epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Каментары

Сёмы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самых першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.

Пры падрыхтоўцы да друку ўлічваліся як апошнія па часе публікацыі, так і машынапісы, рукапісы аўтара. Ніжэй у каментарах прыводзяцца выяўленыя тэксталагічныя варыянты некаторых апавяданняў (дробныя стылёвыя праўкі не пазначаліся).

Першыя апавяданні («В тот день» і «В первом бою») Васіль Быкаў напісаў у 1949 г. на рускай мове (падпісаны яны былі «В. Быков» і «Василий Быков» адпаведна)1. Літаратурнае імя Васіль Быкаў з’явіцца праз амаль дзесяць гадоў. Гэта магло б адбыцца раней, але ў тым жа 1949 г. пісьменнік, які быў зноў прызваны на вайсковую службу, пакідае Гродна і едзе на Далёкі Усход. Менавіта на чужыне, адарваны ад радзімы і, па сутнасці, ад сучаснага літаратурнага працэсу, у 1951 г. ён піша два апавяданні (зноў жа на ваенную тэму) «Смерць чалавека» і «Абознік», прычым, што сімвалічна, ужо на беларускай мове. В. Быкаў пасля тлумачыў: «Первый рассказ я написал на Курильских островах, где продолжал службу в первые послевоенные годы. Я, да и не только я, а многие из фронтовиков ничего о войне не читали и читать не хотели. Война была еще слишком жива в нашем сознании. Мы старались как можно скорее от нее отрешиться, прервать эту связь с прошлым. Но по прошествии некоторого времени я стал читать книги о войне, написанные писателями довольно известными, но я останавливал себя на том, что эти рассказы о войне меня не удовлетворяют. Мне казалось, то, что я читал, никак не соответствовало моему личному опыту, как-то все было не так и не то. Вот почему я попробовал из чисто полемических побуждений написать свой первый рассказ»2. А яшчэ ў 1965 г. так успамінаў пра тыя свае літаратурныя вопыты:

«Але тая першая спроба пяра не хутка ўбачыла свет, і не толькі таму, што час быў мала для яе прыдатны, але і па прычыне вечнае неадпаведнасці “должного и сущего”, калі ісціна знаходзілася ў занадта высокім бастыёне, каб з першага наскоку ўдалося яе дасягнуць»3.

Апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік»4 Быкаў даслаў у часопіс «Полымя» М. Лынькову5. «Прозу гэтага аўтара любіў з даўняй пары і, думалася, ягоная ацэнка будзе спрыяльнай, — прыгадваў ён пазней. — І праўда, даволі хутка (за якіх, можа, тры месяцы) атрымаў адказ — падрабязны разбор на некалькіх старонках. Як цяпер прыпамінаю, апавяданьні былі даволі слабыя, і Міхасю Ціханавічу спатрэбілася нямала такту, каб нешта сказаць па сутнасьці і не параніць аўтарскага самалюбства. Аўтар адчуў тое і болей не пісаў. Доўга не пісаў наогул»6. Падчас жа гутаркі з пісьменнікам і сябрам А. Адамовічам (у 1985 г.) скажа ўжо наступным чынам: «Ну, гаўняныя, канешне, апавяданні былі. Але ён [М. Лынькоў. — С. Ш.] прыслаў падрабязны разгляд: мовы і ўсяго… Разгляд, я сказаў бы, шкалярскі быў, і ў канцы такая прыпіска, што ён — чалавек вельмі заняты, у Акадэміі, у Саюзе пісьменнікаў… Я зразумеў, што больш турбаваць не трэба. І я больш не пісаў. Кінуў гэта ўсё»7. Між тым, значна пазней Л. Лазараў адзначыць: «Эти рассказы уже заслуживают внимания»8. Таксама на думку іншага крытыка — І. Дзядкова, «еще больше начал будущей быковской прозы было в рассказе “Смерть человека”»9.

Аднак крытычны водгук М. Лынькова пачатку 50-х гг. прымусіць Быкава на пэўны час замаўчаць (праўда, «далёкаўсходнія» апавяданні ён усё-такі надрукуе, але ў 1957 г.).

Вярнуўшыся ў Гродна напрыканцы 1955 г. і пэўны час застаючыся без працы (у «Гродненскую правду» былога супрацоўніка возьмуць толькі на наступны год), В. Быкаў пачынае ўсур’ёз займацца літаратурай. Сам ён прыгадваў:

«У тую зіму пісаў шмат, менш перапісваў і амаль усё рваў на шматкі. Мала што даводзіў да фіналу. Звычайна з ахвотай пачаўшы, неўзабаве траціў цікавасьць. Усё здавалася кепска. Даўшы паляжаць зь месяц, выбраў адно апавяданьне, аднёс у рэдакцыю. Міхась Васілёк10 сказаў, што будзе паседжаньне літгуртка, дзе і абмяркуем.

Тое паседжаньне абласных аматараў літаратуры было першым і апошнім, у якім я ўдзельнічаў. […] Мне там дасталося болей за ўсіх. Рэдакцыйны супрацоўнік пападкрэсьліваў чырвоным алоўкам усе займеньнікі ён, атрымалася дужа страката і ўражліва. Тое і вырашыла прысуд: дрэнна ва ўсіх адносінах. Зрэшты, у іншых было ня лепш. Пасьля Міхась Восіпавіч суцяшаў, што напачатку так бывае заўжды, хаця для мяне тое было слабым суцяшэньнем. Няхутка пасьля таго наважыўся паслаць новае апавяданьне ў часопіс “Маладосьць” […]»11. Размова, трэба думаць, пра апавяданне «Страта» (1956), — менавіта з публікацыі гэтага твора ў «Маладосці» і пачалася, па словах пісьменніка, яго «сталая літаратурная творчасьць»12.

Е. Асокіна напіша пра першыя літаратурныя творы Быкава: «Яны разнастайныя па тэматыцы і па жанру. Іх можна раздзяліць на 3 групы: апавяданні аб вайне, апавяданні аб мірным жыцці савецкіх людзей і сатырычныя апавяданні і фельетоны.

Усё гэта адлюстроўвае творчыя пошукі пачынаючага пісьменніка.

Апавяданні Быкава аб сучаснасці не ўздымаюць вялікіх грамадскіх тэм. Аўтар бярэ сюжэты для іх з паўсядзённага жыцця самых звычайных людзей. Гэтым апавяданням не ўласцівы вострыя канфлікты, драматычныя сітуацыі, тут гутарка ідзе аб жыцці і смерці герояў, не адбываюцца подзвігі. Але ў кожным апавяданні прысутнічае духоўная тэма, якую пісьменнік вырашае ў адных выпадках больш удала, у іншых менш»13.

Запаўняючы ў 1958 г. анкету для асабістай справы Саюза пісьменнікаў, у ліку першых сваіх твораў В. Быкаў палічыць мэтазгодным назваць толькі наступныя: «Тупое пяро» (1956), «Страта» (1956), «Даведка» (1956), «Радасць» (1957), «Патрулі» (1957), «Ход канём» (1956), «Буйны выйгрыш» (1957), «Арганізатар» (1957), «Смерць чалавека» (1957), «Уначы» (1957), «Апендыцыт» (1957), «Дапякло» (1957), «На возеры» (1958), «Ціхая жонка» (1958)14.

Не ўсе з апавяданняў 40—50-х і пачатку 60-х гг. пабачаць свет і ў кніжных выданнях: «Ход канём» (1960, Бібліятэка «Вожыка», № 4), «Жураўліны крык» (Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960), зб. «Журавлиный крик», М.: Советский писатель, 1961, «Адна ноч» (Мн.: Беларусь, 1965), а ў шасцітомны Збор твораў, які будзе выдавацца ў 1990—1994 гг., пісьменнік уключыць толькі дзесяць апавяданняў перыяду 50—70-х гг.: «Ранак-світанак», «Страта», «Адна ноч», «Эстафета», «На ўсходзе сонца», «На сцяжыне жыцця», «Незагойная рана», «Круты бераг ракі», «Салдацкі лёс», «Дарога дадому». Калі ж на пачатку 2000-х гг. «Мастацкая літаратура» задумае палітычную авантуру па быццам бы выданні васьмітомніка пісьменніка (але не будзе надрукаваны ніводны том), В. Быкаў у адным з варыянтаў планапраспекта 1-га тома пажадае ўбачыць перавыдадзенымі, акрамя ўключаных у шасцітомнік, толькі «Чацвёртую няўдачу» і «Сваякоў», супраць жа апавяданняў «Смерць чалавека» і «Абознік», якія складальнік Збору твораў М. Тычына таксама прапаноўваў уключыць, напіша: «Апусціць»15. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць выснову, наколькі крытычна ставіўся з цягам часу сам аўтар да першых сваіх празаічных вопытаў.

Звярнуўшыся да жанра аповесці («Апошні баец» (1957), «Жураўліны крык» (1959), «Здрада» (1960–1961), «Трэцяя ракета» (1961), В. Быкаў усё радзей піша апавяданні, якія, па словах М. Тычыны, выступаюць у ролі, умоўна кажучы, дапаможнага жанру, яны цяпер будуць заставацца ў цені знакамітых аповесцяў пісьменніка. Толькі пачынаючы з 90-х гг. і да апошняга ў яго жыцці 2003 г. В. Быкаў зноў пачне актыўна выкарыстоўваць гэтую малую празаічную форму дзеля выказвання сваіх пачуццяў, жыццёвых поглядаў і маральна-этычных прынцыпаў (апавяданні названага перыяду прадстаўлены ў 1—2-м тамах гэтага Збору твораў). Васіль Быкаў завершыць сваю літаратурную дзейнасць тым, з чаго пачынаў больш за паўстагоддзя таму. Кола такім чынам замкнецца…

 

В тот день (стар. 5)

 

Упершыню — газ. «Гродненская правда», 1949, 22 мая. Друкуецца паводле гэтай публікацыі. Пазней апавядан не ніколі не друкавалася і на беларускую мову перакладзена не было.

Датуецца 1949 г.

 

В первом бою (стар. 10)

 

Упершыню — газ. «Гродненская правда», 1949, 19 июня. Друкуецца паводле гэтай публікацыі. Пазней апавядан не ніколі не друкавалася і на беларускую мову перакладзена не было.

Датуецца 1949 г.

 

В. Быкаў прыгадваў: «Напісаў і надрукаваў у сваёй газеце яшчэ адно апавяданьне “У першым баі”. Гэтае мне падабалася больш за папярэдняе, і таксама пра вайну. Асабліва яго ніхто не чытаў, водгукаў не было. Пісьменьніцкага асяроддзя тады ў Гародні не існавала, нават літаб’яднаньня не было. Што-нішто было ў мяне напісана і яшчэ, але пакуль я нікому тое не паказваў, ды і сам быў ім незадаволены»16.

Пэўна, невыпадковым было імя галоўнага героя апавядання, — менавіта так звалі двух франтавых сяброў пісьменніка — абодвух Мікалаямі Беражнымі17.

 

Смерць чалавека (стар. 18)

 

Упершыню — газ. «Літаратура і мастацтва», 1957, 5 кастр. У перакладзе на рускую мову пад назвай «Последний шаг» — часоп. «Советская Отчизна», 1959, № 1 (пер. В. Ільінскага).

Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1951.

Пра гэтае апавяданне В. Быкаў пісаў у 1957 г. у лісце да Е. Лось18 : «І наогул (прызнаюся Вам), мяне вельмі вабіць душа чалавека, драматызм, значнасць падзей, праяўленне найтанчэйшых унутраных рухаў чалавечай натуры. Праўда, цяжка гэта даецца ў літаратуры, патрабуе шмат працы і не заўсёды бывае прызнана. Тая-ж “Смерць чалавека”, з якой мяне віншавалі нядаўна Сабаленка19 і Ткачоў20 , як з «новай творчай удачай», напісана мною ў 52[-м] г., год праляжала ў “Полымі” і была вернута не прачытанай У. Карпавым21. Яе ж у свой час забракаваў М. Лынькоў, да якога я меў глупства звярнуцца за крытыкай. Маю “Страту”, якая вытрымала 3 выданні (у тым ліку адно ў маскоўскім часопісе) зусім забракаваў летась Піліп Пестрак22. Адным словам, цяжка цяпер правінцыяльнаму празаіку, які напіша нейкую “няўцямную” штуковіну і мае “нахабнасць” дамагацца заняць ёй паўстаронкі сталічнай газеты ці добры кавалак у ілюстраваным часопісе, на якім (кавалку) мог-бы змесціцца “актуальны” артыкул пра неіснуючае соцспаборніцтва на якім-небудзь прадпрыемстве»23.

У фондзе газ. «Літаратура і мастацтва» захаваўся машынапіс апавядання з рэдактарскай праўкай: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 225, арк. 1—11. Па ім можна прасачыць тыя праўкі, якія былі зроблены падчас падрыхтоўкі твора да друку ў газеце і ў кніжным выданні. У асноўным гэта стылістычныя праўкі і некаторыя не надта істотныя скарачэнні, якія не змяняюць сэнсу твора, — за выключэннем толькі таго, што слова «Чалавек» пісалася В. Быкавым з вялікай літары, ды наступных вялікіх скарачэнняў:

 

Стар. 19. …ціха варушыў самыя тонкія галінкі. — Пасля гэтага сказа ў машынапісе ішоў абзац, які быў скарочаны ў «лімаўскай» і ў кніжнай публікацыях: «Жыццё апошні раз вярнулася к Чалавеку, каб назаўсёды пакінуць яго. Ён апрытомнеў, каб у свядомасці адчуць свае пакуты і слабеючым розумам лічыць апошнія ўздыхі. Зачым гэта? Хіба мала выпрабаванняў выпала яму ў жыцці, хіба чара жахлівых пакут не выпіта ім да дна? Хіба не лепш было-б24 ужо не апрытомнець, ці загінуць адразу пад гусеніцай варожага танка? Дык не, прырода ці выпадак зрабілі інакш, і цяпер вось ён будзе адчуваць, як з кожнай хвілінай знікае з цела жыццё, пасля ўсяго, што зроблена для яго за шмат пражытых год».

Стар. 20. …прыйшлася дарэчы... — Пасля гэтага сказа ў машынапісе ішоў абзац, які быў скарочаны ў абодвух публікацыях: «Гэта будзе палёгкай чалавеку, скароціць яго пакуты перад непазбежным канцом. Яно нядобра дабіць сябе, але хай даруе радзіма гэта таму, хто без рэшты аддаў сваё жыццё за яе».

Стар. 22. …гэта недзе адкрылася рана. — Пасля гэтага сказа ў машынапісе ішоў абзац, які быў зноў жа скарочаны ў абодвух публікацыях: «Чалавек бачыў, як сцякло ў траву некалькі буйных кропель, але цяпер ужо яму не шкада было сваёй крыві. Ён не выцер руку, нават не звярнуў на тое ўвагі, толькі для адзінай мэты трацячы зараз небагатыя свае сілы».

Стар. 27. Так памёр Чалавек. — Гэты апошні сказ у машынапісе адсутнічае. У «ЛіМе» апавяданне заканчвалася наступным чынам: «Чалавек і мёртвы змагаўся…»

 

Абознік (стар. 28)

 

Упершыню пад назвай «Абознік» — газ. «Гродзенская праўда», 1957, 26 мая. Пад назвай «Уначы» — газ. «Літаратура і мастацтва», 1957, 14 снеж.

Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык», Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1951.

У фондзе газ. «Літаратура і мастацтва» захаваўся машынапіс апавядання пад назвай «Уначы»: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 244, арк. 1—9. Шматлікія рэдактарскія праўкі датычацца толькі стылю і не ўплываюць на сэнс і змест твора.

 

Страта (стар. 36)

 

Упершыню — часоп. «Маладосць», 1956, № 10; «Нёман»: Зб. твораў пісьменнікаў Гродзенскай вобласці. Гродна, 1956.

Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6. Там жа пазначаны год напісання — 1956.

В. Быкаў прыгадваў: «Гэта падвойная ўдача25 адразу ўзняла аўтара ў яго ўласных вачох, хаця зьнешне я стараўся быць як мага спакайнейшым. Мабыць, баяўся спалохаць нечаканую ўдачу. Тым болей што, прачытаўшы абодва тэксты, знайшоў там масу слабіны і нават недарэчнасьцяў, з чаго доўга пакутваў. Тыя перажыванкі імкнуўся заглушыць працай над новымі рэчамі, калі, здавалася, напішацца лепш. Бо ўжо займеў нейкі вопыт.

На жаль, лепей усё не пісалася»26.

Падчас падрыхтоўкі 4-томнага Зб. тв. (Мн.: Мастацкая літаратура, 1982) В. Быкаў унёс у апавяданне некаторыя змены, якія ў асноўным датычыліся стылю, аднак было і некалькі прыкметных правак. У шасцітомніку твор быў апублікаваны ў гэтай новай рэдакцыі.

Стар. 36. Над шэрай кучай зямлі пад плотам перасталі ўзлятаць угору дробныя камякі і паказалася аблезлая пілотка і кірпаты, апечаны сонцам твар. — У ранейшай рэдакцыі: «Малады баец Матузка капаў свой акопчык. Ён углыбіўся ў зямлю так, што не відаць было нават аблезлай яго пілоткі і толькі высока ўгору ўзляталі гліністыя камякі зямлі. Але воклік прымусіў яго спыніць працу, і над брустверам паказаўся запэцканы зямлёю кірпаносы твар».

Стар. 36. …ён спрытна выскачыў з акопчыка… — У ранейшай рэдакцыі: «ён спрытна выкінуў з акопчыка гнуткае цела».

Стар. 37. …будзе нешта сур’ёзнае. — У ранейшай рэдакцыі: «будзе сапраўдны бой».

Стар. 37. «Міны», — падумаў Матузка і здзівіўся… — У ранейшай рэдакцыі: «“Міны”, — падумаў Матузка, услухоўваючыся, як халадзее на сэрцы, а праз момант здзівіўся».

Стар. 37. …на спустошанай вайною зямлі. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Лясны маладняк таксама карыстаўся людской няўвагай і спакваля падступаў да лазні. Узмежак, што цягнуўся ад яе да лесу, ужо быў добра абжыты кустамі лазняку і алешнікам».

Стар. 39. …ён перастаў турбавацца. — У ранейшай рэдакцыі: «ён перастаў дрыжэць».

Стар. 42. Ён дастаў з рэчавага мяшка пагнуты кацялок і павольнай хадою падаўся за лазню. — У ранейшай рэдакцыі: «Ён дастаў з рэчавага мяшка пагнуты абдзёрты кацялок і непаспешлівай хадою дужага чалавека падаўся за лазню».

Стар. 43. …лясныя абшары. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Нервы ў нечалавечым напружанні ледзь вытрымлівалі гэтую д’ябальскую пробу металам. Амаль фізічны боль пранізваў усю істоту, і, хоць не было ран, Матузка дрэнна адчуваў, жывы ён, ці ўжо мёртвы».

Стар. 46. …сутаргавай ліхаманкай. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Матузка не адняў пальца ад спуску, пакуль парожні дыск не спыніў чаргі».

 

Тупое пяро (стар. 49)

 

Упершыню — газ. «Літаратура і мастацтва», 1956, 15 верас.; «Нёман»: Зб. твораў пісьменнікаў Гродзенскай вобласці. Гродна, 1956.

Друкуецца паводле другога выдання. Датуецца годам апублікавання.

У фондзе газ. «Літаратура і мастацтва» захаваўся машынапіс апавядання з падзагалоўкам «Апавяданне былога селькора» і рэдакцыйным штампам на першым аркушы зверху: «АТРЫМАНА 5 верасня 1956 г. № 969 Подпіс [неразб.]». Захоўваецца: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 125, арк. 1—5. Напрыканцы тэкста В. Быкавым напісана:

«[г. Гродна,] рэдакц. “Гродзенскай праўды”».

Зыходзячы з машынапісу, можна прасачыць, якія змены былі зроблены ў апавяданні падчас падрыхтоўкі яго да друку ў альманаху «Нёман». Аднак тая акалічнасць, што тэксты ў «Нёмане» і «ЛіМе» ў асноўным супадаюць (адрозніваецца толькі канцоўка — у «ЛіМе» яна скарочана, у альманаху адпавядае машынапісу), дазваляе меркаваць, што твор мог быць дапрацаваны самім аўтарам. Ніжэй прыводзім найбольш значныя скарачэнні, якія былі зроблены падчас першых публікацый:

Стар. 49. Я быў выкладчыкам… — Перад гэтым сказам ішлі наступныя: «Гэта была вельмі пакутлівая праца. Я, нібы закляты, ад ранку і да позняй ночы сядзеў над вучнёўскім сшыткам ля расчыненага вакна. Дні стаялі ветраныя, у садку бясконца мігацелі дробныя блікі, шумела вецце, і гэткім-жа тлумным шумам поўнілася мая галава. Я пісаў, закрэсліваў, грыз канец ручкі і пакрысе вымучваў патрэбныя словы. Колькі яны мне прынеслі пакут, гэтыя словы!»

Стар. 49. …абыходзіцца без іх? — Пасля гэтых слоў ішоў наступны сказ: «Да таго-ж я не баюся працы і вельмі хацеў зрабіць свой допіс менавіта такой, усебакова цудоўнай штуковінай».

Стар. 50. Не ў стане саўладаць… — Перад гэтым сказам ішоў наступны: «Здавалася, на тым пакуты павінны быліб скончыцца, але атрымалася інакш».

Стар. 50. …прозвішчы шчаслівых аўтараў. — Пасля гэтага сказа ішоў наступны: «Так прадаўжалася шмат часу, я, здаецца, зноў пачаў худзець, а мая цікаўная гаспадыня спагадліва пазірала на мяне, часам напамінаючы пра дзявочае непастаянства, і чамусьці ўздыхала».

Стар. 51. І пэўна я вярнуўся б назад, калі б у гэты час на парозе не з’явіўся высокі, вельмі худы і амаль жоўты чалавек у акулярах, які здаўся мне хворым. — У машынапісе гэты сказ выглядае інакш: «Пэўна я вярнуўся-б назад ад яго скрыпучых прыступкаў, калі-б у той час не расчыніліся дзверы і на парозе не з’явіўся высокі вельмі худы і амаль жоўты чалавек у акулярах. Яго выгляд быў гэткі апатычны, што здаваўся ён хворым і моцна пакутуючым».

Стар. 51. Я павітаўся, пастаяў крыху і затым накіраваўся да чалавека, ля якога гудзеў той вентылятар. — У машынапісе гэты сказ выглядае інакш: «Павітаўшыся, я пастаяў крыху і, разважыўшы аб субардынацыі ў гэтым пакоі, накіраваўся да таго вентылятара».

Стар. 51. …потым яшчэ і яшчэ… — Пасля гэтага сказа ішлі два наступныя: «Не маючы моцы захаваць спакой, я ўсхапіўся над сталом і жахнуўся яшчэ больш: пад бязлітасным рэдактарскім пяром адзін за адным гінулі мае эпітэты, метафары, параўнанні, і немаведама што толькі заставалася там.

Я зусім разгубіўся і дрэнна адчуваў сябе».

Стар. 52. Замест таго, каб абурыцца, ён неспадзявана гэтак ветліва… — Пачатак сказа выглядае ў машынапісе наступным чынам: «Я думаў, што гэты бессардэчны чалавек мо’ нават з лаянкай накінецца на мяне, але ён неспадзявана гэтак ветліва…»

Стар. 52. Прозвішча пастуха было пераблытана… — У машынапісе: «Прозвішча пастуха было пераблытана з прозвішчам даяркі…»

 

Даведка (стар. 54)

 

Упершыню — газ. «Літаратура і мастацтва», 1956, 17 лістап.

Друкуецца паводле: зб. «Ход канём». [Без м.], 1960 (Б-ка «Вожыка». № 4).

Датуецца годам апублікавання.

Машынапіс апавядання з вялікай аўтарскай праўкай і рэдакцыйным штампам на першым аркушы зверху «АТРЫМАНА 25 верасня 1956 г. № 1013 Подпіс [неразб.]» захоўваецца ў фондзе газ. «Літаратура і мастацтва»: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 140, арк. 1—6. Паводле яго публікацыя ў кнізе «Ход канём» у значнай ступені адпавядае аўтарскаму варыянту.

 

Ход канём (стар. 59)

 

Упершыню — часоп. «Вожык», 1956, № 22.

Друкуецца паводле: зб. «Ход канём». [Без м.], 1960 (Б-ка «Вожыка». № 4).

Датуецца годам апублікавання.

 

Уначы (стар. 64)

 

Упершыню пад назвай «Патрулі» — часоп. «Маладосць», 1957, № 5.

Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960, дзе апавяданне апублікавана пад назвай «Уначы». Там жа пазначаны год напісання — 1956.

У 1957 г. апавяданне было прэміравана; В. Быкаў прыгадваў: «Адно апавяданьне паслаў на фестывальны конкурс (рыхтаваўся Сусьветны фестываль моладзі), надрукавала “Маладосць”. Пасьля мне за тое апавяданьне прысудзілі нейкі прыз. Дарэчы, разам з другім пачаткоўцам — Ул. Караткевічам27. Мне тады споўнілася 33 гады. Яшчэ быў малады»28.

Падчас падрыхтоўкі кніжнага выдання В. Быкаў унёс у апавяданне некаторыя праўкі:

 

Стар. 70. – Дык што табе, па мордзе заехаць? — У ранейшай рэдакцыі: «Дык што табе, па песнях заехаць?»

Стар. 74. – Ну ідзі, гад… калі… жыць абрыдла! — У ранейшай рэдакцыі: «Ну ідзі, гад… калі… жыць надаела!»

Стар. 74. …не хапіла смеласці? — У першай рэдакцыі далей ішло: «Не, тут была сіла, мацнейшая за страх, за пачуццё самазахавання — сіла таварыскага абавязку. З усіх людзей Савецкага Саюза Алесь Вострыкаў меў зараз самыя найбольшыя магчымасці злавіць злачынцу, і ён не меў права не выкарыстаць іх».

Стар. 64. У... фэзээнаўскай форме... – ФЗН (фабрычназаводская вучэльня).

 

Арганізатар (стар. 78)

 

Упершыню — часоп. «Вожык», 1957, № 1.

Друкуецца паводле: зб. «Ход канём». [Без м.], 1960 (Б-ка «Вожыка», № 4).

Год напісання — гіпатэтычна 1956.

РТС – раённая тэхнічная станцыя.

 

Да родных месц (стар. 83)

 

У кніжным выданні друкуецца ўпершыню паводле машынапісу, які захоўваецца ў фондзе часоп. «Беларусь»: БДАМЛіМ. Ф. 41, воп. 1, адз. зах. 377, арк. 38—44. Машынапіс з нязначнымі аўтарскімі праўкамі і подпісам ад рукі напрыканцы: «Васіль Быкаў (“Гродзенская праўда”)». Апроч таго, на апошняй старонцы значыцца рэзалюцыя рэдакцыі часоп. «Беларусь»: «Апавяданне само па сабе не арыгінальнае, але напісана гладка. 7/VI—56».

Падчас падрыхтоўкі гэтага тома апавяданне было апублікавана ў часоп. «Дзеяслоў» (2008, № 3 (33)).

 

Радасць (стар. 91)

 

Упершыню — газ. «Чырвоная змена», 1957, 17 сакав. Друкуецца па гэтай жа публікацыі. Год напісання — 1957.

Верагодна, першапачатковая назва — «Вясновым ранкам». Захавалася копія ліста галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» А. Кулакоўскага29 да В. Быкава (з якой можна зрабіць выснову, што гэтае апавяданне аўтар пачаў пісаць у 1956 г., аднак паколькі ў «Маладосці» яно не было прынята, пісьменнік, магчыма, дапрацаваўшы, прапанаваў твор газеце «Чырвоная змена»):

«[20 ліпеня (?) 1956 г.]

Паважаны таварыш Быкаў!

Просім прабачэння, што не адразу далі адказ на Ваша апавяданне “Вясновым ранкам”. Спачатку загадчык аддзела быў у адпачынку, а потым тут хлопцы чыталі, вырашылі, што рабіць з рукапісам.

Прачытаў і я апавяданне. Ва ўсіх у нас перш за ўсё з’явілася думка, што апавяданне напісана вельмі здольным аўтарам і што з гэтым аўтарам трэба, як кажуць, дружыць і працаваць. Многа добрага пачуцця ў апавяданні, ёсць сапраўды мастацкае апісанне прыроды. Цеплыня і шчырасць у апавяданні захапляе чытача, але гэтай шчырасці і асабліва выразнасці не хапае ў паказе паводзін, характару Слаўкі. Трэба акрэсліць лінію асноўнага персанажа, прасвятліць яе, каб яна не знікала (як гэта падчас адчуваецца) у апісаннях прыроды і не зусім першаступенных спраў. Трэба, каб Слаўка больш думаў, гэта будзе адпавядаць той манеры, з якой напісана Ваша апавяданне.

Пастараемся сёе-тое зрабіць тут самі. Калі-ж не здолеем, то звернемся тады да Вас з просьбай папрацаваць яшчэ над апавяданнем.

З прывітаннем!

Галоўны рэдактар

часопіса “Маладосць” А. Кулакоўскі.30

 

Буйны выйгрыш (стар. 99)

 

Упершыню — газ. «Гродзенская праўда», 1957, 30 чэрв. Друкуецца паводле: зб. «Ход канём». [Без м.], 1960 (Б-ка «Вожыка», № 4).

Датуецца годам апублікавання.

Сам В. Быкаў прызнаваўся: «Між іншым, мой “Буйны выйгрыш”, напісаны па заказу для абласной газеты і не прынесшы мне літаратурнага гонару […]»31.

У публікацыі апавядання ў «Маладосці» (1957, № 9) канцоўка была іншай – больш па-мастацку эфектнай і незаідэалагізаванай:

«Я рагачу. Для мяне смешная гэтая гісторыя. Дзядзька Пракоп хітравата гаворыць, успамінае пра сваё заморскае жыццё, а сам надта хвалюецца. Мне смешна, бо я ведаю: за пазухай у яго латарэйных білетаў больш, чым у мяне.

І ўвечары, атрымаўшы газету, мы віншавалі адзін аднаго. Праўда, я не выйграў ні “Масквіча”, ні “Волгі”. Мой выйгрыш выпаў на фестывальную пуцёўку, а дзядзька Пракоп выйграў дзіцячую каляску.

Віншую, дзядзька Пракоп! — казаў я. — Гэта не вам, а вашаму ўнуку пашанцавала»32.

