epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гігевіч

Яшчэ снягі халодныя ляжалі

1
2
3
4


 

1

Кабінет у Зубава быў вялікі — з высокімі падвойнымі дзвярыма, з цёмна-карычневымі панельнымі дошкамі ўздоўж сцен, з двума сталамі, адным — вузкім і доўгім, а другім — невялікім, трохкутным, за ім Зубаў працаваў на адзіноце і прымаў наведвальнікаў у гадзіны асабістага прыёму. Яшчэ ў кабінеце меліся малапрыкметныя і мала каму вядомыя дзверы ў асобны пакойчык, дзе былі дыван, халадзільнік, нізкі столік, крэслы і шафа з посудам.

Ягоны рабочы стол завалены папкамі, стосам спісаных папер, у якіх чужому чалавеку цяжка разабрацца. Але за гады работы з дапамогаю распісанага на тыдзень наперад перакіднога календара Зубаў налаўчыўся арыентавацца ў лабірынце зыходных і ўваходных пісем, даведак, рэкамендацый, статыстычных справаздач, планава-эканамічных паказчыкаў, нечаканых тэлефонных размоў, грозных тэлеграм — усяго, што непрыкметна забірала з ягонага жыцця дзень за днём, тыдзень за тыднем.

Штотыднёвыя планёркі Зубаў праводзіў дзелавіта і коратка; калі з планам было добра, то Зубаў быў спакойны і нават усмешлівы, але як толькі пачынаўся завал у рабоце, Зубаў бялеў у твары, позірк ягоны станавіўся няўлоўны, унутры сябе Зубаў чуў высокі звон, ад якога станавіўся як бы іншым чалавекам, які мог ды і абавязаны адных — караць, другіх — мілаваць, і таму Зубаў тут жа, гледзячы не на людзей, а на паверхню бліскучага стала, халоднай матэматычнай логікаю пралічыўшы найлепшыя варыянты, кароткімі глухімі пытаннямі абрываў блытаныя тлумачэнні і апраўданні, без якіх падначаленыя не могуць абысціся, ён жорстка караў адных і мілаваў другіх, прысутныя ў кабінеце, пранікаючыся ягоным настроем, тут жа цішэлі, адчуваючы вышэйшую сілу, якой цяпер нічым пе запярэчыш і супраціўляцца якой няма сэнсу.

Планёрка заканчвалася, прыціхлыя падначаленыя выходзілі з кабінета і толькі за прыёмнай, у калідоры заводакіраўніцтва, пачыналі перакідвацца між сабою словамі, напачатку ціха, а потым усё грамчэй і грамчэй, з радасцю і здзіўленнем адчуваючы слодыч свабоды, а ў гэты час усё яшчэ заведзены Зубаў падыходзіў да вялікага акна і, адсунуўшы цяжкую штору, доўга глядзеў на цёмныя прадаўгаватыя заводскія карпусы з пачарнелымі шыфернымі стрэхамі, на вузкія асфальтаваныя дарожкі, абсаджаныя зялёнымі кустамі, на тонкія фанерныя шчыты з заклікамі і дыяграмамі, — адсюль, з пятага паверха заводакіраўніцтва, усё на заводзе выглядала зменшаным: і грузавыя машыны, і электракары, якія, бы дзіцячыя цацкі, снавалі між цэхаў, на машынным двары, перад складамі гатовай прадукцыі. Нават праз падвойныя вокпы за Зубава даносілася роўнае гудзенне, і ён, адчуваючы сябе навечна звязаным з гэтым гудзеннем, адказным за гэтае гудзенне, усё яшчэ не мог супакоіцца.

Але салодкі звон улады паступова заціхаў, і тады Зубаў адчуваў стомленасць.

 

2

Зубаў быў класны спецыяліст, з якім лічыліся як у горадзе, так і ў міністэрстве; ён пачынаў кар’еру на гэтым жа заводзе, дзе працаваў і зараз, — спачатку рабочым, а потым, як па лесвіцы ўгору, падымаўся ад пасады да пасады: майстар, начальнік змены, планава-тэхнічны аддзел, галоўны інжынер і вось, у пяцьдзесят, як на вяршыні лесвіцы, з якой усё відно, — дырэктар.

