epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Салдацкі лёс

— Гэй, цесля, перакур!

— Перакур, кажу. Пашкадуй сякеру!

— А-а! А я і не пазнаў. Гляджу, думаю, хто такі? Ну чакай, зараз злезу.

— Памагчы мо?

— Ну што ты? Я сам... Прывык, так што... Здалёку ідзеш?

— Ды з раёна. Чую, цюк-цюк. Гляджу, знаёмая галава тырчыць. Думаю, зазірну на хвіліну.

— Ну здароў! Калі так...

— Здароў! Глядзі, ладная дамоўка. З трысценам?

— З трысценам. Хай на яго. Трэба! Старая саўсём ужо струхлела, думаю, хоць на старасці ў новай пажыць. Ды і сын...

— Што, можа, ажаніўся?

— Не яшчэ, але, знаеш, збіраецца. Дзейсцвіцельную адслужыў жа. У сіле дзяцюк.

— Глядзі ты! А памятаю, нядаўна во такі быў.

— Яно здаецца — нядаўна. А гады ідуць.

— Ды ўжо ж.

— Дык сядзем. Калі перакур, кажаш. Не спяшаешся ж? Во на бервяно гэта. Гладкае. Курыш?

— Можа, маіх? Свежанькіх?

— Гэта якія? А, балгарскія. Не, я свае, памірскія. Ад іх, кажуць, крэпасць у нагах.

— Праўда? Не чуў. А ты чаго кульбу не зменіш? Цяпер жа пратэзы робяць — лепш за ўласныя.

— Ат, прывык. Ды і не збяруся. Пастройка гэтая... Усе жылы выцягнула.

— Аднаму — жах! Як гэта ты адважыўся? Рызыковы чалавек. Хаця ваяка ж!

— Рызыковы — не рызыковы, а што зробіш? Праўда, не хачу хлусіць — зрубіць сын памог. Браў водпуск. Дый сябрук адзін — з вайны яшчэ — памог. Мікалаіхі, што з Асавіння, брат. Мо ведаеш?

— Ну, калі сябрукі не забываюць, то паўбяды.

— Як табе сказаць? Папрасіў — памог. Выхадных са тры падзёўбалі. Самшылі. А ў цябе ж — новая?

— Дзе там — новая! У старой жыву. Перакрыў толькі тым летам.

— Шыфер?

— Не, які шыфер! Дранкай.

— А ў нас дык многія шыфер падаставалі. Фёдар — брыгадзір і Тэклін прымак гэты, што з трактарам у азярко зваліўся. Не чуў такую сабыцію?

— Гэта вясной?

— Ну. Дастаюць недзе, халеры.

— Канешне,дастаюць. Тыя, хто талент маюць, як кажа наш дзед Лявон...

— Глядзі, жывы яшчэ?

— Жыве. Што яму. Нас з табой перажыве. Дык, кажа, талент трэба. Кожнаму ў жыцці выпадае па яго таленту. Што зрабіў — тое і палучай.

— Ну, не кажы! Тут я не згодны. Талент — талентам, а і лёс не мінай. Ці там случай. Ён тожа, брат, многа значыць. Часам, што чорт з шапкі выме, тое і будзе. У цябе вунь двайня, а ў мяне во, бач, кульба. Дзерава! Думаеш, яна мала мяне памучыла? Ого! Двойчы рэзалі. Як пілуюць — не чутно, бо ўсыпляюць. Затое пасля — хоць на сцяну лезь. А Краўчонак вунь гойсае на дзвюх ды яшчэ з ордэнам. А разам, у адной роце, ваявалі.

— Гэта які Краўчонак? З Замошша?

— Ну а які ж! Ордэн Леніна атрымаў. За Кішынёў. А бывала, трусаваты быў. Яшчэ я падганяў усё. Зямляк жа.

— Ну, мусіць, гэта ты загібаеш. Каб трусаваты, не далі б.

— Не верыш? Яй-богу, не хлушу. Далі — было за што, гэта праўда. Але тут, браце, болей чорт ці выпадак паспрыяў. Я ж ведаю. На маіх вачах усё было.

— Гэты ці не ў Ясса-Кішынёўскую?

— Ну! Узводны паслаў трох — сяржанта Дзянісава, мяне і гэтага Краўчонка. Лінію зматвалі. Якраз цераз лес дарожка ішла. Лес, скажу табе, спрэс дубовы, мацнецкі лясок. Дубы аж да неба і падлесак ладны. Ідзем. Дзянісаў наперадзе, слаўны такі хлапец, сібірак, малады яшчэ, а геройскі, два ордэны меў, камандзірам быў лінейнага аддзялення. За ім я — кручу на шпульку, а шпулька старая, халера на яе, усё заядае, шасцяронка спрацаваная.

— Трафейная, мусіць?

— Не, шпулька свая, памятаю. А кабель, праўда, трафейны. Чырвоны. У наступленні яго процьма. Мы не вельмі і даражылі ім, калі дык і не зматвалі, адключыш апараты і далей. На новым месцы знойдзем і кабель.

— Во як! А мы, памятаю, у абароне на калючым дроце працавалі. Замест кабелю — калючкі ў траншэі і нічога — балакае начальства.

— Дык то ж у абароне. У абароне на ўсё ліміт: на харч, снарады, махорку нават. У наступленні ж наконт гэтага раздольна. I шнапсу трапляла нават. Дык лінію тую трэба б кінуць, і ўсё. Але Дзянісаў не даў. Загадана, кажа, значыць, трэба выканаць. Службіст быў. Ну ідзем і матаем. Краўчонак поўныя шпулькі нясе. Ужо, напэўна, вярсты са дзве знялі, у Краўчонка тры цэлых шпулькі, у мяне амаль поўная. I Краўчонак усё азіраецца, вядома ж, боязна ісці ззаду. А скажу табе, немчуры там поўна было. Абкружылі ж іх пад Кішынёвам...

— А, чуў. Лектар неяк казаў. Быццам пятнаццаць тысяч.

— Гэ, пятнаццаць! Дрэнна ён тады ведае, твой лектар. У цябе гарыць?.. Халера, някрэпкія сталі сігарэты, ды і не гараць. Падмочаныя, ці што?.. Пятнаццаць? Усе трыццаць. Ці нават пяцьдзесят. Яны, брат, як ваўкі, паразбягаліся, хто куды. Каторыя, праўда, у палон здаваліся, а каторыя — эсэсаўцы, власаўцы ці там начальства, — тыя ўсё на захад, напралом да сваіх. З гэтымі ў нас стычкі былі ого! Браце ты мой! Камандзіра брыгады там параніла. Ага, дык ідзем, значыць, і чуем, быццам за кустамі тожа хтосьці нібыта брыдзе. Прыслухаліся — сціхла, быццам і няма нікога. Толькі зноў рушылі, Дзянісаў як крыкне: «Хальт!» Я, знаеш, за шпулькай так і прысеў. А Краўчонак ужо ляжыць. I тут, бачым, у кустах як ірванецца — чалавек з пяць. Наўцёк. Я толькі спіну аднаго ўбачыў — блізка, во як да зруба. Шапка іхняя і шынель з чорным каўняром. Я шпульку ўбок і за аўтамат. А Дзянісаў: «Стой, — кажа. — Так возьмем». I чаргой па дубах — ажно кара пасыпалася. Верхам браў, значыць. I сам туды, у кусты. Я за ім. О, чакай, брыгадзір коціць. Фёдар! Фёд! Дык гэта наконт каня як?

— На калі?

— На заўтра ранічкай...

— Заўтра не будзе. Заўтра ветправерка. На яшчур.

— Во хай яе. Ну, можа, пад вечар?

— Кажу, заўтра нельга.

— Калі ж тады?

— Пройдзе праверка, пасля. Цяпер некалі.

— Ну канечне ж, некалі яму. Пагнаў у Стайнікі да Іллючонка чымергес піць. Не відно хіба. Да...

— Ну што ж... I выпіць трэба.

— Трэба! Хто кажа — не трэба? Гледзячы калі і як.

— Ну, ну. Дык Дзянісаў у кусты. А далей?

— Што далей? Далей — як пырсне чарга, дык мы вобзем. Чую, морда ўся мокрым заляпана. I пагоны, барада, рукі. Аж спалохаўся. Ды не баліць. Што за халера! А пасля бачу — ляжыць Дзянісаў, і мазгі на траве. Ты бачыў калі мазгі на траве?

— Не, не дай Бог...

