epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Жураўліны крык

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19


1

 

Гэта быў звычайны чыгуначны пераезд, якіх нямала параскідана на сталёвых шляхах зямлі.

Ён абраў тут зручную мясціну пуці, дзе скончыўся насып, што пралёг па асакаватай голай балацявіне, і рэйкі ўезджанай аднапуткі беглі па жвіры амаль на ўзроўні зямлі. Гасцінец, споўзшы з пагорка, пераскакваў чыгунку і заварочваў у бок лесу, утварыўшы скрыжаванне, якое людзі некалі абгарадзілі рабымі слупкамі і паставілі два гэткія ж рабыя шлагбаумы. Побач адзінока мясцілася тынкаваная будка-старожка, дзе ў сцюжу драмаў ля напаленай печкі які-небудзь бурклівы дзед-вартаўнік. Цяпер у будцы не было нікога. Золкі восеньскі вецер раз-пораз рыпаў яе насцеж расчыненымі дзвярыма; бы скалечаная рука чалавека, тырчаў у сцюдзёнае неба абламаны шлагбаум, другога зусім не было. Ніхто ўжо не дбаў пра гэтую чыгуначную пабудоўку: новыя, куды больш важныя клопаты адолелі людзей – і таго, хто некалі гаспадарыў тут, і гэтых, што спыніліся цяпер на закінутым знямелым пераездзе.

Захінуўшыся ад ветру каўнярамі зашмальцаваных, аблепленых глінай шынялёў, шасцёра іх стаяла купкай ля зламанага дышля шлагбаума. Тулячыся адзін да аднаго, яны маркотна пазіралі ў восеньскую далеч і слухалі камбата, які ставіў ім баявую задачу.

– Дарогу трэба перакрыць на суткі, – сіпатым прастуджаным голасам казаў капітан, высокі кастлявы чалавек з зашчаціненым, змораным тварам. Вецер злосна ляскатаў рогам плашч-палаткі па яго запэцканых ботах, матляў на грудзях доўгія матузы завязак. – Заўтра, як сцямнее, адыдзеце за лес. А дзень трымацца...

Там, у полі, куды яны невясёла ўглядаліся, высіўся касагор з дарогай, ля якой траслі пажоўклым лісцем дзве вялізныя каржакаватыя бярозы, і за ім, дзесьці на даляглядзе, заходзіла нябачнае сонца. Вузенькая шчылінка святла, прарэзаўшыся ў хмарах, як лязо вялізнае брытвы, матава блішчала на небе. Сумны восеньскі адвячорак поўніўся шэрасцю фарбаў, надакучлівай сцюдзёнай золлю і ўсёабдымнай трывогай навіслай над краем бяды.

– А як жа з шанцавым інструментам? – грубаватым басам запытаў старшына Карпенка, камандзір гэтай невялічкай групы. – Рыдлёўкі ж патрэбны.

– Рыдлёўкі? – задуменна перапытаў камбат, узіраючыся ў бліскучую палоску захаду. – Пашукайце што самі. Няма рыдлёвак. I людзей няма, не прасі, Карпенка, сам ведаеш...

– Ага, і людзей не шкодзіла б, – падхапіў старшына. – А то што пяцёра? I то вунь адзін – новенькі ды гэты «вучоны» – ваякі мне! – злосна бурчаў ён, стоячы бокам да камандзіра.

– Супрацьтанкавыя гранаты, патроны к пэтээру, колькі можна было, вам далі, а людзей няма, – стаяў на сваім камбат. Ён яшчэ паўглядаўся ўдалячынь, зачараваны бляскам захаду, а пасля, устрапянуўшыся ад задумы, павярнуўся к Карпенку – мужнаму, прысадзістаму, шыракатвараму, з рашучымі вачыма і цяжкімі сківіцамі. – Ну, жадаю ўдачы.

Ён падаў руку, агорнуты новым клопатам, старшына раўнадушна паціснуў яе. Гэтак жа стрымана паціснуў халоднуюкамбатаву далонь і «вучоны» – у акулярах, высокі баец Фішар; без крыўды, шчыра зірнуў на камандзіра другі няўдака, на якога скардзіўся старшына, – малады, са свежымі сумнымі вачыма радавы Глечык.

– Нічога, чорт не здрадзіць – свіння не з’есць, – бесклапотна пажартаваў пэтээравец Свіст, белабрысы, расшпілены на ўсе кручкі і гузікі, жулікаваты з выгляду хлопец.

Спаважна падаў сваю пухлую далонь непаваротлівы мардаты Пшанічны, і пачціва, прыстукнуўшы бруднымі абцасамі, развітаўся чарнявы, прыгожы Аўсееў. Паддаўшы плячом аўтамат, камандзір батальёна нялёгка ўздыхнуў і коўзкім, няспрытным па гразі крокам пайшоў даганяць калону.

Яны засталіся ўшасцёх, агорнутыя самотай ростані, і нейкі час моўчкі пазіралі ўслед капітану, батальёну, кароценькая, зусім не батальённая калона якога, мерна пагойдваючыся ў вячэрняй імгле, хутка аддалялася к лесу.

Старшына быў незадаволены, сярдзіты, унутры яго тужліва варушылася невыразная, шчымлівая трывога за іх лёс і за тую нялёгкую справу, дзеля якой яны засталіся тут. Але ён хутка прыдушыў у сабе нудлівы душэўны гук і прывычна закрычаў на людзей:

– Ну што стаіце? Гэць да працы! Глечык, пашукай, мо дзе ламачына якая. У каго ёсць малыя, давай капаць. Пакуль відно...

Спрытным рыўком ён ускінуў на плячо цяжкі кулямёт і, з хрустам ломячы ссохлы быльнёг, пайшоў над канавай. Байцы адзін за другім неахвотна падаліся за сваім камандзірам.

– Ну вось, адсюль і пачнём, – сказаў Карпенка, укленчыўшы ля канавы і зазіраючы па-над чыгункай на касагор. – Давай, Пшанічны, фланговым будзеш. Лапатка ў цябе ёсць – пачынай.

Камлюкаваты Пшанічны развалістай хадою ступіў наперад, зняў з-за спіны вінтоўку, адклаў яе ў быльнёг і пачаў вымаць засунутую за пояс лапатку. Адмераўшы ад яго якіх дзесяць крокаў уздоўж канавы, Карпенка зноў прысеў, паглядзеў сюды-туды і азірнуўся, шукаючы вачыма, каго прызначыць на новае месца. З яго грубаватага твару не сыходзіла заклапочанасць і злосная незадаволенасць тымі несамавітымі сіламі, якія яму далі.

– Ну, каму тут? Вам, Фішар? Хаця ж у вас лапаткі няма. Во мне яшчэ ваякі! – злосна бурчаў старшына, устаючы з калена. – Колькі дзён на фронце, а лапаткі яшчэ не прыдбаў. Што, мо чакаеце, калі старшына дасць? Ці мо немец у падарунак прышле?

Фішар не апраўдваўся і не пярэчыў, але, бянтэжачыся ад непрывычнай вымовы, толькі няўклюдна горбіўся і без патрэбы папраўляў акуляры ў чорнай металёвай аправе.

– Урэшце, чым хочаце, а капайце, – злосна кінуў Карпенка, пазіраючы некуды ўніз і ўбок. – Мая справа маленькая, але каб пазіцыю абсталяваў як мае быць.

Ён рушыў далей – моцны, эканомны і ўпэўнены ў рухах, з такім выглядам, быццам быў не камандзірам узвода, а па меншай меры камандзірам палка. За ім пакорліва і абыякава падаліся Свіст і Аўсееў. Азірнуўшыся на заклапочанага Фішара, Свіст саўгануў на брыво пілотку і, выскаляючы белыя зубы, бяскрыўдна пакпіў:

– От задачка прафесару, ярына зялёная! Дасца ў знакі...

– Не балбачы. Лепш ідзі пад той белы слупок ля пуці, там і капай, – загадаў старшына.

Свіст збочыў у бульбянішча, яшчэ раз з усмешкай азірнуўшыся на Фішара, які нерухома стаяў на сваёй быльняговай пазіцыі і заклапочана чухаў няголеныя пашчэнкі.

Карпенка з Аўсеевым падышлі да старожкі, старшына па-гаспадарску пакратаў расчыненыя рыпучыя дзверы і пераступіў парог пакінутай будыніны. З двух выбітых вокнаў струменілі пранізлівыя патокі скразняку, матляўся на сцяне надарваны зрудзелы плакат, які заклікаў некалі разводзіць пчол; моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і непрыемным. На затаптанай падлозе валяліся кавалкі тынкоўкі, камякі гразі з падэшваў і саламяная пацяруха. Старшына моўчкі аглядаў скупыя сляды былога чалавечага ўтулку; Аўсееў стаяў ля парога.

– Вось каб сцены таўсцейшыя, было б укрыцце, – падабрэўшым тонам разважліва сказаў Карпенка.

Аўсееў выцягнуў руку – памацаў абабіты бок грубкі.

– Што, думаеш, цёплая? – строга ўсміхнуўся Карпенка.

– А давайце напалім. Раз не хапае інструменту, можна па чарзе капаць і грэцца, – ажывіўся стрыманы дагэтуль баец. – Га, старшына?

– Ты што – да цешчы ў госці прыйшоў? Грэцца! Чакай, вось падыдзе раніца – ён табе дасць прыкурыць. Спякотна стане.

– Ну, дык што ж – спякотна?.. А які сэнс мерзнуць? Давай распалім у печцы, вокны замаскіруем... Га, камандзір? – дамагаўся Аўсееў, лена паводзячы чорнымі цыганскімі вачыма.

– Не балбачы. Ідзі вунь каля Свіста займай пазіцыю і давай асталёўвацца.

Карпенка выйшаў з будкі і сустрэў Глечыка, які цягнуў аднекуль скрыўлены прэнт. Убачыўшы камандзіра, ён спыніўся і зважліва паказаў іржавую жалезіну.

– Вось нібы ломік – раздрабняць. А выкідваць і жменямі можна.

Глечык вінавата ўсміхнуўся, старшына няпэўна паглядзеў на яго, хацеў сказаць нешта строгае, але, змякчэўшы ад наіўнага выгляду маладога байца, сказаў проста:

– Ну, давай. Вось тут будзеш капаць – на гэты бок каравулкі, а я ўжо на той бок – у цэнтры. Давай, не марудзь. Пакуль відно...

 

2

 

На змярканні з-за лесу напаўзлі шызыя змрочныя хмары. Сваім шчыльным цяжарам яны зусім загрувасцілі неба, затулілі блішчастую шчыліну над касагорам; стала пагрозліва, трывожна і сцюдзёна. Вецер з шалёнай восеньскай лютасцю абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў, вымятаў лісцвяны маладняк прысадаў, гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шапатлівыя статкі лісця. Каламутная вада ў лужыне ад напору ветру аж выплёсквалася з дарогі і пырскала на ўзмежак сцюдзёнымі бруднымі кроплямі.

Байцы на пераездзе рупна ўляглі ў работу – капалі, дзяўблі, угрызаліся ў сцвярдзелую залеж зямлі. Пшанічны ледзь не па самыя плечы закапаўся ў рудую кучу гліны; далёка навокал адкідваючы рассыпастыя камякі, зухавата і весела асталёўваўся разгарачаны Свіст. Ён зняў з сябе ўсе папругі і вопратку і, застаўшыся ў гімнасцёрцы, спрытна сыпаў з яміны малой пехацінскай лапаткай. У дваццаці кроках ад яго, таксама над лініяй, час ад часу спыняючыся, адпачываючы і аглядваючыся на сяброў, крыху з меншым стараннем акопваўся Аўсееў. Ля самай будкі спрактыкавана ладзіў кулямётную пазіцыю старшына Карпенка; на другі бок ад яго старанна дзёўб зямлю расчырванелы, потны Глечык. Нарыхліўшы жалезінай грунт, хлопец рукамі выкідваў яго, пасля прыгаршчамі выгортваў пясок і зноў дзёўб. Адзін толькі Фішар без справы самотна сядзеў у быльнягу, дзе яго пакінуў старшына, і, тулячы ў рукавы азяблыя рукі, гартаў нейкую кніжку.

За гэтым заняткам і ўбачыў яго Карпенка, калі, прыпыніўшы працу, выйшаў з-за старожкі. Старшына быў змораны, заклапочаны і адразу аж перасмыкнуў тварам, убачыўшы бяздзейнасць свайго падначаленага. Вылаяўшыся, ён накінуў на спацелую спіну скарэлы ад гразі шынель і накіраваўся па-над канавай да няўдакі-байца.

– Ну, што? Доўга вы будзеце сядзець? Можа, думаеце, што калі няма лапаткі, дык я вас у батальён адпраўлю, у бяспечнае месца?

З выгляду абыякавы да ўсяго, Фішар разгублена заміргаў пад акулярамі блізарукімі вачыма, няспрытна ўзняўся з долу і, заікаючыся ад хвалявання, хутка-хутка загаварыў:

– М-м-можаце не т-т-турбавацца, таварыш камандзір, гэта выключаецца. Я н-н-не менш за вас раз-з-з-зумею свае абавязкі і зраблю тое, шт-т-то трэба, без лішніх эксцэсаў. Вось...

Крыху здзіўлены і астуджаны нечаканым выпадам гэтага ціхага чалавека, старшына не знайшоў што сказаць далей, толькі перадражніў:

– Іш ты: эсцэксаў!

Яны стаялі так адзін супраць аднаго: усхваляваны, з дрыжачымі рукамі, вузкаплечы баец і ўжо супакоены, упэўнены ў сабе каржакаваты ўладарны камандзір. Карпенка, нахмурыўшы калючыя бровы, з хвіліну гадаў, што зрабіць з гэтым няўмекам, а пасля, успомніўшы, што трэба на ноч выставіць які-ніякі дазор, ужо спакайней сказаў:

– Вось што: бярыце вінтоўку і марш за мной.

Фішар не запытаў, куды і навошта, а з падкрэсленай абыякавасцю запіхнуў за пазуху кніжку, уздзеў на плячо вінтоўку з прымкнёным штыхом і, спатыкаючыся, пакорліва пабрыў за старшыной. Карпенка на хаду апранаў у рукавы шынель, аглядаў, як акопваліся астатнія. Мінаючы сваю ячэйку, ён коратка кінуў байцу:

– Вазьмі ж лапатку.

Яны выйшлі на пераезд і па заследжанай сотняю ног гразкай дарозе накіраваліся на пагорак з дзвюма бярозамі.

Тым часам паволі цямнела. Неба над лесам зусім счарнела ад хмар, якія шчыльна абклалі прастор і згусціліся на небасхіле змрочнай суцэльнай масай. Вецер усё не ўціхаў і злосна шкуматаў полы шынялёў, сівернай сцюжай пранікаў за каўнер, у рукавы, выпякаў з вачэй сцюдзёныя слёзы.

Карпенка крочыў хутка, не вельмі разбіраючы дарогі і не дужа шануючы свае кірзавыя новыя боты – адзіную адзнаку яго камандзірскай годнасці. Затуляючыся ад ветру каўняром шыняля, у нацягненай на вушы пілотцы, за ім шкандыбаў Фішар. Баец зноў набыў свой звычайны, абыякавы да ўсяго выгляд і, скіраваўшы позірк у загусцелую гразь дарогі, асцерагаўся паварушыць забінтаванай, балючай ад скулаў шыяй. У канавах шапацела на ветры лісце, наўкола тапырылася ржышча асірочанага восенню поля.

З сярэдзіны касагора Карпенка азірнуўся, каб агледзець зводдаль пазіцыю свайго ўзвода, і ўбачыў, што яго падначалены адстаў далёка і ледзьве плёўся, зноў чытаючы на хаду сваю кніжку. Міжвольна падзівіўшыся з гэткай кніжнай цікаўнасці, Карпенка спыніўся і чакаў, пакуль той даганяў яго. Але Фішар не вельмі спяшаўся, ён так паглыбіўся ў свой занятак, што не бачыў і старшыну, забыўся, відаць, куды і навошта ішоў, толькі нешта варушыў сабе вуснамі. Старшына нахмурыўся, але тут яго самога ўзяла цікавасць, і ён не закрычаў, а нецярпліва пераступіў па гразі і строга спытаў:

– Што гэта за кніжка ў вас?

Фішар, відаць, яшчэ не забыўшыся на нядаўнюю сварку, стрымана бліснуў акулярамі і адхінуў чорную вокладку.

– Біяграфія Чэліні.

– А то хто? – Карпенка кіўнуў на фотаздымак, дзе на чорным фоне стаяў нейкі голы з валасатай галавой чалавек і, пазіраючы ўбок, хмурыў бровы.

– Давід! – тым часам абвясціў Фішар. – Славутая статуя Мікеланджэла. Зразумела?

Але Карпенка не зразумеў нічога. Ён яшчэ зірнуў на здымак, акінуў недаверлівым позіркам Фішара і, абыякавы да кніжкі, ступіў наперад. Трэба было спяшацца, каб завідна выбраць, дзе паставіць сакрэт, і старшына шпаркім крокам рушыў далей. А Фішар заклапочана ўздыхнуў, расшпіліў процівагазную сумку і ў дадатак да кавалка хлеба, старога «Огонька» і патронаў, якімі была напіхана яна, ашчадна засунуў туды і кніжку. Пасля, крыху павесялелы, ужо не адстаючы, ішоў за старшыной.

– Вы што – сапраўды які вучоны? – невядома чаму насцярожыўшыся, ваўкавата запытаў Карпенка.

– Ну, вучоны – можа, празмернае вызначэнне для мяне. Я толькі кандыдат мастацтвазнаўства.

Карпенка трохі памаўчаў, намагаючыся зразумець штосьці, а пасля неяк прыцішана, быццам баючыся выявіць сваю цікаўнасць, запытаў:

– Гэта што? Па карцінках спец, ці як?

– I па карцінах, але я галоўным чынам па скульптуры эпохі Адраджэння. У прыватнасці, спецыялізаваўся па італьянскай скульптуры.

Яны выйшлі на пагорак, з-за якога адкрыліся новыя, ужо азмрочаныя вечарам далі – поле, лагчына з хмызняком, далёкі ельнік, наперадзе ля дарогі – саламяныя стрэхі вёскі. Побач, ля канавы, растросшы на ветры тонкае голле, жалобна шумелі зрудзелым лісцем бярозы. Яны былі тоўстыя і, відаць, дужа старыя, гэтыя спрадвечныя вартавыя шляхоў, – з парэпанай ад старасці, счарнелай карою, густа абсыпаныя цвёрдымі капытамі нарастаў, з пазабіванымі ў бакі чыгуначнымі кастылямі. Пад бярозамі старшына збочыў з дарогі, пераскочыў канаву і, зашастаўшы ботамі па ржышчы, накіраваўся ў поле.

– А што ён, гэты голы, з гіпсу злеплены, ці як? – запытаў ён, уступіўшы сваёй нечаканай цікаўнасці.

Фішар стрымана, аднымі вуснамі паблажліва ўсміхнуўся, як да малога, і вытлумачыў:

– О не. Гэтая пяціметровая фігура Давіда высечана з крыцкага мармуру. Наогул гіпс як матэрыял для манументальнай скульптуры ў старажытнасць і ў часы Рэнесансу амаль не ўжываўся. Гэта ўжо атрыбут новага часу.

Старшына падумаў.

– Кажаш, з мармуру? А чым жа ён такую аграмадзіну высек? Можа, якой машынай?

– Ну што вы?! – здзівіўся Фішар, сігаючы побач з Карпенкам. – Хіба можна машынай? Толькі рукамі, вядома.

– Ого! Гэта ж колькі часу трэба было дзяўбці? – у сваю чаргу здзівіўся старшына.

– Два гады, з памочнікамі, вядома. Трэба сказаць, што ў мастацтве гэта яшчэ не вялікі тэрмін, – памаўчаўшы, дадаў баец. – Рускі мастак Аляксандр Іванаў, напрыклад, працаваў над сваім «Месіяй» амаль 22 гады, француз Энгр пісаў «Крыніцу» 40 год.

– Глядзі ты! Відаць, трудна. А ён хто такі, што зрабіў гэтага Давыда?

– Давіда, – рупна паправіў Фішар. – Ён італьянец, ураджэнец Фларэнцыі.

– Што – мусалінец?

– Ды не. Ён жыў даўно. Гэта славуты мастак Адраджэння. Найвялікшы з вялікіх.

Яны яшчэ прайшлі далей, Фішар ужо трымаўся побач, і Карпенка скоса разы два зірнуў на яго. Худы, з запалымі грудзьмі, у кароткім, падпяразаным пад хлясцік шынялі, з забінтаванай шыяй і зашчаціненым тварам, баец меў вельмі ніякаваты выгляд. Адны толькі чорныя вочы пад тоўстымі шкельцамі акуляраў цяпер неяк ажылі і свяціліся адбіткам далёкай стрыманай думкі. Старшына падзівіўся тайком з таго, што вось за гэткім несамавітым выглядам хаваецца адукаваны і, здаецца, неблагі чалавек. Праўда, Карпенка быў упэўнены, што ў ваеннай справе Фішар не многа варты, але ў глыбіні старшыновай душы нешта ўжо расслабла і падабрэла да гэтага байца.

Праз сотню крокаў ад дарогі Карпенка спыніўся на ржышчы, паглядзеў у бок вёскі, азірнуўся назад. Пераезд у нізіне ўжо ледзьве шарэў у вячэрнім паўзмроку, але адгэтуль яшчэ быў відзён, і старшына падумаў, што месца для сакрэту тут будзе здатнае. Ён прытупнуў абцасам аб мяккую зямлю і, пераходзячы на звычайны свой камандзірскі тон, загадаў:

– Вось тут. Капай. Ноччу спаць ні-ні. Глядзі і слухай. Пойдуць – страляй.

Фішар зняў з-за пляча вінтоўку і, аберуч узяўшыся за кароткі тронак старшыновай лапаткі, няўмела калупнуў іржышча.

– Эх ты! Ну хто так капае! – не стрываў старшына. – Дай сюды.

Ён выхапіў у байца лапатку і, лёгка ўразаючыся ёю ў рыхлую зямлю нівы, спрытна растрасіраваў адзіночную ячэйку.

– Вось на. Так і капай. Ты што – кадравай не служыў?

– Не, – прызнаўся Фішар і першы раз шчыра ўсміхнуўся. – Не давялося.

– Яно і відаць. А цяпер вось гора з вамі, гэтымі...

Ён хацеў сказаць «вучонымі», але змоўчаў, не жадаючы ўкладваць у гэтае слова свой былы з’едлівы сэнс. Пакуль Фішар не дужа ўмела калупаўся ў зямлі, Карпенка прысеў у ржышчы і, тулячыся ад ветру, пачаў скручваць цыгарку. Вецер выдзьмуваў з паперкі тытунёвую пацяруху, старшына ашчадна прытрымліваў пальцамі і паспешна загортваў яе.

Прыцемкі тым часам усё шчыльней атульвалі зямлю, увачавідкі зацягваўся змрокам пераезд з будкай і паламаным шлагбаумам, раствараліся ў ночы далёкія стрэхі вёскі, толькі па-ранейшаму несціхана і трывожна шумелі ля шляху бярозы.

Захінаючы ад ветру трафейную запальніцу, старшына згорбіўся, каб прыкурыць, але раптам яго твар уздрыгнуў і трывожна насцярожыўся. Высунуўшы з каўняра жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд, Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы на ржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе. На ўсходзе за лесам, што быў за іх пераездам, прыглушаная ветрам, зладна раскацілася ўдалечыні хуткастрэльная кулямётная чарга. Неўзабаве на яе адгукнулася другая, радзейшая, відаць, з нашага «максіма», а затым слабым далёкім водсветам, парушыўшы вячэрні змрок, загарэлася і пагасла мігатлівая чарада ракет.

– Абышлі! – з сярдзітай прыкрасцю сказаў старшына і вылаяўся.

Ён ускочыў, паўзіраўся ў далёкі сцямнелы краявід і зноў са злосцю, роспаччу і трывогай пацвердзіў:

– Абышлі, гады! Чума на іх галаву!

I занепакоены, каб там, на пераездзе, чаго не здарылася без яго, Карпенка шпарка пайшоў па нізе ў напрамку да недалёкай дарогі.

 

3

 

На пераездзе першы ўчуў нядобрае баец Пшанічны. Да змяркання ён ужо выкапаў глыбокі, у свой рост, акопчык, прыладзіў на дне прыступак, каб можна было страляць і выглядаць, а таксама яміну ўбаку, каб пры патрэбе спрытней выбрацца наверх. Пасля старанна прытрусіў хрусткім быльнягом бруствер, аддаў лапатку Глечыку, які ўсё яшчэ калупаў побач жалезінай, і, ускочыўшы, стуліўся на дне новага сховішча.

Тут было зацішна і даволі ўтульна. Кінуты на спод ахапак быльнягу засцерагаў ад зябкай сырасці. Пшанічны захінуў ім свае ногі ў стаптаных брудных чаравіках, выцер аб палу шыняля запэцканыя рукі і развязаў рэчавы мяшок. Там баец трымаў на галодны час акраец здабытага ў нейкай вёсцы сялянскага хлеба і добры кавалак сала. Ён даўно ўжо прагаладаўся і хацеў есці, але на людзях усё не наважваўся рабіць гэта, бо тады трэба было б падзяліцца, а дзяліцца Пшанічны не хацеў. Ён ведаў, што ў іншых, апроч якога кавалка чэрствага хлеба, з яды болей не было нічога, але не яго гэта клопат, хай кожны дбае пра самога сябе, а на тое, каб дбаць пра ўсіх, – ёсць начальства, хоць бы Карпенка, гэты строгі і шчыры служака. I цяпер, напрацаваўшыся і нямала згаладаўшыся, Пшанічны разгарнуў у прыцемках паперку, дастаў з кішэні складаны ножык на медным ланцужку і, адрэзаўшы палову кавалка, пакроіў яго на дробныя тлустыя скрылёчкі. Астатняе ён загарнуў у газеціну і схаваў на спод напакаванай рознай драбязой тарбіны.

Са смакам жуючы не вельмі спраўнымі, пашчэрбленымі ўжо хваробай і часам зубамі, Пшанічны думаў, што трэба было б яшчэ назбіраць быльнягу, каб закапацца ў яго і «прыкімарыць», як кажа Свіст, якую гадзіну ўначы. Праўда, узводны трапіў дужа прыдзірлівы і вельмі службісты, гэты прыдумае яшчэ якую работу да ранку, але Пшанічны не такі прастак, як той Глечык ці падслепаваты Фішар, каб са шчырасцю рабіць усё, што ад яго дамагаюцца. Ва ўсякіх абставінах ён зробіць не болей як для адводу вачэй і як-небудзь сябе не пакрыўдзіць. Гэтыя павольныя і разважныя ў цішы думкі чалавека раптам прыпыніліся ад далёкіх раскацістых стрэлаў. Пшанічны ад нечаканасці прыціх з напханым ядою ротам, услухаўся, потым, хуценька згарнуўшы ў кішэню хлеб і сала, узняўся ў акопе. Над лесам выслізнула ў неба рассыпістая гронка ракет, асвяціла на момант чорныя зубцы лясных верхавін і знікла.

– Гэй! – крыкнуў баец да сваіх таварышаў. – Чуеце? Акружаюць!

Вакол ужо стала зусім цёмна. Беленымі сценамі трошкі шарэла старожка, вырысоўваўся яшчэ ў небе зламаны дышаль шлагбаума, чутна было, як капаўся побач у яміне рупны Глечык і ля чыгункі дзяўблі зямлю Свіст з Аўсеевым.

– Глухлі, ці што, – не чуеце? Немцы ў тыле!

Глечык учуў, выпрастаўся ў сваёй неглыбокай яшчэ яміне, выскачыў з акопа Аўсееў і, прыслухаўшыся, цераз бульбянішча накіраваўся да Пшанічнага. Недзе ў цемры мудрагеліста вылаяўся Свіст.

– Ну што? – казаў з акопа Пшанічны. – Дакапаліся! Каб не я, дык і праваронілі б. Чакалі падмогі з тылу, а там ужо немец.

Аўсееў неяк паныла маўчаў, стоячы побач і ўслухоўваючыся ў гукі далёкага бою. Неўзабаве ля яго з цемры з’явіўся Свіст, падышоў і спыніўся ззаду насцярожаны Глечык.

А там, удалечыні за лесам, зачыналася грымотная начная бойка. Да першых кулямётаў далучыліся іншыя, чэргі іх, напаўзаючы адна на другую, зліліся ў далёкае, прыглушанае ветрам грымоцце, бязладна і нетаропка загрукалі вінтовачныя стрэлы. У чорнае паднябессе яшчэ ўзляцела ракета, потым – другая і дзве разам. Дагараючы, яны знікалі за змрочнымі вяршалінамі дрэў, а на нізкім захмараным небе яшчэ нейкі час мігалі няяркія палахлівыя водсветы.

