epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гарбацэвіч

Максім Саравітан

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ДРУГАЯ
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
  КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
  КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ
  КАРЦІНА ПЯТАЯ


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Пан Лявон Ашторп, 70 год.

Пан Радзівіл, 60 год.

Княгіня, яго жонка, 50 год.

Граф Тышкевіч, 45 год.

Графіня, яго жонка, 40 год.

Пан Скірмунт, 35 год.

Яго жонка, 30 год.

Ксёндз Дамінік, 50 год.

Войт, 45 год.

Кацярына, яго дачка, 22 гады.

Лявон, старшы гайдук, 23 гады.

Францішак, лакей Ашторпа.

Максім Саравітан, 35 год.

Лірнік; ён жа скрыпач Даніла.

Андрэй.

Адась.

Анэта, пакаёўка.

Змітрок, конюх.

Вацлаў, салдат.

Васілёк

Барыс і Алесь, вясковыя хлопцы.

Фроська, Алена, Параска і Таццяна — вясковыя дзяўчаты.

Тодар, Ягор, Сідар, Куліна — сяляне сярэдняга ўзросту

Сяляне.

Гайдукі.

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Перад заслонай Лірнік.

Лірнік.

 

То не казка будзе з маіх вуснаў ліцца.

Праўду-матку толькі паведаю, людцы.

У маёнтку Ашторп лютаваў уладарна.

Не было паблізу яму паноў роўных.

Маткі сваіх дзетак яго імем страшаць.

Вызваліць ад здзекаў яны бога просяць.

Але бог не чуе стогнаў тых народу,

З ім паны-магнаты наладзілі згоду,

Пакуты народа ліюцца ракою,

Ад крыві кат Ашторп не мае спакою,

Больш і больш усё бракне яго цела ёю,

Пачакай, Ашторпе, заплаціш сваёю.

 

Лірнік змаўкае і выходзіць. Адкрываецца заслона. Палац Ашторпа, перад ім газон. Поўдзень. Страшэнная спякота. На балкон з палаца хутка выходзіць Ашторп.

Ашторп. Душна!.. Паветра мне, паветра!.. Я задыхаюся!.. (Пагражае кулаком сонцу.) Смелае, што высока! Дабяруся! Душна! Мне душна!!!!

Падае ў крэсла і цяжка дыхае. Цішыня. У расчыненым акне, якое выходзіць на балкон, з’яўляецца Юзэф. Ён чакае загаду пана, але Ашторп у забыцці, нават грудзі перасталі ўздымацца.

Юзэф (выходзячы на балкон). Што з ім? Ці жывы?

Ціха падыходзіць да пана і прынікае вухам да яго грудзей. Раптам закукаваў зязюляю гадзіннік. Ашторп расплюшчыў вочы, усхапіўся так імкліва, што Юзэф падае.

Ашторп (крычыць). Людзі, сюды!

З’яўляюцца два гайдукі.

Гайдукі. Што загадаеце, яснавяльможны?

Ашторп. Вось гэта быдла хацеў мяне задушыць. Спусціць на яго сабак.

Юзэф (па каленях). Ясна...

Ашторп. Чаго стаіце?

Гайдукі схапілі Юзэфа і павалаклі з балкона.

Я ўладар гэтых бязмежных абшараў! Ніхто хай не важыцца ісці супроць мяне! (Застывае ў позе, выражаючай усеўладства.)

Раптам цішыню прарэзвае брэх сабак і пакутны чалавечы крык.

Хто асмеліўся маіх сабак трывожыць? Закатую! Францішак!

З’яўляецца Францішак.

Францішак. Што загадаеце, яснавяльможны пане?

Ашторп. Чаго сабакі брэшуць?

Францішак. Яснавяльможны пане, іх спусцілі на Юзэфа.

Ашторп (хутка падыходзіць да рашоткі). Зараз жа спыніць! Чуеце, забраць сабак!

Наступае цішыня.

Паклікаць гайдукоў!

Францішак знікае.

Мой любімы лакей!

Уваходзяць гайдукі.

Ашторп. Дзе Юзэф?

Гайдукі. На дварэ, яснавяльможны пане.

Ашторп. Каб зараз жа быў тут!

Гайдукі. Яго разарвалі сабакі.

Ашторп. Што? (Паўза.) Як жа вы да гэтага дапусцілі?!

Гайдукі. Мы выконвалі загад яснавяльможнага пана.

Ашторп. Мой загад вам — зараз жа адсячы па пальцу на левай руцэ!

Гайдукі. Слухаем, яснавяльможны пане!

Ашторп. Францішак!

З’яўляецца Францішак.

Францішак. Што загадаеце, яснавяльможны пане?

Ашторп. Каб быў тут музыка Даніла.

Фра нцішак выходзіць. На балконе з’яўляецца гайдук Лявон.

Лявон. Яснавяльможны пане, бяда!

Ашторп. Кажы хутчэй, быдла!

Лявон. Атаман нагу зламаў.

Ашторп. Як?

Лявон. Змітрок на вадапой вёў.

Ашторп. Паклікаць сюды!

Лявон бяжыць, у дзвярах налятае на Данілу. Ад сутычкі загаманілі струны скрыпкі.

Даніла. Што загадаеце, яснавяльможны пане?

Ашторп. Зайграй так, каб гэта праклятае сонца астыла!

Даніла. Не маю такой сілы, каб сваёй ігрою прымусіць сонца не грэць.

Пачынае граць. У яго ігры чуецца і боль чалавечага сэрца, і стогн маці па сыну, і галасы абурэння і нянавісці да катаў. Твар Ашторпа наліваецца крывёю.

Ён ускоквае і крычыць.

Ашторп. Гэй ты, быдла! Што за ігру ты для мяне выдумаў сёння?! Ад яе ў маім сэрцы нараджаецца трывога.

Даніла. Гэта ігра майго сэрца, а я не ўладар над ім.

Ашторп (у шаленстве). Дык я ўладар над ім!.. Над табой!.. Над тваімі думкамі!

Даніла (спакойна). Не, яснавяльможны пане, ніхто не ўладар над маімі думкамі.

Ашторп. Маўчы, смярдзючы хлоп! А то гэтай скрыпкай раскрою табе галаву і вызвалю з яе брудныя думкі. Іграй па душы мне! Пра маю магутнасць, пра тое, што я ўладар не толькі над людзьмі, але і над прыродай, пра маю моц, якой не будзе канца!

Прыбягае гайдук Лявон.

Лявон. Яснавяльможны пане, конюх Змітрок збег!

Ашторп. Знайсці!.. Злавіць!.. Прывесці да мяне!.. А не — скуру з усіх спушчу!

Уваходзіць ксёндз Дамінік.

Дамінік. Ды ніспашле ўсявышні шчадроты свае на галаву тваю, вяльможны пане, ды свеціць ярчэй сонца ў жыцці тваім.

Ашторп. Шчадрот і так у мяне хапае, а сонца хай прападзе са сваім цяплом!

Дамінік. О, якія словы я чую з вуснаў вяльможнага пана! Гардыня і непаслушэнства запаведзям гасподнім гучаць у іх. Змірыся, сын мой.

Ашторп (Данілу і Лявону). Вы чаго вушы развесілі? Прэч адсюль!

Лявон амаль пабег, а Даніла выходзіць не спяшаючыся, з горда паднятай галавой.

А ты не каркай! Ведаю я тваё паслушэнства запаведзям гасподнім і смірэнне. За салодкую ежу і хмяльное пітво з майго стала ты прадаеш іх!

Дамінік (узвёўшы вочы да неба і склаўшы крыжам рукі на грудзях). Няхай даруе гасподзь рабу божаму Лявону яго праграшэнні, вольныя і нявольныя, і ніспашле яму мір і супакаенне.

Ашторп. Сядай, айцец Дамінік. Растлумач мне — ты ж дыпламатам лічышся,— што рабіць з гэтым непаслухмяным быдлам? У мяне такое ўражанне, што ўсе яны дыхаюць нянавісцю да мяне, гатовы накінуцца і перагрызці горла.

Дамінік. Адзін выпрабаваны сродак у руках панства: больш унушаць страху хлопам.

Ашторп. А хіба я літасцівы да іх? Маім імем маткі пужаюць сваіх малых дзяцей, хіба не толькі што мае сабакі разарвалі хлопскае цела Юзэфа. Але нішто не дапамагае.

Дамінік. Пачаў муціцца народ. (Знізіўшы голас.) Вось і сёння я дазнаўся ад надзейных людзей, што ўчора ў Забалоцці быў нейкі Максім Саравітан, беглы салдат. Падбухторваў народ супроць шаноўнага панства. Перадаваў, што на Віленшчыне вялікія мужыцкія хваляванні. Паляць маёнткі, забіваюць іх уладарных гаспадароў.

Ашторп. А чаму яго не схапілі?! Чаму не прывялі да мяне?! Вось дзе выяўляецца «вернасць» вашай службы!

Дамінік. Дарэмна, вяльможны пане, крыўдзіце мяне. Я ўсё зрабіў для таго, каб схапіць крамольніка. Але прыбеглі гайдукі, а ад яго ўжо пыл улёгся — уцёк.

Уваходзіць Францішак.

Францішак. Яснавяльможны пане, князь Радзівіл.

Ашторп. Прасі.

Францішак выходзіць.

Вось адзіны чалавек, роўны мне. Толькі з ім я супакойваю сваё сэрца.

Уваходзіць Радзівіл. Ашторп ідзе яму насустрач.

Радзівіл. Нех бэндзе пахвалены.

Ашторп. Навекі.

Вітаюцца.

Сядай, князь. Добрым ці злым ветрам цябе занесла сюды?

Радзівіл (выціраючы потную лысіну). Думаю, пану Ашторпу вядома, якія зараз ветры дзьмуць, асабліва з усходу.

Ашторп. Яшчэ якія навіны?

Радзівіл. Дзеля гэтага і прыехаў да пана.

Ашторп (бліжэй прысоўваецца да князя,, які вачыма паказвае на Дамініка). Айцец Дамінік — наш шчыры аднадумец, і яго прысутнасць хай не выклікае ў князя трывогі.

Радзівіл. У пана Уладзімірскага, як табе вядома, каля Чэрыкава ёсць маёнтак. Учора адтуль прыбыў яго сын са страшнай весткай: разбэшчанае быдла чыніць нечуваныя расправы над панствам. Прысланыя войскі пакуль што не асабліва загараюцца гэтай справай, а чакаць, пакуль яны загарацца, дык згараць усе маёнткі разам з іх гаспадарамі.

Ашторп (з вялікім хваляваннем). Дык чаго ж сядзець склаўшы рукі? Трэба нешта рабіць. Зараза не сёння-заўтра можа перакінуцца і сюды. Наш хлоп таксама стаў ненадзейным. Глядзіць воўкам. Выдумалі моду некуды ўцякаць.

