epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гігевіч

Мелодыі забытых песень. З хронікі аднаго жыцця.

Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзінаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
Раздзел чатырнаццаты
Раздзел пятнаццаты
Раздзел шаснаццаты


 

Колькі сябе помніла, яна — цярпела.

Яшчэ ў маленстве, калі бачыла круглы бохан на стале, які без дазволу таты і мамы нельга было чапаць, на яго можна было толькі глядзець, глытаючы салодкую слінку, яшчэ той парою, калі замест гуляў няньчыла сясцёр сваіх, і пазней, калі ў дзеўкі пачала ўбірацца і адзець не было чаго, таму выправілася ў Бярозава ў наймічкі да шаўца, дзе абмывала ды падцірала каравых дзяцей яго, — яшчэ тады яна пачала пазнаваць гэты закон цярпення: цярпі, цярпі, а там, глядзіш, і лягчэй будзе.

Тады, як шавец, аддзячыўшы за работу, пашыў ёй сукенку і выпусціў з хаты, як радасная ляцела з Бярозава дамоў, дзе так хацелася пагуляць ды паспяваць, пахваліцца сваёй новай сукенкаю ды чаравічкамі, якія несла пад пахаю, каб не сцерліся раней часу, і яшчэ, праз пару год, калі на вечарынцы ўбачыла Міколу і без вялікіх любошчаў пайшла за яго, як з берага ў раку кінулася, хоць яшчэ і пагуляць хацелася — увесь час яна пазнавала гэты закон цярпення.

Цярпі, цярпі, а там, глядзіш, і лягчэй будзе...

І праўда, лягчэй станавілася,— калі ў чужым сяле прывыкаць пачала, калі хату сваю з Міколам паставілі, калі сын з'явіўся... Тады свет мякчэў, зелянейшай станавілася трава, званчэй пяялі птушкі, глыбела, налівалася блакітам неба, і яна адчувала, як сама сабою рвалася з душы на волю песня, то — ціхая, калі сына калыхала, то — звонкая, калі ў лесе ягады збірала, калі з бабамі, пасля работы з калгаснага поля вярталася.

Як вайна разгарэлася, зноў спатрэбілася цярпенне, быццам у гэтым і быў сэнс яе жыцця, быццам хтосьці нябачны правяраў: ці шмат чалавек можа вытрымаць?

Калі гадзюка Стацкевіч перакладчыку паказваў на іхнюю хату, яшчэ зусім-зусім новую, якую перад вайною з Міколам склалі, калі з дзіцем па суседзях тулялася, галадаючы, недасыпаючы, калі іх у Нямеччыну пагналі — сколькі ж спатрэбілася мець цярпення, каб не накласці на сябе рукі?

І, можа, таму, што не адна была, дзіця побач плакала, есці прасіла, можа, таму, што бачыла: і суседзям не лягчэй, у кожнага — свая бяда за плячыма, толькі таму яна і выцерпела, дачакалася свайго Міколу, хай і хворага, хай і ачужэлага, ды ўсё ж — свайго...

Зноў пачалася работа, ад цямна да цямна, як быццам яна і нараджалася толькі дзеля работы, зноў трэба было набірацца цярпення, бо зноў пайшло тое жыццё, што і да вайны было, то — горкае, як палын, то, як выдых пасля плачу, лягчэйшае...

Так выпадала, што задумацца над сваім лёсам і часу не было, калі ж у вольную мінуту і думалася, то — няясна, блытана, верачы ў вышэйшую справядлівасць закону цярпення, яна хутка і таропка хрысцілася і шаптала: «Памажы, божа...»

Нават тады, як разам з вяскоўцамі яна з сям'ёю выпраўлялася на раданіцу на могілкі, дзе былі пахаваны яе тата і мама, калі, прыціхлая, сядзела ля курганкоў зямлі і, як і ўсе ў сяле, гаварыла пра нябожчыкаў так, быццам яны былі жывыя і ўсё-ўсё чулі і бачылі нават, ды толькі адтуль прыйсці не маглі, то і тады яна не ведала, ёсць хто на небе ці няма яго. Пасля таго, чаго нагледзелася за вайну: і хат разбураных, і людзей скалечаных, і дзетак малых, невядома за што немцамі ў пуні спаленых — пасля ўсяго гэтага яна ўжо мала верыла ў мудрую справядлівасць таго, хто мог жыць на небе і з каменным сэрцам глядзець на людскія пакуты, а тым болей што на той горкі пасляваенны час ёй было не да гэтых разваг, важнейшым, было — дастаць у Бярозаве хлеба, купіць адзежыну як сабе, Міколу, так і дзіцяці, даглядаць Міколу, які на вачах чахнуў...

Відаць, у тыя пасляваенныя, гады гэта і было галоўным, што займала яе як днём, так і вечарам.

І яшчэ спадзявалася, вось вырасце сын, вучобу скончыць і, паехаўшы ў свет, разбярэцца ва ўсім, чаго яна з-за работы не паспела ўведаць.

 

Раздзел першы

Бачыў ён сябе: крыж-накрыж абкручаны хусткаю, сядзіць у двары між складзенага ў груд адзення і глядзіць на хату, якую разбіраюць мужчыны. Страхі ўжо няма, над цёмнымі высокімі сценамі бялеюць латы і кроквы, на зямлі ля сцен ляжыць дранка, трохі збоку і далей — чарнеюць складзеныя дошкі, там жа — вынятыя вокны. Па столі, між лат і крокваў, снуюць і грукаюць сякерамі мужчыны. Па двары ходзіць маці, у яе чырвоны, набрынялы ад слёз твар; заламаўшы рукі над галавою, маці пачынае штосьці крычаць, працяжнае і балючае, ад чаго яму хочацца плакаць, — гэтае працяжнае і балючае ён, падросшы, чуў неаднойчы, і кожны раз, як упершыню, яму тады хацелася плакаць. Той дзядзька на столі, які махае рукамі і штосьці гаворыць мужчынам, чамусьці спыняецца, злосна глядзіць уніз, на яго, на маці, і, тыкаючы рукою, таксама нешта крычыць немаведама каму.

З хлява выводзяць чорную карову, — нейкая цётка, накінуўшы на рогі вяроўчыну, цягне карову за сабою.

Ужо, відаць, была позняя восень, бо яму — холадна. І яшчэ яму надта трывожна і ад працяжнага крыку маці, і ад уладнага голасу сярдзітага дзядзькі, — пачынае плакаць. Чыесьці рукі падхопліваюць яго, і тады ўсё, залітае слязьмі, знікае: і чорная карова ў двары, і напаўразбураная хата, і мужчына на столі, і маці.

 

І яшчэ ён бачыў сябе, як ехаў на возе. І зноў — побач з возам ідзе заплаканая маці. Ён глядзіць на яе зверху і ніяк не можа зразумець, чаго яна плача, бо яму-то — добра і мякка сярод клункаў і падушак, ён-то — едзе і з радасцю глядзіць, як сама сабою плыве, сплывае шэрая ад пылу прыдарожная трава, гэткі ж шэры, з вострым пахам, палын, ззаду застаюцца пават высокія зялёныя ліпы, якія хаваюць стрэхі хат і хлявоў. Белая дарога ўцягваецца ў малады яршысты ельнік, хаты і хлявы хаваюцца зусім. І хоць цяпер маці не галосіць, ды ўсё ж ён адчувае трывогу, нешта нядобрае вісіць над зямлёю, яму становіцца вусцішна.

 

Потым ужо, нашмат гусцей, пайшло іншае, пакуль што рознае, што, здавалася, ніяк не звязана адно з другім, як тыя каляровыя шкельцы, скрозь якія гэтак добра глядзець на белы свет.

Сэнсу не было, ды ён і не шукаў той сэнс, навошта яму быў той сэнс?..

 

Школа за ракою, на высокім беразе. Дарога ў школу здаецца доўгаю-доўгаю; спачатку трэба ісці сялом аж да магазіна, мінаючы дзве лагчыны, дзе зімою так добра катацца на саначках, затым, ля магазіна, трэба звярнуць па другую дарогу, якая вядзе да ракі і яшчэ далей, аж да Паліка; прайшоўшы драўляны мост, трэба зноў павярнуць, толькі не туды, у бок Пасьбішча, куды летам ганяюць кароў, а на вузкую сцежку, дзе жыве Ароўская...

Чорныя, бачныя здалёк літары, намаляваныя на квадратных кардонках, якія прыкладаюцца адна да адной і з якіх — самае дзіўнае! — атрымліваюцца словы, гэткія ж чорныя лічбы, што можна па свайму жаданню складаць і адымаць, вялізныя каляровыя карты, што вісяць ля настаўніцкай і якія час ад часу Гаеўскі прыносіць у клас разам з круглым каляровым глобусам, на якім ёсць светлажоўтая пясчаная Афрыка, жаўтаваты Кітай, зялёная Сібір і нават, за блакітным Ціхім акіянам, загадкавая Амерыка, да якой можна запраста дабрацца са свайго двара, калі пачнеш капаць глыбокі-глыбокі калодзеж... — усё гэта акружана чымсьці загадкавым, і таму на ўроках ён не дурэе, сядзіць ціха, стараючыся як мага болей увабраць гэтага таемнага, якое штодня, штохвілінна лунае ў паветры трапяткой радасцю.

...Як пах новага адзення, якое маці прыносіць з Бярозава.

...Як пах свежага хлеба.

...Як пах вясенняй адталай зямлі, на якой гэтак хочацца пакінуць след босай нагі.

Зімою ў школу і са школы шлях можна зрэзаць: ісці наўскасяк цераз балота, што замярзае. Халодны вецер пранізвае наскрозь, сухі, што пясок, снег замятае сцежку, і яны, каб лягчэй ісці, цягнуцца адно за адным гуськом, наставіўшы каўняры, падвязаўшы пад бародамі шапкі-вушанкі. Калючы, як іголкі, вецер коле шчокі, пальцы па руках і па нагах дубянеюць, становяцца нягнуткімі, і здаецца, што сцежка ніколі не скончыцца, яна — бясконцая, як і белы снег, а хата з цёплаю печчу пасярэдзіне стаіць недзе аж за светам. І яшчэ думаецца, што лепей было б пайсці сялом, дзе між хат, хлявоў і платоў зацішней, дзе шырокая ўбітая саньмі і людзьмі дарога. Але назаўтра яны чамусьці зноў зварочваюць на сцежку, — як быццам без холаду ім ніяк не абысціся.

 

— Э-эх, ірванём зараз! Рыбы будзе — во... — Пеця Зайчыкаў старэйшы за іх гады на чатыры, ён ужо — ладны падшыванец, трымае ў руцэ гранату. Тут жа, побач, топчуцца і яны: ён і Грышка з Бродаўкі. Гранату знайшоў у былым нямецкім бункеры вісус Грышка з Бродаўкі, калі, прапусціўшы ўрокі, партызаніў... Ён жа і не вытрымаў: пахваліўся знаходкаю Пецю Зайчыкаву. Той, канечне, тут жа гранату адабраў, сказаў, што яна на справу пойдзе...

Утрох яны стаяць на беразе ракі,— у ёй кругамі ходзіць вада, там — віры, там — глыбока, і там шмат рыбы.

— Вы адыдзіцеся ў лагчыну, — камандуе Пеця Зайчыкаў. — Як чаку вырву, на зямлю падайце. Панятна?

І ён, і Грышка з Бродаўкі ківаюць галовамі: панятна, канечне, панятна...

Яны ідуць ад берага ў лагчыну і глядзяць на адчаюгу Пецю Зайчыкава. Той вырывае чаку, яны кідаюцца ніцма на траву і скоса пазіраюць, як Пеця будзе кідаць гранату. Ды той гранаты чамусьці не кідае, трымае яе ў руцэ і гучна гаворыць: «Не шыпіць, зараза...»

І тут яна вухае...

Пецю адрывае руку, паветранаю хваляю вырывае вочы, і яны павісаюць чырвонымі шарычкамі на акрываўленых жылах. І сам ён, увесь акрываўлены, бегае кругамі па беразе і пранізліва-страшна крычыць: «А мне не баліць!.. А мне не баліць!..»

Адтуль, з сяла, ужо бягуць людзі і таксама крычаць, галосяць, гэтак жа страшна, як і Пеця Зайчыкаў...

 

Грошай на кіно ў яго, канечне, не было, ён яшчэ не быў кавалерам, а ўсяго толькі падшыванцам, тонкім, даўганогім, які разам з іншымі падшыванцамі мог латашыць яблыкі ў чужых садах, хоць у сваім садку гэткіх жа яблыкаў было поўна, хоць заваліся...

Мокрыя ад расы, набіўшы кішэні яблыкамі, яны падыходзілі да клуба, да тых асветленых з сярэдзіны вокан, ля якіх чаргою, бы ў магазіне па хлеб, стаялі дзяўчаты і дзеці, гледзячы кіно. І тое, што яны глядзелі кіно пе ў клубе, а на вуліцы праз акно, было абразліва, усе яны адчувалі сябе ніякавата, і таму хлопцы гучна знарок смяяліся, штурхалі дзяўчат, стараючыся не глядзець тое салодкае кіно, як быццам яно ім абыякава. І яшчэ яны частавалі дзяўчат недаспелымі яблыкамі, і тыя чамусьці пс адмаўляліся, кусалі цвёрдыя нясмачныя яблыкі.

Яго ўжо цягнула да дзяўчат. І не да ўсіх, а да той, якая сядзела ў клубе на лаўцы і спакойна глядзела кіно, бо грошы ў яе былі.

Яна была старшынёва дачка.

У тыя гады ў сяле часта мяняліся старшыні; не паспяваў добра абжыцца і нажыцца адзін, як яго тут жа звальнялі. Сабраўшы лахі пад пахі, таму старшыні нічога не заставалася, як выбірацца ў Бярозава на новую кіруючую пасаду, а адтуль насустрач везлі ўжо новага. І гэты старшыня, якога прывезлі сярод зімы, быў амаль гэткі ж, як і папярэднікі, як быццам іх у Бярозаве на фабрыцы рабілі: у доўгім, ледзь не да пят, чорным скураным паліто, якія звычайна насілі фінагенты, з тоўстым загадкавым партфелем, гаварыў ён не па-вясковаму, а культурна, па-бярозаўскаму, у адным гучанні цвёрдага бярозаўскага «г» хавалася тое прыгожае і загадкавае, што яны, вясковыя падшыванцы, маглі пабачыць толькі ў кіно, дзе прыгожыя дужыя лётчыкі лёталі на самалётах, не меней прыгожыя жанчыны спявалі песні і каталіся на легкавушках — у тым кіно паказвалася і адбывалася тое, чаго ў сяле яны ніколі не маглі пабачыць і адчуць.

Гэткаю ж прыгожаю і загадкаваю была Марына. Яна паявілася ў іх класе пасярод зімы, і тады Іван адразу ж новымі вачыма ўбачыў сябе — несамавітага, у кірзавых ботах. Ён чагосьці пачаў саромецца. І цяпер ва ўсім, што бачыў, чуў, быў свой патаемны сэнс, бо недалёка ў вялікім старшынёўскім доме жыла Марына. Ён старанна прасаваў бліскучыя штаны, вучыў на пяцёркі ўрокі, а вечарам проста-такі ляцеў да клуба, адчуваючы кожнай клетачкаю бязважкага цела, як над зямлёю пад зорным небам звініць радасная, нікому, акрамя яго, не чутая мелодыя... Кожны вечар, чым бы цяпер Іван ні займаўся, ён чуў гэту мелодыю. Нават у нязвыклым імені Марына мелася штосьці нетутэйшае, бярозаўскае, што ён час ад часу мог убачыць у кіно. Не Марыля Сярэдзінская, якая ўмее мянтачыць языком цераз плот па дзве гадзіны, не Ганна Канцавая, не бездапаможная Еўка, а — Марына...

Пад вясну Марына ўжо добра-такі асвоілася ў сяле і разам з другімі дзяўчатамі ледзь не штовечар бегала ў клуб, дзе пасля кіно наладжваліся танцы. Танцаваць ён саромеўся, як і ўсе аднагодкі ціснуўся ў кут ці стаяў ля дзвярэй і ўсё глядзеў, як танцуюць другія, як танцуе яна, Марына, то — хуткую полечку, то — вальс ці кракавяк... Невядома чаму, ды была ў ім упэўненасць, што некалі само сабою ўладзіцца, — і не ў клубе на танцах, дзе на лаўках ля сцяны поўна старых, якія цікуюць за кожным крокам, а недзе за сялом ён абавязкова сустрэнецца з ёю адзін на адзін, і тады, убачыўшы ягоны позірк, Марына ўсё зразумее, моўчкі падасць яму руку, і гэта яе працягнутая рука будзе як вяршыня шчасця, большага яму і не трэба... Усё гэта абавязкова будзе, спяшацца не трэба, бо ўжо і цяпер Марына пазірала на яго загадкава, балюча апякаючы чорнымі вачанятамі. І ён тады не вытрымліваў, чырванеў, апускаў позірк...

Тым летам, калі перайшоў у дзесяты, як ніколі востра Іван адчуваў слодыч вячэрніх мяккіх прыцемкаў, што ціха і непрыкметна апускаліся на сяло пасля захаду сонца. Хаты, зялёныя сады, агароды, выган за сялом, рачулка, за якой цямнеў лес, калгасны двор — усё хавалася, размывалася ў цёмнай невядомасці, і тады здавалася, што душа раскрываецца нечаму іншаму. Пах мокрага ад расы бульбоўніку, пах нядаўна скошанай і прывяленай травы, пах распаленага на двары вогнішча — усё плыло і плыло над зямлёю, выцягвала з душнай хаты на двор, дзе пад зорным небам Іван адчуваў сябе не адзінока, а яшчэ вальней і весялей, чым днём. З прагнасцю ён прыслухоўваўся і прыглядаўся вакол сябе. Далёкае вочка агеньчыка, нечы голас, няясны і таксама далёкі, як і загадкавае святло начнога неба, што ахінала зямлю агромністай паўсфераю, — усё трывожыла, як бы іншае жыццё пачыналася такой парою, і ў гэтым новым жыцці ў любое імгненне магло здарыцца тое прывабнае і пакуль недасягальнае, пра што днём і думаць нельга.

Пераапрануўшыся ў чыстае, ён выбягаў з хаты і шпарка бег да клуба, дзе ўжо тарахцеў маторчык. І было па душы так лёгка і радасна, што здавалася — разбяжыся, падскоч і паляціш, як у сне ўсё роўна...

У той вечар, калі Іван на свае вочы ўбачыў, як пасля танцаў кіншчык павёў Марыну з клуба, накінуўшы на яе плечы свой чорны пінжак, неяк жулікавата перад гэтым міргнуўшы хлопцам, калі Іван убачыў вінавата ссутуленую Марыну, як быццам не па сваёй ахвоце яна ішла ў цемру побач з нахабным кіншчыкам, у якога, відаць, у кожным сяле па дзяўчыне,— тады штосьці абарвалася ў ягоных грудзях, мелодыя тут жа знікла, як знікла і радасць... І кіно, і танцы, і сяло, і школа — усё стала чужым, лішнім. Адчуваючы ў душы пякучы боль, Іван на хісткіх нагах пайшоў дамоў, стараючыся нікому не патыкацца на вочы.

У тое лета, як і многія хлопцы, ён спаў у пуні на сене.

Забраўшыся на сена, паспрабаваў заплакаць. Але не плакалася, ад гэтага было яшчэ цяжэй. Ён не ведаў, што рабіць, як пазбавіцца пякучага болю, — ва ўсім, што сягоння здарылася на ягоных вачах, было штосьці несправядлівае, няправільнае, нечаканая злая сіла ўварвалася ў ягонае жыццё і зрабіла ўсё пустым і нямілым, прынесла адны пакуты, якіх дагэтуль ніколі не адчуваў. Ён кусаў вусны, глядзеў угору, дзе ў чарнаце хавалася страха, і думаў: хто вінаваты?

Канечне, віною ўсяму кіншчык, вясёлы нахабны кіншчык, які ведае процьму анекдотаў, які раз у тыдзень прывозіць з Бярозава кіно, у гэтага кіншчыка бярозаўскія замашкі, раскляшоныя чорныя, як у марака, штаны, шырокі чорны, з бліскучай спражкаю, рэмень, гэткі ж чорны чуб, што спадае на самыя вочы, які ён раз за разам адкідае ўбок кіўком галавы. І яшчэ ў яго бліскучы, самая мода, жоўты зуб наперадзе, казалі, выбіты некім на кірмашы.

Сухімі вачыма Іван глядзеў у цемру, якой было накрыта ўсё сяло і ў якой цяпер дзесьці адбывалася нешта нядобрае; ён не ведаў, як пазбавіцца пякучага болю, ад якога, здавалася, цяпер ужо ніколі не пазбавіцца, —колькі будзе жыць, гэтулькі будзе і пакутаваць.

Праз тыдзень, калі ў клубе зноў паказвалася кіно, Іван абарваў чорны тоўсты шнур, што цягнуўся па зямлі ад траскучага маторчыка да дзвярэй клуба. Кіно спынілася. З клуба высыпалі людзі. Выбег і раззлаваны кіншчык. Нехта падказаў кіншчыку на Івана. Кіншчык угледзеў яго ў натоўпе, спакойна падышоў і, сказаўшы: «Ах ты, шчанё смаркатае, кіно людзям не даеш паглядзець... Ну, дык глядзі, я табе зараз пакажу яго», — ён нечакана рэзка павярнуўся і па-баксёрску стукнуў кулаком у падбароддзе.

Апамятаўся Іван, калі ляжаў на мураве. Першае, што пачуў, гэта быў нечы дарослы спакойны мужчынскі бас: «Ну во, і яшчэ адно кіно паглядзелі». Пачуўся дружны рогат. А яму ў гэты час запомніліся яе вочы, што мільганулі за спіною кіншчыка, — смяшлівыя, як ва ўсіх...

На гэты раз было лягчэй, бо цяпер ён ужо мог заплакаць. Ён ішоў у цемені па вуліцы, шморгаў носам, выціраў далонню мокры твар і ведаў, што гэтымі слязьмі назусім развітваецца і з ёю, Марынаю, і з радаснай звонкай мелодыяй, якую дагэтуль чуў.

 

Раздзел другі

Бацькі Элеаноры перабраліся жыць у горад недзе адразу ж пасля вайны. Прыехалі яны сюды здалёку, недзе аж з-пад Ташкента. Бацька быў спецыяліст, і ён адразу ж уладкаваўся ў інстытуце выкладчыкам, як мама часта казала Элеаноры, ён «был брошен на укрепление местных кадров». На першым часе жыць было цяжкавата — давялося наймаць прыватную кватэру на ўскраіне горада, дзе быў сельгаспасёлак. Пазней, у сорак сёмым, калі горад збольшага пачаў забудоўвацца, бацьку, як спецыялісту, выдзелілі камунальную аднапакаёўку. Гады праз два яны пакінулі той цеснаваты пакойчык, тую кватэру з агульнай кухняю, дзе былі чадныя керагазы, і перабраліся ў двухпакаёўку з усімі выгодамі.

Але пра тыя першыя пасляваенныя гады, калі горад быў разбураны, а як у цэнтры дык увогуле былі адны руіны, пра той час Элеанора помніла мала, больш выразна запомніла жыццё ў двухпакаёўцы, у тым чатырохпавярховым доме, што стралою пралягаў ад цэнтральнай плошчы да самага парку.

Элеаноры добра запомніўся дзіцячы садзік, куды вадзілі бацькі, дзе было шмат дзяцей, цацкі, цёця выхавацельніца ў белым халаце і смачныя стравы. Помнілася, як у маленстве дома скрозь акно яна падоўгу глядзела па вуліцу, па якой адна за адной з гулам несліся машыны: грымучыя палутаркі, гарбаценькія «Победы», ля вокан па тратуары ішлі людзі — яны зліваліся ў штосьці суцэльнае і шэрае, што струменілася ля дома і днём і вечарам. Помніўся Элеаноры свой двор, дзе была пясочніца, дзе раслі клёны і дзе зімою яна каталася з горкі на саначках, а то — і на партфелі, калі бацькі не бачылі; вясною і летам у двары густа зелянелі кусты бэзу, сярод якіх было так добра хавацца. І яшчэ Элеанора любіла гуляць на асфальце ў класікі, асабліва ранняй вясной, калі толькі-толькі зганяла снег.

У іх ціхай прыбранай кватэры вечна гаварыла і спявала радыё, у зале з высокай белай столі звешваўся абажур, вечарамі кватэра напаўнялася бледнаватай мяккай утульнасцю і спакоем, там жа, у зале, на відным месцы ў іх быў

прыёмнік з пласцінкамі Уцёсава, якія Элеанора любіла слухаць, яшчэ была паліца з кнігамі, але гэту прыбраную залу Элеанора не надта любіла, ёй болей падабалася кухня, дзе на пліце мама гатавала смачныя стравы, пахкія пышныя пірагі і булачкі...

Элеанора любіла розныя святы: дні імянін, калі да іх у госці прыходзілі знаёмыя, якія шумна ўсаджваліся за вялікі святочны стол, дзе было поўна смачных страў, салодкага ліманаду, і яшчэ — гэта ўжо абавязкова — на талерцы горкаю высіліся каляровыя пахучыя цукеркі, што называліся падушачкамі, Новы год, калі ў кватэры ставілі прыгожую, абвешаную цацкамі ёлачку, Першамайскія, Кастрычніцкія, калі з бацькам ішла па праспекце сярод радасных людзей, якія неслі над галовамі каляровыя лёгкія шары, транспаранты, партрэты, — яны праходзілі па цэнтральнай плошчы, збоку якой высіліся трыбуны, перад трыбунамі гучна іграў духавы аркестр, на трыбунах стаялі людзі і памахвалі Элеаноры рукамі. За трыбунамі віселі вялікія партрэты, сярод якіх яна адразу ж пазнавала дзядзьку ў вайсковай форме, з вусамі, — як жывы, вусаты строгі дзядзька глядзеў на маленькую Элеанору, яна ведала гэтага дзядзьку і па фотаздымках у газетах, і па малюнках у падручніку, і нават па тых шматлікіх партрэтах, якія неслі над галовамі людзі, Элеанора ведала, як яго завуць, бо яго імем называўся іх праспект. І таму, што гэты вялікі дзядзька глядзеў толькі на яе адну, таму, што іграла музыка, Элеаноры станавілася радасна, і яна з усёй сілы крычала: «Ура-а!» — гэтак жа, як і іншыя людзі.

Любіла Элеанора і тыя дні, калі не трэба было ісці ў садзік, калі ні мама, ні бацька не ішлі на работу, — тады мама часта выпраўлялася з Элеанораю на рынак, які быў недалёка ад цэнтральнай гарадской плошчы. Там былі доўгія сталы з навесамі, за сталамі стаялі дзядзькі і цёткі, якія дзіўнавата, па-чужому, гаварылі, працяжна расцягваючы словы, і чамусьці пільна зазіралі ў самыя вочы. Перад імі на сталах чаго толькі не было: і яблыкі, і грушы, і агуркі, і памідоры, і ягады, і нават, за асобнымі сталамі, былі малако, смятана, сыры, абгорнутыя белымі ручнікамі. Асобным гуртам стаялі коні каля вазоў. На вазах таксама штосьці ляжала, варушылася, рохкала, сакатала, пішчэла... Вакол было поўна людзей, уваччу Элеаноры ўсё мітусілася, мама, моцна трымаючы яе за руку, нетаропка хадзіла ў гэтым шумным мнагалюддзі і таргавалася: «И сколько же вы хотите за эту старую худую курицу?..»

Потым яны ўсё ж выбіраліся з рынку, неслі на кватэру звязаную за ногі курыцу, бітончык малака, пакуначак жоўтага масла, а ў вушах Элеаноры ўсё яшчэ чуўся многагалосы шум і гул, усё яшчэ яна бачыла дзіўнаватых скупых дзядзькоў і цётак, у якіх усяго поўна і якім гэтак цяжка саступіць у цане — таргуюцца да апошняга, аж вусны падціскаюць і сярдзіта зыркаюць на маму, быццам мама ў чымсьці вінаватая.

Бацькі Элеаноры пе кідаліся з месца на месца ў пошуках лёгкага хлеба, як гэта рабілі некаторыя, бацька працаваў у інстытуце на кафедры, мама — доктарам у паліклініцы, абое з раніцы да вечара былі занятыя і ў кватэры стыкаліся толькі вечарамі і ў нядзелю. З маленства Элеанора запомніла цёмна-карычневы стол у зале, за якім вечарамі сядзеў строгі бацька і штосьці ці то пісаў, ці то чытаў, робячы выпіскі з кніг. Ёй тады надта хацелася паглядзець, што ж піша бацька, але ні мама, ні бацька не падпускалі да стала, і, здаецца, першым словам, якое Элеанора запомніла, гэта было кандидатская. Мама так і гаварыла, ціха-ціха, быццам таямніцу выдавала: «Норочка, не путайся у него под ногами, он же кандидатскую пишет».

Спачатку Элеанора не разумела сэнсу гэтага слова, пазней толькі, у школе, яна патроху пачала здагадвацца, што да чаго, і таму, калі даводзілася чуць пра кандыдацкую, то перад вачыма адразу ж паўставаў пісьмовы стол, схілены над сталом сіваваты мужчына і яшчэ — тоўстая папка, запоўненая спісанымі лістамі.

Калі Элеанора вучылася ў школе, была яна ў меру вёрткая, у яе былі тонкія рысы чарнявага твару, тонкі стан, доўгія ногі. Ужо тады было відаць, што Элеанора, калі вырасце, будзе прыгажуняю, не той вясковай чырванатварай прыгажуняю, у якой усё — і на твары, і на целе — нейкае аж занадта пышнае і выпуклае, а тыпічнай гаражанкаю з тонкімі доўгімі пальцамі, з тонкім станам, з трохі выцягнутым па-ўсходняму смуглявым тварам, на якім кідка выдзяляюцца вялікія чуллівыя вусны, ледзь прытомленыя, заўсёды спакойныя вочы, тонкае пераноссе, дзе сыходзяцца вузкія дагледжаныя бровы.

У трэцім класе бацькі купілі Элеаноры піяніна і ўладкавалі яе ў музычную школу. Але праз нейкі час Элеанора кінула вучобу; і яна, і, галоўнае, бацькі зразумелі, што вялікім музыкантам дачка не стане, а так, для сябе, як гаварыла мама, для общего развития, Элеанора іграць навучылася. Калі Элеанора спраўляла імяніны, яна садзілася за піяніна і, хутка прабягаючы тонкімі пальчыкамі па клавішах, іграла розныя танцы, пад якія аднакласнікі весела скакалі.

Элеаноры было за дзесяць, як у моду пачалі ўваходзіць рытмічныя замежныя танцы, і яна разам з аднакласнікамі з радасцю далучаліся да чужой нязвыклай музыкі, як і да ўсяго новага, што невядома адкуль хутка ўваходзіла ў іх маладое жыццё.

У гарадскім парку духавым аркестрам ужо не іграліся павольныя мелодыі, хлопцы фарсілі клятчатымі пінжакамі, вузкімі, у дудачку, штанамі, а дзяўчаты саромеліся апранаць доўгія квяцістыя сукенкі з плечыкамі, — паяўляліся стиляги, якія апраналіся і паводзілі сябе так, быццам толькі што прыехалі аднекуль здалёку-здалёку, з-за нейкай нябачнай усім жалезнай заслоны, і таму яны пазіралі вакол сябе з усмешачкаю і насмешачкаю. Дарослыя глядзелі на стиляг з жахам, а моладзь — з захапленнем. На святы, калі па праспекце струменілася доўгая калона дэманстрантаў, ужо не неслі партрэты строгага вусатага дзядзькі, — іншыя партрэты высіліся над галовамі дэманстрантаў, ды і сам праспект называўся цяпер па-іншаму.

Калі ж Элеанора перайшла ў дзесяты клас, яе як падмянілі: пацішэла, перастала цікавіцца і гурткамі, і школаю, у дзённіку пасыпаліся тройкі. Мама ўстрывожылася, пачынала гаварыць з Элеанораю, ды тая адмоўчвалася. Вышэй на паўгалавы за маму, ужо амаль дарослая, Элеанора ў час размовы глядзела ці то ў акно, ці то ўключала радыёлу, каб паслухаць пласцінкі, ці то — тэлевізар, які нядаўна купілі, — з выпуклаю лінзаю, куды налівалася вада... Відаць было, што Элеанора думае пра штосьці сваё, з чым дагэтуль у жыцці не сутыкалася і пра што маме ці то не хацела, ці то саромелася гаварыць. Вечарамі, накінуўшы на плечы паліто, яна сыходзіла з дому. Але, як ні дзіўна, мама на Элеанору не сварылася, з роспытамі да яе надта і не прыставала, надта і не вучыла, як трэба жыць.

«Переходный возраст, молодость — такое сложное время, когда никакие советы не помогут», — як бы між іншым часта гаварыла мама. І яшчэ яна гаварыла: «Норочка, ты уже — взрослый человек, сама во всем разбирайся...»

Праз паўгода Элеанора зноў павесялела, пасвятлела, і між тым штосьці новае паявілася ў ёй, квола-жаноцкае, што праяўлялася і ў позірку, і ў паводзінах.

Элеанора ўсё болей прыслухоўвалася да той гаворкі, якую штовечар распачынала мама: пра паступленне ў інстытут, у якім працаваў бацька, цяпер ужо загадчыкам кафедры.

І сапраўды, калі паслухаеш маму, з ёю трэба пагадзіцца, цяпер у многіх сем’ях так рабілася: дзеці займаліся тым жа, чым займаліся бацькі. Вясковыя дзеці з маленства прывучаліся глядзець жывёлу, жылі ў вёсцы па-вясковаму, а дзеці інтэлігентных бацькоў яшчэ з пялёнак убіралі ў сябе інтэлігентнае жыццё...

Так ці іначай, але ў дзесятым, пасля Новага года, Элеаноры давялося брацца за вучобу па-сапраўднаму. Вечарамі бацька садзіўся побач, і яны разбіралі тэорыю, рашалі задачы.

— Ничего, Норочка, — супакойвала Элеанору мама, калі тая стомленым раздражнёным жэстам адкідала ад вачэй пасмачку чарнявых валасоў, — нужно терпеть, жизпь сейчас такова, что без института никак не обойдешься.

Элеанора і сама разумела, што паступаць у інстытут трэба. Не ісці ж ёй на завод, дзе гулкія прамасленыя станкі. Хай, як казала мама, туды ідуць другія — хто дрэнна вучыцца, хто прыязджае з вёскі і глядзіць на горад, на ўсё гарадское, як на сёмы цуд свету, а вось яна, гараджанка, са сваімі тонкімі чыстымі музычнымі пальчыкамі...

Калі Элеанора думала пра вучобу ў інстытуце, ёй успаміналася іншае: вялікі рынак, на які ў маленстве хадзіла з мамаю, і коні, запрэжаныя ў калёсы, і тых сярдзітых дзядзькоў і цётак, што стаялі за прылаўкамі, заваленымі прадуктамі...

Элеанора і цяпер бывала на рынку. І хоць цяпер рынак быў іншы, агароджаны з усіх бакоў белай цаглянай сцяною, заасфальтаваны, коней з калёсамі на ім ужо не было, але тыя вясковыя дзядзькі і цёткі з пявучай нязвыклай гаворкаю штодня стаялі за прылаўкамі, усё гэткія ж, як і некалі, і таргаваліся яны ўсё гэтак жа — за кожную капейчыну. Бывала, не раз Элеаноры даводзілася з імі сутыкацца на чыстым прыбраным праспекце, — мужчыны былі ў кірзавых ботах, у цяжкіх паддзеўках, у зімовых, насунутых на самыя вочы калматых шапках, а жанчыны апраналіся таксама не па модзе: у вылінялыя плюшаўкі ці нават і ў куфайкі, захутаныя ў хусткі, у нямодных гумавых ботах, поўныя і чырванатварыя... Элеанора міжвольна старанілася гэтых вечна заклапочаных людзей, у якіх за плячыма былі клункі, а ў руках — сумкі альбо сеткі з прадуктамі. Яна адчувала, што гэтыя вясковыя людзі, ці, як іх звалі гараджане, — калгаснікі, ніколі не зразумеюць яе, гэтак жа як і яна наўрад ці здолее зразумець клопаты калгаснікаў, якія многага не ведаюць, не ведаюць нават, як даехаць да вакзала, і таму спыняюць усіх і распытваюць, няўмела падрабляючыся пад гарадскую гаворку: «А скажыце, пажалуйста, як мне дабрацца...»

Так што хацелася таго ці не хацелася, а Элеаноры трэба было ведаць, што будзе, калі адзін шар з масаю М1 і хуткасцю V1 ударыць у другі шар з масаю М2 і хуткасцю V2; трэба ведаць не толькі біном Ньютана, доўгія блытаныя ланцугі трыганаметрычных пераўтварэнняў, хімічных формул, але і шмат чаго іншага, што, можа, па-сапраўднаму яе і не цікавіла.

— Это еще хорошо, Норочка, — суцяшала мама, — что нам, можно сказать, повезло, отец — специалист и не нужно на репетитора тратиться.

У іх дзесятым «Б» многія займаліся з рэпетытарамі, хоць гэта і было дарагавата, але што зробіш?

Вясною і на пачатку лета, калі Элеанора здавала ў школе апошнія экзамены, да іх пачалі наведвацца госці; мама гадзінамі прападала на кухні, рыхтуючы закуску, надта і не гаварыла, хто завітае, ад пытанняў адмахвалалася: табе і не трэба ведаць, бацька з работы запрашае, нейкае важнае пытанне трэба вырашыць.

Элеанора адчувала, што госці прыходзяць нездарма, ёй чамусьці ні з таго ні з сяго станавілася сорамна, і таму сыходзіла з дому.

Выпускны вечар адгулялі добра, усю ноч блукалі па горадзе, спявалі песні пад гітару, узыход сонца сустрэлі ў гарадскім парку. Элеаноры здавалася: сапраўднае жыццё — вось яно, побач, і цяпер трэба толькі зрабіць які жэст ці слова, і яна, пазбаўленая занадта разумных, правільных парад настаўнікаў і бацькоў, зможа разабрацца, дзе — дабро, а дзе — зло, зможа сама пратаптаць дарогу ў гэтым свеце. Ды ўрэшце яна ўжо і ведала, дзе тое дабро, а дзе — зло...

...У той час, калі Элеанора заканчвала школу, усюды: і ў газетах, і па радыё, і на школьных сходах — толькі і гаварылася пра светлае будучае, якое чакала іх пакаленне, пра тыя два дзесяцігоддзі, якія трэба пражыць, і тады людзі як бы перанясуцца ў іншае, амаль што казачнае жыццё, у якім будуць і бясплатныя праезды, і заводы-аўтаматы, на якіх толькі тым і займайся, што сядзі ў мяккім крэсле і націскай на кнопкі.

 

Раздзел трэці

У інстытуце Іван адчуў, што зусім не падрыхтаваны да цікавых займальных размоў, якія падоўгу вялі між сабою гарадскія аднагодкі: пра творчасць Мандэльштама, Кафкі, Пастарнака, пра карціны Пікасо, пра загадкавы абстракцыянізм так модны на Захадзе і з якім ніхто не ведаў, што рабіць, ці — ганіць, ці — хваліць... Іван не ўмеў, хоць сілком выцягвай, танцаваць па-сучаснаму, як і не ўмеў спяваць пад гітару песень. Пакутліва і доўга ён думаў перад кожным сказаным услых словам, а ў гэты час другія лёгка сыпалі жартамі, цытатамі, афарызмамі...

З першага курса Іван сышоўся з Мішкам Загорскім, з ім ён жыў у адным пакоі інтэрната. Хоць Мішка таксама прыехаў з вёскі, але ці то таму, што характар у Мішкі быў другі, больш жвавейшы, ці то з-за таго, што маці ягоная была настаўніцаю, ды вучоба Мішку давалася нашмат лягчэй, як і само жыццё ўвогуле...

Як і ў гарадскім жыцці, гэтак жа і ў навуцы Іван часта не мог асэнсаваць таго, як казаў Мішка, элементарнага, што было ясна кожнаму чалавеку.

— Міша, скажы, як ты разумееш парадокс, які тлумачыць пераход канечнага ў бясконцае?.. На ім заснавана інтэгральнае вылічэнне. Я, напрыклад, яго не магу зразумець.

— Які?

— Ахілес не можа перагнаць чарапахі, як бы ні стараўся. Як толькі ён ступіць крок, чарапаха ў гэты час крыху прапаўзе. І гэтак — да бясконцасці...

— О-о, як ты мне надакучыў сваімі дурнымі пытаннямі, — тэатральна ўзводзіў угору рукі Мішка Загорскі. Пасля гэтага жэсту ён тут жа ўсё лёгка тлумачыў: — Але ён усё-ткі яе пераганяе? Ты чарапаху можаш перагнаць, хоць і не Ахілес?

— Магу.

— Дык чаго ты мне і сабе галаву попусту тлуміш? Ёсць нейкія паняцці, якія трэба навучыцца прымаць гатовымі. Дваістасць электрона мы не можам уявіць — і часцінку і хвалю... Але гэта — рэальнасць, разумееш? Браце, калі будзеш увесь час філасофстваваць пад лёсам Ахілеса і чарапахі, на сесіі загрыміш, вот папомніш мяне. Ты лепей думай пра другі парадокс.

— Пра які?

Мінулае было, будучае будзе, а дзе ж сучаснасць?Так што кідай тлуміць сабе галаву і пайшлі на танцы лавіць сучаснасць.

— А-а, ідзі ты са сваімі танцамі... — адмахваўся Іван з нейкай нават крыўдаю.

— Ты мне не махай рукамі, не махай, — пасмейваўся Мішка. — Ты зразумей адзінае: жыццё лагічна нельга вытлумачыць. Калі пачнеш гэтым займацца — звар’яцееш...

Гэтак яны звычайна і разыходзіліся: кожны ў сваю дарогу. У чытальным зале ля падручнікаў, калі Іван заставаўся адзін на адзін з халодна-прывабным светам фізічных і матэматычных законаў, ён забываўся і пра горад, і пра танцы, і нават — пра сяло сваё... У тыя імгненні ўсё звычайнае, што Іван добра ведаў, што акружала яго штодня: і інстытут, і гарадскія вуліцы, і людзі як знаёмыя, так і незнаёмыя, — усё гэта ў свядомасці размывалася ў пешта неакрэсленае, што нельга было памацаць, убачыць, а між тым яно, нябачнае, існавала само па сабе ў выглядзе фізічных і матэматычных законаў...

«Так, кожнае рэчыва складаецца з электронаў, атамаў, — часта шаптаў ён сабе. — Добра, хай сабе так... Але ж і атамы, электроны — усяго толькі аснова чагосьці драбнейшага, тых жа ядзерных, электрамагнітных палёў, што да бясконцасці пранізваюць мёртвую прастору. І чалавек — таксама рэчыва, якое складаецца з электронаў, атамаў, палёў. Усяго толькі?.. Няўжо ўсяго толькі?..»

Івану ў такія імгненні хацелася знайсці тую адзіную найвялікшую заканамернасць, якую хацелася высветліць яшчэ тады, калі дома рыхтаваўся да прыёмных экзаменаў.

Тады ён сыходзіў з дому на ўскраіну лесу, дзе быў высокі абрывісты бераг. Там было зелена і чыста, як знарок прыбрана, у сасонніку цвілінькалі птушкі, у верхавінах сосен і елак шумеў вецер, а яшчэ вышэй, у чыстым блакіце, невядома куды несліся лёгкія бялюткія аблачыны, там жа плавілася гарачае сонца, — непрыкметна ўбіраючы ўсё гэта, тады Іван чытаў падручнікі, час ад часу пазіраючы на ваду ў рачулцы, што здаля блішчэла, пералівалася тысячамі люстэркаў, на роўны зялёны выган, за якім у купчастай зеляніне выторкваліся малыя, як намаляваныя, стрэхі хат і хлявоў. Адтуль, з сяла, калі-нікалі даносіўся звонкі жаночы лямант, дзіцячы плач, гаўканне сабак, — усё было такім ясным і зменшаным, аж здзіўленне брала...

Гэтак жа, як і цяпер, у горадзе, ён тады сіліўся як мага болей запомніць формул, хімічных і матэматычных пераўтварэнняў, законаў, графікаў. І дзіўна было: калі вывучаў падручнікі, калі рашаў задачы і прыклады, ён разумеў ледзь не ўсё на свеце, бо ў падручніках усё лагічна і правільна сыходзілася: электрычны ток, які нядаўна правялі ў сяло, — рух электронаў па металу, што мае супраціўленне, і таму метал нагрэецца згодна закону Ома, яблык падае на зямлю згодна сілы гравітацыі, а сама Зямля, як адна з планет-пясчынак, днём і ноччу нясецца вакол мёртвага вогненнага свяціла і разам з ім, свяцілам, ляціць немаведама куды ў халоднай безагляднай бездані... Чалавек паводзіў сябе так альбо іначай згодна гістарычных і грамадскіх законаў, — усё проста і лагічна выцякала адно з аднаго, і таму Іван верыў, спадзяваўся, што з дапамогаю гэтых законаў, формул ёп урэшце зразумее і свет, і сябе ў свеце.

Не цяпер, дык пазней, калі паступіць у інстытут.

Вечарам, калі вялікае чырвонае сонца садзілася за лес, з якога адзін за адным выкочваліся статкі кароў, спачатку — калгасныя, а потым — свае, калі Іван чуў, як глыбока ў лесе, вяртаючыся дамоў з ягад, пачынае нехта спяваць, — доўга і працяжна цягне старую песню, як галосіць усё роўна, ды толькі, слухаючы песню, плакаць не хочацца, — калі ўсё з сяла неслася гучней і званчэй: і рыканне каровы, і людскія галасы, — калі неба як бы прыпадымалася, і ў ім, чыстым, як вымытым, загаралася першая немігатлівая зорка, калі, скупнуўшыся ў рэчцы, Іван, сцішаны, ішоў дахаты — па росным выгане, па разоры на агародзе, дзе ля ног цёрся мокры ад расы бульбоўнік,— тады Іван пачынаў адчуваць, што набытае за дзень з падручнікаў, усё, што гэтак старанна вывучаў і запамінаў, неяк развальваецца ў свядомасці, ён адчуваў, што яму не хапае ведання яшчэ чагосьці, нейкага вялікага ўсеабдымнага закону, зразумеўшы які, ён мог бы спалучыць у сабе розныя, як каляровыя шкельцы, успаміны маленства з гэтай песняю, што звінела і звінела ў лесе, з гэтым светлаватым небам, што высцілалася над сцішаным сялом, з жыццём маці, бацькі і са сваім таксама... Здавалася яму: яшчэ нейкі міг, імгненне, і праз душэўнае намаганне ён нейкім цудам зразумее гэты ўсеабдымны закон.

Але так толькі здавалася...

Перад тым як заходзіць у свой двор, выратавальпа думалася: вось паедзе ў далёкі горад, паступіць вучыцца, і тады апавязкова ўведае гэты закон і стане шчаслівы.

Часта ў ціхім чытальным зале Іван адкладаў падручнікі, канспекты з лекцыямі і, гледзячы ў акно, думаў пра тыя дні, калі рыхтаваўся да экзаменаў. Яму ўсё чамусьці ўспаміналася старая працяжная песня, што звінела і звінела некалі ў ціхім нагрэтым за дзень паветры, і гэта было цяпер для яго як знак ці намёк на другі шлях спасціжэння ўсёабдымнага закону...

Ён адчуваў, што жыве дваістым жыццём; адно было ў лабараторыях, на лекцыях, у ціхай чытальнай зале інстытуцкай бібліятэкі, калі імкнуўся спасцігнуць лагічную сувязь фізічных і матэматычных законаў, што пранізвалі ўсё жывое і нежывое — гэтыя нябачныя законы існавалі самі па сабе; а другое жыццё, бачнае ўсім, было ў Івана, калі жартаваў з Мішкам Загорскім, калі выпраўляўся на танцы ці на студэнцкія вечары, дзе хор студэнтак зладжана спяваў пра далёкую Гранаду, калі выпраўляўся дадому і ўжо трохі адвыклымі чужымі вачыма глядзеў і на маці, і на бацьку, і на сяло...

Ці не таму на ўсё вядомае з маленства ён пачынаў глядзець з усмешкаю, як глядзяць дарослыя на дзіцячыя гульні... Але на адзіноце ў душы Іван адчуваў і разумеў, што веды ягоныя — не поўныя. І яшчэ Іван адчуваў, што і бацькі ягоныя, і вяскоўцы ведалі ў жыцці штосьці такое, чаго ён са сваімі ведамі не мог спасцігнуць.

Асабліва востра Іван гэта адчуваў, калі вясною на раданіцу бацька і маці выпраўляліся на могілкі. Як і ўсе вяскоўцы, бацькі ягоныя, чыстыя, святочныя, з карзінамі ў руках, ішлі сялом да могілак, да тых курганкоў зямлі, дзе былі пахаваны дзед і баба. Там яны рассцілалі настольнікі на зялёную мураву, ставілі на іх яду, а затым пад нейкую ціхую ўрачыстую гаворку ўсаджваліся наўкруг настольнікаў... Іван таксама, калі быў дома, ішоў з бацькамі па чыстай вуліцы да могілак, хоць даўно, яшчэ са школы, ведаў: усё, чым вяскоўцы занятыя ў гэты дзень — усяго толькі стары абрад, які сваё аджывае на вачах, бо там, пад курганкамі, даўно нічога няма... Пра гэта ён не гаварыў ды і не мог сказаць бацькам. Схіліўшы галаву, Іван ішоў сялом і ўсё думаў пра штосьці сваё, што адкрывала вучоба. І ў каторы раз Іван у свядомасці сваёй натыкаўся на штосьці вострае і балючае, якога не мог абмінуць.

...То была думка аб сваёй смерці.

У маленстве ён мала думаў пра смерць, тады, здаецца, для яго смерці не было, тады было іншае адчуванне і свету, і сябе ў свеце. Было галашэнне жанчыны, нечаканае і балючае, якое пачуў некалі ўпершыню ад маці, быў жаўтавата-белы нябожчык, што непарушна ляжаў на покуце, былі пахучыя стружкі ад тоўстых смалістых дошак, з якіх мужчыны рабілі дамавіну, яшчэ былі могілкі ў канцы сяла, куды паціху над галашэнне і слёзы везлі нябожчыка... Але ўсё гэта было не смерць, не, усё гэта было нечым іншым, назвы чаго ён не ведаў. Магчыма, гэта было часовым развітаннем...

Тады верылася: усё, што магло здарыцца з другімі людзьмі, з ім не магло здарыцца, бо ён быў вечны... Чаму, адкуль у ім была такая вера — гэтага Іван не ведаў, але тое, што яна была, надавала ягонаму жыццю спакой і радасць...

А вось цяпер, у студэнцтве, гэта ягоная вера пачала размывацца, і чым апантаней ён займаўся, тым хутчэй яна размывалася.

На першым курсе, як і многіх студэнтаў, Івана ўразіла смерць правадыра. Тое, што дагэтуль жыў строгі і сур’ёзны бацька-правадыр, які амаль што ўсё на свеце ведаў і за ўсё адказваў, таму народ павінен быў адчуваць сябе, як у бога за пазухай, надавала Івану, як і многім людзям, пачуццё супакоенасці, якое паяўляецца ў дзіцячай душы ад прысутнасці бацькоў. На старэйшых курсах, калі непарушны і, як дагэтуль здавалася, вечны аўтарытэт бацькі-правадыра пачаў размывацца, то амаль гэткая ж разгубленасць паявілася і ў Івана... Аказалася, вось ён вучыўся ў школе цэлых дзесяць год і нічога па-сапраўднаму не ведаў, як быццам цэлых дзесяць год нехта хітранькі яго за нос вадзіў...

Падчас летніх канікулаў разам з другімі студэнтамі Іван ездзіў на цаліну — пад перастук вагонных колаў, пад гітарны перазвон гадзінамі глядзеў у акно, за якім агромністым колам паварочвалася зямля, з гарадамі і пасёлкамі, з вёсачкамі, з пагоркамі і лагчынамі, з рачулкамі, з бязмежным стэпам... І ўсё звінела ў рэпрадуктары вясёлая лёгкая песня:

 

Ой ты, дорога длинная,

Здравствуй, земля целинная...

 

На цаліне Івана здзіўляла адкрытая роўная, як на стале, бязмежнасць стэпу, на якім не было за што зачапіцца воку, высокія бурты хлеба і яшчэ сухі сумны подых ветру, ад якога час ад часу ўздымаліся пылавыя буры, і тады ад пяску не было дзе схавацца, ні ў вагончыках, ля якіх цямнелі цыстэрны з цёплай нясмачнай вадою, ні ў палатках. Іван рабіў памочнікам камбайнёра, як і многія студэнты, быў вясёлы, кампанейскі, а ў душы ён сумаваў, часта сніліся знаёмая рачулка, прыхаваная кустамі алешніку, густы зялёны лес за ракою, гразкае балота, дзе па купінах раслі буйныя, з сіняватым адлівам дурніцы, — упершыню адчуў, што тое месца, дзе нарадзіўся, самае лепшае на свеце, і дзе б ён ні быў, куды яго цяпер жыццё ні закіне, а цягнуцца ён будзе туды, дамоў...

На пятым курсе Івану на цаліну не выпала ехаць —

пад вясну зусім злёг бацька...

Хоць Іван, як і маці, патроху прывыклі, змірыліся, што бацька часта кашляў, што яму трэба даваць смачнейшае, але пра горшае не думалася, спадзяваліся, што летам ён вычухаецца патроху, абы цяпло пачалося. І сапраўды — пачалося цяпло, усё вакол забуяла зеленню, выскачыла на агародах бульба, якую давялося абганяць, ды толькі бацьку не лягчэла, яго давялося везці ў Бярозаўскую бальніцу.

Да бацькі ў бальніцу Іван ездзіў часта. Звычайна ў белай палаце ён моўчкі сядзеў ля ложка, на якім ляжаў бацька. Калі ж і гаварылі пра што, дык пра работу ля хаты, пра вясковыя навіны. Увесь час, калі Іван быў ля бацькі, яго не пакідала балючае адчуванне, што нешта нявыказанае ёсць, маецца як у Іванавай душы, так і ў бацькі... Што гэта было — ён не ведаў, мо — тыя веды, якія набыў у інстытуце, а мо і яшчэ штосьці — што бацька перажыў у вайну...

І самае дзіўнае і пакутлівае было ў тым, што ні Іван, ні бацька так і не гаварылі пра гэта нявыказанае, нават і не спрабавалі гаварыць, як быццам гэта было забаронена...

Ён сядзеў побач з бацькам і як бы нанава перажываў імгненні маленства, калі ўпершыню ўбачыў бацьку: чужым дзядзькам, у якога тапыршчыліся вусы. Маці падвяла яго да гэтага дзядзькі, апранутага ва ўсё вайсковае, сказала: «Дык гэта ж — бацька твой, абдымі яго». Дзядзька засмяяўся, нагнуўся, узяў яго пад пахі, падняў, і ён зусім зблізку ўбачыў чорныя вусы, пачуў востры пах махоркі і яшчэ чагосьці, што пасля заўсёды адрозніваў сярод другіх пахаў. Шчака ягоная прыціснулася да калючай шчакі дзядзькі, маці ў гэты час засмяялася і заплакала, сказала: «Ну во, адвык, зусім адвык... Ды і што ён можа помніць?»

Успаміналася, як складалі хату, — хоць работнік з бацькі быў слабы, але ён таксама памагаў мужчынам у тым двары, заваленым бярвеннем, дошкамі, пахучымі смалістымі трэскамі, дзе днём грукалі сякерамі і шоргалі піламі мужчыны, а вечарам тыя ж мужчыны сядзелі пры лямпе пад паветкаю, яны пілі, закусвалі, дымілі самакруткамі і смачна гаварылі пра немцаў, пра палітыку, пра Германію, Англію ды Амерыку. Ля стала мітусілася маці, то збіраючы са стала парожнія міскі, то ставячы на стол.

І чым пазней мужчыны сядзелі за сталом, тым гучней гаварылі, гусцеў дым ад самакрутак, і яшчэ гэта ўжо абавязкова — узнікала спрэчка між франтавіком Захарчыкам і ціхонем партызанам Мінчыкавым: хто з іх болей крыві праліў?.. Бацька не ўмешваўся ў спрэчку, моўчкі нейкімі сумнымі вачыма глядзеў на Захарчыка і на Мінчыкава і ўсё дыміў самакруткаю. Калі Захарчык занадта разыходзіўся і з кулакамі кідаўся да Мінчыкава, мужчыны іх разводзілі.

...Ён ужо тады ведаў, што бацька паспытаў палону, аддаў там усё здароўе, збег і пасля, на перадавой, быў паранены...

Кожны раз, калі Іван вяртаўся з Бярозаўскай бальніцы, ён адчуваў сябе ў нечым вінаватым перад бацькам.

Мінуў тыдзень, другі, здавалася, бацька пайшоў на папраўку, бо перастаў кашляць, толькі шчокі гарэлі ды тэмпература была трыццаць сем з палавінаю. А потым быў той дзень, калі раніцаю да іх прыбегла паштарка і прашаптала маці, што нядаўна пазванілі з Бярозаўскай бальніцы...

Іван паехаў па калгаснай машыне ў Бярозаўскую бальніцу, асцярожна, як жывое, прывёз адтуль цела бацькі. Дарогаю, калі глядзеў, узіраўся ў спакойны, нежывы твар, адчуваў тую ранейшую пякельную вінаватасць...

Тады, як бацька, апрануты ва ўсё чыстае і святочнае, ляжаў на покуце, і пазней, калі труну апускалі ў глыбокую яму, тады Іван быў надзіва спакойны, як бы хтосьці чужы і разумны гаварыў яму: «Чаго, чаго табе рваць душу дарэмна? Навошта і каму гэта трэба? Бацька пражыў жыццё і знік... Хто-хто, а ты, разумны навуковец, гэта ведаеш. Ён знік, памёр, як і ты абавязкова памрэш, як і ўсё жывое памірае...»

І тое, што гэты чужы невядомы разумны голас не заціхаў, а ўсё гаварыў, угаворваў Івана, правільна, разумна, заканамерна, ад гэтага Іван быў ціхі.

Ніяк не верылася ва ўсё, што здарылася з бацькам, здавалася, што ўсё гэта, як сон. І таму ўсё, што рабіў падчас хаўтур, ён рабіў запаволена, выратавальна прыслухоўваўся да спакойнага разумнага голасу.

Толькі пазней, калі ён на адзіноце застаўся ля жоўтага свежанасыпанага курганка зямлі, той чужы разумны голае заціх. Іван адразу ж адчуў, як баліць, ломіць у галаве. Ён моўчкі глядзеў на іншыя курганкі, зарослыя муравой, з агароджамі і без агароджаў, на тыя курганкі, ля якіх яшчэ вясною сядзеў бацька...

Нечакана зусім па-іншаму Іван убачыў нізкае чырвонае сонца на захадзе, далекаватыя адсюль, з высокага абрыву могілак, стрэхі хат, бліскучую ваду ў рачулцы, якая цякла ўсё гэтак жа, як і ўчора, як і пазаўчора, як і сто год назад, ён убачыў балота, напаўасушанае цяпер, з тымі ямінамі, якія засталіся з цяжкіх пасляваенных часоў, калі мужчыны зімою капалі торф. І бацька тут штодзень біў ломам. Як быццам бацька толькі і нарадзіўся дзеля таго...

Боль не праходзіў. Шкадаванне бацькі, які акрамя вайны, работы ды рэдкага адпачынку мала што бачыў, шкадаванне маці — як ёй цяпер адной век дажываць? — усё гэта гарачаю хваляю паднялося ў Івана, стала цяжка дыхаць...

Ён памалу ішоў з могілак дахаты, і тут новае пачуццё скаланула: за гады вучобы і ў школе, і ў інстытуце так ведаў: там, на могілках пад курганкамі зямлі, нічога жывога не было. Графікі, фізічныя законы, матэматычныя формулы — усё, за што дагэтуль Іван старанна трымаўся, нечакана паўстала і асвяціла ягонае жыццё, як і жыццё іншых людзей нейкім нежывым халодным святлом. На міг Івану стала жудасна, захацелася закрычаць і заплакаць ад бяссілля перад чымсьці такім, што не мог зразумець і што мела пад ім уладу.

Чым жа, чым жа трэба ўсур’ёз заняцца, калі перад вачыма ясна маячаць курганкі на могілках, якія маюцца за кожным сялом, за кожным горадам?..

...Захацелася заплакаць гэтак жа, як і тады, калі ляжаў на зямлі ля клуба і чуў мужчынскае насмешлівае: «Ну во, і яшчэ адно кіно паглядзелі».

 

Пасля заканчэння інстытута Івана Вескаўца і Мішку Загорскага пакінулі ў аспірантуры, прымацавалі да кафедры цеплафізікі. З раніцы Іван ішоў у ціхую чытальную залу бібліятэкі альбо ў лабараторыю цеплафізікі, у якой некалі, студэнтам, рабіў лабараторныя работы, а цяпер збіраў устаноўку, рыхтуючы эксперыментальную базу для кандыдацкай, пасля абеду ў студэнцкай сталоўцы ён зноў ішоў у лабараторыю, чытаў кнігі. У Івана ўжо меўся прыстойны цёмны касцюм, які купіў за заробленыя на цаліне грошы. На работу ў лабараторыю і на семінары ён прыходзіў пры гальштуку, чыста паголены, падстрыжаны пад модную канадачку, — ён ужо нечым выдзяляўся сярод бесклапотных студэнтаў.

Як толькі-толькі паступіў у аспірантуру, Іван сустрэў у Бярозаве Марыну. Помніцца, ён ехаў на выхадныя да маці і на вакзале сярод вясковых людзей яму кінулася ў вочы схуднелая тварам, ды па-вясковаму поўная ў целе яшчэ маладая жанчына. У руках яна трымала сумку, сетачку, з якой здаля вытыркаліся буханкі хлеба, пячэнне, дзве бутэлькі піва і — гэта адразу ж запомнілася — бліскучая вялікая цэлулоідная лялька.

«Дык гэта ж яна, Марына», — як хто падказаў Івану. Штосьці гарачае паднялося ў грудзях, адчуў, што чырванее. Перасільваючы сорам, падышоў. Прывіталіся.

— Ты дзе зараз? — спытаў, хоць з расказаў маці добра ведаў, што Марына адразу ж пасля школы выскачыла замуж за таго баявога настырнага кіншчыка і цяпер жыла ў суседнім сяле. Як звычайна вядзецца ў сяле, людзі ведалі, як яна жыла: не надта шчасліва, але і не надта дрэнна — як многія... І яшчэ людзі ведалі, што кіншчык той падгульваў і біўся, калі быў п’яны. Яна, Марына, разы са два сыходзіла ў прочкі, мо нават пайшла б ад яго назусім, ды былі ўжо дзеці.

Марына штосьці гаварыла, а ён, гледзячы ў яе спакойныя памутнелыя вочы, адчуў пякучы сорам і боль. Аж сказаць хацелася: зірні, зірні на сябе ў люстра, Марына, як жа ты змянілася!.. Ці пазнаеш ты цяпер у сабе тую дзесяцікласніцу, якая так весела смяялася, раз за разам адкідваючы за спіну дзве цяжкія касы з белымі бантамі?..

Ён гадамі вучыўся, прыязджаў дамоў, ад’язджаў, зпоў сядзеў над кнігамі, а між тым штодня думаў пра яе. І калі марыў, што некалі сустрэнецца з Марынаю, то ўяўлялася, што яна засталася гэткаю ж, якой была ў памятным дзесятым, калі расцвітала макавым цветам. Хоць і ведаў, што яна — замужам, што ў яе ёсць дзіця, а не верылася, думалася, што яна ўсё гэткая ж, якой была некалі...

Іван і не помніў, што гаварыў, пра што пытаўся, ён усё глядзеў у яе вочы. І чуў, як аднекуль здалёку даносіцца яе спакойны голас:

— Ага, я замужам. На ферме раблю, даяркаю... Не, не паступала. Якая там вучоба, калі дзеці пайшлі. Двое ўжо маю... — нарэшце яна пасвятлела тварам, і толькі цяпер у Марыне прарэзалася тое, даўняе. Але было яно толькі імгненне, і было яно — як скрозь тоўстае шкло.

Пасля смерці бацькі, пасля сустрэчы з Марынаю Іван адчуў, што няўмольнае будучае штосьці забірае з ягонага жыцця; тое, што людзі звычайна называюць часам, штодня, штохвілінна штурхала яго ўсё бліжэй і бліжэй да таго вострага і балючага, з чым калісьці давядзецца сутыкнуцца і якое ўсё навечна абарве, як нажом абрэжа...

Ён ужо зусім па-новаму глядзеў і на сваё жыццё, і на жыццё ўвогуле. Іван не раз адчуваў: міналі дні, месяцы, а то і гады жыцця, а ў душы ягонай панаваў зацішак. А потым нечакана ў жыццё ўрывалася штосьці такое, пасля чаго ён мяняўся. Цяпер, калі Івану надаралася чуць глыбакадумныя разважанні пра ролю мастацтва ў жыцці, калі чуў развагі і спрэчкі пра творчасць Пікасо, Кафкі, Мандэльштама, то гэта не так балюча кранала яго, як некалі.

Калі заканчвалі вучобу ў аспірантуры, восенню, як звычайна вялося, Іван і Мішка Загорскі паехалі ў калгас кіраўнікамі групы студэнтаў — капаць бульбу. Вось там Іван і разгледзеў смяшлівую другакурсніцу, якая вылучалася сярод вясковых чырванашчокіх калючых дзяўчатак: бледнаватасцю на тонкім тварыку, далікатнасцю, гарадской няўлоўнай выхаванасцю. Тады як другія студэнты абураліся ці лямантавалі з-за падгарэлай кашы ці з-за вялікіх нормаў, другакурсніца моўчкі ўсміхалася і глядзела ў вочы. Тады Івану здавалася, што ў яе позірку ёсць нешта недаказанае, якое можна ўведаць, калі сыдзешся бліжэй з другакурсніцаю.

Пачалося іх знаёмства з таго, што Іван узяўся дапамагаць ёй, бо не ўмела па-вясковаму хутка збіраць бульбу і адставала ў баразне. Мішка Загорскі пасля вячэры, калі вярталіся з кухні да старой, дзе кватаравалі, тут жа падкалоў:

— Браце, а ты ведаеш, да каго лепішся?

— Да каго ж я ляплюся?

— Да дачкі загкафедраю. Перспектыва ў цябе, браце, адкрываецца...

— Якога?

— Галакціёнава. Ты што, і сапраўды не ведаеш ці дурыкам прыкідваешся?..

— Не, нават і не думаў, што яна — дачка... Ды і ўвогуле, няўжо гэта так важна: чыя дачка? Ты што думаеш, я магу на гэта клюнуць?

— Тады, як клююць, ні пра што не думаюць — няўжо ты гэтага закону не ведаеш, браце? Так што — думай, думай, пакуль не позна.

— Нічога, мы яшчэ за сваю свабоду пазмагаемся, — сказаў Іван.

Тады хутка ўсё закруцілася: слова да слова, позірк да позірку, восеньскія вячэрнія прыцемкі, што маўкліва ядналі з другакурсніцаю, прыцягвалі іх адно да аднаго, і таму сама па сабе ягоная далонь цягнулася да яе гарачай мяккай далоні, Іван адчуваў яе гарачыя вусны, з якіх злятала ціхае, ледзь чутнае: «Не надо, не надо...» — ад чаго ў галаве туманілася, і тады ўсё, што акружала, рабілася іншым, набывала новы невядомы сэнс: і россып зор у высокім небе, і цёмныя лужыны пасярод вясковай вуліцы, што блішчэлі ў святле месяца, і зыркае вогнішча, што звычайна распальвалі студэнты пасля вячэры, і тыя звонкія песні, што спяваліся ля вогнішча пад перазвон гітары, і, галоўнае, яна, з яе вялікімі цёмнымі вачыма, з яе ціхім, ледзь чутным «не надо, не надо». На адзіноце з ім яна часта гаварыла пра Буніна, пра тое апавяданне, у якім расказвалася пра лёгкае дыханне. «Скажи, — шаптала яна, — у меня легкое дыхание?»

Яе чыстая не вясковая складная гаворка пра мастацтва, нязвыклы ледзь чутны пах духоў — усё гэта нагадвала Івану пра тыя далёкія мары аб цікавым культурным гарадскім жыцці, да якога ёп, вясковец, можа далучыцца і да якога, здавалася, далучаўся, калі быў побач з другакурсніцаю.

