Васіль Быкаў

Жалезны камандзір

Атака сарвалася.

«Як жа так? Як жа так? От, праклятая шпокаўка! Адкуль яна ўзялася?» — праз горыч, боль і адчай стукала ў яго галаве неадчэпная думка ўвесь гэты час неспадзяваных ганебных уцёкаў ад вышыні ўніз, туды, у выратоўчыя рытвіны аўражыны, з якой гадзіну назад ён павёў людзей у атаку.

Ён ужо не спрабаваў падганяць байцоў, перастаў падаваць каманды — яго сарваны прастуджаны голас толькі сіпеў, без следу патанаючы ў грымотнай ліхаманцы бою. І Клімаў бег перад усімі, ведаючы, што толькі так можна не даць роце легчы, і раз за разам пазіраючы то ў адзін, то ў другі бок, дзе лупцавалі мерзлую, голую ад снегу зямлю злыя чорныя чэргі гэтай праклятай аўтаматычнай тарахцелкі.

Распырскаўшы абцасамі лёд у вымерзлай да дна лужыне, ён пераскочыў дарогу, пераскочыў канаву з пыльнай ссохлай травой.

Траншэя была ўжо зусім блізка, праз якіх дваццаць крокаў, калі агністыя калючыя клубкі разрываў падкаціліся амаль пад самыя ногі камандзіра роты. Асколкі ірванулі перапэцканыя полы паўшубка, бы дубцом сцебанулі па кірзавых халявах ягоных ботаў. Клімаў упаў ужо каторы раз за гэты сакавіцкі ранак — з усяго маху, як бег, і збітыя да крыві калені адразу апёк боль. Але ён адразу зразумеў[:] гэта не рана, гэта аб зямлю. Лейтэнант ускінуў галаву — у траншэі, прыгнуўшыся, беглі кудысьці зялёныя каскі, на брустверы, калюча бліскаючы агеньчыкам, сек аўтамат, яго кулі пырскалі ў вочы лейтэнанта пяском[;] ротны ўскінуў пісталет і торапка стрэліў туды тры разы. Побач торапка ўдарыў з аўтамата Косця. Заскарузлым рукавом лейтэнант выцер потны, запырсканы зямлёй твар. Чарга тым часам з гулкім трэскатам па ўмерзлым у зямлю леташнім іржэўніку кацілася далей, можна было ўскочыць. Яшчэ дваццаць шалёных імпэтных крокаў-скачкоў па адхоне — і ён узляцеў на бруствер, стрэліў перад сабой у чорную шчыліну траншэі і кульнуўся туды. Адразу перад ім, здаецца, іншыя, хто мог, ужо ўсе паўбягалі ў гэтае глыбока і шырока разварочанае прыродай сховішча і туліліся да яго голага, падзёўбанага напярэдадні мінамі берага, хаваючы ад куль і асколкаў галовы. Тарахцелка збавіла імпэт і, нібы задумваючыся, з перапынкамі біла па самым краі, часам з пералётамі, і тады траскотныя яе дваццацімілімятровыя снарады ірваліся ззаду, на другім баку аўражыны, між глеістых прамоін і гразкіх шэрых плям апошняга снегу.

«Адкуль жа яна ўзялася за ноч? Няўжо свежыя сілы?» — думаў ротны, стуліўшы за абрывам галаву. Сэрца яго шалёна гоцала ў грудзях, гарката стомы распірала лёгкія, у скронях з натужным звонам таўклася кроў. Ён выцягся на цвёрдым гліністым касагоры, з хвіліну аддыхваўся, затым, павярнуўшыся на бок, запіхаў у кірзавы кабур свой з драўлянай рукаяткай «ТТ». Пасля выглянуў на схіл пад вышыню, якая трохі ўжо суняла свой кулямётны вэрхал. Мацней за іншыя тачыла трывога за ардынарца Віцю Прахарэнку: ад самай дарогі ён згубіў яго. Але на схіле нікога жывога ўжо не відаць было, толькі там-сям бугрыліся шэрыя суконныя камякі забітых аўтаматчыкаў ды ля дарогі, наўскасяк перарэзаўшай схіл, з абвіслымі парванымі правадамі стаялі пасечаныя асколкамі слупы тэлефоннай лініі.

«І Смірнова не відно. І Пашы. Колькі ж засталося?»

Ён павярнуўся на другі бок — амаль побач на аўражным схіле, уткнуўшы твар у рукавы, ніцма ляжаў баец. З яго ўшчэнт пасечанага кулямі рэчмяшка выцягнуўся брудны вафельны рушнік, канец якога матляўся ад ветру на нерухомай спіне. Клімаў падцягнуўся і разы два штурхнуў ботам у чорную заскарузлую падэшву валёнка.

— Эй ты! Жывы?

Баец сапраўды варухнуўся, падняў на камандзіра змораны, зашчацінены, ужо зусім не малады твар.

— Паранены?

— А хто яго… ведае. Не, здаецца. Замарыўся… От жа нарабіў гад… Каб на яго халера…

Баец заварушыўся, стомлена сеў, палез у кішэнь па курыва. Клімаў яго не ведаў (мабыць, ён быў з апошняга папаўнення, якое рота атрымала тры дні назад) і падумаў, што чалавеку для пачатку пашанціла нямала: куль з дзесяць, не меней, прайшло, не зачапіўшы, над самай яго патыліцай.

— Што ж гэта будзе цяпер, га, лейтэнант? Столькі пабіла! На фарміроўку адвядуць ці як?