 

На возеры (стар. 105)

 

Упершыню — газ. «Гродзенская праўда», 1957, 18 жн. Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1957.

Вельмі крытычна і скептычна ставячыся да сваіх першых літаратурных спроб, В. Быкаў да канца ўсё ж не страчваў веры ў свае сілы апавядальніка, і таму, напрыклад, між іншым заўважаў у лісце да Е. Лось: «Я, можа, яшчэ і не маю рацыі папракаць “Маладосць”, можа, я і памыляюся (даў бы бог!), але мне здаецца, што яны дарэмна «заціснулі» ў сваіх бяздонных сталах маё невялічкае апавяданне “На возеры” (дзе, бадай, няма падзей, просты сюжэт і два тонкіх рухі двух розных сэрцаў)»33.

Падчас падрыхтоўкі апавядання для часопіса (яно будзе апублікавана ў 1958 г. у № 2 часоп. «Маладосць») В. Быкаў унёс у твор даволі значныя праўкі. У гэтай новай рэдакцыі апавяданне, да таго ж трохі ўдасканаленае ў стылі, з’явіцца ў кнізе «Жураўліны крык» (1960). Сярод адметных правак, якія былі зроблены ў другой рэдакцыі, увагу звяртаюць наступныя:

Стар. 105. У светлых хлапечых вачах, поўных упэўненасці і лянівае сілы, мільганула свавольная весялосць. — У ранейшай рэдакцыі: «Стоячы да яго бокам, Мішка махнуў рукой».

Стар. 106. Брыгадзір зноў пачаў лаяць хлопца, — тады Мішка, відаць, задаволіўшыся ягонай злосцю, крыкнуў… — У ранейшай рэдакцыі:

«— Я праверу. Але ж мне ў зводку трэба ўпісаць. У праўленне еду.

Я ж кажу — не.

Вось лайдак. Ну, чакай, я дабяруся да цябе, — раззлаваўся брыгадзір. Звыклы да ягонай злосці, Мішка пачакаў крыху, пакуль той уладкуецца на возе, і тады крыкнуў…»

Стар. 106. –Ну, глядзі, а то я пажартую… — У ранейшай рэдакцыі: «Ах, ты блазан! Я табе пажартую!»

Стар. 107. Нядаўна яны прадзіравілі дзядзькаў човен, і стары, не ўмеючы плаваць, ледзь не ўтапіўся ў возеры. Пасля той човен зусім знік недзе, і да рыбацкіх паслуг старога засталася на возеры старэнькая, немаведама чыя дубіца. Учора яна спатрэбілася Мішку — хлопец сагнаў яе ў затоку і схаваў у трысці. — У ранейшай рэдакцыі:

 

«Вялікай прывабай для гэтага чалавека была рыба, на здабычы якой ён прападаў усе летнія дні, але аднойчы, гады са два таму, з чалавекам здарылася хіба.

Справа ў тым, што стары, не зважаючы на азёрную любоў, не ўмеў добра плаваць, і вось вясковыя свавольнікі захапілі аднойчы несамавіты дзядзькаў човен і прарабілі ў ім патайную дзірку. Яе ніяк нельга было ўгледзець зверху, і, нічога не ведаючы, Алёкса надвячоркам выправіўся ў возера. І ледзь не ўтапіўся. З таго часу дзядзька вельмі баяўся глыбокіх мясцін і ненадзейнай пасудзіны. Прынамсі, з гэтым апошнім клопату яму стала меней, бо той яго човен даўно ўжо знік недзе, новых на возеры не было. І ўсе, у каго здаралася якая патрэба, карысталіся адзінай старэнькай дубіцай, невядома калі і кім зробленай. Гэтая дубіца нядаўна спадабалася Мішку — на правах уласніка ён учора сагнаў яе ў затоку і схаваў у трысці».

Стар. 107. «Выедзем на сярэдзіну, і ўжо ж я выкупаю яго…» — У ранейшай рэдакцыі: «Вось будзе пацехі, калі я баўтну гэтага хрыча. У затоцы там неглыбока, нічога не здарыцца».

Стар. 108. Хіба можна бацькі адцурацца? — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Што ты! Не, ён не зробіць гэтага. Ён мяне любіць, бо і я-ж яго любіў».

Стар. 110. У той жа час Мішка шчыра ненавідзеў Восіпа і, праўду кажучы, трохі не разумеў Алёксу, які, здавалася хлопцу, дарэмна аберагаў сына. Нейкія ўжо дужа невыразныя былі іх адносіны, але затое было відавочна, што стары насіў у сабе немалое гора. — У ранейшай рэдакцыі:

«Хлопцу цяпер недарэчным здаўся ягоны нядаўні свавольніцкі намер. Бадай, упершыню так глыбока ў яго душу зірнула чалавечае гора, гэтак патайна і няхітра замаскаванае. Ды і хіба можна было схаваць яго, калі вунь яно ўсімі прыкметамі ляжыць на касмылявым твары чалавека, хоць той і кажа зусім іншыя, добрыя словы».

Стар. 111. …паверыў у яго словы пра сына. — У ранейшай рэдакцыі: «паверыў у тое, чаго хацеў чалавек».

 

Апендыцыт (стар. 113)

 

Упершыню — газ. «Звязда», 1957, 25 жн.

Друкуецца паводле: зб. «Ход канём». [Без м.], 1960 (Бка «Вожыка». № 4).

Датуецца годам апублікавання.

Падчас падрыхтоўкі кніжнага выдання ў твор былі ўнесены невялікія праўкі, у тым ліку наступныя:

Стар. 115. Безабразія, доктар! — У ранейшай рэдакцыі:

«Саромейцеся!»

Стар. 115. Нейкі кіраўнік, відаць, з вобласці… — У ранейшай рэдакцыі: «Нейкі кіраўнік, відаць, з раёна».

Стар. 115. — Ці не з аўтаінспекцыі, — гадаў шафёр. — У ранейшай рэдакцыі: «— Ці не з аўтаінспекцыі? — гадаў шафёр. — Там фанабэр многа».

Стар. 115. — Хвацкі чалавек, гэта так, — згадзіўся шафёр. — У ранейшай рэдакцыі: «– Незвычайны чалавек, гэта так, — згадзіўся шафёр».

Стар. 116. …чалавек мае вялікія заслугі, мо’ нават славу і займае пасаду не меней, чым абласнога маштабу. — У ранейшай рэдакцыі: «чалавек мае вялікія заслугі».

Стар. 117. — Безабразія! Куды глядзяць гэтыя медыкі! Паклічце доктара! — У ранейшай рэдакцыі: «Паклічце доктара!»

Стар. 117. Хварэць трэба ціха. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Сварлівы чамусьці насупіўся і залез пад коўдру.

— А я сынка твайго сустрэў учора. Такі ладны хлопчык, вялікі ўжо, — казаў новы, пакутліва сядаючы на ложак».

Стар. 118. Усё толькі сварыцца ды скаргі піша. — У ранейшай рэдакцыі: «Двух жонак кінуў, дзяцей адцураўся, усё толькі сварыцца ды скаргі піша».

Стар. 118. …а зараз не працуе. — У ранейшай рэдакцыі: «…а цяпер не працуе. Каб аліментаў не плаціць, нідзе і не працуе».

* * *

Стар. 113. «Залатое цяля». — Раман І. Ільфа і Я. Пятрова.

 

Дапякло (Скарга раскрытыкаванага старшыні) (стар. 119)

 

Упершыню пад назвай «Дапякло: Скаргі раскрытыкаванага старшыні» — часоп. «Вожык», 1957, № 23.

Друкуецца паводле: зб. «Ход канём». [Без м.], 1960 (Б-ка «Вожыка», № 4).

Датуецца годам апублікавання.

Была яшчэ адна публікацыя апавядання: «Гродзенская праўда», 1959, 26 ліп.; там тэкст быў апублікаваны пад назвай «Дапякло!: Скаргі раскрытыкаванага старшыні» і ў асобных месцах адрозніваецца ад першай рэдакцыі твора:

Стар. 119. Спакой ужо не ўтрымаеш — на тыдзень настрой страціш. — У газ. «Гродзенская праўда»: «Спакой ужо не ўтрымаеш, калі тая газеціна пачне цябе на ўвесь свет ганьбіць ды яшчэ малюнкі змяшчаць — на пацеху беспартыйным і несвядомым. Тут ужо абыякава не стрымаеш, на тыдзень настрой згубіш».

Стар. 119. …ён, вядома, адукаваны чалавек. — У газетнай рэдакцыі: «ён, вядома, чалавек адукаваны, і тая пісаніна — яго прафесія».

Стар. 120. …з’явіўся той газетчык з раёна, малады, кірпаты, у шэрай кепцы. «Прывітанне, — кажа, — старшыня. Як справы з уборкай?» — У газетнай рэдакцыі: «…з’явіўся той газетчык з раёна. Я тады брыгадзірам прапарку наладзіў і раззлаваны быў. А ён тут са сваімі пытаннямі — кажа, заметку піша, даныя трэба. А сам гэткі малады, курносы, у шэрай кепцы і гэтак смела падступае да мяне. Ды ну цябе, кажу, з тваімі данымі — у бухгалтэрыі бяры. Хлопец нібы сумеўся, але нічога, пайшоў да бухгалтара. Тады ж, увечары, ён і паехаў, і не ведаю, ці выкарыстаў дзе свае даныя, ці не. Аднак пад восень прыязджае зноў. Таксама быў адвячорак, я гэта сядзеў на лаўцы перад канторай — з бухгалтарам па цыгарцы прыпалілі і гутарым. А ён, бы з старым знаёмым ужо: “Прывітанне, як справы з уборкай, таварыш старшыня?”»

Стар. 120. Хай сабе і не патрабую. Ды і як ад яго патрабаваць, калі яны сёння тут, заўтра там, ды агрызаюцца яшчэ: у нас сваё начальства на ўказкі і гэтак далей. — У газетнай рэдакцыі: «Хай сабе і не спаганяю. Спагоніш тут, калі ў іх то балты, то гайкі, то спрадвечны недахоп запчастак».

Стар. 121. …і дзіравая страха. — У газетнай рэдакцыі пасля гэтага сказу далей ішло: «Газеціна прадпісвае прыняць меры і паведаміць».

Стар. 121. …уявіў ён сябе карэспандэнтам — вось нарабіў на сваю галаву! — У газетнай рэдакцыі: «уявіў ён сябе карэспандэнтам, каб у газету плявузгаць пра такія дробязі».

Стар. 121. У «Новым шляху»… — У газетнай рэдакцыі: «У “Героі”».

Стар. 121 …ці ты з глузду з’ехаў, хлопец? — У газетнай рэдакцыі пасля гэтага сказу далей ішло: «Ці табе жыццё няміла?»

Стар. 121. А вінаватым такі аказаўся я. Бухгалтар падаў звесткі… — У газетнай рэдакцыі: «А перад начальствам вінаватым аказаўся я. Прыехаў інструктар, праверылі гэтае сіласаванне і ўзялі мяне ў абарот. Аказваецца, бухгалтар падаў звесткі…»

 

Незагойная рана (стар. 123)

 

Упершыню — зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд

БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1957.

Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6.

Трэба думаць, пра гэтае апавяданне пісаў В. Быкаў у лістах да Е. Лось: «Быў і яшчэ адзін чалавек, дарагі мне, з якім я таксама расстаўся ў 41[-м] у Варонежы, — гэта мой стрыечны брат34. Гаротны лёс гэтага чалавека. Яго бацькі да гэтага часу так і не маюць ніякіх вестак аб ім, бацька ўжо памёр, не дачакаўшыся, а маці ўсё чакае. Як гэта жахліва — не мне Вам тлумачыць. І вось цяпер я хаджу з пэўнымі думкамі ў галаве, спее апавяданне пра адзінокую старую маці, сын якой не вярнуўся з вайны. Яна чакае! Хай кажуць людзі, што ўжо няма яго, хай пішуць установы, што сын яе «ни в списках убитых, ни в списках без вести пропавших не числится», — бразне вецер аканіцай, шасне галінка ля сцежкі — уздрыгне маці, і скаланецца яе сэрца»35. «Апавяданне я напісаў, але яно, здаецца, не з ліку ўдалых. Справа ў кампазіцыі. Атрымалася псіхалагічная штуковіна, якая вельмі аддае фрагментарнасцю і нагадвае, як мне сказаў адзін мой першакрытык, нудны раздзел з добрага рамана. Яшчэ ў ім моцныя ноткі ібсенаўшчыны і дастаеўшчыны, — што ўжо зусім дрэнна ў наш час»36. І ў іншы раз: «Нешта яна37 там задужа хваліць тую “рану” ўпачатку, а пад канец робіць (ці, як кажуць газетчыкі, вытварае) крытыку. Я казаў яшчэ тады ў Мінску, што апавяданне гэтае напісалася сэрцам, — розуму, майстэрства туды ўкладзена не шмат, таму яно і атрымалася такое — непуцёвае»38. Ужо пазней В. Быкаў, мяркуючы па ўсім, прапанаваў твор адначасова ў часопіс «Беларусь» і штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», паколькі пісаў:

«”Незагойная рана” мая ляжыць у “ЛіМе” без руху, з “Беларусі” Сіўцоў39 прыслаў маё апавяданне з заявай, што яно яму спадабалася ўвогуле, але тут жа зрабіў заўвагі для пераробкі, якія нічога не пакідаюць ад маёй задумы. Паклаў я яго — хай ляжыць»40.

Машынапіс з аўтарскімі і рэдактарскімі праўкамі (13 старонак) захоўваецца ў Архіве В. Быкава. Яшчэ адзін машынапісны экзэмпляр захоўваецца ў фондзе часоп. «Беларусь»: БДАМЛіМ. Ф. 41, воп. 1, адз. зах. 520, 2–11 (гэта пазнейшы варыянт – з улікам таго дапісанага, якое прыводзіцца ніжэй, – з рэдактарскай праўкай і без дзвюх апошніх старонак; мяркуючы па бланку часоп. «Беларусь», на якім надрукавана першая старонка апавядання, не выключана, што рэдакцыя збіралася публікаваць твор, аднак у «Беларусі» «Незайгоная рана» надрукаванай не была). Да апавядання прыкладзены ліст да адказнага сакратара часоп. «Беларусь» І. Кудраўцава41 :

«Шаноўны Іван!

Пасылаю табе гэтую штуковіну, зусім не маючы ўпэўненасці, што можна і трэба надрукаваць. Можа, нават і не варта савацца з такім несамавітым творам.

Увогуле — паглядзі. Калі што, дык вернеш, як гэта ты робіш і за што я ўдзячны табе. (Хоць перадрукоўваць лішні раз не трэба.) […]

З павагай, Вас. Быкаў.

24 лютага 59 г.»42

Па экзэмпляры, які захоўваецца ў Архіве В. Быкава, можна прасачыць, якія змены былі зроблены аўтарам падчас апошняй працы над творам:

Стар. 128. Яе суцяшалі суседзі, колькі разоў угаворвала Марыська, якая ўжо выйшла замуж і жыла ў далёкай вёсцы. Зяць пры кожнай сустрэчы цярпліва запрашаў яе да сябе — там гадаваліся ўнукі, і яна была дужа патрэбна. — Гэтых сказаў у машынапісе няма — яны былі дапісаны рукой В. Быкава замест закрэсленага: «Ніхто нідзе нічога не чуў пра яго, і незагойная страшная рана раздзірала матчына сэрца…»

Стар. 130. …памагае дачушка Марыська… — Далей ішло: «якая год дзесяць таму памёрла ад родаў», аднак было закрэслена, магчыма, самім аўтарам. Можна меркаваць, што В. Быкаў ці сам, ці хутчэй за ўсё па нечай прапанове вырашыў не драматызаваць зусім ужо лёс Тэклі.