Яшчэ нядаўна Іван быў студэнтам, ён гэтаксама ездзіў восенню ў калгас капаць бульбу і гэтаксама, як цяперашнія студэнты, вечарамі сядзеў ля вогнішча і, слухаючы песні, перазвон гітары, глядзеў маўкліва на агонь, на чырвоныя іскры, што падымаліся над галовамі і тут жа тухлі. Але тады ў ягонай памяці яшчэ жыла Марына, тады, сярод хлопцаў, якія да паступлення ў інстытут тры гады адслужылі ў арміі, ёп адчуваў сябе падлеткам, гэта неяк адчувалі і студэнткі, якія хінуліся да старэйшых і вопытнейшых, а на Івана і аднагодкаў глядзелі, як на дзяцей, з якімі можна забаўляцца, жартаваць — не болей...

Але цяпер Іван спакойна пазіраў на зялёных другакурснікаў і часта адчуваў на сабе хуткія позіркі дзяўчат.

Ды і пра Марыну пасля сустрэчы ў Бярозаве ён думаў па-другому.

— Бульба ўся, бульба ўся, бульба скончылася, — не спявалі, а неяк аж надрываліся маладым крыкам студэнты, калі ад’язджалі з невялічкай вёсачкі, у якой прабылі месяц.

Івану не верылася, што прайшоў толькі месяц. Не хацелася ад’язджаць адсюль, дзе пасля ночы ў ранішняй стыласці ясна высвечвалася жаўтаватае, а то і бурае лісце ліп, клёнаў, яблынь — перамяшанае, пакамечанае лісце ўкрывала і вуліцу, і двары, — адусюль далёка разносіўся звонкі гэгат гусей, якія ўсё спрабавалі падняцца, узляцець у чыстае вымытае дажджамі неба, ды не маглі, хоць і разганяліся раз за разам. Хмельна кружыў галаву пах толькі што разаранай зямлі, ад якога ў памяці паўставалі ўспаміны маленства, і тады душа поўнілася прадчуваннем блізкіх радасных перамен.

Яны ад’язджалі з вёскі раніцаю. Ноччу былі першыя прымаразкі. Седзячы ў кузаве грузавой машыны, Іван глядзеў на хаты, на платы, на вароты і на расчыненыя весніцы, на белую пасля ночы мураву, на белыя стрэхі, як быццам першы снег выпаў... Усё было як у маленстве, калі прачынаешся і вачам не верыш — за акном белы снег...

Адразу ж за вёсачкаю пачынаўся лес, цяпер пусты і аголены. Туды ён часта хадзіў з другакурсніцаю: звонка і гучна шаргацела пад нагамі лісце, чуваць было, як падалі, чапляючыся за галіны, лісты...

Зноў быў інтэрнат, вахцёрка, два жалезныя аднаспальныя ложкі, ягоны і Мішкі Загорскага, зноў — кафедра, бібліятэчная цішыня, кнігі і часопісы, якія трэба прачытаць, але цяпер, калі Іван хоць адзін дзень не сустракаўся з другакурсніцаю, усё стала дзіўным — навошта яно яму?..

Надакучлівай рабілася цішыня ў пакойчыку, асабліва вечарамі, калі вяртаўся з бібліятэкі. Іван не ведаў, чым заняцца, — выходзіў у горад, падоўгу блукаў па праспекце, але і там было маркотна, нават у кінатэатр ісці не хацелася...

Калі ж сустракаўся з другакурсніцаю, усё змрочнае, ад чаго пакутаваў: думкі пра смерць, пра трагічнасць чалавечага быцця, — усё гэта адразу ж некуды адсоўвалася, страчвала сваю горыч. Ён быў як п’яны ў тыя шчаслівыя дні; тое, што дагэтуль здавалася важным і значным, страціла сваю каштоўнасць, калі Іван думаў, што другакурсніца можа знікнуць з ягонага жыцця, яму станавілася жахліва.

— Нічога, стары, — суцяшальна паляпваў па плячы Івана Мішка Загорскі, калі дачуўся пра жаніцьбу, — адной навукаю сыты не будзеш. Не ты першы, не ты апошні. Глядзіш — праз якія паўгода ветлабараторыяй зробяць. Ты толькі адразу ж на кааператыў цісні, цесць — загкафедраю, грошай недзе цэлую панчоху мае. І яшчэ табе мая парада — надта жоначцы не папускайся.

Былі Івану смешныя Мішкавы парады, бо яшчэ зусім нядаўна, гады два назад, Іван і Мішка весела пасмейваліся з тых, хто прыжэньваўся на дочках прафесараў, дактароў навук.

— Пры чым тут загкафедраю? Няўжо ты ўсур’ёз думаеш, што я жанюся па голаму разліку? — не то злуючы, не то жартуючы, бурчэў Іван. Але Мішка, як і не чуючы нічога, усё вучыў і вучыў, быццам сам быў даўно жанаты і таму дзяліўся набытым вопытам:

— Браце, не хвалюйся, у цябе ўсё наперадзе: і падцяжкі на тлустым жывоціку, і сваркі з-за нямытай міскі. А навука... Чорт яе не схопіць, тую навуку, не згарыць кафедра, як стаяла, так і будзе стаяць.

Невядома з чаго яны гучна смяяліся, як часта невядома з чаго смяюцца ў маладыя гады. Будучае здавалася салодкім і зваблівым. Думалася Івану, што лёс людзей, пра якіх гаварыў Мішка Загорскі, гэта адно, а вось ягонае жыццё — зусім іншае. Тым болей што побач з ім будзе жыць такая прыгожая разумная жонка, якая з мяшчанскага побыту пасмейваецца...

 

Раздзел чацвёрты

Пасля школы клас іх распаўся на невялічкія, па двое-трое, групкі сяброў, звязаных між сабою ці то ранейшай школьнай дружбаю, ці то цяперашняю вучобаю ў інстытуце, ці то яшчэ чымсьці малазразумелым, як бывае часта незразумела, чаму сябруюць між сабою розныя людзі.

Элеанора сябравала з Ларысаю, — з ёю вучылася ў адным класе, разам паступала ў інстытут і цяпер побач сядзела на лекцыях. Невысокая, якраз Элеаноры па плячо, ціхая, з вялікімі акулярамі на невялічкім тварыку, дзе ўсё было здробненым: і нос, і вочы, і вусны, — Ларыса нагадвала падлетка, і тады, у дзесятым, і цяпер, студэнткаю. Ларыса і апраналася, як падлетак, насіла цёмныя світэры, з-пад якіх ледзь-ледзь вытыркаліся маленькія грудзі, мела прычоску пад хлопчыка... Як і ў школе, гэтак жа і ў інстытуце Ларыса была выдатніцаю, — шмат сядзела над падручнікамі, лёгка рашала задачы, над якімі Элеанора праседжвала гадзінамі, дапамагала Элеаноры разабрацца ў чарцяжах. Яшчэ Ларыса няблага кухарыла, не назаляла пытаннямі і рэкамендацыямі.

Калі дагэтуль Элеанора марыла пра самастойнае жыццё, якое павінна было пачацца пасля паступлення ў інстытут, то студэнткаю ўпэўнілася, што многае — працяг аднаго і таго ж, вядомага са школы, і таму не было чаго здзіўляцца, што і цяпер усё ішло сваім загадзя распісаным парадкам: раніцаю — сняданак, прыгатаваны мамаю, затым — дарога ў інстытут, дзе сумныя лекцыі, практычныя альбо лабараторныя работы, потым — зноў дарога ў ціхую кватэру, дзе яна абедала, і зноў — трэба садзіцца за кніжкі, за канспекты з бясконцымі формуламі і графікамі, зноў — вечныя чарцяжы, курсавая ці залікі, якія трэба здаваць; пазней, калі цямнее і вяртаюцца з работы бацькі, на душы становіцца трохі лягчэй, бо тады ўключаецца тэлевізар, на экране якога, як папрок яе цяперашняму жыццю, як намёк на магчымасць іншага, весялейшага жыцця, яна бачыла эстрадных спевакоў і танцораў, займальныя фільмы, у якіх прыгожыя і надта бесклапотныя мужчыны і жанчыны толькі тым і займаліся, што высвятлялі адносіны і гаварылі пра каханне... І гэтак — з дня ў дзень.

Ларыска часта прыходзіла ў госці, — справіўшыся з задачамі, з чарцяжамі, яны выпраўляліся ў кіно, у тэатр, на мастацкія выстаўкі. Вечарамі, калі горад загараўся вясёлымі агнямі, Элеанора і Ларыска любілі гуляць па цэнтральным праспекце і гаварыць: пра фільмы, пра эстраду, пра лёсы аднакласнікаў, якія пасля школы разляцеліся, як птушкі, выпушчаныя з адной рукі, пра новыя фасоны сукенак; па мнагалюдным праспекце Элеанора адчувала сябе вальней, чым дома ў ціхіх пакоях; штохвілінна адчуваючы бясконцую людскую плынь, якая абцякала яе і Ларысу, чуючы шум і гул машын, пазіраючы на заклапочаных, абыякавых ці вясёлых людзей — дарэчы, зусім пе так, як пазірае на людзей у горадзе вясковы чалавек, неяк асцярожна і непрыкметна, ніколі не сутыкаючыся з чужым позіркам... — гледзячы на вясёлыя агні магазінаў, кафэ, Элеанора міжволі заспакойвалася, як быццам у гарадскім руху і быў найвялікшы сэнс, які ўсё на свеце апраўдваў і дзеля якога яна тут і нарадзілася...

Тады, як Элеанора разважала з Ларысаю пра што заўгодна, на многае ў жыцці яна глядзела гэтак, быццам лунала над горадам, усё-ўсё бачыла і здзіўлялася людской бесталковасці.

— Знаешь новость: наша Ленка Зворикина выходит замуж, — сказала неяк Ларыса, калі гулялі па праспекце.

— Ленка, та, что когда-то училась с нами в школе? — не паверыла Элеанора.

— Да, она.

— Не может быть.

— Конечно, этого не может быть. Но в том-то и фокус, что она — выходит замуж.

— У нее же — ни фигуры, ни лица... А училась, как она училась — на одни троечки, да и те — с подпорой... Наверное, за какого-то забулдыгу идет.

— Самое удивительное, что — нет... Выходит за курсанта. Он уже — на пятом курсе. Сама мне хвасталась. У него распределение на носу, вероятнее всего — за границу укатит. Офицершей будет, тряпок нахватает...

— Не может быть, чтобы у Ленки все так получилось... — Элеаноры ўсё не верылася, што Ленка Зварыкіна, якая дагэтуль з кім толькі ні гуляла яшчэ з восьмага класа, гэта Ленка, на якую аднакласніцы і настаўніцы глядзелі з «диким ужасом», цудоўна ўладкоўваецца ў жыцці, быццам атрымлівае ўзнагароду за тыя начныя бадзянні з кім папала па гарадскім парку, за тыя нявывучаныя і прапушчаныя ўрокі...

Элеанора не ведала, што сказаць Ларысе, — моўчкі ішла па праспекце, ці не ўпершыню адчуваючы невытлумачальную заканамернасць, якая ў жыцці ўзнагароджвае тых, хто гэтай узнагароды і не заслугоўвае. Пра гэту заканамернасць ім не гаварылася ні ў школе, ні ў інстытуце, наадварот, там, у школе, ім гаварылася, што ўзнагароду атрымаюць старанныя, кемлівыя, працавітыя, паслухмяныя, а вось такія неслухі, як Ленка Зварыкіна, будуць пакутаваць усё жыццё.

Хадзіла Элеанора і ў студэнцкі інтэрнат, з вокан якога зімою і восенню выратавальнымі кругамі тырчэлі сетачкі з прадуктамі. Яшчэ з тых вокан несліся песні, музыка, смех і крыкі... Там было весела, там ішло сваё жыццё, без пільных бацькоўскіх вачэй, без занадта правільных павучанняў, якія за гады вучобы ў школе і без таго прыеліся, — Элеанора паціху зайздросціла вяскоўцам, іншагароднім, якія хоць і недаядалі, але ж затое маглі і недасыпаць, удосталь абдымацца не толькі ў глухіх паркавых алеях, але і ў зацемненым калідоры інтэрната ці — нават на лесвіцы; надта і не задумваючыся пра вечныя праблемы, пра вытокі і вынікі дабра і справядлівасці, пра ўсё тое, аб чым гадзінамі разважалі Элеанора і Ларыса, яны, здавалася, былі занятыя нечым больш дробязным, і таму, калі Элеанора паяўлялася ў інтэрнаце, бачыла, як агністамасляным бляскам гарэлі іх галодныя вочы; адразу ж, як толькі паступіла ў інстытут, Элеанора пачала адчуваць, як штосьці неадольна паўстае між ёю і вяскоўцамі ці іншагароднімі, як бы нейкая мяжа непаразумення; ёй хацелася апынуцца за гэтай мяжою, ды штосьці стрымлівала яе, і таму нічога не аставалася, як час ад часу пазіраць на гэтых, якія гурбою, бы рой пчол, віліся адно ля аднаго, беспрычынна гыгыкаючы, лямантуючы, галосячы — самім сабе надаючы клопату і між усяго гэтага нейкім цудам паспяваючы здаваць залікі і экзамены.

Элеанора пакідала вясёлы інтэрнат і, вяртаючыся ў ціхую знаёмую кватэру, надзвычай востра адчувала, як штосьці размываецца ў душы. Гледзячы на шэры асфальт, яна бачыла шчаслівыя сонна-сцішаныя парачкі, што хаваліся ў выратавальным паўзмроку, замест гулу і шуму машын Элеаноры чуўся глухаваты хлапечы шэпт. Нават на лекцыях замест роўнага, бы падчас малітвы, голасу выкладчыка яна чула гэты шэпт.

І тут, як новы паварот дарогі, па якой крочыла з маленства, перад Элеанораю ўсё ярчэй і ярчэй вымалёўваўся той адзіны, які апошні год часта прыходзіў у душнасалодкіх снах, — і не аднагодак, а нашмат старэйшы. Спакойна выставіўшы перад сабою дужыя мужчынскія рукі, ён моўчкі набліжаўся да яе, бездапаможнай, усміхаючыся загадкавай усмешкаю, у якой хавалася абяцанне такога салодкага і пакуль што недазволенага, аб чым некалі Элеанора крадком чытала ў тоўстых замежных раманах, пра што ўпотай шаптала Ленка Зварыкіна, такога... ад чаго ноччу нечакана прачынаешся з дрыжачымі вуснамі і ўсё ніяк не можаш апамятацца, адрозніць сон ад явы і таму пасля цалюткі дзень ходзіш, не падымаючы ад сораму вачэй, адчуваючы палаючы жар не толькі на шчоках, а і ва ўсім целе.

Цяпер усё было не так, як некалі ў дзявятым, калі Элеанора ўпершыню адчула слодыч дотыку да топкай хлапечай рукі.

Тады, у дзявятым, калі бачыла перад сабою чарнявыя вочы, тонкія вусны, калі бачыла блакітныя джынсы, што толькі-толькі ўваходзілі ў моду, тады Элеанора не ведала, што чакае яе наперадзе, нават і не здагадвалася, што за дотыкам да гарачай рукі абавязкова будзе працяг, бо ўсё — гэта як правілы гульні, якую кожнаму ў свой час абавязкова трэба вывучыць, і таму зусім не прыкмячала, што салодкая гульня зацягвае, як у вір. Відаць, і Ён нічога не ведаў і не прыкмячаў, — абое навобмацак у салодкім паўзмроку набліжаліся да таго непазбежнага, да таго вострага імгнення, калі нечакана гульня абарвалася чымсьці няправільным, чаго ніяк не чакалі. Адчуваючы ў душы сорам і брыдоту, так нічога толкам і не ўсвядоміўшы, яна кінулася ад яго прэч, гэткага ж разгубленага і напалоханага. І Ён, і яна ніяк не маглі паверыць, што гульня гэтак скончыцца...

О-о, якім болем і адчаем поўнілася тады душа Элеаноры, і таму з такой агідаю і нянавісцю яна глядзела на Яго, які ўсё распачаў і няўмела разбурыў!

Калі слухала правільныя суцяшальныя словы маці, калі глядзела ў яе вялікія ўстрывожаныя вочы, Элеаноры хацелася крыкнуць:

— Да не так все это, не так, как ты все представляешь... Как ты не понимаешь, что у нас, у нашего поколения все не так, как когда-то это было у вас?..

А потым мама, відаць, усё зразумела, нездарма яна была медыцынскім работнікам і добра разбіралася ў фізіялогіі маладога арганізма, болей гаворкі пра гэта не ўсчынала. Элеанора і мама неяк без слоў зразумелі адна адну, маўкліва прыйшлі да згоды, што ў кожнага пакалення — свая дарога пазнання.

Цяпер Элеанора адчувала адзіноту; і бацькі, і ціхая прыбраная кватэра, і лекцыі ў інстытуце, і бясконцыя разумна-лагічныя разважанні з Ларысаю — усё некуды сплывала, станавілася нерэальным, як у тумане хавалася, затое болей рэальна, як кінаакцёр на паштоўцы, перад ёй паўставаў той невядомы пакуль, які прыходзіў да яе штоночы ў душна-салодкіх снах.

Цяпер Элеанора ведала, што таропкі пацалунак у паўзмроку, гарачы, апякаючы дотык хлапечай дрыготкай далоні, усё гэта добра, ды гэта было ў яе жыцці, было, ды за часам сплыло, і таму ёй зусім не трэба трымацца ля бескватэрных нявопытных аднагодкаў, якія бясконцым шматслоўем хаваюць разгубленасць перад той рэальнасцю, якую яна ўведала ў памятным дзявятым. Ёй патрэбны былі другія — надзейныя і спакойныя, якія скончылі інстытут і пакрысе несвядома сумавалі па тым жа, па чым сумавала і яна.

Элеанора і сама не прыкмячала, як прыцягальным бляскам свяціліся яе чарнявыя вочы, як запаволенай і па-жаноцку мяккай станавілася яе паходка. У паводзінах яе, як і на твары, калі ні глянь, было штосьці прывабнае, што выдзяляла сярод колкіх аднагодкаў.

...Як быццам Элеанора насіла ў сабе таямніцу, веданне чагосьці незвычайнага, і таму так сталася, што ля яе тут жа пачалі віцца хлопцы.

На танцах, на студэнцкіх вечарах, ды нават і на лекцыях, не кажучы пра гарадскія вуліцы, — усюды яна была стоенай і прыцішанай, з тым унутраным прыцягальным цяплом, ля якога можна не толькі сагрэцца, але і апячыся таксама, з тым цяплом, адчуць якое мог толькі той, хто падыходзіў пад яе меркі.

Той восенню, калі Элеанора паехала ў калгас на сельгасработы і ўпершыню ўбачыла Івана Вескаўца, усё, аб чым дагэтуль употай марыла, злілося ў адно суцэльнае, як быццам хтосьці нябачны ўсё зрабіў так, каб яна магла стаць шчасліваю, — у памяці ўсплыло чутае з маленства кандидатская, больш рэальнымі сталі душныя сарамлівыя ночы, штодня яна бачыла перад сабою дужыя мужчынскія рукі, якія бралі з яе рук вядро, поўнае бульбы, і якія потым, на адзіноце, самі па сабе цягнуліся да яе рук, і мо таму ўсё астатняе, і яе гуллівы смех, і пацалункі ў скірдзе саломы, і пазнейшыя спатканні ў горадзе, як і само вяселле, было лёгкім і радасным, як некалі гульня ў «класікі» на шэрым чысцюткім асфальце. Думалася, што салодкая гульня ніколі не скончыцца і не надакучыць, наадварот, чым больш будзе жыць побач з Іванам, тым большай радасцю і асалодаю будзе поўніцца яе маладое прыгожае цела.

Элеанора любіла сваё цела; яшчэ з восьмага класа яна падоўгу прастойвала перад люстрам, разглядаючы вялікія чорныя веі, рэзка акрэсленыя, што два крылы ў птушкі, бровы, тонкі, з ледзь прыкметнаю гарбінкаю нос, чырвоныя вусны, якія і без падфарбоўкі бачныя здалёк — усё гэта належала не каму-небудзь, а ёй. Элеанора адчувала сваё «я» кожнай клетачкаю цела, як адчувала, што нечым выгадна вылучаецца сярод сябровак. Чым яна не ведала і нават не задумвалася, але адчуванне сваёй выключнасці было ў ёй з самага маленства, калі ўпершыню пачула ад мамы: «Норочка, ты же у нас — самая красивая, самая умненькая...» І чым больш Элеанора разглядала сябе ў люстра, чым старанпей паліравала пазногці, чым больш часу траціла на расчэсванне густых валасоў, тым больш адчувала сваю выключнасць і таму амаль не прыкмячала, як усё прымервала да сябе: падыходзіць ці не падыходзіць.

Як і новая сукенка, што куплялася разам з мамаю ў магазіне, як і новая прычоска, што прымушала хлопцаў азірацца на Элеанору і праводзіць яе постаць пільнымі вачыма, як і вучоба ў інстытуце, недаступная многім, гэтак жа і ён, Іван, прыносіў Элеаноры пачуццё радасці, асалоды і выключнасці.

Адразу ж пасля вяселля яны паехалі на мора ў той невялічкі паўднёвы гарадок, у які Элеанора ездзіла з бацькамі ў маленстве.

Асляпляльна бялюткае сонца ў бясхмарным небе, цёмна-шакаладны загар на яе целе, шоргат хваляў аб гальку, тых блакітных хваляў, сярод якіх гэтак прыемна гушкацца, Іван, дужы і загарэлы, з мускулістым целам, ад дотыку да якога пачынаюць біць салодкія дрыжыкі — здавалася, гэтак будзе вечна...

 

Адразу ж, як толькі сын сяло пакінуў, пабольшала хата, паніжэла неба, пацішэла сяло, — быццам усе вакол згаварыліся: і птушкі цішэй запелі, і бабы перасталі пяяць уголас, адзін рэпрадуктар ля клуба радаваўся за ўсіх ад цямна да цямна, то на багатую цаліну заклікаючы, то на грашовыя вярбоўкі, то на будоўлі рамантычныя; адчувала яна, як цішыня падышла пад самыя вокны.

Яна не ведала пакуль, да дабра, што сын сяло пакінуў, ці да дрэннага, ведала толькі, прадчувала душою, што ў яго свая дарога, і назад жыць назусім сын наўрад ці вернецца, як і другія сыны не вярталіся, — тыя, якіх яшчэ з восьмага класа вербаўшчыкі вербавалі, абяцаючы залатыя горы за далёкімі лясамі, тыя сыны і дочкі, якія і без вербаўшчыкоў ірваліся адсюль, дзе хлеба на стале няма, дзе рабіць трэба штодня за працадзень голы ды за дзякуй, дзе нядоімка душыць, дзе нават і пашпарта не даюць, а ўсяго толькі — спраўку з сельсавета.

Мінуў год, другі, як сын сяло пакінуў, і усё трывожней станавілася на душы, бо бачыла, не сляпая была, як пакідалі сяло чужыя дзеці, што гарох, рассяваліся па свеце, уцякалі хто куды, — туды, дзе іх проста-такі чакалі лёгкі хлеб ды вялікія грошы, якімі шчасце можна было набыць. І ўсё гусцейшаю станавілася цішыня пад вокнамі хаты, усё большала хата, і ўсё званчэйшым кашаль Міколы. Штосьці нядобрае выспявала ў цішыні, і таму ў яе душы было гэтак, як бывае перад навальніцаю.

І ведала яна, што галоўнае — не грошы,не цяжкая работа, якая рукі адрывае, не, галоўнае — вытрымаць тое грознае, што выспявала ў цішыні і што калісьці павінна было абрынуцца на яе.

Як Міколы не стала, здагадалася, што ж выспявала, што таілася да часу ў цішыні.

Калі галасіла над труною, гэтак жа, як галасілі некалі яе бацькі, апроч чужога незнаёмага застылага твару Міколы, яна нічога і нікога не бачыла: ні суседзяў, ні сына, які моўчкі хмурыўся побач. Адчувала яна, калі галосіць, тады лягчэй трохі, толькі тады яна і пазбаўлялася пякучага болю, якога моўчкі не магла вытрымаць.

Цяпер, калі бачыла перад сабою нежывога Міколу, яна ўпрытык сутыкалася з тым, пра што дагэтуль рэдка думала, бо часу не ставала, трэба было спраўляцца з работаю і ля хаты, і ў калгасе. Нават вясною на раданіцу, калі хадзіла з сям'ёю на могілкі, нават і тады яна пра гэта не задумвалася, суцяшала сябе, што ўсё — вечнае, і сяло іхняе, і яна, і Мікола, і сын, і нават яе тата і мама, якія і цяпер усё бачаць і чуюць, ды толькі адтуль прыйсці не могуць...

Цяпер жа, калі галасіла, яна быццам заглядала туды і на тое, куды смяротным і нельга заглядаць, і таму крычала ад таго, убачанага.

...Цярпі, цярпі, а там, глядзіш, і лягчэй будзе.

 

Раздзел пяты

Яшчэ на поўдні, калі смажыўся з Элеанораю пад пякучым сонцам, Івана ўвесь час тачыла думка, дзе і як жыць... «Брось ты об этом думать. Отец что-то придумает», — гаварыла Элеанора, калі Іван усчынаў пра гэта гаворку. Ён ніяк не мог зразумець, што можна прыдумаць. Прыдумаць-то можна было б, калі б меліся грошы...

Адразу ж, як вярнуліся з поўдня, цесць арганізаваў, як сам жартаваў, сямейны савет, паклікаўшы жонку Эмілію Маркаўну, Элеанору і яго, Івана.

— Что ж, дорогіе дети, — сказаў цесць на савеце, які адбыўся ў кухні за сталом, — думаю я, что гораздо лучше будет, если вы пойдете жить на частную. Это казалось бы жесткое решение вызвано двумя обстоятельствами. Во-первых, мы, старые отсталые родители,— Валянцін Вікенцьевіч усміхнуўся, — вам не будем мешать. А во-вторых, и это, скажу вам сразу, главное — вам пора заботиться о своем гнездышке. Мы здесь люди свои, и потому я карты открою: у меня в горисполкоме имеется знакомый, сын его ко мне в аспирантуру собирается поступать... Одним словом, имеется реальная возможность вступить в кооператив. Знаю, знаю, Иван Николаевич, — цесць падняў угору руку, — на кооператив у вас, молодого специалиста, может и не набраться. Что ж, мы с Эмилией возьмем это на себя. Так что вам нужно срочно приписываться на частную. Одним словом — пока на ноги подниметесь, будем помогать.

«Ты глядзі, як у іх усё гладка робіцца!» — толькі і паспеў здзівіцца Іван. Спакойны і разважлівы Валянцін Вікенцьевіч увесь час называў Івана на «вы», мо таму, а мо і яшчэ чаму, ды Іван адчуваў між сабою і цесцем нейкую мяжу, якую не мог пераступіць. Пасля сямейнага савета ён яшчэ болей адчуў гэту мяжу.

Прыватнай аказалася неблагая аднапакаёўка з усімі выгодамі, яе гаспадары здалі кватарантам на той час, пакуль самі ў Нарыльску зараблялі грошы. Пасля невялікіх інтэрнацкіх пакояў, застаўленых аднаспальнымі ложкамі і драўлянымі тумбачкамі, аднапакаёўка паказалася Івану сапраўдным раем... Калі сказаў пра гэта Элеаноры, тая скрывіла вусны і, крыва ўсміхнуўшыся, сказала: «Господи, какой это рай — конура какая-то... У людей знаешь какие бывают?..» — «Нічога, будзе і ў нас рай, дай толькі абараніцца», — сказаў ён з вераю, што і сапраўды праз год-другі сваімі рукамі пабудуе сапраўдны рай...

Мінула паўгода. У інстытуцкай лабараторыі, дзе пасля заканчэння інстытута і аспірантуры ён цяпер рабіў, Іван амаль і не задумваўся пра тое агульнаглабальнае, над чым некалі ламаў галаву, — пасля жаніцьбы на гэта і часу не знаходзілася, ды і жадання таксама...

З раніцы, адамкнуўшы дзверы лабараторыі, трэба было думаць пра планавую тэму, якая заадно была будучай кандыдацкай. «Некоторые особенности тепломассопереноса газов в широком спектре температур» — прыблізна так Іван планаваў назваць кандыдацкую. У яго ўжо меліся дзве салідныя публікацыі ў акадэмічных часопісах, за плячыма было выступленне на ўсесаюзнай канферэнцыі па цепламасапераносу, аднак гэтага для абароны кандыдацкай было мала. Патрэбен быў новы эксперыментальны матэрыял, гэта разумелі і шэф, і Іван.

Таму з дня ў дзень ён думаў пра новую ўстаноўку, у якой працавалі вакуумныя помпы і не давалі глыбокага вакууму; разагрэўшы і запусціўшы ў работу ўстаноўку, трэба было назіраць за крывымі, што выпісваліся самапісцамі на доўгай стужцы паперы, аналізаваць іх, расшыфроўваць і тут жа планаваць новы эксперымент пры новай тэмпературы, — гэтых эксперыментаў чым больш праводзілася, тым болей патрабавалася. Як і заўсёды, трэба было чытаць новыя нумары навуковых часопісаў, у якіх магла паявіцца патрэбная інфармацыя па цепламасапераносу як айчынныя, так і замежныя.

Нельга было забываць і пра лабараторныя работы для студэнтаў, то — для адной групы, то — для другой. Студэнты ўвальваліся ў лабараторыю гуртам і нешта ўмудраліся зламаць, спаліць, за імі трэба было глядзець ды глядзець.

Іван і не прыкмячаў, як мінаў рабочы дзень і пара было выбірацца дадому, дзе ўжо чакала Элеанора. Дарогаю ён усё думаў пра ўстаноўку, пра незавершаны эксперымент, які назаўтра з раніцы трэба закончыць.

Але, як толькі Іван пераступаў парог сваёй кватэры і сутыкаўся позіркам з Элеанораю, ён адчуваў, што цяпер пачынаецца другое жыццё, зусім не звязанае з лабараторыяй, з кандыдацкай...

Першы раз яны пасварыліся з-за нічога...

Пачалося ўсё з-за лекцый у інстытуце. Раніцаю Элеаноры не захацелася ісці на лекцыі, а ён пачаў угаворваць яе, палохаючы блізкай сесіяй.

— Ну, падымайся, падымайся, — сцягваў Іван коўдру з Элеаноры. Была палова восьмай, ён спазняўся на работу, ды і Элеаноры пара было бегчы па лекцыі. Дагэтуль яны разам падымаліся, разам снедалі і разбягаліся, ён — у лабараторыю, Элеанора — на лекцыі.

— Я не пойду. Дай ты мне выспаться. Надоели мне эти лекции, — гаварыла Элеанора, аберуч трымаючыся за коўдру.

— Я табе дам: не пайду... Адзявайся хуценька...

І дагэтуль неаднойчы бывала, што яны раніцаю пачыналі валтузіцца, нават і спрачаліся, але ўсё гэта было нейкай гульнёю; і ён і Элеанора ўвесь час адчувалі гэту гульню, і таму не так ужо і важна было, хто ў чым саступаў, хто што гаварыў, неяк інтуітыўна кожны з іх адчуваў, калі гульня спынялася. Але гэтай раніцаю Іван так і не заўважыў, што гульня скончылася...

— Я тебе серьезно говорю, ты что — оглох: сегодня первую пару я пропущу, — нечакана суха і ўжо без смеху сказала Элеанора. Толькі цяпер, сутыкнуўшыся з сухім бляскам жончыных вачэй, ён упершыню ўбачыў нешта пагардлівае і капрызнае. І гэта ўразіла Івана. Зразумеў, што яна і праўда не збіраецца ісці на першую пару.

— Ты што — сур’ёзна не пойдзеш?

— Серьезно.

— Чаму?

— Просто так: не захотелось, так и не пойду... Что я — белая ворона, чтобы на всех первых парах бывать. До этого, когда с родителями жила, я часто первые пары пропускала. А сейчас с тобой, как в армии: подъем, умывайся, быстрее, быстрее... Да и вообще...— Элеанора гаварыла і ўпершыню глядзела не ў вочы, а на белую столь.

— Што — вообще?.. — Івана як бы штосьці ўкалола, абразіла, хоць напачатку і не зразумеў што... — Якая армія?..

— А ничего...

— Не, давай дагаворвай... Навошта тады выходзіла замуж? Навошта паступала ў інстытут, калі ён табе не мілы, як рэдзька горкая?..

— Ну, не учи меня жить. И без тебя учителей хватает, — Элеанора злавала; Іван адчуваў, што злуе яна не столькі на яго, а як на нешта другое, што апошнім часам замінае ёй, і таму яна такая капрызная.

Элеанора села ў ложку і нарэшце глянула ў вочы. Хутка і таропка, як бы баючыся, што яе Іван пераб’е, загаварыла:

— Какой же ты правильный!.. Все ты знаешь, все у тебя расписано, что нужно делать, а что — не нужно. А подумал ли ты хоть раз серьезно, так ли уж нужны мне эти нудные лекции по электродинамике?

— Як гэта нужны ли? — ён нічога не разумеў.

А вот так... Неужели ты не чувствуешь, что у нас сейчас каждый день одно и то же, одно и то же, будто лошади в упряжке, которые по кругу ходят. Боже, как мне надоели эти улыбочки, которые нужно делать, хоть у тебя кошки на душе скребут, как надоело подстраиваться друг под друга... Лекции, твоя работа, ужин, сон, лекции, твоя работа, ужин, сон... А что скрывается за всем этим, что нас ждет дальше? Неужели это вечное грязное белье, эта невымытая посуда, пыль на подоконнике и на полу — неужели все это будет в моей жизни до самой пенсии?

— Гэта ж — жыццё, Элеанора, як ты без гэтага абыдзешся? Усе так жывуць, — Іван не мог зразумець, што яна хоча.

— Жизнь, жизнь... Как мне надоело это философствование на голом месте! Плевать мне на то, как все живут. Я один раз живу. Один, понимаешь ты это или нет?.. Я прожила и исчезла, с сырой землей смешают... Вот тебе и вся философия. Вот только исходя из этого железного факта и нужно начинать философствование, а не задуривать себе и другим мозги лишь бы чем...

— Што ж ты прапануеш узамен? Валяцца днямі ў ложку? Ці, можа, мне сягоння ж кідаць работу, вучобу і ехаць на поўдзень? — Іван адчуваў, што гэтак рэзка з Элеанораю ён яшчэ ні разу не гаварыў ды і не трэба было гаварыць, але тое крыўднае, асабістае, што ўжо было ў ягонай душы, прымушала гаварыць гэтак. Як у апраўданне падумалася: не пайшла сягоння на першую пару, то і заўтра не пойдзе, знойдзе прычыну, а ён вымушаны падладжвацца, цярпець яе выбрыкі... Відаць, ад замужжа яна чакала другога, яна марыла зусім пра іншае жыццё. Мамчына дачушка, спешчаная... Холадна гледзячы на Элеанору, ён загаварыў: — Ты, можа, другога мужа хацела, а за мяне выйшла так, для парадку?.. Тады навошта ішла, ламала сваё і маё жыццё?.. Трэба было шукаць генеральскага ці прафесарскага сынка, тады б у цябе ўсё было пад рукамі: і машына, і залатыя пярсцёнкі, якія я табе не магу купіць, і трохпакаёўка, і поўдзень кожнае лета...

Не паснедаўшы, хутка апрануўшыся, так нічога з Элеанораю і не праясніўшы, Іван, злосны, пайшоў на работу.

Толькі цяпер, дарогаю, пачаў разумець, што ў сённяшняй сварцы вінаваты і сам... Штосьці ўжо знікла з ягонай душы; многае з таго, што яшчэ нядаўна цешыла, цяпер яго раздражняла: расшпілены знізу мяты-перамяты халат Элеаноры, яе сонна-лянівыя позіркі, знікла слодыч пацалункаў... Чаму так сталася?..

І па рабоце ў тую раніцу ўсё пайшло наперакасяк: не заўважыў, як выпусціў з рук вялікі ртутны тэрмометр. Бразнуўшыся аб паркет, тэрмометр разляцеўся на дробныя кавалачкі, круглыя белыя шарычкі ртуці пабеглі пад шафу, застаўленую прыборамі. Амаль да абеду Іван і лабарант Косця збіралі шарычкі, — давялося вымаць з шафы прыборы, адсоўваць, цяжкую шафу, а затым сантыметр за сантыметрам праглядаць падлогу ва ўсёй лабараторыі. Іван ведаў, што шарычкі ртуці ядавітыя, калі не ўсе іх знайсці, то пасля, колькі будзе працаваць у лабараторыі, гэтулькі будзе труціцца. У інстытуце быў выпадак, калі з-за гэтых шарычкаў апячаталі лабараторыю і ўзрывалі ўсю падлогу...

— Некалі дустам сябе труцілі, — як знарок, як назло бурчэў пад руку Косця, — а цяпер... Я во нядаўна вычытаў, што старажытныя рымляне атруцілі сябе свінцовым посудам. Гэта тэхналагічная цывілізаваная дзейнасць чалавецтву бокам вечна вылазіла і будзе вылазіць. Усе гэтыя машыны, самалёты, падлодкі, атамная энергія — дзеля чаго ўсё скарыстоўваецца?.. І чым далей, тым болей.

Іван маўчаў, стрымліваў сябе, хоць і хацелася сказаць Косцю штосьці злое, абразлівае нават..

Пасля работы ісці на кватэру і глядзець у халодныя вочы Элеаноры было няёмка, пакутліва нават. Крыўда за дзень так і не растала. Таму завярнуў у суседнюю лабараторыю, дзе на пасадзе інжынера працаваў Мішка Загорскі.

Пасля жаніцьбы з Мішкам ён сустракаўся рэдка, а калі і гаварылі, то — больш пра работу, разумелі абодва, што ў кожнага — сваё жыццё, куды старонніх стараюцца не пускаць.

— Чаго такі кіслы? — за гады вучобы Мішка добра вывучыў і характар Івана, і звычкі.

— Так, бывае... — хваліцца не было чым. Ды і каму, чым ён мог пахваліцца?

— Я сягоння багаты. Грошы за рацпрапанову адвалілі.

Пайшлі ў кафэ, — Мішка быў усё гэткі ж хуткі і жвавы, як і ў студэнцтве. Ён і апранаўся, як студэнт: вузенькія прыталеныя штаны, світэр, і вусікі ў яго былі гэткія ж, якія насілі многія студэнты: вузенькай чорнай палосачкаю...

— Пайшлі, калі ты багаты.

— А сям'я? А Элеанора галодная? — смяяўся Мішка, калі выходзілі з інстытута.

Іван маўчаў.

Яны пайшлі па праспекце ў бок бліжэйшага кафэ. Шэры каравы снег гурбіўся ўзбоч тратуара — быў канец лютага. Дні сталі большыя. Цяпер, калі Іван вяртаўся з работы, было яшчэ відно, не так, як на пачатку студзеня, калі з цёмным ішоў на работу і прыцемкам вяртаўся. Людзей на тратуары было шмат. Звычайна ў мнагалюддзі Іван адчуваў сябе няёмка, але сёння было наадварот,— неяк аж цяплей станавілася. Днём была адліга і сырасць, але на ноч падціскаў марозік, неба праяснілася, стала чыстым і глыбокім. Ён глядзеў на вялікае чырвонае сонца, што ўдалечыні зачапілася за страху пяціпавярховага дома, міжволі прыслухоўваўся да пахруствання пад нагамі падмарожанага льдзіністага снегу, і так не хацелася ні гаварыць, ні распытваць, хацелася ісці і ісці, глыбока ўдыхаць лёгкае паветра. І думалася, што ўсё было некалі: і гэтае чыстае блакітнае вясенняе неба, і пахрустванне снегу, як і прадчуванне блізкай вясны, якая абавязкова прынясе новую нечаканую радасць... Шматслоўны Мішка, як бы адчуваючы ягоны настрой, таксама маўчаў.

Гаворку пачалі ў кафэ.

— Ты што, са сваёй пасварыўся? — пачаў допыт Мішка, калі ўселіся ў куце кафэ за нізкі столік.

Іван зірнуў не на Мішку, а ў акно кафэ, кіўнуў галавою. У гэтае кафэ яны часта забягалі, калі былі аспірантамі; стаяла яно на бойкім месцы — па рагу вуліцы недалёка ад кінатэатра, побач былі інстытуты Акадэміі навук. Звычайна ў гэтым кафэ аціралася адна і тая ж публіка, найболей моладзь: студэнты, аспіранты, супрацоўнікі газет і часопісаў з Дома друку, маладыя кандыдаты навук, якім, як і Мішку з Іванам, трэба было штосьці адзначыць, абгаварыць... Казалі, што кафэ дажывала апошнія дні — яго закрывалі і перараблялі ці то на бар з зашторанымі вокнамі, ці то на адну з тых дыскатэк са светла-музыкаю, якія адна за адной адкрываліся ў горадзе.

— Стары, трэба трымацца на нагах. Трэба глядзець жыццю ў вочы, а не пазіраць на яго скрозь ружовыя рамантычныя акуляры. Надта не бяры да галавы яе выбрыкі, маладая яшчэ, зялёная, — вучыў яго Мішка. Івану падумалася, што час настаў такі, калі ўсе адно аднаго вучаць: ён — Элеанору, а яго — Мішка. Як чужую бяду, дык і пальцам развяду..., А Мішка між тым вёў сваё: — Ты думаеш, мядовы месяц гадамі павінен цягнуцца? Не, браце, гэта жыццё. Бяда наша ў тым, што з маленства, са школы нас прывучаюць думаць: ах, каханне такая асалода, ухапіўшы якую аднойчы, будзеш вечна шчаслівым. Вот і ўсе шукаюць гэтае каханне, усе і заняты гэтай асалодаю, пра якую штодня па радыё і ў ансамблях спяваюць салодкімі галасамі. А што творыцца ў сямейным жыцці, калі пасля загса закаханыя застаюцца адзін на адзін у кватэры, пра гэта дзе калі чуў?.. Маўчым, ні гу-гу...

Глянуўшы Мішку ў вочы, Іван нечакана здагадаўся,

чаму той такі разумны.

— Ці не збіраешся і ты жаніцца?

— Угадаў, браце, як у сук уляпіў...

— Калі?

— Ды ўжо заяву занеслі.

— Неяк надта ўжо хутка ды засакрэчана ты ўсё робіш. Хай бы хоць мне пахваліўся.

— Адступаць няма куды, як кажуць, абставіны прымушаюць, — гледзячы на фужэр, Мішка кіславата ўсміхнуўся: — Давай, браце, возьмем за нашу маладосць. Застаецца яна ззаду, а калі — дык і не разгледзелі...

Потым, калі пакінулі кафэ і памалу брылі па праспекце ў святле неонавых ліхтароў, усё гэтак жа сур’ёзна Мішка гаварыў:

— Праблема, я табе скажу, не ў тым, каб мець ля рук жанчыну. Цяпер гэтай праблемы няма. Бяда ў тым, што калі ля рук адна, другая, трэцяя, то гэта добра толькі напачатку. А потым надыходзіць той час, калі трэба спыняцца. Іначай — да старасці будзеш лётаць за спадніцамі і не спынішся. Ты вот з сям’ёю жывеш, а я адзін пажыў, практыку добрую прайшоў, усяго нагледзеўся: і развадных, і халасцячак. Знаёмага нядаўна завёў. Пяцьдзесят год яму, а ён усё спатканні назначае, жонку шукае і не знойдзе. Паверыш — ён усё гэта сур’ёзна робіць. Як падумаю, што сам з гадамі гэткім жа раблюся, — жахліва становіцца. Так што выйсця ў нас няма. Цяжкавата аднаму жыць. Гэты аднаспальны ложак у інтэрнаце, без кватэры, па пад’ездах з дзеўчынёшкамі ацірайся, як падшыванец які... У гэту нядзелю навязу сваю кралечку старым паказваць.

— Ты што — па разліку?

— Хто падкажа, браце, што лепей: чысцюткае каханне ці цвярозы разлік?.. Кажуць, тыя, хто па разліку жэняцца ці выходзяць замуж, жывуць лепей. Галоўнае, каб жыць у сям’і захацела, каб, выходзячы замуж, не марыла пра птушынае малачко.

— Гарадская?

— Не. З гарадской ужо ты жыві, — у гэтых словах была з’едлівасць. Івана гэта пакрыўдзіла, але сказаць — нічога не сказаў.

Неўпрыкмет падышлі да тралейбуснага супынку, дзе трэба было развітвацца. Але яны не разыходзіліся, стаялі моўчкі. Было адчуванне, што галоўнае яшчэ не сказана.

— Нічога, браце, — зноў загаварыў Мішка, — трэба не надта спадзявацца на вялікае шчасце, тады і не надта будзеш расчароўвацца,— як і заўсёды, Мішка ва ўсім знаходзіў суцяшэнне. — Так што рыхтуйся, хутка ў рэстаране збацаем... І яшчэ... Я не думаў хваліцца раней часу, але калі ты пахваліўся сваім шчасцем, дык і я пахвалюся. Думаю кідаць сваю навуковую дзейнасць. Пакуль пра гэта ў інстытуце не ляпай...

— Ты што, здурнеў? Пяць год вучобы, два ў аспірантуры, гэтулькі здароўя ўклаў...— Такога фінта ад Мішкі Іван не чакаў.

— Не, браце, давай разважаць цвяроза. Кааператыў мне няма за што будаваць, ды і цесця ў мяне такога няма... Спадзявацца на сваіх старых — нечага, сам ведаеш, як вёска жыве, толькі-толькі на грошы пачалі ўзбівацца. А жыць з жонкаю недзе трэба. Дзіця плануецца. Ды і заробкі... Якія ў нас, навукоўцаў, заробкі? Прыбіральшчыца і тая, уладкаваўшыся на дзвюх работах, болей зарабляе. Падамся на будоўлю, рукі ёсць, там усё выб’ю, і кватэру, і ў кватэру. На свежым паветры... Чым у лабараторыі ля прыбораў чахнуць... Ну, пакуль, не вешай носа...

Падкаціў тралейбус, і Мішка, торкнуўшы руку разгубленаму Івану, як бы чагосьці засаромеўшыся, хутка нырнуў у адчыненыя дзверы. Шчоўкнуўшы дзвярыма, тралейбус накаціў далей па праспекце, а Іван усё стаяў на супынку, так і пе верачы ў толькі што пачутае.

І яшчэ яго нешта непакоіла. Цяцер успомніў: пара вяртацца назад, да Элеаноры.

У кватэры было ціха. Элеанора, седзячы з нагамі на канапе, чытала падручнік, Іван распрануўся, памяняў ля парога чаравікі на шлёпкі і моўчкі пайшоў на кухню. Вячэра была згатавана: на пліце стаяла цёплая каструля з баршчом, на патэлькі, накрытай накрыўкаю, ляжалі блінчыкі з мясам. Моўчкі, стараючыся не шумець, наліваў боршч. Моўчкі еў.

Нейкая нацятая асаблівая цішыня была ў пакоі, — быццам былі яны не ў горадзе, дзе побач людзі, шум і гул машын, а недзе ў глухім бязлюдным лесе, дзе за дзесяткі вёрст — ніводнай жывой душы.

Тая ранішняя сварка цяпер страціла сваю вастрыню і боль, зноў паўтараць адно і тое ж не хацелася, цяпер між імі павінна было быць штосьці іншае. Што?.. Гэтага Іван пакуль пе ведаў.

Пасля вячэры доўга перамываў посуд. Затым, глянуўшы на гадзіннік — было за дзевяць, — пайшоў у пакой, уключыў тэлевізар. Трэба было хоць як, ды разбурыць няёмкую пакутлівую цішыню. Звычайна яны ў палове дзясятай укладваліся спаць, але сёння...

Адклаўшы падручнік убок, Элеанора паднялася з канапы, пачала слаць пасцель. У маўклівасці Элеаноры было нешта помслівае. Іван адчуваў, што маўчанне доўга не працягнецца, нечым выбухне: новым лямантам альбо слязьмі Элеаноры...

Пазней, калі выключылі тэлевізар і ляглі на канапу, накрыўшыся адной коўдраю, у цемені Іван пачуў, што Элеанора плача. Уткнуўшыся тварам у падушку, яна раз за разам шморгала носам. Плечы яе ўздрыгвалі.

І шкадаванне і разгубленасць паявіліся ў Івана. І сапраўды, з-за чаго яны раніцаю лямант наладзілі? Навошта і каму патрэбна гэта гульня ў маўчанку? Ды ёй жа яшчэ і дваццаці няма, дзіця горкае, вось таму і тыкаецца ў розныя бакі, як сляпое кацянё ў куце...

Іван абняў жонку і ўпершыню за вечар сказаў: «Перастань плакаць...»

Яна тут жа павярнулася да яго тварам і, выціраючы слёзы, таропка загаварыла, быццам яны і не сварыліся:

— Знаешь, мне так тяжело жить... Мне казалось, что у нас все будет по-иному, совсем не так, как в других семьях, где трижды на день ссорятся. И мы пошли по этому же пути... Неужели ты ничего не чувствуешь? Я просто с ума схожу от непонятной тоски, которая тянется изо дня в день... Скажи, почему нам так тяжело стало жить? Раньше, помнишь, все было не так. ІІомнишь, как в колхозе было весело, помнишь, что ты мне тогда говорил?.. Тогда мы так часто смеялись, а сейчас...

— Я заўтра білеты вазьму куды-небудзь. У кіно ці ў тэатр сходзім. Перастань толькі плакаць, супакойся... — ён гаварыў, асцярожна пагладжваючы рукой яе валасы, плечы. Іван адчуваў цёплае цела Элеаноры, яе бездапаможныя слёзы, — нарэшце, нарэшце трывожная цішыня знікала...

Заснулі далёка за поўнач, супакоеныя і сцішаныя, здавалася, што цяпер яны ўжо ніколі не пасварацца.

Раніцаю, калі Іван падняўся, каб збірацца на работу, цяпер зусім з другім настроем, чым учора, глянуў на сонную Элеанору і вырашыў яе пе будзіць.

Ішоў па праспекце да свайго інстытута, і тут як бы нехта чужы і з’едлівы сказаў нечакана: «Што ж, даражэнькі, а на першую пару яна і сягоння не пайшла... Як надумала, так і зрабіла, свайго дамаглася. А ты ёй яшчэ за гэта і білецікі ў тэатр вазьмі, скачы пад яе дудку, боўдзіла...»

Стала мутарна на душы...

«А-а, дробязі ўсё гэта, ці варта забіваць галаву»,— свядома Іван стараўся адагнаць няпрошаны настырны голас, ды не мог адагнаць.

Вечарам, як і планавалася, пайшлі ў кіно. Паказвалася камедыя. То была звычайная камедыя, якія апошнім часам усё больш і больш запаланялі экраны кінатэатраў, — гучна і дасціпна высмейваліся дурнаватыя вяскоўцы ці рабацягі-сантэхнікі, якія нечым нагадвалі казачных Іванаў-дурняў, з той розніцаю, што вяскоўцы і рабацягі-сантэхнікі ніякіх подзвігаў пе рабілі, ніякага Змея Гарыныча не знішчалі і нават з царэўнамі не жаніліся: як былі дурнямі напачатку — гэткімі ж заставаліся...

І ў гэтай камедыі паказвалася вясковае жыццё, знешне такое прыгожае і бесклапотнае, што аж дзіва брала: чаго адтуль моладзь уцякае?.. І лес, і рачулка побач з сялом, і чыстая прыбраная вуліца, паабапал якой хаваліся ў садах дабротныя, пад шыферам, хаты — усё цешыла і радавала. І яшчэ здзіўляла, чаго сярод гэтай прыгажосці блэндае няголены бесталковы пастух Венька. Кінуўшы без нагляду калгасны статак, ён увесь час аціраецца ля магазіна. Людзі добрыя яго ўшчуваюць, сарамацяць, а гэтаму Веньку хоць бы што, хоць кол на галаве чашы, няма на яго ўправы... І тут — самае смешнае — па дарозе да магазіна ідзе калгасны бугай Стрэптацыд. Бугай грозна круціць галавою, і ўсім, нават дурню Веньку, ясна: Стрэптацыд сам узяўся наводзіць парадкі — шукае пастуха... Венька ўцякае ад Стрэптацыда — бяжыць па сяле і лямантуе штосілы.. А бугай, здаецца, вось-вось напора Веньку на рогі. Ратуе Веньку ад яўнай пагібелі даярка Феня. Яна выходзіць са сваёй хаты, і грозны Стрэптацыд, як толькі ўбачыў Феню, слупянее. Венька здзіўляецца: «Так скажи ты, Феня, почему это тебя Стрептоцид слушается?» — «А ты и меня будешь слушаться, если этого захочу», — гаворыць Феня. Венька разявіўшы рот глядзіць на Феню і ўпершыню заўважае, якая яна прыгажуня...

Падчас камедыі зала неаднойчы выбухала рогатам. Іван, як і ўсе, таксама смяяўся, але, калі выйшаў з залы, падумаў: а з чаго ж ён смяяўся?

— Так это же — комедия, у нее — свои законы, неужели не чувствуешь ее специфики? Вспомни классику: «Свинарка и пастух». Помнишь, там еще и не такие сцены показаны...— хутка і лёгка тлумачыла Элеанора.

— Ды не, я не пра тое, я не супроць камедыі... Сама разваж, падумай — там усе нейкія прыдуркаватыя, ці што... — Іван адчуваў, што гаворыць не доказна.

— Где это — там?

— Ну, у той жа сённяшняй камедыі.

— Вот, снова ты свое заладил... Я же тебе сказала: это — традиции. Неужели, по-твоему, и посмеяться нельзя человеку после трудового дня?

— Ды не смех гэта. Гэта проста — дурнаватае гыгыканне з вяскоўцаў, якія хлебам нас кормяць, малако даюць... — Нарэшце Іван зразумеў, што хацеў сказаць: — Смяцца можна толькі тады, калі будзем адчуваць боль за гэтага пастуха. А тут не боль, а — здзек...

— Так что же ты хочешь, чтобы мы всех этих мятых забулдыг жалели?..

Тады Іван заціх, адчуўшы, што Элеанора ці то не можа, ці то не хоча зразумець яго. І яшчэ адчуў: слова, другое — і зноў яны, як учора раніцаю, ні з таго ні з сяго пасварацца. Ішлі да кватэры моўчкі.

Думалася, што ўжо два тыдні не паказваўся ў сяле. Як там маці? Ён тут вечарамі па камедыях шастае, а яна там адна, на холадзе...

Ні з таго ні з сяго ўспомніўся бацька, маленства, — галоднае і зусім пе камедыйнае...

Як пасля вайны жанчыны і мужчыны ўпрагаліся ў плуг..,.

Як збіралі па вясне гнілую бульбу і пяклі з яе бліны-ташноцікі...

Як з двара Лугаўцовых выводзілі карову — яе цягнуў за сабою на вяроўцы мужчына ў чорным доўгім, ледзь не да пят, скураным паліто. Карова, як ведаючы, куды яе вядуць, пе ішла, упіралася, а старая Лугаўчыха галасіла па карове гэтак жа, як некалі маці галасіла па раскіданай хаце...

І тады, як успомніў усё гэта, адчуў сябе адарваным ад чагосьці надта ўжо важнага. І ў тым, што цяпер маці жыла асобна, убачылася нешта нядобрае.

Настрой хутка псаваўся. Лепей бы ўжо і не хадзіў на гэту камедыю. Для каго вясковае жыццё — камедыя, а для каго — трагедыя...

 

Раздзел шосты

У інстытуце сарвалася апошняя лекцыя. Група сядзела ў аўдыторыі і чакала выкладчыка Дзергаёва, а яго ўсё не было. І тут замест Дзергаёва ў аўдыторыю ўляцела заклапочаная Светка Закрэўская, якая была ў групе старастаю і заўсёды ведала ўсе навіны: «Ребята, лекция отменяется, Дергаев заболел. Рвем когти, пока пару не заменили».

Умомант аўдыторыя апусцела, усе шухнулі ў вестыбюль, дзе былі раздзявалкі.

Калі апраналіся, тая ж Закрэўская, невысокая, тоненькая і энергічная, азіраючы дзяўчат вёрткімі вачамі, пратараторыла: «Девочки — ко мне все... Сегодня в военном училище танцы. Там у них — торжество какое-то. Кто со мною в поход боевой?»

Дзяўчаты стоўпіліся ля Закрэўскай, нават Ларыса і тая падалася ад Элеаноры да Светкі. Пачулася ўсхваляванае: «Где? Когда встречаемся? В чем поедем?»

Весела шчабечучы, Закрэўская павяла дзяўчат да выхаду, так і не прыкмячаючы, што Элеанора засталася адна ля люстры. Толькі Ларыска не забылася пра яе, — азірнулася з вінавата-разгубленай усмешкаю.. «Ну, пока», — Ларыска махнула рукою. Цераз сілу Элеанора прымусіла сябе ўсміхнуцца і падняла руку: «Пока».

З чым яна развітвалася? Ці не з маладосцю?

Стала крыўдна. Уявіліся танцы ў вучылішчы, на якіх бывала да замужжа: і музыка, і адчуванне на сваім плячы гарачай далоні, і блізкія ружовенькія тварыкі курсантаў... Нечакана нахлынула тое хваляванне, якое некалі паяўлялася пры новых знаёмствах, калі яшчэ нічога не вядома, нічога не сказана, а ўсё трымаецца на прадчуванні блізкага шчасця...

І тут жа, як знарок, успомніўся свой пакойчык,— нямытыя талеркі ў ракавіне, бялізна ў ваннай...

Дзяўчаты былі вольныя, яны і цяпер маглі бегчы, куды хочуць: у госці, на спатканні, на танцы, гуляць аж да поўначы па праспекце ці па парку, а вось яна як прывязаная павінна штодня быць ля Івана, цяпер нейкага іншага, якога дагэтуль, здаецца, і не ведала: сур’ёзнага і нават сумнаватага, заклапочанага сваёй кандыдацкай. Пасля лекцый трэба лётаць па гастраномах, дзе вечныя чэргі і сваркі пенсіянерак...

Выйшла з інстытута і завагалася: куды пайсці? Усяго толькі палова першай. Ісці ў ціхую кватэру не хацелася, але ж і садзіцца ў чытальнай зале за падручнікі таксама не хацелася. Што ёй маглі даць тыя сухія падручнікі?

Ішла па вуліцы і адчувала душэўную раздвоенасць. Было сумна, усё раздражняла: людзі, што ішлі побач, якія абганялі, раздражнялі нізкія восеньскія хмары, з якіх павінен пайсці ці то дождж, ці то снег. Раздражнялі нават шэрыя будыніны...

Чаму ж так сталася, што тыя гуллівыя словы, якія некалі шаптала на вуха Івану, якія чула ад яго, цяпер страцілі слодыч? Чаму гарачая Іванава далонь, ад якой нядаўна струменілася прыемнае цяпло, цяпер не цешыла, а раздражняла...

Успомніла вяселле, свае наіўныя мары... Як жа яна ва ўсім памылялася!

Наперадзе паказаўся кінатэатр, і, каб адагнаць ад сябе ўсё непрыемнае, надумала схадзіць у кіно.. Хоць якое, абы весялей было...

І праўда, калі сядзела ў глядзельнай зале і назірала за іншым, весялейшым за сваё, жыццём — з песнямі і танцамі, са слязьмі ў падушку і абавязковым шчасцем, якое чакала герояў у канцы фільма, тады стала лягчэй на душы, бо пра сваё жыццё забылася. Але, як толькі выйшла з кінатэатра, усё ранейшае наблізілася, і Элеанора не ведала, што рабіць.

Вечарам надумала схадзіць да мамы. Не дачакаўшыся Івана з работы, пакінуўшы на стале запіску, паехала на трамваі дадому. Як увайшла ў кватэру, ледзь слёзы не навярнуліся... Усё было знаёмае: і кухня са звыклым з маленства пахам, і зала, дзе стаяў усё той жа цёмна-карычневы пісьмовы стол, і спальня, дзе некалі гуляла ў лялькі. Падышла да акна і стала глядзець на парк, які пачынаўся адразу ж за домам.

Цяпер гэты парк акружаны з усіх бакоў дамамі, а некалі за ім пачыналася голае поле, па якім улетку і восенню блэндалі каровы. Некалі гэты парк здаваўся Элеаноры мяжою, за якой пачыналася чужое жыццё. У першым класе яна часта чула ў парку меладычныя вальсы, якія вечарамі і ў святы іграў духавы аркестр, некалі ёй туды хацелася збегчы, ды мама не пускала, бо там, як яна гаварыла, збіраліся «босяки со всего города»...

Мама адразу ж адчула яе настрой, — падышла, абняла за плечы і зазірнула ў вочы:

— Что случилось, Норочка?

— Ничего особенного, — яна ўсё не адводзіла позірку ад высокіх сосен.

Пайшлі на кухню, дзе пілі чай. Слова за словам мама пачала супакойваць:

— Терпи, Норочка... Он же — не совсем плохой, не выпивает, как говорит отец, перспективный, скоро должен защититься. Отец кооператив пробивает. С нами было бы тебе легче жить, но тогда бы и кооператива не было — все сейчас так поступают. Ты же у меня умница; представь: неужели тебе после института в деревенскую школу тащиться и за колхозника замуж выходить? Конечно, он тебе, возможно, и не пара, но где сейчас лучшего найти, посмотри сама, оглянись, где перспективные мужчины?.. Хоть ты на них списки составляй и в очередь становись. Да вон, Лариска, подруга твоя... Подумай над ее судьбой — хорошая девушка, а пропадает ни за копейку...

Элеанора слухала правільныя разважлівыя словы і ў той жа час адчувала, што ніколі не скажа маме пра няпрошаны незразумелы сум, які нечакана праз два месяцы пасля замужжа паявіўся ў душы. Яна моўчкі ўсё ніжэй і ніжэй апускала галаву да кухоннага століка. Пацяклі слёзы.

«Норочка, он тебе, возможно, не помогает? Он обижает тебя?» — трывожылася мама. Элеанора круціла галавою, — не крыўдзіць, памагае... Яна адчувала: бяда не ў тым, памагае ён ці не... Але як пра гэта сказаць маме? Таму гаварыла пра тое, што было апраўданнем: пра ягоную маўклівасць, пра няўважлівасць і халоднасць, як быццам гэта і было галоўным...

Мама зноў паціху гаварыла, суцяшала, прасіла цярпець і ўсё чамусьці палохала лёсам Ларыскі...

Ларыска...

Пасля другога курса дзяўчаты навыперадкі ішлі замуж, ці то будучае размеркаванне падганяла іх, ці то проста цяпер па-новаму ўспрымаўся ўзрост і ўжо дваццацігадовыя лічыліся старымі, якім на пяты наступалі васемнаццацігадовыя маладыя. Па-сучаснаму хутка, за месяц-другі пасля знаёмства, многія паспявалі згуляць вяселле, і толькі Ларыса жыла без змен, у яе жыцці асноўным былі ўсё тыя ж падручнікі, замежныя і айчынныя мастацкія выстаўкі, прэм’еры спектакляў, кінафільмы, размовы пра лёсы аднакласнікаў, пра тое сучасна-зменлівае, у якім гэтак цяжка знайсці апору маладой цікаўнай дзяўчыне.

Што чакала Ларыску наперадзе? Гэтага Элеанора не ведала, але ведала яна, што тое разумнае, правільнае, чым кіравалася ў жыцці Ларыска, гэтаксама не выйсце. Вунь як шмат у горадзе такіх, як Ларыска, разумных, прыгожых і якія між тым вянуць у суме і адзіноце.

Чаму, па якому закону ўсё так адбываецца?

Ды што доўга разважаць пра лёс Ларысы, калі ў яе, Элеаноры, усё так няўдала атрымліваецца... Яна ж — неблагая, культурная. Але чаму замест радасці і асалоды, якія нядаўна самі па сабе напаўнялі душу і цела, цяпер ёй кепска?..

І вучоба ў школе, і паступленне ў інстытут, і нават замужжа — усё лагічна ішло адно за адным, усё было тым, пра што надта і не трэба было думаць, бо яно было правільным, яно давала асалоду і радасць, а цяпер Элеанора была як на раздарожжы — нешта маўклівае і грознае адкрывалася ёй. Дні ішлі, а нічога вакол не мянялася, і гэтае пачуццё пастаянства было жахлівым, бо ў спакойным мільганні дзён маячыла для Элеаноры іншае — веданне таго, што яе жыццё з кожным днём скарачаецца, як шагрэневая скура...

І чаму яна, нічога кепскага не робячы, павінна пакутаваць?

Позна вечарам Элеанора вярталася на кватэру. Цяпер у яе быў другі, больш спакойны, настрой — пасля суцяшальных размоў з мамаю ўпэўнілася, што віною ўсяму тое знешняе, што вірыла побач: Іван, нудныя лекцыі, і ўвогуле ўсё тое нечаканае, невытлумачальнае, якое ні з таго ні з сяго можа паявіцца і тут жа знікнуць...

Пазней, калі Элеанора зразумела, што зацяжарыла, яна па-іншаму глянула і на сябе і на свет. Цяпер усё, што дагэтуль здавалася заблытаным і няясным, нечакана набыло новы сэнс.

Цяпер, калі Элеанора сустракалася з Ларысаю, яна гаварыла, што каханне — гэта толькі часовы дурман, які хутка праходзіць і пасля якога паяўляюцца дзеці.

Ларыса, канечне, пе згаджалася з гэтым, гаварыла, што без кахання чалавеку ніяк пе абысціся.

— Дорогуша моя, поверь моему горькому опыту, — спакойна даводзіла сваё Элеанора. — Какая в наше время может быть любовь? Двадцатый век, опомнись... Просто у человека есть физиологическая необходимость, природные инстинкты. Когда-то люди ничего об этом не знали, поэтому и сочинили сказку о существовании любви. А сейчас... Вспомни, чем мы занимались пятнадцать лет, в школе и в институте? Как раз этим и занимались, что с помощью биологии, физиологии или той же физики доказывали, что ничего таинственного в человеке нет. И загадочной любви тем более... Не нужно жить пустыми иллюзиями, Ларисочка. А тем более, оглянись, где сейчас настоящие рыцари, где они?.. Мой красавец с работы вернется и сразу же — нос в книгу или к тому же телевизору, а ты ему — носки в это время стирай... Когда цветы домой приносил — забыла уже... Вот тебе и вся любовь...

 

Раздзел сёмы

У той год нечакана ўсё навалілася: і атрыманне новай кааператыўнай двухпакаёўкі, у якой адразу ж давялося рабіць рамонт, і абарона кандыдацкай, і капрызы малой — хоць разарвіся, а трэба было паспяваць у гаспадарчых і мэблевых магазінах, у гастраномах, у аптэках, у лабараторыі ля ўстаноўкі, у сяле, дзе, калі ні паявіся, поўна работы — з раніцы да вечара Іван быў заняты клопатамі, дзе што дастаць, выбіць, перахапіць...

Наваселле рашылі адзначаць у новай кватэры. Старонніх не запрашалі, збіраліся толькі свае: Валянцін Вікенцьевіч, Эмілія Маркаўна, Іван і Элеанора.. Збіраліся ў пятніцу вечарам, каб за суботу і нядзелю можна было адаспацца і адпачыць. Вярнуўшыся з інстытута, яшчэ не распрануўшыся, у прыхожай Іван пачуў галасы Элеаноры і Эміліі Маркаўны, якая дапамагала кухарыць.

— Ванюшенька, это вы? — працяжна спытала Эмілія Маркаўна.

— Я, — глуха сказаў Іван. Яго ўвесь час раздражняла гэтае «Ванюшенька». «Як шчанюка якога заве», — мімаволі абураўся, калі чуў гэтае слова.

— Может, вы с Анжелочкой погуляете? И сами заодно побудете на свежем воздухе. Весна, кислорода и так не хватает... Анжелочка у нас только под ногами путается.

— Хорошо, погуляю, — зноў выходзіць на вуліцу, дзе было вясенняе хлюпоцце, не хацелася. Пасля работы нікуды ісці не хацелася, адчувалася стомленасць, і не тая, якая звычайна паяўляецца пасля цяжкой фізічнай работы, калі цела наліваецца прыемным цяжарам, а іншая, калі пачынае балець галава і ў целе адчуваецца штосьці лішняе, ад якога так хочацца пазбавіцца. Усё вакол здавалася змрочным, усё раздражняла...

Зайшоў у залу, дзе ў куце забаўлялася з лялькамі малая і глядзела тэлевізар. Паказвалі мульцік, — пацешная лісіца сарамаціла сабаку, які сядзеў у будцы: «Какой же ты, Барбос, эгоистичный!.. Нужно в мире жить, нужно со всеми делиться, а ты один целую будку занимаешь. Давай поделимся: тебе половина будки будет и мне половина...»

Апранаў малую і падумаў пра цешчу. Яе Іван не любіў. Не любіў за мяккасць і далікатнасць. Колькі помніў, цешча ні разу не сказала грубага слова, як і Валянцін Вікенцьевіч, называла яго на «вы», а між тым, як толькі Эмілія Маркаўна паказвалася ў кватэры, у Івана адразу ж псаваўся настрой.

