epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Труба

Халера на яе, гэткую дарогу, — калдобіна на калдобіне, гразь да калена — і калі яе разьмясілі гэтак? Але, мабыць, быў час, — вялізныя «МАЗы», трактары ды трубавозы ў слату і дождж разьмесяць і не такую дарогу. Тым болей хілы калгасны прасёлак, шкада яго ім ці што? Яны сваё зробяць і зьедуць у іншае месца, а вы тут куляйцеся да зімы па гэтых калдобінах. А зрэшты, Валеру сёньня напляваць на дарогу, калдобіны і ўсё гэта гразкае поле, ужо як-небудзь ён пройдзе. Праўда, ужо два разы ён падаў, пасьлізнуўшыся. Крысьсе ягонага плашча ў гразі, ногі да каленяў — таксама. Але ён няблага выпіў сёньня ў раённай забягалаўцы «Рыца», Сямён Рудак раскашэліўся, ды і ўся ягоная выручка за^бутэлькі засталася там жа. Во на бохан хлеба ды на кіло абаранкаў толькі і сабраў, каб не вяртацца дадому з пустымі рукамі. Цяпер, хоць і пазнавата, ён прыйдзе дамоў з хлебам, ня трэба будзе заўтра з бабамі ў чарзе зябнуць каля сельскай крамы, чакаць хлебавозку. Усё ж Валера інтэлігент з вышэйшай адукацыяй, сельская эліта. А што яго жытло за шэсьць вёрст ад райцэнтру, дык ці ў тым вінаваты Валера? Ведама, некаторым пашэнціла болей, і тыя ўладкаваліся зручней, нават у самім мястэчку, у яго ж не атрымалася, і, па-сутнасьці, ён задаволены тым, што мае. А мае ён пасаду загадчыка клуба калісь перадавога калгаса «Шлях да камунізму», — сьціплая, праўда, пасада, ды лепшай для яго не знайшлося, дзякуй і за гэтую. «Во і тупай цяпер з мястэчка дадому сваім камуністычным шляхам», — спрабаваў іранізаваць з сябе Валера.

Як заўсёды пад градусам, ён пачуваўся даволі разумным і сьмелым, часам велікадушным у адносінах да сяброў ды і да сябе таксама. Уласныя хібы па п’янцы яго мала краналі, ён іх доўга ў памяці не трымаў. Вядома, з мястэчка можна было б ісьці і па балынаку, але па бальшаку было куды далей, а ён і без таго задоўжыўся ў раёне. Во і спрастаў дарогу на сваю галаву. Пайшоў напрасткі па будоўлі газаправоду, цераз поле і Сакольскі луг. Хто думаў, што тут так разьмесяць газавікі?

Мабыць, аднак, дарма ён не падумаў пра тое, не прадбачыў, які можа быць гэты шлях да камунізму. Калі не атрымалася ва ўсёй краіны, наўрад ці можна было чакаць удачы для асобна ўзятага грамадзяніна, простага сельскага культурніка. Цяпер во купайся ў гразі. Добра яшчэ, што ён нападдатку, а калі б быў цьвярозы, было б зусім самотна. Цьвярозыя заўжды надта памяркоўныя, асьцярожныя і нават баязьлівыя. Валера ж баякам сябе не лічыў — дык ці яму саступаць цяпер перад гэтым балотам? Падумаўшы так, ён ужо не выбіраў дарогі і жвава крочыў па лужынах, тым больш, што ягоныя гумовікі былі яшчэ амаль новыя. Хаця і ў новых ногі чамусьці рабіліся мокрыя.

Ён яшчэ не дабраўся да сярэдзіны шляху, як пачало цямнець, лужыны зьліваліся ў непралазную багну, удалечыні ўжо стала нічога не відаць. Каб не згубіць накірунак, ён часьцей пазіраў на земляныя хрыбціны ўздоўж трасы, ад якіх па полі расплывалася багністая хлюпкая гразь. Дзе-нідзе яны разрываліся нядоўгімі прамежкамі — гэта там, дзе траса была ўжо скончана, труба пакладзена і траншэя засыпаная. Але так было ня ўсюды. На некаторых участках толькі нядаўна ў траншэю паклалі трубы — шырокія, укручаныя ў паперу і бітум, дыяметрам амаль у рост чалавека. У рост падлетка напэўна. Нездарма вясковыя школьнікі, што вярталіся з заняткаў ці ўцякалі з урокаў, ладзілі ў трубах дзіцячыя забавы: і біліся, і курылі, і нюхалі розную дрэнь. За мястэчкам на мінулым тыдні знайшлі цела нейкага недалыгі, утопленага ў траншэі. Казалі, таксама падлеткі забілі. А можа, і няпраўда.

На луг Валера выбраўся, калі ўжо сьцямнела, амаль зьнясілеўшы ў гэтай бясконцай барацьбе з дарогай. I нават нібы пачаў цьверазець. Цяпер ён ужо выразна адчуваў, што лепш было заначаваць у мястэчку. Але ў каго заначуеш? У Сенькі Рудака было б здатна ва ўсіх адносінах — нязлы чалавек і хата новая. Але ў Сямёна — злосная жонка, якая ненавідзела ўсіх мужыкоў-выпівох. У Камянецкага жонка быццам бы і нашто, не крыклівая кабета, але ў кватэры няма дзе павярнуцца: трое дзяцей, невядома дзе самі сьпяць. У міліцэйскага землячка Пуставога Валера і сам не застаўся б, калі б той і прапанаваў заначаваць. Такіх, як Пуставой, належала абмінаць за сто вёрст. Запросіць, а пасьля яшчэ здасьць у працьвярэзьнік — казалі, такое ўжо рабіў. Не, у мястэчку ён не застаўся правільна, але во пайшоў не па той дарозе. Але ўся краіна хіба ідзе правільна? Тое меркаваньне трохі суцешыла Валеру: ён падумаў, што як у кроплі вады адбіваецца акіян, так і ў яго дурным выбары адбілася палітыка. Палітыка ягонай краіны — дужа было падобна да таго. Дык чаго ж тут дзівіцца?

Вось толькі надвор’е...

Надвор’е сапраўды рабілася ўсё болей сабачым. Мала таго, што рана пачало зьмяркацца, дык яшчэ і паімжэў дожджык, які ўсё мацнеў, гусьцеў і ўрэшце проста паліў. Усчаўся сьцюдзёны вецер. Нават у плашчы Валера хутка адчуў, што прамакае. На гэткай дарозе нядоўга было схапіць прастуду, грып ці яшчэ якую трасцу. Як ягоны сябра ветэрынар Круглякоў. Прамок на рыбалцы — пад ранак выпаў сняжок з марозам — і ўхапіў ветэрынар сухоты. Праз год пахавалі — не памаглі ні дактары, ні чарнаморскія курорты. Хаця Круглякоў і без таго быў хліпкага здароўя, — ня піў, не курыў. Валера ж пакуль на здароўе не наракаў. Аднак ён разумеў, што ўсё да часу, можа знайсьціся і на яго халера. Асабліва калі ня піць гарэлку. А якраз з гарэлкай цяпер рабілася ўсё горш — бракавала фінансаў. Грошы ў калгасе плацілі не рэгулярна, затрымлівалі на паўгода, часам не было за што купіць хлеба, ня толькі гарэлкі. Во і цяпер, добра што ён здаў сабраныя пасьля дыскатэкі ля клуба пустыя бутэлькі, а то б... А то б не было завошта і выпіць. Сёньня, аднак, выпіў, прасьвятліў душу. Цяпер толькі б дабрысьці дахаты. Звычайна ў якім бы стане ні быў, ён заўжды стараўся даклыпаць дамоў, дзе чакалі яго два хлопцы-падлеткі ды ня вельмі ласкавая жонка, настаўніца Валянціна Іванаўна. Ня вельмі ласкавая, але свая. А што калі крытыкуе, дык такой бяды, — мусіць, на тое яна і жонка, каб крытыкаваць. Асабліва цяпер, калі партыі не да крытыкі, а іншых крытыкаў не засталося. Аддзел раённай культуры? Там адны бабы, а начальнік Кобзеў Сямён Пятровіч сам ахвочы паддаць, асабліва калі на халяву. Таму хаця для краіны настаў трудны час, для выпівохаў у некаторых адносінах — самы раз. Было б за што.

Дождж уначы яшчэ памацнеў, і Валера падумаў, што гэта ўжо занадта; трэба было б недзе схавацца. Але дзе схаваешся ў полі? Праўда, ён памятаў, што наперадзе каля луга быў пагорак, да якога з двух канцоў вялі газатрасу. Там павінен застацца яшчэ ня звараны стык. Было зусім ужо цёмна, калі Валера дабрыў да пагорка і ўзьлез на рыхлую земляную гару. Як ён і меркаваў, стык яшчэ не зварылі, канец адной трубы ляжаў у траншэі, а задраны канец другой трымаўся на перакладзіне — бервяне, пакладзеным цераз траншэю. Не выпускаючы з рукі сумку, Валера адважна прабраўся па бервяне да трубы, ухапіўся за яе шурпатыя берагі і ўскараскаўся ў нутро. Тут было суха, зацішна, толькі надта сьмярдзела бітумам; ды смуроду Валера ня надта баяўся. Галоўнае — не ліло за каўнер. Сьпярша на чатырох, а пасьля трохі прыўстаўшы, ён прабраўся ў гулкую глыб трубы і паваліўся задам на яе бакавіну. «Адпачну, дождж сьціхне, пайду...» Адразу зрабілася ціха і спакойна, нават быццам утульна ў металічным схове; неўзабаве ён падыхаў сабе на грудзі пад плашч і заснуў. Сноў яшчэ не пасьпеў згледзець, як праз нейкі час яго патрывожылі галасы: здалося, хтось таксама лезе ў трубу. Сустракацца тут з кім-небудзь у Валеры не было жаданьня, паўсонны, ён падняўся і, прыгнуўшыся, хутка палез па трубе — чым далей, — пакуль ня ўпаў, змораны алкагольнай стомай. Тут жа вольна выпрастаў ногі і бесклапотна салодка заснуў.

