epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гігевіч

Валіцкі

1
2
3


 

1

 

Пазнаёмілася я з ім, калі ён ужо развёўся са сваёй першай жонкаю. Я тады прыехала ў Бярозава па накіраванню, працавала на заводзе і жыла ў заводскім інтэрнаце. Было мне тады дваццаць сем.

Атрымалася гэта так — пасля работы мы выйшлі разам з прахадной. Як тады падумалася, ён выпадкова аказаўся побач, і таму, калі спытаў дазволу пазнаёміцца, я спачатку зірнула на яго са здзіўленнем — было ў ягоным «дазвольце» нешта цяпер ужо зусім не моднае і мо таму насцярожвала. Адзенне ягонае было крыху памятае, такое, якое часта бывае ў жанатых мужчын, якіх даўно кінулі даглядаць жонкі. Паўтараю, штосьці насцярожыла мяне — па ўсім відаць, як потым зразумела, мяне і насцярожыла абыякавасць да адзення. Бо калі чалавек не надта клапоціцца пра свой знешні выгляд, значыць, у яго ёсць больш цікавы занятак...

Назаўтра, калі выходзіла з завода, ён зноў сустрэўся, і тут я ўжо зразумела, што цяпер у мяне два шляхі: ці знаёміцца, ці, як гаворыцца, адшываць яго назусім...

Дзіўна, як часта наша жыццё залежыць ад нейкіх, здавалася б, нязначных дробязяў. Ад таго, добры ці дрэнны настрой, ад таго, прапусціш ці сядзеш у аўтобус, часта залежаць цэлыя гады далейшага жыцця. Ну, але гэта ўвогуле...

У той, другі, вечар у мяне быў страшэнна кепскі настрой — на рабоце не ладзілася, і, як часта бывае ў калектыве, не ладзілася толькі таму, што не ладзіліся адносіны між людзьмі. Так што ў той вечар мне, здавалася б, было не да знаёмстваў, не да паказной весялосці, але, калі Валіцкі пачаў штосьці гаварыць, я злавіла толькі адно слова: кіно... Так, падумалася мне, мы пойдзем у кіно, дзе ён абавязкова возьме мяне за руку, потым правядзе да пад’езда інтэрната, да таго інтэрната, куды мне не хацелася паказвацца: за студэнцкія гады, ды і потым, за тыя першыя гады заводскага жыцця, мне не тое што надакучылі гэтыя вечныя тры ці чатыры ложкі, тумбачкі, цесната, пільны позірк вахцёркі, а проста ўсё гэта я пачынала паціху ненавідзець і часта была гатова пайсці не толькі ў кіно, а і куды заўгодна...

Што ж, мы пайшлі ў кіно. І ўсё было амаль гэтак жа, як мне ўяўлялася, з той толькі розніцаю, што за руку ён мяне не браў — тады я і здагадалася, што пагладжванне ў цёмнай зале чужой далоні для яго — даўно пройдзены этап ці перыяд, назавіце як хочаце...

Трэба сказаць, што, выходзячы замуж за Валіцкага, я так і не ведала, кахаю яго ці не. Увогуле, мне часта здаецца, што так званае каханне — адна з вялізнейшых плётак, якую аднойчы нехта выдумаў і пусціў па свеце. Я ведала адно дзяўчо-падлетка, якое закахалася ў кінагероя, і гэта хвароба — іначай я і не магу назваць каханне — цягнулася ў яе пяць год, да таго часу, пакуль не ўбачыла гэтага артыста наяву. Паглядзелі б на тую няшчасную — яна высахла, не спала начамі, кінула заняткі... Дык вось, калі пад каханнем падразумяваць гэту хваробу, якою хоць раз ды кожны з нас павінен перахварэць — у маладосці ці ў старасці, няважна то тады і мае сэнс гаварыць пра каханне.

А ўсё астатняе — гэта зусім іншае, нават калі мы — маю на ўвазе не ўсё чалавецтва, а толькі нас, жанчын,— пакутуем, не спім начамі, цяжка ўздыхаем... Канечне, я не збіраюся сцвярджаць, што мы да ўсяго абыякавыя і можам сыходзіцца з кожным «стрэчным-папярэчным» не, ні ў якім разе, і ў нас ёсць нейкае пачуццё, з-за якога мы, бывае, і сапраўды начамі не спім, кусаючы падушкі і змочваючы іх слязьмі... Але ўсё гэта, паверце, зусім іншае, каханнем тут і не пахне.

Спытайце, спытайце тую няшчасную, якая калісьці з-за так званага кахання начамі кусала падушкі не тады спытайце, калі яна гэта робіць, а потым, праз тры-чатыры гады, калі ўсё ўляжацца з-за чаго ўсё-ткі яна ліла слёзы ракою? І калі яна асмеліцца чэсна зазірнуць у сваю душу, калі яна паспрабуе выказаць усё тое, з-за чаго пакутавала, вы пачуеце такое, ад чаго, як гаворыцца, вочы на лоб палезуць... І ў тым доўгім прызнанні-маналогу і ўпамінку аб каханні не будзе.

О-о, гардыня чалавечая, як мы вымушаны пакутаваць з-за яе, як прымушае яна нас рабіць добрае і злое!

Я сама ў свой час прайшла праз усё гэта: і праз доўгае разглядванне каляровага фотаздымка кінаакцёра, і праз тыя салодкія дзявочыя мары, нікому не сказаныя і нікім не пачутыя, і праз першае расчараванне ад рэальнасці, з якой, у рэшце рэшт, хоць калі ды давядзецца сутыкнуцца, бо не зможаш жа да самай старасці толькі і чытаць гэтыя пухлыя раманы пра каханне дык вось тады і ўбачыш ссутуленую вінаватую постаць былога абранніка — ідэала, да якога, як і да ўсякага ідэала, ні ў якім разе нельга набліжацца.

Так што, калі я выходзіла замуж, я ўжо ўсё ці, можна сказаць, амаль што ўсё ведала пра Валіцкага: і пра ягоную першую няўдалую жаніцьбу, і пра фотааматарства, якім ён у той час толькі-толькі спрабаваў займацца, і пра ягоныя нечаканыя доўгія маналогі пра штосьці такое, у чым ён, як мне здаецца, і сам не мог разабрацца, і таму перад тым, як несці ў загс заяву, у мяне была адна адзінокая ноч, калі ўсё, што ведала пра сябе і пра Валіцкага, я як бы расклала на шалях уяўных вагаў: плюсы і мінусы, па той і па другі бок...

Думаю, што кожная жанчына, выходзячы замуж, робіць тое ж самае, што рабіла і я той адзінокай ноччу, калі дзесяткі разоў паўтарала гэтае палохаючае: «Дваццаць сем, дваццаць сем...» Думаю, што падобнае робіць кожная жанчына, якая выходзіць замуж, нават і тая, якая тысячу разоў паўтарае «кахаю» і, здавалася б, са шчаслівай і бесклапотнай усмешкаю проста-такі не бяжыць, а ляціць да дзвярэй загса. Проста ў яе на гэтых уяўных шалях ляжыць на адным баку нешта такое важнае, што адразу ж, пры знаёмстве, пры першым позірку, пераважвае, так сказаць, перацягвае ўсё тое, што ляжыць на другім баку...

