Васіль Гарбацэвіч

Яраслаўскі вечар

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Багдановіч Максім, паэт, 24 гады.

Адам Ягоравіч, яго бацька, 52 гады.

Фама, 26 гадоў.

Вадзім, 24 гады.

Сяргей, 23 гады.

Зоя, 23 гады.

Вера, 22 гады.

Савіцкі, прапаршчык, 24 гады.

 

1915 год. Яраслаўль. Па авансцэне перад заслонай праходзяць Фама, Зоя, Вадзім, Вера і Сяргей. Ім насустрач — Савіцкі.

 

Савіцкі. Добры дзень, сябры.

Усе. Добры дзень.

Савіцкі. З інстытута?

Фама. З заняткаў. А ты куды, Аркадзь?

Савіцкі. Вас шукаю.

Вадзім. Па справе?

Савіцкі. Прыехала на гастролі ў Яраслаўль Зімінская опера. Сёння ў Волкаўскім тэатры ставіцца «Пікавая дама». Я для ўсіх бяру білеты.

Вадзім. Сёння мы не можам пайсці на оперу.

Савіцкі. Чаму гэта?

Фама. Нас запрасіў да сябе Максім Багдановіч.

Савіцкі (здзіўлены). Багдановіч? Паэт?

Сяргей. Так, наш беларускі Баян.

Савіцкі. Дзе вы з ім пазнаёміліся?

Вадзім. У студэнцкай сталоўцы. Гэта была хвалюючая сустрэча.

Савіцкі. Раскажыце.

Вера. Аркаша, толькі я гэта зраблю. З іх ніхто так не раскажа.

Сяргей. Вера, зарабляеш на цукеркі?

Вера. Дурненькі, і цябе пачастую.

Савіцкі. Кажы, Вяруся.

Вера. Прыйшлі мы ў сталоўку і селі за адзін стол. Сталі размаўляць аб цудоўнай беларускай вясне. Раптам падбягае да нас малады хлапец ў форме ліцэіста. О, што гэта быў за хлапец! Такую прыгажосць можна сустрэць толькі ў казцы! Вочы гараць, за агнём не разабрала нават, якія па колеру; пышная шавялюра быццам наэлектрызованая; стройны, прыгожы. А далей хай хто іншы раскажа.

Зоя. А вусы, Верка!

Вера. Не чапайце мяне. Не магу далей.

Фама. «Вы беларусы?!» — амаль закрычаў ён і пачаў нас абдымаць. Сабраліся людзі. Са здзіўленнем глядзелі на незвычайную сцэну.

Савіцкі. Вазьміце мяне з сабою.

Вадзім. З прыемнасцю. І Максім будзе рад. Пакуль што пайшлі да нас, Аркадзь.

Усе выходзяць.

Адкрываецца першая заслона. Перад другой заслонай з рознакаляровых кветак «Вянок» Багдановіча. Ён свеціцца агнямі. Нарастае песня «Зорка Венера». Па баках «Вянка» спускаюцца слуцкія паясы. Калі «Зорка Венера» заціхае, гучыць мелодыя «Слуцкіх ткачых».

Падымаецца другая заслона. Кватэра Адама Ягоравіча Багдановіча. За сталом сядзіць Максім і натхнёна піша. Раптам кідае ручку і запускае доўгія пальцы ў шавялюру. Думае. Зноў хапае ручку і хутка піша. Потым усхопліваецца і амаль бегае з кута ў кут. Спыняецца каля акна і з шумам адчыняе яго. Максім прагна дыхае свежым паветрам. І раптам ахоплівае яго страшэнны прыступ кашлю. Хутка ўваходзіць Адам Ягоравіч.

Адам Ягоравіч. Што ты робіш, Максім? Хіба можна ўжо адчыняць акно?

Зачыняе. Налівае са жбана малако з мёдам і дае Максіму. Той п’е, кашаль паступова супакойваецца.

Прыляж на канапе.

Максім. Май на дварэ... Калі ж падыхаць вясной?

Адам Ягоравіч. Вось скончацца ў цябе заняткі, і ты на ўсё лета паедзеш у Крым.

Максім. Родны мой, цяжка табе са мною. Колькі гэта будзе каштаваць. Вядома, якія мы крэзы.

Адам Ягоравіч. Паздаравееш, будзеш служыць, пісаць. Гара грошай. Тады аддасі з працэнтамі.

Максім. А ты не жартуй... усё запісвай.

Адам Ягоравіч. Я запісваю. (Выцірае непрыкметна хусткай вочы.)

Максім. Ты што гэта? (Падыходзіць да бацькі.)

Адам Ягоравіч. Дзе я мог гэтак прастудзіцца? Падумаць толькі.

Максім. Хітруеш, баця. (Грозіць пальцам.) Лепш паехаць бы мне ў Беларусь. У снах яе бачу... Чароўную, незабыўную. (Вочы Максіма загарэліся.)

Адам Ягоравіч. Максім, ты добра ведаеш, што табе патрэбен поўдзень, яго жыватворнае паветра, цудоўная прырода.

Максім. Паветра Беларусі для мяне жыватворней, яе прырода цудоўней. Калі б я лета правёў сярод смалістых бароў, духмяных верасоў, грэчак, калі б дыхаў водарам ціхіх раніц і пяшчотных вечароў, я адразу ажыў бы.

Адам Ягоравіч. Ты спакайней гавары.

Максім. Аб родных нівах і лугах, аб празрыстых рэках і пушчах-лясах я не магу інакш гаварыць. Ды там жа жыве наш пакутны народ са сваімі цудоўнымі песнямі, казкамі, легендамі. Там аб яго цяжкім жыцці праўдзіва спяваюць сыны яго Купала і Колас.

Адам Ягоравіч. Скончыш ліцэй — паедзеш туды працаваць.

Максім. Многа яшчэ на Волзе вады сплыве.

Адам Ягоравіч. Толькі год застаецца.

Максім. Сёння ў мяне была сутычка з выкладчыкам гісторыі.

Адам Ягоравіч. Чаго вы не падзялілі?

Максім. Гаворачы аб народах заходніх ускраін Расійскай імперыі, ён не назваў беларусаў. Я запратэставаў. Тады ён нахабна адказаў: «Якія там яшчэ беларусы?» Я не стрымаўся і крыкнуў, што ён невук. Студэнты мяне падтрымалі.

Адам Ягоравіч. Можа быць вялікая непрыемнасць.

Максім. Для мяне? Кінь... Не тыя часы. Дык яшчэ ж не ўсё. Калі супакоіліся, Пятроў, гісторык, з насмешкай запытаў: «Калі ёсць беларускі народ, дык дзе яго мова, культура?» «Максім, дакажы»,— патрабавала ад мяне аўдыторыя. І я спакойна пачаў:

 

Здароў, марозны, звонкі вечар!

Здароў, скрыпучы, мяккі снег!

Мяцель не вее, сціхнуў вецер,

І волен лёгкіх санак бег.

Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць,

У небе зоркі ад марозу

Пахаладзеўшыя дрыжаць.

Вільготны месяц стуль на поле

Празрысты, светлы стоўп спусціў

І рызай срэбнаю раздолле

Снягоў сінеючых пакрыў.

Узрывайце ж іх санямі, коні!

Звіні, вясёлых бомаў медзь!

Вакол лятуць бары і гоні,

Ў грудзях пачала кроў кіпець.

 

Я чытаў пры абсалютнай цішыні. Калі скончыў, здавалася, сцены паваляцца ад грому воплескаў. Пятроў сказаў: «Бяру назад свае словы».

Адам Ягоравіч. Выключна ўмела зроблена.

Максім. Ой, я і забыў: да нас сёння прыйдуць госці.

Адам Ягоравіч. Хто?

Максім. Землякі, студэнты Мінскага настаўніцкага інстытута.

Адам Ягоравіч. Трэба прыняць іх, як родных. Гэта дарагія госці.

