Вячаслаў Лыпынські

Нацыяналізм, патрыятызм і шавінізм

(Зь ліста да Б.Шэмэта)

Нацыяналізм бывае дваякі: дзяржаватворчы і дзяржаваруйнуючы - такі, што спрыяе дзяржаўнаму жыцьцю нацыі і такі, што гэтае жыцьцё разьядае. Прыкладам першага можа быць нацыяналізм ангельскі; другога - нацыяналізм польскі, украінскі. Першы ёсьць нацыяналізмам тэрытарыяльным, другі - нацыяналізмам экстэрытарыяльным і веравызнаўчым. Першы называецца патрыятызмам, другі - шавінізмам.

Калі Вы жадаеце, каб была Ўкраінская Дзяржава - Вы мусіце быць патрыётамі, а не шавіністамі. Што гэта азначае?

Гэта азначае, перш за ўсё, што Ваш нацыяналізм мусіць абапірацца на любоў да сваіх землякоў, а не нянавісьць да іх за тое, што яны не ўкраінскія нацыяналісты. Для Вас, напрыклад, мусіць быць бліжэйшым украінскі масквафіл ці палянафіл (гэты, як Вы яго завёце: Маларос і Русін), чым чужынец, які Вам меў бы дапамагчы вызваліцца ад Масквы ці Польшчы. Вы мусіце ўсе свае пачуцьці і ўвесь свой розум засяродзіць на тым, каб знайсьці паразуменьне, знайсьці агульную палітычную мову зь мясцовым масквафілам ці палянафілам - іншымі словамі: стварыць зь імі разам на Ўкраінскай Зямлі асобную дзяржаву, а не на тое, каб па-за межамі Ўкраіны знайсьці хаўрусьніка, які бы дапамог Вам зьнішчыць мясцовых масквафілаў і палянафілаў.

Шавініст робіць усё навыварат: ён заўсёды ў імя нацыяналізму паразумеецца з чужынцам супраць свайго земляка. Прыклад: галіцкія масквафілы, што езьдзяць да Варшавы прасіць дапамогі супраць мясцовых галіцкіх «палякаў». Такога кшталту нацыяналізм робіць немагчымым існаваньне Ўкраінскай Дзяржавы, бо спужаныя хаўрусам «украінцаў» з чужынцамі мясцовыя масквафілы і палянафілы заўсёды паклічуць з далёка большым посьпехам чужынцаў супраць «украінцаў» і зьнішчаць дзяржаўную незалежнасьць Украіны.

Далей, шавінізм украінскі адрозьніваецца ад шавінізму польскага і жыдоўскага, які ён насьледуе, тым, што ён ня мае такіх глыбокіх культурных і эканамічных каранёў, што далі б яму магчымасьць стаць моцным веравызнаўчым і эканамічным рухам, як астатнія. Культурныя карані Ўкраіны ў народзе ўкраінскім не глыбейшыя за карані Русі, і калі пачаць іграць на пачуцьцях, на эмоцыях, на «нацыянальнай веры», то на Ўкраіне пераможа заўсёды «Союзъ Русскаго Народа», а не «Саюз Украінскага Народу». Шавінізм украінскі, які ёсьць нацыяналізмам на моду крамнікаў (жыдоўскі заклік «свой да свайго») і на моду жывучых ад алтароў «нацыянальнай ідэі інтэлігентаў», давядзе палітычную ідэю Ўкраіны да пагібелі, бо ані дзейсныя бакалейшчыкі, ані да чагосьці здатныя інтэлігенты на Ўкраіне шавінізмам украінскім не захопяцца. У нас ён заўсёды будзе прадстаўлены тыпамі Данцовых і таму падобных азлобленых і эгацэнтрычных асобаў, закаханых у сябе людзей, якія сваёю бясьсільнаю злобаю ўсё творчае, жыцьцяздольнае на Ўкраіне ад Украіны адганяюць.

Дык будзьце патрыётам, а не шавіністам. Быць патрыётам - гэта азначае жадаць усімі сіламі сваёй душы стварэньня людзкага, дзяржаўнага і палітычнага сужыцьця людзей, што жывуць на Ўкраінскай зямле, а не мроіць пра патапленьне ў Дняпры большасьці сваіх жа ўласных землякоў. Быць патрыётам - гэта азначае шукаць задавальненьня ня ў тым, «каб быць украінцам», а ў тым, каб было гонарам насіць імя ўкраінца. Быць патрыётам - гэта азначае перш за ўсё патрабаваць прыгожых і добрых учынкаў ад сябе, як ад украінца, а ня перш за ўсё ненавідзець іншых таму, што яны «не ўкраінцы». Урэшце, быць патрыётам, гэта азначае, будучы ўкраінцам, выхоўваць у сабе перш за ўсё грамадзкія, палітычныя, дзяржаватворчыя прыкметы: веру ў Бога і паслухмянасьць яго законам, гэта значыць духоўныя вартасьці; далей вернасьць, цьвёрдасьць, сільнавольнасьць, дысцыпліну, пашану да сваёй традыцыйнай улады (манархізм), наогул кажучы, рыцарскасьць - гэта значыць палітычныя вартасьці. Быць жа шавіністам - гэта азначае прыкрываць сваю духоўную пустку (безрэлігійнасьць) і сваю руіннасьць: здрадніцтва, кар'ерызм, здэклясаванасьць - фанатычнымі выгукамі пра «маці-Ўкраіну», пра «родную мову», пра «мы - украінцы!», пра клятых «маскалёў ды ляхаў» і да т.п. Барані Божа Вас ад такога роду «нацыяналізму», які можа прынесьці толькі тое, што ўжо прынес: руіну Ўкраіны.

 

12 сьнежня 1925 г.

 



Пераклад: Алесь Хмара

Беларуская Палічка: http://knihi.com