Я ведала, што Валіцкі быў жанаты — гэта, канечне, яго не ўпрыгожвала, але, цвяроза падумаўшы, адкінуўшы лішнія ваганні, найперш звязаныя з чужымі людскімі плёткамі, кожны павінен згадзіцца, што няўдалая жаніцьба многаму вучыць і двойчы чалавек, якім бы ён дурнем ні быў, не захоча паўтараць тыя памылкі, якія рабіў калісьці. Яшчэ тады я думала — з гадамі я толькі ўпэўнілася: так яно і ёсць, што кожная сям’я праходзіць праз пэўныя этапы, і гэта — як і ў жыцці кожнага чалавека: за маленствам абавязкова пачынаецца юнацтва, потым — сталасць з роздумам і расчараваннем, затым — старасць, у каго з новай надзеяю і спакоем, а ў каго — з роспаччу і адзінотаю... Дык вось штосьці падобнае бывае і ў сямейным жыцці. І гэтае першапачатковае захапленне адно адным, калі хочацца зліцца ці, як кажуць паэты, растварыць сябе ў любові да бліжняга. І гэта адзінота дваіх, якую адчуваеш на вяршыні ўяўнага шчасця і тады не ведаеш, куды хаваць позірк так бывае, — калі доўга і цяжка падымаешся на вяршыню гары: вось ты нарэшце падняўся, і вышэй ужо нічога няма, адно толькі бязвоблачнае блакітнае халоднае неба, ты стаіш цяпер на голай зямлі, дзе зрэдку бялеюць плямы снегу, тваё разгарачанае цела студзіць сцюдзёны вецер і вось тут нечакана са здзіўленнем і шкадаваннем успамінаеш тыя хвалюючыя светлыя імгненні, калі ля падножжа гары закідваў за плечы цяжкі рукзак і з радасцю глядзеў на гэту яшчэ не пакораную высокую вяршыню... І запозненая, але больш жорсткая барацьба самалюбстваў, і нявыказаныя крыўды, і горыч, а затым, нарэшце, у каго — павольнае яднанне, цяпер ужо да самага канца, у згодзе з тым, што твайго «я» больш не існуе, а ёсць толькі «мы», а ў каго — разыходжанне... Кожная, чамусьці я думаю, што кожная сям’я праходзіць праз усё гэта, адны гэта старанна хаваюць дыванамі, сервантамі, адзеннем, мэбляю, работаю, а ў другіх усё — як на далоні... Часта мне думаецца, што можна нават напісаць класічны раман тыповага сямейнага жыцця, так сказаць, нейкі даведнік, які дапаможа маладым людзям пазбегнуць лішніх клопатаў і пакутаў.

...Хоць зноў жа — пазнаёміўшыся з тым даведнікам, ці многія захочуць кінуцца ў рызыкоўны шлях, ці многія? Бо ўсё гэта, відаць, як фільм з прыпіскаю: «Дзецям да шаснаццаці...»

Валерка паявіўся праз год пасля вяселля. Тады ж мы і атрымалі кватэру.

Я не магу сцвярджаць, што Валіцкі быў ад мяне ў захапленні — не, відаць, усё тут было і не ўва мне нават, а ў тым, што першая няўдалая жаніцьба зламала ў ім штосьці такое, што потым ужо ў чалавеку ніколі не паяўляецца, так сказаць, не аджывае... Магчыма, я пра гэта таксама думаю, што і ён, Валіцкі, раскладаў на ўяўных шалях вагаў плюсы і мінусы. Магчыма, гэта робіць кожны чалавек, не толькі мы, жанчыны...

Я адчувала стрыманасць Валіцкага. Праўда, у першы год пасля вяселля, калі мы былі больш-менш задаволены адно адным, ён некалькі разоў пачынаў гаварыць пра штосьці заблытанае, у чым я так і не разабралася. Але тады я ўжо ведала, што галоўнае ў час гаворкі — не сваё выказаць, а выслухаць, зрабіць выгляд, што разумееш і спачуваеш, на большае субяседнік і не разлічвае. Бо ўсё гэта — аблегчаны варыянт споведзі, якой цяпер так часта не хапае.

Тады, у першы год пасля вяселля, ён мог усю ноч гаварыць пра розныя пачуцці, якія бываюць не толькі ў яго, а ва ўсіх. З ягоных маналогаў мне ярка запомніўся расказ пра тое, што дзесьці, ці то ў Японіі, ці то яшчэ недзе, ёсць цікавы звычай ісці ў спецыяльны сад і разглядаць каменне, якое выкладзена на зямлі ў пэўным парадку. І быццам бы тады, калі будзеш доўга разглядаць тое каменне, у душы тваёй паявіцца разуменне чагосьці такога, пра што ты ні ў якіх разумных кніжках не вычытаеш. Яшчэ ён гаварыў пра сваё маленства — перабіраючы год за годам, ён разбіраў, як бы аналізаваў свае пачуцці: як яму было некалі добра, як яму было соладка, як яму было горка... І ва ўсім гэтым ён знаходзіў нейкую асалоду, быццам бы ўспаміны былі для яго як тое каменне для японцаў ці яшчэ каго там... Бывала, што я засынала на якую гадзіну — прачнуўшыся, я ўсё чула ягоны глухаваты маналог... І хоць я адчувала, што ён, мой муж, гаворыць пра нешта, што ёсць і ўва мне, але гэтак жа пэўна я ведала і адчувала, што гаварыць пра гэта нельга. Як і ўвогуле, відаць, людзям нельга ўсё ведаць. Мы не можам і не павінны ўсё ведаць, не і не, ёсць, маецца ў нашым жыцці штосьці такое, да чаго са сваімі ведамі мы не павінны і блізка набліжацца, іначай потым атрымаем страшэнныя пакуты. Бо веды — тое ж самае, што і агонь, якім можна сагрэцца, а можна і спапяліць сваё цела. І гэтаксама як да пары да часу запалкі трэба хаваць ад дзяцей, так і мы, дарослыя, павінны дайсці да пэўнага развіцця, каб мець права карыстацца пэўнымі ведамі.

Відаць, пасля доўгіх начных маналогаў ён, у рэшце рэшт, і сам штосьці зразумеў ці адчуў, магчыма, хоць бы тое, што з дапамогаю слова не ўсё можна выказаць... Бывала, пад раніцу ён плакаў — у гэтым для мяне было штосьці непрыемнае, жаночае. А назаўтра нам абаім было няёмка.

Вось тады ён і пачаў усур’ёз займацца фотаздымкамі. Ён тады неяк адразу ж паспакайнеў і болей не гаварыў пра свае душэўныя перажыванні, якія, як я з гадамі ўпэўнілася, нічога добрага не даюць.

Мы неяк хутка пачалі адно ад аднаго аддаляцца, і самае дзіўнае, што ўсё гэта адбывалася ціха і мірна — без крыку і ляманту. І адзінае, што нас моцна-такі яднала гэта сын. Ён праводзіў з сынам шмат часу — тут ужо нічога не скажаш, але як толькі выпадала вольная часіна, ён тут жа хапаўся за свой фотаапарат і сыходзіў з дому.

Спачатку мне і не верылася, што можна днямі, вот проста так, нічога не робячы, цягацца па бярозаўскіх вуліцах ці за тым жа Бярозавам. Неяк я не вытрымала — напрасілася, каб ён узяў мяне з сабою, калі пойдзе рабіць свае здымкі.

Звычайна ён сыходзіў з дому ў суботу раніцай, а вяртаўся позна вечарам. Так было і на гэты раз. Малога я пакінула ў маці, сама апранулася па-паходнаму і...

Я думала, што аўтобусам выедзем за горад у прыгожае месца, ціхае, нікім не чапанае, балазе што Валіцкі гаварыў пра нейкую раку там, ля той ракі, я думала нават пазагараць, скупнуцца, адным словам, адпачыць так, як і большасць бярозаўцаў, якія з панядзелка да пятніцы выконваюць і перавыконваюць свае планы і нормы...

Я так думала, а насапраўды аказалася ўсё іначай.

Мы пайшлі з самага дому пешшу. Як дурань з дзвярыма, цягнулася я з ім праз усё Бярозава — па тых знаёмых запыленых ці заасфальтаваных вуліцах, якія я і без яго цудоўна ведала, затым мы перайшлі цераз раку па мосце, потым зноў былі дамы і вуліцы і, нарэшце, ускраіна — з тымі вясковымі хатамі, перад якімі зелянелі агародчыкі і былі яшчэ ўкапаны гэтыя лаўкі... Гэта была не проста хадзьба — калі-нікалі Валіцкі спыняўся, падоўгу, як бы што ўспамінаючы, глядзеў на які дом ці куст, а затым пачынаў здымаць... Вось так мы і цягнуліся на пацеху бярозаўцам — пачалася вясковая дарога, паабапал якой расло жыта, пасля рэдзенькі сасоннік, за якім я нарэшце ўбачыла мелкую — курыцы перайсці — не то рачулку, не то ручаіну...

Было ўжо ля полудня, ад стомы ў мяне гудзелі ногі, ад спёкі пот ліўся з мяне градам, а там, у той доўгачаканай рачулцы, стаялі каровы...

Калі б ён здагадаўся, што тварылася ў маёй душы. Я праклінала гэты дзень, які невядома куды і навошта выкінула, гэту спёку, нарэшце, гэтых кароў, якія спакойна вымочвалі хвасты ў вадзе...

А ён?..

А ён, як знарок ці незнарок, нічога гэтага не заўважаў. Ён тут жа зноў заняўся здымкамі — ходзячы ўздоўж рачулкі, узіраючыся ў запыленую траву, што бялела ля дарогі, у далекаваты сасоннік, з якога мы толькі што выйшлі... І тады я падумала, што ён і сапраўды падобны на таго японца ці яшчэ каго там, які сядзіць у садзе гадзінамі і глядзіць на каменне...

Мне нават і не хочацца ўспамінаць пра вяртанне дамоў, пра другія шматлікія вечары, калі ён сядзеў на кухні са сваімі праявіцелямі, ад паху якіх я нідзе і ніяк не магла пазбавіцца...

Карацей кажучы, пасля таго дня я толькі лішні раз упэўнілася, што і ў ім ёсць штосьці такое, што ёсць і ў другіх мужчынах. Так сказаць, не абмінула гэта горкая чаша і мяне. У кожным мужчыну гэта праяўляецца па-свойму, у аднаго — у даміно ці ў картах, з-за якіх ён, бывае, гатовы не тое што жонку, а і сарочку апошнюю аддаць, у другога — у выпіўках і пустых размовах, пад час якіх чалавек і сам не ведае, што хоча сказаць, а ў трэцяга — барані божа — у палюбоўных паходжаннях. Паўтараю, нешта сядзіць у іх такое, што прымушае рабіць усе гэтыя глупствы...

А зразумеўшы гэта, я вымушана была прызнацца, што занятак майго мужа, ці, як цяпер прынята называць, хобі — не самы горшы, гэта амаль што — як рыбалка ці паляванне. Што ж, калі яму хочацца, хай займаецца, тым болей што я ўпэўнілася: нічым іншым ён цяпер займацца не будзе.

Вось так і пайшло, пакацілася — дзень за днём, не заўважаеш за работаю і клопатамі, калі і як мінаюць месяцы, не гаворачы ўжо пра дні і тыдні... Суботу і нядзелю я яго звычайна бачыла мала, а ў буднія дні, як самі разумееце, у нас была работа, у яго — свая, у мяне — таксама свая... Падрастаў Валерка — здавалася б, у нас была адна з тых ціхіх сем’яў, з якіх толькі добры прыклад бяры ды радуйся.

Здавалася б...

Пачалося ўсё з таго, што я пачала раўнаваць, калі можна так сказаць, Валіцкага да фотааматарства, мне пачало здавацца, што калі б ён кінуў сваю гульню, то ўсё было б нашмат лягчэй і прасцей. Хоць бы напалову так, як у многіх маіх знаёмых, мужы якіх, замест бяздумнага бадзяння за Бярозавам, суботу і нядзелю праводзяць з сям’ёю, памагаюць гатаваць стравы, мыць бялізну. Калі і не самі мыюць тую бялізну, то хоць адносяць яе ў пральню... Я нічым не горшая за Валіцкага. І ў мяне таксама ёсць, магло б быць сваё хобі, але я ўсё ж ведаю, што спачатку — парадак у кватэры, а потым ужо...

Тады, як усё гэта пачалося, — не трэба думаць, што пачалося ўсё аднойчы, адным чыстым ясным вечарам, не, безумоўна, не, усё гэта міма маёй волі збіралася ў душы днямі і месяцамі, — я ўсюды і заўсёды заўважала толькі адно: фатаграфіі, фатаграфіі, усё тое, што з імі звязана... Мяне проста-такі ванітавала ад кіславатага паху раствораў, здавалася, што палову сваёй зарплаты ён траціць на плёнкі, рэактывы... Вяртаючыся з работы, ён спяшаўся не да мяне, а да свайго фотаапарата...

Я магла такое вытрымаць год, пяць год, але ўсё жыццё?

Хацелася б мне знайсці жанчыну, якая б змагла ўсё гэта вытрымаць, адчуваючы, што чалавек, які жыве побач з табою, заняты не табой, не тваёй работаю і нават не нейкім часовым глупствам, а нечым больш сур’ёзным, і таму нічога не чуе і не бачыць, акрамя свайго занятку... Як я хацела, імкнулася вярнуць яго да нармальнага жыцця, але ён ішоў ад мяне, ад сям’і... Дакладней, ісці-то ён нікуды не ішоў, але нават калі мы былі побач, калі клаліся спаць у адзін ложак, я адчувала, што ён думае зусім не пра мяне, а гэта такая абраза, якой, паверце, ніводная жанчына, якая паважае сябе, не вытрымае.

І ніколі не прабачыць.

Але пра што, пра што ён думаў? Чым ён быў заняты ўвесь час?

Я часта, калі яго не было дома, глядзела на тыя здымкі. Некаторыя я пазнавала — гэта былі здымкі мясцін, дзе я хадзіла калісьці: і тыя ж запыленыя бярозаўскія вуліцы, і ўскраіна, і жытнёвае поле, якое праразаецца белай дарогаю... І, паверце, нічога асаблівага ў іх я не бачыла: роўна, ціха і пуста... Ніводнага чалавека на тых здымках не было. Я перабірала здымкі і думала зусім не пра здымкі, не, а пра сябе — у душы маёй станавілася адзінока і холадна, так няёмка і няўтульна, быццам бы я ўпершыню пачынала адчуваць, што ўва мне ёсць дзве розныя жанчыны і адну з іх я зусім не ведала. Мне ўспаміналася маленства, тыя смешныя дзіцячыя глупствы, ад якіх я калісьці была шчасліваю і пра якія я нікому так і не расказвала. Я адчувала, калі глядзела на здымкі, што тая другая жанчына, якой я дагэтуль не ведала, усё смялей і смялей задае мне пытанні, ад якіх няёмка і няўтульна і адказу на якія я так і не ведала... Тады я рашуча адкідвала ўбок гэтыя здымкі і прымалася за работу. Бо тады, калі чалавек заняты работаю, яму сумаваць і задаваць сабе пытанні некалі. Гэта я праверыла на сабе.

