epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Восьлік

На зорным небе між чорных верхавін кіпарысаў бліскуча сьвяціла летняя поўня. Яе ясны зіхотны водсьвет няроўна ляжаў на верхніх камянях доўгай мураванай сьцяны, за якой туліўся вузкі бядняцкі падворак з мандарынавымі дрэўцамі на схіле ды двума-трыма каменнымі хлеўчукамі ніжэй. Ля рогу аднаго зь іх, прыхаваны ценем бліжняга кіпарысу, сядзеў чалавек, які, не зважаючы на начны позьні час, ня спаў і нават не заплюшчваў вочы, здаецца, і ня дыхаў нават, толькі чуйна ўслухоўваўся ў кожны гук з навакольля. Як цень ад кіпарысу пасунуўся ўбок, і поўня далікатна кранула зарослы чорнаю шчэцьцю твар, чалавек, не ўстаючы, пасунуўся далей у цень. Было відавочна, што ён асьцерагаўся начнога сьвятла, не хацеў, каб яго згледзелі тут, на гэтым ускраінным гарадзкім падворку, дзе ён, відаць па ўсім, бавіў час, чагосьці чакаючы.

Але побач не было нікога, ніхто да яго не падыходзіў. Вузкая сьцежка за нізкай сьцяной, што бегла ўсьцяж камяністага, зарослага чорным кустоўем раўчука, ляжала пустая, на падворку побач не здаралася ніводнага чалавечага руху. Дзесь у калючым, ссохлым ад дзённае гарачыні быльнягу нязмоўчна трашчэлі цыкады, ды за будынінай на падворку зрэдчасу варушыўся, уздыхаў галодны малады восьлік. Надвячоркам, як трохі сьцямнелася, чалавек падабраў у доле рэшту травяных аб'едкаў, пасунуў бліжэй да прывязанай жывёліны. Аднак восьлік не накінуўся на траву, толькі няўцямна паўзіраўся ў незнаёмага чалавека і жаласьліва раўнуў — ён чакаў гаспадара. Але гаспадар прапаў ад учарашняга ранку, і чалавек думаў, як бы ня сталася бяда. Як бы гаспадар не прывёў сюды тых, каго цяпер належала асьцерагацца.

Асьцерагацца ён стаў даўно, прынамсі, ня першы месяц. Адразу, як ляснула іх сьвятая агульная справа, і яны рассыпаліся, хто куды. Тыя, што ацалелі ад арышту, турмаў ды лягераў, перайшлі горы, знайшлі нейкі прытулак у суседняй, думалася, дэмакратычнай краіне, дзе яны меліся знайсьці і падтрымку. Дэмакратыі там, здаецца, хапала, але з падтрымкай мала што атрымалася. Учора ён глухой горнай сьцежкай перайшоў мяжу і спусьціўся з гораў назад у гэтую няшчасную краіну, яго радзіму. Якую, не зважаючы на ўсё самае ліхое, прадаўжаў любіць сыноўскаю любоўю патрыёта ці, як некаторыя казалі, — нацыяналіста. Хай будзе і так, ад зьмены назвы ягоная адданасьць краіне і яе гаротнаму люду ня зьменшыцца. Тое ён ведаў пэўна.