Стар. 132. Няўжо сапраўды ўсё скончана і ніколі ёй не дачакацца яго, і давядзецца падацца ў чужыну да зяця?.. — Гэты сказ таксама пазней быў дапісаны В. Быкавым.

Стар. 134. …старая ўпілася… — У машынапісе ішло, але было закрэслена: «…старая вар’яцкімі вачыма з апошняй нялюдскай надзеяй…»

 

* * *

 

Імя аўтара эпіграфа апавядання — Міхася Васілька — адсутнічае ў апошняй прыжыццёвай публікацыі тэкста ў 6-томным Зборы твораў В. Быкава (было ўказана ў зб. «Жураўліны крык»).

 

Непагадзь (стар. 135)

 

Упершыню — часоп. «Беларусь», 1958, № 9.

Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1957.

Менавіта ў 1957 г. В. Быкаў пісаў у лісце да Е. Лось:

«Зараз засеў за новае апавяданне пра нешчаслівае каханне, пакуты, скруху, сардэчны боль і г. д. Адным словам, сумная рэч і сумная назва “Непагадзь”. Як бачыце, калінебудзь будзе падстава назваць мяне “ныцікам”, “песімістам” і яшчэ якім небудзь бранным крытычным тэрмінам»43. У другі раз: «Скончыў апавяданне наконт “тщетности мечтаний” і “обманутой любви”. Гэта новая для мяне тэма, не ведаю як удалася рэч. […]

Апавяданне, што скончыў, мяркую паслаць у “Беларусь”, хоць там, кажуць, бязлітасны да маладых, сам жа малады Сіўцоў»44. І наступным разам: «Перад Новым годам паслаў у “Беларусь” новае апавяданне “Непагадзь” на тэму пра ілюзіі кахання, дождж, пакуты, сумненні і расчараванні...»45.

Верагодна, пры падрыхтоўцы да друку апавяданне было значна перапрацавана, — В. Быкаў пісаў у лісце да Е. Лось:

«…з “Беларусі” Сіўцоў прыслаў маё апавяданне з заявай, што яно яму спадабалася ўвогуле, але тут жа зрабіў заўвагі для пераробкі, якія нічога не пакідаюць ад маёй задумы. Паклаў я яго — хай ляжыць»46. Тым не менш «Непагадзь» пісьменнік у часопісе ўсё ж надрукуе, што ж тычыцца правак, якія В. Быкаў быў вымушаны зрабіць, праз пэўны час у яго з’явіцца магчымасць апублікаваць гэтае апавяданне ў ранейшай рэдакцыі — у кнізе «Жураўліны крык».

 

Ціхманая жонка (стар. 148)

 

Упершыню пад назвай «Шчасце» — газ. «Гродзенская праўда», 1958, 16 сак. Пад назвай «Ціхая жонка» — газ. «Звязда», 1958, 20 крас.

Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там пазначаны год напісання — 1957 г.

 

Страчаныя мары (стар. 157)

 

Упершыню – «Нёман»: Зб. твораў пісьменнікаў Гродзенскай вобласці (Гродна, 1958)47.

Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык», Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1958.

Машынапіс з аўтарскай праўкай захоўваецца ў фондзе часоп. «Полымя»: БДАМЛіМ. Ф. 42, воп. 1, адз. зах. 126, арк. 1—16. Напрыканцы рукой пісьменніка зроблена пазнака: «Можа, спатрэбіцца гэтае апавяданне на сучасную тэму. В. Быкаў». Тут жа рэдакцыйны вердыкт (подпіс неразборлівы): «Апавяданне не дапісана. Яно нібы раздзел з аповесці. 21/XI.58».

Згодна машынапісу можна прасачыць, якія дзве змены былі зроблены падчас першых публікацый твора:

Стар. 161. …у імя рэвалюцыі. — Пасля гэтага сказа ішлі два наступныя, якія былі скарочаны: «Яна гатова была пакланіцца гэтаму ўпартаму юнаку, яго подзвіг клікаў кудысьці, не даваў спакою ні ўдзень, ні ўначы. Дзён колькі запар Ірынка нічога не чытала, ні аб чым не думала, неяк хадзіла, нешта рабіла, адказвала на людскія пытанні, але ўсё гэта было, нібы ў сне».

Стар. 164. …чалавечай сілы і смеласці. — Заканчэнне сказа: «яна захапіла ўсю істоту — іншаму ўжо не заставалася ніякога месца».

 

* * *

 

Стар. 161. …страшэннай сілы вобраз далёкага Мексіканца. — Герой апавядання Дж. Лондана «Мексіканец».

Стар. 169. …на агнявокага, адзінокага Рыверу… — Героя апавядання Дж. Лондана «Мексіканец».

 

Дваццаты (стар. 172)

 

Упершыню пад назвай «Дваццаты» — часоп. «Полымя», 1958, № 10. Пад назвай «Трое» — «Нёман»: Зб. твораў пісьменнікаў Гродзенскай вобласці, Гродна, 195848.

Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960, дзе апавяданне апублікавана пад назвай «Дваццаты». Там жа пазначаны год напісання — 1958.

Яшчэ ў 1959 г. В. Бурносаў пісаў у выдавецкай рэцэнзіі:

«Да апавядання “Трое” я хачу даць параду — альбо рэзка скараціць колькасць нямецкіх выразаў альбо зусім іх апусціць, але пры любой іх колькасці пераклад нямецкіх выразаў даваць не ў канцы апавядання, а ў кожным асобным выпадку на адной і той жа старонцы ўнізе»49. Аднак скарачэнне не было зроблена — пераклад нямецкіх выразаў быў пададзены ўнізе (як і падчас публікацыі ў альманаху «Нёман» — у адрозненне ад «Полымя», дзе нямецкія выразы, за рэдкім выключэннем, адсутнічаюць, — яны падаюцца адразу на беларускай мове). Да таго ж В. Бурносаў заўважаў: «На старонцы ІІ апавядання “Трое” ёсць частка фразы — “на ўсходзе нямецкія арміі акружалі Маскву”. Прычым адчуваецца, што тут і пункт гледжання аўтара. Трэба гэты выраз удакладніць, бо ён пакідае непрыемнае ўражанне і пярэчыць логіцы падзей»50. І калі ў першых публікацыях гэтая фраза гучала сапраўды менавіта так51 , дык у кнізе будзе выглядаць наступным чынам: «…на ўсходзе нямецкія арміі падыходзілі да Масквы»52.

Пры параўнанні часопіснай і кніжнай рэдакцый звяртаюць на сябе ўвагу скарачэнні, якія былі зроблены ці самім аўтарам, ці рэдактурай:

 

Стар. 172. …халодных вострых каленяў. — У ранейшай рэдакцыі пасля гэтага сказа ішоў наступны: «Памарожаныя рукі ён засоўваў у рукавы, прыціскаў да грудзей і так заміраў на хвіліну ад знясілення і сцюжы».

Стар. 173. …нясмелага позняга світання. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Камісар цяжка ступаў у снег цвёрдымі, як косць, прамёрзлымі ботамі, за ім, хістаючыся ад слабасці, выпраўляліся астатнія».

Стар. 173. …зноў адсталі ад свайго дужэйшага таварыша. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло з новага абзаца:

«Валодзькін з апошняе сілы стараўся ступаць за камісарам53 , але з кожнай гадзінай усё цяжэйшай рабілася дарога і ўсё болей даймала стома. Хаваючы ў рукавах змерзлыя рукі, ён ледзьве брыў, не падымаючы галавы. Унізе віліся снегавыя струмені, яны на дзіва хутка зараўноўвалі неглыбокія камісаравы сляды. Ад іх няспыннага руху хмельна круцілася ў галаве і так хацелася спаць. Ужо не ежы, не цяпла, а толькі спакою прагнула знясіленае хлопцава цела».

Стар. 175. …з надзеяй пазіраў на яго. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло з новага абзаца: «Трэба было памагаць слабейшаму, але і сам Валодзькін быў такі нядужы, што не адразу адважыўся сысці ўніз. Засопшыся, нейкі час хлопец стаяў на адхоне і думаў, як гэтая хада па снезе выматала яго сілы. Як хацелася прайсці па дарозе — не ехаць нават, а толькі ісці — па роўнай, цвёрдай, уезджанай… Але дарог яны пазбягалі пасля таго, як аднойчы іх дагналі паліцэйскія. Тады яны страцілі сем чалавек і далей ужо ішлі ўтрох. Гэта было страшэнна цяжка, але інакш не выпадала. У вёскі і хутары яны заходзілі ўначы — прасілі кавалак хлеба і ішлі далей. Людзі сустракалі па-рознаму: з жалем і гатоўнасцю памагчы ці, здаралася, цкавалі сабакамі і спрабавалі злавіць. Яны трывалі ўсё: хаваліся ці ўцякалі — адбівацца не было як, у іх скончыліся патроны. Учора яны перайшлі Буг, а наперадзе іх чакаў доўгі небяспечны шлях».

Стар. 175. — Канец… Усё роўна канец… Усім, усяму… — чулася яго надрыўная роспачная скарга. — У ранейшай рэдакцыі: «— Навошта… Навошта было тое? — чулася яго надрыўная роспачная скарга. — Біўся, змагаўся, пакутваў, цярпеў… Навошта? Усё роўна канец… Пагібель усім».

Стар. 176. …салдаты ў мышастых шынялях. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло:

«Камісар першы ўчуў нядобрае і першы ўстрапянуўся. Узнімаючы коламі снег, машыны імчалі па полі і, здавалася, кіравалі проста на іх. Вядома, першае, да чаго памкнуўся чалавек, — бегчы. Але бегчы ўжо было позна, і камісар зноў выцягся ў доле, нешта шапнуўшы таварышам. Валодзькін ляжаў ціха, а Івашоў раптам усхапіўся і кульгава падаўся да адхону. Зразумеўшы, што далей ляжаць нельга, камісар вылаяўся і таксама ўсхапіўся, за ім Валодзькін, і яны пабеглі.

Правальваючыся ў снег, Валодзькін ужо ведаў, што гэта прыйшоў канец. Ён стараўся толькі, каб не адстаць ад камісара, і вельмі шкадаваў, што не меў зброі. Вельмі балюча і крыўдна паміраць без карысці — паміраць няўдакам. Але болей рабіць было нечага.

Так яны беглі, аж пакуль ззаду не загрукалі стрэлы.

Недзе побач коратка фыркнулі кулі — Валодзькін сцяўся нутром у тугі балючы камяк і азірнуўся на ворагаў. Калі ён зноў павярнуўся бегчы, камісар ужо бездапаможна курчыўся ў снезе.

І Валодзькін не пабег далей, не збаяўся, што яго заб’юць тут — ён спыніўся ля чалавека, які запалоніў яго сэрца за жахлівыя тыдні ўцёкаў… Да іх беглі ворагі, яны раўлі, крычалі нешта, а хлопец роспачна туліўся да параненага, бы хацеў пераняць частку яго пякельнага болю. Камісар ад пакут і злосці скрыгаў зубамі, тузаўся на снезе і ціха шаптаў:

Эх, чорт… не дай-ш-ш-ш-лі… не су-м-м-м-елі…

Хлопец хацеў памагчы таварышу, але неўзабаве яго адарвалі, адкінулі ўбок, потым узнялі, абмацалі кішэні, вопратку. Наўкола гаманілі, насядалі на яго дзесяткі ворагаў, калолі з усіх бакоў ненавісныя позіркі, а ён не прыкмячаў нічога. Усеабдымная журбота ад гэткай няўдачы прыдушыла яго, скавала волю, і пагібель, не далёкая і ўяўная, а ўжо блізкая і рэальная, ва ўсёй сваёй жахлівасці паўстала перад ім. Хлопец адразу адчуў гэта і зразумеў, што на паратунак не асталося ніякай надзеі. І ўсё ж свавольнае сэрца не хацела пагадзіцца з канцом і недарэчна прагла жыць, жыць, не зважаючы ні на што, жыць…»

Стар. 177. Ён трохі варушыўся, зацята пазіраў на ворагаў і, сцяўшы сківіцы, з натугай перасільваў у сабе, відаць, немалы боль. — У ранейшай рэдакцыі: «Знясілены, ён згорбіўся побач, балюча падкурчыўшы хворую нагу, на яго вастраносым, у рудым шчацінні твары застыглі боль і невымоўная туга».

Стар. 180. …ад прыліву слабасці і жалю. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Але хцівыя да людскіх пакут ворагі не далі нават зірнуць на чалавека апошні раз — чалавека, які доўгія дні і ночы быў самы блізкі і любы яму».

Стар. 180. …іх празмерная пільнасць здалася яму нават прыемнай. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «І хлопец, бадай, упершыню за ўсе дні ўцёкаў і страхаў горда і смела закрочыў наперад!»

Стар. 181. …распраўляцца з вінаватымі. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Каб не атрымліваць балючага штурхаля, ён, аднак, ступаў жвава і ішоў першы. Івашоў ужо, відаць, не меў сілы, каб вытрымаць роўны тэмп хады. Ён некалькі разоў падаў, злуючы тым лёгкага на руку яфрэйтара».

Стар. 182. Не ламайся, не ўпросіш. — У ранейшай рэдакцыі: «Не поўзай, не ўпросіш».

Стар. 182. …Івашоў, распластаны, ніцма ляжаў на снезе, голасна екатаў нешта і плакаў. — У ранейшай рэдакцыі:

«…Івашоў, распластаны ніц, ляжаў у доле. Яго счарнелыя, растапыраныя пальцы бяссільна хапалі і не маглі ўтрымаць яфрэйтаравы боты, якімі той ужо не біў палоннага, а толькі хацеў вызваліцца ад яго. Івашоў голасна екатаў нешта і плакаў. Укормлены мардач бясстрасна жаваў побач, назіраючы за незвычайнай гэтай барацьбой слабасці з лютасцю, чарнявы спрабаваў падняць чалавека».

Стар. 182. …чаго патрабавалі ворагі. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло з новага абзаца: «Ён астаўся адзін і пайшоў далей, усё гэтак жа сашчапіўшы за спінай рукі, стрыманы і маўклівы. Яму было вельмі нялёгка на гэтай завеянай дарозе, але хлопец з усяе моцы стараўся не выдаць ворагам свае стомы. Ззаду, перагаворваючыся, ішлі яго канваіры».

 

* * *

 

Стар. 178. О, банкоф Боркі.— О, станцыя Боркі (ням.).

Стар. 186. Ротэ армее сіген! Бліц крыг! — Чырвоная армія пераможа! Маланкавая вайна! (ням.).

Стар. 186. Москаў сіген! — Масква пераможа (ням.).

 

Загад (стар. 189)

 

Упершыню — часоп. «Маладосць», 1958, № 12.

Друкуецца паводле: зб. «У глыбі жыцця» / Склад. Б. Сачанка. Мн.: Народная асвета, 1972.

Датуецца 1958 г. паводле зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960.