Сон убачыў ня страшны, нават у чымсь прыемны. Здалося Валеру, нібы засядае бюро райкама і яго, як некалі, выключаюць з партыі. Увогуле зразумелая справа, але ўсе райкамаўскія начальнікі надта ўжо спачувальна ставяцца да яго, ня лаюць, не крытыкуюць нават, толькі цёпла, па-сяброўску ўсьміхаюцца. Нібы ён зрабіў штось выдатнае, можа, нават гераічнае. Быццам касманаўт, які толькі нядаўна вярнуўся з космасу на зямлю. Во толькі адчувае сябе ён не як касманаўт і не як гэтыя райкамаўцы, а зусім як злосны рэцыдывіст-крымінальнік. Асабліва ненавісны яму сакратар Сьцяпан Міхайлавіч, які кіруе пасяджэньнем і якому Валера ўсё імкнецца лупануць аплявуху. А той бы не разумее Валеру і нават не ўхіляецца ад яго. Але і Валера нешта кепска валодае сабой, — бы паралітык, хоча выцяць сакратара і ня можа. Скорчаная сударгай правая рука не слухаецца. Валера нярвуецца. I мабыць, дарма. Таму што, хаця яго і выключаюць з КПСС, але, па-сутнасьці, для ягонай жа, Валеравай, карысьці, для карысьці партыі і, значыць, усяго савецкага народу. У такім выпадку ці трэба абурацца і гэтак паводзіць сябе? Хаця Валера зусім не паважаў слаўную партыю бальшавікоў, амаль ненавідзеў яе злачыннае кіраўніцтва, але зусім ня марыў, каб яго з яе выключылі. Перад сабой і людзьмі, можа, было б болей сумленна самому выйсьці з яе, але і таго Валера ня мог дазволіць сабе — выхад з партыі быў раўназначны самагубству. Усё ж партбілет для яго, як і шмат для каго з іншых, быў галоўнаю хлебнай карткай, па ёй камуністы жылі, елі свой хлеб. Дзіўным, аднак, здавалася ў сьне, што яго дружна выключылі і гэтак жа дружна і радасна павіншавалі — усе па чарзе. У тым ліку і Сьцяпан Міхайлавіч, які на разьвітаньне нават па-бацькоўску абняў Валеру. Толькі вось заўжды незадаволена надзьмуты твар партсакратара стаў і зусім нібы ў бульдога, што, аднак, нікога тут не зьдзіўляла.

Дзіўнаватае ўражаньне зрабіла на Валеру тое выключэньне, сонныя пачуцьці яго пераблыталіся. I зблыталіся яшчэ больш, калі ён пасьля апынуўся на плошчы перад райкамам. З пыльнага завулка на плошчу хлынуў статак авечак (і адкуль ён узяўся?), прыціснуў Валеру да штакетніку райкамаўскага палісадніку; на ягоных вачах авечкі пачалі ператварацца ў раз'юшаных рознапародных сабак, гатовых накінуцца на яго. Валера азірнуўся, шукаючы абароны ў райкамаўцаў, але тыя адразу некуды пазьнікалі, і ён застаўся адзін перад раз'юшанай зграяй. Добра, аднак, што шаленства сабак працягвалася нядоўга, яны пачалі кудысьці зьнікаць, нібы растварацца ў прасторы. I вось ля яго застаўся адзін — стары Бобік, які шмат гадоў жыў у калгасе пры клубе. Гэты нязлосны, вушасты пёс з жалем у сьлязьлівых вачах уставіўся на Валеру, нібы чагосьці прасіў. Можа, есьці? Так ён звычайна рабіў каля клубнага ганка, калі раніцай чакаў гаспадара. Але цяпер у Валеры не было нічога, што можна было б яму кінуць. I тады ён успомніў пра сумку з хлебам, якой чамусьці не аказалася побач, і, заклапочаны, прачнуўся.

Сумку з гасьцінцамі ён намацаў адразу пад бокам, але яго зноў зьбянтэжылі галасы — быццам недалёкая мужчынская гамана. Валера не адразу прыпамятаў, дзе ён апынуўся, а зразумеўшы, зьдзівіўся, азадачаны пытаньнем: колькі ж ён тут праспаў? Галасы выразна даносіліся аднекуль зблізку, хаця зразумець, пра што там гутарылі, яму не ўдалося. Ён падхапіў сумку і жыва падаўся па трубе ў той бок, адкуль улез у яе. Праўда, ён ня ведаў цяпер, ці далёка адпоўз ад таго месца ноччу, памятаў толькі, што адпаўзаў ад нейкіх начных галасоў у трубе. А можа, тое яму здалося? Усё адбывалася ў п’яным стане, гэта Валера цяпер памятаў пэўна. Цяпер ён прабраўся па трубе даволі далёка, часам прыўстаючы, а болын — на кукішках, ды разрыву ў трубе ўсё не было. Галасы ж сталі бы глухнуць, часам зьнікалі зусім, дзесьці ціха тарахцеў трактар, чуліся выхлапы з рухавіка, і Валера, падумаўшы, вырашыў, што зблытаў напрамак. Мабыць, трэба было прабірацца ў другі бок. З прыкрасьцю на свой промах ён павярнуўся і палез назад.

«Усё ж кепская гэта справа — п’янка», — зусім ужо па цьвярозаму падумаў Валера. Цьвярозы ўсё пачынаеш разумець інакш, чым пад градусам. Не сказаць, лепш або горш, але, несумненна, інакш. Здаецца, учора недалёка адпоўз ад канца трубы, а во сёньня патрэбнага стыку знайсьці ня мог. «Зусім заблудзіўся, п’яная морда», — крытычна падумаў пра сябе Валера. Падобна, праспаў ноч, а можа, і дзень. Што ў полі разьвіднела і працуюць трубаўкладчыкі, было пэўна. Толькі дзе ж да іх выйсьце?

Нязграбна, бы малпа, з дапамогай рук Валера адолеў ладны кавалак трубы, а ўчарашняга стыку ўсё не было, і тое пачало ўжо яго не на жарты палохаць. Ці, можа, ён так далёка залез ноччу, ці зараз зноў пайшоў не туды? Ня ў той канец. Але ў такім разе што ж атрымлівалася? Ці ўчора, ці сёньня ён яўна быў зьбіты з панталыку, падобна, здурнеў чалавек, дах паехаў...

Нядоўга счакаўшы, адпачыў ад нязвыклага спосабу руху; з падкурчанай шыяй ён пралез трохі наперад і спыніўся. Тут галасоў зусім не было чуваць, колькі ён ні прыслухоўваўся ў цішы. «Можа, яны там пагутарылі і паехалі, — падумаў ён. — Дык куды ж усё-такі прабірацца — назад ці наперад? I дзе яны тут, гэтыя зад-перад?» Упершыню Валера адчуў спалох ад адзіноты і пакінутасьці. Хаця ён усё яшчэ ня мог канчаткова пагадзіцца з думкай, што пакуль спаў, яго заварылі ў трубе. Колькі ж гэта трэба было праспаць? Хаця газавікі працавалі хутка, а ад яго можна было чакаць усяго. На сон ён з маладосьці быў зух, асабліва як вып’е. Калісьці на вай- сковых зборах праспаў дзень і дзьве ночы ў кустах за лагерам. У роце яго ўсе шукалі, палічылі за дэзерціра. А ён проста дрыхнуў. Таксама пасьля п’янкі, канешне.

Але калі ён цяпер сапраўды доўга праспаў, дык ягоныя справы могуць быць кепскія. Нават вельмі і вельмі кепскія...

А можа быць; ён проста палез ня ў той бок і яшчэ не дайшоў да праклятага стыку? У тое, што той стык завараны ў час ягонага п’янага сну, ён ня мог паверыць. Не магло такога здарыцца. Не павінна здарыцца. Інакш...

З яшчэ большым, чым раней, спрытам ён падаўся па трубе назад. Прыгнуўшыся, бег, караскаўся, хапаючыся рукамі за выгнутыя сьцены трубы, здавалася, бясконца доўга, імкнучыся вярнуць па дураце страчаны час. Гадзіньнік на ягонай руцэ спраўна ішоў, чуваць было яго ціхенькае ціканьне, але які паказваў час, — у цемры не было відаць. Стыку ўсё не было. Не чуваць стала і галасоў. Адчуўшы, што дарэшты зьнясільвае, Валера ўпаў бокам на выгін трубы і сьціх.

Можа, трэба было крычаць?

I ён пачаў крычаць, — на ўсё горла цягнуць бязглуздае «А-а-а-а...», якое, разыходзячыся ў абодва канцы трубы, вярталася далёкім трохі прыглушаным рэхам. Водгуку знадворку, аднак, не было ніякага, і ён замоўк. Вядома, калі траншэю засыпалі, ніхто яго на паверхні ня ўчуе. Ніколі! Але што ж тады атрымліваецца?

Кепска атрымліваецца, загадчык клуба Валера Сарокін.

Асірацее твой клуб перадавога калгаса-маяка «Шлях да камунізму», бязбацькавічамі застануцца хлопцы-блізьняты Коля і Дзіма. Можа, для прыліку трохі патужыць жонка — суровая жанчына Валянціна Іванаўна. Усё ж не зусім недалужны ён быў чалавек, яе абібок Валера. Зрэшты, цяпер яму хацелася думаць так. Яшчэ счакаўшы, Валера падумаў, што, можа, варта дакрычацца ў другім канцы, якраз там, дзе ён упершыню пачуў галасы. Але дзе быў той, патрэбны яму канец, вызначыць не мог. Здаецца, ён канчаткова зблытаў напрамкі. Яўна замітусіўся, разгубіўся, запанікаваў. А паніка, як вядома, — прамы шлях да пагібелі.

Не, трэба было ўзяць сябе ў рукі, менш думаць пра кепскае. Выбірацца, але думаць пра штосьці пабочнае. Пра тое, якой падлюгай аказаўся іх ветэран, франтавік, партызан і так далей Кузьма Зудзіловіч. Той, які ў будні і ў сьвяты гойсае па вёсцы, абвешаны медалямі ад пляча да дзягі свайго замызганага вайсковага кіцеля. Дурань Валера яшчэ запрасіў яго на выпівон у гонар канцэрта прыезджых артыстаў-гумарыстаў. З гумарыстамі, як меркаваў загадчык клуба, абышліся зусім па-людску: прынялі, заплацілі, адправілі. Усё як трэба. А што ў ведамасьці заместа 300 рублёў ён пазначыў 400, дык хіба гэта новая справа? Заўжды так рабілі, бо трэба ж было наладзіць пачостку — і для гасьцей, і для некаторых з начальства. Парторга, напрыклад, які ніколі ня быў супраць таго, каб выпіць, і ў выпадку чаго мог прыкрыць. Як жа без парторга — партыя ж заўсёды наперадзе. Тады ён паклікаў яшчэ і Зудзіловіча, які выступаў з прывітаньнем ад імя ветэранаў, удзельнікаў ВАВ. Той, канешне, піў, еў за трох, і хто б мог падумаць, што назаўтра стукне ў райкам і ў КДБ таксама. Неўзабаве прыехала камісія, пачала капаць. Ну і накапала загадчыку клуба на кругленькую суму. Во тут і пачалося... Нібы гэтая сотня рублёў аказалася ў калгасе апошняй. Вунь на кароўнік убухалі 600 тысяч, і цяпер гэты помнік калгаснай сістэмы стаіць забыты і закінуты, а цэглу і дрэва местачкоўцы памалу расьцягваюць на свае лецішчы.

Не, дарма ён тады не набіў змаршчэлую морду гэтаму Зудзіловічу, пабаяўся падняць руку на камуніста. Сам на той час ужо камуністам ня быў, партбілет ужо адабралі на пасяджэпьні бюро райкама. Без партбілета ён доўгі час адчуваў сябе сіратой, асабліва калі ранейшыя яго сябрукі-таварышы, яны ж і сабутэльнікі, зьбіраліся ў клубе на партыйны сход і староньніх прасілі «аслабаніць памяшканьне». Ён і аслабаняў — часам у адзінай асобе староньні. Хто мог думаць тады, што гадоў праз дзесяць шмат хто з гэтых людзей пакідаюць свае партбілеты ці пахаваюць куды далей — на ўсякі выпадак.

Валера ж тады апынуўся безабаронны перад рэвізорамі, парторг ад яго адвярнуўся, робячы выгляд, што ня мае ніякіх адносінаў да фінансавых махінацыяў загадчыка клуба. I давялося Валеру паўгода сядзець без зарплаты. Добра яшчэ, што Валяпціне плацілі ў школе і яна карміла дзяцей. Валянціна ў любых абставінах умела захаваць непахісны гонар камуністкі, дарэчы, маючы з таго ўсё, што толькі можна было тады мець: і неблагую кватэру, і няпыльную працу ў школе, і пуцёўкі ў дамы адпачынку і нават у цэкоўскі санаторый у Ялце. Справядліва, аднак, зазначана, што за ўсё трэба плаціць, і Валяпціна старалася. На жаль, для Валеры гэтая плата аказалася празьмернай. Або непасільнай, не для ягонага розуму і здольнасьцяў. Але — кожнаму сваё.

Працуючы ў школе, малады Сарокін, як усе настаўнікі, называўся па імені і па бацьку — Валерыем Паўлавічам. А стаўшы загадчыкам клуба, неяк неўпрыкмет страціў бацькава імя і зрабіўся проста Валерам. Ішлі гады, расьлі дзеці, набіралася мажнасьці жонка, а загадчык клуба ўсё заставаўся Валерам. Валера і Валера — для равесьнікаў, для старэйшых і нават для маладых — нахабпаватых танцораў клубнай дыскатэкі. Зрэшты, Валера не крыўдаваў, ён ужо ведаў, што ня ў тым шчасьце. Для яго ў гэтым жыцьці шчасьцем-удачай было б ня ўліпнуць у якую гісторыю. Ды во ўліп!

Халера на яго — няўжо сапраўды яму адсюль не выкараскацца? Проста анекдот нейкі, а не здарэньне. Хаця — усё па п’янцы. А па п’янцы чаго толькі не здараецца. Валеру гэта добра знаёма...

Але знаёма на прыкладзе іншых, а як во прысьпічыла самому, дык ён аказаўся прафанам. Галоўнае — усё ня мог зразумець, у які канец выбірацца. Увесь час здавалася: то ў той, то ў іншы. Самы элементарны выбар — адзін варыянт з двух, і на той ён аказаўся няздольны. «Дык гэта ж адзін, паасобку ўзяты чалавек, а чаго ўжо чакаць ад грамадства з яго блытанай залежнасьцю прычын і наступстваў, — па-вучонаму думаў Валера. — Ды яшчэ такога бязладнага і дурнога грамадства, як наша. Мабыць, тут трэба здольнасьці генія. Але дзе яго ўзяць у грамадстве авантурыстаў? Нават Бог тут не памочнік, тут ён будзе няздатны. Відаць, такая ўжо мы самабытная нацыя. Што ні зробім, усё не ў лад. Усё па-дурному — і сабе, і іншым».

Дык што ж — зноў трэба крычаць? Таму што іншага не выпадае. Ды і замарыўся Валера ад гэтага дурнога тузаньня пад зямлёй, у цёмнай жалезнай пастцы. Упёршы падагнутыя ногі ў выгнуты бок трубы, ён пачаў крычаць штось невыразнае, самому незразумелае. Абы не маўчаць. Але так крычаць хутка яму надакучыла, захацелася хоць якога сэнсу ў гэтым выратоўчым крыку. I тады крык памалу набыў нейкія адзнакі маналогу. Маналогу крыўды ці скаргі — тое ўжо было Валеру ўсё роўна.

– Эй, там, наверсе! Мяне засыпалі! Замуравалі ў трубе. Чуеце? Я прападу тут, чуеце? Я ж чалавек, стварэньне божае. Губіце чалавека! Людзі вы ці не?

Напэўна, крычаў ён зусім разумна і пераканаўча, але адказу з паверхні, канешне, не атрымаў ніякага. I ён, сумна ўхмыльнуўшыся ў цемры, падумаў: «Марна стараешся! Так яны і кінуцца табе на дапамогу, прыгоняць бульдозеры, аўтаген, сьпецмашыны — пачнуць бурыць зробленае, раскопваць трасу. А калі ў іх няўпраўка з планам, зрываецца графік, сыплюцца штрафы-няўстойкі? Дык што ж ім — прыпыняць складана-сьвяшчэнны будаўнічы працэс? У іх — аграмаднасьць еўрапейскай задачы, магутнасьць транснацыянальнага канцэрна, які пампуе для Расеі валюту, неабходную для заняпалай эканомікі, змарнелага ВПК. Усім трэба даляры, даляры, даляры. Што ім нейкі дурны туземец, які трапіў у бяду па п’янцы — сельскі загадчык клуба Валера!»

Значыць, яму тут і гінуць?

Значыць, і гінуць, калі ён такі недалэнга, ня можа даць сабе рады сам ды па-дурному спадзяецца на іншых. Быццам не разумее, хто яны, гэтыя іншыя? Яшчэ пашанцуе, калі хутка пусьцяць свой газ, — хоць бы для пробы трубы, — і ён адразу адкіне капыты. А калі будуць марудзіць, цягнуць з выпрабаваньнямі, утрасаць цэны-тарыфы, — колькі яму тут канаць?

«Колькі наогул можа вытрымаць чалавек пад зямлёй без вады і харчу? Колькі ён можа ў космасе — тое мы ведаем, на тое вучаць і трэніруюць адмыслова выбраных герояў-касманаўтаў. А во пад зямлёй, у цеснай жалезнай трубе? I не шахнёр — загадчык калгаснага клуба, — таго, мусіць, ня ведае ніхто. Ды і на зямлі таксама ня ведаюць. Цэлыя народы стагоддзямі абыходзяцца бяз хлеба і волі і быццам пакуль ня ўмёрлі. Але дзе мяжа той іхняй жывучасьці? Няма ні ў кога адказу. Во чаму марксізм — наўрад ці навука. Кажуць, што калі б марксізм быў навукай, дык бы яго перш чым укараніць у масы, змадэлявалі б на камп’ютэрах ці праверылі б на мышах. А так адразу бяз доследу плюхнулі ў масы, ну і атрымаўся пшык», — сумна разважаў Валера.

Тое, што з гэтай ненавуковай прыдумкі добрага не атрымаецца, загадчык клуба Валера прадчуваў са студэнцкай пары. Было толькі дзіўна, што таго не разумелі іншыя — усе гэтыя высокавучоныя кандыдаты ды акадэмікі, дактары і партыйныя сакратары, якія ўсю дарогу толькі і ведалі, што разьвіваць ды абгрунтоўваць кожнае вар’яцтва, якое ішло зьверху. Зьнізу не дазвалялася нічога — усё зьверху. Але хто тыя, што былі наверсе? Хоць бы проста нармальныя людзі, а то ўсё вар’яты. Ці авантурысты. Ці шызафрэнікі або садысты. Яны і вызначалі жыцьцё народаў на адной шостай. Ды яшчэ ім мала было адной шостай — захацелася ўлезьці і на іншыя кантыненты, каб валадарыць і там. Бо што ж яны яшчэ маглі, апроч як валадарыць? А ў сябе даваладарыліся да таго, што не засталося ні хлеба, ні табакі. Адзіным сродкам асабістага фінансаваньня сталі пустыя бутэлькі. Не зьбярэш бутэлек — ня будзе за што купіць ні хлеба, ні курыва. Дзіўнавата, праўда, але бутэлькі знаходзіліся заўжды, нібы былі пасланыя Богам для паратунку. Колькі іх ні здавалі ў ларкі і крамы, заўжды зьяўляліся новыя. Быццам камяні ў полі. Як казалі старыя людзі, камяні вырасталі з зямлі; колькі іх ні зьбірай, менш на палях ня робіцца. Зямля рэгулярна нараджала новыя. Мабыць, так і бутэлькі.