А потым я пазнаёмілася з адным мужчынам, мы раз ці два ў тыдзень сустракаліся, і, паверце, нічога дзіўнага і брыдкага ў гэтых сустрэчах ні я, ні той мужчына не бачылі. У яго таксама, як і ў мяне, мелася сям’я, там, у той сям’і, таксама былі свае невырашальныя праблемы, і калі мы сустракаліся, абое маглі адно аднаму спавядацца. Магчыма, у гэтых споведзях мы знаходзілі тое ж самае, што Валіцкі знаходзіў у сваіх здымках.

І нечага тут крывіць вусны ва ўсмешцы і, ківаючы галавою, успамінаць гучныя словы пра грэх, мараль ці распусту... Паўтараю, нічога падобнага ні я, ні той мужчына не адчувалі. І я, як і той мужчына, як і ўсе астатнія — усе мы дзеці свайго часу, які дыктуе нам пэўныя абставіны, умовы, ці — як хто называе — пэўныя межы свайго існавання.

Цяпер стала модна спісваць усе нашы грахі на эмансіпацыю, на тыя замежныя джынсы і папяроскі, ды нават і на тыя ж шматлікія разводы. Думаецца мне, што тыя, хто лямантуе пра эмансіпацыю, ніяк не могуць зразумець ці пагадзіцца з тым, што васемнаццаты век даўно скончыўся і цяпер у нас, жанчын, мысленне чалавека дваццатага стагоддзя. Тое, што нам дала навука, тэхніка, мы спакойна ўзялі і пачалі ім карыстацца. Магчыма — пра гэта я ўспамінала раней, — я карысталася няўмела, магчыма... Але як, падкажыце мне, як карыстацца?

Канечне, я магла развесціся з Валіцкім, зрабіць тое чарговае глупства, якіх і без мяне ўжо многія нарабілі. Я пры жаданні тут жа выйшла б замуж за таго чалавека, з якім сустракалася тайком. Але ці была б я шчасліваю? Ці не пачалося б і ў мяне з ім тое ж самае, з той толькі розніцаю, што цяпер бы я бегала спавядацца да іншых мужчын ці да таго ж Валіцкага?

І так — ва ўсім... У сямейных адносінах, у адносінах да работы, да самога жыцця як да чагосьці цэласнага, што трэба альбо прымаць, альбо не прымаць ва ўсім бачыш гэтае замкнутае кола няведання і сумнення. Часта думаю, што мы пакутуем ад таго, што ў нас маюцца вялікія правы выбару. І самае складанае ў тым, што ведаем — за выбарам зноў жа адразу пачнуцца абмежаванні нашай свабоды, і зноў жа, на новым вітку спіралі пакуты, мары аб свабодзе...

Што ж, відаць, пара заканчваць мой доўгі лірычны маналог — як мне думаецца, ён маецца ў кожнага з нас. Кожны з нас апраўдвае сваё жыццё па-свойму, нават і тыя, якія робяць злачынствы. Гэта жорстка, але гэта так. І таму я закончу так званым бытам.

Калі хто прыходзіў у госці, адразу ж пачынаў мне зайздросціць: ах, у цябе такі цікавы муж, ён займаецца мастацтвам, ён робіць такія здымкі, якія дэманструюцца нават на выстаўках... І тады я ўсміхалася, спакойна гаварыла: «Ну, канечне, мне так пашанцавала, як нікому...» Потым, прагледзеўшы збольшага здымкі, мы ішлі на кухню піць каву. І болей пра тыя здымкі не ўспаміналі. Як і пра Валіцкага. Нам і без таго хапала тэм.

Бо, паверце, якімі б высокімі матэрыямі чалавек ні займаўся і ні цікавіўся, але, у рэшце рэшт, ён вымушаны будзе апусціцца на гэтую грэшную зямлю і са здзіўленнем заўважыць слодыч дробязных пустых заняткаў: перамыванняў костачак бліжняга, доўгага разглядвання сябе ў люстра, варажбою на кававай гушчы, якая павінна прадказаць далейшы лёс...

Увогуле, з гадамі я з Валіцкім як бы нанова пачала знаёміцца. І хаця мы цяпер абое ведалі, што між намі сцяна, якую ніводзін з нас не адолее, але, як мне думаецца, мы не маглі і разысціся. Паўтараю, хоць мы і не маглі стаць тым адзіным суцэльным дуэтам, якім мы спрабавалі быць на пачатку сямейнага жыцця, але і зусім разысціся таксама не маглі — тут нічога новага я і не думаю адкрываць, бо ўсё гэта напамінае тую банальную сітуацыю ў шматлікіх сем’ях, дзе кожны дзень ці тыдзень адбываюцца сваркі альбо бойкі, якія працягваюцца гадамі і якія сведчаць толькі пра адзінае — сем’і гэтыя так і не распадуцца. Ніколі.

 

 

2

 

Каб зразумець, чаму я не хацеў ды і, відаць, не мог пазбавіцца ад Валіцкага, паводзінамі якога на рабоце многія былі незадаволены і здзіўлены, мне давядзецца зрабіць невялічкае адступленне і пачаць з сябе. Не ў мэтах самарэкламы, не — яна мне калі і патрэбна, то — як спецыялісту. Разумееце, я пра што? У кожнага свая шкала каштоўнасцей. Фізіку зусім нецікава, што думаюць пра ягоную работу лірыкі, а тыя ў сваю чаргу гатовы поўзаць на каленях перад крытыкамі... Але не будзем ва ўсё гэта залазіць, бо іначай нашы разважанні завядуць у такі буралом, з якога не выберашся.

Яшчэ ў маленстве я займаўся тым жа, чым і многія хлапчукі: калі бачыў перад сабою якую-небудзь цацку, мне так і карцела разламаць яе... З нейкай асалодаю я адкручваў ці адломваў колцы ад машын, разбіраў ці разбіваў усё гэта гладка бліскучае, што рухалася ці шавялілася.

У старэйшых класах, калі самастойна разбіраў і рамантаваў радыёпрыёмнікі — тэлевізары ў тыя гады былі вялікай рэдкасцю я нечакана для сябе калі-нікалі пачаў задумвацца: а навошта ўсё гэта? Я не пра тую песню ці канцэрт, які можна было пачуць з радыёпрыёмніка, не, я зусім пра іншае. Відаць, такі ўжо наш лёс — задумвацца над сэнсам свайго занятку, адным — у юнацтве, калі здаецца, што шчасце — побач, і чым бліжэй да яго, тым хутчэй ад яго ўцякаеш, другім — у сталасці, калі чалавек нечакана ні з таго ні з сяго можа кінуць любімы занятак і пачаць вытвараць, наўздзіў людзям, чортведама што, а трэцім — на тым апошнім парозе, пра які так жорстка і моцна гаварыў Талстой у «Смерці Івана Ільіча».

