epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Вітка

Генерал верабей

 

Гэй, дарогу, гэй, шырэй,

Лес густы, высокі -

На машыне верабей

Едзе да сарокі.

 

У пагонах, у шнурах,

У шпорах са звонам,

Белабока толькі: - Ах! -

Сказала з паклонам.

 

- Калі ласка, ваша чэсць.

Я даўно чакала.

Запрашаю за стол сесць

Госця-генерала.

 

Налучыўся тут мядзведзь

На такое дзіва.

- Цьфу, няма на што глядзець! -

І ўсміхнуўся крыва.

 

Усхапіўся верабей,

Адважны задзіра,

Як падыме крык: - Не смей

Зневажаць мундзіра!

 

Загрудкі мядзведзя - цап:

- Ведай, з кім заняўся!

Ледзьве з вераб'ёвых лап

Мішка ўратаваўся.

 

1962

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая