epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Загад

Сувязі не было ўжо дваццаць хвілін.

Дваццаць хвілін тэлефаніст Пятрашкін, сагнуўшыся ў куце бліндажа над палявым камутатарам. то патрабавальна, то ласкава, то звонкім хлапечым крыкам, то шэптам паўтараў у запацелую трубку самы патрэбны цяпер у свеце пазыўны — «Клён». Але «Клён» маўчаў, загадкава стаіўшыся недзе на другім канцы провада. Затое суседні на камутатары клапан з карандашным надпісам «Волга», амаль не закрываючыся, ліхаманкава дрыжаў: д-р-р-р-р, д-р-р-р... Да самага нутра працінала Пятрашкіна гэтае дрынканне, і ён разпораз таропка пераключаў штэпсель і ад прыкрасці так сціскаў у азяблым кулаку трубку, што аж бялелі суставы на пальцах. Прыгнечаны ўласным бяссіллем, тэлефаніст з маўклівай пакорнасцю слухаў далёкі сярдзіты голас дваццаць першага — іхняга камандзіра палка:

— Чорт вазьмі, калі вы дасце «Клён»? — хрыпеў у трубцы яго нягучны суровы бас.— Дзе начальнік сувязі?

Капітан Полазаў не чуў таго, але па нейкай аднаму яму вядомай прыкмеце здагадваўся, што яго патрабуе камандзір, і, прысеўшы ля Пятрашкіна, валасатай кастлявай рукою браў трубку. Яго дужа худы, немалады ўжо, вельмі строгі і заклапочаны твар сцяўся ў прадчуванні нейкай суровай непазбежнасці.

— Есць, таварыш дваццаць першы! Загад будзе выканан — сувязь будзе, — спакойна і цвёрда казаў капітан, і Пятрашкін, сцяўшы ўсё цела ад восеньскай сцюжы і ад гэтага нязбыўнага клопату, глядзеў, як яшчэ болей хмурнелі капітанавы запалыя вочы.

Сувязь была неабходна — толькі яна магла выратаваць полк ад той страшнай бяды, якую неслі фашысцкія танкі, прарваўшыся аднекуль з фланга ў палкавыя тылы. Недалёка недзе з імі змагалася транспартная рота і каменданцкі ўзвод, але Пятрашкін, заняты камутатарам, не бачыў і не чуў тае бойкі, — ён толькі адчуваў спіною, як уздрыгвала ад выбухаў зямля. Часам яна скалыналася так моцна, што з дзіркі на сярэдзіне жывым струменем сыпаўся пясок, і ў куце, дзе стаяла падпорка, каціліся каменьчыкі і ўсохлыя камякі гліны. Пятрашкін за невялікі тэрмін свайго франтавога жыцця яшчэ не меў такога пераплёту і цяпер вельмі пакутаваў і ад страху перад нямецкімі танкамі, і ад суровых патрабаванняў камандзіра палка, і ад напружанага чакання, калі, нарэшце, адновіцца сувязь і адгукнецца тая батарэя, на якую цяпер была ўся надзея.

Апрача Пятрашкіна і начальніка сувязі, у гэтым адбітым у немцаў бліндажы з перацёртай саламянай трухой у доле быў яшчэ яфрэйтар Бутэнка — камлюкаваты маўклівы дзяцюк у вайсковым бушлаце з павырыванымі гузікамі. Ён выглядаў зайздросна спакойна ў гэты крытычны час і, падпёршы спіною сцяну, усё цмыгаў тоўстую, з палец, самакрутку, да якой меў, здаецца, адзіную ў жыцці ахвоту. Быў тут яшчэ і высокі. чубасты прыгажун сяржант Сімакоў — першы радыст палка, вельмі паважаны ўсімі сувязістамі і нават самім камандзірам, які, заходзячы на вузел сувязі, заўжды вітаўся з сяржантам за руку. Цяпер Сімакоў быў без справы, бо ўранку выбухам міны пашкодзіла яго рацыю і смяротна параніла ягонага напарніка Васю Болзіна. Чарнеючы з твару ад гэтай двайной страты і сённяшніх няўдач, ён з адчайным пакутніцкім выглядам стаяў у траншэі ля ўваходу ў бліндаж і сачыў за ўзгоркам, на якім недзе здарыўся парыў і куды пабег ужо тэлефаніст Айбекаў.