— Ага, чакай.

— Няўжо ж пакінуць яшчэ?

Чуйна прыслухоўваючыся да таго, што рабілася наверсе, і раскручваючы чырвоную нямецкую маслёнку-партабак, ён з непрыкрытай трывогай глядзеў на камандзіра роты. Занепакоены сваім, Клімаў адной уцалелай рукавіцай збіў пыл з рассечанага асколкам бота.

— Тваё як прозвішча? — запытаў ён.

— Маё? Ды прозвішча такое… Дзеўкін.

— Доўга жыць будзеш, Дзеўкін. Азірніся.

— Хто, я?

Намацаўшы ззаду шкоду, баец пачаў бурчэць і лаяцца, а лейтэнант споўз ніжай, падняўся і пайшоў уздоўж ручая па аўражыне.

 

Аўражына была даволі глыбокая, але хадзілі ў ёй толькі па адным баку: другі быў пад агнём. Цяпер, аднак, тут папрыціхла, напэўна, ужо ўсе пахаваліся і страляць не стала па кім. У гэтай цішыні стала чуваць, як грахаталі выбухі пад вёскай, дзе вялі бой іншыя роты палка… Па аўражнаму схілу ўніз да ручая спусціўся баец у кароценькім пакамячаным шынялі, тупнуўшы разы два пяткай валёнка, праламаў тонкі лядок і пачаў кацялком зачэрпваць ваду. Ён таксама быў незнаёмы Клімаву. Незнаёмыя цяпер наогул трапляліся ў роце часта — полк шмат дзён у баях, і старых байцоў у ім засталося мала. Ды і сам ён у гэтай роце з’явіўся нядаўна, з тыдзень назад, да гэтага быў у іншым батальёне камандзірам узвода. Боты падварочваліся на касагорыне, ісці было нязручна. Клімаў спусціўся ніжай да ручая. У аўражным беразе дзе густа, а дзе радзей, накапаным жвірам жаўцелі выдзеўбаныя за мінулую ноч ямкі-акопчыкі. Цяпер некаторыя з іх туліліся ў зямлі пустыя. Над берагам сям-там тузаўся на ветры быльнёг, і ў небе плылі-кудлычыліся шэрыя хмары. Было сцюдзёна, дзень абяцаў непагоду. Клімаў пераскочыў ручай, следам зазвінелі тонкія ільдзінкі. Тут, ля завароткі, была самая адкрытая мясціна, лейтэнант, увагнуўшы галаву, кінуўся бягом, але ў канцы не ўтрымаўся і азірнуўся на вышыню — у якім кіламетры над шэрымі рытвінамі бруствераў сноўдалі, знікалі і зноў з’яўляліся галовы ў пляскатых касках.

«Сволачы! Не баяцца», — са злосцю падумаў ён, забегшы за паваротак. Хаця, чаго ім было баяцца: боепрыпасаў у роце не хапала, ашчаджалі кожную абойму з тых, што, атрымаўшы па норме, старшына прывозіў уначы ў роту. Лацно немцам. Але хай, да пары, суцешыў сябе лейтэнант, зноў пераскочыў ручаіну. Па нейкай палеглай і вельмі гразкай траве ён перайшоў крывуліну чарговага паваротка і ў задуменні аж схамянуўся ад нечаканай сустрэчы: перад ім стаяў конь. Конь, відаць, быў прыблудны, чужы, не падобны ні на аднаго з чатырох ротных вараных абознікаў, якія, дарэчы, цяпер былі са старшыной у тылах. Спачатку Клімаў махнуў рукой, спрабуючы сагнаць яго з свайго шляху, але конь нават не адрэагаваў на гэтую спробу, толькі трошачкі прыўзняў голаў і з такім анямелым дакорам зірнуў на чалавека сваімі бліскучымі бяздоннымі вачмі, што Клімаву стала няёмка. Ён дакрануўся да яго маршчыністай шыі, натапыраная поўсць з дробнымі белымі плямкамі — слядамі даўніх памулак — зябка здрыганулася на яго хрыбце, конь зрабіў спробу пераступіць, кульгануў і зараз жа падабраў пад сябе заднюю нагу. Пасля ён працяжна, трудна ўздыхнуў. Стараючыся болей не патрывожыць жывёліну, Клімаў праціснуўся па сцяжыне ля яе боку і, прайшоўшы яшчэ крыху, палез угору, дзе перад гэтай няўдалай атакай пакінуў свой КП з тэлефонам да камандзіра палка.

 

За ўвесь час адсутнасці камандзіра роты на яго імправізаваным КП у глыбачэзнай старой варонцы на краі рова гаспадарыў тэлефаніст Тарасікаў. Ні наступленне, ні абарона, ні паспяховыя ці няўдалыя атакі — нішто, здавалася, не датычыла гэтага хлопца, які ведаў адзіны свой на вайне клопат, — сувязь. Што б там ні адбывалася навакол, ён, кавалкам бінта прывязаўшы да вуха трубку, карпеў над старэнькім УНФ, слухаючы і баючыся толькі за свой даўжэзны, безліч разоў ірваны і вязаны-перавязаны провад. Крыху вышэй за яго на апарожненай жалезнай шпульцы сядзеў ягоны напарнік — маўклівы з рабым тварам сувязіст, перад наступленнем прысланы да аўтаматчыкаў з роты сувязі.