Усё ніяк не мог забыць тых дзён, калі прывёз з бальніцы жонку з дачкой, — тады і ён, і Элеанора не ведалі, як назваць дзяўчынку. Імёны, якія Іван прапаноўваў — Маня, Галя, Зіна, — здаваліся Элеаноры састарэлымі і нават смешнымі. «Ну-у, не смеши ты меня, — гаварыла Элеанора, — не хватало нам еще Маруськи в квартире».

У тыя дні Элеанора часта і падоўгу раілася з маці. Іван адчуваў, што пасля нараджэння малой галоўны дарадчык для Элеаноры не ён, муж, а Эмілія Маркаўна. Відаць, цешча і прыдумала імя малой, бо неяк, вярнуўшыся ад бацькоў, Элеанора рашуча заявіла: «Девочку назовем Анжелой. И красивое, и современное — не придерешься. Так и запишем в паспортах. Мама говорила, что нам даже и не обязательно самим ходить записывать, если мы ей паспорта отдадим, она сама это сделает».

Тады ён думаў: якая розніца, Анжэла ці Марыля — чалавек жа ад гэтага не зменіцца?.. І ўсё ж неяк брыдкавата было на душы.

Эмілія Маркаўна неяк няўмольна ўмешвалася ў іх сямейнае жыццё, хоць і не сварылася, не камандавала...

Калі малой было месяцы чатыры і яна ўжо добра-такі гугукала, смяялася, Іван часта з ёю гуляў. Бывала, гушкаючы Анжэлу на руках, гледзячы ў яе вялікія круглыя вачаняты — Анжэла была па маці, гэткая ж чарнявая — гаварыў з ёю, а то і напяваў, што чуў у маленстве ад маці, што спявалі некалі ў сяле. Песень тых ён не запомніў, запомніў толькі мелодыі і таму на хаду складаў вершыкі, як разумеў, бесталковыя, ды ўсё ж — складаў:

 

Ай, лю-лі, ай, лю-лі...

Дзе хадзіла, дзе была?

Што ты там глядзела?

Што смачнае ела?

 

Малая глядзела ў вочы, смяялася, здавалася, што яна ўсё-ўсё разумее: і куды хадзіла, і што глядзела, і што ела...

Неяк, калі Эмілія Маркаўна гасціла ў іх, яна пачула Іванавы песні-складанкі. Імгненне яна здзіўлена глядзела на Івана і Анжэлу, а потым працяжна загаварыла, як заспявала: «Вай, Ванюшенька, я и не слышала, я и не знала, что вы так хорошо петь можете, что вы настоящий поэт. Только знаете что — давайте с вами договоримся раз и навсегда: будем разговаривать с Анжелой на одном языке. Не то приучим, так она будет только путаться, ни того, ни другого не будет знать. Вы не смотрите, что она маленькая, она — все понимает и запоминает. А вот представьте: вырастет Анжелочка и с этим деревенским акцентом в школу пойдет. Так ее же там дети засмеют, двойня будет мешками носить. Так что давайте с нею по-городскому будем говорить, по-культурному, тем более что она — коренная горожанка и ей деревенскпй говор не нужен — жить в деревню не поедет. Дайте мне ее на ручки...»

Эмілія Маркаўна ўзяла малую на рукі і заспявала:

— Ах, ты мое золотце! Ты же у нас — самая умненькая! Во всем мире нету лучше. Бабушка тебе купит пластинки, чтобы ты современные сказки и песенки слушала. Мы же с тобой скоро мультики начнем смотреть.

Дзіця глядзела на Эмілію Маркаўну, радасна ўсміхалася, як толькі што ўсміхалася, калі глядзела на Івана. Іван стаяў збоку як апараны...

Пакуль не скончыцца мульцік, Анжэлу на вуліцу не выцягнеш, гэта Іван ведаў і таму вымушаны быў глядзець, як хітрая лісіца ўгаварыла сабаку распілаваць будку напалам, потым, калі абое вымаклі пад дажджом у сваіх палавінках, яны вымушаны былі зноў аб’яднацца, зляпіць адну будку і ў канцы мульціка заспявалі песеньку, седзячы побач...

Звычайна з Анжэлаю Іван гуляў у скверыку, які быў недалёка ад дому, але на гэты раз захацелася пайсці да студэнцкіх інтэрнатаў, туды, дзе некалі жыў. Снегу было яшчэ парадкам, саначкі з Анжэлаю сунуліся лёгка. Анжэла, апранутая ў футра, сядзела ціха і прагнымі вачанятамі ўбірала ў сябе ўсё, што рабілася вакол.

Ішоў па праспекце і, гледзячы на вітрыны магазінаў, на людзей, на тратуары, думаў пра сябе. Ці то настрой быў такі, ці то ўзрост падышоў, ды Іван востра адчуў прывязанасць да гарадскога мнагалюддзя і шуму, якія стамлялі і без якіх ужо не мог абысціся.

Ля студэнцкіх інтэрнатаў некалі была агромністая пустка, дзе было добра гуляць. За апошняе лета пустку агарадзілі і на ёй пабудавалі высачэнны кінатэатр, ля якога цяпер днём і вечарам вірылі людзі. І на гэты раз Іван яшчэ здаля ўбачыў агромністы натоўп. То па аднаму, то па двое сустракаліся людзі, якія пыталіся пра лішнія білецікі. І ў яго таксама спыталі: дзве ружовенькія тоненькія дзеўчынёшкі, відаць, першакурсніцы: «Папаша, вы, может, лішні білецік імееця?»

Відаць, вясковыя, яшчэ не навучыліся добра...

Іван нічога не сказаў. Усміхнуўся і пакаціў саначкі далей. Ля ўваходу ў кінатэатр вісела вялізная каляровая афіша: лысы гладка паголены чалавек сурова глядзеў на натоўп, а ўнізе пад ім вялізнымі вогненнымі літарамі было выведзена: «Фантомас разбушевался».

Калі мінуў кінатэатр, штосьці Івана як бы ўкалола,— адчуў, што нечым назаўсёды адгароджаны ад вясёлых бесклапотных студэнтаў, якія цяпер маглі збягаць з лекцый, заводзіць знаёмствы, жартаваць з выкладчыкаў...

Успомнілася сваё студэнцтва, калі на першых курсах не было чаго адзець, ён хадзіў у трыко — і на лекцыі, і па горадзе. Тады ў яго была прыгожая футболка і — самая мода — белыя тапачкі, якія старанна чысціў зубным парашком. Прарызінкамі называліся...

Беднае галаднаватае студэнцтва, якое праседзеў у чытальных залах, над падручнікамі... Усяго дзесяць год мінула, а як усё змянілася! Як пабагацелі, разжыліся людзі!

Бязважкія балонневыя плашчы, што цяпер апраналіся не толькі ў золь, а і ў спякоту, асляпляльна белыя нейлонкі, бліскучыя сінтэтычныя каляровыя сукенкі і кофтачкі, якімі фарсілі жанчыны, носячы на галовах пышныя шыньёны; пласцінкі з запісамі замежных спевакоў і ансамбляў, магнітафоны, з якіх несліся хрыплаватыя песні Высоцкага, усёпавальная цікавасць і ўлюблёнасць да перадач па тэлебачанні, дзе па чарзе паказваліся футбалісты, якія, бы на сапраўднай вайне, абараняліся ці атакавалі, пані Моніка, клуб вясёлых і знаходлівых, фігурысты, Магамаеў, прыгажуня П’еха, замежныя фільмы, у якіх чужое і далёкае жыццё здавалася больш кідкім і весялейшым за сваё, добра вядомае, — усё цяпер здавалася такім неабходным, без чаго ніяк нельга пражыць.

«Папаша, можат, лішні белецік імееця?» — усё звінела ў вушах вясёлае дзявочае пытанне.. Яно цяпер поўнілася новым сэнсам.

Як хутка ўсё мяняецца!.. І ён мяняецца!..

Адчуў, што кожны дзень, штоімгненна сутыкаецца з будучым. Успомніліся некалі сказаныя Мішкам словы: «Мінулае было, будучае будзе, а дзе ж сучаснасць?..» Будучае падалося нечым рэальным, што існавала незалежна ад яго волі і жадання, і яно магло прынесці то злосць, то адчай, то радасць...

«Дзесяць год... Дзесяць год праскочыла... Калі?..» — білася ў галаве адно і тое ж. Як старонні, бачыў перад сабою двух розных людзей: наіўнага першакурсніка, які толькі-толькі прыехаў у горад з сяла, які, калі садзіцца абедаць у студэнцкай сталоўцы, толкам не ведае, у якой руцэ трымаць відэлец, а ў якой — нож, і другога — самастойнага папашу, без пяці мінут кандыдата навук, які цягне па праспекце саначкі з дачкою, які мае кааператыўную кватэру, жонку, на работу ходзіць у бліскучым сінтэтычным касцюме... Ён многае што набыў, ды ці стаў шчаслівейшым? Ці зразумеў, ці знайшоў тое, дзеля чаго пакінуў сяло?

«Дзесяць год... Дзесяць год праскочыла», — усё пульсавала незразумелая крыўда на сябе, быццам быў ён вінаваты. У чым ён вінаваты?

Вярнуўся дамоў недзе гадзін у восем вечара. Яшчэ ў прыхожай, адчыняючы дзверы, Элеанора сярдзіта сыкнула: «Ты что, раньше не мог вернуться? Отец давно ждет...»

Прамаўчаў. Апошні год, калі Элеанора пачынала занадта сыпаць словамі, ён звычайна адмоўчваўся, ведаў, што апраўдацца не зможа: на кожнае слова Элеанора адказвала трыма-чатырма.

У зале на крэсле перад уключаным тэлевізарам сядзеў паўнаваты цесць. Вітаючыся, як і звычайна, цесць падаў мяккую, што ў жанчыны, руку.

— День добрый, день добрый, — двойчы чамусьці паўтарыў цесць. Кінулася, што ён уважліва глядзіць на яго, як бы штосьці хоча спытаць.

Трэба было нешта гаварыць, не сядзець жа моўчкі перад уключаным тэлевізарам. Ды толькі пра што яны маглі гаварыць?

— Как там ваша кандидатская движется? — зноў першы парушыў маўчанне Валянцін Вікенцьевіч. — Я, кстати, автореферат ваш прочитал. Кто у вас оппонентом?

Іван назваў прозвішча апанента, і цесць пачаў гаварыць пра апанента, якога ён, як высветлілася, добра ведае і пры патрэбе можа з ім перагаварыць. Затым гаворка пераскочыла на кандыдацкую, на некаторыя не зусім ясныя мясціны ў рабоце,— са здзіўленнем Іван адчуў, што Валянцін Вікенцьевіч даволі грунтоўна прааналізаваў ягоны аўтарэферат і цяпер дае талковыя парады і заўвагі.

Як спецыяліст, цесць у інстытуце быў велічынёю, з ім лічыліся.. Хоць сваіх адкрыццяў і арыгінальных грунтоўных даследаванняў у яго не было, але, сабраўшы і прааналізаваўшы матэрыялы другіх работ і даследаванняў, ён мог не толькі ўдала іх аформіць, падаць, але і знайсці ім новае прымяненне, якое часцей за ўсё было на стыку альбо новых навук — фізікі і хіміі, напрыклад, — альбо там, дзе дагэтуль навуковыя распрацоўкі ўкараняліся мала. У той жа медыцынскай тэхніцы... Пра цесця ў інстытуце маладыя аспіранты гаварылі, што ён працуе па прынцыпу: з міру па нітцы — голаму сарочка...

Цесць быў спецыялістам па многіх пытаннях, — гаворачы пра навуку, у любое імгненне мог пераскочыць і на другія тэмы, далёкія ад навукі. Так было і на гэты раз:

— Я вам скажу, что полностью согласен с одним высказыванием Чехова. Не могу сейчас точно вспомнить, или в его дневнике вычитал, или в произведении... Он сказал примерно так: наука — явление космополитическое. В какой бы стране ученый ни жил, а математические или физические законы, открытые им, одни и те же, они — универсальные. Это вам — не гуманитарные исследования.

— Дык што ж атрымліваецца: вучоныя — тая асобная каста, тая эліта, для якой ёсць інтарэсы вышэйшыя, чым нацыянальныя?

— Ну что вы так резко поворачиваете, Иван Николаевич! Я этого пока не утверждаю, это вы так утверждаете своим вопросом... Я хочу сказать иное. Занимаясь наукой, хочется вам того или не хочется, а мы пользуемся достижениями научной мысли всех ученых. И сами обогащаем всех ученых. Всех, понимаете, на всех континентах, во всех странах...

— Добра, тады па-другому паставім пытанне, — Іван пачынаў гарачыцца. Заўсёды, калі пачыналася гаворка з цесцем, Іван адчуваў, што іх гаворка надта хутка перарастае ў спрэчку. Спакойнымі лагічнымі разважаннямі цесць штосьці размываў у Іванавай душы. Крыўдна было, што на довады цесця Іван часта не ведаў, чым запярэчыць. І яшчэ паяўлялася адчуванне, што мякка і далікатна цесць хоча перавесці Івана ў новую веру, хоча паказаць новыя ідэалы, толькі якія — пакуль не дагаворвае. Пакусваючы вусны, гледзячы не на цесця, а на падлогу, ён, памалу падбіраючы словы, спытаў: — Як па-вашаму: займацца цяпер навукаю — маральна ці амаральна? Пасля таго як была ўзарвана атамная бомба ў Японіі... Услаўляць нам фізікаў-ядзершчыкаў, якія далі чалавецтву такую жахлівую дубіну, ці праклінаць?.. Хто-хто, а вы, навуковец, разумееце: вадародная і атамная бомбы — гэта толькі пачатак, а далей чалавецтва атрымае ў рукі яшчэ большую энергію і некалі могуць быць такія катастрофы, якія спапяляць усё і ўсіх: і праведнікаў і грэшнікаў...

— Иван Николаевич, вы всегда вопросы ставите ребром: так или не так?.. А реальная жизнь — более сложная, в ней столько нюансов!.. Ваш вопрос, мягко говоря, наивен, он почти такой же, если спросить: морально или аморально использование огня, открытие пороха?.. Что на это можно ответить? Возле огня можно согреться, но им же можно и сжечь человека, как фашисты когда-то жгли...

— Значыць, я не зусім дакладна сфармуляваў пытанне, — у гаворцы, якую вёў Валянцін Вікенцьевіч, для Івана і сапраўды адкрывалася штосьці повае, пра што апошні час шмат думаў. Але так атрымлівалася, што кожны раз усю спрэчку цесць зводзіў ці да жартачак, ці то рабіў зусім заблытанай... — Я хачу вось што спытаць... Ці ўзбагачаюць нас духоўна навуковыя метады пазнання: фізічныя, хімічныя?.. Ці не разбураюць яны ў нас штосьці духоўнае?

— А это уже вопрос совсем из другой оперы... — неяк аж задаволена засмяяўся Валянцін Вікенцьевіч. — Я и не догадывался, что вы уже таких вершин познания достигли. Когда я только-только начинал всерьез заниматься некоторыми вопросами квантовой механики — где-то па четвертом курсе это было, — то и у меня был такой же период жизи, когда не мог по-настоящему осмыслить реальности.

И у меня был почти такой же вопрос...

— Может, хватит вам спорить, Валя? — з кухні выплыла Эмілія Маркаўна. — Давайте к столу.

Яны пайшлі да стала, застаўленага стравамі. І зноў, у каторы раз, Іван адчуў, што так і не праясніў для сябе галоўнага, было адчуванне, быццам Валянцін Вікенцьевіч з ім гуляе ў кошкі-мышкі.

За сталом гаворка пайшла пра другое, з чым штодня даводзілася сутыкацца, і мо таму яно здавалася важнейшым за тыя пытанні, пра якія толькі што спрачаліся. Гаварылі пра тое, як лепей абстаўляць новую, пакуль пустую, кватэру, дзе і як дастаць мэблю, за якой у магазінах ствараліся папярэднія чэргі. Трэба было цяпер, не трацячы часу, некуды ўкліньвацца, каб што людскае купіць. Гаворка не была б такой пакутлівай, калі б у Івана меліся грошы.

Грошы...

Апошнія гады даводзілася ўсё болей і болей думаць пра іх. Канечне, не хапала іх у студэнцтве, не хапала і тады, калі вучыўся ў аспірантуры і атрымліваў трохі болей, але, здаецца, яшчэ вастрэй пачаў адчуваць іх нястачу пасля жаніцьбы.

— Вы, Вапюшенька, постарайтесь уж как-либо сами с мебелью, мы и так за ваш кооператив в долгах, как в шелках, — спакойна прагаварыла Эмілія Маркаўна, калі гаворка зайшла пра новую югаслаўскую сценку, якую можна было б дастаць цераз яе знаёмых.

— Ничего, все понемногу приобретется, не сразу, говорят, и Москва строилась. Вот защитится Иван Николаевич, тогда и зарплата у него будет большая. Я переговорил с кем нужно. Спецкурс тогда сможет читать да еще плюс работа в лаборатории... Им вообще тогда легче станет — разважліва прагудзеў услед за цешчаю Валянцін Вікенцьевіч. Памаўчаўшы, ён дадаў: — Сейчас им, разумеется, тяжеловато. Это вон в деревнях, мои знакомые говорили, сейчас намного легче стало жить. Скотины много держат. Сколько хочешь — столько и держи. Новый поворот в сельском хозяйстве начался... Свинью с поросятами вырастил за лето, осенью — на базар всю эту компанию, и, смотришь, — сотен пять готовеньких в кармане. А в городе на эти пять сотен охо-хо сколько попотеть приходится, сколько здоровьеца уложишь. Так это же — выгода только от одних свиней. А гусей или телят, так с теми вообще красота — выгнал со двора утром на выгон, и целый день никакой заботы, сами мясо нагуливают. Вечером только во двор загоняй...

Іван хутка паласнуў позіркам па твары Валянціна Вікенцьевіча, вочы ў таго былі не злыя і не насмешлівыя.

Спакойна і зычліва Валянцін Вікенцьевіч глядзеў на Івана, і незразумела было, ці то ён жартуе, ці то ўсур’ёз разважае.

«А-а, даражэнькі, каб цябе ды хоць на паўдня ў той цёмны хляўчук, дзе свінні, заперці, каб ты адтуль увесь гной выкінуў, каб ты ўведаў, як гэта лёгка... І ўсё ты ведаеш, ва ўсім ты разбіраешся...» — нешта злое і з’едлівае паявілася ў Івана. Нечакана стала сорамна, за што сорамна — не ведаў, адчуў, што, як дурны хлапчук, улез у чужое невядомае жыццё, у якім свае правілы і законы, яму невядомыя... І яшчэ адчуў, што чырванее. Стала крыўдна. Таму тут жа кульнуў некалькі чарак і бадай што ўпершыню пры цесцю з цешчаю напіўся.

— Вай, Ванюшенька, что это сегодня с вами? — здзіўлялася ў канцы вечара Эмілія Маркаўна. А разумны Валянцін Вікенцьевіч тлумачыў ёй нетаропка і грунтоўна:

— Это — от нервного возбуждения. Что же ты хочешь, столько всего нового на человека навалилось: квартира, дочь-красавица, а здесь еще и защита кандидатской...

І яшчэ нешта гаварыла Элеанора, ды што — не помнілася. Ды і не хацелася іх слухаць. Кінуўшы застолле, Іван пайшоў у спальню, не распранаючыся, лёг на шырачэзны імпартны двухспальны ложак... Так і не чуў, калі пайшлі дамоў госці.

Назаўтра раніцаю, каб не слухаць, як Элеанора будзе бурчэць, што сапсаваў усім настрой, ён паехаў у сяло да маці.

Седзячы ў электрычцы, Івану думалася пра ўчарашняе. І не пра наваселле, а пра тыя імгненні, калі ішоў ля кінатэатра і разважаў пра жыццё-быццё. Неяк дзіўна і заблытана станавілася.

Калі нарадзілася дачка, Элеанора ўсё часцей і часцей бывала ў бацькоў, часта там і начавала, а ён у тыя вечары заставаўся адзін у кватэры — чытаў кніжкі, глядзеў тэлевізар, а пазаўтра, выпіўшы шклянку чаю, ішоў на работу. Апошні год Іван адчуваў сябе ў сям’і не гаспадаром, а нейкім як бы работнікам ці памочнікам, — тое прынясі альбо дастань, гэтае зрабі... Ён і прыносіў, і даставаў, а пачуццё нанятасці ці, як некалі сказалі б у сяле, прымацкасці — прымачы хлеб — сабачы, — гэтае пачуццё не пакідала.

З маленства Іван прывык, што мужчына ў сям’і, як казала некалі маці, усяму галава. Цяпер жа, калі Іван жыў у горадзе, ён адчуваў і па сваім жыцці, і па жыцці знаёмых, што мужчынскі аўтарытэт хутка размываецца, гарадскія дзеці не звалі бацьку на «вы», а толькі па-раўняцку тыкалі. Гэтаму было шмат прычын і апраўданняў, Іван разумеў, што цяпер, калі дзяўчаты смела нацягвалі на свае клубы мужчынскія штаны, штосьці мяняецца ў людской свядомасці, і віною таму былі не толькі мужчыны альбо жанчыны, не, штосьці іншае...

І ў тым, што знікала розніца ў паводзінах мужчын і жанчын як на рабоце, так і дома, у тым, што цяпер гарадскія жанчыны маглі лёгка жыць без сям’і, ва ўсім гэтым Івану бачыўся нядобры знак.

Вечарамі ён некалькі разоў спрабаваў гаварыць пра гэта з Элеанораю. Выслухаўшы Івана, яна з усмешачкаю гаварыла:

— Бросай ты мне эти домостроевские песни петь, сейчас они не модные. То, что когда-то было в твоей деревне — это одно, а то, что происходит сейчас в городской жизни — это другое. Ты, как я смотрю, будто ребенок или — нарочно дуриком притворяешься. Неужели по-твоему современная женщина должна и на работе потеть наровне с вами, а потом еще и дома согнувшись над ванной часами стоять, мыть белье или на кухне возле плиты газом травиться? Не-ет, дорогой мой, сейчас равноправие, женщина образование получила, свободу почувствовала. Поэтому нам нужно помогать, плечо в плечо, и на кухне, и в той же ванной... Нечего вечерами перед телевизорами кваситься, жирок нагоняя. Посмотри на современных мужчин: толстые, зажиревшие, поопухали от лежки, будто бочки... Вернется с работы — ноги вверх, он, видите ли, устал в конторе за столом сидя. Вот поэтому женщины и говорят: не будешь помогать — скатертью дорожка, прокормлю я и сама себя...

— Таму разводы бясконцыя, таму мужчыны і співаюцца, і рабіць нічога не хочуць дома, бо адчуваюць, як усё зыбка, як іх у любы дзень могуць з кватэры вытурыць, — Іван звычайна стараўся гаварыць з Элеанораю спакойна, быццам разважаў не пра сваё жыццё, а пра чужое і далёкае, якое яго не датычыла. Але Элеанора чамусьці хутка заводзілася, у голасе яе праразалася нешта начальніцкае, ад чаго Івана прабіралі непрыемныя дрыжыкі. Тады само па сабе паяўлялася жаданне рабіць усё наадварот.

— Ну и что, ежели разводы?.. Трагедии в этом не вижу. А что же вы, дорогие мои, хотели, — чтобы вам вечно в глазки заглядывали? За что? За эти несчастные сто двадцать, которые женщина сама спокойно заработает?.. Чем страдать век из-за какого-то забулдыги, ему носки вонючие стирать... Не-ет, поищи-ка дуру там, в деревне, а не здесь — в городе...

Іван адчуваў: колькі не будзе даказваць Элеаноры сваё, тая не пагодзіцца, бо ў яе разважаннях: была свая праўда, свая логіка. Элеанора магла ўсё апраўдаць. Таму ён першы заціхаў, разумеючы: яшчэ адно імгненне — яны пасварацца па-сапраўднаму. Як часта ў іх бывала. І яшчэ Іван адчуваў, што са сваёй прастатою і катэгарычнасцю выглядае дурнем. І не толькі ў вачах Элеаноры...

У Бярозаве, калі выйшаў з электрычкі, Іван убачыў і адчуў, што надвор’е мяняецца: паветра памякчэла, узняўся вільготны мяккаваты вецер — пачыналася адліга. Дабіраўся аўтобусам да аўтавакзала, глядзеў на знаёмыя магазіны, дамы, як у новай частцы горада, так і ў старой, — кожны раз, вяртаючыся дамоў, Іван бачыў, як блякне Бярозава, хоць у іх штогод будавалася нешта новае: асфальтаваліся вуліцы, вырасталі новыя дзевяціпавярховыя дамы. Цяпер усё было не так, як некалі...

У маленстве гэты невялічкі раённы гарадок быў для Івана ўвасабленнем усіх гарадоў,— думалася, што ўсе гарады называюцца Бярозавамі, розніца між імі толькі ў тым, што адны — большыя, а другія — меншыя. Бярозава тады ўяўлялася нейкім райскім кутком, бо адтуль прывозілі кіно, у ім былі магазіны, дзе маці стаяла ў чарзе па салодкі хлеб, там быў вялікі рынак з Іцкам, які ў цяжкі дзень мог памагчы збыць карову па прыстойнай цане, там быў кінатэатр, царква ля рынку, брукаваныя доўгія вуліцы, там было ўсё, што хочаш, абы меліся грошы ў кішэні...

У старай частцы Бярозава на аўтаплошчы, як і звычайна, было поўна вясковых мужчын і жанчын, абвешаных клункамі, сеткамі з прадуктамі, — многія з іх ужо выстаялі на рынку, праныркалі па магазінах і вось цяпер дабіраліся дамоў, дзе жывёла не кормленая стаіць...

Потым Іван ехаў аўтобусам, глядзеў цераз акно на белыя палі, — увесь час адчуваў асаблівую цішыню, якой не было там, у горадзе.

Такая цішыня была ў маленстве, пасля вайны, калі яшчэ хадзілі старцы па сяле. З белымі бародамі, абвешаныя торбамі. Іх часта вадзілі павадыры. Старцы немаведама адкуль, як з другога свету, паяўляліся ў сяле, пяялі доўгія жалобныя песні і, пераначаваўшы ў каго-небудзь, гэтак жа нечакана знікалі. Калі-нікалі яны начавалі і ў іх хаце. Вечарамі пры лямпе вялася гаворка пра ўсё, што дзеелася на свеце. І яшчэ — гэта ўжо абавязкова — пра розныя неверагодныя здарэнні і прыгоды: пра чарцей, пра варажбу, пра чараванне...

У той цішыні маленства яшчэ вадзіліся чэрці ў балоце; у іх сяле, як і ў другіх сёлах, чаравалі, пракліналі, сурочылі вокам, загаворвалі, шапталі — тады ўсё гэта і сапраўды было і напаўняла ягонае жыццё нечым незвычайным, што ў любое імгненне магло стаць яваю.

Дарога ад Бярозава да свайго сяла паказалася надта ўжо кароткаю, здаецца, толькі-толькі ў аўтобус садзіўся, а ўжо наперадзе вытыркнуліся над белым полем знаёмыя стрэхі з высокімі тэлевізійнымі антэнамі. Кожны раз, калі прыязджаў дамоў, Іван усё нечаму здзіўляўся.

Пачуццё здзіўлення і сцішанасці, нязвыклай цішыні — усё было так, як некалі, калі малым сядзеў у хаце і глядзеў, як за акном на ціхую зямлю паволі бязгучна падае белы снег... Горад, Элеанора з Анжэлаю, работа ў інстытуце, нават учарашняе наваселле — было такое далёкае, як прыснілася...

Дома маці гаварыла пра вясковыя навіны, а ён маўчаў, — глядзеў на хату, па падвойныя рамы, за якімі шарэў снег.

«Ты ўжо, сынок, толькі памажы мне подсвінка купіць на вясну. За лета ён у мяпе ля рук выкачаецца, а па зіму здадзім жывой вагою і — капейчына табе будзе. Дзіця малое, капераціў гэты трэба выплочваць, як тую нядоімку. Ды і яна, твая, відаць жа яшчэ не робіць», — нечакана маці сказала тое, ад чаго Іван ледзь не падскочыў, — як чула словы Валянціна Вікенцьевіча і Эміліі Маркаўны.

Чамусьці было балюча глядзець на распаўнелы твар маці. І яшчэ — нечакана захацелася гаварыць, расказваць доўга-доўга і пра цяперашняе нейкае не надта складнае жыццё, і пра Элеанору, і пра Анжэлу, і нават пра работу ў інстытуце. Ды штосьці стрымала. Што новага мог расказаць? Што жыццё становіцца ўсё больш і больш складаным? Што жыць усё цяжэй? Дык жа ніхто ў карак яго не гнаў, сам палез у той салодкі горад... Сам жа яго творыць, гэтае жыццё... Ды і каму лягчэй? Ёй, маці, якая штодзень адна снедае, адна абедае, адна кладзецца спаць і для якой цяпер найлепшая радасць — тэлевізар?..

Падняўся з-за стала і выйшаў на двор. Там чамусьці доўга глядзеў на цёмныя трэскі, што выторкваліся з-пад снегу. Схадзіў на агарод, дзе ляжаў рыхлы вадзяністы снег. Вецер не аціхаў; як гэта часта бывае перад зменаю надвор’я, у полі нізка проці ветру кружылі вароны; яны хрыпла крычалі і, амаль не махаючы крыллямі, як падвязаныя, віселі над белым полем, а потым, рэзка матлянуўшыся ўбок, зноў непарушна завісалі над снегам і ўсё надрыўна каркалі, каркалі...

Вось-вось, праз дзень ці тыдзень, павінна прыцячы сонца, і тады ўсё паплыве. На агародах, па вуліцы забурляць ручаіны, спачатку празрыстыя, а пасля і цёмныя. І тут жа першыя шпакі зашчабечуць, заціўкаюць... Ранкам яшчэ будзе падмарожваць, лёд на апошніх лужынах будзе звінець, са звонам ламацца пад нагамі, як шкло... І такая чысціня і яснасць будзе пасля ночы, такая празрыстасць у небе...

Іван хадзіў то па двары, то па агародзе і не знаходзіў сабе месца. Успаміналася маленства, калі адчуваў прыход вясны, як найвялікшага свята — такога свята пасля, дарослы, ён ужо ніколі не адчуваў, — і таму ўсярэдзіне яго ўсё аж трапятала, і так карцела першаму пакінуць след босай нагі на сырой яшчэ, халоднай, што лёд, зямлі...

Заўтра раніцаю трэба было ехаць у горад, а так не хацелася. Хацелася астацца тут, у гэтай нязвыклай цішыні, і ўсё глядзець, як вясна будзе ўбірацца ў сілу — як туман пачне з’ядаць снег, як вада ў рачулцы выйдзе з берагоў і затопіць балота, вада падыдзе нават да абрыву могілак... А пазней, пасля першага дажджу, пачне біць па вачах зеляніна, — і мурава на выгане, і лісце на кустах і дрэвах. І ўсё вакол зазвініць ад птушынага спеву...

 

І зноў быў горад, у якім усё вясковае адразу ж паблякла, адсунулася, бо тут віравала сваё жыццё, да якога Іван пакрысе прывыкаў і таму, як, звычайна бывае, на той час для яго галоўным было — абарона кандыдацкай. Ён ведаў, што абарона магла і праваліцца, бо апошні час, калі шмат развялося кандыдатаў навук, павысіліся патрабаванні, усюды толькі і гаварылася пра эканамічны эфект, пра эфектыўнасць укаранення навуковых распрацовак у вытворчасць — гэтыя гаворкі каторы год вяліся адны і тыя ж, а між тым Іван бачыў, адчуваў па сваёй рабоце, што на многіх прадпрыемствах не надта імкнуцца ўкараняць навейшыя навуковыя распрацоўкі.

Такое ж становішча было і з ягонымі цеплавымі трубамі. Пабываўшы ў камандзіроўках на заводзе, з якім кафедра заключыла гаспадарчы дагавор, ён не мог напачатку зразумець, чаму ж так павольна ўкараняюцца ў вытворчасць ягоныя навукова-тэхнічныя распрацоўкі, над якімі ён карпеў гадамі і якія, урэшце, заводу павінны даць выгоду.

Неяк, калі Іван даволі блізка сышоўся з заводскім канструктарам-тэхнолагам, той трохі адкрыў вочы на праўду.

— Нам проста нявыгадныя вашы цеплавыя трубы. Мы іх укараняем толькі таму, што над нашымі галовамі вісіць план па новай тэхніцы.

— Як — нявыгадныя? Укараніўшы іх, вы сэканоміце і электраэнергію, і метал, ды і, самае галоўнае, ваша прадукцыя будзе дзешавейшай.

— Вот-вот, правільна гаворыш — прадукцыя будзе дзешавейшай... — аж радасна ўсклікнуў канструктар-тэхнолаг. — Але ці ведаеш ты той горкі факт, што нам, заводу, нявыгадна, каб прадукцыя была дзешавейшай? Няўжо ты гэтага не етрыш? Вот у гэтым і ёсць фокус — у гэтых нажніцах... Мой аднакурснік на шкловараным заводзе ўладкаваўся тэхнолагам. Дык там яны надумаліся рэдказямельнымі вокісламі бытавое шкло афарбоўваць — вокісламі эрбія і іншымі... Гэтыя вокіслы тысячы каштуюць заводу. А можна з такім жа поспехам шкло афарбоўваць вокісламі жалеза, медзі. Гэта — у капейку абыдзецца... І вот жа — заводу выгадна шкло рэдказямельнымі элементамі афарбоўваць, бо шклянкі даражэйшымі будуць... Ці вот яшчэ вазьмі прыклад. На машынабудаўнічым заводзе рацыяналізатар прапанаваў у поршнях замест металічных кольцаў ставіць пластмасавыя. Металічныя каштуюць два рублі, пластмасавыя — капейкі... Ты думаеш, паставілі? Дудкі... ІІяць год, як ведаю, б’ецца бедалага над укараненнем. І ўсё — як рыбіна аб лёд. А чаму? А таму, што ён, дурань, не здагадаецца: пастаў новыя кольцы, тады і машыну прыйдзецца ўдзешаўляць. А каму гэта выгадна? і ы што, хочаш, каб людзі адмовіліся ад прагрэсіўкі, ад прэмій, якія самі па сабе цякуць?..

— Дзе ж выйсце?

Што ты ў мяне дапытваешся? — усміхнуўся канструктар. — Што я, прадстаўнік Дзяржплана?

А работа ўсё болей зацягвала і ўсё болей адгароджвала ад Івана добра вядомы вясковы свет — пра яго проста не знаходзілася часу падумаць...

На кафедру прыйшоў новы шэф, і, як часта бывае ў такіх выпадках, ён адразу ж пачаў заводзіць новыя парадкі: распачалі рамонт лабараторыі, заказалі новае абсталяванне і прыборы, якія трэба было выбіваць, пачынаўся новы накірунак навуковых даследаванняў — трэба было хутка перастроіцца, бо іначай пяць год работы вылятала ў трубу, як сказаў бы Мішка Загорскі.

Ды радасці без гора не бывае — новы шэф дапамог і з публікацыямі. Хоць у канцы навуковых артыкулаў побач з прозвішчам Івана стаяла прозвішча новага шэфа, але Іван не крыўдаваў, ведаў: так робіцца амаль ва ўсіх інстытутах, час цяпер такі, што навуковыя адкрыцці і даследаванні робяцца не адзіночкамі, а саліднымі калектывамі, і яшчэ невядома, хто большы ўклад уносіць у тое даследаванае ці адкрыццё: шэф, які мімаходзь падкідае свежую ідэю, ці выканаўца той ідэі, які днямі і месяцамі карпее ля ўстаноўкі ці робіць разлікі... Былога загадчыка з урачыстасцямі сплавілі на пенсію, а на ягонае месца шэф паставіў Івана.

Абарона кандыдацкай, на здзіўленне, прайшла паспяхова. Акрамя работы ў лабараторыі, Іван чытаў спецкурс па тэорыі цёпла- і масаабмену. Хоць работы дабавілася, але ж і пабольшаў аклад. Іван здагадваўся, што ў многіх ягоных перамяшчэннях адчуваецца салідная падтрымка Валянціна Вікенцьевіча, які загадваў суседняй кафедраю.

Цяпер у лабараторыі Іван паказваўся заўсёды пры гальштуку, у светлаватым сінтэтычным касцюме, з імпартнымі — Эмілія Маркаўна недзе дастала — падцяжкамі. Ён ужо меней круціўся ля ўстаноўкі, цяпер ля яе дняваў і начаваў малады вёрткі аспірант Эдзік Святлічны, якога Іван узяў на работу па парадзе Валянціна Вікенцьевіча. Пасля абароны кандыдацкай на новай пасадзе Івану ўсё болей даводзілася займацца паперамі: рабіў заяўкі на новыя прыборы і матэрыялы, справаздачы па гаспадарчай тэме, кіраваў лабараторнымі работамі, ездзіў па канферэнцыі ці на прадпрыемствы, з якімі штогод заключаліся повыя гаспадарчыя дагаворы, — усё гэта прымушала планаваць не толькі дзень сённяшні, а і будучы таксама, таму на стале Івана паявіўся вялікі перакідны каляндар, у якім на некалькі дзён наперад было распісана, што і калі трэба зрабіць, з кім сустрэцца, каму пазваніць. У загадзя распісаным планаванні было нешта механічнае, але іншага выхаду Іван не бачыў, ды і многія так рабілі.

Іван прывыкаў да памяшкання лабараторыі, у якое даставаў мяккія прыгожыя крэслы, дзе ён — таемная мара — думаў у перспектыве зрабіць сабе за драўлянай перагародачкаю асобны кабінет са сталом і канапкаю... Усё болей у лабараторыі Іван адчуваў сябе гаспадаром, якому можна калі — нахмурыць незадаволена бровы, калі — камандаваць Эдзікам Святлічным, Косцем ці лабаранткаю Зіначкаю, а калі — проста адпачыць ад сямейных клопатаў. Бо, як ні дзіўна, а на рабоце Івану было лягчэй і спакайней, чым дома, бо тут усё было ясна, распісана па некалькі тыдняў і месяцаў наперад, адно чаплялася за другое, і недзе там, у будучым, як маяк у тумане, свяціліся і новая больш грашовая пасада, і новыя публікацыі...

І падцяжкі, і гальштук, і ружовасць па шчоках, якая сама сабою паявілася ў апошні год, і нейкая пастаянная задуменнасць у позірку, а між тым — нічога лішняга падчас работы — усё гэта надта хораша падыходзіла Івану. Як на новы віток жыцця выходзіў ён, на той віток, з вышыні якога мог спакойна пазіраць за незразумелымі дзіўнымі памкненнямі чужых людзей: і на разводы, і на п’янкі, і на тое іншае блытанае і пустое, што чамусьці ўдала абмінала яго.

Вось толькі каб у сямейным жыцці больш парадку было... «Потым, потым усё гэта наладзіцца, з гадамі прытрэцца», — супакойваў сябе Іван, хоць адчуваў, што нешта недаказанае ўвесь час стаіць між ім і Элеанораю. Часта ён думаў, чаму ў іх не клеілася жыццё, і — нічога не мог прыдумаць. Тады лагічнымі развагамі супакойваў, суцяшаў сябе.

Вось выйдзе Элеанора пасля дэкрэтнага на работу, і тады, занятая цэлы дзень, будзе меней капрызнічаць...

Вось пабольшае аклад, абставяць кватэру, і тады зноў у іх паявіцца той вясёлы настрой, які быў, калі ездзілі ўпершыню на поўдзень да мора...

Вось падрасце Анжэла, пойдзе ў школу і тады...

Гэтак можна было разважаць бясконца і гэтым — супакойвацца...

Ды толькі час ад часу, калі доўга быў адзін на адзін з Элеанораю, незразумелая зласлівасць хваляю падымалася ў ім, і тады ўсё ў Элеаноры раздражняла: і словы, і позіркі... І тады хацелася збегчы, абы-куды, каб нікога не бачыць...

Неяк, праходзячы па калідоры інстытута, Івап выпадкова сутыкнуўся з мужчынам. Азірнуўся. У цёмным халаце, з малатком у руцэ, у пасунутай на самыя вочы летняй шапцы, нейкі слесар ці сантэхнік — пра гэта Іван падумаў адразу — таксама павярнуўся і цяпер моўчкі разглядаў яго. Дзе Іван мог з ім сустракацца?

Незнаёмы загаварыў першы:

— Іван Вескавец, ці не ты гэта?

— Я, — усё не мог пазнаць незнаёмага Іван.

— Ды Грышка я, з Бродаўкі. Няўжо забыўся? Разам у школу бегалі. Помніш, як Пеця Зайчыкаў гранату рвануў?..

І тут Іван убачыў, што гэты дарослы чалавек нечым нагадвае таго вісуса Грышку з Бродаўкі, які некалі знайшоў гранату на бункеры.

Грышка з Бродаўкі... Колькі гора ён прынёс настаўнікам! І пабітыя вокны ў класе, і заплаканыя аднакласнікі, і двойкі бясконцыя, і патроны ў кішэнях, якія можна кідаць у вогнішча, каб стралялі, і самапалы, што набіваліся сернымі галоўкамі ад запалак, — усё гэта звязана з Грышкам з Бродаўкі... Быццам прозвішча ў яго і не было. Было ў Грышку штосьці разбуральнае, мо таму аднакласнікі яго стараніліся. Іван таксама. Маці яго вучыла: «Уцякай ад дурня далей, пакуль вочы пе высмаліў».

Вочы-то ён не высмаліў, а вось Пеця Зайчыкаў... Без вачэй, без рукі, з пасечаным дробна-дробна тварам, яго прывезлі з Бярозаўскай бальніцы. Гады праз чатыры пасля здарэння з гранатаю, ён, пабраўшыся здароўя, быў ужо амаль мужчына, надзвычай дужы, як хвалілася сястра Пеці, мог круціць сячкарню адной рукою. Вечарамі Пеця звычайна сядзеў на лаўцы перад палісаднікам і курыў самакрутку. Кожны вясковец, які ішоў па вуліцы, абавязкова вітаўся з Пецем, і той, пазнаючы вяскоўца па голасе, адказваў. Калі ж у чалавека быў вольны час, то ён прысаджваўся на лаўку побач з Пецем і доўга гаварыў з ім, як з роўніцаю.

Тады, пасля вайны, калі ў сяле было шмат і скалечаных, і слабых бездапаможных людзей, тады хто чым мог, тым і памагаў: адзін — абедам ці сняданкам, другі — дужай сілаю. «Грэх, сынок, няможна крыўдзіць богам крыўджаных», — часта казала маці. Гэтае яе грэх было ў душы настолькі важным і значным, што ніяк нельга было разбурыць. Грэх было красці, грэх маніць ці крыўдзіць слабейшага...

Потым Пеця Зайчыкаў з’ехаў з сяла, казалі, што жыве недзе ў Бярозаве і нават робіць на фабрыцы сляпых...

Усё гэтак успыхнула ў памяці Івана, калі глядзеў на Грышку з Бродаўкі.

— Ты глядзі, дзе сустрэліся!.. Ніколі б не падумаў... Ну, а ты, як гляджу, запанеў, жывоцік адгадаваў,— Грышка гаварыў гэтак, быццам яны толькі ўчора разышліся. — Дык што, трэба адзначыць нашу сустрэчу, як думаеш?..

— Ты лепей скажы, як тут апынуўся? — Іван не мог

апамятацца.

— Як, як... Гэта — доўгая песня, свет цесны... Ты не віляй: адзначаем сустрэчу ці не? — Грышка ўсміхаўся. Ён быў рады сустрэчы і, як падалося Івану, рады быў таму, што можна было выпіць. Зачэпка знайшлася... Штосьці нядобрае паявілася ў душы Івана, але разумеў, што так проста ад Грышкі не адвяжашся. Ды і няёмка адмаўляцца...

Быў канец рабочага дня. Трэба было выпраўляцца з Грышкам у якое кафэ ці весці да сябе ў госці. Ды якое тут кафэ з гэтым памятым, не надта чыста паголеным жулікаватым Грышкам? Іван стаяў і вагаўся — што рабіць?

Грышка, як бы чытаючы ягоныя думкі, адразу ж усё лёгка вырашыў:

— Ды не расстройвайся... Мы зараз на месцы ўсё абмазгуем. Ты не муляйся... Значыць, так робім — цяпер ідзём да мяне ў кабінет. Там у мяне ўсё маецца, у гастраном не давядзецца бегчы. Усё парадкам будзе...

— Які кабінет? — вочы ў Івана пачалі круглець.

— Які, які... У вас кабінеты ёсцека, а мне што — забаронена?.. У падвале. Пайшлі, чаго ката за хвост цягнуць...

Яны спусціліся ў падвал, дзе былі вузкія калідоры з закуткамі, абабітымі жалезам дзвярыма, з мноствам труб, што віліся ўздоўж сцен, з тонкімі і тоўстымі кабелямі, аплеценымі сталёвай стужкаю, пакрытыя гумаю.

Тут, у падвале, ішло сваё жыццё, якога Іван амаль і не ведаў. Сантэхнікі, электрыкі, слесары, столяры — усе яны праводзілі тут цэлыя дні. І тое, што Іван, заняты сваёй работаю, амаль і не ведаў, амаль і не задумваўся пра гэтае жыццё, якое было ў падвале, цяпер уразіла. Іван ішоў услед за Грышкам і ўсё здзіўлена азіраўся. Ён ужо прывык, што ў лабараторыі заўсёды ёсць пад рукамі гарачая і халодная вада, ёсць электрычны ток, асвятленне, замест паламанай мэблі, толькі ў час напішы заяўку, прынясуць новую — пра гэта ён нават і не задумваўся. Думалася, што ягоная работа гэта штосьці сур’ёзнае, значнае, а вось гэтыя слесары, сантэхнікі, столяры — усяго памочнікі...

Грышка прывёў яго ў звычайную сталярку — невялічкі пакойчык з варштатам, інструментамі, што віселі на сценах, з дошкамі і планкамі, складзенымі ў куце ля сцяны. Пахла смалою, як у лесе... Ля сцяны стаяла невялічкая самаробная шафка.

Селі ля шафкі на табурэткі. Грышка выняў з шафкі колбу з празрыстай вадкасцю, сала, хлеб і цыбуліну...

— Э-эх, самая закусь, усё — натуральнае... Табе разводзіць, ці так будзеш? — Грышка ўсё чамусьці пасмейваўся. Складным нажом ён наразаў сала і цыбуліну...

— Развядзі...

— Ну, зямляк, паехалі... За сустрэчу. Скора тут, у горадзе, усё сяло будзе. Ідзеш па вуліцы, то — таго сустракаеш, то — гэтага. — Грышка выпіў і адразу ж прыняўся закусваць.

Давячыся, Іван выпіў сухі даўкі спірт і ўсё не мог аддыхацца: аж слёзы выступілі...

— Слухай, гэтулькі гадоў прайшло пасля школы... Аж не верыцца, што жысць пралятае. І куды нас толькі не параскідала, га? — пытаўся Грышка, і ён, Іван, згодна ківаў галавою: і праўда, жыццё пралятае, не паспяваеш і азірнуцца, ды і параскідала іх з сяла, як нячыстым ветрам выдзьмула...

І пайшлі, пайшлі ўспаміны...

Тое даўняе, што некалі здавалася брыдкім, няправільным, пачало ажываць, напаўняючыся новым сэнсам. Іван цяпер па-іншаму глядзеў і на сябе, і на Грышку. І не было ніякай розніцы між імі: вучоба ў інстытуце, цяперашняя работа, у кожнага — свая — усё гэта адсунулася... Іван таксама пачаў гаварыць, успамінаць, — цяпер яму не хацелася ведаць, якім чынам Грышка з Бродаўкі апынуўся тут, у горадзе, як і з кім ён жыве. Хацелася гаварыць пра даўняе, якое нечаканым цяплом пачало саграваць душу і без якога — толькі цяпер, побач з Грышкам адчуў — так завяў...

— А ты помніш, ты помніш, як у палонку на рацэ праваліўся? — пытаўся Іван у Грышкі са смехам. — Які цябе туды чорт занёс вясною? Я са школы іду, а ты ля берага тонеш, лёд рукамі ломіш і не можаш вылезці. Помніш? Ледзь выцягнулі. На беразе стаіш, круцішся, а адзенне — звінець пачынае, бялее на вачах, лёдам пакрываецца. Зубамі ляскаеш: «У Бродаўку пабягу, можа, і сагрэюся дарогаю». А да Бродаўкі той — пяць вёрст. І во дзіва, як не застудзіўся тады?..

— Тады печ у вас была цёплая. Каб не ваша печ ды не твая маці, якая гарачым малаком адпаіла, дык ба і капцы мне былі. А тая ж граната — як тады не скалечыліся?.. Хто нас, дурняў, убярог тады?.. Ты не ведаеш, дзе цяпер Пеця Зайчыкаў?

— Не.

— А ён у Бярозаве зараз жыве. На фабрыцы сляпых робіць. Кварціру мае. Кажуць, жаніўся нават. І яшчэ кажуць, што жыве няблага, дзіця мае, — Грышка гаварыў і пільна глядзеў на Івана. Чамусьці Івану было няёмка ад гэтага пільнага позірку,— як быццам гэтым адным позіркам Грышка мог уведаць пра ўсе Іванавы клопаты і радасці...

— Няўжо?

— Точна кажу.

— Ты глядзі, як чалавек за жыццё трымаецца!..

— А гэта закон жыцця такі: калі чалавеку трудна жыць, гэтак трудна, што, здаецца, ужо і выцерпець няможна, то ён тады кляшчом за гэтае жыццё пачынае трымацца, не адарваць. А вот калі чалавек распанее, раздурэе, булак нажрэцца ўдосталь, тады ён і пачынае на гэтае жыццё паплёўваць. Вот тады ён і вешаецца, і топіцца, і рукі на сябе накладвае. Вазьмі ты вайну: ад голаду пухлі, мох з карою елі, а — жылі ўсё-ткі, трымаліся! А цяпер што твораць людцы: паслухаеш — вушы вянуць...

— А і праўду ты гаворыш, — здзіўляўся Іван Грышкавым словам. У яго такое неаднойчы бывала, калі здзіўляўся разважанням неадукаваных саслужыўцаў, а вось такіх людзей, як Грышка...

Іван і апамятацца не паспеў, як сцямнела. Дзевяць стукнула, даўно пара дамоў — і гэта думка ўвесь час тачыла яго, але і з Грышкам не хацелася разыходзіцца. Трэба было ўсё ж падымацца. І яны пайшлі са сталяркі.

— Пайшлі-тка, Грыша, да мяне ў госці. Я цябе са сваёй жонкаю звяду. Паглядзіш, як жыву. Кварціра ў мяне ёсцека, — Іван вырас у сяле ў тыя гады, калі пасля вайны яшчэ ваўсю гулялі кірмашы, калі запрасіць да сябе ў госці, знаёмага ці незнаёмага, лічылася абавязковым, хоць самому гаспадару часта не было чым пажывіцца. І таму цяпер Іван ведаў, што Грышку трэба, абавязкова трэба запрасіць да сябе ў госці, іначай ён — і не чалавек будзе.

Элеанора сустрэла іх, падціснуўшы вусны. Адчыніла дзверы, строга бліснула вачыма і моўчкі падалася па кухню. Па іх бляску Іван зразумеў, што ўсё паляцела к чорту, — і той радасны настрой, які дагэтуль быў у сталярцы, і ўсё астатняе...

Тут жа штосьці злое пачало нарастаць у ягонай душы. Ведаў жа ён і дагэтуль Элеанору, не першы год ведаў, ды раней стараўся не думаць пра тое нешта, якое ўвесь час стаяла між імі. А калі і думаў, то неяк холадна, без злосці, як пра штосьці чужое, што не датычыла і з чым трэба змірыцца. «Што ж, не любіць яна вясковае: ні маці, ні вяскоўцаў, ні работы, ні жывёлы, ля якой гэтулькі бруднай работы, — дык і не трэба, тут яе не прымусіш, бо вырасла сярод іншага», — так звычайна супакойваў ён сябе.

— Грыша, пайшлі на кухню, — ён зрабіў выгляд, што ўсё добра, што ён — сапраўдны гаспадар у гэтай вялікай чыстай двухпакаёўцы, амаль гэткі ж, якімі былі некалі вясковыя мужчыны, што прыводзілі госця ў хату і паважна, расцягваючы словы, гаварылі: «Ну вот глядзі — гэта мая хата. А вот, знаёмся, жонка мая, дзеці. А свіней у хляве мы пасля застолля паглядзім...»

— А дзе Анжэла, можа, не спіць яшчэ? — пытаўся Іван у Элеаноры. Яму хацелася паказаць Анжэлу, — якая яна ўжо вялікая.

— Ребенок спит давно, не вздумай его будить, — сказала Элеанора. Яна ўсё не зводзіла вачэй з Грышкавых чаравікаў, якія той не здагадаўся зняць ля дзвярэй.

Не сказаць каб зусім непрыязна, але ўсё ж залішне дзелавіта і маўкліва Элеанора паставіла на кухонны столік такую-сякую закусь, нават паўбутэлькі гарэлкі знайшлося, і, кінуўшы: «Я лягу спать, у меня и без того голова болит», — знікла ў спальні.

Цяпер Іван пачаў хутка цверазець, таму ўсё стала адчувацца па-іншаму. Відаць, гэта тут жа адчуў і Грышка. Яны трохі пасядзелі, і Грышка пачаў збірацца дамоў.

— Ты дзе жывеш? Можа, таксі возьмем? — пытаўся Іван, калі разам з Грышкам зноў выйшаў на вуліцу.

— Не прывык я да таксі — мякка надта, мяне тады адразу ж закалыхвае... І так дабяруся. У інтэрнаце на Маскоўскай жыву. Пакойчык пакуль далі, службовы. Ды заадно паўстаўкі маю. Столяра...

— Ты што, адзін дагэтуль жывеш, без сям’і?..

— Іван, давай пра гэта ў другі раз, га? — на вуліцы Грышка быў цвярозы, як і не піў усё роўна.

Вярнуўшыся дамоў, Іван доўга сядзеў ля кухоннага стала і ўсё аб чымсьці думаў, як быццам цяпер можна было прыдумаць нешта такое, што адразу б перавярнула ягонае жыццё, і знікла б тое недасказанае пагрозлівае нешта, што стаяла між ім і Элеанораю. І тады ён змог бы з радасцю глядзець на наіўную смяшлівую Элеанору, якая амаль нічога не ўмее рабіць і ля якой між тым гэтак цёпла і ўтульна.

Што ён мог прыдумаць?

Гадзін пад дванаццаць, калі раздзеўся і лёг у ложак побач з Элеанораю, па няроўным дыханні Элеаноры зразумеў, што яна не спіць. Усё ж яна не вытрымала:

— Ну вот, с ребенком одна целый день возись, вертись как белка в колесе, а он — с забулдыгами гуляет. Уже и домой стал приводить.

— Якія забулдыгі? — унутры ўсё быццам і чакала гэтага: тое злое, што дагэтуль збіралася гадамі, успыхнула... Каб вызваліцца ад унутранага пякучага болю, Іван пачаў гаварыць услых, глуха, скрозь зубы: — Я ў цябе пытаюся, якія забулдыгі? Што ты пра яго жыццё ведаеш? Чаго ты вечна носам круціш? Ты што, хочаш, каб я толькі з прафесарскімі сынкамі вадзіўся, пра вечныя матэрыі разважаў?..

Элеанора, здавалася, і не чула, пра што ён гаворыць, — вяла сваё:

— Как их — так знаешь и помнишь. А о своем ребенке забыл. За день возле него набегаешься, ни рук ни ног не чувствуешь.

— Ну і што, калі ў цябе дзіця? Ці ў цябе толькі адной дзеці? У маім сяле некалі жанчыны не адно дзіця мелі. І карову паспявалі падаіць, і сям’ю накарміць, і яшчэ работу рабілі — на ўсё час знаходзілі. А ў цябе ўсё пад рукамі: і вада гарачая, і газ, і прадукты з магазіна — і блага... Ручкі адвальваюцца, калі лішні раз з дзіцем на вуліцу пакажашся. Заадно і ў магазін па дарозе зойдзеш. Запанелі саўсім: адно дзіця родзіць — хоць ты ёй за гэта помнік стаў...

— Что ты вечно мне своей деревней в нос тычешь?.. Ежели она тебе такая милая, так и жил бы там, п не тащился сюда...

І ён і яна, бадай што ўпершыню, выкрыквалі абразлівыя словы. Тады, як Іван гаварыў, яму станавілася лягчэй, — не мог спыніцца. Тое правільнае і цвярозае, што рабіла Івана прыстойным, цяпер знікла. Без нейлонкі і без гальштука, без прыгожых сінтэтычных штаноў з падцяжкамі, адзін на адзін з Элеанораю, ён як бы чужым вокам убачыў сваё жыццё і жахнуўся: да чаго ж дакаціўся?..

Цяпер ён мог судзіць сябе гэтак жа лагічна і правільна, як дагэтуль судзіў жыццё іншых людзей.

Ты... Ты вечна баішся работы. Яна для цябе — як кара боская. Ты вырасла за спіною папачкі і мамачкі, на ўсім гатовенькім, ты не ведаеш, што такое голад. Ты і не ведала ніколі... Што ты ведаеш пра жыццё?.. Табе толькі падавай гатовенькае. Добра сядзець на чужой шыі і даваць указанні. Думаеш, калі ў цябе бацька пры пасадзе, дык і ўсё — перад табою днём і ноччу танцаваць буду?.. Пляваць мне па ўсё гэта, пляваць... І не тыкай мне дзіцем, не тыкай і не палохай разводам...

Але і Элеанора не маўчала. І тое, што яна гаварыла, было для Івана несправядлівым, пякло сваёй абразлівасцю. У душы паяўлялася яшчэ болей таго нядобрага і злога, што ўвесь час стаяла між імі. Іван так і не помніў, калі падхапіўся з ложка, не заўважаў, што цяпер стаіць у трусах перад Элеанораю і, махаючы рукою, штосьці выкрыквае...

Прачнулася малая і гучна заплакала. І толькі гэта іх спыніла.

— Паразит деревенский, ребенку спать не даешь, — Элеанора ўскочыла з ложка і кінулася да малой. Падхапіла на рукі, прыціснула да грудзей, быццам Іван збіраўся адбіраць яе. — Не плачь, не плачь, доченька, я тебя никому не отдам.

— Хто-о? Паўтары, хто я!..

— Я уже сказала.

Тады Іван заціх.

Пайшоў са спальні ў залу і пачаў слаць сабе на канапе. Потым схадзіў на кухню, папіў з-пад крана цёплай вады, што аддавала хлоркаю, і зноў вярнуўся да канапы. Лёг.

На душы было прыкра і цяжка. Не хацелася думаць, што будзе ў сям’і заўтра, паслязаўтра — гэтае паразит деревенский засела ў душы балючай стрэмкаю, якую, здавалася, ніхто ніколі не выцягне.

 

Раздзел восьмы

— Я сягоння да маці паеду, — сказаўшы гэта, ён тут жа пачаў збірацца ў дарогу: узяў у кладоўцы гаспадарчую сумку і пайшоў на кухню, каб ссыпаць у сумку хлебныя сухары, што збіраліся за тыдзень.

— Ты же на той неделе ездил, — Элеанора яшчэ спадзявалася, што ён застанецца.

— Там трэба бульбу абагнаць, іначай перарасце. Хто ёй там гэту работу зробіць?

Элеанора прамаўчала. Зразумела, што і на гэты раз ён паедзе. Гавары не гавары, а калі падумаў, то паедзе. Відаць, той пракляты агарод, той хлеў, тыя куры і свінні яму даражэй жонкі і дачкі.

Пастаяла ў зале. Потым, каб не глядзець, як будзе выходзіць з кватэры, яна пайшла ў спальню, дзе спала Анжэла.

Шчоўкнулі дзверы — і сапраўды паехаў... Вернецца толькі ў нядзелю вечарам, стомлены, брудны, будзе доўга мыцца, потым закамандуе падаваць вячэру і будзе моўчкі глядзець некуды міма...

У спальні Элеанора падышла да акна, адсунула шторы. На вуліцы разгараўся ясны летні ранак. Паказвала на спякоту. З дамоў высыпалі мужчыны ў тэнісках, жанчыны ў летніх, са шлеечкамі, сарафанчыках. Смяшлівыя, бесклапотныя, людзі спяшаліся да трамвайнай супынкі, што была перад акном. Адзін за адным перапоўненыя трамваі кацілі да возера, у той бок, дзе была зялёная зона адпачынку. Прайшла ля акна маладая парачка з транзістарам у руках. Праз адчыненую фортачку Элеанора пачула забаўную песню, якая сёлета была моднай і таму гучала ўсюды:

 

Жил да был черный кот за углом.

И кота ненавидел весь дом.

Только песня совсем не о том,

Как не ладили люди с котом...

        Говоря-а-а-т, не повезет,

        Если черный кот дорогу перейдет...

 

І гарачае сонца ў блакітным бясхмарным небе, і суботняя вольная раніца, калі нікуды не трэба спяшацца, і вясёлыя бесклапотныя песні — усё цяпер гэткае ж, як і некалькі год назад, калі яна яшчэ не была замужам... Тады з самай раніцы яна з Ларыскаю бегла на пляж, дзе загаралі да чарнаты, не думаючы ні пра кухню, ні пра бялізну...

Глыбока ўздыхнуўшы, Элеанора пайшла на кухню. Рыхтавала Анжэле сняданак, а перад вачыма стаяў пясчаны бераг возера, усыпаны людзьмі. Яны загараюць, купаюцца, дамаўляюцца пра спатканні...

Куды, чаго яна тады спяшалася, як быццам кухня і пялёнкі маглі ад яе збегчы?..

Пачуццё страты і ўпустую пражытых гадоў так і не знікала. І днём, калі няньчыла Анжэлу, і вечарам, калі слала ложак, і нават ноччу, калі адчувала на сваім целе халаднаватую руку Івана — увесь час, колькі помніла, у Элеаноры жыло гэтае пачуццё, і таму міжвольна думала пра лепшы варыянт, які ў яе жыцці мог бы быць...

Чаму, адкуль узнікла ў яе гэтае пачуццё — Элеанора не ведала, ведала толькі, што стала сумна. І ў кватэры ля Івана, і ў інстытуце на лекцыях, і на вуліцы — усюды яна чула, як нехта сярдзіты і строгі голасам Івана гаварыў: «Не забывайся, ты ўжо — замужам, замужам... Іншыя могуць выбіраць, каго захочуць, а ты ўжо не зможаш выбіраць лепшага, не маеш права, бо ты ўжо — замужам. І да старасці ты будзеш з ім, а не з другім...» Ад гэтага сярдзітага строгага голасу было балюча, само слова замужам напаўнялася непрыемным сэнсам.

Нават калі ёй удавалася настаяць на сваім, і яны выбіраліся ў госці да бацькоў, то і тады ён не ўмеў паводзіць сябе па-людску: альбо маўкліва сядзеў перад уключаным тэлевізарам, альбо распачынаў блытаную спрэчку з бацькам, сярдзіта бліскаючы вачыма, быццам гэтая спрэчка магла ўсё на свеце перавярнуць. Яму вечна трэба нешта рабіць, некуды ісці.

Ці ў вёску, ці на работу ў лабараторыю. Нават спакойна пагасціць у яе бацькоў не можа. Хоць бы раз спытаў, што ёй хочацца, урэшце, проста прагуляцца па праспекце ці па парку — на гэта ў яго часу не хапала.

Відаць, у ім навечна засталася вясковая заквасачка, гэта патрэбнасць рабіць работу ці заняць рукі нечым канкрэтным, і таму ён не адчувае ды і не мог адчуць слодыч спакойнай разумнай нетаропкай гаворкі, ад якой у душы паяўляецца суцяшэнне і спакой. Ён не адчуваў тонкіх культурных намёкаў, жартаў, што хаваюцца між слоў, не разумеў, што яна — маладая жанчына і ёй прыемныя, проста неабходныя і зайздросныя мужчынскія позіркі на праспекце ці ў інстытуце, і новая модная сукенка, і пах французскіх духоў, і жоўценькі пярсцёнак на пальцы, і сучасная абстаноўка ў кватэры, з югаслаўскай сценкаю і імпартным двухспальным гарнітурам... Ён не разумеў, што для яе ўсё гэта — як паветра, без якога можна задыхнуцца. Яна ж не вінавата, што вырасла тут, а не там, дзе свінні і куры, і калі ён захацеў цягнуць воз гэтага гарадскога культурнага жыцця, то няхай цягне, а яна тут — ні пры чым...

У спальні пачуўся голас Анжэлы. Забрала дачку на кухню. Памыла ёй тварык і стала карміць грэцкім крупнікам.

Цяпер думалася пра другое — пра Анжэлу. Калі б не яна, то, відаць, усё было б інакш. Успомнілася цяжарнасць, белая палата ў бальніцы, дзе давялося перажыць страшныя пакуты...

І ён, паразіт, яшчэ папракае дзіцем, ён думае, што ўсё гэта — лёгенька...

Анжэла пад’ела, тут жа ссунулася з каленяў і моўчкі дзелавіта патэпала ў спальню, дзе ў куце ляжалі лялькі і цацкі. Анжэла характарам у Івана — гэткая ж упартая і маўклівая. З ёю хапае гора. Толькі цяпер Элеанора пачала патроху адыходзіць ад тых бяссонных начэй, калі Анжэла ні з таго ні з сяго заходзілася крыкам. І калі б не пастаянная дапамога і падтрымка мамы, не новая кааператыўная двухпакаёўка, то і невядома, як бы яна магла ўсё паспяваць: і Анжэлу няньчыць, мыць і прасаваць пялёнкі, праціраць у кватэры пыл, які сам па сабе невядома адкуль наносіцца, гатаваць...

Цяпер Элеанора ведала: у іх сямейным жыцці быў некалі міг, пасля якога ні яна, ні Іван не маглі саступіць, прабачыць адно аднаму ў нейкіх дробязях, на якія дагэтуль не звярталі ўвагі. І тады між імі паявілася тое нядобрае маўчанне і недагаворанасць, якія чым далей, тым болей адасоблівалі іх. Спачатку Элеанора, занятая Анжэлаю, пра гэта думала мала, але цяпер, калі Анжэла смела хадзіла па кватэры, калі вольнага часу стала болей, цяпер у прыбранай двухпакаёўцы Элеанора адчувала сябе, як у клетцы, з якой гэтак хочацца вырвацца. Яна зусім па-іншаму глядзела на Івана, з-за якога павінна прападаць днямі ці то на кухні, ці то ў ваннай, а не на людным праспекце, у тэатры ці яшчэ дзе. Бо за тоўстымі сценамі двухпакаёўкі можна зусім адурэць, забыцца пра тое высокаінтэлектуальнае, пра што марыла і ў школе, і ў інстытуце. Яна павінна быць ля Анжэлы, а не там, дзе ідзе вясёлае жыццё, дзе тое шчасце, пра якое штодзень спяваецца ў эстрадных песнях, пра якое чытала ў кнігах, якое на свае вочы бачыла ў фільмах і спектаклях, а вось у яе будзённым жыцці яго было да крыўднага мала...

Раніцаю, калі Іван выпраўляўся на работу, пакідаючы яе з Анжэлаю на цэлы дзень, ён нават і не задумваўся, уявіць не мог — як гэта цяжка быць адной. Вывучыўшы назубок тэлепраграму, Элеанора ўключала тэлевізар і слухала П'еху, глядзела вясёлыя спектаклі і фільмы — упэўнівалася, што яе шчасце і праўда недзе прачакалася. Элеанора купляла пласцінкі, слухала магнітафонныя запісы — усюды спявалася пра адно і тое ж: пра няўлоўную радасць кахання і асалоды, якія, у свой час ухапіўшы, нельга выпускаць са сваіх рук...

Падфарбаваўшы твар, апрануўшы новую модную сукенку, Элеанора выпраўлялася ў горад — ці то на праспект, ці то ў парк. Там яна сутыкалася з бліскучымі позіркамі маладых мужчын, бачыла сцішаныя парачкі, што сядзелі на лаўках, узяўшыся за рукі. І калі б цяпер у Элеаноры быў чысты пашпарт, калі б ля яе не было Анжэлы...

Але кола было замкнёным, трымаючы за руку непаслухмяную Анжэлу, трэба было вяртацца назад, у нямілую кватэру, дзе зноў працягвалася сумнае аднастайнае жыццё.

Прыбраўшы са стала, Элеанора перамывала посуд і ўсё думала пра нешта ёй няяснае. І тут нечакана як прасвятленне найшло — чаму б сягоння не пакінуць Анжэлу ў маці, а самой не падацца на возера? Адной, свабоднай, як некалі. Калі ён можа перціся ў сваё любімае сяло на двое сутак, дык чаму ж яна ў гэтыя дні павінна сядзець дома, як прывязаная? Анжэлачка ўжо вялікая, ды і мама не адмовіць. А тым болей што восенню трэба выходзіць на работу, і тады ўжо — не пазагараеш, нікуды адна не вырвешся.

