epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Велікоднае яйка

Ягонае прозьвішча было Выпаўзкоў, але ў гэтай вялікай прыдарожнай вёсцы, дзе ён атабарыўся па вайне, ці ня ўсе клікалі яго Выпаўзкам. Тым больш, што ён адгукаўся і на гэта, хоць і рабіў тое незадаволена, рэзка, з крыкам, нярэдка нрыпраўленым злым мацюком. Ды людзям было ўсё роўна — людзі трывалі. Прызвычаеныя за вайну да мацюкоў і крыкаў — ад сваіх, паліцаяў, немцаў ды і партызанаў таксама. Прывыклі людзі, старыя і малыя, прывыкла жывёла, асабліва коні. Іншы ня зрушыць і з месца, калі яго не абкладуць злым матам, які аднолькава быў уласьцівы старым і малым, мужыкам і жанкам. Ня кажучы ўжо пра начальства.

Выпаўзак тым ранкам таксама сам сабе сьцішана вылаяўся, сьцяміўшы, што заспаў. Учора, як клаўся, меўся прачнуцца раней, але во не ўдалося, у хаце разьвіднела. Скінуў з сябе замызганую ватоўку і сеў на лаве. Ганка за шкапам яшчэ спала з малымі дзяўчынкамі, а ён спрытна, аднаруч, пакінуў на сябе ватоўку і, не мыючыся, выскачыў на зарослы дзядоўнікам ды крапівой падворак. Ранак ранкам, але то было Вялікадне, і ўчора на партбюро яны пастанавілі падтрымаць рашэньне бюро райкаму працаваць па-ўдарнаму. Па-першае налсжала ўдарыць па «опіюму народу», а па-другое, з вывазкай угнаеньня калгас заваліў усе тэрміны, сяўба апыналася пад пагрозай зрыву, за што райкам па галоўцы яго не пагладзіць. Учора ён атрымаў персанальнае заданьне: пракантраляваць і дакласьці. Дакласьці — гэта зразумела, а но пракантраляваць было горш, бо не было чаго кантраляваць. Дужа няўдалага паставілі брыгадзіра. Танкіст ён, можа, быў і някепскі, тры ордэны зарабіў, мабыць, няблага камандаваў сваімі танкістамі, а бабамі камандаваць не навучыўся, трэба было памагаць і кантраляваць. Усё ж у Выпаўзка вопыту наконт баб было болей — яшчэ з даваеннага часу, як арганізоўваў калгасы, а пасьля і ў партызанах, дзе ён нейкі час быў начасобаддзелу. Усякае здаралася з бабамі і мужыкамі, не сказаць нават, з кім лягчэй было ладзіць.

Во і цяпер — дачакаліся Вялікадня і сьпяць, бы пасьля ўсяночнай. Хаця ні імшы, ні ўсяночнай тут даўно не было — ад царквы ў мястэчку застаўся хіба аброслы крапівой падмурак; як у трыццаць трэцім сьцягнулі крыжы, так і развалілася царква. А во «опіюм» упарта застаецца. Выпаўзак увечары паціху прайшоў па вёсцы, дзе-нідзе гарэлі капцілкі і, пачуў яго нюх, — штосьці смажылі. Пэўне ж, і яйкі варылі, фарбавалі, канешне. Хаця што там было варыць-смажыць, калі і мукі на хлеб не было ні ў кога, а курэй у вёсцы можна было пералічыць па пальцах. Але гэтак хіба толькі тут? У іншых яшчэ горш — ня стала і вёсак, папалілі спрэс у партызанку і пасьля, як рухаўся на захад фронт. А гэтая ацалела. Лічы, шчасьлівая вёска, таму і патрабаваньне да яе асаблівае — трэба карміць краіну. Каб толькі людзі болей сазнацельныя, думаў Выпаўзак, даўно адчуваючы, што з сазнацельна сыдю вяскоўцы наўзьдзіў падкачалі. Як во і цяпер з гноем. Якіх дзясятак кароў засталося, а гной на калгаснае поле ня возяць. Не даюць, сварацца, каб самім засталося, для сваіх сотак. Усё трэба выбіваць з прымусам ды гвалтам. А брыгадзір гэты паблажлівы...

Угары над вёскай усё болей віднела, хоць неба спрэс было завалочана хмарамі, дзьмуў халаднаваты вятрыска. А на вуліцы па-ранейшаму не было ні душы. Пад клецьцю, дзе звычайна брыгадзір ладзіў нарад, таксама было пуста, не відаць было і брыгадзіра. Няўжо і яго, парторга, ніхто не бачыць, працягваючы злавацца, думаў Выпаўзак. Бачаць, ды хаваюцца, бо баяцца ўсё ж. Тая думка, як ні дзіўна, трохі сагрэла душу парторга, бо, як ён ужо ведаў: баяцца — значыць, паважаюць. А паважаюць адно толькі людзей вартых, з аўтарытэтам перад партыяй, моцных духам і целам. Наконт цела Выпаўзку ня надта пашэнціла: пасьля раненьня левую руку спаралізавала, і яна ледзьве рухалася. Затое дух ягоны, як быў бальшавіцкі, так і заставаўся нязломны. Дух сапраўднага бальшавіка-чэкіста, якім сябе не пераставаў уважаць цяперашні парторг калгаса.

Абышоўшы сажалку, Выпаўзак перайшоў дзіравы масток і ўзышоў па прыступкі брыгадзіравага ганка. Падобна, брыгадзір сапраўды спаў. Гэта ўжо было чорт ведае што, — брыгадзір у такую-то пару павінен быць даўно на нагах. Выпаўзак яшчэ зімой ставіў перад бюро пытаньне аб замене брыгадзіра, ды члены бюро не пагадзіліся: малады камуніст, энергічны, узнагароджаны, браў Берлін. А што надта любіць таго — заліць за каўнер, у разьлік ня бралі. Казалі: а хто не любіць! Хіба хто хворы ці каму не наліваюць. Брыгадзіру ж налівалі спраўна.

Выпаўзак ня піў, хоць ня быў хворы, ды заўжды меў пачуцьцё адказнасьці за даручаную справу. А справы яму даручаліся цяжкія, ды ён ня скардзіўся. Ён іх выконваў. I цяпер рашуча тузануў клямку брыгадзіравых дзьвярэй, якія, аднак, не адчьшіліся. Тады ён загрукаў — моцна і патрабавальна — ужо такі грукат немагчыма было не пачуць.

I праўда, пачулі. Не адразу, але дзьверы расчыніліся, з прыцемку сенцаў на яго злосна зірнуў голы, у адных падштаніках брыгадзір Козіч.

– Ну што?

– Як што? — адразу закрычаў парторг. — Ужо разьвіднела, а дзе народ? Спяць, сьвяткуюць, маць іх растак. А хто гной вазіць будзе?

– Вывезуць...

