзе мацней? Што мацней, тое і пілі. Але, як вядома, напой зь віна слабы...

Вайна ў гэтым паўдзённым горадзе нібы і не спынялася. Стралялі на вуліцах, асабліва ўначы. Былі выпадкі нападу на нашыя каравулы, што ахоўвалі прадуктовыя склады. Нападалі на афіцэраў, рабавалі ўначы. Адзін камандзір роты, позна ідучы з казармы дадому (жыў далекавата, за паркам Пятроўскага), прыхапіў з сабой пісталет, што ўвогуле не дазвалялася. Якраз ля парку яго спаткалі двое: зьнімай шынэль, давай сапагі... Ротны дастаў пісталет і стрэліў, забіў аднаго. Другі ўцёк. I во суд ваеннага трыбуналу: за забойства грамадзяніна такога грамадзянін такі (наш капітан) прыгаворваецца да шасьці гадоў лягероў. Пасьля суду капітан кажа: «Які ж я дурань! Хай бы яны мяне да кальсонаў распранулі, голы б дабег дамоў. А так...». Судзьдзі яму спачувалі, але — закон!

Я і тут падаў два рапарты на дэмабілізацыю, ды марна. I памалу страціў надзею вырвацца з войска. Шкада было Вальку, які сапраўды хацеў служыць, ды напрыканцы зімы яго дэмабілізавалі. На разьвітаньне мы выпілі ў забягалаўцы, і я праводзіў яго на вакзал. Валька ехаў у свой сібірскі Ачынск да маці. Для яго і вайна, і вайсковая служба скончыліся бяз радасьці. Не выслужыў Валька ні чарговага званьня, ні ўзнагароды. Хоць ваяваў і служыў ня горш за іншых. А можа, нават і лепш. Але быў надта малады, дужа сумленны. I — наіўны. Хаця і я ня надта прыдбаў за вайну і службу — адну зорку на грудзі ды адну на пагоны.

I ўсё. Ня тое што іншыя. Неяк спаткаў у кінатэатры Валерыя К., былога аднакашніка па Саратаўскім вучылішчы. Той ужо старшы лейтэнант і два ордэны на грудзях, служыць інструктарам палітаддзелу па камсамолу. I тады мне ўспомнілася, як ён клапаціўся перад выпускам, зьбіраў рэкамэндацыі ў партыю. Мы яшчэ кпілі: ня ўсё роўна, кім цябе закапаюць — беспартыйным ці бальшавіком? Ён бы ня чуў нікога і перад ад’ездам на фронт усё ж пасьпеў атрымаць кандыдацкую картку. А на Дняпры ў аддзеле кадраў, як сталі разьмяркоўваць па дывізіях, яго пакінулі ў палітаддзеле. Тады мы і сьцямілі — разумны ён чалавек, хоць і малады. Так і аказалася.

 

30. Водпуск

У лютым нечакана-неспадзявана далі водпуск, і я рынуўся на радзіму. Ехаць давялося праз Крывы Рог, Харкаў, Гомель. На вакзалах пры перасадках было жахліва — натоўпы людзей, вайскоўцаў і цывільных, старых, жанок і дзяцей, чэргі і штурханіна... Неяк дабраўся з чамаданам да Падсьвільля, дзе, ведаў, працуе ў бухгалтэрыі сястра Валя, пабудзіў яе ўначы, — вядома ж, на канцылярскіх сталах, дзе яна начавала зь сяброўкай. Раніцай разам выправіліся па сьнегавой дарозе празь лес у Кублічы. Па дарозе сястра расказвала сваю крыўду, як пасьля нямецкага палону яе паслалі ва Усходнюю Прусію – па каровы для калгасу. Месяц ці болей гналі вялізны статак, даілі і пасьвілі па дарозе, баранілі і даглядалі, самі заўсёды галодныя і халодныя. Але мусілі трываць, бо абяцалі, як прыгоняць, даць карову, — нашую Акулярку ў 43-м зьелі партызаны, — і сястрычка трывала. Але як прыгналі, аказалася, што каровы патрэбныя для разьвіцьця калгаснай жывёлагадоўлі, і ганшчыцы засталіся з носам.

Дома радасна было, што ўсе жывыя, хата таксама цэлая, не спалілі. Але хлеба няма, ашчаджалі крышку насеннай бульбы, а болей ні малака, ні мяса. Не засталося нават курэй, якія некалі да вайны былі галоўнымі пастаўшчыкамі жабрацкага бюджэту. Увечары прыйшлі вяскоўцы, нядаўнія партызаны, распавядалі, як перажылі вайну. Колькі зьведалі гора і крыўд! Ад немцаў, партызанаў, народнікаў... У тым ліку і ад некаторых мясцовых, асабліва з тых, якія да вайны актыўнічалі з Саветамі і ў вайну не прамінулі ўслужыць акупантам. Але што ж, каму не хацелася жыць? Як таму ранейшаму нашаму старшыні калгасу Ягору, што трапіў у палон. Палонных трымалі ў лягеры пад Лепелем, мясцовых пушчалі дадому. Жонка пайшла па яго, ды Ягор не паслухаўся, дамоў не пайшоў. Кажа, дома адразу данясуць, што камуніст, і стрэльнуць. А тут мяне мала хто ведае, можа, перажыву вайну. Не перажыў вайну наш старшыня Ягор, загнуўся ў тым лягеры.

З маіх сяброў-школьнікаў амаль не засталося нікога — хто прапаў у партызанах, хто ў паліцыі (змабілізавалі на пачатку акупацыі), хто быў забіты на фронце пасьля вызваленьня. Некаторыя з маладых, ня трапіўшы пад дэмабілізацыю, прадаўжалі служыць. Iншыя прайшлі ўсе колы пекла — мабілізацыю ў 41-м, палон і канцлягеры, пасьля — вызваленьне, фронт і зноў лягеры — на гэты раз у іншым боку, на поўначы і ў Сібіры.

Зьезьдзіў у раённы цэнтар Вушачу — трэба ж было стаць на ўлік у ваенкамаце. Туды трохі пад’ехаў, а назад ішоў пешшу ўначы. Ледзьве дайшоў, не замёрз. Бо выпіў у колішняга сябра Мішы. Гэты, як і той мой саратавец, яшчэ ў войску пашчыраваў наконт пасьляваеннай кар’еры і цяпер рабіў у райкаме партыі. Але ён быў старэйшы за мяне, болей вопытны, а галоўнае — абачлівы. Toe было відаць яшчэ змалку, калі, атрымаўшы раённую газэту, ён пачынаў яе чытаць зь перадавіцы. Я ж прывык заўсёды чытаць з канца, з чацьвёртай старонкі, дзе друкаваліся зьвесткі зза рубяжу. Перадоўку пакідаў без увагі.

Мой прыезд на радзіму празь сем гадоў небыцьця, вядома ж, ня мог абысьціся без увагі мясцовага НКВД. Пачалі наведвацца тутэйшыя сэксоты, якіх дужа цікавіла, дзе я быў у вайну? (Ці ня быў у пляну?) Адна дык сказала: «А я цябе бачыла, як тут немцы былі». Дзе ты мяне бачыла?

«Ня памятаю дзе, але, здаецца, бачыла. У такой пілотачцы...»

Мабыць, былі такія, якім трэба было нешта ўтойваць, і такія, каб іх выкрываць. Мая ж вайна, хоць і была далёка адсюль, але ўся — пры сьведках. У палоне я ня быў, на акупаванай тэрыторыі не пражываў. Горш давялося сябру Колю, які ці ня ўсю вайну прабыў у Заксэнхаўзэне, працаваў на капальнях у Аўстрыі, а пасьля яшчэ і паваяваў на фронце. Дэмабілізаваўшыся, ён не паехаў дамоў, а скіраваў у Рыгу, дзе жыве і дасюль. У спакоі, дабрабыце і безь вялікіх праблемаў.

Бацька спытаўся пра мае пляны — як далей? Сказаў, што хачу дэмабілізавацца і прыехаць дахаты, у Беларусь, А ён кажа: ці трэба? Усё ж там, у войску, хоць трудна, ды кормяць. А тут даямо бульбачку і — голад. Як да вайны. Цяпер на сваёй палосцы не пасееш — ня тое, што ў вайну.

Ужо зааралі і межы...

Ехаў назад у Мікалаеў з балючым адчуваньнем расчараваньня, вострым усьведамленьнем таго, што на радзіме не знайшоў гаючага заспакаеньня душы, да якога імкнуўся ў свае 22 гады. Няўтульным здаваўся навакольны сьвет — непрыдатны для шчасьця ў вайну, малапрыдатны і ў міры. Зусім ня гэткім ён бачыўся ў дзень, калі скончылася вайна. Мір дужа хутка ткнуў мяне пысай у сьмярдзючую калдобіну жыцьця. Як было зь яе выбрацца?

Адчуваньне пагаршалася яшчэ і тым, што там, у Мікалаеве, была ў мяне дзяўчына, зь якой я меў жаданьне пабрацца. Там яна мела кватэру, радню, усе працавалі на суднабудаўнічым заводзе, казалі, што, дэмабілізаваўшыся, і я мог бы ўладкавацца ля іх. Але менавіта таго я і не хацеў, бо хацеў дамоў, на Беларусь. Ды, як паглядзеў, — куды б я яе ўзяў на Беларусі? I намер мой пакрысе ачах, нібы прысак у затухлым вогнішчы.

Апанураны і зьбянтэжаны вярнуўся ў Мікалаеў.

 

31. Звальненьне ў запас. Горадня

Вясной, якраз перад Першым маем, прыйшоў загад на маё звальненьне ў запас. Гэта ў той час, калі я ўжо трохі зьмірыўся са сваім вайсковым лёсам, падумаў, што прыйдзецца служыць. Тады і далей усе зьмены майго жыцьця адбываліся ў час, які меней за ўсё быў для таго прыдатны. Усё празь нечаканасьць, раптоўна і неспадзявана. Найперш паўстала пытаньне: куды ехаць? Канешне, у Беларусь, тут не было сумневу, але куды канкрэтна? Да бацькоў у калгас патыкацца ня мела сэнсу, але куды яшчэ? Дзе знайсьці прытулак, хаця б на першым часе?

Паехаў у Менск. Раней у сталіцы ня быў, і тое, што там убачыў, зьбянтэжыла. Горад ляжаў у руінах. На нейкай вуліцы знайшоў Саюз мастакоў, старшынёй якога тады быў Ахрэмчык. Мне далі магчымасьць яму патэлефанаваць. Расказаў, хто я, па што прыехаў. Ён кажа, што пакуль ніякай вучобы няма, вучылішча не працуе, дзе яно будзе — у Віцебску ці Менску, — яшчэ ўрадам ня вызначана. Жыць тут цяжка. Вам, кажа, няма рацыі тут заставацца. У некаторых абласьцях ёсьць аддзяленьні мастацкага фонду і неблагія калектывы мастакоў. Напрыклад, у Бярэсьці ці Горадні. Раю паехаць туды, там будзе праца, і пражыць там лягчэй, чым у Менску. А пасьля, можа, адчыніцца і мастацкае вучылішча. Падумаў я, што, відаць, так і трэба зрабіць. Якраз на Дзень перамогі цягніком цераз Баранавічы паехаў у Горадна — горад, дзе ў мяне не было ніводнай знаёмай душы. I які гэтак грунтоўна і на шмат год прычыніўся да майго чалавечага лёсу.

Зь першага пагляду горад мне спадабаўся, не такі ўжо і пабураны (хоць у цэнтры і трапляліся руіны некаторых будынкаў), але ў ім адчувалася пэўная «заходнасьць», рысы сярэднявечча — у старых будынках, касьцёлах, нават у брукоўцы вуліц. Зноў жа — два замкі і Нёман. Дужа гэта міла здалося майму сэрцу, зьнябытаму на чужыне. Паўдня хадзіў па вуліцах, прыглядаўся, але куды зайсьці не наважыўся. Першую гарадзенскую ноч правёў на вакзале. Ранкам пайшоў шукаць майстэрню мастацкага фонду.

Майстэрня была якраз у цэнтры на вуліцы Клары Цэткін — маленькі пакойчык у старым доме. За адзіным сталом сядзеў лысаваты чалавек у сьветлым гарнітуры з ордэнам Чырвонага сьцягу на грудзях. То быў старшыня гарадзенскіх мастакоў Віктар Марозаў, нядаўні камандзір супрацьтанкавай батарэі, які, дэмабілізаваўшыся, застаўся ў Горадні. Тут жа знаходзіўся стары мастак Дзежка, якога даймала хвароба Паркінсона. Пасьля падышлі сівавалосы вальяжны Iгар Васільевіч Сямёнаў, чарнявы Ваня Пупікоў, таксама былы артылерыст, яшчэ нехта. Выхаванец Варшаўскай акадэміі мастацтваў Аляксандр Кох звадзіў мяне на сваю кватэру, дзе я пакінуў чамаданчык, а ягоная гаспадыня, мілая гарадзенская полька, пачаставала мяне квартай малака з лустай хлеба. Мы хутка з усімі паразумеліся, а каб замацаваць нашу шчасьлівую сустрэчу, увечары пайшлі ў рэстаран, які, вядома ж, называўся тут «Нёман». Грошай у мяне было няшмат (выходное пособие), а пасьля рэстарану амаль не засталося нічога. Затое я набыў сяброў, якія мяне ўладкавалі за Нёманам на кватэру да сардэчнай Мар’і Iванаўны, што надоўга стала бы маёй другой маці.

Так, людзі і мастакі тут былі цудоўныя. Некаторыя зь іх (Марозаў, Сямёнаў, Парахня) былі віртуозамі афармляльнае справы, прыгожа, з адмысловым густам пісалі шрыфты. А ў той нашай справе галоўным былі менавіта шрыфты. Я, вядома, так ня ўмеў, таму глядзеў і вучыўся. Але рэч у тым, што глядзець і вучыцца асабліва не выпадала — было мала працы. Жывапісных заказаў не было зусім, і мастакі дужа мэнчыліся з тае прычыны. Ды іхнія перажыванкі звычайна доўга не трывалі, ад таго быў звыклы мужчынскі сродак. Здабыць грошы на хлеб было цяжка, а то і немагчыма, затое на гарэлку здабывалі заўжды. Тут таксама былі пэўныя віртуозы, і найлепшы сярод іх Віктар Марозаў. Рэдка які дзень абыходзіўся бяз выпіўкі — то, вядома ж, быў наш чорны дзень. Але надвячоркам усё ж нешта надорвалася, і я позьненька вяртаўся на сваю кватэру ў Занёманьні. Toe для маёй Мар’і Iванаўны не было навіной, за шмат год гэта гаротная жанчына была ўжо добра загартаваная яе мужам, таксама дэмабілізаваным вайскоўцам. Горш, што кватарант паводзіў сябе ня надта этычна — за некалькі месяцаў не плаціў за кватэру. Адно абяцаў, ды ня меў чым. Увесь той год я прабыў у майстэрні, разам зь іншымі перабіваўся выпадковымі заказамі. Аднойчы разам з Андрэем Засьпіцкім, скульптарам і будучым ляўрэатам, ладзілі вітрыну кінатэатра, увосень афармлялі ярмарку на Скідэльскім рынку. То быў мой апошні заробак, якога, аднак, хапіла толькі на тое, каб пасядзець у рэстаране і заплаціць за кватэру. А ў пітве я ўжо так напрактыкаваўся, што мог выпіць паўлітра за раз. Сябры лічылі, што тое нармальна, што я нарэшце дасяг агульнае нормы. Для мяне тое было ўсё ж цяжкавата, і я пачаў думаць, што рабіць далей. Тое, што трэба нешта рабіць, было пэўнасьцю. Толькі што? Што я ўмеў? Вучыцца? Але дзе і як? Ніякіх дакумэнтаў аб адукацыі ў мяне не было — усё праглынула вайна, апошняе засталося ў палявой сумцы на засьнежаным полі пад Севярынкай. Напісаў у Саратаў, каб выслалі хоць бы якую копію. Адказалі, што ўсе архівы за ваенны час адпраўлены ў Бугуруслан. Напісаў туды — атрымаў адказ, што з Саратаўскага ваеннага вучылішча ніякіх дакумэнтаў не атрымлівалі. Зьезьдзіў пасьля дамоў — у Кублічах ні школы, ні знаёмых настаўнікаў нікога не было.

 

32. Рэдакцыя. Альбярцін

У Горадні якраз непадалёк ад нашай майстэрні была рэдакцыя абласной газэты «Гродзенская праўда». Часам у піўнушцы на рагу дзьвюх вуліцаў мы сустракаліся зь некаторымі яе газэтчыкамі. Тады ў рэдакцыі працаваў бухгалтарам стары (год пад 70) палкоўнік былой царскай арміі, ён таксама заходзіў туды — выпіць з палучкі піва. Калі-нікалі мы размаўлялі, той распавядаў шмат цікавага з свае царскай службы. Аднойчы ў хвіліну п’янаватай добрасьці ён і сказаў мне, што ня шкодзіла б падумаць пра сваю будучыню, і тым зачапіў нейкія чульлівыя струны ў маёй душы. Вы ведаеце беларускую мову, сказаў ён, а ў нас частку тыражу пачынаюць выпускаць па-беларуску. Зайдзіце ў сакратарыят, можа, будзе патрэба. Дзён праз колькі я сапраўды зайшоў у сакратарыят, дзе мяне спаткала Ганна Iльлінічна Цыпіна, старая газэтчыца, прапанавала напісаць заяву па-беларуску. I, як мне здалося, паколькі не знайшла ў ёй занадта памылак, прыняла мяне на працу карэктарам беларускага выданьня. Трохі папрацаваўшы ў карэктарскай, перайшоў у сакратарыят. Пачыналася новая старонка маёй біяграфіі. Здавалася мне, што я выходзіў на нейкую прамую, але толькі здавалася. Наперадзе яшчэ былі выкруты лёсу, пякельныя рэцыдывы ўсё той жа ваеншчыны, якая ўпарта не хацела выпушчаць мяне з сваіх жалезных абдымкаў.

А пакуль у рэдакцыі было спакойна, мне падабалася. Працавалі тут амаль усе прыезджыя ці дэмабілізаваныя і хадзілі спрэс у вайсковым — шынялях, гімнасьцёрках, ботах. Загадчыкамі адзьдзелаў былі пераважна былыя палітработнікі-вайскоўцы, хіба за выключэньнем аддзела сельскай гаспадаркі, якім камандаваў нядаўні камбрыг Войска Польскага маёр Пётра Барэйка. Камандаваў, як і на вайне — энэргічна і напорыста, асабліва падчас суцэльнай калектывізацыі Заходняй Беларусі. Натуральна, што з такімі кадрамі карэктарам і стылістам працы хапала, і наш рэвізійны карэктар Мікола Аўчароў бясконца канфліктаваў з усімі, адстойваючы «сьвяшчэнныя» нормы расейскай граматыкі. Гэта быў увогуле адукаваны і пісьменны чалавек, але наскрозь нешчасьлівы. На пачатку вайны трапіў у палон, перажыў шмат гора-бяды, а як выбавіўся на волю пасьля перамогі, на радасьці выпіў «не таго» сьпірту і ледзьве не асьлепнуў. Да таго ж выявілася, што яго даваенная жонка ня стала чакаць зьніклага ў палоне мужа і выйшла замуж за палкоўніка-чэкіста, а на прад’яўлены ёй здымак Аўчарова сказала, што гэта ня ён. Увесь час, колькі я ведаў Аўчарова, ён даказваў с ь м е р ш у, што ён — гэта ён, што жонка памыляецца. Атабарыўшыся ў Горадні, ён разам з сваёй новай жонкай збудавалі нейкую будку з друзу і бітай цэглы і жылі ў паўразбураным квартале былога пры немцах яўрэйскага гета.

Маім калегам па сакратарыяце быў Георгі Цьвятніцкі, чалавек трохі старэйшага за мой веку, сталы жыхар Горадні, вельмі дасьведчаны, выхаваны на старой расейска-польскай культуры. Ня маючы вялікай адукацыі, ён ведаў некалькі моваў і наогул ведаў усё. Калі ў каго ўзьнікала якое пытаньне (апроч, вядома, марксызму-ленінізму), на якое не было адказу ў БСЭ1, зьвярталіся да Георгія Аляксеевіча, той, падумаўшы, адказваў. Апроч таго, ён, можа, адзіны ў тагачаснай рэдакцыі дасканала разьбіраўся ў паліграфіі, рабіў вёрстку палос, разьметку шрыфтоў і ў гэтым сэнсе быў чалавек незаменны.

Большую частку майго рабочага часу адбіраў пераклад на беларускую мову расейскіх матар’ялаў, перададзеных па тэлетайпе агенцтвам БелТА. Усе яны былі не малыя памерам — розныя пастановы, прамовы, канешне, з адзнакай «тэрмінова ў нумар», і мне даводзілася іх дыктаваць Станіславе Фадзееўне — ці не адзінай у рэдакцыі машыністцы, што ведала беларускую мову. Часам пісаў што-небудзь з драбноты па разьдзелу інфармацыі. Тады ж у выхадны накрэмзаў першае апавяданьне пра апошні дзень вайны. Намесьнік рэдактара А. Салаўёў прачытаў і сказаў: очань значыцельна! Скупая яго пахвала дала веру ў нейкія ўласныя здольнасьці. Але наступнае апавяданьне напісаў ня хутка. Прычынай таму зьявілася немалаважная акалічнасьць.

У тыя гады, як заўжды на пачатку лета, пачыналіся вайсковыя зборы запасьнікоў, і я атрымаў позву. Пайшоў да намесьніка рэдактара — што рабіць? Той кажа: дамо паперку, ідзі да ваенкама, прасі, каб вызвалілі. Пайшоў да ваенкама, аддаў паперку. Той незадаволена бурчыць: «Усе прыходзяць, суюць паперкі — асвабадзіць. А каго я пашлю? Мне 140 чалавек трэба набраць, што — сам за вас пайду?». I сядзіць з паперкай і ручкай, вагаецца, што напісаць? Я адчуваю, што вырашаецца мой лёс, і кажу:

«Калі ня вызваліце, дык рэдактар сказаў, будзе званіць у абкам». (Вось гэтага ня трэба было казаць, але зробленага ня вернеш.) Палкоўнік кідае ручку, паперку і крычыць:

«Што — у абкам? Пляваць мне на ваш абкам, у мяне во — загад міністра абароны, я яго выконваю. Усё! Iдзі. Пайдзёш на зборы!»

Гэтыя некалькі неабдуманых словаў вызначылі сутнасьць майго жыцьця на шэраг наступных год.

Назаўтра пайшоў на зборы — палатачны лягер у лесе непадалёк ад вёскі Грандзічы, на беразе Нёмана. Тыя зборы адабралі ў мяне тры летнія месяцы. Звычайныя вайсковыя парадкі, заняткі па артылерыі: падрыхтоўка дадзеных, артстралковая... На пачатку восені — экзамэны, якія шэньціла» мне здаць на пяцёркі. Прыйшоў у рэдакцыю, атрымаў водпуск. Аднойчы сустракаю на вуліцы знаёмага афіцэра, які камандаваў намі на зборах, той пытаецца: «Ну што, Быкаў, гуляеш?» — Гуляю, кажу. — «Павестку яшчэ не атрымаў?» — Якую павестку? — «Хутка атрымаеш». Сказаў і пайшоў. I праўда, празь дзень выклікаюць у ваенкамат — расьпішыцеся. Выпіска з загаду міністра абароны аб залічэньні лейтэнанта Быкава В. У. у кадры СА2. Праз тры дні яўка ў часьць. Ну, што рабіць? Пайшоў да адказнага рэдактара, той моўчкі разьвёў рукамі. Давялося зьбіраць «кружку, ложку, кацялок». На гэты раз паехаў далей — у Слонім. У сьвеце пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з пэрспэктывай перарасьці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без артылерыста лейтэнанта Быкава абысьціся было немагчыма.

Армію знайшоў амаль той самай, якою пакінуў два гады таму. Усё тое ж бязладзьдзе, нагнятаньне небясьпекі з Захаду, нястача ўсяго матэрыяльнага — ад транспарту да шынялёў. (Да паловы зімы хадзіў у ватоўцы з прышытымі афіцэрскімі пагонамі на плячох.) I незвычайны нават у гады вайны рэжым сакрэтнасьці. Усе статуты, інструкцыі, загады былі засакрэчаныя. Калі для заняткаў патрэбна было якое настаўленьне (а яно патрэбна было кожны дзень), трэба было ўранку атрымаць яго пад расьпіску ў сакрэтнай часьці, а ўвечары здаць. Узьнікала шмат блытаніны, і некалькі афіцэраў пагарэлі на тым. Адзін наш камбат, каб кожны раз ня бегаць у штаб па статут, што-нішто выпісаў зь яго ў свой блакноцік, які затым згубіў на занятках у полі. Праўда, блакноцік ня быў зарэгістраваны, і камбат асабліва не турбаваўся. Але ж трэба так здарыцца, што яго знайшоў на ўзьлеску калгасьнік і зрабіў, як ён думаў, добрую справу — у кірмашовы дзень адвёз блакноцік у Слонім.

Там вельмі хутка вызначылі, каму ён належыць, і празь які месяц з камбата зьнялі пагоны.

Зіму я прабыў у Слонімскай дывізіі, жыў зноў у бабкі ў Альбярціне. Кожны дзень — палявыя заняткі, у мароз, дождж і сьцюжу. Нарэшце — чаканая вясна, прыгрэла сонца, і Быкаў атрымлівае новы загад: адправіцца на Далёкі Усход.

 

1 Беларуская савецкая энцыкляпэдыя.

2 Савецкай арміі.

33. Курылы. Кунашыры

Далёкаўсходні адрэзак майго жыцьця застаўся ў памяці як штось звыродлівае, маларэальнае, парадаксальнае...

З аднаго боку — звычайная армейшчына, службовая задубянеласьць і муштра. Але, накладзеныя на тамтэйшыя экзатычна-адмысловыя абставіны, інакшыя прыродныя ўмовы, яны ня толькі прыгняталі людзкія натуры, але і душылі іх сваёю выключнасьцю, непадобнасьцю на ўсё ранейшае, звыклае эўрапейскае.

Пасьля даўгога чыгуначнага падарожжа ўздоўж усяе Далёкаўсходняй магістралі, месячнага чаканьня ў казармах Другой рэчкі пад Уладзівастокам (тых казармах, дзе ў канцы 30-х гадоў быў перасыльны лягер і дзе скончыў сваё жыцьцё паэт Восіп Мандэльштам), пасьля марскіх вандровак у душных твіндэках грузавых суднаў па Японскім моры ўбачыў нарэшце месца свайго прызначэньня — пасёлак Галаўніно на паўдзённым канцы вострава Кунашыра. Тады ўжо быў не адзін, а з жонкаю Надзеяй Андрэеўнай, нядаўняй выпускніцай Гарадзенскага пэдінстытуту, якая мусіла выправіцца са мной у нязьведаны далёкі шлях.

Галаўніно выглядала з мора як група раскіданых на беразе нізенькіх драўляных дамкоў на фоне велічнай, зарослай лесам гары тутэйшага вулкану зь японскаю назвай Цяця-яма. (Яма — па-японску якраз гара.) У бок мора тырчэла драўляная збудоўка пірсу, на якім стаяла некалькі салдатаў, яны паказалі, дзе месьціцца штаб палку, куды мне і належала завітаць. На тым дзікім, гарыстым, парослым хвояй ды бамбукам востраве мне суджана было змэнчыць аж тры гады майго не старога яшчэ жыцьця.

Для жыльля была прызначаная цесная каморка ў драўляным, з дошак, як і ўсё тут, дамку, дзе замест крэслаў ці табурэтак служылі скрынкі, вечка адной зь якіх, прымацаванае ў падваконьні было сталом. На сярэдзіне каморкі месьцілася жалезная печка з праіржавелымі трубамі, выведзенымі ў падстольле. Аднойчы праз тыя трубы загарэўся гонтавы дах, што (на шчасьце) было заўважана гаспадаром, які якраз ішоў з казармы на сьняданак. Дом стаяў на самым беразе затокі, ззаду пад прызбу заўжды пляскаліся хвалі Ціхага, або Вялікага, акіяну. Затока ўвогуле была мелкаводная, зарослая марскімі водарасьцямі, якія ў адліў тоўста высьцілалі чорны ўзьбярэжны пясок. Часам мора выглядала нават прыгожым, асабліва ў пагодныя дні. Але пагодных дзён было ня надта багата, болей бушавалі вятры, у сьцюдзёную пару мяло сьнегам — замятала пасёлак да ягоных жалезных комінаў. Непрытульна выглядаў Вялікі акіян, а з другога боку сурова высіліся засьнежаныя горы на японскім востраве Хакайда, за якім было зноў мора і затым ужо Азіяцкі мацярык і далёка-далёка Эўропа. Беларусь мроілася ў няўяўнай далечы, ад якой часьцяком сьціскалася сэрца. I ня толькі ў мяне. Часам здараліся выпадкі самагубства, асабліва сярод маладых салдатаў і нават маладых афіцэраў. Тады некаторыя дзівіліся — чаму так? Што прычынай? Хто іх пакрыўдзіў? Я дык разумеў, чаму. Жахлівая адарванасьць ад звыклага побыту, адзінота, выкінутасьць з цывілізаванага (эўрапейскага) сьвету былі тою псыхалягічнай прычынай, што некаторым чуйным натурам не давала жыць. Тутэйшае паднявольнае салдацкае існаваньне рабілася нясьцерпным. Нейкім сродкам ад таго псыхалягічнага сіроцтва было б сяброўства, зямляцтва. Але ў мяне быў усяго адзін зямляк, салдат Барсукевіч, родам зпад Горадні, зь якім мы зрэдчас перакідваліся роднымі словамі. Ды хутка лёс разлучыў нас і з Барсукевічам.

На той час яшчэ ўзьнікалі нейкія літаратурныя памкненьні, пабудзілася паўзабытая тэма вайны. Напісаў дватры апавяданьні на беларускай мове, якія паслаў у Менск на адрас часопісу «Полымя», каб перадалі Міхасю Лынькову. Прозу гэтага аўтара любіў з даўняй пары, і, думалася, ягоная ацэнка будзе спрыяльнай. I праўда, даволі хутка (за якіх, можа, тры месяцы) атрымаў адказ — падрабязны разбор на некалькіх старонках. Як цяпер прыпамінаю, апавяданьні былі даволі слабыя, і Міхасю Ціханавічу спатрэбілася нямала такту, каб нешта сказаць па сутнасьці і не параніць аўтарскага самалюбства. Аўтар адчуў тое і болей не пісаў. Доўга не пісаў наогул.

Руцінная вайсковая служба ўвогуле была, як і ўсюды: заняткі, нарады, догляд зброі і тэхнікі. Ну і, вядома ж, палітпадрыхтоўка — сьвятая справа ўсёй Савецкай арміі. Але якраз руціннымі заняткамі мы меней за ўсё і займаліся, бадай усё першае лета пайшло на перавозку боепрыпасаў. Вялізныя акіянскія сухагрузы ці ня кожны тыдзень паяўляліся на нашым рэйдзе, і мы на лодках-кунгасах згружалі зь іх скрынкі (тысячы скрынкаў) самых розных боепрыпасаў, вазілі іх углыб востраву ў адмысловыя баясховішчы. Мяркуючы па ўсім, камандаваньне рыхтавалася да новага Порт-Артуру. Якраз усчалася карэйская вайна, і аднойчы нас, падняўшы па трывозе, вывелі на ціхаакіянскае ўзьбярэжжа. Адразу ж пачалі капаць-акопвацца, а затым будаваць болей грунтоўныя ўмацаваньні (бліндажы, бункеры, агнявыя пазыцыі, НП1 ды КП2 ). З дня на дзень чакалі нападу амэрыканцаў. Начальства патрабавала дасканаліць абарону, перакрываць збудаваньні лесам ды глыбей закопвацца ў зямлю. А лесу не давалі, лясніцтва лавіла і штрафавала самавольшчыкаў, што секлі піхты ды хвоі. Афіцэры лаяліся, плацілі штрафы, а начальства патрабавала, каб усё было збудавана паводле статуту інжынэрнай службы. I так восень, зіму і лета. I зноў восень...

Улетку хоць была сувязь з мацерыком, хадзілі параходы, завозілі правізію. А восеньню рэйсы спыняліся, шэсьць месяцаў востраў быў адрэзаны ад краіны. Харчаваліся толькі кансэрвамі, пілі 95-градусны сьпірт, які з жалезных бочак прадавалі рыбалавецкія кааператывы ў суседніх сёлах. Пад вясну канчаўся і сьпірт, тады найбольш спрактыкаваныя пераходзілі на адэкалёны, ласьёны, розныя тэхнічныя вадкасьці накшталт антыфрызу. Камандзіры былі розныя, пераважна ветэраны вайны, але прыбывалі і маладзейшыя — з вучылішчаў. Першыя звыкла цягнулі вайсковую лямку, выслугоўваючы пэнсію, а маладзейшыя, апынуўшыся на краі імпэрыі, часам бунтавалі, служыць не хацелі. Як мой малады сябра Лёшка Клімаў. Ён скончыў вайсковае вучылішча, а раней — Сувораўскае, усё жыцьцё рыхтаваўся стаць афіцэрам, а стаўшы ім, зразумеў, што зрабіў памылку. Але начальства таго не разумела і Лёшкаў бунт перапыняла сродкамі дысцыпліны — вымовамі ды гаўптвахтай.

 

1 Назіральныя пункты.

2 Камандныя пункты.

34. Палкоўнік і сьмерш.

Палком камандаваў стары служака, герой мінулай вайны, чалавек увогуле разважлівы, але малапісьменны. Нават і ў вайсковай справе малапісьменны, чым нярэдка карысталіся яго маладзейшыя падначаленыя. На ягоны загад штосьці зрабіць звычайна спакойна адказвалі: «Але ж тое не па статуце». Палкоўнік хвіліну раздумваў і пагаджаўся: ну калі не па статуце, хай будзе так. Насамрэч ніякага статуту тут не было і блізка, падначаленыя ашуквалі. Аднойчы здарыўся выпадак, які засьведчыў, хто галоўны ў палку. Неяк прапаў мой салдат, не было яго на сьняданку, не прыйшоў на абед. I ніхто ня бачыў, дзе ён. Toe ўжо было ЧП, і я пайшоў дакладваць. Якраз у кабінэце камандзіра палку было некалькі афіцэраў, я далажыў, і кампалку кажа: «Пачакаем да вечара». I тут ускочыў палкавы асабіст ды як пачаў крычаць на камандзіра палку, старога афіцэра: «Што значыць — пачакаем? Зараз жа арганізуйце пошукі, пасылайце на перахват. Ён ужо, можа, па дарозе ў Японію, здрадзіць радзіме, тады ў нас з вамі паляцяць галовы з плячэй». Палкоўнік моўчкі выслухаў капітана і паціснуў плячыма, што значыла: рабіце, як гэты сказаў. А салдат пасьля абеду знайшоўся — проста ён заснуў у траве за артпаркам. Быў змораны. Трэба, аднак, зазначыць, што страх асабіста быў ня марны, у нас ужо здараліся выпадкі пераходу некаторых вайскоўцаў у Японію. Зімой туды цераз забіты таросамі праліў перабег памежнік. Але на востраве была ня толькі памежная служба ў выглядзе наземных заставаў, але і марская, што ажыццяўлялася пагранкатэрамі, асабліва ўлетку. Катэры прыходзілі часам да нашага пірсу. I вось аднойчы салдаты ўбачылі, як з такога катэру згружаюць нейкі мех, бы з качанамі капусты, і адтуль чуецца знаёмы голас: «Прывет, землякі, мяне ўжо прывезьлі». Таго ўцекача ўжо прывезьлі ў завязаным мяшку.

Сваю чэкісцкую ролю ў палку капітан-сьмершавец затым даказваў няраз. I яго баяліся болей за ўсіх. Камандзір палку мог аблаяць, пасадзіць на гаўптвахту, ня даць чарговага званьня. Гэты ж быў здольны спляжыць усё жыцьцё. I пляжыў, не зважаючы на рэпутацыі і званьні.

Аднойчы (тое было яшчэ на самым пачатку майго жыцьця на востраве) я раненька выправіўся на пірс спаткаць катэр з Паўднёвага Курыльску, які павінен быў прывезьці з рамонту стэрэатрубу. Але не прывёз, і я пайшоў з пірсу на бераг. I тут спатыкаю таго капітана, за якім ідзе другі капітан, начальнік штабу батальёну, — чамусь у шынялі і без пагонаў, з маленькім чамаданчыкам у руках. За ім салдат-аўтаматчык з нарыхтаваным ППШ. Яны хуценька зьбеглі па сходнях і схаваліся на катэры. Тое было дзіўнавата, бо начальніка штабу я толькі ўчора бачыў на палкавой нарадзе. Што ж здарылася за ноч? Праз колькі дзён таксама на нарадзе кампалку аб’явіў, што капітан Авяр’янаў арыштаваны за антысавецкія размовы. А пасьля сталі вядомы і самі размовы. Аказваецца, капітан аднойчы праспаў развод на заняткі (не пазваніў будзільнік), і ён, мацюгнуўшыся, памянуў злым словам «стахановское производство». Праз фанэрную сьцяну тое ўчуў начальнік артылерыі батальёну, які тады быў дома, і, канешне ж, стукнуў. Капітан атрымаў 5 год лягероў.

С ь м е р ш там лютаваў, як нідзе. Адмысловых упаўнаважаных тае службы ў палку было цэлае падразьдзяленьне, і яны шчыравалі як мае быць. Iх «хітры дамок» мясьціўся якраз паміж казармай і салдацкай прыбіральняй — для зручнасьці карыстаньня і эканоміі часу. Занавешаныя акенцы там сьвяціліся да позняе ночы. Нават і пасьля адбою.

Напачатку я быў прызначаны камандзірам узводу кіраваньня, абсталёўваў назіральны пункт, вёў дзяжурства і назіраньне за пэўным участкам акіяну. Там жа знаходзіўся і камандзір батарэі, малады, але заслужаны маёр з пяцьцю ордэнамі за вайну. Увогуле ён быў неблагі афіцэр, не нашмат старэйшы за мяне. Сталася, аднак, што яго пакінула жонка — зьехала на мацярык, і маёр застаўся бы саламяны ўдавец. Канешне, выпіваў, часам занадта. А ў астатнім быў дысцыплінаваны і паслухмяны перад начальствам. I вось аднойчы, як я дзяжурыў па палку, раніцай у двары штабу паявіўся сьмершавец, падсеў да мяне ў курылцы. Дагэтуль безь людзей я зь ім ніколі не спатыкаўся. I тут ён пытаецца: якія ў мяне адносіны з маім камбатам? Кажу, нармальныя. А той, памаўчаўшы, кажа: «А вы ведаеце, што ён быў у палоне і служыў у паліцыі?». Toe мяне зьдзівіла — я ведаў, што маёр усю вайну праваяваў на фронце, у супрацьтанкавай артылерыі і, трэба ж так пашчасьціць, нават ня быў паранены. Зноў жа, калі праўда тое, што кажа сьмершавец, дык чаму яго не арыштоўваюць, чаму ён — дагэтуль маёр і яшчэ камандуе батарэяй? Так я падумаў, але гэтаму нічога не сказаў — хіба можна было ўсумніцца ў ягонай праўдзе? Яны ж ведалі пра кожнага ўсё, скрозь зямлю бачылі наша мінулае. I нават нашую будучыню.

Якраз ва ўсіх часьцях акругі (а можа, і ўсяе Савецкай арміі) ішла праверка афіцэрскіх кадраў. Часам на палкавых нарадах чыталі загады камандаваньня пра выкрытых зламысьнікаў. Запомніўся адзін, як сяржант, ардынарац камандзіра палку, стаў палкоўнікам. Сталася так, што кампалку забіла, а паранены ардынарац узяў ягоныя дакумэнты і выдаў сябе за свайго начальніка. Са шпіталю ён атрымаў прызначэньне на полк і камандаваў ім да самай перамогі. I камандаваў, мабыць, няблага, бо на той пасадзе атрымаў аж тры ордэны, ды і полк быў узнагароджаны. На судзе ў яго запыталі: «Як жа ты, ня маючы вайсковай адукацыі, таго дамогся?» Палкоўнік-сяржант адказаў:

«Вельмі проста: былі камбаты-героі, якіх я выклічу і так накручу ім хвасты, што бягуць у атаку, бы ўгарэлыя».

Афіцэры на нарадзе аднесьліся да таго па-рознаму. Старэйшыя абураліся: нахабнік! Як можна?! Маладзейшыя ж яхіднічалі: галоўнае мець хвастатых герояў.

Відаць, аднак, настала і мая чарга на праверку. Пасьля заняткаў выклікае ПНШ1 па ўліку і моўчкі дae прачытаць сакрэтную паперу. У ёй напісана прыкладна наступнае. Паводле ўліку асабовага складу такой-та арміі, лейтэнант Быкаў В. У. значыцца забітым 7.01.44 году і пахаваным у братняй магіле каля вёскі Вялікая Севярынка Кіраваградзкай вобласці. Параграф другі: запатрабаваць ад лейтэнанта Быкава В. У. тлумачэньня дадзенага выпадку. Матэрыял дазнаньня даслаць да 17 верасьня гэтага году. ПНШ сьмяецца: «Ну пішы, як ты вылез з братняй магілы». Што ж, жарты жартамі, а давялося пісаць. I не аднойчы. Пасьля яшчэ патрабавалі сьведак, дакумэнты са шпіталю. Адзін раз выклікаў сьмершавец, пісаў і таму тлумачэньне. Але гэтага цікавіла галоўным чынам, ці быў кантакт з ворагам пасьля майго раненьня. Пра тое, як я ноч праляжаў з трупам нямецкага афіцэра, я, канешне, яму не распавёў.

Цікава адзначыць адносіны паліторганаў да таго выпадку. Калі перад тым парторг палку неяк разы два заводзіў са мной размову наконт маёй непажаданай беспартыйнасьці, дык пасьля — бы адрэзала. Ніхто ні слова. I я быў увогуле рады, бо беспартыйнасьць адкрывала для мяне пэўныя пэрспэктывы, партыйнасьць жа — заводзіла ў поўны тупік. Я ўсё ж марыў вырвацца на волю...

 

1 Памочнік начальніка штабу.

35. Сярожка

Як і здаўна, у арміі карай боскай былі ЧП (надзвычайныя здарэньні). То ўтопяцца, то зваляцца з машынай пад абрыў, то хто застрэліцца падчас чысткі зброі. То нап’ецца. А ў мяне адзін салдат здорава параніў другога. Неблагі салдат, старанны, стаяў на пасту ля гарматы. Як сьцямнела, па беразе ідуць двое, нясуць яму вячэру. А той, як і належала, крычыць: «Пропуск!». Яму адказваюць: «Пярлоўка, Хакімаў! Пярлоўку нясём»... А той зноў: «Пропуск!

Страляць буду!». I бабахнуў. Была цемра, а трапіў, прастрэліў сябру сьцягно. I ніякай адказнасьці, усё адпаведна статуту.

Такія статуты. Статут каравульнай службы патрабаваў, каб у камандзіра, які правярае каравул (ці пост на прахадной), правяралі пасьведчаньне. Але што правяраць, калі гэтага камандзіра два гады ведалі ў твар, кожны дзень бачылі. Але ж трэба. Адзін такі кампалку па-садысцку зьдзекваўся зь дзяжурных на КПП1, кожны раз праходзячы праз вароты, цікаваў, ці будуць таксама кожны раз правяраць яго службовае пасьведчаньне. Звычайна пад вечар правяраць пераставалі, на тым і пападаліся. У лепшым выпадку атрымлівалі вымову. Цікава, што ў кадравых афіцэраў тая бязглузьдзіца не выклікала сумневу. Так паложана, звычайна казалі, і далей паложанага не ішлі нават у думках. Здаровы сэнс? Але здаровы сэнс, як казаў адзін знаёмы камбат, у войску не начаваў ніколі.

Самай папулярнай камандзірскай якасьцю была строгасьць. Строгасьць і патрабавальнасьць — былі абавязковыя для ўсіх камандзіраў, пачынаючы ад яфрэйтара і канчаючы палкоўнікам. Шмат якія толькі і трымаліся, а то і рабілі кар’еру дзякуючы дэманстратыўнай строгасьці, што межавала з жорсткасьцю. А калі і пераўзыходзіла яе.

У спэцыфічных умовах экзатычнай аддаленасьці ад краіны афіцэры жылі дужа ізалявана, бальшыню часу бавячы ў сваіх падразьдзяленьнях – ротах-батарэях, разам з салдатамі. Як звычайна ў войску, узаемаадносіны ладзіліся адпаведна субардынацыі – таварышавалі з роўнымі сабе паводле пасадаў і званьняў. Якія-небудзь сяброўскія адносіны паміж начальнікам і падначаленым выклікалі падозраньні, і тады з сваёю ўвагай да іх падключаліся асабісты. У гэтым сэнсе найбольшы клопат несьлі маладыя афіцэры, халасьцякі, якія і пілі, і скандалілі, бо бальшыня зь іх не хацела служыць на гэтым краі зямлі, мкнулася ў Эўропу, ва ўнутраныя вайсковыя акругі2.

Нешта ў майго камбата пахіснулася ў адносінах з начальствам (вядома ж, найперш з прычыны ягоных закідонаў), і ён, падобна, вырашыў паправіць рэпутацыю. Аднойчы прыйшоў у батарэю на ўзьбярэжжы пад градусам і аб’явіў збор у зямлянцы на НП. З разьлікаў папыталі: «А процігазы браць?». Як хочаце, адказаў камбат, хаця зноў жа паводле статуту салдат у баявой абстаноўцы павінны быў заўсёды хадзіць наўючаны, бы ішак. Але каму хочацца быць ішаком? Некаторыя прыбеглі з процігазамі, а некаторыя без, толькі зь вінтоўкамі. Камбат запёр усіх у зямлянцы і аб’явіў газавую атаку. Для таго падпаліў дымавую шашку.

Тая шашка, мабыць, і спляжыла ўсю яго вайсковую кар’еру.

Шашка аказалася новай канструкцыі, удасканаленай высілкамі ВПК3, яна ня толькі давала дым, але і паражала дыханьне. Салдаты, што апынуліся ў зямлянцы без процігазаў, страцілі прытомнасьць, ледзьве іх пасьля выцягнулі на паветра. Усчаўся скандал. Падняліся парторганы. I тут, як заўжды, напагатове апынуўся с ь м е р ш. Маёра выклікалі быццам бы на разборку ў палітаддзел, ды адтуль ён у полк не вярнуўся.

Прыкладна ў той жа час, як я сядзеў на НП, сачыў за морам (ці пакажацца амэрыканскі дэсант), завітаў К., малады лейтэнант, узводны, якога, на няшчасьце (як мяне калісьці), зрабілі камсоргам. На сваю бяду, камсорг нядаўна ажаніўся з маладой дзяўчынай, бацьку якой за нешта рэпрэсавалі органы, і дачка не захацела ад яго адмовіцца. Ад камсорга запатрабавалі, каб ён разьвёўся або здаў партбілет. Лейтэнант ня ведаў, як быць, і пачуваўся вельмі засмучаным. Ад мяне пайшоў у пасёлак, дзе купіў сьпірту, выпіў і, лёгшы на ложак у пакоі жонкі, застрэліўся. Хавалі яго ўначы, таемна, на старых японскіх могілках, дзе ўжо стаяла колькі пірамідкаў з зоркамі. То былі нашыя хлопцы, што леглі тут, у чужую зямлю.

Становішча разгорнутых на мясцовасьці баявых парадкаў мела нямала станоўчага ў параўнаньні з казармай.

Найперш — адносная ізаляванасьць ад начальства. Падругое, схоўнасьць, калі нікому не вядома, чым мы тут займаемся. Можна было нават кімарнуць часам, што і рабілі салдаты, выставіўшы пільную варту. А яшчэ — заўзята рыбачылі, асабліва ў час нерасту кеты ці гарбушы.

Пад восень і ўзімку востраў скаланалі землятрусы. Трэсьліся дамы (не бурыліся, бо былі змайстраваны з дошак), толькі скрыпелі ды сыпалася з бляшаных трубаў. Але было, што разбураліся трубы ў той час, калі палілася ў печцы, тады здараліся пажары. Неяк я бег па вуліцы ў пачатку землятрусу, і вуліца перада мной трэснула на ўсю шырыню. Ледзьве пасьпеў пераскочыць шчыліну шырынёй з далонь. А ўвосень 52-га здарылася немаведама што. Рэчка, што працякала цераз пасёлак і ўпадала ў затоку, пачала цячы назад. Вадой заліло лугавіну, падтапіла дамоўкі. Ужо праз колькі дзён дазналіся, што то — ад цунамі. Эпіцэнтр яго быў недзе каля паўночнага вострава Парамушыра, адкуль і прыйшла гэтая хваля. Празь дзень-два вада пайшла назад, у мора.

Двойчы ў год, вясной і ўвосень, мы назіралі незабыўнае відовішча — як рыба касякамі, натоўпамі лезла па вадзе і камянях у прэсныя рачулкі на нераст. Мэтровыя рыбіны можна было хапаць рукамі, біць палкамі, лавіць драцянымі сілкамі. I лавілі, і білі. Варылі ў салдацкіх кацялках, елі. Але найболей палявалі за чырвонай ікрой, якую можна было назапасіць вёдрамі. Ды ніхто не запасіў, усё рабілася на адзін дзень. Выпатрашаныя рыбіны ўсё лета валяліся і гнілі ў траве ўздоўж астраўных рэчак. Гэткую сытуацыю я назіраў у першае лета майго знаходжаньня на Кунашыры. А як праз тры гады ад’яжджаў, рыбы ня стала. Зьніклі і кета, і гарбуша. Вылавілі, паелі, пакідалі.

Зімой рыбацкай насалодай была лоўля корушкі. Пад вясну, як лёд у затоцы браўся трэшчынамі, у тыя шчыліны лезьлі маленькія рыбкі, якіх ня трэба было нічым прынаджваць. Рыбакі проста рабілі кручкі з дроту і, устаўляючы іх у трэшчыны, тузалі рыбу на лёд. За гадзіну яе можна было нарыхтаваць вядро. Смажаная, яна была смачнейшая за ўсю марскую і акіянскую рыбу. Шкада, лавіць яе ў мяне не было часу, і я толькі назіраў за тым, седзячы ў сваім НП на абрыве.

Чытаў на Курылах мала, хіба газэты, якія прывозілі раз у месяц. А зімой, як сканчалася навігацыя, наогул нічога не прывозілі. Нават алкаголю. Па радыё ніколі нічога не было чуваць. Заходнія радыёстанцыі спрэс глушылі. Непадалёк ад маёй батарэі ля пасёлку Галаўніно тырчэлі антэны радыёперахопу, дзе круглыя суткі дзяжурылі афіцэры КДБ. З таго, што трапіла на востраў, добрае ўражаньне на мяне зрабіла аповесьць Э. Казакевіча4 «Двое в степи». Гэта была новая старонка праўды пра нядаўнюю вайну, і дужа прыкра было чытаць, як неўзабаве яе пачалі граміць у літаратурнай і партыйнай прэсе. Таксама як і артыкул Памеранцава5 «Об искренности в литературе». Гэты артыкул мне дужа спадабаўся, але прачытаўшы крытыку на яго, я зразумеў, што з праўдзівай літаратурай трэба пачакаць. Традыцыі літаратурнага пагрому, распачатыя пасьля вайны з Ахматавай6 і Зошчанкі7, мабыць, ня хутка скончацца. Так думаў я тады, і, паслаўшы тры апавяданьні М. Лынькову, болей нічога не пісаў. Не было ахвоты.

Зімой, якраз на дзень Савецкай арміі, у мяне нарадзіўся сынок Сярожка. Быць яму генэралам, жартавалі сябры, маючы на ўвазе знакамітую дату нараджэньня. Генэралам ня стаў, але добра, што выжыў у тае халадэчы, каля жалезнай печкі, да якой ніколі не хапала дроў. Відаць, змалку загартаваўся ў японскім клімаце. Жонка рабіла ў школе, а ён, падросшы, выхоўваўся ў кампаніі ката — вялізнага пухнатага стварэньня, прыязнасьць якога да малога стала выклікаць непакой. Кот ратаваў яго ад сьцюжы, але мог незнарок і прыдушыць, такі быў вялікі. Я спрабаваў ад яго пазбавіцца, ды марна.

У канцы восені прыйшоў загад: адправіцца на Сахалін для вучобы. Жонка і сын з катом заставаліся на Кунашыры.

 

1 Кантрольна-прапускны пункт.

2 Абзац друкуецца ўпершыню паводле дадатку ў аўтарскай кампутарнай раздрукоўцы. Апошні сказ аўтарам выкрасьлены.

3 Ваенна-прамысловага комплексу.

4 Эмануіл Казакевіч (1913–1962) – расійскі пісьменьнік.

5 Уладзімір Памяранцаў (1907–1971) – расійскі пісьменьнік, крытык.

6 Ганна Ахматава (1889–1966) – расійская паэтэса.

7 Міхаіл Зошчанка (1895–1958) – расійскі пісьменьнік.

36. Сахалін

Гэта было жахлівае марское падарожжа некалькіх сухапутных афіцэраў на невялічкім вайсковым судне цераз штармавое Ахоцкае мора. Марская хвароба выварочвала з нас вантробы, пакуль мы бяз ног валяліся ў сьмярдзючым адсеку, з усяе сілы трымаючыся рукамі і нагамі за нейкія трубы. Кідала бязьлітасна ва ўсе бакі. Усю ноч зьверху чулася лаянка, крыкі каманды, якая змагалася за жывучасьць судна. Як прыйшлі ў Карсакаў, аказалася, што маракі мелі рацыю: мы маглі патануць — столькі лёду намерзла на верхняй палубе, на снасьцях і мачтах. Як не перакуліліся ўгору дном, аднаму Богу вядома.

Да пачатку вучобы я, вядома ж, спазьніўся, ужо месяц, як афіцэры займаліся ў вайсковым гарадку Паўднёвага Сахалінску. У клясе мяне пасадзілі за апошні стол, і наш кіраўнік падпалкоўнік Емяльянаў доўга называў мяне Баранавым. Гэта таму, што ў папярэднім выпуску там сядзеў хтось з прозьвішчам Баранаў. Між тым і другім відам жывёлін невялікая розьніца.

Тут мне грунтоўна давялося заняцца матэматыкай, якую я, пэўна ж, недабраў у школе. А без матэматыкі ў артылерыі, як вядома, рабіць няма чаго. Пайшлі тыдні і месяцы працы з падручнікамі, над лагарыфмічнымі вылічэньнямі, па тэорыі верагоднасьцяў. Артстралковая падрыхтоўка ў поўным аб’ёме — вылічэньне дадзеных і стральба па наземных і марскіх цэлях. Спачатку, вядома, на імітацыйных сродках, а пад вясну і на палігоне. Неяк памалу тая навука мяне нават захапіла, а калі што захоплівае, дык я таму аддаюся цалкам. Афіцэры тут сабраліся розныя, з розных часткаў — ад Чукоткі да Сахаліну. Пераважная бальшыня зь іх — нядаўнія франтавікі з эўрапейскіх акруг. Шмат якія служыць не хацелі, ды мусілі, бо вырвацца з войска па-добраму было немагчыма. Некаторыя, праўда, шчыравалі, у тым ліку і мой зямляк Iваноў. Разумны быў, адукаваны афіцэр, добры матэматык, ды меў перабольшаную схільнасьць да справядлівасьці. А гэта ўжо нават не недахоп, а поўны цэйтнот, і ня толькі для афіцэра. Там жа стала вядома пра трагедыю Парамушыра, што ў нас, на Кунашыры, адгукнулася хіба ўздымам вады. Цунамі на Парамушыры за два ўдары з мора змыла пасёлак і зь ім танкасамаходны полк. Самаходкі раскідала па ўсім беразе, а сотні людзей апынуліся ў сьцюдзёнай акіянскай вадзе, дзе і гінулі ад холаду, калі за што трымаліся. На дапамогу прыйшлі вайсковыя амэрыканскія баржы, але з Масквы паступіла радыёграма: гінуць, але дапамогу амэрыканцаў не прымаць. Я ня памятаю, каб хто з афіцэраў нашай групы адобрыў той вар’яцкі загад. Хаця ніхто і не сказаў слова супраць.

Адзін афіцэр-далёкаўсходнік распавёў, як там жыло войска ў гады вайны. Канешне, галадалі (але дзе не галадалі?), абмундзіроўкі, абутку зусім не давалі. Салдаты дралі лыка і плялі лапці. Дысцыпліна, аднак, была зладавана жалезная, пра тое дбалі тылавікі-генэралы. Камандаваў войскам генэрал Апанасенка. Аднойчы таму афіцэру трэба было наведаць жонку, што апынулася ў раддоме за 20 кілямэтраў у пасёлку. Во ён ідзе пехатой па гразі, восень, імжыць дожджык. Раптам яго даганяе «віліс» і ў ім генэрал. «Куды ідзяце?» — «У пасёлак». — «Па якой патрэбе?» — «Жонка раджае». — «А што, паехаць не было на чым?» —

«Ня даў камандзір, гаручкі мала». — «Ну, сядай». Сеў. Але шафёр ня едзе, чакае. I тады генэрал паварочваецца і кажа:

«Ты што, такі-сякі размазаны, ня можаш адмовіцца, калі цябе савецкі генэрал запрашае? Вон з машыны!». Выскачыў, як апараны, а «віліс» газануў і пакаціў па дарозе. Такі савецка-генэральскі этыкет.

Вучоба па артылерыі нават захапляла, у тым была немалая заслуга падпалкоўніка Емяльянава, які ўмеў зацікавіць і захапіць. Гэты вайсковы матэматык спрабаваў нават даказаць трыста год не даказаную знакамітую тэарэму Фэрма (an + bn = сn). Але ж вучылі ня толькі артылерыі. Выкладалася процьма іншых прадметаў, у тым ліку і (ці не другі паводле значэньня) — палітпадрыхтоўка. Жылі на казарменным становішчы — двух’ярусныя ложкі ў вялізнай стадоле-казарме з цьвёрдым распарадкам дня, за выкананьнем якога сачыў зноў жа зьвераваты старшынамаёр. Асабліва дапякалі ранішнія фіззарадкі, на якія выганялі ўсіх, не зважаючы на надвор’е — у дождж, сьнег, мароз. Ну і, вядома, — строй. На заняткі, з заняткаў, у сталовую, клюб. Са зласьлівасьцю напомнілі нам нашу вучылішчную маладосьць і неўміручыя традыцыі прускарасейскай муштры.

Адна падзея таго часу не магла не запомніцца мне на гады. Гэта калі ў адзін шэры сакавіцкі дзянёк у клясу ўвайшоў наш кіраўнік падпалкоўнік Емяльянаў і яўна робленым трагічным голасам аб’явіў, што гадзіну назад памёр вялікі Сталін. Усе ўсталі, пастаялі са скамянелымі тварамі, а я сказаў сабе ў думках: «Слава табе, Гасподзь! Можа, хоць цяпер што-небудзь зьменіцца да лепшага».

На жаль, зьмянілася мала.

Берыеўская амністыя, што была неўзабаве праведзеная, напоўніла далёкаўсходнія гарады масай бандытаў, забойцаў, зладзеяў, якія былі выпушчаныя ў першую чаргу. Палітычных выпускалі зь вялікім разборам, а гэтыя, сацыяльна-блізкія, займеўшы свабоду, дружна ўзяліся за звыклую справу. Да вясны ў горад немагчыма было паткнуцца — рабавалі і забівалі нават афіцэраў.

Палітпадрыхтоўка ды й вайсковая палітыка наогул, як і раней, былі скіраваныя на супрацьстаяньне англа-амэрыканскаму імпэрыялізму. Працягвалася мацаваньне абароны Курылаў, на якія пёрлі ўсё болей войска, боепрыпасаў. Уся берагавая лінія астравоў была ахоплена памежнай службай, збудавалі складаную сыстэму радыёпэленгацыі і радыёглушэньня. Нічога ні з «Голасу Амэрыкі», ні зь БіБі-Сі, ні са «Свабоды» ўчуць было немагчыма. Усё гэта пэўным чынам узьдзейнічала на настрой афіцэраў, які быў далёкі ад аптымізму. Спрэс надзеі... Такіх з маіх аднакурсьнікаў, якія б плакалі з нагоды сьмерці правадыра, я ня бачыў. Бальшыня зацята маўчала.

Тым часам падышла пара выпуску. Па ўсіх прадметах у мяне былі пяцёркі. Апошнюю на палігоне экзамэнацыйную задачу — стральбу на рыкашэтах — выканаў на выдатна і атрымаў чырвоны дыплём. Толькі якая з таго карысьць? На што ў жыцьці трацяцца час і сілы, калі тое — пустэча, якую нельга зрэалізаваць. Або і ня трэба рэалізаваць? Хіба на вайну? Але вайна для нас скончылася, ужо наваяваліся. Ці не падобна тое, чаму мы вучыліся, на маханьне кулакамі пасьля жорсткай бойкі? А галоўнае, што гэтак і добра: лепш махаць кулакамі, чым праліваць кроў. Але ж навошта тады ўсё тое, чым мы займаемся? I чым рыхтуемся займацца? I пры чым тут я, які зусім не зьбіраецца рабіць вайсковай кар’еры, а толькі і думае, як бы з гэтай далечы вырвацца на радзіму. Я і на Сахалін паехаў з тою ж мэтай, думаў: адтуль бліжэй да дому. Аказалася, не бліжэй, а то яшчэ далей. Так думаў я, плывучы морам зноў на свой востраў. Iншыя афіцэры пасьля вучобы атрымалі новыя прызначэньні, некаторыя з падвышэньнем. Я ж не атрымаў ніякага і вяртаўся на ранейшае месца службы.

 

37. Зноў Курылы, Уладзівасток

На Кунашыры пачуў навіну: полк расфармоўваецца. Шмат якія афіцэры ад’яжджаюць на мацярык, іншыя чакаюць свае чаргі і пакуюць чамаданы. Куды ехаць мне, пакуль невядома. Але замест палку на ўзьбярэжжы ў глыбіні вострава пачалі будаваць аэрадром для рэактыўнай авіяцыі. Гэта, канешне, быў вельмі глыбакадумны плян Генштабу: зьнішчальны аэрадром у тыле непрыяцеля, за востравам Хакайда. А як яго збудаваць, калі тут не знайсьці і ста мэтраў роўнай плошчы? Значыць, зрабіць такую плошчу. I вось загад: скапаць вяршыні дзьвюх сопак, засыпаць седлавіну, каб атрымаць роўнядзь. Але сьпярша трэба высечы лес, пракласьці дарогу. Тэхнікі ніякай. Затое ёсьць салдацкія рукі — безадмоўныя і бясплатныя. Яны ўсё могуць. Галоўнае для генэралаў — загадаць! А як вядома, загад начальніка — закон для падначаленых.

На другі дзень пасьля прыезду ў Галаўніно я ўжо быў на тых сопках, дзе афіцэры-будаўнікі тлумачылі, як усё трэба рабіць. Яны заўтра зьяжджаюць дадому. Пад маім кіраўніцтвам застаецца два дзясяткі салдатаў, з выгляду валацугаў, у абадраных сьпяцоўках. Гэтыя пытаюцца, калі іх дэмабілізуюць? Бо пайшоў ужо шосты год іхняй службы, а пра дэмабілізацыю Масква, падобна, забылася. Але як ім, так і яны. Назаўтра да абеду ўсе сьпяць, на работу ніхто ня выйшаў. Зьнішчальнікі, кажуць, хай пачакаюць. Iм і каля Уладзівастока няблага.

А праз два дні прыяжджае камісія з акругі, мне прыйдзецца ёй усё паказаць. А што я пакажу? Накапаную зямлю ды штабэлі мэталічных палос, якімі належыць выслаць пляцоўку. Зрэшты, хай глядзяць што хочуць...

Камісія прыехала, паглядзела, запісала і паехала. А я зноў застаўся з маімі раззлаванымі будаўнікамі, пачаў іх угаворваць працаваць. Куды там! Прыехаў камандзір палку, сказаў, што ён дэмабілізуецца, на палку застаецца начальнік штабу. Празь нейкі час начштабу пазваніў сам, аказваецца, у палку ЧП: нехта абакраў касу начфіна. Шукаюць, хто. Але падазрэньне падае на аднаго з маіх будаўнікоў. Таму мне патрэбна прыехаць у гарнізон.

У гарнізоне ідзе вялікі шмон, шукаюць злодзея. Iнакш зробяць налік на камандзіра палку ды камандзіра батарэі, г. зн. мяне. Знайшлі багацея. Я сказаў, што ў такім разе на аэрадром не паеду.

Пакуль шукалі злодзея, афіцэры разьяжджаліся на новыя месцы службы. На мяне ж ніякага загаду ўсё не было. Я цярпліва чакаў. I вось дачакаўся, што заўтра адыходзіць апошні параход на мацярык, навігацыя зачыняецца. Паўгода ніякіх зносінаў нікуды не будзе. Але што мне рабіць? Начштабу кажа: рашайце самі. Тут заставацца нельга, бо палку болей няма. Пасёлак апусьцеў. Але і ехаць куды без загаду — самаволка. Дык што рабіць?

Зь вялікім боем, без дакумэнтаў, па ўласнай ініцыятыве ўскараскаўся з жонкай і сынам на апошні параход. Зноў, як і папярэдні раз — позьняя восень, штармавое мора. Усе пасажыры ляжаць покатам — марская хвароба. Адзін толькі мой двухгадовы сынок не баіцца гайданкі, швэндаецца па калідоры судна і просіць каўбасы. Дужа любіў каўбасу...

Ва Уладзівастоку — зноў знакамітая Другая рэчка, казармы з двух’яруснымі ложкамі, дзе ўсе — мужчыны і жанчыны, дзеці. Тысячы, а мо і дзясяткі тысячаў афіцэраў, зрушаныя з ранейшых месцаў службы, чакаюць, калі вызначыцца, каго — куды. Чакалі, мабыць, зь месяц. За гэты час мой Сярожка пабываў у больніцы з ангінай, думалі, дыфтэрыт. Неяк выкараскаўся. А як дайшла чарга да Быкава, кадравікі дужа зьдзівіліся: чаму Быкаў не на Сахаліне?

Яшчэ вясной яго прызначылі туды ў гаўбічны артполк, чаму ён тады не паехаў? «А хто мне пра тое паведаміў?» — думаў я, ледзьве стрымліваючы нямое абурэньне. Выказаць абурэньне голасна было немагчыма.

Зноў — амаль ужо зімовае мора, шторм, шквальны вецер і жахлівая ноч да Карсакаўскага порту.

Гаўбічны полк стаяў у лесе за Долінскам. Неяк дабраўся. Далі кватэру — на падсяленьне да нампаліта. Агульная кухня, цесны пакойчык і, канешне, сьцюдзёны. Не пасьпеў прыняць справы ў батарэі, як новы загад: паехаць з камандай маіх жа батарэйцаў на ахову і адгрузку драўніны. Адзін інтэндант, сустрэты па дарозе са штабу, сказаў: глядзі, старшы лейтэнант, там справа нячыстая. Дровы прапілі, раскралі, а як замяло сьнегам, хочуць палічыць, што ўсё цэлае. Як бы не давялося плаціць...

Зноў — плаціць! Як заўжды, у 12,5-кратным памеры. Не пасьпеў прыехаць, і ўжо падстаўляюць. Але каго ж і падстаўляць, калі не чужога. Новенькага. I я назаўтра сказаў: не паеду. Як не паедзеш? Дзіва, афіцэр адмаўляецца выканаць загад камандаваньня! Тады — гаўптвахта. Добра, пайду на гаўптвахту. 10 сутак ад камандзіра дывізіі.

Узяў тоўстую кнігу («Угрюм-река» Шышкова1 ), пайшоў у Долінск, сеў на гаўптвахту. Успомніў, як колісь сядзеў у Мікалаеве. Не, тут трохі іначай. Тут лібэралізм. Сядзі, ляжы, чытай... Увечары прыйдзе хто са знаёмых старых сядзельнікаў, прынясе бутэлечку і рыбца на закусь. Частуемся. Ды яшчэ начальніка каравулу пачастуем. Не, армія наша яўна рэфармуецца. Такога яшчэ нядаўна не здаралася.

Адседзеў усе 10 сутак, позна ўвечары зімовага дня выйшаў. Памятаю, на вуліцы гэтага пасёлку падаў мяккі сьняжок, а радыё на клюбе гучна вяшчала пра тое, што адбыўся суд над здраднікам радзімы, агентам розных замежных разьведак, подлым змоўшчыкам і правакатарам Берыем, які прысуджаны да вышэйшай меры сацпакараньня, і прыгавор ужо прыведзены ў выкананьне. Тая вестка была бы ўзнагарода, бы бальзам на сэрца. Хоць адным зь іх ды стала меней...

Вярнуўся ў полк зь некаторай упэўненасьцю, што ўжо цяпер не пашлюць «на дровы». Наіўны чалавек, ня ведаў, як начальства ўмее свайго дамагацца. Вучылася таму ўсю сваю службу, і ня толькі ў акадэміях. Праз пару дзён мусіў паехаць за гару шахцёрскага пасёлка, што меў чамусьці мой назоў – Быкаў, дзе былі тыя дравяныя нарыхтоўкі. Увечары сядзеў з новым памочнікам старшыной Гузам у горача напаленай падсобцы, і той мяне заспакойваў. Нічога тут не прапіта, усё на месцы.

Бо прапіваць не было чаго. Улетку, як нарыхтоўвалі, пісалі дзьмутыя лічбы, а фактычна тут нічога няма. Гурбы сьнегу, а пад гурбамі пуста. Дзякуй, заспакоіў. Думаў, што прыйдзецца плаціць за які недахоп, а тут, аказваецца, наогул пуста...

Старшына бы ў ваду глядзеў — ніякай ні з кога адказнасьці. Але паколькі дровы патрэбны, дык жалезны загад: пілаваць і вывозіць. Для таго далі паўразьбітую палутарку, якая раз за разам ламалася. Лесапавал рабіўся на схіле гары. Сьпілаваўшы, дрэвы цягнулі ўніз, складвалі ля прабітай у сьнезе дарогі. Адтуль цераз аўражыну — за 20 кілямэтраў на станцыю. Там грузілі на плятформы. I так праз усю зіму таго злашчаснага году. А вясной, як растаў сьнег, у тайзе пачаліся пажары. Жахлівая гэта рэч, лясныя пажары. Суткамі мы іх гасілі, вядома ж, падручнымі сродкамі, вецьцем і рыдлёўкамі, затоптвалі ботамі. Не зважаючы на ўсе салдацкія намаганьні, пажары гойсалі па ўсёй сахалінскай тайзе, выгаралі тысячы гектараў хвойных пародаў. Як ідзе вірлівая сьцяна гэткага палу, з-пад агню ўцякае ўсё жывое — зайцы, лісіцы, барсукі, нават мядзьведзі. Ніхто зь іх не нападае адзін на аднаго, і, што цікава, ніводная жывёліна не палохаецца чалавека. Наадварот, усе шукаюць у яго абарону, толькі на яго і спадзяюцца. I мы ратавалі іх, адганялі ў больш-менш бясьпечнае месца. А адзін малады мядзьведзь дык упадабаў нашу лесавую стаянку, дзе пахла тушонкай ды кашай, і, можа, з тыдзень жыў непадалёк. Пасьля кудысьці сышоў.

Улетку, як скончылася патрэба ў дровах, вярнуўся ў гарнізон на батарэю.

 

1 Вячаслаў Шышкоў (1873–1945) – расійскі пісьменьнік.

38. Долінск

Тут была трохі інакшая атмасфэра — фарсіравалі баявую падрыхтоўку, мелася праверка дывізіі нейкай камісіяй Міністэрства абароны. Зрэшты, тых розных адмысловых камісіяў заўжды было мноства, для салдатаў і нізавых армейскіх падразьдзяленьняў яны ня мелі ніякага значэньня. Затое вышэйшае начальства заўжды ўпадала ад іх у паніку і пасылала свае папярэднія камісіі. Такім чынам, войска кіравалася спрэс камісіямі зь іх праверкамі, кантролем, і — бясконцымі нарадамі, дзе «накручвалі хвасты». Адзін наш новы камандзір дывізіёну падпалкоўнік Дзятлаў заўжды быў спакойны, гэты ўлюбёны ў артылерыю афіцэр, неблагі матэматык, з свае наіўнасьці думаў, што галоўнае для нас — умець па-майстэрску страляць, а не палоць канавы, баючыся прыезду камісій. Кожны тыдзень ён нас, камбатаў, трэніраваў па артстралковай, спакойна, але настойліва выпрацоўваў з нас прафэсіяналаў, майстроў трапнага агню. Сьпярша тое яму ўдавалася, мы, трое яго падначаленых, няблага правялі самыя цяжкія і складаныя батарэйныя стрэльбы па марскіх цэлях, тое ж было пасьпяховым і ў складзе дывізіёну. Камдыў мог быць задаволеным і нават разьлічваць на нейкія даброты ад начальства. Але, як вядома, д’ябал у войску ніколі ня сьпіць, ён заўжды на бязьзьменным дзяжурстве. Падпільнаваў д’ябал і наш дывізіён — неяк уначы загарэлася казарма. Паколькі яна, як, дарэчы, і ўсё тут, была з дрэва, дык да ранку і згарэла датла. Людзі ўберагліся, але згарэла шмат зброі, тэхнікі, рознага вайсковага майна. А тут яшчэ, як прыехалі пажарнікі, у вогнішчы пачаліся выбухі — рваліся снарады і наўкола засквірчэлі асколкі. Як пасьля высьветлілася, то былі прыхаваныя боепрыпасы, якія старшыны мелі ў капцёрках, каб кожны раз перад імітацыйнымі стрэльбамі ня бегаць па іх на склады.

Дагэтуль не магу зразумець, як за той пажар наш Дзятлаў ня страціў пагоны. Ды і мы разам зь ім. Праўда, тое ды іншае страціў адпраўлены на пэнсію немалады ўжо камандзір палку. Мабыць, гэта выратавала іншых. Што да мяне, дык я ў чарговы раз падаў рапарт на дэмабілізацыю. Паколькі ранейшыя мае захады на гэты конт ня мелі выніку, дык я зьвярнуўся да міністра абароны маршала Маліноўскага, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ад нашай акругі. Тое давала мне права на адмысловы зварот.

Доўга не было ніякага адказу, і я пачаў ужо думаць, што мой рапарт не дайшоў да маршала. Ды неяк сьцюдзёным студзеньскім ранкам пазванілі з Долінску, каб я неадкладна прыбыў у штаб дывізіі. Адзіная дарога туды колькі дзён была перамецена, і я пашыбаваў чыгункай. Насустрач дзьмуў ледзяны вецер, мароз быў градусаў пад 30. Але я шыбаваў, радуючыся, што, мабыць, нарэшце наш дэпутат звольніць мяне з свае апрыклай мне арміі, якая ўжо рабілася для мяне вечным пракляцьцем. Азяблы і абмёрзлы прыйшоў у пэўную штабную каморку, далажыў. Малады франтаваты афіцэр-кадравік паварушыў на стале паперы і знайшоў патрэбную. «Вы зьвярталіся да Міністра абароны, маршала Савецкага Саюза, дэпутата Вярхоўнага Савету Саюза СССР таварыша Маліноўскага?» — «Так, зьвяртаўся». — «Атрыманы адказ. Зачытваю: паводле артыкулу такога Канстытуцыі СССР служба ва Узброеных Сілах СССР ёсьць сьвяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Растлумачыць тав. Быкаву В. У., што ён як грамадзянін СССР цалкам і поўнасьцю павінен выконваць патрабаваньне Канстытуцыі Саюза ССР. Подпіс: Міністр абароны Саюза ССР, Маршал Савецкага Саюза, дэпутат Вярхоўнага Савету Саюза ССР Р. Маліноўскі. Вам зразумела?» — «Зразумела». — «Расьпішыцеся, што азнаёмлены...»

Бы пабіты, стомлены і падаўлены прыбрыў у свой таежны пасёлак. Даўно ўжо зразумеў, што вырвацца з войска па-добраму — марная справа. Заставалася адно выйсьце — скандал. Але на тое патрэбны быў іншы характар, якім я не валодаў. Зноў жа, тут важна было не перабраць меру, каб замест дэмабілізацыі не апынуцца пад трыбуналам. Як мой колішні сябра Лёшка Клімаў, які, неяк добра «ўзяўшы», нацкаваў на крыклівага начальніка штабу сваю аўчарку — вялізнага, даволі злоснага Джыма, і загрымеў пад суд. З адной няволі прыдбаў яшчэ горшую.

Па дарозе са службы спаткаў знаёмага нампатэха, які сказаў: «Дзівак-чалавек, да каго ты зьвяртаешся! Што мы для міністра, дэпутата і маршала? Во і я, напрыклад. Служу з вайны і ўсё камандзірам тэхроты. Неяк прыехаў Маліноўскі з інспэкцыяй, сабраў афіцэраў — якія жалабы? Ну я і сказаў: званьне не прысвойваюць, 15 год — капітан. Ён да ад’ютанта: запішы. Той запісаў. Чакаю. Увосень загад па кадрах. Параграф першы — званьне палкоўнік прысвоіць... Параграф другі — званьне падпалкоўнік... Трэці — маёр. Я чакаю, мяне ўсё няма. Нарэшце — званьне капітана прысвоіць камандзіру транспартнай роты Сьцепаненку, гэта значыць, мне. Я ўстаў, плюнуў і пайшоў. Дзякуй за клопат, таварыш маршал. Так і хаджу — двойчы капітанам».

Я маўчаў, бо мне ня званьне патрэбна — патрэбна, каб мяне адпусьцілі на волю. Абрыдзеў мне гэты расейскаяпонскі Усход, хачу дамоў. Мінула ўжо чатыры гады, як я абыходжуся бяз водпуску, зьнябыўся на чужыне, сумую па сваіх чэзлых алешніках. Што мне гэтыя таежныя нетры, кедры ды бамбук[?] Ды гэтае вайсковае бязладзьдзе, уціск і дысцыпліна — я хачу дадому.

Але тое былі асабістыя, суб’ектыўныя жаданьні, а служба і рэальнае жыцьцё патрабавалі свайго — жорсткага і канкрэтнага. Кожнага дня, як заўжды ў 9.00 – развод на заняткі. Камандзіру батарэі трэба прыйсьці раней, узяць рапарт ад дзяжурнага, праверыць якасьць «запраўкі коек». О, гэтыя «койкі» ды іхняя запраўка, зь якой пачынаўся лёс кожнага дня! Iх правяралі дзяжурныя, старшына, камбат, а пасьля і камдыў. I ня дай Бог, калі яшчэ праверыць камандзір палку ці начальнік штабу. Ужо яны абавязкова знойдуць, што дзесь крыва ці няроўна, і ўбачаць у гэтым злачынства супраць дзяржавы. Можна быць выдатным спэцыялістам свае вайсковай прафэсіі, «адданым справе ЛенінаСталіна», але калі ў тваёй атэстацыі будзе запісана, што ты недастаткова патрабавальны да выкананьня ўнутранага распарадку, дык ніякага падвышэньня табе ня бачыць. Я ня прагнуў падвышэньня, таму аднойчы і назаўжды плюнуў на ўнутраны распарадак зь ягонымі «койкамі».

Але тое ня значыла, што на яго ж плюнулі мае начальнікі. Яны якраз і ня плюнулі, а засяродзілі на тым усю сваю пільную ўвагу, якую і зафіксавалі ў характарыстыках і атэстацыях Быкава. З гэтага можна зрабіць выснову, што як Быкаў адносіўся да вайсковай службы, так і служба адносілася да яго. Узаемна мы адно аднаго не прымалі.

 

39. Замена. Лапічы

У адпаведнасьці зь існуючымі законаўстанаўленьнямі афіцэры на Далёкім Усходзе павінны былі служыць тры гады і пасьля замяняцца зь іншымі на цэнтральныя і заходнія акругі. Але то — павінны. На справе ж служылі па чатыры, пяць і шэсьць гадоў без замены і адпачынкаў, кожны год пішучы рапарты, якія заставаліся без адказу. Звычайна прасіліся ў болей камфортныя Маскоўскую або Кіеўскую ці Закарпацкую акругі, часам у Прыбалтыйскую. У Беларускую было мала аматараў, лічылася, што там жыцьцё беднае. Калі з дэмабілізацыяй у мяне нічога не атрымалася, я пачаў дамагацца замены і напісаў, што жадаю паехаць у Беларускую акругу. Нечакана на шостым годзе далёкаўсходняй службы прыйшоў загад аб маёй замене. Належала здаць батарэю, разьлічыцца са службамі і адбыць у горад Асіповічы, БССР.

Я асьцярожна парадаваўся і пачаў складаную працэдуру разьвітаньня з палком.

Здаць батарэю, яе маёмасьць, зброю і тэхніку аказалася надзвычай складана. Суцэльныя недахопы. Нешта згубілася, нешта ў час ня сьпісана і, хоць даўно знасілася, значыцца ў наяўнасьці. Штось даўно перададзена іншаму падразьдзяленьню, а ў палкавых дакумэнтах таго не адзначана. Калі ўжо шмат з чым разабраліся, выявілася, што не хапае аднаго буйнакалібернага кулямёта, які некалі выкарыстоўвалі для імітацыйных стрэльбаў. Праз той кулямёт я рызыкаваў застацца зімаваць на Сахаліне. Выйсьце падказаў адзін вопытны служака. Ён сказаў: «У цябе знойдзецца восем дваццаць? Схадзі ў краму, купі бутэльку каньяку, пастаў начальніку боепітаньня». Так і зрабіў. Калі мы з начбоем выходзілі ўвечары з забягалаўкі, я папытаўся, дзе ўсё ж ён знойдзе той кулямёт? Ці хоць бы дастане на замену? А маёр кажа: нашто мне яго шукаць? Я яго проста выкрасьлю з кнігі ўліку...

Нарэшце ўсё было скончана, усе бегункі падпісаныя, атрымаў дакумэнты на праезд ад Сахаліну да ст.Асіповічы, што ў Беларусі. Зноў прыйшлося з тыдзень ці больш нудзіцца на бакавых паліцах плацкартнага вагону, пакуль даехалі да Масквы. Ехалі спрэс афіцэры, што адслужылі сваё на дзікім Усходзе і цяпер радыя былі, што дапяліся цывілізаванага Захаду. У Маскве жонка з сынам паехалі наведаць яе сястру, што жыла ў Моніна, а я пайшоў паглядзець сталіцу, у якой па сутнасьці яшчэ ня быў. Пачаў, вядома ж, з Чырвонай плошчы, якая зусім не здалася мне вялікай, якой уяўлялася на сьвяточных здымках, затое сьцены Крамля падаліся куды вышэйшыя, чым уяўлялася. У даўжэзную чаргу да маўзалею ня стаў, пайшоў па вуліцы Горкага ўгару. Хадзіў-хадзіў, захацелася дзе-небудзь перакусіць. Сярод сталічнага люду адчуваў сябе, як і трэба было чакаць, няўклюдай — бы чалавек, што прыехаў з тайгі ў цывілізаваны край. Хадзіў спатнелы, у кіцелі, юхтовых ботах. Афіцыянтка кафэ, куды не без ваганьняў завітаў, вядома ж, найперш зьмерала наведвальніка пагардлівым позіркам і праз зубы папытала, чаго ён жадае. Чаго я мог пажадаць? Сто грамаў і чаго-небудзь на закусь. Спытала — амлет? Хай будзе амлет. Асабліва выпіваць аднаму не хацелася, але мусіў. Памятаў, як колісь у Мікалаеве, ідучы ранкам на службу з Валькам Бахцігозіным, заўжды хацелі есьці. На вуліцах у латках прадавалі бутэрброды з кількай і тут жа гарэлку на разьліў. Купляць адны бутэрброды было сорамна, дык мы дадавалі: ну і сто грам. Тады бойкія цёткі-прадаўшчыцы роблена зьдзіўляліся: ай-яй, такія маладыя, што вам па сто грам! Бярыце па дзьвесьце! Даводзілася браць па дзьвесьце. Гэтак і тут. Выпіў сто, пасьля яшчэ сто. Ну і добра! Настрой стаў весялейшы і Масква прыгажэйшая.

У вайсковай камэндатуры станцыі Асіповічы, канчатковага пункту майго падарожжа, дазнаўся, што патрэбны мне полк зусім ня тут, а ў Лапічах, гэта дзесьці далей, у лесе. Што гэта — буйнакаліберны (152-мм гаўбіцы-гарматы) армейскі полк. Як дабрацца туды? Звычайна — на шашу і галасаваць.

Так і зрабілі. Неяк ускараскаліся на паўзагружаную трохтонку, куды падсеў яшчэ адзін капітан, які таксама ехаў у Лапічы. Я зь цікавасьцю азіраў восеньскія палеткі наўкола, застаўленыя белымі мяхамі, — сяляне выбіралі бульбу. Дзе-нідзе ў неба віліся празрыстыя дымкі. Надвор’е было ціхае, стаяла пара бабінага лета. Хвойныя бары абапал дарогі выклікалі ў мяне шчымлівае замілаваньне — столькі год гэтае хараство я бачыў толькі ў снах на Усходзе. Сусед-капітан распавёў, як хораша цяпер ловіцца на блясну шчупак, толькі ўчора ён выцягнуў з рэчкі трохкілаграмовую рыбіну. Цяпер там пасьля службы ўсе афіцэры размахваюць сьпінінгамі. Я слухаў яго і раптам падумаў: буду служыць! Хай, калі так сталася, ня змог вырвацца там, дык тут застаюся. Усё ж дома, не на чужыне. Беларусь — не Курылы.

Той увогуле супакоена-ідылічны настрой трохі апаў, калі ўбачыў ля ракі будучую сваю казарму — старую, абшарпаную, яшчэ мікалаеўскіх часін збудоўку з чырвонай цэглы, якая невядома якім цудам захавалася пасьля дзьвюх войнаў. Але падумалася: можа, і добра, затое не згарыць, ня прыйдзецца за яе нікому адказваць. Усё тут я хацеў бачыць лепшым, чым там, на Усходзе. Аднак ідылічны настрой прадаўжаўся нядоўга, у штабе мне далі прачытаць загад па акрузе, дзе я прызначаўся зусім не камандзірам батарэі, а крышку ніжэй, на штабную пасаду. Трохі разважыўшы, вырашыў: можа, і лепш, спакайней будзе. Там жа сказалі зайсьці да нампаліта, які задаў толькі адно пытаньне:

«У партыі быў?» — «Не, – кажу, – ня быў». — «Ну, усё, ідзіце». Пайшоў, трохі, аднак, задумаўшыся над тым невыпадковым пытаньнем.

На кватэрнае ўладкаваньне было дадзена два дні, за якія я яго і вырашыў: знайшоў куток у калгасніка з суседняй вёскі. Цёмны і даволі сьцюдзёны. Гаспадар ляжаў п’яны, гаспадыня лаяла апошнімі словамі і яго, і савецкую ўласьць. Пэўна ж, я тут аказаўся ня самы жаданы. Жонка з сынам паехала ў Горадню да сястры, якая некалі засталася ў нашай кватэры, а пасьля выйшла замуж. Як пісала, — таксама за афіцэра.

 

40. Звальненьне. Горадня

Адзін разумны афіцэр на Сахаліне некалі казаў, што Савецкая армія вельмі нагадвае сабой плянэту-пульсар, якая то сьціскаецца, то пашыраецца, і ў тым уся яе функцыя. У спакойным стане яна існаваць ня можа, спакой для яе — пагібель. А хто хоча гінуць? Во і трапечацца. Каб жа толькі не хацець самой гінуць, але ж ёсьць яшчэ прагнасьць загубіць ворагаў, якія для кожнай арміі заўсёды знойдуцца. Узаемазалежнасьць войска і ворагаў выключная. Як толькі ствараецца войска, у той жа момант зьяўляюцца і ворагі. I наадварот. Праблема хіба ў тым, як ім адно да аднаго падступіцца? Зь якога боку. Во тады і паяўляецца славутая тактыка (яна ж і стратэгія) тыкаў, спроб і памылак. У пэўным сэнсе таго, што на простай мове называецца: ідзі-пастой. Iдзі — ня ведаю куды, прынясі — немаведама што. То павялічваюць, то памяншаюць. То мабілізуюць, ламаючы жыцьцё людзям, то звальняюць, зноў жа бяз жаднай увагі да людзкіх лёсаў. Увосень Мікіта Хрушчоў аб’явіў аб скарачэньні савецкага войска на 55 тысячаў чалавек. Ужо зманены «гражданкай», я спаткаў тую навіну нават з радасьцю, але шмат іншых афіцэраў, што меркавалі назаўжды зьвязаць сваё жыцьцё з войскам, апынуліся ў разгубленасьці. Перажылі драму лёсу.

Ня ведаю, як тое скарачэньне адбывалася ў іншых акругах, на Далёкім Усходзе (хаця можна было сабе ўявіць па тым бязладзьдзі, якое суправаджала там нядаўняе пашырэньне), у Лапічах усіх афіцэраў пагналі на мэдкамісію. Вайсковыя мэдыкі, бы на канвэеры, агледзелі кожнага і ў кожнага нешта знайшлі. У мяне — недастатковасьць мітральнага кляпану1, і як вынік — запіс у дакумэнце: не прыгодны для службы ў мірны час. (Дарэчы, як шэсьць год таму прызывалі, тады не знайшлі нічога. Тады я быў цалкам прыгодны.)

Разьлік з гэтым палком быў просты і непрацяглы, за кароткі час ніякіх запазычаньняў там не пасьпеў зрабіць. На разьвітаньне выпіўшы са сваім кватэрным гаспадаром, выйшаў на шашу і трохі счакаў спадарожную машыну. Сыпаў рэдкі сьняжок, дзьмуў зімовы вецер. А я, можа, упершыню за шмат год адчуў сябе вольным ад усяго на сьвеце. Праўда, радасьць з тае нагоды чамусь была невялікая. Насыпаліся няпрошаныя клопаты і трывогі. На гэты раз, аднак, суцяшала, што я — дома, а не дзе-небудзь на краі зямлі. Ужо дома, мабыць, не прападу.

Празь Менск прыехаў у Горадню, куды трохі раней прыехала жонка з сынам. Тут настрой мой крыху апаў: кватэрка жончынай сястры Веры аказалася мізэрненькай, у старым доме, і хоць гаспадары спаткалі падсяленцаў увогуле гасцінна, я зразумеў, што доўга тут жыць нельга. Тут жа высьветлілася, што гаспадар і праўда афіцэр, але з пэўнага роду войск і служыць у абкаме ў якасьці ад’ютанта першага сакратара.

Колькі дзён патраціў на стаўленьне на ўлік у ваенкамаце, атрыманьне пашпарту. Наконт кватэры ваенкамат нічым памагчы ня мог, адсылаў у гарвыканкам. Той абяцаў паставіць на чаргу. Чарга, вядома ж, ільготная, так што чакайце, можа, калі і атрымаеце. Забягаючы наперад, зазначу, што чакаць давялося тры доўгія бескватэрныя гады, перажыўшы не адну кватэрную драму.

Першая зьявілася ці не праз тыдзень пасьля прыезду. Увечары аднаго дня прыйшоў з працы Павел Зьмітравіч (дарэчы, мой аднагодак) і кажа: ёсьць магчымасьць. Адзін іхні работнік зьехаў на раён, ягоная кватэра вызвалілася. Трэба займаць. Увогуле акт незаконны, але цяпер усе так робяць, інакш не дачакаешся. Ня дужа мне хацелася рабіць тое, ужо меў некаторы на гэты конт вопыт. На Сахаліне спрабаваў самавольна заняць — не кватэру — суседнюю каморку, ды нічога не атрымалася, выперлі праз тыдзень.

Ну, але тут, можа, іншая справа. Можа, хоць з увагі да Паўла, калі не да мяне, дадуць дажыць да вясны. Злавіў на вуліцы машыну і перавёз свае клумкі.

Кватэрка ўвогуле аказалася самая занядбаная, пакойчык зь сяньмі, дзьверы ў двор. Замок без ключа, заткнуты дужкай за прабой. Няспраўная грубка, тэлефон на падаконьніку. Тэлефон выклікаў у мяне падазрэньне — чаму ён тут? Да таго ж нявыключаны.

Чаму і для чаго, высьветлілася ранкам, як у дзьверы моцна пастукалі. Завіталі двое і ветліва пацікавіліся, хто тут пасяліўся. Я патлумачыў, яны моўчкі выйшлі. Праз пару гадзінаў прыйшлі зноў, але ўжо зь міліцыянтам і дамаўправам. «Немедленно освободить квартиру! Почему? А потому. Иначе выбросим сами».

У абед прыбягае жончына сястра Вера — у іх таксама скандал. Выклікалі Паўла, пагражалі адказнасьцю. Куды выклікалі? Ды ў КДБ, ён жа там працуе. А гэта ж іхняя тайная кватэра, дзе яны спатыкаюцца з кім трэба. Во дык справы, сказаў сабе Быкаў, во дык улез. Мала што сам улез, дык яшчэ і чалавеку нашкодзіў.

Яшчэ некалькі дзён стукалі ў дзьверы, пагражалі і папярэджвалі. I я ня вытрываў, пайшоў у пошукі іншай кватэры. Спаткаў на вуліцы даўняга знаёмага мастака Блізьняцова, і ён кажа: ёсьць кватэра, нядаўна вызвалілася. Праўда, халодная і без вады. I без туалету. Ня ведаю, ці падключана да электрасеткі. Кватэра аказалася на вуліцы Падгорнай, паблізу ад Нёмана, куды я і пераехаў пад новы 1956 год.

Найбольшы клопат быў вырашаны, заставаўся наступны — праца. Жонка ўладкавалася ў школу хутка, а мне давялося чакаць.У рэдакцыі, куды, вядома ж, неўзабаве завітаў, людзі памяняліся, зьмяніўся і галоўны рэдактар. Новы, Васіль Булай, найперш папытаўся пра маю партыйнасьць і, учуўшы адказ, моўчкі разьвёў рукамі. Ён наогул не любіў свае думкі выказваць словамі. Відаць, засвоіўшы пэўныя ўрокі 30-х гадоў, у гутарцы аддаваў перавагу жэстам, якія можна было разумець як заўгодна. Але тут я зразумеў правільна — працы няма.

Нейкі час падзарабляў у майстэрні мастацкага фонду, дзе таксама амаль усе мастакі былі ўжо новыя. Мой сябра Віктар Марозаў зьехаў на Украіну, Дзешка памёр. Кох сядзеў у лягеры. (Неўзабаве прыехаў рэабілітаваны. Выкрыты КДБ як аўтар карыкатур на Сталіна, аказаўся невінаваты, карыкатуры маляваў іншы.) Я набыў у камісійнай лаўцы радыёпрыёмнік і, застаўшыся ранкам у кватэры з сынам, пачынаў слухаць «Свабоду» ці Бі-Бі-Сі. Апантана працавалі глушылкі, але часам што-нішто можна было ўчуць. Апроч інфармацыйных праграмаў падабаліся шмат якія перадачы на культуралягічныя тэмы — лекцыі В.Вэйдле і Гольдбэрга. Toe было новым і вельмі ўражвала. На Далёкім Усходзе нічога з тых станцыяў учуць было немагчыма.

Там жа, на Падгорнай, напісаў першае пасьля звальненьня апавяданьне, якое аднёс у рэдакцыю. Там у адзьдзеле культуры пазнаёміўся з літкансультантам Міхасём Васільком і аднавіў колішняе знаёмства з літсупрацоўніцай гэтага аддзелу Iрынай Суворавай. Трохі знаёмы з ёй быў з 49-га, калі яна студэнткай прыязджала на газэтную практыку ў Горадню. Пра Міхася Восіпавіча я ведаў няшмат. Да нядаўняга часу гэты заходнебеларускі паэт жыў у Баброўні за Скідалем і за год перад тым перабраўся ў Горадню. Выглядаў ён дужа змарнелым, пакамячаным жыцьцём чалавекам, зрэдчас пісаў юбілейныя вершы, што зьмяшчаліся на першай старонцы газэты. З выпадку знаёмства мы выпілі зь ім на рагу Савецкай і Цэткін, я папытаўся, як яму жывецца, і ён заплакаў. На ўсе мае пытаньні чаму, у чым справа, – ён толькі махнуў рукой. Ужо пасьля стала вядома, што ў той час (як, зрэшты, і пасьля) яго ці ня кожнага дня цягалі ў КДБ, чагось дамагаліся. Але чаго — Міхась Восіпавіч так і не сказаў да самай сваёй сьмерці ў шасьцідзясятым годзе2.

Ужо пасьля сьмерці Міхася Васілька стала вядома яго ваенная драма. Змабілізаваны ў польскае войска напачатку Другой сусьветнай вайны ён разам са шматлікімі жаўнерамі трапіў у нямецкі палон, адкуль выбавіўся пасьля нападу гітлераўцаў на Савецкі Саюз. Вядома, як папулярны ў народзе беларускі паэт, ён ня мог прамінуць увагі да сябе нацыянальных сілаў, таксама як і савецкай партызанкі. Міхась Васілёк ухіляўся ад абодвух бакоў, хацеў заставацца нэўтральным, жыць разам зь сям’ёй у сваёй роднай Баброўні. Але тое не ўдавалася. Як ён мне распавёў аднойчы, зь «вялікай зямлі» за ім быў прысланы самалёт, каб вывезьці яго ў Маскву, дзе на той час жылі ягоныя сябры-пісьменьнікі Максім Танк, Піліп Пястрак ды іншыя. Але Васільку позна паведамілі пра тое, ён спазьніўся на партызанскае лётнішча, замест яго ў Маскву паляцеў іншы. З таго моманту ў паэта-селяніна пачаліся вялікія беды. Яго змусілі прыняць удзел у мясцовым зьезьдзе БЦР, які адбываўся ў Беластоку, што стала падставай для арышту Васілька с ь м е р ш а м пасьля вызваленьня, і ён дужа пашкадаваў, што разам зь іншымі не падаўся на захад. Нейкі час патрымаўшы ў Лідзкай турме, пасьля допытаў і катаваньняў яго, аднак, выпусьцілі. Але не пакінулі без увагі цераз увесь час да самае сьмерці, падазраючы ў ім калябаранта, нямецкага агента.

Між тым, як мне распавёў з крыўдай другі гарадзенскі пакутнік Г. Цьвятніцкі, яўныя агенты хадзілі побач па гарадзенскіх вуліцах, ніхто іх не лавіў. Рэч у тым, што ў 41-м годзе немцы вельмі хутка захапілі Горадню, а слаўныя чэкісты так порстка ўцяклі, што не пасьпелі зьнішчыць картатэку ўласных агентаў. Завалодаўшы ёю, гестапа зусім ня рупілася расстрэльваць савецкіх сэксотаў – яно іх хуценька перавербавала і змусіла працаваць на нямецкія ўлады. Так яны і працавалі аж да вызваленьня ў 44-м годзе. А як прыйшлі «другія саветы» (так мясцовыя жыхары называлі тагачасную рэстаўрацыю савецкай улады), чэкісты прывезьлі з Масквы захаваныя там дублікаты даваенных картак, і тыя самыя людзі зноў пачалі працаваць на старых-новых гаспадароў. Тое доўжылася шэраг гадоў, іх пасьпяхова выкарыстоўвалі без увагі на іх нядаўняе гестапаўскае мінулае, аж пакуль яны былі патрэбны. Пасьля прыбралі патроху – бяз гвалту і шуму. Але ж людзі ўсё бачылі. Толькі не абураліся. Прывыклі за гады ліхалецьця.

У кватэры было малаўтульна і сьцюдзёна, па ваду трэба было хадзіць праз тры двары. Але я ўвесь дзень быў вольны і пачаў пісаць. Пазьней, калі ўжо стаў аўтарам кніжак, у мяне пыталіся: як і чаму сталася тое? Што хацеў сказаць чалавецтву, якой ісьціне яго навучыць? Мабыць, — ніякіх ісьцін; адразу адчуў, што па натуры я не прапаведнік. Тады для мяне важна было намацаць свой шлях у жыцьці, неяк вызначыцца. Мне ішоў 32-гі год, а ў галоўных адносінах — пошуках свайго месца сярод людзей – я быў пачаткоўцам. Пэўнага месца ў жыцьці ў мяне не было, што, безумоўна, не магло не турбаваць мяне, як і кожнага чалавека ў гэткім становішчы. Тое ж, чым я займаўся зь юначых гадоў, аказалася зманам, пустэчай, поўнаю непатрэбнасьцю. Суцяшала хіба меркаваньне, што ўсё тое адбывалася не па ўласнай волі. На тое быў змушаны. Лёсам, жыцьцём, людзьмі — добрымі і злымі. А найбольш уладай, якая ў нас тады намагалася вызначаць усё — ад глабальных мэтаў да лёсу маленькага чалавека.

У тую зіму пісаў шмат, менш перапісваў і амаль усё рваў на шматкі. Мала што даводзіў да фіналу. Звычайна з ахвотай пачаўшы, неўзабаве траціў цікавасьць. Усё здавалася кепска. Даўшы паляжаць зь месяц, выбраў адно апавяданьне, аднёс у рэдакцыю. Міхась Васілёк сказаў, што будзе паседжаньне літгуртка, дзе і абмяркуем.