Радзівіл. Не некуды, а ў пушчы. Дакладна ўстаноўлена, што нашых мужыкоў муцяць «госці» з Расіі і нашы малойчыкі, якія нахапаліся атрутных ідэй Герцэна.

Ашторп. Яго «Звон» гучнейшы, чым царкоўны і касцельны.

Радзівіл. Праўда, айцец Дамінік?

Дамінік. Я ў палітыку не ўмешваюся.

Радзівіл (з'едліва). А якая вам тады цана?!

Ашторп. Я прапаную, князь, неадкладна з’ехацца хоць мясцоваму панству і параіцца, як быць, якія прыняць сродкі супроць небяспекі.

Радзівіл. За гэтым я і прыехаў. Панства лічыць за лепшае прыехаць сюды.

Ашторп. Я палічу за вялікі гонар для сябе прыняць шаноўнае панства.

Радзівіл. Толькі гэта трэба трымаць у вялікім сакрэце. Ёсць думка наладзіць банкет. Сродкі для гэтага ўжо сабраны.

Ашторп. Што? З якога гэта часу сталі лічыць мяне, Ашторпа, уладара чатырох маёнткаў, жабраком?

Радзівіл. Выбачай, пане Ашторп, але гэта агульная святая справа, і кожны сапраўдны патрыёт гарыць жаданнем быць яе непасрэдным удзельнікам.

Ашторп. Сабраныя грошы будуць патрэбны для больш важнай справы. А я не дазволю, каб у маім доме банкетавалі за нейчы кошт.

Радзівіл. Хай будзе так. Схіляю галаву перад высакародным тваім патрыятызмам.

Ашторп. А як айцец Дамінік глядзіць на гэту справу?

Дамінік. Я, шаноўныя, раздаўлены ўсім пачутым. Такая гасподняя кара можа зваліцца на галовы панства.

Ашторп. А твая грэшная душа ўжо ў пятках апынулася?

Панеслася песня «Каціўся вяночак з поля», якая ўсё ўзрастае.

Радзівіл (трывожна). Што гэта?

Усе пільна прыслухоўваюцца. Песня ўсё бліжэй.

Ашторп. А, гэта сёння ў мяне дажынкі. Хлопы ідуць славіць мяне і павесяліцца. Прашу пана застацца і паназіраць.

Радзівіл. Зараз, пане Ашторп, не да ідылій, якія нечакана могуць скончыцца трагедыяй. Я еду. Да хуткага пабачэння, панове.

Ашторп і Дамінік устаюць і праводзяць Радзівіла. Да ганка палаца падыходзяць дажынальнікі, жанчыны і мужчыны. Усе ў святочных вопратках. У дзяўчат на галовах вянкі з палявых кветак, на плячах сярпы. Уперадзе Фроська са снопам, упрыгожаным кветкамі.

Фроська (пяе).

 

Пусці, пані, да пакоя,

Бо я ў полі настаяўся,

Буйных ветраў наслухаўся,

Дробным дажджом намачыўся.

 

Ашторп выходзіць на ганак і апускаецца ў крэсла. Фроська становіцца на калені перад панам.

Фроська (пяе).

 

Мы нанава жыта жалі,

Сярпы нашы не ляжалі —

Дарма.

Мы ўсе жнейкі руплівыя,

На работу хаплівыя —

Вельмі.

Колькі ў снопе каласочкаў,

Столькі пану жыць гадочкаў —

Многа.

А за працу цяжэнькую

Пан дасць гульню хмяльненькую —

Дужа.

 

Ашторп (да Францішка). Чыя гэта, што славіць?

Францішак. Тодара мулера дачка. У наступную нядзелю яе вяселле з Васільком Чубам.

Ашторп. У суботу ўвечары яна павінна быць у палацы. Ідзі.

Францішак выходзіць. Збягае з ганка і Фроська, адчуўшы нешта нядобрае. Сяляне рассыпаюцца на газоне перад палацам, куды ўжо выкочваюць бочкі з мёдам, расстаўляюць на разасланыя доўгія палотны закуску. Шумна, весела. Усе садзяцца на траву. Пачынаецца частаванне. Вяселле нарастае.

Чутны воклічы.

— Браты, вып’ем за лепшую долю мужыцкую!

— За яе, матухну!

— За волю-вольніцу!

На газоне з’яўляецца Даніла са скрыпкаю. Воплескамі сустракаюць яго.

Фроська. Дзядзечка, родненькі, сыграйце! Вы сваёй ігрой хапаеце за сэрца.

Усе. Просім!

Даніла. Так, браты і сёстры, з вялікай шчырасцю сыграю вам, бо апрыкрала ўжо іграць тым, хто лічыць цябе за быдла.

Усе сціхаюць, Даніла пачынае іграць. Спачатку льецца мелодыя журботная. Тут і журчанне ручайка, і празрыстасць чыстых крыніц, і павевы ласкавага ветру, і пошчакі салаўіныя. Тут і стогн пакутуючых людзей. Жанчыны рагамі хустак выціраюць слёзы, чуюцца цяжкія ўздыхі мужчын. Раптам музыка нібы абудзіўся, горда ўзняў галаву, вочы яго загарэліся агнём, задыміліся гневам. З-пад смычка яго вырвалася, як бушуючы шквал, бурная мелодыя. У ёй вуха кожнага ўлавіла і гнеўны пратэст супроць гвалту, і нянавісць да крыўдзіцеляў, і жаданне вольна ўздыхнуць. Гэта перадаецца і людзям. Пасуровелі твары, сцяліся зубы, наліліся новай сілай мазалістыя кулакі. Даніла скончыў. З-за дрэва выходзіць Максім Саравітан і спыняецца пад каштанам. Яго не заўважаюць.

Фроська (падносячы Данілу кубак мёду). Прыміце ад усіх, каму вы дорагі, дзядзька Даніла.

Падае яму кубак, той выпівае.

Саравітан (падыходзячы да Данілы). Шчыра цісну руку, якая так цудоўна валодае смычком, ад імя тых, хто ўжо становіцца на шлях барацьбы супроць няпраўды і насілля.

Некаторыя пазнаюць Саравітана, але большасць са здзіўленнем глядзяць на незнаёмага. Гайдукі падбягаюць і хапаюць Саравітана. Хлопцы кідаюцца абараняць яго, але Максім цвёрдым, спакойным голасам спыняе іх.

Саравітан. Браты, не трэба. Поўны спакой.

Гайдукі вядуць Саравітана на ганак.

Ашторп. Ты што за чалавек?

Саравітан. А ты хто такі, што такім тонам пытаеш мяне?

Ашторп (у шаленстве). Я той, хто зараз жа можа аддаць загад, каб мае сабакі разарвалі на дробныя кавалкі тваё смярдзючае цела.

Саравітан. Чуў, чуў, што пан — аматар на такія «забавы». Але панскія сабакі не крануць, бо прывыклі толькі да мужыцкай крыві. На мне ж наліпла многа панскай.

Ашторп. О, гэта цікавая асоба!

Саравітан. Чым жа мая асоба так зацікавіла шаноўнага пана? Ці не тым, што мы навучыліся пускаць кроў вашаму брату?

Ашторп. Узяць яго!!! Закатаваць на стайні да смерці!

Саравітан. Паспрабуйце! (Выхоплівае вялізны нож.) Вось гэта напрактыкаваная на панах рука не памыліцца!

Дамінік палез пад стол, гайдукі стаяць у нерашучасці.

Сяляне ў вялікім напружанні.

Ашторп (шалеючы). Што, здрада?! (Да гайдукоў.) І вы?!

Саравітан. Да хуткага пабачэння, пан! А зараз лавіце Максіма Саравітана!

Знікае ў кустах. У сялян вырываецца крык радасці. Ашторп хапае крэсла і кідае ў гайдукоў.

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Перад заслонаю зноў Лірнік. Пад мелодыю народнай песні «Ой ляцелі гусачкі цераз сад» ён працягвае.

Лірнік.

 

У Тодара заўтра бяседа,

збярэцца радня і суседзі.

Але ж музыкі не зайграюць

і дружкі не заспяваюць.

Не, не пеці птушцы песень, як прымусяць

у клетцы жыць.

Не вясна ёй тут, а восень,

і гняздзечка недзе звіць.

А былі, былі дзянёчкі, што расталі,

як дымок.

Былі месячныя ночкі, быў і шызы галубок.

Толькі буркавалі мала: вораг шчасцейка

разбіў.

Галубка так і не стала,

яе ж у клетку пасадзіў.

 

Адкрываецца заслона.

Вясковая вуліца. Вугал Тодаравай хаты. Вароты на двор. Направа ад варот высокі паркан, за ім садок. Ля паркана лавачка і бярвенні, на якіх сабралася вясковая моладзь.

Антоля. Дзевачкі, скажыце, як адчувае сябе маладая перад сваім вяселлем?

Алена. Будзеш ісці замуж, тады і адчуеш.

Антоля. А я замуж ніколі не пайду, бо збіраюся ў манастыр.

Барыс. З якога гэта часу цябе пацягнула ў манастыр?

Параска. Знаць, з таго, як з Алесем пачалі грашыць?

Антоля. Так, Алесь — вялікі грахаводнік: такое гаворыць, калі застаёмся адны, што вушы вянуць.

З двара выходзіць Фроська.

Антоля. Фроська, як ты сябе адчуваеш перад сваім вяселлем?

Фроська. І радасна на сэрцы, і страх нейкі бярэ.

Барыс. Што, не асвоілася яшчэ з Васільком? Нічога, ён хлопец рахманы.

Таццяна. Выкінь, Фроська, з галавы ўсё дрэннае. Хоць сёння і заўтра аддайся свайму шчасцю. Такія дні для нас, для дзяўчат, адзін раз у жыцці бываюць. Дзяўчаткі, спяём Фросьцы песню.

Дзяўчаты. Якую?

Таццяна. «Ой знаці, знаці на вяселлейку...»

Дзяўчаты спяваюць.

Фроська (плача).

 

Ой знаці, знаці на вяселлейку,

што Фросечка сіраціна.

А двор вялікі,

збор невялікі, не ўся яе радзіначка.

Ой каго наняць, ды каго паслаць

на Украіну на радзіму, на той свет па мамачку.

Салавей ляціць — не далятае,

а мамачка адказвае:

— Не магу ўстаці к свайму дзіцяці

ды парадачку даці. Сырая зямля дзверы залягла,

акенечка засланіла.

 

Антоля. Ціха. Ідзе крыўляка войтава.

Усе пазіраюць у канец вуліцы.

Барыс. Пудзіла гарохавае.

Алена. Сціхні, Барыс.

Уваходзіць Кацярына.

Кацярына. Чаго вылупіліся на мяне?

Барыс. Ты спачатку прывітайся.

Кацярына. З вамі вітацца? Фі, хамы.

Алена. Бач, якая яснавяльможная пані аб’явілася.

Антоля (падбягае да Кацярыны). Паненачка, дайце ручку пацалаваць.

