epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Вітка

Аблічча друга

 

Чытаючы дарагіх майму сэрцу паэтаў, я люблю, калі ў кнізе ёсць партрэт аўтара, падоўгу ўглядацца ў яго аблічча, у яго вочы. Хочацца як мага болей пабыць сам-насам з другам, жывое слова якога адгукнулася радасным водгуллем у тваёй душы.

Роднае аблічча аднаго з любімых мною паэтаў я маю шчасце бачыць не толькі ў кнігах, але і ў самім жыцці. І гэта мне асабліва дорага.

Я радуюся кожнай сустрэчы з ім. І калі гляджу ў яго вочы — імклівыя і вясёлыя, праніклівыя і ясныя, мне заўсёды здаецца, што за доўгай сівой барадой схаваўся чарадзей з душой юнака, да самазабыцця закаханага ў жыццё і ва ўсё прыгожае на свеце.

Пэўна, гэта і ёсць шчасце сапраўднага паэта, які не мае права старэць. І колькі б не было яму гадоў, ён застаецца маладым, здольным заўсёды адчуваць радасць маладосці.

Да Уладзіміра Мікалаевіча Дубоўкі, аднаго з пачынальнікаў беларускай савецкай паэзіі, ніяк не прыстаюць ні хрэстаматыйны глянец, ні эпітэты санавітасці, без якіх ужо ў такім узросце звычайна і не вымаўляецца славутае імя.

Уладзіміра Дубоўку і ў яго 65 год па праву можна назваць маладым паэтам за маладосць яго паэзіі, за творчую нястомнасць і няўрымслівасць, за смелыя пошукі і за тую задзёрыстасць, якая ўласціва толькі маладосці.

Усе, хто любіць нашу паэзію, вельмі часта могуць сустрэць яго імя то на кнізе лірыкі, то на вокладцы збору цудоўных казак для дзяцей, то пад вершамі, поўнымі глыбокага роздуму над жыццём, пад эпічнымі паэмамі аб сучаснасці і гістарычнымі паданнямі, што вабяць нас сваёй народнай мудрасцю.

Старэйшы майстар паэтычнага слова перажывае цяпер сапраўдны ўздым творчага натхнення. І ўсе мы — і равеснікі, і маладзейшыя сябры, шчыра радуемся высокаму ўзлёту яго жыццярадаснага таленту.

Нялёгкім быў лёс паэта. Пачынаючы з 1930 года і да дзён аднаўлення ў правах савецкага грамадзяніна, ён прайшоў нямала выпрабаванняў у час культу асобы, які прынёс савецкім людзям нямала страт.

Сам паэт, вельмі неахвотна і скупа прыгадваючы той, нядобрай памяці, час, зазначае, што «за тыя гады, як пісьменнік, нічога не рабіў».

Вось чаму, калі пасля трох дзесяткаў год творчага перапынку Уладзімір Дубоўка адразу ж актыўна ўключыўся ў нашу паэзію і голас яго загучаў з той жа свежасцю, як і ў дні юнацтва, але яшчэ з большай грамадзянскай палымянасцю, нельга было не парадавацца сапраўднаму байцу, які стаў у строй песняроў свайго народа.

І хоць паэт вярнуўся ў родныя мясціны ўжо чалавекам, які шмат перажыў у сваіх доўгіх і суровых вандроўках, і хоць за ўсе самыя цяжкія гады свайго жыцця не напісаў ні аднаго верша, ён, аднак, заставаўся паэтам, якому заўсёды былі вядомы не толькі таямніцы нясказанага слова, але і паэзія любой нялёгкай працы.

«Дзе б я ні быў, на якой бы працы ні стаяў, я ўсюды знаходзіў шмат прыгожага, шмат цікавага, сустракаў вельмі добрых людзей. Для мяне ніякая работа ніколі не была пакутай — яна заўсёды была для мяне жаданай, бо ўрэшце — ішла на карысць нашай сацыялістычнай бацькаўшчыны».

