epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Непагадзь

Нізкае змрочнае паднябессе ўвесь вечар сеяла назойлівую вадзяную імглу; нейкай фальшывай радасцю нясцерпна блішчала вуліца; аўтамабільныя фары ганялі бліскавіцы ў мокрым асфальце; безліч мігатлівых водбліскаў гуляла ў гарадскім небе. У такія гадзіны нудлівай вячэрняй непагадзі Андрэй Андрэевіч асабліва балюча адчуваў адзіноту і скруху ў сваім невясёлым жыцці. Зябка захінуўшыся ў плашч, ён крочыў па люднай вуліцы і няўцямна ўглядаўся ў блішчастыя пералівы асфальту, расплывістыя цені прахожых, мітусню агнёў і ніяк не мог пагасіць у сабе нудных, надакучлівых, як гэтая макрэдзь, думак.

Ужо не першы год насіў ён у сабе тую тугу і трываў, бо што было рабіць? Даўно ўжо мінулася ў яго душы ўсякая павага да жонкі — недалёкай, поўнай дробязных клопатаў жанчыны, якая неўзаметку неяк прыйшла ў яго жыццё, як гэты шэры восеньскі вечар на змену дню. Вечна яна гаспадарыла, усе яе інтарэсы заўжды межаваліся кухняй, суседзямі і рынкам. Яна не цікавілася яго справамі, яго турботамі, а ён хацеў шмат чаго большага — хацеў агульнасці ўзроўняў, шырыні поглядаў, маладой весялосці ў жыцці, лёгкасці ўзаемаадносін. I крыўдна было тое, што жонка не хацела разумець яго дамаганняў, лічыла, што ён проста дзівачыць, і паранейшаму старанна мыла посуд, дбала пра хатнія набыткі і штодзень клала неразгорнутымі атрыманыя ўранку газеты. Андрэя Андрэевіча спачатку раздражняла гэтая прыземленасць яе натуры, некалі ён часта сварыўся, а потым маўкліва замкнуўся ў кола сваіх клопатаў і толькі пакутаваў. Часам карцела перайначыць усё, разарваць з нялюбым чалавекам, але адна акалічнасць у гэтай справе была непераадольнай; яны мелі дзяцей. Кірпатая разумніца Аленка і дапытлівы дуронік Валодзька з аднолькавай неўтаймаванай сілай трымалі ў палоне абодва бацькоўскія сэрцы.

Дождж усё сыпаўся — надакучлівы, роўны, несціханы. Камарыным паскокам снавалі на лужынах яго дробныя мігатлівыя кроплі. З вадасцёкавай трубы на рагу імчаў цераз тратуар імклівы ручай, і пухіры, бы дыяменты, мільгаючы, знікалі ў рашотцы вадазбору. Побач грукалі вялізныя дзверы «Гастранома», ад вулічнай непагадзі слязліва пацелі вітрыны. Па дарозе дадому Андрэй Андрэевіч часта заходзіў у гэты магазін, купляў дзецям гасцінцы. Ён зайшоў сюды і цяпер. Ля кас і прылаўкаў тоўпіліся пакупнікі, мільгалі ўсмешкі, рукі, позіркі, сумкі. Шум і гоман мноства людзей даходзіў да пачуццяў панылага Андрэя Андрэевіча нейкім невыразным клубком чалавечай задаволенасці, якая ў гэтай раскошы магазіна, здавалася, перапаўняла ўсіх і якой так не хапала яму. А душа ўсё прагла нечага светлага, ціхага, добрага... Ён купіў дзецям дзве шакаладкі і, паназіраўшы з хвіліну за людскім тлумам, падаўся ў дзверы.

На вуліцы зноў ахапіла яго дрыготкая восенская золь, пасля светлага цёплага прытулку асабліва агорклай здалася гэтая сырасць. Андрэй Андрэевіч наставіў каўнер і пайшоў далей у мокрую зіхатлівую ноч, несучы з сабой маркотныя думы чалавека, зморанага непагодай жыцця. Часам ён лавіў на сабе нейкія асаблівыя ў паўзмроку адкрытыя і цікаўныя жаночыя позіркі — загадкавую ласку струменілі прывабныя вочы, але не радасць, не шчасце, а боль і тугу параджалі яны ў чалавечым сэрцы.