– Ну? – не сціхаў усё Пшанічны, звяртаючыся да насцярожаных прымоўклых людзей. – Што?

– Што ты нукаеш? Ну, што нукаеш, мурло? – злосна азваўся Свіст. – Дзе старшына?

– Фішара ў сакрэт павёў, – сказаў Аўсееў.

– А тое нукаю, што трэба нешта рабіць. Акружылі ж, вось і ну, – не збавіўшы тону, гарачыўся Пшанічны.

Яму ніхто не адказаў, усе стаялі і слухалі, апанаваныя наплывам благіх прадчуванняў. А там, у далёкай цемры ночы, усё разлягаліся чэргі, бухалі гранаты, ветрам разносілася ўдалячынь нягучнае здалёк рэха. Людзі змаркатнелі, самі сабой апусціліся долу іх натруджаныя рукі, ліхаманкавая трывога ўрывалася ў думкі.

У гэтай панылай маўклівасці і застаў іх старшына, які, цяжка дыхаючы ад доўгага бегу, з’явіўся ля старожкі. Ён, вядома, разумеў, што сагнала людзей да гэтай крайняй ячэйкі, ведаў, што ў такіх выпадках самае лепшае без лішняй разважнасці пусціць у ход сваю ўладарнасць і цвёрдасць. I яшчэ здалёк, не тлумачачы нічога і не супакойваючы, старшына са знарочыстай злосцю закрычаў:

– Ну, што пасталі, як тыя слупы на ўзбочыне? Чаго спалохаліся? Га? Падумаеш: страляюць! Вы што – не чулі стрэлаў? Ну што, Глечык?

Глечык сумеўся ад таго грубаватага звароту, варухнуў у цемры плячыма.

– Ды вось акружаюць, таварыш старшына.

– Хто сказаў: акружаюць?– зазлаваў Карпенка. – Хто?

– Што акружаюць – факт, не булка з макам, – буркліва зазначыў Пшанічны.

– А ты маўчы, таварыш баец! Падумаеш – акружаюць! Колькі ўжо акружалі? У Тодараўцы – раз, у Баровічах – два, пад Смаленскам тыдзень выбіраліся – тры. I што?

– Дык то ж усім палком, а тут што? Шасцёра, – азваўся з цемры Аўсееў.

– Шасцёра! – перадражніў Карпенка. – А гэтыя шасцёра што, дзеўкі? Ці байцы Чырвонай Арміі? Нас вунь у фінскую на востраве трое засталося, два дні адбіваліся, ад кулямётаў снег да моху растаў, і нічога – жывы. А то – шасцёра!

– Дык то ў фінскую...

– А то ў нямецкую. Усё роўна, – ужо крыху спакайней сказаў Карпенка і змоўк, аддзіраючы ад газеціны на цыгарку.

Пакуль ён ладзіў папяросу, усе маўчалі, пабойваючыся выказаць невясёлыя здагадкі і пільна ўслухоўваючыся ў гукі бою. А там, здаецца, пакрысе рабілася цішэй, ракеты болей не ўзляталі, страляніна прыкметна радзела.

– Вось што, – сказаў старшына, слінячы цыгарку, – няма чаго мітынгаваць. Давай капаць кругавую. Ячэйкі злучым траншэяй.

– Слухай, камандзір, а можа, лепей адыдзем, пакуль не позна? Га? – памяркоўна спытаў Аўсееў, зашпільваючы шынель і бразгаючы спражкай сваёй папругі.

Старшына грэбліва гмыкнуў, даючы знаць, што яго здзіўляе такая незразумелая прапанова, і з прыкрасцю запытаў:

– Загад ты чуў? Закрыць дарогу на суткі. Ну і выконвай, няма чаго балбатнёй займацца.

Усе нявесела маўчалі.

– Ну, даволі. Давай капаць, – больш бадзёра і ласкава сказаў камандзір. – Акапаемся і заўтра як у мамкі за пазухай будзем.

– Як у Мурла ў торбе, – жартоўна зазначыў Віцька Свіст– I суха, і цёпла, і гаспадар шануе. Ха-ха! Пайшлі, паніч, давай брацца за справу, ярына зялёная, – тузануў ён за рукаў Аўсеева, і той нехаця падаўся за суседам у змрок ночы.

Глечык таксама пайшоў на сваё месца, а старшына моўчкі пастаяў, зацягнуўся разы два махорачным дымам і прыцішана-строга сказаў Пшанічнаму:

– А ты ў мяне наклічаш бяды. Я з цябе скуру спушчу за твае штучкі. Папомніш...

– Якія штучкі?

– Такія, – пачулася з цемры. – Сам ведаеш.

 

4

 

Злосны на старшыну за тую пагрозу і ўзрушаны небяспекай, Пшанічны нерухома пастаяў з хвіліну, разбіраючыся ў пачуццях, а потым, амаль раптам прыняўшы нейкае рашэнне, нягучна кінуў у цемру:

– Хопіць!

Так, хопіць. Хопіць мясіць гразь па гэтых разбітых дарогах, хопіць гібець на сцюжы, галадаць, хопіць пакутаваць ад страху, капаць-перакопваць зямлю, глухнуць у баях, дзе толькі кроў, раны і смерць. Даўно ўжо Пшанічны прыглядаўся, чакаў зручнага выпадку, вагаўся і баяўся, але цяпер, трапіўшы ў тую мышалоўку, канчаткова рашыўся. Свая рубашка бліжэй да цела, а жыццё для яго даражэй за ўсё, і захаваць яго можна, толькі кінуўшы зброю і здаўшыся немцам. Авось не заб’юць, дарма, што столькі баюць пра іх – Пшанічны не дзіця і ведае, што і немцы – людзі.

Вецер усё гудзеў у вушах, астуджаў твар, і, каб затуліцца ад яго і аддацца думкам, Пшанічны зноў схаваўся ў акопе. Траншэю ён вырашыў не капаць, хай гэта робіць Глечык, а ён ужо адкапаў сваё. Пакідаць тут яму не шкада нікога – старшына зубасты і згрызотны, як фельдфебель, Віцька Свіст – блатняк і брахун – усё Мурло ды Мурло. Праўда, ён і астатніх, апроч хіба Карпенкі, таксама называе аднымі мянушкамі – Аўсееў у яго паніч, Фішар – вучоны, Глечык – салага, – але ж яны ўсе маладзейшыя, а ён, Пшанічны, раза ў паўтара старэйшы за кожнага (хіба толькі Карпенка такога ж узросту). Аўсееў-то сапраўды паніч, распешчаны ў дзяцінстве беларучка, майстра на навуку і гультай у працы; Глечык – зусім дзіця зялёнае, паслухмяны, але як трэба не абстраляны, баязлівы, з такім не дужа весела ў баі; Фішар – падслепаваты кніжнік, з вінтоўкі стрэльнуць не ўмее, заплюшчвае вочы, калі націскае на спуск, – вось і ваюй з такімі. Хіба з імі адужаеш тых, абучаных, узброеных адменнай загранічнай, як цацка, зброяй, аўтаматамі ды кулямётамі, што страляюць, бы швейныя машынкі шыюць...

У зацішку акопа чутна, як непадалёку дзяўбе зямлю Глечык, зрэдку парыпваюць на ветры дзверы старожкі і шуміць, высвіствае сваю восеньскую песню ссохлы быльнёг у канаве. Пшанічны даеў вынятыя з кішэні рэшткі сала і, сашчапіўшы рукі, сцішыўся – аддаўся журбоце думак.

Няладна і гаротна склалася жыццё гэтага чалавека.

Першыя ўражанні крыўды ўчэпіста і доўга трымаюцца ў чалавечых пачуццях. Іван як цяпер памятае тое цяжкае галоднае лета, калі бабы з суседняй вёскі Альхоўкі з Вялікадня выходзілі на ўзмежкі – збіралі шчаўе, крапіву, пухлі з голаду дзеці і старыя, чорныя і маўклівыя ад гора, усю вясну хадзілі ў поле паўз хутар альхоўскія мужыкі. Людзі елі траву, таўклі кару з дрэў, церлі мякіну, рады былі якой жменьцы пазаддзя, каб падмяшаць у травяністую агідную страву, склеіць траўнікі. У іх на хутары таксама было не густа, але травы не елі – даіліся дзве каровы, і ў свірне ў засеках сёе-тое яшчэ мелася. У тое лета лёс звёў трынаццацігадовага Івана з вясковым дзецюком Яшкам. I ад таго, што ў свой час Пшанічны памыліўся ў выбары паміж ім і бацькам, усё жыццё пасля ён горка наракаў на сябе.

Аднойчы на нейкае свята – Пятра ці Сёмуху – у дрымотны летні адвячорак, калі паніжэлае сонца губляе свой спякотны напор, трынаццацігадовы Іванка вяртаўся на хутар. Незадоўга перад тым бацькі прыехалі з кірмашу, і ён адвёў на падлесак каня, спутаў і пусціў пасвіцца. Падыходзячы ўжо да высокае брамы панадворка, хлопец учуў гамонку ў двары, жаласны жаночы голас і рэдкае незадаволенае пакырхванне бацькі. Бацька ў новай святочнай сарочцы і камізэльцы сядзеў на прыступках ганка і пасопваў люлькай, а побач, згорбіўшыся і затуліўшы твар нізка завязанай хусцінкай, стаяла ўдава Міроніха – іх нейкая далёкая сваячка, – яна плакала і нечага прасіла.

У той час як Іван зайшоў на панадворак, якраз наступіла паўза, кабета з просьбай і страхам глядзела на бацьку, прыкрыўшы ражком хусткі рот, а бацька злосна – як адразу заўважыў хлопец – чмыхаў клубамі дыму і маўчаў.

– Ладна, – урэшце азваўся ён. – Хай прыйдзе. Дам з пуд. А заўтра на зорцы каб быў тут. Касы не трэба, касу маю возьме.

Кабета перастала плакаць, высмаркалася і пачала дзякаваць, а бацька ўзняўся і пайшоў з ганка.

Назаўтра ранічкай маці, як звычайна, ласкава разбудзіла Іванку на гары, падала завязаны ў ручнік сняданак – кавалак вяндліны і акраец хлеба. Ён заўсёды ў такую пару насіў бацьку ў поле снедаць, але гэты раз ежы было ўдвая болей, чым калі раней. Іванка здагадаўся, што гэта памагатару. Работнікаў яны наймалі і раней – у касьбу, жніво, малацьбу, але трымалі нядоўга: бацька быў патрабавальны, сам цягавіты ў працы, дужы, і мала хто мог дагадзіць яму.

Выйшаўшы з алешніку, Іван убачыў напалову скошаны лужок і ў канцы яго – бацьку і Яшку Цераха. Але, відаць, нешта там здарылася, бо яны не касілі, а стаялі адзін насупроць другога; бацька адной рукой трымаў зламаную ў шыйцы касу, другой – касільна і злосна пазіраў на Яшку. А дзяцюк, у зрэбнай кашулі, з падкасанымі да калень нагавіцамі, чухаў худыя грудзі і апраўдваўся:

– Дзядзечка Супрон, далібог, незнарок. Замахнуўся, а яна неяк каўзнулася аб камень і адляцела.

– Лайдак пракляты, гультаіна пархатая, – крычаў бацька, трасучы густой зляжалай барадой. – Такую касу спляжыў! Нябось чужое? Га? Каб сваю, то інакш бы глядзеў, басота! Ых ты!

Ён кінуў касу, аберуч схапіў касільна, замахнуўся і, крычучы і ўсё болей звярэючы, пачаў ім біць хлопца па галаве, руках, якія ўзняў той, каб засланіцца.

Іван адчуў, як самлелі ад страху, а болей ад узрушлівай непрыемнасці яго ногі, хлопец баяўся і хацеў закрычаць на бацьку, каб спыніць яго шаленства, яму шкада было ціхага, нядужага дзецюка, аматара рыбнай лоўлі, зайздроснага знаўцу ўсіх навакольных лясных спраў. Але Іван не закрычаў, а памалу ішоў да іх, хоць яму хацелася ўцячы адсюль, каб не бачыць і не чуць нічога.

За зламаную касу Яшка працаваў у іх лішні тыдзень – стагаваў, сушыў, звозіў сена, затым яшчэ памагаў у жніво. Іван да яго ставіўся добразычліва, пасля таго выпадку на сенажаці ён маўкліва адчуваў і сваю вінаватасць, і таемную невыразную крыўду. Яны пасябравалі, хадзілі разам купацца, ставілі на кратоў пасткі і ніколі не гаварылі пра бацьку. Іван ведаў, што Яшка ненавідзіць гаспадара, гэтая яго непрыязнасць неўзаметку перадалася і маладому Пшанічнаму, ён адчуваў, што бацька – сквапны, злы, несправядлівы чалавек, што гэта нядобра.

Мінула некалькі год. Іван улёг у сялянскую працу і, наперакор сабе, ва ўсім цягнуўся за бацькам, які бязлітасна школіў сына ў няхітрай земляробчай навуцы, што спасціг на практыцы сам. Яшка неўзабаве пайшоў на службу ў Чырвоную Армію, адслужыў там два гады і вярнуўся ў вёску інакшым – пасталелым і паразумнелым чалавекам. Праз нейкі час ён стаў завадатарам усіх маладзёжных спраў у вёсцы, пачаўшы гэтую сваю дзейнасць з гуртка ваяўнічых бязбожнікаў.

Іван наогул стараніўся вясковых хлопцаў, у вёску хадзіў калі ў святы на вечарынкі, а так жыў дзікавата – сваім хутарам, гаспадаркай, пад штодзённым бацькоўскім наглядам. Але ўзаемная прывязанасць маладога Пшанічнага і былога парабка Яшкі, відаць, захавалася ў сэрцах абодвух, і вось аднойчы ў познюю восень, сустрэўшыся на вясковым выгане, Якаў запрасіў прыходзіць увечары, паглядзець на рэпетыцыі бязбожнай п’есы. Іван не падумаў тады, як да таго паставіцца бацька, згадзіўся, увечары намазаў дзёгцем юхтовыя боты, апрануў паддзёўку і пайшоў. Там яму спадабалася, хоць ён сам не ўдзельнічаў у п’есе, але затое паглядзець на іншых было цікава. Пасля ён зачасціў у тую пахілую ўдовіну хаціну, бліжэй сышоўся з хлопцамі і дзяўчатамі, яго не крыўдзілі, хоць часам нязлосна кпілі і жартам абзывалі маладым падкулачнікам.

I вось аб гэтым неяк даведаўся бацька і аднойчы ўранку, заходзячыся ад злосці, накрычаў на Івана, выцяў аброццю маці, калі тая заступілася за яго, і пагразіў выгнаць з хаты бязбожніка-сына, які ганьбіў на старасці бацькаву годнасць. Івану было вельмі крыўдна, але даўняя закаранелая прывычка ва ўсім падпарадкоўвацца бацькавай волі ўзяла сваё, і ён перастаў наведваць Яшку. Якаў гэта заўважыў, і аднойчы, разам вяртаючыся з млына, яны шчыра разгаварыліся.

Гаварыў, праўда, Яшка, Іван слухаў, бо па натуры быў маўклівы, але не згадзіцца з хлопцам не мог. А Якаў расказваў пра класавую барацьбу, пра крушэнне прыватнаўласніцкіх звычаяў, пра тое, што стары Пшанічны – вясковы міраед, што ён змардаваў яго, Іванаву, маці, бы батрака заездзіў самога Івана, што ён гатовы задушыцца ад сквапнасці.

«Слухай, як ты жывеш з ім? Я ўцёк бы ад такога злыдня. Хіба ён бацька табе?»

Івану было вельмі кепска. Яны ішлі тады па ціхай пясчанай дарозе за гружанымі вазамі, і ў яго вачах, наганяючы неадольную млосць, мільгалі і мільгалі колы. Ён верыў Яшку і разумеў, што лепей было б яму парваць з бацькам, пайсці на свой хлеб, як-небудзь пражыў бы, але на гэта не хапала адвагі. Так, як след не самкнуўшыся, назаўжды разышоўся яго шлях з грамадой, з тымі, якія б далі яму веру ў жыццё, уласную годнасць і, можа, засцераглі б душу ад нясцерпных пакут адзіноцтва.

Далей, праз які год ці два, бацьку раскулачылі – забралі ў сельсавет увесь іхні набытак, апісалі будынкі, а самога з маткай саслалі. Іван тую зіму жыў у мястэчку ў дзядзькі і вучыўся ў сямігодцы. Дзядзька быў неблагі чалавек, майстравіты на ўсе рукі, з пляменнікам ён абыходзіўся нараўне са сваімі трыма дочкамі і нічым не дакараў яго. Але па няўлоўных прыкметах і дробязях юнак згадваў, што ён усё ж тут лішні, што ён чужы, і ад таго Івану не было радасці. Вучыўся ён не блага, разумеў і любіў матэматыку і пасля сямігодкі падаў дакументы ў настаўніцкі тэхнікум. Ён чакаў экзаменаў, чакаў і марыў, бачыў у сваім студэнцтве адзіны шчаслівы выхад з таго ліха, у якое яго загнала жыццё. Але на экзамены яго не выклікалі, дакументы неўзабаве вярнулі, і ў казённай паперы холадна тлумачылася, што прыняць яго ў тэхнікум нельга, бо ён – сын кулака.

Гэта было вялізным горам для маладога Пшанічнага, большым за тое раскулачванне, якога яму не давялося бачыць, першай сапраўды незагойнай крыўдай душы. Іван падумаў, што ён не такі, як усе, што бацькаў цень, як праклён, цяпер будзе засціць жыццёвы шлях сына. Але перайначыць што, здавалася яму, ужо было позна.

Пасля няўдалай спробы вучыцца далей Пшанічны – ужо рослы, прывычны да працы дзяцюк – з год прызвычайваўся каля дзядзькі да мулярскае справы, а затым пайшоў у горад шукаць свайго хлеба і свайго шчасця.

У Бранску ён паступіў у мулярскую арцель, трапіў у брыгаду такіх, як сам, маладых хлопцаў, мураваў фабрычныя гмахі, па вузкіх дашчаных сцежках ганяў тачкі з рошчынай, па страмянках цягаў на паверхі цэглу. Сябе ён не шкадаваў, працаваў з запалам, з бацькавай цягавітасцю, і гэта неўзабаве заўважылі сябры і начальства. Яго хвалілі на сходах, ставілі ў прыклад іншым, і хлопец пакрысе пачаў забывацца на сваю ўшчэрбнасць і няшчаснасць. Пра бацькоў ён не гаварыў нічога, пісьмаў ад іх не атрымліваў і не ведаў, дзе яны і што. Часам, калі ўночы снілася што-небудзь з дзяцінства, тады агартала жаласлівасць да ціхай, забітай маткі, бацьку ён не спагадаў, ведаў, ён і там гэткі ж сквапны, злы і зацяты.

У той час на будоўлі стварылі камсамольскую ячэйку, многія хлопцы паўступалі ў камсамол і, вядома, пацягнулі туды і лепшага муляра Пшанічнага. Ён падумаў, крыху разважыў, а пасля, заахвочаны давер’ем і павесялелы ўжо ад былое нягоды, паверыў, што і ён можа стаць чалавекам, і напісаў заяву. На сходзе запатрабавалі расказаць усё пра сябе, бацькоў і радню, і калі пачулі, што ён сын кулака-хутаранца, у прыёме Пшанічнаму адмовілі.

Ён цяжка перажываў, дзён колькі не хадзіў на працу, пластом ляжаў у інтэрнаце. Здарылася так, што не знайшлося нікога, хто быў бы да яго бліжэй за ўсіх, суцешыў у тую хвіліну, абнадзеіў. Да яго раптам перамяніліся ўсе дружбакі, пачалі чужацца хлопца, трымацца асобна сваёй камсамольскай кампаніяй. Гэта была незабыўная да смерці крыўда, Іван Пшанічны ўжо канчаткова ўверыўся ў сваю адвержанасць, і яго ўпартае сэрца прагнула помсты.

Ён паехаў з Бранска, жыў колькі часу ў Данбасе, працаваў на шахтах і ўсюды памятаў, што ён не раўня іншым, што ён – класавы вораг, што між ім і людзьмі пралегла глыбокая праваліна ў жыцці. Часам ён імкнуўся забыцца на гэта ў працы, часам – у гарэлцы, але яна не забывалася, не міналася ніяк і нідзе. Аб тым яму напомнілі ў ваенкамаце, калі прызывалі ў войска. «Ты – сын кулака і будзеш служыць у рабочым батальёне», – сказаў заклапочаны мітуслівы капітан. I Пшанічны стаў чырвонаармейцам працоўнага батальёна – трохі вучыўся вайсковай справе, а больш працаваў: будаваў чыгункі, масты, тунелі. Гэта было ў Сібіры, узімку ён налаўчыўся ездзіць на лыжах, у спаборніцтвах аднойчы заняў першынство. I калі неяк сталі арганізоўваць лыжны агітацыйны прабег на 200 кіламетраў, то ў ліку лепшых лыжнікаў запісалі і Пшанічнага. Ён быў рады вылучыцца хоць гэтай сваёй якасцю, але і тут чорным катом з’явілася на яго дарозе мінулае. Ужо са старту яго вярнуў камісар, сказаў, што яму ехаць нельга, бо ў яго, чырвонаармейца Пшанічнага, не ўсё ў парадку з біяграфіяй.

Пасля яшчэ было многа дробных і вялікіх крыўд, якія параджаліся яго бацькоўскім мінулым, і Пшанічны скарыўся, саступіў убок, не лез болей туды, дзе былі не такія, як ён, людзі. Толькі – сам сабе, сам для сябе, наперакор усім – такі воўчы дэвіз засвоіў пакрысе Іван Пшанічны. Ён не грэбаваў нічым, калі тое трэба было – хлусіў, краў, ашукваў, да слабейшых у яго заўжды накіпала нянавісць, дужэйшых ён пабойваўся і ненавідзеў. Ён разумеў, што рабіўся нягодны, нялюдскі, злы і нядобры, як бацька, але перайначыць сябе ўжо не мог і каціўся ўсё болей туды, куды гнала чалавека ягоная крыўда і злосць.

Калі пачалася вайна і нямецкія войскі хлынулі на нашыя землі, сярод вялізнага мора бяды і слёз быў адзін чалавек, які таемна радаваўся. Гэтым чалавекам быў баец запаснога батальёна Іван Пшанічны, які затым стаў франтавіком і сёння вось займеў канчатковы намер здацца ў палон.

 

5

 

К ночы вецер памалу сціхаў, але затое аднекуль з шумлівай цемрадзі пачаў накрапваць дождж. Адразу намоклі аблавухія пілоткі на галовах байцоў, пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Свежа раскапаная зямля хутка бралася граззю і наліпала да чаравікаў.

Поўныя маўклівай невясёласці, байцы зноў уляглі ў працу. Болей вобмацкам, чым што-небудзь бачачы, яны скраблі ў цемры лапаткамі – капалі траншэю, каб злучыць ёю ўсе стралковыя ячэйкі. Тая трывога, што нечакана ўзгарэлася ў іх ад нядаўняй перастрэлкі ў тыле, спакваля сціхала, наткнуўшыся на суровую непахіснасць старшыновай упэўненасці ў сваю сілу і ўдачу. Карпенка, здаецца, быў спакойны, ранейшы, хіба толькі меней пакрыкваў на людзей і трохі прымоўкуначы. Але іншыя таксама працавалі моўчкі, болей слухалі – ці мала чаго магла прынесці гэтая франтавая непагодная ноч?

Напрацаваўшыся і аддаўшы лапатку Аўсееву, старшына прысеў на бруствер і сцішыўся. Чым болей мінала часу з моманту іхняй ростані са сваім батальёнам, тым усё шчыльней агарталі яго клопаты-думкі. За дзень яны адарваліся ад ворага, знясілены бамбёжкамі полк спяшаўся адступіць за лес, акапацца, наладзіць абарону і як-небудзь утрымацца на лясным рубяжы. Дарогу – подступ да гэтай абароны – камбат загадаў абараняць суткі. Ноч стаіць вось ціхая, а хто ведае, які будзе заўтрашні дзень? Ці немцы пойдуць дзе іншым шляхам, ці наваляцца на гэтую дарогу, і тады, вядома, ім, шасцярым, прыйдзецца сербануць гора. Гэтая думка ўвесь час грызла старшынова нутро, пакуль ён памагаў Аўсееву капаць ці сядзеў, услухоўваючыся ў гукі ночы. З выгляду спакойны і заўжды ўпэўнены ў сваіх учынках, Карпенка на самай справе быў не такі. Але за працяглы час камандзірства ён засвоіў сабе правіла: усё няпэўнае хаваць у сабе, а напаказ выстаўляць толькі скамянелую ўпэўненасць і непахісную цвёрдасць волі. «Твая праўда ці не, а сказаў – трымай сваё», – так некалі вучыў яго старшына звыштэрміновай службы Бровараў, і Карпенка на ўсё жыццё запомніў мудрыя словы старога служакі.

Дождж усё капаў і капаў рэдкімі дробнымі кроплямі, ад якіх макрэў твар, і па скронях, сцякаючы да шыі, непрыемна каціліся халодныя струмені. Старшына ўстаў з бруствера і агледзеўся, дбаючы пра асцярогу, забывацца аб якой ім тут не выпадала. Усе капалі. Побач Свіст і Аўсееў, з таго боку старожкі – чутна было – варушыўся Глечык, а так з усіх бакоў абкладвалі зямлю глухая ноч, непагадзь, халадэча і цьмяная, як даўні забыты клопат, неўразумелая трывога.

Нічога не ўчуўшы, Карпенка ўзяў з бруствера свой мокры «ручнік» і, каб засцерагчы яго ад дажджу, паставіў пад сцяну старожкі. Пасля ён туды ж перанёс дзве скрынкі патронаў і спыніўся ля гразкай зямлі над траншэяй, дзе, сапучы і пакрэктваючы, варушыўся Аўсееў. Баец пачуў старшыну і, не разгінаючыся і ўсё дзеўбучы лапаткай, паскардзіўся:

– Сізіфава праца – дзяўбеш, дзяўбеш і ніякага следу.

– Дрэнна дзяўбеш, значыць, – думаючы аб іншым, сказаў Карпенка.

Аўсееў кінуў у цёмную яму лапатку і выпрастаўся.

– А наогул на якога д’ябла ўсё гэта? Полк адышоў, а намі прыкрыўся? Як гэта называецца?

Ён быў змораны, цяжка дыхаў і гаварыў з даўно набалелай злосцю.

– Гэта называецца: выставіць заслон, – спакойна адказаў старшына.

– Ага, заслон? А чым канчаецца такі заслон, табе, камандзір, вядома?

– На што ты намякаеш? Га? – зазлаваў Карпенка.

Аўсееў заварушыўся ў траншэі, шпурнуў у цемру груду і сказаў тонам, які гаварыў: дарэмна спрачацца аб тым, што і так зразумела:

– Што намякаць! Ты і сам ведаеш: смертнікі мы, вось хто!

– Ведаеш што, Аўсееў? – памаўчаўшы, зацята сказаў старшына. – Ты думай, што хочаш, але балбатаць не смей! Чуеш?

Ён не хацеў болей размаўляць з гэтым байцом, які дужа хутка здагадваўся аб усім, чаго лепей было б не ведаць яму, і пайшоў прэч. Боты коўзаліся па размоклых камяках зямлі, зморанае цела вярэдзілі зябкія дрыжыкі. У чорным наваколлі спорна шумеў дождж, бубніў на даху старожкі аб нейкі кавалак бляхі.

Старшыне было непрыемна, што яго затоеныя ад самога сябе здагадкі і падазрэнні так лёгка разгадаў гэты хітраваты, башкавіты баец. За колькі дзён службы з ім Карпенка так і не ведаў, які на самай справе гэты Аўсееў і як яму, камандзіру, ставіцца да яго. Было б гэта ў мірны час, дык, бадай, з Аўсеева выйшаў бы неблагі баец – такі на палітзанятках атрымліваў бы адны пяцёркі, лепей за многіх упраўляўся б з фізо, ды і наконт іншых навук таксама шмат каму давялося б пазайздросціць яму. Але цяпер, у ліхі час вайны, Аўсееў сваёй хітрасцю, празмернай здагадлівасцю і кемнасцю наконт розных ходаў-выхадаў не падабаўся старшыне. Праўда, прамых прычын для абурэння яшчэ не было, і таму не было цвёрдай упэўненасці ў справядлівасці свайго пачуцця.

– От добра, – задаволена сказаў Карпенка, падыходзячы да Глечыкавай пазіцыі.

У цемры ночы невыразна чарнеў высокай хрыбцінай ладны бруствер, які накапаў гэты баец, а недзе ў цёмнай глыбіні траншэі ўсё шоргалі і шоргалі з лапаткі новыя камякі сырой зямлі.