Максім. Ды вельмі не турбуйся... Свае людзі.

Адам Ягоравіч. Трэба будзе іх пачаставаць.

Званок.

Максім. Яны!

Ідзе да дзвярэй і адчыняе іх. Шум, смех.

Калі ласка, калі ласка!

Уваходзяць Вадзім, Фама, Зоя, Вера, Сяргей

і Савіцкі.

Усе. Добры вечар.

Адам Ягоравіч. Добры вечар. Проша.

Максім. Баця, гэта мае сябры. Знаёмцеся.

Знаёмяцца. Савіцкі надыходзіць да Максіма.

Савіцкі. Я лічу за вялікае шчасце для сябе пазнаёміцца з вамі. Даўно ўжо ваша муза паланіла мяне.

Максім (ажывіўшыся). А дзе вы азнаёміліся з ёю?

Савіцкі. Яшчэ калі вучыўся ў настаўніцкай семінарыі. У нас быў выкладчык літаратуры Паўловіч. У яго меўся ваш «Вянок», з якім ён нас знаёміў. Многія вершы з яго мы ведалі на памяць, дэкламавалі на вечарах.

Максім. Гэта нейкі дзіўны сон.

Савіцкі. Не сон, а рэальнасць. А ведаеце, як вас празвалі ў народзе? Галасісты салавей.

Фама. Дужа трапна!

Савіцкі. Народ ганарыцца вамі!

Максім. Для мяне няма большага шчасця!!

Савіцкі. Вось каб мне зараз ваш «Вянок». Я сваім салдатам у акопах не-не ды і прачытаў бы:

 

У надмернай працы гіне тут

Галодны і абдзёрты люд.

Каторы моцнымі рукамі

Стварыў усе багацці на зямлі:

Правёў ён скібы на раллі,

Ён рэйкі пралажыў чыгунак,

Заводаў каміны падняў у высь нябёс.

А сам даўно сляпы ад слёз

І ўжо забыўся аб ратунак.

 

Альбо:

 

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Сколь ў хмарках залётных агня...

 

Максім хутка ідзе да этажэркі, капаецца ў кнігах, потым вяртаецца і дае Савіцкаму «Вянок».

Савіцкі. Шчыра дзякую.

Адам Ягоравіч (да ў с іх). Сядайце, калі ласка.

Усе садзяцца.

Вадзім. Адам Ягоравіч, што ў вас тут за вясна?

Адам Ягоравіч. Чаму? Вясна як вясна. Бягуць ручаі, на Волзе крыгі, на вуліцах гразь, удзень прыпякае сонца.

Сяргей. Ага, добра прыпякае! Станеш тварам — пячэ, а адвернешся — з носа цячэ.

Вадзім. Вось на Беларусі вясна — проста цуд.

Максім страпянуўся, не зводзіць вачэй з Вадзіма.

Я гэтымі днямі вярнуўся з веснавых канікул.

Максім. Раскажы, раскажы, Вадзім!

Вадзім. А ў нас вясну адкрываюць гракі. Ледзь на палях з'явяцца праталіны, як яны цэлымі хмарамі носяцца над абшарамі, глушачы паветра сваімі галасамі. Асаблівы грай, калі будуюць гнёзды. Гэта сапраўдныя агрэсары. Калі гняздо гатова, яго патрэбна пільнаваць, інакш не застанецца нават ламачынкі.

Фама. А то выдасца ціхуткая раніца. Руплівы гаспадар выходзіць на двор і застывае на прыступках. Яго вуха ловіць пяшчотныя пералівы званочка. Ён хутка вяртаецца ў хату і са светлай усмешкай паведамляе: «Ужо звініць у небе госцік наш». І ўсім зразумела, пра каго сказаў гаспадар. І старыя, і малыя высыпаюць на двор. «Дзе ён, мамка?» —шэпча дзяўчынка. «Вунь, вунь, дачушка, чорны камячок трапечацца»,— пяшчотна кажа маці.

Адам Ягоравіч. Гэта сапраўднае свята.

Максім. Далей, далей.