Кацярына працягвае руку, Антоля плюе на яе.

Кацярына. Быдла! Будзеш помніць!

Антоля. Баюся я цябе, як сонца Ашторпа.

Кацярына. Як скажу Лявону!..

Антоля. Баюся яго, як і цябе!

Таццяна. Будзе ўжо вам кусацца. Скажы лепш, Каця, калі тваё вяселле.

Кацярына. Не цікаўся — не паклічу. А тваё, Фрося, заўтра?

Фрося. Не цікаўся — не паклічу.

Кацярына. Дурніца! Нічога, памякчэеш у Ашторпа.

Хутка пайшла.

Фроська. Што гэта яна сказала? Можа, дазналася аб чым ад свайго выжла?

Алена. Кінь, Фроська, выдумляць. Ляпнула, вар’ятка, сваім кастрывым языком.

Падыходзіць Алесь.

Алесь. Добры вечар.

Барыс. Добра білі, добра енчыў. Адкуль, Алесь?

Алесь. З маёнтка. З бацькам падлогу ў палацы папраўлялі.

Параска. Можа, навіны якія прынёс?

Алесь. Нешта гайдукі ўзрушаны. Кудысьці збіраюцца. Ці не задумаў што стары грахаводнік?

Фроська туліцца да Антолі.

Антоля. Што з табою, Фроська?

Фроська. Дзевачкі, чуе маё сэрца бяду. Тады, калі я славіла, Ашторп так глядзеў на мяне, што ўсярэдзіне, здаецца, усё абарвалася.

Параска. Кінь, золатка. Ён мог ужо і забыць.

Дзяўчаты. Вядома. Не думай аб гэтым.

Таццяна. Заўтра ж тваё вяселле.

Алесь. У тым і справа, што заўтра вяселле.

Дзяўчаты робяць знакі, каб Алесь змоўк.

Антоля. Алеська, пойдзем, я скажу табе нештачка на самае вуха.

Пайшлі.

Фроська. І Васілька нешта няма.

Барыс. Напэўна заняты. Заўтра такі дзень...

Параска. Вось і Васілёк!

Уваходзіць Васілёк.

Васілёк. Добры вечар.

Усе. Добры вечар.

Пільна ўглядаюцца ў Васілька.

Васілёк. Не пазналі?

Барыс. Дзе ты сёння ўвесь дзень прападаў?

Васілёк. Там мяне ўжо няма.

Барыс. Нешта да цябе сёння не прыступіцца.

Васілёк. Прабачце. Дазвольце нам з Фроськай застацца адным.

Моладзь выходзіць. Васілёк горне да сябе Фроську.

Кепскія справы, Фроська.

Фроська. Не тамі, кажы.

Васілёк. Зараз я з пушчы. Хадзіў, каб сустрэць Максіма Саравітана.

Фроська. А навошта ён табе?

Васілёк. Чорная хмара збіраецца над нашымі галовамі.

Фроська. Васілёк, мне страшна!

Васілёк. Нам да ўсяго трэба быць гатовымі.

Фроська. Кажы!!!

Васілёк. Ад Анэты, пакаёўкі пана Ашторпа, сёння я даведаўся, што пан даў загад гайдукам, каб цябе схапілі і прывялі ў палац.

Фроська. Васілёк! Няўжо гэта можа быць?!

Васілёк. Не! Ты будзеш толькі маёй. Вось чаму я і да Саравітана хадзіў.

Фроська. Што ён табе сказаў?

Васілёк. Абяцаў не даць нас у крыўду. І я яму веру.

Фроська. Хто ён, гэты Саравітан?

Васілёк. Беглы салдат. Разумны, адважны. За народ гатоў жыццё аддаць.

З’яўляецца Даніла са скрыпкай.

Даніла. Добры вечар, галубкі!

Васілёк і Фроська. Добры вечар, дзядзька Даніла.

Даніла. Зарана я да вас на вяселле прыйшоў.

Васілёк і Фроська. Калі ласка. Мы вельмі рады.

Даніла. Ужо тры дні мяне шукаюць панскія гайдукі, ад самых дажынак.

Фроська. Дзядзька Даніла, Васілёк сёння ў маёнтку даведаўся, што ўвечары панскія гайдукі хочуць мяне схапіць і адвесці да Ашторпа.

Даніла. Гэта праўда, Васілёк?

Васілёк. Праўда, дзядзька Даніла.

Даніла. І што ж маеце рабіць?

Васілёк. Бараніцца.

Даніла. А хопіць сілы?

Васілёк. Пабачым.

Фроська прынікае да Васілька.

Фроська (пяе).

 

Не, не пеці птушцы песень,

Як прымусяць ў клетцы жыць.

Не вясна ёй тут, а восень,

І гняздзечка недзе звіць.

А былі, былі дзянёчкі,

Што расталі, як дымок,

Былі й месячныя ночкі,

Быў і шызы галубок.

Толькі ж буркавалі мала:

Вораг шчасцейка разбіў,

Галубка так і не стала,

Яе ж у клетку пасадзіў.

 

Даніла падыгрывае на скрыпцы. Ціха збіраецца моладзь. Калі Фроська і Даніла скончылі, выходзіць войт.

Войт (да Данілы). А, і ты тут? А цябе шукаюць.

Даніла. Сумна пану Ашторпу без мяне. Дык скажы яму, пан войт, каб шукаў сабе другога музыку.

Войт. Скажу, скажу, ягамосце, усё скажу.

Даніла. Што і мяне тут бачыў? Кажы... Зарабляй.

Выходзяць са сваіх двароў Тодар і Куліна.

Войт. Вось добра, Тодар, што прыйшоў. Ёсць панскі загад: з’явіцца табе з дачкою да двара.

Усе як громам аглушаныя.

Тодар. Уночы? Пабойцеся бога.

Войт. Я толькі загад пана перадаў.

Фроська бяжыць да бацькі і туліцца да яго.

Фроська. Татачка, барані мяне!

Тодар (гладзячы па галаве дачку). Але ж панскі загад, дачушка.

Войт. Ніхто яшчэ не важыўся пярэчыць Ашторпу.

Васілёк. Я першы плюю на панскія загады!

Войт. О, дасканала сказана, зусім дасканала. Так і перадам яснавяльможнаму пану.

Васілёк. Дык ідзі хутчэй! Ідзі, кажу!

Сунуўся да войта.

Войт. Ага, я пайшоў.

Куліна. Пан войт, зайдзі дамоў бялізну змяніць.

Войт хутка выходзіць.

Тодар. Дык хадзем, добрыя людзі, у хату, што ўжо будзе.

Куліна. Дзяўчаткі, каравай пара пячы. Цеста ўжо недзе паднялося.

Заспявалі песню.

 

А на небе месячык узышоў,

А ў дзяжы каравай падышоў...

 

І ўсе ідуць на Тодараў двор. Уваходзяць Сідар і

Ягор.

Сідар. І чаму я цябе так люблю, Ягор? Ну дай бусю. (Цалуе.)

Ягор. Не падлізвайся. Ведаю цябе. Замазваеш вочы, каб не бачылі, як ты да маёй Тэклі падлабуньваешся?

Сідар. Няхай бог скарае, калі гэта праўда. Хай мне мая Аўдуля пойдзе не ў смак. Табе, Ягор, злыя языкі наплялі, каб пасварыць нас.

Ягор. Я ўжо даў сваёй паранкі. Не заглядайся на іншых, калі свой, можна сказаць, першы прыгажун на сяле.

Сідар. Вось іменна прыгажун... І чаму я цябе так люблю, сусед? Дай яшчэ бусю ў гэту кірпусю. (Цалуе ў нос.)

Ягор. Адчапіся! Што ты да мяне, як да бабы, прыстаеш?

Сідар. А як ты думаеш, Ягор, завалае пан да сябе на ноч Тодараву дачку? Заўтра ж вяселле.

Ягор. Хіба Ашторп упусціць такую ягадку, як Фроська?

Сідар. Але ж Васілёк можа заварыць кашу. Дзівак хлопец, хіба яны першыя ці апошнія. Мы вось жывём са сваімі кабетамі. Праўда, крыўдна, але што ты зробіш?

Ягор. Добрыя людзі даўно ўжо зацуглялі сваіх паноў. Не прыгонныя шапкуюць перад панамі, а прыгоннікі перад халопамі.

Сідар. Гэта ты сніў у мінулую ноч?

Ягор. Кажуць, і сны збываюцца.

З канца сяла даносіцца конскі тупат, брэшуць сабакі.

Сідар. Здаецца, з боку двара?

Ягор. Сідар, гэта ўжо не сон.

Тупат зусім блізка.

Хаваймася на Тодараў двор.

Знікаюць. На вуліцу хутка выходзіць Параска. Убачыўшы на конях гайдукоў, яна варочаецца на двор.

Параска. Гайдукі! Ратуйце Фроську!

На дварэ шум, устрывожаныя галасы: «Закрыць і добра падперці вароты!»

Вароты зачыняюцца. Выбягаюць узброеныя гайдукі.

Лявон (стукае ў вароты). Гаспадар, адчыні! Лепш будзе!

Другі гайдук. Тодар, гэта бунт?

Трэці гайдук. Што рабіць?

Лявон. Ламаць вароты! Прыналяжам! Дружна!

Вароты трашчаць.

Яшчэ раз!

Адна палавіна варот падае, за ёю валіцца і гайдук. Па ім замалацілі палкі. Гайдукі ўрываюцца на двор. Шум, крыкі, трэск платоў, стрэлы. Лявон цягне на вуліцу Фроську. Яна адбіваецца, кусае. Увесь твар гвалтоўніка ў крыві.

Фроська. Людзі, ратуйце!

Выбягае з двара Куліна.

Куліна. Васілёк, сюды! (Хапае Фроську і не пускае.)

Лявон б’е кулаком па галаве Куліну, якая выпускае Фроську і асядае на зямлю.

Гайдук хапае на рукі Фроську і выбягае з ёю. Зараз жа пачуўся конскі тупат у бок двара. З суседняга двара выбягаюць Саравітан і яго хлопцы.

З двара Тодара выбягае Васілёк.

Васілёк. Усё прапала, Максім!

Саравітан. Дзе Фроська?

Куліна. Схапіў Лявон і павёз у маёнтак. Я паспрабавала абараніць, але панскі гіцаль так дзеўбануў, што я — з усіх капытоў.

Саравітан. Даўно?

Куліна. Яшчэ конскі тупат не сціх.

Саравітан (да аднаго з хлопцаў). Андрэй, садзіся на любога каня — і наўздагон! Ні разу яшчэ ты не падвёў.

Андрэй выбягае. Пачуўся конскі тупат. Хлопцы, за мною!

Бягуць на Тодараў двор. Васілёк апусціўся на бервяно, абхапіўшы рукамі галаву. На дварэ працягваецца бойка. Потым усё сціхае. На вуліцу выводзяць са звязанымі рукамі гайдукоў. Яны ў крыві. У некаторых хлопцаў таксама кроў на тварах. Збіраецца народ.

