epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Дваццаты

1
2
3
4


1

Людзі ішлі на ўсход.

Пад ранак высвецілі зоры. 3 бяздоннай сіні начнога марознага неба сплыла туманная смуга, увабраўся ў сілу мароз, і ў твар падарожнікам павеяў пранізлівы калючы вецер. Сухі сыпкі снег зашуршаў у каламутнай белізне наваколля — па полі віліся выгінастыя пасмы завеі.

Маёр быў трохі мацнейшы за двух сваіх спадарожнікаў. Высокі і плячысты, ён крочыў спарней і раз—пораз апярэджваў іх, потым спыняўся, услухоўваўся і чакаў, пакуль падыдуць таварышы. Першы звычайна даганяў яго Валодзькін — невялікі, вельмі схуднелы юнак у туга зацягнутым нямецкім шынялі і глыбока насунутай на голаў пілотцы. Наблізіўшыся да маёра, ён садзіўся на снег, спіной к ветру, курчыўся, кранаючыся ілбом халодных вострых каленяў. Старшы лейтэнант Івашоў, у падпяразанай папружкаю нейкай кароткай світцы, адстаў далёка і шкандыбаў вельмі марудна. Ён прыкметна кульгаў, абапіраўся на падабраную ў дарозе палку, хрыпла дыхаў, стагнаў і, дагнаўшы таварышаў, прастуджаным голасам прасіў;

— Браткі... Пастойце... Не магу так... Не магу...

Ён адразу клаўся на снег і моўчкі ляжаў без руху. Маёр стаяў нейкі час, азіраўся па баках, нешта думаў і заклапочана пазіраў на сваіх знямоглых спадарожнікаў. Аднак праз колькі хвілін ён настойліва падаваў голас;

— Ну, пара. Яшчэ трошкі. Яшчэ вёрст пяць да відна.

Першы тады ўставаў Валодзькін, Івашова яны падымалі за рукі ўдваіх. Неба на ўсходзе паволі святлела, і навокал бялела ў доле, ноч растваралася ў паўзмроку нясмелага позняга світання.

Праз колькі часу на заснежаным полі развіднела — завея рабіла яго зыбкім, рухомым. Снегавыя вужакі, перасыпаючыся і варушачыся, бы жывыя, суладна імкнулі ўдалячынь. Вецер усё мацнеў. Шлях падарожнікаў пралёг праз узгорак, і двое з іх зноў адсталі ад свайго дужэйшага таварыша.

...А яшчэ два тыдні назад яны мелі куды болей сілы.

Кожную раніцу пасля доўгай лагернай паверкі дваццаць спецыяльна прызначаных на тое палонных лезлі ў гулкі кузаў вялізнага «Ханамага» і пад канвоем васьмі салдат ехалі ў далёкі кар’ер. Увесь дзень да змяркання, без адпачынку і ежы, цяжкімі малатамі і кіркамі ламалі яны выкапнёвыя скальныя брылы. Той жа «Ханамаг» вазіў каменне ў горад. Лагер пашыраўся, будавалі яшчэ тры комплексы нявольніцкіх блокаў — на ўсходзе нямецкія арміі падыходзілі да Масквы.

Але аднойчы нечуваная вестка ўскалыхнула шматтысячную грамаду палонных. Невядома кім прынесеная з волі, яна ў некалькі гадзін абляцела ўсе блокі лагера. На рабоце, у бараках, у шматлікіх паверачных страях і бясконцых чэргах за ежай шэптам адзін другому перадавалі людзі нечуваныя словы, ад якіх многія плакалі радаснымі слязьмі надзеі. Праўда, ніхто не ведаў нічога пэўнага, шмат было варыянтаў тае навіны, але адно заставалася бясспрэчным — пад Масквой Чырвоная Армія граміла захопнікаў.

Гэтая вестка незгасальным агнём запаліла ў Валодзькіна вялікае жаданне ўратавацца — выжыць, прарвацца на ўсход. Ні ўдзень, ні ўночы не ведаючы спачыну сабе, ён думаў усё, як бы гэта зрабіць. Аб тым жа думалі многія.

І вось у адзін пахмуры, задожджаны восеньскі вечар дваццаць каменаломаў ускрайкам шашы брылі з кар’ера. Два канваіры ішлі наперадзе, два ззаду, астатнія чацвёра, паспяшаўшыся на адпачынак — была субота — паехалі раней на гружанай машыне. Непадалёк пачынаўся горад, ззялі агнямі домікі пад чарапічнымі дахамі, па дарозе адзін за адным праносіліся аўтамабілі. Змарыўшыся за дзень ад бясконцага крыку і лаянкі, канвойныя нешта суцішыліся, курылі [цы]гарэты, зрэдку гыркаючы на якога-небудзь аслабелага нявольніка. І ў такі вось час, калі на шашы выпаў кароткі перапынак у руху, над калонай гойкнуў нечы прызыўны кліч;

— Бі гадаў!!!

