epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Сабакі

Шмат год у добрым суседстве жылі гэтыя людзі, жылі ціха і мірна, збіраліся калі ў святы, выпівалі па чарцы, спявалі і весяліліся. I ніколі іх узаемаадносіны не даходзілі да прыкрасці або сваркі. Бадай усе жыхары зялёнай ускраіннай вулічкі лічылі, што няма ў цэлым свеце лепшых дружбакоў, чым гэтыя дзве бяздзетныя паважаныя сям’і.

I раптам уся іх шматгадовая дружба імгненна паляцела ў тартарары.

У той цёплы вясенні адвячорак сядзелі яны ў двары свайго двухкватэрнага, пафарбаванага охрай доміка і, як заўсёды ў такі час, гулялі ў даміно. Яны — гэта пенсіянер Круглоў — здаровы і даволі яшчэ маладжавы дзядзька з голенай галавой і манерамі былога вайскоўца, яго жонка — Кацярына Кірылаўна, вельмі ж дзябёлая і рашучая з выгляду кабета, іх суседзі — ён і яна Аўсейчыкавы, — надзіва худыя, быццам высахлыя людзі, якія болей за ўсё на свеце клапаціліся пра свайго Банціка — вельмі рухавага, дабрадушнага і касмылявага сабачку. Гэты Банцік увесь час круціўся ў двары, прабаваў злавіць матыля, цёрся пад сталом аб гаспадарскія ногі, а пасля знік, і занятыя гульнёй Аўсейчыкавы, відаць, адразу таго не заўважылі.

Каб затым усё было зразумела, трэба зазначыць, што быў у гэтым двары і яшчэ адзін сабака, даўні прыжывалец Кругловых, якога гаспадар у пагодныя вечары асабіста вадзіў на прагулку. 3 выгляду ён нагадваў здаравеннага таўстамордага ваўкадава, з лянівым і змрочным характарам. Круглоў прыдбаў яго недзе ў Германіі і вельмі ганарыўся ягоным чыстакроўным паходжаннем.

I вось у такі час, калі гулякі, поўныя ўзаемнай павагі і лагоднае чуласці, умеру грукатліва дагульвалі свайго казла, аднекуль з—за хлеўчука з віскам і вуркатам, сашчапіўшыся ў клубок, выкацілася гэтая сабачая пара. Ніколі дагэтуль не было выпадку, каб яны пагрызліся, і таму гаспадары ад спалоху і здзіўлення ажно жахнуліся. Аўсейчыкаў імгненна кінуўся да гэтага мітуслівага клубка вызваляць Банціка, які страшэнна якатаў; грозна крыкнуў нешта на сабак Круглоў, але нішто не падзейнічала. Сабакі, як ашалелыя, перакаціліся цераз двор і грызлі адзін аднаго ў крапіве пад плотам. Тады Кацярына Кірылаўна, раптам праявіўшы незвычайны для яе таўшчэзнага цела спрыт, ускочыла з лаўкі і падхапіла з прызбы поўную вады палівачку. Сабакі ў апошні раз віскнулі, калі на іх пляснуў шырокі сцюдзёны струмень, і разбегліся ў розныя бакі. Банцік, зрэшты, не дужа ўцякаў — выйшаў на сярэдзіну двара і атрахваўся, і тут аказалася, што яму перапала больш і яго пакудлачаная намокшая шэрсць агідна тырчыць ва ўсе бакі. Абодва Аўсейчыкавы кінуліся да яго, пачалі лашчыць, і Аўсейчыкава жонка неспадзявана пасцюдзянелымі вачыма зірнула на суседку.

— Аднак нельга ж так. Дашчэнту мокры! — дзіўна дрыготкім голасам вымавіла яна.

— А каб на іх воўка, ашалелі, ці што, — казала Кацярына Кірылаўна, няёмка месцячыся на вузкай дашчэчцы лаўкі.

— Дык гэта ж усё ваш. А аблілі вы нашага, — не магла стрымаць крыўды Аўсейчыкава. Кацярына Кірылаўна здзіўлена ўскінула бровы.

— Дык ён жа Джульбарса за карак ірваў. Так учапіўся, што...

— Ага, ірванеш вашага Джульбарса. Чакайце! Такая ваўкадавіна!

— Ну годзе вам. Давайце гуляць, — басавіта прыпыніў непрыемную размову Круглоў.

Аўсейчыкава ўзнялася, не зводзячы позірку з мокрага Банціка, і тады аказалася, што той у дадатак да ўсяго яшчэ і кульгае.