– Гэй, людзі! Подлыя вашы душы, што ж вы робіце? Я ж ведаю, вы чуеце... Адкопвайце, а то я ўсё ўзарву! Усю вашу трасу! Увесь газаправод. Во ў мяне запалкі! — перайшоў да пагрозаў Валера. Так, яму здалося, было лепш зразумела для зьнямелых знарок ці папраўдзе газавікоў. Можа, хоць пагроза аварыі кране іх ачарсцьвелыя душы.

Але ўсё было марна.

Ад крыку запяршыла ў горле, ён закашляўся. Запалак, канешне, у яго не было, у свой час ён кінуў курыць. Гэта калі стаўся пажар у клубнай кінабудцы, згарэў выдатны савецкі фільм «Кавказская пленница» і ледзьве не згарэў увесь яго клуб. Калі па шчырасьці, дык загарэлася ў час выпіўкі ад чыйгось недакурка, але пра тое ніхто не дазнаўся. Прысланая з раёна камісія аказалася на вышыні: выпіўшы дзьве бутэлькі «Маскоўскай», падпісала акт, што прычынай нажару стала няспраўная электраправодка. Давялося мяняць увогуле не старую яшчэ праводку, супраць чаго загадчык клуба не запярэчыў, старшыня калгаса таксама. Але іх тайны грэх часам шкроб у Валеравай душы, асабліва калі з пахмелкі. Грахі з пахмелкі наогул мелі ўласьцівасьць абвастрацца, часам разрастаючыся да вялікіх памераў. I тады трэба было паправіць хваравітае сумленьне — зноў бегчы па бутэльку. Што, увогуле, было зразумела...

Калі засмактала пад грудзьмі, Валера ўспомніў сваю кінутую дзесь сумку. Можа, варта было пашукаць яе ды падмацавацца. Усё ж там хлеб, а колькі яму тут праседзець, хто ведае.

Таропка мацаючы па дне трубы заскарузлымі ад гразі гумовікамі, ён пралез сотню метраў і сапраўды наткнуўся на сумку. Ад скамячанай падмоклай буханкі адламаў ладны кавалак і хутка зжаваў яго. Розумам яго Бог, можа, надзяліў і ня надта (усё за несумніўныя ягоныя грахі), але на апетыт не пакрыўдзіў, і Валера нават падумаў: во каб яшчэ і бутэльку! Або хоць бы чацьвярцінку, можа б, і ня гэтак самотна было, можа б, і суцешыў загадчык клуба свой недарэчны канец. Але пра чацьвярцінку пакуль не было чаго і марыць. Як і пра шмат што іншае, не ў пару і беззваротна для яго страчанае. «Цікава, якое там сёньня надвор’е? — ня ў лад са сваім горкім настроем падумаў Валера. — Выглянула сонца ці ўсё яшчэ ідзе дождж? Калі дождж — зусім залье пляцоўку перад уваходам у клуб, будзе не пралезьці да ганка». За лета ён так і не сабраўся падвезьці самазвал гравію, засыпаць лужыну, каб, ідучы ў клуб, ня трэба было надзяваць боты. «Разгільдзяй, а не загадчык», — пакаянна разважаў пра сябе Валера.

Паўбохана неўчарсцьвелага яшчэ хлеба ён усё ж зьеў і без чацьвярцінкі, мог бы зьесьці і болей, але спыніўся. Ежу, мабыць, належала эканоміць, адсюль у краму ня зьбегаеш нават з сумкай бутэлек. Абаранкі пакуль што пакінуў, калі што — дзецям...

Калі што... А калі нічога? Хутчэй за ўсё акурат нічога. Бо што ж яшчэ ён мог тут прадпрыняць? Хіба зноў крычаць? I ён зноў закрычаў, прыкметна, аднак, паглушэлым голасам:

– Э-э-эй! Вы там — будаўнікі газаправоду! Капіталізму ці сацыялізму — хто вас разьбярэ. Вы чуеце? Я не жартую! Я сапраўды тут гіну!..

Як і раней, адказам яму была глухая падземная цішыня. Хутчэй за ўсё наверсе проста не было нікога.

Мяркуючы па тым, як яго ўсё болей учэпіста пачала агортваць стома, Валера падумаў, што, мабыць, дзень мяняўся на ноч, хацелася спаць. Што ж, тут у трубе, час, мабыць, мяняўся інакш, чым на волі, можа, там даўно ноч. Тым горш для яго — ноччу ён напэўна ні да кога не дакрычыцца. Але як тут угадаць, калі ноч, а калі дзень? Во яшчэ праклятая праблема на яго галаву!

Добра, аднак, што ўвогуле было не сьцюдзёна, прасьмярдзелае ад бітуму паветра ў трубе стаяла нерухома, інакш бы Валера жыва адчуў, адкуль вее. Але, падобна, ніадкуль не веяла, ня дзьмула, падобна, трубу ладна замуравалі, закупорылі герметычнымі заслонкамі. Можа, на самой справе зьбіраюцца выпрабаваць на герметычнасьць? Ня могуць жа яны дапусьціць, каб іх шаноўны газ бясплатна выцякаў у атмасферу. Тады ўжо яму напэўна канец.

Што ж, ён быў гатовы да ўсяго.

Нядоўга пасядзеўшы, ён пачаў драмаць і, падобна, нават заснуў, праспаўшы нейкі кавалак часу — дня ці ночы. Асабліва ўражлівых сноў не пабачыў, толькі прысьнілася штосьці з дзяцінства і — маці. Кожнага разу, калі ён бачыў яе ў сьне, трывожна прачынаўся, — маці была ягоным дакорам, яго хваравітым сумленьнем. З гэтым гаротным пачуцьцём ён жыў усе апошнія гады, выразна ўсьведамляючы свой грэх, ня ў стане яго замаліць. Хацеў і ня мог. Валера быў сынам старэнькай настаўніцы-пенсіянеркі, усё жыцьцё якой з маладых гадоў было аддадзена яму, адзінаму сыну — яе лёсу. ГІраз яго яна пакутвала і радавалася; болей, аднак, пакутвала. Радасьці ад яго было няшмат. Апошнія дзесяць гадоў яна жыла адна, у вёсцы праз дваццаць кіламетраў ад ягонага «Шляху да камунізму», часта хварэла; часам тэлефанавала яму, але хатняга тэлефона ў яго не было, а ля клубнага ў кабінеце не заўсёды быў ён. Даўно трэба было б узяць маму ў яго сям’ю, ён гэта ведаў (хаця мама ніколі не прасіла яго пра тое), мабыць, з унукамі ёй было б весялей. Але жонка, Валянціна Іванаўна... Валера за дзесяць год іхняга жыцьця так і не наважыўся загаварыць з ёй пра маці, хаця жонка, можа б, і не адмовіла сьвекрыві ў прытулку і хлебе. Ды падкоркай Валера адчуваў, што добра гэтая справа ня скончылася б, як дабром не канчалася ніводная яго новая справа ў сям’і. Надта ўжо розныя яны былі, гэтыя дзьве сельскія настаўніцы: адна — навучэнка местачковага педтэхнікума трыццатых гадоў і другая — выхаванка ня так сталічнага педінстытута, як розных парткамаў, камісіяў ды саветаў, членам якіх ёй давялося перабываць. Так сталася, што яна рана зразумела сваю галоўную ролю ня так у народнай адукацыі, як у клопатах аб выкананьні розных партыйных мерапрыемстваў, найпершымі сярод якіх былі пасяджэньні і нарады. Паўдня адрабіўшы ў школе, астатні час Валянціна Іванаўна засядала то ў калгасным партбюро, то ў якой-небудзь грамадскай камісіі; у выхадны абавязкова адпраўлялася на нараду ў райцэнтр ці на правядзеньне семінара ў адзін з сельскіх калгасаў. Некалькі разоў у год яна прымала ўдзел у сесіях абласнога савету, дэпутаткай якога была абраная. Ягоная Валянціна актыўнічала з усёй уласьцівай ёй кіпучай энергіяй і тым ганарылася. Валера ж з тае прычыны часьцяком пакутваў, перыядычна і марна абураючыся: калі галодны да позьняй ночы тырчэў у клубе; калі не знаходзіў чыстай сарочкі да чарговага канцэрта клубнай самадзейнасьці; калі ўвечары не было за што выпіць і не было ў каго пазычыць на бутэльку. Жончын жа кашалёк даўно быў не для яго. Але за гады сумеснага жыцьця ён паступова прывык да свайго незайздроснага лёсу нявольніка камуністычнай сістэмы, як моўчкі ён сябе называў.

Ягоная ж старэнькая маці, дажыўшы да пенсіі, перастала прызнаваць камуністычную ўладу наогул, якую да таго тайна і ўпарта ненавідзела за пагібель мужа ў трыццатыя, размаўляла з сялянамі па-беларуску і зрэдчас хадзіла ў каталіцкі касыдёл, бо ў акрузе не было ўніяцкага. Валянціна Іванаўна летась закінула на шафу патрэпаныя кансьпекты гутарак па навуковым атэізьме і следам за раённым кіраўніцтвам са сьвечкай у руках пайшла ў прыгожа адрамантаваную праваслаўную царкву. «Нельга адрывацца ад народа», — патлумачыла яна сваю нечаканую рэлігійнасьць. Валера на гэта толькі крыва ўсьміхнуўся і не пайшоў у царкву. Па-першае, пад той час ён стаў беспартыйным, па-другое, яму хапала і клуба з партрэтам сурова насупленага прэзідэнта, які яго абавязалі павесіць над сцэнай. Такія ж партрэты віселі ў кожпым класе іх школы, пра што паклапацілася член бюро райкама ПКБ Валянціна Іванаўна.