Машынапіс апавядання з аўтарскай і рэдактарскай праўкай захоўваецца ў фондзе часоп. «Маладосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 59, арк. 1—10. Згодна машынапісу можна прасачыць найбольш значныя скарачэнні і праўкі:

Стар. 190. Эх, Айбекаў!.. — У машынапісе і ў кнізе «Жураўліны крык»: «Эх, Айбекаў, ну нашто так марудна, хутчэй трэба…»

Стар. 191. …то мацаў вывады правадоў, зазямленні… — Далей ішло, але было скарочана В. Быкавым: «то выходзіў да Сімакова ў траншэю».

Стар. 197. Тэлефаніст зразумеў, што гэта выратаванне, і амаль фізічна адчуў, як упала з яго душы палова вялізнага гора. Шчыльна сцяўшы дрыготкія вусны, ён таропка злучыўся з “Волгай” і пасля, крыху перасіліўшы сябе, закрычаў у запацелую ля рота трубку… — У ранейшай рэдакцыі: «Тэлефаніст нема замычэў ад радасці і амаль фізічна адчуў, як звалілася з яго душы вялізнае гора. Ён зараз жа выклікаў “Волгу” і торапка, нібы баючыся згубіць сваё неспадзяванае шчасце, закрычаў у трубку…»

На сцяжыне жыцця (стар. 198) Упершыню пад назвай «Радасць» — часоп. «Полымя»,

1959, № 6. У першым кніжным выданні — зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960 — пад назвай «На сцяжыне жыцця» (там жа пазначаны год напісання — 1958). У перакладзе на рускую (пер. М. Гарбачова) пад назвай «Фруза» — зб. «Журавлиный крик». М.: Советский писатель, 1961.

Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6.

 

Няўломак (стар. 228)

 

Упершыню — часоп. «Беларусь», 1959, № 7.

Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1958.

В. Бурносаў, пішучы ў маі 1959 г. выдавецкую рэцэнзію на кнігу В. Быкава «Апошні баец», напрыканцы прапаноўваў: «Са свайго боку, я адважуся параіць і аўтару і рэдактару ўключыць у гэты зборнік цікавае новае апавяданне маладога пісьменніка “Няўломак”, якое мне давялося прачытаць выпадкова ў адной з рэдакцый. Апавяданне напэўна хутка з’явіцца ў перыядычным друку, і яго трэба было б уключыць у кніжку»54. Гэтая прапанова, верагодна, і паспрыяла ўключэнню «Няўломка» ў першую кнігу В. Быкава.

Пазней, у адказ на ўдакладненне крытыка І. Дзядкова, В. Быкаў пісаў: «“Няўломак” вряд ли имеет русский синоним, очевидно, это надо понимать, как человек неуступчивый, неукротимый, своенравный. Кажется, это и по-белорусски диалектизм»55.

Верагодна, спачатку В. Быкаў даслаў апавяданне ў «Маладосць», — машынапіс з буйнай рэдактарскай праўкай (якая ў асноўным датычыцца стылю) захоўваецца ў фондзе часоп. «Маладосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 64, 1—20. Яшчэ адна, новая рэдакцыя апавядання (таксама машынапіс з аўтарскай і рэдактарскай праўкай) захоўваецца ў фондзе часоп. «Беларусь»: БДАМЛіМ. Ф. 41, воп. 1, адз. зах. 496, 1—15. Напрыканцы машынапісу, які быў дасланы ў «Маладосць», рукой В. Быкава зроблена пазнака: «Можа, так будзе лепей? З прывіт.[аннем]. ВБ». Згодна з гэтай пазнакай і двума вядомымі сёння машынапісамі, а таксама зыходзячы з тых правак, якія былі зроблены падчас падрыхтоўкі твора для кніжнага выдання, можна меркаваць, што аўтар неаднойчы дапрацоўваў апавяданне і яно мела, як мінімум, чатыры рэдакцыі. Адзначым яшчэ, што ў машынапісе фонда час. «Маладосць» галоўнага героя звалі інакш — апавяданне пачыналася наступным чынам: «У яго ладнае імя Косця, неблагое прозвішча Лемех…». Да таго ж, згодна з гэтай, магчыма, другой рэдакцыяй, можна прасачыць, якія змены былі зроблены — не выключана, што самім В. Быкавым — у творы падчас першай кніжнай публікацыі:

Стар. 230. Правіла яшчэ пажмурыўся… — Пасля гэтага сказа пачынаўся раздзел II.

Стар. 230. …адступіў на вальнейшае месца. — Далей ішло: «каб уладкаваць у кішэні грошы».

Стар. 230. …ён атрымае палучку, заробленую жорсткімі, збітымі цэглай рукамі… — У другой рэдакцыі (у машынапісе, што захоўваецца ў фондзе «Маладосці»): «ён атрымае палучку — свае 350, а, можа, і 400 рублёў».

Стар. 230. …ці скора ранак. — У дзвюх ранейшых рэдакцыях: «ці скора ранак, каб рыхтавацца да працы».

Стар. 232. Лічы, што парася гэпнулася… — У другой рэдакцыі: «Ад парася застануцца капыты і вушкі…»

Стар. 232. …у яе прывабны кірпаты твар. — У другой рэдакцыі: «у яе прыветны курносы твар»; у трэцяй: «у яе прывабны курносы твар».

Стар. 234. …да суседняй вёскі Глінішчаў. — У абодвух машынапісах: Глінішч.

Стар. 236. …Каціся к сякой-такой матары, салага несалёная!.. — У другой рэдакцыі: «Каціся к сякой-такой матары, сабачы недагрызак, салага несалёная!..»

Стар. 236. Правіла рвануў на грудзях світку і, сагнуўшыся крукам, цяжка ўзняўся за сталом, бы збіраючыся праз яго скочыць на хлопца. — У другой рэдакцыі: «…Правіла ірвануў на грудзях світку і цяжка ўзняўся, ледзь не абярнуўшы стол».

Стар. 237. …зароў дзікім голасам. — У абодвух машынапісах: «зароў благім матам».

Стар. 237. …у выбітую ў дзвярах шыбіну. — Далей у абодвух машынапісах ішоў наступны сказ: «За прылаўкам усё лемантавала буфетчыца, а хаўруснікі, не зважаючы на яе, працягвалі сваю справу».

Стар. 238. …падумаў і пайшоў, цвёрда рашыўшы дамагчыся свайго. — У ранейшых рэдакцыях: «падумаў і, цвёрда рашыўшы дамагчыся свайго, пайшоў у міліцыю».

Стар. 240. Дык здаволіўся ўчора? Можа, і сёння таго ж хацеў бы? — У другой рэдакцыі: «Ну што, задаволіўся ўчора? Казаў пачакай, дык табе Правіла даражэй, з ім пайшоў. Ну, а цяпер што?»

Стар. 240. Федзька заварушыўся, пакутна паморшчыўся сваім круглявым тварам. — У другой рэдакцыі: «Федзька пакутна паморшчыўся».

Стар. 241. Не дам ні рубля, хоць канай. Хай табе Правіла дае, — злосна абвясціў Косця. — У другой рэдакцыі: «Не дам ні рубля, хоць канай. І яшчэ ў Глінішчы напішу, які ты злыдзень».

Стар. 241. …баючыся выбягаць на мокрае. — Пасля гэтага сказа ішло: «Калі Косця наблізіўся, усё чамусьці змоўклі — хлопцы ваўкавата насупіліся, а дзяўчаты пра нешта зашапталіся. Косціку зноў стала няёмка і прыкра, але ён прыхаваў у сабе тое…»

Стар. 242. Косця чамусьці аж узрадаваўся… — Пачынаючы з гэтага сказа, канцоўка апавядання ў другой рэдакцыі выглядала інакш (свой канчатковы выгляд яна атрымае ў трэцяй рэдакцыі):

«Косця чамусьці аж узрадаваўся, убачыўшы блізкіх людзей, і яны, здаецца, пазналі яго. Але нешта новае, насцярожанае мільганула на ўсмешыстым Зініным твары, і хлопец здаля бачыў, як тузанула яна за руку Федзьку і сыйшла з тратуара. Азірнуўшыся, Федзька торапка падаўся за ёй, і неўзабаве яны апынуліся на другім баку вуліцы.

Ад нечаканасці Косця спыніўся і прыкусіў губу. На кароткі нястрымны момант ён адчуў у горле тугі камяк крыўды, але неяк перасіліў сябе.

— Ага, так? — нягучна прамовіў Няўломак. — Не, гэта ўжо не выйдзе.

Ён бесцырымонна гукнуў Федзьку і збочыў з тратуара, каб дагнаць сябра. Вострае пачуццё крыўды хутка міналася, усё болей расла злосная ўпартасць дамагчыся свайго — перайначыць Федзьку, хоць бы для таго спатрэбілася нават пасварыцца з Зінай».

 

Калі хочацца жыць… (стар. 243)

 

Упершыню — газ. «Гродзенская праўда», 1959, 15 сак.

Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1959.

Машынапіс апавядання з нязначнай рэдактарскай праўкай заховаўецца ў фондзе газ. «Літаратура і мастацтва»: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 484, арк. 1—4.

 

***

 

Стар. 244. Уласаўцы – салдаты савецкай арміі генерала Уласава, якія разам з камандзірам перайшлі на бок нацысцкіх войскаў.

 

«Цябе пакрыўдзілі?..» (стар. 247)

 

Упершыню пад назвай «Цябе пакрыўдзілі?..» — часоп. «Работніца і сялянка», 1959, № 6.

Друкуецца па гэтым жа выданні. Датуецца годам апублікавання.

Першапачатковая назва — «Люся». У фондзе часоп. «Работніца і сялянка» захоўваюцца два машынапісы апавядання: аўтарызаваны з вялікай рэдактарскай праўкай пад назвай «Люся» (назва закрэслена, зверху напісана: «Цябе пакрыўдзілі?..»; захоўваецца: БДАМЛіМ. Ф. 49, воп. 1, адз. зах. 35, 84—98) і пазнейшая рэдакцыя пад назвай «Цябе пакрыўдзілі?..» (БДАМЛіМ. Ф. 49, воп. 1, адз. зах. 35, арк. 71—83). Пры іх параўнанні нельга не заўважыць, што падчас другой рэдакцыі твора В. Быкаў улічыў практычна ўсе праўкі і скарачэнні, якія былі зроблены раней. Прывядзём найбольш значныя з іх:

Стар. 247. Ёй было цяжка ў шаснаццаць год… — У абедзвюх ранейшых рэдакцыях: у пятнаццаць год.

Стар. 247. …болей за два гады. — У ранейшых рэдакцыях далей ішло: «…болей за два гады, сталуючыся на яе харчах і як колечы апранаючыся на сваю сторублёвую зарплату».

Стар. 248. …там табе добра будзе… — Пасля гэтага сказа ў першай рэдакцыі ішло: «Яна казала тое, быццам вінілася за нешта благое, а ў Люсі стукала ў скронях і густая ліпкая чырвань абажура засцілала зрок. Яна хацела сказаць гаспадыні, што не варта клапаціцца пра яе, што яна пражыве як-небудзь, не трэба і гэтага прабачлівага тону, яна разумее ўсё — не маленькая. Але дзяўчына не сказала нічога і пайшла на кухню дамываць посуд».

Стар. 248. …і не сцяліла сабе пасцелі. — У другой рэдакцыі: «і не сцяліла сабе на старэнькай увагнутай56 канапцы».

Стар. 249. …даносіўся які стук. — У ранейшых рэдакцыях далей ішло: «Так у пакуце мінаў гэты ранак. Справіўшыся, яны ўсе не спяшаючы паснедалі на кухні. Гаспадыня чагосьці ўздыхала, абедзве яны маўчалі, слухаючы толькі гамонку дзяцей. Недзе, заляцеўшы праз адчыненае акно, гудзеў у пакоях чмель, і гэты яго сумны, як пахавальная музыка, гуд узмацняў невыразную шчымлівую роспач дзяўчыны».

Стар. 249. …парог пераступіла поўная, немаладая ўжо кабета… — У першай рэдакцыі: «у калідор улезла тоўстая, дыхавічная кабета».

Стар. 249. …калі ўбачыла Дзіну Васільеўну. — У ранейшых рэдакцыях далей ішло: «і, дробна тупаючы востранькімі, як шыльца, абцасікамі, падалася ў пакой. Дзверы яна не зачыніла, і Люся, трымаючыся за ручку, замерла так, збянтэжана пазіраючы ўслед жанчыне.

Калі неўзабаве гаспадыня паклікала яе, дзяўчына, ледзьве перастаўляючы раптам змярцвелыя ногі, пераступіла парог пакоя. Нейкая недарэчная зацятасць не давала ёй узняць позірк, але яна бачыла, ці, можа, хутчэй адчувала, што госця сядзіць у мяккім крэсле, закінуўшы за падлакотнік крысо расшпіленага стракатага плашча і заклаўшы нагу на нагу57. Па ўсёй кватэры моцна патыхала яе прытарнымі духамі, а на твары па-ранейшаму гуляла мядовая, занадта лагодная ўсмешка».

Стар. 250. …збіраць свой нямудры набытак. — У першых рэдакцыях далей ішло: «Збіраць, уласна кажучы, не было чаго. Што-колечы з бялізны, школьнае карычневае плацце з белым каўнерыкам, старэнькі лыжны касцюм — навагодні падарунак Дзіны Васільеўны. Яшчэ была кніга “Граф Монте Кристо”58 , якую яна з маленства берагла і перачытала ўжо колькі разоў».

Стар. 251. Яна прыладзілася на заднім сядзенні і маўчала. — У другой рэдакцыі: «Яна прыладзілася на заднім сядзенні, паклаўшы на калені клумак і адчувала, быццам правальваецца ў хмельнае самотнае бяздонне».

Стар. 251. …астудзіўшы прыветную ласкаваць у вачах…

У першай рэдакцыі: «згубіўшы прыветную ласкавасць у пасцюдзянеўшых, але па-ранейшаму прыгожых вачах».

Стар. 251. Тут у нас ванная… — У першай рэдакцыі

перад гэтым сказам ішоў наступны: «Ігарок спіць уранку і не любіць, калі што дзе грукае».

Стар. 252. Гэта яна? — У першай рэдакцыі: «О кэй, прывет, крошка. Гэта яна?»

Стар. 252. Спаць будзеш тут, на раскладушцы. — У першай рэдакцыі: «Спаць будзеш вось на гэтай канапе, — паказала яна на тую прыгожую плюшавую канапу ў гасцінай».

Стар. 253. Для хатняй работы… — У першай рэдакцыі перад гэтым сказам ішоў наступны: «Ён празмерна ўстарэў і выйшаў з моды».

Стар. 253. …кітайскі халацік. Хоць ён быў стары і сям-там дзіравы, але ад яго нельга было адвесці вачэй. — У першай рэдакцыі: «кітайскі халацік, які аж свяціўся нейкім унутраным святлом, блішчаў, пераліваўся, ды так ярка, што здавалася, аж кідаў навокал палымяныя блікі. Ён быў цудоўны і, відаць, дарагі гэты халацік…»

Стар. 253. …калі станеш старацца… — У першай рэдакцыі далей ішло: «Гэта Дзіна Васільеўна, вядома, скнара, яна, канешне, не дужа раздарвалася».

Стар. 254. Гэта погляды тваёй Дзіны… — У першай рэдакцыі перад гэтым сказам ішло: «Ты наіўная, як вясковая цётка, — пагардліва чмыхнула Маргарыта Яўгеньеўна, спыніўшыся ў дзвярах».