Хоць, відаць, тое было нялёгка — некаторыя абставіны пачалі сьведчыць супраць тае яго любові. У гарах ён мог знайсьці схованку між зарасьніку і камянёў, але ў горадзе яе трэба было шукаць між людзей. Першы, да каго ён прыбрыў на золку, быў іхны колішні добры сябра, стары мудры гаршчэчнік, што нямала памог ім у іх барацьбе. Але гаршчэчнік, сказалі, памёр сваёй сьмерцю, падкошаны горам ад страты сыноў. Прасіць прытулку ў заплаканай зьнямоглай нявесткі ён не адважыўся. Зрэшты, абсыпаная дзецьмі, тая й ня надта запрашала яго, і ён пайшоў прэч. Памятаў, што непадалёк жыў студэнт, таксама іхны сябра, якога ён уцягнуў у рух і зрабіў неблагім агітатарам. Але ўжо было ведама, што хворага на сухоты студэнта, адзінага сына ў маці, таксама ўзялі. Цяпер той паволі канаў недзе на сталічным стадыёне сярод тысячаў іншых — бязьвінных зусім і вінаватых хіба тым, што не схацелі жыць пад драпежнай уладай дыктатара. Другі, да каго ён пастукаў у тую ноч, спаў на ўласнай пасьцелі, але ён не пусьціў яго й на парог, сказаў, што сам сядзіць, бы на іголках, — чакае гасьцей у бронекамізэльках. То быў іхны аднадумца — сьвятар, і чалавек падумаў: можа, і праўда, можа, і чакае. Але яму стала крыўдна, а галоўнае — пачынаўся сьвітанак, і было невядома, куды падацца на дзень.

Патуляўшыся па ўскраіне, ён падаўся да вадавоза, якога ведаў зь дзіцячай пары ад сваёй колішняй нянькі. То быў балбатлівы стары, п'яніца і абібок, ён ахвотна ўзяў зь ягоных рук апошнюю ягоную купюру і прапаў на ўвесь дзень. I на ўсю наступную ноч, якую цяпер чалавек дабіваў разам з галодным восьлікам.

Пад ранак, як поўня закацілася за пляскаты дах суседняй будыніны, чалавек устаў і падышоў да варотцаў у завулак. Тут ляжаў глухі начны цень, чорнае прысядзібнае кустоўе добра хавала яго на падворку. Унізе, рассыпаўшыся на павольным схіле, ляжаў сонны горад, месячныя прыцемкі лагодна ахіналі крывыя вулічкі жабрацкіх прадмесьцяў, бязладныя забудоўкі каменных, гліняных, саманных сядзібаў. Нідзе паблізу ня бліскала ніводнага агеньчыка, не сьвяцілася ніводнай лямпачкі; прадмесьці танулі ў туманістым месячным сутоньні. Толькі ўдалечыні зьзялі адбіткі сьвятла з-за высокіх дахаў камяніц у цэнтры, дзе высіўся нябачны адсюль прэзыдэнцкі палац, ратуша зь вежай і падсьветленым гадзіньнікам, гатэлі, дзьве паліцэйскія казармы за катэдрай у старажытных, нядаўна мадэрнізаваных кляштарах. Турма месьцілася далей, на ўскраіне, і таксама ў кляштары каля рэчкі. То было дужа здатнае месьцейка, у ім цяпер пляжылі маладыя жыцьці шмат хто зь ягоных сяброў. Іншых, мабыць, няма ўжо і ў жывых, і наўрад ці знойдуцца калі іх магілкі — гарылы ўмелі хаваць ахвяры — бяз знаку і сьледу.

Стоячы ў месячных прыцемках ля паламаных варотцаў, чалавек рашыў канчаткова: тое ён зробіць сёньня, уранку, адкладваць далей было немагчыма. Адклад можа абярнуцца для яго катастрофай.

Шкада, для таго зноў патрэбныя былі людзі; было бязглузда рабіць тое ўпотай, безь людзей. Толькі на людзях, лепей на плошчы. Але не на рынкавай — мэтазгодна было б на ратушовай. Тую плошчу ён ведаў змалку, туды хадзіў гуляць зь нянькай, затым церазь яе бегаў у недалёкую школу. Там жа ён упершыню спаткаўся са сваім адзіным і такім няшчасным каханьнем, а галоўнае — там перажыў колькі хвалюючых хвілінаў на сходах і мітынгах, як пасьля столькіх гадоў таталітарызму пачала ўсталёўвацца дэмакратыя. Ды не ўсталявалася. А тады плошча раілася ад тысяч людзей пад нацыянальнымі сьцягамі, з партрэтамі колішніх герояў нацыі, пад мегафонныя гукі палымяных прамоваў... Сьвятарныя словы пра дэмакратыю, волю і незалежнасьць хвалявалі болей, чым адмысловае віно, дужа верылася, што ўсё тое хутка настане. Але не настала і, здаецца, ужо не настане. Тыя, што тады зласьліва назіралі за імі з палацаў ды офісаў, са штабаў і казармаў, ліхаманкава рабілі сваю справу і выбіралі зручны для сябе момант.