Абрушваючы з берагоў варонкі падмерзлую зямлю, Клімаў ссунуўся ў яе дно на тоўстую заследжаную льдзіну. Тарасікаў як рупны падначалены пры з’яўленні начальства неяк няўлоўна падабраўся нутром, прыўзняўся, прыўстаў на каленях і крануў ручку апарата.

— Як сувязь? — прывычна кінуў Клімаў, і Тарасікаў з бадзёрай гатоўнасцю, тонам, у якім чулася трошкі выхвальнае «а як жа іначай», падхапіў:

— Ёсць, таварыш лейтэнант, — і, стрэльнуўшы на камандзіра прыгожымі выразнымі вачмі выхаванага, чуйнага хлопца, дадаў: — Тут вас дваццаць першы пытаўся.

— Даўно?

— Хвілін дзесяць.

Клімаў даўлянуў на шчоках жаўлакі і, укленчыўшы на адно калена, пад адтапыранае вуха шапкі сунуў канец трубкі. Пакуль у трубцы шчоўкалі кантакты пераключэнняў, Клімава абдало духмяным араматам махоркі, ён ускінуў голаў і моўчкі працягнуў руку да сувязіста. Той паспешліва адкусіў канец недакурка, выплюнуў яго. Клімаў зручней сеў ля апарата: са дзве зацяжкі калі не зусім супакоілі яго, дык усё ж пасобілі сабрацца перад непрыемнай размовай.

— Пашы не было тут? — усё яшчэ чакаючы з трубкай ля вуха, запытаў ён Тарасікава, які глыбей забіваў у зямлю стары паіржавелы штых, што служыў зазямленнем.

— Не, не было.

Нарэшце ў трубцы шчоўкнула, буркнула, Клімаў засяродзіўся ўсім сваім вельмі брывастым, вельмі абсівераным і ўсё ж, не зважаючы на гэта, маладым тварам.

— Слухаю, таварыш дваццаць першы.

— Што? Клімаў, ты? Што гэта ў вас сціхла там? Чаму не дакладваеш? Вышыня ўзята?

Клімаў зноў выдавіў на шархоткіх шчоках жаўлакі, рука яго намацала ў пале паўшубка дзірку, і пальцы з сілай ірванулі павіслы з белай паўсцёй мэтлах скуры.

— Алё! Далажы, як вышыня.

— Вышыня на месцы.

— Га? Алё! Што цябе дрэнна чуваць? Як вышыня, я пытаюся?

— Возьмем вышыню.

— Што? Возьмем? Ага, возьмем! — голас у трубцы адразу зрабіўся пагрозліва-з’едлівы. — Да вас што, толькі цяпер загад да розуму дайшоў…

 

Угары раптам грымотна трэснула, Клімаў інстынктыўна хіснуўся ніжэй да апарата, зірнуўшы з-пад локця ў неба, — над ровам плыло невялічкае рудае воблачка брызантнага разрыву. Камандзір палка яшчэ нешта казаў, але Клімаў зноў не пачуў, аглушаны новым, яшчэ больш блізкім разрывам. У доле наўкола бы хто сыпануў жменяю дробных каменьчыкаў — пыхнулі і прапалі пад ветрам сотні пыльных дымкоў.

— Малакасосы! Спалохаліся дзясятка вшывых фрыцаў! Аўтаматчык[і] мне называецца! Куча дрэні вы пасля гэтага. Вы… — далёкім злым голасам шархацела трубка.

Клімаў апусціў на калені трубку і, безуважны да яе шорхату, пацягнуў бычок.

Але ў гэты раз над ровам зноў аглушальна трэснула, і вецер хутка пагнаў прэч новае воблачка. «Прыстрэльваюць, — падумаў Клімаў. — Цяпер будзе». Прыўзняўшы ў паветра трубку, ён спачатку не зразумеў, чаго гэта маўклівы тэлефаніст бокам ссунуўся на яго, прываліўся да пляча, галава яго ўпала на руку з трубкай, і лейтэнант схамянуўся толькі, калі струмені крыві пабеглі па яго штанах. Аднае рукой Клімаў згроб сувязіста, адхінуў назад і тут жа адхіснуўся сам — уся скроня байца была разварочана асколкам, з страшнае раны на твар, плечы зашмальцаванай ватоўкі і на лейтэнантаў паўшубак лілася кроў. Клімаў вылаяўся і з усяе сілы ляпнуў на лёд недакурак.

— Дабяруся!.. — крычала трубка, калі Клімаў зноў прыклаў яе да вуха пад ссунутай набок шапкай. Гнеўныя, злыя, несправядлівыя словы, якія за хвіліну да гэтага выклікалі ў ім толькі прыкрасць, цяпер узарвалі яго.

— А што вы крычыце! Я не палахлівы! І не для вас ваюю! Вось! А вышыню — не горш за вас ведаю, што трэба ўзяць. Але вунь шпокаўка не дае.

— Во-во, так і ведаў! Дрэннаму танцору, ведаеш, што заўжды перашкаджае? Якая гэта яшчэ ў цябе шпокаўка?

— У немцаў, не ў мяне. Дваццацімілімятровая аўтаматычная гармата, вось! З фланга, ад Сахно. Ды кулямётаў няма ўжо, адзін ручнік застаўся. А ў іх шэсць на вышыні. Ды яшчэ шрапнеллю лупяць, — скарыстаўшы нечаканую паўзу ў камандзіравай лаянцы, скардзіўся Клімаў. — А ў маіх па тры абоймы на вінтоўку ды па дыску на аўтамат. Чым браць, скажыце?