Не раз успамінаючы тое, Валодзькін так і не мог зразумець, адкуль толькі ўзялося сілы ў гэтых схуднелых людзей, адкуль стала гэтулькі энергіі і спрыту. Не паспелі канваіры што і падумаць, як іх ухапілі за горлы, павалілі, прыдушылі, пазабівалі драўлянымі чаравікамі-апоркамі, у якія былі абуты людзі. Той чалавек, што падаў свой кліч, камандаваў і далей — палонныя пахапалі ў забітых зброю, некаторыя панадзявалі варожую форму.

Хутка аднак яны ўгаманіліся, апамяталіся, удала захапілі на шашы першы грузавік, што выскачыў з горада, і, пасеўшы ў яго, пад аховай пераапранутых «канваіраў» паімчалі на ўсход.

Праўда, ехаць давялося нядоўга. Праз гадзіны дзве іх ужо спрабавалі затрымаць, а яшчэ праз гадзіну, адстрэльваючыся ад пагоні, яны абярнулі ў канаву машыну і, страціўшы палову людзей, ледзь схаваліся ў лесе.

Пасля яшчэ было шмат сутычак, шмат страху і рызыкі. У шляху напаткала іх зіма, і ўсё меней заставалася байцоў. Урэшце іх стала трое.

 

2

Узысці на пагорак было дужа цяжка. На ўгладжаным завеяй касагоры выслізганыя чаравікі непаслухмяна раз’язджаліся ў бакі — Валодзькін цяжка падаў у снег. Ён стараўся ступаць у сляды маёравых ботаў, — так было крыху ямчэй лезці ўгару, толькі ад стомы не хапала дыхання і заходзілася сэрца.

Ён быў ужо на сярэдзіне касагора, калі ззаду пачуўся голас. Валодзькін здрыгануўся ад нечаканасці, спыніўся і азірнуўся на кульгавага Івашова. Зусім, відаць, выбіўшыся з сіл, старшы лейтэнант ляжаў унізе і прыцішана яшчэ разы два клікаў таварыша.

— Знямог? Ну, чакай, зараз,— прамовіў Валодзькін і ў ветраной гэтай немаце не пазнаў свайго голасу, слабага і прыдушанага. Прыўзняўшыся на руках, Івашоў чакаў дапамогі і з надзеяй пазіраў на яго.

— Зараз, зараз іду,— зноў крыкнуў Валодзькін таварышу, а сам усё стаяў на касагоры, не маючы сілы выцягнуць з гурбы завязлую да калена нагу. Ён цяжка дыхаў, з рота вырываліся і знікалі на ветры белаватыя подыхі пары, а сэрца шчымела ад таго, што яны ўсе ўтраіх такія аслабелыя, бездапаможныя і маленькія ў гэтых заснежаных сцюдзёных прасторах.

Трохі спачыўшы, Валодзькін спусціўся з узгорка. Не дачакаўшыся таварышаў, на адхоне паказаўся маёр, пасля ён таксама сышоў уніз. Івашоў ляжаў на снезе, уткнуўшы твар у рукавы світкі. Яго плечы раз—пораз нервова ўздрыгвалі.

— Канец... Усё роўна канец... Усім, усяму... — чулася яго надрыўная роспачная скарга. Володзькін, учуўшы гэта, збянтэжана зірнуў на пачарнелага, аброслага сівым касмыллем маёра. Той скрыгануў зубамі, і на яго худых запалых шчоках захадзілі жаўлакі. Ён не сказаў нічога, а толькі ўздыхнуў, узняў свой позірк ад распластанага чалавека і доўга маркотна глядзеў у затуманеную завеяй далячынь.

Ці ад гэтага маркотнага позірку, ці ад тых роспачных Івашовых слоў упершыню благім прадчуваннем здрыганулася і Валодзькіна сэрца. Няўжо і сапраўды не пашанцуе ім вырвацца з няволі і дайсці да сваіх? Гэтулькі ўжо бяды стрывалі яны, што ад адных толькі ўспамінаў рабілася страшна.. А колькі яшчэ наперадзе — пэўна, не меней. Відаць, памыліліся яны, пагарачыліся, і прыйдзецца ўпасці дзе-небудзь ад сцюжы ці кулі, як упалі ўжо іх семнаццаць таварышаў. Праўда, з’яўлялася часам надзея — адшукаць партызанаў і далучыцца да іх. Учора ля нейкай лясной станцыі яны бачылі, як гарэлі вялізныя склады-пакгаўзы, людзі казалі, што ўначы тут былі партызаны. Там жа яны дачуліся, што ў тутэйшай мясцовасці забіты важны нямецкі начальнік — оберштурмбанфюрар Вірт. Расклееныя ў вёсках аб’явы абяцалі 50 тысяч марак таму, хто дапаможа немцам натрапіць на след гэтых лясных змагароў. Але дзе было знайсці іх — не ведаў ніхто, а няшчасныя ўцекачы гублялі апошнія сілы.

Урэшце, Івашоў трохі супакоіўся, прыўзняўся на руках і сеў. Яго спакучаны, счарнелы ад сцюжы і стомы твар быў страшны.