I яны выбралі яго ўдала, якраз тады, як дэмакраты таго не чакалі, і скарысталіся спосабам, якога не прадбачылі.

Калі дэмакратыя зусім ап'янела ад пачуцьця грандыёзнай перамогі над шматгадовым таталітарызмам, гэтыя на авансцэну палітыкі выпусьцілі Бульдозэр — раней нікому не вядомага правінцыйнага палітыка, за якім у цяньку стаялі іншыя, вядомыя і дужа разумныя. Задума была ў тым, каб Бульдозэрам расчысьціць шлях да ўлады і прыхапіць яе для сябе. Але Бульдозэр аказаўся хітрэйшым за ягоных апекуноў і, зь нечуваным цынізмам захапіўшы ўладу, не схацеў ні з кім ёю дзяліцца, падгроб усю пад сябе. Сьпярша разагнаў парлямэнт, пасьля па адным перасаджаў у турму нядаўніх хаўрусьнікаў; вядомага крымінальнага аўтарытэта прызначыў кіраваць уласнай бясьпекай. Тым ён зьбянтэжыў лідэраў палітычных партыяў, якія напачатку нібы праглынулі языкі, ня ведаючы, як паставіцца да таго. А як адумаліся, стала позна: іхныя партыі былі аб'яўленыя падрыўнымі і распушчаныя. За тры месяцы Цынічнай дыктатуры ад нядаўняй дэмакратыі не засталося і сьледу. Парлямэнцкая апазыцыя апынулася на каменнай высьпе ў моры, мітусьлівых студэнтаў з унівэрсытэту перасялілі за калючы дрот на гарадзкім стадыёне, унівэрсытэцкія будынкі занялі пад паліцэйскія казармы. Прафэсары па адным паўцякалі за горы — на эміграцыю, а тыя, што засталіся, шчыльней зачынілі аканіцы і не паказваліся на вуліцу. Народ стаіўся, сьцішыўся, змоўк у паняверцы, падобна было — зноў засынае, каб не прачнуцца стагодзьдзе.

Чалавек ня меў выразнага намеру каго-небудзь будзіць, тым болей — народ, разумеў, тое было яму не па сіле. Але ягоная неспатольная душа прагнула пратэсту супраць гістарычнай недарэчнасьці, якую ён бачыў у гэтым брутальным перавароце Зялёнай дэмакратыі на Цынічную дыктатуру. Прагу пратэсту ён ня мог задушыць у сабе, яна стала мацней за яго і вымагала ўчынку. Асабліва пасьля таго, як за горы даляцелі чуткі, што некаторыя зь ягоных сяброў перабеглі на службу дыктатуры; іншыя на эміграцыі павініліся і пачалі прасіць дазволу вярнуцца. Ён жа вярнуўся тайком, без дазволу.

На досьвітку пачаў неспакойна тупаць нагамі, а затым парывіста зароў восьлік. Тое затрывожыла чалавека, усё ж ён хацеў тут застацца незаўважаным. Але й пайсьці адсюль пакуль не выпадала: было зарана, адзінокі мінак на вуліцы тым болей прыцягваў да сябе ўвагу. Чалавек адышоўся ад варотцаў да арбы з прывязаным да яе восьлікам, ласкава паляпаў яго па шыі. Восьлік даверліва памкнуўся да яго, пацёрся аб яго сьцягном. Бедны восьлік, ён таксама пакутаваў на адзіноце, чакаючы ад чалавека ласкі і разуменьня. Але чалавек нічога ня меў яму даць і ня ведаў, як памагчы. Можа, варта было б яго адвязаць ад арбы ды пусьціць — хай корміцца самахоць. Асабліва, калі гаспадар зьнік надоўга. А мо назусім? Людзі цяпер прападалі ў любы час і дзе хочаш — уначы, з свайго ложку, на кірмашы, у аблавах, на вуліцах і тракцірах. Наляталі гарылы, шчоўкалі на руках кайданкі, і чалавек зьнікаў. Ні суда, ні адваката...

Стоячы ля восьліка, чалавек пазіраў, аднак, на завулак, што ад падворку зьбягаў уніз да шырэйшае вуліцы — ці ня зьявіцца там хто-небудзь. Яму патрэбныя былі людзі на вуліцы, сярод якіх неўпрыкмет мог бы зашыцца і ён. Ужо няблага разьвіднела, а ў завулку было пуста і ціха. Поўня ня зьнікла зь неба, хоць яе бляск стаў не такі зіхоткі, як ноччу, срэбная яе манэта паволі закочвалася за хрыбціну недалёкай гары. Чалавек чакаў, што, можа, зьявіцца гэты ягоны недалэга-вадавоз ды дасьць рады бедалазе жывёліне. Ды ішоў час, а гаспадар не вярнуўся.

Яшчэ празь якіх паўгадзіны зусім стала відна. Здалёку і зблізку пачаў падаваць свае гукі горад: пошум аўтамабіляў у напрамку цэнтру, жаночыя галасы зблізку; у ранішнім паветры над прыгарадам пранеслася імклівая чародка галубоў. Ад недалёкага манастыра пад гарой прагучэлі знаёмыя зь дзяцінства глухаватыя гукі звона — да раньняй імшы. Тыя гукі як бы абудзілі чалавека ад ягоных начных клопатаў — здаецца, ягоны час наставаў. На разьвітаньне з восьлікам ён коратка палашчыў яго даверлівую шыю і засьцярожліва ўзьняў на плячо невялікі хатулёк, да якога адразу пацягнуў сваю пысу восьлік. Панюхаў і незадаволена фыркнуў — не спадабалася. Пах бэнзыну не падабаўся і чалавеку, але цяпер было не да пахаў. Літровая бутля з бэнзынам была ягонай найбольшай каштоўнасьцю, даражэйшай за жыцьцё.

На гэтым ускраінным завулку не было ходнікаў, адно — пыльны крываваты прамежак сярод старых каменных сьцен і будынін. Чалавек ішоў пасярэдзіне, як тут хадзілі ўсе. На рагу з шырэйшаю вуліцай трапіўся кудлаты вулічны сабака, які моўчкі збочыў з чалавечага шляху і са спазьнелым зьдзіўленьнем зьнізу ўгору паўзіраўся ў сустрэчнага чалавека. На шырэйшай, але таксама мала прывабнай вуліцы чалавек пачаў спатыкаць мінакоў — высокая худая жанчына ў чорным несла на плячы кошык з агароднаю зелянінай — на рынак. Жанчына коратка зірнула на яго, незнаёмага тут чалавека з зарослым тварам і даўгімі валасамі, у дужа разношаным, з чужога пляча, цёмным швэдры. На ягоных стаптаных сандалях ляжаў даўно ня кратаны пласт пылу шматлікіх дарог. Але такія цяпер тут спатыкаліся на кожнай вуліцы і не прыцягвалі вялікай увагі. Ён зважліва ўступіў дарогу арбе, што цягнулі за сабой два змакрэлыя ад поту мулы. Мужчыну са скрыпучай двуколкай, накладзенай кукурузнымі пачаткамі, прапушчаць ня стаў і нейкі час ішоў поруч. Мужчына-нэгар туга ўпіраўся ў зямлю босымі нагамі і ўпарта сунуў перад сабой несамавіты агародны набытак. Усё — на рынак. У гэты ранішні час людзі сьпяшаліся прадаць, як даражэй, свой бядняцкі тавар, вырашчаны на бядняцкіх прысядзібных лапіках, адарваны ад сям'і, ад уласных дзяцей. Кожнаму найперш трэба былі грошы — на жыцьцё, на хлеб і падаткі. Бяздонная дыктатарская казна бясконца патрабавала грошай — для войска, вялізнае зграі паліцыі, безьлічы дыктатарскіх спэцслужбаў. У краіне, бы на дражджах, расьлі цэны на хлеб, а разам і памеры падаткаў ды розных плацяжоў, і канца іх росту не было відаць. Тыя, што беглі на рынак з пустымі сумкамі й кошыкамі, кожнага ранку жахаліся ад новых, большых за ўчарашнія цэнаў. Жаночыя твары скрозь несьлі на сабе скруху нязбыўнага клопату — як за меншыя грошы купіць болей, каб накарміць мужоў і дзяцей. То была невырашальная задача, не па зубах ніякаму матэматыку. Ды й ніякай, самай дасканалай кампутарызаванай навуцы. Бедны, няшчасны народ, што трапіў у такую сьмярдзючую яму, зь якой не відно было выйсьця.