Карпенка памаўчаў, задаволены стараннем маладога байца, хацеў пахваліць яго, але стрымаўся. Такія паслухмяныя, як Глечык, у мірны час пры пэўных здольнасцях таксама бываюць добрымі чырвонаармейцамі, дысцыпліны яны не псуюць, за іх учынкі да начальства не выклічуць. Але які ён будзе заўтра, гэты ціхманы, пакорлівы Глечык? Пэўна, уткне голаў у кут сваёй траншэі і будзе дрыжаць, пакуль наўкола адгрыміць бойка, а мо і горш? Самае цяжкае ў такім выпадку, як старшына ведаў па сабе, гэта – пачатак. Перажыць яго, вытрымаць, а там пачне ўжо гартавацца сапраўдны баец.

– Ты скуль, Глечык? – запытаў Карпенка, стоячы над траншэяй.

– Я? З Беларусі. Бешанковіцкага раёна, калі чулі, – сціпла адказаў баец.

– А як жа ты тут апынуўся, у Расіі?

– Уцёк. Быў у Віцебску, у ФЗН вучыўся, а як немцы падышлі, уцёк. У Смаленску пайшоў у ваенкамат – прынялі ў армію.

– Добраахвотнік, значыць? – знарок здзівіўся старшына.

– Ды не. Мой год пачалі ўжо прызываць. Якраз у той дзень у ваенкамат загад прыйшоў – браць дваццаць трэці год.

– Дык колькі ж табе?

– Ну лічыце – з дваццаць трэцяга года, ужо васемнаццаць.

– Так, небагата, – задуменна зазначыў Карпенка. – А чаго гэта ты адзін капаеш? Дзе Пшанічны?

– Ды ладна, я і адзін спраўлюся, – сціпла адказаў з цемры Глечык.

– Пшанічны! – паклікаў старшына. – Давай памагай. Што на аднаго хлопца наваліў гэтулькі капаніны?

Недзе побач, не дужа паспешна вылазячы з ячэйкі, заварушыўся ў быльнягу Пшанічны, адарваны ад сваіх затоеных думак. Гэты раз ён не пярэчыў, паслухмяна ўскочыў у Глечыкаву траншэю і ўзяў з яго рук лапатку.

А дождж усё спарнеў. Цяжэйшы рабіўся на плячах шынель, боты чвякалі ў набрынялым вільгаццю доле. Ад чыгункі старшыну клікнуў Свіст – Карпенка падышоў да яго.

– Прымай работу. Усё, – абвясціў баец.

Старшына ўлез у траншэю, прайшоў крокаў колькі, у адным месцы яна была да пояса – не болей.

– Давай глыбей, так не пойдзе.

Віцька Свіст мудрагеліста вылаяўся, пастаяў, аддыхаўся і, заўзята папляваўшы на далоні, зноў пачаў працу.

 

6

 

Ужо, відаць, пад поўнач выгнутая дугой траншэя сяк-так злучыла пяць стралковых ячэек. Не ўсюды яна была патрэбнай глыбіні – на дзялянцы Пшанічнага, якому разам з Глечыкам выпаў яшчэ і Фішараў участак, яна даходзіла не болей чым да калена. А пра зграбнасць ужо не было чаго і казаць – выйшла яна крывая і нягладкая – вядома, начная работа, ды на гэта цяпер не дужа зважалі ні байцы, ні іх камандзір.

Яны ўсе вельмі намоклі, і апоўначы Свіст, першы скончыўшы сваю працу, зайшоў у старожку, затуліў нейкім рыззём абодва акенцы і ўзяўся распальваць у грубцы. Старшыне, які прыйшоў туды следам, гэтае самаўпраўства не вельмі падабалася, але ён усё ж не пярэчыў ні Свісту, ні Аўсееву, калі той неўзабаве далучыўся да гэтага занятку. Карпенка разумеў, што як-ніяк, а людзям трэба адпачыць да ранку, бо заўтра чакае іх нямала іншага клопату і іншай, куды больш цяжкай справы.

Так спакваля ў гэтую пакінутую людзьмі будыніну сышліся яны ўсе пяцёра. У расчыненай грубцы весела гарэлі хвойныя сухія шчэпкі, і дбайны Свіст усё нешта трушчыў на падлозе сваёй незаменнай пехацінскай лапаткай.

Утульнасці тут было небагата: дзьмула з вокнаў, дым не хацеў ісці ў комін і, расплываючыся пад нізкай столлю, выядаў людзям вочы, але ўсё гэта здалося ім раем пасля той непагадзі, ад якой яны схаваліся сюды. Галоўнае – тут было суха, макрата і холад засталіся з таго боку дзвярэй і напаміналі аб сабе толькі невыразным шорхатам ветру і лёскатам дажджавых кропель па даху.

Карпенка прылёг на тапчане, выцягнуў аблепленыя гразёй ногі. Цела адразу адолела салодкая знямога, так і карцела заплюшчыць вочы і сцішыцца, задрамаць колькі хвілін.

Каля грубкі, бы зачараваныя, уставіліся на мігатлівы агонь Аўсееў і Свіст, у прыцемках ля парога, крэкчучы і сапучы, пераабуваўся Пшанічны. Ззаду за ўсімі прыткнулася цьмяная постаць Глечыка.

– Эх, ярына зялёная, думаю, калі і дзіўлюся, як гэта бязладна чалавек зроблен, – разважна казаў Віцька Свіст, калупаючы трэскай у прыску. – Калі ёсць многа, дык хочацца яшчэ больш. А калі няма нічога, дык якая драбніца – мара. Надоечы пад Шчарбакамі, калі нас пласталі танкі, я толькі і марыў, каб сцямнела хутчэй. Здавалася, усё аддаў бы за адну хвіліну цемры. А цяпер вось і немца няма, і танкаў не чуваць, дык хочацца яшчэ і цяпла і сухога месца. Дзіўна...

– Адкрыў Амерыку, – буркнуў Аўсееў. – Яшчэ Шэкспір пісаў: «Каня, каня! Паўцарства за каня!» Разумееш? За аднаго каня.

Ён ашчаперыў калені белымі пальцамі і сядзеў так, пазіраючы ў грубку, – змораны, раздражнены і невясёлы.

– А што гэта немец сёння: згубіўся ці заблудзіў? Не чуваць нешта, – накручваючы абмотку, асцярожна зазначыў Пшанічны.

Свіст злосна зірнуў на яго.

– Гэ, чакай, заблудзіць ён табе. Прыйдзе ранак – пачуеш. – Ён яшчэ папароў трэскай у печы і раптам ускрыкнуў: – Хлопцы! Ідэя! Давайце вячэру згатуем. А то, брат, кішка з кішкой сварыцца. Пшанічны, даставай свой кацялок!

– А што зварым?

– Ну, браце, – што ў каго ёсць. У мяне – паўпачка пшонкі.

– У мяне гарохавага канцэнтрату трохі было, – азваўся Глечык.

– Цудоўна. Давай кашаварыць на згубу фашызму, – разахвоціўся Свіст. Яго белабрысы танкагубы твар поўніўся захапленнем ад новае справы. – Мурло, нясі вады, ды чыстай набяры, як з-пад крана.

– Дзе яе набярэш цяпер чыстай? Усюды гразь.

– Эх, дзівак, ярына зялёная. Пад дах падстаў. Забыўся, як баба начоўкі налівала, а ты салдацкага кацялка не набярэш?

Пшанічнаму не хацелася зварушвацца з месца, але не было ахвоты і заводзіцца з гэтым Свістам, і ён нязграбна ўзняўся з падлогі, завязаў сваю тарбіну і выйшаў. Як толькі за ім зачыніліся дзверы, Віцька ўраз падхапіў гэты напакаваны мяшок і спрытна запусціў туды руку.

– Так, папружку камандзірскую на канец вайны Мурло прыпасае, нейкая банка, новая кашуля, сухія анучкі – на, салага, на падмену трымай. – Ён тыцнуў Глечыку пару ануч і зноў расхінуў торбу. – Ага, вось ён, акрайчык, так, так... цукру драбок... о, братва, сала! Ура Пшанічнаму, от малайчына, не ўсё з’еў. Каша будзе з салам.

Ён хуценька завязаў лямкі гэтай тарбіны і шпурнуў яе ў кут.

– Слухай, Свіст, нядобра робіш, – сказаў з тапчана Карпенка. – Трэба спытацца.

– Ого, спытацца! Скулу ты з яго возьмеш: скнара.

Неўзабаве прыйшоў з вадой Пшанічны, падаў кацялок Свісту і ціха сеў на сваё месца ў куце. Свіст, міргнуўшы белымі вейкамі, хітравата паглядзеў на яго.

– Братачка Пшанічны, ці няма ў цябе якога куса да агульнай кучы?

Пшанічны моўчкі пакруціў галавой. Свіст зноў падміргнуў сябрам.

– Ну, што ж... Абыдземся грэчка-аўсянай сумессю.

Хутка кацялок з вадой, уціснены ў грубку, зашыпеў на вуголлях, а Свіст на разасланай пале шыняля пачаў церці ўсохлыя кавалкі канцэнтрату. Аўсееў паныла глядзеў у агонь, спаважна туліўся за спіной Свіста Глечык, і ў куце невыразна варушылася шырокае аблічча Пшанічнага. Старшына, падпёршы голаў рукою, ляжаў на баку, пазіраў на свой малалікі ўзвод і думаў. Хто ведае, як ім пашанцуе заўтра справіцца з той задачай, дзеля якой іх пакінулі тут? Ці хопіць у іх сілы і ўмельства, ці ўсе адолеюць страх, каму суджана будзе датрываць да канца? Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару, першых, што трапіліся камбату, а гэта, на яго думку, было няправільна. Старшыне не падабалася сённяшняя надзьмутасць Аўсеева, няшмат чаго здатнага чакаў ён ад Глечыка, ведаў, што заўтра трэба будзе яго, камандзірскі, нагляд за ўсім і за ўсімі. Яму даспадобы быў Свіст, ён нядрэнна паводзіў сябе за гэтыя тыдні адступлення, але хто яго ведае?.. Чалавек сядзеў у турме, і хоць з выгляду вясёлы і свойскі, але невядома, што ён носіць у сабе.

Яшчэ думалася пра Фішара. На момант старшыне чамусьці стала шкада таго вучонага, разумнага чалавека, не прызвычаенага да нягод ваеннага жыцця, слабага і кволага. Як яны ад батальёна, так і Фішар ад узвода падстаўлены цяпер пад першы ўдар, ад якога, хто ведае, ці будзе які паратунак. Думалася, каб ён хоць не заснуў там пад ранак, бо тады можа здарыцца ліха, ад якога і ім не ўратавацца. Пра сябе Карпенка дбаў не надта, ён сам для сябе быў зразумелы і просты і без ніякіх сумненняў ці ваганняў ведаў, што калі панадзеяліся на яго камбат і камандзір палка, дык ён спраўдзіць тыя надзеі. Можа, заб’юць яго, можа, параняць, але калі застанецца цэлы, дык ён зробіць усё, што ад яго патрабуецца.

Гудзела, пырскала іскрамі грубка, за сцяной недзе цурчала з даху вада, шумеў у завуголлі вецер, і вельмі хацелася спаць. Але старшына напружаннем волі адганяў дрымоту і ляжаў. Байцы сядзелі на падлозе і пільна глядзелі за кацялком у грубцы.

– Так, так... Уліплі мы на гэтым чортавым пераездзе, – тужліва сказаў Аўсееў, кладучы падбародак на скурчаныя калені. – Гэта ўжо аксіёма.

Яму ніхто не азваўся – ні запярэчыў, ні падтрымаў тых невясёлых думак, толькі Глечык уздыхнуў у цішыні ды Пшанічны гучна высмаркаўся.

– Аўсееў, – глухаватым, але рашучым голасам пасля паўзы сказаў Карпенка, – бяры вінтоўку – і на варту.

Аўсееў крута павярнуўся на падлозе.

– А чаго я? Што я, горшы за ўсіх?

– Без размоў.

– Давай, давай, паніч, – загаварыў Свіст. – Не бойся, кашы не празяваеш. Пакінем, клянуся салёным агурком з хвастом асяледца.

Аўсееў пасядзеў яшчэ, пасля нетаропка зашпіліўся і неахвотна выйшаў, мацней чым трэба прыстукнуўшы дзвярыма.

Каша выдалася надзіва смачная. Свіст неўзаметку паклаў на спод кацялка выцягнутае ў Пшанічнага сала, ад чаго ўсё гэта несалёнае месіва атрымалася вельмі тлустае і наварыстае. Елі ўсе разам, з адной пасудзіны, згодна шкрэбаючы драўлянымі і алюмініевымі лыжкамі, а Свіст – нават трафейным відэльцам на тронку лыжкі. Калі ўжо на сподзе засталося нямнога, Карпенка аблізаў лыжку і сказаў:

– Годзе. Рэшта Аўсееву і Фішару...

– Ну, братка Мурло, як кашка? – хітравата спытаў Свіст.

– А нішто. З галадухі сама ў роце растае, – задаволена сказаў Пшанічны. На яго мардаты, з тлустымі вуснамі твар лягла ленаватая сытасць.

– За гэта дзякуй самому сабе. Добрае ў цябе было сальца.

Пшанічны здзіўлена залыпаў вачыма, здагадаўся і адразу ўхапіўся за торбу.

– Зладзюга ты, Свіст, вось хто, – злосна кінуў ён з цемры, мацаючы свой напакаваны мяшок. – За такія ўчынкі табе трэба морду біць, блатняга.

– Для твайго ж бруха, дзівак, – жартаваў Свіст. – А то кокнулі б цябе заўтра, галоднага, і які-небудзь Ганс пакроіў бы тваё сала тоненькімі скрылікамі на свой бутэрброд. А так вось і жысць павесялела, бы сто грамаў прапусціў.

Пшанічны яшчэ бурчаў нешта ў сваім куце, а размораны сытасцю Свіст соладка разлёгся на падлозе, раскінуўшы крываватыя ногі.

– Ну вось і цудоўна, – казаў ён, пагладжваючы свій жывот. – Даўно такой асалоды не меў. Хіба тады, як з лагера выйшаў, от.

– Слухай, Свіст, а завошта ты ў лагер трапіў? – спытаў Карпенка, скручваючы цыгарку.

Ён зноў размясціўся на тапчане, таксама падабрэў ад цяпла і ежы і стаў па-хатняму просты, свойскі, прыязны – такі, як і ўсе.

– Ат, доўгая гісторыя. Гісторыя з геаграфіяй. Была справа, ага.

– Можа, нізавошта?

– Не скажу, – адразу пасур’ёзнеўшы і нешта ўспамінаючы, сказаў Свіст. – Было за што. Маглі б і болей прыпаяць, адбрыкаўся двума гадамі. Магу расказаць, калі цікавіць.

Ён памаўчаў, пазіраючы ў задымленую столь, услухаўся ў гукі непагоды знадворку, пасля ўздыхнуў і пашураваў у грубцы. Там нешта стрэльнула ў прыску, ярчэй загарэліся дровы, асвяціўшы насупленага ў куце Пшанічнага, цікаўны кірпаты твар Глечыка і задуменныя твары астатніх байцоў.

 

7

 

– Дурны я чалавек... вось. Шалёны, безгаловы... – казаў Свіст. – Наогул абармот. Толькі цяпер зразумеў гэта. Як кажуць, не вошы мяне заелі, а маладосць загубіла. Жыў у Саратаве, на Манастырцы. Любата гарадок, скажу вам, першы сорт – Саратаў... так... – Ён памаўчаў, летуценна прыпамінаючы штось і ўсё пазіраючы ў грубку– Чатыры гады ўжо як не быў, душа занылася. Так... Дык вось, вучыўся троху. Вучыцца не любіў. Ды і з дысцыплінай не ладзілася. Матка, бывала, ходзіць, ходзіць у школу па выкліках, лупіць мяне, а толку мала... А наогул мала біла. Трэба было б болей, тады, можа, і чалавек выйшаў бы, а так – аскалёпак.

Падрос крыху, зашыўся ў кампанію – дружкі-мілушкі, ярына зялёная. А ўсё ж ладны быў час. Раздолле, асабліва ўлетку. Маці на працы (на падшыпнікавым заводзе рабіла), а я – бы ў раі. Па могілках у вайну гуляем – дарэчы, там у нас Чарнышэўскі, пісьменнік, пахаваны, – дзелавіта паведаміў Свіст, паварочваючыся да Карпенкі. – Такі помнік вялізны, як будан, стаіць. Дык вось – на могілках, на Лысай гары, у сасняку, а калі вырвемся і на Волгу. От, браце, шчасце, ярына зялёная, сто чарцей і бочка рому. Ніхто там не бачыў Волгі? Не? О, гэта ёсць на што паглядзець. Шыр, прастор, вада, сонца, неба і, каб вы ведалі, райскі куток – Зялёны востраў насярэдзіне. Схопім чыю лодку, перабяромся туды і – забаў на два дні. Маці шукае – і ў міліцыі, і ў калоніі, і ў турме, а мы на востраве кінжалы выстружам і разбойнікаў строім.

Пасля пайшоў працаваць. – Віцька ўздыхнуў, запхнуў у грубку канец нейкай дошкі, заклапочана пашураваў там шчэпкай. – Спачатку Рыгор Сымонавіч, сусед наш, мяне да такарнай справы прыладзіў. Працаваў на тым жа падшыпнікавым, утулкі рабіў. Спярша нішто, а пасля абрыдлі – гарчэй за рэдзьку. Уранку – утулкі, увечары – утулкі, учора – утулкі і заўтра – утулкі, зімой і летам – адны ўтулкі. Ужо гэтыя кольцы ды дзіркі сніцца ўначы пачалі – атрута! З нуды да гарэлкі прыладзіўся. Выпіваў. Неяк у піўной пазнаёміўся з адным чалавекам – Фраловым звалі, каб яму дышла ў пуза! Так лоўка да мяне пад’ехаў, і так і сяк, гляджу – мілы чалавек. I грошай не шкадуе. Пілі. Спрытна ён мне жытуху атруціў, і не прыкмеціў, як ачмурыў дурня. Ты, кажа, свой хлопец, нашто табе мазоль натруджваць? Хочаш уладжу, работка – лахва. I што ж? Уладзіў прадаўцом у хлебны магазін. Працую месяц, другі. Не скажу, каб вельмі падабалася. Праўда, наеты (а тады галаднавата было на Волзе), а так амаль як і на падшыпнікавым – нудная праца, знай, рэж кілаграмы. Пяць тон сёння, пяць тон заўтра. Не глядзі, што хлеб, а нарэжашся за дзень, дык горш, чым на заводзе, зняможаш.

Хацеў ужо драла даць з гэтага шчасця, ды аднойчы з’явіўся гэты Фралоў. Кажа, прыходзь у «Паплавок», справа будзе. Прыходжу. Сядзяць у куце пад пальмай – мой Фралоў і яшчэ адзін, дзядзькам Агеем звалі. Што, думаю, за справа? Выпілі, закусілі, нічога не кажуць, яшчэ выпілі, закусілі – маўчаць. Яшчэ і яшчэ. А пасля Агей і кажа: так і так, маўляў, падкінем пару пудзікаў звыш накладной – прадасі? Прадам, кажу, не залежыцца: тавар ходкі. Ну вось, парадачак, хлопец свойскі, цешыцца Агей. А мне з п’янкі і не ўпрыцям, што гэта – першы мой крок быў чорту ў зубы. Добра на душы, смеласць так і прэ, дагадзіць хочацца людзям – вось і згадзіўся. А не ведаў таго, ярына зялёная, што сёння – пару пудоў, а заўтра – дзесятак, а пасля – тонамі падкідваць мне хлябец будуць. Прыйдзе машына, пачнуць згружаць – гэты самы Агей і яшчэ адзін, гляджу на вазе – дзве тоны. А накладную даюць на паўтары. Астатняе – наша. Грошы лішкі – усё ім аддаваў. А яны дзяліліся. Спачатку скрабло ў мяне на сэрцы, думаю – да дабра не дойдзе. Але пасля грошы тыя збілі з панталыку – павалілі кучай. Не прывык столькі мець, што рабіць з імі? Не прап’еш: паўлітэрка шэсць рублёў, і толькі.

– Ну, гэта ты брэшаш, – уставіў Пшанічны. – З грашмі яшчэ ніхто не меў клопату.

– Не меў? – з’едліва перапытаў Свіст. – Што ты разумееш, Мурло, душа капеечная...

– Ладна, годзе вам. Давай далей, – абарваў сварку Карпенка.

– Ага. Ну, тут разгарэлася мая фантазія, захапіўся я фота. Купіў апарат, усякія да яго прычындалы, пачаў псаваць паперу і пласцінкі. Знімаў. I на Волзе, і на Зялёным востраве, і ў парку. Налаўчыўся з часам – нішто выходзіла. Падумаў быў – ці не паступіць мне ў фотаарцель? Сказаў аднойчы Фралову – той толькі зубамі заскрыпеў. Спрабуй, кажа.

Так, жыву далей. Абрыдла фота, купіў байдарку і ўвечары, у выхадныя – на Волзе. О, гэта я любіў. Відаць, душа такая: заўсёды на прастор лезе. Фралоў з Агеем таксама калі прыходзілі, катаў. Пасля прадаў байдарку, купіў маторку. Зноў Зялёны востраў, ды ўжо – не разбойнікі, а жулікі і не гульня, а на самай справе. П’ём, рыбу ловім. Туды ж адзін раз прывезлі яны Лёльку. Дзеўка, брат, такая, ярына зялёная, во! Пальчыкі абліжаш. Агнявая, баявая, вясёлая, і захмялела мая галава ў адзін вечар – і гарэлкі не трэба. Купаліся, пілі, і там, у кустах, налаўчыўся я, згроб яе і пацалаваў. Думаў, у морду ляпне, а яна куды там – абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны, і дух мне заняло, быццам у якую прорву рынуў.

Закруціла мяне любоў з гэтай Лёлькай, месца сабе не знайду. Кажу, давай пажэнімся, жыць будзем па чэсці, а яна толькі смяецца. Ходзіць да мяне на спатканні, цалуецца, але ўсё тайком, каб Фралоў не ведаў. Што ты, кажу, малая ці ён – бацька твой, чаго баішся? Нельга, кажа, каб ведаў, і ўсё. Не ведаю, чым бы гэта скончылася, каб аднойчы такая гісторыя не сталася.

У нейкае свята дамовіліся сустрэцца, прыходжу, а яна стаіць ля танцпляцоўкі ў парку з гэтым самым Фраловым. Пачуў я нядобрае, але падышоў, а Фралоў бярэ мяне за локаць і выводзіць на бакавую алейку. Думаю, нешта будзе, а ён гэтак мне кажа: кінь Лёльку, не чапай – не твая. Лютасць ва мне забушавала. А чыя, кажу, мо твая? Мая, кажа, і вочы, як у воўка, гараць, а рука ў кішэні нешта намацвае. Ну, я не зважыў на гэта, злаўчыўся ды ладна яму садануў у скулу. Распачалі мы бойку, парнуў ён мяне фінкаром у лапатку, але і я кулака адважыў. Пазбягаліся людзі, закрычала Лёлька, ну, нас і ўзялі. Прывялі ў аддзяленне – пратакол і так далей. Гляджу – гэты сабака чужое нейкае прозвішча падстаўляе за сябе і дакумент у яго адпаведны ў кішэні. Узбунтавалася ва мне кроў – ах ты, гад, думаю, зноў некім засланіцца хоча. Вядзі, кажу канвою, да галоўнага. Паклікалі начальніка, узяў я і расказаў усё – і пра хлеб, і пра Агея, і пра нашы шахер-махеры. Нічога не ўтаіў – утаіў толькі Лёльку. Чула маё сэрца, што і яна не так сабе, таксама ў гэтым кодле, а назваць не мог. Не назваў...

Свіст чагосьці прымоўк, задумаўся, загледзеўшыся ў грубку. Наўкола, чакаючы, сядзелі таварышы. Карпенка, падпёршы голаў рукою, ляжаў на тапчане і таксама чакаў. Свіст яшчэ памаўчаў, пагладжваючы гарачыя калені і, відаць, нанова перажываючы колішнюю сваю бяду.

– Пасадзілі нас у КПЗ, пачалі следства. Да мяне няблага адносіліся ўсе – і міліцэйскія, і турэмшчыкі, і следчыя, а тут аднойчы заўважаю: нешта перамянілася, падазрона гэтак паглядваюць і ўсё ловяць на чымсьці. У чым справа, пытаю, я ўсё вам па шчырасці. А ці ўсё, кажа адзін чорны такі, каўказскі на выгляд чалавек. А чаму пра Злотнікаву маўчыш? Якую Злотнікаву? Пра Лёльку, адказвае і гэтак углядаецца, бы праз вочы ў нутро хоча зазірнуць. Аказваецца, гэты гад Фралоў ужо выдаў яе.

Ну і вот, судзілі. Цэлую шайку. Як глянуў я на судзе, дык аж спалохаўся. Ярына зялёная, аказваецца, я толькі кончык ніткі падаў, а ўвесь клубок разматалі без мяне. Чалавек дваццаць розных зладзюг. I Лёлька. Цяжка мне было, паверыце, бачыць яе там. За сябе не так крыўдна, як за яе. А яна ў вочы мне не глядзіць, не размаўляе. Няўжо, думаю, мяне даносчыкам лічыць? Маўклівасць гэтая мне душу выварочвае, карціць загаварыць, а нельга.

Ну, далі каму колькі. Фралову – 10, Лёльцы – З, мне – 5. Пасля папаўзла жысць турэмная, лагерная. У Сібіры лес пілаваў. Піхта, елка. Снег да зада, сопкі, мароз. Дым ад кастроў аж цяпер уначы калі чую – сніцца ўсё. Усё, здаецца, ім прасмярдзела. Тралявалі ў распадак. Пайкі хлеба, баланда, нормы. Люд розны. Каторыя нішто, душэўныя, каторыя – сволачы. Ахова таксама. Трудна было. Пасля прывык. З залікамі адбыў два гады. Выпусцілі. Куды падацца? Кажуць бывалыя: на захад не ткніся: цяпер ты з блямбай на векі вечныя. Там ты – як воўк у аблаву. Усе атукаць будуць – судзімы. Гайда на ўсход. Паверыў, падаўся на ўсход. На Сахалін прыбіўся, парабіў у шахтах – не спадабалася. Успомніў Волгу – пайшоў матросам на сейнер. Крабаў у Татарскім праліве лавілі, селядцы, у пуціну – ласосяў. Трудная жытуха, марская, а прывык – нішто. Мора, яно прываблівае – і муштруе, і не адпускае, як капрызная каханка. Часам дапячэ за шторм, свет белы праклянеш, а сціхне, улагодзіцца – лепшага і не трэба: прастор, вецер – мілая душа, ярына зялёная.

I тут – вайна. Ага, забыўся вам расказаць. Быў яшчэ ў маім жыцці чалавек, любіў я яго, паважаў. Няшмат каго паважаў, а яго паважаў, гэта па шчырасці. Уладзімір Кузняцоў. Лётчыкам быў. Капітан. Яшчэ, помню, я малым падшывальцам на Манастырцы ў сады лазіў, а ён прыязджаў у водпуск – у шызай гімнасцёрцы, жоўтых рамянях і фуражцы з залатым крабам. Але асабліва нам падабаліся яго значкі на грудзях – памятаю – варашылаўскі стралок, ПВХО, ГСО і парашутысцкі. Любілі мы, пацаны, за ім бегаць, і ён не стараніўся, дружыў з намі. Аднойчы я запіску ад яго Інцы Галашчокавай насіў – была такая ў нас прыгажушка. Ну вось, а пасля гэты самы Уладзімір знік – ні слыху ні дыху. Бацька яго Рыгор Сымонавіч – той самы, што мяне да такарства прызвычаіў, – ходзіць маўклівы, сярдзіты, маці ўсё бядуе, а дзе ён – ніхто не ведае. Але праз год ці два з’яўляецца Уладзімір Рыгоравіч. Ужо, брат, тры шпалы на пятліцах, замест значкоў – два ордэны Чырвонага Сцяга, але, ведаеш, нешта са здароўем нелады. Паранены, аказваецца, быў, і думаеш дзе? У Іспаніі. З франчукамі ваяваў, за рэспубліку. Пасля ён сам мне гэта па сакрэту расказваў. Звольнілі яго са службы з-за той раны, і пачаў ён чарнець ад нейкага гора, як той кацялок ад сажы. Стаў сумны, маўклівы і ўсё адзін. А ўбачыць калі самалёт над горадам, дык, паверыце, зажмурыць вочы, пазірае, пазірае – той ужо схаваецца дзе ці пасадку зробіць, а ён усё стаіць і ўзіраецца. А на вачах слёзы. От, брат, гора было чалавеку! Калі я спутаўся з гэтай чортавай фралоўскай кампаніяй, ён штосьці заўважыў, – вядома, па суседству нядоўга што ўтоіш – і ўсё казаў мне: кінь ты, Віцька, не тое робіш. Ну, а я не паслухаў. Хацеў і не мог. Ну, а любіў яго вельмі. I цяпер так шкадую, што не паслухаў яго, хоць, канечне, ён не ведаў усяго, а толькі здагадваўся. Але што тыя здагадкі!