На здароўе Зубаў не скардзіўся, ні ў маладосці, ні цяпер, як сам не раз жартаваў, гэтым яго бог не пакрыўдзіў, як не пакрыўдзіў бог мужчынскай прыгажосцю: атлетычнай рослай — сто восемдзесят пяць — постаццю, чорнымі жарсткаватымі валасамі па буйной галаве, дзе здалёк кідаліся ў вочы шырокі з рэзка акрэсленымі палоскамі вуснаў рот, прамы прадаўгаваты нос, густыя цёмныя бровы над гэткімі ж цёмнымі вачыма.

Яшчэ з маладосці Зубаў прывык да асцярожна-ўважлівых ацэначных позіркаў як мужчын, так і жанчын, нават у незнаёмай кампаніі, дзе Зубава ніхто не ведаў, ён умеў павесці сябе так, каб да ягоных слоў і рэплік прыслухоўваліся.

Правілы жыцця Зубаў упітваў хутка і ўдала; яшчэ са школы ён пачаў займацца прафесійным спортам — бегаючы чатырохсотметроўку, ён дайшоў да нарматыву майстра спорту, трапіў у зборную маладзёжную рэспублікі і гады два да службы ў арміі прападаў на зборах, надта хутка сталеючы, спазнаючы слодыч і горыч спартыўнага жыцця, якое закідвала ў розныя гарады краіны. У арміі ён трапіў у спартроту, дзе было яму ўжо знаёмае звыклае жыццё. Трэнеры ставілі яго на асобныя дыстанцыі, а яшчэ ахвотней — у эстафетах, бо лёгка і ўмела Зубаў «заводзіў» усю каманду на выйгрыш ды і сам удала раскладаў сілы на ўсёй дыстанцыі, не надта выкладаючыся на першай стометроўцы. Ён так і гаварыў маладзейшым: «Галоўнае, хлопчыкі, — націснуць на фінішы». Але бывала не раз і такое, што Зубаў з першай стометроўкі, рызыкнуўшы, ішоў у адрыў і — выйграваў, так нікога да сябе і не падпускаючы.

Праз чатыры гады прафесійных заняткаў спортам, ужо адслужыўшы ў арміі, калі Зубаў пачаў адчуваць, што на апошняй стометроўцы не хапае паветра і перад кожным стартам ён міжволі пабойваецца не сапернікаў, а вось гэтых апошніх фінішных метраў, пасля якіх падгіналіся міжволі калені і пачынала ванітаваць, Зубаў кінуў спорт, хоць у рэспубліканскай зборнай яго яшчэ ахвотна трымалі, і болей на бегавой дарожцы ніколі не паказваўся.

На здзіўленне зборнікаў, Зубаў паступіў не ў інстытут фізічнай культуры, як гэта рабіла большасць спартсменаў, а ў політэхнічны, і не на стацыянар, а на вячэрняе аддзяленне, уладкаваўшыся на машынабудаўнічым заводзе. Калі вучыўся, Зубаў выбраў для сябе галоўныя важныя прадметы, па якіх на экзаменах атрымліваў пяцёркі; ягоная аналітычная і лагічная памяць здзіўляла і выкладчыкаў і аднакурснікаў, многія раілі яму ісці ў чыстую навуку, на што Зубаў чамусьці толькі пасмейваўся.

Зубаў усё рабіў у свой час: пагуляўшы, пакуралесіўшы з дзяўчатамі ў маладосці, ён ажаніўся з адной прыгажуняй, на якую ў многіх гарэлі вочы; у трыццаць год у Зубава ўжо мелася дачка, двухпакаёўка ад завода, і ён ужо станавіўся на заводзе тым Зубавым, якога паважалі і начальства і рабочыя. Зубаў цаніў свае словы, не спяшаўся аплёўваць былых сяброў, з якімі па той ці іншай прычыне разыходзіўся, але калі ўжо з кім счэпліваўся — літасці не даваў.

У сорак год ён стаў галоўным інжынерам завода і, уламаўшы старога дырэктара, прыняўся за рэканструкцыю завода, перахапіўшы ў сваім міністэрстве імпартнае абсталяванне, якое меркавалася аддаць іншаму заводу. Яшчэ ён купіў легкавушку, займеў паляўнічага сабаку і тульскую двухстволку.

Тады ж Зубаў па-сапраўднаму сышоўся з Віктарам Аляксеевічам, амаль аднагодкам, гэткім жа немнагаслоўным дзелавым і хвацкім работнікам Мінцяжмаша, у якога Зубаў выбіў імпартнае абсталяванне.