Празь нейкі нядоўгі час чалавек ужо нетаропка крочыў сярод многіх іншых гарадзкіх мінакоў, што чым бліжэй да цэнтру, дык болей высыпалі на гарадзкія вуліцы. Гэтыя ішлі ня толькі ў кірунку рынку. Горад прачынаўся, усчынаўся звычайны працоўны клопат: адчыняліся раньнія крамы, падмяталіся ходнікі, на якія выстаўлялі тавар рамесьнікі, ювэліры, гаршчэчнікі; на вешаках разьвешваліся нейкія апранашкі. Крыху пазьней на вуліцах сталі трапляць са сваімі чорнымі кейсамі дзяржаўныя службоўцы, гэтыя з важным выглядам сьпяшаліся мацаваць дыктатуру. У абодвух накірунках па вуліцы каціліся аўтамабілі. Напружаньне асьцярогі, што не пакідала яго доўгія дні і ночы, неяк паволі пачало нават меншаць, ён зноў трапляў у звыклы зь дзяцінства асяродак, ад якога быў надоўга адарваны. Добра, што ніхто пакуль не пазнаваў яго, ды асабліва й не ўзіраўся ў ягоны нічым не прывабны твар. Трохі было дзіўнавата, але ў тым горадзе, дзе ён пражыў жыцьцё, знаёмыя, мусіць, вывеліся, разьбегліся, хто куды. Шмат іх уцякло за мяжу, іншыя апынуліся за дротам ці ў турмах. Астатнія сядзелі ціха, мабыць, перажывалі спазьнелае адчуваньне віны перад дыктатурай і найболей — перад Бульдозэрам. Над гарадамі і паселішчамі гэтай краіны ўдзень і ўначы лунала ўсеабдымная здань страху, якая паралізавала волю.

Чалавек ня быў надта наіўны ў палітыцы і сваімі ўчынкамі ня меў спадзяванкі ўзварушыць народ, падштурхнуць яго на барыкады. I ўсё ж... I ўсё ж нейкая карысьць будзе, думаў ён, выпраўляючыся ў апошні свой шлях. Калі ня зараз, дык потым. Калі аб тым не напішуць тутэйшыя газэты, дык пабягуць чуткі, напэўна, перадасьць замежнае радыё. Гэткія ж рэчы здараюцца ня кожны дзень. А ў межах ягонай краіны, дык ці не ўпершыню за сто гадоў. I ўжо напэўна ягоны ўчынак — першы за час гэтай Цынічнай дыктатуры.