Адразу ж стала лягчэй і прасцей, здзівілася — як дагэтуль не дадумалася? Што трымае ў кватэры?.. Элеанора нават, чаго даўно не рабіла, замурлыкала песню, якую нядаўна чула — пра чорнага ката...

 

У трамваі, які каціў да возера, было шмат людзей, адны — сядзелі, другія стаялі ў праходзе. Элеанора сядзела на мяккім сядзенні і з прыемнасцю глядзела то ў акно, то па людзей. Многія, як і яна цяпер, таксама ехалі на возера. Цераз праход па адным сядзенні сядзелі побач маладая жанчына з чорненькім дзіцем на руках і пажылая, год пяцідзесяці, жанчына, адзетая па-вясковаму: у доўгую спадніцу, у хустцы, завязанай пад бараду. Старая жанчына пільна прыглядалася да дзіцяці, не хаваючы свайго здзіўлення. Маладой жанчыне было няёмка ад гэтых пільных зацікаўленых позіркаў. Пачырванеўшы, нарэшце яна не вытрымала: «Женщина, не смотрите так на ребенка, вы его нервируете». — «Э-эх, дарагая ты мая, каб не гэты рабёнак, сказанула б я тут табе», — нечакана гучна, ледзь не на ўвесь трамвай, сказала пажылая жанчына. Маладзейшая падхапіла трохгадовае дзіця на рукі і на першым жа супынку выпырхнула з трамвая.

Успомнілася суседка па бальнічнай палаце, якая адмовілася ад свайго дзіцяці. Яго так і не прывозілі, медсёстры казалі, што яно чорненькае, што вугаль, і кучаравенькае, як і гэтае дзіця... Суседка была зусім маладзенькая, амаль аднагодак, казалі, што яна — студэнтка-другакурсніца, жыла ў інтэрнаце, таілася да апошняга дня, пакуль «хуткая» не забрала... Студэнтка-другакурсніца ляжала ў ложку, павярнуўшыся да сцяны тварам, і плакала, ні з кім не гаварыла. Ці то ніякай радні ў яе не было, ці то ніхто не ведаў, дзе яна, але ў бальніцу ніхто да яе не прыходзіў.

І сапраўды, калі падумаць, што было рабіць студэнтцы? Везці дзіця ў вёску да бацькоў, дзе такія, як тая старая ў трамваі, заторкаюць пальцамі? Няўжо ёй трэба было махнуць рукою і на вучобу ў інстытуце, і на сваё будучае шчасце? Навошта ёй клопаты з дзіцем, калі мелася магчымасць іншага жыцця, у якім, як і дагэтуль, — чысцюткі пашпарт, ніякіх абавязкаў перад дзіцем, светлыя інстытуцкія калідоры, новыя вясёлыя знаёмствы, якія абавязкова прынясуць шчасце?..

Трамвай падкаціў да возера. Трэба выходзіць. Калі выйшла з трамвая, Элеанора ўжо не ўспамінала ні пра студэнтку-другакурсніцу, ні пра сённяшнюю сцэнку ў трамваі, — за гады непрыкметна прывыкла пазіраць на людзей неяк зверху і заўсёды магла адысці ад таго непрыемнага, што ў любы дзень можаш убачыць ці пачуць на вуліцы ці ў тым жа трамваі.

Возера на ўскраіне горада зрабілі адразу ж пасля вайны, перагарадзіўшы рачулку, што працякала цераз увесь горад. Шырокая, зарослая муравой дамба, абсаджаная клёнамі, плаціна пасярод дамбы, з металічных заставак якой з шумам празрыстай стужкаю падала ўніз, пенілася, вірыла вада, і ніжэй яна цякла ў вузкіх берагах, зарослых зялёнай травою — усё гэта з часам настолькі ўдала ўпісалася ў гарадскую ўскраіну, што здавалася, гэтак было заўсёды. Ля возера вечна тоўпіліся рыбакі, якія ўлетку яшчэ з цёмным прыходзілі да роўнай затуманенай вады, адпачываючыя...

І ў гэты сонечны дзень, праходзячы па дамбе, яшчэ здаля Элеанора ўбачыла, што абодва берагі возера ўсыпаны людзьмі ў купальніках. Тут былі і сямейныя пары, і дзеці, і моладзь. Адны трымаліся бліжэй да вады, другія хаваліся ў цяньку, а трэція — найболей моладзь — лавілі загар на роўнай зялёнай лугавіне, дзе гуртамі гулялі валейбалісты. Па роўнай блакітнай гладзі прадаўгаватага возера час ад часу праплывалі байдаркі: і адзіночкі, і двойкі, і чацвёркі, разбіваючы гладкую ваду тонкімі вёсламі, пакідаючы абапал доўгія вусы хваляў. Байдарачнікі, здавалася, грэблі без ніякага намагання, як забаўляліся; лёгенькія і вузкія лодкі імкліва слізгалі па вадзе, як па лёдзе... У процілеглым канцы возера, дзе была лодачная станцыя, чулася з узмацняльніка музыка, пад якую спявала П'еха. Знаёмым прытомленым голасам яна пела пра каханага, які навечна пакінуў...

Штосьці радаснае нахлынула на Элеанору. Захацелася як мага хутчэй раздзецца, адчуць сонечную пяшчоту, халадок вады. Яшчэ — як гэта дзіўна! — узнікла прадчуванне, што сёння штосьці здарыцца ў яе жыцці, прыемнае і доўгачаканае, у чым нават і самой боязна прызнацца... Тады, як гэта адчула, ціхая кватэра, Анжэла, Іван — усё стала нерэальным і далёкім...

Месца загараць Элеанора выбрала ля клёнаў, дзе быў цень. Пераадзяваючыся, са здзіўленнем заўважыла, што непрыкметна распаўнела, і дзявочы купальнік, які некалі быў велікаваты, цяпер цесны. Раскінуўшы коўдру на траву, лягла ніцма.

Так і ляжала, стараючыся ні аб чым не думаць, адчуваючы целам прыемную гарачыню. Потым спусцілася да вады, паплавала і зноў ляжала на коўдры, адчуваючы, як высыхае цела.

Нечакана да ног дакранулася нешта круглае і мяккае. Элеанора ўздрыгнула і тут жа пачула:

— Девочка, мяч подай!

Прыпаднялася, азірнулася. Мяч, відаць, падкаціўся ад хлопцаў, якія гулялі ў валейбол. Цяпер хлопцы глядзелі на яе. Чамусьці адразу ж на вочы трапіўся вусаты, які, усміхаючыся, гаварыў:

— Ну, смелее, смелее... Бросай его, не бойся, он не кусается...

Паднялася, узяла ў рукі мяч і кінула... Ды кінула няўдала, — мяч паляцеў не ў той бок.

Валейбалісты засмяяліся.

— Девочка, а ты на уроки физкультуры ходишь? — той вусаты ўсё глядзеў на яе і смяяўся. Ці то і сапраўды не бачыў, што яна ўжо далёка не дзяўчынка, ці то знарок так гаварыў...

Чамусьці яна не зазлавала ні на смех валейбалістаў, ні на вусатага — лёгка пабегла за мячыкам і, калі падымала, захацела пагуляць у валейбол. Як некалі ў школе...

— Вот молодец, сейчас вижу, что ты на уроки физкультуры ходишь, — смяяўся ўсё той жа вусаты. Відаць, ён быў спартсмен, бо гуляў прыгожа: высока падскокваў з занесенай над галавой рукой, ягонае загарэлае цела, застыўшы па імгненне, імкліва прыгожа выгіналася, правая рука з глухім чмоканнем рэзка і моцна біла па мячыку, і той стралой ляцеў да падстаўленых рук, а ён, вусаты, усё яшчэ быў у паветры... Некалькі разоў вусаты замахваўся так, што здавалася, мячом ударыць Элеанору. Тады яна баранілася сагнутымі рукамі і ледзь не ўскрыквала... Але ў апошняе імгненне вусаты не біў па мячы, а мякка штурхаў яго, і мяч падаў перад самымі нагамі разгубленай Элеаноры. Тады ўсе валейбалісты гучна смяяліся.

Потым мяч забралі. Кампанія валейбалістаў разбрылася. Элеанора пайшла да сваёй коўдры.

— Что, сейчас поплаваем? — вусаты ўсё пе адставаў — ішоў побач і стараўся зазірнуць у вочы.

Усё сягонняшняе было такое нязвыклае і сонечнае, што аж не верылася... І тут яшчэ гэты вусаты побач... Усміхаючыся, Элеанора сказала: «Молодой человек, я уже давно замужем. Зря только время теряете».

Ён не паверыў, што яна замужам, і ўсё ўгаворваў яе плаваць. Плаваў ён таксама прыгожа і хутка, — апусціўшы твар у ваду, рэзка і раўнамерна ўзмахваючы рукамі, б’ючы нагамі па вадзе. А потым ён зноў прыстроіўся побач і ўсё сыпаў словамі, стараючыся як мага бліжэй наблізіць свой твар да яе твару. Тады, калі ягоны твар быў зусім блізка, Элеанора адчувала, што міжволі чырванее, — рукою адпіхвала яго...

Вечарам, калі, ап’янелая ад сонца і заляцанняў вусатага — тэлефончык яму ўсё ж пакінула, проста так, дзеля пацехі, каб час ад часу, калі пачне ўмольна прасіць аб спатканні, яна змагла адчуваць сябе сапраўднаю жанчынаю, а не хатняю работніцаю, — калі забрала ад мамы Анжэлу і вярнулася ў кватэру, пачула званок у дзверы. Адчыніла дзверы і — вачам не паверыла: на парозе стаяла Ларыса. І гэта было — як яшчэ адна нечаканая радасць.

Ларысы яна з паўгода не бачыла — якраз з таго часу, калі ў школе былі зімовыя канікулы і тая, прыехаўшы ў горад, забягала ў госці. Пасля інстытута Ларыса выкладала ў райцэнтраўскай школе матэматыку.

Зімою Ларыса была разгубленая. Седзячы на кухні за столікам, яна ціха гаварыла пра сум і смутак у аглушальнай райцэнтраўскай цішыні, і таму, каб хоць крыху развеяцца, яна штовечар хадзіла да чыгуначнага вакзала, дзе было людней, дзе гудзелі машыны і дзе адзін за адным цягнікі мчалі ў звыклы родны горад, без якога Ларыса проста-такі сохла. І яшчэ Ларыса гаварыла, што да яе прыставаў жанаты фізрук, — не нахабна, а ўсё смехам, жартачкамі...

Ларыса зайшла ў кватэру, і Элеанора яе ледзьве пазнала. У блакітных імпартных джынсах, якія невядома дзе дастала, у лёгенькай беленькай кофтачцы, з чорнай сумачкаю, што вісела на плячы, у вялікіх круглых цёмных акулярах, яна зусім не была падобна на тую разгубленую дзяўчыну, якая зімой скардзілася на сум і адзіноту.

— Привет из провинции!

— Ой, тебя и не узнать! Не вышла ли замуж? Ты так изменилась! — Элеанора не зводзіла позірку з вясёлай прыгожай Ларысы.

— Во-первых, выйдя замуж, женщины редко становятся красивее. А во-вторых, зачем выходить замуж, если и без мужа можно жить припевая? — І гаворка, і позірк, і нават паходка ў Ларысы былі новымі.

Ларыса разулася ля парога, сунула ногі ў шлёпкі і, зірнуўшы на сябе ў люстра, што вісела ў прыхожай, лёгкім аўтаматычным рухам паправіўшы прычоску, пайшла ў залу, дзе быў тэлевізар. Уключыла тэлевізар і, як у сябе дома, рэгулюючы гучнасць, шчоўкаючы пераключальнікам праграм, гаварыла:

— Одичала в этом райцентре. Наконец-то экзамены кончились и я — свободна... Соскучилась без телевизора. Где твоя программа, может, хотя бы пани Монику покажут?..

Элеанора сядзела на канапе і ўсё не зводзіла позірку з прыгожай Ларысы. Нарэшце тая азірнулася:

— Ну, хвались, как жизнь идет? А он, кстати, твой колхозник, куда девался?

— В деревню уехал.

— Связалась ты с ним... Надо было тебе это горе, а?.. Он у тебя будет до пенсии в ту деревню ездить, а под старость поросенка на балконе будет держать.

Канечне, Ларыска гаварыла праўду... Некалі думала: кандыдат, самастойны, у людзі выб’ецца, бо, як казала мама, гэтыя вяскоўцы цягавітыя і працавітыя, іх толькі правільна настроіць, а тады яны ўжо самі пойдуць... Але — нічога, пакруціцца годзік-другі, паверціцца, ды — нідзе не дзенецца, грошы будзе дамоў прыносіць...

Сказаць пра ўсё гэта Ларысе яна не магла — сказала пра іншае:

— Давай лучше о тебе поговорим. Пошли па кухню чай пить. А может, и к чаю чего-либо возьмем, а, по рюмашечке?..

— А почему и не взять? — Ларыса нарэшце зняла прыгожыя балгарскія акуляры, падмігнула. Пасля падышла да канапы, абняла Элеанору за плечы і прашаптала: «Как же я по тебе соскучилась!»

Ларыса засталася начаваць. У цемені, калі ляжалі побач у ложку, спакойна Ларыса пачала сваю споведзь, дзеля якой, відаць, і прыйшла.

Цяпер яна гаварыла па-іншаму, тое кідка-вясёлае ў голасе, што чулася вечарам, знікла, гаварыла Ларыса дзелавіта і будзённа, як падчас справаздачы на сходзе.

Яна гаварыла пра адзіноту, пра таго фізрука, які так і не адставаў. Яны пачалі сустракацца. А што лепшага яна магла прыдумаць? Жыла яна ў школьным пакойчыку, дзе была грубка, якую штовечар трэба было паліць. Урокі скончыш і — куды пайсці, куды падацца? Пойдзеш на танцы ў раённы Дом культуры, а там — твае ж вучаніцы стаяць. Ідзеш у свой нялюбы пакойчык. Божухна, які сум! І вось прыйдзе ён, прынясе магнітафон, бутэлечку каньячку, заварыш кавы, пачнеш гаварыць... Спачатку яна ўсё смяялася з яго, думала, што ўсё — жартачкі... А потым і сама не заўважыла, як трапіла на кручок: не прыйдзе вечарам — усю ноч пасля вочы не звядзеш... Ён першы пачаў ёй гаварыць горкую праўду, ён гаварыў, што ёй ужо — дваццаць чацвёрты, той узрост, калі большасць яе аднагодкаў прайшлі ваду, агонь і трубы медныя і толькі яна застаецца белаю варонаю. І галоўнае, можа, і не ў гэтым, галоўнае ў тым, што яна, як і іншыя праведніцы, чакаючы сваіх прынцаў пад ветразямі, не заўважае, як мяняецца псіхалогія. І гэта, відаць, самае жахлівае, што чакае. Бо прынц калі і паявіцца, яна ўжо не зможа быць ля яго... У фізрука была правільная логіка ў разважаннях. Ён гаварыў, а яна, Ларыска, усё думала пра лёс Ленкі Зварыкінай. Ён гаварыў праўду — вось што самае галоўнае.

— А возможно, все в том, что наступило то время, тот возраст... Проклятое воспитание!.. Нас воспитывают алгелами, а жизнь не ложится в эти правила и рамки, которые расписаны в учебниках. И кто, какой судья подскажет, когда и с кем можно целоваться, а когда и с кем — нельзя?.. Сколько девчат, которым уже по двадцать восемь и которые, между тем одни живут, красивые, умные, все принца ожидают, не догадываясь, что принц уже никогда, никогда не появится... — Ларыса ўткнулася тварам у плячо Элеаноры, заплакала.

— Перестань, Лариска, было бы из-за чего реветь. А может, это и лучше, что ты с ним встречалась — практику прошла...

— Я не о том, не о том... Я не жалею... Как ты не понимаешь?.. — Ларыса ўсё не магла супакоіцца.

Потым усё ж, сагрэўшыся ля Элеаноры, Ларыса заснула.

Гледзячы ў цемру, Элеанора думала пра сённяшні маналог Ларысы. Штосьці трывожыла яе. Міжволі пачала супастаўляць свой лёс і лёс Ларысы. Відаць, якраз гэта і трывожыла.

Пара падводзіць першыя вынікі. Ёсць час сеяць камяні, ёсць час збіраць. Дзе гэта яна чула?

Яна скончыла інстытут, хоць і вячэрняе аддзяленне, але скончыла. Анжэлу восенню трэба весці ў яслі, сама яна замужам, мае двухпакаёўку,— ва ўсім гэтым ёсць свае плюсы і мінусы. Калі раней думалася, што замужжа — як вялізны бар’ер альбо мяжа, апынуўшыся за якімі ўсё далейшае жыццё будзеш адчуваць сябе спакойна, то цяпер, пажыўшы з Іванам, ведала, што ніякага бар’еру альбо мяжы і ў паміне няма. Проста ў гэтым жыцці ёсць плюсы і мінусы, і таму ўвесь час, днём і ноччу, трэба лічыць, выбіраючы найлепшы варыянт, ведаючы, адчуваючы душою, што пры памылковым разліку ўсё набытае за гады можа рухнуць у прорву за які адзін дзень ці тыдзень. Гэта, можа, раней, у тыя старыя дзедаўскія часы, калі ў душы кожнай жанчыны жылі дурныя рэлігійныя забабоны — дурныя хоць бы таму, што яны не маюць пад сабою рэальнага лагічнага грунту,— раней, калі было мноства абмежаванняў, якія прымушалі жанчыну быць пакорлівай і маўклівай, тады, можа, усё было па-іншаму, але цяпер, у век роўнасці і свабоды, прабачце, даражэнькія мужчыны, — давайце разважаць па-новаму, па-сучаснаму...

І калі ўсё гэта так, калі няма бар’ера ці мяжы, калі няма ніякай гарантыі будучага шчасця, то ў каго лепшы варыянт: у яе ці ў Ларысы?

Ён, Іван, не горшы за многіх, але ж і не лепшы... На што спадзявацца ў будучым, да чаго імкнуцца, калі з кожным днём усё сумней жыць?..

Гледзячы ў цемру, Элеанора ўсё перабірала варыянты.

То думалася пра лёс студэнткі-другакурсніцы з яе чорненькім дзіцем, якое цяпер невядома дзе, то пра лёс Ларысы, то пра лёсы іншых аднакласніц. Як жа ўсё — размыта, няясна... Ні з таго ні з сяго, як жывы, перад вачыма паўставаў вусаты хлопец, які набліжаў свой твар да яе твару...

І сапраўды, Ларыса гаварыла праўду: хто, які суддзя падкажа, дзе найлепшы варыянт?

А што, калі?..

І сапраўды, што яна выйграе, варта падлічыць, раскінуць, як на лічыльніках костачкі, на той і на другі бок...

Анжэла застанецца з ёю, пра іншае і гаворкі не можа быць. Кааператыўная кватэра таксама за ёю, бо бацька, як здагадваючыся пра будучае, першы ўзнос запісаў на яе імя. Аліменты — таксама ёй, ды і неблагія аліменты, асабліва цяпер, калі ён абараніўся і ў месяц мае за трыста. Трыста на дваццаць пяць працэнтаў... Недзе каля васьмідзесяці. Жыць можна. І, галоўнае, — наперадзе свабода, магчымасць у любы дзень пачаць усё спачатку. І тады зноў, як і сягоння ля возера, вернуцца смех і радасць — усё тое, пра што так часта чуе па радыё, што бачыць па тэлебачанні, аб чым чытае ў кнігах...

Цяпер, калі разлічаны запасны варыянт, зусім па-іншаму можна з ім гаварыць, зусім па-іншаму можна глядзець у ягоныя вочы. Цяпер, калі дзе затрымаецца пасля работы, а тым болей калі ўздумае прыводзіць няголеных забулдыг, можна смела, нікога і нічога не баючыся, кінуць: «Ты — паразит, из-за тебя я жизнь потеряла...»

І гэта будзе — абсалютная праўда.

 

Лягчэй ёй станавілася, як і іншым у сяле лягчэй жыць станавілася, бо і пенсію пачалі даваць, аж па дванаццаць рублёў паштарка разносіла раз у месяц па дварах пенсіянераў, і хлеба паболела, яго цяпер з Бярозава ў магазін навозілі гэтулькі, хоць ты яго мяхамі бяры ды жывёлу кармі, і адзення ў магазіне вісела ўсякага, і бліскучага, і траскучага... Толькі вось цішыня не адыходзіла ад вокнаў вялізнай апусцелай хаты, ды Мікола сніўся ўсё гэткім жа маладым, якім быў да вайны. Мо таму яна прачыналася з цёмным як зімою, так і летам, калі кароў выганялі. І ведала, што ляжы не ляжы, а вачэй ужо не звядзеш, падымацца трэба.

Яна падымалася, тупала па хаце ля печы, у двары, дзе была гаспадарка: каза, падсвінак, куры і яшчэ кот, які вечна блытаўся пад нагамі... Справіўшыся па гаспадарцы, ішла ў калгас на работу — куды пашлюць. Пасылалі на рознае: зімою ў сховішча перабіраць бульбу, вясною — у парнікі садзіць гародніну, летам палоць грады, пад восень — убіраць гародніну, капаць бульбу. Хапала работы, абы рукі дужымі былі.

На людзях лягчэй было, чым адной дома сядзець: як і іншыя бабы, занятая работаю, яна і гаварыла і смяялася, а між тым адчувала, што яна з бабамі цяпер у калгасе не сіла, цяпер у калгасе правіла другая сіла, якой не ведала ні ў маладых гадах, ні ў сталых.

Нешта незразумелае адбывалася ў сяле.

Бо і цяпер, як і некалі, дзеці пакідалі бацькоў і ўцякалі за свет белы, хоць чаму ўцякалі — невядома, бо цяпер і хлеб быў, і да хлеба было, і клуб вялізны для дзяцей адбухалі, аж на чатырыста месц той клуб быў, пуставаў ён ад суботы да суботы, хоць ты ў ім сабак ганяй. Пуставала ў сяле не толькі яе хата, а і ў другіх таксама, каб не чужыя наезджыя людцы, то і школу можна было б закрываць, але гэтыя наезджыя людзі і давалі ў сяле жару, то — п'янкамі бясконцымі, то — гулянкамі, то — бойкамі... Але ж і хваткіх сярод іх было нямала, што і казаць, цягнулі, пёрлі, валаклі з калгаснага двара ўсё, што пад руку траплялася. Гледзячы на іх, і свае кінуліся следам, пераставалі баяцца і бога, і старшыні, і брыгадзіра.

Тыя ж, маладзейшыя, каторыя ў калгасе заставаліся, якім, відаць, у гарадах месца не знаходзілася, садзіліся на трактары і машыны. Маючы ля рук тэхніку, яны жьілі-зажываліся па-гарадскому, цураючыся і старых і іх звычак. Жылі яны ў ашаляваных дамах, дзе былі і серванты, і дываны, і халадзільнікі, і чырвоныя дарожкі, з году ў год станавіліся ўсё больш скупаватымі і — ці не ад багацця? — вечна, калі не паткніся з просьбаю, сярдзітымі. І днём, і вечарам, і ноччу ля іх хат то гудзелі, то спыняліся машыны, трактары, неяк хутка механізатары дамаўляліся між сабою, каму і што прывезці, падкінуць, закінуць, дастаць. Калі ні паслухаеш, яны ўсё гаварылі, не маглі нагаварыцца пра сваю тэхніку і глядзелі на старых, як на нешта лішняе, што блытаецца ў іх пад нагамі.

Як той кот у яе хаце...

Дзяўчаткі, вяртаючыся з танцаў, ужо не спявалі ў цемені на ўвесь голас звонкіх галасістых прыпевак. Знікалі кірмашы, якія некалі пасля вайны гудзелі ў сяле па тры-чатыры дні. Ды і старыя бабы чамусьці перасталі пяяць старыя працяжныя песні, якія некалі штодзень спявалі, як бы саромеліся яны цяпер тых песень, калі ж каторая і заводзіла, то пра яе казалі, што яна — п'яная... Як бы адмірала штосьці ў душах людзей, і таму — не да песень ім было цяпер, цяпер людзі маглі толькі слухаць чужыя песні, якія несліся з вялізнага клуба, дзе ў суботу вечарам круцілі пласцінкі, тыя бадзёрыя і рытмічныя песні, як дзве кроплі падобныя адна на адну, якія несліся з транзістарных прыёмнікаў, з тэлевізараў...

Размывалася старое сяло, што і казаць тут. І адзіныя, на каго яшчэ маглі старыя людзі спадзявацца, дык гэта былі іх разумныя дзеткі, якія жылі ў далёкіх гарадах і адкуль яны прыязджалі ў сяло час ад часу, каб помач, даць.

Калі пра помач гаворка зайшла, дык тут цяжка сказаць, хто каму ўсё жыццё памагаў: старыя — дзецям, ці — дзеці старым. Паслухаўшы баб, якія ўлетку на лаўках перад палісаднікамі штовечар сядзелі, дык можна было падумаць, што ў кожнай сыны і дочкі жылі ў гарадах гэтак заможна, што не ведалі з роскашы, дзе грошы дзяваць, і ў сяло да бацькоў ездзілі толькі дзеля таго, каб чырвоненькія дзясяткі на хлеб даваць...

— А мой дык у мінісцерстві робіць, — будзе ўсё хваліцца перад бабамі Марфа Канцавая. Седзячы на лаўцы, цярэбячы пальцамі ражкі хусткі, яна будзе гаварыць, у зямлю гледзячы, — і грошай яму столькі даюць, столькі даюць... І на машыне яго шафёр возіць, а ён толькі сядзіць, як пан, у той машыне ды пальцам шафёру паказвае, куды везці... Во, — кранала яна новую кофту, — на тым тыдні ў сяло заскочыў. На табе, кажа, мама, кофту. З палучкі купіў.

І ўсе бабы будуць уважліва аглядаць тую кофту, як век не бачылі такіх кофтаў, абмацваць па сваёй звычцы. Прыхаваўшы позірк ад Марфы, каторая будзе ціха гаварыць:

— Харошая кофта, што і казаць тут...

І ўсім бабам, акрамя Марфы Канцавой, будзе даўно вядома, што кофту гэту яна сама ў Бярозаве купляла, бачылі людзі добрыя, ад людскіх вачэй не схаваешся, а той разумны сынок, што ў мінісцерстве рабіў, толькі па сала да Марфы ездзіў, а як да плуга ці да касы, дык і падступіцца не ведае як, наймаць чужых людзей трэба Марфе... Але ж ці скажаш ёй пра гэта ў вочы? Не, скажаш пра іншае, пра тое, што вот і мой сын, хоць і не ў мінісцерстве робіць, а яшчэ большую помач дае, — во, аж на чорную сінтэтычную футру грошы выдзеліў, калі хто хоча, дык і цяпер можа паглядзець яе, дома ў шафе вісіць...

І ў гэтай бясконцай пахвальбе для іх, старых, было цяпер адзінае выйсце, збавенне ад грознай цішыні, якая невядома калі апусцілася на сяло.

І яна, як і іншыя бабы, хвалілася, што сын яе ў людзі выбіўся, хоць і не ў міністэрстве робіць, як Марфін, але ж — у інстытуце нейкім, не забываецца пра яе, памагае, як можа, паказвала ўсім хустку ў гарошак, якую сын падарыў на жаночае свята.

І не прыкмячала ні яна, ні іншыя бабы, што падобныя яны на тых птушак, якія ў канцы лета перад адлётам у вырай усаджваюцца радком на бясконцым дроце, які цягнецца ад слупа да слупа, і ўсё шчабечуць, шчабечуць...

 

Раздзел дзевяты

Канец лютага і пачатак сакавіка...

Гэта той час, калі сухія маразы адвальваюцца, а на тратуарах і ля магазінных дзвярэй чарнеюць лужыны, калі снег таксама цямнее, і з-пад яго лезе, што дагэтуль было прыхавана: папера, бітае шкло, акуркі, трэскі, разварочаная зямля; гэта той час, калі ўдзень ні з таго ні з сяго ў мяккім паветры віхурыць лёгкім снегам, асляпляльна белым, ад якога слязяцца вочы, хоць сонца з-за хмар не бачыш...

Такой парою ў горадзе пачыналася абрэзка дрэў. Дрэў у горадзе было шмат: у парках і скверах, ля тратуараў, у дварах. Абразаліся яны не ўсе, а толькі тыя, што раслі ля тратуараў пад бліскучымі дратамі. Штораніцы тоўстыя, чырванашчокія, па-мужчынску апранутыя жанчыны з’яўляліся ля дрэў, і, то стоячы на машынах у пад’ёмніках, то ўзабраўшыся на галіны па лесвіцах, яны хутка і дзелавіта пілавалі галлё нажоўкамі. Уверсе сярод галля, не зважаючы на бясконцую людскую плынь, што цякла па тратуары, жанчыны гучна гаварылі між сабою, калі — сур’ёзна, а часцей — смяяліся. І былі яны падобныя на вялікіх птушак, што першымі вярнуліся з выраю. Больш тонкае галлё, да якога з машын і пад’ёмнікаў было цяжка дацягнуцца, абразалася спецыяльным доўгім, што жардзіна, галінаабразальнікам. Абрэзкі галля, якія валяліся на пачарнелым вытаптаным снезе, тут жа падбіралі і ўскідвалі на грузавыя машыны. Работа вялася спорна,— квартал за кварталам, вуліцу за вуліцаю абыходзіла брыгада жанчын.

Дрэвы, у асноўным клёны, пасля абрэзкі набывалі дзіўны выгляд: адны — нагадвалі слупы, а большасць — як паднятыя ўгору рукі з разведзенымі пальцамі. І здавалася Івану, калі ішоў па тратуары і глядзеў на абрэзаныя клёны, што яны ўжо не аджывуць, засохнуць. За што і чаму вінаватыя гэтыя клёны, якія штогод па вясне гэтак старанна абразаюць?.. Але тут жа, зірнуўшы на бліскучыя драты, што цягнуліся над клёнамі, ён разумеў, што толькі так і трэба рабіць, не пакідаць жа гэтыя клёны неабрэзанымі. І колькі год будуць стаяць тут клёны, столькі год іх і будуць абразаць.

Раніцаю, пасля таго як Іван адводзіў Анжэлу ў садзік і ішоў у інстытут на работу, гледзячы на абрэзаныя клёны, ён востра і балюча адчуваў, што ў ягоным жыцці мінуў яшчэ адзін год. Дзіўна, ні летам, калі ў яго быў дзень нараджэння, ні нават пад Новы год, калі ў горадзе ўсчыналася вясёлая ўзбуджаная беганіна і ў магазінах да кас было не прабіцца, а вось гэтай вясенняй парою Іван пачынаў як бы хварэць. У ім прачыналася шкадаванне чагосьці страчанага ў жыцці. Чаго? — не мог сказаць, адчуваў толькі, што нешта духоўнае ці то траціць, ці то ўжо страціў. А можа, пачуццё нейкае адмірала, і таму надта ўжо цвярозым і чорна-белым рабілася ўсё ў свеце.

Думалася той парою аб пражытым. Разумеў, што пасапраўднаму ні зімы, ні лета, ні восені так і не паспявае ні разгледзець, ні адчуць; праводзячы ў лабараторыі, на лекцыях цалюткія дні, адны і тыя ж, ён не бачыць, як дыміцца над балотам і над рачулкаю лёгкі туман, забыўся ўжо, як звініць ад птушыных спеваў лес... Забыўся, як па-здароваму лёгка дыхаецца марозным паветрам, калі надвячоркам стомлены вяртаешся з белага заінелага ціхага лесу і бачыш здаля, як над знаёмым сялом у рад з комінаў уюцца ўгору роўныя слупы дыму, якія ўверсе кудзеляцца...

У такую вясеннюю пару Іван штодня ўспамінаў маленства, тыя звычайныя дні, калі нічога асаблівага ў ягоным жыцці не надаралася, то — халодныя, то — галодныя, а між тым гэтыя ўспаміны былі як свята, якое было калісьці, — даўно забытыя пахі ўспамінаў ён, забытыя гукі...

І яшчэ ў гэтых успамінах маленства быў нейкі папрок ягонаму цяперашняму жыццю, сытаму, спакойнаму, сумнаватаму ў штодзённай загадзя вядомай аднастайнасці...

Тады душа ягоная пачынала рвацца ў сяло.

Ды толькі вырвацца туды надоўга ён не мог — ці то Анжэла хварэла, ці то трэба было ісці на якую ўрачыстасць да бацькоў Элеаноры, ці то ў камандзіроўках даводзілася бываць. А калі і прыязджаў у сяло, то адразу ж навальвалася работа, якую ў сяле, як усё болей і болей упэўніваўся, ніколі да канца не пераробіш, выхадныя мільгалі, як адно імгненне: то — садзіць бульбу, то — абганяць яе, то — капаць, то — дровы вазіць, рэзаць, то — хлеў чысціць, то — плот гарадзіць. І толькі ў нядзелю вечарам перад ад’ездам у Бярозава на электрычку ён успамінаў, што схадзіць на рэчку і пасядзець з вудаю на беразе так і не паспеў, нават бяздумна прайсціся па лесе, па тых мясцінах, дзе некалі рыхтаваўся да экзаменаў, і то часу не знаходзілася. Гараджане вунь паспяваюць — кожны выхадны за сялом на высокім беразе гудзеў турысцкі табар, адтуль грымела на ўвесь лес музыка, мільгалі між каляровых польскіх палатак і між дрэў чырвона-белыя целы, чуліся дзявочыя галасы, крыкі, песні. А вось яму, як і вяскоўцам, не хапала вольнага часу з-за работы.

Ён вяртаўся назад да Анжэлы, да Элеаноры, да лабараторыі з прыборамі, да ўстаноўкі, да інстытуцкага і гарадскога шуму і гулу, да звыклага ўжо штодзённага мільгання незнаёмых твараў, якія ў канцы дпя не ўспаміналіся — ён вяртаўся, а ў вачах ягоных дыміліся ранішняя рачулка, прыхаваная кустамі, роўная, што шкло, задымленая вада, у глыбіні якой хаваюцца маўклівыя вёрткія рыбы, што жывуць сваім загадкавым жыццём...

Пажыўшы шмат год у горадзе, Іван па-новаму пачаў адчуваць і вёску, і вясковае жыццё. Але кінуць горад назусім, адысці і ад інстытуцкага жыцця, і ад гарадскога — гэтага не мог зрабіць. І не таму, што Элеанора ні за якія грошы не паехала б жыць у сяло, але і сам, калі пачынаў уяўляць, чым будзе заняты ў сяле з дня ў дзень, ці то на ферме, ці то ў брыгадзе, чагосьці палохаўся, разумеў, што ў нечым ужо назусім адышоў ад мінулага.

Хоць знешне ў ягоным жыцці ўсё ішло спакойна. Раніцаю па дарозе на работу адводзіў Анжэлу ў садзік, вяртаючыся з інстытута, забіраў яе. Элеанора прыходзіла з работы пазней, яны тут жа вячэралі, моўчкі, дзелавіта, не пытаючыся і не расказваючы адно аднаму, хто чым быў заняты на рабоце цэлы дзень, а потым гэтак жа моўчкі займаліся кожны сваімі клопатамі, таксама абоім даўно вядомымі. Іван прыбіраў са стала посуд, перамываў яго, пасля ўкладваў Анжэлу спаць, а Элеанора ў гэты час перамывала што з адзення. Пазней абое глядзелі тэлевізар, часцей за ўсё кіно. Неяк, калі згарэў кінескоп, ім стала гэтак цяжка адно з адным, што не ведалі, куды падзецца, і таму, пакуль тэлевізар быў у рамонце, Элеанора некалькі вечароў запар ездзіла да бацькоў глядзець шматсерыйны фільм, які, здаецца, глядзеў увесь горад — пра разведчыкаў, якія ледзь-ледзь самога Гітлера ў палон не ўзялі...

Час ад часу Іван здзіўляўся свайму жыццю, было ў ім нешта нядобрае, механічнае, дзіўна яму было, што ў кожнага з іх, і ў яго, і ў Элеаноры, свая работа, зусім розная і зусім не звязаная з тымі клопатамі, што маглі зблізіць яго і Элеанору. І калі б не Анжэла, то можна было б падумаць, што жылі яны, як кватаранты...

Потым, пасля разваг, Іван супакойваў сябе тым, што так і трэба жыць, проста ён трохі гультаіцца пачынае і таму, як гэта вядзецца, шукае розныя прычыны, каб апраўдаць сваё гультайства. А што работа розная, дык гэта ж — не вёска, горад, тут тысячы работ і кожная — са сваёй спецыфікаю. Так што, калі разабрацца цвяроза, якая розніца для чалавека: выточваць дэталь на станку ці варыць сталь для той дэталі?..

Хоць пасля сямейных спрэчак яны і мірыліся, як звычайна пасля спрэчак мірацца сямейныя пары, ды ўсё ж чагосьці адно аднаму не маглі прабачыць. Чаму так было, Іван не ведаў. Часам здавалася: варта Элеаноры хоць аднойчы ласкава ўсміхнуцца — і ён тады забудзе на ўсе крыўды, жыццё стане такім, якім было на пачатку знаёмства з Элеанораю памятнай восенню...

Але так толькі здавалася. Бо цяпер зусім па-другому ён бачыў вусны Элеаноры, яе твар, худы і бледнаваты, гнуткую з высокімі грудзьмі постаць... Нават у тым, як доўга і ўважліва Элеанора фарбавала перад люстрам вусны, як старанна прымервала сукенку — ва ўсім гэтым адчувалася штосьці фальшывае, ілжывае, і таму Іван стараўся не глядзець у яе вялікія вочы.

Цяпер, калі Анжэла трохі падрасла і начамі не заходзілася крыкам, калі ён абараніў кандыдацкую, якраз цяцер нечакана як хто падказаў Івану, што кандыдацкая — гэта яго вяршыня, большае ён, канечне, можа зрабіць, можна нават замахнуцца на доктарскую, але ці варта свядома гнаць сябе на яшчэ адзін пакутлівы круг? Што дасць ягонай душы доктарская?..

Бо і вялікія грошы, якіх усё роўна вечна не хапае, і новая пасада — гэта як адзенне, апранаючы якое, вымушаны будзеш паводзіць сябе так, як паводзяць сябе ў гэткім жа адзенні другія людзі, а не так, як табе хочацца.

Штосьці новае пачало адкрывацца Івану ў жыцці, на нейкі новы віток пазнання выходзіў ён. І таму гэтак жа, як па-новаму ён пачынаў адчуваць прыроду, вясковае жыццё, то гэтак жа па-новаму ён пачынаў прыглядацца да сваёй работы, да студэнтаў, да таварышаў па рабоце.

...То быў час, калі першыя сівыя валасы паявіліся ў Івана, і гэтая ранняя сівізна была як намёк на тыя змены, што адбываліся ў душы.

 

Чым бліжэй падыходзіў да інстытута, тым часцей сустракаліся студэнты, то — па аднаму, то — па двое-трое, яны таропка сцякаліся да высокіх інстытуцкіх дзвярэй, утвараючы ў дзвярным праёме адзіную суцэльную плынь. У вестыбюлі гэтая плынь расцякалася, разбіваючыся на асобныя групы, утвараючы вузкія чэргі, што змяіліся да раздзявалак. Вялікі гурт дзяўчат калыхаўся перад агромністым, на ўсю сцяну, люстрам — дзяўчаты пільна, як не пазнаючы сябе, прыглядаліся да люстра і ўсё ніяк не маглі адарвацца ад яго, расчэсваючы валасы... Гучныя галасы, смех, воклічы, што чуліся адусюль, — усё злівалася ў адзіны суцэльны гул. Усё было, як і ўчора, як і пазаўчора, як і шмат год назад, калі Іван гэтаксама вечна заклапочаны ўлятаў у гэты ж вестыбюль, спазняючыся на лекцыю. Толькі тады адзенне было іншае, не такое яркае і не такое дарагое — і сукенкі іншыя, і касцюмы...

Сягоння лекцыю чытаць не трэба, у дэканаце рабіць не было чаго. Можна адразу ісці ў лабараторыю. Прайшоў вестыбюль, па шырокай мармуровай лесвіцы падняўся на другі паверх. Дзверы ў лабараторыю былі адамкнёныя: Косця корпаўся ля ўстаноўкі, якую з паўгадзіны трэба было разаграваць да загадзя запланаванай тэмпературы. Лабарантка Зіна раскладала па сталах метадычкі лабараторных работ, заадно праглядаючы, ці ўсе прыборы на месцы. Рытмічна, з глухім чмоканнем, працавала помпа, якой адкачвалася паветра, ствараючы ў трубапровадзе нізкі вакуум, патрэбны для лабараторных работ.

Прывітаўся з Зінаю і Косцем, распрануўся, прайшоў да свайго стала. Усеўся і зноў агледзеў лабараторыю.

Зіна і сягоння была хмураю і маўкліваю. Апошні тыдзень яна капрызнічала, часта, калі ў лабараторыі не было студэнтаў, курыла і моўчкі глядзела ў акно. Ёй было дваццаць тры гады, пабывала замужам, развялася, не раз гаварыла, што другі раз замуж не збіраецца, досыць, нажылася, як рэдзькі наелася. Па частых тэлефонных размовах, якія яна вяла, супрацоўнікі лабараторыі ведалі, што ўжо з паўгода Зіна сустракаецца з жанатым мужчынам, які старэйшы за яе год на дваццаць. Што звязвала іх: грошы таго мужчыны, чыстае каханне ці надзея Зіны на новае больш шчаслівае замужжа?.. Апошні тыдзень званкоў ад жанатага мужчыны не чулася — ці то пасварыліся, ці то проста настаў той час, калі трэба на штосьці рашацца...

Косця, цяпер ужо закончыўшы інстытут, быў на пасадзе інжынера, звычайна ён кантраляваў студэнтаў, калі тыя праводзілі лабараторныя работы, і заадно вёў гаспадарчы дагавор. Бледнаваты, невысокага росту, з гадамі ён неяк не мяняўся, усё яшчэ нечым нагадваў першакурсніка, якому так карціць паразважаць пра ўсё таемнае і непазнавальнае, што час ад часу можна было вычытаць у сенсацыйных газетных паведамленнях ці ў тым жа часопісе «Навука і тэхніка». Відаць, ён і паступіў вучыцца ў інстытут, каб з дапамогаю навукі ўведаць гэтае таемнае і непазнавальнае, ды з гадамі ўсё больш расчароўваўся ў навуковых метадах пазнання.

У лабараторыю з гоманам і смехам, як у сваю хату, заходзілі студэнты — баявы чацвёрты курс, якому ўжо ніякі чорт не страшны, не тое што — лабараторкі... Кожнаму з іх трэба было зрабіць цыкл лабараторных работ, а затым здаць іх Івану: расказаць, які фізічны сэнс лабараторнай работы, як яна праводзілася, аргументаваць вынікі...

І сёння, як і звычайна, студэнты разбрыдаліся па ўсёй лабараторыі і, усеўшыся за сталамі, пачыналі хто — чытаць метадычкі, хто — паяць электрасхему, хто — рабіць разлікі. Хлопцы звычайна хутчэй рабілі работы, дзяўчаты болей пляткарылі, прыхаваўшыся за прыборамі.

— Хто сягоння гатовы здаваць работы? — гучна спытаў Іван, калі шум у лабараторыі стаў занадта ўжо вялікі. Адразу ж стала ціха. Ніхто ці то не хацеў здаваць, ці то не быў гатовы. Як і звычайна, будуць цягнуць да апошняга, пакуль сесія не прыцісне, тады ўжо забегаюць...

Ад апошняга стала, за якім стаяў высокі асцылограф, выразна пачулася бесклапотнае хіхіканне. Яшчэ гэтага не хапала! Прыгажуня Смятанкіна, схаваўшыся за асцылографам, давячыся ад смеху, штосьці гучна шаптала непрыгожай нізенькай Валюшы, з якой ніколі не расставалася.

— Смятанкіна, відаць, ты ўжо ўсе работы зрабіла. Тады давай пачнём здаваць, — зноў гучна сказаў Іван.

Хіхіканне сціхла. Праз якое імгненне Смятанкіна заварушылася. Узяла агульны сшытак, паднялася з табурэткі і, нетаропка ступаючы па вузкім праходзе між сталоў, за якімі сядзелі цяпер прыціхлыя студэнты, пайшла да Івана. У вузенькай, як ступіць, кароценькай спаднічцы, пабліскваючы круглымі каленямі, абцягнутымі празрыстым капронам, пышнацелая Смятанкіна нетаропка, як на нямілае спатканне, ішла да Івана, глядзела вялікімі задымленымі вачыма і чамусьці ўсміхалася. Прозвішча Смятанкінай як хто знарок прыдумаў — белыя валасы, бялюткія пухлыя рукі, чыстая белая скура, да якой, відаць, не прыставаў ніколі загар.

Смятанкіна села ля стала насупраць Івана, моўчкі разгарнула сшытак і падсунула Івану.

Усё ў сшытку было правільна: намаляваны электрасхемы, выпісаны формулы, ёсць разлікі... Тут прыдрацца не было да чаго. Але Іван бачыў, што дагэтуль на папярэдніх работах Смятанкіна ў руках нават паяльніка не трымала — гэтак жа, як сягоння, хіхікала з Валюшаю, круцілася ля выдатніка Скрыпкіна. Відаць, у яго ўсё і перакатала:

— Што ж, пачнём. Расказвай.

— І так усё ясна. Вось — схема, а вось — разлікі, — Смятанкіна глядзела ў вочы і ўсё ўсміхалася. Усмешкаю сваёй як бы хацела падказаць, што гаварыць цяпер варта не пра сухія электрасхемы, у якіх чорт нагу скруціць, а зусім пра іншае...

Хацелася раззлавацца на Смятанкіну, сказаць ёй нешта рэзкае, ды, як толькі падымаў вочы, адразу ж позіркам натыкаўся на расшпіленую зверху кофтачку, на круглыя калені, што выторкваліся з-пад цёмнай спаднічкі...

Таксама во — мода, ледзь не галяком на лекцыі бегаюць... І яшчэ Іван адчуў, што мімаволі чырванее.

Чаго яна паперлася на фізфак? Навошта ёй гэтыя паяльнікі, матэматычныя разлікі?

Маўчалі. Іван адчуваў, што цяпер Смятанкіна можа сядзець перад ім аж да канца рабочага дня і ўсё ўсміхацца. Не вытрымаў:

— Што ж, ідзі і разбірайся ў тым, што ты ў Скрыпкіпа перапісала. Інакш — заліку не атрымаеш. Гэта я табе без жартачак абяцаю.

З усмешкаю пераможцы Смятанкіна згарнула сшытак, паднялася і, калыхаючыся целам з боку па бок, памалу, як манекеншчыца на праглядзе, паплыла да ціхай Валюшы, якая цяпер схавалася за асцылограф як мыш пад венік.

Каб не траціць марна час, паспрабаваў аналізаваць вынікі эксперыментаў, якія на мінулым тыдні закончыў Косця. Гэтыя эксперыментальныя дадзеныя патрэбны былі для гаспадарчага дагавору, заключанага між іх кафедраю і заводам, на якім Івану даводзілася быць неаднойчы, — правяраў, ці вытрымлівае завод правільны тэмпературны рэжым пры выкарыстанні цеплавых труб.

Дажыліся!.. Як быццам укараненне цеплавых труб не заводу, а інстытуту патрэбна!..

Сягоння работа не ладзілася. Перад вачыма ўсё стаяла Смятанкіна. Думалася, што апошні час такіх, як Смятанкіна, усё болей і болей у інстытуце. Ці то здавалася Івану, ці то сапраўды было так, ды штосьці абыякавае і лянівае ўсё ясней вымалёўвалася на тварах студэнтаў. І ў тым, як студэнткі спакойна, у адкрытую дымілі цыгарэтамі ў канцы калідора, у інстытуцкім скверыку на лаўках, як заспанымі яны прыходзілі ў лабараторыю і на лекцыі, як замест размоў пра лабараторныя работы Іван чуў апантаны шэпт пра дыскатэкі, бары, якія, бы грыбы пасля дажджу, раслі ў горадзе і куды — найжаданейшая мара — гэтак цяжка трапіць, пра танцавальныя вечары, пра бясконцыя знаёмствы як са сваімі, так і з замежнымі чарнатварымі студэнтамі, пра модныя сукенкі і джынсы, што даражэлі ў цане і заганяліся, купляліся, перапрадаваліся фарцоўшчыкамі...

Ды што пра дзяўчат думаць, калі і хлопцы не саромеліся ўслых спрачацца пра джынсы, замежныя кашулі з наклейкамі, пра дыскатэкі і бары — як быццам на гэтым свет канчаўся!..

І ва ўсім гэтым было ўжо для Івана нешта чужое, здавалася, што ў цяперашніх студэнтаў няма чагосьці галоўнага ў жыцці, нейкага адзінага стрыжня, вакол якога можна было б накручваць ці прывязваць і дыскатэчныя праблемы, і джынсавыя... Занадта практычна глядзелі студэнты на навуку, як на сродак дабыць грошы, не болей... Яшчэ на другім курсе дзяўчаты пачыналі прыцэльвацца, за каго б удала выйсці замуж, каб пасля інстытута застацца ў горадзе і не ехаць на раён. Конкурс у іх інстытут таксама падаў, нашмат большы конкурс быў у наргасе, у гандлёвых тэхнікумах.

Івану думалася, што ягонае пакаленне, якое добра помніла пасляваенны холад і голад, ведае сапраўдную цану жыцця, а вось гэтае, шматслоўнае, маладзейшае, якое ішло ўслед і якое вырасла пры поўным дастатку, можа проста звіхнуцца на дыскатэках і джынсах...

У калідоры празвінеў званок. Студэнты падымаліся з-за сталоў, пацягнуліся да выхаду. Адразу ж стала лягчэй, бо цяпер і сам ён мог падняцца з-за стала і заняцца работаю ля ўстаноўкі, а не гэтымі няяснымі балючымі развагамі.

У канцы дня, калі лабараторныя работы скончыліся і нікога старонніх у лабараторыі не было, распачалася гаворка пра жыццё-быццё, якая не раз дагэтуль бывала. Гаворка ўсчалася пасля таго, як Зіна заявіла, што і ў гэтым годзе не думае паступаць на вячэрняе аддзяленне, хоць такая магчымасць мелася.

— Чаму не хочаце паступаць, Зіна? Вы ж адна жывеце, без сям’і, толькі тым і займайся... — І Зіна, і той жа Косця таксама былі вясковымі і таму, калі ў лабараторыі без старонніх яны пачыналі гаварыць, то неяк непрыкметна пераходзілі на вясковы выгавар, — пачуццё сораму за сваё вясковае вымаўленне тады знікала. Мо так было яшчэ і таму, што Іван заўсёды першы пачынаў гаварыць па-вясковаму.

— А што яна мне дасць, ваша навука? — неяк спакойна спытала Зіна.

— Няўжо цяпер усё ўпіраецца ў тое, што можа даць навука?..

— А якраз у гэта ўсё і ўпіраецца. У нас ужо хутка недаборы пачнуцца. Адсюль і ўсё астатняе...

— Зіна гаворыць праўду, — нечакана падтрымаў Зіну Косця. — Той навуковы бум, які быў некалі, калі запусцілі першыя спадарожнікі, калі ў тэхнічныя інстытуты было па дзесяць чалавек на месца, цяпер спадае. І не трэба на гэта заплюшчваць вочы. І ведаеце, чаму так?

— Скажы.

— Некалі мы спадзяваліся, што з дапамогаю навукі, а калі гаварыць больш канкрэтна, з дапамогаю той жа фізікі ці матэматыкі зможам уведаць пра ўсё на свеце — і пра сябе, і пра сусвет. А цяпер пачынаем упэўнівацца, што гэта, відаць, вялізная памылка. Чалавек, ягоны ўнутраны свет як быў загадкаю, гэтак жа і застаецца цяпер, і мы адной навукаю, ці той жа медыцынаю, гэту загадку ніколі не адкрыем. Тут трэба нейкае іншае пазнанне, якое я пакуль не ведаю. Я магу сказаць толькі, што з дапамогаю навуковых метадаў мы прывучаемся да рацыяналістычнасці, да той думкі, што ўвесь свет створаны для аднаго чалавека, для ягоных патрэб. І ў той жа час чамусьці забываем, што патрэбы чалавека — бясконцыя, вечна яму чагосьці не хапае. І таму самі не прыкмячаем, як атручваем наўкол сябе ўсё жывое і нежывое — некалі сыпалі налева і направа дуст, а цяпер — гербіцыды. Амаль усё, што мы вырабляем, мы чамусьці пераводзім на матэрыяльную патрэбу: нейлонкі, мэбля, грошы, з-за якіх вар’яцеем... Усім гэтым запаўняючы кароткае жыццё, мы спадзяёмся знайсці выйсце да спакою, да шчасця. І навуку мы ўключылі ў гэтае кола... Шчасце многім цяпер уяўляецца ў форме нейкай сытай самазадаволенай бяздумнасці, у тым кайфе, які моладзь ловіць... Многія ўжо не думаюць пра таямніцу нараджэння і таямніцу смерці. Вы гаворыце — навука... З дапамогаю навукі мы прывучаем чалавека нават не ўспамінаць пра гэту таямніцу. Чалавек сучасны ўсімі намаганнямі стараецца не думаць пра будучую смерць, яна для яго нешта няправільнае, што аднойчы некалі ўварвецца ў запланаванае жыццё. Паглядзіце, як пакутліва памірае чалавек... — Косця быў усхваляваны. Ён хадзіў па лабараторыі ўзад-уперад і, гледзячы сабе пад ногі на фарбаваны паркет, усё гаварыў, гаварыў... Звычайна ён маўчаў цалюткімі днямі, а сягоння штосьці прарвалася ў ім. — О-о, смерць для сягонняшняга чалавека — гэта нешта жахлівае, яна ўспрымаецца сучасным чалавекам зусім не так, як успрымалася некалі селянінам. Мы з усёй сілы імкнемся адгарадзіцца ад яе, забыць пра яе, і таму не дзіўна, што гэтак запускаюцца гарадскія могілкі. Хадзіў я нядаўна туды. Быльнік, бур’ян расце там. Паглядзіце, азірніцеся — сучасны чалавек як у нараджэнні, так і ў смерці даўно не бачыць таямніцы, аказваецца, з дапамогаю навукі можна ўсё растлумачыць, нават вучань-двоечнік і той спакойна Талстога падпраўляе. А сучаснае каханне... Што тут? Як манну нябесную, мы хочам ухапіць асалоду. Толькі і ўсяго, — як павар’яцелі з-за гэтай фізічнай асалоды, забыўшыся даўно, што каханне — гэта найперш пачуццё свята...

— Дык у чым жа выйсце? — спытаў Іван, калі Косця заціх на хвіліну.

Іван адчуваў, што Косця гаворыць амаль пра тое ж, пра што і сам часта думаў на адзіноце, пра што часта спрачаўся з Валянцінам Вікенцьевічам. Толькі Валянцін Вікенцьевіч усю гаворку зводзіў на жартачкі, а Косця наадварот — завастраў да немагчымага...

— У самаабмежаванні, — лёгка знаходзіў выйсце з усіх бед Косця. — Калі мы не прымусім сябе стрымлівацца, то я і не ведаю, чым усё скончыцца, чым скончыцца так званая цывілізаваная дзейнасць чалавецтва. Дарэчы, пра гэта яшчэ Дастаеўскі гаварыў, — калі адкрывалі помнік Пушкіну. «Скарыся, горды чалавек», — казаў ён. Паглядзіце, колькі магчымасцей мы маем: прадукты, якімі аб’ядаемся, тэлефоны, тэлевізары, машыны, бясконцыя знаёмствы ў гарадах, бясконцыя новыя ўражанні падчас падарожжаў... Але ж чаму тады мы паміраем у сорак год ад стрэсаў ды інфарктаў? Няўжо ад вялікага шчасця?

— Косцечка, — цяпер ужо ў маналог Косці ўклінілася Зіна, — а чаму ты ўвесь час гаворыш: мы, мы, мы... Не ўсе так думаюць, як ты... Не ўсе такія цяпер, як тая Смятанкіна. Ёсць жа такія, як выдатнік Скрыпкін, які з першага курса на павышаную цягне.

— А ці ведаеш ты, ці можа хто з нас сказаць: навошта Скрыпкіну тая павышаная? Можа, ён на пасаду прыцэльваецца, і дзеля гэтай пасады, дзеля ўлады ён не толькі на павышаную пацягне?..

— Ну і што страшнага, калі Скрыпкін будзе мець пасаду ці тую ж легкавую машыну? Кожны жыве сваім розумам. І для многіх тое жыццё, якім ты тут абураешся, самае ідэальнае. І яшчэ запомні: усе беды не ў тэхнічным прагрэсе і нават не ў навуцы, як ты абураешся.

— У чым жа тады?

— А ў тым, што кожны ведае, як трэба жыць, ды толькі чамусьці жыць тым праведным жыццём не хоча. Сам-то ты, Косцечка, праклінаеш навуковы і тэхнічны прагрэс, а чым займаешся штодня, які хлеб ясі? То-та ж... Ты тут перад намі сягоння праспяваў амаль такую ж песню, якую з году ў год спяваюць былыя вяскоўцы, што жывуць у горадзе і праклінаюць горад на чым свет стаіць.

— Дык што, і вінаватых няма? — спытаўся Косця і замоўк.

Маўчаў і Іван.

Рабочы дзень закончыўся. Пара было разыходзіцца, а — не хацелася. Косця першы апрануўся і пакінуў лабараторыю.

— Канечне, калі жаніцца ці то не хочаш, ці то не можаш, то тады, як апраўданне, можна якую заўгодна філасофію прыдумаць і ёю апраўдваць сваё халасцяцкае бадзянне. Тады, канечне, і ў каханні можна бачыць толькі адну сексуальнасць. О-о, гэтыя старыя мудрыя праведнікі, якія ў маладосці гэтак грашылі! Ведаю я іх, сутыкалася не раз, добра ведаю. Не сагрэшыш — не пакаешся... Выгадна. Да чорцікаў выгадна... І ў маладосці і ў старасці яны застаюцца ў выйгрышы...— цяпер, калі Косця пайшоў, было бачна, што Зіна ўсхвалявалася.

Відаць, і сам Косця, і ягоны маналог нагадаў ёй нешта сваё, асабістае. Надумалася, што кожны ў сягонняшняй гаворцы нагадваў пра сваё...

Зіна замоўкла. Выняла з чорнай сумачкі цыгарэты, запалкі. Пасля ўжо, зацягнуўшыся, адкінуўшы галаву і папраўляючы рукою кароткую, амаль што мужчынскую стрыжку, суха і цвяроза глядзела ў акно лабараторыі, за якім па вячэрняй вуліцы з грукатам і перазвонам кацілі трамваі.

Падумалася: а якой бы яна была цяпер, калі б засталася жыць у вёсцы? Мо і сапраўды, там ёй было б лягчэй крыху? Ці курыла б яна там, ці глядзела б гэтак суха і злосна ў акно, праклінаючы ўсіх на свеце за сваё не надта цяпер складнае жыццё?.. Не гарадская і не вясковая... Колькі іх такіх, надламаных, у горадзе?..

Зазваніў тэлефон — Іван падняў трубку. Пазваніў Мішка Загорскі.

— Браце, забываць сяброў пачынаеш. А ў мяне свята: сын нарадзіўся. Сягоння прымаю віншаванні. Заходзь, адзначым, калі не грэбуеш.

— Добра, зайду. Вазьму Анжэлу з садзіка і зайду.

Апрануўся і, пакінуўшы адну Зіну, пайшоў з інстытута. Дарогаю думалася пра сваіх знаёмых: пра Зіну, пра Косцю, пра таго ж Грышку з Бродаўкі. Думалася, што ў кожнага з іх мелася ў душы свая, можа, хоць і блытаная, ды — філасофія жыцця. Нават Грышка з Бродаўкі і той меў свой катэгарычны позірк на ўсё на свеце, што ўжо казаць пра Косцю ці Зіну...

— У-у, лярвы, — казаў Грышка пра ўсіх жанчын, калі Іван пасля работы затрымліваўся ў ягоным пакойчыку. — Я табе скажу точна і катэгарычна: усе яны адзінакавыя, усе адным мёдам мазаныя. Вот ты, грамацей, скажы мне — якога ражна маёй не хапала? Ну, хай у цябе цаца гарадская, а ў мяне ж свая была, сваёй вясковай выпечкі. Думаў, калі жаніўся, ашчасліўлю, у людзі выцягну. Ашчаслівіў. Жаніўся, як кажуць, па любові, ножкі вечарамі чуць не мыла. Кватэру выбіў, дзіцёнка завялі, абстаноўку такую-сякую пачалі набываць, па-культурнаму, значыцца, жыць пачалі. І вот тады мая баба як з ланцуга сарвалася, грошы пачуўшы: адну сукенку, другую, трэцюю, туфлі, кофты — як у прорву зарплата мая пасыпалася. Пра ўсё баба забылася: і пра абеды, і пра дзіцёнка... З работы прыйдзеш — паверыш ты ці не — есці няма чаго. Яна ўсё эканоміць, салацікі мне падсоўвае. Я табе наэканомлю на маім здароўі!.. Замест вячэры яна языком малаціць навучылася: ля-ля-ля... Я ёй раз, другі кажу: бярыся за розум, пакуль не позна. А яна яшчэ болей малоціць, ды і не толькі языком малоціць, а ўжо і пер’е падымае. Канечне, чаму ж ёй не падымаць тое пер’е, на рабоце наслухаецца: у адной муж шкарпэткі штодня мые, у другой — не толькі шкарпэткі, а і сподняе палошча, а ў трэцяй — не толькі ўсё ўпадрад шаруе, а і вадзічку тую ад шчасця п’е. Што ж ты хочаш, наслухаецца мая — палучаецца — самая гаротніца... Карацей, і сам не змікіціў, як у нас усё пачалося: я ёй — слова, яна мне — тры ў адказ. Неяк давяла, не вытрымаў — па саплях змазаў. Яна — тут жа за тэлефонную трубку і ў міліцыю званок. Налаўчыліся, лярвы, ледзь што не ў нюх — адразу ж у міліцыю званок. Пальцам не крані. Тут жа і міліцыянер з дружынніцамі на парозе паяўляюцца. Чым дзяцей і мужа глядзець, дык яны, павязачкі начапіўшы, па праспекце шнуруюць, подручкі пабраўшыся. «Што тут такое случылася?» — гэта ёп у мяне пытаецца. Я яму тут жа: «Без цябе разбяруся і без тваіх памочніц». Слова за слова, мяне ўжо трэсці пачынае, а яна, мая лярва дарагая, гэта я толькі пасля паняў, знарок масла ў агонь падлівае, сваё ля-ля-ля вядзе, як і дагэтуль вяла. Ну я і не сцярпеў, не камень жа, а — чалавек — усё-ткі, тут жа і урэзаў. Спачатку ёй. Міліцыянер пад гарачую руку падвярнуўся. Ну я і яму залімоніў. За кампанію... Тры гады як лёду адхапіў. Выйшаў. Ну і што ж ты думаеш — лярва мая за гэты час скруцілася, як сучка пад вясну. Дзіця брудам зарасло, някормленае... Кавалеры вечныя, падругі гэтыя — адны гульбішчы. З работы вытурылі за прагулы. Усё за тры гады спусціла, што ў хаце мною было нажыта. Але ж вот законы: кварціра-то за ёю, а я — хоць на вуліцы пачуй... Яна з кавалерамі гульбішчы ўстрайвае, а я — па вуліцы... У-у, лярва!.. Раўнапраўе, свабода — налаўчыліся ў словы гуляць... Цяпер вунь ад алкагалізму паслалі лячыцца, а дзіця — у дзетдоме. Вот жысць! Гэта табе не ў лабараторыі ля трубачак пахаджваць і разважаць пра космас. Даразважаліся, што дзяцей няма каму глядзець. Дзеці ў дзетдомах. Ездзіў нядаўна туды. Паўнюткі дзетдом, прыстройку будуюць яшчэ — мала месца... І сямігадовыя, і шасцігадовыя,— за падол выхавацельку трымаюць, усё мамаю завуць. Мамы сучасныя... Яны то ў рэстаранах, то ў кафэ, то на поўдні гузуюць, то — сабак гадуюць... Хай бы лепей каторая дзіцёнка з дзетдома ўзяла, дык жа не, лепей сабаку завядзе, ён даражэй. Пасадзіць гэтага бульдога ў машыну і возіць альбо — на павадку па вуліцы водзіць, а ён, звяруга, толькі зыркае: не падыдзі... Гэта ўжо, відаць, з вялікага розуму ў людзей такія звычкі завяліся... А сына я буду забіраць сабе. Кварціры пакуль сваёй нямашака, вот у чым загвоздачка. У інтэрнаце з дзіцем не дазваляюць жыць. Відаць, кіну гэту работу ды падамся ў домакіраўніцтва. Там даюць кварціры, службовыя. Дворнікам ці сантэхнікам — хоць кім пайду, абы прытулак далі. Тады мы з сынам зажывём, вот паглядзіш, нам яшчэ людзі і пазайздросцяць. Нічога, выкруцімся, не гэтак людзі страдалі і то... — у маналогу Грышкі была нейкая свая логіка, свая праўда...

У садзіку Іван апрануў Анжэлу і, трымаючы яе маленькую цёплую ручку, пайшоў па вуліцы ў той бок, дзе жыў Мішка Загорскі. Ішоў, глядзеў на людзей, а думалася пра іншае...

...Сваё разуменне свету было і ў Мішкі Загорскага. Ён цяпер працаваў на будоўлі, — відаць, даўно забыўся пра складаныя блытаныя формулы, пра тыя фізіка-матэматычныя задачы, якія трэба было ведаць Івану і без існавання якіх, здаецца, парушалася ўсё на свеце... Мішка нядаўна купіў машыну, растаўсцеў, паспакайнеў і, калі сустракаўся, дзелавіта вучыў Івана:

— Браце, не пакутуй, трэба жыць — як набяжыць... Мы ўжо палову адпушчанага пражылі, перавалілі за парог, а ўсё яшчэ мітусімся... Колькі ў нас год засталося, думаеш?.. У прынцыпе чалавеку не так ужо і шмат трэба. Здароўе, грошы, ну, і, не без гэтага, добрая баба ля боку, каб ноччу спаць не было холадна. На гэтым увесь свет трымаецца. Яшчэ даўно было сказана: любоў і голад правяць светам... Трэба жыць, а не філасофстваваць...

Як трэба жыць?

У Івана быў ужо той узрост, калі, здавалася, трэба толькі жыць ды радавацца, той узрост, калі людзі не вагаюцца, добра ведаюць, што ім трэба ў жыцці, а вось ён, чым болей жыў з Элеанораю, тым цяжэй адчуваў сябе.

Калі Іван слухаў Косцю, Мішку Загорскага альбо таго ж баявітага Грышку з Бродаўкі, ён у нечым згаджаўся з імі, здавалася, што тыя раяць самае лепшае, толькі так і трэба жыць, як яны раяць. Але потым, праз дзень-другі, ён зноў станавіўся разгублены, у душы паяўлялася адчуванне, што, акрамя іх правільных парад, у жыцці ёсць яшчэ нейкая вышэйшая праўда, пра якую яму ні на мінуту не трэба забываць.

Якая? За што яму трымацца ў жыцці?

Мо таму Іван так пільна прыглядаўся да чужога жыцця, параўноўваючы яго са сваім. Бо бачыў ён, што людзі жывуць па іншых законах і — шчаслівыя...

Некалькі разоў Мішка Загорскі вазіў па сваёй легкавушцы Івана ў саўну, што знаходзілася за горадам у спарткомплексе. Спарткомплекс раскінуўся ў сасновым бары на беразе возера. Там Іван трапляў як у трыдзевятае царства.

Гледзячы на белую кафлю, якой былі абкладзены сцены вялізных спартыўных залаў, на паркет у прыгожых прыхаваных соснамі будынінах, дзе месяцамі жылі сытыя ўкормленыя спартсмены, што хадзілі ў імпартных з лампасамі касцюмах, вечна жуючы гумку ці полівітаміны, і пазіралі вакол сябе з нейкай недасягальнай вышыні, Іван адчуваў, што сучасны спорт, з месячнымі зборамі, з частымі паездкамі за мяжу, са штодзённым паказам па тэлебачанні і шыкоўным дабрабытам — гэта ўжо зусім не тое, чым займаўся ён у маладыя гады, калі апантана гуляў то ў футбол, то ў валейбол, бегаў на лыжах, цяпер гэта — таксама сваё складанае жыццё, яму ўжо недаступнае і невядомае, таму і пазіраюць спартсмены на яго з усмешкаю і насмешкаю. Іван адчуў там, у спарткомплексе, што ў спартыўным свеце ёсць свае законы, не меней складаныя, чым тыя законы, якія некалі вучыў у інстытуце, без ведання якіх не змог бы зрабіць кандыдацкай.

