epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

На поўню

Надвячоркам апошняга дня перад поўняй пад гарадской брамай зьбіраўся натоўп. Як толькі ў сьвятлявым небе над закапцелай кутпяй вежай выкочвалася блішчастае кола месяца, грамагалосьнік абвяшчаў, каго будуць караць.

Тым разам кары падлягалі аж тры тутэйшыя жанчыны — усе за чужалюбства, якое ў тым горадзе здаўна лічылася цяжкім грэхам. Высокая, ня надта маладая швачка Кушэль каралася за тое, што была злоўленая з чужьш мужыком у вшаградпіку. Мужык неяк апраўдаўся перад высокім сінклітам суддзяў, а Кушэль апраўдацца ня выпала — выпала адказваць. Нізкая, шырокая ў плячох і ў крыжы Пава пакахала чалавека хоць і пе жанатага — халастога, але паходжаньнем з чужога, варожага гораду. Трэцяй грахаводніцай была прызнаная маладзенькая Ульрыка, якая паходзіла з дужа нізкага роду: яе дзед і бацька штотыдзень вывозілі з гораду нечыстоты. Не зважаючы на тое паходжаньне, Ульрыка навяла любоўныя чары па рыцара даволі слыннага роду маладога Любэка. Як тое магло стацца — было незразумела нават суддзям, але той Любэк прызнаўся, што сапраўды кахае Ульрыку. Стамлёны вынясеньнем папярэдніх прысудаў судовы сінкліт вырашыў, што трэба пакараць і Ульрыку, і прызначыў ёй дваццаць удараў рэмнем з валовай скуры па голым дзявочым задку.

Злодзеяў, махляроў, забойцаў і грахаводнікаў каралі ў горадзе рэгулярна пры кожнай поўні. Для тае працэдуры пад брамай была ўсталяваная каменная лава, на якую, добраахвотна пакланіўшыся народу, па чарзе клаліся асуджаныя. Народ, стоўпіўшыся крыху зводдаль, пільна назіраў за цікавым працэсам, цікаваў усе ўдары ката, ацэньваў паводзіны пакараных, сачыў, каб усё йшло паводле строгай старой завядзёнкі. Тым разам натоўп быў асабліва вялікі — жаночае пакараньне ладзілася ў горадзе нячаста, можа па адным разе ў сухі сезон і сезон дажджоў.

Першая на лаву пад брамай легла кашчавая Кушэль. Загарнула вышай спадніцу, і кат, рослы, рукасты мужчына ў даўгім скураным фартуху, паволі, бы з таемнаю насалодай, адмераў ёй належную колькасьць удараў. Біў не сказаць каб з усяе сілы, але й ня жартам — пасьля кожнага з удараў у жанчыны на кашчавым задку заставаўся ладны пісяг. Атрымаўшы сваё, Кушэль трохі замаруджана паднялася, як-колечы аправіла свае апраткі і старанна пакланілася тром суддзям, якія ў чорных камзолах моўчкі стаялі пад брамай, пільна цікуючы за выкананьнем уласнага прысуду. Апошнім з працэдуры быў абавязак падсуднага тройчы пацалаваць руку ката, тым як бы дзякуючы яму за працу і навуку. Кашчавая Кушэль усё тое зрабіла ладна, спрактыкавана і збоч пад сьцяной пайшла ў натоўп.

Наступная на чарзе была Пава, якая сваю лупцоўку стрывала меней мужна, тузалася пасьля кожнага ўдару рэмнем; хутка яе пульхны зад счырванеў, бы гарачы вугаль. Перш чым пакланіцца суддзям і пацалаваць руку кату, яна моўчкі выцерла пальцамі сьлёзы, выцірала іх і ідучы ў натоўп. Людзі з незадавальненьнем згледзелі тое, заўважылі тое і суддзі. Ведама, апошнія зразумелі, што ў тым быў ня дужа высокі кшталт іх судовае працы — пры высокім кшталце абвінавачаныя пасьля пакараньня адно ўсьміхаліся з удзячнасьці.

А з дзяўчом Ульрыкай сталася і зусім штось неверагоднае. Перш чым легчы на каменную лаву, яна тоненькім галаском крыкнула «Не вінаватая!», і суддзі пераглянуліся. Такога яны не чакалі, бо ніколі ня чулі за ўсе даўгія гады свайго суддзёўства. Пасьля прысуду звычайна прызнаваліся і дзякавалі суддзям за ганараваную справядлівасьць. Усё ж суддзі заўсёды стараліся і ўсё рабілі ў строгай адпаведнасьці з Законам. На суровасьць прысуду ніхто ніколі ня скардзіўся — такое было непарушнае правіла грамадзянаў гэтага гораду.

Аслушэнства Ульрыкі, канешне, заўважыў і маўклівы кат, які, відаць было, зразумеў яго як мае быць. Ягоная рука адразу пачала ўзьлятаць вышэй, і ляскат рэмняў аб маладое цела быў чуцён нават ззаду натоўпу. Адмераўшы ёй пятнаццаць удараў, кат, як і належала, адступіў убок. Абліваючыся сьлязьмі, дзяўчына ўстала, аправіла свае спаднічкі і не пакланілася суддзям. Нават не пацалавала працягнутай для таго жылаватай рукі ката. Даўка хліпаючы ў кулачкі, борзда скіравалася ў натоўп.

Натоўп абурана загуў, пачуліся нягучныя выгукі незадаволенасьці, злосна віскнула некалькі жанок. За шмат гадоў тутэйшага пакараньня людзі ўпершыню ўбачылі гэткі непарадак. Ад паклонаў суддзям і пацалункаў рук ката вызваляліся толькі тыя, каму на гэтай лаве адсякалі галовы. Але ж у Ульрыкі галава засталася на плячох, дык чаму ж яна ня кланяецца мажным, заслужоным, сівагаловым суддзям? I нават не цалуе спрацаваную руку ката, якая толькі за сёньня адмерала блізу паўсотні ўдараў. Завошта ж такая непавага да начальнікаў? Народ не любіў непавагі і паважаў парадак.

Вартаўнікі затрымалі Ульрыку, вярнулі яе пад браму.

Суддзі былі ўзрушаныя і зьбянтэжаныя. I нават не адразу сьцямілі, як трэба рэагаваць на гэткае непаслушэнства. Не падзякаваць і нават голасна плакаць, быццам суддзі яе пакрыўдзілі. Адзін суддзя сказаў, што гэткая Ульрыка праз сваю нявыхаванасьць можа дашчэнту збэсьціць увесь прэстыж судовай сістэмы. Другі заўважыў, што ад істоты жаночага полу нельга чакаць ніякае выхаванасьці. Трэці скрушна прызнаўся, што, мяркуючы па ўсім, суд дапусьціў памылку: навесьці любоўныя чары на слыннага рыцара магла толькі вядзьмарка. Таму Ульрыку і належала караць як вядзьмарку. Гэта значыць, спаліць. Паводле кодэксу, спаленыя на вогнішчы ад падзякаў і пацалункаў вызваляюцца. Новы прысуд дзяўчыне вынесьлі і ўхвалілі аднагалосна.

Спаленьне Ульрыкі адклалі на адны суткі — да наступленьня новага вечара з вялізнаю поўняй. Відовішча на гарадской плошчы было захапляльнае і сабрала безьліч народу. Вогнішча распалілі вялізнае, полымя гуло і шугала пад самае неба. Гэтым разам Ульрыка не прамовіла ніводнага слова, што канчаткова засьведчыла справядлівасьць высокага прысуду.


1995-1998?

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/