— Я ўжо ўсё... выдахся,— сіпла выціснуў ён з прастуджаных грудзей і надрыўна закашляўся.— Дый вы... і вы не дойдзеце... Не трэба было... Усё роўна смерць, смерць усюды...

Маёр нездаволена павёў плячыма, нецярпліва пераступіў з нагі на нагу.

— Уздумаў паміраць? — глуха сказаў ён. — Рана. Уставай, трэба ісці. Бяры, Валодзькін.

Яны ўзялі яго пад рукі. Івашоў бязвольна паддаўся ім і, скрывіўшы ад болю твар, пакорліва паплёўся на ўзгорак.

Марудна, цяжка і доўга лезлі яны на касагор, задыхаючыся ад Стомы; маёр і Валодзькін, часта прыпыняючыся, упарта цягнулі таварыша ўгору. Івашоў туліў голаў у высока ўзнятыя плечы, зусім неяк абвяў у іхніх руках, вяла пераступаў нагамі, і, здавалася, варта было пусціць яго, як чалавек скаціўся б уніз. І яны цягнулі яго, не ведаючы, што будзе далей, сяк—так вывалаклі на пагорак і, знясіленыя, пападалі ў снег.

...Завея ўсё гаспадарыла ў бязлюдным затуманеным снегам полі. Жвавыя снегавыя языкі хутка спавілі сваёй беллю нерухомыя целы людзей, мяккі дол прыветна туліў да сябе зняможаных падарожнікаў, і не было сілы расплюшчыць вочы, варухнуцца, устаць.

Мерцвякамі ляжалі людзі і не чулі, як пад узгоркам, прабуксоўваючы, раўнулі машыны, як выніклі яны з лагчыны на дарозе, што бегла зусім недалёка ад уцекачоў. Машын было шмат, і ў іх высокіх кузавах, тулячыся ад завеі, цесна сядзелі салдаты ў мышастых шынялях.

 

3

Іх прывялі на дарогу, да пярэдняй машыны, дзе стаялі два афіцэры ў шынялях з футравымі рудымі каўнярамі. Узняўшы ўгору рукі, Валодзькін ішоў сам, ззаду кульгаў Івашоў, прастрэленага ў грудзі маёра двое салдат цягнулі па снезе. Наўкола гаманілі дзесяткі ворагаў, калолі з усіх бакоў ненавісныя позіркі, а Валодзькін не прыкмячаў нічога. Усеабдымная журбота ад гэткай няўдачы прыдушыла яго, скавала волю, і пагібель, не далёкая і ўяўная, а ўжо блізкая і рэальная, ва ўсёй сваёй жахлівай велічы паўставала над ім.

Ля машыны ўсе спыніліся, параненага паклалі ля ног афіцэраў. Ён трохі варушыўся, зацята пазіраў на ворагаў і, сцяўшы сківіцы, з натугай перасільваў у сабе, відаць, немалы боль. Панылы, разгублены Валодзькін не зводзіў з яго позірку, але дапамагчы чалавеку не было як.

Іх гаманлівым колам акружылі салдаты. Гоман аднак разам спыніўся — афіцэр у акулярах нешта сказаў доўгаму пласкагрудаму салдату ў кароткім шынялі. Той паслухмяна выступіў наперад.

— Національ? Полякі? Рускі?

— Рускія,— з натугай гучна сказаў маёр і прыўзняўся на локці. — Рускія! — паўтарыў ён мацнейшым і трошкі дрыготкім ад напружання голасам. Немец буркнуў афіцэру, той, гідліва крывячы вусны, сказаў нейкую доўгую фразу.

— Что ві дзелаль? Откуд бежаль? Ваш чын і фаміль?

Маёр на гэта горка ўсміхнуўся.

— Шмат вы хочаце ведаць,— сказаў ён.— Цікава, што рабілі? Дык ведайце: білі фашыстаўІ

Немец пераклаў і гэты адказ, і раптам наўкола выбухнуў з’едлівы салдацкі рогат. Валодзькін упершыню ўзняў галаву, абвёў позіркам вясёлыя нахабныя твары. Сытыя, добра апранутыя і ўзброеныя ворагі пагардліва іржалі вакол траіх абадраных знясіленых валацуг. Ім было дужа смешна, што адзін з гэтых нікчэмных небаракаў уздумаў так недарэчна пажартаваць. Валодзькін зразумеў гэты рогат, убачыў зняважлівую пагарду, што шчэрылася на кожным твары, і яму стала вельмі прыкра і балюча за сваю слабасць і такое мноства вайсковых няўдач. Ён зусім звесіў галаву і глядзеў толькі на маёра, які злосна бліскаў вачыма.

— Пан ротэнфюрар гавары сумнень о ваш боеспасобнасць, — абыякава перакладаў салдат. — Ві, рускі свіньі, дзеляйце блягадарнасць гэр гот, что ешчо не подыхаль у этот снег.

Валодзькін убачыў, як пабялелі шчокі на маёравым твары, той варухнуўся, спрабаваў, відаць, узняцца, але затым з неадольным болем зноў апусціўся на снег.