Як толькі адкрываўся паляўнічы сезон, Зубаў і Віктар Аляксеевіч яшчэ ў пятніцу вечарам зрываліся з гулкага горада ў восеньскую аголенасць і стыласць, дзе вачам з непрывычкі было вольна і нават слязліва ад пранізлівага халаднаватага ветру; ступаючы кірзачамі па гулкай прамерзлай зямлі, пільна ўзіраючыся ўдалеч, дзе на краі поля цямнеў вузкай, у палец, палоскаю лес, Зубаў адпачываў, неяк фізічна адчуваючы, як адыходзяць, адвальваюцца клопаты пра рэканструкцыю, недаробкі, недапастаўкі, без якіх, здаецца, немагчыма абысціся. І тое, што побач ішоў Віктар Аляксеевіч, які на рабоце прыкрываў Зубава зверху, прыносіла супакоенасць. Зубаў ужо добра разбіраўся, хто ў гэтым жыцці пад кім ходзіць, хто заказвае музыку, а хто — танцуе пад яе, ён цвяроза ацэньваў сваё месца ў складанай высачэзнай пірамідзе пасад і званняў і мо таму не зарываўся лішне, але і свайго не збіраўся выпускаць, балазе разам з Віктарам Аляксеевічам адчуваў сябе дружным тандэмам, якому яшчэ прабівацца і прабівацца туды, наверх...

Начавалі яны ў хаце знаёмага лесніка. І вясковая лазня, і вячэра за драўляным самаробным сталом, і доўгія, за поўнач, паўпрыглушаныя размовы пра перспектыву, пра начальства, пра тыя нябачныя складаныя сувязі ў высачэннай пірамідзе — усё ў тыя вечары было салодкім і лёгкім.

А назаўтра яны зноў ішлі ў поле ці на ўскраіну лесу, і там, прыслухоўваючыся да далёкага, ледзь чутнага якатання, адчуваючы прыемны цяжар двухстволкі, пільна, са звярынай прагнасцю ўзіраючыся ўдалеч, Зубаў адчуваў у сабе асаджэнне нязнанага дагэтуль пачуцця, якое яшчэ вастрэй апякала, калі цэліўся, і пазней, калі дужай рукою адзіным кароткім рыўком ламаў двухстволку і ў паветры чуўся востры пах спаленага пораху.

Потым яны вярталіся ў гарадскія ўтульныя кватэры, прасветленыя, абветраныя, і ўвесь панядзелак Зубаў усё яшчэ не мог па-сапраўднаму ўключыцца ў работу. Як і не мог першыя дні глядзець тэлевізар.

Ды жыццё брала сваё, і Зубаў тут жа ўцягваўся ў штодзённыя заводскія клопаты, якія чым далей, тым болей і грузней навальваліся на ягоныя плечы.

Ад сарака да пяцідзесяці Зубаву здавалася, што ён і не жыў, а ўсё толькі прыцэльваўся да таго сапраўднага жыцця, якое пачнецца, калі прызначаць дырэктарам завода. Гэта была ягоная мара. У адным слове «дырэктар» Зубаву адчувалася штосьці самастойнае і нікому не падуладнае. Мо таму што Зубаў быў надта заняты, ён неяк і не прыкмеціў, як прывучыў жонку да сваіх позніх, за поўнач, вяртанняў пасля ўрачыстых пускаў, пасяджэнняў, сустрэч і праводзін дэлегацый, калі, злёгку ківаючыся, вяртаўся ў кватэру і доўга са здзіўленнем глядзеў на ложак, дзе, загорнутая белай коўдраю, спакойна і соладка спала жонка. З дзесяцігадовага падлетка дачка выцягнулася ў гнуткую дзяўчыну, якая тут жа, васемнаццацігадоваю, выскачыла замуж за дваццаціпяцігадовага аспіранта. Зубаў не любіў свайго ціхага, маўклівага зяця, які ўвесь час хаваў позірк, ён здагадваўся, што, як і многія, зяць жаніўся з-за перспектывы, якую Зубаў яму вымушаны даць, ды што ён мог зрабіць?..

А так, здавалася Зубаву, ён і не старэў, ён проста набіраў вагу ў вачах саслужыўцаў і знаёмых па горадзе, толькі вось на паляванне ён выбіраўся ўсё радзей і радзей — то не хапала часу, то трэба было сустракаць і праводзіць гасцей, а то — проста не хацелася.