Для паездак у саўну падбіралася свая кампанія. Сухая задушлівая гарачыня парылкі, халоднае піва, летняя вада ў басейне, пацешныя гісторыі і анекдоцікі — усё гэта, напачатку такое прывабнае, што прыносіла пачуццё выключнасці, неяк надта хутка прыелася, а тым болей што пасля саўны ў Івана пабальвала сэрца.

І яшчэ дарогаю, калі з Анжэлаю дабіраўся да Мішкі Загорскага, Івану думалася, што апошні год пачаў залішне часта выпіваць. Канечне, выпіваў ён не так, як тыя мужчыны, якія кучкамі збіраліся ў дварах ля гастраномаў і, азіраючыся, дрыжачымі рукамі разлівалі бутэльку чырвонага віна на двух ці трох, не, Іван сыходзіўся з прыстойнымі, пры пасадах, людзьмі, ды і потым, калі яны разыходзіліся цёпленькімі, чужому воку было цяжкавата прыкмеціць, што яны дагэтуль выпівалі. Яны былі проста цёпленькімі...

Сустрэчы былі з рознай нагоды: дзень нараджэння ў кагосьці з іхняй кампаніі, атрыманне прэміі, пасля саўны, розныя святы, якія апошнія гады адзначаліся калектыўна на рабоце: Першамайскія, Кастрычніцкія, дні нараджэння, павышэнні. Усё гэта трэба было адзначыць, абмыць, замачыць... Так атрымлівалася, што адна прычына набягала на другую, і адмовіць было амаль немагчыма. У іх падабралася на той час свая кампанія: Іван, два інжынеры-фізікі з акадэмічнага інстытута цепламасаабмену, якія памагалі Івану і прыборамі, і матэрыяламі, тэма работ якіх была амаль гэткая ж, як і ў Івана, калі-нікалі да іх укліньваўся Мішка Загорскі, які ў любой кампаніі, і сярод фізікаў, і сярод спартсменаў, быў сваім чалавекам.

Асобных грошай на выпіўкі ў Івана не было, — яшчэ з першых год сямейнага жыцця Іван усю палучку аддаваў Элеаноры, і тая штодня выдзяляла на абед ды на кішэнныя расходы капеек восемдзесят. У гэтым штодзённым выдзяленні было нешта абразлівае, некалькі разоў Іван спрабаваў даказваць Элеаноры, што так рабіць нельга, але яна тут жа ўмела даказвала адваротнае: лепей будзе, калі ўсе грошы будуць у адных руках, іначай — якая яна гаспадыня, як ёй планаваць сямейны бюджэт, эканоміць?..

Часта надаралася, каб купіць сабе якую драбязу ці ляльку Анжэле, Іван адмаўляў сабе ў абедзе. Потым, з гадамі, ён змірыўся, прывык. Думалася, калі ў яе руках грошы, то цяпер няхай у яе галава баліць і пра прадукты, і пра адзенне, і ўвогуле пра ўсю гаспадарку... А тым болей што такі няпісаны закон зараз уведзены ў многіх сем’ях, калі не ў большасці. А ў некаторых дык увогуле жонкі атрымліваюць зарплату ці аліменты. Так што і ён не лепшы ды і не горшы.

Звычайна Іван стараўся пакінуць сабе з прэмій заначку. Усе яны, і ён, і тыя два інжынеры-фізікі, і нават Мішка Загорскі пакідалі сабе заначку, адны — у адкрытую, другія — цішком, і вось гэту заначку яны маглі спажыць, як душы жадалася...

І ў тым, што яны час ад часу выпівалі, не было нічога дзіўнага, як гаварыў Мішка Загорскі, цяпер час такі, стрэсавы, і ён недзе нават вычытаў, што падчас стрэсавага стану для арганізма лепей будзе, калі чалавек крыху вып’е, а не будзе моўчкі перажываць, разбураючы нервовыя клеткі. Увогуле, як даказваў Мішка, не яны першыя, не яны апошнія, так бывае цяпер усюды: на дэкадных днях, пасля канферэнцый, пасля здачы аб’ектаў, пасля абароны кандыдацкіх, доктарскіх, розных павышэнняў, не ўпамінаючы пра гасцяванне...

Сабраўшыся сваёй кампаніяй, яны спачатку доўга гаварылі пра нейкую нагоду, якую трэба было б адзначыць, а тады ўжо скіроўвалі ў адну дарогу...

Тады ўжо ў Івана паяўляўся лёгкі радасны настрой, яму здавалася, што ён усіх разумеў: і філосафа Косцю, і Грышку, і Мішку Загорскага, і калег фізікаў. Адзіных, каго не мог зразумець, гэта былі ён сам ды Эдзік Святлічны. Не разводзячы доўгіх гаворак, Эдзік неяк хутка зляпіў кандыдацкую і тут жа перабраўся ў перспектыўны інстытут цепламасаабмену. Зор з неба Эдзік не хапаў, але ён быў загадкаю і тады, калі рабіў разам з Іванам у адной лабараторыі, і цяпер. З Эдзікам Іван так ні разу і не пагаварыў пра жыццё ўвогуле. На ўсе распытванні Івана Эдзік, усміхаючыся, знаходзіў правільныя разумныя тлумачэнні, і невядома было, ці то сапраўды Эдзіка нічога ў свеце, акрамя будучай доктарскай, не хвалявала і не трывожыла, ці то ён хаваў у сваёй душы штосьці, да чаго нікога не падпускаў.

У сваёй кампаніі яны гучна гаварылі пра тое, што было ў іх жыцці сягоння, учора, пра работу, пра начальства, пра футбол ці хакей, нават на палітычныя тэмы, — у той год усіх хвалявалі чэхаславацкія падзеі... Успамінаючы штосьці агульнае, што звязвала іх, спрачаючыся, дапаўняючы адно аднаго, яны патроху вызваляліся ад нечага цяжкога, што насілі ў сабе днямі, як, бывае, вызваляюцца ад нечага цяжкога і брыдкага муж з жонкаю падчас гучных спрэчак. Пазней, калі трэба было разыходзіцца, на душы станавілася хораша, і ўжо не думалася пра няўтульную пакутлівую цішыню дома, пра насуплены позірк Элеаноры. Яны ўсё ніяк не маглі разысціся. Ішлі гуртам па вуліцы ці па праспекце і ўсё гаварылі, гаварылі, часам спыняліся і зноў даказвалі адзін аднаму штосьці, як здавалася, надта ўжо важнае, значнае, без чаго нельга далейжыць... Толькі тое, што яны даказвалі, назаўтра не помнілася...

Але якраз тады, як Іван вяртаўся дамоў, усчыналіся сваркі з Элеанораю, пасля якіх назаўтра было горка і цяжка. І тады зноў пачыналася напятае злое маўчанне, якое, здавалася, ніколі не скончыцца. І думалася тады, хай бы лепей былі ўжо сваркі... I дамоў пасля работы ісці не хацелася, хоць ты начуй у лабараторыі.

Заняты роздумам, Іван так і не прыкмеціў, як дабраўся да высокага блочнага дзевяціпавярховага дома, у якім жыў Мішка Загорскі. Ліфтам падняліся на дзявяты паверх, пазванілі. На званок дзверы адчыніў Мішка. Усміхнуўся: «Заходзьце, госці...» Зайшлі, пачалі распранацца.

Кватэра ў Мішкі была абстаўлена па-сучаснаму: блішчала ў зале ўздоўж сцяны высокая, да столі, цёмна-карычневая секцыя, у якой з аднаго боку відзён быў крышталь, а з другога — фарфоравы посуд. У цэнтры секцыі за шклом стаяла дзясяткі два кніг, а ніжэй, пад імі, быў бар... На сценах, як у зале, так і ў спальні, чырванелі дываны, што толькі-толькі ўваходзілі ў моду. Чысцінёю і гладкабліскучай мэбляю кватэра Мішкі нагадвала штосьці казённае і дарагое, як музей які...

— Ого, даражэнькі, ты жывеш так, што мне і не снілася, — здзівіўся Іван, калі зайшоў з Анжэлаю ў залу. Ён здзіўляўся кожны раз, калі прыходзіў да Мішкі ў госці: то — серванту, то — бялюткай кафлі па кухні, то — паркету ў зале, які Мішка, выпісаўшы па дзяшоўцы на будоўлі, сам наслаў...

— А што ж ты, браце, хочаш, рабочы клас — стваральнікі матэрыяльных каштоўнасцей. Нам і карты ў рукі. Быццё наперадзе свядомасці шагае. Ці ты ўжо забыўся, як залікі здаваў? — пасмейваўся Мішка, адводзячы ў спальню Анжэлу. У спальні была Мішкава дачка.

— Есці будзеце? — спытаў дзяцей Мішка. Абедзве заківалі галовамі. Яны ўжо добра адна адну ведалі і між сабою ладзілі.

— Ну во, як адна — дык есці не хоча, хоць ты прымушай, а ўдваіх — толькі падавай. Нас некалі не прымушалі, ад мяне хавалі хлеб, а ім во... —пасмейваючыся, Мішка хутка згатаваў на кухні дзецям вячэру: нарэзаў каўбасы, сыру, наліў чаю і на шырокім падносе занёс усё гэта ў спальню, дзе сказаў напаследак: — Ешце.

Хуткі, гаваркі Мішка ў падвязаным фартуху надта ўдала ўпісваўся ў гэту дагледжаную кватэру, — быццам і нарадзіўся тут.

— Гляджу я на цябе і ніяк не пайму, хто ты: селянін, рабочы ці інтэлігент? Вырас ты — у вёсцы, інстытут закончыў, а робіш — на будоўлі...

— Браце, я кім хочаш, тым і магу стаць. Спецыяліст шырокага профілю, во хто я, — пасмейваўся Мішка і ў той жа час спрытна абіраў бульбу.

Пасля таго як Мішка пачаў працаваць на будоўлі, памалу між імі знікла студэнцкая шчырасць і адкрытасць, замест яе ўстанавіўся нездарова-насмешлівы тон гаворкі, калі незразумела было, ці то чалавек жартуе, ці то — усур’ёз разважае. Як прыкмеціў Іван, гэты топ усё болей і болей уваходзіў у гарадское жыццё: і ў эстрадных канцэртах, і ў сучасных кнігах, і ў бясконцых гумарыстычных перадачах — усюды Івану бачылася пагыгыкванне з усяго на свеце. І часам здавалася, што гэтае бесклапотнае гыгыканне і было галоўным, з чаго людзі гыгыкалі — ужо мала каго турбавала. Ды і выгадным яно было, гэтае гагаканне, быццам ты аднекуль зверху, як з вышыні касмічнай, пазіраеш на бесталковае людское жыццё-быццё ды пасмейваешся, адчуваючы сябе бязгрэшным анёлам...

— Ты пытаўся, хто я такі? Калі гаворка пра гэта зайшла сур’ёзна, я табе скажу, хто я такі, — казаў Мішка, калі па кухонным століку апустошылі бутэльку. — Усё не так проста, як гэта здаецца. Ведаеш, у маладосці я шмат Дастаеўскага чытаў. Асабліва «Злачынства і пакаранне» мяне цікавіла. І ведаеш, што пасля, калі дарослым стаў, на будоўлі працаваў і з жыццём вочы ў вочы сутыкнуўся, што мяне болей за ўсё здзіўляла? Ведаеш, што мне здавалася надуманым у Дастаеўскага? Пакуты Раскольнікава... Не кожнае злачынства караецца, не кожнае... І не кожны злачынца пакутуе. Можна ўсё жыццё дурыкам пражыць і застацца ў выйгрышы. А іншы, праведнік, будзе ўсё жыццё біцца як рыба аб лёд, шукаючы і абараняючы праўду, і — ніякай яму выгады. Дастаеўскі яшчэ зыходзіў з існавання хрысціянскай рэлігіі, яна для яго была — нечым самастойным, што правіла лёсам народа. Нас жа боскім пакараннем не запалохаеш, пасля фізфака хутчэй у нячыстую сілу паверыш, чым у справядлівага бога. Фініш у праведнікаў і ў грэшнікаў цяпер адзіны... Я гэта ведаю, і ты гэта ведаеш... Таму, разумнік, падкажы мне лепшы варыянт да шчасця, калі я на свае вочы бачу, як адны жывуць-зажываюцца, хапаючы аберуч грошы, пасады, званні і, зрабіўшы праведны выгляд, страшаць мяне, ківаюць мне грозна пальцам: глядзі, Міша Загорскі, вядзі сябе прыстойна, блюдзі мараль... Не-е, як казаў адзін чалавек, можна ўвесь час дурыць аднаго чалавека, можна дурыць пэўны час частку людзей, але ж нельга дурыць увесь народ. Цяпер усе — грамацеі. Калі другім можна нажывацца, багацець, то чаму я павінен канцы з канцамі зводзіць?.. Не, лішнія мільёны мне не трэба, але ж і свайго я нікому папускаць не збіраюся, сваё я з горла вырву... Вот так-та думае цяпер рабочы клас... І думаю, што я цяпер такі не адзіны...

— Міша, ці пра гэта мы марылі ў маладосці, калі на першым курсе вучыліся? — чамусьці Івану стала холадна ад палкага маналогу Мішкі, ад гэтага «з горла вырву...».

— Маладосць... Што такое — маладосць?..— Мішка цёр далонню лоб, і відаць было, што ён думае пра штосьці сваё, пакутлівае. — А ты не задумваўся, чаму ў маладосці мы бываем шчаслівыя? Таму што не ведаем усёй праўды. Перад намі адны ружовыя мары, і мы — шчаслівыя. А тады, як зведаем жорсткую праўду жыцця, становіцца моташна. Не забывайся, што мы жывём сярод людзей. Не ў космасе, не ў адной лабараторыі ці на будоўлі, а — сярод звычайных людзей. І калі штодня будзеш бачыць, як на цябе торкаюць пальцам з-за таго, што не ўмееш выбіць кватэры ці таго ж імпартнага серванта, то хутка разлятуцца твае ружовыя мары. Ты думаеш, я не разумею, што гэты бліскучы сервант, які ў зале стаіць, глупства?.. Разумею. Але цяпер усе так у горадзе робяць, як павар’яцелі. І я вымушаны тое ж самае рабіць. Вымушаны, каб мог спакойна жыць. Вот ты хочаш ведаць праўду... А хто з нас ведае ўсю праўду?.. Не забывайся, горад — не вёска, ёы прымушае нас усіх танцаваць пад сваю дудку, ён стварае ва ўсіх нас сваю псіхалогію мыслення.

— Міша, але ж і ў тым, пра што ты тут гаварыў, таксама не выйсце.

— Выйсце. Хто ведае, дзе паша выйсце? У вёсцы некалі была свая мараль. А ў чым сутнасць гарадской маралі — ты можаш мне сказаць? — Мішка станавіўся ўсё болей насуплены і нават злосны. — Хоць і ў вёсцы цяпер невядома што творыцца. П’янка губіць людзей: і даяркі п’юць, і механізатары — упокат. Чым скончыцца?..

— Давай ужо лепш пра іншае. А то мы з табою пачалі гаворку за здравіе, а скончым за ўпакой. Пастаў ты мне чаю, ды я з Анжэлаю дамоў пайду, — Іван глянуў на гадзіннік. І праўда, пара было дамоў.

Недзе а дзясятай ён быў ужо ля сваёй кватэры. На званок у дзверы адчыніла Элеанора. Чамусьці адразу ж кінуліся ў вочы не твар Элеаноры, не яе постаць, абцягнутая халатам, а пабялелыя палоскі вуснаў.

Элеанора адразу ж ухапіла за руку Анжэлу, уцягнула яе ў кватэру і тут жа шчоўкнула замком — зачыніла дзверы перад самым носам. Усё гэта яна зрабіла гэтак хутка, што ён і апамятацца не паспеў.

Пастаяў. Памаўчаў. Паспрабаваў сваім ключом адамкнуць дзверы, — нічога не атрымалася, дзверы былі замкнёныя.

Тады ён пачаў званіць. У кватэры было ціха, як там і не было нікога. Хмель хутка праходзіў, і тое цьмянае і брыдкае ў душы, чаго ён гэтак баяўся, усё болей і болей падымалася, напаўняючы яго нечым злым і адчайным.

Ён званіў і званіў, то — коратка, з перапынкамі, то — доўга, не перастаючы. Чамусьці было сорамна. Не хапала, каб хтосьці з суседзяў выглянуў на пляцоўку і строга спытаў, чаго ён ломіцца ў сваю кватэру? І што яму тады гаварыць?

Нарэшце з-за дзвярэй данеслася глухое:

— Иди туда, где был до этого, паразит...

Тое цьмянае і брыдкае, якое гэтулькі часу нарывала ў душы, нарэшце прарвалася: ён гучна забухаў нагою ў дзверы:

— Адчыні. Дабром прашу, чуеш...

— Еще раз стукнешь — милицию вызову, алкаш... Быстро вымоют и успокоят, еще и на работу телега пойдет...

І тут толькі да Івана дайшло, што і сапраўды ўсё скончана, вяртання назад няма. Дагэтуль ён спадзяваўся невядома на што: і што Элеанора зменіцца, памякчэе, і што сам ён будзе тады іншы. І што ўвогуле іх сямейнае жыццё неяк самой сабою ўтрасецца, жывуць жа іншыя — пасварацца, страшаць адно аднаго ды зноў жывуць...

Як бы збоку Іван убачыў і сябе, і гэтыя дзверы, абабітыя дэрмацінам, — летась ён сам іх абіваў, тады ж і ўставіў маленькае круглае «вочка», якое цяпер многія ўстаўляюць. Відаць, праз гэтае «вочка» Элеанора і глядзіць на яго, паразіта...

Быццам нехта чужы і насмешлівы нечакана гучна сказаў Івану: «Як жа гэта ўсё банальна. Да чаго ж ты дакаціўся, даражэнькі, да чаго дафіласофстваваўся?!»

 

Раздзел дзесяты

Заканчваўся дэкрэтны адпачынак, і пара было выходзіць на работу. Блакітную кніжачку-дыплом Элеанора мела, ды, як гаварыла мама, дыплом зараз мелі многія, а вось добрай работаю не кожны мог пахваліцца.

На работу Элеаноры хацелася выйсці як мага хутчэй. Яна стамілася і ад Анжэлы, якая крыкамі і капрызамі не давала спакою ні днём, ні ноччу, і ад пакутлівай цішыні ў кватэры, у якой ад цямна да цямна трэба рабіць адно і тое ж, як домработніца, якая не канчала ні інстытута, ні школы, а мае дужую гнуткую спіну ды закарэлыя ад работы рукі. І мо самае пакутлівае для Элеаноры было ў тым, што ўсё гэтак жа, як і раней, адчувала: за зашторанымі вокнамі вялікай кватэры праходзіць маладое вясёлае жыццё, ад якога яна пакуль адгароджана...

З работаю Элеаноры, можна сказаць, пашанцавала. На буйным машынабудаўнічым заводзе пасля рэканструкцыі адкрылі новы ліцейны цэх, і ў заводскую лабараторыю тэрмінова спатрэбіўся інжынер-фізік для правядзення экспрэс-аналізу ліцця. Якраз тады бацьку і пазванілі...

Сабраўшыся сям’ёю, мама і бацька абмеркавалі прапанову. Хоць спецыяльнасць у Элеаноры была трохі іншая, ды ўсё ж уяўленне пра будучую работу Элеанора мела, бо ў інстытуце некалі рабіла лабараторныя работы па экспрэс-аналізу металаў, так што — згаджацца варта было, балазе завод той быў недалёка, недзе ў паўгадзіны хадзьбы ад дому.

«Разумеется, Норочка, — гаварыла на сямейным савеце маці, — выпускать это предложение из рук никак не стоит: завод — передовой, а следовательно — всегда будет прогрессивка, работа в белом халате возле приборов, а не в той же литейке, где грязь, сквозняки и капризные рабочие, которым никак не угодишь».

У дэкрэтным Элеанора часта ўяўляла, як выйдзе першы дзень на работу і там, сярод чужых людзей, адчуе сябе зусім па-другому. Пра будучае начальства таксама думала, праўда, неяк размыта, няясна. Начальства — ну, што ж, на тое яно і начальства, каб быць у гадах, недзе бацькавага ўзросту, пажылым, сіваватым, крыху стомленым ад турбот і клопатаў.

Але ў першы ж дзень на заводзе Элеанора ўбачыла іншае начальства: амаль што аднагодка, падцягнутага, у пацёртых блакітных джынсах, у цёмным скураным пінжачку, з чорнымі вусікамі, што дугою апускаліся за куточкі рота, — нечым ён быў надта падобны на таго спартсмена, які летам прыставаў на возеры. Яго звалі Валерыем Барысавічам.

Спачатку яна неўзлюбіла яго. «Так вы говорите, что лабораторные работы по спектральному анализу когда-то делали? — дапытваўся ён, пазіраючы то на блакітную кніжачку дыплома, то на яе. Яна сядзела насупраць за сталом у ягоным кабінеце: невялічкім, тры на чатыры метры пакойчыку, дзе, акрамя стала і шафы з кнігамі, больш, здаецца, нічога не было. «Да, делала», — гаварыла Элеанора і ў той жа час думала: яшчэ мне правяральшчык знайшоўся. «А марку спектрографа, на котором лабораторки делали, вы не запомнили?» — ён пільна прыглядаўся, пасмейваўся, як быццам яму было даўно вядома, як яна тыя лабараторкі здавала...

Элеанора адчула збянтэжанасць. Быццам яе па экзамене завальвалі. Гэтыя экзамены ўжо каторы год пасля заканчэння інстытута сняцца... Марка спектрографа не помнілася. Тады, як здавала залік, памятала. Дзе ты ўсё запомніш, што табе пяць год у галаву ўкладалі, чым нярэдка тлумілі мазгі?..

Яна прамаўчала, адчуваючы, што чырванее пад ягоным настырным позіркам. «Что ж, можете идти в лабораторию и знакомиться с методикой проведения анализов. Заодно взгляните и на марку спектрографа. А там — посмотрим»,— нечакана суха і цяпер ужо без усмешачкі закончыў гаворку Валерый Барысавіч. Яе тады надта здзівіла перамена ў тоне гаворкі. Ціхая і прысаромленая, Элеанора выйшла з кабінета. Думалася: што ж, абыдуся і без тваёй ласкі, сама ва ўсім разбяруся, знарок на вочы не буду паказвацца. А між тым здзіўленне, што ў такія маладыя гады ён ужо — начальнік лабараторыі, што ўсе супрацоўнікі, і старыя, і маладыя, называюць на «вы», ніяк не праходзіла.

Недзе праз паўгода, як выйшла на работу, у душы Элеаноры паявілася новае пачуццё, якога дагэтуль ніколі не адчувала; у гэтым новым пачуцці сплялося рознае: і незразумелая сцішанасць перад аўтарытэтам начальства, якое ледзьве не штодня з дзевяці раніцы да шасці вечара можа распараджацца ёю, як уздумаецца, і цікаўнасць да яго жыцця, якое здавалася нашмат цікавейшым за яе асабістае, за жыццё супрацоўнікаў, бо не хто-небудзь, а ён, Валерый Барысавіч, бываў на штотыднёвых планёрках у вялізным, з падвойнымі дзвярыма, кабінеце дырэктара завода, адкуль пасля планёрак хто выходзіў, а хто і вылятаў, то — пабялелы, то — учарнелы; Валерый Барысавіч выбіваў ім прагрэсіўку, ён рабіў кандыдацкую, а вечарамі, казалі жанчыны, займаўся тэнісам, таму ў яго фігура такая гнуткая... Чым болей Элеанора прыглядалася да Валерыя Барысавіча, тым болей ён ахутваўся таемнай загадкавай дымкаю.

Раніцаю, калі Іван з Анжэлаю знікалі за дзвярыма, яна доўга выглядалася ў люстэрка, прымерваючы сукенку, фарбуючы вейкі, шчокі і вусны... Адчувала тады, як становіцца нейкай іншаю, як падымаецца пастрой, бо ведала — праз якую гадзіну ў лабараторыі зноў сустрэне Валерыя Барысавіча, пачуе ягонае стрыманае: «Как спалось, Элеонора Валентиновна?» — і тое, якім голасам ён спытае, як паглядзіць у вочы — ва ўсім гэтым будзе намёк на нешта, што можа адбыцца між імі, толькі не цяпер і не ў лабараторыі, а недзе потым...

Усё на рабоце было як першае спатканне, як вяртанне ў маладосць, калі яшчэ нічога не сказана, нічога не зроблена, нічога не азмрочана бытавымі непрыемнасцямі, калі ўсё яшчэ трымаецца на салодкім прадчуванні чагосьці незвычайнага.

Прыходзячы ў лабараторыю, Элеанора станавілася занадта вясёлаю і занадта шматслоўнаю — незразумелая радасць захліствала ўсю яе, яна адчувала тое напаўзабытае, чаго не адчувала з той пары, як выйшла замуж.

Рабочы дзень мільгаў хутка, здаецца, толькі-толькі спускалася ў цэх браць пробы на аналіз, а ўжо глядзіш — поўдзень, па рэпрадуктары, які быў уключаны на ўсю моц, як і заўсёды ў абедзенны перапынак, пачыналі звінець салодкія песні пра каханне. Як і ўсе жанчыны, Элеанора таксама слухала гэтыя песні, і не раз бывала, што ў яе аж слёзы наварочваліся ад хвалявання, бо і сапраўды, усё ў тых песнях было амаль гэтак жа, як і ў яе жыцці...

І калі б яна была цяпер вольнаю, калі б не было Анжэлы, Івана...

Але жорсткае жыццё распараджалася па-свойму, у ім былі свае плюсы і мінусы, на той і на другі бок, як на лічыльніках костачкі. І пра гэтую раскладку плюсаў і мінусаў Элеанора ніколі не забывалася.

Валерый Барысавіч таксама быў жанаты, жанчыны ў лабараторыі гаварылі, што жыў ён са сваёй быццам па «французскаму шлюбу»: ён — сабе, яна — сабе... Але пра сваё сямейнае жыццё Валерый Барысавіч ніколі нікому не гаварыў, ні пра жонку, ні пра сына, быццам іх зусім не было.

Чым болей Элеанора рабіла ў лабараторыі, тым болей адчувала, што лабараторыя і супрацоўнікі, разам з якімі яна ходзіць абедаць у заводскую сталоўку, на сходы, як прафсаюзныя, так і ўрачыстыя, па суботнікі і дэманстрацыі, — усё гэта яе нейкі родны дом і сям’я, у якой, як і ў любой сям’і, ёсць свае пісаныя і няпісаныя законы, ёсць свае будні і святы. Ды іначай і не магло быць. Калі разабрацца, то і невядома, дзе болей сіл і энергіі траціць чалавек: на рабоце ці дома?..

І тое, што ў лабараторыі апошнія гады па-сямейнаму цёпла святкавалі дні нараджэнняў, святы, у гэтым нічога дзіўнага не бачылася, людзі былі людзьмі, яны прывыклі адно да аднаго, і кожны хацеў адчуць падчас работы не казённую афіцыйную сухасць, а тое нябачнае цёплае пачуццё еднасці, якое заўсёды адчуваеш у добрай дружнай сям’і.

Дні нараджэнняў у лабараторыі звычайна адзначаліся тортам і бутэлькаю шампанскага. А вось дзень нараджэння Валерыя Барысавіча трэба было адзначыць неяк асабліва, так, каб ён да глыбіні душы адчуў, што падначаленыя яго шануюць і цэняць. І як чалавека, і як кіраўніка...

Пасля доўгіх гаворак і спрэчак жанчыны сышліся на тым, што трэба заказаць у кулінарыі торт з надпісам, купіць бутэльку каньяку, шампанскага і яшчэ які-небудзь падарунак... Калі ўсю суму раскінулі на супрацоўнікаў, то выйшла недзе па дзясятцы. Не так ужо і шмат.

Амаль кожны ў лабараторыі атрымаў даручэнне ад баявой актывісткі Ніны Лявонцьеўны: адны — павінны былі заказаць торт, другія купіць каньяк і шампанскае, а вось ёй, Элеаноры, Ніна Лявонцьеўна дала даручэнне на свой густ выбраць яму падарунак. Так і сказала: «Мы за цябе ў лабараторыі тваю работу зробім, а ты выберы тое, каб запомніў на ўсё жыццё...»

І яна пайшла. Па магазінах хадзіла доўга, прыглядалася, прыцэньвалася і ў той жа час думала не столькі пра падарунак, як пра Валерыя Барысавіча. У падарунак трэба было выбраць штосьці такое, каб гэты падарунак быў і ад яе асабіста, каб ён душою адчуў, што яна ўвесь час думае пра яго.

Дарагія духі, бліскучыя запанкі, гальштукі, кашулі — усё гэта было не тое, яно было тым звычайным, што яму, відаць, дарылі неаднойчы, і таму, калі ўбачыць такі падарунак, душа ягоная не ўскалыхнецца. Але ж што яму выбраць, што? Наручны гадзіннік? Гадзіннік у яго быў — японскі электронны гадзіннік, які ягоны бацька прывёз з замежнай камандзіроўкі. Такога гадзінніка нават і ў дырэктара завода няма,

Усюды на прылаўках Элеанора бачыла даўно вядомае, адно і тое ж, з прыкрасцю думалася пра стандарт, які ўсё і ўсіх стрыжэ над адну мерку.

Стандарт у жыцці, стандарт у таварах, стандарт у адносінах — гэта можна рабіць, а гэтага — няможна... А чаму няможна? Чалавеку хочацца незвычайнага, не стандартнага, таго, што іншыя не бачылі і не адчувалі.

Стомленая ад хадзьбы па горадзе, без вялікай надзеі па ўдачу, Элеанора зазірнула ў цэнтральны кніжны магазін. У аддзеле, дзе прадавалі плакаты і паштоўкі, убачыла вялікі прыгожы альбом: рэпрадукцыі карцін Пікасо. Блакітнага перыяду, кубізму...

Стаяла ля прылаўка, асцярожна гартала альбом і ўсё болей упэўнівалася, што гэты альбом з каляровымі рэпрадукцыямі вядомых усяму свету карцін і кароценькімі каментарыямі на французскай, англійскай і рускай мовах якраз і будзе тым найлепшым, што яму падыдзе і запомніцца. Альбом выпушчаны ў Францыі. Якасць паперы, якасць фарбы — выключныя, такія дарагія альбомы цяпер многія пачынаюць калекцыяніраваць, гэта — не крышталь у серванце ці той жа дыван на сцяне, гэта, што ні гавары, высокае мастацтва... Па цане альбом быў дарагаваты, але тут можна дакласці свае. Тут ужо гаворка вядзецца не пра грошы...

Радасная і ўзбуджаная, Элеанора выйшла з магазіна. Засталося з’ездзіць на рынак і купіць кветкі. Найлепш за ўсё — ружы...

Дарогаю думалася, як падпісаць альбом. Відаць, найлепей так: «От сотрудников в день рождения уважаемому Валерию Борисовичу на добрую теплую память о совместных волнениях...» У такім надпісе будзе тое асабістае, што так хацелася выказаць,

Назаўтра ў канцы рабочага дня, як і звычайна, калі адзначалі дні нараджэнняў ці іншыя святы, яны замкнулі з сярэдзіны дзверы лабараторыі, каб ніхто са старонніх не зайшоў, і за накрытым сталом пачалі віншаванне Валерыя Барысавіча. Калі супрацоўнікі жартавалі і смяяліся, успамінаючы сваё лабараторнае жыццё, незразумелае чужому чалавеку, калі час ад часу Элеанора лавіла на сабе востры і цвярозы позірк Валерыя Барысавіча, тады яна адчувала, як адчувала некалі ў студэнцкія гады, што ўжо нечым звязана з Валерыем Барысавічам. І ён гэта адчуваў таксама. Ён і яна ведалі пра гэтую нябачную сувязь, хоць не сказалі адно аднаму ніводнага слова. І яшчэ ў Элеаноры паявілася прадчуванне, што ў гэты вечар абавязкова штосьці здарыцца, мо нават і тое, да чаго міжвольна імкнулася. Таму яна была занадта гаманкая і смяшлівая.

Як гэта часта ў жыцці атрымлівалася, прадчуванне спраўджвалася: калі ўсё было скончана — прыбралі чыста са стала і, выходзячы з лабараторыі, правяралі сігналізацыю, Валерый Барысавіч, чамусьці гледзячы ў вочы Элеаноры, гучна абвясціў:

— Что не сделаешь ради дорогих сотрудников!.. Сейчас приглашаю в свой вигвам. Прошу всех ко мне домой. После такого внимания, после такого шикарного подарка...

Ён быў дзіўна раскаваны ў той вечар, зусім не падобны на сухога і дзелавітага начальніка, якім звычайна быў штодня ў лабараторыі і пра якога дагэтуль жанчыны гаварылі, што ён да сябе і блізка нікога не падпускае...

І там, у ягонай кватэры, Элеанора адчувала тое нябачнае, што прыцягвала да Валерыя Барысавіча, што прымушала быць побач з ім.

У яго дома была гітара, і Валерый Барысавіч — гэта ўсіх прыемна ўразіла — добра спяваў пад гітару розныя песні: і Высоцкага і іншых, якіх яна не чула па радыё.

 

Раскинулся график по модулю пять,

Вдали ннтегралы стояли.

Студент не сумел производную взять,

Ему в деканате сказали:

        «Экзамен нельзя так халатно сдавать,

        Профессор тобой недоволен.

        Изволь теорему Коши доказать

        Иль будешь из вуза уволен».

Студент попытался свести все к нулю.

В глазах у него помутилось.

На миг он стипендии свет увидал,

Упал — сердце больше не билось.

        К нему подбежали профессор и врач,

        Бородки свои наклонили.

        Декан обещал три стипендии дать,

        Но поздно — уж пятки остыли...

 

— Наша, факультетская, — усміхнуўся Валерый Барысавіч і тут жа, перабіраючы струны гітары, пытаўся: — А вот такую слышали?..

І зноў, і зноў была песня, перазвон гітары...

Ён знаў шмат студэнцкіх і турысцкіх песень, жартаўлівых, смешных, — у перазвоне гітары, у песнях, ва ўсмешцы Валерыя Барысавіча, у ягоных жартах было як бы вяртанне да таго жыцця, у якое цяпер, аказваецца, можна вярнуцца.

Можна вярнуць тое, што, здавалася, навечна страчана, канула ў Лету...

Разыходзіліся з неахвотаю. Так атрымалася, што Элеанора нават і не прыкмеціла, хто і калі пайшоў, з кватэры яна выходзіла апошняя. Валерыю Барысавічу давялося яе праводзіць.

Калі выйшлі на вуліцу, было цёмна. Пад нагамі парыпваў снег, які ў святле неонавых ліхтароў адліваў белізною, іскрыўся. Дарогаю да сваёй кватэры давялося ісці скрозь бязлюдны ў такую познюю пару парк. Гледзячы то сабе пад ногі, дзе была шырокая расчышчаная машынаю дарожка, то ўдалеч, дзе бялелі прысыпаныя іскрыстай беллю сосны, дзе ліхтары лілі на снег сіняватыя конусы святла, Элеанора адчувала, што ўсё вакол гойдаецца, усё — зыбкае і казачнае, як пад Новы год. Валерый Барысавіч трымаў яе подруч і, смеючыся, успамінаў сваё студэнцтва, вучобу ў Маскве, дзе ягоны бацька цяпер займаў адказную пасаду. Элеанора слухала тыя даўнія здарэнні і прыгоды Валерыя Барысавіча, за якія яго ледзь не выключылі з інстытута, і запамінала не сэнс сказанага, а ягоны нізкі глухаваты голас, які чуўся надта ўжо блізка.

Тое непазбежнае, неадольнае, што звязвала яе з Валерыем Барысавічам увесь вечар, брала верх і над яе сцішанасцю, і над яе разгубленасцю. Яна чула ягоныя жарты, насмешачкі, якія другому чалавеку ніколі б не прабачыла, і ўсё здзіўлялася: чаму, адкуль у ім упэўненасць, што яна — не пакрыўдзіцца? Як і незразумела было, чаму яна так неадольна хінулася да Валерыя Барысавіча?

Калі ўжо выходзілі з парку, ён прыпыніўся.

— Повернись ко мне, — ён упершыню назваў яе на «ты», і гэта было як прызнанне ў каханні.

Яна павярнулася да яго тварам і, убачыўшы зблізку ягоныя смяшлівыя вочы, чорныя дужкі вусоў, падумала, што зараз павінна штосьці здарыцца...

Ён пацалаваў яе — мякка, ледзь дакрануўшыся сваімі вуснамі, абдаўшы невядомым пахам духоў. Хацелася, каб усё гэта паўтарылася яшчэ раз, ярчэй і бліжэй, каб зноў усё гэта накацілася марской хваляю: тонкі ледзь улоўны пах духоў, казытлівая мяккасць вуснаў, цеплыня далоняў...

Але нічога не паўтаралася. Ён хрыплавата засмяяўся:

— Ты, оказывается, еще и целоваться не умеешь. Запланируем это мероприятие на лучшие времена.

Яны пайшлі ў горад, дзе быў утаптаны снег, зыркія вясёлыя агні, якія назусім забівалі цемру, зорнае бяздонне неба, што ледзь-ледзь праглядалася ў парку, дзе былі гулкія машыны, людзі, якія ўспрымаліся свядомасцю як штосьці неістотнае, — як тыя прысыпаныя снегам маўклівыя бяздумныя сосны ў парку, што шчыльна ахіналі слаба асветленую алею, па якой, здаецца, ішла б і ішла б...

Усё тое, што было ў жыцці дагэтуль: замужжа, Анжэла — было такім чужым... Ёй не хацелася вяртацца дамоў, у сваю кватэру, хацелася, каб дарога не канчалася. Вось так бы ўсё жыццё ісці і ісці, ні аб чым надта і не задумваючыся, адчуваючы побач дужую цёплую далонь...

Дома, калі зноў убачыла знаёмую кухню з посудам, калі ўбачыла Івана — у той дзень яна загадзя дамовілася з мамаю, каб Анжэлу яна забрала нанач да сябе, — Элеаноры стала балюча і горка. Зноў у каторы раз падумалася: чаму яна павінна пакутаваць, за якія такія грахі?.. Чаму да самай старасці павінна быць побач з ім, вечна маўклівым і насупленым?

І ў тым, як Іван абыякава моўчкі сустрэў яе, нават не распытваў надта, дзе была дагэтуль, як ён соўгаўся ў шлёпках па кватэры, як, пазяхаючы, спакойна ўкладваўся спаць побач з ёю, — усё гэта абуджала пачуццё злосці, якое нічым не магла заглушыць.

Калі Іван прымірэнча-спакойна паклаў халодную руку на яе аголенае плячо, — о-о, як ёй быў знаёмы кожны ягоны жэст, кожнае ягонае слова! — Элеаноры стала настолькі балюча, што не вытрымала.

— Голова болит, давай спать, — рашуча, нават злосна яна адкінула ягоную цяжкую руку.

Ён пакрыўдзіўся, адвярнуўся. Элеаноры стала лягчэй. Падумала, што нехта разумны прыдумаў гэты шырачэнны двухспальны ложак, на якім, калі што не так, можна спаць паасобку...

 

Ці помніла Анжэла хоць міг з таго загадкавага жыцця, калі маці насіла яе, незаўважна для сябе пагладжваючы далонню жывот, адчуваючы штуршкі і ўдары?

Ці застаюцца ў чалавечай памяці імгненні быцця, якое пачынаецца з падзелу чагосьці, у якім закладзена, прыхавана тое, што з часам набудзе выразны, акрэслены выгляд: здзіўлена-круглы, як і ў большасці дзяцей, вечна адкрыты позірк на пухлым тварыку, пухлыя ручкі і ножкі, якія не ведаюць спакою, поўненькае цельца — усё гэта, напачатку бездапаможнае і крыклівае, з гадамі будзе як бы праяўляцца, і ўсё выразней на ім будзе праразацца штосьці такое, што так прыцягвае позірк чалавека?..

Ці ведае, ці разумее тады чалавек, што існаванне ў водах, без сонечнага цяпла і подыху вятроў, без квяцістых лугоў і глухіх лясоў, без рачулак, прыхаваных кустамі алешніку, без дажджоў вясенніх, без гарадоў і вёсачак, без людскіх позіркаў, якія незразумела як, ды заўсёды чалавеку аб нечым ці то сцвярджаюць, ці то падказваюць не менш за словы і жэсты, — ці ведае, ці разумее тады чалавек, што існаванне ў цёмных водах — не вечнае, яно — усяго толькі падрыхтоўка да таго пакутлівага пераходу ў гэты агромністы шумны заліты агнямі і сонцам свет, жыццё ў якім пачынаецца з крыку ці то радасці, ці то адчаю, ці то болю — хто ведае, хто падкажа, што азначае для чалавека ягоны першы крык, першы гук новага абноўленага жыцця?

Пазней, калі туга загорнутая пялёнкамі, непарушным камячком Анжэла ляжала ў ложку, калі, шырока адкрываючы роцік, адчуваючы, як нечага ёй ці то не хапае, ці то штосьці ёй замінае, яна крычала, і тады тут жа з невядомасці паяўлялася тое, што супакойвала: галасы, цяпло, што ахінала яе цельца, напаўняючы ўсю спакоем і цішынёю,— усё гэта, пазнейшае, за часам змылася ў памяці, пра гэтыя першыя імгненні Анжэла не помніла, як не помніла свайго першага слова, свайго першага кроку.

Калі бацька гаварыў пра маленства, калі падоўгу разглядала фотаздымкі маленькага аголенага дзіцяці, якое нечым няўлоўным нагадвала яе цяперашнюю, шасцігадовую, Анжэле не верылася, што некалі яна была такой, думалася, што яна з'явілася на свет пазней, з тых імгненняў, пра якія помніла.

Адчуваючы слодыч успамінаў, Анжэла часта ўспамінала, як ішла з бацькам па вуліцы. Куды, адкуль ішла — не ведала, ці то ў садзік, ці то з садзіка, ці то проста гулялі па горадзе. Помнілася, што ўгары ў блакітным небе над галавою, над сценамі агромністых дамоў свяціла цёплае сонца, і дзіўна было — куды яны ні ішлі, там жа аказвалася і сонца, яно як бы кацілася ўслед за імі... Яны ішлі па тратуары, шэрым і гладкім, збоку ля дарогі, у вялікіх цёмных квадратах зямлі высіліся зялёныя клёны. Яе і бацьку абміналі гаманкія людзі, па вуліцы мчалі машыны.

Вось і ўсё, што яна магла ўспомніць пра свае першыя імгненні. І яшчэ — гэта было важнейшым у тых успамінах — у душы яе ў той час было пачуццё злітнасці з гэтымі клёнамі, з агромністым сонцам, што свяціла спецыяльна для яе адной, з гаманкімі людзьмі, з цёплай далонню бацькі... Мо таму і помнілася ўсё гэта, што ў душы было такое пачуццё...

А тое, пазнейшае, што магла ўспомніць, яно ўжо неяк злівалася адно з адным, як ланцужок які: маці, вечна заклапочаная, нечым ці то занятая, ці то ўстрывожаная, якой недзе трэба быць, некуды трэба бегчы, паспець, не спазніцца; бацька, які адводзіў у садзік і забіраў адтуль; бабуля і дзядуля, да якіх так добра хадзіць у госці, бо там заўсёды гладзяць, мілуюць і смачна кормяць; вёска, куды адвозіў бацька, тая старэнькая смяшлівая бабуля, якая смешна і дзіўна гаворыць, расцягваючы словы, дзе куры ў двары і сярдзіты певень, які бегаў за ёю, каб клюнуць, вялізныя рагатыя каровы на вуліцы, чорны сабака з чырвоным доўгім, што ў роце не ўмяшчаецца, языком — усё ў тых вясковых успамінах было дзіўным, як прыснілася, і зноў — успаміны пра гарадскія вуліцы, пра свой двор, пра садзік, пра кватэру, дзе тэлевізар з мульцікамі, — успаміны гэтыя зліваліся ў адзінае кіно, якое штовечар магла глядзець па свайму жаданню і ад якога станавілася радасна.

Калі Анжэле ішоў пяты год, нешта трывожнае ўсё часцей і часцей урывалася ў яе жыццё. Было тое, калі бацька і маці пачыналі сварыцца, бывала — адны на кухні, а бывала — пры ёй. Яны гучна крычалі адно на аднаго і не маглі заціхнуць і супакоіцца. Тады Анжэла адчувала, як штосьці незразумелае, злое і пагрозлівае паяўляецца ля яе, яно лунала ў кватэры, і дзіўна, што ні бацька ні маці я г о не адчувалі. Бо, калі б яны яго адчувалі, то адразу б перасталі сварыцца.

Анжэла не ведала, ды і не хацела ведаць, хто з іх у чым вінаваты, як і не магла зразумець, што прымушала іх крычаць адно на аднаго, чырванеючы, злосна гледзячы адно аднаму ў вочы. Анжэла адчувала, што іх сваркі, крыкі — гэта не самае страшнае, самае страшнае — тое нядобрае і злое, што паяўлялася ў кватэры падчас сварак і ад чаго ёй было настолькі балюча, што хацелася схавацца куды-небудзь і плакаць. Як і некалі, калі яна аж заходзілася крыкам, туга загорнутая пялёнкамі.

Але пры іх Анжэла чамусьці не магла ні плакаць, ні крычаць, ёй чамусьці было сорамна, быццам яны сварыліся з-за яе. Толькі пазней, схаваўшыся ад іх у спальні за шафаю, яна паціху плакала. Слёзы памалу вымывалі з душы тое нябачнае і цяжкое, што паяўлялася, калі бацькі сварыліся.

Пасля, наплакаўшыся, калі бацькі ўжо не крычалі адно на аднаго, яна пільна глядзела на іх, стараючыся ўведаць, з-за чаго ж яны сварыліся.

З-за чаго?

 

Раздзел адзінаццаты

— Какова причина вашего развода? — спытала суддзя. Яна сядзела за сталом, накрытым зялёным тоўстым сукном. На стале стаяў графін з вадою, дзве шклянкі. Там жа, перад суддзёю, ляжалі ў папцы паперы. Побач з ёю — народныя засядацелі: злева — мужчына год трыццаці пяці, справа — жанчына такога ж узросту. Асобна ад іх за нізенькім столікам сядзела сакратарка. Усе яны пільна глядзелі на Івана.

— Я это написал в заявлении. У нас нету чувства любви. Мы вместе не живем уже около двух лет. — Дагэтуль, калі хадзіў у юрыдычную кансультацыю, Івану параілі, што такая прычына разводу будзе самай бяскрыўднай. І яшчэ Іван стараўся помніць, што гаварыла Элеанора: «Чем поливать на суде друг друга грязью, чем трясти перед людьми грязным бельем, давай хоть по-человечески разойдемся...»

— Но этого же мало для развода, понимаете? — суддзя ўсё старалася зазірнуць у вочы Івану.

— Наши характеры психологически несовместимы. Об этом я также написал в заявлении.

— Но у вас же ребенок. Дочь растет. Вы подумали о ней?

Было балюча і ад пільнага позірку суддзі ў чорным казённым касцюме, і ад яе слоў. Адчуваў сябе вінаватым. Апусціў галаву. Потым не вытрымаў, як на збавенне, зірнуў на Элеанору. Яна сядзела побач і спакойна глядзела на суддзю, і на засядацеляў. І калі б цяпер Элеанора сказала адно адзінае слова, то... Падалося, што яна наадварот нечым задаволена, ледзь-ледзь усміхаецца. Адразу ж, як толькі ўбачыў гэты задаволены выраз твару, Івана, аж страсянула.

— Мы не живем вместе уже два года. И совместного хозяйства не ведем, — Іван ведаў, што гэтыя словы таксама трэба гаварыць. І ён гаварыў іх.

Боль не праходзіў, як і не праходзіла пачуццё вялікай віны. Адчуванне было такое, быццам хворы па хісткай кладцы пераходзіў цераз нейкую прорву і ў любое імгненне мог сарвацца.

— Деньги на содержание ребенка вы даете?

— Даю.

— Вы ее воспитываете?

— Воспитываю.

— Так что же вам мешает жить одной семьей? — пытанне было простае і настолькі яснае, што аж закрычаць хацелася: а і праўда, што ж ім замінае сумесна жыць?.. Бо ўсё, пра што ён напісаў у заяве, пра што гаварыў цяпер суддзі, гэта было не тым, не галоўным.

Маўчаў. Суддзя таксама маўчала, глядзела па яго, як бы чакаючы, калі ж ён скажа, што згодзен забраць заяву назад.

— Садитесь, — нарэшце сказала яна.

— Гражданка Весковец, прошу встать, — сказала затым суддзя, пасля таго як Іван сеў. — Вы согласны с причиной развода, которую указал в заявлении ваш муж? У вас больше нету иных причин?

— Мы не любим друг друга. Мы психологически несовместимые.

— Сходились вы по любви?

— Да.

— Так что же случилось?

— У нас разные характеры. Мы не подходим друг другу.

— Но у вас же есть ребенок. Вы все взвесили?..

— Я думаю, что ребенок будет жить со мной, ибо я — мать, и я смогу дать дочке необходимое воспитание. Прошу нас развести, ибо мы не живем вместе два года.

— Вы уверены, что так будет лучше? — суддзя хацела нешта сказаць яшчэ, ды, паварушыўшы вуснамі, так нічога і не сказала.

Элеанора маўчала. Толькі цяпер Іван заўважыў, што ў яго дрыжаць, уздрыгваюць пальцы. І ўсярэдзіне ўсё дрыжала. «Чаго гэта я? Гэта ж — умоўнасць усё, як казала Элеанора, чыстая фармальнасць», — ён спрабаваў супакойваць сябе і не мог.

Вось і ўсё...

Тое, да чаго ён з Элеанораю памалу набліжаўся, штурхаючы адно аднаго спрэчкамі, злымі позіркамі, зацятым маўчаннем, у рэальнасць чаго Іван не верыў да апошняга імгнення, здарылася.

Яны выйшлі з будыніны народнага суда, і толькі тут, на халодных мармуровых прыступках, да Івана пачало даходзіць: куды яму цяпер падацца?

Ні слова не сказаўшы, Элеанора лёгка і хутка спусцілася з прыступак і пайшла ў бок супынку аўтобуса. Цок, цок, цок... Цоканне яе высокіх тонкіх абцасаў балюча аддавала ў галаве. Ён глядзеў не на Элеанору, а на яе чорныя імпартныя боты, на тонкія халяўкі, што шчыльна аблягалі ногі. Бы панчошкі якія... Гэтыя боты ўваходзілі ў моду, і яшчэ не ўсе іх мелі.

Зноў, як і некалі, была восень. З клёнаў і ліп ападала яркае каляровае лісце, праз дзень-другі яно цямнела, набракала вільгаццю і валялася ўсюды: і на тратуарах, і ў дварах... Штораніцы дворнікі змяталі яго ў груды, якія пасля разам са смеццем машынамі вывозілі за горад. Апошнімі днямі часта ішлі дажджы, калі — нудныя і доўгія, з раніцы да цёмнага, а калі — кароткія, нечаканыя, з парывамі вільготнага ветру, які цягаў туды-сюды нізкія калматыя хмары — яны, здавалася, чапляліся за дахі высотных дамоў, за заводскія і фабрычныя коміны. Ад сырасці і дажджоў паветра над горадам станавілася цяжкім, часта пяршыла ў горле, кашлялася... Але бывала, што сярод дня між цёмных хмар выглядвала надзвычай чыстае светлае сонца, і тады ўсё вакол станавілася святочным, вымытым, здавалася, што зімы не будзе, што цяпло і зелень вось-вось сагрэюць душу і цела. Але так толькі здавалася. Іван цяпер добра ведаў, што сонца зноў схаваецца ў хмарах, зноў пачнецца зябкая золь, сырасць, ад якіх холадна і на вуліцы, і ў блочных кватэрах, дзе ўсё яшчэ ніяк не ўключаюць батарэй.

Была гэткая ж восень, калі ён пазнаёміўся з Элеанораю. І тады было ўсё гэта: і дажджы, і лужыны, і сырасць, і нізкія хмары. Але як жа ўсё тады здавалася іншым!..

Ад дажджу і сырасці трэба было ўсё ж хавацца, не вечна ж стаяць на прыступках, але Іван усё стаяў і глядзеў услед Элеаноры, як упершыню разглядаючы яе прамую постаць у сінтэтычным чорным асеннім паліто. І чорныя боты, і паліто, як і чорны складаны японскі парасон, які Элеанора распрастала, усё гэта здалося нейкім казённым, у чым цяпер многія жанчыны хадзілі і што рабіла іх аднолькавымі, як салдат у шарэнзе. Думаў, што і разважаюць яны гэтак жа аднолькава, і адчуваюць свет... І ўсё яшчэ чуўся Івану цокат імпартных, здаецца, ці не югаслаўскіх, ботаў... Быццам гэтым цоканнем Элеанора і цяпер хацела сказаць: «Так і будзе... Так і будзе...»

Цяпер, калі іх развялі, калі Іван зразумеў, што сяк-так ды па хісткай кладцы ўдалося перайсці цераз жахлівую прорву, і ўжо назаўсёды аддзелены ад Элеаноры, як ні дзіўна, ды цяпер у ім узнікла шкадаванне чагосьці ці то страчанага, ці то сваёй віны. Гэтае пачуццё было настолькі балючым, што міжволі захацелася пабегчы ўслед за Элеанораю, дагнаць яе і, забыўшыся пра свой гонар, папрасіць прабачэння. Толькі за што?

Ён усё стаяў і глядзеў у бок аўтобуснага супынку, хоць Элеаноры ўжо не відаць было. Па вуліцы ішлі незнаёмыя людзі. Як і звычайна восенню, у хлюпоцце, схаваўшыся пад парасонамі, яны былі аднолькава нецікавыя, занадта суха і дзелавіта глядзелі на бліскучы шэры асфальт.

Сярод гэтага мнагалюддзя ў вочы кінулася маладзенькая пара: хлопец і дзяўчына, апранутыя аднолькава, як блізняты якія — у блакітных куртачках і джынсах, трымаючыся за рукі, яны, здаецца, радаваліся дажджу і сырасці. З усмешкаю пазіраючы адно аднаму ў вочы, яны набліжаліся да Івана і гаварылі, здаецца, пра нешта надта важнае і цікавае, ад чаго ім так было радасна і смешна. Вось яны наблізіліся, і тут Іван пачуў, што гаварыў хлопец: «А тогда мой старикан говорит: за науку берись, пока не поздно, не то пропадешь ни за грош. А я ему здесь же, не отходя от кассы: а да фени мне твоя наука, если я на заводе буду две сотни чистыми иметь. И мозги мне сушить не нужно, как тебе когда-то, и начальство меня долбать не будет, как тебя на планерках...»

Яны прайшлі міма. Галоўнае цяпер для іх не завод, не навука і нават не ягоны стары... Як жа гэта бывае цяжка выявіць тое галоўнае, што звязвае людзей і робіць іх шчаслівымі!..

А потым Іван схамянуўся: ясна і аголена падумалася, што з сягонняшняга дня можа не заходзіць па Анжэлу ў школу. Ён можа яе ніколі не бачыць, як вярнуўшыся з прадлёнкі, яна пачне гуляць у лялькі, як раніцаю сонная, бы на нялюбую работу, будзе збірацца ў школу. Нават пагладзіць яе па галаве і то — не зможа.

Толькі цяпер да Івана пачало даходзіць, адкуль такое балючае пачуццё віны і страты. Зусім па-новаму ён пачаў разумець, што адбывалася апошнія месяцы ў іх сям’і, да чаго ўсё кацілася.

Як, аказваецца, усё цяпер проста: пагаварылі між сабою, напісалі заявы і, асіраціўшы дзіця, навечна разбегліся ў розныя бакі. І ніхто не вінаваты...

І праўда, які ж ён, як гаварыла Элеанора, паразіт!..

Нудны дождж сеяўся і сеяўся, як скрозь сіта. Трэба было нешта рабіць, некуды ісці і хавацца. На рабоце паказвацца было цяжка, бо там невядома як, ды ўжо ўсе ведалі, што ён — разводзіцца. Учора сам чуў, як у калідоры Зіна з кімсьці гаварыла: «Што творыцца ў свеце... Ты не паверыш — шэф наш разводзіцца». — «А чаго ж ім не хапала? І кватэра, і грошы — усё ёсць. Здаецца, і жылі мірна, не гуляў». — «А хто ведае, чаму адны жывуць мірна, а другія пакутуюць? — філасофствавала Зіна.— Якраз тыя, хто ціха жыве, могуць за адзін тыдзень развесціся. А тыя, хто кожны дзень адзін аднаму вочы дзярэ, жывуць разам да старасці».

Пакутліва было не толькі тое, што Зіна і Косця ведалі пра ягоны развод, а і тое, што апошні тыдзень ён зусім па-іншаму адчуваў людзей. І ў лабараторыі, і ў дэканаце, і нават на люднай вуліцы — здаецца, усюды людзі разглядалі яго неяк занадта пільна, хто — з цікаўнасцю, хто — з пагардаю і здзеклівасцю, як быццам ва ўсім горадзе ведалі, што ён — разводзіцца і накідае дзіця. Душэўную безабаронную аголенасць Іван не мог схаваць ні вясёлай усмешкаю, ні дасціпным жартам, і таму яму было сорамна, як сорамна бывае перад людзьмі аголенаму чалавеку.

Узбуджанасць, што была на судзе, пачынала спадаць, пальцы рук ужо не дрыжалі, цяпер адчувалася, як ломіць у галаве,— паволі, штохвілінна, як абручом сцягвае.

Што ж цяпер рабіць? Куды пайсці? Здавалася, што галава баліць якраз ад таго, што не ведаў, куды дзявацца.

Ведаў адно: начаваць дома не будзе, бо там, убачыўшы Элеанору, яе здзеклівы помслівы позірк, яго зноў міжвольна пачне трэсці, зноў пачнецца ранейшае, што дагэтуль было не раз, і тады ён можа не вытрымаць і ўвогуле невядома, чым скончыцца тое начаванне. Пачуццё злосці і нянавісці, пакутлівае і незразумелае, як ні дзіўна, яднала іх. Гэтае пачуццё штурхала да Элеаноры, як быццам без яе нельга было пражыць. Хацелася рабіць ёй усё назло, як быццам у гэтым і быў цяпер ягоны сэнс жыцця...

Перабіраючы ў памяці знаёмых, Іван аж здзівіўся: столькі год жыве ў горадзе, а сапраўдных сяброў няма.

Ёсць знаёмыя, адных ведае добра, другіх — горш. А сапраўдных сяброў так і не паспеў завесці. Як жа так сталася?

Пайсці мог толькі да Грышкі, да таго Грышкі з Бродаўкі, з якім, здаецца, сустракаўся меней за ўсіх. Не да Мішкі Загорскага, з якім вучыўся столькі год, з якім гэтулькі гаворана-перагаворана, не да кампанейскіх разумных фізікаў, разам з якімі парыўся ў фінскай лазні і разважаў пра сэнс жыцця чалавечага, а да разбітнога, не надта адукаванага Грышкі.

Канечне, і Мішка Загорскі яго зразумее, пры сустрэчы ён абавязкова паляпае далонню па плячы, скажа: «Ну, што ты, браце, кіснеш, з кім цяпер гэтага не здараецца?» — і яшчэ ён нешта дабавіць, гэткае ж правільнае, талковае. Вечарам яны сядуць у Мішкі на кухні за сталом, на якім будзе смачная вячэра і бутэлька гарэлкі, потым паслухмяная ціхая жонка Мішкі насцеле яму ў зале на канапе, і ён, раздзеўшыся, можа легчы на чыстую халаднаватую прасціну, накрыцца зверху гэткім жа чыстым, асляпляльна белым і — спі спакойна, дарагі таварыш... А назаўтра Мішка будзе карміць яго сытым сняданкам. І яшчэ Мішка скажа: «Браце, жыві ў мяне, колькі спатрэбіцца, якая гаворка... Помніш, як студэнтамі на адным ложку спалі? Дык няўжо я цяпер для цябе нейкай там канапы пашкадую?»

Як і ўсе добрыя людзі, сыты і дагледжаны, ён зможа пайсці на работу — усё гэта Іван ясна ўяўляў, быццам начаваў у Мішкі не адну ноч. Ды вось ісці да яго, хоць забі, не хацелася, лягчэй было начаваць на вакзальнай лаўцы сярод стомленых дарогаю і чаканнем пасажыраў. Бо там, дзе была людская неўладкаванасць, і яму было б лягчэй.

Сярод мноства знаёмых, з якімі дагэтуль часта разважаў і пра сэнс быцця, і пра чалавечнасць, цяпер ён мог выбраць толькі аднаго, каму мог бы расказаць пра сябе. А расказваць надта ўжо хацелася, — хоць хапай першага стрэчнага за рукаў ды расказвай.

Трэба было нешта рабіць, абавязкова трэба, бо тады, калі штосьці робіш, душы тваёй не так цяжка...

Ён пайшоў да праспекта, дзе быў інстытут, дзе было людна і шумна. Гледзячы на людзей, на машыны, што з глухім гулам і шумам, пырскаючы па баках вадою, імчалі адна за другою па вуліцы, Іван адчуў сваю адасобленасць, быццам хтосьці ўвесь час яму гаварыў: ты чужы тут, чужы і лішні, рабіць тут табе няма чаго... Таму ён стараўся ісці як мага хутчэй і глядзеў не на людзей, а сабе пад ногі.

І адна жахлівая думка час ад часу паяўлялася, як збавенне ад пакут, як выйсце...

Грышка быў гэткі ж, як і дагэтуль: шумны, дзелавіта-рашучы, катэгарычны ў ацэнках. Калі Іван апынуўся побач з Грышкам, здагадаўся, чаму хацелася быць ля Грышкі, а не ля другіх знаёмых.

У ягоных знаёмых не было рашучасці і катэгарычнасці ў думках, побач з імі ён увесь час адчуваў сябе, як у балоце, калі ступаеш наперад няўпэўнена, з аглядкаю...

— Дык што, дарагі, кажаш, развялі вас... Не мінавала гэта чаша і цябе. Я вот некалі верш адзін чуў. Называецца «Чаша жызни». Увесь я яго, канечне, не запомніў. Помню толькі пачатак і канец. Пачатак там такі: мы п’ём з чашы быція, краі змачыўшы слязьмі. А ў канцы таго верша, здаецца, так гаворыцца: калі ж выпіта да дна тая златая чаша, мы відзім — у ёй была мячта і што яна цяпер — не наша... Нічога, не вешай толькі носа... Зараз паедзем да мяне. Я, дарагі, з выпіўкамі завязаў. Сына забраў з дзетдома да сябе, — нешта новае і чыстае было на твары Грышкі, ён памаладзеў год на дзесяць, не меней. Грышка гаварыў і ў той жа час рамантаваў крэслы: дзе трэба, змазваў клеем, моцнымі рукамі хутка і лоўка складваў іх. І тут жа, каб крэсла было мацнейшым, двума-трыма ўдарамі заганяў у дрэва цвік. Цвікі Грыша заганяў прыгожа, як забаўляючыся — зусім не баючыся, што малатком ударыць па пальцах, з размаху. Івану нікуды не хацелася ісці, хацелася стаяць і глядзець, як Грышка з ахвотаю рамантуе крэслы. І яшчэ хацелася слухаць ягоны маналог:

— Сын у мяне зараз у прадлёнцы. Адваяваў я жыллё ў сваёй лярвы. А што ты думаў, налаўчыліся зараз: мужыка вон на вуліцу, а сама тут жа на яго месца новага хахаля вядзе. Не-е, са мною гэты номер не прайдзёт. Мы вот зараз пойдзем з табою ў гастраном, на вячэру купім чаго-небудзь, а тады да мяне. У мяне там, праўда, сервантаў нямашака, але — нічога, перакантуемся як-небудзь. Ты толькі не раскісай. Дзяржы хвост пісталетам.

Грышка ўсё гаварыў і гаварыў. Ад ягоных слоў тое злое і зацятае, што было ў душы і не давала дыхаць, пачало адтайваць. Дыхалася глыбей, вальней, было не так пакутліва. Было дзіўна, як Грышка здагадаўся, што яму няма куды падацца. Ён жа нічога яму не гаварыў. І яшчэ было боязна глянуць у хуткія жывыя вочы Грышкі.

Дні пайшлі доўгія, цяжкія. Жыў, як пакаранне адбываў, якое невядома калі скончыцца.

На рабоце было лягчэй, бо ў лабараторыі за пісьмовым сталом, сярод студэнтаў, побач з Косцем і Зінаю Іван ведаў, што за чым рабіць, а вось вечарам, калі людзі пасля работы з радасцю высыпалі на вуліцы і спяшаліся ў магазіны, у дзіцячыя садзікі, дзе іх чакалі радасныя воклічы і шчабятанне малых, на спатканні, у кінатэатры, у цёплыя ўтульныя кватэры, калі і яму пара было падымацца з-за пісьмовага стала і выключаць электрарубільнікі, правяраць сігналізацыю, гэтай парою Івану было цяжэй за ўсё...

Ён ішоў да вялікай чатырохпавярховай школы сустракаць Анжэлу, якая ў гэты год пайшла ў першы клас. Іван стараўся штодня сустракаць са школы Анжэлу.

Здавалася, нічога ў свеце за апошнія тыдні і месяцы не змянілася: і людзі былі тыя ж, і горад быў той жа, і лабараторыя была тая ж, і сам ён гэтак жа, як і раней, трымаючы маленькую цёплую далоньку дачкі, мог нетаропка ісці па вуліцы і гаварыць з ёю пра што заўгодна. Ён і цяпер разам з Анжэлаю мог заходзіць у былую кватэру, праўда, два разы на тыдзень, не болей, як дамовіўся з Элеанораю яшчэ да разводу, і там, у спальні, мог займацца з дачкою, не пазней васьмі, пакуль не пачыналася па тэлевізары вячэрняя казка з пацешнымі парасятамі і сабачкамі, якія мала чым нагадвалі рэальных парасятак і сабачак... Ды ўсё гэта цяпер было нейкім часовым, як крадзеным усё роўна. Гэтае пачуццё не пакідала Івана ні на дзень, і таму ўвесь час ён адчуваў сябе вінаватым, таму, калі гуляў з Анжэлаю, так пільна заглядаў у хуткія чорненькія вочкі. І ўсё чакаў балючага пытання, на якое не мог прыдумаць адказу: а чаму ты не з намі?..

Што ён мог сказаць? Як апраўдацца?

Ды Анжэла ні пра што не пыталася, і часам здавалася, што яна ці то не здагадваецца, што адбылося ў іх сям'і, ці то ўсё ведала і таму гэтаксама, як і ён, не паказвала выгляду. Яна ўсё шчабятала пра настаўніцу, пра нейкага хулігана Пецю, які б’ецца і якога нават у кабінет дырэктара вадзілі.

Дарогаю яны ішлі скрозь дзіцячы парк, дзе між сосен хавалася ўтульнае дзіцячае кафэ, у якім на нізкіх століках былі памаляваны каляровыя звяркі і птушкі. Адна сцяна кафэ была ўвешана клеткамі з прыгожымі папугайчыкамі і канарэечнаму Птушкі ці то сядзелі, ці то з фырканнем лёталі, канарэйкі меладычна спявалі, а папугайчыкі часта цокалі... Другая сцяна кафэ была закрыта вялікім акварыумам, дзе ў зеленаватай вадзе плавалі залацістыя рыбкі. Яны заходзілі ў тое кафэ, вячэралі, — і ўвесь час Іван пільна ўзіраўся ў тварык малой, думаючы пра адно і тое ж...

Калі Анжэла знікала ў сваім пад’ездзе, ён вяртаўся ў кватэру Грышкі, і там, побач з белаватым худзенькім пяцікласнікам, побач з шумным Грышкам, Івану станавілася лягчэй. Яны пілі чай, глядзелі тэлевізар — рабілі тое, што рабілі вечарамі большасць гараджан... Часта Іван памагаў сыну Грышкі разабрацца ў задачах па матэматыцы, якія, бы знарок, складальнікі новых праграм рабілі настолькі заблытанымі, што і яму, даросламу чалавеку, у іх нялёгка было разабрацца. Грышка глядзеў, як яны рашалі задачы, і гучна абураўся: «Ды рашайце вы, як нас некалі вучылі. Столбікам дзяліце, па-простаму... Што вы левай рукою ўвесь час правае вуха чэшаце?..» — «Столбиком нельзя, надо иначе, другим способом», — гаварыў сын, ад чаго Грышка тут жа закіпаў: «Іначе, іначе... Вы гэтымі спосабамі так сябе заіначыце, што адно чысло на другое не ўмееце ні падзяліць, ні перамножыць. Вот да чаго вас даіначаць гэтыя спосабы...»

