epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Глухі час начы

Той вечар, як бадай і ўсе апошнія вечары, Чарняк вяртаўся дадому позна, гадзіне а дванаццатай. У сьцішаным па-начному пад’ездзе цьмяна сьвяціла ўгары закратаваная лямпачка, ён нецярпліва і амаль машынальна ціскануў чырвоную кнопку ліфта, не адразу сьцяміўшы, што дарма, — ліфт заняты. Тое змусіла яго ціха вылаяцца: заўжды, калі трэба, ліфт гуляе недзе ўгары. Чарняк меў пэўную ў ім патрэбу, бо задоўжыўся на вуліцы, а да таго — у забягайлаўцы, дзе пасядзелі трохі з даўнім сябрам Сямёнам, а пасьля праводзілі адзін аднаго — сьпярша ён Сямёна, а пасьля Сямён яго. Усё пад размову. Але размова тая не была пустая балбатня пра баб ці пра палітыку — яны абмяркоўвалі справу. Чарняк прасіў сябра падбаць наконт невялікага крэдыту ў банку, у якім той меў свайго чалавека. Чарняку трэба было ўсяго пару мільёнчыкаў да канца квартала, можа б ён тады і вылез з цэйтноту. Днямі з Нямеччыны павінен прыбыць фургон тавару, учора ён тэлефанаваў Курту ў Мангейм. Але ж дарогі, каб іх пабурыла, ды мытні, ды пошліны, само сабой хабар — гэта яшчэ дні тры-чатыры. Крэдыт патрэбен быў дазарэзу, не пазьней чысла дваццатага. Сёньня ж пачалося шаснаццатае, Чарняк зірнуў на гадзіньнік — было дзесяць хвілін на першую. Ну дык дзе ж ліфт?

Ліфта не было, а з кнопкай рабілася штось незразумелае — то яна бы цьмела, гатовая во-во згаснуць, і ён напагатоў трымаў на ёй палец. То раптам зноў загаралася бурштынавым колерам, і недзе ўгары чуўся далёкі гул-ляскат быццам бы ад занятага кімсьці ліфта. Счакаўшы яшчэ паўхвіліны, Чарняк гучна і злосна вылаяўся — мабыць, трэба паднімацца па лесьвіцы. Праўда, сёмы паверх — высакавата, але што зробіш? Ды ён яшчэ не стары, ёсьць моц у нагах, можа, дабяжыць хутчэй, чым вызваліцца ад нейкага дурня той ліфт.

Ён выйшаў з ліфтавога пад’езда, перайшоў у адсек поруч, дзе пачыналіся лесьвічныя маршы, і няўцямна спыніўся. Тут было зусім цёмна і глуха, бы ў яме. Хоць ён і не лічыўся баякам, але ўсё ж не адчуў у сабе пэўнай рашучасьці, каб лезьці ў тую сьмярдзючую цемру, і вярнуўся назад. Усё ж трэба было дачакацца ліфта. I праўда, пунсовая кнопка неўзабаве згасла, бы зьнікла, ён хуценька націснуў яе і з задавальненьнем адчуў угары роўны, знаёмы гул. Кабіна спускалася. Значыць, яму пашэнціла, ён зараз паднімецца і пасьпее з сваёй патрэбай, задаволена думаў Чарняк, уваходзячы ў пашкрэбаную і размалёваную фламастэрамі кабіну ліфта.

Каб ён ведаў, якім коштам абыдзецца яму тая ўдача, дык бы ўцёк і з ліфта, а мо і з горада нават. Але ня ведаў. Мабыць, чалавеку наогул дадзена мала ведаць і яшчэ менш прадбачыць.

Зрэшты, пакуль усё ішло добра, ён даехаў да свайго паверха, адамкнуў грунтоўныя, нядаўна пастаўленыя сталёвыя дзьверы. Уключыўшы сьвятло ў цесьненькай прыхожай, акуратна зашчоўкнуў дзьверы — сьпярша з калідора, пасьля ўнутраныя. Нават пакратаў, ці добра зашчоўкнуліся. Каб знадворку нельга было адчыніць, ключ пакінуў у дзьвярным замку. Ён ведаў, што дома не было нікога, жонка з дачкой паехалі ў вёску памагаць бацькам выбіраць бульбу, і ён халасьцякаваў ужо другі тыдзень. Увогуле яму было няблага, дома ён адно начаваў, увесь дзень прападаючы ў разьездах або ў офісе фірмы, дзе і харчаваўся. А дома хіба што піў раніцай каву, ды зрэдчас уключаў тэлевізар — паглядзець навіны. Хоць навіны цяпер ішлі такія, што лепш бы іх не глядзець, здаравей пачуваўся б. Але ж мусіў — даўняя прывычка яшчэ з таго часу, як было іншае жыцьцё, і ён рабіў у канструктарскім бюро пры заводзе. Як не займаўся бізьнесам. I ніколі ня думаў, што прыйдзецца займацца, ды во давялося. А што зробіш — жыць жа трэба. Жонка на сваю настаўніцкую зарплату не пракорміць, ды і дачка падрастае. Жыцьцё даражэе, цэны пруць угару, грошай з кожным месяцам трэба ўсё болей. А бізнэс яго пайшоў уніз. Во клопат...