Тодар. А Фроська?! Дзе мая дачушка?

Саравітан. Яе схапілі... Паслана пагоня.

Тодар. Схапілі?! Дзіцятка маё!

Васілёк (усхапіўшыся). Максім, пойдзем у маёнтак. Яе трэба вызваліць!

Саравітан. Не губляй галавы, Васілёк. Пачакаем Андрэя. Тады будзем нешта рабіць. А зараз наладзім суд над гэтымі пачварамі.

(Паказвае на гайдукоў.) Старэйшыя, за вамі слова.

Параска. Едзе!

Усе пазіраюць у бок маёнтка.

Саравітан. Пазнаю Андрэя.

Антоля. З ім Фроська!

Хода р. Што ты кажаш, дачушка?

Уся моладзь. Фроська! Фроська! Яна!

Васілёк бяжыць насустрач. Моладзь радасная, толькі старэйшыя скупа падзяляюць агульную радасць. Выходзіць успацелы Андрэй, за ім, узяўшыся за рукі, ідуць радасныя Васілёк і Фроська.

Андрэй. Вось і мы! (Падыходзіць да Саравітана.) Мой атаман, загад выканан.

Саравітан. Маладзец, Собаль!

Андрэй. Такім буду заўсёды!

Дзяўчаты снуюць каля Фроські.

Саравітан. Дакладвай, Андрэй.

Андрэй. Ды вельмі проста. Калі я выскачыў у поле, а конь папаўся агонь! вецер! — дык убачыў перад сабой толькі слуп пылу. Прыналёг я на варанога, і ён панёсся, як птушка. Толькі вецер каля вушэй свішча. Эх, добры конь! Бачу — даганяю мярзотніка. Праўду сказаць, дзяўчына папалася — казак. Усю дарогу ваявала з ворагам.

Усе глядзяць на Фроську.

З размаху я ўдарыў гайдука ў патыліцу так, што ён — стрымгалоў на зямлю. Я на ляту падхапіў вось яе і — назад. Я казаў, што вельмі проста.

Саравітан. А з табой яна не ваявала?

Андрэй. Дзе там... Усю дарогу абнімала.

Фроська (падбягае да Андрэя). А зараз і пацалую (цалуе), як брата.

Саравітан. Ну, пажартавалі, і годзе. Дык, старэйшыя, за вамі слова: што будзем рабіць з гэтымі ваякамі?

Ягор. Хай едуць да Ашторпа ды хваляцца сваёю «перамогаю».

Саравітан. Яны не паедуць, а пойдуць.

Другі гайдук. А нашы коні?

Саравітан. Праваявалі вы свае коні, панскія халуі.

Сідар. Што ж нас чакае? Прапалі нашы галовы!

Куліна. Заныў... А яшчэ мужчына. Паслухаем, што разумныя людзі скажуць.

Усе. Просім.

Саравітан. Маё слова будзе кароткае. Праўда, гэтых гіцляў трэба адпусціць. Хопіць з іх на першы раз і таго, што тут атрымалі, а ў маёнтку Ашторп яшчэ дабавіць. Хлопцам няма чаго тут заставацца: іх дарога з намі. Старэйшыя мужчыны, жанчыны і дзеці застануцца дома. Баяцца няма каго. Хай паспрабуюць паны крануць каго-небудзь хоць пальцам — не ўзрадуюцца. І супроць іх ёсць сіла. А Ашторп аб гэтым будзе папярэджаны.

Даніла. Вазьміце і мяне — спатрэблюся.

Фроська. І мяне.

Саравітан. Цябе абавязкова.

Адзін з гайдукоў. Няма чаго і мне варочацца ў маёнтак. Прыміце ў сваю хэўру.

Саравітан. Не, ты вернешся яшчэ да Ашторпа. Калі ж сумленне тваё падкажа табе ўсю агіднасць твайго халуйства, тады паспрабуй знайсці дарогу да нас.

Фроська (абнімае бацьку). Татка, не сумуй адзін. Будзем бачыцца.

Васілёк. Фроська, па дарозе зойдзем да маіх старых. Яны ўжо і твае. (Падыходзіць і цалуе Тодара.) Бывайце, тата. Не забывайце маіх бацькоў. Мацуйцеся,

Тодар. Васілёк, глядзі яе. Цяпер ты яе абаронца. (Плача.)

Саравітан. Дык у дарогу, сябры. Забяжыце дадому ўзяць чаго-небудзь з сабою, а мы за вёскай пачакаем вас. Хлопцы, вазьміце коней.

Некалькі хлопцаў выбягаюць.

Вам, бацькі і маткі, сёстры і дзеці, шчасліва заставацца. Памятайце, што Ашторп ужо не ўсемагутны.

Куліна. Чалавеча добры, скажы, ці не той ты самы, што на дажынках быў з намі? Дык скажы, хто ты?

Старэйшыя. Скажы!

Саравітан. Зараз некалі. Мы ў небяспецы. Скажу толькі, што я такі ж гаротны мужык, як і вы. А завуць мяне Максім Саравітан. Яшчэ раз бывайце!

Моладзь імкліва рушыла за вёску з песняй.

 

Ой, канава, ты канава,

Ты, канавачка мая,

Праз цябе, мая канава,

Ехаў мілы на кані...

 

Жанчыны хрысцяць адыходзячых. Выбягае Кацярына.

Кацярына. Дзе мой Лявон?! Конь прыбег у маёнтак адзін! (Да гайдукоў.) А вы чаго стаіцё?! Бізунамі іх.

Першы гайдук. У нас звязаны рукі.

Кацярына развязвае гайдукам рукі. Сяляне шчыльней самкнуліся і глядзяць на гайдукоў.

Кацярына. Біце іх! Страляйце!!!

Другі гайдук. Стрэльбы нашы забралі.

Кацярына. А вы вось так...

Кідаецца на Куліну і хоча схапіць яе за валасы, але тая злаўчылася і ўдарыла Кацярыну.

Куліна (папраўляючы хустку на галаве). Яшчэ з такой смаркухай спраўлюся! Во, гадзюка насатая.

Гайдукі пайшлі, за імі Кацярына.

Ягор. Не даруе ўсяго гэтага Ашторп.

Куліна. А я веру Саравітану. Ён не дасць нас у крыўду.

Тодар. Будзем верыць і спадзявацца.

Куліна. Памятаеце, на дажынках Саравітан сказаў Ашторпу, што такія, як ён, навучыліся пускаць кроў панам. Гэта ж і я сёння паспрабавала заняцца гэтым. Шкада, пачала з паўпанкаў.

Крыкі.

Малайчына, цётка Куліна!

Але ж табе трэба ў пушчу ўцякаць!

Куліна. Як пачну сапраўдных паноў трушчыць, тады дарогу знайду і ў пушчу!

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Перад заслонаю Лірнік. Ён іграе на ліры.

Лірнік.

 

 

Зашумела грозна пушча векавая,

яна стала цяпер зусім не такая.

Ад паноў, ад катаў пушча тых схавала,

хто не хоча болей мірыцца з навалай.

Ад крыўды на панства гараць сэрцы

помстай.

Не стрымаць ім гневу,

трэба браць нож востры,

точану сякеру, малаты ў рукі,

каб ведалі паны, дзеці іх і ўнукі.

Пушча-маці кліча на расправу з катам,

тапіць у рацэ іх, быць цвярдзей з іх братам.

Кіньце, паны, енчыць і богу маліцца.

Не паможа й боска, як народ памсціцца.

 

 

Адкрываецца заслона.

Глухая пушча. Каля тоўстых старадрэвін шалашы. Цішыня. Час ад часу ўпадзе яловая шышка. Дзяцел спрабуе моц дрэў і свайго носа. Адась са стрэльбай на плячы выходзіць з-за дрэў.

Адась. Нават у такім гушчары даймае. (Выцірае потны лоб.) Бялізна да цела прыстае. Парыць — будзе дождж. Стой! Хто ідзе? (Хапае ў рукі стрэльбу.) А, гэта ты, Фроська.

Выходзіць Фроська.

Фроська. Як ты мяне перапалохаў!

Адась. А табе пара ўжо прывыкнуць да нашых парадкаў, Фроська. (Доўга ўглядаецца ў яе.)

Фроська. Чаго так утаропіўся ў мяне?

Адась. Прыгожая ты.

Фроська. Хаця не закахайся.

Адась. Спазніўся — вакансія занята.

Фроська. Што гэта нашых хлопцаў доўга няма? Хаця б усё добра было.

Адась. Дзе Саравітан, там заўсёды будзе ўдача.

Фроська. Пасябраваў з ім мой Васілёк. Мне пачынае здавацца, што Васілёк пахаладзеў да мяне.

Адась (круціць галавою). Ну і бабы... Што ж ты думаеш — ён дзьмухаць будзе на цябе, хаця б муха ці камар не селі на яго Фроську? У яго больш важныя справы.

Гром.

Фроська. Я баюся грому, асабліва маланкі.

Адась. А чаго баяцца? Вось залезеш у шалаш, і ніякая маланка да цябе не дабярэцца.

Фроська. Мне абы галаву схаваць.

Гром, ужо бліжэй.

Адась (глядзіць угору). Хмара бокам пойдзе.

Фроська. Ды ўжо ж дождж капае.

Адась. Тады залазь у шалаш і хавай куды хочаш сваю галаву.

Фроська хаваецца ў шалаш, Адась ідзе за дрэвы. Навальніца сапраўды пайшла бокам. Развітваючыся з пушчай, яна ружова-зялёным святлом пранізала яе, і такі аглушальны трэск здрыгануў абшары, што, здавалася, раскалолася неба. Фроська выскачыла з шалаша і прыпала да тоўстай елкі. З-за дрэў, аглядаючыся, выходзіць гайдук, што прасіўся ў пушчу разам з хлопцамі. Ён не заўважае Фроські.

Гайдук. Дык вось дзе іх гняздо. Сам сахаты паломіць ногі, пакуль прадзярэцца сюды. Нідзе-нідзе нікога. Няўжо бяруць і Фроську, калі ідуць на свае крывавыя справы? А страшна тут. Хаця б вытрымаць экзамен.

А зыркае вока Адася пільна сочыць за няпрошаным госцем.

Адась. Ні з месца!

Гайдук аж падскочыў.

Ты хто такі і адкуль узяўся?

Гайдук. Я гайдук з маёнтка пана Ашторпа.

Адась. А чаго ты сюды забрыў?

Гайдук. Надаела быць панскім халуём.

Хачу стаць чалавекам.

Адась. Дык, кажаш, з маёнтка пана Ашторпа?

Гайдук. Ага.

Адась. Чым жа табе не дагадзіў пан?

Гайдук. Усім.

Адась. Смачнай ядой?

Гайдук. Яна папярок горла стаіць.

Адась. Мяккай пасцеллю?

Гайдук. Лепш на голай зямлі спаць.

Адась. А як абыходзіцца Ашторп з вамі?

Гайдук. Б’е няшчадна.

Адась. Дык чаму ж ты раней не ўцякаў ад пана?

Гайдук. Цярпеў.

Адась. А зараз цярпець няма сілы?

Гайдук. Ага. Скажыце, тут у вас і жанчыны ёсць?

Адась. Што, ужо да жанчыны пацягнула? Мала вас біў Ашторп.

З лесу выходзяць хлопцы. Наперадзе Саравітан і Васілёк.

Саравітан. У нас госць?

Гайдук. Добры дзень, атаман.

Саравітан. Уга, як ты мяне хутка ў атаманы вывеў. Ды ці не той ты гайдук, які ў пушчу прасіўся да нас?

Гайдук. Той самы.

Саравітан. Што, надакучыла халуём быць?

Гайдук. Я прыйшоў да вас.

Змітрок (выступіўшы наперад). Чаго?

Гайдук збялеў, убачыўшы Змітрака.

Дык я пытаюся: чаго ты прыпоўз, гадзюка, сюды?

Гайдук. Я ўцёк ад пана... Няма больш сілы цярпець.

Змітрок. Глядзі мне ў вочы... Смялей, смялей, калі прывяло цябе чыстае сумленне. А, не можаш? Брэшаш, юда! Я ведаю, чаго ты прыйшоў!

Усе затаілі дыханне. Падыходзіць да Васілька Фроська. Вам вядома, што я былы панскі конюх. Уцёк ад Ашторпа, бо было б тое самае і са мною, што з лакеем Юзэфам. А гэты вось — самы верны і адданы халуй Ашторпа. Колькі нашага брата загінула ад яго! Зараз ён прыйшоў да нас па загаду пана: высачыць нас і данесці яму, а той ужо выклікаў з Мінска жандараў, каб усіх нас схапіць.

Саравітан. Адкуль табе гэта вядома, Змітрок?

Змітрок. Уночы я быў у маёнтку.

Саравітан. Што ты там забыў?

Змітрок. Мне абавязкова трэба было. Аб усім паведаміла мне панская пакаёўка Анэта.

Саравітан. А-а-а... Табе абавязкова трэба было пабачыцца з Анэтай. А ў каго ты прасіў дазволу?

Змітрок. Я думаў, што можна.

Саравітан. Што ж будзе, калі ўсе мы ўздумаем пайсці хто да Анэты, хто да Праксэды, хто да Мальвіны, хто да Куліны?

Змітрок. Даруйце, больш гэтага не будзе.

Саравітан. Што скажа грамада?

Васілёк. Трэба дараваць. Гэта першы раз.

Адась. Змітрок сам прызнаў сваю памылку.

Барыс. Малады яшчэ, а сэрцу не загадаеш.

Саравітан. Уга, колькі абаронцаў. Добра. Змітрок, глядзі, каб зарасла сцежка да Анэты. Пакуль што насі яе ў сваім сэрцы. Ну, а ты што скажаш? Будзеш выкручвацца?

Гайдук. Змітрок усё выдумаў... з-за Анэты.

Саравітан. І ты туды ж. Што там ужо за Анэта?

Васілёк. Наш чалавек. Яна і мяне папярэдзіла аб тым, што Ашторп загадаў быў Фроську схапіць.

Фроська. Калі пачалася навальніца, я залезла ў шалаш. Але як трэснуў пярун, я ад страху выскачыла з шалаша і прытулілася да гэтай вось елкі. Бачу — з-за дрэў, крадучыся, вылазіць ён (паказвае на гайдука) і кажа сам сабе: «Хаця б добра вытрымаць экзамен».

Саравітан. Экзамен перад Ашторпам? Кажы... Не адпірайся!

Гайдук. Праўда. (Падае на калені.) Пан атаман, злітуйся! Мяне пан паслаў. Хіба я мог яго не паслухаць?

Саравітан. Хлопцы, за вамі слова.

Усе. Павесіць сабаку!

Саравітан. Зараз жа выканаць агульную пастанову.

Гайдука схапілі і павалаклі ў лес, ён лямантуе.

Адась. Астатнія хлопцы вяртаюцца.

Саравітан. Нясуць што-небудзь?

Адась. Не нясуць, а на падводах вязуць.

Саравітан хутка выходзіць, за ім Адась. Сярод хлопцаў ажыўленне.

Чуюцца асобныя галасы.

— Напэўна панскія прысмакі вязуць!

— Пакаштуем заморскага вінца!

Выходзяць Саравітан, Алесь і іншыя хлопцы.

Саравітан. Дзе вы ўзялі гэтага хлопца?

(Паказвае на Вацлава.)

Алесь. На дарозе з Мінска ў маёнтак Ашторпа.

Саравітан. Як гэта было?

Алесь. Сядзім мы, аж чуем — бяжыць нехта. Мы ўсхапіліся і бачым — па лесе стралой ляціць незнаёмы. Мы перахапілі яго. Спачатку ён спалохаўся, а потым пасмялеў, калі даведаўся, хто мы.

Саравітан. Як цябе зваць?

Незнаёмы. Вацлаў.

Саравітан. Слухаем цябе, Вацлаў.

Вацлаў. Естэм жолнеж. Наша вайскова часць накіроўвалася ў маёнтак пана Ашторпа для аховы яго і навакольных паноў ад сялянскіх паўстанцаў. Па дарозе, калі атрад спыніўся на адпачынак і жалнежы пачалі купацца, я ўцёк у лес.

Саравітан. А для чаго ты гэта зрабіў?

Вацлаў. А для таго, што я ест такі ж хлоп.

Саравітан. А бацькі ў цябе ёсць?

Вацлаў. Бацьку пан на паляванні застрэліў, а маці з гора памерла.

Саравітан. І ты жадаеш з намі быць?

Вацлаў. Бардза прошу. Я жадаю помсціць панам.

Алесь. А ён нам вельмі дапамог. Калі мы пазнаёміліся з Вацлавам бліжэй, ён і кажа: «А зараз, хлопцы, можна пажывіцца. Зараз будзе праходзіць невялікі абоз у маёнтак Ашторпа. Вязуць многа каштоўнага». Мы нечакана напалі на абоз. Падводчыкі разбегліся. Мы за падводы — і сюды.

Саравітан. То добра, што і палякі супроць сваіх паноў. Тады, можа, пойдзеш у найміты да пана Ашторпа? Нам трэба мець там свайго чалавека...

Вацлаў. Жалнежы пазнаюць мяне.

Васілёк. Пашліце мяне.

Саравітан. Не падыходзіш. Цябе таксама ведаюць у маёнтку.

Васілёк. А вы падштукуйце мяне, каб не пазналі.

Саравітан. Гэта ненадзейна.

Адась. Браточкі, я больш за ўсіх падыходжу. Не будзь я, калі не абдуру Ашторпа.

Саравітан. А цябе не ведаюць у маёнтку?

Адась. Ці мала сарок на белым свеце?

Саравітан. Што, грамада, згодзімся?

Усе. Згодны! Адась абуе Ашторпа ў лапці.

Адась. А перад вячэрай дазвольце павесяліцца, бо пасля вячэры цяжка будзе, пад’еўшы прысмакаў панскіх!

Васілёк. Гарманіст і дзядзька Даніла, проша сюды. Вось на гэтыя мяккія крэслы і сядайце. (Паказвае на два пянькі.)

Саравітан. Фроська, ідзі сюды і займай самае пачэснае месца. (Садзіць яе каля музыкаў.) Васілёк, ідзі сядай поплеч з Фроськай. Вось мы сёння і зробім вяселле Васілька і Фроські.

Б’е ў ладкі. Хлопцы выносяць прыгожыя скрынкі і ставяць іх. Дастаюць з адной з іх доўгія дывановыя дарожкі і рассцілаюць на траве. Потым з другіх скрынак дастаюць бутэлькі, закуску і расстаўляюць на дарожках. Адась у руцэ трымае букецік незабудак.

Адась. Маеш, Фроська! (Падае кветкі.) Маладая — і без кветак, так нельга.

Саравітан. Фроська, дазволь мне незабудкі. Што за маладая без вянка. (Бярэ і прымацоўвае, зняўшы хустку, у валасах Фроські.) Вып’ем за здароўе маладых!

Андрэй. Заморскае віно горкае!

Усе. Горка! Горка!

Васілёк і Фроська цалуюцца, потым яна падбягае да Андрэя і цалуе яго.

Алесь. Фроська, па парадку ўсіх.

Саравітан. Папросім дзядзьку Данілу сыграць вяселле.

Усе. Просім!

Даніла іграе пасадную песню «Ой ляцелі гусачкі цераз сад!». Цішыня. Хто-ніхто цяжка ўздыхае. Фроська плача.

Саравітан. Браточкі, каб не было цяжка.

Барыс. Правільна! Хлопцы, хвацім «Канаву»!

Музыкі іграюць.

Хлопцы (спяваюць).

 

Ты, канава, ты канава,

Ой, канавачка мая!

Праз цябе, мая канава,

Ехаў мілы на кані.

Праз цябе, мая канава,

Ехаў мілы на кані,

Ехаў мілы на кані,

На сярэбраным сядле.

Ехаў мілы на кані,

На сярэбраным сядле,

На сярэбраным сядле,

Сядзіць Фрося ў акне.

Сядзіць Фрося,

Вельмі просіць:

— Прывярні, Васіль, каня.

— Прывярну тады каня,

Як не будзе ўжо агня.

 

Алесь. Хітры, упацёмачку!

Адась. Фроська, праспявай што-небудзь.

Усе. Просім!

Фроська спявае «Купалінку», Даніла акампануе.

Васілёк. А зараз «Юрачку»!

Танцуюць. Раптам з’яўляюцца Анэта і Змітрок.

Алесь. Анэта! Ты?!

«Юрачка» абрываецца. Усе згрудзіліся каля Анэты.

Саравітан. Дык гэта і ёсць тая самая Анэта?

Змітрок. Яна.

Саравітан. Што ж ты нам прынесла, Анэта?

Анэта. Зараз жа ўцякайце адсюль. Гайдукі пранюхалі, што вы тут, і Ашторп пасылае супроць вас узброеную сілу.

Саравітан. Дзякую... (Моцна цісне ёй руку.) А куды ж ты зараз? Можа, з намі застанешся?

Анэта. Думаю, што жывучы ў палацах, яшчэ вам спатрэблюся. Шчаслівай вам долі, браткі! (Ідзе ў лес.)

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Перад заслонаю Лірнік.

Лірнік.

 

У палацы Ашторпа паны баль спраўляюць.

Як звесці крамолу — на ўвазе маюць.

Як ні патаемна саймуюць магнаты —

Але ўсё вядома, што рыхтуюць каты.

Ад людскога вока не схаваеш праўды.

