epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Інтэграцыя

Фантастычны аповед

Рэшта незалежніцкага беларускага войска засяродзілася на хваёвым узьлеску. Наперадзе ляжала летняя, у красках лугавіна з крывулястаю рэчкай пасярэдзіне. За ёй на палявых схілах стаіліся расейцы.

Беларусы трывалі паразу — не адну, а шэраг паразаў запар, і ня дзіва. Ваяваць з кантрактнікамі, якім плацілі шалёныя грошы ў далярах, было няпроста. Асабліва, калі ў іхняй краіне на вайне толькі і мажліва было зарабіць. У беларусаў жа даляраў не было, — былі адны «зайцы». Зноў жа іхняя вайна падпала пад ранг тэрарыстычнай, і беларусы спадзяваліся хіба на ўласны патрыятызм і нацыянальную сьвядомасьць, якую горача прапагандаваў вернуты з-за рубяжа Зянон Спазьняк. Вярнуў яго Камандуючы, маршал, які ўзначаліў барацьбу за незалежнасьць гэтак жа апантана, як нядаўна змагаўся з адыёзнай «самасьційнасьцю». Некаторыя зьдзіўляліся, а бальшыня ўбачыла ў той палітычнай зьмене чарговы хітраванскі выверт любімага кіраўніка.

Памятаючы першасную сяржанцкую вывучку ў войсках КДБ, Камандуючы патрабаваў безумоўнага выкананьня ягонага загаду перамагчы праклятых расейцаў, ды тое памагала мала. Мала памагалі і красамоўныя заклікі да таго Зянона Спазьняка, што дзеля незалежнасьці Беларусі адрынуў усе ранейшыя крыўды на маршала і заўзята заклікаў сьледаваць сьвятым запаветам адраджэньня. Нядаўнія калгасьнікі ды рабочыя «паштовых скрынкаў» слухалі, але слаба разумелі ніколі ня чутыя каманды накшталт «зважай!», «шыхт», «вайсковы чын» або нават слова «жаўнеры». Мала што ў гэтым сэнсе мог растлумачыць і былы старшыня беларускага савету Сьцяпан Парэцкі, якому дазволілі вярнуцца з Амерыкі і ўзначаліць адну з вайсковых калонаў. Гэты з-за рубяжа прывёз некалькі кнігаў па беларускай гісторыі, але Камандуючы загадаў выкінуць ягоную гісторыю ў прыбіральню — яму патрэбны былі жаўнеры. Галоўны наконт бясьпекі генерал-пракурор Мэйман густа абклаў яго стукачамі з задачай: высьветліць, ці не зашыфравана ў кніжках старшыні якая адмысловая зьнявага гонару Камандуючага. (Наконт уласнага гонару той стаў надта чуйны). Сам Мэйман, не зважаючы на дзівосныя зігзагі Камандуючага, захоўваў непахісную вернасьць таму, што толькі і давала яму мажлівасьць захаваць жыцьцё. Шматлікія ягоныя таварышы ўжо даўно парылі зямлю і ўсё праз тое, што мелі даўгія языкі. Мэйман жа з кароткім языком за рэкордна кароткі час стаў генерал-пракурорам і гатовы быў змагацца за незалежнасьць Беларусі, як шэраг гадоў змагаўся супраць яе.

Калі з лесу на ўскраек падцягнуліся апошнія з вайскоўцаў, Камандуючы загадаў падпалкоўніку Старкевічу пастроіць усіх у шарэнгу. Набралася няшмат, — змораных, кульгавых, абдзёртых, параненых з акрываўленымі бінтамі на руках і галовах. Як «вечны падпалкоўнік» Старкевіч далажыў, Камандуючы выйшаў з шыкоўнага, ушчэнт запэцканага гразёй «Джыпу-Чырокі» і сказаў прастуджаным ці прапітым голасам:

– Ну што? Прасралі Беларусь? Я ж казаў... Цяпер будзем страляцца. Бо когда вазьмуць расейцы, горш будзет. Як вучоны-гісторык я ведаю... Так што — хто першы?

Усё ж гэта былі сьвядомыя людзі, выхаваныя на гераічным досьведзе вялікай вайны ды партызанскай літаратуры, і цяпер увесь шэраг зрабіў крок наперад.

– Ну зачэм жа так многа? — сказаў Камандуючы. — Уначале — аднаму, для прымеру. Дык хто? Ты — Спазьняк?

– За Беларусь заўсёды гатоў! Сьмерць маскалям! — мовіў схуднелы, у абвіслым шынялі былы старшыня БНФ-ХДС і дастаў з-за дзягі крамнёвы пісталет узору 16 стагоддзя. Сучасны АК ён прынцыпова не хацеў браць у рукі і, стрэліўшы сабе ў грудзі, бы жытні сноп, упаў пад ногі сябрам.

– Стойкі быў барэц за незалежнасьць, — пасьля паузы сумна сказаў Камандуючы. — Я ўважаў яго. Ну хто далей? На мяне не глядзіце, я буду апошні. Як капітан з тонучага судна. Ты — Парэцкі?

– Але я — легітымны старшыня...

– Мне напляваць і расьцерці, што ты легітымны. Калі трусіш –паможам. Мэйман!

Мэйман, які з прычыны недахопу кадраў даўно быў пракурорам, судзьдзём і «спалніцелем прыгавораў» у адной асобе, спрытна падскочыў да разгубленага Парэцкага і стрэліў у патыліцу.

– Хто яшчэ надта легітымны? — строга папытаўся Камандуючы. Мабыць, болей такіх не знайшлося, і Камандуючы холадна патлумачыў: –Наш прынцып ізьвесны: дабравольна, но абязацільна.Усе, хто любіць Беларусь, далжны ахвяраваць для яе. Правільна, беларусы?

– Правільна! — згодна, хоць і ня дужа гучна пранеслася над шэрагам.

– Я бароўся, усе бачылі. Бароўся, як зьвер. Сначала за інтэграцыю, патом за суверэннасьць. Так вынуждалі абстаяцільствы. Але я ня Бог, враг пабядзіў. Так што майце чэсьць, беларусы.

З шэрагу выйшлі два невялічкія вайскоўцы ў запэцканым камуфляжы, з аўтаматамі Калашнікава на грудзях.

– Мы гатовы, — ціха сказаў адзін, і Камандуючы бліснуў хцівым позіркам.

– Даўно ты далжон быць гатовы, грамадзянін Залябедзька. — Я табе гаварыл: плоха кончыш. А ты столька цянул. На дружка раўнялся?

– Мы не раўняліся. Мы са спадаром Ранчоркам належалі да розных партыяў і рухаў.

– Рухаў! — перадражніў Камандуючы. — Во дарухаліся. Удвох асталіся.

Амаль разам бухнулі два стрэлы. Пасьля строй зусім разбурыўся, некаторыя саступілі ўбок, пачулася яшчэ некалькі стрэлаў. На роснай траве паболела нерухомых целаў. Іх ня краталі, нікуды не прыбіралі. Нерашучыя стаялі з разгубленым выглядам. Перад невялічкаю купкай сваіх падначаленых Камандуючы аддаваў апошнія распараджэньні.

– I эта... Пагінем, дык нада, чтоб напісалі рэквіем. Перадайце мой указ Гучанку.

– Гучанок даўно ў Маскве. Другую зорку на тратуары абмывае.

– Прадацель! А так на задніх лапках плясаў...

Вусаты твар Камандуючага зрабіўся зусім суровы і змрочны.

– Ня трэба было яго пушчаць на Віцебскі базар. Хай бы сядзеў у Камаях, маліўся ды згарэў з уніятамі. Як Хадырка з Барадулям.

– А што — згарэлі? — з цікавасьцю папытаўся Камандуючы.

– Да тла.

– Тым лепш. А то — месца на Усходніх могілках, похараны... Гэтыя похараны разарылі мне гасударства.

– Рынкавая эканоміка, — змрочна канстатаваў Мэйман. — Ні ў якое сравненіе з сацыялістычнай.

– Сацыялістычная таксама не аптымальная. Я ведаю, — асьцярожна мовіў Старкевіч, апрануты ў шынель з пагонамі падпалкоўніка. — Як я камандваў ротай...

– Ты плоха камандваў, — адрэзаў Камандуючы. — І тады, і цяпер.

– А хто лепш? Я стараўся...

– Пастарайся ў пасьледні раз. Ну! Ці памагчы?

– Сам умею, — сказаў Старкевіч і адвярнуўся. Хутка бабахнуў пісталетны стрэл, і падпалкоўнік, сагнуўшыся, тыцнуўся галавой у траву.

– Во гэта іспалніцельнасьць! I ні слова вапракі. Дажа на беларускай мове. На мове! — грэбліва мовіў Камандуючы. — Кстаці, а гдзе Білевіч? Наўрад ці застрэліўся. Гэты балабон-няўмека за што ні возьмецца, усё праваліць. Столькі змагаўся за мову, і што? Нават трасянкі не дамогся. Гімна ня склаў. Я яму даручыў гімн Камандуючага, чтобы он ваадушаўляў масы. Далжон он был пастарацца. Так нет. Сабатажнік, он, ваш Білевіч!

– Бычкову трэба было, — падказаў хтось .

– Правільна! Трэба было Бычкову — я ягоныя вершы яшчэ ў чацьвёртым класе вучыў. Да не падсказалі. Зеўрук гэны дэзінфармаваў, — са скрухой мовіў Камандуючы. — Сказаў, будта Бычкоў — вораг Беларусі і Расіі. А саўмесна — Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і Польшчы. Я і паверыў. Падумаў, што Зеўрук ведае — у ЦК ды ў разьлічных выведках працаваў. Напрасна, знаеце, даверыўся. Сьледавала давяраць, но правяраць. Паглядзіце там, ці Спазьняк ужэ ня дыхае? Апруцянеў? А то можа, халастым стрэльнуў?

Нехта ад купкі ля «Гранду-Чырокі» пабег зірнуць на труп Спазьняка і хутка адтуль пачулася:

– Спазьняк ляжыць. А Залябедзькі няма.

– Як няма? Ён жа застрэліўся.

– Мабыць, сапраўды халастым. Імітацыя, — змрочна мовіў Мэйман.

– Гэта прадацельства! Он меня абхітрыў. Хацеў тады разам з Ганчаром, ды... Пажалеў. Вот і расплата за мяккасьць душы. Дзейсцьвіцельна, очань мы рахманыя, беларусы. Ня тое, што ты, Мэйман.

– Тое, што і ты! — З тайным папрокам надзьмуў вусы генерал-пракурор.

Камандуючы дастаў насоўку і старанна выцер змакрэлыя вочы. Падобна, ён гатовы быў заплакаць, хіба ў ягоным позірку раз-пораз бліскала непрыхаваная хцівасьць.

– Я ж цібе прыказаў устраніць Гураўкіна. А он аказваецца ў ААН зноў ваду муціць проці суверэннай дзяржавы... Паэт гэны.

– Праізашла памылка. Устранілі Гуралкіна. Супадзеньне фаміліяў. — Як жа вазможна! Нада ж ведаць нацыянальныя кадры, адлічаць паэта ад мастака. Не страляць абы каво...

– Я счытал, у Беларусі адзін мастак — паважаны акадэмік Цавіцкі...

– Правільна! Очань мной паважаны. Как і явоны сын — маладой, но персьпектівный, — русскій, то есьць беларускій па духу...

Строй тым часам зусім пабурыўся, стрэлы бахалі ўсё часьцей. Страляліся ад любові да Беларусі, ад нянавісьці да маскалёў, ад бязьмежнае адданасьці любаму Камандуючаму. Проста таму, што ўсё надакучыла, у тым ліку і д’ябальскае, крывавае жыцьцё ў краіне з бясконцай барацьбой і заблытанымі ідэямі. Дзе-нідзе чуліся воклічы «Жыве Беларусь!», часам праклёны ці проста злая мужчынская лаянка. У доле на ўзьлеску ўсё большала нерухомых целаў, скрозь на траве валялася зброя, нікому ўжо не патрэбны рыштунак. Найболей таго ляжала каля «Джыпу-Чырокі», дзе ўсё яшчэ тоўкся Камандуючы. Купка чыноў ля яго, аднак, усё менела. Нарэшце застаўся апошні — генерал-пракурор Мэйман.

– Мэйман, ты ўсе мае сакрэты знаеш, да?

– Знаю, да.

– I ты іх сахраніш. Назаўжды!

Генерал-пракурор не пасьпеў адказаць, як Камандуючы махнуў рукой і ў яго, бы з рукава, грымнуў нечаканы стрэл. Як Мэйман упаў, Камандуючы яшчэ два разы стрэліў яму ў галаву і крута адвярнуўся.

Пасьля ён уключыў радыётэлефон і мовіў нейкую фразу — пароль ці што: 548-5211АZ. Сунуўшы ў кішэню НЕNDI, дастаў з багажніка сьцяг –шырокую чырвоную палатніну з сярпом і молатам ля тэлескапічнага дрэўка — і ўскочыў у машыну.

– Газуй, Садам!

Звыкла абыякавы да ўсяго, што адбывалася навакол, чарнавусы кіроўца рыўком зрушыў машыну, якая палявой дарожкай нязграбна папаўзла па выбоінах у бок рачулкі. Адной рукой Камандуючы трымаўся за кароткі дзяржак перад сабой, а другой праз вакно высока ўзьнімаў сьцяг, пад якім нарэшце мелася зьдзейсьніцца вялікая мэта ягонага жыцьця — інтэграцыя.

Што рабіць, калі кожная вялікая мэта патрабуе вялікіх намаганьняў і няменшых ахвяраў...


2003

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/