 

І Волгу бачыў я і Дон, багата рэк сібірскіх бачыў.

Такі мой лёс: з юнацкіх дзён ён вандраванні мне прызначыў.

Вадзіў праз горныя хрыбты, цераз Байкал і за Байкалам.

А хараства, а пекнаты аж цераз самый край бывала...

 

Так шчыра і задушэўна гучаць першыя ж радкі, напісаныя паэтам пасля звароту на радзіму.

Дапытлівымі, шырока раскрытымі вачыма свайго юнацтва паэт, поўны захаплення, глядзіць на дарагія сэрцу мясціны, дзівячыся пераўтварэнням, якія непазнавальна змянілі родную зямлю.

Памятаю, як летам 1959 года мы з Уладзімірам Мікалаевічам выправіліся ў вандроўку па Палессю. І правандравалі цэлы месяц.

З якой няўтольнай прагнасцю ўбірала ў сябе юнацкая душа паэта ўсе ўражанні нашай, не такой ужо і лёгкай паездкі. Майму дапытліваму спадарожніку хацелася як мага болей убачыць, пачуць, пагаварыць з кожным новым знаёмым.

У чыстым і вясёлым, падобным на прыморскі гарадок, Кобрыне мы выхадзілі ўсе вуліцы і зялёныя яго ўскраіны, аб’ездзілі Днепра-Бугскі канал, з цікавасцю наглядалі, як ідуць па ім у самы поравень з берагамі караваны цяжкіх рудавозаў з грузам, на які спатрэбіліся б дзесяткі чыгуначных эшалонаў. Дабіраючыся на кацеры з Пінска ў старажытны Тураў, мы не маглі надзівіцца той цягавітай нястомнасці, з якой дзень і ноч працуе на людзей казачна прыгожая Прыпяць, што ўвабрала ў сябе ўсе рэкі і крыніцы палескага краю.

Прыехаўшы ў Тураў, мы палічылі, што знаходзімся, нарэшце, у цэнтры Палесся. «Не, гэта яшчэ не Палессе! — пачулі мы ад тураўлян.— Палесся адгэтуль не ўбачыце». І Уладзімір Мікалаевіч наважыў абавязкова паглядзець сапраўднае Палессе, дабрацца да самай глыбіннай мясціны. І мы паехалі ў Радзівілавічы.

На газіку сакратара райкома па лясных і балотных дарогах, па глыбокім пяску, па карчах і карэннях у каляінах мы дабраліся нарэшце і да палескай глушы, але глушы якраз і не ўбачылі. Вялікія вёскі, адбудаваныя нанава пасля вайны, Букча, Тонеж і Радзівілавічы на ўсё Палессе славяцца сваімі спевакамі і танцорамі, вышывальшчыцамі і ткачыхамі.

Вельмі радасна было бачыць, як новы побыт, што ўваходзіць у жыццё палешукоў, суладна спалучаецца з нацыянальным каларытам, з даўнімі добрымі народнымі звычаямі. Бадай ні ў якой іншай мясцовасці Беларусі вы не ўбачыце такой вясёлай яркасці ва ўборах, у адзенні, як на Палессі. У святочны дзень палеская вуліца пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі ад палосаў і стужак, якімі абшыты шырокія спадніцы маладзіц. Лёгкія белыя блузкі, вышытыя самымі дзівоснымі ўзорамі,— любімае ўбранне дзяўчат.

У тураўскай гасцініцы Уладзімір Мікалаевіч доўга і з веданнем справы выпытваў у нашай дзяжурнай Галі, як яна вышывае, дзе бярэ ўзоры. Сарамяжая дзяўчына, сумеўшыся ад такой нечаканай цікаўнасці, адказвала не зусім ахвотна, відаць, палічыўшы незнаёмага дзеда за вясёлага жартаўніка.

Затое ў тым жа Тураве, разгаварыўшыся са сталярамі, што рабілі дзверы і аконныя шуфляды для новага дома, паэт знайшоў сабе субяседнікаў на цэлы вечар. Майстар гаварыў з майстрамі аб паэзіі той працы, якая зразумелая і дарагая яму гэтак жа, як і паэзія слова.

