epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Страчаныя мары

1
2
3


1

Вадзім добры, клапатлівы, вясёлы.

Мінула паўгода, як яны пажаніліся, але Ірынка ні ў чым не можа папракнуць яго. Кожны дзень яны разам — на працы ў будаўнічым трэсце, дзе ён — інжынер-планавік, а яна — лабарантка, у вольную часіну — у кіно, на бульвары ці ў сваёй маленькай кватэры на чацвёртым паверсе новага дома. Здавалася б, усё ў жыцці ўладкавана добра, гэтулькі падстаў для ціхага першага шчасця замуства, але яна стала нейкай панылай і вялай.

Яна і сама яшчэ не разумее, адкуль такое адчуванне. Яно то прыходзіць зусім беспрычынна, то мінае, уступіўшы месца радаснаму і светламу. Ей падабаецца, калі яны, узяўшыся падручкі, ідуць цераз двор у горад ці вяртаюцца дадому і суседзі з замілаванымі ўсмешкамі лагодна пазіраюць услед. «Якая слаўная пара», — чуе Ірынка ззаду і забываецца тады на свае цьмяныя жаданні, ёй трошкі няёмка перад мужам, і дзяўчына адчувае палёгку і задаволенасць у душы. Але так бывае нядоўга.

Вадзім яшчэ гаспадарлівы, практычны, умелы. Калі яна скончыла лясны тэхнікум і атрымала назначэнне на Далёкі Усход, ён нямала патурбаваўся, і ўсё ж уладкаваў яе, праўда, хоць лабаранткай, у іх будтрэст. Пасля яны пажаніліся, і ён выстараўся гэтую кватэру, нанава абсталяваў ванную, здабыўшы недзе цудоўнай малочна-белай кафлі. Ён ведае, як вывесці чарнільную пляму на адзежыне, чым чысціць люстры, як спячы яблычны пудзінг і замарынаваць на зіму лісічкі. А яна?.. Усе гэтыя цікавыя драбніцы побыту неяк прайшлі міма яе дзявочай маладосці — яна шмат чаго не ўмее — у яе не дужа ладны выходзіць абед, прыгарае каша, дрэнна пякуцца аладкі. Праўда, Вадзім ніколі не папракае яе — шмат што ён робіць і перарабляе сам і ўсё вучыць, вучыць яе. Але неяк дрэнна ідзе ёй тая навука. Часцяком яна пазбягае бясконцых хатніх клопатаў і садзіцца за кніжку свайго любімага Джэка Лондана, героі якога з дзяцінства прывучылі яе марыць пра зманлівае — турботнае, змястоўнае жыццё.

Вадзім шмат што ўмее. Калі ён не заняты сваімі разлікамі, што прыносіць з работы, дык часта выпілоўвае ўвечары розныя выкрутаслівыя крывулякі ў фанерыне, з якой майструе потым прыгожыя настольныя штуковіны. Ірынка ў такі час сядзіць насупроць на канапцы, у руках яе — кніжка, але Вадзім просіць не чытаць, ён што-небудзь расказвае, і яна, заклаўшы пальцам старонку, сцішана пазірае на мужа, на яго ледзь ссутуленыя плечы, хударлявыя шчокі. У яго руках спрытна гойсае пружыністы лобзік і ціхенька матляецца на вузкім з залысінамі ілбе апаўшая пасма валасоў. Ён усё гаворыць, гаворыць, зрэдку пазіраючы на жонку, а яна маўчыць. Спачатку ён крыўдаваў на яе за гэтую маўклівасць, часам спыняў працу і пытаўся, што з ёй, але яна і сама не ведала што — проста ёй хацелася маўчаць, слухаць і думаць.

У той чэрвеньскі адвячорак яны гэтак сама сядзелі ўдваіх у сваім пакойчыку, ён ужо выпілаваў, што трэба было, і цяпер смярдзючым сталярным клеем змацоўваў фанерныя ўзоры — атрымлівалася прыгожая скрыначка для драбніц. Займаючыся справай, ён успамінаў пра сяброў свайго маленства, расказваў, а яна слухала і, аблакаціўшыся на падаконнік, пазірала ў расчыненае акно.

Унізе за невялікім і пыльным, не дужа яшчэ ўпарадкаваным дваром раскінуўся горад. Адсюль, з вышыні, ён выглядаў без аніякай прыгажосці — адны шэрыя, рудыя, чорныя дахі з безліччу закураных каміноў і разнахілых антэн. У прамежках дамоў варушыліся, хісталіся верхавіны дрэў, было ветрана, і ў небе, бы сняжынкі ў зазімак, мітусіліся, ападалі к зямлі і зноў узнімаліся шэрыя пушынкі таполяў. Іх было незлічонае мноства, яны напаўнялі прастор, мітусіліся, бліскалі на сонцы ў недасяжнай высі летняга неба і ўсё плылі і плылі кудысьці. Ірынка слухала мужа, і чамусьці ягонае апавяданне здавалася ўжо некалі чутым і не даходзіла да свядомасці, а ў адчуванні міжвольна заставаўся толькі гэты бязладны, устрывожаны лёт.

— Анатоль наогул нішто сабе быў хлопец, — казаў тым часам Вадзім, намазваючы клеем берагі фанерак. Ён сядзеў на табурэтцы за круглым сталом на сярэдзіне пакоя, абрус быў зняты, на стале, на каленях майстра і на падлозе ляжала па газеціне.— Хлопец нядрэнны, толькі безгаловы. Калі ўжо што ўлезе ў голаў, ніхто не выб’е. Павагі да навукі, безумоўна, не меў. Кажа, бывала, люблю канкрэтную справу, ненавіджу папяровую, і што ты думаеш? На другім курсе кінуў наш інстытут. Другія стараюцца, каб хоць як-небудзь атрымаць дыплом, выйсці ў людзі, а ён і вучыўся лёгка, а кінуў і паехаў некуды — ці ў Архангельск, ці яшчэ куды — забыўся ўжо. А ўчора, ведаеш, іду ва УНР месячную справаздачу звяраць, гляджу — шыбуе ўпоперак вуліцы. Пазнаў мяне. Дзе, пытаюся, як і што? О, кажа, не пытай: доўга казаць. У водпуск прыехаў, заходзь, кажа.

Вадзім пастукаў маленькім малаточкам, забіваючы маленькія цвічкі ў бакавінкі, і прыладзіў маленькае вечка. Любуючыся, ён адставіў скрыначку на сярэдзіну стала, прыжмурыўся:

— От і ўсё. Глянь, Іра, на мой твор мастацтва.

Ірынка павярнулася, няўцямна зірнула на стракатую ад узораў штуковіну. Яна ўжо бачыла гэтую шкатулку на чарцяжы, што прысылалі з часопісам, і не адчула цяпер ніякай цікавасці да яе.

— От яшчэ адпаліруем, лакам пацягнем, і будзе цуда. А можа, нават не лакам, а пафарбаваць бронзай — будзе як літая, — задаволена казаў Вадзім, адкінуўшыся на табурэтцы. — Ну, але гэта другі раз. Добрага патрошку. Праўда, Ірынка?

Ён гарэзліва падскочыў, абняў жонку за талію, яна трошкі скаланулася, абуджаная ад сваіх думак, але прыветна паглядзела на яго і чамусьці хуценька прамовіла, скіроўваючы яго ўвагу на іншае:

— Глянь, глянь, як ляцяць. Як лебедзі, маленькія такія, перамяшаліся, быццам згубілі што, важака страцілі...

— Што? А-а, таполі... Ну, глупства адно, якія там лебедзі! Проста адзін са спосабаў размнажэння. Батанічны варыянт, закон прыроды, — абыякава праказаў ён, раскінуўшы ў бакі натруджаныя працай рукі — высокі, хударлявы, трохі сутулы, у гладка нацягненай на грудзях сетцы-безрукаўцы. Ірынка неўпрыцям закусіла губу, на яе чыстым ілбе пралегла танюсенькая няроўная зморшчынка.

— Ведаеш, давай прагуляемся, — пасля паўзы сказаў Вадзім. — Што сядзець? Давай сходзім да Анатоля. Паглядзім, што ён за тыпус стаў.

 

2

Узяўшыся падручкі, яны паволі ішлі ў густой засені прысадаў па ціхай ускраіннай вуліцы.

Яна апранула свой новы гарнітур — шэры, з недарагога, але вельмі прыгожага каверкоту, якога яны набралі неўзабаве пасля вяселля. Гэта была Вадзімава ініцыятыва, ён адразу прыкінуў, як гэта нядорага і выгадна. І цяпер у аднолькавых гарнітурах яны выглядалі, нібы блізняты — маладыя, прыгожыя, статныя.

Яны маўчалі. Ён стараўся трапляць у нагу з жонкай і, задаволены сабой, вуліцай, надвор’ем, добразычліва пазіраў на сустрэчных, на гаманкую дзетвару ля платоў, выглядаў патрэбны нумар Анатолевай хаты. Збоч цягнуліся чыстыя цесныя дворыкі, адгароджаныя ад вуліцы пашарэлымі дашчанымі платамі, месцамі з дротам наверсе. У зацішнай цеснаце стрымана шумелі садкі, гучала з вокан радыё і ўсё ляталі скрозь беспрытульныя пушынкі таполяў.

— Ось жывуць жа людзі: садок, агародчык, музыка — любата, — казаў Вадзім.

Іра чамусьці не прыкмячала прыгажосці адгароджанага платамі жыцця; апроч тапалёвага лёту, у яе душы ўжо колькі дзён жыў, не слабеючы, незвычайны, страшэннай сілы вобраз далёкага Мексіканца.

Калі яна ўпершыню прачытала гэтае апавяданне, то, нібы аглушаная перуном, з паўгадзіны нерухома сядзела, нічога не чуючы і не бачачы навокал. З апошняй старонкі кніжкі на яе пазіралі страшныя чорныя вочы Рыверы, знясіленага, спакучанага, але перамогшага ў імя вышэйшай ідэі, у імя рэвалюцыі. Уначы ёй сніўся страшэнны баксёрскі бой і ўсё тыя зацятыя ў сваёй нечалавечай нянавісці вочы Рыверы. Упершыню тады яна невыразна яшчэ адчула, што нешта надламалася ў яе жыцці, знік зусім былы кароткі спакой — яна штосьці згубіла.

Урэшце Вадзім спыніўся перад рэдкімі садовымі весніцамі, бразнуў клямкай. У суседнім двары над нізенькім плотам высунулася цікаўная белавалосая хлапчукова галоўка, ён угледзеўся ў прахожых і зычна гукнуў у расчыненыя вокны абвітага зелянінай дома:

— Бабка Фрося, да вас прыйшлі!

У акне з’явілася старэнькая бабулька з акулярамі на носе і кніжкай у руках. Яна запытальна бліснула старамоднымі маленькімі шкельцамі, аберуч адчапіла ад вушэй дужкі і гасцінна запрасіла:

— Заходзьце, заходзьце, дзеткі, там не зашчэплена. Заходзьце.

— Анатоль дома? — запытаў Вадзім, расчыняючы дзверцы.

— Га? — прыклала да вуха руку старая. — Тут, дзеткі, тут Мерзляковы. Заходзьце, калі ласка.

— Дзядзька Толя ў катлаване, — растлумачыў за бабульку белагаловы хлапчук. — Там скалу выпальваюць.

— Гэта дзе? На Пустцы?

— Ага, дзе камбінат будуюць.

Вадзім адступіўся назад, зачыніў весніцы, ужо не зважаючы на глухую бабульку, якая ўсё запрашала зайсці. Ён ведаў, куды ісці, і падаўся тратуарам, а Ірына, цярэбячы ў руках галінку, трохі адстала ад мужа, і ён, прыпыніўшыся, пачакаў яе.

— Такі добры домік, сімпатычная бабка, чаго перціся немаведама куды, — казаў ён, заглядваючы ў шэрыя, задуменныя вочы жонкі. Ірынка патупілася, каб не глядзець на мужа, маўчала і бязвольна ішла за Вадзімам.

Ціхі зялёны свет абжытага людскога ўтулку хутка скончыўся, упёршыся ў так званую Пустку, дзе разлеглася самае сапраўднае царства хаоса. Здавалася, не было тут ніводнага кавалачка зямлі, які б не быў раскапаны экскаватарамі, здратаваны тугімі скатамі самазвалаў — усюды высіліся штабялі дошак, цэглы, ляжалі груды бетонных блокаў і горы ссунутай бульдозерамі зямлі. Крыху далей паважна і нетаропка паводзілі стрэламі вежавыя краны, а побач ужо бялелі фасадамі гатовыя будынкі. Ля нейкай, відаць, немалой выемкі тоўпіліся людзі, усе пазіралі ўніз, адкуль патыхала ў неба вялізнае полымя і клубамі валіў густы чорны дым.

Пералазячы цераз штабялі цэглы, кучы шпалбэлек, арматуры, пераскакваючы з перашкоды на перашкоду, абмінаючы ямы і скрыні з рошчынай, Вадзім з Ірынай прабіраліся да гэтага незвычайнага пажарышча. Такі цяжкі шлях неяк ажывіў дзяўчыну, надаў ёй рухавасці і сілы, яна разы два войкнула, баючыся страціць раўнавагу на бетоннай бэльцы, па якой пераходзіла выемку. Вадзім хацеў памагчы ёй, але і сам спатыкнуўся і ўдарыў калена. Ірына гучна рассмяялася.

— Ідзі, ідзі — я сама, — сказала яна, узмахнуўшы рукамі, і спрытна саскочыла з бэлькі. Ён паціраў далонню пабітае месца, нешта бурчаў, а яна ўсё гэтак жа лёгка ўзбегла на земляную горку ля абрыву, дзе тоўпіліся будаўнікі, і зазірнула ўніз.

І з той гіганцкай катлавіны-выемкі патыхнула на дзяўчыну ўладарным духам чалавечай сілы, якая пераўзыходзіла яе ўяўленне. Не верылася нават, што такую глыб і шыр зямных нетраў раскапалі тыя маленькія людскія постаці, што выглядалі цяпер мурашкамі ў гэтай яме-даліне. Такімі ж слабымі і нерэальнымі ля вынікаў свае працы здаваліся і два экскаватары, што ўжо нерухома стаялі на сярэдзіне катлавана, таксама як і скасабочаныя на адхоне некалькі самазвалаў.

У Ірынкі заўзятымі агеньчыкамі загарэліся яе сумныя вочы, заружавелі шчокі, вецер зацярушыў яе лоб заблытанымі кудзеркамі валасоў — яна стаяла тут трохі вышэй і ззаду іншых людзей і дзівілася, дзівілася з чалавечых сіл і магчымасцей.

— А што гэта там паляць? — запыталася Ірынка, пазіраючы на агромністыя клубы дыму і на людзей, што таўкліся ў адным куце катлавана. На яе пытанне азірнуўся нейкі чарнявы хлапец у запэцканым камбінезоне — узняўшы бровы, ён акінуў яе цікаўным позіркам.

— Скалу паляць. Скала ў грунце, экскаватары не бяруць, а рваць нельга — дамы блізка. Ну і паляць, каб трэснула, — вытлумачыў ён і, пакаўзнуўшыся на касагоры, падаўся назад, стаў побач з дзяўчынай.

Ірынка, бы зачараваная, стаяла і ўсё пазірала на гэтую будаўнічую веліч. Яна не чула, як ззаду падышоў Вадзім; на нейкі час ён перастаў існаваць для яе.

— Глядзі: ды гэта ж Анатоль, — паказаў Вадзім уніз. — Вунь у чырвонай рубашцы. Завіхаецца, як прараб. Глядзі ты!

— Той, без шапкі? — перапытаў будаўнік у камбінезоне. — Гэта ж ён надумаў — нагрэць, а пасля вадой. Нашы рваць хацелі, ды вокнаў шкада. Вунь ужо шланг цягнуць, — махнуў ён на выезд з катлавана.

Сапраўды, некалькі рабочых, згінаючыся ледзь не да зямлі, валаклі ў катлаван тоўсты брызентавы шланг. Ен, відаць, быў вельмі доўгі і ледзьве паддаваўся людзям. Вогнішча тым часам пачало слабець, чырвоныя языкі паменшалі, толькі валіў чорны дым ад нафты, якой аблілі скалу. Але ўжо дагарала і нафта.

Шланг, урэшце, падцягнулі, і да рабочых падскочыў той хлопец у клятчастай чырвонай кашулі. Ён схапіў канец шланга і закрычаў некаму ўгору:

— Вады давай! Вады!

Ён увесь разгарачыўся, кашуля шырока расшпілілася на яго грудзях, валасы разварушыліся на галаве. Хлопец нецярпліва тузануў шланг, ямчэй перахапіў яго і скіраваў канец у агонь. Нарэшце, відаць, пусцілі ваду — шланг, наліваючыся ёю, варушыўся на зямлі, бы гіганцкая жывая вужака, набрак, надуўся, і хутка з яго хлынуў бліскучы шырокі струмень вады. Хлопец засцярожліва крыкнуў на людзей, што заміналі яму ля вогнішча — тыя паслухмяна падаліся назад, а ён, ледзьве спраўляючыся з тугім пругкім шлангам, упіраўся ў зямлю шырока расстаўленымі нагамі і ліў у агонь ваду. Адтуль разам з чорным дымам нафты заклубіліся ў неба шэрыя воблакі пары, густы туман папоўз па катлаване. У схаваным парай вогнішчы шумна сквірчала, шыпела, і ў гэтым шуме прападалі людскія галасы і крыкі таго зухаватага хлопца.

Тым часам з другога боку катлавана на абрыве з’явіліся яшчэ людзі — яны валаклі другі шланг, і хутка зверху ў дым і пару паліўся яшчэ адзін шырокі вадзяны струмень. Людзі ў катлаване і на абрыве адышліся далей, зблізку засталіся толькі гэты хлопец у чырвонай кашулі і яшчэ двое, што памагалі яму. Побач на абрыве таксама падаліся назад, будаўнік у камбінезоне сказаў:

— Хутка лопацца пачне. Вы глядзіце, а то асколкі...

Вадзім нерашуча пацягнуў жонку за локаць, але тая вызваліла руку — яна чамусьці нічуць не баялася асколкаў. Уся яе ўвага, яе пачуцці сканцэнтраваліся на гэтым незвычайным відовішчы — напружыўшыся ад захаплення, яна неадрыўна сачыла за тым, што рабілася ў катлаване. Невыказнай асалодай поўнілася яе душа ад адчування чалавечай сілы і смеласці.

І вось, нарэшце, пачуўся глухі, быццам з—пад зямлі, стрэл і ў бакі з дыму шуганулі нейкія абломкі — кавалкі зямлі ці каменя — людзі на абрыве адступілі назад. Вадзім ужо настойлівей пацягнуў Ірынку за руку, яна трохі падалася за ім, але страху так і не было — яна хацела ўсё глядзець туды, на гэтае адзінаборства стыхіі з чалавекам — тым смелым хлопцам у чырвонай кашулі.

Яна, пэўна, не адышлася б ад таго месца, але ў гэты час прагучала яшчэ некалькі глухіх стрэлаў, і нейкія людзі пачалі адганяць гледачоў ад абрыву. Тады яны адышлі да кучы бетонных блокаў і там спыніліся, усё ўглядаючыся ў клубы пары і дыму, што валілі ў ветранае чэрвеньскае неба.

 

3

Ён выйшаў з катлавана ў мокрай сваёй чырвонай кашулі, гэткіх жа мокрых залепленых граззю штанах і, абціраючы адна аб адну далоні і весела смеючыся, казаў нешта Вадзіму. Той, няспрытна пераскакваючы цераз параскіданую арматуру, вёў яго да Ірынкі, якая, стоячы ля бетонных блокаў, нецярпліва чакала іх, хвалявалася чамусьці і ад таго хвалявання перабірала худыя тонкія пальцы.

— Вось знаёмся, — казаў Вадзім уласцівым яму тонам старэйшага і разумнейшага. — Анатоль, той валацуга, што і ў водпуску без працы не ўседзіць. А гэта мая благаверная Ірына Пятроўна.

— Не стрымаў,— быццам у нечым вінавацячы сябе, смеючыся шчыра і проста, бы даўні сябра, сказаў Анатоль. — Гляджу, людзі таўкуцца, а ніхто толкам не ўмее — вядома, справа новая. А я ўжо гэтага наглядзеўся, ну і тут навязаўся, нарабіў дыму...

Ён засмяяўся — ды так заўзята, што на твары не засталося ніводнай маленькай жылкі, якая б не смяялася разам з ім. Увесь ён аж прамяніўся ад нейкай унутранай радасці, задаволенасці, ад уласнай сілы і зухаватасці. Паддаючыся яго бадзёрасці, Ірынка таксама ўсміхнулася, і яны, трымаючы дзяўчыну ў сярэдзіне, падаліся ў вуліцу.

Ірынчына хваляванне хутка мінулася — новы знаёмы быў на дзіва просты, прыемны і адкрыты чалавек, і з ім дзяўчыне неяк адразу стала бяздумна весела. Ён усё гаварыў і гаварыў, смеючыся і пабліскваючы сваімі чыста-белымі моцнымі зубамі.

— У нас, у Сібіры, гэта звычайная справа. Скалаў там безліч. Летась мы вялі дарогу на Брацк, дык у дзень па пяць скал узрывалі. Тры тоны аманіту — і гары як не было. Ну, але, праўда, пакуль рваць — папрацаваць трэба.

— Вы ў Сібіры працуеце? — запытала Ірынка, стрымана зазіраючы ў хлопцавыя вочы.

— У Сібіры, Забайкаллі, на Далёкім Усходзе — усюды быў патроху.

— Ой, гэта ж, відаць, вельмі цікава? Праўда?

— Што цікава? — уставіў сваё Вадзім. — Цікава там, дзе нас няма,— старая ісціна. Яшчэ Герадот пісаў...

— Як каму, — заўважыў Анатоль, звяртаючыся да Ірынкі. — Некаторым самота — культуры мала, яблыкі дарагія. А каму міла-дорага, хто прастор любіць, размах, вялікую работу.

— Які ўжо там размах, калі садавіны няма. У выніку таго «размаху» рана ці позна — гастрыт або язва. Ведаю я, — пярэчыў Вадзім.

Анатоль толькі рассмяяўся сваім дзіцячым залівістым смехам, і Ірынка зразумела, што Вадзім сказаў нейкае наіўнае глупства.

«Якія ў яго прыгожыя зубы», — міжвольна падумалася Ірынцы, — яна ўжо не мела сілы адарваць позірку ад гэтага загарэлага, абсіверанага, вясёлага твару. І тады, як цень невыразнага, забытага суму, згадалася ёй, што Вадзім ніколі не смяяўся так шчыра, што ў яго гнілыя, хворыя зубы, што ён залішне любіць лячыцца і занадта асцярожна пераходзіць вуліцу. Ад гэтага ўспаміну Ірынка балюча паморшчылася, панурылася і аж здзівілася, як гэта яна раней не заўважала гэткіх выразных заган чалавека.

Вадзім, аднак, нічога не прыкмячаючы ў настроі жонкі, узяў яе за руку і прытуліў да сябе. Яна пакорліва пайшла побач, а ў душы яе ўжо, відаць, канчаткова міналася тая кароткая першая радасць, невыразным жаданнем зашчымела сэрца, зноў стала чагосьці шкада і балюча, але ўжо куды мацней і нясцерпней, чым усе ранейшыя разы.

Анатоль расказваў, якая смачная і карысная на Далёкім Усходзе вясновая чарамша, што яна не горш за тутэйшую цыбулю і расце сама — нясеяная і неараная, адразу ж з—пад снегу; якія вялізныя і тлустыя тамашнія ласосі: у нераст яны лезуць у ручаі і рэчкі, і тыя аж не могуць змясціць вялізных іх касякоў. А колькі велічных будоўляў разгарнулася ў раней не кранутых чалавекам краях, і як усё гэта захапляюча і цікава! Ірынка слухала і ўсё хмурылася з твару, яе сэрца захлыналася ад нясцерпнай усеабдымнай жальбы. Яна прыгадала, як некалі была так блізка да таго незвычайнага, амаль гераічнага жыцця, і гэты ўспамін тупым болем засеў у яе душы.

Вербы і клёны слалі ў доле касыя частыя цені, парэзаныя палосамі сонца, у якіх мільгалі прахожыя. Цераз вуліцу важна і нетаропка прайшла белая рахманая каза, за ёй цягнулася доўгая вяроўка з калком на канцы. Від гэтай казы і ўвесь дрымотны малюнак ускраіннай вуліцы адгукнуліся ў сэрцы дзяўчыны новай горыччу, але яна ўсё маўчала, хаваючы ў сабе пакутлівыя перажыванні.

Вадзім далікатна прытрымліваў жонку, бы аберагаў ад якой небяспекі, Анатоль лёгка ішоў поруч. Плячысты, дужы, коратка падстрыжаны, патрэсваючы густой чупрынай, ён усё смяяўся і апавядаў пра далёкае, невядомае і зманлівае жыццё.

— Гэтую зіму здорава наляглі. Асабліва пад Усць-Ку-там. Тайга. Вы ведаеце, што такое тайга? — тоячы на пульхных вуснах радасную усмешку, пытаўся ён у Ірынкі. — Не, гэта не лес. Звычайны лес супраць тайгі — што сад супраць пушчы. Тайга — гэта падзі і сопкі і такі завал дрэў, што — ні на кані, ні пехатой. Чалавек там нішто — кузурка, але тэхніка — сіла. А гэтай тэхнікі там болей, чым яе было на фронце, на ўчастку прарыву. Яна ўсё крышыць — і лес, і горы, і скалы. А чалавек — толькі камандзір. Праўда, трэба 1 рукі, але болей галава і вочы. Ну, там ёсць на што паглядзець. Такі камень, як сёння, — ён махнуў рукой у бок Пусткі, — там глупства. Яго тры чалавекі прыбяруць. Пару тон аманіту — і чыста.

— А звяры? — ні то ўсур’ёз, ні то з прытоеным жартам спытаў Вадзім.

— Звяры? — перапытаў Анатоль, падкасваючы мокрыя рукавы на валасатых дужых руках. — Звяры, брат, уцякаюць у глухамань, у распадкі. Думаеш, тыгры, мядзведзі людзей дзяруць? Глупства, мінулі тыя часы. Хоць бывае, што з цікаўнасці падходзяць. Ад Тайшэта праклалі лінію сувязі. Ну, на доўгім перагоне засталіся лінейшчыкі, каб дарабіць што—кольвечы. Сядзяць хлопцы ў зямлянцы, і што такое? — кожнай ночы пад ранак — парыў. Пойдуць, злучаць — на другую ноч — зноў парыў. Думалі — шкоднікі якія. Рашылі падпільнаваць. Заселі ля расцяроба звечара, ружжы навялі, чакаюць. Аж пад ранак вылазіць з падзі касалапы Міхась, спыніўся, паветра нюхнуў і падыбаў да слупа. Залез, паглядзеў у адзін бок, у другі, лапай провад — капыш. Провад, вядома, тугі, ён дзынн-нн, а мядзведзь вуха прытуліў і слухае. І так давай Міхась музыкай забаўляцца. Хлопцы страляць хацелі, але цікава — чакаюць. А мядзведзь тромкаў, тромкаў, аж покуль не парваў, і ад таго, пэўна, сам спалохаўся,— саскочыў, ды наўцёк. Стрэльнулі хлопцы, не трапілі, вядома, але, відаць, напалохалі. Больш не пайшоў.

