epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Хомчанка

Крэсла з гербам і розныя крымінальныя гісторыі

Аповесць у навелах

БАЕЦ ЛЁВА З БАБРУЙСКА
ХЛЕБАПЁК
ГУЛЬНЯ Ў КАРТЫ
ПОРЦЫЯ КАШЫ
КАЖУШОК
КАЗІМІР - ЧАЛАВЕК СЛАБЫ
ТАНЯ
«ПАДСНЕЖНІК»
АДУВАНЧЫК
КАНДЫДАТ НАВУК І СТРАЛОК АХМЕТ
САЛДАЦКІ ЛІСТ
І ПЛАКАЎ ГЕНЕРАЛ...
СЯБРОЎСКАЯ РАЗМОВА НА ЛЁТНЫМ ПОЛІ
ГЕНЕРАЛІСІМУС
СПАДАРОЖНІК
СТРЭЛ У СУДЗЕ


Не дай Бог нарадзіцца ў час вялікіх перамен.

Японская прымаўка

 

Ці нельга, не трапіўшы цэлае жыццё нікуды,

усё-такі быць карысным для сваіх і чужых

хоць чым-небудзь на свеце.

А.П.Баласогла, забыты

расейскі літаратар і філосаф

 

Жыццё маё было з такімі нечаканымі паваротамі і з такімі зігзагамі, што і цяпер здзіўляюся, як я ўцалеў пры тых рэзкіх зігзагах, як не апынуўся за бортам жыцця, бо ўсе ўдары па мне прыйшліся на самую кволую, крохкую пару - дзяцінства і юнацтва. А ў гэтую ж пару і ламаюцца якраз нават не самыя слабыя духам.

Многія, калі ў іх пытаюць, асабліва публічна, на людзях, ці хацелі б яны зноў паўтарыць свой жыццёвы шлях, адказваюць з гонарам: «Якое б жыццё ні было цяжкое, не стаў бы яго мяняць, прайшоў бы ўсё спачатку». Не веру гэтым людзям. Яны або становяцца ў позу, або ў іх жыцці не было тых драматычных сітуацый, калі чалавек ратаваўся ад гібелі цудам... Што да мяне, то я не хацеў бы паўтарыць тую сваю раннюю жыццёвую дарогу, перажыць тое, што давялося. Не, не хацеў бы...

Маё пакаленне, выбітае даваенным тэрорам і вайной, самае няшчаснае і такое парадзелае, што вельмі рэдка сустрэнеш сваіх равеснікаў.

Дзяцінства маё супала з так званым вялікім пераломам - прымусовай калектывізацыяй і раскулачваннем. Я - сын селяніна, не дужа беднага, але і не багатага, а, як лічылі тады, серадняка, быў сведкам знішчэння вёскі, знішчэння селяніна як гаспадара зямлі, аднаўлення самага сапраўднага прыгону. І, будучы піянерам, нават памагаў учыняць гвалт над сялянамі.

Аднойчы нас, групу піянераў, павялі выграбаць з пограба бульбу ў раскулачанага аднасяльчаніна. Раскулачвалі яго, амаль бедняка, за адмову ўступіць у калгас. Залезлі мы ў пограб, пачалі насыпаць бульбу ў мяхі. І раптам гаспадар выбег з хаты, у белых портках і кашулі, сівы, барадаты, і з нейкім адчайным крыкам пачаў скакаць на тым пограбе, каб абваліць яго перакрыцце і прыдушыць нас. З піскам, плачам шмыгнулі мы адтуль, як мышы.

З таго года, калі сялянскія гаспадаркі былі разбураны, а «шчаслівае» калгаснае жыццё кінула сялян у паднявольную працу і голад, галадала і наша сям'я. На працадні нічога не давалі, дралі падатак з кожнай курыцы, яблыні і грашыма і натурай - мяса здай, малако здай, воўну здай, плаці і грашовы падатак. Ды яшчэ падпішыся на пазыку. Бадай ніводны прыгонны не плаціў такі аброк свайму пану. Голад на Ўкраіне прыгнаў тысячы апухлых людзей у Беларусь шукаць паратунку. Колькі ж іх, няшчасных, памерла на дарогах, колькі безыменных магіл яны пакінулі на зямлі!.. Такой злачыннай сілы быў той славуты сталінскі пералом, што і цяпер не ведаем, што рабіць, каб выкараскацца ад яго страшных вынікаў...

Да рэвалюцыі маё роднае сяло Канічы было вялікім, ажыўленым цэнтрам воласці, а пасля і - сельсавета. У ім былі школа, маёнтак з броварам і млыном на рэчцы, царква і касцёл. Меліся цагельня і печ для абпальвання вапны. Цяпер усяго гэтага няма. Існуе саўгас з мільённымі стратамі. Царкве і касцёлу знялі галовы, маёнтак, бровар, млын, вялікі сад знішчаны, і сяло гібее. Зямля, адчужаная ад гаспадара, не можа даць столькі багацця, колькі давала да калгаса.

Добра вядома, як нас выхоўвалі, каго з нас рыхтавалі - актыўных «сталінскіх штыкоў, адданых бацьку ўсіх народаў». Мы будавалі нібыта шчаслівае будучае - сацыялізм, не ведаючы, што гэта такое. Нам загадвалі радавацца таму, што мы жывём у самай свабоднай краіне і мы - самыя шчаслівыя, багатыя, культурныя. І мы верылі... Бяда наша якраз і была ў тым, што мы на працягу многіх гадоў верылі дзяржаўнай хлусні. А чым больш верылі, тым нам больш хлусілі. І не толькі пры Сталіне. «Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек...» - прымушалі спяваць нават зэкаў, ведучы іх на катаржныя работы.

Я - дзіця часу - быў абалванены нашай фальшывай ідэалогіяй нароўні з мільёнамі іншых равеснікаў. Я верыў, што жыву хоць і бедна, затое ў самай справядлівай краіне.

З чацвёртага класа ці нават раней я пісаў вершы, апавяданні, п'есы. Слаў допісы ў газеты, іх друкавалі, асабліва часта ў «Піянеры Беларусі». Па гэтай прычыне мяне выбіралі рэдактарам класнай насценнай газеты, якую я адзін і выпускаў, запаўняючы яе сваімі ж допісамі і вершамі.

Здаецца, у шостым класе, а гэта было ўжо ў Бялынкавічах, бо ў нашых Канічах мелася толькі чатырохкласная школа, мяне таксама прызначылі рэдактарам класнай газеты. Я ўзяўся за яе выпуск з вялікім жаданнем і натхненнем. Як і заўсёды, сам напісаў тэкст, зрабіў малюнкі. Паколькі класны кіраўнік, настаўнік Герасімовіч, не сказаў, як назваць газету, назву прыдумаў я. Прыдумалася лёгка: раз мы будуем сацыялізм, то хто мы? Сацыялісты. Так я і назваў газету. Гатовы нумар газеты я павесіў у класе да пачатку заняткаў. Вучні чыталі, смяяліся з карыкатур, хвалілі вершы. Я думаў, што гэтак жа пахваліць і настаўнік Герасімовіч, урок якога быў першы. Я помню яго чалавекам спакойным, акуратным, педантычным. Адзяваўся ён заўсёды ў галіфэ і гімнасцёрку, пашытыя з нейкага шэрага матэрыялу, і хромавыя боты. Ваенны рэмень перахопліваў яго гімнасцёрку. Хадзіў ён павольна, асцярожна, як бы баяўся наступіць на нешта вострае. Я лічыў, што ён проста бярог свае боты, таму і ступаў эканомна. Герасімовіч зайшоў у клас, паклаў на стол класны журнал, канспекты і ўбачыў насценгазету. Я чакаў яго ўсмешкі, пахвалы, а ўбачыў перапалоханы твар. Амаль подбегам кінуўся ён да газеты, сарваў яе, парваў на шматкі і кінуў у сметніцу.

- Хто табе даў такую назву газеты? - спытаў ён у мяне.

- Сам прыдумаў.

- А ты ведаеш, хто такія сацыялісты?

- Тыя, хто будуе сацыялізм. Мы ўсе - сацыялісты.

- Сацыялісты - гэта здраднікі рабочага класа, апартуністы, ворагі Трэцяга Інтэрнацыянала. Ты даў газеце варожую назву.

Я адразу зразумеў, якая небяспека навісла нада мной. Усё, канец маёй вучобе, піянерыі, і мяне пасадзяць у турму. Нічога не прыбаўляю, я забаяўся турмы па-сапраўднаму, асабліва калі нейкі раённы энкавэдыст выклікаў мяне ў кантору сельсавета і ўсё дапытваўся, хто мяне навучыў назваць так газету. Ён мне тады і растлумачыў, што за антысавецкую дзейнасць нясуць крымінальную адказнасць з чатырнаццаці гадоў. А мне ўжо было столькі.

Абышлося, на шчасце, лёгка. Абмеркавалі мяне на класным сходзе і занеслі маё прозвішча на ганебную чорную дошку, дзе яно красавалася тыдні два. Былі тады такія метады выхавання - чырвоная і чорная дошкі. Перадавікоў заносілі на першую, адстаючых або тых, хто правініўся, - на чорную.

Турму я на гэты раз абмінуў.

У турму я трапіў праз чатыры гады, у той страшны, невядомы дагэтуль у цывілізаваным свеце тэрор - у трыццаць сёмым годзе. Сталінскі тэрор знішчаў мільёны людзей сумленных, працаздольных, творчых. Знішчаў фізічна і душыў маральна ўсё жывое, ініцыятыўнае, разумнае. Прыкрываўся гэты тэрор шырмай Канстытуцыі, якая па вонкавых прыкметах была бадай ці не самай дэмакратычнай Канстытуцыяй у свеце. І за яе шырмай, за яе частаколам з калючага дроту пакутавалі і гінулі мільёны бяспраўных.

Я вучыўся на чацвёртым курсе рабфака пры Беларускім універсітэце. Жыў у інтэрнаце на Нямізе, 21. Жыў па-студэнцку ў нястачах, не кожны вечар клаўся спаць павячэраўшы. З дому дапамогі не было. Ды і адкуль яна магла быць, калі бацькі-калгаснікі, лічы, прыгонныя, нічога з калгаса не атрымоўвалі, працадні іх былі пустыя. І калгас не кінеш, не паедзеш на заробкі, бо пашпартоў калгаснікам не давалі.

Аднойчы атрымаў ад бацькі ліст. Ён скардзіўся, што зноў у калгасе атрымалі на працадні грамы. З грашовым падаткам не разлічыўся, здаў толькі мяса, малако, воўну. «Можа б, ты, сынок, памог мне грашыма, каб той падатак заплаціць», - папрасіў бацька. Значыць, у яго ўжо не было ніякага выхаду, раз звярнуўся да мяне з такой просьбай-мальбой. Гэта была адчайная просьба.

Не пераставаў я пісаць апавяданні і вершы і ў час вучобы на рабфаку. Напісанае заносіў у розныя рэдакцыі, сачыў за літаратурным жыццём рэспублікі, наведваў і сходы ў Саюзе пісьменнікаў. Пазнаёміўся з Эдуардам Самуйлёнкам, Пятром Глебкам, Алесем Якімовічам, супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» Пятром Хатулёвым. Меў добрую гаворку аднойчы са мной Міхась Лынькоў. І вёў дзённік, куды запісваў пра ўсе гэтыя сустрэчы і гаворкі.

Запісаў у той дзённік і пра бацькаў ліст. Апісаў яго змест і ад сябе дадаў заключную фразу: «І ўсё гэта адбываецца пад шчаслівым сталінскім сонцам». Фразу для сябе пагібельную.

Ва ўсе часы тэрору быў разгул даносчыкаў, паклёпнікаў, калі адной заявы-даносу хапала, каб доля чалавека была вырашана - яго арыштоўвалі. Сталінскі тэрор і яго законы былі страшней нават тэрору інквізіцыі. Тады для асуджэння чалавека было мала заявы аднаго сведкі-даносчыка, а патрабавалася тры сведкі. Даносчыкі і сексоты пры Сталіне меліся ў кожнай арганізацыі, брыгадзе, класе, у ротах, узводах, на кафедрах, ва ўсіх аддзелах, камітэтах. Даносчыкі і стараліся, бо за імі назіралі іншыя даносчыкі. Які жах панаваў тады сярод людзей, як баяліся начэй - часу арыштаў! Пра гэта напісана і расказана нямала.

Меліся такія даносчыкі і ў нашым інтэрнаце, у тым ліку і ў нашым пакоі, дзе месцілася пяць студэнтаў. Ён, той даносчык, залез у мой чамадан, прачытаў дзённік, знайшоў пра тое «шчаслівае сталінскае сонца» і паслаў заяву-данос у так званыя органы.

Ніколі не забуду вечара і ночы з чацвёртага на пятага красавіка трыццаць сёмага года. Я прыйшоў з заняткаў нейкі прыгнечаны, як бы адчуваў бяду. Прылёг на ложак і ўзяўся дачытваць раман Мікалая Вірты «Адзіноцтва» пра сялянскае паўстанне супраць ваеннага камунізму на Тамбоўшчыне. Заставалася прачытаць да канца старонак пяць, і я заснуў імгненна і глыбока, выпусціўшы з рук кнігу сабе на грудзі. Разбудзіў мяне штуршок у плячо. Я расплюшчыў вочы і застыў ад страху: перада мной стаялі два энкавэдысты. Адзін адразу ж палез у споднюю кішэню майго пінжака, дастаў адтуль мой пашпарт, студэнцкі білет, другі энкавэдыст паляпаў па кішэнях штаноў - праверыў, ці няма зброі. Энкавэдысты паказалі мне ордэр на вобыск і арышт і ўзяліся правяраць усё ў маім чамадане і ў тумбачцы. Вобыск скончылі адразу, як толькі знайшлі дзённік. Больш шукаць нічога не сталі. Я ўспомніў запіс у дзённіку пра бацькаў ліст і пра «шчаслівае сталінскае сонца» і зразумеў, што гэта і будзе маёй віной і маёй бядой.

Усе насельнікі пакоя сядзелі на сваіх ложках. Я зірнуў на кожнага і зразумеў, хто з іх данёс на мяне. І, як потым выявілася, я не памыліўся.

Уражаны, узрушаны такой нечаканай бядой, я ўсё яшчэ не верыў, што гэта адбываецца са мной, што мяне зараз павядуць у турму. Мяне пачалі біць нервовыя дрыжыкі, трэслася нага. Каб схаваць гэта і ўцішыць дрыжыкі, я паклаў нагу на нагу і сціскаў іх, сціскаў... Хоць не курыў, папрасіў у каменданта інтэрната, які там жа прысутнічаў, закурыць. Той спытаў дазволу ў сяржанта-энкавэдыста, працягнуў мне «беламорыну» і чыркнуў запалкай. Я зацягнуўся дымам на поўныя грудзі, задыхнуўся, закашляўся, але курыць не кінуў. Ад курэння дрыжыкі спыніліся. Я крыху паспакайнеў, спакойна распісаўся ў пратаколе вобыску, спакойна сабраўся - узяў ручнік, мыла, зубную шчотку, парашок. Усё астатняе - кнігі, канспекты, рукапісы апавяданняў - засталося ў інтэрнаце.

Вялі мяне з Нямігі на вуліцу Ўрыцкага пехатой - шлях недалёкі. Была ноч зорная, на зямлю прыпаў марозік, лёгкі, прыемны, вясенні, дыхалася лёгка, пахла вясной - тымі самымі пахамі, якія адчувальныя ў любым стане і настроі, у любым месцы, нават у горадзе: размоклай карой дрэў, леташняй апалай лістотай, расталым снегам. Адзін сяржант ішоў уперадзе, другі - ззаду мяне. Той задні і загадаў трымаць рукі за спіной; я і трымаў іх так, сашчапіўшы пальцы. Марозік зацягнуў лужынкі, яны трашчалі пад нагамі ледзянымі асколачкамі, разляталіся, як шкельцы, ззяючы ад святла вулічных ліхтароў і зорак на небе. Звон лядку напомніў мне дзяцінства, калі я любіў вось так трушчыць са звонам замёрзлыя лужынкі.

Праз жалезныя вароты вялікага дома камісарыята ўнутраных спраў (ён і цяпер стаіць на тым месцы) завялі мяне ў двор, потым у нейкі пакой, дзе абшукалі ўжо ўсяго, старанна прамацаўшы кожны шоў у адзенні, адтуль уштурхнулі ў падвальную камеру з акенцам пад самай столлю, якое выходзіла на вуліцу Ўрыцкага на ўзроўні тратуара. Усцяж тых закратаваных вокнаў дзень і ноч хадзіў вартавы з вінтоўкай - круглыя суткі былі чуваць яго крокі і стук прыклада аб тратуар.

У камеры было, здаецца, дзесяць чалавек, сярод іх паэт-маладняковец Янка Туміловіч, Масей Сяднёў - студэнт педінстытута, таксама паэт і мой зямляк з Касцюковіцкага раёна. Былі там яшчэ інжынер Блохман, прафесар-географ, здаецца, прозвішча яго Лойка. Пазней завялі Янку Нёманскага - пісьменніка, акадэміка.

Пра ўсіх іх я пісаў у сваіх успамінах раней і цяпер асабліва не затрымаюся. Адно скажу, што ў гэтых людзей я быў проста ўлюблёны, у людзей эрудыраваных, адукаваных. Я слухаў іх, як кажуць, з разяўленым ротам, запамінаў кожнае слова, асабліва Нёманскага. І многія вершы Сяднёва і Туміловіча запомніў. Масей Сяднёў жыве цяпер у ЗША. Летась ён гасціў у мяне. З яго творчасцю нашых чытачоў пазнаёмілі «Маладосць», «Полымя», «Літаратура і мастацтва» і іншыя выданні. У Менску запланавана выдаць яго кнігу вершаў і прозы. Пры сустрэчы мы прыпомнілі яго вершы, жарты, эпіграмы на аднакамернікаў, напісаныя там жа, у турме. Вось, напрыклад, яго эпіграма на Блохмана:

 

И говорю я без укора -

Не посади тебя в подвал.

Из исторической Дукоры

Ты всем бы миром управлял.

 

Блохман быў родам з мястэчка Дукоры.

Як дапытвалі нас, а допыты былі толькі начамі, як каго катавалі, я раскажу ніжэй у асобных абразках-успамінах. Больш за ўсіх у той час даставалася Нёманскаму. Пры мне яго аднойчы з допыту прывялі пад рукі - сам ён дайсці не мог.

Прыгадваючы цяпер, які лёс каго напаткаў з тых насельнікаў камеры, я з жахам хапаюся за галаву: засталіся жывымі толькі мы двое - я і Масей Сяднёў. Астатніх каго расстралялі, а хто застаўся ў вечнай калымскай мерзлаце.

У мяне было некалькі следчых. Запомніўся Слукін. Хто ведае, можа, у пэўных нармальных абставінах ён і быў бы справядлівым чалавекам. Але ж у яго была страшная па тым часе служба - следчы НКУС. Ад яго патрабавалі тэмпаў следства і як можна больш скончыць спраў. Мяне ён не біў, не мучыў, не здзекаваўся, я быў для яго дробнай сошкай, мальком, як тады называлі нязначных падследных. Ён, канечне, вёў справы адначасова і на іншых арыштаваных, і, кажуць, ім ад яго даставалася. Як і ўсіх, мяне ён выклікаў толькі ноччу. Увесь допыт круціўся вакол запісу ў дзённіку. Слукін лічыў, што гэта паклёп на савецкую ўладу і на калгасны лад, і прымушаў мяне прызнацца, што я наўмысна гэта рабіў. Я спрабаваў растлумачыць сэнс запісанага інакш і гаварыў Слукіну, што мы сапраўды жывем пад шчаслівым сталінскім сонцам, але ж сям-там, дзе кіруюць калгасамі розныя п'яніцы, ёсць і беспарадак і беднасць. І вось каб таварыш Сталін даведаўся пра тых кіраўнікоў, ім бы непаздаровілася. Слукін мае тлумачэнні не запісваў і ўсё паўтараў: «Ты махровы контрык, антысаветчык, хоць і малады, не хочаш перад органамі раззброіцца...» Гаварыў ён гэта хутчэй механічна, бо трэба ж было ў час допыту нешта гаварыць.

Ах, Слукін, Слукін, ці мог ты тады ведаць, чым твая служба скончыцца? Праз два гады цябе самога арыштуюць, будуць гэтак жа называць антысаветчыкам, а потым павязуць у лес і расстраляюць.

Мой арышт і знаходжанне ў турме выпалі на самы пік тэрору. Колькі сумленных людзей сядзела ў падвалах і знішчалася! Ці ж можна іх усіх успомніць? Дзе дастаць дакладныя лічбы расстраляных? «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать...» - напісала некалі Ганна Ахматава.

Інтэлектуалы - вучоныя, пісьменнікі, інжынеры - самая «выбітая» катэгорыя прафесій. Думаю, што разгадка гэтаму простая - вярхоўнаму кату і яго падручным важна было ў першую чаргу пазбавіць народ яго самасвядомасці, яго розуму. «Мы дурных не бяром, - гаварылі следчыя, - разумных бяром, яны самыя небяспечныя».

Наркомам унутраных спраў Беларусі, калі я знаходзіўся пад арыштам і следствам, быў знакаміты Берман Барыс Давыдавіч. Ён і яго брат Берман Мацвей, начальнік Гулага, намеснік наркома ўнутраных спраў СССР, пакінулі ў гісторыі нашай дзяржавы страшны след.

Не магу не прывесці паказанні Наседкіна - наркома ўнутраных спраў Беларусі, які замяніў Бермана, арыштаванага і расстралянага.

Наседкін назваў Бермана самым лютым наркомам. «За які год яго работы, - сведчыў Наседкін, - Берман расстраляў звыш васьмідзесяці тысяч чалавек. Ён забіў усіх лепшых камуністаў рэспублікі, абезгаловіў савецкі і партыйны апарат, знішчыў цвет інтэлігенцыі, вышукваў, знаходзіў і знішчаў усіх мала-мальскі разумных і адданых народу людзей. Восемдзесят тысяч бязвінных ахвяр, гара трупаў!..»

Далей Наседкін расказваў пра метады кіраўніцтва Бермана падначаленымі.

«Па суботах Берман праводзіў вытворчыя нарады. Выклікаліся на сцэну па зараней падрыхтаваным спісе трое лепшых следчых і трое горшых. Берман пачынаў:

- Вось лепшыя з лепшых нашых работнікаў, - называў ён прозвішча следчага. - Устаньце, таварыш. Няхай астатнія вас бачаць. За тыдзень ён скончыў сто спраў, з іх сорак - на вышэйшую меру, а шэсцьдзесят на агульны тэрмін у тысячу гадоў. Павіншуем таварыша. Сталін пра вас ведае і помніць. Вас прадстаўляем да ўзнагароды ордэнам. А зараз атрымайце грашовую прэмію ў суме пяці тысяч рублёў. А вось следчы, - называлася прозвішча, - за тыдзень скончыў усяго толькі тры справы, і ніводнага на расстрэл, а прапаноўвае падследным тэрміны ад пяці да васьмі гадоў. Выведзіце яго.

Бледнага ад страху следчага выводзілі.

- Выявілася, - голасна чаканіў Берман, - што гэты следчы завербаваны нашымі ворагамі, якія паставілі задачу органам сарваць выкананне асабістых заданняў таварыша Сталіна. Гэты здраднік следчы будзе расстраляны».

Так тэрарызаваў сваіх падначаленых Берман, і падначаленыя стараліся.

Ад Слукіна маю справу перадалі следчаму-навічку, маладому хлопцу. На мяне ён не крычаў, па натуры быў спакойны, амаль флегматык.

- У цябе што, ерунда, - гаварыў ён мне, - адна АА (антысавецкая агітацыя). Групу табе не вяжуць. За тваю віну больш пяці не павінны даць. Так што не бойся. Давай хутчэй усё запішам, аформім, і справа ў суд пойдзе.

Ён і скончыў следства, напісаў абвінаваўчае заключэнне, і справа пайшла ў Спецыяльную калегію Вярхоўнага суда БССР.

Чакаў я суда доўга. Пра навіны мы, арыштаваныя, даведваліся ад навічкоў і яшчэ з дапамогай аднаго інфармацыйнага канала. Турэмнай прыбіральняй карысталіся і арыштаваныя, і супрацоўнікі турмы, камісарыята. Пасля,сябе яны пакідалі ў кошыках шматкі газет. Калі нас заводзілі ў прыбіральню, мы адразу ж хапалі тыя шматкі, абмывалі пад кранам і тайком прыносілі ў камеру. Навіны былі адны: лісты калгаснікаў аб шчаслівым жыцці, заклікі выкрываць ворагаў народа. З тых газет ведалі, каго пасадзілі, каго выкрылі.

З падвальнай камеры на вуліцы Ўрыцкага мяне перавялі ў турму на вуліцу Валадарскага. Там сядзела розная шпана. блатары, але больш -палітычных. Там я таксама сустрэў цікавых людзей - вучоных, студэнтаў, настаўнікаў. Пазнаёміўся я з былым міністрам - старшынёй рады Беларускай народнай рэспублікі Цвікевічам Аляксандрам Іванавічам, высланым з Беларусі пры разгроме нацыянальнай інтэлігенцыі ў трыццатыя гады і вернутым у Менск з высылкі для канчатковай расправы.

Хачу прывесці ягоныя словы, якія ён аднойчы сказаў, як малітву:

«Матка боская, завошта такі лёс краіне? Такія беды пасланы народу: крывавы Кастрычнік, самазнішчэнне нацыі ў грамадзянскую вайну, голад і высылкі, раскулачванне, а цяпер яшчэ і гэты тэрор. І што б засталося ад Англіі, Францыі, ад эўрапейскай цывілізацыі, калі б і там быў знішчаны такі ж слой лепшых розумаў?..»

Сапраўды, што б засталося? А наша краіна жыве. Жывучыя, значыць, мы.

Паколькі менскія турмы былі перапоўнены, іх пачалі разгружаць і адпраўляць арыштаваных у іншыя гарады. Я трапіў у віцебскую турму, таксама перапоўненую. У нашай вялікай камеры сядзелі вайскоўцы, выкладчыкі з ветэрынарнага інстытута і вядомы ў свой час драматург Курдзін Дзімітры Іванавіч. Яго п'еса «Міжбур'е» ставілася ў многіх тэатрах краіны. Курдзін і ў камеры пісаў агрызкам алоўка ў кніжачцы курыцельнай паперы сваю новую п'есу.

Не так даўно я зрабіў праз ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі запыт у КДБ пра лёс Курдзіна. Паведамілі, што ён быў расстраляны 12 снежня трыцдаць сёмага года.

У кастрычніку мяне судзілі. З Менска прыехала выязная сесія Спецыяльнай калегіі Вярхоўнага суда БССР з сотнямі спраў. Засядала яна ў памяшканні народнага суда, куды з турмы прывозілі падсудных. Мяне прывезлі ў групе дваццаці чалавек, не знаёмых мне. Усе яны таксама абвінавачваліся па «лёгкім» артыкуле - у антысавецкай агітацыі. На тым судзе на кожнага адпускалася не больш дваццаці хвілін. Заходзілі ў пакой, дзе засядаў суд, неўзабаве выходзілі, і мера пакарання аб'яўлялася адна - дзесяць гадоў лагера.

Мяне выклікалі апошнім. Я зайшоў у пакой, прымірыўшыся з тым, што атрымаю таксама дзесяць гадоў. Стаў перад судом па турэмнай прывычцы, заклаўшы рукі за спіну. Больш за паўгода я жыў толькі на турэмным пайку, згаладаў, схуднеў, збляднеў, і, вядома ж, грузнаму пажылому старшыні, засядацелям - жынчыне і мужчыну - я здаўся дахадзягам, вартым жалю. Я адчуў і зразумеў, што суддзі глядзелі на мяне з жаласцю. Па ўзросту кожнаму з іх я гадзіўся ў сыны. Можа, у іх і былі такія ж, як і я, сыны і суддзі ўяўлялі іх на маім месцы.

Старшынствуючы, праверыўшы мае біяграфічныя дадзеныя, спытаў, ці прызнаю я сябе вінаватым.

Яшчэ задоўга да суда я падрыхтаваў у сваё апраўданне цэлую прамову. Я дзесяткі разоў рэпеціраваў яе, раіўся з аднакамернікамі, што яшчэ трэба дапоўніць да той прамовы, дапаўняў і быў гатовы ў любы момант выступіць з ёю. А ў судзе я раптам як анямеў, не змог напачатку вымавіць і слова. А потым і заплакаў, ненавідзячы сябе за гэты плач, злосна выціраючы рукавом слёзы, сціскаючы зубы, намагаючыся не плакаць, супакоіцца і не могучы гэта зрабіць. Суддзі апусцілі галовы, на мяне не глядзелі. І ўсё ж у рэшце рэшт я здолеў сказаць, што ніякі я не антысаветчык, не вораг савецкай улады, а запіс у дзённіку зрабіў пад уплывам прыгнечанага настрою.

- Хопіць, добра. Выйдзіце, калі ласка, - сказаў старшынствуючы.

Я выйшаў з такім цяжкім паганым настроем, так сябе лаяў за сваю слязлівасць, што гатоў быў ударыцца галавой аб сценку.

Праз хвілін дзесяць мяне паклікалі. Зайшоў, стаў, слухаю прыгавор. Яго прачыталі не ўвесь, а толькі рэзалюцыйную частку. «Хомчанку Васіля Фёдаравіча на аснове арт. 72 пункта А Крымінальнага кодэкса БССР пазбавіць волі ў папраўча-працоўным лагеры тэрмінам на чатыры гады і на тры гады паражэння ў правах пасля адбыцця пакарання».

- Колькі, чатыры гады? - не паверыў я пачутаму.

- Чатыры, - кіўнуў галавой старшынствуючы. - Прыгавор канчатковы і касацыі не падлягае.

- А я і не буду скардзіцца, - паспяшыў я запэўніць суд.

Я быў рады і шчаслівы, і радасць гэта, вядома ж, адбівалася на маім твары. Я адыходзіў і ўсміхаўся, на развітанне падзякаваў суддзям.

Усяго толькі чатыры гады! А не восем, не дзесяць. У мяне пела душа. Я пахваліўся міліцыянеру, які павінен быў адвесці мяне ў турму, пра гэтыя чатыры гады і гатоў быў хваліцца ўсім стрэчным.

- Пашанцавала, - згадзіўся міліцыянер.

Ішлі мы з гэтым міліцыянерам, маладым вясковым хлопцам, пешшу і не так, як патрабуецца інструкцыяй: ён - ззаду, а я ўперадзе, а побач, плячо ў плячо. Ніхто са стрэчных і не здагадваўся, што міліцыянер канваіруе мяне.

Праходзячы міма хлебнай крамы, я міжволі прыпыніўся - хлебны дух ударыў мне, галоднаму, у ноздры так, што галава закружылася.

- Там хлеб, - паказаў я на вітрыну, - хлеб.

- Зойдзем, - сказаў міліцыянер.

Мы зайшлі. Ён купіў за свае грошы фармавую буханку і даў мне. Я адразу ж упіўся ў яе зубамі, і, пакуль дайшлі да турмы, ад буханкі застаўся невялікі акрайчык.

Развіталіся мы па-сяброўску - поціскам рукі.

«Вось жа, - думаў я пра яго з удзячнасцю, - ёсць добрыя людзі і сярод канваіраў».

Перапыняючы гэты аповяд, адзначу, што на добрых людзях трымаецца свет. Сустракаліся мне такія людзі і ў лагеры, і пасля лагера. Былі яны ў судах, у тым жа НКУС. І калі б кожны, ад каго залежалі лёсы людзей, няхай сабе і ў тыя страшныя гады тэрору, стараўся рабіць як можна меншае зло, а не імкнуўся выбіцца ў перадавікі, вызначыцца актыўным «баявым штыком партыі» - так называлі сябе сталінскія карнікі, - то ці было б столькі ахвяр?

У камеры яшчэ на парозе я паказаў чатыры пальцы і крыкнуў, што далі чатыры гады. Сусед па нарах паціснуў мне руку, віншуючы з «толькі чатырма гадамі». А драматург Курдзін уздыхнуў: «Вось бы і мне так пашанцавала». Яму не пашанцавала, яго расстралялі.

Ну а потым быў доўгі, цяжкі этап праз усю Расею, Сібір аж да станцыі Ўсуры ў Бамлаг, дзе я апынуўся перад самай зімою.

Пра лагер пісаць цяжэй, чым пра турму, следства, суд. Пра яго ўжо расказана шмат, і ў кожнага зэка быў свой лагер, са сваімі пакутамі і маленькімі радасцямі. Гэтыя маленькія радасці і ратавалі чалавека ад самагубства.

Сталін, стварыўшы такое пекла, як лагеры, меў мэту не толькі пакараць чалавека фізічна невыноснымі ўмовамі, але і пазбавіць уласцівай чалавеку чалавечнасці. Лагер, акрамя фізічных пакут, - яшчэ і пазбаўленне чалавечага «я». У сталінскага зэка такая бяспраўнасць, ён так уніжаны, што яго становішча можна параўнаць са становішчам старажытных рабоў. Лагеры, якія, як ракавыя пухліны, усеялі ўсю краіну, наклалі цяжкі змрочны адбітак і на ўвесь уклад жыцця ў СССР. Жыць у «лагернай» краіне і не мець ніякага дачынення да лагернага вопыту, яго парадкаў, маралі нельга было. Кожны савецкі чалавек так ці інакш звязаны з гэтым лагерным вопытам. Калі ты не сядзеў сам, то ўсё адно меў дачыненне да яго: нехта сядзеў з блізкіх, знаёмых. Быт, лагерная псіхалогія, лад жыцця перайшлі з лагера на «волю», заразілі яе. Ён, гэты дух сталінскага лагера, яшчэ і цяпер не выветрываецца са свядомасці народа. Жорсткасць, права моцнага, падман, хлусня, несправядлівасць - законы і мараль лагера яшчэ жывуць у грамадстве, маюць сілу вялікую.

У лагеры жыў у лепшых умовах не той зэк, хто быў значны на волі, хто валодаў вопытам высокай прафесіі, хто разумны, адукаваны, а, як і задумана вярхоўным і яго хаўруснікамі, розная крымінальная нечысць, «сябры народа», якіх і ставілі камандаваць і ўніжаць людзей адукаваных і разумных, сумленных - так званых ворагаў народа.

Колькі прыходзілася бачыць такіх сцэн, калі былыя вядомыя вучоныя, пісьменнікі, военачальнікі ўніжаліся перад блатаром поварам, вымольваючы ў яго лішні чарпак баланды. Колькі іх корпалася ў кухонных памыйках, вышукваючы нешта ядомае. Не магу забыць, як былы нарком асветы адной сярэднеазіяцкай рэспублікі збіраў бульбяныя ашкрэбкі і, каб не перахапілі іншыя зэкі, таропка запіхваў іх у кішэні. Голад чалавека ўніжаў.

Тыя, хто заганяў у лагеры мільёны невінаватых, мелі задачу не проста ізаляваць іх, але і вытравіць у іх усё чалавечае, маральнае: любоў, міласэрнасць, дружбу, сумленне. Для гэтага і ствараліся такія ўмовы нявольнікам, каб узмацніць у іх самыя нізкія інстынкты. Калі маса галадае, чэзне ад холаду і непасільнай працы, разута і раздзета, тады і пачынае знікаць чалавечая мараль, а замест яе не любоў да бліжняга - такога ж пакутніка, як сам, а варожасць, як да канкурэнта на лепшае месца на нарах, на лёгкую работу, большую пайку.

Вядомы пісьменнік Варлам Шаламаў, вязень сталінскіх лагераў з семнаццацігадовым стажам, лічыць, што жыццё ў лагеры - гэта ганебны і адмоўны вопыт чалавека, і чалавек не павінен нават чуць пра лагер. Ніводзін чалавек не становіцца ні лепшым, ні мацнейшым пасля яго. Лагер, сцвярджае Шаламаў, адмоўная школа, адмоўны вопыт, разбэшчванне для ўсіх - як для зняволеных, так і для начальнікаў, канваіраў, усёй лагернай абслугі. І нават для тых, хто проста назіраў за лагерным жыццём, быў сведкам збоку.

Адбываў я свой тэрмін у двух лагерах - спачатку ў Бамлагу, потым у Ніжне-Амурскім лагеры. У Бамлагу працаваў на пагрузцы гравію і пяску на чыгуначныя платформы. Якая ж гэта была цяжкая праца! Рабочая змена доўжылася дзесяць гадзін.

Помню адзін адчайны вечар, калі мяне раптам ахапіла нейкае вар'яцкае жаданне развітацца з жыццём, засела думка, як бы яе ўкалацілі ў галаву, што, працуючы так і знясільваючы сябе, свой тэрмін я не адбуду, загнуся, дык навошта мучыцца. Памятаю, свяціла поўня, яркая і зялёная, а зямля, выпучаная аграмадзінамі сопак, была па-мярцвецку бледная. І зоркі былі яркія і надзвычай буйныя. Яны здаваліся такімі нізкімі, што калі б кінуў з добрай сілай угору камень, то трапіў бы ў зорку. Зоркі нібы дыхалі, як загнаны чалавек, рабіліся то вялікія, то маленькія. Потым яны быццам пачалі ўсхліпваць, і іх усхліпы і дрыжанне я ўбачыў на маім адшараваным гравіем шуфлі. У адчайным прыпадку я гакнуў цаўём лапаты па борце платформы. Яно трэснула, канец яго застаўся ў мяне ў руках. Я сеў на кучу гравію, скурчыўся і думаў, як і чым я скончу жыццё сваё. Думаў спакойна, як аб нечым звычайным, скажам, аб той жа платформе, якую трэба пагрузіць, або пра заўтрашнюю пайку.

Падышоў брыгадзір, убачыў зламанае цаўё, прынёс новае, набіў на яго шуфлю, аддаў мне.

- Папрацуй змену, - сказаў ён, - заўтра цябе ў кантору бяруць.

Вось гэта радасная навіна і адмяніла маю задуму развітацца з жыццём.

Нейкі час я працаваў у канторы калоны на селектары начным тэлефаністам. Лафа, лепшай для зэка і не прыдумаеш. Сядзіш у цяпле, пайку і норму маеш сытную. Я прагнаў голад, адхляў, паздаравеў і духам. Папрацаваў я і на пякарні памочнікам пекара.

Наступны лагер мой быў Ніжне-Амурскі, зэкі якога пачалі будаваць чыгунку на Нікалаеўск-на-Амуры. Да сваёй калоны мы ішлі пешшу па тайзе ад станцыі Камсамольск-на-Амуры двое сутак, з начным перадыхам каля вогнішча. Хоць і быў сакавік і марозы ўпалі, а сёй-той дарогай абмарозіўся.

Спыніліся ў тайзе каля лістоўніцы, на якой была прыбіта дошчачка з нумарам нашай калоны. Жылі ў палатках і будавалі ляжнёўку - часовую дарогу для машын. Прыходзілася насіць бярвёны па вадзе, бо растаў снег і тайга была ўся ў лужынах.