— Расплакаўся! Чым браць? Чым вунь Сахно бярэ? Чым Кузняцоў наступае? Храбрасцю! Гераізмам! Адвагай! Чуеш, які бой ідзе? Пад самай вёскай ужо. А ў іх па адной абойме на ствол. Сам правяраў. Затое ўмеюць. І не пушчаюць у штаны, як вы!

— Няма каму пушчаць, — гэткім жа сварлівым тонам адказваў лейтэнант. — Трыццаць чалавек засталося. Ад усёй роты.

— От здзівіў: трыццаць чалавек! Вунь у Сахно па дваццаць у роце, і то не скардзіцца.

— Ну, у мяне яшчэ да гэтага не дайшло!

— Мяккацеласць праяўляеш, таварыш камандзір роты. У жаласць іграеш. Вайна ідзе, лейтэнант! Нечага шкадаваць для перамогі! Дывізіі гінуць! — перайшоў ужо на крык маёр і раптам закашляўся. Адкашляўшыся ж пасля паўзы, ужо мякчэй аб’явіў:

— Ладна, Клімаў. Карандашоў падкіну. Сёння зноў атрымаем. Прама з марша. Семак не прасі. Няма. А карандашы будуць. Ну, але і я з цябе скуру здзяру, калі ты мне да дванаццаці нуль-нуль не возмеш вышыню.

— Немцы скарэй здзяруць. Яны бліжай, — сказаў лейтэнант, але трубка ўжо змоўкла, і ён паклаў яе ў апарат.

Нейкі час ён сядзеў, утаропіўшы вочы і не бачачы нічога, апроч дробных пыльных струменьчыкаў крыві, якія з-пад цела забітага хутка паўзлі-каціліся на затаптаную плаху лёду ў дне варонкі. Хутка астываючы, кроў слаба парыла рэшткамі апошняга цяпла, побач сінім дымком струменіў у паветры недакураны «бычок». Лейтэнант дзеўбануў яго наском бота і выскачыў з варонкі ў роў.

 

Назад да свайго ланцуга Клімаў ішоў, не разбіраючы ўжо, дзе сцежка, дзе ручай, а дзе адкрыта і прастрэльваюць немцы. Адносіны да сябе з нейкага часу зноў сталі абыякавыя. Паўгадзіны назад ён бег з вышыні ў гэты роў, падаў, выкручваўся між разрываў, з усяе мочы стараючыся, як і ўсе, уберагчы сябе ад кулі або асколка, бо ў гэтым была найбліжэйшая небяспека і найбольшы клопат. Цяпер жа, раззлаваны і расстроены сваркай з начальствам, ён ураз згубіў усю ашчаднасць да сябе. Гэта было незразумела і дзіўна, каб задумацца аб тым, але думаць не было калі.

Агнявы бой на ўчастку суседняга батальёна Сахно ішоў без асаблівай сілы: тузалі паветра мінныя выбухі, гудзела зямля, кулямётная траскатня перамежвалася таропкім нязладным буханнем вінтовак. «Не падобна, каб Сахно дужа прасунуўся, — услухаўшыся, падумаў Клімаў. — Топчацца перад самай вёскай». Вядома, у такім становішчы яму нямала пасобіла, каб рота аўтаматчыкаў узяла гэтую праклятую вышыню. Але зноў жа, калі Сахно возьме вёску, тады лягчэй будзе ўзяць і вышыню. Вось табе і зачараванае кола, і разарваць яго якой хітрасцю наўрад ці магчыма.

Насустрач яму ўздоўж ручаіны бег нізенькі, як здалося Клімаву, дужа шустры баец. Каска сядзела на яго галаве неяк бокам, каўнер шынялка быў пастаўлены, і зашмальцаваныя палявыя ромбікі пятліц, бы рожкі, тырчэлі ад падбародка. У абодвух руках падмышкамі баец трымаў распоратыя цынкі ад патронаў.

— З якога ўзвода? — запытаў Клімаў. Баец паслухмяна спыніўся.

— З першага, таварыш лейтэнант.

— Дзе Смірноў?

Баец прастадушна паціснуў плячмі.

— Хто яго ведае. Мусіць, там, — кіўнуў ён на вышыню. — Не прыбег.

Клімаў прамаўчаў, пасля кіўнуў на цынкі.

— Многа далі?

— Дзе там! Мала, — ахвотна, як пра балючае, загаварыў баец. — Паўсотню на ўсіх. Ды во яшчэ пяць фенек, — ён трасянуў цынку — і ў ёй важка грукнулі жалезам гранаты.

— Запалы не забыўся?

— Не. Во, — нязручна штурхнуў ён нагой абвіслую кішэню.

— Адразу ж зарадзіць. Магазіны таксама. Рыхтуйцеся да атакі.

Баец насцярожана ўскінуў голаў, з твару яго адразу знікла кароценькая бадзёрасць ад гэтай сустрэчы і камандзіравай увагі да яго спраў, дзве дробненькія зморшчыны скранулі яго абсіверанае пераноссе.

— Ёсць, — вяла прагаварыў ён і, чагосьці яшчэ чакаючы ад лейтэнанта, не ішоў, а глядзеў яму ўслед. Клімаў адчуваў гэтае замяшанне і гэты позірк, але не азірнуўся, каб не размякчаць свае халоднай суровасці, і на хаду кінуў:

— Сам павяду ўзвод.