— Глядзі ты! — здзівіўся Вадзім. — Вось бы мядзведзя падстрэліць. Ты не прабаваў?

— Прабаваў, — усміхнуўся Анатоль, — ды няўдала.

— Ці не ад таго ў вас шрамы на шыі? — сур’ёзна запытала Ірынка.

— А, гэта, — Анатоль пацёр пад вухам сінія, ужо загоеныя, але, відаць, нядаўнія драпіны. — Не, гэта тросам. Паром праз раку хадзіў на сталёвым тросе, ды трос парваўся ў паводку. Ну, я паплыў, дастаў са дна канец, а хваля як рванула, дык мяне крыху драпнула. Але нічога — тыдзень у бальніцы паляжаў — і на працу. Час быў гарачы, людзей не хапала.

Яны падышлі да знаёмых весніц, у якія заходзілі нядаўна. Анатоль расчыніў іх насцеж і запрасіў гасцей.

— Дык ты што там — кіраўнік які? Спец? — усё захоўваючы свой тон перавагі, пытаўся Вадзім. Ён прапусціў Ірынку наперад, яна нясмела пайшла па двары, у яе шэрых сумных вачах трымцела трывога.

— Ды не, які там кіраўнік, — шчыра здзівіўся Анатоль.— Рабочы, радавы рабочы. — Ён памаўчаў крыху і пасля паўзы вытлумачыў: — Люблю, ведаеш, як след папрацаваць, добра пад’есці, адпачыць і зноў налегчы — ляпей учарашняга.

Энергічным рухам круглявых плячэй ён на хаду скінуў цераз галаву кашулю, пасля збегаў у пакой, вынес Ірынцы крэсла, а Вадзіма пасадзіў на лаўцы. Затым, перагаворваючыся з глухой бабкай у акне, пачаў мыцца, распырскваючы наўкола ваду, пырхаючы і ахаючы ад задавальнення. Ірынка неадступна сачыла за кожным яго рухам і кожным крокам. Яна маўчала, а незразумелая трывога ў яе душы ўсё расла і мацнела. Сама таго не жадаючы, яна раптам выразна ўбачыла іх побач — Вадзіма і Анатоля, убачыла аднекуль збоку, у жыцці, і ўсё тое, што раней падабалася ў акуратным, здатным да драбніц мужу, цяпер здалося мізэрным і фальшывым. Нават тое, як Вадзім заўжды мыўся над ракавінай у кухні, асцярожна беручы прыгаршчамі ваду і ні кропелькі не разліваючы на падлогу, здавалася цяпер нікчэмнай абмежаванасцю і толькі раздражняла дзяўчыну.

— Ведаеце, — казаў Анатоль, шырокімі ўзмахамі ручніка выціраючы грудзі і шыю, — чакаў водпуску, як свята якога. А прыехаў, паверце, занудзіўся. Без працы занудзіўся. А там хлопцы ўжо, пэўна, Вургунскі тунель канчаюць. Прыеду, калі ўсё скончана будзе.

Вадзім няўцямна перасмыкнуў плячыма — дзівак, маўляў, чалавек, а Ірынцы раптам здалося, што ў гэтага русавалосага, смяшлівага хлопца ёсць нешта ад таго далёкага зацятага Мексіканца. Не, знешне ён, вядома, зусім не падобны на агнявокага, адзінокага Рыверу — ён зусім іншы, ды і іншых часоў чалавек. Але, як і ў тым фанатычным змагары, адчувалася ў ім нешта неспатольна ўпартае, выразнае, раз і назаўсёды вызначанае і нязменнае — мабыць, гэтая бескарыслівая самаадданасць, улюбёнасць да сваёй, відаць, неверагодна цяжкай працы. Ірынка зноў, як і там, над катлаванам, шырока расплюшчыла вочы, поўныя невыказнага захаплення, і, не міргаючы, здзіўлена глядзела на Анатоля.

Невядома, што думаў Вадзім і ці заўважыў ён што, толькі раптам нейкі чужы яго голас ураз парушыў Ірынчыны зданімары. Яна азірнулася з болем на разгубленым здзіўленым твары.