— Эх, с-сабака, так і садзіць, так і садзіць... Аблажыў разрывамі навокал... Эх, Айбекаў!..

Капітан Полазаў у той час круціў другі апарат і спакойна, нібы нічога небяспечнага нідзе не сталася, загадваў некаму звязацца з «Клёнам» праз нейкую «Зіму», што — памятаў Пятрашкін — значылася ў спісе пазыўных штаба дывізіі.

Быў у гэтым бліндажы і яшчэ адзін чалавек — малады, пэўна, Пятрашкіных год афіцэр у караткаватым новым шынялі, з тонкаю доўгаю шыяй, якая смешна вытыркалася з вялікага каўняра гімнасцёркі. Ён то падыходзіў да камутатара, то мацаў вывады правадоў, зазямленні, то, услухоўваючыся ў рознагалоссе блізкага бою, невясёла пазіраў на маўклівага, заклапочанага капітана. Пятрашкін не ведаў ні яго прозвішча, ні пасады, ён толькі бачыў учора, як надвячоркам з’явіўся гэты малодшы лейтэнант на іхнім вузле сувязі.

Пятрашкін тады, як і цяпер, абслугоўваў камутатар, і, чакаючы, пакуль Айбекаў прынясе вячэру, быў вельмі чуйны не толькі да сваёй трубкі, але і да крокаў у траншэі. Таму ён адразу павярнуўся да дзвярэй, калі пачуў там нечыя рухі, і ў незавешаным праходзе ўбачыў спярша незнаёмыя кірзавыя боты, пасля — полы зусім яшчэ новага шыняля. Неўзабаве, згорбіўшыся пад нізкай столлю, у бліндаж улез малады кірпаты вайсковец, падпяразаны жаўтавай зусім не пашарпанай папругаю, у суконнай пілотцы, залатых пагонах з адной зорачкай у прасвеце і сувязісцкай эмблемай ля гузіка. Пэўна, дрэнна бачачы ў прыцемках бліндажа, афіцэр спыніўся на парозе і запытаў:

— Начальнік сувязі тут?

Пятрашкін, усё разглядваючы незнаёмага, моўчкі кіўнуў галавой у бок капітана, які, прымасціўшыся на катушцы чырвонага трафейнага кабелю, маляваў схему сувязі. Афіцэр тады саскочыў з парога і, шчоўкнуўшы абцасамі, размашыста дзеўбануў кончыкамі пальцаў у край пілоткі:

— Таварыш капітан, малодшы... — і чамусьці змоўк, бы заікнуўся, і праз момант ужо іншым голасам, спалоханым і ўзрадаваным адначасова, ускрыкнуў:

— Ой, Іван... ты?

Пятрашкін, апусціўшы ад вуха трубку, крутнуўся быў ад свайго камутатара, чакаючы, што строгі, зусім не настроены жартаваць капітан што-небудзь крыкне на гэтага дзівака-лейтэнанта, які так спляжыў свой службовы даклад. Але капітан Полазаў не крыкнуў, у яго шырока раскрытых вачах адбілася здзіўленне, і, стросшы з кален паперы, з расшпіленай на баку сумкай, ён ускочыў насустрач.

— Аркадзь!? Адкуль? Як жа гэта?— разгублена казаў ён, абхапіўшы таго за плечы і ўзіраючыся ў яго радасны твар.

— Ды вось прыбыў, — збянтэжана адказаў малодшы лейтэнант.— З вучылішча вось... Скончыў ужо. Прыехаў у дывізію, пасля сюды...

— Глядзі ты!.. Вось нечаканасць! — усё здзіўляўся начальнік сувязі, і Пятрашкін падумаў, што гэты афіцэр нейкі, відаць, знаёмы капітана Полазава.

Так яно, бадай, і было.

Увечары тады стала зацішна, мінамётныя выбухі змоўклі, толькі недзе за пагоркам у напрамку трэцяга батальёна трашчалі «МГ» і нашы «максімы» ды ўзляталі ў чорнае неба імклівыя хвасты ракет. Рухавыя зеленаватыя водбліскі мільгалі па сценах бліндажа, на брустверы траншэі, дзе доўга сядзелі гэты малады афіцэр і начальнік сувязі. Яны ўсё гутарылі і гутарылі аб нечым — ціха ўспаміналі далёкія даваенныя часы, нейкі горад, незнаёмых людзей, чужое, невядомае Пятрашкіну жыццё. Пятрашкін вельмі хацеў спаць і драмаў неўпрыцям між тэлефонных званкоў і дрынкання клапанаў, і, дрэмлючы, усё слухаў ці мо сніў нават тыя размовы. Здаецца, афіцэры так і не паспалі да ранку, а на світанні здарылася вось гэтая бяда з танкамі.