Зайшоўшы сьпярша ў туалет, Чарняк паўключаў у кватэры сьвятло, любіў, каб скрозь было відна. Пасьля ўжо зьняў туфлі, павесіў на вешалку пінжак. Падумаў, што трэба пазвапіць Сёмку, але той, мабыць, яшчэ не дабраўся да свайго мікрарасну — усё ж дзьве перасадкі, на тралейбус і аўтобус. Стрэлкі на гадзіньніку ў прыхожай ужо хіліліся да гадзіны начы, скрозь стаяла глухая паўночная ціша. Ён падумаў, што заўтра трэба неяк не праспаць, а сёмай заедзе Бахмутаў, з якім яны дамовіліся паехаць на мытню — плаціць пошліну за затрыманы тыдзень таму «Камаз». У большым пакоі свае двухпакаёўкі ўключыў тэлевізар, але па экране замітусілася срэбра, трансьляцыя ўжо скончылася. Значыць, трэба класьціся спаць. Як заўжды ў канцы даўгога клапатлівага дня, адчуваў у целе лёгкую зьнямогу, не гнятлівую, а нават прыемную. Выпілі з Сямёнам няшмат, грамаў па якіх сто пяцьдзясят каньяку, цяпер адчуваў смагу, хацелася чымсьці запіць. Здаецца, у халадзільніку павінна быць бутэлька піва, успомніў Чарняк і ўключыў та кухні сьвятло. Тут было прахалодна, дзьверы ў лоджыю ён пакідаў расчыненыя, каб не сьмярдзела газам. Са стала трэба было б прыбраць — кубкі, талеркі, відэльцы, але падумаў: хай, позна ўжо. Прыбярэ заўтра ўранку. У халадзільніку сапраўды чакала яго засьцюдзянелая бутэлька «Пльзеньскага», якую ён тут жа адкаркаваў. Любімага ім фужэра па стале, аднак, не апынулася, фужэр быў у пакоі разам з сьвяточным посудам. Нетаропка і расслаблена пайшоў па яго ў большы пакой, і там, як адчыняў шкляныя дзьверцы шафы, пачуў, бы за сьцяной штось грукнула, быццам упала што на падлогу. Устрывожаны, з фужэрам у руцэ хуценька ўбег на кухню і скалануўся.

Пасярод кухні стаяў камлюкаваты чалавек у бейсболцы з накіраваным на яго пісталетам.

– Чашкоў? — рыкнуў ён сьцішаным басам.

– Я?

– Ты, ты!

– Які Чашкоў? Я Чарняк.

– Дакумант!

– Які дакумант?

– Пашпарт. Пашпарт!

Стараючыся адолець зьнянацкі спалох, Чарняк марудзіў, не разумеючы, што адбываецца. Ці гэта жарт? Ці каму што мярзотнае ўзбрыло ў галаву? Але чалавек чакаў, шырока расставіўшы ногі ў разлапістых красоўках «Рэбек» ня меней, чым сорак чацьвёртага памеру. Стаяў якраз пад лямпачкай, і даўгі казырок ад бейсболкі клаў глухі цень на яго грубы квадратны твар. Вачэй было ня згледзець, ды Чарняк і не хацеў у іх зазіраць, не чакаючы там убачыць нічога добрага. Грувасткі пісталет з даўгім глушыльнікам на канцы быў па-ранейшаму скіраваны ў ягоныя грудзі.

– Пашпарт, кажу!

– Дык пашпарт там, у пінжаку...

Чарняк пралепятаў тое чужым і агідным для самога голасам, усё думаючы бязглузда жахлівае: кілер! Тады ён прапаў... А той выразна гэтак кіўнуў глушыльнікам у бок прыхожай — да вешалкі, і Чарняк бокам боязна скіраваў туды. Кілер ступіў сьледам. Пакуль ён з фужэрам у руцэ поркаўся ў кішэнях, шукаючы пашпарт, кілер сігануў да дзьвярэй і вылузнуў з замка ключы. У дрыготкай руцэ Чарняк працягнуў яму пашпарт.

– Разгарні!

Ён разгарнуў, сунуў блізка да твару — маўляў, чытай. Бачыш: я Чарняк Павел Іванавіч, тысяча дзевяцьсот пяцьдзясят трэцяга года нараджэньня, напісана ясна і выразна, думаў ён. Кілер прачытаў і апусьціў пісталет.

– Ч-чорт!..

Здаецца, абодвум стала зразумела — выйшла памылка. Чарняк упершыню за час гэтай сустрэчы выдыхнуў з грудзей агорклае паветра — ну і ну! Што далей? Але добра, што ён Чарняк, а не Чашкоў, кватэра якога месьцілася за ягонай сьцяной, у суседнім пад’езьдзе. З фасаднай сьцяны іхнія балконы былі поруч, часам у летнія дні яны нават перагаворваліся там здаля. Так што наблытаў, шаноўны спадар кілер, думаў Чарняк, стоячы перад заклапочаным начным госьцем. Квадратны твар таго перасмыкнуўся.

– Дзе тэлефон?

– Во побач, за шафай, — паказаў Чарняк.

Ён адчуў сябе трохі сьмялей, першы спалох мінаўся — сьцяміў, што ў гэтай непрыемнай гісторыі ён — чалавек выпадковы. Так што... Падумалася, госьць будзе кудысь тэлефанаваць, а той падышоў да тэлефона і, тузануўшы за провад, выдраў яго з разеткі. То было горш — нешта ўскладнялася...