Я лічу, што лагер, акрамя таго страшнага адмоўнага, пра што я ўжо пісаў, яшчэ і самая вялікая школа, дзе чалавека вучаць, як трэба ненавідзець фізічную працу. Паднявольная праца - такая ж кара, як і пазбаўленне волі. Таму зэкі ёй супраціўляюцца, вынікамі зробленага не цікавяцца, стараюцца як менш затраціць сілы ў час працы. На сваю працу зэк глядзіць з агідай і пракляццем. Асабліва ў яго выклікае нянавісць, калі бачыць непатрэбнасць таго, што сілком прымушаюць рабіць. Думаю, што з лагера і прыйшла ў наша грамадства нелюбоў да фізічнай працы, яна стала непрэстыжнай.

Будаўніцтва дарогі на Нікалаеўск было спынена, і ўсю зэкаўскую масу перакінулі на будаўніцтва дарогі Камсамольск - Саўгавань, якую зэкі і збудавалі.

Палёгка да мяне прыйшла ў канцы тэрміну, калі я быў пераведзены грузчыкам на прадуктовую базу і мяне расканваіравалі. Я мог без канвою выходзіць у горад Камсамольск.

Неяк увосень я праходзіў міма групы зэкаў, якая брукавала вуліцу. Я спыніўся каля іх, пачуўшы ў размове аднаго хлопца беларускія словы. Я загаварыў з ім, ён аказаўся з-пад Слуцка. Хлопец сказаў, што тут ёсць яшчэ адзін беларус, і паказаў на мужчыну, які, стоячы на каленях, укладваў камень у насыпанае палатно дарогі. «Гэта паэт Сяргей Серада», - сказаў хлопец. Калені ў паэта былі абматаны мешкавінай - каб не мулка стаяць. Я падышоў да яго, спытаў, хто ён. «Я - Сяргей Дарожны», - адказаў ён. «Дык я ж вас ведаю!» - радасна ўскрыкнуў я і сказаў, што бачыў яго некалі ў Доме пісьменнікаў і што ў мяне дома ёсць ягоная кніжка вершаў «Пракосы на памяць».

Выявілася, што Сяргей Дарожны знаходзіўся са мной у адной калоне і нават у суседнім бараку. Я рады, што доўгі час, ажно некалькі месяцаў, да свайго вызвалення, мог памагаць Сяргею прадуктамі, прыносячы іх з базы. Больш таго, я падкупіў начальства, і яно з агульных работ перавяло Сяргея ў кантору рахункаводам.

Ні я, ні Сяргей Дарожны не ведалі, што ў той жа калоне знаходзіўся і яшчэ адзін паэт - Мікалай Забалоцкі, які працаваў там чарцёжнікам. Пра гэта мне стала вядома толькі нядаўна з лагерных лістоў паэта, надрукаваных у часопісе «Знамя».

Падрабязна пра Сяргея Дарожнага ёсць мае ўспаміны ў кнізе «Стрэл у акно».

У пачатку красавіка сорак першага года я развітаўся з лагерам. Развітаўся, але лагер на ўсё жыццё застаўся ў памяці і свядомасці і ўвесь час напамінае пра сябе. Хоць з дня вызвалення прайшло амаль паўвека, лагер і цяпер трымае душу ў гадкай трывозе і вельмі часта сніцца. Будзь яны праклятыя, тыя чатыры гады. Дні вайны, якія я потым правёў на самым перадку, не мучаць такой трывогай і цяжкімі ўспамінамі, як турма і лагер.

Пасля вызвалення я прыехаў у Астрахань, бо ў Беларусь мяне не пусцілі. У Астрахані ўладкаваўся грузчыкам на рыбалоўную базу - грузіў лёд, соль на баркасы. Жыў у інтэрнаце. Магчымасці вучыцца або выбраць нейкую па душы працу не было - я ж меў яшчэ тры гады паражэння ў правах. Я па-ранейшаму заставаўся бяспраўным.

Усё змянілася ў адзін дзень. Недзе ў канцы мая пасля работы я пайшоў у райваенкамат, каб стаць на ваенны ўлік. Прыйшоў туды, а там - мітусня, шматлюддзе: рыхтавалася да адпраўкі каманда ў армію з рэзервістаў. Нехта не з'явіўся, не хапала людзей, а тут я трапіў на вочы. Мяне з ходу і залічылі ў тую каманду, не дазволіўшы нават збегаць у інтэрнат па рэчы. Так чамадан мой з фатаграфіяй Сяргея Дарожнага, яго лістом Петрусю Броўку - думалася ж, што паеду ў Беларусь і пры сустрэчы перадам адрасату - загінулі назаўжды.

Ваенкамацкі пісар даў мне запоўніць анкету, я і запоўніў. У графе пра судзімасць запісаў - не судзімы. У графе пра партыйнасць зрабіў запіс, што я камсамолец. Указаў няпраўду і пра адукацыю - быццам скончыў адзін курс інстытута журналістыкі ў Менску.

З той анкетай я і пайшоў служыць у армію і праслужыў потым у ёй ажно дваццаць сем гадоў. Калі пачалася вайна, нас адправілі на фронт, і хто там будзе правяраць ці ўдакладняць біяграфічныя дадзеныя. Ваяваў радавым, потым скончыў ваенна-пяхотнае вучылішча, уступіў у партыю, атрымаў узнагароды, а канец вайны сустрэў у Аўстрыі камандзірам мінамётнага ўзвода.

Адразу ж пасля вайны я хацеў звольніцца. Звольніцца не далі. Выклікалі ў штаб дывізіі і сказалі, гледзячы на маю тую анкету:

- Вы афіцэр з адукацыяй, вучыліся ў інстытуце журналістыкі, і мы прапануем вам паступіць у ваенную акадэмію. - Назвалі некалькі акадэмій, я выбраў ваенна-юрыдычную, падумаўшы, што прафесія юрыста спатрэбіцца і ў цывільнай службе.

У акадэмію я паступіў, вучыўся там чатыры гады і ўвесь час думаў, што мяне вось-вось выкрыюць як судзімага і папруць з акадэміі, з арміі і з партыі за падман.

Не выкрылі. У пяцьдзесят першым годзе акадэмію скончыў і да канца шэсцьдзесят восьмага года служыў у ваенных трыбуналах суддзёй. За семнаццаць гадоў судзейскай працы я разгледзеў нямала судовых спраў, пазбавіў волі багата людзей. Я, былы зэк, цяпер сам заганяў людзей за краты.

За чатыры гады няволі ў турмах і лагерах я кожнай клеткай сваёй душы адчуваў, як цяжка прабыць нават адзін дзень за калючым дротам. Кожны вечар падлічваеш, колькі яшчэ засталося месяцаў, тыдняў, дзён. Ну што б, думалася тады, далі б мне не чатыры, а на паўгода менш, і быў бы я ўжо блізка ад волі. Вось гэта адчуванне невыноснасці няволі кожны раз, застаючыся ў пакоі для вынясення прыгавору, я і ўспамінаў. Вядома ж, што санкцыі кожнага артыкула Крымінальнага кодэкса маюць ніжэйшую і вышэйшую мяжу. У гэтых межах трэба і выбраць тэрмін пазбаўлення волі. Можна вызначыць і ніжэй ніжэйшай мяжы, калі знойдуцца на гэта падставы, але пераступаць вышэйшую нельга.

Я стараўся быць справядлівым суддзёй. Мяне лічылі калегі мяккацелым, нават лібералам, начальства крытыкавала за гэту мяккацеласць. У мяне былі адмененыя прыгаворы, але толькі з-за мяккасці пакарання і не было ніводнага прыгавору, па якім бы вышэйшая інстанцыя знізіла тэрмін няволі асуджанаму.

Вялікі расейскі юрыст і вучоны Анатоль Фёдаравіч Коні ў свой час, раздумваючы, якія павінны быць суддзі, аднойчы сцвердзіў наступнае: самым справядлівым суддзёй быў бы той, які на сваёй шкуры пазнаў, што такое няволя і якое неадольнае імкненне ў вязня да волі. Добра было б, гаварыў Коні, кожнага кандыдата на пасаду суддзі патрымаць у няволі з арыштаванымі ну хоць з месяц.

Вядома, на практыцы такое не праводзілася і не будзе праводзіцца. А я вось прайшоў такую практыку і ведаю, што значыць падлічваць дні да вызвалення.

Калі я вяршыў суд, я гаварыў сабе: помні аб няволі. Паўтараў, як некалі паўтаралі рымляне, - помні аб смерці. Так яно і павінна быць.

Аднак агаваруся, лібералам да тых, хто ўчыніў цяжкія злачынствы, да розных блатароў-рэцыдывістаў я не быў. Я іх узненавідзеў яшчэ ў лагеры і турмах.

Згодна Канстытуцыі СССР нашы суддзі пры вырашэнні канкрэтных спраў з'яўляюцца незалежнымі і падначальваюцца толькі закону і свайму сумленню. Гэта, вядома, тэарэтычна. На практыцы ж было дагэтуль зусім іншае. У сталінскія часы не існавала права ў сапраўдным канстытуцыйным сэнсе. Толькі цяпер востра пастаўлена пытанне - зрабіць нашу дзяржаву прававой.

На спінцы крэсла суддзі ёсць дзяржаўны герб - гэта як бы афіцыйны напамінак, што суддзя дзейнічае ад імя дзяржавы і яму дадзены вялікія правы. Я засядаў пад гэтым гербам шмат гадоў і вяршыў правасуддзе толькі на дабро, таму маё сумленне чыстае.

У канцы шэсцьдзесят восьмага я звольніўся з арміі і перайшоў на літаратурную працу.

Мяне так і не выкрылі. Нікому, на маё здзіўленне, не стала вядома пра мае судзімасці. А тое, што пры залічэнні ў акадэмію і пры назначэнні на службу ў ваенны трыбунал мяне правяралі, я быў упэўнены. Відаць жа, рабіліся запыты ў адпаведныя ўстановы, дзе ёсць улік усіх судзімых. Толькі ж чаму абышлося ўсё ціха?

Я падаў заяву ў пракуратуру рэспублікі аб маёй рэабілітацыі. Пракурор БССР Пастрэвіч Іван Пракопавіч, мой зямляк з Магілеўшчыны, былы ваенны пракурор, з якім я разам нейкі час служыў, атрымаўшы маю заяву, не паверыў, што я судзіўся, але загадаў зрабіць праверку гэтага.

Вось тут я і атрымаў разгадку майго шанцавання. Ні ў аддзеле ўліку асуджаных МУС СССР, ні ў такім жа рэспубліканскім аддзеле я сярод асуджаных не значыўся. Чаму ж я выпаў з гэтага строгага ўліку? А вельмі проста: нейкі супрацоўнік аддзела гэтага не туды, куды трэба, сунуў заведзеную на мяне картку. Неахайнасць таго супрацоўніка дала мне спакойную службу і спакойнае жыццё. Як кажуць, Бог мне памог.

Такі вось беглы эскіз майго жыцця з яго нечаканымі зігзагамі. І меў рацыю забыты літаратар Баласогла, што можна, не трапіўшы куды імкнуўся, быць карысным людзям хоць чым-небудзь. Я быў, лічу, карысным.

А пра розныя судовыя і лагерныя гісторыі мае апавяданні ніжэй.

 

 

БАЕЦ ЛЁВА З БАБРУЙСКА

 

Баец Лёва, пра якога пойдзе гаворка, - не воін, а рабочы на бойні, які забівае жывёл на мяса.

Недзе ў чэрвені трыццаць сёмага года ў менскую турму прывезлі з Бабруйска цэлы этап арыштаваных і распіхалі іх па камерах абы-як, нават многія і падзельнікі трапілі разам. У нашу камеру завялі трох бабруйчан-жыдоў. Адзін з іх быў бухгалтар, другі - шапачнік, а трэці, яго Лёва звалі, працаваў на бойні байцом. Мужчына ён быў магутны, са здаравеннымі валасатымі рукамі, якімі здолеў бы задушыць і быка. І рост меў каля двух метраў. Прырода вельмі разумная, яна надзяляе такіх асілкаў спакойным, мяккім характарам. Лёва і быў такі спакойны, часам нават сарамлівы, з ціхай прабачальнай усмешкай. Яму ў камеры было цесна, нязручна, праходы паміж ложкамі - вузкія, і Лёва ўвесь час стукаўся аб іх нагамі. А ложкі для яго былі кароткія, на ўвесь рост не выпрастаешся. Але самай для яго вялікай бядой была малая турэмная пайка. Пры раздачы яды раздатчык, зірнуўшы на Лёву, міжволі тапіў чарпак на поўную глыбіню і даставаў самую гушчу. Голас у Лёвы гучаў такім магутным басам і з такой сілай, што калі б ён гаркнуў у шклянку, то яна павінна б рассыпацца.

Бухгалтар-бабруйчанін сядзеў ці ляжаў у заўсёдным задуменні, у спрэчкі не ўступаў, ён як бы згубіўся ў камерным шматлюддзі.

Шапачнік, невядома як утаіўшы пару іголак, адразу ж пачаў пераніцоўваць камернікам шапкі. Перарабіў ён і маю кепку. Распароў кавалачкам ляза, таксама ім утоенага, вывернуў падыспад наверх, перашыў, і кепка стала як новая. Гэтай сваёй работай шапачнік ратаваў сябе ад цяжкай тугі, думак пра свой лёс, ад якіх часта і вар'яцелі людзі.

А Лёву рабіць было ў камеры нечага. Ён не мог, як бухгалтар, ціха ляжаць ці сядзець, засяроджаным у сваіх думках. Хадзіць у вузкіх праходах было нязручна, і Лёва падоўгу прастойваў каля акна, стараючыся нешта ўбачыць праз шчыліны аконнага шчыта-намордніка.

Бухгалтар і шапачнік ведалі, за якую віну іх пасадзілі. А Лёва не ведаў, бо яго яшчэ ні разу не выклікалі следчыя.

- Прыехалі ка мне на бойню ў сініх фуражках і сказалі: збірайся. А што я зрабіў, не сказалі, - тлумачыў ён не адзін раз.

Быў ён жанаты, меў траіх дзяцей, свой дом і сад.

- Вішні ўжо ў садзе паспелі, здымаць хутка будуць. Ой, якія ў мяне буйныя вішні! Амаль як сліўкі. Ай, якое варэнне з іх смачнае, - цмокаў ён і ківаў стрыжанай галавой. - Хто з вас будзе ў Бабруйску, заходзьце, пачастую варэннем.

- Лёва, а табе не шкада ўсімі днямі забіваць бычкоў, авечак? Яны ж жывыя істоты, - пыталіся ў яго.

- Шкада, калі ім у вочы паглядзіш. Яны так жаласна на цябе глядзяць. Яны ж разумеюць, куды іх прыгналі, чэснае слова. Дык я ў вочы ім не гляджу.

А забіваў Лёва жывёл малатком, біў паміж рог, як забівалі і забіваюць і цяпер на ўсіх невялікіх бойнях. Аднак пра сваю працу ён не любіў расказваць. Аднойчы вось толькі і расказаў.

Ён любіў слухаць розныя турэмныя байкі-росказні. Па-дзіцячы непасрэдна верыў ім, охаў, ахаў. З яго за гэта пацяшаліся, а ён не крыўдзіўся, прасіў яшчэ што-небудзь расказаць, і камерныя майстры заліваць і плялі яму розную лухту.

Ціхі, смірны быў гэты асілак Лёва. Здавалася б, ён са сваёй сілай мог падначаліць усіх у камеры, камандаваць усімі, выбраць сабе лепшае месца, адбіраць перадачы. А ён спаў на крайнім ад дзвярэй, нязручным ложку, калі падыходзіла яго чарга, выносіў з камеры парашу, уступаў днём ложак паспаць тым, у каго месца было на падлозе.

Трэба сказаць, што ў той камеры было больш палітычных, і блатары, што там сядзелі, улады не мелі, пабойваліся адпору. Сталі пабойвацца і Лёву пасля аднаго выпадку.

Маладому хлопцу, майму суседу па ложку, прыслалі з волі перадачу - дзве ляпёшкі сыру, невялікі кавалак сала і парэзаныя на скрылі дзве буханкі хлеба. Атрымаўшы пасылку, ён разгубіўся і не ведаў, што рабіць. Расклаў усё на ложку, глядзеў на перадачу і як бы не верыў, што такое яму прываліла багацце. У турме існуе правіла - не заціскаць перадачу, ёю трэба дзяліцца. Хлопец, відаць, і думаў, як падзяліць усё на столькі людзей. Ён даў спачатку мне кавалачак сыру і хлеба, сам пачаў есці, даў і суседу-шапачніку за перашытую яму шапку. І тут адзін блацюк са спрытам малпы падпоўз па ложках да хлопца, моўчкі згроб усю перадачу і панёс на свой ложак.

- Эй, - крыкнуў хлопец, - чаму ўсё забраў? Аддай.

Блацюк усеўся і стаў есці.

Усе паглядзелі чамусьці на Лёву, які стаяў каля акна і моўчкі сачыў за гэтым канфліктам.

- Дзядзька Лёва, ён у мяне ўсё забраў, - паскардзіўся яму хлопец.

Лёва падышоў да блацюка, падняў таго з ложка пад пахі, пасадзіў на падлогу, паднёс свой здаравенны кулак да твару:

- Каб больш такога не рабіў. Нельга чалавека крыўдзіць.

Блацюк пачаў лаяць, але не Лёву, а хлопца, які нібыта збіраўся заціснуць сваю перадачу. З Лёвам лаяцца пабаяўся.

Ужо некалькі разоў выклікалі на допыт бабруйчан, шапачніка і бухгалтара, а Лёву ўсё не чапалі, нібы забыліся на яго, а можа, дзе згубілі ягоную справу. І ён стаў яшчэ больш марнець, нервавацца, па некалькі разоў на дзень выклікаў дзяжурных і пытаўся ў іх, каб сказалі, завошта яго пасадзілі і чаму нікуды не выклікаюць.

Яго супакойвалі.

- Сядзі, усё роўна гэтыя дні залічаць у твой тэрмін.

- Які тэрмін? За што мне тэрмін? Я нічога не зрабіў кепскага.

- Калі нічога не зрабіў, то і дадуць менш.

- Чаму менш? Як гэта за нішто дадуць? - абураўся ён.

З дня арышту Лёва сядзеў без допыту ўжо каля трох месяцаў. Не выклікалі на допыт, бо, відаць, яшчэ не прыдумалі, што паставіць яму ў віну.

Неяк ён сказаў наглядчыку:

- Скажы начальству, што калі мяне сёння ці заўтра не выклічуць, то я паламаю гэтыя дзверы.

Наглядчык, агледзеўшы ягоную магутную постаць, крутнуў галавой:

- Такі, як ты, і сцяну можа разваліць. - І спагадліва дадаў: - Куды ты спяшаешся? Усе следчыя занятыя буйнымі ворагамі народа. А ты, значыць, для іх дробны.

- Я на волю хачу, разумееш? - ускрыкнуў Лёва. - Які я вораг народа?

Ад гэтых наіўных слоў у камеры зарагаталі - на волю ён хоча, а ўсе быццам не хочуць. Пра волю тую думаюць, а не гавораць. Да таго ж усе і даведваюцца, што яны ўчынілі «варожага», толькі ад следчых. Так, у нашай камеры сядзеў чалавек, які толькі праз чатыры месяцы арышту даведаўся, што ён быццам бы шпіён, бо выдаў дзяржаўную тайну: паведаміў невядомым людзям пра шашу Менск-Масква, пра яе шырыню і пакрыццё, хоць тайну той шашы ўсе ведалі нават за мяжой - па ёй ездзяць чужаземцы на сваіх аўтамабілях.

Лёва, як ніхто ў камеры, быў упэўнены, што яго адразу ж, як толькі выклічуць на допыт, вызваляць з турмы, бо ніякіх кепскіх спраў за сабою не знаходзіў: не краў, не хуліганіў, супраць начальства не ішоў, падаткі за дом, плату за электрычнасць акуратна ўносіў. Наіўна, канечне, думаў Лёва. Гэта ад слабасці характару. І чым больш праходзіла часу, тым больш упэўнена ён гаварыў пра волю, чакаў яе, расказваў пра дзяцей, жонку, з якімі хутка ўбачыцца. У дзяцей цяпер канікулы, і яны працуюць на агародзе, памагаюць маці. Дакараў жонку, што не шле яму пасылкі і не прывозіць перадачы.

- Я яе раменьчыкам, раменьчыкам за гэта, - абяцаў ён пасцябаць жонку. - Яна што, буханку хлеба не можа прывезці?

- Лёва, не каці бочку на яе, - супакойваў яго шапачнік. - Табе, як падследнаму, перадачы і пасылкі забаронены.

Ад акна Лёва стаў амаль не адыходзіць. У «намордніку» зрабілі ладныя шчыліны, і праз іх можна было нешта ўбачыць. Былі відаць дамы за турмой, дрэвы. Была відаць воля, якая і прыцягвала да сябе Лёву неадольна. На турэмным двары ляталі ластаўкі - птушкі вольныя, яны маглі ляцець, куды захочуць, для іх ні сцены турэмных двароў, ні вышкі з вартавымі, замкі нічога не значылі. Захочуць і ў той жа Бабруйск, дзе Лёваў дом, жонка, дзеці, даляцяць. Ухапіўшыся рукамі за краты, ён падоўгу сачыў за ластаўкамі, якія то падляталі сюды, вышэй акна, то адляталі. Відаць, пад акном у іх было злеплена гняздо.

Прыроджанае імкненне чалавека да волі незнішчальнае, яго можна заглушыць, але нельга зусім знішчыць. Лёва жыў толькі гэтай прагай волі, і яна, прага, абрынулася на яго тым валам нецярпення, калі чалавек ужо не можа нічога іншага ні ўлічваць, ні бачыць, а імкнецца толькі дабіцца свайго.

Лёва прагнуў волі адчайна, бурна, нястрымана. Я назіраў за ім у той момант і адчуваў, што ён зараз нешта зробіць такое выбуховае. Спачатку ён стаяў каля акна маўклівы, але ўвесь напружаны, з тварам, налітым крывёю. Потым ухапіўся за краты і колькі было сілы пачаў ірваць іх. Краты былі моцныя, не сарваць і не сагнуць. Яны і дашчаны «наморднік» закрывалі волю, свет, яны сляпілі. Вочы ў Лёвы, калі ён азірнуўся назад на камеру, як бы просячы дапамогі, блішчалі гарачкавай хваравітасцю і адчаем. Нейкія секунды роздуму, і Лёва крутнуўся ад акна да бліжэйшага ложка, схапіў з яго дошку. Тырчком той дошкі ён і пачаў біць па «намордніку». Шчыт затрашчаў, паляцелі ўніз дошкі, і ў камеры пасвятлела і павесялела, у акне адкрыўся двор, дрэвы і дамы за турэмным дваром.

Ніхто з насельнікаў камеры Лёву не спыніў, ніхто нічога яму не сказаў, усе маўчалі і чакалі, што ж зараз будзе. А ён так і стаяў з дошкай у руках, ужо нейкі расслаблены і спустошаны. Твар памякчэў, чырвань сплыла, на губах з'явілася нешта накшталт усмешкі.

Доўга чакаць расплаты Лёву не прыйшлося. Неўзабаве дзверы камеры адчыніліся і зайшлі чалавек пяць з турэмнай абслугі.

- Выходзь! - скамандаваў старшы, але падыходзіць да Лёвы ніхто з іх не адважваўся.

- Лёва, - сказаў шапачнік, - не рабі глупства, не зарабляй сабе новы артыкул. Ідзі.

І Лёва акуратна паклаў дошку на месца і выйшаў з камеры.

У камеру вярнуўся праз дзесяць сутак з карцэра, з упалымі шчокамі, праваленымі вачамі, нейкі ўвесь абмяклы, яшчэ больш марудлівы. За дзесяць галодных карцэрных сутак ён аслаб і целам, і душой. Зайшоў, лёг на свой ранейшы ложак і ляжаў так да вячэрняй баланды.

На допыт Лёву выклікалі ў тую ж ноч. Раніцай вярнуўся, сеў на ложак, абхапіў галаву рукамі і захістаўся, прыгаворваючы:

- Мама мая родная, ой, ой. Я - шкоднік. Сказалі, што я шкодзіў на бойні. Забіваў худых быкоў. Ці ж я іх гадаваў, прывозіў такіх на бойню? Мама мая родная...

Асудзілі Лёву дзён праз дзесяць. Спецкалегія Вярхоўнага суда дала Лёву ўсяго восем гадоў. Не дзесяць і не пятнаццаць. Добра, што не ваенны трыбунал судзіў, а то б і «шлёпку» мог Лёва атрымаць. І за што? За тое, што забіваў худых быкоў, а не адкормленых.

 

 

ХЛЕБАПЁК

 

Калі эшалон зэкаў прыбыў на тэрыторыю Бамлага, у вагон зайшоў нейкі пісар і пачаў запісваць, якую хто мае прафесію. Дайшла чарга і да мяне, і я назваўся хлебапёкам. Іменна так і назваўся, бо не ведаў, як гэтыя хлебапёкі правільна называюцца. Пісар ухмыльнуўся і запісаў мяне пекарам. Каб больш мне было веры, я дадаў, што скончыў два курсы хіміка-тэхналагічнага тэхнікума прамысловага хлебапячэння. Пісар таксама гэта запісаў.

- Усё, - сказаў мой сусед па нарах, - цяпер ты з голаду не прападзеш. На хлебе будзеш сядзець, хлебапёк.

На гэта спадзяваўся і я, палічыўшы, што калі той запіс унясуць у мой фармуляр, то на пякарню абавязкова траплю.

Ніякім пекарам я ніколі не працаваў, нават не бачыў, як той хлеб пякуць у пякарнях. А ў тэхнікуме я сапраўды вучыўся два гады. Паступаць у яго не хацеў, але настояў бацька і ўгаварыла стрыечная сястра Варка, якая там вучылася. Трыццаць трэці год быў галодны, а Варка, прыехаўшы ў вёску на канікулы, хвалілася:

- На хлебазаводзе кожны дзень на практыцы бываем. Белы хлеб там ад пуза ядзім. Буханку разламаеш і еш колькі ўлезе. Гарачанькі, пахучы.

Бацька, наслухаўшыся яе пахвалёнкі, і настояў, каб я паехаў вучыцца ў той тэхнікум.

- З голаду ніколі не памрэш на такой рабоце. Едзь.

Я паехаў і паступіў. На практыку студэнты хадзілі толькі з трэцяга курса, і мне так ні разу і не ўдалося трапіць на хлебазавод і паесці таго белага хлеба ад пуза.

Вучыцца мне там было нецікава, а таму і цяжка. Я любіў навукі гуманітарныя, а ў тэхнікуме трэба было вучыць супрамат, механіку, нават вышэйшую матэматыку і ажно тры хіміі - неарганічную, арганічную і аналітычную. Я ўцёк з тэхнікума пасля двух курсаў на рабфак пры Беларускім універсітэце.

На Бамлагу, куды нас прывезлі, асноўныя работы былі скончаны - засталіся толькі сякія-такія недаробкі. Большасць зэкаў ужо адправілі з Бамлага ў іншыя лагеры.

Пасля галоднай сямімесячнай адсідкі ў турме, месячнага этапу я ледзь валачыў ногі і ўвесь час хацеў есці. Я быў малады, арганізм яшчэ рос, і яму патрабавалася харчаванне для росту. А нас адразу, без перадыху, пачалі ганяць на пагрузку чыгуначных платформаў гравіем. І якія ж вялікія, бяздонныя здаваліся мне тыя платформы. Колькі кідкоў лапатай трэба зрабіць, каб запоўніць па барты платформу.

Гравій - цяжкі, шуфля цяжкая, і ўжо ад некалькіх кідкоў у мяне млелі рукі і плечы. Норма была вялікая - пагрузіць дзве платформы траім. Мы ледзь паспявалі загружаць толькі адну платформу, на другую сілы не ставала. Я браў шуфляй, можа, не трэць грузу. І чым даўжэй працаваў, тым менш набіраў у шуфлю гравію. Калі яго кідаў у платформу, то не мог утрымаць шуфлю, каб не стукнуць цаўём аб борт. «Асцярожна, зламаеш чаранок», - папярэджваў мяне брыгадзір. А я тады захацеў, каб ён хутчэй зламаўся, і ўжо знарок стукаў ім мацней аб востры край борта.

Напарнікі мае былі мужчыны хоць і сталыя, але і яны за турэмныя дні і месяц этапу таксама амаль дайшлі і ў рабоце гэтак жа, як і я, ледзь варушыліся.

Мы часта рабілі перапынкі, к канцу змены перапынкі доўжыліся, а ўсё адно сілы не прыбаўлялася, не адкрывалася другое дыханне, бо рэзерваў арганізм не меў. Можна было кінуць шуфлю, легчы і праляжаць да канца змены. Але ж пужала заўтрашняя трохсотграмовая пайка, ад якой я дайду яшчэ хутчэй. У мяне і так засталіся шкілет ды скура, мышачны слой - тоненькі, толькі каб звязаць скуру з касцямі.

У час аднаго перадыху я сказаў:

- Працаваць не буду, не магу.

Прызнаўся і яшчэ адзін напарнік, што ў яго таксама сілы скончыліся.

- А я што, не такі, - сказаў трэці, - але ж трэба працаваць.

Калі брыгадзір пачуў ад нас, што мы ад працы адмаўляемся, то сказаў:

- Даю вам параду, дахадзягі. Загрузіце адну платформу, і я запішу яе на каго-небудзь з вас аднаго. Той палучыць за перавыкананне нормы кіло і сто грамаў хлеба, астатнія двое - па трыста, а ўсяго на трох - кілаграм семсот грамаў. Калі ж вы ўсе трое не выканаеце норму, то на ўсіх будзе толькі дзевяцьсот грамаў.

Так і вырашылі. Адну платформу мы ўсё ж пагрузілі, ды і то, як сказаў дзесятнік, не зусім поўна. Але запісаў як поўную, і запісаў чамусьці на мяне.

Назаўтра, на нашу радасць, мы ўсе атрымалі поўныя пайкі. Відаць, усё ж начальства зразумела, што ад дахадзяг пасля этапу нельга патрабаваць поўнай нормы.

Я прыціскаў да грудзей сваю вялікую пайку яшчэ цёплага фармовачнага хлеба з даважкай, прыколатай трэсачкай, і мне нават пацяплела ад яго. Бог мой, якія ж ёсць шчаслівыя людзі, што могуць есці вось такі хлеб уволю. Вось ён, хлеб, у маіх руках, тая жыватворчая сіла, якая ажывіць мяне, не дасць загнуцца, паплысці за зону на зэкаўскія могілкі.

Эх, думаў я, вось бы дарвацца да хлеба, каб кожны дзень яго есці колькі хочаш, і тады б я зусім ажыў і мышцы мае патаўсцелі б, а я рос бы.

Прага паесці ў тыя дні мяне не пакідала ні ўдзень, ні ўначы. І калі спаў, то недзе ў куточку мозга не засынала думка аб ядзе. Неяк прачнуўся ад паху свежага, гарачага бохана. Я сеў, пачаў мацаць вакол сябе, азірацца, дзе ж той бохан, уцягваць ноздрамі паветра, каб адчуць, адкуль ідзе гэты пах, але паху не было, не адчуваў яго. Ён мне проста прысніўся. Аказваецца, і пахі могуць сніцца.

Я зайздросціў чорнай зайздрасцю рабочым па кухні - яны сытыя. Вялікай марай было стаць хлебарэзам або памочнікам кладаўшчыка. Гэтыя пасады былі для мяне тады самымі высокімі ў свеце, і мае мары, жаданне іх заняць не маглі па важнасці ні з чым параўнацца. Жаданне нейкага чалавека стаць, скажам, наркомам, акадэмікам - драбяза. Хлебарэз ці рабочы па кухні вышэй за ўсякіх там наркомаў і акадэмікаў.

Калі чалавек пастаянна галодны, то ў яго адно імкненне, адна мэта - ухапіць недзе хоць што-небудзь ядомае. Усё чалавечае ў ім - дружба, спагада, гонар - адступае, знікае, саступае жывёльнаму і расліннаму закону барацьбы за выжыванне. Не верце тым, якія гавораць, што ў лагеры яны, галодныя і знясіленыя ад хранічнага голаду, дзяліліся пайкай з такім жа галодным або саступалі месца каля катла ў чарзе па дабаўку. Лагерная мараль, законы - бесчалавечныя, там не жыццё, а антыжыццё.

Я адно зразумеў, што калі не траплю на больш лёгкую і сытную працу, то прападу. Ну хоць бы месяц, тыдзень пажыць, дзе лягчэй. А то ж з турмы, этапу і адразу на ЦФП - цяжкую фізічную працу.

Пра тое, што я некалі запісаўся хлебапёкам, я ўжо і забыў, не верыў, што той запіс мне некалі паможа. І па-ранейшаму хадзіў на ЦФП, грузіў пясок, гравій, падсыпаў адхоны пуцей, разгружаў шпалы з платформы.

Я даходзіў, згасаў, дагараў, і брыгадзір, хоць і шкадаваў мяне, усё часцей запісваў мне невыкананне нормы, а гэта значыла - няпоўная пайка. Цяпер я разам з такімі ж дахадзягамі не адыходзіў ад кухні з надзеяй хоць што-небудзь ухапіць, хоць якія агрызкі, аб'едкі, саскрэбкі ў катле. Аднак удачы выпадалі рэдка - была вялікая канкурэнцыя. Я схуднеў, здавалася, да апошняй грані. Далей ужо не худзеюць, а пачынаюць пухнуць. І я баяўся гэтага.

У санчасці, куды я звяртаўся з просьбай паслаць мяне на АП - аздараўленчы пункт, дапамогі не атрымаў, такіх, як я, было палова калоны.

А надышла зіма, мароз працінаў маё худое цела не толькі да касцей, а ўсяго наскрозь, і, каб не замерзнуць, трэба было рухацца, рухацца, а на рухі не было сілы. Часта ўзнікала жаданне абмарозіць руку, нагу, каб трапіць у лазарэт, а то і інваліднасць атрымаць.

Паратунак прыйшоў тады, калі я яго не чакаў. Ужо тыдзень запар я меў толькі трохсотграмовую пайку. Жыццё маё ішло да развязкі. Працаваць я ўжо не мог, не выходзіў на работу і нават не кожны дзень з'яўляўся на развод.

Аднойчы шчаслівай для мяне раніцай на разводзе нарадчык выгукнуў маё прозвішча і сказаў, каб я застаўся ў зоне. Калі брыгады прайшлі праз вахту, над варотамі якой быў дугой-аркай прыбіты транспарант са словамі: «Праца ў СССР ёсць справа гонару, доблесці і геройства», нарадчык павёў мяне за зону ў напрамку пякарні.

Яна была побач, абнесеная, як і калона, драцяной агароджай, і там працавалі расканваіраваныя зэкі-пекары.

- Ты пекар? - спытаў мяне дарогай нарадчык.

- Ага, - схлусіў я.

Чым бліжэй мы падыходзілі да пякарні, пах хлеба ўсё мацнеў і мацнеў. Ён біў у ноздры і выклікаў ледзь не галавакружэнне. Нясцерпна засмактала пад лыжачкай не ад паху, а ад думкі, што вось зараз я апынуся перад цэлай кучай буханак і што б там ні было адразу ўхаплюся за буханку, угрызуся ў яе і не аддам, няхай хоць забіваюць.

- Ты на хлебазаводзе працаваў ці на пякарні? - перапыніў мае думкі нарадчык.

- Ага, каля печы на заводзе. Праз два гады я быў бы тэхнікам па хлебапячэнні.

- Ну, тут не завод, механізмаў няма, гарбом і рукамі ўсё трэба рабіць.

- А кім мяне туды? - нясмела спытаў я.

- Галоўны пекар праз тры месяцы вызваліцца. Вось яму замену трэба рыхтаваць.

«Ну няхай рыхтуюць. Хоць тыдзень, хоць дзень, ды пабуду ж там», - радаваўся я.

Ну вось і пякарня з закапцелым комінам над дахам, з якога цягнуўся струмень чорнага дыму. Нарадчык, калі пераступілі парог пякарні, крыкнуў некуды ў цёмную, шумную залу, дзе людзей я не бачыў:

- Парфёнаў! Дзе ты там? Змену прывёў, разбірайся. - І выйшаў.

Людзей я не ўбачыў, таму што іх засланялі штабелі мукі і штабель буханак. Бог мой, як іх, буханак, тут многа! Цяпло хлеба, відаць, нядаўна вынятага з печы, я адчуваў тварам, голымі рукамі. У мяне пачалася ікаўка, я ажно ўздрыгваў ад яе, нейкая спазма перахапіла горла. Мной завалодала толькі адно жаданне - схапіць буханку. І я зрабіў бы гэта, дык ногі як прыстылі да падлогі.

Я не заўважыў, як падышоў да мяне пажылы, шырокі ў плячах барадач.

- Ты хто? - спытаў ён.

- Я? - Да мяне не даходзіла яго пытанне, я не разумеў, пра што ён пытае. Я паказаў на буханкі і сказаў: - Можна хлеба?

Стары і добры Парфёнаў - гэта быў ён - крануў мяне за плячо і падвёў да століка, на якім стаяў чайнік, кубкі, а ў вялікай місцы ляжаў нарэзаны тонкімі скібачкамі хлеб.

- Паеш, потым пагаворым. - Ён наліў мне ў кубак салодкага гарачага чаю.

Хлеб, што быў у місцы, я з'еў увесь, выпіў два кубкі чаю, і ўсё адно ўсярэдзіне мяне смактала, смактала.

Хлеба больш мне Парфёнаў не падлажыў. Я зразумеў, што стары пашкадаваў не хлеба, а мяне. Часта ж было ў лагеры - наваліцца нейкі галодны зэк на яду, якая яму нечакана прываліла, а там - заварот кішак.

- Ну а цяпер пагаворым, - прысеў каля мяне Парфёнаў. Ён паспеў мяне, канечне, добра разгледзець, худога тонкага «фіціля», з кашчавымі вузкімі кісцямі рук, і зразумеў, што ніякі я не пекар і замяніць яго не змагу. Таму ён і не наладзіў мне экзамену, як звычайна наладжвалі такім самазванцам, як я. Загадвалі, напрыклад, узяць тапор і пасячы ў карыце муку, маўляў, зляжалася. Той браўся сячы, і яго адразу ж праганялі. А Парфёнаў распытаў, хто я, адкуль, за што судзіўся.

Я чэсна яму расказаў пра сябе, сказаў, што я зусім дайшоў, і папрасіў яго пакінуць мяне на пякарні хоць на тыдзень.

Ён паварушыў губамі, вылаяўся - не ў мой адрас, а проста так, сказаў:

- Значыць, ты - контрык, агітчык.

- Ніякі я не контрык.

- Не апраўдвайся, - сказаў ён неяк злосна, - яны ўмеюць рабіць гэта добра.

«Усё, - падціснула сэрца чорная туга, - прагоніць. Ну буханку ж дасць з сабою?»

- Лады, распранайся і надзявай халат, - пачуў я голас пекара праз бразгат формаў, патрэскванне агню ў печы, стук лапаты. Пачуў і не паверыў.

І я застаўся працаваць на той пякарні. Працаваў там усю зіму - самую страшную і цяжкую пару для зэкаў. Паліў у печы, насіў ваду, мыў дзежы, грузіў буханкі, цягаў мяхі з мукой. Я прагнаў голад, я быў сыты, акрэп, твар мой неяк адразу пакруглеў, плечы ўшыркі раздаліся.

У пачатку сакавіка Парфёнаў вызваліўся. Галоўным пекарам стаў не я, а другі пекар, я застаўся ў таго пекара памочнікам. Пекарскай прамудрасці я ўжо навучыўся і сам мог выпякаць хлеб.