– Як вывезуць? Калі вывезуць? Учора ж на бюро пастанавілі...

– Пайшоў ты на х...! — крыкнуў брыгадзір і, грукнуўшы, зачыніў дзьверы.

Нейкі час Выпаўзак стаяў зьбянтэжаны, — такога ён не чакаў. Каб гэты хлапец, удвая маладзейшы за яго, толькі зімой прыняты з кандыдатаў у партыю, пасылаў яго, парторга і чэкіста, па тры літары! Даўно яго гэтак не пасылалі ні ў раёне, ні ў вёсцы, ні ў партызанцы нават. Калі не паважалі, дык усё ж баяліся, не яго, дык партыю... Танкіст! Чэкіст не ніжэй за танкіста, а гэты, мабыць, яшчэ ня ведае таго. Дык уведае...

Як заўжды, у хвіліны злосьці, ён напаўняўся нутраной энергіяй, мкнуўся неадкладна нешта зрабіць. Ён адчуваў сілу і ўпэўненасьць. Як у тым Пугачоўскім лесе ў час блакады. Немцы ды паліцаі секлі па хвоях разрыўнымі, аж трэск разьлятаўся па лесе. Партызаны кінуліся ад прасекі ўбок — канешне ж, не туды, куды было трэба, а дзе здаваўся паратунак. На прасецы хтось кінуў скрынку з патронамі, і нікому не было клопату пра іх боезапас. Тады ён спыніў ці не апошняга з уцекачоў, акружэнца-прымака Лышчыка, наставіў ва ўпор наган: бяры скрынку! Праўда, той ужо быў нагружаны нейкім майном, хацеў увільнуць, ды ён стрэліў паўз галаву, і Лышчык мусіў спыніцца. Далей Лышчыку не пашэнціла — яго падстрэлілі паліцаі. Прапала скрынка. На Выпаўзка ніхто не наракаў, бо ў той сітуацыі ён зрабіў правільна — нельга было пакідаць патроны ворагу. Сам жа ён узяць ня мог, бо ўжо каторы дзень насіў на перавязі параненую руку. Зноў жа, ён тады быў не радавы, а начальнік асобага аддзела, значыцца, камандзір. А камандзіру валачыць на сабе груз не паложана. На тое ёсьць шараговыя байцы і партызаны.

Цяпер ягонае нутро гатовае было выбухнуць гневам, але зьнешне ён нічым нс паказваў таго. Хіба што ў такія хвіліны мацней сашчапляў зубы і высоўваў наперад свой падбародак-капыл. Ён кіраваў да свае хаты і ведаў, што трэба рабіць.

Мабыць, ад сьвітаньня мінулася багата часу, а людзі ўсё не паяўляліся нават на падворках. Ля Еўсюковага сьвірна па-ранейшаму нікога не было, ды і хто туды прыйдзе, калі брыгадзір сьпіць? Ну я вас пабуджу, зласьліва думаў Выпаўзак, я вам пасьвяткую, маць вашу растак...

Ён рашуча ўскочыў у хату, дзе ўжо ня спала, кешкалася з малымі ягоная маладая жонка Ганка — апранала, ці што. Ужо таксама ці не сьвяткаваць сабралася? Яе недарэчна ўсьмешысты твар новаю злосьцю адгукнуўся ў ягоным нутры, Выпаўзак падбег да скрыні і выхапіў з прыскрынка наган. З часам усё радзей ён хапаўся за яго — ня тое, што ў нядаўнія гады — да вайны. Ды і ў вайну. Але ведаў: наган паможа. Як памагаў яму ў калектывізацыю, у барацьбе з ворагамі савецкай улады, у партызанку. Наган — верны і надзейны памочнік чэкіста і парторга таксама.

– Што гэта ты? — сумелася Ганка, адразу сагнаўшы з твару лагодную ўсьмешку. Ён не адказаў і, засунуўшы наган у кішэню галіфэ, выскачыў з хаты.

Першы падворак, куды ён завітаў з вуліцы, належаў Паланеі Дворчысе, не маладой ужо, але цягавітай, у сіле ўдаве, соткі якой за плотам былі добра ўробленыя. I калі справілася толькі? — нядобра падумаў парторг. Увакурат было выкурыць яе на калгасную працу, на гной. Свайго гною ў яе не было, бо даўно ня мела каровы. Выпаўзак рашуча ўскочыў у чыста, яўна па-сьвяточнаму прыбраную хату з бялюткім настольнікам на стале. Але тут не было нікога, і ён выйшаў праз сенцы на той яе бок. За парканам, сагнуўшыся, поркалася Паланея — саджала на градках нейкую расаду.

– Кідай саджаць! — рэзка скамандаваў Выпаўзак. — На нарад. Хутка! Гной вазіць...

Паланея выпрасталася, няўцямна ўгледзелася ў яго.

– Што?

– На нарад, ня ведаеш, што! Ну! Жыва! Чакаю...

– Дык як жа на нарад, сьвятое ж Вялікадне сягоньня, — хуценька і вінавата загаманіла Паланея. — Ужо грэх жа гэта, каб на Вялікадне...

– А свае грады ўрабляць ня грэх?

– Дык то ж свае... На тым тыдні не было як, усё на полі. Толькі і засталося на сьвята...

Ён не даслухаў.

– Хутка! Раз, два — я чакаю...

– Ай, дык гэта ж брыгадзір сказаў, што да абеду можна...

– Я вас з вашым брыгадзірам!.. — закрычаў Выпаўзак і дастаў наган. Але перш чым ён скіраваў яго на жанчыну, тая жвава шаснула ўбок і так прыпусьціла між лёхаў, што ён аж зьдзівіўся яе маладому спрыту і падумаў: во, выдрэсіравалі акупанты! У блакаду, мабыць, пабегала...

– Каб мне зараз была на нарадзе. Другі раз гаварыць ня буду.

Наступны падворак, дзе жыў стары Корж з дзьвюма нявесткамі, быў цераз вуліцу. Каржовы сыны пасьля партызанкі трапілі на фронт і абодва засталіся на Пулаўскім плацдарме. Цяпер нявесткі гаспадараць з дзецьмі і старым Аўхімам Каржом, які на той час якраз і спаткаў яго ў дзьвярах.

– Сьвяткуеш? — не вітаючыся, строга запытаў Выпаўзак.

– Са сьвятым Вялікаднем вас, — бы ня чуючы настрою госьця, лісьліва павітаўся сівабароды Корж, апрануты ў чыстую кужэльную сарочку.

– Мяне няма з чым, я атэіст. А ты марш на нарад! I з нявесткамі.

Стары ўтрапёна стаяў на ганку, няўцямна пазіраючы на чалавека, бы ўпершыню бачачы яго са зброяй. На яго Выпаўзак нагана не паднімаў, і Корж моўчкі разьвёў рукамі.

– Ды ўчора толькі прыйшлі. Казалі, брыгадзір дазволіў. Да абеду...