— Дарма так думае ваш ротэнфюрар, — сказаў ён і злосна крыкнуў: — Мы станцыю Баркі спалілі! Мы вашага оберштурмбанфюрара Вірта забілі! Што, мала? Ну, страляйце нас!

Ад тых маёравых слоў нешта здарылася ў варожым коле. Акулярысты афіцэр раптам збянтэжана заміргаў белабрысымі вачыма, салдаты наўкола заварушыліся. Валодзькін чуў за спіной, як шмат вуснаў забубнілі знаёмыя, відаць, словы: «О, банхоф Боркі. ...Оберштурмбан-фюрар Вірт...». Хлопец не зразумеў яшчэ, што адбылося, але ён ведаў ужо, што смелыя маёравы словы зрабілі ворагам нешта непрыемнае і шкоднае. І, адагнаўшы ад сябе паныласць, Валодзькін, здаецца, знайшоў надзею на нейкую незразумелую сілу, нейкую няпэўную яшчэ перавагу над гэтымі вылюдкамі.

І варожая грэблівасць на твары акулярыстага змянілася тады трывожнай зацятасцю. Афіцэр выняў з кішэняў рукі і ступіў да маёра:

— Что ты сказаль, сабака?

— Тое, што чулі. Мы забілі Вірта, спалілі Баркі.

Немец сцяў вусны і ўдарыў параненага ботам у грудзі.

Маёр глуха войкнуў, і з яго рота на снег хутка выслізнуў вузкі струменьчык парнай крыві. Валодзькін знячэўку ўскрыкнуў, гарачае абурэнне і спалох за чалавека шыбанулі ў яго пачуцці — ён кінуўся да таварыша. Але нехта ззаду выцяў яго, і хлопец з размаху грымнуўся на дарогу.

А наўкола ўсё замітусілася, злосцю скрывіліся касцістыя твары ворагаў, яны накінуліся на траіх знясіленых бездапаможных людзей. Іх білі ботамі, таўклі кулакамі, прыкладамі; рвучыся, трашчала вопратка. Валодзькін толькі сашчапіў сківіцы і трываў, стогнучы, — чакаў канца. Дзіўна было, але гэтае варожае шаленства, народжанае помслівай злосцю, здалося куды лягчэйшым, чым той пагардлівы салдацкі рогат. «Біце, біце, трэскайцеся ад злосці, знайце, хто мы,— нема крычала хлапечае сэрца, — забівайце, усё роўна цяпер вам не будзе лягчэй». Але раптам між злоснай лаянкі чужынцаў прагучаў спалоханы крык Івашова:

— Ой, завошта!!! Завошта!!! Ён хлусіць! Маёр хлусіць! Не білі мы нікога, не бачылі...

Афіцэр скамандаваў нешта, і валтузня навокал спынілася. Валодзькін аднак усё курчыўся на снезе ад балючага ўдару ў жывот.

— Что ві хацель сказаць? — звярнуўся пласкагруды перакладчык да паваленага Івашова. Той нязграбна ўзняўся і хуценька, нібы баючыся, што яго не выслухаюць як трэба, загаварыў акулярыстаму афіцэру.

— Пан афіцэр... пан афіцэр... Няпраўда. Маёр знарок. Ён выдумляе... Не бачылі мы ніякага оберштурмбанфюрара... Мы ледзь жывыя, а ён... камандзір...

Валодзькіну здалося, што ён трызніць. Спачатку ён здзівіўся ад тых Івашовых слоў, але неўзабаве неспатольная злосць на таварыша ўзбунтавала хлапечыя пачуцці. Ён імпэтна рвануўся да афіцэраў, да гэтага труслівага Івашова, якога ўжо абступалі немцы. І, нечакана адчуўшы, што гэты агідны чалавек вырве ад іх такую неспадзяваную перавагу над ворагам і зусім прынізіць іх годнасць, Валодзькін з усяе моцы закрычаў у варожы натоўп:

— Няпраўда! Гэта ён хлусіць! Ён трус! — тыцкаў ён пальцам у Івашова, які, выціраючы ад снегу твар, усё казаў нешта. Перакладчык, афіцэры, салдаты азірнуліся на яго і змоўклі, пэўна, не ведаючы, як іх разумець. А Валодзькін на здзіўленне ім кінуў новыя словы — кінуў цвёрда і з перакананнем сваёй праўдзівасці, з годнасцю чалавека, далёкага ад хлусні.

— Не слухайце яго! Ён сам страляў у вашага обера.

Плоскі немец пераклаў тое, афіцэр недаверліва паглядзеў на Івашова, затым на Валодзькіна, зірнуў на гадзіннік у рукаве і прамовіў нейкі загад. Ён, відаць, паспакайнеў ад першай сваёй злосці і цяпер распараджаўся дзелавіта і роўна.

Салдаты, нешта гамонячы, падаліся да сваіх машын, ля палонных засталіся трое. Яны знялі з—за плячэй карабіны, і кастлявы яфрэйтар з халоднымі, асалавелымі ад строгасці вачыма голасна крыкнуў:

— Маршырэн, думес фі!1

Ён балюча тыцнуў Валодзькіна прыкладам у спіну, даючы тым самым зразумець, куды трэба ісці, штурхнуў у каршэнь Івашова і з тым жа апантаным крыкам ударыў абцасам нерухомага маёра. Аднак зацярушаны снегам маёр ляжаў сцішаны, строгі і маўклівы.