— Эх, гады, накрылі! Накрылі нашага Айбекава! — амаль залемантаваў у траншэі Сімакоў. — Упаў!.. Устае... Не, усё! Ляжыць!

Туды, у траншэю, у прадчуванні нядобрага падаліся капітан, малодшы лейтэнант; нават Бутэнка і той няспрытна ўзняўся з—пад сцяны і палез у дзверы. Утрох яны нейкі час тапталіся ў вузкай цеснаце траншэі і з прытоенай трывогай на спахмурнелых тварах усё ўзіраліся туды, дзе здарылася ліха з Айбекавым. Пятрашкіну таксама хацелася зірнуць на той здрадлівы пагорак, але зноў зазваніла «Волга», і тэлефаніст у трубцы спытаўся пра сувязь.

У той крытычны момант узрушаны нецярплівы Сімакоў вылаяўся, махнуў рукою, нібы з усяе сілы разбіваючы што аб зямлю, і коратка гукнуў начальніку сувязі:

— Дайце я!

Не чакаючы дазволу, ён хуценька скінуў дзягу, дрыжачымі рукамі здзёр з сябе цесны шынель і, як апантаны, ускочыў на бруствер.

— Сімакоў, глядзі ж! — крыкнуў наўздагон капітан. Ен, відаць, шкадаваў гэтага радыста і хоць якой-небудзь парадай хацеў засцерагчы сяржанта ад той небяспекі, што на ўзгорку чакала яго.

Зноў пацягнуліся марудныя хвіліны чакання. Пятрашкін усё падзьмухваў у трубку, спадзеючыся злавіць хоць якія-небудзь прыкметы сувязі, але нават мадуляцыі не было па—ранейшаму. За спіной, недзе ў зямной далечы, таўкліся і гудзелі выбухі, нешта калацілася і стагнала — здавалася, нейкі падземны асілак варочаецца там і злосна бурчыць, ніяк не знаходзячы сабе зручнага месца. Гукаў і нейкіх невыразных рухаў там стала болей, чуўся ўжо і грукат матораў, нейкі далёкі цягучы гул. Пясок з дзіркі ўжо сыпаўся няспынна — бы танюткі вадзяны струмень, цурчэў і цурчэў у саломе.

Пятрашкін так і не ўбачыў, што сталася з Сімаковым, толькі маўклівы і напружаны капітанаў твар балюча тузануўся, і афіцэр непрывычна злосна і роспачна вылаяўся. Далей ён, ужо не стрымліваючы свайго хвалявання, зычным, нейкім чужым голасам, ад якога аж здрыганулася ў Пятрашкіна трубка, скамандаваў яфрэйтару:

— Бутэнка — упярод!!!

Пятрашкін і здзівіўся, і спалохаўся — яшчэ ні разу не чуў ён такога камандзіравага вокрыку і поўнымі жаху вачыма глядзеў на капітана. Бутэнка нібы змярцвеў у сваёй флегматычнай нязрушнасці, толькі яшчэ вузей прыжмурыў заўсёды заспаныя вочы. Пасля некалькі разоў, часцей чым звычайна, ён цмыгнуў напаследак свой тоўсты недакурак, прыпасліва сунуў яго ў пілотку і, зняўшы з рэменя аўтамат, нібы на якую будзённую справу, нязграбна вылез з траншэі. На бліндажы пратупацелі яго цяжкія крокі; пэўна, скрануты імі, з кута на вечка камутатара ўпаў і рассыпаўся камячок усохлай зямлі.

У траншэі ля ўваходу засталіся двое. Капітан Полазаў, сутаргава ўчапіўшыся пальцамі ў бруствер, упіваўся вачыма ў далячынь, куды бег Бутэнка. Побач, плячо ў плячо, стаяў гэткі ж маўклівы малодшы лейтэнант — ён, відаць, хваляваўся і, ледзь стрымліваючыся, кусаў свае пабялелыя тонкія вусны.