– А я адмяняю, — змрочна абвясьціў Выпаўзак.

Корж моўчкі павярнуўся і пайшоў у хату, дзе іхнюю размову, мабыць жа, чулі нявесткі. Ужо прыйдуць, падумаў Выпаўзак, гэты іх прыгоніць. Выпаўзак ведаў, што з вайны за Каржом значылася адна, але ёмістая правінка: паказаў акупантам шлях праз Церахава балота, дзе пасьля блакады атабарыліся партызаны. Казаў, што прымусілі. Але гэта яшчэ як паглядзець: колькі было там прымусу, страху, а колькі ўласнае волі. Тады яго партызаны не чапалі, ды пасьля органы тую правінку ўзялі на ўлік — пра запас. Таму гэтага Каржа ўжо ён уходуе.

Горш было з Касачовай Галяй, маладой яшчэ і бязьдзетнай, якая калі ўжо рабіла, дык рабіла як мае быць, — ці ў полі, ці на таку. Але да пары. Пакуль на яе ня нойдзе бабскі нораў, пакуль не заўпарціцца па-дурному. Калі заўпарціцца, тады ніхто ёй ня можа даць рады — ні мужык, ні баба, ні які начальнік. Хіба калі ён наганам, дык стане лагаднейшай. У хату да яе ён не пайшоў — пастукаў у акно.

– Касачова, на нарад! Хутка!

Але тое, што ён учуў, узьвілося ў ім новым выбухам гневу.

– А ху ня хо? — ціхмана, але выразна прагучала з хаты.

– Што?

– Што чуў. Сяньні Вялікадне.

– Ну што, што Вялікадне? Гной вазіць трэба. Ты што, маленькая, ня ведаеш?

– Не малепькая. Два гады была замужам, — чулася з хаты, але да акна ніхто не падыходзіў.

– Ану выхадзі, сказаў! Страляць буду! — пастукаў ён ручкай нагана ў раму.

Касачова раптам бы ўзрадавалася і з жарам загаманіла дзесь, зусім побач за шыбай:

– Ой, напалохаў! Застрэліць. Страляй, на... Цаляй во ў гэтую цыцку, на...

Тут жа за акном паявілася яна — зусім голая, бессаромна трасянула перад ім набрынялымі грудзямі, пнуўшыся ў самае шкло. Выпаўзак міжволі адхіснуўся.

– Стрэлю!

– Страляй!

I ён стрэліў — угору, у падстрэшша, раз і другі ва ўзрушэньні, пе пашкадаваўшы аж двух патронаў. Касачова, аднак жа, мабыць, спалохалася і зьнікла. Дзесьці на вуліцы ўжо закрычалі бабы — трывожліва і палахліва — як у вайну. Але той іх крык не настрашыў Выпаўзка, які ўжо адчуў свій верх над гэтымі вернікамі, што зрывалі яму вывазку гною. Ён ужо асядлаў звыклую хвалю ўзрушанай рызыкі і пабег па вуліцы далей.

У вёсцы, мабыць, ужо прачнуліся, браліся велікоднічаць. Яму налсжала адно — сагнаць усіх да сьвірна, і ён адчуў, што наможацца на тое. Волі ў яго хапала. Азірнуўшыся, убачыў, як з падворка выйшлі абедзьве Каржовы нявесткі, сталі абапал брамкі; да сьвірна, аднак, не ішлі. Наперадзе за Тарасавым парканам мільганула і зьнікла абвязаная цёплай хусткай галава ўдавы Пятрухі — мабыць, кінулася куды хавацца. Выпаўзак не пабег за ёй, толькі прыпыніўся і крыкнуў цераз паркан:

– Пятруха, я цябе бачу. Зараз жа на нарад!

Жанчына не адазвалася, але ён ведаў, што пачула. А калі чула. дык прыйдзе, нідзе нядзенецца. На тым тыдні прыходзіла ў праўленьне прасіць дапамогі — трое малых дзяцей, карміць няма чым. У тым ліку адно малое, нагулянае ад партызанаў. Каб далі малака з фермы. Але на ферме ў суседняй вёсцы ўсяго восем кароў, ды і тыя ня ўсе ацяліліся, малака не хапае для здачы дзяржаве. Сказалі тады Пятрусе прыйсьці праз тыдзень, праўленьне разгледзіць заяву, прыме калектыўнае рашэньне. Каб абгрунтавана, ня з бухты барахты. Малака шмат хто просіць, шмат у каго малыя дзеці. А цяпер гэтая Пятруха хаваецца. Я ж табе прыпомню гэтыя схованкі, як прыйдзеш па малако, помсьліва думаў Выпаўзак.

Тым часам над вёскай у веснавой прасторы плыў па-сьвяточнаму сьцішаны велікодны ранак, у які Выпаўзак унёс гэтую мінтрэгу. Але ўжо ён ім сьвяткаваць ня дасьць. Не глядзі, што інвалід, сухарукі, ды ягоны дух загартаваны ў класавай барацьбе, ён пераможа. Гной будзе вывезены, увесь да астаньня.

Усё ж не дарма ён драў горла — у вёсцы яго ўчулі і пакрысе пачалі выглядваць на вуліцу. Недзе мільганулі і стаіліся на падворках. Выйшла і стала каля брамкі Лузгіна Вольга — чакала. Ён спыняцца ня яе ня стаў, толькі крыкнуў, каб ішла на нарад, а сам пашыбаваў да клёна, пад якім ужо сышліся і, пэўна ж, чакалі яго тры бабы — дзьве тутэйшыя ўдовы і з імі маладая, вострая на язык Хадоска, колішняя сяброўка Ганкі, як тая яшчэ не была ягонаю жонкай. А як стала, ён тое сяброўства хутка спыніў — была прычына. Бабы там неяк зацята маўчалі, хмура пазіраючы, як ён таропка крочыў да іх. Нібы баяліся. Але тое і добра, што баяліся, — ужо ён іх зараз пагоніць да сьвірна.

– Ну што стаіце? Асобнае запрашэньне трэба? Марш на гной!

– А Вялікадне сёньня, — спаважна мовіла Хадоска. — Дык брыгадзір сказаў...

– Пляваць, што брыгадзір сказаў. Вялікадне адмяняецца...

– Як гэта? — мовілі ўсе разам.

– Партыя адмяняе рэлігійны опіюм. Ці вы не давяраеце партыі?

На той надта рашучы аргумент у баб, відаць, не знайшлося, чым адказаць, і яны хвіліну разгублена маўчалі. Потым першая загаманіла Хадоска.

– Але чаму толькі нам адмяняецца? Чаму іншыя сьвяткаваць будуць? Сваю Ганку нябось на гной не пашлеш? Гэта мы, праклятыя чорнарабочыя...

– Пойдзе і Ганка! — рашуча перапыніў ён жанчыну. — Усе пойдуць. Марш!