Валодзькін праглынуў тугі горкі камяк у горле, прыжмурыў вочы ад прыліву слабасці і жалю. Але хлопца зноў штурхнулі і пагналі ў той бок, адкуль прыйшлі машыны. Ён абочынай мінуў іх і паціху пайшоў далей па перамеценай завеяй дарозе.

Пакрысе аднак Валодзькін спакайнеў. Ён прывыкаў ужо да непазбежнасці свайго лёсу, усё болей раставала ў душы недасяжная мара — жыць. Заклаўшы рукі назад, як таго дамагаліся канваіры, ён аднак затаіў у сабе нескароную ўпартасць і ўжо амаль верыў у тыя маёравы словы, што так збянтэжылі гітлераўцаў. І хоць не ўдалося яшчэ небараку Валодзькіну нарабіць асаблівай шкоды фашыстам, ад таго, што ворагі бачылі ў ім нейкага змагара, было болей рашучасці і болей сілы ў душы. Ён не спадзяваўся на іхнюю літасць, ведаў — заб’юць, і не шкадаваў сябе, а ўсё болей уваходзіў у ролю таго, каго бачылі ў ім немцы. Ён вышэй узняў сваю галаву, азірнуўся на насцярожаных канваіраў — іх празмерная пільнасць здалася яму нават прыемнай.

 

1 Марш, быдла!

4

На шэрым засмужаным небасхіле з’явілася сіратлівае няяркае сонца. Яно разы два бліснула невясёлай усмешкай і, бяспромнае і маркотнае, сціснулася ў маленькую жоўтую плямку ўгары. Завея тым часам паменшала, упрыгожанае снегавымі выкрутасамі, ціха ляжала застылае поле.

Старшы трох канвойных — яфрэйтар з доўгім, кастлявым, бы конскім, тварам — не зводзіў халоднага позірку з двух згорбленых знясіленых постацей. Ён часцей за іншых крычаў «шнэльІ» і часцей штурхаў прыкладам Івашова і Валодзькіна. Другі канвойны — нізкарослы ўкормлены немец з свінячым выразам белабрысага зашчаціненага твару — усё нешта жаваў, дастаючы з кішэні. Ён, відаць па ўсім, быў лянівы на рухі і словы, але ніколі не мінаў штурхнуць Івашова, які, адстаўшы, апынаўся ля яго. Рабіў ён гэта не рукамі, якія вымаў з кішэняў толькі каб пхнуць у рот чарговую порцыю ежы, і не карабінам, што няспрытна вісеў за спіной на доўгім рэмені — штурхаў ён нагой. Гэта выходзіла ў яго хлёстка і, відаць, з сілай, бо Івашоў пасля такога штуршка некалькі крокаў потырч ляцеў па дарозе. Трэці канвойны ішоў ззаду, ён маўчаў, і на яго пажылым чарнявым твары ляжаў выраз невясёлай задумы.

Валодзькін не вельмі цікавіўся варожымі справамі, іх салдацкай балбатнёй — яго асабісты лёс быў ясны. Праўда, да палоннага даляцела некалькі зразумелых фраз, і ён даведаўся, што іх вядуць у горад, дзе павінны здаць у штаб нейкай зондэркаманды. Што там чакала яго, ён ведаў пэўна, бо за паўгода палону добра засвоіў фашысцкую завядзёнку распраўляцца з вінаватымі.

У нейкай невялічкай лагчыне, дзе дарога больш за іншыя месцы была завалена снегам, Івашоў спатыкнуўся і ўпаў. Ля яго адразу спыніўся ўкормлены і, ганяючы сківіцамі жаўлакі, абыякава, без злосці, ударыў ботам у бок.

— Штэе аўф, абер шнэль!1

Івашоў скрывіўся ад болю, узняўся на адну руку і зноў заплакаў, як плакаў пад тым пагоркам у полі. Канвойныя спыніліся на дарозе, Валодзькін таксама стаў зводдаль.

— Паночак, камарад, завошта? Мы ж нявінныя... Злітуйцеся, пусціце мяне... Пусціце...

— Гэ, чаго захацеў, — буркнуў Валодзькін.— Не ламайся, не ўпросіш.

Але Івашоў прасіў. Ён, пэўна, адчуў, што сілы яго ўжо невялікія, што многа ён не пройдзе, і чалавек слязьмі і просьбамі думаў вымаліць сабе паратунак.

Укормлены праглынуў сваю жованку і запытальна зірнуў на яфрэйтара. Той нешта гыркнуў гучным ад лютасці голасам і зняў з пляча карабін.

— Аўфштэен! Форвэртс!2

Ён наставіў карабін у голаў палоннага і злінялымі сваімі вачыма з хвіліну свідраваў яго. Цяжка варушачыся, Івашоў устаў, але ногі яго бяссільна запляталіся, і ён няўпэўнена ступіў некалькі разоў. Валодзькін гідліва плюнуў на дарогу — ён не шкадаваў былога таварыша, не мучыў сябе дакорамі, што той быў доўгі час блізкі яму, гідлівасць зацяніла ў ім усе пачуцці да гэтага чалавека.

Праз нейкі час Валодзькін зноў спыніўся ад крыкаў ззаду — Івашоў, распластаны, ніцма ляжаў на снезе, голасна екатаў нешта і плакаў. Валодзькіну стала вельмі прыкра і горка ад усяго гэтага, і ён адвярнуўся. Захінаючыся ад сцюдзёнага ветру, з хвіліну ён слухаў то роспачны лямант зняможанага Івашова, то разлютаваны крык старшага канваіра. Затым нечакана грымнуў стрэл, і крыкі сціхлі. Калі Валодзькін азірнуўся, яфрэйтар, лязгаючы затворам, выкідаў з карабіна гільзу — на зямлі ляжала скурчанае нерухомае цела Івашова.

Ад прыкрасці Валодзькін толькі ўздыхнуў — ні жалю, ні самага маленькага спачування не засталося ўжо да гэтага недарэчнага таварыша. Ён хацеў ісці далей, але канваіры паклікалі яго да забітага, загадалі адцягнуць труп з дарогі. Хлопец пачакаў, пакуль укормлены абшукаў кішэні дзіравае світкі нябожчыка, і потым зрабіў тое, чаго патрабавалі ворагі.

Глухая, малаезджаная дарога ўсё вілася і вілася між пералескаў, пагоркаў, балацявін. Побач не відаць было ніводнае вёскі, і невядома, дзе быў той горад, куды вялі дваццатага ўцекача.

Адразу пасля забойства Івашова Валодзькін заўважыў, што немцы чагосьці сварацца. На яго яны не дужа звярталі ўвагі, ён ішоў сабе наперадзе, а канвойныя нешта злосна спрачаліся між сабой. Валодзькін не азіраўся, але ён паз—наваў ужо голас кожнага і цяпер чуў, што неразгаворлівы дагэтуль чарнявы нешта стрымана і незадаволена бурчаў ззаду. Ён чымсьці абураўся, і яфрэйтар раздражнёна гыркаў на яго. Укормлены больш маўчаў, толькі зрэдку ўстаўляў у спрэчку некалькі слоў.

— Хаст ду тот гешляген, ганц рыхціг!3

— Філляйхт іст эр уншульдзіг? Воцу зо граўзам?4 — даводзіў чарнявы.

— Філе гефалленэ, венігэ лебендзігэ зо фордэрт унзэр фюрэр!5 — гыркаў яфрэйтар. — Зольст ду маўль кальтэн, Лорэнц

— Альзо ляс ін аўх нідэр!6 — раздражнёна кідаў чарнявы.

— Біст ду фэрукт гевордэн, ду цівільку! Вен абер вэрдэн вір цум хэрн оберштурмфюрэр хэрбайшлепэн? — злаваўся старшы. — Ім мілітэр мус ман я дэнкэн, унд цвармер, альс бай дэн бюхляйн!7

Валодзькін не ўсё зразумеў з гэтай сварлівай гамонкі, але галоўнае ён усё ж сцяміў і з цікаўнасцю азірнуўся. На тварах дваіх — яфрэйтара і чарнявага — ляжала раздражненне, толькі ўкормлены абыякава плёўся ззаду і ўсё нешта поркаўся ў кішэнях. Валодзькін коратка затрымаўся позіркам на чалавеку, які гэтак нечакана заступіўся за іх. Штосьці было ў яго твары разважнае і нязлоснае, нават нешта пакутнае, і тады гэты чалавек нагадваў Валодзькіну другога немца — лагернага шафёра, які зусім інакш, чым астатнія ворагі, адносіўся да палонных. Ён не крычаў ніколі на іх, не лаяўся, здаралася, калі не бачылі іншыя прыганятыя, соваў якому бедаку кавалак бутэрброда ці недакурак цыгарэты. Палонныя, як трэба, ацанілі яго дабрату і яго рызыку і вельмі паважалі гэтага незвычайнага немца. Цяпер па нейкім унутраным руху чарнявага хлопец адчуў незразумелую яшчэ еднасць яго і таго лагернага шафёра, і ад гэтага нечаканага адкрыцця крышачку святлей стала на душы. Неяк быццам паменшала тая адзінота, якая мімаволі самотна з’явілася ў яго сэрцы пасля забойства Івашова.

Ужо, мабыць, пад поўдзень з небасхілу ярка бліснула зімовае сонца, і снегавое поле заіскрылася алмазным россыпам калючых блішчынак. Валодзькін зусім ужо прыбіўся і ледзьве-ледзьве клыпаў, прагнучы хоць якога-небудзь канца гэтым пакутам. Канвойныя, пасварыўшыся, доўга ішлі моўчкі — яны таксама прытаміліся, і ля трох разгатых сосен, што стрэліся ім збоч дарогі, яфрэйтар крыкнуў: «Аўсруэн!8». Ён стомлена бухнуўся задам у снег, ля яго размясціліся салдаты. Валодзькін таксама сеў непадалёку і з—пад ілба зацята пазіраў на ворагаў.