Апошнія гады, калі Зубаў разам з Віктарам Аляксеевічам выбіраўся на паляванне, яны ўжо мала блукалі па прасветленых ціхіх палях; цяпер яны ехалі не да лесніка, а ў спецыяльны паляўнічы домік, што хаваўся ў лесе, у той домік, дзе было ўсё гатова да іх прыезду: і ліцэнзія, і загоншчыкі з сабакамі, і нават агледжанае лежбішча звера. І вось, як на заводскім канвееры, пасля зычнай каманды, пачыналіся крыкі, брэх сабак, нечаканы трэск ламачча і — доўгачаканае бабаханне, ад якога зверу, каб і ўздумаў, нідзе не было падзецца.

Пад раніцу ад выпітага і з’едзенага ў роце ў Зубава ўсё перасыхала, ён прачынаўся яшчэ сцямна, прагна піў ваду, стараўся заснуць зноў і не мог, бо моцна балела галава. Штосьці падымала яго з цёплага ложка і выганяла з доміка ў яловы лес, які ўшчыльную ціснуўся да самых вокан. У белаватым тумане амаль нічога не бачылася, з вільготных ялін капала, чмокала, і здавалася, што дрэвы, туман, нябачныя звяры і птушкі — усё гэта нешта адно, жывое і суцэльнае, у якім жывому чалавеку ніколі пе разабрацца.

А потым Зубаў вяртаўся назад, у цяпло, дзе паслухмяны шафёр Косця гатаваў на газавай пліце каву, без якой апошнія гады Зубаў не абыходзіўся.

 

3

Ён вычакаў сваё, іх тандэм і сапраўды прарваўся наверх, мара ўвачавідкі збывалася, ды чамусьці супакоенасці і шчасця яна не прыносіла.

У тую восень Зубаў упершыню адчуў, што душа ягоная размываецца. Штосьці новае, не падуладнае Зубаву ўваходзіла ў жыццё, і таму ўсё часцей пасля планёрак, забыўшыся на работу, Зубаў застываў ля акна кабінета, нерухома, як на штосьці чужое і загадкавае, глядзеў на заводскія карпусы, на невялічкія, калі глядзіш зверху, людскія постаці, што снавалі туды-сюды па тэрыторыі, на высачэзны заводскі комін, з якога ўвесь час выносіўся ў неба едкі белавата-шэры дым, — у яснае падвор’е гэты дым падымаўся ўгору, памалу размываючыся ў чыстым блакіце, а ў ветраныя дажджлівыя дні яго злізвала з вяршыні коміна і ціснула да заводскіх карпусоў, да гарадскіх будынін, і тады ў заводскім мікрараёне людзі скардзіліся на горла...

Нешта падобнае бывала ў Зубава і дагэтуль; як і цяпер, у ягоным жыцці надыходзілі імгненні, калі ўсё ні з таго ні з сяго абрыдвала: і сям’я, і работа, і саслужыўцы, — непрыемнае цяжкое пачуццё агіды і стомы паяўлялася ў Зубава, і ён тады, хаваючыся ад знаёмых і незнаёмых, не ведаў, за што, апроч чаркі, ухапіцца. Зубаў тады разумеў словы, якія чуў ад пажылых людзей: «Душа баліць». Але, услед за душэўным болем, чамусьці так атрымлівалася, у Зубава пачыналіся непрыемнасці, клопаты, і ён, цераз сілу ламаючы душэўны боль, вымушаны быў вылузвацца з непрыемнасцей.

І якраз гэта яго лячыла.

Цяпер жа непрыемнасцей у Зубава не намячалася, проста ўсё вастрэй і ярчэй надыходзіла адчуванне няяснасці, размытасці ўсяго на свеце, балазе ўсчынаўся вецер новых перамен: адных здымалі, новых прызначалі, адусюль на трыбуны палезлі дэмагогі, якія нядаўна сядзелі, як мышы пад вешкам, — нахрапіста і адчайна яны наводзілі парадкі ў чужых агародах, ківалі і раілі, указвалі і крытыкавалі, зверху штодня, як снег на галаву, сыпаліся ананімкі, скаргі, камісіі, праверкі... На планёрках Зубаў адчуў, як штосьці новае непаслухмянае ўсё выразней праразаецца і ў позірках, і ў пакуль што нясмелых рэпліках падначаленых, яно, гэтае новае, глушыла пытанні і загады Зубава, рабіла Зубава не тое што нясмелым, а проста — бяссільным перад тымі няяснымі пакуль зменамі, якія павінны былі зачапіць і яго.