– Дык мы што? З голымі рукамі? Ці вы там здурнелі з сваёй партыяй? — нярвова крычала Хадоска.

– Ну, ты цішай наконт партыі! Цішай! — загадаў ён з націскам. — Паняла?

I Выпаўзак прыўзьняў наган, паказваючы, што ў ягонай руцэ. Хадоска бы папярхнулася і змоўкла. Бабы па адной падаліся па вуліцы — абы далей ад гэтага ўзброенага парторга. Яны ішлі памалу, патроху прыбаўляючы кроку. Ён мог бы іх і падагнаць, але хай. Вілаў ні ў адной не было, ды ён ня мог іх вяртаць па вілы, пэўна ж, уцякуць, пахаваюцца. Хадоска ззаду ўсё нешта сакатала злоснае, але ён ня слухаў — ён сачыў, абы ня зьнікла куды, ішла за ўсімі. Пэўна ж, ідучы плявузгала — на яго, а можа, і на партыю, і парторг зласьліва думаў: ня ўсіх, далёка ня ўсіх выкаранілі ў трыццатыя, яшчэ засталося антысавецкага ахвосьця, будзе чым Заняцца. Пакуль во не даходзяць рукі — гной куды болей важны. Але ці не памылка тое? З тэорыі і практыкі бальшавізму Выпаўзак ведаў, што класавая барацьба важней за ўсё.

А бабы? Бабы яго не любілі ніколі, і ён даўно ведаў тое. Шмат якія выказвалі сваю непрыязь да яго, каханьня ж ніводная. Ды ён і не дамагаўся ад іх каханьня, з маладых год зразумеўшы, што каханьне — рызыковая справа. Колькі ягоных сяброў (асабліва ў даваенныя гады) пагарэлі менавіта праз сваё неабачлівае каханьне. Ён не хацеў за тое гарэць, ён намагаўся быць спраўным бальшавіком, адданым справе чэкістам. А ўсё астатняе — глупства. I калі ён у сорак гадоў ажаніўся, дык хіба прымеркаваўшы, што так будзе лепш — найперш для калгаснага парторга, на пасаду якога быў прызначаны партыяй. Тады ён спыніў свой выбар на Ганцы, бо, па сутнасьці, у яго ўжо не было жаднага выбару. Яна прымеркавалася парторгу, бо была класава блізкай, не запярэчыла. I ён зразумеў: і не запярэчыць, бо ў яе таксама не было выбару. Гэта найлепш, калі няма выбару, бо няма і спакусы.

Яны яшчэ не дайшлі да сажалкі і сызірна, як Хадоска азірнулася на яго і пачала тыцкаць на ягоны падворак, дзе якраз выйшла з хаты неапранутая зранку Ганка. Там жа былі і абедзьве дзяўчынкі — малая ўсё тузала маці за спадніцу, штосьці лепятала. Дзяўчо толькі пачынала гаварыць, і маці дужа любіла слухаць яе незразумелую балбатню. Але знайшла час... Згледзеўшы жонку, Выпаўзак апрыкла перасмыкнуў тварам і тут жа надаў сабе ранейшы рашучы выгляд.

– Во, во! — паказвала пальцам на былую сяброўку Хадоска. — Во яна дзетак забаўляе, а нас у сьвята — на гной... Калі нас, дык і яе...

– Ганка — на нарад! — уладарна крыкнуў ён, як дагэтуль крычаў на іншых.

Ганка на момант зьнерухомела, мабыць, не разумеючы чагось, і марудзіла. Тады ён прыкрыкнуў яшчэ болей загадным голасам:

– Хутка, ну!

Цяпер ягоная жонка зрабілася для яго нароўні з усімі — тут ужо ён, каб і хацеў, дык нічога з сабой зрабіць ня мог. Ды і не імкнуўся. Ён нібы піў асалоду а свае прылюднай ахвярнасьці, якую не маглі ня бачыць і не ацаніць людзі.

Ганка, аднак, бы знарок замаруджана накінула на сябе чорную кофту, узяла аднекуль вілы і, паволі ступаючы, выйшла на вуліцу. Абедзьве дзяўчынкі кінуліся за ёю, малая адразу залілася сьлязьмі, і яна, ідучы, штосьці гаварыла ім — супакойвала. Ды тыя не супыняліся. Малая ўсё бегла за маткай, аж покуль Выпаўзак ня крыкнуў з рашучай строгасьцю:

– Ану — марш у хату!

Старэйшая, Волька, спынілася, бы ў нерашучасьці, а меншая ўсё бегла і плакала.

– Да бабы Насты ідзіце, да бабы Насты, — азіраючыся, лагодна казала ім маці, і дзяўчынкі і праўда спыніліся, далей не пабеглі.

Ганка дагнала баб і пайшла ззаду, ні разу не азірнуўшыся на дзяцей. I на яго таксама. Тое, што не азірнулася па яго, Выпаўзак заўважыў, нядобра падумаўшы: хай! Наконт таго ён яшчэ пагамоніць з ёй. Увечары. Ён ёй растлумачыць, як належыць паводзіць сябе жонцы калгаснага парторга.

Ганка не азіралася, слыхам ловячы кожны гук ззаду, старалася зразумець: дзеці паслухаліся яе ці не. Падобна, аднак, паслухаліся, болей за ёй ня беглі, і яна патроху спакайнела.

Тым ранкам яна прачнулася рана, і як Выпаўзак, прахапіўшыся на ўслоне, зьнік з хаты, яна ўжо не заснула. Дзяўчынкі соладка спалі побач на ложку, яна прыкрыла крысам кажушка старэйшую, Вольку, што заўсёды ў сьне скідвала яго з сябе, сядзела, думала. Думала найперш пра тое, чым сёньня накарміць малых, — апроч бульбы, у яе не было нічога. Сёньня сьвята — Вялікадне, але не для іх. Учора Волька прыбегла ад суседкі бабы Насты, поўная наіўнага дзіцячага захапленьня: баба Наста фарбуе яйкі. У іх яек ня будзе, ні фарбаваных, ні белых, бо не было курэй. Добра яшчэ, што на сьвята будзе зацірка. Днямі Выпаўзак прынёс трохі ржаной мукі, і тое — на месяц. На зацірку малым. Перад тым баба Наста дала шматок сала — для заскваркі тае калатухі-заціркі. Але тое таемна, каб ня ўбачыў, ня ўведаў Выпаўзак, бо баба Наста — маці паліцая, а яны з Выпаўзкам партызаны, да таго ж Выпаўзак — камуніст, парторг. Хіба можна было дапусьціць сувязь з маткай ворага народа, нямецкім паслугачом?

