epub
 
Падключыць
слоўнікі

Васіль Гігевіч

Выпадак з Зарубіным

Зарубін — спакойны, ураўнаважаны, год за трыццаць мужчына — пачаў адчуваць, што нечага яму не хапае. Вакол, як кажуць, бурліла, вірыла жыццё, але ўсё: і твары, і галасы, і падзеі, што адбываліся на свеце,— неяк адышло, адсунулася ўбок. Нечакана Зарубін адчуў, што ён — адзін на свеце. Не, гэта, відаць, не было звычайнае адзіноцтва, проста ён стаў вельмі часта думаць, што такога, як ён, Зарубін, больш няма на свеце... І не было, не будзе ніколі. З усімі слабасцямі, тым добрым, што мелася...

Работа ў Зарубіна была няцяжкая — працаваў пасля заканчэння інстытута ў лабараторыі аднаго навукова-даследчага інстытута, дзе, па праўдзе сказаць, было так: хочаш рабі, хоць парвіся, а хочаш — у акно глядзі, але, як вядзецца ў такіх установах, там быў свой кантроль і заахвочванне, чужому воку, пэўна, дзіўныя і незразумелыя. Была ў Зарубіна тэма, з год ён ужо біўся над ёю, але канчатковых вынікаў не было бачна — ці то не пра тое думалася, ці то кірунак работы быў выбраны няправільны, ці то доследы вяліся неакуратна. Здавалася, яшчэ які месяц, тыдзень і ўсё — тэма будзе распрацавана, але час ішоў... Цэлымі днямі, так, што і паабедаць схадзіць было некалі, сядзеў Зарубін у памяшканні, амаль ні з кім не размаўляў, а калі вечарам сунуўся стомлены па вуліцах горада, шумнага, стракатага ад святла рэклам і вітрын магазінаў, тады вось гэтыя думкі пра сваё жыццё і апаноўвалі.

І думалася Зарубіну, што жыве ён не так, не зусім цікава і весела, што ёсць нейкае другое, лепшае жыццё і, магчыма, мог бы ён жыць інакш, але прайшло ўсё міма, і ён не разгледзеў — калі. Ды і што ён цікавае бачыць: днём лабараторыя, вечарам дома. І так дзень за днём, а там — не паспееш згледзець — і год, два... Спаў Зарубін дрэнна, сніліся нейкія непрыемныя, блытаныя сны: і пра работу, і пра сябе, і нават пра тое, што, здавалася, не мела з ім нічога агульнага. Прачынаючыся, ён звычайна думаў, што, відаць, не вытрымае, пойдзе і падасць заяву аб звальненні, пяройдзе ў інстытут чытаць студэнтам лекцыі. Але на рабоце неўпрыкметку ўцягваўся і толькі вечарам, калі саслужыўцы даўным-даўно разыходзіліся, здзіўлена ківаючы галовамі ў яго бок, Зарубін апамятваўся.

У апошні час Зарубін стаў думаць, як лепш правесці чарговы водпуск: хацелася ўзяць пуцёўку і паехаць куды далёка-далёка, пабыць у другім асяроддзі, з другімі людзьмі — можа, хоць там, у новым месцы, будзе весялей, а калі не весялей, то цікавей.

Гэтыя думкі — і аб рабоце, і аб жыцці сваім — спляталіся, быццам клубок парваных, заблытаных нітак, у нешта адно, што не давала спакою.

Усё здарылася раптоўна і нечакана: прыйшоў на работу, паўдня працаваў, і тут пазванілі з прафкома, куды звяртаўся раней, — прапанавалі пуцёўку на Чарнаморскае ўзбярэжжа. Быў канец года, пуцёўка «гарэла», і таму яе далі за малую плату. На вуліцы ўжо тыдні са два ляжаў снег, але там, на поўдні, было яшчэ цёпла: ля дзесяці — пятнаццаці градусаў, як перадавалі па радыё. У той жа дзень Зарубін аформіў водпуск. І ўпершыню адчуў палёгку, быццам скінуў з цела лішняе і цяжкое. Узрушаны, прыйшоў Зарубін позна вечарам дамоў.

Жонка амаль нічога не сказала — яна бачыла і разумела, што з мужам творыцца нешта незразумелае — дагэтуль быў чалавек як чалавек,— і таму старалася ні ў чым не пярэчыць. Работа ў іх была розная: працавала жонка медсястрой і параіць, памагчы ў чым яна не магла. А можа, і не хацела, хто іх ведае, гэтых жанчын...

Пры развітванні, калі Зарубін чмокнуў жонку ў вусны, яму стала чамусьці няёмка і таму, прамармытаўшы, што пра ўсё напіша ў лісце, быццам вінаваты ў нечым, сутуліўшыся, хутка пакрочыў з дому.

Яму пашанцавала. Пагода была лётная: адсюль самалёты выпускалі, там прымалі — у тую ж раніцу ён вылецеў. Узрушэнне і радаснае хваляванне, якія адчуў пры паведамленні аб свабоднай пуцёўцы, не праходзілі. Гледзячы на воблакі, падобныя на ўспененае і імгненна застыўшае мора, Зарубін замурлыкаў нават нейкую песню, чаго даўно не рабіў, мусіць, з год, якраз з таго часу, як стаў займацца тэмай. Калі падляталі да ўзбярэжжа, ён упершыню ўбачыў горы. Зарубін з маленства, са школьнай парты, марыў пабыць у гарах, у гэтым было нейкае таямніцтва — вось ён стаіць на скале, пад нагамі дымяцца белыя воблакі, а там, уверсе, сінеча і сонца...

Быў надвячорак, вялізнай белай птушкай самалёт, як нажом, разразаючы воблакі, ішоў на пасадку, і тады, амаль ля зямлі, Зарубін убачыў горы, не тыя, аб якіх марыў, а якія былі на самай справе: зялёна-ружовыя, маленькія і далёкія, як успаміны маленства, ахутаныя вясёлкавымі палоскамі сонечнага святла, якое пучкамі выбівалася адтуль, з-за гор, угору да Зарубіна,— больш нечаканага і прыгожага за апошні час Зарубін і не бачыў. На імгненне да яго вярнуліся той настрой і бачанне свету, якія былі даўно, так даўно, што ледзь не забыўся... І вось цяпер, калі Зарубін пабачыў горы, ён падумаў, што цуд на свеце ўсё ж такі ёсць, ды і жыццё яго можа стаць зусім іншым, не такім, якім было дагэтуль.

Самалёт апусціўся на зямлю, горы зніклі, нібы сон, і Зарубін апынуўся ў звычайным, не вельмі вялікім, горадзе, дзе жылі звычайныя людзі — чамусьці ў гэты і наступныя дні Зарубін уважліва прыглядаўся да людзей, быццам шукаў у іх прычыну сваёй панурасці. Да пансіяната было вёрст трыста, там знаходзіўся раённы цэнтр, і туды можна было дабрацца самалётам, але ў касе мясцовых аэраліній пажылая стомленая жанчына буркнула, што з-за дрэннай пагоды самалёт туды ў гэты дзень не паляціць.

Гарадскі аўтобус быў перапоўнены, як перапоўнены ў такі час аўтобусы ў іншых гарадах,— ехалі з работы людзі: заклапочаныя, вясёлыя, злыя, абыякавыя, і нічога асаблівага Зарубін у гэтым не бачыў. Побач з ім стаялі дзве жанчыны, больш пажылая казала маладзейшай пра махеравую хустку: як звязаць, на колькі гэта выгадней, чым купляць гатовую, у каго са знаёмых ёсць такія хусткі. Праз паўгадзіны, калі Зарубін выходзіў з аўтобуса, ён усё яшчэ чуў размову пра хустку.

На аўтавакзале, узяўшы білет, разам з іншымі пасажырамі Зарубін сеў у аўтобус. Ён спыніў увагу на невысокім, поўным, сярэдніх год мужчыне, у якога былі круглы твар, вузкія чырвоныя, як нафарбаваныя, палоскі вуснаў і непрыемная сінява ў вачах. Гэты чалавек чымсьці не падабаўся Зарубіну, магчыма, сваёй самаўпэўненасцю, бо трымаўся ён сярод незнаёмых людзей занадта лёгка — гучна, на ўвесь аўтобус, смяяўся і гаварыў з прыгожай, год трыццаці, жанчынай. Яны пазнаёміліся перад самай адпраўкай аўтобуса і, па ўсім бачна, асталіся задаволеныя сабой і абставінамі. Па выпадкова пачутых словах Зарубін зразумеў, што мужчына таксама едзе адпачываць.