Toe паседжаньне абласных аматараў літаратуры было першым і апошнім, у якім я ўдзельнічаў. Прыйшло паўтара дзясятка чалавек розных узростаў — студэнтаў і пэнсіянэраў, адна дзяўчына. Галоўным арбітрам быў выкладчык пэдінстытуту, які няшчадна граміў нас, бы ворагаў прыгожага пісьменства, пасягацеляў на літаратурныя асновы. Iншыя раўняліся на кіраўніка. Мне там дасталося болей за ўсіх. Рэдакцыйны супрацоўнік пападкрэсьліваў чырвоным алоўкам усе займеньнікі ЁН, атрымалася дужа страката і ўражліва. Toe і вырашыла прысуд: дрэнна ва ўсіх адносінах. Зрэшты, у іншых было ня лепш. Пасьля Міхась Восіпавіч суцяшаў, што напачатку так бывае заўжды, хаця для мяне тое было слабым суцяшэньнем. Няхутка пасьля таго наважыўся паслаць новае апавяданьне ў часопіс «Маладосць», які нядаўна пачаў выходзіць у Менску.

Дзеля праўдзівасьці мушу зазначыць, што перад «Стратай» напісаў невялікую вайсковую аповесьць пад назовам «Апошні баец», якую паслаў у «Маладосьць». Аповесьць, на мой погляд, была беззаганнай у ідэйных адносінах, але ў друк яе не прынялі. Загадчык аддзелу прозы Іван Навуменка, паморшчыўшыся, сказаў аўтару, што для часопісу не падыходзіць. Тады я быў гатовы пакрыўдзіцца, а неўзабаве стаўся ўдзячны будучаму акадэміку і народнаму. Праўда, каб зразумець тое, спатрэбілася надрукаваць аповесьць – з працягам у «Чырвонай зьмене». Болей яе не друкаваў нідзе3.

Па справах падпіскі ў Горадню прыехаў Георгі Шчарбатаў, беларускі пісьменьнік, намесьнік рэдактара часопісу «Маладосьць». Ён ужо чытаў мае першыя апавяданьні, адно зь якіх надрукавала і ягоная «Маладосьць». Увечары мы спаткаліся ў кафэ на Савецкай і добра пагутарылі. Георгій уважліва паставіўся да мяне, папытаўся, дзе, што? Дзе нарадзіўся, дзе вучыўся. Сказаў, што маеш талент, трэба толькі пісаць. Я сказаў, што філялягічнай адукацыі ня маю, ва ўнівэрсітэце не вучыўся. На тое Шчарбатаў заўважыў, што вучыцца, канешне, трэба, але тое не галоўнае. Галоўнае ўсё ж талент. Ні Талстой, ні Горкі, ні Бунін ня мелі ўнівэрсітэцкай адукацыі. У літаратуры ўсё дасягаецца працай. Таксама як нашыя Брыль або Танк. І калі Шамякін скончыў двухгадовую ПШ4, дык ці так ужо шмат набраў там у галіне літаратуры5. У партыйных школах літаратуры ня вучаць, вучаць зусім іншаму. Тыя ягоныя словы ўвогуле мне запомніліся, хоць Георгі Шчарбатаў зусім ня быў пісьменьнікам першай велічыні.

Праз колькі гадоў Я. Еўтушэнка напіша, што вялікія мала чым могуць дапамагчы пачаткоўцам, якім звычайна плённа дапамагаюць сярэднія таленты. Тое – праўда6.

Першага жывога пісьменьніка-празаіка я пабачыў у Гародні, то быў Піліп Пястрак.

Неяк, будучы на Савецкай, згледзеў, як пажылы чалавек у саламяным капелюшы штось прыпыніўся на ходніку і азіраецца. Прытым з замілаваньнем вымаўляе адно толькі слова «кошык». Сапраўды, непадалёк пераходзіць вуліцу вясковая кабета з пустым лазовым кошыкам. У тым чалавеку я пазнаў знакамітага на той час пісьменьніка Піліпа Пестрака.

То быў ці не апошні з арыгіналаў – заходнебеларускіх пісьменьнікаў-камуністаў, шмат год сядзеў у Гродзенскай турме, дзе, дарэчы, студыяваў марксізм, выхоўваючыся як пралетарскі рэвалюцыянер. Ім ён і застаўся на ўсё жыцьцё.

Аднойчы, у час чарговае дэкады беларускай літаратуры, група беларускіх пісьменьнікаў езьдзіла па раёнах, дзе іх вадзілі па жывёлагадоўчых комплексах, паказвалі новыя сіласныя вежы. Як група ў белых халатах пайшла ў чарговы сьвінарнік, Піліп Сямёнавіч прытрымаў мяне за крысо – што, ты не нанюхаўся гаўна? Пойдзем у аўтобус.

Мы зайшлі ў пусты аўтобус, і Піліп Сямёнавіч адразу выпаліў: парадку ня будзе. – Чаму? – Бо ўладу захапілі ворагі. – Якія ворагі? – Клясавыя.

Пястрак памаўчаў. – У гэтага ж І. было аж 80 гектараў зямлі. А ў Б. – 40. А ў вашага Карпюка – 30. Во яны і кіруюць. Да чаго дакіруюцца…

Гэта быў даўні пункцік Піліпа Сямёнавіча. А ўвогуле ён быў чалавек прыстойны, нават чалавечны. На пісьменьніцкіх мерапрыемствах заўсёды выступаў у абарону слабых і пакрыўджаных. Ня ладзіў з начальствам. Любіў Барадуліна – можа, ня так за вершы, як за ягоную апалітычнасьць. У паездку заўжды выпраўляўся з старым пацертым партфелікам, зь якога, як толькі займаў месца ў купэ, выстаўляў бутэльку, клаў ладны шмат сала, пару цыбулінаў. І пачынаў пачостку з размовай. Калі здаралася наведаць рэстаран, замаўляў гарэлку на вагу – але не па 200 грамаў, а адразу на ўсіх – 800. Заўжды плаціў сам.

Ягоны канфлікт з уладамі пачаўся ў 39-м. Адразу пасьля вызваленьня з Гродзенскай турмы Пястрак кінуўся ствараць рэвалюцыйны камітэт, каб помсьціць палякам. Але чырвонаармейцы прывезьлі ў Горадню свой рэўкам, а шматгадоваму вязьню сказалі – асадзі назад. Ён, натуральна, пакрыўдзіўся, ды стрываў. Пасьля яшчэ шмат разоў крыўдзіўся, бо яго асаджвалі ўсё ніжэй і ніжэй. Памёр ён на адзіноце, ці ня ўсімі забыты, аўтарам ці не аднаго, хоць і таўстога, раману «Сустрэнемся на барыкадах».

 

1 Парушэньне ў працы сэрца.

2 Сказ у кампутарнай раздрукоўцы выкрасьлены. Наступны абзац друкуецца ўпершыню паводле аўтарскай уклейкі ў згаданую раздрукоўку.

3 Абзац друкуецца ўпершыню паводле аўтарскага дадатку ў кампутарную раздрукоўку.

4 Партыйная школа (тагачасная вышэйшая навучальная ўстанова пад апекаю ЦК Кампартыі).

5 Чатыры папярэднія сказы тэксту – ад «Ні Талстой, ні Горкі, ні Бунін...» да «...ці так ужо шмат набраў там у галіне літаратуры.» у кампутарнай раздрукоўцы выкрасьленыя аўтарам.

6 Абзац друкуецца ўпершыню паводле аўтарскай уклейкі ў кампутарную раздрукоўку.

41. «Гродзенская праўда»

Тым часам настала вясна, на Савецкай вуліцы ў Горадні зацьвіталі каштаны. Я перабраўся на іншую кватэру — таксама нехуцавую, але з водаправодам. Сталай працы ўсё яшчэ ня меў. Неяк ідучы па вуліцы, спаткаў намесьніка галоўнага рэдактара Андрэя Салаўёва, які папытаўся пра мае справы і сказаў зайсьці ў рэдакцыю. То быў удалы візыт: неўзабаве я заняў месца ў сакратарыяце — тое самае, якое пакінуў сем год таму. Маім новым начальнікам — адказным сакратаром — тады стаў Андрэй Колас, які незадоўга перад тым пераехаў з Ваўкавыску. За сталом побач працаваў мастак-рэтушор Валодзя Фрыдрыхсон, выкрутлівы лёс якога закінуў з Архангельску на Беларусь. Ён нарадзіўся ў сям’і абруселага немца, але як пачалася вайна, каб пазьбегнуць пэўных праблемаў, выдаў сябе за яўрэя, ды быў выкрыты і апынуўся ў працоўных лягерох на Паўночным Урале. Будучы па адукацыі кінаапэратарам (скончыў ВГІК1 ), ня мог уладкавацца ў Расеі, а ў Горадні яго прыгрэла ўсё тая ж добрая душа Андрэя Абрамавіча Салаўёва. Георгій Цьвятніцкі, як і раней, за сталом насупраць мераў лінейкай набор ды маляваў макеты газэтных старонак.

Я на той раз меў шмат сакратарскіх абавязкаў. Найперш вычытваў тасаўскія і белтаўскія стужкі, што перадаваліся па тэлетайпе, пасьля правіў тэксты перакладаў зь беларускай на расейскую і наадварот. Вычытваў таксама расейскія матар’ялы. Для таго давялося грунтоўна заняцца стылістыкай. Андрэй Абрамавіч неяк уручыў мне тоўстую кнігу — курс газэтнай стылістыкі для завочнікаў, які я добрасумленна праштудыяваў. Газэтная практыка, вядома ж, куды як адрозьнівалася ад пурытанскай тэорыі, і маёй праўкай журналісты былі незадаволеныя. Усе так пішуць, казалі яны. Сапраўды, менскія газэты, у тым ліку

«Советская Белоруссия» і «Звязда» (ды і «Правда» таксама), кіраваліся ўласнымі партыйнымі правіламі стылістыкі. Чаму «Гродзенская праўда» павінна кіравацца інакшымі? I я махнуў рукой. Хай ідуць, як ішлі дагэтуль, гэтыя несьмяротныя выразы накшталт: вядуць барацьбу, вядуць уборку, вядуць нарыхтоўку. Ды шмат іншых. Колішняга строгага раўніўца літаратурна-газэтнай мовы Міколы Аўчарова ўжо не было ў рэдакцыі. Зь яго «падазроным» мінулым ён тут працаваў нядоўга і, звольнены, зьехаў у Таганрог, дзе паступіў на камбайнавы завод рабочым. А то быў выдатны мовавед, якія ў рэдакцыях здараюцца нячаста.

На пачатку лета з аддзелу культуры мне далі адзін матар’ял наконт кватэрнай несправядлівасьці, і я за выхадны напісаў фэльетон. Iрына Суворава ў маёй прысутнасьці аддала той фельетон Коласу, дадаўшы пэўныя камплімэнты ў адрас аўтара. Toe змусіла мяне да ніякаватасьці. Нязвыклы да пахвалы, я ня ведаў яшчэ, што ў пэўныя моманты лягчэй трываць папрок, чым пахвалу. Тым болей публічную і ад жанчыны, да якой маеш сымпатыю.

У адным зь летніх нумароў «Маладосьць» надрукавала маё апавяданьне «Страта». А яшчэ празь невялікі час тое апавяданьне выйшла ў маскоўскім часопісе «Советский воин». Пераклаў яго вайсковы журналіст Якаў Плехаў, які тады таксама пачынаў сваю літаратурную творчасьць. Гэта падвойная ўдача адразу ўзьняла аўтара ў яго ўласных вачох, хаця зьнешне я стараўся быць як мага спакайнейшым. Мабыць, баяўся спалохаць нечаканую ўдачу. Тым болей, што, прачытаўшы абодва тэксты, знайшоў там масу слабіны і нават недарэчнасьцяў, з чаго доўга пакутаваў. Тыя перажыванкі імкнуўся заглушыць працай над новымі рэчамі, калі, здавалася, напішацца лепш. Бо ўжо займеў нейкі вопыт.

На жаль, лепей усё не пісалася. Ці вопыт аказаўся недастатковы, ці — што болей верагодна — спрацавала выснова: у літаратуры кожны новы твор пачынаецца як бы ў першы раз. У першы раз наогул. Пасьля колькі я ні пісаў, кожны раз успамінаў тое, прачытанае, здаецца, у Парандоўскага. Тады я наогул шмат чытаў літаратуры такога кшталту — галоўным чынам пра пісьменьніцкую тэхналёгію. Думалася, менавіта ў ёй — сакрэты пісьменьніцкага посьпеху. Аказалася — ня ў ёй. Ці ня толькі і ня столькі ў ёй. Даўно вядома, што складнікі культуры — жыцьцё і сама культура. Адно без другога мала што значыць і ў літаратуры. У мяне, як здавалася, веданьня жыцьця хапала, меў вопыт, нагледзеўся на мноства людзей і людзкіх тыпаў. Культуры, ведама, не хапала. Але, як пасьля зразумеў, культура — рэч бязьмерная. Колькі яе ў каго ні ёсьць, наўрад ці можна сказаць, што хапае. Культура — мора, бязьмежны акіян, назапашаны чалавецтвам праз тысячагодзьдзі. Зрэшты, як і жыцьцё таксама. Мабыць, нікому немагчыма тое ды іншае ахапіць у поўным аб’ёме.

Але для нашага чалавека мала клопату было да сусьветнай культуры — яму абы дапяцца да культуры савецкай. Нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зьмесьце. Адмыслоўцы гэткай культуры выхоўваліся партыяй, навучаліся ў ВНУ, шчыравалі ў літаратуразнаўчай і філялягічнай навуках. Акадэмія навук Беларусі выдала расейска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй акадэміка Крапівы, дзе беларуская лексыка амаль упадабнялася да расейскай, што, паводле задумы, павінна было працаваць на зьліцьцё народаў у адну братнюю сям’ю. Народы не зьліліся, але моўнай шкоды той слоўнік нарабіў нямала, гэтая шкода адчуваецца і дагэтуль. Працуючы ў сакратарыяце, я змушаны быў правіць беларускія тэксты паводле таго слоўніка, хаця часьцяком мая беларуская натура працівілася моўнаму гвалту. Успаміналіся маміны словы і выразы, якія былі іншыя, нават іншай прыроды, але ж іх на газэтную старонку ня ўставіш. Iх выкрасьліць карэктар, перад якім на стале ляжыць моўны закон у выглядзе таго ж слоўніка акадэміка Кандрата Крапівы, адзначанага Дзяржаўнай прэміяй СССР.

 

1 Ад «Всероссийский государственный институт кинематографии».

42. Каралішчавічы

Што ўжо казаць пра мову мастацкай літаратуры, над партыйнай чысьцінёй каторай шчыравалі партыйныя рэдактары ўсіх літаратурных выданьняў. Тым болей іхнія памагатыя зь ліку маладых выхаванцаў Белдзяржунівэрсытэту1. Першы мой пісьменьніцкі канфлікт быў менавіта ў галіне мовы, якая, вядома ж, не адпавядала выдавецкарэдактарскім канонам. Мае апавяданьні вярталі, перакрэсьленыя шматлікімі заўвагамі-прыдзіркамі. Toe, вядома, было непрыемна, але і давала адчуць неабходны ўзровень тагачаснай літаратуры, нейкім чынам адаптавацца да яго.

Напрыканцы года я атрымаў ад Саюзу пісьменьнікаў запросіны на ўдзел у штогадовым сэмінары маладых, што адбываўся ў Каралішчавічах пад Менскам. Мілы той маёнтачак апальнага партыйнага функцыянэра шмат год служыў і спрыяў беларускаму пісьменству, празь яго прайшлі ці ня ўсе тагачасныя маладыя. Старыя там шэраг гадоў мелі магчымасьць перавесьці дых ад партыйнай задухі на месцах свае працы, ідэалягічных пасадах. Там сярод елак і хвой усе бы рабіліся роўныя, заглыбляліся ва ўласны мастакоўскі сьвет і тварылі, тварылі... Як і што — гэта ўжо іншая справа, мабыць, кожны сваё. Meлеж2 тварыў ня тое, што тварыў Пасьлядовіч3, Броўка4 інакш, чым Куляшоў5. Дапушчаныя туды на тыдзень, мы назіралі і слухалі. Прафэсар Гутараў6 палымяна ўводзіў нас у прагрэсіўны, на ягоную думку, сьвет сацрэалізму, марксісцка-ленінскую эстэтыку, Шамякін7 з уласным вопытам партыйнага раманіста націскаў на адлюстраваньне авангарднае ролі партыі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Уладзімер Карпаў8 завастраў нашу ўвагу на прошуках заходніх агентаў, былых калябарантаў, якіх трэба было выкрываць. Брыль9 тае ўвагі не завастраў, болей гаварыў пра лірызм у літаратуры, прыкладам маючы ўласнае апавяданьне «Галя». Брыль тады падабаўся маладым, у той час як Мележ быў мала знаёмы і ніхто не чакаў ад яго неспадзяваных «Людзей на балоце». Мы, паўтара дзясятка ўдзельнікаў, што прыехалі з правінцыі, чыталі і абмяркоўвалі прывезенае з сабой, хаця ўсё тое было так сабе і не запомнілася. Апроч хіба «Зоні» маладога Вячаслава Адамчыка10. Адамчык быў прызнаны несумненным талентам, казалі: малады, а глядзі, як апісвае старых. Тое было праўдай. Мае вайсковыя апавяданьні надта ня ганілі, але і не хвалілі. Мабыць, мелі на тое рацыю.

Тады, як, зрэшты, і заўжды, літаратуру арыентавалі на сучаснасьць, датэрміновае выкананьне чарговай пяцігодкі. I яшчэ — на ўслаўленьне перадавікоў, стаханаўцаў, ударнікаў камуністычнай працы. Вайна зь яе «бясконцым гераізмам» усё болей зьнікала ў мінулым. Зрэшты, па тым асабліва не бедавалі...

Недзе на гэтым часе ў часопісе «Маладосьць» зьявілася новая аповесьць яе галоўнага рэдактара Аляксея Кулакоўскага11 пад назовам «Дабрасельцы»12. Твор гэты быў вельмі рэалістычны ў сваім паказе існаваньня беларускай вёскі пасьля вайны. Ва ўсякім разе паводле сваёй праўдзівасьці нічога падобнага ў беларускай літаратуры не было. Але менавіта тым аповесьць, мабыць, і напалохала партыйнае кіраўніцтва, якое не замарудзіла паказаць сваю ўладу. У партыйных газэтах зьявіліся разгромныя артыкулы на аповесьць, рэдактар быў зьняты з ягонай пасады. Аднойчы, будучы ў Менску, мы з Карпюком надумалі зайсьці ў «Маладосьць», каб выказаць аўтару сваё захапленьне ягоным творам і паспачуваць. Кулакоўскі сядзеў адзін у сваім кабінэце (час быў на сконе дня), і мы сказалі яму, што думалі. І раптам Кулакоўскі выказаў нам сваю нязгоду, заявіў, што ідэя аповесьці памылковая і ён дужа шкадуе, што яе напісаў. Ён шчыры камуніст і прагне ва ўсім памагаць партыі.

Тады мы з Карпюком выйшлі з «Маладосьці», бы зьеўшы мыла, і Карпюк доўга пляваўся ад таго спатканьня.

«Ну, ведама ж!.. На вайне быў камандзірам штрафной роты...» Я ўжо ведаў, што Карпюк шмат каго мераў меркамі вайны, і ў дадзеным выпадку, мабыць, меў рацыю... А можа, Кулакоўскі так гаварыў толькі нам, бо якую ён меў падставу шчыра прымаць нашае спачуваньне? Зьняты з пасады галоўнага рэдактара часопісу, ён год ці ня болей пісаў партызанскія ўспаміны старшыні Вярхоўнага савету13, што, мабыць, яго ўратавала. Замаліў творчы грэх14.

Пасьля сэмінару з усяго, што ў мяне сабралася, склаў першы зборнік, адаслаў у выдавецтва. Празь нейкі даволі працяглы час яго далі на падрыхтоўку да друку выдавецкаму рэдактару, якім аказаўся Уладзімер Дамашэвіч15. Таму давялося ня толькі рэдагаваць тэкст, але і адстойваць мае літаратурныя ідэі, якія былі не ва ўсім традыцыйныя і не задавальнялі выдавецкае начальства. Асабліва тое адносілася да аповесьці «Жураўліны крык»16. Але Валодзя меў характар, а галоўнае — уласны пагляд на літаратуру, адрозны ад казённага пагляду шматлікага начальства.

Нарэшце займеў больш-менш нармальную кватэру, праўда, з падсяленкай, адзінокай бухгалтаркай Еўдакіяй Васільеўнай, разам зь якой пражыў гадоў дзесяць. Тады ўжо меў двух сыноў — другі, Вася, нарадзіўся якраз на мой дзень народзінаў, таму яго так і назвалі — Васіль Васільевіч. За домам быў неблагі дворык з дрэвамі, на заходні манэр мошчаны пліткамі. Калісь тут было манастырскае падвор’е, агульнае з суседнім рэдакцыйным будынкам. I рэдакцыйны будынак мне падабаўся. Меў ён два паверхі, на першым разьмяшчалася друкарня зь яе лінатыпамі, вярстальным цэхам, цынкаграфіяй, тэлетайпнай. Другі абапал калідору займалі габінэты аддзелаў. Столь ва ўсіх была высокая, вокны таксама. Паркетная падлога. Адна нязручнасьць — кафельныя грубкі, якія ня надта грэлі зімой.

Як я пачаў друкавацца, мой сусед па сакратарыяце Валодзя Фрыдрыхсон часьцяком распачынаў гаворку пра літаратуру. Ён няблага ведаў расейскую клясыку ды і заходнюю, асабліва нямецкую літаратуру, успамінаў розныя літаратурныя калізіі 20-х гадоў. Мае вайсковыя апавяданьні ўспрымаў з добраю доляй сяброўскай іроніі, асабліва што да гераізму. I я, можа, упершыню адчуў іншы бок таго, на які разьлічваў ва ўспрыняцьці маіх твораў чытачом. Зрэшты, гэты ўвогуле разумны чалавек ці ня ўсю мінуўшчыну (ды і сучаснасьць таксама) успрымаў зь ледзьве прыхаваным скепсісам інтэлігента, сэнс якога я зразумеў шмат гадоў пасьля. Але ў найбольшай меры таго скепсісу ды іроніі даставалася ягонаму калегу, чые здымкі ён штодня рэтушаваў, – фатографу Віктару Косьціну. Гэты ветэран мінулай вайны, былы танкіст, шмат перажыў на вайне і зусім ня быў настроены на чыю-небудзь іронію ў адносінах да сябе. Не зважаючы на тое, Фрыдрыхсон доўга зьдзекаваўся зь ліста, які атрымаў Косьцін з Масквы ў адказ на просьбу пра мэдаль «За ўзяцьце Бэрліну». Ліст быў такі: «Грамадзяніну Косьціну В. П. На ваш зварот адносна ўзнагароджаньня вас мэдалём «За ўзяцьце Бэрліну» паведамляем, што N-скі Жытомірска-Фастаўска-Бэрлінскі ордэнаў Леніна, Чырвонага сьцягу, Кутузава і Суворава танкавы корпус удзелу ва ўзяцьці Бэрліну не прымаў, і вы права на ўзнагароджаньне вас указаным мэдалём ня маеце. Начальнік аддзелу ўзнагародаў палкоўнік такі». Во, корпус-самазванец, іранізаваў Фрыдрыхсон. Косьцін абураўся.

Тою парой пазнаёміўся з гродзенскім празаікам Аляксеем Карпюком. Неяк сутыкнуліся на стромкай рэдакцыйнай лесьвіцы, і Карпюк кінуў мне ў яго звычайнай таропкай манэры: «Здароў! Кажуць, аповесьць пішаш?» — «Пішу, ага». — «Правільна, пішы». Сказаў і пабег уніз на падворак. Ён тады ўжо быў аўтарам кніжкі «У адным інстытуце», перажыў не адну жыцьцёвую драму і, здаецца, на той час ня меў працы. Пасьля жыцьцё на шмат год зьвяло нас з гэтым незвычайным чалавекам і пісьменьнікам, шмат гора і клопату17 было перажыта разам18.

Гэтым часам ці трохі раней адбыліся два вядомыя партыйныя зьезды, якія добра ўскалыхнулі ўнутранае жыцьцё краіны. У літаратуры гэта найперш адчулася ў нечаканым узьлёце сатыры, якой за гады савецкай улады (асабліва пасьля вядомай расправы над М. Зошчанкам), здавалася, назаўжды выдралі зубы. У газэтах і часопісах сталі паяўляцца хлёсткія фэльетоны і мініятуры, зьявіліся новыя імёны сатырыкаў. З апошніх мне вельмі падабаўся рана памерлы А. Зьвераў19(надпісы на шпіталі: «Савецкія хворыя — самыя здаровыя ў сьвеце», «Памятай: перажоўваючы страву, ты памагаеш дзяржаве» ды інш.). Беларускі «Вожык» неўпрыцям пачаў набываць характар, хаця ягоны крытычны пафас і не ўзьнімаўся вышэй пасады ўпраўдома. Гэты часопіс надрукаваў штось з маіх фэльетонаў, і галоўны рэдактар Павел Кавалёў20 запрасіў у Менск для знаёмства. (Тады асабістае знаёмства з аўтарам было абавязковым, перад тым вывучалася яго мінулае, сацыяльнае становішча, партыйнасьць.) Прыехаўшы аднойчы па ганарар, пазнаёміўся з Паўлам Нічыпаравічам, а каб замацаваць знаёмства, пайшлі ў рэстаран. Нашай кампаніяй не пагрэбавалі і іншыя працаўнікі «Вожыка», і ня толькі сатырыкі. Вынікам таго супрацоўніцтва празь нейкі час стала кніжачка сатырычных апавяданьняў пад характэрным назовам «Ход канём»21.

 

1 Словы «выхаванцаў Белдзяржунівэрсытэту» выкрасьленыя аўтарам у кампутарнай раздрукоўцы.

2 Іван Мележ (1921–1976) – народны пісьменьнік Беларусі.

3 Макар Пасьлядовіч (1906–1984) – беларускі празаік.

4 Пятрусь Броўка (1905–1980) – народны паэт Беларусі.

5 Аркадзь Куляшоў (1914–1978) – народны паэт Беларусі.

6 Іван Гутараў (1906–1967) – беларускі літаратуразнаўца.

7 Іван Шамякін (1921–2004) – народны пісьменьнік Беларусі.

8 Уладзімір Карпаў (1912–1977) – беларускі літаратуразнаўца, празаік.

9 Янка Брыль (1917–2006) – народны пісьменьнік Беларусі.

10 Вячаслаў Адамчык (1933–2005) – беларускі празаік.

11 Аляксей Кулакоўскі (1913–1986) – беларускі пісьменьнік.

12 Аповесць А. Кулакоўскага «Дабрасельцы» была апублікаваная ў часопісе «Маладосць» у 1958 г., № 5.

13 Маецца на ўвазе падрыхтоўка А. Кулакоўскім кнігі тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савету БССР В. Казлова.

14 Два папярэднія абзацы друкуюцца ўпершыню паводле аўтарскай уклейкі ў кампутарную раздрукоўку.

15 Уладзімер Дамашэвіч (нар. у 1928) – беларускі празаік.

16 Аповесьць В. Быкава «Жураўліны крык» упершыню была апублікаваная ў 1960 г.

17 У кампутарнай раздрукоўцы слова «клопату» напісана замест выкрасьленага «радасьцяў».

18 Далей аўтарам у тэксьце кнігі простым алоўкам была пазначаная ўстаўка № 18, якая часткова паўтаралася вышэй (гл. зноску 76), аднак яе канцоўка была адрознай. Прыводзім дадатак цалкам:

«Недзе па гэтым часе ў часопісе “Маладосьць” зьявілася новая аповесьць яе рэдактара Аляксея Кулакоўскага пад назовам “Дабрасельцы”. Твор гэты быў вельмі рэалістычны ў сваім паказе існаваньня беларускай вёскі ў пасьляваенны пэрыяд. Ва ўсякім выпадку, паводле праўдзівасьці нічога падобнага да яго ў нас не было. Але менавіта тым аповесьць і напалохала партыйнае кіраўніцтва, якое хутка паказала сваю ўладу. У партыйных газэтах зьявіліся разгромныя артыкулы на аповесьць, рэдактар быў зьняты з пасады. Аднойчы, будучы ў Менску, мы з Карпюком вырашылі зайсьці да яго, каб выказаць сваё захапленьне творам і паспачуваць. Памятаю, Кулакоўскі быў у сваім кабінэце (час быў на сконе дня), Карпюк яму сказаў, што мы думаем, і раптам Кулакоўскі стаў абвяргаць нашую ацэнку, сказаў, што ідэя аповесьці памылковая, што ён шкадуе, што яе напісаў, бо ён – шчыры камуніст і прагне ва ўсім памагаць партыі.

Мы з Карпюком выйшлі ад яго, бы зьеўшы мыла, і Карпюк доўга пляваўся ўсю дарогу – называецца, паспачувалі. Ён нават не падзякаваў нам».

19 Аляксей Зьвераў (1939–2003) – расійскі філёляг, крытык.

20 Павел Кавалёў (нар. у 1912) – беларускі перакладчык, празаік.

21 Кніга В.Быкава «Ход канём» выйшла ў бібліятэчцы часопіса «Вожык» у 1960 г.

43. Зборы. «Трэцяя ракета»

Я пісаў апавяданьні, штораз мяняючы тэмы — то браўся за вайну, то за маладзёжныя праблемы. Адно «маладзёжнае» апавяданьне паслаў у Менск на фэстывальны конкурс і атрымаў першую прэмію ў галіне прозы. Такую ж прэмію ў галіне паэзіі атрымаў тады малады пачатковец з Воршы Уладзімер Караткевіч. Неяк у Менску мы зь ім бегла пазнаёміліся, але агульных сяброў у нас не знайшлося, і наступная сустрэча адбылася няхутка. Натуральна, я спрабаваў супрацоўнічаць з «Чырвонай зьменай», празь якую, кажуць, прайшла ўся маладая беларуская літаратура. Але дасланае туды апавяданьне было жорстка раскрытыкавана Iванам Калесьнікам1, які па нейкай патрэбе прыяжджаў у Горадню, і я зь ім увогуле пагадзіўся. Затое дасланае ў «ЛіМ»2 апавяданьне на ваенную тэму было прыязна прынята намесьнікам рэдактара Раманам Сабаленкам3, які сказаў, што гэтую тэму мне варта разьвіваць і паглыбляць. Акрылены гэткай парадай, за кароткі час напісаў невялічкую аповесьць «Жураўліны крык», якая неўзабаве была надрукаваная ў «Маладосьці» і выйшла ў маім першым празаічным зборніку4. Гэты зборнік прывёз мне ў Горадню загадчык аддзелу выдавецтва Мікола Татур5. Ды яшчэ з гасьцінцам — бутэлькай армянскага каньяку, які тады можна было дастаць толькі па блаце. То быў добры знак6. Я адчуў сябе амаль шчасьлівым.

А ў рэдакцыі «Гродзенскай праўды» адбылася сумная падзея — раптоўна памёр Міхась Васілёк7. Хавалі яго прынародна, з Дому-музею Элізы Ажэшкі. Быў цёплы дажджлівы дзень, народу сабралася надта шмат. Цяпер, калі ён памёр, аказалася, што гарадзенцы яго дужа любілі, некаторыя нават плакалі на паховінах — асабліва старэйшыя людзі, што памяталі сялянскага паэта з польскіх часоў. Мяне як члена СП8перавялі на ягонае месца ў рэдакцыі, і я перасеў з тлумнага сакратарыяту ў зацішны аддзел культуры. Toe было зручней для творчасьці, вольнага часу пабольшала.

У той час я захварэў. На апэндыцыт. Але каб тое вызначыць, спатрэбіўся час, а «хуткая» прывезла мяне ў бальніцу позна ўначы. Дзяжурны хірург пад той час ужо «хлопнуў» сваю дозу сьпірытусу і лёг спаць. Рэзаць мяне ўзяўся, як праспаўся, мабыць, час быў упушчаны. Як выпісаўся, пачаліся ўскладненьні. Дактары не маглі даўмецца, думалі, што брушны тыф. Добра, што папыталіся ў старога гарадзенскага лекара Нічыпарука, які адразу паклаў мяне на хірургічны стол і разрэзаў другі раз. Тым і ўратаваў, бо я ўжо не ўставаў9.

Як і шмат для каго з нашых чытачоў, для мяне ў той час было дужа важным адкрыцьцё Э. Хэмінгуэя10. У друку паявіліся ягоныя творы («Бывай, зброя», «Сьвята, якое заўсёды з табой», аповесьці і апавяданьні), ягоны «Стары і мора». Мне дужа імпанавала ягонае жыцьцялюбства, непадробны рамантызм лепшых старонак ягоных твораў, яго публіцыстыка, выказваньні пра літаратуру і літаратурныя справы. «Нешчасьлівае дзяцінства – лепшая школа для пісьменьніка», – прачытаў я ў ягоным артыкуле, і тое бы вытлумачыла штосьці ў маёй схільнасьці да літаратуры. А ён яшчэ пісаў: «Проза – гэта архітэктура, а не майстэрства дэкаратара» і «Вайна пакідае ў пісьменьніка рану, якая дужа марудна зажывае». Зноў жа і ягоны выкрутлівы літаратурны лёс. Пісаў вялікі раман з жыцьця на моры ў час сусьветнай вайны, ды спатрэбіліся грошы. Тады Хэм вылучыў з раману больш-менш скончаны разьдзел пра рыбака, які злавіў вялікую рыбіну і змагаецца зь ёю. Назваў той урывак «Стары і мора», які нечакана прынёс яму Нобеля. Не раман, ня ўся безумоўна выдатная творчасьць, а толькі невялікі ўрывак.

Не любіў тэатру, кіно... Дужа мкнуўся да натуральнага жыцьця простых людзей, да якіх і сам хацеў бы належаць. Калі б ня стаў пісьменьнікам. На пачатку творчасьці ня ўмеў засвоіць тагачасны літаратурны стыль, пісаў «не стылёва», па-свойму, што, аднак, дало падставу ўбачыць у ягонай мове асаблівасьць нейкага запачаткаванага ім х э м і н г у э е ў с к а г а стылю11.

Здавалася, у краіне ажывела ўся літаратура наогул, другое дыханьне набывала вайсковая проза. Пасьля «У акопах Сталінграду»12, «Валакаламскай шашы», дзьвюх аповесьцяў Эм. Казакевіча, адна зь якіх («Двое ў стэпе», яна ж самая лепшая) была разгромлена партыйнай крытыкай, можна было думаць, што тэма вайны вычарпана і не адновіцца. Аж аднавілася ды зазьзяла яшчэ з большым, чым раней, бляскам, галоўным чынам высілкамі маладых, аўтараў т. зв. лейтэнанцкай прозы. Сьпярша гэта былі Юры Бондараў зь ягонымі «Батальёнамі», затым Рыгор Бакланаў зь «Пядзьдзю». Увогуле там былі ня Бог ведае якія адкрыцьці, але была праўда і боль вайны, ад якіх савецкае грамадзтва амаль адвыкла. (Калі толькі і прывыкала.) Недзе ў гэты час мне давялося прачытаць невялічкую кніжку Р.Бакланава13 «На поўдзень ад галоўнага ўдару», якая мяне амаль аблавушыла. Рэч у тым, што аўтар падрабязна і праўдзіва апісаў там некалькі момантаў зь вядомых мне па ўласным вопыце баёў пад венгерскім горадам Секешфехерварам, дзе мяне параніла. Я быў зьдзіўлены, як простая праўда вайны рабілася высокім мастацтвам, якія, аказваецца, магчымасьці нясе з сабой банальны кавалак жыцьця. (Хаця вайна, канешне, не банальны кавалак...) А прачытаўшы ў «Новом мире» ягоную «Пядзь зямлі», адклаў усё, што на той час пісаў, і з жарам сеў за «Трэцюю ракету»14.

Скончыць яе за вясну не ўдалося, а на пачатку лета — зноў вайсковыя зборы. Ваенны гарадок пад Наваградкам, заняткі. Зноў — статуты, палітпадрыхтоўка, артылерыя, якую я пастараўся забыць. Але там усё напомняць. I ўсё ж болей захапляла мая няскончаная аповесьць. Мабыць, ніводную я не пісаў з такой апантанасьцю, як «Трэцюю ракету», сам ня ведаю, зь якой прычыны. Бывала, як толькі наставала пасьляабедзьдзе і па звыклым распарадку дня вайскоўцы клаліся спаць, я бег у ціхманы куток салдацкай курылкі і пісаў — алаўком у сшытку. Самапісак жа тады не было, тэхнічны прагрэс нашую аргтэхніку яшчэ не кранаў. Немалой праблемай было перадрукаваць напісанае. Друкаркі меліся толькі ва ўстановах, іхні ўжытак строга кантраляваўся кіраўніцтвам і КДБ. На выхадныя і сьвяточныя дні машбюро звычайна апячатвалася. Даводзілася неяк выкручвацца, перадрукоўваць амаль нелегальна. I тут мяне выручала машыністка Станіслава Фадзееўна, а пасьля Iрына Міхайлаўна15, якая прытым стала першым і дужа прыдзірлівым крытыкам усяго мной напісанага. Цяпер я ёй за тое вельмі ўдзячны, хаця тады часам і крыўдзіўся.

Часопіс «Маладосьць», зь якім я ўжо наладзіў сталае супрацоўніцтва, неўзабаве надрукаваў аповесьць. Галоўны рэдактар Пімен Панчанка16 сказаў мне з гэтага поваду трохі ласкавых словаў. Яны, ведама ж, узьнімалі настрой, дадавалі жаданьня пісаць і яшчэ. На нейкай нарадзе да мяне падышоў малады навуковец і пачынаючы празаік Алесь Адамовіч17, які павіншаваў з праўдай вайны, што зьявілася на старонках і беларускага друку. Я быў удзячны абодвум.

У краіне паяўлялася новая літаратура з новым бачаньнем сьвету. I, у прыватнасьці, мінулай вайны. Галоўнай ідэйна-мастацкай адметнасьцю гэтай літаратуры стала прызнаньне наяўнасьці на вайне ня толькі зьнешняга, так бы мовіць, ворага — нямецкага фашыста, але і кагось унутранага, мала за немца лепшага. Раней гэта быў проста здраднік, часам трус, дэзэртыр. Цяпер стаў яшчэ і перастрахоўшчык, кар’ерыст, эгаіст. I лепшыя творы гэтага накірунку паказалі, што ва ўласных шэрагах здаралася барацьба, якая па вастрыні мала ўступала барацьбе на перадавой. У вайсковай прозе ўпершыню паявіўся злачынцаасабіст, недацёпа-палітрук. Тое было з энтузіязмам успрынята пэўнаю часткай літаратурнай крытыкі, хаця і ня ўсёй. Партыйная крытыка пагрозьліва прыжмурыла вочы. Такога яна трываць не зьбіралася, яна толькі чакала сыгналу. Хрушчоў сваім рэвізіянізмам падкопваў традыцыйны падмурак культуры, замуціў яе ідэалягічную стэрыльнасьць. Нават дазволіў Твардоўскаму18 надрукаваць «Адзін дзень Iвана Дзянісавіча»19, гэтую калядную казачку пра лягернае жыцьцё. Сьпярша належала прыбраць Хрушчова.

Як яго прыбіралі, цяпер шырока вядома, — то была змова членаў палітбюро. Але ў палітбюро абмяркоўваліся і іншыя спосабы. Кіраўнік КДБ таго часу Сямічасны пасьля пісаў, што распрацоўваўся плян тэракту ў паветры, як Мікіта Сяргеевіч будзе вяртацца з Эгіпту. Той варыянт ня быў прыняты толькі таму, што маглі загінуць некалькі дзясяткаў «рабят з КДБ» — ахова Хрушчова. Таму зрабілі інакш — ціха і тайна. Руль дзяржаўнага караблю перакладвалі на іншы курс.

Не было яшчэ ніякіх пастаноў на гэты конт, ды людзі, блізкія да калідораў улады, зразумелі, куды трэба ісьці, і выскачылі, каб не апынуцца ззаду. У Менск на пасаду галоўнага рэдактара «ЛіМу» прыехаў з Маскоўскай ВПШ партыйны журналіст Нічыпар Пашкевіч. Натуральна, яму карцела праявіць сябе, засьведчыць партыйную хэнць, пераацаніць да яго ацэненае. Штосьці не задавальняла яго ў апошняй аповесьці Я. Брыля. Але Брыль ужо быў ляўрэатам Сталінскай прэміі, зноў жа нядаўна выдаў звонкагалосы нарыс «Сэрца камуніста». Мабыць, на ролю хлопчыка для біцьця Брыль мала гадзіўся. Затое цалкам гадзіўся малады празаік з Горадні Васіль Быкаў. I хутка ў «ЛіМе» паявіўся грамадны, на цэлы разварот артыкул пад красамоўным назовам «Героі ці ахвяры лёсу?»20. Пытаньне ў загалоўку стаяла, вядома ж, рытарычнае. Яшчэ не пачаўшы чытаць, можна было зразумець, што аўтар аповесьцяў — ёлупень і недарэка, а ягоныя героі — ахвяры і сьлюнцяі, зь якіх ні ў якім разе нельга браць прыклад. А калі яны створаны не для прыкладу, дык чаму ж у іх можна навучыцца? Чаму не відно адкрытага аўтарскага асуджэньня ягоных пэрсанажаў ды іхніх учынкаў?

Праўда, былі і іншыя стаўленьні да тых твораў, як і да артыкулу таксама. Некаторыя зь пісьменьнікаў лічылі, што крытыка ўвогуле правільная (браць прыклад няма з каго), але ня трэба было і біць аўтара, як бы абухом па галаве. Тым болей гэткаму крытыку, такога грамаднага аўтарытэту і пры такой высокай пасадзе. Каб хто з маладзейшых, тое было б абгрунтавана. Алесь Адамовіч сказаў пры сустрэчы: «Ты правільна напісаў. Трэба было яшчэ зьлей. I ні ў якім разе не саступай». Прыехаўшы ў Горадню, як заўжды годна і аргумэнтавана сказаў мне добрыя словы Зьмітрок Бугаёў21, а таксама гродзенскі выкладчык Аляксей Пяткевіч22. Таго мне было даволі.

Апошнім часам ў Горадні сабралася невялікая грамадка пісьменьнікаў, членаў СП23 Беларусі, і Гродзенскі абкам разам зь пісьменьніцкім кіраўніцтвам зь Менску рашылі стварыць абласное аддзяленьне. Вядома ж, каб зручней было кіраваць, уплываць, каардынаваць і г.д. Нас усіх паклікалі ў абкам, і сакратаром сьпярша прапанавалі быць мне. Але я адмовіўся на карысьць Аляксея Карпюка, які з належнай хэнцю ўзяўся арганізоўваць адзьдзяленьне. Першым чынам ён адваяваў для офісу зальчык у Доме Ажэшкі, абсталяваў яго мэбляй. Пасьля пачаў клапаціцца, каб пісьменьнікаў прымацавалі да спэцпаліклінікі. Тое нам дужа спадабалася, і мы ўсяляк падтрымлівалі Карпюка. А той, набыўшы адпаведны статус, пачаў забіраць вышэй, умешвацца ў жыцьцё гораду, часта па розных справах хадзіў да начальства ў абкам.

Між тым чуткі пра маю аповесьць і пра тое, што адбывалася вакол яе, дайшлі да Масквы. Кансультант СП СССР па беларускай літаратуры, перакладчык Міхаіл Гарбачоў прыслаў мне ліст, дзе выказаў намер перакласьці «Трэцюю ракету» на расейскую мову і запрашаў аўтара на госьці. Я паехаў. Міша Гарбачоў аказаўся мілым чалавекам, франтавіком, родам ён быў з Сенна. Мы зь ім смачна паабедалі шашлыкамі ў «Казьбеку», пасьля яшчэ павячэралі ў Доме літаратара. Ён сказаў, што пераклад аповесьці хутка заканчвае, друкаваць будзе ў часопісе «Дружба народов», ужо дамоўлена. Ёсьць, праўда, адна праблема — Iван Мележ, раман якога яшчэ ня скончаны перакладам. Мележ пакрыўдзіўся — як можна дзеля нейкай «павястушкі» затрымліваць пераклад ягонага раману! Але нічога, сказаў Гарбачоў, Мележ пачакае. (Мележ ня стаў чакаць, а забраў раман і, не зважаючы на зробленае, перадаў яго на пераклад расейскаму паэту Д. Кавалёву.)

Хутка пасьля публікацыі аповесьці ў «Дружбе народов» паявілася і рэцэнзія ў «Литературке»24. Аўтарам яе быў Рыгор Бакланаў, што мяне вельмі ўсьцешыла. Выбар аўтара быў не выпадковы — пра тое паклапаціўся мой новы сябра Валяньцін Аскоцкі25, зь якім мяне пазнаёміў у Маскве Алесь Адамовіч. Добрае тое сяброўства доўжыцца да сёньняшняга дня — усё ж, мабыць, лёгкая рука была ў незабыўнага Алеся Міхайлавіча26. Бакланаў добра напісаў пра аповесьць, дадаў толькі адну заўвагу наконт перакладу, што, вядома ж, не спадабалася перакладчыку. Можа, аднак, тут была і мая віна, бо перад друкаваньнем тэкст быў мной аўтарызаваны. Але тады я меў недастатковы вопыт расейскай літаратурнай мовы і ня мог выцягнуць тэкст на патрэбны ўзровень. Зноў жа, каб добра перакласьці на расейскую, трэба, каб яна была першаю мовай. Iван Бунін некалі пісаў, што блізкія, «сумежныя» мовы дужа цяжка паддаюцца перакладу, бо надта блізкія да ўласнай прыроды і яшчэ ня страцілі свае першазданнай пекнаты, каб увайсьці ў сям’ю культурна разьвітых моваў.

«Дзьвюх моваў ведаць немагчыма», — катэгарычна заяўляў слынны майстра расейскай літаратурнай мовы. Пасьля я ня раз успамінаў тыя ягоныя словы...

 

1 Іван Калесьнік (1932–1979) – беларускі паэт.

2 Штотыднёвік «Літаратура і Мастацтва».

3 Раман Сабаленка (1907–1975) – беларускі паэт.

4 Аповесьць «Жураўліны крык» упершыню выйшла ў часопісе «Маладосць» (1960, № 2), у асобным выданьні – у 1960 г.

5 Мікола Татур (нар. у 1919) – беларускі перакладчык, паэт.

6 Сказ друкуецца ўпершыню паводле аўтарскага рукапіснага дадатку ў тэкст кампутарнай раздрукоўкі.

7 Міхась Васілёк (Міхась Восіпавіч Касьцевіч) (1905-1960) – беларускі паэт.

8 Васіль Быкаў быў прыняты ў Саюз пісьменьнікаў у 1959 г.

9 Абзац тэксту друкуецца ўпершыню паводле аўтарскага дадатку ў тэкст кампутарнай раздрукоўкі.

10 Эрнэст Хэмінгуэй (1899–1961) – амэрыканскі пісьменьнік.

11 Абзац тэксту друкуецца ўпершыню паводле аўтарскай уклейкі ў тэкст кампутарнай раздрукоўкі. Разьбіўка аўтара.

12 «В окопах Сталинграда» (1946) — аповесьць расійскага празаіка Віктара Някрасава (1911—1987), вымушанага эміграваць у Францыю (у 1974 г. быў пазбаўлены савецкага грамадзянства).

13 Рыгор Бакланаў (сапр. Фрыдман, нар. у 1923) – расійскі пісьменьнік.

14 Аповесьць В. Быкава «Трэцяя ракета» была апублікаваная ў 1962 г. – у часопісе «Маладосць» (№ 2) і ў кніжным выданьні.

15 Ірына Міхайлаўна Суворава (Быкава), якая стала пісьменьніку жонкай.

16 Пімен Панчанка (1917–1996) – народны паэт Беларусі.

17 Алесь Адамовіч (1927–1994) – беларускі празаік, літаратуразнаўца, грамадзкі дзеяч.

18 Аляксандр Твардоўскі (1910–1971) – расійскі паэт, рэдактар «Нового мира» (1950—1954, 1958—1970). Паходжаньнем зь беларускай Смаленшчыны.

19 Аповесьць Аляксандра Салжаніцына.

20 Артыкул «Героі ці ахвяры лёсу?» Нічыпар Пашкевіч апублікаваў у «ЛіМе» 27 чэрвеня 1961 г.

21 Дзьмітрый Бугаёў (нар. у 1929) – беларускі літаратуразнаўца, прафэсар, дасьледчык творчасьці В. Быкава.

22 Аляксей Пяткевіч (нар. у 1931) – беларускі літаратуразнаўца, прафэсар.

23 Саюз пісьменьнікаў БССР, затым – Саюз пісьменьнікаў Беларусі, а з 1996 г., пасьля забароны ўладаў так называцца, – Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

24 «Литературная газета» (Масква).

25 Валянцін Аскоцкі (нар. у 1935) – расійскі літаратуразнаўца, літаратар, публіцыст, праваабаронца, дасьледчык творчасьці В. Быкава.

26 А. Адамовіча.

44. Кіно

Беларускае партыйнае кіраўніцтва чарговы раз бралася за ўздым сельскай гаспадаркі і ўласнага кінэматографу. На студыю прыйшоў новы дырэктар – дзейны і тактоўны Iосіф Дорскі, беларускімі пісьменьнікамі Куляшовым і Лужаніным1 «умацавалі» сцэнарны аддзел. Звычайна сцэнары на студыю прыходзілі з Масквы — тыя, што не знаходзілі ўжытку ў сталіцы. Цяпер вырашылі пашукаць дома. Найперш сярод літаратуры. Нехта параіў студыі новую аповесьць Быкава — амаль гатовы сцэнар. Так сказалі і мне. Трэба толькі папрацаваць з рэжысэрам-пастаноўшчыкам, якім ужо прызначаны малады выпускнік ВГIКу Рычард Віктараў. У тых жа Каралішчавічах ладкуецца сэмінар сцэнарыстаў, прыедуць спэцыялісты з Масквы, можна будзе канчаткова зладкаваць і сцэнар. Я ўзяў у рэдакцыі за свой кошт адпачынак і паехаў у Менск.

Кіно для мяне было справай новаю, вопыту ніякога.

Але на студыі было столькі разумных спэцыялістаў, таленавітых рэжысэраў, што толькі слухай і вучыся. Паводле тых парадаў і пад кіраўніцтвам рэжысэра напісаў штось малапрыгоднае ў літаратурным сэнсе, што называлася сцэнарам, а болей нагадвала сумніўны канспэкт празаічнага твору. Пайшлі доўгія шэрагі паседжаньняў, абмеркаваньняў, кансультацыяў, зацьверджаньняў. Пісалася і перапісвалася — спачатку ў Менску, затым у Каралішчавічах. Тут дарадцаў прыбавілася — прыехаў прафэсар ВГIКу Канстанцін Скварцоў, работніца кінаглаўку Бялова ды іншыя. У другім канцы будыніны працавала некалькі кінадакумэнталістаў і сярод іх малады журналіст Мікола Матукоўскі2, ладзілі нейкі фільм.

Несумненнай карысьцю таго каралішчавіцкага мерапрыемства была арганізацыя паказу заходніх фільмаў, якіх не было ў нашым пракаце, — «Верыдыяны» Бюнуэля, «Дыктатара» Чапліна, «Дзяцей Райка» Рэнэ Клера або японскага «Рышамона». А таксама некаторых савецкіх фільмаў 20-х гадоў, як напрыклад, «Кацька — бумажны ранэт» ды іншых. Гэтыя фільмы ашаламлялі нашых кінадзеячаў, якія нават не адважваліся параўноўваць зь імі сучасную савецкую кінапрадукцыю. Госьці дужа разумна і эрудзіравана гаварылі пра кіно — нашае і зарубежнае. Кіно, казалі, мастацтва калектыўнае, ніякі самы геніяльны мастак адзін фільм ня зробіць. А паколькі яно яшчэ і дарагое, а грошы дзяржаўныя, дык натуральна, што ў той справе ўдзельнічаюць, апроч студыйнага кіраўніцтва, яшчэ Камітэт па кіно, Галоўны камітэт у Маскве, Саюз кінематаграфістаў. Ну і, вядома, аддзел культуры ЦК КПБ разам з аддзелам прапаганды. I яшчэ — палітупраўленьне вайсковай акругі — карціна ж вайсковая. Неяк мы падлічылі, атрымалася, што каля 60 асобаў маюць права ўмяшацца ў кінапрацэс, нешта забараніць, зьмяніць, запатрабаваць. Што ўвогуле і рабілі, бо кожны хацеў апраўдаць той хлеб, які еў на сваёй хлебнай пасадзе. Пакуль доўжыўся падрыхтоўчы працэс, рэжысэр-пастаноўшчык схуднеў, падобна, пачаў вар’яцець, ня ведаў, на якім сьвеце жыве. Аўтар сцэнару таксама. Просьценькая сцэнка салдацкага побыту ў акопе ператваралася ў прадмет складанага эстэтыка-палітычнага дыспуту — як было, як трэба, як ня трэба і што скажа начальства. Мы перасталі лічыць напісаныя і адкінутыя варыянты сцэнару, спыніліся нарэшце на апошнім, прынятым умоўна. Лета канчалася, зь ім пагражала скончыцца патрэбная для карціны натура, і група нарэшце ад’ехала на здымкі пад Ветку за Гомлю.

Агульнымі высілкамі фільм быў зьняты. Атрымаўся так сабе, шэранькі сераднячок. Здымаўся дапатопнай апаратурай, на бляклую чорна-белую плёнку шосткінскай вытворчасьці. Затое ва ўсіх адносінах правільны: гераічны, патрыятычны. З дадатных герояў можна было браць прыклад, адмоўныя асуджаліся. Ужо пачаўшы здымкі, рэжысэр вырашыў замяніць апэратара, новага ўзяў з Масквы. Можа, ён і меў рацыю. Мой удзел у здымках быў мінімальны. На самым пачатку Віктараў сказаў тактоўна і дабрадушна, як ён гэта ўмеў: «Ты, пісьменьнік, сядзь і сядзі. Сваё ты зрабіў, астатняе — мая справа». Тую разумную параду я запомніў, хоць у наступным не заўсёды карыстаўся ёю. Аб чым ня раз пасьля шкадаваў.

 

1 Максім Лужанін (сапр. А. А. Каратай, 1909–1999) – беларускі пісьменьнік.

2 Мікалай Матукоўскі (1929-2001) – беларускі журналіст, драматург.

45. Італьянец Марыё

Як казалі тады вопытныя кіношнікі — фільм можа зьняць і дурань, але дурань ніколі яго ня здасьць. То была праўда. Працэс здачы фільму, можа, цяжэйшы за здымкі. Ужо хоць бы таму, што здаюць два-тры бяспраўныя чалавекі (рэжысэр, дырэктар, сцэнарыст), а прымаюць дзясяткі чыноўнікаў, надзеленых высокімі дзяржаўнымі паўнамоцтвамі.

Марудна, тлумна, нэрвозна прайшлі ўсе беларускія інстанцыі (кінастудыя, мінкульт, палітаддзел вайсковай акругі, ЦК), павезьлі карціну ў Маскву. Паколькі ведалі, што справа здачы доўгая і працаёмкая, уладкаваліся ў самы танны гатэль — на сельгасвыставе. Фінансаваньне фільму было ўжо зачыненае, грошы скончыліся. Дачакаліся прызначанага глаўкам дню на знаёмым кожнаму кіношніку Вялікім Гнезьнікоўскім завулку. Цэлы дзень ішло абмеркаваньне. Начальнік глаўку, сланападобны кінабюракрат Баскакаў, выслухаў усе прэтэнзіі да фільму з боку сваіх дампрыдзіралак, высакалобых спэцыялістаў і адмовіў Віктараву ў прыёме. Перанесьлі тую працэдуру на наступны дзень, абавязаўшы рэжысэра штось выразаць. На другі дзень прэтэнзіі на тым ня скончыліся, знайшліся новыя. На трэці тое ж самае.

Грошы нашы канчаліся, жыць у Маскве не было як. Тады дырэктар карціны Тульман кажа рэжысэру: «Звані ў Менск, прасі падтрымкі ў ЦК. Бо наш ЦК фільм адобрыў, якога ж ражна гэтым трэба?». Віктараў звоніць у ЦК самому сакратару Шауру, кажа: «Во тую сцэну зь нямецкім танкам вы ж адобрылі? А тут нейкая Зусева пярэчыць супраць яе, фільм не прымаюць. Дык як нам быць?» Настала невялікая паўза, пасьля якой таварыш Шаура кажа: «Таварыш Віктараў, зрабіце так, як раіць таварыш Зусева».

Мусілі перарабляць паводле ўказаньняў таварыша Зусевай. Але штосьці ўгледзеў сам Баскакаў і прыёмны акт зноў не падпісаў. Рэжысэр у паніцы — што рабіць? Тады адзін зь яго знаёмых масквічоў-кіношнікаў кажа: «Трэба напаіць Баскакава, і прыме». Тое нам здалося неверагодным — як можна гэткае прапанаваць такому важнаму саноўніку? Але мусілі. Віктараў сабраў у каго колькі было ў кішанях і ўвечары адправіўся на Вялікі Гнезьнікоўскі. Мы засталіся чакаць у гатэлі. Чакалі да ночы і, не дачакаўшыся, паклаліся спаць.

Назаўтра раніцай пастукаліся ў нумар да Віктарава, той яшчэ спаў пасьля ўчарашняга. Не адразу прачнуўся, бесклапотна пацягся і кажа: «О-кей, хлопцы, акт падпісаны. Едзем дахаты...».

Так здалі ўрэшце шматпакутны фільм. На экранах ён прайшоў малапрыкмечаным, і я думаў, што за наступны сцэнар сяду ня хутка. Сталася, аднак, трохі інакш.

Пасьля выхаду «Трэцяй ракеты» асобнай кніжкай і асабліва пасьля выданьня яе ў Маскве крытыка трохі зьмяніла свае ацэнкі аповесьці. Фільм, які б ён ні быў, усё ж дадаў грунтоўнасьці літаратурнай першакрыніцы. Аўтар, аднак, адчуў пэўнае расчараваньне, мабыць, на тое паўплывалі незабыўныя пакуты кінатворчасьці. Тым болей, што наступная аповесьць, напісаная ў ключы папярэдняй, набыла яшчэ больш вастрыні ў сацыяльна-псыхалягічных адносінах. Аднойчы ў прыватнай размове за сталом мой аднагодак акадэмік Iван Навуменка сказаў, гледзячы мне ў вочы: «Я лепшы за цябе пісьменьнік, толькі ты ўмееш завастраць». Што ж, мабыць, доктар і акадэмік меў рацыю, сапраўды ў мяне атрымлівалася востра. Але пасьля «Здрады» я інстынктыўна адчуў патрэбу ў чымсь болей мяккім, нават добрым. Хацелася той дабрыні, якой так мала было ў жыцьці і наўрад ці здаралася на вайне. А можа, гэта адчуваўся пэўны сум па рамантыцы? Той, вядома, якая ішла зь мінулага, з кніжак, прачытаных у юнацтве, і несла з сабой непажаданую ў наш час сэнтымэнтальнасьць. Хацелася вылучыцца з жорсткага натоўпу, кудысь адасобіцца, дзе толькі — ён і яна. Хай сабе ў акопе. У лесе. Тым болей у гарах. Ці ў дарозе.

У дарозе, мусіць, найлепш, на вайне то будзе найменш фальшыва. Бо вайна — скрозь дарога. Ці туды, ці назад. Ці ў рай, ці ў пекла. А яшчэ больш тыпова, калі пойдуць у рай, а прыйдуць у пекла. Тут ужо не рамантызм, а самы жорсткі сучасны рэалізм. Iх поўнае і арганічнае спалучэньне.

Пачатак творчага працэсу ў мастацтве заўжды таемны, няўлоўны і невыразны, першыя ягоныя імпульсы зьяўляюцца падсьвядома, здаецца, без удзелу волі і розуму. «Творчасьць бесьсьвядомая», — пісаў некалі англічанін Карлейль. Так і ў мяне неўпрыкмет высьпеў намер «Альпійскай балады»1. Там сапраўды — ён і яна, абое гнаныя і прасьледаваныя ў самых драматычных абставінах, дзе, аднак, выяўляецца вечная праява жыцьця — каханьне. Вядома, што каханьне перамагае шмат што, бывае, што перамагае і сьмерць. Вобраз гераіні падказаў выпадак з вайны, той жа выпадак нагадаў антураж падзеяў — горы, зусім рамантычны, пачынаючы з назвы — Альпы. Што ж да героя, дык Iванаў як характары я ведаў добра, шмат іх пабачыў на вайне. Пэўныя складанасьці ўяўляла мова дзяўчыны, гэты кангламэрат зь дзьвюх-трох моваў, галоўнай зь якіх, ведама ж, была італьянская. Iтальянскай мовы я ня ведаў і пракансультавацца ня меў у каго. Але дапамог выпадак.

Аляксей Карпюк на той час уладкаваўся працаваць у агенцтва «Iнтурыст», меў на чыгуначным вакзале свой працоўны офіс — маленькую каморку на першым паверсе. Ужо тады мы зь ім сябравалі. Звычайна Аляксей сядзеў за друкаркай, чарговы раз перадрукоўваў свае аповесьці, на размову ў яго заўжды не хапала часу. Але во неяк пазваніў, кажа — зайдзі. Я прыйшоў і застаў у яго невядомага чалавека з разгубленым позіркам. Выявілася, што гэта італьянскі турыст, якога памежнікі зьнялі з варшаўскага цягніку, бо ў яго не аказалася пашпарту. Што зь ім рабіць далей, было невядома. Успомніўшы, аднак, пра мой клопат, Карпюк і патэлефанаваў мне.

Найперш мы завялі італьянца ў рэстаран, накармілі яго. Ён трохі гаварыў па-расейску і распавёў нам, што згубіў кашалёк, а ў кашальку пашпарт і грошы. Пакуль памежнікі вырашалі, што рабіць зь небаракам, мы пасялілі яго ў прывакзальным гатэліку, дзе ён нудзіўся дні тры ці чатыры. Клікалі яго Марыё, родам ён быў з Генуі, працаваў у мэдыцыне. Той час я браў у яго ўрокі італьянскай мовы — вядома, у межах патрэбы маёй гераіні, якую я ўжо назваў Джулія. (Iмя, дарэчы, не зусім італьянскае, але пра тое я дазнаўся пасьля.) Праз колькі дзён знайшліся дакумэнты італьянца, якія былі ў яго скрадзены ў Ленінградзе, мы праводзілі госьця на варшаўскі цягнік і разьвіталіся. Той паабяцаў болей не патыкацца ў краіну, дзе гэткія рукастыя зладзеі. Гісторыя гэта, аднак, празь нейкі час займела адмысловы працяг.

Сцэны ўцёкаў герояў ды інтымныя сцэны сярод альпійскіх лугоў пісаліся ўвогуле лёгка, паэзія каханьня захапіла б нават чэрствага аўтара. Але дзесь ён адчуў, што аднае паэзіі будзе мала. Усё ж у драматычны ваенны час нельга было выключыць зь сюжэту сацыяльныя акалічнасьці. Хоць Iван з Джуліяй і адасобіліся ў гарах са сваім каханьнем, вайна на іх не забылася. А нядаўняе мінулае ў перадваенныя гады зь іх сацыяльна-палітычнай драмай таксама не зьнікала зь Iванавай сьвядомасьці. На глебе мінулага і ўзьнік першы разлад адносінаў паміж чалавекам з Усходу і дзяўчынай іншай, заходняй культуры. Разлад, які мог быць улагоджаны толькі каханьнем, што і адбылося ў сюжэце пазьней. (Тыя сцэны пры друкаваньні ў Маскве выклікалі найбольшы супраціў рэдактуры.)

Як заўжды, аповесьць першым выданьнем выйшла ў «Маладосьці», якая працяглы час даволі ўважліва адносілася да маёй творчасьці. Чаго нельга сказаць пра «Полымя» — тады адмысловы орган, створаны для намэнклятурнай пісьменьніцкай эліты. Але мяне задавальняла і «Маладосьць», хоць мой узрост і перакрочыў маладзёвыя рамкі. У часе абавязковага тады папярэдняга абмеркаваньня на рэдкалегіі Пімен Панчанка сказаў: «Канешне, усё тое — няпраўда, а верыцца. Значыць, гэта — мастацтва».

Добрыя водгукі на аповесьць прыслалі шмат якія чытачы, звычайна скупы на пахвалы Янка Брыль, маладзейшыя пісьменьнікі. Атрымаў добры ліст з Зэльвы ад мала каму знаёмай тады Ларысы Геніюш2, яна была ў захапленьні ад Iвана, пакутнага і шчырага беларуса, які сваёй ахвярнасьцю выратаваў эўрапейскага чалавека. А яе муж, доктар Iван Пятровіч Геніюш, неўзабаве завітаў да мяне ў Горадню, распавёў пра свой і жончын гаротны лёс. З таго часу ён часьцяком наведваўся да мяне на вуліцу Кашавога, калі прыязджаў па сваіх доктарскіх справах. Працаваў ён у Зэльве дэрматолягам. Увогуле ён мне падабаўся сваёй непадробнай беларускай шчырасьцю. З нашых гаворак я пазнаў нямала новага і нават неспадзяванага з жыцьця на акупаванай тэрыторыі, пад немцамі, а таксама ў Празе. Факты, пра якія распавядаў Геніюш, ня надта ўлагоджваліся з тымі, што мы засвоілі з савецкай прапаганды. Распавёў, як пасьля вайны Геніюшаў «бралі» ў Празе, як Ларыса Антонаўна не адчыняла кадэбістам дзьверы і абяцала выкінуцца ў вакно, а тыя расьцягвалі ўнізе брызэнт, каб яна не забілася. Iм дужа патрэбна была яна жывая, бо празь яе мелі намер дазнацца пра архівы апошняга прэзыдэнта БНР3 Абрамчыка4.

Было і яшчэ прыкрае здарэньне, якое прычынілася да лёсу Геніюшаў. Тут праявіўся яго вялікасьць выпадак. Ці правіць ён сьветам, як казалі французы, я ня ўпэўнены, а ўжо лёсам чалавека – пэўна. У маім лёсе было нямала лёсавызначальных выпадкаў, але болей за іншыя ўражвае выпадак з Іванам Пятровічам Геніюшам.

Іван Пятровіч – доктар, працаваў у Празе, быў далёкі ад палітыкі, якой болей займалася жонка Ларыса Антонаўна. Але, натуральна, будучы беларусам, належаў да беларускай абшчыны, якая часам наладжвала свае імпрэзы. Як пачалася вайна, ніхто зь беларусаў, вядома, не шчыраваў за Гітлера, але і ўхіліцца ад нейкай хоць бы сымбалічнай падтрымкі таксама не выпадала. Праводзілі сход5, на які сабралася трохі народу. А Іван Пятровіч спазьніўся і прыйшоў, як ужо ўсе былі сабраныя. Хітры Ермачэнка6, які кіраваў абшчынай, спытаўся, хто будзе старшынёй сходу. І нехта падказаў: «А во Геніюш, усё роўна яму няма дзе сесьці, апроч як у прэзідыюм».

А як зь ініцыятывы Ермачэнкі прынялі славутую тэлеграму Гітлеру, спатрэбілася яе падпісаць. Каму? Вядома ж, старшыні сходу. Іван Пятровіч казаў, што ў той момант у яго пацямнела ўваччу. І было з чаго. Тая тэлеграма пасьля вайны абышлася старшыні сходу ў 8 гадоў Варкуты і да сьмерці абвінавачваньнем у прыслужніцтве Гітлеру.

Геніюшаў зьвезьлі ў Варкуту, дзе адбылі восем год, але архіваў ня выдалі. I дагэтуль, кажуць, архівы ў надзейным месцы. Геніюшы ў Зэльве жылі ў рэжыме рэгулярнай аблогі, пад няспынным наглядам КДБ ды суседзяў. I ня дзіва. Ларыса Антонаўна адмаўлялася прыняць савецкае грамадзянства і прасілася адпусьціць яе з мужам у Чэхію, пісала лісты за мяжу. Iхні сын Юрка, якога яны знайшлі, вярнуўшыся з Варкуты, жыў у Беластоку, быў польскі падданы, і бацькі доўга ня мелі магчымасьці нават наведаць яго. (Пасьля сьмерці бацькоў ён таксама загінуў загадкавым чынам. Добра, што маці ўжо ня суджана было дазнацца пра тое.) Так зьвёўся некалі вялікі і слынны род беларускіх Геніюшаў.

 

1 «Альпійская балада» была апублікаваная ў 1964 г. у часоп. «Маладосць» (№1), у кніжным выданьні – у тым жа годзе.

2 Ларыса Геніюш (1910–1983) – беларуская паэтэса.

3 Беларускай Народнай Рэспублікі.

4 Мікола Абрамчык (1903–1970) – беларускі грамадзкі дзеяч, прэзыдэнт Рады БНР (з 1947 г.).

5 Сход адбыўся 27 чэрвеня 1941 г.

6 Іван Ермачэнка (1894–1970) – беларускі палітычны дзеяч, кіраўнік Беларускай народнай самапомачы (1941–1943).

46. Гарбачоў. Сьцяпанаў

Рэдакцыйныя справы на тую пару мяне ня надта даймалі. Звычайна на дні прымаў маладых паэтаў зь іх вершамі, пісаў адказы на іхнія допісы, рабіў агляды паэзіі, што дасылалася ў газэту. Раз у месяц або ў квартал газэта друкавала літаратурную старонку, на якую трэба было падабраць тузін вершаў і адно-два апавяданьні. Увогуле тое было няцяжка і не рабіла клопату. У Горадні няблага пісалі маладыя. Са сваім адметным голасам ішла ў літаратуру студэнтка Данута Бічэль1 і яе таварышы Ул. Шурпа, Ул. Васько. У дзіцячым доме падрастала спрытненькая школьніца Вольга Iпатава2, на якую мы з Карпюком надта ж спадзяваліся. Часам у рэдакцыю заходзіў разважлівы менскі асьпірант Сяргей Габрусевіч, вершы якога сталі паяўляцца і ў рэспубліканскім друку. У Наваградку пачаў пісаць вершы ўласны карэспандэнт газэты Валянцін Блакіт3. Аднойчы прынёс неблагую падборку на рускай мове выкладчык музычнага вучылішча Валянцін Чэкін, тым запачаткаваўшы наша зь ім працяглае таварышаваньне. Праўда, здаралася, што даймалі і некаторыя дужа актыўныя вершатворцы, асабліва зь ліку адстаўнікоў, былых вайскоўцаў. Адзін зь іх — падпалкоўнік Е. кожны панядзелак прыносіў два-тры вершы, напісаныя за выхадныя пад пэўныя даты наступнага тыдню. Ён не спазьняўся, тое было добра, але газэта не магла рэалізаваць усёй ягонай вершаванай прадукцыі, якая да таго ж была ня надта высокай якасьці. Часьцяком я ня ведаў, што яму адказаць, усе мае аргумэнты даўно былі вычарпаны. Тады я сказаў аднойчы: «Нашто вам харошыя вершы друкаваць у нашай правінцыйнай газэце? Пашліце куды ў Маскву». — «А што, думаеце, пройдуць?» — «Напэўна!» — «I ў “Правду” падыдуць?». Ён забраў вершы і пабег, а я першы раз уздыхнуў з палёгкай — ужо адтуль яму дадуць адказ! I якое ж было маё зьдзіўленьне, калі праз даволі кароткі час Е. прынёс мне «Правду» са сваім вершам на першай старонцы. Выгляд ён меў трыумфатара і вельмі дзякаваў мне за параду. Праўда, болей ягоных вершаў у «Правде» не зьявілася. На вялікі мой жаль.

Тут здарыўся выпадак, які ў каторы раз пагражаў перайначыць мой лёс і, натуральна, дужа мяне занепакоіў.

Зноў, як і тыя разы, паклікалі ў ваенкамат і далі запоўніць вялізныя, на некалькі столак анкеты. Ды яшчэ ў шасьці экзэмплярах. Навошта — тое мне не сказалі, але праз слухі я неўзабаве дазнаўся, што зноў рыхтуюцца прызваць афіцэраў-рэзэрвістаў дзеля перавучэньня іх на ракетчыкаў. Праз мае атэставаныя матэматычныя здольнасьці, засьведчаныя ў асабовай справе, я трапіў у іхні лік. Тое мне зусім не падабалася, але што я мог зрабіць? Адзін наш журналіст быў знаёмы з афіцэрам ваенкамату, падпалкоўнікам і ўвогуле мілым чалавекам, якога мы аднойчы запрасілі ў рэстаран павячэраць. Аматар няблага выпіць яшчэ з часоў мінулай вайны, ён добразычліва паставіўся да нашай праблемы і спытаўся, ці няма каго ў мяне за мяжой? За мяжой, на жаль, у мяне не было нікога. Тады ён папытаў: можа, хто з родзічаў прапаў у вайну бязь вестак? Такіх, вядома, знайшлося, я прыпамятаў стрыечнага брата Міколу і ў адпаведнай графе той анкеты напісаў, што мой брат Мікола жыве ў Заходняй Нямеччыне. Таго хапіла, ад мяне адчапіліся. (Хай мне даруе мой няшчасны брат, які ў 19 год склаў сваю галаву на вайне. Ён, мёртвы, аднак жа паслугаваў мне жывому.)

Адклаўшы капітальную працу – пераклад вялікага раману Мележа, Гарбачоў даволі апэратыўна пераклаў «Баладу» на расейскую, і неўзабаве яна была надрукавана ў некалькіх нумарах часопісу «Огонёк»4. Iлюстрацыі да яе зрабіў знакаміты графік Пінкісевіч, гэта былі выдатныя ў сваім харастве ілюстрацыі літаратурнага твору, а не сумніўны плён самавыяўленьня мастака, як гэта спрэс робіцца зараз. Ну і, вядома, напомніла пра сябе Беларуская кінастудыя — сказалі, што можна зьняць вельмі прыгожы, рамантычнапатрыятычны фільм міжнароднага гучаньня. Я не знайшоў аргумэнтаў супроць. Мабыць, ранейшыя пакуты з «Трэцяй ракетай» пачалі забывацца, думалася, тут будзе інакш. Мабыць, у кіно, як і ў літаратуры, кожны наступны твор не падобны на папярэдні і мае ўласны лёс.

Як пісаць сцэнары, я ўжо ведаў, нешта даволі хутка накрэмзаў. Здымаць фільм узяўся вопытны рэжысэр Барыс Сьцяпанаў.

Некалі Алесь Адамовіч казаў, што ўсе савецкія рэжысэры аднолькавыя і адрозьніваюцца адзін ад аднаго хіба тым, як адносяцца да сцэнару. Адны бясконца перарабляюць яго самі, змушаюць на тое аўтара, а то і наймаюць памагатых. Другія, атрымаўшы сцэнар, кідаюць яго на сьметнік і здымаюць самі, як хочуць. Хто зь іх лепшы, невядома, але вынік заўсёды аднолькавы.

Мой папярэдні рэжысэр Рычард Віктараў, відаць, адносіўся да першай рэжысэрскай групы, ён выціскаў зь мяне ды іншых, хто да таго меў дачыненьне, усе сокі, дамагаючыся дасканаласьці. Другі ж, Сьцяпанаў, як толькі атрымаў зацьверджаны сцэнар, адразу ж кудысьці зьнік. I толькі калі група выехала на натурныя здымкі, запрасіў аўтара прыехаць, найперш каб адпачыць на прыродзе.

 

1 Данута Бічэль (нар. у 1938) – беларуская паэтэса.

2 Вольга Іпатава (нар. у 1945) – беларуская пісьменьніца.

3 Валянцін Блакіт (В. Болтач) (1938–2008) – беларускі празаік.

4 Агульнасаюзны шматтыражны часопіс.

47. Тэберда. Чэкін

Я паехаў. Здымкі рабіліся ў раёне Тэберды, на Паўночным Каўказе. Прырода ўвогуле была прыгожая — парослыя лесам горы, бурная рэчка, хаця і не такая, як у аўстрыйскіх Альпах. Кожныя горы, напэўна, маюць свае адметнасьці, свой асаблівы характар. Несупадзеньне пейзажу было першай уступкай акалічнасьцям на шкоду мастацтву. Другой стала неадпаведнасьць акцёраў, найперш адзін аднаму. На ролю Iвана запрасілі ўжо знаёмага кіраўніцтву «Беларусьфільму» Станіслава Любшына, Джуліі — Любу Румянцаву. Абодва акторы — кожны сам па сабе, можа, і былі беззаганныя, а гарманічны дуэт ня склалі. Тым болей, што на здымках адразу ўступілі ва ўзаемны канфлікт, зь якога так і ня здолелі выйсьці да канца здымак. Натуральна, што тое рабіла свой нэгатыўны ўплыў на ўсю атмасфэру ў калектыве. Зноў жа неўзабаве пачаліся творчыя (перарослыя ў асабістыя) паядынкі характараў рэжысэра і апэратара Толі Забалоцкага. Апэратар, казалі, цягнуў творчую коўдру на свой бок, а рэжысэр спрабаваў не паддацца. Урэшце, здаецца, рэжысэр паддаўся, і фільм атрымаўся ні то, ні сё. А шкада. На маю думку, у тым сюжэце былі закладзены пэўныя кінэматаграфічныя магчымасьці, і пры належных умовах можна было б зрабіць прыгожую, паэтычную трагедыю каханьня. На жаль, таго не адбылося.

Неяк, прыйшоўшы ў рэдакцыю, Валя Чэкін сказаў, што купіў лодку з маторам, запрашаў пракаціцца па Нёмане.

Прыхапіўшы з сабой падрослага сына Васю, пайшлі цераз мост на той бераг Нёману, дзе было багата настаўлена маторак, там жа, на беразе, грувасьціліся мэталёвыя скрынкі з рачным начыньнем. Валя запусьціў свой «вецярок», і мы паціху пачухалі пад чыгуначны мост уверх па Нёмане. З вады я ніколі яшчэ ня бачыў ягоных берагоў, водмеляў, стром, прыбярэжных паселішчаў і бароў, усё мне было новае і прывабнае. Тады ж Чэкін, апроч маторкі, захапіўся рыбалкай і аднойчы паказаў мне фота — сваю візытную картку»: ён з вудамі каля перакуленай гумовай лодкі, на якой — цэлая гара ляшчоў. «30 штук, — сказаў Валя. — За адзін ранак».

Мабыць, тое зачапіла ў маёй душы паўзабытую дзіцячую хэнць — я ж колісь таксама зь незвычайным захапленьнем вудзіў у сваім возеры плотачак. Празь нейкі час я таксама купіў матор (болей дужы «віхор») і лодку «казанку» з булямі; з пратэкцыі Валянціна займеў на лодачным прычале месца. Удвух зь ім мы пачалі гойсаць па Нёмане, лавіць рыбу. Аднойчы паехалі з начлегам на старыцу пад Масты, ды на юшку налавіў драбязы мой Вася, у нас жа з Валяньцінам нічога не ўзялося. Калі не рыбалка, дык рака нас захапляла, і аднойчы мы запрасілі зь Менску сяброў. Прыехалі Матукоўскі, Гілевіч1, Бураўкін2 з заўсёды юнаю Юляй3, мы знайшлі непадалёк на беразе ўтульны лужок і наладзілі пачостку. З шашлыкамі. Рыба ў Нёмане ўпарта не хацела лавіцца, мусіць, яе там і не засталося, асабліва як вышэй па цячэньні збудавалі азотна-тукавы камбінат. Казалі — нічога страшнага, сьцёкі ачышчаюцца. Але аднойчы раніцай на прычале мы ўбачылі мноства рыбін, што плылі ўгару жыватамі; на мэталёвых лодках да паловы аблезла фарба. Да рыбалкі я хутка астыў, зразумеўшы, што рыба мяне ня любіць.

Тады часьцяком даводзілася езьдзіць у Маскву — з выдавецкімі клопатамі і на розныя мерапрыемствы Саюзу пісьменьнікаў. На адным зь іх у Доме літаратараў пазнаёміўся з крытыкам і літаратуразнаўцам Лазарам Лазаравым4, пра якога чуў раней, і тады ўпершыню паціснуў яго скалечаную на вайне руку. Пасьля зрэдчасу мы сталі сустракацца ў Маскве, ён прыяжджаў у Менск, я бываў у яго дома, пазнаёміўся зь ягонай мілай разумніцай Наяй5. Лазар хутка стаў маім сябрам і праніклівым крытыкам, празь нейкі час напісаў грунтоўную кнігу пра маю творчасьць6. Недзе тою ж парой у Маскве, здаецца, у рэстаране ЦДЛ7, упершыню спаткаўся зь Юрыем Бондаравым8, зь якім мяне пазнаёміў Рыгор Бакланаў. Тады гэтыя аўтары «лейтэнанцкай прозы» сябравалі, і ня можна было нават падумаць, што жыцьцё калі-небудзь іх разьвядзе. Але, як ні дзіўна, атрымліваецца так, што жыцьцё часьцей разводзіць, чым зводзіць.

На чарговым прэзыдыуме СП разглядалася нечарговае пытаньне — выключэньне з СП перакладчыка Васіля Сёмухі9.

Васіль Сёмуха быў шмат каму вядомы ў Менску як добры перакладчык зь нямецкай. У свой час скончыўшы Маскоўскі ўнівэрсытэт, ён настойліва перакладаў нямецкую прозу і паэзію, нядаўна скончыў пераклад «Фаўста», але ня меў уласнай кватэры, бадзяўся зь сям’ёй па прыватных кутках. А між тым у час вайны немцы спалілі дом ягоных бацькоў. Шматлікія звароты ў СП наконт кватэры не давалі выніку, і Васіль у адчаі напісаў ліст да нямецкай амбасады ў Маскве. Ён прасіў пасадзейнічаць у выданьні «Фаўста» і ў набыцьці кватэры. Ліст, ведама ж, быў перахоплены КДБ і вернуты ў Менск для прыняцьця мераў.

Перад паседжаньнем прэзыдыуму пісьменьнікі між сабой абмяркоўвалі неардынарны выпадак. Ці ня ўсім было шкада харошага хлопца Сёмуху, які «зрабіў глупства». Хіба ж можна прасіць дапамогі ў ворага? Iван Чыгрынаў10 сказаў, што ён перад пагрозай сьмерці таго б не зрабіў, бо вораг заўсёды ёсьць вораг. Некаторыя казалі, што на першы раз Васілю трэба дараваць. Бураўкін злосна зазначыў, што гэты нумар з выключэньнем ня пройдзе, — ня тыя часы. Валя Тарас11 лаканічна зазначыў — усё тыя ж.

Пачалося абмеркаваньне. Пісьменьнікі з партбюро ледзь ня плакалі ад крыўды, якую нанёс партызанцы-рэспубліцы Васіль Сёмуха. Iван Новікаў12, што працаваў спэцкорам газэты «Правда», патрабаваў яму самай суровай кары. (Гэта той самы Новікаў, які праз год скажа пра аўтара гэтых радкоў: «Мне б аўтамат у рукі, я б у яго ўвесь магазын...» Піліп Пястрак, які ніколі не служыў у войску, пачуўшы тое, выйшаў у калідор і папытаўся: «Хлопчыкі, а колькі патронаў у магазыне?» — «Пяцьдзясят два», — сказалі яму знаўцы. Пястрак шматзначна падняў палец угору: «Ого!».) У выніку галасаваньня Сёмуха быў выключаны з Саюза амаль аднагалосна. Устрымаўся адзін Васіль Быкаў.

 

1 Ніл Гілевіч (нар. у 1931) – народны паэт Беларусі.

2 Генадзь Бураўкін (нар. у 1936) – беларускі паэт.

3 Жонкай Г. Бураўкіна.

4 Лазар Лазараў (нар. у 1924) – расійскі літаратуразнаўца, крытык, аўтар дасьледаваньняў пра творчасьць В. Быкава.

5 Жонкай Л. Лазарава.

6 Кніга Лазара Лазарава «Василь Быков: Очерк творчества» выйшла ў Маскве ў 1979 г.

7 Цэнтральнага дома літаратараў.

8 Юрый Бондараў (нар. у 1924) – расійскі пісьменьнік.

9 Васіль Сёмуха (нар. у 1936) – беларускі літаратар.

10 Іван Чыгрынаў (1934–1995) – народны пісьменьнік Беларусі.

11 Валянцін Тарас (нар. у 1930) – беларускі перакладчык, пісьменьнік.

12 Іван Новікаў (1918–2008) – беларускі празаік.

48. «Мёртвым не баліць»

Прыехаўшы дадому ў Горадню, узяўся за новую аповесьць, назву якой знайшоў не адразу. Пра назву наогул думаецца ў апошнюю чаргу, звычайна як ужо твор напішацца. Зусім дарма некаторыя выхваляюцца: «Пачаў раман, ужо ёсьць назва — “Агнём гартаваныя”. Звычайна з такога гарту мала што атрымліваецца. Ведаю яшчэ такую на гэты конт асаблівасьць: у добрай прозе звычайна так сабе назва, а вельмі звонкая назва ёсьць знак прозы кепскай. Праўда, тое ўсё ж суб’ектыўна, і першыя выключэньні з таго — творы заходніх аўтараў, дзе і проза выдатная, і назвы нязвыклыя, прынамсі для нашага вуха.

Першы імпульс да аповесьці атрымаў, аднак, па дарозе з Масквы – у Менску. Паміж цягнікамі ў мяне быў вольны час, і я зайшоў у рэдакцыю «ЛіМу», дзе застаў аднаго толькі галоўнага рэдактара Нічыпара Пашкевіча. Пачалася размова, у якой Нічыпар праявіў поўны антаганізм да маіх думак-поглядаў, што я вёз з Масквы. Апроч хіба адной — пайсьці і разам выпіць. За рэстаранным сталом дыскусія працягвалася болей мірная, мы амаль паразумеліся і, калі зайшла гаворка пра вайну, я распавёў партызанукамсоргу Пашкевічу эпізод майго раненьня пад Кіраваградам. Гэта як доказ таго, што і на фронце хапала ліха. Змораны гаворкай і вячэрай, Нічыпар лагодна сказаў, мабыць, каб скончыць спрэчку: «Ну во, амаль гатовая аповесьць». Пасьля, едучы цягніком у Горадню, я пачаў над тым думаць і вырашыў паспрабаваць напісаць.

Я ня ведаў яшчэ, што гэта будзе — апавяданьне, аповесьць ці, можа, які ўспамін. Але намер напісаць засеў у галаве моцна.

«Мёртвым не баліць» пісаў у асноўным улетку і ня так таропка, як ранейшыя аповесьці. У мяне ўжо атрымлівалася раней і пасьля, што рэчы зь зімовай натурай пісаліся ўлетку і наадварот. Тое, канешне, ня надта добра. Добра, калі натура перад вачыма, і яе ня трэба ўзнаўляць у зрокавай памяці. Як у мастакоў. Некаторыя пісьменьнікі, як і мастакі, любяць пісаць з натуры: пра вясну — вясной, пра лес — у лесе. У мяне так не атрымлівалася. Мабыць, з тае прычыны і малая ўвага да антуражу, болей — да дзеі. Але пэўна ня ведаю, як лепш. Мабыць, як хто ўмее.

Тады ўжо я ведаў, што залішняй драматызацыі ваеннага сюжэту можа ня быць, што можа ня быць і ніякага сюжэту, аб чым колісь пісаў яшчэ Чэхаў. Драматызацыя на вайне — натуральная рэч. Крыху іншая справа — за кошт чаго? Якімі сродкамі? Вядома, найперш сродкамі выяўленьня сутнасьці барацьбы двух бакоў, што ўвогуле было надта традыцыйна, калі не сказаць руцінна. Мяне ж здаўна цікавілі канфлікты іншага кшталту — унутраныя, якіх хапала і на вайне таксама. Вайна зусім не спыніла (калі не абвастрыла) унутраную палітыку ў адносінах партыі (і асабліва яе карных органаў) да народу. Рэпрэсіўная палітыка працягвалася, хаця, можа быць, ня гэтак заўважна, як да вайны. Вядома, увага тады была адцягнена на іншую барацьбу. Але мне стаў вядомы лёс аднаго нашага аднапалчаніна, журналіста дывізійнай газэты. Ён пісаў вершы, якія рэгулярна паяўляліся на старонках нашай дывізіёнкі за подпісам малодшага лейтэнанта Д. Кугульцінава. А затым раптам зьніклі. Тады тое ня дужа зьвяртала на сябе ўвагу: людзі на вайне ўвесь час зьнікалі — хто на той сьвет, хто ў шпіталь. Пасьля вайны ўжо стала вядома, што калмыка Кугульцінава з фронту адправілі ў ссылку, куды выслалі ўвесь ягоны калмыцкі народ. Вярнуўся ён толькі празь дзесяць год і стаў слынным калмыцкім паэтам. Тое ж, дарэчы, адбылося з другім выдатным паэтам, балкарцам Кайсынам Куліевым ды з мноствам іншых. Пра пасьляваенныя пасадкі афіцэраў я ўжо апавядаў, тое тады было сьвежае ў памяці і ўражвала.

Пасьля выкрыцьця «культу асобы» ў расейскай літаратуры пачалі паяўляцца негатыўныя вобразы чэкістаў, энкавэдыстаў, здаралася, што і нядаўніх сьмершаўцаў. Але ўсё тое дужа ашчадна і нясьмела. Тады «Архіпэлаг ГУЛАГ» ня быў вядомы, А. Салжаніцын заставаўся аўтарам толькі

«Аднаго дня Iвана Дзянісавіча». Але ў грамадзкай сьвядомасьці ўжо склаўся адыёзны тып гэтых людзей, пэўныя адносіны да якіх у мяне склаліся даўно. Карцела напісаць, хоць я пэўна ня ведаў, чым можа скончыцца такая спроба. Пэўнае адчуваньне, аднак, было, у паветры павеялі ўжо іншыя вятры, але думалася, можа, часова. Можа, тое, што адбылося ў грамадзкім жыцьці краіны, беззваротна, і краіна назаўжды скончыла з уласным крывавым мінулым. Вайсковыя пляны пісаў асобна, пасьля ў іх уставіў пасьляваенны сюжэт з маладымі людзьмі таго часу. То быў мой нерэалізаваны доўг маладзёжнай тэмы, і меў яшчэ адну прычыну. Як заўжды, друкаваць аповесьць меўся ў «Маладосьці», а ў Маскве Гарбачоў паабяцаў перакласьці яе для «Юности» — часопісу, які тады стаў дужа папулярны ня толькі сярод моладзі. Дзейнага сюжэту хапала аж занадта, па магчымасьці я стараўся яго скараціць. Памятаючы параду А. Чэхава, ад сюжэту адсек пачатак і канец, бо, як пісаў клясык, — там найбольш фальшу. Што ж да самага канфліктнага вобразу сьмершаўца, дык давялося нямала паламаць галаву над тым, якое даць яму прозьвішча? Было вядома, якія ў нас склаліся адносіны да нацыянальнай прыналежнасьці літаратурных пэрсанажаў, асабліва пэрсанажаў адмоўных. Звычайна на дадатныя рэагавалі моўчкі, бы так і трэба, а на адмоўныя слалі аўтарам і ў рэдакцыі пратэсты і рэклямацыі з крыўдамі за абразу. Шахцёры крыўдзіліся за шахцёраў, сталявары — за сталявараў, настаўнікі — за настаўнікаў. Толькі за адмоўных калгасьнікаў ніхто ня крыўдзіўся і не заступаўся. Чыста расейскае прозьвішча не падыходзіла з самага пачатку (не прапусьціць Галоўліт), сярэднеазіяцкае выклікала немалы сумнеў, азіяцкія «чытачы» на гэты конт былі яшчэ болей чуйныя. I я не без ваганьня выбраў амаль нэйтральнае — Сахно, якое хоць і несла ў сабе нейкі славянскі элемэнт, але, на мой погляд, ня мела выразнай нацыянальнай прыналежнасьці. Напэўна, аднак, тут да канца не дадумаў, некаторыя прызналі яго сваім, што мне пасьля каштавала нямала папсутай крыві. У тым ліку і ад маіх украінскіх сяброў — пісьменьнікаў.

Абмеркаваньне на рэдкалегіі адбывалася ўвогуле дабражадана, некаторыя члены рэдкалегіі выказваліся нават залішне апалягетычна (Генадзь Бураўкін, сакратар ЦК камсамола Арсен Ваніцкі). Праўда, былі і такія, што глыбакадумна прамаўчалі, хоць тое пасьля ня шкодзіла ім сьцьвярджаць, быццам яны галасавалі супроць. Нехта сказаў, што гэта ўжо не аповесьць, а паўнакроўны раман. Але такога азначэньня жанру я пазьбягаў, мяне задавальняла і аповесьць. Пімен Емяльянавіч1 не хваліў, хаця і ня ганіў, толькі на самым пачатку сказаў, як пра штось вырашанае: пасаду Сахно трэба зьмяніць. Тое мне ня дужа падабалася, бо такая папраўка шмат што мяняла ў сыстэме ідэяў. Але я зразумеў, і пасьля нядоўгай нарады мы вырашылі ня ўказваць ягонай пасады наогул. Проста — афіцэр штабу. Разумны здагадаецца, а дурню няма чаго ўсё да драбніц разжоўваць.

Аповесьць друкавалася ў двух нумарах «Маладосці»2, даволі хутка паявіліся і рэцэнзіі на яе***. Рэцэнзэнты зьвярталі галоўную ўвагу на франтавыя рэаліі, дэталі вайны і гераізм яе радавых удзельнікаў. Пра «афіцэра штабу» Сахно імкнуліся ня надта пісаць, і я супакоіўся. Нават зьявілася такое адчуваньне, што галоўнай ідэі твору могуць не зразумець, і я ня ведаў, як аднесьціся да таго.

 

1 Пімен Панчанка.

2 Аповесьць «Мёртвым не баліць» была надрукаваная ў «Маладосці» ў №№ 7–8 за 1965 г.

*** Першая была надрукавана ў «ЛіМе», аўтарам яе стаўся крытык Васіль Буран. (Зноска аўтара.)

49. Нарада ў «Юности»

Улетку мяне запрасілі ў Маскву на нараду, наладжаную рэдкалегіяй «Юности» і прысьвечаную абмеркаваньню яе маладой прозы. Справа ў тым, што партыйнае кіраўніцтва было незадаволенае некаторымі публікацыямі маладых аўтараў, найперш Анатоля Гладзіліна1 і Васіля Аксёнава2. Перад тым быў зьменены галоўны рэдактар часопісу, — замест В. Катаева3 прыйшоў Б. Палявой4. На нараду зь Сярэдняй Азіі прыехаў Анатоль Ананьеў5, які ўжо надрукаваў расхвалены крытыкай ваенны раман «Танкі ідуць ромбам», галоўны герой якога надта ж напамінаў Мікіту Сяргеевіча Хрушчова. Мы з Анатолем былі аднагодкі, на фронце абодва ваявалі ў саракапятках, ён быў цяжка паранены. Пасяліўшыся ў адным гатэлі на Замаскварэччы, цэлы вечар правялі ў гутарцы пра вайну ды літаратуру і выявілі, здавалася, агульны падыход да творчасьці маладых. Я меркаваў, што заўтра мы падтрымаем маладую прозу «Юности», і ў гэтым накірунку рыхтаваўся да выступленьня. Таму дзіўнавата было пачуць уранку, як Ананьеў адразу пачаў з нападак на Гладзіліна, Аксёнава і яшчэ некаторых. Вядома, я выступіў у іх абарону, але тады яшчэ болей зьдзівіў мяне Б. Палявой, які ў заключным выступе падтрымаў не мяне, а Ананьева за яго нелицеприятную критику». Зрэшты, Ананьева я неўзабаве зразумеў — калі ён з свае Сярэдняй Азіі перабраўся ў Маскву на пасаду намесьніка рэдактара аднаго аўтарытэтнага часопісу6.

Недзе тою парой ці, можа, трохі раней у Маскву прыяжджаў амэрыканскі пісьменьнік, аўтар знакамітых «Гронак гневу» Джон Стэйнбек, які завітаў у «Юность» і дужа горача падтрымаў маладых. «Ня бойцеся быць злымі, маладыя ваўчаняты», — скончыў гэты масьціты празаік, зьвяртаючыся да Еўтушэнкі7, Гладзіліна, Аксёнава, Вазьнясенскага8 ды некаторых іншых. У ЦК, казалі, падняўся вялікі скандал, і болей амэрыканскаму маэстру візу ў Савецкі Саюз не далі. Магчыма, аднак, ён яе і не прасіў.

Міхась Гарбачоў тым часам скончыў пераклад аповесьці, але «Юность» адмовілася яе друкаваць. Тады ён аддаў рукапіс у «Новый мир», які перад тым пачаў набываць дысідэнцкую славу. I вось аднойчы мне прыносяць тэлеграму з Масквы ад намесьніка галоўнага рэдактара «Нового мира» Аляксея Кандратовіча з прапановай надрукаваць аповесьць, «если только вам не противен этот журнал».

Ведама, я адразу ж адказаў згодай. Гарбачоў чамусьці маўчаў.

 

1 Анатолій Гладзілін (нар. у 1935) – расійскі пісьменьнік, эмігрант з СССР (1976), аўтар антыўтопіі «Французская ССР».

2 Васіль Аксёнаў (нар. у 1932) – расійскі пісьменьнік.

3 Валянцін Катаеў (1897–1986) – расійскі пісьменьнік, паэт, драматург.

4 Барыс Палявой (сапр. Кампаў, 1908–1981) – расійскі пісьменьнік.

5 Анатоль Ананьеў (нар. у 1925) – расійскі пісьменьнік.

6 А. Ананьеў стаў намесьнікам галоўнага рэдактара часопісу «Новый мир».

7 Яўгеній Еўтушэнка (сапр. Гангнус, нар. у 1932) – расійскі паэт.

8 Андрэй Вазьнясенскі (нар. у 1933) – расійскі паэт.

50. Рым

На пачатку восені ў Рыме зладзіўся чарговы кангрэс КОМЭСА, эўрапейскай пісьменьніцкай адзінай арганізацыі, зь якой супрацоўнічаў СП СССР. У Маскве арганізавалі прадстаўнічую пісьменьніцкую дэлегацыю, у якую ўключылі і мяне. Гэта была ўвогуле рэдкая па тым часе паездка пісьменьнікаў на Захад, а для мяне дык першая1. Напярэдадні выезду выклікаў загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ, даваў інструктаж: трымаць вуха востра, быць асьцярожным, ні з кім не кантактаваць. За мяжой — усе ворагі. З Масквы на лётнішча прыехала вялікая група маладых і старэйшых — Віктар Шклоўскі2, Аляксандр Твардоўскі, Канстанцін Сіманаў3, Рурыкаў4, Сучкоў5, Аксёнаў, Карым6, Марцынкявічус7. Кіраўніком дэлегацыі быў прызначаны Аляксей Суркоў8. У Рыме ўсе разьмясьціліся ў адным гатэлі паблізу ад галоўнай вуліцы Корса і пайшлі аглядаць горад. Рым, канешне, ашаламляў сваімі старажытнасьцямі, руінамі Калізэю, музэямі і палацамі. Схадзілі ў сабор сьв.Пятра, капэлу Рафаэля. Дужа вабілі крамы буржуазнага гораду, ды заходзіць туды не было з чым — грошай мы мелі мала. Заставалася хіба разглядваць вітрыны. У мяне захавалася фота, дзе Юсьцінас Марцынкявічус пільна ўглядаецца праз шкло на выдатную друкоўку, пра якую нам заставалася толькі марыць. Аксёнаў аднойчы згледзеў у кніжнай вітрыне раман сваёй маці, нядаўняй зэчкі Яўгеніі Гінзбург «Ожог» і шапнуў нам, каб пра тое маўчалі.

На кангрэсе гаворка ішла пра літаратурны авангард, вядома ж, заходні, — у нас тады свайго яшчэ не было. Там жа ў зале паседжаньня стала вядома пра арышт у Маскве Сіняўскага і Даніэля9, і мне дужа спадабалася, як К. Сіманаў нягучна сказаў, што арышт паэта — заўжды ганьба для ўраду. Яго, аднак, ніхто не падтрымаў, ды мала хто і пачуў. Мы ўважліва і зь некаторым зьдзіўленьнем слухалі глыбакадумныя выступы Сартра10, рэжысэра Антаніёні, Джона Карла Вігарэлі, якія гаварылі зусім ня так і не пра тое, што мы прывыклі чуць на радзіме. Асабліва ўразіў Сартр сваімі філязофскімі экспромтамі пра экзістэнцыялізм. Разумна ён гаварыў, Сартр, а я думаў, што ўсё ж праўда, мабыць, на баку ягонага земляка Камю11, які зганіў СССР за канцлягеры, а Сартр за тое парваў зь ім адносіны.

Авангардысты, якія там выступалі, нас меней цікавілі, сярод савецкіх пісьменьнікаў тады мала было прыхільнікаў гэтае плыні. Апроч хіба Віктара Шклоўскага, які пасьля свайго выступу на гэтую тэму адразу стаў папулярны сярод заходніх маэстра. Роб Грыйе12 і Наталі Сарот13 горача ціснулі ягоную руку. Там я пазнаёміўся з Аляксандрам Твардоўскім, які сказаў, што будзе друкаваць мой твор, хаця яго яшчэ не чытаў. А на рымскай вулічцы за маленькім круглым столікам спаткаў двух слынных палякаў В. Iвашкевіча14 і Е. Путраманта15, якія жартоўна зьдзівіліся, што ў Беларусі ёсьць пісьменьнік, маладзейшы за Танка. Танк тады быў для іх маладзён.