Ганка выйшла на пусты падворак. Пад плотам і сьцяной даўно пустога хлява бралася ладная ўжо крапіва, трэба нарваць у чыгун, абдаць кіпенем ды нешта зварыць на полудзень. Бо прыйдзе ж яе парторг, захоча есьці. Кармі, жонка. А чым яна накорміць? Што сама нічога ня ела, тое не ў залік, што малыя просяць хлебца, якога няма, тое яго не клапоціць. Яго бясконца клапоцяць пастановы райкама ды няўпраўкі ў калгасе, ад якіх ён проста шалее.

Выпаўзак быў другім мужам у Ганкі, і дзеткі яе былі не ягоныя, ня родныя. Дзетак яна нажыла ў партызанах, як сышлася з камандзірам падрыўнікоў Аляксеем Гайновым. Хоць не расьпісаныя, ня венчаныя, а ў шчырым каханьні нарадзілі яны дзьвюх дзяўчынак — апошнюю якраз перад вызваленьнем, за дзень да якога і забілі Гайнова. Немцы вырываліся з акружэньня, ішлі напралом, натоўпам, а Гайноў з сваёй групай якраз апынуўся на іхнім шляху, ну і... Трэба было б збочыць, адысьці за балота, казалі пасьля партызаны, можа б, і ацалелі. А так... Усе і паляглі на ўзьлеску — дванаццаць маладых, дужых, прыгожых. Во і засталася Ганка з дзецьмі — партызанская мадонна бяз мужа, бяз хаты і якога жытла. Дзякуй партызанам — ня кінулі, ня выракліся, чым маглі, памаглі ўсім атрадам. А як вызвалілі раён, пасялілі ў гэтай во хаце, кінутай гаспадаром — паліцаем, сынам тае ж бабы Насты. Тут яе і знайшоў партызанскі начальнік Выпаўзкоў. Родам ён быў не тутэйшы, з таго боку Дзьвіны, пасьля партызанкі пакінуты на ўмацаваньне калгаса. Жыць яму ў вёсцы не было дзе, сам быў адзінокі, сям’ю страціў на пачатку вайны. Дык аднойчы прыйшоў і сказаў: буду жыць у цябе. Што ж, яна не пярэчыла, хоць зусім ня ведала яго, хіба што бачыла пару разоў у лесе, як разьязджаў на чорным кані разам з іншымі начальнікамі. I яна падумала: жыві. Хата не яе — чужая, болей тут мужыка няма. Двое малых чапляюцца за спадніцу, як іх адной гадаваць? Думала, можа, весялей будзе, усё ж мужчына ў хаце. Мужчына, праўда, выдаўся не сказаць каб відны — даволі састарэлы з выгляду, дашчэнту зьнерваваны і заўсёды агідна лаяўся — ці была нагода, ці не. Але ж партыйны, заўжды пры ўладзе. У партызанах, людзі казалі, быў асабістам, хоць сам не сказаў ёй пра гэта. Яго тут баяліся ці паважалі — яна так і не зразумела. А можа, тое ды іншае адначасна, як гэта павялося ў партызанах ды і засталося пасьля партызанаў. Горш за ўсё, што Выпаўзак быў сухарукі, леваю рукой толькі кратаў, а рабіць нічога ня мог; ня мог нават расьсекчы палена на дровы, якія заўжды секла яна. I зусім кепска, што быў куды меншы ростам за даволі высакаватую Ганку, ад чаго тая нямала журылася. Асабліва напачатку. Жывучы з ім, яна ўсё думала пра Гайнова, які ў яе вачах рабіўся ўсё лепшы і лепшы. I яна ўжо пэўна ведала, што з ім знайшла шчасьце, з ім і згубіла, — іншага ня будзе. Дзіўна, што ён жыў з ёй, — урыўкамі, калі быў паблізу і аднойчы паранены, але ніколі не казаў ёй пра каханьне, і ўсё роўна яна ведала, што кахае яе, можа, таму, што кахала яго. А гэты... Зрэшты, гэты таксама не сказаў ёй, што кахае, а калі яна неяк ціха лапыталася пра тое, толькі накрычаў на яе. Што, маўляў, удумала! Тут днямі ў райкаме абмеркаваньне стану палітмасавай работы ў калгасе, а яна — пра каханьне. Можа, і так, падумала Ганка, і ніколі больш не напамінала пра тое.

Крыху пасьля журыцца давялося з іншай прычыны — Выпаўзак неўзьлюбіў малых. Калі часам малое плакала ўначы, ён злосна крычаў на Ганку: «Нарэшце ці ты супакоіш ме?» Ганка супакойвала, як магла, можа, не заўссды ўдала, малое доўга плакала, асабліва калі хварэла, і тое выклікала злоснае раздражненьне Выпаўзка. Старэйшая, Волька, яго проста баялася, і калі ён быў дома, дзяўчынка сядзела на печы ці поркалася ўзапеччы — абы далоў з яго вачэй. Дарэчы па малых ён сварыўся рэдка, болей за іхнія правінкі спаганяў з маці. Яна рэдка калі чула ад яго добрае слова, болей — мат-перамат ці наадварот — ён тыднямі зацята маўчаў. Вельмі хутка пасьля замужжа Ганка гатовая была ўзьнедавідзець яго, але неяк трывала, не даючы таму пачуцьцю надта разрасыдіся ў сабе. Усё ж ён быў ня просты калгасьнік, а парторг, — сельская сіла і ўлада, і яна маўчала. Яна змоўчала, калі ён прагнаў аднойчы яе сяброўку яшчэ ад часу сямейнага лагеру ў лесе, — Хадоску, за што тая неўзьлюбіла і яе. У вёсцы ў Ганкі ня стала ніводнай блізкай душы. Іншыя жанкі невядома чаго стараніліся яе, бывала, ніводная ніколі не завітае, не пацікавіцца малымі. Да вясны яна кожнага дня хадзіла ў калгасны сьвіран, веяла, абрабляла насеньне, а дзяўчынкі сядзелі адны ў замкнёнай хаце, і яе сэрца разрывалася ад страху за іх. Не ісьці на працу яна не магла — заўжды гнаў брыгадзір, ды і муж пільна сачыў, каб яна ўвішна працавала і выконвала норму, тым паказваючы прыклад астатнім. I яна рабіла штодня нароўні з усімі — маладымі і старымі, бабамі і мужыкамі. Сёньня, як ён гаркнуў ісьці на парад, яма не зьдзівілася, як заўжды паслухалася і пайшла. Толькі вось малыя... Замкнуць іх яна не наважылася, ды й стала ўжо цёпла, малым ня дужа сядзелася ў хаце. I яна падманула іх бабай Настай, да якой яны часам хадзілі, — можа, пабудуць там.