Баец нявесела падабраў цынкі і пабрыў далей, а Клімаў, прыпыніўшыся, выцягнуў за цэпку з-пад палы гадзіннік: было без чвэрці дзесяць.

 

Ён пайшоў далей у трэці ўзвод, якім камандаваў малодшы лейтэнант Грэчка. Гэта быў цяпер адзіны камандзір узвода ва ўсёй роце. Што ён жывы, Клімаў ведаў пэўна, бо, бегучы з вышыні, бачыў, як трэці ўзвод раней за іншых паспеў схавацца ў рове і такім чынам найменш пацярпеў у той няўдалай атацы. Грэчка тады на беразе рова ўсё размахваў сваім ППД, аж покуль апошні баец яго не ўкрыўся ад агню.

Гэта было крыху на водшыбе ў тым канцы рова, які сама бліжай падступаў пад вёску з тае ўедлівай, такой ашалела-бязлітаснай гарматай. Роў тут рабіўся вузейшы і, мабыць, глыбейшы — голыя гліністыя абрывы зусім сціснулі замерзлую ручаіну, якая брала адсюль свой пачатак. Грэчкаўцы, відаць, акапваліся — з берага ўніз сыпалася зямля, і відаць было, як раз-пораз выляталі адтуль рассыпістыя лапаткі глею. «Ужо акапваюцца! Якія спрытныя», — злосна падумаў Клімаў. Ён ускарабкаўся па жорсткай калючай, бы наждак, кручы, крыху прайшоў і запытаўся ў байца ў ямцы, што назіраў за вышынёй, дзе камандзір. Баец паказаў у акоп за вымаінай, адкуль у паветра часта выляталі камякі зямлі.

Клімаў добра ўгрэўся, пакуль пералез тую вымаіну і дабраўся да ўзводнага. Грэчка так улёг у сваю працу, што не заўважыў ротнага і ўжо на самым брустверы ўссыпаў яму на шапку поўную лапату зямлі. Бокам прысеўшы на глей, Клімаў страхнуў яе ў акоп.

— А ну, вылазь сюды.

З акопчыка паказаўся разагрэты працай, белабрысы, з крутаватым падбародкам твар, на якім адзначыліся незадаволенасць і запытанне. Убачыўшы, аднак, Клімава, узводны адкінуў лапатку і лёгка выскачыў наверх. Гэта быў камлюкаваты, тугаплечы крапак, распрануты да гімнасцёркі з расшпіленым адкладным каўняром, на чырвонаармейскіх пятліцах якой нечая няўмелая рука белаю ніткай насцягала па кубіку. На грудзях хлопца бліскаў ордэн Чырвонага Сцяга.

— Во вырыў, ніякая шрапнель не возьме, — аддыхваючыся і папраўляючы на рамяні чорны кабур трафейнага парабелума, сказаў ён. Затым накінуў ватоўку і апусціўся побач з лейтэнантам. Клімаў без цікавасці зазірнуў у акопчык.

— Возьме. Рыхтуй узвод да атакі.

Грэчкавы рукі замерлі на захінутых краях ватоўкі.

— Які ўзвод?

— Свой.

— Зноў?

— Зноў.

Грэчка змоўк, не спускаючы позірка з Клімава, затым ляпнуў нагой у ком глею, які, падскокваючы і трушчачыся ў драбязу, пакаціўся ў роў.

— Не павяду. Хай вунь Сахно тую балаболку ўбярэ. Тады пайду.

Клімаў зламаў высахлую сцябліну быльнёгу і раструшчыў яе ў пальцах.

— Пойдзеш на левым фланзе. Ад ляска. Так паспрабуем.

— Пайшлі яны да д’ябла. Усе на роце аўтаматчыкаў выязджаюць. У мяне галава не затычка. Як-ніяк жыць хочацца.

Ён ускочыў, адышоўся вышай і сеў на накапаную зямлю тварам да вёскі. Пэўна, з вышыні заўважылі нейкі рух тут, і кароткая кулямётная чарга пранізала паветра над самымі іх галовамі; на тым баку рова з кручы пасыпалася жарства. Грэчка, спахапіўшыся, упаў на бок, Клімаў сеў ніжай. Чарга змоўкла. Настала няёмкая для абодвух паўза. Клімаў пазіраў кудысь на пагоркі па той бок рова. Яршыстая ўпартасць Грэчкі яго не здзівіла. Гэты малодшы лейтэнант быў самы трудны з усіх узводных у роце, Клімаў ведаў яго яшчэ з фарміроўкі, пазнаёміўшыся, калі яшчэ сам быў камандзірам узвода. Стаўшы ротным і не раз сутыкнуўшыся з ім, лейтэнант адчуў, што найлепшае, што можна супрацьпаставіць яго ўпартасці, гэта неаслабная суровая цвёрдасць. Вядома, ён мог бы і проста загадваць, не дапускаючы абмеркавання, але таго не хацеў, бо ўсё ж як-ніяк яны былі знаёмыя, свае хлопцы, і думалася, што можна абысціся без гэтага, па-сяброўску.

— Паспрабуем ад лесу, — сказаў ён, коратка зірнуўшы на ўзвод­нага. — Там шпокаўка не дастане. Ад вёскі ёй не відно. Праўда, так будзе далей. За адзін брасок не адолееш. Але паспрабуем.

Грэчка стаў на калені і рэзкімі нярвовымі рухамі ўздзеў у рукавы ватоўку. Твар яго гарэў ад абурэння і нязгоды, светлыя вочы пад белымі брывамі зыркалі халодным агнём.