Утрох – Аксёнаў, Марцынкявічус і я – пайшлі на шпацыр убок сабора сьв. Пятра. Тут трапляла шмат сьвятароў у чорным, цікава было бачыць групы маладых манашак у чорна-белых касынках. На вуліцах у невялікіх шапіках прадавалі рознае царкоўнае начыньне – крыжыкі, расьпяцьце, пацеркі. Мы вырашылі набыць біблію. У нас жа ў Саюзе дабыць яе не было як, мо тут можна. Зайшлі ў адзін шапік з рэлігійнай літаратурай, папыталі – каб на рускай мове. На рускай мове блізка не аказалася, служка пайшоў некуды шукаць. Мы чакалі. Урэшце ён прынёс – на жоўтай паперы, у мяккай вокладцы. Але па-ўкраінску. Хлопцы адмовіліся купляць, а я ўзяў – была рызыка правезьці цераз мяжу (то ж лічылася недазволенай літаратурай), але рызыкнуў. І пасьля чытаў сьв. пісаньне па-ўкраінску, вучыў украінскую мову і божае слова па ёй.

Напрыканцы, ці не ў апошні дзень нашага гасьцяваньня ў Рыме, адбыўся дробны, але шматзначны для таго часу выпадак, пра які, можа, варта тут распавесьці. Уранку нам аб’явілі, што савецкая амбасада запрашае на прыём рускіх пісьменьнікаў, аўтобус будзе пададзены да гатэлю. Паколькі ў складзе дэлегацыі былі ня толькі рускія, дык астатнія палічылі сябе вольнымі ад запрашэньня і выправіліся на шпацыр у горад. Мы зь літоўцам Марцынкявічусам пайшлі ў парк Венета. Аднак на падыходзе туды нас дагнаў аўтамабіль з амбасады, і малады служачы паведаміў папраўку: амбасадар запрашае на прыём усіх, у тым ліку і нярускіх. Давялося вяртацца ў гатэль, каб перамяніць сарочкі ды надзець гальштукі. I мы спазьніліся. На ганку гатэлю спаткалі башкіра Мустая Карыма з Аляксандрам Твардоўскім, якія таксама не пасьпелі на аўтобус з астатнімі. Давялося наймаць таксі. Твардоўскі быў у чорным гарнітуры, увесь распараны ад гарачыні і лаяўся. У амбасадзе аказалася, што прыём ня тут, а ў летняй рэзыдэнцыі за горадам. Паехалі туды, зноў жа на таксі, па дарозе трапілі ў аўтамабільную аварыю, хаця дужа ніхто не пабіўся. Настрой быў сапсаваны, але грэла мэта. Твардоўскі, аднак, быў на мяжы нэрвовага зрыву. Прыехалі зь вялікім спазьненьнем, усе сядзелі за лёгкімі столікамі з прахаладжальнымі напоямі, амбасадар заканчваў чытаць свой даклад і пералічваў працэнты росту выплаўкі чыгуну і сталі ў чарговай пяцігодцы. Як скончыў, пацікавіўся, ці будуць пытаньні. Пытаньняў не аказалася, і ён падзякаваў усім за ўвагу. Усе расчаравана ўсталі, і Твардоўскі гучна, па-сялянску вылаяўся. Амбасадар здаля спытаўся: «Што вы сказалі, таварыш Твардоўскі?». Аляксандр Трыфанавіч стрымана адказаў: «Тое, што чулі». Усе з каменнымі тварамі скіравалі з душнага памяшканьня на вуліцу.

Наш самалёт з Рыму Масква не прыняла з прычыны надвор’я, давялося вяртацца ў Кіеў. Адтуль ехалі цягніком. Была глыбокая ноч, рэстаран не працаваў, дык мы пабудзілі буфетчыцу, набралі ў яе шампанскага. I пачалі піць. У Рыме тым не надта захапляліся — бракавала ліраў, а тут размахнуліся. Барыс Сучкоў, падпіўшы, распавядаў, як колісь арганізоўваў выдавецтва «Иностранная литература», як было з матзабесьпячэньнем, і ён зьвяртаўся да ўсіх — ад Малянкова да Калініна. Але ніхто ня мог ці не хацеў выдаць яму два аўтамабілі, усё цягнулі, спасылаліся на ваенныя абставіны. Тады хтось параіў рэдактару зьвярнуцца да Берыі. Сучкоў сьпярша не хацеў, баяўся, а як наважыўся, Берыя адразу сказаў: «Будуць табе машыны!». Праз тыдзень звоніць: «Сучкоў, пачаму не забіраеш пяць “студэбэкераў”, чакаюць на грузавой станцыі». Той выпадак паказаў Сучкову, хто гаспадар у краіне. Праўда, яшчэ праз колькі гадоў той жа гаспадар адправіў рэдактара на мардоўскі лесапавал, адкуль яго вызваліў XX зьезд партыі. А ў суседнім купэ таксама падпіты Аляксей Суркоў скупа паведаміў, як ён у Брусэлі хацеў скончыць самагубствам — гэткія абавязкі навешалі на яго ў Маскве, за невыкананьне якіх пагражала Лубянка.

Як пасьля выявілася, праблемы ў А. Суркова ўзьніклі ў Нідэрландах пасьля гісторыі з Пастэрнакам16. Суркова абвінавацілі ў фальсіфікацыі і паклёпе на нобэлеўскага ляўрэата, і савецкае кіраўніцтва ініцыявала судовы працэс, каб яго апраўдаць. Але, здаецца, марна.

I я думаў: бедныя, няшчасныя расейскія пісьменьнікі! I гэта — эліта! Нядзіва што, можа, самы элітны зь іх АТК адразу заваліўся спаць на ніжняй паліцы. Каб нічога ня чуць. Кажуць, так заўсёды рабілі ў паездках разумныя савецкія людзі. Той, хто добра выпіў, заўсёды меў апраўданьне.

Паездка пісьменьніка за мяжу на той час была амаль сэнсацыяй. Па вяртаньні ў мяне бралі інтэрв’ю, я выступаў з аповедамі ў рэдакцыі, пісаў пра тое ў «ЛіМе».

Зь Менску прыйшла прапанова стварыць балет паводле «Альпійскай балады», але я, навучаны вопытам кіно, адмовіўся. Я не хацеў празьмернай папулярнасьці, ужо адчуў, як да таго адносяцца мае менскія калегі-пісьменьнікі. Лепш сядзець ціха і ня надта высоўвацца.

 

1 В. Быкаў наведаў Рым у кастрычніку 1965 г.

2 Віктар Шклоўскі (1893–1984) – расійскі пісьменьнік, крытык, літаратуразнаўца.

3 Канстанцін Сіманаў (1915 – 1979) – расійскі паэт.

4 Юрый Рурыкаў (нар. у 1929) – расійскі пісьменьнік.

5 Барыс Сучкоў (1917–1974) – расійскі літаратуразнаўца.

6 Мустай Карым (сапр. Мустафа Карымаў, нар. у 1919) – расійскі і башкірскі паэт.

7 Юсьцінас Марцынькявічус (нар. у 1930) – літоўскі пісьменьнік.

8 Аляксей Суркоў (1899–1983) – расійскі паэт.

9 Суд над А. Сіняўскім (1925—1997) і Ю. Даніэлем (1925— 1988) за публікацыю за мяжой твораў, у якіх быццам бы быў паклёп на сацыялістычны лад, адбыўся ў 1966 г. Пісьменьнікам прысудзілі адпаведна сем і пяць гадоў зьняволеньня.

10 Жан Поль Сартр (1905–1980) – французскі пісьменьнік і філёзаф.

11 Альбэр Камю (1913–1960) – французскі пісьменьнік і філёзаф.

12 Ален Роб-Грые (1922–2008) – французскі пісьменьнік.

13 Наталі Сарот (1900–1999) – французская пісьменьніца.

14 Яраслаў Івашкевіч (1894–1980) – польскі пісьменьнік.

15 Ежы (Юры) Путрамант (1910–1986) – польскі пісьменьнік.

16 Барыс Пастарнак (1890–1960) – расійскі пісьменьнік.

51. Гатэль «Советская»

Увосень пазванілі з «Нового мира» — трэба прыехаць рыхтаваць да друку «Мёртвым не баліць». Хутка сабраўся, паехаў, адшукаў рэдакцыю ў Малым Путнікаўскім завулку — вузкі калідорчык, цесныя пакойчыкі, дужа пахне камунальнай кухняй (на трэцім паверсе быў рэдакцыйны буфэт). Маім рэдактарам аказалася немаладая прыветлівая дама з блізарукім позіркам — Анна Самойлаўна Берзер, якая адразу сказала, што пераклад кепскі, трэба шмат працаваць. Тое ж сказаў і загадчык аддзелу прозы Iгар Вінаградаў і дадаў: «Гэты раз надрукуем. Але ў наступны каб гэтага вашага перакладчыка тут і нагі не было». Тое мяне нямала зьдзівіла, і толькі пасьля я дазнаўся, што Міхась Гарбачоў на пасадзе сакратара партбюро СП СССР нажыў у Маскве нямала ворагаў. Вядома, «Новый мир» у гэтым сэнсе ня быў выключэньнем.

Пару тыдняў сядзеў у шыкоўным, але сьцюдзёным нумары гатэлю «Савецкая» і правіў, правіў адпаведна адзнакам Анны Самойлаўны. Пад вечар адносіў у рэдакцыю і назаўтра зноў правіў. Спатрэбілася таксама перастаўляць некаторыя часткі, асабліва сучасныя пляны. Некаторыя сцэны ўзбуйняць, іншыя, наадварот, — здрабняць. Часам аж кружылася галава ад той працы. Аднойчы ў дзьверы пастукала незнаёмая жанчына, аказалася, што гэта менская лібрэтыстка Чарахоўская, яна гатовая ўпасьці мне ў ногі, абы я дазволіў ёй напісаць лібрэта балету «Альпійскай балады». Ды яна яго ўжо і напісала — во, пачытайце. Ёсьць усе падставы, што атрымаецца выдатны балет, тым болей, што музыку піша малады кампазытар Яўген Глебаў1, які дужа любіць усю творчасьць Васіля Быкава. Сэрца, як кажуць, — ня камень, насуперак пачуцьцю я пагадзіўся. Той факт запачаткаваў маё доўгагадовае сяброўства з таленавітым кампазытарам і грунтоўным чалавекам Яўгенам Аляксандравічам Глебавым. Балет ён стварыў выдатны. Я глядзеў яго аднойчы зь Ірынай Міхайлаўнай (якая пад той час стала маёй жонкай), у якой тады цяклі сьлёзы. Да таго спэктаклю яна была катэгарычна супраць, як ёй здавалася, апашленьня высокай тэмы2.

«Новый мир» тады ўжо бамбавалі з усіх інстанцыяў — з Галоўліту, з СП, з ЦК. Выходзіў часопіс нерэгулярна, кожны раз зь вялікім спазьненьнем. Спазьніліся і №№ 1– 23 з маёй аповесьцю і трапілі якраз падчас чарговага і, можа, самага рэакцыйнага зьезду КПСС — то быў яму падаруначак! У той час, як зьезд набіраўся рашучасьці рэабілітаваць сталіншчыну, абяліць запэцканыя Хрушчовым слаўныя чэкісцкія органы, Твардоўскі б’е іх залпам з двух нумароў, у якіх зьмешчана аповесьць беларускага пісьменьніка. Мабыць, сваіх у Маскве не знайшлося. Тым горш для «Нового мира».

Iнстанцыі зрэагавалі апэратыўна, і праз колькі дзён выйшаў чарговы нумар «Правды» зь вялікім артыкулам У. Сеўрука4 (як пасьля выявілася, слухача Акадэміі грамадскіх навук). У гэтым артыкуле канстатавалася несумненная няўдача пісьменьніка, абараняўся гонар Савецкай арміі, пераможцы фашызму, даваліся ўстаноўкі, як трэба пісаць на тэму мінулай вайны. Мабыць, артыкул дужа спадабаўся галоўнаму ідэёлягу КПСС тав. Суславу, бо аўтар неўзабаве быў пакліканы на Старую плошчу, дзе зрабіў нечуваную для правінцыйнага (здаецца, чукоцкага) журналіста кар’еру. Родам гэты чалавек быў зь Беларусі і, мабыць, на гэтай падставе стаў галоўным дарадцам Суслава — сьпярша па творчасьці Быкава, а пасьля і па ўсёй савецкай літаратуры.

За праўдзінскім артыкулам, бы па камандзе, пасыпаліся вельмі крытычныя, часта зьневажальныя артыкулы з палітычным падтэкстам ва ўсіх іншых цэнтральных газэтах. Абвінавачваньні кожны раз гучалі ўсё болей грозна. «Красная звезда» ў артыкуле Баранца і Дашкова выкінула свой галоўны абвінаваўчы козыр — намер аўтара сутыкнуць два спрадвеку братнія народы, беларускі і ўкраінскі. Ветэраны ў сваіх лістах у рэдакцыі, як заўжды, скардзіліся на прыніжэньне іхняе ролі ў разгроме нямецкіх захопнікаў. Вельмі хутка да абвінаваўчага хору маскоўскіх газэт падключыўся і беларускі друк. Можа, даўжэй за іншыя трымаў паўзу «ЛіМ». Правінцыйныя газэты, якія не маглі апэратыўна арганізаваць уласныя артыкулы супраць «ідэалягічнай дывэрсіі» Быкава, перадрукоўвалі іх з цэнтральных. У тым ліку і мая родная «Гродзенская праўда». Цікава, што ўвогуле аўтара білі за што заўгодна — паклёп, прыніжэньне, скажэньне — але нідзе не было сказана ніводнага слова пра «сьмерш», ці НКВД, ці КДБ. Быццам напісанае ў аповесьці ня мела ніякага дачыненьня да гэтых «органаў». Я чытаў і ня мог даўмецца: што гэта? Знарок ці непаразуменьне?

Тое, аднак, хутка высьветлілася5.

«Мёртвым не баліць» былі аб’яўлены безумоўнай няўдачай аўтара. Але аўтару важнай была не ацэнка твору, не адносіны да яго начальства, а тое, ці сапраўды гэта — няўдача? Тое важна было для маіх наступных задумаў, бо, як пісаў У. Фолкнэр6, «няўдача для мяне вышэй за ўсё. Пачаць штось, што табе не пад сілу — ты нават ня можаш спадзявацца на посьпех, але ўсё ж спрабаваць і стрываць паразу, пасьля спрабаваць зноў. Во для мяне ўдача». Зразумела, я ня мог раўняцца з Фолкнэрам, але і ягоны вопыт тады быў для мяне важны. Здаецца, аднак, тая «няўдача» абярнулася для мяне чымсь іншым. Хаця, каб зразумець і адчуць тое, аўтару спатрэбілася болей за 20 гадоў.

Калі-нікалі летняй парой наведваўся на радзіму, у мае Бычкі. Бацькі яшчэ былі жывыя, і на падыходзе яшчэ здалёку бачыў, як ля падворку чакае бацька, выглядаючы зпад рукі ў бок Азевічавай гары. Сустрэўшы ў Слабодцы аўтобус, мае клумкі каціў на веласіпедзе Мікола, я з падлеткамі сынамі ішоў побач. Пасьля частаваліся за агульным сталом, бацьку дужа карцела папытаць, як жыве сын у далёкім горадзе, дзе і ён некалі жыў – служыў у салдатах. Але сына вабіла не размова з бацькам, а – возера. Заўсёды, ужо ў дзень прыезду, шыбаваў сьцежкай цераз поле і кустоўе да свае запаветнае мэты – хоць на пару гадзін, а ўсё астатняе потым. Увечары бацька скажа, што трэба схадзіць да хроснай Барысіхі – каторы год ляжыць старая, чакае сьмерці. Прыхапіўшы якую цукерыну ці хоць бы яблык, ішоў да хроснай, з гадзіну слухаў яе горкі расповед пра тое, як яна моліць Бога, каб той паслаў сьмерць. А ня шле. Жыла яна зь нявесткай, унучкі вучыліся ў горадзе, сын прапаў на вайне. Кепска жылося маёй хроснай. І ня хутка яшчэ пачуў яе малітвы Гасподзь Бог.

Празь дзён колькі мама прасіла наведаць яе брата – дзядзьку Лявона, што жыў у Завулку. Дарога была праз поле і лес, каля возера Супонец. Дзядзька з працавітым сынам Антолем будаваў сядзібу (ранейшая згарэла ў вайну, сям’я доўга жыла ў асеці). Дзядзька, як заўжды, лавіў рыбу ў навакольных азёрах, часам у добрае надвор’е браў з сабой і госьця. І тады я знаёміўся зь дзядзькавым умельствам – ня тое, што маё. Рыба ў дзядзькі заўсёды лавілася, заўсёды была на стале. Не заўсёды быў хлеб, нават бульба, а рыба была заўсёды – смажаная, вяленая, сушоная.

Неяк дзядзька Лявон распавёў выпадак, як злавіў шчупака з самаробнай блісной, якую ў яго адарваў шчупак яшчэ за Пілсудзкім – 20 гадоў таму. І памёр дзядзька Лявон ад рыбы – прастудзіўся на возеры.

А ягоны Антоля ўкінуўся ў пчолы. Колькі год усё на сядзібе гудзе ад пчолаў, ёсьць мёд, а можа і якая капейчына. Не з калгасу…

 

1 Яўген Глебаў (1929–2000) – беларускі кампазытар.

2 Два папярэднія сказы ў тэксьце раздрукоўкі выкрасьленыя аўтарам, але рэдкалегія тома палічыла вартым іх аднавіць.

3 Нумары часопіса за 1966 г.

4 Уладзімір Сеўрук (1932—2005) — адказны супрацоўнік ЦК КПСС (намесьнік загадчыка, затым загадчык аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПСС), быў першым намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Известия», галоўным рэдактарам газэты «Неделя». Імклівы ўзыход У. Сеўрука па кар’ернай лесьвіцы пачаўся пасьля публікацыі ў «Правде» крытычнага артыкулу пра ваенную літаратуру, у якой аповесьць «Мёртвым не баліць» была названая «неудачей автора» (Севрук В. Правда о великой войне // Правда, 1966, 17 апр.).

5 Сказ у тэксьце раздрукоўкі выкрасьлены аўтарам.

6 Уільям Фолкнэр (1897–1962) – амэрыканскі пісьменьнік.

52. Дубавінкін. Вылчавы

У нашу абласную рэдакцыю, якая тады перабралася з цэнтру гораду за чыгунку, аднойчы зайшоў незнаёмы чалавек і, зірнуўшы выразным позіркам на тых, хто быў у габінэце, сказаў, што яму трэба пагутарыць з Быкавым. Як усе таропка вымеліся, паказаў мне пасьведчаньне з буйнымі літарамі КГБ СССР і назваў сябе: падпалкоўнік Дубавінкін. Размова пачалася з агульнага знаёмства: колькі гадоў, адкуль родам. I далей: «Мабыць, вы разумееце, па якой я справе? Ну, вядома ж, наконт вашай п р а ц ы1, што надрукаваў «Новый мир». Трэба думаць, па недагляду, інакш “ни один уважающий себя орган не мог бы напечатать такой труд”».

Тая бяседа, аднак, мела ўсе адзнакі допыту. Падпалкоўніка дужа цікавілі мае адказы на яго ўвогуле наіўныя ці нават дурныя пытаньні. Я адказваў вельмі стрымана, дужа не хацелася мне ні размаўляць, ні спрачацца. Тады ж, аднак, зразумеў, што гродзенскія органы нічога пра мяне ня ведаюць, ім патрэбны быў першапачатковы матэрыял, і яны ўзяліся зьбіраць яго менавіта такім прымітыўным для сябе спосабам. Мабыць, гэтак прысьпічы-ла. Увечары таго дня без папярэдняга званку на кватэру прыйшоў Павел. Ён выглядаў надта заклапочаным і ні пра што не пытаўся, нічога не сказаў. Толькі сваім апанураным выглядам сьведчыў, што сталася кепскае. Зрэшты, кепскае і сталася, прынамсі для яго. У хуткім часе, мабыць, у мэтах ізаляцыі Быкава яго перакінулі на працу ў самы аддалены раён Гарадзеншчыны — Карэліцкі. (Не дзеля апраўданьня яго, а дзеля ісьціны трэба зазначыць, што мой сваяк шкоды мне не зрабіў, і ўвогуле я яму ўдзячны за тое.)

У Беларусь прыехаў балгарскі пісьменьнік Найдзен Вылчаў. Як заўжды гэта рабілася, пасьля нядоўгай гасьціны ў сталіцы яго скіравалі ў правінцыю — на гэты раз у Наваградак. Вылчаў быў першы раз у Беларусі і, мабыць, не чакаў такой увагі да сябе. Першай жа ноччу ў наваградзкім гатэлі яго абрабавалі, але ён нават не распавёў пра тое гаспадарам. Пасьля павезьлі ў Бярозаўку на шклозавод, дзе меліся быць выступы з удзелам мясцовых пісьменьнікаў. Мы з Карпюком паехалі на сустрэчу. Выступ адбыўся, як заўжды, у перапоўненай залі, усім цікава было ня толькі паслухаць вершы, але і паглядзець на паэта з далёкай братняй краіны. На абед, які наладзілі на прыгожым нёманскім беражку, зьехалася ўсё бярозаўскае і наваградзкае начальства ды яшчэ і гродзенскае таксама. Ежы і пітва прывезьлі цэлую машыну «хуткай дапамогі». Уздоўж Нёмана разаслалі абрусы, і загучалі тосты — у гонар партыі, перадавікоў вытворчасьці, за росквіт сацыялізму і дружбу народаў. Госьць сядзеў моўчкі, падобна, на яго ўжо забыліся, асабліва як высьветлілася, што ён ня п’е. Тое трохі засмуціла беларусаў, але ненадоўга. Да вечару ўсе бутэлькі былі пустыя, а над нёманскімі плёсамі далёка разносіліся «Подмосковные вечера». Найдзен ціха папытаў у мяне: «А што, у вас сваіх песьняў няма?».

У тых грозных грымотах, якія раздаваліся з поваду аповесьці Быкава, Саюз пісьменьнікаў доўга не прымаў ніякага ўдзелу, і я ўжо быў пры думцы, што ягонае кіраўніцтва на маім баку. Ды дзе там! Аказалася, што на партсходах таксама ішло бурнае асуджэньне, некаторыя камуністы патрабавалі прыняць меры. Асабліва абураўся Iван Новікаў, зь якім мы разам ваявалі ў Венгрыі. Другі Iван2, які пры сустрэчы ветліва і дабражадана вітаўся, у сваіх лекцыях ва ўнівэрсытэце падвяргаў жорсткай крытыцы адступніка ад сацрэалізму. Толькі маладзейшыя былі абураныя тым, што вакол мяне адбывалася. Сустрэты мной у Менску малады, але паважаны крытык Віктар Каваленка3 моцна паціснуў руку і сказаў, што хлопцы з Акадэміі [навук] — на маім баку. I ня толькі з Акадэміі. Алесь Адамовіч, які тады быў звольнены з Маскоўскага ўнівэрсытэту за адмову падпісаць прафэсарскі ліст супраць Сіняўскага і Даніэля, ня раз тэлефанаваў зь Менску, каб я трымаўся і не ўпаў у паняверку. Праўда, сам ён тады ўжо абараніў доктарскую дысэртацыю, здаецца, у Кіеве з дапамогай масьцітага Леаніда Навічэнкі4. Той жа Навічэнка аднойчы выпадкам завітаў у Горадню, каб сустрэцца са мной і падтрымаць. Шкада, мяне не аказалася дома. Затое іншыя ўкраінскія пісьменьнікі, у тым ліку і мае нядаўнія сябры, гатовыя былі наладзіць мне байкот. Пры сустрэчы на маскоўскім пленуме Алесь Ганчар5 папытаўся, хто даў гэткае імя прахвосту-сьмершаўцу Сахно? Я сказаў, што аўтар. Тады ён абурыўся: «А мы чулі, што тое зрабіў нейкі жыдок з “Нового мира”. Ад цябе таго не чакалі...». Празь нямала гадоў, як у Кіеве абмяркоўвалася магчымасьць друку гэтай аповесьці на ўкраінскай мове, той жа Ганчар сказаў: толькі цераз мой труп! I я думаў: няўжо тут уся справа ў хай сабе і адыёзным прозьвішчы? А можа, яшчэ ў чым, болей глыбінным, пра што, аднак, не гавораць? Саромеюцца ці што? Дзякуючы, аднак, прынцыповай пазыцыі маіх сяброў, славутых украінскіх пісьменьнікаў У. Яварыўскага6, Д. Паўлычкі7, I. Драча8 аповесьць выйшла на ўкраінскай мове ў перакладзе нашай мілай Тані Кабржыцкай9.

Неўзабаве пасьля прыезду да нас Найдзена Вылчава прыехаў другі Вылчаў — Георгі, навуковец, унівэрсытэцкі выкладчык. Ён аказаўся дужа кампанейскім чалавекам, няблага гаварыў па-расейску. Рыгор Барадулін10 узяў яго і яшчэ мастака Барыса Заборава11 ў Вушачу, на госьці да маці. Я наведаў іх па дарозе з дому ў Менск. Бацькоўская хата Рыгора хавалася ў засені пасаджанага бацькам вяза, ззаду за ёй быў садок. А на ганку стаяла мілая кабета Акуліна Iванаўна — Грышкава маці, тыповая ўшацкая аўдавелая з вайны гаротніца, у якой адзіная ўцеха ў жыцьці — сынок. Геніяльны нацыянальны паэт, што для маці, аднак, мала значыла. Для маці значыла ўсё толькі тое, што ён — сынок. I жыла яна тым вялізным пад неба пачуцьцём, вышэй ад якога не бывае нічога. Памятаю, там ці, можа, пазьней я паспрачаўся з Барысам Заборавым, які ў адрозьненьне ад некаторых з нас ня дужа надаваў хвалы калегу Міхасю Савіцкаму12, што тады шпарка і ўпэўнена ўзыходзіў на беларускі мастакоўскі алімп. Час, аднак, паказаў, што Забораў меў рацыю, а я памыляўся — на вялікі мой жаль.

У Горадню зь Менску прыехаў Васіль Буран13, які рыхтаваў да абароны кандыдацкую дысэртацыю па творчасьці Быкава. Дысэртацыю не прымалі, бо там даваліся ня тыя ацэнкі некаторым момантам маёй творчасьці. Васіль біўся над ёй колькі месяцаў і ўсё марна. Я сказаў яму: «Напішы ты, што ім патрэбна». Але Васіль, які аказаўся слаўным украінскім хлопцам, маім аднагодкам, упарціўся. Дык мы разам сядзелі вечар, і я памагаў яму рабіць фармулёўкі ўласных творчых хібаў. Здаецца, тое памагло, дысэртацыю прынялі.

 

1 Разьбіўка аўтара.

2 Маецца на ўвазе Іван Навуменка.

3 Віктар Каваленка (1929–1997) – беларускі літаратуразнаўца, празаік.

4 Леанід Навічэнка (нар. у 1914) – украінскі літаратуразнаўца.

5 Алесь Ганчар (1918–1995) – украінскі пісьменьнік.

6 Уладзімір Яварыўскі (нар. у 1942) – украінскі пісьменьнік, публіцыст.

7 Дмітро Паўлычка (нар. у 1929) – украінскі паэт.

8 Іван Драч (нар. у 1936) – украінскі паэт.

9 Тацьцяна Кабржыцкая (нар. у 1941) – беларускі перакладчык, літаратуразнаўца.

10 Рыгор Барадулін (нар. у 1935) – народны паэт Беларусі.

11 Барыс Забораў (нар. у 1935) – беларускі мастак.

12 Міхаіл Савіцкі (нар. у 1922) – народны мастак Беларусі.

13 Васіль Буран (нар. у 1924) – беларускі літаратуразнаўца, дасьледчык творчасьці В. Быкава.

53. Шосты зьезд СП БССР

Так сталася, што маімі літаратурнымі сябрамі ў Менску сталі маладзейшыя пісьменьнікі, народзінаў 30-х гадоў. Сяброў зь ліку аднагодкаў (апроч хіба Алеся Адамовіча, маладзейшага за мяне на 3 гады) амаль не было нікога. Увогуле тое зразумела. Маё пакаленьне ці ня спрэс засталося на вайне, а тыя нешматлікія зь яго, што ўцалелі, занадта навучыліся на вайне і пасьля. «Філялягічнае ж пакаленьне» пісьменьнікаў, мабыць, яшчэ ня страціла сваіх маладых памкненьняў да праўды і справядлівасьці і часам, можа нават міжволі, канфліктна рэагавала на нэгатыўныя праявы літаратурнага жыцьця1.

Напярэдадні чарговага зьезду Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі арганізавалі збор подпісаў пад лістом у абарону Быкава. Як пасьля яны пра тое апавядалі, цікава было паназіраць за рэакцыяй шмат якіх пісьменьнікаў на прапанову падпісаць ліст. Некаторыя адразу адмовіліся, іншыя абяцалі падумаць (г.зн. параіцца з кімсь). Бальшыня, аднак, не раздумваючы, падпісала ліст, і мяне ўсьцешыла, што сярод іх нямала старых, вельмі шаноўных пісьменьнікаў: Міхась Лынькоў, Iван Мележ, Янка Брыль, Аркадзь Куляшоў. (Дарэчы, Аркадзь Куляшоў, які быў у даўняй дружбе з Твардоўскім, адзін зь першых павіншаваў мяне з надрукаваньнем у «Новом мире».) Але ні Шамякін, ні Броўка, ні Танк2 ліста не падпісалі. Ведама, той ліст мала чым дапамог апальнаму аўтару (ды і ня мог памагчы), але вэрхалу нарабіў нямала. Тое, што вакол яго адбывалася, дало зразумець партыйнаму кіраўніцтву, што ў надта апекаваным калектыве пісьменьнікаў няма былога сцэмэнтаванага адзінства. Што пісьменьнікі, як ні дзіўна і не зважаючы на шматгадовы ўціск і рэпрэсіі, здольныя да пратэсту. Ліст, зразумела, ня быў нідзе надрукаваны, а арганізатараў яго ня раз выклікалі на допыты і разьбіральніцтвы у розныя інстанцыі (у тым ліку і ў КДБ). Але справа была зробленая, пісьмень-нікі ўпершыню засьведчылі, што могуць не падпарадкавацца грознай партыйнай волі. Toe ўжо было небясьпекай, якая дайшла да Масквы і якую належала прадухіліць.

Зусім нечакана ў Горадні паявіўся мой перакладчык Міхась Гарбачоў. Ранкам проста зь цягніку ён прыбег да мяне на Алега Кашавога3, сказаў, што прыехаў інкогніта, бо мае дужа пільную справу. Праз публікацыю маёй аповесьці, да якой і ён прычыніўся, у ЦК КПСС падняўся вялікі скандал, рыхтуецца закрытая пастанова на гэты конт, якая чорт ведае што можа нарабіць. Таму трэба папярэдзіць — прызнаць крытыку і павініцца. Найлепш таемна, у выглядзе асабістага ліста ў ЦК. Я, натуральна, не пагадзіўся, Міхась пачаў націскаць. Мы ўсчалі спрачацца, сварыцца і, вядома, піць. Спрачаліся і пілі ці ня суткі запар, але да згоды так і не прыйшлі. Сказана было шмат усялякай п’янай лухты, але нямала і прынцыповага, што неадольнай мяжой разьдзяліла мяне з маім перакладчыкам. У канцы ён сказаў: што ж, аповесьць, канешне, цяпер ня выдадуць, будзе ляжаць, бы запасны капітал у сэйфе. Можа, калі-небудзь... Апроч шмат чаго іншага, яму як перакладчыку, канешне, было шкада ўласнае працы, якая прападала марна, і ён спадзяваўся на калі-небудзь. На жаль, ягоныя спадзяванкі ня спраўдзіліся, Гарбачоў памёр, так і не дачакаўшыся выданьня адыёзнага твору.

Правёўшы Гарбачова на маскоўскі цягнік, я засеў за прамову. Нячаста я выступаў на пісьменьніцкіх зборышчах такога роду, але тут рашыўся. (Пасьля некаторыя з маіх дужа інфармаваных апанэнтаў абсалютна дарэмна звальвалі гэта на невінаватага ў тым Гарбачова.) Ды й Алесь Адамовіч сказаў па тэлефоне: прамаўчаць ты ня маеш права, асабліва калі за цябе могуць пацярпець іншыя. За дзень я накідаў выступ з маімі поглядамі і маімі нязгодамі. Прыехаўшы ў Менск, даў прачытаць тое некаторым маскоўскім гасьцям — Аскоцкаму і Лазараву, яны не пярэчылі. Хіба толькі Лазараў, які крыху ведаў маю ня надта спрактыкаваную манеру выступаць, сказаў: не затараплівай. Тое было правільна: я стараўся прачытаць напісанае як мага хутчэй, і тое выглядала кепска. Чытаў у вялікім нэрвовым напружаньні, пры абсалютнай цішыні ў залі, а як скончыў, заля нечакана грымнула воплескамі. Некаторыя ў задніх шэрагах нават усталі. Начальства ў прэзыдыуме, вядома, сядзела з каменнымі тварамі. Але начальства ведала тое, чаго ня ведалі іншыя — недарма яно рыхтавала зьезд доўга і старанна. Пасьля перапынку адразу выступіў Алесь Савіцкі4, які незадоўга перад тым прыехаў з асьпірантуры Літаратурнага інстытуту і таксама пачынаў кар’еру. Цьвярдым, разьмераным голасам пераконанага артадокса ён умомант прыгвазьдзіў да ганебнага слупа рэнэгата і антысаветчыка Быкава за яго паклёп на Савецкую армію і яе авангард — партыю камуністых. Савіцкаму таксама апладзіравалі, а я там жа ў залі напісаў яму запіску: «Далёка пойдзеш, Алесь!». I бы ў ваду глядзеў. Не мінула і месяца, як мой зямляк і аднагодак апынуўся на хлебнай і ганаровай пасадзе ў ЦК КПБ. Праўду казалі: «Галоўная ісьціна веку: сябра зьеў — сам таўсцейшым стаў».

Ворагаў той прамовай я, вядома, набыў нямала (усё кіраўніцтва, якое пасьля доўга пазьбягала са мной вітацца), але паболела і сяброў. На сустрэчах і ў рэстаранным застольлі вельмі прыязна аднесьліся да таго факту Рыгор Бярозкін5 і яго маладзейшыя таварышы — Валя Тарас, Навум Кісьлік6, Хведар Яфімаў7. Зь імі ж часьцяком быў і няп’ючы Алесь Адамовіч, тым ня менш ці ня самы актыўны ініцыятар застольных сустрэч. Пакуль мы хмялелі, ён разумна і зьмястоўна гаварыў пра татальны ўціск літаратуры і нязломнасьць асабістай волі. У абставінах звыклай несвабоды тое было няпроста. Але неабходна. Iнакш справа літаратуры ператваралася ў банальную паліцэйскую справу сыску і пакараньня. Я казаў, што тое вельмі важна было б давесьці нашаму кіраўніцтву СП, на што Адамовіч толькі іранічна хмыкаў — яны тое ведаюць лепей за нас. Бо ў тым непасрэдна ўдзельнічаюць. Што ж, як заўжды, Саша меў рацыю, бо ўжо быў навучаны скандальнай гісторыяй у Маскоўскім унівэрсытэце.

Тэкст майго выступу на зьезьдзе трапіў у Маскву, адтуль на Захад. Радыё «Свабода» передало яго ў эфір. А неўзабаве я атрымаў з Бэрліну цудоўна выдадзеную кніжку «Мёртвым не баліць» на нямецкай мове. Дырэктар заходнебэрлінскага выдавецтва «Propіleen» пытаўся, якім чынам ён можа заплаціць мне ганарар. Мы з Аляксеем Карпюком доўга раіліся над адказам і вырашылі пакінуць гэтае пытаньне нявырашаным. Iнакш не абярэшся бяды. I, мабыць, зрабілі правільна, бо ўсе замежныя ганарары тады ішлі праз адмысловую дзяржаўную структуру, абыходзіць якую было небясьпечна. Яшчэ нядаўна паведамлялася пра суд над нашчадкамі Барыса Пастарнака — быццам бы за парушэньне правілаў валютных апэрацыяў.

Неўзабаве пасьля зьезду я атрымаў першы ліст ад Твардоўскага. Пасьля ён прысылаў мне нямала лістоў і паштовак, але той самы першы стаўся для мяне самым важным ва ўсіх адносінах. Аляксандр Трыфанавіч найперш абгрунтаваў уласную пазыцыю ў дачыненьні да сучаснай літаратуры і засьведчыў пэўную прыхільнасьць да майго выступу на зьезьдзе. Яму спадабалася, што я не апраўдваўся там, не вініўся, а хутчэй — наступаў і абвінавачваў. Пахвальнае слова рэдактара і мэтра расейскай літаратуры было для мяне важней за ўсе пагрозьлівыя напады ўсіх літаратураведаў у штацкім». Я адчуў сябе яшчэ болей упэўнена, калі аднойчы пад восень атрымаў тэлеграму зь Ялты ад славутага аўтара «Акопаў Сталінграду» і таксама ўжо бітага крытыкай (за падарожныя нататкі з Захаду) Віктара Някрасава. «П’ём за ваша здароўе, жадаем новых кніг праўды пра нашу вялікую вайну», — значылася ў тэлеграме...

У выніку буйнай кампаніі дыскрэдытацыі твору Быкава аўтар пачаў атрымліваць шмат лістоў ад яго чытачоў. Пісалі зь Беларусі, з Масквы, зь Пецярбургу і нават зь Сібіры і Далёкага Ўсходу. Аўтары былі самыя розныя – ад ветэранаў былой вайны да моладзі і студэнтаў. Значная бальшыня пісьмаў была ў падтрымку пазыцыі аўтара, падзяка за праўду вайны. Тады ж празь лісты я пазнаёміўся зь некаторымі пісьменьнікамі, што былі, так бы мовіць, укушаныя вайной», інваліды, якія самі пісалі пра яе. Гэта быў выдатны рускі пісьменьнік У. Тэндракоў8, а таксама С. Круцілін9, В. Ганчароў10, [нечытэльная ўстаўка], Д. Гусараў11 зь Петразаводзку. Яны дзякавалі мне і пісьмова ціснулі руку. Тады і пасьля такіх лістоў у мяне набраўся не адзін чамадан. Частку іх пазьней я спаліў на дачы, як пабачыў, што іх могуць украсьці, бо дужа цікавяцца пэўныя людзі. Але ўжо тады заўважыў, што ўсе лісты былі пэрлюстраваныя, што ня надта і ўтойвалася пэрлюстратарамі. Вядома, што папера савецкіх купэртаў была благая, і сьляды гарачага адпарваньня на другім баку былі відавочныя. Пры тым некаторыя з лістоў пэрлюстраваліся па некалькі разоў, у розных інстанцыях. Асабліва пашкуматанымі выглядалі лісты да бацькоў, у вёску. Падобна, іх адпарвалі ў Гародні, дзе я іх апускаў у скрынку, затым у Менску і, вядома ж, па месцы адрасата – усім трэба было ведаць, што піша Быкаў. Але я даўно ўжо не пісаў нічога падазронага, тым болей бацькам. Як, дарэчы, і яны мне, чые лісты былі ня лепшыя з выгляду. Калі трапляла якая бандэроль – кніга ці рукапіс, дык яна была бязьлітасна пашкуматаная (бы яе грыз сабака) і мела чорны паштовы штэмпель:

«Поступила в поврежденном виде».

Некаторыя лісты наогул не прыходзілі – мабыць, адразу ішлі ў «справу». Тады ксэраксаў яшчэ не было, а на перадрук органы ашчаджалі працу «кваліфікаваных машыністак».

 

1 Абзац тэксту друкуецца ўпершыню паводле аўтарскай уклейкі ў кампутарную раздрукоўку.

2 На той час кіраўнікі СП БССР.

3 Вуліца ў Горадні, на якой жыў В. Быкаў.

4 Алесь Савіцкі (нар. у 1924) – беларускі празаік.

5 Рыгор Бярозкін (1918–1981) – беларускі крытык.

6 Навум Кісьлік (1925–2004) – беларускі паэт.

7 Хведар Яфімаў (нар. у 1933 г.) – беларускі паэт, перакладчык, крытык.

8 Уладзімір Тэндракоў (1923–1984) – расійскі пісьменьнік.

9 Сяргей Круцілін (1921–1985) – расійскі пісьменьнік.

10 Віктар (сапр. – Сямён) Ганчароў (нар. у 1920) – расійскі пісьменьнік, паэт.

11 Дзмітрый Гусараў (1924–1995) – расійскі пісьменьнік.

54. Сафія. Сьмерць бацькі

Яшчэ падчас паездкі Найдзена Вылчава ў Беларусь было дамоўлена, што балгарскі Саюз пісьменьнікаў запросіць мяне на госьці. На тое меліся падставы, і першая зь іх — мае «Трэцюю ракету» і «Альпійскую баладу» пераклалі на балгарскую мову і выдалі ў Плоўдзіве. Значыць, я меў права на нейкі там ганарар. Але ў мяне не было замежнага пашпарту. Калі я зьвярнуўся ў менскі МВД, дык там доўга не адказвалі, штосьці цягнулі. Мінаў час, настала восень. I тады аднойчы пазванілі: можаце прыехаць па пашпарт. Праз тыдзень я ўжо ехаў цягніком з Масквы ў Сафію. Мне дужа карцела наведаць краіну маёй хай сабе і малашчасьлівай маладосьці, зірнуць на знаёмыя і мілыя мне мясьціны. Ну і, вядома, пагасьцяваць. Усё ж я ехаў паводле запрашэньня афіцыйнай арганізацыі, а не як бяспраўны прыватны паязджанін.

На памежнай станцыі Унгены, якую я некалі адваёўваў у немцаў, ужо добра функцыянавала пільная памежная служба, і мяне адразу папрасілі з вагону ў будынак вакзалу. Чамадан, сказалі, можна ня браць. Я нічога з сабой ня вёз, апроч бутэлькі гарэлкі ды пару кніжак. Яшчэ праўда, жонка Аркадзя Куляшова — Аксана Хведараўна – дала каробку цукерак для дачкі Валі, што была замужам у Сафіі.

У вакзале павялі на другі паверх, дзе ў прасторным габінэце сядзеў бляндыністы чалавек, што яўна мяне чакаў. Я адразу здагадаўся, хто гэта, хоць ён і не назваў сябе.

Пачалася размова — што, як? Адкуль і куды? Якія там у вас сябры? Якія зь імі сувязі — паштовыя ці асабістыя? Пасьля гаворка набыла болей эмацыйны тон — чаму вы гэтак тэндэнцыйна пішаце? У нас шмат вайсковых пісьменьнікаў, але ж іншыя пішуць добра, без скажэньня праўды вайны і працы органаў. Без арганізаванай працы органаў не было б і нашай перамогі ў вайне — ворагі і здраднікі хутка б здалі Савецкі Саюз Гітлеру. А так во вы маеце магчымасьць паехаць у Балгарыю, сустрэцца і выпіць зь сябрамі. У гэткай размове мінула гадзіна ці болей, і я пачаў баяцца, што магу адстаць ад цягніка. Пра тое яму і сказаў. Ён толькі ўсьміхнуўся — цягнік бяз вас ня пойдзе. I праўда, добра нагаварыўшыся і, мабыць, дарэшты выканаўшы свой абавязак, ён правёў мяне да вагону. Як цягнік перайшоў мяжу, я расчыніў свой чамадан і зьдзівіўся: усё там было ператрэсена. Адзін з суседзяў па купэ пасьля шапнуў у калідоры: чамадан яны таксама бралі туды. Што ж, дзякуй, што хоць не пакралі чужыя цукеркі...

Рэшта таго шляху па Румыніі і да самай Сафіі была азмрочана, я ўжо не хацеў і ехаць. Але неўзабаве ў Сафіі, якая спаткала мяне знаёмым пахам смажанай кебабчы, настрой памалу падняўся. Асабліва пасьля добрай чары грэнай ракіі1 ў сьцюдзёны час. Найдзен тут жа ўладкаваў мяне ў гатэль і папярэдзіў, што на тым афіцыйная гасьціна СП канчаецца, далей мной апекваюцца прыватна. У тым ліку і ён. Так загадала Масква, наогул хацела адмяніць візыт, але балгары палічылі такі акт бестактоўным і дазволілі прыехаць. Што ж, прыватна яны прымалі таксама няблага. Найперш добра пачаставалі на кватэры ў Найдзена зь яго мілай Мінкай, куды прыйшоў другі Вылчаў — Георгій, зь якім я знаёміўся ў час ягонага прыезду ў Менск і Горадню. Празаік Iвайла Пятроў пры сустрэчы на вуліцы пачаставаў віном і распавёў дужа палітычны анэкдот. У паветранай катастрофе загінулі тры нацыянальныя лідэры: Адэнаўэр, Эйзенхаўэр і Хрушчоў. Пытаньне: які народ найбольш шкадаваць будзе? Адказ: балгарскі. Чаму? Таму што сярод іх не было Тодара Жыўкава. Анекдот у алегарычнай форме ўсё вытлумачыў. Болей пра настроі і жыцьцё ў Балгарыі можна было не пытацца. Хаця жыцьцё тое было ва ўсіх адносінах куды лепшае, чым у нашай краіне. Я там меў гонар быць запрошаным на некаторыя госьці і памятаю, як гаварыў пра Менск рэдактар адной балгарскай газэты. Казаў, што, наведаўшы Беларусь, хацеў плакаць, бо ня ўбачыў на вуліцах ніводнай беларускай шыльды, не пачуў у Менску ніводнага беларускага слова і тады зразумеў, што чакае Балгарыю. Ён быў недалёка ад праўды...

У Сафіі зьезьдзіў на Плоўдзіўскую шашу, у былы наш вайсковы гарадок. Гарадок быў на сваім месцы — тыя ж драты агароджы, прахадная, будынкі і казармы. Але нешта і зьмянілася. У рамантычнай віле цераз дарогу, дзе жыў балгарскі генэрал, а пасьля наш камбрыг, цяпер месьціліся камунальныя гаспадары, у двары сушылася на вяроўцы бялізна, а ў доле два балгарыны смалілі кабана. Акурат, як на беларускай вёсцы. Вёска і там прыйшла ў горад. Гасьцінныя балгарскія пісьменьнікі хацелі пачаставаць мяне славутым іх каньяком «Пліска», ды марна. Шукалі па ўсім горадзе, завіталі ў фірменны гатэль «Пліска», але каньяку не знайшлі, сказалі — пайшоў на экспарт. Я падумаў тады: добра, што наш «сучок» не ідзе на экспарт, хоць ёсьць што выпіць.

На пачатку сьнежня2, якраз на дзень сталінскай канстытуцыі памёр бацька. Паехаў на паховіны. Да Полацку ехаў цягніком, а адтуль — на таксі. Не даяжджаючы Кубліч, у Штундаравых гарах таксоўка забуксавала, давялося ісьці пехатой. Добра, было недалёка. Бацька перад сьмерцю доўга хварэў на нейкую ліхаманку, якую лячылі ў Селіцкай бальніцы, ды марна. Ён дужа пакутаваў — ад хваробы і яшчэ за сына. Як я прыяжджаў апошнім часам, пільна ўглядаўся ў мяне і цяжка ўздыхаў: дастаецца табе, сынок, лепш бы ты кінуў пісаць. Пад страхой хлеўчука ў яго даўно ляжала колькі хваёвых дошак, якія, мяркуючы па ўсім, чакалі свайго часу. Не дачакаўся мой стары бацька, калі я кіну пісаць. З тым і пайшоў у хвойнік пасярод вёскі, дзе сабраліся ўсе тамтэйшыя пакаленьні жыхароў. Жылі і адносіліся адзін да аднаго па-рознаму, але тут ляжаць цесьненька — у міры і згодзе. Мусіць, толькі на могілках тое і магчыма.

 

1 Падкрэсьлена аўтарам.

2 Бацька В. Быкава Уладзімер Хведаравіч памёр у 1969 г.

55. «Праклятая вышыня»

Усё апошнім часам перажытае, зьвязанае зь літаратурай, аднак, ня змусіла мяне адрачыся ад вайсковай тэмы. Хоць і даводзілася часам пакутна, парой безнадзейна. Але падтрымка сяброў — у Менску і Маскве — сьведчыла, што ў творчым сэнсе я на плённым шляху. Неяк у Маскве давялося добра і шчыра пагутарыць з Лазарам Лазаравым, які рабіўся ці ня самым аўтарытэтным дасьледчыкам вайсковай літаратуры і ўжо што-нішто надрукаваў у маю падтрымку. Як заўжды, на ўсіх калектыўных мерапрыемствах пахвальна і горача гаварыў пра мае аповесьці Алесь Адамовіч. Чытачы прысылалі масу водгукаў, пераважна з адабрэньнем аповесьці. Сярод іх аднойчы атрымаў добры ліст ад малазнаёмага тады, а пасьля аднаго з самых выдатных пісьменьнікаў Расеі Віктара Астаф’ева1. Выдатны ліст у падтрымку майго погляду на вайну прыслаў камандуючы ЗАКВА2 генэрал арміі Стучэнка. Шкада, мала што з тых эпісталярыяў захавалася: частку я сам спаліў на лецішчы (не было дзе хаваць), частку раскралі. Што-колечы здаў у літаратурны музэй.

Тады ўлетку вольны час бавіў на Нёмане. Тут маім сябрам заставаўся Валя Чэкін, разумны музыка і паэт. Неблагія вершы яго часам друкаваліся ў абласной газэце. Зь ім можна было шчыра пагутарыць пра жыцьцё і літаратуру. Ён умеў слухаць, не любіў спрачацца — таксама, як я. Ну і рыбак быў адмысловы.

Стаўшы сакратаром абласнога аддзяленьня СП, Аляксей Карпюк імкнуўся актывізаваць працу гродзенскіх пісьменьнікаў, арганізоўваў усялякія вечары і сустрэчы — у школах, на прадпрыемствах, часам з выездамі ў раёны. Звычайна для таго запрашаў Дануту Бічэль, Вольгу Iпатаву, якая са школьных урокаў прыбягала куды-небудзь — у пэдінстытут ці ў рэдакцыю і бойка чытала вершы.

Карпюк звычайна ганарыўся маладымі і недалюбліваў старых — некалькіх дужа актыўных пэнсіянэраў-адстаўнікоў. Да майго сяброўства з Чэкіным ён адносіўся даволі стрымана, але я лічыў, што ён памыляецца. Toe маё меркаваньне яшчэ ўзмацнела пасьля аднаго выпадку.

У адзін зь першых сонечных дзён лета мы дамовіліся з Чэкіным спаткацца на Нёмане, каб пераабсталяваць нашы лодачныя прычалы. Напярэдадні Валянцін прыцяг дзьве таўшчэзныя дошкі, якія за бутэльку здабыў на недалёкай будоўлі. Прыйшоўшы да лодак, я доўга чакаў сябра, а яго ўсё не было. Нарэшце ён паявіўся, але выглядаў чымсьці заклапочаны і не адразу паведаміў мне паціху, што яго клікалі ў КДБ. Не на Урыцкага, дзе было іхняе ўпраўленьне, а ў гасьцініцу. I спрабавалі завербаваць, але ён адмовіўся. Toe ня стала для мяне вялікім сюрпрызам, але настрой сапсавала грунтоўна. Зноў жа я ня ведаў, як да таго аднесьціся, тым болей, што Чэкін сказаў, быццам яго папярэдзілі аб «неразглашэньні». Toe, што Валяньцін адмовіўся працаваць супраць мяне, рабіла яго ў маіх вачах яшчэ болей шаноўным сябрам. Болей, аднак, пра тое мы ніколі зь ім не гаварылі, і ён не казаў, ці былі ў яго новыя кантакты з КДБ. Я таксама нічога пра той выпадак нікому не сказаў, апроч як праз шмат год — Карпюку. Аляксей тады крыва заўсьміхаўся — то ж у іх гэткі прыём, а ты думаў... Я падумаў тады, што калі прыём, дык самы паганы і подлы. Бо тое прызнаньне сябра выклікала ў мяне самыя сяброўскія да яго пачуцьці і поўны давер. Думаў, што калі чалавек, не зважаючы на забарону, прызнаецца ў тым, значыцца, ён сапраўды адданы табе сябра. Аказваецца, — прыём...

За кароткі час, можа, за месяц, напісаў невялічкую аповесьць, названую «Праклятая вышыня»3. Гэта ўсё муляў у сьвядомасьці той выпадак вясны сорак чацьвёртага году на фронце. Думалася, там ёсьць штосьці новае, што можна выкарыстаць, прынамсі ў літаратуры. Хаця новае — вельмі адноснае разуменьне, тое, што я меў на мэце, даўно стала банальнасьцю ў нашым жыцьці, удоўж і ўпоперак пранізаным тымі самымі «органамі». Але напісаўшы, завагаўся, ці варта друкаваць? Хацелася з кімсьці параіцца, ды ў Горадні такіх людзей было мала. Карпюк, здаецца, на той час кудысь зьехаў, мой Валянцін беларускай мовы ня ведаў. Ды й наогул, будучы паэтам, ён ня надта цікавіўся маёй празаічнай творчасьцю. Але часам я сустракаўся (пераважна ў кампаніі Карпюка) з выкладчыкам мэдыцынскага інстытуту дацэнтам Клейнам4. Барыс чытаў будучым мэдыкам гісторыю КПСС, быў эрудзіраваны навуковец, ведаў літаратуру і філязофію. Да нашай рэчаіснасьці адносіўся стрымана крытычна, і тое надало мне рашучасьці прапанаваць яму аповесьць. Ня надта ахвотна ўзяўшы, ён прачытаў яе за адну ноч і пры сустрэчы дужа хваліў. Сказаў, што гэткую рэч Твардоўскі з радасьцю надрукуе. Яна таго вартая.

Найперш я завёз аповесьць у Менск, перадаў Пімену Панчанку. Пімен быў заклапочаны, — мае аповесьці, падобна, пачалі пагражаць ягонаму рэдактарству ў «Маладосьці». Сказаў: добра, калі б падтрымаў «Новый мир». Але ж для «Нового мира» трэба перакласьці, а перакладчыка ў мяне не было. Тады Пімен кажа: зрабіце падрадкоўнік, а перакладчыка яны самі знойдуць. У Маскве перакладчыкаў — навалам.

Так і зрабіў — перапісаў тэкст больш-менш па-расейску. Знарок не шліфуючы, ня дбаючы пра стыль, адно клапаціўся пра сэнс. Нейкай аказіяй адправіў рукапіс у Маскву. Праз дужа кароткі час патэлефанаваў Кандратовіч5 — трэба прыехаць.

 

1 Віктар Астаф’еў (1924–2001) – расійскі пісьменьнік.

2 Закарпацкая ваенная акруга.

3 Аповесьць «Праклятая вышыня» завершаная ўвосень 1967 г.

4 Барыс Клейн (нар. 1928) — беларускі гісторык. Выступаў з крытыкай палітычнага курсу кіраўніцтва КПСС; у 1970 г. адмовіўся прыняць удзел у антыізраільскай кампаніі савецкай прэсы, у выніку быў пазбаўлены навуковай ступені кандыдата навук і званьня дацэнта. Адноўлены ў правах навукоўца напрыканцы 1970-х гг. У 1992 г. эміграваў у ЗША.

5 Аляксей Кандратовіч (1920—1970) — расійскі крытык, намесьнік галоўнага рэдактара «Нового мира».

56. «Новый мир»

На гэты раз адбылася сустрэча з усёй рэдакцыяй. У шырокім крэсьле сядзеў грузнаваты, афіцыйна апрануты Аляксандр Трыфанавіч Твардоўскі, прыйшлі стрыманы Аляксей Кандратовіч, акулярысты Iгар Вінаградаў1, гаваркі Уладзімер Лакшын2, мая рэдактарка Аня Берзер і яе каляжанка Iна Барысава. Пасьля падышоў сівавалосы ўсьмешысты Iгар Сац3, а сакратар Хітроў4 быў тут ад самага пачатку. Пачалося абмеркаваньне, якое ішло нядоўга, стрымана і грунтоўна. Памятаю, Кандратовіч гаварыў пра некаторую жорсткасьць самой канструкцыі аповесьці, Лакшын — пра характары. Твардоўскі адзначыў пэўны новы ньюанс у распрацоўцы няновай тэмы, але сказаў, што надрукаваць аповесьць для яго — абавязак. Вось толькі пераклад... Хто зробіць пераклад? Лакшын сказаў, што пераклад мог бы зрабіць Дудзінцаў5, нядаўна раскрытыкаваны за раман, ён сядзіць бяз працы. Твардоўскі зірнуў на яго з дакорам: «Ага, значыцца, так: аўтар Быкаў, рэдактар Твардоўскі, перакладчык Дудзінцаў? I вы хочаце з такім трыё надрукаваць аповесьць?». Усе засьмяяліся, зразумеўшы марнасьць прапановы Лакшына. Тады, пасьля нядоўгага роздуму, Аляксандр Трыфанавіч кажа: «Вось, няхай Васіль сам папрацуе над рускім тэкстам, як мае быць вычытае, Анна Самойлаўна паможа. А мы паглядзім». На тым і вырашылі. I на шмат год запачаткавалі з Быкава перакладчыка ўласнай прозы. Хаця хлеб той апынуўся надзвычай цяжкі, прынамсі для мяне, які ня раз спрабаваў яго кінуць. Але зноў браўся, бо інакш не выпадала.

У заключэньне Твардоўскі аб’явіў, што аўтарская назва ня пойдзе, над назвай патрэбна думаць. Мусіць, тое мне найбольш не спадабалася, але я ўжо ведаў, што тут надта патрабавальна адносяцца менавіта да назвы. Таго ад іх вымагае палітыка. А там, дзе палітыка, там няма месца ні густу, ні нават логіцы. Уся мая далейшая практыка адносінаў з выданьнямі і выдавецтвамі пацьвердзіла тую нязрушную выснову.

У «Маладосьці» аповесьць, як і належала, выйшла раней6 за новамірскую публікацыю. Але не пасьпеў я атрымаць чарговы нумар «Маладосьці», як у Менску зьявіўся вялікі артыкул партыйнага журналіста, нейкага Агеева, які каменя на камені не пакідаў ад аповесьці. Дасталося, вядома, і аўтару. Хаця іншай ацэнкі я і не чакаў, але было трохі крыўдна — колькі ж можна! На гэты раз беларускае кіраўніцтва не спудлавала — папярэдзіла пэўную маскоўскую ацэнку. Калі раней яно апыналася «на падхопе», дык цяпер падхопліваць маглі расейцы. Iніцыятыва была за Беларусьсю.

У Маскве, канешне, ня спалі, падхапілі ў час. Ці не па ўсіх газэтах пракацілася хваля крытыкі і асуджэньня. Не прытупляў палітычнае пільнасці ГЛАВПУР7. На ўсялякіх палітычных нарадах ягоны начальнік генэрал Епішаў у якасьці нэгатыву прыводзіў у прыклад «паклёпніцкую» аповесьць Быкава. Ягоныя ацэнкі перайшлі нават ў вайсковыя падручнікі і дапаможнікі па палітзанятках для салдатаў Савецкай арміі. Тут якраз падасьпеў і «Новый мир» з аповесьцю, дзе яна была названа «Атака сходу». Тое, што сходу», павінна было неяк прабачыць няўдачу самой атакі, — так мне растлумачылі пасьля ў «Новом мире». Але не прабачылася нічога. Уся савецкая прэса, чынячы расправу над аўтарам заганнай аповесьці, граміла і часопіс, асабліва ня раз ужо зганьбаванага Твардоўскага. Чытаючы, як яго бэсьцяць, я адчуваў некаторую няёмкасьць, што «падставіў» часопіс і яго шаноўнага рэдактара. Той, аднак, не вініўся, а прыслаў мне чарговы ліст з падтрымкай і спасылкай на пратапопа Авакума, які з астатніх сілаў топае сабе з пратапопіцай. Толькі да якой мэты, думаў я. Да свайго апошняга вогнішча ў закінутай хаціне? Праўда, «Литературка» зьмясьціла адзіную на той час пазытыўную рэцэнзію8 на аповесьць, і для мяне сталася важна, што аўтарам яе быў Юры Бондараў.

 

1 Ігар Вінаградаў (нар. 1930) — расійскі крытык, літаратуразнаўца, у якасьці члена рэдкалегіі «Нового мира» (1965— 1970) узначальваў адзьдзел прозы, з 1967 г. адзьдзел крытыкі.

2 Уладзімір Лакшын (1933—1994) — расійскі крытык, літаратуразнаўца, член рэдкалегіі «Нового мира» (1962—1970).

3 Ігар Сац (1903—1980) — расійскі мастацтвазнаўца, літаратурны крытык, перакладчык, сакратар А. В. Луначарскага, член рэдкалегіі «Нового мира» (1965—1970).

4 Міхаіл Хітроў (1932–2004) — член рэдкалегіі «Нового мира» і адказны сакратар рэдакцыі (1967—1970).

5 Уладзімір Дудзінцаў (1918–1998) – расійскі пісьменьнік, перакладчык.

6 Аповесьць «Праклятая вышыня» была апублікаваная ў № 5 часопіса «Маладосць» за 1968 г.

7 Абрэвіятура ад «Главное политическое управление разведки».

8 Рэцэнзія на «Атаку сходу» («Праклятую вышыню») выйшла ў «Литературной газете» у 1969 г.

57. Каця. Румынія

Я працягваў працаваць у рэдакцыі, але заўважаў, як адносіны да мяне робяцца ўсё болей кіслыя. На пасаду адказнага рэдактара прыехаў новы чалавек, ветэран вайны, былы лётчык Георгій Лысоў. Ён меў са мной гутарку, зь якой я зразумеў, што абкам доўга тут мяне не пацерпіць, і Георгій Сьцяпанавіч раіў пісаць трохі ашчадней. «Ну іх да д’ябла, гэтыя органы! Iх лепш не чапаць, я ж па сабе ведаю...» Я думаў: хто з нас таго ня ведае? Але ўсе маўчым. Можа, і мне трэба змоўкнуць. Я ўжо гатовы быў змоўкнуць. Можа, і зрабіў бы тое, каб не наступныя падзеі...

Жонка ўвесь час працавала ў школе, дома падрасталі два хлопцы, хапала хатняе працы, і яна шукала памочніцу.

Хтось з выкладчыц пэдінстытуту параіў добрую жанчыну, адзінокую, якая магла б прыходзіць разы два на тыдзень прыбіраць у кватэры. Хутка яна і зьявілася ў нас — добрая, руплівая жанчынка. Яна сапраўды жыла адзінокай, хаця мела сына, і ўжо пабывала ў лягеры. Праўда, ня надта было зразумела, за што. Ды я не цікавіўся. Звычайна, як яна прыходзіла прыбіраць, мы з хлопцамі вымяталіся на падворак ці яшчэ куды — каб не замінаць. Прыбірала добра, старанна. Жонка была задаволеная.

Але неяк я паткнуўся ў шафу па патрэбную кнігу — «Июнь 41 года» Некрыча, якога толькі што разграмілі ў друку, — а кнігі не аказалася. Памятаю добра: днямі ставіў на пэўнае месца ў шафе, а цяпер яе там няма. I ніхто ня бачыў, нічога ня ведае. Прапала кніга. Перад тым цягам доўгага часу атрымліваў з Мальмэ ад адной эмігранткі даўгія лісты з апісаньнем яе асабістых прыгодаў у Менску падчас акупацыі. Напісаныя дробненькім почыркам на дужа тонкай паперы, яны былі вельмі цікавыя, бо мелі масу падрабязнасьцяў, прозьвішчаў, датаў. Я зьбіраў іх у пачак (набралася ўжо, можа, лістоў дваццаць), таксама ставіў за шкло ў шафу. Пасьля кнігі зьніклі і тыя лісты. Каму яны маглі спатрэбіцца? Але вядома, каму. Мяркуючы па ўсім, пасьля таго, як з кватэры вымяталіся гаспадары, туды прыходзілі госьці.

Што гэта менавіта так, неўзабаве пераканаў і наступны выпадак.

Неяк позьняй восеньню мяне ўгаварылі з замежнай камісіі СП зьезьдзіць у Румынію. Прытым аднаму. Ехаць мне туды ня надта хацелася, знаёмых там не было. Праўда, у Бухарэсце выйшла некалькі маіх кніжак, і жанчына з замежнай камісіі надта пераконвала: маўляў, румыны вас чытаюць, любяць і дужа просяць. Паездка тая прынесла мне мала радасьці, разбалеўся зуб, давялося яго выдзіраць, заплаціўшы за тое ці ня ўсе мае камандзіровачныя. Прымалі, аднак, добра, праўда, пацікавіўшыся напачатку, што я пішу — вершы ці прозу? Тое шмат пра што мне сказала. Але там усё ж адбылося некалькі добрых знаёмстваў зь літаратарамі, і адзін зь іх, аўтар манаграфіі пра расейскую літаратуру, падарыў мне сваю візытоўку з прозьвішчам Утан. (Гэткае прозьвішча на той час меў генэральны сакратар ААН.) Дома да мяне ў габінэт прыйшоў для размовы Барыс Клейн, мы пагутарылі, я распавёў пра паездку і паказаў тую візытоўку. Барыс шчыра зьдзівіўся: ты сустракаўся з У Танам? Кажу, так, сустракаўся, і ён нават напісаў пра мяне ў кніжцы. Госьць усё зразумеў, мы пасьмяяліся і разьвіталіся.

Празь які дзень у Горадні падняўся таемны шум наконт У Тана. Знаёмы доктар цікавіцца, з кім я сустракаўся ў Румыніі? А што, і Генсек ААН быў там? — Ды не, кажу, што яму там рабіць? Звоніць дырэктар бібліятэкі: ня можаце назваць, якія кнігі напісаў У Тан? Тут спатрэбіліся, а знайсьці ня можам. Пытаюся, каму спатрэбіліся? — Toe не тэлефонны разгавор... Але ведама, каму. Словы Клейна яны запісалі, а візытоўку, вядома, ня бачылі і падумалі, што тое — нелегальна прывезеная кніга У Тана. Значыцца, дзесь пад канапай у мяне — жучок.

 

58. Ідэалягічныя дывэрсанты

Пасьля малавясёлай гісторыі з публікацыяй «Праклятай вышыні» намеры мае наконт ваенна-франтавой тэмы пачалі марнець. Хоць я і бачыў там яшчэ нямала магчымасьцяў і ў галаве мроілі пэўныя пляны, але, прыкінуўшы, як тое будзе сустрэта начальствам і крытыкай, рашыў устрымацца. Тым болей, што і ў партызанскім мінулым бачылася мне ня менш цікавага, можа, найперш сваёй маральнай праблематыкай. Трэба зазначыць, што як за тую, так і за іншую тэму я браўся пасьля ўсіх. Як ужо іншыя напісалі шмат і пра фронт, і пра партызанаў. Каб не замінаць іншым, я стараўся сьціпла ісьці сьледам і падбіраў пакінутае.

Падобна, у краіне махнулі кіраўнічай рукой на эканоміку, прамысловасьць, на далейшы ўздым сельскай гаспадаркі і ўзяліся за любімы канёк — уздымаць ідэалёгію. З поваду ідэалёгіі праводзіліся пленумы ўсіх узроўняў, творчых саюзаў; рэдакцыі і выдавецтвы ўмацоўвалі выпускнікамі ВПШ ды АГН1. Неверагодных памераў дасяглі Галоўі аблліты, сьпісы забароненых тэмаў і зьвестак набылі таўшчыню тэлефонных даведнікаў. У рэдакцыях і выдавецтвах галоўным чалавекам стаў цэнзар, які прыдзірліва мацаў кожны радок і пры парушэньні дакладваў наверх, каб апэратыўна зрабіць аргвывады. Прапагандовым апаратам было вынайдзена ёмістае і ўнівэрсальнае азначэньне: і д э а л я г і ч н ы я д ы в э р с і і2. Для іх выяўленьня пры кожным парткаме працавалі ідэалягічныя камісіі, якія таксама выносілі свае вэрдыкты. Для пачатку ва ўсіх інстанцыях правялі кампанію па выяўленьні абстракцыяністаў і барацьбе зь імі.

Аднойчы мяне паклікалі ў абкам, дзе першы сакратар Уладзімір Міцкевіч, чалавек двухмэтровага росту і з квадратнымі пашчэнкамі, папытаўся, ці ведаю я, што такое абстракцыянізм. У меру маіх ведаў і разуменьня я спрабаваў растлумачыць, што гэта такое, і сказаў, што ў літаратуры абстракцыянізму няма. «А Еўтушэнка?» — было зададзена пытаньне. — «Ну які ж Еўтушэнка абстракцыяніст, ён самы што ні ёсьць сацыяльны рэаліст», — сказаў я. — «А ваш Карпюк?» Тое мяне ўжо зусім зьдзівіла: «Карпюк — абстракцыяніст?» Але, як хутка выявілася, абкамаўскі бос клікаў мяне зусім не затым, каб слухаць мае тлумачэньні.

Калі неўзабаве быў скліканы абласны сход гаспартактыву, Міцкевіч ужо граміў на ім маскоўскіх абстракцыяністаў Еўтушэнку і Вазьнясенскага, да якіх далучыў і нашага Карпюка. Сход патрабаваў ад члена КПСС Карпюка прызнацца, і той выказаўся ў тым сэнсе, што нават добра ня ведае, што гэта такое. Тады Міцкевіч заявіў у заключнай прамове, што таварыш Карпюк, як усе тут пераканаліся, замаскаваны абстракцыяніст, хаця і не прызнаецца.

Трэба зазначыць, што ў першага сакратара абкаму было нямала прэтэнзіяў да Карпюка зь іншага поваду. Даўні змагар за праўду і справядлівасьць, Аляксей з усякага поваду хадзіў у абкам і гадзінамі сварыўся з усімі сакратарамі, у тым ліку і зь першым. Яго абуралі адносіны кіраўніцтва да стану культурных устаноў у вобласьці, да забесьпячэньня гараджанаў прадуктамі, нават тое, што адрослыя ў скверы дрэвы засланяюць бюст Элізы Ажэшкі. Цяпер, здаецца, надарыўся момант, каб публічна зганіць пісьменьніка. Але Карпюк рашыў не паддацца, паехаў у Менск да Машэрава3. Калі з прыёмам у Машэрава не атрымалася, кінуўся ў Саюз пісьменьнікаў да Танка4. Але Танк толькі разьвёў рукамі — маўляў, што ты будзеш рабіць з дурнямі. Мабыць, Яўген Iванавіч меў рацыю, ён даўно ня ўмешваўся ў ніякія канфлікты з уладамі. У лепшым выпадку мог адаслаць да свайго вечнага намесьніка Шамякіна. Але каб Шамякін за каго-небудзь заступіўся перад партыйнымі органамі, такога не здаралася. Ён сам іх баяўся; казалі, што, калі ў СП званіла кіраўнічая дама Сінельнікава, з трубкай у руцэ прымаў стойку «сьмірна».

Пасьля зьезду на месца Сінельнікавай у ЦК прыйшоў Савіцкі, і першай яго камандзіроўкай на перыферыю стала паездка ў Горадню.

Карпюк паклікаў мяне ў Дом Ажэшкі5, дзе ён звычайна сядзеў над друкаркай, і кажа: «Слухай, прылятае Савіцкі, дык ты сустрэнеш яго ў аэрапорце, а тут буду прымаць я. Як і належыць па пратаколе».

Я так і зрабіў. Спаткаў важнага госьця ля трапу самалёта, на абкамаўскай «волзе» прывёз да Карпюка. Карпюк падняўся з-за стала. Савіцкі, які некалі разам з Карпюком вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах, па-таварыску працяг руку — здароў, Аляксей. Аляксей, аднак, схаваў свае рукі за сьпіну і мовіў: «Во што, Алесь. Ты стукач, і я табе рукі не падам. Але калі ты прыехаў ад ЦК, дык сядай, будзем гаварыць аб справе».

Савіцкі, мабыць, меў добрыя нэрвы, не міргнуўшы вокам, сеў за стол. Пачалася казённая размова — выкананьне плянаў, адносіны і ўзаемаадносіны. Карпюк хутка згубіў увагу да госьця і сказаў, што ў яго сёньня шмат працы, ён канчае аповесьць. Яны холадна разьвіталіся. Той халодны прыём праз кароткі час даволі горача адгукнуўся ў Карпюковым лёсе.

 

1 Акадэмія грамадзкіх навук.

2 Разьбіўка аўтара.

3 Пётр Машэраў (1918–1980) – першы сакратар ЦК КПБ, кіраўнік савецкай Беларусі.

4 Тагачаснага кіраўніка Саюза пісьменьнікаў БССР.

5 Там разьмяшчалася памяшканьне адзьдзяленьня СП БССР.

59. Хэмінгуэй, Рэмарк

Як я з часам пераканаўся, жыцьцё ў правінцыі мае хіба ўяўную перавагу перад сталічным жыцьцём, дзе ў сучаснага чалавека сапраўды ёсьць магчымасьць схавацца ў мурашніку шматлюдзьдзя. Насуперак пашыранаму меркаваньню, у правінцыі тое немагчыма. Па-першае, тут ён пад няспынным наглядам начальства, суседзяў, органаў, якія заўсёды імкнуцца ўсё і пра ўсіх ведаць. Зноў жа — візыты. У Горадні, дзе мы шмат год жылі з Карпюком, не мінала тыдня, каб хто не прыехаў да нас — зь Менску, Масквы ці з Польшчы. Вядома ж, прыяжджалі сябры, харошыя людзі, журналісты, якім мы былі радыя. Звычайна пасьля такіх знаёмстваў завязвалася сяброўства, якое часам доўжылася гадамі. Але сярод іх траплялі і падазроныя ці яўна падасланыя па лініі бясьпекі людзі. Ды як было ўведаць пра тое? Iншыя пісалі пісьмы ці тэлефанавалі па справах зь Менску або Масквы. Часта званіў Мікола Матукоўскі. Ён працаваў у «Известиях» і, вядома, шчыраваў для сваёй газэты. Што-нішто я пісаў так, як разумеў з праблемаў літаратуры ці мовы, ён, вядома ж, перапісваў, і тое друкавалі, мала, аднак, робячы радасьці аўтару. Аднойчы да нас прыехаў любы ўсімі Уладзімер Караткевіч1. Тады ён пісаў

«Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і хацеў паглядзець на гродзенскія «касталомныя вежы». Не чакаючы, калі яму гаспадары наладзяць пачостку, сам склікаў тутэйшых літаратараў у рэстаран «Беларусь» (які яшчэ тады быў), пачаў адкаркоўваць бутэльку шампанскага і абліў любую ім Дануту2. Пасьля гжэчна выбачаўся і цалаваў яе ручкі. Незадоўга да свае сьмерці прыехаў з Варшавы слынны польскі паэт Віктар Варашыльскі, якога пасьля затрымалі на гродзенскай мытні, зрабілі ганебны, зьневажальны ператрус па поўнай праграме. Варашыльскі тут нарадзіўся і з бацькамі жыў у вайну. Немцы ня вынішчылі сям’ю славутага гродзенскага яўрэя-гінэколяга толькі з тае прычыны, што ўсе гады акупацыі яе ратавала беларуская жанчына, былая работніца раддому. Віктар распавядаў, як тая цягала па начах трох малых і трох старых, перахоўвала ў скляпах і закінутых хлеўчуках, рызыкуючы ўласным жыцьцём і жыцьцём сваіх крэўных. I выратавала, ніхто не загінуў. Памерла тая жанчына ў 70-я гады, не адзначаная ні беларускай уладай, ні ізраільскім Ё д я ш э м3. Дрэўца ў яе гонар ля славутай менскай Ямы нікім не пасаджана.

На дзень ці два мы з Карпюком мелі прыемнасьць сустракаць у Горадні ўжо тады слыннага пісьменьніка з Беластоку, апальнага Сакрата Яновіча4. У часе прагулянак па гарадзенскіх ваколіцах ён распавядаў пра свой перасьлед ад польскіх уладаў, а мы распавядалі яму пра свой. Тым і паразумеліся. Як паказаў час, — назаўжды.

Асаблівую прыязнасьць госьці праяўлялі да Карпюка, тым болей, што ён быў заўсёды даступны, днямі сядзеў у сваім офісе, стукаў на друкарцы. Неяк зачасьціў у Горадню журналіст і пісьменьнік Олек Амельяновіч, таксама з Беластоку. Карпюк звычайна не любіў пачостак і ў пэўных выпадках запрашаў мяне або прыводзіў каго да мяне на кватэру. Амельяновіч быў просты, таварыскі хлопец, ахвотна піў і шмат распавядаў пра свае экзатычныя вандроўкі на поўдзень, у Лацінскую Амэрыку. Але аднойчы, перад тым, як ён меўся прыехаць, у Карпюковым офісе раздаўся ананімны званок, і хтось папярэдзіў, каб Олека не прымалі. Мы апынуліся ў разгубленасьці — чый гэта званок, зь якога боку? Памятаю, тады ўтрох — я, Карпюк і Клейн, — адышоўшыся ў парк ля Каложы5, абмяркоўвалі тое здарэньне. Што гэты званок — зь бясьпекі, не выклікала сумневу, але зь якой? Карпюк кажа: а раптам то зь іхняй? Разумны Клейн адказвае: і з нашай ня лепш. Так мы нічога і ня вырашылі. Але, здаецца, пасьля гэтага Амельяновіч не прыехаў зусім. Затое, калі неўзабаве ў Карпюка зьявілася патрэба зьвярнуцца да яго ў Беластоку, той яго выручыў, як ня мог выручыць ніхто ў Беларусі.

Запомніўся прыезд зь Ленінграду інжынэра Вайцяхоўскага, былога партызанскага камбрыга. Памятаю, тады было добрае надвор’е, мы ўзялі колькі бутэлек і паехалі на прыроду ў Пышкі. Як выпілі, камбрыг і яго колішні падначалены, якога ён прызначыў камандзірам атраду, пачалі ўспамінаць шмат якія эпізоды свайго сумеснага партызанства.

Вайцяхоўскі тады вельмі добра выказваўся пра Карпюкакамандзіра, яны ўспаміналі шматлікіх агульных сяброўпартызан. Называлі імёны — тых, хто загінуў, хто і дзе жыве, якую кар’еру зрабіў па вайне. Вайцяхоўскі дакараў, але і хваліў Карпюка, што той не застаўся пасьля вызваленьня ў 44-м мацаваць савецкую ўладу на Гродзеншчыне, як гэта рабілі ці ня ўсе партызанскія камандзіры, а падаўся на фронт, дзе яго скалечыла.

А. Карпюк, як распавядаў, трапіў на фронт праз той самы «вальтэр», якім абзавёўся перад вызваленьнем у 44[м] г. Як і шмат якіх партызанскіх начальнікаў, яго на фронт ня бралі, пакідалі для аднаўленьня савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Але сказалі: пісталет трэба здаць. Перад разьвітаньнем са сваім «вальтэрам» Аляксей пайшоў у гумно і прыцэліўся ў сучок у сьцяне. І якраз трапіў. Шкада яму стала такі дакладны пісталет, і ён не наважыўся разьвітацца зь ім. Лепш пайшоў на фронт.

А там яшчэ на фарміроўцы «вальтэр» яго адабралі начальнікі. Хутка чырвонаармеец Карпюк атрымаў кулю ў плячо, а затым асколак у лёгкія, тады ўжо стала не да пісталетаў.

Карпюк толькі ўсьміхаўся. Яны добра ведалі і паважалі адзін аднаго, і я міжволі зайздросьціў ім. У мяне не было жаднай магчымасьці для такіх сустрэчаў: мае сябры або ляжалі ў братніх магілах ад Дняпра да аўстрыйскіх Альпаў, або былі раскіданыя па сьвеце. Мінула небагата часу, і я перастаў зайздросьціць. Давялося спачуваць...

Недзе з часоў хрушчоўскай адлігі ў савецкім друку пачалі паяўляцца кнігі славутых заходніх аўтараў, да таго ў нас невядомых. Можа, першым з гэтага шэрагу пачалі выдаваць раманы Рэмарка6, які адразу знайшоў немалую папулярнасьць сярод чытацкай моладзі. (Парыж, жанчыны, кальвадос. Але і «На Заходнім фронце безь пераменаў».) Калі французскіх жанчын і свабоднае каханьне ўлады неяк трывалі, дык «Заходняга фронту безь пераменаў» стрываць не маглі. Як заўжды, апэратыўна было пушчана ў абарот зьняважлівае ў нас азначэньне р э м а р к і з м7, які, бы бірку быку на рогі, вешалі на таго ці іншага аўтара. Першым такой «пашанай» быў ганараваны Булат Акуджава зь яго невялічкай, але ёмістай аповесьцю «Будзь здароў, шкаляр», выдадзенай у скандальных «Тарусских страницах» у Калузе. То была добрая аповесьць. Але болей пра вайну Акуджава, здаецца, не пісаў — аддаўся паэзіі і шансону, якія зрабілі яго знакамітым у сьвеце. Пасьля Рэмарка ў літаратурны савецкі ўжытак адразу ўвайшоў Хэмінгуэй, хоць яго самы значны раман «Па кім звоніць звон» ніяк не хацелі выдаваць у Маскве, а як выдалі, дык аказалася, што амаль траціна тэксту была страчана ў купюрах. Мне далі ў Маскве надрукаваны на тонкай паперы рукапіс, які я ўважліва прачытаў дома і адчуў сябе дужа бедным. I дужа неадукаваным таксама. Toe, што мы намагаліся і ніяк не маглі зразумець у вайне, знакаміты Хэм зразумеў і напісаў яшчэ ў 30-я гады. З таго часу, а можа, і раней, сутнасьць вайны не зьмянілася. Ваенная сутнасьць наогул наўрад ці мяняецца праз стагодзьдзі. Толькі на першы погляд здаецца, што наша вайна не такая, як папярэдняя, у чымсь кожная наступная вайна інакшая, а ў выніку ўсе аднолькавыя. Мінае час, і ўсё зьліваецца ў адно ёмістае і ненавіснае людзям азначэньне — вайна. Хэмінгуэй адкрыта сказаў, што «вайна — гэта бардак» і што вайна ў 30 год здаецца зусім іншай, чым у 18– 20 гадоў, што даўнім уражаньням і пачуцьцям ня варта занадта верыць. I што найлепшая школа для пісьменьніка — нешчасьлівае дзяцінства (Твардоўскі, аднак, лічыў, што — юнацтва), і што проза — гэта «архітэктура, а не майстэрства дэкаратара». А мы столькі шчыравалі над стылем, прысмакам слова, забыўшыся пра выснову іншага знакамітага аўтара (Уільяма Фолкнэра), што калі надта клапаціцца над стылем, дык не застанецца нічога, апроч стылю. Хэм ня надта клапаціўся наконт узаконенага стылю, затое яго хутка прызналі заснавальнікам уласнага стылю. Але, можа, самае значнае, што знайшлося для мяне ў вялікага гуманіста Хэмінгуэя, была праставатая, але дужа ёмістая думка: «Добра, калі вырашыш ня быць дрэньню».

Праўда, у нас аднаго рашэньня для таго было мала, патрабавалася яшчэ шмат чаго, што часам было вышэй за жыцьцё, вышэй за твой чалавечы лёс.

Задума з «Круглянскім мостам» высьпявала паволі, на гэты раз болей пад уплывам прачытанага, а ня ўспомненага, перажытага. У літаратуры і асабліва ў журналістыцы, а таксама ў т. зв. дакумэнтальнай літаратуры пра вайну тым часам падабралі ўсе і ўсялякія праявы сапраўднага і выдуманага гераізму, дайшла чарга да дзяцей. Ствараўся вобраз малога помсьлівага героя, які так ненавідзеў фашыстаў, што толькі і імкнуўся аддаць супраць іх жыцьцё. Дарослыя дзядзькі, вядома ж, разумелі яго і ўсяляк садзейнічалі яму. Хаця і было шкода малечу, але калі ён так просіць, дык адмовіць яму не маглі. I яны яго навучаюць, як тое зрабіць з найбольшым вынікам — узарваць мост, цягнік, ці хоць бы аўтамабіль са снарадамі. Вядома, ён гіне, але па-геройску, тое ўсё вытлумачвае і апраўдвае. Пра маральны бок справы таго акту звычайна не згадвалася — мараль там адсутнічала.

Мяне ж прыцягвала менавіта мараль, з таго і зьявіўся8.

 

1 Уладзімір Караткевіч (1930–1984) – беларускі пісьменьнік.

2 Д. Бічэль.

3 Разьбіўка аўтара. «Яд вашэм» – дзяржаўная ўстанова ў Ізраілі, якая займаецца «праблемамі халакосту».

4 Сакрат Яновіч (нар. у 1936) – беларускі пісьменьнік Польшчы.

5 Старадаўняя Каложская царква.

6 Эрых Марыя Рэмарк (1898–1970) – нямецкі пісьменьнік.

7 Разьбіўка аўтара.

8 Вылучанае курсівам дапісана аўтарам простым алоўкам на асобніку кнігі.

60. «Круглянскі мост». АТК

«Круглянскі мост» выйшаў у часопісе «Полымя»1, які на той час рэдагаваў Павел Кавалёў — Павэлак, як яго трохі зьняважліва клікалі маладзейшыя. Паводле сваёй прыроды то быў неблагі чалавек, не апантаны бальшавік, памяркоўны і абачлівы. Вялікай складанасьці з публікацыяй не было — дальнабачны рэдактар найперш заручыўся падтрымкай ЦК. Сакратар па прапагандзе, былы партызан Пілатовіч аповесьць адобрыў. Як пасьля казаў рэдактар, Пілатовіч найбольш быў прываблены заключнай фразай пра камісара, якога, бы анёла-збавіцеля, чакае ў яме падлетак-партызан Сьцёпка. Звычайна ў сваіх творах я прынцыпова пазьбягаў вобразаў камуністаў-камісараў, але тут дапусьціў магчымасьць таго. Так сказаць — гіпатэтычнага камісара, якога няма, але які можа зьявіцца. Як паказаў час, то быў выйгрышны ход, які ў беларускім выданьні ўвогуле апраўдаў сябе. Рэдактар «Літаратуры і мастацтва», сам былы палітрук-камісар Леанід Прокша надрукаваў у сваёй газэце ўласнаручна напісаны артыкул, цалкам апалягетычны да аповесьці. Я пераклаў яе на расейскую мову і адвёз у «Новый мир».

Вядома, я мог бы не друкаваць аповесьць па-расейску, тым болей, што пераклад не чыніў мне асалоды, якраз наадварот. На яго я папсаваў куды болей паперы і затраціў больш часу, чым на арыгінальны варыянт па-беларуску. Але навамірцы прасілі і ня раз напаміналі, як што-небудзь напішацца, адразу прысылаць ім. Твардоўскі прапаноўваў аванс (нават бязвыплатны — у выпадку, калі нічога не напішацца). Я жыў небагата, але авансаў стараўся ня браць. А тут якраз штось напісалася ды яшчэ адобрана на ўзроўні ЦК, як было ўстрымацца? Падумаў ужо, што, можа, гэтай аповесьцю ўлагоджу сваіх, а разам і наваміраўскіх ворагаў.

I праўда, аповесьць спадабалася і ў «Новом мире». Як я прыехаў, Твардоўскі быў у добрым гуморы, сказаў, што гэтая аповесьць, можа, найлепшае з усяго, што я надрукаваў у расейскіх часопісах. Сьвежая тэма і высакародная ідэя. Мабыць, даўно б трэба прыгледзецца беларускім літаратарам да свае партызанкі, у якой далёка ня ўсё белае, а нямала і чорнага. Але хто іх спадзьвігне на тое? Гэты ваш Броўка, у якога даўно «зьліпліся вейкі», ці Грышкасьвінапас Шамякін? Я сказаў, што Шамякін — ня Грышка, а Iван. «Адна парода, — сказаў Твардоўскі, — я яе ведаю. У самога продкі адтуль, зь Беларусі. Ці ёсьць у вас там, у Саюзе2, які мудры яўрэй? Вам вельмі не хапае мудрага старога яўрэя». Яшчэ ён сказаў, што трэба вучыцца і браць прыклад ня толькі з расейскай літаратуры, якая даўно задушана ідэалёгіяй, а і з заходняй літаратуры, дзе моцнага уплыву дасягла літаратура экзістэнцыялізму, Камю, напрыклад. Ягоны раман «Чума» — гэта ж эвангельле дваццатага стагодзьдзя. Канешне, мы — не французы, у нас свой боль, ды ўсё ж... Ён, Твардоўскі, вядома, паважае Пушкіна, але аддае перавагу Някрасаву. Хаця ўвогуле вершаў ня любіць і нават хацеў кінуць іх пісаць. Такая была размова перад публікацыяй «Круглянскага мосту» ў «Новом мире».

Бедны Аляксандр Трыфанавіч, ён не казаў, але, падобна, трошкі спадзяваўся, што мая адобраная беларускім ЦК аповесьць, можа, паправіць і рэпутацыю ягонага часопісу, якая тады дайшла да мяжы магчымага. Можа, ён разьлічваў на падтрымку беларускага партыйнага кіраўніцтва ў ягоным двубоі з бандай Сафронава, Кочатава, Палікарпава? Як спакваля выявілася, тыя яго спадзяванкі былі марныя. Наступныя падзеі не пакінулі ад іх нічога і ў рэшце рэшт давялі да адстаўкі наваміраўскага рэдактара.

Тады на Беларускім вакзале мяне праводзіў Алесь Адамовіч. Часу трохі было, і мы, седзячы ў зале чаканьня, добра пра ўсё пагутарылі. Адамовіч на той час выдаў дзьве аповесьці пра каханьне, якія, аднак, не зрабілі патрэбнага ўражаньня на маскоўскую крытыку. I ён захацеў паглядзець на мой вопыт — прачытаў рукапіс «Круглянскага мосту», які я яму даў напярэдадні. Быўшы партызанам, якім ня быў я, ён, мабыць, меў свае прэтэнзіі да аповесьці, але і сам штосьці згледзеў карыснае для сябе. Пра тое мы гаварылі. Beдама, для мастацтва патрэбны жыцьцёвы вопыт і культура, але што напачатку? Бо тое ды іншае разам рэдка здараюцца ў жыцьці, штосьці ідзе наперадзе. Прынамсі ў нашых літаратурах. На Захадзе там інакш. Але нам далёка да Захаду, у нас свой вопыт і свае крытэрыі. Пасьля выхаду з друку «Круглянскага мосту» першым з рэцэнзіяй выскачыў штотыднёвы «Огонёк», які шмат год рэдагаваў асабісты непрыяцель Твардоўскага Анатоль Сафронаў. Выхадзец зь Беларусі, ён меў у ёй некаторых сяброў — ведама ж, з ліку чэкістаў, партызанскіх генэралаў, партфункцыянэраў. Мабыць, тыя ў час прасыгналілі ў Маскву, і вось у «Огоньке» паяўляецца разварот за подпісам цэлай групы партызанскіх сакратароў і генэралаў. Самы першы стаіць подпіс двойчы Героя Савецкага Саюза партызанскага генэрала Фёдарава, за ім шэраг іншых. У артыкуле — плач і гнеў, гнеў і плач — на аўтара і часопіс, ягонага рэдактара таксама3. Пасьля «Огонька» пайшлопаехала, ад Масквы да самых да ўскраін. Празь нейкі час ні Твардоўскага не засталося ў «Новом мире», ні Пілатовіча ў ЦК. Нядоўга пабыў на чале «ЛіМу» і непрадбачлівы Прокша. Ды і ў «Полымі» абачлівы Кавалёў таксама.

Узаемаадносіны пісьменьнікаў (ды іншых творцаў) заўсёды былі складаныя, чым, зрэшты, карысталіся ў сваіх інтарэсах улады. Што ж да нашых вялікіх папярэднікаў, дык дужа хацелася думаць, што тыя стаялі вышэй за асабістыя звады, вышэй за інтарэсы ўладаў. Для мяне, напрыклад, гаючай душэўнай музыкай гучыць даўні Коласаўскі радок «Мой мілы Янка, мой Купала...». У тым радку надта шмат засяродзілася – як асабістага паміж двума геніямі, так і агульнанацыянальнага. Значыць, насуперак усяму такое было магчыма, прынамсі ў мінулым.4

Неяк завітаў да Міколы Матукоўскага, які адразу павёў мяне ў свой габінэт на новай кватэры па Бранявым завулку ў Менску. Там ужо быў Генадзь Бураўкін, зь якім яны вычытвалі гранкі набору, што атрымалі з «Известий». Гэта быў артыкул Матука5 пра Быкава — ці ня першы ў цэнтральным друку, які меў на мэце даказаць грамадзтву, што Быкаў — наш, савецкі пісьменьнік, не які там паліцай ці ўласавец. I што ягоныя пэрсанажы — патрэбныя і карысныя, бо на вайне былі ня толькі героі, але і баязьліўцы і здраднікі. Што ж, я быў удзячны маім сябрам, якія памагалі мне і раней (і яшчэ будуць памагаць пасьля) у маім літаратурным лёсе. Мабыць, і праўда, артыкул у цэнтральнай газэце недзе штось зрушыў, наступныя падзеі паказалі ягоны несумненны плён.

 

1 Аповесьць «Круглянскі мост» была апублікаваная ў часопісе «Полымя» ў 1969 г. (№2).

2 Саюзе пісьменьнікаў.

3 Размова пра ліст двойчы Героя Савецкага Саюза, колішняга сакратара Чарнігаўскага і Валынскага абкамаў кампартыі, камандзіра партызанскага злучэньня А. Ф. Фёдарава і пра калектыўны ліст дзевяці былых партызанаў (апублікаваныя пад назвай «О повести В. Быкова “Круглянский мост”» у часопісе «Огонек», 1969, № 40).

4 Абзац тэксту друкуецца ўпершыню паводле аўтарскай уклейкі ў кампутарную раздрукоўку.

5 Так у арыгінале. Маецца на ўвазе М. Матукоўскі.

61. Танкі ў Празе. Карпюк

У мяне быў транзістарны прымач1з кароткімі хвалямі — японскі «Панасонік», які я ці ня кожную ноч настройваў — лавіў «Свабоду», Бі-Бі-Сі, «Голас Амэрыкі». З усіх, аднак, аддаваў перавагу «Свабодзе». Добра пачуць яе рэдка ўдавалася — глушылі заўжды і шчыльна. Некаторыя раілі шукаць здатнае месца ў кватэры, каля водаправодных трубаў, паспрабаваць настройваць за горадам. Я спрабаваў і так, і гэтак — часьцей за ўсё нічога не атрымлівалася. Перадатчыкі былі за тысячы кілямэтраў, а глушылкі — во яны, побач, на ўскраіне горада. Няўдалымі былі ўсе мае спробы і ў тую ноч. А менавіта тады хацелася дазнацца пра падзеі, што высьпявалі ў адносінах да Чэхаславаччыны, на якую нацэліўся «крыважэрны блок HATА».

«Міралюбны» Варшаўскі блок рыхтаваўся яе ратаваць.

Раніцай, як заўжды, скіраваў у рэдакцыю і на пешаходным мастку цераз чыгунку спаткаў Клейна. Барыс здаўся нязвыкла маўклівы, на чымсь засяроджаны і толькі буркнуў: «Ну, чуў? Яны ўвялі. Танкі ў Празе...»

Toe, вядома, ашаламляла. Я тады зразумеў вэрхал, што ноччу не даваў спаць — на вуліцах штось адбывалася, ішлі калёны машынаў, даносіліся чыесь галасы, у пад’ездах грукалі дзьверы і бегалі нейкія людзі. Аказваецца, ішла мабілізацыя, як на вайну. У дапамогу перадавым часьцям, што ўвайшлі ў Чэхаславаччыну, на базе Гарадзеншчыны разгортвалася рэзэрвовая армія. Хапалі запасьнікоў, мабілізоўвалі транспарт, на ўскраінах у вайсковых гарадках фармавалі каманды. Як пасьля выявілася, тэлефоны гарадзкой сеткі ў тую ноч былі адключаны. Мы з Клейнам выправіліся да Карпюка.

Яшчэ на падыходзе да Дому Ажэшкі, дзе звычайна працаваў Карпюк, пачулі, як на ўсю вуліцу гучэла перадача Б-Бі-Сі, распавядала, што савецкія войскі акупуюць Прагу. На вуліцы было нямала прахожых, некаторыя спыняліся, слухалі, а бальшыня хуценька кудысьці бегла. Мы тузанулі дзьверы Карпюковага офісу, тыя былі не замкнёныя, а ў пакоі на канапе ляжаў Карпюк. Ён быў у поўнай вайсковай форме, побач на стале ляжала яго партупея і кірзовая палявая сумка. Карпюк хутка ўскочыў, працёр вочы. Мы выключылі транзыстар. «Во, халера, праспаў», — мовіў змабілізаваны ваяка. Аказалася, што ён усю ноч прабыў у Фолюшы на фармоўцы, раніцай прыехаў сюды і заснуў. Цяпер хутка адпраўка на вызвольны паход у Чэхаславаччыну. «I ты пойдзеш?» — папытаўся Клейн. — «Абавязкова. Ужо я там напішу», — быў яго выразны адказ.

Карпюк хутка паехаў на зборны пункт, і што зь ім было далей, стала вядома празь некалькі дзён.

Вялізную мэхкалёну з мабілізаванымі выцягнулі на шашы ў напрамку польскай мяжы. Прыехала начальства з акругі, пачалі правяраць. Хадзілі адны, другія, трэція. Карпюк цярпліва сядзеў у кузаве МАЗа. I раптам паявіўся начальнік палітаддзелу акругі генэрал Дэбалюк. «А гэты нашто? — кіўнуў ён на Карпюка. Нейкі палкоўнік пачаў штосьці тлумачыць, але генэрал не даслухаў: «Зьняць! Ён не паедзе». Давялося Аляксею злазіць з высокага кузава, на спадарожных машынах дабірацца да Горадні. Калёна пайшла да Чэхаславаччыны без Карпюка.

Карпюк, безумоўна, быў чалавек сумленны і, магчыма, нават хацеў быць сумленным камуністам. Але ня ведаў, як ім можна быць. I наогул, што гэта такое — сумленны савецкі чалавек? Што пэўна, ён не любіў хлусьні і не цярпеў непарадку — хоць у літаратуры, хоць у войску таксама. Таму, здаўшы ў Фолюшы сваю амуніцыю, пайшоў уздоўж калючага дроту агароджы паглядзець, ці не засталося што забытае ягонымі папярэднікамі. I — во дзіва! Убачыў у траве тры пакінутыя карабіны. Адчуваючы з вайны каштоўнасьць зброі, ён узваліў карабіны на плечы і панёс да капцёркі. Але тая аказалася ўжо зачыненай — усе пайшлі на фронт. Каб ня кідаць карабіны ў лесе, давялося іх везьці ў горад, у штаб арміі. Там, аднак, карабіны ўзяць адмовіліся — ня нашай часьці. А ўжо настала ноч, і ён змушаны быў несьці карабіны дамоў. Адтуль патэлефанаваў мне: во халера, што мне рабіць? Кажу: там за тваім домам цячэ Ванючка, бухні туды твае карабіны, і справе капец. Ён мяне аблаяў: ты быццам у войску не служыў, ня ведаеш, што такое аружжа. Я, кажу, ведаю. Гэтым аружжам загаўняны ўвесь сьвет. Тваіх трох там не хапае... Не паразумеліся тады мы з Карпюком, ледзь не пасварыліся. Назаўтра ён пачаў хадзіць з тымі карабінамі зноў, аж покуль у яго не запатрабавалі пісьмовага тлумачэньня: дзе і зь якой мэтай узяў і г. д. Ледзьве ён выбавіўся з таго канфлікту, які сам сабе і стварыў.

Цікава, што мяне ў тую мабілізацыю не ўзялі. Можа, прычынай таму — мой стрыечны брат, што паводле анкеты «пражываў у Заходняй Нямеччыне». А можа, і яшчэ што. Зрэшты, ня ў прыклад Карпюку, я туды і ня рваўся і думаў: можа, і лепш, што Карпюка вярнулі. Тыя, што туды паехалі, распавядалі пасьля, як іх у якасьці рэзэрву пратрымалі на чэхаславацка-польскай мяжы, чакалі рэакцыі блёку НАТА, які так і не праявіў ніякай рэакцыі. Toe выклікала захапленьне сярод пэўнай часткі гродзенцаў — ага, спалохаліся нашай магутнай Савецкай арміі! Пра чэхаў казалі: свабоды ім захацелася! Мы ж во жывём без свабоды, але не бунтуем. А ім — свабоды! Яшчэ чаго! I так гаварылі ня горшыя і ня самыя дурныя з нашых знаёмых. А можа, яны так толькі гаварылі, а думалі інакш? Але што карысьці з правільных думак, калі іх трэба выказваць няправільна, перакручана, наадварот. Мабыць, каб выказаць сумленную думку і ня выклікаць падазрэньня, трэба было мець дужа адмысловы розум, якім мала хто з нас валодаў. Мы былі надта прастадушныя ў думках і просталінейныя ў дзеяньнях, за што і цярпелі.

 

1 Гэтае слова напісана аўтарам над выкрасьленым у тэксьце кампутарнай раздрукоўкі словам «радыёпрыёмнік».