Іван у гэты час глядзеў то на Грышкавага сына, то на самога Грышку і думаў, што б ён цяпер рабіў, калі б не яны?..

Свет белы як бы звузіўся, многае, што цікавіла дагэтуль Івана, адпала, стала нецікавым. Неяк сама па сабе распалася іх кампанія, бо, як толькі каго сустракаў, адразу ж чуў казённае і халоднае: як жыццё?..

Чым ён мог пахваліцца?

Неяк, калі Іван быў занадта змрочны, Грышка адчытаў яго, як часта адчытваў свайго малога:

— Ты, дарагі, чаго квасішся, чаго табе ў жыцці не хапае? Што, свет клінам сышоўся на адной красавіцы? Вунь Пеця Зайчыкаў, без рукі, без вачэй, а — жыве, радуецца. А табе якога ражна не хапае?.. Хлеб ёсць, жыць ёсць дзе, адзець ёсць што... Цьфу, інтэлігенцыя!..

На суботу і нядзелю заставацца ў горадзе было цяжка. Іван цяпер баяўся свят, выхадных і таму, калі мог, адразу ж ехаў у сяло. Але і там было не лягчэй, бо і там, як здавалася, усе толькі і гаварылі пра ягоны развод, пра малое дзіця, якое ёп кінуў...

Ён добра ведаў, што такое для вясковага чалавека — развод. Таму ведаў, як балюча ягонай маці,— побач з ёю быў маўклівы, усё ўлягаў у работу, як у адзінае збавенне.

Ён па-іншаму адчуваў жыццё, — усё вакол як бы зрушылася і закружыла ў незразумелым карагодзе: і вечна перапоўненыя аўтобусы на бярозаўскім вакзале, у якія — не ўціснуцца, дзе поўна гаваркіх хлопцаў і дзяўчат, што не знаходзяць сабе месца і таму матляюцца то ў горад, то з горада пад радасныя спевы транзістараў, і хуткія электрычкі, і доўгія гнуткія чэргі ў горадзе. І толькі Іван быў недзе збоку, адрынуты ад усяго гэтага, цяпер незразумелага і шумнага: навошта, дзеля чаго гудзе гэты шумны карагод?..

Калі жыў у сям’і, Іван зусім не так адчуваў горад. Усё гэтае шумнае і людскае, што вірыла за сценамі лабараторыі, за тоўстымі сценамі той жа двухпакаёўкі, успрымалася не так балюча, і таму ёы мог з лёгкасцю разважаць і пра чужыя разводы, і пра чужыя сваркі. Цяпер жа, упрытык сутыкнуўшыся з жыццём чужых людзей, ён многае ўбачыў і адчуў зусім па-іншаму, і ў ягонай душы паявілася тое пачуццё, якое часта паяўляецца ў чалавека, які нечакана ні з таго ні з сяго пачынае хварэць і ўпершыню трапляе ў бальніцу, дзе сутыкаецца з невядомым жыццём.

 

Раздзел дванаццаты

Жыццё панесла Элеанору ў невядомае. Зноў ёй стала весела і радасна, як было некалі да замужжа, і таму расцвітала яна той кідкай яркай прыгажосцю, якой, бывае, расцвітае жанчына пасля нараджэння дзіцяці.

Усё, што пачыналася з Валерыем Барысавічам, было як салодкая таемная гульня, што непрыкметна зацягвае ў нязнаныя цёмныя нетры, засланяючы, адгароджваючы сумную будзённую рэальнасць, у якой чужымі рабіліся і кватэра, і бацькі, і работа, і Анжэла... І ўжо не было моцы супраціўляцца салодкім хвалям цеплыні і асалоды, якія самі па сабе падымаліся ў целе, калі была побач з Валерыем Барысавічам. Не думалася, чым усё скончыцца, бо ўсё цяперашняе нечаканае — Элеанора толькі зараз гэта адчула — было каханне, тое каханне, дзеля якога некалі людзі ахвяравалі жыццём, дзеля якога бясстрашна ішлі на дуэлі. Тое каханне, пра якое дагэтуль столькі чытала ў тоўстых і тонкіх кнігах, аб якім употай марыла, калі тыднямі сумавала ў дэкрэтным, якога гэтулькі нагледзелася ў кінафільмах, па тэлевізары і якое, здавалася, ужо навечна абмінула яе, пакінуўшы на руках капрызную Анжэлу, сум і расчараванне ў душы, ды яшчэ зайздрасць да чужой маладосці.

Цяпер жа, калі свет засвяціўся забытымі фарбамі маленства, калі раніцаю, днём і вечарам перад вачыма маячыў насмешлівы і родны Валерый Барысавіч, Элеанора з кожным пражытым днём адчувала сябе ўсё больш і больш прывязанай да яго, і ў гэтай яе прывязанасці было штосьці незямное і ўсясільнае, чаму не магла супраціўляцца.

...Як не магла супраціўляцца слодычы ўспамінаў, што няўмольна агортвалі яе,— тады яна, як рэальныя, адчувала на сваім целе ягоныя дужыя рукі са спакойнымі мяккімі пальцамі. Адчувала ледзь улоўны пах ягонага загарэлага цела.

Чым болей Элеанора ўцягвалася ў салодкую гульню, тым ясней бачыла, што ёй замінала, і таму ў тыя памятна-шчаслівыя дні была такая калючая і рэзкая дома, са знаёмымі, з бацькамі нават. І таму часта ні з таго ні з сяго магла то накрычаць на чалавека, то — заплакаць, а то — засмяяцца.

Не хацелася ні шукаць, ні думаць пра нейкае выйсце з тых заблытаных адносін, якія складваліся з Валерыем Барысавічам. Галоўнае цяпер было — пачуцці, яны былі, як адзіная дарога ў глухім лесе, па якой трэба ісці і ісці, нідзе не прыпыняючыся і нідзе не збочваючы.

— Ах, милая Ларисочка, — гаварыла Элеанора, калі тая прыходзіла ў госці, — сейчас никто ни в чем не может разобраться. Я тебе скажу: единственное, за что стоит держаться в жизни, это наши чувства. Они даются нам природой от рождения, они для нас та путеводная звезда, которая горит впереди с детства до старости. А разум... Что же, он дан нам для того, чтобы мы могли оправдывать наши чувства. Вот ты сама рассуди, подумай о своей жизни, о жизни своих близких и придешь к такому же выводу. Да и моя жизнь не исключение. Сколько страдала со своим паразитом! Он только посмотрит, а меня уже колотит от бешенства. Улицу переходила с ним и то — пять раз ссорилась...

Звычайна, калі Ларыса забягала ў госці, яны, выправіўшы Анжэлу ці ў спальню, ці да тэлевізара, усаджваліся за белым кухонным столікам, на якім высілася бутэлька рыжскага бальзаму. Нетаропка нацягваючы чай з бальзамам, яны гаварылі, стараючыся падтрымліваць радасны настрой, якога падчас размоў не адчуваў ён, тот паразит деревенский, які скалечыў жыццё і ёй, і дзіцяці. Слова за слова — і яны набліжаліся да таго, да чаго ім хацелася наблізіцца да апраўдання сваёй праведнасці. І яшчэ — да разумення, што толькі ў каханні, якое невядома калі можа паявіцца і невядома калі і куды знікае, толькі ў ім і ёсць найвялікшая загадка чалавечага быцця, у тым каханні, якое адных чамусьці абмінае, а другіх магутна бярэ ў сваю ўладу.

Адрабіўшы два гады ў райцэнтраўскай школе, Ларыса вярнулася назад у горад, да бацькоў — дарослай, як сама гаварыла, навучанай жыццём, з цвярозым лёгкім позіркам, які цяпер мог надоўга затрымлівацца на любым мужчыне. Яна ўладкавалася ў вылічальным цэнтры. Пра работу ў школе Ларыса і ўспамінаць не хацела. «Хватит, что деточки и так два года душу терзали, — гаварыла яна, калі гаворка заходзіла пра сучасную школу і сучаснае выхаванне. — Сейчас же на них нету никакой управы. Ни на них, ни на родителей. Мы учились, так хоть двоек боялись, в науке или культуре хоть какой смысл жизни видели, а они, нонешние... Я сейчас, например, отработала свои восемь часов и — вольная, ни о каких тетрадях голова не болит. А в школе ты же не имеешь покоя ни днем ни ночью. Как там хоть твоя учится? — звычайна пыталася Ларыса ў канцы маналога. Успамінаючы пра школу, яна пачынала хвалявацца.

— Ничего, как все. Хотела еще ее на фигурное катание пристроить, но туда же — только по связям, не пробиться. А в музыкальную школу — не захотела идти, хоть убей... Может, в школу с английским уклоном перевести ее, как думаешь?.. — гаварыла Элеанора і, перадыхнуўшы, зрабіўшы глыток-другі чаю з бальзамам, зноў і зноў падчас гаворкі адрывалася ад цвярозай сумнай будзёншчыны і далучалася да таго нябесна-недасягальнага, да чаго многія хочуць далучыцца, ды, на жаль, не заўсёды і не ўсе могуць. Элеанора і Ларыса пачыналі гаварыць пра тое, што напявалася блізка-родным голасам Акуджавы альбо Высоцкага, пра тое, што так часта чулася ў песнях вакальна-інструментальных ансамбляў, як сваіх, так і замежных...

Так і ішлі дні.

У сваёй радасці Элеанора не прыкмячала, як сумнейшым і цверазейшым робіцца позірк Ларысы. Таму зусім нечаканым быў новы маналог Ларысы:

— Знаешь, я, наверное, также буду ребенка заводить. Еще год, другой — и уже будет поздно. Хватит по больницам бегать да здоровье укладывать... Главное только, чтобы дебилом не был. Говорят, что сейчас их все больше и больше появляется. А и почему им не появляться: загазованность, нервная возбужденность, химия вокруг...

— От кого? — Элеанора напачатку пе магла зразумець, пра што гаворыць Ларыса, і таму ёй падалося, што якраз гэта і будзе галоўным: ад каго ў Ларысы дзіця?

— Пока не знаю. Да и не главное это. Какая разница от кого, — лишь бы здоровым был. Возможно, если ничего толкового не подвернется, так и от него, моего друга сердечного, который раз в неделю сюда из райцентра приезжает. Все это — условности, из-за которых когда-то вешались или топились. — Апошнія гады Ларыса курыла па-сапраўднаму. Як толькі паказвалася ў гасцях, яна адразу закурвала цыгарэту. Гледзячы на Ларысу, і Элеанора паціху пачынала прывыкаць да цыгарэтнага дыму. Знешне Ларыса ўсё яшчэ нагадвала падлетка, нават сама з сябе жартавала: маленькі сабачка да старасці шчанюк... Штосьці чэпкае і дзелавітае было ў позірку Ларысы, ёй надта ўдала падыходзілі і штонікі, і кароценькая стрыжка, і вялікія імпартныя акуляры. Усё, што Ларыса вычытвала ў кнігах і часопісах, што бачыла па тэлебачанні, што чула па радыё альбо на рабоце ад саслужыўцаў, — усё гэта Ларыса неяк па-свойму пераасэнсоўвала, што — адкідаючы назусім, а што — запамінаючы, а калі — дык і запісваючы якія цікавыя факты ў сваю запісную кніжачку. Апошнім часам Ларыса пасталела, цяпер у яе меўся свой лагічны позірк на жыццё, на людзей, які падмацоўваўся фактамі, выказваннямі вучоных альбо пісьменнікаў, цытатамі, афарызмамі. Так атрымлівалася, што, слухаючы Ларысу, Элеанора заўсёды вымушана была з ёю пагадзіцца, бо ўсё, што Ларыса гаварыла, было разумным, правільным... Вось толькі дзіўна было, чаму Ларыска з кожным пражытым годам станавілася ўсё сумнейшаю, здавалася б, павінна было быць усё наадварот. Ці не была гэта кара за вялікае пазнанне?..

Вось і зараз Ларыса глядзела не на Элеанору, а ў акно. Яна дыміла цыгарэтаю і гаварыла:

— Все это просто смешно: от кого, с кем?.. За границей говорят, в штатах, я недавно вычитала, проводят операции бездетным женщинам, после которых они имеют детей. Там уже давно не спрашивают: от кого?..

— А он, твой райцентровскнй друг, разводиться со своей не думает?

— Кто его знает, что он думает. Молчит все. Думаю, что тогда, когда у мена появится ребенок, он на все пойдет. В любом варианте мне ребенок нужен. Вчера к врачу ходила. Говорят то же самое, в открытую — нужно жить нормальной жизнью... Столько болезней на бездетных женщин сыпется, родишь — моложе станешь... Да и так веселее будет жить, не одной же старость встречать. Это у тебя почти все проблемы решены: и Анжелочка с тобой, и двухкомнатная, и алименты, и руки свободные — красота...

Яны маўчалі, седзячы за кухонным столікам, думалі, — кожная пра сваё...

Элеанора, прыкінуўшы розныя варыянты, вымушана была пагадзіцца, што Ларысе, як ні круці, як ні мудры, але ў гэтай сітуацыі варта заводзіць дзіця. І, канечне, калі ёсць такая магчымасць, дык хоць якое — ды сваё, роднае, чым з дзетдома браць, невядома ад каго... Хоча таго ці не хоча, а Ларысе трэба злівацца з агромністай магутнай плынню, якая невядома куды цячэ па сваіх нязведаных законах, якую людзі называюць жыццём.

Жыццё... Хто ведае, што такое — жыццё чалавечае?..

Адразу ж пасля разводу Элеанора ўздыхнула лягчэй і вальней. Вырваўшыся на свабоду, як птушка з клеткі, яна нарэшце магла далучацца да мастацтва, бо цяпер, ходзячы з Валерыем Барысавічам у кіно, у тэатры, на канцэрты, на выстаўкі замежных мастакоў, яна магла думаць пра тое таемнае і высокае, на што дагэтуль у сямейным жыцці не знаходзілася часу, ад чаго непрыкметна адышла, бо, запятая хатнімі справамі, незразумелай барацьбой з ім, паразітам, яна адчувала, як усё болей і болей грузне ў дробязях побыту. І вось цяпер, пасля разводу, калі Анжэла падрасла і ў любы вечар магла пабыць у бацькоў і таму ў пустую кватэру не варта было спяшацца, Элеанора магла повышать свой культурный уровень.

Як узнагароду за ранейшыя пакуты, Элеанора магла чуць глухаваты барытон Валерыя Барысавіча, у вясёлым цікавым жыцці было гэтулькі нагод і прыгод, пачынаючы з тых студэнцкіх гадоў, калі ён, майстар спорту па лёгкай атлетыцы, ездзіў удоўж і ўпоперак па краіне, выступаючы па розных спаборніцтвах, як турыст які, у якога бясплатны праезд і камандзіровачныя ў прыдачу. Валерый Барысавіч ухвальваў тое, што іншыя асуджалі, і наадварот — што іншымі ўхвальвалася, асуджаў, але не злосна і катэгарычна, як гэта рабіў яе паразіт, а са скептычнай усмешачкаю. Гэтак жа, як са скептычнай ўсмешачкаю ім асуджалася старая дзедаўская мараль, якая цяпер, у сучасных умовах, у век прагрэсу, не лезла ні ў якія вароты... І здавалася Элеаноры, калі зачаравана слухала Валерыя Барысавіча, што ягоны скептычна-насмешлівы тон гаворкі і ёсць самае цікавае і прыцягальнае.

Пасля разводу ніхто і нішто не замінала Элеаноры,— ні Іван, ні бацькі, якія ці то нічога не ведалі пра Валерыя Барысавіча, ці то рабілі выгляд, што нічога не ведаюць, ні суседзі па лесвічнай пляцоўцы, ні супрацоўнікі па рабоце, і гэта было найгалоўнейшым: каб ніхто не ўмешваўся ў іх свабоду, як часта гаварыў Валерый Барысавіч, каб нікога іх адносіны не колебали...

Валерый Барысавіч некалькі разоў прыходзіў на кватэру, ён нават заставаўся начаваць, і ў тым, што ён заставаўся начаваць, быў намёк на большае, думалася, што яна — на правільным шляху.

Плюсы і мінусы жыцця... Хто, які суддзя падкажа, куды, на які бок іх ставіць, калі ў кожнага чалавека наперадзе — невядомае будучае, у якое, як лбом у сцяну, чалавек штодня ўпіраецца?..

І яшчэ — пра гэта Элеанора ўвесь час помніла — у тым будучым мелася пагрозлівая мяжа, якая ўсё салодкае і зваблівае навечна аднойчы абрывала. Мо таму Элеанора і была такой рашучай, мо таму так адчайна хапалася за сваё шчасце, бо ўвесь час помніла і ведала: тая грозная няўмольная мяжа з кожным днём набліжалася ўсё бліжэй і бліжэй... Выйсця іншага яна не бачыла, думалася: так, як яна рабіла, на яе месцы рабіла б кожная самастойная жанчына.

 

Тады ўжо, як іх разумныя дзеткі зажывацца пачалі, хлеб нагамі пінаючы, калі, здавалася, ім цяпер жыць ды жыць у далёкіх прыгожых гарадах, па-культурнаму, жывёлы не даглядаючы, без гэтай вечнай работы, якую ў сяле ніколі не скончыш, то якраз тады тое нажытае багацце ў многіх бокам пачало выходзіць: той співацца пачаў ні з таго ні з сяго, той — гуляць, на сям'ю забыўшыся, а той — на крадзяжы трапляўся... І яшчэ многія дзеці прыняліся рабіць тое, што іх адсталыя бацькі не ўспелі: узяліся за разводы, якіх дагэтуль у сяле не было, хоць, нечага богу грашыць, і біліся ў некаторых сем'ях, і сварыліся, хоць бокам, хоць скокам, ды ўсё ж — жылі сем'ямі, не разбягаліся...

Ды што пра тых дзяцей доўга казаць, якія ў гарадах жылі, калі свае малалеткі, толькі школу кончыўшы, свет нагамі варочалі, магазін той нясчасньі ледзь не праз тыдзень чысцілі.

Але ж многія з дзяцей і дамоў пачалі вяртацца, свет аб'ездзіўшы і агледзеўшы, хто — з вярбоўкі, хто — з цаліны, а хто і з далейшых мясцін, дзе Макар цялят не ганяў, — з устаўленымі бліскучымі зубамі, палыселыя, пастарэлыя, яны ўжо нейкімі чужымі вачыма глядзелі на сяло, на вясковую работу і ўсё месца сабе ніяк не знаходзілі, акрамя роднага магазіна, ля якога таўкліся з раніцы да вечара...

Штосьці мянялася ці то ў дзецях, ці то ў свеце, як новым ветрам над зямлёю падзьмула. Адчувала гэта яна і таму, калі вечарамі ці ў нядзелю на лаўках побач з бабамі садзілася, то старалася прыслухоўвацца да чужых галасоў, а свайго надта не падавала.

...Бо хваліцца не было чым.

Не сляпая і не глухая была, адчувала душою, што і ў яе сына жыццё не зладзілася, прыязджае з горада маўклівы і ад'язджае маўклівы, як быццам там, у тым горадзе, на ім каменне вазілі, а той дзень ці два, калі ў сяле бывае, з двара на вуліцу амаль і не паказваецца, усё ў работу ўлягае.

Праўда, і нявестку з унучачкаю разы са два прывозіў. Прыгожая нявестка, што і казаць, — і вусны чырвоныя, і пазногці чырвоныя, як на руках, так і на нагах агнём гараць, і валасы на галаве, як капа сена высіліся, і гаварыла нявестка з унучачкаю па-гарадскому, па-культурнаму, а да хлява падысці, дык зусім баялася.

Ды, калі на тое пайшло, ніхто і не гнаў яе да хлява.

З раніцы нявестка, твар і цела нейкай маззю вымазаўшы, каб загар лепей прыстаў, брала з сабою ўнучку і вяла на бераг ракі — загараць. Унучка нічога сабе была, як і ўсе дзеці шустрая, хуценькая, глядзела яна на ўсё вакол, як на цуд які, да ўсяго ёй хацелася дацягнуцца, памацаць. Але нявестка ад сябе не адпускала яе ні на крок, за ручку ўсё трымала, гаварыла, каб у гразь не вымазалася. А дзе ж ты ў сяле ад той гразі падзенешся?..

Гэткімі ж яны і ад'язджалі, нявестка і ўнучка, — далёкімі і халоднымі. І ўвесь час, калі яны ў яе гасцілі, адчувала, што глядзяць нявестка і ўнучка і на сяло, і на яе, як на штосьці чужое і няроднае... Але крыўды ў душы не было, разумела: у яе — сваё жыццё, а ў іх — сваё, гарадское, культурнае, і ёй да таго жыцця — як да неба. Абы сыну добра жылося, а ўсё астатняе —прыкладзецца...

Ды ўсё ж настаў той горкі дзень, калі і ёй да баб на лаўку не было як паказацца, бо, прыехаўшы з горада, абрадаваў сын: разводзіцца будзе...

Балюча і сорамна стала, як быццам гэта і не сын разводзіўся, а яна з Міколам. І ўсё думала, калі вечарамі адна сядзела перад уключаным вясёлым тэлевізарам: а чаго ж усё-ткі ім, дзецям, не хапае ў жыцці?..

 

Раздзел трынаццаты

— Дык што, дарагі, як жысць халасцяцкая? — як заўсёды, грубавата спытаў Грышка, сутыкнуўшыся ў калідоры інстытута. Ён хутка глянуў у вочы, ад чаго Івану стала не па сабе, быццам адным позіркам Грышка ўведаў, пра што Іван думаў. Грышка ўсміхнуўся: — Можа, хваця кіснуць? Ці не пара табе за розум брацца?

Іван не ведаў, што сказаць, — стаяў перад Грышкам і ўсміхаўся — неяк крыва, як з чужога чалавека пасмейваўся...

Цяпер ён жыў на кватэры ў старэнькай адзінокай жанчыны і ўсё ніяк не мог змірыцца з новым вольным жыццём. Цяпер ён добра адчуваў і разумеў тых мужчын, якія пасля разводаў хутка співаліся, траплялі ў турмы, на высяленні, у бальніцы. Пазіраючы па заклапочаных мужчын, якія ў канцы рабочага дня тоўпіліся ў віна-водачных аддзелах, ён і сам пачынаў баяцца, што можа загудзець па-сапраўднаму, балазе, што апошнія месцы не адна дык другая прычына для спакус знаходзілася, без чаркі ён ужо і не садзіўся вячэраць... Трэба было штосьці рабіць сур’ёзнае, не мог жа ён штовечар гойсаць па кінатэатрах, у якіх — гэта толькі цяпер кідалася ў вочы — у асноўным была зялёная смяшлівая моладзь, не мог жа ён штовечар да цёмнага гуляць па гарадскіх вуліцах, а між тым бавіць час аднаму ў цеснаватым пакойчыку было яшчэ пакутлівей, бо тады рука сама па сабе цягнулася да выратавальнай бутэлькі.

Калі б Іван жыў у сяле, то там і зімою і летам, і раніцаю і вечарам — у любы час трэба было б штосьці рабіць: з сякераю, з віламі, з жалезніком, бо так склалася, калі жывеш у сяле гадамі, то без работы доўга сядзець не зможаш. Там, у сяле заняты цяжкаю работаю, ён бы хутчэй: адыходзіў, адтаваў, а вось тут, у горадзе, на прыватнай чужой кватэры, усё было па-іншаму. Ды і чым ён мог заняцца ўсур’ёз пасля работы?..

Каб скаратаць час, Іван стаў выходзіць на двор да мужчын, якія вечарамі і ў выхадныя ўсаджваліся за доўгім сталом і адчайна ляскалі ў даміно. Спачатку Іван толькі прыглядаўся да даміношнікаў, пасмейваўся з іх, а потым і сам не прыкмеціў, як уцягнуўся ў гульню. Як і іншыя мужчыны, ён гучна ляскаў костачкамі, і калі-нікалі сярод іншых галасоў праразаўся і ягоны: «А зараз — рыба...» Іншы раз да іх стала прыстройваліся карцёжнікі — тады ў двары станавілася яшчэ весялей. Мужчыны стагналі і рагаталі над няўдачнікамі. Час ад часу з якога балкона выглядала жанчына, і на ўвесь двор чуўся яе патрабавальны голас: «Пе-тя-я... Ты когда по молоко пойдешь?» На гэта хтосьці з мужчын абавязкова гаварыў: «Сейчас, сейчас, родимая, подожди немножко... Твой Петечка и с молочком будет. А сейчас — туз, Петенька... Положи на сток пятерочку и не рыпайся. Вот сейчас ты у нас и по молочко можешь бежать. Хоть по сладкое, хоть по кислое...»

Чамусьці не хацелася ісці мужчынам у цёплыя ўтульныя кватэры, дзе стаялі бліскучыя, не датыкнуцца, серванты, дзе на падлогах і на сценах меліся тоўстыя цяжкія дываны, якія ў выхадны трэба выцягваць на двор і гучна гэпаць выбівалкаю... Таму час ад часу з якога пад’езда вылятала раззлаваная жанчына і, лямантуючы, гнала свайго няўдаліцу ў кватэру. Мужчыны за сталом тады глядзелі ўслед нясчаснаму, і, пад гучны рогат, хтосьці спачуваў: «Дожился, браток...» Іван таксама глядзеў услед і ўсміхаўся.

— Ну, дык чаго, дарагі, маўчыш? Як жыць думаеш? — усё дапытваўся Грышка.

Іван паціснуў плячыма, — бы вінаваты быў яшчэ і перад Грышкам..

— Ладна, калі ты не ведаеш, чым заняцца ў выхадныя, дык я табе памагу. Сягоння ў нас пятніца. Сягоння мы рванём на танцы. Сягоння ў нас, як пяюць, будуць танцы па праграме. Пачну я цябе ў людзі выводзіць.

— Ты што, здурнеў? Які з мяне танцор?..

— Гэта ты дурнееш, а не я. Табе яшчэ і сарака нямашака, а ты ўжо мохам пачынаеш абрастаць. Жыць трэба, паняў?.. Карацей, сягоння ў семь ноль-ноль каб быў у мяне, нават не слухаючы, што скажа Іван, Грышка адвярнуўся і пайшоў у свой падвал, гэткі ж, якім убачыў яго некалі ўпершыню — як даўно гэта было! — у халаце, у насунутай на самыя вочы летняй шапцы, калючы знешне, як вожык...

Тое пачуццё вінаватасці, якое паявілася ў Івана адразу ж пасля разводу, калі мок на прыступках будыніны народнага суда і глядзеў услед Элеаноры, не праходзіла, таму цяпер, калі пачуў ад Грышкі пра танцы, здзівіўся. Не хапала на яго галаву танцаў!..

Танцы, танцы... Ён добра помніў танцы — не сучасныя, і нават не студэнцкія пад радыёлу, а тыя, пасляваенныя, у вясковай хаце пад гармонік, пад бубен, з гучным прытупваннем, з абавязковымі прыпеўкамі, часта — прыстойнымі, а бывала — брахлівымі... Так у ягонай памяці заўсёды і ўсплывала, калі даводзілася чуць пра танцы: цесная вясковая хата, сцены якой абклеены газетамі, зухаватыя хлопцы і тонкія падшыванцы, што тоўпяцца ў дзвярах і дымяць махоркаю, дзяўчаты ў доўгіх сукенках з плечыкамі, грукат ног, мільганне пар, якія кружаць у бледнаватым святле лямпы, што вісіць на сцяне, — і ўсё гэта нейкае сваё, жывое, смяшлівае, мо нават і наіўнае, але яно з маленства ўвайшло ў ягоную душу і, відаць, навечна...

Летнім доўгім надвячоркам рабіць усё роўна не было чаго, і таму Іван пасля работы, накінуўшы на плечы плашч, выправіўся ў госці да Грышкі, балазе, што даўно ў яго не быў.

Грышка быў адзін у кватэры.

— А дзе гэта твой малы? — спытаў Іван, азіраючы пустую і таму вялікую кватэру.

— А ў сяло да мацеры выправіў, — Грышка, як заўсёды, рабіў адразу дзве работы: як перад важным прыёмам, чысціў чаравікі і, час ад часу кідаючы на Івана позіркі, гаварыў: — Чым у горадзе без толку ля завуголля швэндацца ці ў тым жа піянерлагеры квасіцца, няхай лепей у брыгадзе ля коней круціцца. На тым тыдні я ездзіў, дык ён хваліўся мне: коней яму далі, бульбу абганяе. О-о, радасці чалавеку! І, глядзіш, капейчыну нейкую заробіць, будзе ведаць, якім потам рубель даецца. Я табе скажу, каб мая воля, дык бы я ўсіх гэтых гарадскіх бэйбусаў, што да васемнаццаці гадоў грывамі на праспекце трасуць, сабраў бы — ды ў калгас на заробкі... Ды і ў самім горадзе — што, няможна катораму марожанага прадаваць, не падлічыць капейкі?.. Падлічыць... Як сабе на джынсы — дык яны ўмеюць лічыць. Ці, узяць такую работу, як посуд мыць, падмятаць у дварах — ёсць жа лёгкая рабацёнка. Дык жа не — як на якіх ідалаў молімся, а яны пасля загрудкі бяруць... Э-эх, навёў бы парадачак, каб мне права далі!..

Грышка гаварыў і пасмейваўся. Іван, гледзячы на яго, чамусьці таксама смяяўся.

— Ты б — навёў, гэта точна... Па струнцы б усе хадзілі...

— А ты думаеш — не?.. Скажу табе точна: такога б не было.

— Так бы ўжо і не было, — чамусьці заўсёды ля Грышкі Івану было цяплей і весялей.

Скончыўшы чысціць чаравікі, Грышка тупнуў імі разы са два і сказаў:

— Эх, чаравікі мае, лакавыя... Дзе мы з вамі толькі не хадзілі, дзе мы толькі не бывалі... — ён зірнуў на Івана, — ведаеш, на што найперш глядзяць жанчыны, калі з мужчынам знаёмяцца?

— Не.

— На чаравікі, боўдзіла... Чаравікі ў мужчыны, як тое люстэрка. На крэм, бяры ды чысці свае, — відаць, як у магазіне купіў, з тае пары ні разу і не чысціў. Жаніх...

Калі б некалі, да разводу, хтосьці сказаў Івану, што ён, кандыдат фізіка-матэматычных навук, амаль ва ўсім будзе слухаць Грышку, таго малаграматнага Грышку з Бродаўкі, з якога ён пасмейваўся, калі б нехта сказаў, што ён будзе швэндацца па парку ў пошуках танцаў, на якія і ў маладосці не хадзіў, то ён, канечне, ва ўсё гэта ніколі б не паверыў. Але цяпер вось — вер ці не вер — ён ішоў побач з Грышкам, перасільваючы ў сабе тое сарамлівае, што так хацелася заглушыць чаркаю гарэлкі. Але цяпер Іван ведаў, што з выпіўкамі трэба канчаць, завязваць, іначай ён зусім скоціцца...

Ён увогуле за апошні год распаўнеў, пад вачыма паявіліся пухліны, стаў маўклівы, на работу ў лабараторыю часта прыходзіў без гальштука, — нешта недагледжанае і абыякавае адразу ж рэзка кідалася ў вочы таму, хто яго ведаў дагэтуль. Неяк само па сабе адпала пытанне пра доктарскую, пра павышэнне, — цяпер Іван і сам не хацеў новых клопатаў, са здзіўленнем глядзеў на іншых, якія на рабоце кіпелі і гарэлі, на таго ж Эдзіка Святлічнага — зор з неба не хапаў чалавек, ды ціснуў артыкул за артыкулам у акадэмічных часопісах. Іван апраўдваў сябе тым, што таксама ў любы час можа зрабіць сур’ёзнае даследаванне, не такое, якое робіць Эдзік Святлічны з сааўтарамі, а самастойнае, варта толькі ўзяцца ды захацець. Як апраўданне думаў: у кожнага чалавека — свая мяжа магчымага: адных жыццё перацірае на ўзроўні кандыдацкай, іншых — на ўзроўні доктарскай, якая розніца?.. Хоць калі, ды чалавек павінен абавязкова адчуць сваю абмежаванасць, тым болей у навуцы, у якой — гэта ісціна не ім адкрыта — чым болей і апантаней займаешся, тым болей адчуваеш сябе невукам...

Работу сваю Іван цяпер рабіў так, як робяць сваю работу многія: і каб не было папрокаў з дэканата, і каб не запускаць надта. Самому тады ж горай... Ды і трэба было нешта рабіць, не сядзець жа ў лабараторыі цалюткімі днямі, сашчапіўшы рукі.. Штогод заключаліся новыя гаспадарчыя дагаворы — заказчыкі былі новыя, і камандзіроўкі да заказчыкаў былі розныя, то — па тыдню, а то — і болей, трэба было чытаць лекцыі па спецкурсу, весці лабараторныя работы, па ўстаноўцы планаваць і праводзіць новыя эксперыменты з новымі матэрыяламі, якія ўсё смялей і смялей укараняліся ў вытворчасць, і тут галоўным было — першым знайсці ўдалы матэрыял для труб, які б не баяўся карозіі ў пэўным інтэрвале тэмператур, трэба было шукаць новыя газы-цепланосьбіты,— ды ўсё гэта цяпер было спакойным, нават будзённым, Іван мог займацца гэтай работаю, а мог — і іншай.

Калі ўспаміналася маладосць, дык са здзіўленнем: няўжо ён некалі быў такі наіўны і гарачы, што днямі і тыднямі не вылазіў з бібліятэкі?.. Думалася пра ўсё юнацкае як пра штосьці дзіцячае, чым кожны ў свой час павінен перахварэць...

У парку на пляцоўцы, акружанай соснамі, і сапраўды былі танцы, — вірыў натоўп пажылых людзей год ад сарака і старэй. Большасць тут былі жанчыны — і дагледжаныя і не надта, і прыгожыя і так сабе, каго жыццё ўжо добра-такі памяла. Мужчыны тут таксама былі, адны — моўчкі стаялі і азіраліся, як бы кагосьці чакаючы ці шукаючы, іншыя дзелавіта шнырылі туды-сюды ў натоўпе, пільна прыглядаючыся да жанчын, якія не надта хутка адводзілі позірк. Многія былі на падпітку. Было шмат пенсіянераў, яны густа абляпілі лаўкі, што стаялі з аднаго боку пляцоўкі.

Як толькі Іван з Грышкам наблізіліся да натоўпу, пачуўся гармонік. Людзі тут жа заварушыліся жвавей, многія пабраліся парамі і, запоўніўшы ўсю пляцоўку, закружылі.. Людская гамана, піліканне гармоніка, які выводзіў знаёмыя Івану з маленства мелодыі, пары танцораў, што кружылі на пляцоўцы, а затым, узяўшыся за рукі, тупалі ўзад-уперад — танцавалі кракавяк, — усё гэта было даўнім, добра вядомым, толькі рэзала ў вочы, што танцоры пажылыя, у іншым адзенні, у іншых плашчах, у іншых сукенках. Ды і танцавалі людзі занадта дзелавіта, як работу рабілі, быццам танцы былі для іх толькі зачэпкаю для чагосьці іншага, дзеля чаго яны сабраліся ды ўслых не гаварылі... Гарманіст, як і некалі ў сяле на танцах, сядзеў на самым відным месцы — на сцэне перад пляцоўкаю. Нахіліўшы галаву над гармонікам, ён час ад часу не то спяваў, не то выкрыкваў нейкія прыпеўкі, якіх у агульным тлуме не было чуваць. Побач з гарманістам сядзеў чырванашчокі, відаць, на падпітку, мужчына, у правай руцэ ён трымаў невялічкі з жоўтымі талерачкамі бубен, рытмічна ў такт мелодыі мужчына адчайна і радасна трос перад сабою бубен і грукаў у яго кулаком. Злева ад гарманіста стаяла жанчына год сарака пяці — у квяцістай сукенцы, што ўжо выходзіла з моды, з жоўта-белымі, фарбаванымі пад салому валасамі, ярка размаляваная, што артыстка на сцэне, яна па-гаспадарску азірала натоўп і час ад часу камандавала: «Товарищи, держите круг, держите круг... Соблюдайте порядок. Влево, влево все берите...»

Усё далёкае, напаўзабытае ўспыхнула ў памяці Івана. Успомніліся тыя вясковыя танцы. І зноў, у каторы раз, балючае пачуццё сваёй нікчэмнасці, чагосьці няправільна зробленага ў жыцці, кальнула Івана. І самае пакутлівае было: ведаў — не паправіць той памылкі...

— Ну што, жаніх, пайшлі ў круг, выбар вялікі... Калі вы, інтэлігенцыя, завочна праз газеткі знаёміцеся, дык мы так, па-простаму, вочы ў вочы гледзячы, а калі надта захочацца, дык і памацаць можаш.... Гэта — выгадней, я табе скажу, чым тыя газеткі... Народ не прападзе, не бойся, выкруціцца, — Грышка жулікавата міргнуў вокам. Па ўсім было відаць, што ён бываў тут неаднойчы і зараз траціць марна час не збіраўся.

— Не, я не пайду. Пакуль пагляджу. І за тое, што прывёў сюды, дзякуй. Я і не ведаў, што такія танцы бываюць.

— Ну, ладна, першы раз усе глядзяць, прывыкаюць. І я некалі, рот разявіўшы, глядзеў. Тут усякія бываюць. І такія, як ты, кандыдаткі таксама прыходзяць. Чырванеюць, пацеюць ад сораму, а ідуць. А дзе падзецца адной?.. З кандыдацкай спаць не ляжаш у халодную пасцельку... Жыццё як прыпячэ, дык не толькі на гэтыя танцы пабяжыш... А так, я табе па сакрэту далажу, халастому ды нежанатаму зараз у горадзе жытуха: і накормяць, і напояць, і спаценькі ў мяккую пасцель пакладуць. Гэта во толькі ты не ведаеш, чым заняцца, дурасцю маешся, — як толькі пачаўся новы танец, Грышка тут жа знік у натоўпе. А пазней Іван убачыў яго — з пажылой, ягоных год, жанчынаю. Ён весела прытупваў чаравікамі па асфальтаванай пляцоўцы і штосьці гаварыў жанчыне, пільна гледзячы ёй у вочы. Тая круціла галавою і ўсміхалася. Было незразумела: ці то яны даўно знаёмыя, ці то першы раз сустрэліся.

Дзіўнае пачуццё было ў Івана. Знарочыста лёгкія ўсмешкі, дарагое бліскучае адзенне, хуткія позіркі, то — стомлена-абыякавыя, то — насцярожаныя і сцішаныя, залішняя прастата і дзелавітасць на танцах — усё гэта напамінала адзіноту. Як шмат, аказваецца, у горадзе адзінокіх людзей! Тады, як ідзеш па цэнтральным праспекце, калі здалёк глядзіш на заштораныя вокны, калі гадамі працуеш на адной і той жа рабоце, то неяк і не прыкмячаеш гэтай адзіноты, бо, заняты сваім жыццём, міжвольна думаеш, што твае беды і радасці — найгалоўнейшае, вакол чаго віруе ўсё астатняе. І толькі тут, у парку, агромністы натоўп, што гуртаваўся пад гукі гармоніка, які весяліў і бадзёрыў сябе танцамі, прыпеўкамі, уражваў, як часта ўражвае невядомае чужое жыццё, з якім упершыню сутыкаешся.

І яшчэ ва ўсім, што бачыў Іван, што, відаць, бачылі і адчувалі танцоры, быў намёк на маладосць, да якой, нанасуперак гарадской рытмічнай музыцы, насуперак пражытым гадам, насуперак няўдачам і хваробам, людзі хоць на кароткі міг, ды вярталіся да яе...

Тады Іван павярнуўся і пайшоў назад у горад. Мінаючы агароджаную высачэннай сеткаю асфальтаваную пляцоўку, дзе, бы ў якой загарадцы, танцавала моладзь пад незразумелы хуткі перастук ударніка і глухаватае дзуганне бас-гітары, хрыплаватымі галасамі выкрыкваліся словы, незразумелыя, няясныя, ці то — французскія, ці то — англійскія, яны былі — як яшчэ адзін музычны інструмент, і таму моладзі было абыякава, пад якія песні яны танцавалі. І гэтыя чужыя песні, і рухавыя танцы моладзі, засунуўшы рукі ў кішэні балоневых куртачак, ляніва пазіраючы вакол сябе стомленымі позіркамі, пажоўваючы гумку, дзяўчаткі калыхаліся перад гэткімі ж ляніва-бязвольнымі хлопцамі, — усё гэта было Івану нямілым і таму здавалася няправільным, на што трэба глядзець з пагардаю і асуджэннем.

Жыццё ішло, цякло па сваіх няўмольных законах, і яму, як гаварыў Грышка, сапраўды трэба было штосьці рабіць, кудысьці падавацца.. Ці да даміношнікаў і карцёжнікаў, ці да моладзі, ці да тых пажылых, якія цяпер танцавалі ў парку пад піліканне гармоніка і звонкія ўдары бубна.

 

З гэтага вечара штосьці зрушылася ў душы Івана, — радзей паказваўся на кватэру да Элеаноры, ды і з Анжэлаю пасля школы сустракаўся не кожны вечар, супакойваючы сябе, што як-ніяк, ды Анжэла падрасла ўжо, не маленькая ў яе ўжо — свой асабісты свет, у які ўпускае не кожнага. Ды і ўвогуле — усё жыццё за ручку не наводзішся, хоча таго ці не хоча, а жыць Анжэла будзе па тых правілах і законах, да якіх яе штодня прывучае школа, Элеанора, Эмілія Маркаўна, мудры Валянцін Вікенцьевіч, сяброўкі, вуліца... А ён цяпер для Анжэлы — дабытчык грошай. Бо кожны раз перад развітаннем Анжэла прасіла даць ёй грошы то на кіно, то на марожанае, то на сшыткі. І з кожным разам — усё болей. У яе просьбах было нешта крыўднае, абразлівае нават, ды адмовіць дачцэ ён, канечне, не мог.

Якраз тады, як стаў радзей паказвацца ў кватэры, бы адчуўшы змены ў душы Івана, пачала мяняцца і Элеанора: штосьці ласкавае і мяккае, што было ў яе калісьці ў маладосці, зноў пачало праразацца і ва ўсмешцы, і ў словах. Цяпер, калі Іван прыходзіў у кватэру, сварак не было, былі адны папрокі, што ён — эгаіст, думае толькі пра сябе, а не пра нясчаснае дзіця, якое расце без дагляду. Яму ўвогуле трэба было думаць перад тым, як несці ў суд заяву..,.

Адчуваў Іван, што ў гэтых папроках ёсць проба прымірэння. Калі-нікалі пасля папрокаў Элеанора нечакана пачынала смяяцца, жартаваць, і ён тады таксама жартаваў, а між тым мінулае — чорныя дэрмацінавыя дзверы, закрытыя перад самым носам, «паразіт дзеравенскі», колішнія злыя позіркі, зацятае, па тыдню, маўчанне — усё гэта высокай сцяною стаяла між імі, і перабрацца цераз гэту сцяну ён не мог.

Ды і не хацелася ўжо.

Новае жыццё пачалося ў Івана. Самі сабою пасыпаліся нечаканыя знаёмствы з жанчынамі. На вуліцах, на супынках, у трамваях і аўтобусах, у кінатэатрах, на мастацкіх выстаўках, у тэатрах — з нечаканай лёгкасцю ён знаёміўся з жанчынамі, пачынаў сустракацца. Пасустракаўшыся з адной жанчынаю тыдзень-другі, так і не разабраўшыся ў ёй да канца, ён тут жа заводзіў новае знаёмства, якое, як спадзяваўся, будзе цікавейшым. Калі ж на якое спатканне ніхто не прыходзіў, то Іван надта не расчароўваўся. У яго цяпер завялася запісная кніжачка з тэлефонамі, адрасамі, і часта вечарамі ён гартаў яе, выбіраючы, каму пазваніць.

У маладыя гады так атрымлівалася, што на Элеаноры свет сыходзіўся клінам. Але цяпер на жанчын і на новыя знаёмствы Іван глядзеў па-іншаму.

Па адным ледзь улоўным позірку ці жэсце, нават па тым, як жанчына вымаўляла словы, Іван ужо ведаў, ці пойдзе яна на знаёмства. Калі жанчына адмаўляла ў знаёмстве, то Іван і не перажываў надта, а тут жа заводзіў новае.

Калі назначаў спатканні, калі, усміхаючыся, паціху гаварыў жанчыне лёгкія бязважкія словы, тыя словы, якія ў маладосці ён, здаецца, не сказаў бы пад смяротнай караю, настолькі тады іх было цяжка і сорамна вымавіць, калі ў паўзмроку пагладжваў цёплае аголенае цела жанчыны і слухаў яе прыглушаны шэпт пра работу, пра малога ці малую, якія спяць у другой зале, пра таго гадапаразіта, што ці то спіўся, ці то па свеце матляецца, калі раніцаю, хаваючы вочы ад пільнага запытальнага позірку жанчыны, спяшаючыся, стараўся як мага найхутчэй дапіць густую каву і тут жа назусім пакінуць чужую кватэру, у якой усё — дагледжанае, працёрта-вымытае, застыла ў чаканні шчасця, якое ўсё недзе затрымлівалася і не паяўлялася, калі ўсё гэта новае нахлынула на Івана, то якраз тады балючае непрыемнае пачуццё віны перад кімсьці, ці то перад сабою, ці то перад Анжэлаю, ці то ўвогуле перад усім светам, пачало знікаць, як і пачало знікаць пачуццё сораму. Цяпер Іван не чырванеў, як некалі чырванеў перад настырнай Смятанкінай. Яму цяпер проста стала лягчэй жыць. Усё гэтае новае было для Івана тым самым, чым дагэтуль была бутэлечка віна, чым некалі былі паходы ў фінскую саўну, гульні з даміношнікамі...

Цяпер Іван разумеў, што і праўда, быць зараз халасцяком у горадзе — не так ужо і жахліва, калі маеш галаву на плячах, бо вунь колькі жанчын сумуе перад тэлевізарамі ў дагледжаных кватэрах. Так што, як суцяшаў некалі Грышка, калі не вешаць нос, то можна жыць.

Можна жыць, як набяжыць...

Іван часта ўспамінаў гэтыя словы, якія чуў не толькі ад Мішкі Загорскага. Так ужо сталася, што цяпер ён па-цвярозаму лагічна апраўдваў і сваё халасцяцкае жыццё, і нават развод свой...

Ад чаго Іван некалі пакутаваў: нявырашаныя пытанні пра сэнс і бяссэнсіцу жыцця, пошукі чагосьці таемнага, што спрабаваў спазнаць навукаю, незразумелая разгубленасць і нават сарамлівасць, якая паяўлялася ў ягонай душы, калі бачыў прыгожую дзяўчыну, з якой было боязна знаёміцца — усё гэта цяпер адышло ад Івана, як адышлі і Элеанора, і Анжэла, і нават сяло, дзе бываў усё радзей і радзей, бо там кожны раз работы не паменее, хоць штодзень прыязджай, а будзе адно і тое ж, маці рукам работу знойдзе...

Цяпер Іван жыў для сябе. Жыў, як і многія жывуць. Раніцаю ішоў на работу ў інстытут. Пасля работы дзелавіта, як на новую работу, спяшаўся ці на спатканне з новаіі знаёмай, ці, калі ўжо занадта доўга не бачыў дачку, ішоў у школу. А калі дык адразу ж у кватэру завальваўся спаць, — сярод ночы тады абавязкова прачынаўся і не мог заснуць ужо да самай раніцы, пакутліва круціўся на ложку, б’ючы кулаком па падушцы, і ўсё чакаў, калі ж нарэшце заіграюць гімн у рэпрадуктары.

А раніцаю ў белым святле зноў пачыналася тое ж самае, што было дагэтуль. І не трэба было думаць ні пра хлеб, ні пра дровы, ні пра някормленую жывёлу, як некалі ў сяле, і нікому ён не павінен быў спавядацца, дзе бадзяецца вечарамі: ні суседзям па лесвічнай пляцоўцы, якіх не ведаў ды і не хацеў ведаць, бо ўсіх у горадзе ўсё роўна не ўведаеш, ні старэнькай жанчыне, у якой наймаў кватэру.

Гэта — не сяло, дзе кожны крок — на вачах, і калі б што не так — тут жа і вочы заплявалі б. А тут, у горадзе, адчуўшы смак вольнага халасцяцкага жыцця, Іван нават і выпіваць перастаў. Ён хутка стаў круглець, паўнець, што Івана надта засмучала, на галаве ягонай паявіўся плеш, які даводзілася старанна хаваць доўгімі спецыяльна адгадаванымі валасамі.

Як лічыў Іван, ён быў не лепшы за многіх, але ж — і не горшы. Канечне, не ўсё гладка ішло ў ягоным жыцці, ды толькі пакажыце, пакажыце яму такога праведніка, у жыцці якога ўсё ідзе гладзенька? А што развод дык ці ў аднаго яго цяпер развод, хто цяпер не разводзіцца?..

 

Раздзел чатырнаццаты

Набліжалася субота з нядзеляю, а Валерый Барысавіч, як і не здагадваючыся ні пра што, маўчаў, паводзіў сябе так, быццам яны незнаёмыя і між імі нічога не было ды і не планавалася...

У пятніцу ў канцы рабочага дня Элеанора не вытрымала — падпільнаваўшы момант, калі ў ягоным кабінеце нікога старонніх не было, прыхапіўшы з сабою для прыліку сшытак з аналізамі, зайшла да яго, шчыльна прычыніўшы за сабою дзверы. Адчуваючы няёмкасць і сорам, з болем гледзячы на родны твар, ціха спытала:

— Валера, что ты завтра планируешь делать?

Толькі цяпер ён адарваў позірк ад папер, якімі быў усланы стол. Глянуў на яе здзіўлена, як быццам толькі цяпер пачуў, што нехта ўвайшоў у кабінет.

— Что я буду завтра делать? Ты уже, как жена, спрашиваешь, — ён усміхнуўся ледзь-ледзь. Памаўчаў, а потым нетаропка сказаў: — Завтра, если дождя не будет, мне придется везти нужных людей на рыбалку. Рыбалка та, сама знаешь, мне до лампочки, с тобой лучше побыл бы, но ты же — взрослый человек, знаешь, сейчас время такое, что дружишь не с теми, с кем тебе хочется. а с теми, от кого зависит твоя карьера. Все так поступают, посмотри сама... Время такое, что будь хоть трижды гением, а без поддержки останешься в вечных дураках. А вообіце, что ты хотела?

Ён залішне шмат гаварыў. Дагэтуль ён звычайна больш слухаў.

— Я думала, что, возможно, мы бы завтра с тобой в грибы махнули. Анжела после школы может у матери остаться. Гриби осенние пошли...

Ён зноў усміхнуўся, развёў рукамі:

— С дорогой душой, Норочка, но признаюсь как перед богом...

— Что ж, на нет так и суда нет... — крыўда нахлынула нечакана, яна ледзь стрымала слёзы. І ў тыя выхадныя ён быў заняты, і ў гэтыя. У яго цяпер стала катастрафічна не хапаць часу, якраз цяпер, калі, здаецца, яшчэ адзінае імгненне — і ён застанецца ля яе назаўжды, якраз цяпер, калі яму пара гаварыць рашучае: «Да, я с тобою навечно», якраз цяпер ён павінен недзе быць, ці то — дома, дзе абяцае вось-вось аформіць развод, ці то з патрэбнымі людзьмі, хоць дзе, але не з ёю...

Элеанора адчувала, што ён аддаляецца, — асцярожна, прывучаючы да думкі пра непазбежнае расстанне, што павінна было некалі здарыцца. І ўсё гэта адбывалася на вачах супрацоўнікаў лабараторыі. Чым болей яна хінулася да яго, турбуючы тэлефоннымі званкамі, папрокамі, тым хутчэй і паспешлівей ён аддаляўся, застаючыся гэткім жа недасягальным і халодна-насмешлівым, якім ведала яго на пачатку знаёмства, калі толькі-толькі ступіла ў лабараторыю.

Відаць, ён усё ж заўважыў яе настрой. Зірнуўшы на шчыльна зачыненыя дзверы кабінета, цяпер ужо іншым, ласкавейшым голасам, нашмат цішэй сказаў:

— Ну, не злись, не злись... Сегодня вечером постараюсь заскочить. Лады? Ты будешь дома?

Элеанора кіўнула галавою. Адразу ж палягчэла — як таму дзіцяці, што атрымала доўгачаканую цацку. Як скрозь туман бачыла родныя дужкі вусоў, гладка паголеныя, да сінявы, шчокі, ягоныя дужыя пальцы, што ляжалі на белай паперы, пышныя чорныя, з кучаравінкаю, валасы, што спадалі на высокі лоб з шырокімі цёмнымі бровамі. Ягоныя ярка-чырвоныя вусны таргануліся — Валерый Барысавіч усміхнуўся. Тады адразу ж усё змрочнае неяк адсунулася, падумала, што ўсё ў іх — нармальна, проста яна пачынае яго раўнаваць да кожнага тэлефоннага слупа, як часта са смехам гаворыць Валерый Барысавіч.

А вечарам ён і сапраўды заявіўся ў кватэры. Прынёс бутэльку шампанскага, — жартуючы, яны непрыкметна павячэралі і пайшлі ў спальню.

Тады ўжо, у цемені, калі лавіла ягонае лёгкае дыханне, Элеанора не вытрымала, спытала пра тое, пра што міжвольна думалася апошнія тыдні і пра што дагэтуль яны гаварылі не раз:

— Валера, как у тебя с разводом?

Ён адразу ж пахаладнеў, зняў руку з пляча і, закінуўшы яе за галаву, надоўга заціх, думаючы пра штосьці сваё. Ён ляжаў побач у ложку, як чужы. Стала чамусьці страшна. Усім целам яна падалася да яго, звыклым жэстам паклала руку на ягоныя валасатыя грудзі і зноў шапнула:

— Валерочка, что же ты молчишь?

— Моя стерва не дает развода, — як камяні ў ваду ўпалі ў цемру ягоныя глухія словы.

— Как не дает, Валерочка? Ты же говорил до этого...

Мы же планировали...

— Сегодня перед тем, как идти к тебе, я с ней снова говорил, поставил вопрос ребром. Сказала, ежели подам на развод, то она накатает телегу: и в профком, и в... Сама знаешь, куда по злобе можно накатать. Потом век не отмоешься. Грозится пришить аморалку, стерва.

— Так что же это такое, Валерочка?..

Ён маўчаў. Зноў паклаў далонь на аголенае плячо і асцярожна гладзіў. Яна не расслабілася ад цяпла далоні, адчувала сябе пакрыўджанай, як днём у ягоным кабінеце, калі пачула пра рыбалку. Цяпер яна ўжо не магла стрымаць слёз.

— Ну, перестань, Нора... Наладится все со временем. Главное, что мы — любим друг друга. Остальное — мелочи. Может, даже это и к лучшему — без пошлых бытовых подробностей, которые, не мне тебе говорить, разрушают любовь. Вспомни, что говорили классики: Чехов, Бунин... Семья разрушает любовь — это горький факт, от которого никуда не уйдешь. Помнишь, как у Бунина об этом говорится?.. О солнечном ударе помнишь? Если бы она, та красавица, осталась возле поручика, то все пропало бы... Успокойся, родная. Мы будем встречаться, только, возможно, не всегда, когда тебе захочется. Но здесь уже нужно терпения набраться. Что поделаешь, если сейчас такая жизнь пошла. А пойти сейчас со своей стервой на скандал — кому это выгодно? На работе, возможно, и удержусь на плову, а перспектива после этого — накроется, будешь век сидеть в этой лаборатории. И она это знает...

Ён усё гаварыў і гаварыў. Ад ягоных слоў Элеанора супакойвалася і зноў пачынала верыць у тое, у што хацелася верыць — у ягонае каханне, якое, назло лёсу, будзе вечным.

Так, супакоеная, яна і заснула, не чуючы, як недзе ў першай гадзіне ночы Валера падняўся і, адзеўшыся, ціха пайшоў з кватэры, як і звычайна, пакінуўшы на кухонным століку дзясятку. «На мелкие расходы и на наш будущий ужин. Не могу же я быть альфонсом», — гаварыў ён некалі, калі першы раз пакідаў грошы.

У суботу раніцаю, выправіўшы Анжэлу ў школу, яна спланавала прайсціся па магазінах. Быў канец месяца, і дзе-небудзь ды павінны былі выкінуць што талковае. Калі ўжо не выйшла паехаць у лес па грыбы, то, чым траціць марна час, варта было скарыстаць яго разумна.

Збіраючыся ў горад, яна ўспамінала ўчарашняе, — так, быццам Валерый Барысавіч і цяпер быў побач, здавалася, што яна і цяпер адчувала ягоныя мяккія дужыя пальцы.

Абедам, калі ўжо аббегала ўсе цэнтральныя магазіны і ішла па праспекце дамоў, сярод людскога натоўпу нечакана ўбачыла Валерыя Барысавіча. Спачатку вачам не паверыла, падумала, што трызніць.

Як гэта заўсёды бывала, тут жа хваля цеплыні накаціла на Элеанору, падумала, што рыбалка ў яго чамусьці сарвалася, хоць дажджу ніякага няма і не намячаецца... З усмешкаю яна павярнула ў ягоны бок і толькі тут убачыла, што побач з ім, трымаючыся за сагнутую ў локці руку, перабірае ножкамі маладзенькая, год дваццаці, дзеўчынёшка. Размаляваная пад лялечку, з вялікімі наклеенымі веямі, у белых джынсіках, у куртачцы, у вязанай шапачцы. Па тым, як дзеўчынёшка, гледзячы яму ў вочы штосьці бесперастанку шчабятала, нікога і нічога вакол не прыкмячаючы, па тым, як Валера глядзеў на дзеўчынёшку — о-о, як добра яна ведала гэты насмешлівы позірк! — Элеанора ўсё зразумела...

Тут жа стала брыдка і балюча, хоць скрозь асфальт праваліся. Як быццам дагэтуль яна рабіла штосьці нядобрае і вось — яе за руку злавілі перад усім народам.

На шчасце, побач быў магазін мод, у вітрыне якога красаваліся прыгожыя манекены. Элеанора нырнула ў адчыненыя дзверы і ўжо адтуль, скрозь вялікае акно, убачыла, як з усмешкамі яны праплылі міма халодных манекенаў, занятыя сабою, шчаслівыя.

Рыбак... Казка пра рыбака і рыбку ў сучасным варыянце... Не хапала тут яе, маладой рыбкі, што клюнула!.. Няўжо яна не бачыць, што яму — не пара, ні па гадах, ні ўвогуле?.. Што цікавага яна можа яму прашчабятаць: як бегала ў школу альбо ў дзіцячы сад?...

Глухая цёмная злосць падымалася ў душы, і не на яго, Валерыя Барысавіча, а на гэтых маладых балбатлівых рыбак, якія самі кідаюцца на кручкі. Не маючы ў душы ні сораму, ні сумлення, яны проста-такі рвуць зямлю з-пад ног у салідных самастойных жанчын, ліпнуць, бы мухі на мёд, не да зялёных аднагодкаў, а да вопытных мужчын, жанатых ці нежанатых, на гэта яны нават і не зважаюць.

Калі першая хваля злосці і адчаю пачала спадаць, Элеанора цвяроза разважыла, што непрыкметна для яе вырасла новае даўганогае пакаленне. Па-сучаснаму нахабнае і бессаромнае, шматслоўнае, зусім не такое, якім было яе пакаленне. Гэтае пакаленне смела адбірала тое, што, здавалася, належала толькі ёй...

Абражаная, Элеанора паціху выйшла з магазіна мод і пасунулася да свайго дому.

Дзіўна, ці то яна і праўда паніжэла ад перажыванняў, ці то так здавалася, але цяпер і людзі, якія разглядвалі яе неяк зверху і насмешліва, быццам ім было пра ўсё вядома, і клёны ўзбоч тратуара, на якіх гарэла апошняе жоўта-чырвонае лісце, і шматпавярховыя дамы — усё гэта было высачэнным, сярод чаго адчувала сябе такой малой і нікчэмнай, што аж заплакаць хацелася.

Элеанора ўжо і раней прыкмеціла гэту заканамернасць жыцця: як толькі псаваўся настрой, адразу ж невядома адкуль сыпаліся непрыемнасці. Нездарма гавораць: бяда адна не ходзіць, за сабою трох водзіць.

Вярнулася ў кватэру і ўбачыла, што Анжэла разам з гэткімі ж цыбатымі дзяўчаткамі танцуе перад уключаным на ўсю моц тэлевізарам.. З экрана тэлевізара лысаваты, год сарака мужчына, з гэткімі ж вусамі, якія меў Валерый Барысавіч, трэнькаючы на бліскучай электрагітары, тоненька, як жаночым усё роўна, голасам гучна спяваў, як галасіў:

 

Ка-асіў Ясь канюшыну,

Паглядаў на дзяўчыну.

Ка-а-асіў...

 

Услед салісту гэткімі ж тонкімі галасамі падцягвалі іншыя спевакі, адзетыя ў яркае адзенне.

Такія народныя песні ў сучаснай апрацоўцы, як і вакальна-інструментальныя ансамблі, у якіх мужчыны бы знарок спявалі нейкія ненатуральна тонкімі жаночымі галасамі, толькі-толькі ўваходзілі ў моду, ужо мала хто і помніў, як гучалі народныя песні без апрацоўкі. Цяпер усе і ўсюды дружна гаварылі і пісалі пра новы ўздым нацыянальнай песеннай культуры. Элеанора і сама часта з прыемнасцю слухала бадзёрае «ля-ляй-ля-ля», але цяпер, як толькі ўвайшла ў залу і ўбачыла Анжэлу з дзяўчаткамі, яе чамусьці ад гэтага «ля-ляй-ля-ля» аж затрэсла. Яна тут жа выключыла тэлевізар, буркнуўшы дзяўчаткам, што ў яе моцна баліць галава, вытурыла іх з кватэры, а ў Анжэлы запатрабавала дзённік і сшыткі.

Анжэла хоць і хадзіла ў пяты клас, ды ўжо вымахала па грудзі. Выпраўляючыся ў школу, падоўгу разглядала сябе ў люстэрку, так і не знаходзячы часу скласці ў партфель дзённік і сшыткі, як быццам не на вучобу выпраўлялася...

Аддаючы ў дрыжачыя рукі Элеаноры дзённік і сшыткі, Анжэла нешта буркнула, няяснае і, як падалося, абразлівае. Элеанора, уся на ўзводзе, тут жа не стрымалася, выкрыкнула:

— Что-что? Что ты сказала?

— Если у тебя плохое настроение, так нечего на мне злобу срывать, — Анжэла бліснула халодным агністым позіркам і, рэзка крутануўшыся перад Элеанораю, знікла ў спальні. Як дарослая, як роўніца яна цяпер была.

— Когда это ты так научилась разговаривать, я у тебя спрашиваю? — давялося бегчы за ёю ў спальню. — Я у тебя спрашиваю, когда ты так научилась. Где ты так научилась разговаривать?

— В школе, — Анжэла на яе нават і не глядзела, павярнуўшыся спіною, глядзела ў акно.

— Как уроки учить, так ты в той школе не хочешь и не умеешь. А как танцульки,— так уже сейчас в голове стоят. Ты хоть думаешь, чем все окончится? У тебя в дневнике даже домашнее задание не записано. Я к классной пойду, я спрошу у нее, чем вы там занимаетесь, — Элеанора трэсла ў паветры дзённікам, быццам той дзеённік быў найвышэйшым суддзёю ці сведкам... Яна ніяк не магла супакоіцца, унутры ўсё кіпела, і таму Элеанора ўсё крычала на Анжэлу, крычала, амаль нічога не помнячы...

Анжэла маўчала, нічога не гаварыла. Потым, не гледзячы на яе, пачала хутка збіраць у партфель кніжкі і сшыткі.

— Ты куда?

— К бабушке пойду, — пакінула куртачку на плечы, бразнула дзвярыма і знікла. Яна так часта рабіла: ледзь што не на ёй — пайду да бабулі і дзядулі. Канечне, там ёй лепей: натацый ніхто не чытае, там яе мілуюць, даюць цукеркі...

Тады ўжо, як за Анжэлаю зачыніліся дзверы, Элеанора дрыжачымі ад узбуджэння рукамі заварыла моцнага чаю, даліла ў яго бальзаму і выпіла шклянку адным духам.

Трохі палягчэла. Пачало адыходзіць усё непрыемнае і цяжкае. Моўчкі сядзела на кухні, глядзела ў акно, за якім па тратуары ішлі бясконца людзі, і незразумела пра што думала...

Нельга сказаць, што Элеанора не любіла Анжэлу. Не, такога не было, як магла яна старалася ладзіць з дачкою. Яна і шкадавала яе, як шкадуе сваё дзіця кожная маці, ды толькі Элеанора не магла змірыцца, што ў характары Анжэлы ўсё болей і болей з гадамі праяўлялася сваё, зацятае і ўпартае, чаго Элеанора ніяк не чакала.

Калі гэта пачалося?

Ці не з тых першых дзён, калі Анжэла, загорнутая ў пялёнкі, заходзілася прарэзлівым крыкам да таго часу, пакуль не возьмеш яе на рукі, і тады яна — гэта ўсіх здзіўляла — супакойвалася і заціхала.

Мо тады ў прарэзлівым капрызным крыку праяўлялася тое ўпартае, што Анжэла ўзяла ад Івана і што Элеанора

не магла пераламаць?

Не лягчэй было і пасля, калі Анжэла пачала хадзіць, калі яна зноў і зноў слязамі і крыкамі прымушала яе, дарослую жанчыну, лісліва заглядваць у маленькія чорныя вачаняты, прымушала купляць цацкі і лялькі, адзенне... Як у ланцугу, з якога не вымеш ніводнага звяна, у характары Анжэлы праяўлялася штосьці сваё...

Самае пакутлівае для Элеаноры было ў тым, што адчувала: барацьба ідзе на роўных. Вучоба ў інстытуце, прачытаныя разумныя кнігі па педагогіцы выхавання, горкі вопыт замужжа, пражытыя гады — усё гэта падчас спрэчак з Анжэлаю некуды сплывала, і таму Элеанора не ведала, што рабіць.

Не пачнеш жа яе біць. Але ж і аднымі ўгаворамі ад Анжэлы амаль нічога нельга было дабіцца.

Яшчэ да параджэння Анжэлы Элеанора часта ўяўляла, якім будзе яе дзіця, як будзе яго выхоўваць, якім вырасце, — абавязкова разумненькім, паслухмяным, яно навучыцца іграць на піяніна. І яшчэ будзе хадзіць на фігурнае катанне, якое штовечар паказвалі па тэлевізары. І таму, калі Анжэла падрасла, Элеаноры было так балюча і крыўдна, бо бачыла і адчувала, што дзіця расце зусім не такім, якога хацела мець.

І капрызныя крыкі Анжэлы, і яе слёзы, і ўпартасць, і яе нежаданне іграць на піяніна, якое стаіць зачахлёным у пакоі каторы год і якое хоць ты цяпер у камісіёнку цягні,— усё было незапланаваным, бурыла тыя вабныя мары, якімі Элеанора некалі цешыла сябе.

Апошні год Анжэла зусім распусцілася — проста-такі дэманстравала абыякавасць да ўсяго на свеце: і да натацый Элеаноры, і да вучобы ў школе. Калі Элеанора падганяла Анжэлу: «Шевелись хоть немного, опоздаешь в школу», — тая спакойна гаварыла: «Ну и что?» Гэтае дэманстратыўнае ну и что? злавала, прымушала рабіць новыя ўступкі: ці то купляць новую сукенку, ці то даваць грошы... А то і проста маўчаць, заплюшчваючы вочы на тое, што Анжэла вытварала.

— Ты не садилась делать уроки. Двойку получишь.

— Ну и что. Мне нужны копейки на мороженое.

— Нельзя тебе есть мороженого, простудишься.

— Тогда я вообще есть не буду.

— Ты же ослабнешь, умрешь.

— Ну и что?

Гэтае ну и что? звінела ў вушах. Бяда была ў тым, што Анжэла і сапраўды не ішла ў школу, не рыхтавала па тыдню ўрокі: спакойна слухала яе натацыі, не баялася настаўнікаў і на ўроках магла рабіць, што хацела, — быццам ва ўсім гэтым атрымлівала асалоду...

У дзвярах пачуўся рэзкі званок. Ад нечаканасці Элеанора аж уздрыгнула, пайшла, адчыніла. На парозе стаяла Ларыска з двухгадовым Вадзікам на руках.

Прывіталіся. Пайшлі на кухню. Пачала заварваць свежы чай. Відаць, па твары Элеаноры было штосьці такое, што прымусіла Ларыску спытаць:

— Что с тобой, Норочка? Ты — потемнела в лице. Неприятности по работе?

Стомленая, разбітая, Элеанора прысела на табурэтку побач з Ларыскаю, сказала:

— Нету чем хвастаться. Вокруг — одни неприятности. По закону подлости все идет. Снова с Анжелой у меня скандал. И сделать ничего не могу. Я уже сейчас не могу к ней подступиться, а что из нее выйдет, когда вырастет? Вот ты же у нас в школе работала — неужели сейчас все дети такими растут? Или только одна Анжела?

— Ну, не скажу, что сейчас все одинаковые. Дети — есть дети. Бывают еще и хуже. Но одно твердо знаю: новое поколение сейчас какое-то непонятное растет. Чего оно хочет — никто толком не знает. — Леваю рукою Ларыска трымала на каленях Вадзіка, а ў правай — шклянку з чаем, у які, па даўняй звычцы, Элеанора даліла бальзаму. Ларыска адпівала чай з бальзамам і гаварыла: — Ты сама посмотри, сейчас везде одно и то же, что — в городе, что — в райцентре. На джинсах да на кофточках все как с ума посходили. Я в школе работала, знаю: в восьмом классе девочки курить начинают, а до десятого они уже такую практику проходят, такие специалисты по всем вопросам!.. Вот здесь и ломай голову... Что же ты хочешь от тех восьмиклассниц, когда мой гвардеец, — Ларыска ківала галавою на Вадзіка, — уже командует в «Детском мире»: покупай ему только чебурашку, а не собачку или машину. А не купишь — такую истерику на людях закатит, что не знаешь, куда глаза девать от стыда, тогда ему не только будешь готова того чебурашку купить...

— И не станешь же их бить, непедагогично.

— Разумеется, не станешь. Битьем только озлобишь ребенка — это уже давно педагогикой доказано. У некоторых народов, я вот недавно вычитала, так ребенок до трех лет вообще на голове ходит, может делать, что ему вздумается, а тогда, после трех, его начинают брать в ежовые рукавицы. Нам нужно знать современный подход к воспитанию. Сейчас же — не так, как было когда-то в деревнях, где в каждой семье было по восемь детей, которые друг друга смотрели. Ты хоть Спока читала?

— Нет.

— Я тебе постараюсь достать его. Хорошая книга, настольная. Вообще в современном воспитании имеется один аспект, о котором в открытую до сих пор никто и не говорит. А между тем он — самый важный.

— Какой?

— Смотрю я на своего Вадика и думаю, на каких идеалах его воспитывать? Воспитай его честным, справедливым, таким, знаешь ли, современным дон-кихотом, бойцом за правду и справедливость, так потом, когда подрастет и столкнется с реальной, а не книжной жизнью, то одно мокрое место от него останется... Проходимцем его воспитывать также боязно...

— Ты так говоришь, что меня просто ужас берет... Хотя, порассуждав трезво, ты и правду говоришь. Сейчас такие требования, на одной одежде разорение... Это в деревне когда-то можно было в одном платье везде ходить, а сейчас... Моя красавица уже джинсы требует, хоть умри, а купи. Да еще импортные. Твой хоть помогает деньгами? — Элеанора піла чай і, гледзячы то на чарнявенькага Вадзіка, то на распаўнелую Ларысу, усё здзіўлялася: як хутка ляціць час!.. Ці даўно з Ларыскаю бегалі на лекцыі? Здаецца — учора...

— Помогает, куда он денется. Знает хорошо, если что — так и в суд недолго подать.

— Он все там же, в райцентре?

— Все там же. Обещает развестись со своей.

— Все они обещают, паразиты... — зноў невядома адкуль хваля злосці і адчаю накаціла на Элеанору. Убачыла людны праспект, магазін мод з халоднымі манекенамі ў вітрыне, сябе ў тым магазіне і іх за шклом, шчаслівых, вясёлых... Стараючыся пазбавіцца ад гэтага злога і адчайнага, Элеанора глуха гаварыла: — И тот вахлак из Житива, и этот интеллигент сопливый... Осталось только название, а настоящие мужчыны, которые когда-то стрелялись из-за женщин, жизни не жалели, эти мужчины давно исчезли. Я ради него пошла на все, я готова отдать ему всю свою жизнь, а он...

— Ничего, Норочка, все будет нормально, вот посмотришь. Только измени тактику. Ты отойди от него на время, на его даже и не смотри. Тогда он здесь же начнет кусать себя за локти и бросится к тебе. Никогда не показывай, что ты влюблена по уши. Беда, наверное, в том, что ты слишком липла к нему. Мужчина не должен чувствовать, что его любят. Когда он это почувствует — прощай любовь... Когда пинаешь ногами, как раз тогда они и липнут к нам, как раз тогда они и счастливы, когда ночуют возле дверей наших квартир. А так, в открытую, без этой хитрой игры, мы всегда остаемся в проигрыше.

Элеанора маўчала. Незаўважна ўсё часцей яна падлівала ў чай церпкі бальзам. І думала, які ж пакутлівы і доўгі сягоння дзень. І калі ж ён скончыцца!

І яшчэ ў глыбіні душы падчас спакойных разважлівых слоў Ларыскі ўсё болей цеплілася надзея, што Валерый Барысавіч усё ж будзе ля яе. Таму хацелася, каб Ларыска ўсё гаварыла і гаварыла — разумнае, вычытанае ў кнігах, набытае горкім вопытам жыцця...

 

Той час Анжэла помніла мала.

Помніла, што бацька прыходзіў дамоў з незразумелымі чырванаватымі вачыма. Сутыкнуўшыся на кухні з маці, ён тут жа пачынаў ёй штосьці гаварыць, і маці не маўчала, адказвала яму гэтак жа коратка і суха. Слова за слова — гаворка станавілася ўсё гучней. Бацька тады не вытрымліваў, пачынаў злаваць і крычаць на маці. І тая таксама крычала: «Давно говорю, что сопьешся и возле магазинной двери жизнь окончишь. Па-разит, только жизнь искалечил».

Штосьці цьмянае і грознае насоўвалася і насоўвалася на іх сям'ю. Відаць, боль ад гэтага цьмянага і грознага, што днямі вісела ў кватэры, і быў самым важным ва ўспамінах пра той час, калі бацькі зацята сварыліся, калі тыднямі не гаварылі, калі, кожны на свой лад, спрабавалі выхоўваць яе, гаварылі кожны пра сваё, — ужо тады Анжэла адчувала душэўную раздвоенасць: трэба было ладзіць і з бацькам, і з маці, трэба было рабіць выгляд, што глухая і сляпая...

А потым нешта здарылася — бацька перастаў начаваць дома, і вечарамі ў іх вялікай двухпакаёўцы стала ціха, гэтак ціха, што нема крычы. Анжэла не ведала, што рабіць, куды прыткнуцца, хацелася, каб хоць які, сварлівы, разгублены, з чырванаватымі нядобрымі вачыма, але каб бацька быў побач, бо тады ў душы паяўлялася супакоенасць і цішыня, якіх ёй ніхто, акрамя бацькі, не мог даць.

Каб адагнаць ад сябе нядобрую цішыню, Анжэла, вярнуўшыся са школы, тут жа ўключала тэлевізар.

Ды маці, здавалася, нічога кепскага не адчувала, на першым часе, калі бацька перастаў начаваць у кватэры, яна аж павесялела і часта з вясёлым смехам гаварыла, што цяпер, калі п’янчуга-паразіт іх кінуў і пайшоў сабакам сена касіць, яны могуць жыць спакойным культурным жыццём — і кніжкі чытаць спакойна, і ўрокі вучыць, і тэлевізар глядзець, а не слухаць штодзённыя ляманты.

Адразу ж, ці не назаўтра, як знік з кватэры бацька, пачаліся тэлефонныя званкі, пачуўшы якія, маці падхоплівалася і неслася да тэлефона, як учадзелая. Так выпадала, што некалькі разоў Анжэла першая здымала трубку — чула, як мужчынскі голас прасіў паклікаць Элеанору Валянцінаўну. Маці тут жа выхоплівала трубку з рук і падоўгу гаварыла: то ўсміхаючыся, то хмурачыся, як быццам той, з кім жартавала і гаварыла, мог усё бачыць... «Да... Ну, да... Нет-нет, я думаю, что ты шутишь... Нет, сегодня я не смогу...» — калі Анжэла чула маці, у яе паяўлялася здагадка, што маці і той невядомы мужчына нешта хаваюць ад яе і таму так коратка маці гаворыць да ці нет, і таму, калі Анжэла ў час гаворкі маці была побач, маці тут жа махала рукою: «Иди, иди на кухню, это не для тебя».

Анжэле чамусьці было непрыемна глядзець на маці, калі тая гаварыла тады маці станавілася незвычайнай, як капрызнае дзіця, якое можа то сварыцца, то лашчыцца.

Неяк, прачнуўшыся сярод ночы, Анжэла пачула, што ў спальні, дзе звычайна спалі бацькі і дзе апошні час маці спала адна, хтосьці гаворыць, — глухавата, як з-пад падлогі, даносілася мужчынскае бу-бу-бу... У перапынках паміж бу-бу-бу праразаўся шчаслівы смех маці — такога звонкага радаснага смеху Анжэла, здаецца, ні разу не чула.

Спачатку ёй падумалася, што вярнуўся бацька. Скінуўшы з сябе цяжкую коўдру, яна саскочыла з канапы і, ступаючы па мяккім дыване босымі нагамі, падышла да дзвярэй спальні і застыла, прыслухоўваючыся, стараючыся не дыхаць — як бы растварылася ў трывожнай ліпучай цішыні. Але праз шчыльна зачыненыя дзверы акрамя валтузні, парыпвання ложка, глухаватага чужога бу-бу-бу і матчынага смеху болей нічога не пачула. І валтузня, і смех, і бу-бу-бу то заціхалі, то зноў усчыналіся.

Тады Анжэлу незразумела чаму пачалі біць дрыжыкі — ад галавы да пят, здаецца... Яна адчула, што наблізілася да вялікай таямніцы, якую вось-вось можа ўведаць. І яшчэ ёй чамусьці стала страшна, як ніколі не было страшна, нават калі адна заставалася ў цемені. Анжэла ведала — там, за белымі дзвярыма спальні, рабілася нешта нядобрае, якое старанна хаваецца і ад людзей, і ад яе.

Так яна стаяла даволі доўга. Нарэшце адчуваючы, што зусім скалела і занадта гучна стукаюць зубы, а цела стала непаслухмянае, як драўлянае ўсё роўна, Анжэла, перастаўляючы нягнуткія, як чужыя ногі, памалу вярнулася назад, да халоднай канапы. Стараючыся не шумець, залезла пад коўдру. І толькі тады, як перасталі стукаць зубы, яна заплакала. Як і звычайна, калі плакала, Анжэла давілася слязьмі, ніяк не могучы ўдыхнуць на поўныя грудзі. І ўсё не праходзілі дрыжыкі, што калацілі худзенькае цела.

Анжэла баялася, што тыя, у спальні, могуць пачуць, як яна плача, таму схавалася пад цяжкую коўдру, дзе было цёмна, як пад зямлёю, дзе было душна, ды не так страшна, як у кватэры, якая цяпер, здавалася, невядома дзе пачыналася і невядома дзе канчалася.

Так, заплаканая, яна і заснула.

Раніцаю, калі Анжэла прачнулася, нікога чужога ў кватэры не ўбачыла. Маці нічога новага не гаварыла, усё было, як і кожны дзень: маці таропка збірала і выпраўляла ў школу, гаварыла, што сама спазняецца на работу. Была маці у тую раніцу вясёлая, расчырванелая і прыгожая. Адчувала Анжэла, што маці хоць і гаворыць з ёю пра школу, але ў гэты час яна думае пра штосьці сваё.

Быццам усё, што Анжэла чула ноччу, прыснілася.

Яна тады нічога маці не сказала, ні пра што не спыталася, як нічога не сказала бацьку, які вечарам прывёў яе з прадлёнкі.

З таго дня ў душы Анжэлы паявілася нешта такое, што не магла пераадолець: боязь і сорам глядзець маці і бацьку ў вочы. Адчувала: за адну ноч уведала штосьці такое, пра што нікому няможна гаварыць, ні сяброўкам, ні настаўніцам, ні бацькам. І яшчэ пасля той ночы Анжэла перастала плакаць, быццам за адну ноч выплакала ўсе слёзы. Калі ж маці пачынала занадта гучна сварыцца, то халодным бляскам загараліся вочы ў Анжэлы і тады ўжо, што б сабе маці ні рабіла, што б сабе яна ні гаварыла, як бы доўга ні крычала, але слёз у Анжэлы не было.

Маці гэту перамену адразу ж адчула. Убачыўшы халодны бляск вачэй, сціснутыя палосачкі вуснаў, тут жа адступалася, а калі дык і гаварыла са злосцю і бяссіллем: «У-у, упартина, вся по отцу, его заквасочка», — быццам Анжэла вінавата, што яна — уся па бацечку...

Бацька звычайна прыходзіў па яе ў школу, калі ўсе вучні з прадлёнкі разбягаліся і толькі яна заставалася ў класе, бо адной вяртацца ў пустую кватэру не хацелася.

Яна садзілася ля акна і ўсё пазірала на вуліцу, чакаючы, калі ж паявіцца перад школаю на дарозе бацька. У клас прыходзіла прыбіральшчыца з вядром вады і цёмнаю анучаю. «І чыя ж ты, касатка?» — пыталася прыбіральшчыца працяжна і нязвыкла нават, — не так, як гаварылі ў школе і ў горадзе, а так, як гаварыла з ёю некалі старэнькая вясковая бабуля, да якой калісьці вазіў яе бацька. Анжэла гаварыла, хто яна, каго і чаму чакае. Прыбіральшчыца доўга і ўважліва глядзела ў самыя вочы і чамусьці называла яе дзевачка ты мая...

Нарэшце паказваўся перад школаю бацька. Яна хутка нацягвала паліто, пакуль бацька ішоў калідорам школы да іх класа, яна была апранутая. Як толькі ён адчыняў дзверы, бачыў яе перад сабою, гатовую да выхаду, з ранцам у руках, і кожны раз ён здзіўляўся, адкуль яна ўсё ведае...

Яны выходзілі на вуліцу, дзе быў белы снег, дзе ад холаду было чыста і лёгка. Дарогаю Анжэла шмат гаварыла, смяялася. Звычайна яны адразу ж пасля школы выпраўляліся ў кафэ, якое хавалася ў парку між сосен, — здавалася, усё ішло ў яе жыцці, як і раней, калі бацька забіраў яе з дзіцячага садзіка і яны гэтаксама нетаропка ішлі дахаты. А між тым цяпер Анжэла адчувала, што бацька нечым ці то ўстрывожаны, ці то вінаваты, ён зараз — зусім іншы, не такі, якім бываў некалі. І таму гэтак мякка ён глядзіць, заглядае ў самыя вочы, як бы хоча штосьці спытаць, ды баіцца і таму гатовы зрабіць для яе ўсё, што яна захоча.

Анжэла не ведала ды і не хацела ведаць, хто з іх у чым вінаваты, хацела аднаго, каб побач былі і бацька і маці.

Калі пайшла ў другі клас, штосьці здарылася: тэлефонныя званкі ад чужога незнаёмага мужчыны чуліся ўсё радзей і радзей, маці вярталася з работы ўзвінчаная, заклапочаная і нават разгубленая. Яна не прыкмячала, як вучылася Анжэла, якія адзнакі былі ў сшытках і дзённіку, не думала нават, чым займалася Анжэла доўгімі зімовымі вечарамі, калі заставалася дома адна. І цяпер ўжо ў маці, як некалі ў бацькі, часта былі непрыемныя чырванаватыя вочы.

Пачуццё таго, што яна, Анжэла, у нечым замінае маці радасна жыць, не знікала.

У чым яна была вінаватая?

Вечарамі маці кудысьці знікала. Вярнуўшыся з прадлёнкі, Анжэла сядзела ў кватэры адна і не ведала, чым заняцца. Ісці адной на вуліцу ў восеньскую сырасць і цемень не хацелася, ды і боязна было, а тут, у вялікай кватэры, было сумна, адзінока і чамусьці вечна холадна.

Яна тады ўключала тэлевізар і, шчоўкаючы пераключальнікам, глядзела і слухала, што паказвалася на экране: навіны, эстраду, мульцікі, кінафільмы, як гістарычныя, так і сучасныя, з пацалункамі, з незразумелымі гуллівымі намёкамі... Тады, як у адзіноце глядзела тэлевізар, адчувала, як памалу далучаецца да невядомага жыцця дарослых. Чым болей глядзела тэлевізар, тым болей упэўнівалася, што сапраўднае цікавае жыццё недзе там, далёка-далёка за сценамі сумнай двухпакаёўкі, у якой знаёмыя падрапаныя ёю шпалеры на сценах, знаёмая чырвоная падлога, знаёмы стол у зале, за якім трэба рабіць нямілыя ўрокі.

Бывала, што Анжэла так і засынала на канапе, не дачакаўшыся маці, не выключыўшы тэлевізара.

Як адчуваючы віну, маці калі-нікалі спахоплівалася — тады адпускала ў госці да бабулі і дзядулі, лашчылася, лісліва зазіраючы ў вочы.

Ды штосьці стрымлівала Анжэлу, рабіла маўклівай і ўпартай. І Анжэла нічога не магла з сабою зрабіць.

Часта маці брала з сабою Анжэлу, калі выпраўлялася ў госці да цёткі Ларысы, у якой паявіўся хлопчык Вадзік.

Маці і цётка Ларыса садзіліся за кухонны столік, на якім у цэнтры стаяла гліняная бутэлечка з прыгожай каляровай наклеечкай — гэткімі наклеечкамі ў іх дома былі абклеены знізу даверху дзверы ў ваннай. Дарослыя пачыналі вячэраць, тут жа, збоку, ляпілася і Анжэла. Пазіраючы то на маці, то на цётку Ларысу, яна слухала доўгія разважанні: пра работу, пра гарадскія здарэнні, пра гэтых праклятых паразітаў, якія толькі тым і занятыя, шо калечаць жыццё і ім, і дзецям, пра артыстаў, пра кіназорак, якіх, бы добрых знаёмых, Анжэла штовечар бачыла па тэлевізары адных і тых жа, быццам акрамя насмешлівых вясёлых артыстаў болей і не знаходзілася каго паказваць, пра выступленні фігурыстаў, пра сучасныя шматсерыйныя фільмы са шпіёнамі і разведчыкамі — Анжэла чуйна ўбірала ўсё гэта, і ў душы яе не знікала ранейшая здагадка: ва ўсім, пра што маці і цётка Ларыса доўга гавораць, хаваецца яшчэ штосьці, тое грознае і таемнае, пра што дарослыя ці то не хочуць, ці то не могуць услых гаварыць. Хавалася тое, што Анжэла гэтак выразна адчувала, калі бацькі сварыліся, калі босай стаяла ў цемені ля зачыненых дзвярэй спальні і чула глухаватае бу-бу-бу...

Мінула лета, другое. Бацька прыходзіў да школы ўсё радзей і радзей, усё радзей ён заходзіў да іх у кватэру, каб памагчы Анжэле разабрацца з задачамі. Анжэла адчувала, як памалу ён аддаляецца і ад яе, і ад маці. Цяпер ён ужо не сварыўся з маці, часта нават і жартаваў. Тое асабістае, чым бацька быў заняты ўвесь час, займала яго ўсё болей і болей. Нарэшце ў адзін з халодных восеньскіх вечароў маці сказала:

— Ну вот, женился наш паразит на какой-то приблуде. С приданым отхватил. Сейчас он узнает жизнь настоящую. Па-разит... Будет знать, где раки зимуют.

Па сумнавата-застылым позірку маці Анжэла бачыла, што яна разгубленая. У той вечар Анжэла ўпершыню на твары маці ўбачыла маршчынкі — і ля вачэй і ля пераносся. І яшчэ яна ўбачыла першыя сівыя валасы на галаве.

З таго вечара маці пацішэла, стала як бы ніжэй ростам, — стала яна гэткая ж разгубленая, як і ў той час, калі перастаў званіць тэлефон.

І цяпер, калі бацька зрэдку паказваўся ў іх кватэры, маці не сварылася, не крычала, а толькі, гледзячы на бацьку цёплымі вачыма, ласкава дапытвалася:

— Ну как, скоро прибавка будет? Свое бросил, так чужое сейчас воспитывай, оно, наверное, лучше...

Бацька тады маўчаў, балюча моршчыўся і гаварыў:

— Ты хоць бы пры дачцэ пра гэта не гаварыла.

— А что тебе свой ребенок, что?.. Ты о нем никогда не думал и не думаешь. А она уже — почти взрослая, все знает и понимает,— маці не крыўдавала, а ўсё ўсміхалася і ўсміхалася, — она хорошо знает, как у отца по ней душа болит...

А потым яны ўсё ж выбіраліся з кватэры на вуліцу. Яна была яму ўжо амаль па плячо і таму зусім па-даросламу трымалася за ягоную сагнутую ў локці руку.

Яны доўга гулялі па праспекце, заходзілі ў парк, дзе восенню блішчэлі пасля дажджу асфальтаваныя дарожкі, засыпаныя мокрым лісцем, потым, скалелыя ад сырасці і дажджу, заходзілі ў памятнае з маленства кафэ з нізенькімі столікамі, дзе папугайчыкі крычалі гэтак жа адчайна, як і шмат год назад, дзе ў акварыумах плавалі ўсё гэткія ж залацістыя рыбкі. А пасля яны зноў ішлі ў бязлюддзе і стыласць.

Увесь час, калі Анжэла гуляла з бацькам, у душы яе нарастала незразумелая сцішанасць. Здавалася, вось яны вернуцца дамоў, дзе ўсё будзе гэткім жа ціхім і мірным, як гэта позняя восень, што суцішвае развярэджаную душу нябачнымі гаючымі токамі.

І яшчэ ў гэтай восеньскай цішыні і стыласці хацелася расказаць пра сябе, расказаць пра тое, у чым ніколі не прызнавалася ні маці, ні сяброўкам, ні настаўнікам. І ведала яна: калі раскажа пра сябе, то якраз тады і бацька пачне расказваць пра сябе, — і дзе ён жыве цяпер, і як ён жыве...

Анжэла ўжо пра ўсё ведала і ўсё разумела, бо ў іх класе ледзь не палова вучняў жылі ці без бацькі, ці з чужымі бацькамі. I ва ўсім гэтым ніхто нічога дзіўнага не бачыў, — толькі пякучы боль з гадамі так і не выветрываўся з душы.

Але нічога яна не пыталася. Таму бацька таксама нічога не гаварыў. Яны разыходзіліся. Анжэла вярталася назад у пустую кватэру з яшчэ большым пачуццём адзіноты і адзінаю ўзнагародаю — грашыма, якія перад развітаннем у апошняе імгненне таропка і сарамліва ўсоўваў у руку бацька: рубель ці пяцёрку — гэта ўжо колькі яна прасіла...

 

Пад вечар ногі станавіліся што калоды. І цела рабілася цяжкім, непаваротлівым, як чужым усё роўна. Тады яна памалу дачэпвала да халоднага ложка, дзе, укрыўшыся тоўстаю коўдраю, магла сагрэцца і заснуць.

У тое апошняе лета ёй ледзь не штоноч сніліся сны,— яркія, надзіва лёгкія...

Бачыла яна тады і сябе, і Міколу, яшчэ маладых і дужых, якім не была страшнай ніякая работа. І сына яна бачыла, толькі не цяперашняга, пастарэлага, а — малога, якому песні пяяла. Гаварыла яна ў снах з Міколам, як з жывым. Бачыла яна ў снах і радню сваю, немцамі ў пуні спаленую — тады крычала сярод ночы, усё людзей клікала...

Там, у снах, яна магла лёгка перабіраць нагамі, магла бегаць як па сяле, так і за сялом, і яшчэ кожны раз, калі за работу бралася, яна пяяла старыя песні — выразна чула, як звінела яе песня над сялом, над лесам, над выганам зялёным, над полем, дзе жыта калышацца,— над усёй зямлёю...

Усё ў яе снах было такім блізкім і родным, што толькі цяпер, пад старасць, яна пачынала пазнаваць цану адпушчанага чалавеку...

Ды як толькі сярод ночы прачыналася, адразу ж усё знікала: і Мікола, і сын, і радня. Яна ніяк не магла ўспомніць тыя старыя песні, якія некалі самі па сабе пяяліся. Станавілася сумна. Намагалася ўспомніць, пра што ж пяяла — не ўспаміналася, хоць ты сярод дня у баб пытайся пра тыя песні, якія яны разам некалі пяялі.

І на рабоце. І на купаллі. І на зажынках. І на дажынках. І на кірмашах. І на вяселлі. І на радзінах. І на хрысцінах. І проста так, каб душа не чахла.

А прачыналася яна не па сваёй ахвоце.

Яшчэ з вясны, як толькі снег зганяла, начамі з канца ў канец сяла гойсалі матацыклісты, трымаючыся аберуч за смярдзючае траскучае жалеза, начапіўшы на галовы бліскучыя шлемы, бы чэрці якія...

То ў адным канцы сяла, то ў другім спачатку ўзнікала далёкае ледзь чутнае тарахценне, ад якога яна тут жа і прачыналася. Тады ўжо, усё загадзя ведаючы, сціснуўшыся ў камяк, яна рыхтавалася да таго абавязковага, якое, трэба было выцерпець.

Тарахценне мацнела, набліжалася, пачынала часта-часта біць па галаве: тра-та-та-та-та... У вокны, што выходзілі на вуліцу, здаля свяціў рэзкі пук святла. Па-нябожчыцку белае празрыстае святло высвечвала фарбаваную белую столь, а затым яно памалу спаўзала на сцяну, абклееную шпалерамі. Тады выразна бачылася блакітная рамачка з картачкамі: і сама, і Мікола, і сын, які ў Міколы на каленях сядзеў, і радня свая, невядома за якія грахі спаленая...

Гэтак жа, як мацнела святло, усё ярчэй высвечваючы блакітную рамачку з картачкамі, гэтак жа і мацнела тарахценне матацыкла, здавалася, што матацыкліст той, як нячыстая сіла, нясецца прама да ложка і вось-вось разнясе сцены... І ўсё мацней і мацней біла па галаве: тра-та-та-та-та... — як бы нехта пачынаў крычаць у самае вуха: так жыла? так жыла? так жыла?..

У апошняе імгненне, калі, здавалася, не было болей сіл цярпець, трэск матацыкла неяк ламаўся, пачынаў заціхаць, аддаляцца. Белае нябожчыцкае святло, грозна бліснуўшы па ўсёй хаце, гасла... Тады цемра станавілася гусцейшаю, хата як пад зямлю апускалася...

Яна ўздыхала, ведаючы, што цяпер — не засне, што матацыкліст, развярнуўшыся ў канцы сяла, як нячыстая сіла, зноў панясецца назад міма самых вокнаў. І зноў у самае вуха хтосьці закрычыць: так жыла? так жыла? так жыла?..

Што трэба было гэтым маладзенькім матацыклістам у цемры, дзе ў любы міг на дарозе іх чакала смерць ці калецтва? Чакала і прыбірала паціху. Бо і калечыліся, і насмерць забіваліся, то адзін, то другі...

Тады яна ляжала і ўспамінала сны. Як па тыя картачкі глядзела, што на сцяне ў блакітнай рамачцы віселі. І дзіўна ў тых снах аказвалася: што ў маленстве ці ў юнацтве было, помнілася нашмат ярчэй і выразней, чым учарашняе ці пазаўчарашняе.

Калі зоры пачыналі хавацца, а неба сінелася і над роснай мураваю чуўся подых першага ветру, калі пачыналі займаць кароў, тады і падымалася. Выходзіла з хаты, хоць карову ёй выганяць не трэба было. Удыхаючы халаднаватае роснае паветра, адчувала сябе вальней, чым у цёплым ложку. Цяпер ужо не думалася пра пакутлівы трэск матацыкла. І сны адыходзілі назусім, пад высокім блакітнаватым небам яны здаваліся дзіўнымі і далёкімі, як з чужога жыцця, некім расказанага...

У тое апошняе лета яна надта ўжо дзіўна адчувала і сябе, і самое жыццё. Чамусьці ўсё болей і болей яна ўсяго шкадавала. І не толькі сына, які гэтулькі гадкоў жыццё сваё без толку марнаваў, не толькі нясчасных матацыклістаў, якія біліся і калечыліся, смерць пад калёсамі машын шукаючы, не толькі радню сваю, але шкадавала яна і ўсё астатняе.

Па вясне шкадавала, што дажджу не выпадала, і таму трава, гародніна, збажына — усё жывое вяла і чахла. Шкада было, што цёплае лета хутка мільгае, азірнуцца не паспяваеш, здаецца, толькі-толькі зязюля кукавала, а — глядзіш, ужо вецер хмары і дажджы наганяе, абрываючы жорсткае лісце. Шкада было птушак, якіх восенню холад і голад у вырай гналі. Шкада жывёлы калгаснай, што часта на ферме галоднай раўла, бо даглядчыцы, пра сорам і работу забыўшыся, ля магазіна гулялі. Шкада было зайцоў, якіх мёртвымі ў полі знаходзілі. Шкада рыбы, якую трактарысты ў рацэ аміяком патруцілі...

Яна не ведала, адкуль, чаму ў ёй паявілася гэтае шкадаванне, але чым большала яно, тым меней думала пра сябе: хто яна, што яна?..

Жыццё пражыла, ды так і не выкраіла часу падумаць пра сябе. Цяпер яна пра гэта не бедавала. Ёй нават дзіўным здавалася: а ці так ужо і важна, хто яна, што яна?..

Часта, калі ў канцы дня яна сядзела на лаўцы побач з бабамі і, слухаючы іх бясконцую гаворку, глядзела то на хаты, то на высокае блакітнае неба, па якім кацілася да лесу цёплае мяккае сонца, усё гэткае ж, як і год, як і сто год назад, то незразумела чаму слёзы накочваліся на яе твар. Яна старалася стрымаць слёзы, ды не кожны раз гэта ўдавалася. Тады падымалася з лаўкі і паціху сунулася дахаты, на хаду шурпатай далонню выціраючы слёзы, увесь час адчуваючы шкадаванне чагосьці.

Звычайна нехта з маладзейшых баб, выпадкова ўбачыўшы яе слёзы, гаварыў ціха, што гэта ўжо і не яна плакала, гэта старасць па жывому жыццю плакала...

 

Раздзел пятнаццаты

Да трыццаці васьмі год цяжару пражытага і перажытага Элеанора не адчувала, здавалася — яшчэ адзін новы дзень, яшчэ адно ўдалае супадзенне абставін — і зноў яе жыццё будзе гэткім жа, як і дваццаць год назад, калі з Ларыскаю бегалі загараць на возера.

Знешне Элеанора з гадамі амаль і не мянялася, як гаварыла Ларыса, калі б не дарослая Анжэла, то можна было б сказаць, што ёй усяго толькі трыццаць. Ну, самае большае — трыццаць тры, не болей.... Калі — у строгім касцюме, а часцей — у джынсах, заўсёды ў меру падфарбаваная, так, каб парфума тая не кідалася ў вочы, Элеанора лёгка і весела гаварыла як са знаёмымі, так і з незнаёмымі на любую тэму, пачынаючы з капрызнага надвор’я, якое ніяк не прадугадаеш, і канчаючы складаным міжнародным становішчам, якое з кожным годам пагаршаецца...

Элеанора не прыкмячала, як мільгаюць гады, — калі б не паездкі на поўдзень падчас летняга адпачынку, то пражытыя гады зліліся б у нейкі адзін доўгі год.

Элеанора не шкадавала пра развод з Іванам, — як-ніяк, а яна і сапраўды засталася ў выйгрышы: дачка побач з ёю, старасць сустракала не адна, як іншыя, мелася двухпакаёўка, сама была свабодная, што хацела, тое магла і рабіць. Сямейнае жыццё: брудныя пялёнкі, вечнае мыццё посуду, бялізны, сваркі, якія рвалі нервы і здароўе — усё гэта цяпер здавалася дзіўным і чужым. Навошта яно ёй?.. Калі Элеанора думала пра цяперашняе жыццё, ёй здавалася — як жыве цяпер, гэта найлепшы варыянт, кожная разумная жанчына, калі б трапіла ў яе сітуацыю, паводзіла б сябе так, як паводзіла яна сябе. Лепшага варыянта і прыдумаць нельга, усё ў яе жыцці сыходзілася пакуль, спляталася так шчыльна, што нічога лішняга туды пе магло ўвайсці.

Нават сустрэчы з Валерыем Барысавічам, пакутлівае расстанне з ім — і гэта было правільным, лагічным, бо як-ніяк, а яна ўсё ж здолела адчуць, што такое сапраўднае каханне, якое, як гэта добра вядома, без слёз і расстанняў не можаш адчуць і ацаніць па-сапраўднаму. Іншыя ціхоні, жывучы праведніцамі, невядома чаго пакутуюць, так і не адчуўшы за ўсё жыццё слодычы кахання, так і не асмельваючыся кінуць выклік свайму лёсу, а вось яна...

Калі Элеанора думала пра Валерыя Барысавіча, была спакойная. Цяпер яна пераламала сябе, змірылася, што Валерый Барысавіч адышоў ад яе назусім. Як гэта часта бывае ў некалі блізкіх людзей, пры сустрэчы з ім на вуліцы ці ў лабараторыі на заводзе, яна магла спакойна гаварыць з ім, калі — усур’ёз, калі жартуючы, ведаючы, што да мінулага вяртання няма і не будзе. І ніякага хвалявання, а тым болей — болю, у яе не паяўлялася.

З гадамі Элеанора прывыкла да вось такіх адносін: сягоння сябруеш з чалавекам, свету божага з-за яго не бачыш, заўтра — можаш крыўдаваць на яго, ненавідзець і праклінаць, як некалі яна праклінала Валерыя Барысавіча, а паслязаўтра — зноў сыходзішся з тым чалавекам, як ні ў чым пе бывала, сябруеш. І нічога дзіўнага ў гэтым не было, як часта гаварыла Ларыса, цяпер увесь свет такі, зыбкі і неакрэслены, і таму са сваёй злосцю і зацятасцю застанешся ў вечных дурніцах.

Звычайна летнія адпачынкі Элеанора праводзіла на поўдні ў тым самым невялічкім гарадку, у якім некалі адпачывала з бацькамі. Анжэлу яна пакідала ці то ў піянерлагеры, ці то ў бацькоў, якім на пенсіі не было чаго рабіць, і таму Анжэла магла качацца ля іх, як сыр у масле.

Да летніх адпачынкаў Элеанора пачынала рыхтавацца яшчэ зімою, калі кроіла і шыла новую сукенку, прагледзеўшы перад гэтым цэлы стос часопісаў мод. Яна шыла сабе сукенкі, прымервала і ўсё марыла пра крымскае ўзбярэжжа, — на Каўказе Элеанора пабывала ўсяго толькі раз і болей туды пе ездзіла і не збіралася, там не спадабалася і вільготнае, надта цяжкаватае паветра, і занадта настырныя позіркі чарнявых мужчын, якія, здаецца, толькі тым і займаліся, што цалюткімі днямі стаялі ля магазінаў, на вулічных скрыжаваннях і ўсё гаварылі між сабою на незразумелай мове, размахваючы рукамі, заадно не забываючы кідаць час ад часу ліпкія позіркі на жанчын, як на якую пакупную рэч...

Ехала Элеанора ў адпачынак не па заўкомаўскай пуцёўцы, а — дзікуном. Гэта было нашмат выгадней — пазбаўленая пільных знаёмых позіркаў, якія і без таго абрыдлі на рабоце, Элеанора магла распараджацца сабою, як хацела. І ніхто ёй не быў указчыкам.

На поўдні сярод чужых незнаёмых людзей Элеанора ажывала, бо ў яе пачыналася новае жыццё, без лабараторыі, без сумнаватай кватэры, без Анжэлы — тое жыццё, у якім яна што хацела, тое і рабіла. Тады Элеанора лёгка і хутка знаёмілася з мужчынам, звычайна не мясцовым, а гэткім жа, як і сама, адпачываючым. Па адной-двух рэпліках, нават па позірку Элеанора здагадвалася, хто перад ёю: ці — рабочы, ці — навуковы супрацоўнік, ці — просты радавы інжынер, які эканоміць кожную капейчыну. Як правіла, сыходзілася Элеанора з мужчынам, старэйшым за сябе год на пяць — дзесяць.

На пляжы, у сталовай, падчас вячэрняй прагулянкі па запоўненай людзьмі набярэжнай адразу ж, на другі-трэці дзень пасля прыезду, хтосьці абавязкова прыстройваўся да Элеаноры. Так ужо атрымлівалася. Было ў ёй штосьці такое, што прыцягвала мужчын, — ці ў твары і позірку, ці ў паходцы, спакойнай і нетаропкай, ці нават у постаці Элеаноры, тонкай і па-маладому гнуткай, без лішняй вагі... Вопытныя лысаватыя з круглымі жывоцікамі мужчыны як бы адчувалі яе лёгкі радасны настрой, калі словы сыплюцца самі па сабе, без ніякага памагання.

Элеанора ўжо даўно засвоіла, што галоўнае, калі знаёмішся, — радасны настрой, усмешка на твары, а тады ўжо будзе ўсё астатняе.

Там, ля блакітна-пеннага мора, пра якое гэтулькі марыла зімовымі вечарамі, сам па сабе падымаўся настрой і тут жа паяўлялася пачуццё, што вяртаецца маладосць, калі яшчэ так мала абавязкаў, калі ў душы сама па сабе жыве цвёрдая ўпэўненасць, што ўсё самае лепшае — наперадзе і таму табе ўсё магчыма і дазволена, толькі не спяшайся...

Калі Элеанора знаёмілася з новым адпачываючым, адчувала сябе, як падчас цікавай займальнай гульні, у якой кожнаму адведзена свая роля: ёй увесь час трэба быць усмешлівай, наіўнай, але не настолькі, каб не разумець і не адчуваць намёкаў новага знаёмага на штосьці большае, што можа быць між імі, і таму час ад часу ёй трэба ўмела парыраваць такімі ж вострымі рэплікамі і намёкамі, а яму трэба быць спакойным і салідным мужчынам, які ведае сабе цану, многае перажыў і перадумаў, бо ён ужо — не бяздумны балбатлівы зялёны хлопчык, і таму кожнае ягонае слова напоўнена важкім падтэкстам... Відаць, на пачатку знаёмства гэта і было галоўным — інтэлектуальнае спаборніцтва, у якім усё ішло ў ход: і прачытаныя кнігі, і прагледжаныя фільмы, і разважанні пра тое недаступнае, агульна-глабальнае ў свеце, дзе, здаецца, гэтак лёгка навесці парадкі, калі б мелася магчымасць. Гэтае інтэлектуальнае знаёмства, якое ні да чаго не абавязвала і нічога новага не давала ні яго, ні яе душы, было абавязковым падчас знаёмства, яно было — як новая модная сукенка, якую Элеанора шыла зімовымі вечарамі, як удала і непрыкметна пакладзеная на твар касметыка, як тая лёгкая ўсмешка, што ўвесь час павінна блукаць на твары.

Потым, як наступны этап знаёмства, было запрашэнне схадзіць вечарам у кафэ ці ў рэстаран, што высіўся на скале на самым узбярэжжы, — вечарамі рэстаран свяціўся святочнымі агнямі, і ў ім, за высокімі шклянымі дзвярыма, дзе на праходзе тырчаў апосталам барадаты швейцар, бурліла незямное райскае жыццё,— пад перастук відэльцаў, пад звон крышталёвых фужэраў, пад энергічны, болей гучны, перазвон і перастук ударніка, пад мелодыю іёнікі, бліскучай электрагітары і баявіта-адчайнае: «Ах, Одесса, жемчужіна у моря...»

Усё рабілася прыстойна, па-сучаснаму ветліва, як гэта можа рабіцца між культурнымі выхаванымі людзьмі, грубасці не было ды і не магло быць — яшчэ напачатку, пры першых словах, пры першых крытычна-ацэначных позірках, зразумеўшы, што яны адно аднаму падыходзяць, што яны — пара, Элеанора з новым знаёмым як бы маўкліва, без ніводнага слова заключала дамоўленасць, што ўсё далейшае між імі будзе толькі пры ўзаемнай згодзе. Бо яны — не падлеткі з гарачымі бяздумнымі галовамі, а — самастойныя людзі, якім спяшацца не трэба, усяму свой час, і таму тое, паслярэстараннае, што адбывалася між імі на адзіноце, было гэткім жа запланавана-мяккім, што задавальняла абаіх.

Элеанора вярталася з поўдня, і часта на рабоце ў лабараторыі альбо вечарамі ў кватэры яна ўспамінала чорнае ўсыпанае зорамі неба, бляск месячнай дарожкі ў моры, лёгкі сухі подых крымскага гаючага ветру, у якім усё перабівае востры пах палыну; цёплы, настоены на стэпавых травах, так прыемна асвяжае твар і цела, калі знаходзішся на вяршыні гары, адкуль, бы на далоні, далекавата ўнізе відаць і месячная дарожка ў моры, і невялічкі гарадок з мноствам агнёў, адкуль чуецца энергічная эстрадная музыка — і з дамоў адпачынку, і з рэстарана. Пазней, пасля адзінаццаці, калі тухлі агеньчыкі ў горадзе, калі заціхала музыка, тады то ў адным, то ў другім канцы гарадка чуліся надзвычай звонкія сярод ночы галасы, смех і яшчэ дзе-нідзе на ўскраіне вінавата-ўмольнае жаночае: «Сынок, ты слышишь, открой, это я, твоя мама... Ты слышишь, сынок?..» Церпкае сухое віно, якое расслабляе душу і цела, пагладжванне дужай мужчынскай далоні — усё гэта суцяшае, супакойвае, прыносіць суладдзе з высокім зорным небам, з цёплым подыхам ветру, у лёгкай дрымоце тады думалася, што ўсё цяперашняе — гэта і ёсць шчасце, а ўсё астатняе ўсяго толькі — словы, словы, словы...

Дома пачыналася ўсё тое ж, ранейшае: і бясконцыя сутычкі з Анжэлаю, якая пасля шостага класа за адно лета выцягнулася ўгору і стала ледзь не ўроўні з ёю, стала яшчэ болей чужой і халоднай, уся па бацечку, і работа ў лабараторыі, адна і тая ж, па адной і той жа методыцы, распрацаванай яшчэ год дваццаць назад — гэтая работа за гады стала такой жа звыклай, як дома мыццё посуду ці бялізны,— і прыходы бацькоў у госці, якія хоць і былі на пенсіі, ды памагалі і грашыма, і парадамі, і суцяшальныя размовы з Ларысаю як пра звыкла-будзённае, так і пра тое загадкавае і непазнавальнае, пра што апошнія гады вяліся гаворкі і спрэчкі сярод кінастудыйных, тэатральных, музычных і іншых больш-менш адукаваных работнікаў, якія былі звязаны са сферамі мастацтва...

Звычайна Элеанора, калі слухала Ларысу, згодна ківала галавою, адпіваючы з кубачка чай з бальзамам, — так чамусьці атрымлівалася, што Элеанора заўсёды згаджалася з тымі парадкамі і звычкамі, што былі ў жыцці знаёмых, гэтыя звычкі і парадкі, здавалася, былі створаны дзеля таго, каб такія жанчыны, як Элеанора і Ларыса, увесь час адчувалі сябе ўпэўнена і спакойна.

Але ў трыццаць восем год штосьці здарылася — напачатку Элеанора і сама не зразумела што...

У той памятны адпачынак яна выправілася, як і звычайна, у другой палавіне жніўня. Як і звычайна, з сабою Элеанора ўзяла чамадан з новымі па апошняй модзе, пляжнымі сукенкамі — у тыя гады ў модзе былі доўгія, што халаты, прыталеныя квяцістыя сукенкі. Здароўе, настрой — усё ў той год было гэткім жа, як і дагэтуль, калі прыязджала ў знаёмы гарадок, у якім за гады паездак вывучыла кожны завулак. Седзячы ў самалёце, Элеанора ўяўляла, як прыедзе, уладкуецца ў гаспадыні, вечарам пойдзе па зпаёмай вуліцы, спусціцца на вечна людную набярэжную і тут жа, як па папярэдняму заказу, ля яе хтосьці паявіцца. Спачатку ён зазірне ў вочы, а тады ўжо...

Але на гэты раз усё было не так, як планавалася. Ніхто і блізка не падыходзіў. Колькі ні гуляла па набярэжнай, колькі ні прастойвала ў чэргах па тое, што ёй і не трэба было, колькі ні загарала на людным пляжы пад пякучым белым сонцам, ніхто ля яе так і не паяўляўся, быццам ля Элеаноры паявілася тое загадкавае біяполе адчужанасці, пра якое дагэтуль гэтак часта яна гаварыла і спрачалася з Ларысаю і пераадолець якое ніхто пе асмельваўся... Інтуітыўна, здаецца, Элеанора нават і адчувала гэтае біяполе адчужанасці, і таму ёй было цяжка нават у вірлівым натоўпе, які з раніцы да цёмнага шумеў на вуліцах гарадка, выплёскваючыся на гарадскі пляж, у кафэ і рэстаран...

Вечарамі ў пакойчыку Элеанора пільна і ўважліва разглядала сябе ў люстэрку, спадзеючыся знайсці ў сабе тое, што адгароджвала яе ад мужчын. Але нічога яна не знаходзіла, усё здавалася такім жа, як і год, як і пяць назад, таму назаўтра з раніцы, ярчэй і выразней падфарбаваўшы твар, зрабіўшы болей пышную прычоску, Элеанора зноў абыходзіла свае ўладанні, пачынаючы з рынку і далей — гарадскі пляж, сталовую ці кафэ, кінатэатр, людную набярэжную, танцпляцоўку ў доме адпачынку. І цяпер ужо не ёй зазіралі ў вочы, а яна ўсё смялей і адчайней зазірала ў мужчынскія вочы.

У той год чамусьці, куды ні павярніся, яна бачыла нахабных дзелавітых дзеўчынёшак, якія адкрыта, не хаваючыся, дымілі цыгарэтамі і на люднай набярэжнай, і ў кафэ ці рэстаране, і нават па пляжы, спакойна хаваючы акуркі ў нагрэтую пад сонцам гальку. Стоена ўсміхаючыся, яны і не думалі хаваць позіркаў ад чэпкіх позіркаў гулліва-насмешлівых мужчын, старэйшых год на пятнаццаць—дваццаць. На пляжы, гуляючы з мужчынамі ў падкіднога, яны гаварылі з імі гэтак жа гулліва, з намёкамі. У вечна цеснаватых бялюткіх джынсах, якія невядома як нацягваліся на пышныя клубы, у лёгкіх празрыстых кофтачках, накінутых на аголенае шакаладна-цёмнае пругкае гарачае цела, вечарамі яны невядома адкуль паяўляліся ўсюды, як бы з усёй краіны з’язджаліся ў гэты гарадок і запаланялі набярэжную, кафэ, рэстаран, танцпляцоўкі, пазіраючы вакол сябе запаволенымі задымленымі позіркамі. Усюды Элеанора адчувала на сабе іх ліпкі насмешлівы позірк, быццам была ў гарадку лішняю і спрабавала займацца тым, чым ёй ужо ніяк нельга было займацца.

Амаль гэткія ж ліпкія і насмешлівыя позіркі Элеанора адчувала і на пляжы, дзе было шмат сямейных пар, — і з крыклівымі капрызнымі дзецьмі, і без дзяцей, — з раніцы да вечара гэтыя пары хадзілі на пляж, як па работу, дзе смажыліся пад пякучым сонцам. Раскормленыя непрыгожыя жанчыны занадта пільна разглядалі яе, быццам сваімі калючымі позіркамі праглі адагнаць Элеанору ад сумуючых мужчын, якія не ведалі, чым заняцца, і таму ляніва пазіралі вакол сябе, падоўгу затрымліваючыся позіркам на маладых прыгожых жанчынах. Тады Элеанора бачыла, як штосьці блізкае і роднае загараецца ў іх вачах. І калі б побач з імі не было іх сумных жонак...

У тым, што раскормленыя непрыгожыя жанчыны невядома як, ды трымалі ля сябе, бы на прывязі нябачнай, даволі прыстойных пакорлівых мужчын, было нешта няправільнае, нядобрае...

Элеанора вярталася ў знаёмую кватэру, дзе ўсё было чыста прыбрана. Яна пільна глядзелася ў люстэрка, а тады ўсаджвалася ля расчыненага акна і глядзела ўдалеч, дзе віднелася палоска набярэжнай, карычнева-белы ад мнагалюддзя пляж, а далей — блакітнае мора з белымі грыўкамі хваль, што здаля, ад блакітнай лініі гарызонту, палосамі кацілі да берага. Трохі збоку і вышэй высіліся зялёныя, пакрытыя кустамі і лесам, горы, не сказаць каб надта высокія, ды ўсё ж — горы, у якія яна так ні разу і не падымалася, хоць і бывала ля іх штогод.

У канцы адпачынку, калі Элеанора сумавала ў рэстаране за столікам, да яе паспрабаваў прысуседзіцца адзін таварыш, які запрасіў па танец. Ужо тое, як ёп быў апрануты, як упершыню падыходзіў да століка і як запрашаў на танец, Элеанора зразумела, што гэты таварыш — не яе ўзровень, хоць ён адразу ж паспяшаў назваць сваё імя і спецыяльнасць — інжынер горнаруднага абсталявання. Як быццам ягонае імя і спецыяльнасць і было самым галоўным цяпер.

Ведала яна такіх інжынераў, сустракалася неаднойчы, гэтыя інжынеры самае большае — закончылі тэхнікум, ды і то — завочна...

Элеанора штосьці адказвала таварышу, усміхалася нават, слухаючы ягонае адкрытае і грубаватае: «Я там, на Севере, вкалываю, чтобы здесь за месяц спустить...» — і разумела: іншым разам такія, як гэты таварыш, да яе саромеліся падыходзіць, а вось сёлета чамусьці ўсё не так...

Пра інтэлектуальнае спаборніцтва тут і гаворкі не магло быць. Элеанора не ведала, што рабіць: заставацца адной да канца адпачынку ці быць побач з ім... Пра гэта яна думала і ў рэстаране, і пазней, калі таварыш вызваўся праводзіць цёмнай неасветленай вуліцаю да кватэры.

Калі падышлі да дома, дзе Элеанора наймала кватэру, яна ціха сказала: «Ну вот, я и пришла». Таварыш тут жа, спяшаючыся, відаць, баючыся, што яна збяжыць, моўчкі груба і моцна, да болю, сціснуў яе аберуч і памкнуўся пацалаваць. На Элеанору тхнула нездаровым гнілым пахам. Адвярнуўшы ўбок галаву, яна спакойна, не вырываючыся, сказала: «Пусти, больно!»

— Ну, не ломайся, не девочка, — ён так нічога і не зразумеў. Відаць, і разумець не збіраўся: яшчэ мацней сціснуў, спрабуючы дацягнуцца да яе вуснаў.

«Хамло бескультурное», — мільганула ў галаве. Штосьці агіднае супроць яго паявілася ў душы Элеаноры. З сілаю, якой і сама не адчувала, рэзка штурхнула кавалера. Ён не чакаў гэтага —упаў у цёмную прыдарожную канаву, і ўжо адтуль, з густой цемені, яна пачула глухое і злоснае: «Ты, шкура южная, девочку из себя строишь? Видал я таких, по троячке за ночь берут... Еще год — и в тираж выйдешь. Чего ломаешься, чего мозги пудришь?..»

Элеанора сарвалася з месца, забегла ў свой пакой і, зашчапіўшы дзверы на кручок, кінулася ніцма на ложак, загаласіла, глуха і адчайна... Самае жахлівае было не ў тым, што ён — хамло, а ў ягоным абразлівым «шкура южная»...

Раніцаю, разбітая, з апухлым ад слёз тварам, Элеанора хутка і рашуча скідвала ў чамадан сукенкі, — хацелася як мага хутчэй пакінуць ненавісны гарадок, у які, гэта ведала, болей ніколі не пакажацца.

Такой, у той год, Элеанора і вярнулася з адпачынку: разгубленая і ціхая.

Пасля гэтай паездкі Элеанора пачала хутка здаваць, і здароўем, і прыгажосцю. Недзе праз паўгода яе было не пазнаць. Цяпер яна выглядала нашмат старэй сваіх год, быццам дагэтуль вырвала ў жыцця тое, што належала пражыць і перажыць пазней, і таму твар яе быў зямлістага цёмнага колеру, у позірку паявіўся халаднаваты бляск, які адштурхоўваў як знаёмых, так і незнаёмых. Густа выступіла сівізна. Каб схаваць яе, даводзілася часта фарбаваць валасы. Гэтак жа старанна трэба было хаваць сетачку маршчын ля вачэй, ля пераносся. Штовечар Элеанора па паўгадзіны рабіла масажы, старанна ўціраючы ў сухую цвердаватую скуру крэмы і мазі, а раніцаю змывала іх і на чысты бледнаваты твар клала фарбы, з кожным годам усё ярчэйшыя. Цяпер Элеаноры было чамусьці сорамнапаказвацца па вуліцы не падфарбаванаю, бо адчувала сябе тады, як аголенай...

Штосьці новае праразалася пе толькі ў яе твары, але і ў паводзінах, — сухое, катэгарычнае і па-мужчынску дзелавітае. Калі Элеанора ішла па праспекце ў чорным скураным паліто, у гэткіх жа чорных імпартных ботах, то, зірнуўшы на яе збоку, можна было сказаць, што жанчына яна — разумная, яшчэ даволі прыгожая, чэпкая да жыцця, дзелавітая, як гавораць пра такіх — свайго не выпусціць. І яшчэ звычайна ля такіх жанчын мужчыны чамусьці не трымаюцца, хоць чаму — невядома.

 

Раздзел шаснаццаты

У горадзе распачынаўся новы бум, які, бы эпідэмія, так альбо іначай кранаў ледзь не кожнага гараджаніна.

Дагэтуль дачу калі хто і меў, то гэта было прыкметаю ці то высокага дабрабыту, ці то пасады высокай — гэта было адзнакаю такога жыцця, якое не кожнаму па плячы, і таму словы дача, дачнік асацыіраваліся з чымсьці мройлівым і прывабным... Ды вось нарэшце многія гараджане, нават і тыя, якія не мелі ні пасады высокай, ні ганаровых званняў, маглі займець дачы, балазе, што ўчасткі выдзялялі ўсюды: на заводах і фабрыках, ва ўстановах і канторах, у інстытутах...

Доўгія чэргі па дарагі бліскучы крышталь і тысячныя мэблевыя гарнітуры, якімі па-стандартнаму аднолькава застаўляліся невялічкія стандартныя пакойчыкі ці то ў цагляных, ці то ў блочных дамах, папярэднія запісы на пахкія сінтэтычныя дываны, якімі завешваліся сцены пакояў і ўсцілалася падлога, пасля чаго ў кватэры было не прадыхнуць ад цяжкога застаялага духу, тоўстыя і тонкія кнігі, што перакупліваліся з рук за двайную ці трайную цану альбо набываліся за здадзеную макулатуру і якія тут жа, непрачытанымі, ставіліся ў сервантах побач з крышталёвым і фарфоравым посудам, прыгожае сінтэтычнае адзенне, як верхняе, так і сподняе, якое, калі сцягваеш з цела, ліпне і нават патрэсквае бліскучымі калючымі іскрамі, як токам усё роўна, — усё гэта з гадамі, бы хваля за хваляю, накочвалася на гараджан з невядомасці, а потым непрыкметна адплывала ў мінулае, станавілася дзіўнаватым, а то і смешным. Было ўсё гэта як некалі ў вёсках, калі вяскоўцы навыперадкі адно перад адным мянялі папяровыя гардзіны на гардзіны з матэрыі, якая надта садзілася і таму даводзілася яе браць з запасамі, каб звісала аж да падлогі, калі яны выкідвалі з хат драўляныя самаробныя ложкі і ставілі на іх месца новыя жалезныя нікеляваныя, калі яны куплялі і валаклі да хат, хто першы, бліскучае трумо, грымучыя тэлевізары, вуркатлівыя халадзільнікі. І было ў гэтых бумах, што год за годам накочваліся па людзей, нешта такое ўсясільнае, чаму людзі, здавалася, пе маглі супраціўляцца, а толькі — падпарадкоўвацца...

Цяпер, калі распачаўся новы бум, у горадзе дружна загаварылі пра дачы, пра ўчасткі, пра будматэрыялы. Як і некалі на папярэдніх бумах, на дачным буме адны нажывалі сабе вялікія грошы, а другія — інфаркты. Як і некалі, людзі дагаворваліся адно з адным, спрачаліся, пісалі адно на аднаго заявы, скаргі, ананімкі, нешта адно аднаму прадавалі, даставалі, урывалі, пазычалі, пацелі днямі і месяцамі на чатырох-пяці сотках, — чужому воку іх клопаты маглі здацца наіўнымі, а то і смешнымі.

Але так магло здацца толькі чужому воку, бо для многіх дачы, як і некалі серванты, як і некалі сінтэтычныя дываны ці тыя ж балонневыя плашчы, у якія калісьці апраналіся як у золь, так і ў спякоту, былі не проста дачамі, не, гэта было нешта значна большае...

 

Іван Вескавец зноў жыў у сям’і, меў сына ад другой жонкі Люды. Рабіў ён усё ў тым жа інстытуце, на ўсё той жа пасадзе загадчыка лабараторыі.

Гледзячы на ягоны паўнаваты, пацямнелы, трохі азызлы твар, на ягоныя спакойныя прытомленыя вочы, якія густа абляпілі маршчыны, гледзячы па акуратны фінскі касцюм, на шырокі, не надта яркі гальштук, якім удала скрадвалася паўната і надавалася фігуры салідная прадстаўнічасць, неяк і не верылася, што некалі гэта быў тонкі рухавы аспірант, які з раніцы да вечара прападаў у лабараторыі і які марыў не так пра саму навуку, а як пра тое, каб з дапамогаю навукі зразумець і свет і сябе ў гэтым свеце.

Не верылася, што гэта ён калісьці давіўся слязьмі ў пуні на сене.

З-за чаго ж ён тады плакаў?..

Калі Іван разглядаў сябе ў люстэрку, белай пульхнаватай, што аладка, далонню прыгладжваючы рэдкія валасы, цяпер ужо не саромеючыся сваёй лысіны, яму не верылася, што пад пяцьдзесят коціць. Раней ён думаў, што варта кінуць-рынуць усё дробязнае ды ўсур’ёз заняцца цяжкой фізічнай работаю, тады паявіцца і здароўе і ён тут жа скіне лішнюю вагу, памаладзее год па дзесяць, калі не болей, будзе мужчына ў самым саку, якому ўсё так удала падыходзіць: і лысіна, і гальштук, і фінскі касцюм, і нават паўната...

І яшчэ, калі Іван доўга разглядаў сябе ў люстэрку, яму здавалася, што ён быццам і не жыў па-сапраўднаму; пра Элеанору, пра Анжэлу, пра маленства сваё — пра ўсё, ад чаго некалі і смяяўся і плакаў, пра ўсё гэта цяпер ён успамінаў спакойна, быццам яму хтосьці расказаў дзіўнаватую гісторыю і яна, чужая і пе балючая, зусім не кранала яго.

Жаніўся Іван праз тры гады пасля разводу нечакана не толькі для знаёмых. Пасля, недзе праз паўгода, калі клопаты, звязаныя з жаніцьбаю, трохі схлынулі, Іван і сам здзіўляўся сваёй паспешлівасці і рашучасці. Але, падумаўшы цвяроза, надта здзіўляцца не было чаму.

Відаць, калі б Іван быў нежанаты, то вось так, халасцякуючы, ён бы і змог пражыць жыццё, як некаторыя мужчыны жывуць, налаўчыўшыся лепей за жанчын шыць, мыць, гатаваць стравы, і ці не таму жанчыны, урэшце, такім мужчынам не патрэбныя. Але паспытаўшы сямейнага жыцця, Іван ведаў, што рана ці позна, а — жэніцца.

Пастаянныя новыя знаёмствы і прыгоды з жанчынамі, то — бесклапотна-вясёлымі, то — ветліва-разліковымі, якія адразу ж, пры першым спатканні, лагічна прыкідвалі, што будзе з імі праз месяц-другі, пастаяннае адчуванне, што жывеш, як на вакзале тунькаешся, дзе ўсё часовае і зыбкае, а тым болей што сваёй кватэры не было ды і не намячалася, — усё гэта, на што дагэтуль хапала часу і ахвоты, хутка прыядалася і стамляла.

І ўжо не цягнула на новыя знаёмствы з жанчынамі, бо многае, ад першага выпрабавальнага позірку і далейшае: паходы ў кінатэатр ці ў кафэ, інтэлігентныя размовы, якія ён навучыўся весці і якія ў прынцыпе былі адны і тыя ж з рознымі жанчынамі, бутэлька віна, белы разасланы ложак — усё станавілася занадта звыклым і будзённым, як добра вядомая гульня. І ён паводзіў сябе так, як трэба весці ў гэтай гульні, а ў душы быў спакойны і халодны.

Самае дзіўнае, што Іван адчуваў: гэткую ж гульню вядзе з ім новая знаёмая.

Вольнае халасцяцкае жыццё, такое жаданае напачатку, зацягвала ў сваё хоць знешне і прыгожае, ды ўсё ж — балота, таму трэба было рабіць нешта рашучае, каб і ў ягоным жыцці паявілася штосьці цвёрдае і пэўнае, вакол чаго ўсё кружыць і віруе. Гэтым пэўным магло быць кватэра ці жонка. Але ні таго, ні другога Іван не меў.

Калі Іван думаў, дзе жыў гадамі: студэнцкі інтэрнат, прыватная кватэра, якую наймаў з Элеанораю, кааператыўная двухпакаёўка, а цяпер вось зноў прыватная кватэра. — то разумеў, што за сваё жыццё так і не мае свайго дому, таго сапраўднага дому, які мелі бацькі ў сяле. І ад гэтага было пакутліва, адчуваў сябе пастаянна адарваным ад нечага надта ўжо важнага, без чаго чалавеку нельга жыць...

Ці то ад гулянак, ці то гады падышлі, але перад жаніцьбаю ў Івана пабольвала сэрца. Некалькі начэй, абліваючыся ліпкім потам, ён адчуваў незразумелыя прыступы жаху, якія здаваліся асабліва вострымі...

Іван схадзіў у паліклініку, зняў кардыяграму — нічым добрым яго не ўсцешылі, параілі, як заўсёды, берагчы здароўе і паменей нервавацца. «Главное — избегайте магазинных очередей», — з усмешкаю сказаў доктар, калі аддаваў рэцэпт.

Люда была жанчынаю ціхаю і непрыкметнаю. Падчас знаёмства з Іванам у яе пуставала двухпакаёўка, мелася дачка-пяцікласніца. Былы муж яе жыў на поўначы, куды дагэтуль ездзіў штогод на заработкі. Ездзіў, пакуль не наездзіўся, зусім там застаўся, казалі, што прыжаніўся на вербаўшчыцы...

Чаму Іван жаніўся з Людай, а не з другой жанчынаю, болей кідкай з твару, мо нават і разумнейшай, на гэта ён знаходзіў шмат прычын, але адзінай, галоўнай, так і не знаходзілася. Мо ён сышоўся з Людай таму, што тая надта і не старалася прыжаніць, як гэта Іван адчуваў ля другіх знаёмых. А мо проста час надышоў, калі Івану трэба было жаніцца, калі яму абрыдла адзінота і ён тут жа жаніўся з той, што была ля яго, — як часта жэняцца ці выходзяць замуж у маладых гадах без вялікага роздуму і ваганняў, не раней і не пазней, а якраз тады, калі чалавек да гэтага выспявае. А з кім ці на кім — на гэта ён ці яна надта і не прыглядаюцца.

Мо лепей за ўсіх сказала Іванава маці, пачуўшы, што жэніцца зноў: ««Ну во, дзякуй богу, і на сваю нарваўся. Яна цябе, можа, хоць у рукі возьме, досыць табе бадзяцца па чужых кутках. Заадно і кватэра будзе. А то — прападзеш ні за капейчыну, як другія прападаюць. Мо яшчэ і ўнука ці ўнучку падгадаваць удасца».

Але падгадаваць унука ёй не ўдалося...

Памерла маці так, як у апошні час паміралі ў сяле многія старыя, што дажывалі век адзінокімі, — устала рана, нават у печы падпаліла і тут жа, ля чалесніка, абсунулася. Старыя бабы пасля казалі: «Лёгкая ў яе смерць была. Дай бог кожнаму такую». Але ў тым, што маці памерла адна, без людзей, без яго, нейкая віна клалася на Івана, гэткая ж, калі не большая за тую, якую адчуў пасля разводу з Элеанораю.

Па тэлеграме ён адразу ж выехаў з горада. Як і звычайна, калі ехаў у сяло, у Бярозаве на аўтавакзале трэба было рабіць перасадку. Там аўтобус падавалі толькі праз паўгадзіны. Каб хутчэй мінулі тыя паўгадзіны, Іван пайшоў па рынак, які мясціўся побач з аўтавакзалам і царквою.

На людным рынку ён доўга прыглядаўся да чарнявых, з шырокімі летнімі шапкамі на галовах, мужчын, якія стаялі за горкамі персікаў, абрыкосаў, мандарынаў, прыглядаўся да чырванашчокіх круглатварых жанчын, якія гаварылі па-ўкраінску і спрытна высыпалі семачкі ў кішэні балонневых куртачак, да іншых жанчын і мужчын, што стаялі і сядзелі за прылаўкамі, накрытымі каляровай рабрыстай стрэшкаю. І ўспаміналася яму іншае, даўняе, якое было некалі на гэтым жа рынку: і мокрая гразь замест асфальту, і калёсы з коньмі, і прывязаная да калёс карова, ля якой стаіць заплаканая вясковая жанчына, і гаманкія паважныя вясковыя мужчыны з абавязковымі доўгімі і тоўстымі, у палец, самакруткамі, адзетыя ў вайсковае, гэтае моднае пасля вайны адзенне, і вядомы ўсяму Бярозаўскаму раёну Іцка, які пахаджвае ля каровы і, цмокаючы языком, усё набівае цану купцам...

Нечакана незразумелае хваляванне пакаціла на Івана, стала цяжкавата дыхаць...

А потым нарэшце падалі аўтобус, і ён паехаў у сяло. Сцішана глядзеў на пустыя восеньскія пераараныя палі, і ў душы не было ні жалю, ні болю, — як вымерла ўсё там.

Дома ў сваім двары ён быў гэткі ж, якім звычайна бываў на рабоце ў лабараторыі, — адразу ж наваліліся клопаты: трэба было думаць, каму з суседзяў што рабіць, хто і як будзе рыхтаваць жалобны стол, заказаць у калгасе машыну, а ў Бярозаве — музыкантаў.

Недзе пад абед прыехала і Люда. Хоць і цяжарная, але яна дзелавіта памагала жанчынам рыхтаваць жалобны стол.

І ўсё далейшае: і музыка, і сухія камячкі жвіру, што бомкалі аб века труны, і ціхая гаворка за жалобным сталом — усё было спакойным, ціхім і дзелавітым, без слёз і галашэння, па новай вясковай завядзёнцы.

Люда наехала нанач у горад, бо назаўтра трэба было выходзіць на работу, а Іван застаўся. Вечарам, калі суседзі разышліся, прыбраўшы ўсё са сталоў, вымыўшы падлогу, Іван доўга хадзіў туды-сюды па хаце, якая нечакана стала вялікай і нейкай чужой. Ён усё шукаў, за што зачапіць рукі, каб лягчэй было. Уключыў тэлевізар, паглядзеў кіно, — холадна, не ўнікаючы ў сэнс, абы перад вачыма штосьці мільгала. Гадзін пад адзінаццаць, калі перадачы па тэлевізары скончыліся, не вытрымаў, — выйшаў з хаты на двор.

Неба было зорнае і высокае. Падумалася, што ўжо каторы год не бачыў такога неба, — ды і як, калі ты яго ў горадзе можаш убачыць? Да звону ў вушах было ціха, — ні з клуба, ні з сяла нічога не чулася. Нанач браўся марозік, відаць, першы за ўсю восень. Пасля душнай хаты дыхалася лёгка і глыбока, аж у грудзях калола.

Ён доўга стаяў на ганку вялікай пустой хаты і ўсё ўглядаўся ў зорнае неба, дзе іскрыўся Млечны Шлях, дзе былі цёмныя, што бяздонныя ямы, прагалы між зорамі. Потым стаў глядзець перад сабою ў густую цемень, дзе хаваўся апусцелы сад, дзе стаяў хлеў, паветка з пограбам, пуня, у якой — як нядаўна гэта было, быццам учора! — ён некалі горка плакаў, уткнуўшыся тварам у пахучае сена.