Мусіць, каб не стаяць у прыхожай, кілер кіўнуў на дзьверы, і яны абодва мусілі зайсьці на кухню. Там кілер дастаў з нутраной кішэні курткі мабільны тэлефон з куртаценькай антэнай, аднаруч набраў нейкі нумар. Але нумар не азваўся, і кілер вылаяўся.

– Няўвязка? — спачувальна папытаўся Чарняк, як мага стараючыся захаваць спакой. Не адказаўшы, кілер зноў набраў нумар, і зноў там быў маўчок. Тады ён прысеў на табурэт, маларухавым позіркам акінуў непрыбраны стол.

– «Пльзеньскае»? Багата жывеш.

Агледзеўшы этыкетку, закінуў бутэльку і нетаропка выжлукціў палову. Чарняк стаяў сярод кухні і думаў, што нейкая халера дзесь не заладзілася, і ня ведаў спачуваць ці палохацца з тае нагоды. Найлепш, канешне, было б што-небудзь зрабіць. Але што? Выскачыць з кватэры ён ужо ня мог, патэлефанаваць таксама. Ён толькі чакаў, скоса пазіраючы на няўклюдны пісталет з таўстым глушыльнікам на канцы, што ляжаў у таго на каленях. «Магнум» — вызначыў Чарняк. Нядаўна ў нейкім галівудскім баявіку бачыў менавіта такі пісталет, гэтак названы адным з герояў.

– Наблыталі падонкі. А ты іспалняй! Крэціны... — бурчэў кілер і падняў на гаспадара сурова насуплены твар.

– Што — адзін жывеш?

– У дадзены момант так. Жонка ў ад’езьдзе.

– На курорце?

– На вёсцы ў старых. Бульбу капае.

– Бульбу...

Кілер штось думаў ці ўспамінаў, можа. Ягоны бязлобы твар, заценены даўгім казырком бейсболкі, здаваўся змрочна-пагрозьлівым. Але быццам ня злым, і тое абнадзейвала Чарняка. Ён азірнуўся на адчыненыя ў лоджыю дзьверы і падумаў: адкуль гэты д’ябал узяўся? Насупраць перад домам расьлі высокія таполі, але ж ня з іх ён узьлез на сёмы паверх. Значыць, з даху. Во гэта скалалаз!

– Альпініст? — спытаў ён, ужо амаль што суняўшы хваляваньне. А таксама каб не маўчаць, бо ад маўчаньня проста рабілася страшна.

– Я — кілер! Хіба не ўцяміў? — жорстка вымавіў госьць, не скрануўшыся з табурэта.

– Ну я разумею — кілер, — вінавата сказаў Чарняк.

– А наогул — дэсантнік.

Чарняк змаўчаў, ён ня мог сьцяміць, як размаўляць з гэтым злыднем. Ды і наогул ці трэба з ім размаўляць. Але і маўчаць рабілася нязносна. Здаецца, заклапочаны няўдачай або чымсьці і яшчэ, кілер усё даставаў свой куртаты тэлефон. I дарма. Тэлефон на тым канцы сувязі не адказваў, і кілер каторы раз мацерна вылаяўся.

– Падонкі...

Пасьля ён дастаў з маленькай кішэнькі паперку.

– Кватэра 138 — так?

– Так.

– Чашкоў Іван Сямёнавіч?

– Ды не, вы ж бачылі. Чарняк я.

– А Чашкоў дзе? — падумаўшы, спытаў кілер. Чарняк няўцямна цепнуў плячыма — хто ведае. У грудзях у яго адразу пасьцюдзянела — ня дай Бог зразумее, ці як дазнаецца, што Чашкоў побач. Але ўсё роўна ён зрабіў выгляд, што ня ведае ніякага Чашкова, першы раз чуе гэтае прозьвішча.

Госьць хутка апаражніў піўную бутэльку і кінуў яе пад стол. I тады ў Чарняка ўспыхнула думка, што межавала з надзеяй. Аж спалохаўшыся ад свайго намеру, ён, аднак, сказаў:

– Можа, гэта самае — трохі гарэлкі? Га?

Кілер зьнерухомеў на момант, бы прыслухоўваючыся да чагось, і раптам згодна кіўнуў:

– Давай!

Няпэўнымі рухамі яшчэ дрыготкіх рук Чарняк выняў з халадзільніка пачатую бутэльку «Крышталю», кавалак каўбасы і плаўлены фінскі сырок. Хлеба ў яго не было, у хлебніцы знайшоўся толькі чэрствы кавалак батона. За чаркамі хацеў выскачыць у суседні пакой, але кілер тут жа выцяг убок нагу — стоп! Ён сам наліў сабе ў кубак ад кавы, пасьля наліў гаспадару. Яны суладна паднялі кубкі. Мусіць, з тае нагоды трэба б нешта сказаць, які тост, але не сказалі нічога і моўчкі выпілі. Чарняк з тае хвіліны пачаў адчуваць сябе трохі сьмялей, хаця разумеў, што з кілерам належыць абыходзіцца ветліва, не гнявіць яго. Лепш, канешне, задобрыць, тады, можа, яшчэ і пашэнціць выкруціцца з гэтай бяды.