62. Карпюк і генэрал Гарбатаў

Седзячы ў Доме Ажэшкі, Карпюк прачытаў у «Новом мире» ўспаміны генэрала Гарбатава, дзе ягоную ўвагу прыцягнуў не расповед генэрала пра сваю кар’еру і франтавыя подзьвігі, а скупое паведамленьне пра тое, што генэрал ня п’е. I ніколі ня піў. Уражаны такім дзівам, Карпюк сунуў часопіс у кішэню і пабег на вакзал. Там, не пасьпеўшы сказаць нават жонцы, сеў у маскоўскі цягнік і ранкам быў ужо ў Маскве. Пасьля працяглых перамоваў з палкоўнікамі Генэральнага штабу раздабыў адрас Гарбатава, які жыў каля Нікіцкіх варот. Карпюк пазваніў у дзьверы, і папярэджаны з генштабу генэрал яго ўпусьціў. Карпюк ветліва прадставіўся — беларускі пісьменьнік, ветэран вайны. Генэрал пасадзіў госьця за маленькі столік, дастаў з шафы гранёны графінчык. Карпюк хацеў абразіцца і заўважыў, што ў часопісе генэрал напісаў, быццам ня п’е. Аказалася, сапраўды ня п’е, а графінчык — для госьця. Тады Карпюк горача паціснуў генэральскую руку, радасна паведаміўшы, што таксама ня п’е. I выклаў яму патрэбу, зь якой прыехаў у Маскву. Ва ўсіх краінах сьвету ёсць таварыствы цьвярозых, а ў нас няма. А між тым шкода ад п’янства... I г. д. Таму трэба зьвярнуцца да грамадзкасьці зь лістом, падпісаным аўтарытэтнымі людзьмі, вось як вы і я, і стварыць таварыства. Тэкст ліста ўжо гатовы, вось пачытайце...

Трохі зьбянтэжаны генэрал прачытаў тэкст і цяжка ўздыхнуў. Справа добрая, сказаў ён. Але хто падпіша? Сярод яго знаёмых цьвярозага генэрала яму не знайсьці. Можа, сярод пісьменьнікаў?..

Карпюк задумаўся. Канешне, ён разумеў, што двух подпісаў было замала для такога ліста, патрэбны быў трэці. Ды знайсьці яго сярод пісьменьнікаў таксама праблема. I раптам ён успомніў пра Адамовіча, які тады быў у Маскве на нейкіх курсах. (Стаўшы ўжо доктарам навук, той усё вучыўся.) Карпюк пабег па Маскве шукаць Адамовіча.

Ён шукаў яго цэлы дзень да вечару, аб’ехаў усе вядомыя рэдакцыі, абзваніў знаёмых. I высьветліў, што Адамовіч сёньня едзе ў Менск. Тады Карпюк купіў білет на вечаровы цягнік і, як той рушыў з Беларускага вакзалу, пачаў абход вагонаў. Ён іх абышоў усе, зазіраў у кожнае купэ і каля Смаленску сапраўды знайшоў соннага Адамовіча. Той выслухаў яго прапанову і сказаў: «Я гатовы ўступіць. Але толькі з умовай разваліць яго знутры». I лёг спаць. Карпюк аблаяў Алеся і выйшаў з цягніка. Раніцай прыехаў да Нікіцкіх варот і аб’явіў генэралу, што трэцяга цьвярозага чалавека ў Расеі не знайшоў. Так высакароднае таварыства не было створана. Hі тады і ніколі болей.

Карпюк, як ён пасьля распавядаў, дарма зьвязаўся з вайскоўцамі, хоць бы і з генэраламі. У сваім жыцьці ён пераканаўся, што з гэтым народам лепей справы ня мець. У вайну Карпюк камандаваў партызанскім атрадам, пасьля ваяваў на фронце, быў двойчы цяжка паранены, а афіцэрскага званьня так і ня выслужыў. У той жа час хлопчыкі, што прыходзілі з унівэрсытэту, так бы мовіць, авансам былі лейтэнанты. А некаторыя і пры ўзнагародах, заслужаных і ня надта. Карпюку ж не далі сабраць нават заслужаныя ім на вайне медалі.

Займеўшы аднойчы вольны час, ён узяўся напісаць лісты.

Адзін быў міністру абароны наконт таго, каб яму выдалі заслужаны ім медаль за ўзяцьце Бэрліну, другі — дзядзьку на Урал. Дзядзька пісаў даўно ўжо, што жыве кепска, з прадуктамі трудна, прасіў дапамогі. Дык пляменьнік яму напісаў: кінь ты гэта расейскае жыцьцё, прыяжджай у Беларусь, тут бульбачкі хопіць. Той жа дзень аднёс лісты на пошту.

I вось празь нейкі час прыбягае з ваенкамату пасыльны, прыносіць позву. Карпюк парадаваўся — ці не прыйшоў ад міністра мэдаль? Прыйшоў да палкоўніка-ваенкама. Той чамусьці глядзіць ваўком, а потым падае аркуш паперы і кажа: «На чытай». Карпюк моўчкі чытае. «Не, ты гучна чытай», — кажа ваенкам. А там на бланку Міністра абароны Саюза ССР напісана: «Загадваю. Параграф першы. Выклікаць і растлумачыць грамадзяніну Карпюку А. Н., што я ў сваяцтве зь ім не знаходжуся і дзядзькам яму не зьяўляюся. Параграф другі. Гродзенскаму аблваенкаму палкоўніку такому-та за нізкі ўзровень палітмасавай работы з асабовым складам аб’яўляю вымову. Міністр абароны маршал Савецкага Саюзу Г. Жукаў». — «Ты зразумеў? — пытаецца ваенкам. — Мне праз паўгода на пэнсію, хто мне цяпер гэтую вымову зьніме? Ці мне бяз пэнсіі ў адстаўку ісьці? Во што ты нарабіў, разгільдзяй!»

Прыгнечаны, з сапсутым настроем Аляксей вярнуўся дадому, дзе яго чакаў ліст ад дзядзькі. Той пісаў хімічным алоўкам на школьнай старонцы: «Дарагі пляменьнік, ці ты там з глузду зьехаў у сваёй Горадні, — які я табе маршал і дзе я табе вазьму гэны мэдаль? Я і ў войску ні дня не служыў...».

Зь дзядзькам, канешне, адносіны ўлагодзіліся, а прадстаўленьне на афіцэрскае званьне ў Карпюка ляснула. Карпюк быў у недаўменьні: падумаеш, напісаў! Я ж маршала не аблаяў. Дык праз тое да пяцідзесяці год хадзіць радавым? А гэтыя, што ў вайну ні разу па жывым немцу ня стрэлілі, ужо маёры запасу. Вунь як той Гаўрушка, што самагон на хутары для камбрыга гнаў. Цяпер ён член бюро гаркаму, – абураўся Карпюк. Тады ён яшчэ не прадбачыў, што прыйдзе час, і гэты брыгадны самагоншчык дасца Карпюку ў знакі...

 

63. Бітыя вокны

Я прыехаў зь Менску, куды езьдзіў па справах сваёей кніжкі. Рэч у тым, што некалькі год выдавецтва «Мастацкая літаратура» валыніла з выданьнем маіх дзьвюх аповесьцяў, нават не ўключала іх у плян. Калі я сказаў пра тое загадчыку адззелу Алесю Бажко1, той нявінным позіркам уставіўся на мяне: «А дзе рукапіс? Рукапісу ж няма». Гады тры таму я асабіста прывёз рукапіс у выдавецтва і ў гэтым жа кабінэце аддаў сакратарцы. Тая паставіла папку ў шафу, мэханічна зірнуўшы на якую, я ўбачыў за шклом свой рукапіс. Дык во ж, рукапіс! Бажко шчыра зьдзівіўся: а мы так шукалі, шукалі... Рукапіс такім чынам быў знойдзены, але кніга ўсё роўна выйшла няхутка...

Дома, на Кашавога, яшчэ было ня позна, бліскаў тэлевізар, і раптам — удар у вакно, шыбіна — у друз, на падлозе кавалак цагліны. Я выбег на вуліцу — нідзе нікога. Назаўтра пасьля невясёлага роздуму пайшоў у міліцыю, напісаў заяву. Пасьля змусілі перапісаць, сказалі, будуць расьсьледаваць. Нейкі час чакаў выніку, пасьля перастаў чакаць. Пачаў чакаць іншых вынікаў, якія і пасьледавалі.

На той час Карпюк дамогся ад абласнога начальства, каб пісьменьнікам паставілі нарэшце тэлефоны, і тое было зроблена. Стала зручна куды пазваніць, ня трэба было бегчы на пошту ці да аўтаматаў, якія ніколі не былі спраўныя. Але пачалося іншае ліха, прынамсі для мяне. Пачалі званіць — з Горадні, Менску, Масквы ці чорт ведае адкуль, — не называючыся. То быў форменны тэлефонны тэрор, пэўна ж кімсьці арганізаваны. Але вядома, кім. У любы час дня і ночы трашчэў телефон, устрывожаны, я ўскокваў з ложку і чуў першае пытаньне: «Да якога часу вы будзеце падрываць савецкую ўласьць?». Або: «Многа вам заплаціла ЦРУ за паклёп на партыю і Чырвоную армію?». Удзень нярэдка званіў Дубавінкін — ветліва пра штось пытаўся, штось удакладняў і ненавязьліва выхоўваў. Чытаў мараль. Тую ж мараль некалькі разоў чытаў палкоўнік з палітупраўленьня БВА2, які прадставіўся кандыдатам навук (праўда, не ўдакладніў, якіх) і а к т ы ў н ы м3 удзельнікам ВАВ. Добра пастаўленым голасам ён з напорам даводзіў, што да тэмы вайны трэба падыходзіць вельмі ашчадна, каб не сказіць рэтраспэктыву. Сам ён мае надзвычай вялікія заслугі ў вайне, перажыў столькі, што, калі напісаць, хапіла б на «Вайну і мір». Але ён ня піша, бо ня мае часу. Увесь яго час займае служба па выхаваньні савецкага салдата, патрыёта сваёй краіны. Я слухаў тую лухту і думаў, ці гэта сур’ёзна? Ці ня ёсьць гэтая размова самаапраўданьнем чалавека, які дзесь саграшыў і цяпер папраўляецца? Як наш рэдакцыйны Яркін. Ён любіў закласьці, часам п’яны штосьці мог натварыць, і з тае прычыны на чарговым партсходзе першы браў слова і палымяна выступаў з падтрымкай чарговай пастановы ЦК ці абкаму або гаркаму. Для яго не было важна каго — важна было, што з падтрымкай. Toe яму залічвалася і ратавала да наступнага эксцэсу.

Маё жыцьцё ў Горадні, да якой я прывязаўся, рабілася, аднак, усё меней прывабным. Сьцяна адчужэньня між мной і рэдакцыйным калектывам расла ўсё болей. (Хаця, калі разважыць, магло быць і горш.) Пасада мая заставалася ранейшаю — літаратурны кансультант, але аплату для мяне зрабілі зьдзельную, — пачалі плаціць толькі за адказы аўтарам. Набіраліся за месяц капейкі. Сяброў там у мяне не было, ня стала нават з кім пагаварыць ці выпіць. Валянцін Чэкін, зь якім я меў нейкае сяброўства, «завязаў», іншыя хоць і не завязвалі, але дужа асьцерагаліся таго. У газэце, частка тыражу якой выходзіла на беларускай мове, нельга было пачуць ні слова па-беларуску. Усе размаўлялі па-расейску. Апроч хіба аднаго літсупрацоўніка Вячаслава Ката, які ўпарта з усімі, беларусамі і расейцамі, размаўляў толькі па-беларуску, што часьцяком выклікала зьдзіўленьне. Але Вячаслаў цікавіўся беларускай літаратурай, завочна вучыўся ў БДУ, дзе слухаў лекцыі прафэсара Навуменкі. Пасьля, вярнуўшыся дадому, заходзіў да мяне ў кабінэт і загадкава, бы са спачуваньнем пазіраў на мяне. Я здагадваўся, у чым справа, але ні пра што не распытваў.

Часам у рэдакцыю заходзіў былы камандзір батарэі Iван Ушчапоўскі, зь якім у нас усталявалася добрае ўзаемаразуменьне. Перажыўшы не адно ваеннае ліха і маючы добрую памяць, ён праўдзіва апісаў малавясёлую старонку вайны — пагібель некалькіх нашых армій пад Вязьмай і Ржэвам, што афіцыйная гісторыя вайны старанна замоўчвала. На жаль, аўтару не хапала літаратурнай пісьменнасьці, і я, шкадуючы матэрыял, зрабіў літаратурны запіс, на што патраціў зіму. Пасьля стараўся прыладзіць яго ў якое-небудзь выдавецтва, ды марна, — ні ў Маскве, ні ў Менску рукапіс не прынялі. Так тыя рэдкія паводле крывавай праўды вайны старонкі і засталіся ненадрукаваныя, аб чым шчыра дагэтуль шкадую4.

Мала хто з маіх знаёмых распавядаў пра сваю вайну шчыра, не становячыся на прапагандовыя хадулі. Запомніўся, аднак, фельчар Хандобкін зь ягоным самаіранічным расповедам, як яго з Цэнтральнага штабу партызанскага руху паслалі ў партызаны — высьпяткам выкінулі з самалёту, і ён ледзьве жывы ад страху прызямліўся ў «логаве зьвера». Некалі штосьці падобнае распавядаў паэт Анатоль Астрэйка5, які на пачатку вайны разам зь некаторымі іншымі беларускімі паэтамі жыў у гатэлі «Масква», дзе яны выдавалі газэту «Раздавім фашысцкую гадзіну». Астрэйка, аднак, там ня ўседзеў, бо быў беспартыйны, а там атабарыліся паэты-камуністы, якія і даседзелі да канца вайны. За сваю гераічную працу па натхненьні беларускага народу на барацьбу з захопнікамі яны былі ўзнагароджаны ардэнамі баявога Чырвонага сьцягу, Астрэйка ж, што перажыў не адну партызанскую блякаду, атрымаў мэдаль. Сапраўды, Бог няроўна дзеліць. Тым болей начальства — нават адносна жыцьця або сьмерці.

На партыйных і гаспадарчых мерапрыемствах у вобласьці з зайздроснай увагай і смакам абмяркоўваліся «ідэалягічныя дывэрсіі» гродзенскіх літаратараў. Нават патрабавалі адказу ў сакратара абкаму па ідэалёгіі А. Ульяновіча, які ня ведаў, як апраўдацца, але абяцаў «спусьціць штаны» з Карпюка і Быкава. Адна надта кіраўнічая дама, мусіць, хацела апраўдаць Быкава гэткім аргумэнтам: чаго ж вы хочаце ад чалавека, які нават ня скончыў ВПШ, бо ня член партыі? Да таго ж п’е. На тое ёй пярэчылі: але ж Карпюк скончыў інстытут, нават Вышэйшыя літкурсы і ня п’е. Дык куды ж глядзіць абкам КПБ?

Што да выпіваньня, дык тая дама мела некаторую рацыю — за мной быў такі грэх. Асабліва падчас паездак на розныя пісьменьніцкія мерапрыемствы. Аднойчы, памятаю, на пленуме ў Маскве праседзелі з адным маім сябрам увесь дзень у буфэце, дзе, вядома ж, пілі. Але ня толькі пілі, а і вельмі актыўна дыскутавалі з двума ўкраінскімі артадоксамі з поваду перасьледу Віктара Някрасава.

Спрэчка перайшла ў злосную сварку, і мы сварыліся (і пілі) аж да сканчэньня мерапрыемства. Так і не зайшоўшы ў залю.

Тое ж няраз здаралася ў Менску, і Карпюк нават езьдзіў да маіх сяброў сварыцца, што яны спойваюць Быкава. Зь мяне памалу ствараўся вобраз пуставатага абібока і п’янтоса. Я не бурыў той вобраз, я яго падтрымліваў у якасьці пэўнай абароны ад таго, што магло спасьцігнуць адказнага, разважлівага і цьвярозага. I спасьцігла не аднаго. Мяне ж абышло неяк6.

У цэнтральных газэтах паявіўся артыкул (ці прамова) начальніка ГЛАВПУРА Савецкай арміі генэрала арміі Епішава, у якім ён сярод іншых расейскіх аўтараў (Еўтушэнка, Вазнясенскі, Аксёнаў) бэсьціў і Быкава. На чарговым партыйным мерапрыемстве ў Доме афіцэраў, куды запрасілі Карпюка, той сказаў са злосьцю: «Калі Епішаў — генэрал, дык хай камандуе войскам, а ня лезе ў літаратуру». Тая ягоная рэпліка выклікала паніку сярод партыйнага кіраўніцтва Горадні. Як Аляксей у чарговы раз пайшоў у абкам, яго туды не пусьцілі. Насьпявала штось не зусім звычайнае.

 

1 Алесь Бажко (нар. у 1918) – беларускі пісьменьнік.

2 Беларускай вайсковай акругі.

3 Разьбіўка аўтара.

4 Успаміны камандзіра батарэі Iвана Ушчапоўскага, запісаныя і падрыхтаваныя да друку В. Быкавым, адшукаць пакуль не ўдалося.

5 Анатоль Астрэйка (1911–1978) – беларускі паэт, перакладчык.

6 Сказ выкрасьлены аўтарам у кампутарнай раздрукоўцы.

64. Ленінскі юбілей

У гэткай атмасфэры надышоў 100-гадовы юбілей Леніна1, да якога рыхтаваліся, бы да аканчальнай перамогі камунізму. Па гарадах і вёсках ішлі сходы, пленумы, ленінскія сімпозіумы. У Саюзе пісьменьнікаў з гэтай нагоды наладзілі ўрачысты пленум, прыехалі і мы з Карпюком. Я пасядзеў крыху і пайшоў — беспартыйныя сябры запрашалі на пачостку. Карпюк запісаўся ў выступоўцы. Толькі што перад тым па краіне прайшоў ленінскі суботнік, рэпартажы зь якога друкаваліся ва ўсіх газэтах, і Карпюк зрабіў тое тэмай свайго выступленьня. У канцы ён сказаў:

«Мы ведаем, як у суботніку ўдзельнічаў Уладзімір Iльліч, з кім ён насіў бярвеньне. Але з кім насіў бярвеньне Леанід Iльліч, таго нам “Правда” не паведаміла. Ці, можа, Брэжнеў ня ўдзельнічаў у ленінскім суботніку, — хай нам адкажуць». Марцалеў2, які сядзеў у прэзыдыуме, аж скалануўся ад тых слоў і ў канцы пленуму сказаў, нібы між іншым:

«Што да выступленьня Карпюка, дык гэты чалавек пачынае хадзіць па галовах».

Празь нейкі час той жа Марцалеў і ягоны памочнік Гніламёдаў3 прыехалі ў Горадню наводзіць парадак у мясцовым аддзяленьні пісьменьнікаў. Пасьля грунтоўнай гутаркі ў абкаме пачалі па адным выклікаць нас у Дом Ажэшкі. Першай паклікалі Дануту4, якая няхутка выйшла адтуль з заплаканым тварам. Нават не схацела гаварыць, што ў яе пыталіся. Наступным быў я. Размова была звычайная — пыталіся пра прычыны канфлікту зь мясцовымі ўладамі і чыталі мараль. Як я распавёў пра прошукі КДБ, Марцалеў аж спалохаўся: «А вы ўжо ўсім расказалі?». Ня ўсім, кажу, але некаторым расказаў. У тым ліку і карэспандэнтам з Масквы і Варшавы. У Карпюка дапытваліся пра прычыны ягоных адносінаў з абкамам, на што Аляксей сказаў: «Як яны да нас, так і мы да іх. Юбілейным ленінскім мэдалём за штучнае асемяненьне кароў Ульяновіча ўзнагародзілі, а нас з Быкавым за вайну — і не падумалі».

У канцы школьнага навучальнага году здарыўся канфліктны выпадак з маім малодшым сынам. Патэлефанавала дырэктарка школы, дужа прынцыповая дама з адметным прозьвішчам Сукачова і тэрмінова запатрабавала мяне ў школу. Я не пайшоў, сьпярша папытаўся ў свайго Васіля, што ён натварыў? Ён, натуральна, аднекваўся, маўляў, нічога. Але спакваля стала вядома. На ленінскім уроку ў 4 клясе, калі гаворка ішла пра Iльліча, мой сын сам сабе буркнуў у рыфму: Iльіч — стары хрыч. Toe ўчула яго пільная суседка і тут жа падняла руку, каб абвясьціць тое настаўніцы. Настаўніца з жахам падняла сына, які, вядома, не прызнаўся. Справа дайшла да дырэктара, далажылі ў гаркам і яшчэ куды. Разьдзьмулі палітычны скандал, у мяне запатрабавалі пісьмовага тлумачэньня. Шкадуючы сына, якому пагражала выключэньне, я нешта пісаў, апраўдваўся сам і апраўдваў яго. Увогуле тое было брыдка і ганебна.

Сталася так, што я ўжо мала з кім таварышаваў у Горадні. Усе знаёмыя былі занятыя асабістымі справамі, а галоўнае — пабойваліся занадта кантактаваць з апальнымі пісьменьнікамі. Часам сустракаўся з Барысам Клейнам, калі той ня быў заняты ў інстытуце. Клейн меў даволі глыбокі аналітычны розум, быў дасьведчаны ў палітыцы. Ды і ў культуры таксама. (Распавядаў, як некалі вучыўся ў адной клясе з Раланам Быкавым5, цяпер лёс зьвёў яго з другім Быкавым.) Менш цікавіўся беларускай літаратурай, але гэта — як каму наканавана.

Аднойчы ўвечары ён прыйшоў да мяне на кватэру, мы пасядзелі трохі, і я пайшоў яго праводзіць дадому. Самую важную частку размовы, вядома, прыпасалі да гэтага часу. Клейн жыў недалёка, у цэнтры гораду, каля турмы. Прайшлі ў адзін канец, затым у другі. Было ўжо цёмна, людзей на вуліцы трапляла няшмат. Ля самага яго пад’езду раптам перад намі выніклі трое, заступілі дарогу. Сьпярша мы нават не зразумелі, чаму яны перагарадзілі нам вузкі шлях, як тут жа атрымалі па удары ў твары — я і Барыс. У таго адразу ўпалі пад ногі акуляры, я здушана крыкнуў: «У чым справа?». I зноў атрымалі — другі раз. Тады мы закрычалі — на ўсю вуліцу. Адзін таропка перайшоў на другі бок, дзе ўжо стаяў трэці зь іх групы. Астатні раптам наблізіўся амаль ушчыльную, але замест таго, каб ударыць, ціха сказаў «Простите, ребята!» і пайшоў да тых двух.

Я памог Барысу адшукаць у цемры яго акуляры. Знэрваваныя, мы яшчэ пастаялі, гледзячы, як трое нетаропка пайшлі сабе ў бок турмы. Што было рабіць далей? Блізка было ўпраўленьне міліцыі, насупроць ад яго ўпраўленьне КДБ. Але мы туды не пайшлі. Мы наогул нікуды не пайшлі ні тады, ні назаўтра. Мы зразумелі, чыіх гэта рук справа і што скардзіцца — марна. Зноў жа ня так ужо яны нас і пабілі — сінякоў не засталося. Шкельцы ў акулярах Барыса замянілі, а я наогул выйшаў бяз стратаў. Заставалася толькі дзякаваць Богу і чакаць новых прыгод.

Празь дзень я патэлефанаваў у Менск Матукоўскаму, распавёў, што ў нас адбываецца. Мікалай Ягоравіч паўздыхаў у трубку і сказаў, што трэба мне перабірацца ў Менск. У Горадні цябе зьядуць. Ці заб’юць, што таксама ня лепей...

Аднак у Менску, куды я неўзабаве зьезьдзіў, было ня лепш. Кісьлік з Тaрасам распавялі, як у Акадэміі [Навук] грамілі групу нацыяналіста Прашковіча6, за палітыку выключылі з партыі і выгналі з газэты Вінаградава, мужа пісьменьніцы Вакулоўскай. У Саюзе пісьменьнікаў, куды я забягаў, можна было перакінуцца словам хіба з прыветлівым Толем Вярцінскім7, які здаўна прыязна да мяне ставіўся. Адамовіч жыў у Маскве, дзе вучыўся на сцэнарных курсах. (Патрэбны яму былі гэтыя курсы. Хіба каб уцячы зь Менску.) Ня шкодзіла б зайсьці ў «Маладосьць», але тую рэдакцыю зь нейкага часу схавалі ў будынак ЦК ЛКСМБ зь яго строгім прапускным рэжымам, якога я не трываў. Патэлефанаваў Нілу Гілевічу. Гэтага чалавека і паэта я паважаў даўно найперш за яго цьвёрдую нацыянальную пазыцыю, якая, аднак, давалася яму ўсё трудней. Асабліва пакуль ён нарэшце не ўступіў у партыю. Зь ім за чаркай на яго ўтульнай кухні можна было адвесьці душу, нагаварыцца на роднай мове. Што я і рабіў апошнім часам, бываючы ў Менску.

 

1 Арганізатар Кастрычніцкага перавароту 1917 г. Ўладзімір Ульянаў (Ленін) нарадзіўся 22 красавіка 1870 г.

2 Станіслаў Марцалеў (1925–2003) – дзеяч камуністычнага руху БССР, у 1970 г. – загадчык аддзела культуры ЦК КПБ.

3 Уладзімір Гніламёдаў (нар. у 1937) – беларускі літаратуразнаўца, празаік. У 1969—1976 гг. працаваў у апараце ЦК КПБ — інструктарам аддзела культуры, загадчыкам сэктара мастацкай літаратуры.

4 Данута Бічэль.

5 Ралан Быкаў (1929–1998) – расійскі актор, рэжысэр.

6 Мікола Прашковіч (1932–1983) – беларускі літаратуразнаўца, крытык, перакладчык. У 1974 г. звольнены з Акадэміі навук БССР, разам з «акадэмічным асяродкам».

7 Анатоль Вярцінскі (нар. у 1931) – беларускі паэт, перакладчык.

65. Барадулін. Другі АТК

Неяк напрадвесьні ў Горадню завітаў мой ушацкі зямляк Рыгор Барадулін. Прыехаў з маладой жоначкай, усьмешыстай разумніцай Валяй. У Горадні жыла яго цешча, але з прычыны кватэрнай цеснаты ён спыніўся ў гатэлі

«Нёман». Гатэль гэты і рэстаран пры ім здаўна быў для нас «нешанцоўны», не пашанцавала там і Рыгору, які, вячэраючы, вядома ж, атруціўся. Дзеля паратунку пазваніў мне. Адмысловых лекаў у мяне не аказалася, давялося лекаваць земляка прымітыўнаю марганцоўкай. Калі з добрых рук, дык паможа, жартаваў Рыгорка, глытаючы чырвоную дрэнь. I праўда — памагло. Мы зь ім добра пагутарылі, а пасьля авансам і замачылі ягоную папраўку. Рыгор быў мастак наконт тае справы, і ягоны востры ад прыроды розум рабіўся тады і яшчэ вастрэйшы. Увогуле чуйны да людзей, ён у пэўныя моманты дасягаў у свае чуйнасці нейкай падсьвядомай глыбіні і пранікнёнасьці, бачыў кожнага сапраўды наскрозь. Ён даў вычарпальную характарыстыку шмат каму з маіх сяброў і ворагаў, і, слухаючы яго, я толькі зьдзіўляўся, як раней не заўважаў таго. Усё ж, мабыць, з тае прычыны, што жыў наводдаль, у правінцыі, літаратурнае асяродзьдзе ведаў мала. А яно было, тое асяродзьдзе, і функцыянавала паводле ўласных, невідочных для іншых правілаў, не засвоіўшы якія, немагчыма было дасягнуць нічога. А я наіўна думаў, што справа толькі ў літаратуры, у вартасьці таго ці іншага твору. Аказалася, яшчэ і ў асобе таго, хто гэты твор напісаў, у ягоных сябрах-сабутэльніках і асабліва — у адносінах з начальствам.

Аднойчы на схіле рабочага дня ў рэдакцыі раздаўся тэлефонны званок, загадчык аддзелу Леанід Дзянісаў перадаў трубку мне. Хто? — Ня ведаю. Я назваў сябе, і пачуў глухаваты, разважлівы голас: «Гаворыць Аляксандр Трыфанавіч». (Я аж спалохаўся, падумаўшы, што гэта Твардоўскі, але чаму ён у Горадні?) Ды не, аказалася, то другі Аляксандр Трыфанавіч — новы сакратар ЦК КПБ па ідэалёгіі Кузьмін [АТК]. Ён хоча спаткацца са мной, але неафіцыйна, можа б, мы пагулялі ўвечары па вуліцах, пагутарылі? Было лета, надвор’е стаяла добрае. Дамовіліся спаткацца.

То была мая першая сустрэча з гэтым чалавекам, які парушыў у маёй сьвядомасьці раней засвоеныя ўяўленьні пра партыйных функцыянэраў усіх без выключэньня рангаў. Мы хадзілі па ціхіх гарадзенскіх вулічках паблізу ад двух гістарычных замкаў, і Аляксандр Трыфанавіч ціхім голасам распавядаў пра сваю вайну, як быў на фроньце лётчыкам-штурманам бамбардзіроўшчыка, як даводзілася лётаць, быць зьбітым. Распавёў пра выпадкі з асабістамі, якія, як і ўсюды, шчыравалі і ў авіяцыі. Уцалеў ён з гэтай вайны толькі праз тое, што быў цяжка паранены і сьпісаны. Iнвалідам пачынаў цывільнае жыцьцё, памалу пайшоў па партыйнай лініі і вось дабрыў да ЦК. Цяпер ён кіруе ідэалёгіяй, у якой, аднак, нічога не вырашае, бо ўсё ў ёй вырашана — даўно і назаўжды. Наконт асьвятленьня вайны ў маіх творах ён цалкам на маім баку, але як партыйны функцыянэр, на жаль, ня можа агучыць тое публічна. Я толькі паціскаў плячыма — што ж, дзякуй і за такое прызнаньне. Мне ніхто ніколі, нават сакратар рэдакцыйнай партарганізацыі, не сказаў, што ён на маім баку. Хоць таксама быў ветэран вайны, былы франтавік. Некаторыя часам гаварылі ў вочы, што яны супраць маіх «пісаньняў», бальшыня, праўда, мудра маўчала.

З тае сустрэчы ў мяне з АТК, як яго клікалі за вочы, склаліся прыязныя, амаль таварыскія адносіны. Чым мог, ён імкнуўся памагчы мне, таксама як і Алесю Адамовічу, што неўзабаве апынуўся бяз працы, выгнаны з Маскоўскага ўнівэрсытэту. Ды і шмат каму зь іншых.

 

66. Выключэньне Карпюка

Над намі ў Горадні штосьці зьбіралася, згушчалася, набрыняла чаканьнем. Мы пэўна ня ведалі, што, але адчувалі — будзе нядобрае. Неяк на вуліцы я спаткаў трохі знаёмую настаўніцу з Зэльвы. Як звычайна, папыталіся адно ў аднаго пра жыцьцё, я сказаў, што хваліцца няма чым. I яна суцешыла: вясной стане лепей. Што лепей? Настаўніца пасьмяялася: а можа, і горай. Хто сказаў? Мае карты гавораць...

Я хутка забыўся на тую размову, як аднойчы ў рэдакцыі пачуў: пасьля абеду — закрыты партсход. Закрытыя партсходы здараліся нячаста, звычайна праводзілі адкрытыя, на якія я, канешне, не хадзіў. Карпюк змушаны быў хадзіць, ён быў на партуліку ў рэдакцыі. Прыйшоў і цяпер, зазірнуў да мяне ў аддзел саўработы, дзе я сядзеў. Твар яго быў змрочны, і ён адразу сказаў: «Будуць выключаць». — «Каго?» — «Мяне...». Во гэта навіна, падумаў я. Завошта? Чаму? Што здарылася?

Але што здарылася, пра тое неўзабаве стала вядома.

Прыйшоў прадстаўнік з гаркаму, абвясьціў цэлы стос палітычных грахоў члена КПСС Аляксея Карпюка і вынес на абмеркаваньне прапанову гаркаму — выключыць. Карпюка ў рэдакцыі ведалі гадоў, можа, пятнаццаць, старэйшыя работнікі некалі працавалі зь ім, і мала хто з разуменьнем паставіўся да тае прапановы гаркаму. Праўда, ведалі ягоны няўрымсьлівы характар, але паважалі яго як героя вайны, вядомага на Гарадзеншчыне партызанскага камандзіра. Як пачалі галасаваць, толькі тры ці чатыры камуністы (пераважна адстаўнікі-вайскоўцы) прагаласавалі за выключэньне, астатнія — за вымову. Прадстаўнік гаркаму сваё заданьне ня выканаў і пайшоў незадаволены. Трэба было чакаць працягу.

I сапраўды, працяг не замарудзіў зьявіцца — праз тыдзень Карпюка выклікалі на бюро гаркаму і выключылі аднагалосна.

На вуліцы ў абедзенны перапынак я спаткаў першага сакратара гаркаму Магільніцкага, якога трохі ведаў, і спытаў: за што так строга? Хіба Карпюк — злачынца? А ён мне адказвае: «Горш чым злачынца». I пайшоў, не разьвітаўшыся. Разгублены, я пайшоў у другі бок і думаў. Колькі іх, гэткіх сакратароў, валадароў нашых лёсаў, прайшло панад намі? Над кожным пэўны час зьзяў валадарны німб сілы і сьвятасьці, здавалася, яны маглі ўсё. I яны рабілі тое, чаго ад іх вымагалі іншыя, вышэйшыя, яшчэ з большым німбам. У тым яны бачылі ці не адзіны сэнс сваёй працы і чакалі, калі будуць аддзячаны кар’ерай і вышэйшасьцю. Але здаралася, што і згаралі — ад празьмерных высілак, п’янкі ці амаралкі і сыходзілі ў нябыт на другі ж дзень, як вытрасаліся з сваіх кабінэтаў. Бы іх і не было ніколі. Тады на іх месца прыходзілі іншыя — таксама зь нязьменным німбам партыйнасьці, і ўсё пачыналася спачатку. Што да Магільніцкага, дык менавіта на справе Карпюка ён узьнёсься высока — аж да пракурора рэспублікі, каб у свой час гэтак жа нізка гэпнуцца і згарэць. Цяпер яго ў Горадні няма чым і прыпомніць. Хіба ў зьвязку з ганебнай расправай над пісьменьнікам Карпюком.

Але Карпюк быў ня з тых, хто мог бязвольна скарыцца ўладзе, ці ворагу, ці звычайнай жыцьцёвай бязглузьдзіцы. Усё жыцьцё гэты чалавек імкнуўся асядлаць свой лёс, хаця тое і каштавала яму аграмадных высілкаў і далёка не заўжды ўдавалася. Але ўдавалася нават у вайну, як ён уцякаў з канцлягеру, пасьля выбавіўся ад расстрэлу ў партызанскай брыгадзе. Ды й на фронце ўвогуле яму шэнціла, бо пазбыцца пагібелі зь яго цяжкой ранай ня кожнаму ўдалося б. Карпюк выжыў. Зь ягонай прагай да жыцьця ён жыў бы і болей, калі б тое жыцьцё не ўкарацілі зламысьнікі.

Для Карпюка пачалася доўгая паласа душэўных пакутаў, хаджэньняў па інстанцыях, па ўсіх гэтых парткамісіях зь іх драпежным партыйна-партызанскім актывам. Ужо тыя, пра каго Карпюк гаварыў і пісаў, што яны за вайну ні разу ня стрэлілі ў жывога немца, паказалі сваю прынцыповасьць — аднагалосна адвяргалі Карпюковы апэляцыі. Сінхронна спрацавалі і ягоныя калегі ў Саюзе пісьменьнікаў — зьнялі Карпюка з працы сакратара абласнога аддзяленьня. З тым загадам у Горадню прыехаў сакратар СП Грачанікаў1, які, аднак, паслаў сваё менскае начальства на тры літары і да адыходу цягніка зашыўся ў рэстаране, чым выклікаў нашае да яго шанаваньне.

Канешне, бяда ня ходзіць адна. У той час беды кружлялі карагодамі. Захварэла Карпюкова жонка, настаўніца Iна Анатольеўна, Аляксей змушаны быў адвезьці яе ў Бараўляны. На руках у беспрацоўнага пісьменьніка засталося трое дзяцей. Кніжкі, што меліся неўзабаве выйсьці, апэратыўна павыкідвалі з выдавецкіх плянаў. Грошай ня стала, як ня стала і ніякіх спадзяванак на іх. Карпюк пазычаў у мяне, але я таксама ня быў багаты і пісаў у літфонд заявы аб аднаразовай дапамозе — для сябра. Яму дапамогі ўжо не давалі. Часам, у шэрую гадзіну мы дзе-небудзь спатыкаліся ўтрох — Карпюк, Клейн і я — меркавалі, як быць? Клейн раіў не пагаджацца — змагацца, пісаць — праўда на тваім баку. Але каму патрэбна была Карпюкова праўда?

Як пасьля стала вядома, у абласным КДБ вылучылі адмысловага афіцэра, маёра Хаміна, які засеў «хімічыць» на Карпюка крымінальную справу. Выключэньне з партыі было толькі пачаткам — чалавека належала пасадзіць. Паколькі Карпюк меў геройскую рэпутацыю з вайны, вырашылі падлавіць яго менавіта з гэтага боку. Маёр зьезьдзіў у Польшчу, па вайсковых сьлядох Карпюка, наведаў Штутгоф, дзе той сядзеў і адкуль уцёк, шукаў кампрамат і дакумэнты. Ну і, вядома, пакарыстаўся ўласнай фантазіяй, — сачыніў, чаго не хапала. Сачыняць яны ўжо ўмелі, былі адукаваныя. Гэта колішнія чэкісты былі з абмежаваным уяўленьнем і змушалі зэкаў саміх прыдумваць сабе злачынствы. Гэтыя сачынялі самі.

Мінула трохі часу, і, як пасьля стала вядома, старшыня тадышняга Камітэту дзяржбясьпекі СССР Ю. Андропаў2 дакладваў у ЦК КПСС: «Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі мае зьвесткі аб нездаровых настроях беларускіх пісьменьнікаў – члена КПСС Карпюка і Быкава… Карпюк нелегальна распаўсюджвае сярод сваіх знаёмых усялякія пасквілі ў выглядзе кнігі Гінзбург-Аксёнавай “Круты маршрут” і іншыя. Адмоўна ўзьдзейнічае на моладзь. Пад яго ўплывам студэнт Гродзенскага педінстытуту Малашэнка піша вершы, прасякнутыя пэсімізмам і ўпадніцтвам, некаторыя зь іх утрымліваюць шкодны палітычны сэнс… Погляды Карпюка ў пэўнай ступені падзяляе Быкаў, аўтар тэндэнцыйнай аповесьці “Мёртвым не баліць”… У цяперашні час да Быкава выказваюць інтарэс ідэалягічныя цэнтры ворага. Гэта відно, прынамсі, зь перапіскі зь ім супрацоўніка закрытага сектара “Народна-працоўнага саюзу” (НПС), якая вядзе яго антысавецкую апрацоўку. З Быкавым устанавіў кантакт італьянец Поджы, які падазраецца ў прыналежнасьці да спэцорганаў ворага… Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі з санкцыі ЦК кампартыі рэспублікі рыхтуе мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленьне магчымых варожых акцый з боку названых асобаў»3.

 

1 Анатоль Грачанікаў (1938–1991) – беларускі паэт.

2 Неўзабаве – генэральны сакратар ЦК КПСС і кіраўнік СССР.

3 Цытата з дакладу Ю. Андропава прыводзіцца ў рукапісе з газэтнай цытаты (выразка з газэты – верагодней за ўсё “Народнай волі” – прыклееная В.Быкавым на тэкст).

67. Ягоная Галгофа

Карпюк распавёў нам з Клейнам, што абвінавачваньні яму прад’явілі такія, што без суду можна было яго расстраляць. Здаецца, іх было сем, і сярод іх такія: платнае супрацоўніцтва з фашыстамі ў канцлягеры Штутгоф; дэзэртырства з партызанскай брыгады; укараненьне ў савецкую разьведгрупу агента гестапа; сувязь з агентам паліцыі; самазванае прызначэньне камандзірам атраду і яшчэ нешта драбнейшае. Вядома, Карпюк адразу кінуўся іх абвяргаць. Першым чынам паехаў у Менск, у архіў партызанскага руху, дзе, аднак, не знайшоў ніводнага дакументу з свайго атраду. Не было нават і той справаздачы, якую ён уласнаручна пісаў улетку 44-га пасьля вызваленьня Беларусі. Тады ён напісаў усім сваім знаёмым партызанам, каб тыя засьведчылі яго камандзірства. I не атрымаў ніводнага адказу. Затое празь нейкі час яму паказалі ў гаркаме каля 20 іхніх сьведчаньняў, і ўсе супраць яго, былога іх камандзіра. Там жа, у справе, быў падшыты і аркуш былога камбрыга Вайцяхоўскага, які пісаў, што камандзірам грамадзяніна Карпюка ніколі не прызначаў і наогул такога атраду ня ведае. Toe ўжо магло зьбянтэжыць каго заўгодна. Карпюк кінуўся ў Ленінград, дзе на пэнсіі жыў камбрыг. Той ласкава прыняў яго і кажа: «Лёша, чаго ты хочаш? Я напісаў тое, што мне сказалі. Магу табе напісаць іншае, па-праўдзе». I напісаў іншае, па-праўдзе, зь якім Карпюк прымчаў дадому і пабег у гаркам. Магільніцкі прачытаў паперу і заявіў: «У нас ёсьць іншы дакумэнт Вайцяхоўскага, завераны пячаткай, а гэта — пустая пісулька». I кінуў «пісульку» Карпюку.

Наконт укараненьня нямецкага агента ў нашу разьведгрупу я ўжо штось ведаў — зноў жа з гутарак Карпюка з Вайцяхоўскім. Справа выглядала так. Улетку 44-га пасьля вызваленьня Карпюк у ліку іншых партызанскіх камандзіраў быў пакліканы ў Менск, каб напісаць справаздачу пра дзеяньні атраду. Аднойчы ён зь сябрам, таксама партызанскім камандзірам Андрэевым, ішоў уздоўж драцяной загародкі, за якой тоўпіліся нямецкія ваеннапалонныя. I раптам Карпюк убачыў там знаёмага немца, зь якім колісь сядзеў у канцлягеры. Немец таксама пазнаў яго. То быў неблагі немец, добра адносіўся да савецкіх, частаваў іх курывам. На тое зьвярнуў увагу Андрэеў, і Карпюк распавёў, адкуль у яго гэткае знаёмства. Тады Андрэеў кажа:

«Трэба сказаць ахове, хай яны яго вызваляць». Так і зрабілі. Зайшлі да аховы, і Карпюк распавёў пра аднаго з ваеннапалонных. Болей ён таго немца ня бачыў. Толькі пасьля стала вядома, што немца перавербавалі, уключылі ў якасьці перакладчыка ў нашу разьведгрупу, якую закінулі ў чэшскія Татры. Але там група загінула, і віна за тое легла на перакладчыка. А цяпер яшчэ і на Карпюка. Так усё спрытна зьвязалі.

Тое, што маёр Хамін фармуляваў як дэзэртырства Карпюка з партызанскай брыгады, было, па сутнасьці, ягонымі ўцёкамі з адной брыгады ў другую. Сталася так, што ў той першай брыгадзе, у якую Карпюк прыбег зь лягеру, яму не паверылі, западозрылі і меліся расстраляць. Уцёкшы з канцлягеру, Карпюк легка ўцёк з саплівай зямляначкі і прыбіўся да іншай брыгады, якой камандаваў Вайцяхоўскі. Той паверыў хлопцу, выпрабаваў яго ў баях і затым прызначыў камандзірам атраду сваёй брыгады. (Тады паверыў, а цяпер памагае зацягнуць пятлю на шыі колішняга свайго падначаленага.) Прыкладна такімі ж прыцягнутымі за вушы былі і абвінавачваньні ў сувязі з агентам паліцыі. Тым агентам быў мясцовы лясьнік, які адразу ж, як яго завербавала паліцыя, прыбег у брыгаду і сказаў: «Вазьміце мяне ў атрад, бо мне там нельга». А той жа камбрыг яму кажа:

«Чаго ты баішся? Працуй, інфармуй нас». Ён так і рабіў — працаваў на два фронты, а сувязь з брыгадай трымаў праз атрад Карпюка. Праўда, як заўжды, двайная гульня кепска скончылася, — пасьля вайны таго двайніка ўзялі. А цяпер за яго ж хочуць узяць і камандзіра атраду.

Мы з Клейнам меркавалі, што калі як сьлед намагчыся, дык гэтыя абвінавачаньні магчыма абвергнуць. Заставалася, аднак, галоўнае: платнае супрацоўніцтва Карпюка з фашыстамі ў Штутгофе. Хамін для доказу таго падрыхтаваў дакумэнт — старонку зь фінансавай ведамасьці, дзе значыўся подпіс Карпюка. Карпюк сам нам аб тым распавёў і сказаў: «Не магу даўмецца, адкуль тэты подпіс. Але подпіс мой». Тое ўжо было горш. Аднойчы ў Менску, улучыўшы зручны момант на нейкай нарадзе, я распавёў Кузьміну аб фальсыфікацыях супраць Карпюка. Той моўчкі выслухаў і кажа: «Галоўнае — там росьпіс за маркі. А ўжо немцы задарма грошай ня плоцяць».

З тым цяжка было не пагадзіцца.

 

68. «Сотнікаў»

Аповесьць «Сотнікаў»1 (у першым варыянце «Ліквідацыя») нарадзілася ня так «з галавы», як з пачуцьцяў, што былі натхнёныя хутчэй не вайной, а нашай сучаснасьцю. Вядома, можна сказаць, што сюжэт біблейскай прыпавесьці пра Авэля і яго брата Каіна жыве ў чалавецтве даўно і праяўляецца рэгулярна, у вайну тым болей. Але калі ў іншы час брат забіваў брата дзеля карысьці — спадчыны ці багацьця, дык у вайну — дзеля элемэнтарнае, біялягічнае мэты выжыць. Toe быццам апраўдвала або, прынамсі, давала штось зразумець у шэрагу тагачасных матываў і наступстваў.

У мірны ж час ужо не забівалі дзеля элемэнтарнай патрэбы выжыць, літаратарам не стралялі ў патыліцу. Затое шырока практыкавалася забойства іх твораў. Творы не друкавалі, за імі палявалі, рукапісы перахоплівалі на пошце, тайна аддавалі ў карныя органы, якія выносілі свае прысуды — і творам, і аўтарам. I рабілі тое не акупанты, ня людзі іншай нацыі ці рэлігіі, а свае — калегі, таварышы, нават сябры. Партыя не магла (а можа, і не хацела) рабіць усю няўдзячную ўвогуле працу ўласнымі рукамі, рукамі сваіх штатных функцыянэраў, усіх гэтых сакратароў-глаўлітаўцаў-цэнзараў, чэкістаў у форме і ў штацкім, актывістаў ідэалягічных камісій, таму шырока карысталася паслугамі тых самых пісьменьнікаў. Як тады гаварылі — літаратурных паліцаяў, і тое было дакладна. Усе рэдактары літаратурных (ды і астатніх) газэтаў і часопісаў, загадчыкі аддзелаў і рэдакцый, ці ня ўсе члены рэдкалегіяў і асобна давераныя рэцэнзэнты — былі зь ліку пісьменьнікаў, членаў СП, самі пісалі і друкаваліся ў тых самых органах, што і астатнія. Менавіта там яны і выкручвалі рукі ўсім іншым, хто не трапляў у іх кіраўнічае, як бы пастаўленае над літаратурай кола. Некаторыя гэта рабілі зь цьвёрдым бальшавіцкім перакананьнем, што так і трэба, што тое — у інтарэсах партыі і народу. Iван Пташнікаў, праз рукі якога прайшла ў тыя гады ці ня ўся беларуская проза, меў выключнае значэньне ў літаратуры, бо ніхто зь яе кіраўніцтва — ні Шамякін, ні Танк, ні шмат якія парторгі – ня мелі такой магчымасьці прымаць, адмаўляць, рэзаць і перайначваць, як загадчык аддзелу прозы часопісу «Полымя». Дзіўна, што тое амаль не адбівалася на якасьці яго ўласных твораў, якія выходзілі з-пад ягонага пяра зусім неблагія. Але, як часта здараецца, да ўласнага былі іншыя, адмысловыя патрабаваньні. Iншыя з рэдактараў, здаралася, разумелі сваё сабачае становішча, але ж у кожнага былі сем’і, дзецям патрэбны быў хлеб. I яшчэ было распаўсюджана юдава меркаваньне — а каго замест? Маўляў, замест нас паставяць яшчэ горшых, таму лепш — мы. Рэдка хто зь іх знаходзіў у сабе сілу і рашучасьць сказаць: не! Я ня буду. Тое амаральна. Рэзаць пісьменьніцкі твор – тое самае, што рэзаць яго дзіця. Прабачце, падаю заяву і сыходжу. Вядомы толькі адзін прыклад гэткага кшталту — расейскі пісьменьнік зь Менску — Фёдар Яфімаў2. Ён жа выказаў нязгоду з задушэньнем Чэхаславацкай вясны, за што і быў выключаны з партыі.

У пэўным сэнсе «Сотнікаў» стаўся літаратурнай рэакцыяй на тагачасную рэчаіснасьць, хоць дзея там адбывалася ў іншым асяродку ды ў іншы час. Як заўжды, пасьля напісаньня падкочвалася праблема з друкаваньнем — куды адвезьці? Мне ўжо стала няёмка змушаць на тое «Маладосьць», мабыць, не адмовіла б мне і на гэты раз, але і ня надта ўзрадавалася б. Тым болей, што адносіны галоўнага рэдактара мілага Пімена3 з начальствам сталі даволі нацягненыя. I ў немалой ступені праз Быкава. Падумаўшы і павагаўшыся, аднёс рукапіс у «Полымя». Усё ж той часопіс быў болей аўтарытэтны, з большымі заслугамі перад партыяй, значыцца, і з большымі прабіўнымі магчымасьцямі, што тады найболей было каштоўна. Праўда, друкаваць Быкава «Полымя» не сьпяшалася, ды і я не прысьпешваў яго, памалу пераклаў аповесьць на расейскую мову, Iрына4перадрукавала і, маючы «лёгкую руку», адвезла рукапіс у «Новый мир». Надзіва хутка там прачыталі, пазваніў сам Аляксандр Трыфанавіч — будзем друкаваць. Калі? Яшчэ ня вырашана, але цягнуць доўга ня будзем. Абнадзеены, я пачаў чакаць.

 

1 Аповесьць «Сотнікаў» была завершаная ў ліпені 1969 г.

2 Фёдар (у іншым варыяньце «Доўгай дарогі дадому» – Хведар) Яфімаў (Гл. зноску 185) нарадзіўся ў 1933 г. Паэт, перакладчык беларускай паэзіі і прозы на расійскую мову, крытык, публіцыст. У 1968 г. быў выключаны з кампартыі за выступленьне на аб’яднаным партсходзе творчых саюзаў БССР супраць савецкага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сацыялістычных краін і супраць цэнзуры. У часы ганеньняў на А.Салжаніцына публічна выступіў у ягоную падтрымку. Член Саюза беларускіх пісьменьнікаў з 1962 г.

3 Пімена Панчанкі.

4 Ірына Міхайлаўна Быкава.

69. Выключэньне Клейна

Тым часам падзеі ў Горадні разьвіваліся па адмысловым сцэнарыі. Наш сябра Барыс Клейн быў чалавек разумны і заўсёды даваў слушныя парады. Асабліва апошнім часам, як над Карпюком сабралася гэтае ліха. Болей схільны да безнадзейнасьці, я часам лічыў, што нічога ня зробіш, трэба мірыцца з тым, што ёсьць. Ён жа заўсёды раіў змагацца, некуды пісаць, езьдзіць, зьвяртацца. Толькі аднойчы я ўбачыў яго разгубленым, гатовым зьняверыцца ва ўсім.

Неяк я сядзеў за сталом, штосьці пісаў, ды ў вакно пастукаў Карпюк (я жыў на першым паверсе.) Як я выйшаў на вуліцу, Аляксей запытаўся: «Барыс табе не званіў?» — «Не, не званіў. А ў чым справа?» — «А ў тым, што яго зранку паклікалі ў гаркам і дагэтуль няма. Пойдзем у парк, там пачакаем».

Тое ўжо была навіна — кепская навіна. Мы моўчкі дайшлі да Каложы, селі пад кустом на ўзьмежак. Клейн ведаў гэтае месца і павінны быў прыйсьці. Мы маўчалі. Пра што было гаварыць?

Ён і праўда прыйшоў, гадзіны празь дзьве, ужо надвячоркам. Прыйшоў і стомлена сеў побач. «Ну, усё! Усё прапала. Выключылі і мяне... Зьнялі з работы, адбяруць кандыдацкі дыплём... Цяпер я — ніхто...»

Але што здарылася? I што прычынай таму?

Пачалося, аказваецца, не цяпер, — здаўна, пра што Барыс не здагадваўся і не падазраваў. Пры ўсёй яго памяркоўнай асьцярожнасьці, трапіў, бы вяпрук у нерат, зь якога наўрад ці было як выкруціцца.

Кандыдацкую дысэртацыю Барыс Клейн абараняў у Вільні, дзе часам сустракаўся з аднакашнікам па ЛГУ1 дацэнтам Д. Але на той час усчалася барацьба з літоўскім нацыяналізмам, і Клейн дачуўся, што ягонага аднакашніка звольнілі з працы і, здаецца, зьбіраюцца выключыць з партыі. Рухомы сэнтымэнтальнымі пачуцьцямі, Барыс аднойчы па дарозе зь Ленінграду ў Горадню завітаў на кватэрудацэнта. Якраз было трохі часу паміж цягнікамі, і былы асьпірант хацеў зь ветлівасьці суцешыць літоўскага навукоўца, выказаць яму свае спачуваньні. Яны няблага пагаварылі той вечар, гаспадар пачаставаў госьця чаркай каньяку. І, абняўшыся, разышліся. Па дарозе ў Горадню Барыс усё перажываў за калегу, думаў, як яму памагчы. Мабыць, і калега, застаўшыся ў сваёй віленскай кватэры, не займеў злога намеру супраць госьця, але ён баяўся. Ён дужа баяўся, што ягоны беларускі калега мог быць падасланы з беларускага КДБ, запісаў іхнюю гаворку і данясе ў літоўскую бясьпеку. Невядома, колькі часу гэтак прапакутаваўшы, Д. надумаў апярэдзіць беларускага «агента» і сам напісаў пра іхнюю сустрэчу і, вядома ж, пра крамольную размову. Літоўскі КДБ пераслаў тую інфармацыю ў Менск. Менская бясьпека даручыла гарадзенскай – разабрацца і прыняць меры.

Разьбіраліся даволі доўга і грунтоўна. Барыс гаварыў, што запісалі зь вялікай дакладнасьцю ўсе тэлефонныя размовы і нават побытавыя размовы з жонкай – на кухні і ў спальні, так што наконт выказваньняў – поўная адэкватнасьць. І наконт Карпюка і Быкава, і асабліва наконт братняй дапамогі» Чэхаславаччыне, якую камуніст Клейн недзе назваў вераломнай акупацыяй. Абвінавачваньне сьцьвярджала,што ўжо з пачатку 60-х гадоў ён пераконваў людзей весьці барацьбу супраць сталіністаў і крамлёўскага кіраўніцтва, якое называў «групай вырадкаў», і шмат што іншае. З фармулёўкамі праблемаў не было, таму лёгка і аднагалосна выключылі. Амаль адначасна ён страціў пасаду дацэнта ў мэдінстытуце, неўзабаве змушаны будзе здаць свой кандыдацкі дыплём і сапраўды стане «ніхто».

«I ты паднімеш рукі? Здасіся гэтым душагубам? Ты ж мне раіў тузацца, бы жаба ў малочным збане? Дык тузайся! Пішы, хадзі — ня сьпі ў шапку!» — злосна раіў яму Карпюк. Сам ён усё і ўсяляк тузаўся, праўда, пакуль без жаданага выніку. Цяпер будуць тузацца ўдвух. Але тузацца ўдвух ім ніхто не дазволіць, бо тое групавуха — гэта яшчэ больш строгі артыкул. Паасобку, па адным, яшчэ дазвалялася. Тузацца.

Увечары мне хтось пазваніў, ціхім голасам сказаў, каб я трымаўся далей ад тых двух. Бо яны нібыта хочуць утапіць і мяне. У тое я слаба паверыў, але ранейшая ахвота сустракацца, абмяркоўваць, гутарыць пакрысе змарнела. Я заставаўся адзін. I я парадаваўся тады, што ня член партыі, не дацэнт, што мяне выключыць няма адкуль. Хаця, канешне, можна зрабіць шмат іншага, ад чаго ня ўзрадуешся. I я міжволі стаў чакаць гэтага іншага. Бо адчуваў — чарга набліжаецца.

Клейн тузаўся. Як звычайна ў такіх выпадках, змушаны быў прайсьці ўсе дантавы колы пакутаў — найперш шматлікія парткамісіі са злобнымі катамі — састарэлымі бальшавікамі, якія, бы помсьцячы за безьліч уласных пакутаў і прыніжэньняў, зласьліва прыніжалі выключанага, прымушалі яго прызнацца ў злачынстве, раззброіцца перад партыяй і савецкім народам. Сынхронна з партыйнымі органамі працавалі і ўсе іх кафедры, вучоныя саветы, рэктараты і ВАКі2. Я, хоць сам адчуваўся дужа няпэўна, распавядаў пра гродзенскія драмы, дзе толькі было магчыма, у тым ліку і ў Маскве. Аднойчы зьвярнуўся і да Кузьміна. Той з уважлівай заклапочанасьцю выслухаў, пагадзіўся, што Клейн разумны чалавек і добры навуковец, але і ўсё. I я зразумеў, што ёсьць іншыя сілы, уладай над якімі сакратар ЦК не валодае. Хутчэй — яны валодаюць уладай над ім.

Вельмі хутка гісторык Клейн апынуўся на гарадзкой гародніннай базе, дзе цягаў скрынкі з буракамі і морквай. Але суду над ім не было, нікога не пасадзілі. Toe ўжо было зразумета як добры сімвалічны знак, амаль вястун лібэралізацыі. I праўда, неўзабаве нейкі зрух адбыўся і ў справе Карпюка, якога нечакана выклікалі на бюро ЦК КПБ.

Значна пазьней, калі напал драматызму тых даўніх падзей стаў забывацца і шмат якія былыя «загадчыкі» нашых лёсаў разышліся хто куды, сталі вядомыя некаторыя дэталі тагачасных падзеяў. Былы гаспадар Гродзенскай вобласьці Мікуловіч распавёў за чаркай, як ён уратаваў Алёшу, а заадно і Васю (Карпюка і Быкава) ад бяды і турмы. Калі гродзенскі КДБ накапaў на Карпюка справу, абласны пракурор прынёс яе на санкцыю «першаму». Мікуловіч паглядзеў, пагартаў і ажно спалохаўся — кожны артыкул абвінавачваньняў цягнуў мінімум на 15 гадоў. А ўсяго тых артыкулаў было ці ня 7. Шкада яму стала Алёшу, і ён папытаў у пракурора, ці пэўна ўсё тое даказана? Ці грунтоўна? Пракурор трохі «замяўся» — што-нішто, можа, і ня надта грунтоўна. Тады Мікуловіч: «Вярніце справу назад, хай дасьледуюць як мае быць». (Каб ужо засадзіць пэўна і надоўга.) Пракурор паслухмяна вярнуў. Але ні ён, ні Мікуловіч, ні КДБ, мабыць, не ўлічылі, што Карпюк не дарма браў прыклад з жабы і прадаўжаў «тузацца».

 

1 «Ленинградский государственный университет».

2 ВАК – Вышэйшая атэстацыйная камісія.

70. Ларыса Геніюш

Аднойчы ў Горадню завітала Ларыса Геніюш. Раней яна ніколі не прыяжджала сюды, жыла ў сваёй Зэльве, пісала. Звычайна езьдзілі да яе, у тым ліку аднойчы і мы з Карпюком. Перажыўшы нямала драмаў і трагедыяў, яна ўвогуле была жанчына негаваркая, мала каму давярала, шмат што перажывала ў сабе. Мы спаткаліся зь ёй у доміку Ажэшкі, на той раз яна здалася нам дужа вясёлай і абнадзеенай. Зрэшты, было чаго — яе пусьцілі ў Беласток, дзе яна мелася сустрэцца з сынам, якога ня бачыла з моманту свайго арышту ў Празе. Паказвала грошы, «цэлую кучу», якую яна зарабіла, дзякуючы Максіму Танку, што дамогся выхаду яе зборніка1. Мы шчыра парадаваліся шчасьліваму павароту ў яе жыцьці. Там жа Карпюк, адвёўшы госьцю ў ціхі закутак, уручыў ёй ліст для перадачы ў Беластоку аднаму чалавеку. Тым чалавекам быў нядаўна намі падазраваны Олек Амельяновіч. Я дужа сумняваўся ў правільнасьці карпюкоўскага ўчынку, баяўся, што тым ён можа падставіць» Ларысу. Баяўся, атрымалася, марна.

Геніюш была старая кансьпіратарка і зрабіла ўсё як належыць. Усё як належыць зрабіў і Амельяновіч. Паехаў у Штутгоф, дзе на месцы былога канцлягеру арганізавалі архіў, і там сярод процьмы іншых дакумэнтаў адкапаў злашчасную нямецкую ведамасьць. На першай старонцы гэтай пажоўклай паперыны выразна значылася: Рэестар грашовых пераводаў, якія паступілі палонным ад іхніх родзічаў. Далей ішлі дробныя сумы ў дойчмарках і подпісы тых, каму яны прызначаліся. Вядома, ніякіх марак зняволеныя не атрымлівалі, але бухгалтарская пунктуальнасьць патрабавала, каб усе расьпісаліся. У тым ліку і зьняволены Карпюк, які расьпісаўся і забыўся. Ніякіх грошай ён, вядома, ня бачыў, дык навошта было пра іх памятаць. Ягоная галава ў той час была занятая праблемай уцёкаў, якія ён і зрабіў. А пасьля пры допытах у КДБ тыя, што там даседзелі да вызваленьня, сьцьвярджалі, што ўцячы са Штутгофу было немагчыма. Што Карпюка, можа, выпусьцілі. I ім верылі, ня ведаючы, што каму — немагчыма, а Карпюку стала магчыма. Бо Карпюк заўжды «тузаўся», такім ужо валодаў характарам.

Дагэтуль невядома, ці мелі члены бюро ЦК КПБ на руках тую ведамасьць, як вырашалі лёс Карпюка, бо Карпюк атрымаў яе значна пазьней. Але абмяркоўвалі ўсе пункты абвінавачваньня доўга і старанна. Пасьля галасавалі. На галасаваньне было пастаўлена дзьве прапановы: выключыць або даць страгача. За выключэньне прагаласавалі два даўнія «сябры» Аляксея — генэрал Дэбалюк і Міцкевіч. За страгача — Кузьмін і Аксёнаў. Сам Машэраў устрымаўся. То быў паратунак. Урэшце спыніліся на страгачы, які Карпюк пранасіў год і стаў зусім чысты. Перад партыяй і савецкім народам. А вельмі проста маглі б і засадзіць — за супрацоўніцтва з гестапа ды іншае. А заадно і тых, хто супрацоўнічаў з супрацоўнікам. Ужо былі такія прыклады, і адзін зь іх — драматычная гісторыя слонімскага паэта Анатоля Iверса2. Застаўшыся на акупаванай тэрыторыі, ён змушаны быў па заданьні зь лесу пайсьці працаваць ў гарадзкую ўправу, ягонага таварыша ўкаранілі нават у СД. Дапрацаваліся яны там да таго, што ледзь выратаваліся ад арышту. Iверс дык выскачыў у вакно, а сям’я была арыштавана і жонка з дзецьмі загінула. Пасьля вызваленьня нейкі час усё было добра, іхнюю гісторыю ў Слоніме ведалі, іх не чапалі. Але зь цягам часу, калі партызанскія кіраўнікі, на якіх яны працавалі ў немцаў, памерлі або разьехаліся, абодвух «выкрылі». У Горадні быў суд, Iверсаў таварыш атрымаў 15 гадоў, сам Iверс быў звольнены з працы, выключаны з СП і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе.

Клейн у гэтую пару яшчэ рабіў на гародніннай базе, праўда, тады ўжо не цягаў скрынкі, — як чалавека пісьменнага, яго з алоўкам у руках паставілі іх падлічваць. Toe была паслабка. Няхутка яшчэ ён перайшоў на працу ў сацыялягічны аддзел хімкамбінату.

«I высакародны чалавек можа стаць нявольнікам абставінаў, але той, хто робіцца лакеем абставінаў — не высакародны чалавек», — зазначыў калісь Леў Мікалаевіч3.

 

1 Кніга Л. Геніюш «Невадам з Нёмана» выйшла ў Мінску ў 1967 г.

2 Анатоль Іверс (сапр. Іван Міско, 1912–1999) – беларускі паэт.

3 Леў Талстой (1828–1910) – расійскі пісьменьнік.

71. АТК пайшоў

Пазваніў Твардоўскі і голасам, які я даўно (а можа, і ніколі) ня чуў, паведаміў, што ён сыходзіць з часопісу. Я разгубіўся і ня ведаў, што яму на тое сказаць, а ён адразу ж папытаўся, ці буду я ў такім разе друкаваць новую аповесьць у «Новом мире»? Яшчэ болей зьбянтэжаны, я штось мармытаў, а затым папытаўся, як ён параіць? Аляксандр Трыфанавіч, як мне здалося, раздражнёна адказаў, што таго раіць ня будзе, — рашайце самі. Гэта была мая апошняя размова з Твардоўскім. Болей гаварыць зь ім не давялося.

Барацьба супраць Твардоўскага і «Нового мира» вялася даўно — галоўнага рэдактара выжывалі з часопісу ўсялякімі спосабамі. Хоць маглі, канешне, зьняць «з трэскам», але, мабыць, у ЦК хацелі зрабіць тое далікатна, рукамі кіраўніцтва Саюза пісьменьнікаў на чале з Федзіным — Варанковым. Тыя, аднак, марудзілі. Начальства наладзіла рэгулярны прэсінг на самога Аляксандра Трыфанавіча, часткова празь некаторых членаў рэдкалегіі часопісу. Галоўнага рэдактара самааддана падтрымлівала рэдакцыя, ці ня ўсе намесьнікі і аддзелы. Тады з ЦК распаўсюдзілі чутку, паводле якой у выпадку добраахвотнага зыходу галоўнага ўся рэдакцыя застаецца ў ранейшым складзе, Аляксандр Трыфанавіч атрымлівае добрую ўрадавую пэнсію, крамлёўскі паёк і да 60-годзьдзя, якое неўзабаве набліжалася, — званьне Героя. Мусіць, гэта нарэшце і паўплывала на аканчальнае рашэньне Твардоўскага, які і напісаў заяву. (Забягаючы наперад, зазначу, што ніводзін пункт з абяцанага ня быў выкананы, рэдакцыю па адным разагналі, а адстаўны рэдактар, страціўшы любімую працу, хутка невылечна захварэў.)

Якраз у апошнія дні старога «Нового мира» я прыехаў у Маскву і дазнаўся, што мая аповесьць ідзе ў чарговым нумары. Паводле свайго рэдактарскага звычаю — не «дражніць гусей» загалоўкам – Твардоўскі назваў яе «Сотнікавым», што ўвогуле мне не спадабалася. (Чаму — Сотнікаў? Ужо з увагі на двух герояў трэба — Рыбак і Сотнікаў.) Але мне патлумачылі, што так лепш — паводле прозьвішча станоўчага героя. Галоўны, маўляў, меў на яго адмысловыя спадзяванкі, — мусіць, гэткія, як і аўтар.

Сазваніўшыся з Адамовічам, які той час таксама быў у Маскве, сабраліся ў рэстаране «Арагві». Прыйшлі Лакшын, Сац, Вінаградаў, Міша Хітроў. Добра пасядзелі, сумна, аднак, гамонячы. Радавацца не было чаму — «Новый мир» канаў. Ззаду заставалася яркая і самабытная старонка расейскай літаратуры, якая наўрад ці калі адновіцца. Тое, што зрабіў гэты гнаны часопіс, калісь будзе належна ацэнена. Таксама як і роля ў ім Аляксандра Твардоўскага. Але калі? Нехта выказаў сумненьне ў тым, бо літаратура — не авангарднае мастацтва, якое звычайна ацэньваецца заўтра. Літаратура важная для сёньня. Калі сёньня яна не спатрэбілася, дык наўрад ці калі спатрэбіцца ў будучым. У будучым будзе свая літаратура, свае аўтары і свае героі. Таксама як і ў палітыцы. Я сказаў пра маю апошнюю размову з Твардоўскім і яго яўнае нежаданьне, каб мая аповесьць была надрукавана пры новым рэдактары. На гэта амаль усе запярэчылі: аповесьць паявілася ў час і на сваім месцы. Вядома, лепш, калі б на месяц раней, пры Твардоўскім. Але ж хто ведаў...

Лакшын сказаў, што пры новым рэдактары доўга не папрацуе — сыдзе ў іншае месца. Сац ужо быў на пэнсіі. Iншыя таксама хутка разышліся хто куды. Даўжэй за іншых заставаўся ў «Новом мире» ягоны сакратар Міша Хітроў. Мне яшчэ наканавана было надрукаваць там невялічкую аповесьць «Абеліск», а пасьля і я сышоў з часопісу надоўга.

 

72. Сьмерць АТК

Вялікая група беларускіх пісьменьнікаў была ў Маскве на чарговым пленуме СП, як прыйшла вестка, што памёр Твардоўскі. Мы ўсе засталіся на пахаваньне.

Хавалі яго з ЦДЛ на Вароўскага. Перад тым была нейкая незразумелая валтузьня і трывога — штось не маглі ўзгадніць з кіраўніцтвам Масквы ці краіны. Казалі, найперш было клопату, дзе пахаваць, могілкі на Нова-Дзевічым не хацела даваць начальства. Публіку ў жалобную залю пушчалі па прапусках, людзей было дужа многа. Стоячы ля труны ў варце, я глядзеў і не пазнаваў колішняга паэта і рэдактара. Хвароба дарэшты зьела некалі магутнага чалавека, і перада мной ляжаў зьмізарнелы, з рэдкім пушком на галаве нябожчык. У час паніхіды казаліся пранікнёныя словы пра яго заслугі перад літаратурай і наогул расейскай культурай, — словы, якія непапраўна спазьніліся. Запомніўся выступ Канстанціна Сіманава, які, гаворачы перад поўнай заляй, не саромячыся, душыўся сьлязьмі. Шмат хто плакаў і ў залі. Там жа многія ўпершыню ўбачылі Аляксандра Салжаніцына, што сядзеў поруч з удавой Марыяй Iларыёнаўнай і перахрысьціў нябожчыка1. Але слова на разьвітаньне яму не далі. Пасьля стала вядома, што ледзьве пусьцілі ў залю, — на той час Салжаніцын ужо быў выключаны з саюзу пісьменьнікаў.

Як скончылася паніхіда, многія паехалі на могілкі. Быў змрочны, непагодны дзень зазімку, падаў рэдкі сьняжок. На пад’ездах да могілак пахавальны картэж сустрэў ланцуг войску МУС — уздоўж чыгункі, аж да брамы могілак. На могілках тое ж самае. Усе змушаныя былі прабірацца празь цесныя шэрагі войску бясьпекі да месца магілы. Нас з Валяй Шчадрыной2, калі мы выпнуліся з шэрагу, злосна аблаяў афіцэр бясьпекі, нават крыкнуў: «Страляць буду!». На што гэтая непалахлівая беларуска ціха, але рашуча мовіла: «Давай, страляй, ну!». I той, здалося, аж схамянуўся ад яе рашучасьці.

Перад тым, як труну засыпаць зямлёй, яе перахрысьціў Салжаніцын. Тое было нязвыкла ў атэістычным пісьменьніцкім асяродку, пра што доўга пасьля гаварылі і пісалі сьведкі. Арганізатары пахаваньня змушаны былі апраўдвацца — маўляў, вінаваты, не дагледзелі. Пасьля паховін усе, сябры і ворагі нядаўняга рэдактара адыёзнага часопісу, разышліся па кабаках — абмываць нябожчыка. Беларусы таксама абмылі ягоныя костачкі, асабліва Аркадзь Куляшоў, які ўвесь час плакаў. Твардоўскі быў ягоны даўні і найлепшы сябра. Я дык адчуў сябе сіратой...

Неўзабаве па вяртаньні дамоў пасьля той сумнай нагоды, як ужо выйшаў «Новый мир» з маёй аповесьцю, «Полымя» запрасіла прыехаць. Сабраліся нарэшце друкаваць, наладжвалася абмеркаваньне. Сыйшлася ці не самая прадстаўнічая рэдкалегія, — усе, апроч Барадуліна, які быў дзесь у ад’езьдзе. Я меркаваў, што будуць дробязныя заўвагі па мове і стылі, аказалася, — усчалі абмеркаваньне па поўнай праграме. На маё слабое пярэчаньне, што ў Маскве ўжо абмяркоўвалі і маскоўскі Галоўліт прапусьціў, палымянскі галоўны Павел Кавалёў адказаў, што Масква нам ня ўказ. Масква друкавала і Еўтушэнку, чаго ў Беларусі ніколі ня здарылася б, бо беларуская літаратура ідэйна здаровая, бяз шкодных ухілаў. На абмеркаваньні асабліва стараўся Анатоль Вялюгін3, які, мяркуючы па ўсім, быў загадзя да таго падрыхтаваны. Ён праводзіў паралелі паміж прозай Быкава і тымі заганнымі ідэямі, што нам навязваюць зь Мюнхену, то бок з радыё «Свабода». Iншыя палымянцы выказваліся болей памяркоўна, але ўсе сышліся на тым, што аповесьць друкаваць рана, трэба дапрацаваць. Дапамогу аўтару ў дапрацоўцы было вырашана даручыць Барысу Сачанку4. Сказалі, каб з тым не цягнуць.

Адразу пасьля паседжаньня рэдкалегіі, яшчэ пакуль не прастылі сьвежыя ўказаньні, мы з Сачанкам пайшлі да яго на кватэру. Там Барыс мне сказаў, што ня п’е, таму і мне ня раіць, бо рэдагаваць трэба зь цьвярозай галавой — справа сур’ёзная. Я ўжо меў вопыт Сачанкавай рэдактуры, колісь яго намаганьнямі была амаль цалкам перапісана мая невялічкая аповесьць «Здрада». Цяпер мне Барыс па-сяброўску адкрыў сакрэт рэдактарскіх закідаў да аповесьці — адсутнасьць у ёй вобразаў камуністаў. Я сказаў, што наогул пазьбягаю тых вобразаў, бо не валодаю патрэбным талентам. Мабыць, для іх увасабленьня патрэбны талент кшталту Салтыкова-Шчадрына5, а ў мяне, калі і ёсьць, дык іншы. Сачанка сказаў на тое, што ён гэта выправіць у адзін момант, і, пагартаўшы рукапіс, знайшоў здатнае месца. Во тут і напішам: Сотнікаў — камуніст. А што, апроч таго, і сын камуніста, тое вынікае з кантэксту.

Тады я пасумняваўся крыху, але хутка пераканаўся ў рэдактарскай мудрасьці Барыса Iванавіча, што ўрэшце прывяла яго на высокую пасаду галоўнага рэдактара БелСЭ6. Хоць мы нічога больш не зьмянілі, у тым выглядзе аповесьць пайшла ў набор. Прэтэнзіяў да яе больш не знайшлося ні ў галоўнага — Паўла Кавалёва, ні ў Галоўліце, ні ў ЦК. Што значыць мудры спрактыкаваны рэдактар! Толькі аўтар пры гэтым адчуваў сябе дурнем, ну але гэта яго прыватная справа.

У выдавецка-рэдактарскай практыцы было прынята, што выдаўцы-рэдактары ніколі не спасылаліся на цэнзуру або начальства, рабілі глыбакадумны выгляд, што літаратурнаідэйныя хібы выявілі толькі яны. Тое ставіла аўтара ў ідыёцкае становішча, калі ён ідыётам лічыў менавіта таго, хто яму прапаноўваў ідыёцкія патрабаваньні. Напрыклад, я шмат гадоў ня ведаў, што нэгатыўныя адносіны да «Мёртвым не баліць» запачаткаваў сам старшыня КДБ СССР Сямічасны, як ён абвясьціў пра тое на сакрэтнай нарадзе адразу пасьля публікацыі твору ў «Новом мире». Вядома, вырак галоўнага чэкіста краіны быў даведзены да ўсіх ніжэйшых зьвёнаў КДБ, партыйных органаў, цэнзуры, рэдакцыяў літаратурных ды іншых выданьняў. Ня ведаў пра тое толькі аўтар, які меркаваў, што гэткі вырак знайшоў разумны шараговы рэдактар, які зь ім размаўляе. Але рэдактар найперш дбаў пра свой хлеб.

Яшчэ мне давялося быць у Маскве на саракавіны сьмерці Твардоўскага. Сабраліся ў цеснай кватэрцы Iгара Саца, былі ці ня ўсе навамірцы і яшчэ некаторыя. Лакшын з адчаем гаварыў, што раскідалі іх каго куды, нібы галавешкі з вогнішча, і цяпер ім застаецца адно: курэць, не гарэць. Гаспадар — колішні сакратар Луначарскага — жыў небагата, выпіўкі не хапіла. Тады Жарэс Мядзьведзеў зьбегаў у «Бярозку», купіў за чэкі віскі, што-нішто з закусі. Выпілі, пасядзелі і разышліся. Болей з апальных навамірцаў, здаецца, нікога і ня бачыў. Лакшын хутка памёр, за ім Кандратовіч, пасьля Сац і Берзер. Вінаградаў перайшоў на «Кантынент», а дзе і чым займаецца Міша Хітроў, я й ня ведаю.

Зь несправядлівасьцю або супрацоўнічаюць, або змагаюцца, — цытаваў некалі Твардоўскі любімага ім Камю. Ён дык змагаўся, але ўсё роўна не пазьбегнуў паразы. Несправядлівасьць перамагла.

 

1 Тры папярэднія словы дапісаныя аўтарам простым алоўкам на экзэмпляры кніжнай публікацыі.

2 Валянціна Шчадрына – кансультантка СП СССР па беларускай літаратуры.

3 Анатоль Вялюгін (1923–1999) – беларускі паэт, перакладчык.

4 Барыс Сачанка (1921–1995) – беларускі празаік.

5 Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын (1826–1889) – расійскі пісьменьнік.

6 Беларуская савецкая энцыкляпэдыя.

73. Прафілактыка

Якіх-небудзь рэгулярных зносінаў з замежжам на той час у мяне не было. Зрэдчас атрымліваў віншавальныя паштоўкі ад балгараў — двух Вылчавых. Ад Марыё зь Генуі пад новы год прыйшла бандэроль — прыгожая срабрыстая елачка з музыкай. Накруціш унізе шрубку, і загучыць ціхая мэлёдыя хваласьпеву ў славу Езуса — Iсуса Хрыста. Але неяк атрымаў ад яго ліст — пакамечаны, параны-перапараны канвэрт з заштэмпэляванымі маркамі. У ім кароценькі, на паўстаронку, тэкст з прывітаньнямі і паведамленьнем, што Марыё жэніцца зь менскай беларускай. Тут жа з канвэрту выпаў і другі аркуш — на жоўтай паперыне тыпу ўлёткі было надрукавана буйным шрыфтам: «Да грамадзян Беларусі!». Далей ішоў заклік згуртоўвацца, арганізоўвацца і выступаць супраць савецкай камуністычнай улады. Гэтая ўлётка мяне зьдзівіла і зьбянтэжыла — няўжо гэты італьянец такі дурань! Навошта ён мне яе шле? Ці гэта ня ён шле? Чым болей я над тым разважаў, тым усё болей прыходзіў да высновы, што гэта — правакацыя. Iм спатрэбілася мая рэакцыя.

Вельмі нялёгка было мне прыняць пэўнае рашэньне, ды мусіў. Ня стаў дамагацца сустрэчы з маім «загадчыкам» Дубавінкіным, вечаровай парой пайшоў у КДБ. Даўно на дзьвярох там вісела прыгожа напісаная аб’ява «Прием посетителей круглосуточно», і я аддаў канвэрт дзяжурнаму пры ўваходзе. Калі той папытаўся, ад каго, сказаў: ад Быкава — і ўсё. Як ні дзіўна, ні назаўтра і ніколі ніякіх размоў пра тую ўлётку не было. Але па нейкіх ускосных прыкметах я зразумеў, што ўлётка сталася пэўнай мяжой маіх адносінаў з органамі. Быццам бы штосьці яны вырашылі. Празь нейкі час пазваніў Дубавінкін і папытаўся, калі я зьбіраюся паехаць у Менск. Мне тое пытаньне не спадабалася, я сказаў, што пакуль ня ведаю, ня маю там справы. Тады праз колькі дзён ён пазваніў зноў. Сказаў, што мяне хочуць бачыць у іхнім упраўленьні. «Што — прафілактыка?» — папытаўся я. Падпалкоўнік, падобна, зьбянтэжыўся, але хутка адказаў: «Не, для гутаркі. Запрашае генэрал1 КДБ».

Я зразумеў, што колькі ні цягні, а калі запрашае генэрал КДБ, дык прыйдзецца ехаць. Beдама ж, для прафілактыкі і за свой кошт. Так яно і атрымалася.

Аднойчы ўранку я паднімаўся па шырокіх прыступках параднага ўваходу ў палац КДБ на Ленінскім праспэкце ў Менску. Расчыніў цяжкія дзьверы і апынуўся ля стала дзяжурнага прапаршчыка. Той патэлефанаваў кудысь, — з палацавых нетраў хутка прыбег маладжавы афіцэр, павёў на паверх, у кабінэт намесьніка старшыні КДБ. Тоўсты сіваваты генэрал за сталом стрымана запрасіў сесьці.

Пачалася гаворка — даўгая і лянівая. Відаць было па ўсім, генэрал адбываў свой нумар, ягоны суразмоўца ўвогуле мала яго цікавіў, — ён ведаў пра яго ўсё. Куды ахвотней ён распавёў пра сваю вайну на Палесьсі, што аднойчы расстраляў начальніка паліцыі — «Як урэзаў яму з маўзера, толькі мазгі па сьцяне размазаліся». То быў уражлівы аповед. А пасьля генэрал прапанаваў напісаць пра чэкістаў кніжку. У Маскве ўжо напісалі шмат, а ў Беларусі мала. Я сказаў: «Што ж, напішыце, у вас такі вопыт». На што пачуў стандартны ў такіх выпадках адказ: «Вопыт ёсьць, але няма часу, — праца! Вось каб вы ўзяліся, у вас талент, а мы б маглі памагчы. Мы вам дамо матар’ял, можаце выбраць любога чалавека, любы эпізод і на яго аснове стварыць аповесьць. А яшчэ лепей раман. Toe і нам і вам было б на карысьць. А то вас там абляпалі гаўном гэтыя перараджэнцы Карпюк з Клейнам».

Генэрал націснуў кнопку, услужлівы афіцэр прынёс стос папак. «Во — на ваш выбар. Пачытайце».

Мяне адвялі ў суседні пакой і пакінулі з чатырма ці пяцьцю папкамі. З пэўнай цікавасьцю я пагартаў іх. Гэта былі не якія там справы, а акуратна перадрукаваныя выняткі з паасобных чэкісцкіх гісторыяў пэрыяду вайны. Чэкіст — у логаве зьвера, чэкіст — кіраўнік дывэрсійнай групы... Яшчэ нешта. Адна гісторыя мяне нават зацікавіла — як савецкага афіцэра-сувязіста выкарыстоўвалі па чарзе то немцы, то нашы. Ня ведаю, як там наконт гераізму, а пакутаў — можна было сабе ўявіць! Аказалася, герой гэтай гісторыі жывы, працуе на Лепельшчыне. Гарадзенскія чэкісты памогуць мне зь ім зьвязацца.

 

1 У кампутарнай раздрукоўцы было пазначана і прозьвішча – Рудак, а прозьвішча гродзенскага падпалкоўніка паўсюдна перапраўленае з «Любавінкін» на «Дубавінкін».

74. Агент Абверу

Не пасьпеў прыехаць дадому, як — званок ад Дубавінкіна: Касінец ужо ў Горадні, можна арганізаваць сустрэчу. Можна ў гасьцініцы. Дамовіліся, што праз гадзіну прыйду.

Спаткаў каля дзяжурнай незнаёмы чалавек у штацкім, павёў на паверх. У страшэнна накураным нумары сядзеў на ложку змрачнаваты немалады чалавек. Чэкіст пакінуў нас удвух. Я прысеў ля стала. «Дык раскажыце...» Чалавек пачаў успамінаць — трудна, неахвотна, коснаязычна. І нарэшце змоўк. «Ат, не магу я так. Каб што глыкнуць...» Я зразумеў і павёў яго ў рэстаран, дзе мы абодва глыкнулі і вярнуліся ў ягоны накураны нумар. Перадыхнуўшы, чалавек пачаў свой гаротны аповед. Цяпер гаворка лілася складна.

«Вайна застала мяне ў Беластоку, я быў тады камандзір роты сувязі. Старшы лейтэнант. Полк разграмілі. Дывізію разграмілі. Армію разграмілі. Паасобнымі групамі прабіраліся на ўсход. Паасобныя групы таксама разграмілі. Трапіў у палон.

Апынуўся ў палявым шталагу. Вёска Калбасіно, во тут, пад Гродна. У чыстым полі дзесяць тысяч людзей. Hі жраць, ні піць. Пад дажджом і сонцам. Сабралі чалавек пятнаццаць — капаць капанір. Капаем. Сілы ўжо не засталося. Я са злосьці вылаяўся і спалохаўся. З брустверу на мяне глядзіць немец. Чыста апрануты. Малады, Афіцэр. «Ком!» Ну вылез. Кіўнуў галавой — комэн зі! Некуды павёў. Тады ўжо іх стала два. Зайшлі ў іх кантору. Пачаму ругалі нямецкую ўладу? — Я не ругаў. — Я чуў. Мы вас зараз расстраляем. (Ну, што ж, страляйце, — думаю сабе. — Але штось непадобна.) — Вы хочаце тодт? — Быццам бы не, кажу. Толькі дваццаць шэсьць год маю. — Гут, кажуць. Пойдзеце на абучэньне. Нічога не разумею — куды? На каго?

Тым ня менш павялі. Пасьля павезьлі ў нейкі штаб. Там яшчэ допыты — ужо пад пратакол. Праз ноч кудысь павезлі ў крытай машыне. Куды — не зразумець. Але далёка. Цэлую ноч ехалі. Нас там ужо набралася чалавек дзесяць. I трое немцаў з аўтаматамі. Канешне, можна б уцячы. Каб, скажам, везьлі на расстрэл. Але ж, мабыць, вязуць не на расстрэл. А горш, чым у шталагу, наўрад ці будзе.

Карацей кажучы, прывезьлі ў нейкі польскі гарадок, заехалі за агароджу. А там абвэршуле А-3. Значыць, будуць вучыць на разьведчыкаў. Проціў сваіх, рускіх. Што ж, думаю, абучайце, спатрэбіцца. Як навучуся, я вам разьведаю. Абы толькі дапяцца да фронту. Адсюль усё ж далекавата.

Абучалі тры месяцы. Ну там — сувязь, кансьпірацыя, шыфры-коды і парашутная справа. Тэарэтычна, вядома. Курсанты — усе такія, як я, пераважна сувязісты. Між сабой ніякіх размоў, толькі пра вучобу. Але ўпэўнены — усе думаюць адно: толькі б дапяцца да фронту.

Раньняй вясной пачалі адбіраць, кудысь вывозіць па 2– 3 чалавекі. Надышла і мая чарга. Выпала ў пары зь Лёшкам Кнышом. Хлопец такі, малады лейтэнант зь Віньніцы. Снарадзілі рацыі, шыфры, грошы па тры пачкі, запасныя батарэі. Надзелі парашуты і — у самалёт. Перад адлётам — заданьне: пранікнуць у горад Горкі, уладкавацца на вайсковы завод. I наладзіць сувязь. Яволь, гер маёр, наладзіць сувязь.

Доўга ляцелі праз ноч. Зямля ўнізе, за аблокамі ні чарта не відаць. Нарэшце каманда: шпрынген! Пайшлі — чорт ведае куды. На злом галавы. Прызямліліся ў полі, блізка лясок. З другога боку вёска.

Раней мы з напарнікам нават не пагутарылі — неяк было. Што ён думае — невядома. Але можна здагадацца. I я кажу: «Капут, Лёха! Айда ў вёску, папытаемся, дзе сельсавет і — хэндэ хох!»

Пайшлі ў вёску. Усё начыньне з сабой, толькі парашуты кінулі. Бо занадта на горбе набралася. У вёсцы спыталі ў цёткі, дзе сельсавет? Не сказала. Толькі паглядзела падазрона, спалохана. Папыталіся ў падлетка. Той кажа, што тут сельсавету няма, у другой вёсцы, кілямэтраў празь пяць. Што ж, пайшлі ў тую вёску. Па дарозе-прасёлку. А ўжо добра разьвіднела. Iдзём, на душы трывожна. Але трывожна цяпер заўсёды...

I тут ззаду фурманка. Думаем, ну падвязуць. Трое мужыкоў, адзін у вайсковым. I да нас: хто такія, вашы дакумэнты? Мы кажам: ідзём у сельсавет, там пакажам дакумэнты. Э, не — рукі ўгору! Што было рабіць? Паднялі рукі. Тыя абшукалі і аж задрыжэлі ад страху ці радасьці, — дывэрсанты! Так, дывэрсанты, кажам. Iдзём здавацца.

Прывезьлі ў раённы НКВД ужо са зьвязанымі рукамі. Дакладваюць: злавілі на дарозе. Лухта, канешне, але ім вераць, а нам не.

Ну а далей пайшло, паехала. У раён, у Горкі, адтуль у Маскву. Камэры, допыты, чэкісты. Зь Лёшкам нас разлучылі, ня хутка я яго ўбачыў. Шылі, вядома ж, адно і тое: здача ў палон, здрада радзіме, шпіянаж і дывэрсіі. Я кажу: які ж шпіянаж, мы ішлі здавацца. Ды на тое — нуль увагі. Але адчуваю, у іх там нязгода паміж сабой. Найперш — хто затрымаў? Пра тых мужыкоў на дарозе ўжо няма і гутаркі — у пратаколах фігуруюць два — маёр і падпалкоўнік. У тое, што мы ішлі здавацца, ня вераць. Затрыманы ў зоне аб’екту. Якога аб’екту, мы і ня ведалі. Кажуць: няведаньне закону не вызваляе ад адказнасьці. Такія законьнікі. Я ўжо прашуся: пашліце на фронт. Сваю віну іскуплю крывёю. Нават жыцьцём гатовы іскупіць. Ого, чаго захацеў, кажуць. Тваю віну іскупіць ня хопіць усёй крыві. Каб вы апруцянелі, думаю.

Аднойчы раптам — на машыну і ноччу ў нейкі гарадок. Высокі забор, драцяная агароджа. Але не турма быццам. Побач нейкія казармы. Тут нас зноў злучылі з Лёшкам. Прывезьлі ўсё нашае снараджэньне. Аказваецца, рыхтуецца так званая радыёгульня. Мы павінны выйсьці на сувязь зь нямецкім цэнтрам А-3. Ну, пачалі... I праўда, выйшлі на сувязь. Але здарылася няўпраўка — я забыўся адзін пароль. Прыпынілі сувязь, мяне хацелі расстраляць тут жа. За сабатаж. А я і праўда забыўся. Што, я дужа трымаў яго ў памяці ці зьбіраўся ім карыстацца? Але во дзіва: як прыпякло — успомніў. Ну, пачалі зноў... Думаў, немцы здагадаліся. Не, быццам. Увогуле яны нездагадлівы народ. На тым і гарэлі...

Трэці заход пачаўся лепш, ды і маёр Трацякоў пачаў нешта цяміць. Здагадлівы аказаўся. Пачалі перадаваць нейкую зашыфраваную лухту, быццам па выпуску танкаў, таўшчыні брані — лабавой і бакавой асобна. Немцы прымалі, нават дзякавалі за каштоўныя зьвесткі. Так доўжылася зь месяц. А пасьля загад з А-3: вярнуцца назад спосабам пераходу фронту. Ну, думаю, правал! Штось западозрылі. Значыць, канчай баль, тушы сьвечкі. Можа, цяпер пашлюць на фронт або расстраляюць. Аж не. Да нашага Трацякова падключыліся яшчэ два падпалкоўнікі і кажуць:

«Трэба пайсьці. Так патрабуюць правілы гульні. Тым болей, што ўказана месца пераходу, пароль. (Памятаю, пароль — Вільлі.) Чаго трусіш? Усё гут!»

Паслалі аднаго, Лёшка застаўся. Прывезьлі на фронт пад Дзямянскам. Ноччу падпоўз да перадку. Сьнег, калючы дрот і — ракеты смаляць у неба. Ля ўскраіны пабуранай вёскі, дзе дзьве вербіны, папоўз. У полі поўна трупаў — нашых і немцаў, а між іх — пацукі. Тыя пацукі — да мяне. Beдама ж, жывы, цёплы... Адбіваюся рукамі і нагамі. Падпоўз блізка да нямецкай траншэі, бачу, быццам каска над брустверам вытыркаецца. Ня ведаю, як быць: ці паўзьці проста туды, ці крыкнуць пароль. Усё ж крыкнуў так ціха: Вільлі! А той у мяне — гранатай. Граната ўдарылася, адскочыла і — выбух. Засыпала сьнегам, але не зачапіла. А я ў той момант — бухнуўся ў траншэю і ўсё лепячу: Вільлі, Вільлі... А немец да мяне: «Які д’ябал (дэр тойфель) Вільлі? Iх бін — Рудзі!». Усё пераблыталі, немаведама хто — ці нашы, ці немцы. Хаця тут ужо і ў мяне ў галаве пераблыталася — хто нашы, хто ня нашы. Але не застрэлілі на нэўтралцы, і то добра.

Ну павезьлі ў тыл. Пароль «Вільлі» ўсё ж падзейнічаў, ня тут, дык у гестапа. Прывезьлі ў каманду А-3, абвэршуле, значыць. Там сходу — допыты. Ды такія, што куды там нашым! Ня ведаю, як мне пашэнціла выкруціцца, не засыпацца. Чаму доўга маўчалі, не выходзілі на сувязь? — Дык жа ня вырвацца, кажу, з вытворчасьці танкаў. За прагул жа ў бальшавікоў — турма, пастанова Вярхоўнага Савету, самога Калініна. — О, яволь, гэта яны ведаюць. А чаму раптам прыпыніўся першы сэанс сувязі? — Кажу: — за горадам у парку было. Толькі раскінулі антэну, а тут аднекуль жанчына, прэ на мяне. Дык я, ведаеце, спусьціў штаны, быццам патрэба прысьпічыла. Ну, яна ў другі бок... — О, гут, правільна, спрытны агент!

Пасьля яшчэ розныя іспыты-допыты. Падаслалі правакатара з нашых жа. Усё прайшоў, далі тыдзень адпачынку ў суседнім гарадку. А празь месяц узнагародзілі, — мэдаль за заслугі. Нейкі час у шуле бы інструктарам быў, распавядаў новенькім, як трэба здабываць у бальшавікоў танкавыя сакрэты. Памятаю, глядзелі на мяне гэтак хітравата, мабыць, слаба верылі. Але я стараўся — заліваў кулі.

Улетку сорак чацьвёртага, як пачаўся наступ, зноў — парашут, рэчмяшок з толам і на аэрадром. Гэты раз трох, я — старшы. Задача — дывэрсіі на магістралях. Выкінулі ноччу, якраз на пазыцыі цяжкой артылерыі. Не пасьпелі прызямліцца, як — хэндэ хох! Аднаго забілі. Мы двое — у пляну. Але тады ўжо ў мяне быў свой (наш) пароль. — Кажу: давайце ў с ь м е р ш! Зразумелі, адправілі ў Маскву. Болей да немцаў ужо не пасылалі, радыёгульню спынілі. Але і ад сваіх меў мала радасьці. Паўгоду сядзеў, дапытвалі, выясьнялі, ці не двайнік. Дык двайнік, кажу, хіба ж я хаваю. У Маскве той самы Трацякоў, палкоўнік ужо, з двума ордэнамі. Два падпалкоўнікі таксама ўзнагароджаныя баявым Чырвоным сьцягам — за пасьпяховую радыёгульню. А мне толькі пасьля перамогі кіданулі Айчынную другой ступені. Але і тады я ўсё працаваў на іх — езьдзіў па чыгунках і на вакзалах, у вагонах — адсочваў агентаў. I, ведаеш, аднойчы ў Менску спаткаў свайго Аляксея. Сядзіць у кутку на вакзале, дрэмле. Падышоў, сеў поруч і ня ведаю, што рабіць? Галоўнае — з кім ён цяпер, Лёха? Можа, раскрыты, законны, а можа, туляецца. Калі так, трэба арыштаваць. Але як? Крануў яго за плячо, прачнуўся, пазнаў. Але няшмат радасьці ад спатканьня, гляджу, быццам баіцца. Кажу, можа, пройдзем у горад, абмыем спатканьне? Пайшлі. Я ўсё паварочваю бліжэй да НКВД, гляджу — ён быццам ня збочвае, не туляецца. Паганае адчуваньне, ды што зробіш? Я й думаю: можа, чалавек жыцьцё наладзіў, ажаніўся, працаваць пачаў, а я яго — на здачу. Але ж як інакш? Ну прывёў у аддзел, такі тайны пункт на першым паверсе, там дзяжурны. Кажу: во прывёў. А Ляксей да мяне: гэта я прывёў, бо ты — агент абвэра. Аказваецца, і ён у гэткай жа самай ролі. Во паразумеліся! Аж брыдка стала адзін ад аднаго.

А цяпер? Цяпер ў лясгасе раблю. Дзёгаць гонім для нужд хімічнай прамысловасьці. Зарплата малая, не ўкрадзеш — не пражывеш. Але мне ўкрасці — ого! Усё пад наглядам, ненадзейны тып. А вы што — пісаць будзеце? Няўжо дазволілі?»

Так, я хацеў напісаць. Лёс гэтага чалавека мяне крануў. Толькі, вядома, пісаць усё, як было. Дакумэнтальны нарыс. Сказаў пра тое Дубавінкіну, той паведаміў у Менск. Адтуль паступіў адказ: справа пакуль не рассакрэчаная, дазваляецца скарыстаць яе толькі ўскосна. Мінімум праўдзівасьці. Пішыце літаратурную аповесьць з акцэнтам на дзейнасьць контрразьведчыкаў. Я сказаў, што для аповесьці там мала зьместу, аповесьць усё ж іншы жанр. Не чэкісцкі, а літаратурны.

На тым «чэкісцкі праэкт» і скончыўся. Дубавінкін пасьля сказаў, што я яго падвёў. Можа, і падвёў, але ня надта. Бо неўзабаве ён атрымаў падвышэньне і перабраўся служыць у Падмаскоўе. У Горадні аб ім, аднак, не бедавалі.

 

75. «Абеліск»

Мы здаўна прывыклі чуць, што ў жыцьці заўсёды ёсьць месца подзьвігу. Насамрэч, подзьвіг патрэбны ўсім і заўжды. Асабліва там, дзе няма міру, ідзе барацьба за волю ці справядлівасьць. Але прырода подзьвігу можа быць розная. У тым ліку і на вайне.

Літаратура сацрэалізму замусоліла подзьвіг у імя радзімы, партыі і Сталіна, абыходзячы ўсю складаную разнастайнасьць тае зьявы. Подзьвігі бессаромна і рэгулярна сачыняліся ў мэтах прапаганды, як у час вайны, так і міру. Хто ня чуў пра подзьвіг камсамолкі, што павесілі немцы за няўдалы падпал канюшні з коньмі. Прытым націск рабіўся на тое, што яна мовіла перад пакараньнем. Спярша гэта былі словы: Сталін прыйдзе, затым — партыя прыйдзе, — адпаведна прапагандоваму аспэкту часу; у тым і была сутнасьць яе подзьвігу. Грымела шмат год слава байцоўпанфілаўцаў, якія быццам бы загінулі, не пусьціўшы немцаў у Маскву. I няважна было, што гэтыя героі пасьля вайны жывыя і здаровыя павярталіся з палону, — важна было, што іхні міф сваю прапагандовую функцыю выканаў. Мне запомніўся аповед знаёмага вайскоўца ў генэральскім чыне пра славуты подзьвіг Аляксандра Матросава. Генэрал у той час ваяваў камандзірам батальёну ў брыгадзе, дзе служыў баец Матросаў, і ўся тая гісторыя раскручвалася на ягоных вачах. Яе сачынілі палітрукі дзеля апраўданьня няўдалай атакі, каб знайсьці ў ёй хоць які пазытыў. I знайшлі забітага на полі байца, які, можа, бліжэй за іншых падпоўз да бліндажу. Вось і ўсё. Астатняе было прыдумана. Прыдумка апынулася важней за звычайную салдацкую сьмерць у бясслаўным баі.

У савецкай палітыцы і прапагандзе адбывалася звычайная для іх зьява п а д м е н ы1, калі ахвяры і героі памяняліся месцамі — ахвяраў зрабілі героямі, а герояў ператварылі ў ахвяры. Першых ганаравалі зоркамі, а другіх звозілі на Калыму, Варкуту, Курапаты. То была палітыка і лёгіка бальшавізму, зразуметая, аднак, праз шмат гадоў пасьля.

Сапраўды, няшчасная краіна, якая мае патрэбу ў героях, як пісаў Бэртольд Брэхт2.

Мяне цікавілі подзьвігі іншага кшталту — подзьвігі духу. З часоў Iсуса Хрыста і першых хрысьціянаў дух стаў немалаважным фактарам у барацьбе за выжываньне нацый ці этнасаў, — ня меней важным за фізычную сілу, якая ў старажытнасьці вырашала ўсё. Ды і ў самой літаратуры

ўсё большую прыцягальнасьць набывалі, так бы мовіць, подзьвігі інтэлігенцкія, а ня толькі салдацкія. Апошнія былі як бы трывіяльнай справай, тым больш на вайне. Калі ж подзьвіг зьдзяйсьняе той, хто прызначаны зусім для іншае, мірнай справы, тое ўжо ёсьць штось выключнае і набывае асаблівае значэньне. Хаця практычны вынік таго часта бывае нулявы. Як нулявы быў у прагматычных адносінах подзьвіг Януша Корчака ці настаўнікаў зь югаслаўскага гораду Крагуевацу, што разам са сваімі выхаванцамі пайшлі на пагібель. Вядома ж, на вайне сьмерць ёсьць зьява заўрадная.