Андрэй Андрэевіч уздыхае толькі і думае пра другую жанчыну, з якой у яго магло быць шчасце, — бадай, сапраўднае шчасце, што рэдка спраўджваецца і аб якім падоўгу, настойліва мараць людзі. Была чароўная суладнасць пачуццяў, узаемная павага і прыязнасць, чыстае светлае сяброўства. У тую адзіную ў кожнага чалавека вясну ўспыхнула каханне, і здавалася, нішто не ў стане парушыць іхняга шчасця. Але, дзіўная справа — яны парушылі яго самі.

Ніна тады канчала інстытут і якраз уваходзіла ў тую пару маладосці, калі зусім нечакана, увачавідкі расцвітае дзявочая прывабнасць. Не памятаючы сябе, захапіўся Андрэй яе чараўнічай маладой жаноцкасцю, узнёсласцю яе мараў, начытанасцю і спагадлівай чуласцю да чужых турбот. Абое яны з першай самаадданай гарачнасцю пакахалі адно аднаго — была вялікая радасць ад таго кахання, але яна несла і вялікае гора. Аднойчы выпадкам ён сустрэў яе ў гарадскім парку з двума маладымі афіцэрамі — яна не бачыла яго і гэтак, як і з ім, была вясёлая, жартоўная, і тая яе весялосць балючай крыўдай ударыла. ў Андрэева сэрца. Яны пасварыліся неўзабаве, і ён дзеля помсты і са злосці, не падумаўшы, пачаў заляцацца да другой. Не шмат мінула часу, і калі апамятаўся хлопец, Ніна была ўжо замужам — не за кім-небудзь з тых, сустрэтых у парку, а зусім за іншым, не вядомым яму чалавекам.

Гэта было ў сорак пятым годзе, у далёкім невялічкім горадзе на ўзбярэжжы славутай ракі, дзе незабыўнай казкай прамільгнула яго дзяцінства. Потым абое яны раз’ехаліся і ўжо не сустракаліся болей. Хутка раззлаваны і знявераны Андрэй Андрэевіч ажаніўся са сціплай ціхманай трэстаўскай машыністкай, аднак неўзабаве адчуў, што страціў сваё вялікае шчасце, а набыў незадаволенасць і горыч, толькі каго было вінаваціць у тым?

У апошнія гады Ніна ўсё часцей і часцей з’яўлялася ў яго памяці — паўставала ва ўяўленні такой, якою ён ведаў яе калісьці — маладой, клапатлівай, прыветнай. Калі-нікалі яна снілася яму, і жаданы мілы вобраз яе выклікаў нясцерпную тугу ў чалавеку. Андрэй Андрэевіч назаўтра хадзіў панылы, змрочны, разгублены, злосна пазіраў на дачасу раздабрэлую жонку і маўчаў. Жонка здагадвалася пра яго пакуты і нічога не распытвала, затое Алёнка, чуллівая да ўсякіх перамен у бацькоўскай душы, адразу насцярожвалася і пыталася, чаго татка сярдзіты. Ён на момант абуджаўся тады з паныласці, вінавата зазіраў у празрыстыя, крынічныя вочкі дзіцяці, супакойна гладзіў яе светлую кучаравую галоўку і казаў, што зусім ён не сярдзіты, што ён «так». Дзяўчынка недаверліва пазірала ў яго твар — здаецца, нешта ўжо адчувала яна, ды не магла зразумець.