Калі добра падумаць ды на цьвярозую галаву дык няцяжка было зразумець, што ў безвыходнай пастцы Валера апынуўся не ўчарашняй начы ці днямі, нават не ў гады перабудовы, а куды раней. З прычыны ўласнай дурноты ён зрабіў учынак, які ў той час яму здаваўся ўдачай, а затым пакрысе стаў ціснуць на яго чыгунным цяжарам, гасячы шматлікія яго зусім чалавечыя памкненьні. Асабліва ў апошнія перабудовачныя гады, калі грамадзянскія хібы мінулага ўпершыню былі названыя ўласнымі назовамі і шмат што перастала быць грамадзянска-партыйным абавязкам, стаўшы, як яму і належала, звычайнай подласьцю. Ня ўсе, каго гэта тычыла, пранікліся раскаяньнем, але і наўрад ці хто ганарыўся сваім тайным мінулым, адчуўшы хоць бы кароткі спалох ад магчымых наступстваў. Некаторым перастала памагаць і бутэлька.

Пачаткі душэўнага дыскамфорту кожнага таіліся ў далёкім ці нядаўнім мінулым, пра якое некаторыя стараліся забыцца; і іншыя, каб і хацелі, не маглі тое зрабіць. Валера сваё ўкрыжаваньне памятаў з усімі драбніцамі, забыцца на яго яму так і не далі.

У час разьмеркаваньня на працу пасьля сканчэньня педінстытута сакратарка дэкана паклікала яго ў кабінет — зазірнуць на хвілінку. Справа адбывалася ўвечары; адстаўшы ад сяброў, ён затрымаўся ў вучэбным корпусе па нейкай патрэбе і трохі зьдзівіўся выпадковай сустрэчы ў пустым калідоры: дэкан, думалася, ужо даўно павінен быць дома. Трохі заінтрыгаваны зайшоў у прыёмную, адтуль у кабінет, дзе за прыбраным ад папяровых завалаў сталом сядзеў зусім не дэкан, а незнаёмы малады чалавек з высокімі залысінамі ў бялявых, акуратна зачасаных валасах. Са зьзяючым, быццам ад гэтае сустрэчы, тварам, ён паціснуў Валераву руку, запрасіў сесьці. Тут жа пацікавіўся, як Валера Сарокін здаў дзяржэкзамены, якія ў яго далейшыя планы? Ці задаволены ён сваім разьмеркаваньнем? Валеру разьмеркавалі ў нейкі мядзьведжы куток на Палесьсі, задаволенасьці з тае прычыны ў маладога выпускніка было няшмат, што, мабыць, і адбілася на яго насьцярожаным твары. Незнаёмы, здаецца, усё зразумеў адразу, сардэчна яму паспачуваў і абяцаў памагчы. Як можна было памагчы, калі сьпісы былі падпісаны і зацьверджаны, а можа, і разасланы ў вобласьці, Валера не разумеў; незнаёмага ж гэтыя абставіны ані не бянтэжылі. Той толькі крышку ўсьміхнуўся і сказаў, што, калі трэба, усё можна ўладзіць. «Дзяржаўная камісія, канешне, — улада, але ёсьць улада і вышэй. Думаю, вы разумееце, пра якую я кажу ўладу?» — «Разумею», — выціснуў з сябе Валера, пакуль, аднак, мала што разумеючы. «Але і ад вас патрабуецца дапамога. Ня вельмі вялікая, але важная для органаў. Як вы — згодны?» — уставіўся чалавек у трохі зьніякавелага Валеру. Здаецца, толькі тады Валера пачаў штось разумець.

У выпадковых гутарках з рознымі людзьмі яму ўжо даводзілася што-нішто чуць пра работу гэтых таямнічых органаў, як імі часам называўся вядомы ўсім КДБ. Што-нішто пра тое ён чытаў у газетах. Але галоўнае — ён памятаў некаторыя скупыя аповеды маці пра бацьку — як яго ўзялі невядома за што і ён прапаў, ня даўшы ніводнага знаку пра сябе. Нейкі час Валера нават перажываў з гэтай нагоды, баяўся, як бы бацькаў лёс не адгукнуўся і на лёсе сына, але, відаць, перажываў дарма. Яго прынялі ў камсамол, ён лёгка паступіў у інстытут, ніхто яму ніколі не напомніў пра яго рэпрэсаванага бацьку. Ды ў інстытуце мала хто ведаў пра тое. За чатыры гады вучобы Валера прывык сябе адчуваць нароўні з усімі, з органамі ні разу ня меў справы і ўвогуле думаў, што іхняя праца яго ня тычыцца. Усе ягоныя сябры ў групе і на курсе былі добрыя хлопцы, спрэс працоўнага паходжаньня; ніхто не займаўся ні сьпекуляцыяй, ні фарцоўкай, у нізкапаклонстве перад гнілым Захадам таксама нікога немагчыма было западозрыць. Хаця, як цяпер аказалася, ад яго і не патрабавалася каго-небудзь падазраваць або за кімсьці сачыць. Проста належала даць фармальную згоду па супрацоўніцтва з органамі, падпісаць адпаведнае абавязацельства і выбраць псеўданім. Які хочаш, на свой густ — хоць «Талстой», хоць «Пушкін».

Нядоўга падумаўшы, Валера падпісаў паперку і, зірнуўшы ў акно на разлапістае гольле клёна, нерашуча прапанаваў: «Клёнаў».– «Ну і добра, хай будзе Клёнаў. Так і запішам, — пагадзіўся чалавек. — Цяпер вы ў нашым актыве. Калі што — мы з вамі зьвяжамся». — «А як жа з разьмеркаваньнем?» — хацеў запытаць Валера, бо хутка трэба было зьбірацца на новае месца працы. Ехаць да ягонага месца ў далёкі невядомы Петрыкаўскі раён Валеру ня надта хацелася, калі папраўдзе — зусім не хацелася, і ён не адзін дзень перажываў праз тое. Але ягоны шэф адразу змоўк, нібыта забыўся, з чаго пачынаў размову, і Валера не наважыўся ў яго запытацца. Падумаў, можа, і сапраўды яго яшчэ паклічуць і ўсё перайначаць як трэба.

Аднак пе паклікалі і не перайначылі. Маладжавага чалавека з залысінамі ён ніколі болей ня бачыў, у прызначаны тэрмін мусіў паехаць у школьную сямігодку пад лесам на краі балота, дзе і працаваў чатыры гады, пакуль не ажаніўся з разьведзенай, старэйшай за яго настаўніцай Валянцінай Іванаўнай. За пяць гадоў, што прайшлі пасьля памятнай размовы, у яго не было ніводнага кантакту з кім-небудзь ад тых органаў, падобна, ніякай цікавасьці да яго ў іх не ўзьнікала. Ад іншых, болей вопытных людзей ён ведаў, што гэтыя органы — не ЗАГС, разводу нікому не даюць і вярбуюць людзей назаўсёды. Таму паперкі з ягоным подпісам і псеўданімам «Клёнаў» будуць дзесьці ляжаць з грыфам «Зусім сакрэтна» і «Хаваць вечна», аж покуль іх не пагрызуць мышы. Ці не паб’е моль. Усьведамленьне свайго дачыненьня да справы, якая мае такую дзяржаўную важнасьць, часам зімовай сьцюжай абдавала Валеру і ў хвіліны спрыяльныя, і асабліва ў хвіліны трудныя. Вядома, гэтае ўсьведамленьне не аднойчы ўтрымлівала яго ад шмат якіх легкадумных па маладосьці ўчынкаў, але было і так, што скоўвала волю, калі яе трэба было праявіць для ўчынкаў людскіх і добрых. Часам ён хацеў і мог, але не рашаўся. Хіба калі вып’е, расслабіцца, адкрые душу ў сяброўскай размове з сабутэльнікамі, і то ўсё ламаючы галаву: хто перад ім — сябра ці стукач, таксама які-небудзь Клёнаў, Бярэзін ці, можа, Дубаў. Пад той час ён ужо ведаў сілу гэтых людзей і заўжды меў іх на ўвазе. Калі ягонага сябра заатэхніка Кірыліна за нешта няўцямнае зьнялі з працы, ён адразу адчуў, чыя гэта справа, і не заступіўся, не спрабаваў памагчы апраўдацца, хаця да таго амаль кожны выхадны яны разам вудзілі рыбу і нямала выпілі гарэлкі. Мабыць, Ватера павінен быў нешта зрабіць для яго, але не зрабіў, бо сам спалохаўся: ці мала што ягоны гаваркі сябра мог сказаць каму за бутэлькай. Яму, напрыклад, ён нагаварыў столькі, што гадоў на пятнаццаць хапіла б абодвум.

Што ж да яго даўняга, амаль ужо забытага ім псеўданіма, дык яго ўсё ж прыпамяталі.

Увосень у школу прыехаў новы настаўнік фізікі Лукашэвіч Павел Іванавіч, адзінокі, немалады, трохі дзіўнаваты чалавек, які пасьля заняткаў самотна сядзеў у сваёй каморцы. Каморка была часткай кватэры суседкі, акушэркі Клаўдзі, з агульнай кухняй, дзе да таго часу аднаасобна гаспадарыла акушэрка. Халасьцяк Лукашэвіч за тры месяцы працы, мабьшь, ні разу ня выйшаў з-за дашчанай перагародкі на кухню, і тое, па ўсёй верагоднасьці, насьцярожыла суседку. Неяк пасьля адной нарады ў райана Валеру, які ў той час быў настаўнікам беларускай мовы, папрасілі затрымацца і зайсьці ў бібліятэку, дзе яго ўжо чакаў незнаёмы тып з квадратнай сківіцай і густымі брэжнеўскімі брывамі. Тып узростам быў куды старэйшы за Валеру, але бы з роўным жыва завёў з ім лёгкую размову пра тое, як вудзіць ляшчоў, у чым ён быў сьпец, як адразу адзначыў Валера, які таксама вудзіў усялякую рыбу. Але во, нібы між іншым, Тып пацікавіўся, ці сустракаецца Сарокін з новым настаўнікам фізікі, і прыкметна насьцярожыўся, чакаючы адказу. Валера адразу сьцяміў, дзеля чаго яго паклікалі сюды, і моўчкі вылаяўся. З тае прычыны ён мусіў адстаць ад сяброў і прапусьціць немалую п’янку ў рэстаране. Памеркаваўшы, аднак, сказаў, што з Лукашэвічам не сустракаецца, і наогул фізік ні з кім не сябруе, болей сядзіць дома. Тыпу гэтае паведамленьне Валеры ня дужа спадабалася, ён адразу прагнаў з цьвёрдага твару нсшта падобнае да ўсьмешкі і сказаў, што гэтую справу трэба паправіць, бліжэй падысьці да Лукашэвіча. Запрасіць калі ў выхадны на госьці, выпіць, пагутарыць па душах. Можна нават пакрытыкаваць улады, але ня так, каб вельмі, лепш мясцовыя, на раённым узроўні, — тое дазваляецца. Вельмі гэта не спадабалася Сарокіну-Клёнаву, і ён папружана думаў, як быць? Было пэўна, што п’янка ў рэстаране для яго ляснула, і Валера занерваваўся, тым больш, што ён зусім не хацеў рабіцца памочнікам гэтага Тыпа. Каб як-небудзь ад яго адкараскацца, Валера даволі рашуча аб’явіў, што Лукашэвіч — нармальны настаўнік, свой прадмет ведае, выкладаць умее, бо мае немалы педагагічны вопыт. Уважліва выслухаўшы Валеру, Тып зрабіў працяглую паўзу затым сказаў тонам вялізнай важнасьці: «Я не павінен вам гатага казаць, але для вас зраблю выключэньне. Справа ў тым, што ваш Лукашэвіч у час вайны супрацоўнічаў з акупантамі, і на ягоных руках — кроў савецкіх патрыётаў».