– А што вам гэты Чашкоў? Ці правініўся ў чым? — далікатна пацікавіўся ён. Кілер варухнуў тугімі плячыма.

– Мне адкуль знаць?

– Але ж вы...

– Далі заданьне — іспалняю. Маё дзела цялячае.

– Во як! — зьдзівіўся Чарняк. — Бы ў войску?

– Іменна, як у войску...

– Мабыць, служылі?

– Ды ўжо ж.

– А я не служыў, — прызнаўся Чарняк. — Не давялося.

– Адкупіўся?

– Ды не, знаеце. У абаронцы працаваў...

– Ах, у абаронцы...

– Таксама ня мёд, знаеце. Фінансаваньне, праўда, было. Але матзабесьпячэньне...

Кілер па той бок стала ня надта, аднак, рэагаваў на спробу гаспадара пачаць з ім размову. Засяроджана рухаючы шырокімі сківіцамі, ён даядаў каўбасу — мабыць, быў згаладнелы. Чарняк назіраў за ім і думаў: Божа, каго ён нагадвае? Нібы знаёмы твар, дзе ён мог яго бачыць? А можа, які артыст — чорт ведае. Але надта знаёмая морда.

– А давайце яшчэ патроху, — асьмялеўшы, прапанаваў Чарняк. — Я вам яешню зраблю. Га?

– Зрабі, — проста пагадзіўся кілер.

Запаліўшы газавую гарэлку на пліце, Чарняк паставіў на яе патэльню. Пакуль тая грэлася, сам напружана думаў: што ж рабіць? Як ратавацца? Саскочыць на падворак нельга — усё ж сёмы паверх, унізе асфальт. Крычаць — мабыць, прыстрэліць. I нічога здатнага пад рукамі. На стале ляжаў тупы сталовы нож з цешчынага сервіза, такім толькі намазваць масла на хлеб, А ў таго напагатове ягоны жахлівы «Магнум». Так разважаючы, Чарняк разьбіў на патэльню тры яйкі, падумаў: яшчэ ці, можа, хопіць? Як ззаду пачулася:

– Бі яшчэ. Калі не шкада?

– Не, чаму шкада? Калі ласка. Яйкі ёсьць.

– Вот іменна. Мабыць жа, ня кожны дзень кілера частуеш?

– Ня кожны, праўда, — адчуўшы гумар, пагадзіўся Чарняк. — А ваша імя як, калі не сакрэт?

– Сакрэт, — сказаў кілер. — Імя маё табе ня трэба.

– Ну што ж. Сакрэт дык сакрэт...

– А наогул, ты чым займаешся? — папытаўся кілер.

– Я? Ды так, трохі бізнэсам, — сумеўшыся, адказаў Чарняк, ня ведаючы, аднак, наколькі з ім можна быць шчырым.

– I як? Удала?

– Ведаеце, ня надта. Можна сказаць — няўдала. Кілер без асаблівай цікавасьці абвёў позіркам ягоную ня вельмі шыкоўную кухню з старамодным буфетам і запэцканай газавай плітой у куце.

– Відаць што! Абыходзішся без еўрарамонту.

– Які еўрарамонт! Тут жэсаўскі ня памятаю, калі быў.

– Да! I ў вас, у буржуяў, бардак, — сказаў кілер. — Як і ў нас тожа.

– I ў вас? — не зразумеў Чарняк.

– А што ж, думаеш, у нас камунізм? Тая ж перастройка.

– Во як!

– Дэмакрація, такую іх матары! Кожнаму мудаку свая куля.

– Куля? — зьдзівіўся Чарняк.

– А ты думаў — піражок з макам? — гатовы быў зазлаваць кілер на няўцямнасьць гаспадара. — Вот я цябе шлёпну, а затым шлёпнуць мяне. Гэта дэмакрація.

У Чармяка зноў пасьцюдзянела ў грудзях ад тых яго словаў. Завошта ж яго, Чарняка, страляць? Ён жа не Чашкоў, які штось напартачыў з крэдытам ці хабарам. Не таму даў ці, можа, даў мала. Ці Чарняк вінаваты ў іхніх няўвязках, калі аднаго блытаюць з іншым, паныла думаў ён, падсмажваючы пырскотную ад масла яешню. Хутка ён паставіў патэльню перад шырокаю пысай кілера, сам сеў па другі бок стала, есьці яму не хацелася. Кілер яго і не запрашаў, правай рукой згроб відэлец, левай жа ўвесь час прытрымліваючы на каленях свой, відаць, цяжкаваты «Магнум». Чарняк глядзеў, як ён жарэ яешню і думаў усё: што рабіць? Так зброю ў яго ня вырвеш — цесна і перашкаджае стол...

– Ну ты як хочаш, а я і яшчэ вып’ю, — сказаў кілер і зноў наліў сабе гарэлкі.

Ягоны цёмна-азмрочаны твар, падобна, стаў крыху жвавейшы, рухі за сталом заставаліся ўпэўнена-стрыманыя. Левая рука нязрушна ляжала на «Магнуме».

– Думаеш, уп’юся? — раптам спытаў ён, выпрабавальна зірнуўшы на гаспадара. — Ня столькі піў...

– Ды я нічога, — апраўдваючыся, сказаў Чарняк, думаючы, аднак, што такі сапраўды не нап’ецца. Але, можа, напіцца самому? — падумаў ён. Калі перад канцом... Але чаму — перад канцом? Усё ж ён не павінны яго застрэліць. Завошта?

