Ішло трое бабуль,
Бачаць, на дарозе - нуль.
Сталі бабкі ўперабой
Разважаць паміж сабой:
- Што рабіць і як тут быць,
Як знаходку падзяліць?
Было б толькі двое нас -
Разабраліся б ураз,
Падзялілі б адмыслова:
Кожнай - роўная палова
Па памеру, па вазе -
Кожнай бабе па дузе.
Кожнай - роўна паўкруга:
Мне - дуга, табе - дуга,
Жаль, што так у нас не выйдзе -
Вельмі ж трэцюю пакрыўдзім...
Трэцяя сказала: - Не,
Будзе вам і будзе мне.
Дзякуй, дзякуй вам, бабусі,
Ў крыўдзе я не застануся.
Мілыя мае падругі,
Забірайце свае дугі.
З вашага дазволу я
Вазьму дзірку ад нуля.
Дзякуй вам, што памаглі
Мне застацца пры нулі,
Бо навокала
Нуля
Круціцца
Уся зямля.
На ўвесь свет
Праславіў Нуль
Сваё прозвішча -
Буль-Буль.
Добра дзецям быў знаём
Круглым тварам,
Круглым лбом.
Малачко любіў, булён,
Возьме бутлю - і нагбом:
Буль, буль, буль,
Буль, буль, буль,
Гляне,
А на дне ўжо -
Нуль.
Нуль Буль-Бульчык круглатвары,
Не любіў ён акуляры,
Бо замест вачэй былі
Ў Буля круглыя нулі.
І заместа носа - нуль,
А пад носам: буль, буль, буль.
І заместа рота - нуль,
Вось адгэтуль і дасюль,
А то, можа, і шырэй,
І вышэй нулёў - вушэй.
Матчын сын, унук бабульчын,
Быў ён самы лепшы вучань.
Не гарэзнік-беспрытульнік,
Нуль Буль-Буль быў круглы нульнік.
Больш за ўсё любіў Нуль-Буль
З мыла бурбалкі: буль, буль.
Як пачне ў саломку дзьмуць -
Пухіры плывуць, плывуць
І па небе, па зямлі -
Каляровыя нулі.
А аднойчы выдзьмуў шар,
Што падняўся вышай хмар.
І тады падумаў Буля:
«Выдзьму я зямную кулю.
Хай яшчэ адна зямля
Круціцца вакол нуля».
Але мыла
Не хапіла,
Мыла
Буля
Пагубіла.
Так Буль-Бульчык надзімаўся,
Так стараўся,
Напінаўся -
Лопнуў
Небарака
Буль.
Не знайшоў ніхто дасюль
Нават следу анідзе -
Быццам пугай па вадзе,
Быццам бурбалка:
Буль,
Буль...
Ішло трое бабуль,
Бачаць, на дарозе - нуль.
Сталі бабкі талакой,
Разліваюцца ракой,
Слёзы коцяцца ў бабуль:
Мілы,
Слаўны
Буль,
Буль
Буль.
1977