І я, слухаючы гэтую гаворку, у глыбіні душы пазайздросціў шчодрасці таленту, якім валодае мой старэйшы друг. Такія людзі сапраўды бачаць радасць у кожнай рабоце, якую яны робяць. Гэта майстры, блізкія і патрэбныя людзям.

Але такое майстэрства і ў працы і ў паэзіі даецца нялёгка. Яно выпрабоўваецца жыццём.

Уладзімір Дубоўка прайшоў суровую школу жыццёвай загартоўкі. «Аглядаючыся назад, разважаючы пра сваё часам не вельмі лёгкае жыццё, думаю, што вытрываць яго, застацца працаздольным да сённяшняга дня мне дапамагло працоўнае выхаванне, гартоўка, якую я атрымаў у сваёй сям’і ў маладыя гады»,— гаворыць сам паэт.

Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка нарадзіўся 15 ліпеня 1900 года ў вёсцы Агароднікі, Манькаўскай воласці, Вілейскага павета, непадалёк ад славутага возера Нарач.

«Мая маці, — успамінае паэт,— была непісьменная, але мела ясны прыродны розум, вельмі добра ведала беларускую мову і, паўжыцця пражыўшы ў Маскве, гаварыла толькі па-беларуску. Я ніколі не вучыўся ні ў якіх беларускіх школах, усё маё веданне беларускай мовы — ад маці і з вёскі. Вось чаму я маю поўную падставу называць беларускую мову — матчынай мовай...

У вёсцы я чуў толькі беларускую мову. Вось чаму мне так запала яна ў душу і сэрца. Некаторыя дзівяцца: «Вы ніколі не вучыліся ў беларускіх школах, пражылі бадай усё жыццё за межамі Беларусі, а мову ведаеце». Як жа яе не ведаць, калі яна родная! Як жа яе не любіць, калі яе стваралі на працягу вякоў твае продкі, гаварылі на ёй, перадалі табе ў спадчыну, як самы вялікі скарб свой...

Замілаванне да народнай творчасці было ў мяне ад малых гадоў і ідзе са мной усё жыццё.

Хата, начлег, млын, да якога прыязджалі памольшчыкі з розных вёсак,— гэта былі наша школа, наша бібліятэка, наша радыё — уся наша пачатковая адукацыя. А песні... ідуць са жніва, з поля маці, суседкі ды спяваюць:

 

А пара дамоў, пара-а-а-а...

Ужо ўзышла вячэрняя зара-а-а-а...

 

І цяпер гучаць тыя песні мне»,— гаворыць з душэўным хваляваннем Уладзімір Мікалаевіч.

Маленства і юнацтва запалі ў душу паэта незабыўнымі ўражаннямі прынарачанскага краю.

Калі пачалася імперыялістычная вайна, чатырнаццацігадовы Уладзік разам з бацькамі, як і многія выгнаннікі, з бежанскім абозам цераз усю Беларусь едзе на Усход. Неўзабаве ж, у час грамадзянскай, юнак бярэ ў рукі зброю і, як салдат новай арміі рабочых і сялян, становіцца ў рады абаронцаў маладой Савецкай дзяржавы, змагаецца супроць усіх яе ворагаў, супроць тых захопнікаў, што выгналі яго сям’ю і сотні тысяч такіх сем’яў з роднай і дарагой сэрцу бацькаўшчыны.

Яшчэ ў франтавым шынялі ўражлівы юнак, успамінаючы песні сваёй маці, пачынае прабаваць свае сілы ў паэзіі, складае свае першыя вершы. І адразу ж, як толькі канчаецца вайна, малады, але ўжо загартаваны ў баях салдат, бярэцца за вучобу. Ён паступае ў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут, які быў тады толькі што заснаваны ў Маскве вядомым рускім паэтам В. Я. Брусавым.