Зубаў не ведаў, што такое — душа, ды і, як сын свайго разумнага, рацыянальнага веку, ён не верыў ні ў якую душу; яшчэ з маладосці ён верыў у свае здольнасці, у сваё здароўе, у навуку ва ўсякім разе, — спланаваўшы сваё жыццё так, як некалі планаваў бег на чатырохсотметроўцы, цяпер, калі толькі-толькі ўдала выходзіў на фінішную жыццёвую прамую, ёы сутыкнуўся з нечым незапланаваным.

Адзіная надзея была на тое, што, як і дагэтуль, новыя клопаты і новыя непрыемнасці прымусяць забыцца пра гэты душэўны боль.

Віктар Аляксеевіч загрымеў на апошняй міністэрскай калегіі, па ўсім можпа было здагадацца, што нехта магутна пачынаў капаць і пад Зубава, — ды цяпер нават і гэта не ўзбадзёрыла... У тую восень як ніколі дагэтуль думалася не пра будучае, а пра мінулае: пра паляванні, пра тых жанчын, з якімі сустракаўся ў маладосці і якіх лёгка пакідаў з упэўненасцю, што некалі ў яго будзе большае шчасце...

Пасля работы Зубаў ехаў дамоў, дзе спадзяваўся знайсці супакаенне. Ён заходзіў у свой пакой, які называў кабінетам, — на сцяне шарэла шкура ваўка, забітага ім некалі, ля сцяны стаяла канапа, а ля акна — пісьмовы стол з тэлефонам. Але, як толькі Зубаў заходзіў у кабінет, станавілася яшчэ цяжэй, хоць назад на завод вяртайся.

З паўгадзіны ён непарушна ляжаў па канапе, заплюшчыўшы вочы. Але цішыня давіла гэтак жа, як і напачатку, ён урэшце не вытрымліваў, падымаўся і выходзіў з кабінета. «Ты куды гэта?» — жонка запытальна глядзела ў вочы. «Па рабоце трэба заскочыць», — і яе пытанні, як і

ягоны адказ — усё было адрэпеціравана за гады, і кожны на сённяшні вечар ведаў свае правы і абавязкі і не думаў замахвацца на правы і абавязкі іншага.

У машыне Зубаву станавілася лягчэй. Гледзячы на вячэрнія, асветленыя ліхтарамі вуліцы, Зубаў адчуваў часовую палёгку, але ведаў: ненадоўга.

Прыпыніўшыся ля вулічнага тэлефона-аўтамата, Зубаў выходзіў з машыны і пачынаў званіць.

Пазней, калі пакідаў кватэру адзінокай жанчыны, яму хацелася напіцца — да ачмурэння, каб нічога не помніць.

Але ён ужо ведаў: як і паляванне, як і знаёмствы з жанчынамі, як і выпіўкі — усё завязана...

А што далей?

Чаму, адкуль такі нясцерпны душэўны боль?

Ён не ведаў гэтага і таму інтуітыўна шукаў выйсця: вечарамі спрабаваў гаварыць з жонкаю, ды нічога не атрымлівалася, бо за адзін вечар не мог адматаць назад дваццаць пяць сумесна пражытых год; ехаў да дачкі ў госці, але і там адчуваў сябе ўсяго толькі — госцем, хай сабе і жаданым, ды ўсё ж — госцем.

Прыхапіўшы ружжо, Зубаў выязджаў за горад, цяпер ужо без сабакі і без Віктара Аляксеевіча. Як жа ўсё цяпер змянілася, стала занадта празрыстым і ясным — ніякага новага пачуцця ў душы не паяўлялася. Прыпыніўшы машыну на ўзлеску, Зубаў доўга, не вылазячы з машыны, глядзеў на аголены, празрысты лес, на далёкія ціхія палі, над якімі дымілася нізкае цяжкое неба.

Як бы штосьці надта важнае трэба было ўспомніць ці зрабіць Зубаву.

Як жа ўсё няправільна ў ягоным жыцці атрымлівалася! З маладосці ён добра ведаў, што трэба ад жыцця, і таму браў тое, што давалі слодыч і супакоенасць; ён быў не горшы за іншых, — разлічыўшы сілы на ўсю адпушчаную дыстанцыю, ён пайшоў па ёй, і вось цяпер хтосьці нябачны ўмяшаўся і прымушаў збочваць з дыстанцыі.