У Беларусі таксама былі такія настаўнікі, хоць пра іх мала ведалі, прапаганда пра іх маўчала. Бальшавікі не прызнавалі высілкаў нацыянальнага настаўніцтва ў справе школьніцтва на акупаванай тэрыторыі. Настаўнікі, якія на той час вучылі дзяцей, не давалі зьдзічэць цэламу пакаленьню, лічыліся калябарантамі, і пасьля вайны нярэдка з вучнямі апыналіся ў Пячорлагу. Беларускі настаўнік Барыс Кіт3 за сваё самаадданае школьніцтва сядзеў у Лукішках пры польскіх уладах, у Вілейскім цэнтрале СД — пры немцах. Каб не апынуцца ў савецкім лягеры пасьля вайны, змушаны быў эміграваць на Захад. I ўсё таму, што ў гады юнацтва прыняў поклік вучыць дзяцей дабру і справядлівасьці і не адцураўся ад беларушчыны. Вельмі гэта важная і небясьпечная справа — беларускае настаўніцтва. Калі, канешне, быць ёй верным, не ператварыцца ў «прывадны рамень» бальшавіцкай палітыкі, як гэта мы назіралі ўсе гады савецкай улады.

«Абеліск»4 напісаўся лёгка, як прынята казаць – на адным дыханьні. Надрукаваўся ў Менску5 таксама безь вялікіх стратаў. Можна было перакладаць на расейскую мову, з чым, аднак, я марудзіў. Самому дужа не хацелася, думаў знайсьці лепшага за сябе перакладчыка.

Неяк пад той час давялося пазнаёміцца з расейскім паэтам, пяхотным разьведчыкам Рыгорам Куранёвым, які надрукаваў цікавую паэму «Рака Палата» — пра баі на Полаччыне. Ён быў прыязны, кампанейскі хлопец, меў добрую жонку Галю і сынка Сашку, і я, калі бываў у Маскве, здаралася, бавіў час у яго гасьціннай сямейцы. Галя, будучы выдавецкім работнікам, узялася перакласьці гэтую невялічкую аповесьць. «Новый мир» хутка яе надрукаваў6, — праўда, ужо пры новым рэдактары.

Гэтую аповесьць я прысьвяціў памяці маладога настаўніка зь Мядзельшчыны Міколы Пашкевіча7. То быў выдатны настаўнік — энтузіяст беларушчыны, бясконца захоплены літаратурай. Неяк мы ехалі на Нарач у госьці да старога Міхася Лынькова, прозу якога Мікола дужа любіў. Месца ў машыне для яго не было, дык Мікола папрасіўся ў багажнік, дзе, скорчыўшыся, ехаў добрых паўсотню кілямэтраў і казаў: «Як жа я яго не пабачу, ён жа такі старэнькі...». Тады ён пабачыў Міхася Ціханавіча, а праз паўгоду нечакана і памёр — раней за свайго куміра.

Памятаю, вычытваў наваміраўскую вёрстку ў скверыку бліз Путнікаўскага завулку і адначасна чытаў машынапісны тэкст «В круге первом» Аляксандра Салжаніцына, які мне да вечара далі ў «Новом мире». Салжаніцын тады быў адкрыцьцём для літаратуры, але пасьля «Аднаго дня Iвана Дзянісавіча» яго не друкавалі. Твардоўскі прабіваў гэты раман у ЦК, аднак бяз посьпеху. У маёй валізцы ляжала і яшчэ адна кніжка таго ж аўтара «Ленін у Цюрыху», якую мне даў Куранёў. Гэтую я вёз дадому — у Менск і Горадню, дзе яе прачыталі дзясяткі маіх сяброў ды іхніх знаёмых.

На «Абеліск», як ён быў надрукаваны, добрую рэцэнзію зьмясьціў у «Комсомольской правде» Рыгор Бакланаў8, ацэнка якога для мяне заўжды была важная. Таксама як і нашага агульнага сябра Лазара Лазарава.

 

1 Разьбіўка аўтара.

2 Бэртольд Брэхт (1898–1956) – нямецкі паэт, драматург.

3 Барыс Кіт (нар. у 1910) – беларускі пэдагог, навуковец.

4 Аповесьць «Абеліск» была завершаная ў 1971 г.

5 Першая публікацыя «Абеліску» – у часоп. «Маладосць» (№9, 1971 г.).

6 У «Новом мире» «Абеліск» апублікаваны ў 1972 г.

7 Мікола Пашкевіч (1938–1972) – беларускі пэдагог.

8 Бакланов Г. Имена на обелиске // Комсомольская правда, 1972, 11 марта.

76. «Дажыць да сьвітаньня»

Як заўсёды ўлетку, узяўся пісаць «зімовую» аповесьць «Дажыць да сьвітаньня»1. Тэма яе, здавалася, гучала даволі экзыстэнцыяльна, то быў матыў тупіку і расчараваньня — на той раз у пэўным канкрэтным сэнсе. А можна было разумець і ў болей шырокім, гэта ўжо як каму падавалася.

Такі адыход ад ідэёвай канкрэтыкі даваў пэўны прастор для ўяўленьня, але і абавязваў. Як і раней, абавязваў да праўды і пэўных жыцьцёвых рэаліяў, што няпроста было ўвасобіць на матэрыяле вайны. Затое кожны чытач (ці група чытачоў) разумеў пэўныя моманты адпаведна ўласным схільнасьцям і жаданьням. Аўтар мала што сьцьвярджаў — болей выяўляў і распавядаў. Так здавалася аўтару, хаця на справе ўсё магло быць інакш — так ці інакш, горш або лепш. Паколькі ў «Новом мире» я той год ужо надрукаваўся, паслаў аповесьць у Ленінград, у часопіс «Нева». Як звычайна, пачаў чакаць выкліку на абмеркаваньне, рэдагаваньне. Выклік, аднак, зацягваўся. I раптам атрымліваю з «Невы» нумар з ужо надрукаванай аповесьцю і ліст, падпісаны галоўным рэдактарам Нікольскім, які віншуе і запрашае да супрацоўніцтва. То было штось нёзвычайнае, да такіх выдавецкіх правілаў я не прывык. (Забягаючы наперад, зазначу, што «Нева» ня толькі надрукавала аповесьць, але і вылучыла яе на дзяржаўную прэмію.)

Тым часам у выдавецтве «Молодая гвардия» насьпела выданьне маёй кніжкі, і я паехаў у Маскву. З загадчыцай аддзелу мастацкай літаратуры Зояй Мікалаеўнай Яхантавай быў знаёмы яшчэ з часу выхаду «Трэцяй ракеты», адносіны мае з гэтай мілай жанчынай былі як найлепшыя. Хаця ўвогуле гэта камсамольскае выда[вецтва] ставілася да аўтараў і іх твораў зь яўна забольшанымі патрабаваньнямі, і на гэты раз мяне змусілі дапісаць да кніжкі паплавок» — артыкул пра Хатынь. Хатынь тады шмат што выручала ў не заўсёды ляяльнай нашай публіцыстыцы, хаця ў пэўных адносінах і апыналася блефам. (Пра тое, аднак, пасьля.)

А тады ў рэдакцыі Зоі Мікалаеўны пазнаёміўся са змрочным чалавекам, што мовіў разважна-басавітым голасам, які аказаўся аўтарам ужо вядомых у літаратуры «Iвана» і «Зосі» — Уладзімерам Багамолавым2. Ён запрашаў заходзіць і даў адрас. У наступны мой прыезд у Маскву я і зайшоў. Валодзя жыў на Вялікай Грузінскай, у самым паддашшы старога дому. Сям’і ў яго, здаецца, не было, маці нядаўна памерла, і сын распавядаў, як сам абмываў яе і хаваў. Жыў бедна, меў патрэбу ў грашах, але натуру меў ганаровую і заўжды частаваў. Да яго славутага «Iвана», паводле якога быў зьняты фільм, я адносіўся ўвогуле спакойна, затое любіў яго «Зосю» (Я це кохам, а ты сьпіш). Валодзя тады працаваў над вялікім раманам, але не казаў, пра што той раман. Неяк у яго на кватэры сабраліся Юры Бондараў, Сяргей Сьмірноў3, Наіль Бікенін4, яшчэ нехта — усе вядомыя і славутыя сябры па літаратуры і вайне. Багамолаў папрасіў Бондарава дастаць у «крамлёўцы», дзе ён лячыўся, лякарства для мяне-астматыка, замежны «бератэк», які мне дужа памог. С. С. Сьмірноў рабіў на тэлевізіі сэрыю перадачаў пра герояў Брэсцкай крэпасьці, быў дужа змораны і пачуваўся кепска. Ён дужа добра гаварыў пра мае і багамолаўскія аповесьці, якія, апроч таго, падтрымліваў у друку. Неўзабаве, аднак, ён захварэў і хутка памёр. Бондараў радыкальным чынам разышоўся з Багамолавым — мне дагэтуль невядома, чаму, — а я, наадварот, сышоўся. Гадоў дзесяць мы сябравалі, ён прыжзджаў у Беларусь, з маладой жонкай адпачываў на Нарачы і ў Друскеніках. Я пазнаёміў яго з маімі сябрамі Матукоўскім і Бураўкіным, зь якімі ён пасябраваў. Але, як і ўсё на сьвеце, мужчынскае сяброўства таксама мае канец. Скончылася яно і ў мяне з Багамолавым.

 

1 Аповесьць «Дажыць да сьвітаньня» была завершаная ў 1972 г. Першая публікацыя – у часоп. «Маладосць» (№1, 1973 г.).

2 Уладзімір Багамолаў (1926–2003) – расійскі пісьменьнік.

3 Сяргей С. Сьмірноў (1915–1976) – расійскі пісьменьнік.

4 Наіль Бікенін (1931–2007) – расійскі татарскі філёзаф, журналіст.

77. Хатынь. Суд

Шмат якія навіны ў наш час прыходзілі праз тэлефон (цяпер прыходзяць праз інтэрнэт і факс), прыйшла і такая: у Горадні судзяць катаў Хатыні. Выязная калегія зь Менску, пяць падсудных — былых паліцаяў. Адамовіч, які тады пісаў сваіх «Карнікаў», вядома, ня мог прамінуць такой падзеі і прыехаў у Горадню. Карпюк ужо быў на першым паседжаньні суда, на другое прыйшоў і я. Зьнешне то быў суд, мабыць, як і ўсе такога кшталту — судзьдзі, адвакаты. На лаве падсудных сядзела пяцёра пажылых, нямала пакамячаных жыцьцём мужыкоў. Iх сабралі дзе каго — з Украіны, Расеі, аднаго прывезьлі з Казахстану. Але чаму судзяць у Горадні? Чаму хоць бы ня ў Менску?

I тут выяўляецца незвычайны факт. Аказваецца, спалілі Хатынь і пазабівалі ўсіх яе жыхароў зусім ня немцы, а вось гэтыя паліцаі з так званага 118-га ўкраінскага паліцэйскага батальёну, як ён афіцыйна зваўся. То быў, вядома, ня надта прыемны для ўладаў факт, які парушаў вядомы пастулят пра нязрушную дружбу савецкіх народаў. Таму гэты працэс і адсунулі з цэнтру да самай польскай мяжы. Хоць таксама наўрад ці ўдала: сугучнасьць Хатыні і Катыні1 выклікала і ў Польшчы пэўныя нэгатыўныя асацыяцыі.

Суд адбываўся ў маленькім пакойчыку, публіку з вуліцы туды не пушчалі. Судзьдзі дапытвалі, падсудныя вяла ва ўсім прызнаваліся: было загадана, палілі, стралялі, што ж мы маглі зрабіць? Сярод паліцаяў сядзеў камандзір роты Лапуста, які пасьля вайны зрабіў у Казахстане кар’еру — быў ня раз узнагароджаны, стаў дэпутатам мясцовага савету. Некаторыя з паліцаяў пасьля вызваленьня пабылі яшчэ і на фроньце, дзе няблага ваявалі і былі ўзнагароджаны — да нямецкіх медалёў далучылі савецкія. Адзін меў прозьвішча Сахно (як у маёй аповесьці «Мёртвым не баліць»), што нямала пацешыла нас. Адамовіч нават пажартаваў з гэтага поваду: дрэнна чыталі сьледчыя Быкава, а то б даўно выкрылі Сахно. Ці, можа, шкода было — карпаратыўная салідарнасьць... Так, менавіта, думаў я, усё ў нас зь Нямеччынай перамяшалася — хто свой, хто чужы? Здаецца, двух прысудзілі да сьмяротнай кары, і Карпюк прасіў у пракурора дазволу пасядзець зь імі апошнюю ноч — паназіраць за сьмяротнікамі. Пракурор не дазволіў, а Адамовіч папікнуў: «Toe я павінны быў прасіць, ды не наважыўся». Карпюк быў задаволены, што аказаўся болей адважны. Хаця хто з нас у тым сумняваўся?

 

1 Месца забойства бальшавікамі польскіх вайскоўцаў.

78. Прэмія. Мова

Мы жылі ў ненатуральным, звыродлівым сьвеце, калі былі адпрэчаны ня толькі хрысьціянскія запаветы, але і элемэнтарныя меркаваньні здаровага сэнсу. Сэнс зрабіўся клясавым, партыйным, пралетарскім. Нас заклікалі пісаць праўду, але далёка ня кожная праўда дазвалялася ў літаратуры, хіба тая, якая служыла ўладзе. Над рэглямэнтацыяй праўды шчыравалі партыйныя органы, ім дапамагалі пісьменьніцкія начальнікі, цэнзары, рэдактары, «закрытыя» рэцэнзэнты, якія за верную службу надзяляліся кватэрамі, пасадамі, навуковымі званьнямі, прэміямі. На дзяржаўную прэмію Беларусі былі вылучаны разам Уладзімер Караткевіч і Барыс Сачанка, дзе слынны клясык беларускай культуры быў толькі фонам, бо прэмію, вядома ж, далі Сачанку1. Для таго не абышлося без энэргічнага ўмяшаньня ЦК у асобе Iвана Антановіча. Усё тое, натуральна, вяло да выраджэньня літаратуры. I калі ў ёй паяўлялася ня надта пакорнае імя ды яшчэ надзеленае пэўнымі здольнасьцямі, наверсе вырашалі, што зь ім рабіць. Выпрабаваны спосаб 30-х гадоў, мабыць, ужо апрыкрыў, запатрабаваліся гнуткія спосабы — бізуна ў спалучэньні зь пернікам. Глядзелі, які станецца больш выніковым. Пасьля шматгадовай лупцоўкі бізуном да Быкава было вырашана прымяніць пернік. Я, канешне, пра тое ня ведаў: літаратурныя начальнікі ўмелі хаваць партыйныя таямніцы. Нават тыя зь іх, што ўвогуле дабражадана ставіліся да мяне.

Недзе пад канец 70-х гадоў Камітэт па прэміях прысудзіў мне Дзяржаўную прэмію СССР за аповесьці «Абеліск» і «Дажыць да сьвітаньня»2. Пасьля перажытага ў літаратуры тая прэмія неяк ня надта ўзрушыла, хаця, вядома, я стаўся абнадзеены — можа, цяпер адчэпяцца? Вядома, я не разьлічваў, што ўжо цяпер мне будзе дазволена пісаць усё і так, як я захачу, ды ўсё ж... Праўда, Адамовіч з ягоным сарказмам сказаў, што цяпер сам не захочаш дражніць гусака, будзеш памяркоўней, бо прайшоў вывучку. Можа, і так. Як заўжды ў такіх выпадках, прэмія парадавала сяброў, але і прыбавіла зайздросьнікаў — таксама зь ліку сяброў. А зайздрасьць (хвароба чырвоных вачэй пакітайску) — дужа кепская рэч, якая валодае нейкай д’ябальскай сілай. У тым я добра пераканаўся за свой літаратурны век. Ды й памятаю, як у дзяцінстве мама дужа баялася суроку, кепскага вока — зусім як у Кітаі...

Уручалі прэмію ў Крамлі, пасьля там жа абмывалі — тузін сьвежых ляўрэатаў ад літаратуры і мастацтва. Галоўным гаспадаром мерапрыемства быў наш зямляк Шаура, які даволі холадна павіншаваў мяне — бы аб’явіў вымову. Але тое мяне ня дужа ўражвала — болей запомнілася добразычлівая ўвага сяброў у Маскве і Менску. Тады ж ці крыху раней адпалі некаторыя з выдавецкіх праблемаў — у Менску заплянавалі і выдалі чатырохтомны збор твораў, хаця і не ўключылі ў яго «адыёзныя» аповесьці — «Мёртвым не баліць» і «Круглянскі мост». Мусіць, каб ня надта фанабэрыўся свежасьпечаны ляўрэат.

У Менску ў тыя гады я бываў часта — то прыязджаючы на якія мерапрыемствы Саюза пісьменьнікаў, то ў рэдакцыі па выдавецкіх справах. А то — вяртаючыся з Масквы. Калі да гарадзенскага цягніка заставаўся нейкі час, забягаў на вуліцу Энгельса ў цесны дамок СП, дзе сядзеў Толя Вярцінскі. Ля яго заўжды можна было збавіць час у кампаніі Макаля3, Гамолкі4 ці яшчэ каго зь менскіх літаратараў. Там было шумна і часта весела. Але каб пагаварыць пра справы, умоў там не было. Пра справы і штосьці сур’ёзнае звычайна размаўляў зь Hілам Гілевічам, калі ён ня быў на лекцыях ва ўнівэрсытэце. Ніл, апроч таго, быў ня супроць прыняць чарку, гаворка зь ім была цікавая і сур’ёзная — пра жыцьцё, літаратуру і найбольш — пра мову.

Нацыянальная мова беларусаў, як і сто год таму, зьняважліва тапталася на ўсіх узроўнях, выцясьнялася расейскай, хаця афіцыйна тое не прызнавалася. Афіцыйна, наадварот — улады трубілі пра яе росквіт, што давала памылковую падставу думаць пра нейкі недагляд, які можна выправіць. Ніл, як чалавек эмацыйны, балюча перажываў той моўны стан. Ва ўнівэрсытэце з дапамогай студэнтаў ён без супынку зьбіраў і накопліваў фальклёр, які выдаваў кніжкамі — адну за адной. Ды фальклёр мала каго цікавіў. Школьніцтва на беларускай мове пакрысе марнела, ужо трэба было паезьдзіць па раёнах, каб знайсьці цалкам беларускую школу (як, прыкладам, у Гудзевічах на Гарадзеншчыне). У Менску не засталося ніводнай. А без авалоданьня беларускай мовай маладымі пакаленьнямі рабілася марнай уся беларуская культура. Мы гаварылі, што пры гэткіх тэмпах русыфікацыі празь якіх 20-30 год беларускую кніжку ня будзе каму і прачытаць. А мы ж шчыруем менавіта над кніжкай, як шчыравалі нашыя шматпакутныя клясыкі. Ці ня марным стане ўсё тое шчыраваньне? Кажуць, Якуб Колас5 памёр над лістом у ЦК наконт уціску беларускай мовы. Што з таго часу зьмянілася? Камуністычная партыя ўпарта трымаецца сваёй рускамоўнасьці, усё партыйнае кіраўніцтва зь верху да нізу працуе толькі на расейскай мове. Па-беларуску выступае адзін міністр фінансаў Шаціла, якому, аднак, хутка на пэнсію. I тут самае крыўднае, што нашу нацыянальную праблему ня хочуць разумець нашы расейскія калегі нават самай дэмакратычнай скіраванасьці. Апроч хіба Валянціна Аскоцкага ды Лазара Лазарава, зь якімі давялося гаварыць пра тое, ніхто іншы ня выказаў нават цікавасьці да лёсу нашае мовы. Ну і што, кажуць, пяройдзеце на расейскую. Што, расейская горшая? — Не, кажу, нават лепшая. Але...

Што а л е, ужо не было ахвоты тлумачыць. Тагачаснае кіраўніцтва СП у асобах Броўкі, Шамякіна, Танка было нібы спаралізаванае моўнай праблемай і баялася нават загаварыць пра яе. I ня дзіва. Шамякін шмат год быў старшынёй Вярхоўнага Савету, гэта пры ім адбывалася галасаваньне аб выкрэсьліваньні з канстытуцыі БССР артыкулу пра дзяржаўнасьць беларускай мовы. А другі раз прыкладна тое ж сталася пры старшынстве акадэміка Навуменкі. (Усе тыя факты зьнішчэньня беларускай мовы на ўзроўні вярхоўнай улады падрабязна выкладзены ў працы Анатоля Белага6. Ня ведаю, аднак, ці была яна надрукаваная, бо пра яе аўтара пусьцілі чутку, быццам ён — агент КДБ і ўсе яго захады — правакацыйныя.) Тое ж кіраўніцтва СП не знайшло адвагі ініцыяваць перад урадам перанос у Менск парэштак Максіма Багдановіча зь Ялцінскіх могілак, дзе ім пагражала руйнаваньне. Баяліся праявы нацыяналізму, як самага страшнага злачынства, за якое ў 30-я гады атрымлівалі кулю ў патыліцу? Наўрад. Болей дбалі, каб не адлучылі ад карыта, да якога прыладзіліся за адносна лібэральныя гады, што наступілі пасьля Цанавы7. Мабыць, таму адно праўдзівае выступленьне Уладзімера Дамашэвіча наконт беларускай мовы ледзьве ня скончылася для яго кепска. Пасьля Шамякін казаў: насілу ўратавалі — во якія яны былі добрыя. Далі Дамашэвічу хадзіць на волі. Можа, тое, аднак, і праўда: у нас не саджалі, як на Украіне, у нас не было і дысыдэнтаў. Падобна, намер зрабіць іх зь некаторых гродзенцаў ня ўдаўся, не хапіла прафэсіяналізму ці што? А можа, мяняўся час, палітычны вецер зьмяніў накірунак, можна было расслабіцца?

 

1 Б.Сачанка атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР у 1982 г.

2 В. Быкаў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у 1974 г. за аповесьці «Абеліск» і «Дажыць да світання».

3 Пятрусь Макаль (1932–1995) – беларускі паэт.

4 Мікола Гамолка (нар. у 1922) – беларускі пісьменьнік.

5 Якуб Колас (1882–1956) – народны пісьменьнік Беларусі.

6 Анатоль Белы (нар. 1939) — старшыня клюбу «Спадчына», уладальнік і дырэктар Музэя выяўленчага мастацтва ў Старых дарогах.

7 Лаўрэнцій Цанава (сапр. Джанджгава) – кіраўнік карных органаў БССР да 1951 г.

79. Масква, зьезд СП

У Маскве зьбіраўся зьезд СП СССР, зь Менску мы паехалі вялікаю групай. Перад адкрыцьцём, як звычайна, таўкліся ў цесных калідорах на Вароўскага, атрымлівалі накіраваньні ў гасьцініцы. То была складаная і важная справа — гасьцінічнае пасяленьне. Сялілі зь вялікім разборам, адпаведна той вазе, якую мелі пісьменьнікі і арганізацыі ў вачох начальства. Адных (кіраўнікоў, дэпутатаў, народных) сялілі ў гасьцініцы «Масква», іншых, бяз тытулаў і заслугаў — у «Расіі». Тут назіралася блытаніна, як, скажам, з рэдактарамі, якія ня ўсе былі дэпутатамі і народнымі. Атрымаўшы гатэль рангам ніжэйшы, ішлі са скаргай да Маркава ці Варанкова1 або пасылалі туды Шамякіна, — каб пахадайнічаў. Шамякін хадайнічаў таксама з разборам, не дапушчаючы ўраўнілаўкі. Я атрымаў квіток у «Маскву», Адамовіч — у «Расію», было трохі нязручна, але мы скардзіцца не пабеглі. Нас на Вароўскага знайшоў Анатоль Гладзілін і паказаў ліст Аляксандра Салжаніцына да зьезду ў абарону свабоды творчасьці, супраць цэнзуры. Мы яго падпісалі, але болей з прысутных там беларусаў не падпісаў ніхто. Там жа Адамовіч прапанаваў пазваніць Салжаніцыну, зь якім мы яшчэ не былі знаёмыя. Я сумняваўся, што Салжаніцын пойдзе на кантакт, але нечакана ён сам узяў трубку і, перш чым пачаць размову, папытаўся, ці падпісалі мы ягоны ліст. Адамовіч адказаў, што так, падпісалі і яшчэ сагітавалі падпісаць іншых. Тады Аляксандр Iсаевіч сказаў, што няблага б спаткацца. Дамовіліся зрабіць тое ў маім нумары гасьцініцы «Масква».

Назаўтра раніцой Адамовіч быў ужо ў мяне, я падрыхтаваў фотаапарат, купілі штось выпіць. Салжаніцын прыйшоў зь невялікім спазьненьнем. Мы пазнаёміліся асабіста, а ў літаратурным сэнсе Аляксандр Iсаевіч сказаў, што чытаў нас абодвух і падзяляе наш пафас. На зьезд ён ня пойдзе, бо ня мае запросінаў, але чакае, што мы там выступім у духу ягонага ліста. Адамовіч паабяцаў тое зрабіць (але яму слова не далі), я ж падрыхтаваў выступленьне ў некалькі іншым духу. Наконт літаратуры Салжаніцын сказаў, што працуе зараз над творам пра імперыялістычную вайну 1914 году і, магчыма, улетку паедзе ва Ўсходнюю Прусію. Па дарозе мог бы заехаць у Беларусь, дзе ваяваў у 44-м годзе. Вядома, мы запрашалі. (Тое, на жаль, не ажыцьцявілася.) Падчас размовы мы з Адамовічам усё азіраліся на сьцены, што таілі пэўную небясьпеку, Салжаніцын жа паводзіў сябе ўпэўнена і сьмела, ад алкаголю адмовіўся. Напрыканцы сфатаграфавалі госьця — па чарзе з Адамовічам і Быкавым.

На зьезбдзе ў залі славутага Крамлёўскага палацу я сядзеў мала, болей бавіў час у кулуарах, а то ў буфэце. Але ў вялізнай залі буфэту можна было хіба пад’есьці, выпіць жа там не было нічога. I тое абурала шмат каго з прыезджых пісьменьнікаў. Асабліва абураўся Віктар Астаф’еў, зь якім я ўжо быў знаёмы, і мы займелі намер абмыць сустрэчу. Ды не было чым. I Віктар гучна, бянтэжачы выкшталцоную гэбісцкую абслугу, абвяшчаў, што без гарэлкі не перамаглі б і ў вайну — нават з грымотнымі заклікамі палітрукоў. I беларускія партызаны тое ведаюць — праўда, Васіль? — жартоўна зьвяртаўся ён да мяне. Я пагадзіўся і напомніў Віктару, як на банкеце папярэдняга зьезду ён уратаваў Канстанціна Сіманава. Той тады вальяжна праходжваўся між шэрагамі сталоў зь нейкім замежнікам, а за імі, бы хвост, віўся падазрона гэбісцкі тып, усё стараўся ўчуць іх размову. Як тыя спыніліся, спыніўся і ён, падскочыўшы да нашага стала, якраз насупраць Астаф’ева. Павел Нілін2, які быў з намі, зразумеўшы, у чым справа, аднак, запытаўся, з якой арганізацыі тып? Але той бы ня чуў пытаньня, — уся яго ўвага была скіравана на Сіманава. Тады Астаф’еў гучна, каб перамагчы п’янаватую гаману, мовіў: «Ды з арганізацыі Сямічаснага, азірніцеся, Канстанцін Міхайлавіч!». Той і праўда азірнуўся, і тып, утуліўшы галаву ў плечы, моўчкі шаснуў убок. Увечары ў гатэлі мы абмяркоўвалі той выпадак, і Астаф’еў даволі нэрвова напомніў, дзе мы жывём. Ён сказаў, што ў 30-я гады ў СССР было 10 мільёнаў сэксотаў, пра гэта сьведчыў сын Г. Малянкова3, а ўжо ён штосьці ведаў. Ды й сам Хрушчоў4, выкрываючы Берыю5, сказаў, што ў СССР кожны пяты — сэксот. Чаго ж вы хочаце ад пісьменьнікаў? — пытаўся Віктар Пятровіч.

Як ужо было сказана, пры шыкоўнай закусі ў Крамлі не было чаго выпіць, а буфэты ў гасьцініцах ламіліся ад выпіўкі, ды не было закусі. Як заўжды, з закусьсю ў краіне была напруга. Раніцай за сьнеданьнем мы доўга вырашалі задачу: як пранесьці на зьезд бутэльку. Бураўкін спрабаваў засунуць яе ў кішэню — выглядала падазрона, нібы там бомба. У маёй нутраной кішэні — яшчэ горш. Спрабавалі пакласьці ў імпазантную Гілевічаву папку, зь якою той нідзе не расставаўся, — таксама нядобра. Маглі адабраць ды яшчэ што прышыць. Правяралі ж нас не адзін раз, у кожных дзьвярах, дзе гэбісты звычайна дзяжурылі парамі: пакуль адзін правяраў дакумэнты, зьвяраючы фота з арыгіналам, другі рабіў «візуальны вобыск», пільна азіраючы кішані і рукі. Выйсьце знайшлі самае простае — выпіць у гасьцініцы, а закусваць бегчы ў Крэмль.

Але па дарозе нас чакала неспадзяванка. Не пасьпеўшы перабегчы праезд Спаскай вежы на зялёнае сьвятло сьвятлафора, спыніліся. Толькі адзін (ня з нашай кампаніі дэлегат) — стары туркмэнскі пісьменьнік — пасьпяшаўся на пераход і быў затрыманы гэбістам у форме, які груба рвануў яго за плячо і пачаў адчытваць. Таго не стрываў Рыгор Бакланаў, што пераходзіў з намі. Я ніколі ня бачыў Рыгора такім разьюшаным, як ён накінуўся на гэбіста ў абарону старога пісьменьніка-туркмэна, на вачох дзясяткаў прахожых ён бэсьціў яго і сарамаціў. Але той таксама разьюшыўся, патрабаваў у Бакланава пропуск, пачаў крычаць:

«Я табе яго зараз парву, і ты болей не пабачыш ваш зьезд». Бакланаў на тое адказваў з выклікам: «Ну парві! Парві, ну! Рві...». Аднак не парваў, — мабыць, добры папаўся.

Той учынак Бакланава шмат што растлумачыў у ягоным характары, цьвярдым і ўпартым. Сталі зразумелыя яго некаторыя пасажы ў друку і ў выступах. Асабліва бліскучая, бескампрамісная прамова на ўсесаюзнай партканфэрэнцыі ў Маскве, калі прававерная аўдыторыя спрабавала сагнаць яго з трыбуны. Мне запомнілася яго рэзкая сутычка з камунапатрыётамі ў прысутнасьці члена гарбачоўскага палітбюро А. Якаўлева. I яшчэ некаторыя праявы адвагі і прынцыповасьці, зь якімі ў нас мог параўняцца хіба адзін Алесь Адамовіч.

Беларускія пісьменьнікі, за малым выключэньнем, былі памяркоўныя, трымаліся моўчкі і разам. Памятаю толькі адзін выпадак, калі на самым пачатку, як уладкаваліся ў гасьцініцу, пачалі сварыцца Куляшоў з Макаёнкам6. Пілі і сварыліся — доўга і зацята, ад абеду да вечару і ці ня ўсю ноч. Я спрабаваў іх уціхамірыць, угаворваў і мірыў, і ўсё — марна. Але сварыліся так адмыслова, што зразумець сэнс канфлікту было немагчыма. Iншыя, што былі пры гэтым, па адным разыходзіліся спаць. Урэшце не стрываў і я. А раніцай дазнаўся, што Макаёнак сьпіць, а Куляшоў выпісаўся з гасьцініцы і зьехаў у Менск.

 

1 Кіраўнікі СП СССР.

2 Павел Нілін (1908–1981) – расійскі пісьменьнік, драматург.

3 Андрэй Малянкоў – сын Георгія Малянкова, які ў 1930я гг. займаў кіраўнічыя пасады ў ВКП(б).

4 Мікіта Хрушчоў — савецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч, першы сакратар ЦК КПСС (1953—1964), старшыня Савета міністраў СССР (1958—1964). Ініцыятар разьвянчаньня культу асобы І. Сталіна.

5 Лаўрэнцій Берыя – кіраўнік карных органаў СССР да 1945 гг.

6 Андрэй Макаёнак (1920–1982) – народны пісьменьнік Беларусі, драматург.

80. Дзядкоў. Сеўрук

На зьезьдзе, як заўжды, гучалі прамовы, звыкла сумаваў прэзыдыум. У кулуарах было цікавей. Недзе пад канец дня паявіўся Віктар Някрасаў, якога на той час цкавалі ў яго родным Кіеве і ў Маскве таксама. Завітаў ён на зьезд з выглядам парыжскага клашара — у няновай расхрыстанай тэнісцы, старых джынсах і разношаных сандалетах на босую нагу, зь якіх вытыркаліся жоўтыя старэчыя пазногці.

Сярод параднай, з усіх сілаў выкшталцонай публікі тое выглядала выклікам. Затое яго хутка абкружылі маладыя, і зь іх цеснага кола на лесьвіцы доўга чуліся гоман і сьмех. Гэбісты ў штацкім змушаны былі прычыніць дзьверы ў залю.

Важна, што сустрэчы і знаёмствы прадаўжаліся і пасьля зьезду, у гатэлях і рэстаранах. Увечары на кватэры Валянціна Аскоцкага ўпершыню спаткаўся зь вельмі мною шанаваным крытыкам Iгарам Дзядковым1. Той даўно жыў у Кастраме, у сталіцы паяўляўся рэдка, але друкаваў глыбокія і разумныя артыкулы пра сучасную літаратуру, у тым ліку і беларускую. Часам ён прысылаў мне цёплыя лісты ў Горадню, а праз колькі год напісаў грунтоўнае дасьледаваньне пра маю творчасьць. Бачыўся я зь ім рэдка, але заўжды адчуваў ягоную прысутнасьць у маім пісьменьніцкім лёсе.

Пра пісьменьніцкія зьезды ў Маскве можна ўспамінаць доўга і шмат. Ці з нудой ад іхняй руціны, ці, здаралася, і з захапленьнем ад некаторых сьмелых і разумных выступаў. Асабліва падчас перабудовы, калі жалезна арганізаваны СП пачаў прыкметна развальвацца. Але і тады партыя ўпарта трымала яго ва ўласных руках. Паспрабавалі рэфармаваць кіраўніцтва, у праўленьне паўводзілі нядаўна яшчэ адыёзных пісьменьнікаў. Кіраваць зьездам даручылі Юрыю Бондараву, аднаго разу нават мяне пасадзілі за ганаровы стол прэзыдыума. Аляксандр Якаўлеў меў з намі спрыяльную гутарку ў кулуарах. Але і тады ў ЦК прадаўжаў сядзець Шаура і ягоны зямляк Сеўрук, які пад той час зрабіў найвышэйшую для сябе кар’еру — кіраваў усесаюзным галоўлітам, практычна ажыцьцяўляючы цэнзуру над усёй савецкай літаратурай. Гэты ўчэпіста трымаўся за свае цэкоўскія пасады нават пры Гарбачове і канчаткова рухнуў толькі тады, як рухнула партыя КПСС. Перабраўся ў гасьцінную лукашэнкаўскую Беларусь, дзе і дагэтуль заняты сваёю звыклаю справай.

Недзе яшчэ ў брэжнеўскія часы Масква нечакана для сябе знайшла дзіўнаватага аўтара зь яго ня меней дзіўнаватым творам пад назовам «Москва-Петушки». Прозьвішча аўтара было Веніямін Ярафееў2 або проста Венічка, як яго з сымпатыяй клікалі сябры і чытачы. Мне гэтую кніжку даў пачытаць Адамовіч, якому яна дужа спадабалася, можа, з тае прычыны, што, не парываючы з гуманізмам, несла ў сабе зачаткі будучага постмадэрну. Пасьля мы даведаліся, што аўтар працаваў на пракладцы газаправоду, быў дужа хворы і сябраваў з групай маскоўскіх літаратараў, якія выдалі на той час скандальны «Метрополь». Аднойчы Адамовіч мяне зьдзівіў, папытаўшыся ў тэлефоннай размове, што такое м э н і с к3 ? То быў не філялягічны тэрмін, і далёкі ад тэхнікі Адамовіч не павінны быў ім зацікавіцца. Я ж прыпамятаў зь фізікі, што меніск — крывалінейнае нацяжэньне паверхні вадкасьці. У наступнай размове высьветлілася, што ў адным інтэрв’ю, надрукаваным, здаецца, у «Литературной России», Венічка вельмі прыхільна адгукаўся пра нас з Адамовічам і сказаў, што Адамовічу наліў бы пры сустрэчы поўную шклянку, а Быкаву — нават з мэніскам. Бедны алкаш Венічка, мабыць, ня ведаў, што Адамовіч ня п’е, і тым павесяліў апошняга. А ўсё роўна ягоны маральны жэст быў куды болей прыемны для нас абодвух, чым ідэалягічная пахвала якога-небудзь «літаратураведа ў штацкім».

 

1 Ігар Дзядкоў (1934–1994) – расійскі літаратурны крытык, дасьледчык творчасьці В. Быкава.

2 Венядзікт Ярафееў (1938–1990) – расійскі пісьменьнік.

3 Разьбіўка аўтара.

81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль

На пачатку 70-х гадоў, калі маё літаратурнае рэнамэ пайшло на папраўку, зноў павярнуўся да мяне кінематограф. На Ленінградзкай кінастудыі зьнялі фільм на сюжэт «Дажыць да сьвітаньня» — фільм няўдалы ва ўсіх адносінах. Я тады некалькі разоў зьездзіў на «Ленфільм», папрацаваў з рэжысэрам, але адразу зразумеў, што вялікага толку ня будзе. Ня той рэжысэр. З ранейшага вопыту ведаў, што рэжысэру-пастаноўшчыку патрэбны ня так розум і густ, колькі характар і воля. Умельства выбіваць і дамагацца. Рэжысэр Віктар Сакалоў быў чалавек разумны і сумленны, але не валодаў усім наборам неабходных для таго якасьцяў. Зноў жа дадаліся недахопы сродкаў, абмежаванасьць матэрыяльна-тэхнічнай базы. I ў дадатак да ўсяго падвяло надвор’е — раней часу растаў сьнег, што для патрэбнай зімовай натуры было пагібельлю. Рэжысёра зьнялі, дазьнімаць даручылі іншаму, усё пайшло наўкось і скончылася поўным фіяска.

Неўзабаве, аднак, атрымаў ліст з «Масфільму», дзе маладая рэжысэрка Ларыса Шапіцька прапаноўвала зьняць фільм па «Сотнікаву». Зрабіць тое параіў ёй наш агульны сябра Алесь Адамовіч. I я пагадзіўся. Праўда, ёй належала яшчэ атрымаць д а б р о ад кіраўніцтва студыі, кінаглаўку, аддзелу культуры ЦК. Але прабіўная Ларыса мела надзею і ўсё брала на сябе.

Аднак далёка ня ўсё заладзілася на самым пачатку. Найперш турбаваў сцэнар — хто напіша? Кіраўніцтва студыі пярэчыла супраць аўтарства Быкава. Я пагадзіўся — хай будзе хто іншы, паводле іхняга выбару. Выбралі маладога таленавітага кінасцэнарыста і паэта Генадзя Шпалікава, які напісаў хутка і добра. Праўда, знайшліся прэтэнзіі, нешта хацелі зьмяніць у параўнаньні з аповесьцю. Я даў сваю згоду і наогул напісаў Ларысе, што прадастаўляю ёй поўны карт-блянш — рабіць, што захоча. Па праўдзе ўся гэтая кінамітусьня мяне даўно ня вабіла, я ўжо быў ёю сыты і прагнуў толькі аднаго — каб мяне пакінулі ў спакоі.

У спакоі, аднак, ня кідалі, мітусьня вакол сцэнару працягвалася. Патрабавалася мая аўтарская падтрымка, і я прыяжджаў у Менск, дзе Ларыса вяла перамовы ўжо зь «Беларусьфільмам». З тых перамоваў нічога ня выйшла — беларускія кінаўлады не адважваліся зноў зьвязвацца з прозай Быкава. Былі ўжо навучаныя. Ларыса зноў перакінулася на Маскву, пачала хадайнічаць перад цэнтральнымі ўладамі. Прасіла мяне прыехаць.

Я прыехаў у Маскву, і мы дамовіліся з Ларысай спаткацца ў Доме кіно падчас абеду. Народу было няшмат, размове не перашкаджалі. Ларыса сказала, што справа дрэнь, здымаць не даюць. Хто не дае? Ніхто не дазваляе, усе забараняюць. Трэба прабівацца да самога Суслава1. Я хацеў сказаць: ну і прабівайцеся. Яна ж кажа: «Трэба ўдваіх, зараз я патэлефаную памочніку і паедзем да Суслава». Я ня ведаў, што ёй на тое сказаць. Рэч у тым, што яшчэ гадоў шэсьць таму чуў, што ў ЦК прынята была пастанова наконт маёй творчасьці, падпісаная менавіта Суславым. А цяпер мне да яго ехаць? Я ў самыя змрочныя для мяне часіны нікога ні пра што не прасіў. Пакуль Ларыса хадзіла ўніз званіць, я шмат перадумаў і дужа прагнуў тады, каб усе яны там, у суслаўскім ЦК, спрахлі, нават разам з маім «Сотнікавым». Я не хацеў ні фільму, ні нават самой аповесьці.

Мабыць, Бог пачуў мае малітвы. Прыйшла Ларыса, на яе твары ляжаў выраз прыкрасьці і расчараваньня: Суслаў хворы. Слава табе, Госпадзі, падумаў я. Хутка мы выйшлі з Дому кіно, і я з палёгкай паехаў дахаты.

Празь нейкі час атрымаў ад Ларысы разьвітальны ліст, у якім яна выбачалася і пісала, што змушана адмовіцца ад задумы, зь якой жыла ці ня два гады. Ну, што ж — адмовіцца, дык адмовіцца, мне нават спадабалася тое. Менш клопату. Бо вынік быў бы адзін, думаў я. У той жа час мне было шкада Ларысу Шапіцька за яе зайздросна працяглую прыхільнасьць да маёй аповесьці.

Але я ў чымсь памыляўся, усё ж Шапіцька, і адмовіўшыся, штосьці рабіла. I раптам яшчэ ці не праз паўгода тэлеграма: «Фільм запускаем, ствараем групу. Музыку піша Альфрэд Шнітке». Штось закруцілася ў жаданым кірунку...

Але я слаба верыў у пэўнасьць гэтага нашага самага няпэўнага з мастацтваў, чакаў адбою. Адбою не было. Зрэдчас атрымліваў паведамленьні: здымаюць за Масквой, у старым расейскім гарадку. Iншай натуры не знайшлі. На захад ад Масквы ці ў Беларусі ўся старажытнасьць запаскуджаная сіласнымі вежамі ды сілікатнымі каробкамі. Здымалі цяжка, у цэнтральнай Расеі быў люты мароз, хтось з трупы прастудзіўся і памёр. На дзьве галоўныя ролі Ларыса запрасіла маладых, малавядомых акцёраў Барыса Плотнікава і Віктара Гасьцюхіна. (Апошні затым зрабіў пэўную кар’еру ў Беларусі, падтрымаў рэжым Лукашэнкі і быў ім аблагоджаны. А тады ён сапраўды няблага выканаў ролю Рыбака, мабыць, выявілася роднасьць натуры.)

Як фільм быў скончаны, пачаліся звычайныя для савецкага кінематографу клопаты зь яго здачай. Пільныя наглядчыкі з розных органаў згледзелі ў ім празьмернасьць хрысьціянска-рэлігійных матываў. Таму ў пэўнай меры садзейнічала музыка А.Шнітке, якога ўлады не прызнавалі. Вядома, гэта была выдатная музыка, але ж крытэрыі яе разуменьня тады былі асаблівыя. Тое, што праз 20 год зрабілася несумненнай вартасьцю, тады ўспрымалася хібам. Ларыса казала, што па праўдзе імкнулася да ўзвышанай рэлігійнасьці і нават мела намер назваць фільм «Узьнясеньне». У якасьці кампрамісу назвала «Узыходжаньне» — блізкім па сэнсе. Але ўсё ж ня тое.

Празь некалькі гадоў на Бэрлінскім кінафэстывалі фільму «Узыходжаньне» быў прысуджаны галоўны прыз — Залаты мядзьведзь. А яшчэ праз кароткі час выдатны расійскі рэжысэр Ларыса Шапіцька загінула ў аўтамабільнай катастрофе. Здымала тады фільм па аповесьці Валяньціна Распуціна2 «Разьвітаньне з Мацёрай», стомленая раніцай вярталася ў Маскву, кіроўца заснуў за рулём, машына сутыкнулася з сустрэчнай, і ўсе загінулі. Застаўся ўдаўцом выдатны кінарэжысэр Элем Клімаў, які пасьля зьняў праўдзівы фільм «Iдзі і глядзі» — пра беларускіх партызанаў паводле сцэнару Алеся Адамовіча.

«Узыходжаньне» — найлепшая за ўвесь дзясятак экранізацыяў маіх аповесьцяў.

Напачатку перабудовы пісьменьнікі сталі часьцей выяжджаць за мяжу – на розныя кангрэсы, канфэрэнцыі, сустрэчы, вядома ж, па запрашэньні таго боку і за ягоны кошт. Уласнага кошту звычайна мелі 30 % сутачных, што складала такую драбязу, зь якой было сорамна зайсьці дзе ў кавярню. Неяк у Нямеччыну паехала вялікая пісьменьніцкая група, сярод якой быў і Адамовіч, што мяне дужа ўсьцешыла. Пасьля доўгага карантыну ў Менску Саша пачуваўся вельмі спрыяльна за мяжой сярод маскоўскіх сяброў, заўжды быў у цэнтры ўвагі, распавядаў, дыскутаваў, жартаваў. На акадэміях ахвотна браў слова і гаварыў дужа разумна, хаця не заўжды так, як таго чакалі. Здаецца ў Кілі, выступаючы перад маладзёвай аўдыторыяй, на пытаньне, ці праўда, што ў Маскве моладзь не злоўжывае наркотыкамі, а болей чытае кніжкі, сказаў, што праблема палягае ў тым, ш т о чытае. Часам лепш не чытаць, а гуляць, скажам, у даміно, бо кніжкі ў нас пераважна створаныя мэтадам сацрэалізму, паводле замовы партыі. А на пытаньне адной фэміністкі сказаў, што ён ня можа падтрымаць ейны рух. Маўляў, учора яму распавялі, як маладая феміністка, калі ёй уступілі праход у дзьвярох, павярнулася і ляснула па шчацэ таго, хто гэта зрабіў. Бо яна за раўнапраўе, а тая ўступка – ёсьць прыніжэньне жанчыны і жаночае годнасьці. У залі ўсчаўся гвалт, фэміністкі паўскоквалі зь месцаў, кінуліся да сцэны, і мы з Адамовічам змушаны былі ратавацца праз чорны ход. Яны гналіся за намі па начной вуліцы аж да гатэлю, апынуўшыся ў якім я сказаў сябру, што болей зь ім не пайду на гэтыя шоў, бо не хачу над сабой заўчаснага лінчу3.

Улетку восемдзесят трэцяга году давялося паехаць у Кёльн на пісьменьніцкі кангрэс. Дэлегацыя з Масквы была невялікая, пад старшынствам Сяргея Міхалкова4: Еўтушэнка, Распуцін, Межэлайціс, я ды яшчэ нехта. Цудоўны надрэйнскі горад, які, як і шмат іншых заходненямецкіх гарадоў, за пасьляваенны час падняўся з попелу ваеннага разбурэньня, вабіў прыгажосьцю, уладкаванасьцю і, вядома ж, славутым Кёльнскім саборам, блізь якога ў гатэлі мы і жылі. Кангрэс праводзіўся ў залі гарадзкой бібліятэкі. Выступы былі даволі гарачыя — у сьвеце яшчэ не прастыла людзкое абурэньне з нагоды задушэньня «Пражскай вясны». Савецкія пісьменьнікі слаба апраўдваліся, звыкла спасылаючыся на «падкопы англа-амэрыканскага імперыялізму». Але самае яркае выступленьне належала Генрыху Бёлю5, слухаць якога на плошчу перад бібліятэкай сабраўся вялізны натоўп гараджанаў. Гэты выдатны нямецкі пісьменьнік, змагар з фашызмам і бальшавіцкім таталітарызмам, праціўнік ракетна-ядзернага шаленства, скончыў сваю прамову цытатай з Шэкспіра: «Чума — на оба ваших дома», і слухачы ў залі і на плошчы наладзілі яму авацыю.

Пад той час я ўжо ведаў з успамінаў Бёля і ягонай аўтабіяграфіі, што мы зь ім па розныя бакі ваявалі ў Малдавіі і пад Ясамі, падобна, удзельнічалі ў адных баях. Там я, кантужаны, вярнуўся ў свой батальён, а Бёль, сімулюючы хваробу, дамогся адпраўкі ў тыл — такая была рознасьць нашых пазыцыяў у той вайне. На перапынку я падышоў да Бёля і напомніў яму пра нашу вайсковую агульнасьць. Бёль пасьмяяўся і сказаў, што калі не цяпер, дык пасьля мы зразумеем, што абодвух нас выкарысталі ў бруднай справе забойства дзеля ўлады аднолькава злачынных сілаў. Мабыць, ён меў рацыю, хаця тады я ня мог цалкам зь ім пагадзіцца. Усё ж я ў вялікай меры заставаўся с а ў к о м6, у той час як нобэлеўскі ляўрэат Бёль сягаў высока і глядзеў на сьвет Божы інакш — шырака і непадлегла.

Я заўжды зь вялікай цікавасьцю чытаў тое нешматлікае зь ягонай публіцыстыкі, што паяўлялася на расейскай мове. Што ж да ягонага ўплыву на эўрапейскую сьвядомасьць, дык ён быў доўгім і неаспрэчным. Толькі пасьля ягонай сьмерці ў 1985 годзе значэньне асобы Бёля ў Эўропе пачало цьмець. Але тады на яго месца ў Нямеччыне прыйшлі ягоныя маладзейшыя аднадумцы, такія, як, напрыклад, Гюнтар Грас, што прадоўжылі гуманізм вялікага немца.

Тая мая размова зь Бёлем мела пэўны працяг.

Праз колькі месяцаў на міжнародным пісьменьніцкім кангрэсе ў Сафіі маскоўская журналістка Жэня Кацава падвяла мяне да двух немцаў. Адзін зь якіх быў мюнхенскі рэдактар часопісу, а другі ветэран мінулай вайны, пісьменьнік Гейна Кіпхард7. Былы танкіст Кіпхард, аднапалчанін Бёля, таксама ваяваў у Малдавіі, вельмі магчыма, у тых жа мясьцінах, дзе і Быкаў, і цяпер прапануе разам напісаць кнігу пра сумесныя баі, але з розных пазыцыяў. Бёль дужа падтрымлівае гэтую ідэю. Тую ж ідэю горача падтрымаў і кіраўнік балгарскіх пісьменьнікаў Л. Леўчаў8, які сказаў, што гатовы стварыць нам пэўныя ўмовы – даць мейсца для працы ў адным з дамоў творчасьці СП Балгарыі. Я там пагадзіўся.

Праз колькі часу мы з Кіпхардам спаткаліся зноў, на той раз у Кёльне, абмеркавалі некаторыя дэталі сумеснай працы і разьехаліся зь цьвёрдым рашэньнем на пачатку вясны паехаць у балгарскі Бургас і засесьці за працу.

Аднак не заселі. Кіпхард раптоўна памёр. За ім памёр і наш апякун Генрых Бёль9.

 

1 Міхаіл Суслаў – адказны за ідэалёгію ў ЦК КПСС у 1955–1982 гг..

2 Валянцін Распуцін (нар. у 1937) – расійскі пісьменьнік.

3 Вылучаны прабеламі абзац друкуецца ўпершыню паводле аўтарскай кампутарнай раздрукоўкі. У папярэдняй публікацыі (часопіс «Дзеяслоў») ён апублікаваны паводле рукапісу ў наступным варыяньце: «Напачатку перабудовы пісьменьнікі сталі часьцей выязджаць за мяжу – на розныя кангрэсы, канферэнцыі, сустрэчы, вядома ж, па запрашэньні таго боку і за ягоны кошт. Уласнага кошту звычайна мелі 30 % сутачных, што складала такую драбязу, з якой было сорамна зайсьці дзе ў кавярню. Неяк у Нямеччыну паехала вялікая пісьменьніцкая група, сярод якой быў і Адамовіч, што мяне дужа ўсьцешыла. Пасьля доўгага карантыну ў Менску. Саша пачуваўся вельмі спрыяльна за мяжой сярод маскоўскіх сяброў, заўжды быў у цэнтры ўвагі, распавядаў, спрачаўся, жартаваў. На паседжаньнях заўжды браў слова і гаварыў дужа разумна, гаспадары пранікаліся да яго павагай. Аднойчы, здаецца ў Кілі, выступаючы перад маладзёжнай аўдыторыяй, адказваў на пытаньні з залы. І на запыт пра тое, ці праўда, што ў Маскве моладзь не злоўжывае наркотыкамі, а болей чытае кніжкі, сказаў, што справа палягае ў тым, што чытаць. Часам лепш не чытаць, а займацца чым весялейшым, бо кніжкі ў нас бальшынёй належаць да сацрэалізму. А на пытаньні адной феміністкі сказаў, што ён ня можа падтрымаць фемінізм, бо чуў, што маладая феміністка, калі ёй уступілі праход у дзьвярох, прайшла першай, але павярнулася і ляснула па шчацэ таго, хто ёй уступіў. Бо яна за раўнапраўе, а тая ўступка – ёсьць прыніжэньне жанчыны.

У зале ўсчаўся гвалт, феміністкі паўскоквалі з месцаў, кінуліся да сцэны, мы з Адамовічам змушаныя былі ратавацца праз чорны ход, і да самага гатэлю за намі беглі разьятраныя жанчыны ды іхнія мужчыны. У гатэлі я сказаў Адамовічу, што болей з ім не пайду на гэтыя шоу, бо не хачу прыносіць сябе ў ахвяру гэткае публіцы».

4 Сяргей Міхалкоў (нар. у 1913) – расійскі дзіцячы паэт.

5 Генрых Бёль (1917–1985) – нямецкі пісьменьнік.

6 Разьбіўка аўтара.

7 Гейна Кіпхард – нямецкі празаік.

8 Л. Леўчаў – балгарскі пісьменьнік.

9 Тэкст ад сказу «Я заўжды зь вялікай цікавасьцю чытаў тое нешматлікае зь ягонай публіцыстыкі, што паяўлялася на расейскай мове.» і да «За ім памёр і наш апякун Генрых Бёль.» друкуецца ўпершыню паводле аўтарскай уклейкі ў кампутарную раздрукоўку.

82. Юбілей. КДБ

Між тым надышоў час юбілею, — падкаціў неўпрыкмет. Яшчэ нядаўна быў малады, «пачынаючы», а ўжо 50, паўстагодзьдзя. Уся маладосьць ззаду. Стары...

Мабыць, так ці накшталт таго разважае шмат хто ў свае 50 год. Але мяне тады болей турбавала іншае. У СП сказалі, што «есть мнение» юбілей Быкава праводзіць на двух узроўнях — рэспубліканскім і абласным. Тое мяне зусім панішчыла, нават на адзін узровень я ня меў сілы ці адвагі, а тут два разам. Але ж — сябры! Сябры прагнулі адзначыць.

Ня надта памятаю, як тое адбывалася ў Менску. Здаецца, у невялічкай залі «Мутнага вока» сабралася паўсотня пісьменьніцкіх актывістаў, з ЦК прыйшоў сакратар Кузьмін. Пра творчасьць юбіляра зрабіў паведамленьне крытык Бугаёў. Пасьля нешта блытана (п’янавата) дзякаваў я — усім сябрам і ворагам. З нагоды юбілею хацелася быць вялікадушным. Кузьмін казаў, што вось-вось павінна прыйсьці вестка пра ўзнагароджаньне, але нешта затрымліваецца ў Маскве. Ня сталі чакаць спазьнелай узнагароды, а як скончыліся выступы, пайшлі ў рэстаран, дзе разам абмылі і гіпатэтычную ўзнагароду.

У Горадні было горш. Абласное начальства, нібы ў якасьці выбачэньня за прычыненыя Быкаву ранейшыя крыўды, прызначыла ўрачыстасьць у вялікай залі палацу тэкстыльшчыкаў. Прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, інтэлігенцыі і нешматлікія сябры юбіляра. Пярэднія лаўкі заняло партыйнае кіраўніцтва вобласьці на чале з новым першым Кляцковым. На подыюм пасярод сцэны паставілі прывезенае з тэатральнага рэквізыту старамоднае, каралеўскага кшталту крэсла з высокім падсьпіньнікам і пазалочанай аздобай. Toe было самае пакутнае, што я мусіў трываць якіх пару гадзін. Я сядзеў, бы на патэльні, ледзьве слухаючы лісьлівыя выступленьні і прывітаньні і ў думках праклінаючы сябе за тое, што дажыўся да такога сораму. Тады ўжо я пэўна ведаў, што адношуся да тых людзей, якім трываць лаянку куды лягчэй, чым пахвалу. Да пахвалы не прывык і пачуваўся жахліва. Асабліва на вачох дзясяткаў знаёмых людзей, якія Бог ведае што пра мяне тады думалі.

Яшчэ праз колькі часу на маёй новай кватэры, якую я атрымаў па вуліцы Сьвярдлова, раздаўся тэлефонны званок. Далікатны жаночы голас сказаў, што з таварышам Быкавым хоча размаўляць начальнік абласнога ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. У мяне ёкнула сэрца — зноў! Аказалася — не. То быў новы начальнік, які месяц таму прыехаў у Горадню, чуў шмат пра мяне (яшчэ б!) і хоча пазнаёміцца сам і пазнаёміць калектыў чэкістаў. Ці ня мог бы таварыш Быкаў у суботу прыйсьці ў камітэт і распавесьці гродзенскім чэкістам пра тое, што напісаў, над чым працуе зараз?

Прыдушыўшы прыкрасьць, давялося пагадзіцца. Празь дзень я ўжо сядзеў за сталом прэзыдыуму перад некалькімі дзясяткамі пераважна маладых людзей у форме і штацкім. Я банальна думаў: як мяняецца час! I людзі. Нават чэкісты. Яшчэ нядаўна мой сябра Iван Друцэ1, ня ведаючы майго гродзенскага адрасу, прыслаў тэлеграму: Гродна, КДБ, перадаць Васілю Быкаву. Ужо гэтыя людзі, разважаў Iван, павінны ведаць, дзе ў Горадні жыве Быкаў. Тэлеграма вярнулася назад з адзнакай: месцажыхарства Быкава не ўстаноўлена. Можа, з гэтага выпадку мяне і запрасілі? Аж, мабыць, не.

Пасьля выступу і нядоўгай, ня надта ажыўленай размовы з чэкісцкім калектывам я меў размову з яго начальнікам. Тое было амаль гасьцінна, за філіжанкаю кавы, у начальніцкім кабінэце. Начальнік сказаў, што ў папярэднія гады былі дапушчаны некаторыя памылкі ў адносінах да творчай інтэлігенцыі, у тым ліку і ў Горадні. Цяпер тыя памылкі належыць выправіць. Чэкісты маюць намер наладзіць рэгулярныя зносіны зь мясцовымі літаратарамі і хутка запросяць для знаёмства Карпюка і Дануту. Што ж, думаў я, можа, і правільна. А то столькі год і — незнаёмыя. Не зважаючы на ўсе высілкі Дубавінкіна і Фаміна...

Літаральна праз тыдзень новы начальнік упраўленьня КДБ па Гродзенскай вобласці раптоўна памёр ноччу на ўласнай кватэры. Ягоны плян знаёмства зь мясцовымі літаратарамі павіснуў у паветры.

А пасьля і згінуў зусім. Літаратары з абласным КДБ так і не пазнаёміліся.

 

1 Іён Друцэ (нар. 1928) – малдаўскі пісьменьнік.

83. Лазар Лазараў

Да мяне ў Горадню прыехаў мой даўні маскоўскі сябра Лазар Лазараў. Я спаткаў яго на вакзале, знарок павёў дадому цераз гарадзкі цэнтар — па Ажэшка, Савецкай, каля фары. Мне хацелася, каб ён пабачыў і ацаніў тое, што мне асабліва дорага ў Горадні — яе старажытную заходнасьць. Здаецца, ён зразумеў мой намер і пахваліў мой выбар месца пражываньня. Канешне, Горадня — не сталіца, не буйны прамысловы ці культурніцкі цэнтар, якімі звыкла ганарацца расейцы, — проста ўтульны для чалавека куточак, дзе можна прытуліцца, прагнучы жыцьцёвай адзіноты. Прынамсі, так думалася мне. Фактычна ж было не зусім так. Мастаку ці пісьменьніку ў наш час нідзе немагчыма схавацца, дзяржаўная сыстэма кантролю і нагляду нідзе не пакідае яго ў спакоі – ні ў сталіцы, ані ў правінцыі. Ані за мяжой нават.

Разумны Лазар бачыў усё і, мабыць, усё разумеў. Але ён тактоўна памоўчваў, і я быў удзячны яму за тое, што ён лішні раз не напамінаў мне пра патрэбу перабрацца бліжэй да сталіцаў. Пра тыя пярэбары мне ўжо нямала нагудзелі ў вушы мае сябры — Матукоўскі, Бураўкін і нават Адамовіч. Шмат у чым яны мелі рацыю, але я адмаўляўся. Я ня мог сказаць ім тады, што ў Горадні ў мяне, апроч іншага, ёсьць некаторая сардэчная прывязанасьць, якая мяне тут трымае.

Пасьнедаўшы ў той дзень, мы доўга гаварылі пра справы і літаратуру, тым болей, што Лазар прыехаў ня так сабе, а па інтэрв’ю для часопісу «Вопросы литературы», у якім ён працаваў. Абыходзіцца зь ім мне было лёгка і проста, як, можа, болей ні з кім іншым — мы належалі да аднаго пакаленьня і валодалі прыкладна аднолькавым вопытам вайны. Хіба што ён раней за мяне адваяваўся з сваёй цяжкой ранай, і ягоны лёс павёў яго па шпіталях, у той час як я яшчэ змагаўся зь нямецкімі танкамі. Але ён і пачаў раней — з-пад Сталінграду, дайшоў да ўкраінскай зямлі, дзе мы абодва пралілі сваю кроў. Апроч таго, і нашы літаратурныя сябры ці ня ўсе былі агульныя для абодвух. Некаторых Лазар моцна любіў, некаторых не любіў зусім, але і тое ды іншае пачуцьцё звычайна праяўлялася ў яго далікатна, зважліва і спакойна.

Пасьля я яшчэ пасьпеў паказаць госьцю два старажытныя замкі, касьцёлы, царкву, паўразбураную сінагогу ў квартале былога яўрэйскага гета. Ну а замест узарванай камуністамі царквы і разбураных у вайну ратушы і гатэлю паказаў толькі іх месцы, даўшы яму самому ўявіць, як тое выглядала калісьці. Таксама як і зьнесены квартал ліёнскіх дамкоў, што колісь былі збудаваны для тамтэйшых ткачоў. Зь нясьціхнутым сумам па былой Горадні паехалі ў летувіскія Друскенікі, якія шмат гадоў былі адхланьнем для гарадзенцаў, бы Вэрсаль для парыжанаў. Расслабленая курортная атмасфэра гэтага гарадку ўціхамірвала смутак, асабліва ягоныя паркі са старымі дрэвамі, духмяныя кавярні ды цудоўны сваёй сьціпласьцю музэйчык Чурлёніса1. Каньяк у кавярнях яшчэ быў той, што пахнуў клапамі, — выдатны армянскі каньяк. Нёман там здаўся ня надта прыгожы, і я, прыпамятаўшы колішнюю прыхільнасьць Лазара да воднай стыхіі, прапанаваў яму пазнаёміцца з Нёманам заўтра. У Горадні Нёман лепшы. Рэч у тым, што госьць калісьці вучыўся на марака, ваяваў у пяхоце, а хлеб колькі гадоў еў зь літаратуры. Таксама пярэсты пакручасты лёс, як і ў ягонага гаспадара. Але, мабыць, то агульны лёс нашага пастралянага на вайне пакаленьня.

Назаўтра раніцай паплылі ад гарадзенскіх мастоў уніз — да Пышак, паўзь Мелавыя горы, Ласасянкі і далей да вусьця Чорнай Ганьчы. У мяне тады быў невялічкі маторны кацярок маркі «Прагрэс», на якім я тут аб’езьдзіў усё навакольле ўверх і ўніз па Нёмане. I цяпер з захапленьнем старажыла паказваў госьцю тое, што шмат разоў бачыў сам. Чaхаў на малых абаротах маторчык, міма праплывалі баравыя і лугавыя беражкі, пясчаныя косы і парослыя трысьнягом старыцы. У зацішных мясьцінах зьдзіўлена пазіралі зь берагу нерухомыя чаплі, а поруч боўталі ў вадзе цяжкія рыбіны. Навокал не было ні душы. Мы выбралі здатны мурожны беражок і дасталі начыньне для шашлыку. Пакуль над плёсам расплываўся смачны дымок, размаўлялі пра наша паганае жыцьцё, хоць у Маскве ці ў Горадні, за якое колісь пралівалі кроў. Мы дык хоць выжылі, а нашыя таварышы (97 з сотні) — даўно ў братніх магілах, раскіданых па зямлі ад Сталінграду да Эльбы. Пагінулі, так і не дазнаўшыся, калі скончылася вайна — тое найбольш для іх крыўдна. Можа, думаюць, што мы ўсё ваюем? Як той партызан з анэкдоту, што вылез зь лесу і пытаецца ў хлопчыка: дзе немцы? Хлопец кажа: якія немцы, вайна ж даўно скончылася. Партызан расчаравана вылаяўся: а я ўсё цягнікі пад адхон пушчаю. Падобна, гэтак і мы. Вайна даўно скончылася, а мы ўсё ня можам адчапіцца ад яе — усё пішам і пішам. Можа, каму гэта трэба? Так, трэба, кажа Лазар. Пакуль будзе балець, трэба пісаць. Ды ўжо ж, ад таго болю колькі гадоў няма нам спакою. I ня будзе, кажа мой сябра. Тое — наш пажыцьцёвы боль. «Мае веды пэсымістычныя, але мая воля і надзея аптымістычныя», — хацелася мне думаць словамі Альбэрта Швэйцара2.

Позна ўвечары па ціхай вадзе вярталіся ў горад. Нёман рыхтаваўся да начнога спачыну, абапал на берагах зблізку і здалёку запальваліся агні. То было маё апошняе нёманскае падарожжа, нечаканае разьвітаньне з гэтай мілай ракой, сьціплай сваёй мілосьцю, лепшаю за ўсе вядомыя мне рэкі Эўропы і Азіі.

 

1 Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс (1875–1911) – літоўскі мастак і кампазытар.

2 Альбэрт Швэйцар (1875–1965) – нямецкі філёзаф.

84. МХАТ

Яшчэ калі я жыў у Горадні, неяк прыехаў туды Андрэй Макаёнак, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету па Гарадзенскай акрузе, меў з намі спатканьне. Мы з Карпюком і Данутай вадзілі яго ў рэстаран, заходзілі да яго ў гатэль. Тады ён у мяне запытаў: «Слухай, чаму ты не напішаш п’есу? У цябе такі драматычны матар’ял, — што ні аповесьць, то амаль гатовая п’еса. Напішы. Калі што, і я памагу, пачытаю...». Пасьля мяне пра тое ж прасілі з тэатру, рэжысэр Раеўскі1, і я неяк міжволі пачаў прымервацца да п’есы. Вядома ж, драмы на тэму мінулай вайны. Але я ўсё ж не драматург і нават не аматар тэатру, тое, мабыць, паўплывала на працу і на яе вынік. Як празь нейкі час мяне ўгаварылі прачытаць мой твор перад калектывам Купалаўскага тэатру, стала зразумела, што шэдэўру не атрымалася. Але тут усё праз таго ж Макаёнка прыйшла прапанова з маскоўскага МХАТу, там захацелі пазнаёміцца зь п’есай. Пасьля знаёмства загадчык літаратурнай часткі паведаміў, што п’есу варта трошачкі дацягнуць і можна будзе паставіць у іхнім тэатры. Я ўзяўся дацягваць.

Тое дацягваньне доўжылася ці ня ўсё лета, я перапсаваў кіляграмы паперы, якую тады трэба было «даставаць», але мхатаўцы заахвочвалі – яшчэ трошкі... Знайшлі ўжо і рэжысэра — маладога і таленавітага Валодзю Салюка зь ягонай таксама маладой і таленавітай жонкай-актрысай. Тыя прыяжджалі ў Горадню, каб папрацаваць з аўтарам і дацягнуць п’есу, каторая атрымала назву «Апошні шанец». Нарэшце ўсё быццам было зроблена, мяне запрасілі ў тэатр, дзе адбылося абмеркаваньне.

Абмеркаваньне, афармленьне, дэкарацыі мне ўвогуле не спадабаліся; мала радасьці выклікалі, мяркуючы па ўсім, яны і ў галоўнага рэжысэра Алега Яфрэмава2. Калі я ўбачыў, што ў афармленьні «абыгрываецца» вобраз падпольшчыкаў у выглядзе людзей, што вылазяць «з-пад полу», то-бок — падлогі, зразумеў, што праз той фармалізм рэалістычнага спэктаклю не атрымаецца. Так яно і выйшла. На абмеркаваньні ж, у якім удзельнічалі спрэе заслужаныя і масьцітыя маэстры, выказваліся па дробязях, а сакратарка партбюро, знакамітая Ангеліна Сьцяпанава, вядома ж, шчыравала пра палітычнае гучаньне п’есы, каб ня дай Бог, не адбылося куды перакосу ад ідэяў партыйнасьці і народнасьці. Прэм’ера мне кепска запомнілася, хіба што банкетам, дзе запрошаны мной Віктар Астаф’еў стрымана сказаў: «Столькі людзкога гора, а назва блатняцкая. Не стасуецца!». Мабыць, мог бы сказаць і болей, але з увагі да аўтара змоўчаў. З Аляксандрам Вампілавым3 мы разам ішлі ўвечары ў гасьцініцу і размаўлялі. Гэты сібірскі драматург тады толькі ўзыходзіў на маскоўскую ецэну, напісаў сваё «Вуцінае паляваньне», якое зрабіла яго славутым, на жаль, пасьля ягонай трагічнай пагібелі ў Байкале. А тады ён быў поўны тэатральных клопатаў і праэктаў. Ён між іншым сказаў, што рэжысэрам падабаюцца «цёмныя» п’есы, якія б дазвалялі сябе трактаваць як заўгодна і як заўгодна ставіць. Калі ў п’есе ўсё ясна і рэальна, тое для іх нецікава, бо суадносіцца з крытэрыямі рэальнага жыцьця. А яны ня хочуць крытэрыяў. Гэта былі залатыя словы. Мы гутарылі таксама пра сучасных актораў, і, памятаю, я скардзіўся яму, што сучасныя, нават самыя таленавітыя акторы ня ў стане адчуць псыхалёгію ваеннага часу і ня могуць пазьбегнуць фальшу. Ён з гаркатой зазначыў, што яны не адчуваюць і часу, у якім жывуць. Асабліва сталічныя акторы. Таму ім лепей гуляць у клясыку.

Пасьля прэм’еры мяне стрымана віншавалі, віншавалі рэжысэра-пастаноўшчыка і галоўнага, але я думаў, што болей у тэатр не пайду. Не падабалася мне гэтае мастацтва наогул зь яго празьмернаю ўмоўнасьцю (ці наадварот — натуральнасьцю), ненатуральнымі галасамі актрыс, пастановачнымі вывертамі. Я думаў, што калі вартая п’еса, дык лепш я яе прачытаю на адзіноце і ўяўлю. А тэатр у ягоных вобразах і дзеях — хіба для тых, хто пазбаўлены ўяўленьня. Я прыпамінаў некалі чытанае ў Буніна пра тэатр зь яго ненатуральнасьцю і фальшам, ад якіх яго каробіла». Але мне казалі: трэба яшчэ ўлічваць непасрэднае ўзьдзеяньне асобаў актораў і актрыс, іхняе чалавечае абаяньне. Ну, калі абаяньне актрыс, тады іншая справа, думалася мне. Але тады лепей — балет. Нездарма начальства з усіх вядомых мастацтваў найболей падабае балет.

Пасьля за чаркай мы нядоўга, але, на маю думку, шчыра пагутарылі з Алегам Яфрэмавым, які скардзіўся на сваю тэатральную долю. Тэатр, як, зрэшты, і ўсё савецкае мастацтва, задушаны палітычным гнётам, рэжысэр знаходзіцца пад няспыннай палітычнай залежнасьцю і, калі мае якія магчымасьці, дык толькі ў галіне формы. Фармальныя па сутнасьці магчымасьці. Усё іншае — не ў ягонае кампэтэнцыі. Часам паяўляецца вялікае жаданьне на ўсё махнуць рукой і... Але што за тым «і»? Там, на жаль, пустка... Я слухаў яго і думаў: дык гэта ж у Маскве, у сталіцы. А як нам у правінцыі, якой ёсьць Беларусь зь яе ўяўным нацыяналізмам, якога ўсе баяцца? I калі ў нас яшчэ не тупік, дык ці ня дзякуй за тое нашай нацыянальнай эліце, найперш жменьцы беларускіх пісьменьнікаў. У цалкам зрусіфікаванай, скамунізаванай краіне яны яшчэ маюць адвагу трымацца свае нацыянальнай мовы і нейкіх парэштак старадаўняй культуры.

 

1 Валерый Раеўскі (нар. у 1939) – беларускі тэатральны рэжысэр.

2 Алег Яфрэмаў (1927–2000) – расійскі актор, галоўны рэжысэр МХАТу (1970–2000).

3 Аляксандр Вампілаў – расійскі драматург.

85. Таганка

Мінуў пэўны час, і хтосьці з маіх сяброў (здаецца, Адамовіч) зацягнуў мяне на знакамітую тады Таганку і славуты спэктакль «Гамлет» з Высоцкім1 у галоўнай ролі. Тут шмат што было не такое, як у МХАЦе, пачынаючы з багемнага выгляду кабінэту галоўнага — Юрыя Любімава2, дзе на сьценах значыліся дзясяткі (калі ня сотні) аўтографаў знакамітых наведвальнікаў, што вялі тут спаборніцтвы ў вастраслоўі. Галоўны захопліваў адразу катэгарычнай трапнасьцю думак і меркаваньняў. Здаецца, для яго не было ні ўлады, ні аўтарытэтаў, а толькі адно вялікае мастацтва тэатру, якому ён імкнуўся служыць беззаганна. Toe ж можна было назіраць і на сцэне, дзе апантаны Высоцкі, гойсаючы са шпагай у руках, змагаецца зь цяжкай суконнай заслонай. Асацыяцыі самыя блізкія і пазнавальныя, нягледзячы на замшэлую даўнасьць тэмы. А можа, справа менавіта ў той замшэласьці? Сучаснасьць усё ж будзе ўспрымацца інакш? Без неабходных для тэатру ілюзіяў.

Позна ўвечары невялічкай групай пайшлі ў рэстаран, трэба было адзначыць знаёмства з Таганкай. Iніцыятарам таго, вядома ж, быў Адамовіч. Памятаю, тады ж пазнаёміўся з Юрам Каракіным3, які нядаўна прыехаў з Прагі, дзе працаваў у часопісе. Размова, натуральна, зайшла пра тэатр і сучасных актораў. Акторы ўвогуле дрэнь, нават і ў славутых тэатрах. Бо ўсе выходзяць з навучэнства паводле адной сыстэмы. А ў навучэнства трапляюць або па блаце, або па агульным конкурсе: хто без памылак напіша сачыненьне на тэму «Я знаю, город будет, я знаю, саду цвесть». На Захадзе інакш, казаў Каракін. Знакаміты рэжысэр Вісконці, якому спатрэбілася ў Алжыры маладая актрыса, пайшоў у суседнюю гімназію і «выгледзеў» дзяўчыну. Тою дзяўчынай аказалася Клаўдзія Кардынале. «Мабыць, у пэўных краінах дзяўчаты ад нараджэньня — актрысы, вольныя і таленавітыя, чаго ў нас ніякімі лекцыямі не даможашся. Але для таго яшчэ трэба быць знакамітым Вісконці», — сказаў Высоцкі. Як разыходзіліся, ён папытаўся, ці нельга ў Менску дзе «падхалтурыць», на якой карціне, бо трэба грошы.

Як бы там ні было, мяне ўгаварылі паспрабаваць напісаць п’есу, на гэты раз сынтэтычную з дзьвюх аповесьцяў — «Сотнікаў» і «Круглянскі мост». Я абяцаў, хаця з увагі на складанасьць задачы мне далі памочніка, які, здаецца, усё і зрабіў. Прыехаўшы на прагон, я мала што зразумеў. Але мусіў празь дзень ісьці зь Любімавым у Мінкульт, дзе павінна адбыцца абмеркаваньне і выдача (ці нявыдача) дазволу на спэктакль. Тут мяне чакала шмат новага і нават цікавага.

Абмеркаваньне адбывалася ў шыкоўным старасьвецкім кабінэце міністэрства культуры — з гарбатай на сталах, пры зважлівай цішыні прысутных, аргумэнтаваных выступах адказных чыноўнікаў і пісьмовай рэгістрацыі іхніх прэтэнзіяў. Начальнік глаўку сядзеў змрочнай чыгуннай тумбай, на якую Юрый Пятровіч, здаецца, не зьвяртаў ніякай увагі. Як, зрэшты, і на выступы ўсіх астатніх. Калі ўсё было скончана, далі слова Любімаву, які ва ўласьцівай яму бескампраміснай манеры сказаў, што ён ня хлопчык на пабягушках Мінкульту ці нават хіміка Дзёмічава, ён рэжысэр, ставіць п’есу паважанага аўтара і зробіць толькі тое, што палічыць патрэбным. А калі ён на штосьці скажа НЕ, дык ужо будзьце ўпэўненыя, ніхто яго ня змусіць тое зрабіць. Гэта яго апошняе слова.

Мне гэта дужа спадабалася, гэткага рашучага дзеяча культуры я бачыў упершыню. Тады яшчэ было невядома, куды яго прывядзе тая рашучасьць, чым абернецца ў яго тэатральным лёсе. Хаця што-нішто можна было прадбачыць. Хутка ён зьедзе з Масквы, яго пазбавяць савецкага грамадзянства, будзе бадзяцца па сьвеце, аднак застаючыся верным сьвятому пакліканьню мастацтва, і пераможцам вернецца назад пасьля развалу СССР. Але для таго Любімаву трэба было пражыць шмат год. У мастацтве наогул трэба жыць доўга, бо за кароткае жыцьцё рэдка каму наканавана здабыць перамогу.

Позьняй восеньню адбылася прэм’ера спэктаклю пад назвай «Перекрёсток» (Перакрыжаваньне). Сцэнаграфія славутага мастака Бароўскага была выкананая ў выглядзе некалькіх складзеных накрыж бярвеньняў, па якіх поўзалі пэрсанажы п’есы. Я маўчаў. Тэатралам той сцэнавы антураж падабаўся.

Спэктакль паводле «Апошняга шанцу» ў Купалаўскім тэатры адбыўся няхутка, мне ў ім запомнілася яркае, нават магутнае выкананьне ролі Мейра старым шаноўным Дзядзюшкам4. Але, як гэта нярэдка бывае, яркая зорка сваім сьвятлом прытушыла бляск іншых. Хаця віна ў тым, можа, ляжыць і на аўтары, які «ня справіўся», ня даў патрэбнага шанцу заблішчэць і ўсім астатнім. А галоўнае, як я зразумеў, паводле прыроды сваёй мастацтва — справа індывідуальная. Калектыўным яго зрабілі жыцьцё ды гістарычныя абставіны і ўжо тым самым паставілі пад сумнеў яго, так бы мовіць, першазданную, мэтафізычную сутнасьць. Без тае сутнасьці мастацтва — не мастацтва, а ўсяго толькі вытворчасьць пацехі.

Але культурная парадыгма мяняецца. Век індывідуалізму, дарэшты расквітнеўшы, уступае месца вынайдзенаму Юнгам5 фэномэну бесьсьвядомага калектыўнага. Колісь то быў фэномэн, цяпер — агульнаўпадабаны працэс, што ахапіў краіны і кантыненты. Мабыць, культура, як і жыцьцё, у сваіх выявах зьменлівая, шматаблічная і бясконцая. Хаця і ў мінулым ня ўсё было проста; заблытана і складана, як і цяпер. Вядома, што Твардоўскі не любіў вершы, Бунін і Хэмінгуэй — тэатр, Горкі ненавідзеў праўду, якой усё жыцьцё імкнуўся служыць Талстой, і нарадзіў сацрэалізм. Мабыць, болей праўды ў афарызме Бярдзяева6, што «культура — гэта няўдача чалавецтва», і ўжо безумоўна ў словах Гётэ7 : «Паміж двума поглядамі — ня ісьціна, а праблема».. Таму ці варта дыскутаваць пра культуру? Прыняць за ісьціну знакаміты

«Чорны квадрат» Малевіча8 і зачыніць праблему?

Былі і яшчэ спэктаклі паводле названых ды іншых п’есаў Быкава. Ставіў іх ленінградзкі тэатр на Ліцейным, маскоўскі тэатр Станіслаўскага, расейскі тэатр імя Горкага ў Менску, шмат якія тэатры ў Расеі, на Украіне, у краінах Цэнтральнай Азіі. Але тое — без удзелу і нават без увагі аўтара, які з самага пачатку страціў цікавасьць да тэатру. Можа, так і не набыўшы яе. Але што ж: кожнай вароне — свой сук на дрэве. На чужы сядаць і ня трэба.

 

1 Уладзімер Высоцкі (1938–1980) – расійскі паэт, актор, бард.

2 Стваральнік і мастацкі кіраўнік маскоўскага Тэатра на Таганцы.

3 Юрый Каракін (нар. у 1930 г.) – расійскі пісьменьнік.

4 Уладзімір Дзядюшка (1905–1973) – беларускі актор.

5 Карл Густаў Юнг (1876–1961) – швайцарскі псыхоляг.

6 Мікалай Бярдзяеў (1874–1948) – расійскі філёзаф.

7 Іяган Вольфганг Гётэ (1749–1832) – нямецкі паэт.

8 Казімір Малевіч (1878–1935) – мастак-авангардыст.

86. Яўген Глебаў

Я чалавек не музыкальны і мала каго ведаў з музыкаў. Ну, можа, Алоўнікава1, зь якім нас зьвязвала вайна і агульныя ўспаміны пра баі ў Венгрыі, ці Лучанка2, якога ведалі ўсе. Але вось Матукоўскі пазнаёміў мяне з Яўгенам Глебавым3, які напісаў музыку балету паводле «Альпійскай балады», што, казалі, з посьпехам ішоў у оперным тэатры.

Балет мне ўвогуле спадабаўся, як можа спадабацца іншае мастацтва паводле празаічнай крыніцы. Добра танцавалі, гарманічны дуэт. Пасьля спэктаклю пазнаёміўся з аўтарам музыкі. Глебаў аказаўся чалавекам камунікабельным, востраязыкім ды іранічным. Гутарыць зь ім было адно задавальненьне. Асабліва калі ён зьедліва-іранічна кранаў палітыку ці беларускае начальства, ад якога нядаўна яшчэ нямала трываў. Яго выключалі з Саюзу кампазытараў, адбіралі працу. Сямейныя праблемы таксама не абышлі яго стараной. Але затым палітыка ў адносінах да інтэлігенцыі трохі паслабела, некаторых пачалі цягнуць у партыю. Глебаў нават стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.

У партыю ён не хацеў, доўга і вяла супраціўляўся, але ведама, што вялы супраціў — не супраціў. I яго змусілі напісаць заяву. Пасьля — прыём. Пасьля разгляд на парткамісіі райкаму, гаркаму... Звычайна да такой важнай працэдуры будучыя камуністы грунтоўна рыхтаваліся, вучылі гісторыю партыі. Глебаў не рыхтаваўся, таму на ўсе пытаньні, зададзеныя яму на парткамісіі, адказваў — ня ведаю ці проста паціскаў плячыма. Тады самы ўедлівы, ён жа і самы заслужаны член папытаўся: «Ну а ў якім годзе адбылася Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэвалюцыя, вы ведаеце?». Глебаў, гледзячы яму ў вочы, адказаў: «Не, ня ведаю». Ягоны адказ выклікаў абурэньне ў залі. Глебаў падумаў: ну, можа, цяпер адліпнуць? Аж не адліплі — прынялі. Тады Глебаў абурыўся — у яго былі іншыя пляны і надзеі.

Мы зь ім у тую пару часта сустракаліся — у ягоным даляры»4 ці ў мяне на Танкавай5. Ягоная жонка Ларыса Васільеўна, ня ў прыклад шмат якім пісьменьніцкім жонкам, ва ўсім была на баку мужа і ўсяляк падтрымлівала яго. Жэня бачыў у тым сваё вялікае шчасьце. Так яно і было. Тварыў ён выдатную музыку, можа, і не заўжды беларускую па гучаньні, часам касмапалітычную, любіў скандынаваў, Грыга. Напісаў музыку балету «Маленькі прынц», які быў пастаўлены ў Хельсінкі, і Глебаў езьдзіў туды на прэм’еру. Падчас майго побыту у Фінляндыі6я спатыкаў некаторых фінаў, што памяталі ягоны спэктакль і празь яго дазналіся тады пра незнаёмую для іх краіну — Беларусь.

 

1 Уладзімір Алоўнікаў (1919–1996) – беларускі кампазытар.

2 Ігар Лучанок (нар. у 1938) – беларускі кампазытар, народны артыст СССР.

3 Гл. зноску 163.

4 Так празвалі дом на вул. Кульман каля менскай Камароўкі, у якім жыла творчая інтэлігенцыя.

5 Дзе знаходзілася кватэра В.Быкава ў Менску (цяпер вул. Максіма Танка).

6 В. Быкаў жыў у Фінляндыі са студзеня 1998 г. па чэрвень 2000 г.

87. Парыж

Газэта французкіх камуністаў «Юманітэ» ладзіла свой штогадовы фэст і запрашала гасьцей. Пэўная дэлегацыя павінна была прыехаць і ад КПСС, але сталася так, што адносіны між дзьвюма кампартыямі раптам пагоршыліся. Дэлегацыю з Масквы скарацілі да пяці чалавек, а пасьля да двух. А перад яе ад’ездам вырашылі не пасылаць у Парыж камуністаў. Такім чынам, ад усёй дэлегацыі застаўся адзін беспартыйны Быкаў. Якраз напярэдадні ў мяне выйшла там кніжка «Сотнікаў», што, мабыць, і сталася прычынай пэўнага выбару на паездку. Прысутнасьць беспартыйнага аўтара на фэсьце ў тых умовах не магла чапляць ні адзін, ні другі бок.

Перад адлётам у Міністэрстве замежных спраў належала атрымаць дакумэнты, прайсьці нейкі інструктаж. Дакумэнты далі, а інструктажу я так і не дачакаўся, паляцеў бяз пэўных абавязкаў і пэўнай мэты. У аэрапорце Орлі мяне спаткалі два работнікі гандлёвага прадстаўніцтва, да аднаго зь якіх, Уладзімера, і завезьлі на кватэру. Далей Уладзімер мной і апекаваўся — вадзіў па горадзе, паказваў — Трыумфальную арку, Эйфелеву вежу, палац Шайё на Трыкадэра. Па дарозе зайшлі ў невялічкае кафэ — бістро, дзе выпілі па фужэру піва. Французскае піва я смакаваў першы раз, і яно мяне ўразіла. Пасьля памыйнага «Жыгулёўскага» тое сапраўды было, нібы боскі нэктар. На што-небудзь болей грунтоўнае ў мяне не было грошай, а мой гаспадар, мяркуючы па ўсім, пачуваўся дужа ашчадна, — зьбіраў на каапэратыўную кватэру ў Маскве. Але, як сказаў Уладзімер, мабыць, каб суцешыць госьця, пачастуемся заўтра на фэсьце.

Назаўтра выправіліся ў прыгарадны парк, дзе ладзіўся фэст. Тут сапраўды раскашавала стыхія сьвята, якога я ніколі ня бачыў. У вялізным парку між дрэў стаялі сотні вялікіх і малых палатак-шопаў, у якіх лілася, віравала і смажылася розная смаката. Тысячы людзей, пераважна маладога ўзросту, з усяе Францыі балявалі тут з учарашняга дня — праз усю ноч, месьцячыся ў сваіх усюды і абыяк расстаўленых палатках. Афіцыйная частка з выступам генсека Маршэ чакалася заўтра, а сёньня — адпачынак і зноў баляваньне. Недзе, таксама ў шапіку, павінны былі прадаваць маю кніжку, толькі што выдрукаваную выдавецтвам «Альбін Мішэль». Мы доўга блукалі ў гандлёвых джунглях, пакуль нарэшце знайшлі той шоп. Сярод мноства іншых кніжак і пакункаў ляжалі і пакункі з «Сотнікавым». Але іх чамусь не чапалі, — чакалі кагось з функцыянэраў кампартыі. Як той прыехаў, адразу далі яму маю кніжку. Функцыянэр паглыбіўся ў прадмову, прачытаўшы якую, штось буркнуў і зьехаў. Усе пакункі пачалі загружаць назад у аўто, каб кудысь везьці. Я не разумеў, што адбываецца. Мой гаспадар сказаў: пойдзем, пасьля раскажу.

Як мы адышліся ад кніжных гандляроў, ён распавёў, што здарыўся недагляд. Прадмову да кніжкі напісаў Жан Катала, журналіст і дыплямат, які перастаў быць прыхільнікам кампартыі і пачаў крытыкаваць Маршэ. Таму ФКП1 ня хоча, каб кніжку зь ягонай прамовай прадавалі на фэсьце «Юманітэ». Я тую навіну прыняў спакойна — ня хочуць, хай не прадаюць, мне менш клопату. Усё роўна мне не заплоцяць, мабыць, мой ганарар пайшоў ужо на патрэбы замежнага аддзелу КПСС. (Колькі пасьля ў Францыі выдавалі мае кніжкі, ганарары заўсёды прысвойваліся Масквой. Толькі апошні раз, у гады «незалежнасьці», аташэ па культуры прывёз мне ў Менск трохі франкаў.)

Мы кудысьці ішлі між вясёлага, гаманкога, яўна п’янаватага людзкога мурашніку, што віраваў у дыме ад шашлыкоў, смажаных індычак, каўбас і процьмы іншае гарачае смакаты. Уладзімер напаткаў кагось вялікага і вусатага, які абрынуўся на нас з пачосткай, асабліва як дазнаўся, што я з Масквы. Ад яго перайшлі да іншых, а затым далей і яшчэ. Там давялося пакаштаваць шампанскага з далінаў Шампані, каньяку з гораду Каньяк. Побач ва ўсім гэтым вялізным парку жвава частаваліся і французы — камуністы і некамуністы, белыя і чорныя, хлопцы і кабеты. У канцы дня мы ледзьве дабрылі да ўскраіны Булонскага лесу, дзе асталявалася жыхарства савецкай гандлёвай місіі.

На другі дзень, як мы туды прыехалі, народу бачна паменела. Усе алеі, праходы былі закіданы бутэлькамі, піўнымі бляшанкамі, паперай ад упаковак, газэтным клоччам, нейкім рызьзём ці бялізнай. Сярод таго хламу мой гаспадар нагледзеў і падняў кімсь кінуты білет члена ФКП. Пабалявалі і ўжо стаў непатрэбны, а спатрэбіцца — зноў уступіць, сказаў Уладзімер. Тут з гэтым няма праблемаў. Народу паболела пад абед, як на подыуме летняй сцэны паявілася начальства і сярод яго — камлюкаваты, чорнавалосы генсэк Жорж Маршэ. Ён пачаў прамову, якая доўжылася ці ня дзьве гадзіны. Перад ім хвалявалася мора людзей. Газэты пісалі, што на мітынгу было каля мільёну чалавек. Toe падобна на праўду.

Трэці дзень меркавалася грунтоўна агледзець Парыж, схадзіць у музэі. Ды раптам зранку паявіўся малады калега Уладзімера, які езьдзіў на машыне, сказаў, што мяне клічуць у ЦК ФКП. Чакае сакратар па ідэалёгіі.

Уваход у бэтонна-казематны будынак ЦК быў з аховай — жандараў і каравульшчыкаў ва ўніформе, якія кудысь званілі, націскалі кнопкі, дзьверы-вароты расчыняліся, нібы глытаючы нас, двух прахожых. Пасьля доўга ішлі калідорам, сьцены якога мелі выгляд няскончанай будоўлі — быццам зь іх толькі зьнялі апалубку. Мабыць, гэта быў такі мадэрнова-марксісцкі стыль архітэктурнага прымітывізму. Затое кабінэт сакратара ЦК меў даволі ўтульны выгляд. Немалады ўжо, чарнаваты чалавек з худым і нэрвовым тварам, здаецца, ні пра што не папытаўшы ў мяне, адразу пачаў маналёг, які скончыў толькі ў канцы прыёму. Перакладчык меў магчымасьць пераказаць хіба яго палову, зь якой я мала што зразумеў. Я заўважыў толькі выраз, які паўтарыўся колькі разоў: перадайце Міхаілу Андрэевічу... Якому Міхаілу Андрэевічу? Нашаму мастаку Савіцкаму? I толькі напрыканцы сьцяміў, што сакратар ЦК ФКП меў на ўвазе свайго калегу ў Маскве — таварыша Суслава. Але пры чым тут я? Што, я з Суславым п’ю ранкам гарбату?

Пра тое, аднак, я здагадаўся ў канцы прыёму, калі тэмперамэнтны француз устаў і зусім па-сяброўску працяг мне руку. Орэвуар? Гуд бай? Аўфідэрзэен? — Да пабачэньня! — адказаў я выразам, які ён наўрад ці калі тут чуў.

З ЦК паехалі ўжо з новым гідам-перакладчыкам, ім аказаўся французскі камуніст, колішні малдаўскі яўрэй. Ён распавёў, як шмат год быў прэзыдэнтам розных фірмаў, што належалі ФКП, зарабляў для партыі грошы. Шмат грошай! А цяпер ён бядняк, пэнсія малая, большай у кампартыі не заслужыў. Працоўнаму люду ў Францыі наогул жыць цяжка, цэны высокія, а заробкі малыя. У крамах поўна тавараў, але крамы пустыя — у пакупнікоў няма грошай. Я сказаў тады, што і ў нас таксама: грошай зашмат, а тавараў пуста. Тут мы з вамі зраўняліся. Гідукамуністу тое маё параўнаньне ня надта спадабалася.

Далей гід звазіў мяне ў новы раён Парыжу Дэ-манш зь яго мадэрнова-шкляной архітэктурай, паказаў парлямант, знакаміты Дом Iнвалідаў, дзе пахаваны Напалеон. Завіталі і ў Булонскі лес, сярод дрэваў там блукалі наркаманы і на лаўках спалі клашары. Па дарозе заехалі на Манпарнас, у знакаміты рэстаран мастацтвазнаўцы Льва Дамініка, які трымаў расейскую кухню і пачаставаў гасьцей сапраўднай расейскай гарэлкай. Яна была ў цёмнай бутэльцы з чырвонай сургучнай галоўкай. Непадалёк захавалася арка, колішнія гарадзкія вароты, медная табліца на якіх распавядала, што адсюль у 1791 годзе пачалася Вялікая Французская рэвалюцыя, пасьля таго як улады забаранілі прывозіць у Парыж віно. (А мы прывыклі думаць, што тая рэвалюцыя мела іншую прычыну. Як усё ж важна дапяцца да першакрыніцаў!) Увечары французская кампартыя прэзэнтавала «маскоўскаму госьцю» спэктакль у знакамітай Myлен руж. Седзячы за маленькім, як і ўсюды, столікам, я зь цікавасьцю разглядваў голых прыгажунь у акварыюме на сцэне, як яны там куляліся і скакалі. Бы сапраўдныя русалкі. Iх гульню камэнтаваў зь вялізнага экрану прэзыдэнт Францыі Жыскар д’Эстэн, а японскія турысты дружна пляскалі ў ладкі.

Ці ня ўвесь свой апошні дзень у Парыжы праблукаў па боскіх анфіладах Луўра, дзе ўрэшце закружылася галава і пачалі падкошвацца ногі. Мабыць, як нельга зашмат піць гарэлкі ці есьці смакаты, так нельга за адзін дзень спажыць тое, што напрацавана культурай не аднаго стагодзьдзя. Тым болей знанай і працавітай бабуляй — эўрапейскай культурай. На Луўр ня хопіць ні дня, ні тыдня, ні месяца. У ім трэба жыць гады, можа, нават жыцьцё. Але нашае жыцьцё належыць іншаму, — на вялікі, спазьнелы жаль...

У Лацінскім квартале яшчэ можна было згледзець сьляды нядаўніх маладзёвых падзей, сутычак з паліцыяй, клочча праклямацыяў на сьценах. Матыў адчужэньня гучаў у студэнцкіх выступах, натхнёных радыкальнымі заклікамі сваіх агітатараў, сярод якіх былі славутыя дзеячы эўрапейскай культуры. Рэжысёр Антаніёні, філёзаф Кон-Бендыт клікалі маладых цалкам спустошыцца, вытрасьці зь сябе ўсё, што засталося, каб яно ня труціла новае, што зацеплілася ў іхніх душах. Суладна зь ім вяшчаў французскі камуніст Ражэ Гародзі наконт таго, каб наймацней выказаць аспэкт адчужанасьці, нават не вызначаючы яго прычыны. Тое здавалася празьмерна рэвалюцыйным, хаця ў таго ж Гародзі былі і слушныя выказваньні, напрыклад, супраць эпічнага раману, які здаўна культываваўся ў літаратуры сацрэалізму. Я прыпамятаў, што ў гэтым сэнсе зь ім быў згодны Твардоўскі ды іншыя «навамірцы», якія даўно аддавалі перавагу кароткай аповесьці.

Пасьля мне не аднойчы шчасьціла наведаць Парыж, першасная сьвежасьць адчуваньня памалу страчвалася. Але ў той першы раз я быў ап’янёны ад ягоных палацаў, шыкоўных бульвараў са старымі вузлаватымі дрэвамі, вузенькіх вуліцаў, цесных кафэ з маленькімі столікамі на тратуарах. Жвавая лёгкасьць французаў і прыветная ўсьмешыстасьць парыжанак вабілі і зачароўвалі. Ну а знакаміты МаннМартр быў як дакор нам, што не ўбераглі свайго хараства, для якога ня трэба было ні шмат грошай, ні вялікіх высілкаў. Толькі трошкі павагі да сябе і ўласнай культуры. Калі б ня войны, не рэвалюцыйнае ачмурэньне, чымсьці падобным да Манн-Мартру ў нас маглі б стаць шмат якія гарадкі зь іх старажытнасьцямі (Полацак, Віцебск, Наваградак), касьцёлаў ды цэркваў там хапала, таксама як вузенькіх вулічак і зграбных фасадаў. Ну а мастакоў у нас заўжды было ня менш, чым у Парыжы. Праўда, мы іх не шанавалі, мы ім выкручвалі рукі, змушаючы рабіць тое, што яны не хацелі рабіць. Шагал зьехаў ад нас сюды, у гэтую мастакоўскую мекку, і сусьветнай славы дасягнуў тут, а ня ў нас. У нас яго ўпарта не прызнавалі, нават у васьмідзясятыя гады савецкая ўлада з дапамогай афіцыёзных мастакоў паклёпнічала на яго, бо ён ня наш, не камуніст, буржуазны мастак, да таго ж яўрэй.

Так, ня наш! Шагал належыць Сусьвету, да якога, на жаль, ніяк не пагаджаемся належаць мы. Бо мы — ці ня боскае пракляцьце найперш за нашу дурноту.

Невясёлыя думкі-развагі апаноўвалі мяне ў небе над Эўропай, па шляху назад, і я запісаў у сваім нататніку вешчыя словы вялікага француза: «Я пра[цягваю] думаць, што ў гэтым сьвеце няма вышэйшага сэнсу. Але я ведаю, што нешта ў ім усё ж мае сэнс. Альбер Камю...».

 

1 Французская камуністычная партыя.

88. Магілёўская драма

На дзень народзінаў Аляксандра Салжаніцына я паслаў яму віншаваньне і неўзабаве атрымаў ліст у адказ1. Адносіны тады паміж інтэлігенцыяй і ўладамі ўсё пагаршаліся, і Аляксандр Iсаевіч суцяшаў, што ўсё будзе добра. Што ён глядзіць у будучыню з аптымізмам. Тое, вядома, абнадзейвала.

I праўда, увосень Швэдзкая акадэмія прысудзіла Салжаніцыну Нобэлеўскую прэмію, зь якой я і некаторыя мае сябры зь Менску павіншавалі ляўрэата. Пасьля ён і яшчэ прыслаў ліст, а затым і яшчэ некалькі2. Выехаць на Захад Салжаніцын ня мог, дык было вырашана ўручыць яму прэмію ў Швэдзкай амбасадзе ў Маскве. Салжаніцын прыслаў мне запрашэньне на цырымонію ўручэньня.