Пятрашкін ужо не слухаў тэлефонных званкоў, ён быццам аглух да свайго камутатара, уся яго ўвага сыйшлася цяпер на твары яго камандзіра. У паветры тым часам усё большала грукату, угары нешта скавытала, мінныя выбухі траслі, калацілі зямлю,— там, на пагорку, Бутэнку, відаць, было вельмі нялёгка. Скамянелы капітан з высунутым наперад касцістым падбародкам, жылістай шыяй і імклівым разлётам валасатых броваў здаваўся чужым, інакшым, загадкавым чалавекам. Але вось раптам дрыганула тое яго брыво і ў вачах мільгануў знаёмы цень злосці. Пятрашкін ураз здагадаўся, што недзе там здарылася новая бяда, і аж прыўзняўся на каленях, чуючы сваю чаргу на страшную і немінучую справу. Бы спружына, туга сцяўшыся, баючыся таго і чакаючы, ён гатовы быў рынуцца туды, дзе ўжо зніклі трое яго таварышаў,— трэба было толькі першае камандзірава слова. Аднак капітан глуха і прыдушана, але па—ранейшаму няўмольна і сурова загадаў:

— Малодшы лейтэнант Полазаў! Даць сувязь!

Малады афіцэр зябка перасмыкнуў плячыма, неяк бокам зірнуў на капітана, бы хацеў што сказаць, але не сказаў нічога. Затое ў вачах яго занялася такая невыказная туга, што нават Пятрашкіну ў бліндажы чамусьці стала кепска. Аднак капітан, здаецца, не прыкмячаў таго, — строгі і зацяты, ён чакаў ад афіцэра выканання загаду і знарок не пазіраў на яго. І малодшы лейтэнант пасля нядоўгай маўклівай паўзы натрэніраваным спрытным рыўком ускочыў на бруствер. У вузкай шчыліне дзвярэй мільганулі і зніклі яго новыя кірзавыя боты з радамі нестаптаных шыпоў на гумавай падэшве.

Застаўшыся адзін у траншэі, капітан неяк размяк тварам, страціў сваю суровую зацятасць — няўтоеныя роспач і боль скрывілі яго пакутныя рысы. Нешта жаласнае авалодвала ім, у незразумелай Пятрашкіну знямозе ён усё болей схіляўся на бруствер, нібы імкнучыся за тым, каго толькі што паслаў на страшную справу.

— Правей, правей бяры! — крычаў ён услед малодшаму лейтэнанту.

Пятрашкін не ведаў, як бег той малады афіцэр, але, пэўна не так, як трэба было, бо капітан у пыл расціраючы пальцамі груды, толькі скрыпеў зубамі і шаптаў, ужо не маючы надзеі, што яго пачуюць:

— Аркадзь, правей! Правей, браточак!.. Эх!..

Учуўшы гэты роспачны шэпт, Пятрашкін раптам усвядоміў, што таго малодшага лейтэнанта капітан таксама назваў Полазавым. Маладога тэлефаніста гэта яшчэ болей уразіла — ён адчуваў ужо, што тут здарылася нешта драматычнае, якое цяжка было зразумець зараз, і толькі вельмі хацелася, каб хоць не напаткала гэтых людзей якое няшчасце. І напяўшыся ўвесь, з прыкладзенай да вуха трубкай, ён выцягнуўся, як і капітан, і, баючыся міргнуць, глядзеў на скрыўлены балючай грымасай твар камандзіра.

А там, недзе ў адкрытай восеньскай далечы, усё раўло і грымела. З шэлестам, шоргатам і віскам імчалі ў паднябессі снарады, вухала, ахала, стагнала зямля. Тэлефаніст з «Волгі» ўсё патрабаваў сувязь з «Клёнам», але Пятрашкін ужо не адказваў яму.

І тое, чаго так чакаў і баяўся Пятрашкін і ад чаго камянеў капітан, здарылася. Ад таго страшнага відовішча Полазаў раптам абхапіў твар рукамі, застагнаў і хіснуўся. Пятрашкін, мярцвеючы ад жаху, кінуў трубку і памкнуўся да камандзіра, але той зараз жа выпрастаўся і сустрэў тэлефаніста ўжо ўладарным суровым позіркам страшных, нейкіх ашклянелых вачэй.