I вось атрымліваю на Сахаліне пісямцо з Саратава ад пляменніцы, піша – таго ўзялі, таго прызвалі, а Кузняцова сын на другі дзень вайны сам пайшоў. Не хацелі браць у лётчыкі, бо здароўе непрыгоднае, дык ён у пяхоту выпрасіўся. Ну, думаю, карціна, ярына зялёная. Што, думаю, за гады тыя фашысты, калі ўжо такі чалавек гатовы ў пяхоце з імі біцца? Ну і вось усе мае знаёмыя, былыя дружбакі – на фронце, адзін Свіст у тыле. То быў у турме, а цяпер – у цёплым месцы на рыбфлоце. Не, думаю, я таксама чалавек, не скаціна. Падаў заяву – давайце разлік – не пушчаюць. Кажа начальнік кадраў: «Кінь, Свістуноў – усё мяне Свістуновым зваў, – кажа, кінь харахорыцца. Тут ты за мілую душу да канца вайны адседзішся, што табе перціся фашысту на ражон?» – «Ах ты, сабака, кажу, там людзі жыцця не шкадуюць, а тут – сядзі. Не ў турме ж я, адсядзеў сваё – давай грошы!»

Усё ж выбіў у іх касую і прыкаціў у Маскву. Па старой звычцы пайшоў да начальніка НКВД – так і так: былы зняволены, хачу на фронт. Памажыце.

I памаглі. Даў палкоўнік паперку, з ёй мяне – на папаўненне ў стралковую дывізію і на фронт. Пад Полацкам акружылі. Ледзьве з дружбаком адным – Алёшкам Гарэлікам – ногі вынеслі. Вось на вас наткнуліся. Узяў ваш камбат. Распытаў усё – як і што, куды і адкуль – і ўзяў.

У старожцы пацямнела, пад столлю клубіўся дым, часам залятаў у вокны вецер. Карпенка курыў, лежачы на спіне, усе маўчалі.

– Так, зазнаў ты, відаць, ліха, – сказаў старшына. – Гэта не салодка – турма. Але было за што: вінаваты, як ні круці.

Свіст неяк заварушыўся ад тых слоў, відаць было, яны блізка краналі нешта набалелае ў яго затоенай душы.

– Было за што – гэта праўда. Было. Далі пяць – згадзіўся. Далі б дзесяць – ні слова б не сказаў. Усё б адбыў. Чорт з ім: заслужыў – атрымаў па справядлівасці. Толькі, ведаеш, не хачу, каб увесь век папракалі. Што было, то мінула, трэба – яшчэ адсяджу, стрываю, толькі без біркі, без штэмпеля – чалавек я, ярына зялёная... I хоць злыдзень, безгаловы, дурны, але чую не горш за многіх – ціхенькіх, роўненькіх... Вот...

Карпенка на гэта не сказаў нічога, усе маўчалі, і чуваць было, як выў у завуголлі несціханы восеньскі вецер.

 

8

 

Выйшаўшы са старожкі, Аўсееў спыніўся і прыслухаўся. Пасля святла з грубкі, хоць і мізэрнага, у гэтай цемрадзі нічога не было відаць – адно шапаценне дажджу ды сутаргавыя парывы ветру. Байца адразу ахапіла восеньская начная няўтульнасць, цела скаланулася ад волкіх дрыжыкаў, ён наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы.

Пад чаравікамі чвякала гразь, лапацеў і лапацеў дождж па намоклай спіне, пілотцы, і невясёлае прадчуванне ўсё глыбей і глыбей караскалася ў душу байца.

Адно з двух, думаў Аўсееў, ці ўсе яны на чале з старшыной – круглыя асталопы, ці ён сам – ныцік і трус. Але трусам ён не палічыў бы сябе ніколі, бо памятаў у жыцці выпадкі, калі Алік Аўсееў наважваўся на такія ўчынкі, на якія іншыя зусім не былі здольны. Проста ён разумеў тое, чаго не хацелі або не маглі разумець ні старшына, ні Свіст, ні Глечык, ні Фішар, і гэта не на жарт трывожыла яго. Ну, вядома ж, іх пакінулі ў заслон не для таго, каб яны, пасядзеўшы спакойна суткі, маглі затым дагнаць батальён. Калі паставілі ўжо на гэтай дарозе, то, значыць, тут ёсць небяспека – пойдуць нямецкія сілы, ад якіх хоча засцерагчыся полк. Але што яны, шасцёра, могуць зрабіць той фашысцкай навале, калі з ёй чацвёрты месяц не зладзіць уся наша армія? З першага ж удару іх тут прыб’юць, як таго камара на лбе. I хто гэта надумаў такое ахвяраванне? Яўны пралік, дурная задумка, нікчэмная мера, і толькі. I гэты цвердалобы недалёкі Карпенка ўпёрся, як баран у новыя вароты, і толькі ведае: загадана – дык выконвай.

Аўсееў прайшоў разы два па ўзмежку, далёка не адыходзячыся ад старожкі, прыслухаўся і зайшоў пад страху. Калі так прыціснуцца да самай сцяны, дык трошкі можна засцерагчыся ад макраты і халоднага ветру. Адубелыя рукі самі шукаюць цяпла за пазухай і ў кішэнях, са старожкі чуецца размова, нешта там апавядае балбатун Свіст. Нейкі незразумелы ён чалавек, гэты Свіст. Сам быццам і нішто – разумны, спрытны і свету пабачыў, а ніякага крытычнага падыходу да абставін. Дзіўна нават, як ён, блатняк па натуры, можа так згодна падпарадкавацца ўсякаму начальству? Спачатку, калі ён толькі з’явіўся ў іх роце, Аўсееў хацеў пасябраваць з ім, бо болей нікога здатнага тут не было – усё нейкія нехлямяжыя дзецюкі, калгаснікі, з якімі – ні паразважыць, ні ўспомніць. Але спакваля Аўсееў пераканаўся, што гэты Свіст болей горнецца да іншых, любіць трымацца кампаніі, і Аўсееў махнуў рукой – чорт з ім.

Аўсееў у палку жыў сам па сабе, гэта было не дужа весела, але хлопец проста не бачыў паблізу нікога вартага, усё здавалася яму, што ён куды разумнейшы, вышэйшы густам, пачуццем, чым усе тыя, хто ў гэтым армейскім жыцці быў побач з ім. Многімі ён пагарджаў, на іншых, такіх, як Глечык, проста не звяртаў увагі.

Пакрысе прызвычаіўшыся да цемры, Аўсееў стаў бачыць цьмяную лінію чыгункі, невыразныя слупкі на пераездзе, чуў, як маркотна шумелі маладыя прысады. На гары, на дарозе ўсё было ціха, сапраўды, немцы чагось замарудзілі ці мо заначавалі дзе па такой непагодзе – а то было б ліха. А можа, было б лепш? Уначы – дык яшчэ здолелі б адарвацца ад ворага, схавацца ў цемры, адысці, а вось заўтра – наўрад. Заўтра будзе пагібель – гэта пэўна.

А гінуць, пражыўшы толькі дваццаць год неблагога жыцця, Аўсееў зусім не хацеў. Усё яго нутро, кожная часцінка цела нема пратэставалі супраць пагібелі і прагнулі – жыць, жыць. Да д’ябла гэта вайна, да д’ябла мукі і кроў, калі чалавеку трэба адно толькі – жыць. Гэтулькі асалод у гэтым жыцці – пазнаных і яшчэ не пазнаных, – гэтулькі радасці і шчасця, што гінуць у самым яго пачатку – злачынства ў адносінах да сябе. Гэты цвердалобы Карпенка гатовы разбіцца ў шчэпкі, каб толькі выканаць які бязглузды загад. Аўсееў жа заўсёды прывык разважаць, рэвізаваць, думаць і знаходзіць лепшае для сябе з усёй сумы магчымага.

Такія звычкі ён набыў даўно, яшчэ ў школе, калі ўразумеў, што большага часам можна дасягнуць малымі сродкамі. Ён шмат чытаў, вучыўся лёгка і сярод настаўнікаў і таварышаў лічыўся здольным, развітым вучнем. Без асаблівых турбот даваліся яму гуманітарныя навукі, матэматычныя ён таксама ведаў, але чым далей вучыўся, тым болей іх недалюбліваў. Яны патрабавалі крапатлівасці, настойлівасці, уедлівасці да дробязей, а гэта было не па нутры легкадумнай натуры Аліка. Бясконцыя хатнія заданні па алгебры, трыганаметрыі, фізіцы атручвалі яго вольны час, які патрэбны быў для спорту, асалод і забаў. I ён змовіўся з аднакласнікам Шугайлам – недалёкім перарослым вучнем, які нядрэнна спраўляўся з матэматыкай і другагоднічаў у восьмым класе з-за абсалютнай няздольнасці да моваў. Гэты Шугайла рабіў за Аліка ўсе хатнія заданні па матэматыцы, пісаў за яго кантрольныя, аблягчаў усе яго матэматычныя абавязкі. Алік дапамагаў яму на дыктантах і сачыненнях, але рабіў гэта хітра, і калі па матэматыцы адзнакі ў іх былі аднолькавыя, то па моўных работах ацэнка ў Шугайлы мала калі ўзнімалася да «4». Алік жа чацвёркі меў рэдка, ён быў выдатнік.

Бацька яго, ваенны ўрач трэцяга рангу Аўсееў, у справы юнака-сына ўмешваўся мала, ён быў поўны ўласных клопатаў, затое маці, ужо немаладая і вельмі сардэчная жанчына, даглядала адзінага свайго сынка за пяцярых бацькоў і пяцярых матак. З маленства яна бачыла ў Аліку тысячу талентаў і незвычайных здольнасцей. Варта было малому, дурэючы, крануць клавішы піяніна, як маці ўжо захаплялася і хвалілася перад бацькам, суседзямі, знаёмымі: «Ён жа цуда-дзіця – узяў акорд! О, ён будзе кампазітар!» Калі Алік пэцкаў на паперы пасліненым алоўкам якія крывулякі, маці падхоплівала тую паперку і бегла паказваць іншым – во якія здольнасці ў яе сына! Калі сынок крыўдзіў каго з малых на дварэ і на яго скардзіліся суседкі, тая, зачыніўшы дзверы, казала: «Малайчына, сынок. Не дазваляй, каб над табою бралі верх».

Падросшы, Алік пайшоў у музычную школу, няблага правучыўся там два гады, але затым кінуў. Маці вельмі пакутавала ад таго, здзіўляліся педагогі, чаму гэта ён, здольны да музыкі хлопец, раптам згубіў да яе ахвоту. Аўсееў нікому не тлумачыў нічога, але сам ведаў пэўна, што зрабіў правільна. «Лепш быць першым у Галіі, чым другім у Рыме», – вычытаў некалі Алік і зразумеў, што ў музычнай школе яму ніколі не быць першым. Першай там была Ніна Машкова, а на іншае месца для сябе Алік не мог пагадзіцца.

Праз месяц ці два Аўсееў запісаўся ў студыю выяўленчага мастацтва, купіў вялізны альбом, мядовыя акварэльныя фарбы і ўсю зіму пісаў нацюрморты. Аліку здавалася, што яго малюнкі не горшыя за працы іншых студыйцаў, але выкладчык Леанід Яўгеньевіч, старэнькі чалавек у зашмальwаванай талстоўцы, часам, спыніўшыся ля яго мальберта, wерабіў вузенькую бародку і невядома чаму пытаўся:

– Вы, Аўсееў, спорт паважаеце?

– Паважаю, – жвава паварочваючыся да яго, казаў Алік, і настаўнік згодна ківаў бародкай.

– Правільна, футбол, напрыклад, – цудоўны занятак для юнака.

Спярша Аўсееў не разумеў, а пасля здагадаўся пра тыя цьмяныя намёкі і перастаў наведваць студыю. Якраз пачыналася вясна, прыгравала сонца, на дзіцячым стадыёне да позняга вечара бухалі мячы, і Алік Аўсееў аддаўся спорту.

Пасля некалькіх трэніровак яго залічылі ў юнацкую футбольную каманду раёна, якая затым у спаборніцтвах на першынство горада заняла першае месца. Здымак каманды-пераможцы надрукавалі ў мясцовай газеце. Алік у рашаючым матчы забіў два галы і адчуў у сабе такое, быццам ён намнога пасталеў за свае 16 гадоў. Яго перасталі цікавіць аднакласнікі і нават настаўнікі, якія выказвалі да юнака-спартсмена прыкметную ўвагу. Ён убачыў, як дзяўчаты пазіралі на яго закаханымі вачыма і таварышы згаралі ад зайздрасці да яго поспехаў. Усё гэта прыемна казытала яго пачуцці, і Алік пачынаў ужо думаць, што знайшоў сваю каляіну ў жыцці, калі ў пачатку лета на іхнюю каманду пасыпаўся шэраг няўдач. Тры разы запар на адказных спаборніцтвах яны ганебна прайгралі, аднойчы Аліка вывелі з ігры за грубасць і ўрэшце замянілі другім хлопцам.

Доўга пасля таго Аўсееў самотна перажываў свае жыццёвыя няўдачы, але маці суцяшала сына, даводзячы, што ён вельмі здольны, усебакова таленавіты, трохі ленаваты, а калі пастараецца, то будзе проста геніяльны чалавек. Гэты засвоены з дзяцінства довад пакрысе супакойваў Аліка, напаўняў яго пагардай да іншых і даваў падставу глядзець на сябе як на выключнасць. Але людзі чамусьці ўпарта не хацелі заўважаць выключнасці Аўсеева і зусім не так, як таго патрабавала яго натура, ставіліся да маладога чалавека. Асабліва гэта праявілася, калі Алік Аўсееў прыехаў у Ленінград і паступіў у артылерыйскае вучылішча.

Вучачыся ў дзесятым класе, Алік зразумеў, што мастацтва – музыка, жывапіс, а таксама спорт – гэта не яго стыхія, бо там трэба фанатычныя бязлітаснасць да сябе, упартасць і праца. А ўсё тое, што даецца вялізным намаганнем, праз цяжкасці, тое – ведаў Аўсееў – перастае несці асалоду, радасць таго засмучаецца цяжарам дасягнення. Вайсковае ж вабіла яго рамантыкай быту і прыгажосцю формы. Ён любіў глядзець на чырвонаармейскі строй у час парадаў, яму падабаўся зухаваты выгляд маладых камандзіраў, апяразаных рамянямі, з сумкамі і пісталетамі на баку, любіў магутнасць баявых машын і захапляўся пазнанымі з кніг геройскімі ўчынкамі ў часе вайны. Бацька не пярэчыў супраць гэтай схільнасці юнака Аўсеева, маці ж, ва ўсім дагаджаючы сыну, саступіла са сваіх ранейшых жаданняў наконт яго бліскучай мастацкай будучыні, і за год да вайны Аўсееў стаў курсантам ваеннага вучылішча.

Але сталася так, што з першых жа дзён свайго вайсковага жыцця курсант Аўсееў адчуў расчараванне. Камандзірам аддзялення, у якое залічылі Аўсеева, назначылі мешкаватага тугадума Тодарава. Гэты няўклюдны чалавек з тупой упартасцю і асаблівым стараннем імкнуўся выканаць усё, што ад яго патрабавалася, не зважаючы ні на чые і ні на якія перавагі. Ён зусім не хацеў бачыць, што Аўсееў разумнейшы за яго і за шмат каго з курсантаў, што ён болей развіты і спрытнейшы, куды лепш выхаваны. Дарэчы, гэтага не хацелі заўважаць і старшына, і камандзір узвода – яго школілі так, як і ўсіх. I калі ён спрабаваў вылучыцца, паказаць свае веды і здольнасці, даказаць, што ён варты лепшага, тады яго не злюбілі таварышы.

Праўда, тыя нягоды хутка скончыліся. Улетку, калі пачалася вайна, яго ў ліку вялікай групы курсантаў адклікалі з вучылішча і з маршавай ротай накіравалі на фронт. Аўсееў спачатку ажно ўзрадаваўся і, па пыльных дарогах дабіраючыся да перадавой, быў поўны рашучасці на які-небудзь геройскі ўчынак, усё карцела яму паказаць людзям, на што здатны Аўсееў. Але ў першым жа баі яго аглушыла грымоццем страляніны, асляпіла страхам блізкае смерці, апаліла болем няўдачы і разгрому. «Не, – сказаў сабе Аўсееў, – гэта не для мяне» – і далей ужо толькі і дбаў, каб як уцалець.

Дагэтуль яму сяк-так шанцавала, але, здаецца, прыйшоў канец яго ўдачам. Аўсееў вельмі непакоіўся, чула яго сэрца – будзе непапраўнае ліха, і ўсё думалася, што зрабіць, каб як абмінуць пагібель.

Так, стоячы пад застрэшкам і марна думаючы, як выйсці цэлым з гэтай бяды, Аўсееў і не заўважыў, калі сціх дождж. Уначы пацішэла, перасталі ляскатаць кроплі па даху, здаецца, патроху сунімаўся і вецер. Невядома, колькі было часу, Аўсееў адчуваў млявую знямогу ва ўсім целе і, злосна падумаўшы пра тых, у старожцы, якія гэтулькі часу не змяняюць яго, адчыніў дзверы.

 

9

 

Са старожкі шуганула цяплом, дымам, кіслай парнасцю мокрых салдацкіх шынялёў. Не пераступаючы парога і трымаючы насцеж расчыненыя дзверы, Аўсееў запытаў:

– Ну што? Вы мяне зменіце сёння?

– Нешта ты хутка, – сказаў з тапчана Карпенка. – Яшчэ, мабыць, і дзвюх гадзін не мінула.

Ён нетаропка выцягнуў з кішэнькі стары «кіраўскі» гадзіннік на ланцужку, угледзеўся, павярнуўшыся да скупога святла з грубкі.

– Эге, пяць гадзін! Хутка і світанне. Ну хто? Глечык, давай ты!

Глечык з гатоўнасцю ўзняўся, але побач усхапіўся Пшанічны.

– Пастой. Я пайду. Хай адпачне Глечык. Ён капаў многа, так што...

Не чакаючы камандзіравай згоды, баец захінуў шынель і палез у дзверы. Аўсееў паставіў у кут вінтоўку і пачаў ладкавацца ля грубкі.

– Дождж сціхае, здаецца? – спытаў Карпенка.

– Сціх, – сказаў Аўсееў, выцягнуўшы да агню счырванелыя рукі.

Побач, размораны гарачынёй і падкурчыўшы пад сябе ногі, мясціўся Свіст. Ён усё, відаць, не мог адолець свайго разважлівага настрою і з раздумным спакоем у светлых вачах, утаропленых на вуголле ў печцы, казаў:

– Паглядзеў я на людзей і там, і тут, смерці нагледзеўся і думаю: эх, чалавек, чалавек, не ведаеш ты, што табе трэба. Вымуштроўваеш ты, як малое распешчанае дзіця, пакуль табе гарачы певень у зад не дзюбне. А дзюбне, тады ўраз розум дойме. Тады ты ўцяміш, як жыць трэба. Гэта я з самога сябе даўмеўся, вот, ярына зялёная.

– Яно так, – азваўся Карпенка, выцягваючы на тапчане ногі. – Але хай яна згарыць, вайна гэтая. Колькі ліха, колькі гора! Мне дык яна ўсё жыццё парушыла. Толькі на ногі ўзняўся, на сваю каляю ўзбіўся, а тут трах-трах – павяло...

– Гэта праўда, – згадзіўся Свіст. – I калі ўжо мы яго здужаем, гада? Прэ і прэ, паразіт!

– Нічога, здужаем. Да Масквы ўжо не пусцім. Гэта пэўна.

Аўсееў, грэючы мокрыя пальцы, непрыязна бліснуў на старшыну чорнымі сцюдзёнымі вачыма, у якіх былі здзек і пагарда.

– Ага. Можна падумаць, што Масква за Уралам.

– За Уралам не за Уралам, а Маскву не аддамо.

– Гэта мы ўжо чулі, – чмыхнуў Аўсееў. – А тры месяцы адступаем...

– Глупства, – жыва азваўся Свіст. – Кутузаў таксама адступаў. Тут, брат, план, можа, такі, як з французам. А што? Заманіць глыбей у лясы, балоты, акружыць і кокнуць к чортавай матары, каб ніводнага не засталося.

Карпенка курыў, пускаў у столь шырокія струмені дыму і нешта думаў. Аўсееў, нагрэўшыся, узяўся даядаць кашу, Віцька зграбаў ля печкі апошняе паліва, а Глечык, поўны ўвагі на круглявым хлапечым твары, абапёрся на руку і слухаў. Дровы ў грубцы дагаралі, зіхацела жарам куча вуголля, змрок затульваў постаці людзей, невыразна свяціліся толькі твары, рукі.

– Ах, гады, гады! Што зрабілі з Расіяй, – казаў Свіст, падбіраючы ў цемры рэшткі паліва. – Ну чакай, дабяромся – нікому літасці не будзе.

– Нашто так, – падумаўшы, заўважыў Карпенка. – Усіх не трэба пароўну мераць. Ёсць і ў немцаў людзі. Падпольшчыкі. Відаць жа, яны сваю справу робяць.

– Што, можа, пралетарскую рэвалюцыю рыхтуюць? – нявесела ўсміхнуўся Аўсееў. – Я чуў, адзін палітрук пра рэвалюцыю ў Германіі агітацыю разводзіў. Кажа, хутка нямецкі пралетарыят падымецца супраць Гітлера.

– А што? Можа, і падымецца. Што ты думаеш? Мы не ведаем, а там, мажліва, справа ідзе. Не можа ж быць, каб усе рабочыя там – за Гітлера.

– Ага, чакай, – буркнуў Аўсееў.

– Эх ты, разумнік, – зазлаваў Карпенка. – Нешта ты дужа знайка вялікі, гляджу. Усё ты знаеш, усё разумееш.

– I разумею, а што ж!

– Разумееш! Вось я пагляджу заўтра, які ты будзеш разумны.

Аўсееў змоўчаў. Стала ціха. Глечык насупіўся, Свіст разважна казаў:

– Гэта нічога, нічога. Хай! Пэўна што ліха, але няма ліха без дабра, а дабра без ліха. Перамучымся, але бяда жыць навучыць.

Заскрыпеўшы тапчаном, Карпенка павярнуўся на другі бок і заціх. Седзячы, прытуліўся да цёплай печкі прамоклы Аўсееў, на падлозе з галавой ухутаўся шынялём Свіст. Глечык падсунуўся бліжэй да грубкі і, ашчаперыўшы калені, маркотна глядзеў на рэшткі агню.

Калі зусім дагарэлі дровы, яшчэ доўга яркай чырванню зіхацела вуголле, па ім дзе-нідзе прабягалі сінявата-празрыстыя агеньчыкі, але іх усё менела, і з імі ўсё гусцеў змрок у гэтай хаціне. Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу, яна варушылася, гайдалася, усё шырэй распаўзалася ў грубцы. I ад гэтага затухання ці ад чаго іншага ўсё жаласней сціскалася ў грудзях Глечыкава сэрца, поўнае даўніх, балючых турбот.

 

10

 

За гэтую страшную пару нязмерных людскіх пакут Глечык ужо парадкам агрубеў нутром і перастаў заўважаць дробныя нягоды жыцця. Не вельмі дапякалі хлопцу маршы і акопы, сцюжа, голад, прызвычаіўся ён да патрабавальнасці камандзіраў, і толькі адно вялікае перажыванне, ніколі не сціхаючы, дзень і ноч тачыла яго душу.

Ён быў нясмелы і маўклівы хлопец, зважлівы да старэйшых і байчэйшых за яго, ніколі нікому не адкрываў сваіх пакут, усё слухаў другіх, думаючы, што ягонае гора – не гора. Праўда, ад таго не было лягчэй, і ўсё чарнела ўнутры ад непазбыўнага болю мінулага...

Эх, каб можна было спыніць час, перайначыць жыццё спачатку, «сабраць з дарог каменні тыя, што губяць сілы маладыя»! Не зрабіў бы, можа, і Глечык тае крыўды роднаму, найбліжэйшаму чалавеку – маці, крыўды, ад якой цяпер так балюча і трывожна ў яго душы.

Ціхае і прыгожае было маленства Васількі Глечыка. Цагельны завод на краі пасёлка, агромністыя старыя кар’еры з шырокімі лужынамі жоўтай вады, доўгія сушыльныя павеці і мноства цэглы – сырой, падсохлай і абпаленай. На сырой можна было напісаць сваё прозвішча, намаляваць зорку, абпал чырванеў, як медзь, быў жорсткі і звонкі. У кар’ерах пасялковыя падшывальцы лавілі ўлетку палонікаў, дурэлі, купаліся, прападалі ля вады з ранку да вечара, пакуль на абрыве не з’яўляўся Васеў бацька і не гнаў іх дадому.

Глечыкаў бацька, вядома, меў дачыненне да таго завода, ён працаваў абпальшчыкам – гаспадаром доўгай, як пячора, абпальнай гофманскай печы, якая заўжды патыхала пылам і жарам. Бацька быў добры, ніколі не лаяў Васю, у палучку прыходзіў трошкі пад хмелем, прыносіў яму цацкі і цукеркі. Маці тады хмурылася, і малы Васілька ніяк не мог зразумець, чаму яна сярдуе на бацьку, ён жа ў такія часіны быў яшчэ ласкавейшы, дабрэйшы і весялейшы, чым заўсёды.

Ну, але калі маці крыўдзілася, то і Васілька не мог адчуваць сябе шчаслівым, і ён таксама перажываў тое і трохі наракаў на бацьку. Васілька вельмі любіў маці – дужа ласкавую, прыгожую і добрую жанчыну, з якой усе людзі ў пасёлку абыходзіліся вельмі прыветна. Яна ніколі не ведала сярдзітага, грубага слова, была заўжды вясёлая, бывала, кожны, хто сустракаўся з ёю, адразу радасна і светла ўсміхаўся. I вельмі шчасліва жылося тады на гэтым заводзе. Васілька вучыўся ў школе, быў па матцы старанны, сумленны і зважлівы і да пятнаццаці год не ведаў, што такое сапраўднае гора.

Але гора здарылася – нечаканае, недарэчнае і страшнае. Аднойчы ў дажджлівы, як сёння, восеньскі вечар яны ўсе – бацька, маці, Васілька і трохгадовая Настачка – сядзелі ў пакоі за сталом і слухалі тыдзень таму назад куплены патэфон. Бацька асцярожнымі, не прывучанымі да драбніц пальцамі ўстаўляў у мембрану іголку і асцярожна апускаў яе на пласцінку. Маці слухала, аблакаціўшыся на падаконнік, – яна была вельмі прыгожая тады, нейкая летуценная і ціхая. I вось у такі час знадворку пачуўся дзікі, нечалавечы крык.

Яны ўсе здрыгануліся, бацька кінуўся да акна, затым – да дзвярэй, сунуў ногі ў боты і як быў – у адной кашулі, без шапкі – скочыў на вуліцу. Васілька таксама выбег следам і адразу за рогам ля плота ў святле недалёкага ліхтара ўбачыў страшнае. З мокрага ад дажджу, невысокага слупа электрасеткі спаўзаў уніз чалавек, іх сусед Трошкін, а на зямлі, распрастаўшыся ў гразі, ляжаў нерухомы бацька. Васілька кінуўся туды, закрычаў, выбегла маці, пазбягаліся людзі. Але ўжо нічога нельга было зрабіць ці дапамагчы – бацьку забіла токам.

У той вечар скончылася Васількава шчаслівае дзяцінства, і ён зазнаў пачатак вялікага гора. Бацьку пахавалі, маці счарнела ад пакутаў і слёз. Васілька таксама плакаў, але рабіў гэта, хаваючыся ад усіх, нечакана ён адчуў сябе мацнейшым па характары ў гэтай асірацелай сям’і і стрымліваўся як мог. Ім стала цяжка, сумна і пакутна. Ён тады скончыў сямігодку, але маці хацела, каб сын вучыўся далей, а сама пайшла на завод фармаваць чарапіцу. Зарабляла яна няшмат, грошай на ўсё не хапала, і яны ашчаджалі кожную капейку і як-кольвечы жылі. Васілька таксама зарабляў дзе мог – збіраў металалом, памагаў рамантаваць ваганеткі, грузіў на машыны цэглу. Маці патроху ачуняла ад гора, супакоілася і, калі-небудзь паклаўшы спаць Настачку, садзілася да сына і казала: «Нічога, не бядуй, сынок, як-небудзь пражывём. Усё ж нас двое, работнікаў». Поўная замілаванай пяшчоты, яна гладзіла яго па каротка астрыжаных віхрах, а Васільку было вельмі ніякавата ад той яе ласкі, і ён сарамяжліва ўхіляўся. Але ў тыя хвіліны хлопец гатовы быў на ўсялякія турботы, каб хоць трошкі аблегчыць спакучанае жыццё маці. Пасля смерці бацькі ён стаў любіць яе ўдвая болей.