Да пансіяната пад’язджалі прыцемкам. Зарубін не адрываў позірку ад акна — хацелася хутчэй пабачыць горы, але ў цемені амаль нічога не бачылася: нейкія чорныя цені то ўзнікалі, то знікалі, і было незразумела, ці то горы, ці то лес, ці звычайны цень ад аўтобуса. Але паступова дарога пачала віцца між лагчын і ўзгоркаў, якія рабіліся ўсё круцейшымі і круцейшымі, і, нарэшце, Зарубін зблізу ўбачыў горы. Але цяпер, калі ён зблізу ўбачыў горы, асаблівага хвалявання не было — здавалася нават часам, што ён ужо быў калісьці тут.

Стаў слязіцца дождж, асфальтаваная дарога заблішчала. Шафёр уключыў радыё. Жанчына аб’явіла трансляцыю канцэрта — рытмічна забрэнькалі электрагітары, перарабляючы знаёмую з маленства мелодыю ў нешта вясёлае і бесклапотнае, што праз паўгадзіны і забываецца. Гэтую народную песню спявала звычайна маці, калі збірала ягады. Зарубін успомніў, як спявала маці,— між сасонак, высокіх і стромкіх, аж да самага неба, убачыў яе, яшчэ маладую і вясёлую. Усё гэта Зарубін убачыў неяк зверху: і сябе, зусім малога, і маці, і чырвоныя палоскі вячэрняга сонечнага святла, што залацілі шэрую кару дрэў, зялёны чарнічнік з чорнымі ягадамі...

Здалося дзіўным, што двое людзей у адзін і той жа час знаходзяцца так далёка. Зарубіну ўспомнілася, як сядзела жонка ля стала, калі ён з пуцёўкаю ў руках вярнуўся дамоў. Ён прыйшоў пазней, чым звычайна: пакуль водпуск афармляў, лабарантам план работы складаў — прыйшоў і пабачыў, як жонка вяжа панчохі,— яна толькі-толькі памылася і галаву абвязала белым ручніком, як чалмою, ад гэтага і ад таго, што ўпершыню ўбачыў, як жонка вяжа панчоху, выраз твару яе здаўся занадта разумным і строгім. Успомніўшы твар жонкі, Зарубін усміхнуўся.

 

Прыехалі позна, гадзін у адзінаццаць. Разам з ганарлівым мужчынам зарэгістраваліся, разам іх і пасялілі.

Наступнай раніцай разбудзіў Зарубіна глухі басавіты голас:

— Здаравенька, суседзі!

Іван — так звалі ганарлівага мужчыну, ён працаваў шафёрам — паздароўкаўся з высокім чарнявым здаравяком, які стаяў ля адкрытых дзвярэй.

— Я адсюль, з Кубані, на трактары працую,— прадаўжаў здаравяк. Нейкі час памаўчалі. Здаравяк сеў на ложак Зарубіна.— Са мной яшчэ Грыша жыве з Арменіі. Гры-ша!

— Чыво цібе, чыво? — выйшаў з суседняга пакоя малады, год дваццаці пяці, чорненькі невысокі армянін, які быў бы вельмі прыгожы, каб не касаватае адно вока. Убачыўшы незнаёмых людзей, Грыша прыемна ўсміхнуўся: «Здра-авствуйце!»

Прыйшлося ўставаць, хаця спаць хацелася. Здаравяк прынёс тайком бутэльку віна, учатырох выпілі яе нашча, каб лепш снедалася, і нейкі час гаварылі.

— Ці ведаеце такі выпадак, каб у карбюратары дросельная заслонка расплавілася? — пытаўся здаравяк, абводзячы ўсіх позіркам.

— Ды ну-у! — гукаў Іван.— Быць такога не можа.

— А вот і можа,— гарачыўся здаравяк,— я сам бачыў. Ехалі мы тут, у гарах, машыну лесам нагрузілі, дэбэла, дэбэла нагрузіліся...

Зарубін здзіўляўся, навошта яму карбюратар і дросельная заслонка, ён разумеў, што і астатнім таксама не дужа прыемна слухаць гэтую гісторыю, не за гэтым яны сюды ехалі, за нечым іншым — мо таму і стараюцца падтрымаць пустую, непатрэбную размову пра карбюратар і дросельную заслонку. Гэтыя людзі, як і Зарубін, доўгі час працавалі, прывыклі да сваіх правоў і абавязкаў, а цяпер яны павінны нічога не рабіць — таму няёмка. Патрэбен пэўны час, каб яны прывыклі да новага становішча, і тады яны пачнуць адчуваць сябе, як і раней,— знойдуцца заняткі, і імі, нікчэмнымі і абыякавымі, будзе апраўдвацца свая бяздзейнасць.

...А можа, усё гэта не так, не зусім так, можа, і з імі адбываецца тое ж самае, хай сабе другія падзеі, другія абставіны, але ў душы кожнага адбываецца тое ж, што і ў яго, Зарубіна, адкуль ён ведае...

Адчуванне прыгажосці, незвычайнасці паступова знікала. У пансіянаце было многа пажылых людзей, але трапляліся і маладыя, большасць з іх былі калгаснікі, бо, як казаў Грыша, летам калгасніку некалі, хлеб з поля збіраць трэба.

Пасля сняданку Зарубін доўга блукаў па тэрыторыі пансіяната, разглядваючы зялёныя кусты лаўра, знаёмыя па малюнках жоўта-белыя домікі, фанерныя дошчачкі, на кожнай з якіх была напісана якая-небудзь агульнавядомая ісціна, накшталт — «Адпачынак ля мора беражэ здароўе працоўных».

Потым Зарубін пайшоў туды, дзе шумела мора: не вельмі вялікія хвалі ўзнікалі недалёка ад берага і, пераламваючыся, пенячыся, з шумам каціліся да берага, перакатваючы на ім гладкія, вылізаныя вадой і часам каменьчыкі. Ён доўга глядзеў на хвалі, думаючы, што на іх можна глядзець бясконца, у гэтым ёсць зачараванасць, якая ідзе ад павольнасці і сілы мора.

Перад абедам Зарубін трапіўся на вочы знаёмым: Івану, чарняваму здаравяку і Грышку, якія ішлі ў акружэнні чатырох жанчын.

— А-а, Антонавіч,— адазваў Зарубіна Іван,— мы вось рашылі паклікаць у госці... Па траячцы з брата, ты не супраць такога дзела?

Праз гадзіну Зарубін сядзеў на сваім ложку побач з маладзенькай дзяўчынай, якая спявала хрыплаватым голасам студэнцкія песні. Калісьці іх спяваў і сам Зарубін, быў ён тады студэнтам-першакурснікам, і восенню, калі дапамагалі калгасу, пасля работы збіраліся кожны вечар між жоўтых скірд саломы, каб наспявацца. Свяціліся тады зоркі над галавою, трашчала нешта далёка ў полі, быццам там ваду хтосьці пераліваў тонка і яна цурчала, цурчала... А дрыготкі галасок выводзіў мелодыю, ад якой сціскала ў грудзях, і бачылася белая, залітая месячным святлом дарога і на ёй двое... Зарубін пастараўся ўспомніць тыя твары і ўпершыню са здзіўленнем адзначыў, што не ўсіх памятае, памятае, напрыклад, што быў у іх групе Валодзя, а які ў яго твар — не, не можа ўявіць. І ўспаміны ўсё больш і больш агортвалі яго, нібы тыя мелодыі, што цягнула дзяўчо. Яна глядзела міма людзей у акно, і здавалася, а можа, так і было, што бачыла не сінюю ваду, а тое, аб чым спявала, чаго ў жыцці яе не было.

Потым узнікла другая мелодыя, і Зарубін адчуў сябе ў невялічкай вёсачцы, дзе калісьці настаўнічаў. Зарубін не збіраўся настаўнічаць, проста пасля заканчэння універсітэта ён павінен быў два гады адпрацаваць у вясковай школе. Пасылаючы яго ў школу, не дужа прыглядаліся, здольны ён ці не, чамусьці лічылася, што веды — галоўнае для настаўніка. І ён мучыў два гады зусім нявінных дзяцей і два гады мучыўся сам. У той невялічкай вёсачцы быў такі дзень, калі Зарубін ляжаў на ложку і плакаў, а з суседняга пакоя даносіліся песні — быў Дзень настаўніка.

Цяпер ён таксама адчуў сваё адзіноцтва, але не так моцна, бо сапраўдным адзіноцтвам, якім павінен перахварэць кожны чалавек — ці ў старасці, ці ў маладосці — няважна,— Зарубін перахварэў, і яму здалося, што імгненне — і ён зразумее, навошта сабраліся сюды гэтыя выпадковыя людзі, што згубілі і знайшлі яны ў жыцці сваім, на што спадзяюцца...

Зарубін выйшаў з пакоя. На вуліцы імжыў дождж, але гразі не было — зямля была камяністая і пясчаная. Цёплы вільготны вецер нёс нізка хмары, шэрыя і кудлатыя. Побач з пансіянатам знаходзілася гара, не вельмі высокая, але даволі крутая,— вяршыня яе цяпер была закрыта, схавана ад вачэй.

Сам не ведаючы чаму, Зарубін пайшоў у бок гары. Пераскочыўшы нешырокі ручай, дзе цурчала чыстая горная вада, ступаючы па белых лёгкіх каменьчыках, якімі была ўсыпана зямля, ён падымаўся ўсё вышэй і вышэй. Калі час ад часу азіраўся, бачыў, як мора рабілася большым: ля берага, дзе мялей, вада была ўспененая і светлая, а далей — цёмна-сіняя. Далёка ў моры стаялі два караблі — яны ўвесь час меншалі, станавіліся падобнымі на цацкі, таму прыгажэлі.

Узнікла жаданне дабрацца да воблакаў, Зарубіну здавалася, што калі падымецца на вяршыню гары, зробіць для сябе нейкае важнае адкрыццё, тады стане лягчэй жыць, бо адчуваў, што нешта ламаецца ў ягоных паводзінах, думках, а што — не разумеў.

З кожным крокам дыхаць станавілася цяжэй, твар успацеў, хутка Зарубін перастаў адчуваць подыхі вільготнага ветру, хаця тут, уверсе, вецер быў мацнейшы і халаднейшы. Нізкія крываватыя елачкі зніклі, пачаўся лес, у якім раслі тонкія, падобныя на лазу, дрэвы. Толькі цяпер стала бачна, што гара даволі крутая. Хапаючыся за ствалы і сукі дрэў, Зарубін падымаўся наверх, часам слізгаючы і спатыкаючыся. Мора пакрылася слоем сівога туману, у пансіянаце і на караблях загарэліся агні — вечарэла.

...Калі Зарубін спускаўся назад, ужо добра сцямнела, і адзінай, па чым арыентаваўся, была вузкая, белая ад каменьчыкаў сцежка. Спускацца было яшчэ цяжэй: намоклы абутак слізгаў, трэба было трымацца за ствалы і сукі дрэў, каб не ўпасці.

...І пазней, у той жа вечар, гледзячы на старых людзей, якія дурасцю і весялосцю хацелі вярнуць сабе маладосць, ён думаў усё аб адным і тым жа: нічога з ім, Зарубіным, не здарылася на вяршыні гары. Быў халодны сыры вецер, голая мёрзлая зямля, на якой ляжаў месцамі снег, а больш нічога. І гэта галоўнае, бо чамусьці здавалася, што там павінна быць яшчэ нешта, хоць што — ён і сам не ведаў.

 

На другі дзень Зарубін паехаў дамоў.

Перад тым як заходзіць у пакой, ён выняў з кішэні хусцінку і завязаў адно вока. Жонка сядзела ля стала і вязала панчохі — быццам за гэтыя два дні яна і не хадзіла нікуды, а ўсё вязала.

Убачыўшы Зарубіна, ды яшчэ з завязаным вокам, яна разгубілася, спалохалася.

— Выбілі,— замест прывітання сказаў спакойна Зарубін. Ён паставіў сумку, адвязаў хусцінку і нечакана міргнуў прыжмураным вокам: — Выбілі...

Жонка села на ранейшае месца, апусціла галаву і заплакала. І нейкае новае пачуццё ўзнікла ў Зарубіна, агнём гарэлі яго шчокі, ён стаяў ля жонкі, не ведаючы, што рабіць і што казаць.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com