— Так даспрабуешся, што ў роце нікога не застанецца. Лю­дзей па-дурному нішчыць. Брухамі глыжы церці. Да дурыкаў надакучыла гэта. Ісці дык ісці. А то туды, як чарвякі, а адтуль, як зайцы, — бурчэў ён, не пазіраючы на камандзіра. І раптам загаварыў гучна і рэзка:

— Зноў жа патронаў няма. З чым ісці? Па тры абоймы на вінтоўку. Аўтаматных па жмені.

— У Сахно вунь па адной засталося.

— Мне Сахно не ўказ. Хай аб тым у самога галава баліць. І што ты не растлумачыш капэ? — так ён зваў камандзіра палка.

— Ты кулямёт зберажы, — казаў Клімаў сваё. — Апошні застаўся. Дыскі з чатыры збяры для яго.

— Што ты яму не ўтлумачыш, кажу? Дрэйфіш? Ты яшчэ яго не ведаеш: паддасіся, дык ён цябе заганяе. Дай я з ім пагавару. Я ў яго артпадрыхтоўкі патрабую…

Грэчка раптам ускочыў з гліны і [падаўся] да бруствера за аўтаматам. Клімаў крыва ўсміхнуўся аднымі вуснамі.

— Што тлумачыць? Усё растлумачыў.

Грэчка спыніўся на схіле.

— Ну?

— Ну і ну. Загадаў атакаваць.

Малодшы лейтэнант плюнуў і вяла апусціўся на зямлю. Памаўчалі. Пасля ўзводны насцярожана зірнуў убок цераз голаў Клімава.

— Сібірачка чэша, — зусім другім тонам — сцішана і без следу злосці сказаў ён. Клімаў таксама азірнуўся і паспешліва захінуў падраныя полы паўшубка. Унізе ўздоўж ручая торапка ішла сюды Паша.

Абодва камандзіры некалькі часу глядзелі ўніз на кароценькую дзявочую постаць у падрэзаным і туга падпярэзаным дзягай шынялі, касцы, непамерна вялікай на яе галаве. Паша была тоўсценькая, з празмерна поўнымі сцёгнамі; пераскокваючы рытвіны і камяні, яна няспрытна закідвала ў бакі ногі і размахвала аднае рукой, прытрымліваючы другой на баку сваю таўшчэзную санінструктарскую сумку. Лейтэнанты змоўклі, назіраючы, як дзяўчына ўскарабкваецца па крутым адхоне, як, узлезшы, папраўляе споўзлую на лоб каску і расслабленым змораным крокам падыходзіць да іх. Яе шырокі, быццам расплюснуты твар, як заўжды ззяў здаровай маладой чырванню, адзінай адзнакай дзявочага хараства, якім так скупа надзяліла прырода гэту дзяўчыну.

Яна падышла да Клімава.

— Вы мяне шукалі?

Клімаў, зірнуўшы на яе, апатычна адвёў позірк.

— Я не шукаў.

Паша ссунула наперад сумку і стомлена апусцілася побач.

— А я з раненымі завазілася. Пакуль пасцягвала… Ой, і вы паранены! — спахапілася яна, убачыўшы яго парваныя полы.

— Не паранены, — няласкава адказаў Клімаў.

— Кроў жа…

— Кроў чужая. Тэлефаніста з роты сувязі…

Паша адкінулася на каленях і нахмурыла рэдкія броўкі.

— Што, памочнік смерці, многа мілёнкаў забінтавала? — грубавата запытаў у яе Грэчка. Паша ўздыхнула.

— Дванаццаць чалавек. Трое ляжаць: цяжкія. Ноччу трэба эвакуіраваць. Хайрудзінаў памёр. Толькі перавязала, гляджу, ужо ўсё. А Сокалаў на дарозе застаўся. Спачатку поўз яшчэ. Я — да яго, а яны з кулямёта. Дапаўзла — ужо гатовы.

— Сволачы, такую іх!.. — не зважаючы на прысутнасць жанчыны, салёна вылаяўся Грэчка. Паша заламала бровы і пачала скубсці з долу сухую леташнюю траву. Вецер падхопліваў яе з апэцканых ёдам пальцаў і кружыў над ровам. На Клімавым твары пульсавалі жаўлакі.

— Значыць перавядзеш узвод на той фланг, — закалянеўшы нахмураным тварам, сказаў ён. — Праз гадзіну пачнем.

Грэчка падняўся на калені і, асабліва злы ў свае зацятай маўклівасці, пачаў зашпільваць рамень на ватоўцы, пасля моўчкі падабраў з бруствера ППД і палез у акопчык па гранаты і сумку. Калі ён схаваўся ў зямлі, Клімаў таксама ўстаў, паправіў на плячах свае кавалерыйскія партупеі і пачаў торапка збягаць уніз. За ім з асцярогай, рызыкуючы ўпасці, пайшла Паша.

 

За некалькі хвілін да атакі ён ляжаў на краі абрыву і пазіраў у канец рова пад лес, дзе Грэчка павінен быў падаць умоўны сігнал аб гатоўнасці яго ўзвода. Ззаду ў двух кроках ад яго, саставіўшы з кручы ногі, сядзела Паша і па свайму звычаю калупала шчэпкай зямлю.