Толькі маці неўзабаве павесялела сама. Неяк у пагодлівы выхадны дзень яна добра прыбралася, надзела свае белыя, некалі купленыя бацькам туфлі, узяла маленькую сумачку і пайшла, наказаўшы Васільку дагледзець Настачку і нікуды не ісці з дому. Вярнулася яна пад вечар, вясёлая, жвавая, па-ранейшаму прыгожая і ласкавая. Яна доўга і радасна забаўлялася з Настачкай, пагладзіла па галаве Васільку, але ў сынавай душы раптам узнялася да яе незразумелая, крыўдлівая варожасць. Ён тады не сказаў ёй нічога, пайшоў к кар’еру і да змяркання праседзеў на абрыве.

Праз колькі дзён тая крыўда забылася, маці была добрая, шмат працавала, увечары прыходзіла змораная і суцішаная. Але аднойчы на нейкае свята яна ўстала дужа раненька, збегала ў краму, старанна прыбрала ў пакоі, нарыхтавала посуд і сказала Васільку, што ён, калі хоча, можа пагуляць, бо да іх прыйдзе госць. Васілька адчуў нядобрае, насупіўся, гуляць не пайшоў, а, залезшы на дах хлеўчука, пачаў выглядаць таго ненавіснага госця. Госцем аказаўся Кузьмічэнкаў – бухгалтар іхняга завода, не дужа ўжо малады чалавек, які заўсёды ездзіў на веласіпедзе з прышпіленым да рамы партфелем. Васілька зноў уцёк на кар’ер і да поўначы не паказваўся дадому.

А маці ў той вечар доўга не клалася спаць: усё чакала яго. Яна, пэўна, ужо нешта згадала ў яго настроі, уздыхнула, калі ён, прыйшоўшы, моўчкі заваліўся на ложак, пасля паплакала крыху і сказала, што ён яшчэ малы і не разумее ўсяго, што трэба было б зразумець. Тады нейкая жаласць да маці коратка варухнулася ў яго душы, але зразумець яе зусім ён сапраўды не мог, а галоўнае – не хацеў.

Нешта ў ім заартачылася, ён страціў сваю былую шчырасць, пазбягаў заставацца з ёй адзін на адзін. I калі год назад маці прывяла да іх таго Кузьмічэнкава і сказала, што ён цяпер будзе іх бацькам, Васілька зразумеў, што тут яму жыць нельга.

Праз дзень ці два ён узяў сваю новую рубашку, зімовую бацькаву шапку, тры чырвонцы надоечы атрыманых ім грошай і пайшоў на станцыю. Там ён сеў у прыгарадны цягнік і прыехаў у Віцебск. У кішэні яго была пацёртая газета з аб’явай аб прыёме навучэнцаў у школы ФЗН. Так праз пару дзён Васіль Глечык узбіўся на свой хлеб і адцураўся матчынай ласкі.

Дома ён не сказаў нікому, куды паехаў, чаму і на каго пакрыўдзіўся. Маці, відаць, нямала перажыла, пакуль знайшла яго ў Віцебску, прыехала, прасіла вярнуцца, а галоўнае – не крыўдаваць, але ён маўчаў, ні слова не сказаў ёй пры сустрэчы, не адказваў на пісьмы. Калі ж пачалася вайна, ён даведаўся, што Кузьмічэнкаў пайшоў у войска, а маці з Настачкай засталіся адны. I хлопец тады завагаўся. Ён ведаў, што ён патрэбны там, што неяк трэба ратаваць маці ад той навалы, якая няспынна кацілася на ўсход, але былая крыўда не давала яшчэ забыцца на яе.

Пакуль ён разважаў і вагаўся, немцы падышлі да Віцебска, і трэба было ратавацца самому. Васілька прычапіўся на станцыі да апошняга вагона апошняга цягніка і дзе пехатой па шпалах, а дзе ў эшалонах дабрыў да Смаленска. Відаць, у людскіх нягодах вялікае буры растварылася хлопцава крыўда і засталося толькі балючае ўсведамленне ўласнай несправядлівасці да маці, якая так любіла яго.

...Глухая цемра запанавала ў старожцы, патухлі апошнія іскрынкі ў грубцы, стала халадней. Дружна саплі хлопцы, прыхрапваў старшына, а Глечык шырока раскрытымі вачыма нерухома пазіраў у змрок і нудзіўся. Заўтра можа здарыцца з ім што цяжкае, ён можа загінуць, гэта будзе першы яго бой з ворагам, але не страх смерці, не жаль да сябе дапякалі хлопца ў гэтыя апошнія хвіліны спакою.

– Маці, адзіная мая, дарагая матуля, – шаптаў у бяздонную цемру Глечык, – ці даруеш ты мне калі маё непаслушэнства, мае дураслівыя выбрыкі? Чаму я такі быў дурны, не разумеў твайго сэрца, якое хацела свайго чалавечага шчасця, навошта пакінуў цябе – родную, адзіную маю? Як ты цяпер там, у варожым палоне, адна? Што з табой зробяць крывавыя вылюдкі і хто заступіцца за цябе?..

 

11

 

Тым часам старшыне Карпенку сніўся маркотны доўгі сон.

Прыплялося яму, быццам у гэтай вось старожцы ля грубкі, на тым месцы, дзе разлёгся Віцька Свіст, сядзіць яго, Рыгора Карпенкі, бацька. Ён – строгі, заклапочаны, згорблены ад нялёгкай жытухі стары – закручвае раскудлачаны сівы вус і сіпатым старэчым голасам гаворыць камусьці:

– Вось што, сыны. Як сабе хочаце, а надзел болей дзяліць не будзем. Пакуль я жывы – не дам. Дадзяліліся – з сахой павярнуцца недзе. Ляксей хай жыве, астатнія гэць у свет – свайго хлеба шукаць.

I тут, бачыць Карпенка, з цемры выступаюць ягоныя браты – старэйшы Ляксей, кульгавы Цыпрон, сварлівы Мікіта і з гэтага боку – ён, малодшы Рыгорка. Як і некалі, гадоў пятнаццаць назад, злосны, гарласты Мікіта ў адказ на тыя бацькавы словы сарваў з галавы зашмальцаваную ад поту шапку і гэпнуў яе вобземлю.

– Ага! Любімчыку, старшанькаму – чорта яго матары! А мы што? Куды мне чацвярых блазнюкоў дзяваць? Куды? Кажы, бацька! – б’ючы сябе кулаком у расхрыстаныя грудзі, крычаў Мікіта.

Браты загулі, заварушыліся, нездаволеныя бацькам, выцягнулі жылаватыя рукі і пачалі насоўвацца на яго, гатовыя разарваць старую згорбленую постаць ля грубкі. Але бацька сядзеў спакойны, строгі, зусім не баязлівы, быццам ён ведаў нейкую сілу, якая магла абараніць. Грышка спалохаўся, што здарыцца страшнае, і, кінуўшыся да старога, засланіў яго.

Тады браты замахалі ўгары доўгімі, як абламаны шлагбаум, рукамі, растапырылі над ім кіпцюрастыя кашчавыя пальцы, прагна пацягнуліся да яго шыі.

– Ага, – шыпеў з цемры Мікітаў голас– Добра табе: ты ў армію пойдзеш, ты да камандзіра даслужышся, ты жалаванне палучыш, а мы што? Што мы-ы-ы?

Тыя кіпцюрастыя братавы пальцы ўхапілі Грышку за горла, за грудзі, за ногі і рукі, сціснулі, ён стаў задыхацца, але адбіваўся як мог. А бацька ўсё сядзеў ля грубкі і, пазіраючы на бойку, агідна хіхікаў:

– Ага, ага! Во, так яго, так, так, так...

Рыгор ірвануўся неяк, выслізнуў з гэтых кастлявых абдымкаў і кінуўся прэч.

Пасля нешта перайначылася ў сне, ён апынуўся ўжо за станковым кулямётам пад агромністым заснежаным валуном, на беразе таго безыменнага возера ў Фінляндыі, дзе сяржант Карпенка зрабіў свой першы вайсковы подзвіг. За другім такім жа каменем туліўся з «ручніком» узводны – лейтэнант Хіль. Болей у іх роце не засталося нікога, і яны трэція суткі з двух кулямётаў адбіваліся ад фінаў. Толькі цяпер, у сне, на іх чамусьці наступалі не лыжнікі асобага батальёна «Суомі», а нямецкія эсэсаўцы – яны роўным густым ланцугом хутка беглі па заснежаным лёдзе возера. Карпенка страляў і страляў, але яго кулі недзе знікалі, не робячы ворагу шкоды. Ён спахапіўся, што не паставіў на планцы прыцэл, і тады аказалася, што няма і самой планкі, што яе адбіла асколкам, а кулі з перагрэтага ствала падаюць на снезе перад самай яго пазіцыяй. Дацяты жахам трапіць у рукі немцаў, Карпенка схапіў у абедзве рукі апошнія дзве «лімонкі» і з крыкам: «За Радзіму, за Сталіна!» замахнуўся на ворагаў. I тады ён пачуў ззаду знаёмы прастуджаны голас іхняга камандзіра батальёна, які ўчора пакінуў іх тут, на гэтым пераездзе:

– А здорава ты, Карпенка, разышоўся!

Здзіўлены старшына павярнуўся з паднятымі гранатамі і чамусьці ўбачыў Аўсеева, які спакойна даядаў з кацялка згатаваную Свістам кашу і казаў:

– Ты дзівак, камандзір. Чаго так артачышся? Давай лепей есці кашку з катлетамі. Хіба не бачыш – то ж нашы.

Яшчэ болей здзівіўшыся, ён угледзеўся ў ланцуг на лёдзе і зразумеў, што гэта сапраўды ішлі нашы, чырвонаармейцы ў будзёнаўках, а Аўсееў, аблізваючы лыжку, казаў далей:

– Ну вось, камандзір, цяпер у цябе медальку і адбяруць. Нашто ў сваіх страляў?

Змучаны жахамі, ён баязліва зірнуў на свае грудзі, дзе побач са значком «Выдатнік РСЧА» заўжды вісеў яго медаль «За баявыя заслугі», і адчуў там нечую руку, што ласкава гладзіла яго. Ён узняў голаў – побач стаяла Каця – Кацярына Сымонаўна, яго маленькая маладая жонка, якая немаведама як апынулася тут. Яна гладзіла яго грудзі, роспачна чаплялася за яго шыю і плакала, плакала, як у той дзень, калі праводзіла яго ў ваенкамат – на другую, куды болей страшную вайну з немцамі.

– Дык глядзі ж, – казаў Карпенка, вялікімі рукамі абдымаючы худыя вострыя плечы Каці. – Народзіцца – беражы, шануй яго...

– Ой, родненькі, ніколі ён для цябе ўжо не родзіцца, – закінуўшы голаў, праз слёзы і енкі прыгаворвала жонка. – Загінеш ты, прападзеш, любы, харошы мой...

Гэта было нясцерпна. Апанаваны жахамі, Карпенка неяк натужыўся, каб скінуць іх, і прачнуўся.

У старожцы панаваў суцэльны сляпы змрок. Мерна соп на падлозе Свіст, недзе стрымана і роўна дыхаў Аўсееў. Карпенка спусціў з тапчана ногі. Цела застыла ад холаду, які ўжо запанаваў у гэтай дзіравай будыніне, і старшына зябка захінуўся ў шынель. Ён намацаў кішэні, выцягнуў капшук, вобмацкам у цемры згарнуў цыгарку. Запальніца чамусьці не загаралася, толькі выпстрыквала маленькія сіняватыя іскрынкі і гасла. Карпенка схаваў яе назад у кішэню і, намацваючы ў цемры людскія целы, ступіў да грубкі. У попеле яшчэ дзе-нідзе тлелі вугольчыкі, старшына дастаў адзін і, узяўшы яго пальцамі, прыкурыў. Папяровы кончык цыгаркі ўспыхнуў зыркім палахлівым агеньчыкам, асвяціў на момант сонны насуплены твар старшыны, бліснуў у насцярожаных сумных вачах скурчанага ля печкі Глечыка. Старшына кінуў вугаль у грубку, зацягнуўся і зноў адступіў на тапчан.

– Ты чаго не спіш, Глечык? – запытаўся Карпенка з цемры.

– Так, не спіцца.

– Дарма. А заўтра, бадай, не ўдасца, – заўважыў Карпенка і, памаўчаўшы, зазначыў сабе, думаючы пра сон: «Ат, лухта! Навярзецца ўсякага...»

Ён зноў разлёгся на тапчане, курыў і думаў аб тым, што навеяў яму гэты благі недарэчны сон.

Так, нялёгкае было жыццё сялянскага хлопца Карпенкі. Адслужыўшы тэрміновую памочнікам камандзіра ўзвода, ён застаўся яшчэ і год з дзесяць служыў старшыной роты. Неспакойная гэта служба, хто ведае – не пазайздросціць старшынскаму хлебу. Цяжкавата было Карпенку, але неяк прывык, уцягнуўся ў бясконцыя казарменныя клопаты. Ды і мусіў цягнуць, бо вяртацца дадому на Арлоўшчыну не выпадала, у бацькавай хаце жыў са сваёй вялікай сям’ёй Аляксей, усе астатнія браты разбрыліся па свеце. Праўда, пасля стаў калгас, не трэба была свая гаспадарка, зямля, але калгас той доўгі час ледзьве ліпеў, з цяжкасцю становячыся на ногі. I ўсё ж да мірнага працоўнага жыцця вельмі цягнула старшыну Карпенку. Пакрысе жыццё наладжвалася, станавілася лягчэй і ў вёсцы і ў горадзе, але тады распачалася вайна з фінамі. На ёй Карпенку давялося сербануць ліха, яго параніла, пасля ён атрымаў баявы медаль і ўрэшце здзейсніў свае даўнія мары – звольніўся ў запас. Як удзельніка вайны і ўзнагароджанага, яго прызначылі намеснікам дырэктара льнозавода, далі добрую кватэру ў другой палавіне папоўскага дома, дзе была заводская кантора, і Карпенка неўзабаве ажаніўся з Кацяй або Кацярынай Сымонаўнай, маладзенькай настаўніцай тутэйшай пачатковай школы.

Заводскія справы яго захапілі. Па старой вайсковай звычцы ён не шкадаваў свае працы, часу, стараўся разам з дырэктарам, аднарукім чырвоным партызанам Шорацам, і іх завод быў адзін з лепшых у раёне. Ён стрымана, па-свойму, без асаблівай ласкі, але моцна кахаў сваю Кацю – Кацярыну Сымонаўну – і з незвычайнай, ніколі не адчуванай пяшчотай чакаў неўзабаве малога.

I тут зноў – вайна.

Цяжка і няўдала пачалася яна, кожнага дня гінулі сотні людзей, але Карпенку на фронце ўсё ж шанцавала. Іх дывізію ўлетку разбілі пад Оршай, аднак рэшткі палка, у якім служыў старшына, неяк выкарабкаліся з акружэння, вынеслі зброю і сцяг. Праўда, загінулі ў баях тры камандзіры яго роты, змянілася некалькі камбатаў, ужо зусім мала засталося тых, з кім старшына вытрымаў першы бой, а Карпенка ўсё быў цэлы. Урэшце ён ужо прывык да сваёй неўязвімасці, дбаў пра іншых і ніколі асабліва не клапаціўся аб сабе. Здаралася, ён заставаўся на нядоўга камандзірам батальёна, даўжэй – камандзірам роты, немцы асабліва яго нідзе не білі, звычайна выходзіла так, што і Карпенка, налаўчыўшыся, даваў добрай здачы. Ён не вельмі палохаўся сам, пільна сачыў за боем, не даваў спуску баязліўцам, байцы трошкі крыўдавалі на яго за лішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну.

Карпенка дакурыў цыгарку, паляжаў яшчэ. Сон болей не ішоў, у старожцы па-ранейшаму было цёмна, але чуйны да часу старшына здагадваўся, што хутка наступіць ранак. Ён зноў узняўся, захінуўся ў шынель і, пераступіўшы цераз Свіста, расчыніў дзверы.

На дварэ марудна світала. Змрок паволі радзеў, адпаўзаў з пераезда, ужо прыкметны быў насып чыгункі, дарога з блішчастай лужынай. Чорнай расплывістай паласой цягнуліся ў шэрасць прысады. Вецер уціх, пацяплела, з лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману.

Старшына агледзеўся, шукаючы вартавога Пшанічнага, але таго нідзе не было. Ён абышоў старожку, зазірнуў у траншэю, гукнуў. «Дзіўна, – падумаў Карпенка, – няўжо задрамаў дзе?» Ён яшчэ паазіраўся, вылаяўся ад прыкрасці, і тады на шляху за бярозамі чуйную ранішнюю ціш праламіла гулкая кароткая чарга.

 

12

 

Застаўшыся адзін у вячэрнім ветраным полі, Фішар нейкі час слухаў далёкую страляніну за лесам, глядзеў на палахлівае мігценне ракет і думаў, што іх справы тут, відаць, кепскія. Калі ўжо немцы зайшлі з тылу, дык утрымаць тую дарогу наўрад ці будзе магчыма. Праўда, зайсці ў тыл магла і невялікая група фашыстаў, асноўныя ж іх сілы не мінуць гэтай адзінай, прыгоднай для аўтамабіляў дарогі. Калі толькі рынуцца яны і якія гэта будуць сілы, ці ўдасца ім, шасцярым байцам, утрымаць пераезд на суткі? – вось гэтыя думкі-сумненні ўсё настойлівей турбавалі байца.

Калі страляніна за лесам сціхла, Фішар схамянуўся ад свае трывожнай задуменнасці і схапіў лапатку. Ужо зусім сцямнела: неба, поле, дарогу з бярозамі завалакло туманным змрокам, трохі відаць было ржышча ля ботаў і ў ім – няроўная баразёнка старшыновай адмеціны акопа. Фішар узяўся капаць – імпэтна, бязладна разгортваць у бакі мяккую ад вільгаці глебу з іржышчам. Неўзабаве ў яго атрымалася нейкая ямка, накшталт невялічкай варонкі, далей зямля стала цвярдзейшая і зусім не хацела паддавацца. Баец парадкам змарыўся, расшпіліў папружку, зняў процівагазную сумку, паслухаў трохі, адпачыў і ўжо далей пачаў працаваць спакойней.

Ад тае аднастайнай працы і ветранай начной цішыні да Фішара прыйшла прывычная патрэба разважаць – дабірацца да сэнсу з’яў і акалічнасцей яго вайсковага лёсу. Супярэчлівае і незразумелае пачуццё мроілася ў ім у адносінах да старшыны Карпенкі. Фішар не паважаў гэтага чалавека, яго прыгнятала пастаянная нязменная патрабавальнасць старшыны, крыклівая злоснасць яго салдацкай натуры. Часта, калі старшына грубым, бесцырымонным тонам за якія-небудзь дробязі крычаў на байцоў, Фішару карцела абурыцца, патрабаваць добразычлівых, роўных адносін да людзей. Карцела, але ні Фішар, ні хто іншы з тых, што сам сабе абураўся старшыновымі наскокамі, не наважыўся зрабіць гэта. Самаўпэўненасць старшыны абяззбройвала, блакіравала волю, і Фішар адчуваў часам, што ён проста пабойваецца ўзводнага. Карпенка, відаць па ўсім, не любіў інтэлігентаў-разумнікаў і, як натура элементарна простая, ніколі не таіў гэтых сваіх адносін. Фішар часам пагарджаў старшыной, часам ненавідзеў, але варта было таму хоць на хвіліну проста, па-людску падысці да яго, стаць Карпенкам-таварышам – і Фішар ужо забываўся на сваю непрыязнасць і гатовы быў дараваць яму ўсе ранейшыя крыўды.

Вось і цяпер, пасля кароткай іх стычкі на пераездзе, стычкі, у якой, накапіўшыся, выбухнула даўняе Фішарава абурэнне, варта было Карпенку загаварыць з байцом проста і зважліва – і той адразу абмяк. I хоць яму было вельмі няёмка тут, у гэтым сцюдзёным ветраным полі – і самотна, і боязна, і гарэлі на далонях свежыя мазалі ад лапаткі, і недзе марнела маленькая крыўда, – чаго на такую справу прызначылі яго, а не іншага, – але баец маўкліва цярпеў. Ён ведаў, што гэта патрэбна палку, батальёну, ім шасцярым на пераездзе, ён разумеў гэта, але яшчэ было і затоенае жаданне – дагадзіць камандзіру.

А дагадзіць было цяжка. Чым глыбей у зямлю, тым усё болей нязручна было капаць у цеснаце вузкай ячэйкі – ні сагнуцца як след, ні выкінуць поўную лапатку, якая тыкалася ў сцены і рассыпала зямлю. Фішар усё часцей выпростваўся і, цяжка дыхаючы, услухоўваўся ў ноч.

Але тады ён адразу пачынаў мерзнуць на ветры, які ўсё не сціхаў, поўніў ноч шамаценнем бяроз на шляху, шорхатам іржышча і яшчэ нейкімі невыразнымі ветранымі гукамі; пачаў накрапваць дождж. Ужо можна было сяк-так схавацца ў гэтым акопчыку-ямцы, але старшына загадаў акапацца як мае быць, і баец, адпачыўшы, згінаўся ў чорную цеснату сховішча.

Дзіўна, думаў Фішар, як гэта атрымліваецца, што ён, малады, здольны, як раней прызнавалі многія, вучоны, знаўца шматлікіх мастацкіх ісцін, хоць таемна, але ўсё ж такі хоча спадабацца нейкаму малапісьменнаму салдафону, якім здаваўся яму старшына. Няўжо справа ў грубай сіле ці ў тых дысцыплінарных правах, якія дае камандзіру Статут, або ў нахабнаватай самаўпэўненасці гэтага чалавека? Здавалася, што гэта не так. Цьмяна неяк адчувалася, што Карпенка мае нейкія сапраўдныя перавагі над ім, нейкую патэнцыяльную сілу, на якую абапіраецца і ён, баец Фішар, але ў чым была тая сіла, Фішар зразумець не мог. Не мог жа дапусціць ён, што гэты старшына разумнейшы за яго ці болей і лепш разбіраецца ў вайсковых абставінах, ад якіх шточас залежаў іх лёс. Фішар хоць і не быў вайскоўцам, але за час франтавога жыцця навучыўся ўжо разбірацца ў ваенных абставінах, як ён думаў, не горш за гэтага саманадзейнага служаку Карпенку.

Дождж усё настойлівей лапатаў па спіне, пілотцы, па твары сцякалі сцюдзёныя кроплі, змокла перавязка на шыі. Фішар выпрастаўся, выцер гарачай далонню мокрыя калючыя сківіцы і жаласліва паглядзеў у неба, нібы там можна было што ўбачыць. Затым ён прымераўся да глыбіні – бруствер яшчэ не дасягаў і грудзей, але ўжо браўся граззю. У той гразі выпацкаліся мокрыя полы шыняля, рукі, пудовыя камякі наліплі да чаравікаў. Нідзе не было ў гэтую ноч паратунку ад сцюдзёнай агіднай макраты, якая напоўніла сабой усё наваколле.

Фішар пастаяў хвіліну, аддыхаўся і рашыў, што ўжо годзе. Не вылазячы на адкрыты вецер з ямы, ён разгарнуў сяк-так бруствер, дастаў з іржышча абсыпаную зямлёй вінтоўку, наставіў каўнер і скурчыўся на дне сховішча.

Неадольная, усёабдымная стома апанавала чалавека, адразу пахілілася яго галава – вельмі захацелася спаць. Але спаць было нельга, ды і зморанае разагрэтае цела неўзабаве скаланулі першыя дрыжыкі. Холад з кожнай хвілінай усё далей запускаў сваю ледзяную руку, прымушаў байца сціскацца, туліцца і дробна дрыжаць. Дождж гусцеў, ужо зусім змокла пілотка, зябла на ветры нядаўна астрыжаная галава. Сашчапіўшы ў рукавах рукі, Фішар дрыжаў, варушыў плячыма, тупацеў нагамі і паныла думаў, як бы паменшыць свае пакуты. Але сагрэцца не было як.

I з часам, пэўна, прызвычаіўшыся да таго з-за безвыходнасці ці мо ўжо атупеўшы ад холаду, ён неяк змірыўся з пакутамі і хоць мёрз усё болей, але ўвага яго аддалася новым адчуванням-развагам.

Вось ужо некалькі дзён у прывычныя пакутлівыя пачуцці яго – пачуцці гора і болю за вялікія няўдачы вайны, адступлення – неяк паступова ўваходзіла невыразная нотка незадаволенасці сабою, цьмянае адчуванне нейкай сваёй памылкі. Як след разабрацца ў гэтым усё было некалі – то бамбёжкі, то марш, кароткія баі на выпадковых рубяжах і зноў адступленне. Ён баяўся прызнацца сабе самому, але, здаецца, недзе надламаліся несакрушальныя дагэтуль асновы яго быцця, асновы, якія змалку засвоіў сабе Барыс Фішар і на якіх ладзіў сваё жыццё.

Ён ужо быў не надта малады – нядаўна мінуў чалавеку трэці дзесятак, і за ўсе пражытыя гады ні на адзін момант не з’явілася ў яго сумненне ў спрадвечнай сіле мастацтва. Усё самае цудоўнае, самае вечнае бачыў ён у вышэйшым праяўленні чалавечага духу – у мастацтве.

Ён гадаваўся ў Ленінградзе. У яго бацькі, старога доктара Фішара, была каштоўная бібліятэчка манаграфій пра вялікіх мастакоў свету, і першыя малюнкі, якія захапілі хлопчыка, былі рэпрадукцыі з альбомаў жывапісу і скульптуры. Барыс рос ціхім, не па гадах сур’ёзным хлопчыкам, неахвотна і рэдка спускаўся ў цесны захламлены двор, у якім заўжды было сцюдзёна і сыра, і часта падоўгу разглядаў малюнкі ў бацькавых кніжках.

Пасля ён сам з трапяткой нецярплівасцю ў сэрцы ўзяўся за пэндзаль і фарбы, маляваў тое, што бачыў з акна кватэры – дамы, вуліцы, коней, сабак. Людзі хвалілі, а хлопчыку хацелася плакаць ад прыкрасці, што ўсё так прыгожа было ва ўяўленні і дрэнна выходзіла на паперы. Наперакор людскім перакананням аб яго здольнасцях Барыс ведаў, што мастака з яго не выйдзе ніколі. Але канчаткова ўпэўніўся ў гэтым ён, відаць, позна, тады, калі ўжо ўся шчырая душа яго была без рэшты захоплена вялікай сілай мастацтва і хлопец ужо не мог існаваць без яго. Незразумелым болем замілавання душылі яго слёзы перад босымі нагамі «Блуднага сына», немы крык гневу і жаху заўжды рваўся з горла перад катастрофай Пампеі, хлопцу хацелася маліцца на «Джаконду», бясконца разглядваць незвычайныя твары, позы, адзенне славутай іванаўскай «Месіі», буйная сарамяжная радасць жыцця ахоплівала яго ля палотнаў Рубенса.

I ён, не стаўшы мастаком, усё ж звязаў сваё жыццё з мастацтвам. Падросшы, вучыўся, чытаў, думаў, даследаваў сам і ў дваццаць пяць год абараніў дысертацыю на званне кандыдата мастацтвазнаўства. Бліжэй за ўсіх у гэтую пару яму стаў Іванаў з яго бескарыснай самаадданай душой, згарэўшай у шматгадовых пошуках вышэйшага сэнсу жыцця, з яго фанатычнай прыхільнасцю да мудрасці і праўды. Фішар схіляўся перад яго «Месіяй», любаваўся паветранай тонкасцю яго італьянскіх пейзажаў, але асабліва захапілі яго біблейскія эскізы мастака. Ён знайшоў у іх куды болей, чым спадзяваўся, – Іванава, цудоўнага майстра-графіка, і Іванава-філосафа, нястомнага шукальніка вечнага. Яго «Вірсавія» здавалася Фішару нечуваным гімнам жыццю, зенітам акварэльнага майстэрства – шэдэўрам генія, які стварае, не падазраючы пра веліч свайго тварэння.

Мастацтва здаўна і назаўжды зачаравала яго істоту, напоўніла дух неспатольнай прагай цудоўнага. Пасля дысертацыі ён шэраг год даследаваў італьянскае Адраджэнне, напісаў манаграфію пра Мікеланджэла. Бязмерная веліч захапляючага і высокага адкрывалася яму ў кожным з вялікіх дзеячаў мінулага, і ён шкадаваў вельмі, што так хутка ішоў час і так коратка жыццё чалавека. Ён не дужа цікавіўся палітыкай, тым неспакойным, шматтурботным жыццём, што бурліла, плыло, абганяла яго. Вучонага мала краналі планы і падзеі надзённасці – змалку ён адасобіўся ад усяго, што не складала чароўнай прывабы мастацтва. З гэтай, відаць, прычыны ён не разумеў і не дужа цікавіўся братам – інжынерам-канструктарам самалётаў. З юнацтва яшчэ яны ўзаемна аддаліліся, сустракаліся рэдка і па духу былі адзін аднаму чужыя. Апошні раз яны з’ехаліся гады два назад на пахаванне бацькі і тады ж пару дзён правялі разам.