– Апроч таго, што дэсантнік, яшчэ і снайпер. Уразумеў?

– Дык добра, — пагадзіўся Чарняк, баючыся запярэчыць.

– У Афгане меў сорак пяць «духаў» на рахунку. Ордэн зарабіў.

– А які ордэн?

– Баявога Чырвонага Сьцяга. Паняў? Так што — кілер-інтэрнацыяналіст.

– Панятна, — думаючы, аднак, пра іншае, сказаў Чарняк.

– Думаеш, чаму кілерам задзелаўся? Праўда?

– Праўда, — пагадзіўся гаспадар, хаця і ня думаў пра тое.

– А во і не скажу. Ваенная тайна.

Каб ты прапаў з сваёй ваеннай тайнай, падумаў Чарняк. Каму не вядома, колькі той набрыдзі распаўзлося па сьвеце з Афгана або Чачні, дзе гэткія добра напрактыкавалі руку. Так, што аж дагэтуль не могуць спыніцца — усё забіваюць.

– А ў Чачні не былі? — запытаўся Чарняк.

– А то як жа! — зноў з гонарам мовіў госьць. — Быў і ў Чачні, і яшчэ ў некаторых кропках. Задавалі мусульманам дыхту.

– А яны — вам? — вырвалася ў Чарняка.

– Бывала, што і яны нам, — амаль шчыра заўсьміхаўся кілер. — Аж успаміналася мамачка родная.

Чарняк падзівіўся: гэты забойца можа нават успомніць пра маці! Хаця чаму ж не — пра сваю маці, а не пра тых мацярок, якіх там вынішчалі «градамі» ды «тунгузкамі» разам з іх дзецьмі, дарэчы. Відаць па ўсім, ад гарэлкі ён зусім не п’янеў, паводзіў сябе роўна і ўпэўнена, пакуль не выказваючы пагрозьлівых намераў. Але што ён будзе рабіць далей? Мабыць жа, вытрахнецца да раніцы. На гадзіньніку ўжо ішла трэцяя гадзіна ночы.

– Што зыркаеш? — згледзеўшы ягоны пагляд на гадзіньнік, сказаў кілер. — Ня дужа сьпяшайся.

– Ды я нічога. Не сьпяшаюся.

– Я во пасьпяшаўся і — міма. Як бы зноў не давялося лезьці на дах. Па начы то — апаснае дзела. Чашкоў таксама пад дахам жыве?

– Ды ня ведаю, — сумеўся Чарняк і падумаў: хоць бы ён не дазнаўся, што Чашкоў — ягоны сусед. А той, нібы зноў падслухаўшы ягоныя думкі, выняў свой тэлефон. На гэты раз сувязь яго спрацавала, яго ўчулі, і ён ціха мовіў нейкіх тры незразумелых словы — мабыць, які пароль. Пасьля засяродзіўся з увагай і нерухомым позіркам уставіўся на Чарняка.

– Ты мяне хацеў ашукаць, — выразна абвясьціў кілер, хаваючы тэлефон.

– Я?

– Ты — Чашкоў. I не залівай мне кулі, ня пудры мазгі.

– Я ж вам паказваў пашпарт.

– Пашпарт фальшывы.

– Ну, чаму фальшывы! — пачаў нервавацца Чарняк. — Магу іншыя дакументы паказаць. Прынесьці?

– Сядзець! — суха загадаў кілер. — Цяпер ня мае значэньня.

– Як жа ня мае? Што ж ты мяне стрэльнеш замест Чашкова? А Чашкоў, можа, за сьцяной жыве?

– Можа быць, — проста пагадзіўся кілер. — Але не маё цялячае дзела.

– Дык жа няправільна! — гатовы быў замаліцца Чарняк.

– Непрафесійна!

– Непрафесійна, кажаш? — нібы зьдзівіўся кілер. Відаць, гэты папрок яго, аднак, уразіў. — А ты адкуль ведаеш?

– Што ж тут ведаць! Што тут ведаць? Гэта ж і дурню вядома: невінаватага забіваць — дзе ж прафесійнасьць?

Кілер адкінуўся шырокімі плячмі да сьцяны і аж застагнаў, бы ад зубнога болю.

– Крэціны! Наблыталі, нахамуталі! Як на вайне, так і тут. Начальнічкі, маць вашу такую...

Чарняк маўчаў — то было нешта новае. Відаць, ён зачапіў у гэтага забойцы балючы нерв і ня ведаў, кранаць яго болей ці пе чапаць.

– Гэта правільна, — сказаў ён спакайней. — У нас уся бяда — ад начальства.

– I ў Афгане, і ў Прыднястроўі. I тут. Адзін чорт! Мудазвоны, — злосна лаяўся кілер.

Відаць, і яму набалела, падумаў Чарняк. Можа, варта было і далей разьвіць гэтую тэму — авось дапаможа. Асабліва, калі і яшчэ выпіць.

– А давайце і яшчэ па каліву, — кіўнуў ён на бутэльку, дзе яшчэ штось заставалася.

– Годзе! На заданьні не напіваюся, — сказаў кілер. — Ты мне лепш чыфіру завары.

– Калі ласка. Магу чыфіру, магу кавы.