Але ўлады стрываць таго, напэўна, не маглі і прымалі свае д’ябальскія меры. Найперш шырокім патокам праз прэсу і тэлебачаньне ішла кампрамэтацыя Салжаніцына як франтавіка, пісьменьніка і грамадзяніна, ён аб’яўляўся здраднікам, паліцаем, уласаўцам. Яго прасьледавалі па месцы жыхарства, і ён нейкі час жыў на лецішчах пад Масквой, у гаражы Растраповіча, пасьля перабраўся ў Маскву. За ягоных сяброў і знаёмых таксама ўзяліся, патрабуючы ад іх выступаў супраць «уласаўца». Газэты друкавалі лісты з подпісамі слынных інтэлігентаў супраць Салжаніцына і Сахарава, звароты працоўных калектываў, якія патрабавалі кары здрайцам.

У гэты час да мяне ў Горадню прыйшла паштоўка з Масквы, дзе невядомы мне югаслаў паведаміў, што хоча прыехаць у Горадню, каб спаткацца са мной па нейкае важнай справе. Што ж, я паважаў югаславаў і пачаў чакаць. Але якраз напярэдадні ягонага прыезду пазванілі з абласнога КДБ, дзе я нядаўна выступаў з гутаркай, і сказалі, што спатканьне лепей за ўсё ладзіць у гатэлі. Яны закажуць, усё забясьпечаць. Мне тое надта не спадабалася, я ўжо ведаў, якія госьці бываюць з-за рубяжа. I ў дзень ягонага прыезду сышоў з дому, сказаўшы сыну, што калі пазвоняць, сказаць, што мяне няма і ня будзе. Тым болей, што я не абяцаў яго прымаць. Але куды было дзецца самому? Дзень быў дажджлівы, на прыродзе не пагуляеш. Дык я паехаў за Нёман да Дануты, там бавіў час да вечару. Югаслаў зьехаў. А мне назаўтра званілі з КДБ, дакаралі, што я іх падвёў.

Паляваньне на пэўных пісьменьнікаў прадаўжалася, і я зьехаў у Маскву. Там нейкі час туліўся на гасьціннай кватэры Грышы Куранёва. Цэкоўцы і кадэбісты шукалі мяне ў Горадні і Менску, у Маскве мяне было не знайсьці. А некаторыя масквічы ў той час зьяжджалі ў іншыя гарады. Бакланаў, напрыклад, тыдзень ці болей інкогніта жыў у Ленінградзе ў рэжысэра Хейфіца. Яго таксама дужа шукалі. Каб запэцкаць і выкарыстаць.

Але колькі дзе ні хавайся, урэшце мусіш вярнуцца дадому. Вярнуўся і я. Трохі пажыў на кватэры, туляючыся, бы злачынца.

А праз колькі дзён пазванілі зь Менску, клікалі, каб ехаць у Магілёў. Я падумаў, што тое будзе дарэчы, і прыехаў у Менск. Адтуль на аўтобусах павезьлі ў Магілёў.

У Магілёве былі нейкія выступы і сустрэчы з удзелам вялікае трупы беларускіх пісьменьнікаў на чале з Iванам Шамякіным. Пасьля абеду паехалі на галаўное магілёўскае прадпрыемства — капралактамавы камбінат. Пашвэндаўшыся па цэхах, зайшлі ў кабінэт дырэктара, дзе той, як звычайна, пачаў распавядаць пра посьпехі прадпрыемства. У сярэдзіне яго расповеду расчыняюцца дзверы, і элегантна апрануты мужчына пытаецца: «Хто тут Быкаў? Тэрмінова выклікае Менск». Я спалохаўся — ці ня здарылася кепскае дома — і выйшаў з кабінэту. Аказалася, трэба ехаць у абкам да прамога проваду. Машына і шафёр чакаюць. Прадчуваючы кепскае, пайшоў да машыны.

У пустым кабінэце першага (быў выхадны) чамусьці доўга ня ладзілася з тэлефонам, мабыць, злучалі з рознымі абанэнтамі. Нарэшце далі трубку, у якой я пазнаў голас аднаго тагачаснага беларускага цэкоўца. Ён ветліва і ціха паведаміў, што ў ЦК КПСС ёсьць ліст слынных дзеячаў культуры, якія рашуча асуджаюць падрыўную дзейнасьць Сахарава і Салжаніцына. Ад Беларусі той ліст падпісаў Мележ, трэба, каб быў і подпіс Быкава. Я сказаў, што той ліст не чытаў, таму падпісваць яго не магу. Ён сказаў, што то мая справа, але ён павінен папярэдзіць аб магчымых наступствах. Я, не разьвітаўшыся, паклаў трубку і выйшаў з кабінэту.

Тая ж машына адвезла мяне на хімкамбінат, але пісьменьнікі адтуль ужо зьехалі. Да гатэлю я дабіраўся самапасам. А як прыехаў, ці ня ўсе мае калегі сядзелі перад тэлевізарам, глядзелі праграму «Время». Знаёмая дыктарка якраз чытала той самы ліст з «Правды», дзе група савецкіх пісьменьнікаў асуджала Сахарава і Салжаніцына. З асаблівай інтанацыяй пералічыла падпісантаў, у тым ліку і маё прозьвішча. Мае калегі ажывіліся, некаторыя павярнуліся да мяне. Iван Чыгрынаў моўчкі, але выразна паціснуў руку. Iншыя нядобра нахмурыліся. Я быў разгублены і падаўлены...

З тым жа настроем прыехаў у Менск. Усё думаў, што рабіць? Ад аднаго дасьведчанага чыноўніка з ЦК дазнаўся, што ўсё вырашалася ў Маскве, а беларускаму толькі загадалі перадаць, што ён і зрабіў са спазьненьнем. Празь дзень вярнуўся ў Горадню. Карпюк быў абураны, як я яму распавёў маю гісторыю. Сказаў, што трэба пісаць. Куды? Скрозь. Усюды. Я патэлефанаваў у Маскву Сяргею Залыгіну3, імя якога таксама значылася пад тым лістом. Сяргей Паўлавіч сказаў, што, на жаль, ня можа аб тым гаварыць па тэлефоне, няблага, калі б я прыехаў у Маскву. Я хутка сабраўся і паехаў.

Залыгіна застаў дома, ён пачуваўся ня лепшым чынам і ціха распавёў, што ўсё тое — вялікая правакацыя, учыненая Шаурам ды іншымі. Iх па адным выклікалі ў ЦК і там проста выкручвалі кожнаму рукі, дамагаючыся подпісу. Верныя партыйнай дысцыпліне камуністы-пісьменьнікі, хоць і неахвотна, змушаныя былі падпісаць. Залыгін жа, спаслаўшыся на сваю беспартыйнасьць, спрабаваў адмовіцца. Тады перад ім паставілі пытаньне: з кім ён — зь імі ці з намі? Яны хутка апынуцца на лаве падсудных, як бы не далучылі да іх і вас. Залыгін толькі нядаўна перабраўся ў Маскву, атрымаў неблагую кватэру, меў нейкія літаратурныя і выдавецкія пляны (пасьля стаў галоўным рэдактарам «Нового мира»), а тут такі зьверскі выбар. I ён падпісаў.

«Але ж я не падпісваў!» — сказаў я. — «Ну дык ты ж — у правінцыі. У правінцыі ўсё прасьцей. I страшней», — сказаў Залыгін, які толькі месяц таму выбраўся зь сібірскай правінцыі.

Мы доўга гаманілі і думалі ў той вечар. Я застаўся начаваць у Залыгіных. Вырашылі прыдумаць што заўтра. Найперш належала перапрасіць Аляксандра Iсаевіча. Зранку пачалі званіць па знаёмых. Нехта даў тэлефон Растраповіча4, дзе нейкі час жыў Салжаніцын. Але той тэлефон не адказваў, а аўтаадказчыкаў тады не было. Не адказваў і маскоўскі тэлефон будучай жонкі Салжаніцына. Нехта з агульных знаёмых сказаў, што Аляксандр Iсаевіч зьехаў. Напэўна, за мяжу. Тут яго не знайсьці. Тады я напісаў ліст у ЦК, Залыгін памагаў. Але ў ніводны пад’езд на Старой плошчы мяне не пусьцілі. Давялося аднесьці ліст на пошту, адправіць заказным. Адказу на яго не атрымаў ніколі.

Пайшоў у часопіс, дзе працаваў Лазар5, які пад той час пісаў кнігу пра маю творчасьць, і я хацеў параіцца зь ім. Выйшлі на вуліцу, пагаманілі, штораз азіраючыся. Мудры Лазар мяне суцешыў: «Ня тузайся, не апраўдвайся, нічога нікому не тлумач. Тыя, што цябе ведаюць, усё зразумеюць бяз слоў, а хто ня ведае, таму не растлумачыш. Хай застаюцца пры сваім».

Тым ня менш тлумачыць давялося — тады і пасьля. Некаторыя слухалі і маўчалі. Некаторыя абураліся. Я пачуваўся вінаватым. Але што можна было зрабіць?

Пасьля Аляксандра Салжаніцына выслалі з краіны, і я зь ім не пабачыўся і не павініўся. Было дужа няёмка. Я праклінаў тых, што ўчынілі такое нялюдзтва...******

 

1 Цытата ліста А. Салжаніцына да В. Быкава. (З ліста А. Салжаніцына ад 21 студз. 1968 г. Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры. КП 10735/788).

2 Лісты А. Салжаніцына захоўваюцца ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры.

3 Сяргей Залыгін (1913–2000) – расійскі пісьменьнік.

4 Мсьціслаў Растраповіч (1927–2007) – расійскі піяніст.

5 Часопіс «Вопросы литературы».

****** Шмат гадоў пасьля адзін адказны працаўнік ЦК КПСС па шчырасьці растлумачыў мне, што тое было зроблена дзеля майго паратунку. Iнакш яны змушаны былі б скіраваць мяне сьледам за Салжаніцыным.

89. Справы асабістыя

У даволі драматычным і багемным пісьменьніцкім побыце немалая праблема склалася праз алкаголь. Частыя паездкі, бадзяньні і гасьцяваньні, паседжаньні і зьезды амаль ніколі не абыходзіліся без таварыскіх пачостак, нярэдка даўгіх і празьмерных. Не заўсёды яны міналіся ў таварыскай лагодзе — часам адбываліся ў сварах і каштавалі нэрваў...

Памятаю, на нейкім зьезьдзе мы з адным маім сябрам, толькі спаткаўшыся ўранку, вядома ж, скіравалі ў буфэт, дзе і заселі надоўга. Неўзабаве да нас далучыліся два кіеўскіх літаратары, і пачалася спрэчка пра адносіны да Віктара Някрасава, якога цкавалі ў Кіеве. Спрэчка перайшла ў злосную сварку, і мы сварыліся і пілі аж да сканчэньня мерапрыемства. Так і не зайшоўшы ў залю. І гэта не адзіны выпадак. Былі і горшыя.

Натуральна, што такія паводзіны не маглі не застацца без непажаданых наступстваў. Не маглі не прывесьці да канфліктных адносінаў у сям’і1.

Першы адчуў кепскае ў маім жыцьці Аляксей Карпюк, каторы пачаў захады здалёку. Аднойчы паехаў у Менск і насварыўся на маіх сяброў за тое, што яны нібыта спойваюць Быкава. Тады гэта мяне абурыла, і я пасварыўся з Карпюком. А як пагляджу цяпер, з вышыні пражытых гадоў, дык бачу, што цьвярэзьнік Карпюк меў рацыю. Хаця яго прынцыповая цьвярозасьць, штодзённыя зарадкі і наогул любоў да фізкультуры не прадоўжылі ягонага жыцьця. На чалавека заўжды знойдзецца якая халера — ня рак, дык начальства, якое ня горш за хваробы ўмее загнаць чалавека ў дамавіну. А што да гарэлкі, дык хто яе ня піў? Як казалі мае землякі, той ня п’е, у каго няма грошай. Неўпрыцям стварыўся пэўны імідж Быкава, вядома, ня самы лепшы, і я знарок не бурыў яго. Ён што-нішто мне выбачаў, найперш у вачох начальства2. Хаця тут важна было не перабраць меры. Іначай сьвяціла яшчэ большая небясьпека.

У Маскве ў той час я калі-нікалі заходзіў да Куранёва і там пазнаёміўся зь ягоным сябрам, псыхіятарам Валодзем. Валодзя працаваў загадчыкам аддзяленьня псыхіятрычнай больніцы, ня так даўно лячыў генэрала Грыгарэнку і яшчэ некаторых дысыдэнтаў. Аднойчы ў выхадны, калі мы з Куранёвым былі ў яго на гасьцях, доктар прапанаваў пазнаёміцца зь ягонымі хворымі, тым болей што больніца знаходзілася ў суседнім корпусе. Мы пайшлі. Увогуле было цікава, ні Куранёў, ні я з псыхамі яшчэ не знаёміліся. I мы іх пабачылі. То было жахлівае відовішча. Адзін, лежачы на ложку, скардзіўся, што не выконваецца плян вывазкі драўніны, толькі што ён званіў у дальні лясгас. Я запытаўся ў доктара, ці адсюль у яго ёсьць магчымасьць званіць? Ды не, кажа доктар, тое яму толькі здаецца. То сакратар абкаму па прамысловасьці, і ён усё кіруе выкананьнем пляну. Другі, здаровы дзяцюк, што еў за сталом кашу, аказваецца, быў выпускнік школы КДБ, які перад тым, як ехаць на заданьне, збаяўся, і яго падазраюць у сымуляцыі. А трэці — вунь той, што ляжыць на ложку і пазірае на нас, прапанаваў Суславу праэкт рэфармаваньня ўраду. Суслаў яго сюды і прыслаў. Куранёў запытаўся: «А што, яны — сапраўды хворыя?». Доктар з усьмешкай сказаў: «Здаравейшыя, чым мы з вамі».

Toe, па ўсёй верагоднасьці, было праўдай. А той псыхіятар праз кароткі час зьнік. Можа, паплаціўся за сваю даверлівасьць, а можа, яшчэ што. Мы з Куранёвым спрабавалі яго адшукаць, але Куранёў неўзабаве памёр. I тады я зразумеў, што ў маім жыцьці трэба нешта мяняць. Тым болей, што сыны мае на той час вырасьлі і абралі свой шлях. Старэйшы, Сяргей, скончыў вайсковую вучэльню ў Палтаве і служыў у Лейпцыгу. Нядаўна ў яго нарадзіўся сынок, таксама Сярожка. Малодшы, Васіль, ужо працаваў доктарам у Горадні, захапляўся рыбалкай. У мяне з сынамі былі нармальныя адносіны. Дрэнна хіба, што пры пэўных абставінах жыцьця я ня мог стварыць ім нацыянальных умоваў выхаваньня, і хлопцы вырасьлі па сутнасьці ў касмапалітычным гарадзкім асяродку. Жонкі іх таксама былі небеларускамі, — у аднаго расейка, а ў другога ўкраінка.

Вельмі шкада было пакідаць Горадню, якая стала для мяне роднай, але мусіў перабрацца ў Менск. Нейкі час жыў у гатэлях, ды тое было ня надта зручна ва ўсіх адносінах. Тады Андрэй Макаёнак, зь якім я неяк па-добраму зблізіўся, пазваніў у ЦК Кузьміну. Той адразу зрэагаваў — паклікаў мяне да сябе, распытаў, што і як. Пачуўшы, што мне трэба жытло, прыпамятаў, як колісь таксама агітаваў мяне на пераезд у Менск, дзе я меў магчымасьць выйсьці з-пад гнятлівай увагі абласных босаў. У Менску, казаў, усё ж лягчэй будзе дыхаць. Тады я адмовіўся, а цяпер сам прашуся. Аляксандр Трыфанавіч павёў мяне на іншы паверх — да Аксёнава, які без даўгіх размоваў зьняў тэлефонную трубку і кудысь пазваніў. Празь дзень я атрымаў ордэр на недабудаваную, праўда, кватэру па Танкавай, дзе і жыву дасюль. У навасельскіх клопатах мне нямала дапамог спачувальны Мікола Матукоўскі зь яго паслужлівым шафёрам Пецем. Матукоўскі затым вазіў мяне да міністра гандлю, каб набыць для новай кватэры мэблю (іначай было немагчыма), перавозіў некаторыя рэчы з Горадні3. Як увечары я саматугам зьбіраў-зьвінчваў тую мэблю, прыехаў для знаёмства палкоўнік Сульянаў4. Яшчэ вучачыся ў акадэміі ў Маскве, ён чытаў мае кнігі і адчуў пэўную сымпатыю да аўтара. Неўзабаве Анатоль Канстанцінавіч стаў генэралам, пісьменьнікам і адарыў мяне адданай і сардэчнай дружбай.

У Менск я прывёз новую аповесьць — тое апошняе, што напісалася ў труднай і блаславёнай Горадні. «Пайсьці і не вярнуцца» вырасла з апавяданьня на тэму складанасьці спрадвечнай зьявы — каханьня. Асабліва ў пераломны ці канфліктны пэрыяд жыцьця, калі ад каханьня да нянавісьці сапраўды адзін крок. Аляксей Карпюк, прачытаўшы аповесьць, не ўхваліў яе, нават прасіў не друкаваць, і я не разумеў, чаму. Зразумеў толькі надта пасьля... Тады ж маімі пачуцьцямі валодалі іншыя справы.

У цёплы сонечны май семдзесят восьмага году да мяне ў Менск з Горадні прыехала Iрына Суворава, зь якой мы да таго доўга ў добрым сяброўстве працавалі ў газэце.

Iрыну я ведаў зь яе студэнцкіх гадоў, як яна прыязджала ў Горадню на практыку з журфаку БДУ. Неўзабаве пасьля таго я апынуўся другім разам у войску, зьехаў на Далёкі Усход, а Iрына, скончыўшы вучобу, выйшла замуж, нарадзіла сынка Сярожку і амаль да самай пэнсіі прарабіла ў «Гродзенскай праўдзе». Таксама я яе і застаў на другі раз, вярнуўшыся з войску. Iрына адной зь першых у рэдакцыі адзначыла мае літаратурныя спробы, выявіўшы адмысловыя веды і дасканалы літаратурны густ. Пасьля яна паслугоўвала мне таксама ў якасьці машыністкі-друкаркі і першага крытыка маіх твораў. Я быў ёй удзячны за ўсё, і тая ўдзячнасьць пакрысе перарасла ў сталае пачуцьцё. Пачуцьцё тое набыло пэўны характар, калі я трапіў у чорную паласу літаратурна-палітычных зьдзекаў, калі гарадзенскае начальства і шмат якія з маіх калегаў-пісьменьнікаў і журналістаў пачалі праяўляць да мяне непрыязь. Iрына стаяла на сваім, падтрымлівала і верыла ў мой шчасьлівы літаратурны лёс, хаця з кожным годам рабіць тое выпадала ўсё болей складана. Важна яшчэ і тое, што толькі двое нас у рэдакцыі былі беспартыйныя. Як астатнія пачыналі засядаць на сваіх рытуальных партсходах, мы выпраўляліся на прыроду, якую Iрына любіла зь няўрымсьлівасьцю гараджанкі.

Блізячыся да пэнсійнага ўзросту, Iрына нічога не чакала, ні на што не разьлічвала і з выгляду заставалася амаль ранейшай дзяўчынкай-падлеткам, абыякавай да жыцьцёвых дабротаў, — Гаўрошкай, як яна сама сябе называла. Тое было праўдай, як я пасьпеў пераканацца пасьля, яна доўга заставалася бескарысьлівай, па-маладому імклівай. Хаця гады, як вядома, не ашчаджаюць нікога. Тым болей жанчыну.

 

1 Два папярэднія абзацы тэксту друкуюцца ўпершыню паводле аўтарскай кампутарнай раздрукоўкі.

2 Далей у кампутарнай раздрукоўцы аўтарам выкрасьленыя наступныя сказы: «Асабліва ў тыя гады, калі на вярхох вырашалі, што са мной рабіць. Думаў, можа, адчэпяцца, перастануць заўважаць наогул. Як у творчых саюзах звычайна кідаюць заўважаць людзей пуставатых, тых, што сьпіліся і нічога ня вартыя. Як у старыну не зважалі на дурных звар’яцелых юродзівых. Мяне такая роля мала шакавала і была прыдатная для абароны». Наступны сказ друкуецца ўпершыню паводле аўтарскай кампутарнай раздрукоўкі.

3 У новую менскую кватэру В. Быкаў усяліўся напрыканцы 1977 г.

4 Анатоль Сульянаў (нар. у 1927) – беларускі празаік.

90. Багамолаў і яго раман

Неяк на пачатку вясны, у самую для нас галодную пару, у Менск прыехаў Уладзімер Багамолаў з жонкай. Мая Iрына кінулася ў крамы, каб чаго купіць, і, добра пабегаўшы, набыла толькі кіляграм польскіх бульбяных клёцак. Тым і частавалі б гасьцей, калі б яны, едучы ў братнюю Беларусь, не запасьліся харчамі ў Маскве.

З Багамолавым было ня так лёгка, як зь іншымі. Ягоная Раіса, праўда, у гэтым сэнсе не ўяўляла праблемы, была гаваркая і вясёлая, затое яе муж... Уладзімер ніколі не скідаў зь сябе змрочна-пакрыўджанага выразу, пачуваўся надзвычай стрымана і распавядаў пра ўсё вельмі сур’ёзна. Ён быў падрабязна інфармаваны аб крымінальных справах дачкі Брэжнева Галіны, гандлі ёю брыльянтамі, аб шмат якіх падрабязнасьцях у пісьменьніцкіх і кадэбісцкіх вярхах. Мяне парою зьдзіўляла, як гэты пісьменьнік, які тыднямі сядзіць за рабочым сталом, так шмат ведае пра тое, пра што ня пішуць у газэтах. У той жа час ён не хацеў ніякіх кантактаў з маімі сябрамі ў Менску, апроч хіба Міколы Матукоўскага, зь якім я яго пазнаёміў. Як мы ўвечары гулялі па вуліцы, Багамолаў паведаміў, што сядзеў у Львоўскай турме, дзе сваімі кайданкамі разьбіў галаву яе кадэбоўскаму начальніку. А да таго быў разьведчыкам, пасьля вайны езьдзіў па Нямеччыне і, валодаючы надзвычайнай зрокавай памяцьцю, фіксаваў, што яму было загадана. Там і пагарэў, калі заступіўся за таварыша, апынуўся ў турме. Але ён перамог і цалкам рэабілітаваны. Цяпер піша раман. Пра што? Пабачым, як той выйдзе ў «Новом мире».

Часам да мяне на сустрэчу з новым чалавекам прыходзіў заўжды цікаўны да людзей Алесь Адамовіч, мы шмат пра што гаварылі — на тэмы вайны і міру. Асабліва пра маскоўскія справы. Меркаваньні і ацэнкі Багамолава ўвогуле нам падабаліся, паступова ён зрабіўся нашым, можа, самым блізкім з масквічоў сябрам. Мы таксама заяжджалі да яго дадому, асабліва як ён атрымаў кватэру ў прэстыжным доме на Бязбожным завулку ў Маскве.

Аднойчы ўлетку ён прыехаў з Раісай на Нарач. Раённае начальства паставілася да яго вельмі гасьцінна, пасяліла ў асобным рыбацкім дамку на беразе возера. Туды прыехалі і мы з Матукоўскім, папляскаліся ў цудоўным возеры, пагаманілі пра жыцьцё. Мясцовы рыбгас забясьпечыў нас рыбай, зь якой зварылі адмысловую, трайную юшку. (Як усё было зладжана, Багамолаў змрочна заявіў, што рыбу ня любіць, і на ранку перамыў усю мэблю, каб не было і рыбнага духу.) Затое ў размовах ля вогнішча ня стрымліваўся, ва ўсю бэсьціў Брэжнева і яго акружэньне. Пра беларускае кіраўніцтва, праўда, не гаварыў нічога. Першы сакратар райкаму, які прысутнічаў пры гэтым, зважліва маўчаў — не пярэчыў і не пагаджаўся. Увогуле тое было ня надта звычайна для партыйнага кіраўніка. Хаця чаго не бывае на сьвеце...

«Новый мир» у двух нумарах надрукаваў раман У. Багамолава «Август 44-го». У друку сьпярша настала пэўная паўза, афіцыйная крытыка нібы ўзяла тайм-аўт. Я прачытаў раман без захапленьня. Няблага напісаны, з немалой колькасьцю спэцыфічных дэталяў, ён, аднак, нёс ледзьве замаскаваную апалягетыку пэўных органаў. Праўда, я ўстрымаўся, каб выказаць усё, што я пра той раман думаў, але аўтар быў чалавек здагадлівы і штось сьцяміў. Я толькі сказаў, што па мне дык ягоная «Зося» лепшая за раман.

Адамовіч жа зь ягонай нецярпімасьцю да ўсялякіх літаратурных хітрыкаў, як бы яны ні маскаваліся, наўпрост сказаў аўтару, што ягоны раман — той жа «Шчыт і меч» Кажэўнікава1, хіба лепей напісаны. Багамолаў пакрыўдзіўся, аблаяў Адамовіча і спыніў зь ім усялякія адносіны. Мае ж зь ім адносіны яшчэ працягваліся нейкі час, але рабіліся ўсё болей нацягненыя. Мабыць, дзеля свайго апраўданьня Багамолаў распавядаў пра сваю барацьбу з генэраламі КДБ за раман і ягонае надрукаваньне асобнай кніжкай. Хаця навошта было змагацца? Тут аўтар яўна крывіў душой, генэралы КДБ у рэшце рэшт дазволілі выдаць ягоны «Август» і нават спрабавалі вылучыць на дзяржаўную (ці Ленінскую) прэмію. Да гонару аўтара трэба аднесьці ягоны супраціў кадэбісцкаму вылучэньню. Як Багамолаў сказаў, яму патрэбны грошы, а ня слава. Ад шматлікіх перавыданьняў у расейскай правінцыі і ў сацкраінах (апроч Польшчы), а таксама ад кіно, пастаўленага і прымеркаванага да пастаноўкі, ён атрымаў грошы. Ягоны раман пра слаўных «чысьцільшчыкаў» у постмадэрнісцкую эпоху стаў культавым у папулярным жанры чэкісцкага дэтэктыву.

Аднак Бог яму судзьдзя, кожны іграе на скрыпцы жыцьця, як умее. Ці варта ў яго страляць?

Праўда, пасьля таго ці ня чвэрць стагодзьдзя Багамолаў не надрукаваў нічога. Кажуць, усё піша.

Што ж, у час добры!2

 

1 Вадзім Кажэўнікаў (1909–1984) – расійскі пісьменьнік.

2 Апошні сказ дапісаны аўтарам простым алоўкам на старонцы кнігі «Доўгая дарога дадому».

91. Куба

Таварыства дружбы з замежнымі краінамі зьбірала турыстычную групу на Кубу. Першым туды быў запісаны Мікола Матукоўскі, які, вядома ж, з такой нагоды ўспомніў пра сваіх сяброў і патэлефанаваў мне. Сказаў, што едзе Генадзь1, Ніл2, яшчэ нехта зь пісьменьнікаў. Я пагадзіўся. Хаця далёкі шлях за акіян трохі і палохаў, але чаго ня зробіш за кампанію? Праўда, у апошні момант Генадзь зь Нілам адмовіліся, а мне адмовіцца было нязручна — не хацелася падводзіць Матукоўскага. Група падабралася немалая — чалавек 20 менчукоў, амаль пароўну мужчынаў і жанчынаў, што да мяне, дык амаль усе незнаёмыя. Пералёт сапраўды быў даўгі і цяжкі. Самалёты аэрафлоту, як заўжды, загружаліся поўнасьцю, каб не пуставала ніводнага месца. Сканструяваны ж яны былі такім чынам, што кожны пярэдні сядзеў амаль на каленях задняга. Пры далёкіх пералётах тое рабілася невыносным.

Ляцелі з пасадкай у Рабаце (Марока), дзе была запраўка. З самалёту вывелі ўсіх у цесны закуток аэрапорту, дзе нельга было ні сесьці, ні прайсьціся, доўга чакалі ў задусе, калі дадуць па бутэльчыне кока-колы. Узброеныя аўтаматамі людзі ў высокіх цюрбанах клапаціліся пра нашу бясьпеку — казалі, ад мараканскай апазыцыі. Насамрэч выглядала — ад кантактаў з тамашнімі бэдуінамі, каб яны не набраліся ад нас камунізму.

Гавана спаткала нязвыклай гарачынёй і строгім мытным даглядам. Асабліва шукалі, каб не было чаго зь ежы, напрыклад, каўбас. Але каўбас няшмат было ў нас і на радзіме, так што пільнасьць рэвалюцыйных мытнікаў не прынесла ім жаданага ўлову. З аэрапорту нас з Матукоўскім узяў да сябе ягоны менскі знаёмец генэрал, што служыў міліцэйскім дарадцам у Гаване. Ён займаў нейкую пакінутую буржуазным уладальнікам вілу — шыкоўную, вялікую і занядбаную. За шклянкай віна генэрал распавёў пра сваё жыцьцё, радаснага ў якім, аднак, было няшмат. У пачастунак яму мы прывезьлі пару боханаў чорнага хлебу, пра які ў самалёце Матукоўскі казаў: будзе страшэнна рады. Здаецца, сапраўды быў рады...

Групу пасялілі у гатэлі, ці ня самым шыкоўным у Гаване, каля славутай наберажнай. Але, як і ўсюды, тут на кожным кроку адчувалася безгаспадарчасьць, закінутасьць і занядбанасьць часовых гаспадароў, што дарваліся да незаконнага гаспадараньня. Яшчэ ў Маскве нам абмянялі на тутэйшыя песа даволі вялікую па тым часе суму (400 рублёў), выдалі тархеты — карткі, зь якімі толькі і можна было што-небудзь купіць. Але купіць не было чаго. Бытавыя тавары прадаваліся толькі па ўнутраных картках, абмежаваных 600 песамі. Прыватны гандаль адсутнічаў.

Пачаліся арганізаваныя паездкі па Гаване, наведваньні гістарычных месцаў, зьвязаных з гераічнымі ўчынкамі камандантэ Фідэля і ягоных слаўных паплечнікаў Чэ Гевара і Рауля Кастра. У музэі паказалі засьпіртаваныя пальцы Чэ, які, як вядома, гераічна загінуў у Калюмбіі, дзе рабіў рэвалюцыю. Але камандантэ адпомсьціць за пагібель свайго вялікага паплечніка, запэўнілі нас. Зьезьдзілі ў Затоку Сьвіней, дзе адважны камандантэ стрэліў у інтэрвентаў з савецкай самаходкі, якая там і засталася на вечным прыколе. Затым паглядзелі нейкае балота, што кішэла кракадзіламі, але ня дужа напалохала нашых жанчынаў, якія, сказалі, на радзіме бачылі нямала іншых кракадзілаў — двухногіх. На камфартабэльных іспанскіх аўтобусах зь мяккімі крэсламі і кандышанамі выправіліся на другі канец востраву, у братні з Беларусьсю Камагуэй. Прырода і нават дарога, збудаваная за часы дыктатуры ненавіснага Батысты, былі цудоўныя. Наўкола раскашавалі пальмы, пад якімі пасьвіліся статкі буйвалаў зь белымі птушкамі на хрыбцінах. Воддаль месьціліся пальмавыя халупы абарыгенаў, мулатаў і чорных, якія трымаліся далей ад турыстаў — такі быў загад мясцовых уладаў. Невялічкія гарадкі, што трапляліся па нашым шляху, мелі выразны гішпанскі выгляд — архітэктурай, цеснымі вулічкамі, мноствам касьцёлаў. Як аўтобус спыняўся, нас адразу абляпляла дзятва — рус, дай! Давалі усё, што ў каго трапляла — ад значкоў да самапісак. Усё бралі зь вялікай ахвотай. Матукоўскі з тае нагоды яшчэ з дому запасься алоўкамі, якія і раздаваў у дзясяткі прагна працягнутых рук. Але нашага запасу яўна не хапала для ўсіх, хто хацеў што ўзяць. Ля крамаў цярпліва застыглі звыклыя для нас чэргі жанчынаў — чакалі часу прадажы папшою. У другім месцы душыліся за яркабрунатнымі тазікамі з плястыку. Усё тое выдавалася па картках, таксама як і два мэтры чорнай і два мэтры белай тканіны на год. Для вызначэньня стану жыцьця беднасьць тут было недакладнае слов, болей дакладным, мабыць, было — галеча. З тым і жылі ў чаканьні канчатковае перамогі сацыялізму.

Пасьля ўжо дазналіся, што ўся прадукцыя сельскай гаспадаркі належала дзяржаве і разьмяркоўвалася цэнтралізавана, строга паводле нормаў. У прыватнай уласнасьці не заставалася нічога. Выгадаваную ў гаспадарках жывёлу, курэй і яйкі ад іх трэба было сьпярша здаць дзяржаве, а пасьля атрымаць ад яе тое, што належала паводле законаў. Утаіць што і зьесьці было немагчыма, за тым сачылі так званыя камітэты абароны рэвалюцыі, сфармаваныя ўладай зь бяднейшых і заслужаных рэвалюцыянэраў. Для таго, каб атаварыць карткі, патрэбна 600 песаў, астатнія можна было выкінуць на сьметнік. На прадпрыемствах, як і ў Савецкім Саюзе, папулярнае было сацыялістычнае спаборніцтва, якое і на Кубе ўсё шырылася і шырылася. I за перавыкананьне плянаў плацілі. Тую плату можна было назіраць на вуліцах, калі разам з сухім лісьцем ад пальмаў вецер гнаў запрацаваныя звыш пляну песа.

У Гаване ў нас была нядоўгая гутарка з адным кубінскім пісьменьнікам, які пісаў і выдаваў раманы на рэвалюцыйныя тэмы. Працаваў пісьменьнік на нейкай гаспадарчай пасадзе, пісаў выключна ў вольны час, ганарараў за свае творы не атрымліваў. Мы папыталіся, які ў дадзеным выпадку сэнс іх пісаць? Стуліўшы галаву, той сумна адказаў: то мой рэвалюцыйны абавязак.

Узорна-паказальная школа, куды нас аднойчы павезьлі, усіх надзвычай уразіла. Мы прыехалі ў дзённы час, калі, як думалі, дзеці будуць вучыцца. У вялікіх мадэрновых будынках сярод шырокіх плянтацыяў цытрусавых было, аднак, ціха і бязьлюдна. Двух’ярусныя, беззаганна засланыя ложкі, пад лінеечку састаўленыя цацкі і падручнікі дужа напомнілі мне незабыўны салдацкі парадак колішняй казармы. Нават днявальны стаяў ля тумбачкі каля дзьвярэй. Toe ўражаньне яшчэ болей пацьвердзілася, калі ў двор з плянтацыяў прымаршыраваў першы атрад на чале з настаўнікам. Ніякага шуму, дзіцячай мітусьні, нават выкрыкаў і гучных размоў. Гучалі толькі каманды. Пасьля абеду ў сталовай адзін увішны дванаццацігадовы хлапчук прадэманстраваў нам зайздроснае ўмельства разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава, другі тое зрабіў нават з завязанымі вачыма. Сапраўды дужа ліха. Але навошта?

Вось пра навошта3 неўзабаве адбыўся дыспут у нашай групе, дзе было некалькі настаўнікаў. Адны казалі, што тое — правільна, няма чаго распускаць моладзь, бо адсюль п’янства і ўсё іншае. Тут пануе мэтад Макаранкі4, які ў нас, на жаль, занядбаны. Iншыя пярэчылі, што лепш быў бы мэтад Сухамлінскага — болей свабоды і павагі да асобы дзіцяці. Свабоды і так звыш меры, вунь яна да чаго давяла, не пагаджаліся зь імі, паглядзіце на нашых пісьменьнікаў. Хоць бы на таго ж Салжаніцына! Тады, мабыць, самы разумны з нас сказаў, што тое — не прадмет для дыскусіі на Кубе, тут свае парадкі, і ня нам у іх умешвацца. За размовай пільна сачылі нашыя гіды, што некалі вучыліся ў інстытуце імя Лумумбы і разумелі па-расейску.

Мікола Матукоўскі тады рабіў у «Известиях», і на Кубе ў яго быў калега, спэцкор тае газэты. Аднойчы ён прапанаваў нам зьезьдзіць да старэйшага брата Фідэля — Рамона, які недалёка ад Гаваны працаваў шэфам аграрнага комплексу.

Перад паездкай трохі паспрачаліся, браць ці ня браць бутэльку «Маскоўскай», якая ў нас засталася апошняй. Купіць тут гарэлкі ці якога алкаголю было немагчыма: хоць мы і мелі грошы, ды скончыліся тархеты. Мікола сказаў: «Што ж, у брата Фідэля ня знойдзецца для гасьцей чаркі?». Але ягоны калега мякка зазначыў: «Вазьміце». I мы ўзялі.

Яшчэ не даехаўшы да таго комплексу, убачылі сярод ананасавых плянтацый мноства людзей, занятых тым, што ў нас звыкла называецца барацьбой з пустазельлем. Мы папыталі, дзе офіс прадпрыемства і дзе можна ўбачыць ягонага шэфа спадара Кастра. Нам паказалі на дахі, што непадалёк вытыркаліся з-за пальмаў, а шэф — вунь ён, ачышчае канаву. I праўда, блізка на ўзбочыне дарогі ўвішна працаваў шырокім мачэтэ мажны чалавек са знаёмым барадатым абліччам, то і быў старэйшы брат камандантэ Рамон. Як мы загаварылі зь ім, сказаў, што цяпер во — працуе, скончыць працу гадзіны праз тры, тады і прыме нас у канторы. Мы пачалі чакаць.

Паблукаўшы па ня надта дагледжаным полі, аддыхаліся ад сьпёкі пад пальмамі, потым зайшлі ў кантору. Спадар Рамон аддаў пэўны загад, паслужлівыя крэолкі прынесьлі засланкі з курацінай, гаспадар запрасіў частавацца. Алкаголю не было ніякага, і Матукоўскі дастаў бутэльку, якую разьлілі ў тузін фужэраў. За сталом яшчэ апынуліся людзі. Рамон сказаў, што ў іхнім быце алкаголь не прыняты, і тут жа запар выпіў два фужэры. Пасьля стаў апавядаць, што ў рэвалюцыі ня ўдзельнічаў, зарабляў грошы для братоў, якія вучыліся ва ўнівэрсытэтах і цяпер кіруюць. Двух рэвалюцыянэраў для сям’і даволі, ён жа просты латыфундыст. Ад часу перамогі ў казарме Манкада ня меў ніводнага дня адпачынку. Ніякіх прывілеяў таксама ня мае, працуе нароўні з усімі, а спаганяюць зь яго болей за ўсіх, бо ён — брат камандантэ. Мы паспачувалі пагарджанаму брату, напомніўшы біблейскае: Бог няроўна дзеліць. Тым суцешылі яго ды і суцешыліся самі таксама.

У горадзе-пабраціме Камагуэі нам наладзілі бадай царскі прыём — з ромам і багатай закусьсю, пасьля чаго ўсе скіравалі на гарадзкі мітынг зь нейкай важнай нагоды. Зрэшты, як нам сказалі, мітынгі тут праводзіліся ці ня кожны тыдзень і не абавязкова зь якой нагоды. Мітынг доўжыўся з поўначы да ранку, увесь той час выступаў з прамовай шэф правінцыі — мажны, таўсташыі мужчына, які, мабыць, пераймаючы сваё начальства, шырока жэстыкуляваў рукамі і кулакамі, некаму пагражаў, кагось улагоджваў. Час ад часу ён штось наліваў сабе з графінчыку, які быў уладкаваны ў яго пад палічкай трыбуны. Натоўп моўчкі і пакорліва слухаў, не разыходзячыся. Зь ветлівасьці мы цярпліва драмалі збоч.

На аканчальна-разьвітальнай імпрэзе ў Гаване з кароткай прамовай ад дэлегацыі выступіў Мікола Матукоўскі. Тую прамову па-гішпанску ён старанна рыхтаваў яшчэ ў Менску, і адзін кубінец зь ліку тамашніх гідаў, што сядзеў побач, ціха сказаў: «Во ня ведаў, што ваша беларуская мова гэтак падобна да гішпанскай». Мікола дужа пакрыўдзіўся, калі я пасьля сказаў яму пра тое — сам ён быў пра яе трохі іншае думкі.

Тая кубінская пілігрымка была ўвогуле цалкам дыскамфортная (я дужа прастудзіўся ў тропіках, да таго ж мы атруціліся айчыннымі кансэрвамі), але ў чымсь і карысная. Мы ўбачылі, што ёсьць на справе славуты Востраў Свабоды, таксама як і зразумелі пэўныя грымасы сацыялізму ва ўмовах аўтарытарнай улады. Бедаку заўжды прыемна ўведаць, што камусь яшчэ горш, чым яму. Але наўрад ці тады разумелі тое кубінцы, якія адно — спадзяваліся. Закалыханыя шматгадзіннымі мітынгамі ў гонар рэвалюцыі, яны ўсё чакалі. Мінуць гады, і, не дачакаўшыся, яны рынуцца цераз пратоку да ненавіснага капіталістычнага Маямі5, дзе знойдуць нейкія магчымасьці жыць. Хіба не на сваёй — на чужой зямлі.

 

1 Генадзь Бураўкін.

2 Ніл Гілевіч.

3 Курсіў аўтара.

4 А. Макаранка – савецкі пэдагог-наватар.

5 Штат у ЗША.

92. Сьмерць маці

Увосень на дзевяностым годзе жыцьця ў вёсцы Ваўчо пад Вушачай памерла мама.

Апошнія гады яе жыцьця, як і шмат якіх старых, былі азмрочаныя бытавой неўладкаванасьцю, псыхалягічнай несумяшчальнасьцю. Дзе і з кім жыць — яна вырашала шмат гадоў свае старасьці, ды так і ня вырашыла. Вядома, найлепш было б жыць у сваёй хатцы, памерці на сваім ложку. Але ў свае хатцы яна адна жыць не магла. Праўда, непадалёк жыў яе сын, мой малодшы брат Мікалай, можна б у яго. Але там была нявестка, зь якой маме было ня надта душэўна. Яе ж дачка, мая сястра Валя, пад той час выйшла ў спазьнелае замужжа за разьведзенага калгаснага мэханізатара ў Ваўчо. Той мужык быў трохі шумнаватага нораву, да таго ж любіў выпіць, мама не магла да яго прывыкнуць. У горад да старэйшага сына яна не магла і паткнуцца — не хапала адвагі на старасьці год. Мама за жыцьцё далей Вушачы нідзе не была, нават у больніцу нікуды ня езьдзіла. Як зламала шыйку бядра, месяцы тры ляжала бяз доктара, пакуль не загаілася само. Наогул калі хварэла, дык усё на хадзе, не кладучыся, пераборваючы хваробу бязь лекаў. Памятаю, у дзяцінстве быў выпадак, калі яна захварэла на рожу твару. Бацька прывозіў фельчара, ды ён не памог. Тады спакутаваная маці аднойчы кажа бацьку: звазі ты мяне да знахаркі. Бацька не пагаджаецца: што табе знахарка, калі не памог доктар? Але маці дужа баліць, і неяк у сьнежны дзень бацька запрог у сані каня і яны паехалі. Мы засталіся дома чакаць. I вось адвячоркам вяртаюцца, я адразу пытаюся: «Ну як, мама, ці палепшала?». А яна спакойна гэтак адказвае: «Палепшала, сынок». I сапраўды, знахарка памагла, мама паправілася.

Але прыйшоў час, калі не памагае нічога.

Мама пражыла шмат гадкоў і аднойчы неўпрыкмет адышла ўначы.

Альбер Камю свой апошні раман прысьвяціў маці, якая не магла яго прачытаць з прычыны свае непісьменнасьці, што, аднак, ня зьменшыла яе гонару за выдатнага сына. Мая мама таксама не прачытала ніводнага радка з маіх твораў, і таксама праз сваю непісьменнасьць. Бацька быў пісьменны, але на той час, як сын пачаў друкавацца, нічога чытаць ня мог, бо ня бачыў, а акуляраў ня меў. Прасіў каго пачытаць сынава апавяданьне, як сам калісь чытаў малому «Гой» Міхася Лынькова. Параўноўваў і казаў, што ў Лынькова было лепш — цікавей.

Маму хавалі ў цёплы сонечны дзень бабінага лета1. Намесьнік старшыні райвыканкаму даў аўтамабіль і нават арганізаваў невялічкі аркестрык. На такія паховіны сышлося нямала народу. Труну павезьлі цераз Вушачу на бычкаўскія могілкі, дзе мама і лягла поруч з бацькам. Шкада, што болей там месца не засталося — далей яма. Брата Міколу, як памёр летась2, пахавалі на другім канцы могілак...

Вельмі шмат цяжкога і нават беспрасьветнага зьвязана ў мяне з маёй малой радзімай, куды, аднак, езьдзіў ці ня кожны год. Але пакуль жывыя былі бацькі. Як перасталі жыць, кожны раз, вяртаючыся адтуль, казаў сабе: «Ну, гэта апошні раз, больш не паеду». Ды мінаў час, наставала лета (ці вясна, ці восень) і ехаў зноў. I зноў казаў сабе:

«Ну, гэта ўжо канчаткова апошні». Дужа мала радасьці набіраўся я там, а засмучэньня — звыш меры. Але ў тым, мабыць, і ёсьць горкая слодыч жыцьця... А можа, і яго натуральны сэнс.

 

1 Маці В. Быкава памерла ў 1984 г.

2 Брат В. Быкава Мікалай памёр у 2000 г.

93. Першае дэпутацтва

У Нясьвіжскім палацы, дзе апошнім часам быў дом адпачынку, памёр Аркадзь Куляшоў1.

Нібы прадчуваючы свой блізкі канец, ён шмат пісаў, выдаў некалькі вельмі неблагіх паэмаў — як нярэдка здараецца ў пісьменьнікаў — напрыканцы стараўся дабраць раней упушчанае. I, мабыць, перабраў меру, сэрца ня вытрымала. Пайшоў наўздагон за сваім сябрам Аляксандрам Твардоўскім.

Паколькі ягоная выбарчая акруга засталася непрадстаўленай у Вярхоўным Савеце, наверсе вызначылі, што яе павінны прадставіць Быкаў. Трэба было зьбірацца на спатканьне з выбарцамі.

Дэпутацтва ўвогуле не было для мяне навіной, гады два я ўжо быў дэпутатам абласнога савету па Турэцкай акрузе. Памятаю, тады спаткаў мяне тамашні старшыня калгасу, які першым чынам пасадзіў кандыдата ў «Ніву» і павёз у поле. Поле было цудоўнае, пасевы стаялі сьцяной. Прыпыніўшы машыну, старшыня пытаўся: «Ты калі піў у жыце?». Я сказаў, што не. «Тады вып’ем». Ён дастаў з багажніку бутлю шампанскага і спрактыкавана стралянуў коркам у жытні палетак. Мы выпілі па пары шклянак і паехалі далей. Далей быў пасеяны авёс, і старшыня спыніў машыну. «А ты піў калі ў аўсе?» — «Не, ня піў». — «Дык вып’ем». I ён бахаў коркам далёка ў авёс. Пасьля па чарзе — у кукурузу, ячмень і буракі. Апошні стрэл з апошняй бутэлькі даручалася зрабіць мне — у бурныя хвалі бацькіНёмана, адкуль пара была ехаць на перадвыбарчы сход у Турэц.

Але тое было ўлетку, зімой у поле ня выедзеш.

З Талачына прыслалі райкамаўскую «Волгу», у якой я і паехаў у паселішча, дзе ніколі ня быў. Раённае начальства прыняло вельмі цёпла, пабедавала па нябожчыку Куляшову і павяло ў сьцюдзёны клюб, дзе сабраліся выбарцы. Першым чынам распавялі маю біяграфію, абвясьцілі, што пісьменьнік Васіль Быкаў будзе ня горшы дэпутат, чым памерлы Аркадзь Куляшоў. Далей належала даць наказы будучаму дэпутату. Доўга ніхто не хацеў браць слова, мабыць, рупілі іншыя справы. Нарэшце адзін спрацаваны мэханізатар выйшаў наперад і сказаў, прыкладам, так: «Якія ў нас да таварыша пісьменьніка наказы? Каб гэта быў міністар будоўлі, дык мы б папрасілі яго наконт недабудаваных майстэрняў. Калі б міністар шасэйных дарог, дык напомнілі б, што мост цераз рэчку хутка праваліцца, міністар адукацыі — школа ўся прагніла, цераз сьцены сьнег сыплецца. А то пісьменьнік... Хай жыве, піша, меней хварэе...».

Кароценькі той выступ даў мне зразумець маю дэпутацкую ролю і мой пісьменьніцкі кошт.

Уночы праводзіць з Талачыну выправіліся аж тры машыны. У прыдарожным беразьнячку спыніліся, увішныя шафёры хуценька распалілі цяпельца з сухіх дроўцаў, прыпасеных у багажніках. Гэпнулі на сьнег пару скрынак з бутэлькамі. I пайшла бяседа, і зазьвінелі чаркі, загучалі пранікнёныя тосты ў гонар партыі і яе ленінскага ЦК на чале з Леанідам Iльлічом. А пасьля і расказалі анэкдоты пра баб. А пасьля і прапяялі «Ручнікі»... Позна ўначы вярнуўся я на сваю Танкавую ў Менску. Наконт вынікаў выбараў не было ніякога сумневу.

Гэта было маё самае лепшае, хоць і нядоўгае дэпутацтва з найменшымі клопатамі. Тым болей, што другі раз завітаць у Талачын не давялося, скончыўся тэрмін скліканьня, пачынаўся новы з чарговымі выбарамі.

На гэты раз быў прызначаны ў родныя мясьціны — у Вушачу. Тут давялося паезьдзіць, і пасустракацца, і папіць гарэлкі зь ня меней гасьціннымі гаспадарамі раёну, землякамі і прысланымі невядома адкуль. Клопату было ў кожным калгасе, у кожным паселішчы і найперш у райцэнтры. Дарогі, школы, майстэрні, кароўнікі і сьвінарнікі, угнаеньні і будматэрыялы. Усяго не хапала, усё трэба было прабіць, дастаць, выбіць. З тае мэтай кожны дэпутат меў адмысловы блакнот з дэпутацкім грыфам, на якім і пісаў звароты ў міністэрствы і ведамствы, суды і пракуратуру. Мабыць, карысьці з тае пісаніны было няшмат, разумныя дэпутаты вырашалі справы спосабам асабістых кантактаў, у час сэсіяў. Але да міністраў і папулярных дзеячаў і на сэсіях было не прабіцца, да таго ж на перапынках яны атабарваліся ў асобных памяшканьнях, куды было не дапяцца. Хадзіць жа па іх кабінэтах было не ў маім характары. Таму за час дэпутацтва ў родных мясьцінах мне пашэнціла ня шмат што зрабіць. Галоўную вуліцу ў Вушачы не заасфальтаваў, школу на радзіме Петруся Броўкі не адбудаваў. Зь вялікай напругай ледзьве дамогся пакласьці тры кілямэтры асфальту ад Кубліч да Бычкоў, па якой і дасюль бычкаўцы гойсаюць на веласіпедах зімой і ўлетку. Трохі не хапіла асфальту да бацькавай хаты, і апошнія мэтры да яе засталіся ў гразі. Ну, але што дзе ў нас канчалі ладам?

Затое пашчасьціла пару разоў добра пабаляваць на роднай прыродзе — аднойчы на лесавым беражку ля матчынага возера Супонец, да якога ў гады дзяцінства не было доступу. (Мяжа!) I другі раз добра пасядзелі веснавым адвячоркам над ушацкім прыгажуном Вечальлем, якое годна апяяў Рыгор Барадулін2.

Маё трэцяе дэпутацтва ў Тураве запомнілася цяжкой паромнай пераправай цераз Прыпяць (новы мост тады толькі пачынаў будавацца), крыклівымі сходамі выбарцаў і даўгім (пяцігадовым) клопатам вакол будаўніцтва больніцы. Toe будаўніцтва распачынаў галоўны доктар Волкаў, які надарваўся ад тае ініцыятывы і памёр. Дасталося таксама і дэпутату. Але на той час, мабыць, зрабіць што здатнае іначай не было магчымасьці, усё рабілася на мяжы абсурду. У рэшце рэшт больніца была збудаваная, і я цешыў сябе думкай, што ёсьць у ёй цаглінка і майго клопату. Хай добра лечацца няшчасныя тураўцы, багата пасыпаныя радыенуклідамі ад Чарнобылю.

 

1 Аркадзь Куляшоў памёр у 1978 г.

2 Маецца на ўвазе кніга паэта пад такім назовам.

94. Дэпутацтвы

Цікава, што ў той час, як я стаў дэпутатам, адразу адшукаліся мае даўнія прыяцелі, землякі ды родзічы. Пайшлі пісьмы і тэлефонныя званкі, у якіх мне прызнаваліся ў даўняй прыязнасьці, вялікай павазе і... прасілі. Хто — што. Ад кватэры і аўтамабіля да лепшай пасады і падвышэньня заробку. I былі дужа расчараваныя, калі я каму адмаўляў. Калі я спасылаўся на немагчымасьць уладкаваць сына ці дачку ў інстытут ці памагчы пераехаць з Ушачы ў Менск, мне гаварылі: ну, ты ж такі вядомы... Адзін далёкі родзіч прыехаў на кватэру з бутэлькай і, як яна была выпіта, папрасіў пазычыць... адзін мільён рублёў. Быў дужа зьдзіўлены, калі я сказаў, што такіх грошай у вочы ня бачыў.

«Які ж тады ты пісьменьнік?» — папракнуў ён. Сапраўды, жахлівая справа — страта невядомасьці, як пісаў разумны амэрыканец Джон Стэйнбек1.

Грошай, і праўда, трохі сабралася на ашчаднай кніжцы, мяне ўвогуле выдавалі ў Менску і Маскве. Iншая справа, што за тыя грошы нічога і нідзе немагчыма было купіць. Як пад дзень нараджэньня жонкі спатрэбіўся нейкі падарунак, Матукоўскі павёў мяне да знаёмага дырэктара ўнівэрмагу ў Менску, і той па вялікім блаце дазволіў купіць са складу нейкую танную кофтачку. Зімовую шапку можна было набыць толькі па адмысловым сьпісе, пададзеным зь міністэрства гандлю. Білет на самалёт або цягнік я набываў у адмысловай дэпутацкай касе, пры выпадку — сябрам і знаёмым таксама. У тым была несумненная выгода дэпутацтва. Але болей ніякай. Усё астатняе вырашалася па блаце, шляхам асабістага знаёмства. I пісьменьнікі ў Менску і Маскве (ды і ўсюды) заводзілі такія знаёмствы — з прадаўцамі і прадаўшчыцамі, дырэктарамі і партыйнымі сакратарамі, якія, як заўжды, пачуваліся гаспадарамі. На дэпутатаў жа ніхто не зьвяртаў ніякай увагі. Апроч хіба тых, каму болей не выпадала да каго зьвярнуцца.

Дэпутацкія сэсіі (два разы на год) адбываліся чынна і спакойна. Даклады гучалі строга фармальна, паводле рэглямэнту, спрэчкі ніякіх эмоцый ні ў кога не выклікалі. Дэпутаты звычайна драмалі ў залі, некаторыя чыталі газэты; пісьменьнікі (Панчанка, Лужанін, Гілевіч), падобна, складалі вершы. Вёў паседжаньні старшыня Вярхоўнага Савету Iван Шамякін, які ня мог падрамаць за сталом прэзыдыуму, хаця было бачна, як тое яму хацелася. Каманды ў залю ён падаваў з паперкі, якую яму прыносіла з-за кулісаў сакратарка Чагіна. Аднойчы, кіруючы галасаваньнем, не адрываючыся ад паперкі, прачытаў запар: «Хто за, хто супраць, устрымаўшыхся няма — аднагалосна». У залі засьмяяліся, бо ніхто яшчэ не пасьпеў падняць рукі. Але затым дакладна гэтак жа паднялі.

Звычайна я выседжваў толькі першую частку — да перапынку. Надалей ужо не хапала сілы, і, як зьвінеў званок, выходзіў з будынку. Мяне па дарозе даганялі два іншыя неслухі — мастак Савіцкі і скульптар Анікейчык2. Тыя сьпяшаліся ў свае майстэрні і казалі, што ім гэтая балбатня — на хрэн сабачы. То была праўда. Пройдзе трохі гадоў, і Анікейчык без пары памрэ, а Савіцкі рэзка зьменіць свае адносіны да нязьменнага па сутнасьці рэжыму, зробіцца ягоным апалягетам. Таксама, як і ягоны калега і дэпутат, тэатральны дзеяч М. Яроменка3, які на піку перабудовы заявіў, што насуперак беларускім нацыяналістам быў, застаецца і памрэ камуністам. I праўда, застаўся ім да канца. Што значыць слова бальшавіка — цьвярдое слова.

 

1 Джон Стэйнбэк (1902–1968) – амерыканскі пісьменьнік.

2 Анатоль Анікейчык (1932–1989) – беларускі скульптар.

3 Мікалай Яроменка-старэйшы (1923–2000) – беларускі савецкі артыст.

95. Піцунда. Валодзя

Як заўсёды, новы намер сьпеў нібы між іншым — у будзённасьці і справах, якія мелі мала адносінаў да літаратуры. У падсьвядомасьці, аднак, ішла свая праца — пакуль невыразная, неакрэсьленая, якая, аднак, абяцала калі-небудзь акрэсьліцца. Часам нечакана.

Пад восень мы зь Iрынай паехалі ў Піцунду1. Туды звычайна езьдзілі шмат якія пісьменьнікі. У мяне абвастрылася астма, таму марскі клімат Ялты, куды я пару разоў езьдзіў раней, стаўся няздатны. У Піцундзе ж, казалі, ёсьць рэліктавы хвойны гай, дужа спрыяльны для лёгачнікаў. Напачатку той дом творчасьці мяне расчараваў — вялізны жылы корпус, гармідар у вялізнай, на сотні месцаў, сталоўцы. Ну і людзі, сярод якіх добра, калі знойдзецца дватры знаёмыя. Але на гэты раз трохі знайшлося, і сярод іх нешматлікіх — мілы Валодзя Караткевіч з жонкай Валяй. Цікава было даведацца, між іншым, што Валя пэўным чынам мая зямлячка, яе бацька паходзіў з Воцькавіч, што былі цераз луг ад нашае вёскі, і дзявочае прозьвішча яе — Вацьковіч. Хаця яна нарадзілася ня там і, канешне, мала што там ведала. У дамах творчасьці, якіх было багата па Саюзе, тою парой самы раз было знаёміцца, таварышаваць, выпіваць. Працаваць – наўрад ці. Асабліва калі зьбіралася кампанія.

Тут асаблівай кампаніі не было (апроч хіба Спрынчана2 з сынам ды Алеся Савіцкага), але яны болей працавалі, мы іх ня надта турбавалі. Надвор’е ўвогуле было добрае, мора спакойнае. Аднойчы Валодзя сказаў, што трэба расстарацца гарэлкі, бо ён заўтра раніцай ідзе з рыбакамі ў мора. Гэта добра — ісьці ў мора, але дзе ўзяць гарэлкі, якой не было ў продажы? Заставалася брысьці ў пасёлак да цётак-абхазак.

Выправіліся ўчацьвярых — мы з Валодзем і жонкі. Валодзя туды ішоў не ўпершыню і ведаў шлях. Здалёку яшчэ на месцы самадзейнага базарчыку згледзеў вярблюдзіцу Нэлю. Ну, калі тут Нэля, дык недзе і яе гаспадыня — цётка Марыя, ужо ў яе разжывемся. Так і атрымалася, — безь вялікіх праблемаў, праўда, злосная вярблюдзіца пару разоў плюнула на жанчынаў, якіх чамусь не любіла, а Марыя дастала з-пад палы дзьве бутэлькі з мутнаватай вадкасьцю. Узрадаваныя, мы скіравалі дадому, дзе некаторыя калегі на вэрандзе спрабавалі нас «раскалоць», але Караткевіч трымаўся цьвёрда і лёг спаць цьвярозы.

На сьвітаньні ён зьнік. Сказаў Валі, што надвячоркам вернецца.

Але не вярнуўся да ночы, не было яго і назаўтра ўранку. Мы пачалі трывожыцца. Некаторыя супакойвалі: маўляў, зь дзьвюх бутэлек нічога ня здарыцца. Але да дзьвюх можна было дадаць шчэ колькі. Зрэшты, так яно і сталася. Валодзя вярнуўся на трэці дзень — мокры, змэнчаны, але вясёлы і нават зь некаторымі трафеямі, якімі ён адарыў жанчынаў, — маленькімі марскімі канькамі. «А рыба?» — спыталіся мы. «Рыба плавае па дну, не спымаеш ні адну», — быў рыфмаваны адказ.

Я дасюль ня ўпэўнены, што Валодзя хадзіў у мора, а не яшчэ куды. Але колькі дзён ён бы жыў тым паходам, красамоўна распавядаў пра буру, у якую трапіў каля мысу Карадагу, калі іхні баркас ледзьве ня выкінула на скалы. Але рулявы (канешне ж, то быў Караткевіч) спрытна пераклаў руль і тым уратаваў утлую пасудзіну. Жанчыны войкалі ад спалоху — а раптам бы патануў! Такога не магло здарыцца, адказваў Валодзя, бо я аўтар няскончанага твору, над якім апекваюцца багі. Я слухаў яго красамоўны аповед і прыпамінаў другі выпадак у Менску, калі аднойчы спаткаў Караткевіча з забінтаванай і падвешанай на перавязі рукой. «Разумееш, стары, — сказаў ён тады, — якая са мной здарылася гісторыя. Учора іду во па гэтай вуліцы і бачу: два боўдзілы б’юць дзяўчыну. Прыгожую дзяўчыну. Ну як мне з маім шляхотным выхаваньнем было такое стрываць! Я кінуўся ў бойку і раскідаў іх, бы шчанюкоў. Праўда, і мне перапала — зламалі руку. Але чорт яе бяры — зрасьцецца. Затое ўратаваў дзяўчыну, прыгожую дзяўчыну». Тады я падзівіўся, — і верыў, і не. А пасьля ўжо выпадкам дазнаўся, што ўчора п’яны Караткевіч упаў з лесьвіцы ў пад’езьдзе і зламаў руку. Той ды іншы выпадак, калі б ён здарыўся з кім іншым, мог бы абурыць. Караткевіч жа не абураў. Мабыць, уся справа ў тым, як тое падаць і каму выпадак належыць. Караткевічу ўсё належала дужа арганічна. Можна было толькі сьмяяцца...

Пасьля тае рыбалкі Валодзя колькі дзён не паказваўся ў сталовай, Валя казала, што піша. I сапраўды пісаў — сьпяшаўся скончыць свой прыгодніцкі раман, прысьвечаны жонцы. А як паявіўся зноў, узьнікла пытаньне — дзе ўзяць чачы? Той самадзейны базарчык у пасёлку міліцыя прыкрыла. На ўтаптанай пляцоўцы пры апусьцелых лаўках тупала адна злая вярблюдзіца Нэля. Трэба было выпраўляцца куды яшчэ.

Мы зрабілі такую вандроўку ў суседнюю, хаця і няблізкую вёску.

Па дарозе Валодзя быў цьвярозы і змрочны, гаварыў пра апрыклае — літаратуру. Распавядаў, як нядаўна яшчэ ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» рыхтавалі да друку ягоны раман «Каласы пад сярпом тваім». Як сябрысабутэльнікі не хацелі ці не маглі памагчы, і ён адзін змагаўся з колішнім знакамітым выдавецкім босам Матузавым3. I ўсё ж ён перамог, раман выйшаў. А дзе цяпер Матузаў? Прапаў, згінуў, памёр, і ніхто яго не прыпомніць. А раман застанецца ў літаратуры, як застаўся ў гісторыі ягоны герой вялікі Каліноўскі. Бо раман — ад Бога. А рэдактар — параджэньне д’ябла.

Караткевіч шмат у чым суцяшаў мяне ў маіх даўніх і цяперашніх клопатах і казаў, што нашая літаратура будзе жыць у народзе. Пакуль будзе жыць народ.

Але народ можа і ня жыць, калі таго не захоча, бы спахапіўшыся, дадаваў ён. Я не пярэчыў. У маёй падкорцы ўжо колькі часу фармаваўся сюжэт новага твору. Праз колькі дзён, седзячы ў зацішнай лоджыі нашага корпусу, напісаў першую фразу:

«Карова скубала траву».

 

1 У Піцундзе Быкавы адпачывалі ў 1981 г.

2 Браніслаў Спрынчан (1928–2008) – беларускі паэт, перакладчык.

3 Дырэктар выдавецтва.

96. Уладзімер Караткевіч

Мабыць, праўда, што ўжо на генэтычным узроўні жанчына мацнейшая за мужчыну і далей у працэсе нялёгкага існаваньня найменш паддаецца ўзьдзеяньню асяродзьдзя, захоўвае сваю самасьць. Асабліва тое праяўляецца ў канфліктныя моманты, калі трэба абараніць сябе, сям’ю, дзяцей. А то і мужа. Мужчына ня мае такой пэўнасьці, бо дужа шмат магутных акалічнасьцяў уплываюць на яго — улады, партыі, войска, дзе зь ім толькі і робяць, што ламаюць, становяць на калені. Мусіць, усё тое і сфармавала сучасны, ня надта зайздросны архетып беларускага мужыка ў жыцьці і літаратуры, — беднай, рахманай, баязьлівай істоты. Таго, пра каго кажа выслоўе: красьці баіцца, працаваць лянуецца, прасіць саромеецца. Тое мы спрэс назіралі пасьля вайны, калі адважныя цягам чатырох год партызаны ў мірны час страцілі ўсю сваю адвагу і даюць памыкаць сабой кожнаму, хто таго захоча. У тым ліку і з жаночага боку, які, аднак жа, мала ў вайну згубіў. А можа, яшчэ і набыў — розуму і рашучасьці.

Некаторыя пытаюцца, чаму ў вайну беларускія партызаны апынуліся гэткімі храбрымі, адкуль яны набраліся тае храбрасьці ў абязбожанай, калгаснай, паўгалоднай краіне? А ўсё адтуль жа — з 30-х гадоў, у выніку савецкай дрэсіроўкі голадам, вынішчэньнем і страхам. Калі сялянству ўжо мала што засталося губляць. Хіба жыцьцё як апошнюю ўласнасьць. Але і жыцьця шмат каму было ня шкода, такое яно стала нясьцерпнае. У той сытуацыі і палягае псыхалягічная крыніца шмат якіх учынкаў, у тым ліку і тых, якія цяпер называюць подзьвігамі.

Мы гаварылі пра тое, што нельга нікога заганяць у кут — ні сябра, ні ворага. Беларускае сялянства ў 30-я гады, пазбаўленае зямлі і волі, па сутнасьці апынулася ў куце. Ад галоднай сьмерці яго ўратавалі гароды — сорак сотак дзедаўскай зямлі, якія кармілі. Пасьля немцы загналі яго яшчэ глыбей — што было рабіць сялянам? Што робіць сабака ці воўк, калі яго прышчэмяць у загарадзі? Кідаецца на людзей. Беларусы кінуліся на немцаў. З адчаю. Во і вытокі гераічнай партызанкі.

Калі б акупацыйная палітыка немцаў была больш разумная ды немцы распусьцілі б калгасы, вярнулі беларусам іхнія царскія надзелы зямлі, цягло, дык нават ва ўмовах вайны і акупацыйнай няволі беларусы паводзілі б сябе інакш. Прынамсі, як летувісы, латышы ці эстонцы. Як украінцы нарэшце. Аралі б зямлю, гадавалі дзяцей і плюнулі на бандыцкую партызанку, якая, наўрад ці памагаючы фронту, адно забясьпечвала амбіцыі маскоўска-партызанскага кіраўніцтва. Той факт, што немцы нішчылі ў мястэчках яўрэйскае насельніцтва, беларусаў ня вельмі турбаваў – абы не чапалі саміх. Але ж «зачапілі» і беларусаў – пачалі бязьлітасна страляць і паліць. Казалі – як расплата за партызанку, што ўвогуле было падобна на праўду. Пасутнасьці тут Гітлер са Сталіным апынуліся ў адным хаўрусе, хаўрусе катаў. Тое, што Сталін ня справіўся дарабіць у перадваенныя гады, дарабіў за вайну Гітлер. Беларусь страціла чвэрць уласных насельнікаў і апынулася на руінах, каб затым пачаць «гераічную» эпоху адраджэньня1.

Нельга нікога заганяць у кут — сабе даражэй абыдзецца. А мая Сьцепаніда2 апынулася менавіта загнанай у кут.

Сьцепаніда, вясковая цётка, не хацела губляць жыцьцё і чаплялася за нейкія праявы волі. Ды спазьнела чаплялася. У тым яе чалавечая трагедыя.

Але калі было — не спазьнела? У Сьцепаніды наогул не было свайго часу, яна, як і ўсё навакол, выпала з хады часу, апынулася на мяжы небыцьця. Некалькі год ці тыдняў таго балянсаваньня, і ўсё загінула. Каб не адрадзіцца?

Уладзімер Караткевіч быў нязгодны з маім фатальным паглядам, ён хацеў спадзявацца. Як мог, ён таксама чапляўся за жыцьцё, за надзею. Ды не ўчапіўся. Бо таксама апынуўся чалавекам бяз часу, што зарана ці запозьнена нарадзіўся, не ў пару зрабіўся пісьменьнікам. Несучасным. Несучасны чалавек жыць доўга ня можа. Павінны памерці.

У тыя часы, каб дасягнуць нейкага посьпеху ў літаратуры, мала было мець літаратурны талент — патрэбны быў грамадзкі твар, начальніцкая пасада, немагчымыя бяз членства» ў партыі. Менавіта з тае прычыны нашыя маладыя таленавітыя» яшчэ ва ўнівэрсытэце ўступалі ў партыю, па сканчэньні вучобы ахвотна (ці не) вербаваліся ў сэксоты і, каб замацавацца ў сталіцы, уладкоўваліся ў рэдакцыі. Службовая кар’ера ўвогуле мала залежала ад літаратурнага таленту, які нярэдка толькі шкодзіў кар’еры. Звычайна літаратурныя маэстры, надзеленыя рэгаліямі, званьнямі і адказнымі пасадамі, былі пасрэднымі літаратарамі, што, аднак, ня шкодзіла ім кіраваць іншымі. Літаратура была справай ня толькі рызыковай, але і вельмі няпэўнай, як няпэўным быў мэтад сацрэалізму. Iншая рэч — пасада. Літаратурная ці яшчэ лепей — партыйная. Гэтая карміла, забясьпечвала камфортным жытлом і належным да яе гонарам. Шмат хто зь пісьменьнікаў, калі ня шэньціла прабіцца да такіх пасадаў, апыналіся ў доўгіх сьпісах рэдкалегіяў (ці рэдсаветаў), некаторыя зь ліку адмыслова давераных значыліся ў двух, трох, а то і чатырох рэдкалегіях, дзе шэраг гадоў выконвалі свае цэнзарскія абавязкі. Іншых там не было, а ўжо гэтыя бальшыня зь іх мкнулася выконваць як мае быць3.

Уладзімер Караткевіч ня быў нават шараговым камуністам, ня быў якім-небудзь «членам», ні тым болей рэдактарам, што ж яму заставалася? Нічога іншага, апроч як пісаць несучасныя», гістарычныя раманы ды піць гарэлку.

Друкавалі яго пасьля бясконцых, часам дурных, але заўжды палітычных прыдзірак (вядома ж, баючыся беларускага страхоцьця — нацыяналізму), але піць забараніць не маглі. Мабыць, зыходзячы з уласнага вопыту, кіраўніцтва разумела, што тут яно бясьсільнае. Валодзя таксама разумеў тое як права на адзіна магчымую для сябе свабоду і па магчымасьці карыстаўся ёю. Аднак і тут не магло абысьціся без праблемаў. Усе Валодзевы «грахі» былі на строгім уліку.

Але тое будзе яшчэ не цяпер, яшчэ Валодзя4хадзіў на мора, у пасёлак па чачу. Я ж колькі тыдняў сядзеў у лоджыі і пісаў на лёгкім і хісткім дзюралевым століку. Валодзя казаў, што ён ненавідзіць такія столікі, хоць у пакоі, хоць у кавярні, што гэта — вынаходства д’ябла. На ім нічога людзкага стварыць немагчыма. Яму для ягоных твораў патрэбны быў стары, моцны, дубовы стол. А таксама стос добрай паперы і свежая, адпрасаваная сарочка. Тады паяўлялася натхненьне, якое адно і гарантавала плён.

Аднойчы ён зноў прапаў на няпэўны час, а як паявіўся, мы яго не пазналі. Быў нібы не тутэйшы — зь цьмяным позіркам, змучаным тварам. На зьмярканьні пачаў скардзіцца, што ўнізе ў кустоўі сядзіць цмок, пільнуе за ім. Кажа — ідзі, пакажу. Я ішоў у іх з Валяй кутні нумар, і Валодзя паказваў уніз: во, во... Выглядвае!.. Не, схаваўся. Ну, чакай, я цябе падпільную... Не пільнуй, Валодзя, казаў я з жалем. Кладзіся спаць. — Не, спаць я ня буду, я буду пільнаваць яго...

Валя плакала. Toe было дужа кепска...

Напрыканцы нашага тэрміну паехалі з экскурсіяй у Сухум, дзе Валодзя першым чынам пацягнуў усіх у малпоўнік. Тут ён быў жывы і вясёлы, поўны самага дзіцячага захапленьня, калі азіраў усіх тых малых і вялікіх істотаў, што сядзелі, лазілі, скакалі з сука на сук, здаецца, зусім не рэагуючы на цікаўных наведвальнікаў. Валодзя знайшоў дужа сімпатычную малпачку, якая, сустрэўшы ягоны позірк, сьмела скокнула да яго і працягнула далоньку з тоненькімі чорнымі пальчыкамі. «Глядзіце, які цуд! — казаў Валодзя. — Яна ж лепшая за людзей, колькі дабрыні і адданасьці...» Ён клаў ёй у далоньку мандарын, і яна з радасным віскам узьлятала высока на дрэва.

А ў кавярні на праспэкце пад пальмамі было толькі кіслае сьцюдзёнае віно, ад якога Валодзя грэбліва моршчыўся. I піў.

Караткевіч і Валя зьехалі зь Піцунды раней за нас — скончыўся тэрмін пуцёўкі. Мы правялі іх да аўтобусу, выпіць на разьвітаньне не было чаго. Надта ж былі ўзрадаваныя, калі праз кароткі час атрымалі зь Менску тэлеграфны перавод на добрую суму і невялічкую цяжкаватую пасылачку. Памятаю, ішлі з пошты і дужа цікавалі: што гэта прыслаў Валодзя? Падобна — цагліну. Аж не цагліну — бутэльку малдаўскага каньяку, які ў Беларусі яшчэ можна было «дастаць». Ну — Боская душа, мілы Валодзя!

Пасьля, ужо ў Менску, Валю паклалі ў Бараўляны, і я вазіў да яе Валодзю — на адведкі. Сам заставаўся ў машыне, а ён ішоў у корпус. Вяртаўся адтуль вельмі і вельмі засмучаны, употай выціраў вочы. Ён кахаў жонку...

А як памерла, здаецца, ня плакаў. Памятаю, пасьля паховін раіўся, як яму жыць? Хацеў знайсьці кабету, каб безь дзяцей, якіх яму з Валяй ня даў Бог. I каб безь вялікай радні. Мяне неяк уразілі тыя яго клопаты, бо яму самому жыць засталося няшмат.

Незадоўга да сваёй сьмерці5 ён неяк дужа ўважліва ставіўся да тых, каго паважаў, з кім сябраваў. Тады часта тэлефанаваў мне, і, калі мяне не было дома, падоўгу размаўляў зь Iрынай. Здароўе яго пагаршалася, ды ён ня дужа прыслухоўваўся да здароўя. Вядома, хвораму ня надта пісалася, і ён ішоў да сяброў. Бы ў прадчуваньні хуткага канца рваўся на прыроду, зь якой наканавана было канчаткова зьліцца, і апошняя паездка на любімую Прыпяць і згубіла яго. Ягоную сьмерць аплаквала ўся Беларусь, доўга будзе шанаваць яго слаўнае імя. Такія, як Караткевіч, часта не нараджаюцца...

 

1 Абзац тэксту друкуецца ўпершыню паводле аўтарскай кампутарнай раздрукоўкі. У кніжным выданьні ён быў у іншай рэдакцыі: «Калі б немцы былі разумнейшыя, далі беларусам зямлю і вярнулі ўласнасьць, дык і беларусы, мабыць, паводзілі б сябе інакш. Прынамсі, як літоўцы, латышы ці эстонцы. Як украінцы нарэшце. Аралі б зямлю, гадавалі дзяцей і плюнулі на бандыцкую партызанку. Тое, што побач нішчылі яўрэяў, іх ня надта турбавала — абы саміх не чапалі. Але ж зачапілі і саміх — пачалі паліць-нішчыць. У тым немцам дужа памагла партызанка — дала падставу. I запылалі хаты. Тут Гітлер са Сталіным былі ў адным хаўрусе, хаўрусе вынішчэньня. Тое, што недарабіў Сталін у 30-я гады, даканаў Гітлер на пачатку 40-х. Беларусь ляжала ў руінах. А затым пачалася эпапея аднаўленьня».

2 Галоўная гераіня аповесьці В. Быкава «Знак бяды».

3 Два папярэднія сказы друкуюцца ўпершыню паводле аўтарскай уклейкі ў кампутарную раздрукоўку тэксту.

4 Чатыры сказы, пачынаючы ад «Мабыць, зыходзячы з уласнага вопыту...» і да «Але тое будзе яшчэ не цяпер, яшчэ Валодзя» друкуюцца ўпершыню паводле аўтарскай уклейкі ў кампутарную раздрукоўку.

5 Уладзімер Караткевіч памёр у 1984 г.

97. «Знак бяды»

Дапісваў аповесьць у Менску, на Танкавай, — усю восень і пачатак зімы. Не сказаць, каб яна давалася мне цяжка — матэрыял быў знаёмы, нейкаю часткай перажыты самім. Асабліва той, што мела адносіны да 30-х гадоў. Уражлівая дзіцячая памяць захавала шмат якія адзнакі побыту і драмаў таго незвычайнага часу. Што ж да вайны, дык тут таксама мог што-нішто сабе ўявіць, хоць сам на акупаванай тэрыторыі ня жыў. Трэба сказаць — дзякаваць Бory, што таго не давялося, пазьбег ня толькі небясьпекі, але і пэўнага знаку ў біяграфіі. Людзям з тым знакам доўга не давалі аб ім забыцца.

Пісаў пасьлядоўна, апроч хіба ўстаўнога сюжэтнага кавалку, які стаўся нібы ядром у арэху — той уставіў пасьля. Toe ядро было важнае для тэмы, бо якраз і несла ў сабе галоўны ідэйны знак — знак нацыянальнай бяды. Так бы мовіць — мала было калектывізацыі, дык яшчэ і акупацыя. I ўсё тое наканавана было перажыць рэліктавым хутаранцам — Сьцепанідзе зь Петраком. Iнстынктыўна Сьцепаніда адчувала кірунак, зь якога ўвесь час імкнецца на іх бяда, — то быў мост. Дужа яна хацела яго панішчыць, каб канчаткова адасобіцца, ад’яднацца — тое для беларускіх хутаранцаў было важней за ўсё.

Ды менавіта таго ніколі і нідзе не ўдавалася, не зважаючы на ўвесь драматызм спробаў. Сьцепанідзіна бомба была наканавана для іншага.

Акуратна перадрукаваны экзэмпляр аповесьці панёс у

«Полымя», чарговым рэдактарам якога стаў тады Кастусь

Кірэенка1, чалавек з абмежаванымі здольнасьцямі, але з пэўнымі амбіцыямі. У мяне зь ім не было ніякіх стасункаў, і мець іх ня надта хацелася. Як, зрэшты, і з усёй рэдакцыяй гэтага часопісу. Панёс рукапіс зранку, калі там нікога, апроч хіба карэктараў, яшчэ не было, аддаў для перадачы галоўнаму. Праз трохі часу патэлефанаваў Кірэенка, паведаміў, што рукапіс атрымаў, будзе чытаць Пташнікаў. Пташнікаў пры выпадковай сустрэчы пахваліў рукапіс — чысты, без памарак, ня тое, што іншыя. На тым усё і скончылася. Я быў удзячны абодвум, бо тое было выдатным варыянтам стасункаў паміж двума антыподамі — аўтарам і выдаўцом. Лепшага і чакаць было нельга. Неўзабаве «Знак» быў надрукаваны.

Усе ранейшыя аповесьці (да «Знаку бяды» ўключна) зазнавалі немалыя праблемы з друкаваньнем.

Пра палітычную стэрыльнасьць твораў дбаў ня толькі рэдактарат, ня толькі цэнзура, але і КДБ. Нават у часы Гарбачова2 таксама. Былы на той час прэс-аташэ генсека Андрэй Грачоў у сваёй кнізе «М. С. Гарбачоў» піша: «Адказваючы на паседжаньні Палітбюро В. Чэбрыкаву (тагачасны кіраўнік КДБ СССР. — В. Б.), які пярэчыў супраць публікацыі аповесьці Васіля Быкава “Знак бяды”, пільна ўгледзеўшы ў ёй “падкоп пад калектывізацыю”, Гарбачоў шумеў: “Так, перакосы будуць. Усё сплыве ў патоку, які ўтворыцца. Будуць і пена, і сьмецьце, але ўсё тое знак вясны, абнаўленьня, спадарожнікі дэмакратызацыі. А яе махавік трэба раскручваць, ня трэба баяцца...”».

Такім чынам, мая аповесьць для кіраўніка КДБ была знакам бяды», а для Гарбачова — усё ж «знакам вясны». Здаецца, аднак, памыліліся абодва.

У часопіс «Дружба народов», куды я аддаў уласнаручна зроблены пераклад, тэрмінова паклікалі аўтара. Рэдактар Сяргей Барузьдзін выказаў агульныя прэтэнзіі, але дэталізаваць іх ня стаў — дужа сьпяшаўся на нейкую нараду (вядома ж, у ЦК). Сказаў, што астатняе давядзе намесьнік Леанід Тэракапян. Тэракапян даводзіў ня надта катэгарычна, затое падрабязна і доказна. (Ну, канешне, былі перагібы, парушэньні, але калектывізацыя была патрэбная, бо раздробленая прыватнаўласьніцкая сельская гаспадарка ня здольна была... і г. д.) Што-нішто давялося закрэсьліць, апусьціць ці замяніць на банальнасьці. Але я ўжо ведаў, што калі на першым этапе рэдагаваньня ў чым-небудзь саступіш (во тут усяго тры-чатыры месцы), дык у наступным тых месцаў будзе ўжо пяць-восем, а затым і дзесяць–пятнаццаць. Калі ў Галоўліце. Увогуле так яно ў мяне і атрымалася. Каб канчаткова ўсё падчысьціць, з рэдакцыі ў Менск быў камандзіраваны вопытны літаратурны праўшчык, зь якім мы чысьцілі аповесьць у чатыры рукі. Мелася на ўвазе праўка стылю, хаця да стылю справы было меней за ўсё — чапляла палітыка. Прытым палітыка мінулага дня, нават мінулых дзесяцігодзьдзяў, якая ўпарта не хацела сыходзіць з жыцьця. А што, калі твор назваць раманам? — прыйшла мне ў галаву недарэчная думка, на якую мой праўшчык адказаў проста: «Тады зь ім прыйдзецца вазіцца ўдвая болей, бо іншы жанр». Такое было афіцыйна-навуковае вызначэньне жанру, і я падумаў: хай ён ужо застаецца ў жанры аповесьці.

А ў выдавецтве «Молодая гвардия», дзе яго меліся выдаць асобнаю кніжкай, атрымалася і яшчэ горш. Ужо добра вычышчаную за папярэднія публікацыі аповесьць раптам завярнуў Галоўліт. Мяркуючы па ўсім, сакрэт таго палягаў у тым, што Галоўлітам стаў курыраваць мой стары «сябра» Уладзімір Сеўрук, які з кожным годам усё набываў вагу ў апараце ЦК. Відаць, зь ягонай падачы аповесьць трапіла на стол да «второго лица в государстве», якім тады стаў сакратар ЦК Лігачоў. Як вядома, новая мятла заўжды мяце чыста, у дадзеным выпадку разам зь сельскай гаспадаркай падмятала і літаратуру. У выдавецтве ўсчаўся скандал, загадчыцу аддзелу Зою Яхантаву накіравалі ў Менск — уламваць аўтара. Добрая гэта жанчына прыехала на Танкавую і распавяла пра сваю праблему. Увогуле трэба было няшмат: «Снять вот здесь, здесь и здесь. А также, если можно, отсюда и досюда» і г. д. Я шчыра хацеў дапамагчы ўвогуле слаўнай жанчыне (якой да таго ж хутка на пэнсію), бо ведама ж, што кожны рэдактар — той жа сапёр. Аднойчы памыліўся, і ўсё прапала. Я крэсьліў, выкідваў, але лёгіка твору пратэставала, даводзілася аднаўляць, мы спрачаліся. У рэшце рэшт вытруцілі надта канфліктную сцэну раскулачваньня, яшчэ нешта. Цэнзары, канешне, выдатна адчувалі, дзе быў «знак бяды», і дужа імкнуліся, каб таго ня сьцяміў чытач. Каб усё схаваць у строга засакрэчаных фондах, выкрасьліўшы з літаратуры. Але не ў іх моцы было выкрэсьліць тое з жыцьця, бо, як казалі антычныя грэкі, — нават багі ня могуць перайначыць былое. Былое вышэй за жывое, яно ўжо непадуладнае нікому.

Бальшавікі, аднак, дужа імкнуліся падначаліць сабе мінулае.

 

1 Кастусь Кірэенка (1918–1988) – беларускі пісьменьнік.

2 Міхаіл Гарбачоў (нар. 1931) — савецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч, генэральны сакратар ЦК КПСС (1985—1991), прэзыдэнт СССР (1990—1991).

98. Высокая прэмія

Тое самае ў яшчэ болей драматычнай форме праявілася, як М. Пташук1 зьняў паводле аповесьці аднайменны фільм. Сьпярша быццам усё ішло добра, амаль прымальна, наколькі тады мог быць прымальным савецкі фільм. Пташук неяк умудрыўся здаць яго без вялікіх стратаў, карціну адправілі ў Кіеў на кінафабрыку рабіць копіі для пракату. Здымачная трупа была распушчаная, фінансаваньне спыненае. I тады Пташука тэрмінова выклікае загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ Iван Iванавіч Антановіч, а разам і аўтара аповесьці. Антановіч даволі нэрвова пачынае даводзіць, што фільм трэба тэрмінова перарабляць. Пташук упарціцца — няма як і няма каму. Антановіч амаль у роспачы — вы разумееце, то ўказаньне «второго лица в государстве»... — «А я не магу і ня буду...» — «Тады вам не працаваць на кінастудыі». — «Ну што ж, маю правы, пайду баранку круціць». Доўга Антановіч уламваў Пташука, апеляваў да аўтара. Але трэба аддаць належнае гэтаму рэжысэру — той стаяў, бы скала.

Тым часам у Маскве насьпелі новыя падзеі, «второе лицо в государстве» перастала ім быць, Антановіч зьехаў зь Беларусі на падвышэньне, — стала не да карціны Пташука і Быкава. На гарызоньце замаячыла вялікая для КПСС пагроза ў асобах Гарбачова і Ельцына. Пэўна, што зьяўленьне на краявідзе аднаго, а затым і другога, таксама як і разумнага Аляксандра Якаўлева2, пачало зьмякчаць культурны клімат у краіне. Зьмяняліся і адносіны да нядаўніх дысыдэнтаў. Я ня быў дысыдэнтам у дакладным азначэньні гэтага слова, але таксама адчуў, што нешта мяняецца.

Найперш СП Беларусі вылучыў «Знак бяды» на Ленінскую прэмію. Таму найбольш пасадзейнічала прыватная ініцыятыва Ніла Гілевіча, які нядаўна стаў першым сакратаром Саюзу (пасьля шматгадовага сакратарства Iвана Шамякіна). Раней такога кшталту вылучэньне было немагчыма, бо Iван Пятровіч, набыўшы тузін ордэнаў за літаратуру, ня мог яшчэ дамагчыся сабе Ленінскай прэміі. Такім чынам Быкава вылучылі як бы ў абыход законнай чаргі. Масква не аспрэчвала, мабыць, меркавала — хай дзеля прыліку ў немалым сьпісе намінантаў пабудзе і адзін беларус. Ды раптам на тайным галасаваньні ў камітэце па прэміях бальшыню галасоў якраз набраў ён. Як пасьля распавялі, той вынік схіліў на мой бок выдатны і паважаны расейскі музыка Георгі Сьвірыдаў3, які сказаў прыкладна гэтак: «Я люблю расейскую культуру і расейскую літаратуру, але яшчэ больш — ісьціну. А ў дадзеным выпадку ісьціна ў тым, што аповесьць “Знак бяды” ёсьць лепшая сярод іншых».

Toe ўсё і вырашыла. Ляўрэатам стаў Быкаў.

 

1 Міхаіл Пташук (1943–2002) – беларускі рэжысэр, народны артыст Беларусі.

2 Аляксандр Якаўлеў (1923–2005) – расійскі савецкі палітычны дзеяч.

3 Георгій Сьвірыдаў (1915–1998) – расійскі кампазытар.

99. Юбілей. Тураў

Прэмія — хай сабе, так ці інакш яна апраўдана канкрэтным учынкам, плёнам аўтарскіх высілкаў. Трохі іначай выглядаюць іншыя ганараваньні, узаконеныя за дзесяцігодзьдзі савецкай улады — усе і ўсялякія ўзнагароды, колькасьць якіх пад канец царства Леаніда Iльліча пераваліла за сотню. На кожным прадпрыемстве, ва ўстанове, нават у калгace цяжка было знайсьці працаўніка, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам, тым болей мэдалём. Iншыя іх мелі тузіны — ад міністраў да даярак. З таго ліку не былі выключэньнем і пісьменьнікі. У шаноўнага Максіма Танка толькі ордэнаў Леніна было болей, чым у маршала Конева, і трохі меней, чым у маршала Жукава. Хоць Яўген Iванавіч, як пісаў Карпюк, за вайну ні разу ня стрэліў.

У мой 60-гадовы юбілей прыйшла вестка пра прысваеньне мне званьня Героя сацыялістычнай працы.

Па-праўдзе кажучы, таго я ніяк не чакаў, узнагароджаньне мяне напачатку зьдзівіла, а пасьля засмуціла. Iнстынктыўна я адчуў, што карысьці з таго будзе няшмат, а клопату хопіць, і як бы ня стала бяды. Увогуле недалёка ад таго ўсё і атрымалася.

Сябры, аднак, былі іншага меркаваньня: адны шчыра радаваліся, ішыя былі задаволеныя (усё ж лепш, чым каму іншаму), некаторыя і пазайздросьцілі — не без таго. Усё, як у людзей. Тою ўзнагародаю я быў прыроўнены да маіх калегаў Iвана Шамякіна, Максіма Танка, Петруся Броўкі. Да доўгага шэрагу пранырлівых старшыняў калгасаў, прабіўных дырэктараў прадпрыемстваў-скрынак, перадавых мэханізатараў і даярак. Было б, аднак, разумней, калі б тую ўзнагароду атрымаў той, хто яе дужа дамагаўся, або той, хто быў болей варты, чым я, болей плённы ў літаратуры. Мне думалася, што тое ганараваньне не па заслугах. Праўда, сябры і жонка казалі, што тое — за талент. Але я не адчуваў за сабой такога таленту — талент у мяне калі і быў, дык інакшы, далёка не апалягетычны ў адносінах да рэжыму. I рэжым ведаў пра гэта.

Але, мабыць, рэч у тым, што мяняўся час, — нязграбна, непаваротліва, ды саступаў месца новаму — новым людзям і новай палітыцы. Першым сакратаром ЦК КПБ стаў Сьлюнькоў. У Маскве ўсё большую сілу набіраў малады, пэрспектыўны Гарбачоў, які фактычна і браўся кіраваць дзяржавай. Як я дазнаўся пасьля, у час нейкага мерапрыемства Сьлюнькоў папытаўся ў Гарбачова наконт яго думкі, калі б даць Быкаву героя, і той пагадзіўся. Усё вырашалася апэратыўна, але, як заўжды, да пары, да часу таемна.

Толькі падпісаўшы ўказ, Грамыка1прыслаў віншаваньне маладзёну-герою.

Недзе пад той час у мяне адбылася гутарка са Сьлюньковым.

Здаецца, першы сакратар ЦК КПБ меў час і быў у добрым гуморы. Папытаўся пра літаратуру і літаратараў, як яны сябе пачуваюць у зьменлівых, складаных умовах сучаснасьці. Я коратка адказваў. Увогуле я іх паважаў, яны заслугоўвалі таго. Ці шмат знойдзецца ў сьвеце літаратараў, якія працуюць у варунках моўнага вакууму, калі побач не чутно ні слова па-беларуску, родная мова захавалася толькі як рудымэнт і рызыкуе хутка стаць рарытэтам — як санскрыт ці лаціна. А беларускія літаратары пішуць — раманы і паэмы, лірыку і эпіку — усё на роднай беларускай мове. Хаця выдаваць з кожным годам трудней. Гаспадар рэспублікі ўвогуле не пярэчыў. Перад ім на стале ляжаў ладны стос нейкіх кніжак, якія пад канец гаворкі ён ціха пасунуў да мяне. «Во — Ніл Гілевіч, за два гады дзесяць кніжак!» — «Што ж, чалавек піша, ну і друкуюць, тое ж ня крадзенае». — «Але ж іншых столькі не друкуюць?...» Тут ужо я ня ведаў, што адказаць, — стаяць за ўраўнілаўку ці што? Але пасьля з гутаркі стала зразумела, што пад Саюз пісьменьнікаў даўно і настойліва капае загадчык аддзелу прапаганды ЦК Савелій Паўлаў. Пройдзе яшчэ нейкі час, і Ніл Гілевіч арганізуе яго прыём у Саюз. Хіба, каб улагодзіць варажнечу гэтага чалавека да сябе і нацыянальнай літаратуры?

Як вядома, юбілей горш за хаўтуры — столькі надае клопату і адбірае жыцьцёвай сілы. Але мае і несумненную радасьць — радасьць дображаданых сустрэчаў зь сябрамі, якія знаходзяць пэўную нагоду прыехаць, пабачыцца, а можа, і пабаляваць — кожны ў меру ўласных схільнасьцяў. Вядома ж, ня так, як я нейкі час таму, запрасіўшы ў Менск добрых людзей, сам зваліўся напярэдадні банкету, і сябрам замест балю давялося мяне ратаваць. А я так марыў тады пабыць разам з мілым Юрам Каракіным, Iгарам Дзядковым, які прымчаў у Менск з сваёй Кастрамы. Зь Юрам дык мы хоць напярэдадні ўзялі каньяку ў «Мінску», а любага мной Iгара Аляксандравіча я пачуў хіба праз паўсьвядомае трызьненьне, як ляжаў на лаве, чакаючы «хуткую». Тады мяне ратаваў Сульянаў разам з Законьнікавым, — рабілі сардэчны масаж. Прыбегла з дому пакліканая Iрына і роспачна – з парогу: «Што з табой, Васілька?» А Iгар недзе блізка сьцішана мовіў: «Таму што кахае...». Гэта ў адказ на нейчую, можа, сумніўную рэпліку. Той яго ціхі голас дасюль прадаўжае гучаць у маёй удзячнае памяці.

Цяпер, на маю радасьць, прыехалі мае даўнія сябры: масквічы Лазар Лазараў зь Наяй, стары няўрымсьлівы Залыгін, зь якім мы нядаўна перажылі адну бяду, асяцін Нафі Джусойты2, мой аднадумца і аднагодак. Зь Ленінграду прыляцеў Данііл Гранін3, зь Вільні — літоўскі златавуст Пяткявічус4, які на ўрачыстасьці павесяліў усіх трапным выслоўем: «Каўбаса павінна быць даўгая, а прамова кароткая». Можа, раней за ўсіх зьявіўся з Малдовы жартоўны Васіль Васілаке5. Ну а мае беларускія сябры даўно былі напагатове — Алесь Адамовіч адразу ўзяўся апекавацца гасьцямі, поруч заўжды былі Бураўкін, Казько6, Матукоўскі. Недзе, праўда, прапаў Рыгорка Барадулін, але той паявіўся пазьней. Аляксей Карпюк на вечары ў Купалаўскім тэатры, нібы ў дакор сябрам, якія расчынялі перад сабой прывітальныя адрасы ў папках, цырымонна ўзнагародзіў юбіляра вялізнымі фанэрнымі крыламі — для высокага літаратурнага палёту. Я быў крануты адмысловым жартам майго даўняга пакутнага сябра.

Самае, аднак, вясёлае чакала ўсіх на другі дзень і было зьвязанае з арцельным выездам у легендарную і экзатычную краіну — П а л е с ь с е7, што рыхтавалася клопатам майго малодшага сябра і выдатнага пісьменьніка Віктара Казько.

Выехалі ранічкай на двух аўтобусах — госьці і менчукі, некаторыя з жонкамі. На мяжы Жыткавіцкага раёну, дзе я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, нас спаткалі прадстаўнікі працоўных ды кіраўніцтва колькасьцю каля паўста чалавек. Паехалі ў раённы цэнтар, пасьля якога скіравалі ў старажытны Тураў. Адразу пачалі караскацца на гістарычны пагорак зь дзьвюма аблезлымі козамі, якія там пасьвіліся. На вуліцах жа паселішча ішло звычайнае жыцьцё — гуляла цыганскае вясельле з чарначубым жаніхом у ботах і агнявокай нявестай-цыганкай. Усіх прывабіла Прыпяць, на якой нас чакала рачное судна, і мы паплылі кудысь уверх па цячэньні. Але тубылец Казько ведаў, куды. Там над пясчаным абрывам ужо прывабна курэла цяпельца, у вядзерцы варыліся ракі — дужа прыйшліся яны да смаку са сьцюдзёным, вынятым з вады півам. Пайшоў амаль першабытны баль гасьцей і мясцовых, а затым пачалося купаньне. Жонка колішняга марака Лазарава — Ная — пад воплескі прысутных храбра пераплыла Прыпяць — туды і назад. Было радасна, і рабілася трошкі сумна. Гэта ці не ад прадчуваньня непазьбежнага, што сталася з цудоўнай палескай ракой, неўзабаве пасыпанай чарнобыльскім попелам.

Надвячоркам Віця Казько не ўпусьціў выпадку звазіць усіх на сваю недалёкую Вільчу зь яе дубамі на ўзрэччы, якімі ён шмат гадоў апекаваўся. Дубы сапраўды былі векавыя, а галоўнае — шмат іх раскашавала на поплаве між ракой і вёскай.

Здаецца, то былі апошнія шчасьлівыя часіны майго не старога яшчэ жыцьця. Хутка ўсё тое незваротна адышло ў нябыт.

 

1 Міхаіл Грамыка (1885–1969) – беларускі пісьменьнік.

2 Нафі Джусойты (нар. у 1925) – асяцінскі пісьменьнік.

3 Данііл Гранін (сапр. Герман, нар. у 1919) – расійскі пісьменьнік.

4 Вітаўтас Пяткавічус (нар. у 1930) – літоўскі паэт і пісьменьнік.

5 Васіль Васілаке (нар. у 1926) – малдаўскі пісьменьнік.

6 Віктар Казько (нар. у 1940) – беларускі пісьменьнік.

7 Разьбіўка аўтара.

100. Немцы. Хойбнэр

Патэлефанавалі з СП, сакратарка паведаміла, што прыйшлі нейкія немцы, пытаюцца каго з кіраўніцтва. Але кіраўнікоў нікога няма, дык яны просяць, каб спаткацца з Быкавым. Ну што мне было рабіць? Кінуў свае справы, паклаў у кейс бутэльку каньяку і паехаў на вуліцу Фрунзэ1.

Немцаў аказалася немалая група (чалавек 12), усе чакалі ўнізе, я завёў іх у канфэрэнц-залю. Адзін, што больш-менш выразна гаварыў па-расейску, патлумачыў, што гэта група нямецкіх сьвятароў эвангелічнай царквы, што яны прэзэнтуюць Aktіon Suhnezeіchen, якая апекваецца ахвярамі нацызму ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Што яны ў

Нямеччыне чыталі мае кнігі і ўважаюць Быкава за пісьменьніка-пацыфіста, прыхільніка дружбы паміж нямецкім і беларускім народамі. Я сказаў, што ўвогуле яны не памыляюцца, я сапраўды вораг варожасьці, значыць, прыхільнік міру і дружбы з усімі народамі, у тым ліку і зь нямецкім. З гэтай нагоды запрашаю выпіць за беларускім сталом па чарчыне грузінскага каньяку.

Так адбылося мае знаёмства зь нямецкай пацыфісцкай арганізацыяй, якое шчасьліва доўжыцца і па сёньняшні дзень.

Тады ў трупе былі розныя людзі — сьвятары і студэнты, два-тры ветэраны мінулай вайны, адзін меў пратэз замест правай рукі. Ён распавёў, як у 43-м годзе ляжаў у шпіталі ў Менску, дзе яму ампутавалі руку. Другі меў царкоўны прыход у Кройцбэргу — раёне Заходняга Бэрліну. Малады, чарнявы, болей падобны на італьянца, чым на немца, быў Крыстаф Хойбнэр, паэт і супрацоўнік Акцыі. Немцы мяне зацікавілі, я адчуў, што гэта — зусім ня тыя, вядомыя з вайны, фашысты. Так яно і атрымалася.