Брат быў зусім не такога, як ён, характару. Энергічны, жвавы, учэпістага, вёрткага розуму, ён ва ўсякай справе адчуваў сябе звыкла і ўсё разумеў з ходу. Тады яны збіраліся ўжо расстацца і ў апошні той вечар паціху ішлі па праспекце. Было парна і душна, з Фантанкі прыемна патыхала прахалодай, адна за адной на яе сярэдзіне выслізнулі з-пад Анічкава моста тры байдаркі. Браты спыніліся ля трэцяй статуі клодтаўскага ўтаймавання і лена пазіралі на згодныя рыўкі грабцоў.

– Вось так і ў нас з немцамі, – працягваў ранейшую раз-мову брат. – Быццам і згода, і дружба, і мір, а на самай справе...

Ён не скончыў, змаўчаў, глядзеў у рачную каламуць, а Барыс, думаючы аб тым, не мог зразумець, што азначала гэтае «на самай справе». Яму здавалася, што брат утрыруе, бо даўняя варожасць з Германіяй уладжана, дагавор заключаны, газеты друкуюць германскую інфармацыю аб вайне на Захадзе, ваўсю развіваецца гандаль. Чаму ж тады гэтае «на самай справе»?

Ён сказаў аб тым брату, а той толькі ўсміхнуўся, зацягнуўшыся папяросай. Пасля, памаўчаўшы, ён растлумачыў:

– Адстаў ты, Барыс, ад часу. Занафталініўся ў старажытнасці. Вядома, твая справа, але ў наш час гэта нават дзіўна. Свет коціцца к вялікай вайне, зразумей, брат.

Ён тады не паверыў, а яна неўзабаве накацілася, гэтая страшная вялікая вайна. Усчалася нечакана, неспадзявана, знянацку – Фішар прыпыніў на 48-й старонцы новую сваю манаграфію і ўжо болей не ўзяўся за яе.

Апынуўшыся ў войску, ён адчуў сябе белай варонай, няўмекам, самым няўдалым з усіх у гэтай гаманлівай, асаблівай, ні на што вядомае яму не падобнай грамадзе разнастайных людзей. Ён ніяк не мог навучыцца хадзіць у нагу, хутка ўскакваць на пад’ёме, няўклюдна пад рогат таварышаў аддаваў чэсць, заняткі па штыкавому бою ўшчэнт знясільвалі яго. Спярша ён горка перажываў, балюча зносіў уціск крыклівых сяржантаў, каяўся за няўвагу да вайсковай справы ў інстытуце і думаў, што ён самы няздольны чалавек на зямлі. Пасля трохі асвойтаўся, трапіў на фронт, іншыя, большыя страхі і клопаты зацямнілі яго кволае інтэлігенцкае самалюбства. Ён быў чалавек удумлівы і разумеў, што гэта пакутна і марудна нараджаўся ў ім той, на каго ён менш за ўсё рыхтаваў сябе, – нараджаўся баец. I яшчэ Фішар з вялікай тугой заўважаў, як усё меней і меней заставалася ў ім ад яго былога – ад мастацтвазнаўцы Фішара. Грубае, страшнае жыццё штодзённа і няспынна сцірала з яго душы вялікае значэнне мастацтва, якое ўсё болей і болей саступала сваё месца інстынктам барацьбы – выходзіла, што тое высокае і нязменнае, чым дыхаў ён трыццаць гадоў, цяпер проста было непатрэбным у гэтым страшным хаосе вайны. I тады прыйшло гэтае таемнае сумненне, у якім ён сёння ўрэшце прызнаўся сабе: ці сапраўды яно – тое адзіна вялікае і вечнае, чаму ён аддаў свае лепшыя маладыя гады? Ці не памыліўся ён, узяўшы яго за адзіны свой крыж, ці не лепш зрабіў брат, які аддаў веку і людзям свае намаганні іншага парадку – намаганні, што ўвасобіліся цяпер у рэальную сілу, здольную ўратаваць свет?

Невядома, колькі мінула часу, чорнае ветранае неба ўсё сыпала ў ноч спорны лапаткі дождж. Фішар зусім скалеў, аж балела нутро ад няспынных сутаргаў, крывіла сківіцы, але нейкае змярцвелае здранцвенне не давала варухнуцца, каб сагрэць сябе. На спіне і плячах баец адчуваў халодную ліпкасць мокрага адзення, па сценах з бруствера плылі струмені гразі, у якой, усё глыбей тонучы, на дне агідна хлюпалі ногі. Фішар падкурчыў іх да самага твару, затульваў калені мокрымі поламі шыняля. Калі ад нясцерпнага холаду асабліва моцна скалыналася цела, ён тады абуджаўся ад свае змярцвеласці і трывожна ўслухоўваўся ў ноч. Наваколле па-ранейшаму поўнілася густым шамаценнем ветру і частым лопатам кропель.

Так пакрысе мінала гэта пакутная, золкая ноч. Пад ранак Фішар прыкархнуў, атупелы ад мардавання на холадзе, нібы праваліўся некуды ў мутнае бяздонне думак – пра сябе, старшыну Карпенку, пра гістарызм Вазары, наватарства Мікеланджэла і пра тое, як страшэнна цяжка зрабіцца здатным байцом.

 

13

 

Прычыніўшы за сабой дзверы старожкі, Пшанічны з рашучай выразнасцю адчуў, што ён назаўжды ўжо адарваўся ад гэтых пяцярых людзей, з якімі звёў яго недарэчны вайсковы лёс. З самой гэтай хвіліны, як ён ступіў у мокрую цемру ночы, ён апынуўся адзін, не звязаны ўжо ні з кім ва ўсім белым свеце. Усё яго няладнае мінулае засталося адрэзаным на парозе той цёмнай задымленай старожкі – засталося па сваёй волі пакінутае ім, будучае было недзе на гразкай дарозе.

Нейкі нядоўгі час Пшанічны перасільваў нечаканае хваляванне ў сабе ад таго, што гэтак шчыльна наблізіўся ён да ажыццяўлення даўняй сваёй задумы. Нечакана для яго самога непрыемна заварушылася ўнутры нейкае шкадаванне, нібы нясмелы боязны дакор сабе, і ён, адчуўшы, што гэта міма-волі можа спляжыць выпеставаны ім намер, у думках аблаяў сябе: «Не кісні! Няма па кім».

Ён выправіўся да чыгункі, пераскочыў цераз траншэю, узышоў на невысокі чыгуначны насып і ўгледзеўся ў цемру. Дождж перастаў, патроху слабеў і вецер. Ноч зусім пачарнела, утапіўшы ў восеньскай глухамані ўсё наваколле. Пшанічны ведаў, што хутка пачне світаць, а на світанні, магчыма, з’явяцца на дарозе немцы, і тады будзе позна. Тады ён можа апынуцца між двух агнёў, і таму трэба было спяшацца.

Баец пастаяў, услухаўся, азірнуўся на старожку, з якой даносіўся сцішаны Свістаў гоман, і сказаў сабе: «Давай!» Потым ён паспешлівым крокам злодзея збег са жвіровага насыпу, пераскочыў канаву і, не выбіраючы – па гразі і лужынах, пайшоў дарогаю.

Узышоўшы на гулкі насціл мастка ў нізінцы, Пшанічны яшчэ азірнуўся і зноў адчуў у сабе самотную тугу і з асаблівай сілай – пачатак невядомай свае адзіноты. Гэтае адчуванне міжвольна ахапіла яго так моцна, што ён аж спыніўся, але затым зноў зазлаваў на сябе і, прыпомніўшы злосную заклапочанасць Аўсеева, падбадзёрыўся. Так, ён не памыляецца, ён задумаў правільна ўжо хоць бы таму, што яны там асуджаны на смерць. А ён урэшце памкнецца асядлаць свой лёс, заслужыць, даказаць сваё права на людскае жыццё, жыццё, якога ён варты, нягледзячы ні на якія няўдачы.

З гэтымі запальчывымі думкамі, якія пакрысе запанавалі ў яго галаве, ён шпарка крочыў, распырскваючы чаравікамі лужыны, коўзаючыся ў гразі і асцерагаючыся збочыць у канаву. Тым часам пачало днець, мутным святлом наліўся краявід, патроху заблішчала гразкая макрата дарогі. Пшанічны ўзнімаўся на пагорак з бярозамі, ён ведаў, што тут недзе ў сакрэце павінен быць Фішар, і трохі прыцішыў крок. Фішара ён не баяўся, з гэтым «вучоным»-няўдакам управіцца яму, калі б што здарылася, было б няцяжка, але ўсё ж лепей, каб усё абышлося ціха. Пшанічны зняў з пляча вінтоўку, павярнуў голаў, прыслухоўваючыся, – нідзе нікога не было.

Так ён паціху мінуў бярозы, што вынікалі на яго шляху, адышоўся далей, зрэдку насцярожана азіраючыся. Усё болей святлела, цьмяная шэрань золаку, вынікаючы невядома адкуль, адслойвала зямлю ад неба, расхінала туманны прастор, паступова адваёўвала ў цемры дарогу, канавы, рэдкія кусты хмызняку.

Парадкам ужо аддаліўшыся ад пераезда і бяроз, Пшанічны адзначыў, што самае страшнае пройдзена. У яго адлягло на сэрцы, з’явілася лёгкасць, некаторая зухаватасць у думках. Ён перакінуў з рукі ў руку вінтоўку і падумаў, што зброя ўжо не спатрэбіцца, а пры сустрэчы з немцамі можа толькі пашкодзіць яму. Не прыпыняючы хады, баец ухапіў яе аберуч за штых, размахнуўся ў паветры і шпурнуў за канаву ў поле. Пачуўшы, як яна пляснулася аб размяклую зямлю, Пшанічны крыва ўсміхнуўся сваім мардатым няголеным тварам. Цяпер яго ўжо нічога не звязвала з арміяй, з абавязкамі грамадзяніна Савецкай краіны, цяпер ён застаўся адзін між небам і зямлёю. Гэта было незвычайна – адчуваць сябе адзінокім, без найменшай залежнасці ад людзей. Але ён ведаў, што так не пражывеш доўга, каб уратавацца ад смерці і прыдбаць якую-ніякую долю, у яго абставінах найлепшым было здацца немцам – на іх літасць і ўладу.

Ад паспешнай хады Пшанічны разагрэўся, расшпіліў каўнер шыняля і трохі суцішыў крок. Тым часам ранак ужо разагнаў цемру, можна было выбіраць дарогу, і ён, абыходзячы лужыны, ішоў па абочыне. Аднастайнасць хады ўжо зусім суняла яго кароткую ўзрушанасць, Пшанічны захацеў есці і, падумаўшы, што трэба скарыстаць спакой і адзіноту, на хаду развязаў свой мяшок. Тут ён нядобрым словам яшчэ раз памянуў Свіста, які выцягнуў яго сала, але хлебны акраец з цукрам здаўся яму смачным, і Пшанічны, жуючы, паглыбіўся ў свае думкі.

Перш за ўсё цікавіла, як да яго паставяцца немцы. Добра, калі б адразу сустрэўся які інтэлігентны, разумны афіцэр, уцякач паказаў бы яму нямецкі пропуск-лістоўку, некалі знойдзеную ў полі і рупліва прыхаваную на ўсякі выпадак. Пасля ён папрасіў бы адвесці яго ў штаб і там расказаў бы якому начальніку, хто ён і чаму добраахвотна здаўся ў палон. Калі б патрабавалі даць звесткі пра свой полк, ён не таіўся б. Навошта? Усё роўна раней ці пазней полк разаб’юць канчаткова, гэта зусім не залежыць ад таго, пасведчыць аб ім Пшанічны ці не. Калі запатрабуюць яшчэ чаго, ён зробіць усё, бо ўсё гэта будзе для яго і супраць тых, ад каго ён досыць напакутаваўся на сваім вяку. Не можа быць, каб немцы не ацанілі як трэба яго шчырасці і не аддзячылі яму. У лагер яго як добраахвотнага перабежчыка не павінны адправіць, відаць, адпусцяць на волю, а можа, нават паставяць на якую кіраўнічую пасаду ў горадзе ці сельскай мясцовасці. Гэта было заманліва. О, тады Пшанічны паказаў бы свае здольнасці, даказаў бы яго апекунам, што яны не памыліліся ў ім. Ён бы не пашкадаваў ні сябе, ні людзей, гэтых пакорлівых працаўнікоў, якіх немцы за некалькі месяцаў прымусяць скарыцца. Немцам, вядома, патрэбны адданыя людзі, каб кіраваць вялізным абшарам заваяванай Расіі, і Пшанічны, калі добра возьмецца, магчыма, дарасце да якіх чыноў. Скончыцца вайна, і тады няблага было б прыдбаць невялікую ды ладную сядзібу і ў спакоі па-людску зажыць хоць на старасці год.

У сярэдзіне гэтых мараў-разваг блізка наперадзе пачуўся нечы адрывісты голас. Пшанічны насцярожыўся, да болю ў вачах імкнучыся пранікнуць у затуманены прасцяг дарогі, што-кольвечы ўбачыць у ім, і паціху ішоў над канавай. Неўзабаве з туману цьмянымі постацямі выніклі стрэхі хацінак, голае вецце дрэў, пасля плот з забытай анучай на жардзіне. За рогам крайняй хаты, куды паварочвала дарога, чулася прыглушаная туманам прысутнасць людзей, і Пшанічны яшчэ болей устрывожыўся ад думкі – хто там? Яму страшна было зноў напаткаць сваіх, рускіх, якія невядома як аднесліся б да яго, бяззбройнага. Зноў жа – стала боязна і немцаў, Пшанічны на момант упершыню адчуў невыразную прыкрасць ад свае паспешнасці, але ўжо было позна.

З-за рога хаты раптам высунуўся танклявы, падпяразаны, у казыркастай шапцы салдат; упіраючыся нагамі ў зямлю, ён ускаціў на сухое матацыкл і, не выпускаючы з рук руля, паставіў нагу на завадны педаль. Пшанічны не адразу зразумеў, хто перад ім, і спыніўся ад нечаканага страху. Матацыкл тым часам загыркатаў, і тады немец убачыў разгубленага Пшанічнага. Салдат устрапянуўся, крыкнуў, схапіўся за аўтамат, што боўтаўся на яго грудзях. З-за хаты выбег яшчэ адзін немец у плямістым, як жаба, камбінезоне, і Пшанічны, адчуўшы, як у грудзях яго нешта абарвалася, няспрытна і з нейкай раптоўнай нязладнасцю ў душы ўзняў рукі.

Немцы сталі ля матацыкла, трымаючыся за аўтаматы, а ён, ледзьве перастаўляючы замлелыя ногі, боязна ішоў да іх. Яны не стралялі, толькі гыркнулі злосна і варожа нешта незразумелае, і адзін, той, што заводзіў матацыкл, – белатвары, з абвіслай губой мужчына, – ступіў да яго насустрач. Ён нешта закрычаў па-свойму, Пшанічны не зразумеў і, не апускаючы рук, паспрабаваў вытлумачыць:

– Я – плен, плен. Рус капут...

Ён апусціў адну руку, спрабуючы дастаць з-за пазухі недаравальна забыты ў такую хвіліну пропуск-лістоўку, але немец пагрозліва крыкнуў і тыцнуў яму аўтаматам у грудзі.

Другі, маладзейшы, стаяў зводдаль і, наставіўшы на яго зброю, цікаўна аглядаў перабежчыка сваімі лянівымі вачыма.

Так Пшанічны стаяў з узнятымі рукамі пад скіраванымі на яго аўтаматамі. На гоман з двароў яшчэ выбягалі немцы, падкаціла некалькі матацыклаў з каляскамі, з якіх тырчалі ручныя кулямёты. Той, маладзейшы, салдат і яшчэ адзін падступілі да яго, сцягнулі з плячэй рэчавы мяшок, абмацалі кішэні, бесцырымонна сарвалі з ланцужка ножык. Пшанічнаму не шкада было свайго барахла, яго прыгнятала толькі гэтая беспрычынная злосць у іх рухах і тварах, насцярожаная падазронасць да яго. Ён усё спрабаваў пераканаць то аднаго, то другога, што ён не мае дрэннага намеру і па сваёй волі здаецца ў палон, пры гэтым крыва ўсміхаўся з незатухлым страхам у вузкіх вачах і бубніў:

– Я плен, камарад немец... сам плен, сам...

Ён аглядаў гэты дзесятак салдат з матацыкламі, спрабуючы згадаць дабрэйшага або ўгледзець афіцэра, і яго позірк сустрэўся са змрочным паглядам немца ў фуражцы і шынялі з чорным аксамітным каўняром. Адчуўшы, што ўсё пайшло не так, як ён марыў, і ад таго не могучы ўжо адолець уладарнай тужлівасці, ён кінуўся да гэтага немца-камандзіра.

– Пан афіцэр! Я ж сам, я ж плен, плен... – узмаліўся Пшанічны.

Афіцэр, аднак, не глядзеў на яго, ён нешта казаў салдатам, нацягваючы на жылістую руку рудую скураную пальчатку. Пшанічны тады зусім спалохаўся – ён адчуў упершыню, што сталася нешта непапраўна благое.

Немцы загергеталі між сабой, абыякава пазіраючы на яго, камандзір яшчэ нешта сказаў, і той, з абвіслай губой, што першы ўбачыў яго, тузануў Пшанічнага за рукаў і махнуў уздоўж дарогі. Ён зразумеў, што трэба ісці, і, азіраючыся, пайшоў, думаючы, што немец пойдзе за ім канваірам. Але салдаты засталіся на месцы і, бачачы яго нерашучасць і, відаць, жадаючы падбадзёрыць, замахалі рукамі ўздоўж пустой ранішняй вуліцы. Ён здзівіўся, што яны не хацелі суправаджаць яго, нешта жахлівае і незразумелае ўпілося ў яго душу, у балючай грымасе скрывіўся твар, і ён, раз-пораз азіраючыся, баязліва пайшоў, куды паказвалі яму.

Так ён аддаліўся крокаў на сотню, немцы ўсё стаялі ззаду, адзін матацыкл, гыркнуўшы маторам, зрабіў паўкола і скіраваўся на яго. Ад благога прадчування Пшанічны ўжо траціў уладу над сабой і, не ведаючы, куды і нашто, віхлява крочыў па гразі, скрэмзанай слядамі гумавых колаў. У паваленых варотах абгароджанага парканам двара нечакана паказалася спалоханая кабета ў тоўстай хустцы з пустымі вёдрамі на каромысле. Пшанічны аж пахаладзеў нутром ад нечаканасці гэтай нядобрай у такі момант сустрэчы і ў той жа час здрыгануўся ад кароткага грому кулямётнай чаргі ззаду. Грудзі яго маланкай пранізаў пякельны боль, і ён, падламаўшыся ў каленях, асеў на гразкі дол вуліцы.

Напаследак, сутаргава хапаючы ротам паветра, Пшанічны ўчуў роспачны лямант кабеты і нема замычаў – ад болю, ад усведамлення канца і апошняй лютай нянавісці да немцаў, якія забілі яго, да тых, на пераездзе, што яшчэ заставаліся жыць, да сябе, ашуканага сабою, і да ўсяго белага свету...

 

14

 

Тая кулямётная чарга, што скончыла зацятае жыццё Пшанічнага, абудзіла з паўсоннага забыцця і Фішара. Яшчэ не ўсвядоміўшы таго, што сталася, ён прахапіўся, ускочыў у акопе і зноў упаў на дно, не ўтрымаўшыся ад болю ў заседжаных нагах.

Ужо добра развіднела, але поле і лес засцілала рэдкая кісяя туману, было ціха і золка. Ля шляху нерухома і расплывіста маячылі ў мутным небе бярозы, дарога ляжала пустая, за лагчынаю белым бокам ледзь вырысоўвалася старожка. Вёскі, завалочанай туманам, адсюль зусім не было відаць.

I тады з туманнай далечы, дзе знікала дарога, бязладны трэск матораў прарваў цішыню. У Фішара маркотна заныла ў грудзях, аслабелі рукі, насцярожаным поглядам уставіўся ён удалячынь і з тугою адчуў, што надышоў той час, калі вызначыцца ўвесь сэнс яго жыцця. Сяк-так сабраўшы рэшткі душэўнай сілы, ён тузануў затворам і ўжо не зводзіў блізарукага позірку з затуманенага пачатку дарогі, дзе павінны былі паказацца немцы. Але ці то ворагі ехалі вельмі марудна, ці зусім ужо аслаб зрок байца: ён нічога не бачыў там, а матацыклы ўсё працягвалі трашчаць. Некалькі гэтых хвілін перадышкі далі Фішару прыдушыць хваляванне, і чалавек зразумеў, што яму тут прыйдзецца кепска. Але ў такіх абставінах, калі ўся яго дзейнасць у гэтым полі была на віду ў старшыны, ён, сам таго не ўсведамляючы да канца, хацеў, каб старшына ўрэшце перамяніў сваю думку аб ім. Гэта не было фанабэрыяй навабранца і не жаданнем паддобрыцца да камандзіра – проста так трэба было Фішару. Відаць, за гэтую пакутную ноч роздуму немудроная старшынова мерка салдацкіх вартасцей у нейкай меры стала і для Фішара эталонам жыццёвай годнасці.

Так ён чакаў, ад напружання і ўвагі дробна ляскаючы сківіцамі і да болю ўціскаючы ў плячо прыклад вінтоўкі. Схіліўшыся, ля мушкі далікатна трымцела на лёгкім ветры нейкая ўсохлая сцяблінка. Ад частых гарачых выдыхаў пацелі шкельцы акуляраў, але Фішар баяўся зняць, каб працерці іх. Ён вельмі дакладна адчуваў свой абавязак і ўжо набраўся рашучасці да канца выканаць яго.

А ўвогуле яму было нялёгка, і ён намагаўся падбадзёрыць сябе, суцешыць тым, што і тыя геніі, якія стваралі мастацтва вечнага – і Мікеланджэла, і Чэліні, і Верашчагін, і Грэкаў – у свой час браліся за шпагу, мушкетон ці вінтоўку і выступалі на ворагаў. Відаць, барацьба за права жыць была важней за мастацтва, і ёй, пэўна, суджана перажыць яго. Гэты нечаканы вывад трохі супакоіў Фішара, і баец адчуў ужо болей сілы ў сабе.

Калі ўрэшце ў канцы дарогі з дымчатай завесы туману выніклі невыразныя прыземістыя сілуэты матацыклаў, Фішар упёр локці ў гразь бруствера і прыцэліўся. Але ад доўгага напружання зрок яго ўсё болей мутнеў, туман і праклятая блізарукасць не давалі як трэба разгледзець цэль. фішар перавёў дыханне, прыклаўся яшчэ раз і тады сцяміў, што трапіць у ворагаў зусім няма шанцаў.

Тое адкрыццё было жахлівае, баец спалохаўся і зноў разгубіўся. А матацыклы тым часам, усё болей набіраючы хуткасць і штораз выразней акрэсліваючыся ў тумане, шпарка сунуліся па гразі дарогі.

Не ведаючы, што зрабіць болей, каб як спыніць ворагаў, баец усё ж сяк-так прыцэліўся і стрэліў. Прыклад балюча штурхнуў у плячо, у твар патыхнула гаркатой пораху, а матацыклы на дарозе каціліся далей. Перажыўшы нядоўгае змярцвенне, Фішар хуценька перазарадзіў і зноў стрэліў, пасля яшчэ і яшчэ.

Выпусціўшы абойму, ён шырока расплюшчыў вочы і ўгледзеўся. Нідзе ва ўсёй калоне не было ніякага знаку яго стрэлаў – ніхто не спыніўся, не паглядзеў у той бок, дзе сядзеў Фішар. Пярэдні матацыкл ужо шпарка набліжаўся к бярозам, і байцу трэба было ўцякаць ці стаіцца. Але тут яму з незвычайнай выразнасцю ўявіўся строгі скуласты Карпенкаў твар, і Фішар амаль наяве чуў яго звычайны зняважлівы вокліч: «Разява». Гэта балюча сцебанула па яго пачуццях; не ведаючы яшчэ, што ён зробіць, Фішар увапхнуў у магазін новую абойму і скіраваў вінтоўку ў бок недалёкіх бяроз.

Гэта было самае пэўнае і самае небяспечнае з усяго магчымага ў тых надзвычайных абставінах. За нядоўгі час, пакуль баец, душачы ў грудзях трапяткое сэрца, прыціскаўся да бруствера і вёў, вёў ствалом за матацыклам, ніводнае выразнай думкі не з’явілася ў яго галаве. Ён канчаткова страціў тады са свайго адчування і жыццё, і мастацтва, і развагі аб годнасці свае асобы – увесь свет у той час абмежаваўся для яго толькі дакорлівым позіркам злосных старшыновых вачэй і гэтым імклівым ланцужком матацыклаў.

Пярэдні матацыкл, стрымана пагойдваючыся ў калдобінах і віхляючы з боку ў бок, старанна аб’язджаў лужыны і не дужа імкліва, але ўсё шпарчэй набліжаўся. Ужо стаў відаць плячысты вадзіцель у шынялі і казыркастай шапцы, які, ні разу не варухнуўшыся, здавалася, зліўся ў адно з машынай; ніжэй, у калясцы, бачны быў другі немец – на ім высока тырчала фуражка і цямнеў чорны каўнер шыняля. Баец не думаў тады, што яго могуць расстраляць раней, чым паспее стрэліць ён сам, ён не дужа хаваўся ў акопе і ўсё вёў, вёў ствалом за тым блізкім пярэднім ворагам, пакуль ён не параўняўся з бярозамі, і тады стрэліў. Той, што сядзеў у калясцы, адразу хіснуўся на сядзенні, аберуч ухапіўся за грудзі і размашыста дзябнуў ілбом аб жалеза каляскі. Нейкім абвостраным, ненатуральным слыхам Фішар учуў у грукаце матораў той гук, і зараз жа страшэнны гром вострым болем расшчапіў яго галаву. Баец выпусціў з рук вінтоўку і, абцярушваючы рукамі мокрую зямлю, споўз на дно акопа.

Нейкі час ён яшчэ быў жывы, але ўжо не адчуваў нічога. Не бачыў баец Фішар, як кінуліся немцы да першага і адзінага забітага ім ворага, як беражна ўклалі яго, акрываўленага, у люльцы, як двое ці трое саскочылі з матацыклаў, шастаючы ў іржышчы ботамі, падбеглі да акопчыка і разрадзілі ў яго свае аўтаматы. Малады аўтаматчык у плямістым разведчыцкім камбінезоне з раўнадушнымі вачыма нагнуўся над ім, ірвануў за мокры каўнер яго шыняля і гідліва кінуў, мякка стукнуўшы скроняй аб мокрую сцяну акопа. Ён пастаяў над забітым, не ведаючы, што зрабіць яшчэ, і пасля з абыякавасцю піхнуў ботам процівагазную сумку, звечара забытую на брустверы. З сумкі вылецеў кавалак счарсцвелага хлеба, некалькі абоймаў патронаў і пашкуматаная старая кніжка ў чорнай вокладцы – «Жыццё Бенвенуто Чэліні, фларэнційца, напісанае ім самім». Адляцеўшы ў іржышча, яна расхінулася, і ранішні вецер, які пачаў ужо разганяць туман, паціху заварушыў яе зачытаныя, пашкуматаныя старонкі...

 

15

 

Учуўшы далёкую, знаёмую па тэмпу чаргу нямецкага кулямёта, Карпенка рвануў дзверы і зычным голасам, здольным узняць полк, закрычаў у старожку:

– У ружжо!!!

Глечык і Свіст, жмурачы заспаныя вочы на замурзаных, нямытых тварах, кінуліся ў дзверы. Свіст спрасонку не мог трапіць у рукаў шыняля, няспрытна распінаў яго і так выскачыў са старожкі, няўцямна азіраючы абшар. Аўсееў бліснуў спалохам на раптоўна збялелым твары, хуценыса скочыў у траншэю і прытуліўся ў ячэйцы. Карпенка тым часам таксама заняў сваё ўкрыццё і залязгаў затворам, зараджаючы кулямёт.

Нейкі час яны ўсе чакалі, баючыся патрывожыць цішыню, але наперадзе не было нікога. Тады трывога пакрысе ўляглася, байцы агледзеліся, пачалі меркаваць, і Карпенка, успомніўшы пра знікненне Пшанічнага, гучна і злосна вылаяўся:

– Дзе Пшанічны, д’ябальская морда? Што гэта такое?