Ішлі апошнія хвіліны цішыні, хутка, ведаў ён, яна знікне, на тысячы асколкаў расколецца громамі бою, небяспекі, і тысячы смерцяў пачнуць слепа сцябаць зямлю ў пошуках гэтых трыццаці шасці жыццяў, якія замерлі, стаіліся і нацэліліся цяпер на вышыню.

— Віця! Ну што, табе абавязкова весці ўзвод? Табе ж ротай камандаваць трэба. Можна б і не лезці на самы ражон — кулямёты ж, яны па ланцугу б’юць.

За ровам да пары свайго часу бруяў наліты вясновымі сокамі лес, вытаяўшы з-пад снегу, ажывала гатовая да сваёй адвечнае справы зямля. З кожным днём увачавідкі меншалі снегавыя лапікі — рэшткі па аўражынах, на падлесках, марнеў-падтайваў гразкі змутнелы лёд на забалацях. Ішла вясна, першая вясна вайны. Праўда, пакуль было холадна, абцяжарвалася неба ад хмар, дзьмуў, не сціхаючы, рэзкі вецер, на мёрзлым доле прабірала да дрыжыкаў. Сцюжа і смерць. Сцюжа і смерць — вось што найбольш запомнілася з гэтай цяжкай, пакутна бясконцай зімы. І разам слабенькім балючым светлячком ліпела надзея — неспатольная, пастаянная, вялікая і меншая, слабая і мацнейшая — на круты паварот да перамогі ў гэтай несціханай калатнечы людзей са злом.

— Віць, а Віць… Ты чуеш?

— Чую, ну што? — з прыкрасцю павярнуў ён галаву да дзяўчыны. Скасіўшы вочы, тая злавіла яго кароткі позірк і ўсміхнулася з затоеным сумам.

— Нічога ты не чуеш. Пра другое думаеш.

— Ладна. Чакай. Каб сігнал не праглядзець.

— Давай трошачкі адстанем. Га? Як да дарогі дабяруцца, тады пойдзем, — з болем і сумам, не верачы ў тое, што яе паслухаюць, гаварыла Паша. Клімаў прыўзняў галаву.

— А ну паглядзі туды. Не махае?

Яны абодва ўгледзеліся ў канец рова, над якім залеглі, ужо не акапваючыся, аўтаматчыкі трэцяга ўзвода. Відаць было, як там нехта перабягаў ад аднаго байца да другога, пасля нехта з абрыву спускаўся ўніз. Не, сігналаў адтуль пакуль не давалі.

І будзе сонца на зямлі, і згіне сцюжа, і заззяе шчасце перамогі, і знікне з зямлі крывавая чума — фашызм. Толькі той час ужо не для іх. Вельмі мудрона выжыць у такой вайне, у такой пякельнай віхуры смерцяў — так мудра, што і не варта дбаць аб тым — дарма і недарэчна. Гэтую ісціну Клімаў усвоіў даўно — іншай у яго не было. А была толькі справа кожнага дня і задачы, якія трэба было выконваць, было начальства і немцы — яны дыктавалі, вызначалі, усё ў ягоным жыцці залежала ад іх.

— Вунь я некалі служыла ў другім батальёне. Там ротны быў Сіязаў. Дык ён усю восень з акопа пракамандаваў. Залягуць дзе байцы — адразу яму акоп. Два ардынарцы былі. Здаровыя такія дзецюкі, усё капалі, капалі, — лілася ў напружанай цішы ціхенькая, добразычлівая гаворка дзяўчыны. Клімаў, не адрываючы позірка ад Грэчкавага ўзвода, намацаў і расшпіліў на баку кабур.

— Ну і што ж гэты Сіязаў? Дзе ён?

— Цяпер няма ўжо. Пад Кашырыным забіла.

— Ну вось. А гаворыш: капалі.

— Дзівак! Дык то выпадак. Ноччу на маршы былі. За дзесяць кіламетраў ад перадавой. Самалёты бамбілі і — асколкам.

— Вось іменна.

Шэсць кулямётаў, зараджаных і нацэленых у іх, стаяць на вышыні, варушыцца дзясятак аўтаматчыкаў. Вінтоўкі. Дзесьці стаілася да часу батарэя, гатовая абрынуць на іх шрапнель. Чакаюць. Боепрыпасаў ім не шкада. У немцаў іх многа. Віхура агню і жалеза запануе на гэтым касагорыстым лапіку зямлі, наўскасяк перарэзанай вузенькім, стаптаным жывёлай прасёлкам. Летась тут было збожжа, была сяўба і жніво, быў хлеб. Цяпер будзе іншае жніво без сяўбы. Трыццаць шэсць страхаў чакаюць таго — за сваё слабае, такое падаткае пад жалезам цела, такое хліпкае сваё жыццё. І для кагосьці гэта ўжо апошні ранак, апошняя пядзя жыцця, апошні рубеж яго жыццёвага шляху. Толькі для каго? — вось якім праклятым і нікім ніколі не разгаданым пытаннем мучыць ад веку людзей вайна.

Але — трэба.

Трэба. Інакш нельга. Грукочыць, вурчыць, ірвецца ў вёсцы, джгаюць агністымі струменямі кулі, ірве цела метал. А трэба. Трэба ісці зноў туды, дзе ўжо ганялася смерць і за імі і дзе ляжаць вунь на іржышчы нерухомыя бугаркі таварышаў. Трэба.

— Ты вось што, Паша, — не паварочваючыся да дзяўчыны, сцішаным голасам сказаў Клімаў. — Ты прыйдзеш пасля. На вышыню. Цяпер пабудзь тут, з раненымі.