Сам баючыся ў тое паверыць, Андрэй Андрэевіч няўрымсліва кахаў Ніну, вечары і доўгія бяссонныя ночы марыў аб ёй, жыў далёкімі незабыўнымі ўспамінамі аб іх кароткім каханні. Але ён не ведаў, дзе яна, што з ёй, як уладкавалася яе шчасце. Чамусьці ўвесь час жыла ў ім упэўненасць, што і яна не знайшла радасці ў паспешлівым замустве — папраўдзе ён вельмі хацеў, каб і яна не была шчаслівая, задаволеная — гэта прынізіла б яе ў ягоных вачах. Вядома, ён мог бы напісаць знаёмым, спытаць пра яе, але ён не наважваўся зрабіць гэта, бо не было ўпэўненасці, што не ўчыніць чаго-небудзь і не накліча гэтым вялікай бяды. Так ішоў час, і яна ўсё жыла з ім — у яго ўяўленні, думках, пачуццях — усё болей ушыркі і ўглыб разрастаўся ў яго душы яе выпеставаны ў марах вобраз.

Затканая сеткай дажджу, у канцы вуліцы вынікла плошча. Цьмянымі расплывістымі плямамі блішчалі ліхтары, у шэрым змрочным тумане невыразнай глыбай высіўся помнік. На голых галінках прысадаў, бы перламутравыя пацеркі, варушыліся вялікія кроплі, ліпла да тратуара сарванае непагодай пажоўклае лісце.

На аўтобусным супынку Андрэй Андрэевіч стаў за плячыстым у зялёным капелюшы мужчынам, наперадзе стаяла дзяўчына. Абое яны хавалі пад парасонам свае галовы, дзяўчына даверліва тулілася да дужай постаці свайго спадарожніка і ўвесь час гарэзна пазірала ў ягоныя вочы. Яны нешта перагаворваліся, ціха смяяліся. Андрэй Андрэевіч чамусьці ніякавата адчуў сябе ў гэтым суседстве з замілаваным чужым шчасцем, бяздумна павярнуўся і маркотна пабрыў на супынак таксі.

Машын, аднак, і там не было. Некалькі чалавек, што купкай стаялі ўскрай тратуара, нецярпліва пазіралі ў туманную далячынь і чакалі. Андрэй Андрэевіч зірнуў на людзей — побач соп дыхавічны таўсцяк з парасонам, нешта валтузілася ўсё маладая маці з дзяўчынкай, якая капрызна хныкала і нечага прасіла. Наперадзе нерухома чакала жанчына ў жаўтавым крэпдэшынавым плашчы з чамаданчыкам у руках. Не цікавячыся асабліва нікім, Андрэй Андрэевіч пачаў паглядаць на рог, адкуль выязджалі машыны.

I машына неўзабаве з’явілася. Сіняя «Победа», з мяккім шорхатам распырскваючы лужыны, гайданулася на рысорах і спынілася перад людзьмі. Да яе адразу кінулася некалькі чалавек. Андрэй Андрэевіч не ў час схамянуўся ад задумы і спазніўся — пярэднія дзверцы таксі ўжо адчыняла жанчына ў плашчы. Ад ляску дзверцаў ці мо’ ад якога ўнутранага падсвядомага штуршка Андрэй Андрэевіч зірнуў у машыну, і адразу нешта гарачае, хмельнае шыбанула ў яго голаў. Асветлены цьмяным святлом, за мокрай шыбаю аўтамабіля на адно нейкае імгненне мільгануў гэткі знаёмы і родны твар яго Ніны. Ад нечаканасці Андрэй Андрэевіч слаба ўскрыкнуў, рвануўся з месца і, штурхнуўшы некага, рынуўся наперад. Але машына ўжо бліснула чырванню стоп-сігналаў і падалася на плошчу.

Ён саскочыў з тратуара, кінуўся ўслед, прыдушаным чужым голасам гукнуў «Ніна», ды ўрэшце куды было гнацца! Невядома, што стала б з ім, калі б побач зноў не бліснулі яркія фары і зноў не спынілася таксі. Як апантаны, Андрэй Андрэевіч кінуўся да шафёра, нешта незразумелае крыкнуў яму, спрабуючы адчыніць дзверцы, зачыненыя знутры. За ручку разам з ім ухапіўся той дыхавічны таўсцяк і таксама абурана крычаў нешта. Андрэй Андрэевіч не звяртаў на яго ўвагі і, як толькі адчынілася машына, уваліўся туды і роспачна загаманіў шафёру;

— Братка, хутчэй... дагнаць трэба... вунь тую, сінюю...