Праз колькі часу ў Дом дружбы і культурніцкіх сувязяў, які ўзначальваў Арсен Ваніцкі, прыехала прыгожая, выкшталцоная дама Хельга Сібаі, дамаўлялася пра канкрэтнае супрацоўніцтва Акцыі зь Беларусьсю. Было палагоджана наконт догляду помнікаў ахвяраў фашызму (Хатынь), удзелу нямецкіх валанцёраў у лекаваньні нашых псыхічна хворых (Навінкі), доглядзе малых у занядбаных дзіцячых садках. Напрадвесьні прыехала вялікая група маладых хлопцаў і дзяўчат, якія адправіліся прыбіраць Хатынь. На гэты раз яе прывёз Хойбнэр. Пасьля працы ў гатэлі была наладжана гутарка, мяне папрасілі распавесьці пра Беларусь, пра вайну і трохі пра літаратуру. Тое было яшчэ да перабудовы, калі савецкія людзі і асабліва чынавенства глядзелі на немцаў як на нядаўніх фашыстаў, некаторыя з навукоўцаў Акадэміі навук у час візыту чужынцаў запіраліся ў туалеце — каб не спатыкацца. Хіба адзін Дом дружбы і ягоны старшыня Арсен Ваніцкі сьмела ішлі на кантакты і нават дамагаліся іх пашырэньня, на тое запрашалі і Быкава. Пасьля, як вядома, кантакты разрасьліся з усімі краінамі, але дзеля таго спатрэбілася шмат часу і немалых зрухаў у масавай сьвядомасьці. Да тых кантактаў былі прыцягнуты Саюз мастакоў, вельмі нясьмела — Саюз пісьменьнікаў. Прыяжджалі да нас, запрашалі нашых людзей у Нямеччыну, — вядома, за кошт немцаў, у нас жа вечна не ставала сродкаў.

Аднойчы зімой немцы прыслалі мне запросіны ў Заходні Бэрлін на імпрэзу, зьвязаную з угодкамі захопу ўлады Гітлерам.

Што гэта будзе антыфашыстоўскае мерапрыемства, у мяне не было сумневу, я ўжо ведаў пра адносіны Акцыі да нядаўняга мінулага Нямеччыны. Але ўсё ж я ня мог ведаць усяго, а найперш меру папулярнасьці антыфашыстоўскіх ідэяў сярод жыхароў Заходняга Бэрліну.

Iмпрэза ладзілася ў вялізнай (аграмаднай) залі тэхнічнага ўнівэрсытэту, пачатак быў прызначаны на 18 гадзінаў. Мы з гаспадарамі прыехалі за паўгадзіны, і заля ўжо была поўная, сядзелі і стаялі ўздоўж сьцен і ў праходах. Кіраўніком (мэдыятарам) усяго стаў мой сябра Крыстаф Хойбнэр, і я ўпершыню падзівіўся зь яго арганізатарскіх і шоўмэнскіх здольнасьцяў. Цягам шасьці гадзінаў ён няспынна кіраваў хадой складанага інтэрнацыянальнага фэсту, які ўключыў у сябе шматлікія выступы ветэранаў-антыфашыстаў, гасьцей з усіх краінаў Эўропы, што чаргаваліся зь песьнямі і музыкай розных вакальна-інструмэнтальных групаў, у тым ліку і цудоўнай групы і хору зь Iзраілю. Мне таксама давялося там выступіць, распавесьці, як адгукнуўся фашыстоўскі пераварот у Беларусі — пра нашыя ахвяры і партызанаў. Заля апладзіравала стоячы.

Пасьля аж да разбурэньня Бэрлінскай сьцяны я шмат разоў наведваў Заходні Бэрлін. Кожная паездка мела свае праблемы. Найперш транспартныя. Заходні Бэрлін ці ня ўвесь час быў у жорсткай блякадзе. Аэрапорт Шонэфэльд, як вядома, знаходзіцца з усходняга боку, цягнік у Заходні Бэрлін не даходзіў. Як было да яго дабрацца? Даводзілася зьвяртацца ў савецкую амбасаду, прасіць памагчы, хоць амбасадаўцы зусім не былі зацікаўлены ў маіх паездках.

Тады з чамаданамі ішоў пехатой. Правілы пераходу сьцяны-мяжы ўвесь час мяняліся ў бок ускладненьня, часам завярталі назад. Аднойчы, праўда, ужо ў перабудовачны час, мяне з Анатолем Кудраўцом амаль нелегальна перавезла на той бок жонка Хойбнэра — храбрая францужанка Мішэль. Вярнуцца ж пасьля трох–пяці дзён гасьцяваньня ў Заходнім Бэрліне было яшчэ цяжэй, — ніякі транспарт ва ўсходні не хадзіў. Тады я ішоў напярэдадні ў савецкі кансулят і прасіў генконсула з прозьвішчам Быкаў, каб той даў машыну. Можа, з прычыны сугучнасьці нашых прозьвішчаў генконсул ішоў насустрач, і назаўтра ўранку мяне давозілі да Шонэфэльду. (Пасьля, аднак, генконсула Быкава перавялі ў Маскву, дзе ён і памёр, не дажыўшы да 40 год. Болей у генкансулят я не хадзіў.)

Звычайна ў Заходнім Бэрліне мы з Кудраўцом пасяляліся ў «Б а г о ц е» — не дарагім і не шыкоўным гатэліку, які мясьціўся амаль на Курфюрстэндам, што вяла да Кудаму зь яго выдатным помнікам мінулай вайне — Гедахтніскірхе. Гатэлік той зь цягам часу мне вельмі спадабаўся — і месцам, і абслугай. Пасяліўшыся пару разоў запар, ты ўжо рабіўся там як бы сябрам ці добра знаёмым, цябе пазнавалі ў рэцэпцыі і пры сустрэчы радасна ўсьміхаліся. Мне дарэчы ўспаміналася колішняе сьведчаньне Хэмінгуэя, які пісаў, што варта пры ад’езьдзе даць гішпанцу-парцье трохі даляраў, як у наступны раз — хоць праз год ці тры, калі ты вернешся, цябе пазнаюць і прымуць як лепшага сябра. Тут мы не давалі ніводнага даляра (самі ня мелі), але сапраўды нас пазнавалі. I не гішпанцы, а немцы, што таксама нешта ды значыла.

У дзень прыезду ці на другі дзень пачыналіся нейкія сустрэчы — у бюро Акцыі каля вакзалу, дзе-небудзь з моладзьдзю ў якім клюбе, са студэнтамі ў Свабодным нямецкім унівэрсытэце. Або з актывістамі Акцыі ў Кройцбэргу ці іншым з рабочых раёнаў Бэрліну. Часам, асабліва на пачатку майго супрацоўніцтва, удзельнічаў у працы цэнтральных органаў эвангелічнай царквы на Ванзэе, цудоўным зялёным прыгарадзе Заходняга Бэрліну. Аднойчы выступаў на пратэстанцкай імшы ў царкве, разам зь вельмі шаноўным епіскапам Шарфам любаваўся беларускімі танцамі ў зялёным тэатры. Усе немцы, зь якімі я меў кантакты, вельмі спаважна адносіліся да беларускага народу і спачувалі яму ў бядзе, спасьцігнутай беларусамі цераз нямецкі фашызм. Пра бяду ад бальшавізму, аб якой я распавядаў, выказвацца ўстрымліваліся, але я адчуваў, што і тут яны — на маім баку. Звычайна з Хойбнэрам мы карысталіся складанай трасянкай з трох моваў — расейскай, нямецкай і польскай, апошнюю Хойбнэр няблага ведаў. У іншых выпадках перакладчыцай служыла Iрма, студэнтка паходжаньнем з Рыгі. Гэта была разумная маладая асоба, якая няблага арыентавалася ў нямецкай гісторыі і палітыцы і шмат пра што распавяла мне. Шкада, пасьля яна выйшла замуж, нарадзіла дзіця і перастала супрацоўнічаць з Акцыяй. Намі з таго часу стала апекавацца наша зямлячка зь Менску Лена Прэнц, якая вучылася ў Бэрліне.

Там я дазнаўся пра некаторыя дзівосныя рэчы, недаступныя на радзіме. Неяк мне паказалі кнігу супрацоўніка Гітлера доктара Раўшнінга, які запісваў для гісторыі кожнае выказваньне фюрара. I сярод іх — такі во пасаж: «Паміж намі і бальшавікамі болей падабенства, чым розьніцы. Я аддаў распараджэньне, каб былых камуністаў бесьперашкодна прымалі ў нашу партыю». Або іншае сьведчаньне — ужо доктара Лямперса. «Нацыянал-сацыялізм — гэта тое, чым мог бы стаць марксізм, калі б вызваліўся ад сваёй бязглуздай сувязі з дэмакратычным уладкаваньнем. Рэвалюцыйнае вучэньне — во сакрэт новай стратэгіі. Я вучыўся ў бальшавікоў. Я не баюся гаварыць пра тое», — казаў Гітлер. Несумненна, і Сталін вучыўся ў фашыстаў, пэўны час яны дзейнічалі суладна і згодна, аж пакуль не схапіліся ў двубоі. Як піша іншы сьведка, Сталін, дазнаўшыся пра самагубства Гітлера, раздумна мовіў, стоячы ля крамлёўскага вакна: «Дагуляўся падлюга! А колькі слаўных спраў мы маглі б зрабіць разам...». Ды не зрабілі. Ня ўсё ў сьвеце было падзелена паміж чырвонымі і карычневымі, заставаўся свабодны сьвет, які і сьцёр з мапы карычневую палавіну. Чырвоная пакуль што заставалася.

Пасьля аб’яднаньня Нямеччыны фінансавыя справы Акцыі сталі пагаршацца, бюро вымушана было пераехаць у таньнейшы раён Бэрліну. Але Акцыя ўпарта не хацела адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Усходам, у тым ліку і зь Беларусьсю, кожны год слала туды валанцёраў-альтэрнатыўшчыкаў. Маладыя людзі цягам месяцаў працавалі санітарамі ў Навінках і Бараўлянах, яшчэ дзе, навучаліся мове, — шкада, болей расейскай. Адзін толькі малады чалавек вельмі зьдзівіў мяне ў Бэрліне, прамовіўшы з паўтузіна беларускіх словаў, якія ён засвоіў ад старой цёткі-санітаркі ў Бараўлянах. Кіраваў усімі той жа Крыстаф Хойбнэр. Праўда, вершаў ён стаў пісаць меней, за клопатамі і працай стала не да вершаў. Часта езьдзіў у Беларусь і Польшчу, дзе прыняў на сябе пасаду шэфа нямецкага культурнага цэнтру ў Асвэнцыме. Кватэру меў у старым фэшэнэбельным раёне Заходняга Бэрліну, там гаспадарыла ягоная францужанка-прыгажуня Мішэль і падрасталі два слаўныя хлопцы, што ўжо ў школьныя гады добра гаварылі на трох мовах — нямецкай, ангельскай і французскай. Неяк малодшы, Нэма, запытаў: «Скажыце, гэр Быкаў, якой маркі ваш гунд?». Toe дужа пацешыла мяне — у адной фразе пачуліся водгукі дзьвюх розных цывілізацыяў...

Аднойчы позьняй восеньню ехаў у Нямеччыну на нейкую імпрэзу Эвангельскай царквы. На бяду якраз у той час забаставалі нямецкія чыгуначнікі. Наш цягнік, не дайшоўшы да польска-нямецкай мяжы, спыніўся на нейкай непрыкметнай станцыі. Правадніца сказала: далей не паедзем. Сьвятло ў вагоне адключылі, ацяпленьне таксама. Пасажыры пачалі разбрыдацца, шукаць які іншы транспарт. Я сядзеў адзін у сьцюдзёным купэ і ня ведаў, што рабіць. Так мінула, можа, гадзіны дзьве. І раптам чую знаёмы голас: «Где ест Васіль Быкаў?». То ж мой Крыстаф! І адкуль ён узяўся на гэтай польскай станцыі? Аказваецца, прыехаў па мяне з Бэрліну. Мы абняліся, я быў зьдзіўлены і бясконца абрадаваны. Узялі яшчэ аднаго пасажыра – ленінградзкага навукоўцу, забытага, як і я, на пад’ездах да Нямеччыны. І паехалі.

У Франкфурце на Одэры падхапілі яшчэ адну пасажырку, маю зямлячку Людмілу Корбут2, якая чакала Крыстафа. З таго часу яна надоўга стала маёю з жонкаю сяброўкай. Жыла ў Бэрліне, добра валодала нямецкай, хадзіла з намі ў эміграцыйнае ведамства, памагала пісаць розныя анкеты. Затым прыязджала да нас у Віперсдорф, дзе мы жылі, у Копенік3. У самой лёс склаўся ня надта шчасьліва, але яна ахвотна памагала іншым. Як і яе нямецкі сябра Крыстаф – наш агульны найлепшы таварыш.

Крыстаф Хойбнэр адзін ці з групай валанцёраў пасьля доўга і рэгулярна прыязджаў у Менск, трэба была гасьцініца, зь якой у нас заўсёды ўзьнікалі праблемы. Клапаціліся мы з Анатолем Кудраўцом, які пад той час надрукаваў у

«Нёмане» некалькі вершаў Хойбнэра, часам хадайнічалі праз Ваніцкага, а то замаўлялі самі. Налета Хойбнэр запрасіў нас на нейкія імпрэзы ў Бэрлін, а то і ў іншыя гарады ФРГ. Там мы выступалі на малітоўных сходах эвангелістаў, давалі інтэрв’ю газэтам. Спатыкаліся і з палітыкамі, дэпутатамі бундэстагу. Двойчы я меў гутарку зь цяперашнім міністрам абароны, а тады проста дэпутатам спадаром Шарфінгам, а другі раз былі на прыёме ў прэм’ера зямлі Ніжняя Саксонія спадара Шродэра. Усе яны цікавіліся справамі Беларусі ды імкнуліся ёй памагчы.

Патрэба ў нямецкай дапамозе стала дужа канкрэтнай, як у Кудраўца ад наступстваў Чарнобыля захварэла ўнучка. У яе лячэньні памагла Хельга Сібаі, якая пазнаёміла дзеда з уплывовым чалавекам у Нямеччыне, і шасьцігадовая дзяўчынка з маці паехала ў гарадок Iсьні (зямля Альгой). Здаецца, тое дапамагло, хаця і няхутка4.

У час наглых візытаў у Нямеччыну наш мілы гід Крыстаф Хойбнэр імкнуўся паказаць нам розныя бакі нямецкага (заходняга, буржуазнага) жыцьця. I ў культурніцкай сфэры, і ў побыце. Мы з Кудраўцом толькі глядзелі і маўчалі. Часам скупа абменьваліся захапленьнем пасьля ў гатэлі. Адказаць Крыстафу тым жа па нашай радзіме пры ягоных наведаньнях Беларусі мы не наважыліся — баяліся шакаваць яго кантрастам. Тады здавалася — правільна рабілі, бо невядома, як бы ён паставіўся да таго кантрасту.

А разам і да нас таксама.

Хаця, як пасьля выявілася, ён ведаў пра нас ня меней за нас. Але як чалавек далікатны нідзе і нічым ня даў нам зразумець таго...

Некалькі разоў нас з Кудраўцом клікалі на кірхентагі, якія рэгулярна ладзіла эвангелічная царква. Хойбнэр вазіў нас у Дортмунд, Гамбург, Франкфурт — цераз увесь захад Нямеччыны. Неяк напрыканцы існаваньня ўсходненямецкай дзяржавы кажа: «Ці вы ня хочаце выпіць гэдээраўскага піва?». Мы, вядома, хацелі, але як? Яшчэ стаяла славутая Бэрлінская сьцяна, пры ёй была пільная варта. Тады Крыстаф павёз нас у Ванзэе, дзе ў зарасьніку на старых могілках была вузкая праломіна ў сьцяне. Мы праціснуліся празь яе і апынуліся на ўскраіне ўсходненямецкага дорфу, знайшлі на вуліцы мясцовы гаштэт, дзе і выпілі па куфлю ўсходненямецкага піва за заходненямецкія маркі. А як выбраліся назад, на той жа сьцяне напісалі флямастэрам:

«Тут былі два беларусы і адзін немец». Паставілі дату і ўтрох расьпісаліся. Той знак нямецка-беларускага сяброўства, мабыць, пабурылі ўжо, і заходнія немцы піць піва ў тую вёску езьдзяць на сваіх «фольксвагенах». Што ж, у час добры!

 

1 Саюз пісьменьнікаў з 1976 г. займаў будынак па вуліцы Фрунзэ, 5 (Дом літаратара).

2 Людміла Корбут – беларуска, грамадзкая актывістка, пражывае ў Бэрліне.

3 Мясьціны Нямеччыны, дзе з лютага 2000 г. па снежань 2002 гг. жылі ў неафіцыйным выгнаньні Быкавы.

4 Дапамогай малой беларусцы актыўна парупіўся і сам Васіль Быкаў.

101. Зноў мова. Кулік

Пасяліўшыся на Танкавай, не адразу пазнаёміўся з суседзямі. Мінуў нейкі час, пакуль дазнаўся, хто жыве побач, на адной пляцоўцы. Вышэй на паверхах былі мастакоўскія майстэрні, але хто там гаспадарыў, я ня ведаў. Мае старыя знаёмцы-мастакі жылі ў іншых месцах — пераважна ў новым доме па вуліцы Сурганава. Таму трохі падзівіўся, як аднойчы пачуў у тэлефоне запрашэньне зайсьці ў пэўны нумар на дванаццатым паверсе.

Там была майстэрня мастака-графіка Яўгена Куліка1, якога я часам сустракаў на падворку. Вечна самотны, хваравіта згорблены, ён нетаропка ішоў з крамы ці ў краму, ветліва вітаўся і ўсё. Размовы між намі не ўзьнікала. А тут ён гасьцінна запрасіў сесьці за стол, сказаў, што ёсьць справа. Апроч яго ў майстэрні быў Мікола Купава2, яшчэ хтось незнаёмы. Яны мне паведамілі, што мастакі падрыхтавалі ліст у Маскву з нагоды бядотнага стану беларускай мовы і цяпер зьбіраюць подпісы. Я бегла прачытаў той ліст, мабыць, ён быў звычайны. Такіх лістоў цягам стагодзьдзя было напісана нямала, ды ўсё без аніякага знаку. Бо справа зусім ня ў тым, што мова беларусаў сама па сабе гіне. Toe, што яна гіне, партыйнае кіраўніцтва ведала ня горш за беларускіх інтэлігентаў, можа, лепш нават, бо валодала поўным наборам фактаў і лічбаў. Але як да таго адносілася? Калі інтэлігенты плакалі, дык партыйцы радаваліся, бо гэта было якраз тое, чаго ад іх вымагала іх вера, да чаго камуністы імкнуліся. А менавіта, да аканчальнай перамогі камунізму ў паасобна ўзятай краіне з адзінай мовай, адзінай верай і адзіным кіраўніцтвам ленінскага ЦК на чале... Важна было хіба захаваць лінгвацыд у сакрэце, не парушыць стану псыхалягічнай камфортнасьці высокага кіраўніцтва ў гэтым пытаньні. А тут нейкая жменька мастакоў і пісьменьнікаў сунуцца са сваім лістом...

Ці ведалі гэта тыя, што пісалі лісты-жальбы ў высокія партыйныя органы?

Мабыць жа, ведалі, бо ня першы раз рабілі тое. Але ўсё роўна рабілі, бо нічога іншага не заставалася, а рабіць было трэба. Хоць бы дзеля чысьціні ўласнага сумленьня, дзеля прыкладу наступным пакаленьням, якім наканавана рабіць тое самае. Каб яны ў мінулым бачылі прэцэдэнт. На які-небудзь посьпех таго мог спадзявацца хіба скончаны дурань.

Я падпісаў ліст, які празь дзень-другі, папоўнены іншымі подпісамі, мастакі адправілі ў Маскву — Гарбачову.

Асабіста я прычыніўся да моўнай справы не ўпершыню. Год таму надрукаваў у «Известиях» артыкул менавіта ў абарону мовы, нядаўна з тым жа выступаў па маскоўскім тэлебачаньні ў прамым эфіры. Тады маім калегам у студыі НТВ3 быў выдатны ўкраінскі пісьменьнік Уладзімер Яварыўскі4, і мы ўдвух зьвярталіся да расейскай інтэлігенцыі дапамагчы нам абараніць нацыянальныя сьвятыні. Водгуку, на жаль, ніякага ня мелі. Зянон Пазьняк надрукаваў у эстонскім часопісе «Радуга» выдатны артыкул, прысьвечаны лінгвацыду нашае мовы. Нямала выступалі ў абарону мовы Hіл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі ды іншыя пісьменьнікі. Цяпер мы ўпершыню зьвярталіся непасрэдна да генэральнага сакратара ЦК КПСС.

Hі на што не спадзеючыся, чакалі, аднак, адказу. Некаторыя пачалі жартаваць: ну, цяпер мову ўзаконяць, прымусяць кіраўніцтва загаварыць па-беларуску. Iншыя толькі крыва ўсьміхаліся. Выказвалася такая думка, што Машэраў, калі б не загінуў, вярнуў бы мову ў канстытуцыю БССР. Але іншыя казалі, што не вярнуў бы, бо сам яе і вывеў. Ды і наогул невядома, ці ведаў ён хоць бы слова пабеларуску...

Якраз на той час у Менск прыехала на гасьцяваньне група касманаўтаў і разам — стары Панамарэнка5. Для сустрэчы зь імі на Вайсковы завулак былі запрошаны некаторыя дзеячы культуры, патэлефанавалі і мне. Я трохі зьдзівіўся — навошта? Бо ніколі не захапляўся космасам, мала каго з касманаўтаў ведаў. Але змушаны быў пайсьці. Там ужо былі Клімук6, Кавалёнак7, Церашкова8 з дачкой, яшчэ нехта. Гасьцей, як і належыць, пасадзілі на ганаровыя месцы за сталом, пачаліся тосты і размовы. Празь нейкі час чынны парадак парушыўся, сфармаваліся групы па інтарэсах». На адным канцы стала ў акружэньні захопленых дамаў прыгожыя касманаўты вымаўлялі добра пасоленыя анекдоты, а на другім — штось ціхім голасам распавядаў Панцеляймон Кандратавіч. Я прыслухаўся. Падобна, то была старая байка пра тое, як Панамарэнка ордэры на арышт беларускіх пісьменьнікаў замяніў у Сталіна на ордэны для іх. Тое далося яму вельмі складана, сам змушаны быў ратавацца, — праз Слуцак і Бабруйск таемна дабірацца да Масквы і там дамагчыся прыёму ў Сталіна. Сталін уратаваў ад Берыі гонар беларускай літаратуры Купалу, Коласа, Броўку з Глебкам. Той расповед старога боса меў посьпех, нехта прапанаваў тост за здароўе дарагога Панцеляймона Кандратавіча. Пасьля пра яго гераічны ўчынак напісалі газэты, ня раз распавядаў Барыс Сачанка (які неўзабаве надрукуе артыкул, як «незавязаныя шнуркі», а зусім не кадэбісты згубілі жыцьцё Янкі Купалы). Панамарэнка пры жыцьці рабіўся высакародным героем беларускай гісторыі.

Аднак неўзабаве сталася працьверазеньне, гераічная аўра Панамарэнкі прыцьмела. «Вучоны крот» адкапаў у бяздонным партархіве засакрэчаныя раней лісты Панамарэнкі да Сталіна, дзе беларускі гаўляйтар сьлёзна просіць дазволу як найхутчэй арыштаваць ворагаў народу, нацыяналістаў Янку Купалу, Якуба Коласа і яшчэ некаторых шкоднікаў, вредящих успешному строительству социализма в БССР». Чаму Сталін ня ўважыў ягоную просьбу, засталося невядома, але наўрад ці ў тым ёсьць якая заслуга Панамарэнкі.

Як вядома, паперка ў сучаснай папяровай цывілізацыі — вялікая сіла. Рукапісы не гараць, але ня ўсе гараць і даносы, што ўвогуле памагае ісьціне, да якой імкнецца літаратура. Прынамсі павінна імкнуцца.

Між тым адказу падпісантам з ЦК КПСС доўга не было, хаця ніхто яго дужа і не чакаў. I раптам навіна — прыехала камісія ЦК КПСС разьбірацца з праблемай мовы ў Беларусі. Пачалі выклікаць, як і належала — сакрэтна, па адным, у асобны кабінэт будынку ЦК. Мяне паклікалі ці не адным зь першых. У кабінэце сядзелі два надзьмутыя чыноўнікі са Старой плошчы, тут жа прыткнуўся Iван Антановіч. Гутарка скіроўвала такім чынам, што падпісанты не разабраліся, прыватныя факты («факцікі») выдалі за тыповыя і ў выніку напісалі няпраўду, што кладзе пляму на партыйную палітыку ў Беларусі. Мова беларусаў нармалёва функцыянуе, пасьпяхова разьвіваецца, агульныя тыражы беларускамоўных газэтаў у параўнаньні зь мінулай пяцігодкай узрасьлі на ... працэнтаў. 80 працэнтаў усіх школаў у Беларусі беларускамоўныя. «Ды няма ніводнай беларускай школы!» — не ўстрымаўся я. Чыноўнік адразу змоўк. Ён не прывык, каб яму пярэчылі ці нават яго перапынялі. Памаўчаўшы, сказаў, што заўтра яны паедуць па абласьцях і на месцы пазнаёмяцца з моўнай абстаноўкай.

Праз колькі дзён паклікалі зноў. Другі раз Антановіча не было, у кабінэце сядзелі толькі масквічы. Яны бадзёра паведамілі, што езьдзілі на Гродзеншчыну, асабіста зайшлі ў выпадковую на іхнім шляху школу, і тая школа аказалася цалкам беларускай. «Якая гэта школа? — запытаўся я. — Напэўна, у Гудзевічах?» Чыноўнік зьбянтэжана ўставіўся на мяне: «А вы адкуль ведаеце? Хто вам сказаў?» — «Каму ж не вядома, дзе ў нас беларуская школа напаказ? У Гудзевічах. Там і настаўнік такі — беларускі энтузіяст Белакоз». Тыя два зазірнулі ў паперку — так, Белакоз, ага...

Здаецца, я ім штось сапсаваў, ці, можа, мне так здалося. Наўрад ці іхні спэктакль можна было чымсь сапсаваць...

Як і трэба было чакаць, карысьці з нашага ліста было няшмат, нічога ў моўнай праблеме не зьмянілася. Змаганьне за яе даўно набыло хранічны характар, то разгаралася, то затухала безь якіх-небудзь вынікаў. Але на той раз нікога не пасадзілі, ня звольнілі з працы — і то вынік. Усё ж, здаецца, набліжаліся іншыя часы, якія несьлі надзею.

 

1 Яўген Кулік (1937–2002) – беларускі мастак.

2 Мікола Купава (нар. у 1946) – беларускі мастак.

3 На той час ці не найбольш прафэсійны незалежны тэлеканал Расіі.

4 (Гл. зноску 174).

5 Панцеляймон Панамарэнка (1902–1984) – савецкі партыйны дзеяч, кіраўнік КПБ у 1938-1947 гг.

6 Пётр Клімук (нар. у 1942) – савецкі касманаўт беларускага паходжаньня.

7 Уладзімір Кавалёнак (нар. у 1942) – савецкі касманаўт беларускага паходжаньня.

8 Валянціна Церашкова (нар. у 1937) – савецкая касманаўтка.

102. Італія. Бергаміні

Улетку пасьля Купальля зьявілася нагода паехаць у Iталію. Зьезьдзіць у Iталію я заўжды быў рады, памятаў яе з даўняй паездкі ў Рым, яна запомнілася мне як жаданае сонечнае сьвята. На гэты раз запрашала мэрыя гораду Тэрні, сталіцы правінцыі Умбрыі. Ехала нас трое — апроч мяне яшчэ Дайнека з Таварыства дружбы і вядомы Iван Iванавіч Антановіч з ЦК.

У напаленым летняй гарачынёй аэрапорце імя Мікелянджэла нас чакаў жвавы гаваркі італьянец з імем Джорджыо, які на новенькай «Альфа-Рамэа» паімчаў усіх у Тэрні.

Летняя Iталія нават праз шкло аўтамабіля выглядала цудоўнай, казачнай краінай, мы імчаліся па новай аўтастрадзе з хуткасьцю 120 кілямэтраў у гадзіну. Побач мільгала кустоўе прысадаў зь белымі і жоўтымі кветкамі, здаля велічна праплывалі хвойныя парасоны пініяў. На схілах абпаленых сьпёкай гораў грувасьціліся каменныя будыніны старажытных гарадкоў з касьцёламі пасярэдзіне, замкі, абстаўленыя кіпарысамі вілы. Тэрні як горад з сучаснай індустрыяй быў меней прывабны, затое вадаспад на ягонай ускраіне, знакаміты Каскадо, незвычайна ажыўляў увесь навакольны ляндшафт.

З гораду Джорджыо павёз нас у свой курортны гарадок Педылюка, дзе жыў зь сям’ёй. Крывая дарога доўга вілася паміж белых скалаў і прывяла да невялікага ўтульнага пасёлачку, што прыткнуўся да крутаватага схілу на беразе горнага возера. Над пасёлкам грувасьціліся руіны старажытнага замку, а па той бок высілася белая скульптура Мадонны на зялёным пагорку-сопцы. Усё тое маляўніча адбівалася ў ціхай азёрнай вадзе.

Мы пасяліліся ў прыдарожным матэлі, і Джорджыо Бергаміні пачаў нас вазіць на ўласным старэнькім дызелі, які ў яго ўвесь час псаваўся. То пацячэ вада з радыятару, то выбухне шына... Мы зьезьдзілі ў Тэрні, за Тэрні на сядзібу ягонага прыяцеля-мастака. Сядзіба тая, званая студыяй, была збудавана з старога млыну, пасярод памяшканьняў па каменнай падлозе цёк чысты і сьцюдзёны ручай. Стары бацька мастака частаваў нас віном і распавядаў, як працуе сын. Паводле прафэсіі ён мэталюрг, а мастацтва — ягонае хобі. Зьезьдзілі ў горную вёсачку Паліна, зь якой адкрываўся цудоўны пагляд на шырокую, завалочаную шызай дымкай даліну. Тая вёска ў сусьветную вайну была партызанскай базай, і яе насельнікі мелі пляны завязаць сяброўства зь беларускімі партызанамі.

У Тэрні давялося прысутнічаць на адкрыцьці беларускай мастацкай выставы, то было ўвогуле сорамнае відовішча. Тузін старадаўніх (40–50-я гг.) карцінаў на тэмы ўздыму льнотрасты ці заключэньня дамовы аб сацспаборніцтве, партрэтаў перадавікоў вытворчасьці, разьвешаных у невялічкай зальцы, рабілі гнятлівае ўражаньне на рэдкіх наведвальнікаў. Сапраўды, паказваць тое ў краіне высокага клясычнага мастацтва было для арганізатараў выставы вялікай саманадзейнасьцю, мабыць, і яны разумелі тое. Пасьля яе закрыцьця ўсе экспанаты былі безгаспадарча пакінуты, ніхто імі не апекаваўся. Назад на радзіму іх прывёз усё той жа Джорджыо — паводле ўласнай ініцыятывы і за свой кошт.

Сьвяточнай нядзеляй паехалі ў Флярэнцыю, то была, мабыць, самая незабыўная мая паездка. Я ўбачыў сапраўдную статую Давіда на плошчы перад саборам, у якім калісьці спатыкаліся героі несьмяротнага Дантэ, а ў знакамітай галерэі Уфіцы цяжка было стрымаць сьлёзы перад палотнамі Сандра Бацічэлі, якія я памятаў з рэпрадукцый пары сумнага майго юнацтва. У невялічкай утульнай траторыі выпілі па пары бакалаў к’янці, якое тады палюбілася мне на ўсё жыцьцё. Джорджыо паслугоўваўся намі і за шафёра, і за гіда, і за клапатлівага гаспадара. У асобе гэтага італьянца мы набылі тады вернага і шматгадовага сябра. Ці ня кожны год пасьля ён прыяжджаў у Менск – то са спартоўцамі, то з турыстамі, то зь ветэранамі-партызанамі, а то як дарадца італьянскай фірмы па рэканструкцыі аўтадарогі Брэст — Масква. Я дапамог яму наладзіць супрацоўніцтва з Таварыствам дружбы, і Арсен Ваніцкі заўсёды з радасьцю прымаў яго за філіжанкай кавы. З Антановічам ягоныя адносіны ня надта ладзіліся, увесь час нашага гасьцяваньня ў Iталіі яны аб чымсьці спрачаліся. Джорджыо належаў да італьянскіх камуністаў, а Антановіч, як вядома, да савецкіх, — мабыць, у тым і палягаў канфлікт паміж імі. Усё ж італьянскія камуністы былі іншай пароды, чым нашы, савецкія.

Джорджыо стараўся падтрымаць мяне эканамічна ў пару, як у нас разгулялася палітыка-эканамічная крыза, ня стала ні гарэлкі, ні харчу. Аднойчы патэлефанаваў з Менскага матэлю, кажа: прыяжджай па гасьцінец. Толькі на аўтамабілі. Я паехаў, усё думаючы, які то гасьцінец, што па яго трэба ехаць на аўтамабілі? Аказалася, то была цэлая скрынка к’янці, схаваная ў Джорджыо пад сядзеньнем ягонага мікрааўтобуса. Я зьдзівіўся: як жа ты тое прывёз? Джорджыо толькі ўсьміхаецца: «Iтальяно — буно кантрабандысто!». Што ж, дзякуй табе, вопытны кантрабандысто, мы доўга ўспаміналі цябе, п’ючы зь сябрамі тваё цудоўнае к’янці.

Аднойчы і я яго выручыў у сілу маёй магчымасьці. Ён лічыць, што нават вельмі.

Рэч у тым, што ягоны падлетак-сын трапіў у матацыклетную аварыю і зламаў нагу. Iтальянскія лекары зрасьцілі яе, але нага аказалася карацейшаю за здаровую. Патрэбна была новая апэрацыя, якую пагадзіўся зрабіць знакаміты доктар Елізараў з Кургану. Джорджыо павёз сына туды, дзе нікога ня меў знаёмага, ня ведаў мовы і пачуваўся дужа бездапаможна. У дадатак яго абрабавалі. Бяз грошай і без дакумантаў ён апынуўся ў міліцыі і тады ўспомніў пра Менск і Быкава. I вось позна ноччу на маёй кватэры раздаецца званок з далёкага Кургану, палкоўнік міліцыі пытаецца, ці я ёсьць пісьменьнік Быкаў, пра якога ён нядаўна чытаў у газэтах. А пасьля пытаецца, ці ведаю я італьянца з прозьвішчам Бергаміні, які затрыманы ў Кургане? Вядома ж, я найлепшым чынам атэставаў міліцыі майго малашчасьлівага сябра, які нейкім чынам нарэшце выблытаўся з свайго незайздроснага становішча. Апэрацыю сыну зрабілі ўдала, я за тое асабіста падзякаваў доктару Елізараву, а Стэфано неўзабаве спрытна танчыў на ўласным вясельлі.

Як я ўжо казаў, Джорджыо шмат разоў наведваў Беларусь і кожны раз бываў у маёй кватэры на Танкавай. Аднойчы — зь сям’ёй: жонкай Аннай і дачкой Сімонай, некалькі разоў прывозіў сваіх сяброў з Тэрні і ветэранаў з Паліна. Натуральна, ён таксама запрашаў мяне зь Iрынай у Iталію — адпачыць і пакупацца ў Адрыятыцы, дзе Анна мела жыльлё. Мы былі ўдзячныя нашаму міламу італьянцу, але не паехалі. Не паехалі і тады, як я атрымаў узнагароду ад прэзыдэнта

Iталіі1, а таксама прэмію сьв. Валяньціна2. Нялоўка было выступаць у ролі беднага родзіча, які спадзяецца на ласку гаспадара. Тым болей, што і гаспадар быў ня зь ліку багацеяў... Госьць, амаль як заўсёды, быў бедны і імкнуўся хаця не згубіць рэшту гонару — тое апошняе, што ён яшчэ крыху меў.

 

1 Узнагародай ад прэзыдэнта Італіі В. Быкаў быў уганараваны 1 сакавіка 1978 г.

2 Прэмія сьв. Валянціна.

103. Літзаробкі. Парыж

Зь сярэдзіны 80-х гадоў мае кнігі даволі часта выдаваліся ў Саюзе; у Беларусі крыху радзей. Ганарары ў рублях былі стандартныя, можа быць, мне як ляўрэату трохі падвышаныя. Так, за кнігу прозы старонак на 500 можна было купіць «Жыгулі». Iншая справа, што купіць шмат што не было магчымасьці, усе папулярныя або каштоўныя тавары вольна не прадаваліся. Трэба было хадайнічаць перад уладамі (пераважна — партыйнымі) або мець блат у гандлёвых структурах. Праўда, Саюз пісьменьнікаў у гэтых адносінах меў пэўныя прывілеі, прыкладам, на аўтамабілі ці пыжыкавыя шапкі, і шырока карыстаўся імі. Грошы ў грамадзтве, арганізаваным паводле плянава-разьмеркавальнага прынцыпу, мелі другасны характар. Але прыватнаўласьніцкія патрэбы людзей упарта не хацелі лічыцца з тым і існавалі незалежна ад дзяржаўных устанаўленьняў. Раптоўна ўспыхнуў бум на кніжкі (бы ў прадчуваньні хуткага разьвітаньня з кніжнай цывілізацыяй), вартую кнігу нельга было набыць бяз блату, падпісацца на клясыкаў – таксама. Заходнія інтэлектуалы тады зайздросьцілі нам, бо ў Эўропе прэстыж літаратуры даўно ўжо ўпаў, уступіўшы аўдыёвізуальным атрыбутам культуры, кніга ўвачавідкі губляла духоўную ды інфармацыйную каштоўнасьць.

Але нашы кнігі яшчэ прадаўжалі выдаваць і на Захадзе. Асабліва ў сацыялістычных краінах. Толькі ў ГДР перакладам на нямецкую мову выйшла паўтара дзясятка маіх кніг, трохі менш у ФРГ, Францыі, Iталіі. Але з ганарарам за тыя выданьні справа палягала складана. Рэч у тым, што зь нейкага часу выплату ганарараў, як і заключэньне дамоў на выданьне, узяла на сябе дзяржава ў асобе адмыслова для таго створанай арганізацыі «Саюзкніга». Былі ўстаноўлены і стаўкі падаткаў з ганарараў, якія складалі 70 працэнтаў плюс 30 працэнтаў камісійных на карысьць

«Саюзкнігі». Такая гнуткая сістэма давала магчымасьць наогул не плаціць за некаторыя выданьні (напрыклад, ідэйна-шкодныя), увесь ганарар прысвоіць ва ўласнасьць дзяржавы. Як пасьля высьветлілася, — для фінансаваньня замежных аддзелаў савецкай выведкі, якая на той час ужо мела праблемы з грашыма. Аўтары атрымлівалі так званыя чэкі, што атаварваліся ў спэцкрамах з ласкавым назовам «Бярозка». Людзі старэйшага пакаленьня памятаюць тыя сарамліва схаваныя дзе-небудзь у завулках крамкі ды іх загадкавыя вітрыны, упрыгожаныя турыстычнымі плякатамі з выявамі расейскіх прыгажунь у какошніках. Там і сапраўды было што купіць, каб толькі болей было тых чэкаў. Але ж аўтары замежных выданьняў атрымлівалі іх на сьмех сабачы — 60 рублёў за кнігу, і гэта быў яшчэ добры ганарар. А то плацілі па 40, 20 і нават па 10 рублёў за выданьне. I ўсё тое — паводле закону, скардзіцца на які не было прынята. Вялікі «законьнік» Багамолаў судзіўся з пэўнымі арганізацыямі ў Маскве і высудзіў 15 рублёў-чэкаў за пульхны раман, выдадзены ў Чэхаславаччыне.

Зрэшты, што да выдавецкай практыкі некаторых сацкраін, дык тая часам ішла на парушэньне савецкіх законаў — кнігі выдаваліся без афіцыйнай дамовы, амаль пірацкім спосабам. Затое ў выпадку прыезду аўтара ў краіну да моманту выхаду кнігі яму плацілі ганарар толькі з утрыманьнем унутранага падатку. Але тая практыка хутка была забароненая. За «парушэньне правілаў валютных апэрацыяў» каралі строга. Спадчыньнікі нобелеўскага ляўрэата Б. Пастарнака апынуліся ў турме за тое, што адважыліся атрымаць нейкія грошы, якія належалі нябожчыку. Iншых прасьледавалі па лініі барацьбы супраць валютчыкаў-фарцоўшчыкаў...

У мяне ў Парыжы рыхтавалася да выхаду ці ня трэцяя кніга прозы, і знаёмая супрацоўніца выдавецтва Люся Катала прыслала выдавецкае запрашэньне. Узяўся афармляць дакумэнты на паездку — аб’ектыўкі, характарыстыкі, анкеты-візы, даведку аб стане здароўя. Паводле прыватнай дамоўленасьці з выдавецтвам меўся прыехаць у першай дэкадзе кастрычніка, якраз да моманту выхаду кнігі, каб пасьпець атрымаць ганарар. Iмкнуўся ўсё зрабіць упару, і прыехаў у Парыж, як дамовіліся. У аэрапорце Дэ Голь мяне спаткала клапатлівая Люся (дарэчы, наша зямлячка з Бабруйску), на аўтамабілі павезла ў Лацінскі квартал, дзе быў замоўлены гатэль. Па дарозе паведаміла «прыемную» навіну: учора ў выдавецтва прыехаў парыжскі ўпаўнаважаны «Саюзкнігі» і забраў мой ганарар. Рэшту, што мне належыць, я магу атрымаць у Маскве.

Усё стала зразумела. Тыдзень майго гасьцяваньня ў Парыжы меўся абысьціся кішэннымі франкамі, якія прэзэнтавала выдавецтва. Тры тысячы ганарару пайшло на фінансаваньне мілай выведкі, што і «суцешыла» аўтара. Мабыць, спачуваючы маёй фінансавай няўдачы, выдавецтва імкнулася кампэнсаваць яе адмысловым клопатам — павяло ў знакамітую «Ратонду», дзе частавала марскімі вожыкамі. А ўвечары за мной у гатэль заехаў Яфім Эткінд1, павёз на кватэру да Катала, дзе адбылася прыязная гутарка са славутымі эмігрантамі Віктарам Някрасавым, Андрэем Сіняўскім і Марыяй Васільеўнай Розанавай. Сіняўскі пачуваўся даволі бадзёра і, як калісьці Камю, на ўсё і ўсім казаў НЕ, што трохі мяне зьдзівіла. Віктар Платонавіч2 выглядаў кепска, жыць яму засталося няшмат.

Люсіна сяброўка Iрына Сакалагорская назаўтра звазіла мяне ў Барбізон, улюбёную вёску постімпрэсіяністаў, а таксама на славутыя могілкі Сен-Жэнеўеў дэ-Бавуа, якія да канца дня забясьпечылі мой пэсымізм. Муж Iрыны быў на той час дэканам Сарбоны, і ён арганізаваў мне лекцыювыступ ва Усходнім унівэрсытэце, дзе вывучаліся ўсе мовы Савецкага Саюзу, апроч беларускай. Я папытаўся, чаму так? Адказалі, што няма зацікаўленьня: тую мову ніхто ў Парыжы ня ведае. Вось гэта сюрпрыз! Але чаму ж сюрпрыз? — думаў я. Чаму яе павінны ведаць у Парыжы, калі ня хочуць ведаць у Менску?

Дыктат Масквы ў галіне яе выдавецкай палітыкі распаўсюджваўся далёка і дасягаў драбніцаў. Аднойчы мы былі з дэлегацыяй Саюзу пісьменьнікаў у Сафіі і меліся атрымаць там нейкі ганарар. З выплатай яго балгары доўга цягнулі і толькі ў апошні дзень паклікалі нас у бухгалтэрыю. Там, нібы між іншым, паказалі атрыманую з Масквы тэлеграму, дзе значылася, колькі каму з нашых аўтараў належала заплаціць у працэнтах. Сыракомскаму3 — 60, Ахмадулінай4 — 90, Вазьнясенскаму5 — 75, Быкаву — 15. Чаму так — было незразумела. Высьветлілася толькі тады, як атрымалі грошы — усім прыкладна па 200 леваў, — незалежна ад жанру і памеру публікацыяў. У тым была сьвятая сацыялістычная справядлівасьць, як жартавалі масквічы.

Тады ж у Плоўдзіве са мной здарыўся першы сардэчны прыступ, сталася дужа кепска. Добра, што побач былі сябры. Ратаваў мяне мой аднагодак, славуты паэт Косьця Ваншэнкін6, духоўна суцяшала Бэла Ахмадуліна. Зь іх дапамогай неяк выкараскаўся, хоць і давялося паляжаць у балгарскім шпіталі.

 

1 Яфім Эткінд (1918 – 1999) – расійскі пісьменьнік, паэт.

2 В. П. Някрасаў.

3 Віталь Сыракомскі (1929–2006) – расійскі пісьменьнік, журналіст.

4 Бэла Ахмадуліна (нар. у 1937) – расійская паэтэса.

5 Гл. зноску 145.

6 Канстанцін Ваншэнкін (нар. у 1925) – расійскі паэт.

104. Аўтамабіль. Ніда

Будаваў у Ждановічах дачу і думаў: буду пісаць! На другім паверсе, у цесным куточку. Між бярозак, што высіліся над дахам, пазіраючы на падворак з ружамі ўнізе.

Але не пісалася мне на дачы. Усё тут шкодзіла — і размовы суседак побач, і брэх сабак, і дзіцячая гамана зь піскам і крыкам. А то яшчэ радыё аднекуль з боку блізкай дарогі. Напрыканцы лета рашыў: паеду ў Ніду1. Усе дужа хвалілі — здатнае мейсьцейка на беразе затокі, поруч з жоўтымі дзюнамі.

Пуцёўкі дастаў у літоўскім літфондзе, трэба было здабыць дазвол. Hіда — у памежнай зоне, проста туды не паедзеш. Хтосьці расказваў, як выправіўся без дазволу, дык завярнулі, прывезьлі ў Калінінград, бы парушальніка. Ведама ж, нашыя межы — заўжды на замку. Нават ад саміх сябе.

Па штамп-дазвол давялося хадзіць разы тры. То ня ў тыя гадзіны, то рана, то позна. То начальнік на прафзанятках, то па справах у свайго начальніка. Нарэшце штампы паставіў. Рабіў ён тое з такім шкадаваньнем, бы губляў палову сваёй зарплаты.

На гэты раз ехаў на сваёй «волзе» з Рыгорам Барадуліным, што сеў поруч, ды Iрынай на заднім сядзеньні. Рыгор быў дужа рады, што вырваўся нарэшце з апрыклага Менску, што наперадзе вольны месяц, калі можна папісаць вершы — ня ўрыўкамі, а як мае быць. Цяпер ён штось распавядаў, сыпаў прымаўкамі, дасьціпнымі слоўцамі, праяўляючы надзвычайную рухавасьць розуму і думкі. То, вядома, ня чыста беларуская рыса, мабыць, часткова латыская, прынятая ў спадчыну ад яго паўлатыша-бацькі. Слухаць яго — насалода, нават калі ён гаворыць экспромтам і не абавязкова вершамі, а вельмі дасьціпнай прозай.

Здаецца, ягоная проза ў той раз мяне падвяла.

Трохі заслуханы ёю, за Ашмянамі пачаў выяжджаць на магістральную дарогу. Быў слотны, туманны ранак, пацелі шыбіны ў аўтамабілі. Пярэдняе шкло ўвесь час цёрлі дворнікі, бакавыя заставаліся матавыя. Перад паваротам налева толькі аднойчы зірнуў управа і павярнуў. I тут жа жахнуўся — поруч, амаль упрыцірку, невядома адкуль вынікла машына, абагнала мяне і рэзка затармазіла. Каб ня ўрэзацца ў яе, я таксама затармазіў, а затым і спыніўся. З машыны выскачыў разьлютаваны кіроўца і накінуўся на мяне, стараючыся выхапіць мяне з салёну. Мае пасажыры, нічога не разумеючы, пачалі крычаць, Рыгор выскачыў на дарогу, Iрына дамагалася ў нападніка — у чым справа? Што мы зрабілі ня так? Я дык ведаў, што зрабіў ня так і чаго заслугоўваў. Добра, што той кіроўца, хоць і ліха ехаў, ды не спудлаваў, а то б пакаціліся абодва пад адкос з дарогі. (Цікава, што на тым скрыжаваньні годам пазьней разьбіўся мой гарадзенскі сябра Барыс Клейн, паўгода хадзіў на мыліцах. Заклятае месца!)

Астатняя дарога выдалася без здарэньняў, хаця мае паджылкі яшчэ доўга дрыжэлі.

З таго вопыту я зразумеў, што небясьпека пільнуе аўтамабіліста ня толькі на дарозе, на вуліцы, але можа быць і ўнутры аўтамабіля. Ведама, ва ўсіх адносінах лепей за ўсё езьдзіць без пасажыраў, калі гэта магчыма. Гродзенскі мастак Пушкоў пагадзіўся падвезьці суседа, ды перакуліўся каля Друскенікаў, і змушаны быў некалькі гадоў плаціць таму — за прычыненую інваліднасьць.

Гады праз два пасьля таго здарэньня, на другой ужо машыне ў Менску ня змог пазьбегнуць сутыкненьня (зноў не прапусьціў), і на перакрыжаваньні самазвал дужа ўлупіў мне ў правы борт. Добра, што ў машыне я быў адзін, без пасажыраў.

Каб пазьбегнуць аварыі (па ўласнай віне), патрэбна ня толькі выконваць правілы руху, мець спраўную тэхніку і быць цьвярозым. Але яшчэ і мець вераўчаныя нэрвы, заўжды пачувацца спакойным. Нават калі ў цябе ўрэжа самазвал, не губляць раўнавагі. Я так ня ўмею і таму не лічу сябе добрым шафёрам, хоць паезьдзіў за рулём нямала гадоў.

Пасьля я шмат езьдзіў з Рыгорам, прывык да яго гаворкі і рэагаваў на яе нармальна. У чымсь ён нават мяне супакойваў — найперш, вядома, добразычлівай спаважнасьцю, якая для кіроўцы заўжды шмат значыць. Што ж да жонкі, зь якой мы езьдзілі шмат гадоў, дык яна засвоіла абавязак памагаць весьці машыну — папярэджваць, падказваць, напамінаць. Толькі што не круціць руль. Хаця аднойчы, як я нядбайна паставіў на касагоры машыну і тая пакацілася да недалёкай рэчкі, Iрыне давялося яе ратаваць. Яна дагнала машыну, расчыніла дзьверцы, ухапілася за рычаг [ручнога] тормазу і не дала машыне зрабіць буль-буль з крутаватага берагу. Прызнаюся, да майго гонару, — ніколі не сядаў за руль п’яны, нават учора ўвечары выпіўшы. Баяўся збольшага не аварыі (кажуць, што паводле статыстыкі ўсё ж цьвярозыя болей робяць аварый, чым п’яныя), а сустрэчы зь інспэктарам. Уяўляў, што сказалі б мае нядобразычліўцы, калі б пачулі, што Быкаў «папаўся п’яны за рулём». Дужа не хацелася даць ім дадатковай радасьці.

За чвэрць стагодзьдзя я аддаў аўтамабілю ці ня болей сілы і эмоцыяў, чым літаратуры. Прычына таго, відаць, у спазьнелым прыходзе да нас сусьветнае зьявы — аўтамабілізацыі. У той час, як людзі іншых краінаў Эўропы і Амэрыкі выдатна засвоілі машыны і дарогі, мы толькі пачалі садзіцца за руль. Некалькі дзесяцігодзьдзяў наш чалавек за рулём лічыўся аўтааматарам з адпаведнымі да яго адносінамі ў грамадзтве. Неяк будучы ў Балгарыі, я запытаў пісьменьніка Косту Странджава, які вёз мяне з Плоўдзіва ў Сафію, каторая гэта ў яго машына, мабыць, ня першая? Коста з гонарам адказаў: пятая ўжо. А я тады ня меў яшчэ і першай.

Каб набыць першую (папулярныя на той час «жыгулі»), давялося хадайнічаць перад аблвыканкамам, доўга чакаць ды і купіць амаль са скандалам: машына была разьмеркавана ў іншы раён — для перадавікоў вытворчасьці. Позна ўзяўся за руль, затое вучыў машыну, як ніхто з тых, што іх мелі зь дзяцінства. Аднойчы ў Парыжы запытаўся ў Iрыны Сакалагорскай пра нейкую дэталь у яе рухавіку, і яна паціснула плячыма — ня ведаю. Я капот ніколі не адчыняю. — А як жа ты езьдзіш? — Вельмі добра. Калі што псуецца, тэлефаную ў гараж, прыяжджаюць хлопцы і ўсё робяць, што трэба. А я — заплаціла і паехала... I так сорак год за рулём.

У нас так не бывае. У нас за недасканалую тэхніку, дрэнныя дарогі, п’яных суседзяў-кіроўцаў плоцяць нэрвамі і жыцьцём. Мой мілы аўтамабільны сябра Алесь Ставер2 езьдзіў на разьбітай машыне, зь няспраўным рухавіком, без надзейных тармазоў і загінуў у дарожным здарэньні. Застаўся рукапіс яго партызанскага раману, які ніхто не схацеў выдаваць.

З уласнага вопыту засвоіў простую ісьціну: калі ты сам сабе не паможаш, дык не паможа ніхто. Так ужо быў заснаваны і функцыянаваў наш славуты савецкі аўтасэрвіс, зь якім я, як і шмат якія «аўтааматары», паймеў нямала адносінаў. Тыя адносіны не прыносілі нічога, апроч расчараваньня і прыкрасьці. Калі ня горш. Генэрал Сульянаў паставіў на колькі хвілінаў сваю «волгу» каля менскага басэйну, і яна зьнікла. Доўга шукалі, хадзіў да міністра, наймаў экстрасэнса. Вопытныя людзі спыталі: машыну рамантаваў? Ключы аддаваў? Во ў тых і шукайце... Дужа падобна на праўду, — той аўтасэрвіс ужо тады быў бандыцкі.

Але каб даць сабе рады, для пачатку трэба хоць штосьці ведаць. Парады дабрахотаў-дарадцаў можна слухаць заўсёды, але не заўсёды ім верыць. Лепей за ўсё — літаратура. I з усяго яе тэхнічнага мноства, набытага мной, самая надзейная — яна ж і самая элемэнтарная — інструкцыя, што прыкладваецца да машыны. Там ёсьць калі ня ўсё, дык самае неабходнае. У «Аўтасэрвісе» няма і таго.

У слаўны літоўскі Дом творчасьці Ніды трэба было ехаць цераз Клайпеду, пасьля на пароме да прычалу Куршскай касы. За гушчаром хвойнікаў здалёк бялелі пясчаныя горы-дзюны. На ўскраіне ладнага пасёлачку кучкавалася некалькі мадэрновых дамовак з масіўным франтонам сталовай. Далей над хвойнікам высіўся паласаты слуп марскога маяка. То і была знакамітая Ніда.

Там я пісаў «У тумане»3. Рыгорка ў будынку насупраць чытаў Платонава4 і пісаў вершы. Увечары мы спатыкаліся і пешаходнай дарожкай ішлі ўніз да берагу мора. Удзень наўзбоч той дарожкі ў траве Iрына зьбірала рыжыкі, саліла на закусь. Закусь была цудоўная! Шкада, Рыгор даўно ўжо ня браў — набраўся ў свой час на жыцьцё. Ён быў упэўнены, што паэт, які не прайшоў алкагольнае загартоўкі, кепскі паэт. Таму ёсьць безьліч прыкладаў і самы красамоўны — сучасная беларуская паэзія, якая — дрэнь. I ўсё таму, што паэты ня п’юць. Паўступалі ў партыю і баяцца атрымаць вымову. А з тым страхам якая ж можа быць паэзія? То была сьвятая праўда. З усіх знаёмых цьвярэзьнікаў мы паважалі толькі аднаго (і то не паэта) Алеся Адамовіча, які тым ня менш цьвёрда і ня раз абяцаў пачаць піць. Ды не сабраўся — заела палітыка. А то жыў бы і дасюль.

Сюжэт «Туману» быў гатовы даўно. Iдэя чалавечай безвыходнасьці нязрушна сядзела ў маёй сьвядомасьці і час ад часу дамагалася рэалізацыі. Некаторыя казалі: пэсымізм, фаталізм, розныя іншыя ўпадніцкія ўплывы. Можа, і так. Але колькі ў людзкім жыцьці здараецца канфліктаў — з сабой ці з грамадзтвам, якія разьвязаць немагчыма. Не паддаюцца ніякім разумным высілкам. I ня толькі ў сытуацыі, калі дабро супрацьстаіць злу. Але і тады, як пісаў Гегель5, калі канфлікт ляжыць у адносінах правага з правым. Toe ўжо трагедыя. Як паглядзець, дык усё чалавечае жыцьцё —трагедыя, бо ўсе пачуваюцца правымі. Ніхто ня лічыць сябе вінаватым.

Рыгор дужа хваліў Платонава, я ж чытаў яго без ахвоты. Дужа ненатуральна, нязвыклая мова, зь вялікім націскам на паталёгію характараў. З тае прычыны мне шмат што не падабаецца ў Дастаеўскага. Мабыць, я ўсё ж у большай ступені рамантык, чым некаторым здаецца. Калі не ў сваіх творах, дык у сваіх чытацкіх прыхільнасьцях. Дон Кіхот — во мая кніга. Хаця тая прыхільнасьць у мяне зь дзяцінства, але ж усе мы — зь дзяцінства. Не з унівэрсытэту ж.

Для Рыгора жыць — гэта пісаць вершы. Гаварыць вершамі і думаць таксама вершамі. Таго ніякая сіла ня можа яго пазбавіць. I яшчэ жарсьці. Грышкавы жарсьці — рухавік ягонай паэзіі. Людзей ён дзеліць на дзьве катэгорыі — чорных і белых. Можа, і спрошчана, але затое дакладна. Ці так, ці гэтак. Вядома ж, тое не хрысьціянскі — цалкам паганскі прынцып. Але натуральнаму чалавеку — Рыгору падабаецца паганства. Здаецца, пасьля ўсіх перажытых намі мітрэнг ён мае рацыю.

 

1 Курортнае мястэчка на Куршскай касе Літвы. В. Быкаў адпачываў у Доме творчасьці Саюзу пісьменьнікаў Літвы.

2 Алесь Ставер (1929–1994) – беларускі паэт.

3 Аповесьць «У тумане» была завершаная ў 1989 г.

4 Андрэй Платонаў (сапр. Кліментаў, 1899–1951) – расійскі пісьменьнік.

5 Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель (1780–1831) – нямецкі філёзаф.

105. Чарнобыль

Я сядзеў на дачы і замест таго, каб паліваць свае ружы, пісаў нейкі артыкул. Апошнім часам здорава даймалі газэты і часопісы, зрэдчас радыё і тэле, — усім спатрэбіліся артыкулы наконт перабудовы. Мабыць, прафэсіяналаў-перабудоўшчыкаў бракавала, і яны ўспомнілі аматара Быкава. Нядаўна яшчэ пазьбягалі ўспамінаць маё імя, цяпер жа напрамілы Бог прасілі: напішы хоць што-небудзь. Я і пісаў, а яны рэдагавалі, было, што і дапісвалі і перапісвалі так, як ім было трэба. Колькі разоў я даваў зарок не пісаць, але яны былі кваліфікаваныя прафэсіяналы і ўмелі дамагчыся свайго. I Быкаў чарговы раз змушаны быў пісаць.

У такі час прыйшла наша мілая суседка Валянціна Мікалаеўна Мільто, сказала, што ўчора адбылася нейкая катастрофа на Украіне, Захад дужа ўстрывожаны. Катастрофаў у нас заўсёды хапала, хаця пра іх і не паведамлялі, каб не псаваць настрой працоўных, не выклікаць панікі. I я не трывожыўся — працягваў сваю пісаніну. Але ўсё ж весткаў пра бяду болела, штось перадало Бі-Бі-Сі. Надвячоркам стала вядома, што сапраўды сталася катастрофа — выбухнуў рэактар у Чарнобылі. Але тое — на Украіне, чаго нам баяцца?

У Беларускім ЦК так і сказалі, калі туды патэлефанаваў хтось з дачных суседзяў. Але неўзабаве на сваю дачу ў пасёлку прыехаў Васіль Барысавіч Несьцярэнка, які быў дырэктарам ядзернага цэнтру ў Соснах. Ён толькі што прыляцеў з Масквы і першым чынам завітаў у ЦК біць вялікую трывогу, прымаць меры. Радыенукліды ўжо засыпаюць Беларусь — прыборы рэгіструюць небясьпечныя дозы. Кіраўніцтва ЦК яго супакойвала — нічога страшнага. Той, аднак, не сунімаўся — тузаўся да ўсіх інстанцыяў, ужо ён разумеў, чым тое пагражала народу. Але што ён мог зрабіць? Што наогул можна было зрабіць? Кузьмін, якому я патэлефанаваў, сказаў, што трэба ўжываць ёд. Некалькі кропляў ёду на драбок цукру, і ўсё. Болей сродкаў ад атаму мы ня мелі.

Увечары зь Кіславодзку патэлефанаваў Адамовіч, — ён выяжджае. Я жартам сказаў, каб з тым не сьпяшаўся, хай бы захаваўся адзін зь беларусаў — дзеля чысьціні генафонду. Нам ужо ратавацца позна. Тым ня менш Адамовіч прыехаў. Адразу пабег у ЦК, дзе супакоіць яго таксама нічым не маглі. Хаця перад тым і запэўнілі Гарбачова, што беларусам чарнобыльскі атам не пагражае. Гарбачоў паставіў іх у прыклад украінцам, якія запанікавалі і прасілі грошы. Беларусы нічога не прасілі. Тады Адамовіч спаткаўся зь Несьцярэнкам і дазнаўся ад яго, што насамрэч нашыя справы — дрэнь. Галоўнае, няма прыбораў, каб мераць ступень паразы, няма ніякіх іншых сродкаў. Адамовіч паімчаў у Маскву, да Гарбачова — ратаваць беларускую нацыю. Гарбачоў быў у стане вялікай трывогі і разгубленасьці — каму верыць? Партыйнаму кіраўніцтву, якое маўчала, вучоным, што захоўвалі зайздросную вытрымку, ці «панікёру» Адамовічу? Усё ж ён паверыў дылетанту Адамовічу, якому ўдалося празь яго выбіць нейкую колькасьць дазіметраў. Генсек адчуў нутром, чыя праўда і хто яго ашуквае. Зрэшты, мабыць, і самому Гарбачову хацелася ашукацца, калі б была магчымасьць.

На выхадныя, калі ні ў Маскве, ні ў Менску нікога з начальства нельга было знайсьці, Адамовіч прыехаў дадому. У гарадзкіх умовах спаткацца было немагчыма, нашы кватэры даўно і шчыльна праслухоўваліся, і мы дамовіліся махнуць на прыроду. Паехалі ў бок Iвянца, на Iслач, ля рачнога беражку паставілі машыну. Пакуль жонкі Iрына і Вера ладзілі закусь, паволі пайшлі між дрэваў. Саша пачуваўся дужа заклапочаны, нават падаўлены тым, што нядаўна адбылося. А галоўнае — замшэлай глухатой кіраўніцтва, якое дбала пра адно: каб як мага далей ад народу схаваць небясьпеку. Каб ён ціха сядзеў і памалу, неўпрыкмет канаў, не трывожачы начальства. Мы тады мала што ведалі, але пра небясьпеку радыяцыі Адамовіч ужо начуўся ў Маскве. Ды й наш Несьцярэнка нямала пра тое паведаміў. Акадэмік Лягасаў распавёў болей за іншых, бо, мабыць, лепей за іншых ведаў, што гэта такое — чарнобыльскі выбух. Хутка атамныя электрастанцыі будуць выбухаць адна за адной, сказаў ён — Курская, Смаленская, Ленінградзкая... Паратунку ад таго пры гэтай сыстэме акадэмік ня бачыў і, мабыць, з тае прычыны празь нейкі час скончыў жыцьцё самагубствам. Адамовіч быў вельмі ўстрывожаны і сказаў, што надышоў час, калі трэба званіць ва ўсе званы — ратаваць чалавецтва. Да таго шэраг гадоў ён біў у званы — ратаваў сьвет ад ракетна-ядзернага шаленства, цяпер надышла чарга рабіць тое ад «мірнага» атаму. Мы павінны як мага болей выступаць у друку, па тэлевізіі, проста гаварыць зь людзьмі, даводзіць, што ім нарыхтавала савецкае кіраўніцтва на чале з выпрабаваным ленінскім авангардам. Гарбачоў, падобна, пачынае што-нішто разумець, але ён адзін, да таго ж абкружаны шчыльнай чэкісцкай сьцяной, для якой не існуе нічога, апроч іхняй звыродлівай ідэі — улады на грунце марксызму-ленінізму. Дзеля яе чысьціні і нязрушнасьці яны гатовы ахвяраваць чалавецтвам.

Тады ж Саша распавёў мне, як па сканчэньні ўнівэрсытэту яго вербавалі ў сэксоты і як ён выкручваўся. А нядаўна дазнаўся, што вярбоўка выпускнікоў была зусім ня выбарачнай, як пра тое гаварылі вербаўшчыкі (мы вас паважаем і толькі вам прапануем і г. д.), а спрэс і ўсіх, — каб кожнага мець у сваёй кішэні. З разьлікам на ягоную кар’еру, удачу, непрадбачаныя абставіны, калі завербаваць будзе болей складана. Агенты-сэксоты ўсюды патрэбныя, менавіта яны, а зусім ня члены партыі ёсьць галоўнае апірышча рэжыму. Мабыць, сапраўды ўсе камуністы — патэнцыяльныя ці сапраўдныя сэксоты, хаця, зразумела, ня ўсе сэксоты — камуністы, нямала там і беспартыйных. То ёсьць згуртаваны і разгалінаваны сакрэтны клан, які пераўзыходзіць усе вядомыя ў гісторыі кланы, у тым ліку і масонскі. Калгасьнік з паляводчай брыгады такі ж сэксот з клічкай, як і міністар або прафэсар, і змушаны аднолькава верна служыць свайму куму, якому падпарадкаваны да сьмерці. Бясьпека разводу не дае, слушна заўважыў калісьці Сакрат Яновіч1.

Я тады папытаўся: як жа нам адносіцца хоць бы да некаторых сяброў, пра якіх можна з упэўненасьцю меркаваць, што яны — там? Што сэксоты. Саша са скрухай сказаў: «Увогуле тое — невырашальная праблема. Гэта ўсё роўна як сьмяротная кара. Што лепш — забіць усіх, каб сярод іх не прамінуць ніводнага злачынцу, ці ўсіх памілаваць, каб не дакараць ніводнага невінаватага? Тое пазытыўна вырашыць нельга, у любым выпадку застанецца шанец на памылку, і на надзею таксама».

О, гэта праклятая людзкая надзея, матка дурных, як яе трапна вызначыў некалі Максім Гарэцкі2 ! Яе выдатна навучыліся скарыстоўваць усе — ад Гітлера да Сталіна! Няшчасных быццам бы вялі ў лазьню, дзе труцілі ц ы кл ё н а м3, стралялі ў Курапатах4, сказаўшы, быццам саджаюць на дзесяць гадоў без права перапіскі. Будавалі турму народаў, а казалі — камуністычнае грамадзтва, і заклікалі да надзеі на сьветлую будучыню. Менавіта надзея болей як страх паралізавала волю, адбірала сілы і суцяшала чалавецтва. А зараз, пасьля Чарнобылю, чым суцешымся? Распад плутонію магчымы праз сто тысяч гадоў. Адамовіч спасылаўся на нядаўнюю выснову Макса Борна наконт таго, што калі нават нуклеярную катастрофу і ўдасца папярэдзіць, нічога, апроч цёмнай будучыні, не чакае чалавецтва. Во што натварыла навука, тэхнічны прагрэс і камунізм разам з капіталізмам напрыканцы тэхналягічнага XX стагодзьдзя.

Мілы, разумны Саша, якую балючую праўду ты кажаш! I як нам жыць, ведаючы тую тваю праўду? — разгублена думаў я.

 

1 Як пазьней выявілася, Сакрат Яновіч – па ўласным прызнаньні – таксама супрацоўнічаў з адпаведнымі службамі выведкі.

2 Максім Гарэцкі (1893–1939) – беларускі пісьменьнік, літаратуразнавец, пэдагог.

3 Разьбіўка аўтара. Газ «Zуklon B» выкарыстоўваўся ў 1940-я гг. найчасьцей з мэтамі дэзінфэкцыі вопраткі вязьняў.

4 Месца пад Менскам, дзе карныя органы БССР забівалі нявінных ахвяраў.

106. Дубянецкі. Адамовіч

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» выдала некалькі тамоў майго Збору твораў1, Надышла чарга двух апошніх, і я здаў у рэдакцыю рукапіс «Мёртвым не баліць». Гэтая аповесьць асобнаю кніжкай у Беларусі не друкавалася (у Расеі таксама), упамінак пра яе не дазваляўся. За тым пільна сачыў сам куратар савецкай цэнзуры, намесьнік загадчыка ідэалягічнага аддзелу ЦК КПСС таварыш Сеўрук. Калі аднойчы В. Аскоцкі ў прадмове да зборніку маіх аповесьцяў2 напісаў пра яе некалькі фактаў, увесь тыраж кнігі вярнулі ў друкарню і прымусілі выдзіраць тыя старонкі. Друкарня, выдавецтва і аўтар артыкулу пратэставалі, ды марна. Зьнявечаная кніга пайшла ў продаж3.

Але час быццам зьмяніўся. З моманту першай, часопіснай публікацыі аповесьці мінула болей за дваццаць гадоў, і выдавецтва вырашыла, што ў Зборы твораў аповесьць можна надрукаваць. Тым болей, як паведаміў мне дырэктар [выдавецтва «Мастацкая літаратура»] Міхал Хведаравіч Дубянецкі, яна значылася ў каталозе і на кніжнай ярмарцы сабрала нямала кантрактаў. ЦК КПБ у асобе А. Кузьміна таксама не пярэчыў яе выданьню. Рэспубліканскі галоўліт паставіў свой штамп, і рукапіс быў адпраўлены на паліграфкамбінат.

Ды выдаўцы і іх аднадумцы, відаць, не ўлічылі аднаго моманту — пільнасьці ўнутраных сэксотаў. I вось менавіта зь іхняй ініцыятывы ў Менск з маскоўскага галоўліту прыйшоў загад аповесьць Быкава не выдаваць. Дубянецкі паведаміў мне пра тое і раззлаваны сказаў, што ён паслаў у Маскву тэлеграму на імя сакратара ЦК тав. Зімяніна, дзе скардзіцца і пратэстуе. Усё ж і Зімянін, і Сеўрук — нашыя землякі, павінны ж яны паспачуваць сваім людзям.

Бедны і наіўны, нягледзячы на свой партыйны вопыт, Міхал Хведаравіч, на што ён спадзяваўся! Я распавёў яму пра выпадак з вайны, калі адзін з паліцаяў расстрэльваў групу землякоў, сярод якіх быў ягоны стрыечны брат. Паліцай быў добры чалавек і як для брата зрабіў выключэньне — падаслаў яму ў магілку сьвежага хвойнічку. Усё ж брат... Дубянецкі мне не паверыў, сказаў: вось убачыце, яны свой загад адменяць. Трэба пачакаць адказу.

Замест іхняга адказу ён неўзабаве дачакаўся выкліку ў ЦК КПБ, строгай вымовы і ўрэшце — адстаўкі. Пазьней з руплівым заступнікам за беларускую літаратуру здарыўся інфаркт, пасьля якога ён хутка апынуўся на Паўночных могілках. Але тады прыгоды са злашчаснай аповесьцю працягваліся. Паклікаўшы мяне пасьля Дубянецкага, Кузьмін сказаў, што трэба ў аповесьці нешта перарабіць, хаця б для прыліку памяняць словы ці што? Тое дасьць падставу паведаміць у Маскву, што аўтар грунтоўна перапрацаваў твор. Я трохі падзівіўся наіўнасьці Аляксандра Трыфанавіча, але зрабіў так, як ён раіў, — трохі пачысьціў стыль. I праўда, аповесьць у такім выглядзе (надта, дарэчы, зьнявечаным пасьля шматлікіх рэдагаваньняў) і была надрукаваная ў апошнім томе майго Збору твораў. На гэты раз Сеўрук ня мог дамагчыся свайго і адступіў — вырашыў дабраць у іншым.

Завітаўшы да мяне на кватэру, Адамовіч сказаў, што напісаў ліст Гарбачову, прынёс, каб я яго прачытаў. То была скарга генсеку на яго падначаленага Сеўрука, які даўно і нязрушна зрабіўся злым геніем беларускай літаратуры, у прыватнасьці да пісьменьнікаў Быкава і Адамовіча. Далей у лісьце ішоў пералік выпадкаў, калі Сеўрук загадваў рэдактарам і дырэктарам выдавецтваў не друкаваць гэтых літаратараў, зьнімаць са старонак часопісаў іхнія творы, выкідваць артыкулы і нават не пушчаць Адамовіча ў замежныя паездкі, дзе ён павінен быў выступаць з дакладамі. Ты падпішаш? — пытаўся Адамовіч. Я выказаў сумнеў у карысьці такога звароту, сказаў, што ніколі гэтым людзям ня скардзіўся, але падпісаў. Чаго за кампанію ня зробіш?

Доўга з Масквы не было ніякага адказу, затым абодвух падпісантаў нечакана паклікаў Кузьмін. Ён зачытаў нам частку паперы, што атрымаў з апарату ЦК. Там паведамлялася, што з нагоды скаргі двух літаратараў у ЦК КПСС праведзена старанная праверка дзейнасьці тав. Сеўрука В. Н. і што ніводзін факт, прыведзены ў іхнім лісьце, не пацьвердзіўся. Дырэктары выдавецтваў і рэдактары часопісаў паказалі, што тав. Сеўрук не ажыцьцяўляў у адносінах да іх ніякага дыктату, што патрабаваньні да пісацеля Адамовіча былі зроблены па іх асабістай ініцыятыве. У заключэньне сакратару ЦК КПБ загадвалася прыняць меры ўзьдзеяньня да двух беларускіх паклёпнікаў, якія дапусьцілі неадэкватныя выпады супраць адказнага работніка ЦК КПСС. Адамовіч слухаў усё тое, і ягоны твар браўся чырвонымі плямамі, я ж адчуваў зласьлівую радасьць за сябра — будзеш ведаць, як скардзіцца! Прачытаўшы, Кузьмін таксама заўсьміхаўся — ну што мне з вамі рабіць? Былі б члены партыі — паставіў бы пытаньне аб выключэньні, а так... Перадам у прафсаюзную арганізацыю, сказаў ён і шчыра засьмяяўся. Мы сумна засьмяяліся разам.

Ня ведаю, ці пісаў што яшчэ Адамовіч у ЦК, я на тую гісторыю амаль забыўся. Але як бы то ні было, Сеўрук усё ж вылецеў з ЦК і апынуўся... намесьнікам галоўнага ў

«Известиях». Пасьля працаваў яшчэ недзе, аж покуль ня стаў давераным дарадцам прэзыдэнта РБ. З чым абодвум – нашае зь нябожчыкам [Алесем Адамовічам] віншаваньне!4

 

1 Збор твораў у 4-х тамах.

2 Быков В. Дожить до рассвета. М.: Известия, 1979 (з пасьляслоўем В. Аскоцкага «По праву памяти (Василь Быков: нравственные уроки “военной прозы”)».

3 Тры папярэднія сказы друкуюцца ўпершыню паводле аўтарскай кампутарнай раздрукоўкі тэксту.

4 Два папярэднія сказы ўпершыню друкуюцца ў аўтарскай рэдакцыі. У кніжным выданьні было: «Пасьля працаваў яшчэ недзе, аж покуль ня стаў давераным дарадцам ураду РБ.».

107. Курапаты

У краіне пачало адбывацца штось незвычайнае, немагчымае ніколі раней. Шмат якія газэты, нават маскоўская «Правда», пісалі аб неабходнасьці перабудовы, беспэрспэктыўнасьці савецкай эканомікі. Я надрукаваў некалькі артыкулаў у «Известиях» (шчыраваньнем Матукоўскага), у «Зьвязьдзе» і нават у «Советской Белоруссии». Галоўным чынам наконт нашага нядаўняга мінулага. «Комсомольская правда» зьмясьціла мой артыкул у абарону духоўных каштоўнасьцяў. То быў адказ на публікацыю вядомага ваяўнічага бязбожніка, прафэсара Крывялёва. Цяпер бы я такі артыкул не пісаў, але што зробіш, упушчанага ня вернеш. Тады здавалася, што рэлігія будзе на баку дэмакратыі, бо Хрыстос па сутнасьці быў дэмакратам. Аднак сталася інакш. Праз дужа кароткі час праваслаўная царква і камуністы даволі гарманічна паядналіся — галоўным чынам на еднасьці імпэрыялістычнай ідэі, што прычынілася да разбурэньня рэлігійных ілюзіяў у постсавецкім грамадзтве.

Старая савецкая ідэалёгія ўпарта не хацела саступаць са сваіх пазыцыяў. Калі Элем Клімаў зьняў па сцэнару Адамовіча неблагі фільм пра партызанку1, чыноўнікі ад кінематографу рэзка супрацівіліся. Зьняты ў Беларусі, ён, натуральна, ня мог абысьці ўвагу беларускага кіраўніцтва, і калі фільм неяк падтрымліваў Кузьмін, дык рэзка супраць выступаў аддзел культуры ЦК. Аднойчы менавіта Кузьмін арганізаваў абмеркаваньне фільму грамадзкасьцю, для чаго былі запрошаны партызаны, ветэраны, некаторыя пісьменьнікі. Мы з Сульянавым выступілі ў падтрымку фільму, Антановіч — супроць, і з таго часу рэзка разышоўся з Адамовічам.

Toe разыходжаньне не было нечаканасьцю для абодвух. Супраць Адамовіча на тым часе стварылася пэўная апазыцыя ў Беларусі, асабліва сярод маладых нацыяналаў. Прычына таго была простая — Адамовіч сваю прозу пісаў парасейску, хаця літаратуразнаўства і крытыку — па-беларуску. Аднойчы ён зьмясьціў (здаецца, у «ЛіМе») дыскусійны артыкул пра неабходнасьць падвышэньня інтэлектуальнай вартасьці беларускай прозы, якая, на думку аўтара, празьмерна ўпадабала грэцца каля нацыянальнага «цяпельца». Toe выклікала гарачае незадавальненьне маладых, падагрэтае пэўнымі людзьмі з ЦК. Урэшце і кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў Ніл Гілевіч стаў2 у шэраг праціўнікаў Адамовіча, што стала для апошняга зусім нясьцерпным і падрыхтавала ягоны ад’езд у Маскву. Там яго абралі дырэктарам інстытуту кінамастацтва. Шмат хто ўзрадаваўся ад’езду, мне ж стала дужа сіратліва бяз Сашы. Хаця ён і званіў з Масквы, коратка пісаў, зрэдку прыяжджаў у Менск, дзе заставалася ягоная сям’я — жонка Вера і дачка Наташа. Але ўжо было пэўна, што ў Менск ён ня вернецца — на вялікі жаль ягоных сяброў, якія яго вельмі любілі. Некалі звычайна маўклівы Навум Кісьлік сказаў пра Сашу: «Калі б ён піў, яму б цаны не было». Гэта была вышэйшая адзнака Адамовічу ад пітной кампаніі. Але ў Менску яму даўно стала цесна і душна, зрэшты, таксама як і ў Маскве, адкуль ён аднойчы ўжо ўцякаў менавіта ў Менск. Мабыць, чалавеку гэткага сумленьня і таленту нідзе няма месца на сьвеце. У Менску ён прабыў столькі гадоў толькі дзякуючы падтрымцы Кузьміна, якога насуперак шмат чаму цаніў і нават любіў. Здаецца, тое было ўзаемна.

Галоўным рэдактарам «ЛіМу» тады быў Анатоль Вярцінскі, ён намагаўся рабіць газэту пісьменьнікаў актыўным барацьбітом за перабудову, надрукаваў шэраг сьмелых і глыбокіх артыкулаў пра палітыку і асабліва пра стан беларускай мовы. Аднойчы ён пазваніў мне і папрасіў пра адну паслугу. Рэч была ў тым, што два аўтары — Зянон Пазьняк3 і Леанід Шмыгалёў4 — прынесьлі яму артыкул пра знойдзеныя пад Менскам пахаваньні ахвяраў НКВД 30-х гадоў. Каб надрукаваць артыкул, трэба «паплавок» — кароценькая прадмова кагось з аўтарытэтных аўтараў, якога ён бачыць у асобе Быкава. Зь Зянонам Пазьняком я ня быў знаёмы, ведаў толькі, што ён піша кніжкі па краязнаўстве і ёсьць аўтарам вельмі добрага артыкулу пра мову, надрукаванага ў эстонскім часопісе «Радуга». У той жа дзень Пазьняк пазваніў мне, і мы спаткаліся каля знакамітай у Менску турмы — Пішчалаўскага замку5. Пазьняк выглядаў старэйшым за свае няпоўныя пяцьдзясят гадоў, быў стрыманы і ветлівы, перадаў мне рукапіс артыкулу, які я прачытаў дома і напісаў кароценькую ўрэзку. Прадбачачы, вядома, які вэрхал паднімецца пасьля публікацыі.

Так яно і сталася. Але ў адрозьненьне ад мінулых часоў цяпер і другі бок мог пастаяць за ўласныя прынцыпы. А прынцыпы гэтыя былі наскрозь выкрывальніцкія ў адносінах да нядаўняга чэкісцкага мінулага. Публікацыю «ЛіМу» падхапілі некаторыя расейскія СМI, польская «Газэта выборча», а затым іншыя замежныя газэты. Урад Беларусі быў змушаны неяк рэагаваць і стварыў камісію па расьсьледаваньні, маючы надзею неяк усё ўтаіць. У тую камісію ўвайшлі высокія ўрадоўцы, генэральны пракурор, старшыня КДБ, некаторыя дэпутаты-пісьменьнікі і мастакі. Старшынёй была прызначана Ніна Мазай, віцэ-прэм’ер ураду. Вырашылі ўсё пачаць з пошуку дакумэнтаў у КДБ. Але старшыня КДБ генэрал Шыркоўскі, у кабінэце якога мы сабраліся, з гаркатой паведаміў, што нічога няма. Усё пагарэла ў вайну, панішчана нямецка-фашыстоўскімі захопнікамі. З сваіх рук ён паказаў некалькі папкаў асабістых справаў, там сапраўды нічога нельга было зразумець. Калі расстралялі, дык было невядома, дзе і хто? Пасьля шрыфтовага надпісу энкавэдыста стаяла чарнільная закаручка, зь якой немагчыма было прачытаць прозьвішча. Умелі шыфраваць, нічога ня скажаш...

Затое на месцы ямаў за кальцавой дарогай справа выглядала іначай. Група салдатаў раскопвала курганкі і ямкі. Раскопвалі паводле ўсіх правілаў археалёгіі, кіраваў сам Пазьняк, пераціраючы ў пальцах кожны драбок зямлі, усё абмерваў і замалёўваў. Вельмі хутка набралася груда касьцей, прастрэленых у патыліцу чарапоў, рэшткаў абутку, асабістых рэчаў, шмат гільзаў ад наганаў. Другая група людзей абышла навакольныя вёскі, сабрала сьведчаньні пра тое, як тут у 30-я гады прывозілі зь Менску людзей і стралялі. Пыталіся: ну а ў вайну ці стралялі тут каго немцы? Адказ быў аднолькавы: у вайну тут нікога не расстрэльвалі, немцы стралялі ў іншым месцы — у Трасьцянцы. (Тое, аднак, не перашкодзіла іншай камісіі, створанай пры Лукашэнку, сьцьвярджаць празь якіх шэсьць гадоў, што тут немцы расстралялі гамбургскіх яўрэяў.) Тады ж афіцыйныя ўлады, у тым ліку і генпракурор са старшынёй КДБ, змушаныя былі прызнаць факт злачынства НКВД. Пра тое яны нават выдалі ў Маскве кнігу. Увогуле ўсё было дасьледавана і зразумела, камісія склала адпаведны акт. Закінутае ўрочышча на ўскраіне Менску набыло назоў Курапаты і зрабілася ахвярным сымболем Беларусі.

Каб той сымболь неяк адзначыць на месцы, трэба было стварыць помнік ці хоць бы які знак. За тое ўзялася адмысловая камісія пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі В.Шаранговіча6. Але спрыяльны для таго час, відаць, быў упушчаны, набліжаўся камуністычны рэванш. Камісія і асабліва яе старшыня не знайшлі ў сабе волі выбраць зь немалой колькасьці праэктаў здатны для матэрыяльнага ўвасабленьня і канчаткова завалакіцілі справу. Нейкі знак там збудавалі паводле ініцыятывы прэзыдэнта Клінтана, якога прывёў у Курапаты лідэр апазыцыі З.Пазьняк. Той знак у выглядзе мармуровай лаўкі неаднойчы спрабавалі разьбіць, пастаўлены грамадзкасьцю крыж валілі, — рэжым рабіў усё, каб сьцерці зь людзкой памяці злачынства бальшавікоў. Цяпер там пракладваюць шасэйную дарогу7, каб тое злачынства назаўжды закаціць пад асфальт.

 

1 Мастацкі фільм «Ідзі і глядзі», зьняты рэж. Элемам Клімавым (1933—2003) па «Хатынскай аповесці» і «Карніках» Алеся Адамовіча.

2 У кніжным выданьні было: «кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў апынулася».

3 Зянон Пазьняк (нар. у 1944) – беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, заснавальнік БНФ.

4 Яўген Шмыгалёў (1928–2000) – беларускі грамадзкі дзеяч.

5 Турма на вуліцы Валадарскага (так званая «Валадарка»).

6 Васіль Шаранговіч – народны мастак Беларусі.

7 Менская кружная дарога.

108. БНФ

Але пакуль што ідэя справядлівасьці і асуджэньня сталінскіх рэпрэсіяў была яшчэ моцнай, асабліва сярод нацыянальнай інтэлігенцыі. Паводле ініцыятывы Зянона Пазьняка было вырашана стварыць адмысловае таварыства — Беларускі мартыралёг з пэрспэктывай ператварэньня яго ў іншую, болей радыкальную арганізацыю. Пасьля Пазьняк скажа, што пра яе стварэньне, апроч яго, ведалі Дубянецкі і Быкаў, але тое не зусім так. Кастрычніцкім надвячоркам я ішоў у Чырвоны касьцёл1, як і шмат хто, для стварэньня Мартыралёгу. Туды ж прыйшлі некаторыя пісьменьнікі і мастакі — Максім Танк, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Уладзімер Калесьнік2, Міхал Дубянецкі і шмат іншых.

Аднак і другі бок прыняў свае меры і няблага падрыхтаваўся. Каб заняць месцы ў зале і не дапусьціць іншых, за гадзіну да пачатку туды папрыходзіла маса кадэбістаў у штацкім, сакратары гаркаму, прадстаўнікі пракуратуры на чале з намесьнікам генэральнага пракурора Кандрацкім. Самы першы прыйшоў з ЦК інструктар Бузук, які, мяркуючы па ўсім, меў выразнае заданьне сарваць сход.

Я таксама прыйшоў крыху раней і забег у кабінэт дырэктара Дома кіно, якім тады быў Чырвоны касьцёл. Там якраз і стаўся сьведкам таго, як гэты Бузук схапіўся з Пазьняком — наконт маючай адбыцца імпрэзы. Пазьняк даў яму добры адлуп, і я падумаў тады: «Цьвярды характар! Каб такіх болей у Беларусі».

Заля ўжо была поўная, заняў свае месцы прэзыдыюм. Кіраваць усім, здаецца, узяўся Міхал Дубянецкі, які сядзеў поруч са мной. Належала абраць кіраўнічыя органы Мартыралёгу, тут і ўсчаўся вэрхал. Асабліва як настала чарга абраць старшыню. Нахіліўшыся да мяне, Дубянецкі сказаў: зараз пасыпяцца прапановы – Быкава. Ужо таго я дапусьціць ня мог і, устаўшы, запрапанаваў Пазьняка.

У залі настаў шум, гоман і крыкі тых, што прыйшлі сюды з намерам сарваць сход. Нешта супраць Пазьняка даводзіў пракурор Кандрацьеў, істэрычна выкрыквала зь месца сакратарка гаркаму. Дубянецкі з трыбуны аб’явіў галасаваньне, але як дайшло да Пазьняка, да яго падскочыў Бузук, пачаў сьпіхваць з трыбуны. Заля абурана крычэла. Тады я ўстаў з-за стала і прапанаваў прадоўжыць галасаваньне. Хто за, хто супраць, аднагалосна! — аб’явіў я, як гэтаму навучыўся на сэсіях Вярхоўнага Савету. На тым усё скончылася. Старшынёй Мартыралёгу быў абраны Зянон Пазьняк.

I тады хтось (ня памятаю хто) прапанаваў з залі: лічыць абраны камітэт Мартыралёгу — аргкамітэтам Народнага фронту. Заля аглушальна запляскала, тыя аплядысмэнты палічылі за згоду. Апанэнты былі ў ярасьці, сьцяміўшы, што ашукаліся. Але ўжо нічога нельга было перарабіць, пратакол сходу пісаўся бязь іх. Як і гісторыя Беларусі таксама. Прынамсі, мы так меркавалі, віншуючы адзін аднаго зь перамогай.

Але тое, што адбылося ў Чырвоным касьцёле, не было аканчальнай перамогай, не было нават яе паловай. Назаўтра мяне паклікаў старшыня Вярхоўнага Савету Г. Таразевіч. Увогуле зь нейкага часу мы былі ў добрых адносінах. Яшчэ вясной я зьвяртаўся да яго з просьбай аб рэабілітацыі шмат якіх дзеячаў культуры. Перад тым на нарадзе ў ЦК мы зьвярталіся да Я.Сакалова3 наконт рэабілітацыі А. Гаруна4 і Ц. Гартнага5, але Сакалоў сказаў, што, «на жаль», няма адпаведных дакумэнтаў. Пасьля прыватным чынам я гутарыў наконт таго ж з другім сакратаром Iгруновым, але ўсё бяз вынікаў. Таразевіч сказаў: «Складзіце сьпіс і падайце мне быццам на памілаваньне». Я абзваніў усе творчыя саюзы, тэатры, кансэрваторыю — набраў 55 чалавек, аднёс у Вярхоўны Савет. I празь якія два месяцы выйшаў указ, падпісаны Таразевічам, аб рэабілітацыі ўсіх, апроч Ф.Аляхновіча6, крымінальная справа якога знаходзілася ў Літве, дзе ён загінуў.

Цяпер Таразевіч выглядаў дужа заклапочаным і спаткаў мяне пытаньнем: «Што гэта вы стварылі, то ж — палітычная партыя. Гэта падсудная справа, пракуратура пачынае расьсьледаваньне...»

Увечары я, Пазьняк і Дубянецкі спаткаліся ў скверы. Дубянецкі прапанаваў мне ўзначаліць аргкамітэт народнага фронту, ды я адмовіўся. Лепш бы, каб яго ўзначаліў Пазьняк, ды Пазьняк ужо задзейнічаны на Мартыралёгу. Народны фронт такім чынам заставаўся без старшыні.

Празь дзень да мяне на кватэру завіталі Васіль Якавенка7 з Алесем Емяльянавым8. Апошні працаваў кансультантам у СП і набыў вядомасьць тым, што прызнаўся, як яго вербаваў КДБ, ды ён не пагадзіўся. Пісьменьніцкая грамадзкасьць падвергла яго астракізму, хоць было невядома за што: за тое, што яго вербавалі, ці за тое, што ён прызнаўся. Абодвух прывёў да мяне адзін клопат — хто стане лідэрам БНФ? Угаворвалі мяне, ды я цьвёрда адмовіўся — я не хацеў ды і не адчуваў маральнага права на тую місію. У канцы нашай размовы я сказаў Васілю: «А чаму б табе не зрабіць тое?». Васіль сказаў, што падумае. I назаўтра якраз перад паседжаньнем аргкамітэту паведаміў, што згодны.

На важнае арганізацыйнае паседжаньне апроч сяброў камітэту прыйшлі таксама сакратар гаркаму П. Краўчанка9 і кіраўнік СП Ніл Гілевіч. Калі пачалося паседжаньне, абодва выступілі рэзка супраць стварэньня БНФ. Гілевіч глыбакадумна даводзіў, што тое прыдатна для балтыйскіх народаў, але не для Беларусі. Беларускі народ такой арганізацыі ня прыме?. Дзіўна было чуць гэткія словы ад майго нядаўняга сябра, які здаўна лічыўся нацыяналістам нумар адзін.10 Краўчанка даводзіў тое ж. Як учора дамовіліся, я прапанаваў кандыдатуру Васіля Якавенкі, і прысутныя згодна прагаласавалі «за». Пазьняка на сходзе тады не было.

Але празь дзень-два, як Пазьняк дазнаўся пра тыя выбары, аргкамітэт быў скліканы зноў і адбыліся перавыбары. Старшынёй усё ж стаў Пазьняк. Тое, аднак, адбылося безь мяне. Я па нейкай прычыне на паседжаньні адсутнічаў. Канешне, я лічыў, што кандыдатура Пазьняка ва ўсіх адносінах лепшая за Якавенкаву. I калі я не прапанаваў Пазьняка на першым паседжаньні, дык толькі таму, што ён ужо быў заняты на Мартыралёгу. Цяпер на тое месца была абрана Мая Кляшторная, дачка панішчанага беларускага паэта і сама былая зьняволеная ГУЛАГу.

Якраз у гэты час — празь дзень ці два — насоўваліся Дзяды, меркавалася прыняць у іх удзел. Але на паседжаньні БНФ рашылі, што паколькі Дзяды — сьвята рэлігійнае, дык удзел у іх — справа асабістая. Я тады грыпаваў і на могілкі не пайшоў. А менавіта там разгарнуліся трагічныя для менчукоў падзеі. Як тысячы іх падышлі ад станцыі мэтро да могілкаў, там ужо нарыхтаваліся шэрагі войска і міліцыі — з варанкамі, аўтобусамі і нават вадамётамі. Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газамі з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там дарогу калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. I ў чыстым полі пад сьняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменьнік Уладзімер Арлоў11. Тады і пасьля шмат людзей апынуліся зьбітыя і затрыманыя ў пастарунках.

Ранкам я зьвязаўся з маскоўскім часопісам «Огонёк» (рэдагаваным тады В. Кароцічам), які быў самым радыкальным друкаваным органам краіны і шмат пісаў пра перабудову. У рэдакцыі сказалі, што прышлюць у Менск спэцкора, але матэрыял пра інцыдэнт патрэбны тэрмінова ў нумар. Ноччу я напісаў артыкул, перадаў яго па тэлефоне, і ён хутка зьявіўся ў «Огоньке»12. Артыкул называўся «Дубінкі замест перабудовы». Гэта быў ці ня першы матэрыял наконт падаўленьня нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі.

Скандал атрымаўся магутны. ЦК Беларусі на чале з Сакаловым разьюшана прымаў меры. Кіраўнікі найперш узяліся ўсяляк абвяргаць факт паліцэйскай расправы над мірнай дэманстрацыяй. (Міліцыя нікога ня біла, ня труціла чаромхай». Гэта быў мяцеж нацыяналістаў супраць савецкай улады, які ўдалося падавіць мірнымі сродкамі.) Мяне выклікаў Сакалоў і апрацоўваў у гэткім, прыкладна, пляне. Я яму кажу пра гвалт з боку праваахоўных органаў, а ён даводзіць, што фактаў гвалту няма. Дзеля таго спасылаецца на заключэньне камісіі, якая ўжо расьсьледавала той інцыдэнт. А ў камісіі, кажа, такія паважаныя людзі, як мастак-акадэмік Савіцкі, пісьменьнік-ляўрэат Гілевіч, мы ім змушаны верыць. Шмат якія журналісты даводзілі адваротнае, але ім не было веры. Будзінас13 нават зьняў пабоішча на кінастужку, усё роўна даводзілі, што газы не прымяняліся. (Камісія ўзважыла запасы «чаромхі» ў МВД — уся ў наяўнасьці.) Прыйшоўшы ад Сакалова, я напісаў ліст Гарбачову, распавёў пра варварскую гісторыю ў Беларусі і прасіў справядлівасьці.

Адказу ад Гарбачова, вядома, не атрымаў — атрымаў выклік на нараду творчай інтэлігенцыі, якая ладзілася на Старой плошчы, у ЦК КПСС. Там у невялічкай залі сабраўся ці ня ўвесь творчы актыў краіны, было шмат знаёмых літаратараў. На сцэну выйшла палітбюро ў поўным складзе на чале з Гарбачовым. Той пачаў штось гаварыць, і М. Шатроў, які сядзеў побач, ціха так кажа: паслухаць бы, што ты скажаш, як яны цябе запруць паслом кудысь у Манголію. Я тое запомніў. I тады раптам чую — Гарбачоў звяртаецца да мяне: «Васіль Быкаў, як так здарылася, што беларусы выйшлі супраць савецкай улады? Спакойны, дысцыплінаваны народ... Не зразумела».

Я пачаў штось тлумачыць, сказаў пра жорсткасьць міліцыі, якая зьбівала і труціла жанок і дзяцей, што ішлі на могілкі, дзе пахаваны слынныя людзі Беларусі, у тым ліку і Машэраў. Гарбачоў недаўменна паціскаў плячыма. Насупраць у першым радзе сядзеў галоўны арганізатар таго Я. Сакалоў і маўчаў. Пачалі выступаць гаваркія артысты і пісьменьнікі, гаварыць пра перабудову. Напрыканцы, стоячы ў праходзе, загаварыў Віктар Астаф’еў, які вельмі рэзка асудзіў беларускіх камуністаў за «зьверства да самага, можа, спакойнага са славянскіх народаў» і запатрабаваў расьсьледаваць злачынства, учыненае на Дзяды. Я быў дужа ўдзячны майму расейскаму сябру і горача абняў яго. Віктар Пятровіч быў адным з тых, хто мог сказаць, што хацеў і каму хацеў. Ён меў гонар і адвагу, уласьцівыя сапраўднаму народнаму заступніку.

Забягаючы наперад, зазначу, што той канфлікт меў працяг. Як у Крамлі адбылося паседжаньне савету старэйшынаў (пасьля выбараў народных дэпутатаў СССР), на перапынку Гарбачоў падышоў дa мяне і папытаўся, як цяпер у Беларусі? Ці пацішэла кіраўніцтва? Я пачаў апавядаць пра дэталі, але тут да нас падскочылі іншыя з шырокімі вушамі, і Гарбачоў прыпыніў размову. Сказаў, пасьля... Але п а с ь л я ўжо не настала. Настала іншае пасьля, пры якім Гарбачову стала не да Беларусі...

Ішло вылучэньне кандыдатаў у Вярхоўны Савет БССР. Канчатковаму іх зацьверджаньню папярэдніла прыдзірлівая селекцыя-абмеркаваньне на т.зв. выбарчых сходах. Прадстаўнікі «грамадзкасьці» падрабязна абмяркоўвалі ўсіх і рэзалі» няўгодных. Уся справа была ў палітычнай арыентацыі кандыдатаў і падборы прадстаўнікоў.

У Дом культуры, што ля ст. мэтро «Маскоўская», дзе змушаны былі трымаць «агледзіны» з тузін кандыдатаў, прыйшлі (вядома ж, арганізаваныя гаркамам) некалькі соцень спартсмэнаў з Інстытуту фізкультуры. Яны былі вельмі актыўныя, дружна галасавалі за кандыдатаў-камуністых і рэзалі інтэлігентаў. Тады яшчэ да выбарчага старту адхілілі многіх. Але напрыканцы, відаць, стаміліся – забалелі горлы выступаць як «за», так і «супроць». Адзін кандыдат, які доўга чакаў свае чаргі, меў прозьвішча на адну з апошніх літараў алфавіту, і сход на яго проста слаба адрэагаваў у сваім змоўніцкім адмаўленьні.

Тым кандыдатам апынуўся С. С. Шушкевіч14, які з таго сходу зрабіў свой бліскучы палітычны старт.

 

1 Касьцёл Сьвятых Алены і Сымона ў Менску.

2 Уладзімер Калесьнік (1922–1997) – беларускі літаратуразнаўца.

3 Яфрэм Сакалоў – першы сакратар ЦК КПБ.

4 Алесь Гарун (сапр. А. У. Прушынскі, 1887–1920) – беларускі пісьменьнік, грамадзка-палітычны дзеяч.

5 Гл. зноску 11.

6 Францішак Аляхновіч (1883–1944) – беларускі пісьменьнік, публіцыст, актор.

7 Васіль Якавенка (нар. у 1936) – беларускі празаік, публіцыст.

8 Алесь Емяльянаў (1952–2001) – беларускі паэт.

9 Неўзабаве – першы міністар замежных справаў Рэспублікі Беларусь.

10 Сказ выкрасьлены ў аўтарскім тэксьце кампутарнай раздрукоўкі.

11 Уладзімер Арлоў (нар. у 1953) – беларускі пісьменьнік.

12 Артыкул В. Быкава «Дубинки против гласности?» быў апублікаваны ў «Огоньке» ў 1988 г. (№ 47).

13 Яўген Будзінас (1944–2007) – беларускі празаік, публіцыст.

