epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гігевіч

Звычайны дзень

1
2
3
4
5


1

Сяргею захацелася пабыць там, дзе калісьці разам з бацькам і калгаснікамі кідаў стагі. Было гэта даўно, вучыўся ён тады ў восьмым ці дзевятым класе, касіць нароўні з мужчынамі не мог, а зграбаць у валы сена, падносіць з такім жа падлеткам да стажар’я на доўгіх і гладкіх насілках пудовыя капешкі — навука няхітрая. Тады і ўзяў яго з сабою бацька. Без прывычкі балелі рукі, пяклі абгарэлыя ма сонцы плечы, белыя спякотныя дні здаваліся доўгія-доўгія, аж па месяцу. І яшчэ калолася сухая пахучая трава, калі надвячоркам «круцілі» ў копы валы.

Сяргей і не думаў у той час, што так запомняцца тыя двое сутак, якія правёў на беразе ракі: начавалі людзі ў буданах, зробленых на скорую руку з лазовага вецця і накрытых зверху сенам. Рыпенне драча, белы месяц сярод шэрых светлаватых воблакаў, камарыны піск, глухі плёск соннай рыбы ў вадзе пад самым берагам, чырвоныя галавешкі, вакол якіх сядзяць мужчыны з чырвонымі ад агню тварамі і са смехам расказваюць свае прыгоды — быццам гэта і не яны стагналі ад болю і голаду, абараняючы сваё і чужое жыццё,— полымя то ўзвіваецца ўгору, то ападае, сцелецца ля самай зямлі. Усё гэта прыйшло да Сяргея праз гады, і цяпер ён неяк па-новаму думаў пра тыя дні.

Бацька будзіў Сяргея яшчэ на світанні, гадзіны ў чатыры, яны асцярожна вылазілі з будана і, стараючыся не зачапіць мокрую ад расы траву, вузкімі рыбацкімі сцежкамі хадзілі ля берага. Падымалася з туману чырвонае сонца, бялеючы, яно сляпіла вочы, адбівалася ад паверхні ціхай гладкай вады. І ад гэтага колкага, яркага, але яшчэ не гарачага сонца, ад сівога туману, што клубіўся над лагчынамі і над вадою,— быццам бы Сяргей з бацькам выпадкова трапілі ў іншы свет: ціхі, дымны і бязлюдны. І ад таго, што побач быў бацька, што мог Сяргей злавіць рыбіну, якая недзе там, у глыбі, пад тоўстым пластом вады, кратае плаўнікамі, станавілася лёгка і светла.

Рыбак з Сяргея быў няўдалы, ён нічога і не злавіў, такі ён быў з маленства: дзе была патрэба ў дужых мужчынскіх руках, клікаць Сяргея не варта.

Нечакана гэтыя два дні сталі настолькі блізкімі, што здавалася часам, быццам нічога цікавага ў Сяргеевым жыцці і не было, акрамя тых двух дзён. Некаторы час Сяргей яшчэ вагаўся, думаючы, што ўсё пройдзе, але потым рашыў ехаць. Ён так і сказаў жонцы ў пятніцу вечарам, калі вярнуўся з інстытута:

— На рыбу заўтра паеду.

— Ту-у на цябе,— развяла жонка рукамі, здзіўляцца яна магла і ўмела,— ты ж не лавіў яе ніколі.

— Лавіў.— Сяргей сядзеў на крэсле перад жонкай, нібы вінаваты вучань перад настаўніцай. Гледзячы на падлогу, ён усміхнуўся аднымі вуснамі, а пасля дадаў: — У магазіне вуды купіць трэба.

 

У магазіне ў спартыўным аддзеле таўкліся людзі ля вітрыны, дзе пад тоўстым шклом ляжалі донкі, блішчалі рознакаляровыя блёсны, кручкі ў празрыстых цэлафанавых пакеціках, вялікія і маленькія, як угледзець, белая, скручаная ў маткі, жылка. Побач з вітрынаю ля сцяны стаялі вудоўі: бамбукавыя — складныя з трох частак і кароткія, як іх называлі, «дубцы», пластмасавыя — тонкія і гнуткія, тут жа былі і спінінгі. Людзі бралі ў рукі вудоўі, узмахвалі імі, быццам зараз жа, у магазіне, збіраліся лавіць рыбу.