Развітаўся я з Парфёнавым са слязьмі, не мог іх утрымаць. Я абняў яго, ён паляпаў мяне па плячы, сказаў:

- Трымайся, контрык. А цябе я ўзяў таму, што ты - не блатар, не шпанюк.

Ён выйшаў за вароты, а я стаяў каля вахты і махаў яму, махаў свайму ўратавальніку. І тады, і цяпер я ўпэўнены, што калі б не трапіў у пякарню, то зіму тую не перажыў бы, загнуўся б.

Кажуць, што ў чалавека бывае ўсё, што яму трэба, толькі не ў патрэбны час. У мяне якраз у пару тады атрымалася з маім уратаваннем. Відаць, усё ж ёсць Бог, і ён мне памог. Разам з Парфёнавым.

 

 

ГУЛЬНЯ Ў КАРТЫ

 

У лагеры, акрамя начальнікаў, уладу маюць над зэкаўскай масай і блатары-рэцыдывісты. Гэтая блатарская поскудзь і бярэ верх над «фраерамі» - палітычнымі і бытавікамі ўсюды: у лагпунктах, бараках, на этапах, перасыльных пунктах. Блатары спаяны, арганізаваны, дзейнічаюць дружна. У іх ёсць свая блатарская іерархія. І яшчэ ў іх не існуе чалавечых маральных межаў. Пры любым непаслухмянстве главар блатароў пахан можа забіць, пакалечыць таго, хто не паслухаўся, або загадаць гэта зрабіць сваім памагатым. Гэтых нелюдзей у лагерах я пабачыў даволі. За імі - забойствы, разбойныя нападзенні, згвалтаванні, крадзяжы, многія з якіх засталіся следству невядомыя. За сваё жыццё яны нідзе сур'ёзна не працавалі, не маюць працоўных прафесій. У лагеры яны не ходзяць на агульныя работы, хоць фізічна здаровыя і ім прызначана ЦФП - цяжкая фізічная праца. Яны або займаюць нейкія пасады ў лагернай абслузе, або прымушаюць брыгадзіраў пад пагрозай смерці запісваць ім норму.

Людзі яны, як правіла, з жывёльна-прымітыўнымі інтарэсамі. Мары іх - выбрацца на волю, каб зноў пагуляць, паразбойнічаць, шыкануць, а там зноў не страшна вярнуцца ў турму і лагер. Судзімыя яны неаднойчы, і калі б некаторым сплюсаваць вынесеныя ім прыгаворамі тэрміны, то жыцця б не хапіла іх адбыць. У нашым бараку нейкі час жыў злодзей-рэцыдывіст, у якога было ажно дзесяць прозвішчаў, - столькі разоў ён судзіўся пад такімі прозвішчамі. І калі часам на праверцы яго выклікалі, ён ужо завучана адтарабаньваў усе свае прозвішчы - Яфімаў, ён жа Салаўёў, ён жа Місюк, ён жа Барадулін, і гэтак далей.

Любімыя заняткі ў іх - гульня ў карты, піць чыфір, слухаць «романы», якія ім расказвае нехта з «фраераў».

І тады, у свае лагерныя гады, і цяпер я лічыў і лічу, што гэтыя блатары не маюць права жыць нават у лагеры. Іх трэба знішчаць фізічна. Грамадства вельмі шмат цярпела і церпіць ад іх. Яны небяспечныя не толькі тым, што ўчыняюць цяжкія злачынствы, забіваюць, калечаць, гвалтуюць, крадуць, але і тым, што перадаюць свой вопыт, лад жыцця, мараль іншым, у асноўным маладым, уцягваючы іх у сваю злачынную сферу.

Пісьменнік з вялікім лагерным стажам Варлам Шаламаў у сваіх «Нарысах злачыннага свету» вельмі пераканаўча расказаў аб гэтай дрэні. Сарваўшы маску рамантыкі з блатарскай погані, ён прыйшоў да цвёрдага вываду: погань гэта не мае права на жыццё.

Сапраўды, ну як можна пакінуць у жывых, скажам, бандыта, які забіў некалькі чалавек на волі, а потым учыняе забойства і ў лагеры?

Я ніяк не разумею тых людзей, большасць з якіх належыць да творчай інтэлігенцыі, што нядаўна раптам паднялі ў друку, па тэлебачанні і радыё кампанію аб гуманізацыі ўмоў для асуджаных за любое злачынства і аб тым, каб адмяніць смяротную кару нават за забойства. Што гэта - поза, рысоўка, спроба паказацца гэткімі добранькімі гуманістамі, каб набыць аўтарытэт сярод пэўнай часткі грамадства? Думаю, што гэта - поза. Ну ці ж маральна пакідаць у жывых забойцу трыццаці жанчын, якога нядаўна судзілі ў Віцебску? Зыходзячы з якіх маральных разлікаў яго трэба пашкадаваць і не расстрэльваць? Больш таго, захаваўшы яму жыццё, перадаць потым на ўтрыманне дзяржавы, якая павінна яго карміць, паіць, адзяваць, лячыць. Наконт гуманізму да злачынцаў добра напісаў Дастаеўскі: «Той, хто шкадуе забойцу, не шкадуе яго ахвяру».

Як паказала жыццё, гэтыя «сердабольцы» выступаюць за гуманізм да злачынцаў, пакуль самі не трапілі ў бяду. Адзін вядомы культурны дзеяч, актыўны змагар за адмену смяротнай кары, калі яго любімую ўнучку згвалцілі і ледзь не прыдушылі, падняў такі шум, такую актыўнасць праявіў, патрабуючы пакараць смерцю тых гвалтаўнікоў, што здзівіў нават пракурораў.

З крымінальнай брыдотай я добра пазнаёміўся не толькі ў турмах і лагерах, але і ў час працы суддзёй. Таму рашуча не прымаю пазіцыю тых, якія лічаць, што няма злачынцаў, якіх нельга было б перавыхаваць. Блеф гэта, жаданне бачыць жаданае. Перавыхаваць можна несапсаванага непаўналетняга. Саракагадоваму вуркагану і бандыту новую душу не ўставіш. Смех і абурэнне выклікае ў мяне, калі я чытаю, як нехта ажно захліпаецца ад радасці, што нейкі там рэцыдывіст, на сумленні якога не адно цяжкае злачынства, стаў на шлях выпраўлення. Ён, маўляў, цяпер працуе добра, выконвае нормы. Ну а тую кроў, якая на яго руках, як адмыць, чым апраўдаць?

Ах колькі пісалася і гаварылася, колькі ў свет выйшла раманаў, п'ес, апавяданняў, паэм, кінафільмаў, прысвечаных «перакоўцы» злачынцаў. Галоўныя героі тых твораў - бандыты, забойцы, злодзеі. Помніце хоць бы п'есу М.Пагодзіна «Арыстакраты», апавяданне нашага М.Лынькова «Баян»? Напомню і ганебную калектыўную кнігу, напісаную пісьменнікамі пра «перакоўку» на Беламорканале і расхваленую М.Горкім, дзе праслаўляецца рабская праца нявольнікаў. Хоць слязу пускай над замілаваннем і расчульваннем аўтараў ад «перакаваных» забойцаў.

Блатары часта разбіваюцца на групы, і кожная імкнецца стаць лідэрам у лагпункце, калоне, падначаліць сабе іншыя групы. Тады барацьба даходзіць да крыві. У час службы ў Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР мне трапіла на вочы справа на аднаго асуджанага, які за вяршынства ў калоніі ноччу перарэзаў горлы шаснаццаці сапернікам з варожай групы.

Я пішу пра ўсё гэта, успомніўшы блатароў сваёй калоны.

Калону тую стварылі з зэкаў розных калон ліквідаванага Бамлага. Асноўная маса бамлагаўцаў пайшла на Калыму, а нас прыгналі ў тайгу будаваць чыгунку ад Камсамольска-на-Амуры да Нікалаеўска. Мы прабівалі трасу, масцілі ляжнёўку з бярвён, цягалі на сабе бярвёны для будаўніцтва баракаў, сталовай.

Працавалі, як і ўсюды ў лагерах, не ўсе. У палатках заставаліся хворыя і адпетыя блатары. Месцаў у санчасці, каб туды памясціць хворых, не было, і яны ляжалі ў сваіх палатках-бараках. Да іх двойчы ў дзень заходзілі лекар і фельчар.

Побач са мной «даплываў» на нарах зэк з Разані. Ён быў апухлы, як тапелец, і амаль ужо не ўставаў. Што з ім было, не ведаю. Казалі, што ён знарок давёў сябе да такога стану, каб не выходзіць на працу. Нібыта ён еў шмат солі, што і выклікала хваробу нырак і апухласць. Думаю, што калі гэта так, то ён перабольшыў меру той солі, у час не спыніўся. Цяпер, можа, і рады б вярнуць здароўе, толькі ўжо было позна. Усе лічылі, у тым ліку доктар, ды і сам хворы, што дажывае ён апошнія дні, песенька яго спета і хутка дасць дуба.

- Ты хоць да цяпла дацягні, каб зямля адтала, - гаварыў яму яго зямляк, - а то хто ж табе магілу будзе дзяўбці.

Зямляк той ужо намеціў, што можна забраць у яго пасля смерці.

- Кораш, я штаны твае вазьму, лады? І шкарпэткі вазьму.

Гэта была просьба не кашчунная, а звычайная практыка ў лагерным жыцці дамаўляцца з хворым зараней, што ў таго ўзяць пасля яго смерці. Нікога, у тым ліку і хворага, не здзіўляла гэта і не абурала.

У той дзень, не помню па якой прычыне, на працу я не выйшаў і адпачываў у палатцы. Ляжаў побач з апухлым разанцам, перакідваўся з ім словамі і сачыў за гульнёй у карты на нарах насупраць нас. Карты былі самаробныя, лагерныя, злепленыя з нейкай кнігі. Карцёжнікаў сядзела чацвёра. Гулялі па два. Не ведаю, што ставілі на кон першыя два гульцы, але гульня была не вельмі азартная. Хто з іх і колькі прайграў, я так і не зразумеў. Тое, на што гулялі, не было выкладзена. Гэтыя першыя два гульцы разышліся без сваркі, ціха і, відаць, без вялікага пройгрышу. Гулялі ў буру, распаўсюджаную ў лагерах і турмах гульню.

Потым селі яшчэ два, пахан калоны і зэк па клічцы Барсук, што ўшыркі, што ў рост, - з тварам дробным і злымі малымі вочкамі. Лічыўся ён гульцом моцным, хітрым, амаль бяспройгрышным. Яго на этапе сюды ў вагоне ледзь не забілі, западозрыўшы ў шулерстве. Аднак калі і быў ён шулер, то злавіць яго цяжка. Пахан таксама быў гулец моцны і азартны.

Гулялі на згорнутым бушлаце, ляпанне карт было чуваць ва ўсіх кутках палаткі.

Пахан гуляў на партсігар, ацаніўшы яго пасля торгу з лаянкай у пяцьсот рублёў. Той партсігар я бачыў яшчэ нядаўна ў колішняга сакратара райкома, зэка нашай бамлагаўскай калоны. Пахан ці купіў яго ў сакратара, ці адабраў.

Партсігар хутка прайграўся і апынуўся ў Барсука.

- Сука, давай яшчэ, - увайшоў у азарт пахан. - У ачко давай.

- Што ставіш? - спытаў Барсук.

Пахан дастаў з узгалоўя чорны кажушок, аблямаваны па падоле футравай палоскай. Барсук пакруціў яго, прымераў, назваў цану - тысяча рублёў. Была лаянка, абразы, пагрозы, але сышліся на дзвюх тысячах.

Пахан прайграў пяцьсот рублёў, потым адыграў назад, вярнуў і партсігар, але зноў усё прайграў. Заставаліся пяцьсот і апошняя спроба ўсё вярнуць. З якой хвалюючай увагай гуляў ён у тыя хвіліны. Вось ён узяў карту, пачаў адкрываць яе не адразу, а павольна. Гулец у такія моманты не павінен выдаць сябе - добрая ці дрэнная карта яму выпала і ці трэба да яе яшчэ прыкупіць карту, каб атрымаць ратавальнае ачко. Задача пахана была не паказаць, што ён узрадаваўся ці занепакоіўся. Твар яго і быў абыякавы і застылы, як маска. Пасля нейкага знешне спакойнага роздуму пахан прыкупіў яшчэ адну карту. Адкрыў ён яе не адразу, а павольна, тоячыся не толькі ад саперніка, а і ад сябе. Адкрыў, ускрыкнуў лаянкай і шпурнуў карты на нары. Быў перабор.

Я ляжаў на нарах і працягваў сачыць за гульнёй ужо з цікавасцю. Ах, які ж я быў дурань, ненавучаны. А ведаў жа, што ахопленыя азартам карцёжнікі прайграюць у карты ўсё - апошнюю кашулю, пайкі хлеба ўперад на некалькі дзён, сваю галаву і чужое жыццё. Таму зэкі і стараюцца быць далей ад карцёжнікаў. Калі не сарвуць з цябе нешта носкае, дык і самога могуць паставіць на гульню. А я ляжаў, сачыў, захоплены гульнёй.

Пахан яшчэ нешта прапаноўваў на гульню, Барсук не згаджаўся, не хацеў гуляць і ў доўг. Тады пахан са сцішанай лютасцю сказаў:

- На чужую галаву.

- На чыю? Вертухая?

- За яго заб'юць без следства.

І пахан застылымі, вырачанымі ад узбуджэння вачамі раптам упіўся на нас, спачатку на разанца, потым на мяне. Глядзеў і выбіраў, на каго з нас згуляць, у колькі рублёў ацаніць. Я анямеў і самлеў ад жаху. Я зразумеў, што калі Барсук згодзіцца, то камусьці з нас - мне ці разанцу - будзе канец. І пахан прайграе, як прайграў партсігар і кажушок.

Пахан, не адводзячы лютага позірку ад мяне, нешта шапнуў Барсуку на вуха. Той ухмыльнуўся і паціснуў плячамі.

Няўжо згадзіўся?

Згадзіўся, бо ўзяўся за калоду, пачаў яе тасаваць.

Я маўчаў, я не рухаўся, я ляжаў паралізаваны, як быццам ужо над маёй галавой была паднята сякера.

Тое ж, відаць, думаў і адчуваў і мой сусед-разанец. Разанец не вытрымаў, сеў, сказаў як мог моцна:

- Шакалы, звяругі, скарпіёны... На чалавека гуляеце... Я засяку вас абодвух. Устану вось і засяку. Цябе, пахан, першага. Галаву тваю павешу... Шакалы. - Ён узяў маю скляпаную з бляшанак міску і кінуў яе ў гульцоў. Яна паляцела, але нікога не зачапіла. - Шакалы, - ужо ледзь выціскаў ён гэтыя пракляцці.

Барсук з'едліва заўсміхаўся, а ў пахана расслабіліся мышцы на твары - ён адыграў назад кажушок. Але гульня не скончылася, і кажушок зноў апынуўся на плячах Барсука. І яшчэ пахан нешта прайграў, цяпер ужо некага з нас.

І гульня скончылася. Я выйшаў на дрыжачых нагах з палаткі.

На двары падышоў зэк з першай пары гульцоў і сказаў:

- Скачы і ратуйся. Цябе замянілі на таго дахадзягу. А спачатку на цябе гулялі.

Я не радаваўся і не скакаў. Я быў у трансе, у ступары, я проста яшчэ не мог прыйсці да думкі, што тут можна загінуць вось так нізашто, цябе могуць забіць толькі таму, што трапіўся на вока.

Разанца прыдушылі ў тую ж ноч. Фельчар, які зайшоў да яго раніцай, нават узрадаваўся, што той мёртвы, менш будзе клопату лекарам. Ніякай, канечне, медыцынскай праверкі прычын смерці не было. Вынеслі яго з палаткі, палажылі ў загончык каля санчасці, дзе ўжо ляжалі мерцвякі, чакаючы вясны, калі можна будзе выкапаць ямы. А штаны і шкарпэткі разанца дасталіся яго земляку.

Я, канечне, зразумеў, што сусед мой разанец мяне выратаваў свядома. Ён знарок уступіў у канфлікт з паханом і Барсуком, каб выклікаць іх гнеў на сябе. І выклікаў. Яму ж было ўсё роўна наканавана хутка памерці.

Вось і праяўляй гуманнасць да такіх, як пахан і Барсук.

 

 

ПОРЦЫЯ КАШЫ

 

Я ўвесь час хацеў есці - і пасля снедання, і пасля абеду, і пасля вячэры. Канечне, не я адзін быў такі галодны - усе зэкі, за выключэннем начальства і розных лагерных прыдуркаў, галадалі. З надзеяй ухапіць нейкую дабаўку многія таўкліся каля кухні.

Калона наша была толькі што створаная, яшчэ не шматлюдная. Мы былі першым атрадам, кінутым у тайгу, каб абжыць той глухі куток. Ні баракаў, ні іншых якіх збудаванняў, нават і агароджы вакол не было. Жылі ў палатках. Кухня - два катлы і пліта - была пад адкрытым небам, праўда, абгароджаная вакол жэрдкамі ад нас, галодных зэкаў, каб не змаглі што сцягнуць. На самым пачатку, калі яшчэ не паспелі зрабіць тую агароджу, зэк Чырва з нашай брыгады схапіў з бочкі дзве гарбушы і даў дзёру ў тайгу. Хоць і гналіся за ім трое, уцёк. Ад той гарбушы дастаўся і мне кавалак.

У мяне з'явіліся першыя прыкметы цынгі - апухлі дзёсны, крываточылі, напала вяласць. Баяўся, што пачнуць выпадаць зубы. А была ранняя вясна - самая пара для цынготнікаў, снег яшчэ толькі сыходзіў. У тайзе - ні зялёнай травінкі, каб пажывіцца. Чакаў мая, калі з'явіцца чарамша і кісліца - самы дзейсны паратунак ад цынгі. А пакуль што піў адвар з шыпулля піхты і сасны.

Дык вось, я хацеў увесь час есці, нават у сне. А калі чалавек галодны, то ўся яго ўвага скіравана толькі на пошукі яды. Зэк Чырва аднойчы павёў мяне ў тайгу шукаць вавёрчыны запасы. Мы доўга шасталі вакол калоны, зазіралі ў дуплы і знайшлі схованку кедравых шышак і сушаных грыбоў. Арэхі з шышак вылушчылі, з'елі там жа на месцы. Другі паход па вавёрчыны запасы быў няўдачны. Таму застаўся адзіны спосаб нешта раздабыць паесці - пакруціцца каля кухні, а можа, спатрэбіцца повару якая дапамога.

У адзін з выхадных дзён я там і круціўся з падвешаным да пояса кацялком, скляпаным з кансервавых бляшанак. Трэба сказаць, што з міскай і лыжкай зэк ніколі не расставаўся. Гэты посуд зэкам не выдаваўся, і кожны даставаў яго хто як мог. Не маеш посуду, хоць шапку падстаўляй пры раздачы баланды. Так і рабілі беспасудныя - падстаўлялі шапкі.

Абед тады скончыўся, і павары гатавалі вячэру - ячневую кашу з рыбай. Мая дапамога на кухні не спатрэбілася, і я сабраўся пайсці ўжо ў палатку. Але рабочы па кухні, мардасты здаравіла, здаецца, з Растова спыніў мяне.

- Пайшлі, - сказаў ён, - паможаш дроў прынесці.

Я з радасцю згадзіўся і пайшоў з ім у тайгу. Метраў пяцьдзесят ад пакуль што ўмоўнай мяжы калоны ляжала распілаваная на калоды сасна-сушняк. Верхавіны сасны не было, яе, лягчэйшую, відаць, ужо занеслі на кухню. Заставаліся калоды ад камля, тоўстыя і, вядома ж, цяжкія.

- Вось гэту і бяры, - паказаў мардасты на самую тоўстую.

Я думаў, што мы панясём яе ўдвух, паставіў калоду стырчком, паглядзеў на мардастага.

- Бяры на плячо, я памагу, - сказаў ён.

З яго дапамогай я ўзваліў калоду на плячо, і яна мяне прыгнула ледзь не да зямлі.

- Пайшлі, - скіраваў наперад мардасты.

Я ступіў некалькі крокаў і адчуў, што дрыжаць ад натугі ногі і спіна гнецца ўсё ніжэй. Я забаяўся, што зламаю хрыбет, падарвуся, і хацеў ужо скінуць калоду з пляча, але прынесены ветрам з кухні пах нечага смажанага павёў мяне ўперад. Міска кашы, якую я атрымаю, клікала, надавала мне сілы.

І я ішоў, нёс калоду, якая была, можа, удвая цяжэй за мяне самога. Нёс з вытарашчанымі ад напружання вачамі, з кружэннем галавы.

А мардасты ішоў уперадзе з засунутымі ў кішэні штаноў рукамі, азіраўся раз-пораз назад і паказваў, дзе лепш ісці. І правільна рабіў, бо я не бачыў дарогі, вочы ад натугі затуманіліся.

Калоду я ўсё ж данёс, скінуў каля дрывотні і адчуў сябе такім слабым, спустошаным, нібы з мяне выцекла ўсё жывое. Я сеў на нейкі пацурбалак і доўга аддыхваўся.

Мардасты ўзяў маю міску і нашкроб у яе з катла прыгарэлай кашы, якая засталася з абеду, даў мне.

- Вазьмі парубай, - сказаў ён.

Аднак есці мне ўжо не хацелася. Забалела ў жываце, я забаяўся, ці не адарваў кішкі. Пасядзеў яшчэ і паплёўся ў палатку.

Толькі праз гадзіну змог з'есці заробленае. Скажу праўду, тыя ашкрэбкі кашы былі ўсё ж смачныя.

 

 

КАЖУШОК

 

Калі я вучыўся ў Менску на рабфаку, бацькі справілі мне кажушок. Шукалі, дзе б купіць які-небудзь палітончык, нешта гарадское, але ж у тыя гады гэта было зрабіць цяжка. Ды і грошы на яго куплю не знайшліся б - падаткі былі вялікія, а працадні ў калгасе - пустыя.

Вясковы кравец з нашых дублёных і пафарбаваных у чорнае аўчын мне і пашыў кажушок для вучобы ў горадзе. Кравец пастараўся, кажушок выйшаў прыгожы і цёплы, з хлясцікам на спіне, аблямаваны па нізе і бартах аўчыннай бічайкай поўсцю наверх. Вядома ж, і дзве кішэні ўшыў.

Радавацца б такой абнове, але ж у горадзе кажухі тады былі не ў модзе, не тое што цяпер. Тады на хлопца ў кажушку глядзелі як на «дзеравенскага». Не раз я чуў пра сябе ад гарадской шпаны: «Эй, жлоб у кажусе!» Адзін шпанюк, увесь квартал ідучы за мной, дражніўся: «Жлоб, жлоб, як жывеш? Ж... чэшаш, вошы б'еш...» І раз-пораз пытаўся: «Пачым вошы ў тваім кажусе?»

Таму, хоць мне было ў маім кажушку і цёпла, і ўтульна, я з радасцю абмяняў бы яго на якую-небудзь «гарадскую» апратку. Аднаму студэнту, якому мой кажушок спадабаўся, я прапанаваў мяняцца на яго патрапанае бобрыкавае паліто. «Жлобам будуць зваць», - адмовіўся ён.

І добра, што не абмяняўся. Кажушок мой потым выручаў мяне ад сібірскага холаду, а можа, і ўратаваў ад самага страшнага - лагернай смерці.

Арыштавалі мяне ў пачатку красавіка трыццаць сёмага года і прывялі ў турму ў тым кажушку. Вясну, лета кажушок мой ляжаў на нарах замест падушкі, а ўвосень у ім жа і паехаў у лагер на Далёкі Ўсход. Ні ў час этапу, ні на перасыльных пунктах кажушок, на маё здзіўленне, у мяне не ўкралі і не адабралі. Відаць, я трапляў у партыі, дзе не было жорсткіх блацюкоў.

Прыехаў у Бамлаг на станцыю Ўсуры. Асноўныя работы лагер ужо скончыў, і многіх зэкаў адправілі ў іншыя лагеры. Наша калона таксама была напалову расфарміравана, заставаліся толькі два баракі. На работу нас, канечне, выганялі штодня. Мы грузілі пясок, гравій на чыгуначныя платформы. Норма была цяжкая: на трох зэкаў пагрузіць дзве платформы. Вось і паспрабуй накідаць столькі кубікаў. За змену намахаешся шуфляй так, што потым рук не падняць. І песенька тады была ў хаду: «Вось вам, братцы, мая норма - на тры рылы дзве платформы пагрузіце...»

Вядома, што праца паднявольнага самая непрадукцыйная. У групе падняволеных на агульных работах ніхто не высільваецца. Там кожны працуе з паказной пакорлівасцю, але стараецца рабіць як меней, на ўзроўні дахадзягі. Мера працы ў гэтых умовах вызначаецца зэкаўскай маральнай нормай па выніках самага слабага. Вышэйшы тэмп, якасць і ўзровень працы дасягаюцца прымусам.

На пагрузцы, хоць і па трое працавалі, усё адно гэты прынцып - рабі як менш - дзейнічаў. Платформы не дагружваліся, і дзесятнікі з гэтым змірыліся. Апрача таго, прыдумваліся ўсялякія хітрасці, каб падмануць тых жа дзесятнікаў. Некалькі дзён мы, напрыклад, хітравалі так. На станцыі каля пагрузачных пляцовак валяліся нейкія скрынкі, доўгія, як труны. Мы клалі некалькі такіх скрынак на платформу дном уверх і сыпалі на іх гравій. Такім чынам кубаметр гравію, а то і больш недагружалі. Так рабілі, пакуль скрынкі не скончыліся.

Убіралася ў сілу зіма. Цёплае адзенне не паспелі ўсім выдаць, і многія ээкі-навічкі мерзлі ў сваіх палітончыках і куртках, а я не мог нарадавацца свайму кажушку і колькі разоў дзякаваў бацьку за яго.

Але кажушок мой падабаўся не толькі мне, на яго кінулі вока і некаторыя зэкі. Адны прапаноўвалі абмяняцца на бушлат, канечне, з даплатай, іншыя хацелі купіць за грошы. Я, бясспрэчна, адмаўляўся.

Адным вечарам двое зэкаў-старажылаў выклікалі мяне з барака на двор. Аднаго зэка я ведаў, ён быў памочнікам нарадчыка, прыдуркам, як называлі тых, хто змог уладкавацца на «цёплым» месцы. Я выйшаў услед за імі. На двары спыніліся, і другі незнаёмы зэк моўчкі пачаў расшпільваць гузікі на маім кажушку. Я стаў не даваць, але атрымаў добрую аплявуху ад памочніка нарадчыка. Кажушок з мяне знялі і панеслі ў свой барак.

Я ішоў за імі і прасіў-маліў аддаць кажушок, гаварыў, што ў мяне няма нічога больш надзець. У барак яны мяне не пусцілі, зачынілі за сабой дзверы на кручок. Я вярнуўся на свае нары, лёг і заплакаў, горка і няўцешна. Мне вельмі шкада было кажушка і горка ад крыўды за такі нахабны грабеж.

У той жа вечар, калі я ўжо заснуў, зайшоў памочнік нарадчыка і ўскінуў на мяне бушлат, хоць і не новы, але спраўны і якраз па мне. Што ж, змірыўся я, і за гэта дзякуй.

Праз два дні на ранішняй праверцы пачалі выклікаць зэкаў і ставіць іх у асобны строй. Я чакаў, што і мяне назавуць, але спіс скончыўся, не назвалі. Выклікалі чалавек сто, самых здаровых і маладых, у тым ліку і двух маіх напарнікаў па пагрузцы, загадалі ім узяць рэчы і праз паўгадзіны павялі з зоны.

На разводзе на працу нарадчык аб'явіў, што партыю адправілі на Калыму, туды, куды ніхто не хацеў трапіць. Пра калымскія лагеры і пра тамашнія ўмовы мы наслухаліся даволі. Туды адпраўлялі маладых і здаровых, і я здзівіўся, чаму мяне пакінулі, бо якраз я і падыходзіў да Калымы: у маім фармуляры запісана, што мне прызначана ЦФП - цяжкая фізічная праца.

Даведаўся на другі дзень на ранішнім разводзе. Праводзіў яго нарадчык. Ён быў у маім кажушку - вунь, значыць, каму мая апратка прызначалася! Кажушок сядзеў на ім, як і на мне раней, ладна, прыгожа. Калі брыгада пайшла з зоны на працу, я па загаду нарадчыка застаўся.

- Ну радуйся, -сказаў нарадчык, паляпваючы мяне на плячы. - Гэта я цябе ўратаваў ад Калымы. І ад агульных работ. Будзеш цяпер тэлефаністам на селектары. Згодзен?

Канечне, я згадзіўся, і хто б ад такой лафы адмовіўся - сядзець у цяпле і атрымоўваць поўную пайку.

- Так што за твой кажух я расквітаўся. Мы, значыць, квіты. А кажушок твой мне спатрэбіўся, ведаеш, яшчэ чаму? Я ж на днях вызваляюся. Не ў зэкаўскім жа мне бушлаце дамоў з'явіцца.

Ён пайшоў у кантору, а я паўздыхаў, з зайздрасцю гледзячы яму ўслед, і змірыўся. Я зразумеў, што плату за кажушок атрымаў вельмі вялікую. Дзякуй табе, кажушок мой любімы, пашыты вясковым краўцом. Ты, можа, і ёсць мой уратаванец?

...А той мой чорны кажушок мне нядаўна прысніўся. Нібыта я ў ім іду па вуліцы Менска, радуюся, што кажушок знайшоўся і зноў на мне, і я нават адчуваю яго прыемную цеплыню. А ўсе стрэчныя з зайздрасцю пазіраюць на мой кажушок, а сёй-той і пытае, дзе гэта я дастаў такую прыгожую дублёнку.

 

 

КАЗІМІР - ЧАЛАВЕК СЛАБЫ

 

Ён сам сябе лічыў слабым і, здаецца, усюды гэта падкрэсліваў.

- Слабасць чалавеку не шкодзіць, нават у лагеры, - гаварыў ён пра сябе. - Моцнаму не даступны радасці жыцця, іх можа ацаніць толькі слабы, у якога яны вельмі рэдка бываюць. А моцны растрачвае сябе на барацьбу за радасць у жыцці. Во. Я цвёрда верую ў слабасць.

- Знайшоў радасці ў лагеры, - кпілі з яго разважанняў.

- А вось і знаходжу. З чаго жыццё кожнага складваецца? Са змены гора і радасці, удач і няўдач. А пасля няўдачы абавязкова з'явіцца хоць маленькая, але нейкая ўдача. Вось даўно мне не выпадала дабаўкі на кухні. А ўчора повар ажно чарпак лішні даў. Во!

Казімір і сапраўды быў на выгляд слабы. Росту малога, хударлявы. У яго, трыццацісямігадовага, быў па-дзіцячы прастадушны тварык, вострыя вочкі і востры слых, нават нейкі звышнармальны. Ён першы чуў, мабыць, за вярсту бразгат бачкоў з абедам, якія неслі ў брыгаду раздатчыкі. Іх яшчэ і не відаць было, а Казімір ужо крычыць:

- Чуеце? Нясуць. Бразгацяць бачкі.

Блацюкі яго часта крыўдзілі, зганялі з верхніх нар на ніжнія - пад юрцы. Пасылалі некуды за нечым, і Казімір ішоў. Бывала, кралі ў яго пайку, мянялі рваныя шапкі ці бушлат на спраўныя Казіміравы. Усё гэта Казімір пераносіў неяк спакойна, замірана, па-хрысціянску.

Мне ён быў цікавы і блізкі. Па-першае, як зямляк, з Беларусі. Па-другое, ён шмат чаго ведаў па гісторыі, літаратуры, чытаў на памяць багата вершаў. Падазраю, што ён і сам іх пісаў. Маючы вялікі запас інфармацыі, ён, аднак, быў малапісьменны ў прамым сэнсе. Пісаў з грубымі памылкамі, гаварыў карава, з няправільнымі націскамі. Неяк дзіўна ў яго спалучаліся вялікія веды і гэта малапісьменнасць. Відаць, таму, што скончыў ён толькі тры класы школы, а потым набываў веды саматугам. Да арышту працаваў у райвыканкоме дробным агентам па нарыхтоўках. Меў ён дзесяць гадоў за так званую антысавецкую агітацыю.

- Завошта цябе запяклі на такі тэрмін? - пры мне спыталі ў яго.

- За каня.

- Можа, за вуздэчку?

Існуе такая хохма: калі ў цыгана спыталі, за што той сядзіць, цыган адказаў: за забыўлівасць - каня ўкраў, а вуздэчку забыў.

- Не, праўда, за каня, - і растлумачыў усё, як было.

На адным сходзе выступаў лектар і, расхвальваючы калгасны лад жыцця, стаў гаварыць, што ў калгасах хутка замест коней будуць жалезныя коні - трактары, яны і зробяць калгасы багатымі. Трактар не трэба зімой карміць, не трэба яму сена касіць, авёс сеяць. Казімір паслухаў лектара і з ім не згадзіўся.

- Коней выгадней трымаць, - сказаў ён. - Гэта ж жывая душа, а не жалеза. Што яму трэба? Сена зімой, а летам выпусці па траву, і конь корміцца. А цяпер давайце палічым, колькі людзей заняты, каб трактар зрабіць. Жалеза трэба? Яснае дзела, значыць, капай руду. Каб выплавіць з руды жалеза, домну будуй. Для вугалю шахту капай, вязі к домне. Далей гэтае самае жалеза трэба каваць, тачыць, кляпаць. Во колькі людзей робяць той трактар. А яшчэ ж яму керасін трэба дабыць. Не, коней дзешавей трымаць у калгасе, іх не заменіш жалезам.

Канечне, той лектар быў дурань, якіх тады хапала. Або правакатар. Ён прызнаў гэта выступленне як скіраванае супраць індустрыялізацыі і супраць калгасаў. І праз некалькі дзён Казіміра ўзялі.

Ён вельмі любіў улазіць у спрэчкі, у размовы любога характару - няхай гэта была простая зэкаўская балбатня пра яду, пайку або гаворка на філасофскую тэму.

У нашым бараку былі вучоныя, інжынеры, партыйныя работнікі. Быў артыст, журналіст, ветэрынар. І Казімір стараўся з кожным пагаварыць і нават паспрачацца. З філосафам - па філасофскіх пытаннях, з журналістам - па літаратуры. І што было заўважана - Казімір на ляту ўспрымаў пачутае, растлумачанае яму, а потым пачынаў па-свойму ўжо тлумачыць, даказваць сваё, і даволі цікава, арыгінальна. Гэтыя гутаркі з вучонымі Казіміру, з яго добрай памяццю і кемлівасцю, давалі многае.

Помню, зайшла неяк размова пра Максіма Горкага. Філосаф пахваліў Горкага, сказаў, што ён не толькі літаратар, але і вялікі філосаф, асабліва багата філасофскіх праблем і пытанняў у яго п'есах. А журналіст назваў Горкага народным пісьменнікам.

Казімір слухаў іх, слухаў ды і выпаліў:

- Ваш Горкі не філосаф і не народны пісьменнік. Ён толькі пралетарскі. Ну які ён філосаф? Філосаф - гэта, ну, вучоны чалавек, які любіць людзей, спагадае пакутнікам, паўшым. Даруе нават ворагам. А ваш Горкі што аб'явіў наконт ворагаў? «Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць». Так? Таму следчы мой і паўтараў увесь час гэты лозунг.

- А чаму Горкі не народны? - спыталі.

- А таму. Ён ненавідзеў сялян. Не любіў іх. А раз сялян не любіў, то які ж ён народны?

- Арыгінальна, - крутнуў галавой журналіст.

- Во я і кажу, што арыгінальна, - падхапіў Казімір. - Я, помню, чытаў ліст Горкага кудысьці за граніцу пра голад у Расеі. Дык Горкі пісаў, што голад можа знішчыць лепшую энергію Расеі - рабочых і інтэлігентаў. А мужыкі, значыць, ніхто? Ды мужыкі ж у першы чарод і паміралі ад голаду. Не, не любіў Горкі сялян.

Калі пісаў Горкі той ліст і ці пісаў увогуле, ніхто з нас не ведаў, таму яму і не пярэчылі.

- А во яшчэ што пісаў Горкі, пе помніце? Мужыкі, маўляў, амаль дзікія, яны дурныя, страшныя людзі.

- Гэта пісаў, - пацвердзіў філосаф. - Горкі лічыў, што ўвогуле без сялян будуць абыходзіцца.

- Як гэта? - здзівіўся ўжо Казімір.

- А так. Горкі пісаў Варонскаму, быў такі крытык, што калі б сяляне зніклі з іх хлебам, гараджане навучыліся б хлеб дабываць у лабараторыях.

- Во была б жытуха, - узрадаваўся Казімір. - Не трэба араць, сеяць, убіраць, малаціць. Націснуў на нейкую там кнопку, і буханкі выскокваюць з машыны. Тады б і ў лагерах такую хлебную фабрыку зрабілі.

Больш за іншых зблізіўся Казімір з артыстам, маладым яшчэ, але ўжо аблыселым (ад вялікага розуму ці ад чужых падушак, жартаваў з яго Казімір) і сляпым на адно вока - яму яго выбіла на лесапавале. Артыст служыў у філармоніі, выступаў як дэкламатар паэзіі, прозы. Ведаў ён на памяць мноства вершаў і цэлыя раздзелы з раманаў Талстога, Тургенева. Яго часта прасілі нешта прачытаць. Ён і чытаў. Помню, як ён прачытаў нешта не чутае не толькі мною, але і ўсімі прысутнымі пра чалавецтва, якое не будзе рвацца ўвысь, а пойдзе ўніз, у падзямелле.

- Мы ўвойдзем у зямлю тысячамі, мы ўвойдзем туды мільёнамі, - пафасна дэкламаваў артыст. - Мы ўвойдзем акіянам людзей. Нас туды загоняць. Але адтуль не выйдзем, не выйдзем ужо ніколі... Мы загінем, мы пахаваем сябе ў ненасытным руху і працоўным удары. Зямлёю народжаныя, мы ў яе і вернемся...

У Казіміра пацямнелі сіненькія вочкі, і ён, цяжка ўздыхнуўшы, сумна сказаў:

- Што ж, яны хочуць загнаць туды ўсіх. Але я вярнуся адтуль і вызвалюся. На волі буду.

Казіміру заставалася больш шасці гадоў няволі.

- І ты спадзяешся выжыць і вызваліцца? - спыталі ў яго незычліва.

- Дажыць не дажыву, а вызвалюся. Сам. Вясною. Як схлыне вада ў тайзе і зямля зазелянее.

Пра канец тэрміну, пра волю ў лагеры мараць усе. Воля, як у доўгім тунелі, трымціць недзе далёка бляклым агеньчыкам, запаветная, але ці рэальная? Не кожны верыць, што дапаўзе да той волі. У нас, абяссіленых, уніжаных, абражаных, галодных, бяспраўных, кожны дзень жыцця залежыць ад тысяч прычын: заўтрашняй пагоды, ад таго, ці дастанецца табе поўная пайка; ці прыпіша дзесятнік брыгадзе, а значыць, і табе норму выпрацоўкі; на якіх нарах ты будзеш сёння спаць - верхніх, цёплых, ці ніжніх, дзе сценкі барака прамерзлі і пакрыліся знутры наледдзю, як аплывы на свечках; ці паб'е цябе блатар, а можа, і пакалечыць і яшчэ цяжэй - прайграе ў карты; захварэеш ты на пелагру, калі скура пачынае лушчыцца і злазіць з цела; адлупцуе цябе канваір за тое, што адстаеш у страі... І яшчэ дзесяткі і сотні прычын, ад якіх залежыць лёс зэка, кожны яго дзень - гэты маленькі асколачак, які трэба адбіваць ад цяжкага, як граніт, вызначанага табе тэрміну.