«Даведаўшыся, што я беларус,— расказвае Дубоўка,— Валерый Якаўлевіч запытаўся, творы якіх беларускіх паэтаў я ведаю. Калі я назваў яму некалькі імён, ён запытаўся далей, якія творы Янкі Купалы я ведаю і якія больш за ўсё мне падабаюцца. Я назваў некалькі вершаў, у тым ліку «Адцвітанне». Валерый Якаўлевіч ухваліў мой густ і сказаў, што яму таксама падабаюцца гэтыя вершы.

Заўважыўшы маё здзіўленне, ён сказаў:

— Я не толькі ведаю творы вашага вялікага паэта, але і сам перакладаў іх на рускую мову. Тым больш павінны ведаць і любіць яго творы дзеці беларускага народа».

Уладзімір Дубоўка становіцца адным з лепшых вучняў строгага патрабавальнага майстра рускай паэзіі. 28 мая 1921 года газета «Савецкая Беларусь» друкуе першы верш маладога паэта. Да імён, ужо добра вядомых у той час, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Міхася Чарота, далучаецца імя Уладзіміра Дубоўкі, голас якога з кожным годам гучыць усё мацней і мацней. Яго творы друкуюцца ва ўсіх часопісах і газетах, якія выдаюцца ў тыя гады ў Беларусі. Адна за другой выходзяць кнігі яго вершаў «Строма» (1923), «Там, дзе кіпарысы», «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927). У перыядычным друку паяўляюцца паэмы: «Кругі» (1927), «Браніслава», «І пурпуровых ветразей узвівы» (1929).

Уладзімір Дубоўка становіцца адным з самых вядомых і прызнаных майстроў нашай паэзіі. Пад яго прыкметным уплывам уваходзілі ў літаратуру многія маладыя паэты дваццатых гадоў.

Паэт вызначаецца сваім свежым, адметным талентам. Усхваляваныя словы маладога песняра глыбока западаюць у сэрцы яго сучаснікаў:

 

О Беларусь, мая шыпшына,

Зялёны ліст, чырвоны цвет,

У ветры дзікім не загінеш,

Чарнобылем не зарасцеш!

 

Так пісаў Дубоўка, пісаў з цвёрдай, нясхіснай упэўненасцю ў светлы лёс сваёй радзімы, у яе будучыню.

Вучоба беларускага паэта ў лепшых майстроў рускай паэзіі, яго жыццё і праца ў Маскве ўмацоўваюць жыватворчыя сувязі і плённы ўплыў выдатных рускіх пісьменнікаў на маладую беларускую літаратуру.

Нядзіва, што ў асобе Уладзіміра Дубоўкі наша паэзія атрымала майстра, які адным з першых у Беларусі раскрыў і паказаў новыя багацейшыя магчымасці народнага паэтычнага слова.

Авалодаўшы еўрапейскімі мовамі, Дубоўка перакладае на беларускую выдатныя творы сусветнай класічнай паэзіі. Упершыню ў яго перакладзе ў нас паяўляюцца многія творы Байрана. Паэт нястомна падымае культуру роднага слова на вышыню прафесійнай дасканаласці. Ён шукае новыя формы інструментоўкі верша, новыя рытмічныя ходы, слоўныя сугуччы і рыфмы.

Лепшымі ўзорамі сваёй творчасці ён паказвае, як пад рукой майстра-наватара можа загучаць ва ўсім сваім харастве магутнае і самабытнае беларускае слова. Яго ўвагу захапляюць паэтычныя паданні, казкі і легенды. Пад пяром Уладзіміра Дубоўкі многія з іх набываюць другое жыццё, паўстаюць у новай гераічнай велічы і душэўнай прыгажосці.

Радасна, што ў нашы дні, дні вялікага ўздыму і творчых здзяйсненняў, паўнакроўным, натхнёным жыццём народа жыве і наш старэйшы друг, заўсёды верны высокаму прызванню савецкага паэта.