Сяргей. Зазвінела песня жаваранка — значыць, прыйшла сапраўдная вясна. А там з вышыні — гартаннае крум — і ўсе шукаюць у небе жураўліны ключ. Радуюцца людзі, бо мінула пара ранішнікаў-марозаў. Ёсць надзея паласавацца маладым агурочкам.

Зоя. Або раптам закрычалі на вуліцы дзеці і кінуліся ў бок выгану. Можа — пажар? Ды не. Гэта прыляцеў бусел. Калі ўпершыню ўбачыш яго ў палёце — прабяжы: будзеш лёгкі на ногі.

Вера. А беларускія салаўі... Хіба яны ўступаюць курскім? Ніколі! Нездарма ж, калі нашы салаўі робяць ночы асабліва палкімі і спакуслівымі, наступае сезон вяселляў — сёмуха.

Максім. Праспявайце вясельную песню.

Вера. Давайце «Прыйшоў на вяселле...»

Зоя. Фама, падыграй на мандаліне.

Зоя і Фама (спяваюць).

 

Прыйшоў на вяселле наш сваток,

Павязаўшы крыжам ручнічок.

А казалі, сват наш вельмі харош,

Ажно ў свата доўгі буслаў нос.

Ды ў свата лыса галава,

Рыжая казліна барада.

Барадою, сватка, патрасі,

Маладзіцам чаркі паднясі.

Калі ж, сват, гарэлкі не дасі,

Караваю трасцу ты з’ясі!..

 

Максім. Гэта непераймальна!

Сяргей. Дзяўчаты, праспявайце пасадную.

Зоя. Фама, мандаліну ў рукі!

Фама. Ёсць! (Праігрывае.)

Вера і Зоя (спяваюць).

 

Ой, ляцелі гусачкі цераз сад.

Ды вялелі дзевачцы на пасад.

— Ці ёсць у цябе, дзевачка, родны брат?

Няхай цябе завядзе на пасад.

— А што вам, гусачкі, да таго?

Ёсць у мяне татачка для таго.

 

Максім. Колькі шчырай лірыкі, пачуцця, нават драматызму! Плакаць хочацца.

Вадзім. А на справе яно так і ёсць. У час пасаду маладая галосіць, дружкі спяваюць гэтую песню, і атрымліваецца так, што ўсе плачуць.

Савіцкі. Увесь драматызм у тым, што пасад — гэта рубікон для дзяўчыны: пераступіла яго — няма звароту назад. А наперадзе, магчыма, яе чакае тое, аб чым гаворыць песня «Мужык жонку б’е, бічуе...» Ні свёкар, ні свякруха, ні дзевер не бароняць яе ад мужа, які катуе жонку, каб перарабіць яе на свой лад. Наадварот, яны яшчэ памагаюць. Адна толькі залоўка просіць брата пашкадаваць жонку, бо так будзе і ёй на чужой старане.

Максім. Дык калі ж людцы заспяваюць радасныя песні? Дакуль мы будзем толькі канстатаваць?! Ці не час ужо прыступіць да справы?

Савіцкі. А да каго вы, уласна, адрасуецеся?

Максім. Да сябе, да вас, да іх (паказвае на астатніх гасцей), да ўсіх.

Савіцкі. Але ж гэтых усіх трэба падрыхтаваць, арганізаваць.

Фама. І нехта павінен узяць на сябе гэтую місію.

Савіцкі. А хто, па-твойму?

Фама. Народ.

Савіцкі. Так.

Адам Ягоравіч. Выбачайце, вы — бальшавік?

Савіцкі. Камуніст.

Адам Ягоравіч. Як жа тады пагадзіць афіцэрскія пагоны з ідэямі камунізма?

Савіцкі (усміхаючыся). А гэта ні больш ні менш як ахоўная афарбоўка.

Адам Ягоравіч. Але ж вы скончылі школу прапаршчыкаў, дзе стараліся выхаваць у вас вернападданніцкія пачуцці.

Савіцкі. Стараліся, ды марна. І такіх непадатлівых многа.