Не буду хлусіць, сцвярджаючы, што занадта пакутаваў, вырашаючы так званыя вечныя праклятыя пытанні. Як цяпер думаецца, гэтымі пытаннямі цікавяцца зусім іншыя людзі.

Той жа Валіцкі. Я маю на ўвазе тых, хто ў маленстве замест таго, каб разламаць ці раскруціць якую цацку і ўпэўніцца, што ўнутры яе нічога, акрамя жалезак і болцікаў, няма, будзе гадзінамі моўчкі зачаравана глядзець на яе, разглядаць, уяўляючы, што там, унутры цацкі, маецца нешта Такое... Дык вось, да гэтага загадкавага Такога яны ніколі не асмеляцца наблізіцца. З гэтых дзетак і выходзяць — ну, калі быць дакладным, вырастаюць такія, як Валіцкі. І тады ўжо ў іх вачах заўсёды можна ўбачыць водбліскі далёкага загадкавага Такога, да якога яны ўвесь час імкнуцца, седзячы на адным месцы і не думаючы паварушыць нават пальцам.

Як сябе помню, у мяне заўсёды жыло, мелася жаданне штосьці зрабіць, каб уведаць Такое. Калі для Валіцкага галоўным заняткам было назіранне ці разважанне над чымсьці, над тым жа загадкавым Такім, то я адразу ж бясстрашна кідаўся ў гэты механізм ці сістэму — ва ўсё тое, што мела нейкую завершанасць ці закончанасць.

Мо таму пытанні і разважанні пра сэнс ці бяссэнсіцу жыцця, усе так званыя вечныя праклятыя пытанні былі для мяне не галоўным у жыцці. Магчыма, гэта некаму падасца дзіўным, магчыма, але ўжо тады, са школьных год, уведаўшы нейкія палажэнні ці аксіёмы, я думаў не столькі аб іх, колькі аб тым, як бы знайсці ім прымяненне. Гэтым я быў заняты.

Я быў заняты нечым рэальным, тым магчымым, што можна пабачыць, памацаць, адчуць. Рэальнасць — была той платформаю ці сістэмаю, якая абумоўлівала ў маім жыцці ўсё астатняе. І таму нават пытанні смерці ці бяссмерця я ўспрымаў як нешта непазбежнае, што трэба прыняць ці не прыняць. Разумееце — тут тая сітуацыя, калі трэба гаварыць альбо за, альбо — супраць. Сярэдзіны тут няма і не можа быць.

Увогуле, як я думаю, трагедыя многіх і многіх якраз і зводзіцца да таго, што яны амаль увесь час, усё сваё свядомае жыццё вагаюцца ці матляюцца — як каму падабаецца — паміж гэтымі «за» і «супраць». У жыцці, калі яго разглядаць цвяроза, яшчэ ў маладосці кожнаму трэба вырашыць для сябе нейкія праблемы ці пытанні, і тады чалавек са здзіўленнем заўважыць, што яму лёгка жыць.

Маю на ўвазе не толькі пытанні смерці і бяссмерця...

Што датычыць мяне, то я неяк хутка змірыўся, што з маёй смерцю заканчваецца і маё існаванне. Я не настолькі дурань, каб паверыць у гэты рэлігійны дурман ці, як цяпер модна разважаць у так званых тэатральна-кіношных колах, у тое вечнае біяполе, часткаю, носьбітам якога мы як бы з’яўляемся... Не, не і яшчэ раз не. Яшчэ ў маладосці я ўпэўніўся, што ўсё гэта — толькі апраўданне нашай слабасці і свайго жаху перад няведаннем Чагосьці.

Пасля таго як я вырашыў для сябе некаторыя прынцыповыя пытанні — я не настолькі наіўны, каб сцвярджаць, што яшчэ ў маладосці я ўсе пытанні вырашыў, — мне стала лягчэй жыць, я не мітусіўся ў жыцці, як многія мае аднагодкі, якія аберуч хапаліся то за фізіку, то за лірыку, то за горад, то за вёску. І тое, што збіраўся рабіць далей, — было для мяне працягам занятку, які пачынаўся ў маленстве.

Так я, закончыўшы тэхнічны інстытут, стаў канструктарам. Я пачаў ствараць штосьці рэальнае.

Калі ў маім падначаленні было цэлае канструктарскае бюро, калі я зразумеў, што ўсе мы ў жыцці хоць што ды павінны рабіць, тады я пачаў задумвацца пра іншае.

Пра што? Як галоўны канструктар я павінен даваць людзям работу. І справа тут не ў заводскай прадукцыі, я пра большае... Я павінен даваць людзям Работу. Якую? Што і як яны павінны рабіць?

І зноў жа — адступленне.

Памятаеце, я гаварыў пра цацкі і машынкі, якія ў маленстве я ламаў і крышыў. Дык вось, толькі цяпер, стаўшы галоўным канструктарам, я пачаў здагадвацца, што, вывучаючы, разбіраючы штосьці, мы часта бурым форму ці змест цэлага. Гэта жорсткая гульня маленства працягваецца і ў дарослым жыцці. Як і ў маленстве, разбіраючы, крышачы якую цацку, я ўжо ніколі не мог яе скласці, гэтаксама і ў дарослым жыцці, калі пачынаў штосьці сур’ёзна вывучаць, трапляў амаль у такое ж становішча.

Дарэчы, не толькі я, канструктар, трапляю ў такія складаныя сітуацыі, але і многія прадстаўнікі дакладных навук. Тыя ж фізікі — зараз яны наблізіліся да такога ўзроўню эксперыментальных даследаванняў, што само даследаванне часта ўплывае на вынікі эксперымента. Ды і не толькі фізікі. А чым горшыя ці лепшыя медыкі? Усё, што мы робім у імя так званага прагрэсу, як мне думаецца, акрамя станоўчага, мае свой адмоўны вынік.

Так, мы можам даведацца, як рухаецца электрон, як перадаюцца нервовыя імпульсы ў кары галаўнога мозгу — мы можам пра гэта даведацца, але ці не згубім пры гэтым галоўнае: а што ёсць чалавек?

І яшчэ — ці не разбураем мы штосьці назусім гэтымі пошукамі, эксперыментамі?..

Як галоўны канструктар я павінен быў вырашыць найперш для сябе гэтае пытанне: а навошта?.. Я занадта часта пачаў паўтараць тыя вядомыя словы наконт ісціны... Я і сам не чакаў, але я прыйшоў да гэтых вечных праклятых пытанняў, толькі цяпер як бы з другога боку. І між тым, хоць я і не мог даць адказу, я пэўна ведаў, што мы павінны штосьці рабіць, мы не можам і не павінны сядзець гадамі склаўшы рукі.

Вось, нарэшце, калі я магу сказаць пра тое галоўнае, што адрознівала мяне ад таго ж Валіцкага. Так, я згодны, што я не ўсё ведаю, што, ствараючы штосьці, я, магчыма, нешта навечна, назусім разбураю — што потым ніяк і нічым не складзеш і не злепіш, але гэтак жа пэўна я ведаю, што іншага выйсця ў нас няма. Як галоўны канструктар я павінен даваць людзям работу, людзі павінны штосьці рабіць, і толькі з дапамогаю работы мы здолеем штосьці высветліць. Як мне здаецца, Валіцкі гэтага не адчуваў, ён не разумеў гэтай неабходнасці, у яго, калі можна так сказаць, не было пачуцця адказнасці.