Сьцяўшыся ў тугі камяк, чалавек таропка пракрочыў паўз шыкоўны шкляны пад'езд высачэзнага гмаху замежнага банку, дзе, як заўжды, тоўпілася група паліцыянтаў у навюткай шызай форме. Унізе ля прыступкаў іх чакалі стракатыя ад розных колераў аўтамабілі зь мігалкамі. А крыху далей, пад мэталёваю агароджай царквы, сядзеў нядоўгі радок жабракоў — тых, каму не хапіла месца на цьвінтары. Выпетраныя жыцьцём старэчыя твары, схуднелыя рукі, якія цягнуліся да мінакоў, вочы ўмольна лавілі чужыя позіркі. Лепей было туды не глядзець, даць ім у яго не было чаго. Ён толькі збочыў ад іх на асфальт і тады на каменным слупе агароджы ўбачыў шырокую абвестку з партрэтамі і паліцэйскім подпісам унізе. Бегла зірнуўшы туды, чалавек аж скалануўся, пазнаўшы ў адным з партрэтаў сябе. Праўда, там ён быў маладзейшы, паголены, з гальштукам. Несумненна, то былі злачынцы, якіх шукала паліцыя. Але чаму на царкве? Ці ўжо й вернікі рабіліся памагатымі дыктатуры, зьбянтэжана падумаў чалавек. Зрэшты, а чаму б і не? Царкоўныя герархі працавалі на яе заўзята, мусіць, варта было чакаць таго і ад вернікаў... Здаецца, там была пазначана, і сума ўзнагароды тым, хто іх выдасьць. Тады тым болей, каму ня хочацца зарабіць у жабрацкай краіне.

Побач па бруку праімчаліся некалькі джыпаў з рулямі кулямётаў над ветравым шклом. У іх цесна сядзелі крутаплечыя постаці гарылаў у зялёных, пад мяккімі чахламі касках. Мабыць, куды на аблаву ці ўжо з аблавы, падумаў ён без жаднае, аднак, засьцярогі і схамянуўся. Яму ўжо заставалася няшмат, ягоная роля самапала блізілася да фіналу. На рагу ўжо віднелася паваротка, далей была караценькая вулічка да ратушавай плошчы, дзе хутка ўсё і скончыцца. САМАПАЛ было для яго слова новае, нязвыклае, мабыць, не пазначанае ні ў адным слоўніку, наватвор праклятага часу; здаецца, раней у ім не было патрэбы. А цяпер во такая патрэба зьявілася. Упершыню ён учуў яго з радыёперадачы пра падзеі ў далёкай паўночнай краіне і хутка забыўся пра яго. Аж во пакуль яно не займела непасрэднага да яго дачыненьня на тым, апошнім для яго паседжаньні камітэту. Як абмеркаваньне падышло менавіта да такой высновы, паўстала пытаньне — хто? Усе дужа задумаліся, ва ўсіх знаходзіліся прычыны. Ён такіх прычынаў для сябе не знайшоў. Прынамсі, па ім плакаць ня будзе каму, а самому ўжо ня прыйдзецца. Тое ўсё і вырашыла.

У прадчуваньні самага для сябе вырашальнага чалавек усё ж захваляваўся. Каторы раз памацаў у правай кішэні бэнзынавую запальнічку, запальнічка была на месцы — хоць бы не падвяла. Учора правяраў, тады спраўна пыхкала слабым сіняватым агеньчыкам. Мабыць, хопіць і слабога. Бэнзын быў гатунковы, самы лепшы на той заправачнай станцыі, павінны загарэцца ўмомант нават ад слабой іскры. I ён пакіне гэты свалачны сьвет, грукнуўшы дзьвярыма. Ня дзеля славы — дзеля народа. Трохі шкада, што разам адыдзе і жыцьцё. Але што зробіш? Ня ён першы і, трэба спадзявацца, не апошні.