— Я во такім,— гаварыў Сяргею вёрткі, загарэлы да чарнаты стары, які па-гаспадарску аглядваў «дубец», што трымаў у руках,— ляшча кілаграмы на чатыры выцягнуў. Яго толькі падсячы, а тады ўжо не спяшы, выводзь яго, галубчыка...

Сяргей купіў два вудоўі: адно складное бамбукавае, а другое кароткае, «дубец»,— гэта ён зрабіў па парадзе старога.

Дома на балконе Сяргей дацямна сядзеў ля вудоўяў, прывязваючы да іх жылкі, уладкоўваючыся, каб дарогай было зручней ехаць. Дарогу Сяргей уяўляў прыблізна, бо ні разу пасля ён не ездзіў туды, да ракі. З аўтавакзала аўтобусам збіраўся ехаць да моста — гэта вёрст за сорак ад горада,— на мосце сысці і ўжо ля берага шукаць...

Кладучыся спаць, Сяргей думаў, што адразу не засне, але заснуў скора, як у яму забурыўся.

 

2

Дзень абяцаўся быць ясны і гарачы. У прыўзнятым настроі, вясёлы, Сяргей выбраўся з дому. Апрануўся ён лёгка: сандалеты на босых нагах, пацёртыя тэхасы ды кашуля. У партфель жонка паклала абед, загорнуты ў газету.

Па дарозе на адным супынку ў аўтобус заскочыў мужчына, убачыў знаёмую:

— А-а-ай, здароў, гэта ўжо колькі не бачыліся...

— Здароў. Ну, як жывеш, як твая Волька?

— Няма Волькі, памерла.

— Па хваробе, ці так?..

— Так... Усе мы так... Такі ўжо наш лёс: адны жывуць, а другія паміраюць.

І гэтыя словы: «Такі ўжо наш лёс...» — на якія ў іншы раз Сяргей і не звярнуў бы ўвагі, зараз кранулі, успомніў, як кожны вечар пытае ў жонкі наконт лістоў. І хоць Сяргей добра ведае, што лісты наўрад ці будуць — калі які дзелавы, той пойдзе на інстытуцкі адрас,— але заўсёды пытае. Ліст, які можа быць толькі ад бацькоў жонкі, а асабіста Сяргею пісаць некаму. Год пяць назад прыходзілі да яго кароценькія лісты ад бацькоў, што прасілі прыехаць, і ён калі адпісваў, а калі забываў — і без таго хапала клопатаў: заканчваў кандыдацкую.

Бацька захварэў і памёр нечакана, а следам, тыдні праз два, не стала і маці — не вытрымала адзіноты. Пасля Сяргей думаў, што ўжо колькі часу прайшло, а ён не можа забыць бацьку і маці, быццам яны пайшлі далёка ў госці і ніяк не вернуцца, а павінны.

Хату бацькоў Сяргей тады адразу прадаў, а грошы паклаў на кніжку. Пасля, калі прадаў хату, разы са тры ездзіў у вёску, а потым даў сабе зарок больш туды не паказвацца.

У касе Сяргей узяў білет і, перайшоўшы на процілеглы бок аўтаплошчы, уладкаваўся ля плота: палажыў на зямлю вудоўі і паставіў побач партфель.

Да адпраўкі аўтобуса аставалася з паўгадзіны, людзей на плошчы было мнагавата.

— Што, таксама рыбку лавіць? — Да яго падышлі двое з пукамі вудоўяў у руках, апранутыя ў фуфайкі, у гумавых ботах, з рэчмяшкамі за плячыма. Па ўсім відаць, гэта былі майстры сваёй справы, ехалі яны на суткі-двое з начлегам.

— Ды вось, паспрабуем...— Сяргей чамусьці сумеўся, з некаторага часу ён губляўся пры размове з людзьмі пэўнага кола. Было гэта не таму, што Сяргей лічыў сябе ў думках лепшым за гэтых людзей.

Там, дзе працаваў Сяргей, ён быў упэўнены ў сваіх паводзінах і думках, добра ведаў, што да яго слоў прыслухоўваюцца, з яго меркаваннямі лічацца, але калі здаралася яму быць сярод другіх людзей, дзе патрабуецца не тое, што ўмеў Сяргей, ён адчуваў сябе няёмка. Здавалася б, тут нічога дзіўнага і крыўднага няма, цяпер час такі: адзін умее рабіць адно, а другі другое,— і ўсё ж Сяргею было няёмка. Касіць, араць, спраўляцца з тапаром Сяргей так і не навучыўся: у школе кніжкі, потым інстытут, гарадская прапіска.

— Рыбка плавае па дну...— з невядомым Сяргею намёкам, робячы націск на слове «дну», працягваў усё той жа рыбак, які першым звярнуўся да Сяргея. Ён быў чырвоны што бурак, Сяргей так і не разумеў, такім чалавек гэты быў заўсёды ці крыху выпіў... Другі рыбак нечакана ляпнуў першага далонню па плячы:

— А мазь-то мы забыліся, вароны...

— Ну, тады я ў аптэку палячу,— з лёгкасцю знайшоў выйсце першы рыбак. Ён палажыў ля Сяргея рэчмяшок і вудоўі і «паляцеў».

— А я таксама мазь не ўзяў,— чамусьці надумаў пахваліцца Сяргей.

— Ну-у, гэта ты дарэмна, загрызуць камары, яны цяпер ад’еліся на нас, во такія...— развёў перад сабой рукі чалавек з сур’ёзным тварам.

Потым нечакана ўсміхнуўся, паглядзеў на Сяргея, як на малое дзіця:

— У першы раз, мусіць?

— Першы.— Сяргей памаўчаў, а пасля дадаў: — Тады, відаць, і я збегаю.

— Збегай,— сказаў рыбак.

 

3

Машына спынілася, калі праехалі мост. Прабіраючыся праз людзей да выхада, Сяргей рассыпаў скрутак вудоўяў — парваліся ці развязаліся завязкі. Як назло, адзін з кручкоў зачапіўся за жакет нейкай дзеўчынёхі. У гэты спякотны дзень ёй абавязкова трэба было апрануць чырвоны жакет і такога ж колеру штаны. Сяргей паспрабаваў на хаду адчапіць кручок — не выйшла. На яго сталі азірацца, пабуркваць, толькі дзеўчынёха, нічога не заўважаючы, пільна глядзела праз акно на раку. Раззлаваны на сваю няскладнасць, Сяргей ірвануў жылку — дзеўчынёха так і павезла дадому ў вёску крывы кручок у модным жакеце.

Следам за Сяргеем вылез спакойны, даўнавата няголены стары. Сяргей, як і стары, паглядзеў услед аўтобусу, а потым яны пайшлі назад праз мост — за мостам, у баку ад дарогі, віднелася вёска, і стары, відаць, накіроўваўся туды. Як бы даўно Сяргей тут ні быў, але цяпер, убачыўшы мост, раку, шырокі, на колькі вокам ахапіць, заліўны луг, на якім раслі кучкамі кусты — звычайна яны пачыналі разрастацца са старых пакінутых стажар’яў,— ён успомніў, на якім беразе начавалі, у які бок патрэбна ісці.

— Што, таксама рыбу лавіць? — амаль тыя ж, знаёмыя ўжо, словы пачуў Сяргей.

— Паспрабуем,— не ведаючы, што казаць, Сяргей замяўся.

— Наўрад ці будзе браць... Дажджы зараз ідуць, з грымотамі і маланкамі, баіцца рыба, пахавалася...

— А ці ёсць хоць што?