Стар. 254. …з яе абавязкамі… — У першай рэдакцыі: «з яе абавязкамі, у тым ліку і вымаць раніцай газеты з паштовай скрынкі на дзвярах».

Стар. 254. …так зняважліва адзывалася аб ёй за вочы. — У першай рэдакцыі далей ішло: «Люся асуджала яе, але ў той жа час не магла не змякчэць да гаспадыні за яе падарункі, якія адразу так запаланілі душу дзяўчыны. Праўда, яе ўсё непакоіў той даўгавязы Ігар з сваім недарэчным «окэем» і самаўпэўненым выглядам у цялячых вачах, але яна старался як-небудзь не думаць аб ім.

Адной ёй стала вельмі вольна і раскошна ў гэтай прасторнай кватэры».

Стар. 255. …прыгожых рэчаў. — У першай рэдакцыі далей ішло: «нават паменшыла варожая насцярожанасць да Ігара, гэтага самаўпэўненага недарэкі».

Стар. 256. …у галлі вераб’і. — У першай рэдакцыі далей ішло: «і адчувала сябе зусім-зусім адзінокай і нешчаслівай».

Стар. 256. — Ігаа-а-а-ар, — засцярожліва праенчыла маці.

У першай рэдакцыі:

«— Ну што ж гэта ты… Не мог узяць дзе з іншага месца, не для цябе было пакладзена, — мякка зазлавала Маргарыта Яўгеньеўна.

Ігар, нічога не адказваючы, пусціў струмень дыму ў напрамку Люсі, якая ўсё стаяла перад акном і калупала падаконнік. Пасля ён, нібы заўважыўшы што, прагугнявіў:

О кэй! А новай крошцы куды лепей ідзе гэтае плацце. Зусім не тое, што той даўгавязай Любцы.

Ігаа-а-а-ар, — засцярожліва праенчыла маці.

Люся раптам зразумела ўсё — і тое агіднае здарэнне з грашыма і паганую вартасць гэтага падарунка. Душная хмельная хваля шыбанула ў яе адчуванні, узняла буру нянавісці ў яе строгай дзявочай душы — гэта было нешта звыш таго, што яна магла стрываць».

Стар. 256. Яе душыла вялікая крыўда. — У першай рэдакцыі: «Вусны яе ўвесь час шапталі «як гадка, як гадка», яна ўжо не магла прымірыцца з сабой за кароткую былую радасць. Дзяўчыну душыла вялікая крыўда».

Стар. 257. …выбегла ў калідор… — У першай рэдакцыі далей ішло: «У апошні момант, нібы скрозь запацелую шыбу, заўважыла яна, як пераламіліся вузкія бровы на дагледжаным твары Маргарыты Яўгеньеўны, пачула недарэчнае Ігарава “О кэй”. Потым ужо ў апошніх дзвярах з гэтай нянавіснай кватэры да яе данёсся злосны лямант гаспадыні, якая бегла па калідору і патрабавала плацце. “Падавіцеся вы вашым плаццем і ўсім, усім гэтым”, — шаптала Люся і цераз двор і пад’езд выбегла на сонечную блішчастую вуліцу. Яна не дужа ўдумвалася, што нарабіла, не ведала, куды ёй падацца далей, яна толькі адчувала кожнай частачкай сваёй душы, што там яна жыць не магла. А куды ісці?.. Што ж, свет не без добрых людзей, знойдзецца месца і для Люсі».

 

Паядынак (стар. 258)

 

Упершыню — газ. «Гродзенская праўда», 1959, 6 верас. Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1959. В. Быкаў у 1979 г. пісаў у лісце да І. Дзядкова: «Что же касается “Поединка”, то я сам уже не помню, что я имел в виду в этом довольно слабом рассказе. М. б. лучше вообще не упоминать о нем»59.

Пры падрыхтоўцы кніжнага выдання твора, верагодна, самім аўтарам у тэкст былі ўнесены невялікія дапаўненні (ці ўзноўлены скарачэнні, якія маглі быць зроблены падчас першай публікацыі ў «Гродзенскай праўдзе», — высветліць гэта пакуль немагчыма, паколькі рукапіс ці машынапіс апавядання не захаваўся) і нязначныя праўкі, сярод якіх вылучаюцца наступныя:

Стар. 261. …і думаў, што трэба будзе памерці па-людску. — У ранейшай рэдакцыі: «і адчуваў, што трэба змагацца».

Стар. 261. …не жадаючы ўступіць гэтаму немцу. — У ранейшай рэдакцыі: «не хочучы ўступіць у гэтай бяззбройнай барацьбе».

Стар. 262. Услед за першымі выскачылі… — У ранейшай рэдакцыі перад гэтым сказам ішоў наступны: «Жудаснае пачыналася».

Стар. 263. …у яго кароткім жыцці. — У ранейшай рэдакцыі: «у яго кароткім няўдалым жыцці».

 

На ўсходзе сонца (стар. 266)

 

Упершыню — газ. «Чырвоная змена», 1959, 13 снеж. Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6. Там жа пазначаны год напісання — 1959.

Пры падрыхтоўцы кніжнага выдання твора (у кнізе «Жураўліны крык» (1960); менавіта ў гэтай рэдакцыі апавяданне было апублікавана і ў 6-томным Зборы твораў) аўтарам былі ўнесены невялікія дапаўненні (ці ўзноўлены скарачэнні, якія маглі быць зроблены падчас першай публікацыі ў газ. «Чырвоная змена», — высветліць гэта не ўяўляецца магчымым, паколькі рукапіс ці машынапіс апавядання не захаваўся) і невялікія праўкі, сярод якіх вылучаюцца наступныя:

Стар. 267. На ўра атакаваць, і канец. — У ранейшай рэдакцыі: «На ўра атакаваць і кропка».

Стар. 267. …тонкі, як дубец… — У ранейшай рэдакцыі: «тонкі, як хвошч».

Стар. 267. …усім было чамусьці няёмка. — У ранейшай рэдакцыі: «нясцерпна няёмка».

Стар. 267. А то ўсё бедаваў, чым будзеш займацца. — У ранейшай рэдакцыі: «…чым на гражданцы заняцца».

Стар. 269. …незвычайнае і дзівоснае сонца. — У ранейшай рэдакцыі: «незвычайнае і дзівоснае ў гэтую раніцу сонца».

Стар. 270. …коратка кіўнуў Чарняку. Той прывычна падпарадкаваўся, але, ступіўшы крокаў два, чагосьці спыніўся, паглядзеў на сяржанта, і ў гэтым яго позірку востра адбілася нейкая незвычайная жаласлівая знямога. — У ранейшай рэдакцыі: «…коратка кіўнуў Чарняку — давай, маўляў, ідзі першы».

Стар. 270. …што ў яго дома старая маці… — У ранейшай рэдакцыі: «дзевяностагадовая маці».

Стар. 271. …што на пяць хвілін не дажыў да чаканага дня. — У ранейшай рэдакцыі: «…хто на пяць хвілін не дажыў за чатыры гады чаканага дня».

 

У ліхую часіну (стар. 272)

 

Упершыню — зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960.

Друкуецца па тым жа выданні. Там жа пазначаны год напісання — 1959.

 

Эстафета (стар. 283)

 

Упершыню – на рускай мове ў перакладзе аўтара пад назвай «Эстафета Победы» ў газ. «Во славу Родины», 1959, 11 окт. Упершыню на беларускай мове пад назвай «Эстафета» — зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1959.

Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6.

Аўтарызаваны машынапіс пад назвай «Эстафета вайны» (6 старонак) захоўваецца ў Архіве В. Быкава. Ён сведчыць аб тым, што ў тэксце былі зроблены невялікія стылёвыя ўдакладненні, сярод якіх вылучаецца толькі наступная змена: апошні сказ «Эстафету вайны панеслі другія…» быў зменены на «Да перамогі пайшлі другія…»

 

Сляды на зямлі (стар. 289)

 

Упершыню пад назвай «След на зямлі» — часоп. «Полымя», 1960, № 3. У першым кніжным выданні — у зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960 — пад назвай

«Сляды на зямлі». Друкуецца па гэтым выданні. Там жа пазначаны год напісання — 1959.

Падчас падрыхтоўкі кніжнага выдання аўтарам былі зроблены невялікія стылёвыя праўкі, у тым ліку ў апошнім абзацы слова «след» было напісана ў множным ліку, што ў выніку прывяло да карэкціроўкі назвы.

 

Сабакі (стар. 298)

 

Упершыню пад назвай «Суседзі» — газ. «Гродзенская праўда», 1963, 3 лют.(?)60.

Друкуецца паводле машынапісу (8 стар.), які захоўваецца ў Архіве В. Быкава.

Пра гэтае апавяданне В. Быкаў пісаў у лісце да Е. Лось:

«…”Сабакі” мае — так сабе твор, ад няма чаго рабіць. Пісаўся для “Вожыка”, але там нешта не спадабаўся, таксама, відаць, з-за прэтэнцыёзнай назвы»61. Зыходзячы з гэтага ліста, можна меркаваць, што год напісання твора, магчыма, — 1960.

 

Хлебны акраец (стар. 305)

 

Упершыню пад назвай «Акраец хлеба» — газ. «Літаратура і мастацтва», 1960, 16 снеж. У першым кніжным выданні — зб. «Адна ноч». Мн.: Беларусь, 1965 — пад назвай «Хлебны акраец».

Друкуецца па другім выданні. Там жа пазначаны год напісання — 1960.

Пры састаўленні плана-праспекта Збора твораў у 4-х тт. (Мн.: Мастацкая літаратура, 1980—1982) пісьменнік назаве гэтае апавяданне «Акрайчык хлеба»62 , аднак у канчатковы варыянт 4-га тома яно ўключана не будзе.

Машынапіс апавядання з аўтарскай і нязначнай рэдактарскай праўкай і пад назвай «Трэба разумець» (якая закрэслена, мяркуючы па ўсім, самім аўтарам, зверху напісана: «Акраец хлеба») захоўваецца ў фондзе газ. «Літаратура і мастацтва»: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 570, арк. 1—10. Напрыканцы машынапісу стаіць подпіс: «В. Быкаў»; ніжэй рукой пісьменніка: «25.8.60 г.».

 

Чацвёртая няўдача (стар. 314)

 

Упершыню — часоп. «Маладосць», 1961, № 2.

Друкуецца паводле: зб. «Адна ноч». Мн.: Беларусь, 1965. Там жа пазначаны год напісання — 1961.

Машынапіс апавядання з даволі значнай аўтарскай і рэдактарскай праўкай захоўваецца ў фондзе часоп. «Маладосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 167, 1—23. Аднак тая праўка падчас падрыхтоўкі першага кніжнага выдання ўлічана не была — апавяданне было апублікавана практычна ў ранейшай рэдакцыі, за выключэннем толькі заканчэння, якое выглядала наступным чынам:

Стар. 335. …не сказаў чалавеку нічога. — Пасля гэтага сказа ішло:

«Толькі не ў стане адолець уладарных турботаў службы Турок запытаўся:

Не ведаеш, Гаркавенка пытаў пра мяне?

Вартавы пазяхнуў, паглядзеў па-над елкамі ў неба, якое ўжо хутка шарэла ў гэты запознены восеньскі ранак, і сказаў няпэўна:

А хто яго ведае. Можа, і пытаўся, а, можа, і не. Спіць. І мне змена хутка.

Турок, аднак, не даслухаў гэтага адказу. Вочы яго адразу заплюшчыліся, голаў павісла, увесь ён абмяк, нахіліўся і ўперся ілбом у калені. І ўсе яго сённяшнія начныя турботы — крыклівы Гаркавенка, капітан, якога ён болей не ўбачыў, і той выкрутлівы немец — раптам зніклі, быццам і не было іх зусім. Турок заснуў глыбокім запрацаваным сном пазнаўшага сабе цану чалавека».

 

* * *

 

Стар. 314. «Гот міт унс». — Бог з намі (ням.).

Стар. 324. Брынг маль, Отта, обер філь, дас золь фюр унс бейдэ генюген. — Прынясі яшчэ, Ота, крыху, гэтага мусіць хапіць для нас абодвух (ням.).

Стар. 324. На шон, вірдгемахт. — Калі ласка, зроблена (ням.).

 

Адна ноч (стар. 336)

 

Упершыню — часоп. «Маладосць», 1963, № 1. Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6.

Адна з першапачатковых назваў — «Забітыя» (машынапіс (36 старонак) захоўваецца ў Архіве В. Быкава; там жа пазначаны год напісання — 1961). Другая назва — «Праклён» — была заменена самім В. Быкавым на «Адну ноч»; машынапіс апавядання з аўтарскімі і рэдактарскімі праўкамі захоўваецца ў фондзе часоп. «Маладосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 257, арк. 1—38.

Падчас гутаркі з крытыкам В. Аскоцкім аўтар распавядаў пра тое, якім менавіта чынам узнікла ідэя апавядання:

«Одна такая история случилась в полку, в котором я воевал. Произошло это в Венгрии. В погребе оказались немецкий обер-лейтенант и наш солдат. Оба ранены. И оба настороженно следят друг за другом, но не стреляют, потому что не знают, кто наверху. А наверху были немцы. Они и обнаружили в погребе обоих после боя. Немец перевязал нашего и спросил, куда он хочет: в плен или к своим… Конечно, к своим! Его положили на плащ-палатку и перетащили ближе к нашим окопам, а дальше он сам дополз. Попал в госпиталь. И там по секрету рассказал кому-то, что и как с ним приключилось. После этого в полку его уже не видели. Сгинул. Ниточка к рассказу, пожалуй, отсюда»63.

Мяркуючы па ўсім, спачатку В. Быкаў прапаноўваў апавяданне ў часопіс «Полымя» — ён прыгадваў: «…грамадства, а найперш нашая рэдактура не былі гатовыя прыняць падобныя тэмы, ад якіх патыхала непрымальным для іх пацыфізмам. Тагачасны рэдактар “Полымя” Максім Танк адмовіў аўтару ў публікацыі таго апавяданьня з прычыны “невыразнасці”, як ён напісаў, ідэі. Думаецца, ідэя была выразная, як надта выразнымі былі і партыйныя ўстаноўкі ў адносінах да яе.

Во ўжо гэтыя партыйна-кадэбоўскія адносіны!»64.

Змена назвы з «Праклёну» на «Адну ноч» у нейкім сэнсе была матывавана, паколькі падчас рэдагавання была скарочана канцоўка пазнейшага варыянта твора, якая, зрэшты, і тлумачыла назву «Праклён»: «— Што ж гэта? Чаму так?.. Завошта? Каты! Душагубы!.. Сволачы!.. Будзьце вы навек пракляты...» — гэтых слоў Івана Валокі ў канчатковым варыянце не застанецца.

Наогул, падчас падрыхтоўкі апавядання да публікацыі ў «Маладосці» В. Быкавым былі вымушана зроблены значныя змены і скарачэнні, якія, дарэчы, у пазнейшых выданнях аўтар не ўлічваў — прытрымліваўся ранейшых рэдакцый твора, і таму ў гэтых каментарах яны не разглядаюцца (за выключэннем аднаго прыклада), паколькі мелі, так бы мовіць, часовы характар. Звернемся толькі да тых прыкметных змен, якія былі зроблены падчас падрыхтоўкі апошняга прыжыццёвага выдання:

Стар. 339. Толькі Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапіў пяцярнёй горла і ціскануў. — У першай рэдакцыі: «Але Іван не выпускаў яго і душыў. І тады вораг, яшчэ трапятнуўшыся некалькі разоў, неяк злаўчыўся і ўхапіў зубамі яго руку.

