epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Помнік ад дэмакратыі

Дзяржава была дэмакратычнай, дэмакратычным было грамадзтва. Культура, безумоўна, таксама будавалася дэмакратычная. Таталітарызм, хоць і нядаўна, але ўвесь сышоў у нябыт, пакінуўшы па сабе благую памяць. Людзтва рупілася пазбыцца яго надта ж нехуцавых наступстваў. Трэба было панішчыць яго нядобрую спадчыну і ўмацаваць дэмакратыю. Найперш было вырашана паставіць помнік Песьняру.

Пясьняр, безумоўна, быў дэмакратам (як і належала песьняру-патрыёту). Антыдэмакратычны рэжым ня раз кідаў яго ў турму, ягоныя творы не друкаваліся, а песьні не выконваліся. Улады абвесьцілі конкурс на найлепшы праект помніка, і ў конкурсе маглі ўдзельнічаць усе майстры, хто толькі хацеў. Абмяркоўваць таксама мог кожны. Праекты помнікаў былі выстаўленыя для агляду ў гарадзкім парку. Выбіралі дзень цэлы, і толькі пад вечар грамада спынілася на адным. То быў самы вялікі гіпсавы пясьняр. Некаторыя, праўда, хацелі сярэдніх памераў, але ім дружна запярэчылі, і тыя ўрэшце пагадзіліся. Усё ж памер — не апошні з крытэрыяў у грамадзтве, дзе іх і так было небагата. Той самы выбар зрабіла і афіцыйная камісія, складзеная з прадстаўнікоў уладаў і розных слаёў насельніцтва.

Далей ішло абмеркаваньне дэталяў. Амаль усе былі перакананыя, што адна галава добра, а шмат галоў — лепей. Скульптар, праўда, пярэчыў, але яму напомнілі, што той мае толькі адну галаву і дзьве рукі. А тут, калі пачалі галасаваць, паднялося мноства рук — значыцца, праўда была на іхнім баку. Таму прайшла яшчэ адна прапанова (дарэчы, сьвятара), каб Пясьняр быў не ў капелюшы, а зь непакрытай галавой. Да чалавека зь непакрытай галавой усё ж болей павагі, асабліва калі ён хрысьціянін. Але як быць з капелюшом? Ня кідаць жа яго долу, калі ён зроблены. Тады хтось прапанаваў: а хай ён трымае яго ў руцэ. Так і зрабілі. А яшчэ лепш, калі будзе трымаць не капялюш, а кепку. Скульптар лаяўся, але перарабіў. Тым болей што ў ранейшыя часы ён гэтых кепак нарабіў нямала, меў пэўны досьвед. Але тады падняўся адзін прадстаўнік вытворчага калектыву, які давёў, што кургузая куртачка — неяк непачціва для паважанага працаўніка культуры, якія ў свой час усе насілі паліто. Трохі паспрачаліся і вырашылі апрануць Песьняра ў паліто. Добрае паліто, нібы з драпу, шырокае ў плячох. Тым болей што адкрыцьцё помніка зацягнулася, настала восень. Ну, а калі восень, дык хутка і зіма, не стаяць жа чалавеку ў гамашыках на марозе, трэба яго абуць у... валёнкі! — прапанаваў самы здагадлівы. Скульптар пазелянеў ад злосьці ды роспачы. Але ўсё ж часы былі не таталітарныя, урэшце ўлічылі і думку скульптара, вырашыўшы абуць Песьняра ў боты. Калі на тоўстай падэшве, дык зусім будзе выглядаць няблага. Бы вайсковец! — узрадаваўся прысутны тут адстаўны палкоўнік. Матэрыял (бронза) дазваляе тое зрабіць грунтоўна, пагадзіўся і прафсаюзны прадстаўнік мэталюргічнага заводу. I помніку добра, і заводу рэкляма.

Галоўнае было абмеркавана і вырашана — што значыць калектыўны розум сталых, вопытных людзей, сапраўдных прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці. Невялікая меншасьць прысутных, праўда, была іншае думкі, але іх хутка пераканалі. Гэта раней такія справы вырашаліся індывідуальна, з гледзішча скульптара. А ў час разьвітой дэмакратыі ў тым мае права ўдзельнічаць усё грамадзтва. Тым болей калі гаворка ідзе пра ўшанаваньне памяці такога слыннага сына Бацькаўшчыны, як Пясьняр. I скульптар моўчкі пагадзіўся, бо меў патрэбу ў грашах і ня меў кватэры. 3 грашыма, вядома, сталася напруга, грошай не хапіла. Зьвярнуліся да спонсараў, далі ў друк адмысловы рахунак у банку. Ды марна. Чакалі два месяцы — ніводнай капейкі на той рахунак не паступіла.

Тым часам мінула і зіма, надарылася вясна. Прыгрэла сонца, па канавах пацяклі ручаі. Хтосьці з камісіі прыкмеціў, што Пясьняр будзе недарэчна выглядаць пад сонцам у сваім бронзавым паліто, нібы ў кажуху. Каб як паправіць тое, сказалі скульптару. Той у чарговы раз мацюгнуўся, але тут жа і паправіў — уціснуў "кажух" у таліі, Пясьняр ад таго зрабіўся страйнейшы і вышэйшы, бы памаладзеў, ці што. Тое дужа спадабалася камісіі і нават самому аўтару скульптуры. Праўда, трохі нагадвала шынелак, але тое нікога асабліва не заклапоціла — ці мала постацяў у шынялях стаяла на плошчах і раздарожжах ды нікога не турбавала.

Як дайшла справа да ўсталяваньня помніка, давялося крыху паспрачацца наконт месца. Месца ўвогуле было вядомае — плошча перад былым выканкамам, дзе некалі стаяў пафарбаваны пад бронзу Ільліч. Ільліча гадоў колькі таму зьнялі аўтакранам, а гранітны п’едэстал застаўся — казалі, не хапіла магутнасьці крану. Але разумнейшыя намякалі: на ўсякі выпадак (усе разумелі, які). I праўда, во прыдаўся.

Пры вялікай урачыстасьці, з аркестрам і прамовамі ад уладаў і грамадзкасьці адчынялі помнік слыннаму Песьняру. Народ пляскаў у ладкі, апазыцыя сьпявала "Пагоню". Ззаду да натоўпу падышлі старыя — дзядок і бабка. Бабка перахрысьцілася і кажа:

— Слава табе, Божа, ня думала, што дажыву...

— Да чаго дажывеш? — папытаўся дзядок.

— Ну, што вернуць... Леніна.

— Які табе Ленін! Хіба Ленін у шынялі стаяў? То — Сталін.

Да іх падышоў трохі маладзейшы, зь сівой чупрынай на галаве. Вайсковую фуражку зь сінім аколышам зважліва трымаў у руцэ.

— Памыляецеся, шаноўныя. То — таварыш Дзяржынскі.

— Во як! — у адзін голас зьдзіўлена мовілі дзед і бабка. — А мы думалі...

Невядома як зблізку, а здалёку і праўда тая бронзавая постаць дужа нагадвала ўсіх трох названых. Калі ня ў цэлым, дык па дэталях пэўна.

Начальства і грамадзкасьць, што стоўпілася паблізу пастамэнту, мабыць, нічога з таго не прыкмячала і не здагадвалася. Затое народ усё бачыў.

Хоць кожны бачыў, што хацеў бачыць.


2002

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/