— Ёсцека, але не тое што раней. Адкуль яна будзе, калі і асталася якая, дык бязвокая — павысцёбвалі... Кожны божы дзень і з вудамі, і з донкамі, і са спінінгамі, ля берагоў ужо дарогі скора будуць. Вунь стаяць...— З моста віднелася ля кустоў белая «Волга», з яе чуваць была музыка, побач ля дымнага цяпла круціўся мужчына, другі сядзеў на беразе ля вуд. Крыху далей, у кустах, бачылася нешта ярка-стракатае — адтуль чуліся жаночыя галасы.— Ды каб такія ўсе — не страшна было б, адпачыць людзям трэба і хочацца... Але ж многія едуць цяпер як на зарабаткі: па дзесяць вуд, каб дазволілі, усю б яе адным махам выграблі, да мелюзгі. Адкуль у людзей такая сквапнасць?..— Старога здзіўляла не сама сквапнасць, а адкуль яна бярэцца, вытокі яе.

За мостам развіталіся: стары паклыпаў да вёскі, а Сяргей спусціўся з высокага насыпу шукаць чарвякоў пад мостам.

— Як улоў? — спытаў ён у мужчыны, калі, не знайшоўшы нічога пад каменнямі, падышоў да цяпла.

— А-а, няма нічога, во, і на юшку няма, за кансервы прыняліся,— мужчына цёр далонню вочы, якія, відаць, зайшліся ад дыму.

— А ёсць жа яна, ёсць, сядзіць недзе,— са злосцю другі рыбак плюнуў у раку, потым павярнуўся да Сяргея: — З учарашняга і хаця б на юшку — ну, што тут скажаш...

— Можа, чарвякі ёсць лішнія?

— Ды вунь у бляшанцы, вазьмі. Мы зараз і паедзем, толькі час марна патрацілі.— Мужчына, які цёр далонню вочы, кіўнуў на бляшанку з-пад кансерваў.

Сенакос яшчэ не пачынаўся, і Сяргей думаў, што тыдні праз два тут павінна стаць шумна і людна. Ля берагоў з’явяцца буданы, нібы вёскі ў мініяцюры, задымяцца раніцамі вогнішчы, на якіх у вялізных катлах будзе варыцца смачнае, за вушы не адцягнуць, сняданне,— а мо цяпер усё па-іншаму? Хапае машын і сенакасілак, кожны можа дома выспацца і паснедаць...

Ён ішоў сцежкаю ля берага, глядзеў на траву, якую расчэсваў негарачы слабы ветрык, на кусты, лісце якіх глуха і роўна шумела, і нечакана адчуў, што нечага не хапае. Потым успомніў — не хапала мітусні, гулу машын і гоману. Горад здаўся далёкім-далёкім, быццам Сяргей ехаў сюды не гадзіну, а тыдзень. Над ракой лёталі, кугікалі кнігаўкі, і іх крык яшчэ больш заспакойваў.

Рака пятляла, рабіла кругі, і Сяргей, памятаючы, што да таго месца, дзе калісьці быў з бацькам, вярсты са дзве, надумаў пайсці наўскасяк праз луг, балазе быў след машын, якія хадзілі тут у сухія гады. Хутка стала пад нагамі макрэць. Сяргей разуўся, засунуў сандалеты ў партфель, але вада ўсё большала, усё больш грузлі ногі — давялося закасаць штаны. Калі падыходзіў пад бераг, нечакана стаў грузнуць так, што мусіў хапіцца за асаку, якая расла на куп’ях. Сяргей азірнуўся — мо вярнуцца? Але наперадзе, праз сотню метраў, пачынаўся бераг. Ён пастаяў, не ведаючы, што рабіць.

Без ніякай злосці, быццам так і трэба, ён пацюхаў праз гразь да берага, замачваючы і штаны, і кашулю.

...І ўсё ж ён пазнаў тое памятнае месца. Рака тут рэзка павярнулася, цёмная вада хадзіла кругамі. На сярэдзіне круціліся віры. Ля берага між кустоў заставаўся пятачок голай утоптанай зямлі — вада ў гэтым месцы была ціхай і цёмнай.

«Глядзі ты — пазнаў»,— аж здзівіўся Сяргей. Толькі цяпер усё стала меншым і прасцейшым: і рака памялела, і кусты быццам парадзелі. Бераг у некаторых месцах размыла, былі бачны раўчукі, якіх раней не было.

Як толькі Сяргей зайшоў у кусты, адразу ж аднекуль наляцелі камары — тады ён вымазаўся едкай вадкасцю, што купіў у аптэцы. Камары віліся роем, але на цела больш не садзіліся. Сяргей доўга складаў вудоўі, прыладжваў новы кручок і, нарэшце, насадзіўшы чарвякоў, закінуў абедзве вудачкі.

— Пазнаў усё ж,— сказаў сабе Сяргей, але асаблівага ўзбуджэння не адчуваў. Нешта знікла. Усё было амаль такім жа, і ўсё ж чагосьці не хапала. І Сяргей прыглядаўся, шукаючы тое, прапаўшае, але так нічога і не знайшоў.

Пасля Сяргей думаў, што, відаць, жыве неяк не так, бо няма той радасці, таемнасці і захаплення, якія былі калісьці. Ужо каторы год ён плануе загадзя, чаго дасягне праз пэўны час, але ўсё гэта — як прэснае есці. А гады праходзяць, можа, калі б ён застаўся тады ля старых бацькоў, тыя і зараз бы жывыя былі, а можа, і не...

Здавалася б, таго ён і дасяг. Жонка была ціхая і ласкавая, яна адразу, са знаёмства, дала зразумець, што бачыць у Сяргею чалавека больш разумнага і лепшага за сябе. Дзяцей у іх не было. Работа ў Сяргея была спакойная — ён мала каму падпарадкоўваўся і яму мала хто.

Сяргей любіў сваю работу, яна цікавіла яго так, што ён увесь рабочы дзень ні пра што іншае не думаў, акрамя работы. Гэта было як ап’яненне ці каханне — Сяргей не мог дагэтуль глянуць на сябе вачыма старонняга чалавека, ён увесь, да канца быў заняты работаю. І калі выходзіў з інстытута, калі аставаўся свабодным, у ім узнікала пачуццё непатрэбнасці і нягоднасці. Таму ён зноў і зноў кідаўся ў работу, імкнучыся знайсці ў ёй поўны спакой і задаволенасць. І хоць Сяргей добра ведаў, што сваёй работай прынясе людзям палёгку, не цяпер, дык пасля, тым, якія будуць жыць пасля яго, але такая думка задаволіць яго не магла хаця б таму, што акрамя работы ў жыцці было нешта іншае: адносіны з людзьмі, знаёмымі і незнаёмымі. І калі лічыць, што работа для Сяргея галоўнае, то што рабіць з успамінамі, пачуццямі? І хто пакажа меру між адным і другім, хто?..

 

4

Было ўжо за поўдзень, але рыба не бралася. Некалькі разоў Сяргей мяняў чарвякоў на кручках, пляваў на іх, як вучыў яго бацька, але ўсё было без толку. Гадзін ля чатырох, калі збіраўся абедаць, хутка і нечакана паплавок кіўнуўся, знік і ўсплыў на паверхню вады, а потым стралою пайшоў да дна. Сяргей ірвануў вудзільна ўгору.

Трапілася нешта вялізнае, праз вудзільна чуліся глухія моцныя ўдары, Сяргей адразу ж забыўся на парады рыбакоў — цягнуў угору і на сябе вудзільна так, што тое гнулася дугою. Серабрыстая рыбіна адарвалася ад вады з шумам і плёскам, бы хто пранікам па вадзе ляснуў. Прамільгнуўшы ў паветры, яна сарвалася з кручка і плёхнула на нізкі бераг. У нейкім ап’яненні і хваляванні Сяргей, кінуўшы ўбок вуду, схапіў дрыжачымі рукамі рыбіну, але яна тут жа выслізнула і зноў стала біцца ў траве, перавальваючыся з боку на бок і набліжаючыся да вады.