Вадзіцель здзіўлена паглядзеў на ўзрушанага пасажыра, аднак хутка адпусціў тормаз. Не стрымліваючы нервовых дрыжыкаў, Андрэй Андрэевіч утаропіў праз шкло ліхаманкавы позірк — у туманнай далечы плошчы за помнікам, запаліўшы асфальт яркай чырванню, аддалялася сіняя «Победа».

Машына паслухмяна імчалася па мокрым асфальце, але Андрэю Андрэевічу здавалася, што яны едуць марудна. Ён жаласліва прасіў шафёра паддаць хады, а ў самога ўсё напялася ўнутры, дрыжала ад напружання кожная жылка, пачуцці заліла нязмерная радасць сустрэчы, у той жа час яго працінаў страх ад думкі згубіць «Победу». Ён так многа выпакутаваў за гэтыя гады, з такою сілай успыхнула ў ім жаданне бачыць Ніну, што, пэўна, ён гатовы быў зрабіць злачынства, каб толькі дагнаць яе.

Па роўным прамым праспекце сіняя «Победа» прывяла іх на вакзальную плошчу. Там яна на нейкі час прапала за аўтобусам, схаваўшыся, раз’ехалася з грузавымі машынамі і збочыла да білетных кас. Прыпаўшы да слязлівага шкла, Андрэй Андрэевіч пільна сачыў за ёю.

Яны трохі спазніліся. «Победа» на кароткім супынку ўжо высадзіла пасажырку і, зрабіўшы па плошчы шырокі круг, паварочвала ў горад. Неўзабаве спыніліся і яны, і Андрэй Андрэевіч, нават не зачыніўшы дзверцаў, подбегам кінуўся ў мітуслівы натоўп.

У штурханіне і гомане вакзала ён знайшоў Ніну перад раскладам руху цягнікоў. Яна чытала гэты расклад, пэўна, збіралася некуды ехаць. У Андрэя Андрэевіча моцна застукала сэрца і ажно аслабелі ад хвалявання ногі, калі ён наблізіўся да яе. Зноў не сваім, зацятым голасам ён неяк спуджана клікнуў;

— Ніна!

Яна ўздрыгнула, хуценька павярнулася, выявіўшы ў вялікіх вачах выразны спалох, які зараз жа змяніўся здзіўленнем. Нясмелая ўпачатку радасць адбілася на яе белым, паўнаватым твары. Яна ўскінула да яго руку ў пальчатцы, ён ухапіўся за яе дзвюма сваімі мокрымі далонямі і казаў нешта, сам не разумеючы што...

— Вось як... Знайшлася... Вось...

— Андрэй! — слаба ўскрыкнула яна, і ад хвалявання захадзілі яе высокія грудзі. — Андрэй, адкуль ты?..

— Ды вось стрэліся, — трохі ўжо авалодаўшы сабой, казаў Андрэй Андрэевіч. — Ты едзеш куды?

— Я? Ага, еду... Ці яшчэ не, але трэба... Сёння паеду.

Тады ён далікатна ўзяў яе за локаць і, патроху перамагаючы хваляванне, павёў між людзей у цесным праходзе.

— А я, ведаеш, на плошчы зірнуў у таксі, гляджу; ты! Ну, я на другое, даганяць. Ледзь-ледзь не згубіў... Вось...

Здарылася ж як! — ужо без ценю былых пакут і сумненняў радасна казаў Андрэй Андрэевіч.

— А як жа гэта ты? Адкуль? — пыталася яна, паслухмяна ідучы поруч і пільна ўглядаючыся ў яго твар, які ўсміхаўся збянтэжанай, трохі сарамлівай усмешкай...

— Я жыву тут... Ужо тры гады... Працую ў трэсце інжынерам.