Свіст і Аўсееў, якія ўпершыню ўчулі, што прапаў баец, здзіўлена паглядзелі на старшыну. Гэтая падзея з Пшанічным непрыемна ўразіла іх, але трэба было сачыць за дарогай, бо, чулі яны, там здарылася нешта важнейшае.

Абапіраючыся рукамі аб не дужа высокі ўскраек акопа, старшына пільна ўзіраўся ў туман і злосна думаў пра гэтага Пшанічнага, няўмеку Фішара, які маўкліва сядзеў у полі, не падаючы ніякага знака, і пра тую невядомую падзею наперадзе, што прарвалася стрэламі. Карпенка не сумняваўся, што ў вёсцы ўжо немцы, ён толькі не ведаў, калі яны пакажуцца з туману, і баяўся, каб Фішар, заснуўшы, не трапіў у іхнія рукі. На якое там стойкае супраціўленне гэтага няўмелага байца-«вучонага» камандзір і не спадзяваўся, ён палічыў бы за лепшае, каб той проста цяпер уцёк да сваіх.

Але Фішар не бег, і яшчэ праз трохі часу на пераездзе пачулі далёкае фыркатанне матацыклаў. Карпенка зірнуў на Свіста, які, бяспечна высунуўшыся з акопа, азіраў дарогу, на Аўсеева, што нізка прыхінуўся да бруствера, і таксама ўпіўся ўдалячынь. Глечыка за рогам старожкі яму не было відаць, і старшына ўладарна скамандаваў:

– Увага! Да мяне не страляць! Замры!!!

Ён і сам прыпаў да прыклада свайго «дзегцяра», па-драпежнаму самкнуў над пераноссем шырокія густыя бровы і напружана сцяўся. I ў той час усе пачулі, як на пагорку затахалі рэдкія адзіночныя стрэлы і з туману выпаўзлі матацыклы.

– Нашто? Нашто? – не разумеючы, чаму не ратуецца Фішар, закрычаў старшына. – Цікай давай! Эх ты, раз-зя...

Ён не дакончыў свайго папроку, бо стрэлы ў той час сціхлі, а матацыклы шыбавалі сабе далей. Карпенка чакаў, што Фішар, можа, яшчэ выбежыць у нізінку, а пасля ён стаў думаць, што баец стоіцца, прапусціўшы немцаў, але неўзабаве грымнуў адзінокі стрэл, які, відаць, адразу і затрымаў усю матацыклетную калону. Старшына здзівіўся, зусім не ведаючы, як разумець тое, і скамянеў, збянтэжаны незвычайнай сутычкай, што разыгралася ў полі ля дзвюх закаржэлых бяроз.

Яго вывеў з гэтай недаўменнай змярцвеласці пагрозлівы вокліч Свіста:

– Ах вы, сабакі! Я ж вам зараз уляплю!

Ён ухапіўся за свой ПТР, але было яшчэ рана, і старшына крыкнуў:

– Стой! Я табе ўляплю!

Бранябойшчык нездаволена азірнуўся, але паслухаўся і, відаць, зрабіў добра. Не прайшло і хвіліны, як ля бяроз выплылі з туману два бронетранспарцёры, яны спыніліся ля пярэдняга матацыкла, нешта пастаялі і пасля цішэй, чым дагэтуль, відавочна асцерагаючыся, пачалі спускацца па дарозе ўніз. За імі рушыла чарада матацыклаў.

Ужо зусім развіднела, скрозь разарваны ветрам туман паказалася ўгары клочча невысокіх аблокаў, дзе-нідзе між іх густой завалачы сіратліва бліскалі прагалы блакіту.

Карпенка зразумеў, што яно пачынаецца. Транспарцёры нямала занепакоілі яго, але старшына сабраў усю немалую сілу свае натуры і толькі сцяў сківіцы. Каб ударыць пэўна і з карысцю, трэба было падпусціць іх як найбліжэй, і Карпенка вызначыў для гэтага рубеж на дарозе – масток крокаў за дзвесце ад пераезда.

– Свіст! – гукнуў ён бранябойшчыку– Глядзі, брат, пачнеш з задняга. Чуеш?

– Будзь спок! – коратка азваўся Свіст, наводзячы на машыны доўгі ствол свайго «пэтээра».

Пераезд сціх. За лініяй чыгункі ў траншэі стаілася яго чацвёра абаронцаў. Заклапочаны Карпенка ўжо не азіраў сваіх байцоў і не бачыў, як самотна зморшчыўся за рогам старожкі малады твар Глечыка, як засцярожліва стаіўся за брустверам Аўсееў, як напружыўся за нацэленым «пэтээрам» Свіст. Бегучы сюды, у траншэю, баец недзе згубіў пілотку і цяпер уцяў у плечы галаву на якой ва ўсе бакі тырчалі яго абстрыжаныя льняныя віхры.

Пярэдні транспарцёр яшчэ не дасягнуў мастка, калі з яго нечакана і глуха раздалося «бу-бу-бу-бу...», і адразу ж на чыгунцы, брустверы, на даху старожкі і яшчэ недзе ззаду, з імпэтнай лютасцю раскідваючы зямлю і трэскі, прагрукатала чарга разрыўных буйнакаліберных куль. Карпенка схамянуўся, калі на яго шчаку пляснула гразёю, але выцірацца ўжо не было калі. Падумаўшы, што ворагі заўважылі іх, старшына старанна прыцэліўся і даў першую доўгую чаргу.

Скрозь грукат стрэлаў ён чуў, як побач звонка стукнуў Свістаў ПТР і на брані пярэдняй машыны бліснула злая іскрынка. Транспарцёр крутнуўся ўбок, тыцнуўся пярэднімі коламі ў канаву і стаў. Старшына адпусціў пад пальцамі курок, у той час другі транспарцёр выскачыў наперад. Зноў побач, балюча аддаўшыся ў вуху, грымнуў другі стрэл Свіста, і машына, збавіўшы хуткасць, паволі спынілася. Матацыклы закруціліся на дарозе, бы растрывожаныя вадзяныя жукі, бязладна заляскаталі іх кулямёты, і кароткі імпэтны посвіст куль зноў скрамсаў паветра над пераездам.

Карпенка хацеў крыкнуць Свісту, каб той хутчэй дабіў бранявыя машыны, але ён баяўся адарвацца ад кулямёта, каб не ўпусціць момант замяшання і не даць матацыклістам схавацца за транспарцёры. Жалезнай хваткай сцяўшы кулямёт, ён біў па іх кароткімі і доўгімі чэргамі і, здаецца, зрабіў сваю справу. Праз якую хвіліну два ці тры матацыклы ўжо кульнуліся ў канаву, адзін стаяў пасярэдзіне, пакінуты седакамі, толькі задні, спрытна завярнуўшы, памчаў па дарозе ўгору.

Карпенка павярнуў ствол і, спяшаючыся, каб не празяваць яго, разы тры націснуў спуск. Але матацыкл усё ж узляцеў на пагорак і, мінуўшы бярозы, выскачыў з-пад агню.

Тады старшына адарваў ад пляча кулямёт і зірнуў у нізіну. Транспарцёр на дарозе ўжо гарэў, ахоплены мігатлівымі языкамі полымя, і слаў над полем хвост чорнага касмылявага дыму. Другі стаяў у канаве, задраўшы на абочыну доўгую плямістую скрынку кузава, нечым падобную на труну, а ўздоўж канавы адзін за адным уцякалі к бярозам немцы.

Старшына зноў схапіўся за кулямёт, але дыск ужо апусцеў, і, мяняючы яго на зараджаны, камандзір азірнуўся на сваіх байцоў. Віцька Свіст таропка біў запальнымі кулямі, стараючыся падпаліць другі транспарцёр; з ажыўленым натхнёным тварам высунуўся з акопа Аўсееў, а за рогам падзёўбанай кулямі старожкі часта і нават неяк весела грукала і грукала вінтоўка Глечыка. Карпенка, не тоячы сваёй радасці, закрычаў:

– Агню, агаю давай! Бі, Аўсееў, ядроны корань! Палі гадаў!

I яны яшчэ білі ў нізінку, па ўцекачах на пагорку, пакуль некалькі ўцалелых ворагаў не схавалася за бярозамі. На дарозе, у канавах, ля транспарцёраў засталіся нерухомыя целы, адна падбітая машына гарэла дымным, хісткім на ветры полымем.

Тады байцы зразумелі, што адбілі першую атаку, перамаглі, і вялікая радасць ахапіла байцоў. Свіст мудрагеліста вылаяўся, агледзеўся і з зухаватым выразам на вясёлым свавольным твары падышоў да Карпенкі. Радасна і стрымана ўсміхаўся ў сваёй ячэйцы Аўсееў, недзе за старожкай з відавочнай неахвотай спыніў страляніну Глечык.

– Віцька, – маладзец, дай пяць, – сказаў Карпенка і моцным поціскам страсянуў руку бранябойшчыка.

А той, ззяючы радасцю на кірпатым твары, тлумачыў:

– Разумееш, думаў, па заднім, а калі пярэдні даў чаргу, рашыў: не! Гад, такой траскатні нарабіў, ужо думаў, галаву прадзіравіць. Ну, я яму проста ў лабаціну і звездануў.

– Халера, а мне пад самы ствол разрыўную ўсмаліў, ледзь вочы не заляпіў, – казаў Карпенка, выціраючы рукавом запэцканы твар. – Ну, цяпер уціхамірыліся.

– А я матацыкл падбіў, – уставіў Аўсееў, – Вунь, што ў канаву зваліўся. Мая работа.

Яны трошкі выхваляліся, шчасліва радуючыся першай перамозе, кожны быў поўны ўласных уражанняў, і ніхто не азірнуўся назад, дзе ля рога старожкі стаяў са сваёй драгункай сарамяжлівы Глечык. Невядома, як вытрымаў ён гэтае сваё першае выпрабаванне вайны, але цяпер у яго хлапечых вачах, звернутых да таварышаў, было сапраўднае шчырае захапленне.

Старшына Карпенка, аднак, нядоўга радаваўся, хутка ён успомніў Фішара, які нечакана стойка загінуў ля старых бяроз.

– Глядзі ты, а вучоны наш стрываў. Не збаяўся, – сказаў старшына і нахмурыўся.

Свіст і Аўсееў паглядзелі туды, дзе ледзьве прыкметнай плямкай выдзяляўся ў іржышчы акопчык Фішара. Яны не сказалі нічога, толькі кароценькая самота варухнулася ў іхніх вачах.

– А я на яго наракаў, – разважна казаў Карпенка. – А ён маладзец, глядзі ты.

Аднак кароткае захапленне-радасць хутка мінулася, людзі аддаліся новым развагам-клопатам пра сваё хуткае будучае. Старшына ведаў, што неўзабаве трэба яшчэ чакаць немцаў, ды ўжо куды болылае сілы, чым гэтыя, што былі, пэўна, разведкай. Ён загадаў Свісту, Аўсееву і Глечыку падрыхтавацца і сам пачаў набіваць патронамі два апусцелыя магазіны. Свіст адышоўся ў сваю ячэйку, стаў воддаль Аўсееў, а Карпенка, прысланіўшыся спіной да сцяны траншэі, шчоўкаў у дыску патронамі і думаў.

Неяк трошкі прыкра было камандзіру ад таго, што надоечы накрычаў ён на Фішара, што наогул не раз пагарджаў гэтым байцом, можа, нават зневажаў яго. Старшына ніяк не мог зразумець, як гэты інтэлігент-кніжнік наважыўся на такую самаахвярную смеласць. I Карпенка, які ўсё жыццё паважаў людзей простых, зразумелых і рашучых, як ён сам, цяпер першы раз усумніўся ў сваёй праўдзе, адчуўшы, што ёсць яшчэ нейкая невядомая яму сіла, апроч сілы мышцаў і знешняй відавочнай рашучасці.

– Але дзе ж гэты Пшанічны? Няўжо ўцёк?.. – сам у сябе запытаўся Карпенка і пакруціў галавой, падумаўшы, што і тут ён правароніў – нечага недагледзеў у чалавеку.

 

16

 

Аліку Аўсееву рыхтаваць-такі не было чаго: патронаў хапала, вінтоўка была ў спраўнасці, акоп даволі глыбокі, і баец, расшпіліўшы кручкі шыняля, узваліўся грудзьмі на бруствер і пазіраў на дарогу.

Якіх паўгадзіны назад у грымоце кароткага бою ніхто не заўважыў, што пасля першай чаргі з транспарцёра Аўсееў затуліўся галавой за бруствер і так не крануўся з месца. Баец зусім не бачыў дарогі, па якой ехалі немцы, і не страляў, толькі збочыў голаў, каб як-небудзь бачыць Карпенку. Пакуль грукацелі стрэлы, Аўсееў пакутаваў і ўсё папракаў сябе, прадчуваючы хуткую пагібель, папракаў, што не знік ноччу, калі стаяў на варце, не ўцёк за лес, дзе можна было б далучыцца да якога падраздзялення і ўнікнуць недарэчнай пагібелі. Нейкім асаблівым абвостраным пачуццём ён згадваў, што Пшанічны ўцёк назаўжды, і яму было дужа крыўдна за сваю нядаўнюю нерашучасць, за якую прыйдзецца цяпер плаціць галавой. Супраць гэтай блізкай пагібелі ў ім роспачна пратэставала ўсё цела, увесь настырны Алікаў дух, кожная клетачка крычала, патрабуючы жыць.

Але мінула нямнога хвілін, а пагібелі ўсё не было, ды і асаблівага страху – таксама. Стрэлы з дарогі сціхлі, толькі грукала збоч ПТР ды тарахцеў старшыноў кулямёт, і Аўсееў асцярожна выглянуў.

Тое, што ўбачыў ён на дарозе, адразу сагнала з яго панічны настрой, зніклі пакуты, баец схапіў вінтоўку і пачаў страляць. Ён біў у немцаў, якія ўцякалі па канаве, аднойчы яму здалося, што адзін з іх упаў, забіты яго куляй. Гэта аказалася нават прыемна – змагацца і перамагаць, і хоць Аўсееў ведаў другое і даўно вызначыў свае адносіны да гэтай барацьбы, нешта ў ёй мімаволі захапіла яго. Але бой хутка скончыўся, і ён аж пашкадаваў, што гэтак мала дасталося яму зухаватай радасці.

Пасля чым болей мінала часу, тым усё настойлівей пачалі з’яўляцца іншыя думкі – што добра зрабіў, застаўшыся тут, не паддаўшыся слабасці і страху, што цяпер і ён можа не толькі пахваліцца, але і адчуць у душы ніколі яшчэ не адчуванае і даволі прыемнае шчасце перамогі. Думкі ляцелі далей, і Алік згадаў ужо, што калі ім пашанцуе як выкараскацца адсюль, то ўсіх іх, відаць, узнагародзяць, і тады і ў Аўсеева будзе медаль або ордэн – гэта было незвычайна зманліва і абяцала нямала прыемнасцей.

Так ішоў час, а навокал усё было ціха. Недзе за парадзелымі, прадранымі да нябеснай сіні аблокамі праракаталі і сціхлі самалёты, аднекуль данесліся па ветры глухія выбухі бомб. Дзень зноў пачынаўся ветраны, па-асенняму няўтульны і сцюдзёны, але цяпер нягоды надвор’я адступалі на другі план.

Свіст па-ранейшаму не мог зладзіць са сваім ажыўленнем. Ніколькі не асцерагаючыся, ён вылез з гразкай траншэі і ў незашпіленым шынялі з настаўленым каўняром рассеўся на тыльным брустверы. Праўда, асцерагацца, можа, і не трэба было, бо дарога і поле наперадзе скрозь пуставалі. Транспарцёр яшчэ дыміў, але ўжо дагарэў, выставіўшы ветру закураны жалезны бок. Там жа стаялі пакінутыя пабітыя матацыклы, і Свіст, усё пазіраючы туды, не вытрымаў.

– Камандзір, – гукнуў ён Карпенку, які лапаткай выкідваў гразь з ячэйкі, – давай туды збегаю на хвіліну.

Карпенка выпрастаўся, паглядзеў у поле, паморшчыўся: відаць было, што ён не ўхваляе гэтай задумы, хоць і не хоча адмовіць Свісту.

– Га, камандзір? – пытаўся бранябойшчык. – Можа, з яды што прыдбаем. А то ўжо пуставата, турэцкі бог, ярына зялёная.

Карпенка яшчэ агледзеўся і нехаця дазволіў:

– Ну ідзі, толькі глядзі, каб дзе ранены не падстрэліў.

– О, мы яго хутка прыкокнем, – узрадаваўся бранябойшчык і пераскочыў траншэю. – Аўсееў, гайда са мной.

– Не, лепш ідзі сам.

– Эх ты, баягуз! – пагардліва кінуў Свіст і гукнуў Глечыку: – Пайшлі, салажонак, трафеі збіраць.

Глечык збянтэжыўся, не ведаючы, што рабіць, – хацелася паглядзець і было боязна вылазіць з траншэі на паверхню, дзе нядаўна лютавала смерць. Але адмовіцца ён усё ж не здолеў, тым больш што Свіст ужо пагардліва кінуў:

– Чаго трусіш? Пайшлі.

Тады ён узяў вінтоўку і вылез у вольны, вельмі прасторны і боязны свет. Яны перайшлі чыгунку і выправіліся па дарозе ў лагчыну.

Глечык даволі ніякавата адчуваў сябе тут, у гэтай прасторы, усё карцела адстаць ад Свіста, прыхавацца за яго спіну, думалася, што вось-вось ад тых варожых машын загрукаціць чарга і смерць-боль праніжа яго цела. Аднак там пакуль што не бачна было нікога, і хлопец стрымліваў, перамагаў свій страх і ішоў поплеч з таварышам. Так яны перайшлі масток і набліжаліся к пабоішчу, ніхто не страляў у іх, і Глечык паспакайнеў. Свіст жа досыць рашуча, з гранатай за дзягай, на якой блішчала вялікая флоцкая спражка, падышоў да транспарцёра, што стаяў на дарозе, абышоў яго, зазірнуў у адчыненыя ззаду дзверы. Жывога тут не відаць было нікога, воддаль на гразі ляжаў ніцма забіты немец, ля яго ў канаве другі, смярдзела паленай гумай, смылелым рыззём і фарбай. Не бачачы небяспекі, Глечык таксама падышоў да машыны.

Зірнуўшы туды-сюды, Свіст ухапіўся за дзверцы і скочыў у нутро транспарцёра. Глечык з нарыхтаванай вінтоўкай зазірнуў следам і аж адскочыў са страху. На чорным цыратавым сядзенні, адкінуўшы голаў і звесіўшы на дно нерухомую руку, ляжаў забіты гітлеравец. Пасля, трохі асмялеўшы, хлопец цікаўна і палахліва ўгледзеўся ў яго бяскроўны белабрысы твар, ён хацеў убачыць у ім які выраз, якую рысу – разгадку той ваяўнічай сквапнасці, што несла ў Расію шматмільённая армія гэтых чужынцаў. Але твар немца быў звычайны, хударлявы, парадкам няголены, і ні следу болю, ні чаго іншага з былога пачуцця ўжо не было ў ім. Свіст жа, безуважны да забітага, бесцырымонна пераступіў яго і, лязгаючы нейкім жалеззем, пачаў корпацца ў чэраве машыны.

– Эй, Глечык, трымай!

Ён падаў у дзверы новенькі і нічуць не абгарэлы зграбны варанёны кулямёт. Глечык узяў яго, а Свіст яшчэ пакапаўся нешта і саскочыў з бярэмкам набітых патронамі стужак. Іх ён таксама аддаў хлопцу, а сам падхапіў на дарозе пакінуты аўтамат, нагой перавярнуў на спіну яго забітага гаспадара і гідліва плюнуў. Глечык увесь час адчуваў сябе ніякавата і боязна. Забітыя былі зусім як жывыя: у шынялях, рамянях, з круглымі бляшанкамі процівагазаў, толькі не рухаліся, але, здавалася, у кожнае імгненне яны могуць ускочыць з долу і кінуцца на іх. А Свіст гэтым часам, не звяртаючы на мерцвякоў асаблівай увагі, агледзеў матацыкл, абышоў другі транспарцёр, той, што засеў у канаве, і цераз борт таксама пералез у яго кузаў.

– Халера, няма нічога, – з прыкрасцю сказаў ён адтуль. – Пагарэў увесь харч, ярына зялёная.

Глечык дык аж узрадаваўся, што яды не знайшлося (якая там яда сярод гэтай гідоты). Доўга тут расходжвацца яны не сталі і неўзабаве падаліся назад.

Хлопец валок кулямёт, цяжкі маток металічных стужак і цяпер ужо не адчуваў таго страху, з якім ішоў сюды. Гэтая экскурсія нават спадабалася Глечыку, і ён усё перажываў захапленне сваімі сябрамі, якія ўчынілі такі вялікі разгром. Цяжка было нават уявіць сабе, што тыя звычайныя, простыя людзі гэтак удала панішчылі магутную германскую тэхніку, пабілі на дарозе тых самых немцаў, якія заваявалі Еўропу і якіх ад самай граніцы не маглі спыніць нашы дывізіі. Хлопец не мог зразумець усяго, але адчуваў, што і Карпенка, і Свіст, можа, і Аўсееў за знешняй сваёй прастатой і нехлямяжасцю маюць нешта ўмелае, дужае і надзейнае. I толькі ён, Глечык, відаць, не меў у сабе ніякай вайсковай сілы і таму баяўся і пакутаваў: гэтулькі страху ў нядаўнім баі вынесла яго хлапечае сэрца. Але ён пяўся, душыў у сабе той страх, стараўся хоць чым-небудзь памагчы ў той агульнай справе, што рабілі яны. Цяпер жа, пазнаўшы першую перамогу і супакоіўшыся, ён немаведама што гатовы быў зрабіць для камандзіра Карпенкі, для смелага слаўнага Свіста, да слёз шкада было Фішара, з якім яны трохі нават пасябравалі ў апошнія дні і елі суп з аднаго кацялка. Маладая, адзінокая і шчырая душа Глечыка гарнулася да іх – гэтай маленькай купкі байцоў, у якой і ён пакрысе пачынаў знаходзіць свой жыццёвы прытулак.

– От гэта ладна, – сказаў Карпенка, калі яны падышлі да траншэі. – От гэта хвалю.

Ён пераняў у Глечыка яго ношу, беражна агледзеў новенькі кулямёт, ухапіўшы вялізнай пяцярнёй, пацягнуў рукаятку.

– Трафей, – засмяяўся Свіст, скакаючы ў траншэю да камандзіра. – А гламянуць няма. Была торба галет, ды і тая абгарэла. А гэта табе, камандзір, – усё трохі лягчэйшы за твайго пудовіка «дзегцяра».

Карпенка ўсё круціў у руках кулямёт, аглядаючы яго з усіх бакоў, паляскаў затворам, пацэліўся, ускінуўшы на руку. Кулямёт яму падабаўся, але старшына ўсё нешта разважаў з сабой.

– А патроны? – спытаў ён Свіста. – Гэта і ўсё? Не, брат, не падыдзе. На, Аўсееў, асвойвай, ваяваць будзеш, а мне мой болей здатны.

Свіст, здзівіўшыся, свіснуў і крануў на віхрах пілотку.

– Ну і дарма. Я яго сам схапіў бы, ды ПТР – з двума не зладзіш.

Аўсееў без усякай радасці ўзяў кулямёт, а Свіст, запусціўшы руку ў глыбокую кішэню свайго шыняля, нешта выняў у сцятым кулаку.

– Ну, а на гэта што скажаш? Га?

Карпенка далікатна ўзяў з яго далоні круглы кішэнны гадзіннік на доўгім бліскучым ланцужку, заскарузлымі вялікімі пальцамі беражна расчыніў футляр, пакруціў галоўку. Гэта быў добры кішэнны гадзіннік з секунднай стрэлкай, выпуклымі фосфарнымі лічбамі на крэмавым цыферблаце.

– Пятнаццаць камянёў, анкерны ход – вот, брат, трафей! – хваліўся Свіст. – Хочаш, бяры. На імяніны не дам, а цяпер – калі ласка.

– Глядзі ты, ладная штуковіна: пятнаццаць камянёў, кажаш? – не то ўсур’ёз, не то з іроніяй казаў старшына. – Маладзец ты, Свіст, малайчына. Так праз год-два з цябе выйдзе выдатны марадзёр, ці не так, ярына зялёная?

– Ну, яшчэ што скажаш: марадзёр! – засмяяўся Свіст. – Не хочаш – давай сюды.

Ён працягнуў руку, але Карпенка, не зважаючы на гэта, размахнуўся з усяе свае немалое сілы і так ляпнуў гадзіннікам аб пашчэрбленую сцяну старожкі, што аж пасыпалася тынкоўка і з тонкім звонам разляцеліся ў бакі, пэўна, усе пятнаццаць каменьчыкаў.

– Вось і ўсё, і маўчок – справа скончана, – сказаў камандзір і адвярнуўся да свайго кулямёта ў ячэйцы.

Свіст пачухаў патыліцу, па-блазенску падміргнуў Глечыку і сапраўды ые сказаў ні слова.

 

17

 

Зацікавіўшыся новаю зброяй, Глечык падышоў да Аўсеева, і яны ўдвух пачалі даследаваць гэты трафейны кулямёт. Аўсееў чамусьці зноў стаў невясёлы і маўклівы, і нельга было зразумець, што рабілася ў яго душы. Дэманстратыўна, не прыкмячаючы Глечыка, ён паставіў на бруствер трафей, здзьмухнуў пыл і расчыніў затворную каробку.

– «Эмга трыццаць чатыры», апошняй мадэлі, – буркнуў ён. – У вучылішчы мы вывучалі. Хуткастрэльнасць велізарная – не раўня нашаму «дзегцяру».

Глечык уважліва глядзеў, слухаючы болей за сябе спрактыкаванага таварыша, і думаў, што той пакажа, як абыходзіцца з кулямётам. Але Аўсееў з незразумелай варожасцю закрычаў на хлопца:

– А наогул на якога д’ябла! Ты прынёс – ты і страляй!

– Дык я ж не ўмею, – шчыра прызнаўся Глечык. – А чаму ты не хочаш?

Аўсееў памаўчаў, пашчоўкаў затворам і злосна гыркнуў:

– Мне яшчэ жыць хочацца.

Глечыку ён не хацеў казаць усяго, што разумеў сам, – таго, што з кулямётам куды больш небяспечна ў баі, чымся з вінтоўкай, што ў першую чаргу б’юць кулямётчыкаў, што цяпер яму не схавацца ў траншэю, бо Карпенка запатрабуе агню і зноў Аўсееву прыйдзецца рызыкаваць галавой. Адразу чорным ценем азмрочыўся яго спачатку праяснелы настрой, зноў у голаў шыбануў жаль, што, паддаўшыся нерашучасці і стоме, праспаў такую здатную для паратунку ноч. Трывожнае пачуццё асуджанасці ўсё болыц ахоплівала яго, і Аўсееў, напружыўшы ўсе сілы розуму, узяўся шукаць выйсця.

Ён прыкінуў, што калі перадаць кулямёт Глечыку і дамовіцца з ім, дык можна было б, прыкрываючыся ад старшыны рогам старожкі, па траншэі і канаве як-небудзь прабрацца к лесу. Думалася яму, што напалоханы ў першай сутычцы Глечык можа пагадзіцца на ўцёкі, а ён паабяцае, што затым паможа знікнуць і яму. Таму, раптам перамяніўшы свае адносіны да маладога байца, Аўсееў па-сяброўску спытаў:

– Слухай, хочаш кулямёт? Страляць я цябе навучу.

– Ага, навучы, – згадзіўся Глечык і падступіў бліжэй.

Аўсееў ужо акрыяў ад першай удачы і ўзяўся тлумачыць, як зараджаць кулямёт, калі ад старожкі пачуўся строгі Карпенкаў голас:

– Не хітруй, Аўсееў. Тут табе не кірмаш – таргавацца. Табе загадана, ты і выконвай.

Звузіўшы на ветры злосныя вочы, Аўсееў з нянавісцю паглядзеў на старшыну і прыкусіў губу.

– Сабака, – ціха сказаў ён праз зубы. – Фельдфебель. Чорта лысага ты тут да вечара пратрымаешся. Паб’юць, як мышэй.

Глечык з раптоўнай трывогай у душы зірнуў на яго, памаўчаў, прыкідваючы сэнс благіх слоў, і не паверыў таварышу.

– Няўжо паб’юць? А мы з кулямётаў, ды «пэтээр» ёсць.

– З кулямётаў! – пагардліва чмыхнуў Аўсееў. – Прафан ты ў гэтых справах. Невук зялёны.

Глечык збянтэжана паціраў рукавом варанёную сталь кулямёта. Настойлівая ўпэўненасць Аўсеева ў благім урэшце ўстрывожыла і яго, але хлопец не хацеў верыць у тое, бо ўжо звыкся з думкай аб іх удачы, і з кепскім проста не было сіл пагадзіцца.

– Пшанічны вось змыўся, – змрочна паведаміў Аўсееў. – I, пэўна, зрабіў правільна.