Ідучы да сьвірна вуліцай, Ганка думала, што на працу іх разьмяркуе брыгадзір, прызначыць, куды каго. Каму выкідваць гной, каму вазіць, каму растрасаць на полі. Клопату з гэтым гноем хапала, тут патрэбна была мужчынская сіла. Але дзе яе ўзяць, мужчынскую, калі ў калгасе ўжо не застаецца і жаночай. Здалёку Ганка згледзела сярод баб двух мужыкоў — старога Аўхіма і кульгавага Сеньку, астатнія там былі бабы — усяго чалавек з дзесяць. Але брыгадзіра не было відаць, і Ганка адчула штось кепскае. Напэўна, як заўжды, гэты яе Выпаўзак наробіць вэрхалу, крыку, не абыдзецца без мацюкоў. Хоць бы не страляў болей з нагана.

Сьпярша бабы ад сьвірна моўчкі, з-пад ілба пазіралі, як яны, бы гнаны пастухом статак, набліжаліся да іх па вуліцы. Пасьля, як загаманіла Хадоска, загаманілі ўсе разам — што і Вялікадне сёньня, і галодныя яны, і вілаў няма, і коні чорт ведае дзе на пашы. А галоўнае — дзе той гной? У каго яго ўзяць? Тыя, што мелі каровы, пастараліся ўжо свой гной упарадкаваць — вынесьці на гароды ды растрэсьці па градках, а то ўжо і ўскапаць рыдлёўкамі соткі. А хто таго не пасьпеў, ці дасьць цяпер для калгаснага поля? Усё ж найперш трэба самім — на бульбачку.

– Дадуць! — запэўніў распараны Выпаўзак. — Вазьму і не запытаюся...

Тут жа ён і разьмеркаваў усіх на працу — мужчын адправіў запрагаць коней, трох баб з імі растрасаць гной на палетку. Астатніх, у тым ліку і Ганку, прызначыў выкідваць гной з хлява. Выкідваць — самая цяжкая праца, і галодная Ганка толькі каўтнула сьліну. Іншыя бабы абурана крычалі, а яна не магла дазволіць сабе нават пакрыўдзіцца. Тым болей паскардзіцца. Ужо скардзіцца Выпаўзку яна ня мела намеру.

Чатырох баб Выпаўзак павёў да бліжняй ад сьвірна сядзібы Панкрата, які меў кароўку і нават карміў сьвінчо, — пэўна ж, гной у таго меўся. Самога Панкрата, спраўнага, сярэдняга веку мужыка, дома не было, жонка сказала: паехаў, а куды невядома. Выпаўзак вылаяўся, пайшоў у хлеў, дзе вылаяўся яшчэ болей злосна — гною таксама не было. Чысты дол быў зацярушаны сьвежай саломай.

– Дзе гной? — вызьверыўся Выпаўзак. Бабы злосна маўчалі, маўчала напалоханая Панкраціха, і Выпаўзак здагадаўся: прадаў! Ноччу вывез у мястэчка, маць яго перамаць! А цяпер хаваецца ў кустох. Ну я ж яго падпільную, гада! Я яго застрэлю!

Папкраціха не абараняла мужа, бабы маўчалі, мабыць, думаючы: пэўна ж, застрэліць. У вёсцы хадзіла пагалоска, што Выпаўзак за свае асаблівыя заслугі мае права застрэліць кожпага. Такая ягоная ўзнагарода. Іншым за подзьвігі давалі ордэны ці медалі, а гэтаму далі такое страшнае права — забіць кожпага — на свой суд. Мабыць, сапраўды вялікія былі яго заслугі, сьведчаньнем якіх ён насіў з сабой гэты страхавіты для вяскоўцаў наган.

Можа, і сапраўды ён меў права застрэліць чалавека, але найперш трэба было яго знайсьці. Таксама, як і гной, якога тут не было.

Відаць, часу на тыя пошукі Выпаўзак меў не багата і павёў бабскую каманду цераз вуліцу да сясьцёр-багамолак Барашкавых. Ужо тыя ў такі дзень былі дома і, не зважаючы на крыкі і стрэлы на вуліцы, увішна маліліся ў прыбранай рушнікамі покуці перад дужа шаноўным абразом сьвятой Марыі — страчалі Вялікадне.

– Я вам дам Вялікадне! Бярыце вілы і ў хлеў!

Набожныя і ўвішныя Барашкавы, бы чорныя рухавыя мурашкі, перахрысьціліся напасьледак і паслухмяна падаліся ў хлеў, дзе ў куце стаяла іх маладая кароўка. Аднак вілаў яны ня мелі, а гною было тут на адзін добры воз, і Хадоска зьсдліва пасьмяялася:

– Во ўгноім калгасны прасьцяг! Па-ўдарнаму. Давай па-стаханаўску, дзеўкі! Ганка, ну пакажы прымер як парторгава жонка!

Ганка з віламі залезла за загародку ў кут, дзе было болей гною, і пачала кідаць яго да дзьвярэй.

Увесь час, пакуль яны хадзілі па дварах і слухалі Выпаўзкаву лаянку, ёй было дужа ніякавата за мужа, здавалася: хоць бы ён памаўчаў, калі ня можа гаварыць па-добраму, хоць бы ня чуць яго брыдкаслоўя. А ён, бы на зло, аж упіваўся сваёй брыдкай лаянкай, поўнаю ўладай над гэтаю ня надта пакорнаю бабскай групай, бы помсьціў ім за сваю мужчынскую нягегласьць, начальніцкую няўрымсьлівасьць, гаркату ад якіх, пэўна, і намагаўся заглушыць лаянкай. Цяпер, як яны ўрэшце забрылі да гною, Ганка аж узрадавалася: будзе рабіць. Працаваць яна ўмела — хоць жаночую працу, хоць мужчынскую, ёй было ўсё роўна — яна прывыкла рабіць усё.

Яна лёгка ўпорвала вострыя пруты вілаў у зьляжалыя пласты і натужліва выварочвала іх угору. Гной звыкла сьмярдзеў, але яна не зважала на той здаўна знаёмы смурод, толькі схамянулася ў душы, прыгадаўшы, як тры гады таму, у блакаду, хавалася амаль у гэткім самым гнаі. Іхні атрад разьбілі, і карнікі ўсчалі паляваньне на партызан, шукалі з сабакамі ў пушчы, лясах і пералесках, у пакінутых жыхарамі вёсках, адрынах, на таках. Яе, цяжарную ўжо малодшай, аднаногі дзед з Алексюкоў закапаў у пустым хляве пры сьцяне ссохлым гноем, і яна ляжала так два дні, дыхаючы праз шчыліну ў бярвеньні. Немцы бегалі па вёсцы, стралялі па гарышчах, кідалі гранаты ў пустыя бяз бульбы ямы. Дзед казаў, двойчы зазіралі ў той хляўчук, але пароць гной не здагадаліся, і яна ацалела. З таго часу ў яе не было агіды да гною, тым болей, што ніколі не было каровы.

Выпаўзак пабег кудысь, мабыць, шукаючы яшчэ па хлявах, а бабы павыходзілі на падворак і пасталі, гамонячы. Бяз вілаў у хляве ўсё роўна рабіць не было чаго. Яны ўсё не маглі скончыць узрушанае гаманы наконт спляжанага сьвята і лаялі нялюдскага парторга.