Адам Ягоравіч. Вас пашлюць на фронт?

Савіцкі. Праз тры дні еду.

Адам Ягоравіч. Вось і будзеце ваяваць.

Савіцкі. Толькі не з нямецкімі салдатамі.

Адам Ягоравіч. Хто вы па свайму паходжанню?

Савіцкі.

 

І кожны, хто мяне спытае.

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць, бо я мужык!..

 

Адам Ягоравіч. Як жа вы трапілі ў школу?

Савіцкі. Вельмі проста. Дваранскіх сынкоў не хапае — вось і мы спатрэбіліся.

Максім (сам сабе, палымяна).

 

Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць, бо я мужык!

 

Адам Ягоравіч. Ну, дарагія, я вас на некаторы час пакіну. Дзяўчаты, за мною.

Выходзяць.

Максім (да Савіцкага). Як я вам зайздрошчу!

Савіцкі. У чым?

Максім. У вас ёсць пэўная мэта, дзеля якой вы жывяце, змагаецеся.

Савіцкі. А хіба вам мэта недасяжная?

Максім. Рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць.

Савіцкі. Гэта чаму?

Максім. «Даўно ўжо целам я хварэю...»

Чытае да канца. Усе слухаюць затаіўшы дыханне.

Савіцкі. Вы, Адамавіч, пазайздросцілі мне. А хіба служэнне народу мастацкім словам не высакародная мэта? Толькі трэба, каб гэта слова паліла сэрцы людзей, клікала на добрыя справы.

Максім. Яна, гэта мэта,— маё жыццё, мая радасць. Які я сёння шчаслівы. Новыя забілі крыніцы ў маіх жылах!

Зноў прыступ кашлю прымусіў курчыцца маладое цела. Прысутныя ўражаны. Хутка ўваходзіць Адам Ягоравіч, за ім Зоя і Вера з талеркамі, якія ставяць на стол.

Адам Ягоравіч. Ведаеш жа, што табе нельга хвалявацца.

Налівае з тэрамаса пітво, і Максім п’е. Кашаль паступова сціхае.

Максім. Ты дакараеш мяне, баця, што я хвалююся. А што за жыццё без гарэння? Хоць дзень, але яркі, іскрамётны! Ператварыцца ў Белікава — не ў маёй натуры.

Адам Ягоравіч дастае з буфета бутэльку і чаркі.

Адам Ягоравіч. Дарагія госці, сядайце за стол.

Усе садзяцца. Гаспадар налівае чаркі.

Вып’ем.

Савіцкі (устае). Вып’ем за шчаслівыя ў недалёкім будучым народы.

Усе выпіваюць.

Адам Ягоравіч. Зоя, будзьце гаспадыняю.

Усе. Просім!

Зоя. Частуйцеся, госцейкі, не саромейцеся. Вось селядзец з цыбулькаю, з перчыкам. Вось вяндлінка з хрэнам, не са старым хрэнам, а з маладым, пякучым, шчыпучым. Вера, чаму не выпіла? Чула тост?

Вера. Каб табе больш засталося? Не, няма дурных! (Выпівае.)

Фама. Ведайце, сябры: калі Вера чаго не хоча, кажыце адваротнае.

Зоя. Годзе. Фама, хрэн падзейнічаў?

Адам Ягоравіч. Вып’ем па другой. ( Налівае.)

Савіцкі. Вып’ем за поспехі Максіма Адамавіча, нашага беларускага Баяна. Пажадаем, каб яго зброя — верш, стала яшчэ вастрэйшай і біла б ворага напавал!

Воплескі, п’юць.

Вадзім. Ну, сябры, нам пара ўжо.

Максім. Не, не, яшчэ рана!

Фама. На першы раз хопіць.

Вадзім. Максім, дзе ты думаеш правесці лета?

Адам Ягоравіч. На паўднёвым беразе Крыма.

Вадзім. А я думаў запрасіць цябе да сябе, у самую прыгажосць беларускага прыволля. Пабудзеш і на вяселлі, і на купальскай ночы.