Яны прабраліся ў самы кут пачакальнай залы, прыселі на ўскрайку дубовай з высокай спінкай канапы. Побач, узваліўшыся на чамадан і захінуўшы твар каўняром, ляжаў нейкі здарожаны пасажыр. Яны, аднак, не зважалі ні на кога.

— Ой, якая сустрэча!.. Якая сустрэча! — ад здзіўлення ці ад радасці, усё ўзіраючыся ў яго, казала Ніна. — А ты не змяніўся, Андрэйка. Усё такі, як быў. А колькі ўжо год мінула!..

Яна нялёгка ўздыхнула. Ён таксама з замілаваннем, з незразумелай тугой і бязмерным шчасцем глядзеў у яе прыемны, маладжавы, крануты сумнай усмешкай твар з падведзенымі тонкімі брывамі і па—ранейшаму доўгімі вейкамі. Яна зняла з галавы намоклы капюшон і апынулася ў модным зялёным бярэціку на кароткіх ільняных завітках. На Андрэя Андрэевіча адразу дыхнула ўспамінамі пра іх незабыўнае былое. Здавалася, усё, што было ў ягоным жыцці без яе, было сном, хворым трызненнем, а цяпер прадаўжаецца тое, ранейшае. Але трохі ўгледзеўшыся ў яе падпудраны твар, Андрэй Андрэевіч улавіў у ім нешта новае, невядомае яму, набытае, відаць, у тыя доўгія гады іхняй ростані. Аднак ён яшчэ не хацеў заўважаць гэтага і сказаў шчыра;

— I ты ўсё такая ж, Ніна...

Нешта, пэўна, большае, чым трэба было, вымавіў ён у апошнім слове, бо ў яе вачах бліснулі на момант іскрынкі нейкай здагадкі, але яна хутка пагасіла іх і спытала;

— Ну, як жа ты маешся?

Ён не хацеў ні думаць, ні гаварыць пра сябе, ён глядзеў, глядзеў у яе любыя вочы, трымаў у сваіх далонях яе руку, і вочы яго струменілі перамешаныя хваляваннем пачуцці. Але яна спытала яшчэ;

— Як ты жывеш? Ці шчаслівы?

— Я? — чамусьці здзівіўся Андрэй Андрэевіч. Так, ён быў цяпер шчаслівы, і ўсё іншае не датычыла яго, знікла з адчуванняў, унутры чалавека бурліла хмельная радасць. — Я так, нішто, — казаў ён. — Працую. А ты? Дзе ты? Як ты? Хто ў цябе?

Яна неяк трошкі журботна ўсміхнулася куточкамі вуснаў.

— Позна ж ты цікавішся, — папракнула Ніна і коратка ўздыхнула.

Ён адчуў тады, што сапраўды вінаваты перад ёй і аж здзівіўся цяпер, як гэта ён мог гэтулькі чакаць, маўчаць, нічога не зрабіць, каб адшукаць яе, сустрэцца, убачыцца. Але ён быў шчыры з ёю, і яго радасць, яго відавочнае шчасце сустрэчы сказала ёй болып за ўсе словы.

— Андрэйка, — пазіраючы ў глыб яго ўважлівых вачэй, сказала Ніна. — А я памылілася тады... памятаеш?.. — яна апусціла вочы. Боль яе смутку кальнуў у душы Андрэя Андрэевіча. — Я замужам, у мяне дзіця, але... мне нявесела...

— Ніна! — перабіваючы яе такі знаёмы па сабе сум і боль, загаварыў Андрэй Андрэевіч. — Не трэба цяпер пра гэта... Не трэба... Ведаеш, і мне... нявесела.

Яна яшчэ маркотна, бы з недавер’ем, зірнула на яго і зноў уздыхнула. Ён змоўк, і тады ўпершыню патухла радасць і ў яго стомленых цёмных вачах.

Нейкі час яны задуменна маўчалі. Паволі ўлягалася ўзрушанасць, новыя, засмучоныя ноты напаўнялі перажыванні абоіх. У ёй гэтая засмучонасць таксама была новая, незнаёмая яму: нейкае капрызнае раздражненне на кароткі час з’явілася на яе твары. Яна крыху задумалася — можа, што ўспамінала, — рукі яе у намоклых рукавах плашча нервова варушыліся на каленях, пальцы няўцямна церабілі пальчатку. Але так працягвалася нядоўга, хутка яна зноў, ужо весялей, зірнула на Андрэя Андрэевіча, відаць, перамагла нешта ў сабе і спытала:

— Як жа гэта ты, аднак, уздумаў даганяць мяне?

Мноства гарачых пакутных слоў узнялося тады, перамяшалася ў яго галаве, ад перажытага ўзрушання зблыталіся

яго думкі і намеры, і ён кусаў толькі свае засмяглыя вусны. Трэба было сказаць самае галоўнае, самае важнае, аб чым марыў ён доўгія гады. Жанчына нібы разумела гэта і чакала, не ў стане згасіць у вачах нямое трывожнае пытанне.

— Ніначка, каб ты толькі ведала! — натужна сказаў ён, глынуўшы ў горле пакутны камяк.

Яна павесялела ад яго невясёлых слоў, зноў, як калісьці ў далёкія гады, прыхінулася плячом да яго, узяла ў свае яго вялікую з набраклымі жыламі руку.

— У цябе сям’я.

— Так, сям’я, — сумна сказаў Андрэй Андрэевіч. — Двое малых...

— У мяне дачка... Вялікая ўжо... Муж маёр. Прыехалі вось з Далёкага Усходу. Ведаеш, як я апынулася тут? Ты мне сніўся ўчора, — стрымана бліснуўшы вачыма, паведаміла Ніна. — Я кінула ўсё і паехала... Шукаць цябе, — даверліва прызналася яна.

Побач за высокай спінкай канапы гаманіў вакзал, снавалі людзі, глуха хроп сусед, падкурчыўшы на сядзенні ногі. У цьмяным вялізным акне гулялі вулічныя водсветы, раўлі, лязгалі цягнікі за сцяной. Яны ж забыліся на свае справы і турботы, сядзелі, прыпаўшы адзін да аднаго, і слухалі пакутную споведзь сэрцаў.

Але ўляглося першае хваляванне сустрэчы, і неяк нечакана хутка мінулася яе чароўнае замілаванне, нешта куды больш простае і звычайнае ўваходзіла ў душу. Андрэй Андрэевіч усё глядзеў на жанчыну — збоку ён бачыў яе маленькае мяккае вушка, напалову схаванае ў завітках валасоў, далікатны, бы ў дзіцяці, пушок на шыі, і чамусьці гэтае суседства каханай усё меней кранала яго. Незразумела, чаму так хутка ў гэтай сустрэчы зніклі і хваляванне, і боль, і нават радасць, і ўнутры ў ім усё выразней расла незразумелая прыкрая няёмкасць. Прыгарнуўшыся да яго, сядзела любая жанчына, яго колішняя Ніна, а ў вачах чалавека праз туман гадоў выплываў іншы вобраз — вобраз той смяшлівай дзяўчыны, што засталася некалі ў далёкім горадзе на ўзбярэжжы славутай ракі... Андрэй Андрэевіч, крыху збянтэжаны ад такога здрадлівага пачуцця, душыў у сабе тую прыкрасць — ён не хацеў разлучацца са сваім выпеставаным у марах шчасцем.

— Разумееш, я ўжо думала розум страчу. Так прыкра, так сумна... А муж вечна заняты, нічога не бачыць, апроч сваёй справы... не цэніць. Спіць і ўсё мармыча пра нейкія свае клопаты. А я... а мне надакучыла гэта, я жыць хачу... Навошта гіне маё хараство?.. Думаю: прападзі яно ўсё пропадам, купіла білет і — сюды. Але хіба знойдзеш, не ведаючы! I вось ты — нібы сам бог паслаў.

Яна кінула на яго смяшлівы позірк і ніякавата, нібы засаромеўшыся, пачала церабіць пальчаткі, пасля, прывычна прыхарошваючыся, папраўляла валасы, бярэцік, полы плашча, і гаварыла, гаварыла... Ён маўчаў, слухаў пра яе жыццё з нялюбым, занятым службаю мужам і жахаўся, думаючы, што, бадай, гэтак сама сказала б пра яго самога ягоная жонка. Ён шчыра намагаўся выклікаць у сабе спагаду да жанчыны, але ў глыбіні душы ўсё настойлівей раздзімаўся яшчэ не ўсвядомлены да канца агеньчык незадаволенасці, прыкрасці ад яе апавядання. Нечага іншага карцела яму, нечага былога і каханага неставала ў ёй, і здавалася, быццам побач сядзіць нейкая незнаёмая, чужая жанчына.

Аднак яны доўга сядзелі прыгарнуўшыся і не чулі, як ішоў час. Сусед, што спаў побач, раптам прахапіўся, спачатку ўскінуў галаву, потым спусціў на падлогу ногі і запытаўся сіплым заспаным голасам:

— Колькі часу, не скажаце?

— Дваццаць хвілін на першую, — сказала Ніна і сама войкнула. Яна спазнялася на цягнік, да яго адыходу заставаліся апошнія хвіліны. Толькі зараз, узняўшыся з канапы, заўважылі яны, што ў зале прыкметна пацішала — людзі павыходзілі на пасадку — то быў апошні цягнік уначы. Сусед-пасажыр, сонна сапучы, знік недзе ў дзвярах, побач болей не было нікога, толькі на жаўтаватым узорным паркеце ляжалі нерухомыя цені канап.

Ніна збянтэжана замітусілася, зашпільваючы плашч. Мімаволі Андрэю Андрэевічу кінулася ў вочы сытая паўната яе некалі тонкага дзявочага стану. Жанчына была вельмі ўсхваляваная, белыя шчокі яе нервова ружавелі, вочы блішчалі трывогай. Андрэй Андрэевіч стаяў маўклівы і сумны.

— Андрэйка! — умольна сказала яна, горнучыся да яго і закідваючы голаў, каб зазірнуць у яго невясёлы твар. — Андрэйка, што нам рабіць?

Андрэй Андрэевіч маўчаў. Колькі гадзін назад, даганяючы яе, ён не ведаў яшчэ, што мог бы зрабіць дзеля гэтай жанчыны. Цяпер ён адчуваў, што, бадай, ужо нічога не вырашыць і нічога не скажа ёй.

— Андрэйка, шчасце, шчасце мінаецца... Гады ідуць... Што будзе потым, Андрэйка?.. Я чакала цябе... Ну, скажы мне што-небудзь...

Ён чакаў таго і баяўся. Баяўся, бо гэта было вялікае, складанае пытанне, незразумелае, загадкавае, і цяпер, калі ў яго адчуваннях перамяшалася ўсё, ён не ведаў, як паставіцца да здарэння. За гэтую нерашучасць і няўцямнасць ён праклінаў сябе ў думках, але маўчаў і разгублена глядзеў на жанчыну.

Яна абхапіла яго за плечы, утуліла твар у вільготныя складкі плашча, прыціснулася да яго ў роспачным дрыготкім парыве.

— Давай сыйдземся, будзем жыць, будзем кахаць адно аднаго, паважаць, шанаваць... Давай, Андруша!

Андрэй Андрэевіч балюча сцяў сківіцы.

— А дзеці? — спытаў ён сіпатым, тугім голасам, бы яго хто ўзяў за горла.

— Дзеці? — здзівілася яна і ўскінула ўгору заплаканы мокры твар. — Дзеці? У мяне добрая дзяўчынка, ты будзеш любіць яе як бацька... Ты будзеш рады... Яна паслухмяная такая, прыгожанькая... Андруша!!!

Яму зрабілася крыўдна, балюча ад таго, што яна не зразумела яго ці прыкінулася, што зразумела не так. I тады нешта новае з’явілася ў яго адчуванні — ён ужо ведаў, што ў нечым доўга памыляўся ў жыцці.

— А як жа мае дзеці? — разгублена спытаўся ён і нахмурыўся.

Яна адразу змоўкла, насцярожылася. Андрэй Андрэевіч адчуў, як звялі на яго плячах яе рукі — неўзабаве яна зусім прыняла іх. Потым жанчына пільна паглядзела ў схаладзелыя вочы Андрэя Андрэевіча і, відаць, не знайшоўшы таго, што шукала, моўчкі ўздыхнула.

А Андрэя Андрэевіча апаноўвала прыкрасць. Яна ўжо прарвалася ў душу шырокім струменем і засмучала яго міжвольна, але няўхільна, усё болей аддаляючы гэтую нядаўна жаданую жанчыну. I чамусьці ў тыя хвіліны Андрэй Андрэевіч забыўся на свае мары, на сваю няўтольную прагнасць да ціхага шчасця, яму стала ніякавата ад гэтай сустрэчы, ён шкадаваў ужо нечага, што адбылося сёння, злаваў на сябе за супярэчлівасць пачуцця да Ніны і зноў пакутаваў. Але ён усё ж прыцяў у сабе незадаволенасць і раздражнёнасць, выкліканую яе дамаганнямі, і сказаў ціха:

— Не, так нельга, Ніна...

Тады яна ўзяла свой чамаданчык і, разважыўшы нешта, паціху пайшла па праходзе. Ён падаўся следам.

Чыгуначнік з чырвонай павязкай выпусціў іх на перон. Уздоўж вузкай апусцелай платформы стаяў цягнік. Дождж перастаў, усюды ў лужынах ззяла адлюстраванне агнёў.

Ён вёў яе па доўгай платформе паўз уважлівыя позіркі нерухомых правадніц, і здавалася чалавеку: чужыя вочы з дакорам, бы ведаючы што, пазіралі на іх. А ў галаве Андрэя Андрэевіча настойліва чамусьці стукала неадчэпная думка: «Як жа гэта?.. Як жа гэта?..»

Недзе ў зіхатлівай цемры станцыі працяжна зароў паравоз. Ніна, разгубіўшыся, кінулася да свайго вагона, потым спынілася, падалася да Андрэя Андрэевіча, ухапіла яго за рукі.

— Андрэйка, падумай... Пішы, я чакаю... Чуеш?

— Куды ж пісаць? — усміхнуўся ён, згладжваючы ўсмешкай няёмкасць ад такой ростані. Яна выхапіла з сумачкі кавалак паперы, нешта чыркнула алоўкам і падала яму.

Калі цягнік крануўся, яна ўсё стаяла на прыступках і з—за спіны правадніцы махала яму. Ён трохі прайшоў следам, але цягнік усё набіраў імпэт, і вагоны, бліскаючы вокнамі, неўзабаве абагналі яго.

Тады Андрэй Андрэевіч спыніўся, не разумеючы добра, што адбылося. Нешта ціха, маўкліва і пуста стала на душы, і ён не ведаў яшчэ, радавацца ці бедаваць ад гэтага. То яму здавалася, што ён другі раз пакрыўдзіў яе, то сам пачынаў крыўдзіцца на Ніну. Пастаяўшы так, ён сунуў у кішэню паперку з яе адрасам — рука абмацала там шакаладкі, купленыя ў «Гастраноме», і чалавек нібы вярнуўся да будзённай свае рэчаіснасці. Ён неяк усміхнуўся, думаючы, што дзеці, пэўна, паснулі ўжо, не дачакаўшыся сёння яго гасцінцаў, і нешта цёплае, замілаванае ўвайшло ў яго пачуццё.

А ў небе тым часам зусім зніклі хмары, і над горадам высыпалі мігатлівыя зоры. «Пэўна, распагодзіцца», — машынальна падумаў Андрэй Андрэевіч, зірнуўшы ўгору, і ўздыхнуў, як уздыхаюць, пазбавіўшыся нялёгкіх турбот. Пасля ён шпарка пайшоў па платформе...


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/