Іван не чакаў такога знянацкага болю, які імгненна пранізаў яго да пляча. Пальцы яго не ўтрымалі, немец ураз крутнуўся, вырваўся і адскочыў у цемру.

Змораны да непрытомнасці, Валока ўхапіў ротам паветра і, разлютаваны барацьбой, памкнуўся ў цемру за ворагам».

Стар. 341. …не давялося і душыць… — У абедзвюх ранейшых рэдакцыях: «не давялося душыць гэтую гадасць».

Стар. 342. Што ж рабіць, — як вылезці… — У ранейшых рэдакцыях: «Паволі ў Івана нарастаў устрывожаны клопат як вылезці…»

Стар. 344. Аднак нейкае чалавечае велікадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба. — У першай рэдакцыі: «…але ўжо такую меў чалавек натуру, што пры патрэбе пасабляў бліжняму».

Стар. 348. — Навэрх, — грубавата перадражніў Валока. У абедзвюх ранейшых рэдакцыях: «— Дзівак! — бы з малога падзівіўся Валока».

Стар. 353. Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру? — У ранейшых рэдакцыях: «Во як: не гут! А дзе ж вы раней былі? У сорак першым? Чаму ж не турнулі пад зад вашага фюрара. Вот і быў бы гут»65.

Стар. 354. …ажно ўпіўся ў гэта вачмі. — У ранейшых рэдакцыях далей ішло: «вядома, тое жытла не раўна было яго хаце з пазелянелаю ад моху страхою, як-колечы абшалёванай не столькі для прыгоства і ладу, колькі для таго, каб захінуць ад непагоды дзіркі. А была яна ў іх вёсцы не самая горшая, Іван жа мог і падрамантаваць і дагледзець, не тое што ў якіх там удоў ці нягеглых нядбайных гаспадароў».

Стар. 354. …аб сваіх там, дома… — У ранейшых рэдакцыях далей ішло: «— чатырох блазнотках-дзяўчынках, якія цяпер там і аралі і сеялі. Такая малеча з адною маткаю, без яго».

Стар. 354. Унутры ў ім усё запратэставала супраць гэтага абразлівага варожага спачування. — У першых рэдакцыях: «Невядома чаму, але гэта абражала. Яго сапраўднашная беднасць, галодныя гады ў калгасе цяпер невыказнаю прыніжанасцю бянтэжылі Івана, і ўнутры ўсё ў ім запратэставала супраць гэтае беднасці і спачування ворага».

Стар. 355. …нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца. — У ранейшых рэдакцыях: «нагледзеўся на калгаснае жыццё. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца і ўхапіўся за хлусню, як за паратунак».

Стар. 355. …была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякім разе за гэтыя грошы можна было купіць добрую карову. А гэта было ўжо нямала. — У ранейшых рэдакцыях: «была ўвасабленнем найбольшага з магчымага. Гэтым коштам сяляне яго вёскі мералі самы высокі набытак, марылі пра яго ўсё жыццё, але мелі, толькі прадаўшы самае дарагое з свайго майна — карову».

Што датычыцца значных правак, якія былі зроблены падчас падрыхтоўкі твора да друку ў «Маладосці», прывядзём адзін толькі прыклад. Так, аўтар быў вымушаны скараціць значную частку дыялога Івана Валокі з Фрыцам Хагеманам пра калгасы66 — да слоў: «Матацыкл? Матацыкл што?»67. Закрэсліўшы больш за старонку тэкста, В. Быкаў злева зверху коратка дапісаў:

«— Плёхо рус кольхоз. Бедно. Радзіо нет. Крафтрад… Как его.. мотоцікль нет. Конь! Но, пошёль, сівка!.. Бедно, — пакруціў галавой немец.

Валока паёрзаў на цэгле.

Што там матацыкл! Глупства гэта адно. У мяне во машына была, што шые — ціх-ціх-ціх… Зінгер звалася. Во!

Зінгер?

Ну.

Немец, зразумеўшы штось, іранічна ўсміхнуўся».

Стар. 360. Неяк ён убачыў сябе ў Брэслау… — У першых рэдакцыях: «Неяк ён убачыў сябе ў Вроцлаве…»

Канцоўка апавядання адрознівалася ўжо ў першых дзвюх рэдакцыях. Так, у самай першай твор заканчваўся наступным чынам:

«Чаргі ён невядома чаму не пачуў, у нейкую долю секунды згледзеў толькі, як апруцянела хіснуўся Фрыц Хагеман, і ў той жа час вышэй ад Валокі, ударыўшыся ў прасценак, аглушальна ірванула граната. Люты нясцерпны боль пранізаў яго цела, свет знік і з ягоных грудзей вырваўся ўжо непадуладны яму енк-стогн…

Валока не бачыў, як у скверыку замітусіліся немцы, як кінуліся яны да руін, на ўскрайку якіх навек выцягся іх салдат Фрыц Хагеман. Абыякавы ўжо да ўсяго ляжаў Іван на цагляным заваллі ў пятнаццаці кроках ад чорнае дзіркі ў склеп, дзе пачалося і гэтак няўдала скончылася іх недарэчнае франтавое братэрства».

У другой рэдакцыі:

«Узрушаны і змардаваны, ён нечага ніяк не мог сцяміць ці, можа, не мог чагосьці ўспомніць — разгарачаным спакутаваным нутром ён только адчуваў, што сталася вялікая, яшчэ не ўсвядомленая да канца несправядлівасць, перад магутнаю сілай якой і ён, і Фрыц Хагеман, і мноства іншых людзей былі не болей чым мошкі. І яму было вельмі пакутна ад таго і хацелася завыць ад усеабдымнага болю, ад свае ашалеласці, ад гора, якое ашчаперыла і душыла, камячыла яго душу. Але плачу не было, бо не было слёз, толькі з глыбіні грудзей ірваўся трудны роспачны, поўны нясцерпнага болю крык.

Што ж гэта? Чаму так?.. Завошта? Каты! Душагубы!.. Сволачы!.. Будзьце вы навек пракляты…».

 

* * *

 

Стар. 348. Арбайт. — Працаваць (ням.).

Стар. 352. Вайна нікс гут! — Вайна гэта нядобра! (бел.ням.).

Стар. 353. Фюрэр шайзэ! — Правадыр дзярмо! (ням.).

Стар. 353. Фюрэр эйнфахерменш нікс нада. — Такога правадыра не трэба (ням.).

Стар. 353. Фрыц Хагеман нікс нада вайна. Хагеман нада фрыедэн, нада кіндэр аўфцыген, арбайт нада, хаўз нада! — Фрыцу Хагеману не трэба вайны. Хагеману трэба свабоды, трэба дзяцей гадаваць, працаваць трэба, дахаты трэба! (бел.-ням.).

Стар. 354. Драй кіндэр! — Трое дзяцей (ням.).

Стар. 354. Гаўптман гестапа Крафт шрайбен, — фрау, кіндэр ком, ком унд канцлагер. — Гаўптман гестапа Крафт піша, – жонка, дзеці – ідзіце, ідзіце да канцлагера (ням.).

Стар. 355. Рад. — Кола (ням.).

Стар. 359. Трынкен, Іван! Трынкен! — Пі, Іван! Пі! (ням.).

Стар. 363. О, Іван, лебенд? Гут, гут. — О, Іван, жывы? Добра, добра (ням.).

Стар. 363. Дзверы туда іх махен… — Дзверы туды я раблю (бел.-ням.).

Між тым асаблівую ўвагу трэба звярнуць і на аўтарызаваны пераклад на рускую мову М. Гарбачова. У Архіве пісьменніка захоўваецца экзэмпляр зборніка «Третья ракета» (М.: Молодая гвардия, 1963), у якім менавіта ў апавяданні «Проклятье» самім аўтарам унесены значныя праўкі, прычым не толькі стылістычныя, але і такія, якія пэўным чынам уплываюць на сэнс твора. Сярод апошніх вылучаюцца наступныя:

Назва «Проклятье» закрэслена — зверху рукой В. Быкава напісана: «Одна ночь».

У аповедзе пра хату Івана Валокі, пачынаючы з «…с позеленевшей от мха крышей. А была она в их деревне не самая худшая. Иван мог бы и подремонтировать и утеплить, вот не успел только — грянула война», усё закрэслена (як і ў ранейшых рэдакцыях на беларускай мове).

Былі ўнесены змены і ў наступны фрагмент (якога няма ні ў адной беларускай рэдакцыі апавядання):

«— Плёхо рус кольхоз… Бедно…

Иван почувствовал, что не так просто убедить этого немца, прошедшего половину России и повидавшего всякое.

Есть и плёхо, — Иван даже слегка передразнил немца68. — Это, наверное, там, где твой фатэр разорял в восемнадцатом. Там, конечно… Одного леса не напасешься.

Найн. Май фатэр никс война.

Ну не твой фатэр, так другие, — не давал ему оправдаться Иван. — Тогда Вильгельм приказывал, теперь — Гитлер, а вы и рады чужое в карман сунуть69. У вас хорошо, но мы не хотим вашего, у нас плёхо, а вы лезете к нам. Колотили, колотили вас, — тут Иван сделал выразительный жест рукой, — а вы все свое… — И после паузы добавил: — А потом плёхо, хаузы наши не нравятся. Не успеваешь накрывать хаузы… — Теперь Иван говорил уже без запинки. — Мы вам покажем, кто бедный. Видал, как бедные гонят богатых: уже в Германии. Зер гут?70 Я, я, — пробормотал немец и потупил глаза.

По апатичному выражению лица Иван догадался, что этим его не очень проймешь — то он не понимает, то, поняв, не подает виду. И Ивану вдруг представилось, что он один на этом замкнутом «пятачке» в подземелье в такой вот странной обстановке ведет спор со всей Германией.

— Рус Иван не бедный человек — запомни это, Фриц.

Колхоз у нас хороший, дружный, все арбайт и фюрер у нас, — он вспомнил своего председателя артели, — зер гут. Он тоже теперь бьет вашего фюрера.

Посмеявшись, Волока снова перешел к разговору о достатке»71.

Аднак у 4-томным Зборы твораў (Мн.: Молодая гвардия, 1986) гэты фрагмент выглядае наступным чынам:

«— Есть и плохие, — признал он. — Это там, где вы побывали да поразграбили.

Немец загасил в глазах недоверие и почесал затылок». Значныя змены ўнесены і ў аповед пра другі сон Валокі усё закрэсленае тут выдзелена курсівам (у беларускіх рэдакцыях гэты фрагмент быў захаваны, хоць у другім машынапісе (пад першапачатковай назвай «Праклён») ён таксама закрэслены, аднак пакінуты ў 6-томным Зборы твораў):

«Ну что, немецкий шпион?» — такими словами встретил он Волоку, схватил его за плечи, сорвал погоны, потом начал наставлять пистолет в кружки медалей на его груди.

«Немца укрывал? Врага табаком угощал? Почему не убил?»

Иван хотел пояснить, что и как произошло с ним в этом подвале, но лишился дара речи и почувствовал, что вот-вот наступит смерть72. И Воронов действительно выстрелил, но боли Иван не ощутил и тогда догадался: медали. Медали спасли его от пули. Но вот у Воронова вместо пистолета оказалась тяжелая противотанковая граната — это уже была явная гибель.

«Изменник! Прокурил Родину? Высшую меру тебе!» — звучали страшные слова, и Иван оглянулся в поисках выхода».

Трэба адзначыць, што ў 4-томным Зборы твораў аповед пра абодва сны Валокі адсутнічае.

Змены адбыліся і з фіналам твора. У кнізе «Третья ракета» ён выглядае наступным чынам:

«Как же это? Что это?» — роились в голове Волоки смятенные мысли, и ему захотелось ругаться и реветь от боли и горя, которые терзали его тело и душу. Но плача не было, не было слез, и от этого становилось еще хуже.

Преисполненный горя и душевной сумятицы, он медленно брел по середине исковерканного войной переулка и, сжимая в отчаянии большие дрожащие кулаки, твердил:

Гады! Душегубы! Сволочи! Будьте вы навек прокляты, варвары!!!»

Аднак пасля правак аўтара канцоўка атрымала іншы выгляд:

«[…] …и ему хотелось ругаться от боли и тупой несправедливости того, что случилось. Переполненный душевной сумятицы он брел серединой разбитого бомбами переулка и твердил в отчаянии:

От же гады! От гады!..»73 Менавіта ў такой рэдакцыі (з нязначнымі стылістычнымі праўкамі) канцоўка была апублікавана ў 4-томным Зборы твораў.

 

Дарога дадому (стар. 369)

 

Упершыню ў перакладзе на рускую мову (пер. І. Панцеляймонава) пад назвай «По дороге домой» — часоп. «Неман», 1966, № 9.

Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6. Там жа пазначаны год напісання — 1965.

Машынапіс апавядання з аўтарскай праўкай (11 старонак) захоўваецца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры: КП 10735/823 (на першай старонцы зверху алоўкам рукой В. Быкава: «У дадатак да ранейшага. ВБ»), а таксама копія машынапісу захоўваецца ў Архіве пісьменніка. Пры параўнанні гэтых машынапісаў з публікацыяй у Зборы твораў можна прыйсці да высновы, што ніякіх зменаў у апавяданні зроблена не было.

 

Салдацкі лёс: Дыялог з нагоды (стар. 379)

 

Упершыню — газ. «Літаратура і мастацтва», 1966, 21 чэрв.

Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6. Там жа пазначаны год напісання — 1966.

Машынапіс (8 старонак) захоўваецца ў Архіве В. Быкава. Пры параўнанні яго з публікацыяй у Зборы твораў можна прыйсці да высновы, што зменаў у апавяданні зроблена не было.

 

Ранак-світанак (стар. 386)

 

Упершыню — часоп. «Маладосць», 1966, № 9. У перакладзе на рускую мову (пер. аўтара) пад назвай «Утро вечера мудреннее» — часоп. «Дружба народов», 1966, № 11.

Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6. Год напісання — 1966.

Як сведчыў сам пісьменнік, апавяданне гэтае ў нечым аўтабіяграфічнае: у кастрычніку 1943 г., пасля заканчэння Саратаўскага артвучылішча і прысваення звання малодшага лейтэнанта, В. Быкаў трапіў на фронт, у стралковы полк, і ў якасці камандзіра стралковага ўзвода прыняў першы бой, — «той выпадак адбіўся ў напісаным праз дваццаць гадоў апавяданьні “Ранак-сьвітанак”»74.

Захавалася дзве рэдакцыі апавядання: першы варыянт — машынапіс з аўтарскай і рэдактарскай праўкай — знаходзіцца ў фондзе часоп. «Малалосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 402, 1—25; на ім рукой В. Быкава пазначана (і закрэслена): «чэрвень 1966 г.». Пазнейшы, папраўлены варыянт — машынапіс, 24 старонкі — захоўваецца ў Архіве пісьменніка. Пры падрыхтоўцы апошняга прыжыццёвага выдання В. Быкавым былі ўлічаны амаль усе тыя праўкі, якія былі зроблены ім самім (нешматлікія праўкі, зробленыя рэдактурай «Маладосці», аўтар не ўлічыў).