«I глядзі ж ты, выжыў і ў блакаду, — сказала Лузгіна Вольга і пашкадавала. — Не было яго ў нашым атрадзе, а то б...». — «А што б ты яму зрабіла ў вашым атрадзе? — усумнілася старэйшая Каржова нявестка. — Солі на хвост насыпала б? Ён і там быў граза». — «Каму граза, немцам?» — «Не, ня так немцам, сваім ды шпіёнам гэтым».

Ганка слухала ды пасьміхалася ў хляве — як асабісты ўпраўляліся са шпіёнамі, яна збольшага ведала, памятала выпадак у сваім атрадзе. Якраз тады з дзеўкамі была ў Пляшні, дзе кватараваў і брыгадны штаб, — мылі начальнікам бялізну і трохі чулі, што там рабілася. Неяк пяцёра палонных чырвонаармейцаў уцяклі з лагера і прыбылі ў атрад. Ну, вядома, найперш праверка: ці хто завербаваны, засланы, хто з іх шпіён? Усіх дапытваюць у хаце асобага аддзелу, ніхто не прызнаецца. Але ж камандзіры ведаюць пэўна: хтосьці засланы. Тады прымаюць рашэньне: калі ніхто не прызнаецца, усіх у расход. Ды ноччу перад расстрэлам адзін з перабежчыкаў, Акунёў, патрабуе асабіста камандзіра, якому кажа, што ўсе яны завербаваныя, апроч яго, Акунёва. Пра тое яму па сакрэту прызнаўся ягоны зямляк з тае групы, які таксама завербаваны. Раззлаваныя камандзіры праз дзень расстралялі ўсіх, апроч Акунёва. Разважалі так: калі Акунёў выдаў земляка, значыць, ён свой, незавербаваны. Паслалі Акунёва ў групу падрыўнікоў, дзе Акунёў падарваў тры цягнікі, а пасьля на станцыі Параф’янава перабег да немцаў. Аказалася, што менавіта Акунёў і быў засланы, іншыя ні пры чым. Але начальніку асобага аддзелу за тых выкрытых і расстраляных ужо далі ордэн — не адбіраць жа баявую ўзнагароду назад. Тым болей, у заслужанага кадравага чэкіста. А каб ня дужа дзівіліся з таго ў атрадзе, яго перавялі ў суседшою брыгаду, казалі, на павышэньне нават.

Праз якую гадзіну Ганка выкінула за парог усё, што было ў доле. На чыстае, воглае яшчэ месца перайшла маладая кароўка сясьцёр Барашкавых. Але возчыкі з калёсамі ўсё ня ехалі. У хляве рабіць болей не было чаго, і Ганка выйшла на падворак. Бабы купкай стаялі воддаль пры плоце, падобна, рабіць сёньня яны ня мелі намеру.

– Перакур, Ганка, — падабрэлым голасам сказала Хадоска і нібы ўсьміхнулася ёй.

Тое спадабалася Ганцы, падумалася: можа, яшчэ яны і памірацца. Хаця і так крыўдаваць сяброўцы не было за што, на Выпаўзка яны крыўдавалі абедзьве.

Яна ўваткнула вілы ў зямлю і таксама прытулілася да плота поруч з Хадоскай. Бабы чамусьці ўсе разам змоўклі, калі яна да іх падышла, Ганка з нядобрасьцю адзначыла тое, і ёй зрабілася ніякавата. Каля іх яна па-ранейшаму пачувалася чужаніцай. Неяк нядобра-апанурана з ганка назіралі за імі сёстры Барашкавы.

Нечакапа з-за вугла хаты паявіўся брыгадзір, — малады хлопец у зграбна падперазанай гімнасьцёрцы і па-сьвяточнаму наваксаваных ботах — быццам гатовы да сьвята ці да царквы. Грабаючы рукой растрэсеную ветрам густую чупрыну, з расслабленай усьмешкай мовіў да жанчын:

– Укалваеце?

– Укалваем! — кпліва адказала Хадоска. — Але ж ты ўчора абяцаў...

– Ну, абяцаў. Хай бы не ішлі. Я ж вас ня гнаў.

– Глядзіце на яго — ён ня гнаў! — зусім зазлавала Хадоска. — Дык Выпаўзак выгааў.

– А нашто слухалі?

– Як жа не паслухаеш, калі з наганам? Вунь Касачову застрэліць хацеў.

– Гэны можа, — сьціпла пагадзіўся брыгадзір. Відаць па ўсім, пачуваўся ён ня надта — мабыць, выдыхаў учарашняе ці з начы. — Калі авечкамі будзеце.

– Будзеш авечкамі. Вы ж — сіла, партыя. Як з такімі абыходзіцца? — гарачылася Хадоска.

– Мы з такімі абыходзіліся... — шматзначна выціснуў праз зубы брыгадзір. — На фронце.

– Дык то на фронце. А мы тут у тыле. Як у турме.

– Ну, як хочаце, — кінуў на разьвітаньне брыгадзір і, бы схамянуўшыся, пайшоў з падворка.

– Такі хлопец! — разважліва мовіла Хадоска, як ён схаваўся за хатай. — Сап’ецца тут.

I засмуцілася чамусьці. Ганка таксама засмуцілася — яшчэ болей, чым калі была адна ў хляве, выкідвала гной. Не, шчасьця ў яе болей ня будзе, думала яна, лёс яе абышоў стараной, цяпер адно — гараваць у гаркаце да скону дзён.

– Доўга ён тут жыць будзе? — сказала баба ад плота. — Пацяплее і зьедзе ў горад.

– Я б таксама зьехала, — гаротна мовіла Хадоска. — Завербавалася б у Карэлію, хоць на лесапавал. Калі б ня мама. Хворую ня кінеш.

– Ты яшчэ можаш. Пакуль дзяцей не нараджала... Стоячы поруч, Ганка пачала думаць, дзе там яе дзяўчаткі, ці, можа, плачуць на вуліцы. I тады, бы ў адказ на свой клопат, якраз убачыла малых — на падворку ішла Волька, вяла за ручку малую, — босую, у даўгой, незашпіленай кофце, ужо заплаканую. Тая, як убачыла маці, вытузнула з сестрыной ручку і подбегам прыпусьціла да плота. Ганка прысела насустрач, каб пераняць дачушку, выпрастала рукі, у якія з неадольнаю дзіцячай радасьцю бухнулася дачушка. Яе заплаканы тварык адразу праясьнеў дабрынёй і спакоем.

– Ну што ты плакала? Ну чаго?

– Яна сабакі спужалася. Што ў дзядзькі Панкрата, — сказала Волька.

– Спушчанага?

– Ну. Спушчаны быў.

– Вот жа чалавек, — сказала Хадоска. — Сам недзе туляецца, а сабаку спускае, каб малых травіць.