Так было спрадвеку, і так будзе заўжды.

 

Адкрываецца заслона.

У палацы пана Ашторпа вялікі, пышна ўбраны пакой. Хоры для аркестра. Старасвецкая стыльная мэбля з родавымі гербамі. На сценах дарагія дываны, карціны. Расстаўлены сталы з дарагімі вінамі і закускамі.

Францішак. Адась, ідзі далажы пану, што хутка госці пачнуць з’язджацца.

Адась. Загадана разбудзіць а шостай гадзіне, а зараз толькі палова шостай.

Францішак. Скажы, Адась, чым гэта ты прычараваў да сябе пана?

Адась. Яснавяльможны пан бачыць у маёй асобе вернага слугу, якім я сапраўды і з’яўляюся.

Фр а н ц і ш а к. Гэтым ты хочаш сказаць, што мы няверныя.

Адась. Я не меў гэтага на ўвазе.

Ф р а іі ц і ш а к. Адкуль жа ты з’явіўся сюды?

Адась. З неба зваліўся.

Францішак. Ой, хлопча, не дзяры нос, шчасце зменліва.

Адась. А я пад шчасліваю зоркаю нарадзіўся.

Францішак. Часам, каб яна хутка не закацілася.

Адась. Гэта твая хутка закоціцца, бо ты ўжо стары, а мая разгараецца ўсё ярчэй, таму што мне толькі дваццаць.

Францішак. А скажы, чаго цябе пан уночы кліча да сябе?

Адась. Гэта вялікі сакрэт.

Францішак. Людзі чорт ведае што плятуць.

Адась. Што?! Упэўнены, што ты пляцеш першы. Сёння ж паскарджуся яснавяльможнаму пану.

Францішак (перапалоханы). Адась, ды я пажартаваў. Калі ласка, злітуйся над маёй сівой галавой.

Адась. Толькі і шкадую яе.

Францішак. Дзякую, дзякую, Адасю. Я пайду, а ты глядзі разбудзі пана.

Выходзіць. З другіх дзвярэй з’яўляецца Анэта.

Анэта. Мы адны?

Адась. Адны. Якія навіны?

Анэта. Хлопцы зараз знаходзяцца на Дубовай градцы.

Адась. Як ты даведалася?

Анэта. Была ў пушчы і налучыла на разведку, у якой знаходзіўся і Змітрок. Ён мне паведаміў.

Адась. Дубовая градка — надзейнае месца. Толькі слухай, Анэта, трэба аб гэтым умець маўчаць.

Анэта. Ведаю. Ну як у цябе з лакействам?

Адась. Проста прырос да мяне стары слімак. Не маю вольнай хвіліны. Толькі, як спіць, вызваляюся ад гэтай пачвары.

Анэта. Дык гэта ж добра. У цябе будуць усе навіны.

Адась. А як іх перадаваць хлопцам?

Анэта. Я гэта буду рабіць.

Адась. Лепшага нічога і не прыдумаеш. Сёння асабліва трэба быць уважлівым... не прапусціць ніводнага слова.

Анэта. А як загадаюць табе выйсці ў самы цікавы і адказны момант?

Адась. Гэтага я і баюся.

Анэта. Тады табе трэба будзе тут схавацца.

Адась. Дзе? Я ж, можа, не камар?

Анэта бяжыць да дзвярэй і расхінае надзвычай шырокія парцьеры.

Анэта. Ідзі сюды.

Адась падыходзіць.

Глядзі, хіба дрэнна?

Адась хаваецца за парцьеры.

Хай хто здагадаецца, што ён тут.

Адась (вылазячы). Добра.

Голас (сонны). Адасю, ідзь до мне.

Адась выбягае ў адны дзверы, а Анэта — у другія. Уваходзяць войт і Францішак.

Войт (шэптам). Яшчэ не ўставаў?

Францішак (таксама шэптам). Відаць, з палюбоўніцаю.

Войт. І чым ён так улез у душу пана?

Францішак. Без нячыстай сілы тут не абышлося.

Войт. Францішак, а не падроблена тут што?

Францішак. А як сказаць пану?

Пачуліся крокі. Войт і Францішак замерлі.

Ашторп (да войта). Аховы дастаткова?

Войт. Мыш не праскочыць, яснавяльможны пане.

Ашторп. Глядзі, каб не прасунулася якая гадзюка. (Да Францішка.) А на сталах парадак?

Францішак. Усё, як загадана яснавяльможным панам.

Ашторп. Адасю, час апранацца. Хадзем, мой каханы.

Выходзяць. Войт і Францішак ціха смяюцца.

Войт. Мой каханы...

Францішак. Трэба было яшчэ пад ручку ўзяць.

Войт. Можа, госці пачынаюць ужо з’язджацца? Пайду прымаць коней.

Францішак. А я сустракаць гасцей.

Выходзяць. На хорах з’яўляюцца музыканты. Яны спрабуюць скрыпкі, трубы. Уваходзіць Адась.

Адась. Аркестр, марш!

Уваходзіць Ашторп у парадным адзенні, з лентамі цераз плечы. Ён важна апускаецца ў крэсла з гербам Ашторпаў.

Ашторп. Адась, стань у мяне ззаду.

Адась становіцца. Уваходзіць Францішак.

Францішак. Князь і княгіня Радзівілы.

Ашторп. Прасі.

Францішак выходзіць. Уваходзяць Радзівілы. Ашторп ідзе ім насустрач. Аркестр іграе марш.

Княгіня. Нех жые нахвалёны.

Ашторп. Навекі. (Цалуе руку ў княгіні.) Княгіня, проша. (Паказвае на крэсла. Вітаецца з князем.) Князь, проша. (Паказвае на крэсла каля княгіні.)

Княгіня. Пан Ашторп, у вас такая ахова строгая. Ледзь прапусціла нас.

Какетліва смяецца.

Князь. Пан Ашторп нагадвае Чарнагора.

Ашторп. Затое смела можна будзе весяліцца і гаварыць аб важных справах.

Князь. Геніяльна прыдумана.

Княгіня. Мы будзем адчуваць сябе, як у Езуса за пазухай.

Уваходзіць Францішак.

Францішак. Граф і графіня Тышкевічы.

Ашторп. Прасі.

Францішак выходзіць.

Княгіня. Пан Ашторп, як вам падабаецца графіня Ядзвіга?

Ашторп. Мілая асоба.

Княгіня. Не кажыце, гэта анёл з неба. Я ёй сімпатызую.

Князь. За тое, што часта ёй грошы пазычаеш?

Княгіня. Князь, як гэта не гжэчна.

Уваходзяць Тышкевіч ы, аркестр іграе марш.

Ашторп ідзе ім насустрач.

Графіня. Нех жые пахвалёны.

Ашторп. Навекі. (Цалуе руку графіні.)

Графіня. Княгіня, як доўга я не мела гонару вас бачыць! (Цалуюцца.)

Княгіня. Для гасцей у князя Радзівіла вароты не зачынены.

Графіня. А ў вас новы брыльянт!

Княгіня. Князь з Варшавы прывёз. Дзесяць тысяч злотых каштуе.

Графіня. Цудоўны. Якая вы шчаслівая, княгіня.

Княгіня. Я, графіня, адзін вам прэзентую.

Графіня. Што вы, княгіня? Мне так няёмка.

Княгіня здымае брыльянт і дорыць графіні.

Княгіня. Беднасць не парок.

Графіня. Але ж і не гонар. Мой Міхал такі непрактычны.

Княгіня. Яго трэба трымаць у руках, графіня.

Графіня. Вёрткі — не магу ўтрымаць.

Ашторп. Адась, будзь пры мне. Панове, вось мой новы лакей. Без яго, ягамосці, я не магу кроку зрабіць. Такая пакорлівая, такая пяшчотная істота!

Князь (да графа). Пан Ашторп казаў, што твае хлопцы за цябе палезуць на ражон, а яны ўцякаюць у лес, забіваюць тваіх верных слуг, захопліваюць абозы.

Ашторп. Адась, выйдзі. Паклічу, калі патрэбен будзеш.

Адась ідзе да дзвярэй і хаваецца за парцьеры.

Таксама паклічу, калі спатрэбіцеся. (Махае рукою ў бок музыкантаў.)

Хоры пусцеюць. Мужчыны пачынаюць размаўляць паціху.

Графіня. Княгіня, звярніце ўвагу на пана Ашторпа. Які ён яшчэ ладны мужчына.

Княгіня. А можа, ладна багацце Ашторпа, а не сам ён?

Графіня. А хіба гэта не тое самае?

За ўваходнымі дзвярыма крык: «Ай, ратуйце, паміраю!..»

Графіня. Што гэта?! Кагосьці рэжуць!

Княгіня. Фі, якая графіня трусіха. З намі мужчыны.

Граф. Панове, замкнуць трэба дзверы!

Ашторп (разгублены). Адась! Францішак! Войт!!!

Выскоквае Адась.

Адась. Я тут, яснавяльможны пане.

Ашторп. Што там? (Паказвае на дзверы.)

Адась. Пан паню валачэ, і абое крычаць.

Адчыняюцца дзверы. Пан Скірмунт на руках нясе жонку. Усе здзіўлены. Адась выходзіць.

Пан Скірмунт. Панове, дапамажыце! Яна памірае!

Кладзе на канапу жонку, якая б’ецца ў істэрыцы.

Графіня. Ах, пані Скірмунт, што з вамі?

Княгіня (налівае кубак вады). Графіня, менш ажытацыі, дайце ёй вады. Граф, падайце. (Аддае графу, той перадае жонцы.)

Графіня. Пані, мілая, выпіце.

Князь. Панове, хай жанчыны ўвіхаюцца каля пані, а пан Скірмунт паведае, у чым справа.

Пан Скірмунт. Выехалі мы з дому на змярканні. Пані была ў рамантычным настроі. Я захапляўся ёю. Сталі пад’язджаць да Рагавіцы. Пані, жартуючы, і кажа: «Ясю, а раптам разбойнікі» — і прыціснулася да мяне. І што ж вы, панове, думаеце? У гэты ж час з лесу выскачыла некалькі чалавек. Крык «стой!» — і свісткі. Але вы, панове, ведаеце маіх вараных. Калі фурман ляснуў бізуном ды нацягнуў лейцы, яны, як ільвы, рынуліся з месца. Ззаду раздаліся стрэлы. Ноч выратавала.

Пані Скірмунт. Дзе мой Ясь? Ясю!

Пан Скірмунт (падбягае). Я тут, мая каханая! (Цалуе руку.)

Пані Скірмунт. Ты жывы... Мой дрогі...

Гладзіць яго па галаве.

Ашторп. Пані Скірмунт, вам зараз не пагражае ніякая небяспека. Ведайце, вы знаходзіцеся ў палацы пана Ашторпа. Панове, дарагія госці, проша за стол. Княгіня!.. Графіня!.. Пані Скірмунт! Проша!