14 Станіслаў Шушкевіч стаў народным дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, а затым – яго старшынём, фактычным кіраўніком незалежнай Рэспублікі Беларусь.

109. У Амэрыку з Гарбачовым

Мінула трохі часу, я пачаў пісаць чарговую аповесьць, але мусіў увесь час прыпыняцца — не было адбою ад журналістаў, сваіх і прыежджых. За гэты час у Менск завіталі карэспандэнты з Варшавы, Прагі, зь нямецкага «Шпігелю», маскоўскія газэтчыкі наогул, здаецца, не выяжджалі зь Беларусі. Даваць інтэрв’ю — справа няўдзячная ва ўсіх адносінах, бо далёка не заўсёды маеш магчымасьць пракантраляваць аканчальны тэкст, заўсёды знойдуцца недакладнасьці, а то і памылкі, за якія пасьля бывае болей чым прыкра. А тут яшчэ камуністы папракаюць далярамі, — быццам за інтэрв’ю хто плоціць.

Аднойчы нечакана, нават без папярэдняга званку на парозе зьявіўся Анатоль Бутэвіч1, які тады працаваў у ЦК, і ашаломіў: трэба ехаць у Маскву. Во білеты, праз тры гадзіны будзе машына і — у аэрапорт. Паедзеце ў Амэрыку з Гарбачовым.

Toe было дзіўнавата, у Амэрыку я яшчэ ня езьдзіў. Але навошта з Гарбачовым? Таго Бутэвіч ня ведаў, сказаў толькі: каманда з ЦК КПСС. Раю пасьпяшацца.

Што ж, дзеля такой справы можна было і пасьпяшацца.

Я хуценька сабраўся і паехаў. У Маскве спаткала ў аэрапорце кансультантка СП па беларускай літаратуры Галя Грыбоўская, адвезла на Старую плошчу. Там хуценька правялі па нейкіх кабінэтах, напісалі, падпісалі што трэба было — дакумэнты, грошы. Валюты ў касе ўжо не аказалася, нейкая бухгалтарка выняла з сумачкі свае 200 даляраў, з тым і паехаў ва Унукаўскі аэрапорт.

У невялічкай і ўтульнай зальцы ўрадавага аэрапорту зьбіраліся тыя, каму належала суправаджаць Гарбачова на спатканьне з Рэйганам2. Там я ўбачыў некаторых знаёмых і сярод іх пісьменьнікаў Iгара Дзядкова і Уладзіміра Карпава3, рэжысэраў Марка Захарава, грузіна Тэнгіза Абуладзэ, цэкоўца Наіля Бікеніна, журналіста Андрэя Грачова, некаторых іншых. Гарбачоў з Раісай Максімаўнай і аховай ляцелі ў другім самалёце.

Пералёт быў даўгі, зь дзьвюма пасадкамі — у Англіі і Канадзе. Ці ня ўсе ў самалёце былі між сабой знаёмыя, сядалі хто дзе хацеў і актыўна кантактавалі. Ля мяне сеў нейкі незнаёмы чалавек, дужа гаваркі і кампанейскі, ён усё распытваў мяне пра палітыку ў Беларусі і сам шмат распавёў пра перабудову. Пасьля я папытаўся, хто гэта, але ніхто са знаёмых ня мог мне адказаць. У Нью-Ёрку той зьнік, і болей я яго ня бачыў.

Першую ноч у Амэрыцы пераначаваў у цесным кутнім пакойчыку беларускага прадстаўніцтва ў ААН, куды мяне пасяліў прадстаўнік Леў Максімаў. Ён сказаў, што ў тым пакоі знаходзілі прытулак шмат якія беларускія пісьменьнікі, што прыяжджалі на сэсіі ААН. Затым мяне перавялі ў недалёкі гатэль, да астатняй дэлегацыі. Пра тое паклапаціўся Iгар Дзядкоў, — каб быць разам. Там на адным паверсе мы пражылі побач некалькі дзён. Нашымі суседзямі былі Андрэй Грачоў і акадэмік Алег Багамолаў. Першы дзень (хутчэй рэшта дня) апынуўся вольным, і мы пайшлі швэндаць па горадзе, які бачылі ўпершыню. Пятая авэню, ваколіцы цэнтральнага парку, Брадвей... У Нью-Ёрку найперш уражвалі яго высачэзныя шкляныя гмахі. Вуліцы, што ўдзень патаналі ў цяні, ноччу былі дашчэнту заліты электрычнасьцю — тое было ненатуральна пасьля цёмнай і пустэльнай уначы Масквы. Тут да ранку таўкліся людзі, панавала разнамоўе, чуўся звыклы расейскі мат, — нашы ня стрымліваліся, мяркуючы, што ніхто іх не разумее.

Пакуль наш шэф кантактаваў з Рэйганам, мы ўдзельнічалі ў прэс-канфэрэнцыях, дзеля якіх, як я зразумеў, і прыехалі. Кіраваў усім прэс-аташэ Андрэй Грачоў. На добрай ангельскай мове ён тлумачыў рознакаляровым журналістам асновы новай палітыкі Гарбачова, мы ўдакладнялі дэталі і адказвалі на пытаньні. Цікавасьць з боку журналістаў была вялікая, пытаньняў задавалі шмат. Не на ўсе зь іх мы маглі даць адказы, асабліва ў галіне эканомікі ці фінансаў. Ну а што да культуры, дык тут Iгар Дзядкоў і адказваў і азадачваў адначасна. Бо і сам надта сумняваўся ў перабудове, якая ажыцьцяўляецца пад кіраўніцтвам партыі камуністаў.

Першую сустрэчу з Гарбачовым на амэрыканскай зямлі я прапусьціў — з Уладзімерам Карпавым хадзілі па НьюЁрку. Позна ўвечары заблудзіліся і ня ведалі, як дабрацца да нашага гатэлю. Узялі таксоўку, сеўшы ў якую, я запытаў у Карпава: «А на якой мове мы размаўляць будзем?» I тады наш шафёр кажа: «На расейскай, таварышы, на расейскай». Аказалася, што ён зь Ленінграду, колькі год таму прыехаў да сына, які тут меў пасьпяховы бізнэс, але прагарэў, і цяпер, каб уратаваць таго ад банкруцтва, бацька па васямнаццаць гадзін у суткі круціць баранку — зарабляе грошы. Мы паспачувалі старому.

У адзін зь дзён напрыканцы візыту я быў прызначаны ў групу эканамістаў для сустрэчы ў амэрыканскіх дзелавых колах. Сваіх расейскіх калегаў у гатэлі не знайшоў, думаў, што пабачу іх на месцы сустрэчы, недзе ў Iнстытуце ўсходніх зносінаў, ці як ён там дакладна называўся. Прыехаў туды загадзя, чакаў каля брамы, ды нікога не дачакаўся. Змушаны быў ісьці адзін, бо насьпеў час сустрэчы.

У шыкоўным будынку па шырокай дывановай лесьвіцы мяне прывялі на другі паверх, дзе за круглым сталом ужо сабраўся з тузін старых амэрыканцаў, — усе старанна апранутыя, у тройках, з гальштукамі і бабачкамі. Некаторыя зь кіёчкамі ў руках. Па чарзе прадставіліся, усім я паціснуў іх старэчыя, бы птушыныя лапкі, пальчыкі. Селі за ланч, штось елі, трохі выпілі віна, якое падліваў служка. Пакуль былі заняты ланчам, усе маўчалі. (Амаль маўчалі.) Толькі як ланч быў скончаны, перавялі позіркі на госьця. Госьць у той час пачуваўся даволі ніякавата, бо калегаў усё не было. А што гаварыць з гэтымі, ня ведаў.

Закурыўшы свае сігары, «гэтыя» найперш папыталіся, якую фірму госьць прэзэнтуе? Я трохі памарудзіў і адказаў, што тая фірма завецца Саюз пісьменьнікаў. Гаспадары стрымана зірнулі адзін на аднаго, хтось пагартаў нейкія паперы, што былі раскладзены перад ім, ды, мабыць, названай фірмы ў іх не знайшоў. Але болей не пытаўся. Я штось пачаў гаварыць пра важнасьць устанаўленьня эканамічных сувязяў паміж нашымі краінамі, мяне засяроджана слухалі, хаця за сталом ужо запанавала няёмкасьць. Я ўсё не пераставаў чакаць сваіх эканамістаў — адмыслоўцаў з міністэрстваў і ведамстваў, ды іх не было. Тады пасьля даволі працяглай паўзы адзін ці не самы стары амэрыканец запытаў: «А якім чынам яны могуць вывозіць прыбыткі ад свайго бізнэсу? Ці ня мог бы сэр Быкаў назваць адпаведны банк?». Сэр Быкаў на тое толькі паціснуў худымі плячыма. Тады старэйшы за сталом падняў бакал зь віном і прапанаваў выпіць за здароўе прэзыдэнта Гарбачова. Выпілі і ўсе ўсталі. Мой візыт да дзелавой Амэрыкі быў скончаны.

Увечары ў гатэлі я папытаўся ў Iгара Дзядкова: як тое разумець? Чаму савецкія эканамісты ігнаравалі сустрэчу? Iгар Аляксандравіч, які лепей за мяне арыентаваўся ў вялікай палітыцы, толькі ўсьміхнуўся: а што б яны там сказалі? Што яны наогул могуць сказаць амэрыканскім капіталістам? Ды й не па тое яны прыехалі...

Мабыць, і праўда — не па тое...

Разумны і сумленны Iгар Аляксандравіч! Тое была мая перадапошняя зь ім сустрэча. Апошняя адбылася праз трохі часу ў Маскве. Пасьля сэсіі позна ўвечары мы паехалі зь ім да Лазара Лазарава. Трохі выпілі там. Дзядкоў ужо жыў у Маскве, працаваў у нядаўнім часопісе «Коммунист», пераназваным на «Свободную мысль». На той час ён напісаў і выдаў кнігу пра маю творчасьць, шмат друкаваўся ў маскоўскіх літаратурных часопісах.

Але настрой яго мне не спадабаўся — быў змрочны, упалы. Позна ўначы я адвёз яго на таксі да ягонай кватэры, мы коратка разьвіталіся і болей ужо не пабачыліся. Iгар Аляксандравіч неўзабаве памёр ад невылечнай хваробы...

А тады быў прыём у ААН, мы спаткаліся зь Міхаілам

Сяргеевічам і Раісай Максімаўнай; за фуршэтам я трохі пагутарыў з Аляксандрам Мікалаевічам Якаўлевым. Папытаўся, чаму ён сышоў з культуры, якой апекаваўся ў ЦК, і той адказаў проста: камунапатрыёты выжылі. Як пасьля стала вядома, тое было праўдай. Камунапатрыёты заўсёды і ўсіх перамагалі — нават членаў палітбюро, — такую мелі сілу.

Уначы мяне пабудзіў Iгар Дзядкоў — усіх нашых з гатэлю клікалі ў прадстаўніцтва ААН, дзе мелася сустрэча з Гарбачовым. Мы хутка апрануліся і пайшлі — прадстаўніцтва было недалёка. Там перад варотамі ўжо зьбіраліся нашы, але ў будынак нікога не пушчалі — чакалі, калі падвязуць «раму», патрэбную дзеля бясьпекі Гарбачова. Абсурднасьць той меры была відавочнай — ад каго забясьпечваць ягоную бясьпеку? Але менавіта так. I мы не маглі даўмецца, якая прычына змусіла Гарбачова паднімаць сярод ночы ягоную дэлегацыю? Што здарылася? Тады паявіўся Шэварднадзэ4 і сказаў, што Гарбачоў перапыняе візыт, і мы вяртаемся. Але чаму, што здарылася? «А вы ня ведаеце, што здараецца дома, калі гаспадар у ад’езьдзе?» — сказаў шматвопытны журналіст-міжнароднік Валянцін Зорын. Мы пахаладзелі. Я спалохаўся, як даўно ўжо не палохаўся — няўжо путч? «Няўжо яны адважыліся!» — ціха і разгублена гаварыў Дзядкоў.

Але тады яны яшчэ не адважваліся, путч чакаў свайго часу, а мы проста вярталіся. Пра тое сказаў Гарбачоў, сабраўшы дэлегацыю: у Арменіі бяда, растрэсла рэспубліку, раніцай адлятаем.

А ў нас на ранак было прызначана спатканьне зь дзелавой элітай Нью-Ёрку. Мы ня ведалі, што рабіць, тады Алег Багамолаў сказаў, што няёмка падводзіць важных людзей, якія зьбяруцца ў шыкоўным гатэлі «Роджэрс-Асторыя», трэба паехаць і ўсё правесьці ў тэмпе. Так і зрабілі. Але пакуль там, расьсеўшыся за ланчам, слухалі нетаропкія развагі старых мільянэраў, пачуваліся ўсе, бы на іголках. Час дужа падпіраў. Асабліва, як заўважылі, што некаторыя з нашых па адным зьнікаюць. Мы з Багамолавым і рэдактарам «Известий» Лапцевым сядзелі ў самым кутку, і нам нязручна было выбірацца з холу. Тая нязручнасьць нас здорава падвяла, бо як мы нарэшце выбраліся, аўтобусаў перад гатэлем ужо не было — усе зьехалі ў аэрапорт. Пачалі бегаць, каб злавіць якое таксі. Нарэшце Багамолаў згледзеў знаёмага журналіста ў машыне, які нас і завёз у аэрапорт імя Кенэдзі. Мы ледзьве пасьпелі ў самалёт.

А Уладзімер Карпаў не пасьпеў, самалёт ужо вырульваў на ўзьлёт, і Герою Савецкага Саюза давялося крычаць і махаць рукамі, каб яго не пакінулі. Сам Гарбачоў даў каманду прыпыніцца і ўзяць пасажыра. Узьлезшы на борт, Карпаў гучна лаяўся з такой арганізацыі візыту, астатнія маўчалі. Усе былі незадаволеныя тым, што важны візыт па сутнасьці сарваны. Самы раз было б выпіць, але алкаголю ў самалёце не было, Гарбачоў прапаведаваў цьвярозасьць і змагаўся з п’янкамі. Затое ва Унукаўскім аэрапорце знайшоўся і каньяк і яшчэ нешта. Там усе добра расслабіліся. Пад раніцу Алег Цімафеевіч падвёз мяне ў Шарамецьева1, адкуль я скіраваў у Менск.

Тая паездка была, можа, самай прыкрай з усіх маіх паездак за мяжу. Вядома, шмат што можна было сьпісаць на жахлівую катастрофу ў Арменіі, але ня ўсё. Я ўбачыў тады акружэньне ініцыятара перабудовы і дужа засумняваўся, што яно імкнулася да яе. Iм і без таго было няблага. А можа, нават і лепей, чым у тым часе, які наступіў пасьля і ў які яны зусім не імкнуліся. Адзін зь іх, самы тады лісьлівы і надзейны паплечнік, пасьля назаве Гарбачова ангелом тьмы» і кінецца роспачна аднаўляць тое, што было неспадзявана адкінута гісторыяй.

 

1 Анатоль Бутэвіч (нар. у 1948) – у будучым міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь, беларускі празаік, перакладчык.

2 Прэзыдэнтам ЗША.

3 Уладзімір Карпаў – Герой Савецкага Саюзу, расійскі празаік.

4 Эдуард Шэварднадзэ – на той час міністр замежных спраў СССР, пазьней – прэзыдэнт Грузіі.

110. Гішпанія

А ў Менску пачалося неспакойнае, каламутнае жыцьцё. Партыйная прэса, тэлебачаньне, а таксама партыйныя органы ўсіх узроўняў накінуліся на новы нацыянальна-дэмакратычны рух. Абвінавачваньні былі самыя страшныя. Бэнээфаўцаў называлі фашыстамі, нямецкімі прыслужнікамі, паліцаямі. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг абвясьцілі фашыстоўскім і бясконца даводзілі, што менавіта пад ім немцы з паліцаямі расстрэльвалі яўрэяў. Пра Пазьняка гаварылася, што ён паліцай (гэта 1945 года нараджэньня) і сын паліцая (а не салдата-чырвонаармейца, які загінуў на фронце). Пазьняк, аднак, захоўваў спакой і цьвёрдасьць, ня кідаўся з абвяржэньнямі, а нястомна згуртоўваў пад сьцягам БНФ нацыянальны актыў. Ягонымі паплечнікамі з самага пачатку сталі: М. Дубянецкі, а таксама знакамітыя гісторыкі М. Ткачоў і А. Грыцкевіч, навуковец прафэсар Ю. Хадыка, выкладчыкі Г. Вашчанка, В. Вячорка, Ю. Сіўчык, мастацтвазнаўцы В. Чуйко і В. Трыгубовіч. А таксама мастакі М. Купава, А. Марачкін, Я. Кулік, журналіст С. Навумчык з жонкай Галяй. Пісьменьнікаў у новым руху было няшмат: я, Рыгор Барадулін, Артур Вольскі. I ўсё. Пісьменьнікі ў бальшыні дыстанцыяваліся ад БНФ. Пасьля шмат іх увайшло ў Таварыства беларускай мовы, лібэральную арганізацыю, са згоды ўладаў створаную Н. Гілевічам?.

Зімой пачалі ладзіць зьезд, каб узаконіць Фронт, зрабіць яго легітымным. Правесьці зьезд у Менску было немагчыма, дык выручылі літоўскія сябры — памаглі з арганізацыяй, далі здатнае памяшканьне. На жаль, я ў тым зьезьдзе ня ўдзельнічаў — падпала даўно заплянаваная паездка ў Гішпанію. Міжнародная пісьменьніцкая супольнасьць заплянавала ў Сэвільлі кангрэс, я там быў прызначаны дакладчыкам. Была і яшчэ адна прычына, якая змусіла мяне паехаць ня ў Вільню, а ў Сэвільлю: прапанова адной выдавецкай фірмы выдаць мой Збор твораў з уключэньнем у яго ўсяго мной напісанага, у тым ліку і забароненага ў Саюзе. Я падрыхтаваў адпаведныя рукапісы, сабраў чарнавікі — такая была ўмова. Пераслаць тое па пошце было немагчыма, а перавезьці асабіста я мог, карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасьцю на мытні. Выдавецтва дало некалькі замежных адрасоў, у тым ліку і ў Мадрыдзе. Прыляцеўшы туды, я хутка ўсё запакаваў і адправіў на мадрыдзкі адрас. I — назаўжды. Hі слова ў адказ не атрымаў. Пасьля спрабаваў што-нішто даведацца пра тое выдавецтва, ды ніякіх яго сьлядоў не знайшоў. Так усё і прапала. (Можа, калі знойдзецца ў бяздонных сховішчах КДБ, ФСБ, Фапсі і г. д.)

Некалькі дзён з тае паездкі я затрымаўся ў Мадрыдзе. Увогуле ўсе эўрапейскія гарады ў чымсьці аднолькавыя — архітэктурай, добраўпарадкаванасьцю. Але кожны мае і свой твар, уласную асаблівасьць — у галіне пляніроўкі, абзеляненьня, ня кажучы ўжо пра музэі. Мадрыдзкі Прада ашаламляў, як, мабыць, і ўсе падобныя асяродкі шматвекавой культуры Эўропы. Ня тое, што галерэя Пікаса, наведвальнікаў у якой было небагата ды і выглядала яна празьмерна мадэрнова — нават для Пікаса. Знакамітая яго

«Герніка» тым ня менш заслужана стала сымбалем хуткай сусьветнай бойні.

Але ці ня самае вялікае ўражаньне на мяне зрабіў мэмарыял, разьмешчаны за паўгадзіны язды на аўтамабілі ад Мадрыду.

Яшчэ здалёк на гары бачны быў аграмадны каталіцкі крыж, пад якім месьціўся мэмарыял — вялізная касьцельная заля ў скале, разьдзеленая на дзьве палавіны. У ад ной знайшлі свой апошні прытулак рэспубліканцы, у другой — мяцежнікі-франкісты. Пасярэдзіне высілася гранітная магіла самога Франка, які пасьля сьмерці аб’яднаў усіх — і ворагаў, і прыяцеляў. То было выдатнае ўвасабленьне хрысьціянскага пастуляту пра тое, што перад Богам усе роўныя, сьмерць аб’ядноўвае. Пастулят, які, на вялікі жаль, у нас даўно занядбаны нават у межах аднае нацыі, ня кажучы пра адносіны да іншых нацыянальнасьцяў, колішніх ворагаў. Калі ў Эўропе збудаваны сотні мэмарыялаў, старанна дагледжаны ўсе могілкі нашых салдатаў, ахвяраў Другой сусьветнай вайны, на нашай зямлі зь нямецкіх помнікаў не засталося ніводнага. Усе пабурылі на хвалі натуральнага ваеннага гневу і нянавісьці да акупантаў, якая не затухае і дагэтуль. I цяпер нашыя ветэраны гатовыя на ўсё, каб не дазволіць немцам за свой кошт аднавіць памяць пра іхнія ахвяры на нашай зямлі. У той жа час гуманітарную дапамогу ад іх жадаюць рэгулярна атрымліваць. Такая мараль. Нават у межах адноўленага і ўшанаванага хрысьціянства.

Сэвільля зь зялёнай травой газонаў у лютым і вечназялёнымі пальмамі прыемна нагадала вясну зь яе памаранцавымі дрэвамі на вуліцах, абсыпанымі жоўтымі пладамі, якія на смак выдаліся нясмачныя — горкія. Мы наведалі былую тытунёвую фабрыку, дзе колісь працавала несьмяротная Кармэн, а цяпер стаяла нязмоўчная гамана студэнтаў Сэвільскага ўнівэрсытэту. Адзін дзень пачуваўся блага, зранку на паседжаньне кангрэсу не пайшоў, ляжаў у нумары і стаўся міжвольным сьведкам, як у суседнім пакоі абшуквалі валізы майго таварыша-масквіча. Рабілі тое два нашы землякі, якія прыехалі разам з Мадрыду. Дарма было вінаваціць гішпанцаў, калі ў таго што зьнікла. А можа, і ня зьнікла — прыбавілася, што магло стацца і яшчэ горш.

Па дарозе назад у мадрыдзкім аэрапорце спаткаў Алега Яфрэмава, які вяртаўся дамоў з гастроляў. Ён выглядаў кепска, быў поўны застарэлага пэсымізму, не чакаў для культуры нічога добрага. Тое было трохі дзіўнавата на фоне прыкметнай эйфарыі, якая панавала ў Маскве з поваду перабудовы. Але Яфрэмаў быў чалавек мудры, цяжка было яму не паверыць.

Вярнуўся ў Менск і адразу трапіў у вір палітычнай барацьбы, якая ваўсю разгортвалася ў беларускай сталіцы. БНФ адразу пасьля стварэньня кінуўся апэляваць да народу, заклікаў яго на вуліцы. Народ ня надта ахвотна рэагаваў на палымяныя заклікі Пазьняка, але патроху зьбіраўся, слухаў прамоўцаў на мітынгах. Пазьняк ставіў вельмі радыкальныя мэты, якія ў адных выклікалі сумнеў, іншых палохалі менавіта сваім радыкалізмам. Часта засядаў сойм, у якім мы з Барадуліным стараліся рэгулярна ўдзельнічаць. Рыгор выступаў коратка, але заўсёды востра і зьмястоўна. Якіх-небудзь умоваў для палітычнай работы не было, памяшканьня для паседжаньняў сойм ня меў і зьбіраўся ў выпадковых будынках — школах, музэях, часам у Доме літаратара, пакуль ён належаў пісьменьнікам. Тады ж у Доме літаратара адбыліся паховіны Міхася Ткачова1, які памёр ад наступстваў зьбіцьця на Мсьціслаўшчыне. А перад тым ён зьезьдзіў у Горадню на пахаваньне Аляксея Карпюка. Той памёр улетку, цяжка памучыўшыся ад раку страўніку. Мала яму было пры жыцьці іншых пакутаў... I нават у апошнія гады, калі старыя камуністы абвінавацілі яго ў газэтах, што ён няправільна паказвае калектывізацыю, у брыдкіх выразах абразілі аўтара. За абразу Карпюк падаў у суд і выйграў яго, абвясьціўшы кошт уласнай зьнявагі — адзін рубель. Ягоныя праціўнікі толькі пасьмяяліся: Карпюковы сарказм да іх не дайшоў... Неўзабаве за зьнявагі і паклёп яны навучыліся спаганяць мільёны — дзеля патрэбаў дзіцячых садкоў. Самі ўжо нахапаліся, самім стала ня трэба.

 

1 Міхась Ткачоў (1942–1992) – беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч.

111. Камісія па мове

Нарэшце Вярхоўны Савет БССР заклапаціўся пра беларускую мову і, як заўжды, каб пахаваць праблему, стварыў адпаведную камісію. Старшынём яе прызначылі Ніла Гілевіча, даўняга змагара за беларушчыну. Пачаліся доўгія паседжаньні, нудныя абмеркаваньні, калі адзін перад адным шматслоўна даказвалі, як неабходна беларусам іх родная мова. Тут не было разыходжаньняў, і тады аднагалосна пераходзілі да канкрэтыкі. Мова дзяржустаноў, вышэйшай школы, выдавецтваў і літаратуры... Ну а мова кіруючай і ўсё вызначаючай партыі? Тут калегі прыводзілі спрытны і загадзя падрыхтаваны аргумэнт: мова партыі – справа самой партыі, мы ня можам што-небудзь ёй дыктаваць. Дык вось, сказаў я аднойчы, пакуль камуністычная партыя Беларусі не пяройдзе на беларускую мову, ня будзе ў беларусаў ніякае роднае мовы. «Аднак загнуў!» — зьедліва кінуў Iван Чыгрынаў, тады дужа актыўны сакратар СП, які пры Лукашэнку атрымаў званьне народнага. Ніл Гілевіч змрочна маўчаў. Абодва яны, як, зрэшты, і астатнія ў камісіі, належалі да партыі камуністаў, і няцяжка было здагадацца, зь якой мэтай былі ў камісію прызначаныя. У лепшым выпадку – імітаваць змаганьне за мову, а як нічога ня выйдзе, сказаць: «Але ж мы стараліся».

Быў прыняты падрабязны і даволі мудрагелісты плян беларусізацыі мовы, у аснове сваёй папулісцкі і безнадзейны. Тое асабліва стала відавочна, як на апошнім паседжаньні камісіі быў аб’яўлены парадак уводу ў дзеяньне таго пляну. Прачытаўшы яго, я адно хацеў згледзець позіркі Гілевіча і Дземянцея, які сядзеў побач і пад кіраўніцтвам якога, мабыць, тое і пісалася. Позіркі свае гэтыя людзі сарамліва патупілі, зразумела чаму. Кожнаму, хто хоць бегла зірнуў на той плян-расклад, рабілася зразумела, што пісаўся ён для адчэпнага, каб супакоіць «крыклівых» і асабліва БНФ, які на кожным мітынгу патрабаваў: мову!! Сапраўды, што карысьці ад пляну, які прадугледжвае штосьці на дзесяць гадоў, г. зн. нейкую меру па мове аднесьці на канец стагодзьдзя. Я ім сказаў, што да канца тысячагодзьдзя можа так стацца, што нікога з нас ня будзе на сьвеце, хто будзе выконваць тое фантазёрства? Яно забудзецца гэтаксама, як і прозьвішчы яго складальнікаў. Так яно і сталася.

Пры ўладзе камуністаў нічога з таго пляну не было і не магло быць рэалізавана, на краіну хутка абрушылася навала розных падзей, зрабілася не да мовы. Аж покуль зацяты Ніл Гілевіч, пакінуўшы СП, не стварыў ТБМ. Кульгаючы і буксуючы, яно змагаецца ўсё за тое ж, за што змагаліся беларускія інтэлігенты з пачатку стагодзьдзя. Мабыць, сапраўды, як казалі разумныя людзі, мы зблыталі прыярытэты, запрагаем калёсы наперадзе каня. Ці не найперш трэба дамагчыся незалежнасьці краіны, здабыўшы якую, вельмі лёгка і проста будзе ўдзяржавіць беларускую мову. Iначай – марная барацьба, пусты намер. Хіба што імітацыя змаганьня бяз жаднай надзеі на колькі-небудзь прыстойны вынік.

Аднак тое, што было відавочна кожнаму незамутнёнаму позірку, не хацелі бачыць нашыя нацыянал-камуністы. Нават зь ліку самых сумленных і самых разумных. Хіба што тая барацьба патрэбна была партыі, каб адцягнуць нацыянальна актыўныя (інтэлігенцкія) сілы ад радыкальных ідэяў БНФ і ўключыць іx у загадзя беспэрспэктыўную (і бясшкодную) барацьбу за мову. Але з кім барацьбу, калі партыя заўжды дэмагагічна стаяла за разьвіцьцё нацыянальнай мовы? Па сутнасьці з народам, які, як кажуць, ня хоча размаўляць па-беларуску, а хоча па-расейску. І тое – праўда. Бо навошта народу размаўляць на мове, якая далей як за выганам не ўжываецца? На якой не гавораць у горадзе, куды перасялілася моладзь, не гаворыць начальства. Расейская мова — здаўна мова начальства, і народ мкнецца разумець яе найперш, каб разумець ягоныя каманды. Бо, ня ўцяміўшы тыя каманды, лёгка атрымаць па карку, – як і ў акупацыю ад немцаў. А сьцяміўшы, глядзі, – можна і самому кімсь пакамандаваць. Тым, хто ніжэй. Прамая выгада – гаварыць па-расейску. Тады і элемэнтарны сэнс для барацьбітоў за беларускую мову — пачынаць з начальства, з тагачаснай кіруючай партыі. Але ж як выступаць супраць партыі, да якой сам належыш? Яшчэ выключаць зь яе шэрагаў. Адсюль і пачынаецца імітацыйная валтузьня.

Увогуле шкада. Бо сапраўды надарыўся пэўны момант, які быў бяздарна ўпушчаны. Камуністы тады пачалі болей дбаць пра сябе, сваю дужа няпэўную будучыню, праз год яны пагадзіліся на сувэрэнітэт, маглі б пагадзіцца і на мову. Хаця ўсё тое – ня болей чым марныя развагі. Як паказалі наступныя падзеі, беларуская кампартыя лепш прыняла ўласную сухотную сьмерць, чым народную мову...

 

112. Народны дэпутат СССР

Паводле новых, перабудовачных законаў пачалося вылучэньне кандыдатаў у народныя дэпутаты СССР. З Масквы былі спушчаны квоты, у тым ліку і ў СП БССР. У Доме літаратара сабралі сход, вёў Ніл Гілевіч, які быў прызначаны кіраўніком тутэйшай выбарчай камісіі. А гэта азначала, што ён ня мае права на вылучэньне кандыдатам у дэпутаты. Toe засмуціла ня толькі яго, але і мяне, бо я адчуў, каго будуць вылучаць, і ня ведаў, як з таго выкруціцца.

Прыкладна так і атрымалася, як я прадбачыў.

На сходзе некалькі чалавек усталі і прапанавалі – Быкава! Я ў сваю чаргу выступіў з самаадводам. Тады пачалі галасаваць, і мой самаадвод не прынялі. Я зноў не пагадзіўся. Зноў выступілі, угаворвалі мяне. Адзін толькі Дамашэвіч, мабыць, зразумеўшы мяне, сказаў: «Ну што вы прычапіліся? Чалавек ня хоча, ужо немалады, нездаровы...». Яго не паслухаліся, гэтак жа, як і мяне. На тым і разышліся.

На другі дзень рана пазваніў Анатоль Вярцінскі, які тады рэдагаваў «ЛіМ». Ён ці ня з роспаччу сказаў, што ня ведае, як быць. У газэту трэба даваць паведамленьне пра вынікі вылучэньня, а ты не пагаджаешся. У пратаколе, які ляжыць перада мной, запісана: вылучыць Быкава. Дык што рабіць?

Я паважаў Вярцінскага, быў зь ім у сяброўскіх адносінах і, сьцяўшы душу, змушаны быў пагадзіцца. Дзеля рэдактара, дзеля «ЛіМу», а не дзеля сходу, які гвалтоўна вылучыў мяне на пакуты.

Вынікі таго вылучэньня пайшлі ў Маскву. I паколькі выбары павінны былі адбыцца ў Саюзе пісьменьнікаў, дзейнічала ўсесаюзная квота — 10 дэпутатаў ад СП. Там належала зноў выбіраць з усіх, вылучаных ад рэспублікаў і аўтаномных абласьцей. Я думаў-спадзяваўся, што, можа, там не прайду, пройдуць іншыя. Ды так ня здарылася — абралі і там. I вось Быкаў у ліку дзесяці стаў народным дэпутатам СССР ад усесаюзнай пісьменьніцкай арганізацыі. Алесь Адамовіч таксама ім стаў, але ад Саюзу кінэматаграфістаў. Toe, што быў абраны Адамовіч, трохі ўсьцешыла мяне – усё ж будзе свой чалавек побач. Не адзін я ў гэтай намэнклятурнай грамадзе, якая ад Беларусі налічвала каля сотні. I трохі цешыла, што я — ад творчай арганізацыі. Думалася, ня буду сядзець сярод г э т ы х — ужо наседзеўся за дзесяць гадоў у Вярхоўным Савеце БССР. Ды так, на жаль, не адбылося. Выбіралі ад розных арганізацыяў і саюзаў, а ў залі пасадзілі ўсіх паводле альфабэту і тэрытарыяльнага прынцыпу. Адамовіч апынуўся сярод дэпутатаў Масквы, а я — Беларусі. Маімі суседзямі сталі старшыня Берасьцейскага выканкаму, майстар з маладэчанскага заводу, старшыня калгасу Бядуля, старшыня КДБ

Балуеў. Ззаду сядзелі старшыня Саўміну [Беларусі] Кебіч, беларускі першы — Сакалоў. Яшчэ тая кампанія!

Але сьпярша належала абраць Вярхоўны Савет СССР, для чаго ў Менску сабралі ўсіх дэпутатаў, вёў паседжаньне Малафееў. Абіралі за сталом прамым і адкрытым галасаваньнем. Пачуўшы сваё імя, я адразу заявіў самаадвод, які не прынялі. Толькі генэрал Чумакоў і яшчэ пара чалавек прагаласавалі супраць Быкава, і я ня ведаў, ці тое — мае прыяцелі, ці супраціўнікі. Паехалі ў Маскву. Там у залі прэзыдыуму ВС склікалі савет старэйшын, на якім прысутнічалі і мы з Адамовічам. Мы сядзелі ўгары, на задніх лаўках, і назіралі, як Гарбачоў з Лук’янавым абмяркоўваюць кандыдатуры, вылучаюць кіраўнічыя органы. Я паслаў Гарбачову запіску аб самаадводзе. Гарбачоў голасна зачытаў яе і падняў мяне зь месца: якая прычына? Я сказаў, што хворы. Гарбачоў паківаў галавой: ну во, папулярны пісьменьнік, адмаўляецца. Ну што ж... Паклаў маю паперку ўбок, аднак са сьпісу [прэзыдыуму] Вярхоўнага Савету выкрасьліў.

Адамовіч, наадварот, — хацеў, каб яго абралі, ды марна. Нават ня вылучылі. Бачна было, ён трохі перажываў, бо быў чалавек значнай грамадскай актыўнасьці. Але ўжо так здаўна ўладкавана ў нас, што хто хоча, таму не даюць, а хто ня хоча, таго прымушаюць. Гэты бальшавіцкі прынцып не ўдалося зрушыць і Гарбачову. Як пачалі разьмяркоўваць па камісіях, было прапанавана падаваць заяўкі — хто куды хоча. Я нікуды не падаваў, намерыўся па-салдацку сачкануць, Адамовіч падаў адразу ў дзьве камісіі, думаў, можа, у якую залічаць. На жаль, яго не залічылі ні ў адну, а я, таго не жадаючы, апынуўся ў камісіі па абароне і дзяржбясьпецы. Калі пасьля паскардзіўся Лук’янаву, які тым займаўся, на нечаканае прызначэньне, той адказаў:

«Дык вы ж пішаце пра армію і пра КДБ». Так я ўліп.

Адамовіч тады зь мяне пасьмяяўся — надумаў каго абхітрыць! А я распавёў яму старую байку пра адэскага бамжа, які праспаўся ранкам у порце і ідзе шукаць заробку. Бачыць, на мосьціку акіянскага лайнэру стаіць прыгажункапітан, і бомж, пачухаўшыся, гукае: «Эй, кэп, табе памочнік ня трэба?» — «Не», — кажа кэп. — «А боцман?» — «Таксама не». — «А кок?» — «I кок не». — «Пашэнціла, падла, а то б я табе наработаў...» Я не адэскі бомж, але на камуністычнага кэпа таксама працаваць не зьбіраўся.

Пачалася вірлівая, бязладная і шмат у чым драматычная дзейнасьць на зьездах народных дэпутатаў, якія зачасьцілі ў Крамлі. Дэпутатаў было вялікае мноства з усіх рэспублікаў Савецкага Саюзу. Найболып — з рэспублікаў Сярэдняй Азіі, і найменш — з Прыбалтыкі і Каўказу. Разьмяшчаліся ў залі строга на адпаведных месцах, у часы перапынкаў кучкаваліся каля сваіх партыйных лідэраў, якімі тады былі першыя сакратары ЦК. Тыя працавалі ў якасьці рэжысэраў, вызначалі выступоўцаў, давалі палітычныя ўказаньні. Тыя, што зьбіраліся выступіць, пасылалі запіскі: прашу слова ў падтрымку і г. д. Тым і давалі слова, у той час, як іншыя абураліся. Поруч зь беларускай дэлегацыяй цэлы гектар плошчы займала дэлегацыя Узбэкістану, і я назіраў за яе паводзінамі. Там было некалькі дырыжораў, у тым ліку адна жанчына, якія кіравалі ня толькі выступоўцамі, але і падавалі рэплікі, выкрыквалі, зачыналі аплядысмэнты. Дужа згуртаваная была дэлегацыя.

Увогуле палітычны напал у залі для неспрактыкаванага чалавека часьцяком быў нясьцерпны. Асабліва, як выступаў Сахараў ці Афанасьеў. Ці нават Сабчак1. Сахараў гаварыў пра Афганістан, і яму выключалі мікрафон, воплескамі спрабавалі сагнаць з трыбуны. Затое, як выступаў генэрал Радзівонаў, што наладзіў вядомую крывавую лазьню ў Тбілісі, яго праводзілі з трыбуны бурнымі воплескамі, палова залі ўстала. Я тады выразна зразумеў, што трапіў яўна не туды, што неяк трэба адсюль рваць кіпці.

Алесь Адамовіч, наадварот, — быў поўны энэргіі і палемічнага азарту, гатовы быў выступаць з кожнага поваду. Нярэдка яму тое ўдавалася, бо сядзеў ён у першым радзе, якраз перад трыбунай.

Аднойчы выступіў вельмі рэзка (і слушна), папярэдзіў Гарбачова аб небясьпецы, якую несла для яго генэральскае акружэньне. Тады яму дасталося ад іншых, у тым ліку і ад расейскіх камунапатрыётаў, калегаў па СП. Вельмі сумна, што да іх (пакуль што моўчкі) далучыліся некаторыя зь беларускіх дзеячаў культуры, як, напрыклад, Міхаіл Савіцкі і некаторыя іншыя. Я неяк зрабіў спробу пагутарыць з Валянцінам Распуціным, зь якім быў у добрых адносінах, але хутка зразумеў, што між намі — пустка. Гэтыя людзі ня бачылі і не прызнавалі нічога, апроч іх любай матушкіРасеі. Ну дык гэта — расейцы, а нашыя?..

Пробным каменем новай палітыкі Гарбачова стала нацыянальная праблема (Грузія, Арменія, Азербайджан, Цэнтральная Азія, Прыбалтыка). Нават недасьведчанаму чалавеку было зразумела, што гэтыя народы імкнуцца да свабоды і незалежнасьці, што яны даволі нажыліся ў турме, якая звалася СССР. Iмпэрцы таго не разумелі. Я тады кантактаваў з прыбалтамі — эстонцамі і літоўцамі, якія ўзялі выразны курс на незалежнасьць і пачалі пасьлядоўна яе дамагацца. Для таго патрэбна было прызнаць незаконнасьць сакрэтных пратаколаў да пакту Рыбэнтропа — Молатава.

Але каб зрабіць так, сьпярша трэба было знайсьці тыя пратаколы. Дыпляматы і кадэбоўцы даводзілі, што пратаколы — фальсыфікацыя Захаду. Намаганьнямі дэмакратаў была створана адмысловая камісія, якую ўзначаліў Ландсбергіс2 і ў якую ўвялі і мяне. Нам належала даказаць, што апублікаваныя на Захадзе копіі тых дакумэнтаў – сапраўдныя. Гэта было няпроста, бо акадэмік Фалін з трыбуны зьезду пераконваў дэпутатаў, што ніякіх пратаколаў няма ў прыродзе. Бальшыня яму верыла. Але бальшыня не ўлічыла сілу настойлівасьці балтыйцаў, у прыватнасьці Ландсбергіса зь яго палітычнай хваткай бульдога. Гэты літоўскі прафэсар музыкі цягам некалькіх паседжаньняў даказаў, што фальсыфікуе ня Захад, а МЗС СССР. Кіраўніцтва краіны прадаўжала ўпарціцца ў сваім ашуканстве, што празь нейкі час прывяло да крывавых эксцэсаў у Вільнюсе, Рызе ды і ў Закаўказьзі. Пралілася кроў, супраць чаго сурова папярэджваў Гарбачова няўрымсьлівы

Адамовіч, які з актыўнага яго староньніка нарэшце ператварыўся ў праціўніка. Зрэшты, як і ўся міжрэгіянальная група Афанасьева — Папова.

На перапынку паміж паседжаньнямі мне давялося спаткацца і пагутарыць з Андрэем Сахаравым. Дэпутаты стаялі ў чарзе да буфэтчыцы, як у дзьвярах паявіўся Сахараў. Ён быў яўна разгублены, убачыўшы чаргу, і спыніўся, ня ведаючы, куды стаць. Бальшыня ў чарзе ставілася да яго варожа, толькі нядаўна яго спрабавалі сагнаць з трыбуны. Тады я выйшаў з чаргі і прапанаваў яму сваё месца. Сахараў падзякаваў, але ў чаргу ня стаў. Мы сталі ўдвух асобна ад іншых і размаўлялі. Андрэй Дзьмітравіч сказаў, што чытаў мае кнігі і хоць сам у вайне ня ўдзельнічаў, але верыць беспамылковай рэакцыі на іх жонкі Алены Бонар, якая ёсьць франтавічка і была нават паранена. А што да маральнай каштоўнасьці кнігаў, дык тая бясспрэчная. Я ў сваю чаргу распавёў акадэміку, як супраць яго і Салжаніцына дамагаліся подпісаў ад пісьменьнікаў, падтрымаў яго барацьбу і сёньняшняе выступленьне наконт Афганістану, дзе савецкія лётчыкі спрабавалі разбамбіць сваіх, каб яны ня трапілі ў палон. Toe выклікала буру пратэсту ў залі, ветэран-інвалід выступіў з гнеўнай водпаведзьдзю ў тым сэнсе, што факту расстрэлу не было, бо не магло быць ніколі.

Так сталася мая першая і апошняя гутарка з гэтым чалавекам. Ноччу Сахараў памёр у сваёй кватэры, а праз два дні дэпутаты ехалі на аўтобусах яго хаваць. Я трапіў у аўтобус, куды пасьля села група генэралаў і зь імі маршал Ахрамееў. Не зважаючы на сумную нагоду, генэралы паводзілі сябе даволі ажыўлена, маршал жартаваў. Цяжка было тады меркаваць, што мінецца трохі часу, і той Ахрамееў павесіцца ва ўласным кабінэце. Такія во дзьве сьмерці. Ці ўраўняюць яны нябожчыкаў?

У залі паседжаньняў сярод беларускай дэлегацыі насьпеў канфлікт, да якога прычыніўся і я. Спатрэбілася даабраць дэпутатаў у Вярхоўны Савет. Дэмакратычна настроеная частка дэпутатаў памкнулася вылучыць сваіх — Шушкевіча ці Дабравольскага. Але тою справай заклапоціўся Сакалоў, ён правёў галасаваньне па «спрошчанай» схеме — у залі, са сваіх месцаў. Падлічваць галасы даручыў кадэбісту Балуеву, які сядзеў насупраць мяне. Я адразу падняў руку супраць усіх іхніх кандыдатаў, ды, вядома ж, застаўся ў пройгрышы, абралі камуністаў. Тады я не стрымаўся і, мабыць, празьмерна рэзка, а то і зьняважліва вымавіў Сакалову. Ленінградзкі сьледчы Iваноў, што сядзеў недалёка і назіраў тую сцэну, сказаў мне: «Сьмела вы, аднак». Можа, і сьмела, але па-дурному і бескарысна, бо нічога тым не дамогся. А галоўнае, сабе на шкоду, — пасьля паглытаў таблетак.

На паседжаньні камісіі, у якую быў залічаны, я ня езьдзіў.

Прысылалі позвы, якія прывозіў адмыс ловы кур’ер — стукаўся ноччу гадзіны ў чатыры, прымушаў расьпісацца, пасьля чаго я тую паперку выкідваў у сьметнік. Але аднойчы на чарговым зьезьдзе ў канцы дзённага паседжаньня мяне паклікалі. Камісія засядала ў шыкоўнай залі старога Крамлёўскага палацу. Я прыйшоў, спазьніўшыся, але лепш бы не ішоў зусім. Гэта быў жах, які не здараўся нават у вялікай залі паседжаньняў зьезду. Iшло нейкае абмеркаваньне, кіраваў усім старшыня камісіі, чалавек у цывільным, але, як значылася ў паперах, у чыне генэрал-палкоўніка. Астатнія таксама былі генэралы — узброеных сілаў і КДБ, цэкоўцы і рэспубліканскія лідэры. Жарсьці тут былі распаленыя, ва ўсіх чырвоныя твары. Чарговы выступоўца даводзіў, што палітыка Гарбачова — здрадніцкая, што ён не дае магчымасьці дабудаваць «авианесущие крейсера, позарез необходимые армии и флоту». Iншыя рэплікамі зь месцаў падтрымлівалі яго. Пасьля выступалі самі — усе супраць здрадніцкай палітыкі Гарбачова, які «продал Россию и гробит партию». Затым узяліся абмяркоўваць «гнюсны паклёп» журналіста Кароціча, які ў сваім часопісе

«Огонёк» напісаў, быццам у Савецкай арміі мае месца выдуманная им дедовщина». Адзін сталага веку палкоўнік ледзьве не заплакаў ад тае зьнявагі, бо наша «рабоче-крестьянская армия, победившая злейшего врага — немецкий фашизм...» і г. д. Яго дружна падтрымалі астатнія. Прагучала прапанова выклікаць на сэсію рэдактара Кароціча і пропесочить его, чтобы десятому заказал, как клеветать на доблестную рабоче-крестьянскую...». Далей я не стрываў і выйшаў.

Болей у той камісіі я не зьявіўся. Я не хацеў мець нічога агульнага са злачыннай палітыкай відавочнага рэваншу, які задоўга да вядомага путчу насьпяваў, рыхтаваўся тымі, хто апынуўся перад рэальнай пагрозай страціць шматгадовую ўладу. Я разумеў Адамовіча, які разам зь іншымі інтэлігентамі асуджаў Гарбачова, але і ня мог не паспачуваць апошняму.

Гарбачоў апынуўся ў зьвярынцы, які незнарок ці наўмысна сам разварушыў і, мабыць, ужо ня ведаў, як зь ім справіцца.

 

1 Анатолій Сабчак (1937–2000) – расійскі грамадзкі дзеяч.

2 Вітаўтас Ландсбергіс (нар. у 1932) – літоўскі палітычны і грамадзкі дзеяч.

113. На родным возеры

Рыгор Барадулін, як заўжды поўнячыся рознымі (ня толькі паэтычнымі) ідэямі, надумаў зьняць фільм пра маю малую радзіму». Як усё было ўлагоджана, на мікрабусе «Беларусьфільму» паехалі ў Вушачу.

Тая дарога праз Плешчаніцы і Бягомлю была мне даўно знаёмая, я любіў яе навакольныя бары і пагоркі, цяністы лесавы шлях празь Бярэзінскі запаведнік. Мабыць, дарога і была самым прыемным з таго падарожжа, бо астатняе... Астатняе было надта жыва зьвязана з труднымі ўспамінамі пары дзяцінства, сумам адміраньня і запусткаў у некалі знаёмых ваколіцах. Toe вярэдзіла душэўныя сілы, самотай дацінала нэрвы. Усё, што для іншых, староньніх, было дэтальлю іхняй цікавасьці, для мяне — болем. I я, можа, не пагадзіўся б, калі б хітраваты Рыгор, ведаючы адну маю слабасьць, не падмануў мяне любым маім азярком. Заплянавалі здымкі на возеры, і я паехаў.

Па дарозе заехалі ў Воўчу па сястру Валю, якая ўжо ведала пра прыезд кіношнікаў і чакала нас. Валя выйшла замуж у Воўчу за калгаснага мэханізатара Шурку, увогуле добрага і майстравітага чалавека, які, аднак, меў адзін недахоп — усё той жа. Дзяцей у іх не было, і сястрычка даволі адпакутавала за Шуркам-Сашкам, які праз сваё хіба і памёр яшчэ не старым. Удавіца засталася адна ў няновай хаце, з катом, пры агародзе, якім адно і клапацілася ад раньняй вясны да позьняй восені. З таго і жыла.

Пасадзілі ў аўтобус Валю і паехалі ў Бычкі — на закінуты, зарослы дзядоўнікам і крапівой падворак бацькавай хаты. Памятаю, як яе будавалі, як яна была новаю і радавала дзяцей і бацькоў. Але мінула небагата часу, хата пахілілася, урасла ледзь не па вокны ў зямлю і стаяла з прадраным дахам і згнілымі дошкамі ганку. Адна радасьць была з двух пасаджаных бацькам дрэваў — дубу і клёну, якія з кожным годам усё болей раскашавалі, узьнёсшыся высока над хатай. На тым ганку кіношнікі змусілі мяне прымаць патрэбныя для іх позы, адказваць на пытаньні, якія задаваў, застаючыся «чалавекам за кадрам», рэдактар і рэжысэр Валодзя Халіп1. Затым паехалі на возера, зьехаць да якога з гарыстага берагу было немалой рызыкай. Але неяк зьехалі. А там на спрытным пагорачку, які я любіў зь дзяцінства, распалілі цяпельца, пачалі ладкаваць вучоную размову. Дужа я не любіў тых пастановачных размоваў, калі трэба было дэманстраваць сваю глыбакадумнасьць або лірычную ўзьнёсласьць. I тое ды іншае, на мой пагляд, лепей трымаць пры сабе, а калі ўжо давяраць каму, дык найлепш — паперы. Сястрыца сядзела побач і слухала, дзівячыся кіношнай «мудрасьці», перажываючы за наша агульнае мінулае. Як усё скончылі, Валодзя Халіп бухнуўся ў возера і — на маё захапленьне — пераплыў яго туды і назад без супынку. Тое я бачыў упершыню. Ніхто раней так сьмела не пераплываў наша возера — можа, не было спрытных, а мо палохала глыбіня. Казалі старыя, што возера дужа глыбокае. Але ня дзіва — Валодзя вырас на возеры. Як вярнуліся ў вёску, пакуль брат Мікола з жонкай Тоняй ладзілі пачостку, я пайшоў па пустэльнай, зарослае травой маёй колішняй вуліцы. Родная мая, бедная і няшчасная вёсачка, яна дажывала свае апошнія дні. З нашых былых суседзяў жылі толькі ў дзьвюх хатах, астатнія стаялі пакінутыя, ды і тых засталося некалькі. Зеўрала пабітымі вокнамі хата Галавачоў, куды я некалі любіў хадзіць да Валодзі, ня стала хатаў дзядзькі Васіля, памерлага ад сухотаў волата Куца. Праўда, няблага асталяваўся на сядзібе малодшы брат майго сябра Колі — Сямён, дбайны і працавіты селянін. У хаце Мішы, які працяглы час быў дырэктарам школы, жыла-дажывала яго ўдовая сястра, адзіную дачку якой забіла маланкай. У другім сяле жылых хатаў было трохі болей, але я ўжо забыўся імёны іхніх жыхароў. Апроч хіба кінамэханіка Васіля Паршонка, што жыў на краі за могілкамі.

Навакольле таксама зьмянілася. У мой любы зялёны роў нельга было і ўлезьці, так ён зарос алешнікам; прапала безь людзкой патрэбы і наша крынічка. Хмызьнякі і алешнікі ўсё болей заваёўвалі колішнія вясковыя палеткі і падступалі да самых гародаў. Дашчэнту пазарасталі палявыя дарожкі, а тыя, што засталіся, былі бязьлітасна зьнявечаныя вялізнымі коламі аўтатрактарнай тэхнікі і круглы год зеўралі правальлем-каляінамі. Добра, што галоўную дарогу я ўсё ж дамогся заасфальтаваць у свой дэпутацкі час. Вайскоўцы не далі заасфальтаваць адрэзак з магістральнай дарогі на Кублічы, — адкуль у іх пачыналася манэўровая аўтаракетная траса, якую належала маскаваць ад НАТА. Цяпер няма ні трасы, ні ракетаў, але няма і людзкай дарогі.

Мой брат Мікола, які тут пражыў жыцьцё, працуючы ў калгace, дачакаўся нарэшце пэнсіі і з тае нагоды быў дужа рады. Яго ніхто ня гнаў на дармовую працу, можна было пакалупацца на падворку, ля хаты, што брат дужа любіў. Плёў з дроту сеткі на загарадзі, у суседніх хмызьняках назапашваў дровы. У хляве гадавалася сьвінка, пасьвілася кароўка. Грошай плацілі мала, але рэгулярна, хлеб раз на тыдні прывозіла аўталаўка. Чаго яшчэ было трэба? Такога жыцьця ніколі не было ў вёсцы, і пэнсіянэрам здавалася, што дажыліся нарэшце да камунізму, які абяцалі бальшавікі. Каб толькі болей здароўя. Але менавіта здароўя і не хапала, — здароўе дарэшты адабрала шматгадовая калгасная паншчына. Нядоўга парадаваўся сваёй пэнсійнае волі і мой Мікола...

Так, насунулася пара стратаў, усё бліжэй падступаў час разьвітаньня. Меней і меней заставалася крэўных, сяброў і нават знаёмых. Рыгор дык зусім застаўся адзін — апошнімі сышлі яго цётачка, што колісь ласкава частавала нас сьнеданьнямі (мужчынскую годнасьць яна часьцяком вызначала па спрадвечнай сялянскай шкале: ешчы-няешчы. Ня ведаю, як Рыгор, а я ў яе апынуўся ў ліку няешчых), нядаўна пайшоў і дзядзька Пятрок, апошні з Рыгоравай радні, ня дужа дбайны вартаўнік Рыгоравага падворку, на якім ці ня кожнай зімы гаспадарылі вушацкія зладзеі.

У адну з апошніх маіх паездак на радзіму я прыдбаў ідэю-сюжэт аповесьці «Аблава».

Знаёмы кубліцкі чалавек распавёў пра выпадак з 30-х гадоў, як у нас праходзіла калектывізацыя і зь ёй — раскулачваньне, высылкі, рэпрэсіі. Адзін селянін быў сасланы зь сям’ёй пад Архангельск, там напакутаваўся, пахаваў жонку, малую дачку і вырашыў уцякаць на радзіму. Як ні дзіўна, тое яму ўдалося. Праз шмат прыгодаў-пакутаў, адолеўшы тысячу кілямэтраў, ён апынуўся на родным котлішчы і соладка, на адзіноце паплакаў. Але на тым і скончылася ўсё яго шчасьце вяртаньня. У дарозе яго ніхто ня ведаў, а тут пазнаў першы ж сустрэты ранкам сусед. I ўжо надвячоркам на яго пачалі паляваць, наладзілі аблаву, у якой (во драма!) змушаны быў прыняць удзел і ягоны сын, што ў свой час адрокся ад бацькі і ўступіў у партыю. Бацька ўтапіўся ў балоце, але з чым застаўся жыць яго сын? Ці ня з тым жа, што ўвесь век насіў у сабе Аляксандр Твардоўскі. Гэта ж ён апынуўся ў падобнай сытуацыі, калі аднойчы ў Смаленску, дзе малады паэт працаваў у рэдакцыі, да яго прыйшоў зьбеглы з высылкі бацька. Сын тады сказаў яму: «Вяртаўся б ты лепей туды, адкуль прыйшоў...». Людзям іншага веку наўрад ці зразумець усю глыбіню вытокаў пажыцьцёвай драмы слыннага паэта і ягонага няшчаснага бацькі.

Па начной дарозе да Менску, седзячы між стомленых паездкай і працай кіношнікаў, я ўсё думаў пра тую даўнюю драму. А прыехаўшы дадому, хутка напісаў «Аблаву»2.

 

1 Уладзімер Халіп (нар. у 1939) – беларускі пісьменьнік.

2 Аповесьць «Аблава» была завершаная ў 1988 г.

114. БНФ. Пазьняк

Зянон Пазьняк імкнуўся ўсталяваць у БНФ строгую партыйную дысцыпліну, улік і ўсё іншае, уласьцівае рэгулярнай палітычнай арганізацыі. Болей як два разы нельга было прапусьціць паседжаньні сойму, на ўсіх сяброў заводзіліся ўліковыя карткі. Toe, мабыць, было патрэбна, бо міністэрства юстыцыі строга сачыла за выкананьнем фармальнасьцяў, каб пры выпадку прыдрацца і спыніць дзейнасьць грамадзкай арганізацыі. Усяго таго ды шмат чаго іншага Пазьняк і БНФ дамагліся пры апантаным супраціўленьні нават адносна лібэральнага ладу часоў Шушкевіча, не кажучы ўжо пра пазьнейшы паліцэйскі рэжым Лукашэнкі.

Вядома, суровы рыгарызм Пазьняка далёка ня ўсім падабаўся ў шэрагах фронту. Увогуле сумленныя і разумныя хлопцы, пераважна беларускія інтэлігенты, сабраўшыся разам, нярэдка выяўлялі нязгоду з лідэрам. Тая нязгода ў асноўным палягала ў тактыцы; стратэгія ні ў кога не выклікала сумневу, бо стратэгіяй была Беларусь, якой бэнээфаўцы, безумоўна, былі аддадзеныя. Я любіў і паважаў іх усіх — заўжды філасафічна-памяркоўна настроенага Юрася Хадыку, веселуна і песьняра Валянціна Голубева, няўрымсьлівага Вячаслава Сіўчыка, красамоўцу Вінцэся Вячорку, па-дзелавому засяроджанага Сяргея Навумчыка. Некалькі пазьней да іх далучыцца інтэлігентны Лявон Баршчэўскі. Слаўныя былі каля іх і дзяўчаты, хоць і па-жаночы не заўжды згодныя між сабой, але памяркоўныя і адукаваныя. Аналітычныя здольнасьці Зянона здаваліся бязьмежнымі. Падобна было на тое, што ён ведаў усё пра Беларусь — сучасную і гістарычную, слухаць ягоныя развагі пра яе можна было гадзінамі. Хоць ён не выглядаў красамоўцам, але гэта быў чалавек, на ўсё жыцьцё хворы Беларусьсю. Я вельмі цаніў гэтую ягоную якасьць, і нават калі не з усім быў згодны або ня ўсё мне падабалася ў ягоных максімах, не хацеў пярэчыць. Я не адчуваў за сабой права пярэчыць чалавеку, апантанаму вялікай ідэяй.

Праўда, Адамовіч, аднойчы прыехаўшы ў Менск і спаткаўшыся з Пазьняком, сказаў, што гэты чалавек сапраўды можа прэтэндаваць на лідэрства ў Беларусі, адзіны яго недахоп — празьмерная апантанасьць1. Кепска быць апантаным, тым больш — ідэяй. Самыя высакародныя ідэі менавіта і банкрутуюць з прычыны апантанасьці іхніх адэптаў. У вогуле з тым я быў згодны, але не ў дачыненьні да Пазьняка. Я меркаваў, што для апалітычнай, рахманай Беларусі патрэбны менавіта такі лідэр. Толькі такі меў магчымасьць, здольнасьць і волю абудзіць нацыю, якая багата што праспала ў сваёй гісторыі.

Тая мая прыхільнасьць да Пазьняка ўзмацнела, калі аднойчы, уключыўшы тэлевізар, убачыў буйным плянам яго аскетычны твар, рашучыя твары ягоных паплечнікаў і пачуў, як лідэр БНФ абвясьціў камуністычную партыю бандай тыранаў і забойцаў, самай крывавай у нашай гісторыі. Toe яго выступленьне ў прамым этэры беларускага тэлебачаньня, таксама як і некаторыя газэтныя публікацыі, напачатку выклікала шок у грамадзтве, нязвыклым да падобных пасажаў. Тым ня менш пройдзе трохі часу, і тое ж грамадзтва без праблемаў абярэ Зянона Станіслававіча дэпутатам Вярхоўнага Савету. Вядома, гэта стала магчымым з нагоды, калі выбарчыя камісіі яшчэ не былі цалкам заангажаваныя рэжымам і падлічвалі галасы больш-менш аб’ектыўна. Разам з Пазьняком у Вярхоўны Савет была абрана даволі вялікая група сяброў БНФ, якая і склала грунт парляманцкай апазыцыі, што шмат чаго дамаглася наконт незалежнасьці краіны. Тыя посьпехі апазыцыі і яе лідэра грэлі, натхнялі і давалі надзею.

На жаль, у сваёй газэтна-мітынговай рыторыцы Пазьняк не заўсёды аддаваў належнае палітычнай лёгіцы і ня здолеў пазьбегнуць празьмернасьці ў дэфініцыях — асабліва што да Расеі і расейцаў. Заўсёды надта чулыя да ўласнага нацыянальнага гонару некаторыя зь іх скарысталі пазьнякоўскія інвэктывы, каб абвінаваціць яго і БНФ. Прытым без увагі засталіся выказваньні іншага кшталту. Так, калі ў яго на тэлеперадачы запыталі, якую палітыку да рускіх ён будзе праводзіць, як прыйдзе да ўлады, кандыдат у прэзыдэнты Пазьняк сказаў: «Такую, каб расейцам на Беларусі жылося лепш, чым у Расеі». Што ж, рытарычна, але вычарпальна ў сэнсе аптымальнага стаўленьня да вырашэньня балючай міжнацыянальнай праблемы.

Мабыць, у першапачатковы пэрыяд няўстойлівага сувэрэнітэту ня трэба было закранаць складанага пытаньня люстрацыі і асабліва — пэнсіяў. Зь цягам часу тое можна было б вырашыць ціха і без палітычнага ажыятажу, так, як гэта было зроблена неўзабаве ў Чэхіі або Польшчы.

Шмат каму з Пазьняком было нялёгка. Сам будучы чалавекам апантаным, ён гэткай жа апантанасьці чакаў і ад іншых, найперш ад сваіх паплечнікаў. Але кожны зь іншых меў свой, адметны ад ягонага характар. Тое ўвогуле зразумела і натуральна, бо ўсе яны паводле перакананьняў былі дэмакраты, а вядома, што дэмакратам мэтафізычна не ўласьціва адзінамысьленьне. Там, дзе паяўляюцца хоць бы два дэмакраты, пачынаюцца нязгоды і пярэчаньні. Самаахвярнасьць — псыхалягічна цяжкая справа, мабыць, неразумна патрабаваць яе ад кожнага іншага. Тут здатны толькі ўласны добраахвотны выбар, штурхаць да якога ня мае права ніхто. Нават бальшавікі ў вайну разумелі тое і лічылі, што сотні Матросавых свой подзьвіг абралі па ўласнай волі (хаця тое дужа сумніўна). Але важна, што пастулят добраахвотнасьці і для іх быў нязрушны. Дарэчы, надта хрысьціянскі пастулят.

Менавіта ў гэткіх абставінах на чарговым зьезьдзе зьявілася праблема ў лідэра БНФ, адстаўкі якога дамагаліся некаторыя зь ягоных паплечнікаў. Я быў змушаны выступіць з просьбай не рабіць таго, зразумець, што да пэўнага часу Пазьняк у Фронце альтэрнатывы ня мае. Мяне паслухаліся, хаця, можа быць, я і памыляўся. Бо ўсё роўна пазьней БНФ раскалоўся і фармальна, а прыкметы расколу паявіліся ў ім на некалькі гадоў раней.

Бэнээфаўцаў, асабліва ветэранаў гэтага руху, часта грэбліва называюць рамантыкамі. Тое не зусім правільна, хаця доля праўды ў тым азначэньні ёсьць. Нейкая мера рамантызму, мабыць, была ўласьціва і Пазьняку. Ня надта добра, што зь цягам часу высакародная ўвогуле ідэя адраджэньня набыла ў вачох грамадзтва архаічнае адценьне, — не заўсёды зразумелае, а таму і не прымальнае для сучаснага, празьмерна прагматычнага беларуса. Беларускі народ у сваёй масе напрыканцы XX стагодзьдзя меў клопат ня так з праблемай адраджэньня, як з праблемай выжываньня2. Хоць як-небудзь, хоць з бальшавіцкім рылам, але каб не ператварыцца ў мерцьвяка, што ўвогуле было рэальна. Па сутнасьці ішоў працэс паміраньня (ва ўсіх сэнсах), і важна было клапаціцца, як затрымацца на краі пагібелі, а ня дбаць пра колішнюю веліч часоў ВКЛ3. Народ тое адчуваў інстынктыўна, і таму на першых прэзыдэнцкіх выбарах у масе сваёй не пайшоў за Пазьняком і БНФ зь іх віртуальным нацыянал-дэмакратызмам, архаізацыяй і без таго ня надта палагоджанай мовы, чым сталася, на думку некаторых, вяртаньне да граматыкі Тарашкевіча. З часоў Тарашкевіча шмат што зьмянілася ў сьвеце, у тым ліку і ў беларускай мове, з чым прагматычнаму палітыку немагчыма было не лічыцца. Народ пайшоў за жорсткім, нахабным4, прагматычным дырэктарам саўгасу, ідэі якога былі простыя, як мычэньне каровы і зразумелыя дарэшты. Без увагі да нацыянальных прынцыпаў, Лукашэнка кінуўся да Расеі, найперш каб выбіць адтуль асабістую падтрымку, а таксама хлеб, бэнзін, газ, безь якіх немагчыма было ня толькі «адраджацца», але і перажыць зіму да вясны. Вядома ж, разумнейшыя адчувалі, што ён адбіраў у Беларусі сувэрэнітэт, будучыню і пазбаўляў дэмакратыі. Але што карысьці з дэмакратыі, калі плакалі галодныя дзеці? Несумненна, будучы дэмакратамі, лідэры БНФ не зразумелі, што дэмакратыя — гэта не справядлівасьць, а матэматыка, што нацыянальную будучыню цяпер вырашаюць лічбы, а не ідэі, якія б разумныя яны ні былі.

Пра высокія нацыянальныя ідэі мусіла дбаць нацыянальная эліта, нацыя ж дбала пра элемэнтарную мэту — выжыць. Дужа сумніўна, што тае мэты мог дасягнуць нацыяналіст Пазьняк, затое дамагчыся яе абяцаў прагматык Лукашэнка. Toe, што ягоныя мэтады па сутнасьці дэмагагічныя, тады мала хто ведаў.

 

1 У кніжным выданьні – проста «апантанасьць».

2 Падкрэсьлена аўтарам.

3 «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае» – сярэднявечная дзяржава, заснаваная продкамі сучасных беларусаў і літоўцаў. На пэўным гістарычным этапе апекавалася і землямі продкаў сучасных украінцаў.

4 У кніжным варыяньце было «напірыстым».

115. Нацыяналізм

Я гутарыў зь некаторымі пісьменьнікамі, у бальшыні маімі сябрамі, наконт іх прыцягненьня ў БНФ. Але тое давала невялікі плён — пісьменьнікі былі іншае думкі пра Пазьняка. I наогул мелі намер трымацца ад палітыкі далей. Толькі Рыгор Барадулін ды Артур Вольскі згодна і рэгулярна працавалі ў сойме. Гілевіч адасобіўся ў створанае ім ТБМ1, Бураўкіна неўзабаве зьнялі з тэлебачаньня (калі ён дапусьціў да прамога эфіру Пазьняка) і адправілі амбасадарам у Амэрыку. Для мяне гэта было адчувальнай стратай на доўгія тры гады. Я любіў Генадзя за яго таварыскую чуласьць, нераўнадушнае стаўленьне да балючых грамадзкіх праблемаў. Ён таксама па-добраму адносіўся да мяне, зрэдчас тэлефанаваў з Нью-Ёрку, прысылаў лекі, запрашаў прыехаць для сустрэчы з дыяспарай. Але я не наважыўся — стала пагаршацца здароўе, аднойчы «хуткая дапамога» завезла мяне ў рэанімацыю.

Яшчэ адзін раз удалося тады зьезьдзіць у Вушачу — я, Барадулін і наш трэці вушацкі зямляк Сяргей Законьнікаў2, які ёсьць родам з Глыбачкі. Ён звазіў нас у тую прыазёрную вёску, дзе пазнаёміў з бацькамі, былымі сельскімі настаўнікамі. Сярожа быў добры сын, трапяткі і шчыры, зрабіў пэўныя посьпехі ў службе і ў літаратуры, але бацькі не сьпяшаліся ехаць да сына ў вялікі горад і жылі ў абладжанай уласнымі рукамі хатцы на беразе возера. Наогул заўважана, што нашых старых здаўна вабілі азёры, і калі наставала магчымасьць выбару жытла, тыя выбіралі, каб бліжэй да вады. Вада заспакойвала, гаіла душу і дадавала веку. Тое старыя ведалі добра.

Як заўжды, пра найбольш важныя падзеі даведваўся з «Панасоніку», які звычайна ўключаў позна ўвечары або ранкам. Па тым часе глушыць перасталі, чутнасьць была неблагая, ня тое што некалі. Хаця слухалі і раней, праз гул і трэскат глушылак, то была адзіная крыніца інфармацыі са свабоднага сьвету. Я так прыахвоціўся да «Свабоды», што, калі можна было, не прапускаў ніводнай зь яе перадачаў. I ня толькі пра палітыку ці бягучыя падзеі, але слухаў навуковыя і літаратурныя перадачы, гістарычныя агляды. «Свабода» шмат каго інфармавала і адукоўвала, таксама, дарэчы, як і Бі-Бі-Сі ці «Голас Амэрыкі». Лекцыі і перадачы Аўтарханава, культуролягаў В. Вэйдле, Ф. Сарторы, Гольдбэрга, А. Шлемана. Перадачы беларускай рэдакцыі гучалі куды цішэй, але таксама зрабілі, напэўна, немалы ўклад у фармаваньне духоўнага стану грамадзянаў заняволенай краіны.

Яшчэ на пачатку перабудовы мне спадабалася кніжка беларускага журналіста Аляксандра Лукашука, да якой я напісаў невялічкую прадмоўку. З тае пары ў нас з аўтарам устанавілася добрае сяброўства, якое набыло характар сталага супрацоўніцтва, калі зь цягам часу Аляксандар Лукашук стаў дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Ён, як і мой калега па БНФ Сяргей Навумчык, асабліва прычыніліся да майго лёсу, як я апынуўся за мяжой, пераехаў у Прагу. Ну але тое здарылася значна пазьней.

А тады зь перадачаў «Свабоды» пачулася штось неверагоднае — раптоўна ў адпачынку захварэў Гарбачоў, а ў Маскве адбылося штосьці вельмі падобнае да путчу. Тэлебачаньне перапыніла ўжо сваю праграму, перадавала клясычны балет, а пасьля на экранах паявіліся нейкія малазнаёмыя пэрсоны, паведамілі аб стварэньні ГКЧП. Toe было незразумела, нараджала неспакой і трывогу. Што адбываецца?

Наступныя дні, поўныя палітычнага драматызму, паказалі, што адбываецца кепскае, што камуністы вырашылі прыбраць Гарбачова, зьмяніць яго курс. Але на які? Хутка стала зразумела, што — на ранейшы, звыклы і выпрабаваны, дужа вядомы сьвету, пачынаючы з кастрычніку сямнаццатага году. З таго часу ён увогуле не мяняўся, падобна, набыў устойлівыя відавыя рысы. I першы, хто памкнуўся яго зьмяніць, быў Гарбачоў. Але, відаць, і ягоная спроба змушана застацца безвыніковай...

Мяркуючы па ўсім, перабудова ляснулася, і зь ёй — адчайная і няўмелая спроба рэфармаваньня ягонае партыі. Але калі тое рэфармаваньне не ўдалося генсеку партыі, дык каму ж тады яно можа ўдацца? Як паказала жыцьцё, тая партыя наогул не рэфармуецца. Яна або можа існаваць у ранейшым, створаным Леніным стане, або загінуць.

Я дужа шкадаваў, што ў той час у Менску не было Адамовіча, які стаў вельмі патрэбны. I ня мне аднаму.

Зянон пры чарговай сустрэчы сказаў пра апошнія падзеі трохі інакш, чым мне адчувалася. Ён сказаў, што гэта — добра. Гэта толькі паскорыць іхнюю агонію. Сьмерць прыйдзе знутры. Трэба толькі не чакаць, выхапіць з полымя тое, што нам належыць, — нашу свабоду. Бо іхняй свабоды ўжо не ўратаваць нікому.

Тое былі разумныя словы, толькі як дамагчыся іхняга спраўджаньня?

Беларускае кіраўніцтва (старшыня Вярхоунага Савету А. Дземянцей), канешне ж, падтрымала ГКЧП. Для камуністычнай намэнклятуры тут не было праблемаў, яна заўжды настроена на ўладу і зараз жа адварочваецца ад яе, калі тая перастае быць уладай. Гарбачоў яўна губляў уладныя функцыі, і беларускія кіраўнікі сьпяшаліся ад яго адцурацца, каб прыляпіцца да іншых. У той час — найперш да арганізатару путчу Кручкова і яго ўсемагутнага ведамства3.

А ў Маскве, між тым, на авансцэну палітычнае барацьбы выходзіў Б. Ельцын, якога абралі старшынёй ВС Расеі. Гэтага кіраўніка я мала ведаў, хаця на зьездах і па тэле ён фігураваў дастаткова часта. Візуальна то была ўнушальная фігура, стандартны партыйны лідэр з прыгожым сіваватым чубам і нязлым упэўненым позіркам. Але яго папярэдняя дзейнасьць мала чым адрозьнівалася ад падобных да яго — той жа намэнклятуршчык абласнога маштабу. Наўрад ці ён мог сур’ёзна пайсьці супраць партыі, у якой зрабіў немалую кар’еру. Наступныя падзеі, аднак, паказалі, што такія думкі былі часткова памылковыя, падзеі ў Маскве, як і належала для гісторыі, разьвіваліся непрадказальна. Ельцын выступіў супраць партыі, але на паўдарозе спыніўся, мяркуючы па ўсім — спалохаўся. За сябе, за сям’ю ці за партыю — цяпер ужо ня мае значэньня. Як нярэдка бывае ў палітычнай гісторыі, паліятывы загубілі немалыя магчымасьці. А што да Расеі, дык і ўсё паблыталі: камунізм з капіталізмам, свабоду зь няволяй, тыранію з дэмакратыяй. Як бы цяпер сказалі — палітыка Ельцына праявіла свой поўны непрафэсіяналізм.

Алесь Адамовіч, які апошнім часам адасобіўся ад Гарбачова, сказаў, што трэба падтрымліваць Ельцына. Што той павядзе краіну далей, чым вёў Гарбачоў. Далей, але куды? Зрэшты, вельмі магчыма, што ў тым становішчы, у якім апынулася краіна СССР, не было альтэрнатывы, тупік аказаўся такі безвыходны, што ўсе спосабы выбавіцца зь яго апынуліся няспраўджанымі. Належала хіба павярнуць назад. Ды гісторыя, на жаль ці на шчасьце, ня мае задняга ходу.

Дык тое — у Расеі. А ў нас?

У нас па-ранейшаму буяла засільле камуністаў, сядзелі на сваіх месцах Дземянцей, партбос Сакалоў і ягоны двайнік Малафееў. Зьнізу іх нецярпліва падпіралі маладзейшыя, — яшчэ болей агрэсіўныя і цынічныя. На каго было спадзявацца? Мяне па-ранейшаму тузалі мэдыі, з Масквы і тутэйшыя, быццам болей ня ведалі, да каго зьвярнуцца. Дзе-колечы паявіліся невыразныя намёкі пра мяне як магчымага лідэра нацыі — тое належала прыпыніць. У «Народнай газэце»4 надрукаваў артыкул, у якім выразна і недвухсэнсоўна паказаў, хто ў Беларусі ёсьць сапраўдны лідэр. Тым таксама вызначыў маё стаўленьне да Пазьняка і спыніў пэўныя закіды ў бок Быкава. Я ня лідэр і не сумленьне нацыі», я просты, біты жыцьцём беларус, які мае толькі адну мэту — застацца сумленным. Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, відаць, марнае памкненьне. Майму пакаленьню, як і шмат якім папярэднікам, свабоды ня бачыць. Хіба наступным...

У наступных падзеях бурна чаргавалася надзея з паняверкай, спадзяванкі з расчараваньнем. Былі моманты, калі здавалася, што наша доўгачаканая ісьціна — ужо побач, трэба яшчэ адно-два намаганьні, і мы будзем мець тое, пра што беларусы марылі доўгія стагодзьдзі. Але назаўтра высьвятлялася, што ўсё перамянілася за адну ноч, і наша надзея апыналася адкінутай у пазаўчарашні дзень. Усё трэба было пачынаць спачатку. Але хто вінаваты? Адны казалі — Масква, яна не дае дыхнуць залежным народам і, апантаная імпэрскай ідэяй, ніколі не пагодзіцца з незалежнасьцю Беларусі. Iншыя думалі, што ўся справа ў стаўленьні да нас Захаду. Захаду даражэй адносіны зь імпэрскай Масквой, чым зь няпэўнай Беларусьсю. Ці ня ўсе пры тым сьцьвярджалі, што ў нашай бядзе найболей вінаваты мы самі, бо яшчэ не ўсьвядомілі боскай каштоўнасьці свабоды і незалежнасьці.

Мабыць, горш за ўсё было тое, што ўсе гэтыя меркаваньні мелі рацыю.

Нацыяналізм, гэтая грамадзка-палітычная зьява, стаўся дужа разнастайным у нашым часе, у пэўнай ступені пагарджаным і адпрэчаным грамадзкай сьвядомасьцю. Безумоўна, да таго прычынілася практыка, увасабленьне яго ў жыцьцё, праз што прайшло заходняе грамадзтва і выйшла да іншага. Iдэі нацыяналізму апынуліся дыскрэдытаваныя нямецкім нацызмам, італьянскім фашызмам, шмат якімі драбнейшымі радыкальнымі рухамі. А між тым ці ня ўсімі дзяржаўніцкімі здабыткамі ў нядаўнім мінулым Эўропа (і ня толькі Эўропа) абавязана менавіта нацыяналізму сваіх вялікіх і дробных краінаў. Нацыяналізм стварыў неабходную форму арганізацыі грамадзтва — дзяржаву, якая існуе «не для таго, каб ператварыць зямное жыцьцё ў рай, а для таго, каб ня даць яму канчаткова ператварыцца ў пекла», — як пісаў М. Бярдзяеў. У аснове нацыяналізму — прыроджаны эгаізм, рыса, уласьцівая кожнай жывой істоце. Гора таму арганізму, у якім гэтая рыса выяўлена недастаткова, таксама як і кепска, калі тая рыса выяўлена празьмерна. Нацыяналізм, скіраваны на ўнутраны ўжытак грамадзтва, здаўна мае найменьне патрыятызму, а скіраваны ў іншы сьвет — ёсьць шавінізм або імпэрыялізм. Знакаміты філёзаф Рычард Пайпс падзяляе сучасны нацыяналізм на два яго варыянты: эксплюзіўны (агрэсіўны) і інклюзіўны (памяркоўны); расейскі ён адносіць да першага варыянту, а беларускі проста не заўважае. Мабыць, характар кожнага нацыяналізму вызначаецца мэнтальнасьцю нацыі, яе палітычнымі памкненьнямі ў дадзены гістарычны момант. Расейскі нацыяналізм знайшоў сваё найбольшае ўвасабленьне ў бальшавіцкім імпэрыялізме, нямецкі — у агрэсіўным нацызме. Але што такое беларускі нацыяналізм?

Агульнапрынятая дэфініцыя нацыяналізму кепска дастасуецца да гэтае беларускай зьявы, якая ёсьць іншая, зь іншым нацыянальна-палітычным зьмесьцівам. У сучаснасьці яна праяўлена слаба і, на мой пагляд, недастатковая нават у сэньсе ўнутранага грамадзкага эгаізму, неабходнага для элемэнтарнай самаідэнтыфікацыі нацыі. Можна гаварыць толькі пра нацыянальныя зародкі, спазьнелыя і малавыніковыя, якія ня толькі не пагражаюць іншым народам і нацыянальнасьцям, але і не забясьпечваюць нацыянальных патрэбаў саміх беларусаў.

Напрыканцы XX стагодзьдзя характар нацыяналізму ў Эўропе надта зьмяніўся, патрэба ў ім для цывілізаваных краінаў адпала. Але для тых, якія па розных прычынах у тым не пасьпелі, ён па-ранейшаму застаецца надзённым. Менавіта нацыяналізм, паводле Фрэнсіса Фукуямы5, найбольш прычыніўся да вызваленьня народаў ад камуністычнай дыктатуры. Не лібэралізм, не дэмакратыя, а менавіта нацыяналізм заняволеных камунізмам народаў. Там, дзе гэты працэс быў завершаны, зьявілася магчымасьць пераходу да дэмакратычнага лібэралізму, а дзе не завяршыўся, дзе стаўся затрыманы рэакцыйнымі сіламі, там нацыяналізм па-ранейшаму надзённы. Бо толькі нацыяналізм з найбольшнай выніковасьцю здольны аб’яднаць сілы грамадзтва ў ягоным дэмакратычным разьвіцьці. У той жа час ён можа мірна і гарманічна ўжывацца з лібэралізмам, цьвердзіць Фукуяма — «сучасны адвакат нацыяналізму», але і перакананы прыхільнік лібэралізму.

Некалі Алесь Адамовіч казаў, што пры засільлі звыродлівай улады і абмежаванасьці прыродных рэсурсаў Беларусі трэба займець вельмі значную (вялікую!) ідэю, якая вывела б яе ў склад сучасных краінаў. Гэта — праўда. Нацыянальная ідэя — важны чыньнік прагрэсу, а то і фізычнага існаваньня ў сьвеце. Расея, напрыклад, увайшла ў заняпад, бо зжыла сваю імпэрскую ідэю і цяпер паўстала перад праблемай вынаходзтва новай. Але што да Беларусі, дык у яе ёсьць важная і аж занадта актуальная ідэя, гэта — свабода і незалежнасьць. Iдэя клясычная, увасабленьня якой даўно дамагліся шмат якія краіны сьвету, пабудавалі на ёй свой нацыянальны лёс. А беларусы ўсё яшчэ дыскутуюць, ці варта дамагацца таго? Ворагі беларушчыны, вядома ж, даводзяць: ня варта, ёсьць лепшая ідэя — няволя і залежнасьць, яна дае хлеб. (I бэнзін, і газ, і прамтавары.) Амаль як у Бібліі: заваюйце нас, але накарміце нас. Або яшчэ сьцьвярджаюць, што Беларусь ня можа існаваць незалежна ў наскрозь залежным, драпежным сьвеце, дзе ўсё вырашаецца сілай. Але ж іншыя, куды слабейшыя за Беларусь эўрапейскія краіны існуюць і жывуць няблага. Ніхто не занявольвае цяпер маленькую Швайцарыю, Аўстрыю, Венгрыю, Данію ні нават Люксэмбург з Андорай, а іхняя эканамічная залежнасьць ад вольнага сьвету толькі служыць ім на карысьць. Мабыць, з часоў сярэднявечча шмат што зьмянілася ў сьвеце і дае магчымасьць народам жыць і нават разьвівацца6.

Народы, якія на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Хрыстовага нараджэньня не засвоілі гэтае ісьціны, рызыкуюць не засвоіць яе ніколі. I навек застацца рабамі — найперш уласнае цемры і ляноты.

 

1 Таварыства беларускай мовы.

2 Сяргей Законьнікаў (нар. у 1946) – беларускі пісьменьнік.

3 КДБ.

4 Артыкул В. Быкава ў «Народнай газеце» (пра Пазьняка) быў апублікаваны ў 1993 г.

5 Фрэнсіс Фукаяма (нар. у 1952) – амэрыканскі філёзаф, футуроляг.

6 Далей у тэксьце кампутарнай раздрукоўкі аўтарам выкрэсьлены наступны сказ: «Сучасны агульнапрызнаны гарант устойлівасьці тых зьменаў — Амэрыка зь яе эканамічнай магутнасьцю і традыцыйным дэмакратызмам».

116. Еўтушэнка

У Менск прыехаў Яўген Еўтушэнка, мы яго спаткалі на вакзале. Невядома па якой прычыне адбылося дробнае непаразуменьне — спатыкалі ў адным вагоне, а ён выйшаў зь іншага. Мэтай ягонага да нас візыту было аб’яднаньне саюзаў пісьменьнікаў — расейскага зь беларускім.

У нас да таго паставіліся няпэўна — некаторыя былі за, іншыя — супраць. Справа ў тым, што наш СП ніколі ня быў кансалідаваны ў палітычных стасунках, хіба толькі здаваўся такім. Сабраны зь пісьменьнікаў розных пакаленьняў, ён нёс на сабе ўсе родавыя адмеціны нядаўна пражытых часоў — старэйшыя былі болей кансэрватыўныя, шмат якія грунтоўна заангажаваныя рэжымам і цалкам сэрвільныя ў адносінах да ўлады. Спакваля, аднак, у СП папрыходзілі маладзейшыя, якія несьлі ў сабе пэўную апазыцыйнасьць да нядаўняга мінулага. Але была адна пазыцыя, дзе і тыя ды іншыя трымаліся амаль аднолькавых перакананьняў, гэта стаўленьне да нацыянальнай мовы. Мова гінула, а то быў сук, на якім трымалася ўся нацыянальная культура. Пісьменьнікі не маглі быць да таго абыякавыя, і шмат якія ініцыятывы звонку разглядалі ў сьвятле іхніх наступстваў у галіне мовы. Расейцы ў гэтым сэнсе, на жаль, не былі нашыя аднадумцы.

Апроч таго, у Расеі за часы перабудовы выплыла на паверхню шмат такога, чаго нельга было не спалохацца, чаго не прыкмячалася нават пры бальшавіцкім рэжыме. Нядаўнія апалягеты інтэрнацыяналізму ператвараліся ў зацятых абаронцаў уласнай культуры ад іншых народаў, якія «аб’ядалі Расею». Дэмакратыя ўсё ніяк не магла падняцца на ногі, у той час як нацыянал-бальшавізм пачаў шырока гойсаць па яе інтэлектуальных прасторах. Як заўжды, вольна пачуваў сябе антысэмітызм, асабліва на поўдні і ўсходзе Расеі. Быць разам у адным саюзе з расейскай дэмакратыяй было б няблага, але... Дзе гарантыя ўстойлівасьці тае дэмакратыі? Ці мог яе даць нават такі агульнапрызнаны майстра паэзіі і перакананы антыкамуніст, як Яўген Еўтушэнка?

Я паважаў Яўгена Аляксандравіча, як і шмат хто ў краіне, захапляўся ягонай паэзыяй, якая зрабілася знакавай у дысыдэнцкім супрацьстаяньні сталіншчыне і брэжнеўшчыне. У нас зь ім было некалькі сумесных паездак па краіне і за мяжу, дзе нашыя адносіны аформіліся ў добрае сяброўства. Памятаю, як мы трапілі ноччу на вясельле ў Ерэване, дзе Еўтушэнка сказаў тост у гонар мірнага суіснаваньня армянскага і турэцкага народаў, за які ледзьве не паплаціліся абодва. На практыцы гэта азначала: ня лезь са сваім статутам у чужы манастыр. Як мы ўваходзілі ў ягоны гатэльны нумар, працягваючы вольную бяседу, я засьцярожліва паказаў на столь, маўляў — змоўкнем. Яўген толькі засьмяяўся. Нашто, кажа, хай запішуць кожнае нашае слова — спатрэбіцца для нашчадкаў. Toe было праўда. Пройдзе небагата часу, і мы пераканаемся, што ня толькі рукапісы не гараць, але і сказанае застаецца. У тым ліку і схаванае ў сакрэтных аддзелах КДБ.

Абмеркаваньне на прэзыдыюме СП прывезенай Еўтушэнкам прапановы адбывалася вяла, ніякага рашэньня не было прынята. Хаця бальшыня з аб’яднаньнем не пагадзілася, я тады быў схільны аб’яднацца. Але час паказаў, што бальшыня мела рацыю. Неўзабаве СП СССР распаўся на некалькі пісьменьніцкіх саюзаў, некаторыя зь якіх набылі адметны антыдэмакратычны, праімпэрскі характар. У такой сытуацыі лепей было захаваць нэйтральнасьць і фармальную незалежнасьць.

Пасьля было яшчэ некалькі спробаў да аб’яднаньня з пэўнымі расейска-пісьменьніцкімі групоўкамі, ды і тыя скончыліся нязрушнасьцю нашай непадлегласьці. Гэта ці ня той рэдкі выпадак, калі палітычная індыфэрэнтнасьць пайшла на карысьць. Праўда, вытрымаўшы націск звонку, беларускі СП ня здолеў процістаяць паўзучай унутранай сіле разбурэньня. Праз кароткі час ён страціў сваю маёмасьць, сьціплыя фінансавыя сродкі і заняпаў арганізацыйна.

Але Бог не пакідае праведнікаў, а лёс часам дае ім птушыны хвосьцік надзеі.

У сьвеце даўно існаваў ПЭН-клюб (паэзія, эсэістыка, навэлістыка) — арганізацыя, якая за сваю амаль 80-гадовую дзейнасьць не была прызнаная савецкімі пісьменьнікамі, што бачылі яе як буржуазную. Але часы мяняліся, малатабоец-гісторыя кавала сваю лёгіку. Тая лёгіка прыводзіць да нечаканых высноваў. Частка расейскіх пісьменьнікаў адасобілася ад камунапатрыятычных СП і стварыла Расейскі ПЭН-цэнтар. Яго тагачасны кіраўнік Анатоль Рыбакоў1 па даручэньні міжнароднага ПЭНу патэлефанаваў мне ў Менск і перадаў прапанову стварыць беларускі ПЭН-цэнтар. Былі абумоўлены пачатковыя квоты — 20 сяброў зь ліку літаратараў, не ангажаваных у органы ўлады і камуністычную партыю. Я параіўся з Барадуліным, Разанавым2, Някляевым3 і яшчэ некаторымі пісьменьнікамі. Мы склалі невялікі сьпіс і сабраліся на першы сход у Чырвоным касьцёле, адобрылі Статут міжнароднага ПЭНу, абралі кіраўніцтва. Першым прэзыдэнтам стаў Рыгор Барадулін, сакратаром (пасьля віцэ-прэзыдэнтам Карлас Шэрман. Новая пісьменьніцкая арганізацыя на той час ня мела ні памяшканьня, ні грошай, усё трэба было здабываць. Натуральна, ПЭН ня стаў зьвяртацца да ўлады, а найперш пачаў зарабляць папулярнасьць. Добрых публікацыяў для таго было недастаткова, спонсары, як заўжды, болей дбалі пра свае кашалькі, трэба было непасрэдна кантактаваць зь як мага большаю колькасьцю народу. Пачаліся выступы — у сталічных клюбах і з выездам на пэрыфэрыю. Паэты чыталі вершы, празаікі вялі палітыка-культурніцкія дыскусіі. Зацікаўленьне нацыянальнай публікі тады было велізарнае, Беларусь рыхтавалася да адраджэньня (якое, аднак, хутка згасла). Кіраўніцтва ПЭНу ў асобе Карласа Шэрмана наладзіла плённае супрацоўніцтва зь міжнароднымі гуманітарнымі арганізацыямі, нацыянальнымі ПЭН-цэнтрамі, фондам Сораса, пакуль яго не прагналі з краіны. Дзейнасьць ПЭНу значна абмяжоўвала статутнае патрабаваньне апалітычнасьці, якое сябры ПЭНу неяк навучыліся абыходзіць. Наша літаратура і палітыка традыцыйна былі зьвязаныя моцнай пупавінай, і тое няблага. Iншая справа, якая то палітыка. ПЭН-цэнтар у сваёй дзейнасьці імкнуўся праводзіць нацыянальна-дэмакратычную палітыку, скіраваную найперш на незалежнасьць і свабоду краіны. ПЭН-цэнтар стаўся саўтваральнікам такой важнай праваабарончай арганізацыі, як Хельсінкскі камітэт, дзе ягоныя сябры напачатку занялі ключавыя пасады. Да гонару ПЭНцэнтру як арганізацыі трэба зазначыць, што яна ці не адзіная ў краіне, якая за дзесяць год не зазнала расколу, захавала адзінства, у пяць разоў павялічыла свой склад і ў цяжкіх умовах нацыянальнай крызы прадаўжае кансалідаваць значную частку беларускай літаратуры.

 

1 Анатоль Рыбакоў (1911–1998) – расійскі пісьменьнік.

2 Алесь Разанаў (нар. у 1947) – беларускі паэт.

3 Уладзімер Някляеў (нар. у 1946) – беларускі пісьменьнік.

117. Свабода

Свабода — найбольшая маральна-фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня. Усё жывое і карыстаецца тою каштоўнасьцю, наколькі гэта мажліва ў складаным, заблытаным сьвеце арганічнага існаваньня. Апроч хіба чалавека, якому мала прыроджанай свабоды. Каб у поўнай меры спазнаць і адчуць яе неабходнасьць, яму наканавана прайсьці праз хітрасплецены лябірынт жыцьця, а то і застацца ў адным зь яго тупікоў. I там прызвычаіцца, змарнець, страціць прыроджаны дар свабоды, адаптавацца дзеля элемэнтарнае мэты біялягічнага існаваньня. Зрабіцца часткай натоўпу, грамадзтва, электарату — такім, як усе.

Але як быць асобе, калі яна выпадае з масы да сябе падобных, калі яна — творца, што дзеіць паводле ўнутраных імпульсаў самавыяўленьня? Як ёй пераадолець тую брутальную залежнасьць ад соцыюму, які нязьменна нівэлюе яе Богам дадзены дар? Ці, можа, ня трэба нічога пераадольваць, а падладзіцца, прыстасавацца, каб дамагчыся бесканфліктнага існаваньня? Дзясяткамі год у нашых вушах гучала нявольніцкая максіма: «Жить в обществе и быть свободным от общества нельзя». Сапраўды нельга, не дадуць, не дазволяць. Тыя, ад каго гэта залежыць, натхняюцца ня зманлівай ідэяй чалавечай свабоды, а рэальнай патрэбай прыгнёту і сілы. I праўда, яны валодаюць немалой сілай, бо яны — заўжды гурт.

Мабыць, сапраўды, каб выжыць, варта згуртавацца, што робяць шмат якія істоты ў жывой прыродзе. Асабліва калі гурт мае ідэю — малаважна якую, добрую ці благую. Часам ідэяй робіцца інстынкт нацыі ці клясы, ці якога гурта, і тады сьвет апынаецца перад імпэрскай, пралетарскай, нацысцкай ідэяй, якія заўжды каштуюць крыві. Апантаныя, так званыя папулісцкія ідэі каштуюць вялікай крыві і рэдка зьдзяйсьняюцца. Нават і сьвятая сярод іх ідэя свабоды.

Але ці дужа якая ідэя патрэбна творцу, калі ягоная душа ўжо захоплена ідэяй іншага кшталту — ідэяй праўды і прыгажосьці? Iншаму там месца няма, і ён — індывідуаліст.

Усё значнае ў мастацтве спрадвеку ствараецца на грунце індывідуалізму. Спробы заарганізаванай мастацкай творчасьці (тым болей літаратурнай) заўсёды зазнавалі фіяска. Творцы — аднаасобнікі, яны твораць штучны тавар. Творчы альянс двух, нават калі кожны зь іх геній, неверагодны. Толькі паасобку. Нават калі яны адзінадумцы, адзінаверцы, належаць да адной партыі. Калектыўны элемэнт у мастацтве мае несумненна дэструктыўны характар.

Праўда, наш час асаблівы — крывадушны і жорсткі, а што да мастацтва — разбуральны па сваёй сутнасьці, толькі мы яшчэ ня надта ўцямілі тое. Сучасная маскультура – не самаразьвіцьцё ранейшай, традыцыйнай культуры, як часам лічыцца, а контркультура1. Таму цяпер у першую чаргу трэба клапаціцца не пра росквіт, а пра выжываньне і захаваньне таго лепшага з нацыянальнай і сусьветнай культуры, што гэтак брутальна бурыцца ўладай і часам. Пэўна, зрабіць тое лепей агулам. Але ці можна не разумець, што і бурыць таксама выгадна агулам — усё адразу. Так дзешавей для ўладаў, якія звыклі ўладарыць ня толькі над целамі, але і над душамі людзей. З тае мэтай у нядаўнім мінулым яны стварылі партыю, калгасы, гулаг, каб заграбсьці ўсіх адразу. I сагналі творцаў у «творчыя» саюзы, дзе ўзялі іх у «творчы» палон. Тое яны найбольш рабілі рукамі саміх жа творцаў зь ліку найбольш спрытных калябарантаў. Па прынцыпе колішняга самаабслугоўваньня: самі пішаце, самі сябе і саджайце.

Нашая літаратура быццам бы пакрысе выкараскваецца з таго інтэлектуальнага гулагу, зь якога яшчэ належыць выбрацца нацыі. Свабода рабочых і сялянаў патрабуе, як кажуць, шмат валютных інвэстыцыяў, якіх у дзяржавы няма. Літаратуры ж ня надта патрэбны інвэстыцыі, але ёй патрэбна – свабода. Аднак інтэлектуальная свабода каштуе яшчэ даражэй, чым свабода на карыстаньне зямлёй. Зрэшты, што да Беларусі, дык вынік аднолькавы — ні сяляне ня маюць зямлі, ні пісьменьнікі ня маюць свабоды. Хоць бы свабоды на родную мову. Нават на мяккі знак, каб ня корчыць язык у роце ад ненатуральнага, барбарскага вымаўленьня. Сапраўды, мова, паводле Генрыха Бёля, ёсьць апошняе апірышча свабоды.

Усё тое — непераможная сіла няволі2, зь якой нацыя звыклася, параднілася, ад якой адступаць рызыкова. Як павінны ставіцца да таго творцы? Томас Венцлова3, напрыклад, піша, што найвялікшы патрыятызм у тым, каб ваяваць з комплексамі сваёй нацыі. Гэта сказана ў дачыненьні да ня самай закамплексаванай нацыі, але тое праўда і, мабыць, адносіцца да ўсіх нацыяў без выключэньня.

Можна зразумець нашых калегаў, расейскіх дэмакратаў, якія нядаўна перажылі тое, што і мы, і цяпер памкнуліся да зманлівай, труднадасяжнай свабоды. Паяднаўшыся зь беларусамі, яны маюць намер набыць дадатковы шанец на шляху да яе, кіруючыся ўсё той жа лёгікай — гуртам зручней. Але старая чэская прымаўка кажа: не запускай млын, калі ня маеш моцы яго спыніць. Ці маюць моц нашы расейскія калегі годна распарадзіцца хоць бы ўласнай свабодай? Ці ня болей рэальнай для іх і для нас застаецца рызыка страціць усё? Дзе гарантыя таго, што іхняя свабода дасягнута цалкам і назаўжды? Надта тое сумніўна ў краіне, дзе не спыняюцца ганебныя войны, усюды ліецца кроў, нішчыцца свабода слова, а галоўнай дзяржаўнай ідэяй робіцца ўсё той жа нацыянал-імпэрыялізм.

У нас і ўласнага няшчасьця хоць адбаўляй. Рушыцца эканоміка, народ даведзены да галечы, гвалтам нішчацца нацыянальная культура і мова. Вельмі падобна, што дапамагчы нам ня можа ніхто — так глыбока завязьлі мы ў багне хлусьні і тыраніі, што ад нас адвярнуўся ўвесь белы сьвет. I ўсё ж нам, як тым зэкам, дужа непажадана трапіць з адной камэры ў такую ж іншую, асабліва калі перапынак паміж допытамі апынуўся такі кароткі.

Мабыць, кожнаму свой шлях да свабоды наканавана прайсьці асобна. Усё ж індывідуалізм і ў гэткім абліччы — ня самы горшы кірунак да яе. Можа, не найлепшы, але і не найгоршы, — у аснове кожнай калектыўнай свабоды ляжыць свабода індывідуальная. Што да мяне, дык пэўне мой лёгас пэсымістычны, хаця мая душа прагне аптымізму. Як некалі пісала вялікая Лэся Украінка4: «Без надіі таки сподіваюсь»5...

 

1 Папярэдні сказ друкуецца ўпершыню паводле аўтарскага рукапіснага допісу на тэксьце кампутарнай раздрукоўкі.

2 Разьбіўка аўтара.

3 Томас Вянцлова (нар. у 1937) – літоўскі пісьменьнік.

4 Лэся Украінка (сапр. Ларыса Косач-Квітка, 1871–1913) – украінская пісьменьніца, паэтэса.

5 Напісаны ў 1890 г. верш Лэсі Ўкраінкі «Contra spem spero» (лац. «Без надзеі спадзяюся») мае радок «Без надіі таки сподіватись».У кампутарнай раздрукоўцы тэксту аўтарам напрыканцы закрэсьлена: «Сакавік 2002 г. Франкфурт [-на-Майне]. Канец першай кнігі».


2000-2003

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/