Ён быў адзін. Ён не разумеў, што ўсе мы павінны на штосьці спадзявацца, за нешта трымацца. Нельга, не можа такога быць, каб чалавеку не было на што спадзявацца, не можа ён усё сваё свядомае жыццё глядзець у гэтую палохаючую бездань, і таму работа — гэта і ёсць надзея...

І ўсё ж, якім бы Валіцкі ні быў, але, як ужо ўпаміналася, я не мог без яго абысціся. Гэта дзіўна, але гэта так. Ён мог тыднямі сядзець за кульманам і нічога не рабіць, бывала, ён спазняўся, а то і не выходзіў на работу, пра ягоную грамадскую актыўнасць, я думаю, і ўспамінаць не варта, і ўсё ж — я не мог звольніць яго...

У нашай рабоце ёсць агульнавядомы прынцып: каб прыдумаць прынцыпова новую канструкцыю ці дэталь, трэба ўявіць немагчымае. Ну, напрыклад, уявіць сабе даўжыню ці шырыню новай канструкцыі бясконцай. І гэтак — перабраць усе магчымыя параметры. Часта пры абмеркаванні новых праектаў мы ўсім бюро пачыналі дыскуціраваць — кожнаму давалася права гаварыць, даказваць самае неверагоднае. Вось дзеля гэтых дзвюх-трох гадзін фантастычных разважанняў Валіцкага я вымушаны быў трымаць яго ў аддзеле.

Калі Валіцкі пачынаў гаварыць, мы думалі, што ён гаворыць штосьці такое, што да нашага новага праекта, да нашай работы не мае ніякага дачынення. Думаецца, што ён і сам пад час тых разважанняў не думаў ні пра праект, ні пра тую ж работу. Што ён хацеў сказаць?

Потым ужо, праз дзень ці тыдзень, хтосьці з канструктараў — так чамусьці абавязкова атрымлівалася, — успамінаючы маналогі Валіцкага, нечакана для сябе выхопліваў з іх нейкую ідэю, і яна, як ні дзіўна, станавілася правобразам новага праекта. Валіцкі быў у нас, як прынята гаварыць, генератарам ідэй, хоць, магчыма — і гэта самае дзіўнае самому не зразумелых. Пасля ён мог махаць рукамі, даказваючы, што хацеў сказаць нешта зусім іншае, што мы не так яго зразумелі, але я, як і ўсе астатнія, пэўна ведаў, што на сённяшні дзень і пры нашых магчымасцях — гэта тое, гэта самае лепшае...

Вось коратка і ўсё, што магу сказаць пра Валіцкага. Ведаю, што ён займаўся яшчэ фотаздымкамі — гэта да маёй работы ніякага дачынення не мае, і таму тут я нічога не магу сказаць. У яго была сям’я — звычайная мірная сям’я, як у многіх з нас. І ўсё ж часам, калі думаю пра яго, мне стае яго шкада, думаецца, што ён быў адзінокі, як ніхто з нас.

Усе мы нечым акружаны: клопатамі, сем’ямі, абавязкамі, адказнасцю перад людзьмі, той жа работаю — і ўсё гэта нас трымае, дае нам сілу і надзею на штосьці... На што? Магчыма, нават — і над гэтым я апошнія гады ўсё болей і болей задумваюся — на спробу як мага болей утрымацца на краі бяздоннага абрыву. У Валіцкага ўсё гэта не тое што адсутнічала, але, як бы лепш сказаць, было аслаблена чымсьці. Ён увесь час быў староннім назіральнікам. Калі папросіш, Валіцкі дапаможа, а не — не падыдзе...

І такім людзям не варта зайздросціць. Той, хто хоць аднойчы паспрабаваў вырвацца з нашага ўтульнага кола абавязкаў, хто хоць аднойчы не на словах, а на самой справе спрабаваў вырвацца і прыўзняцца над усім нашым звыклым штодзённым жыццём, якое часта называюць мяшчанскім і з якога маем звычку залішне часта і пагардліва пасміхацца, той ніколі не забудзе незямнога холаду адзіноты, які тут жа скоўвае душу і прымушае вярнуцца назад, да ўсяго таго, з чаго толькі што пасміхаўся... І гэты прыклад як абагульненне, як яшчэ адзін доказ таго, што я, магчыма, блытана імкнуўся даказаць у споведзі.

 

 

3

 

Тады я рабіў на заводзе — акрамя суботы і нядзелі, з васьмі да пяці круціўся ў памяшканні ля прыбораў, у якіх, як гэта заўсёды вядзецца, хоць што ды не ладзілася. Сярод дня, бывала, я кідаў работу, падыходзіў да акна і падоўгу глядзеў на заводскі двор: на тую высокую дашчаную клетку кацельнай, дзе вечна шумела і пенілася вада, на чырвоную цагляную сцяну заводскага клуба, што выторквалася з-за вугла энергацэха і на якой бачыўся ўсяго толькі пачатак лозунга: «Выканаем пяцігодку...» Я глядзеў на цёмныя акуратныя асфальтаваныя дарожкі, што віліся між заводскіх карпусоў па гэтых дарожках хоць хто ды некуды крочыў... Штодня я бачыў гэты нязменны малюнак, але кожны раз з нейкім здзіўленнем я глядзеў на ўсё гэта, як бы шукаючы і не знаходзячы сэнсу ўбачанага, зусім не звязанага з заводскай прадукцыяй, планам і, дарэчы, той штодзённай работаю, якой займаўся... Тады штосьці нядобрае паяўлялася ўва мне і думалася, што ўсё гэта — толькі таму, што я стаміўся і не ладзіцца работа.

А потым я зноў ішоў да прыбораў — да самага вечара. І хоць адчуваў, што ўся мая работа ля прыбораў — штосьці часовае, зусім не галоўнае ў маім жыцці, а галоўнае, можа, нават і ў асэнсаванні таго малюнка, які бачыў з акна сярод дня, але цяпер ужо з нейкай апантанасцю і злосцю круціўся я ля прыбораў, памятаючы, што ад вынікаў маёй работы ў пэўнай меры залежыць вынік работы другіх людзей, якіх можна пабачыць на тых жа асфальтаваных дарожках, у заводскіх карпусах ля вялікіх гулкіх машын і станкоў. І ўсё. На тыя гадзіны больш важнейшага занятку для мяне і не было, хоць ведаў, адчуваў, што ва ўсім гэтым, што аб’ядноўваецца словам «работа», ёсць нешта замкнутае, сплеценае, у чым мне трэба разабрацца. Але ўсё гэта — потым, потым...

Упершыню ўбачыў Валіцкага, калі ён прыйшоў да мяне з просьбаю дапамагчы падабраць сістэму светафільтраў з пэўнымі характарыстыкамі. Слова за слова — пачалася тая асцярожная гаворка, калі абодва прытрымліваюцца прынцыпу: скажы, чым цікавішся, і я, падумаўшы, скажу...

Аказалася, што ён займаецца фатаграфіяй. У вольны час, канечне. А так ён — інжынер-канструктар. І вось для аматарскіх здымкаў яму і спатрэбіліся светафільтры — потым, дарэчы, высветлілася, што яны і не патрэбны ў гэтай справе. Памалу ад размовы пра светафільтры мы перайшлі да размовы пра фотаздымкі, пра ўсё тое, што ён здымае.