Садзяцца за сталы.

Княгіня, прашу быць гаспадыняй.

Княгіня. О, не, пан Ашторп, да такой ролі я не здатна. Хай графіня.

Ашторп. Графіня, проша.

Графіня. Я не ганарлівая, як некаторыя. Я згодна. (Княгіня з пагардаю глядзіць на графіню )

Князь (устае і азірае пакой). А часам сцены вушэй не маюць, пан Ашторп?

Ашторп. Панове, будзьце спакойны.

Уваходзіць Дамінік.

Дамінік. Нех бэндзе пахвалёны.

Ашторп. Навекі. Сядай за стол, ойча.

Князь. Я прапаную выпіць за тое, каб вярнуліся залатыя часы Рэчы Паспалітай!

Княгіня. Ад можа і да можа!

Граф. Віват!

Пані Скірмунт. Я танцаваць хачу!

Княгіня зняважліва глядзіць на яе, мужчыны перасмейваюцца.

Графіня. Незразумела: істэрыка — і зараз жа танцы.

Пані Скірмунт. А чаго мы тады сюды выбраліся? Каб толькі піць і есці? Як гэта нудна!

Ашторп. Пан Скірмунт павінен быў растлумачыць пані, чаму мы сёння тут сабраліся.

Пан Скірмунт. Пані Ядзвіга тады зусім не паехала б.

Княгіня (з выклікам). Добра б зрабіла.

Пані Скірмунт. Княгіня за князя баіцца! Панове, я прапаную выпіць за прыгожых мужчын.

Глядзіць у вочы князю.

Княгіня. Гэта пахабна і цынічна!

Пан Скірмунт. Ядзя, супакойся! Панове, прабачайце, калі ласка, гэта ў яе ад вялікага перапалоху.

Пані Скірмунт. Сам ты перапалохаўся і ў карэце за мяне хаваўся. А я нават не думала палохацца. Наадварот, калі вараныя панеслі, я была ў захапленні.

Графіня. Тады вашы істэрыка і слёзы — прытворства?

Пані Скірмунт. Я хацела пераканацца ў тым, ці кахае мяне мой Ясь.

Пан Скірмунт. Ядзя, суніміся! Гэта нікуды не варта!

Пані Скірмунт. Што? Ты на мяне крычыш? Ты забараняеш мне гаварыць? Ты наважыўся мяне ганьбіць пры такіх людзях? Ах, мне дрэнна! (Істэрыка.)

Усе абураны.

Князь. Панове, хіба мы сабраліся сюды, каб слухаць дзікія сямейныя сцэны паноў Скірмунтаў? Пані Скірмунт, пакіньце сваю дурную гульню. Не перашкаджайце нам аб важных справах гаварыць.

Ашторп. Я прашу вас як гаспадар.

Пані Скірмунт сціхае.

Князь. Панове, да чаго мы дажылі? Што чуем і што бачым? У нас страляюць нашы хлопы., Нам хутка нельга будзе выйсці з палацаў.

Ашторп. Трэба нешта рабіць, і зараз жа, а то позна будзе.

Граф. Але што рабіць?

Ашторп. Вось аб гэтым і трэба пагаварыць. Князь, ты лічышся ў нас непераўзойдзеным палітыкам і дыпламатам. Якія твае меркаванні?

Князь. На маю думку, трэба нам, усяму панству, зараз жа паслаць прадстаўнікоў у Мінск хадайнічаць перад адпаведнымі інстанцыямі аб абароне нас ад раз’юшанага быдла. Па плану паўстання супроць рускага панавання мы спадзяваліся абаперціся на сялянства, але зараз мы бачым, што гэты наш козыр біты: яно не саюзнік наш, а самы заядлы вораг. Нам не ўдалося яго абдурыць. Дык вось мы і павінны на нейкі час паказаць, што адданы рускаму самадзяржаўю і ў той жа час тачыць нож супроць яго. Калі нахабны зброд, смярдзючае быдла, будзе абяскрыўлена царскімі войскамі, мы падымем паўстанне супроць Масквы разам з польскім панствам.

Дамінік. Геніяльна! Гэтыя меркаванні сіяцельнага князя павінны быць упісаны залатымі літарамі ў гісторыю барацьбы панства з ненавіснымі нам расіянамі.

Княгіня. Мы, жанчыны, таксама не павінны сядзець склаўшы рукі. Хто зможа са зброяй, хай бярэ ў рукі зброю, хто не здолее са зброяй, хай дапамагае сваім багаццем.

Пані Скірмунт. Я толькі са зброяй у руках! Мужчыны, вы павінны нас, жанчын, вучыць страляць.

Графіня. А я і страляць баюся, і багацця ў мяне няма. Чым жа я магу быць карыснай?

Ашторп. Пойдзеце працаваць у шпіталь. Там таксама патрэбны будуць людзі, асабліва жанчыны.

Князь. Панове, я прапаную выпіць за поспех задуманага намі.

Усе наліваюць, устаюць і выпіваюць.

А зараз абярэм прадстаўніка ад нашай групы. Я прапаную пана Ашторпа.

Усе. Просім!

Ашторп кланяецца.

Князь. Паслязаўтра, пан Ашторп, і паедзеце. Толькі вазьміце надзейную ахову.

Ашторп (важна). Князь лічыць мяне баязліўцам. Прашу пераканацца ў адваротным. Аховы я браць не буду.

Князь. Дарэмнае самавыхваленне.

Ашторп. Я ведаю, што кажу. Аркестр!

На хорах з’яўляюцца музыканты.

Мазурку!

Пані Скірмунт. Брава! Брава, пан Ашторп.

Князь. Пані Скірмунт, дазвольце вас запрасіць.

Ашторп. Княгіня, ашчасліўце. Запрашаю.

Граф. Графіня, проша.

Тры пары танцуюць мазурку. Пані Скірмунт ззяе ад захаплення. Мазурка скончана.

Князь. Панове, у час мазуркі я думкамі перанёсся ў залаты век Рэчы Паспалітай. Мне ўяўляўся прыдворны бал, бляск, раскоша, а пані Скірмунт — прыдворнай фрэйлінай.

Княгіня. Калі, калі прыйдуць тыя часы?!

Пані Скірмунт. Панове, танцы — мая стыхія. У іх я забываюся аб усім на свеце!

Граф. Нават аб сваім мужу.

Пані Скірмунт (падбягаючы да мужа). Ах, мой мілы Ясь! Ты сумаваў? Хіба я вінавата ў тым, што табе не было дамы?

Пан Скірмунт. Не, Ядзя, я не сумаваў. Я больш п’янеў, гледзячы, як ты танцуеш. (Пані Скірмунт цалуе мужа.)

Ашторп. «Абэрак!»

Аркестр іграе. Мужчыны танцуюць са сваімі жонкамі. Ашторп выходзіць, але хутка вяртаецца ўстрывожаны.

Панове, пажар!

Аркестр абрывае ігру. Усе спыніліся, як громам аглушаныя.

Князь. Дзе пажар? У маёнтку пана?

Ашторп. Бог крыў ад такога няшчасця. Дзесьці недалёка.

Усе кідаюцца да вокнаў, у якія з захаду ўліваецца крывавае зарыва.

Граф. Панове, гарыць маёнтак пана Харэвіча.

Ашторп. Проша на балкон, адтуль лепш відаць.

Выходзяць.

Пані Скірмунт (крычыць). Ясю, дадому! Дадому! Гэта блізка ад нас!

На дварэ трывога, б’юць у звон.

Княгіня. Вешаць быдла! Звесці нават племя!

У пакоі нікога, апусцелі хоры. Уваходзіць Адась.

З другіх дзвярэй з’яўляецца Анэта.

Адась (шэпча). Паслязаўтра Ашторп едзе ў Мінск. Без аховы.

Анэта (таксама шэпча). Абавязкова паведаміць хлопцам.

Адась. Мяне, вядома, возьме з сабою. Дзейнічай ты, Анэта.

Анэта. Заўтра ж аб усім даведаюцца хлопцы.

Адась. Ідуць! (Знікаюць.)

Уваходзяць з балкона паны.

Графіня. Вось пан Харэвіч і жабрак.

Княгіня. У яго яшчэ два маёнткі.

Князь. Справа не ў маёнтках, а ў іх гаспадарах. Можа, разам з маёнткам перастала біцца і сэрца пана Харэвіча? Гэта страшна.

Пані Скірмунт прытулілася да мужа і ўся калоціцца). Ясю, я баюся.

Графіня. Так, панове, гэта трагічна.

 

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Перад заслонаю Лірнік. Іграе на ліры.

Лірнік.

 

І паўстаў народ пакутны на паноў тых смела.

Імкне помсты вал магутны,

Нішчыць катаў умела.

То не сонечныя косы засвяцілі ўночы,

Забрыльянціліся росы — не адарваць вочы.

Шуганулі зырка к небу панскія палацы,

Няма межаў таму гневу,

Што ўзрастаў з працы.

І рака да помсты кліча, хвалі свае зброіць,

І хвіліны тыя лічыць, калі пана зловіць.

 

Адкрываецца заслона.

Цёмная ноч. Перад світаннем. Хвалі Свіслачы палошчуцца аб высокі бераг. Густыя кусты алешніку і крушынніку, аблытаныя хмелем. Выходзяць Саравітан і Васілёк.

Саравітан. Сябры, яшчэ раз давайце праверым усё. Васілёк, слухаем цябе.

Васілёк. Дарога, па якой будзе вяртацца з Мінска Ашторп у сваёй славутай карэце, запрэжанай васьмёркай стаеннікаў, праходзіць праз Свіслач. Моста ім не мінаваць. На тое, каб падпілаваць палі, спатрэбіцца мала часу. Падрыхтавана дзесяць чаўноў, на каторых будзе па тры чалавекі: два з пілою і адзін — з вяслом. Перашкодзіць ніхто не здолее, бо па гэтай дарозе, апрача пана, не ездзяць і не ходзяць. Яна так і завецца Панскі гасцінец. Але на ўсякі выпадак выстаўлена ахова. На самым высокім дрэве сядзіць дазорны, які паведаміць, калі будуць ехаць. Ашторп паехаў з пыхай.

Саравітан. А прыедзе з ліхам. Які настрой у хлопцаў?

Васілёк. Гатовы з усімі панамі расквітацца за адзін раз.

Саравітан. Гэта добра. А Фроська табе не перашкода?

Васілёк. Наадварот, яна пры мне, і я спакойны, упэўнены ў сабе.

Саравітан. Умоўны знак — конь заржэ.

З’яўляюцца хлопцы, сярод іх Фроська.

Саравітан. Усе?

Алесь. Нават на аднаго больш.

Саравітан. Жартуеш?

Алесь. Якія жарты, калі з намі сам пан войт.

Саравітан. Дзе ён?

Алесь. Уваходзь, пан войт, не саромейся.

Войт уваходзіць.