Чым цяжэй жывецца зэку, тым менш ён заглядвае ў будучае, марыць пра яго, а ўсё ў яго скіравана на тое, як пражыць дзень сённяшні, як перахапіць нешта з яды або як лішнія хвіліны пафілоніць, сачкануць, пабыць у цяпле.

І калі Казімір загаварыў пра волю, вызваленне з лагера, то гэта і здзівіла нас, і насцярожыла. Казімір без намёкаў сказаў, што ён уцячэ. У лагеры, калі хто збіраецца на ўцёкі, то трымае гэта ў тайне. За адно падазрэнне, што рыхтуецца «даць драла», заганяюць у штрафны ізалятар або ў штрафную калону. Неабвержны доказ падрыхтоўкі да ўцёкаў - сушка сухароў. Знайшлі ў каго сухары - усё, ён уцякач, яго ізалююць. А Казімір прылюдна бухае пра свае патаемныя планы, быццам не баіцца, што словы яго могуць дайсці да опера.

Да опера і не дайшло. Калі які ціхушнік і чуў Казімірава прызнанне, то палічыў за балбатню.

Надышла вясна, і тайга ачысцілася ад снегу.

Калона насыпала палатно для будучай чыгункі. Норму брыгада выконвала, і ўсе атрымлівалі поўныя пайкі. Разам з усімі такую пайку атрымліваў і Казімір, але як ніколі ён чамусьці штовечар тырчаў каля кухні, клянчыў дабаўку, набіваўся памагаць хлебарэзу. І што яшчэ больш здзівіла - называючы сябе чалавекам слабым, усяляк дэманстраваў сваю слабасць, асабліва перад канвоем і перад начальствам. Заўсёды плёўся ззаду ў страі, і яго ахоўнік падганяў мацюком. На пастраенні таксама выходзіў апошні, што злавала і нас, бо даводзілася чакаць, стоячы на холадзе, на ветры. Пачаў скардзіцца начальству, што ў яго баляць ногі, і брыгадзір - ім цяпер стаў журналіст - ставіў Казіміра на падсобныя работы, там, дзе было лягчэй.

Казіміру дагэтуль вельмі рэдка прыходзілі лісты. А тут - ліст за лістом, а потым і пасылка прыйшла, у якой быў вязаны швэдар, штаны і чаравікі з камбінацыяй скуры і гумы. З прадуктаў былі сухары і сала. Пасылку, вядома, у бараку пакідаць нельга было, яе б укралі, і Казімір, які паспеў здружыцца з хлебарэзам, аддаў яму на схову.

- Хлопцы, - сказаў ён брыгадзе, - сала і сухары мы потым з'ядзім, у мой дзень ангела. Тады пачастую ўсіх.

А калі яго той дзень, не сказаў. Мы думалі, што недзе хутка.

На трасу ў той ранак Казімір выйшаў у сваіх прысланых з дому чаравіках, у швэдарку, паддзетым пад лагерную кашулю, і з торбай. Наконт яе растлумачыў, што начальства загадала хлебарэзу выкінуць з хлебарэзкі ўсё лішняе, таму ён і ўзяў торбу з сабой.

На трасе апошнія некалькі дзён працавалі самазвалы. Наша брыгада грузіла ў іх шчэбень з забою, дзе ўзарвалі пароду падрыўнікі. Забой меў некалькі асобных рукавоў, куды заганяліся задам самазвалы. Сярод пагрузчыкаў працаваў і Казімір. Быў там і я. Працавалі няспешна, бераглі сілы, бо пэўнай нормы, колькі трэба пагрузіць машын, яшчэ не было. Таму і бераглі сілу, жылы не рвалі. Ну а Казімір асабліва стараўся сачкануць.

Скончыўся рабочы дзень лёгка. Машыны пайшлі з трасы ў свой аўтапарк, а брыгада прылегла перад паходам у калону адпачыць і перакурыць.

Калі пастроіліся, канваіры нас палічылі.

- Аднаго не хапае! - крыкнуў усхваляваны канваір.

Пачаў яшчэ лічыць - сапраўды аднаго не хапала. Каго? Праверылі - не было Казіміра.

- Казімір, сякі-такі, дзе ты? - пачалі мы гукаць яго і абурацца. - Кожны раз цябе чакай.

- Ён у забоі, відаць, заснуў, - падказаў нехта.

Праверылі забой, усе рукавы яго - нідзе не было. Стралок даў два стрэлы ўгору, нас пасадзіў на зямлю, і мы сядзелі, пакуль не прыбыў дзяжурны. Сядзелі, лаялі Казіміра злой, адборнай лагернай лаянкай. Мы ўсё яшчэ думалі, што ён недзе заснуў.

Дзяжурны прыйшоў з сабакам, абшукалі забоі, увесь аб'ект працы - ні Казіміра, ні яго слядоў. Знік Казімір.

Прыйшлі ў калону на дзве гадзіны пазней і елі вячэру халодную.

Дні праз два артыст сказаў:

- Я ведаю, як ён уцёк. Ён на самазвале паехаў. Лёг ў кузаў і выехаў за ахоўную зону.

След Казіміра адшукаўся зусім незвычайна. Месяцы праз тры, ужо ў канцы лета, артыст атрымаў ліст, на капэрце якога быў маскоўскі штэмпель. Я чытаў той ліст.

«Прывет, Барыс Ісакавіч, - пісаў Казімір, - я, вось бачыш, усё ж вызваліўся. Прашу цябе зрабіць ласку. У бараку на маім былым месцы, пад дошкай, дзе ўзгалоўе, ляжыць фотакартка маёй дачушкі. Будзь другам, вазьмі яе і перашлі, бо такой фотакарткі ў мяне больш няма».

Ён указаў маскоўскі адрас нейкай жанчыны.

У лісце перадаваў прывітанні ўсёй брыгадзе, у тым ліку і мне.

- Глядзі ты, - здзіўляўся артыст, - вызваліўся, а? Уцёк. Да Масквы дабраўся. Вось табе і слабы чалавек. Яму ж для гэтага і адзенне прыслалі. Можа, і пашпарт быў у той пасылцы?

Фотакартку артыст знайшоў і выслаў. Мы яе бачылі. Там была бялявая, з дзвюма коскамі дзяўчынка, вельмі падобная на Казіміра.

 

 

ТАНЯ

 

Каханне - страсць неадольная. У самых цяжкіх абставінах, нечалавечых нават, яно нараджаецца, існуе, змагаецца, часам чалавек ставіць яго на карту разам з жыццём. Для кахання не існуе ні межаў, ні часу. Ёсць двое закаханых, значыць, яны неразлучныя, як бы ні былі аддалены адно ад аднаго.

Апісаны такі выпадак пра каханне ў сярэднявеччы. У закрытай карэце на плошчу везлі з турмы для пакарання смерцю мужчыну і жанчыну, дагэтуль паміж сабою не знаёмых, асуджаных інквізітарскім судом па розных справах. Іх абаіх чакала пятля. У карэце яны сядзелі насупраць адно аднаго. І вось дарогай да эшафота - ну колькі там было часу, можа, гадзіна, а можа, і менш, - яны закахаліся. Душэўныя парыванні ўспыхнулі такой сілы і такой страсці, што абое, хоць іх чакала блізкая смерць, адчулі сябе самымі шчаслівымі ў свеце. Яны набылі веру ў сваё бяссмерце, паверылі, што іх, такіх шчаслівых і закаханых, забіць нельга. На эшафот узышлі з натхнёнымі тварамі, шчаслівыя, вясёлыя. І калі святар падышоў іх паспавядаць перад смерцю і спытаў, якія яны маюць апошнія просьбы, тыя папрасілі абвянчаць іх. Святар вагаўся, але народ, што сабраўся на плошчы, зашумеў, патрабаваў задаволіць просьбу асуджаных на смерць. І святар злучыў іх рукі. Яны абняліся, пацалаваліся і з усмешкамі на тварах самі надзелі сабе на шыю пятлю... Каханне падняло іх на вышыні шчасця.

А якое каханне і якія страсці часам кіпелі ў зэкаў там, дзе былі разам мужчыны і жанчыны.

Прыкладна за дзесяць месяцаў да майго вызвалення я быў пераведзены ў калону на ўскраіне горада Камсамольска-на-Амуры. Гэты новы горад пабудавалі не камсамольцы, а вязні, калоны якіх акружалі горад з усіх бакоў. Ды і ў самім горадзе іх хапала.

У гэтай калоне я працаваў на прадуктовай базе грузчыкам і быў расканваіраваны.

У ёй знаходзіліся і жанчыны. Іх барак стаяў асобна ад мужчынскіх і не меў ніякай ад нас ізаляцыі. У яго можна было зайсці любому мужчыну, гэтак жа як і жанчына магла зайсці ў любы мужчынскі барак.

Сярод жанчын-зэчак пераважна былі чамусьці пажылыя калгасніцы з Казахстана - расейкі і казашкі, асуджаныя па закону ад сёмага жніўня трыццаць другога года. Як расказвалі самі жанчыны, яны ўкралі з поля хто каласы, хто снапы - ратаваліся ад галоднай смерці. Так што асаблівай увагі мы на іх, пажылых, не звярталі.

Былі і масквічкі, маладыя і сімпатычныя, па якіх мы, навічкі ў калоне, маглі толькі ўздыхаць, бо яны былі ўжо занятыя ўплывовымі блатарамі-лідэрамі і тымі, хто займаў начальніцкія пасады.

Я закахаўся ў масквічку Таню, якую звалі Зубны Парашок. Калі хто помніць, да вайны выпускалі зубны парашок ў круглых каробачках, на якіх быў намаляваны сімпатычны тварык дзяўчыны з залацістымі кудзеркамі. Шырокая вясёлая ўсмешка адкрывала яе роўненькія зубы. Вось такая ж і была гэта зэчка Таня, невялікага росту, зграбненькая, мілавідная, ветлівая і вясёлая.

Упершыню я ўбачыў яе на базе, куды партыю жанчын прывялі перабіраць бульбу. А я тады паліў печы ў сховішчы для агародніны, ну і загаварыў з ёю, калі яна прысела каля печы пагрэцца. Хто яна, адкуль, я не пытаўся, а стараўся гаварыць больш пра сябе, паказаць сябе кавалерам, вартым увагі. Чытаў ёй вершы, пераважна Ясеніна, свае. Яна слухала ўважліва, усяму верыла, лёгка ўсё ўспрымала, смяялася. Мяне захапляла яе прыгожая прапарцыянальнасць. Пад яе малы рост падыходзіла ўсё: зграбныя рукі, ногі, твар, прыгожая галоўка з белымі кудзеркамі. Пра такіх малых гавораць - пад бярозавы лісцік схаваецца. Але чым больш я перад ёю рысаваўся, тым больш пераконваўся, ці мне так здавалася, што да мяне ў яе не было ніякай цікаўнасці.

Лёгкая душа ці, як пішуць пра такіх, -лёгкае дыханне было ў яе, і, відаць, ёй лёгка жылося і ў лагеры.

Ні пры першым знаёмстве, ні пры пазнейшых сустрэчах і размовах мне няёмка было пытаць, завошта яе асудзілі. Ведаў, што тэрмін у яе - дзесяць гадоў, чуў, што яна нібыта - зладзейка-дамушніца, залазіла з хаўруснікамі ў кватэры. Але ж за крадзеж столькі не даюць, значыць, яе прапусцілі праз «тройку», далі замест пэўнага артыкула - СВЭ - социально-вредный элемент, - і адмералі такі тэрмін. Сээвэшнікаў тады ў лагеры было многа.

Выбраў яе для сябе экспедытар базы Шам, адчайны ва ўчынках, асуджаны за забойства жонкі на восем гадоў. Быў Шам расканваіраваны, жыў, вядома, багацей за нас, хадзіў у добрым адзенні, не зэкаўскім. Ён развозіў прадукты з базы ў калоны і лагпункты, вядома ж, махляваў, краў і меў добрыя грошы. Шам і быў лідэрам у нашай калоне, і меў уладу над намі, зэкамі, не меншую, чым начальства. Ён мог і абараніць каго ад начальства, мог і пакараць сваёй уладай, лёгка пераступіўшы мяжу чалавечай маралі.

Вось Таня і была яго палюбоўніцай, і ніхто не адважваўся пасапернічаць з ім, стаць трэцім, пасягнуць на Таню.

Я жыў у адным бараку з Шамам. Кожны вечар, калі Шам не быў у рэйсе, ён прыводзіў Таню ў свой куток, які быў адгароджаны ад чужых вачэй занавескай, і праводзіў назад перад адбоем і паверкай.

Як я ненавідзеў у гэты час і Шама, і Таню, як жадаў ім усяго самага горшага. Я абураўся: Шам, не раз судзімы, атрымаў за забойства чалавека толькі восем гадоў і ходзіць без канвою, мае прывілеі і мае палюбоўніцу. Ён жыве ў лагеры не горш, чым на волі, тады як мноства людзей маюць за нейкі анекдот па дзесяць, а то і больш гадоў і даходзяць ад цяжкай працы на лесапавалах і ў катлаванах.

У калоне часам наладжваліся самадзейныя канцэрты. Зэкі паказвалі хто што мог - спявалі, танцавалі, выступалі з фокусамі. Больш чым за тры гады зняволення я ні разу і нідзе не ўдзельнічаў у самадзейнасці. А тут вырашыў і я выступіць. А матыў быў адзін - бліснуць перад Таняй. Я ўсё ж не пакідаў надзеі выклікаць да сябе яе сімпатыю. Я прачытаў два вершы Блока, чытаў пафасна, узнёсла і асабліва спадзяваўся прыцягнуць увагу да гэтых страсных радкоў:

 

Вползи ко мне змеей ползучей,

В глухую полночь оглуши,

Устами томными замучай,

Косою черной задуши.

 

Аднак жаданай рэакцыі ў Тані на гэта маё выступленне я не ўбачыў. Яна толькі разы са два пляснула, і ўсё. І я пакрыўдзіўся, дэманстратыўна сышоў са сцэны і выйшаў са сталовай, дзе праходзіў гэты самадзейны канцэрт.

«Шалашоўкі чортавы, сцервы, раскладушкі, - лаяў я іх, у тым ліку і Таню, - ім блатары трэба і пасцель, а не Блок і паэзія...» І сумна мне было, і крыўдна. Праўда, супакоіўся я хутка. Што на іх, непісьменных крымінальніц, крыўдаваць, гэта ж не палітычныя інтэлігенткі, а іх тут няма, яны ў тайзе на лесапавале. Вось каму Блок патрэбны і зразумелы...

І ўсё ж мне, дваццацігадоваму хлопцу, хацелася кахання. Я разумеў, што спаборнічаць з блатарамі не змагу. Хто я, стрыжаны, цыбаты, ва ўсім лагерным? Хто з жанчын зверне на мяне такога ўвагу? Чым я магу пачаставаць тую ж Таню, як частуе яе экспедытар Шам? Ёй ён нават і духмяны дорыць, лак для пазногцяў, панчохі. А я?

Помню, як я ляжаў на штабелі мяхоў мукі пад навесам і шкадаваў сябе.

Была ранняя вясна, і сонца ласкава грэла. Унізе на сонейку прыгрэліся хлопцы-грузчыкі і жанчыны. Гамана, смех, анекдоты самыя што ні ёсць вострыя, з якіх ніводнага слова не выкідвалася, не замянялася. І я падумаў: чорт пабяры, я згадзіўся б пажыць толькі дзесяць гадоў (тады здавалася гэта вельмі многа), але так, як я захачу, - багатым і ў славе.

Я ўявіў сябе ў шыкоўным каверкотавым касцюме, у бобрыкавым паліто, канечне, у капелюшы і пры гальштуку, з гадзіннікам на руцэ - мой вышэйшы тагачасны ідэал, бо такога ў мяне яшчэ нічога не было. І вось я такім франтам з поўным кашальком грошай прыязджаю на легкавушцы «эмка» на гэтую базу, вылажу з машыны, дастаю з кішэні пачак «Казбека», закурваю. «Ну што, шалавы, пазналі, хто я?» - кажу і кладу перад імі каробку шакаладных цукерак. Яны б, канечне, заахалі, заохалі: «Дурніцы мы, курыцы мы, такога франта ўпусцілі...» Вось і пакусалі б сабе тады локці. А я б дэманстратыўна паглядзеў на свой гадзіннік і сказаў бы: «Ну, дзеўкі, можа, хто хоча на «эмцы» пракаціцца? У рэстарацыі са мной бутэлечку шампанскага выпіць? Запрашаю». І ўсе б яны, гэтыя шалашоўкі, навыперадкі кінуліся б да мяне. Усе, і першая - Таня.

Такім багатым, раскошным жыццём я гатоў быў пажыць толькі дзесяць гадоў. Бясспрэчна, цяпер успамінаць тое жаданне смешна, бо жыву намнога багацей, чым тады ў марах, і не дзесяць ужо гадоў, дзякуй Богу.

Ад Тані я ўсё ж не алхіляўся і па-ранейшаму стараўся з ёю пабыць, пагаварыць і ўвесь час чытаў ёй вершы. Як бы часам яна ні была мне знявіднай, мяне цягнула да яе. Я адчуў, што ёй усё ж было са мной прыемней, чым з тымі, хто там, на базе, да яе падлашчваўся. І вельмі ўзрадавала мяне, калі яна, паслухаўшы мае вершы, сказала:

- А ты - паэт. - Памаўчаўшы, дадала: - Будзеш ім.

- Буду, - упэўнена паверыў я сам сабе.

Бог мой, як я ёй хлусіў пра сваё мінулае, пра сябе, бацькоў, і для адной і той жа мэты - спадабацца. Вось так, напрыклад, я хлусіў ёй:

- Дома ў нас аднойчы быў перапалох. На сцяне вісела татава нямецкая стрэльба. Аднойчы, калі я іграў на піяніна, стрэльба ўпала на яго, разбіла крыштальную вазу і цыферблат татавага залатога гадзінніка...

Сорамна ўспамінаць цяпер такую хлусню. Якое піяніна, крыштальная ваза, залаты гадзіннік у сямл жабрацкага прыгоннага мужыка-калгасніка? А я не толькі не ўмеў іграць, а ні разу ў жыцці да піяніна і пальцам не дакранаўся.

Яна паверыла гэтай маёй хлусні і раптам спытала, ці люблю я іграць «Баркаролу» Чайкоўскага. Што такое баркарола, я не ведаў, але нахабна сказаў, што люблю і граю яе.

Калі я спрабаваў распытаць у яе пра мінулае, пра бацькоў, яна ўхілялася і пра сябе нічога не расказвала. Адно выпытаў, што яна скончыла дзесяць класаў.

Размова гэта была на базе днём. Тады ж я ўсё-такі выбраў момант і Таню пацалаваў, тайком ад людзей. Апынуўшыся паміж штабялямі мяхоў і скрынак, я абхапіў яе, прыцягнуў да сябе і пацалаваў. Яна адказала пацалункам, узаемным, доўгім, упершыню мною пазнаным. Пацалавала, нагнуўшы маю галаву ўніз, бо Таня ж была мне па плячо, і сказала:

- Ён жа, калі даведаецца, цябе і мяне зарэжа.

Хто ён, здагадаўся, - Шам.

Але мяне не страх апанаваў, а шчасце, радасць, і ўвесь той дзень і наступны я хадзіў пад уражаннем гэтых пацалункаў, і ў душы гучалі радкі гётэўскага верша:

 

Да, она была, была!

Да, была! Всё это было:

Мимоходом обняла -

И всю жизнь переменила.

 

Я цяпер зноў чакаў такой жа патаемнай сустрэчы, а такога не надаралася некалькі дзён. Але бог закаханым памагае. Аднойчы загадчык склада, калі мы - грузчыкі і жанчыны - разгружалі вагоны з бульбай, падышоў, паказаў на мяне і Таню і сказаў, каб памаглі яму разабрацца з накладнымі. Мы пайшлі ўслед за ім. На складзе загадчык даў нам цэлы стос папер, сказаў, што іх трэба раскласці па днях і кожную запісаць у журнал. Мы ўзяліся за працу, а ён пайшоў.

Застаўшыся ўдваіх, мы і цалаваліся, і абдымаліся, і ў любові прызнаваліся. І проста маўчалі, і маўчанне наша было прыемнае, радаснае. Не спатрэбілася ні чытаць ёй вершы, ні мая хлусня, як я іграў на піяніна дома.

Я спытаў:

- Таня, вось вызваліцеся ты і Шам і пажэніцеся?

Яна рэзкім рухам рукі адсунула ад сябе паперы, зірнула на мяне злосна і нават варожа.

- Ды я яго тапаром засяку.

- А чаму ж ты з ім... гэта самае?

- Бо я хачу яшчэ жыць. Я баюся яго нажа.

Яна прыкрыла рукою твар і заплакала. Паплакала, выцерла вочы, спытала:

- Ты застаў тут Валю з Кастрамы?

- Гэта тую, якую нехта задушыў у лазні?

- Задушыў яе Шам, бо яна з ім не хацела жыць.

- Шам?

- Ён мне сам і прызнаўся і сказаў, што зробіць гэтак жа і са мной.

- Дык... Дык трэба ж заявіць пра гэта оперу, - пачаў быў я, але апомніўся: цяпер не дакажаш, што Шам - забойца Валі. Яго словы - яшчэ не доказы. А помста ад яго будзе страшная.

- Ты папрасіся, каб цябе перавялі ў іншую калону, - параіў я і спахапіўся, што глупства сказаў - тады ж я Таню не ўбачу.

- А ты думаеш, там не знойдзецца такі ж бандыт, як Шам? Божа мой, навошта ты мяне стварыў жанчынай? - Яна ізноў усхліпнула.

- Не плач, - пачаў я супакойваць яе. - Ведаеш што, я заб'ю Шама, -зусім нечакана і для сябе прапанаваў я. - Ты хочаш гэтага?

Таня паглядзела на мяне працягла, уважліва, відаць, стараючыся зразумець, ці здольны я на гэта. Можа, і паверыла, уміхнулася, выцерла слёзы.

- Не трэба, заробіш новы тэрмін, - пашкадавала яна мяне. А я сапраўды пачаў думаць, як вызваліць Таню ад Шама. Лепш за ўсё было б яго, канечне, забіць, або загнаць у штрафны ізалятар, або ў якую дальнюю калону на агульныя работы. Толькі ж як зрабіць гэта? Хто яго і за што адсюль перавядзе? Да таго ж Шам падкупіў начальства і знаходзіцца з ім ў хаўрусе. Значыць, толькі адзін спосаб пазбавіцца ад яго - забіць. Забіць так, каб забойцу не маглі потым знайсці.

Я псіхалагічна падрыхтаваў сябе да такога ўчынку, апраўдваў яго, бо забіць трэба забойцу, крымінальніка, на сумленні якога жыццё жонкі, Валі і, можа, яшчэ каго. Шам заслугоўвае толькі смерці, і я павінен выканаць прыгавор, які вынес бы яму суд, калі б ведаў усе яго злачынствы. Я захапіўся гэтай думкай так, што і ў сне мне снілася, як я Шама забіваю. Жудасная карціна снілася: нібы я калю яго віламі, калю, а ён жывы і толькі ўхмыляецца, а крыві на вілах няма...

У гэтыя дні, калі Шам мне сніўся, у калоне яго не было, ён бавіўся недзе ў рэйсе. І я чакаў яго з нецярпеннем, «горя жаждой мести», як напісаў адзін паэт, і яшчэ не ведаў, як і пры якіх абставінах я буду ажыццяўляць свой план. Адступаць, думаў я, мне няма куды, бо з Таняй мы сталі блізкія, Таня цяпер мая. Добра было б мець саўдзельніка забойства, але ж двое - гэта ўжо не тайна.

Прыкладны план я ўсё ж намеціў. Забіць Шама лепш за ўсё на базе. Паклікаць яго ў нейкае пустэльнае месца, быццам для паказу нечага, і там гахнуць па галаве схаваным тапаром ці ломам. Я ўжо і месца такое выбраў пад паветкай, дзе звалены пустыя скрынкі. Занёс туды і цяжкі малаток.

Чакаў вяртання Шама з рэйса ў нядзелю, а ён прыехаў позна ноччу ў суботу, калі я спаў. Прыехаў п'яны і адразу ж паслаў нейкага шчыпача па Таню. Таня не выйшла, захварэла... Пакрыўджаны Шам пайшоў сам у жаночы барак. І што там адбылося, я ўжо апісваю з расказаў сведак.

Шам зайшоў у барак, груба сцягнуў Таню з нар і даў ёй па шчацэ за непаслухмянства дзве аплявухі. Таня дайшла да печкі і прысела. Яе калаціла так, што зуб на зуб не трапляў, - і ад гарачкі, і ад абразы Шама. Печка напалілася да чырвані, а Таня мерзла і ледзь не лажылася на яе.

Шам таксама прысеў каля печкі. Каб прыкурыць, ён адчыніў дзверцы і пачаў даставаць жарынку. Святло ад печкі ўпала на бліскучае лязо тапара, якім днявальная барака секла на распал смалякі. І хто можа ведаць, што раптам кінула Таню на такі ўчынак? Яна схапіла тапор і вострым лязом ударыла Шама па шыі, калі той нізка нагнуўся, прыкурваў ад жарынкі «беламорыну». Шам расцягнуўся на падлозе, падрыгаў і заціх.

Таню ў тую ж раніцу забралі ў следчы ізалятар, гаварылі, што яе судзілі, а колькі далі, не ведаю.

Нарадчык Лёва, калі я аднойчы загаварыў з ім пра Таню, ляпнуў сябе па тоўстых ляжках, ускрыкнуў:

- Во малая! Такога бугая забіла. Во бабы!

Я спытаў, завошта Таня сядзела, бо яна мне так і не сказала.

- Ды яна ж чэсірка. Ну, член сям'і ізменніка радзімы. Дачка гэтага... - Ён назваў прозвішча даволі вядомага бальшавіка, які займаў высокую дзяржаўную пасаду. - Бацьку расстралялі, а сям'ю - у лагеры.

Я быў у такім стане, што больш ні распытваць, ні слухаць не мог. Я дайшоў да першай лавачкі, прысеў... Як горка было ў мяне на душы! Я не разумеў і здзіўляўся, чаму яна ўтойвала ад мяне праўду пра сябе. Цяжка ёй было гаварыць пра гэта ці ў блатным злачынным свеце не хацелася выглядаць белай варонай? Нагаворвала ж на сябе, быццам дамушніца яна, па кватэрах лазіла.

Для мяне Таня знікла назаўсёды. Але я помню яе, і міжволі, як толькі ўзнікае ў памяці яе вобраз, гучаць у душы радкі гётэўскага верша:

 

Да, она была, была!

Да, была! Всё это было;

Мимоходом обняла -

И всю жизнь переменила.

 

 

«ПАДСНЕЖНІК»

 

Што такое падснежнік, ведаюць і дзеці - гэта першая вясенняя лясная кветка, якая зацвітае на праталіне, калі яшчэ не сышоў увесь снег.

На лагерным жаргоне «падснежнікамі» называліся зэкі, якія спрабавалі ўцячы восенню або зімой і замерзлі ў тайзе. Вясной, як толькі раставаў снег, тыя ўцекачы-зэкі і паказваліся з-пад яго разам з кветкамі падснежнікамі. Так і гаварылі: прывезлі з тайгі двух «падснежнікаў», каб іх заактаваць.

Я хачу расказаць пра гісторыю аднаго такога «падснежніка».

Калі савецкі ўрад прадаў Японіі нашу чыгунку, што праходзіла па кітайскай тэрыторыі, захопленай японцамі, то ўсе падданыя СССР, якія абслугоўвалі тую чыгунку, вярнуліся на Радзіму. Разам з імі прыехалі і многія эмігранты, што пакінулі Расею яшчэ да рэвалюцыі. Амаль усе яны - і савецкія грамадзяне, і эмігранты - былі арыштаваны як «японскія шпіёны». Многіх з іх расстралялі, а астатні, уцалелых, загналі ў лагеры.

Іх называлі кавэдэдэўцамі, ад абрэвіятуры КВЖД, што азначае па-расейску - Китайско-восточная железная дорога.

Трапіла адна кавэдэжэўка і ў нашу калону. Я помню яе імя і цяпер - Наталля, і, прызнаюся, быў у яе закаханы. Калона наша - мужчынская, але жылі ў ёй некалькі дзесяткаў жанчын, якія працавалі на кухні, у лазні, пральні, санчасці, у канторы. Наталля была прачкай.

На яе, вядома ж, меў вока і надзею не толькі я. І не дзіва - мужчыны-зэкі гадамі жанчын не бачылі, і калі іх месяцы тры назад прыгналі ў нашу мужчынскую калону, гэта быў фурор, падарунак, можа, самы жаданы ў лагерным аднастайна шэрым жыцці.

Як сцвярджала начальства, нават норма выпрацоўкі ў зэкаў павысілася - так станоўча-эмацыянальна ўздзейнічала на мужчын іх з'яўленне.

А пра жанчын зэкі мараць, як бы ім ні было цяжка. Помню, як усхвалявала мяне сустрэча з жанчынай, старшым лейтэнантам-медыкам, якая прыехала з санупраўлення лагера правяраць санітарны стан калоны. Я зайшоў тады ў санчасць па нейкую дробязь - ці не па соду - і твар у твар у калідоры сутыкнуўся з ёю. Яна - пышнацелая, з дагледжаным тварам, яркімі напамаджанымі губамі і нафарбаванымі пазногцямі, - паглядзела на мяне неяк працягла і, як мне здалося, з цікаўнасцю. Я прапусціў яе, прыціснуўшыся да сцяны спіною, - калідор быў вузкі. Яна прайшла, цокаючы падкаванымі абцасамі ботаў, адчыніла дзверы пакоя і, ужо ступіўшы за парог, зноў паглядзела на мяне на гэты раз ужо са спачуваннем. Я засаромеўся свайго выгляду - нагала стрыжанай галавы, грубых ад пілы і тапара рук, абцёртых ватных штаноў і бурак з мешкавіны. Яна зайшла ў пакой, пакінуўшы ў калідоры пах духмянаў, якія я ўцягваў у сябе, удыхаў, а надыхаўшыся, панёс той пах з сабою ў барак. Доўга потым кружыла галаву мара пра тую пышнацелую жанчыну...

Прыгадваю на гэту тэму і яшчэ адну дэталь з нашага зэкаўскага жыцця. Адным ранкам брыгада ішла па дарозе на лесапавал, і нехта ў калоне крыкнуў:

- Браткі, баба!

Мы азірнуліся ў бакі і нідзе жанчыны не ўбачылі. Дарога, выбітая тысячамі зэкаўскіх ног, была пустэльная.

А зэк той не сціхаў, крычаў:

- Ды куды вы гледзіце? Вунь збоч дарогі ляжыць. На зямлі.

І мы ўбачылі акурак папяросы, гільза якой была ў чырвонай памадзе. Значыць, курыла жанчына, і акурак яе. Пунсавела тая памадная папяроса, як жарынка, і адразу ж напомніла кожнаму далёкі недасягальны свет і ў ім нешта патаемнае, можа, самае дарагое. Уявілася і тая незнаёмка, што прайшла тут і кінула недакураную папяросу ў снег. Хто яна, якая яна, чаму тут з'явілася, можна было толькі фантазіраваць. У тых сваіх фантазіях кожнаму і бачылася такая жанчына, пра якую ён марыў.

Калі б той акурак ляжаў прама на дарозе, а не збоч, яго б, канечне, схапілі. А так не сунешся туды, стралок палічыць за спробу ўцёкаў і ўлупіць кулю ў спіну.

Дні тры ляжаў той акурак, пакуль яго не занесла снегам, і заўсёды, падыходзячы да таго месца, усе паварочвалі галовы на яго і прыціхалі.

Наталлі было гадоў сорак, да арышту мела мужа і дзвюх дачушак. Муж, як і яна, сядзеў таксама недзе ў лагеры, а дзеці знаходзіліся ў спецыяльным дзіцячым доме. Маці, браты і сёстры засталіся ў Харбіне. Наталля больш за ўсё гаравала па дачушках. Яна не ведала, што гэта за такія ў нашай краіне спецыяльныя дзіцячыя дамы, усё распытвала пра іх. Хто ведаў, расказваў, супакойваў: там кормяць, адзяваюць і вучаць, як у звычайнай школе. Яна верыла, хацела верыць і радавалася: калі вучаць, то ім жывецца нармальна.

Не ведаю, як удалося Наталлі, хто дапамог, але яна адшукала адрас таго дзіцячага спецдома, напісала туды ліст і - во дзіва! - атрымала адказ. Напісала малодшая дачушка: сыты, адзеты, ёсць піяніна ў доме, дзеці добрыя, не крыўдзяць, толькі вось сумна без маці і бацькі. Яна ж напісала аб прыгодзе старэйшай сястры. Тая з групай сябровак спрабавала ўцячы ў Маскву, каб папрасіць Сталіна вызваліць бацькоў з лагераў. Іх, канечне, на першай жа станцыі злавілі і за ўцёкі пакаралі - кожнай уцякачцы на галаве прастрыглі машынкай палосы: калі яшчэ ўцякуць, дык адразу распазнаюць, што яны з дзетдома.

Наталля, як мяркую цяпер, была звычайная, без кідкай прыгажосці жанчына, на якую на волі ў шматлюддзі і не звярнуў бы ўвагі. Бялявая, высакаватая, тонкая, з цяжкай фізічнай працай да лагера не знаёмая. Там, на волі, вучыла дзяцей у школе музыцы. Ад штодзённага мыцця зэкаўскай бялізны рукі яе былі чырвоныя, прыпухлыя, раз'едзеныя мылам і содай.

Большасць тых жанчын, што жылі разам з Наталляй у асобным невялічкім бараку, былі звычайнымі лагернымі шалавамі, і кожны, хто мог расплаціцца, меў да іх доступ.

Наталлю таксама спрабавалі спакусіць рознымі падарункамі, але яна не паддавалася і не прадавалася. Была недаступная, хоць вакол яе заўсёды збіралася кампанія паклоннікаў і ўздыхацеляў.

Неяк седзячы вось у такой кампаніі, яна і расказала больш падрабязна пра сваё жыццё ў Харбіне. Бацька яе, інжынер-пуцеец, перавёз сям'ю ў Харбін з Расеі яшчэ да рэвалюцыі. Горад Харбін быў фактычна пабудаваны расейцамі, і жылі там пераважна расейцы. Там Наталля вучылася, выйшла замуж за расейца, таксама, як і бацька, інжынера-пуцейца. Жылі ў дастатку, мелі свой прасторны дом. Старэйшы брат займеў тэкстыльную фабрыку, малодшы - аптэку. Там бы Наталлі і жыць, як жывуць цяпер яе браты, маці, сёстры (бацька памёр ужо), дык не, патрыятычны кліч крыві пацягнуў яе і мужа ў Расею. Спачатку муж, потым і Наталля прынялі савецкае падданства і на Радзіму прыехалі ўжо савецкімі грамадзянамі. Прыехалі і трапілі ў лагер.

Паслухаўшы, як Наталля жыла ў Харбіне, зэк-масквіч свіснуў ад здзіўлення і не ўтрымаўся, вылаяўся.

- І ты, дурная, ад такой жытухі сюды прыпёрлася? Во ў цябе, - пакруціў ён пальцам каля сваёй скроні.

- Дурная, - згадзілася яна. - Але ж мы, расейцы, сумавалі па Расеі.

- Вунь яна, твая Расея, - паказаў масквіч на драцяную агароджу, - любуйся.

- Ці ж мы маглі думаць, што з намі так зробяць? - голас яе ўздрыгнуў, і яна ледзь не заплакала, але ўстрымалася.

Шкада яе было нам, як шкада і сваёй долі.

Я параіў ёй напісаць скаргу ў Маскву Сталіну. Грузін з Кутаісі пацокаў языком, сказаў мне:

- Слухай, кацо, такую разумную параду даваў сусед суседу. Каб прыдушыць мыш, якая схавалася пад шафу, ён параіў абрэзаць ножкі ў шафы. Шафа і прыдушыць мыш... Такіх скаргаў Сталіну мільёны пішуць. І што?

- Дык мяне ж не судзілі, - расказвала Наталля. - На допыт выклікалі толькі раз і прачыталі, што мы быццам японскія шпіёны і за гэта нас пасылаюць у лагер на дзесяць гадоў. У мяне ў фармуляры - ПШ - падазрэнне ў шпіянажы. Як жа можна асудзіць без суда?

Наіўная Наталля нічагусенькі не ведала пра нашы парадкі, тройкі, асобыя нарады, расстрэлы без суда, пра нашы законы, якія ўстанаўлівалі беззаконне.

Так мы часценька збіраліся сваёй кампаніяй, гаварылі, успаміналі мінулае, стараліся ўгадаць будучае, і нам было неяк хораша ад узаемнага спачування. А гэта вельмі аблягчала наша жыццё. Суцяшэнне і спагада бліжняга - лекі гаючыя. Паспагадай і пашкадуй пакутніка, вучыў Хрыстос.

Падышла тады да нас зэкаўка Надзька, з пракураным грубым, але гулкім моцным голасам, папрасіла закурыць. Ёй далі бычок - недакурак. Яна зацягнулася глыбока, з асалодай, сказала грузіну:

- Кацо, дарэмная работка, Наташа не распячатаецці. Купі мяне, калі ў цябе грошы ёсць.

Грузін пакрыўдзіўся.

- Слухай, Надзька, за грошы я і сам сябе купіў бы. Ідзі ты...

Надзька і была той самай даступнай шалавай. Таўставатая, невысокага росту, з круглым задам і аб'ёмнымі грудзямі, якія, не падцягнутыя ліфчыкам, дрыжалі пры рухах, як кісель у місцы, яна была некалі ціхай вясковай дзяўчынай. У пачатку трыццатых гадоў, калі пасля «вялікага пералому» ўспыхнуў голад і зямлю Ўкраіны ўсеялі апухлыя мерцвякі, Надзька ўкрала з поля паўпуда збожжа. Яе, шаснаццацігадовую, і запяклі ў лагер на дзесяць гадоў. Будавала трагічна знакаміты Беламорканал. Як ударніцу-каналаармейку яе разам з многімі вызвалілі датэрмінова. Але лагер Надзьку не выправіў, а, наадварот, сапсаваў, яна ўвабрала ў сябе самае горшае са злачыннага асяроддзя, і на волі ёй ужо месца ў жыцці не знайшлося. Цяпер яна сядзела ўжо трэці раз за крадзяжы і, як прызнавалася, волі не хоча. «А што мне там рабіць, на волі, - гаварыла яна. - У свой калгас ісці? Ды няхай ён згарыць сінім полымем».

Надзька выцыганіла ў масквіча папяросу, сказала яму, што расплоціцца за яе натурай, зарагатала. Смех яе быў гулкі, абрывісты, падобны на смех у пустой бочцы.