Куды, у які бок яму збочваць?

Штосьці грознае прыадкрывалася Зубаву ў такія імгненні, і ён, каб пазбавіцца гэтага грознага, праз сілу выганяў сябе з машыны і прымушаў блукаць па халоднай пустой зямлі.

 

4

Нарэшце выпалі белыя халодныя снягі, якія пазасыпалі вясковыя дарогі — не прабіцца...

Зіма ў той год здавалася такой доўгай, якой не была і ў маленстве. Ён усё спадзяваўся, што пад вясну боль адпусціць і яму палягчэе.

У той вечар Зубаў вярнуўся дамоў сцішаны і нават супакоены, — у канцы лютага, калі ў горадзе снегу ўжо амаль і не было, ён адчуў, што ў яго ўжо няма сіл змагацца з тым грозным і нябачным, што незапланавана ўмяшалася ў жыццё... Жонка вярнулася з работы раней звычайнага, і Зубаў, зірнуўшы на кухню, папрасіў заварыць свежага чаю. Здзіўлена бліснуўшы вачыма, жонка паставіла чайнік на газавую пліту. Калі ён прысеў да белага кухоннага стала, жонка, наліваючы ў кубак чай, з усмешкаю спытала: «Ну, куды ж ты сягоння лыжы навастрыў?» І тут ён зразумеў, што надзея па збавенне згасла, і чай гарачы ён дапіваў праз сілу, маўкліва, стараючыся не глядзець жонцы ў вочы.

Ружжо ён вынес раней, паклаўшы яго ў машыне на задняе сядзенне, таму, зірнуўшы напаследак на распаўнелую, чужую яму жанчыну, Зубаў спусціўся ўніз, дзе ля пад’езда дзевяціпавярховай стандартнай будыніны бялела машына.

Калі ехаў па горадзе, да фізічнага болю захацелася ўбачыць унука. Таму завярнуў на знаёмыя вуліцы.

Дачка, адчыняючы дзверы, здзівілася, а потым штосьці радаснае бліснула на яе твары. На руках трымала двухгадовага сына. Убачыўшы радасны бляск, Зубаў ледзьве не застагнаў. А потым, як і звычайна, прымусіў узяць сябе ў рукі, загаварыў з дачкою тым фальшыва-вясёлым голасам, якім прывык гаварыць з ёю яшчэ з той пары, калі яна хадзіла ў восьмы клас. Ён нават узяў унука на рукі, ды — ненадоўга: пачалася па тэлевізары вячэрняя казка, і малы тут жа пацягнуўся з ягоных рук да экрана, дзе былі парасяткі і сабачкі.

І гэта Зубава чамусьці разанула, абразіла нават,— і зноў тое грознае, няўмольнае, ад чаго імкнуўся пазбавіцца ўсю восень і ўсю зіму, навалілася каменем, і ён адчуў сябе страшэнна вінаватым перад дачкою, таму тут жа пачаў развітвацца, баючыся глядзець у яе вялікія вочы, якія хутка набракалі трывогаю...

Ён усё яшчэ на штосьці спадзяваўся. Спадзяваўся, штоміліцыя спыніць. Што дарога за горадам раскісла і да лесу ён не праскочыць.

Але за горадам яшчэ была зіма, дарога пе раскісла, проста снег пасля адлігі апаў да самай зямлі. Даўнавата сцямнела, ён ехаў з уключанымі фарамі і ўсё баяўся, каб не праскочыць знаёмы паварот.

Не праскочыў — паказалася вузкая дарожка, што вяла ад бальшака ў лес. Збавіўшы хуткасць, ён завярнуў, і тут святло фар уперлася ў невысокі сумёт, які сярод зімы намяло перад самым лесам. Дрыготкай, нейкай чужой рукою Зубаў пераключыў перадачу, спачатку газануў, а потым скінуў газ. На хуткасці машына праскочыла сумёт і надта ўжо ціха ўкацілася на лясную дарожку, дзе снегу было не так ужо і шмат — як у іншы свет... Зубаў глыбока ўздыхнуў і толькі цяпер, як пасля цяжкой работы, выцер далонню ліпкі пот з ілба. Зразумеў: самае пакутлівае — навек у мінулым...

 


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гігевіч В. Мелодыі забытых песень: Аповесці, раман, апавяданне. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1988. – с. 325-334
Крыніца: скан