Васіль Зуёнак

«Прыйдзі аднойчы...»

Прыйдзі аднойчы

            ў вечаровы час,

Калі плывуць дымы,

            як верасы,

Да кургана пясчанага,

            што нас

Разлучыць назаўжды,—

Прыйдзі, мой сын.

 

Павер хвіліну нейкую,

            што я

Жывы стаю між трапяткіх бяроз

I слухаю:

    у праведных баях

Што ты здабыў?

        Што ў сэрцы ты прынёс?..

 

Прыйдзі —

    як ветру жніўнага павеў,

Каб пада мною дыхалі палі

I колас той звінеў — не адзвінеў,

Што к сонцу

    на руках

        ты ўзняў спяліць.

 

Прыйдзі —

    як песня,

        што табе збярог

Бацькоўскі край

        і дбайна перадаў.

Прыйдзі —

    як рэха з тысячы дарог,

Дзе голас мой твае сцягі гайдаў.

 

Прыйдзі —

    як думкі вогненнай усплёск,

Як гром ракет, што ўзлёт твой акрыляў...

Прыйдзі,

    мая надзея і мой лёс,—

I лёгкай будзе

    для мяне

        зямля.




Крыніца: Родная літаратура: падручнік-хрэстаматыя для 5-га класа агульнаадукац. шк. / склад.: Л.К.Цітова. – Мінск: Народная асвета, 1998

Беларуская Палічка: http://knihi.com