– Не, чыфіру даўно ня піў. А то дзе мне пасьля шукаць той чай.

– Ды чаю пакуль хапае. У кожным гастраноме, — сказаў Чарняк і сумеўся, адчуўшы падвойны сэнс тае просьбы. Страшнаваты сэнс. Але ён паставіў на полымя чайнік, нарыхтаваў заварку. Усё ж трэба было заставацца спакойным.

– Ня ведаю, як вас, а нас, бізьнесоўцаў, зусім задушылі. I падаткі, і мытні, і акцызы ды іншае — немагчыма дыхнуць, — паскардзіўся ён.

– I ў нас ня лепей, — выдыхнуў кілер. — Парадку мала, адно — давай, давай.

– Шмат працы?

– Хапае... Сёньня ў Мінску, заўтра ў Хвалынску. Ніякай каардынацыі.

– Разарваны сувязі, — сыранізаваў Чарняк. Але госьць не зразумеў іроніі, і ён папытаўся болей сур’ёзна: — Ну, а заробкі як жа?

– Храновыя. Кідануць пару тысяч — што на іх?

– Рублёў?

– Даляраў — чаму рублёў. Затое сабе дзесяць тысяч.

– Каму? — чагось ня мог сьцяміць Чарняк.

Кілер упершыню зірнуў на яго чыстымі, амаль па-дзіцячы наіўнымі вачыма.

– Начальству, каму ж яшчэ. А паспрабуй вякнуць, адразу злапаеш...

– Кулю?

– А ты думаў!

– Да, кепскія і ў вас справы, — падумаўшы, сказаў Чарняк і наліў госьцю вялікі кубак чыфіру. Міжволі яму ўжо рабілася яго шкада. Усё ж як ні блага было ў бізнэсе, а мабыць, лепш, чым у іх кілерскай справе.

I ўсё ж ягоны клопат заставаўся нявырашаны, як і што будзе далей, ён ня ведаў і надта турбаваўся.

– Дык што ж рабіць?

– А ні храна! — сказаў кілер, па-свойму зразумеўшы ягоную думку. — Трэба было раней думаць.

– Раней?

– Ну. Да акцябра сямнаццатага году. Цяпер ужо позна.

Чарняк няўцямна трохі памарудзіў — яны абодва ўвесь час меркавалі пра рознае.

– Слухай, — сказаў ён амаль даверліва. — Я бачу, ты чалавек харошы. Можа, табе памагчы?

Кілер сербануў чыфіру і паківаў галавой. — Мне ўжо ніхто не паможа. Зрэшты, і табе тожа.

– Як?

– Так! — зноў з дзівосным наівам зірнуў у ягоныя вочы кілер.

– Слухай, а калі знайсьці таго?

– Таго знойдуць, — упэўнена сказаў кілер і зірнуў на свій «Арыент». — Праз дваццаць хвілін.

– Во як!

– А ты думаў! Удакладняюць адрас.

– I ты пойдзеш?

– Пайду. Што рабіць? Застрэлю цябе і пайду. Чарняк на хвіліну зьнямеў ад гэтае будзённае шчырасьці. Дужа не хацелася верыць, але ў той жа час ён разумеў, што кілер не падманвае, што яму з гэтай пасткі, відаць, ня выкараскацца. Але ўжо гэта чорт ведае што! Завошта яго страляць? Іхняе начальства наблытала, а яму гінуць? У чым ягоная, Чарняка, віна? Нават у чым прычына? — ён ня мог зразумець. Блытаныя думкі мітусіліся ў ягонай галаве, сэрца калацілася ў грудзях. Але дзе ж паратунак? Ён прагнуў паратунку і ня ведаў, што рабіць. Мабыць, ягоны ўсхваляваны стан заўважыў кілер, які вельмі нават спакойна мовіў:

– А ты ня дзёргайся. Сядзь, супакойся, лягчэй будзе.

– Лягчэй ня будзе! — ледзьве ня крыкнуў Чарняк. — Гэта безабразія!

– Уся жысьць безабразія, — па-філасофску заўважыў кілер. — А гэта такое правіла.

– Якое? — упіўся ў яго позіркам Чарняк. Ён хацеў ведаць усё.

– Няўжо не ўразумеў, якое? — стрымана папракнуў яго кілер.

Так, цяпер Чарняк зразумеў. Яго ўсё ж застрэляць. Але як жа так — ён не хацеў паміраць. Ён хацеў жыць. Асабліва цяпер, калі дамогся самастойнага, хоць і дужа клапотнага жыцьця. Сваёй справы. Хоць часьцяком ён і скардзіцца на тую справу і ўмовы працы, але ўсё ж са свайго клятага бізьнесу мае трохі больш, чым меў у канструктарскім бюро. Зноў жа жонка, дачушка Іначка... I чаго ён павінен паміраць за нейкага Чашкова, з якім у яго амаль ніякіх адносінаў, хіба дваравое знаёмства. I што ён там нарабіў, гэты ваўкаваты, увогуле маласімпатычны чалавек, што на яго нават наслалі кілера? I хто б мог падумаць? Іхнія аўтамабілі ў двары заўсёды стаялі побач — задрыпаная «сямёрка» Чарняка і ўвогуле не стары яшчэ «мэрс» Чашкова. Дваравыя аўтамабілісты заўжды пазіралі на яго з зайздрасьцю, а можа, і з затоенай варожасьцю. Але Чарняк не зайздросьціў і ніякай варожасьці не меў. Зрэшты, як і Чашкоў да яго таксама. Дык які ж д’ябал зьвёў іх у адно сьмяротнае кодла?