Цягнуліся дні, тыдні, і былі яны падобныя адзін на адзін, як бы зліліся ў адну суцэльную плынь часу, часу тугі, цярпення і адчаю. І чым больш канала ў вечнасць гэтых дзён, тым больш свет здаваўся мне і многім зэкам абязлюдзелым, хоць людзі жылі ў цеснаце, упрытык. Толькі ж яны былі адно аднаму чужыя і не бачылі паблізу сябе душ родных - бацькоў, дзяцей, братоў, мужоў, жонак...

Наталля пачала ну проста на вачах старэць, марнець, асунулася, ужо чужалася мужчынскіх кампаній, ранейшых размоў, расказаў пра сябе. Калі ж часам і сядзіць з намі, то маўчыць, безуважная да нашай гаворкі, і раптам пачынае кусаць губы, у зеленаватых, як ільдзінкі, вачах яе ўспыхвае трывога, спалох, і яны, вочы, застываюць на нейкі час, нібы перад ёй паўстала нешта страшнае.

Убачыўшы яе такой у першы раз, я занепакоена спытаў, што з ёю, ці не трэба яе завесці ў санчасць. Яна адмоўна пакруціла галавой і нічога не сказала. Потым я не зважаў на яе такія змены ў паводзінах.

Аднойчы пры такой вось нашай ціхай гаворцы Наталля раптам загаварыла зусім не па тэме размовы:

- А там жывуць. Там ёсць тэатр. Канцэрты наладжваюцца... Там музыка. - Твар яе пасвятлеў, сухія губы, якія даўно не ведалі памады, кранула ўсмешка. - Там, у мамы, засталася мая любімая ў дзяцінстве плюшавая кошачка. Я любіла спаць з ёю. Кіці звалі кошачку. З такой пацешнай мордачкай... Госпадзі божа мой, хоць бы мама яе не выкінула, захавала... Я хачу тую кошачку.

Мы разам з ёю паўсміхаліся і змоўклі.

Канчаўся верасень. Пажоўклі бярозы, кусты, пагрубела трава. З тайгі цягнула пахам грыбоў, іх неслі торбамі бесканвойныя зэкі, варылі, смажылі на алаўцах, сушылі.

Наталля, хоць і не была расканваіраваная, але часам магла выходзіць за зону то прыбіраць у доміку стралкоў-ахоўнікаў, то на азярцо па ваду для пральні. І заўсёды вярталася ў зону, нідзе не затрымлівалася.

А аднойчы ў нядзелю на вячэрняй паверцы яе не ўбачылі. Шукалі ўсюды - у мужчынскіх бараках, у пральні, лазні, у стралкоў агледзелі - можа, які ахоўнік галубіўся з ёю, нідзе не знайшлі. Ніхто нават не западозрыў, што Наталля магла ўцячы. І ўсё ж на другі дзень зб'явілі яе ва ўцёках. У размовах паміж зэкамі нехта ўспомніў, што яна сушыла сухары, збірала іншыя прадукты. Значыць, рызыкнула на такі адчайны крок.

Толькі ж куды яна кінулася, у якую старану? У Маскву? Да кітайскай граніцы з надзеяй дабрацца дамоў, маці, братоў убачыць, любімую плюшавую кошачку пагладзіць?

Наталлю не знайшлі і не злавілі.

Наступіла зіма, якая заўсёды здавалася задужа доўгай, а потым і вясну дачакаліся. Вясенняе сонца расплавіла сваім цяплом снег, размарозіла зямлю, і на праталінах засінелі падснежнікі.

Аднойчы ў такі вясенні нядзельны дзень, калі я быў паблізу вахты, мяне гукнуў дзяжурны вахцёр, і я зайшоў да яго ў будку. Там ужо сядзелі тры зэкі і стралок. Гэты стралок і павёў нас у тайгу.

- «Падснежнік» узышоў, прынесці трэба, - весела паведаміў ён.

Зусім блізка ад калоны, можа, якога паўкіламетра, убачылі мы пад елкай некага скручанага ў лагерным бушлаце і ў бардовай у клетку хустцы. Яшчэ не разгледзеўшы твар, я здагадаўся, хто гэта. Не памыліўся, то была Наталля. Сядзела, прытуліўшыся спіной да камля елкі і падціснуўшы пад сябе ногі. Рукі ляжалі на каленях. Твар і рукі снежна-белыя, вочы адплюшчаныя, таму здаліся напачатку жывыя. Побач ляжала торбачка, пустая. А грубыя зэкаўскія чаравікі абшарпаліся да белізны і размачаліліся так, нібы іх малацілі пранікам.

Колькі ж яна паблукала па тайзе, галодная, знясіленая, з надзеяй дабрацца да людзей!.. Ясна было, што вярталася назад, у калону, можа, ужо паўзла, пакуль яшчэ была сіла. Не дайшла мала...

Мы прынеслі яе ў санчасць. Там дасталі са сподняй кішэні бушлата паперку з адрасам Хабараўскага спецыяльнага дзіцячага дома і ліст малодшай дачушкі, той, які Наталля нам калісьці чытала.

Значыць, не ў Кітай, не ў Маскву кінулася яна шукаць праўду, а да сваіх дачушак, каб толькі пабачыць іх, абняць, па галоўцы пагладзіць. А там будзь, што будзе. Хвала Богу, што ёсць такія мацеркі!

Наталлю пахавалі на зэкаўскіх могілках побач з калонай. Застаўся пасля яе толькі сасновы слупок з лічбай, без імя і прозвішча.

Хавалі яе іншыя зэкі, не я.

 

 

АДУВАНЧЫК

 

Яго так ўсе і звалі - Адуванчык. Ён і быў падобны на адуванчык-кветку - залаціста-рыжы, асабліва калі валасы адрасталі пасля абавязковай стрыжкі. Звычайна ў рыжых валасы пругкія, а ў яго былі мякенькія, як пушок.

Арыштавалі Адуванчыка на пачатку трыццаць сёмага, неўзабаве пасля Новага года, яму яшчэ і пятнаццаці не было, за так званую антысавецкую агітацыю, і асудзілі на шэсць гадоў. Ды яшчэ дадалі тры гады паражэння ў правах. Да васемнаццаці гадоў ён адбываў кару ў калоніі непаўналетніх, а потым яго перавялі ў нашу калону і ў нашу брыгаду.

Ён быў худзенькі і ростам не ўдаўся - відаць, затрымала рост турма і калонія. Калі нарадчык прывёў Адуванчыка ў брыгаду, брыгадзір абурыўся:

- Што ты мне гэтае кураня прывёў? Ён жа пілу не пацягне. Я за яго буду даваць кубікі?

- А куды яго дзець? Яму ў фармуляры запісалі ЦФП - цяжкая фізічная праца.

Пра сябе Адуванчык усё расказаў у той жа вечар. Ён - сын настаўнікаў, жыў у горадзе, вучыўся ў школе, быў піянерам, уступіў у камсамол перад самым арыштам. Нас, вядома, зацікавіла, якую ж ён праводзіў антысавецкую агітацыю, бо адвалілі яму нямала - шэсць гадоў няволі.

Адуванчык, калі ў яго спыталі пра гэта, развёў рукамі, паціснуў плячамі і неяк бездапаможна-жаласна ўсміхнуўся. Адбыўшы больш трох гадоў няволі, ён усё яшчэ і сам не змог зразумець, што ж гэта такое - варожая агітацыя.

Адуванчык марыў стаць артыстам і, як потым мы самі ўбачылі, меў артыстычныя здольнасці. У школьнай самадзейнасці быў галоўным завадатарам, выдумшчыкам, чым і стаў знакаміты ў сваёй школе і на сваім двары. Сам пісаў п'ескі, прыдумваў рэпрызы, жарты, сам спяваў і дакламаваў, выконваў галоўныя ролі ў спектаклях. Як правіла, усе гэтыя самадзейныя паказы былі на школьную тэму. Але ж самадзейнасцю кіравалі настаўнікі, і яны патрабавалі браць тэмы высокія, палітычна надзённыя. Ну, каб была ў тых паказах і класавая барацьба, ворагі народа, якія шкодзяць сацыялізму, а чэкісты іх выкрываюць.

Адуванчык і напісаў такую п'есу. У ёй дзейнічаў кулак, які пад выглядам жабрака хадзіў па вёсках, па кірмашах і праводзіў варожую агітацыю, пакуль яго не затрымалі піянеры і не прывялі ў міліцыю. Ролю кулака ўзяўся выканаць сам аўтар Адуванчык. Напісаная ім п'еса, вядома ж, прайшла строгую цэнзурную праверку школьнага начальства, і яе пачалі рэпеціраваць. У той п'есе была сцэна, калі кулак, пераадзеты ў жабрака, іграючы на леры, спявае розныя прыпеўкі. Адуванчык тыя прыпеўкі не напісаў, вырашыў прыдумаць іх у час рэпетыцый. Некалькі прыпевак падказала настаўніца - кіраўніца самадзейнасці. То былі вядомыя бяскрыўдныя песенькі. Але ж іх павінен спяваць вораг, значыць, і песні павінны быць варожыя.

Гэткая думка прыйшла Адуванчыку ўжо ў час спектакля. Вось ён у дранай світцы, з падвязанай ваўнянай барадой сярод людзей на рынку круціць за ручку барабанчык леры і спявае песенькі, тыя, бяскрыўдныя. У зале песенькі падабаюцца, крычаць, каб яшчэ спяваў. І Адуванчык успомніў раптам пачутыя ім частушкі, ужо не такія бяскрыўдныя, якія яму належала выканаць. Спявае вораг, то павінны быць і варожыя яго песенькі. І ён заспяваў пра калгас, у якім добра жыць, бо адзін робіць, а сем ляжыць.

«Жабрака» пачынаюць акружаць піянеры, яны западозрылі ў ім ворага і збіраюцца яго затрымаць. Але яшчэ вагаюцца. І каб піянеры канчаткова паверылі, што перад імі вораг, Адуванчык - кулак пераадзеты - спявае яшчэ адну частушку.

Вось яна, тая злашчасная частушка.

 

Як быў Ленін-Троцкі,

То была мука на клёцкі.

А як стаў таварыш Сталін,

Галадаць усе мы сталі.

 

Праспяваў Адуванчык гэта і даў сігнал піянерам хапаць яго. Піянеры і схапілі, павялі.

Можна цяпер уявіць, як успрыняло начальства гэту частушку. На самадзейным канцэрце прысутнічалі акрамя дырэктара школы і настаўнікаў яшчэ і прадстаўнікі райкома камсамола і раённага аддзела адукацыі. Настаўніцу, кіраўніцу самадзейнасці, ледзь параліч не разбіў. А школьнікам спектакль спадабаўся, яны пачалі бурна пляскаць і выклікаць артыстаў на сцэну. Выйшлі на выклік усе, але без Адуванчыка. Яго ж адразу завялі да дырэктара і пачалі дапытваць, хто перадаў яму гэту частушку.

Наіўны Адуванчык, зусім не разумеючы, якая павісла над ім бяда, шчыра прызнаўся, што частушку прыдумаў сам спецыяльна для спектакля толькі ўчора. Ён лічыць, што вораг і павінен агітаваць супраць калгасаў варожымі словамі і песнямі.

На гэтым артыстычная дзейнасць Адуванчыка і скончылася, праз пяць дзён яго забралі.

Брыгадзір, былы настаўнік, выслухаўшы гэту гісторыю, вылаяўся, абурыўся. Адуванчыка паклаў на нарах паміж сабою і Крачкоўскім, былым свяшчэннікам Алексіем.

На працу Адуванчык выходзіў з брыгадай штодня, але на лесасецы рабіў самае лёгкае: паліў сучча, хадзіў да ручая па ваду для брыгады. Часам і падмяняў каго з пільшчыкаў, калі хто прыхварэў ці дужа стаміўся.

Калона наша была новая і яшчэ толькі абсталёўвалася. Не было да яе ад цэнтра дарогі для машын, толькі яшчэ цягнулі ляжнёўку - бярвенчатую часовую дарогу. Таму і выклікаў здзіўленне сваёй недарэчнасцю гэты актыўны лесапавал - даць як можна больш кубікаў спілаванага лесу. Мноства штабеляў (там іх называлі ставежы) стаяла на высечаных участках тайгі, і невядома было, калі і на чым будуць іх вывозіць. Але ўсё адно кожнай раніцай брыгады выганяліся ў тайгу, і валіліся пад піламі і тапарамі жывыя хвоі, лістоўніцы, раслі і доўжыліся ўсё новыя ставежы, каб ляжаць там гадамі і гнісці, з'ядацца шашалем і караедам. Так яно і было потым: вывезці лесаматэрыялы з тайгі не ўдалося.

Нашу брыгаду з лесапавалу перавялі працаваць у зону. Мы будавалі лазню і заканчвалі новы барак.

Брыгадзір па-ранейшаму спрыяў Адуванчыку, даваў яму працу па яго сіле. Спрабаваў уладкаваць хлопца ў КВЧ - культурна-выхаваўчую часць, ды там не ўзялі, хоць і прыцягвалі яго ўдзельнічаць у самадзейных канцэртах. Трэба сказаць, што поспех у гледачоў Адуванчык меў вялікі. Ён чытаў вершы, гумарэскі, пацяшаў прыдуманымі ім самім частушкамі, сцэнкамі з лагернага жыцця. І мы ўсё больш пераконваліся, што ў Адуванчыка добры артыстычны талент і што, калі выжыве ў лагеры, яго чакае славутае будучае.

Вельмі нудзіўся Адуванчык, што не было чаго чытаць. Бібліятэкі ў калоне не было, у КВЧ кніг таксама не вадзілася. Калі ж у зону трапляла якая кніга, то доўга не жыла, яе блатары раздзіралі на карты.

Брыгадзір і свяшчэннік Алексій узялі Адуванчыка і пад сваё асветніцтва, нейкім чынам замянілі яму і кнігі, і школу. Брыгадзір быў моцны ў матэматыцы, а Алексій добра ведаў літаратуру, гісторыю, гэтаму яны і вучылі Адуванчыка. А Алексій вучыў хлопца яшчэ і маральнасці, суцяшаў яго, настаўляў радавацца жыццю, у якія б умовы чалавек ні трапляў.

- Жыццё - вялікі неацэнны падарунак чалавеку, і трэба ім даражыць і радавацца, што жывеш, - паўтараў не раз Алексій.

- Радавацца і гэтаму нашаму жыццю? - здзіўляўся Адуванчык, утаропіўшы ў Алексія шырокія шэрыя вочы.

- Так, сын мой, і яму. Умовы жыцця мяняюцца: сёння ты ў няволі, раб, а заўтра ў іншых умовах будзеш, добрых. Галоўнае, ты жывеш, і гэтым ужо шчаслівы.

Аднак Адуванчык, як і ўсе мы, не радаваўся такому жыццю. Ён усё больш і больш нудзіўся, цішэў, зусім рэдка стаў пацяшаць барак і брыгаду, хоць зэкі штовечар прасілі яго нешта паказаць ім.

З дому яму ішлі лісты. Бацькі стараліся як можна больш расказаць пра сяброў, іх справы, вучобу і гэтым самым хлопца толькі засмучалі, а не суцяшалі. Прачытаўшы, што яго сябры Коля і Эма вучацца ўжо ў тэатральнай студыі - паступілі туды ажно з трэцяга заходу, - Адуванчык зусім упаў духам, і я некалькі разоў бачыў, як ён плакаў. Ён зайздросціў сябрам і ніяк не мог змірыцца са сваёй доляй.

- Слухай, - сказаў аднойчы мне Адуванчык, - давай уцячом.

- І дакуль мы дойдзем? Без прадуктаў, грошай, дакументаў?

- А мы пажывём у тайзе. Там жа ягады, грыбы, рыбу будзем лавіць. І ісці, ісці.

Калі на зэка нападае адчай, ён рашаецца на адно з двух: ці ўцякае, ці накладвае на сябе рукі. Самагубства - гэта ўжо апошняя ступень адчаю. У Адуванчыка, значыць, апошняя яшчэ не паспела. А намысліўшы ўцячы, ён па сваёй наіўнасці не мог уявіць усю безвыніковасць уцёкаў. Не такіх вопытных зэкаў лавілі, прыводзілі назад або стралялі на месцы, каб не важдацца з імі, не весці ў зону.

Некалькі заяў-скаргаў пісаў Адуванчык Вярхоўнаму суду, у пракуратуру, Сталіну, прасіў скасціць яму тэрмін або вызваліць зусім. Адказаў на заявы не атрымоўваў.

Скончылася лета з яго невыноснай заеддзю - ад камароў і мошак не было нідзе паратунку, не ратавалі ні дым, ні накамарнікі.

Адуванчык кожны вечар аб'яўляў, колькі яму засталося часу да волі. Нейкім агрызкам алоўка пісаў на стойцы нар, колькі дзён яму яшчэ трэба адбыць. І чым менш заставалася Адуванчыку да волі, тым больш маркоціўся, замыкаўся, заставаўся сам-насам, і мы ўжо амаль не чулі ад яго ні дасціпнай частушкі, ні якога расказіка. Перастаў хіліцца да Алексія, адчужыўся ад мяне і брыгадзіра. Пасля работы як залезе на нары, дык і не злезе да пад'ёму - вечарам ці спаў, ці таіўся, што спіць. Ён як бы нікога і не заўважаў побач з сабою. Свет для яго здаўся абязлюдзелым, нібы не існавала на ім ні добрых людзей, ні ўвогуле нічога добрага, апроч гэтага лагера, бяспраўных зэкаў, не было і будучыні, а цяперашняя рэальнасць ім не прымалася.

Неяк ён мне сказаў:

- Скажы, навошта чалавек жыве? Ён жа ведае, што ўсё адно памрэ. Дык навошта пакутаваць чалавеку, калі ён можа скончыць гэтыя пакуты?

- Як скончыць?

- Памерці, і не будзеш пакутаваць.

- Дурань, - засмяяўся я, - памерці заўсёды паспееш. Ты паспрабуй доўга пражыць.

Я не звярнуў тады сур'ёзна ўвагі на сказанае Адуванчыкам, мала чаго гаворыць чалавек пры паганым настроі, і нікому, нават Алексію, не сказаў пра гэта.

Але Алексій сам заўважыў, што з хлопцам нешта робіцца. Ён спрабаваў выклікаць яго на шчырасць, вярнуць да ранейшых паводзін, настрою, вывесці з прыгнечанага стану. Алексій ведаў, што ў такім стане людзі і робяць адчайныя ўчынкі. Я чуў, як Алексій гаварыў Адуванчыку:

- Ведаеш, дзіця маё, жыццё - не рака, яно як вада ў кубку, яе можна выпіць у адзін момант. Але ж зноў гэты кубак ужо ніколі не напоўніцца. Трэба жыць, цярпець, і - сатрэцца сляза з вачэй тваіх.

У чарговым лісце Адуванчыку бацькі паведамілі, што на іх скаргу прыйшоў адказ ад пракурора аб адмове перагляду справы. Напісалі таксама і навіны пра сяброў: Пеця ажаніўся, Эма і Коля ўжо зняліся ў фільме, праўда ў эпізадычнай ролі. Былі і яшчэ нейкія навіны. І лепш бы не пісалі і ліста таго не прысылалі. Адуванчыку ён быў як соль на рану. Гэта тое ж самае, як галоднаму расказваць пра смачную ежу, так і зняволенаму - пісаць пра волю і шчасце вольных людзей.

Над Адуванчыкам усё больш і больш брала ўладу чорная туга, яго адолеў псіхічны зрух, які псіхіятры называюць, здаецца, маніяй сваёй нікчэмнасці. З гэтай маніяй ён і жыў апошнія тыдні. Яна, манія, і штурхнула ў рэшце рэшт на самы адчайны ўчынак.

У выхадны дзень, адразу ж пасля снядання Адуванчык аддаў мне сваю недаедзеную пайку хлеба. Я не здзівіўся такой шчодрасці, хлеб узяў. Я падумаў, што Адуванчык дастаў сабе нейкія дадатковыя харчы. Аддаўшы мне хлеб, ён пайшоў з барака. Каля дзвярэй азірнуўся на мяне таропка і неяк палахліва. Я хацеў у яго нешта спытаць, але ён зачыніў дзверы.

Паўдня Адуванчыка нідзе не было відаць. Не з'явіўся ён і ў абед. А пасля абеду прывезлі пошту. У барак зайшоў зэк-канторшчык і, махаючы над галавой тэлеграмай, закрычаў:

- Эй, Адуванчык, скачы на галаве! Табе воля! Воля табе!

Тэлеграму тую канторшчык уголас і прачытаў:

«Дарагі сынок. Вярхоўны суд табе скараціў тэрмін да трох гадоў. Папера аб вызваленні прыйдзе пасля. Чакаем сустрэчы. Шчаслівыя тата і мама».

Пачалі шукаць Адуванчыка, заглянулі ў іншыя баракі, сталовую, у КВЧ - нідзе яго не было.

Толькі пад вечар нехта ўбег у барак і сказаў, што Адуванчык- у пятлі, у недабудаваным бараку.

Я, брыгадзір і Алексій паспяшаліся туды. На бэльцы ў пятлі з электрычнага провада вісеў наш Адуванчык. Каля ног ляжала паваленая калода, на якую ён станавіўся, каб улезці ў пятлю.

Брыгадзір выняў Адуванчыка з пятлі, паклаў на падлогу, твар з высалапленым языком прыкрыў насоўкай.

Быў ён без шапкі. Сонечныя промні падалі на галаву і валасы, што паспелі адрасці пасля стрыжкі і здаваліся яшчэ больш залацістымі і пушыстымі і сапраўды былі падобны на кветку адуванчыка.

Забіў усё-такі сябе хлопец, спыніў пакуты, абарваў даўжэзны ланцуг радаслоўнай, што цягнулася тысячагоддзі, і канцом яе стаў ён, Адуванчык, імя і прозвішча якога я забыў.

Ну што б табе, хлопец, пачакаць паўдня! Да гэтай тэлеграмы. Можа, і стаў бы ты знакамітым артыстам, і я радаваўся б, убачыўшы цябе на экране ці на сцэне. Талент у цябе ўсё-такі быў.

 

 

КАНДЫДАТ НАВУК І СТРАЛОК АХМЕТ

 

Была вясна, пачатак сакавіка, але снег, як ляжаў на сопках, на дрэвах, так ніколечкі і не ўбавіўся, не змяніўся ні колерам, ні пахам, - пах гэтак жа як і ў сцюжу, - зімою. Можа, толькі крыху пацяжэў і пагрубеў, бо ўсё-такі шлях сонца па небе падоўжыўся і яно мацней прыгравала. Апоўдні, у самы сонечны час, снег запальваўся ад промняў такім бляскам, што доўга на яго не паглядзіш, аслепнуць можна.

Наша калонія, як і ўсе калоніі Ніжне-Амурскага лагера, будавала чыгунку на Саўгавань. Уздоўж усёй трасы - ад Амура да Ахоцкага мора - была ўжо прабіта для машын і пешаходных этапаў дарога, паралельна якой і будавалася чыгунка. У адных месцах палатно насыпалі, у другіх - наадварот, зямлю для пуці зразалі, углыблялі. Уздоўж трасы стаялі калоніі з тысячамі зэкаў. Траса прыкавала іх да сябе, як прыкоўвалі да аднаго доўгага ланцуга катаржнікаў і палонных.

Калонія, у якой я дабіваў свой тэрмін, знаходзілася амаль на пачатку трасы, блізка да Камсамольска-на-Амуры. Брыгада наша, як і ўсе брыгады калоніі, рабіла выемку для пуці, даўжыня якой была з кіламетр. Механізацыя - мускульная: дзяўблі мёрзлы грунт ламамі, кіркамі, грузілі на тачкі і вывозілі з выемкі ў адвалы. Мёрзлы грунт адтайвалі вогнішчамі, якія палалі папераменна то ў адным канцы брыгаднага ўчастка, то ў другім.

Дахадзяг у брыгадзе не было, норму мы выконвалі і атрымоўвалі поўны паёк. Нейкі час брыгада нават уваходзіла ў лік ударных. У ёй былі сабраны здаровыя працавітыя людзі, ў большасці калгаснікі, амаль усе «контрыкі». Мантуліў кожны без туфты, нароўні з усімі, філоніць не стараўся. Падбор у брыгаду рабіў брыгадзір, таксама контрык, былы падпалкоўнік, камандзір артылерыйскага палка Іваноўскі, чалавек рашучы і моцны фізічна, аўтарытэтны не толькі ў брыгадзе, але і ў калоніі. Нават адпетыя блацюкі з ім лічыліся, не задзіраліся. Іваноўскі неяк пра сябе пажартаваў: «Раней я камандаваў палком, а цяпер пайшоў на павышэнне, стаў брыгадай камандаваць».

Сказаць праўду, то норму сваю па-сапраўднаму мы рэдка калі выконвалі. Паднявольная праца - яна і ёсць рабская, якую рабы заўсёды не любілі. Брыгадзір меў дружбу з дзесятнікам, таксама былым вайскоўцам, інжынер-маёрам, і той павышаў нам цвёрдасць грунту, круцізну пад'ёму і адлегласць, на якую нам трэба ганяць тачкі ў адвал. Прыпісваў нам і колькасць вывезенага грунту.

На працу і назад у зону нас вадзілі пад канвоем. На ўчастку былі абазначаны граніцы, за якія зэкі не маглі пераступаць. Стралкі-ахоўнікі мелі права ў парушальнікаў граніцы страляць без папярэджання.

Дзве брыгады - нашу і яшчэ адну - ахоўвалі месяцы тры запар два стралкі. Адзін таўсматы саракагадовы сяржант прыехаў сюды з Украіны, дзе служыў наглядчыкам у турме. У гэты край прыехаў, відаць, з-за большага заробку ці, можа, яшчэ па якой прычыне. Гэты сяржант (ні імя, ні прозвішча яго не захаваліся ў памяці) двойчы на дзень - перад выхадам з зоны і калі збіраліся ісці з работы назад - папярэджваў: «Крок управа, крок улева лічыцца спробай уцячы, прымяняецца зброя». Аб'яўляў гучна, як дзе-небудзь на пляцы перад вялікім строем. І пры гэтым яго мясісты твар чырванеў і двайны падбародак дрыжаў, як студзіна. Не ведаю, які ў яго быў запас слоў, думаю, не больш лексікону абісінца, які нядаўна ўзяўся вывучаць расейскую мову. За ўвесь час, пакуль ён нас ахоўваў, я пачуў ад яго не больш трох-чатырох дзесяткаў слоў: стой, слухай, маўчаць, пакладу мордай на снег... Ну і - крок управа, крок улева...

Другі стралок быў татарын Ахмет, малады і па ўзросту, і па тэрміну службы ў лагернай ахове, усмешлівы і нават сарамлівы, ён звяртаўся да нас на «вы», і ў адказ мы таксама звярталіся гэтак жа да яго. Ён нядаўна скончыў чырвонаармейскую службу, дамоў у Татарыю не паехаў, а завербаваўся ў лагерную ахову. «Што мне там рабіць у калгасе, - прызнаўся ён нам. - Туды прыедзеш і назад ужо ніколі не выедзеш. Там - во палучаюць на працадні, - паказаў ён кукіш. - Голадна жывуць. Чаго мне ехаць».

Наіўны быў Ахмет, гаворачы гэта, ён не разумеў, што за такія словы тут сядзяць тысячы.

Граніцы, якія нам не дазвалялася пераходзіць, былі абазначаны вехамі - абчасанымі і ўбітымі ў зямлю слупкамі. Стралкі знаходзіліся ў пэўных месцах, крыху далей ад граніцы.

Працавалі мы парамі, па два зэкі на адну тачку. Спачатку надзяўбём грунту, потым пагрузім у тачку і па чарзе вязём яе ў адвал.

Маім напарнікам быў мой равеснік з падобным лёсам ленінградскі студэнт Бацюхноў, які пры знаёмстве называў сябе Бацюшковым. Я некалькі разоў спрабаваў у яго дапытацца, чаму ён здраджвае свайму роду Бацюхновых, ды так і не выпытаў. Адкрыўся ён мне толькі перад расставаннем - яго перавялі па невядомай і для яго самога прычыне ў іншую калонію, дзе работа і ўмовы жыцця былі лягчэйшыя.

- А мы і належым да дваранскага роду Бацюшковых, - сказаў ён. - У нашай радні быў і паэт Бацюшкоў. А змянілі прозвішча і сацыяльнае паходжанне ў семнаццатым. А то б даўно трапілі ў Чэка заложнікамі рэвалюцыі.

Загналі яго ў лагер за напісаныя ім пяць нейкіх вершаў, атрымаў за кожны верш па году.

Паехаў ад нас гэты дваранін Бацюшкоў з радасцю, абяцаў напісаць з новага месца, ды так і не напісаў. І што з ім, не ведаю.

Замест яго ў брыгаду далі новага зэка, які і стаў маім напарнікам. Я адразу яго і неўзлюбіў, і пашкадаваў.

Неўзлюбіў, бо ўбачыў, што напарнік ён нікудышны, дахадзяга, і ўзрост паважны, у бацькі мне гадзіўся. Тачку ён, канечне, не мог усцягнуць наверх, і цягаць яе прыйдзецца мне аднаму.

Здзівіў ён і сваім выглядам. Усё ў ім паасобку было вялікім, большым, чым трэба для правільнай прапорцыі чалавеку: вялікая галава, рот, тоўстая шыя, шырокае тулава... Аднак зірнеш на яго ўсяго, дык ён жа нейкі як недарослы. А гэта таму, што меў ён карацейшыя, чым трэба для такога тулава, ногі. Чалавек-кубік, калабок. Яго гэтым словам і сустрэў наш зэк Лёха Мошкін: «Калабок, калабок, куды коцішся, пад тачку пападзеш, не вароцішся».

Моцны з выгляду, ён быў сапраўды дахадзягам. Шырокі плоскі твар яго меў нездаровы бледна-зялёны колер і туга абцягваўся скурай, быццам пад ёю не было ніякіх цягліц, а толькі косці.

Як і водзіцца, навічка пачалі распытваць, адкуль ён, які артыкул мае, тэрмін, з якой калоніі сюды перавялі. Адказваў неахвотна, марудліва, і калі гаварыў, то ў роце яго, як у грымасе, выскаляліся рэдкія зубы, - канечне ж, павылазілі ад цынгі. Назваўся ён Сямёнам Якаўлевічам Моцным. Я быў ухапіўся за гэта беларускае прозвішча - ні не зямляк ён, але быў ён з Сібіры, з забайкальскіх казакоў. У калонію нашу ён прыбыў з упраўлення лагера, дзе працаваў у інжынерна-праектным аддзеле.

- Ты што, інжынер? - здзівіўся Лёха.

- Інжынер. На волі быў кандыдатам навук.

Лёха прысвіснуў.

- І чаго ж цябе загналі ў брыгаду да тачкі і кайла?

- Я сюды з шызо.

Шызо - гэта штрафны ізалятар, дзе зэкаў трымаюць за нейкія грубыя парушэнні ці новыя злачынствы.

- А завошта цябе туды ўперлі?

- Уперлі вось.

- А судзілі завошта?

Моцны раззлаваўся такому допыту:

- Хто ты, што так прычапіўся да мяне?

Лёха, маскоўскі кішэннік, адказаў, як і ўсім гаварыў пра сябе, што ён вядзе замкнуты лад жыцця - рэдка выходзіць на волю. Гэта рассмяшыла Моцнага, і ён таксама адказаў хохмай:

- Разумееш, хацеў залезці да суседа ў дом і цэлы месяц прыручаў яго сабаку, карміў каўбасой. Прывучыў. Ноччу палез у дом і наступіў кату на хвост. Кот завішчаў, мяне і схапілі.

Жарту гэтаму мы не паверылі. Як потым даведаліся, загналі кандыдата навук у лагер на восем гадоў за падазрэнне ў шпіянажы - ПШ. Выдуманая гэта абрэвіятура энкавэдыстамі прышывалася звычайна тым, калі ў следчых не было ніякіх канкрэтных фактаў, каб абвінаваціць чалавека. Тады яны і пасылалі на яго матэрыялы з гэтым ПШ у асобую нараду, якая і выносіла прысуд завочна.

- Відаць, вам трапіліся мяккацелыя следчыя, добрыя, - пазайздросціў Моцнаму брыгадзір, якому на следстве ламалі рэбры.

- Мяккацелыя? Добрыя? - узарваўся Моцны. - Дзе гэта вы бачылі такіх добрых у нашых савецкіх органах? Там жа адны бандыты, падонкі, каты. Інквізітарам трэба павучыцца ў нашых катаў. Ды і гестапаўцы маглі пераняць многае ў гэтага баявога атрада партыі.

Словы гэтыя былі правільныя, смелыя, але ж якую яны мелі страшную цану: варта толькі дайсці ім да пільных вушэй, і мог заплаціць кандыдат навук яшчэ адным тэрмінам.

- Ты партыю не чапай, - асцярожна папрасіў яго брыгадзір Іваноўскі. - Партыя ні пры чым.

- Ні пры чым? А следчыя, пракуроры - не члены партыі? Не імі партыя кіруе? А ўсім гэтым страшным апаратам не галоўны партыец кіруе? Ні пры чым... - Моцны быў на вышыні свайго гневу, у яго дрыжаў голас і рукі дрыжалі. - А мы ўсё баімся, ад страху дрыжым, як мухі ў павуціне. За дротам і то баімся. Чаго, каго баімся?

- Шызо, новага тэрміну, а то і шлёпкі баімся, - сумна сказаў Іваноўскі.

Не ў гэты першы дзень знаёмства з Моцным, а пазней мы даведаліся пра яго ўсё. Сямён Якаўлевіч сам і расказаў, што з ім адбылося ўжо тут, у лагеры.

Да арышту ён праектаваў чыгункі і быў заслужана ацэнены як добры спецыяліст. А вядома ж, што ў тыя трыццатыя шызафрэнічна-крывавыя гады ўдары сталінскага мяча і абрушваліся на лепшых. Моцнага і ўзялі як вучонага спецыяліста і абвінавачвалі спачатку ў шкодніцтве, а потым у шпіянажы. Паколькі доказаў ні шкодніцтва, ні шпіянажу не было, то следчыя стараліся выбіць у яго прызнанні. Моцны, аднак, быў характару моцнага, упарты і няўступлівы, уступіў у люты канфлікт са следчымі і быў біты, прапускаўся праз канвеер, калі запар дапытвалі па некалькі сутак, двойчы кідалі ў карцэр. Моцны не агаварыў сябе, не падпісаў пратаколы, і тады далі яму гэта ПШ - падазрэнне ў шпіянажы.

- Іх, гэтых следчых, аказваецца, вучаць, як біць і мучыць падследных. Прыёмам вучаць. І хто вучыць? Дактары, медыкі. Бандыты ў белых халатах, - расказваў Моцны. - Вучаць анатоміі, паказваюць, дзе ў чалавека самыя балючыя месцы. Вучаць біць так, каб звонку слядоў не заставалася, а было б адбіта ўсярэдзіне...

Сам ён да арышту быў у партыі, верыў ёй, а Сталіну, як прызнаўся, не верыў з трыццатага года - пасля прымусовай калектывізацыі і раскулачвання. Тады ж ён напісаў ліст-пратэст Сталіну і Калініну, што такая гвалтоўная калектывізацыя і раскулачванне самых працавітых сялян горш за прыгон і прывядзе да разбурэння вёскі і сялянскай гаспадаркі.

Калі б ён напісаў такі ліст пазней на шэсць гадоў, не мінаваць бы яму лагера. А тады з ім нічога не было. Тады былі яшчэ сярод энкавэдыстаў нямала людзей сумленных. Ліст Моцнага да Масквы не дайшоў, яго перахапілі мясцовыя чэкісты. Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў выклікаў Моцнага да сябе, моўчкі вярнуў ліст. Ні пагрозы, ні крыку не было, а была парада - такія лісты больш не пісаць і не пасылаць. Відаць, той раённы начальнік і сам быў такой жа думкі пра злачынную калектывізацыю.

Моцнага, як спецыяліста, у лагеры скарысталі па яго ж прафесіі. Ён працаваў у лагернай праектнай канторы, жыў у параўнанні з зэкамі, занятымі на земляных работах, даволі няблага. Сядзеў у цяпле, быў сыты, тачкі не ганяў. І сядзеў бы там Сямён Якаўлевіч да канца свайго тэрміну, вычэрчваў бы планы, схемы, вылічваў пад'ёмы і спускі пуці, выгібы. А ён ніяк не мог дараваць следству за тыя мукі, што яны яму прычынілі, - у яго ад тых пабояў і цяпер баліць пазваночнік. Не згаджаўся і з тэрмінам, дадзеным асобай нарадай. Ён пачаў пісаць скаргі на сваіх былых следчых і на парадкі ў органах бяспекі, абвінавачваў іх у свядомым тэроры, называючы гэтыя органы засценкамі катаванняў і забойстваў. Пісаў у ЦК партыі, у пракуратуру, Вярхоўнаму суду, Калініну. Сталіну не пісаў, бо лічыў яго галоўным віноўнікам тэрору. Атрымліваў ад усіх шаблонны адказ: «Падстаў для перагляду справы няма, вы асуджаны правільна». На такія штампы-адказы ён пасылаў больш рэзкія заявы: «Я не быў асуджаны, мяне загналі ў лагер без суда. У канстытуцыі якой краіны запісана, што можна заключаць у лагер без суда?»

Аднойчы яго выклікаў кум - так у лагеры называюць аператыўных упаўнаважаных НКУС. Яны сочаць за палітычнымі настроямі зэкаў, вядуць следства, вярбуюць сексотаў. Кум сказаў Моцнаму: «Чаго ты, вумнік, дабіваешся? Што ты шукаеш прыгод на свой лоб? Мала табе васьмі гадоў, дык дабавяць. Чатыры адседзеў, чатыры засталося. Вытрымаеш, сядзіш у канторы, кайлом не б'еш».

Паслухацца б Моцнаму гэтай хоць і пагрозлівай, але разумнай парады. Дык не, упарты няўрымслівы Моцны не змірыўся, па-ранейшаму скардзіўся ва ўсе інстанцыі, патрабуючы перагледзець яго справу. Пасылаў праз лагерную пошту, перадаваў тым, хто вызваліўся і ехаў дамоў, каб кінулі ў гарадскую паштовую скрынку. А вынік быў адзін - падстаў для перагляду справы не знаходзілі.

Тады Моцны напісаў ліст Берыі, наркому НКУС.

«Дарагі Лаўрэнцій Паўлавіч, - такі быў тэкст ліста, - мяне трымаюць невінаватага ўжо чатыры гады, загналі сюды без суда. Пры допытах мяне білі, мучылі, так і ў гестапа не мучаць людзей. Правільна, што ката Яжова расстралялі. Іх, гэтых энкавэдыстаў-катаў, трэба расстраляць усіх. Яны забойцы, бандыты. Гэта яны забілі мільёны невінаватых людзей і загналі ў лагеры столькі ж. Я таксама іх ахвяра. Прашу адмяніць пастанову асобай нарады і вызваліць мяне...»

Вось такога прыблізна зместу была яго заява Берыі.

Ах, Сямён Якаўлевіч, разумны чалавек, вучоны, кандыдат навук, які ж ты наіўны! Так напісаць пра НКУС - баявы атрад партыі, параўнаць энкавэдыстаў з гестапаўцамі, патрабаваць іх усіх расстраляць... Ці ж можна такое ляпнуць?!

Адказ прыйшоў хутка, намнога хутчэй, чым ад судоў, пракуратуры, Калініна. І не ў пісьмовым выглядзе. Завёў яго да сябе кум і ўчыніў допыт.

