epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Радасць

Вясна неахвотна і вяла гнала зіму. Снег ужо растаў, і вуліцы былі сухія і чыстыя, але хмарнае неба зусім не павеснавому дыхала на зямлю сцюдзёнымі вятрамі і асенняй золлю. Маладыя ліпкі вулічных прысадаў з зімы стаялі голыя і маркотныя. Гэткія ж сумныя чарнелі ў гарадскім парку іх старыя сародзічы; цесна сплёўшыся голлем, гойдалі яны на ветры ўсохлыя верхавіны з леташнімі варонінымі гнёздамі. I дрэвы і трава доўга і цярпліва чакалі свае пары, а нябачаныя звонку жыватворныя сокі вясны ўжо бруілі ў карэннях, гатовыя кожную хвіліну пусціцца ў рост.

I аднае раніцы, выбегшы на двор, Слаўка адчуў перш, чым убачыў, што нешта здарылася ўначы.

Чыстае ціхае паветра, прамытае цёплым начным дожджыкам, дыхнула на хлопца свежасцю і пагодлівай празрыстасцю. Нібы па-святочнаму вымыты, яркі блакіт неба ў высокім прасторы струменіў спакой і поўніўся святлом узышоўшага, але яшчэ не бачанага за дахамі далёкага сонца. Невялічкі дворык між сцяной і рэдкім плотам, шэры і нецікавы ўчора, заўзята зелянеў скрозь шэрань сухой леташняй травы. Здавалася, нават было прыкметна, як шавяліліся і шапацелі, выбіваючыся з зямлі, маленькія, але ўжо такія ўпартыя маладыя травінкі. А над мокраю бляхай даху кучаравілася старая шоўкавіца — гэта толькі што нарадзіліся яе кволыя лісточкі, і яна, нібы баючыся варухнуцца, асцярожна трымала іх на выцягнутых галінках.

Так уначы здарылася вялікае ў барацьбе цяпла і сцюжы, вясны з зімою, і вясна перамагла.

З асалодай дыхнуўшы свежага паветра, Слаўка нечакана адчуў, як шмат сілы ў яго маладым целе, і, нібы хлапчук, пабег па маладой траўцы. Было ранавата ісці на завод, але хлопец, не марудзячы ні хвіліны, памыўся на кухні, апрануў свой сіні камбінезон і, забыўшыся на снеданне, выйшаў на вуліцу.

Ускраінная гэтая вуліца горада ляжала яшчэ ў ценю. Над ёю ў прасторным небе ліліся бліскучыя патокі ранішняга сонца, і рэдкія невялічкія лужынкі на маставой гэтак жа ярка блішчэлі нябесным блакітам. Слаўка крочыў уздоўж знаёмых з дзяцінства домікаў, аздобленых першай зелянінай дворыкаў, агародж — з частакола, дашчатых і драцяных, новых і старых, яшчэ тых часоў, калі Слаўка не меў права адыходзіць далей трэцяга дома ад сваёй кватэры. Гэтай жа вуліцай дзесяць вёснаў Слаўка бегаў у школу, вунь яна ўжо бялее за павароткай. I зараз, калі Слаўка набліжаўся да яе, неўсвядомленая сіла старой прывычкі цягнула яго павярнуць управа, як зварочваў ён кожны раз у мінулым. Аднак з леташняй вясны яго шлях пралёг да іншай павароткі — на другую ўскраіну горада, дзе тырчэлі высачэзныя трубы і заводскія гудкі рознагалосым хорам будзілі ранак. Прыпамятаўшы цяпер тую вясну, Слаўка ўздыхнуў. Колькі было турбот і перажыванняў, ваганняў!..

— Слаўка, Шэлестаў! — пачулася ззаду. Хлопец спыніўся і азірнуўся. Шпаркім крокам даганяў яго малады чалавек у светлым плашчы, праставалосы і з партфелем у руках. Гэта Колька Вязаў. Яны даўно не бачыліся і ўзрадавана паціснулі адзін другому рукі.

— На работу? — запытаў Колька, ідучы побач.

— На работу, — адказаў Слаўка. — А ты ў інстытут?

— Ага. Трэба што-колечы падагнаць да заняткаў.

Некаторы час яны няёмка памаўчалі, раптоўна адчуўшы, што няма ўжо ў іх агульных інтарэсаў, потым Колька запытаў:

— Ну, як працуецца?

— Памалу. А як твая вучоба?

Колька не адразу адказаў на гэтае агульнае пытанне. Ён неяк нявесела агледзеў свае зграбныя жоўтыя камашы, відавочна перацяў уздых і сказаў проста:

— Так сабе, — і толькі пасля працяглай паўзы дадаў: — Увосень думаю падацца на педагагічны.

— Гэтак! — здзівіўся Слаўка. — А што ж архітэктурны?

— Эх, лухта адна.

Употай спачуваючы хлопцу, Слаўка ўздыхнуў. Архітэктурны, вядома, не лухта. Яшчэ мінулым летам, калі Колька бегаў туды і пакутваў на экзаменах, Слаўка разумеў усю недарэчнасць ягонага выбару. Ні да будаўніцтва, ні да малявання ў сябра не было ніякіх здольнасцей, і вабіла яго, бадай, адно толькі гучнае слова — архітэктар. Відаць, такі ж выйдзе з яго настаўнік, які і дойлід. Гэтак думаў Слаўка, моўчкі крочачы побач з былым сябрам, але ўслых не сказаў нічога. Неяк неўпрыцям здарылася так за гэты год, што былая дружба іх сыйшла на нішто без сварак і без асаблівага незадаволення адзін другім. Пакрысе яны ўзаемна аддаліліся, у абодвух з’явіліся новыя, блізкія толькі сабе клопаты.

Яны прыйшлі на астаноўку і стрымана развіталіся. Коля спяшаўся хутчэй дабрацца да інстытута, а Слаўка хацеў, не спяшаючыся, прайсці вясновы ранішні горад, а, бадай, яшчэ больш — пабыць адзін-на-адзін з сабой.

Слаўка быў апошнім сынам у некалі вялікай сям’і. Яго браты, скончыўшы ў свой час тую ж школу, дзе вучыўся і ён, ішлі ў людзі, і малы хлапчук быў сведкай выбару імі жыццёвых прафесій. Адзін брат стаў палярнікам, другі — ваенным лётчыкам, трэці прысвяціў сябе навуцы і ўжо дваццаць год цярпліва вывучаў ў Маскве нейкіх кузурак. Шлях іх жыццёвага станаўлення — памятае Слаўка — быў ахутан рамантыкай нязведанага, і ўсе ў доме, нават суседзі і знаёмыя, поўніліся чулай увагі да іх лёсу. У Слаўкавым жыцці ўсё склалася інакш. Здарылася так, што калі настаў час выбіраць сабе жыццёвы шлях, Слаўка моцна завагаўся. Добра было тым, якія, як кажуць, ледзь не з першага класа ўжо рашылі гэтую задачу і марылі стаць урачом або настаўнікам, ці знатнай даяркай. Слаўка ж з маленства ні аб чым гэткім сур’ёзным не задумваўся: у дзіцячыя гады яго займалі дзіцячыя клопаты і забаўкі, а марыць аб медыцыне ці геалогіі ён не меў ніякіх падстаў, бо амаль не ведаў, што гэта такое. Яму куды больш па душы быў дужы «МАЗ», дасканала зведаны на суседскім дварэ ў знаёмца-шафёра, чым невядомыя кузуркі, ці праектаванне высотных палацаў. Бацька — разумны і добры Слаўкаў татка, — пазіраючы на сына, не вельмі лез у хлопцаву душу, але, відаць, разумеў усё, што адбывалася ў ёй.

Аднойчы ў суботні вясновы вечар яны ўдвух пілі чай пасля лазні і маўчалі. Здавалася, кожны думаў сваё, але абодва яны думалі аб адным. Бацька, адставіўшы пустую шклянку, неяк вельмі пільна паглядзеў на сына.

— Вось што, хлопец, — сказаў ён. — Ідзі ты на завод. Папрацуеш, а там бачна будзе. Калі папраўдзе сказаць, дык яно будзе так, што лепш быць добрым шаўцом, чым дрэнным міністрам.

I Слаўка паслухаўся бацьку. Маці ж, тоячы мары аб славутым будучым малодшага сына, пратэставала бурна і доўга, але дарэмна. Ён пайшоў на завод, і, пэўна, з той прычыны, што машыны наогул падабаліся яму, пачаў працаваць на іх і рабіць іх. Вядома, ён можа вучыцца, каб з часам канструяваць іх, але які будзе з яго канструктар — невядома, а вось станочнік, здаецца, атрымліваецца нядрэнны. А бацька, пэўна, маючы на ўвазе гэтую думку, усё вёў гаворку наконт таго, што сініца ў кішэні куды лепш, чым журавель у небе.

Слаўка задуменна ішоў па малалюднай вуліцы. Побач з ім у цьмяным шкле шырокіх магазінных вітрын рухаўся другі Слаўка — у некалькі мешкаватым камбінезоне, невялічкі ростам, круглатвары і ўсмешысты. Гэты Слаўка часам цікавіўся тым, пазіраў у шкло, і іх позіркі сустракаліся. З вітрыны хітравата глядзеў кірпаты хлапечы твар са зблытанай чупрынай — нічога ні гераічнага, ні рамантычнага ў ім — звычайны твар звычайнага хлопца.

Усё было б добра ў Слаўкавым жыцці і шчасце было б поўнае, калі б не адзін чалавек на заводзе. З першага дня Слаўкавага з’яўлення ў цэху наладчык станкоў Прохараў нямаведама чаму ўзненавідзеў хлопца і не прапускаў ніводнага выпадку, каб не ўкалоць чым яго. Хоць гэты Прохараў і наогул быў чалавек няўрымслівы і злоязыкі, але да

Слаўкі меў асаблівую пагарду і кпіў з яго, калі толькі мог. Спачатку Слаўка не крыўдзіўся, зводзіў на жарт ягоныя кпіны, аднак пакрысе крыклівы наладчык стаў адзінай надакучлівай хмурынкай у заводскім жыцці юнака.

Успомніўшы Прохарава, Слаўка так задумаўся, што аж забыўся на хараство ранка. Сонца ўжо ўзнялося над дахамі і асвяціла адзін бок вуліцы. Дамы на гэтым баку заблішчэлі зусім чыстай белізною, нібы толькі ўначы іх нанава пафарбавалі. Зазіхацелі вокны на паверхах, цераз брусчатку маставой праляглі шырокія сіняватыя цені з рэдкімі палосамі святла ад прамежкаў у будынках, а ліпкі, нібы маладыя дзяўчаткі, адна перад другой выхваляліся сваімі зграбненькімі кучаравымі прычоскамі.

Слаўка хоць і не спяшаўся, але прыйшоў у цэх ранавата.

Ранішняе сонца, бадай, упершыню за гэтую вясну пранікла ў вялізную будыніну цэха і з зашклёных дахаў развесіла над абсталяваннем светлыя промні.

Слаўкаў зменшчык на станку яшчэ заканчваў сваю норму і сказаў нешта, але ў грукаце і шуме хлопец не пачуў нічога і адышоў убок, каб не замінаць чалавеку. Не ведаючы, чым заняцца ў гэтую рэшту вольнага часу, ён накіраваўся да выхаду, але спыніўся ля апошняга ад дзвярэй станка. Станок не працаваў, а гаспадар яго, абапершыся аб кожух, нецярпліва пазіраў, як наладчык Прохараў, зняўшы ахоўны шчыток, корпаўся ўнутры станка. Слаўка цераз плячо наладчыка зазірнуў туды, але Прохараў у гэты час выпрастаўся і штурхнуўся аб хлопца.

— Якога д’ябла таўчэшся тут? — злосна гыркнуў ён у твар Слаўкі. Хлопец адышоў на крок і зводдаль назіраў за нярвовымі рухамі наладчыка.

Тым часам у цэх заходзілі людзі, якія прыйшлі на змену, і спыняліся ля сапсаванага станка. Станкі былі новыя, называліся паўаўтаматамі, рабочыя яшчэ не вельмі асвоілі іх, і таму ў рабоце здараліся розныя хібы. Наладчык і дзяжурны механік мелі вялікі клопат. Вось і цяпер Прохараў калупаўся, мабыць, з гадзіну, але ніяк не мог знайсці няспраўнасць. Калі даваліся абароты, сілавая група пераходзіла ў рух, а валік перадач не рухаўся з месца. Наладчык лаяўся, зазіраў ва ўсе адтуліны, але дарма. Рабочыя стаялі над ім, таксама мацалі розныя месцы, перашкаджалі Прохараву і давалі парады.

— Электраабсталяванне трэба праверыць, — даводзіў жвавы мітуслівы Семянчук, які, не дайшоўшы яшчэ да свайго станка, запэцкаўся ўжо горш за наладчыка.

— Не, голубе, тут справа ў трансмісіі, — не згаджаўся пажылы вусаты Астап Ільіч у старамодных акулярах з маленькімі шкельцамі. Франтаваты Зяблікаў, малады яшчэ хлапец з накручанымі валасамі і нахабным тварам, бесцырымонна адштурхнуў Слаўку і палез да наладчыка.

— Дай, маэстра, я загляну разок.

Ён паглядзеў унутр станка і ўпэўнена тыцнуў пальцам у нейкі вузел.

— Вось, маэстра, шукай тут.

Але наладчык праз момант ужо лаяў самаўпэўненага знаўцу і ўсё глыбей засоўваў сваю галаву ўнутр станка.

Слаўка глядзеў на марныя намаганні Прохарава і напружана думаў, уяўляючы сабе ўзаемадзеянне механізмаў і імкнучыся знайсці прычыну няспраўнасці. Раптам у яго знікла цікаўнасць да таго месца, куды была накіравана ўвага людзей, і хлопец зайшоў на другі бок станка, дзе не было нікога. Кішэнным ключыкам ён адкруціў гайкі і зняў заслонку. Было крыху цемнавата, і хлопец амаль вобмацкам даследаваў вось ролікаў слізгання і выявіў, што канічная шасцярня спаўзла са шліцоў. Ён памацаў стопар, але яго не было ў гняздзе, пэўна, дрэнна закручаны, ён выпаў і шасцярня паволі спаўзла са свайго месца. Нічога пакуль не гаворачы, хлопец пашукаў у кішэнях, дзе заўжды было шмат рознай металічнай дробязі, знайшоў здатны вінцік і часова замацаваў шасцярню. Усе тоўпіліся ля наладчыка і ніхто не сачыў за хлопцам, і не адразу звярнулі на яго ўвагу, калі ён папрасіў, каб далі абароты. Тады ён сказаў настойлівей:

— Дайце абаротаў.

Наладчык узняў ад станка злосны твар і крыкнуў:

— А ты яшчэ чаго тут? Не лезь не ў сваю справу.

Але Астап Ільіч абышоў станок і, убачыўшы занятага справай хлопца, таксама паўтарыў яго просьбу. Старога паслухалі, і Семянчук уключыў станок. З мяккім шэлестам рабочы агрэгат станка прыйшоў у рух, і рабочыя з таго боку ўсе разам перайшлі на гэты. Слаўка, які пільна ўглядаўся ў станочную адтуліну, нечакана гатовы быў зусім збянтэжыцца ад увагі многіх вачэй. Ён больш, чым патрэбна было, глядзеў на цьмянае зіхаценне імклівай шасцярні, але нарэшце ўзняўся. Ніхто не прамовіў ні слова. Скупыя на хвалу рабочыя стаялі некаторы час, сочачы за рухамі станка, а потым, страціўшы цікавасць да яго, ужо спраўнага і працавітага, пачалі разыходзіцца. Слаўка ўпершыню ўзняў вочы, не стрымаўшы жадання ўбачыць кплівага наладчыка, але яго не было тут. Адзін толькі Астап Ільіч усё гладзіў вусы, стоячы побач, і нарэшце сказаў:

— Аднак добра гэта ты справіўся, малайчына.

Слаўка выйшаў пакурыць на якую хвіліну, што заставалася да пачатку змены.

Яркае ранішняе сонца зіхатлівымі праменнямі і вясновай цеплынёй поўніла прасторны заводскі двор; безліч светлых блікаў ад шкла і металу блішчэла наўкола; зеленаватым рэдкім воблачкам быў ахутан малады клёнік, пад якім на скрынках дымілі цыгаркі рабочых. Слаўка накіраваўся туды, але ўбачыў там Прохарава і спыніўся. Не хацелася яму зараз бачыць гэтага свайго ворага. Аднак нешта новае і рашучае з’явілася зараз у ім, і хлопец цвёрда закрочыў да клёніка.

— Ну і спрытна, маэстра, гэты блазан уцёр табе нос, — гойдаючы нагою, загаварыў да Прохарава Зяблікаў. Слаўка з—пад ілба зірнуў на наладчыка, ён чакаў, што той зноў скажа што-небудзь абразлівае, і падрыхтаваўся не змаўчаць, а на гэты раз даць добры адпор. Але Прохараў нечакана спакойна сказаў:

— Ідзі сюды, Слава, сядай і закуры маіх, ленінградскіх.

Ад гэтых слоў Слаўка аж разгубіўся нават і, падпарадкоўваючыся сардэчнасці чалавека, падышоў да наладчыка і няёмка сеў побач. Ён закурыў тых, ленінградскіх, папярос і прыемна адчуваў, як паступова знікае ў ім злосць да гэтага чалавека і з’яўляецца новае, яшчэ нязведанае добрае пачуццё. Нейкі час ён маўчаў, рабочыя ўсмешліва і добразычліва пазіралі на яго, а наладчык сказаў:

— Ты не вельмі крыўдлівы, праўда? Ну і добра.

— А што яму крыўдаваць? — не сунімаўся Зяблікаў. — Ён, глядзі, хітрэйшы за цябе, маэстра.

Прохараў пільна з—пад ілба паглядзеў на франтаватага рабочага:

— А ты маўчы! Ну і хітрэйшы, і разумнейшы, дык што ж? Ён атэстат сталасці мае, а мы што з табой — па сямігодцы?

— Э не! Я больш.

— Усё роўна дурань, — адрэзаў Прохараў. — А ён вось малайчына.

Слаўка сарамліва ўсміхаўся ад наладчыкавых слоў і думаў: як гэта дзівосна атрымліваецца, што нечаканая ўвага нядаўна яшчэ непрыемнага чалавека стала такой прыемнай і жаданай, і сам чалавек гэтак адразу перамяніўся да яго. Але ўсё тое добра, што добра канчаецца. У Слаўкі ж вось апошняя ільдзінка, якая засмучала яго нядаўна, растала ў гэты пагодлівы ранак, і, зірнуўшы ў высокае чыстае неба, хлопец, здаецца, упершыню адчуў прамяністую звонкую радасць вясны.


1956-1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/