Ды малая ўжо ўсьміхалася ў матчыных руках, гатовая адразу забыцца на свае нядаўнія страхі. Ды й злосная ўвогуле Хадоска падабрэла з абсіверанага вастраносага твару, заўсьміхалася Вольцы, якая прыхільна падалася да яе. Тады старэйшая з сясьцёр Барашкавых адышлася ад ганка.

– Хадзі са мной. Нешта дам...

Волька, бы і чакала таго, адразу патэпала за чорненькай жвавай жанчынкай, якая павяла яе ў хату. Ганка напружана чакала, адчуваючы, як на яе руках у напружаным чаканьні замерла і малая. I праўда, неўзабаве абедзьве яны выйшлі з дзьвярэй — Волька наперадзе, а Барашкава ззаду. У абедзьвюх ручках Волька зважліва, з асьцярогай несла два чырвоныя яечкі; тварык яе зьзяў урачыстаю радасьцю. Падышоўшы да маці, адну ручку працягнула сястрыцы.

– На табе — Хрыстос уваскрос...

– Ай, малайчына! — сказала Хадоска. — Малая, а ведае, як трэба. Ну, што трэба сказаць? Што? — ласкава пыталася яна ў меншай.

Сьціснуўшы ў ручцы яечка, меншая маўчала, ня ведаючы яшчэ, як трэба адказаць.

– Дзякуй скажы, — падказала маці.

Не, усё ж яна не такая няшчасная — у яе ёсьць дзеці, яе адзіны набытак у жыцьці, адзінае шчасьце. Ужо гэтым шчасьцем яна не паступіцца, бо яе дзяўчынкі і ёсьць яна сама з яе лёсам. Не такім і горкім, калі падумаць. Калі побач заўсёды будуць дзяўчаткі.

Чалавек можа трывожыцца, можа жыць у лагодзе, а бяда пільнуе яго заўжды. Бяда ніколі ня сьпіць, часам дрэмле толькі, выбірае момант, каб уджаліць моцна і ў самае балючае месца. Аб якім і ня думае чалавек.

Ганка, можа, першы раз за тое сьвяточнае раньне расслабілася, вольна ўздыхнула, ужо гатовая паверыць, што яна амаль шчасьлівая, як у двор уляцеў задыханы Выпаўзак. Наган свой ён ужо схаваў, і той, відаць было, важка целяпаўся ў адтапыранай кішэні апоўзлага на боты галіфэ. Згледзеўшы, што бабы стаяць бяз працы, парторг адразу перасмыкнуў тварам, ягоная капыл-сківіца адвалілася для чарговага мату.

– Маць вашу — стаіце?

– Дык вазоў няма, — сказала Хадоска. — Мы што — у падолах панясём?

– Панесяце ў падолах! — зароў калгасны парторг. — Калі трэба будзе. А гэта — што? — раптам згледзеў ён у дзяўчынак нечаканыя падарункі. — Сьвяткаваць! Вазоў няма, а яйкі знайшліся? Каб падкупіць? Савецкую ўласьць не падкупіш! Дай сгоды! — крыкнуў ён да Волькі, і тая спалохана працягнула яму сваё чырвонае яечка. Схапіўшы яго, Выпаўзак з усяе сілы выцяў ім аб растрэсканую сьцяну хлеўчука. Затым бяз словаў вырваў яйка і ў меншай — таксама шпурлянуў аб сьцяну. Малое адразу залілося горкім, несуцешным плачам.

– Зьвер! — пруцянеючы, крыкнула Ганка. — Зьвер!

I пакуль ён намогся што сказаць жонцы ці, можа, вылаяцца, тая ўхапіла вілы і, не адчуваючы сябе, што было сілы ўдарыла Выпаўзка ў грудзі. Брудныя ад гною вілы надзіва лёгка ўтыркнуліся ў яго хударлявае цела, і парторг, адразу абвяўшы, моўчкі апоўз долу.

– Ой, ой, бабы! Яна ж забіла яго. Ой, божачка, што ж нам рабіць?.. — закрычала нейкая з баб, ды Ганка ня слухала яе. Падхапіўшы малодшую, яна ўзяла за руку старэйшую і пайшла прэч з падворку.

16-я брыгада 142-га лагпункту сістэмы Галоўпячорлага вярталася з тайгі ў лагер. Пастроеныя ў калону па тры жанчыны ледзьве брылі па ня надта ўтаптанай, добра прысыпанай сьнегам дарозе. Над бязьмежнай сьнегавой прасторай, ахінутай шэрым сутоньнем, вісела сьветлая палярная ноч. За кароткі дзень брыгада ня ўправілася з заданьнем на лесапавале, таму начальства дало каманду прыхапіць частку ночы. Зэчкі выматаліся як мае быць. Нават канваіры, што дзьвюма групамі ішлі наперадзе і ззаду калоны, ня надта пакрыквалі — зьнемагліся ад крыку за дзень. Жанчыны брылі, бы прывідныя цені — моўчкі, бяз сіл, ішлі, каб толькі не спыніцца, ня ўпасьці. На што іншае сілы ў іх ужо не было. Канваіры ведалі тое і не дапякалі строгасьцю.

Шляху да баракаў заставалася няшмат, ужо самае цяжкое — і праца, і сьнег, і сьцюжа — на сёньня засталіся ззаду, наперадзе іх чакалі запаветныя пайкі і — сон. На падыходзе да лагера ўсе міжволі ажылі, канваіры звыкла прыкрыкнулі:

– Падцягніся! Не адставаць...

I тады аднекуль з задніх радоў выбрыла на абочыну перахлябістая жаночая постаць, збочыла з дарогі на сьнегавы прасьцяг. Капваір, што ішоў ззаду і назіраў за тым бокам калоны, амаль спалохана крыкнуў: «Стой, страляць буду!» і клацнуў затворам доўгай, са штыхом вінтоўкі. Ды зэчка бы ня чула яго. Правальваючыся па калена ў цаліку, яна кудысьці брыла і брыла, бы сонная, усё далей ад дарогі. Канваір таропка прыклаўся да вінтоўкі і стрэліў.

Стрэліў толькі адзін раз, і зэчка ўпала.

Калона ўраз спынілася, усе павярнуліся тварамі ў той бок, пазіралі, чакалі — зварухнецца ці не. Не, не зварухнулася, ня ўстала. Тады канваір пабег па цаліку да нерухомае постаці, спыніўся над ёй і штосьці крыкнуў да афіцэра, начальніка канвою. Той зласьліва, бы на вінаватага, пракрычаў свой загад.

Трохі счакаўшы, канваір узьняў вінтоўку, павярнуў яе штыхом уніз і ўдарыў жанчыну — штыхом у грудзі. Пасьля ўдарыў яшчэ. Тая ня крыкнула, мусіць, ёй было ўсё роўна.

Даўно ўсё роўна.


2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/