Тым часам, мабыць, мінула дваццаць хвілін — Чарняк ужо не сачыў за часам. Затое за ім сачыў кілер. Не ўстаючы ад стала, ён набраў свой нумар і прыклаў тэлефон шчыльненька да вуха. Чарняк напружыў слых, ды ня ўчуў нічога. Праўда, і размова была падазрона кароткая — так, не, — і кілер схаваў прыладу.

– Да-а, — вымавіў ён. — Сплашное блядства! Ня могуць дазнацца. Што ж, пачакаем. Чыфіру вып’ем.

Чарняка раптам аж скаланула ад новай удала знойдзенай думкі.

– Слухай, а калі я вас выручу?

– Гэта ў чым? — насьцярожыўся кілер.

– Ну, знайду Чашкова. Вы мяне пусьціце?

– Вядома, — лёгка адказаў кілер. — Баш на баш. Вы — нам, мы — вам, як у КДБ. Ён дзе жыве?

– Тут блізка, — сказаў Чарняк.

Кілер зноў дастаў свой жахлівы тэлефон і зноў штось буркнуў, — мусіць, на іх шыфраванай мове. Трохі счакаў адказ. Чарняк сядзеў, бы на іголках, і караў сябе думкай: што ўдумаў зрабіць! Ты ж прадаеш чалавека, які табе не зрабіў кепскага. Але тут жа зьявілася іншая думка: а што ён зрабіў добрага? Летась пазычыў каністру бензіну, як не было на запраўках, дык жа Чарняк аддаў і падзякаваў. I ўсё ж было вельмі пагана на душы — пакутна і брыдка. Хіба трохі апраўдвала думка, што не па сваёй волі. Ён жа змушаны. Што ж, лепей, калі яго тут застрэляць на гэтай кухні? I завошта? У Чашкова дык, мабыць, хоць ёсьць правінка, пэўна, якаясь прычына, калі прыслалі кілера. А Чарняк чысты, як перад Богам.

– Во ты пытаўся, як кілерам стаў? Дык скажу: каб аднаго мудака ўхлопаць. Даволі пузатага. Ды, здаецца, ён мяне хлопне, — сказаў між тым кілер.

Чарняка тое, аднак, ужо мала цікавіла. Ён пакутна думаў пра іншае: як уратавацца? Можа, як выйдуць на вуліцу, тады?

У двары, як заўжды, цёмна, і дарма гэты хваліцца, што снайпер. Калі рвануць пад таполі ды ў міліцыю. Міліцыя побач, ля ЖЭСа...

Але ж хітры гэты Чашкоў! Відаць, зьняў сваё прозьвішча з даведачнага бюро, во яны яго і шукаюць усю ноч...

Мяркуючы па ўсім, так яно і выходзіла — яны там не маглі знайсьці Чашкова, кілераў тэлефон маўчаў. А Чарняк тым часам адумаўся, ён ужо шкадаваў, што паабяцаў памагчы. Можа, яго і ня думаюць страляць, можа, гэты хмыр толькі страшыць?

Гэта ж жахліва, калі так за нішто будуць страляць па начах сумленных людзей. I нашто ён сказаў яму пра Чашкова... Каб як перайначыць тое, Чарняк заўважыў:

– Праўда, я добра ня ведаю, дзе ён жыве...

Кілер варухнуў густымі брывамі.

– Ну ня ведаеш, дык ня ведаеш, — няпэўна сказаў ён і зноў зірнуў на гадзіньнік. — Засталося дзесяць хвілін.

– Да чаго... дзесяць хвілінаў?

– Да таго! Праз дзесяць хвілінаў я іду. Чарняк зьнерухомеў.

– Але ж... Я застануся?

– Безумоўна. Ты застанешся. Назаўжды.

Чарняк апусьціўся над сталом, абхапіў галаву рукамі. Божа мой, што ж гэта робіцца? Чаму так? Што ён павінны зрабіць, каб уратаваць сябе? Апроч прадажніцтва, сапраўды нічога не застаецца. Але ж ён нікога не хоча прадаваць. Ды ўсё так складваецца, што камусь трэба гінуць — або яму, або Чашкову. Хаця ў жыцьці ўсё так уладкавана, што кожны — найперш сам за сябе. Недзе чытаў: калі я не за сябе, дык хто за мяне? Праўда, далей там было напісана: калі я толькі за сябе, дык навошта я? Во дзівак-філосаф: навошта я? Быццам гэтая акалічнасьць ад мяне залежыць. Сам бы апынуўся ў маім становішчы, дык, мабыць, не напісаў бы так.

Здаецца, разумеючы стан гаспадара, кілер, аднак, заставаўся спакойны, нават нібы абыякавы і да гаспадара і да свайго, усё ж заблытанага, становішча. Выхлебтаўшы чыфір, зноў зірнуў на гадзіньнік.

– Ты ведаеш, канешне, дзе гэты Чашкоў. I баішся прадаць? Што ж, усё правільна. Тваё права — баяцца, спадзявацца... Засталося пяць хвілін.