Зоя і Вера (спяваюць).

 

Купалінька, купалінька,

Цёмная ночка,

Цёмная ночка,

Дзе ж твая дочка?

Твая дочка ў садочку,

Дочка ў садочку

Ружу поле, ружу поле,

Ручкі, ножкі коле.

Кветачкі рве, кветачкі рве,

Вяночкі ўе.

Наце, наце вам, дзяўчаткі,

Кожнай па вяночку.

 

Вадзім. Пабудзеш на сенакосе, пачуеш песню-стогн.

Вера і Зоя (спяваюць).

 

На балоце касец косіць,

Ён махае ды галосіць:

— А ці мая каса тупа?

А ці мая жонка скупа?

Наварыла гаршчок кашы,

Укінула тры крупінкі.

Няхай голас галасуе,

Няхай мая жонка чуе.

 

Вадзім. Пабудзем у полі ў час жніва. А колькі насушым чарніц, баравікоў, яблыкаў, груш! Адам Ягоравіч, глядзіце, каб усё гэта было куды ссыпаць!

Адам Ягоравіч. Прыйдзецца заарандаваць лабаз у купца Калашнікава.

Вадзім. Смех смехам, але тваё слова, Максім Адамавіч.

Максім. Я так прыемна ўсхваляваны, што не знаходжу слоў, як дзякаваць табе, Вадзім.

Сяргей. І мы будзем прыязджаць. Там жа недалёка.

Савіцкі. Мне, відаць, не давядзецца. Але нічога, я думкамі буду з вамі.

Фама. Там, Максім, можа, і зорку Венеру сваю знойдзеш.

Максім (са светлай усмешкай). Буду шукаць.

Вадзім. Пайшлі, сябры. Ну, бывайце. Шчыра дзякуем.

Развітваюцца.

Максім (да Савіцкага). Аркадзь Паўлавіч, давайце пісаць адзін аднаму.

Савіцкі. З вялікай прыемнасцю.

Ціснуць рукі.

Адам Ягоравіч. Не забывайце нас.

Максім. Так, сябры, кожны ваш прыход будзе для нас вялікім святам.

Усе пайшлі. Максім праводзіць і хутка вяртаецца.

Адам Ягоравіч. Вось і яшчэ адзін вечар мінуў.

Максім. Незабыўны вечар!

Адам Ягоравіч. Стаміўся?

Максім. Нічога, гэта прыемная стомленасць.

Адам Ягоравіч. Якая абаяльная моладзь!

Максім. Яна хутка дачакаецца залацістага, яснага дня!

Адам Ягоравіч. Ідзі адпачываць. Сёння ў цябе надзвычай багаты на ўражанні дзень.

Максім. Мне тут трэба яшчэ скончыць.

Адам Ягоравіч выходзіць у другі пакой. Максім садзіцца за стол, думае, потым піша. Заходзіць А д а м Ягоравіч.

Адам Ягоравіч. Максім, пашкадуй сябе. (Маўчанне.) Ён нічога не чуе. (Падыходзіць да сына і кладзе руку яму на плячо.)

Максім (азірнуўся). А... Гэта ты? Чаму не спіш?

Адам Ягоравіч. Ідзі і ты.

Максім. Ну вось, скончыў нарэшце... Слухай... (Чытае.)

 

Маладыя гады,

Маладыя жаданні!

Ні жуды, ні нуды,

Толькі шчасце кахання.

Помніш толькі красу,

Мілы тварык дзявочы,

Залатую касу,

Сіняватыя вочы.

Цёмны сад — вінаград,

Цвет бяленькі вішнёвы,—

І агністы пагляд,

І гарачыя словы.

Будзь жа, век малады,

Поўны светлымі днямі!

Пралятайце, гады,

Залатымі агнямі!

Праўда, баця, я буду жыць?!

 

Адам Ягоравіч. Будзеш! Вечна жыць будзеш!!

Заслона.

1927




Беларуская Палічка: http://knihi.com