Я, гледзячы на ягоную высакаватую, але трохі ссутуленую постаць, на мяккія рысы паўнаватага твару, ужо неяк і прывык да ўсмешкі Валіцкага, якая рэзка маладзіла яго, гэтак жа я прывык і да рэзкаватых, як у падлетка, узмахаў рук пад час гаворкі і таму баяўся, што ён акажацца адным з тых шматлікіх фотааматараў, якія з выгадаю для сябе здымаюць усё падрад, карыстаючыся вялізным дэфіцытам на вечнасць, якая, як мы за яе ні хапаемся, так і ўцякае з-пад самых пальцаў, і таму, як ні круціся, як ні вярціся, а толькі і застаецца застываць перад вочкам фотаапарата. І вось — рэальнае ўвасабленне вечнасці, таго шчаслівага імгнення, якое навечна спынілася: школьны клас са строгай настаўніцай пасярэдзіне, студэнцкая група, задуменная постаць ля не менш задуменнага помніка, вясельная пара — Ён у чорным строгім касцюме, Яна — ва ўсім белым з фатою на распушчаных валасах, аголены першынец, што ляжыць на ложку і глядзіць у вочы, і — дарэчы, усе астатнія імгненні нашай бурнаплыннай рэчаіснасці.

Валіцкі здымаў у асноўным пейзажы.

Цяпер ужо можна было перавесці дух і пачаць гамонку па новаму вітку.

Калісьці я ў маладых гадах таксама спрабаваў заняцца фатаграфіяй, як і многім другім, ад чаго потым гэтак жа чэсна адкаснуўся. Відаць, гэтае жаданне ўзнікла ўва мне ад больш ранніх уражанняў, якія атрымаў некалі ў маленстве. Гэты доўгі ланцуг асацыяцый пачынаецца з той даўняй пары, калі ў нашай пасляваеннай вёсцы мелася свая электрастанцыя, якая стаяла па беразе ракі, дзе была плаціна.

І плаціна, і электрастанцыя, і двухпавярховы будынак млына, што быў побач з электрастанцыяй усё гэта было за балотам ля ракі, за якой адразу ж пачынаўся бор.

Электрычнасць у нас хоць і мелася, але лямпачкі гарэлі ўсяго толькі да дзесяці ці адзінаццаці гадзін вечара. А калі — дык і зусім не гарэлі, тады даводзілася даставаць пахаваныя лямпы, ад якіх людзі надзіва хутка адвыклі і якія пасля зыркіх лямпачак здаваліся нечым такім ужо аджылым і старым, што аж здзіўленне брала — як гэта дагэтуль маглі абыходзіцца без лямпачак...

У той час мой старэйшы брат, даваеннік, вучыўся ў горадзе, дзе і прыдбаў сабе фотаапарат, з дапамогаю якога налаўчыўся рабіць здымкі, ці, як у нас тады гаварылі, картачкі.

«...Хочаш картачку на памяць табе, мілы, падару» так ці прыкладна так спявалі ў маёй вёсцы дзяўчаты познім вечарам, калі разыходзіліся з танцаў.

Добра помніцца той позні летні надвячорак, калі я шлэпаў з сяла следам за братам і, пакручваючы галавою, як упершыню, глядзеў на нізкае вячэрняе неба, дзе не было ніякіх хмар, і між тым адчувалася, што неба — вельмі і вельмі нізкае, асабліва вунь там, над блізкім лесам, што цёмнай сцяною стаяў за плацінаю і ў якім, як тады здавалася, начамі адбываецца нешта такое загадкавае, што і ў самай страшнай казцы не можа быць. Гэтак жа ўрыўкамі, але ярка і выпукла помніцца той шум вады за дашчанай перагародкаю, гудзенне вадзяной турбіны глыбока ўнізе, пад памостам, хуткае вярчэнне белых драўляных зубчатых шасцярон і яшчэ — такія ж таямнічыя і салодкія імгненні, калі ў час праяўлення на белай цвёрдай паперы паказваліся твары ці постаці зусім не вядомых людзей, спачатку няясныя, невыразныя, а потым усё яснейшыя... Усё гэта, рознае і, здавалася б, між сабою не звязанае, спляталася ў тую ноч у нешта суцэльна салодкае: і шчыльная, як цёмная посцілка, начная цемень за сцяною электрастанцыі — яе, гэту цемень, я тады адчуваў усёй сваёй істотаю, як штосьці рэальнае, што можна памацаць і бор з плацінаю, і буйныя зоры ўверсе, і гул турбіны, і картачкі, як і дагэтуль ні разу не чутыя словы «кювета», «растварыцель», «праявіцель» ва ўсім гэтым, што чуў, што мяне акружала, я адчуваў штосьці такое, што потым ужо рэдка калі адчуваў.

Калі ж я, і сам ад сябе такога не чакаючы, успомніў пра ўсё гэта і блытана пастараўся пераказаць Валіцкаму, ён радасна заўсміхаўся, замахаў рукою: «Ды так, так, у пагоні за выгадаю, за ўсім, што людзі называюць здаровым сэнсам, мы губляем тое, без чаго не зможам абысціся і што потым нам адгукнецца, ой як адгукнецца...» І тады я, гледзячы на яго пасвятлелы твар, зразумеў, чаму ўспомніў пра маленства і расказаў яму, а не другому чалавеку: у свае сорак з гакам Валіцкі так і застаўся падлеткам. Ужо тады я пачаў здагадвацца, што бываюць людзі, якія з узростам у душы так і не мяняюцца. І невядома, добра гэта ці дрэнна. Для іх, гэтых людзей, ва ўсякім разе. Дык вось, калі гаварыць пра Валіцкага, то ён так і застаўся шаснаццацігадовым падлеткам.

Так мы прагаварылі даволі доўга — пра ўсё тое, што я тады так апантана шукаў на мяжы навукі і містыкі і што потым, зусім для сябе нечакана, даволі часта знаходзіў у лёгкіх радках якога паэта з даволі заблытаным лёсам:

 

 

А была, толькі хмарка была,

Толькі хмарка на ранішняй сіні,

Калі ішоў я ўскраем сяла,

Калі кані застацца прасілі...

 

 

Валіцкі пайшоў у сваё канструктарскае бюро, а ў душы маёй паявілася няўтульнасць і нейкая нават няёмкасць, я нечакана адчуў сябе змораным — так бывае пасля вялікай шчырай гаворкі, калі выкажаш штосьці надта ўжо дарагое, у чым гадамі нікому не прызнаешся і ў чым, свядома ці несвядома, хочацца некаму прызнацца.

Як тлумачыла мне адна знаёмая, гэта бывае таму, што калі поўнасцю пра сябе раскажаш, то ад цябе як ад асобы, як ад індывіда, ад твайго нікім нябачнага «я» нічога не застаецца, і таму, каб адчуць, што ты ёсць на свеце, ты тут жа зноў і зноў пастараешся штосьці хаваць — добрае ці дрэннае, няважна — ад другіх людзей, ад чаго, магчыма, зноў жа пачнеш пакутаваць. «Карацей кажучы, — усміхалася знаёмая і спакойна глядзела мне ў вочы, — ці так, ці гэтак, не кіем, дык палкаю, а пакутаваць мы ўсё роўна павінны. На гэтым наша жыццё замешана. Так што Дастаеўскі праўду гаварыў...» І тады я, злавіўшы позірк яе трохі стомленых вачэй, зразумеў, што ўжо ніколі не ўбачу ў іх таго вясёла-шалага бляску, які робіць немагчымае магчымым. І яшчэ я тады падумаў — не пра яе і сябе, а пра ўсіх нас: «Божухна-божухна, якімі ж мы сталі граматнымі!..»

Але вернемся да Валіцкага.

Праз некалькі дзён Валіцкі зноў зайшоў да мяне. На гэты раз ён прынёс фотаздымкі, якія я прасіў паказаць.

Здымкі былі розныя. У большасці чорна-белыя, але трапляліся і каляровыя. І сапраўды, у асноўным то былі пейзажы: лясная прасека, што блішчыць і туманіцца пасля дажджу, бераг рачулкі, жытнёвае поле, пад якім дымяцца воблакі, напамінаючы нечым малюнкі абстракцыяністаў.

Перабіраючы па адным здымкі, я нечакана адчуў, што галоўнае ў іх тое ж самае, што хацеў сам сказаць мінулы раз, калі гаварыў пра сваю першую ноч удалечыні ад дому.

Там, напрыклад, быў такі здымак: на паляне, акружанай змрочным хваёвым лесам, стаяла адзінокая будыніна — не то закінутая хата, не то пуня. Бачна была не ўся будыніна, а толькі яе палова: сцяна і страха... І паляна, і той жа цёмны лес, і страха будыніны — усё было засыпана роўным снегам. Быў ужо надвячорак, на снезе выразна цямнеў зубчаты цень ад дрэў, цямнелі адзінокія глыбокія сляды чалавека — з лесу да будыніны нехта прайшоў у ботах... Відаць, той чалавек быў яшчэ там, у будыніне, бо другіх слядоў не было. Вось і ўсё. Здаецца, болей нічога такога памятнага на тым здымку і не было.

Калі я ўглядаўся ў той здымак, успомніліся другія амаль такія ж стылыя марозныя вечары, калі я аднекуль вяртаўся дадому. Не пазней, калі на дзень-другі прыязджаў з горада і, хутка перабіраючы нагамі, подбегам спяшаўся ад супынку аўтобуса, памахваючы ў адной руцэ партфельчыкам, а другою рукою прыкрываючы вуха ад сівернага ветру, не, усё гэта было яшчэ тады, калі жыў у вёсцы і часта з асалодаю марыў пра горад, пра ўсё тое далёкае і чужое, што нам заўсёды здаецца смачнейшым і цікавейшым.

Дык вось, калі я жыў у вёсцы і пасля цяжкай і доўгай работы, скалелы, адубелы за дзень на холадзе, у блізкім прадчуванні мяккага цяпла хаты, падыходзіў да свайго двара, я нечакана востра адчуваў асаблівую слодыч гэтага сухога, выстаялага на марозе паветра, гэтага звонкага рэзкага хрусту пад валёнкамі; я глядзеў на гэты бясконца сіні снег, што роўна, нечапана высцілаўся аж да самай вузкай, у палец, палоскі лесу на небасхіле, я глядзеў на сваю і чужыя хаты, у якіх ужо чырвана свяціліся вокны і з комінаў якіх густа і роўна валіў слупамі дым, і з вачэй маіх выціскаліся слёзы. І здавалася мне тады, што толькі так, ды яшчэ намнога лепей, будзе мне там, далёка-далёка ад гэтага дому, ад гэтага сіняга нечапанага снегу...

— Добра там, дзе нас нямашака, — яшчэ і так гаварылі калісьці ў маёй вёсцы...

Я глядзеў на здымак Валіцкага, і на імгненне гэтае даўно перажытае і амаль што забытае пачуццё паявілася ўва мне і тут жа знікла... Як напамін.

Я аддаў здымкі Валіцкаму.

Пасля ён часта прыходзіў да мяне, мы шмат гаварылі, калі-нікалі ён прыносіў здымкі, і я падоўгу глядзеў на іх.

Мне і цяпер помніцца той дом на беразе ракі, невялічкі дагледжаны агарод, палоска вады і вузкая сцежка, што бялела ад вады да дома усё на здымку дыхнула на мяне такім спакоем і шчасцем, што я, помніцца, тут жа не стрымаўся і спытаў у Валіцкага, дзе ён знайшоў гэту ідылію. «Ды ля моста, дзе пляж гарадскі», — адказаў ён з усмешкаю.

І тут я ўспомніў гэты дом. Часта я, праходзячы па мосце, мінаў гэты дом, трохі прыхаваны вербамі. Дом быў як дом — чаму я не заўважыў у ім такое, што заўважыў Валіцкі? Побач з домам слалася магістраль, недалёка днём і ноччу дыміў заводскі комін — побач быў вялікі горад з ягонай мітуснёю і гулам, а мне падумалася...

Ах, наіўны чалавек, яму, бачыце, падумалася.

 

 

...Ручча сасніў я джарало,

Высока сонейка стаяла,

І слонкі быстрае крыло

У зыркіх промнях трапятала.

 

 

Так ужо атрымалася, што ў хуткім часе я паехаў з таго невялічкага раённага гарадка. Калі я прыязджаў туды, стараўся сустрэцца з Валіцкім. Неяк, сустрэўшыся, я ледзьве яго пазнаў — Валіцкі пахудзеў, куды дзелася паўната, адгадаваў бараду і стаў падобны на аднаго з тых шматлікіх хлопцаў, якія ў кажушках і ў насунутых на самыя вочы вязаных шапачках матляліся ў той год па цэнтральным сталічным праспекце. У час гаворкі высветлілася, што Валіцкі самастойна прайшоў курс галадоўкі і гэта дапамагло яму скінуць лішнюю вагу.

А потым, як часта бывае ў сяброў, якія далёка раз’язджаюцца і пачынаюць займацца рознымі справамі, мы разышліся назусім. Бо лісты, перапіска — ужо не тое. Калі-нікалі бярэ нават здзіўленне, як мог быць такі час, калі людзі гадамі давяралі адно аднаму думкі, зусім не сустракаючыся. Відаць, то і сапраўды быў іншы час, іншыя людзі, іншыя вымярэнні паняццяў дабра і зла, адным словам — усё тое, што называюць іншай эпохаю. І тут — нічога не паробіш...

Цяпер я і не помню выразу твару Валіцкага — усё, што звязана з яго асобаю, неяк размылася ў памяці, але затое як часта перад вачыма паўстаюць ягоныя здымкі. І той затуманены росны луг з цяжкімі, зляжалымі за ноч копамі сена, і тая рачулка, вада якой блішчыць тысячамі люстэркаў, і тое ж неба з воблакамі, якія я некалі ў маленстве гадзінамі мог разглядаць... І, галоўнае, мне ніяк не забываецца той зялёны дом над ракою. І хто знае, хто растлумачыць, чаму так ясна і выразна ўсё гэта помніцца?

І тады, калі ўва мне ўсё гэта паўстае занадта ярка, я выбіраюся з горада і еду да лесу ці да той жа рачулкі. І вось там, на адзіноце, узіраючыся ўдалеч, я, здаецца, пачынаў разумець Валіцкага. Падоўгу блукаю я па пустых палявых дарогах, па невялічкіх лясных астраўках, акружаных роўнымі дагледжанымі палямі, ля берагоў невядомых рачулак, і тады, адчуваючы шырокі палявы вецер, ува мне паяўляецца туга па чымсьці.

Па чым? Што трэба мне?

 

 


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Гігевіч В. Астравы на далёкіх азёрах: Аповесці, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 334 с.
Крыніца: скан