Бадай, ён ужо дайшоў да апошняй павароткі на плошчу і нават міжволі парадаваўся, што ўсё абышлося. Галоўнае, не спаткаў нікога зь ліку знаёмых, і гэта абяцала ўдачу. Зь нейкага часу ён стаў адзінцам, чалавекам паасобнага кшталту; пара калектывізму для яго мінулася.

Адрываючыся ад рэальнага, ён ужо пераходзіў на адпаведны моманту патэтычны лад, пачынаў думаць у высокіх катэгорыях. Што было для яго жыцьцё? Асалода? Пакуты? Нейкі абавязак перад людзьмі? Перад Богам? Ні тое, ні гэта. Мала было асалоды і, калі падумаць, няшмат і пакутаў. Іншыя пакутавалі болей. Уся справа, аднак, як да таго ставіцца. Ён меў занадта вялікае адчуваньне гонару і паставіўся да таго надта строга. Ягоныя сябры былі надзеленыя большаю схільнасьцю да лібэралізму, ён жа застаўся заўзятым рыгарыстам. Асабліва пасьля гібелі Яны. Хто яна была для яго? Яна не была жонкаю, не была нават каханкай. Яна была для яго МАДОНАЙ. I яе ня стала. Яна згарэла не ад любові — ад цынізму несправядлівасьці. Банальную несправядлівасьць яна прызвычаілася трываць гадамі, нахабна-цынічнай — ня здолела і двух месяцаў. Калі яе маладзейшы каханак з дэмакрата-філёзафа ператварыўся ў шэфа дыктатарскай прапаганды, жыць яна не стрывала. Яе пагібель, мусіць, стала для чалавека апошнім штуршком да ягонага азарэньня.

Да павароткі заставалася дзясятак крокаў, як раптам ён убачыў перад сабой кабеціну ў чорным. Нейкім зьдзічэла-спакутаваным позіркам тая ўперлася ў ягоны твар, вочы яе раптам расшырыліся, і яна закрычала:

— А-а-а...

На момант ён зьмізарнеў пад тым яе зьдзічэлым позіркам, а затым і ад гэтага нямога крыку, не адразу пазнаўшы ў жанчыне маці ягонага студэнта-сухотніка. Пакуль ён сьцяміў тое, жанчына каршуном наляцела на яго і невялікаю сумкай на ланцужку пачала біць яго — па галаве, па плячах, па твары і крычаць:

— Забойца! Забойца! Забойца...

Адчуўшы, што ўсё ў яго рушыцца, ён ірвануўся прэч, на брук, ледзьве ня трапіўшы пад вялікія колы чорнага лэндровэра. Але жанчына не адрывалася ад яго, прадаўжала крычаць, і людзі, колькі іх было навакол і паблізу, паварочваліся да іх — сьпераду, ззаду, з бакоў. Чалавек памкнуўся назад, дзе, як здалося, было трошкі вальней, і з усяе моцы прыпусьціў па вуліцы. Мусіць, тое стала яго фатальнай памылкай: кожны драпежнік бяжыць за тым, хто ўцякае. Пабеглі й за ім... Ягоны ж інстынкт самазахаваньня пагнаў яго прэч — каб толькі адчапіцца ад гэтай звар'яцелай жанчыны. З шырокай вуліцы ля царквы ён завярнуў на вузейшую, на рагу азірнуўся — за ім беглі пераважна мужчыны, але трапляліся і жанкі таксама. Сьледам па вуліцы несься разрозьнены лямант і крык. Натоўп даганятых усё гусьцеў, зьяўляліся новыя людзі — з падворкаў, ці што, далучаліся да тых, што беглі наперадзе. Праз момант яго ўжо сталі абмінаць — з бакоў і пад сьценамі. Мабыць, справа ягоная рабілася дрэнь. Асабліва, як з-за высокіх сетак тэніснага корту збоч вуліцы выскачылі двое ў спартовых гарнітурах, гэтыя апынуліся наперадзе ўсіх. Іншыя, не адстаючы, беглі й беглі сьледам і, бы зайца ў полі, гналі яго да ўскраіны. Усе крычалі-галёкалі, іх усё большала, а ў яго ўжо не хапала дыханьня ад гэтага зьдзічэлага бегу, і ён ня ведаў, што рабіць. I што думаць нават. То было неспадзеўна, несправядліва, няўцямна. Адчуваючы, што захлынаецца гаркотаю ад стомы, ён шаснуў у расчыненыя вароты знаёмага зь дзяцінства прыземістага дому з платанам каля ўваходу. Ведаў, калісь там быў скразны ход на суседнюю вуліцу, можа б там ён адарваўся ад даганятых. I тут жа зразумеў, што памыліўся — двор перагароджвала суцэльная бэтонная сьцяна, на якую ён скочыў з разьбегу. Яму пашчасьціла ўхапіцца рукамі за яе чарапічны верх, і ён кінуў угару нагу. Яшчэ не ўзабраўся наверх, як адчуў прарэзьлівы смурод бэнзыну. Па беленым баку сьцяны папаўзьлі няроўныя сьмярдзючыя пісягі, хатулёк адразу аблягчэў, і Чалавек абвяла зваліўся на брук пад сьцяну. Спартовыя хлопцы ў тэнісках схапілі яго за рукі, вывелі на падворак, куды зьбягаўся разрозьнены натоўп ягоных даганятых. Усе ўзрушана гаманілі, лаяліся ці спрачаліся нават, але ён ня слухаў. Нехта садраў зь ягонага пляча сьмярдзючы, непатрэбны цяпер хатулёк. Хтось пасылаў у паліцыю. Наўкола раілася рознагалосая гамана. Хтосьці задыхана распавядаў, як згледзеў яго і не адразу пазнаў. Іншыя даводзілі, што адразу кінуліся наўздагон, бо адчулі: уцякае ня так сабе. "Падпальшчык! Ах ты, падпальшчык!" — лямантавала жанчына, і ён трохі паўслухоўваўся, стараючыся даўмецца, што ўсё ж сталася? Чаму? Ці то непаразуменьне, ці злая воля, ці ягоны недаравальны промах? А можа, заканамернасьць, фатальная прадвызначанасьць? Ці... паратунак ад самога сябе? Але што лепей? Узрушана адчувалася, аднак, што ўсё кепска. Для яго даўно ўжо не здаралася, каб лепей. Толькі горш... Гэта не народ, гэта не народ, як суцяшэньне, няўцямна гучала ў ягонай сьвядомасьці, і тут жа выразна чулася іншае: а тады хто ж? Хто тады былі тыя, што загналі яго ў пастку? Не прынялі ягонае ахвяры? Ці ён няварты быў для таго ахвяраваньня? Чагосьці цяпер ён ня мог зразумець ад узрушаньня, і няўлад са сваім станам, падумаў: усё ж трэба было адвязаць восьліка...

Нейкі час у яго ўсё пыталіся, чагось ад яго дамагаліся, але ён не разумеў і ня слухаў. Маўчаў ён, калі на падворку зьявілася паліцыя, і купка людзей расступілася, прапушчаючы да яго двух гарылаў у іх сьмецьцевай форме. Ён не зірнуў у іх твары — ён добра ўжо ведаў тыя нахабныя твары і ніколі не хацеў іх бачыць. Зрэшты, як і твары з натоўпу таксама. Цяпер яны для яго зьядналіся ў адзін агідна абагулены воблік, ад якога пагрозьліва патыхала сатанінскім злом. Ён нават недарэчна зьдзівіўся, як мог столькі трываць іх у сваім нядоўгім жыцьці? Мусіць, так думаць было несправядліва, усё ж належала аддзяліць адно ад другога. Але цяпер штось разьдзяліць ён ня мог. Штосьці ў ім скранулася са свайго звыклага месца і назад не трапляла...


1995-1998?

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/