Пачуўшы гэта, Валера зьніякавеў: аказваецца вунь што! Калі Лукашэвіч — пасобнік акупантаў, дык гэта мяняе ўсю справу. У Валеры стрыечны брат загінуў ад рук акупантаў, у сорак трэцім акупанты зьнішчылі суседнюю вёску разам з яе жыхарамі, землякамі Валеры. Але тут у Валеры ўзьнікла шмат пытаньняў, і першае з іх: чаму органы так доўга не арыштоўвалі гэтага здрадніка пасьля вайны? Прыкладна так ён і папытаўся ў Тыпа. Той, аднак, не адказаў і перайшоў да канкрэтнай справы. Ён сказаў, што Сарокін усё ж павінен наладзіць з Лукашэвічам дружбу і пры выпадку завесьці размову пра Чэхаславакію, даведацца, як той адносіцца да факту ўводу войска Варшаўскага дагавору ў гэтую краіну. Што на гэты конт думае? Канкрэтнае заданьне трохі зьбянтэжыла Валеру, і ён падумаў: ці ня надта розныя гэта рэчы — нямецка-фашысцкія акупанты і ўвод нашых войскаў у Чэхаславакію? Надта тут туманная сувязь. Але каб хутчэй адкараскацца ад гэтага чалавека, ён змоўчаў, і яны разьвіталіся. Дамовіліся сустрэцца праз тыдзень.

У той дзень, вяртаючыся дадому, Валера не пераставаў думаць пра нечаканае заданьне і ў каторы раз прыходзіў да высновы, што тут нешта ня так. Зразумела, што яны капалі пад старога настаўніка зусім не за супрацоўніцтва з акупантамі, якога, можа, і не было, а найперш іх цікавіла Чэхаславакія. Міфічнае супрацоўніцтва ці не было засланкай. Валера, вядома, выканае заданьне, пагутарыць з Лукашэвічам, але наўрад ці яны атрымаюць ад яго кампрамат на настаўніка. Тым больш на тэму Чэхаславакіі. У той жнівеньскі ранак Валера сам слухаў па «Бі-бі-сі» рэпартаж пра ўвод войскаў і лаяўся, аж пакуль жонка не адабрала ў яго «сьпідолу». У Чэхаславакіі душылі свабоду — гэта ж было зразумела. Праўда, ён толькі лаяўся, але пра свае адносіны нічога нікому не сказаў. У школе пра тое таксама дружна маўчалі. Адзін толькі ветэран Зудзіловіч хадзіў па вёсцы і зласьліва даказваў, што зноў ледзь не спазьніліся, даўно трэба было зрабіць тое, а то глядзі, каб амерыканцы не адхапілі ў нас братнюю Чэхаславакію, якую ён вызваляў ад фашыстаў.

Неўзабаве ў нядзелю, калі Лукашэвіч на адзіноце сядзеў у сваёй каморцы, Валера пастукаў у яе зьбітыя з дошак дзьверы. Лежачы на ложку, настаўнік чытаў нейкую кніжку і, заклаўшы палец паміж старонак, устаў насустрач. Валера бадзёра павітаўся, сьпярша загаварыў пра надвор’е, пра грыбную пару, якая сёлета абяцала быць ураджайнай. Але далей размова чамусь не павялася, і Валера запытаўся проста: адкуль Лукашэвіч родам, дзе быў у вайну? Аказваецца, родам ён з Гомельшчыны, у пачатку вайны трапіў у палон, уцёк і партызаніў у Славаччыне; інвалід, мае нявынуты асколак ад нямецкай гранаты ў патыліцы. Як ён адносіцца да таго, што цяпер робіцца ў Чэхаславакіі? Ды як да нахабнага ўдушэньня Чэшскай вясны, яе маладога памкненьня да незалежнасьці, — як жа яшчэ да таго можа адносіцца сумленны чалавек? Лукашэвіч сказаў тое проста, бяз хітрыкаў і намёкаў, як пра нешта, што само па сабе зразумела. I Валеру гэта спадабалася. Ён сам думаў якраз гэтак, толькі ён пра тое ніколі б не прызнаўся нават перад жонкай Валянцінай. Тады Валера адразу падумаў пра таго Тыпа, сустрэча з якім меркавалася праз два дні: халеру я вам пра гэта скажу. Ужо яго вам я ня выдам.

I на самай справе, у знаёмым кабінеце райбібліятэкі, дзе яго ўжо чакаў Тып, Валера па ягоным загадзе накідаў паўстаронкі тэксту, падпісаўся: «Клёнаў». Той прачытаў і нечакана не на жарт зазлаваў: «Вы што мне марочыце галаву? Каго спрабуеце ашукаць? Хіба Лукашэвіч гэтак сказаў? Ён во як сказаў...» I Тып з іншай, вынятай са скураной папкі паперчыны прачытаў яму сапраўдныя словы Лукашэвіча. Валера зусім разгубіўся, падумаўшы: адкуль ён чуў іхнюю размову? Там жа было іх двое. Ці, можа, дзе сядзеў трэці?

Для Валеры яго няхуцавая спроба ашукаць органы абышлася занадта дорага. Праз пару месяцаў Лукашэвіча забралі з райаддзела міліцыі, куды выклікалі быццам бы дзеля афармленьня прапіскі. А яшчэ праз месяц Валеру Сарокіна на бюро райкама выключылі з партыі з туманнай фармулёўкай — за перараджэньне. I тут жа звольнілі з працы. Паўгода ён прасланяўся без ніякага занятку, пакуль старшыня калгасу ня ўзяў яго загадчыкам клуба — замест маладой жанчыны, што пайшла ў дэкрэтны водпуск. Валера быў дужа ўдзячны старшыні, былому партыйнаму сакратару, якога ў трудны час кінулі з райкаму на ўздым сельскай гаспадаркі. Увогуле, ён і ўзьняў калгас, калгасьнікі яго нават любілі. Аднойчы ў хвіліну шчырасьці, калі са старшынёй была выпіта бутэлька «Сталічнай» і Валера пачаў п’яна і нялоўка дзякаваць старшыні за дабрыню, той раптам сказаў: «Думаеш, я гэта — дзеля цябе? Ды хто ты такі? Толькі дзеля карысьці справы! Падмочаныя, яны заўжды болей стараюцца, па сабе ведаю». I засьмяяўся.

Валера маўчаў. Увогуле ўсё было правільна: ён быў падмочаны. I нават вельмі. Але хто яго падмачыў? Ужо ня ён сам сябе. А можа, і сам, хто ведае...

Была і ў Валеры пара (асабліва на пачатку яго настаўніцкай працы), калі ён сумленна хацеў адпавядаць ідэальнаму абліччу камуніста, што ўвогуле было нескладана. Трэба было толькі ціха сябе паводзіць, болей маўчаць. Што ён і рабіў, хаця часам падмывала выказацца, нават абурыцца. Асабліва, калі тое здаралася пад градусам. Але ён хутка зразумеў, што гэта небясьпечна. Ён рэдка выступаў на сходах, болей сядзеў і слухаў, тым болын, што актыўных выступак хапала заўсёды, і заўсёды не хапала часу. Ніколі ня лез у спрэчкі з начальствам, а на яўнае бязладдзе навучыўся заплюшчваць вочы і затыкаць вушы. Нават дома, у сям’і, у адносінах з жонкай, тым больш такой актывісткай, як яго Валянціна.

У часе нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў раённая наменклатура кінула тайны, але настойлівы заклік: усе — за кандыдата пры ўладзе! Ягоная Валянціна Іванаўна, як заўжды, зрабілася членам выбаркама і амаль на тыдзень перасялілася ў райцэнтр, дзе няспынна засядала камісія. Праседзеўшы з сынамі тры дні бяз хлеба і бяз грошай, Валера заскочыў у выбаркам узяць у жонкі хоць на хлеб. У выбаркаме ліхаманкава тасавалі вынікі выбараў, у памяшканьне не пускалі нікога, ён паклікаў Валянціну ў калідор і там, на падаконьніку, яна таропка расшпіліла сваю гаспадарчую сумку. Сярод іншых папераў і рознай драбязы ён адразу ўбачыў тоўсты пачак нейкіх бюлетэняў і зьдзівіўся: што гэта? «Ня твой клопат!» — спалохалася жонка, ляснуўшы яго па руцэ. Ну, усё зразумела, сьцяміў Валера і пасьля па дарозе ў краму пакутліва думаў, што рабіць? Гэта ж злачынства, яўная фальсіфікацыя, трэба было людзям цягнуцца па гразі ў мястэчка галасаваць, выбіраць з пяці аднаго, калі гэтыя ў зачьшепым пакоі пад аховай міліцыі зробяць усё, што захочуць. I каму паскардзішся, калі члены камісіі строга падабраныя выканкамамі і ўсё робяць па іхнім плане. Значыць, маўчаць, рабіць выгляд, што нічога ня ведаеш, ні ў чым нікога не падазраеш. Калі ня хочаш сабе яшчэ горшага. Асабліва калі да ўлады прыйдзе іхні абраньнік.