«Як чуе яна гэтую раку...» — мільганула думка. Схапіўшы з травы другі раз рыбіну, Сяргей моцна сціснуў яе аберуч. І тады пачуў, як, супраціўляючыся, ірвецца яна на волю — штуршкі яе адзываліся недзе ў Сяргеевых грудзях ударамі, моцнымі і пругкімі, бы ток праз рукі праходзіў. Нейкае імгненне Сяргей і рыбіна былі як адно цэлае. Нечакана ў рыбіне нешта хруснула, і яна абмякла. Разам з гэтым хрустам нешта хруснула, зламалася ў Сяргеевых грудзях.

Тады адразу прайшло хваляванне. Сяргею бы хто нечакана па твары ўдарыў, ён нават разгубіўся, калі адчуў у сваіх руках перадсмяротны рывок другога таемнага, незнаёмага жыцця. Дагэтуль неяк не верылася, што ўсё так проста... Як апёкшыся, ён кінуў рыбіну ў траву.

Адчуваючы ў нечым сваю віну, ён глядзеў на яе доўга-доўга. Нежывая рыбіна была вялікая, з кілаграм, калі не болей.

Сяргей пахадзіў ля берага і, прыгрэты сонцам, нечакана заснуў проста на траве. Прысніўся хлопчык: сядзіць у хаце ля акна і праз шкло глядзіць на бялюткі снег. Хлопчыку хочацца есці.

Потым у хляве чуецца стрэл і віск, крыху пазней адтуль выходзіць бацька са стрэльбаю ў руках, заходзіць у хату, мые над цэбрам рукі і кажа: «Ну, во, цяпер і есці будзе што».

 

5

Прачнуўся Сяргей ад грому і ветру — збіралася на навальніцу. Высока над зямлёй з-за ракі вецер нёс хмары, што з кожнаю хвілінай большалі і цямнелі.

«Перачакаю»,— падумаў Сяргей.

Вецер сціх нечакана, і зашапацеў дробны-дробны, як мак, дождж. Тады ў Сяргея заныла ў грудзях. Ён сядзеў пад кустом, глядзеў на шурпатую ад дажджу ваду і ўсё ўспамінаў, калі апошні час мок пад такім дажджом.

І зноў, як нічога і не было, выплыла з-за хмар сонца, заблішчала мокрая трава, запарыла, прыляцелі птушкі, стала верхаводзіць рыба, бы хто на ваду сыпаў падкормку.

...На яшчэ светлым небе ўжо свяціў месяц, празрысты і лёгкі. Калі Сяргей падыходзіў да моста, убачыў, што ідзе аўтобус да горада.

«Не паспею»,— падумаў без хвалявання. Але нечакана з другога боку насыпу выскачылі двое і замахалі рукамі. Аўтобус з’ехаў з асфальту і прытармазіў. Тады Сяргей пабег.

А між тым успамінаўся гэты дзень: два вясёлыя рыбакі — дзе яны зараз і што з імі? Дзеўчынёха ў чырвоным жакеце і штанах — ці выняла дома кручок? Дождж і рыбіна, яшчэ жывая, што білася ў траве. Спакойны стары і яго ціхія словы: «Баіцца рыба, пахавалася...» І ўсё гэта звязвалася ў нешта адно, набывала нейкі сэнс, а які — Сяргей не ведаў і па звычцы імкнуўся раскласці ўсё на часткі, разабрацца ва ўсім...

Узбегшы на насып, Сяргей азірнуўся. Таго месца, дзе быў днём, не было бачна, яго схаваў сіні, як дым, туман, і толькі кусты, бы астравы ў моры, выглядалі з яго. І калі ён глядзеў на туман, на луг, здалося, быццам нехта нешта сказаў ці заспяваў. Сяргей прыслухаўся, каб пачуць ясней, яму нават нечакана захацелася, каб нечы голас пазваў яго, і ён тады, забыўшыся па ўсё, пойдзе на той голас. Але было ціха, рыпеў драч, і пазваньвалі над вухам камары.

Потым Сяргей азірнуўся на аўтобус — той яшчэ стаяў. Праз адкрытае акно нехта махаў рукою.

 


1970-1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гігевіч В. Спелыя яблыкі. Апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1976. – с. 7-18
Крыніца: скан