- Ты што, маці твая-перамаці, уражына праклятая, прастытутка, нашы органы і гестапа на адну дошку ставіш? Нас, слаўных чэкістаў, патрабуеш расстраляць? Ты морда антысавецкая, шпіён, што заслужыў цяпер? Што? Дзевяць грамаў свінцу. І палучыш. Дзяржава наша багата на свінец, не пабяднее, калі табе адну кулю пусцяць у твой медны лоб.

- Кум той, - расказваў Сямён Якаўлевіч, - здаравенны буйвал, яму б малатком махаць, у забоі вугаль рубаць. Кулакі пудовыя. Дык ён, мяснік, мяне пачаў душыць. Схопіць за горла і душыць, пакуль я страчу прытомнасць. Адпусціць, я аддыхаюся, ён зноў душыць... Ён і загнаў мяне ў шызо. Сядзеў там месяц, а адтуль сюды, у брыгаду, кінулі. Аформілі новы на мяне матэрыял і паслалі ў тую ж асобую нараду. Вось цяпер чакаю прысуду.

- Могуць табе, пахан, і шлёпку даць, - выказаў яму спачуванне Лёха.

- Цікава, - крутнуў галавой брыгадзір. - Штосьці не тое... Калі паслалі на асобую нараду, то чаму ж цябе выпусцілі з шызо? Ты ж падследным лічышся.

Моцны скрывіў ва ўсмешцы рот.

- А каб дарэмна не еў хлеб. У брыгадзе хоць кубікі буду даваць.

Мы ўсе яму спачувалі, падкормлівалі. Работнік ён быў у першыя дні пасля шызо нулявы, пустое месца. Толькі і мог кірку падняць і махнуць ёю. Норму яму брыгадзір усё ж выстаўляў, каб той змог атрымоўваць поўную пайку. Тыдні праз два Моцны ўжо акрэп і нароўні са мной ганяў тачку.

Спачувалі Сямёну Якаўлевічу не толькі зэкі, але пранікся да яго сімпатыяй і стралок Ахмет. Відаць, таму, што праходзіў вайсковую службу ў тых месцах, дзе да арышту жыў Моцны. Яны часта і гаварылі пра той горад у Забайкаллі. І Ахмет гэтак жа, як і ўся брыгада, занепакоена чакаў, што ж прышле тая асобая нарада. Ахмет здружыўся і з брыгадай, ён часам увечары заходзіў у барак, слухаў нашы размовы, спрэчкі. Прыносіў курыва, якое яму выдавалі, бо сам не курыў.

У адзін з прыходаў Ахмет пачаставаў Моцнага карамелькамі - поўным мяшэчкам. А Моцны падзяліўся ўжо і з намі тымі цукеркамі.

- Вы ўжо добры сталі на твар, - сказаў Ахмет Моцнаму. - Паправіліся.

- Трохі паправіўся, - ахвотна падтрымаў з ім гаворку Моцны.

- Вызваліцеся, дамоў паедзеце, горад ваш харошы.

- Калі асобая нарада не дабавіць.

- Усё адно трэба цярпець.

- Буду цярпець, у пельку ж не палезу. Я - чалавек біты.

- А за аднаго бітага даюць двух нябітых, - сказаў Ахмет і засмяяўся.

- Ахмет, - улез у гаворку Лёха Мошкін, - ты не так гаворыш. За бітага даюць ад двух да пяці годзікаў. Дайшло?

Пасмяяліся ўсе, і асабліва хохма гэта спадабалася Ахмету.

Той дзень, калі здарылася гісторыя, з-за якой і напісаны гэтыя ўспаміны, быў ужо цёплы, вясенні. Сонца плавіла снег, ён пад яго цяплом асядаў з шоргатам, пакрываючыся кропелькамі поту. Зніклі белыя шапкі з валуноў і пнёў. З тайгі цягнула подыхам вясны - хвояй, карой і нечым неразгаданым, ледзь улоўным - заўсёдным пахам гэтай пары. Неба блішчала яркай сінню, і на схіле дня яго сінь клалася на заснежаную зямлю.

У гэты прыгожы дзень працавалася неяк спорна, без таго гнятлівага адчування цяжару няволі, які трывала сядзіць у душы зэкаў. У час перадыху хто курыў, хто так сядзеў, а хто і драмаў. Моцны прылёг на дашчаны трап, па якім ганялі тачкі, і падставіў сонцу і небу твар і шыю, агаліўшы яе.

- Госпадзі божа мой, - сказаў ён, глыбока ўздыхнуўшы, - дзякуй табе, што ты стварыў такі цудоўны свет, цудоўную прыроду, зямлю. Дзякуй.

- А за парадкі на зямлі таксама дзякаваць богу трэба? - падаў голас брыгадзір. Ён сядзеў на тачцы, таксама падставіўшы твар сонцу і шырока расшпіліўшы каўнер.

- Парадак людзі самі ўстанавілі, - адказаў яму Моцны. - Тут не ад бога залежыць. Бяда, калі наводзіць парадак чалавек антымаральны, кат і дыктатар.

Размова наблізілася да небяспечнага кірунку, таму брыгадзір штурхнуў яе ў іншым напрамку, загаварыў пра вясну. Але гаворку Моцнага падтрымаў Лёха.

- Правільна, Сямён Якаўлевіч, не бог, а людзі нас сюды загналі. А вы верыце ў бога?

- Бога я прыняў тут, у няволі. І веру ў замагільнае жыццё. І ў замагільны суд веру. Вось паўстануць там па кліку трубы архангела ўсе замучаныя, забітыя і тыя, хто іх мучыў і забіваў. Суд і дасць кожнаму тое, што заслужыў пры жыцці на зямлі.

- Я, канечне, траплю ў кацёл з гарачай смалой, - сказаў Лёха, - а вас у рай пашлюць.

- Не ведаю, куды мяне пашлюць, а вось паглядзець бы, як тых катаў энкавэдыстаў будуць смажыць у смале. Я б сам іх засмажыў. - Ён сеў, схапіўся за галаву. - Божа мой, а чым усё-такі стукне мне па галаве АСО? Асобая нарада. А калі расстрэл?

Ён вельмі спалохаўся гэтай здагадкі, збялеў нават, знерухомеў, нібы ўжо гэту кару яму аб'явілі.

Чым стукнула АСО Моцнага, даведаліся ў той жа дзень. Прыехаў наш кум, лейтэнант, губасты і такі худзючы, што галіфэ яго здаваліся пустыя, і аб'явіў Моцнаму рашэнне АСО. Далі яму дзесяць гадоў і пачатак адбывання пакарання залічылі з дня пасадкі ў шызо. Чатыры адбытыя гады прапалі, тэрмін пацёк новы. Яму да ПШ прыбавілі яшчэ адну абрэвіятуру, даўжэйшую на дзве літары - КРТД, што азначае контррэвалюцыйна-тэрарыстычная дзейнасць.

Вестку гэту, на дзіва, Сямён Якаўлевіч прыняў знешне спакойна. Выслухаў кума моўчкі, узяў кірку і пачаў разбіваць грунт, таксама моўчкі.

Кум пайшоў, а Лёха, уражаны, здаецца, больш за Моцнага, пачаў абурацца і лаяцца.

- Жывадзёры, гніды, на вяровачку б іх усіх павесіць. - Ён пхнуў што было сілы нагой тачку. - Во яно АСО - дзве ручкі, адно калясо. Гэта ж яшчэ столькі дабавіць, гады!

Набіты Моцным грунт я пагрузіў у тачку, вывез у адвал. А Моцны ўсё ўбіваў і ўбіваў кірку ў грунт, не прыпыняўся і тады, калі брыгада рабіла перакур. Я хацеў адабраць у яго кірку, але брыгадзір спыніў мяне, сказаў, каб не чапаў, няхай прыйдзе ў сябе.

У сябе ён не прыйшоў. Сабраўшы ўсе сілы, загнаў кірку ў зямлю да самага дрэўка, пакінуў яе там ды яшчэ і нагой па ёй прыстукнуў.

- Усё, будзь ты праклятая, зямля. Я цябе не марозіў, не буду і калупаць. Брыгада, я пайшоў на волю.

Мы не зразумелі, пра якую гэта ён волю сказаў. А ён зняў рукавіцы, сунуў іх у кішэню бушлата, узяў сваю торбачку, дзе былі пайка і міска з лыжкай, зірнуў на неба, сонца, перахрысціўся - гэта мы ўбачылі ўпершыню - і пайшоў. Пайшоў па трасе па напрамку горада. Пакуль ён ішоў па дазволенай зоне, мы маўчалі. Але вось ён пераступіў тую мяжу, пераход цераз якую ўжо лічыцца спробай уцёкаў.

- Сямён Якаўлевіч, - крыкнуў яму брыгадзір, - куды? Вярніся!

Той участак граніцы ахоўваў Ахмет. Яшчэ калі Моцны падыходзіў да мяжы, Ахмет насцярожыўся, стаў у баявую паставу... А калі пераступіў мяжу, Ахмет накіраваў вінтоўку на яго.

- Куды? Куды вы? Стой! - крыкнуў ён не пагрозліва.

А Моцны ішоў ужо за мяжою, аддаляўся ад яе.

- Эй, стой! - Ахмет клацнуў затворам. - Стой, гавару, страляць буду!

Моцны ішоў не азіраючыся. Ішоў мерным ходам, спакойна, нібы ён сапраўды быў ужо на волі. Глыбокія сляды на снезе-цаліку цягнуліся ўслед яму і былі падобны на ланцуг, які зэк Моцны размотваў з сябе.

- Эй, страляю зараз, стой! - крычаў Ахмет яму ўжо ўслед і двойчы ці тройчы прыкладваўся да стрэльбы, але не страляў.

Усё гэта бачыў другі ахоўнік - таўсматы сяржант. Той быў па другі бок трасы і таксама насцярожыўся, ускінуў вінтоўку гатовы стрэліць.

Калі Моцны адышоў ад дазволенай граніцы ўжо крокаў трыццаць, Ахмет стрэліў угору. Другі раз, як і належыць па інструкцыі, павінен стрэліць у Моцнага.

- Стой!

Моцны ішоў, падставіўшы стралку спіну і патыліцу.

Тады Ахмет закрычаў ужо брыгадзіру:

- Брыгадзір, даганяй, затрымай! А то заб'ю яго. Даганяй!

Брыгадзір, Лёха і я пабеглі ўслед за Моцным. Мы беглі па яго глыбокіх слядах, умінаючы іх яшчэ глыбей, уперадзе - Лёха, я - за ім, брыгадзір, старэйшы за нас і з паламанымі рэбрамі, - ззаду. Беглі моўчкі, без крыку, каб не спужаць яго, каб не азірнуўся і не джгануў ад нас. Лёха першы дагнаў Моцнага, стаў перад ім.

- Ты што, - закрычаў ён, - знарок пад кулю ідзеш? Жыць не хочаш, а на Ахмета хочаш смерць сваю ўзваліць? - Размахнуўся, але ляпнуў па твары лёгка, хутчэй дэманстратыўна. - Ёўбала ты.

Мы ўзялі Моцнага за рукі і павялі на ўчастак. Ён не супраціўляўся. Калі праходзілі міма Ахмета, то ўбачылі, як у таго дрыжалі губы. І рукі дрыжалі, антабка на вінтоўцы ляскала.

- Ахмет, - сказаў яму брыгадзір Іваноўскі, - дзякуй табе. Няхай дзеці твае будуць шчаслівыя.

Ахмет у адказ усміхнуўся жаласна і радасна, шчаслівы ад таго, што вось жа не забіў чалавека, а павінен быў забіць, не ўзяў на сябе чужую смерць.

Моцны ў той дзень больш працаваць не стаў, і мы яго не прымушалі. Ён сядзеў на зямлі на дошцы ў паставе бога Буды, няўцямны да ўсяго, глядзеў некуды паверх сопак, і што ён думаў у гэты час, бог адзін ведае.

Старшы ахоўнік-сяржант далажыў пра спробу Моцнага ўцячы, і яго зноў забралі ў шызо, а адтуль у калонію з больш строгім рэжымам. Думаю, што Моцны там не выжыў.

Ну а стралка Ахмета мы сталі яшчэ больш паважаць і хацелі, каб ён застаўся такім жа нармальным хлопцам, каб не агрубела яго душа на такой службе, не змяніўся характар і не ператварыўся ён у сапраўднага вертухая.

«Госпадзі божа мой, - увесь час успамінаўся балючы ўскрык Сямёна Якаўлевіча, - навошта ты дазволіў зрабіць такі на зямлі парадак, калі адзін чалавек можа прычыняць смерць і гора мільёнам? Навошта?»

 

 

САЛДАЦКІ ЛІСТ

 

Мой мінамётны ўзвод папоўніўся двума салдатамі - Іванам Дробатам і Яраславам Бычыкам - летам сорак чацвёртага, калі былі вызвалены іх прыгранічныя з Малдавіяй вёскі. Яраславу яшчэ і васемнаццаць не споўнілася. А Дробату было ўжо за сорак, і яго, як самага старэйшага ў роце, мы называлі дзядзькам Іванам. Шчыры, непасрэдны Яраслаў адразу ж стаў любімцам узвода. Па-хлапчукоўску нявопытны, неасцярожны Яраслаў часам паводзіў сябе неабдумана адчайна, што на вайне сярод салдат не ўхвалялася. Каб быў ён пад пастаянным наглядам, я ўзяў Яраслава да сябе ардынарцам.

Гаворка, аднак, пойдзе не пра Яраслава, які шчасліва скончыў вайну, а пра Івана Дробата. Яго марудлівасць, празмерны спакой - не паспяшаецца, не пабяжыць, дзе трэба, - мяне часам раздражнялі, і прыходзілася, каб падагнаць, хрысціць мацюком. Мужчына ён быў дужы, лёгка ўскідваў сабе за спіну больш чым дваццацікілаграмовую пліту ды яшчэ браў пад пахі скрынку з мінамі. Старанней за ўсіх байцоў узвода капаў яму для агнявых пазіцый мінамётаў, акопы для схованкі на выпадак бамбёжак і артабстрэлаў.

Раней у арміі Дробат не служыў па стану здароўя - быў трохі глухі. Мабілізацыя ў армію ў сорак чацвёртым для яго была нечаканай, думалася, што і на гэты раз яна абміне яго. На медыцынскім аглядзе паказаўся зусім глухім, але яго назвалі сімулянтам, у глухату не паверылі і залічылі ў часць, не даўшы нават забегчы дамоў развітацца з сям'ёй - жонкай, цешчай, маткай і пяцярыма дзецьмі. Вось так ён і апынуўся ў маім узводзе трэцім нумарам мінамётнага разліку. На гэтай пасадзе - насіць пліту і падносіць у час стральбы міны - чуйныя вушы не патрэбны.

Сялянская практычнасць Дробата вельмі прыйшлася на карысць узводу. Ён умеў адрамантаваць калёсы, колы, збрую і рабіў гэта з ахвотаю і ўмела. Знаходзіў і далучаў да ротнай гаспадаркі ўсё, што потым аказвалася патрэбным.

Ужо праз які тыдзень мы ведалі амаль усё пра яго сям'ю, бо ён толькі і гаварыў аб сваіх дзецях, іншых родзічах. Яго салдацкія лісты-трохкутнікі амаль штодзень выпырхвалі з яго рук і ляцелі вестачкай дамоў. Дробат пісаў і ўсім родным адразу, і кожнаму паасобку, у тым ліку і самаму малому шасцігадоваму Панасіку. Лісты яго былі кароткія і неслі, як кажуць, самую неабходную інфармацыю: жывы, здаровы, рухаемся ўперад, ужо вызваляем мадзьяр, а там на чарзе і Аўстрыя. Пасылаў ён і пасылкі праз кожныя чатыры-пяць дзён. Так часта аднаму не дазвалялася слаць, але Дробат афармляў іх на імя іншых салдат, якім не было куды пасылаць. Усё ішло ў тыя пасылкі: адзенне, цацкі, інструмент, нават посуд. Асабліва цаніліся тады іголкі для швейных машын і каменьчыкі для запальнічак. На радзіме яны мелі вялікі попыт. Дробату ўдалося раздабыць некалькі карабочкаў гэтай каштоўнасці. «Жонка прадасць на рынку іголкі і дзецям нешта купіць», - хваліўся ён.

Меў Дробат і поўны сідар усякіх рэчаў, таксама прыпасеных для сям'і, спадзяваўся прывезці яго дамоў пасля вайны.

Як ужо гаварылася, лісты Дробат слаў часта, а калі пайшлі пасылкі, стаў пісаць яшчэ часцей - паведамляў, у якую пасылку ён што паклаў і што трэба зрабіць з кожнай рэччу. Лісты пісаў на любой паперы, якая траплялася пад рукі: на аркушах з вучнёўскіх сшыткаў, на чыстых вырваных з кніг аркушах, на розных бланках, нават на нямецкіх загадах, сарваных са сцен дамоў. А аднойчы напісаў на нямецкай лістоўцы, з чаго і пачалася гэта непрыемная для роты і драматычная для Дробата гісторыя.

Лістоўкамі закідвалі як немцы нас, так і мы немцаў. У апошнія месяцы вайны нямецкія лістоўкі скідваліся на нашы пазіцыі радзей і менш. А нашы тысячы белых аркушаў амаль кожны дзень падалі з неба на галовы немцаў, заклікаючы іх здавацца ў палон, бо вайна для іх прайграна. Ну гэтак жа сама, як у сорак першым - сорак другім гадах заклікалі ў сваіх лістоўках нас: расейцы, саветам капут, пераходзьце да нас... Кожная фашысцкая лістоўка тады лічылася пропускам для здачы ў палон, таму сурова караўся той, хто падняў лістоўку і трымаў у сябе. Камісары, палітрукі асабісты-смершнікі адразу, як толькі лістоўкі асыпаліся на зямлю, выдзялялі людзей для іх збору і знішчэння. Часта і, вядома, знянацку рабіліся праверкі кішэняў у байцоў - ці не хавае хто лістоўку. А калі ў каго знаходзілі, то лічылі, што баец сабраўся перайсці да немцаў, яго забіралі ў асобы аддзел і арыштоўвалі за намер здрадзіць Радзіме. Той кляўся, што не збіраўся перабягаць да немцаў, а ўзяў на курыва, каб скручваць з яе цыгаркі. Яму, канечне, не верылі.

Не помню дакладна, здаецца, у канцы сорак другога, Пленум Вярхоўнага суда СССР вымушаны быў растлумачыць, што баец, у якога знайшлі лістоўку, не абавязкова злачынец, ён мог яе ўзяць для нейкай патрэбы. Вярхоўныя ўлады пайшлі на гэта тлумачэнне, бо вельмі ўжо багата аказалася такіх «здраднікаў».

Ніколі не забуду паказны суд і расстрэл аднаго лейтэнанта, камандзіра сапёрнай роты, глыбокай восенню сорак першага. І суд, і расстрэл былі праведзены ў прысутнасці ваеннаслужачых палка, канечне ж, для прафілактыкі на будучае. Хоць судзілі лейтэнанта, але прысутнічаў і я, радавы.

Што ж небяспечнага ўчыніў той лейтэнант?

Франтавікі помняць, колькі тых нямецкіх лістовак валялася на дарогах. Ну як апалае лісце з дрэў. А кожны чалавек па натуры сваёй цікаўны. Як бы ні забаранялася падымаць і чытаць варожыя лістоўкі, цікавасць усё ж перамагае. Бралі і чыталі, а прачытаўшы, хто рваў на кавалкі для цыгарак, хто падпальваў запалкай, а хто браў, каб з ёю прысесці пад куст. І я тых лістовак прачытаў нямала, нямала і скурыў.

Падняў і прачытаў варожую лістоўку і той камандзір сапёрнай роты, лейтэнант. Але прачытаў не сам для сябе, а ўголас перад сваімі байцамі. Рота была якраз на прывале, байцы сядзелі, перакусвалі. Месца, дзе размясцілася на прывал рота, і было засыпана лістоўкамі.

- Ну што там фрыцы пішуць? - сказаў лейтэнант, беручы каля сябе з зямлі лістоўку. - Зноў клічуць у палон здавацца? - І пачаў чытаць уголас са сваімі каментарыямі. Прачытае, пакруціць галавой, скажа: - Ну і дурні ж, якую лухту пішуць, паслухайце: «Чырвоная Армія разбіта, у Маскве паніка, начальства бяжыць за Ўрал...» А хто ж тады з вамі, фрыцы, ваюе? - І чытаў далей: - «Сталін дамовіўся з амерыканцамі, каб уцячы да іх на самалёце». - І каменціруе: - Ёлупні, Сталін у Крамлі знаходзіцца.

Вось у такім парадку і ішла галосная чытка лейтэнантам варожай лістоўкі. Лістоўку тую парвалі на цыгаркі, скурылі.

А лейтэнанта абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі - галосная чытка варожай лістоўкі перад байцамі сваёй роты.

Судзілі лейтэнанта ў лесе на паляне. Замест сталоў і лавак для суда былі пастаўлены снарадныя скрынкі. На такой жа скрынцы сядзеў і лейтэнант. Абвінавачвалі яго па артыкуле 58 - 10 частка другая - антысавецкая агітацыя ў час вайны. Падсудны без пятліц, рэменя, аброслы, як мне здалося, усё яшчэ не верыў, што яму ставяць у віну такое цяжкае злачынства, за якое пагражае расстрэл. Адказваючы суду на пытанні, ён спрабаваў кожны раз пераканаць суд, што чытаў ён лістоўку без ніякай шкоднай мэты, чытаў і лаяў фашыстаў, пра што ўся рота пацвердзіць, і што лістоўку тую ён адразу ж і парваў. Старшыня суда ваенюрыст першага рангу, нібы глухар, зусім не зважаў на лейтэнантавы апраўданні. Бог ты мой, што за суддзя той быў! За дваццаць гадоў сваёй пасляваеннай службы ў ваенных трыбуналах я пабачыў многа суддзяў, але такога малапісьменнага тупога ёлупня, як той ваенюрыст першага рангу, не сустракаў. Казалі, што ён і ў грамадзянскую быў старшынёй рэвалюцыйнага ваеннага трыбунала. Вось дзе ён судзіў дык судзіў! Адукацыя ў яго была ну не вышэй трохкласнай прыхадской школы. Ён не мог пісьменна звязаць у адзін сказ нават некалькі слоў. Гаварыў: тваё фамілее, што хаціш сказаць, прыгавор... Калі дапытвалі сведак, то адно яго цікавіла - чытаў лейтэнант уголас лістоўку перад байцамі ці не чытаў. Што пры гэтым лейтэнант гаварыў, старшыню суда не цікавіла. Сведку-сяржанта, калі той, абараняючы падсуднага, пачаў сцвярджаць, што лейтэнант, чытаючы лістоўку, выкрываў фашысцкую хлусню, а не агітаваў супраць радзімы, старшыня суда груба і злосна абарваў: «Ты тут не філасофнічай, хаціш суд у зман увесці?»

Прыгавор пісаўся не больш дзесяці хвілін і быў кароткі, як стрэл, - лейтэнанта расстраляць.

Не ведаю, як узгаднялі і зацвярджалі тады прыгаворы, але прывялі яго ў выкананне праз гадзіну. Ніколі не забуду твар і вочы смяротніка лейтэнанта. Далібог жа, ён да апошніх хвілін усё яшчэ сумняваўся ў рэальнасці таго, што з ім адбываецца, што гэта ўсё ўсур'ёз, а не разыгрываецца нейкі павучальна-выхаваўчы спектакль. Не верыў, калі пачуў прыгавор, не верыў, і калі падвялі да свежавыкапанай ямы. На судзе я блізка сядзеў да падсуднага і бачыў, як дрыжалі яго губы пасля пачутага ім прыгавору: «А як жа сыночак мой, як мама без мяне?»

Страшна было такое бачыць і слухаць. Тады ж я на ўсё жыццё ўпэўніўся, што такі паказальны суд, якому начальства надавала, канечне ж, вялікую прафілактычную ролю ва ўмацаванні дысцыпліны, наадварот, паслужыў прыкладам бесчалавечнай несправядлівасці. Усе прысутныя на судзе, можа, і тыя ж стукачы, што данеслі на лейтэнанта, шкадавалі яго, спачувалі яму, а трыбунальцаў і смяршыстаў ненавідзелі.

Да ямы лейтэнанта падвялі два сяржанты і старшы лейтэнант з асобага аддзела. Падвялі без шыняля, з завязанымі назад рукамі. Полк пастроілі вакол ямы ў карэ, каб усім быў бачны працэс расстрэлу. Выйшаў пракурор, ваенюрыст другога рангу, віскліва-напружаным голасам прачытаў прыгавор і даў дазвол для яго выканання. А сам хуценькай падбежкай паспяшаўся ў строй. Старшы лейтэнант - выканаўца прыгавору - нешта пачаў гаварыць сваім двум сяржантам і гаварыў, як мне здалося, доўга. Няўжо старшы лейтэнант адцягваў гэтыя непрыемныя секунды, у якія ён павінен праліць чужую кроў?

На паляне стаяла такая цішыня, што здавалася, я аглух - ну хоць бы хто кашлянуў, бразнуў чым-небудзь, ускрыкнуў, усе маўчалі. Асуджаны на смерць стаяў тварам на захад сонца, асветлены яго чырвоным святлом, нібы ўжо апырсканы сваёй крывёю. Вечар быў ціхі, з чыстым небам і празрыстым асеннім прымарожаным паветрам. Лес, які акружаў нас, таксама замёр, не варушылася ніводная галінка, і дрэвы глядзелі на паляну са страхам, таксама як і людзі. Старшы лейтэнант ступіў да смяротніка, узяў яго за локаць, падвёў бліжэй да ямы і загадаў стаць на калені. Той пакорліва стаў - упаў грузна, усім цяжарам цела. Чамусьці пачаў тузаць рукамі, відаць, спрабуючы іх вызваліць ад вяроўкі. Нешта ўскрыкнуў, ускрык той быў як енк, стогн, выціснуты ўсім нутром. І ў гэты момант ляснуў сухі стрэл, і асуджаны бокам паваліўся ў яму...

Пачуліся каманды, і роты пачалі разыходзіцца з паляны. У той жа дзень ротным палітрукам было загадана правесці гутаркі з байцамі наконт гэтага суда. Але, як я чуў, нідзе такія гутаркі не былі праведзены, у тым ліку і ў нашай роце.

Наш ротны расказаў, што ён на такіх паказальных расстрэлах прысутнічаў ужо двойчы. На папярэднім расстрэле дэзерціра - той адсутнічаў у часці больш за суткі і сам жа вярнуўся - куля зрыкашэціла і забіла не толькі асуджанага, але і байца, які стаяў у страі. Мой памкамўзвода пажадаў: «Няхай бы і цяпер куля зрыкашэціла ў старшыню трыбунала». Камандзір роты зрабіў выгляд, што не пачуў.

Вось так караліся ў першыя месяцы вайны тыя, хто чытаў варожыя лістоўкі. У сорак чацвёртым і тым больш у сорак пятым за гэта ўжо не расстрэльвалі, і я думаў, што і ўвогуле не судзілі.

Але памыляўся. Дробата нашага асудзілі і ў сорак пятым. За той ліст, які ён напісаў на адваротным чыстым баку нямецкай лістоўкі і паслаў дамоў. Па сваёй мужыцкай прастаце і абмежаванасці ён ніяк не мог падумаць, калі пісаў ліст на лістоўцы, што ўчыняе злачынства. Папера была добрая, на ёй Дробат і напісаў дарагой жонцы і дзеткам, што па-ранейшаму жывы і здаровы і што паслаў ім яшчэ адну пасылку. Друкаваны тэкст лістоўкі ён перакрэсліў, сунуў аркушык у капэрту і аддаў паштальёну. Дайшоў б ліст дамоў, яму б узрадаваліся, прачыталі і выкінулі б у качарэжнік на распал печкі.

Але ж была ваенная цэнзура, працавалі там дзяўчаты-цэнзары. І вось нейкая дзяўчына адкрыла капэрту, прачытала ліст і ўбачыла, на якой паперы ён напісаны, - на лістоўцы! Ну што б той пільнай дурніцы парваць ліст, і ўсё было б добра, ціха. Дык не, яна пабегла да начальніцы, а пільная начальніца здала яго ў асобы аддзел. Там расцанілі пасылку лістоўкі як метад антысавецкай агітацыі - маўляў, спецыяльна паслаў, каб яе чыталі нашы савецкія людзі ў тыле.

Дробат быў арыштаваны нашым палкавым смяршыстам, калі мы ваявалі ўжо ў Аўстрыі. Мяне і камандзіра роты следчы асобага аддзела дапытваў як сведак: што за Дробат, якая ў яго душа, што гаварыў супраць савецкай улады. Мы сказалі пра Дробата толькі добрае і спадзяваліся, што яго выпусцяць, бо вось-вось вайна павінна скончыцца.

Вайна скончылася, а Дробат да нас не вярнуўся. У сярэдзіне мая ў полк прыйшла копія прыгавору на Дробата, асуджанага на сем гадоў.

Паўздыхалі мы, пашкадавалі чалавека, а памагчы яму ўжо не змаглі. Адно зрабілі - усе рэчы, што ён збіраў, запакавалі ў пасылкі і паслалі сям'і.

Пасля перамогі на ўсход рушылі эшалоны з байцамі-пераможцамі, немцамі-ваеннапалоннымі і вызваленымі з палону нашымі ваеннаслужачымі. Да эшалонаў з палоннымі былі прычэплены і вагоны з асуджанымі. Сярод іх недзе ехаў на Калыму і наш Іван Дробат, трэці нумар мінамётнага разліку.

 

 

І ПЛАКАЎ ГЕНЕРАЛ...

 

Ёсць такое філасофскае сцвярджэнне: як можа з годнасцю пражытае жыццё напоўніць сэнсам і цаной смерць, так і сумленная ўзвышаная смерць можа апраўдаць увогуле пустое і не зусім прыстойнае жыццё.

Не ведаю, як адпавядае гэтаму сцвярджэнню жыццё генерала Рускага-Кавалеўскага, якім трэба лічыць яго доўгае, багатае на зломы жыццё і як ацаніць смерць. Паспрабую проста расказаць пра яго самога.

Даўно не магу сабе дараваць, што ў свой час не запісваў цікавыя гісторыі, прозвішчы людзей, не здымаў копіі з цікавых дакументаў, не захоўваў літаратуру, якой цяпер цаны не было б. Ці ж можна было спадзявацца, што некалі будзе магчымасць пра гэта расказаць, напісаць? Думалася, што маладая памяць утрымае ўсё ўбачанае, пачутае да канца жыцця. Яна і трымала ўсё ці амаль усё доўгі час, а потым неяк незаўважна страціла многае з таго, што раней помнілася. Сцерліся з памяці прозвішчы, даты, факты, і цяпер, стараючыся прыгадаць нешта для аповяду, хоць локаць кусай, па лбе сабе стукай, - не ўспамінаецца.

Расказаць пра лёс генерала Рускага-Кавалеўскага, якога ў сорак шостым годзе ў румынскім горадзе Канстанца асудзіў ваенны трыбунал Паўднёвай групы войск (былы Трэці Ўкраінскі фронт), мне хацелася даўно.

Жыў гэты генерал да арышту ў Югаславіі, куды эмігрыраваў з Расеі пасля грамадзянскай вайны. Паходзіў ён з дваран, усё жыццё аддаў вайсковай службе. У першую сусветную вайну храбра ваяваў, меў узнагароды, тройчы лячыўся ў шпіталі пасля ранення. На судзе гаварыў, што ў яго і цяпер баляць раны ад нямецкіх куль і асколкаў. Як і пераважная большасць афіцэраў, стаяў за вайну да пераможнага канца над кайзераўскай Германіяй і верыў у перамогу Расеі. Гэта ж сцвярджаў і на судзе. «Так, так, - гаварыў ён, - Расея выйшла б пераможцай, калі б бальшавікі не захапілі ўладу».

На гэтым судзе я прысутнічаў проста як глядач, а справу генерала я чытаў да суда. Асабліва мяне цікавілі так званыя рэчавыя доказы да справы - генералавы ўспаміны пра рэвалюцыю, вайну, артыкулы ў розных эмігранцкіх газетах. Тое, што я прачытаў у тых мемуарах і артыкулах, было для мяне адкрыццём. Рускі-Кавалеўскі аналізаваў факты і падзеі зусім не па «Краткому курсу истории ВКП(б)». Ну, напрыклад, Берасцейскі мір, заключаны бальшавікамі з Германіяй, ён лічыў ганебным для Расеі.

Народны засядацель, афіцэр з палітаддзела, сказаў генералу: «Ужо за гэту контррэвалюцыйную пісаніну і тое, што вы цяпер гаворыце тут, вас трэба строга асудзіць. Ды ніколі б Расея не перамагла Германію. Армія была небаяздольная».

Генерал адказаў цвёрда:

«Дык гэта ж зрабілі бальшавікі. Якая была ў іх тактыка? Рабіць усё для паражэння сваёй дзяржавы. Ну і дабіліся свайго - армію развалілі».

У сваіх мемуарах Рускі-Кавалеўскі, спасылаючыся на розныя нямецкія дакументы, мемуары нямецкіх генералаў і дзяржаўных дзеячаў, падводзіў вывад, што Германія ў семнаццатым годзе аслабла яшчэ больш, чым Расея, і кайзер Вільгельм гатоў быў весці перагаворы аб міры і капітуляцыі. Вайна скончылася б праз два-тры месяцы паражэннем Германіі. Але бальшавікі памаглі Германіі яшчэ цэлы год весці вайну. Берасцейскі мір даў ёй перадышку, умацаваў яе. З тэрыторый, якія па гэтаму міру адышлі да Германіі, пайшлі бясконцыя эшалоны з хлебам, жывёлай, вугалем, рудой, лесам. Германія, якую голад сціскаў за горла, ажыла, украінская пшаніца падкарміла яе. Як пісалі пасля генералы з германскага генштаба, Германія, каб не капітуляцыя Расеі, запрасіла б міру ў студзені васемнаццатага, а то і раней. А было б так, то не ўспыхнула б потым і другая сусветная вайна.

У тых рэчавых доказах віны Рускага-Кавалеўскага былі артыкулы і пра гвалт і тэрор, які праводзіўся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Рускі-Кавалеўскі быў сам сведкам таго тэрору, жыў у Петраградзе, Маскве, іншых гарадах Расеі. Ён называў імёны і лічбы ахвяр, іх - мільёны. Факты і лічбы ўражвалі. Асабліва ўзрушвалі факты масавых расстрэлаў заложнікаў. Пра заложнікаў нам на лекцыях па гісторыі, ды і ў тым жа «Кратком курсе», не было ні слова. Закон аб чырвоным тэроры, выдадзены ў пачатку верасня васемнаццатага года, быў страшны. Расстрэльвалі не за канкрэтную віну чалавека, а за тое, што належаў ён не да класа пралетарыяту, а, як тады казалі, да белых ручак.

Органы Чэка - карныя органы савецкай улады - атрымалі неабмежаваныя правы. Чэкістам дазвалялася браць і арыштоўваць заложнікамі каго хацелі. Яны самі вялі следства, судзілі і самі выконвалі свой прысуд. Скардзіцца на іх не было каму. Спісы некаторых ахвяр развешваліся на вуліцах. У Маскве Чэка выпускала газеты «Красный террор», «Вестник ВЧК» і бюлетэнь-штотыднёвік, у якіх друкаваліся спісы расстраляных. Гэтыя газеты і бюлетэнь прадаваліся на вуліцах разам з усімі газетамі.

Пазней, калі па службе я меў доступ да архіўных дакументаў, я бачыў цэлы стос гэтых чэкісцкіх штотыднёвікаў. Цяжка было гартаць тыя старонкі, здавалася, сцісні іх, і выльецца кроў невінаватых заложнікаў. Пра расстраляных нават не знаходзілі патрэбы напісаць прозвішча з імем і імем па бацьку, не кажучы ўжо, хто ён і якая яго віна. Вось, напрыклад, некалькі прозвішчаў расстраляных людзей, пералічаных у штотыднёвіку № 6 за кастрычнік васемнаццатага года:

«...Жылінскі, Енчароў, Іваноў, Карыцкі, Катамазаў, былы студэнт, афіцэр, Касаротаў, Камінскі, Крывіцкі, Керсіч, Кікін, Кілярскі, Курашвілі, Крыцкі Якаў Альбертавіч, падпалкоўнік; Лашчык, Людко, Лютаслаўскі І., Лютаслаўскі М., Львоў, Лапухін». І гэтак далей. Некалькі соцень забітых.

Усё гэта - «белыя ручкі», заложнікі. Хто яны, без імёнаў і адрасоў? Толькі пра двух напісалі, што яны афіцэры.

Гэта спісы расстраляных адной Маскоўскай Чэка і толькі ў адным нумары бюлетэня. У іншых гарадах штотыднёвікі не выходзілі. У Петраградзе, дзе лютавалі Зіноўеў і Ўрыцкі, па прыблізных падліках гісторыкаў былі падвергнуты чырвонаму тэрору - расстрэлу дзесяткі тысяч людзей. Толькі за аднаго Ўрыцкага, які мог бы плаваць у крыві, ім пралітай, было расстраляна больш пяцісот заложнікаў. Гэта афіцыйнае паведамленне, пра гэта пісалася ў газетах, а спісы былі развешаны па горадзе. А колькі не трапіла ў тыя спісы? Даследчыкі лічаць, што за забойства Ўрыцкага паплаціліся жыццём тысячы.

Рускі-Кавалеўскі, ацэньваючы падзеі таго часу, заключае: «Урыцкага забіў такі ж рэвалюцыянер, як і ён, Канегісер. У Леніна страляла рэвалюцыянерка, палітычная катаржанка эсэрка Каплан, Валадарскага забіў таксама былы рэвалюцыянер, эсэр. А страшны па сваіх маштабах тэрор абрушыўся на людзей невінаватых, далёкіх ад рэвалюцыйных падзей. Такая была дзяржаўная палітыка тых, хто прыйшоў да ўлады ў кастрычніку семнаццатага». У тым жа артыкуле Рускі-Кавалеўскі цытуе інструкцыю чэкістам, дадзеную адным з начальнікаў Усесаюзнай Чэка Лацісам, надрукаваную ў газеце «Красный террор» 1 лістапада 1918 года. Лаціс пісаў: «Мы не вядзём вайны супраць асобных людзей, мы знішчаем буржуазію як клас. Не шукайце на следстве матэрыялаў і доказаў таго, што абвінавачваемы дзейнічаў словамі ці справай супраць савецкай улады. Першае пытанне, якое вы павінны яму прапанаваць, да якога класа ён належыць, якога ён паходжання, выхавання, адукацыі ці прафесіі. Гэтыя пытанні і павінны вызначыць лёс абвінавачваемага. У гэтым сэнсе і сутнасць чырвонага тэрору».

У сорак шостым, калі я чытаў гэты дакумент, ён ад шырокай публікі хаваўся, быў засакрэчаны. Цяпер - вось жа, як мяняецца час, - артыкул Лаціса часта цытуецца.