Зрэшты, так яно і здарылася. Яны далёка глядзелі, гэтыя раёпныя стратэгі, і не памыліліся. А разам з імі і яго Валянціна Іванаўна. Цікава, што яна думае цяпер пра яго прапажу? Звычайна ў такіх выпадках, калі ён дзе-небудзь затрымліваўся і сыны пачыналі пытацца, дзе бацька, іхняя маці з грэблівай усьмешкай адказвала: «Прыйдзе, нідзе ня дзенецца». Зайздросная вытрымка — і так ва ўсім.

«Але што ж, так і сядзець у гэтай жалезнай нары і гінуць у поўнай пакоры недарэчнаму лёсу?» — думаў Валера. Становішча яго, канешне, было зусім ахавае, хаця ў глыбіні сьвядомасьці ўсё ж таілася маленькая спадзёўка. На авось ці, можа, на цуд. Калі іншага не было, звычайна спадзяваліся на цуд, мабыць, так было заўжды. У жыцьці і ў гісторыі. Цуд, вядома, памагаў рэдка, болей падводзіў, асабліва атэістаў-бальшавікоў, якія, быццам не ведаючы таго, цяпер так дружна рушылі да хрысьціянскіх цудаў. Авось паможа! Калі памаліцца Богу, абразам, паклікаць царкоўных іерархаў на шматлюдныя прапагандовыя шоу. Авось будзе вынік. Можа, калі-нсбудзь і будзе, але пакуль што дапамогі ад іхняга стараньня было няшмат — эканоміка катастрафічна падала, фінансы ўжо разваліліся. Але камуністы маліліся! Чым далей, тым болей. Ці можа, рабілі выгляд, што вераць і моляцца, прытвараючыся ў набожнасьці. Гэтыя заўжды былі вялікія майстры наконт прытворства. Валеру ж тут прытварац-ца не было патрэбы, не было перад кім, і ён разумеў, што, калі не пастараецца сам, дык ніколі яму адсюль ня выбрацца. Значыць, трэба старацца. Мала што абдумаўшы і нават без выразнай мэты, ён падняўся і на кукішках, прыгнуўшыся, палез па трубе — няважна ў які бок, абы не сядзець на месцы.

На гэты раз ён поўз па-сабачы доўга, пакуль ушчэнт не стаміўся. I ўсё без якога-небудзь выніку. Ні стыку, ні люка, ні якога голасу знадворку — нічога нідзе. Вельмі магчыма, падумаў Валера, што яны заварылі апошні на гэтым участку стык і паехалі на новае месца. На новую базу. Але дзе яна магла быць, тая іх новая база, ён здагадацца ня мог. I трэба ж было яму ўлезьці ў гэтую пастку! Называецца, спужаўся дажджу. Ды хоць бы прамок да касьцей, ухапіў прастуду, грып ці яшчэ якую халеру, — можа б, урэшце як-небудзь выкараскаўся. А во як выкараскаешся адсюль, калі прапаў выхад? Выхад на самай справе зьнік, яго заварылі, засыпалі і зараўнялі, — во ў чым справа.

Як жа яму цяпер быць? Мабыць, ніяк. Ён ужо не жыхар на сьвеце, ён — перасяленец пад зямлю. Дарэчы, па сваёй п’янай дурноце. Аказваецца, па п’янцы магчыма і такое. Не прадбачанае нават для самага цьвярозага розуму.

Ён доўга ляжаў на дне трубы, адпачываў. Пасьля падцягнуў бліжэй сумку і даеў хлеб. Абаранкі расьпіхаў у кішэні, — каб спаражніць сумку, якая болей яму не спатрэбіцца. Вольным рукам будзе лепш. Хоць бы ведаць, колькі ён прайшоў пад зямлёй, — пры такім спосабе хады тое было няпроста. Усё ж ісьці было цяжка, няспрытна, надта сагнуўшыся, на кукішках. А можа, і ня варта было нікуды ісьці? Легчы і сканаць. Гэта было б лягчэй. Значыцца, і разумней.

Але няўжо яны там не спахопяцца, не заўважаць ягонай прапажы, ня ўзьнімуць трывогу? I не здагадаюцца, дзе ён зьнік. Хоць бы Сямён Рудак. Сямён быў апошні, хто ў мястэчку ля забягалаўкі бачыў Валеру. Яны доўга разьвітваліся — не маглі разьвітацца. Хаця Сямён што — у Сямёна ўласнага клопату поўная галава. Нядаўна адчыніў гандлёвы ларок з рознай драбязой — «сьнікерсамі», галантарэяй ды іншым, — дык абчысьцілі ноччу. Цяпер бегае, шукае зладзеяў. У міліцыі так і сказалі: шукай сам. Знойдзеш, даложыш, — прымем меры. Ня знойдзеш — аштрафуем за кепскія клопаты аб ахове. Вось такія парадкі. Магла б узьняць тарарам Валянціна, але ад яе дачакаешся! Для яе галоўнае — не ўзьнімаць паніку. Яшчэ парадуецца, што прапаў, скажа сынам: прыйдзе, нідзе ня дзенецца. Калі толькі тыя папытаюцца. А можа, і пе папытаюцца, — падрасьлі, агрубелі, ня тое што былі малыя. Цяпер цалкам пад матчынай педагагічнай апекай. I дзеці, і муж. Быў. Ды ўвесь выйшаў...

I ўсё ж трэба паўзьці. Куды? Хто яго ведае, куды. Наперад. Раней казалі б — наперад да камунізму. А зараз падобна — наперад да капіталізму. Але да капіталізму ня хоча прэзідэнт. Куды брысьці нацыі, ведама толькі яму аднаму Але ён ня кажа нікому, гэта яго прэзідэнцкі сакрэт. Хутчэй за ўсё, аднак, ён таксама ня ведае, адно робіць выгляд, што яму вядома. Выгляд ён рабіць умее... Выдатны акцёр, усіх пераконвае. Нават тады, калі сам ня верыць. Ведама, што жыцьцё з той прычыны ня можа лепшаць і, здаецца, забрыло ў тупік. А во камуністы, падобна, ведаюць. Для іх наперад — значыць назад. Тут у самага разумнага галава закруціцца: куды ўсё ж рухацца? Як у яго тут, у трубе. Калі б ён ведаў, дзе зад, а дзе перад, дзе выйсьце — наперадзе ці ззаду? Ён падумаў — наперадзе. А можа быць, ззаду, і ён аддаляецца ад свайго паратунку? Во ў чым праблема.

Хоць цяпер ён поўз толькі ў адным, наўгад абраным кірунку, ніякай упэўпенасьці ў ім не было. Часам накочвала сумненьне: а можа, трэба павярнуць назад? Бо колькі ж можна паўзьці і бяз выніку?

Нечакана ён заўважыў, што траса пайшла ўніз, паўзьці па трубе стала зручней — пад невялікі плаўны ўхіл. I ён стаў прыпамінаць знаёмую мясцовасць — дзе мог быць гэткі ўхіл? Можа, каля Альхоўкі? Але там пагорак ня з гэтага боку, здаецца, з другога. Траса трубаправода туды прайсьці не магла. Ці, можа, ён ужо мінуў Альхоўку? Або не дапоўз да яе?

Пакуль ён так думаў, упарта прабіраючыся наперад па шархоткай трубе, тая неўпрыкмет пайшла ўгару. Рухацца стала горш. Усё ж гэтае сабачае перапаўзаньне было ненатуральнае для чалавека і адбірала занадта шмат сілы. Валера ўсё часьцей спыняўся, лажыўся на бок, прываліўшыся да акруглай сьцяны. Было цёпла, і ён нават спатнеў пад воглым плашчом. Сьцягнуўшы яго з плячэй, адкінуў прэч, так стала зручней. Абаранкі ён, падобна, паразгубляў з дзіравых кішэняў, засталося ўсяго два, якія ён тут жа згрыз. Тым нібыта падмацаваўся, але захацелася піць. Вады яму тут, зразумела, нідзе не здабыць, і ён не спадзяваўся напіцца. Вада магла паявіцца разам з вызваленьнем з падземнага палону. Ён зразумеў гэта і засумаваў яшчэ больш. Праклятая сітуацыя! Навошта ён выпіў тады з Рудаком? Нашто піў наогул? Лепш, калі б жыў цьвярозым, мужычком-хітраванам, хоць бы настаўнікам ці загадчыкам клуба. Напэўна б, без пары не загнуўся, пражыў бы болей. Як сельскі камуніст-праведнік Зудзіловіч, што дацягнуў да сямідзесяці сямі гадоў. Але што б гэта было за жыцьцё — во ў чым пытаньне. У такім, як ягонае жыцьцё, толькі і радасьці было — выпіць. Ды і мэта таксама. Што толькі адна мэта, гэта, бадай, кепска. Кепска, калі ў чалавека адна мэта; напэўна, у грамадства — таксама. Нават калі гэтая мэта — пабудова бяскласавага камуністычнага грамадства, усё роўна кепска. Адна мэта можа аказацца фальшывай. Або недасяжнай. I тады — крах! Як во зараз. I няма вінаватых. Бо, як кажуць, ідэя правільная, а во яе ўвасабленьне ў жыцьцё... Але што ж гэта за ідэя, калі яе нельга ўвасобіць. I яна прыгодная хіба для бібліятэчных фондаў ды абароны дысертацый. Усё ж людзі розныя. I чалавек — не тэлеграфны слуп. Чалавек болей падобны да дрэва — надта кучаравае ў думках і справах. Хаця і дрэвы бываюць розныя — розных парод, з рознымі лёсамі. Бадай, самы няўдалы лёс мае дрэва, што пры дарозе. Як старая бяроза на Курмакоўскім раздарожжы. I сукі абламаныя, і кара садраная. I розныя словы выразаны нажом на камлі. Хто ні ідзе, кожны драпае, каб пакінуць свой сьлед. Такі во лёс пры дарозе. I на парозе таксама. Як у Беларусі. Прысьпічыла ж ёй сесьці на парозе між Усходам і Захадам. Не, лепей за ўсё жыць у куце. У сваім Богам абраным куце, дзе вешаюць абразы. Дзе толькі той кут?