— Ірынка, ты ж пляму пасадзіла. Глядзі, во, во, ля кішэні, — з прытоенай прыкрасцю казаў Вадзім. Яна слаба павярнулася, спрабуючы зазірнуць на свой бок, а муж ужо ўкленчыў побач і цёр насоўкай заплямленае месца.

— Чорт вазьмі, — вось сюрпрыз. Першы раз гарнітур адзела — і на табе. Трэба ж глядзець... — стрымана папракаў ён жонку. Анатоль, закінуўшы ручнік за плячо, таксама стаяў побач і зазіраў на палу сапсаванай адзежыны.

— Пэўна, гудрон ці мо’ дзе-небудзь каля ізаляцыі. Трэба бензін. Пайду, спытаю ў бабкі.

— Ды не трэба, што вы, — знарок весела ўсміхнулася Ірынка. — Адчысцім, глупства.

— Бензінам нельга, бензін паліць, — заклапочана сказаў Вадзім. — Вось эфір у роўнай дозе з хлараформам — другая справа. Гэта найлепшы сродак.

— Ды ну, хай, даволі, даволі... — слаба адгаворвалася Ірынка, вызваляючы ў мужа палу. Яна ўжо ледзь стрымлівала крыўду, што падступіла да горла. Анатоль выпрастаўся, змахнуў з пляча ручнік і, цвёрда стоячы на шырока расстаўленых нагах, усміхнуўся, упершыню зазірнуўшы ў самыя вочы дзяўчыны.

— Ну, нічога. Падумаеш, вялікая справа — пляма. Праўда, Ірына Пятроўна? Было б клопату...

І тады нешта не вытрымала ў Ірынцы, яна скаланулася, хліпнула, і з яе вачэй паліліся роспачныя слёзы. Ірынка затуліла твар далонямі, але слёзы ўсё цяклі — па шчоках, між пальцаў, і яна, ужо не маючы сілы стрымаць сябе, адкінулася на спінку крэсла і ўздрыгвала ўсім целам. Вадзім з жахам на твары кінуўся да яе, абхапіў за вузкія худыя плечы і пытаў усё:

— Ірынка! Ірынка! Чаго ты? Я ж нічога... Я так...

Анатоль, здзівіўшыся ад такога здарэння, пабег у пакой паваду. Над нізкім плотам ад суседняга двара з’явіліся тры дзіцячыя галоўкі — сур’ёзныя наіўныя вачаняты ўстрывожана глядзелі на Ірынку.

Яна плакала нядоўга, але гэтулькі застарэлай горычы вылілася з яе душы, што яна спалохалася потым, каб не нарабіць чаго горшага. Ей не шкада ўжо было сваёй маладосці, толькі нясцерпна балела ад вялікага расчаравання, якое цяпер выразна адчула яна. Аднак яна нічога нікому не сказала, толькі раптам змоўкла, выцерла твар і ўзнялася. Вадзім з вінаватым выглядам усё таптаўся ля яе; збянтэжана чухаў патыліцу слаўны, нечакана такі блізкі і дарагі Анатоль. Яна трохі вінаваціла сябе ў душы, што патурбавала і засмуціла сваёй нястрыманасцю гэтага чалавека, і ціха сказала яму:

— Даруйце мне.

Пасля яны з Вадзімам выйшлі на вуліцу. Маўклівы, насцярожаны Анатоль праводзіў іх крыху — відаць, яму было чагосьці няёмка, ён ужо не смяяўся і ад рогу вярнуўся назад.

Пакуль яны ішлі ціхай, цяністай вуліцай, Ірынка паспакайнела трохі, але ўсё не адважвалася ўзняць заплаканых вачэй, не адказвала на бясконцыя Вадзімавы пытанні — ціха ішла яна са сваёй тугой, адзінокая і панылая. Напружанне і трывога, якія ўсё тамілі яе, пакрысе аслабелі, але па—ранейшаму было горка і цяжка. А Вадзім, неяк фальшыва нервуючыся ад таго, што здарылася, усё туліў да сябе яе локаць і неадчэпна ўгаворваў жонку:

— Ну чаго ты? Ну што за натура! Нельга ж так. Падумаеш, пляма! Чорт з ёй, урэшце. Другі купім, лепшы...

Наўкола ўсё лескаталі лісцем дрэвы і мітусіліся, ляцелі кудысьці пушынкі таполяў. Дзяўчына няўцямна глядзела на іх бясконцы лёт і выразна адчувала, што назаўсёды згубіла спакой, што жыццё неўпрыцям абмінула яе і бязлітасна адпомсціла за здраду дзявочым марам. Яшчэ яна думала, што так трываць нельга, трэба нешта рабіць, нешта перайначыць — інакш яна ўзненавідзіць сябе.

 


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/