І ўсё Іван прыслухоўваўся. Хацелася штосьці пачуць — ці то слова, ці то песню, ці то хай бы хто яго паклікаў. Але нічога ніадкуль не чулася, ніхто яго не клікаў, як у калодзежы ўсё было, і ад гэтай цішыні станавілася яшчэ вусцішней. Быццам нікому ва ўсім свеце ён быў не патрэбен, — знікні ён цяпер і — ніхто не здрыганецца, ніхто не заўважыць...

Усё болей і болей у непарушнай спрадвечнай цішыні, якой, здаецца, ні разу не адчуваў у горадзе, незразумелым пачуццём адчуваючы святло зор, якія — гэта таксама адчуў усім целам упершыню — ахоплівалі ўсю круглую зямлю, з гарадамі і вёсачкамі, усё болей Івану станавілася не па сабе. І не жах смерці паяўляўся ў ягонай душы, — штосьці іншае, з чым цяпер сутыкнуўся і чаго свядома ці несвядома, але пазбягаў усё жыццё. І тады, як гадзінамі сядзеў у бібліятэцы над разумнымі кнігамі, і тады, як спрачаўся з Элеанораю, і тады, як з сябрамі хадзіў у фінскую саўну, як сустракаўся з жанчынамі і, заняты гуллівымі словамі, стараўся забыцца пра сябе, пра сваю сутнасць...

У памяці паўстаў сённяшні дзень, — светлы ўсохлы тварык маці, той загадкавы выраз, які заўсёды паяўляецца на твары нябожчыка, быццам у апошнія імгненні чалавек з чымсьці ці то сутыкаецца, ці то штосьці важнае разумее, кожны сваё, асабістае, і таму на адных тварах бачыш нешта светлае і лёгкае, а на другіх — цяжкую і пакутлівую барацьбу з чымсьці...

Успомніўся бацька, тое імгненне, калі Іван, дзіця яшчэ, стаяў побач з бацькам. Тады таксама была восень, амаль гэткая ж, як і цяпер, позняя восень. У той дзень яны дакапалі бульбу, як і звычайна, гэту работу рабілі з радасцю і похапкам, як казала тады маці, быццам апошні дзень у бога кралі... Бульбу з агарода закончылі насіць прыцемкам, ужо зоркі высыпалі ў нізкім, набрынялым цемнатою небе, у якім гурбіліся цёмна-сінія снегавыя хмары. Скончыўшы насіць бульбу, яны стаялі ля паграбішча. Бацька курыў і не спяшаўся ісці ў хату. Івану таксама не хацелася ісці,— адчуваў саладкаваты пах сырой зямлі, свежага халаднаватага ветру, які вось-вось павінен быў прынесці першы лёгкі снег. Нечакана ўгары нехта закурлыкаў. «Хто гэта?» — спытаў у бацькі. «Журавы, сынку», — сказаў бацька...

І яшчэ Івану ўспомніліся могілкі на высокім абрывістым беразе ракі, тыя зялёныя ад муравы курганні, пад якімі — гэта ён увесь час помніў — нікога даўно не было, — і вядомыя з маленства, і новыя, абкладзеныя свежым дзёрнам, на якіх ляжалі грудам вянкі, купленыя ў Бярозаве, — жалезнае зялёнае лісце і прапарафіненыя яркія папяровыя кветкі з часам амаль не мяняліся...

Падумалася, што на могілках ляжыць шмат аднагодкаў, якія пайшлі на той свет не з-за старасці, а з-за здарэнняў: той — з-за аварыі, а той — з-за п’янкі беспрабуднай... Як касой у сяле маладых мужчын касіла... Некаторыя былі і маладзей яго.

Адчуваючы нязвыклы зорны холад, які бесперастанку ліўся і ліўся зверху, з тых чорных бяздонных ям, што былі між зорамі, Іван хутка вярнуўся ў хату, уключыў святло, ад якога, здаецца, тут жа пацяплела. Затым ён падышоў да шкапчыка, у якім звычайна маці ставіла яду і пітво...

Пасля стала лягчэй, — і холад, і незразумелае пачуццё разгубленасці памалу рассмакталіся, як бы засталіся там, на дварэ, за сценамі хаты, дзе ў грознай цемені мігцелі бясконцыя зоры.

Хату Іван прадаў чужым наезджым людзям, якія ў апошнія гады прыязджалі ў сяло аж з-за свету; гэтых чужых наезджых людзей у сяле называлі адным кароткім словам — набрыддзю. Грошы за прададзеную хату Іван паклаў сабе на кніжку, каб ішлі большыя працэнты. Купляць сабе машыну, як гэта рабілі многія, ён бы, можа, і купіў, ды Люда катэгарычна не захацела машыны. Ціха і спакойна яна так і сказала, калі Іван заікнуўся пра легкавушку: «Хоць грошы за прададзеную хату і твае, я на іх не прэтэндую, але выбірай адразу: ці — я, ці — машына».

Спачатку Іван пакрыўдзіўся, але пасля, гады праз тры, наслухаўшыся розных гісторый і здарэнняў, і сумных і смешных, і трагічных і анекдатычных, што былі звязаны з легкавушкамі, з гаражамі, з міліцыяй, з палюбоўніцамі, з калецтвам, ён аж здзівіўся кемлівасці і прадбачлівасці Люды і болей пра сваю машыну пе ўспамінаў.

Цяпер пры нагодзе ў кампаніі Іван з вясёлай усмешкаю мог расказаць вядомую ўсяму гораду гісторыю пра гаспадара машыны, які, пакінуўшы ў гаражы палюбоўніцу, забыўся пра яе, і тая, замкнёная на ўсю ноч, са злосці і адчаю пахвастала ўшчэнт ломікам новенькія «Жыгулі», і цяпер вось, самае смешнае ў гэтай гісторыі, гаспадар судзіўся з палюбоўніцаю з-за пабітай машыны...

Пасля жаніцьбы з Людаю Івана, як гэта часта бывае з мужчынамі, быццам падмянілі: пацішэў, пра новыя знаёмствы з жанчынамі і не думаў. Якраз тады, як перастаў думаць пра новыя знаёмствы, то адразу ж яны і спыніліся — як адрэзала. Івана цяпер нават і на выпіўкі не цягнула, і ўжо колькі разоў Мішка Загорскі гаварыў яму: «Ну, браце, ты ўжо занадта вялікім праведнікам становішся. Такія во, як ты цяпер, не п’юць, не п’юць, а тады як дарвуцца...» Люда і не касавурылася на Івана, і не сварылася, — умела, каб Іван слухаў яе, каб быў ля яе...

Хоць як гэта ёй удавалася, гэтага Іван не ведаў.

Так і мільгалі гады, — каб не сын Сяргей, то, відаць, Іван і не прыкмячаў бы, як зіма коціць за летам, здаецца, толькі-толькі ў горадзе пушыла белым пухам ад таполяў, а глядзіш — ужо асыпаецца, жаўцее лісце на бярозках.

Гады мільгалі, як прыдарожныя слупы за акном цягніка, што набірае хуткасць.

Цяпер, калі Іван бачыў Элеанору, якая з гадамі, здаецца, так і не мянялася, калі сустракаўся з Анжэлаю, боль душэўны не скаланаў яго. Пачуцця вінаватасці таксама не паяўлялася, разумеў, што і Элеанора і Анжэла з голаду і холаду не прападаюць і не прападуць, у іх цяпер — сваё жыццё, яму далёкае і чужое. Ды і не можа ж ён на дзве сям’і жыць, тым болей што аліменты ён плаціць спраўна, ды і немалыя аліменты.

Хоць пра Анжэлу Іван не забываў — сустракаўся з ёю час ад часу, рабіў падарункі, абавязкова на яе дзень нараджэння і на Восьмага сакавіка. Як і некалі, падоўгу гуляў з ёю ў парку і адчуваў, — з кожнай сустрэчаю Анжэла мянялася ў свой толькі ёй вядомы бок. І нічога Іван тут не мог перайначыць. Усё болей Анжэла станавілася чужой, далекаватай, усё цяжэй было з ёю гаварыць. І часта, калі гулялі па парку, Іван не ведаў, пра што гаварыць, а Анжэла таксама маўчала. Станавілася крыўднавата, ды што ён мог зрабіць?

А потым, калі Анжэла перайшла ў восьмы клас і ў росце амаль дагнала яго, і гэта пачуццё прайшло. Іван стаў разумець, што Анжэла падрастае, як і ўсе дзеці растуць, як падрастае яго Сяргей, не вечна ж ёй быць неразумным балбатлівым падлеткам. І тое, што ў характары Анжэлы праразалася нешта сваё, асабістае, куды яна нікога не пускала, у гэтым было тое заканамернае і лагічнае, што было ў кожным маладым жыцці, што было некалі і ў яго маладосці.

І джынсы, якія Анжэла пачала насіць з сёмага класа, і строга-калючы позірк, якім Анжэла акідвала ўсіх без разбору, і старэйшых і маладзейшых, і нават няёмкае маўчанне падчас прагулянак,— усё было ў Анжэле гэткім жа, як і ў многіх яе аднагодкаў. З нейкай нават радасцю думалася, што вось і дачка становіцца на свае ногі і перад ёю жыццё разгортваецца, як непрачытаная кніга.

У той год, калі Іван надумаўся ставіць дачу, у іх інстытуце многія загарэліся ідэяй узяць участак. Куды ні ткніся: у інстытуцкіх калідорах, на кафедры, у лабараторыях — усюды супрацоўнікі гаварылі пра ўчасткі, якія павінны былі дзяліць ў мясцкоме, пра будматэрыялы, якіх нідзе не дастаць, пра садавіну і гародніну, якую не прыйдзецца купляць па рынку ці ў магазіне — мятую-перамятую, а можна будзе мець сваю, без хімікатаў... Прыводзіліся прыклады з жыцця старых дачнікаў: што ў каго расце, хто колькі здымае. Усіх радавала і тое, што ўчасткі павінны былі выдзеліць на беразе возера, — у рыбакоў меліся свае планы.

Іван гэтак жа, як і многія, часта ці то па рабоце, ці то ў бяседзе з сябрамі заводзіў гаворку пра дачы, пра ўчасткі. Як і многія, ён мог гадзінамі разважаць пра тое, што яму карцела, што здавалася надта важным, як надта важпым пачынае здавацца чалавеку ўсё тое, чым усур’ёз займаецца.

— Ведаеш, — казаў Іван Мішку Загорскаму падчас сустрэчы, — ці то ў фінскай лазні, куды яны зноў пачалі хадзіць сваёй кампаніяй, ці то ў сябе дома, куды мог прывесці і Мішку Загорскага, і нават Грышку з Бродаўкі — каго хацеў, бо ведаў, што Люда сварыцца і касавурыцца не будзе,— ведаеш, хоць я і вырас у сяле і добра ведаю, што такое работа: ды ўсё ж участак, відаць, вазьму. Канечне, можна было б і ў сваім сяле хаціну купіць, пустуюць жа хаты, але ж не наездзішся кожныя выхадныя за сто вёрст ды яшчэ з перасадкамі. А вот тут, пад бокам, куды можна ў любы міг падскочыць электрычкаю, мець сваю хаціну, не цагляную, а з дрэва, у якой свежае паветра, куды можна ў любы міг збегчы і ад шуму, і ад пылу, і там, на прыродзе, адысці душою... Я табе чэсна скажу: мне не так бульба з агуркамі трэба, я іх і ў магазіне магу купіць, а як — адысці душою.

— Ох, і вылезе ж табе яна бокам, твая дача, вот паглядзіш,— хітравата ўсміхаўся Мішка Загорскі. Распаўнелы, але гэткі ж, як і ў маладыя гады, хуткі і жвавы, ён, здавалася, ведаў у жыцці нешта такое, да чаго Іван не мог дапетрыць з дапамогаю формул, графікаў, законаў. — Гэта цяпер, за сталом седзячы, табе ўсё лёгкім здаецца. А вот толькі пачні, тады ты ўведаеш, дзе ракі зімуюць.

— Ну і што ж, мяне ты работаю пе запалохаеш, не на таго нарваўся... На тое яно і жыццё, каб рабіць нешта, — пасля выпітай чаркі Іван ярчэй уяўляў сваю будучую дачу. І цяпер дача станавілася не звычайнай будынінай, у якой можна пераначаваць, схавацца ад непагадзі, а сімвалам, ідэалам, тым райскім кутком, у якім можна адпачыць, падумаць пра жыццё-быццё, разабрацца як у сусветных праблемах, якія штогод станавіліся ўсё болей і болей заблытанымі і складанымі, так і ў самім сабе. Бо надта ўжо шмат сабралася ў душы чагосьці нявыказанага, ад чаго хацелася вызваліцца ды не ўдавалася. Ці не таму вечарамі пасля работы Іван адчуваў вялікую стомленасць, хоць днём, здавалася, ён надта і не перарабляў...

І яшчэ — гэта, відаць, і было самым галоўным — увесь час, калі Іван марыў пра дачу, яго тачыла надзея, што тады, як абладзіць дачу сваімі рукамі, там, на беразе возера, да яго вернецца тое адчуванне свету, ягонай прастаты і яснасці, якое было ў маленстве, у раннім юнацтве, калі ў яго яшчэ быў дом, калі жылі бацькі побач...

У гэтых марах Іван нікому, нават Людзе, не прызнаваўся. І часта на рабоце, сумуючы, пазіраючы ў закрачанае акно лабараторыі, за якім гэтак жа, як і дваццаць год назад, з грукатам і перазвонам кацілі адзін за адным трамваі, дзе па шэрым тратуары спяшаліся некуды людзі, Іван выразна ўяўляў, як раніцаю, яшчэ да сонца, ён выйдзе са сваёй дачы і праз пяць мінут будзе на беразе возера. Вось ён разматае вудачкі, закіне ў роўную, бы шкло, ваду і праз які час адчуе той дрыготкі, бы электраток, штуршок паплаўка. Тады ён падсячэ, пацягне на сябе вудачку і яшчэ мацней адчуе, як у глыбокай задымленай вадзе будзе біцца чужое таемнае жыццё... І тут жа, побач, будзе сын, ён дрыжачымі рукамі схопіцца за вудзільна, нават закрычыць ад радасці, як некалі ледзь не крычаў ад радасці Іван, калі злавіў першага ў сваім жыцці печкура...

І ўсё далейшае — і белы гарачы поўдзень, і салодкі водар скошанай травы, якую ён накосіць спецыяльна дзеля паху, і густы вячэрні прыцемак, які неяк адразу і зверху апусціцца на зямлю, і бліскучыя, што слёзы, кропелькі расы на цёмна-зялёнай густой траве, і слабы кволы язычок вогнішча, якое Іван абавязкова распаліць на ўчастку ля сваёй дачы і на якім, як некалі ў сяле, зварыць смачную бульбу ў чыгунку, — усё гэта будзе як у маленстве, усё, аказваецца, можна паўтарыць. І тады сама сабою вернецца тая радасць быцця, якая ўжо, здавалася, ніколі не магла вярнуцца...

Калі Іван быў вольны ад лекцый, калі бываў у лабараторыі, то тады, так атрымлівалася, ён думаў не пра работу, не пра лекцыі студэнтам, а пра будучую дачу, пра сваё будучае жыццё-быццё. Калі ж у лабараторыі быў побач Косця, тады Іван слухаў ягоныя доўгія разважанні, якія неяк дзіўна спалучаліся са сваімі марамі.

Адгадаваўшы бародку і кароткія вусы, якія ў апошнія гады насілі многія студэнты, Косця і цяпер, як і ў маладыя гады, цікавіўся парапсіхалогіяй, лятаючымі талеркамі, біяполем, ёгай,— тым, чым апошнія гады цікавіліся многія з адукаваных людзей. Ён меў перапіску з таварышамі, якія жылі ў іншых вялікіх гарадах, — з Масквы, з Кіева, нават з Новасібірскага акадэмгарадка да Косці прыходзілі пісьмы, бандэролі, пасылкі з лекцыямі, магнітафоннымі запісамі, у якіх яны абменьваліся патрэбнай надта ўжо займальнай інфармацыяй, ад якой былі адлучаны простыя людзі. Гадзінамі Косця разважаў пра загадкавыя Гімалаі, пра Белаводдзе, пра Рэрыха, і чым далей, тым болей яркім станавіўся незразумелы бляск у вачах Косці; ці то ад пастаянных посных дыет, якія Косця старанна вытрымліваў, ці то ад сваёй апантанасці, але твар у Косці з гадамі набываў усё больш і больш жаўтавата-зямлісты колер. У паводзінах Косці ўсё выразней праступала тое, што Зіна называла рэрыхнутасцю. Гэтая рэрыхнутасць праяўлялася ў доўгіх апантаных маналогах, якія ні з таго ні з сяго часта распачынаў Косця.

— Я вам скажу чэсна, Іван Мікалаевіч, мы цяпер стаім на парозе прынцыпова новага мыслення. Цяпер амаль гэткая ж па свайму трагізму сітуацыя, якая была некалі, калі чалавецтва ўпершыню пачало здагадвацца, што Зямля — не цэнтр Сусвету, а бог — толькі фікцыя... Мы, чалавецтва, павінны не проста зразумець, а адчуць душою, што чалавек — хоць і гучыць горда, але ён усяго толькі — маленечкая неаддзельная часцінка чагосьці агромністага і жывога. Усё, што нас акружае, — і трава, і кветкі, і дрэвы непарушныя, і звяры, і цёмны космас, і галактычныя працэсы, і нават маўклівае каменне — усё гэта звязана ў штосьці адзінае, і яно — гэта вам падасца дзіўным — жывое... Мінулая катэгарычнасць мыслення, калі мы прывыклі ўсё дзяліць на жывое і мёртвае, такая катэгарычнасць знікне, а на яе месца прыйдзе новая мараль, новая этыка. На сённяшні дзень галоўная задача чалавецтва зводзіцца да таго, каб кожны, і вы, і я, і пяты, і дзесяты, каб усе людзі на ўсіх кантынентах не проста зразумелі, а адчулі душою, што Зямля — гэткі ж жывы арганізм, як і мы самі. Калі мы гэта адчуем, тады самі па сабе знікнуць тыя нявырашаныя сусветныя праблемы, якія, як самі бачыце, традыцыйнымі спосабамі мы не можам вырашыць. Тады і войнаў не стане — усе людзі зажывуць адзінай дружнай сям’ёю. І звяроў мы тады не будзем нішчыць. Не так бяздумна і рашуча мы будзем абыходзіцца з прыродаю, бо яна, паўтару, не мёртвая... Вы разумееце, пра што я хачу сказаць, Іван Мікалаевіч?.. Нам прырода ўвесь час падае свае знакі, ды толькі мы, схаваўшыся ў бяздушных гарадах, гордыя і самаўпэўненыя, не хочам іх бачыць. І таму некалі будзем жорстка пакараныя...

— Ну-у, Косця, ты ўжо залішне смела перагінаеш палку ў свой бок, гаварыў Іван, выслухаўшы Косцю. — Нельга так катэгарычна сцвярджаць тое, што яшчэ не даказана навукаю. Канечне, разумнае зерне ў тваіх разважаннях ёсць, але ў цэлым свая канцэпцыя чалавека і свету не мае над сабою грунтоўнай тэарэтычнай распрацоўкі. Ідэалізмам усё гэта, мякка кажучы, папахвае.

— Можа, хопіць на пас ярлыкі вешаць? — тут жа ўскіпаў Косця. Ён чамусьці ўвесь час гаварыў мы, як быццам быў членам адзінай таемнай арганізацыі. Пабялелы, гледзячы ў падлогу, ён хадзіў па лабараторыі і гучна гаварыў: — Ідэалізм... Што такое ідэалізм, калі разабрацца?.. Ці пе называем мы ідэалізмам тое, чаго пакуль не ведаем, чаго не можам растлумачыць з дапамогаю навуковых метадаў? Некалі, вы самі пра гэта помніце, ідэалізмам пахлі генетыка, кібернетыка, а цяпер, па-мойму, дзе для каго пачынае папахваць ідэалізмам інфарматыка, якая, я ў гэтым упэўнены, у будучым пераверне ўсе нашы ўстарэлыя традыцыйныя паняцці, пераверне наша мысленне.

— Ну, глядзі, глядзі... — Іван нічым не мог запярэчыць разумнаму адукаванаму Косцю.

Увогуле, апошні час Іван шмат чуў і чытаў і пра новае мысленне, і пра новы ўсепланетны падыход да складаных праблем ці то вайны і міру, ці то экалогіі,— калі-нікалі Івану здавалася, што ўсе вакол толькі тым і занятыя, каб адным махам вырашыць сусветныя праблемы. І таму ў кожнага чалавека мелася свая асабістая думка пра сусветныя праблемы. Мо таму так і пладзіліся шматлікія тэорыі, якая адна другой супярэчылі.

Цяпер, калі ў Івана паяўлялася магчымасць мець дачу, яму здавалася, што ён па-сапраўднаму пачынае разумець і цаніць жыццё, і не з-за разумных тэорый Косці, а нейкім пачуццём. Таму розныя процілеглыя тэорыі, якія чуў апошнім часам ад людзей, пра якія даводзілася чытаць і пасля якіх у душы нічога новага не паяўлялася, акрамя зыбкасці і няўпэўненасці, цяпер гэтыя тэорыі страцілі сваю вастрыню і значнасць. Думалася: вось паставіць дачу і там, на прыродзе, ва ўсім разбярэцца сам і падвядзе вынікі пад рознымі тэорыямі не горш за філосафа Косцю. Тады Іван таксама будзе мець сваю асабістую думку, бо не хлопчык жа ён, час нарэшце і яму адкінуць ад сябе ўсё дробязнае, побытавае і спакойна разабрацца, хто ён і што ён?..

Дачныя ўчасткі давалі не толькі ў іх інстытуце, — у гэтым Іван упэўніўся, калі ўсур’ёз заняўся будоўляю.

Напачатку ён пайшоў на гарадскую тарную базу. Там убачыў агромністы натоўп, што вірыў і на двары базы, і ў калідорах аднапавярховай будыніны, дзе перад дзвярыма кабінетаў складваліся і тут жа распадаліся незразумелыя чэргі, дзе з рук у рукі перадаваліся незразумелыя спісы на папярэдні заказ. Асобнымі чэргамі ішлі ветэраны. Людзі гучна спрачаліся, дамаўляліся, даказвалі адзін аднаму свае правы і заслугі, нешта раілі, кожны сваё, — там увогуле адразу нічога нельга было зразумець. Паціскаўшыся сярод узбуджаных знерваваных людзей з паўдня і толькі пасля гэтага збольшага зразумеўшы, што да чаго, абураны, з дрыжачымі ад хвалявання рукамі Іван вярнуўся дамоў з адзіным жаданнем: тут жа сесці за стол і накатаць кудысьці заяву на гэты, як думалася, некім свядома створаны беспарадак. Дарогаю ён нават і пачатак прыдумаў: «Нездарма ў народзе кажуць: у мутнай вадзіцы добра рыбку лавіць. Гэткія ж парадкі творацца і на нашай гарадской тарнай базе...»

І яшчэ ў заяве Івану хацелася паскардзіцца на паводзіны спакойнай нахабнай выкармленай загадчыцы базы, якая ляніва, па-царску час ад часу выплывала з будыніны па двор базы і якую тут жа, бы галодныя дзеці маці, аблеплівалі наведвальнікі і хто як, умольна заглядалі ёй у вочы, дапытваючыся, калі што будзе, а яна, як бы штосьці ці кагосьці шукаючы, усё выглядала некуды паверх галоў, як нічога і не чуючы.

У тую ноч Іван так і не заснуў. Перад вачыма ўсё вірыў агромністы натоўп, у цэнтры якога, бы багіня, узвышалася загадчыца базы, якая магла адных караць, а другіх мілаваць. Іван зразумеў, — гэткіх, як ён, за дзень цераз двор базы праходзяць тысячы, не ён першы, не ён апошні... І канечне, тых дошак, шыферу ці цэменту ўсім не хапала ды і не магло хапіць, — адсюль і ўсё астатняе. Пастаў яго на месца загадчыцы базы — што зменіцца?..

Калі Іван успамінаў тарную базу, гаманкіх знерваваных людзей, ён успамінаў і іншыя, амаль такія ж сітуацыі, якія не раз бывалі ў жыцці. Тады ён нічога не мог зрабіць, акрамя адзінага — аддацца на волю той вышэйшай сіле, якая ўладна кіравала ягоным лёсам: ці то быў ля маленечкіх акенцаў вакзальных кас падчас летняга адпачынку, ці то трапляў у вялікія прыёмныя, дзе ў вочы яшчэ з парога кідалася маўклівая загадкавая сакратарка і высокія шчыльна зачыненыя дзверы, найчасцей падвойныя, трапіўшы між якімі, адчуваеш сябе, як у клетцы, быццам такія дзверы і прыдуманы дзеля таго, каб ты хоць на час адчуў сябе, як у клетцы. І цяпер новым сэнсам гучалі для Івана словы, якімі яго часта называлі: наведвальнік, кліент, пакупнік, хворы, пасажыр, службовец, адпачываючы... Было ў гэтых словах нешта нядобрае, як ад нялюбага казённага адзення, якое хочаш не хочаш, а трэба апранаць. У рознай сітуацыі ён быў розны, па-рознаму з ім абыходзіліся, але ж хто ён напраўду?

Пад раніцу Іван быў іншы — дзелавіты і спакойны, ведаў, што пісаць скаргі, заявы ён не будзе, хай іх пішуць тыя, хто хоча атрымаць інфаркт, а яму цяпер трэба ісці не да дзвярэй кабінетаў, а да вёрткіх чырванатварых грузчыкаў і да вечна вясёлых, з хуткімі жывымі вачыма, шафёраў, якія на тарнай базе гэтаксама, як і выкармленая загадчыца базы, неяк па-начальніцку зверху акідвалі ўсіх, і начальнікаў і падначаленых, і ветэранаў, і неветэранаў.

І ён пайшоў да тых шафёраў і грузчыкаў.

— Так что, хозяин, — гаварылі яны Івану, — говоришь, цемент тебе необходим? Это — можно. И сколько же ты потом набросишь? Чирик — это самое малое. Ну, а за погрузку — это само собой... А что же ты хотел, хозяин? — повозись сам в этой грязи, подыши пылью — не это запоешь. Мы же также люди, правда, хозяин?.. — І ўсё чамусьці яны пасмейваліся з яго, як з дзіцяці неразумнага. А чаму — невядома...

І далей, далей, з дня ў дзень, Іван круціўся, як мог, то — да Мішкі Загорскага ехаў, які хоць чым, ды мог памагчы, бо як-ніяк, а на будоўлі рабіў, то — на сваім участку рыў пад фундамент траншэі і заліваў іх цяжкім цэментным растворам, то — на той жа тарнай базе ныркаў, чакаючы і ловячы момант, калі што выкінуць.

Нешта маладое і чэпкае паявілася і ў позірку Івана, і ў паводзінах. Пасля цяжкой фізічнай работы, пасля беганіны па горадзе ён пахудзеў кілаграмаў на дзесяць, загарэў, папрыгажэў, — як новае жыццё замаячыла ў Івана.

Люда таксама дапамагала Івану, не цуралася цяжкай работы — у першы ж год, як выдзелілі ўчастак, яна ўскапала дзёран і насадзіла цыбулі, салаты, кусты малін, парэчак, агрэсту... Яблынь не было дзе дастаць, давялося ісці па гарадскі рынак і купляць з рук чырванатварага няголенага дзядзькі невядомыя сарты, якія ён, ківаючыся, расхвальваў на ўсе лады: «Вот это — яблонька Олимпийская, поздняя, а вот это — ранняя...»

Але ўсе гэтыя клопаты былі нічога не вартыя ў параўнанні з той мараю, якая агеньчыкам у тумане свяцілася наперадзе... Цяпер, калі Іван і недасыпаў, і перарабляў, ён быў шчаслівы, — тое змрочнае ў душы, што трывожыла дагэтуль, адышло, ён часта жартаваў, — як на рабоце, так і дома. Цяпер Іван толькі зрэдку адчуваў подых чагосьці невядомага і грознага, што час ад часу адчуваў раней.

Першы раз Івап адчуў гэты подых у тую ноч, калі застаўся адзін начаваць на сваім участку. Тады яшчэ дача не стаяла, як і большасць дачнікаў, Іван распачаў будаўніцтва з невялікага, тры на чатыры метры, буданчыка, у якім, паставіўшы раскладушку, на першым часе можна было і самому схавацца ад непагадзі, і схаваць інструменты, ды і пераначаваць можна было ў цёплую кароткую летнюю ноч.

У той вечар Люда з трохгадовым Сярожам паехалі ў горад на апошняй электрычцы, а ён, правёўшы іх, вярнуўся на ўчастак, бо самому ў горад ехаць не было сэнсу: раніцаю, з сонцам, трэба было брацца за фундамент.

Ужо добра сцямнела. Вяртаючыся ад электрычкі, Іван ішоў болей наўздагад, чым па сцежцы, што вілася сярод лесу. Холаду не было. Цёплая ноч была ціхая, зорная. Яшчэ не астыўшы ад хадзьбы, Іван адразу ж нырнуў у цёмны, хоць вока выкалі, буданчык. Свецячы сабе кішэнным ліхтарыкам, ён разабраў пасцель і лёг — з надзеяю, што адразу ж засне.

Тады ўжо, як сцішыўся, выразна пачуў знаёмае доўгае цвыркатанне конікаў, што чулася здалёку,— з боку возера, дзе была нізіна. Гэтае цвыркатанне ён чуў даўно — у маленстве, калі да цёмнага бегаў па вуліцы, і ў тых маладых гадах, калі яшчэ жыў у сяле і начаваў у пуні на сене.

Іван нерухома ляжаў на раскладушцы і адчуваў, што сон — як рукой здымае. І чым болей ляжаў, тым цяжэй станавілася. Спачатку ён спадзяваўся супакоіць сябе думкамі пра заўтрашні дзень, — як пачне капаць траншэі, колькі выкапае за дзень... А потым здагадаўся, што не ад гэтага яму балюча і трывожна.

Тады падняўся, накінуў на сябе адзенне і выйшаў з буданчыка. Пад зорным небам і сапраўды стала лягчэй дыхаць. Цвыркатанне конікаў чулася выразней, стала бліжэйшым. З-за святла зор цемра была не такой густой і пругкай, як у цесным душным буданчыку, ды ўсё ж — цяпер яна здавалася нечым рэальным, што, як вата, апусцілася на зямлю. У тым баку, дзе была нізіна, дзе было возера, бялеў туман,— падымаўся над зямлёю белай сцяной... У процілеглым баку на ўзгорку відаць быў яркі чырвоны язычок агеньчыка, адтуль даносілася вясёлая гамана, смех і песня, якая ў гэты год гучала ўсюды: «А я лягу-прылягу ўскрай гасцінца старога...»

Іншым разам Іван тут жа пайшоў бы да таго вясёлага агеньчыка, бо там былі добра знаёмыя супрацоўнікі кафедры радыёэлектронікі, там бы ён таксама праз якія паўгадзіны загаварыў бы гучна і заспяваў бы, таксама лёг ці прылёг бы, ды цяпер штосьці стрымлівала Івана. Як прывязаны быў ён да буданчыка.

Як гэта не раз бывала ў жыцці, Івана нечакана аж скаланула — пякучы боль чагосьці навек страчанага, таго, што ён мог мець ды не мае, — гэты пякучы боль працяў яго. Ён тут жа адчуў адзіноту і вінаватасць. І работа ягоная, і нават будучая дача, і трохгадовы Сяргей, не гаворачы пра Элеанору з Анжэлаю — усё гэта адышло некуды ўбок, стала не галоўным. Было цяжка дыхаць.

Захацелася заплакаць, як у маленстве, калі падчас плачу ў слязах патаналі ўсе беды і няшчасці. Ды не плакалася. Адзін на адзін з халаднаватым пульсуючым святлом зор, захінуты ў цішыню і цемень, Іван адчуваў, як штосьці з болем адмірае ў ягонай душы, гасне навечна, праз дзень ці тыдзень ён будзе іншы, горшы, і таму трэба штосьці зрабіць, тут жа, неадкладна: ці то паклікаць да сябе кагосьці, ці то пайсці кудысьці. І не туды, да агеньчыка, дзе спявалася песня.

Куды ён мог пайсці? Каго ён мог паклікаць?

Падумалася пра сваё жыццё і стала жудасна. Ці хацеў ён такога жыцця? Ці хацела Элеанора такога жыцця? Чаму ж так атрымліваецца, што чалавек плануе адно, а робіць другое?.. Дзеля чаго чалавек параджаецца і чаму так пакутліва баіцца смерці?.. Дзеля чаго жылі яго бацька, маці?.. Куды, ува што яны перайшлі ці зніклі?..

Безліч пытанняў узнікла ў Івана, — зразумеў, што нічога толкам так і не ведае...

Пасля той пакутлівай ночы Іван стараўся не заставацца начаваць на дачы. Ці то з Людаю і Сяргеем, ці то з вясёлай кампаніяй — хоць як, хоць з кім, але ёп стараўся быць сярод людзей. Ён неўзлюбіў пе толькі начную пагрозлівую цішыню, а і ўвогуле пачаў баяцца адзіноты. Таму на ягоным участку, калі ні паявіся, шумеў, патрэскваў, спяваў і гаварыў вясёлы чорненькі транзістарны прыёмнік, з якім Івану было весялей, як часта бывае весялей чалавеку, калі побач з ім жывая душа. Сам таго не прыкмячаючы, у кампаніі Іван станавіўся надта ўжо гаваркім чалавекам, які амаль што ўсё на свеце ведае і які, пры патрэбе, можа ўсё растлумачыць.

А так ён амаль нічым і не выдзяляўся ў вялізных, агромністых натоўпах дачнікаў, якія яшчэ ў пятніцу вечарам хваля за хваляю выплёскваліся з дзвярэй электрычак на вузкую асфальтаваную дарожку, паабапал якой шумеў зялёны лес. Гэтак жа, як і многія дачнікі, у лёгкіх кедах, з рукзаком за плячыма, з сумкаю ці вядром у руцэ, трохі прыгорблены, Іван маўкліва і дзелавіта ішоў да сваёй дачы. Калі ж побач ішла Люда з Сяргеем ці сусед па дачы, то ён гаварыў і смяяўся нават, а між тым, як і многія дачнікі, яшчэ на пачатку выхадных Іван планаваў, чым зоймецца. Ён ведаў, што нават і на дачы вольнага часу надта ўжо не знойдзецца: то — капаць зямлю, то — палоць, то — паліваць, то — ладзіць што, не адно дык другое будзе прасіцца ў ягоныя рукі.

Цяпер усё гэта было гэтак жа, як і некалі, калі прыязджаў у сяло да маці на выхадныя. Выхадныя мільгалі, і зноў пара было вяртацца ў горад, да якога так душою і не прывык, але без якога свайго далейшага жыцця Іван не ўяўляў.

І нічога дзіўнага ў цяперашнім жыцці Іван не бачыў, бо і праўда, не мог жа ён два выхадныя сядзець, сашчапіўшы рукі. Заняты работаю, на сонцы, дыхаючы свежым паветрам, ён здаравеў.

А гады праз тры, калі дача высілася на ягоным участку не горшая, чым у другіх, Іван зноў пачаў адчуваць стомленасць як у целе, так і ў душы. Час ад часу на пачатку выхадных у душы ягонай паяўлялася абыякавасць да ўсяго на свеце. Яшчэ ў пятніцу вечарам ён станавіўся капрызны, усё яго раздражняла, здавалася, што жыве доўга-доўга, так доўга, што стаміўся ад паўтарэння аднаго і таго ж. Твар Іванаў быў ажно шэры, ён ніжэў ростам, прыгорбліваўся. Вярнуўшыся з работы, Іван стараўся не замінаць ні Людзе, ні Сяргею, — лажыўся ў ложак і доўга моўчкі глядзеў на белую столь. Разумная Люда ведала пра гэтыя гадзіны — падносіла настоі з траў, гаварыла, што гэта ў яго балела сэрца. Іван адчуваў: сапраўды, баліць сэрца.

Калі ж яно паспела знасіцца?

За суботу і нядзелю ён адыходзіў, стомленасць памалу праходзіла, свет яснеў, прыгажэў. Зноў пачыналася работа, пасля якой Іван памалу ішоў да ціхай утульнай кватэры, з вокнаў якой гэтак добра глядзець на восеньскую халепу і сырасць, на каляровыя лісты клёнаў, што сыплюцца на шэры асфальт, на людзей, якія, наставіўшы каўняры паліто і куртак, прыхаваўшыся чорнымі парасонамі, вечна некуды спяшаць...

І ў тое лета Іван быў гэткі ж, як і дагэтуль. Іван нават меней скардзіўся Людзе на сэрца, хоць адчуваў, што пасля доўгай зацяжной вясны надта ўжо стамляецца, ды і ногі ягоныя сталі нейкія цяжкаватыя, як і цела ягонае, — і ў калідорах інстытута, і па вуліцы — усюды кідалася ў вочы, што яго лёгка пераганяюць людзі, на хаду бесклапотна перагаворваючыся ці смеючыся. Ад гэтага было крыўдна, таму ён знарок стараўся ісці хутка, так, як і ўсе. І таму яшчэ хутчэй стамляўся.

У пятніцу вечарам, як і звычайна, ён выбраўся з дому з Сяргеем. На гэтыя выхадныя Іван спланаваў схадзіць на рыбалку і таму з лёгкай раскаванасцю ехаў у электрычцы і глядзеў то ў акно, за якім мільгалі вёскі, палі і пералескі, то на пасажыраў, якіх у вагоне было поўна, як і звычайна ў пятніцу вечарам. Людзі забілі ўвесь праход, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Хто — гаманіў з суседам, а хто — злаваў на цеснату.

У гэты дзень твары дзяўчат і жанчын здаваліся чамусьці такімі прыгожымі, што гэткіх прыгожых твараў Іван, здаецца, і ў маладыя гады не сустракаў. І калі б цяпер можна было ўсё вярнуць назад...

Але Іван у гэты дзень быў спакойны, ведаў, што вярнуць назад нікому нічога не ўдаецца. Таму ў душы ягонай быў не боль па незваротнаму, а — лёгкі смутак, таму глядзеў на прыгожыя твары зусім не так, як глядзеў на твары жанчын і дзяўчат у маладыя гады, — мабыць, так адчувае сябе чалавек, калі глядзіць на дзіцячыя гульні, у якія сам гуляць не можа...

Сяргей таксама маўчаў. Ён сядзеў ля самага акна побач з Іванам, глядзеў то ў акно, то па людзей. Яму было ўжо сем год, часта ні з таго ні з сяго ён станавіўся маўклівы, і гэтая ягоная маўклівасць была — як прыкмета таго, што сын падрос і ўсё разумее.

Насупроць Івана сядзела маладзенькая, год дваццаці, мама, якая трымала на руках малога хлопчыка, апранутага ў лёгкі беленькі камбінезончык. Малому было месяцаў дзесяць, пе болей, здалёку ў яго блішчэлі два зубы. Як і ў большасці дзяцей ягонага ўзросту, твар малога быў чысты і белы, з лёгкай ружовінкаю на шчоках, вочкі былі вялікія і круглыя. Малому не сядзелася — круціўся, як толькі мог, варочаючы ва ўсе бакі галоўкаю, глядзеў на людзей і радасна смяяўся.

Людзі таксама разглядалі малога, — невядомая неадольная сіла прымушала людзей глядзець на яго. Дзіўна было: кожны, хто яго бачыў, тут жа чамусьці забываўся і пра важныя праблемы, якія дагэтуль так хвалявалі, і пра цеснату — адразу ж святлеў тварам і невядома з чаго пачынаў усміхацца. Іван, гледзячы на малога, таксама ўсміхаўся.

Чаго ўсміхаліся людзі? Чаму смяялася малое, чаго яно радавалася? Яно ж — яшчэ нічога не разумее, слабое, бездапаможнае зусім, кожны, каму не лянота, можа яго пакрыўдзіць, а — глядзі ты: радуецца і смяецца гэтак, як ніводны з дужых і моцных не радуецца... Няўжо яно ведае і адчувае штосьці такое, што ён, Іван, ужо не ведае і не адчувае? А калі так, то чаму, як жа так атрымалася, што з гадамі ён згубіў гэту беспрычынную радасць, хоць, колькі сябе помніў, імкнуўся да яе? Чалавеку даецца радасць, дык чаму ж ён губляе яе за доўгае жыцё? Ці так ён жыў? Ці так павінен жыць?

Дзіўнае адчуванне было, — быццам вось-вось Іван павінен быў зрабіць для сябе вялікае адкрыццё, пасля якога ўсё ў свеце зменіцца. Толькі цяпер Іван успомніў — амаль такое ж пачуццё было тады, у юнацтве, калі ў канцы дня вяртаўся з высокага берага ракі дахаты і чуў, як глыбока ў лесе пяяла жанчына...

З гэтым пачуццём Іван і сышоў з электрычкі. Не спяшаючыся, правёў вачыма зялёныя вагоны, якія з грукатам пакацілі далей, а затым, пераступіўшы бліскучыя рэйкі, пайшоў з Сяргеем да сваёй дачы, не хутка і не павольна, як і большасць дачнікаў, якія адзінай суцэльнай плынню ўцягваліся ад перона ў лес.

І хоць на гэты раз усё было гэтак жа, як і раней, калі, заняты размовамі з суседзямі па дачы, роздумам, разгляданнем добра вядомай пратаптанай сцежкі, што вілася між сосен і елак, Іван пазбаўляўся пагрозлівага няяснага подыху чагосьці, што час ад часу фізічна адчуваў апошнімі гадамі, ці то калі надта стамляўся і гадзінамі маўкліва ляжаў на ложку, ці то калі чуў пра нечаканую злую хваробу, якая ні з таго ні з сяго прывязвалася да здаровага чалавека і ўжо не адпускала, але сягоння думка пра малога, які невядома чаго радаваўся, трывожыла Івана.

Ён усё нечаму здзіўляўся, усё да чагосьці прыслухоўваўся. Чаму здзіўляўся і да чаго прыслухоўваўся — гэтага не ведаў, бачыў толькі, што сёння трава ўздоўж сцежкі надта ўжо ярка-зялёная, сосны з елкамі надта высокія... І сонца ўгары, яшчэ высакаватае, было агромністае-агромністае. Птушкі ў лесе расходзіліся ваўсю. Было цёпла, хоць кашулю здымай. Іван, можа, зняў бы яе, але побач ішлі прыстойныя заклапочаныя людзі, і толькі гэта яго спыняла...

Усё разам: і зялёная трава ўздоўж сцежкі, якая пасля спорных дажджоў надта ўжо хутка і густа шухнула ўгору, і спевы птушак, і блакітнае бязвоблачнае неба, і густы лес, і людзі, якія ішлі наперадзе і ўслед за якімі сунуўся Іван, і Сяргей, які, трымаючыся за руку, хуценька перабіраў нагамі,— усё гэта нечакана пачало набываць вялікія-вялікія памеры. Яшчэ Іван пачуў звон, што даносіўся невядома адкуль. Звон мацнеў і мацнеў, здавалася, што ў ім пачынае праразацца мелодыя, дагэтуль ні разу не чутая, — хваля за хваляю накочвалася на Івана. Захацелася стаць і прыслухацца да гэтай мелодыі, запомніць яе назаўжды.

Ён быў ужо наважыўся спыніцца. І калі б Іван спыніўся ў час, ён бы і расслухаў тую мелодыю і запомніў бы яе на ўсё астатняе жыццё. Але тут, як знарок некім падстроенае, у апошняе імгненне пад ногі трапіўся корань ад елкі, што высілася аж да самага неба ля самай сцежкі. Іван зачапіўся нагою за той тоўсты корань, што выпіраў з зямлі, і пачаў падаць.

«Як гэта я доўга падаю», — падумалася яму. І яшчэ Іван пачуў, што мелодыя аддаляецца, заціхае... Стала шкада — так і не запомніў тую дзіўную мелодыю. Тады, як пачаў шкадаваць, ужо і не адчуў, як бразнуўся на сырую вільготную зямлю, намочаную нядаўнімі дажджамі.

Трава перад вачыма была вялікая, як лес. У ёй Іван убачыў мурашак, казюрак — мурашкі, таропка перабіраючы тонкімі ножкамі, неяк рыўкамі беглі па сваіх сцежках, зялёныя казюркі гайдаліся па тонкіх сцяблінах... І тое, што тут, ля самай зямлі ў траве ішло нейкае сваё жыццё, ад якога Іван быў адгароджаны гадамі, пра якое Іван рэдка думаў, цяпер уразіла. Вось мурашка тыцнулася ў ягоную руку, што непарушна ляжала на сцежцы, раз, другі і тут жа пабегла ўздоўж рукі...

Потым Іван убачыў Сяргея, які чамусьці бязгучна плакаў, гледзячы па ягонае нерухомае цела, што ляжала на сцежцы. Івану стала дзіўна: як гэта бачыць сябе, ляжачага на сцежцы ў кедах, з рукзаком за плячыма? І чаго плача Сяргей?..

І тут жа ўспомнілася, што гэтак жа помніў сябе ў маленстве, калі ў вайну бурылі іх хату, калі маці хадзіла па двары і галасіла... І ён убачыў той двор, раскіданую хату, убачыў маці, не тую, якую прывык бачыць у апошнія гады, а яшчэ маладую. Убачыў бацьку ў двары, у вайсковай форме, у ботах, убачыў ягоныя чорныя вусы — усё было такім выразным, як ніколі...

Тады ён паспрабаваў падняцца. Але якім жа ўсё аказалася цяжкім і чужым: і рукі ягоныя, і галава, і цела!.. Зямля не адпускала ад сябе, і ён, тузануўшыся раз, другі, зразумеўшы, што яна ўжо не адпусціць, змірыўся, заціх і, гледзячы на заплаканага Сяргея, пачаў разумець нарэшце нейкі найвышэйшы сэнс, да якога так імкнуўся ўсё жыццё. І дзіўны спакой напаўняў усё ягонае цела.

І Сяргей, і зялёная трава, і лес, і сонца ў небе, і ягоныя ўспаміны пра маленства — усё гэта пачало змяншацца, аддаляцца, невядомая сіла панесла Івана кудысьці, у той вузкі доўгі калідор, як гэта было некалі ў маленстве, калі ён хварэў і адчуваў сябе маленькай пясчынкаю, якую невядомая грозная сіла насіла ўверх-уніз. Ён стаў узірацца ўперад і там, у канцы калідора, убачыў святло, што разгаралася ўжо чужым незямным нейкім халодным ззяннем.

 

У сёмым класе Анжэла пачала насіць джынсы — і дома, і на вуліцы, дзе разам з другімі дзяўчаткамі, узяўшыся па-даросламу подручкі, нетаропка хадзіла ад пад'езда да пад'езда, а следам, як прывязаныя, гэткаю ж купкаю соўгаліся іх аднагодкі-хлапчукі, амаль усе на галаву ніжэйшыя ростам. У іх класе ўжо мелася свая кампанія, і Анжэла, як і іншыя дзяўчаткі, прытрымлівалася сваёй кампаніі, у якой былі свае няпісаныя законы, якіх не ведалі ды і не маглі ведаць ні настаўнікі, ні бацькі.

Пасля сёмага класа Анжэла хутка змянілася — штосьці занадта дарослае і занадта дзелавітае праяўлялася ў яе. Цяпер вечарамі дома Анжэла амаль што і не стыкалася, разам са сваёй кампаніяй прападала то на вуліцы, то на гарадскім стадыёне, дзе зімою, засунуўшы рукі ў кішэні балонневай куртачкі, каталася на каньках, а калі — яе можна было ўбачыць сярод дзяўчатак і падлеткаў, што ўсаджваліся гурбою высока на трыбунах.

У дзесятым класе Анжэлу ўжо звалі не Анжэлаю, а Люсі.

Тою вясною ў горадзе з тыдзень ішоў прагляд замежных мастацкіх фільмаў, па два фільмы ў адным сеансе. Прабіцца на тыя прагляды было амаль і немагчыма, многія перакуплівалі білеты з рук, па двайной-трайной цане, ды ўсё ж Валерка Зяблікаў, якога ў класе звалі Зяб, ашчаслівіў іх кампанію, бо маці яго рабіла адміністратарам у «Цэнтральным», і яны сарваліся на прагляд двух самых лепшых фільмаў: італьянскай камедыі і амерыканскага дэтэктыва.

Калі выходзілі з «Центральнага», узбуджаныя, пачырванелыя, як пасля вясёлых прыгод у далёкіх краінах, Зяб нечакана ўтаропіўся ў Анжэлу, быццам дагэтуль яе ні разу не бачыў.

— Ты чего, Зяб? — напачатку Анжэла падумала, што ў яе непарадак ці то на твары, ці ў адзенні.

— Старушенция, а ты — вылитая Люсц!

І толькі тут уся іх кампанія ўбачыла, што Анжэла нагадвае галоўную гераіню амерыканскага дэтэктыва «Люси». І прыгажосцю, і манерамі, і яшчэ чымсьці няўлоўным, што звычайна выдзяляе ў натоўпе замежнага чалавека. І хоць Анжэла не мела сваёй легкавой машыны, не жыла ў загараднай віле на беразе мора, але ў той веснавы дзень іх кампанія пагадзілася, што Анжэле варта было б нарадзіцца не тут, а там, бо яна — амаль гэткая ж рамантычна-ўзнёслая, як і гераіня аповесцяў Франсуазы Саган, якія іх кампанія чытала па чарзе.

З таго прагляду так і пайшло: Люсі, Люсі, куды ні павярніся... І тут ужо нічога нельга было змяніць, заставалася толькі змірыцца і яшчэ болей нацягнуць на сябе маску загадкавай Люсі, якую бачыла ў фільме.

Як і многія аднагодкі на той час, у дзевятым Анжэла мела джынсы з кляймом «Мантана», што шчыльна аблягалі яе поўныя клубы. У Анжэлы былі прыпухлыя, як пакусаныя, сакавітыя поўныя вусны, і ўся яна, налітая здароўем, выглядала нашмат старэйшай, як год на дваццаць. Яшчэ пасля восьмага класа ў ёй невядома куды падзелася колкасць і рэзкасць, цяпер на яе твары, калі ні зірні, блукала прыхаваная ўсмешка.

У дзесятым Анжэла яшчэ не ведала, чым зоймецца пасля школы, тым болей — пяцёрак і чацвёрак у яе было малавата, ды і да вялікай навукі яе надта не цягнула. «Забивай голову пять лет непонятно чем, чтобы потом за сотню в конторе сидеть сутками или в той же грязной деревне сопливых детей культуре учить — ха, пускай на моё вакантное место поищут другую дуру», — з надзіва цвярозай разважлівасцю гаварыла Анжэла ў сваёй кампаніі, калі яны сядзелі да самай поўначы ў каго на кватэры ля ўключанага магнітафона і праслухоўвалі АББУ, Арабескі, Іглз і нават, самы шык, тую музыку, дзе чуліся незразумелыя стогны і ўсхліпванні жанчыны — ці то з вялікай радасці, ці то з адчаю, незразумела...

Тады ж Анжэла пачала курыць, не гэтак, як дагэтуль, час ад часу, а зусім па-даросламу, рэгулярна, прыгожа выпускаючы дым, як курылі жанчыны ў замежных фільмах: збіваючы цыгарэтны попел бліскучым прадаўгаватым пазногцем, Анжэла задуменна глядзела перад сабою, дзе, здавалася, бачыла, як набягаюць на белы пясчаны бераг магутныя акіянскія хвалі, і яшчэ там, на беразе, бачыла прыхаваны пальмамі двухпавярховы палац, ад якога ўніз па сцяжыне спускалася маладая пара: ён і яна...

Анжэла адчувала, што падабаецца мужчынам. З ёю часта нечакана ні з таго ні з сяго загаворвалі, знаёміліся, і на вуліцы, і ў фае кінатэатраў, і на гарадскім пляжы, дзе яна гуляла ў валейбол, — не аднагодкі з рэдзенькім пушком, а салідныя прыгожыя хлопцы і нават вопытныя мужчыны, якія ўжо моцна стаялі на нагах і добра ведалі, што ім трэба ад жыцця.

Яна ўжо патроху цуралася гаваркіх хлопцаў-аднагодкаў, якія, акрамя медзякоў у кішэні і пачкі цыгарэт, болей нічога не мелі; ёй пачыналі надакучаць цёмныя неасветленыя двары, глухія пад’езды з непрыемным пахам, халодныя пустыя трыбуны стадыёна, на якіх гэтак пранізліва цягне сіверным ветрам. Анжэлу патроху раздражнялі таропкія поціскі тонкіх пальцаў, знарочыстая паказная грубаватасць хлопцаў, за якой часцей за ўсё хаваліся сарамлівасць, адчай і бяссілле. Анжэла адчувала, як хутка аддаляецца ад усяго гэтага, і яе ўжо цягнула да іншага жыцця, у якім былі вялікія прыгожыя люстры ў агромністых напаўзацемненых залах, напоўненых нязвыклай глухаватай музыкаю, каляровымі пульсуючымі агнямі, саліднымі спакойнымі людзьмі, у якіх прыгожыя імпартныя касцюмы і сукенкі.

Анжэла часта паяўлялася ў «Рамонцы» — вялікім новым кафэ-бары, што нядаўна адкрылі на праспекце ля інтэрната філфака і ў якім, калі ні паявіся, было поўна і моладзі, і пажылых людзей. Там можна было заказаць кубачак кавы, каляровы кактэйль, што наліваўся ў высокую шклянку і які можна было смактаць цераз белую поліэтыленавую саломку.

Ад церпкага кактэйля кружыла, туманілася ў галаве, і тады ўсё навокал: і тонкія бледнаватыя дзявочыя тварыкі за суседнімі нізкімі столікамі, і бармен Гарык за стойкаю, у чорным строгім касцюме, у белай, з матыльком, кашулі, на фоне сценкі бутэлек з прыгожымі каляровымі наклейкамі, і кайфовая музыка, што рытмічна, пульсуючы, біла ў самыя грудзі, абуджаючы штосьці трывожнае і саладкаватае, чаго дагэтуль Анжэла не адчувала, і нават міготкія каляровыя агні, што ўспыхвалі і тухлі ў такт музычных удараў, — усё гэта ў свядомасці спляталася ў адно суцэльнае, што ў іх кампаніі называлася то — кайфам, то — балдзёжам. Анжэла адчувала, што ў гэтыя лёгкія бяздумныя імгненні пачынае далучацца да таго жыцця, якое некалі бачыла на экране ў «Цэнтральным», пра якое чытала ў тоўстых і тонкіх кнігах, што з рук у рукі перадаваліся ў іх кампаніі, і набыць у адкрытую было іх не так ужо і проста, калі слухала тую дзіўную чужую музыку з незразумелым смехам і стогнам...

Анжэла тады гэтак жа, як і іншыя дзяўчаткі, спакойна і нетаропка вымала з чорнай скураной сумачкі цыгарэты «Кент» у бліскучай цэлафанавай абгортцы, закурвала і, як у дрымоце, лена збіваючы ў белы сподак цыгарэтны попел, акідвала позіркам суседнія столікі, за якімі дзяўчаткі балдзелі гэтак жа, як і яна. Яна бачыла бліскучыя позіркі, задымленыя бледнаватыя тонкія тварыкі і яшчэ чула, як скрозь музыку прарывалася: «Нет, ты не представляешь, как он тогда на меня посмотрел!.. Ты просто не можешь представить, как это было. На мне были джинсы, кофточка белая — все хипповое, он просто обалдел тогда...»

Потом Анжэла выходзіла з «Рамонкі» і паціху ішла па праспекце, стараючыся не распляскаць у сабе толькі што набытае пачуццё чагосьці незвычайнага, з чым толькі што сутыкнулася. І ўсё гучаў, гучаў у ёй нізкі хрыплаваты голас, гэтае далёкае незнаёмае «ай лаў ію...»

Анжэла вярталася дамоў і, стараючыся не сутыкацца з пільным устрывожаным позіркам маці, тут жа надоўга запіралася ў ваннай. Пазней, вымытая і чырвоная, яна моўчкі ішла ў спальню. Калі ж маці спрабавала штосьці гаварыць, то яна проста адмоўчвалася, і гэта было — найлепшай абаронаю ад яе нудных абрыдлых павучанняў, папрокаў, маналогаў...

Цяпер Анжэла ведала, што ў жыцці быў нейкі адзіны міг, імгненне, пасля якога пачала аддаляцца ад маці, спачатку патрохі, памалу, — ды дзень за днём, год за годам яна аддалялася, а цяпер вось маці за якую гадзіну спрабуе адвярнуць усё назад.

Быццам Анжэла за гэтую гадзіну магла назаўсёды забыць тыя доўгія зімовыя і восеньскія вечары, якія яна праводзіла некалі адна перад уключаным тэлевізарам у вялізнай халоднай кватэры, быццам магла выкінуць з памяці, забыць назусім тыя паўночныя бадзянні па вуліцы, ад пад’езда да пад'езда, быццам магла забыць пра цёмныя закуткі, у якіх разам са сваёй кампаніяй яна бавіла час і адкуль іх ганялі дарослыя, якім гэтак хочацца сытага спакойнага жыцця...

...А яшчэ праз пару год, у меру падфарбаваная, зусім дарослая, Анжэла стаяла ў магазіне падарункаў за прылаўкам, — у фірменным белым халаце і гэткай жа белай шапачцы, якая невядома як трымалася на пышнай прычосцы. Спакойна, нават стомлена глядзела на вірлівы натоўп, што з раніцы да вечара цёрся перад вачыма. Анжэла час ад часу лавіла адтуль гаючыя токі жывых вясёлых позіркаў. Тады яна неяк уміг ажывала, усміхалася, — сама сабою завязвалася гаворка з ім, які тут жа, па-сучаснаму дзелавіта, ці то прасіў тэлефончык, ці то пакідаў свой. «Ну, тогда лады — перезвонимся»,— гаварыў ён на развітанне. І яна таксама гаварыла: «Лады».

Гэтае лады, як і я не в курсе, як і ўменне за пару мінут дамовіцца пра спатканне з новым знаёмым альбо пакінуць тэлефончык — усё гэта было як пароль, недаступны старэйшаму пакаленню.

Цяпер Анжэла вечарамі часта паказвалася ў агромністым інтурыстаўскім рэстаране «Глобус». Гэта было, як новы віток жыцця, дагэтуль ёю нязнанага і якое яна абавязкова павінна была ўведаць.

Чысцюткія белыя настольнікі на сталах, прыгожыя стройныя, як на падбор, афіцыянты, якія, трымаючы на сагнутай у локці руцэ белыя ручнікі, нетаропка хадзілі па вялікай зале і неяк па-начальніцку, звысоку, пазіралі на наведвальнікаў, смачныя стравы, што з’яўляліся па заказу на стале, як на той казачнай самабранцы, аркестранты на ўзвышшы, людзі, якія сядзелі за сталамі і якія, як здавалася, нідзе і ніколі не працуюць, а толькі тым і займаюцца, што бавяць тут час... — усё гэта радавала і супакойвала.

Хадзіла ў «Глобус» Анжэла не адна, а з былой аднакласніцай Леначкаю, якая вучылася на педфаку. Звычайна яны прыходзілі не раней дзевяці вечара, калі аркестр ужо іграў.

Афіцыянт Грыша па дамоўленасці загадзя пакідаў ім месца, і яны, нетаропка азіраючыся, як бы штосьці ці кагосьці шукаючы, усаджваліся за столік, на які Грыша тут жа прыносіў бутэлечку віна, шакаладку, салаты і два кубачкі кавы. Як толькі пачынаў іграць аркестр, Анжэла і Леначка падымаліся і спакойна ішлі цераз усю залу да танцавальнай пляцоўкі, з гордасцю адчуваючы на сабе ліпкія позіркі: ацэначныя, зайздросныя, лянівыя... Танцавалі яны прыгожа і лёгка, галоўным было — не выпасці з рытму танца, а ўсё астатняе: размахванне рукамі, рытмічнае пакалыхванне і прагінанне постаці — гэта рабілася само па сабе...

Так атрымлівалася, што пасля другога-трэцяга танца да іх століка нехта абавязкова прысаджваўся, непрыкметна на століку паяўлялася бутэлечка каньяку, і тады цыгарэтны саладкаваты дым, танцы, размовы і тое, паслярэстараннае, адбывалася проста і лёгка, як у тым танцы на пляцоўцы перад аркестрантамі.

І ў той раз пачатак быў неблагі — яна з Леначкаю сядзела за столікам, калі да іх прысуседзіўся паўнаваты салідны мужчына, адзін з тых, каго між сабою яны называлі котиком. Жэстам ён запрасіў на танец Анжэлу.

Усё пачыналася добра, як па запланаванаму графіку ўсё ішло. Ды ён сам жа ўсё і сапсаваў, калі на другі танец запрасіў Леначку. З гэтай ягонай ці то раздвоенасці, ці то абыякавасці ўсё і пачалося.

Утраіх яны сядзелі за столікам, выпрабавальна глядзелі адзін аднаму ў вочы. І хоць Анжэла, як і Леначка, весела ўсміхалася, але, ведаючы характар Леначкі, Анжэла адчувала — тая пачынае закіпаць ад злосці. І закіпае таму, што адной з іх трэба ісці дамоў ні з чым.

А котик усміхаўся. І здавалася, яму было ўсё роўна з кім гаварыць, каму глядзець у вочы.

— Іх бін Ганс, — гаварыў ён.

Анжэла ведала, што гаварыць, як сябе паводзіць — ёй хапала некалькіх слоў, то — англійскіх, то — нямецкіх, то — французскіх, з дапамогаю якіх можна было сысціся пры жаданні з кім заўгодна... Яна часта так і гаварыла Леначцы: «Главное в нашей жизни — желания, которые нужно утолять, а все остальное — просто слова...»

—Іх бін Анжэліка. Гут, гут... Я, я, — гаварыла яна з усмешкаю.

Усё было як на пачатку займальнага кіно. І тут Леначка не вытрымала — кіўнула галавою: выйдзем, трэба пагаварыць.

З усмешкамі на тварах яны прайшлі цераз залу да выхаду. Па шырокай чырвонай дывановай дарожцы спусціліся ўніз, дзе быў цокальны паверх і дзе былі туалетныя пакоі.

У туалетным пакоі Леначка дрыготкімі ад узбуджэння рукамі, чыркаючы сернікам аб карабок, дзелавіта сказала:

— Люси, я сегодня должна остаться. И в тот раз ты, и в этот — слишком роскошно. Мне штроксы нужны, со степухи я их не смогу купить, сама понимаешь, стыдно в городе показаться.

Анжэлу напачатку гэта рассмяшыла: быццам яна вінавата, што Леначка паперлася вучыцца на педфак і цяпер ёй няма ў чым прайсціся па горадзе. Гэтак жа коратка і суха Анжэла сказала:

— Ленуль, я не виновата, что тебе не везет. Нисколько не виновата.

— Я тебе сказала, сегодня ты пойдешь домой, а я останусь, — Леначка злавала па-сапраўднаму: тонкія капрызныя вусны коратка і часта ўздрыгвалі, твар пабялеў.

І тут Анжэлу таксама пачало разбіраць. Штосьці цёмнае падымалася ў грудзях. Дзіўна, Анжэле нават было прыемна аддацца ўладзе гэтага цёмнага, што захліствала... І яшчэ падумалася, што ўвесь час трэба да кагосьці падладжвацца. І там, на рабоце, дзе з дзевяці да шасці стой за прылаўкам, як манекен, прыслухоўвайся да пакупнікоў, якія і самі не ведаюць, што ім трэба, слухай натацыі загадчыцы... І дома да маці з яе нуднымі павучаннямі, якія даўно абрыдлі. І яшчэ тут, да гэтай істэрычкі. Ды каціце вы ўсе... Няўжо яна не мае права на свабоднае жыццё? Яна хоча жыць так, як ёй хочацца жыць, а не так, як хочацца камусьці...

Анжэла так і сказала Леначцы, спакойна пускаючы сяброўцы цыгарэтны дым у вочы:

— Кати отсюда, крути динамо... Я своего не упущу, поняла, истеричка?..

Леначка і праўда была істэрычкаю, часта ні з таго ні з сяго магла зазлаваць і нават заплакаць... Штосьці разгубленае мільганула на бледнаватым у неонавым святле тварыку Леначкі. Мільганула і знікла. Кінуўшы сваю цыгарэту ў кут, дзе бялеў гладкі кафель, Леначка нечакана і рэзка выкінула руку наперад і ўхапіла Анжэлу за валасы.

Ад болю Анжэле стала цёмна ў вачах, паплылі каляровыя кругі. Яна паспрабавала вырваць галаву і не змагла, магутная сіла цягнула яе галаву ўніз, да белага кафелю. І тады Анжэла не вытрымала:

— Пусти, дура... Добром прошу: пусти, пока не поздно...

— Я тебе покажу истеричку... Кобылка... — гаварыла Леначка і ўсё не адпускала валасы.

Яны так і не пачулі, як хтосьці выбег з туалета, як хтосьці зайшоў. Апамяталіся ад пявучага старэчага голасу з непрыемным дзеравенскім выгаварам:

— Вай, людцы добрыя, толькі гляньце, што робіцца на свеце: цырк на дроце, цырк на дро-оце... Во, шлюшкі, уходдзя на вас няма нідзе. Я зараз міліцыянера паклічу.

Анжэла ўгледзела прыбіральшчыцу ў сінім халаце, у насунутай на самыя вочы хустцы, з вядром у руцэ, — адну з тых старых прыбіральшчыц, гледзячы на якіх, думаеш, што яны і паявіліся на свет з вёдрамі ў руках, старымі, прыгорбленымі. Як быццам у іх жыцці ніколі не было ні маладосці, ні кахання, а вось адразу, як з космасу, яны апусціліся на зямлю ў гэтым горадзе, дзе трэба некаму прыбіраць, падмятаць двары і вуліцы, мыць посуд у рэстаранах і кафэ... Старая мільганула і знікла за белымі дзвярыма. Відаць, пайшла па дзяжурнага.

Не хапала яшчэ і дзяжурнага. І толькі гэта іх спыніла. Яны адскочылі адна ад адной. Убачыўшы белы перакошаны твар Леначкі, Анжэла зразумела, што ад гэтай істэрычкі сягоння можна чакаць чаго заўгодна.

Яна моўчкі павярнулася і выскачыла ў калідор. Трэба было спяшаць, спяшаць, пакуль прыбіральшчыца і сапраўды не прывяла дзяжурнага. Ужо там, на выхадзе, зноў перад вачыма мільганула прыбіральшчыца — стаяла побач з высокім стройным мужчынам у цёмным касцюме і, ківаючы галавою ў бок туалета, штосьці яму гаварыла...

На вуліцы пад цемнаватым па-гарадскому бяззорным небам Анжэла нарэшце ўпершыню глыбока ўздыхнула. Стала трохі лягчэй, але не зусім — тое непрыемнае, што дагэтуль клубілася ў грудзях, не знікала. Як ні дзіўна, самая большая злосць была не на істэрычку Леначку, а на гэту неадукаваную вясковую прыбіральшчыцу, якая не ўмее па-культурнаму двух слоў звязаць і між тым абзывае, судзіць... Хто яна такая, каб магла яе судзіць? Дзярэўня задрыпаная!..

Толькі цяпер Анжэла пачала адчуваць сапраўдны боль — на галаве балела скура, як агнём пякло... Ад болю, ад злосці на прыбіральшчыцу, ад свайго цяперашняга бяссілля яна пакусвала вусны і старалася ісці як мага хутчэй. Хоць куды, абы ісці....

А дома маці сунула тэлеграму: «На, тебе адресована...»

Яна прабегла вачыма тэкст і спачатку нічога не зразумела: памёр, пахаванне...

Яна зайшла ў спальню і нейкі час не ведала, што рабіць. Адчула — штосьці насоўваецца на яе... Усё разам: і бойка з Леначкаю, і абраза прыбіральшчыцы, якой не магла забыць, і гэтая тэлеграма — усё сплялося ў нешта адно, што не давала дыхаць.

Успомнілася маленства, той дзіцячы парк з кафэ, у якім так некалі крычалі папугайчыкі...

Штосьці зламалася ў ёй, — бязвольна кінуўшыся на ложак, яна нарэшце загаласіла. Глуха, ніяк не могучы ўдыхнуць на поўныя грудзі, як ніколі не галасіла. І не бацьку ёй было шкада, і нават не сябе — хто яна? Што яна ў гэтым свеце? — а чагосьці іншага, з чым сёння навечна развітвалася. Яна галасіла і адчувала, што разам са слязьмі душа яе пазбаўляецца ад чагосьці цяжкога, што збіралася гадамі, ды ніяк дагэтуль не магло выплеснуцца. Таму Анжэла ніяк не магла супакоіцца...

У спальню зайшла маці. Пастаяла побач з ложкам і, упершыню нічога не сказаўшы, выйшла.

 

 


1983-1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гігевіч В. Мелодыі забытых песень: Аповесці, раман, апавяданне. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1988. – с. 125-324
Крыніца: скан