Укормлены канваір, відаць, ужо з’еўшы ўвесь свой правіянт, зморана разлёгся на снезе, а яфрэйтар з чарнявым дасталі з сумак харч і пачалі сілкавацца. У Валодзькіна раптам пацякла слінка, і ён, каб не пакутаваць залішне, адвярнуўся. Але вось нехта ззаду падышоў да яго і далікатна, нібы пасяброўску, крануў за плячо. Валодзькін здзіўлена павярнуў галаву і блізка ля свайго твару ўбачыў жаўтаваты, хрумсткі сухар, які даваў яму пажылы чарнявы канваір. Валодзькін вельмі здзівіўся, яго рукі ўхапілі пачастунак, а немец, коратка зірнуўшы на хлопца, сеў на сваё месца ў снезе. Валодзькін толькі ўпіўся зубамі ў сухар, з незвычайнай асалодай адчуваючы ў роце яго гаркаваты смак, як з долу ўскочыў яфрэйтар і моўчкі размашыста выцяў Валодзькіна. Ледзь накушаны сухар вылецеў у снег, а з разбітых вуснаў палоннага палілася кроў.

Раптоўны гнеў і крыўда ўзарвалі хлопца, патроілі яго сілы, і ён дзіка закрычаў проста ў нялюдскі канячы твар:

— Гад ты! Звер! Фашыст! Ірад! Шваін,— крычаў Валодзькін, выкарыстоўваючы ўвесь запас знаёмых абразлівых слоў. Немец зноў рвануўся да яго і зноў выцяў, але ўжо не так балюча, бо Валодзькін паспеў утуліць галаву ў плечы і толькі хіснуўся. Ён чакаў і яшчэ ўдараў, гатовы быў на самае страшнае катаванне — усё роўна ён крычаў бы абразу ў гэты паганы твар. Яфрэйтар, сцяўшы кулакі, стаяў побач і тросся ад злосці, але не біў болей, а ззаду за ім перасцерагальна крычалі двое падначаленых:

— Кук маль, біст ду фэрукт гэвордэн!9 — гнеўна насупіўшы бровы, казаў чарнявы.

— Ота, ляс ін ін руэ! Эр кант ніхт геен, ман мус ін ві аін зак трагэн10,— непакоіўся ўкормлены, седзячы ў снезе.

І добра яшчэ не зразумеўшы ў гарачцы, Валодзькін адчуў, што з’явілася нейкая новая акалічнасць, якая, здаецца, змяншала сілы ворагаў і абараняла яго. Нездаволена сцяўшы конскія сківіцы, яфрэйтар дастаў з кішэні закурку, а хлопец, цяжка дыхаючы, ужо ведаў, што ён нейкім чынам не падуладны гэтаму зверу-фашысту. І зразумеўшы гэта, Валодзькін так узрадаваўся, што аж засмяяўся сам сабе — гэта напоўніла яго новай адвагай і надало новыя сілы.

— Эй, ты, фашыст, Гітлер капут! — зноў закрычаў Валодзькін.— Гітлер шваін!

Немцы спалохана азірнуліся, быццам хто мог падслухаць іх у гэтым зімовым полі, а Валодзькін, мабілізаваўшы ўсё тое, што ведаў з нямецкай мовы, злосна крычаў:

— Гітлер капут! Герынг капут! Фашызм капут! Ротэ армее сіген! Бліц крыг! — зларадна рагатаў палонны.— Кукіш вам, во Капут вам, праклятыя дойчы! Москаў сіген Чарнявы змрочна маўчаў, а ўкормлены з яфрэйтарам збянтэжана пераглянуліся, не ведаючы, пэўна, што рабіць з гэтым нескароным палоннікам. Потым яфрэйтар нешта закрычаў на яго, заляскаў затворам і наставіў у Валодзькіна карабін, але той аж захліпаўся ад невыказнага зларадства. Яго зусім не палохалі гэтыя захады канваіра, і ён з кароткімі перапынкамі ўсё крычаў лютыя праклёны ворагам.

Урэшце старшы канваір, відаць, страціў цярпенне. Бачачы, што напалохаць палонніка не ўдасца, ён дзіка вызверыўся сваёй кастлявай фізіяноміяй, вочы яго замуціліся ад шаленства, і ён замахнуўся прыкладам. Нібы раз’юшаны сабака, накінуўся фашыст на Валодзькіна. Разоў колькі ён моцна ўдарыў хлопца, у вачах таго бліснулі іскры, зацяло дыханне, ён паваліўся ў снег. Але гэта не пахіснула яго намеру супраціўляцца, прагнасць дапячы ворагу ўзмацнялася разам з болем, які прычыняў яму немец. І ён, задыхаючыся, праз стогны і енкі, крычаў, шаптаў тое, што цяпер так бянтэжыла ворага.