Угару па трубе ён ускараскаўся амаль бяз сілы, — так яму дапёк гэты сабачы шлях. Але тут стала лягчэй, труба пайшла раўней, і ён спыніўся. Здаецца, наскрозь прапацела сьвітка, пот заліваў твар. Дужа хацелася піць. I ён, можа, упершыню адчуў, што доўга так не стрывае. Так ён тут і сканае без дапамогі і надзеі. Гэта сапраўды страшна, калі зьнікае надзея. Хаця ў жыцьці ён ня надта песьціў сябе надзеяй, ды ўсё ж... Усё ж прыемна супакойвала, калі іншыя навакол спадзяваліся. То на выкананьне плана. То на лепшае фінансаваньне ў наступным квартале. На чыё выздараўленьне ці зьніжэньне цэнаў. Хаця чорта тыя калі зьніжаліся (няспынна расьлі), ды людзі спадзяваліся. Прыемная рэч — надзея. А галоўнае — нічога не каштуе, заўжды колькі хочаш і бясплатна. Толькі не лянуйся — спадзявайся. Во і даспадзяваліся. Цяпер у ім зьнікала рэшта яго слабай надзеі, і ён выразна адчуў сябе сіратой. Асуджанай сіратой надзеі.

– Эй, людзі! — раптам, сам ня ведаючы чаму, закрычаў Валера. — Людзі-і-і! Тут чалавек! Ці вам напляваць? Пашкадуйце чалавека! Ці вы ўсіх — у трубу і за долары? Я не хачу ў трубу! Я хачу жыць!

Ну, навошта ён робіць гэта, крычыць пад зямлёй, калі яго ніхто ня чуе? Напэўна ніхто не пачуе, а крычаць усё роўна хочацца. Бо — надта доўга маўчаў. Баяўся! Усяго баяўся! Нават самога сябе. Цяпер яму ўжо не страшна. Цяпер ён вызваліўся ад усяго. I ад страху таксама.

– Эй, вы — КДБ! Што маўчыцё? Ці Клёнаў вам непатрэбны? Спалохаліся, што ўсё раскрые? I раскрые ўсіх да д’ябла. Усю вашу сістэму! Толькі б мне выбрацца адсюль... — пракрычаў ён і раптам падумаў: «Ну і ляпнуў, цяпер ходу назад ня будзе. Нават калі і выберашся. Але чорт з ім! Усё роўна прападаць...»

Ад перанапругі Валера закашляўся, доўга адкашліваўся. Ён разумеў, што ягоны роспачны крык наўрад ці наблізіць яго паратунак, але ўласная адвага надавала рашучасьці. Пракрычаў, і стала лягчэй. Як на сходзе. Але ў тую пару што б ён мог сказаць на сходзе? Лепш было памаўчаць. А калі стала можна сказаць, не было каму слухаць. Бо кожны мог сказаць тое ж. Начальства аглухла і зьнямела. Праўда, засталіся ветэраны, тьгя, што на заслужаным адпачынку. Але гэтыя не спрачаліся — гэтыя болей пісалі. У КДБ і прэзідэнту аб здрадзе справе рабочага класа. Аб адыходзе ад генеральнай лініі. Або аб недахопе прывілеяў, якіх яны пільнаваліся яшчэ як! I заўжды ўзьнімалі трывогу, калі заўважалі, што нехта скрыўляе лінію прэзідэнта, на якога яны маліліся. У цэрквах і ўвечары каля тэлевізараў, дзе заўжды выступаў іх кумір. Зрэшты, ля тэлевізараў маліліся больш, бо тэлевізарамі былі забясьпечаны, а цэркваў не хапала. Разбураныя імі ў маладыя гады цэрквы ня ўсе былі адбудаваныя. Ваяўнічыя бязбожнікі пад старасьць ператварыліся ў ваяўнічых вернікаў і лаялі тых, хто не хадзіў у царкву. Або ходзіць ня ў тую царкву — каталіцкую, напрыклад.

– Гэй вы, старыя абармоты! Хопіць хапаць за ногі маладых! Дайце ім жыць! Сацыялізм ваш здох, хіба ня бачыце! Ад яго на сьвеце смурод. Хутчэй закопвайце! А то будзе чума!

Во, выказаўся! А што далей? Чакаеш апладысьментаў, дурань! Дойдзе да Зудзіловіча, ён на цябе напіша! Атрад АМАПа выцягне цябе з трубы, тады запяеш па нотах!

«А няхай выцягвае, — раптам падумаў Валера. — На волі горай ня будзе. Ня выцягне — таксама няблага, буду недасяжны. Незалежны. У трубе ўсё ж свабода. Во дажыў — два варыянты і кожны лепшы адзін за другі. Во — свабода!»

– Свабода! — закрычаў ён. — Сарокін свабодны! А Клёнаў?.. А і Клёнаў — таксама.

Гэта вырвалася ў яго спантанна, ён ня меў іншых пераканаўчых аргументаў, бо наўрад ці сапраўды адчуў сябе свабодным. Але калі чалавек ня можа на справе, тады выйсьцем для яго робіцца слова. Мабыць, слова — апошні аргумент свабоды.

«Дайце чалавеку слова!» — хацеў закрычаць Валера, але падумаў, што тое будзе занадта банальным. Вось каб толькі папіць...

– Падлы вы і злачынцы! I вертыкалынчыкі! I сексоты. I ты, Валька — сука. I твой муж — таксама. Пастой, хто гэта? Знаёмае імя... Усё роўна падлюга.

Падобна было, што ён пачаў вар’яцець! Ці, можа, тое яму здавалася. Усё навакол плыло і круцілася, быццам ён выпіў паўлітра. Але яму было добра ў трубе — спакойна і незалежна. I зьявілася думка, нікуды адсюль болын не ісьці. Ня лезьці, не караскацца. Не чапляцца за жыцьцё. Што яму там, у жыцьці? Згрызоты і няволя. Тут жа — спакой і свабода. Тут ён сам за сябе і ніхто — супраць яго. Можа сьмела аблаяць кожнага. Або маўчаць. Плюнуць на клубны рамонт, на зьвягу жонкі. Нават ня будзе патрэбы шукаць бутэлькі па клубных закавулках. Мабыць, там ужо ўсе падабралі пасьля дыскатэкі. Упершыню ў жыцьці Валера Сарокін набыў голас і з ім стаў адважным.

Кепска было толькі тое, што за ўсё належала плаціць уласным жыцьцём, якое ў яго адно. А за адно, мабыць, шмат ня купіш. Нават за адно вартае жыцьцё, а не такое нехлямяжае, якім было жыцьцё ў Валеры.

Ён і на самай справе болей нікуды не палез, застаўся ляжаць у трубе, пакуль яго не адолеў сон. Ці, можа, прастрацыя. У стомленай сьвядомасьці яго ўсё настойлівей пачыналі гаспадарыць дзіўныя, пачварныя вобразы-здані — сабачая галава на вялікім блюдзе, у якім жонка звычайна рабіла вінегрэт для сям’і. Пасьля зьявілася нейкая рыба ў кузаве самазвала — дробная, жывая рыбка, за якой ладавалася мітусьлівая жаночая чарга. Валера быццам нідзе там не прысутпічаў, але ўсё бачыў, нібы назіраючы збоку. Ці зьверху. Пасьля яшчэ нешта, што не запомнілася — блытанае, дзівоснае, — як на карцінах сучасных мастакоў-сюррэалістаў. Усяго шмат, усё блытанае, і нічога не зразумець. Можа, Валера і спаў, але ён не адчуваў таго. Выразна было толькі тое, што ён пакуль жыў; замаруджанае жыцьцё ў ім працягвалася, хоць і ў дзіўным, заблытаным стане.

У канцы ён адчуў сябе пад нібыта крыштальным скляпеньнем вялізнае залы палацу, поўнай людзей, сьвятла і — дабрыпі. Прасьветленыя, цярплівыя твары людзей былі зьвернутыя ў бок подыума, дзе зьбіраўся гаварыць прамову Валера. Побач стаялі іншыя людзі, нібыта якое начальства, і сярод іх — знаёмы яму Пазьняк, якога ён раней бачыў толькі на здымках. Усе чакалі Валеравага слова, і Валера чакаў таксама. Але што ён павінен сказаць — ня ведаў сам. Запаветнае слова павінна зьявіцца да яго аднекуль звыш, ён напружана чакае яго, каб вымавіць грамавым голасам, і тады адбудзецца штосьці. Штосьці неверагодна важнае і шчасьлівае. А слова тое недзе затрымліваецца, і Валера ад неспакою хвалюецца. Ён ужо амаль ведае гэтае слова, ды штось не дае вымавіць яго, Валера нервуецца, марудзіць. А тут прыходзіць трывожная думка, што ён жа памёр і нічога ніколі ня скажа. Валера неяк ненатуральна адплывае назад, убок і вышэй, сьціскаецца, нібы растае ў прасторы...

Валеру Сарокіна знайшлі ў трубе на сёмы дзень пасьля ягонай прапажы. Ён не дапоўз да газакампрэсарнай станцыі нейкіх дзьвесьце метраў; яго пачулі мантажнікі, якія па мабільным тэлефоне зьвязаліся з тэхслужбай, а тая выклікала міліцыю. Два міліцыянеры выцягнулі Валеру з трубы. Ён быў яшчэ жывы, але да рэанімацыі не датрываў.

Пахаваньне загадчыка клуба калгасу «Шлях да камунізму» фінансаваў «Газпрам». Гэта было прыстойнае пахаваньне. Удава, Валянціна Іванаўна, на могілкі не паехала...

Але Валера аб тым ужо не даведаўся.


1998

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/