Паша грэбліва фыркнула, наморшчыла загнуты піпачкай носік, твар яе ад таго стаў яшчэ больш непрыгожы — дурнаваты і плакслівы.

— Во яшчэ. І не падумаю. Я ад цябе сёння не адстану.

Ён павярнуў галаву.

— Надумалася. А як жа другія? Раненыя ж будуць.

— Во я іх і дагледжу. Як вышыню возьмем. Так жа ты хацеў?

Клімаў махнуў рукой і зноў распластаўся ніц.

— З табой дагаворышся! Толькі вунь байцы глядзяць. Думаюць, да ротнага як прыліпла.

— Я не прыліпла.

Усё нішто. Усё можна стрываць. Трэба стрываць. Калі б толькі болей сілы. Болей магчымасці і болей справядлівасці. Рускі чалавек усё можа, усё ўмее, усё здолее, толькі трэба яму болей чалавечнасці ці што. Людскасці. Каб без крыку, без гарлапанства. Душэўней бы. І патронаў. І зброі болей. Тэхнікі. Дужа цяжка так: штыком і прыкладам. Перад вайной гаварылі: усё ёсць. Усіх пераможам. Любога агрэсара разаб’ём на яго ж зямлі. Варашылаў падлічваў шчыльнасць куль на кіламетр фронту, параўноўваў. У нас атрымлівалася за ўсе арміі больш. Яму апладзіравалі. Тым ганарыліся. У вучылішчах вывучалі тактыку наступлення, менш абароны. Адступаць ніхто не вучыў: у Чырвонай арміі адступленне не прадугледжвалася. Вінтоўка СВТ выдавалася за лепшую ў свеце. Аўтаматы забракавалі. На вайне за ўсё гэта расплаціліся. Тыя, хто быў не віноўны ні ў чым. Заплацілі крывёю.

— Я не прыліпла.

— Што?

— Я не прыліпла. Калі так — то і не трэба. Я не ліпучка…

На абрыве зашуршэў глей, Клімаў азірнуўся. Паша, узмахваючы ўскінутымі рукамі, хутка, не разбіраючы шляху, збягала ўніз. Ззаду, шырока разышоўшыся ў разрэзе, хуценька матляліся полы кароценькай яе шынелкі.

— Ну і бяжы! Падумаеш!

 

— Устаць! Наперад!

Усё, што было дасюль — усе перажыванні, сумненні, клопаты — усё адляцела, знікла, быццам адсечанае назаўжды, засталося ў беззваротным былым. Наступіла новая часіна, пара новага быцця на страшным і няпэўным рубяжы жыцця і смерці.

Клімаў ускочыў, зірнуў у адзін бок, у другі, улавіў позіркам, як здрыгануўся нерухомы да гэтага рэдкі ланцужок яго аўтаматчыкаў і ірвануўся ў ветраную прастору поля.

Некалькі крокаў ён бег, але потым адчуў, што апярэдзіў іншых, і прытрымаў крок. Бліжэйшыя ад яго байцы ўжо ўсталі і беглі, уставалі дальнія. Густаватай купкай высыпаў зводдаль узвод Грэчкі.

Вецер шкуматаў полы паўшубка, сцябаў па твары матузамі ад шапкі, але Клімаў не прыкмячаў таго — бег. Адна толькі думка кіравала цяпер усім — хутчэй! Хутчэй, пакуль не ўдарылі немцы, пакуль ціха, прабегчы б лішні хоць дзясятак метраў да гэтай вышыні, куды — ведаў ён — шлях вось-вось абарвецца мукай і потам. Кожная частачка ягонага цела сціскалася, напружылася і чакала гэтага гатовага вось-вось грымнуць удару.

— Шась, шась… шась, шась, — мялі струхлелы іржэўнік боты, валёнкі, гамашы з абмоткамі, каляныя англійскія бацінкі, тупацелі трыццаць шэсць пар ног. Клімаў ужо ўвесь да самых пят выбег на адкрытае, убачыў перакапаную траншэяй вышыню — усю, ад лесу да пакатага схілу ў вёску, згле­дзеў, як матлянуліся там у бакі пляскатыя каскі, і ў той час вецер данёс слабы далёкі крык:

— Фойе…

Канец яго пакрыўся трэскатам дзясяткаў ствалоў.

— Нічога, нічога, — казаў лейтэнант, не ведаючы каму — ні то сабе, ні то каму іншаму, хоць у громе і стукатні стрэлаў і сам не пачуў сваіх слоў. Кулі густа нізалі паветра, зыўкалі, віраш­чэлі, на ўсе галасы скуголілі над зямлёй. Здавалася, нейкія нябачныя рукі тузалі за нябачныя даўжэзныя струны, туга напятыя ў паднябессі.

Шквал агню з вышыні адразу прыгнуў людзей да зямлі, нехта ўжо ўпаў. Клімаў адчуў, што патрэбен рывок, інакш рота заляжа. Падхоплены ўласнай рашучасцю, ён выскачыў наперад, ускінуў угору рукі — адну з пісталетам на вузенькім раменьчыку, а другой проста кулак і, азірнуўшыся назад да сваіх, закрычаў:

— Бягом! Бягом!!!

І, не аглядваючыся больш, што было сілы пабег.




Крыніца: http://novychas.org/literature/васіль-быкаў-жалезны-камандзір

Беларуская Палічка: http://knihi.com