Пяць хвілін усяго жыцьця! Бог ты мой! Што ж гэта робіцца...

– Дык як жа мне быць? — роспачна вырвалася ў Чарняка, і ён застыў, чакаючы адказу. Адказ мог даць кілер. Але той моўчкі ўстаў, перахапіў у правую руку свой «Магнум».

– Пайшлі!

– Куды?

– Пакажаш Чашкова.

Ну во — і ўсё. Калі цяпер адмовіцца, дык гэтая хвіліна, мабыць, будзе для яго апошняй. А калі пагадзіцца — зьявіцца нейкая хоць кароценькая надзея. Канешне, яна можа і ня спраўдзіцца, можа сканаць. Сьпярша ён, затым і яна. Ці наадварот — не зразумець. Але пакуль сам жывы, жыве і яна, — блыталіся ў ягонай галаве палахлівыя думкі.

– Надзень пінжак, — зусім па-сяброўску сказаў кілер. — На дварэ сьцюдзёна.

Той нечаканы клопат Чарняку спадабаўся, у ім прагучала надзея, якой ён прагнуў. Ён таропка апрануў пінжак, а кілер тым часам дастаў з задняй кішэні маленькія чорныя кайданкі. Убачыўшы іх, Чарняк ледзь ня ўпаў на зьнянацку падагнутых нагах.

– Спакойна, — сказаў кілер і зашчоўкнуў адну брасьлеціну на яго правай руцэ, а другую — сабе на левай. — Так будзе о’кей.

Гэта канец, сказаў сабе ў думках Чарняк. I раптам адчуў дзіўную палёгку, як бы скінуўшы з сябе ўвесь гнятлівы, турботны клопат. Можа таму, што раптоўна і назаўжды скончыўся пакутны працэс выбару паміж жыцьцём і сьмерцю. Пагібель перамагла, і выбару не засталося. Поўная пустка. Вакуум. Над шматлікімі праблемамі вакууму ён колісь завіхаўся ў сваім канструктарскім бюро. I ён прыпамятаў, як некаторыя пустазвоны балбочуць аб важнасьці свабоды выбару. Дзе яна ў жыцьці, тая славутая свабода, як і той знакаміты выбар? Так мала іх было пры жыцьці і зусім не засталося перад пагібельлю. Усё навакол і раптоўна адсуналася ад Чарняка, паблякла; зьніклі ўсе турботы пра сябе. Ягоныя пачуцьці запоўніла дзіўная абыякавасьць да сьвету і да сябе таксама. Падобна, ён пераставаў існаваць яшчэ да жахлівага імгненьня канца.

Бы спачуваючы яму, кілер ціха зазначыў:

– А ты маладзец. Іншыя, знаеш... абсіраюцца.

I нетаропка адамкнуў дзьверы. Яны выйшлі з прыхожай, і кілер ціхенька прычыніў іх, выразна шчоўкнуўшы замкамі. Не ўратавалі і сталёвыя дзьверы, падумаў Чарняк, успомніўшы, як даставаў іх па блату на складзе, грузіў з хлопцамі ў «Калхіду». А пасьля цягаў на сёмы паверх — у кабіну ліфта яны ня ўлазілі. Трэба было... Яны ўдвух ціха спусьціліся ў незанятым на той час ліфце, выйшлі на цёмны падворак. Ім ніхто не спаткаўся ў гэты глухі час начы. А калі б і спаткаўся, дык што? Ідуць поруч два сябрукі-мужчыны, паводзяць сябе спакойна, а што позна, дык, можа, заседзеліся ў каго ў гасьцях. Кілер маўчаў, але Чарняк адчуваў скабамі ўпёрты ў яго бок глушыльнік «Магнума». Кожны момант кілер мог націснуць на спуск — варта яму было толькі вякнуць. I ён, праклінаючы ў душы забойцу і сябе разам, вёў яго да суседняга пад’езда. На што ён спадзяваўся, на што разьлічваў?..

Мабыць, ужо ні на што. Інстынктам выгадваў некалькі лішніх хвілін жыцьця, хаця тады для яго тое ня мела значэньня. Ён ужо ведаў, што нават пагібельлю суседа нельга купіць сабе паратунку. Заставалася хіба ненавідзець Чашкова, усё ж з нянавісьцю гінуць было лягчэй.

Яны падняліся ў ліфце таксама на сёмы паверх, і кілер сам націснуў на кнопку званка. З кватэры азваліся не адразу, давялося ціснуць яшчэ. Пасьля гаспадар сонным хрыплаватым голасам папытаўся «Хто?», і Чарняк з дрыготкай у раптам перасохлым горле назваў сябе. Няхутка яшчэ дзьверы адчыніліся, у якіх паказаўся няголены, заспаны Чашкоў з ускудлачанымі сівымі валасамі на галаве. Ён толькі зірнуў на суседа, і то быў апошні ягоны позірк перад тым, як ва ўпор хлопнуў стрэл «Магнума». Другі стрэл Чарняк чамусь не пачуў — разам асунуўся пад дзьвярыма і зьнерухомеў. Славутыя кантрольныя стрэлы былі справаю дзьвюх секунд, пасьля чаго кілер спакойна рушыў на тым самым ліфце ўніз і назаўжды зьнік у цемрыве начы.

Магчыма, яго таксама хутка прыстрэлілі.


1999

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/