Невядома, чым скончыўся б гэты няроўны паядынак, калі б у той час не ўскочыў з долу чарнявы і моцным рыўком за плячо не адкінуў яфрэйтара ад яго ахвяры. Нібы звер, якога адрываюць ад свежай крыві, гітлеравец рвануўся з яго рук, нешта крыкнуў падначаленаму і, калі гэта не падзейнічала, наводліў стукнуў яму прыкладам у грудзі.

Прагна хапаючы ротам паветра, Валодзькін якраз узнімаўся з долу і бачыў, як нядобрым агнём успыхнулі строгія вочы чарнявага і як ён, хіснуўшыся, спрытна ўзмахнуў карабінам і з крэктам, як гэта выходзіць у дрывасекаў, апусціў яго на яфрэйтара. Той кінуў зброю, аберуч схапіўся за галаву і, надламаўшыся ў каленях, выцягнуўся на снезе.

Раптоўная магчымасць адпомсціць, быццам на крыллях, падхапіла Валодзькіна з зямлі, зацьміла боль, і ён у два скокі апынуўся ля варожай зброі. Ён не думаў тады ні пра небяспеку, ні пра свае шанцы перамагчы — увесь свет ад яго засланіў нялюдскі скрыўлены твар яфрэйтара. У марозным паветры грымнуў стрэл з варожага карабіна — немец, што дагэтуль грэбаў на снезе рукамі, здрыгануўся і заціх.

Перазарадзіўшы карабін, Валодзькін адскочыў убок і, гатовы да бойкі, прысеў на зямлю. Раптоўным магутным выбухам узнікла ў ім прытушаная ўжо прага жыць. Неадольная і ўладарная, яна сваёй хмельнай, апантанай рукой узняла хлопца, які нечакана адчуў сябе спрытным і дужым. Але ворагі чамусьці не кідаліся на яго. Чарнявы ў першае імгненне быццам аслупянеў над забітым, а потым, штосьці сцяміўшы, крутнуўся да трэцяга канваіра. Той, спалохана лыпаючы вачыма, заікліва мармытаў нешта, круціўся ў снезе на сваім тоўстым задзе і ніяк не мог уз—няцца з долу. Чарнявы нешта пагрозліва крыкнуў, падскочыў, выхапіў з яго вінтоўкі затвор і кінуўся на дарогу.

Валодзькін толькі тады скеміў, хто ўратаваў яго, і адразу быццам апамятаўся. Ён хуценька ўскочыў і, апасліва пазіраючы на тоўстага, кінуўся за сваім збаўцам.

Немец шпарка крочыў па цвёрдай снегавой цаліне, за ім з карабінам пад пахай спяшаўся Валодзькін. Ён не ведаў, што зробіць з ім яго канваір, не ведаў, ці варта зусім давярацца яму, але агульны ўдзел у нядаўняй сутычцы з’яднаў іх, і хлопец адчуваў у чарнявым свайго саюзніка.

Так, крывуляючы з пагорка на пагорак і штораз азіраючыся, яны дасягнулі хваёвага ўзлеску. Лес, відаць, быў стары і вялікі. Растапырыўшы ў бакі кашлатае сучча, цесна стаялі запарушаныя снегам яліны, з узлеску некуды ў глыб змрочных нетраў вялі сцяжынкі воўчых слядоў. Тут немец спыніўся, павярнуўся да зморанага, узрушанага і абнадзеенага Валодзькіна і паклаў яму на плячо сваю руку.

— Как твой фаміль? Вальодкін? Надо убегіваць, Вольодкін. Этот Лепечанск пушч,— паказаў ён на лес.— Там рус партызан, многа партызан. Ты будэш партызан, будэш крыг фашызм.

Ён падаў былому палонніку руку, і Валодзькін з нечаканым жалем узяў яе, а ў грудзях зашчымела сэрца ад прадчування адзіноты і ростані з гэтым загадкавым чужым чалавекам.

— А як жа вы? — запытаў хлопец. — Унд вохін зі?

Немец сумна ўсміхнуўся куточкамі вуснаў, моўчкі махнуў на развітанне і таропка пакрочыў па ўзлеску. Валодзькін апошні раз паглядзеў на дарогу, дзе на пагорку пад трыма соснамі ўсё яшчэ сядзеў збянтэжаны ўкормлены немец, і таксама падаўся ў лес. Хутка заснежаныя галіны зусім затулілі яго.

1 Паднiмайся, жыва!

2 Устаць! Наперад!

3 Забiў, i добра!

4 А можа ён не вiноўны? Навошта так люта?

5 Больш забiтых – менш жывых, так патрабуе фюрар! А ты маўчы, Лорэнц!

6 Дык распраўся i з iм!

7 Ты з глузду з'ехаў, цывiльная карова! Каго ж мы тады прывядзём да пана оберштурмфюрара? У вайсковай справе трэба думаць — i куды больш, чым за кнiгамi!

8

9 Глядзi ты, з глузду з'ехаў!

10 Ота, пакiнь яго ў спакоi! Ён жа не здолее iсцi, i нам прыйдзецца цягнуць яго, як мяшок.


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/