– Як змыўся? – прастадушна здзівіўся Глечык, узняўшы на хлопца вялікія чысцютка-сінія вочы.

– Так. Махнуў у тыл і цяпер дзе-небудзь у абозе анучы сушыць.

Глечык паныла змоўчаў, стараючыся зразумець таямнічае знікненне Пшанічнага. Як можна было пакінуць таварышаў, узвод, уцячы ў тыл, – гэтага Глечык, як ні стараўся, ніяк уявіць не мог. У галаве паўставалі неадольныя ў яго разуменні перашкоды для такога ўчынку – загад камбата, які належала выканаць, гнеў таварышаў, каторы ў такіх умовах нельга было стрываць, вечная ганьба трусасці, што разадрала б яго душу, урэшце – такія далёкія, але ўладарныя паняцці, як прысяга і абавязак перад Радзімай.

Пакуль хлопец пакутліва меркаваў, Аўсееў адступіў у траншэю і пільна пазіраў на яго. Першы план паратунку праваліўся ў самым яго пачатку, і цяпер хітры Аўсееў цяміў, што прыдумаць яшчэ. Згаворвацца з Глечыкам было, відаць, марнай справай, бо хлопец ён недалёкі і цяпер трохі абстраляўся, пасмялеў і на ўцёкі, пэўна, не згодзіцца. Не адважваючыся канчаткова раскрываць яму свой намер, Аўсееў усё думаў, пакуль грымотны голас Карпенкі зноў не ўстрывожыў увесь пераезд:

- К бою!!!

Міжвольна падпарадкуючыся камандзе, Аўсееў ухапіўся за кулямёт, палахліва кінуўся на сваё месца Глечык, а старшына ўладарна і сурова распараджаўся далей:

– Свіст, на прыцэл – танкі! Аўсееў – па пяхоце! Глечык – гранаты к бою! Замры! Агонь па маёй камандзе!

Зноў смяротная небяспека падступіла да пераезда. Удалечы добра бачнай дарогі на выездзе з вёскі, стрэхі якой ледзьве тырчалі з-за ўзгорка, паказаліся немцы. Гэта была вялікая, відаць, калона, яна марудна пасоўвалася з некалькімі танкамі ў галаве.

Над шэрым восеньскім полем, над скрыжаваннем дарог і далёкім лесам, за якім быў такі зманлівы для гэтых людзей паратунак, сумнай усмешкай бліснула нізкае сонца.

Толькі на адзінае імгненне ясным прасветам слізганула яно па сырой гліне траншэі, шэрай сівізне ржышча, полымем кранула рэдкае пажоўклае лісце бяроз, і гэта яго ціхая ласка вострым болем тугі працяла людскія сэрцы. Глечык скіраваў удалячынь вінтоўку, асцярожна загааў у патроннік патрон і ўціснуў у плячо пашкрэбаны драўляны прыклад. Ён трошкі пабялеў, зябка ўздрыгваў і, каб суняць тую дрыготкую самоту, тужэй прыціскаўся да зямлі і мацней сціскаў ложа. Карпенка высунуў наперад цяжкую сваю сківіцу, у дзесятак маршчын сцяў нізкі шырокі лоб. Аўсееў зморшчыўся, нібы ад зубнога болю, і здзічэлым позіркам лыпаў па абшарах, шукаючы, пэўна, ратунку. У гэтым пакутным напружанні раптам незвычайна і дзіўна прагучала заўзятая Свістава прымаўка:

– Эх, ярына зялёная, вышэй голавы, тужэй дзягі! Слухай байку.

Глечык, якому за рогам старожкі не відзён быў гэты дзівакаваты чалавек, аднак учуў яго і здзівіўся. Здзіўлена варухнуў брывамі зацяты заклапочаны камандзір, нервозна вертануўся к суседу Аўсееў. А Свіст, прыгарнуўшы да бока абшыты кірзай прыклад свайго «пэтээра» і сочачы за ворагам, казаў:

– Ось, браткі. Сядзяць у турме два басякі. Аблаялі ўрадніка, вось і сядзяць галодныя і пра жратву думаюць. Кажа адзін: «Давай, Ягор, зробім падкоп і ўцячом», – «Давай», – згаджаецца Ягор. «Пасля давай зломім замок і ўлезем у хлебную лаўку». – «Давай», – кажа Ягор. «Возьмем бохан і ходу». – «Давай». – «Схаваемся дзе ў падваротню і па чарзе: я кусь, ты кусь...» – «Ага, – аблізваецца Ягор. – Ты кусь, і я кусь... кусь». – «Я кусь, а ты кусь-кусь! – як зараве Піліп. – Во табе!» – і кулаком у рыла Ягору. Той і завыў: «Ты ж сам два разы кусь-кусь». I давай яны біцца. Уляцеў надзірацель, разняў і абодвух у карцэр – на адну ваду. Вось. Можна смяяцца, – жартоўна абвясціў Свіст.

Але і гэты раз ніхто не смяяўся. Карпенка не спускаў вачэй з калоны, якая ўсё расла і расла на дарозе, ужо чуваць было, як дрыжала зямля ад танкаў, як ляскацелі іх цяжкія шырокія тракі. Пяхоты, здаецца, было небагата – некалькі машын, а далей у калоне ішлі гружаныя аўтамабілі. Крыху не дасягнуўшы бяроз, якраз на самым пагорку, пяхота пасаскаквала з кузавоў і тут жа пачала разбягацца абапал дарогі ў няроўны мітуслівы ланцуг. Машыны спыніліся, і далей уніз пайшлі танкі – тры грукатлівыя сталёвыя аграмадзіны.

– Віцька! – сярод наплыўшага густога грукату ўстрывожана крыкнуў Карпенка. – Глядзі не спяшайся!

Свіст не спяшаўся. Недзе ўнутры яго маркотна заныла нядобрае прадчуванне: ведаў баец – пачнецца нялёгкае. Але гэта на адзін толькі кароценькі момант. Хлопец адразу ж перайначыў сябе на звычайны зухавата-дзелавы настрой і сачыў за ворагам. Трохі засмучала яго, што танкі ішлі ў лоб. Хоць бы адзін крутнуў дзе ўбок, падставіў борт, і тады Віцька напэўна пранізаў бы яго. Але яны ішлі прама, а ля дарогі, не спраўляючыся за імі і адстаючы, разгортваўся ланцуг.

З сярэдзіны пагорка пярэдні танк, не спыняючыся, грымнуў стрэлам – над пераездам нешта фыркнула, і ззаду ў полі скалануў зямлю выбух. Другі снарад ударыў у чыгунку перад траншэяй – байцоў аглушыла, абдало пылам, зямлёй, кіслым смуродам тратылу. На лініі ўздыбілася некалькі вывернутых з насыпу шпал, задраўся ўгору сагнуты канец перабітай рэйкі.

Пагойдваючыся і пакалыхваючы гарматамі, танкі ішлі ў лагчыну, а пераезд маўчаў. Пярэдні ўжо набліжаўся да абгарэлых транспарцёраў, дасягнуў іх, сапхнуў у канаву пакінуты матацыкл і павярнуў крыху, каб абысці завернутую ўпоперак дарогі машыну. I тады без каманды Карпенкі, але вельмі ў час звонка грукнула Свістава ружжо, і танк адразу стаў. Яшчэ нічога не было відаць – ні дыму, ні полымя, але збоку ўжо адскочыла накрыўка люка, з якога, бы тараканы са шчыліны, кінуліся на дарогу чорныя танкісты. Старшына даў першую чаргу, і пераезд азваўся беспарадачным грукатам.

Яшчэ праз хвіліну ўвесь гэты восеньскі панылы абшар напоўніўся бязладным грымоццем стрэлаў. Трапіўшы пад кулямётны абстрэл, пяхота ў полі залягла і адкрыла па пераездзе агонь. Другі танк асцярожна пасоўваўся па дарозе, адпіхнуў убок транспарцёр і, прыпыніўшыся, навёў гармату.

– Лажысь!!! – галасіста крыкнуў Карпенка, і не паспеў яшчэ яго крык патануць у грукаце бою, як страшэннае сілы выбух чорнай земляной хмарай накрыў пераезд-траншэю, людзей, старожку.

Калі пыл здзьмула ветрам, стала відаць, што ад той дарожнай будыніны разляцеліся ў бакі кавалкі дошак, тынкоўкі, ад даху не засталося і следу, а ў тым месцы, дзе некалі была грубка, курылася вялізная варонка з мучніста-мяккай зямлёй.

Пераезд змоўк, здавалася, нікога жывога ўжо не засталося ў траншэі. Аднак у самым канцы яе мільганула зацярушаная пяском постаць Свіста – ён ухапіў ружжо і роспачна-злосна вылаяўся. Яго ўлюбёная зброя, якая не раз ужо выратоўвала людзей з бяды, недарэчна пазірала з бруствера кароткім перабітым ствалом.

– Старшына, братка! Што нарабілі, гады паўзучыя! Ах, чортавы вырадкі! – лямантаваў Свіст, без патрэбы ляпаючы затворам сваёй сапсаванай зброі.

I тады з акопа ўзнялася збялелая ў твары, дзіўна павольная і расслабленая постаць Карпенкі. Невідушчым позіркам змярцвелых вачэй старшына паглядзеў на дарогу, дакрануўся рукой да разбітай галавы, з якой на плечы шыняля, на бруствер і прыклад кулямёта лілася густая неўтаймаваная кроў.

– Свіст!.. Не пушчаць! – слабым дрыготкім голасам выкрыкнуў ён і паваліўся ў траншэю.

Свіст кінуўся да яго, мінаючы Аўсеева, які, уцяўшы голаў у плечы, курчыўся ў ячэйцы. Бранябойшчык падхапіў старшыну, прыўзняў яго, той цяжка, задышліва соп, круціў галавой і асіпла прасіў:

– Танкі, танкі... Бі, не спазніся...

Ён не ведаў, што біць танкі ўжо не было чым, і Свіст яму не сказаў пра гэта. Крывавячы свае рукі, бранябойшчык пацёртым у кішэні пакетам перавязваў яго галаву са зліплымі ад крыві валасамі, услухоўваўся ў грукат бою і недарэчна супакойваў параненага:

– Нічога, нічога! Ты ляжы, ляжы...

Пасля баец ускочыў у траншэю, працяты благой думкай, што немцы ўжо побач, а іх засталося ўсяго двое. Але ў гэты час з боку ад руін старожкі забахалі стрэлы Глечыка, Свіст узрадаваўся і схапіў кулямёт старшыны. Немцы ў полі пакрысе перабягалі ў нізіну, а два танкі вельмі асцярожна, адзін па правым баку дарогі, другі па левым, мінулі транспарцёры і набліжаліся да мастка. Кулі з іх кулямётаў секлі зямлю, чыгунку, быльнёг, верашчалі ўвысі, рыкашэцячы ад рэек. Разрывы і стрэлы поўнілі наваколле грымотным жахлівым стогнам.

Свіст быў чалавек дзеяння, не ў яго характары было разважаць і думаць нават у спакойны, здатны для гэтага час. Цяпер ён бачыў, што, прарваўшыся на пераезд, танкі падушаць іх у траншэі і, нікім не затрыманыя, пойдуць далей, да лесу. Адзінае месца, дзе можна было затрымаць іх, – гэта на мастку, абапал якога ляжала гразкая балацявіна. Гэтая думка імгненна ўзнікла ў яго галаве, калі пярэдні танк быў ад мастка ў якіх пяцідзесяці кроках.

Бранябойшчык кінуў кулямёт і, бегучы ў свой канец траншэі, крыкнуў усё яшчэ скурчанаму ў ячэйцы Аўсееву:

– Давай к кулямёту! Прыкрый!

Ён ухапіў у абедзве рукі дзве цяжкія супрацьтанкавыя гранаты, на локцях і каленях вылез з акопа, пераваліўся цераз бруствер, ускочыў, прыгнуўшыся, разы тры сігануў да чыгункі і кульнуўся ў выбітую снарадам варонку. Там ён агледзеўся. Танкі ўсё ішлі, б’ючы з кулямётаў, кулі коратка, люта фыркалі над самым насыпам. Ён трошкі марудзіў, цяжка дыхаў і збіраўся на апошні, рашучы скачок. Разбіваючы сырую зямлю, наўскасяк ад шпалаў к канаве прабегла чарга – вжык, вжык, вжык, – і на абочыне застаўся роўны ланцужок чорных плямак-адмецін. Свіст ускочыў і што было сілы кінуўся ўніз, пад прыкрыццё невысокага дарожнага насыпу.

Па сцягае яго ўсё ж сцебанула, баец адчуў, як пацёк да калена гарачы ліпкі струмень крыві, але боль быў невялікі, і баец не зважаў на яго. Прыгнуўшыся за насыпам, на каленях і локцях, ён кінуўся да мастка, на які, замарудзіўшы ход, быццам конь, які абнюхвае трываласць апоры, ужо выходзіў пярэдні танк. Удушлівая горыч перахапіла дыханне, ад стомы ў грудзях разрывалася сэрца.

Яны сышліся якраз на мастку – ушчэнт змораны, паранены баец і гэтае грымлівае крыжастае страшыдла. Свіст, слаба размахнуўшыся, адну за адной шпурнуў пад гусеніцы абедзве свае цяжкія гранаты, але сам ні схавацца, ні адбегчы ўжо не паспеў...

 

18

 

Невядома, што здалося немцам, але пасля таго, як пярэдні іх танк, падарваны Свістам, праваліўся пад мост, уткнуўшыся гарматай у тарфяністую багну балота, яны ўзняліся са схілу пагорка і, адстрэльваючыся, пачалі адыходзіць назад. Другі танк даў задні ход і таксама папоўз угору. Страляніна паменшала, і, абцярушаны зямлёй, замурзаны, спакутнелы, Глечык адарваўся ад сваёй вінтоўкі.

Увесь ён аж калаціўся ад перажытага і ледзьве асільваў сябе, каб не заплакаць, не спарахнець ад пакут і мінулага жаху. Пачуццё і розум не маглі пагадзіцца, што няма ўжо і Свіста, што нерухомая яго постаць, выбухам адкінутая ў травяністую мокрую забалаць, ніколі ўжо не ўстане, не загамоніць, нават не паварухнецца. Але самае страшнае было ў пакутным бяссіллі заўжды ўладарнага, руплівага старшыны, без якога Глечык адчуў сябе зусім маленькім, слабым і разгубленым. Ён не парадаваўся нават з таго, што немцы пачалі адыходзіць. Агорнуты новай трывогай, хлопец падбег да Карпенкі.

Старшына, відаць, вельмі пакутаваў. Твар яго неяк раптоўна схуднеў, шчокі запалі, збялелі пад натапыраным шчаціннем, якое цяпер адразу пабольшала. Ён ляжаў на баку, адкінуўшы голаў, у набрынялай крывёю павязцы, уздрыгваў, курчыўся ад болю і ціха варушыў вуснамі. Глечык, укленчыўшы побач, нагнуўся, яго спакучанае сэрца балюча сцялася ад нясцерпнага гора страты.

– Што, што? Ну што вам, таварыш старшына? Свіста няма, няма, – бы да малога, лагодна і жаласна казаў ён, прытрымліваючы знявечаную галаву камандзіра.

– Стой... Стой... – відаць, не пазнаючы байца, ціха шаптаў старшына. Яго засмяглыя вусны ледзьве ўжо варушыліся, усё болыпалі паўзы між словамі.

– Свіст... Бі!

Глечык зразумеў, і ў яго скрывіліся вусны – ад жалю да камандзіра і сябе, да мёртвага небаракі Свіста, ад страху і роспачнай адзінокай безнадзейнасці. Не ведаючы, чым дапамагчы параненаму, ён усё папраўляў яго голаў, падклаў пад яе сваю пілотку, але старшына не ляжаў на ёй, усё кідаўся, скрыгаў зубамі, хмурыў, паводзіў брывамі, быццам назіраў бойку, і натужна патрабаваў:

– Свіст... Свіст... Раз-зява!..

– Яны ўжо адступілі, – усё сіліўся вытлумачыць Глечык. – Адышлі.

Старшына быццам учуў тое, прыціх, услухаўся, цяжка, з намаганнем узняў павекі і далёкім, незнаёмым позіркам паглядзеў на хлопца.

– Глечык! – неяк нібы супакоена і нават трошкі ўзрадавана вымавіў старшына. – Глечык, ты?

– Што вам, таварыш старшына? Можа, вады? Можа, шынель падаслаць? Свіста няма ўжо, – казаў Глечык, адразу акрыяўшы ад таго, што старшына ачнуўся.

Гэтая нечаканая радасць узбадзёрыла хлопца, і тое, што гэты суровы, паважаны камандзір меў патрэбу цяпер у яго дапамозе, натхнёнай самаадданасцю запаліла Глечыка. Ён адчуваў, што мог бы цяпер перамагчы найцяжэйшае, перасіліў бы ўсялякі страх і гатовы быў на самае вялікае, калі б тое спатрэбілася старшыне. Але камандзір зноў заплюшчыў вочы і сцяў зубы – сказаць ужо ён, здаецца, не мог нічога. I тады ў траншэі з’явіўся Аўсееў. Прыгнуўшыся, з вінтоўкай у руцэ, ён таропка сігануў цераз Карпенку, абсыпаўшы яго зямлёй са сцяны, і нечакана і загадкава кінуў Глечыку:

– Цякай к чортавай матары!

Усё прытрымліваючы старшынову голаў, Глечык не зразумеў і вялікімі змярцвелымі вачыма няўцямна пазіраў услед таварышу, які адразу ж знік за павароткай траншэі. I калі праз момант усё стала страшэнна ясна, Глечык амаль фізічна адчуў, як пакутна сутыкнуліся ў яго душы два варожыя неўразумелыя пачуцці – прагнасць паратунку, пакуль была на тое магчымасць, і свежая яшчэ, толькі што пазнаная і гордая рашучасць стрываць. Хлопец збянтэжыўся і аж застагнаў ад гэтай нязноснай раздвоенасці. А на дне траншэі кідаўся непрытомны камандзір, яго акрываўлены, спатнелы твар пыхаў жарам і вялікаю мукай, а з вуснаў слабым шэптам сыходзіла адна толькі фраза:

– Свіст, агонь! Агонь, хутчэй агонь... ох!

Нешта гарачым варам шыбанула ў голаў Глечыка, з вачэй яго, няпрошаныя і нястрымныя, пырснулі слёзы, пякучая крыўда апаліла яго шчырую душу. Ён ускочыў у траншэю, ужо не тоячыся ад ворага, і ўбачыў Аўсеева, які, мільгаючы падэшвамі, шалёна адмахваючы левай рукой, з вінтоўкай у правай, шпарка бег па канаве да лесу. Глечык захлябнуўся слязьмі і крыўдай і па-хлапечы звонка з неспатольнай здзічэлай роспаччу закрычаў услед:

– Стой!! СтойН Што робіш, зладзюга?! Стой!!!

Аўсееў на бягу азірнуўся і яшчэ хутчэй замільгаў нагамі, відаць было, не затым ён пабег, каб спыняцца. Тады Глечык дрыготкімі рукамі ўхапіў старшыноў кулямёт, перакінуў яго на тыльны бруствер і, амаль не цэлячыся, выпусціў наўздагон Аўсееву ўсё, што было ў недастрэленым дыску.

Калі ён, узрушаны і дзіка зацяты ад жаху, адняў ад прыклада замурзаную шчаку, дык убачыў далёка ў канаве шэры нерухомы бугарок шыняля, што горбіўся на спіне Аўсеева, і болей аж да самага лесу нідзе не было нікога. Знясілены Глечык гаротна апусціў рукі. Восеньскі вецер хутка сушыў яго слёзы, баец раптоўна апусцеў, сціх і, хістаючыся, невядома куды пабрыў па траншэі.

Ён хадзіў так па ёй, можа, гадзіну ці дзве. Хадзіў, слепа натыкаючыся на сцены, на зваротку ля сваёй ячэйкі, погляд яго стаў нерухомы, і ў акруглелых вялікіх вачах была пустата. Адзін раз ён наткнуўся на старшыновы ногі ў кірзавых ботах, спатыкнуўся аб іх і апусціўся да былога свайго камандзіра. Старшына ляжаў ціха, раскінуўшы ў бакі сагнутыя ў локцях рукі і трошкі ашчэрыўшы шырокія зубы. Нічога ў ім ужо не было ад былой рупнай камандзірскай строгасці, толькі цьмяна ўгадвалася ў рысах твару нейкае запытанне, здзіўленне – можа, адбілася гэта ўчарашняя развага аб тым, каму з іх, шасцярых, суджана будзе закончыць бой. I, можа, адчуў ён або зразумеў, што побач адзін толькі Глечык, і таму спазнелым нямым здзіўленнем азначыўся гэтым змярцвелы твар.

 

19

 

У полі запанавала цішыня. Вецер настойліва гнаў з неба нізкае ашмоцце хмар, шмат дзе ў вышыні блішчалі прагалы блакіту з беражкамі далёкіх белых аблокаў. Між імі зманлівай скупой радасцю праглядвала восеньскае сонца, і шырокія імклівыя цені няспынным агромністым статкам хутка-хутка плылі па зямлі.

Гэтая маўклівая сцішанасць мала-памалу пачала вяртаць да жыцця збалелага нутром Глечыка. Як ні жахліва і безнадзейна было яму заставацца ў адзіноце на месцы смерці сваіх таварышаў, але, забіўшы Аўсеева, ён адчуў, што прыйдзецца трываць да канца. I хлопец няспешна і без былой баязлівасці, безуважны ўжо да сябе, хадзіў па траншэі і ладзіў зброю. Ён перанёс старшыноў кулямёт у Свіставу ячэйку, трафейны паставіў на другім флангу. Пасля ён туды ж перавалок стужкі, апроч таго, у Карпенкавай ячэйцы ўзяў апошнюю супрацьтанкавую гранату, развінціў, паглядзеў, ці зараджана, і паклаў на броўку траншэі.

Немцы на пагорку чамусьці маўчалі, але не знікалі і ўсё хадзілі ўдалечыні за бярозамі, нешта выглядалі. Аднойчы, збочыўшы з дарогі ля вёскі, у поле выехала некалькі машын з гарматамі ззаду. Глечык разумеў, што яны нешта рыхтуюць, але ранейшага страху ў хлопца ўжо не было, была толькі маўклівая злараднасць ад іх шматлікіх намаганняў супраць яго, аднаго.

Так ішоў час, ужо, мабыць, настаў поўдзень. Неба ўсё праяснілася, зганяючы хмары, усё часцей і даўжэй паказвалася негарачае сонца. Вецер добра сушыў начную макрату, святлелі размяклыя груды бруствера, бралася ў падсохлыя плямы дарога, толькі Глечыкаў шынель усё быў вогкі, ушчэнт запэцканы глеем і пудовым цяжарам душыў плечы. Міжвольна горнучыся да цяпла і сонца, баец вылез з сырой засені акопа і сеў на бруствер, звесіўшы з калень бязвольныя рукі.

Так, перажыўшы страх і дакучлівую асцярогу за сваё жыццё, маўкліва сядзеў ён на пераездзе тварам да таго поля, дзе варушыліся, ездзілі і хадзілі ворагі, рыхтуючы чарговы ўдар, і ў галаве яго мроіліся невясёлыя, цяжкія думкі.

Перш за ўсё да свядомасці дайшло адчуванне мізэрнасці і марнасці ўсіх яго колішніх пякельных крыўд. Які ён быў дурны, крыўдуючы калісьці на маці, айчыма, балюча перажываючы дробныя нягоды вайсковай службы – старшынову строгасць, нячуласць таварышаў, сцюжу і голад, страх смерці. Якое ўсё гэта было далёкае і надзіва нязначнае, дробязнае ў параўнанні з толькі што перажытай трагедыяй пагібелі тых, каму болей, чымся сабе, верыў ён і каго гэтак паважаў у жыцці. Відаць, гэтае няшчасце было яго першым пасля смерці бацькі сапраўды жахлівым няшчасцем. Хлопец невыразна адчуваў, што, перажыўшы яго, ён ужо не мог застацца ранейшым – ціхманым, боязкім Глечыкам, нешта новае – мужнае і цвёрдае – уваходзіла ў яго характар.

Але, здаецца, выжыць яму не давядзецца. У поле з вёскі выехала яшчэ некалькі машын, яны падаліся ў аб’езд, у бок лагчыны. На пагорку, відаць, на прамую наводку, ставілі, акопвалі некалькі гармат – ворагі рыхтаваліся грунтоўна і пэўна. А жыць так хацелася – хоць як-небудзь: у сцюжы, голадзе, страху, хоць у такім жудасным пекле, якім была вайна, – усё роўна хацелася жыць.

Глечык, зажмурыўшыся, усім нямытым, запэцканым слязьмі тварам паглядзеў угору на сонца – яно было яшчэ высока і свяціла, не спяшаючыся на сустрэчу з ноччу, якая так патрэбна была байцу. У той жа момант да яго слыху даляцелі дзіўныя журботныя гукі, ад якіх ён яшчэ вышэй задраў галаву і ўгледзеўся ў паднябессе. Ён заўсміхаўся і тужліва, з незразумелым, нечакана салодкім болем у душы доўга глядзеў у неба. Марудна пасоўваючыся пад аблокамі і самотна-квола курлыкаючы, ляцеў там у невядомую далеч невялікі ланцужок журавоў.

У спапялелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуўшчынай яго дзяцінства, шчымлівым болем па ўсім тым, што перажыта, пакінута і назаўжды ўжо страчана для васемнаццацігадовага юнака. Ён ледзьве ўтрымаў крыўдлівую спазму ў горле і глядзеў, глядзеў услед чародцы родных з маленства птушак, якія прынеслі ў яго пачуцці дзесяткі да болю нясцерпных адчуванняў... I калі ўжо яго зрок ледзь-ледзь нашчупваў у шэрай засмужанай высі тую рухавую рыску, з неба зляцеў на зямлю другі, роспачна-абрывісты гук, поўны трывогі, просьбы і безнадзейнага журботнага клічу:

– Курл!.. Курл!.. Курл!..

Наўздагон за зніклай чарадой, з апошніх сіл перабіраючы крыллямі, не дужа высока ляцеў, быццам шкандыбаў у паветраным абшары, адсталы падбіты журавок. Ад яго амаль чалавечай роспачы аж здрыгануўся здзіўлены Глечык, нешта суладнае сваім затоеным пакутам пачуў ён у тым жалобным голасе, і грымаса болю і жалю скрывіла яго круглявы хлапечы твар. А журавель крычаў, кідаў у ветраны прастор дарэмныя гукі трывогі, махаў і махаў аслабелымі крыламі, пяўся наперад сваёй доўгай выгінастай шыяй, але дагнаць чародку не мог.

Ад жахлівае роспачы птушкі нясцерпнай самотай захлынула хлапечае сэрца. Глечык аберуч ухапіўся за галаву, зацяў вушы, напяўся, з усяе сілы сціснуўся, каб толькі стрываць. Так ён сядзеў доўга, зусім змярцвелы і абыякавы да ўсяго, збіты з панталыку тым нестрываным жураўліным сумам. Пасля ён адняў ад вушэй рукі і, нават не зірнуўшы ў неба, у якім даўно растала бедная птушка, усё яшчэ чуў перапоўнены горам і роспаччу тужлівы крык жураўка.

А ў душы, прарваўшыся з памяці ад таго незвычайнага напамінку, ужо шырыліся, грымелі тугой пяшчотныя, дарагія ўспаміны з таго далёкага, што стала ўжо мінулым і такім нясцерпна замілаваным. Як жывая паўстала ў памяці маці – маладая і прыгожая, але не такая прыветная і пяшчотная, як была заўсёды, а з гаротай на твары па ім, яе сыну. Успомнілася настаўніца Клаўдзія Якаўлеўна, якая любіла яго ў школе, несучы яму са свае шчодрай на ласку душы сарамяжлівую і цёплую жаночую прыхільнасць. З’явіўся перад вачыма непаседлівы Алёшка Бондар і з ім – дураслівыя іх забавы, паходы ў Селіцкую пушчу і такія тады зманлівыя гульні ў вайну – самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі. Зашчымела ў душы старое раскаянне за Людку, выдуманым каханнем да якой некалі дражнілі яго ў школе, за што ён зненавідзеў і аднойчы пакрыўдзіў гэтую бялявую дзяўчынку з задуменнымі сінімі вачыма.

Ахоплены ўладарнаю сілай успамінаў, не адразу заўважыў ён, як узняўся аднекуль суцэльны далёкі гул. Хлопец ачнуўся, калі на пагорак абапал дарогі выпаўз статак крыжастых страшыдлаў, загрукатала ўсё наваколле і да самага споду задрыжала зямля. Скочыўшы з бруствера, Глечык схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся спіной да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў. Ён разумеў, што гэта канец, і з усяе сілы зацяў у сабе нясцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай да жыцця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык...

 


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://rv-blr.com/demo/all_glava/3043