Саравітан. Што, пан войт, у разбойнікі пайшоў?

Маўчанне.

Не жадаеш з намі размаўляць? Войтаўскі гонар паказваеш? Гавары, мы не гордыя.

Войт. Я па сваіх справах хадзіў.

Саравітан. Ого, так далёка і так рана?

Войт. Калі хачу, тады і іду. Можа, вы забароніце?

Саравітан. Уга, колькі пыхі! Ад Ашторпа набраўся?

Войт. Але чаго вы тут уночы?

Саравітан. Будзем яснавяльможнага Ашторпа купаць.

Войт. Як гэта купаць?

Саравітан. Які ж пан войт не дагадлівы. Скажу, каб адразу зразумеў ягамосць. Будзем тапіць пана.

У войта аднялася мова. Ён нешта мармыча, паказваючы рукой угору.

Не, Ашторп пойдзе не на неба, а на дно Свіслачы. (Паказвае на войта.) Звязаць яго і палажыць у кустах. Паставіць вартавога. Трэба, каб войт усё чуў і бачыў.

Алесь. Пайшлі, пан войт, у кусты.

Выходзяць.

Саравітан. Хутка будзе світаць. Пара, браты.

Васілёк. За мною!

Знікаюць у кустах, адкуль хутка пачуліся вёсельныя ўсплёскі.

Фроська. Максім, абваліцца мост?

Саравітан. З вялікім трэскам!

Даносіцца мернае шорханне піл.

Чуеш? Пачалося. Страшна, Фроська?

Фроська. Чаго?

Саравітан. Малайчына! Паважаю такіх!

З кустоў выходзяць Змітрок і Анэта. Яны не заўважаюць Саравітана і Фроські.

Змітрок. Назаўсёды, Анэта?

Анэта. Назаўсёды, Змітрок.

Змітро к. Як добра!

Анэта. Змітрок, а дзе зараз Фроська?

Змітрок. Тут недзе. Пажадала паглядзець на смерць ката.

Анэта. Гэтага жадаю і я. Хаця б удалося?

Змітрок. Што задумаў Саравітан, тое ўдаецца.

Анэта. Трохі боязна. З панскіх палацаў ды ў пушчу.

Змітрок. З табою ж буду я.

Анэта. Таму і пайшла. Змітрок, мне трэба бачыць Саравітана.

Саравітан. У чым справа, Анэта?

Анэта. Ай! Як я спалохалася.

Саравітан. Прыйшла жыць у лес, трэба забываць палохацца.

Анэта. Ашторп паехаў, як вам вядома, без аховы. Узяў толькі Адася.

Саравітан. Хаця б ён не папаў у карэту.

Анэта. Вой, што вы кажаце? Калі ехалі ў Мінск, Адась сядзеў поплеч з фурманам. Я на свае вочы бачыла. Без Адася пан не можа пабыць мінуты. Толькі і чуеш: «Адасю, ідзь до мне», «Адасю, будзь тутай».

Саравітан. Будзем спадзявацца на лепшае.

Пачынае світаць. Густы туман спавіў усё. Выходзяць хлопцы. Анэта падбягае да Фроські і цалуе яе. Яны стаяць, прытуліўшыся адна да адной.

Саравітан. Гатова?

Васілёк. Пастараліся як мае быць.

Саравітан. Сёння панства страціць яшчэ аднаго зубра. Яны заб’юць трывогу. Наедуць, магчыма, карнікі. Застацца нам тут небяспечна. Вось чаму сёння ж мы павінны падацца на поўдзень, у дрымучыя лясы і непраходныя балоты, бліжэй да ўкраінскіх братоў, каб разам змагацца за вольнае, светлае жыццё. А вораг у нас адзін. Сябры, можа, хто хоча застацца тут, бліжэй ля дому? Можа, каго палохаюць тыя цяжкасці, якія сустрэнуцца на шляху нашай заўзятай барацьбы? Няволіць не будзем нікога.

Васілёк. Максім, хіба мы цябе калі падвялі, не падначаліліся? Ці калі скардзіліся табе на сваё жыццё? Не, Саравітан, хто стаў на шлях барацьбы з панамі, той не зверне з яго. Праўду кажу, хлопцы?!

Усе. Праўду, Васілёк! Смерць панам!

Уваходзяць Барыс і Тодар. Усе здзіўлены.

Фроська. Татулька! (Кідаецца да бацькі.)

Саравітан. Барыс, дзе ты яго ўзяў?

Барыс. Па дарозе сюды.

Саравітан. Дзядзька Тодар, куды вы ішлі?

Тодар. Да вас.

Саравітан. А адкуль вы даведаліся, што мы тут?

Тодар. Па сяле пайшлі чуткі, што вы недалёчка. Я і пасунуўся з надзеяй у сэрцы, што ўбачу Фроську.

Саравітан. А ўсё ж, хто вам сказаў?

Тодар. Суседка Куліна.

Саравітан. А Куліне?

Тодар. Сідарава Грыпіна.

Саравітан. АГрыпіне?

Тодар. Войтава Кацярына.

Саравітан. Гэта нам і трэба. Бачыце, сябры, куды яно ідзе? Войтава Кацярына, жонка начальніка гайдукоў. А мы ходзім, як на кірмашы на Іллю. Дзядзька Тодар, збірайцеся дадому. Пабачыліся з Фроськай, з Васільком. Хопіць.

Тодар. Хіба вы зараз куды пойдзеце?

Саравітан. Далёка пойдзем.

Тодар (паказвае на дачку). І яна?

Саравітан. Запытайцеся ў яе.

Фроська. Родны мой! Шкада мне пакідаць цябе аднаго, старэнькага, нядужага. Але ж не будзе мне тут жыцця. Жыўцом • з’ядуць, зняславяць. Я з імі звязала сваю долю.

Васілёк. Татуля, не крыўдуйце на Фроську. Так трэба; Перадайце маім старым нізкі паклон.

Тодар. То я пайду... Я зараз... Так, дамоў... У парожнюю, старую хату. Бывай, дачушка, і ты, сынок.

Фроська абсыпае бацьку пацалункамі.

Бывайце, сынкі! Хай ясная доля спадарожнічае вам!

Усе. Бывайце, дзядзька Тодар! Фроську ў крыўду не дамо!

Барыс праводзіць Тодара.

Саравітан. Хлопцы, галоў не вешаць! Не забывайцеся, хто мы і дзе знаходзімся. Вось ужо і сонейка ўсміхнулася нам. Паўзірайцеся, якое яно светлае, ласкавае! Быць удачы!

Прыбягае Барыс.

Барыс. Гайдукі! Сюды ідуць!

Саравітан. У кусты!.. Замерці... Алесь, заткні рот войту яго ж шапкаю.

Усе знікаюць. Напружаная цішыня. Чуваць гаворка. Яна ўсё набліжаецца. Уваходзяць пяць гайдукоў.

Лявон. Стой. Паўглядайцеся, панове. Чаго гэта трава памята?

Першы гайдук. Начлежнікі ляжалі.

Лявон. А чаму няма паблізу вогнішча?

Другі. Бо ноч цёплая.

Т раці. Лявон, табе хочацца сустрэцца з мяцежнікамі, вось табе яны і здаюцца на кожным кроку.

Чацвёрты. Яму не дае спакою той, што ссадзіў яго з каня і адабраў Фроську.

Лявон. Эх, папаўся б ён мне ў рукі — вот нацешыўся бы! А потым — у расход!

Перш ы. Няўжо так і будзем поўзаць па зямлі? Не дасць Ашторп коней?

Лявон. Праваявалі ў Тодара на двары.

Другі. Разам з намі і ты.

Лявон. Аднолькава аддзякаваў Ашторп. Давайце пашукаем у кустах.

Трэці. Вяртаемся ў маёнтак, а то пан прыедзе.

Чацвёрты. Трэба ж сустракаць.

Лявон. Праўда. Пайшлі.

Выходзяць. З’яўляюцца хлопцы.

Саравітан. Ну, прынесла.

Андрэй. Як гэта ім пан аддзякаваў?

Анэта. На стайні па пяцьдзесят розаг усыпалі кожнаму.

Саравітан. Андрэй, ускоч на хвойку, паглядзі, дзе яны.

Андрэй выбягае.

Васілёк. Загасцяваў Ашторп у Мінску.

Саравітан. Прычакаем, Васілёк. Анэта, точна сёння прыязджае пан?

Анэта. Сёння, уранку.

Прыбягае Андрэй.

Андрэй. Гайдукі ўжо каля маёнтка.

Васілёк. Бяжыць Рыгор!

Рыгор. Едзе!

Усе. Едзе!!!

Здалёк даносіцца мерны тупат конскіх ног. Ён усё нарастае. Тупат падказвае, што першая парка ўжо на мосце.

Першы голас. Яснавяльможны пане, мост трашчыць!

Другі голас. Дурню, трашчыць, бо ведае, хто едзе.

Першы голас. Яснавяльможны пане, мост ходарам ходзіць.

Другі голас. Глядзі, каб мая палка не пахадзіла па тваёй спіне! Паганяй!

Аглушальны трэск скалануў паветра.

Гола с. Карэта пайшла на дно! Ратуйце пана!

З’яўляецца Адась, ён увесь мокры.

Адась. Вось і я!

Вацлаў. Адась, ты ўвесь мокры.

Адась. А ты хацеў быць у рацэ і не замачыцца?

Вацлаў. Ідзі на сонца, абсохні.

Адась. Нічога, пакуль князя Радзівіла тапіць — абсохну. Максім, Ашторп не выплыве. Каб акно карэты было зачынена, ён мог бы адсядзецца і яго маглі б выратаваць. Але я перад самым ад’ездам непрыкметна адкінуў зашчапку.

Саравітан. Малайчына, Адась! Сваю работу ты выканаў бліскуча.

Адась. А Ашторп дарэмна ездзіў у Мінск.

Андрэй. Не, недарэмна: ён жа ездзіў па сваю смерць.

Саравітан. Што ты хочаш сказаць, Адась?

Адась. Я даведаўся, што хадайніцтва паноў не задаволена: выставілі ім дулю. Сказалі, каб разлічвала панства толькі на свае мясцовыя сілы.

Саравітан (радасны). Сябры, вы ведаеце, што гэта значыць? Гэта значыць, што з Дубовай градкі мы нікуды не пойдзем. Будзем трымаць у страху паноў. Не асмеляцца і пальцам крануць нашых бацькоў, сясцёр і дзяцей.

Панеслася конскае ржанне.

Сігнал!

Усе павярнулі галовы ў бок маёнтка. Напружанае чаканне. Праходзіць некаторы час.

Даніла. Гарыць! Правы вугал!

Усе. Гарыць! Гарыць!

З боку маёнтка — званы і крыкі: «Пажар!.. Ратуйце!»

Заслона.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбацэвіч В. Чырвоныя кветкі Беларусі : П'есы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1983. - 194 с.
Крыніца: скан