— Ну, глядзіце, глядзіце, што нарабіў гэты ваўкадаў. Бядняжка! I яго яшчэ вадой абліваюць.

Тут ужо адбыўся перапалох. Аўсейчыкаў, укленчыўшы перад сабакам, пачаў аглядаць яго. Круглоў таксама падышоў да іх, адна Кацярына Кірылаўна нешта адчула і заставалася на месцы.

— Кроў? Нага пракушана, — панылым голасам канстатаваў Аўсейчыкаў. — Я ж казаў, Кузьма Іванавіч, трэба на прывязі трымаць. Цяпер палюбуйцеся, што нарабіў гэты дварняга.

— Хто? Наш Джульбарс — дварняга?! — жахнулася за сталом Кацярына Кірылаўна. — Гэта ваш — шаўка. Так яму і трэба.

— Хопіць! — строга крыкнуў на жонку Круглоў і павярнуўся да суседа. — Парода Джульбарса хай вас не датычыцца. А калі ваш сабака паддаецца, дык яго і прывязвайце.

Аўсейчыкаў з нянавісцю паглядзеў на пенсіянера, а яго жонка аж затрэслася нібы ў ліхаманцы.

— Ты нам не ўказ! — адпусціўшы ўсе павады стрыманасці, завірашчэла яна. — Гэта вам не армія! Мы тут пятнаццаць год жывем, і ніхто нашага сабачку раз не ўкусіў. А як вы прыехалі, яму жыцця не стала. Хамы вы!

Ось тут і пайшло, павяло на згубу ўсёй, столькі год ладжанай, мацаванай дружбе.

Кацярына Кірылаўна, устрапянуўшыся за сталом, сказала Аўсейчыкавай нешта куды больш калючае за шаблоннае слова «хамы». Аўсейчыкаў, звузіўшы злосныя вочы на худым твары, заікаючыся, зазначыў, што ён не чакаў такога ад паважаных суседзяў. Круглоў, адчуўшы зняважанай сваю беражоную годнасць, аб’явіў Аўсейчыкава сапляком і вытлумачыў, што ён, Круглоў, батальёнам камандаваў, калі абодва Аўсейчыкавы пехатой пад стол хадзілі. Аўсейчыкаў на тое адразу ж зазначыў, што гэта аднак не перашкодзіла былому камандзіру застацца ідыётам.

На крыкі і лаянку за плотам збегліся вулічныя хлапчукі, ціхенька прыадчыняліся за кветнікамі суседскія вокны, дзенідзе з—за вуголля паказваліся цікаўныя да сваркі жаночыя постаці, але сварліўцы ўжо не прыкмячалі нічога. Да позняй ночы, стараючыся перакрычаць адзін аднаго, пералічвалі яны ўласныя крыўды і суседскія хібы — і тое, што Кацярына Кірылаўна варыць нікуды не варты крупнік, і тое, што ў Аўсейчыкавых не прыбіраецца кухня, і што Кругловы позняцца плаціць за кватэру, а Аўсейчыкавы плеткары і хціўцы, і што Кацярына Кірылаўна тоўстая, а Аўсейчыкава худая і непрыгожая. Угаманіліся, мабыць, апоўначы, а ўночы Круглоў бегаў у аптэку за лякарствам для жонкі, а Аўсейчыкава хліпала да ранку, пакутуючы ад намаганняў прыдумаць якую помсту за тысячу пякельных зняваг.

Назаўтра ўранку аказалася, што хляўчук, дзе ляжалі дровы Кругловых і дзе часам начаваў Банцік, запёрты на вялізны замок. Аўсейчыкаў, які ўжо ішоў на працу і выявіў тое, вярнуўся, здзеў свой макінтош, і, узяўшы малаток і цвікі, са зларадствам на твары падступіўся да прыбіральні. Ён мабыць гадзіны на дзве спазніўся на працу, але прыладзіў замок на дзверы гэтай забудовы і з выглядам здзейсненай помсты аднёс у кватэру ключ.

На ціхім зялёным падворку, з клумбай, кветнікам і бухматым кустом адцвіўшага бэзу, дзе раней быў райскі ўтулак і згода, разгарэлася незвычайная барацьба. Перш за ўсё тут абязлюдзела. Збіты вясной са старых дошак стол і дзве ўкапаныя ў зямлю лаўкі цяпер пуставалі ўсе ранкі і вечары, дзверы агульнага калідорчыка рэдка расчыняліся, вокны былі заўжды завешаны паркалёвымі фіранкамі. Дом зрабіўся змрочны, непрыветны і варожы, як і яго гаспадары. Джульбарс цяпер без гаспадара не з’яўляўся ў двары (Кругловы баяліся атруты) і толькі ўвечары, калі на вуліцы запальваліся рэдкія ліхтары, зласчасны сабака выходзіў на кароткім павадку, заціснутым у дужай руцэ Круглова. Банцік жа круглыя суткі шкрэбаў дзверы ў пакоях Аўсейчыкаў.

Пасля таго вечара між варожымі бакамі не было сказана ні слова, але барацьба набыла лютую форму. Праз які тыдзень на падворку з’явіўся незнаёмы чалавек у цёмным пінжаку, выцяг з кішэні блакнот і, паглядзеўшы спачатку ў яго, а пасля на рог дома, рашуча пастукаў у дзверы. Адчыняць выбегла Аўсейчыкава, яна, пэўна, ведала, што патрэбна гэтаму чалавеку, які назваў сябе супрацоўнікам рэдакцыі. Ён нешта выпытваў у яе, запісваў, пасля пастукаўся да Кругловых. Праз гадзіну пасля яго адыходу Круглоў надзеў кіцель з ордэнскімі планкамі, вайсковую фуражку і пайшоў. Неўзабаве ён вярнуўся з вусатым пажылым дзядзькам, які прынёс з сабой скрыначку са сталярскім інструментам. Яны разам агледзелі калідорчык, і дзядзька пачаў праразаць у яго дашчатай сцяне асобны ход. Дні праз тры, пэўна, у адказ на гэтую меру, тут з’явіліся двое вясёлых маладых хлопцаў, яны выкапалі ўпоперак двара некалькі ямак, укапалі слупы і да вечара збілі плот — магутны бастыён на рубяжы двух варожых уладанняў. А ўвечары таго дня ў вокнах Кругловых ледзь не да світання не гасла святло і на фіранцы ківаўся каржаваты цень гаспадара, які ўсё пісаў і пісаў нешта. Пэўна, тое пісанне ўнесла змены ў дамаседнае жыццё пенсіянера, які затым кожнага ранку адразу ж за служачым Аўсейчыкавым пачаў хадзіць некуды. Суседзі казалі, нібыта бачылі яго то ў ваенкамаце, то ў міліцыі, то ў гарсавеце. Аўсейчыкава ж даўно ўжо абівала парогі ў домакіраўніцтве, ветэрынарнай лячэбніцы і нават у пракуратуры.

У выніку гэтых дамаганняў праз колькі дзён Круглоў атрымаў павестку даставіць свайго Джульбарса ў ветэрынарную лячэбніцу для праверкі на шаленства. Пенсіянер выканаў гэта, але ў той жа вечар, не знайшоўшы іншага спосабу помсты, абрэзаў провад, які з рога яго кватэры падключаў іх дом да вулічнай электралініі. Некалькі начэй дом стаяў як не жылы — з цёмнымі вокнамі, маўчала радыё, і гаспадары адной кватэры слалі праклёны другім, а тыя ціха радаваліся.

I вось праз некалькі дзён ля брамкі іхняга дома спынілася чорная «Волга», з якой вылез сам старшыня гарсавета з начальнікам гаржыладдзела. Яны абышлі ўсё, агледзелі сляды застарэлай варожасці, паслухалі стрыманыя, поўныя ўзаемнай нянавісці довады дзвюх гаспадынь і, паківаўшы галовамі, паехалі. Паколькі справа гэтая здалася ім вельмі складанай, кіраўнікі паабяцалі назначыць камісію.

Некалькі дзён Аўсейчыкавы былі на сёмым небе. Прачынаючыся ўранку, яны перш за ўсё выглядвалі на вуліцу, пасля пільнавалі ля вакон — чакалі створаную па іх заявах камісію, якая разбярэ справу і пакарае ворагаў. Але ворагі таксама не бедавалі. Круглоў час ад часу наведваўся ў горад, званіў з аўтамата — ён таксама чакаў камісію, якая для разбора ягонай справы была створана ў ваенкамаце. У яго таксама была на яе вялікая надзея. Вестка аб доўгай барацьбе гэтых сем’яў ужо разнеслася па горадзе і шмат хто са знаёмых быў у курсе падзей і таксама чакаў камісій.

I вось камісія з’явілася.

У адзін вясёлы жнівеньскі ранак загрукала з вуліцы брамка, і Круглоў з Аўсейчыкавай навыперадкі кінуліся адчыняць. Неяк так сталася, што пенсіянер не дабраў спрыту, і засоў адсунула Аўсейчыкава. Пасля яны абодва сціхамірыліся ля варотцаў, прапускаючы ў двор знаёмых і незнаёмых людзей — і намесніка старшыні гарсавета, і домакіраўніка, і гарадскога пракурора, і карэспандэнта мясцовай газеты, нейкага ваеннага ў форме і нават участковага міліцыянера. Захожыя, не дужа вітаючыся з гаспадарамі, з гоманам разыходзіліся па панадворку, аглядаючы дзесяткі разоў апісаныя ў скаргах замкі і платы, гамонячы паміж сабой і спрачаючыся. А Круглоў з Аўсейчыкавай у той час стаялі ля брамкі і ламалі галовы, згадваючы, чыя гэта камісія. Тое ж, відаць, больш за ўсё цікавіла і Кацярыну Кірылаўну з Аўсейчыкавым, якія нечакана поплеч апынуліся ля ганку па другі бок двара. I тады раптам высветлілася, што абедзве камісіі аб’ядналіся.

На панадворак вынеслі крэслы, і людзі, абляпіўшы стол пад кустом бэзу, узяліся высвятляць справу.

Засядалі доўга. Былі выслуханы ўсе ўдзельнікі недарэчнае сваркі, якія нішчылі адзін аднаго і патрабавалі знішчэнне «шалёнай» сабакі. Кацярына Кірылаўна ў часе абмеркавання два разы млела, і Круглоў вяртаў ёй прытомнасць нашатырным спіртам, які спецыяльна для таго трымаў у кішэні; Аўсейчыкава разоў з дзесяць бралася плакаць. Абодвума бакамі ў адрас сваіх ворагаў было сказана столькі, што члены камісіі пазбягалі глядзець адзін аднаму ў вочы і толькі трудна ўздыхалі. Уздыхаць, прынамсі, было ад чаго — час ішоў, а вінаватыя і сродкі прымірэння так і не былі вызначаны.

I ў такі час, калі ўсе ўжо былі страшэнна змораны чалавечай непрымірымасцю, за сталом раздаўся вясёлы голас маладога рахманага пракурора.

— А дзе ж тыя сабакі, якія ўсчалі ўсё гэта. Мо’ і сапраўды трэба садраць з іх скуру, калі яны нарабілі тое. Можа яны сапраўды шалёныя?

Людзі пачалі азірацца, гаспадары кінуліся ў пакоі, дзе некалькі месяцаў пільна ўтрымліваліся іх падапечныя, але аказалася, што дзверы абодвух кватэр з ранку расчынены і сабакі зніклі.

Тады ўсе разышліся па двары, цюцюкаючы чацвераногіх зачыншчыкаў, і неўзабаве недзе за рогам раздаўся гучны, раскоцісты, ажно гамерычны рогат пракурора.

— Ха-ха-ха! Ой, ха-ха-ха! Глядзіце: цуда і толькі.

Усе кінуліся ў той бок і абступілі чалавека, які, аберуч ухапіўшыся за жывот, рагатаў і ўсё паказваў пад плот.

Ля плота сабралася чалавек з дзесяць членаў камісіі, чацвёра суседзяў-ворагаў, і ўсе моўчкі, поўныя здзіўлення пазіралі ўніз, дзе ў цяньку ад плоту надзвычай лагодна прыхінуўшыся адзін да аднаго соладка і мірна спалі Джульбарс і Банцік. Смех і людзі, вядома, разбудзілі іх, але сабакі не збіраліся ўцякаць, толькі незадаволена прыўзнялі галовы і лена глядзелі на развесялелых людзей.

Сапраўды, уся гэтая застарэлая варожасць здалася дзівосна дробязнай, апрыклай і недарэчнай у параўнанні з бяздумным сабачым мірам. I першы тое адчуў, відаць, Круглоў. Ён раптам плюнуў пад ногі і торапка пайшоў у дом, гучна бразнуўшы дзвярыма.

За ім, хаваючы ад людзей вочы, папляліся Кацярына Кірылаўна і Аўсейчыкавы, а члены камісіі, раптоўна загаманіўшы ўсе разам, пачалі дружна збіраць са стала паперы.

Неўзабаве ў двары пад плотам засталіся адны, надзіва дружалюбныя, сабакі.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/