— Не дай Бог! Я аж зледзянеў. I бачу, пабеглі трое. За дубы. Я прылажыўся, як даў — адзін вобзем. Адзін — прама, адзін — убок. Ну, ускочыў, кажу Краўчонку: «Лапай таго!» — што ўбок, значыць. А сам за пярэднім. Як прыпушчу. Чорт, адкуль толькі спрыту набраў. Хаця маладзейшы ж быў. I два скакуны меў, не тое што цяпер. Як урэзаў — гляджу, даганяю. Ладны такі фрыцуга, цыбаты, у камбінзоне. Ён па мне з—за дуба пук-пук — кулі ля вуха. А і я за дуб. Камель — во! Ніякая куля не возьме. Ён пукне — ды за наступны. А я — за ягоны. Так і гулялі ў даганялку. I я, ведаеш, правільна разлічыў. Думаю, страляй, страляй, — у мяне болей патронаў. Я цябе прыцісну...

— Ге, не дужа іх лёгка было прыціскаць. Мы раз пад Аўгустовам акружылі чалавек сто, дык біліся да апошняга. Толькі параненых некалькі засталося. Астатнія — трупы.

— Ну... Не, я правільна скумекаў. Сышліся мы за адзін дуб. Значыць, дагнаў я яго. Ён па адзін бок, я — па другі. Тут ужо ўцякаць яму — не з рукі, баіцца, адбяжыць — я і тыркну ў спіну. Дык ён хаваецца. Я аўтамат напярод і бокам за ім. Ён бокам ад мяне. я ў другі бок — ён таксама. Як дзеці. Цяпер дык аж смешна. Тады — не да смеху, праўда, было. Злосць мяне разабрала, ашалеў проста. За Дзянісава — такі хлапец!.. I вось якраз падляцеў — прама на яго парабел. Чую — трэсь, курок, значыць, а стрэлу няма. Асечка, ці што? Ці, можа, патроны ўсе?

— Асечка. Калі патроны канчаюцца, тады гэты парабел іх затвор паднімае. Тарчком так.

— Можа, і асечка, ага. Падскочыў я ды як трахну яго прыкладам, ён і паляцеў спотырча. Я зверху. Згрэб яго рукі, аўтамат мой не ведаю, куды і дзяваўся. Але і ён, гадзіна, дужы, рукасты фрыц, не які там пархацік. Пісталет у яго выпаў, ну, думаю, цяпер ты мой, галубчык. I тут трохі здзівіла мяне, помню, рукамі ён не за мяне, а нешта за сябе хапнуўся. Так, глядзь я гэта, а ў яго на двух пальцах ужо колца з чакой. Выдзернуў, значыць. а ў другой граната.

— Ого!

— Я ўвесь ахалонуў, аж воласы дыбам. Але неяк паспеў, згрэб ягоную лапу з гранатай. Як цяпер памятаю — зялёненькая такая, круглая, бы гусінае яечка, з паскай пасярэдзіне. а ў канцы — вядома, узрывальнік. Знаеш жа — планку адпусціць, пстрыкне і — капут абодвум. Кішкі на сучча... Дай тваіх паспрабаваць, балгарскіх, гэтыя нягеглыя нешта. Сігарэт і тых людскіх прывезці не можа. Гандлярка наша.

— Мусіць жа, сама не курыць?

— Сама-та не. Дык мужык курыць. Магла б пацікавіцца. А то ж без курава — якая жызнь!

— Не дужа яны тым цікавяцца.

— Ось і бяда. Ім абы выручка і каб клопату менш. Хаця магло і на базе не быць. I такое мажліва. Ну. Дык, значыць, сапім мы абодва і выкручваемся, як вужы. I ўсё ж я ашчаперыў яго лапу і дзяржу, аж жылы мае трашчаць. А ён і так, і гэтак — морда ўся ў поце, вочы на лоб, зуб сталёвы ў роце бліскае — болей мне з таго зуб гэты запомніўся — белы, як лыжка, бліскучы. I, мусіць, не ўтрываў я, здаў недзе. Ён і пхнуў гранату абоч, якраз ля майго калена ў траву. Я, ужо халадзеючы, неяк злаўчыўся, нагой яе як шпоркну ад сябе. Чую, хляснула — узрывальнік, значыць, я на другі бок за яго, а тут як грохне — дымам, зямлёй заваліла, боль... Не дакумекаеш ужо, што і балела. Проста боль, хоць зараві — я і ачумеў. Самлеў. Нічога не помню.