Вялікім прыхільнікам масавага чырвонага тэрору быў і Ленін. У канцы чэрвеня васемнаццатага года ён тэлеграфуе ў Петраград Зіноўеву ў сувязі з забойствам эсэрам рэдактара «Красной газеты» В.Валадарскага: «Тав. Зіноўеў! Толькі сёння мы пачулі ў ЦК, што ў Піцеры рабочыя хацелі адказаць на забойства Валадарскага масавым тэрорам і што вы (не Вы асабіста, а піцерскія цэкісты ці пекісты) утрымалі. Пратэстую рашуча! Мы кампраметуем сябе: пагражаем нават у рэзалюцыях Саўдэпа масавым тэрорам, а калі да справы, тармозім рэвалюцыйную ініцыятыву мас, цалкам правільную. Гэта немагчыма! Тэрарысты будуць лічыць нас анучамі. Час архіваенны. Трэба заахвочваць энергію і масавіднасць тэрору супраць контррэвалюцыянераў і асабліва ў Піцеры, прыклад якога вырашае. Прывет. Ленін».

Заахвочваць масавіднасць тэрору? Не ўтрымліваць рабочых ад масавага тэрору? Што гэта, як не заклік да тэрору натоўпу.

А цяпер можна ўявіць, што адбывалася ў Піцеры пасля гэтай тэлеграмы.

Былі ў справе Рускага-Кавалеўскага яго артыкулы пра гвалтоўную калектывізацыю, раскулачванне, пра лагеры, расстрэлы трыццатых гадоў, пра ўсё тое, што мы цяпер рашуча асуджаем і лічым вялікім злачынствам Сталіна.

Абвінавачваўся Рускі-Кавалеўскі ў здрадзе радзіме.

Біяграфія яго такая. Пасля рэвалюцыі, калі была распушчана старая армія, Рускага-Кавалеўскага як ваеннага спецыяліста мабілізавалі ў Чырвоную Армію. Нейкі час служыў у Петраградзе, Маскве, потым ваяваў на франтах супраць белых, займаючы высокія штабныя пасады.

На Ўсходнім фронце яго штаб трапіў у палон да калчакоўцаў. Калі ўсім былым афіцэрам, у тым ліку і Рускаму-Кавалеўскаму, прапанавалі перайсці на службу ў белую армію, ён перайшоў. Сапраўдную прычыну гэтага пераходу следчыя «Смерша» і не стараліся выясніць, ім дастаткова было проста зафіксаваць гэты факт. Прычынай жа згоды на службу ў Калчака магла быць боязь расстрэлу, хітрасць, каб потым пры зручным моманце зноў вярнуцца да чырвоных.

У Калчака ён атрымаў таксама высокую штабную пасаду, генеральскае званне і ваяваў на баку белых да самага паражэння, а потым эмігрыраваў у Югаславію, дзе і жыў усе гады да арышту.

З генералам я меў гутарку яшчэ да суда. З трыбунала мяне паслалі ў палявую турму (яна была пры асобым аддзеле «Смерш») уручыць Рускаму-Кавалеўскаму абвінаваўчае заключэнне. Я туды і скіраваў. Яго з агульнай камеры завялі ў маленькі пакойчык, куды і я зайшоў. Генерал хударлявы, вышэй сярэдняга росту, з тыповым расейскім абліччам і добрай расейскай мовай. Мяне здзівіла, як мне здалося напачатку, яго ўнізлівасць перада мною, нібы ад мяне нешта залежала ў вырашэнні яго лёсу. Ён ускочыў, выцягнуўся ў струнку, шмякнуў па-ваеннаму чаравікам аб чаравік і гучна назваўся: «Генерал-маёр Рускі-Кавалеўскі». Ад пачутага «генерал» я таксама аўтаматычна стаў па стойцы смірна, казырнуў. Калі ачомаўся, хто я і хто перада мной, то сеў, прапанаваў сесці і генералу, даў яму копію абвінаваўчага заключэння. Яно было кароткае, як тады і пісалі падобныя дакументы. Тэкст яго прыблізна такі:

«Падсудны, будучы мабілізаваны ў Чырвоную Армію, добраахвотна здаўся ў палон контррэвалюцыйнаму войску Калчака, атрымаў пасаду начальніка штаба войск і ваяваў супраць Савецкай улады... Знаходзячыся потым у эміграцыі, выступаў з антысавецкімі паклёпніцкімі артыкуламі і мемуарамі...»

Ён прачытаў тое абвінаваўчае заключэнне і сказаў:

- Ну а пры чым тут мае мемуары і артыкулы? Я ж у іх не заклікаў звергнуць савецкую ўладу. Я ўспамінаў толькі тое, што адбывалася.

Нічога я яму не адказаў, паціснуў плячамі. Юрыстам я яшчэ не быў, а толькі падаў рапарт на вучобу ў Ваенна-юрыдычную акадэмію, і ў трыбунал мяне ўзялі з армейскага рэзерву працаваць часова.

- Ну а вы ж... нападалі, - нарэшце знайшоў я слова больш-менш мяккае, - на нашу армію, парадкі.

- А ці ж каму забаронена мець сваю думку на розныя падзеі і парадкі? - спытаў ён.

Яго, як чалавека ваеннага, цікавіла ў эміграцыі і наша армія. У сваіх артыкулах у эмігранцкіх выданнях ён прафесійна ацэньваў здольнасці вышэйшага камандавання Чырвонай Арміі. Вось дадзеныя ім у трыццаць восьмым характарыстыкі некаторых нашых вядомых военачальнікаў. Я выпісаў іх і доўга потым захоўваў запісы.

«Варашылаў - не палкаводзец, не ваенны мысліцель, не стратэг, чалавек увогуле абмежаваны. У будучай вайне не здольны камандаваць усімі ўзброенымі сіламі... Ды і вайсковым злучэннем не зможа ўпраўляць...»

«Будзённы - яшчэ менш здольны на нейкую значную ролю ў вайне... Шашкамі ў будучай вайне ваяваць не будуць... А ён лічыць і цяпер кавалерыю галоўнай баявой сілай у вайне сучаснай...»

Падобныя характарыстыкі ім дадзены і маршалам Цімашэнку, Блюхеру, Куліку.

Сапраўды, як у ваду глядзеў генерал Рускі-Кавалеўскі: у Айчынную вайну кожны з тых военачальнікаў цярпеў толькі ганебныя паражэнні, і ўсе яны былі адхілены ад камандавання ваеннымі аперацыямі. Толькі чамусьці пра лёс Блюхера генерал памыліўся - не давялося яму ўдзельнічаць на вайне, Сталін яго расстраляў.

У артыкулах пра Чырвоную Армію ў Рускага-Кавалеўскага адчувалася ўстрывожанасць за слабасць камандавання, устрывожанасць за лёс Расеі, бо над Эўропай згушчаліся хмары новай сусветнай вайны. Многія расейскія эмігранты тады разумелі, што Гітлер абавязкова нападзе на нашу краіну, і непакоіліся, ці зможа яна даць яму адпор.

Што ж, любоў да Расеі ў расейцаў засталася генетычная. Пра гэту любоў сведчыць той факт, што пераважная большасць расейскай эміграцыі, калі ў сорак першым пачалася вайна, жадалі сваёй Радзіме перамогі і рабілі многае, каб ёй памагчы. Шмат нашых суайчыннікаў-эмігрантаў змагаліся з фашыстамі ў партызанскіх атрадах, падполлі. Генерал Дзянікін звярнуўся з заклікам да расейскай эміграцыі не ісці на службу да фашыстаў, а памагаць Айчыне.

Патрыётам Расеі паказаў сябе і генерал Рускі-Кавалеўскі. Нянавісць да германскага мілітарызму ў яго засталася яшчэ з той вайны. Ён ведаў, што і ў тую вайну і ў гэту ў Германіі адна мэта - захоп расейскіх земляў. А Германія Гітлера ўвогуле мела задачу знішчыць Расею, расейскі народ, яго мову, культуру. Дык які ж расеец можа жадаць бяды Расеі?

Генерал Рускі-Кавалеўскі сам ужо не мог па стану здароўя ваяваць супраць фашыстаў са зброяй у руках. Ён паслаў у бой сваіх двух сыноў. Яны ваявалі ў арміі Ціта, сталі афіцэрамі, заслужылі ўзнагароды.

Сыны і іх бацька чакалі прыходу нашай арміі з радасцю.

І вось мы прыйшлі і не абняліся з суайчыннікамі, не падалі ім руку дружбы, не сталі дараваць узаемныя грахі, а пачалі вышукваць у кожнага эмігранта, што і калі той рабіў варожае супраць рэвалюцыі. У многіх знаходзілі, прыпаміналі ўсё, кожную дробязь, незалежна ад таго, як яны паводзілі сябе ў гэту вайну. І пайшлі этапы нашых суайчыннікаў-эмігрантаў у Сібір, на Калыму папаўняць і так перапоўненыя лагеры. Армейскія аддзелы «Смерш» правялі татальную работу ў гэтым напрамку.

Нам, салдатам і афіцэрам, было строга загадана не ўступаць ні ў якія кантакты з расейскімі эмігрантамі, ніякіх сустрэч з імі, нават размоў. І з якой пільнасцю сачылі за намі асабісты-смяршысты, каб не дай бог хто з нас зайшоў дамоў да расейца ці да сябе запрасіў, не кажучы ўжо, каб ажаніўся з якой расейкай.

А яны, расейцы, да нас гарнуліся, шукалі землякоў, распытвалі пра свае родныя мясціны, дзе некалі нарадзіліся і адкуль іх выгнаў чырвоны тэрор.

У сувязі з гэтым прывяду выпадак, які адбыўся ў Канстанцы.

Да рэвалюцыі карысталіся вялікім поспехам у Расеі два спевакі - Вярцінскі і Лешчанка. Абодва яны ў свой час пакінулі Радзіму. Вярцінскаму дазволілі вярнуцца ў Расею, а Пётр Лешчанка заставаўся жыць у Румыніі. У вайну яго, як падданага гэтай краіны, хацелі ўзяць у румынскую армію і адправіць на фронт. Каб ухіліцца ад мабілізацыі, ён сімуляваў хваробу, лёг у бальніцу, падкупіў лекараў, і яны зрабілі яму аперацыю, хоць яе і не трэба было рабіць.

І вось у сорак шостым годзе Пётр Лешчанка вырашыў даць канцэрт у Канстанцы, дзе тады было шмат нашых ваеннаслужачых і іх сем'яў. Былі расклеены афішы, і многія, канечне, збіраліся пабываць на канцэрце.

Ох якую дзейнасць праявілі нашы паліторганы і асабісты, каб не дапусціць наведванне гэтага канцэрта не толькі ваеннаслужачымі, а і іх жонкамі, дзецьмі. У штабах і часцях афіцэраў строга папярэдзілі не хадзіць на канцэрт эмігранта Лешчанкі, бо гэта можа мець кепскія вынікі для тых, хто не паслухаецца. Вакол канцэртнага дома ў той дзень былі расстаўлены пераадзетыя асабісты. Іх салдафонскія тупыя твары і постаці былі прыкметныя яшчэ здалёк, і задача кожнага ваеннаслужачага, хто хацеў трапіць на сустрэчу з Лешчанкам, - здолець падмануць філёраў.

Я тых філёраў падмануў. Пераадзеўшыся ў цывільнае, пайшоў смела, незалежна, як бы не звяртаючы ўвагі на асабістаў. Адзін філёр мяне западозрыў. «Куды ідзеш?» - спытаў ён. Перамешваючы польскія, беларускія і проста на хаду прыдуманыя словы, я сказаў яму, што я не радзецкі, а словак з Браціславы. «Пан ведае Браціславу?» - спытаў я ў яго. Філёр паверыў, адступіўся ад мяне.

На канцэрт усё ж сабралася народу поўна. Сярод гледачоў я пазнаў многа знаёмых, у тым ліку і двух афіцэраў з ваеннага трыбунала, канечне, пераадзетых.

Канцэрт мне вельмі спадабаўся, усхваляваў, уразіў. Спявак, што называецца, спяваў не толькі голасам, але і сэрцам, душой. У кожнай песні крычала туга па Радзіме, маладосці, жыла мара зноў апынуцца там. А калі спяваў «Жураўлі» з яе радкамі: «Там улыбки друзей, там меня понимают, там Россия моя, там родимый мой край», - то гэта быў не спеў, а плач, які разрываў сэрца.

Многія песні былі вядомыя - «Не уходи», «Ох эти черные глаза», «У самовара я и моя Маша» і іншыя. І, канечне ж, яго знакаміты «Чубчик».

 

Чубчик, чубчик, кучерявый чубчик,

Развевайся, чубчик, на ветру.

Раньше, чубчик, я тебя любила,

И теперь забыть я не могу.

 

У зале міжволі многія, і я ў тым ліку, падхапілі гэтую песню. Калі ж Лешчанка дайшоў да слоў: «Но я Сибири, Сибири не боюся, Сибирь ведь тоже русская земля», я, успомніўшы свае сібірскія чатыры гады лагерных пакут, сумна падумаў: «Эх, дарагі Пётр Лешчанка, ты проста не ведаеш, якая цяпер тая сібірская зямля - яна ўся калючым дротам аплецена».

На тым жа канцэрце разам з Лешчанкам выступала і цудоўная спявачка Ала Баянава, тады нам зусім не вядомая. Цяпер жа яна пачала прыязджаць да нас, яе паказваюць па тэлебачанні. На сваіх канцэртах Баянава заўсёды расказвае пра Лешчанку, успамінае, як ён шмат зрабіў у эміграцыі для аб'яднання расейскіх спевакоў, музыкантаў, балерын, акцёраў і многіх з іх проста выцягнуў з жабрацкага стану. Пасля вайны, як сведчыць Ала Баянава, Лешчанка працягнуў руку Радзіме, але ў адказ яна яму сваю не падала. Больш таго, нашы «органы» расправіліся з ім. Яны, праўда, не самі яго загубілі, зрабілі гэта рукамі румынскіх улад. У турме Лешчанка і памёр.

Вось так тады Радзіма, якой уладарыў тыран Сталін і яго апрычнікі, адносілася да сваіх суайчыннікаў.

Прашу чытача прабачыць за гэта адступленне.

Дык вось, я ўручыў абвінаваўчае заключэнне Рускаму-Кавалеўскаму, пагаварыў з ім, і можна было ісці, але хацелася яшчэ паслухаць яго, а яму не хацелася вяртацца ў сваю камеру, і ён рад быў суразмоўцу. Таму мы працягвалі сядзець і размаўляць.

Я яму сказаў тады, што не трапіў бы ён у палон да Калчака, а застаўся б служыць у Чырвонай Арміі, то мог бы даслужыцца да маршала. Генерал пакруціў галавой і сказаў з едкай іроніяй:

- Можа, і стаў бы маршалам, але ў трыццаць сёмым годзе мяне б не было. Падзяліў бы лёс тых сарака тысяч расстраляных ваеннаслужачых. - Ён развёў рукамі і ўскрыкнуў: - Скажыце, як гэта вы маглі дапусціць, што перад самай вайной загубілі столькі сваіх военачальнікаў?

Ён спытаў у мяне так рашуча, нібы я і быў тым, хто даў загад знішчыць увесь цвет нашай арміі.

Перад ім я, канечне, выглядаў даволі наіўным чалавекам, які і долі праўды пра рэвалюцыю, грамадзянскую вайну не ведае. Ды і адкуль можна было тады ведаць тую праўду?

Пры развітанні ён раптам спытаў у мяне:

- Скажыце, мяне расстраляюць?

- Што вы! - шчыра вырвалася ў мяне. Я ніяк не мог уявіць, што яго, такога старога, слабага чалавека могуць расстраляць.

- Сыноў шкада, унукаў, - уздыхнуў ён.

Вяртаўся я ў трыбунал з цяжарам на душы: а што калі і сапраўды яго расстраляюць? Бесчалавечна помсціць праз столькі гадоў за грамадзянскую вайну, тым больш што чалавек ужо іншы, віну скупіў сваімі сынамі. Я паверыў яму, што калі-небудзь усё ж новымі вачамі паглядзяць на ўрокі міжусобіцы расейскай, вайны, на самазнішчэнне нацыі, на яе высокую цану. Дзесяткі мільёнаў чалавечых жыццяў, самых працаздольных, неабходных грамадству, забрала рэвалюцыя і грамадзянская вайна. Ці адпавядала цана, якую заплаціў народ, заваёвам рэвалюцыі і таму, што мы маем цяпер?

Дні праз чатыры пасля маёй гаворкі з генералам яго судзілі. Суд быў кароткі, без сведак, без удзелу пракурора і адваката. Старшынстваваў палкоўнік юстыцыі Дорман, ацяжэлы, з хваравітым азызлым тварам немалады ўжо чалавек. Быў ён у судзе строгі і катэгарычны, дабіваўся ў падсуднага адказаў на свае пытанні толькі кароткіх - «так» ці «не», без нейкіх там апраўдальных тлумачэнняў, якія генерал стараўся даць. Дорман адчуваў сябе на судзе, я б сказаў, узвышана-ганарова: як жа, судзіць ажно калчакоўскага генерала, і яму, Дорману, выпаў ганаровы абавязак паставіць адну з апошніх кропак у грамадзянскай вайне. Які павінен быць прыгавор, ён ужо даўно ведае, можа, ужо і напісаў - прыгаворы часта і зараней пішуцца, каб потым доўга не сядзець у дарадчым пакоі. Няма сумнення, што Дорману і падказалі, якое трэба прыняць рашэнне, падказалі тыя, хто стварыў гэту справу.

У нейкай меры Дормана можна і апраўдаць. У сталінскі час суддзі пры вырашэнні так званых палітычных спраў былі самі бяспраўныя. Аўтаматы той сістэмы і ўлады, і якая тады магла быць незалежнасць суддзяў? Не было ніводнага выпадку, каб нейкі трыбунал некага апраўдаў па палітычнай справе (без цяжкіх вынікаў для сябе) або вызначыў меру пакарання па самай ніжэйшай санкцыі. Такога суддзю або выгналі б са службы, або самога пасадзілі. Таму і стараліся, як правіла, вызначаць меру пакарання большую. Існавала сярод суддзяў прымаўка: больш дасі падсуднаму, менш табе самому дастанецца.

Вось і палкоўнік Дорман быў гэткім паслухмяным выканаўцам, верным служкам дыктатарскай сістэмы. Правёўшы судовае следства не для таго, каб выясніць ісціну, а каб паўтарыць тое, што ставілася падсуднаму ў віну, Дорман заключыў:

- І так, вы здраднік рэвалюцыі, Радзімы, у эміграцыі праводзілі антысавецкую дзейнасць.

- Радзіме я ніколі не здраджваў, я заставаўся ёй верным і застаюся да канца жыцця.

У апошнім слове Рускі-Кавалеўскі папрасіў улічыць, што ў час гэтай вайны ён памагаў партызанам, яго два сыны ваявалі супраць фашызму.

Генерал спадзяваўся, канечне, што жыццё яму захаваюць. Але прыгавор быў катэгарычна суровы: расстрэл.

Я прысутнічаў пры апавяшчэнні прыгавору і назіраў за рэакцыяй генерала. Ён збялеў, усе мышцы на твары сцяліся. Нават не зварухнуліся, калі Дорман спытаў у яго, ці зразумелы яму прыгавор.

Суд выйшаў з адчуваннем добра выкананага абавязку, а генерал сеў і заплакаў.

Ах, як ён плакаў, горка і ціха, і плакаў не ад таго, што шкадаваў жыццё сваё і баяўся смерці, а ад крыўды. Ён, стары расейскі воін, прастрэлены і пасечаны асколкамі за Русь і за расейцаў, павінен быць забіты расейцамі ж.

- Дзеці мае, унукі мае! - часам вырывалася ў яго.

Як ён плакаў!

 

 

СЯБРОЎСКАЯ РАЗМОВА НА ЛЁТНЫМ ПОЛІ

 

Іх было чатыры салдаты з аэрадромнай абслугі. Палёты ў той дзень па нейкай прычыне не пачыналіся, але і не адмяняліся зусім, таму салдаты і сядзелі на ўскраі лётнага поля і трапалі языкамі. Нейкай пэўнай тэмы спачатку не было, гаварылі абы пра што. З усіх тых чатырох салдат я запомніў прозвішчы толькі двух - Тарабана і Ахметшына. Ахметшын і расказваў, што ў дзяцінстве ён марыў стаць лётчыкам, а цяпер, пабачыўшы, што такое авіяцыя, ніколі б ім не стаў.

- Але ж вунь колькі лётчыкаў праславілася, герояў колькі, - не згадзіліся з ім.

- А згарэла колькі, загінула?

- Калі ўжо быць лётчыкам, то такім знакамітым, як Чкалаў, Пакрышкін, Кажадуб, - сказаў салдат, якога я назаву Майсеевым, бо сапраўднае прозвішча яго цяпер не помню.

- Усе тройчы героямі быць не могуць, - запярэчыў Тарабан.

- А добра быць славутым, - заўсміхаўся Майсееў, нібы ён ужо і стаў ім. - Слава - штука карысная. Вось уявім, што я тройчы герой. Любая дзеўка на мяне кінулася б, абы я захацеў яе. Кватэру мне далі б шыкоўную і ў першую чаргу. У рэстарацыю зайшоў, а табе насустрач бягуць: што жадаеце, што падаць, якую суседку падсадзіць за стол? Нават і без грошай быў бы заўсёды «пад мухай». Любы палічыў бы за гонар паставіць мне сто грамаў.

Вось такая размова пра славу і пачалася Майсеевым.

- А я б, будучы Героем Савецкага Саюза, паступіў бы ў інстытут, і мяне б прынялі без экзаменаў, - сказаў Ахметшын.

З усіх чатырох самы гаваркі быў Майсееў. Ён заўсёды першы і пачынаў гаворку і ўцягваў у яе іншых. І на гэты раз ён загаварыў пра славу. У яго не было і, здавалася, не магло быць ніякай тайны, ён адразу стараўся ад яе пазбавіцца, нібы яна мучыла, скраблася на волю. Такія, як Майсееў, ёсць усюды. Але нават самыя балбатлівыя стараюцца хаваць - так кажуць у народзе - тры тайны: недахоп розуму, лішак грошай і камень за пазухай. А Майсееў, калі б валодаў усім гэтым, не здолеў бы схаваць.

- А ведаеце, - сказаў Ахметшын, - чым можна праславіцца?

- Чым?

- Зрабіць тое, што зрабіў мільянер Ротшыльд.

- Так разбагацець?

Ахметшын пакруціў галавой.

- Ротшыльд сабраў вялікую калекцыю розных блох, звыш шасцідзесяці тысяч. Разабраў іх, класіфікаваў і падарыў музею гісторыі прыроды. І стаў знакамітым сваімі блохамі.

- Ого, - зарагатаў Майсееў, - злавіць столькі блох. І як і дзе іх лавіць? У казарме няма, на аэрадроме няма таксама.

Вось так яны трапаліся, а калі надакучыла трапатня, падрамалі - часу вольнага хапала. Майсееў дастаў з кішэні нож-складанчык і пачаў убіваць яго ў зямлю лязом. Уваб'е - дастане, зноў уваб'е. А потым вярнуўся да размовы пра славу.

- У вайну героем і знакамітым стаць лёгка, а вось што можна зрабіць у мірны час, каб праславіцца на ўвесь свет? - спытаў Майсееў.

- Што? - сказаў Ахметшын. - Зарэж вунь Тарабана і праславішся.

Пасмяяліся.

- За Тарабана дадуць дзесяць гадоў, і ўся слава, - махнуў рукой Майсееў. - Вось каб забіць нейкага вялікага начальніка, тады б усе газеты пра гэта напісалі. Ну, напрыклад, Чэрчыля або Сталіна. Увесь свет бы крычаў - забіў салдат Майсееў!

Усе суразмоўцы зрабілі выгляд, што не пачулі сказанае пра Сталіна, і адразу ж моўчкі ўлегліся паспаць. Майсееў па прастаце сваёй не заўважыў гэтай раптоўнай маўклівасці і зменлівасці паводзін сяброў і працягваў размову:

- Сталіна, канечне, ніхто не заб'е, да яго нікога блізка не падпусцяць. А вось, кажуць, Чэрчыль па вуліцы ходзіць без аховы.

У той дзень палёты так і не адбыліся, і салдат з аэрадромнай абслугі адпусцілі ў казарму.

Майсееў адразу ж і забыў пра тую сваю гаворку пра славу, здавалася, забыліся і тыя трое прысутных, што чулі яе. Але праз некалькі дзён Майсеева арыштавалі. Значыць, нехта з іх данёс у асобы аддзел, што сказаў Майсееў пра Сталіна. Асабісты справу скончылі хутка. Майсееў не адпіраўся, ён лічыў сказанае проста пустой балбатнёй, нічога супраць Сталіна ён не мае, а забіць яго не было нават і ў думках.

Справа на Майсеева паступіла ў ваенны трыбунал. Майсееў абвінавачваўся ў правядзенні антысавецкай агітацыі, і пагражала яму пазбаўленне волі да дзесяці гадоў.

Я быў сакратаром у судзе. Судзілі яго закрытым пасяджэннем. Суд ішоў спакойна, ціха. Майсееў расказаў усё як было, ахвотна адказаў на ўсе пытанні, і я не заўважыў у ім ніякай трывогі ці страху за сябе. Вясковы хлопец, старэйшы сын у вялікай сям'і, - у маці-ўдавы яшчэ чацвёра дзяцей, - з даверлівымі вачамі, ён зусім не думаў, што за тыя сказаныя словы пра Сталіна яго строга пакараюць. Ну, можа, месяцаў шэсць дадуць, не больш. У арміі ён служыў першы год, твар яго яшчэ не ведаў брытвы - на ім, як у падлетка, залаціўся пушок.

Сведкі для дачы паказанняў заходзілі ў зал з паслухмянай салдацкай гатоўнасцю зрабіць усё, што ад іх патрабуюць. Ніхто з іх ні разу не зірнуў на падсуднага, не адклікнуўся на яго позірк. А Майсееў не зводзіў з кожнага вачэй, чакаў з прыгатаванай усмешкай на вуснах прывітання, а сябры не віталіся.

Я стараўся ўгадаць, хто ж з тых трох сведак прадаў Майсеева, пабег з даносам у асобы аддзел, накляпаў на таварыша. Так і не ўгадаў, бо ўсе паводзілі сябе аднолькава, ніхто не выдаў сябе хоць якой дробяззю.

Майсеева было шкада, а яго спакой, поўная даверлівасць суду яшчэ больш выклікалі спагаду і сімпатыю. Спачувалі яму і суддзі, і пракурор, і асабліва жанчына-адвакат.

У перапынку судовага пасяджэння маёр, які старшынстваваў у судзе, сказаў:

- І трэба ж было яму, дурню, Сталіна ўпамянуць. Ну гаварыў бы пра Чэрчыля, Трумэна, японскага імператара. Дык не, Сталіна ўспомніў.

Па так званых палітычных справах у той час у суддзяў не было выбару ні пры вызначэнні меры пакарання, ні ў кваліфікацыі дзеянняў падсуднага. Па любых іншых справах, нават аб забойствах, суды мелі большую свабоду - маглі апраўдаць падсуднага, вызваліць з-пад варты адразу ж у зале суда. А па палітычным абвінавачванні нават пры апраўдальным прыгаворы, якіх, дарэчы, амаль не было, суды такога права - вызваляць з-пад варты - не мелі. Апраўданага вялі назад у турму, дзе лёс яго вырашалі тыя ж следчыя бяспекі.

У той час за такое злачынства, напрыклад, як забойства, закон прадугледжваў да дзесяці гадоў, гэтак жа як і за антысавецкую агітацыю - за нейкі расказаны анекдот, частушку прапетую. Калі ў выбары меры пакарання за любое крымінальнае злачынства суддзі маглі прымяніць і ніжэйшую санкцыю адпаведнага артыкула кодэкса, то за палітычныя злачынствы, тую ж самую антысавецкую агітацыю, такой магчымасці суддзі не мелі. Паспрабаваў бы які суддзя апраўдаць падсуднага па палітычных справах ці вызначыў бы пакаранне па ніжэйшай санкцыі, на другі дзень яго ўжо на пасадзе суддзі не было б. У тыя часы апраўдальны прыгавор па палітычных справах на некага мог стаць абвінаваўчымна самога суддзю.

Прыгавор Майсееву быў вынесены строгі - звычайны прыгавор тых часоў - восем гадоў лагераў.

Майсееў не паверыў пачутаму, спытаў:

- Колькі, восем месяцаў?

- Восем гадоў.

Майсееў збялеў, апусціўся на лаву і сядзеў, заплюшчыўшы вочы.

Пасля суда я спытаў у маёра, хто, на яго думку, з тых трох сведак-салдат мог данесці на Майсеева.

- Усе тры маглі, - адказаў маёр. - Кожны баяўся, каб самога не пасадзілі за неданясенне. А за прыгавор я баюся - могуць адмяніць за мяккасцю.

- Нічога сабе - мяккасць, восем гадоў, - здзівіўся я.

- І могуць не згадзіцца з кваліфікацыяй злачынства. І прыгавор адменяць.

Так і выйшла. Праз які тыдзень з трыбунала акругі пазванілі і сказалі, што пракуратура палічыла прыгавор памылковым і прынесла на яго пратэст. Не згодны і з мерай пакарання - мяккая, і з кваліфікацыяй - тое, што сказаў Майсееў пра Сталіна, ёсць не антысавецкая агітацыя, а падбухторванне, заклік да тэрарыстычнага акта супраць правадыра.

Пратэст пракурора быў задаволены. Прыгавор адмянілі, справу перадалі на дарасследаванне і на новы суд. Ваенны трыбунал ужо ў іншым складзе асудзіў Майсеева як тэрарыста на дваццаць пяць гадоў.

Вось і набыў сабе славу, бедалага.

Было гэта на пачатку пяцьдзесят першага года, нямнога заставалася тырану да смерці. Ці выжыў Майсееў у тых сталінскіх лагерах - яго на Калыму адправілі, - не ведаю. А калі Бог мілаваў яго і Майсееў выжыў, то вярнуўся ён дамоў недзе ў пяцьдзесят пятым. Шкада, што пацярпеў за тырана дарэмна. Няхай бы на самай справе забіў яго. Вось тады і праславіўся б. А забіць Сталіна, на жаль, героя не знайшлося.

 

 

ГЕНЕРАЛІСІМУС

 

Аднойчы я быў запрошаны на адну сямейную ўрачыстасць. Гасцей сабралася чалавек пятнаццаць, пераважна саслужыўцы гаспадара. Быў і яго сусед па лесвічнай пляцоўцы.

Вячэра ішла па заведзеным парадку. Тосты за гаспадара-юбіляра - яму споўнілася пяцьдзесят гадоў, - за яго жонку, дзяцей перамешваліся анекдотамі, размовамі аб рабоце, танцамі басанож, каб не пашкодзіць дываны на падлозе. Адным словам, было п'яна-весела, для чаго і сабралі гасцей.

Я сядзеў побач з суседам гаспадара, якога звалі Аляксеем Максімавічам.

- Мяне запомніць лёгка, - сказаў ён пры знаёмстве, - я цёзка вялікага пралетарскага пісьменніка Горкага.

Яму было за семдзесят - сам пра гэта некалькі разоў напамінаў, падкрэсліваючы, што, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ён здаровы і на выгляд маладжавы. Ён і сапраўды выглядаў маладзей за свае гады. Валасы яго густа кучоміліся і зусім мала пасівелі. Гладкія, пульхненькія шчочкі па-дзіцячы ружавелі. Вочы, глыбока захаваныя пад густымі брывамі, надавалі яму выраз строгасці і недаступнасці, хоць ён і стараўся быць у застоллі гэткім вясёлым кампанейскім чалавекам. Бачылася ў ім упартая зададзенасць падабацца, быць у цэнтры ўвагі ўсіх застольнікаў. І вось гэтая зададзенасць, імкненне вылучыцца і падпарадкаваць увагу ўсіх у мяне выклікала да яго непрыязнасць і недавер. Несціханая бясконцая балбатня нават прыемнага табе чалавека выклікае раздражненне, а тым больш нясцерпна слухаць балбатню чалавека, табе непрыемнага. Самазвана, без згоды і выбару ўсіх застольнікаў, Аляксей Максімавіч стаў тамадой, узяўшы на сябе функцыі распарадчыка застолля. Перад тым як штосьці сказаць, Аляксей Максімавіч уставаў, гучна ляпаў у далоні, усе сціхалі, і ён тады нешта гаварыў - анекдот, тост або якое-небудзь павучанне, натацыю. Прапанаваў і гасцям нешта смешнае расказаць, паказваў на некага пальцам, гаварыў: «Давай, пасмяшы нас, раскажы нешта вясёленькае». Госць уставаў і, калі ўмеў, смяшыў. Нацэліў ён пальцам і на мяне.

- Чарга ваша, сусед. Анекдот ці хохмачку на-гара.

Я аднекваўся, гаварыў, што анекдотаў не ведаю, а смешных гісторый са мною не адбывалася. Аднак ён не адступіўся і ў рэшце рэшт прымусіў мяне прачытаць адну эпіграму вядомага паэта на другога, такога ж вядомага.

Я ды і ўсе, відаць, госці зразумелі, што Аляксей Максімавіч - чалавек упарты, з моцным характарам і не пераносіць пярэчанняў. Гэта пацвярджалі і яго ўладарныя жэсты, бесцырымоннасць, з якой ён камандаваў застоллем.

Антыпатыя да чалавека можа ўзнікнуць адразу ж пры першым знаёмстве. Інстынкт ці нейкае падсвядомае пачуццё дае табе сігнал - будзь асцярожны з гэтым чалавекам, ён кепскі, небяспечны, над яго галавой чорны німб, што азначае чорныя думкі, чорную душу. Кажуць, ды і я чытаў пра гэта, што ёсць празорцы, якія бачаць гэтыя німбы над галавой чалавека: німб светлы - чалавек добры, німб чорны - чалавек дрэнны. Трэба сказаць, што я рэдка памыляўся ў людзях, інстынкт мяне не падводзіў. Таму я і незалюбіў гэтага цёзку вялікага пралетарскага пісьменніка, мне здавалася, што я бачу над галавой яго той самы чорны німб.

У адным з перапынкаў, калі курачы выйшлі падыміць на лесвічную пляцоўку, выйшаў туды і я, хоць і не курыў. Выйшаў пазней за ўсіх і пачуў гучны голас Аляксея Максімавіча. Ён спрачаўся з маладым чалавекам - рэдактарам заводскай шматтыражкі. Чым больш упарта яны даказвалі адзін аднаму сваю правату, тым больш абвастралася непрымірымасць пазіцый спрачальнікаў. Вядома, што калі людзі спрачаюцца і імкнуцца да ісціны, спрэчка гэта немінуча спыняецца, бо ісціна бывае адна. Калі ж спрачальнікі імкнуцца не да ісціны, а да перамогі, то спрэчка разгараецца, і ніводзін не можа выйсці пераможцам.

- А вы лічыце, што ў нас цяпер парадак? Дысцыпліна? - гаварыў Аляксей Максімавіч. - Развал, ніхто нікога не баіцца.

- А навошта баяцца? Хопіць, гадоў пяцьдзесят баяліся, дрыжалі. Баяліся лагераў, расстрэлаў.

- Гэта не ўлада, калі яе не баяцца. Без моцнай рукі, якая б вось так трымала, - Аляксей Максімавіч сціснуў кулак і патрос ім, - не будзе ніякага парадку.

- Цікава: якую ж вы хочаце мець моцную руку? - зласліва спытаў рэдактар. - Можа, руку генералісімуса?

- Вось ён бы і навёў парадак.

Плакальшчыкаў па «бацьку ўсіх народаў» сустракаецца нямала. Але многія, заступаючыся за генералісімуса, усё ж прызнавалі і яго злачынствы. Гэты ж Аляксей Максімавіч не прызнаваў за ім нават і памылак.

- Былі арышты? Былі. Былі расстрэлы? І яны былі, - даказваў, трасучы кулаком, Аляксей Максімавіч. - Значыць, трэба было для справы сацыялізму. І сацыялізм мы збудавалі. Таму і ў вайне перамаглі.

У спрэчкі ўлезлі і іншыя, сталі, канечне, на бок рэдактара, успыхнулі такія страсці, што было невядома, чым яны скончацца. Пагасіла іх гаспадыня, яна стала ўсіх заганяць за стол, выступіла з тостам, расказала нешта вясёлае і як бы ўсіх прымірыла.

Я на гэты раз сеў не на сваё месца, побач з Аляксеем Максімавічам, а насупраць. Яшчэ ў пачатку застолля пры першым знаёмстве ён кагосьці мне напомніў. І цяпер, разглядаючы яго, я стараўся прыгадаць, хто ж ён, калі з ім сустракаўся. У памяці прамчаўся, пракруціўся цэлы калейдаскоп з'яў, падзей, людзей, і я нарэшце ўспомніў, хто ён, і яго прозвішча - Калібераў.

Было гэта ў адным расейскім абласным горадзе, дзе я служыў у ваенным трыбунале. Час - самы пачатак пяцьдзесят трэцяга года. У трыбунал тады паступіла справа на капітана Сямёнава па абвінавачванню ў правядзенні ім антысавецкай агітацыі. Справа, падобная на дзесяткі тысяч спраў таго часу: Сямёнаў праводзіў антысавецкія размовы, дыскрэдытаваў і абражаў кіраўнікоў нашай партыі і ўрада.

Старшыня трыбунала палкоўнік юстыцыі Фамянкоў даручыў гэту справу разгледзець мне, маладому суддзю. Праўда, я ўжо дагэтуль разгледзеў з дзесятак спраў, але справа Сямёнава - першая аб так званым дзяржаўным злачынстве. Раней такія справы разглядаў сам старшыня трыбунала.

І вось пачаўся судовы працэс.

Падсудны Сямёнаў - удзельнік вайны, баявы афіцэр, меў два раненні, узнагароджаны трыма ордэнамі і медалямі, - узнагароды былі ў яго адабраны і далучаны да справы.

Сведак двое: сусед Сямёнава маёр Калібераў і жанчына-паштальёнка.

Пачаўся судовы разбор.

Сямёнаў вінаватым сябе ў антысавецкай агітацыі не прызнаў, сказаў, што ён ніколі не меў і не мае варожых намераў супраць савецкай улады, ваяваў за яе тры гады на фронце.

Допыт сведак пачалі з Каліберава.

У пакой зайшоў маёр, упэўнена, смела, строгі, з выразам на твары значнасці сваёй асобы і радаснай гатоўнасці памагчы суду. Ляснуў абцасамі хромавых бліскучых ботаў, застыў. Служыў ён намеснікам начальніка ваеннай базы, забыў ужо якой, і быў там адначасова сакратаром партарганізацыі. На кіцелі пунсавелі два ордэны Чырвонай Зоркі.

Сутнасць віны Сямёнава, паводле паказання Каліберава, заключалася ў наступным. Я прывяду расказ яго ў судзе. Вось ён.

- Мы жылі з капітанам Сямёнавым у адной кватэры, займалі кожны з сям'ёй па два пакоі. Я, калі ён усяліўся туды, адразу заўважыў, што паводзіны Сямёнава і яго размовы былі не нашы. У іх праступалі элементы варожасці. Так, у гутарцы са сваёй жонкай на кухні Сямёнаў сцвярджаў, што калгаснікі, нібы прыгонныя, не маюць права нікуды выехаць, ім і пашпарты не выдаюць. А гэта, як бачыце, варожы паклёп на наш лад.

Далей, я ні разу не чуў, каб ён пахваліў таварыша Сталіна ці іншых нашых кіраўнікоў. Пра легендарнага нашага героя таварыша Варашылава Сямёнаў сказаў, што маршал мог бы самае большае камандаваць палком пры разумным камандзіры дывізіі.