Кніга вершаў «Палеская рапсодыя» (1961) з’явілася як творчая справаздача паэта аб падарожжы на Палессе. Для мяне асабіста — вялікая асалода чытаць і перачытваць гэтую кнігу таму, што я быў сведкам яе нараджэння. За кожным вершам я пазнаю паэтычнае радаслоўе яго героя, прыгадваю тыя мясціны, аб якіх піша паэт, і людзей, з якімі мы сустракаліся,— і сакратара райкома, і шафёра, што ў вольныя гадзіны аддаецца свайму любімаму занятку — маляванню, і хлопчыка-рыбалова, які купляе сабе школьныя падручнікі за свае, самім запрацаваныя грошы, і сарамяжую дзяўчыну Галю, што так і не выдала нам сваіх сакрэтаў дзівосных, вышытых ёю ўзораў. Як жывыя паўстаюць перада мною ў палескіх вершах Дубоўкі і тыя светлыя вобразы, што абудзіла ў душы прыгажуня Прыпяць, па якой праплылі мы ад Пінска да Мазыра, а потым, перасеўшы на дняпроўскі параход, паплылі ў чароўны і сонечны братні Кіеў.

Мне асабліва прыемна, што за кнігу «Палеская рапсодыя» паэт быў удастоены дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

Значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі з’явілася кніга санетаў Вільяма Шэкспіра ў перакладзе Уладзіміра Дубоўкі. Гэта вынік яго натхнёнай працы да 400-годдзя найвялікшага волата сусветнай паэзіі.

У Дубоўкавай паэтычнай апрацоўцы выйшлі ў свет многія беларускія казкі для нашых самых удзячных чытачоў — для дзяцей.

Чуйным сэрцам паэта і грамадзяніна адгукаецца Уладзімір Дубоўка на ўсе падзеі, якія хвалююць савецкіх людзей.

Яго лірычная нізка «Чакае ля берагу човен мяне», поўная роздуму, светлая і радасная па свайму настрою, малюе суровую прыроду Сібіры, нязломны характар чалавека, які прыйшоў у бясконцыя нетры тайгі, на берагі магутных рэк, каб змяніць аблічча гэтага краю, аддаць яго багацці на карысць народа.

Яго новая паэма «Перад іменем Любові» пабудавана на выразна акрэсленым сюжэце. У ёй падаецца жыццёвы факт з часоў Айчыннай вайны, факт, якіх было нямала і аб якіх пісалі многія аўтары. Жонка атрымлівае паведамленне, што муж яе забіты, пасля высвятляецца, што смерць абмінула яго. Калі не выходзіць за межы факта, гэта сапраўды здарэнне, якія былі. Але Уладзімір Дубоўка зрабіў здарэнне прадметам паэзіі, падняў да абагульнення ў паэтычных вобразах, паказаўшы нам хараство людскіх пачуццяў, вернасць савецкага чалавека сваім запаветным ідэалам.

Упершыню за доўгі час нашы чытачы, якія сочаць за развіццём беларускай паэзіі, атрымліваюць магчымасць прачытаць творы Уладзіміра Дубоўкі, напісаныя болей трыццаці год таму назад. Некаторыя з іх аўтар перапрацаваў нанава, на некаторыя паглядзеў з вышыні вопыту, які ўжо не можа пагадзіцца з няўдачамі і асобнымі пралікамі, што былі ўласцівы маладому паэту. У гэты двухтомнік па праву ўваходзяць і творы, якія напісаны нядаўна і паспелі ўжо набыць шырокую вядомасць.

Дзве кнігі, у якіх адлюстравалася вялікае і складанае жыццё, нялёгкі шлях, творчыя пошукі, маладосць і сталасць аднаго з цікавейшых беларускіх паэтаў, будуць каштоўным здабыткам усіх, хто любіць паэзію, хто ў яе лепшых майстрах заўсёды бачыць аблічча сваіх задушэўных сяброў.

Васіль Вітка


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. І. Вершы. Мінск, "Беларусь", 1965. - 540 с. с 1 л. парт.
Крыніца: скан