— Во і ў нас гэтак было. На Пулкаўскім. Наш аддзялённы Яфімкін першы ўварваўся ў дзот, схапіў кулямёт іхні... I давай...

— Ты чакай... Ачнуўся, чую — смярдзіць калёным, падняў галаву — млосна і ванітаваць хочацца. Ляжым мы крыж-накрыж — ён, праўда, на мне — і недзе рыззё тлее. А пада мной мокра — кроў яго і мая — усё ў адной лужыне. Неяк сапхнуў яго — камбінзон у шматы, ўся спіна, знаеш, нібы ваўкі яе рвалі. Але і я — не дай Бог! Крануўся — чую, хана! Нага нежывая, косць тырчыць, ад бота — кірзовыя ласкуты. Давай крычаць. Разы два вякнуў і зноў самлеў.

— Ну! Ведама ж, калі крыві столькі. I яшчэ вады хочацца, ага?

— Во праўда. Смага — гарэла ўсё.

— Гэта ад крыві. Кроў выходзіць — піць хочацца. Знаю... I з Яфімкіным так было, ледзь уратавалі. Ну, прадставілі яго да Героя, а нас — каго да Айчыннай, каго да адвагі...

— Усё ж пашэнціла. Пачулі сапёры. Унялі кроў, вывалаклі мяне на дарогу. У таго фрыца дакументы забралі. Прывязлі ў вёску, дзе штаб наш. А Краўчонак ужо сядзіць на прызбе, чакае палкоўніка да залівае хлопцам, як немца лавіў. Аказваецца, і ягоны фрыц тут жа, у хаце. Як мы разбегліся ў лесе, Краўчонак з ім дужа не цацкаўся — куляй цюкнуў у плячо, той і задраў руку ўгору. Ну, Краўчонак і выгнаў яго на дарогу. Падбеглі байцы — глядзяць, што за звер. А немчык стары такі, з адышкай, даволі плюгаваты — словам, нікчэмны фрыцок. Адно толькі пагоны нешта дужа кручоныя. Павялі ў штаб, а там як убачылі, як набеглі, — аказаўся генералам, крыж такі меў з дубовымі лісцямі. Ну яго, канешне, на самалёт і — у штаб фронту. Да самаго камандуючага. А мой фрыц, калі раскумекалі ў дакументах, быў ягоны шафёр. Каб на цябе халера! Ну, вядома, праз месяц Краўчонку — ордэн Леніна, сяржанта прысвоілі. Во як! А я ўжо на тым і скончыў — сем месяцаў у шпіталі — адзінаццаць ран, не жартачкі. Нагу адцяпалі па калена. Во як!

— А мы гэта свае мядалькі праз тыдзень і палучылі. А Яфімкін, бедалак, прыходзіць са шпіталю, няма нічога. Кажуць — на Героя не пацягнуў. Так і застаўся без нічога.

— Ну дык гэта што! А Краўчонка ў штаб узялі. Як жа — з такім ордэнам. Гэткай узнагароды нават палкоўнік не меў. Дэмабілізаваўся — у калгас ужо не пайшоў, старшынёй сельпа паставілі. Вунь паглядзеў бы на яго дамоўку.

— Бачыў. З верандай, сінім пафарбавана.

— Ну. Жыве чалавек! Але хай! Я не шкадую. Супраць нічога не маю. Толькі думаю: ось жа каму пашэнціць, а каму і не...

— Гэта так, канешне.

— Во я і кажу.

— Жыццё! Глядзі, а ў цябе ўжо і бульбачка зацвітае. Скараспелка?

— Ну. Ледзьве пад старасць на жыццё ўзбіўся. А то ўсё па бальніцах. I, халера на яго, — бо не за тым пабег. Але хто ж ведаў, за кім было бегчы.

— А я сваю ўжо раз паганяў. Ды дрэнь нешта. Калі б сорт памяняць.

— Ось так яно. А бульба што — вырасце. Хоць драбненькая. Вунь лета быццам нішто стаіць.

— Лета нішто. Людскае.

— Ну! А ты кажаш...


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/