— Назад! — крыкнуў ён. — Трымаць сувязь!

А сам, як і нядаўна Сімакоў, расшпіліў дзягу, скінуў сумку, шпурнуў у траншэю шынель і ў адной гімнасцёрцы з ордэнамі на грудзях кінуўся ў грымлівую прастору поля.

Застаўшыся адзін, Пятрашкін раптам адчуў, як у яго душу хлынуў страх. Прыкуты да сваіх абавязкаў, ён не бачыў, што адбываецца наверсе, не ведаў, дзе былі тыя танкі, што нарабілі бяды, ён адчуў сябе слабым і пакінутым. Але нядаўні прыклад яго таварышаў, яшчэ не ўсвядомлены і не зусім зразумелы ўчывак капітана прымушалі сувязіста пераборваць страх і трываць. Ён ужо не зважаў на дрынканне «Волгі», уключыў і не вымаў штэпселя з «Клёна» і слухаў, слухаў. І ад напружанага жадання пачуць яму часам нават здаваўся невыразны пошчак кантактаў, здавалася, вось—вось загамоніць адтуль далёкі голас, але ішоў час, і ўсё заставалася паранейшаму.

Урэшце, не могучы зносіць невядомасці і чакання, тэлефаніст паклаў на салому трубку і выскачыў з бліндажа. У якім кіламетры на ўзараным касагоры пыхкалі і пыхкалі зусім неяк нястрашныя здалёку кусцістыя выбухі мін. Увесь схіл пагорка быў падзёўбаны іх чорнымі, падобнымі адна на адну плямамі, і сярод іх Пятрашкін убачыў маленькага ўдалечыні, неяк дзіўна павольнага і мізэрнага капітана Полазава. Ен, відаць, знайшоў канцы перабітага кабеля і, схіліўшыся, з усяе сілы сцягваў іх з пагорка, далей ад гэтага няспыннага скоку смерці. Наперадзе, ззаду і з бакоў афіцэра ўсё пырскалі, бы прарываліся з—пад зямлі, выбухі мін, а ён, не зважаючы на гэта, рабіў сваю справу. Пятрашкін, гледзячы на яго ў той час, чамусьці не адчуваў ужо страху за сваё жыццё — яго апанавала прагнае, неспатольнае жаданне, каб хоць якнебудзь абмінула афіцэра бяда, дала зрабіць тое, што цяпер было важней за жыццё чалавека.

Але, відаць, немагчыма было доўга ўцалець у гэтай віхуры выбухаў, і неўзабаве тое непазбежнае спасцігла і капітана. Ужо амаль у самым нізе пагорка пырснуў і затуліў чалавека шырокі, клубчасты куст выбуху. Пятрашкін схаладзеў увесь і некалькі бясконцых секунд чакаў, пакуль асядзе пыл і зямля, і тады на краі новае чорнай плямы паказалася нешта жахлівае, што засталося ад начальніка сувязі.

У тое імгненне тэлефаніст адчуў, што настала і яго чарга. «Волга» ў камутатары злучана з «Клёнам», калі адновіцца лінія, яны адразу звяжуцца, а калі не... калі не, дык і ён тут усё роўна ўжо не будзе патрэбны. Натхнёны магутнай сілай яшчэ не выкананага загаду, ён абапёрся рукамі на бруствер і скочыў угору.

І тады ў бліндажы настойліва і гучна зазваніў апарат.

Не адразу нават уцяміўшы, што здарылася, павіснуўшы жыватом на краі траншэі, Пятрашкін нейкі час нерухома слухаў залівісты выклік і потым кінуўся да камутатара.

— «Рэзеда», «Рэзеда», як чутна?.. Дзе вы там прапалі?.. Гаворыць «Клён»...

Тэлефаніст зразумеў, што гэта выратаванне, і амаль фізічна адчуў, як упала з яго душы палова вялізнага гора. Шчыльна сцяўшы дрыготкія вусны, ён таропка злучыўся з «Волгай» і пасля, крыху перасіліўшы сябе, закрычаў у запацелую ля рота трубку:

— «Волга», «Волга»... перадайце дваццаць першаму, іх загад выканан... Сувязь ёсць! Есць сувязь! Гаварыце з «Клёнам»... Што? Начальнік сувязі?.. Няма ўжо начальніка сувязі... Няма нікога... Гаварыце з «Клёнам»...


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/