Стар. 389. Смелы я або трус… — У першай рэдакцыі В. Быкавым папраўлена: «Смелы я ці баязлівец».

Стар. 390. Ну што ж, мне ад таго чамусьці не было дужа боязна. — У першай рэдакцыі гэты абзац быў адзначаны, трэба думаць, рэдактурай «Маладосці» і закрэслены. У часопіснай публікацыі ён адсутнічае75.

Стар. 399. Я на ўсе вочы… — У першай рэдакцыі В. Быкавым было папраўлена: «да болю ў вачах».

Стар. 407. Кажуць, везці яго ў медсанбат ужо няма сэнсу. — У першых дзвюх рэдакцыях пасля гэтага сказа ішло асобным абзацам: «Хай яно ўсё згарыць!»

 

Сваякі (стар. 408)

 

Упершыню пад назвай «Свае людзі» — часоп. «Маладосць», 1966, № 12. У кніжным выданні — Выбр. тв.: У 2 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1974. Т. 2 — пад назвай «Сваякі».

Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 4 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1982. Т. 4. Там жа пазначаны год напісання — 1966.

Захавалася тры машынапісныя варыянты апавядання: першы пад назвай «Свае людзі» з невялікай аўтарскай і рэдактарскай праўкай знаходзіцца ў фондзе часоп. «Маладосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 404, 1—9. Другі і трэці варыянты машынапісу памерам 9 і 10 старонак (пад назвамі «Свае людзі» і «Сваякі» адпаведна) захоўваюцца ў Архіве В. Быкава. Пры параўнанні іх з публікацыяй ў Зборы твораў можна прыйсці да высновы, што зменаў у апавяданні зроблена не было.

 

Круты бераг ракі (стар. 416)

 

Упершыню — газ. «Літаратура і мастацтва», 1972, 13 кастр. У перакладзе на рускую мову (пер. аўтара) пад назвай «На речном берегу» — газ. «Известия», 1972, 14 окт.

Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6. Там жа пазначаны год напісання — 1972.

У Архіве В. Быкава захоўваецца два машынапісы апавядання памерам 7 і 5 старонак кожны (першы — з аўтарскімі праўкамі, другі, ужо выпраўлены, без заканчэння), якія дазваляюць прасачыць тыя праўкі, якія былі зроблены аўтарам падчас падрыхтоўкі апошняга прыжыццёвага выдання (публікацыя ў «ЛіМе» адпавядае ранейшай рэдакцыі):

Стар. 416. …густа цямнеўся хвойнікам. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Трошкі вышэй па рацэ фыркалагрукатала іржавая аграмадзіна землечарпалкі, што ўвесь доўгі дзень цягала з рачнога дна мокрыя кучы жвіру. Але баржа яму, відаць, не замінала».

Стар. 417. …не звярталі на яго ўвагі. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Яны ўжо ведалі, што цяпер ён будзе да змроку паныла ўзірацца ў тое месца на беразе, дзе з маладога хвайнічку збягала да ракі сцяжынка і дзе гойдаліся на раскалыханых “казанкаю” хвалях дзве прымкнёныя да камяня лодкі. Там быў лясны перавоз, але людзей амаль ніколі не было відаць; лодкамі, апроч леснікоў, відаць, мала хто карыстаўся».

Стар. 419. …не ўчуў няласкавых слоў Каламійца. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Каламіец тым часам звыклай рукой закінуў у ваду яшчэ дзве або тры донкі, уваткнуў у бераг кароткія, з малюсенькімі званкамі вудзільны».

Стар. 419. …аж прыбягае Цімка. — У ранейшай рэдакцыі — Алесь.

Стар. 420. …зышоў з таго берага. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Стары ўвачавідкі абвяў, азмрачнеў яшчэ болей, увесь зацяўся ў сабе. Напэўна, унутры ў ім было нешта такое, што надоўга скавала яго нерухомасцю і нематой».

Стар. 420. Стары маўчаў, як глухі. — У ранейшай рэдакцыі: «Стары маўчаў, як аглух».

 

Сяргей Шапран

 

Рэдкалегія гэтага выдання ўдзячная захавальніцы Архіва Васіля Быкава Ірыне Міхайлаўне Быкавай ды Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва і асабіста Ганне Вячаславаўне Запартыцы за спрыянне і дапамогу падчас падрыхтоўкі «Каментароў».

 

1 Між тым, сам пісьменнік у якасці свайго першага твора называў апавяданне «Цвілі акацыі». У «далітаратурнай біяграфіі» «Пункціры жыцця» ён пісаў: «Вясной пад Дзень Перамогі накрэмзаў нешта, што назваў апавяданьнем “Цьвілі акацыі” і, набраўшыся рашучасьці, аднёс намесьніку рэдактара Андрэю Абрамавічу Салаўёву. Той прачытаў і сказаў у сакратарыяце, каб усе чулі: “Гэта заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі”. 9 мая надрукавалі. То было, канешне, абсалютна бездапаможнае сачыненьне на прапагандовую тэму, але той першы водгук старэйшага таварыша меў для мяне вырашальнае значэньне. Можа, упершыню тады я адчуў, што нешта ўмею. Хоць, канешне, адчуваньне тое было надта ілюзорнае» (Першапублікацыя: Быкаў В. Пункціры жыцьця // Дзеяслоў, 2005, № 6 (19), с. 164). Аднак публікацыя апавядання ў асабістым архіве В. Быкава не захавалася, пакуль не ўяўляецца магчымым знайсці яе і ў архіве «Гродненской правды» — у тых падшыўках, што захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ў Нацыянальнай кніжнай палаце Беларусі частка нумароў адсутнічае, і менавіта тых, дзе гэтае апавяданне магло быць надрукавана (у прыватнасці, частка майскіх-чэрвеньскіх нумароў «Гродненской правды» за 1948 г.). Аднак рэдакцыйная калегія гэтага ПЗТ не губляе надзеі адшукаць твор да заканчэння падрыхтоўкі дадзенага збору.

2 Трава после нас / Инт. Ф. Медведева с В. Быковым // Огонек, 1987, № 19, с. 4.

3 Быкаў В. Тры абзацы аўтабіяграфіі // Пра час і пра сябе: Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мн.: Беларусь, 1966. С. 57.

4 У 2001 г. В. Быкаў скажа, што дасылаў М. Лынькову тры апавяданні (гл.: Гімпелевіч З. Літаратура застанецца: Фрагменты інтэрв’ю з Васілём Быкавым / Пер. з англійскай В. Кавалёвай // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: Зб. да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса / Пад рэд. С. Запрудскага, А. Фядуты, З. Шыбекі. Мн.: Лімарыус, 2007. С. 353), аднак, па-першае, згадак пра тры апавяданні больш нідзе не сустракаецца; па-другое, у бібліяграфіі В. Быкава больш няма апавяданняў, якія былі б датаваныя пачаткам 50-х гг.

5 Лынькоў Міхась (Міхаіл Ціханавіч) (1899—1975) — празаік, крытык, літаратуразнавец, народны пісьменнік БССР (1962).

6 Быкаў В. Доўгая дарога дадому. Кніга ўспамінаў. Мн.: ГА БТ «Кніга», 2003. С. 165.

7 Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу: Гутарка Алеся Адамовіча з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым // Полымя, 2001, № 6, с. 244. Аднак нельга не прывесці яшчэ адну істотную заўвагу В. Быкава — ужо ў 2001 г. ён скажа:

«Калі ласка, зразумейце мяне слушна: я зусім не вінавачу яго [М. Лынькова. — С. Ш.] ў тым, што ён выліў цэбар халоднай вады на маю тагачасную чуллівую сарамяжлівасць. Лынькоў быў і застаецца адным з маіх улюбёных беларускіх пісьменнікаў» (Гімпелевіч З. Літаратура застанецца // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. С. 353).

8 Лазарев Л. Василь Быков: Очерк творчества. М.: Художественная литература, 1979. С. 12.

9 Дедков И. Василь Быков. Повесть о человеке, который выстоял. М.: Советский писатель, 1990. С. 33.

10 Васілёк Міхась (Касцевіч Міхаіл Восіпавіч) (1905—1960) — паэт, перакладчык, працаваў у газеце «Гродненская правда».

11 Быкаў В. Доўгая дарога дадому. С. 200.

12 Быкаў В. Пункціры жыцьця // Дзеяслоў, 2005, № 6 (19), с. 176.

13 Асокіна Е. Васіль Быкаў // Наднёманскія былі: Зб. артыкулаў і нарысаў. Мн.: Беларусь, 1968. С. 199—200.

14 Справка о произведениях писателя // Асабістая справа пісьменніка Быкава В. У. Архіў Саюза беларускіх пісьменнікаў. Некаторыя даты ўказаны вельмі прыблізна.

15 Архіў В. Быкава.

16 Быкаў В. Пункціры жыцьця // Дзеяслоў, 2005, № 6 (19), с. 164–165.

17 Гл.: Быкаў В. Пункціры жыцьця // Дзеяслоў, 2005, № 4 (17), с. 185.

18 Лось Еўдакія Яўкаўлеўна (1929 – 1977) – беларуская паэтэса.

19 Сабаленка Раман Карпавіч (1907—1975) — намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва».

20 Ткачоў Мікола (Мікалай Гаўрылавіч) (1918—1979) — празаік, перакладчык, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» (1957—1959).

21 Карпаў Уладзімір Барысавіч (1912—1977) — літаратура-знавец, крытык, празаік, загадчык аддзела прозы і крытыкі часопіса «Полымя» (1947—1960).

22 Пестрак Піліп Сямёнавіч (1903—1978) — празаік, перакладчык.

23 З ліста ад 24 кастр. 1957 г. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛіМ). Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 116, арк. 3–4.

24 Тут і далей захоўваецца арфаграфія арыгінала.

25 Публікацыя «Страты» ў «Маладосці» і маскоўскім часопісе «Советский воин» (1957. № 4; пер. Я. Плехава).

26 Быкаў В. Доўгая дарога дадому. С. 203.

27 Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (1930 – 1984) – беларускі празаік, паэт, сцэнарыст, публіцыст, перакладчык.

28 Быкаў В. Пункціры жыцьця // Дзеяслоў, 2005, № 6 (19), с. 177.

29 Кулакоўскі Аляксей Мікалаевіч (1913 – 1986) – беларускі празаік, перакладчык.

30 БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 12, арк. 142.

31 З ліста да Е. Лось ад 24 кастр. 1957 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 116, арк. 3.

32 Быкаў В. Буйны выйгрыш // Маладосць, 1957, № 9, с. 90.

33 З ліста ад 24 кастр. 1957 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 116, арк. 4.

34 Быкаў Мікалай Сцяпанавіч. 7 жн. 1944 г. В. Быкаў пісаў у лісце да родных: «В 1941 году, с начала войны я был в городе Шостка. В августе 41 г. город заняли немцы. Я вместе с Николаем Степановичем и другими тов[арищами] ушел из города вместе с Красной Армией. Всю осень части Красной Армии отступали. С ними отступал и я. Путь был тяжел и долог. В непрерывных боях мы дошли до Воронежа. Там я потерял Николая, не знаю, куда ушел из Воронежа, но в той неразберихе ничего нельзя было понять. Больше я его не видел и ничего не слыхал о нем» (Віцебскі абласны краязнаўчы музей. КП 21382/1).

35 З ліста ад 24 кастр. 1957 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 116, арк. 3.

36 З ліста ад 30 кастр. 1957 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 116, арк. 9.

37 Васілевіч Алена Сямёнаўна (н. 1922) — празаік, загадчыца аддзела культуры часопіса «Работніца і сялянка» (1950—1972).

38 З ліста ад 22 лістап. 1957 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 117, арк. 2.

39 Сіўцоў Іван Кузьміч (1922—1959) — празаік, з 1952 г. працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь».

40 З ліста да Е. Лось ад 1 сак. 1958 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 118, арк. 4.

41 Кудраўцаў Іван Фёдаравіч (нар. у 1922) – крытык, літаратуразнавец, адказны сакратар часоп. «Беларусь» (1955 – 1965).

42 БДАМЛіМ. Ф. 41, воп. 1, адз. зах. 520, арк. 1.

43 З ліста ад 10 снеж. 1957 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 117, арк. 6.

44 З ліста ад 22 снеж. 1957 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 117, арк. 10.

45 З ліста ад 4 студз. 1958 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 118, арк. 1.

46 З ліста ад 1 сак. 1958 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 118, арк. 4.

47 Там жа змешчаны два малюнкі В. Быкава да апавядання.

48 Там жа змешчаны два малюнкі В. Быкава да апавядання.

49 БДАМЛіМ. Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 386, арк. 4.

50 БДАМЛіМ. Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 386, арк. 4—5.

51 Полымя, 1958, № 10. С. 138; Нёман. Гродна, 1958. С. 100.

52 Быкаў В. Жураўліны крык. С. 133.

53 У пазнейшай рэдакцыі — маёр.

54 БДАМЛіМ. Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 386, арк. 6.

55 З ліста ад 12 мая 1979 г. Копія. Архіў В. Быкава.

56 У першай рэдакцыі: «прагнутай».

57 У першай рэдакцыі: «па-мужчынску шырока расставіўшы ногі».

58 У першай рэдакцыі: «Каралева Марго».

59 З ліста ад 12 мая 1979 г. Копія. Архіў В. Быкава.

60 Публікацыя апавядання ў «Гродзенскай праўдзе» ў Архіве В. Быкава не знойдзена — вядома толькі публікацыя аўтарскага пераклада гэтага твора: Быков В. Соседи // Гродненская правда, 1963, 3 февр. Зыходзячы з гэтай даты і ўлічваючы тое, што «Гродненская правда» выходзіла на дзвюх мовах, можна меркаваць, што на беларускай мове апавяданне магло быць надрукавана таксама 3 лют. 1963 г. — удакладніць гэта не ўяўляецца магчымым, паколькі падшыўка «Гродзенскай праўды» за дадзены перыяд адсутнічае і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, і ў Нацыянальнай кніжнай палаце Беларусі.

61 З ліста ад 10 верас. 1960 г. БДАМЛіМ. Ф. 141, воп. 3, адз. зах. 120, арк. 7.

62 Архіў В. Быкава.

63 Шестьдесят лет спустя… / Беседа В. Оскоцкого с В. Быковым // Посев, 2002, № 8, с. 18.

64 Быкаў В. Доўгая дарога дадому. С. 126—127.

65 У першай рэдакцыі: «Вот і не было б вайны, і быў бы гут».

66 У дадзеным выданні пасля фразы «Плёха рус кальхас… Бедна» (стар. 355.)

67 Стар. 355.

68 В. Быкавым папраўлена: «Иван сказал:».

69 Папраўлена: «за чужим броситься».

70 Тое, што тут і далей выдзелена курсівам, В. Быкавым было закрэслена.

71 Побач з двума апошнімі абзацамі В. Быкавым напісана: «что вряд ли он что понял, но ему захотелось высказаться, чтобы реабилитировать себя в глазах немца».

72 Паверх гэтага сказа В. Быкавым напісана: «язык плохо слушался его».

73 Ніжэй В. Быкавым было напісана, але пасля закрэслена: «Гады вы, гады!.. Гады и сволочи».

74 Быкаў В. Доўгая дарога дадому. С. 58.

75 Быкаў В. Ранак-світанак // Маладосць, 1966, № 9, с. 71.


2008-2009

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/