У кватэры Сямёнава няма ніводнага партрэта нашых кіраўнікоў.

Сапраўдны савецкі чалавек- грамадзянін актыўны, а Сямёнаў, як я заўважыў, такой актыўнасці не меў і не паказваў. Вось вам прыклад. У час апошніх выбараў я прагаласаваў у шэсць трыццаць. А Сямёнаў адправіўся на ўчастак толькі пасля абеду. Калі я зрабіў яму заўвагу на гэта, ён адказаў з ухмылкай: «А каго выбіраць, там жа ўсяго адзін кандыдат?» Такім чынам, Сямёнаў паклёпнічаў на нашы выбары.

Або вось яшчэ яго разгаворчыкі, - працягваў гаварыць Калібераў. - Жонка яго нарэзала яму хлеба, а ён ёй: «Многа даеш. Чым менш мы з'ядзім хлеба, тым больш на працадні калгаснікам застанецца».

Далей, Сямёнаў злосна і нахабна абразіў нашага правадыра таварыша Сталіна. За геніяльныя палкаводскія заслугі яму народ прысвоіў званне генералісімуса. А Сямёнаў на здзек і насмешку з таварыша Сталіна назваў свайго ката, прабачце, таварышы суддзі, Генералісімусам. Я зрабіў Сямёнаву адразу ж катэгарычную заўвагу, але ён знарок пры мне пачаў часцей клікаць ката гэтым словам.

Вось такія паказанні на свайго суседа даў у судзе Калібераў. Яны і былі асновай абвінавачання Сямёнава.

Сведка жанчына-паштальёнка толькі дапоўніла паказанні Каліберава: пацвердзіла, што калі прыносіла Калібераву грашовы перавод, то чула, як Сямёнаў гаварыў свайму кату: «Эй ты, вусаты Генералісімус, ідзі пахлябчы малака».

Цяпер усе разумныя і смелыя пры ацэнцы падзей таго часу. Для мяне ж, скажу шчыра, і тады Сталін быў ліхадзеем, тыранам, прычынай усіх нашых няшчасцяў. Адпакутаваўшы ў лагеры чатыры гады, пазнаўшы на сабе, што такое шчаслівае дзяцінства - ледзь з голаду не апух у трыццатым, я ненавідзеў яго і марыў усё ж дачакацца смерці тырана. Таму слухаць ідыёцка-прымітыўныя паказанні Каліберава было непрыемна да агіды. Гэта ж ён і данёс на Сямёнава ў асобы аддзел.

Факты, прыведзеныя Каліберавым, Сямёнаў пацвердзіў, але даў ім зусім іншае тлумачэнне. Так, свайго ката ён сапраўды назваў Генералісімусам, толькі ж меў на ўвазе не Сталіна, а Чан Кайшы. «У майго ката ж вусы белыя, як у Чан Кайшы, а не чорныя, як у генсека», - сказаў Сямёнаў.

Судовае следства падышло да канца, і пара было пераходзіць да судовых спрэчак. Але я цягнуў са следствам, усё яшчэ што-небудзь распытваў то ў падсуднага, то ў Каліберава. Мне, як і пракурору з адвакатам, Калібераў быў непрыемны, ніхто з нас і не хаваў да яго непрыязнасці. Сваімі пытаннямі я, канечне, асцярожна стараўся ўкалоць яго самалюбства, падкрэсліць яго подласць, паказаць, што данос на суседа ёсць не доблесць, не праява патрыятызму, а нізкі ўчынак. Калібераў, вядома ж, зразумеў гэтыя намёкі, твар яго запунсавеў, не ад сораму, канечне, а ад пратэсту і абурэння за такія да яго адносіны.

- Вы што, мяне асуджаеце? - не ўтрымаўся ён. - Я зрабіў тое, што павінен зрабіць кожны савецкі чалавек. Я - камуніст.

І я заўважыў, што ў яго пачалі дрыжаць пальцы на правай руцэ, а потым і сама рука.

Я спытаў, які ў яго стан здароўя, ці быў паранены, кантужаны.

- Я меў кантузію, - адказаў ён.

- На вайне?

Ён павагаўся і сказаў:

- Пасля вайны.

І расказаў, як гэта было. Пасля заканчэння вайны Каліберава прызначылі начальнікам эшалона нашых воінаў, вызваленых з нямецкіх лагераў. Іх везлі з Аўстрыі некуды ў Сібір таксама ў лагер, але ўжо ў наш, так званы фільтрацыйны. Калі прыбылі на нашу тэрыторыю, Калібераў, баючыся, што ваеннапалонныя могуць разбегчыся, загадаў пазамыкаць вагоны і нікога не выпускаць. Ваеннапалонныя запратэставалі. Не сталі даваць замыкаць сябе на замок. Характар у Каліберава цвёрды, ён не адступіўся, загадаў некалькі самых актыўных ваеннапалонных, у тым ліку і маёра лётчыка, збітага ў баі за дзесяць дзён да канца вайны, пасадзіць у карцэр, каб не падбухторвалі іншых. Можа б, і прыціхлі ваеннапалонныя, каб Калібераў не назваў іх здраднікамі і баязліўцамі. Той лётчык-маёр у прыпадку нянавісці скокнуў з дзвярэй вагона на Каліберава і кінуў яго на рэйкі. Калібераў ударыўся галавой аб бетонную шпалу і атрымаў цяжкае сатрасенне мозга.

- Са мной гэтыя здраднікі, - заключыў свой расказ Калібераў, - учынілі тэрарыстычны акт.

Не вытрымаў пракурор, які ў сорак першым трапіў сам у палон, уцёк з яго і ваяваў у партызанах.

- Чаму вы называеце ваеннапалонных здраднікамі? - спытаў ён.

- А так іх таварыш Сталін называў.

- Ну а цяпер які ў вас стан здароўя? - працягваў я допыт. - Бываюць непрытомнасці, галюцынацыі?

- Рэдка, але бываюць.

Чым я больш распытваў пра яго стан здароўя, тым ён больш скардзіўся на яго і прызнаваўся, што бываюць і галюцынацыі.

Я і ўхапіўся за гэта. Я рызыкнуў тады па сваёй нявопытнасці здорава: я вынес вызначэнне аб правядзенні судова-псіхіятрычнай экспертызы галоўнага сведкі Каліберава, адзначыўшы ў тым вызначэнні, што суд не можа пакласці ў аснову прыгавору паказанні сведкі, псіхічны стан якога выклікае сумненні.

Для мяне наступілі трывожныя дні, я баяўся, што вышэйшы суд адменіць маё вызначэнне і я атрымаю добры наганяй, а то і спагнанне.

Пратэсту, аднак, ні з вышэйшага суда, ні з пракуратуры не было, а Каліберава паслалі на псіхіятрычную экспертызу ў ваенны шпіталь, дзе ён праляжаў, а заадно і палячыўся ад іншых хвароб каля двух месяцаў.

Я, канечне, ведаў, што эксперты прызнаюць яго здаровым, вменяемым - па- расейску кажучы, і Сямёнава ўсё адно засудзяць. Але ж, як гавораць, памры ты сёння, а я заўтра.

За гэты час многае змянілася. Памёр генералісімус. Хоць яшчэ і не аб'явілі пра яго крывавыя злачынствы, але людзі пасмялелі, думкі іх, паводзіны змяніліся. Каліберава сапраўды прызналі здаровым, а справу Сямёнава круцілі, вярцелі і, у рэшце рэшт, спынілі самі асабісты. Сямёнава вызвалілі, і ён адразу ж папрасіў начальніка гарнізона рассяліць яго і Каліберава ў розныя дамы.

...Вось што мне ўспомнілася ў гасцях, вось хто быў той самы цёзка пралетарскага пісьменніка.

- Калібераў, - сказаў я, калі той падняў чарговы тост, - раскажыце вясёлую гісторыю пра ката, якога ваш сусед назваў Генералісімусам. Няхай пасмяюцца.

Ён крута павярнуўся да мяне, нейкі час углядваўся, але па выразу твару яго я зразумеў, што мяне ён не пазнаў і не ўспомніў, хто я, дзе сустракаліся.

Застольнікі зацікавіліся гэтым катом Генералісімусам, пачалі прасіць расказаць пра яго і мяне, і Каліберава. Я вылез з-за стала, развітаўся з усімі паклонам і выйшаў.

- Няхай ён раскажа, - сказаў я з парога. - Даносы, відаць, ён і цяпер робіць.

 

 

СПАДАРОЖНІК

 

У канцы шасцідзесятых я ехаў у цягніку з Масквы да Мурманска на месца сваёй службы. Дарога - дальняя, сумная, за вокнамі вагона шэры асенні дождж суправаджаў нас, пасажыраў, увесь час.

У купэ да самага канца ехаў яшчэ адзін мужчына. Астатнія пасажыры мяняліся. Мужчына быў старэйшы за мяне гадоў на шэсць, дужы, мажны, гаваркі, адрэкамендаваўся ён Пятром Максімавічам, інжынерам-тэхнолагам на рыбным камбінаце. Ён і аблегчыў сваімі размовамі сум і нудзь нашай дарогі. Ён умеў расказваць. А гэта рэдкі дар, талент. Для адных, напрыклад, засол сялёдкі - цікавейшая тэма, слухаеш пра гэты засол і не наслухаешся. Другі ж чалавек, які, скажам, перажыў атамную бамбардзіроўку ці ўратаваўся на моры пасля караблекрушэння, зусім не зможа зацікавіць слухача сваім расказам. Усё залежыць ад таго, як чалавек валодае словам. Пётр Максімавіч адносіўся да першых.

- Вось вы - юрыст, падпалкоўнік юстыцыі, - гаварыў ён мне, - судзіце людзей. Цяпер, вядома, такі час, што ў вас ёсць магчымасць і свабода, ну, можа, не поўная, але ж ёсць, судзіць сумленна і справядліва. Скажыце праўду, каго вы бачыче перш за ўсё ў надсудным - злачынцу ці ахвяру лёсу? Ці ўзнікае ў вас да яго жаласць, спагада? Законы псіхікі такія, што чалавек на сваёй працы прывык да яе так, што не заўважае яе незвычайнасці, асаблівасці. Ну, напрыклад, прафесійны кат. Для яго забойства - прывядзенне ў выкананне прысуду - звычайная праца. У яго, ката, жаласці да людзей, якіх ён павінен забіць, няма, яна атрафіравалася на яго рабоце. Звычайны чалавек не можа не толькі забіць чалавека, жывёлу, а і прысутнічаць пры гэтым забойстве. Ну а забойнік на бойні, што забівае жывыя стварэнні? Вось я на радзіме сваёй, адкуль еду, бачыў такую карціну. Зайшоў да родзіча на невялікую раённую бойню. І што ж мяне там здзівіла? Сядзіць маладая дзяўчына на забойным канвееры, леташняя выпускніца дзесяцігодкі, і малатком забівае бараноў. Падвядуць да яе бляяку няшчаснага, яна малатком яго паміж рожак - гах! Забівае і з суседам перагаворваецца, рагоча. Я спытаў у яе, чаму выбрала такую сабе работу. Сказала, бо не было іншай. А на пытанне, ці не шкада ёй гэтых баранчыкаў, прызналася, што было шкада напачатку, а пасля прывыкла, звычайная работа, за якую плоцяць... Скажыце, таварыш падпалкоўнік, - звярнуўся ён да мяне, - а вам першыя асуджаныя не сніліся?

- Сніліся, хваляваўся за іх, - прызнаўся я. - Першых асуджаных і цяпер помню.

- Цяпер жа прывыклі да свайго занятку? Усё ж такі ў турму саджаеце, волю адбіраеце. Звыкліся?

Я паціснуў плячыма. Як яму адказаць? Прафесія юрыста незвычайная, адказная і жорсткая - караць вінаватых. Але ці можна звыкнуцца, страціць адчуванне спагады, жаласці да таго, каго павінен пакараць, можа, нават і смерцю? Ці можна быць абыякавым да лёсу чалавека, які трапіў пад тваю ўладу? Я адказаў, як звычайна адказваюць на такія пытанні, што стараюся судзіць справядліва, кіруючыся толькі законам і сваім сумленнем.

- А ўсё ж ад чаго залежыць: адзін суддзя, пракурор строгі, другі мяккі. Ад яго характару, выхавання, адукацыі?

- Ад усяго гэтага і залежыць. І яшчэ ад сумленнасці. Не дай бог, каб у людзей гэтай прафесіі былі кар'ерысцкія, кан'юнктурныя схільнасці. На жаль, ёсць сярод нас і кар'ерысты, і проста абмежаваныя людзі. Ім бы за станком стаяць, на заводскім канвееры, а яны крэсла суддзі, пракурора займаюць... Калі суддзя застаецца ў дарадчым пакоі, усё павінна быць адкінута, акрамя імкнення вызначыць па справе ісціну - вінаваты падсудны ці не вінаваты і якую кару ён павінен атрымаць.

- Усё гэта правільна, - сказаў неяк засмучана Пётр Максімавіч і цяжка ўздыхнуў. - Вось такое б правасуддзе ды ва ўсе гады. І ў трыццатыя.

Я ўважліва паглядзеў на яго і зразумеў, што ён - ахвяра тых трыццатых гадоў, і спытаў пра гэта. Ён прызнаўся і ўжо бліжэй да Мурманска, калі ў купэ засталіся ўдвух, ён і расказаў мне пра сябе вось такую драматычную гісторыю.

У трыццаць шостым яго, райкомаўскага камсамольскага работніка, адкамандзіравалі служыць у народны камісарыят унутраных спраў. Нейкі час ён там вучыўся на курсах, пасля чаго быў прызначаны следчым. Малады, выхаваны ў непрымірымай нянавісці да ворагаў савецкай улады, гатовы за яе аддаць жыццё па першаму клічу, ён узяўся за службу з радасцю, верачы, што ўсе, хто сядзіць у тых следчых камерах, і ёсць ворагі, якіх трэба выкрываць і рашуча караць.

Першую справу яму далі на такога ж, як і ён, маладога былога камсамольскага работніка. Прачытаў матэрыялы малады следчы Пётр і не паверыў прачытанаму. Падследнага Стасевіча, сакратара суседняга райкома камсамола, ён ведаў, сустракаўся з ім на розных камсамольскіх нарадах, пленумах, ведаў яго як актыўнага важака моладзі. І вось гэты Стасевіч абвінавачваўся ў шпіянажы ў карысць Польшчы. У справе быў пратакол допыту аднаго падследнага, які сцвярджаў, што Стасевіч разам з ім уваходзіў у шпіёнскую арганізацыю.

- Нягоднік! Мярзотнік! - абураўся Пётр шпіёнам Стасевічам. - Ды цябе ж, паганая душа, да сценкі трэба паставіць.

Пётр выклікаў Стасевіча ў свой кабінет. Думаў убачыць нахабнага непрымірымага ворага, а перад ім з'явіўся схуднелы, змарнелы, злямчаны дахадзяга. З ім ужо месяц, як працавалі іншыя следчыя. Зайшоў Стасевіч, павітаўся, рукі за спінай трымаў. Пётр заўважыў, што стаяць яму было цяжка, і дазволіў сесці на стул. Той сеў, як і трэба падследнаму, рукі паклаў на калені. У Пятра былі загадзя падрыхтаваны пытанні да Стасевіча, ён іх і задаў.

- Вы не прызнаяце сябе вінаватым, а сведка паказвае, што вас завербаваў шпіёнам. Чым вы гэта растлумачыце?»

- Ён даў такія паказанні пасля катаванняў. Не вытрымаў.

- Якіх катаванняў? Што вы тут гародзіце?..

- А то вы не ведаеце, як атрымоўваюць тут такія прызнанні. І мяне катавалі. Двое сутак вось тут каля сцяны стаяў, пакуль не паваліўся, страціўшы прытомнасць.

Пётр паверыў, што таго падследнага і Стасевіча білі, але ж верыў у яго вінаватасць.

- Ні ў якую арганізацыю я не ўваходзіў, нічога варожага не ўчыняў, - настойваў Стасевіч.

Пётр добрасумленна ўсё запісаў у пратакол, што Стасевіч яму расказваў, запісаў падрабязна.

- Саўдзельнік ваш і кіраўнік групы паказвае, што вы перадавалі шпіёнскія звесткі ў Польшчу праз свайго дзядзьку. Гэта так?

- Глупства. Як я мог штосьці перадаваць дзядзьку, калі я яго ніколі ў жыцці не бачыў, не знаёмы з ім. Мой дзядзька - матчын старэйшы брат - яшчэ вясковым хлопцам ажно ў трынаццатым годзе паехаў на заробкі ў Варшаву ды там і застаўся жыць. Пасля рэвалюцыі мы атрымалі ад яго толькі некалькі лістоў. І што з ім цяпер, ці жывы ён, не ведаю.

Пётр усё гэта запісаў.

- Я зраблю вочную стаўку з вашым саўдзельнікам, - сказаў Пётр, - калі ён не пацвердзіць на вас свае паказанні, то вы сапраўды невінаваты.

Наіўны, нявопытны быў Пётр. Што ж, навічок, зялёны яшчэ следчы. Верыў у справядлівасць і правату сваёй службы.

Дапытвалі тады начамі. Недзе пад канец ночы да Пятра ў кабінет зайшоў капітан, ягоны начальнік.

- Ну, - сказаў ён, убачыўшы пратакол допыту, - раскалоўся?

- Даў падрабязныя тлумачэнні, - адказаў Пётр.

Капітан узяў пратакол і выйшаў з ім. Праз нейкі час зайшоў сяржант, сказаў, што Пятра выклікае капітан. Сяржант застаўся з падследным, а Пётр зайшоў да капітана.

- Якія ты тут казкі пазапісваў? Нам прызнанні яго патрэбны.

- Але ж Стасевіч не прызнаецца і даказвае, што не вінаваты.

- Раз ён тут у нас, то павінен прызнаць сваю віну. У нас невінаватыя не сядзяць. А гэты твой пратакол вось куды. - Капітан парваў яго на шматкі і шпурнуў у кошык для смецця. - Справа на гэту шпіёнскую групу зацягваецца, яе трэба хутчэй скончыць. Даю табе два дні тэрміну. Прымай любыя меры, а прызнанне вырві. Я табе прышлю памочнікаў.

Памочнікі прыйшлі ў другую ноч - сам капітан і сяржант.

- Устаць, - скамандаваў капітан Стасевічу.

Той устаў. Капітан узяў стул, адсунуў яго ў кут і падступіў усутыч да Стасевіча.

- Ты колькі будзеш часу нам марочыць галаву? Чаму водзіш за нос следчага? Махровая твая варожая шкура, маць тваю... Прызнаешся?

- Я не вінаваты. Мне няма ў чым прызнавацца.

- Значыць, не вінаваты? - прасіпеў скрозь зубы капітан, і разам з сяржантам адначасова ўдарылі Стасевіча.

Той упаў, яго білі нагамі, кулакамі. Стасевіч скурчыўся, прыкрываў твар і галаву рукамі, каленямі прыкрываў жывот, крычаў ад болю, стараўся падсунуцца да сцяны, каб абараніць спіну.

Пётр глядзеў на гэту расправу з жахам у вачах і гатоў быў кінуцца на абарону Стасевіча, не даць яго забіць зусім.

- Чаго стаіш, ідзі памагай! - крыкнуў Пятру капітан.

Пётр, аднак, не зрушыў з месца.

- Хопіць біць, - сказаў ён, - я дапытаю яго яшчэ раз.

- Ну дапытай, - дазволіў капітан. - Яшчэ суткі даю табе на яго.

Капітан і сяржант выйшлі. Пётр схіліўся над Стасевічам, спытаў, як той сябе адчувае, ці не трэба выклікаць лекара.

Падследны сеў, упёршыся спінай у сцяну. Ён цяжка дыхаў і плакаў. Пётр выклікаў лекара. Той прыйшоў, пастаяў каля падследнага, сказаў яму:

- Самі вінаваты. Прызналіся б, і вас не білі б. - А Пятру растлумачыў, што цяжкіх пашкоджанняў не бачыць, медыцынскай дапамогі не патрабуецца, і выйшаў.

- Біць умеюць, - адплёўваючыся крывёю, сказаў Стасевіч. - Анатомію вывучылі. Раны застаюцца ўсярэдзіне.

Пётр адправіў Стасевіча ў камеру, змену сваю даседзеў за сталом у цяжкім роздуме. Яму дадзена яшчэ адна ноч, каб выбіць з гэтага недабітага чалавека патрэбныя следству прызнанні. Прызнанні ў тым, чаго не рабіў і не мог зрабіць.

У наступную змену ён прыйшоў з намерам заявіць свайму начальству, што біць падследнага не будзе, бо гэта не дастойна савецкіх чэкістаў. Дзяржынскі такому не вучыў. Капітан выслухаў і сказаў:

- Дарую табе, што ты яшчэ зялёны навічок. Але прывыкнеш і сам будзеш біць, нікуды не дзенешся. Такая наша работа і служба. Ты думаеш, я веру, што Стасевіч шпіён? Чорта з два. Нам трэба, каб ён ім быў... - Капітан памаўчаў і сказаў: - Добра, раз ты яго ведаў да арышту, я перадам справу Стасевіча іншаму следчаму. Вопытнаму.

Ён так і зрабіў, а Пётр атрымаў справу на маладога паэта.

Пётр гэтага паэта ведаў па вершах, якія часта друкаваліся ў маладзёжных выданнях. Некаторыя радкі з іх нават помніў. Паэт абвінавачваўся ў больш лёгкім злачынстве, чым Стасевіч, - у антысавецкай агітацыі. Ночы допытаў былі спакойныя і для Пятра, і для паэта. Паэту смерць не пагражала, як Стасевічу, а самае большае - дзесяць гадоў няволі. Да якой-небудзь так званай контррэвалюцыйнай арганізацыі паэта не далучалі.

- Я ведаю, - сказаў паэт Пятру, - што адсюль я не выйду чыстым. Адсюль ніхто і не выходзіць. Таму і не прымушайце мяне нагаворваць на сябе лішняе. Лічыце мяне нацдэмам, які плакаў аб мінуўшчыне Беларусі. Я ўсё гэта падпішу.

Паэт і падпісаў усе пратаколы. Пётр скончыў следства хутка і ўзяўся пісаць абвінаваўчае заключэнне, напісаў, падаў на зацвярджэнне начальству. Начальства з заканчэннем следства на паэта не згадзілася і справу яго павярнула інакш - паэта прыцягнулі да групы іншых літаратараў, якіх абвінавачвалі ў шпіёнска-тэрарыстычных дзеяннях. А за гэта паэту ўжо пагражаў расстрэл. Пятру было загадана аднавіць следства і выбіць у паэта прызнанне ў злачыннай сувязі з той групай.

Пётр з гэтым не згадзіўся і падаў рапарт начальству вызваліць яго ад пасады следчага, перавесці на іншую работу. У рапарце напісаў, што не можа выконваць тое, што яго прымушаюць рабіць. Нарком НКУС праславуты Берман выклікаў Пятра да сябе, назваў яго дэзерцірам, баязліўцам, які хоча ўцячы з адказнага пярэдняга краю барацьбы з ворагамі народа, і адмовіў у яго просьбе. Тады Пётр напісаў рапарт і папрасіў увогуле звольніць яго са службы.

Адказу чакаў некалькі дзён. На службу прыходзіў, але на допыт падследнага паэта не выклікаў. Замест звальнення Пятра арыштавалі і пасадзілі ў адну з тых жа падвальньных камер, дзёе сядзелі былыя яго падследныя.

Справу яго вырашылі хутка. Прыпісалі шпіянаж, дыверсію, і ваенны трыбунал прысудзіў яго да расстрэлу.

Далей прыводжу расказ самога Пятра Максімавіча.

- Асудзілі мяне і перавялі ў камеру-адзіночку. Я ўжо ведаў, што смяротныя прыгаворы прыводзяцца ў выкананне неадкладна. З суда мяне прывезлі ў турму апоўдні. Значыць, буду расстраляны ноччу. Што я думаў у тыя гадзіны, што адчуваў, расказваць не буду. Пра іх і нельга расказаць. Можаце самі ўявіць. Я не прысеў, не прылёг ні на хвіліну. Я хадзіў да ночы па той маленькай камеры, нібы хацеў навярстаць, падоўжыць свой шлях жыцця. Я баяўся, што калі лягу ці нават прысяду, то ўжо і не ўстану, сам памру. Я ўяўляў свой расстрэл, уяўляў, як падаю тварам у яму на некага ўжо мёртвага, як потым нехта мёртвы ўпадзе на мяне. Куча трупаў, якая потым стане кучай касцей... І калі-небудзь хтосьці выпадкова наткнецца на тую кучу, ці даведаюцца, хто там, чые жыцці ў той яме знайшлі канец? Ці падумаюць, што там людзі, забітыя без віны, загубленыя страшным дзяржаўным канвеерам смерці, які ўчынілі вар'яты, што стаялі на чале дзяржавы? Каб пакінуць які след пра сябе, я надрапаў на расчосцы сваё прозвішча і імя. Хоць нейкі сігнал у будучае. Няхай даведаюцца, хто там ляжыць.

Уначы прыйшлі да мяне, звязалі назад рукі і ўвапхнулі ў машыну. А там ужо было набіта поўна, усе стаялі, не павярнуцца, цёмна, нікога не бачыш, хто ён.

Чалавек, па сабе гэта мяркую, якога прыгаварылі да смерці і ўжо вядуць забіваць, усё адно да самай апошняй секунды на нешта спадзяецца. Таму, мабыць, смяротнікі і маўчаць, не крычаць, калі іх грузяць у машыну, вязуць, выводзяць да ямы, бо ўсё яшчэ не вераць сваёй смерці. Гэтак жа было і са мной. І я не верыў.

У машыне стаялі шчыльна адзін да аднаго - ні сесці, ні ўпасці. Прывезлі ў нейкі лес. Усіх расстралялі. А я вось, бачыце, жывы.

- Адпусцілі? Спектакль устроілі з вамі? Каб прымусіць служыць? - пачаў распытваць я.

- Каб жа так. Я ўцёк. Паверце, уцёк з-пад расстрэлу, калі ўжо сядзеў на краі ямы.

- Неверагодна, - засумняваўся я.

- А са мной вось што здарылася. Можа, ведаеце, што ёсць такія гібкія людзі, якіх як бы ні звязвалі, развяжуцца. Такія ў цырку выступаюць, паказваюць сваё ўмельства. Нейкая такая здольнасць была і ў мяне. Яшчэ калі ў камеры пачалі звязваць рукі, я іх трымаў у такім напружанні, каб не маглі сцягнуць вузел да канца. Усю дарогу ў машыне я варушыў рукамі, расцягваў вяроўку. Вяроўка не жалеза, яна ж расцягваецца. Нарэшце адчуў, што магу ўжо рукі вызваліць. А калі гэта адчуў, то адразу ж узнік намер паспрабаваць уцячы. Скарыстаць апошні шанц на паратунак. Рызыка апраўданая. Усё адно смерць, дык ці вялікая розніца, калі прыстрэляць пры ўцёках.

Прывезлі, значыць, у лес. Адчынілі дзверы, пачалі выводзіць з машыны. Ноч цёмная. Месца расстрэлу асвятляецца ліхтарамі «лятучая мыш». Два ліхтары віселі над выкапанай ямай, былі ліхтары і ў некаторых ахоўнікаў. Выйшаў я з машыны, падышоў да ямы, сеў на яе край. Мне спатрэбіліся секунды, каб ацаніць, узважыць абстаноўку. За маёй спінай стаяў ахоўнік з ліхтаром і з наганам у руцэ. Я чакаў, ну няхай бы ён крыху адышоў убок. І мне пашанцавала. Нехта са смяротнікаў не стаў выходзіць з машыны, і, каб вывалачы яго, туды на дапамогу кінуўся той ахоўнік, што стаяў за маёй спінай. Я ўмомант вызваліў рукі з вяроўкі, перакульнуўся назад цераз галаву і ў два скачкі апынуўся за машынай, дзе было цёмна. Мне ўслед стралялі, крычалі, нехта бег за мной, але ж - ноч, цемра і лес мяне схавалі.

І я ўцёк. У тую ноч пад раніцу я дабраўся ў вёску да сястры, зайшоў у хату. Сястра ахнула.

- Божа, што з табой? Ты - стары.

Я зірнуў у люстэрка на сцяне: валасы мае былі белыя як снег. Пасівеў за дзень. У сястры я ўзяў грошы, свой пашпарт, які я ў яе пакінуў раней выпадкова, і махнуў куды вочы глядзяць.

А праз тры з паловай гады вайна пачалася. Быў фронт, вучоба ў ваенна-інжынерным вучылішчы. Шпіталь. Так вось і ўцалеў, дажыў да гэтага часу.

- Жылі са сваім прозвішчам? Няўжо вас не шукалі? - спытаў я.

- Выходзіць, не шукалі. Відаць, ахоўнікі пабаяліся сказаць пра мае ўцёкі. Данеслі, што расстралялі ўсіх. Гэта пацвердзілася пры маёй рэабілітацыі ў пяцьдзесят шостым годзе. У справе падшыта даведка: расстраляны пятага кастрычніка, гэта значыць у дзень, калі я ўцёк.

Гісторыя, як бачыце, неверагодная.

...Абодва мы нейкі час маўчалі, глядзелі ў акно вагона, якое раптам пасвятлела, бо пасвятлела неба і дожджык скончыўся. А ўжо перад самым Мурманскам убачылі, як на ачышчаным ад хмар вячэрнім небе, ніба арка, успыхнула і працягнулася з усходу на захад паласа жаўтаватага святла. Яна трапяталася, зыбалася, выпрамляючыся або яшчэ больш згінаючыся ў светла-жоўтую дугу. Край светлай паласы ўспыхваў чырванаватым ззяннем. Думалася, што вось-вось успыхне знакамітае запалярнае ззянне. Праехалі далей, бліжэй да горада, ззянне не ўспыхнула, а, наадварот, аслабела, паблякла.

- Гэта Мурманск хацеў пасалютаваць нам, - сказаў Пётр Максімавіч.

Пасля гэтай сустрэчы ў цягніку мы з Пятром Максімавічам пасябравалі і, пакуль я служыў у Запаляр'і, сябравалі і сем'ямі.

Ды і цяпер не забываем адзін аднаго, перапісваемся, бачымся, праўда, рэдка, хоць і жыве Пётр Максімавіч недалёка ад Менска.

 

 

СТРЭЛ У СУДЗЕ

 

Зайшоў да мяне ў кабінет ваенны следчы маёр юстыцыі і спытаў, ці хачу я паглядзець на забойцу.

- А хто ён?

- Салдат.

Адносіны да забойцаў у мяне, як і ў кожнага нармальнага чалавека, даволі адназначныя - гэта самыя цяжкія злачынцы, і з імі трэба рабіць тое ж, што зрабілі яны са сваімі ахвярамі, - забіваць. Дзейнічаць па прынцыпу таліёна: вока за вока, зуб за зуб, забіў - забіць самога. Так і было ў даўнія часы, прымяняецца гэты прынцып і ў наш час у некаторых ісламскіх краінах. І калі сёй-той з «гуманістаў» выступае за адмену пакарання смерцю, няхай яны ўявяць або сябе ахвярамі забойцы, або сваіх самых блізкіх. Я таксама стаю за адмену пакарання смерцю, але з істотнай агаворкай - захаваць расстрэл забойцам. Толькі забойцам.

Вельмі цяжка зразумець, як псіхічна здаровы чалавек можа забіць чалавека дзеля нейкай сваёй карысці. Жах!

Сцвярджаюць, што кожны чалавек здольны ўчыніць супрацьпраўныя дзеянні, толькі трэба, каб ён апынуўся ў пэўных умовах, якія б спрыялі гэтаму дзеянню. Але забіць дадзена не кожнаму. Чалавек тоіць у сабе, можа быць, героя, а можа, злачынцу. Злачынцаў звычайна дзеляць на дзве катэгорыі - забойцаў і не забойцаў. Забойцы не абавязкова сядзяць у турме за забойствы, але гэтыя людзі здольны забіць. Перад імі не існуе псіхалагічных бар'ераў, перашкод, якія б маглі іх спыніць раней, чым яны паднясуць руку з нажом да грудзей ахвяры ці прыцэляцца з пісталета ў патыліцу. А вось другая, большая частка злачынцаў, хоць яны і не вылазяць з турмаў, забіць не могуць, пазбягаюць «мокрых» спраў.

Маючы такія непрымірымыя адносіны да забойцаў, будучы суддзёй, я стараўся ўхіляцца ад разглядаў іх спраў. Мяне цяжка ўражвалі такія разгляды. І таму, калі следчы запрасіў мяне зайсці да яго ў кабінет, дзе сядзеў падследны забойца, я адмовіўся. Але, даведаўшыся, хто ён такі і каго забіў, зайшоў.

Падследны - салдат унутраных войск - сядзеў на стуле ў поўнай вайсковай форме, бялявы, з вострым дзіцячым падбародкам. Белыя, як ватныя, броўкі амаль зліваліся з белай скурай.

Служыў ён у канвойным падраздзяленні першы год. Служба канвойных вядомая: дастаўляць падследных у пракуратуру, падсудных - у суд, этапіраваць з турмы ў калонію. Гэты салдат, назавем яго Волкавым, і займаўся такой службай. Бачыў ён на судах розных злачынцаў, слухаў іх расказы пра ўчыненае і ўсё больш і больш, як потым прызнаваўся, здзіўляўся, адкуль яны, такія нелюдзі, бяруцца.

Пра забойства, учыненае Волкавым, якое і расследавалася цяпер, мне коратка расказаў следчы перад заходам у яго кабінет. Сутнасць справы такая. Волкаў у складзе канвою ахоўваў у судзе аднаго падсуднага. У час судовага следства нечакана для ўсіх Волкаў выхапіў з кабуры пісталет і стрэліў у падсуднага, які сядзеў у загародцы ціха і смірна. Начальнік канвою з другім канвойным адразу ж схапілі Волкава і абяззброілі.

І вось Волкаў у кабінеце следчага.

- Ну што, - спытаў я Волкава, - як сябе адчуваеш?

Волкаў зірнуў на мяне абыякава і нават неяк няўцямна, адказаў коратка:

- Адчуваю вось.

Я спытаў, адкуль ён родам, дзе працаваў да службы, ён адказаў, што нідзе не працаваў, а вучыўся ў школе. Пра сутнасць справы я нічога не спытаў і выйшаў.

У абедзенны перапынак я пацікавіўся ў следчага, ці дойдзе справа да суда.

- Думаю, не дойдзе, я буду супраць, каб яго судзілі.

Можа паказацца незразумелым: Волкаў застрэліў чалавека, і яго, забойцу, трэба вызваліць, быццам бы ніякай логікі.

Што ж, паспрабуем узнавіць тую падзею, якая адбылася два дні назад у абласным судзе.

Дык вось, быў суд, і радавы Волкаў у зале суда ахоўваў падсуднага. Падсудны, яшчэ малады чалавек, яму і трыццаці не было, нікчэмны апушчанік, п'яніца, да арышту жыў удваіх з малой сястрой. Маці іх памерла, бацька сям'ю пакінуў даўно, і брат, як старэйшы, быў для сястры за бацьку.

Сястрычцы споўнілася толькі дзевяць гадоў. Я яе бачыў у следчага - худзенькая, забітая і замучаная братам. Пенсію, што належала ёй за маці, брат прапіваў, і таму яна хадзіла часта галодная і ў абносках. Але гэта была яшчэ не ўся яе бяда. Брат яе гвалціў, жорстка і дзіка. Гвалціў кожны дзень, прымушаў малую рабіць яму тое, на што і не кожная дарослая жанчына згодзіцца. Бедная дзяўчынка цярпела, пакутавала і маўчала, нікому не скардзілася, бо брат прыгразіў зарэзаць, калі яна каму раскажа пра гэта.

Паказанні падсуднага ў судзе былі кароткія, без падрабязнасцей, адказваў толькі на пытанні - так ці не так. Так, біў яе, адымаў пенсію, бо піць трэба было. Так, гвалціў, але калі быў п'яны. Так, малая хварэла, скардзілася на болі ў жываце. Аднойчы па п'янцы стукнуў яе аб сцяну, і дзяўчынка страціла прытомнасць.

І вось стала расказваць пра гэта сястрычка. Малая, а ўжо сутулая, з тонкімі ножкамі, бледная, яна старалася і яшчэ больш сутуліцца, нібы хацела зусім стаць нечым малым, незаўважным. Вось так яна, відаць, скурчвалася кожны раз, калі брат прыходзіў дамоў.

- Ён і душыў мяне, - сказала яна.

- Як душыў, за што? - спытаў суддзя.

Дзяўчынка, гледзячы долу, памаўчала, а потым сказала, што яна пра гэта следчаму расказала і той усё запісаў. Яна саромелася.

- А вы і суду раскажыце.

- Ну ён стаў мне... у рот піхаць... А я адварочвалася, тады ён схапіў мяне за горла і душыць пачаў. І задушыў, бо я нічога ўжо не помніла.

Ціха было ў судзе, вельмі ціха. Суддзі, пракурор, адвакат, настаўніца дзяўчынкі, канвойныя слухалі гэты аповяд малой з тварамі акамянелымі.

Слухаў, усё чуў і Волкаў.

На Волкава ніхто ўвагі не звяртаў. А ён стаяў збялелы, з заплюшчанымі вачамі. Ён у гэты момант успомніў сваю, у такім жа ўзросце, сястрычку і з такім жа імем, такую ж бялявую. Уяўлялася сястрычка, а ў судзе чулася:

- Ага, ён падняў мяне з ложка і аб сцяну ўдарыў. Я забылася. І ў мяне ў галаве доўга балела.

І Волкаву здаўся гэты слабы галасок голасам сястрычкі, і яму здавалася, што гэта яе б'юць аб сцяну. Рэальнасць і ўяўленне змяшаліся, і дзе родная сястрычка, дзе гэтая няшчасная дзяўчынка - на момант злучылася ў адно.

- Прасіла, маліла, не бі мяне, не муч, мне баліць. А ён мяне - па галаве, па галаве... - гучаў слабы галасок ужо нібы яго, Волкава, сястрычкі.

У Волкава закружылася галава, і ён ухапіўся за загародку, за якой сядзеў падсудны, заплюшчыў вочы. Падсудны зірнуў на яго і чамусьці ўхмыльнуўся. Гэта ўхмылка і вырашыла яго лёс. Волкаў дрыжачай рукой расшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і стрэліў у тую ўхмылку. Апомніўся ён, калі абяззброены сядзеў у камеры для падсудных, куды яго пасадзіў начальнік канвою.

Суду засталося толькі вынесці вызначэнне аб спыненні справы ў сувязі са смерцю падсуднага.

Калі следства ў адносінах Волкава было скончана, я спытаў у следчага:

- А як Волкаў характарызуецца начальствам, саслужыўцамі?

- Лялькі купляў.

- Не разумею, для чаго?

- Кожны раз, калі быў у гарадскім звальненні, купляў якую-небудзь ляльку і пасылаў дамоў сястрычцы. І яшчэ птушак карміў: насыпаў на падаконнік казармы крошкі хлеба сініцам.

- Усё, - сказаў я, - больш мне нічога і не трэба ведаць пра чалавека.

Волкава не судзілі, прызналі, што ўчыніў забойства ў стане афекту. Ну таксама ўлічылі і асобу забітага. Галоўны ваенны пракурор гэта вырашэнне ўхваліў.


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая