Вячаслаў Шыдлоўскі

Рысы майго пакалення

ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ
З ГІСТОРЫІ МАЙГО РОДУ І ВЁСКІ
ГОРКАЯ ПАМЯЦЬ
  На этапных скрыжаваннях
  Паштовая скрынка
  Трыбунал
  Барышы
  Перабежчыкі-«шпіёны» і «кур'еры»
  «Здраднік» дзед Маеўскі і радзіма-мачыха
  Іншыя насельнікі менскай турмы
  Сіла і слабасць крэўных сувязяў
  «Наваселле»
  Серпанцінка
  Гукавая маскіроўка
  Стукач
  Ахвяры
  На людзях і паміраць лягчэй
  Крывавыя знічкі на снезе
  Сель з трупаў
  Абвалы
  Днявальныя пры начальстве
  Камбрыг-днявальны
  Супернікі
  Разрытыя магілы
  Курум з граніту і трупаў
  Залатая Калыма
  Пыл у вочы
  Вохра
  Блатныя
  Два колеры
  Рур
  Пайка
  «Трацкісты»
  Туфта
  Людзі брыгады
  «Джурма»
  «Вальняшкі»
  «Воўчы білет»
  Уладныя «таго свету»
  Закон тайгі
  На Калымскім шляху «з варагаў у грэкі»
  Канец Серпанцінкі
ПЕРАЖЫЎШЫ ГУЛАГ


 

Правядзі мяне горкая памяць

Па сцяжынках праклятых гадоў.

Павел Пруднікаў

 

ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ

 

Памяць асобнага чалавека - сведкі сваёй эпохі, свайго часу - таксама ёсць дакумент гісторыі. Памяць адрозніваецца ад іншых спосабаў фіксацыі падзеяў тым, што знікае разам з чалавекам. Калі «напісанае застаецца», то нявыказаную памяць чалавек нясе з сабой у магілу.

Мільёны (страшна падумаць!) загінулі гвалтоўнай смерцю ў часы сталіншчыны. Іх памяць засталася, калі можна так сказаць, нерэалізаванай, знікла разам з імі ў змроку невядомасці. Носьбіты каштоўнай гістарычнай памяці ў той час знікалі, як правіла, не пакінуўшы за сабой следу на зямлі, бо ён губляўся ў глухіх засценках НКВД, у шматлікіх Курапатах, за калючым дротам зонаў ГУЛАГа, у попеле знішчаных архіваў. Пасля іх застаўся толькі неспатольны боль у сэрцах родных і блізкіх, якім наканавана несці праз пакаленні праклён катам ды іх памагатым.

Ацалелыя рэшткі майго пакалення, прарэджанага ў свой час рэпрэсіямі, адыходзяць у нябыт па старасці, з незагойнымі ранамі душы, часцей за ўсё не выказаўшы таго, што адчувалі, не расказаўшы пра тое, што перажылі, што ведалі, што бачылі і чулі. Яны маглі б зрабіць гэта, даверыўшыся халоднай паперы, але гэта было небяспечна. А тых, хто не валодаў словам настолькі, каб хоць у простай форме падаць факталогію падзеяў, можна было апытаць і стварыць кнігі-дакументы, накшталт кніг «Я з вогненнай вёскі», «У вайны не жаночы твар», «Блакадная кніга», «Цынкавыя хлопчыкі». Але гэтага ніхто не рабіў, каб не рызыкаваць.

Цёк час у сваёй няспыннай плыні, гады змяняліся гадамі, групуючыся ў пэўныя гістарычныя перыяды, са сваёй адметнай палітычнай афарбоўкай, сваім адценнем. Безупынна ў краіне панаваў генацыд, пакуль Бог не прыбраў галоўнага дырыжора і натхняльніка ліха: самога «отца всех народов». Пакуль ён быў жывы, інтэнсіўнасць генацыду знаходзілася ў простай залежнасці ад яго канібальска-ідэалагічнага блюзнення. Над кожным у грамадстве вісеў дамоклаў меч. Пакуль адны крычалі «ўра», другія крычалі ад катаванняў. Воўчая зграя НКВД не ведала адпачынку ні ўдзень, ні ўначы, хапаючы грамадзян тысячамі. Ператварэнне ўсяго народа ў «ворагаў народа» вымагала часу. Для гэтага ў галоўнага ката не хапіла жыцця.

Сталінізм - гэта ракавая пухліна нашага грамадства. Яна была прышчэпленая нашаму грамадству воляй «вялікага і мудрага» ўсёй дзейнасцю сістэмы ОГПУ-НКВД-МГБ. Пазней - у «трыццатыя праклятыя» - ракавая хвароба дала метастазы ва ўсе органы, ва ўсе структуры грамадства, пагражаючы лятальным зыходам. «Хірургічнае» ўмяшанне ў часе хрушчоўскай адлігі канчаткова не пазбавіла грамадства ад гэтай хваробы. Таму ў перыяд застою яна перайшла ў хранічную стадыю, што застарэла цягнулася аж да часоў перабудовы. Яна і зараз праяўляецца то тут, то там у выглядзе рэцыдываў.

Бадай, не варта казаць пра агульнавядомае, што здзекі над ацалелымі палітвязнямі не канчаліся і пасля таго, як іх выпускалі з-за калючага дроту канцлагераў ГУЛАГа. Усім ім выдавалі «воўчыя» пашпарты, што абмяжоўвалі магчымасці працаўладкавання, выбару месца жыхарства, выбару прафесіі або пасады, выбару навучальнай або навуковай установы. Многім з іх не давалі магчымасці вярнуцца да сваіх сем'яў, сваіх хатаў. А тых, каму гэта ўдавалася, прымусова вярталі назад, зноў жа «в места не столь отдаленные» на вечнае пасяленне. Той, каго да пары не чапалі, рызыкаваў знячэўку парушыць пашпартны рэжым, створаны для былых палітвязняў, за што таксама належаў тэрмін зняволення.

Я таксама заставаўся вечным адлучэнцам. Ужо ў перыяд працы пасля вайны ў геалагічнай службе Беларусі мяне звальнялі па чыёйсьці прыхамаці. Ужо вольны, я двойчы звяртаўся ва ўрад краіны (адзін раз з Калымы, другі раз з Беларусі) з прашэннем перагледзець маю справу і скасаваць прысуд. Абодва разы мне адмовілі. Не мела значэння і тое, што за працу на Калыме па вольным найме пасля лагера я быў тым жа ўрадам узнагароджаны медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.»

Таўро «ворага народа» само па сабе не знікала, і так амаль да апошніх гадоў. Не хацелася паміраць з гэтым таўром, якое магло адбіцца і на лёсе нашчадкаў. Не спадзеючыся на ўвагу высокіх камісіяў па рэабілітацыі, вымушаны быў звярнуцца ў індывідуальным парадку да пракуратуры. У выніку Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР канстатавала (праз 50 гадоў з лішкам), што я ні ў чым не быў вінаваты. Нарэшце настала поўная рэабілітацыя са спыненнем справы дзеля адсутнасці злачынства.

Час застою вызначаўся глухой барацьбой роспачнай памяці з фарсіраваным прымусовым забыццём усяго, што было. Панаваў «кан'юнктурны склероз» гістарычнай памяці. Ды ўрэшце спынілася затуханне палітычнай энергіі дваццатага з'езда. Надышла пара, калі стала магчыма гаварыць пра наша мінулае. Вось я і хачу павесці размову, заглыбіўшыся ў сваю цяжкую горкую памяць, распачаць гамонку пра тое, што ведаю, чаго не ведаюць іншыя, выказацца і за тых, хто ўжо ніколі нічога не скажа, хто загінуў за марны цень. Гаворка пойдзе ў дэталях і прыватнасцях пра мой час, маё пакаленне і пра тое пакаленне, што папярэднічала нашаму. Апошняе ў гады нашага маленства, узброіўшыся ідэалогіяй бальшавізму, рабіла кастрычніцкі пераварот, вяло жорсткую грамадзянскую вайну, блюзніла пра «мировую революцию», а потым, у час культу Сталіна, занялося самазнішчэннем, штучна падзеленае на дзве «полюсна варожыя» часткі. У выніку адны, ашаломеўшы ад масавага псіхозу варожасці, звар'яцела страчвалі мільёны другіх - абылганых, выдаткуючы на гэта яшчэ не цалкам растрачаны рэвалюцыйны запал, волю, сілы, энергію, зацягваючы і нас - сваю змену, па меры нашага сталення, праз камсамол у гэты крывавы кругазварот даносаў, тэрору і смерці. На працягу доўгага часу процьмы людзей заганяліся, нібы скаціна, за калючы дрот зонаў ГУЛАГа, ахопліваючы ўсё новыя і новыя пакаленні «ворагаў народа» - ЧС і РРаў («членов семей и родственников репрессированных»). Гэта называлася «строительством социализма в отдельно взятой стране».

Зараз на схіле свайго жыцця «апошнія магікане» майго пакутнага пакалення паступова і ціха выміраюць адзін за адным, нібы й не жылі. Па звестках, абвешчаных на першым Устаноўчым з'ездзе Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, што адбыўся ў лютым 1992 года, іх засталося на ўсю Беларусь усяго толькі тры з паловай тысячы чалавек. Недзе недалёка і мая чарга. Паспець бы расказаць як мага болей.

 

З ГІСТОРЫІ МАЙГО РОДУ І ВЁСКІ

 

Гісторыя нашага роду па бацькавай лініі, як і ва ўсіх людзей, губляецца ў змроку мінулага. У нас яна цалкам губляецца за шасцю пакаленнямі, лічачы ад сённяшніх нашчадкаў, што зараз - у 1983 годзе - жывуць на пачатку другога дзесяцігоддзя свайго існавання. Роданачальнік гэтых шасці пакаленняў быў пачынальнікам разгалінаванага роду карзуноўскіх Шыдлоўскіх (і, відаць, не толькі карзуноўскіх). Мне ён даводзіцца прапрадзедам. Імя яго ніхто не памятае.

З'яўленне прапрадзеда ў Карзунах, напэўна, звязана з узнікненнем самой вёскі Карзуны, назоў якой паходзіць ад прозвішча Корзун. Пашырэнне прозвішча Корзун, відаць, таксама пачалося ў тыя далёкія часы.

Вядома, што ў той час у Карзунах было ворнае зямлі 21 валока, або прыблізна 210 дзесяцін на 21 гаспадарку. (Трэба памятаць, што карзуноўская валока - гэта паўвалока, або 10 дзесяцін.)

Можна меркаваць, што першапачатковае наразанне зямлі карзуноўцам рабілася ў адпаведнасці з зямельнай рэформай Сігізмунда Аўгуста - яго «Уставай на валокі», што пачала ажыццяўляцца ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ з другой паловы XVI стагоддзя. Расейскае самаўладдзе доўга не адважвалася або не хацела па палітычных матывах парушаць законы Вялікага Княства на землях, што трапілі пад уладу Расейскай імперыі. Гэта ж у свой час рабіла і Польшча.

Беручы гэта пад увагу, трэба памятаць, што юрыдычныя асновы феадальнай дзяржавы ў Вялікім Княстве Літоўскім былі распрацаваныя больш грунтоўна і дакладна, чым у Расейскай імперыі, пра што сведчаць законы канстытуцыйнага характару, увасобленыя ў вядомых Літоўскіх Статутах.

Названая колькасць зямлі заставалася нязменнай аж да калектывізацыі на пачатку трыццатых гадоў ХХ стагоддзя. А колькасць гаспадарак на гэтай зямлі да таго часу ўжо падбіралася пад сотню (калі не болей) за кошт падзелу валокі на «палавінкі», «траціны», «чацвяртухі», «пятухі», «шастухі» - у залежнасці ад колькасці нашчадкаў - спадкаемцаў на зямлю. Дзе была адна сядзіба - паўсталі тры-чатыры, а то і болей. Пляцы таксама дзяліліся і забудоўваліся новымі гаспадаркамі - драбнейшымі. Поля не чапалі. Вёска доўга не выходзіла за свае першапачатковыя межы, таму забудова стала вельмі цеснай, можна сказаць, страха да страхі, як у мястэчках (старадаўняя частка вёскі захавала сваю тагачасную шчыльнасць аж да сённяшняга дня). Далей ушчыльняцца не было куды.

Ужо ў дарэвалюцыйны час найбольш смелыя (іх нямнога) шукалі выйсця ў эміграцыі ў Сібір, у Амерыку. Некаторыя куплялі зямлю, якая вызвалялася з-пад лясоў пасля іх прамысловай распрацоўкі ў трыкутніку: Менск, Смалявічы, Смілавічы. У прыватнасці, дзед з бацькам купілі зямлю ў Смыках (верхняя плынь Волмы). Купленую зямлю называлі «пасекай». Пасля рэвалюцыі яе адцураліся. Гэты працэс быў уласцівы і іншым суседнім вёскам.

Пасля калектывізацыі вёска Карзуны пачала шпарка напаўзаць канцамі на ворныя землі, расці ва ўсе бакі, скарачаючы прадуктыўныя плошчы поля.

Зямля стала нічыёй, што паскорыла працэс пашырэння вёскі за яе пачатковыя межы. Гэта ж адбывалася і з суседнімі вёскамі. У выніку вёскі Карзуны, Снежкі і Заполле, якія знаходзіліся на значнай адлегласці адна ад адной, зараз зрасліся канцамі. Вёска Заполле мае тэндэнцыю пашырэння на поўнач - у бок вёскі Адынь (Адына), што ўзнікла пасля рэвалюцыі на месцы былога маёнтка «Адынь».

Такім чынам, левы схіл даліны ракі Волма, пачынаючы ад даліны яе левага прытока Вожа і да старога кацярынінскага гасцінца (што праходзіў ля паўднёвага канца Кулюкоў, далей ля былога фальварка «Смагароўка» - цяпер вёска Смагароўка, або Ўласаўка, - на Смілавічы, праз карзуноўскае поле «Залавы»), амаль скрозь аказаўся заселеным.

Цяпер крыху пра майго прапрадзеда. Яшчэ да вайны былі жывыя 1-2 доўгажыхары, якія памяталі яго старым і маглі шмат чаго расказаць пра яго. Але гэтая магчымасць нікім не выкарыстана.

Паспрабую ўявіць сабе, на які гістарычны перыяд прыпадае яго жыццё. Мяркую, што ён нарадзіўся недзе блізу 1800 года. Магчыма, крыху раней, але не на шмат. На яго дзіцячыя гады, відаць, прыпадае такая падзея, як забойства цара Паўла І. З юнацкімі гадамі супадае нашэсце напалеонаўскіх войск. Ён іх, безумоўна, бачыў. Калі было паўстанне дзекабрыстаў, трэба меркаваць, ён ужо быў жанаты і меў дзяцей - двух сыноў: Аляксея (мой прадзед) і Савасцея (?). Колькі было дачок і ці былі яны, - невядома.

У Карзунах ён сядзеў на валоцы, як і ўсе астатнія, і быў прыгонным смілавіцкіх паноў Манюшкаў.

У той час прыгонных перасяляць маглі толькі самі паны. Адкуль былі накіраваныя на свае карзуноўскія надзелы першыя карзуноўцы і калі - цяжка сказаць. Можна дапусціць, што ў смілавіцкіх Манюшкаў смілавіцкі маёнтак не быў адзіным, і першыя карзуноўцы былі пераселеныя з нейкіх іншых Манюшкавых уладанняў. Відаць, паселеныя яны былі пры канцы XVIII або ў пачатку XIX стагоддзя і, трэба меркаваць, не на панскіх землях, а хутчэй за ўсё на скарбовых. На карысць такой думкі сведчыць тое, што смілавіцкі маёнтак па колькасці ворнае зямлі не такі ўжо і вялікі, нават з трыма фальваркамі: Горча, Смагароўка і Загор'е. А калі наадварот, то павінна была быць грунтоўная прычына, каб пан так зразу «адваліў» 210 дзесяцін зямлі на карысць сваіх прыгонных. Такой прычынай магла быць устойлівасць і трываласць закону аб вышэйпамянёнай зямельнай рэформе, яе традыцыйнасць.

Маючы двух сыноў, прапрадзед не падзяліў валоку паміж імі, а аднаго сына аддаў у прымы (Савасцея?), пакінуўшы на сваім грунце другога сына - Аляксея (майго прадзеда), які быў войтам у пана. Колькі пражыў прапрадзед і калі памёр - невядома. Відаць, ён жыў пры сыне Аляксеі, да якога перайшла гаспадарка і валока зямлі.

Старыя людзі расказвалі, што Аляксей быў занадта службісты, стараўся дагадзіць пану, за што карзуноўцы яго недалюблівалі. Ён адчуваў гэту непрыязь аднавяскоўцаў, і калі здарылася так, што ў яго падохлі валы, лічыў, што гэта з нагавору, у знак помсты. Ён шчыра верыў гэтаму, бо быў чалавекам прымхлівым, як і шмат хто тады, калі прымхлівасць была яшчэ моцным перажыткам паганскіх часоў. Пасля, на старасці гадоў, ён увесь час каяўся перад аднавяскоўцамі за свае нехрысціянскія паводзіны ў дачыненні да падначаленых яму, кляў сябе. І гэта не было прыкідваннем, крывадушшам.

Другі сын Савасцей (?) даў пачатак роду Шыдлоўскіх на грунце Корзунаў (?). Да гэтай галіны Шыдлоўскіх належаць Леанід Васільевіч і Сева (Клім, па аповесці «Пражыць дзень»).

У Аляксея было тры сыны: Казімір, Мацвей і Васіль. Іх і іхных нашчадкаў дагэтуль называюць «войтавы».

У майго дзеда Казіміра было вуніяцкае імя. Гэта дае падставу меркаваць, што ён нарадзіўся недзе блізу 1838 года (год ліквідацыі царкоўнай вуніі і закрыцця вуніяцкіх цэркваў у Беларусі царом Мікалаем І). Ён мог нарадзіцца і крыху пазней, бо ад вуніі адракаліся пад прымусам і не адразу. Два маладзейшыя браты яго мелі ўжо праваслаўныя імёны: Васіль і Мацвей.

Відаць, была ў прадзеда Аляксея яшчэ і дачка, бо нейкім часам на грунце паявілася прозвішча Сянькевіч (напэўна, прымака). Была нейкая судовая справа, пасля якой нашчадкі Сянькевіча сталі насіць прозвішча Шыдлоўскія, хоць іх да сённяшняга дня завуць «Сянькевічавы».

Дзед мой Казімір пражыў больш за восемдзесят гадоў, застаў яшчэ савецкую ўладу і памёр не раней 1920 года. Колькі ў яго было дзяцей? Ведаю, што апрача майго бацькі Аляксандра была яшчэ дачка, якая памерла, як і баба, відаць, да майго з'яўлення на свет.

Дзеда я памятаю даволі выразна, хоць, калі ён памёр, мне было не больш за сем гадоў. Захаваліся ў памяці эпізоды хаўтураў. Я ішоў за труной дзеда ў Смілавічы разам з усімі. Труну для адпявання нябожчыка паставілі ў карзуноўскай цаглянай двухвежавай царкве, што знаходзілася насупраць брамы галоўнага заезду ў парк маёнтка. Яна нагадвала касцёл даволі простай архітэктуры, уласцівай вуніяцкім касцёлам, якім і з'яўлялася ў мінулым.

Была ў Смілавічах і другая царква, якую звалі запольскай. Стаяла яна на кірмашовым пляцы (зараз вуліца Дзяржынскага), дзе цяпер прадуктовы магазін і кнігарня. Гэтая царква была, відаць, заўсёды праваслаўнай, нават у перыяд панавання царкоўнай вуніі. Яна была параўнаўча новая, цагляная, простай архітэктуры - аднакупальная, з адасобленай званіцай, праз якую быў уваход у царкву. Да яе збудавання на тым жа месцы стаяла драўляная, якая згарэла ад перуна.

Была яшчэ і трэцяя царква ў Смілавічах, вельмі даўняя, драўляная, пачарнелая ад часу, збудаваная без цвікоў (наагул без жалеза), з гонтавым дахам. У першыя гады савецкай улады царкву разабралі і на яе месцы пабудавалі нардом (цяпер магазін вопраткі).

Які прыход яна абслугоўвала - зараз цяжка сказаць. Відаць, у першыя гады савецкай улады яна была ўжо без прыхода. Таму ніхто і не пярэчыў, калі яе пачалі разбураць. У гэты час вёскі наваколля Смілавіч абыходзіліся дзвюма цэрквамі: карзуноўскай і запольскай. (Называю я іх так па галоўных прыходах, таму што іх рэлігійныя назовы забыліся).

Магчыма, тая старая драўляная царква «выручыла» карзуноўцаў, калі за польскай акупацыяй смілавіцкія і навакольныя каталікі адабралі карзуноўскую царкву і зрабілі ў ёй каталіцкі касцёл. Пасля палякаў, як усталявалася савецкая ўлада, карзуноўцы судзіліся з каталікамі і адсудзілі будынак цаглянай царквы на сваю карысць. Каталіцкія рэгаліі з царквы былі перанесеныя ў невялікі драўляны касцёл, які стаяў на каталіцкіх могілках, у канцы Лядзенскай вуліцы.

Пазней, у пачатку трыццатых гадоў абедзве царквы (карзуноўская і запольская) былі разбураныя без пэўнай патрэбы, у час тупога атэістычнага цемрашальства.

Калі адпявалі дзеда, усе хрысціліся, хрысціўся і я. Толькі я хрысціўся па-свойму. Ад ілба я нёс пальцы да левага плечука, потым - да правага і, нарэшце «пад лыжачку». Там жа нехта вучыў мяне рабіць гэта правільна.

Дзеда пахавалі на старых могілках у Смілавічах, пры Лядзенскай дарозе. На магіле паставілі ладны каменны (3 валуны) помнік, адшліфаваны, з выбітым надпісам, які можна было чытаць з дарогі. Помнік рабіў аднавясковец Юшка Аляксей, што прафесійна займаўся гэтым рамяством.

Але цяпер - ні магілы дзеда, ні помніка. Могілкі сталі «трохпавярховымі». Старыя косці перасыпаюць ужо трэці раз, капаючы новыя магілы.

Цікавая такая дэталь: Юшка Аляксей мог знайсці на полі, пашы або на сенажаці які заўгодна патрэбны яму камень (валун), бо іх было вельмі шмат. Ляжалі яны з ледавіковага перыяду, перашкаджаючы араць зямлю, касіць, пакуль здатная рука Юшкі Аляксея не дабіралася да іх. Тады ён выдзёўбваў у выбраным камені ямкі роўненькім радком, нібы прашываў яго швом. Пасля насыпаў туды порах і рабіў выбух. Камень расколваўся так, што атрымліваліся даволі роўныя паверхні, якія лягчэй было шліфаваць.

Так бы яно і ішло. Камення хапіла б надоўга, калі б не адна акалічнасць. На самым пачатку трыццатых гадоў пачалі будаваць Магілеўскую шашу. Для цвёрдага пакрыцця выкарыстоўваўся каменны друз, які рабілі з мясцовага камення. З'явіліся падрыўнікі. Яны аманалам рвалі ўсе вялікія камяні. Потым сяляне звозілі фурманкамі да шашы, да каменездрабняльнага агрэгата ўсё, што можна было адужаць і сабраць на полі. Сялянам даводзілася заданне на гэтую працу, бо дзейнічала існаваўшая тады працагужпавіннасць.

Такім чынам, адразу знікла «сыравіна» для рамяства Юшкі Аляксея. Але ён не кідаў яго. Пачаў шукаць камяні ля Драчкава, па лесе, куды не траплялі падрыўнікі. Дарэчы, яны ўзарвалі помнік (Давыдаў камень), што стаяў ля Слабодкі. Гэта быў агромністы валун ружовага граніту, з выдзяўбанай ямкай наверсе, у якую клалі ахвяраванні дробнымі грашыма.

Тады ж наступаў час шпіёнаманіі. Пайшлі шпіёнскія фільмы, перадачы па радыё. Газеты трубілі пра шпіянаж. «Пільнасць» перараджалася ў «падазронасць».

Аднойчы драчкоўскія старэйшыя вучні злавілі Юшку Аляксея, калі ён шукаў камяні, і завялі ў Драчкоўскі сельсавет як шпіёна. Пасля гэтага ён набыў мянушку «шпіён», якую насіў да смерці.

Бацька мой нарадзіўся ці не ў 1884 годзе. Дзеду тады магло быць каля сарака гадоў. Бацька быў адзіным сынам у дзеда. Дзед аддаў яго ў навуку. Пачатак быў у Смілавіцкай валасной (магчыма, земскай) школе. Урэшце бацька недзе набыў адукацыю і прафесію сельскага настаўніка царкоўнапрыходскіх школаў. Да рэвалюцыі працаваў настаўнікам у Лагойскім раёне, на Палессі (у вёсцы Сварыцавічы), у вёсцы Матарова Менскага раёна. У апошняй я і нарадзіўся ў 1913 годзе, хоць афіцыйна месцам майго нараджэння лічыцца вёска Карзуны. Хрысцілі мяне ў Дукоры ў праваслаўнай Траецкай царкве, нарокшы імем Вячаслаў, якое я з гонарам нашу і зараз.

Пасля рэвалюцыі бацька працаваў у Смілавіцкай беларускай сямігодцы і жыў у Карзунах, на гаспадарцы, што засталася ў спадчыну ад майго дзеда (два з паловай гектары ворнае зямлі і паўтара гектара сенажаці), да пачатку калектывізацыі, калі ўся дзедаўская спадчына ўвайшла ў калгас.

Тое, што бацька быў адзіным сынам у дзеда, да таго ж настаўнікам, выратавала яго ад удзелу ў імперыялістычнай вайне 1914 года. Паводле царскіх законаў такія не падлягалі мабілізацыі. Гэтак жа было і пры савецкай уладзе ў часе грамадзянскай вайны. Такім чынам, мой бацька быў выключна цывільным чалавекам, нават у гады войнаў.

Будучы чалавекам адукаваным, ён карыстаўся павагай у карзуноўцаў, быў актыўным, стараўся весці гаспадарку па магчымасці культурна. Даводзілася пісаць скаргі, заявы, пагадненні ад імя сялян, бальшыня якіх была непісьменнай або малапісьменнай, браць на сябе ролю адваката, хадатая. Яго і цяпер згадваюць добрым словам тыя, хто памятаюць.

Ён змяніў, так сказаць, «энергетыўную» базу Карзуноў. Да яго ніхто ніколі не ўжываў торф на паліва і ўгнаенне. Не дапускалі нават думкі, што такое магчыма. Памятаю, як ён замовіў кавалю паводле свайго ўзору разак і нож для нарэзкі брускоў торфу. Калі начынне было гатовае, мы пайшлі на балота (бацька і мы падлеткі - брат і я). За ракой Волмай, на скарбовым поле (гэта прыкладна на палове адлегласці паміж Карзунамі і Загор'ем), садралі мох і заклалі яму для нарэзкі торфу. Бацька рэзаў, а мы з братам адносілі і раскладалі на сушку. Людзі, што праходзілі міма, дзівіліся, пыталіся, дзеля чаго гэта робіцца, а даведаўшыся, ставіліся з недаверам. Прыкладна праз месяц мы везлі на ўласным кані па карзуноўскай вуліцы першы ў гісторыі Карзуноў воз торфу на паліва. На балоце не пакінулі нават крошку. Яе сабралі, прывезлі - і ў хлеў, на подсціл скаціне.

Гэтая падзея адбылася недзе ў 1926, а можа, ў 1927 годзе. Самая недаверлівыя прыходзілі зімой да нас у хату, каб падзівіцца, як гарыць торф у печы. На наступнае лета многія замовілі сабе разакі і пайшлі на балота здабываць паліва. Гэта ж пачалі рабіць і ў Снежках, і ў Заполлі. Вельмі хутка здабыча торфу на паліва стала паўсюднай у бязлесных вёсках, што абмежавала ўжыванне дроў да мінімуму, якіх неставала. І гэта задоўга да дзяржаўнай распрацоўкі тарфяных залежаў у Загор'і, якая, па сутнасці, пачалася толькі пасля вайны.

У 1929 годзе я скончыў Смілавіцкую беларускую сямігодку. Мне тады было 16 гадоў. У школе я захапляўся маляваннем. Настаўнік малявання Іван Арыстархавіч Размысловіч раіў паступаць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Бацька з ім згадзіўся. Паслалі ў тэхнікум дакументы і малюнкі. Іх прынялі, выклікалі на экзамен, што ўмацавала надзеі, спадзяванні, дадало ўпэўненасці.

Бацька на сваёй уласнай фурманцы адвёз мяне на станцыю Смалявічы, якая тады называлася Вітгенштэйнскай - у гонар удзельніка вайны Напалеона з Расеяй. Мінуўшы вёску Драчкава, мы ехалі паміж дагледжаных палёў, якія чаргаваліся з пералескамі. Моцныя гаспадаркі хутаранаў цягнуліся амаль да Смалявіч. Па ўсім было відаць, што людзі жывуць заможна. На падворках корпаліся маладыя гаспадары, пасвілася сытая жывёла, гулялі дзеці. Не адчувалася якой-небудзь злыбяды ў гаспадарках, бядоты ў жыцці іх гаспадароў. Усё было грунтоўнае, выглядала дыхтоўна. Ніхто з іх не адчуваў, што вось-вось у бліжэйшы год яны раптоўна страцяць усё - зямлю, маёмасць, скаціну, а самі з клункамі (толькі як панесці) трапяць на бясконцыя этапы з дзецьмі, старымі бацькамі. Іх загоняць з дапамогай канвою на Пячору, Паўночную Дзвіну, у гіблыя мясціны Сібіры ды іншыя дзікія куткі «любимой родины», дзе яны будуць мерці ад голаду, холаду, хваробаў і здзекаў. Адна мая знаёмая, родам з Сыктыўкара (Усть-Сысольска), апавядала, як яна яшчэ маленькая з іншымі дзецьмі бегала глядзець у тамтэйшую царкву, дзе былі зроблены шматпавярховыя нары, на ссыльных кулакоў. То была перасылка, усталяваная ў храме Божым.

А пакуль над хутарамі, што былі тады перад маімі вачыма, сінела празрыстае неба роднага краю - роднай Беларусі. Зямля шчодра радзіла і дыхала спакоем, адорваючы людзей багаццем, дабром, здабыткамі разняволенай працы на карысць і радасць усім у выглядзе таннага хлеба, сала, масла, бульбы. Канчаўся гэтак званы НЭП. Яшчэ не з'явіліся ў тутэйшых мясцінах розныя дваццаціпяцітысячнікі з Пуцілаўскага завода - аплоту бальшавізацыі краіны, з Сормава ды іншых заводаў, узброеныя наганамі і людаедскай ідэалогіяй. Пазней на раскарчаваных хутаранцамі землях быў утвораны свінасаўгас «Вызваленне». Такі назоў нехта цынічна прыдумаў дзеля здзеклівасці над нешчаслівымі лёсамі людзей - ахвяр раскулачвання. Яшчэ пазней - у канцы 30-х гадоў яго (саўгас) ліквідавалі ў ліку 75 іншых у Беларусі, а зямлю прырэзалі суседнім калгасам, і яна зноў пачала зарастаць лесам. На месцы саўгаса ўзнікла невялікая калгасная вёска пад тым жа назовам. Сталін добра ведаў, як даканаць «дробнага буржуа» - селяніна. Ён - селянін, ператвораны ў калгасніка, будзе вымушаны цягнуць лямку прыгону, працаваць за пустапарожнія «палачкі» (працадні). Рабочаму саўгаса трэба як-ніяк выплочваць заробак, хоць і мізэрны. Таму і была прыдумана масіраваная буйная адначасная аперацыя ператварэння саўгасаў у калгасы. Дакладней - мэтавае ператварэнне саўгасных парабкаў у калгаснікаў. Пазней, пры Хрушчове, усё рабілася наадварот. Разгарнулася кампанія ператварэння калгасаў у саўгасы. Але яна ўжо не адрадзіла саўгас «Вызваленне». На яго землях да тых часоў вырас малады лес, таўшчынёй дрэў у аглабню.

Наагул гісторыя гэтых мясцін наколькі цікавая, нагэтулькі і трагічная, звязаная з развіццём капіталізму ў Расейскай імперыі і далей - з трансфармацыямі і метамарфозамі савецкай улады. У 70-80-х гадах ХІХ стагоддзя паміж Смілавічамі і Смалявічамі па рацэ Волма, яе прытоках Слоўсць і Вожа, вышнявінах Ушы, лічы ад наваколляў Менска, цягнуліся на ўсход, месцамі з перабоямі, некранутыя пушчы. Далей яны злучаліся з Ігуменскімі і Барысаўскімі лясамі. Па тарфяніках Волмы да аселіц вёсак падступалі альховыя лясы (ольсы, чарналесее). На грудах панавалі дубы і ліпы з падлескам ляшчынніка. На поўнач ад рысы Драчкава-Пятровічы на ўзвышшах раслі хваёвыя лясы. Старыя казалі, што гэтыя абшары мелі назоў «Радзівілаўшчына». Яны цягнуліся аж да Калодзішчаў і Смалявіч. Само найменне Калодзішчы (тоўстыя калоды) яскрава сведчыць аб тым, якімі былі гэтыя лясы.

Недзе ў 80-х гадах дзевятнаццатага веку лесапрамысловец Суцін, які быў родам са Смалявіч, пачаў распрацоўку лесу на гэтых абшарах. Ён правёў вузкакалейку з чыгуначнай станцыі Калодзішчы ў самыя нетры лесу, пабудаваў пільні, заняўся сплавам лесу па Волме ў Свіслач і далей у Бярэзіну і Дняпро. Цяпер нават цяжка ўявіць, што па Волме, дакананай меліярацыяй, калісьці ганялі плыты. За лічаныя гады на месцы былых пушчаў Суцін пакінуў па сабе толькі пні. Экалагічныя ўмовы псаваліся на вачах людзей. Напрыклад, калі пачаўся сплаў, у Волме зніклі ракі. Да гэтага рака кішэла імі.

Суціну былі ўласцівыя габрайскі цвярозы разлік і прадбачлівасць. Ён не верыў у стабільнасць і трываласць Расейскай імперыі (народнікі палявалі на цароў, падбухторвалі народ), таму трымаў свае грошы ў парыжскім банку. У 20-х гадах дваццатага веку ў Смалявічах заставаўся адзіны ягоны нашчадак - нямы сын. Банкаўскі капітал Суціна, па тагачасных чутках, набыты на распрацоўках лесу, складаў чатыры мільёны рублёў. Пасля рэвалюцыі іх ніхто не мог спажыць. Відаць, яны ляжаць у парыжскім банку і дагэтуль як канцэнтраваная вартасць знішчаных пушчаў.

Суцін распрацоўваў лясы і ў іншых мясцінах Беларусі. Разам з тым ён займаўся і дабрачыннасцю. Фінансаваў местачковыя пажарныя каманды. У Смілавічах ён пабудаваў добра абсталяваную лазню, якая існавала яшчэ нейкі час, будучы ўжо на балансе скурзавода. Але пры такім «мецэнаце», як Смілавіцкі скурзавод, што атручвае жыхароў гарадскога пасёлка сваім смуродам і выкідамі з нізкай трубы, лазня была разбураная. Пра яе капітальны рамонт не было каму клапаціцца. Мястэчка (пгт) Смілавічы, як і 100 гадоў таму, засталося без лазні.

Землі, што вызваляліся з-пад лесу, пачалі засяляцца хутаранцамі, асабліва на пачатку 20-х гадоў. Тут наразалі надзелы і ўдзельнікам грамадзянскай вайны. Пазней - пры раскулачванні гэтая акалічнасць не бралася пад увагу. Змагары за савецкую ўладу былі ахаены як яе «ворагі» і сасланыя.

 

ГОРКАЯ ПАМЯЦЬ

 

На этапных скрыжаваннях

 

Арыштавалі мяне ў Маскоўскай артшколе ў Краснадары (Екацярынадары) 6 лістапада 1936 года, якраз напярэдадні святкавання 29-й гадавіны кастрычніцкага перавароту. У той дзень я стаяў на вахце ў пярэднім прахадным памяшканні школы, побач з адзінай шафкай (тумбачкай), накрытай чырвонай сурвэткай. На сценах віселі выняткі з пастановы ВЦИК аб здрадзе радзіме, тэкст прысягі, статутныя правілы, плакаты, лозунгі ды іншая атрыбутыка.

На мне паводле традыцыі быў парадны гарнітур: наглянцаваныя хромавыя боты з даўгімі халявамі, галіфэ, гімнасцёрка. Гарнітур быў пашыты ў Менску, у кравецкай майстэрні АБВШ. Гарнітуры шыліся з улікам персанальных памераў курсантаў, са стараннай падгонкай. Таму мы заўсёды выглядалі па-святочнаму, імпазантна, падкрэслена акуратна. У такім выглядзе мне давялося трапіць не на парад, а на этап. То быў канец маёй кароткай вайсковай кар'еры.

Мяне хуценька падмянілі і прапанавалі пайсці ў пустую аўдыторыю групы, якая была занятая на пляцы страявой муштрой. Назаўтра павінны быў адбыцца традыцыйны святочны парад. Мая ж група займалася самастойна тэорыяй. Здаўшы вахту, я пайшоў туды, куды мне раілі пайсці. У пустой аўдыторыі мяне чакалі два лейтэнанты, старшына курса Генка Гоманаў і оперупаўнаважаны НКВД па школе. Два лейтэнанты - два энкэвэдэшнікі былі замаскаваныя гарнітурамі пад пехацінца і артылерыста. Чамусьці ў сваёй чэкісцкай форме яны не захацелі паказвацца ў школе. Яны прад'явілі мне ордэр на вобыск і арышт. Спыталі, дзе мае рэчы. Сказаў, што ў аўдыторыі шуфлядка з кніжкамі і сшыткамі ў стале ды чамадан у капцёрцы. Загадалі пайсці прынесці шуфлядку. Са мной ніводзін не пайшоў, каб не прыцягваць увагу курсантаў групы. Няўжо асцерагаліся, што за мяне заступяцца? Я зайшоў у сваю аўдыторыю, выцягнуў шуфлядку і пачаў раздаваць сябрам кнігі белетрыстыкі. Дзеянні мае былі паспешлівыя, на першы погляд недарэчныя, што насцярожыла ўсю групу. Пачалі пытаць, у чым справа. Я адказаў: «Хутка даведаецеся».

З Гоманавым схадзілі ў капцёрку па чамадан. Пачаўся першы ў маім жыцці «шмон». Потым іх будзе безліч пры ўсякай нагодзе. Мяне прымушалі пісаць на кнігах, фотакартках, лістах наступнае: «Изъято у меня при аресте» - і распісвацца.

У часе вобыску зайшоў начальнік курса - капітан, спытаў, што адбываецца. Яму далажылі. Мой лёс яго не зацікавіў. Ён надоўга не затрымаўся, але, агледзеўшы мяне з галавы да ног, загадаў Гоманаву пераабуць у кірзачы і пераапрануць у БУ (звычайны салдацкі гарнітур, якім да гэтага ўжо карысталіся). Такі загад вельмі непрыемна ўразіў мяне. Для капітана я ўжо быў «спісаны» не толькі як курсант, але і як чалавек, над якім, як над трупам, можна ўчыніць марадзёрства. Вось такая мараль была ў прадстаўніка старшага каманднага складу Чырвонай арміі. Дзе яму было да разумення прэзумпцыі невінаватасці.

Гоманаў не выканаў загад капітана, рызыкуючы нажыць непрыемнасці. З ім мы былі даўнія сябры, выпадкова апынуліся ў адной вайсковай школе, дзе нечакана сустрэліся другі і апошні раз у жыцці. Ён паступіў у вайсковую школу гады на два раней, быў тады на апошнім курсе. Рызыка быць пакараным за невыкананне загаду была з яго боку данінай даўняму нашаму сяброўству.

На вуліцы чакала легкавая адкрытая машына. Генка правёў мяне да яе, мы развіталіся. «Лейтэнанты» загадалі сесці ў машыну. Самі селі абапал мяне, і мы паімчаліся па вуліцах Краснадара насустрач невядомасці, пакінуўшы за сабой школу і маіх сяброў. Спыніліся на вуліцы Краснай, дзе месціліся краёвыя органы НКВД.

У каравульным памяшканні мяне пачаў «апрацоўваць» старшы наглядчык. Ён спрытна вырваў з пятліц бронзавыя літары «М.Ш.» - абрэвіятура назову школы і пачаў зразаць лязом брытвы пятліцы. Тым часам лена гутарыў са мной абы аб чым, абы не маўчаць.

- Так. Как твоя фамилия?

- Шидловский.

- Откуда ты?

- Из Минска.

- Белорус?

- Так, белорус.

Адначасна лазіў па кішэнях. То быў другі «шмон» на дні. Я сказаў, што ў школе ў часе арышту мяне старанна абшукалі.

- Ну вот мы и проверим, так ли это, - сказаў ён. Нічога не знайшоўшы, павёў да камеры (іх потым будзе таксама шмат), расчыніў дзверы і загадаў зайсці. Гэтыя дзверы і сталі для мяне мяжой паміж воляй і турмой на доўгія гады.

У камеры цокальнага паверха Краснадарскага НКВД «святкаваў» гадавіну Кастрычніка. За гэты час адзін вязень - былы вайсковец дэталёва «праінструктаваў» аб тым, з кім і з чым я буду мець справу на допытах, як сябе трымаць. Ён ужо меў багаты досвед, ненавідзеў органы і кляў іх. Потым мы з ім сустрэліся яшчэ раз на Калыме.

Пасля святаў пасадзілі ў тую ж машыну - і ў турму на Дубінку. Другім седаком у машыне быў забойца, які забіў адразу дваіх, мужыка і жонку, паквапіўшыся на грошы, атрыманыя за прададзеную карову.

З першага ж кроку ў камеры пачуў з вуснаў аднаго вязня жаргонны выраз: «А калэса грубыя». Сэнсу не зразумеў, але здагадаўся па позірках, што размова йдзе пра мае боты. Падумалася: не разуў капітан яшчэ ў школе, дык гэтыя тут разуюць. Потым самі блацякі, што сядзелі ў камеры, мне растлумачылі: «калэса» - кубанскае размоўнае ад слова «калёсы», што азначае боты, «грубыя» - добрыя.

У чаканні сталыпінскага вагона пражыў у краснадарскай турме на Дубінцы не менш чым тыдзень. Мяне не разулі. Я знайшоў з блатнымі агульную мову. Даведаўся, што яны любяць пераказы вострасюжэтных твораў літаратуры, вершы Ясеніна, асабліва з падборкі «Масква кабацкая». Пераказы і дэкламацыі вершаў у турме замянялі сабой радыё, кіно, тэатр, чытанне кніг і газет. Такая культурная самадзейнасць на блатным жаргоне абазначаецца словамі: «тискать романы», пры чым вымаўляецца з націскам на гук «о» ў слове «романы». Вось і я «ціскаў романы», пакуль сядзеў у Краснадары.

Тады наконт маіх ботаў выказаўся вязень Васька Трэгубаў. Сядзеў ён за тое, што ў цягніку ўкраў партфель буйнога партакрата. Зрабіў гэта нахабна, дзёрзка, вымушаны быў уцякаць, саскочыў з цягніка. Паколькі пацярпелы пасажыр быў «фігурай», дык зараз жа спрацавалі стопкраны, сарваныя з пломбаў кандуктарамі. Цягнік спыніўся. У адкрытым кубанскім стэпе ўцекачу не было куды схавацца. Яго дагналі, пабілі, а потым здалі міліцыі. Ён вельмі баяўся трапіць на «тройку», бо ведаў, што тая літасці не мае.

У камеры шмат гаварылася пра пажар на станцыі Ціхарэцкай. Не абміналася ні адна падрабязнасць. Разважаючы аб прычынах, казалі, што побач стаялі два цягнікі - пасажырскі і «бочкарь» з цыстэрнамі бензіну. Манеўровы паравоз таўхануў адну цыстэрну, пашкодзіў яе і ўціснуў у пасажырскі цягнік пасярод. Бензін загарэўся, утварыўшы мора агню. Гарэлі людзі, гарэлі станцыйныя будынкі, гарэў пасажырскі цягнік. Найбольшую скруху ў блатных выклікаў той факт, што згарэў сталыпінскі вагон, які звычайна прычапляўся апошнім у саставе. Згарэлі і вязні, бо канвойныя да гэтага замкнулі камеры-купэ, замкнулі дзверы вагона і пайшлі на станцыю. Паратунку вязням не было. Казалі, што прылятаў самалётам наркам шляхоў зносін Кагановіч. Ён адвёў кароткі тэрмін на тое, каб ад пажару не засталося і знаку. Гэтым і абмежавалася яго «руководящая роль».

Развітанне з насельнікамі турэмнай камеры перад этапам ужо насіла рысы прыязнасці. Блатныя выказалі сваю ўдзячнасць за «романы» тым, што далі сёе-тое з яды, мусіць, папярэдне ўкраўшы ў каго-небудзь у камеры.

Мяне далучылі ў «купэ» сталыпінскага вагона да маладога гандлёвага марака. Другім быў непаўналетні «урка». Разам нас павезлі ў кірунку Растова-на-Доне. Па дарозе падсадзілі інжынера аднаго таганрогскага завода. Пакуль нас везлі, мы бавілі час бессістэмнымі размовамі. Урка больш маўчаў, бо апынуўся ў чужым асяроддзі. Марак, нядаўна арыштаваны, быў апрануты ў новую адпрасаваную ведамасную форму, якая яшчэ не бачыла турэмных вашабоек, таму выглядаў выдатна. Ён набіваў тытунём «золотое руно» сваю люльку і манерна, са смакам дыміў, не вынімаючы яе з зубоў. Пакурыўшы, даставаў з партманета фотакартку сваёй каханай малдаванкі, з пяшчотай у вачах глядзеў на яе, ганарыўся яе прыгажосцю, кажучы са шкадаваннем, што цяпер усяму прыйшоў канец. Яго дзяўчына сапраўды была вельмі прыгожая.

У Растове «варанок» вяртаўся тры ці чатыры разы да сталыпінскага вагона, пакуль вывез усіх вязняў. У турме ўсіх накіравалі ў лазню, а вопратку - ў вашапрудны агрэгат. Пасля гэтай аперацыі ўніформа марака стала нагадваць набытую ў старызніка. Не лепшая стала і мая вопратка.

Тамтэйшы турэмны чын выстраіў нас на дварэ і пачаў сартаваць па камерах. Мы чацвёра стаялі разам. Чарнявы хударлявы каўказец з вусікамі, відаць, турэмшчык са стажам, спрактыкаваным вокам вылучаў блатных і ставіў у асобны гурт кіўком пальца, без слоў. Ён не памыляўся. Дайшла чарга і да нашага уркі. Турэмшчык павёў пальцам і паказаў на натоўп блатных. Інжынер і марак адважыліся замовіць за хлопца слова, што было зусім бессэнсоўна. Выслухаўшы іх, турэмшчык паказаў пальцам туды ж, куды толькі што пайшоў урка. Ім нічога не заставалася, як пайсці да натоўпу блатных. Але сваім учынкам яны прыдбалі павагу і аўтарытэт сярод жулля.

Мяне пасадзілі ў прасторную камеру да бытавікоў, дзе сядзелі растоўскія растратчыкі, хабарнікі, хапугі, розныя службовыя злачынцы. Раніцой павялі нас на прагулку ў двор турмы, дзе я выпадкова сустрэўся са сваімі спадарожнікамі. Пасярод двара пад вялізным чыгунным катлом палала вогнішча. У катле кіпела і парыла вада. Марак, інжынер ды іншыя падносілі да катла тапчаны ды козлы ад іх і мачалі ў кіпень, знішчаючы такім чынам клапоў. Я спытаў у інжынера, як іх справы. Ён адказаў, што ўсю ноч «тискал» «Графа Монте-Кристо». У растоўскай турме таксама любілі слухаць «романы».

Па нейкім часе мяне ды інжынера ў ліку іншых павезлі далей - у бок Харкава, дзе нас накіравалі ў перасыльную турму, недзе недалёка ад чыгункі. «Варанок» не спатрэбіўся. Ішлі пешкі пад узмоцненым канвоем з аўчаркамі. Мяне завялі ў вялізную перапоўненую камеру, што нагадвала залю немалога кінатэатра. Яна была сапраўдным скрыжаваннем этапных дарог. Адкуль толькі ні было там людзей. Іх везлі ў асноўным па паўночных і ўсходніх кірунках. Пераважная бальшыня вязняў былі асуджаныя. У той камеры я сустрэў першы раз іншаземца - грамадзяніна Англіі. На ім былі чаравікі, скураныя гетры, галіфэ. Неставала толькі пробкавага шлема. Яго замяняла кепка. Адчуваў ён сябе ў гэтым чалавечым мурашніку вязняў даволі спакойна. Відаць, спадзяваўся на сваё грамадзянства і пасольства. Ці здзейсніліся яго спадзяванні? Яго ўвагу прыцягнула мая вайсковая форма. Ён з акцэнтам сказаў: «А вы зачем здесь? Вам здесь не место», - і хітравата ўсміхнуўся. У сваім адказе я абмежаваўся толькі тым, што па-плагіятарску ўжыў яго ж словы, таму што яны аднолькава датычылі мяне, як і яго, а таксама бальшыні тых, што былі ў камеры.

Запамяталіся два палітзэкі - два дырэктары вышэйшых навучальных установаў: адзін з Адэсы, другі з Сімферопаля. Яны былі ўжо асуджаныя і ў гэтай бязлікай стракатай масе людзей трымаліся разам. Збліжала прафесія і аднолькавы лёс. Адэсіт, даведаўшыся, што мяне вязуць на следства, раіў: «Ніколі не спяшайся казаць «да», заўжды кажы «нет». Сказаць «да» ніколі не позна. Да таго ж выдавай сябе за дурнаватага, тупаватага няўклюду». Ён у недалёкім мінулым вучыў студэнтаў жыццёвай мудрасці, па інерцыі вучыў турэмнай мудрасці і палітзэкаў.

Далей нас павезлі на Кіеў. З нашай растоўскай чацвёркі засталіся толькі двое - я ды таганрогскі інжынер. Яго везлі ў Санкт-Пецярбург. У Кіеўскай турме на Лук'янаўцы пасля чарговай санапрацоўкі і вашапрудства нас зноў старанна сартавалі. Вылучылі некалькі чалавек яшчэ не асуджаных этапных, у тым ліку мяне ды інжынера. Нас аддалі пад уладу турэмшчыка, які стаяў побач і без асаблівай цікавасці назіраў за тусоўкай этапа. Ён прывёў нас у камеру недзе на другім паверсе. Інтэр'ер нагадваў пакой гасцініцы раённага маштабу. Стаялі жалезныя ложкі, на іх - нечым набітыя падушкі і сяннікі, засланыя салдацкімі коўдрамі. У камеры нікога не было. Для якой турэмнай наменклатуры прызначалася гэтая камера, здагадацца было немагчыма. Турэмшчык кожнаму з нас прызначыў персанальны ложак, потым змяніў навалкі і просціны. Рабіў ён гэта старанна, тым часам паглядаючы на нас, нібы чакаючы чагосьці. Калі скончыў сваю справу, запытаў:

- Ну, як у мэнэ?

Мы тут жа схамянуліся, пачалі дзякаваць і хваліць парадак ды выгоды ў яго «апартаментах», кажучы, што такога мы больш нідзе не бачылі. Прыгнечаныя сваёй бядой, мы нават не заўважылі, што жаданне дагадзіць нам ёсць справа яго гонару. Не дачакаўшыся нашай удзячнасці і пахвальбы, ён напомніў нам сваім пытаннем аб тым, чаго чакаў. Украінец турэмшчык вызначаўся сваёй праставатай дабрынёй і чалавечнасцю, што траплялася ў людзях гэтай катэгорыі надзвычай рэдка - магчыма, гэта быў унікум.

 

Паштовая скрынка

 

Пасля заканчэння следства мяне перавялі з лёхаў будынка НКВД у пішчалаўскі замак, дзе быў вылучаны цэлы паверх для тых, што чакалі прысуду. Паверх афіцыйна называлі «следственный коридор». Побытавыя ўмовы ўтрымання вязняў былі крыху лепшыя, чым у асуджаных. Меліся, напрыклад, замест нараў жалезныя ложкі. Аднак рэжым быў вельмі строгі. «Однодельцы» сядзелі ў розных камерах. Усе было разлічана на тое, каб да суду яны не маглі сустрэцца. Я ведаў, што ў нейкіх камерах сядзяць і мае «однодельцы». Сустрэча з імі была патрэбная, каб неяк каардынаваць свае паводзіны на судзе. Але як гэта зрабіць? Я пачаў прыглядацца да турэмных наглядчыкаў, іх паводзін. Заўважыў, што змораны начным «бдением», кожны з іх у часе дзяжурства звычайна пад раніцу дрэмле, седзячы ў пачатку закрачанага калідора. Раніцай зняволеныя пачыналі грукаць у дзверы камер, каб наглядчык выпусціў да калектыўнай прыбіральні, дзе можна было і памыцца. Наглядчык прачынаўся і рэагаваў на грукат тым, што адмыкаў адну з камер, выпускаў людзей і чакаў, пакуль усе пераходзяць. Тым часам, бывала, зноў задрэмле, пакуль не прахопіцца ад чарговага грукату ў дзверы наступнай камеры. Тады ён замыкае першую камеру і адчыняе наступную. Вось я і намерыўся паспрабаваць выкарыстаць прытупленне пільнасці наглядчыка, выкліканае зморанасцю і санлівасцю. Неўзабаве аднае раніцы я пастукаў у дзверы раней, чым гэта зрабілі ў іншых камерах. Калі ўсе з нашай камеры перабывалі ў прыбіральні, я застаўся ў ёй адзін. Пусціў слабенькі струмень вады, каб не шумела, і старанна мыўся, хоць у гэтым ужо не было патрэбы. Разлік быў просты. Калі пастукаюць у дзверы ў іншай камеры, то, магчыма, наглядчык выпусціць іх, не праверыўшы папярэдне, ці ёсць хто ў прыбіральні, паверыўшы цішыні ў ёй. Праз колькі часу раздаўся грукат. Я замер у чаканні. Потым загрымелі ключы, заскрыгатала жалезная засоўка дзвярэй. Разлік удаўся. У прыбіральні з'явіліся людзі і са здзіўленнем паглядзелі на мяне. Такім чынам я змяшаўся з вязнямі іншай камеры. Вылучыць мяне па нейкіх прыкметах было ўжо нельга. Я адчуў сябе ўпэўнена. У тых, што прыйшлі, запытаў, ці ёсць у іх камеры такі і назваў прозвішча вайсковага фельчара. Мне адказалі, што ёсць. Нарэшце пашанцавала. Папрасіў паклікаць яго. Тут жа праз хвіліну ў мяне адбылася сустрэча з «кіраўніком арганізацыі» ў прыбіральні «следственного коридора», у якім былі вельмі строгія парадкі.

Я спытаў свайго «однодельца», чаму ён пацвердзіў данос студэнта - па сутнасці тое, чаго не было, агаварыўшы самога сябе. Ён сказаў, што напачатку трымаўся стойка. Потым пачалі біць, здзеквацца, ставіць на стойку. Не вытрымаў, бо нельга было выцерпець. У гутарцы са мной ён прыйшоў да высновы, што на судзе яму трэба будзе адмовіцца ад папярэдніх паказанняў, паколькі яны былі выбітыя катаваннямі. Мы дамовіліся абменьвацца пісулькамі, дзеля чаго выбралі схованку за каналізацыйнай трубой. Потым гэтай «паштовай скрынкай» карысталіся і іншыя «однодельцы». Магчыма, і пасля нас таксама.

Калі ўсе ўжо перабывалі ў прыбіральні, я зноў застаўся адзін. Потым ціхай хадою наблізіўся да сваёй камеры. Наглядчык соладка драмаў. Камера была нават незамкнутая, толькі на засаўцы. Я паціху адсунуў засаўку, адчыніў дзверы і зайшоў усярэдзіну. Але не разлічыў і грукнуў за сабой дзвярыма. Кінуўся на ложак, зрабіў выгляд, што сплю, а тым часам сачыў за «ваўчком» на дзвярах. Назіральнік падышоў да дзвярэй, адхінуў заслонку «ваўчка», нічога надзвычайнага ў камеры не заўважыў, замкнуў дзверы і пайшоў драмаць далей.

У хуткім часе ў «следственный коридор» да нас наведаўся сакратар трыбунала Зянько, каб пазнаёміць з канчатковым абвінавачваннем. Не беручы пад увагу пярэчанні турэмных наглядчыкаў, ён прымусіў сабраць нас разам у асобным памяшканні, дзе і зачытаў заключнае абвінавачванне. Мы распісаліся, што азнаёмлены. Потым адбылася кароткая гутарка, з якой мы адчулі, што сакратар трыбунала ставіцца да нас з сімпатыяй. Ён нават пахваліў вершы «кіраўніка арганізацыі», якія былі прыкладзены да матэрыялаў судовай справы, як «рэчавы доказ злачынства». Пасля такой размовы мы акрыялі духам. Але дарэмна. Ад сакратара трыбунала нічога не залежала.

 

Трыбунал

 

Неўзабаве ў турму прыслалі канвой, каб весці нас на паседжанне трыбунала 3-га кавалерыйскага корпуса. Канваірамі былі хлопцы, што адбывалі тэрміновую службу ў нейкай вайсковай часці не менскага гарнізона. У той дзень ім выпала несці ахову гарнізонных устаноў, а разам з імі і трыбунала. Ён знаходзіўся ў будынку штаба корпуса. Будынак гэты стаяў прыкладна там, дзе цяпер знаходзіцца гмах былога ЦК КПБ. Канвой з трох чалавек павёў нас, трох па вуліцах горада пешкі. Памятаю, як мы йшлі па асявой лініі галоўнай вуліцы горада - Савецкай, што пасля вайны была пашырана і названа праспектам імя Сталіна, пазней - Ленінскім праспектам, а зараз праспектам Скарыны. Мы йшлі ў распярэзаных шынялях (дзягі і партупеі ў турме адбіралі), прагна ўдыхаючы свежае паветра пасля турэмнага смуроду. На тратуарах было поўна людзей, захопленых сваімі клопатамі і справамі. Ніхто не звяртаў на нас асаблівай увагі, бо ўсе прывыклі ў тыя гады да відовішчаў масавага канваявання людзей. Яно пачалося пры канцы 20-х - на пачатку 30-х гадоў - у часы раскулачвання сялянства. Сярмяжны люд вадзілі натоўпамі па вуліцах гарадоў, па чыгуначных пляцах і перонах. То быў масавы «хапун», не першы і не апошні. Да сярэдзіны 30-х гадоў канчаткова выспела імперыя прыгону, рабства і катаргі. Краіна была лагерызаваная на ўсёй тэрыторыі «от края и до края, от моря и до моря».

Трыбунал свайго памяшкання не меў. Суды адбываліся ў кабінеце карваенюрыста 1-га ранга Кедрава. Ён жа быў старшынёй паседжання трыбунала ў час разбору нашай справы. Членамі паседжання былі тэхнік-інтэндант 1-га ранга Лявоненка і вайсковы фельчар Храмянкоў. (Дарэчы, з братам апошняга я вучыўся разам у АБВШ - Аб'яднанай беларускай вайсковай школе, а потым і ў Маскоўскай артылерыйскай школе). Пратакол паседжання вёў сакратар трыбунала Зянько. Падсудныя - мы ўтрох. Вось і ўсе дзейныя асобы. Ніякіх там абвінаваўцаў, абаронцаў-адвакатаў, сведак, нарэшце, «публики». Студэнт не прысутнічаў нават як сведка. Яго ганебная роля закончылася адначасна з заканчэннем следства. Дзея адбывалася ў цесным кабінеце, у «інтымнай» абстаноўцы, пры строга абмежаванай колькасці дзейных асобаў. Побач пярэдні пакой, у якім знаходзіўся тады наш канвой. Дзверы кабінета былі не зачыненыя. Чырвонаармейцы канвою з цікаўнасцю сачылі за ходам судовага працэсу, імітуючы сабой «публику». Відаць, гэта дазвалялася з «выхаваўчым» разлікам.

Вінаватымі мы сябе не прызналі, не маглі прызнаць, бо ніякай віны за сабой не адчувалі. Яе не было. «Кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі» адмовіўся ад паказанняў, дадзеных на следстве, паведаміўшы трыбуналу, што іх вымагалі катаваннямі. Калі скончыўся разбор справы, дык не суд «удалился на совещание», а нас вытурылі з кабінета ў пярэдні пакой да канвою. Дзверы кабінета на нейкі час зачынілі. Канваіры нам спачувалі і запэўнівалі, што нас апраўдаюць. Хутка нас зноў выклікалі ў кабінет і абвясцілі вырак. Здзіўленыя хлопцы з канвою зноў адвялі нас у турму, але ўжо ў адну з камер, дзе ўтрымліваліся асуджаныя, што чакалі этапаў. Упэўненыя ў тым, што трыбунал 3-га кавалерыйскага корпуса абышоўся з намі несправядліва, мы падалі касацыйную скаргу ў трыбунал БВА (Беларускай вайсковай акругі). Такое права было дадзена нам выракам на 72 гадзіны. Тады мы яшчэ не поўнасцю пазбавіліся наіўнасці, спадзеючыся на справядлівасць. Трыбунал пакінуў прысуд без змены. Засталося чакаць дальняй дарогі.

 

Барышы

 

Такім чынам, карваенюрыст Кедраў адмераў кожнаму з нас старэйша-братнюю «порцию» (да таго ж па бээсэсэраўскаму кодэксу) у наступнай градацыі: пяць гадоў вайсковаму фельчару, чатыры гады мне і тры з паловай збройнаму майстру. Вось так, нізавошта. Многа гэта ці мала па тагачасных мерках сталінскай Феміды? Сцвярджаю: досыць для таго, каб згінуць за калючым дротам зоны ГУЛАГа. Яно так і здарылася з вайсковым фельчарам. Яму было наканавана сістэмай тэрору і генацыду загінуць на Калыме. І гэта ў маладыя гады. Да арышту ён паспеў утварыць сям'ю, ажаніўшыся на студэнтцы інстытута народнай гаспадаркі - пухавіцкай дзяўчыне Апанасевіч Ларысе. Прайшло крыху болей за год, як яны згулялі вяселле. Нарадзілася дачушка. Паспелі адгуляць і хрэсцьбіны. Следчыя гэтыя гулянкі лічылі нелегальнымі сходкамі «контррэвалюцыйнай арганізацыі». Бальшавіцкія карныя органы секлі пад корань. Галаву новаўтворанай сям'і пасадзілі ў турму і заслалі ў канцлагер. Маладая маці засталася ў роспачным стане з немаўляткам на руках, пазначаная кляймом жонкі ворага народа. Ёй нялёгка было ўладкавацца на працу. Яна нічога не ведала пра лёс мужа, але чакала. Сям'я ж была створана моцная - на аснове першага кахання. Пацягнуліся доўгія гады невядомасці. Здарылася так, што дачушка памерла ў часе акупацыі. Жанчына засталася адзінокай, сам-на-сам са сваім горам. Праз 12 гадоў я сустрэўся з ёю, каб паведаміць, што муж яе загінуў у лагеры, што далей ёй няма каго чакаць. Так знікла маладая сям'я, не пакінуўшы пасля сябе нікога. Гэта не адзінкавы трагічны лёс. Ненажэрная канібальская сістэма бальшавізму вынішчала сем'і сотнямі тысяч па ўсёй краіне саветаў.

Лёс братоў вайсковага фельчара не менш трагічны. Да пачатку вайны з Германіяй яны дасягнулі прызыўнога ўзросту. У першыя ж дні вайны былі выкліканы ў ваенкамат, агледжаны дактарамі, пастрыжаныя і накіраваныя ў вайсковую часціну прыпіскі. Яшчэ не апрануўшы салдацкае адзенне, дзесьці па дарозе да месца прыпіскі трапілі ў палон. Немцы лічылі так: раз стрыжаны, значыць, чырвонаармеец або прызыўнік. Яны рэдка памыляліся. След братоў знік у гітлераўскіх лагерах палонных вайскоўцаў. Там яны і загінулі. Лёс іх застаўся невядомы. У выніку пералічаных акалічнасцяў знікла і старэйшая сям'я. Амаль уся. Засталіся толькі дзве сястры. Па мужчынскай лініі не выжыў ніводзін, не пакінуўшы нашчадкаў. Род іх у сваім развіцці быў вынішчаны гвалтоўна, стаўшы ахвярай дзвюх падобных паміж сабою сістэм. Хата, дзе некалі звінелі дзіцячыя галасы, амаль апусцела. У ёй засталася дажываць свайго веку адна маці. Бацька памёр раней. Увесь цяжар гора выпаў на яе долю, ёй адной. Мой зварот з Калымы акрыліў старую жанчыну надзеяй. Спадзявалася, што, можа, хоць адзін яе сын жывы. З адказу «осужден вторично без права переписки», які я атрымаў ад органаў яшчэ ў Ягадным на Калыме, вынікала, што ён загінуў ад кулі ката. Магчыма, на Серпанцінцы. Аднак я напісаў ад яе імя запыт пра лёс яе сына. Можа, праз паўгода яе выклікалі ў райаддзел міліцыі ў Рудзенск, каб даць вусны адказ на запыт. Тады гэта быў наш раённы цэнтр. Яна пайшла пешкі (аўтобусы на той час не хадзілі), цяжкай маруднай хадой старога чалавека, падымаючы пыл дарогі стаптанымі чаравікамі. Ішла ў адзіноце, сам-насам са сваімі самотнымі думкамі. Успаміны ў думках былі для яе той нітачкай, што звязвала сучаснае з мінулым, з лепшымі днямі жыцця, якім не было звароту.

Ад роднай вёскі да райцэнтра 18 кіламетраў. Што й казаць, для старой жанчыны 36 кіламетраў - дарога не лёгкая. Але, устаўшы на досвітку, яна выправілася ў дарогу, імкнучыся ісці таропка. Нейкая сіла падганяла яе. Неакрэсленае прадчуванне радзіла надзеі, якія змяняліся роспаччу, адчаем.

Сам начальнік райміліцыі, пасадзіўшы на крэсла ў сваім кабінеце, паведаміў ей: «Ваш сын памёр», што было чарговай маной. Яна залілася горкімі слязьмі. Начальнік паспачуваў ёй, сказаўшы, што не адна яна такая. Гэта было праўдай. Спачуванне не магло прыхаваць жорсткі здзек над старым чалавекам. Органы інакш не маглі. Яны не хацелі даваць ніякіх даведак на рукі пра ману. Занятыя «важнымі справамі», яны падключылі міліцыю. Тая і выклікала ў раён. Дзеля чаго? Каб паведаміць ёй чарговую ману вусна.

Яна жыла адна да апошняй сваёй раніцы, калі, устаўшы рана пасля бяссоннай ночы, пачала рупіцца, падышла да печы. Відаць, хворае сэрца прымусіла сесці на падлогу. Так яна і памерла, а хата апусцела зусім.

 

Перабежчыкі-«шпіёны» і «кур'еры»

 

Пад час знаходжання ў менскай турме (канец 1936 - пачатак 1937 года) мне давялося сутыкнуцца з перабежчыкамі з Польшчы, пераважна з Заходняй Беларусі. Гэтая людская плынь, трапляючы на савецкую тэрыторыю, рухалася па агульным канвееры - праз турму адразу за калючы дрот лагернай зоны дзе-небудзь у месцах аддаленых. Сталін, відаць, бачыў у гэтым адзін з спосабаў атрымання дармовай працоўнай сілы. Патуранняў не было нікому. Перабежчыкаў без жалю «ўзнагароджвалі» дзесяцігадовымі тэрмінамі за парушэнне мяжы і «шпіянаж».

Колькі надзей марна загінула ў гэты час! Людзі ж ішлі ў Савецкі Саюз праз мяжу, што было звязана з вялікай рызыкай, шукаючы паратунку ад пераследу ці невыноснага жыцця, а траплялі з агню ды ў полымя.

Памятаю перапоўненую камеру ў менскай турме, дзе знаходзілася блізу сотні людзей. Усе яны ўжо «аформленыя» трыбуналамі, цывільнымі судамі, асобай нарадай на розныя немалыя тэрміны. Трывожнае чаканне з дня ў дзень. Разнарадкі затрымліваліся з-за перагрузак улікова-размеркавальных аддзелаў ГУЛАГа. Людзі мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца адзін з адным, распавесці пра няшчасці, якія іх напаткалі. У кожнага - сваё, хоць у чымсьці і агульнае. Склад зняволеных стракаты: ад юнакоў да людзей старэчага ўзросту, ад калгаснікаў да вучоных. Сярод насельнікаў камеры нямала перабежчыкаў з Заходняй Беларусі. Стаўленне да іх звычайна нічым не адрознівалася, бо ўсе былі пазначаныя адным лёсам.

Прыгадваю падлетка гадоў шаснаццаці. Як зараз бачу яго цёмныя, сумныя, разумныя вочы. Ён прыгнечаны крушэннем надзей і бядою, што абрынулася на яго хлапечую галаву. Нарадзіўся і рос у габрайскай сям'і ў Заходняй Беларусі, вучыўся ў польскай школе. Але працягваць навучанне стала немагчымым, відаць, з-за нацыянальнай прыналежнасці. Чуў, што ў Савецкім Саюзе можна ажыццявіць сваю мару. Вось і наважыўся перайсці мяжу, каб вучыцца далей. А тут турма, стандартнае для перабежчыкаў абвінавачванне і працяглы тэрмін. «Вучоба» для яго сталася занадта жорсткай, а магчыма, і пагібельнай. Зараз, праз шмат гадоў, спрабую адгадаць ягоны лёс. Сям'я яго, бясспрэчна, загінула дзе-небудзь у Асвенцыме, ці ў Трасцянцы, ці ў іншым праклятым месцы. А ён, магло стацца, выжыў і вярнуўся ў родны кут, але не знайшоў там родных і блізкіх. А можа, і сам загінуў у сталінскіх лагерах і яго род на ім скончыўся.

Другі - таго ж узросту - беларус. Мяжу пераходзілі паасобку. Да менскай турмы не сустракаліся, у камеры трымаліся разам. Гэты ішоў па слядах старэйшага брата, агента Савецкага Саюза. Навісла пагроза выкрыцця, прыйшлося ўцякаць. Дзе старэйшы брат, малодшаму не давялося даведацца. Следчы адмовіўся дапамагчы яму ў гэтым. Хутчэй за ўсё, старэйшы быў там, куды потым павезлі і малодшага, г.зн. дзе-небудзь у адным з шматлікіх лагераў.

Быў сярод тых, хто ўжо меў тэрміны перабежчыкаў, і польскі салдат з «корпуса памежнай аховы» ў сваёй незвычайнай для нас уніформе. Лёс звёў нас - прадстаўнікоў розных армій, што стаялі па абодва бакі польска-савецкай мяжы. Агульным «прывалам» стала адна і тая ж камера ў Пішчалаўскім замку ў горадзе Менску.

Звяртаў на сябе ўвагу яшчэ адзін перабежчык - сярэдніх гадоў, невысокага росту, заўсёды спакойны, ураўнаважаны, замкнёны - таксама жыхар Заходняй Беларусі. Крыху пазней, адчуўшы да нас, былых вайскоўцаў, прыхільнасць, ён расказаў, што атрымаў тэрмін 10 гадоў зняволення і 10 гадоў далейшай паразы ў правах за пераход мяжы і «шпіянаж на карысць Польшчы». А фактычна ён быў агентам, які доўга працаваў на Савецкі Саюз. Відаць, ён быў не «зоркай» ці асам контрразведкі, а «чорнарабочым» агентуры. Вёў руцінную працу: збіраў другарадныя звесткі, хутчэй статыстычныя, чым уласна агентурныя. Адчуўшы, што дэфензіва натрапіла на яго след, сышоў у Савецкі Саюз у спадзяванні знайсці палітычнае сховішча. Замест гэтага - турма і тэрмін. Мы звярнулі ўвагу на незвычайнасць вынесенага яму прысуду: «10 гадоў зняволення і 10 гадоў паразы ў правах». Звычайна давалі 10 і 5 адпаведна. Акрамя таго, ён быў польскім падданым і ніякіх правоў савецкага грамадзяніна не меў. Яго часта кудысьці выклікалі, тым часам як да астатніх асуджаных следчыя органы ўжо страцілі ўсялякую цікавасць, бо былі цалкам паглынутыя свежымі папаўненнямі. Пазней ён нам расказаў, што пасля суду на яго аказвалі ўціск, каб ён вярнуўся ў Польшчу і працягваў перапыненую справу. Пярэчанні яго былі простыя, зразумелыя і лагічныя. Паводле ягонага пераканання, вярнуцца можна было (хоць і з вялікай рызыкай) праз два-тры дні пасля пераходу мяжы, бо кароткачасовую адлучку можна патлумачыць нашмат прасцей. А пакуль ішла следчая валтузня, фальсіфікацыя абвінавачванняў і суд, прайшло больш за паўгода. Безумоўна, яго працяглая адсутнасць была заўважана дэфензівай. Вяртанне мела б вынікам арышт, што не прынесла б карысці савецкаму боку. Тым не менш на яго вяртанні ў Польшчу працягвалі настойваць, заганяючы ў капкан, што было зусім відавочна.

Слухаючы яго аповяд, мы зразумелі, што ён чакае ад нас парады. Што можна парадзіць у такой сітуацыі? Мы знайшлі даволі простае выйсце: параўналі тое, што ён атрымаў у Савецкім Саюзе, з тым, што мог бы атрымаць у Польшчы. Тым больш што ў камеры знаходзіўся жывы прыклад таго, што мы абмяркоўвалі. Гэта грамадзянін СССР Садоўскі (пра яго гаворка ніжэй), які міжволі стаў двайным шпіёнам. Выкрыты ў Польшчы, ён адседзеў там два гады ў зняволенні і быў перададзены назад у Савецкі Саюз, дзе атрымаў 10 гадоў.

Наш добры знаёмы, як чалавек разважлівы, з двух ліхаў выбраў меншае. Вырашыў, што лепш адседзець 2-3 гады ў турме ў Польшчы, чым 10 гадоў дзе-небудзь на Калыме ці ў іншым гіблым месцы. Пасля чарговага выкліку ён вярнуўся ў камеру з усмешкаю. Праз некалькі гадзін яго выклікалі з рэчамі.

Лёс вышэй памянёнага Садоўскага не менш цікавы і павучальны і разам з тым драматычны. Яму тады было гадоў 30-35. У камеры ён вылучаўся сярод астатніх найперш адзеннем. На ім былі боты з польскага хрому, паліто-рэглан не нашай тканіны і капялюш з невялікімі палямі, арыгінальна заломлены і звычайна ссунуты на вуха. У такой экіпіроўцы ён выйшаў з віленскай турмы Лукішкі незадоўга да з'яўлення ў менскай турме. Ён, як маятнік, нервова хадзіў туды-сюды невялікім праходзе паміж парашай і сваімі нарамі, пра штосьці думаючы і не ўступаючы ў размовы. Мы прымалі яго за ўраджэнца Польшчы і паміж сабой называлі «панком». Аднаго разу ён звярнуўся да нас з просьбай напісаць касацыйную скаргу. Пасля нядоўгіх ваганняў мы згадзіліся і прапанавалі расказаць нам усё, як на духу, каб ведаць, што ў яго справе трэба падкрэсліць, а што зацяніць.

Якім жа было нашае здзіўленне, калі з яго аповяду мы даведаліся, што ён ураджэнец Лагойскага раёна, селянін, што там і зараз жыве ягоная жонка з малымі дзецьмі. Ён і сам не так даўно жыў там разам з сям'ёй на хутары, на водшыбе. Працаваў на зямлі да поту і жыў някепска. Адчайна супраціўляўся патрабаванням уступіць у калгас, цярпеў падатковы прэс, які павялічваўся пасля кожнай выплаты, выконваў гужавую павіннасць, натурпастаўкі, хоць і цяжка было. І ўсё-такі ў 1933 годзе яго даканалі планам пасяўной кампаніі, даведзеным да двара. У сельсавеце падрабязна распісалі, што і колькі сеяць. План быў даведзены да абсурду, абавязалі сеяць тое, чаго не сеялі ні прадзеды, ні дзяды. Плюнуў Садоўскі на гэты план і пасеяў тое, што лічыў патрэбным выключна з гаспадарчай практыкі і разліку. Гэта скончылася для яго бязлітаснай карай. Ён быў прыцягнуты да судовай адказнасці за «зрыў» плана пасяўной кампаніі як «контррэвалюцыйны сабатажнік». Абвінавачванню надалі тэндэнцыйную палітычную афарбоўку.

У тым часе мэтанакіравана практыкаваліся адкрытыя судзілішчы на месцах над ахвярамі, загадзя вызначанымі па ўзгадненні з мясцовымі органамі НКВД, партыйнымі органамі і ўладамі. Хапалі па адным, як ваўкі авечак з статку.Такім чынам наганяўся страх на ўсіх астатніх упартых, якія не жадалі ўступаць у калгасы. Такой ахвярай стаў і Садоўскі. Сталінская феміда вызначыла яму ні многа ні мала 10 гадоў зняволення. Жонка засталася адна з дзецьмі, бездапаможная ў сваім горы.

Садоўскаму было ад чаго прыйсці ў адчай. Ён сядзеў у камеры папярэдняга зняволення пры райаддзеле НКВД, чакаючы этапу ў лагеры. Але аднаго разу яго выклікаў да сябе ўпаўнаважаны райаддзела НКВД і прапанаваў пайсці ў Польшчу, завербавацца і ўкараніцца ў польскую контрразведку, а пасля «кур'ерства» праз мяжу ў Савецкі Саюз прыходзіць да яго (упаўнаважанага) і паведамляць пра атрыманае заданне. Гэтай прапанове папярэднічала спачувальная размова наконт вялікага тэрміну зняволення. Між іншым было сказана, што тэрмін можна і не адседжваць, калі прыняць яго прапанову. Сама прапанова была настолькі нечаканай, што Садоўскі разгубіўся і не ведаў, што адказаць. Пачаліся доўгія ўгаворы, абяцанні дапамагаць яго сям'і, ды так, што яна не будзе адчуваць патрэбы ні ў чым. Абяцалі пад час прыходаў у Савецкі Саюз наладжваць сакрэтныя сустрэчы з жонкаю ды інш. І тым не менш даць згоду адразу не адважыўся. Папрасіў часу на абдумванне прапановы.

Адчайнае становішча, у якое быў загнаны Садоўскі, прымусіла яго пагадзіцца на гэтую прапанову, небяспечную непрадбачанымі наступствамі. У сітуацыі, якая склалася, сям'я яго апынулася ў становішчы заложнікаў. Гэта разумелі абодва бакі-дамоўцы.

Між іншым упаўнаважаным было сказана: «Вельмі важна, каб твая жонка пасля сустрэч умела трымаць язык за зубамі. Інакш будзе дрэнна і табе, і ёй». У гэтым папярэджанні адчувалася недвухсэнсоўная пагроза.

Пасля ўсяго быў праведзены падрабязны інструктаж, як сябе весці, і распрацаваны план фіктыўнага ўцёку з турмы. Згодна з планам, яго канваяваў чырвонаармеец канвойнай службы НКВД. Садоўскі павінны быў пазбавіцца ад чырвонаармейца любой цаной, нават калі гэта будзе каштаваць жыцця апошняму. Канваяваў спецыяльна падабраны малады, неспрактыкаваны, відаць, нядаўна прызваны ва ўнутраныя войскі хлопец. У глухім месцы Садоўскі злаўчыўся і выцяў хлопца так, што той упаў, выпусціўшы вінтоўку. Сам жа, як і прадугледжвалася планам, прыбег у сваю камеру, якая заставалася незачыненай, і ўлёгся на «ложак», як быццам нічога і не адбылося.

Чырвонаармеец неўзабаве апамятаўся і пачаў стральбу, але было позна. Не думаю, што ён атрымаў узнагароду за ўдзел у невядомай яму аперацыі па загадзя распрацаваным сцэнары. Хутчэй за ўсё ён адразу ж трапіў на гаўптвахту, а потым, магчыма, і ў лагер на навуку іншым з тэрмінам трыбунала «за страту пільнасці».

Некалькі дзён наш знаёмы знаходзіўся ў глухой ізаляцыі. А тым часам абвясцілі, што ўцёк «небяспечны палітычны злачынец». Павышаная пільнасць на мяжы суправаджалася ўзмоцненым перамяшчэннем нарадаў, якія вялі пошук. Пра тое, што здарылася, паведамілі ва ўсе сельсаветы, калгасы, членам сельсавета ў вёсках, леснікам. Па ўказанні райкама камсамола былі арганізаваныя камсамольскія групы для дапамогі памежнікам. Усё гэта рабілася пры поўным няведанні праўды ўдзельнікамі аперацыі. Такім чынам Садоўскаму стварылі «бездакорную рэпутацыю» і пачалася «гульня» з польскай контрразведкай. А праз тыдзень на легкавушцы яго падвезлі да мяжы і «блаславілі» на подзвіг у імя савецкай Радзімы.

З'явіўшыся ў Польшчы на «крэсах усходніх» у адным з гмінных мястэчкаў, Садоўскі накіраваўся ў дэфензіву. Яму дазволена было часова натуралізавацца. Ён пасяліўся на прыватнай кватэры і пачаў шукаць працу.

Праз нейкі час яго выклікалі ў дэфензіву да будучага шэфа, які назваў сябе паручнікам Маліноўскім. Пасля знаёмства была зроблена чарговая прапанова «працаваць», але цяпер ужо на карысць Польшчы. Садоўскі адмовіўся, як і было прадугледжана планам, паведаміўшы шэфу, што «там» ён атрымаў дзесяцігадовы тэрмін зняволення і калі пойдзе ў Савецкі Саюз і трапіць у рукі ўладаў, то яго расстраляюць. Паручнік Маліноўскі стаў націскаць на польскі патрыятызм: бальшавікі, маўляў, прыгнятаюць палякаў, а «Жэч Паспаліта» дае ім прытулак і выратаванне, таму кожны паляк павінны паслужыць сваёй «айчыне» як можа. Садоўскі ж быў беларусам каталіцкага веравызнання.

Сёння беларусы-вернікі падзелены на каталікоў і праваслаўных. Каталікі часта атаясамліваюць сваё веравызнанне з польскасцю. А быў час, калі паміж дзвюма хрысціянскімі канфесіямі - каталіцкай і праваслаўнай - існавала трэцяя - вуніяцкая, масавая, якая лічылася мужыцкай. У 1838-1839 гадах «самадзержац усерасейскі, кароль польскі і вялікі князь фінляндскі» Мікалай І вырашыў усіх вуніятаў прывесці ўказам да праваслаўя, бо лягчэй кіраваць адзінаверцамі. Зрабіць тое ж самае з католікамі ён не адважыўся. Нават яму было зразумела, што немагчыма выступаць супраць каталіцтва, лічачы сябе каралём польскім. У становішчы, якое склалася, вуніяты мелі выбар. Здарылася, відаць, так, што мой прадзед пайшоў у царкву, а прадзед Садоўскага - у касцёл.

Паручнік велікадушна даў час падумаць. Пасля шматразовых адмоваў Садоўскі, як і належала па інструкцыі, атрыманай ад упаўнаважанага, урэшце згадзіўся працаваць на карысць Польшчы.

Перш чым паслаць Садоўскага праз мяжу на заданне ў СССР, паручнік Маліноўскі пацікавіўся, дзе жывуць родныя падапечнага. Даведаўшыся, што яго швагер жыве ў Гомелі і працуе на Гомсельмашы, паручнік прапанаваў паспрабаваць яго завербаваць. Звесткі, якія належала здабыць Садоўскаму, насілі, відаць, дубляваны, праверачны характар і хутчэй за ўсё былі ўжо вядомыя польскай контрразведцы. Так бы мовіць, заданне на засыпку.

Перайшоўшы мяжу, ён адразу ж пайшоў да ўпаўнаважанага, як было дамоўлена, і выклаў сутнасць свайго задання. Да сястры і швагра ўпаўнаважаны загадаў не ехаць, а паручніку сказаць, што візіт у Гомель не ўдаўся, бо швагер, член партыі, даведаўшыся пра мэту прыезду сваяка, абурыўся і пагражаў заявіць у НКВД.

Што датычыць іншых агентурных дадзеных, дык яны павінны быць дакладнымі, інакш агент накліча на сябе падазрэнні. Упаўнаважаны даваў гэтыя звесткі Садоўскаму, ведаючы, што яны і без таго вядомыя польскай контрразведцы. Так Садоўскі снаваў паміж двума шэфамі, пакуль яго не выкрылі. Паручнік Маліноўскі аказаўся разумнейшым за нашага оперупаўнаважанага. З нейкіх нюансаў ці пралікаў упаўнаважанага ён зразумеў, што Садоўскі - савецкі шпіён. У адзін з прыходаў у Польшчу яго арыштавалі. На допытах ён ні ў чым не прызнаваўся. Паручнік загадаў правесці над ім экзекуцыю і сам кіраваў ёю. Каманда ішла за камандай: «Падвесіць нагамі ўверх!», «Даць гумы ў пяты!» Арыштаваны траціў прытомнасць, яго адлівалі вадою. Зноў паўтараліся тыя ж пытанні, а затым экзекуцыі. На трэцім заходзе не вытрымаў, прызнаўся. Падпісаў усе патрэбныя паперы, атрымаў тэрмін два гады. Быў этапаваны ў Вільнюс у Лукішскую «вязніцу», дзе і адседзеў свой тэрмін дзень у дзень. Пасля вызвалення Садоўскага зноў даставілі да паручніка Маліноўскага. На развітанне той сказаў: «Што належыць паводле польскіх законаў, ты атрымаў і адседзеў. Цяпер мы цябе афіцыйна перададзім у Савецкі Саюз як грамадзяніна гэтай краіны. Там табе прыбавяць». Як у ваду глядзеў, бо ведаў, пра што казаў.

Перадача адбылася на мяжы з рук у рукі польскімі памежнікамі савецкім памежнікам. Відаць, існавала нейкая дамова паміж Польшчай і СССР. Палякі карысталіся гэтай дамовай хутчэй за ўсё тады, калі савецкі перабежчык не ўяўляў цікавасці. Пра гэта можна меркаваць па перададзеных назад грамадзянах, якія былі ў нашай камеры, акрамя Садоўскага. Пра іх я раскажу крыху пазней, а пакуль закончу гісторыю апошняга.

Савецкія памежнікі прынялі яго з непрыхаванай варожасцю. Але калі ён назваў свайго ўпаўнаважанага і папрасіў даставіць да яго, стаўленне змянілася, бо Садоўскага, як і трэба было чакаць, прызналі за свайго.

Пры сустрэчы з упаўнаважаным у яго кабінеце размова была кароткай.

- Ну што, выкрылі?

- Выкрылі.

- Не вытрымаў?

- Не вытрымаў. Падвешвалі ўверх нагамі, білі гумавымі дубінкамі па пятах. Хіба можна вытрымаць?

- Так, вытрымаць нельга. Ну, пасядзі.

А сам выйшаў з кабінета. Прыйшоў другі і сеў на месца ўпаўнаважанага, паклаўшы перад сабой ліст паперы. Пачаў цікавіцца і запісваць анкетныя дадзеныя. Закончыўшы гэта, задаў першае пытанне: «Дык вось, грамадзянін Садоўскі, якія агентурныя звесткі вы перадавалі польскай контрразведцы?» Садоўскі з жахам зразумеў, што пачалося новае следства. У выніку тыя ж 10 гадоў. Толькі да артыкула «за контррэвалюцыйны зрыў і сабатаж пасяўной кампаніі» далучыўся яшчэ адзін - «за шпіянаж на карысць Польшчы». З гэтым «інтэрасам» ён і сядзеў разам са мною на пачатку 1937 года, калі звярнуўся да нас з просьбай напісаць касацыйную скаргу.

Трэба сказаць, што падаваць касацыйныя скаргі ў тым часе ў вышэйшыя судовыя інстанцыі было небяспечна. Звычайна вынікам гэтага было павелічэнне тэрміну шукальнікам праўды і справядлівасці. Гэтымі мерамі вышэйшыя судовыя інстанцыі спрабавалі спыніць, і небеспаспяхова, масавую плынь касацыйных скаргаў на свой адрас. Такім чынам, той, хто падаваў такую скаргу, вельмі рызыкаваў. Але рызыкаваць мог той, у каго быў нейкі запас тэрміну. З боку Садоўскага такая рызыка была недапушчальная. У яго ж была, як казалі ў турме, «поўная катушка», гэта значыць 10 гадоў (25 гадоў тады яшчэ не прыдумалі). Вышэй за 10 гадоў у той час была толькі «вышка» - расстрэл. Калі Садоўскі зразумеў гэта, то адразу ж завагаўся і перадумаў падаваць скаргу. Потым этапныя дарогі развялі нас у розныя бакі, і пра яго далейшы лёс мне нічога не вядома.

 

«Здраднік» дзед Маеўскі і радзіма-мачыха

 

У менскай турме лёс звёў мяне з непісьменным дзедам Маеўскім, якога не закрануў нават лікбез. Было яму гадоў 65-70, а можа, і болей. Жыў ён да арышту на тэрыторыі савецкага прымежжа ў БССР паблізу мяжы.

Доўгі час пасля Рыжскай мірнай дамовы з Польшчай мяжа была невыразнай і ўяўляла хутчэй дэмаркацыйную лінію. Сяляне хадзілі з Беларусі ў Польшчу і назад апрацоўваць раллю і касіць сенажаці на сваіх землях, якія апынуліся за лініяй мяжы. Гэтаму ніхто не пярэчыў ні ў нас, ні ў Польшчы. Мяжа не ўяўляла сур'ёзнай перашкоды пры кантактах мясцовых жыхароў і пераадольвалася без асаблівых цяжкасцяў.

Памятаю выпадак, калі дзяўчына з маёй вёскі Карзуны Чэрвеньскага раёна пад час польскай акупацыі выйшла замуж за польскага жаўнера і паехала да яго родных. Пазней гэтая мясцовасць адышла ў склад «крэсаў усходніх». Шлюб чамусьці распаўся, і яна, ужо з дзіцем на руках, пайшла ў усходнім кірунку ад вёскі да вёскі. Мяжу перайшла без перашкодаў з касцамі.

Здаецца, толькі ў 1924 годзе пачала працаваць польска-савецкая змяшаная геадэзічная камісія па рэкагнасцыроўцы і ўдакладненні мяжы. Праца была скончана да 1927 года. «Замежныя» землі сялян былі адсечаны і страчаныя назаўсёды. Умовы на мяжы паступова станавіліся больш жорсткімі. Людзі прымежжа з цяжкасцю да гэтага прызвычайваліся. Мяжа рэзала Беларусь па «жывым целе».

У 30-х гадах на значных адрэзках савецкага прымежжа былі пабудаваныя ўмацавальныя раёны, якія працягнуліся ўглыб нашай тэрыторыі. Складаліся яны з сістэмы бетонных дзотаў і капаніраў. Тут жы дыслакаваліся войскі, што абслугоўвалі гэтыя ўмацаванні. Уезд на тэрыторыю прымежжа без дазволу забараняўся. Мясцовыя жыхары мелі пашпарты з штампам «сямікіламетровая памежная зона». Значную частку насельніцтва выслалі пад час раскулачвання і калектывізацыі.

У часе, калі ў камеры менскай турмы лёс звёў мяне з старым Маеўскім, у краіне лютаваў тэрор і самадурства. Нагняталася шпіёнаманія, якая падагравалася судзілішчамі, прэсай, радыё і кіно. Дэманстраваліся фільмы з гучнымі назовамі, да прыкладу «Мяжа на замку», у якіх памежнікі паспяхова ловяць, вядома, з удзелам мясцовых жыхароў, шпіёнаў і дыверсантаў, закінутых на савецкую тэрыторыю.

У жыцці ўсё было крыху іначай. Стары Маеўскі не поўз па-пластунску глухой ноччу. Ён проста ішоў і прыйшоў у Польшчу, а памежныя нарады яго не заўважылі. Дзед Маеўскі распавядаў нам у турме: «Выйду, бывала, у поле, бачу за мяжой званіцу, чую, як звоняць званы. Там, у мястэчку, бывалі кірмашы. Мы заўсёды туды хадзілі. Наважыўся я ў кірмашовы дзень пайсці памаліцца Богу, прычасціцца ды паспавядацца, а потым купіць карову. Узяў вяроўку і пайшоў».

У Польшчы дзеда арыштавалі. Высветлілі, чаго дзед прыйшоў, і без затрымкі перадалі праз мяжу разам з вяроўкай. У нас вяроўку адабралі і пасадзілі. Суд быў несправядлівы, але хуткі. Дзеда прысудзілі паводле новага закону «Аб здрадзе Радзіме» да расстрэлу, але замянілі на 10 гадоў зняволення - улічылі тое, што ў грамадзянскую вайну загінулі два яго сыны.

З-за сваёй неабачлівасці і прастадушнасці дзед Маеўскі ледзьве не стаў і кантрабандыстам. Ён жа намерваўся перавесці праз мяжу ў Савецкі Саюз польскую карову!..

Тут дарэчы сказаць некалькі слоў пра гэты жорсткі закон, згодна з якім быў асуджаны дзед, і пра гісторыю яго ўзнікнення. Як вядома, у 1933 годзе ў Германіі пад час «піўнога путчу» да ўлады прыйшоў Гітлер. Ён не хаваў сваіх дамаганняў і апетытаў, паглядваючы на ўсход. Савецкая дыпламатыя пачала зандаж пазіцый Польшчы. Дачыненні з Польшчай пачалі наладжвацца, што знайшло адлюстраванне ў адпаведнай дамове. Польскі порт Гдыню наведалі нашы ваенныя караблі. Усё ішло добра. Але ў часе стаянкі ў порце тры савецкія ваенныя маракі вырашылі ўцячы ў «панскую» Польшчу. Газеты тады пісалі, што праз пільнасць вахтавага матроса двух беглякоў затрымалі, а трэці ўсё ж уцёк. Пазней ён быў абвешчаны па-за законам.

Можна ўявіць сабе шаленства «бацькі ўсіх народаў», выкліканае гэтым канфузам. Неадкладна быў выдадзены згаданы вышэй закон, абвінавачванне па якім мела вынікам расстрэл, а таксама асуджэнне сваякоў на тэрмін да 10 гадоў зняволення. Ёсць падставы меркаваць, што новы закон апрабоўваўся на злоўленых мараках. «Абкатваўся» ён і на старым Маеўскім.

У тыя гады я праходзіў школу маладога чырвонаармейца ў чацвертым стралковым палку Другой Беларускай дывізіі. У казарме ў нас на прыкметным месцы вісеў той закон, надрукаваны буйнымі літарамі. Першыя праграмныя палітзаняткі з навабранцамі пачыналіся з яго вывучэння. Усе разумелі, што іх бацькі адпаведна гэтаму закону - заложнікі. Характэрна, што ўслед за вывучэннем тэксту закону ішло вывучэнне біяграфіі яго стваральніка - таварыша Сталіна.

Здарылася так, што пад час фармавання этапнага эшалона ў Оршы ў перасыльнай зоне, якая мела сваю спецыяльна пракладзеную чыгуначную ветку, стары Маеўскі трапіў са мною ў адзін вагон цялятніка. У Маскве на Чырвонай Прэсні ўсе мы прайшлі санітарную апрацоўку ў вайсковым санпрапускніку перад далёкай дарогай.

Пасля Масквы пацягнуліся доўгія напаўгалодныя дні падарожжа з нястачай вады і ежы праз усю Расею за Волгу, за Ўрал і далей - праз Барабінскія стэпы ў тайгу, якая гарэла і месцамі ўздоўж чыгункі ўжо моцна выгарала. Часам здавалася, што ёй не будзе канца. Куды нас везлі, ніхто не ведаў. Тры поўныя эшалоны зэкаў, якія выйшлі з Масквы амаль адначасова, выпускаліся на перагоны з інтэрваламі не больш як 15 хвілін. Яны цягнуліся адзін за адным праз усю Сібір, праз Байкальскія тунелі да самага Ўладзівастока цэлых 15 дзён, іншым разам падоўгу стаялі на запасных пуцях буйных станцый.

Колы вагонаў ні ўдзень, ні ўначы не пераставалі наганяць нуду, аднастайна адбіваючы «чачотку», то часцей і гусцей, то радзей і выразней, якая паступова сціхала на станцыях нашых прыпынкаў. Гэты безупынны невыносны перастук з дня ў дзень, што ўрываўся ўнутр вагона праз адчыненыя закратаваныя вокны, адбіваўся ў галаве, як удары малатка. Тужліва і аднастайна цягнуліся дні і ночы, людзей не пакідала трывога, што даўно пасялілася ў іх душах. Усе скарыліся перад сваім лёсам. Нічога сур'ёзнага ў дарозе не здарылася, акрамя толькі таго, што на нашым вагоне, які быў пасярэдзіне саставу, у адным з тунеляў Байкальскай чыгункі быў збіты пражэктар, устаноўлены за межамі дапушчальных габарытаў. Пражэктары ставілі на некаторых вагонах для асвятлення ўначы бакоў саставу, каб папярэдзіць магчымыя ўцёкі ў дарозе. Калі пражэктар стукнуўся аб скалу ў тунелі, канваір, які заўсёды стаяў на кандуктарскай пляцоўцы нашага вагона, страшэнна спужаўся, стаў страляць і крычаць: «Стой! Стой!» Цягнік спыніўся ў тунелі на лічаныя хвіліны, пакуль начальнік канвою не высветліў прычыну трывогі.

Чым далей мы ад'язджалі ад Беларусі, тым большы панічны страх і трывога авалодвалі дзедам Маеўскім. Яго палохала гэтая бясконцая язда і бяскрайнія прасторы зямлі. Упершыню ў жыцці ён убачыў і адчуў, «які вялікі свет». Дзесьці ў падсвядомасці выспявала трывожнае пытанне: ці давядзецца вярнуцца з такой далечы ў родныя месцы? За спіной ужо больш за шэсць дзесяткаў пражытых гадоў, а наперадзе дзесяцігадовы тэрмін зняволення. Якасна новае быццё ён асэнсаваў не адразу. У дарозе стары зразумеў, што яго вязуць «на край свету» і, можа, беззваротна. Разуменне асуджанасці і паступовае знікненне надзеі прыводзілі яго ў адчай. З маладымі такога не было. Дапамагаў зарад аптымізму, уласцівы маладосці, які жывіў ілюзіі і самаабман.

Ва ўладзівастоцкай перасылцы абарочвалася 25-30 тысяч зэкаў, якія чакалі параходаў. Стары Маеўскі ўжо ведаў, што давядзецца плыць морам 2-3 тысячы кіламетраў. Аднак на Калыму ён не трапіў. З зэкаў «другога гатунку» (паводле ацэнак начальства перасылкі і лагерных эскулапаў) камплектавалася працоўнае папаўненне для чатырох саўгасаў, падпарадкаваных Магадану і размешчаных у раёне Ўладзівастока. Прадукцыя саўгасаў пастаўлялася на Калыму дзеля забеспячэння свежай гароднінай шматлікага начальства. Хварэць на цынгу начальству было не да твару. У адзін з такіх саўгасаў і быў накіраваны Маеўскі. На ўладзівастоцкай перасылцы мы з ім развіталіся назаўсёды. Далейшы яго лёс, так бы мовіць, пакрыты цемрай невядомасці.

На адным з чыгуначных перагонаў ў Сібіры да нашых трох вагонаў далучылі чацверты. У ім везлі тылавых апалчэнцаў на будаўніцтва другой каляі Байкала-Амурскай чыгункі.

Да таго часу Кітайска-Усходняя чыгунка, пабудаваная ў Маньчжурыі яшчэ царскім урадам, цалкам перайшла ў рукі кітайцаў. Таму грузы, якія раней велі па ёй ва Ўладзівасток праз Харбін, цяпер перавозілі праз Хабараўск па Байкала-Амурскай чыгунцы. З дарэвалюцыйных часоў яна заставалася аднакаляёвай. Каб павялічыць прапускную здольнасць дарогі, у другой палове 30-х гадоў разгарнулася будаўніцтва другой каляі. Было створана буйное падраздзяленне ГУЛАГа пад назовам БАМЛАГ, з сеткай лагераў на ўсім працягу чыгункі ад Байкала да Ўладзівастока. Гэта была адна з тагачасных «сталінскіх будоўляў камунізму». Там жа акрамя зэкаў выкарыстоўваліся ў якасці працоўнай сілы і тылавыя апалчэнцы. Пра іх варта сказаць падрабязней.

Зараз даволі часта ўжываецца выраз «згортванне нэпа». Мне здаецца, што ён згладжвае вострыя моманты гісторыі і вуалюе саму сутнасць неапраўданага разгрому новай эканамічнай палітыкі, што ўдыхнула жыццё ў 20-х гадах у эканоміку краіны пасля ваеннага камунізму і разрухі. Ініцыятыўныя людзі, якія актыўна ўцягнуліся ў эканамічнае жыццё краіны, аказалася падманутымі, адлучанымі ад сацыялізму. Гэта суправаджалася не толькі дыскрымінацыяй, экспрапрыяцыяй рухомай і нерухомай маёмасці і сродкаў вытворчасці, але і рэпрэсіямі. А быў жа перыяд у 20-х гадах, калі гаспадарчая дзейнасць на аснове аднаасобнай сялянскай гаспадаркі заахвочвалася на ўрадавым і партыйным роўнях усімі сродкамі. Рэкламаваліся лепшыя дасягненні асобных гаспадароў, якія выкарыстоўвалі рэкамендацыі агранамічнай навукі. У Беларусі ставілі ў прыклад гаспадарку культурніка Мароза (з Лепельшчыны), пазней абвешчанага кулаком, раскулачанага і сасланага. Паўсюдна наладзіліся сельскагаспадарчыя выставы, шырока адзначаліся дні ўраджаю з абавязковым прэміраваннем лепшых гаспадароў. Прэміі заслугоўвалі і атрымлівалі не толькі больш заможныя гаспадаркі, але і бяднейшыя. У дапамогу селяніну выдавалася на той час спецыяльная літаратура, наглядная і плакатная прадукцыя, выходзіла перыёдыка тыпу бюлетэня «Сам сабе аграном» ды інш.

Вядома, што такое ажыўленне эканомікі адчувалася ў дробна- і сярэднепрамысловай, а таксама кустарнай вытворчасці, у гандлі, асабліва ў спажывецкім, на аснове прыватнага арцельнага і кааператыўнага прадпрымальніцтва, якое атрымала шырокае распаўсюджанне. Гэтаму спрыяла адпаведная фінансавая і заканадаўчая палітыка дзяржавы.

Але мінулі 20-я гады, калі з боку партыі і ўраду кідалі кліч «узбагачайцеся!», звернуты да народа. Усё гэта было падсечана пад корань палітыка-эканамічным курсам, творцам якога былі Сталін і яго атачэнне. Найбольш актыўная і заможная частка насельніцтва атрымала зусім не бяскрыўдныя ярлыкі «кулак», «нэпман», у якія ўкладваўся палітычны сэнс. На іх пачалося ганенне, што праявілася найперш у пазбаўленні права голасу, якое распаўсюджвалася на ўсіх сямейнікаў. Як бацькам, так і іх дзецям былі зачыненыя ўсе шляхі, дзеля чаго ў кожнай даведцы - пасведчанні асобы ўказвалася гэтак званая класавая прыналежнасць. Мужчыны, што дасягнулі працоўнага ўзросту (20 гадоў), у рэгулярныя войскі не прызываліся. Для іх былі створаны часціны тылавога апалчэння з мэтавым выкарыстаннем у якасці працоўнай сілы («трудармии»). Кантынгент гэтых часцін папаўняўся сынамі нэпманаў, святароў, высланых і яшчэ не высланых кулакоў, падкулачнікаў і іншых людзей, якія існавалі з ярлыком «лишенец». Тылавое апалчэнне займала нейкае прамежкавае становішча паміж страявымі часцінамі Чырвонай арміі і ГУЛАГам.

Абмундзіраванне тылавых апалчэнцаў выглядала не лепш, чым адзенне лагернікаў. Я ўпершыню ўбачыў іх на пачатку 30-х гадоў на будаўніцтве шашы Менск - Магілеў. Яны былі абутыя ў чаравікі на драўлянай падэшве. Іх падраздзяленне нейкі час кватаравала ў Смілавічах. Сярод іх былі сыны мусульманскіх святароў з Сярэдняй Азіі і Казахстана, а таксама праваслаўных папоў. На той час у Чырвонай Арміі насілі доўгія (да пятаў) шынялі. Гэта лічылася «шыкам». Тылавым апалчэнцам, наадварот, выдавалі кароткія шынялі толькі дзеля таго, каб немагчыма было зблытаць «класава чыстых» з «класава чужымі».

Калі дзед Маеўскі даведаўся, што свет бясконцы, дык я пераканаўся ў тым, што свет цесны. Неяк аднаго разу на сібірскай станцыі побач з нашым эшалонам на сумежным пуці спыніўся састаў з тылавымі апалчэнцамі. Такі ж цялятнік, як і наш. З той толькі розніцай, што два першыя вагоны былі пасажырскія. У іх ехалі камандзіры. Такой раскошы канвойная служба нашага эшалона не мела. Ехала яна таксама ў быдлячым вагоне. «Якія самі, такія і сані», як кажа народная прыказка.

У вагоне цягніка (акно ў акно) я ўбачыў аднакашніка па Смілавіцкай сямігодцы Івана Гуза з суседняга Забалоцця. Вёскі нашыя, падзеленыя поймай ракі Волма, знаходзяцца на адлегласці трох кіламетраў. Толькі Забалоцце Менскага раёна, мая ж - Карзуны - Чэрвеньскага. Іван Гуз - тылавы апалчэнец. Становішча яго «прывілеяванае». На акне няма кратаў, ён бесканвойны ці амаль бесканвойны. Я - падканвойны. Вокны майго вагона ў кратах. У кожнага з нас сваё таўро. Ён - сын кулака ці падкулачніка. Я - палітзэк, сын паўінтэлігента, паўселяніна, памерлага паўкалгаснікам.

Жыццё для нас, маладых, сталася жорсткім і бязлітасным, радзіма - мачыхай. Хіба пра такі лёс марылі мы ў бясхмарныя вучнёўскія гады? Тады ў перыёдыцы, публіцыстыцы, мемуарах мы шмат чыталі пра царскую катаргу і ссылку з яе нечалавечымі ўмовамі. Чыталі і «Запіскі з мёртвага дома» Дастаеўскага. Але ніхто з тагачаснай моладзі не дапускаў і думкі, што ў савецкі час, у нашы лепшыя маладыя гады шмат хто з нас будзе раздушаны д'ябальскай машынай сталінскіх рэпрэсій і беззаконня ці забіты і дабіты на жудаснай вайне. Нашаму пакаленню наканавана было выжыць значна парадзелым. Выжыў і я, выжыў і Іван Гуз. Мы вярнуліся ў родныя мясціны. Зрэдку сустракаліся і ўспаміналі пра даўнія нягоды. Ён працаваў лінейным манцёрам на тэлеграфнай лініі сувязі, што ішла ўздоўж Магілеўскай шашы. Аднойчы зваліўся з падгнілага драўлянага слупа, што адбілася на яго здароўі. Я ж да выхаду на пенсію працягваў працаваць у геалагічнай службе Беларусі.

Прыкладна на палове шляху паміж Масквой і Ўладзівастокам мы прайшлі яшчэ адну санітарную апрацоўку. Гэта адбывалася, здаецца, на станцыі Марыінская, дзе размяшчаўся Сіблаг - цэнтр буйнога падраздзялення ГУЛАГа. На сумежным пуці побач з нашым эшалонам стаяў спецыялізаваны санцягнік Сіблага, дзе была вашабойка, лазня і ўсё іншае.

Першымі на санапрацоўку павялі жанчын з вагона, счэпленага з нашым. Гэта былі евангелісткі-баптысткі. На прыпынках мы часта чулі, як яны спяваюць псалмы. Іх адправілі па этапе аддаць жыццё за веру.

Калі мыліся жанчыны, уся блатная зграя абслугі і канвою, праяўляла да гэтай працэдуры нездаровую цікавасць. Канвой узмоцнена «пільнаваў», быццам голыя жанчыны маглі кінуцца наўцёкі.

Прагнучы сексуальных узбуджэнняў, уся гэтая зграя сцягвалася сюды, прыдумляючы на тое розныя прычыны, каб задаволіць сваю пажадлівасць шляхам нахабнага сузірання голых жаночых целаў.

Аднаго разу, лежачы на верхніх нарах вагона, я, незаўважаны, назіраў за адным з канвойных, выстаўленых паміж цягнікамі. Ён уздымаўся на дыбачкі і моцна выцягваў шыю, каб зазірнуць у запацелае ваконца санцягніка, дзе мыліся жанчыны. Я паклікаў канвойнага і дзекліва параіў яму паглядзецца ў люстэрка, запэўніўшы, што ён убачыць тое ж, што шукае вачыма ў санцягніку. Калі я страціў да канвойнага цікавасць і перастаў звяртаць на яго ўвагу, ён, падабраўшы зручны момант, уваткнуў у акно штык вінтоўкі, але прамахнуўся.

Умовы існавання зняволеных у лагерах былі даведзены лагерным самадурствам да крайніх межаў. А жанчынам-вязням было нашмат цяжэй, чым мужчынам. І справа не толькі ў тым, што жанчына фізічна слабейшая. Біялагічная роля жанчыны, вызначаная прыродай, ускладняла яе жыццё ў няволі амаль на кожным кроку. Жанчына-зняволеная была абсалютна безабаронная. Умовы паднявольнага лагернага жыцця, тупіковыя, часта штучна створаныя сітуацыі, у якіх яна апыналася, сутыкалі жанчыну з дамаганнямі, ставілі перад фактамі шантажу, гвалту, схілення да сужыцця. Яе бяспраўнасцю і безвыходнасцю становішча карысталіся не толькі ўладныя людзі, але і ўсялякая крымінальная дрэнь, што жыла па-лагернаму прывольна. Неадлучнай часткай жаночых лагераў звычайна былі дзіцячыя «дамы»-баракі, у якіх утрымлівалі дзяцей з няшчасным лёсам, зачатых і народжаных у лагернай зоне па-за шлюбам. Лепш за ўсё пра гэта напісана самімі жанчынамі, якія прайшлі праз лагернае пекла. Я маю на ўвазе найперш Яўгенію Гінзбург - аўтара мемуараў «Круты маршрут», апублікаваных часопісам «Даугава» (1988 г.), і Хаву Валовіч, успаміны якой пад назовам «Пра мінулае» надрукаваныя ў штомесячніку «Горизонт» (№2 за 1989 г.). Не абышла гэтае пытанне ў сваіх публікацыях і наша беларуская пісьменніца Ядзвіга Бяганская.

 

Іншыя насельнікі менскай турмы

 

Вяртаючыся ва ўспамінах да асяроддзя, якое было сабранае ў менскай турме, варта адзначыць, што прадстаўнікі нашай агентуры ў Польшчы сустракаліся там даволі рэдка. Часцей гэта былі члены КПЗБ, якія ўцякалі ад ганенняў і арыштаў. Рэпрэсіі раскідалі іх з нашымі тэрмінамі па ўсёй неабсяжнай краіне, аж да Калымы. Сярод іх апынуліся і члены ЦК КПЗБ і КПП.

Пра лёс аднаго з членаў ЦК КПП я даведаўся на Калыме з трэціх вуснаў. Гаворка ідзе пра Юзэка Чарнага. Гэта было ў гады Другой сусветнай вайны. Да таго часу я ўжо адбыў свой тэрмін і працаваў па вольным найме. Адзін мой новы знаёмы, даведаўшыся, што я беларус, перадаў мне вусны аповяд Юзэка Чарнага, з якім ён адбываў тэрмін на адным з лагпунктаў. На вялікі жаль, я не памятаю назову лагпункта, дзе Юзэк Чарны наўрад ці дажыў да вызвалення. Мой знаёмы перадаў гэты аповяд як споведзь асуджанага, які пад цяжарам лагерных нягод ператварыўся ў «дахадзягу».

Страціўшы надзею застацца жывым, Юзэк Чарны без усялякага ўтойвання, праўдзіва і шчыра расказаў пра свой лёс майму знаёмаму.

У першай палове 30-х гадоў польская палітычная паліцыя - дэфензіва пранікла ў падполле КПП і правяла масавыя арышты. Быў арыштаваны і Юзэк Чарны. Яго дапытваў сам начальнік дэфензівы. У рэшце рэшт ён прапанаваў Чарнаму пайсці да іх на сакрэтную службу, гэта значыць стаць даносчыкам. Той з абурэннем адмовіўся. Такія прапановы рабіліся ўсім арыштаваным. Прапанова Чарнаму гучала прыблізна так: «Юзэк! Ты разумны чалавек. Нашто табе гэты рэвалюцыйны рух? Плюнь на гэта і ідзі працаваць да нас». Пасля катэгарычнай адмовы начальнік палітпаліцыі сказаў наступнае: «Як хочаш. Але не забывай, што ты ў нашых руках. Што захочам, тое і зробім з табой. Мы можам цябе павесіць або асудзіць на доўгі тэрмін. Але мы так не зробім, бо гэта выкліча масавыя пратэсты, дэманстрацыі, а можа быць, і страйкі. А гэта лішняя і непатрэбная нам праца. Мы зробім прасцей: выпусцім цябе з турмы. Іншыя будуць сядзець, а цябе адпусцім. Але памятай, Юзэк, трапіш урэшце паміж молатам і кавадлам». Як сказаў, так і зрабіў. Чарны апынуўся на волі і мог жыць легальна.

Такі тактычны прыём дэфензівы выклікаў падазрон, насцярожанасць і недавер з боку тых камуністаў, якія змаглі пазбегнуць арыштаў. Яму не паведамлялі адрасы явак. У такім двухсэнсоўным становішчы Чарны знаходзіўся нейкі час у Польшчы, пакуль яго не выклікалі ў Маскву, у Камінтэрн. Пасля прыезду ў Маскву ён быў арыштаваны і апынуўся пад следствам. Абвінавацілі ў супрацоўніцтве з дэфензівай.

Чарны падрабязна расказаў следчаму пра прапанову начальніка дэфензівы і пра яго пагрозу. Даказваў, што гэта была правакацыя органаў Польшчы, разлічаная на тое, каб расправіцца з ім рукамі НКВД. Нічога не дапамагло. У выніку 10 гадоў зняволення, якія давялося адбываць на Калыме. Можна быць амаль упэўненым, што ён, як і сотні тысяч іншых, застаўся там навечна.

Я ніколі раней не чуў пра Юзэка Чарнага. Мой знаёмы, які пераказаў мне гэтую гісторыю, паведаміў, што Юзэк Чарны - гэта партыйная мянушка, а вось сапраўднае яго прозвішча ён забыўся. Пасля вяртання з Калымы я не адразу змог упэўніцца ў тым, што сапраўды быў такі член ЦК КПП, бо мне не трапляла ў рукі літаратура па гісторыі КПП і КПЗБ. І толькі калі пры канцы 60-х ці напачатку 70-х гадоў я набыў кнігу «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі» (Менск, 1966), то пераканаўся, што Чарны - рэальная асоба. У гэтай кнізе ў паказальніку імёнаў насупраць прозвішча «Я.Пашын» у дужках стаіць «Чарны». На старонцы 116 гэтай кнігі ўпершыню згадваецца яго прозвішча ў сувязі з тым, што на ІV канферэнцыі Камуністычнай партыі Польшчы, якая праходзіла ў Маскве ў 1925 годзе, ён быў абраны членам ЦК. У гэтай жа кнізе паведамляецца, што ён выбіраўся членам ЦК і на ІV з'ездзе КПП у 1927 годзе, і на VI з'ездзе ў 1937 годзе.

Другой кнігай, з якой я ўзяў дакладныя звесткі пра Я.Пашына (Чарнага), была кніга М.С.Арэхвы, былога члена ЦК КПЗБ, «Дела и люди КПЗБ. Воспоминания» (Менск, 1983). Ён паведамляе, што пазнаёміўся з Я.Пашыным на ІV партыйнай канферэнцыі КПП. У 1932 годзе пад час абмену паміж СССР і Польшчай праз станцыю Коласава на савецкую зямлю ў ліку сарака вязняў адразу з турмы прыбыў і Я.Пашын. З кнігі вядома, што яшчэ ў 1936 годзе Я.Пашын быў дэлегатам КПП на VІІ кангрэсе Камінтэрна, які праходзіў у Маскве. Гэта апошняе згадванне ў кнізе пра Я.Пашына. З прычыны лаканічнасці звестак не прасочваецца яго далейшы лёс, як і шмат іншых членаў ЦК КПП і КПЗБ, пазней рэпрэсаваных у СССР. Будзем спадзявацца, што гэты прагал калі-небудзь запоўніцца.

Калі быў напісаны апошні радок, пра Чарнага высветлілася яшчэ сёе-тое. Я набыў кнігу «Адкрываючы новыя старонкі. Міжнародныя пытанні: падзеі і людзі» («Открывая новые страницы. Международные вопросы: события и люди») (Масква, 1989). У ёй змешчаны артыкул Ф.І.Фірсава і І.С.Яжбароўскай «Пад дыктоўку Сталіна» (пра рэпрэсіі супраць Камуністычнай партыі Польшчы). На старонцы 388 напісана літаральна наступнае: «Апошні член Палітбюро ЦК КПП, які застаўся на волі, прадстаўнік партыі пры ВККІ Бялеўскі (Я.Пашын) быў арыштаваны 11 верасня 1937 г.» Значыць, Юзэк Чарны, Я.Пашын, Бялеўскі - адзін і той жа чалавек. Пазначаная дата арышту ў названай кнізе была канцом яго палітычнай дзейнасці і пачаткам крыжовай дарогі ў ГУЛАГ, якая скончылася на Калыме.

Сярод насельнікаў той жа камеры ў менскай турме, пра якіх я расказваў вышэй, знаходзілася група моладзі. Гэта грамадзяне СССР, жыхары Савецкай Беларусі, студэнты польскай секцыі Менскага вышэйшага педінстытута (ВПІ). Па адной справе з імі праходзілі і настаўнікі польскіх школаў рэспублікі. Вось прозвішчы некаторых студэнтаў: Краеўскі, Весцімберг, Цымбарэвіч, Шэфлер, Рыдзеўскі, Чарнышэвіч. Сярод настаўнікаў Зуеў і іншыя. Усе яны абвінавачваліся за ўдзел у «контррэвалюцыйнай польскай буржуазна-нацыяналістычнай арганізацыі» і іншых «грахах». Становішча Васіля Зуева ва ўсёй гэтай справе было найбольш кур'ёзным. Па нацыянальнасці ён расеец. Пад час голаду ў Паволжы ў 1921 годзе асірацеў і апынуўся ў асяроддзі беспрытульнікаў. Быў падабраны і ўладкаваны нейкім прыдуркам, апанаваным ідэяй інтэрнацыяналізму, у польскі дзіцячы дом. Яго згоды на гэты конт не пыталіся. У дзетдоме Зуеў даволі лёгка авалодаў польскай мовай. Там скончыў польскую школу, што заахвоціла яго паступіць у польскі педагагічны тэхнікум і стаць настаўнікам. Гэта і прывяло яго ў 1936-1937 гадах на лаву падсудных. Ён без усякага сумневу быў абвінавачаны ў польскім нацыяналізме і асуджаны.

Польская секцыя ВПІ пасля арышту студэнтаў перастала існаваць. Пачалі зачыняцца і польскія школы. Дзеля гэтага не патрэбныя былі ўрадавыя загады і распараджэнні. Даволі было арышту настаўнікаў, каб школы самі па сабе перасталі функцыянаваць. Гэтакай была праславутая сталінская нацыянальная палітыка. Прыкладна такі ж лёс напаткаў і габрайскія школы. Пасля Другой сусветнай вайны нацыянальныя польскія і габрайскія школы не аднаўляліся. Дайшла чарга і да беларускіх школаў. Паціху, без лішняга шуму іх пераводзілі на расейскамоўнае выкладанне, ні ў кога не пытаючыся згоды.

Памятаю такі выпадак. Аднойчы гадоў 15-20 таму я ехаў з Менска па службовых справах у Мір. У аўтобусе выпадкова пачуў размову двух мужчынаў, якія сядзелі ззаду. Адзін з іх, відаць, жыхар Карэлічаў, скардзіўся другому, што дырэктар іхняй сярэдняй беларускай школы выклікаў бацькоў і дамагаўся ад іх пісьмовых заяваў з просьбай перавесці выкладанне прадметаў на расейскую мову. Ён імкнуўся пераканаць бацькоў, што беларуская мова не мае перспектывы, што без яе лягчэй паступіць у ВНУ і г.д. Калі суразмоўца запытаўся: «Адкуль гэты дырэктар?», першы адказаў: «Валацуга са свету». Гэты дырэктар рабіў подласці, крывіў душою адпаведна з тагачасным тэлефонным дырэктыўным устаноўкам партыі, якія не пакідалі следу на паперы, але афіцыйна выявіліся ў прапаганднай балбатні пра «слияние наций».

Студэнты польскай секцыі ВПІ расказвалі, што да іх у інтэрнат быў падселены старонні студэнт, які вучыўся на аддзяленні замежных моваў. Быццам яму ў сваім інтэрнаце не хапіла месца. Яны не здагадваліся, што гэты студэнт быў сексотам НКВД, і зразумелі гэта толькі пад час следства.

Студэнт Весцімберг да арышту ўзначальваў камсамольскую арганізацыю польскай секцыі ВПІ. Ён распавядаў, як следчы патэтычна ўсклікаў: «Мы не дазволім контррэвалюцыі скампраметаваць і дыскрэдытаваць камсамольскага важака», і зусім не бянтэжыўся ад таго, што астатнія арыштаваныя па гэтай справе таксама камсамольцы. І тут жа заклікаў праявіць палітычную сталасць, дапамагчы органам у выкрыцці «ворагаў народа, што сплялі гняздо контррэвалюцыі ў студэнцкім асяроддзі». Калі ж задума следчага не знаходзіла водгуку ў свядомасці Весцімберга, яго пераводзілі на «стойку» або прымушалі «шукаць пяты кут» у кабінеце, дзе праходзіў допыт.

З адным з групы асуджаных студэнтаў польскай секцыі ВПІ мне наканавана было прайсці сваю крыжовую дарогу разам. Ім быў Віктар Іванавіч Цымбарэвіч, родам з Шклоўшчыны, з вёскі Аляксандраўка. Ён вылучаўся сярод іншых высокім ростам, прыгожай паставаю, фізічнай сілай. Прыгожы, вельмі спакойны, нават крыху сарамлівы, даволі адукаваны, культурны, ён заўжды аказваў на ўсіх, хто з ім сутыкаўся, вельмі добрае ўражанне. Увесь этапны час нас абодвух суправаджаў «алфавітны лёс». Што гэта за лёс - растлумачу. Пачатковыя літары нашых прозвішчаў «Ц» і «Ш» у алфавіце «стоят почти что рядом». Зусім як у Маякоўскага з Пушкіным. Шматлікія ўлікова-размеркавальныя аддзелы ГУЛАГа (УРА, УРЧ), праз якія працякала незлічоная маса зняволеных, у тасоўцы іх, асабліва новых, карысталіся толькі алфавітам. Такім чынам алфавітны лёс прывёў нас разам аж на канцавы лагпункт «Камандзіроўка Чалюскін» за 600 км на поўнач ад Магадана ў басейн ракі Калыма, у даліну ракі Хатыннах. Там належала нам распачаць «размотванне» сваіх тэрмінаў. На першым часе мы нават працавалі разам у адным звяне брыгады па здабычы золата. Мой тэрмін быў карацейшы, чым тэрмін Віктара, а таму я раней развітаўся з абрыдлай зонай. Гэтая акалічнасць развяла нас назаўсёды.

У той жа камеры менскай турмы перад этапным стартам знаходзіліся і працаўнікі Белдзярждруку - пачынаючы ад наборшчыка і заканчваючы чамусьці галоўным мастаком. Пасадзілі іх за нейкую памылку друку, расцэненую як ідэалагічная дыверсія, нягледзячы на тое што далей сігнальнага паасобніка гэтая памылка не пайшла. Казалі, быццам пры друкаванні твораў Маякоўскага радок у вершы «Я волком бы выгрыз бюрократизм» быў надрукаваны ў наступным выглядзе: «Я волком бы выгрыз бюро крайкома».

Нешта падобнае адбылося з рэдакцыяй краснадарскай «Красной газеты». Калі мяне пасля арышту пасадзілі ў сутарэнне Краснадарскага ўпраўлення НКВД, у камеры я сустрэў амаль увесь склад рэдакцыі краявой газеты. Зноў-такі падвёў наборшчык. У гірляндзе эпітэтаў «великий, мудрый» і г.д., нагрувашчаных перад імем Сталіна, у слове «мудрый» ён памылкова набраў літару «н» замест «р». Бясспрэчна, гэтая памылка каштавала ім дорага.

Сядзеў разам са мною ў менскай турме ў той жа камеры супрацоўнік Беларускага гістарычнага музея (прозвішча не памятаю) за арганізацыю экспазіцыі, прысвечанай легендарнаму Гаю. Зразумела, экспазіцыя была створана задоўга да абвяшчэння Гая «ворагам народа». Пасля гэтага ніхто не рызыкнуў бы, ведаючы становішча ў краіне, папулярызаваць імя і заслугі героя грамадзянскай вайны. Органы канфіскавалі экспазіцыю з музея і знішчылі яе. Аднак нейкі службіст-энкавэдэшнік дакапаўся, відаць, не без дапамогі даносчыкаў, да таго, хто ствараў экспазіцыю. Такім чынам, чалавек пацярпеў за тое, што не валодаў здольнасцю прадбачання і не змог наперад угадаць, якая палітычная трансфармацыя адбудзецца з славаю Гая.

 

Сіла і слабасць крэўных сувязяў

 

У той жа камеры менскай турмы, дзе мы сядзелі, чакаючы этапнай разнарадкі, сядзеў былы студэнт Карасік, па нацыянальнасці габрай. Ён быў маленькі, нейкі нягеглы, кволы, нядужы. Відаць, быў блізарукі, пра што сведчылі лінзы акуляраў, што павялічвалі ягоныя вочы і рабілі іх вірлатымі. Разам з гэтым розуму ён быў незвычайнага. Большай неадпаведнасці паміж фізічнымі і разумовымі магчымасцямі мне не давялося бачыць. Разважаў ён своеасабліва. Начытаўшыся Гейнэ, ён верыў у геній нямецкага народа, які, паводле яго меркавання, перагародзіць дарогу фашызму. Сваімі разважаннямі Карасік выклікаў эмацыйныя пярэчанні тых, хто ў гэтым разбіраўся лепей. Яго не пераканала і тое, што ўжо тады на плошчах нямецкіх гарадоў пачалі палаць вогнішчы з кніг Гейнэ ды іншых, набіраў пачварную сілу антысемітызм.

Калі наш быдлячы цягнік рушыў з тупіковай веткі аршанскай перасыльнай турмы ў кірунку «столицы мира - сердца нашей России» Масквы, сястра Карасіка, запрыкмеціўшы вагон, у якім везлі брата, рынулася следам. Яна рознымі цягнікамі апярэджвала наш і на буйных станцыях ужо чакала нашага прыбыцця. Літаральна падала на штыхі канвою, каб выгукнуць некалькі словаў у закрачанае вакно вагона. Яе адганялі, абражалі канваіры. Яна не звяртала на іх увагі. Карасіку дапамагалі ўзабрацца на верхнія нары, пускалі да вакна. Яны (брат і сястра) замілавана з сумам глядзелі адно на аднаго. Вочы іх слязіліся. Сястра крычала брату:

- Мама паехала ў Маскву! Яна даможацца прыёму ў Кагановіча! Не хвалюйся! Мы цябе здымем з этапа!

Калі наш цягнік спыніўся ў Маскве на Краснай Прэсні для санапрацоўкі, да вагона падышлі маці, сястра, начальнік канвою і нейкі чалавек у белым халаце. Начальнік канвою адсунуў дзверы вагона і выклікаў Карасіка. Мы з ім развіталіся назаўсёды, пажадаўшы яму волі.

Я іншым разам думаю пра лёс гэтага хлопца. Што з ім было далей? Волі ён не мог убачыць, хоць мы шчыра жадалі яму гэтага. Такое было немагчыма, неверагодна. Можа, ён адбываў свой тэрмін у Менску, працуючы на вытворчым двары турмы? А далей што? Далей вайна і акупацыя Менска. А да гэтага? Эвакуацыя палітвязняў турмы і расстрэл дзе-небудзь па дарозе на ўсход. Немцы ж насядалі, а выпусціць ахвяр з сваіх кіпцюроў органы не хацелі. Быў жа на той час багаты вопыт Курапатаў, Катыні ды іншых зладзействаў.

Усё гэта ў той час было магчыма. Карасік мог злажыць свае дробныя косці і побач з маім родным раённым цэнтрам Ігуменам (Чэрвенем) - у цагельні ябо яшчэ дзе-небудзь. А калі яму ўсё ж удалося нейкім чынам застацца ў Менску або вярнуцца ў яго, то далей просты шлях ішоў у гета. Фінал там такі ж. Ці паспеў ён упэўніцца ў ілюзорнасці гуманістычнай сілы нямецкага генія перад фашызмам?

У тыя гады часта здаралася, што чалавек, вырваўшыся з лапаў адной канібальскай сістэмы, трапляў у кіпцюры або ў абдымкі другой. Тады, калі студэнта Карасіка везлі на «вакацыі» ў ГУЛАГ, класава раз'юшаная карная сістэма ў асобе НКВД, падмяўшы пад сябе свой народ, азвярэла абяскроўлівала яго рэпрэсіямі, расстрэламі. Узброеная ідэалогіяй бальшавізму, яна праводзіла генацыд адкрыта. Тэарэтычныя абгрунтаванні тэрору і генацыду цягнуцца каранямі ў дарэвалюцыйны час. Яшчэ тады ў хворых мазгах расейскай сацыял-дэмакратыі ды іншых аднамасных партый камуністычнай плыні ўзнікалі канібальскія апетыты. Для ілюстрацыі падаю вытрымку з кнігі В. А. Пасе (хаўруснік А.М.Горкага па выдавецкай дзейнасці) «Мой жизненный путь», выдадзенай у 1929 годзе. Там, дзе аўтар спыняецца на перыядзе 1905-1906 гадоў, ён піша пра сына А.М.Энгельгарда - Міхаіла. Бацька Міхаіла - уладальнік маёнтка «Батищево» - прагрэсіўны памешчык, аўтар «Писем из деревни». В.А.Пасе пісаў (падаю на мове арыгінала): «Михаил, болезненный и с виду искаверканный, из народников превратился в максималиста. Он стоял за революционный захват крестьянами помещичьих земель, рабочими - фабрик и заводов и был сторонником массового красного террора. Он даже высчитал, что для укрепления социалистического строя в России необходимо уничтожить не менее двенадцати миллионов контрреволюционеров, к которым он причислял кулаков и почти всех казаков, не говоря уже о помещиках, банкирах, фабрикантах и попах». Можна падумаць, што гэта - блюзненне нейкага вар'ята. Зусім не. І далей: «Эта теоретическая кровожадность сочеталась у Михаила Александровича с величайшей личной незлобливостью. Не много я встречал таких добрых, отзывчивых тружеников, как он. Работал он с утра до поздней ночи, переводя для Павленкова (выдавец. - В.Ш.) книги самого различного содержания с разных языков, которые он прекрасно знал, писал статьи по самым различным вопросам, перерабатывал небольшой энциклопедический словарь и т. д.»

Як бачым, «теоретическая кровожадность» - прадукт канібальскай камуністычнай ідэалогіі, якая нават рахманае цяля здольная ператварыць у драпежніка. А калі апантаны гэтай ідэалогіяй чалавек носіць у сабе генетычныя задаткі садыста, памножаныя на абсалютную неабмежаваную ўладу?.. Гістарычная практыка дваццатага стагоддзя паказала жудасныя праяўленні «теоретической кровожадности», матэрыялізаванай матэрыялістамі неаднойчы. Яна высунула такія постаці, як Ленін, Сталін, Мао Цзэдун, Полпот ды іншыя. Гэта ўжо не 12 мільёнаў нявінных ахвяраў, а напэўна, у 10 разоў больш.

Шэраг партый і фракцый адной афарбоўкі выйшлі з чэрава «Народнай волі». Далей разбрыліся, блукаючы па розных ідэалагічных шляхах, па-рознаму тлумачачы «учение основоположников», не грэбучы ў практычнай дзейнасці і тэрорам. Тасуючы ідэалагічныя карты, часта перагрупоўваліся і ўрэшце станавіліся лютымі ворагамі паміж сабой, нібы нашчадкі, што не падзялілі спадкі. Максімалісты былі фракцыяй у партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, імкнучыся да сацыялізму праз масавы тэрор як аснову сваёй дзейнасці. У 1920 годзе фракцыя распалася. Бальшыня яе членаў уступіла ў РКП(б). Відаць таму, што дзейнасць бальшавікоў у асобе ВЧК імпанавала ім, адпавядаючы іх ідэалам. Таму яны стараліся трапіць на працу ў гэты орган, дзе маглі рэалізаваць сваю «теоретическую кровожадность», садзячы ў вастрогі, расстрэльваючы і сваіх былых аднапартыйцаў, асабліва правых эсэраў. Калі ж бальшавікі разгарнулі новую хвалю масавага тэрору пры канцы 20-х і 30-х гадоў, надышла і іх чарга. Сталін не мог дараваць ім былое членства ў партыі эсэраў і яны пайшлі пад «вышку» або этапамі ў палітізалятары ды зоны ГУЛАГа разам з членамі сваёй былой ды іншых партый. Зараз, відаць, яны трапілі ў лік тых 20 тысяч чэкістаў, што, згодна з статыстыкай КГБ, апынуліся ў зонах ГУЛАГа, быццам бы пярэчачы канібальскай палітыцы Сталіна. А ўзапраўды асуджаліся як «враги народа, пробравшиеся в органы и в ВКП(б)».

На этапных скрыжаваннях і ў лагерах мне не раз даводзілася сутыкацца як з эсэрамі, так і з бальшавікамі. Апошнія траплялі ў канцлагеры ГУЛАГа праз схільнасць бальшавізму да самажэрства. Кідалася ў вочы тое, што эсэры вылучаліся вышэйшым інтэлектам і адукаванасцю. Відаць, у іх партыю трапляла больш інтэлігенцыі і мала люмпенаў ды басякоў ці проста дурняў.

Гістарычны працэс паказаў, што гуманістычны геній і расейскага народа таксама стаўся бездапаможным перад навалай бальшавізму, перад практыкай увасаблення «теоретической кровожадности» ў дачыненні да свайго народа. Падкрэсліваю: менавіта да свайго народа. Толькі гэтым і адрозніваецца бальшавізм ад фашызму. У астатнім яны мелі крэўную злавесную сувязь, тоеснасць і падабенства, асабліва ў спосабах ажыццяўлення сваіх злачынных задум, тлумілі людзям галовы, што будуюць сацыялізм, адны - нацыянальны, другія - інтэрнацыянальны, адны спадзяваліся на крупаўскую зброю, другія - на «мировую революцию», экспартуючы яе праз трэці інтэрнацыянал.

Носьбіты канібальскіх тэорый, захапіўшы ўладу ў сваіх краінах у 1917 і ў 1933 гадах, стварылі дзве супрацьлеглыя мілітарысцкія таталітарныя дзяржавы. Тым часам бальшавізм, страціўшы надзею на «мировую революцию», таксама ўзяўся за зброю. На пэўным этапе, адчуваючы крэўную сувязь, яны змовіліся супраць астатніх дзяржаў і пачалі падмінаць пад тракі сваіх танкаў суседнія краіны, нават не заўсёды ставячы над імі сваіх марыянетак. Пасля 1939 года ў савецкіх школах паявіліся новыя геаграфічныя карты, на якіх цераз усю карэнную Польшчу было напісана: «Сфера государственных интересов Германии». Надпіс «Польшча» адсутнічаў.

Нават пры ўмовах падзелу паміж імі «сфер влияния, сфер интересов» мір паміж імі доўга трываць не мог, бо абедзве агрэсіўныя дзяржавы квапіліся на ўвесь свет. Ні больш, ні менш. Яны драпежна, прагна паглядалі мілітарнымі вачыма адна на адну, рыхтуючыся да смяротнай схваткі, што неўзабаве і адбылося. У гэтым выпадку крэўныя сувязі пад увагу не браліся. Адна дзяржава павінна была легчы касцьмі, што выпала на долю Германіі. Як вядома, перамагла кааліцыя бальшавіцкай дзяржавы з дэмакратычнай Эўропай ды Амерыкай. Нацыянал-сацыялізм сышоў з гістарычнай сцэны, знік з твару зямлі. Застаўся толькі бальшавіцкі сацыялізм з ранейшай прагнай, але марнай надзеяй авалодаць усім светам. Па-ранейшаму не браліся пад увагу ўтапічнасць ідэй, тупіковасць і тупасць практыкі іх ажыццяўлення ў сябе ў краіне.

Бальшавізму таксама наканавана знікнуць, што мы зараз і назіраем, бо ён не вытрымаў і не мог вытрымаць гістарычнага экзамена як з'ява штучная, антычалавечая. Зарадзіўся ён у Расеі. У ёй жа ў першую чаргу пачаў знікаць, пацягнуўшы за сабой разбурэнне таталітарнай каланіяльнай імперыі. «Россия отвечает сама за себя. Большевизм - ее собственный грех. Освобождение от него - ее подвиг». Так сказаў не які-небудзь «инородец». Так сказаў Фёдараў - праўдзівы, шчыры расейскі чалавек, у душы хварэючы за лёс расейскага народа.

 

«Наваселле»

 

Хатыннах... У гэтым назове ракі ёсць нешта злавеснае, як і ў назовах Хатынь, Катынь.

На працягу даволі доўгай геалагічнай гісторыі рака Хатыннах выпрацавала сабе паміж сопак глыбокую даліну ў сістэме вадазбору левага ўзбярэжжа верхняй плыні Калымы. Уразаючыся ў тоўшчу гліністых сланцаў, яна адгалінавала ад сябе шматлікія бакавыя даліны, якія тут называюць распадкамі. Раку жывяць ручаі, што цякуць па распадках, заціснутыя падножжамі сопак. Ручаі на Калыме называюць «ключамі». Значную геалагічную працу прырода ўсклала на гэтыя ручаі. У няспынным працэсе пераўтварэння краявіду яны паволі заглыбляюцца ў каменныя пароды. Тальвегі распадкаў, якімі з'яўляюцца рэчышчы ручаёў, парожыстыя, яны крута паніжаюцца ў бок вусцяў. Пасля дажджоў па іх нясуцца ў даліну Хатыннаха шалёныя мутныя струмені ўспененай вады, перамешанай з пяском, жвірам, галькай, каменнем розных памераў, карчамі. Гэта - адно з шматлікіх абліччаў вадзяной стыхіі, вядомае пад назовам «селі, селевыя плыні». У такія часіны працэс уразання ручаёў, распрацоўка далін распадкаў ідзе найбольш інтэнсіўна. Недзе там, паміж сопак, ручаі ў мінулым уцягнулі ў вечны ход разбурэння і пераўтварэння кварцавыя залатаносныя жылы, выслабанілі метал і вынеслі яго ў даліну Хатыннаха, дзе рака выслала яго па ўсёй раўдані рэчышча, расцягнуўшы на дзесяткі кіламетраў, ды схавала гэты скарб, засыпаўшы сваімі адкладамі. Так утварыліся багатыя россыпы ракі Хатыннах.

На пачатку трыццатых гадоў у гэтых мясцінах з'явіліся геолагі і выявілі россыпы. З таго часу рака Хатыннах набыла славу калымскага Кландайка. Следам ішла другая слава: пагібельная, жудасная, трагічная, крывавая. На дзікіх, неабжытых берагах асталяваліся людзі. Узаемадачыненні паміж імі характарызаваліся тым, што адны стваралі пекла для другіх, кульмінацыяй чаго былі лагерны тэрор, разгул «тройкі», расстрэлы зняволеных. Так пачыналася новая гісторыя гэтых мясцін, гэтага краю. Гісторыя кароткая ў параўнанні з вечнасцю, але страшная ў сваёй неверагоднасці.

«Правіў баль» у даліне Хатыннаха Севлаг - падраздзяленне магаданскага УСВИТЛа (Управление северо-восточных исправительно - чытай: истребительно-трудовых лагерей), якое пастаўляла зэкаў, іначай кажучы, рабскую рабочую сілу для ўсіх капальняў Калымы. УСВИТЛ уваходзіў у склад «вярхоўнага лага» ГУЛАГа (Главного управления лагерей) НКВД СССР.

Гаспадарчую дзейнасць ажыццяўляў Дальстрой (Главное управление строительства Дальнего севера) з цэнтрам у Магадане. Галоўнае ўпраўленне Дальстроя падзялялася на шэраг горна-прамысловых, а таксама іншых дапаможных упраўленняў і службаў. Уся яго сістэма таксама падпарадкоўвалася НКВД СССР. Тэрыторыя дзейнасці Дальстроя была настолькі вялікая, што на ёй магла б змясціцца ўся Заходняя Эўропа.

Шматлікі адміністрацыйны ды інжынерна-тэхнічны апарат гэтага ўпраўлення складалі вольнанаёмныя службоўцы (на лагерным жаргоне - «вальняшкі»). Рабочая сіла - выключна зэкі. Апошнія ў асноўным «ворагі народа». Былі, зразумела, і бытавікі, і крымінальнікі, рэцыдывісты. Блатныя сярод іх складалі лагерную касту. Апошнія імкнуліся трымаць у сваіх руках нутраное жыццё лагера або ўплываць на яго, незалежна ад лагернага начальства.

Адпрацоўку даліны Хатыннаха і суседніх далін вялі залатыя капальні (прыіскі) імя Вадап'янава, Штурмавы, Верхні Ат-Урях, Туманны. Яны стваралі вытворчую сістэму СГПУ (Северного горно-промышленного управления Дальстроя). Цэнтр яго знаходзіўся ў пасёлку Хатыннах, пабудаваным у даліне ракі, якая дала яму сваё найменне. Побач з пасёлкам знаходзіўся прыіск імя Вадап'янава, падзелены на некалькі ўчасткаў. На ўчастках былі ўтвораны асобныя лагпункты Севлага, якія, маючы ўласны назоў, абагульнена зваліся «камандзіроўками».

На левым спадзістым схіле ракі Хатыннах, ля падножжа сопкі Чок-Чык, прыляпіўся лагпункт «Камандзіроўка Чэлюскін». Да пасёлка Хатыннах менш чым кіламетр. Амаль квадратны пляц лагпункта абцягнуты калючым дротам. Па кутах квадрата - вартавыя вышкі. Гэта зона лагпункта. У зоне два шэрагі палатак, па пяць у шэрагу, на пяцьдзесят месцаў кожная. Рады палатак утварылі нешта накшталт вуліцы. У канцы вуліцы невялікая кухня, бойлер для гатавання вады, капцёрка ды шавецка-кравецкая майстэрня для латання адзення і абутку.

Адгалінаванне ад дарогі, што вядзе з пасёлка Хатыннах на прыіск «Штурмавой», упіраецца ў шырокую браму зоны. Над брамаю - дзяжурны лозунг: «Труд в СССР - дело чести, дело славы, дело доблести и геройства (И.В.Сталин)». Побач з брамай прахадная і маленькая будыніна вахты. З другога боку брамы, у зоне, невялікі дамок начальніка лагпункта. Усё мае рысы нейкай казённай часовасці, нічога ўнушальнага, капітальнага, грунтоўнага. Начальнікі лагпункта, што часта мяняліся, жылі адзінока, без сем'яў.

Ля вахты пастаўлены слуп, што нагадвае сабой шыбеніцу, на якім вісіць кавалак рэйкі. Па ім б'юць старым адпрацаваным кайлом згодна са строгім раскладам, апавяшчаючы гэтым пад'ём, выхад на працу, паверку, адбой.

За зонай лагпункта, на водшыбе, драўляны дом з лістоўніцы. У ім жыве вохра («военизированная охрана»), нанятая сярод былых чырвонаармейцаў, дэмабілізаваных пасля тэрміновай службы ў войску. Тамсама жыве начальнік участка прыіска, нехта Задзясенец. Са свойскай жывёлы там трымаюць толькі аўчарак.

Унізе, у даліне, па роўдані ракі, забоі (разрэзы), адвалы. Пыхкае нафтавы рухавічок, што прыводзіць у рух лябёдку з тросам і ўсцягвае ваганеткі з залатаноснай пародай на эстакаду бутары (прамыўнога жолаба). Чорная зямля разварочаная, адкрыта яе нутро са скарбам. Зэкі, бы мурашкі, корпаюцца ў забоях, снуюць з тачкамі то на загрузачны бункер, то назад у забоі. На борце забою канвой, пільны, службісты.

І гэтак дзень пры дні, з раніцы да вечара, улетку і ўзімку, увосень і ўвесну. Працягласць чыстага вытворчага часу дванаццаць гадзін на суткі. Кароткі сон, нішчымная ежа, цяжкая праца пад канвоем. Час ідзе марудна. Усё падпарадкавана аднойчы заведзенаму лагернаму рэжыму. У перспектыве ў адных зэкаў пяць, дзесяць, у іншых пятнаццаць, а то і дваццаць пяць гадоў тэрміну зняволення. Гэта вам не «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», а ўсё жыццё. Нехта выцягне свой тэрмін, а нехта і сам выцягнецца.

Сюды - на «Камандзіроўку Чэлюскін» - і «камандзіравалі» мяне, былога курсанта Маскоўскай артшколы, у 1937 годзе на «наваселле» аж за 13 тысяч кіламетраў ад дому, ад Беларусі. Апрача мяне яшчэ пяцьсот з розных куткоў неабсяжнай краіны.

У каго з «ворагаў народа» ні пытаўся, ва ўсіх абвінавачанні самыя недарэчныя. Усе лічылі сябе ні ў чым не вінаватымі. Яно так і было. Ім не было ў чым каяцца, не ў прыклад тым, хто іх садзіў.

 

Серпанцінка

 

Пераковы (папярочны) профіль даліны ракі Хатыннах асіметрычны. Левы схіл спадзісты, правы - стромкі, рассечаны распадкамі. Адзін з такіх распадкаў можна бачыць з зоны нашага лагпункта. Да яго з паўкіламетра ці крыху болей. Ён насупраць. Яго нізоўе як на далоні, усё навідавоку. Пераковы профіль даліны распадка таксама асіметрычны. Правы схіл больш спадзісты, чым левы. Па правым схіле ў распадак уцягваецца шашэйная дарога, што йдзе з пасёлка Хатыннах. Прыблізна праз паўкіламетра дарога ўтварае крывулю і вяртаецца амаль да самага вусця даліны распадка на больш высокім роўні схіла, робіць новую крывулю і зноў паглыбляецца ў распадак - у бок вершаліны. І гэтак тры разы, пакуль не выбіраецца на водападзел, утварыўшы серпанцін. Далей дарога йдзе на Ягаднінскі перавал, агінаючы вытокі ракі Верхні Ат-Урях, і спускаецца па распадку Ягадны ў даліну Дзебіна (левага прытока Калымы), дзе сутыкаецца з шашой Магадан-Сусуман. Шашу на Калыме называюць трасай. Па гэтай трасе нас у розны час «трасіравалі» ўглыб калымскай тайгі, на адлегласць каля шасцісот кіламетраў на поўнач ад Магадана, дзе мы ўсе - пяцьсот чалавек і сталі «жыхарамі» аднаго са шматлікіх Калымскіх лагераў - лагпункта «Камандзіроўка Чэлюскін». Мы - гэта мужчыны розных узростаў, розных нацыянальнасцяў, рознай адукацыі, розных фізічных сіл. Аднолькавы быў толькі лёс.

Ад першага (ніжняга) пляча серпанціна, ад яго сярэдзіны, перпендыкулярна прастуе тупіковая дарога, спускаючыся па схіле распадка ў бок яго тальвега. Гэта - дарога на той свет. Метраў праз 150-200 яна канчаецца, упёршыся ў браму драцяной агароджы з вартавымі вышкамі. За калючым дротам - прысадзістая драўляная будыніна барачнага тыпу, з пляскатым дахам. Гэта турма. Зняволеныя яе называлі «турма ў турме», бо яна прызначалася для іх. Блізкае суседства дарожнага серпанціна вызначыла ёй і адмысловы назоў «Серпанцінка», вядомы ўсяму нявольнаму люду Севлага, і нават усёй Калыме. З гадамі жудасная слава яе пракрычала ў шырокі свет, за межы Калымы, за межы краіны, праз творы Аляксандра Салжаніцына, Яўгенні Гінзбург, Варлама Шаламава. Яе прыгадвае і наша беларуская пісьменніца Ядвіга Бяганская. Для таго, хто трапляў у Серпанцінку, зваротнага шляху не было, нават у лагерную зону. Адтуль быў толькі адзін шлях: у вечную мерзлату...

Серпанцінка - гэта царства «тройкі» НКВД па Дальстрою, якая больш за ўсё лютавала ўзімку 1937 года, у 1938-1939 гадах і пазней пад старшынствам маёра міліцыі (прозвішча забылася). Серпанцінка была месцам кульмінацыі лагернага тэрору, што лютаваў па ўсёй Калыме. У сістэме УСВИТЛа яна была не адзіным месцам гвалтоўнай згубы зняволеных.

Паміж звычайным лагерам і Серпанцінкай існавала яшчэ сістэма РУРаў (рот усиленного режима), штрафных участкаў і нават штрафных прыіскаў. Яны былі чарговымі прыступкамі на калымскую Галгофу. Варта нагадаць ключ «Свистопляс» на прыіску «Штурмавой», Рыжы Ключ на прыіску імя Вадап'янава, штрафны прыіск Туманны ды іншыя. Гэта толькі на тэрыторыі Севлага. Па сутнасці такой была ўся калымская лагерная правінцыя - ад Магадана да Сусумана, і далей на захад - да басейна Індзігіркі, ад вытокаў Калымы да Чаунскай губы і Чукоткі. «Сатана там правіў баль, людзі мерлі за метал». І не толькі за метал. Калыма была выбрана як «лепшая» з ліку іншых мясцін наўмыснай згубы душаў чалавечых, якіх адпраўлялі на закланне Молаху, імя якога - сталінізм.

 

Гукавая маскіроўка

 

Зіма 1938/39 года. Лютуюць маразы, лютуе лагернае начальства. Слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за пяцьдзесят, іншы раз устойліва дасягае шасцідзесяці. Начамі палае паўночнае ззянне, наводзячы жуду сваім рознакаляровым дрыготкім зіхаценнем. Яно ўспрымаецца як апакаліптычны знак, бо нараджае і будзіць нядобрыя прадчуванні.

Лагер спіць у знямозе. Палаткі патанулі ў глыбокім снезе. Уваходы ў іх нагадваюць сабой вусці штольняў. Часам здаецца, што тут няма жыцця. Быццам усё вымерзла і вымерла. Ні шолаху ветрыку, ні крыку птушкі, ні чалавечага голасу. Мёртвая цішыня. Толькі зрэдку чуваць адзіночныя «выбухі». Гэта недзе трэскаецца зямля, не вытрымаўшы лютай сцюжы.

Пасля трох гадзін апоўначы пачынаюцца сапраўдныя выбухі. Яны чутны па ўсёй даліне Хатыннаха, то блізка, то далёка. Гэта падрыўнікі ірвуць вечнамерзлую пароду ў забоях, рыхтуючы фронт работы на дзень.

У распадку насупраць лагера, на тым баку даліны Хатыннаха, свецяцца агні Серпанцінкі. Недзе там, на яе тэрыторыі, грукоча трактарны матор. Гук яго, прыглушаны адлегласцю, перабіваецца выбухамі ў забоях. Там, у турме, творыцца чорная справа. Надышоў зручны час зладзейскіх расстрэлаў па прысудзе «тройкі». Робіцца гэта пад гукі выбухаў і грукат трактарнага матора, каб не чулі пісталетнага трэску іншыя вязні, што сядзяць у катухах драўлянай турмы, як у хляве, чыя чарга яшчэ не падышла. Для гэтага і скарыстоўваецца гукавая маскіроўка, выпадковая і знарокавая. А яшчэ для таго, каб не насцярожваць зэкаў у лагерных зонах ды не выклікаць нейкага згуртавання або нават супраціву. Дарэмна асцерагаліся каты. Людзі былі даведзеныя да такога стану, што ў бальшыні дух пратэсту знік дашчэнту. Можна не лічыць адчайныя безразважныя спробы адзіночак, даведзеных да той мяжы, калі жыццё ўжо не мае сэнсу. Варта адзначыць, што ў бальшыні неставала ні духоўных, ні фізічных сілаў, каб пайсці на нейкі рашучы крок у абарону сваёй годнасці, хоць бы цаной жыцця. За выразнай змарнеласцю і прыгнечанасцю часам нічога не заставалася, апрача жывёльнага інстынкту самазахавання ды ўсведамлення сваёй безабароннасці. Лагернае начальства не грэбавала магчымасцю скарыстаць сляпы інстынкт для нацкоўвання зняволеных адзін на аднаго. Напрыклад, крымінальнікаў супраць палітычных, паслабляючы лагерны рэжым для першых і бязлітасна прыгнятаючы апошніх. Гэтым становішчам карысталіся і органы НКВД па Дальстрою, каб вербаваць стукачоў. Дарэчы, сярод палітычных гэта ім удавалася рэдка. Аднак іншы раз удавалася.

 

Стукач

 

Быў у нашай брыгадзе палітвязень - нехта Колесаў. Чалавек на першы погляд вельмі асцярожны. Ён ніколі не карыстаўся тою свабодай слова, якая існавала ў лагерах сярод палітычных, і не толькі. Патрэба выказацца адкрыта тут рэалізавалася поўнасцю. Парадокс сітуацыі палягаў у тым, што свабода слова існавала толькі ў лагернай зоне, у лагерным асяроддзі. Лагернае начальства ў духу таго часу сцвярджала, што на Калыме сабраныя «адпетыя носьбіты контррэвалюцыі» з усяе краіны. А на самой справе там знаходзілася значная частка інтэлектуальнага патэнцыялу народа. Нягледзячы на ўсе цяжкасці існавання, энергія гэтага патэнцыялу рабіла сваю справу. Канфіскаваць веды органы не маглі. Хіба разам з жыццём? Людзі наагул разумнелі, з выняткам крымінальнікаў. Апошнія ішлі па шляху дэградацыі па інерцыі.

Нехта назваў Калыму «ўніверсітэтам». У гэтым ёсць доля праўды. Толькі трэба мець на ўвазе, што гэты ўніверсітэт, у традыцыях ГУЛАГа, быў вельмі жорсткі. Тыя з інтэлігенцыі, што сеялі разумнае, добрае, вечнае, гінулі ў першую чаргу ад невыносных умоў існавання як найменш прыстасаваныя і ад лагернага тэрору.

У гэтым асяроддзі органам НКВД хацелася мець сваё вока, сваё вуха. Але яно, гэтае асяроддзе, не было прыдатным для вярбоўкі стукачоў, апрача адзінак, якія ў мінулым так ці інакш былі звязаныя працай на карысць карных органаў ці працавалі ў органах пры Ягодзе і траплялі іншы раз у лагеры пры Яжове. Ачуняўшы ад шоку, выкліканага арыштам і прысудам, яны душой і сэрцам цягнуліся да сваёй альма-матэр - да органаў НКВД, знаходзячыся ва ўладзе настальгіі. Далей усё залежала ад зручнага выпадку.

Такім быў Колесаў. Засталося невядомым, як ён наладзіў кантакт з райаддзелам НКВД у пасёлку Хатыннах. Магчыма, яго адшукалі па фармулярных звестках, што былі ў яго асабістай справе? А можа, ён сам даў пра сябе знаць праз канвой, выказаўшы, напрыклад, пісулькай згоду супрацоўнічаць? Толькі гэтая сувязь з органамі адразу ж выявілася. Як той казаў, лес чуе, а поле бачыць. Пасля працы, калі ўсе ўжо былі гатовыя вяртацца ў зону лагера, Колесаў вылазіў на борт забою і йшоў у Хатыннах, які быў побач, прычым гэтаму не пярэчыў канвой.

Калі высвятлялася, што нехта стаў стукачом, дык пра гэта паведамлялася ўсім лагернікам. Такі быў няпісаны лагерны закон самазахавання. Усведамляючы небяспеку, усе ставіліся да стукача, як да зачумленага. Для яго самога жыццё ў лагеры станавілася больш небяспечным, чым для іншых. Сам стукач часцей за ўсё гэтага не адчуваў, нічога не падазраючы, бо вакол існавала змова маўчання.

Наш брыгадзір Валодзька Папоў - украінец з Лубноў, быў з блатных, але дэмакратычна настроены. На волі яго «поле дзейнасці» абыймала дзяржаўныя ўстановы і культавыя будынкі. Інтарэсы прыватных асобаў ён стараўся не закранаць. Даведаўшыся, што я беларус, выказаўся з нагоды майго акцэнту агульнавядомым жартам пра «брукі і трапкі». Між іншага пацікавіўся, ці чуў я што-небудзь пра Мар'іну Горку. Я сказаў, што бываў там неаднойчы, што гэта за якія-небудзь трыццаць вёрстаў ад маёй роднай вёскі. Тады ён з гонарам сказаў: «Я там абакраў царкву». Гэта адбылося тым часам, калі лічылася, што абакрасці царкву зусім не злачынства, а, бадай, атэістычны подзвіг. Апошні раз ён «пагарэў» на крадзяжы друкавальнай машынкі ў нейкай установе, быў асуджаны і завезены ў Караганду, дзе стаў лагерным цырульнікам. Там настолькі асвойтаўся, што дазволіў сабе неасцярожнасць. Аднаго разу расказаў анекдот аб «правадыры народаў», нарваўся на лагернага стукача, у выніку з новым тэрмінам трапіў на Калыму, стаўшы да таго ж палітзэкам.

Валодзька Папоў быў прыроджаны дыпламат. Ён умеў добра ладзіць з лагерным начальствам, ці то вольным, ці то вылучаным з асяроддзя вязняў, пры гэтым не ахвяруючы сваім блатным гонарам.

Лагерным старастам у нас быў нехта Еўдакімаў, сібірак. Ён адбываў свой тэрмін за забойства. Вынікі гэтага злачынства на волі - у Сібіры - выклікалі кроўную помсту. Яму з дому паведамілі, што забілі ягоную жонку і яшчэ кагось з суродзічаў. Маючы кручаны нораў, ён пасля гэтага наагул стаў вызначацца асаблівай жорсткасцю. Пры кожным зручным выпадку ён даваў волю сваім змрочным пачуццям, пускаючы ў ход кулакі.

Ён не разменьваўся на будзённую зубачыстку. Гэтым займаліся нарадчыкі ды іншыя лагерныя прыдуркі. Еўдакімаў ведаў сабе цану, паводзіў сябе, так бы мовіць, з нейкім своеасаблівым лагерным гонарам. Паводле сваіх якасцяў ён акурат адпавядаў патрабаванням лагернай сістэмы. Будучы тыповым прадстаўніком яе нізавога апарату, трымаў сябе самаўпэўнена. Толькі аднойчы мне давялося бачыць яго на хвіліну разгубленым. Гэта адбылося неяк уранку перад разводам вязняў на працу. Брыгады сталі калонай перад варотамі вахты, канвой рыхтаваўся прыняць лагернікаў пад сваю «апеку». Маю ўвагу прыцягнуў дыялог паміж Еўдакімавым і палітвязнем - маладым грузінам. З нейкай прычыны Еўдакімаў у размове прамовіў:

«Не нужно было садиться в тюрьму». На што грузін адказаў:

- Отец посадил, отец и освободит, - маючы на ўвазе «отца всех народов». Еўдакімаў, відаць, думаў, што грузін вядзе размову пра свайго роднага бацьку, таму смела адпусціў у адрас апошняга па звычцы нецэнзурную тыраду. Грузін з запалам, не хаваючы радасці, закрычаў:

- Ага-а! Все слышали! Он обругал вождя! Ты как его оскорбляешь?! Пятьдесят восьмая тебе, пятьдесят восьмая!

Па твары Еўдакімава прабег цень спалоху. Ад нечаканага павароту размовы ён разгубіўся. Гэта было вельмі паказальна. Відаць, ён лічыў, як і ўсе крымінальнікі, што лепей сядзець за бандыцкае забойства (артыкул 59, п. 3), чым лічыцца «контрыкам», асуджаным па пяцьдзесят восьмай.

У нашага брыгадзіра Валодзькі Папова былі сама прыязныя дачыненні з Еўдакімавым. Яны добра разумелі адзін аднаго, рабілі ўзаемныя паслугі. Валодзька і расказаў Еўдакімаву, што Колесаў - стукач, што ён ходзіць у Хатыннах, дзе наведвае райаддзел НКВД, прыносіць іншы раз адтуль харчы, якія за так не даюць.

Здарылася так, што пад час чарговага наведвання органаў Колесаў спазніўся на чарговую праверку. Еўдакімаў затрымаў яго на вахце, абшукаў і па-зверску пабіў, нібыта за спазненне, а на самой справе - за стукацтва. У кішэні Колесава Еўдакімаў знайшоў і адабраў спіс нашай брыгады ды іншых лагернікаў з нейкімі адзнакамі.

Колесаў выкарыстаў магчымасць паскардзіцца на Еўдакімава пры чарговым ваяжы ў Хатыннах. З органаў затэлефанавалі на вахту нашага лагпункта і папрасілі да тэлефона Еўдакімава. Заўвагі супрацоўніка органаў Еўдакімаў адхіліў, сказаўшы наступнае: «Заключенный, отсутствующий на поверке, считается в бегах. Если он у вас задерживается, то сообщайте об этом заблаговременно, чтобы не возникало ЧП». Для Еўдакімава гэты інцыдэнт застаўся без наступстваў. А тым часам мы лішні раз пераканаліся, што Колесаў - сапраўдны стукач.

Яго прысутнасць у брыгадзе стварала небяспеку для ўсіх. Пагутарыўшы паміж сабою, мы параілі брыгадзіру паслаць Колесава ў начную змену, на бойлернае свідраванне шпуроў з дапамогай пары для закладкі выбуховых зарадаў аманалу. Брыгадзір так і зрабіў. Такім чынам, мы з Колесавым сустракаліся на сутоках зменаў. Гэта ахоўвала нас і перашкаджала сачыць за намі.

Звычайна кожны брыгадзір яшчэ з вечара прызначаў па чарзе двух-трох чалавек са сваёй брыгады, якія мусілі йсці ўначы на склад выбуховых матэрыялаў, што знаходзіўся ў адным з распадкаў, каб паднесці зарады аманалу ў забоі. Карацей кажучы, выконваць ролю ўючных жывёлін. За насільшчыкамі заходзілі ўзрыўнікі і вялі іх на склад. Пры гэтым узрыўнікі адначасова былі нібы канвойныя. Насільшчыкі бралі на свае гарбы цяжкія зарады аманалу, а ўзрыўнікі звычайна ішлі ўлегцы, несучы капсулі-дэтанатары і бікфордаў шнур.

Брыгада ўзрыўнікоў камплектавалася з крымінальнікаў-бытавікоў. Іх паспешліва вучылі на кароткатэрміновых курсах і адразу ж пускалі ў справу. Сярод іх быў і зямляк па прозвішчы Жук, родам аднекуль з Беларусі. Аднойчы, калі падышла мая чарга несці аманал, адпал зарадаў у нашым забоі павінны быў зрабіць ён. Па дарозе я папярэдзіў Жука, каб быў асцярожны ў гутарцы з чалавекам, які свідруе шпуры, бо той з'яўляецца стукачом. Калі мы прыйшлі ў забой, дык выявілася, што Колесаў шпуры не прасвідраваў. Жук узяў трамбоўку і моцна пабіў яго. Выбухі ў тую ноч давялося правесці амаль упустую, паклаўшы зарады пад бортам забоя.

Пры любой нагодзе Колесаў быў біты, а мог пры пэўных абставінах быць і забіты. Такое здаралася са стукачамі, калі гэта можна было вытлумачыць як няшчасны выпадак на вытворчасці. Такім чынам вялася глухая, зацятая, жорсткая барацьба з агентурай НКВД у асяроддзі зняволеных.

Надышоў час, калі новапрызначаныя берыеўцы на загад Сталіна вялі міжсобную барацьбу ўнутры НКВД з яжоўцамі, каб схаваць канцы ў ваду. Падгрэблі і Колесава. Ён атрымаў дадатковы тэрмін зняволення ад новага начальства і да нас не вярнуўся.

Мне калісь казалі, што раз'юшаная гадзюка, страціўшы арыенціроўку, іншы раз нападае на свой уласны хвост. Такое мне не даводзілася бачыць. А вось з органамі НКВД на маёй памяці такое адбылося двойчы. Першы раз - пасля страты Ягоды, другі раз - пасля страты Яжова.

Тым часам у гэта яжоўска-берыеўскае «безвременье» вярнуўся з Серпанцінкі наш брыгаднік - малады хлопец, былы студэнт Дзякаў - ахвяра даносу Колесава. Гэта быў адзіны вядомы мне выпадак, калі адтуль, амаль з таго свету, вярнуўся чалавек у «родную» зону. Ён расказваў жудасныя гісторыі. Яго ў часе допыту на «стойцы», калі ён быў гатовы ўпасці, вохраўцы з двух бакоў падпіралі штыхамі вінтовак.

Лагерным сексоцтвам, даносамі, нутраным шпіянажам была пранізаная ўся сістэма ГУЛАГа ад нізу да верху. Старэйшы навуковы супрацоўнік Магаданскага абласнога краязнаўчага музея А.Казлоў у артыкуле «Их путь пролег на Колыму», надрукаваным у газеце «Аргументы и факты», № 49 за 1989 год, паведаміў цікавы факт.

А.С.Горын-Лундзін (ленінградскі чэкіст, асуджаны разам з іншымі па кіраўскай справе на два гады і сасланы на Калыму) з другой паловы 1936 года ўжо займаў пры Яжове пасаду в. а. начальніка УНКВД па Дальстрою. Адначасова ён пісаў даносы на дырэктара Дальстроя Э.П.Берзіна (узнагароджанага 22 сакавіка 1935 года ордэнам Леніна), абвінавачваючы яго ў шмат якіх грахах, у тым ліку і ў шпіянажы на карысць Японіі. Урэшце Берзін быў адкліканы Яжовым у адпачынак і 19 снежня 1937 года арыштаваны, а праз сем з паловай месяцаў пасля гэтага расстраляны. Гэта той Берзін, які пры Леніне быў камендантам Крамля, актыўным удзельнікам задушэння леваэсэраўскага паўстання ў Маскве і выкрыў змову Локкарта. Пазней Берыя ў сваю чаргу прыбраў і Горына-Лундзіна. Дарэчы, адзін наш брыгаднік, былы стары бальшавік, запэўніваў нас, што Э.П.Берзін быў начальнікам канвоя на цягніку, якім Савецкі ўрад з Леніным без лішняга шуму пераязджаў з Петраграда ў Маскву.

 

Ахвяры

 

Нудна, пранізліва гудзе рэйка, нібы стогнам адгукаючыся на рэдкія ўдары старога кайла. Пошчак копіцца па даліне Хатыннаха, нагадваючы пахавальны звон. (Ён цяпер ва ўспамінах асацыюецца з гудам званоў Хатыні.) Гэта нарадчык адбівае пад'ём. Шэсць гадзін раніцы. Але змрок ночы яшчэ пануе над лагерам. Чыстае неба ўсыпанае буйнымі зоркамі поўначы. Нясцерпны мароз. Рыпенне снегу пад дзіравымі валёнкамі зэкаў. Яны - зэкі - пакідаюць сваё палаткавае гайно. Трэба спяшацца. Трэба паспець з'есці нішчымнай баланды і па другім сігнале рэйкі выстраіцца пабрыгадна шэрагамі перад варотамі вахты. Усё робіцца завучана, механічна і маўкліва. Нікому не хочацца размаўляць, не хочацца вітацца. Прывітанне «здравствуйте» ці «добры дзень» у тых абставінах гучала здзекам. Ніхто не ведаў, што яму рыхтуе новы дзень. Кожны замыкаўся ў сабе, думаў толькі пра сваё.

Двое з нас - Барыс Ямпольскі (магчыма, вядомы зараз пісьменнік, а магчыма, яго аднафамілец?) ды Белапольскі, супрацоўнік Уладзівастоцкага інстытута акіянаграфіі - віталі адзін аднаго на лаціне, вядомым выслоўем-зваротам гладыятараў да Цэзара. Калі адзін казаў: «Mоrituri te salutant!» (вітаю цябе, ідучы на смерць!), то другі адказваў: «Mеmentо mori!» (памятай аб смерці). Гэта іншамоўе ўспрымалася вохрай як размова асуджаных «іншаземных шпіёнаў».

У палатках ніхто не затрымліваецца. Усе ведаюць: можна атрымаць кухталёў ад лагстарасты Еўдакімава або ад нарадчыка пры «падчыстцы» палатак пасля звону рэйкі. Калі парадзелае і прарэджанае за першую палову зімы 1937/38 г. лагернае жыхарства падрыхтаванае да перадачы канвою, з вахты з паперай у руках выходзіць «воспитатель» (лагерны «палітрук»), таксама зэк, але бытавік, нехта Ермакоў, родам з Пскоўшчыны. Ён голасна чытае чарговы загад па УСВИТЛу наступнага зместу: «За контрреволюционный саботаж, побеги и лагерный бандитизм «тройкой» НКВД по Дальстрою, в закрытом заседании, под председательством (прозвішча), в присутствии двух заседателей (прозвішчы), приговорила к высшей мере наказания - расстрелу следующих заключенных...» Далей ішоў пералік прозвішчаў расстраляных. Канец загаду гучаў так: «Приговор приведен в исполнение. Предупреждаю всех заключенных, что за подобные преступления и впредь будут применяться самые строгие меры, вплоть до расстрела. Начальник УСВИТЛа: полковник госбезопасности Гаранин».

Калона напружана маўчыць. Скончыўшы чытаць загад, «воспитатель» пытаецца: «Понятно?» Адказу няма. Падаецца каманда: «Шеренгами вперед! Первая!..» Першы шэраг адрываецца ад калоны, выходзіць за вароты і крокаў праз 40-45 спыняецца перад вохраўцам, які стаіць пасярод дарогі з вінтоўкай нагатове. «Вторая, третья...» - і гэтак далей. Пакуль не выцягнецца за вароты пярэдняя брыгада. Задні шэраг замыкае другі вохравец, папярэдне распісаўшыся на вахце за падлічаную колькасць зэкаў. Так выводзіцца за вароты ўвесь гурт і разводзіцца па забоях брыгадамі.

Узімку прыісковыя забоі нагадвалі пекла, як па сутнасці, так і вонкава. Яны былі падобныя на кар'еры. Уявіце сабе такую карціну. На борце кар'ера служкі Люцыфера - узброеныя вохраўцы, гатовыя ўжыць зброю ў кожных варунках. На дне кар'ера млява корпаюцца напаўжывыя палітзэкі - людзі-здані. Постаці іх з галавы да ног густа пакрытыя шэранем, утвораным ад поту, што прабіваецца вонкі праз тканіну бруднага адзення, асабліва па рубцах, латках і дзірках. Мароз за шэсцьдзесят градусаў. Даліна Хатыннаха, як коўдрай, шчыльна заслана марозным туманам. Ветру няма. Толькі нейкім скразнячком цягне па даліне то ўніз, то ўверх. Гэты лёгкі рух паветра працінае сцюжай наскрозь, абмарожваючы твар. Людзі, даведзеныя да поўнай прастрацыі, працуюць цераз сілу, моўчкі, цярпліва, тупа. У густым тумане чуцен толькі глухі стук кайлаў ды шоргат рыдлёвак. Праца вядзецца звёнамі па тры чалавекі. На дваіх надзеты хамуты, зробленыя са столак сталёвага троса, так-сяк абцягнутых крапіўным радном, каб не надта муляла плячук. На канцы хамута прымацаваны жалезны крук, якім зэк - адкатчык пароды адвольна чапляецца за дашчаны кораб з круглым дном. Кораб нагадвае сабой палову бочкі, распілаванай уздоўж. Ён як карыта ставіцца на драўляныя санкі, палазы якіх нядбайна вычасаныя з круглякоў лістоўніцы. Двое са звяна ўвесь працоўны дзень ходзяць у хамутах. Наша «перадавая» сістэма ўмела запрагаць чалавека. У аднаго адкатчыка хамут надзеты з левага плячука на правы бок, у другога - з правага на левы, бо даводзіцца падыходзіць да кораба абапал, каб падчапіць яго ззаду. Нейкі жыццялюб нават у гэтых нечалавечых умовах не страціў пачуццё гумару і назваў хамуты «маршальскімі лентамі». Зыркае вока падмеціла аналогію ў спосабе адзявання хамута і «маршальскай ленты» - наўскасяк цераз плячо.

Як у такіх умовах выглядаеш сам, лягчэй за ўсё ўявіць, назіраючы збоку за іншымі - суседзямі па забоі ў час катаржнай працы. Побач працуе звяно ў складзе цыбатага худога Белапольскага, нізкарослага калмыка - былога старшыні калгаса «Ула-Гальмік» («Чырвоны калмык») і напалову «дайшоўшага» журналіста. Прозвішчы двух апошніх забыліся. Вось яны насыпалі паўкубовы кораб мерзлай пароды. Белапольскі і калмык запрэгліся, падчапіўшы кораб крукамі «маршальскіх лент». Журналіст спрабуе падпіхнуць кораб ззаду. Тузанулі раз-другі, кораб ні з месца. Палазы прыхапіла марозам да зямлі. Без старонняй дапамогі ім не справіцца. Дапамагаюць суседзі. Нехта б'е абухом кайла па палазах, астатнія наваліліся ззаду, учапіліся за хамуты. Кораб цяжка рушыў з месца. Белапольскі і калмык, выбіваючыся з апошніх сілаў, коўзаючыся на слізкай заледзянелай дарожцы, пацягнулі кораб на адвал. Там перакулілі і павольна назад - у забой. І гэтак штодня, амаль увесь час пры штучным цьмяным асвятленні. Людзі цалкам выкладаліся, каб выпрацаваць «стаханаўскую» норму. Пераважнай бальшыні гэта не ўдавалася, нягледзячы на рызыку трапіць пад «тройку» за «сабатаж». У такім разе вынік быў адзін: расстрэл у Серпанцінцы.

Калымскае пекла цяжка ўявіць, не ўбачыўшы яго на свае вочы. Калыме не пашанцавала, што сярод яе вязняў не знайшоўся, а можа не выжыў, свой Савіцкі, які змог бы адлюстраваць пэндзлем мастака тое, што тварылася і ў савецкіх канцлагерах. Сюжэтаў было болей чым дастаткова. Наагул жыццё палітвязняў ГУЛАГа было скразным «сюжэтам» генацыду.

Загады аб расстрэлах зачытваліся амаль кожны дзень. У іх значыліся па дваццаць-сорак і болей чалавек. Іншым разам рэкордная колькасць расстраляных дасягала сотні. Так «праполваліся» ня толькі лагпункты Севлага. Гэтае зладзейства тварылася па ўсёй Калыме. Загады ўяўлялі сабою крывавыя статыстычныя зводкі па ўсім Дальстроі. «Тройка» працавала акуратна, «натхнёна», гайсаючы на эмцы з аднаго прыіска на другі. Лагернікі ведалі, хто на ёй ездзіў. Мілагучны сігнал эмкі - кароценькі, здвоены, наводзіў жах.

Ахвяр, асуджаных на расправу, вялі ў Серпанцінку, так сказаць, сваім ходам. Іншым разам па адным чалавеку, а звычайна невялікімі гуртамі, пад узмоцненым «эскортам» вохры. А калі слабелі маразы, то вохра выкарыстоўвала і сваіх аўчарак. Людзі йшлі маруднай хадою. Постаці ўгнутыя, згорбленыя. Іх вохраўцы «падбадзёрвалі» крыкам, лаянкай, прыкладамі, цкаваннем аўчаркамі.

Хто ж такія былі «контррэвалюцыйныя сабатажнікі»? Часцей за ўсё гэта інтэлектуалы, людзі разумовай працы ў мінулым, сярэдняга і пажылога веку. Ім не пад сілу была «конская» норма выпрацоўкі, разлічаная на 12 гадзін. Каб выцягнуць гэтую норму, іх пакідалі ў забоі на дадатковы час. Але гэта не давала жаданых для начальства вынікаў. Замардаваныя непасільнай працай, холадам, штрафным пайком, яны чэзлі на вачах. Іх фізічны стан вызначаўся трапнымі словамі з лагернага лексікону - «дахадзягі», «фіцілі». Прадукцыйнасць іхнай працы зніжалася да 40-30% ад нормы. Гэтага было даволі, каб з ярлыком контррэвалюцыйнага сабатажніка трапіць пад «тройку» і развітацца з жыццём за кратамі Серпанцінкі. У любым гуманным грамадстве іх ратавалі б, лячылі, падтрымлівалі б каларыйным харчаваннем. А тут, як скаціну, што стала непрыдатнай да працы, страчвалі. Гэта давала падставу лагернаму начальству падаваць заяўкі ў ГУЛАГ на папаўненне лагера новымі вязнямі.

Фізічны стан бальшыні астатніх быў не лепшы. Яны паступова «даходзілі» ад холаду, голаду, хваробаў. Не ўсе з гэтых выпрабаванняў выходзілі жывымі.

Іншым зэкам выпадала больш «лагодная» доля. Гэта тыя, у каго тады канчаўся лагерны тэрмін. Яны павінны былі выйсці на волю. Але гэтага не здарылася. У апошні дзень тэрміну зняволення выклікалі ў райаддзел НКВД у пасёлку Хатыннах. Людзі йшлі з надзеяй атрымаць дакументы аб вызваленні з лагера. Памятаю, з якой зайздрасцю і тугою мы праводзілі свайго брыгадзіра - цвярскога хлопца Адэгава. У той жа дзень яго вярнулі да нас з дадатковай дзесяткай гадоў, за якую прымусілі распісацца без суду і следства. Такім чынам утварылася катэгорыя зэкаў, якіх у лагеры называлі «пересидчиками». З часам некаторых сярод іх прыбрала «тройка». А тыя з іх, хто размінуўся з Серпанцінкай і выжыў, сапраўды маглі лічыцца шчаслівымі. Праз пэўны тэрмін, пасля змены каманды Яжова камандай Берыі, калымскія дзесяткі былі знятыя і «пересидчики» ўрэшце выйшлі на волю. Волю, безумоўна, адносную, бо магчымасць выезду з Калымы практычна раўнялася нулю. Але пакуль з імі разбіраліся, яны паспелі перасядзець па два-тры гады.

Горшая доля напаткала тых «пересидчиков», што сустрэліся з калымскай тройкай і не мінулі Серпанцінкі. Уваскрэснуць яны ўжо не маглі.

Такім быў трагічны лёс ахвяраў лагернага тэрору. Пэўным чынам гэты тэрор закрануў усіх вязняў. Усе адчулі яго на сваёй уласнай скуры, калі ён нечакана нахлынуў і вельмі доўга, аж да скону «правадыра» ўстойліва дзейнічаў. З нарастаннем канібальскага апетыту ў «отца народов» і яго падручных цунамі лагернага тэрору перыядычна каціліся праз усю краіну - «от Москвы до самых до окраин». Да Калымы яны даходзілі з некаторым спазненнем, але былі там найбольш спусташальныя і жорсткія.

Змена яжоўскай каманды на ўвесь астатні калымскі люд ніякай палёгкі не зрабіла. Ніхто не быў прызнаны асуджаным дарэмна, нікога не звольнілі. Усе акуратна сядзелі па яжоўскіх і ягодаўскіх тэрмінах зняволення і ў часы Берыі.

 

На людзях і паміраць лягчэй

 

Лютуюць маразы. Слупок спіртовага тэрмометра апускаецца ніжэй за шэсцьдзесят градусаў. Недзе кіламетраў за дзвесце ці трыста адгэтуль знаходзіцца Аймякон - полюс холаду Паўночнага паўшар'я.

Працаваць у такія маразы ў адкрытых забоях надзвычай цяжка, пакутна. Холад працінаў да касцей. Не было ніякай магчымасці сагрэцца. Вопратка лубянела ад «мёрзлага поту». Паветра выдыхалася з грудзей густым парам, з характэрным гудам. Пальцы рук нават праз ватныя рукавіцы ламала ад холаду пры дотыку да драўлянага чэрана шуфлевай рыдлёўкі. Хацелася схаваць рукі за пазуху або ў рукавы. Але трэба было працаваць. Дый наагул на такім марозе стаяць не будзеш. Трэба варушыцца, пакуль стае моцы.

Вядомы пісьменнік Варлам Шаламаў, якому таксама давялося прайсці праз пакуты Калымскага пекла, пазней пісаў:

 

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

И бронхи рвет мои мороз

И сводит рот.

И, точно камни, капли слез

И мерзлый пот.

 

Лагерная вопратка не адпавядала кліматычным умовам. Стаптаныя валёнкі, падшытыя крапіўным радном, дзіравыя ватныя штаны і «целагрэйка да пупа», зверху - ватны бушлат, пашыты з эканоміяй ваты (пазней наагул спынілі іх выдачу). Шапка-вушанка з тканіны. Усё гэта не магло ісці ў параўнанне з тарбазамі, куфлянкай, шапкай з аленевага футра, што носяць абарыгены - эвены і якуты. А канвойныя апранутыя ў сібірскія тулупы паверх салдацкіх кажухоў. Ім можна было трываць, не рызыкуючы абмарозіцца.

Твар зэкі захутвалі розным рыззём так, што былі відаць толькі вочы з вейкамі ў шэрані. Тым не менш нельга было засцерагчыся ад абмарожання. Лагерны люд усю зіму хадзіў з абмарожанымі шчокамі, насамі, бародамі, пальцамі рук і ног. Абмарожаныя часткі твару пакрываліся чорным струп'ем, якое ў іншых не паспявала знікнуць за кароткае калымскае лета. Загоеныя тканкі станавіліся вельмі адчувальныя да холаду і схільныя да паўторных абмарожанняў. У некаторых абмарожанні былі вельмі сур'ёзныя. Гнілі пальцы на руках і нагах, што іншым разам заканчвалася гангрэнаю. Здаралася, што адвальвалася храстковая частка носа і чалавек нагадваў сабою сіфілітыка апошняй стадыі хваробы. Так здарылася з былым камісарам дывізіі Кірэевым. Ён цешыў сябе надзеяй, што вернецца з Калымы і зробіць пластычную аперацыю. Спрыяў яму лёс, ці не - гэтага я ўжо не ведаю.

Каму не даводзілася адчуць уздзеянне лютых калымскіх маразоў, таму цяжка ўявіць усё гэта. Не дапаможа ніякая фантазія. Дастаткова сказаць, што там бывае халадней, чым у Беларусі, бадай што ў тры разы. Маразы 15-20 градусаў лічацца адлігай, а сапраўдных адлігаў наагул не бывае за ўсю зіму. Цягнецца зіма дзевяць месяцаў. Снег лажыцца на пачатку верасня, а растае ў канцы траўня. У кастрычніку зіма ўсталёўваецца надзейна. У лістападзе маразы нярэдка дасягаюць 40-45 градусаў. У красавіку яшчэ нішто не нагадвае вясну. Асабліва лютыя маразы бываюць усярэдзіне зімы, калі дасягаюць сваёй кульмінацыі - ніжэй за 60 градусаў - і трываюць па месяцы і болей.

Вольнанаёмныя ў такія маразы на адкрытым паветры не працавалі. Працоўныя дні актаваліся па кліматычнай прычыне. На зняволеных гэтае правіла не пашыралася. Праца ў адкрытых забоях не спынялася, што азначала, па сутнасці, дадатковую кару для вязняў па прыхамаці лагернага начальства.

Гора таму, хто, працуючы ў такія маразы, захоча па сваёй патрэбе. Трэба агаліць рукі, часткова агаліцца. Калі чалавек яшчэ ў стане расшпіліць гузікі, то ўжо зашпіліцца без дапамогі не зможа. Я пішу пра гэта не дзеля жарту, не дзеля таго, каб нехта пасмяяўся. У трагічным далёка не заўсёды прысутнічае элемент камічнага. У апісанай сітуацыі адбываліся іншым разам цяжкія абмарожанні, бо, як вядома, чалавек не адчувае, калі нейкая частка цела пачынае замярзаць. Напрыклад, калі замерзлі шчокі, то ён не толькі не адчувае гэтага, але і не можа ўбачыць. Толькі старонні можа заўважыць, што шчокі пабялелі.

Здараліся выпадкі замярзання людзей, як наўмыснага, так і выпадковага. Памятаю ўзімку 1939 года ў такія вось маразы наша брыгада працавала на ўскрышы (адпрацоўцы верхніх слаёў пустой пароды). Недалёка, на краі даліны Хатыннаха, - дарога, што выходзіла на серпанцін. Па ёй з прыісковага пасёлка канваір вёў вязня. Мы разумелі, што чалавека вядуць на Серпанці�ку, што гэта яго апошні шлях. Разумеў гэта і падканвойны. Бо калі яны (канваір і вязень) наблізіліся да забою, дзе мы працавалі, падканвойны спыніўся і пачаў хутка, як мог, распранацца. Зусім голы, сеў на дарозе, не зважаючы на каманды канваіра. Той спрабаваў падняць вязня штыхом вінтоўкі. Тады падканвойны пачынаў нема крычаць. Крык яго раздзіраў душу. Дапамагчы вязню чым-небудзь у нашым становішчы было немагчыма. Канваір мітусіўся, але безвынікова. Голы вязень упарта сядзеў на дарозе і цярпліва чакаў немінучай смерці.

Мы перасталі працаваць і здранцвела глядзелі на гэтае змаганне паміж канваірам і падканвойным, паміж жыццём і смерцю. Чалавек намерыўся на вачах у людзей - такіх жа зэкаў, як і сам, скончыць жыццё самагубствам. Каб ведалі, як было, каб бачылі і запамяталі. Мы аслупянела глядзелі, як ён канаў. Гэта ж не жарты. Такі мароз, а чалавек голы.

Са здранцвення нас вывеў крык нашага канваіра, што нас пільнаваў: «Ну, чего стали?! Давайте работать! Иначе и вы этого добьетесь!»

Чалавек неўзабаве замерз. Канваір, што вёў яго на пагібель, з нейкай аказіяй наказаў пра тое, што здарылася. Праз нейкі час пад'ехала санная фурманка. Нябожчыка, як карча, кінулі на сані і павезлі на Серпанцінку. Усё ж трапіў ён туды, толькі ўжо мёртвы. Выказаў такім адчайным учынкам свой пратэст супраць гвалту, у абарону сваёй чалавечай годнасці.

 

Крывавыя знічкі на снезе

 

Пакутам нашым не было канца. Ад дрэннага харчавання развівалася дыстрафія. У свае правы паволі ўступала цынга, курыная слепата. І вошы, вошы, вошы... Зімой іх было асабліва багата. Бадай болей, чым улетку камароў і машкары. Завашывелі ўсе, увесь лагер. Затое ў такія маразы была магчымасць неяк змагацца з імі. Калі не цалкам знішчыць, дык хоць трохі паменшыць іх колькасць. Выкінеш на ноч на палатку адзенне, і вошы вымерзнуць. Толькі вытрасай. Але ўсё не выкінеш і не застанешся голым на тапчане з жэрдачак у халоднай палатцы. Так яны і вяліся ўвесь час, год у год. Небяспека з'яўлення пошасці сыпнога тыфусу заўсёды пагражала нам. Наш лагпункт, пакуль я не выйшаў на волю (6 лістапада 1940 года), Бог бараніў. Іншым лагпунктам менш пашанцавала. На нашым прыіску пошасць з'явілася ўзімку 1940/41 года, на штрафным лагпункце Рыжы Ключ. Менавіта там, у зоне са штрафным рэжымам, былі асабліва спрыяльныя ўмовы для гэтага. Колькі жыццяў яна забрала, ніхто ніколі ўжо не даведаецца.

Была ў нас і невялічкая лазня з прылазнічкам. Скіданая з бярвёнаў лістоўніцы, яна стаяла ўдалечыні, недалёка ад вусця ключа, адкуль бралі ваду для яе, збольшага падаграваючы. А зімой ключ вымярзаў да дна. Вады не было. Бралі снег. Нас вадзілі ў лазню, пэўна ж пад канвоем, невялікімі групамі і, вядома, рэдка - не часцей аднаго разу на месяц. Памыцца па-людску не выпадала дзеля холаду і абмежаванай колькасці вады. У прылазніку на падлозе намярзаў лёд. Уся працэдура зводзіліся да змены бялізны, што, аднак, не пазбаўляла нас ад вашывасці. Цярпліва чакалі лета, калі часцей нас вадзілі на «омовение», бо было вальней з вадой.

Неўзабаве пасля таго выпадку, калі на вачах у нас замерз чалавек, адляглі маразы да мінус дваццаці градусаў. Падзьмуў моцны норд-ост, пайшоў снег, паднялася завея, занесла дарогі. Забеспячэнне лагернікаў харчамі залежала ад штодзённага завозу, а на гэта ўплываў стан трасы, «блакада» яе завеямі. Траса то тут, то там, а бывала, і на ўсім працягу вельмі часта апыналася пад гурбамі снегу. Асабліва моцна заносіла наш серпанцін. Даводзілася садзіцца на трохсотграмовую норму хлеба. Дарожныя лагпункты не спраўляліся расчышчаць трасу, тады падымалі на аўрал і прыісковы нявольны люд.

Аднаго разу, адпрацаваўшы дзень у забоі, мы леглі спаць. Але доўга спаць не давялося. Сярод ночы нас паднялі - і на серпанцін, на расчыстку дарогі ад сумётаў. Дарога на серпанціне была перахоплена высокімі гурбамі снегу. Але не скрозь. Месцамі свежы снег не затрымліваўся, бо вецер выдзімаў яго да шчыльна ўпрасаванага шынамі машын. Перамёты хваліста чаргаваліся з выдзьмутымі, гладкімі, як шкло, адрэзкамі дарогі. Праца была цяжкая. Часам гурбы дасягалі паловы вышыні тэлеграфных слупоў. У такім разе даводзілася адкопваць дарогу прыступкамі, з двайной, а то і трайной перавалкай снегу. А ззаду зноў намятала.

Працавалі старанна, бо быў пэўны стымул. Кожны ўсведамляў: чым раней адкрыем дарогу для праходу машын, тым раней павысяцца нормы хлеба. Паступова, метр за метрам, мы прасоўваліся ў бок першай - ніжняй крывулі серпанціна. Калі прайшлі паварот на турму Серпацінку, нам сустрэліся тры санныя фурманкі. На іх чарнела абы як накіданае лагернае адзенне. Бялізны на санях не было. Размінуўшыся з намі, фурманкі збочылі на паварот і зніклі ў змроку ночы, накіраваўшыся туды, дзе зырка свяцілі агні вонкавага асвятлення турмы.

Перад крывуляй серпанціна траса была чыстая, і мы, збіўшыся ў цесны гурт, паволі пакрочылі ўперад, закінуўшы рыдлёўкі на плячо. Калі крывуля была ўжо зусім блізка, мы пачулі вокліч:

- Стой! Кто идет?

Наш пярэдні канваір адказаў:

- Рабочие по очистке дороги.

- Проходите, проходите быстрее!

Наблізіўшыся, мы заўважылі, што наўзбоч дарогі стаіць вохравец з вінтоўкай і яшчэ дзве постаці. Далей, у бок верхавіны распадка, ад крывулі серпанціна вяла санная дарога. Па ёй і кінуліся бегчы тыя двое, што стаялі разам з вохраўцам. Адбегшыся метраў дваццаць, яны спыніліся і сталі чакаць, пакуль мы пройдзем крывулю. Іх, відаць, спужала нечаканая сустрэча з намі ўначы. Чаму? Здагадацца было не цяжка. Здагадаліся ўсе. Гэта - начных спраў майстры з Серпанцінкі. Там, недзе ў распадку, удалечыні ад крывулі, хавалі ахвяраў начных расстрэлаў. Можа, яны чакалі новага саннага падвозу ахвяраў, а можа, вярталіся назад пасля ўпарадкавання нябожчыкаў? Тыя двое, што кінуліся бегчы, відаць, адчувалі, што робяць чорную справу. Таму і спужаліся людскога вока.

Мы пайшлі далей, расчышчаючы серпанцін. Паступова дабраліся да верху сопкі, праца была скончана. Пачало днець. Мы паволі вярталіся, спускаючыся ўніз па серпанціне, ненадоўга затрымліваючыся, падчышчалі тое, што намяло за намі следам. Калі падышлі да месца начной сустрэчы, вохраўца і «постацяў» ужо не было. Следу іх даўно не стала. Іх «праца» была прыпыненая да наступнай ночы.

Санная дарога, са свежым следам палазоў, бегла ў распадак ад таго месца на крывулі, дзе ўначы стаялі трое, і знікала за схілам сопкі. Вохравец выстаўляўся на пост толькі ўначы, каб хто-небудзь выпадкова не збіўся з крывулі на санную дарогу і не стаў сведкам злачынства. Калі мы мінулі санную дарогу, я заўважыў на чыстай выдме шашэйнага палатна серпанціна крывавыя плямы. Яны цягнуліся ланцужком, нібы след падраненай дзічыны. Абрысы плямаў нагадвалі сабой кароткія клічнікі, выцягнутыя нам насустрач. Стала зразумела, што кроў капала ў часе руху. Прыгадалася сустрэча з фурманкамі.

Я звярнуў увагу інжынера-металурга Велінга Георгія Готлібавіча - былога дырэктара трэста «Востокосталь», на той час зэка - нашага брыгадніка, на крывавыя плямы і запытаў: «У які бок, на вашу думку, везлі расстраляных?» Пытанне было нечаканае, і ўсе звярнулі ўвагу на нашу размову. Разам сталі прыглядацца да дарогі, дзе яна не заносілася снегам. Заўважалі ўсё новыя і новыя крывавыя плямы. Арыентацыя «клічнікаў» ясна паказвала, куды каты везлі сваіх ахвяраў. Недзе там, у распадку, удалечыні ад крывулі серпанціна, куды вяла санная дарога, была братняя магіла, якая нагадвала траншэю, зробленую ў вечнай мерзлаце з дапамогай аманалу. Траншэя папаўнялася штодня, дакладней штоночы. Перад тым як паскідаць ахвяры ў траншэі, іх «вытрасалі» з лагернага адзення да бялізны. А іншы раз і з бялізны. Лагернае начальства не магло дапусціць, каб «дабро» прападала. Адзенне везлі назад у Серпанцінку, што мы і ўбачылі ўначы, сустрэўшыся з фурманкамі.

Заставалася праверыць, ці будуць трапляцца крывавыя плямы, калі мы мінем паварот на турму Серпанцінку? Як і меркавалі, далей плямаў не было. Адзін з нас ішоў па самым краі дарогі. Ён заўважыў плямы на самім павароце. Усе сумневы зніклі. Мы сталі міжвольнымі «крыміналістамі», паступова адкрываючы для сябе і для іншых падрабязнасці злачынных падзеяў, што адбываліся ў Серпанцінцы ў тую ноч. Выпадкова нам прачынілася карціна штоночнай працы катаў.

 

Сель з трупаў

 

Нашы здагадкі і меркаванні наконт крывавых плямаў на серпанціне, інакш кажучы крывавых слядоў злачынства, пацвердзіліся значна пазней - летам 1939 года, калі настала пара прамыўнога сезона на залатых прыісках Калымы. Такі ж норд-ост, што прыносіў узімку завеі, прынёс зацяжныя нудныя дажджы. Неба аблажыла нізкімі хмарамі. Дажджы йшлі больш за тыдзень. Здавалася, што ім не будзе канца. Вопратка на нас не высыхала. Гналі нас на працу, нягледзячы ні на што, бо прамыўны сезон - ад зімы да зімы, усяго дзевяноста-сто дзён. Начальства ўсведамляла: страціш хоць адзін дзень напачатку, не надточыш пры канцы сезона. Працавалі без выхадных, без увагі на дрэннае надвор'е, па дванаццаць гадзін у змену. Ад праліўных дажджоў узнялася рака. У гарыстай мясцовасці гэта адбываецца хутка, раптоўна. Загаманілі ключы ў распадках, утварыўшы бурныя шумлівыя каскады. Вадзяная стыхія ў сваім шаленстве змятала ўсё, што траплялася на яе шляху ў цяснінах распадкаў, і выносіла ў даліну Хатыннаха, замываючы і засыпаючы бліжэйшыя забоі, марнуючы нашу цяжкую, пакутную, ахвярную зімовую працу. Рака Хатыннах выйшла з берагоў пракапанага для яе адводнага канала і затапіла дарогі па ўсёй шырыні раўдані. Рытм працы парушыўся. Людзей кінулі на тое, каб неяк ратаваць забоі. Там-сям рабілі дамбы, капалі равы. Але ўсё гэта не давала жаданых вынікаў.

Дажджы спыніліся раптоўна. Волкае паветра ледзь варушылася. Зямля набрыняла вільгаццю, аддавала лішкі яе ў паветра выпарэннем. Утварыліся і папаўзлі ўздоўж падножжа сопак вандроўныя туманы. Пачала спадаць паводка, прыціхлі ключы ў распадках.

Калі амаль усё стабілізавалася, у замытых забоях, што насупроць распадка, дзе знаходзілася турма Серпанцінка, вачам адкрылася жудасная карціна. На паверхні зямлі ляжала мноства голых трупаў, раскіданых стыхіяй паўсюдна. На іншых былі рэшткі падранай, забруджанай бялізны. Некаторыя трупы былі паўзасыпаныя. Дзе-нідзе тырчэла рука, нага з біркай або галава з дзіркай ад кулі. Часам павольна паўзлі над самай зямлёй асобныя шматы вандроўных туманоў, раз-пораз хаваючы ад жывых, пакрываючы нібы саяном смерці, гэтае апакаліптычнае відовішча. Плён працы «тройкі» і катаў-выканаўцаў стаў відавочным для тых, хто быў побач, паблізу. Здавалася, што на нейкі момант, нібы ў стоп-кадры, спынілася д'ябальская кругаверць калымскай крывавай гісторыі. Карціна была настолькі жудасная, што неставала маральных сілаў, каб верыць у яе рэальнасць.

Імпульсіўна, з глыбіні памяці, адразу ж узнікла аналогія гэтага відовішча. Некалі даўно ў апошнім нумары часопіса «Ніва» за 1899 год давялося бачыць рэпрадукцыю з карціны мастака Анры Данжэ. Назоў карціны - «Люби ближнего!» На пярэднім плане карціны постаць жалобнага Ісуса Хрыста, а перад ім - поле, усеянае аголенымі трупамі. Усё вельмі падобна. Адметнасць, бадай, у тым, што на фоне калымскага краявіду - не фантазія мастака, а рэаліі 30-х гадоў. Дый трупаў у сотні разоў болей. Не хапала толькі постаці Хрыста, што, урэшце, адпавядала духу часу. Дзейнічалі іншыя запаветы - канібальскія запаветы сухарукага антыхрыста.

Калымская зямля не захацела прыняць замучаных. Недзе ў распадку, пад час дажджоў, раз'юшаная стыхія, нібы пратэстуючы супраць злачынстваў, усёй сваёй моцай кінулася на жудасны могільнік. Шалёнай плыні няцяжка было размыць парушаную вечную мерзлату і, падхапіўшы целы расстраляных ахвяраў лагернага тэрору, вынесці іх у даліну Хатыннаха, на паказ усяму беламу свету.

Але ўсё гэта адбылося пазней, улетку, калі сама прырода падняла заслону над тым, што ў мінулую зіму спрытна хавалася ад вока людскога і толькі падагульнялася на паперы злавеснымі загадамі палкоўніка Гараніна.

Трупы хуценька прыбралі. Там-сям засталіся валяцца толькі «інвентарныя» калы, што звычайна забіваліся ў зямлю над трупамі на засыпанай траншэі. Замест прозвішчаў на калах пісаліся нумары асабовых справаў расстраляных вязняў.

Хадзілі чуткі, што сабранымі трупамі запаўнялі шурфы, у якіх не знайшлі россыпаў золата. Казалі таксама, што іх складалі ў адпрацаваных штольнях і прывальвалі адвечна мёрзлай пародай з дапамогай выбухаў.

Чуткі звычайна ішлі ад самой лагернай адміністрацыі, праз лагерную абслугу, асабліва ад днявальных пры начальстве. Гэтыя заўсёды ўсё ведалі і былі асноўнай крыніцай вуснай лагернай інфармацыі, якая распаўсюджвалася ў асноўным праз блатных. Яны вельмі любілі сенсацыі, смакавалі іх.

Хто былі гэтыя людзі, якіх расстрэльвалі? Кім яны былі ў жыцці, на волі? Пра гэта ўжо ніхто ніколі не даведаецца. На Калыме ўмелі хаваць канцы. А недзе ў доўгім, безнадзейным чаканні жылі іх удовы, асірацелыя дзеці, бацькі. Тым з іх, хто вельмі настойліва дамагаўся звестак пра лёс зняволеных, афіцыйна адказвалі: «Осужден без права переписки». Гэта была цынічная хлусня. Людзі верылі, а мы ведалі, што такое паведамленне раўназначнае весткам аб расстрэле або іншай гвалтоўнай смерці.

 

Абвалы

 

У штольнях нярэдка прывальвала і жывых. Гэта адбывалася толькі таму, што пры адпрацоўцы слоя не ўлічваліся дадзеныя геалагічнай разведкі. Яны проста не браліся пад увагу. Такое здарылася на суседнім участку, дзе адкрывалі залатаносныя пяскі падземным спосабам. Было вядома, што над штольнямі ў тоўшчы пароды прысутнічалі лінзы чыстага лёду, іншым разам таўшчынёю некалькі метраў. Геолагі ў часе праходкі шурфоў іх старанна фіксавалі і наносілі на планы. Але прыісковае начальства гэтыя звесткі ігнаравала, спадзеючыся на ўстойлівасць вечнай мерзлаты. Да таго ж існавала поўная безадказнасць за жыццё зэкаў. Між таго ад выбухаў лёд трэскаўся і ўстойлівасць мерзлаты станавілася ўяўнай. Над людзьмі, што працавалі пад зямлёй, адпрацоўваючы з дапамогай выбухаў пяскі ніжэй ледзяных лінзаў, навісала грозная небяспека, пра што яны не здагадваліся. Таму і не ўмацоўвалі штольняў. Ды гэта й не ўваходзіла ў планы начальства, бо звязана было з дадатковымі клопатамі. У выпадку, пра які я згадваю, настаў той крытычны момант, калі тысячатонная глыба аддзялілася, утварыўшы ледзяны купал вялікага дыяметру, і сваёй масай накрыла ўсіх, хто быў у забоі, раздушыўшы іх.

Абвал потым разабралі іншыя ацалелыя вязні. Не дзеля таго, каб дастаць і пахаваць раздушаных, а таму, што ахвяры ляжалі на неадпрацаваных залатаносных пародах.

Такое здаралася неаднойчы і не ў адным месцы. Гібель зэкаў спісвалася на няшчасныя выпадкі.

 

Днявальныя пры начальстве

 

У лагерных умовах склалася на той час асобная сацыяльная катэгорыя зэкаў. Яна ўяўляла сабою шматлікую групу лакеяў, што абслугоўвалі штодзённы побыт начальства. Мець днявальнага было прэстыжна. Гэта ўсё роўна, што плантатару мець на паслугах раба. Тым больш што гэта амаль нічога не каштавала. Асаблівую зацікаўленасць у днявальных мелі тыя, хто прыязджаў па вярбоўцы без сем'яў. Жылі днявальныя без канвою ў адміністрацыйных пасёлках сярод вольнанаёмных у кватэрах гаспадароў. Набіралі іх у асноўным з блатных. Былі ў іх «рукі на ўсё штукі». У іхных фармулярах значыліся, запісаныя са слоў, прафесіі, якім яны нідзе не вучыліся. Гэта найперш кухар і пекар, далей - шавец, кравец, а калі хочаце, то й «на дудзе йгрэц». Яны браліся за любую лёгкую (блатную) працу. Іх дэвізам была папулярная ў гэтым асяроддзі прымаўка: «Где ни работать, лишь бы не работать». Пры падборы на пасаду днявальнага ўлічваліся дадзеныя асабовых справаў: артыкул кодэкса, тэрмін зняволення, паводзіны ў зоне, лагерная біяграфія. А перадусім - здольнасць услужыць, дагадзіць гаспадару, халопская адданасць яму. Яны кухарылі, мылі бялізну, прыбіралі пакоі, хадзілі па прадукты, па ваду, палілі ў печы. Карацей кажучы, спрытна вялі хатнюю гаспадарку. Пры гэтым пакрысе непрыкметна абкрадалі гаспадара або разам з ім пускаліся ў лагерную спекуляцыю харчамі. Што й казаць, многія вольнанаёмныя ехалі на Калыму па «доўгі рубель». Іншыя не грэбавалі ніякімі спосабамі набіць кішэні грашыма. Дзеля гэтага днявальныя як пасярэднікі гралі пэўную «эканамічную» ролю ў лагерным жыцці. Калі ў зэка заводзіліся такія-сякія грошы, заробленыя на прамыўцы золата або атрыманыя па пошце ад родных і блізкіх, то праз днявальных пры начальстве можна было нелегальна купіць хлеба, якога так неставала. Для дастаўкі «левага» хлеба ў зону дзейнічала адпрацаваная сістэма. У ланцужок «бізнесу» ўлучаўся і вадавоз, а можа, і вохра. Справа ў тым, што на лагерную кухню завозілася некалькі бочак вады з талікавага водазабору, які абслугоўваў вольныя пасёлкі. Бывала, што праз вароты вахты правозілі ў зону ў пустой бочцы пэўную колькасць боханаў хлеба, узімку звычайна мёрзлага. Урэшце яны траплялі ў нашы рукі. Мёрзлы хлеб нажом рэзаць нельга. Таму мы разразалі яго звычайнай папярочнай пілой. Так мы дзялілі куплены хлеб пароўну. Дзялілі і хлебнае «пілавінне».

Лагерная галота-дахадзягі, што складалі пераважную бальшыню, у «бізнесе» не бралі ўдзелу, бо не было за што. Іх лёс - чэзнуць. І яны чэзлі. «Бізнесам» карысталіся нямногія, больш-менш моцныя брыгады, надзейна згуртаваныя ў барацьбе за выжыванне па прынцыпе «адзін за ўсіх, усе за аднаго», чаго б гэта ні каштавала. Раз'яднанасць у лагеры вельмі часта вяла да пагібелі.

Шмат хто з днявальных не цураўся сваёй прафесіі і пасля адбыцця тэрміну зняволення. Яны ажыццяўлялі таемную сувязь паміж вольнымі пасёлкамі, лагпунктамі па ўсёй Калыме, вельмі часта злачынную, адыгрываючы пры гэтым ролю «наводчыкаў», сувязных, а то проста саўдзельнікаў арганізаваных крадзяжоў, рабункаў, нават забойстваў. Іншым разам іх ахвярамі станавіліся і самі гаспадары.

Памятаю такі выпадак. Гэта было адразу пасля вайны ці ў канцы яе. СГПУ задоўга да таго часу пераехала з Хатыннаха ў Ягаднае, вельмі прыгожы пасёлак з натуральным таполевым паркам. Пасёлак Ягаднае пабудавалі ў свой час дарожнікі. Яны, адрозна ад гарнякоў, не пакідалі пасля сябе пустыню. Знаходзіцца Ягаднае на 541-м кіламетры калымскай трасы, на поўнач ад Магадана, раскінуўшыся на тэрасе ракі Дзебіч, пры ўтоку ў яе ключа Ягадны. Пераехалі ў пасёлак Ягаднае і ўсе службы горнага ўпраўлення, у тым ліку і ГРА (геолага-разведвальны аддзел). На працу ў гэты аддзел прыехаў па вярбоўцы геолаг Палуміскаў з сям'ёй (жонка і двое дзяцей). Жонка - настаўніца - уладкавалася на працу ў Ягаднінскую сярэднюю школу. Аднаго дня Палуміскаў не выйшаў на працу. Дубаваты начальнік сектара ГРА, у якім той працаваў, пачаў бурчаць, каб усе чулі: «Нядаўна прыехаў, а ўжо пачаў рабіць прагулы». Гэта быў той час, калі за прагулы судзілі. Жонка геолага таксама ў той дзень не з'явілася на працу ў школу, і яе клас прагульваў. Дырэктар школы паслаў на кватэру Палуміскавых тэхнічку, каб даведацца, у чым рэч. Тэхнічка пастукала ў дзверы раз-другі. Ніхто не адгукнуўся. Тады яна штурханула дзверы. Яны рашчыніліся нахлашч. Тэхнічка ледзь не страціла прытомнасць ад убачанага. На ложках ляжалі забітыя. Уся сям'я: дарослыя і дзеці. Жонка Палуміскава была цяжарная трэцім дзіцем.

Забойства сякерай учыніў днявальны - былы зэк, крымінальнік, які ўцерся ў давер да неспрактыкаваных навічкоў Палуміскавых, памагаючы ім у хатніх справах, часта застаючыся ў іх нанач. Ён «пранюхаў», што на імя Палуміскавых павінны прыбыць вялікі багаж. Гэта і прывабіла яго. З сябрамі ён дамовіўся абрабаваць сям'ю. Нарэшце багаж прыбыў. Яго яшчэ нават не паспелі распакаваць. Злачынцы прынялі намер дзейнічаць неадкладна. Днявальны ў той дзень застаўся начаваць у Палуміскавых, каб адшчапіць крук на дзвярах па ўмоўным сігнале хаўруснікаў. Але ён праспаў гэты момант. Хаўруснікі прыходзілі і ні з чым пайшлі. Прачнуўшыся пад раніцу, днявальны наважыўся дзейнічаць адзін.

Кватэра Палуміскавых месцілася на другім паверсе драўлянага атынкаванага двухпавярховага будынка. Суседзі са сподняга паверха чулі роспачны крык дзяцей, чулі, як нехта іх супакойваў, але не надалі гэтаму ніякай увагі.

Забіўшы сям'ю, злачынца пачаў рабаваць багаж. Узламаўшы скрыні, ён убачыў, што там, апрача кніжак па геалогіі, педагогіцы, падручнікаў для дзяцей, амаль нічога не было. Узяўшы такія-сякія рэчы, забойца выйшаў на вуліцу. У гэты момант канвой вёў ужо дзённую змену зэкаў з Ягадзінскага лагпункта на працу ў механічныя майстэрні. Забойца пайшоў следам, не выклікаўшы ніякага падазрэння ў канвою. Ён выйшаў за пасёлак і недзе схаваў украдзенае.

У той жа дзень арыштавалі і «апрацавалі» некалькі дзесяткаў былых лагернікаў, папярэдне правёўшы аблаву на невялікім мясцовым рынку. Што дала гэтая апрацоўка, ніхто не ведаў. Аднак праз некалькі дзён забойца быў выяўлены. Урэшце ён заплаціў сваім нікчэмным жыццём за ўчыненае злачынства.

 

Камбрыг-днявальны

 

Згадваецца мне адзін выключны выпадак, калі ў нашага начальніка лагпункта днявальным быў былы камбрыг - камандзір асобнай кавалерыйскай брыгады. Яна ўваходзіла ў склад Маскоўскага гарнізона і заўсёды ўдзельнічала ў святочных парадах на Краснай плошчы ў Маскве.

Начальнікі нашага лагпункта час ад часу мяняліся. Памятаю іх прозвішчы: Кудзінаў, Глузман. Прозвішча гэтага начальніка, што ўзяў сабе ў днявальныя камбрыга, у памяці не захавалася. Ён вызначаўся чалавечнасцю, наколькі яна была магчымая ў тых умовах. Усе разумелі, што выбар, зроблены начальнікам лагпункта, быў актам гуманнасці, бо камбрыг быў ужо чалавек немалады, да таго ж паранены ў грамадзянскую вайну. У яго была скалечаная сківіца, што стварала цяжкасці пры размове ды ўжыванні ежы. На агульнай працы ў забоі ён доўга не працягнуў бы, таму «пасада» днявальнага пры начальніку лагера была для яго паратункам на нейкі час. Ён жыў у дамку начальніка, пёк яму пшанічныя аладкі, гатаваў стравы. Харчаваліся яны разам і, відаць, вялі шчырыя размовы, якія, безумоўна, рабілі ўплыў на погляды і стаўленне начальніка да зняволеных. Таму ён і быў начальнікам паводле абавязку, а не паводле палітычнага натхнення ці фанатызму або садызму. Але змяніўся начальнік, змяніўся і днявальны. Камбрыг ізноў апынуўся ў забоі як «контрык» і пачаў «даходзіць». Недзе да вясны 1940 года ён амаль «дайшоў» і быў вылучаны ў каманду слабасілак, якую накіравалі некуды на «папраўку». У наш лагер каманда не вярнулася. Мы ставіліся да гэтага з поўнай падазронасцю. Загады аб расстрэлах зэкаў нам больш не зачытваліся, легіён Яжова, што лютаваў раней, быў зменены легіёнам Берыі. Змяніліся і метады тэрору.

Імя і прозвішча камбрыга Юрый Якубоўскі. Мне ён казаў, што ў яго ёсць сваякі ў Самахвалавічах. Камбрыг быў чалавек высокай культуры, начытаны, характарам лагодны, мяккі. Ён нават вершы пісаў. Ягоная «Асенняя элегія» недзе была надрукаваная. З яго калымскіх вершаў, якія ён трымаў толькі ў памяці ды іншы раз дэкламаваў нам, я запомніў толькі адно чатырохрадкоўе:

 

Я еретик - и это не скрываю

И никаких богов не признаю.

Я поклоняюсь октябрю и маю.

Люблю как жизнь лишь Родину мою.

 

Ён старанна тлумачыў тым, хто не здагадваўся, каго трэба разумець пад «багамі», на чале якіх стаяў тады галоўны крамлёўскі «бог».

Аднойчы Якубоўскі расказаў пра кур'ёзны выпадак, што адбыўся ў адным эскадроне яго брыгады. Увосень 1935 ці 1936 года прыбыло новае папаўненне мабілізаваных юнакоў з Украіны. З першага ж кроку, як і ўсюды ў арміі ў тым часе, пачалася ідэалагічная апрацоўка навабранцаў. «Проштудировали» закон «Об измене Родине» і ўзяліся за вывучэнне біяграфіі Сталіна. Палітрук на палітзанятках у адным эскадроне так заўзята расказваў пра тое, як Коба спрытна ўцёк з Тбіліскай турмы, што адзін навабранец у захапленні выгукнуў: «Ну й жулік». Пра гэтае ЧП далажыў камбрыгу оперупаўнаважаны НКВД пры кавбрыгадзе. Давялося разбірацца. Якубоўскі разам са сваім зампалітам сабраў камандзіраў эскадронаў і палітработнікаў, запрасіў оперупаўнаважанага НКВД і выклікаў «вінаватага» для тлумачэння. Па словах Якубоўскага, да яго ў кабінет увайшоў зграбны малады русявы хлопец з блакітнымі вачыма, дужы, пра якіх кажуць: здаровы як дуб скарбовы. Ён цырыманіяльным крокам падышоў да камбрыга, спыніўся за тры крокі, узяў пад казырок і адрапартаваў: «Таварыш камбрыг, па вашаму прыказанню явывся!» На запытанне, чаму ён назваў таварыша Сталіна жулікам, паясніў, што ў іх вёсцы і наагул на Ўкраіне, калі кагосьці здзіўляе спрытны ўчынак чалавека, людзі толькі выказваюць сваё захапленне выгукам «ну й жулік». Вось і ў яго незнарок вырваліся гэтыя словы. Тлумачэнне навабранца Якубоўскі палічыў шчырым і загадаў далейшы разбор справы спыніць. Праз нейкі час Якубоўскаму далажылі, што намаганнямі оперупаўнаважанага НКВД хлопца ўсё ж арыштавалі і прысудзілі да пяці гадоў зняволення. На гэтым справа не скончылася. Калі арыштавалі самога Якубоўскага, то следчы, не нашмат старэйшы за навабранца, абвінаваціў ссівелага героя грамадзянскай вайны ў тым, што ён імкнуўся засцерагчы ад пакарання «ворага народа», які гэтак абразіў Сталіна.

Дарэчы, гэтае абвінавачванне было далёка не адзінае. Недзе ў 1935 ці 1936 годзе, напярэдадні кастрычніцкага свята, блізу трох гадзінаў ночы, брыгада, як звычайна, выстраілася на адной з прылеглых да Краснай плошчы вуліц у чаканні раніцы да парада. Раптам з'явілася калона грузавікоў з салдатамі НКВД, параўнялася з калонай брыгады і спынілася. З машын саскочылі салдаты НКВД і пачалі абшукваць кавалерыстаў брыгады. Лазілі ў падсумкі, прымушалі адкрываць затворы вінтовак. Абшукалі і камандзіраў, прапануючы кожнаму выняць з кабуры наган. Гэта быў першы з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі вобыск войскаў - удзельнікаў святочнага парада. Відаць, да гэтага часу Сталін поўнасцю апынуўся ва ўладзе жывёльнага страху нават перад Чырвонай арміяй. А калі адчуваў гэты страх, то разумеў, што па вушы заграз у злачынствах. Але спыняць іх не думаў.

У 1936 годзе курсант старэйшага курса Маскоўскай артылерыйскай школы імя Красіна, у якой да арышту вучыўся і я, апавядаў нам пра цікавы выпадак, які адбыўся ў 1934 годзе. Курсанты нашай школы, разам з крамлёўскімі курсантамі, неслі варту каля труны Кірава. У момант змены варты побач з нашым курсантам апынуўся Сталін, які таксама змяніўся з ганаровай варты. Згодна з рытуалам, наш курсант мусіў спрытна выняць шаблю з похвы і ўзяць на плячо. Калі ён пачаў гэта рабіць, у вачах Сталіна палыхнуў страх. На нейкую нязначную долю секунды ён спыніўся, нібы спатыкнуўся. Курсант разгубіўся і таксама на нейкую долю секунды замёр з напалову выцягнутай шабляй. Паміж Сталіным і курсантам хуценька стаў Ягода, які знаходзіўся побач. Ён супакоіў курсанта, зняўшы такім чынам напружанне выпадковай сітуацыі.

Пазней была праведзена перадыслакацыя школ. Нашу школу перавялі аж у Краснадар. Агульнавайсковую школу крамлёўскіх курсантаў выселілі з Крамля, дзе яна знаходзілася з часоў Леніна, і раскватаравалі ў былых нашых казармах. Ці мела гэта сувязь з памянёным выпадкам, сказаць цяжка. Пэўна толькі тое, што страх прымусіў Сталіна выселіць агульнавайсковую школу з Крамля.

Паводле словаў Якубоўскага, ён пад час вобыску стаяў у перадзе калоны брыгады і нерваваўся. Вобыск не мінуў і яго. Побач стаялі зампаліт і оперупаўнаважаны НКВД пры брыгадзе, таксама абшуканыя. Сабраўшыся гуртам, падышлі камандзіры ўсёй брыгады, абураныя недаверам і гвалтам вобыску. Яны пачалі скардзіцца Якубоўскаму, выказваючы сваё абурэнне прыкладна так: «Камандзіры мы Чырвонай арміі ці не? Калі нам не давяраюць, то няхай звальняюць у запас!» Абураны не менш, чым яны, Якубоўскі з'едліва сказаў, кінуўшы ў бок зампаліта: «Вось ваш поп, звяртайцеся да яго». Камандзіры засмяяліся, што некалькі разрадзіла напружанне.

Следчаму Якубоўскага стаў вядомы і гэты эпізод, які даў падставу абвінаваціць камбрыга ў абразе паліторганаў Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. Больш за тое, Якубоўскага абвінавацілі ў шкодніцтве ў часе грамадзянскай вайны. А рэч у тым, што аднаго разу ў вельмі складаных тактыка-стратэгічных умовах фронту ягоная брыгада апынулася ў акружэнні белых. Гэта здарылася ў лясістай мясцовасці, зараз не памятаю дзе. Кальцо было настолькі моцнае, што ніякія спробы і намаганні брыгады прарвацца не далі вынікаў. Гэта азначала: палон або знішчэнне. На аператыўнай нарадзе камандзіры прынялі намер глыбокай ноччу малымі групамі прасачыцца праз акружэнне, каб вывесці жывую сілу. У такім разе вывад брыгаднай артылерыі быў немагчымы. Параіўшыся, прыйшлі да высновы: замкі гармат кінуць у балота, гарматы падарваць, каб не дасталіся ворагу ў спраўным стане. Так і зрабілі. Аперацыя прайшла паспяхова з найменшымі стратамі. Да таго ж яна была адзіна магчымым выйсцем. Аднак следчы паглядзеў на гэта інакш: «Ты яшчэ ў грамадзянскую вайну займаўся шкодніцтвам, знішчаў баявую тэхніку».

Быў у біяграфіі Якубоўскага яшчэ адзін цікавы выпадак, вытлумачаны следчым таксама не на яго карысць. Неяк яго тэрмінова выклікалі ў Камісарыят абароны, прапанавалі падняць брыгаду па баявой трывозе, пагрузіцца ў цягнікі і тэрмінова адбыць на адрас, пазначаны на пакеце, які яму ўручылі. Разам з тым яму дазволілі распячатаць пакет толькі ў дарозе. Калі цягнікі адышлі ад Масквы, Якубоўскі распячатаў пакет. У ім быў загад прыбыць у адзін з раёнаў Цэнтральнай Расеі і прыступіць да ліквідацыі «кулацкага паўстання». Гэта было ў часы масавага раскулачвання і калектывізацыі. Раённае начальства вяло настолькі жорсткую палітыку з арыштамі і рэпрэсіямі, што гэта выклікала абурэнне насельніцтва. У выніку стыхійна ўтварылася помслівая група, якая перабілі частку раённага начальства.

Прыбыўшы да месца дзеяння брыгады, Якубоўскі дыслакаваў яе дробнымі падраздзяленнямі па вёсках. Палітрукі пачалі весці агітацыйную работу сярод насельніцтва, а радавыя дапамагалі ў працы на полі, выкарыстоўваючы абозных коней брыгады, у першую чаргу сем'ям чырвонаармейцаў, што служылі ў тым часе ў войску. Звычайна ў канцы дня ўсё гэта завяршалася вечарынкамі, у іншых месцах з духавым аркестрам. Усталявалася поўнае паразуменне паміж войскам і насельніцтвам. Ніякіх эксцэсаў не было.

Пад старшынствам Якубоўскага вялося расследванне дзейнасці раённага начальства. Былі выяўлены дзікія па сваёй сутнасці прыклады сваволі. Напрыклад, начальнік райаддзела міліцыі выдаваў загады самому сабе і акуратна заносіў іх у кнігу загадаў. Гэтымі ж загадамі ён ўскладваў сам на сябе абавязак сачыць за іх выкананнем. Сам сабе пісаў рапарты аб выкананні гэтых загадаў, накладваў на іх уласнаручныя рэзалюцыі і ўсё акуратна падшываў. Адным словам, рабіў што хацеў і дакументаваў вось такім чынам свае злачынныя дзеянні. Ніхто яго не кантраляваў. Не вызначаліся розумам і іншыя начальнікі. Усё гэта было адзначана ў дакументах праверкі і расследванняў з асуджэннем беззаконняў, дапушчаных раённым кіраўніцтвам. А следчы Якубоўскага расцаніў вынікі праверкі як доказ яго салідарнасці з «класавымі ворагамі».

Пра гэта ў свой час расказаў нам сам апальны камбрыг Юрый Якубоўскі. Аб тым, які лёс напаткаў камбрыга, я не ведаю. Ніколі болей я яго не спатыкаў, ніколі нічога пра яго не чуў. Відаць, ён недзе загінуў «на просторах родины чудесной», у любові да якой ён кляўся ў сваіх вершах, што не пабачылі свету, знікнуўшы разам з ім.

 

Супернікі

 

Аднаго разу, увесну 1938 ці 1939 года, калі на Калыме ўжо згінуў снег, да нашага лагпункта падышоў мядзведзь. Ён ішоў з боку сопкі Чок-Чык па спадзістым схіле, часам насцярожана спыняўся, прагна прынюхваўся, набіраўся рашучасці, смялеў і йшоў далей, маючы пэўную мэту. Калючы дрот лагернай зоны перагарадзіў яму шлях. Крыху памарудзіўшы, ён паволі пайшоў уздоўж зоны, нібы шукаючы дзірку, каб трапіць на тэрыторыю лагера. Мядзведзя заўважылі зэкі і з цікаўнасцю назіралі за ім. Гэты было ў поўдзень. Няцяжка здагадацца, што драпежніка прывабіў гнілы смурод ад лагернай памыйніцы, які распаўсюджваўся па наваколлі. Каб не калючы дрот, то звер дайшоў бы да самай памыйкі. Але там ён сустрэў бы супернікаў - лагерных дахадзяг, якія марна шукалі ў неглыбокай памыйнай яме чаго-небудзь спажыўнага: якой-небудзь шкарлупіны, галавы селядца або таго-сяго прыкарэлага да кансервавай бляшанкі. Ім рэдка шанцавала на знаходкі, але яны з тупой упартасцю ўжо каторы раз курмешкалі кіямі непрыдатныя для ежы адкіды лагернай кухні. Каб не дрот, то ў суперніцтве, пэўна, перамог бы мядзведзь. Сутыкнення інтарэсаў не адбылося. Гэта якраз той выпадак, калі дрот лагернай зоны ўратаваў зняволеных ад небяспекі.

Неўзабаве і на ахоўных вышках лагернай зоны, нібы прачнуўшыся, заўважылі мядзведзя. Пачалася страляніна. Вохраўцы бязладна смалілі з усіх чатырох вышак. Драпежнік кінуўся ўцякаць туды, адкуль прыйшоў. Ён з дзіўнай хуткасцю імчаў угару па схіле сопкі, нагадваючы сабой нейкі камяк, які шпарка каціўся. Адбегшыся з кіламетр, ён спыніўся, азірнуўся, пастаяў хвіліну-другую і паволі пакрочыў па замшэлай галалобай сопцы туды, дзе ў далечыні тырчэлі астанцы чорнай скалы. На яго шчасце, «варашылаўскія стралкі» прамазалі.

Калі б мядзведзь мог разважаць, то пасля гэтага выпадку ён прыйшоў бы да высновы, што лепей ісці да мёртвых на шматлікія лагерныя магільнікі. Там можна беспакарана пажывіцца і чалавечынай.

 

Разрытыя магілы

 

У розных народаў нябожчыкаў хаваюць па-рознаму. Іншым разам цяжка здагадацца, што традыцыя складвалася пад уплывам нейкіх абставін, вымагалася жорсткай неабходнасцю. Напрыклад, эвены, паклаўшы нябожчыка ў магілу, засыпаюць яе да паловы глыбіні, а пасля на гэтым роўні робяць яе значна даўжэйшай. Потым кладуць бервяно і засыпаюць магілу даверху. Хаваюць нябожчыкаў звычайна ў талікавай зоне, дзе-небудзь на ўскрайку рачной даліны, у лістоўнічным або таполевым лесе, дзе вечная мерзлата знаходзіцца на даволі значнай глыбіні.

Пазней, калі я ўжо быў вольны і працаваў у геалагічнай партыі на геалагічным картаванні тэрыторыі, недзе ў даліне ракі Джэгдакі, што ў вадазборы ракі Буюнды (правага прытока Калымы), натрапіў у маршруце на разрытую да паловы адзінокую магілу. У ёй было відно аголенае бервяно, дакладней, сярэдняя частка бервяна. Канцы яго заставаліся засыпанымі. Бервяно з аблузанай карой было падрапанае. Я зразумеў, што тут была спроба разрабаваць магілу. Мядзведзь-магільшчык, знайшоўшы яе, спрабаваў дакапацца да нябожчыка. Але дасягнуць гэтага перашкодзіла бервяно, прадбачліва пакладзенае ды закапанае над пахаваннем. Так і засталася магіла разрытай на палову глыбіні.

Жыццёвы вопыт многіх пакаленняў тубыльцаў поўначы падказваў, як захаваць магілы памерлых і засцерагчы нябожчыкаў ад мядзведзяў. Клапоцяцца пра гэта родныя і блізкія, умацоўваючы магілу бервяном. Але, відаць, з нейкай прычыны гэта не заўсёды робіцца. Аднойчы, прасоўваючыся па лістоўнічнай тайзе ўсёй геалагічнай партыяй да новай базы, мы натрапілі на адзінокую, разрытую мядзведзем магілу, у якой не было бервяна. У гэтым выпадку драпежніку спадарожнічаў поспех. Ён дастаў труп, бо навокал даўно разрытай магілы валяліся ўжо косці і чэрап, доўгія чорныя валасы і срэбныя маністы, зробленыя з манет яшчэ царскай чаканкі. Гэта было пахаванне жанчыны-абарыгенкі.

Зразумела, што ў масавыя мелка заглыбленыя траншэйныя магільнікі ніхто ніякага бярвення не клаў. Іх прысыпалі больш снегам, чым зямлёй, папаўняючы адкрытую траншэю ўсю зіму. Вясной мядзведзі, прачнуўшыся ад доўгай спячкі, схуднелыя і згаладалыя, бадзяліся па сопках і далінах у пошуках спажывы. Яны, следам за лісамі, не міналі ніводных лагерных магільнікаў, разрывалі траншэі і «балявалі». Лагернае начальства не звяртала на гэта ніякай увагі. Так адбывалася раз-пораз на працягу гадоў кожнае лета, пакуль маразы не скоўвалі зямлю і не заганялі мядзведзяў у бярлогі. Тым часам, пакуль мядзведзі спалі, немінучы для многіх зняволеных канец назапашваў новую сезонную «спажыву» звярам.

 

Курум з граніту і трупаў

 

Не кожны геолаг бачыў курумы, бо яны сустракаюцца нячаста. Другое найменне курумаў больш даходлівае, дэталізавана-вызначанае: каменныя моры, калі на роўнай паверхні, каменныя рэкі - калі на схіле ракі. З выгляду ў згаданым выпадку гэта больш-менш роўнае гранітнае плато, хаатычна заваленае гранітнымі глыбамі памерам з надмагільную пліту і значна большымі, рознапамернымі. Наўкола бачыцца гарманічная прырода і раптам - неверагодны хаос, утвораны нейкай д'ябальскай сілай. Такой сілай мог быць далінны ледавік, здольны зрушыць з месца пачатковага залягання шматлікія блокі гранітнага масіву, разбітага шчылінамі, магчыма, яшчэ ў часы застывання магмы. Згаданы курум з тых, што я бачыў, падобны на каменную звалку, каменную пустку, на якой няма расліннага пласта, няма глебы. Хадзіць па ім вельмі нязручна. Па сутнасці, ты ня йдзеш, а скачаш з блока на блок. Гэты курум знаходзіцца ў сістэме вадазбору ракі Джэлгалы, правага прытока ракі Дзебін. Ён прыўзняты метраў на пяцьдзесят над далінай, разварочанай у той час забоямі прыіска «Джэлгала». Дарогі на прыіск тады не было. Ён трымаўся на глыбінным завозе па лёдзе ракі, што прамярзала да дна, ды часовых зімніках, здатных да карыстання толькі ўзімку. Сваім ходам туды загналі патрэбную колькасць вязняў. Іх рукамі зрабілі лагер, выгарадзілі калючым дротам зону, паставілі вартавыя вышкі. Усё ў каторы ўжо раз пачалося, як і раней, як і пасля, на Калыме. Пачалі мерці і знішчацца людзі. Гэтая акалічнасць прымусіла выбіраць месца для лагернага магільніка - чарговых калымскіх Курапат. Выбіралі па снезе, не разабраўшыся, проста на куруме. Там наагул нельга заглыбіцца, зрабіць нармальную траншэю нават выбухамі. Нябожчыкаў, па сутнасці, хавалі ў снезе. Не было зямлі, каб хоць з большага прысыпаць трупы. Надышла вясна, растаў снег, агаліўся курум. На ім адкрылася зімовае пахаванне, якое ўяўляла сабой не што іншае, як лаўжы трупаў. Перахаваць іх ніхто не збіраўся. Туды зачасцілі лісы, а калі трупы пачалі загніваць, пачалі наведвацца мядзведзі. Летам трупны смурод распаўсюджваўся па наваколлі на ўсё большую прастору. Вецер прыносіў яго і ў даліну - у забоі, дзе працавалі жывыя, ацалелыя, над якімі злітаваўся лёс. Людзі былі прыгнечаныя незвычайным напамінам пра тое, што можа напаткаць і іх.

Бадай, не было на Калыме ніводнага лагернага братняга магільніка, не разрабаванага на самым пачатку лісамі і мядзведзямі.

Пазней, будучы ўжо вольным, я бачыў такія спустошаныя і запусцелыя магільнікі. Аднойчы, па абавязку геалагічнай службы, мне давялося быць на закінутым валавяным рудніку «Дняпроўскі». У той час руднік пуставаў. Абагачальная фабрыка разбурылася. Не вельмі далёка ад яе быў і лагерны магільнік. Ён уяўляў сабою доўгую засыпаную траншэю. Паверхня яе прасела, акрэсліўшы абрысы. Магільнік у свой час, відаць, быў таксама разрабаваны мядзведзямі. Навокал бязладна валяліся выбеленыя косці і чарапы ды калы, на якіх у той час яшчэ можна было прачытаць высмаленыя гарачым жалезам нумары асабовых спраў пахаваных. Спыніўшы свой позірк на чэрапе, у якога не хапала пярэдніх зубоў, я спытаў у рабочага, што быў са мной, дзе, па яго меркаванні, дзеліся гэтыя зубы. Рабочы, нібы прачытаўшы мае думкі, адказаў: «Выбіты следчым або лагстарастам». Гэта была, відаць, жорсткая праўда пра тое, што адбывалася яшчэ пры жыцці з пахаваным, да таго, як ягонае распранутае цела кінулі ў гэтую траншэю.

Пахаваннем займаліся уркі. Яны, безумоўна, не маглі ставіцца да гэтае працы, як і да ўсялякай іншай, добрасумленна. Тым не менш яна давала ім магчымасць выкруціцца ад працы ў забоі. Таму праца магільшчыка, непазбежна патрэбная тады на Калыме, лічылася ў іх «блатной» (лёгкай). Іншы раз было «завозна». Але ўсё ж выпадалі гадзіны, а то і дні, калі можна было «пакантавацца» (пагультайнічаць), перакінуцца ў карты. А «дубары», гэтак блатныя на сваім жаргоне называлі памерлых або забітых, маглі пачакаць, назапашваючыся да часу штабелем у якім-небудзь хлеўчуку-трупэрніку.

 

Залатая Калыма

 

Самай «дарагой» прафесіяй на Калыме лічылася прафесія забойшчыка, занятага на здабычы золата ў адкрытых забоях, ці штольнях, або на ўскрышы залатаносных пяскоў. Яна, гэтая прафесія, была самая цяжкая, самая пагібельная. Гэта не ў малой ступені вызначалася вытворчым працэсам, заснаваным толькі на ручной фізічнай працы. Мускульная энергія людзей была асноўнай рухальнай сілай вытворчасці. Кайло, рыдлёўка, тачка - вось тыя «тэхнічныя сродкі», якія, бадай, паўсюдна ў месцах зняволення не змяніліся з часоў дзекабрыстаў. Таму пашырэнне горнай вытворчасці на Калыме вымагала ўсё новых і новых забойшчыкаў. І яны йшлі этап за этапам, бо рост здабычы золата цалкам залежаў ад росту колькасці вязняў на прыісках. Бязмежная прага золата «отцом народов» падштурхоўвала ГУЛАГ этапіраваць велізарныя масы зняволеных на шматлікія прыіскі Калымы - аснову эканомікі «Дальстроя». Неабжытасць краю, неверагодна цяжкія кліматычныя ўмовы, голад, холад, непасільная паднявольная праца, лагерны тэрор, сутнасць якога ў палітычным генацыдзе, утварылі асаблівы штучны канвеер смерці. Ён дзейнічаў безупынна, перамолваючы ўсё новыя і новыя масы людзей на працягу многіх гадоў. Усё гэта ўскладнялася дапатопным спосабам арганізацыі вытворчасці, амаль поўнай адсутнасцю механізацыі, бесталковасцю, безгаспадарчасцю, эканамічнай некампетэнтнасцю вытворчага кіраўніцтва, бязлітаснасцю і жорсткасцю лагернага начальства, якое старалася дагадзіць «правадыру». Там, на Калыме, відаць, найбольш выразна акрэслілася звярыная сутнасць лагернай сістэмы і яе творцаў. Некаторыя мяркуюць, што на Калыме загінуў кожны трэці з ліку этапіраваных туды зняволеных. Відаць, у гэтых меркаваннях памылкі няма. І гэта ў краі, дзе незлічоныя мінеральныя багацці карысных выкапняў складаюць амаль усю табліцу Мендзялеева, сярод якіх дамінавала золата. Нездарма ж пыхлівае начальства Дальстроя лічыла Калыму «валютным цэхам краіны».

Вынікам пералічаных вышэй умоваў была нізкая прадукцыйнасць працы. Але нават у тых эканамічна-тэхнічных умовах яна магла быць значна вышэйшая пры гуманным, чалавечым стаўленні да ні ў чым не вінаватых палітзэкаў. Нізкая прадукцыйнасць працы кампенсавалася толькі безупыннымі этапамі зняволеных ды небывалым багаццем россыпных радовішчаў золата. Да прыкладу, у 1937 годзе пры распрацоўцы россыпаў даліны Хатыннаха на ўчастку нашага лагпункта брыгада з 25-30 чалавек намывала за дванаццацігадзінную змену да 120 кілаграмаў золата. Гэта былі рэкордныя намывы пры бутарным спосабе прамыўкі.

На пляскатай паверхні сопкі, там, дзе наш серпанцін выходзіў на водападзел, быў зроблены грунтовы аэрадром. Улетку кожны пагодны дзень прылятаў «кукурузнік». Загружаны золатам, ён узнімаўся ў паветра, рабіў круг над бліжэйшымі забоямі і знікаў за сопкамі. То быў своеасаблівы «залаты ручай», па якім перацякала ў сховішчы краіны кроў расстраляных, матэрыялізаваная ў выглядзе золата, здабытага вязнямі ў капальнях Хатыннаха.

Нават у пару затухання дзейнасці нашага горнага ўпраўлення, выкліканага выпрацоўкай найбольш багатых россыпаў у папярэднія гады, яно ўсё ж давала, як тады казалі, «чортаў тузін» - трынаццаць тонаў золата за прамыўны сезон. Гэта быў час Вялікай Айчыннай вайны. Новыя ўпраўленні, што ўсталёўваліся на нядаўна адкрытых россыпах, давалі ў 4-5 разоў больш. Напрыклад, Ценькінскае ўпраўленне, якое грымела сваімі рэкордамі ў вайну. Калымскае золата цякло ракой пры нечалавечых умовах эксплуатацыі зняволеных у шматлікіх лагерах. На ўсё гэта яшчэ накладваўся і лагерны тэрор. Немінучым вынікам былі безлічныя масавыя чалавечыя ахвяры, якіх не акупіць ніякім золатам.

У часе вайны не толькі забойныя брыгады мылі золата. Службоўцы ўстановаў, кантор, рабочыя падсобных службаў, геолагаразведчыкі і г. д. - усе, апрача вохры, мелі заданні па намыве золата. Людзі хадзілі па адпрацаваных забоях ды іх ускрайках з прамыўнымі латкамі і займаліся «старацельствам», намываючы іншым разам болей за 10 грамаў золата за дзень. Не мылі золата блатныя, хоць здавалі яго рэгулярна, з перавыкананнем задання. Яны таксама хадзілі з латкамі, толькі ніхто з іх ні разу не прамываў ніводнага латка пароды. Звычайна яны куплялі драбязу і маленькія самародкі ў забойшчыкаў. Тыя ведалі, што можна збыць золата жулікам за хлеб. Было агульнавядома, што блатныя не любяць працаваць. Той ці іншы «купец» прыходзіў у забой і ціхенька пытаўся ў забойшчыкаў: «Пшеница есть?» На жаргоне «пшеница» - гэта золата. Купля і продаж золата за хлеб ішлі ўвесь час. Забойшчыкі пры пагрузцы пароды, якая мела амаль чорны колер, лёгка заўважалі жоўтыя самародкі, выбіралі іх з тачак, хавалі і чакалі «купцоў». Такім чынам жуллё выконвала свой план за лічаныя хвіліны, а потым зашывалася дзе-небудзь далей ад вока начальства і запаўняла вольны час «інтэлектуальным заняткам» - гульнёй у карты. Забойшчыкі ведалі, што непрададзенае золата нельга несці ў лагерную зону, гэта было вельмі небяспечна. «Пагарэць» у часе «шмону» (вобыску) азначала немінучы расстрэл. Таму нерэалізаванае золата прыхоўвалася ў забоі да наступнага дня.

У гэты час я ўжо працаваў вольным у Сярэдне-Дзебінскім разведраёне, на шурфоўцы. На нашым абавязку было прырошчванне залатаносных плошчаў шляхам шурфовачнай разведкі для прыіска «Джэлгала». Сама інтэнсіўным перыядам разведкі для нас была зіма. Летам шурфовачныя работы амаль спыняліся, людзі разыходзіліся па пошукавых партыях. Але горна-эксплуатацыйнае начальства пра нас не забывалася, не скідала са свайго рахунку. Памятаю, у адзін з гадоў вайны начальнік СГПУ нехта Гагкаеў - асецін па нацыянальнай прыналежнасці, сказаў так: «Вы - геолагі. Знайдзіце сабе новую плошчу пад распрацоўку, якая б не ўваходзіла ў падлічаныя запасы адведзеных плошчаў для прыіска і выдайце цэнтнер золата за прамывачны сезон». Што будзеш рабіць? Загад начальства ў тых умовах аспрэчваць немагчыма, да таго ж небяспечна. Такую плошчу мы знайшлі, стварылі брыгаду з 10-15 чалавек, пабудавалі бутару, завялі на яе ваду і пачалі эксплуатацыйныя, не ўласцівыя нам работы. План - цэнтнер гатовага золата. Значыць, трэба было намываць штодня па адным кілаграме. Гэта не заўсёды ўдавалася. Тады Гагкаеў, атрымаўшы чарговую зводку, казаў па тэлефоне нашаму прарабу - былому палітзэку Марцідзі Георгію Іванавічу, грэку з данской станіцы, які, дарэчы, умудрыўся ў свой час назваць сваю дачку Сталінай, прыкладна так: «Мартиди, я тебе настроение испорчу!» Гагкаеў быў чалавек люты, але да Марцідзі ён ставіўся чамусьці паблажліва. Магчыма, таму, што наш цэнтнер не меў вырашальнага значэння ў «чортавым тузіне» (трынаццаці тонах), а быў нейкім звышпланавым даважкам. Тым летам мы намылі не адзін, а паўтара цэнтнера, так што «псаваць настрой» нашаму прарабу не выпадала.

Начальства добра разумела, як маглі абысціся азлобленыя зэкі з буйнымі самародкамі. Яны маглі іх закінуць так, што сам чорт не знайшоў бы. Таму на Калыме існавала такса, згодна з якой начальства плаціла зняволеным забойшчыкам па 1 руб. 14 кап. за грам золата, калі самародак важыў больш за 50 грамаў. Мой першы самародак, падняты яшчэ ў 1937 годзе, заважыў 58 грамаў, што па іроніі лёсу адпавядала нумару артыкула, па якім мяне судзілі. Я ніколі не верыў ні ў якія прыкметы, але тады мне падумалася, што ў маім калымскім жыцці ўрэшце ўсё абыдзецца добра. Артыкул кодэкса пазалаціўся ж. Недзе ў падсвядомасці зацеплілася надзея, нічым не падмацаваная. Надзея выжыць і перажыць. Так хацелася верыць у яе здзяйсненне, калі навокал гінулі людзі. Наступны мой самародак заважыў 382 грамы. Гэтая лічба ўжо не паддавалася тлумачэнню. Тым не менш думалася, што і ў ёй ёсць нейкі добры знак. А наагул на нашым участку занадта буйных самародкаў не знаходзілі. Сама буйны, падняты іншай брыгадай, заважыў 2 кілаграмы і некалькі грамаў. А ўсё тое, што важыла меней за 50 грамаў, ішло кантрабандай па лагерным «бізнесе» ў якасці «пшаніцы», пры менавым гандлі на хлеб.

 

Пыл у вочы

 

Падзеі вайны, што ліхаманкаю трэслі краіну, на Калыме, вядома, не маглі праявіцца нейкім чынам. Мы толькі прыблізна маглі ўявіць, што адбываецца на бацькаўшчыне кожнага з нас, чые тэрыторыі трапілі пад нямецкую акупацыю. Нам не давялося бачыць бамбёжкі, чуць разрывы бомбаў і снарадаў, быць удзельнікамі вайны, бачыць, як гінуць людзі на фронце. Тут, на Калыме, людзі гінулі па-свойму. Аналогіі не магло быць. Адно мы чулі, як на паўночны захад ад нас штодня гулі самалёты. Мы іх ніколі не бачылі, бо яны губляліся ў блакіце калымскага неба. Гэта гулі «дугласы», нагадваючы пра тое, што на захадзе, за тысячы кіламетраў ад нас, ідзе жорсткая вайна. Самалёты пераганялі з Аляскі цераз Чукотку і Сібір у эўрапейскую частку СССР. На душы было трывожна. Недзе там засталіся родныя і блізкія. Іх лёс быў невядомы для нас гэтаксама, як наш для іх.

Аднаго разу тым жа маршрутам праз Аляску ды Чукотку пралятаў да Чанкайшы віцэ-прэзідэнт Злучаных Штатаў. Здаецца, прозвішча яго Ўолес. Ён наведаў Магадан і адзін з прыіскаў. Віцэ-прэзідэнта, відаць, імкнуліся пераканаць, што СССР мае чым плаціць за зброю. Для гэтага быў вызначаны адзін з прыіскаў у раёне Сусумана. На ім была праведзена грунтоўная «касметыка». Непазнавальна змяніўся ў лічаныя дні і сам пасёлак Сусуман. Усё, што толькі можна пафарбаваць, пафарбавалі. Пасёлак стаў чысты, святочны, са сцягамі. На «ашчасліўленым» прыіску схавалі ўсіх зняволеных так, што яны не маглі трапіць на вочы віцэ-прэзідэнту. Давялося часова разбураць ахоўныя вышкі. Нарэшце зняволеныя неспадзявана атрымалі дзень адпачынку. Толькі ім не дазвалялі высоўвацца з палатак.

Я ўжо прыгадваў, што вохра не выкарыстоўвалася на намыве золата. Выпадак на тым прыіску быў выняткам на ўсёй Калыме, калі вохраўцы спатрэбіліся як паказушная рабочая сіла з мэтаю падману віцэ-прэзідэнта. Цэлыя падраздзяленні, апрануўшыся ў цывільнае адзенне, дружна занялі месца тых, каго яшчэ ўчора заганялі ў забоі і вартавалі. Дужыя, укормленыя, загарэлыя, яны старанна выконвалі ролю статыстаў у гэтым спектаклі чыстай маны. Віцэ-прэзідэнт прысутнічаў на здыме золата з прамыўной бутары пасля змены. Перад гэтым не здымалі золата дзве змены, каб яго назапасілася на сукне бутары як мага больш.

Пасля наведвання прыіска мясцовае начальства наладзіла віцэ-прэзідэнту ў сталовай Сусумана ганаровы абед. Афіцыянткамі на гэты час сталі жонкі начальнікаў, павязаўшы хвартушкі і зрабіўшы наколкі на валасах. Яны частавалі віцэ-прэзідэнта выдатна прыгатаваным свежым харыўсам, вылаўленым у горных рэчках. Гэта ежа яму вельмі спадабалася, і ён прасіў дабаўкі. Фарс быў таленавіта сыграны, і віцэ-прэзідэнт адляцеў у кірунку Кітая. Далей усё вярнулася на «кругі свая». Ці зразумеў віцэ-прэзідэнт, што яму пускалі пыл у вочы, што вакол яго стварылі атмасферу і абставіны хлусні... Адказ на гэтае пытанне даць нельга, не вывучыўшы дасканала сам факт па гістарычных дакументах. Пры такіх умовах ганебнасць гэтага факта стане яшчэ выразнейшай.

Віцэ-прэзідэнт праляцеў над калымскім горным краем ад Магадана да Сусумана. Перад ім рассцілалася шырокая прастора, нібы сапраўдная рэльефная геаграфічная карта, толькі без надпісаў. Дэталёвасць «карты» не давала інфармацыі аб тым, што тварылася там - унізе, на гэтай праклятай Богам і людзьмі зямлі. А ў той кропцы, дзе ён прызямліўся, каб убачыць яе буйным планам, прафесійна, па-шулерску было зроблена ўсё, каб ён нічога не ўбачыў. А можа, і яго асляпіў бляск золата?

 

Вохра

 

З вохрай давялося сустрэцца кожнаму з нас, этапіраваных на Калыму, толькі там - у Магадане. Да гэтага, на доўгім шляху этапаў, мы знаходзіліся ва ўладзе канвойных войскаў НКВД. Гэта спецыяльныя часціны рэгулярных войскаў камісарыята ўнутраных спраў. Яны мелі свой спецыфічны статут. Назва яго: «Устав конвойной службы войск НКВД». Гэты статут быў жорсткі, але ўсё ж нейкім чынам рэгуляваў дачыненні канвойнай службы да поўнасцю бяспраўных палітзняволеных.

Канвой НКВД суправаджаў нас да самай бухты Нагаева. Там нас здавалі разам з паперамі асабовых спраў у рукі калымскай вохры. Увесь свой наступны крыжавы шлях мы йшлі ўжо пад яе непадзельнай уладай. З гэтае пары наша праца, побыт працякалі пад штохвілінным прымусам і пільным наглядам вохры. Яна магла беспакарана распараджацца нашым жыццём і смерцю.

Ці былі іншыя ваенізаваныя або вайсковыя службы на Калыме? Так, былі. Я маю на ўвазе «калымполк». Гэта поўнасцю ўкамплектаваны зброяй і людзьмі полк рэгулярных войскаў Чырвонай арміі. Яго трымалі на Калыме так, на ўсялякі выпадак. Нават вайна не зрушыла яго з месца. Стаяў ён у пасёлку Дзебін, недалёка ад сутокаў ракі таго ж назову з ракой Калымой (паблізу ад моста цераз Калыму на калымскай трасе). Чырвонаармейцы, апрача аховы моста, вялі гультайскае жыццё, але заўсёды былі напагатове. Па вайне з Японіяй яго кудысьці перабазавалі. А ў іх казармах ды іншых будынках была створана лекавая ўстанова. Там працаваў у свой час, здаецца санітарам, Варлам Шаламаў - аўтар «Калымскіх апавяданняў», праз якія стаў сусветна вядомым пісьменнікам.

Падраздзяленні калымпалка ніколі не былі задзеяны ў нейкіх варунках супраць лагернікаў. Выняткам быў хіба адзін выпадак у 1939 ці 1940 годзе, калі польскія ваеннапалонныя, дакладней зняволеныя, на чале з афіцэрам, адабраўшы ў вохры зброю, сталі вольнымі ўцекачамі. Адбылося гэта на лесанарыхтоўках на рацэ Бурхала. Калі іх высачылі, то завязаўся няроўны бой. У палон уцекачоў не бралі, ды яны і самі не здаваліся жывымі. Трапіў у рукі адзін ацалелы дый той паранены. Праз гэта ён стаў інвалідам. Пасля працаваў санітарам у лагернай бальніцы.

Адкуль жа набіраўся ды папаўняўся асабовы склад вохры? Звычайна гэта былі 22-23-гадовыя мажныя дзецюкі, што адслужылі свой тэрмін у войску. Іх вербавалі ў час дэмабілізацыі, завабліваючы «доўгім рублём» на Калыму. Структура вохры была вайсковая (казармы, гарадкі), дысцыпліна таксама. З першых жа крокаў іх інтэнсіўна апрацоўвалі ідэалагічна, запэўніваючы, што на Калыме сабраны «сливки контрреволюции» з усяго Савецкага Саюза і не толькі. Іх заклікалі быць пільнымі і бязлітаснымі да «ворагаў народа». Яны і былі такімі, апраўдваючы спадзяванні лагернага начальства. Паводзіны кожнага з іх часам залежалі ад асабістых нялюдскіх якасцяў. Для многіх з іх застрэліць вязня лічылася звычайнай службовай справай. Рукі ў іх былі развязаныя на якое заўгодна злачынства ў абыходжанні з вязнямі (якое лёгка апраўдвалася супрацівам або ўцёкамі).

У маёй памяці захаваўся такі характэрны выпадак: два вохраўцы вялі некалькі брыгад па забоях, што суседнічалі. Адзін з іх ззаду гурта, другі - спераду. Калі нейкая брыгада апыналася каля свайго забою, то прасіла дазволу выйсці з гурта і заняць свае рабочыя месцы. Задні канваір звычайна дазваляў, ведаючы, што з ачаплення ніхто нікуды не дзенецца. У пярэдняга не пыталіся, бо ён не заўсёды назіраў, што робіцца ў яго за плячыма, спадзеючыся на пільнасць задняга канваіра. У гэтым выпадку, пра які я апавядаю, пярэдні канваір спыніўся. Спыніліся і мы. Ён павярнуўся тварам да гурта і, заўважыўшы, што людзі пачалі адыходзіць убок ад калоны да сваіх забояў, скамандаваў: «Назад!» і пачаў цэліцца ў пярэдняга забойшчыка. Той сказаў, што яны выйшлі з калоны з дазволу задняга канваіра. Прагрымеў стрэл і чалавек упаў, не дайшоўшы некалькі крокаў да свайго забою. Ён з паўхвіліны ў агоніі дробна падрыгаў нагамі і заціх. У гэты момант недзе асірацела яшчэ адна сям'я. Ні жонка, якая аўдавела, ні яго дзеці, што сталі сіротамі, відаць, ніколі не змаглі даведацца, што сталася з іх бацькам. Ён, ні ў чым не вінны, загінуў нізавошта, за марны цень. А вохравец у тую хвіліну стаў сапраўдным, але не падсудным злачынцам. Яго абараняў закон, дакладней - беззаконне. У вохраўца спрацаваў умоўны рэфлекс «шаг влево, шаг вправо...», засвоены ўздзеяннем на яго мазгі палітатрутай, якой шчодра частавалі штодня асабовы склад вохры, культывуючы лютую нянавіць да палітвязняў.

Калі чалавек упаў, калона зэкаў загула, пасылаючы праклён і лаянку вохраўцу. Твар яго, пасечаны воспай, нібы шротам, наліўся чырванню. Ён зноў ляснуў замком вінтоўкі, даслаўшы чарговы патрон. Дай яму ў тую хвіліну кулямёт, ён бы, пэўна, доўга не вагаўся.

Застрэленага, безумоўна, «спісалі», як мае быць, «сабатажнікам» або «ўцекачом». А ў вохраўца нават ні адзін волас не зваліўся з галавы. Хутчэй за ўсё ён мог атрымаць падзяку за праяўленую «пільнасць». Блатныя паставіліся да гэтага забойства, як да чарговай сенсацыі. Праз некалькі дзён ім паведамілі днявальныя пры начальстве некаторыя звесткі пра «героя» сенсацыі - вохраўца-забойцу. Казалі, што ён беларус, родам з Магілеўшчыны. Я дагэтуль углядаюся ў старыя васпаватыя твары, калі яны мне трапляюцца на вочы, імкнучыся пазнаць вохраўца-забойцу. Ён жа мечаны воспай. Бог шэльму меціць - кажа прыказка.

Шмат вады сплыло з тае пары. Дарэмна спадзявацца на запозненую сустрэчу. Дый што б гэта дало? Тыя вохраўцы, што дажылі да гэтага часу, лічацца ўдзельнікамі вайны (вайны з кім?) як служылыя ў тылавым войску або ў органах НКВД. Ім пашана, павага, прывілеі. А за што?

Варожасць вохраўцаў да палітзэкаў нагадвала пра сябе на кожным кроку. Іх пераканалі, што мы сапраўдныя «ворагі народа», а значыць, і іх ворагі. Яны нават баяліся нас, ставіліся вельмі насцярожана, не падпускалі да сябе бліжэй чым на 5 метраў, а то і болей. Ім забараняліся ўсялякія кантакты з намі, апрача казённых: канваір - падканвойны. Узімку 1940 года, калі я ўжо стаў вольным, мне не раз даводзілася хадзіць на геолагаразведку, дзе я працаваў. Дарога ішла над забоямі штрафнога ўчастка Рыжы Ключ, прыіска імя Вадап'янава. Гэта было тады, калі ў зоне штрафнога ўчастка лютаваў сыпны тыфус. Тым не менш праца ў забоі не спынялася. На борце забою заўсёды тырчэла постаць (ды й не адна) вохраўца ў даўгім сібірскім кажусе, з вінтоўкай напагатове. Калі я набліжаўся да яго, раздавалася каманда: «Стой!» - і я спыняўся метраў за 10-15. «Кто идет?!» - я тлумачыў. «Ложи документы!» Я клаў на зямлю пасведчанне і прыціскаў яго глыжком. «Десять шагов назад!» -

Я тылаваў, адлічваючы крокі. Вохравец падыходзіў да таго месца, дзе я паклаў пасведчанне, чытаў яго і клаў на тое ж месца. Раздавалася наступная каманда: «Проходи!» Я падымаў паперку і крочыў далей - да наступнага вохраўца. Але і пасля знаёмства з дакументамі вохравец не падпускаў да сябе блізка.

Аднак ідэалагічнай апрацоўкі ды прамыўкі мазгоў вохраўцам хапала толькі на першыя гады сабачай службы. Нават абмежаваныя казённыя кантакты з падканвойным паступова размывалі лютую варожасць. Час рабіў сваю справу. Пачыналася гэта са звычайнай цікавасці да зэкаў, якіх яны ахоўвалі. Працэс пазнавання працякаў хутчэй ці марудней, у залежнасці ад канкрэтных умоў ці абставін.

Лёс калымскіх вохраўцаў майго часу быў таксама ў пэўнай ступені жорсткі, нялітасцівы. Неўзабаве пачалася вайна, іх дагаворныя тэрміны скончыліся, а хлопцаў усё трымалі на Калыме ў той жа ролі, не адпускаючы дамоў. Не бралі нават на вайну. Іх каханыя на «материке» (калымчане ўсё, што не Калыма, называлі «материком») даўно перасталі чакаць, павыходзілі замуж. Час цёк, узрост падбіраўся пад трыццаць, перавальваў за трыццаць год. Яны пачалі нешта цяміць і ўрэшце «прозрели и созрели». Многія пачалі звальняцца з вохры ды ўладкоўвацца на цывільныя, пасільныя ім пасады: заўхозаў, кладаўшчыкоў, майстроў розных спецыяльнасцяў. У той жа час тэрмін зняволення многіх ацалелых палітзэкаў скончыўся. Яны звальняліся і пачыналі працаваць па найме прарабамі розных галін вытворчасці, інжынерамі, старшымі інжынерамі прыіскаў, іншых службаў. Такім чынам, былыя вохраўцы змяшаліся з былымі палітзэкамі, апынуўшыся іншы раз у падначаленні апошніх. Варожасць знікла, бо знікла полюснасць у становішчы і стасунках. Становішча тых і другіх у дачыненні да магутнага Дальстроя - працадаўцы і эксплуататара, у асноўным уроўнівалася. Прымушалі, асабліва былых вязняў, заключаць дамовы на пэўныя тэрміны працы на Калыме. Тых, хто не згаджаўся, працівіўся прымусу, пазбаўлялі паўночных надбавак да зарплаты. Потым ад гэтай меры адмовіліся і, каб замацаваць людзей на больш працяглы тэрмін ці назаўсёды, начальства пусцілася на новую авантуру. Пад самы канец вайны з Германіяй мабілізавалі ў розных раёнах краіны праз райваенкаматы і райкамы камсамола дзве тысячы дзяўчат-камсамолак. Усе яны не былі вайсковаабавязаныя. Ім казалі, што накіруюць у армію. Тым часам пагрузілі ў цялятнікі і павезлі на ўсход. Калі яны былі ў дарозе, скончылася вайна з Германіяй. Іх цялятнік доўга блытаўся паміж вайсковымі эшалонамі, саступаў ім дарогу, бо тыя спяшаліся на Японскі фронт. Тым часам скончылася вайна з Японіяй. Дзяўчат у Находцы пагрузілі на карабель і прымусам - у Магадан. Яны не маглі зразумець свайго становішча, свайго статусу. Ім цяжка было знайсці адказ на пытанне: хто мы? Мабілізаваныя? Тады чаму не ў войску? Зняволеныя? Дык іх жа не судзілі.

У Магадане іх апранулі ва ўсё амерыканскае, зімовае і летняе. Дарэчы, магаданскае начальства перахапіла цэлы карабель ахвяраванняў з Амерыкі - адзення і абутку, у бальшыні мала ношанага або зусім новага. Значная частка лепшых рэчаў была разрабаваная начальствам усіх роўняў. Але хапіла і дзяўчатам. Можа таму, што тады жанчын на Калыме было ў сотні, а мо і ў тысячы разоў меней, чым мужчын. Паступова дзяўчатам дайшло, якую ролю ім адвяло «хітрамудрае» начальства. Зразумелі і тое, што экіпіроўка ва ўсё амерыканскае ёсць не што іншае, як сталінскі пасаг за кошт амерыканскага народа.

У наш пасёлак Ягадны трапіла 300 дзяўчат. Ім устанавілі на першы год цвёрды заробак - тысячу рублёў у месяц незалежна ад таго, што яны рабілі. Пачалася паласа вяселляў. Жаніліся на іх у асноўным пастарэлыя на Калыме вохраўцы вярбоўкі 1936-1940 гг.

Былі сярод дзяўчат і такія, што лічылі сталінскі шлюб няроўным, таму ўпарта заставаліся незамужнімі, чакаючы магчымасці вярнуцца дадому. Былыя палітвязні байкатавалі гэтае каланізатарскае мерапрыемства, дамагаючыся выезду з Калымы. Дабіцца гэтага было вельмі нялёгка. Мне ўдалося выехаць толькі ў 1947 годзе, амаль праз 11 гадоў пасля арышту, або праз 7 гадоў пасля вызвалення з-за калючага дроту.

 

Блатныя

 

Гэтая катэгорыя людзей сярод лагернага насельніцтва краіны ў той час, пра які я пішу, па колькасці саступала «ворагам народа», прычым саступала значна. Аднак яна адыгрывала адметную ролю ў лагерным жыцці. Пераважная бальшыня сярод іх сядзела не першы раз. Яны былі рэцыдывістамі, рабілі ўцёкі і параўнальна лёгка зноў траплялі ў турму. Сярод іх бытавала выслоўе: «Кому тюрьма, а мне дом родной». Я ніколі не бачыў сярод іх кагосьці ў роспачным стане. На цяжкіх працах яны былі выпадковымі людзьмі, часова, пакуль іх не выручалі ўнутрыкаставымі намаганнямі. У іх было па некалькі прозвішчаў - ад двух да пяці і болей. Трапляючы чарговы раз у турму, яны на следстве называлі нейкае іншае прозвішча або тое, што значылася ў чужым украдзеным пашпарце, які быў у іх пры арышце. Сапраўднае або першае прозвішча ці прозвішчы папярэдніх спраў вызначаліся шляхам дактыласкапіі, што на жаргоне называлася «игрой на пианино». Ніводнае прозвішча не адкідвалася. Яны ўсе пратакольна фіксаваліся, фігуравалі ў прысудах, асабовых справах і суправаджалі зэка ў лагерным жыцці. Пад час вечаровых паверак лагернікаў перад адбоем можна было да прыкладу, пачуць: «Петров, он же Иванов, он же Сидоров!» Астатнія зэкі ведалі, што носьбіт гэтых прозвішчаў блатны, рэцыдывіст. Мае тры судзімасці.

Кожны прадстаўнік касты блатных насіў мянушку, нібы псеўданім. Мянушка дубліравала сапраўднае прозвішча, імя і імя па бацьку, замяняла іх у штодзённым ужытку. Мянушкі былі самыя разнастайныя, нечым характарызавалі іх носьбітаў - «Седой», «Косой» ды іншыя. У аднаго, памятаю, была мянушка «Лейтенант», у другога - «Ворошилов». Сапраўдныя асабістыя імёны ўжываліся толькі ў памяншальнай форме. Напрыклад: «Данька», «Володька» і г.д.

Усе блатныя былі «маркіраваныя» ў выніку рытуалу татуіроўкі розных частак цела. Гэты рытуал быў абавязковы. Нетатуіраваны блатны быццам бы і не блатны. Татуіроўку рабілі самі па малюнку на скуры цела, трыма звязанымі іголкамі, мочачы іх у туш або сажу. Не зважалі на тое, што татуіроўка палягчала аператыўнікам выяўленне злачынца.

Яны любілі паразважаць. У іх была свая апраўдальная просталінейная логіка. Яна зводзіліся ў розных варыяцыях да наступнай высновы: «Мы честнее других. Страну и народ обкрадывают очень многие, пользуясь властью и служебным положением. Мы же крадем, не имея служебного положения и власти, а следовательно, от нас меньший вред обществу».

Блатныя вельмі ж не любілі апранацца ў лагерную ўніформу. Стараліся штосьці людскае выменяць або ўкрасці ў навічкоў, якія этапіраваліся да месца «дыслакацыі» ў сваім адзенні. Куплялі тое-сёе праз днявальных пры начальстве або нелегальна шылі ў лагерных майстэрнях, карыстаючыся блатам сярод сваіх. Працуючы амаль заўсёды на ўсялякіх блатных падсобных пасадах у лагеры ці на вытворчасці, яны выглядалі чысценькімі, паголенымі, свежымі, падобнымі на «вальняшак». Гэта мела важнае значэнне пры ўцёках. Адзенне насілі па-свойму, знарокава расхрыстана. Шапку-вушанку вухамі наперад і назад, з незавязанымі матузікамі. Боты, хоць кірзачы, хоць хромавыя, абавязкова з закасанымі халявамі. Валёнкі таксама. Халявы ботаў абціскаліся ўніз так, каб утварыць «гармонік». Галіфэ не насілі прынцыпова, лічылі іх адзеннем «лягавых». Вайсковы гарнітур таксама не тое адзенне, якое ім падабалася. Стрыгліся, звычайна, пад бокс «с чёлочкой» (з чубком).

Бальшыня блатных была ўнутрана азлоблена безасабова, на ўвесь свет, што нярэдка выяўлялася ў пэўных дзеяннях у дачыненні да «политстатейников» і наагул да «чарцей». «Чарцямі», або «фраерамі», яны называлі ўсіх не блатных, а ў сваім асяроддзі сябе лічылі «людзьмі». Хутчэй за ўсё выраз «будь человеком», як і многія іншыя выразы, перанятыя «воляй»«, паходзяць з іхняга асяроддзя. Палітзняволеныя ў сваю чаргу іх называлі «шакаламі».

У тыя гады «шакалаў» таксама колькасна паменшала. Сама агрэсіўныя сярод іх за лагерныя забойствы, уцёкі ды іншыя злачынствы траплялі пад «тройку» і йшлі праз Серпанцінку пад расстрэл, што адзначалася ў загадах палкоўніка Гараніна.

Блатныя былі моцныя сваёй каставасцю, дакладней - зграйнасцю, сваім няпісаным статутам і няўхільным падпарадкаваннем яму. За парушэнне прынцыпаў належала жорсткая кара. Дапускаўся самасуд. Пра тых, хто парушыў прынцыпы, казалі: «Ссучился», што азначала «здрадзіў» (ад слова «сука», што на іхнім жаргоне азначала здраднік). Грамадства яны дзялілі на дзве часткі паводле прынцыпу «мы» і «яны», прычым «яны» - гэта ўсе астатнія без вылучэння, апрача іх саміх.

У часе прыйму новых членаў у касту блатных абавязкова трэба было з'есці сабаку ў простым сэнсе слова. Рабілася гэта так: кралі дзе-небудзь сабаку, рэзалі яго і варылі страву з сабачыны. Потым усёй хеўрай наладжвалі ўрачысты абед. Блатныя са стажам назіралі, ці з поўнай шчырасцю і апетытам навічкі ядуць сабачыну. Відаць, з гэтага звычаю паходзіць выслоўе ў расейскай мове «съесть собаку». Навічкі апрача ўсяго павінны былі ўмець «ботать на фени» (размаўляць на блатным жаргоне). Быў, да прыкладу, у нас геолагаразведчык Адамскі з Украіны. Ён нейкі час «приблатнялся» (стажыраваўся), а потым «съел собаку» і стаў правадзейным членам касты.

Адпаведна з іх прынцыпамі існавала забарона на прафесіі. Забаранялася займаць адміністрацыйныя, вытворчыя, асабліва лагерныя пасады. Хто на гэта адважваўся пайсці, немінуча «адлучаўся» ад касты і лічыўся здраднікам. Гэта не даравалася. У выніку адлучэння «чалавек» станавіўся «чортам», трацячы ўсе свае блатныя прывілеі і падтрымку.

Структура ўзаемасувязяў у асяроддзі блатных нагадвала сабою нейкую партыю пры поўнай апалітычнасці. Палітыка была поўнасцю выціснута карыслівасцю. Яны, блатныя, былі нібы па-за тагачасным палітычным жыццё краіны. Тым не менш любілі палітычныя анекдоты. Чым небяспечнейшы быў анекдот, тым з большым імпэтам ён расказваўся. Любілі яны і палітычныя рызыкоўныя парадыйныя песні, што бытавалі ў лагерах, накшталт: «Ой, калина, калина, шесть условий Сталина». Або пра тое, як «капитан Воронин судно проворонил», у выніку чаго «Шмидт сидит на льдине, словно на картине», і чым бы гэта скончылася, «если бы не Мишка, Мишка Водопьянов». Гэты крытычны фальклор, пашыраны тады не толькі ў лагерах, быў адлюстраваннем таго, што адбывалася ў краіне. У ім было інтуітыўнае адлюстраванне падзеяў, процілеглае афіцыйнай падачы ў друку і па радыё. Як мы цяпер ведаем, у гэтым фальклоры была сама праўда. У згаданай песенцы былі словы: «Челюскин потопили, Кирова убили...» Словы гэтыя датычылі не нейкіх там «ворагаў народа», а тых, хто панаваў тады. Нездарма ж за яго давалі «пяцьдзесят восьмую» ды з немалым тэрмінам зняволення.

Адкуль жа браліся блатныя? Сярод іх былі мутанты з геннымі, далёка не гуманнымі задаткамі і схільнасцямі. Але бальшыня, яе мне здавалася, «выйшлі з народу» ў выніку сацыяльна-палітычных струсаў, што адбываліся тады ў краіне. У маёй памяці ўсплывае хлопчык гадоў дзесяці. Я яго бачыў недзе на адной буйной сібірскай чыгуначнай станцыі. Вядома, бачыў праз краты вагоннага вакна нашага этапнага цялятніка. Хлопчык спрытна шмыгаў між коламі вагонаў, круціўся каля нашых этапных эшалонаў, а іх ад самай Масквы йшло ажно тры адначасна, з інтэрваламі прыкладна 15 хвілін. На буйных станцыях яны падоўгу стаялі побач, бо этапныя каманды канвою назапашвалі ў дарогу хлеб, ваду, якіх заўсёды не хапала. Зэкі шчодра кідалі хлопчыку праз вокны долю сваёй сціплай пайкі хлеба. Хлопчык, напіхаўшы сабе за пазуху дарункі і прыкметна ад гэтага «патаўсцеўшы», знік. Я тады падумаў: чаму ж ён не йдзе да пасажырскіх цягнікоў, да транссібірскіх экспрэсаў, а круціцца каля этапных цялятнікаў? Там, у чыгуначнай мітусні, ён быў бы пакінуты без увагі. Дарэчы, яго маглі б і затрымаць. Там быў варожы свет, ад якога нічога не атрымаеш, бо не было ўвагі на яго дзіцячы ўзрост. Для яго ўжо тады свет быў падзелены жалезнымі кратамі на дзве часткі. Там можна толькі ўкрасці ці адабраць - тут дадуць не шкадуючы. Гэта вынікала з аб'ектыўных абставінаў. Да таго ж у тыя часы знікла міласэрнасць, выціснутая з душаў чэрствасцю, варожасцю і падазронасцю. Можна з упэўненасцю сказаць, што хлопчык, пра якога я апавядаю, з часам апынуўся ў асяроддзі уркаў. У сацыяльным сэнсе ён быў, як і многія дзеці раскулачаных або «ворагаў народа», у рэзерве гэтага асяроддзя. Далёка не ўсе дзеці гэтай катэгорыі грамадзян траплялі ў спецыяльныя дзетдамы «чесеирров» (членаў сем'яў і сваякоў рэпрэсаваных) або ў звычайныя дзетдамы. Там таксама быў не мёд і некаторыя збягалі. Да таго ж голад на Ўкраіне і ў іншых месцах колькасна павялічваў кантынгент беспрытульных. Па меры сталення яны папаўнялі касту блатных, усведамляючы, што так лягчэй пражыць.

Сталінская канібальская палітыка тэрору і гвалту калечыла душы і лёсы дзяцей. Рэпрэсіўная сістэма падмінала пад сябе ў першую чаргу дзяцей з сем'яў палітвязняў - расстраляных або высланых у лагеры. Падрастаючы, яны даволі часта траплялі на канвеер ГУЛАГа задоўга да паўналецця. У нечалавечых умовах яны сталелі. Іх выхоўвала не школа і сям'я, а суровая рэчаіснасць лагернай зоны, нішчачы зародкі таленту, прыродных здольнасцяў. Памятаю, у часе вайны да нас на геалагічную разведку накіравалі юнака няпоўных 18 гадоў. Прозвішча яго Чэчэцін. Да таго часу ён ужо паспеў стаць вольным. Пра сваё мінулае ён не надта любіў апавядаць. Ён добра ведаў геаграфію басейна Лены. Да Калымы пабываў на Алах'юні, Тампо. Можна меркаваць, што ён паходзіў са спецперасяленцаў. Недзе нават набыў пэўную агульную адукацыю. Вельмі добра маляваў. У мяне захаваўся яго малюнак з выявай парахода, дым з трубы якога ўтвараў слова «Домой». У труме ці цвіндэку такога карабля ён быў прывезены на Калыму. На малюнку ўвасобілася ягоная мара пра дом. Але дзе быў яго дом? У Цэнтральным Чарназем'і ці, можа, на спецпасяленні? Тады не была яшчэ выдуманая песня: «Мой адрес не дом и не улица, мой адрес - Советский Союз». Ёй папярэднічала лагерная прымаўка, больш выразная: «Мой адрес - куда завезут».

Для Чэчэціна была характэрная дваістасць паводзін, здольнасць прыстасоўвацца да асяроддзя. Ён мог стаць нармальным чалавекам. Разам з тым ён быў падрыхтаваны да таго, каб стаць блатным. У нас, на разведцы, ён дасягнуў паўналецця. Якраз тады была спроба мабілізаваць юнакоў на фронт, у тым ліку і яго. Але калымскі «генерал-губернатар» - начальнік Дальстроя Нікішоў дамогся ад Сталіна, каб з Калымы нікога не бралі. Са зборнага пункта ў Магадане іх распусцілі, і Чэчэцін вярнуўся да нас, дзе працаваў некаторы час. Цяжка сказаць, куды вывела крывая яго жыцця, куды піхнуў яго лёс. Шкада, калі ён не змог рэалізаваць свае мастацкія здольнасці, загубіўшы іх у бездані тагачасных нягод.

Лагерны блатны свет паводле асабістых якасцяў быў неаднародны. Сярод іх сустракаліся людзі са звычайнымі чалавечымі якасцямі, добрыя душой і сэрцам. Яны - нетыповая меншыня. Мне ўспамінаецца Данька Хайло - фігура каларытная, адметная. Я з ім пазнаёміўся яшчэ на пачатку свайго лагернага калымскага жыцця, калі лёс прывёў нас абодвух рознымі шляхамі ў адзін забой. Да гэтага часу ён знаходзіўся ў агітбрыгадзе Севлага (былі да Яжова і такія брыгады). Там праявіліся не толькі артыстычныя здольнасці Данькі, але і ўласцівы яму дух пратэсту. У выніку ён загрымеў з агітбрыгады напрасткі ў забойную брыгаду. Калі мне паламала ў забоі нагу і я «кантаваўся» (не хадзіў на працу) па рашэнні лагерных эскулапаў, Данька складаў мне кампанію, сімулюючы хваробу. Ён чытаў мне свае вершы. Яны былі слабыя, не вытрыманыя метрычна, але шчырыя. Мне давялося яму тлумачыць, чым ямб адрозніваецца ад харэя, дактыль - ад анапеста і г. д. Пачуўшы аб гэтым упершыню, ён пажартаваў: «Цяпер я буду пісаць вершы, як Пушкін».

Гэтыя абставіны паклалі аснову прыязных дачыненняў паміж намі. Родам ён быў з Кубані, магчыма, паходзіў з «расказачаных» казакоў. Сярод блатных нашага лагпункта ён карыстаўся неперасягнутым аўтарытэтам за сваю рашучасць у дзеяннях супраць лагернага рэжыму. У ім жыў дух казацкай вольнасці, дух пратэсту супраць несправядлівасці. Сядзеў ён па нейкім бытавым артыкуле. Будучы маладым чалавекам, ён адгадаваў бараду «лапатай», чорную, як смоль, чым вылучаўся не толькі ў сваім асяроддзі. Бароды тады не гадавалі нават у лагеры. І не толькі з-за магчымай вашывасці. Тады не было такой моды. Яго барада была нейкім патаемным выклікам лагерным парадкам. Нават гэтым яна спрыяла аўтарытэту Данькі сярод блатных. Згодна з яго становішчам, блатныя далі яму званне «пахан», што на нармальнай мове азначала «отец», «лидер», як, напрыклад, «отец народов». У згаданым выпадку Данька «отец блатных лагпункта командировка Челюскин». Розніца паміж гэтымі двума «отцами» была непамерна вялікая. Неба і зямля. Блатны Данька, не ў прыклад Сосо, быў чалавек мяккі, гуманны да лагернага народу. Ён не браў пад увагу тое, хто «чэрці», а хто «людзі». Ён здольны падтрымаць ці абараніць пакрыўджанага, не зважаючы на лагерную каставасць або афіцыйны палітпрыгнёт. Пра «отца народов» гэтага не скажаш.

Лагернае жыццё Данькі, колькі я памятаю, праходзіла то ў прыіскавым руры, то на «родным» лагпункце, па чарзе. Мне давялося бачыць, як яго адпраўлялі ў рур з нашага лагпункта не ў апошні раз. Гэта было 1 траўня 1938 года. Лагернае начальства і органы заўсёды на рэвалюцыйныя святы ўзмацнялі рэжым. У гэтыя дні вохра не абмяжоўвалася аховай зоны на вартавых вышках. Пакуль лагернікі былі «дома» (у зоне), уздоўж агароджы з калючага дроту хадзіў дадатковы патруль з аўчаркамі. Нельга было зразумець, навошта гэта рабілася. Хіба каб падкрэсліць лішні раз наша бяспраўнае становішча. Перад святамі некаторых палітвязняў загадзя, па вызначэнні райаддзела НКВД, бралі з зоны і садзілі ў рур. Садзілі так, нізавошта. Гэта называлася «садить по изоляции». Цяжка сказаць, паводле якога прынцыпу рабіўся адбор. Выхоплівалі, як ваўкі авечак са статку, і валаклі ў рур на час, пакуль не адыдуць святы. Іншым разам гэтая ізаляцыя зацягвалася надоўга. А то і проста забываліся звольніць - вярнуць у «родную» зону, і чалавек станавіўся сталым жыхаром рура.

У святочныя дні ўсю «контру» гналі на работу, а заадно і ўсіх астаніх. Спуску не было нікому. Данька ў першы дзень свята заявіў пратэст: маўляў, ён такі ж грамадзянін сваёй краіны, як і ўсе «вальняшкі», а таму на працу не пойдзе. Гэта павінна было скончыцца і скончылася рурам. У той час я яшчэ быў днявальным у брыгадзе, палатка якой стаяла насупраць дамка начальніка нашага лагера. Бачыў, як раніцой на кані прыехаў нейкі начальнік да нашага начальніка. Можа, каб выпіць чарку-другую спірту? А тут зусім недарэчы прывалаклі адказніка Даньку. Яго завялі ў дамок да начальства. Праз нейкі час яго вывеў на падворак зоны вохравец, узброены вінтоўкай. Заўважыўшы, што ў Данькі з-за пазухі тарчыць пайка хлеба, вохравец спрабаваў яе адабраць. Данька крыкнуў: «Не трожь! Кровью заработана!» і пайку не аддаў. Вохравец пайшоў скардзіцца начальству. З дамка выйшаў той, што прыехаў верхі. Трымаючы рукі ў кішэнях сваіх галіфэ, ён сказаў: «А вы, товарищ боец, если еще будет сопротивляться, застрелите!» Павярнуўся і пайшоў у дамок. «Понял?» - спытаў вохравец, але пайку болей не спрабаваў адабраць. «Шаг влево, шаг вправо... Вперед!» - і яны рушылі ў дарогу, накіроўваючыся да вахты. Данька махнуў мне на развітанне. Пасля гэтага я з ім не бачыўся доўгія два гады. Нарэшце ён наведаўся да нас, на нашу зону, як наведваюцца людзі пасля доўгай адсутнасці на былое месца пражывання, дзе засталіся блізкія ці добра знаёмыя людзі. У яго была скалечаная рука. З рура, як ён расказваў, трапіў у штрафны лагпункт Рыжы Ключ. Там стаў узрыўніком. Неяк у яго руцэ ўзарваўся капсуль-дэтанатар, што і спрычыніліся да калецтва. Але ён усё роўна, як і раней, быў жыццярадасны бадзёры чалавек. Пасля гэтай сустрэчы мне ніколі болей не даводзілася з ім бачыцца. Пра яго далейшы лёс я нічога не ведаю. Толькі памяць пра яго захавалася назаўсёды, як пра цікавую асобу, выпадкова сустрэтую на цярністым шляху, на самым дне тагачаснага жыцця.

 

Два колеры

 

Сутнасць палітычнага стану ў краіне ў часе культу пэўным чынам адбівалася на вонкавым абліччы яе грамадзян, іх вопратцы, абутку, не кажучы ўжо пра выраз твару. Мода, стыль адзення, яго колеры наўпрост звязаныя з душэўным станам, сацыяльным, грамадскім, маёмасным і службовым становішчам цэлых пластоў грамадства. Калі міналі дні нешматлікіх афіцыйных святаў, што палымнелі паказушнай чырванню безлічы сцягоў ды казённым колерам хакі геаметрычна прастакутных парадаў, краіна нібы блякла, ліняла. Колеры станавіліся прыглушанымі, прытушанымі, невыразнай абмежаванай палітры. Але па дамінуючых колерах можна было бачыць расслойванне грамадства. Заўсёдашні штодзённы чорны колер баваўнянай картовай, часта зашмальцаванай да бляску, ватовай строчанай вопраткі калгаснікаў, «шык» выцертых плюшавак і канапляных хустак калгасніц. На нагах - самаробныя гумавікі з аўтакамер або не даношаныя ў войску кірзачы ды чаравікі. Адтуль жа прынесеныя «фуражки» ды шапкі-вушанкі са штучнага футра. Даўно спісаныя інтэнданцтвам, яны яшчэ шмат гадоў заношваліся і даношваліся дарэшты. Так выглядала будзённая вёска.

Зусім іншай «мастью» вызначалася партыйна-гаспадарчая наменклатура. Прыналежнасць да яе падкрэслівалі цёмна-сінія або зялёныя (хакі) галіфэ і гімнасцёрка пад шырокай дзягай. На нагах белыя фетравыя, на скураной падэшве буркі з абавязкова даўгімі закасанымі халявамі. Наглуха зашпілены кіцель «а ля Сталін» з адкладным каўняром або стойкай. А калі ўжо і насіліся імі звычайныя гарнітуры, то абавязкова з шырачэннымі штанамі. Мазоліла вочы казёншчына ведамасных гарнітураў: карычневая ўніформа юрыдычных установаў, пракуратуры, цёмна-зялёная банкаўскіх і фінансавых службоўцаў. З абмежаванымі варыяцыямі колеру былі апрануты чыгуначнікі, шахцёры, геолагі, студэнты некаторых ВНУ, ФЗУ, школьнікі, дзетдомаўцы, турэмшчыкі, вохра, міліцыя. Колеры цывільных гарнітураў гараджан былі крыху больш разнастайныя, але таксама мелі абмежаваную гаму, якую дыктавала тады тэкстыльная прамысловасць. Стракатасць і зыркасць вопраткі з'явілася пазней - пры Хрушчове, калі ў палітычным паветры краіны запахла адлігай. Хрушчоў і сам павузіў штаны, што напачатку было дзіўна бачыць. У той час хлынула плынь тавараў з-за мяжы з адметнымі нязвыклымі для нас разнастайнымі яркімі колерамі тканін.

Якія ж колеры ў час культу меў ГУЛАГ? Іх было два: брудна-чорны і хакі. Першы ў тых, каго пільнавалі, другі ў тых, хто пільнаваў. У зоне ніякі іншы колер вопраткі, апрача брудна-чорнага, не дазваляўся. Што не адпавядала гэтаму патрабаванню, адбіралася ў часе бясконцых ператрусаў. Памятаю, на лагпункце «Камандзіроўка Чэлюскін» нас бясконца данімалі частымі начнымі вобыскамі. Калі ўлетку, у час прамыўнога сезона, можна было меркаваць, што шукаюць, спадзеючыся знайсці золата, то што можна шукаць узімку, калі золата не мылі. Да таго ж мы былі абабраныя да ніткі. Ніякіх рэчаў, апрача лагерных, мы ўжо не мелі. Сваю вайсковую форму я скінуў яшчэ ў Магадане. Заставаўся ў мяне доўгі час цывільны пляцак, які сваёй афарбоўкай аддалена нагадваў колер хакі. Дайшла чарга і да яго.

У ліку вохры нашага лагпункта быў вельмі нялюдскі вохравец, нізкарослы крываногі Іваноў. Зараз у маёй памяці ён паводле свайго вонкавага аблічча асацыюецца з Чонкіным з літаратурнага твора Ўладзіміра Вайновіча «Приключения бравого солдата Чонкина». Аднойчы ў часе чарговага вобыску Іванову трапіў на вочы мой пляцак. Відаць, ён намерыўся яго прысвоіць. Я ж у сваю чаргу пачаў перашкаджаць гэтаму. Вось мы і ўчапіліся за шлейкі пляцака: Іваноў за адну, я - за другую. Зразумеўшы, што фізічна мяне не пераможа, ён дастаў з-за пазухі наган і накіраваў на мяне. Застрэліць мяне ён мог беспакарана, вытлумачыўшы гэта супрацівам. Каб гэтага не здарылася, я з шкадаваннем адпусціў шлейку пляцака і перамога засталася за Івановым. Узімку вохраўцы насілі на дзягах пустыя кабуры, а наганы трымалі за пазухай не толькі дзеля зручнасці. На калымскім марозе змазка зброі застывала так, што выклікала асечкі. Таму вохраўцы грэлі наганы сваім целам, трымаючы іх пад вопраткай. Калі б Іваноў наважыўся мяне застрэліць, асечкі не было б.

Брудна-чорныя мільённыя масы лагернікаў выглядалі адметна. Зэка заўсёды можна было пазнаць без цяжкасцяў. Таму блатныя не хацелі насіць лагерную вопратку, усімі праўдамі і няпраўдамі набывалі, кралі або пашывалі цывільную. Іх час ад часу распраналі, але яны зноў і зноў браліся за сваё.

ГУЛАГ сам сябе абшываў. Ва ўсіх яго падраздзяленнях існавалі жаночыя зоны, што спецыялізаваліся на пашыве лагернага адзення ў адным колеры, аднаго фасону. Па сутнасці, гэта былі швейныя фабрыкі, рабочай сілай на якіх былі нявольніцы лагераў, не менш няшчасныя за нас.

 

Рур

 

Маецца на ўвазе не геаграфічны назоў. Зусім не. Гэта абрэвіятура наймення аднаго структурнага звяна ў сістэме ГУЛАГа на Калыме - «роты усиленного режима». То не вайсковая рота, нават не рота вохры. Гэта нешта сярэдняе паміж карцэрам і штрафным ізалятарам са строгім утрыманнем вязняў. Хутчэй за ўсё і тое, і другое: і калектыўны карцэр, і ізалятар. У той лагерны час (другая палова трыццатых гадоў) сутнасць абрэвіятуры была страчаная. Слова «рур» набыло мужчынскі род і поўную незалежную лексічную самастойнасць. Яно па-ранейшаму абазначала ўсё той жа рэальны спосаб пакарання зэкаў «по усмотрению» лагернага начальства. На прыіску імя Вадап'янава лагпункты не мелі сваіх рураў. Быў адзін, зводны, на галоўнай прыіскавай зоне. Правам накіроўваць зняволеных з лагерных зонаў у рур карыстаўся кожны з плоймы лагернай адміністрацыі, вызначаючы тэрмін ізаляцыі паводле сваёй волі.

Наш прыіскавы рур уяўляў сабою астрожную драўляную пяцісценную будыніну на два ізаляваныя аддзяленні з асобнымі ўваходамі проста знадворку. Ніякіх там сенцаў або тамбураў. Вонкава гэтая вязніца нагадвала хлеў, зрублены ў лапу. Дах, як звычайна на Калыме, пляскаты, зроблены з умацаванага накатніка. Будавалі рур і абсталёўвалі цесляры (безумоўна, зэкі) згодна з яго прызначэннем, як ізалятар. Маленькія закратаваныя вокны пад дахам, двухпавярховыя нары, жалезная печка-бочка з бляшанай трубой-дымаходам. Вось і ўвесь інтэр'ер. Апрача ўсяго прысутнічала нязменная ў такіх «установах» параша. У тым часе, калі я трапіў у гэты рур (зіма 1937/38 года), драўлянай падлогі ўжо не было. Не было і сподніх нараў. Усё было раней узадрана і спалена замест дроў. Перад печкай ляжаў пень з каранямі, нагадваючы сабой васьмінога. Прызначэнне гэтага «паліва» не для цяпла, а для чарговага здзеку з вязняў. У руры ні пілы, ні сякеры ніколі не было і не магло быць. Так і ляжаў гэты пень у самыя халады, магчыма, усю зіму. Не былі спаленыя і захаваліся толькі верхнія нары. Таму й ацалелі. Дарэчы, менавіта блатныя спалілі падлогу і споднія нары, пакінуўшы верхнія для сябе.

Жыхары рура падзяляліся на дзве асобныя групы: на «людзей» і на «чарцей». Падзел ішоў па вертыкалі. Блатныя канцэнтраваліся на ацалелых нарах. Усе астатнія - проста на рачной гальцы і камені з прычыны адсутнасці сподніх нараў і падлогі. Жыхароў верхніх нараў нехта з інтэлектуалаў, з ліку тых, хто месціўся проста на голай гальцы, назваў «верхняй палатай лордаў». Гэтае вызначэнне падабалася і самім «лордам», хоць ніхто з іх не разумеў сапраўднай сутнасці іроніі.

Абедзве паловы будыніны рура, ізаляваныя паміж сабой сярэдняй сцяной, былі злучаныя нарой, прарытай у рачной гальцы пад падрубам, аб чым стараста рура не здагадваўся. Людзі пры неабходнасці лазілі з адной паловы ў другую. Усяго вязняў у абедзвюх паловах - камерах рура ўтрымлівалася чалавек 100-150 ці крыху болей.

Мой арышт прыпадаў на канец 1936 г. - на сутокі ягодаўшчыны і яжоўшчыны. Завяршыўся перыяд кульмінацыі ягодаўскага тэрору і пачаў разгортвацца яшчэ больш жорсткі - яжоўскі. Толькі ў выніку збегу абставін я размінуўся з калымскаю «тройкай» і не трапіў на Серпанцінку. А вось у руры паспеў пасядзець двойчы, прычым без трагічных вынікаў. Па калымскіх мерках, мой лёс аказаўся калі і не надта шчаслівым, то ўдалым. Часам мне шанцавала.

Увосень 1937 года мяне прываліла ў забоі грунтам, пра што я згадваў ужо. Як вынік - сустаўны пералом нагі. Гэта была першая ўдача. Пасля кароткага лячэння ў лагернай бальніцы мяне камісавалі. Вызначылі другую асобую катэгорыю лагернай працаздольнасці. Гэта азначала, што я падлягаю выкарыстанню толькі на лёгкай працы. Пакуль дырэктарам трэста «Дальстрой» быў Берзін, лагернае начальства яшчэ брала пад увагу заключэнне дактароў нават тады, калі яны ўсе былі зняволеныя. Мяне прызначылі днявальным палаткі, у якой месцілася брыгада майго добрага знаёмага Ільіна. Ён да арышту быў прызваны з Паўночнага Каўказа на тэрміновую службу ў пагранвойскі. Служыў у Беларусі, у раёне чыгуначнай станцыі Бігосава на мяжы з Латвіяй. Там жа атрымаў 58-ю і быў этапіраваны на Калыму, дзе лёс звёў нас у адной палатцы. Яго брыгада была зборная. Якраз тады ўжо ішла канцэнтрацыя палітзняволеных у асобныя брыгады. Гэтая ператасоўка суправаджалася рассяленнем крымінальнікаў і палітычных у розныя палаткі, якое не абыходзілася без кур'ёзаў. Некаторым палітвязням-беларусам удавалася пэўны час пахадзіць у ролі крымінальнікаў. Было так, што грознаму 58-му расейскаму артыкулу ў крымінальным кодэксе БССР адпавядаў 72-гі. А паводле кодэксу РСФСР 72-гі вызначаў кару за падробку дакументаў. Нікому не хацелася значыцца менавіта палітычным. Вось і спрабавалі некаторыя з землякоў-«политстатейников» схаваць сутнасць свайго прысуду-выраку, карыстаючыся разнабоем нумарацыі артыкулаў у двух кодэксах (БССР і РСФСР). Затое пасля выкрывання сутнасці блытаніны іх «с треском» выганялі з брыгад крымінальнікаў, як «ворагаў народа, што праніклі туды таемна». Дзякуй Богу, што не дабаўлялі за гэта тэрміну зняволення. Відаць, таму, што меў месца недагляд з боку лагернай адміністрацыі і пагалоска пра гэта была не на яе карысць.

Надышоў той час, калі на пасаду начальніка УСВИТЛа прыбыў з Масквы палкоўнік Гаранін. Сваю дзейнасць ён пачаў з чысткі органаў і бязлітаснага лагернага тэрору. Неяк пайшлі чуткі, што Гаранін ездзіць па лагерах і аглядае свае ўладанні. З перапуду лагернае начальства заганяла ўсіх палітычных на працу толькі ў забой, не беручы пад увагу нічога.

У адзін з ліхіх дзён нарадчык закамандаваў і мне йсці ў забой. Я адмовіўся, спасылаючыся на заключэнне лагернай медкамісіі. Пасля разводу брыгад мяне даставілі ў дамок начальніка лагера. Такім чынам, я «предстал пред очи» самога Кудзінава. Пры гэтым прысутнічала ўся адміністрацыйная зграя зоны, у тым ліку і вохраўцы. Я паўтарыў аргументы, на падставе якіх адмовіўся йсці ў забой. Гэта раз'юшыла Кудзінава канчаткова. Выйшаўшы з раўнавагі, а можа, пазіруючы перад падначаленымі, ён пачаў нецэнзурна лаяцца. Каскад нецэнзурных словаў чаргаваўся са словамі «трацкіст» (тады на Калыме ўсіх палітвязняў называлі не іначай, як «трацкістамі»). Заўважыўшы, што на мне чыстае лагернае адзенне, Кудзінаў выклікаў капцёра і загадаў мяне пераапрануць ва ўсё спісанае.

Калі мы йшлі з капцёрам да капцёркі, ён, чамусьці напаўголаса, раіў мне йсці ў забой, не рызыкаваць. Добры чалавек, ён папярэджваў мяне, што зараз лютуе «тройка», ідуць расстрэлы. Пра гэта я сам выдатна ведаў, але цвёрда наважыўся выпрабаваць свой лёс да канца. Відаць, капцёр, чалавек больш сталы, разумеў лепей за мяне, што адвага «качать права» ў сталінскім канцлагеры, ва ўмовах тэрору, была адпаведная самагубству. Толькі пазней я зразумеў, што ў тых абставінах я тады рызыкоўна хадзіў па самым краі бездані.

У капцёрцы я пераапрануўся ў зашмальцаваныя драныя транты (целагрэйку, ватныя штаны), пераабуўся ў дабітыя валёнкі. Хто насіў гэтае адзенне да мяне? Можа, чалавек, якога ўжо паспелі расстраляць на Серпанцінцы? А можа, гэтыя лахманы садралі з дахадзягі, памерлага з галадухі?.. Капцёр старанна шукаў чаго-небудзь, што можна было апрануць паверх. Нарэшце ён знайшоў цывільны абтрапаны кажушок з адным-адзіным (пад каўняром) салдацкім бронзавым гузікам, з выявай на ім двухгаловага царскага арла. Бог ведае, каго ў гэтым кажушку і з якой глушы прывезлі сюды на Калыму? А можа, яго ўжо і не было сярод жывых у тым часе?

Я падперазаўся вяровачным матузком, і мы пайшлі да начальства. Мая экіпіроўка выклікала ў Кудзінава шчырае задавальненне. Пакуль мы з капцёрам адсутнічалі, начальства падрыхтавала суправаджальную паперу ў рур. Яе ўжо трымаў у руцэ вохравец. Ён растлумачыў мне, нібы пацеры прачытаў: «Шаг влево, шаг вправо - расценивается как побег. Оружие применяется без предупреждения. Вперед!» І мы пайшлі: адзін канваір і адзін падканвойны.

Так і йшлі мы моўчкі, я - спераду, ён - ззаду са стрэльбай напагатове, накіраванай штыхом у маё плячо. Ён такі ж малады, як і я. Мы з ім - людзі аднаго пакалення. Можа, нават аднагодкі? Я йшоў і думаў: якая ўсё ж людаедская ідэалогія бальшавізму, што паставіла нас у розныя варожыя пазіцыі без усялякае на тое прычыны.

У прыіскавым пасёлку я і канваір сутыкнуліся з натоўпам энкэвэдэшнікаў. Яны йшлі быццам бы бязладным касяком. А насамрэч усё было ў адпаведнасці з субардынацыяй. Наперадзе сам палкоўнік Гаранін у атачэнні сваёй світы, а далей - мясцовы апарат НКВД. Недзе ад хваста натоўпу, заўважыўшы нас, аддзяліўся наш прыіскавы старшы лейтэнант дзяржбяспекі, узяў у вохраўца паперу, хутка прабег па ёй вачыма, скамандаваў: «В рур!», а сам шпарка пашыбаваў наўздагон натоўпу.

Нездарма хваляваўся Кудзінаў, накіроўваючы мяне ў рур. Тады палкоўнік Гаранін сапраўды ўпершыню аб'язджаў сваю «вотчыну», наганяючы на нізавое лагернае начальства, бадай, большы жах, чым на зэкаў. Пазней, калі я вярнуўся з рура, мне расказалі, як Гаранін наведаў нашу «камандзіроўку». Ён не грэбаваў кантактамі і са зняволенымі. У нашай палатцы ён, карцінна паставіўшы нагу на бліжэйшыя нары, абапёрся локцем аб калена і сказаў: «Прежде чем сесть в поезд и отправиться на Колыму, я побывал в Кремле, на приеме у товарища Сталина. У меня особые полномочия. Предупреждаю всех вас, что за контрреволюционный саботаж будем расстреливать». Хлопцы казалі, што ягоныя вочы не давалі сумневу ў здзяйсненні гэтых пагроз.

Проста са старастата рура, куды мы прыйшлі, мяне без затрымкі накіравалі па прызначэнні. Праз некалькі хвілін я ўжо стаяў перад дзвярыма рура, чакаючы, пакуль супрацоўнік старастата справіцца з замком. Нарэшце адчыніліся дзверы. Над імі вонкі на марозным паветры заклубілася пара. Я ўпершыню пераступіў парог рура. Пакуль вочы не прызвычаіліся да паўзмроку, я амаль нічога не бачыў. Неўзабаве я ўжо мог разглядзець, што робіцца навокал. На голай гальцы шчыльна сядзелі і ляжалі скурчыўшыся людзі, такія ж, як і я. Яны маўчалі. Мой прыход сустрэлі без цікаўнасці. На верхніх нарах блатныя рэзаліся ў карты. На гальцы было цесна, на нарах - даволі прасторна. Там месціліся «лорды», адчуваючы сябе, як дома. Пераканаўшыся ў тым, што ўлік зэкаў у старастаце заблытаны, яны маўчалі, калі каго-небудзь выклікалі на выхад. У выніку атрымлівалася, што выкліканага быццам бы ў руры ўжо няма. Гэтым блатныя яшчэ больш заблытвалі ўлік. Бальшыня з іх была гатова перазімаваць у руры. У старастаце не ведалі нават сапраўднай колькасці людзей, што ўтрымліваліся тут. У гэтым можна было пераканацца пад час выдачы паек хлеба. У камеры, апрача парашы, заўжды стаяла скрынка, якой адводзілася роля карыта. У яе адзін раз на суткі клалі трохсотграмовыя пайкі хлеба згодна з папярэднім падлікам людзей. Блатныя спрытна навучыліся ашукваць дастаўшчыкаў паек, робячы так званыя «мастыркі», якія ўяўлялі сабой муляжы чалавечых фігур, складзеных з адзення і абутку. Звычайна на край нараў клалася шапка, а далей кідалася целагрэйка ці яшчэ што-небудзь з адзення. Побач з шапкай клаліся валёнкі і зноў жа яшчэ што-небудзь з гарнітура. Стваралася ўражанне, быццам адзін спіць галавой да сцяны, а другі - наадварот. Ля «мастырак» сядзеў напаўраспрануты іх творца. Высокія верхнія нары і паўзмрок, што панаваў у камеры, перашкаджалі выпадковаму выяўленню падману пры падліку людзей. Такім чынам майстар «мастырак» атрымліваў тры пайкі хлеба. А калі ён паспяваў пралезці праз падкоп у другую камеру (пакуль грымелі засовы і замкі на дзвярах) ды пабыць аб'ектам падліку і там, дык атрымліваў чатыры пайкі. А гэта - кілаграм і дзвесце грамаў хлеба пры штрафной норме трыста грамаў. Так яны і абдурвалі праставатых служакаў старастата рура. Паспявалі «вандраваць» з адной камеры ў другую амаль усе блатныя, стараючыся не надта вытыркацца на вочы пры падліку, каб не быць прыкмечанымі. Даводзілася здзіўляцца здольнасці блатных прыстасоўвацца да любых, нават найгоршых умоваў у няволі, калі, здаецца, заставалася адна магчымасць - завыць ад роспачы. Ужываліся ўсе сродкі: кругавая парука, узаемадапамога, узаемападтрымка, хітрыкі, хлусня, туфта (падман) і нават гвалт, апрача, як я пісаў раней, здрады інтарэсам касты, стукацтва, службы ў лагернай адміністрацыі.

Пасля таго як зачыняліся дзверы камеры, пачынаўся разбор паек і пакінутай вады. Канфліктаў ніколі не было. Святасць пайкі паважалася нават блатнымі. Зразумела, «чэрці», што жылі на гальцы, атрымлівалі па адной пайцы (трыста грамаў), бо рабіць «мастыркі» ім не выпадала. Яны галадалі і марнелі.

У той дзень, калі я трапіў у рур, у гэтай халоднай вязнічнай яме паміраў чалавек ад дыстрафіі, даведзены да крайняй мяжы. Ён трапіў у рур па «ізаляцыі» перад кастрычніцкімі святамі, паводле вызначэння НКВД. І перад гэтым ён быў не ў лепшым фізічным стане. Пра яго казалі, што ён былы тэхнічны дырэктар аднаго з аўтамабільных заводаў краіны, здаецца, маскоўскага. Ён ціха канаў у куце камеры, лежачы на голай гальцы. Ён уяўляў сабой шкілет, абцягнуты скурай. А тым часам на пошце ў пасёлку Хатыннах сабралася аж каля дзесяці пасылак, прадуктовых ды з цёплым адзеннем, прысланых роднымі ды сваякамі на яго імя. Звесткі гэтыя дакладныя, бо атрыманыя былі блатнымі рура ад днявальных пры начальстве. Пазней яны паведамілі, што райаддзел НКВД канфіскаваў пасылкі і здаў для рэалізацыі сярод «вальняшак». Гэта стала вядома яму перад смерцю - чалавеку, які паміраў з голаду.

Наагул у рур, хто хацеў (з начальства), той і садзіў, каго хацеў (з вязняў), таго і садзіў. Сядзелі, напрыклад, два трактарысты бестэрмінова. Іх пасадзіў Паўлаў, прызначаны начальнікам Дальстроя пасля таго, як яго папярэдніка Берзіна арыштавалі. Пасадзіў, але забыўся абмежаваць тэрмін знаходжання ў руры. Ніхто не адважваўся іх «звольніць», хоць яны ўвесь час настойвалі на гэтым. Так і сядзелі яны да мяне і пасля мяне. Адбылося гэта таму, што ім «пашанцавала» сустрэцца з Паўлавым на трасе, калі яны везлі рэйкі для ваганетачнай дарожкі. Траса тады месцамі ўяўляла сабой снегавы каньён, утвораны безупыннымі расчысткамі заносаў. У складаных дарожных абставінах ім давялося згружаць рэйкі, а потым зноў нагружаць. У снегавым каньёне не было дзе павярнуцца. Яны вымушаныя былі згрузіць рэйкі проста на дарогу, што затрымала рух, але не больш чым на гадзіну. На тое ліха пад'ехаў Паўлаў на сваёй персанальнай эмцы. Аб'езду не было, і яму давялося чакаць. Гэта і забяспечыла хлопцам бестэрміновы рур. Чым скончылася гэтая дзікая недарэчнасць, я ўжо не ведаю.

Адзін палітзэк апынуўся ў руры з волі сына начальніка прыісковай лагернай зоны. Адбылося гэта так. Палітзэка прывялі да дома начальніка на расправу з нейкай прычыны. Ён моўчкі стаяў і слухаў лаянку, пагрозы. За гэтай сцэнай сачыў сынок, стоячы на ганку дома. Раптам ён абурана сказаў:

- Папа, что ты с ним разговариваешь? Посади его в рур!

Бацька змоўк і загадаў зрабіць так, як раіў сынок.

Якія зрухі адбываліся ў дзіцячай душы - адзін Бог ведае. Упэўнена можна сказаць, што сын у сваім жыцці пайшоў па сцежцы бацькі. Да гэтага ён быў падрыхтаваны псіхалагічна ўжо тады.

Памятаю, у свім часе Луначарскі сказаў прыкладна так: жаданне бацькоў бачыць працяг сваёй справы ў дзецях - перадумова нараджэння класа і такі клас нарадзіўся ў нашай краіне. Гэта - шматаблічная наменклатура, як буйная, так і дробная.

У верасні 1991 года расейскае тэлебачанне пад рубрыкай «Камера даследуе мінулае» у перадачы «Вялікі канцэрт народаў ці дыханне Чэйн-Стокса» дало слова прадстаўніку наменклатурнай дробязі. Ссівелы чалавек у форме КДБ з задавальненнем паведаміў тэлегледачам, што «служыў, служыў і даслужыўся да чына старшыны. А вось мой сын ужо маёр тых жа органаў».

Гэтая перадача нагадала мне калымскага 7-8-гадовага хлопчыка, што параіў бацьку пасадзіць палітзэка ў рур. Я ў думках паспрабаваў прасачыць магчымы жыццёвы шлях хлопчыка. У год смерці Сталіна ён ужо мог быць на службе ў органах з дыпломам ведамаснай навучальнай установы КДБ і працягваць справу бацькі. Ён мог быць звольнены пры скарачэнні органаў у час хрушчоўскай адлігі і апынуцца па-за класам наменклатуры. А можа, служыў і далей пры Брэжневе, вёў «барацьбу» з дысідэнтамі, падводзячы іх пад суды або ахоўваючы іх у зоне? Да пачатку перабудовы ён мог апынуцца ўжо на пенсіі і стаць членам грамадскай арганізацыі ветэранаў вайны, працы і арміі. Мог быць выбраны ў нейкі орган улады ад ветэранскай арганізацыі. У часе путчу мог падтрымаць ГКЧП? А калі не ён, дык іншыя з гэтага асяроддзя. Думаю, што я ў сутнасці не адхіліўся ў сваіх меркаваннях ад лагічнага развіцця варункаў нашай рэчаіснасці.

Апынуўшыся ў камеры рура, я пачаў прыглядацца, дзе і самому прызямліцца на гальцы. Раптам у падкопе паказалася галава з чорнай барадой. Гэта быў Данька Хайло. Ён сядзеў у суседняй камеры. Мы прывіталіся. Ён спытаў, дзе я размясціўся. Я сказаў, што пакуль нідзе. Тады ён скамандаваў «людзям» на нарах пацясніцца і даць мне месца. Данька і тут быў у сваёй ролі - ролі «пахана». Мы абмяняліся апошнімі лагернымі навінамі, і ён палез у падкоп. Мне далі месца на нарах ля самай сцяны. Але гэта было ўсё ж лепей, чым на голай каменнай гальцы. Лежачы на нарах, я ўспомніў чутны недзе ў лагеры анекдот. Аб'ектам жарту ў анекдоце быў зэк-кітаец. Седзячы пад нарамі, ён скардзіўся: «Кому нара - хорошо, кому низа - плохо». Пры гэтым словы «кому нара» і «кому низа» пры маўленні зліваліся. Паводле сюжэта, кітаец за акцэнтную «крамолу» атрымаў дадатковы тэрмін па палітычным артыкуле кодэкса. Доўга карыстацца прывілеямі блатных мне не давялося. Дні праз два выклікалі аднаго блацяка на выхад. Ён адазваўся, бо наважыўся пакінуць рур. Але сядзеў ён ад руры з самага лета, і ў яго на нагах, апрача шахцёрскіх гумовых чуняў, нічога не было. Вядома, у такім абутку ўжо не выйдзеш на пяцідзесяціградусны мароз.

- Ты! Дай валенки! - звярнуўся ён да мяне. - Косого знаешь? Я передам через Косого.

Ніякага Касога я не ведаў і валёнкі не даў. Яму даў нехта з блатных, і ён знік за дзвярыма рура. Пасля гэтага інцыдэнта блатным стала зразумела, што «пахан» падсунуў ім у кампанію «чорта». Мяне сагналі з нараў, і я апынуўся там, дзе знаходзіўся кітаец у згаданым анекдоце. Давялося месціцца на гальцы пад нарамі. Праз нейкі час Данька пацікавіўся праз сцяну маім лёсам. Пачуўшы мой голас знізу, ён неадкладна пралез у нашу камеру. Даведаўшыся, у чым справа, ён даў такі разнос блацякам, што ў мяне, як кажуць, аж вушы вялі. Блатныя зацята агрызаліся. Данька прапанаваў мне перайсці разам з ім, дакладней, перапаўзці праз падкоп у другую камеру, дзе ён знаходзіўся сам. Паабяцаў, што знойдзе для мяне месца на нарах, але папярэдзіў, калі я заўважу, што ў камеру прывялі «чалавека» і яму не хапае месца на нарах, то мне трэба загадзя злазіць з нараў, лепей без напаміну. На гэты раз злазіць з нараў не давялося да самага вызвалення з рура.

У руры таксама зачытвалі загады Гараніна аб расстрэлах. Гэта трывожыла. Усебакова абмеркаваўшы з Данькам «текущий момент», мы прынялі намер на ўсялякі выпадак хадзіць на працу ў забой, бо так было бяспечней. У наступную ж раніцу мы паведамілі прадстаўніку старастата згоду стаць добраахвотнікамі. Нас занеслі ў спіс і здалі вохры. Так пачалася наша рураўская працоўная вахта.

На працу ў забой вадзілі з рура тых, хто жадаў, бо ведалі, што блатныя не пойдуць, а «чэрці» не ўсе могуць рухацца. Хадзілі тыя, у каго яшчэ былі сякія-такія сілы ды цяплейшая апратка. За працу давалася дадатковая пайка хлеба (300 грамаў) і міска баланды на абед са сталоўкі лагера.

Праз нейкі час у рур наведаўся наш прыіскавы оперупаўнаважаны старшы лейтэнант дзяржбяспекі, той сама, што стрэў нас з вохраўцам пад час наезду Гараніна. Я паскардзіўся на Кудзінава, расказаў усё, як было. Ён спытаўся, ці хаджу я на працу. Атрымаўшы станоўчы адказ і сведчанне прадстаўніка старастата, загадаў занесці мяне ў спіс на «вызваленне». Пасля мяне паскардзіўся і Данька. Сказаў, што пасадзілі без усялякае прычыны. Яго таксама занеслі ў спіс. Прыкладна праз гадзіну-паўтары па нас прыйшоў нарадчык з нашай зоны, на гэты раз ужо без вохраўца. Тут жа нас прывялі да начальніка лагера - таго самага Кудзінава. Ён нават памятаў маё прозвішча, бо сказаў: «Зайди, Шидловский, ко мне завтра, я подышу тебе легкую работу. Сейчас меня вызывают в Севлаг и я не имею времени». Мне падалося, што ў яго спакойным тоне хаваецца здзек. На гэты раз я памыліўся. Праз пару дзён працы ў забоі ён зноў паставіў мяне днявальным на старое месца. Гэтую метамарфозу я не магу растлумачыць да сённяшняга дня. Так я і прадняваліў да прамыўнога сезона 1938 года.

 

Пайка

 

Абавязкі днявальнага ў брыгадзе былі нескладаныя. Прыбраць у палатцы, нанасіць з бройлера гарачай вады да прыходу людзей з працы, прынесці дроў і падпаліць у печках-бочках. Іх у палатцы было дзве. Узімку вады неставала, а то і зусім не было ў лютыя маразы. Тады вязні забяспечвалі сябе вадой са снегу. Дроў таксама не хапала, бо ў раёне дзейнасці прыіска было высечанае ўсё, што толькі можна высекчы, не мінаючы і кедравага сланіка.

Гэтае дрэва, прыстасаваўшыся да лютай калымскай зімы, сцелецца пакручастымі камлямі (таўшчынёй не болей за 10-15 см) па схілах сопак і зімуе пад снегам. Кедравы сланік ні чым не нагадвае сібірскія кедры з ганарліва ўзнятымі кронамі. Тым не менш на працягу многіх папярэдніх вякоў ён захапіў значную прастору там, дзе для яго ўжо амаль не было канкурэнтаў, і заняў больш за 40% плошчаў у складзе калымскае тайгі. Бальзамічная таполя, вярба чазенія і даурская лістоўніца засталіся ў далінах рэк - у межах абалоні і ніжніх тэрас. Кедравы ж сланік захапіў сопкі. Ён перагарадзіў дарогу лістоўніцы, якая з большым ці меншым поспехам выбіраецца на схілы замшэлых сопак. Сваімі зараснікамі кедравы сланік надае асаблівасць калымскаму краявіду. Сопкі, занятыя ім, калі глядзець з далечыні, нагадваюць густа-зялёнае каракулевае футра. Калі сланік знішчаўся расцяробамі або пажарамі - прастору заваёўваў у хуткім часе скрыпень («иван-чай»), утвараючы травяное покрыва. Скрыпень афарбоўваў сопкі ў сезонны колер, надаючы краявіду незвычайна прыгожы выгляд сваёй адметнай зыркасцю.

Кароткае калымскае лета - пара багатай квецені. Прырода прыспешвае ўсе працэсы вегетацыі. У мой час схілы сопак ружавелі ад скрыпеню. Яны бывалі проста бэзава-ружовыя. Часам не хацелася верыць, што на фоне гэтай прыгажосці там, у распадку, у Серпанцінцы з асалодай дзейнічалі каты, метадычна знішчаючы вязняў, ні ў чым не павінных перад Богам і людзьмі, ахвяраў канібальскай ідэалогіі.

Скрыпень густа рос і сярод палатак у зоне. Лагернікі напіхвалі ім сяннікі і падушачныя насыпкі.

Пажар зараснікаў сланіка - гэта пажар ігліцы і дробных галінак. Ён вельмі страшны. Полымя з «рэактыўным» гудам імкліва паўзе суцэльнай заслонай, вышынёй прыкладна 5-7 метраў, знішчаючы ўсё жывое на сваім шляху.

Агонь пакідаў пасля сябе, нібы на патрэбу зняволеным, пакручастыя, пераплеценыя паміж сабой камлі дрэў, якія не паспелі згарэць, нечым нагадваючы процьму знерухомленых удаваў. Не дагарэлы на сопках, кедравы сланік дагараў у печках, збольшага абаграваючы цела і душу акалелых на марозе вязняў.

Сланік меў яшчэ адну адметную якасць. Ён ратаваў зняволеных ад немінучай цынгі. Цяжка было ўявіць, што гэты непрыемнага паху адвар з ігліцы прымушае хваробу адступаць. Але гэта менавіта так. Я сам пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце. Толькі кедравы сланік захаваў мне зубы, выратаваў ад хваробы, ацёкаў, распаду тканак цела.

Тайга ў далінах рэк, прызначаных для здабычы золата, саступала сваё месца забоям, знішчалася гарнякамі ў першую чаргу. Далей надыходзіла чарга кедравага сланіка на сопках. Дрывасекі нарыхтоўвалі з яго дровы, як на пажарышчах, так і на ацалелых дзялянках. Гэта былі рэшткі мясцовага паліва, таму яго і неставала.

Азяблыя, стомленыя і ператомленыя людзі пасля вячорнай баланды вярталіся ў палатку, гуртаваліся вакол печак, падсушвалі скарыначкі хлеба, пакуль яны не прыжураць. То была адметная заварка для кіпеню, замест гарбаты. Сушылі валёнкі, рукоўкі, анучы і вялі ціхую няспешную гамонку, апавядаючы пра свае «злачынствы». Такім чынам бавілі час да вечаровай паверкі. Калі папыталіся ў аднаго хлопца, за што яго пасадзілі, ён коратка адказаў: «Я - шофер Жлобы». Уся яго віна была ў тым, што ён вазіў вядомага камандзіра часоў грамадзянскай вайны, які ў трыццатыя гады быў дырэктарам рысасаўгаса на Кубані. Жлобу расстралялі, шафёру далі тэрмін зняволення.

Кітаец Ваня родам з Маньчжурыі (усіх кітайцаў у лагеры называлі гэтым імем) напачатку не мог сказаць і трох словаў па-расейску. Потым навучыўся. Ён расказваў, што часта лавіў рыбу на Амуры. Аднаго разу не заўважыў, як лодку аднесла за лінію фарватару, што ўмоўна лічыўся дзяржаўнай мяжой. Ад савецкага берага падышоў катэр, узяў лодку на буксір і прыбуксіраваў яе да пагранзаставы. Там яго арыштавалі, потым абвінавацілі ў шпіянажы, судзілі і далі поўную дзесятку. Ні пад час следства, ні пасля суду яму не далі магчымасці паведаміць поштай ці дыпламатычным каналам пра свой лёс родным і блізкім у Маньчжурыі. Паводле яго меркавання, дома, напэўна, лічаць, што ён утапіўся ў Амуры.

Афганец Муса Мамед-оглы, смуглявы аднавокі чалавек, расказваў, што займаўся дробным кантрабандным гандлем. Доўга вандраваць цераз мяжу не давялося, быў затрыманы. Яго таксама абвінавацілі ў шпіянажы, далі тэрмін - і на Калыму. Аднойчы ў забоі пры разборцы ўзарванай пароды на яго накацілася вялізная глыба. Але намаганнямі ўсёй брыгады яго, пакалечанага, удалося ўратаваць.

Былі ў брыгадзе два фіны: Пакканен і Фірданен. Яны дрэнна валодалі расейскай мовай, таму іх аўтабіяграфічныя звесткі цьмяныя і сціплыя. Яны як быццам былі членамі ЦК фінскай кампартыі. Пры ўпамінанні кім-небудзь прозвішча Кууссінена яны пачыналі злавацца і лаяцца. Пакканена ўсе называлі Паканін. На нашых вачах яго фінскае прозвішча трансфармавалася ў расейскае.

У гэтым часе, ужо перад канцом навігацыі, прыбывала папаўненне з фантастычнымі тэрмінамі - 15, 20, 25 гадоў зняволення. Тэрміны, у бальшыні яшчэ ягодаўскія, ім здаваліся дзіцячай карай. Яны не перавышалі дзесяці гадоў. Памятаю ў ліку «доўгатэрміновікаў» аднаго чалавека, што меў свежанькіх 25. Па прафесіі авіяканструктар. Ён вылучаўся сваім надзвычай роспачным настроем, прыгнечаным станам. Быў негаваркі, замкнёны, мала расказваў пра сябе. Усё больш скардзіўся на свой безнадзейны лёс. Відаць, ён добра разумеў, што яго доля - быць вечным лагернікам Калымы да самага скону, што, маючы прыблізна саракагадовы ўзрост, яму не выцягнуць свой шчодры тэрмін. Аднак лёс яго мог стацца, магчыма, шчаслівым. Неяк улетку 1938 ці 1939 года яго выклікалі ў райаддзел НКВД, не тлумачачы навошта. Збіраючыся, лічыў, што Серпанцінкі яму не мінуць. Пры канцы дня ён вярнуўся па рэчы чысценькі, паголены, апрануты ў новы лагерны гарнітур. Калі ў райаддзеле ўпэўніліся, што гэта ён, а не хто іншы, то пачалі рыхтаваць да спешнай адпраўкі на «мацярык». Я ўпершыню ўбачыў на яго твары ўсмешку. Магчыма, дзе-небудзь у сістэме авіяканструктарскай службы нешта парушылася, і ён зноў спатрэбіўся? А можа, яго падманным шляхам павезлі на перасуд з больш трагічным вынікам? Зніклі ж з Калымы ленінградцы-энкавэдзісты, што праходзілі па кіраўскай справе. Зараз іх канчатковы лёс агульнавядомы. Вывозілі ж з лагераў на перасуд і беларусаў. Цярністы жыццёвы шлях іх канчаўся ў Курапатах.

Былі ў брыгадзе два элеватаршчыкі. Яны мелі па 15 гадоў па «шкодніцкім» пункце пяцьдзесят восьмага артыкула. Апавядаючы ля печкі пра сваю справу, яны паведамілі, што на іх элеватары завёўся клешч. Эфектыўна знішчаць кляшча ніхто не ўмеў. Аднак гэта не выратавала іх ад доўгага тэрміну зняволення. «Праполка» штату элеватара не абмежавалася толькі імі.

Далёка не ўсе «спавядаліся» перад печкай у кароткія вольныя хвіліны. Памятаю грузіна, пра якога казалі, што ён меншавік. Сваёй буйной постаццю і маўклівасцю ён нагадваў манумент. Здавалася, што ён даў зарок маўчання. Неўзабаве гэты чалавек нечакана памёр ад сардэчнага прыступу. Пра яго захавалася толькі зрокавая памяць.

Пазней, калі з'явіліся «заходнікі», адзін з іх, заходні ўкраінец Адольф Бернардзіхоўскі, расказваў аб пераканаўчай упэўненасці свайго следчага, што ён мае справу з «ворагам народа». Не маючы магчымасці даказаць гэта і каб абвінаваціць свайго падследнага хоць у чым, ён бездапаможна казаў: «Твое имя говорит о том, что ты враг народа». Бернардзіхоўскі меў няшчасце быць цёзкам фюрэра. Лёс тых арыштаваных, што былі цёзкамі «отца всех народов», урэшце, не быў лепшы, чым у Адольфа Бернардзіхоўскага.

Усе размовы каля печак раптоўна перапыняліся камандай: «На поверку становись!» Па гэтай камандзе палітзэкі шнураваліся ў адзін шэраг паміж нараў на праходзе. Пачыналася пераклічка. Называлася прозвішча вязня. Ён мусіў казаць сваё імя і імя па бацьку, назваць артыкул кодэкса, па якім быў асуджаны, і тэрмін зняволення. Далёка не ўсе мелі «раскошу» быць асуджанымі. Была значная частка, калі не пераважная, рэпрэсаваных «особым совещанием» НКВД. Іх так і звалі: рэпрэсаваныя, адрозна ад асуджаных рознымі судамі. Рэпрэсаваныя палітвязні, замест пяцьдзесят восьмага артыкула кодэкса, мелі ліцер, які ўяўляў сабой абрэвіятуру, прыдуманую «особым совещанием». Тут ужо фантазіі «особосовещанцев» не было мяжы. Паколькі «особое совещание» прысвойвала ліцер і тэрмін завочна, то многія не маглі іх расшыфраваць. Напрыклад, у былога студэнта з Алма-Аты Ўнігенава Джумабая быў ліцер КРКОМГР. Што ён абазначаў, Джумабай не мог растлумачыць.

Былы старшыня выканкама Туруханскага краю (прозвішча забылася) меў ліцер СКРТ. Ён меў на гэтай пасадзе персанальную машыну, персанальны катэр, персанальны «кукурузнік». Яму пашанцавала мець і персанальны ліцер. Другога такога ні ў кога не было. Ён свой ліцер тлумачыў так: «Содействие контрреволюционным троцкистам». У свой час у Туруханск саслалі відных трацкістаў. Старшыня крайвыканкама зрабіў запытанне ў Масквы, як іх выкарыстоўваць. Адказ быў кароткі: «Па спецыяльнасці». Так і зрабіў. Але йшоў час, мяняліся наркамы ўнутраных спраў, і старшыні крайвыканкама давялося сесці ў турму за «содействие».

Відавочна, багатая фантазія «особосовещанцев», з прычыны масавасці рэпрэсій, вычарпалася. Тады яны пачалі ўсё часцей збівацца на шаблон, забяспечваючы рэпрэсаваных ходкімі: КРА (контррэвалюцыйная агітацыя), АСА (антысавецкая агітацыя), КРД (контррэвалюцыйная дзейнасць). Дзень пры дні на вечаровай паверцы безліч разоў гучала з вуснаў палітзняволеных гэтае нялюдскае краканне, асаканне, каэрдэканне. Сярод крымінальнікаў нічога такога не чулася, акрамя толькі артыкулаў крымінальнага кодэкса, з выняткам хіба аднаго вядомага мне выпадку. У азербайджанца Мансура Абдул-оглы крымінальнае злачынства не ўкладвалася ў дзейны тады кодэкс. Дзеля гэтага ён таксама быў «безартыкульным» вязнем. Калі на паверцы называлі яго імя: «Мансур!», ён з характэрным акцэнтам адказваў: «Абдулоўлы, похыщение трупа!» Пра гэта «похыщение трупа» ён, як папугай, мусіў паўтараць «адкрытым тэкстам» штодня, на працягу ўсяго тэрміну зняволення.

Пасля вечаровай паверкі ўсе павінны былі класціся спаць. Размовы ля печак не ўзнаўляліся да наступнага вечара. Спынялася ўсялякая ўнутрыпалатачная мітусня. Той, хто расцягваў сваю пайку хлеба надаўжэй, клаў яе рэшту пад падушку. Гэта было адзінае месца схованкі. Да таго ж адчуванне пад вухам агрызка пайкі ўсяляла, хоць і мізэрную, упэўненасць, што ў жыцці не ўсё скончана. Ніхто не баяўся, што рэшткі пайкі нехта ўкрадзе. Тут дзейнічала лагерная мараль, лагерныя запаветы: «Не ўкрадзі чужую пайку», «Не абваж зэка». Святасць пайкі была непарушная. Прынамсі, у тым лагеры, дзе я адбываў свой тэрмін. Я гэта назіраў нават у руры на прыіску імя Вадап'янава. Гэтага запавету трымаліся і блатныя. Калі на волі стала амаль правілам абважыць пры магчымасці пакупніка, то ў лагеры тады ў дачыненні да пайкі ніводны хлебарэз не дазваляў сабе гэтага. Звычайна ў «штаце» хлебарэза было некалькі слабасілак (дахадзяг). Яны ў вольны ад прыгону час за натуральную плату хлебам стругалі трэсачкі для прыколвання даважкаў, каб не згубілася ні грама. Была поўная ўпэўненасць, што ты атрымаеш сваю норму. Справа іншая, што яе, гэтай нормы, не хапала, каб нармальна жыць.

Такое няпісанае правіла захоўвалася і пазней. Паэт Анатолій Жыгулін, калымскі вязень паваеннага часу, пісаў у сваім вершы «Хлеб»:

 

А хлеб несли из хлеборезки.

Был очень точно взвешен он.

И каждый маленький довесок

Был щепкой к пайке прикреплен.

 

Ліхой зімой 1937/38 года памёр, не першы і не апошні ў палатцы, дзе я дняваліў, былы інжынер-канструктар пермскага гарматнага завода, знясілены цяжкой працай, холадам і голадам. Памёр ён уначы. Толькі ўранку я заўважыў, што чалавек мёртвы. Нерухомыя вочы былі ашклянела ўтаропленыя ў дах палаткі. Разяўлены шчарбаты рот ямкай чарнеў паміж запалых шчокаў, паросшых сівою шчэццю. Схуднелы твар быў зацярушаны сенам і пушынкамі скрыпеню. Відаць, нехта цікаваў, як чалавек канаў, і калі ўпэўніўся, што мёртвы, завалодаў яго пайкай. Былы інжынер-канструктар надвячоркам ужо не здолеў з'есці прынесеную яму пайку, паклаў яе пад падушку. Той, хто абшукваў нары нябожчыка і завалодаў яго пайкай, рабіў гэта паспешліва, не без хвалявання ад удачы. Таму і натрусіў знячэўку на твар нябожчыка сена з незашытай насыпкі падушкі. Мяне абурыла гэтае рабаўніцтва. Мне яно здавалася бессаромным і нахабным. Звяртаючыся да невядомага марадзёра, я назваў яго трупаедам. Былы старшыня Туруханскага крайвыканкама, папіваючы нішчымны вар, згатаваны на печцы ў кансервавай бляшанцы, заядаючы рэштай сваёй пайкі, разважыў так: «Нябожчыку пайка ўжо непатрэбна. Нічога ганебнага ў тым, што яе нехта прысвоіў, няма. Можа, пайка нябожчыка працягне або выратуе жыццё таму, хто яе ўзяў. Не трэба абурацца ўчынкам, у якім няма нічога бесчалавечнага». Такая халодная логіка была ўспрынятая ўсімі астатнімі з поўным разуменнем. Калі па-лагернаму лічылася амаральным авалоданне чужой пайкай жывога, то пайка мёртвага лічылася спадчынай таго, хто першы заўважыў смерць чалавека. Разважанні былога старшыні Туруханскага крайвыканкама ў тых умовах маглі пераканаць каго хочаш. У далейшым я ставіўся больш спакойна да гэтакіх выпадкаў.

 

«Трацкісты»

 

У краіне грымелі адзін за адным палітычныя працэсы над «правымі» і «левымі» трацкістамі, бухарынцамі, паплечнікамі Леніна, актыўнымі ўдзельнікамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, героямі грамадзянскай вайны. Палітычная кан'юнктура таго часу пачварна праяўлялася і ў ГУЛАГу. Усіх нас, палітартыкульнікаў, пачалі зваць «трацкістамі» без разбору. Мянушка гучала як палітычная лаянка. Нават мы, маладзейшыя, не былі выняткам. Мы памяталі першую палову дваццатых гадоў, калі Троцкі лічыўся другой фігурай пасля Леніна. Яго партрэты можна было бачыць у перыядычных і юбілейных выданнях, нават у першым выданні «Вялікай Савецкай Энцыклапедыі». І раптам такі паварот. Мы добра ведалі, што Троцкі быў першым наркамваенморам, актыўна ўплываў на ход грамадзянскай вайны. Таму мы засыпалі былых вайскоўцаў, удзельнікаў баёў з белымі, рознымі пытаннямі і, безумоўна, не маглі абысці асобу Троцкага. Адзін наш брыгаднік (прозвішча яго выветрылася з памяці) апавядаў аднойчы ля печкі пра свой удзел у баях супраць арміі Дзянікіна. Ён бачыў Троцкага ў дзеянні пры даволі незвычайных абставінах. Дзея адбывалася ў нейкім гарадку на рацэ, што была лініяй размежавання дзвюх варожых армій. Назвы гарадка і ракі я не запамятаў. Сітуацыя была такая: на гэтым беразе чырвоныя, на тым - белыя. Нехта з чырвоных апароў на спіртзаводзе цыстэрны са спіртам. Вестка раптоўна разнеслася па ўсіх часцінах. Пачалася пагалоўная п'янка. Амаль увесь гарнізон быў п'яны. Апавядальнік меркаваў, што ў белых разведка не была на адпаведным роўні. Бо калі б яны ведалі пра становішча, якое склалася ў выніку п'янкі ў стане чырвоных, то фарсіравалі б раку і ўзялі б гарадок амаль што голымі рукамі. Але гэтага не адбылося.

Адвячоркам на поўных парах на чыгуначную станцыю гарадка ўляцеў бронецягнік. Аказалася - гэта персанальны бронецягнік Троцкага. На перон выйшаў Троцкі з ад'ютантам-татарынам. З броневагонаў дэсантаваўся атрад рэвалюцыйных матросаў. Перад вачыма Троцкага паўстала сапраўдная карціна стану гарнізона. Ён неадкладна загадаў ад'ютанту расстрэльваць усіх п'яных. Матросы ўзяліся за справу. Апавядальнік расказваў: яму падалося, што гэта жарт (спосаб папужаць). Але жарты былі дрэнныя. Матросы адводзілі п'яных да ляска, недалёка за станцыяй, і сапраўды расстрэльвалі. Троцкі загадаў сабраць на нараду ўсіх камуністаў, што былі ў цвярозым стане ці, прынамсі, трымаліся на нагах, і тут жа пачаў мяняць камандны склад. Рабіў гэта так: падыходзіў да чалавека, тыкаў у яго пальцам і казаў: «Ты - камандзір палка, ты - камандзір батальёна» і г. д. Ад'ютант ішоў следам і фіксаваў яго вусныя загады. Калі «кадравае пытанне» было вырашанае, Троцкі паставіў баявую задачу: «Уранку фарсіраваць раку. Ноч выкарыстаць для падрыхтоўкі». Пачалі рыхтаваць плыўсродкі, разбіраць будыніны, вязаць плыты, устанаўліваць на іх гарматы. На досвітку пачалося фарсіраванне ракі. Артылерыйскі абстрэл берага белых вялі проста з плытоў прамой наводкай. Кавалерыя пайшла ўплаў і ўброд. Для белых гэта было поўнай нечаканасцю. Яны не вытрымалі націску і пачалі адступаць, ведучы ар'ергардныя баі з напорыстай чырвонай конніцай. Так завяршылася масавая п'янка. Калі б не рашучыя асабістыя дзеянні Троцкага на гэтым участку фронта, то невядома, як бы склаліся справы. Колькі б дзён яшчэ п'янствавалі?

«Трацкісты» грэліся ля печкі і з цікаўнасцю слухалі апавяданне - сведчанне бывалага чалавека старэйшага пакалення, былога камуніста, пра тое, чаго нельга было ўжо пачуць на волі або прачытаць у кнігах, газетах, часопісах.

Кнігі, у якіх характарызавалася сапраўдная роля Троцкага ў рэвалюцыі, канфіскоўваліся і служылі даказаным рэчавым абвінавачваннем супраць уладальніка гэтых кніг. Такія кнігі раптоўна сталі «крамольнымі», іх потым уціхую лаўжамі спальвалі, канфіскуючы таксама і з дзяржаўных бібліятэк па спісах, зацверджаных у органах НКВД. Калі Гітлер паліў творы Гейнэ ў прылюдных вогнішчах на плошчах Берліна, то нашы «кампетэнтныя» органы да такой «паказухі» яшчэ тады не дайшлі. Можа, у гэтым адыграла нейкую ролю нястача ў краіне каменнага вугалю, і канфіскаваныя кнігі скарыстоўваліся ў кацельнях НКВД для абагрэву ведамасных будынкаў.

Гарэлі кнігі і беларускіх пісьменнікаў, што трапілі ў Курапаты ці ГУЛАГ. Потым садзілі тых, што мелі гэтыя кнігі. Многія з гэтых рэпрэсаваных кніг, як і людзі, цяпер рэабілітаваныя. Шкада, што запознена.

 

Туфта

 

Гэты лагерны тэрмін у перакладзе на звычайную, нармальную мову сэнсава абазначае падман. Паходзіць гэта слова зноў жа ад гулагаўскай абрэвіятуры ТФТ (тяжелый физический труд). Абрэвіятура была па сваёй сутнасці дырэктыўнай. Яна вызначала спосаб эксплуатацыі і стаўлення ў першую чаргу да нас - «контрыкаў». Эксплуатацыя спосабам ТФТ вызначалася жорсткасцю і бязлітаснасцю. Яна абыймала ў пэўных умовах і іншыя пласты лагернага насельніцтва, у тым ліку і блатных. Апошнія ўмелі вынайсці спосаб унікнуць, ухіліцца, пазбегнуць ТФТ, ашукаць недалёкае лагернае начальства, кажучы лагерным жаргонам - «втереть очки» (карцёжны тэрмін), «забіць бакі», ужыўшы пры неабходнасці подкуп, хабар. Урэшце абрэвіятура ТФТ ператварылася ў новую лексічную форму «туфта», якая, ужо набыўшы жаночы род, увайшла ў лагерны лексікон. Трансфармаваўшы свой пачатковы сэнс, яна стала абазначаць зусім процілеглае. Сэнсава яна ахапіла вельмі шырокі арсенал спосабаў падману дзеля палёгкі жыцця зняволеных у лагеры. У гэтай ролі слова хутка распаўсюдзілася па ГУЛАГу. У трыццатыя гады «туфта» на пару з «блатам» праніклі з лагернай зоны і на волю. Неўзабаве яны і тут запанавалі. Туфта - у эканоміцы, у выглядзе прыпісак, блат - у наменклатурнай кадравай сістэме.

На волі туфта і блат знайшлі сабе трывалае месца ва ўрадлівай глебе кар'ерызму, карупцыі, наменклатурнай кругавой парукі, усеагульнай гіерархічнай залежнасці ўсіх і кожнага, моцна павязаных сістэмай таталітарызму.

Сіла туфты нярэдка давала званні, ордэны, прэміі (у тым ліку і сталінскія), прасоўвала з дапамогай блату па службе, уздымала на вышыню шэраговыя пасрэднасці, а то і сапраўдных злачынцаў. Асабліва яна расцвіла ў органах НКВД ад нізу да верху, дзе панавалі поўнае самавольства і беззаконнасць. Толькі ў час хрушчоўскай адлігі таму-сяму давялося развітацца з туфтовымі званнямі, ордэнамі і пасадамі каінавай службы. Бывала, праўда, і раней апала, калі з ордэнамі забіралі і жыццё, але пры іншых варунках.

Туфта і блат - мера нашага палітычнага і эканамічнага жыцця, грамадскіх і службовых узаемадачыненняў, што існавалі тады па абодва бакі калючага дроту.

Карані туфты і блату менавіта ў зоне ГУЛАГа. Яны праніклі ў лагерную глебу даўно. Гэтаму спрыяла абвостраная адчайная барацьба за выжыванне, кіраваная інстынктам самазахавання. У гэтай барацьбе не было месца агульнапрынятай маралі, павазе да агульначалавечых прынцыпаў, гуманным дачыненням паміж прыгнечанымі і прыгнятальнікамі. Кожны вязень думаў адно: як застацца жывым? Перамагалі тыя, што ядналі свае сілы і абмежаваныя магчымасці. У такой сітуацыі грэбаваць «туфтой» не выпадала.

Калымскай вясной 1938 года лагернае начальства пастанавіла ў тэрміновым парадку зрабіць медычны агляд усіх вязняў, што выйшлі з зімы жывымі. Мэта агляду адна: вызначыць фізічны стан, ступень працаздольнасці кожнага перад пачаткам прамыўнога сезона. Па сутнасці гэта была «інвентарызацыя» наяўнай рабочай сілы. Яе вынікі давалі падставу запатрабаваць папаўненне. Сама працэдура медагляду нагадвала парад голых дахадзяг. У голым выглядзе калымскія вязні былі яшчэ страшнейшыя, чым апранутыя ў лагерныя неданоскі. Пазней мне давялося ўбачыць падобнае на фотаздымках, зробленых у фашысцкіх лагерах смерці пад час вызвалення вязняў гітлерызму войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Такога паратунку вязням сталінізму не прадбачылася.

Стан людзей быў жахлівы. Не было ніводнага здаровага чалавека. Перад медычнай камісіяй праходзілі людзі змарнелыя, схуднелыя, з рознай ступенню абмаражэнняў рук, ног, твару, з глыбокімі паражэннямі цынгой. Некаторыя не маглі стрымаць дыстрафічнага паносу нават у час агляду. На агульным фоне я выглядаў больш-менш прыстойна. Як бы там ні было, а зіму пракантаваўся ў палатцы, у якасці днявальнага. Далейшы мой лёс медкамісія вызначыла без ваганняў - накіравала ў забой. Пярэчыць не было сэнсу. Належала ўладкавацца ў якую-небудзь брыгаду. Я яшчэ не прыняў ніякага намеру, калі надарылася выпадковая размова з Валодзькам Паповым. Ён тады яшчэ не быў брыгадзірам. Цэлую зіму ён цынгаваў, а то і сімуляваў цынгу, карыстаўся блатам у лекпома. Такім чынам, у забоі бываў рэдка. Заўважыўшы непарадак на яго нарах, я зрабіў яму вымову.

- Ты со мной полегче! - жартам адказаў ён.

- Гэта чаму ж? - спытаў я.

- Меня назначают бригадиром.

- Ты ж блатны, табе нельга быць брыгадзірам.

Ён сказаў, што быў савет блатных лагера і для яго, як палітзэка, зроблена выключэнне. Далі дазвол. Я пацікавіўся, якую брыгаду ён узначаліць. Ён назваў. Гэтая брыгада вызначалася найгоршым фізічным станам у нашым лагеры. Яе складалі адны дахадзягі. Члены такіх брыгад звычайна гінулі адзін за адным ад лагерных нягод, лічы што да апошняга чалавека. На іх «палявала» і «тройка», нішчыла Серпанцінка. Я заўважыў Валодзьку Папову, што ён мае шанц у найбліжэйшы час «предстать перед всевышним» разам з брыгадай. На гэта ён самаўпэўнена адказаў:

- Вот посмотришь, через месяц мы загремим на весь прииск.

У гутарцы я паскардзіўся яму, што медкамісія пазбавіла мяне льготнай катэгорыі працаздольнасці, што давядзецца йсці ў забой, што я ў разгубленасці яшчэ не вызначыў, у якую брыгаду падацца. Ён запрасіў мяне ў сваю брыгаду. Я не адразу адважыўся даць згоду, але ён угаварыў. Гэта быў другі выпадак у маім лагерным жыцці, калі лёс спрыяў мне пры выбары жыццёва важнага для мяне рашэння. Першы выпадак быў цалкам у руках лёсу і ад мяне не залежаў. То быў пералом нагі на працы ў забоі на пачатку майго лагернага жыцця. Ён якраз і забяспечыў мяне пасадай днявальнага ў палатцы амаль на цэлы год, за які я, працуючы ў забоі, мог бы загінуць, як рудая мыш. Але гэта ўсё скончылася, уперадзе была невядомасць.

Валодзька Папоў актыўна ўзяўся за ажыўленне сваёй брыгады. Кантактаваў з лагерным начальствам, няўхільна дасягаючы сваёй мэты. Ён умеў гэта рабіць, валодаючы дыпламатычнымі здольнасцямі. Дамогся згоды начальства на палепшанае харчаванне, так бы мовіць, пад будучыя ўяўныя высокія працэнты перавыканання нормаў выпрацоўкі. Яму паверылі. Праз месяц брыгада стала на ногі. Людзі шпарка пайшлі на папраўку. Працэнты выпрацоўкі ў брыгадзе паступова пералезлі за сотню, вядома не без «туфты». Блатныя спрыялі і дапамагалі нашаму брыгадзіру ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі, кіруючыся каставай салідарнасцю. У іх асяроддзі быў зусім малады хлопец Сямёнаў (сапраўднае прозвішча). Па вонкавым абліччы ён нагадваў школьніка старэйшых класаў. Будучы зэкам-бытавіком, працаваў маркшэйдарам участка. Спецыяльнасць набыў у лагеры. Там жа навучыўся прафесійна махляваць. Папярэдняй зімой ён нівеляваў плошчы пад новыя забоі. На асобных палігонах ён занівеляваў і снег. Такім чынам, на ўсялякі выпадак ён «заделал туфту» ў выглядзе, як ён казаў, «заначкі». Таўшчыня снегу дасягала ад аднаго да паўтара-двух метраў, а па лагчынах і болей. У выніку снег быў улучаны ў кубатуру ўскрышной пароды, якую належала выпрацаваць. Снег сам па сабе растаў, заначка магла стаць значным туфтовым дадаткам да рэальнай выпрацоўкі нормаў. Сямёнаў па сакрэце параіў Папову перайсці на ўскрышныя работы на гэтых палігонах. Папоў пачаў апрацоўваць лагернае начальства, тлумачачы, што ў старым забоі ў брыгады абмежаваны фронт работы. Няма дзе па-сапраўднаму разгарнуцца. Яму пайшлі насустрач. Аддалі ў яго распараджэнне для закладкі забою тыя палігоны, якія раіў Сямёнаў. Да таго ж Папоў дамогся пераводу брыгады з тачачнай адвозкі пароды на конную. Такім чынам, мы сталі працаваць на грабарках.

Нечакана для мяне ўсё пачалося вельмі хутка. Мая асцярога не спраўдзілася. Людзі ўвабраліся ў сілу. Абмарожанні загойваліся, цынга адступіла. У палове лета брыгада ўжо «выконвала» нормы ў сярэднім за месяц на 200-225 працэнтаў. Такім спосабам «контрыкі» далі фору ўсім. Брыгада заняла першае месца па прыіску, пакінуўшы ззаду найлепшыя брыгады з бытавікоў. Кантрольныя маркшэйдэрскія замеры давалі нікчэмную розніцу, якая не выходзіла за дазволеную. Але і праца ішла на ўсю сілу. Нельга ж было працаваць ябы-як, бо брыгада апынулася навідавоку. Яе заўважыла прыісковае начальства. Заўважылі і органы НКВД. Разы тры іх агент прыходзіў у цывільным гарнітуры ўпотай паглядзець на працу брыгады. Але ўтаіцца яму не ўдавалася. Запрыкмеціўшы яго здалёк, людзі пачыналі шчыраваць, у пэўнай ступені паказушна. Коні бегалі рыссю. Канагоны (згаданы вышэй інжынер-металург Велінг, стары калгаснік Марозаў ды іншыя), паганяючы коней, таксама бегалі трушком, трымаючыся за аглоблю. Уражанне было незвычайнае. Можна было паверыць, што выпрацоўка нормаў адпавядае сапраўднасці.

Брыгада ўключылася ў патагонную сістэму стаханаўскага руху, выклікаючы на сацспаборніцтва моцныя брыгады бытавікоў. Дарэчы сказаць, ідэолагі ГУЛАГа не дазвалялі ўжываць слова «соцсоревнование». На іх перакананне, у вуснах зэкаў яно гучала крамольна, па-кашчунску, і таму было замененае словам «трудсоревнование». «Вялікі і мудры» ў той час вяшчаў: «Соцсоревнование говорит: догоняй лучших, подтягивай отстающих, добейся общего подъема». «Общего подъема» так і не адбылося. Пераважная бальшыня брыгад, сеўшы макам узімку, так і не дацягнулася да выканання нормаў. І гэта не дзіва. Яны ж не мелі, як мы, «ін'екцый» туфтой. А гэта цягнула за сабой паўгалоднае існаванне, дрэннае стаўленне лагначальства, пільную ўвагу з боку органаў і «тройкі» з трагічнымі вынікамі. Наша брыгада мела магчымасць трымацца на роўні дзякуючы туфце. У выніку брыгада харчавалася па так званай стаханаўскай норме, атрымлівала на рукі сякія-такія грошы. Папоў дамогся дазволу карыстацца дадатковымі прадуктамі цераз капцёрку за наяўны разлік. Нарэшце нам пачалі выдаваць па 50 грамаў спірту кожнаму штодня. На гэтыя «прывілеі» начальства йшло не без карысці, ставячы сабе за мэту такім прыкладам «подтягивать отстающих», адначасна б'ючы іх голадам і рэпрэсіямі. У шматпланавай праграме генацыду, жорсткай бесчалавечнай эксплуатацыі зняволеных гэта толькі дэталі. Дэвіз праграмы - план па намыве золата любой цаною. «Кроў на золаце гэтым людская блішчыць». Пры перавыкананні плана начальству таксама нешта перападала. Ну, скажам, ордэны і медалі ды прэміі.

Пярэсты склад брыгады не перашкодзіў Папову з'яднаць яе. Нашым дэвізам стаў лозунг: «Адзін за ўсіх, усе за аднаго». Тады яшчэ не было ў нашай брыгадзе стукача Колесава. Іншым разам я схіляюся да думкі, што ён быў улучаны ў брыгаду ў якасці «наседкі» спецыяльна. Але гэта адбылося пазней, узімку. Да гэтага часу брыгада стала маналітнай і нам лёгка ўдалося засцерагчыся ад даносаў, пра што я пісаў вышэй.

З таго часу калі нам пачалі выдаваць спірт, агульнай згодай усталявалі ў брыгадзе сухі закон. Увесь спірт паступаў у распараджэнне Папова. А гэта прыблізна два з паловай літры спірту штодня. Праца ў брыгадзе была зладжаная. Гэта давала магчымасць Папову падоўгу адсутнічаць у забоі. Ён браў спірт, вяртаўся ў зону і спойваў адміністрацыю лагпункта да апошняга лагпрыдурка. Сам не піў. Трымаўся сухога закону. Гэта паўтаралася кожны дзень да канца прамыўнога сезона. Паступова ён дасягнуў таго, што мог навязваць ім сваю волю. Працавалі мы без выхадных па 12 гадзін. Папоў пакідаў па чарзе штодня два чалавекі ў зоне. Праходзячы раніцою цераз вахту на працу разам з брыгадай, казаў сваім новым «сябрам» тонам, на які не запярэчыш: «Я пакінуў у палатцы двух чалавек на адпачынак. Каб не чапалі». І яго слухаліся. Ён пакідаў і трэцяга, але з дазволу лекпома. Перад выхадам на працу ён ішоў у медпункт і называў прозвішча брыгадніка, якому неабходна даць «туфтовае» вызваленне ад працы па хваробе. Адказу ніколі не было. У руках у Папова быў і лекпом. Такім чынам, і ў гэтым мы мелі перавагу перад астатнімі вязнямі. У нас рэгулярна былі «туфтовыя» выхадныя па чарзе. А паколькі яны нідзе не фіксаваліся, то пасля прамыўнога сезона Папоў дамогся для брыгады «туфтовага» адгулу «за працу без выхадных». Іншым разам Папову патрэбны былі грошы для хабару і подкупу. Адпаведная сума збіралася ў складчыну. Гэта для начальніка лагпункта. Ён не апускаўся да п'янкі з падначаленымі, бальшыня якіх былі зэкі. Да таго ж ён мог мець спірт і без нас.

Папоў працягваў наладжваць оргіі. Лагерная «эліта», поўзаючы, бывала, па ўласных ванітах, п'яна гугнявіла: «Володька, мы тебя освободим досрочно, по блату, вот увидишь! Легавыми будем, если не освободим!» І ён верыў, стараўся яшчэ болей. Калі ўвосень замерзла вада і прамыўка спынілася са значным перавыкананнем плана, расчуленае начальства пачало вылучаць на датэрміновае вызваленне крымінальнікаў з лепшых брыгад. Наконт нашай брыгады «ворагаў народа» начальнік лагпункта зрабіў запытанне ў райаддзеле НКВД. Адтуль паведамілі, што можна вылучыць трох чалавек, толькі асуджаных па артыкуле 58-10, пры ўмове, калі яны адседзелі палову тэрміну. Гэтаму патрабаванню адпавядаў сам Валодзька Папоў, у пэўнай меры я ды яшчэ Алейнічэнка - хлопец з Украіны. На нас былі напісаныя выдатныя характарыстыкі, аформлены іншыя патрэбныя дакументы, і справы пайшлі па інстанцыях. Пачалі чакаць. Праз месяц ці крыху пазней вызвалілі вылучаных крымінальнікаў. Пра нас нібы забыліся. Ніякіх звестак. Пацягнуліся месяцы зімы 1938/39 года. Папоў страціў надзею, засумаваў. Стаўка на «туфту» і «блат» правалілася. Неяк у сярэдзіне зімы ён здаў брыгаду свайму земляку - «чыстаму контрыку» Макараву Грыгорыю, выказаўшы такім чынам сваю крыўду. Сам пайшоў на блатныя пасады. Праз нейкі час Макараў прастудзіўся і памёр ад крупознага запалення лёгкіх. Брыгадзірам прызначылі сібірака Некіпелава. Брыгада пайшла ўніз, але, маючы летнюю загартоўку, пратрымалася, як кажуць, на «паверхні» аж да вясны 1939 года. Нечакана прыйшло паведамленне аб датэрміновым вызваленні з лагера Валодзькі Папова. Мяне і Алейнічэнку не вызвалілі. Валодзька акрыяў духам. «Туфта» дала яму волю. Гэта быў адзіны вядомы мне выпадак, калі датэрмінова вызвалілі «контрыка». Прычына затрымкі была ў тым, што Магадан не адважыўся вызваліць палітычных, і справа была накіраваная ў Маскву. Пастанова прыйшла са спазненнем на паўгода, на працягу якога Папоў утрымліваўся ў лагеры, юрыдычна будучы ўжо вольным. Развітаўшыся з лагерам, ён уладкаваўся прарабам па апробаванні адпрацаваных забояў перад тым, як адвесці іх пад адвалы.

Неўзабаве ён перавабіў да сябе жонку аднаго інжынера - «вальняшкі». А між тым, ён расказваў яшчэ ў лагеры, што на «мацерыку» на Ўкраіне ў яго ёсць жонка і маленькі сынок. Мы з Паповым не бачыліся, можа, з год пасля таго, як ён стаў вольным. Аднаго разу ён завітаў да нас у забой па старой памяці. Падышоў да нас з шырокай белазубай усмешкай, якую не паспела сапсаваць цынга. Валасы яго густой кудзеры блытаў вецер. Ён прычосваў іх пяцярнёй, адхінаючы на патыліцу. Па ўсім было відаць, што Папоў задаволены жыццём. Адно яго шчыра непакоіла: у яго калымскай жонкі выявілася пазаматачная цяжарнасць. Чым усё скончылася, я ўжо не ведаю.

 

Людзі брыгады

 

Папову ўдалося ўдыхнуць жыватворную сілу надзеі ў душы людзей. Яны перад гэтым былі даведзеныя да такога стану, калі ім было ўжо ўсё адно, хто ў іх будзе брыгадзірам і што будзе далей. Яны жылі ад пайкі да пайкі. Інакш кажучы, жылі жывёльным інстынктам, які падмяніў у іх усё чалавечае. І раптам людзі ўваскрэслі душой. Стала магчыма з'яднаць іх у змаганні за выжыванне. Гэтаму не перашкодзіла нават розніца ў нацыянальнай прыналежнасці, узросце, адукацыі, культуры. Пра некаторых членаў брыгады я пісаў вышэй. Людзі самі па сабе вельмі цікавыя, нярэдка з багатым жыццёвым досведам. Я, як адзін з маладых, прыглядаўся не толькі да аднагодкаў, але і да людзей старэйшага пакалення. Мяне цікавіў іх нутраны свет, стаўленне да сябе самога, да свайго становішча.

Марозаў, наш канагон, былы калгаснік «из каких-нибудь дальних губерний». Ён, бадай, усё сваё жыццё цягнуў лямку пад прымусам. У Першую сусветную вайну, будучы ўжо сталым чалавекам, быў мабілізаваны ў царскую армію ваяваць «за веру, царя и отечество». На фронце трапіў у палон да немцаў, дзе знаходзіўся больш за два гады. Вярнуўся, жыў на ўласнай гаспадарцы. Калі пачалася калектывізацыя, яго загналі ў калгас, а потым і ... у ГУЛАГ. Аднойчы, у час размовы, я пацікавіўся, ці авалодаў ён у палоне нямецкай мовай. Усё ж такі два гады - не два месяцы. Ён адказаў, што не хацеў ламаць сваю расейскую мову. Дарэчы, ён размаўляў на нейкім правінцыйным дыялекце. Тады я запытаўся, ці памятае ён якія-колечы нямецкія словы. На гэты раз адказ быў сцвярджальны. Я папрасіў назваць іх. Ажывіўшыся, ён прыпомніў два словы: «ауф штэйн» і «шнель-шнель» («уставай» і «хутчэй, хутчэй»). Відаць, у палоне ён чуў гэтыя словы штодня, таму і запомніў. На Калыме ж яму давялося чуць кожнай раніцы сэнсава блізкія словы, толькі ўжо на расейскай мове. У вуснах нарадчыка яны гучалі так: «Вылетай без последнего!» і «давай, давай». Адбывалася гэта пасля звону рэйкі ў часе разводу на працу, пры «падчыстцы» палатак. Стары Марозаў «вылятаў» не так спрытна, як маладыя. За гэта атрымліваў для бадзёрасці некалькі кухталёў. Толькі пры Папове ўжо ніхто з лагерных «прыдуркаў» не мог дазволіць сабе гэтага. Не чапалі нават пальцам. Наагул пад час разводу ніхто з іх нос не ткнуў у нашу палатку. Усё абыходзілася без іх удзелу і, безумоўна, без кухталёў.

Вышэй памянёны Велінг Георгій Готлібавіч, таксама канагон, мяркуючы па ўсім - выдатны інжынер-металург. У часе працэсаў усялякіх «промпартый» і «шахцінцаў» яго абмінула ліха. А вось у другой палове трыццатых падгрэблі і яго. Цалкам паглынуты сваёй прафесіяй металурга, ён мала цікавіўся палітыкай. Але быў нейкі непрацяглы час, калі ён у Наркамцяжпроме замяшчаў вядомага Пятакова. Гэтага хапіла, каб атрымаць праз «особое совещание» пяцёрку з ліцерам КРД.

Рост у яго быў высокі. Калі прыбыў на «Камандзіроўку Чэлюскін» у 1937 годзе, выглядаў чалавекам мажным, паўнаватым. Быў апрануты ў скураное паліто-рэглан з карычневага хрому. На носе акуляры ў тоўстай рагавой аправе. У лагеры ён стаў худым, крыху прыгорбленым, нечым нагадваючы Дон Кіхота з класічных малюнкаў. Успамінаў, што не знаходзіў у Савецкім Саюзе курорта для паратунку ад атлусцення. Вымушаны быў ездзіць у буржуазную Чэхаславакію - у Карлавы Вары. Жартуючы казаў, што не здагадваўся, што Калыма - сама лепшы, сама выніковы айчынны курорт супраць атлусцення. На пачатку зімы 1938/39 года ён як вылучэнец Папова стаў брыгадзірам іншай брыгады. Неўзабаве яго кар'ера як брыгадзіра раптоўна абарвалася. Двое з яго брыгады пасля лазні апранулі бялізну паверх лагернай вопраткі (як маскхалаты) і пайшлі ў сопкі. Іх таго ж дня знайшлі па снежным следзе. Гэта быў роспачны безнадзейны ўчынак уцекачоў. Жыццёвы шлях іх закончыўся ў Серпанцінцы. Самога брыгадзіра Велінга знялі з лагпасады і накіравалі на штрафны ўчастак Рыжы Ключ. Відаць, і там ён атрымаў падтрымку Папова праз блатныя сувязі, бо быў прызначаны лекпомам штрафнога лагпункта. У гэтай ролі ён і закончыў свой тэрмін зняволення. Пасля звальнення працаваў старшым інжынерам прыіска. Апошні раз мы з ім выпадкова сустрэліся ў Магадане ўвесну 1945 года. Я быў на курсах па павышэнні кваліфікацыі, а ён прыехаў абараняць праект вытворчага плана прыіска. У размове мы не маглі не прыгадаць Валодзьку Папова. Велінг расказаў, што апошні раз сустрэў яго таксама ў Магадане перад самай вайной. Ён меў дакументы на выезд з Калымы на «мацярык». Паводле словаў Велінга, Папоў выглядаў больш чым прыстойна: паліто як з іголкі знятае, модны капялюш. Усё гэта пры добрым настроі. Я пацікавіўся, ці была з ім жанчына. Велінг сказаў, што Валодзька быў адзін. Невядома, як развязаўся яго палюбоўны вузел.

Велінг расказаў тады, як яго самога спрабавалі прыцягнуць да працы па спецыяльнасці на Калыме. Калі было пастаноўлена будаваць металургічны завод у пасёлку Аратукан, Дальстрой запрасіў у Масквы прыслаць спрактыкаванага металурга. Адтуль з НКВД адказалі, што такі ёсць на Калыме. Прозвішча яго - Велінг. Па лініі кадраў яго адшукалі на прыіску і прадставілі начальніку СГПУ Гагкаеву для размовы. Велінг ад прапановы адмовіўся. Гагкаеў спрабаваў прымусіць яго згадзіцца пагрозамі, спрабаваў пужаць. Але ж Велінг быў досыць пужаны і згоды не даваў. Урэшце яго пакінулі ў спакоі. Я пацікавіўся, ці не загаварыла ў ім крыўда за бязвіннае зняволенне і здзек. Ён адказаў, што не. З ягоных словаў я зразумеў, што металургія трымаецца на вогнетрывалых матэрыялах, а на Калыме яны не якасныя. І таму магчымыя аварыі. Няцяжка здагадацца, што пры гэтым адбылося б з былым палітвязнем. Таму і не згадзіўся.

Усманаў Ума (па справе чамусьці Ізмайлаў Умар) - імпульсіўны, гарачы па характары чачэнец. Меў у свой час «вышку», замененую на «дзесятку» пры зацвярджэнні прысуду ў ЦВК СССР. Да Калымы пабыў на Беламорканале. Некаторы час там, у Выгерахшы, працаваў у лагернай адміністрацыі жаночага лагера, дзе шылі лагерную вопратку. Расказваў, што, выкарыстаўшы сваё службовае становішча, садзейнічаў удалым уцёкам адной інгушкі. Вярнуўшыся ў горы, на радзіму, яна прыслала яму ліст з падзякай. Асуджаны быў за супраціўленне калектывізацыі. Як мусульманін меў дзве жонкі: старэйшую і малодшую. Калі ў іх ауле пачалі заганяць людзей у калгас, маладыя мужчыны селі на коней і падаліся ў горы. Месцы ў гарах, дзе яны хаваліся, былі абложаны рэгулярнымі войскамі, якія ўтварылі шчыльную блакаду. Здавацца не думалі. Адбыліся безвыніковыя напады войскаў на паўстанцаў. Сувязь з ауламі парушылася. А тым часам у аулах пачалі браць заложнікаў. Але ў стан паўстанцаў прапускалі з пэўнай мэтай жонак і блізкіх. Тыя прыносілі несуцяшальныя навіны. Такім спосабам спрабавалі ўздзейнічаць на маральны стан паўстанцаў. Паводле слоў Умара, калі прыходзіла малодшая жонка, то казала: «Чаму ты не прыходзіш у аул? Я па табе сумую». Калі прыходзіла старэйшая жонка, то казала: «Ні ў якім разе не прыходзь у аул. Там цябе зловяць». У апошні раз прыйшла старэйшая жонка і паведаміла, што арыштаваныя бацька, маці і ўся радня. Арыштаваным казалі, што звольняць толькі тады, калі сын здасца. Запэўнівалі, што яму нічога не будзе.

Арышты бацькоў паўстанцаў, блізкіх і родных былі масавыя, павальныя. Паўстанцы доўга раіліся, што рабіць. Сілы былі няроўныя. Часовую перавагу паўстанцаў забяспечвала знаходжанне ў непрыступных гарах. Яны яшчэ доўга супраціўляліся б. Але акцыя па захопе заложнікаў вымусіла здацца. Пачаліся суды і расправы. Як вядома, апошняя расправа адбылася пасля Вялікай Айчыннай вайны, але ўжо над усім чачэнскім народам. Карныя органы абышліся на гэты раз без судоў і без заложнікаў.

Даседжваць другую палову тэрміну Ўмара прывезлі на Калыму. Працаваў ён у нашай брыгадзе спрытна. Быў вельмі грамадзейскі, не даваў маркоціцца тым, хто паддаваўся роспачы. Але лагер падарваў яго здароўе. У апошні год майго тэрміну ён трапіў у каманду слабасілак разам з камбрыгам Ю. Якубоўскім. Іх некуды перавялі. Але куды?.. Да нас яны не вярнуліся.

Эстонец Мэакала Аўгуст Пятровіч - былы студэнт ветэрынарнага факультэта Тартускага ўніверсітэта, апынуўся ў ГУЛАГу адразу ж пасля іміграцыі ў Савецкі Саюз. У сябе на радзіме, у незалежнай Эстоніі, займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Нелегальна перайшоў дзяржаўную мяжу, спадзеючыся знайсці паратунку ад пераследу. Тут нашы органы прынялі яго «гасцінна». Кажучы словамі лагжаргону, «прыпаялі» дзесятку - і на Калыму. Ён быў чалавек разважлівы. Мяркую, што вымусіў яго стаць такім уласны жыццёвы досвед. Пасля анексіі Эстонскай рэспублікі Савецкім Саюзам ён казаў: «Маіх дзядзькоў раскулачаць» (дзядзькі яго былі фермеры). Ён ужо добра ведаў, што гэта такое.

Таджык Базараў Раджаб таксама, як і Ўмар Ізмайлаў, меў «вышку», замененую дзесяццю гадамі зняволення. Яго змыла з радзімы хваля барацьбы Савецкай улады з басмацкім рухам. Абвінавацілі ў садзейнічанні гэтаму руху, бо даў дзесяць авечак басмачам. Ён казаў так: «Калі б я не даў дзесятак авечак, то ў мяне не адбылося б сустрэчы з вамі, а суду не было б чаго рабіць. Мяне парашылі б самі басмачы». Суд не паверыў яму, што дзесяць авечак - гэта кантрыбуцыя, а не падарунак.

З выгляду Раджаб быў вельмі прыкметны: смуглявы, нетаропкі, карыя выразныя вочы, нос з гарбінкай. Ён любіў пажартаваць нават з начальствам. Памятаю, аднаго разу праз наш забой праходзіў у суправаджэнні дзвюх жанчын начальнік участка - грузін Папава. Яго папярэднік Задзясенец да таго часу некуды знік. Наагул, у часы Берыі грузінскі кантынгент сярод начальства прыкметна павялічыўся, асабліва сярод вышэйшага эшалона. Папава ведаў Базарава. Праходзячы міма, ён пацікавіўся:

- Как дела, Раджаб?

- Плохо, гражданин начальник, - паскардзіўся Базараў.

- Почему плохо? - спытаў Папава.

- У тебя две жены, у меня ни одной.

Дыялог развесяліў брыгаду і рассмяшыў жанчын, адна з якіх была прарабам па апробванні забояў. Калі Раджаб акрыяў пасля зімы, як і ўсе астатнія брыгаднікі, то спяваў сяды-тады свае тужлівыя песні на незнаёмай нам мове.

- Пра што спяваеш, Раджаб? - пыталіся ў яго.

- Я не спяваю, а размаўляю душой з роднымі і блізкімі, што засталіся там - на радзіме.

Спяваў не толькі Базараў, спяваў і Грыгорый Макараў, пакуль быў жывы і здаровы. Калі брыгада дасягнула зеніту «туфтовай» славы і калі нам, кажучы словамі «великого и мудрого», «жить стало лучше, жить стало веселей», мы забываліся, што жывем у самым пекле ГУЛАГа. Энергія ўваскрэслай жыццёвай сілы брала сваё. Упэўніўшыся ў сабе, мы пачалі патроху ігнараваць навакольную рэчаіснасць. Непазбежна з'явілася і весялосць.

У Макарава быў цудоўны сакавіты голас. Можа, таму што ў нас быў унутрыбрыгадны сухі закон, мы больш за іншыя любілі ўкраінскую «антыалкагольную» песню гуляка-чумака, якую ён заводзіў па нашай просьбе. Мы спрабавалі яму падпяваць. У нас гэта выходзіла бязладна. Мая слыхавая памяць захавала інтанацыі яго спеву да сённяшняга дня.

Макараў ніколі не хварэў, заўжды быў здаровы. Ніхто не дапускаў думкі, што ён раптоўна памрэ. Недзе там, у Палтаве ці Лубнах, яго дзве дачкі сталі сіротамі, а жонка, пэўна ж, нават не здагадвалася, што стала ўдавой. Ніхто не напісаў ёй, бо не ведалі дакладнага адраса.

Прыватную перапіску на Калыме ніхто ніколі не забараняў. І гэта зразумела. Па лістах лагерная цэнзура сачыла за настроем зняволеных, іх думкамі, палітычным становішчам у лагеры і на волі. У іншых лістах цэлыя абзацы былі замазаныя чорнай фарбай. Але былі і такія цэнзары, што закрэсленае імі ў час перлюстрацыі лёгка чыталася. Калі спынялася на зіму навігацыя, то лісты спазняліся на паўгода. Атрымаўшы іх, мы дзяліліся паміж сабой навінамі нават тады, калі яны насілі асабісты характар. Мяркуючы па лістах, на «мацерыку» не заўсёды ўяўлялі, што робіцца на Калыме. Недарэчнымі і дзікімі былі пісьмы маладых жонак некаторых вязняў. Праз недакладнасць праўдзівых звестак, нерэгулярнасць пошты і цэнзурныя выкрэсліванні раўнівых жонак грызла падазронасць. Іманава, які ўжо быў вольны, жонка намерылася спужаць. Прыслала тэлеграму: «Выхожу замуж». Ён разам з тэлеграфным пераводам грошай паслаў адказ: «Поздравляю! Высылаю три тысячи на свадьбу». Аднаму з нашых (прозвішча не памятаю) жонка ўвесь час прысылала занудныя лісты. У адным яна пісала: «Признайся. Ты там запутался со своими матрешками?» Чалавек быў у роспачы. Ён не ведаў, як яе запэўніць, што «матрошак» нідзе і блізка няма. Да таго ж дахадзягам у галаве была пайка, а не «матрошка».

Жонка брыгадзіра Паўла Зайкоўскага баялася, каб ён не падумаў пра яе блага. Магчыма, ён у сваіх лістах выказваў ёй свой недавер. Яна клялася перад ім у сваім лісце: «Хіба я дозволю знущатыся над своім білым целом?» Зайкоўскі з нейкім гонарам чытаў яе лісты ўслых, каб чулі ўсе.

Былі і такія жонкі, што пра ўсё здагадваліся. Ім падказвала праўду інтуіцыя. Яны ўсё ведалі, усё разумелі з паўслова. Напрыклад, Джавадаву Джаваду Мусеіб-оглы (былому загадчыку кафедры петраграфіі асадкавых парод Бакінскага нафтавага інстытута) жонка пісала кожны тыдзень па лісту. Яны былі цёплыя, прачуленыя, шчырыя, прасягнутыя трывогай за яго лёс.

Згаданы вышэй Барыс Ямпольскі, каб адолець цэнзурны бар'ер, карыстаўся мовай, падобнай на эзопаўскую. Каб дакладна паведаміць пра сваё становішча, ён пісаў: «Дядю Лэхема я вижу не часто». Слова «лэхем», узятае з іўрыта, абазначала хлеб. Разлік быў на тое, каб цэнзар падумаў, што мае справу з лістом прадстаўніка «кланавай контры», калі на Калыму трапілі і пляменнік, і дзядзька. У другім лісце Ямпольскі пісаў: «Я вспоминаю нашу Машу и очень завидую ей». Машай звалі казу, якую трымалі дома. Яе песцілі, кармілі ўволю, шанавалі.

Кожны асцерагаўся пісаць праўду, каб не рызыкаваць. Кожны ўлічваў наяўнасць цэнзуры. За праўду ў пісьмах можна было трапіць на Серпанцінку. Калі мы, ужо вольныя, выязджаючы з Калымы, аўтаматычна выпадалі з-пад мясцовай цэнзуры, у нас бралі падпіску «о неразглашении тайны».

Блатныя «грэлі рукі» нават на паштовых сувязях зняволеных. У лагерных зонах пошты не было. Лісты ды іншыя паштовыя адпраўленні насіў у Хатыннах вылучаны з уркаў паштар. Вязні моцных брыгад у прамыўны сезон зараблялі і атрымлівалі на рукі пэўныя сумы грошай. Не ўсё пералічвалася на рахунак ГУЛАГа. Некаторыя вязні не трацілі іх на харчы, збіралі за два-тры месяцы і пасылалі жонцы, дзецям. Грошы здавалі паштару-урку разам з адрасам. Той на пошце сам запаўняў бланкі пераводаў. Правільна пісаў назоў горада, прозвішча адрасата, а вось назоў вуліцы, нумар дома або найменне вёскі выдумляў. Перад вязнем даваў справаздачу паштовай квітанцыяй са скарочаным адрасам (горад, прозвішча). Праз пэўны час грашовы перавод вяртаўся з паметкай «адрасат не знойдзены», зноў трапляў у рукі паштара для звароту грошай адпраўніку. Паштар спакойна клаў грошы сабе ў кішэню. Для адпраўніка грошай заставалася невядомым, дайшлі грошы ці не. Пасля махінацыі паштара былі раскрытыя, але грошы ўжо былі прайграныя ў карты.

Ніжэй зноў вяртаюся да характарыстыкі людзей брыгады. Наш брыгаднік - украінец Сцяпан Каташэўскі трапіў на Калыму яшчэ юнаком. У вясковай бойцы ён забіў хлопца-аднавяскоўца. Гэта было ў калектывізацыю, а паколькі забіты быў камсамольцам, то Сцяпана абвінавацілі ў палітычным тэрарызме і асудзілі па 58-й да дзесяці гадоў зняволення. Ён быў адзіным чалавекам у нашай брыгадзе, які зрабіў сапраўднае злачынства. Я яго сустрэў у Ягадным недзе ў 1944 ці 1945 годзе, калі ён быў ужо вольны. Пры сустрэчы са мной ён нахіліў галаву і зняў шапку. Мяне здзівіла такая павага да маёй асобы. Але, калі ён папляскаў даланёю па сваёй лысіне, голай як калена, я зразумеў яго намер паказаць, што здарылася з валасамі, якія ў свой час (я гэта памятаю) не браў нават рэдкі грабянец. У калымскім саўгасе Эльген ён пазнаёміўся з жанчынай, таксама былой зняволенай. Яны ажаніліся. Там, у саўгасе, яны тады жылі і працавалі.

Былі ў нашай брыгадзе два браты Залеўскія, родам з Сахаліна. Некалі іх прадзеда выслалі з Польшчы (а магчыма, з Беларусі) за ўдзел у паўстанні супраць расейскага самаўладдзя. Туды ж, на Сахалін, была высланая і іх прабабка. Яны маладыя (прадзед і прабабка) пабраліся шлюбам і чамусьці засталіся назаўсёды жыць на Сахаліне. Усім вядома, што Сахалін быў месцам высылкі і катаргі ў Расейскай імперыі. Тым жа ён застаўся і ў савецкі час, хоць «слава» і паблякла. Парадокс савецкай гісторыі ў тым, што ў «тридцатые проклятые, сороковые роковые» людзей высылалі нават з класічных мясцін царскай ссылкі, у тым ліку і сахалінскіх, апісаных Чэхавым. Славу іх перахапілі шматлікія «выспы архіпелага ГУЛАГа». У час высылкі прадзеда і прабабкі Залеўскіх Сахалін лічыўся краем свету. У трыццатыя гады энкэвэдэшнікі маглі запіхнуць чалавека яшчэ далей. Нашчадкаў паўстанцаў асудзілі менавіта на Сахаліне па ліпавай палітсправе і загналі на Калыму.

Студэнт з Яраслаўля Панфілаў, як і ўсе астатнія брыгаднікі, трапіў на Калыму бітай сцежкай. Энкэвэдэшнікі ўрываліся ў асяроддзе студэнцтва, як лісы ў куратнік. «Выяўлялі» там «ворагаў народа», гуртавалі іх з дапамогай стукачоў у «контррэвалюцыйныя групы і арганізацыі», што завяршалася турмой і канцлагерам. Калечылі такім чынам жыцці маладых.

Мой марскі шлях пралёг праз пратоку Лаперуза, а ў Панфілава - праз карэнную Японію, па пратоцы Цугару (Сангарарскай) паміж выспамі Хансю і Хакайда. Гэта было ранняй вясной, калі пратока Лаперуза тады яшчэ не аслабанілася ад лёду. Японцам няўцям было, што вязуць савецкія караблі праз іх тэрыторыю. Навігацыйныя дакументы, што прад'яўляліся пагранслужбе, былі сапраўднай «туфтой». Дагляду караблёў яны не рабілі, наіўна давяраючы фальсіфікаваным суднавым паперам. У гэтым пераканаўся Панфілаў. Перад тым як карабель увайшоў у тэрытарыяльныя воды Японіі, усіх зэкаў загналі ў трумы і задраілі люкі. Ахова таксама знікла ў чэраве карабля. Тое ж заўсёды рабілася і пры транспарціроўцы зэкаў праз пратоку Лаперуза.

Панфілаў схаваўся сярод габарытных грузаў, умацаваных на палубе, і патаемна назіраў за тым, што адбывалася. Палуба апусцела. Карабель уваходзіў у пратоку. Перад вачыма Панфілава на працягу 110 кіламетраў праплывалі абодва берагі. Яны то набліжаліся, то аддаляліся. З-пад вады ўзнімаліся скалы. Праз масты і віадукі прабягалі цягнікі паміж гарадамі і пасёлкамі. Па пратоцы снавалі судны. Адкрываліся панарамы вялікіх гарадоў Аэморы, Хакадатэ. На рэйдзе порта Хакадатэ стаяла эскадра вайсковых караблёў. Пазней яна, відаць, удзельнічала ў нападзе на Пірл-Харбар.

Ад порта Хакадатэ ў бок нашага карабля шпарка шыбаваў катэр, на носе якога стаяў афіцэр. Карабель застапарыў ход - катэр прышвартаваўся да яго борта. З карабля спусцілі трап, афіцэр і тры салдаты падняліся на палубу карабля. Капітан прад'явіў суднавую «ліпу». Афіцэр пазнаёміўся з фальшывымі дакументамі, потым казырнуў і спусціўся разам з салдатамі на сваё судна. Катэр адваліў ад борта. Шлях караблю, напханаму зняволенымі, быў адкрыты. Ён рушыў наперад і неўзабаве без прыгодаў апынуўся на прасторах Ціхага акіяна. Раздраілі люкі. На палубу пачалі вылазіць вязні. Ахова ведала, што з карабельнай зоны ніхто нікуды не ўцячэ. Пра ўсё гэта апавядаў нам сам Панфілаў у адзін з вечароў, грэючыся каля печкі ў палатцы.

Назіранні Панфілава лішні раз пацвердзілі хлуслівасць прымітыўна-фантастычнай легенды, у якую ніхто не верыў, пра знікненне крывавага палкоўніка НКВД Гараніна. Пасля прыходу Берыі да ўлады ў НКВД палкоўнік таемна знік з Калымы, дзе лютаваў больш за год. З ім абышліся так, як ён абыходзіўся са зняволенымі. Шляхам фізічнага знішчэння яго пазбавілі магчымасці расказваць іншым пра «особые полномочия», атрыманыя ад Сталіна. Раптоўнае знікненне палкоўніка вымагала тлумачэння. Была прыдумана легенда, паводле якой у Магадан прыехала быццам бы родная сястра палкоўніка і са здзіўленнем убачыла, што Гаранін - гэта не Гаранін. Хто падсунуў гэтую прымітыўную легенду, здагадацца няцяжка. Па ёй выходзіла, што японцы ўкралі з нашага карабля сапраўднага Гараніна, падмяніўшы сваім чалавекам. Дзеля чаго? Заўважце: дзеля знішчэння зэкаў. Навошта? Легенда не тлумачыла.

Паводле легенды, сапраўдны Гаранін быў рахманы, чалавечны энкэвэдэшнік. А на самой справе - звяруга, што ў гады жорсткага тэрору даслужыўся да чына палкоўніка. Легенда сцвярджала, што Гаранін быў пасланы Сталіным на Калыму, каб навесці там рэвалюцыйны парадак, але японцы гэтаму перашкодзілі. «Туфтовай» легендай асобу Гараніна свядома раздвоілі ўжо пасля яго фізічнага знішчэння. Будучы адзіным і непадзельным у сваёй якасці, ён наводзіў на Калыме крывавы парадак. Хадзілі чуткі, што ён і сам «баловался» пісталетам, а вынікі «баловства» заднім чыслом спісвала «тройка». Тыя, што заткнулі яму рот і занялі ягонае месца, дзейнічалі тым жа спосабам, якім дзейнічаў сам Гаранін. Хіба што вераломней і, да часу, хітрэй. Калі ў паслугах Гараніна мінула патрэба, канцы, як кажуць, схавалі ў ваду, не палічыўшыся з яго вернай службай ката.

Наша брыгада, дый іншыя брыгады, былі паводле свайго складу інтэрнацыянальныя, як у Гішпаніі на пачатку трыццатых. Толькі там яны былі добраахвотныя, а тут, на Калыме, - прымусовыя. За калючым дротам зоны ГУЛАГа на практыцы здзяйснялася «зліццё нацый», абвешчанае партыяй вуснамі «правадыра».

 

«Джурма»

 

Такім быў назоў аднаго з караблёў, якія належалі Дальстрою. Гэты карабель на працягу многіх гадоў вазіў зняволеных з Уладзівастока, а пазней з Находкі ў бухту Нагаева, што побач з Магаданам. Ён перавёз іх у сваіх цвіндэках і турмах процьму. То было старое аднатрубнае судна. Яно магло змясціць у сваім чэраве ад паўтары да трох тысяч нявольнікаў. Выгляд у яго быў брудны, бо, відаць, не хапала часу (з прычыны ўдарнай працы) навесці яму касметыку. Барты былі загаджаныя, бо абапал, за парэнчамі палубы, віселі над вадой, нібы балконы, дзве прыбіральні, зробленыя з дошак. Каля іх заўсёды стаялі чэргі. Усё, што падала і лілося, парывы ветру ляпілі на бакі карабля.

Калі амаль адначасна наш этап у складзе трох цялячых цягнікоў прыбыў вясною 1937 года ва Ўладзівасток пасля трыццаціпяцідзённага падарожжа, пачатага ад Масквы, там, на прыморскай перасылцы, месцілася 30-35 тысяч зняволеных. Дальстроеўскія караблі «Джурма», «Дальстрой», «Индигирка» безупынна снавалі паміж бухтамі Залаты Рог і Нагаева, не паспяваючы разгрузіць перасылку. Дальстрою давялося фрахтаваць караблі марфлота. А цягнікі з этапамі ўсё прыбывалі і прыбывалі. Колькасць вязняў на ўладзівастоцкай перасылцы безупынна расла. Канвеер ГУЛАГа працаваў напружана. А Севвостлаг прагнуў усё новага і новага папаўнення ў калымскія зоны.

Былі на ўладзівастоцкай перасылцы і старажылы, што затрымліваліся там на працяглы час. Гэта ў асноўным блатныя. Ім не хацелася плыць на Калыму. Калі іх па фармулярах выклікалі на этап, то яны маўчалі, затойваліся. Тая ж тактыка, якую я назіраў пазней у руры на прыіску імя Вадап'янава.

Праз тыдзень вярнулася з бухты Нагаева «Джурма» і стала на якар на рэйдзе. Чарговую партыю вязняў, у тым ліку і мяне, прыгналі ноччу (каб горад не бачыў) на бераг, загналі на баржы, і катэр пацягнуў іх да «Джурмы». Там на асветленым борце карабля быў бачны трап. Пачалася пагрузка людзей проста з баржаў. Другі борт карабля абслугоўваўся другім катэрам. За ноч «натапталі» ў трумы і цвіндэкі, колькі ўлезла. Толькі наступным днём «Джурма» прычаліла да пірса для загрузкі палубы мангольскімі коньмі, металічнымі канструкцыямі і агрэгатамі. Той жа дзень выйшлі ў адкрытае мора.

Сярод разнамасных «пасажыраў» карабля вылучалася вялікая колькасць украінскіх праваслаўных святароў. Здавалася, што на Ўкраіне падгрэблі божых служкаў да апошняга. Чарга вуніяцкіх святароў Заходняй Украіны к таму часу яшчэ не надышла. Яны тады былі за мяжою. Іх нельга было дастаць. Гэта адбылося пазней - пасля ўз'яднання, а потым пасля Вялікай Айчыннай вайны. Кіпцюры НКВД-МГБ дацягнуліся і да іх.

На караблі стыхійна ўтварыўся выдатны ўкраінскі хор. Святары бавілі час у спевах, укладаючы душу ў песню. Пад жалезнай столлю цвіндэка, нібы абвал, грымела:

 

Плачуць-тужаць казачэнькі

У турэцкай няволі!

 

Натхнёна, з глыбокім пачуццём, спявалі гістарычную песню:

 

Катарына - ураж'я баба,

Што ты нарабіла?

Край вэсэлы, стэп шырокі

Та й занапастыла.

 

Так спявалася пра расейскую імператрыцу Кацярыну ІІ. У гэтай песні дасталося і «пану Багдану» за тое, што «заняпастыў Польшчу та шчэ й Украіну... бо ў галаве розуму мала меў».

Калі святары замаўкалі, пачынаў спяваць нейкі малады былы вайсковец. Прынамсі, ён спяваў арыю з «Роз-Мары»:

 

Цветок душистый прерий,

Твой смех нежней свирели...

 

Такі спеў не спалучаўся з абставінамі, не стасаваўся да агульнага настрою. Шчыльна напханым у трумы ніжэй за ватэрлінію, вязням было не да смеху, нават пяшчотнага свірэльнага. Усе разумелі: тое, што адбываецца з намі, ёсць толькі «душистые цветки», а «ягадкі» будуць потым - там, на Калыме. Праз пяць дзён мы былі ўжо ў Магадане, пакінуўшы за сабой каля двух з паловай тысяч кіламетраў марскога шляху. Там, пасля санапрацоўкі, развезлі нас па прыісках.

Лёс «Джурмы» мне невядомы. Хутчэй за ўсё яе па старасці разрэзалі на металалом. А шкада. Можна было паставіць у Магадане на вечную стаянку, як Аўрору ў Ленінградзе, і зрабіць на ёй музей пра ГУЛАГ.

Два іншыя дальстроеўскія караблі зніклі пры іншых акалічнасцях. «Индигирка» патанула ці была патопленая. А вось «Дальстрой» выбухнуў у бухце Находка, загружаны аманітам. Тады загінула брыгада зэкаў-грузчыкаў. Калі я выязджаў з Калымы ў 1947 годзе праз Находку, то бачыў, як над вадой тады яшчэ ўзвышаўся ржавы борт карабля. Усе з цікаўнасцю звярталі на гэта ўвагу, бо ведалі, што там адбылося.

Гэта быў сенсацыйны выбух. Тады лічылася «модным» тлумачыць такія выпадкі дыверсіяй і шкодніцтвам. На справе ж, відаць, гэта было вынікам нейкай выпадковай хімічнай рэакцыі, узніклай праз халатнасць або некампетэнтнасць. Калі ў Магадане стала вядома пра выбух у Находцы, туды неадкладна вылецеў самалётам адзін з дзесяці намеснікаў начальніка Дальстроя генерал-лейтэнанта Нікішова. Гэта быў Груша - здольны інжынер, разумны чалавек. Прыбыўшы ў Находку, ён між іншага ўбачыў, што побач з базавымі складамі выбуховых рэчываў знаходзіцца транзітны барачны пасёлак, у якім часова месціліся вольнанаёмныя. У пасёлку спыняліся да часу тыя, што ехалі на Калыму і з Калымы. Груша загадаў неадкладна эвакуяваць часовых жыхароў пасёлка. Прыблізна праз тыдзень пасля гэтага выбухнулі і склады. Недзе ў той час на вуліцы ў Магадане загарэўся саракатонны аўтамабіль «Дайманд», загружаны аманітам. Да бяды не дайшло. Пажар патушылі.

Пасля, калі я ўжо працаваў у Беларусі, да мяне дайшлі чуткі, што яшчэ адзін карабель з аманітам выбухнуў. На гэты раз у бухце Нагаева. Пра гэтыя выбухі афіцыйна нічога не паведамлялася. Усё было пакрыта змрокам сакрэтнасці.

 

«Вальняшкі»

 

Насельніцтва калымскага краю другой паловы 30-40-х гадоў можна было падзяліць на дзве катэгорыі: лагернікі і «вальняшкі». Першая катэгорыя, заняволеная, бяспраўная, значна перавышала колькасна. Гэта была аднародная маса насельнікаў шматлікіх лагерных зонаў «Севвостлага». У сваю чаргу гэтая катэгорыя ўмоўна падзялялася на дзве няроўныя групы: палітычных і крымінальнікаў. Значна болей было першых. Мяжа падзелу між імі часцей за ўсё была размытая. Яна сціралася з прычыны аднолькавага лагернага рэжыму ўтрымання. Умовы іх існавання прыкладна аднолькавыя, з нязначнымі варыяцыямі, якія не надавалі істотнай розніцы.

Другая катэгорыя насельніцтва краю - «вальняшкі» выразна падзялялася на тры групы: мясцовыя карэнныя жыхары (тубыльцы); вольнанаёмныя, што прыехалі на Калыму з «мацерыка» па вярбоўцы на дагаворных умовах; былыя вязні, якія дажылі да вызвалення з лагера, пасля працавалі пэўны час па вольным наёме. Другой групе (вярбованых дагаворнікаў) мянушка «вальняшкі» прысвойвалася зэкамі прыярытэтна. Прадстаўнікі трэцяй групы (былыя вязні) даволі часта пераходзілі ў першапачатковы стан у выніку беззаконня і драконаўскіх законаў, што існавалі тады. Маюцца на ўвазе законы, па якіх судзілі за прагулы і спазненні на працу, ды іншыя. Напрыклад, за 1943 год на прыіску імя Вадап'янава, дзе на той час працавалі толькі былыя зэкі, зноў асудзілі па вышэйназваных законах каля чатырохсот чалавек. Тады часам цяжка было разабрацца, дзе канчаецца вольны і дзе пачынаецца зэк. Бальшыня асуджаных - гэта тыя, што выпадкова спазняліся. Іх спецыяльна пільнавалі, высочвалі, цікавалі за імі, фальсіфікавалі факты, абы не пакінуць суды без працы. Здаралася і так, што афармленне дакументаў у суд насіла характар асабістай помсты або палітычнага пераследу з боку начальства. Ва ўмовах беззаконня можна было чакаць якой заўгодна подласці. У гэтую ж кучу валілі і тых, хто з нейкіх прычынаў, іншы раз уважлівых, прапускаў выхады на працу. Назад у зону траплялі «бічы» і «бомжы» (гэтыя назовы тады яшчэ не выкарыстоўваліся). Гэтым найменням сутнасна адпавядала малалікая паслялагерная праслойка былых зэкаў з пэўнымі паводзінамі і спосабам жыцця, што нагадваюць паводзіны сучасных гарадскіх туляг. Туды ж - назад у зону - трапляла пэўная частка з асяроддзя блатных, якія па звычцы ігнаравалі ўсякую працу, рабілі новыя злачынствы.

Мясцовае карэннае насельніцтва, адасобленае вольным становішчам і нацыянальнымі асаблівасцямі культуры, адціснутае ў больш глухія раёны калымскае тайгі, вяло сваё традыцыйнае жыццё. Басейн Калымы насялялі якуты, эвены і эвенкі (тунгусы). Яны ў асноўным займаліся аленегадоўляй і паляваннем. Ім таксама сапсавалі спрадвечны лад жыцця, загналі ў нешматлікія калгасы. Заможных раскулачылі. Геолаг Б.І.Вронскі ў сваёй кнізе «На золотой Колыме. Воспоминания геолога» (Москва: Географгиз, 1959) падае пра гэта цікавыя звесткі. У 1932 годзе ён дабіраўся з Хатыннаха ў раён работ з узначаленай ім партыяй у даліну ракі Нелькоба, прыток Тенке. Прыбыўшы на вусце Тенке, Вронскі наведаў заможнага якута Д.І.Пратапопава, што жыў на другім (левым) беразе Калымы. Пратапопаў трымаў аленяў, коней, кароў. Але наняць коней Вронскі не змог. Патрэбны быў дазвол сельсавета, які знаходзіўся за 60 кіламетраў уверх па Калыме, у якуцкім пасёлку Аратук. Пратапопаў, між іншага, паведаміў Вронскаму, што на Нелькобе шмат здзічэлых аленяў, якіх злавіць нельга. Гэта статак, што належаў багатаму тунгусу Васілю Сляпцову. Калі пачалося раскулачванне, Сляпцоў кінуў амаль увесь свой шматлікі статак, а сам з сям'ёй і невялікай колькасцю аленяў знік невядома куды. Пасля гэтага якуты ездзілі на Нелькобу паляваць на здзічэлых аленяў Сляпцова. Па сутнасці йшоў адстрэл прадукцыйнага статку аленяў, які стаў нічыім. Гэты яскравы прыклад сведчыць, як разбуралася эканамічная аснова традыцыйнага жыцця тубыльцаў.

Якуты, эвены, эвенкі, арычы жылі ў злагадзе, не варагуючы паміж сабой. Традыцыі ў асноўным былі агульныя, тоесныя ці блізкія, бо выпрацаваліся пражываннем уперамежку ці па суседстве на працягу вякоў. Шчыльнасць насельніцтва была малая. Камунікацый ніякіх. Жыццё ў такіх умовах вымагала зычлівага стаўлення да іншага чалавека, павагі да яго ўласнасці. Гэта знайшло матэрыяльнае ўвасабленне ў стварэнні па тайзе паляўнічых лабазаў з дапамогай харчу, якія ніхто не ахоўваў. Калі мы прыйшлі з геалагічнай разведкай у даліну ракі Тыллах (левага прытока Калымы), то пабудаваная намі база апынулася побач з паляўнічым лабазам. Ён быў пусты. Інакш і быць не магло, бо лабазы рабавалі зэкі-беглякі, дый не толькі яны. Далейшае папаўненне лабазаў усім неабходным страціла сэнс і не рабілася. Побач валяўся аблезлы, размоклы ад дажджоў складны абраз, драўляны крыж і торба з аленевай скуры, у якой захоўваліся гэтыя атрыбуты праваслаўнай рэлігіі. Іх выкінуў рабаўнік як непатрэбныя яму рэчы. Народ, які прынёс праваслаўную рэлігію тубыльцам праз расейскіх папоў-місіянераў, сам жа апаганіў яе і тут, як і ва ўсёй краіне.

На глухіх таежных сцежках іншым разам можна было натрапіць на адзінокія зімоўкі. Іх, як і лабазы, будавалі (невядома, хто і калі) дзеля таго, каб выпадковы вандроўнік, паляўнічы або пастух маглі спыніцца тут, абагрэцца, падсілкавацца і нават заначаваць. Там была бляшаная печка, нарыхтаваныя дровы, запалкі, харчы ды шмат чаго іншага Той, хто выкарыстоўваў запас дроў, нарыхтоўваў адпаведную іх колькасць. Так рабілася дзеля выгоды і зручнасці таго, хто спыніцца ў зімоўцы наступным. Апрача таго, пакідалася нешта патрэбнае, што меў з сабой кожны. І гэтая традыцыя парушылася. У зімоўках ужо нельга было што-небудзь знайсці. Такое становішча магло прывесці да непрадбачаных трагічных здарэнняў. Памятаю адзін выпадак. Наш тапограф вяртаўся з геалагічнай разведкі ў даліне ракі Джэлгала на базу разведраёна ў пасёлак Саганья, што знаходзіўся на трасе. Гэта кіламетраў 60 глухой тайгі. На яго шляху прыкладна праз 30 кіламетраў стаяла зімоўка. За дзве-тры сотні метраў да будыніны тапограф трапіў у дзейную наледзь. Звычайна наледзь утвараецца ў далінах рэк там, дзе зімой сезонная мерзлата злучаецца з вечнай мерзлатой. Такое адбываецца часцей за ўсё на парожыстых месцах ракі, дзе скальныя пароды ўтвараюць яе днішча. На такіх адцінках даліны мала рачных адкладаў жвіру, галькі, валуноў. Вышэй і ніжэй па даліне гэтыя адклады бываюць даволі магутныя (10-20, а то і 30 метраў). Іх тоўшча да паверхні насычана вадой, якая не прамярзае ўсю зіму, затуленая і зашчэмленая паміж сезоннай і вечнай мерзлатой. Вада ў тоўшчы адкладаў рухаецца ў бок вусця ракі, чаму спрыяюць значныя ўхілы горных далін. На сваім шляху вада сустракае неадольную перашкоду ў тых месцах, дзе сезонная мерзлата злучылася з вечнай. У пласце рачных адкладаў узнікае напруга. Паступова нарастае гідрадынамічны ціск на мярзлотны перахват даліны. Нарэшце наступае крытычны момант. Вада ўзрывае лёд, грунт. Усё гэта ляціць уверх, б'юць халодныя гейзеры, затапляецца абалоня даліны. Так утвараюцца зімовыя паводкі (наледзі) у найбольш лютую сцюжу. Паводка падспудна хаваецца пад снегам, пакуль не скуюць яе маразы. На паверхні снегу паводка сябе не праяўляе. Яна проста нябачная. Гэты працэс паўтараецца на працягу зімы некалькі разоў, урэшце поўнасцю заліваючы ўвесь пласт снегу. Паступова за зіму нарошчваецца тоўшча адкрытага лёду 5-10 метраў па ўсёй абалоні. Вада пачынае заліваць ніжнюю тэрасу, лезе на схілы даліны. Лютыя маразы пераможна і хутка скоўваюць наледзі. Працэс гэты суправаджаецца безупыннай «кананадай» - вынік размярзання і растрэсквання лёду пры чарговым напластаванні тоўшчы. «Кананада» стварае ілюзію эшаланаванага бою, асабліва ў змроку ночы. То далёка, то блізка чутны безупынныя «выбухі і страляніна». Уяўленне становіцца выразным і падобным да рэальнасці. Калі мне даводзілася назіраць гэтую з'яву прыроды, я міжволі звяртаўся да Беларусі, лунаў там, дзе йшла бязлітасная вайна. У душы пасяляўся неспакой за родны край, за лёс блізкіх мне людзей.

Гора таму, хто, ідучы па снезе, трапіць у схаваную пад снегам ваду дзейнай наледзі. Так здарылася з нашым тапографам. Для яго выйсце было толькі адно: як мага хутчэй дабрацца да будыніны зімоўкі і паспрабаваць уратавацца, запаліўшы ў печы. Трываў моцны мароз. Пакуль ён ішоў па вадзе, валёнкі прамоклі наскрозь. На іх камякамі натоптваўся і намярзаў снег. Ногі пачалі змярзацца з валёнкамі. Нарэшце яму ўдалося ўсё-такі дайсці да зімоўкі. Але ў ёй не было дроў. Ён паспрабаваў разрэзаць валёнак на адной назе, выпадкова параніўся, а мэты не дасягнуў. Так і замёрз у гэтай працятай сцюжай будыніне. Там яго знайшлі праз нейкі час акалелым. Ён стаўся ахвярай таго, што прышлымі быў парушаны ўклад жыцця тубыльцаў.

Штовосень аленяводы праводзілі каралізацыю статка. Алені заганяліся ў загарадкі (каралі). Там рабілі падлік пагалоўя, вялі адбор на ўбой, адбіралі пэўную колькасць аленяў для нартавых перавозак грузаў ды іншае працы. Адначасна жывёлу таўравалі (ставілася металічнае таўро на вуха кожнай жывёліне).

Шматлікія лагерныя зоны ўтвараліся на Калыме шпаркімі тэмпамі. Тубыльцам, якія такога ніколі не бачылі, цяжка было зразумець, чаму людзі заганяюць другіх у «каралі», зробленыя з калючага дроту. Да таго ж пільнуюць загнаных і ўначы і ўдзень, выводзячы на прыгонную працу пад наглядам узброеных вартаўнікоў. Мясцовым жыхарам было няўцям, што загнаныя ў «каралі» людзі таўраваныя нумарамі артыкулаў кодэкса або ліцерамі «особого совещания». Яны не здагадваліся, што чыясьці злая воля дзяліла загнаных на тых, што пасылаліся на ўбой, і тых, што павінны былі выпрацавацца дашчэнту, раней тае пары, як надыдзе заўчасная чарга сканаць.

Інтарэсы карэнных жыхароў ушчамляліся дзейнасцю наезджых. Высякалася тайга, на значных плошчах вяліся горныя распрацоўкі, адбываліся таежныя пажары, выгараў ягель аленевых пашаў. Толькі бяскрайнія прасторы Калыма-Індзігірскага краю давалі магчымасць абарыгенам неяк захаваць традыцыйныя эканамічныя спосабы гаспадарання на сваёй зямлі. З таго што нетры іх зямлі бязлітасна эксплуатаваліся прышлымі, карэнныя жыхары нічога не мелі. Іх паступова пераводзілі на аселы спосаб жыцця, утвараючы пасёлкі ў аддаленых раёнах тайгі.

Але непажаданых суседзяў з цягам часу станавілася ўсё болей і болей. Пазбавіцца ад гэтага карэнным жыхарам не было як. Тайга ўсё шырэй напаўнялася чужымі людзьмі. Першымі, з кім даводзілася сутыкацца абарыгенам, былі геолагі. Яны карысталіся паслугамі карэнных жыхароў: наймалі аленевы транспарт, а іншым разам і конна-ўючны, для завозу грузаў у бездарожную тайгу. Следам за геолагамі, якія адкрывалі ўсё новыя і новыя радовішчы россыпнага золата, саранчой ішла прыісковая навала. Яна нішчыла прыроду, парушала ўстойлівы баланс экалагічнага асяроддзя.

Задоўга да гэтых часоў якутам і эвенам даводзілася калі-нікалі сустракацца на прасторах калымскай тайгі з адзіночкамі-старацелямі, якія траплялі сюды праз Олу, што на Ахоцкім узбярэжжы. На Калыму прывяла іх не толькі прага золата, але і дэзерцірства. Тут можна было схавацца ў бяскрайняй тайзе і перачакаць Першую сусветную вайну. Іх было мала. У розныя гады не болей за 4-6 чалавек. Яны то каапераваліся, то разыходзіліся па тайзе шукаць золата паасобку. Па сутнасці, гэтыя апантаныя шукальнікі шчасця былі першаадкрывальнікамі калымскага золата. Іх дзейнасць можна лічыць подзвігам. Ні ім, ні каму іншаму нават у сне не прыходзіла ў галаву тое, што пацягнулі за сабой у трыццатыя гады гэтыя подзвігі. Аднаму шукальніку - татарыну Сафі Шафігуліну, празванаму Барыскам, прага золата каштавала жыцця. Затое ў аналы гісторыі адкрыцця калымскага золата яго імя ўпісанае навечна.

Увесну 1914 года Барыска з трыма іншымі хаўруснікамі трапіў на Буюнду (правы прыток Калымы). На першую зімоўку засталіся толькі двое: сам Барыска і М. Канаў. На другую зіму Барыска застаўся адзін. Вясной з вусця Буюнды ён падняўся ўверх па Калыме да другога правага прытока - рэчкі Срэднекан. Там у адным распадку, які потым быў названы «ключом Барыскі», ён натрапіў на даволі багатае золата. Толькі яму не давялося ім пакарыстацца. Позняй восенню 1916 года (па іншых звестках 1917) якуты, праязджаючы ўверх па Срэднекану, знайшлі Барыску мёртвым у паставе «седзячы» над шурфом. Яны пахавалі яго ў гэтым шурфе, выкапаным ім самім. Праз два дзесяткі гадоў з лішкам у гэтых мясцінах вялася здабыча золата буйным прыіскам, якому далі назоў «прыіск Барыскін». Геолаг Е. К. Усціеў у сваёй кнізе «У истоков золотой реки (история одной экспедиции)» (М.: Мысль, 1972) піша, што аднаго разу экскаватар прыіска, здымаючы пустую пароду, падхапіў каўшом труп, які поўнасцю захаваўся ў вечнай мерзлаце, невядомага барадатага чалавека ў падранай адзежы старога пакрою. Гэта быў Барыска. Яго пахавалі другі раз. Менавіта ён лічыцца першым у шэрагу першаадкрывальнікаў калымскага золата.

З другім, больш удачлівым шукальнікам шчасця мне давялося працаваць узімку 1940/41 года пасля вызвалення з лагера. Гэта быў Філіп Раманавіч Палікарпаў. У 1923 годзе ён дамовіўся з адным былым хаўруснікам Барыскі, каб пайсці працягваць пошукі золата ў даліне Буюнды. Шчасце ім не спадарожнічала, і яны вярнуліся ў Олу. У 1924 годзе Філіп Раманавіч выпраўляецца на Калыму адзін. Дасягнуўшы вытокаў Срэднекана, ён вядзе апрабоўванне. Яно паказвае павелічэнне знакаў золата з перамяшчэннем уніз па Срэднекану. Каб знайсці багатае золата, яму не хапіла сілаў. Ён літаральна галадаў, бо харчаваўся чым Бог пашле. Увосень спыніў пошукі і вярнуўся ў Олу. Нейкі час паляваў на марскога звера - нерпу ды іншых цюленяў. У 1926 годзе ён аб'яднаўся з другім былым хаўруснікам Барыскі М. Канавым і яшчэ адным старацелем Бавыкіным. З імі Палікарпаў зноў выправіўся на Срэднекан. На гэты раз ім пашанцавала. Яны знайшлі багатае золата. У 1927 годзе Палікарпаў прывёў на Срэднекан невялікую арцель старацеляў і распачаў здабычу золата. Нястача ежы прымусіла арцель вярнуцца ў Олу. Тут Філіпу Раманавічу стала вядома, што тэрыторыю, дзе ён адкрыў россыпы, падпарадкавалі Саюззолату. Ён за 10 тысяч рублёў паведаміў прадстаўніку «Саюззолата» пра вынікі сваіх пошукаў. Здабыча золата паступова пачала разгортвацца. Філіпа Раманавіча празначылі горным наглядчыкам. То быў канец яго «старацельства».

У 1928 годзе на Калыму прыбыла дзяржаўная геалагічная экспедыцыя Геалагічнага камітэта на чале з геолагам Ю.А.Білібіным і яго памочнікам В.А.Цараградскім. Менавіта звесткі Ф.Р.Палікарпава паслужылі асновай для таго, каб сканцэнтраваць работы на Срэднекане. Так пачалося кваліфікаванае планамернае вывучэнне краю з ухілам на пошукі радовішчаў золата. Пазней органы НКВД узяліся за Філіпа Раманавіча. Яго пасадзілі, патрабуючы аддаць быццам бы намытае ў свой час і схаванае золата. Нічога не дамогшыся, выпусцілі, бо ў ім, чалавеку спрактыкаваным, была патрэба. Геолагі ставіліся да яго з вялікай павагай, прызначалі начальнікам апробавальных партый і штолета пасылалі ў некранутую тайгу. Зімой ён узначальваў які-небудзь участак разведраёна, дзе вёў шурфовачную разведку. У гэтай ролі я і заспеў яго ўзімку пры канцы 1940 года.

А было гэта так. 6 лістапада 1940 года мне абвясцілі надвячоркам пра звальненне з лагера і прапанавалі пакінуць зону. Надыходзіла ноч. Дзявацца не было куды. Я прасіўся дазволіць мне застацца ў зоне да раніцы. Сказалі, што вольнаму «не положено» знаходзіцца ў зоне, і не дазволілі. Такая прынцыповасць не магла мяне расчуліць, бо я памятаў, як наш былы брыгадзір Папоў утрымліваўся ў зоне лішняга паўгода пасля фактычнага вызвалення. Давялося проці ночы на змярканні ісці ў вольны пасёлак Хатыннах і шукаць нейкага прытулку. Я прыгадаў, што раней звольніўся мой добра знаёмы былы брыгадзір Ільін, пра якога я ўспамінаў вышэй. Таго ж вечара мне ўдалося яго адшукаць. У яго я і заначаваў. Ён працаваў нарміроўшчыкам у Хатыннахскім разведраёне. Уранку ён адрэкамендаваў мяне, станоўча характарызуючы, начальніку разведраёна (прозвішча не памятаю). Мяне прынялі на працу ў якасці дзесятніка шурфовачных работ і накіравалі на ўчастак «Ніжні Хатыннах» да Філіпа Раманавіча Палікарпава. Ён сустрэў мяне ветліва і пасяліў разам з сабой. Да гэтага ён месціўся адзін у асобным пакоі таежнай драўлянай будыніны. На ўчастку працавала брыгада шурфоўшчыкаў, выключна зняволеныя. Іх пільнавала цэлае звяно вохры. Мне давялося весці дакументацыю шурфоў.

Так мы і жылі ўсю іму 1940/41 года ўдвох, у адным памяшканні. Філіп Раманавіч быў вельмі цікавы чалавек. У тым часе ён быў ужо немалады, з багатым жыццёвым досведам. Нескладаную таежную гаспадарку ён вёў сам, нібы не давяраючы мне. Сам варыў стравы, паліў у печы. Харчаваліся мы разам. Есці было што. Мяне ў харчаванні не абмяжоўваў. Хутчэй наадварот. А сам, па старой звычцы таежнага бадзягі, у дачыненні да сябе ўвесь час эканоміў. Відаць, у мінулым ён шмат нагаладаўся, што эканомія стала сутнасцю яго побыту ў любых умовах існавання. Экзатычнасць яго паводзін у гэтым сэнсе іншым разам здавалася ўмоўна рэфлекторнай. Разам з тым не быў скупы да іншых, як чалавек чулы і спагадлівы.

Нагаварыўшыся ўдосталь перад тым, як класціся спаць, памятаю, ён мне казаў:

- Вячеслав, обглодай косточку, да я положу ее в свежий суп и поставлю на ночь на печку, пусть вываривается.

А да таго, раней, гэтая костачка пабыла ўжо ў двух супах. Гарбату ён звычайна піў без цукру, заядаючы селядцом. Калі я рабіў яму заўвагу, ён казаў:

- Я посолонцую. Я так привык, не обращай на это внимания.

Шурфоўшчыкі, якім лагернага пайка было мала, прыходзілі да Філіпа Раманавіча з просьбай выпісаць дадаткова хлеба. У яго была такая магчымасць. Выслухаўшы просьбу, ён казаў:

- Начишь ты, паря (ён вельмі часта ўжываў гэты сібірскі зварот да чалавека), ведь обжираетесь вы. Я по калу вижу, что обжираетесь. Мне, бывало, адной булки хлеба хватало на целое лето.

Далей апавядаў пра сваё цяжкае жыццё, калі ён адзін на ўсю тайгу, прыйшоўшы на Калыму з Ахоцкага ўзбярэжжа за сотні кіламетраў, шукаў золата. Зняволены звычайна стаяў і цярпліва слухаў, бо ведаў, што адмовы не будзе. Скончыўшы апавядаць, Філіп Раманавіч браўся за паперу і пісьмова загадваў капцёру выдаць дадаткова хлеба.

Калектар Уладзімір Малій, які штолета хадзіў з Філіпам Раманавічам у пошукавыя партыі, расказваў мне пра паказальны выпадак. Аднаго разу яны спыніліся нанач на беразе таежнай рэчкі. Раніцой Малію захацелася піць. Ён зайшоў па калені ў рэчку, зачэрпнуў конаўку вады, палову выпіў, а астатнюю выплеснуў назад. За гэтым назіраў Філіп Раманавіч. Ён са шчырым абурэннем сказаў:

- Ты что делаешь? Почему зачерпнул больше, чем тебе надо? Начишь ты, паря, в воде стой, а воду экономь.

Аднойчы ўсім раённым геолагаразведвальным упраўленнем СГПУ авалодаў перапалох. Аператыўная група вохры застрэліла ў тайзе двух уцекачоў з нейкага лагера. Пры адным была палявая сумка з картамі. У РайГРУ адразу ўстанавілі, што сумка Філіпа Раманавіча. Пасля гэтага яго лёс нейкі час заставаўся невядомы. Дапускалася магчымасць таго, што партыя выразана ўцекачамі. У тое лета партыя Філіпа Раманавіча працавала ў глухой тайзе - недзе недалёка ад вытокаў ракі Таскан. Туды была спешна накіраваная аператыўная група ВОхры. Калі група прыбыла ў раён работ партыі, то яна знайшла Філіпа Раманавіча за працай. Ён працягваў весці даследванне, адмываць пробы. На шчасце, пад час нападу беглякі іх не забілі, а толькі павязалі.

Пазней Філіп Раманавіч захварэў на язву страўніка, і яго спешна адправілі на «мацярык» для лячэння. Далейшы яго лёс мне невядомы.

Быў нейкі час (гэта ў вайну), калі дакладны, безупынна дзейны канвеер ГУЛАГа, што пастаўляў зняволеных на Калыму, замарудзіў сваю працу. Нявольніцкая чалавечая плынь захлынулася з прычыны новага няшчасця, абрынутага на краіну. Патрэбныя былі перадусім салдаты. Але з Калымы нікога не прызывалі, бо гэта пагражала рэзкім скарачэннем здабычы золата. Так цягнулася нядоўга. Ужо пад канец вайны і адразу ж пасля яе хлынула новая плынь нявольнікаў. Яе складалі савецкія салдаты, што былі ў нямецкім палоне, цывільныя, аднесеныя да калабарантаў, уласаўцы ды рэпатрыяваныя з дапамогай альянтаў так званыя перамешчаныя асобы. Гэта адбывалася пазней. А пакуль, у першай палове саракавых гадоў, у геалагічнай разведцы дый на прыісках апрача зэкаў-доўгатэрміновікаў працавала значная колькасць былых вязняў. На іх трымалася і шурфоўка. Працавітыя працавалі - «мантулили», «втыкали», «горбатились», «вкалывали», «ишачили», як тады казалі на лагерным жаргоне. Пералічаныя сінонімы лагернага лексікона вобразна вызначалі стаўленне і былых вязняў да «освобожденного труда». Тым часам блатныя прыдурваліся, «кантовались» або рабілі новыя злачынствы, махлявалі, кралі, забівалі. Гэтая катэгорыя «вальняшак» не прапускала ніводнага зручнага выпадку, каб не падмануць каго-колечы ці абакрасці. Былі класічныя выпадкі падману, вядомыя паводле методыкі яшчэ з часоў карнета Савіна і Сонькі Залатой Ручкі, што праславіліся да рэвалюцыі.

Памятаю такі выпадак. Начальнік аддзела кадраў СГПУ капітан дзяржбяспекі Селязнёў сабраўся аднойчы ў камандзіроўку на нейкі прыіск. Пра гэта ён сказаў жонцы і раніцой пайшоў ва ўпраўленне. Праз паўгадзіны да яго жонкі з'явіўся нейкі чалавек і сказаў:

- Мяне паслаў ваш муж. Ён неўзабаве адпраўляецца на прыіск. Прасіў, каб вы перадалі яму кажух.

Яна, не доўга думаючы, кінула на руку невядомага кажух, і той спакойна пайшоў. Толькі пасля вяртання з прыіска самога Селязнёва жонка даведалася, што ён нікога не пасылаў. А тым часам недзе, можа і ў лагернай майстэрні, кажух раскроілі і сшылі некалькі паўкажушкоў для блатных. Блатная мафія дзейнічала не толькі нахабна, але і тонка, у залежнасці ад абставін, арганізавана, выкарыстоўвала кожны пралік, кожнае разявацтва, даверлівасць, страту пільнасці.

Папярэднік Селязнёва - старшы лейтэнант дзяржбяспекі Сёмушкін выязджаў з сям'ёй на «мацярык». Жонка яго прадавала на «таўкучцы» у Ягадным два гарнітуры па 6 тысяч рублёў кожны. Муж, відаць, хапнуў іх з амэрыканскіх дабрачынных ахвяраванняў, карыстаючыся службовым становішчам. Трэба думаць, што тое-сёе з нахапанага пакінулі і для сябе. Нагрузіўшы машыну дабром, сям'я Сёмушкіных адбыла ў Магадан. Не даехаўшы кіламетраў 4-5 да аўтабазы Спорнае, машына сапсавалася (мо так было задумана). Сёмушкін пакінуў на сапсаванай машыне з рэчамі жонку і дачку. Сам жа на спадарожнай паехаў у пасёлак Спорнае прасіць знаёмага начальніка аўтабазы замяніць сапсаваную машыну на спраўную. Тым часам падышла парожняя грузавая машына і, развярнуўшыся, стала побач. З кабіны вылезлі двое і сказалі:

- Машыну прыслаў ваш муж, каб давезці рэчы да Спорнага. Перагружайцеся.

І самі дапамагалі. Калі жонка Сёмушкіна памкнулася перасесці таксама, хлопцы сказалі, што муж параіў застацца на сапсаванай машыне. Начальнік аўтабазы, маўляў, дае яму сваю легкавушку і ён неўзабаве прыедзе па іх. Такім чынам, рэчы паехалі ў невядомым кірунку. Яшчэ праз паўгадзіны на грузавой пад'ехаў муж, і, даведаўшыся пра ўсё, зразумеў, што на «мацярык» давядзецца ехаць толькі з акрэдытывамі, але без рэчаў.

Такое паўтарался з іншымі і ў Магадане. Замест замоўленай машыны для дастаўкі рэчаў у порт Нагаева пад'язджала нейкая іншая. Пачыналася пагрузка рэчаў. Калі гаспадар ішоў у дом па апошні клунак, машына ад'язджала і знікала невядома дзе.

Іншым разам закручваліся такія крымінальныя падзеі, што нават Агата Крысці не магла б прыдумаць нешта падобнае. І не дзіва. На Калыме да вайны была сканцэнтраваная значная частка блатнога свету ўсёй краіны - ад Ленінграда і да Ўладзівастока. У сістэме Дальбуда блатныя прысутнічалі ўсюды, апрача камандных пасадаў. Да таго ж праца была рухомая, не прывязаная да аднаго месца. Гэта ім падабалася з усіх пунктаў гледжання. Было іх гняздо і ў Сярэдне-Дзебінскім разведраёне, у тым ліку і на яго базе ў пасёлку Саганья, што знаходзіўся на трасе за 18 кіламетраў ад Ягаднага ў бок Сусумана.

Начальнікам разведраёна быў усё той жа, хто браў мяне на працу яшчэ ў Хатыннаху. Ён у часе адпачынку на ўзбярэжжы Чорнага мора знайшоў сабе другую жонку. Яна працавала ў штаце дома адпачынку. З ёй і вярнуўся на Калыму. Назавем другую жонку Галінай. Яе, відаць, нечым не задавальняў мужык - высокі, стройны, смуглявы мужчына, чамусьці празваны паўцыганам. У іх было ўжо дзіця. Магчыма, Галіна была жанчынай невысокай маральнасці. Як бы ні было, але яна ўступіла ў інтымную сувязь з шафёрам грузавой машыны разведраёна Клімантавым, прыгожым маладым чалавекам, ленінградскім блатаром, ужо адседзеўшым на тую пару свой тэрмін зняволення. У зручны для сябе час Галіна ўпотай прыходзіла калі-нікалі ў гараж да Клімантава, дзе ў яго была невялічкая бакоўка з тапчаном. Там адбываліся іх інтымныя спатканні. Пабочнае жыццё таемна ад мужыка для Галіны стала нормай.

Загадчыкам гаспадаркі разведраёна быў Абрам, несамавіты на выгляд чалавек сярэдняга ўзросту і росту, трохі лысаваты, з прарэджанымі цынгою зубамі. Прозвішча не памятаю. (Дый не толькі яго. Мы звычайна звярталіся адзін да аднаго, называючы толькі імя. Таму прозвішчы шмат каго, у тым ліку і Абрама, лёгка пазабываліся.) Абрам у вольны час любіў заходзіць да Клімантава, а калі апошні адсутнічаў, то мог і паляжаць на яго тапчане, памарыць упоцемку.

У начальніка разведраёна была слабасць - ён любіў выпіць. Такая ж слабасць была і ў Галіны. Пярэдадзень Кастрычніка 1942 года яны адзначалі дома разам (безумоўна, са спіртам), і муж паехаў на ўчастак Бурхала праводзіць урачысты сход. Калі добра змерклася, Галіна бітай сцежкай спусцілася з верхняй тэрасы Дзебіна, дзе стаялі дамы ІТР, на ніжнюю, дзе стаяў гараж, стайня, склад ды іншыя службы разведраёна. Электрычнага асвятлення ў пасёлку не было, і Галіна незаўважанай прайшла ў гараж. Кашэчай хадой яна зайшла ў бакоўку Клімантава, намацала на тапчане мужчыну, моўчкі абняла яго. То быў Абрам. Галіна, будучы на добрым падпітку, упоцемку не разабралася, хто ляжыць на тапчане. Абрам імгненна ацаніў сітуацыю і не разгубіўся...

Так бы Галіна і не здагадалася, што адбылося, калі б не ракавое супадзенне абставін. Калі яна выйшла з бакоўкі, да гаража пад'ехала машына. З-за руля вылез Клімантаў, зайшоў у гараж і засвяціў карасінавую лямпу. Пры святле лямпы Галіна ўсё зразумела. У бяссільнай злосці яна заляпіла аплявуху ні ў чым не вінаватаму Клімантаву. Ад нечаканасці ён выпусціў з рук лямпу. Лямпа разбілася. Карасіна ўспыхнула. Загарэлася падлога, набрынялая гаруча-змазачнымі рэчывамі. Загарэлася машына, што была ў гаражы на рамонце. Галіна знікла, пакінуўшы сам-насам Клімантава з Абрамам. З пажарам яны не змаглі справіцца. У выніку згарэў гараж разам з бакоўкай Клімантава - месцам яго палкіх спатканняў з Галінай. Згарэла і машына, што была ў гаражы. Пачалося следства. Клімантаў нічым не выдаў сапраўдную віноўніцу пажару, вытлумачыўшы здарэнне нядбайнасцю і неасцярожнасцю з яго боку. Яму далі два гады тэрміну зняволення і пакінулі працаваць у разведраёне.

Але такія людзі, як Клімантаў, не маглі жыць без прыгод. Ягаднінскаму кодлу блатных стала вядома, што на перавалачны склад суседняга Ніжне-Дзебінскага разведраёна прывезлі шмат амерыканскіх харчоў і тавараў. Быў самы час гэты склад абрабаваць.

З базавых складоў СГПУ звычайна выбіралася тое, што па разнарадцы прызначалася разведраёнам, перамешчалася на перавалачныя склады, якія стаялі побач з базавымі, а потым паступова вывозілася ўжо ўласным аўтатранспартам разведраёна. Базавыя склады СГПУ ахоўваліся вохрай, якая не несла адказнасці за перавалачныя склады. Апошнія ахоўваліся вартаўнікамі, падпарадкаванымі разведраёнам. Такая сістэма аховы вельмі спрыяла спакусе абакрасці той ці іншы перавалачны склад, інфармаванасць касты злачынцаў была дакладнай.

Група блатных, у тым ліку і Клімантаў, сабраўшыся невялікай хэўрай (не болей за 7-8 чалавек), вырашыла ўчыніць злачынства - абакрасці перавалачны склад Ніжне-Дзебінскага разведраёна. Для гэтага іх хаўруснік, што працаваў шафёрам на Ягаднінскай вітаміннай фабрыцы, выгнаў без дазволу машыну, і яны паехалі на справу. Але аперацыя сарвалася дзякуючы пільнасці вартаўніка. Расчараваныя, яны вярталіся з мілым ліхам.

На наступны дзень на Ягаднінскім перавале дарожнікамі, што расчышчалі трасу ад завеі, быў заўважаны «драмадзёр» (аўтамашына-паўпрычэп), нагружаны мяхамі з амерыканскай мукой. Капот матора газагенератарнай аўтамашыны быў падняты. На маторы ляжаў нежывы шафёр.

У вайну амаль увесь аўтапарк Дальстроя быў пераведзены на газагенератарнае паліва з драўлянай чуркі. Кабіны ЗІСаў сталі яшчэ цяснейшыя, бо абапал ставіліся катлы. Па трасе на аўтабазах былі ўтвораны чурказаправачныя. Безупынна верашчалі цыркулярныя пілы, наразаючы чурбачкі. Тайга прадаўжала радзець. Ад сушыльняў пахла прыемным смаляным дымам. Пры выкарыстанні газагенератарнага паліва маторы трацілі частку сваёй моцы. Машыны (асабліва «драмадзёры») з цяжкасцю ўспаўзалі на перавалы, марудна адольвалі схілы, губляючы хуткасць да таго, што іх можна было дагнаць, ідучы шпаркім крокам. Ад гэтага пачалося рабаванне «газгенаў» (так пачалі зваць газаненератарныя аўтамашыны) на хаду. Пазней дзеля засцярогі пачалі прызначаць канвой.

Тады ж труп шафёра быў абследаваны. Пашкоджанняў на яго целе і нутраных органах не было выяўлена. Медыкі далі заключэнне, што шафёр памёр ад сардэчнай хваробы. Другіх версій не было. Чалавека пахавалі і следства спынілі.

Па нейкім часе зэкі зноў расчышчалі перавал ад снегу. Адзін з іх знайшоў патрон аб браўнінга. Вярнуўшыся ў барак, ён пачаў вырабляць з патрона муштук для цыгарак. Гэта заўважыў прараб. Ён пацікавіўся, дзе вязень узяў патрон. Той адказаў, што знайшоў на трасе, прыкладна там, дзе стаяў «газген» з мёртвым шафёрам. У гэтых двух фактах прараб убачыў пэўную сувязь. Ён паведаміў пра знаходку ў органы. Следства аднавілі. Зрабілі эксгумацыю і паўторны, больш уважлівы агляд трупа. У выніку на цемені была выяўлена невялічкая адтуліна і куля ў мазгах. Ранка не дала крыві, таму і не была заўважаная ў густых валасах пад час першага абследавання. Злачынства было відавочным. Да таго ж частка мукі была разрабаваная. Распрацавалі новую версію, паводле якой пачалі сачыць за спекуляцыяй мукой у большых памерах, чым гэта было магчыма пра карткавай сістэме. Такім чынам неўзабаве следства выйшла на забойцу. Гэта быў Клімантаў.

Дзея злачынства адбывалася наступным чынам. На зваротным шляху машына праімчалася міма «газгена», што стаяў на перавале, нагружаны мяхамі з амерыканскай мукой. Метраў праз 100-150 Клімантаў пастукаў па кабіне. Зарыпелі тармазы і машына спынілася. Шафёр спытаўся ў чым рэч. Клімантаў сказаў, што пойдзе да «газгена» і папросіць пару мяшкоў мукі. Калі ён падыйшоў да «газгена», шафёр капаўся ў маторы. Клімантаў звярнуўся да яго:

- Слыш! Дай пару мяшкоў мукі.

- Ты што? Я ж за іх распісаўся ў накладной.

- Не дасі, сам вазьму, - сказаў Клімантаў.

Шафёр, ведаючы калымскія норавы, пацягнуўся за завадной ручкай. У гэты момант Клімантаў выхапіў браўнінг і стрэліў яму ў галаву. Той упаў на матор і не зварухнуўся. Смерць была імгненнай. Клімантаў падбег да сваёй машыны і закамандаваў:

- Давай задам да «газгена»!

- Што, дамовіўся? - спыталі яго.

- Дамовіўся. Давай хутчэй!

Перакінулі дзесятак мяхоў у сваю машыну і шпарка рушылі ўперад. Даехаўшы да Ягаднага, павярнулі на Саганью. Заехалі ў пасёлак дарожнікаў Сахаціны, што знаходзіўся на процілеглым баку трасы супраць Саганьі, і схавалі мяхі ў снезе. Сярод дарожнікаў былі свае людзі. Праз іх спрабавалі прадаць муку, але неўзабаве папаліся.

Клімантава прысудзілі да расстрэлу. У апошнім слове ён прасіўся на фронт, каб «искупить свою вину». Дарэчы, ён не першы спрабаваў выратавацца ад пакарання праз вайну. Але на Калыме была свая вайна, і ён, як прайграўшы, скончыў жыццё на Серпанцінцы.

Калі гаварыць пра вярбованых (дагаварнікоў) і камандыраваных, то трэба адзначыць, што яны - людзі вельмі розныя. У залежнасці ад службовага становішча, асабістых якасцяў і культуры яны па-рознаму ставіліся да зняволеных і былых вязняў. Апарат Севвостлага і вохра паводзілі сябе як плантатары. Інжынерна-тэхнічная інтэлігенцыя, геолагі, цывільныя службоўцы ставіліся да нас памяркоўна, нярэдка спачувальна, зычліва, звычайна не выказваючы пагарды, тым больш нянавісці. Не памятаю ніводнага чалавека сярод супрацоўнікаў геалагічнай службы, якога можна было б папракнуць у гэтым. Яны разумелі сутнасць становішча, што было ў краіне. Не зважаючы на тое, што ўсім ім, ад начальніка аддзела і вышэй, пры Берыі былі прысвоены чыны і званні НКВД, усё ж яны заставаліся людзьмі. Званні вымагалі насіць форму органаў. Аднак гэта не мяняла іх нутранога свету. Яны не сталі катамі або іх памагатымі. Тон задаваў у свой час сам дырэктар трэста Дальстрой (пазней начальнік упраўлення з тым жа назовам) Э.П.Берзін - удзельнік грамадзянскай вайны, з латышскіх стралкоў, выдатны гаспадарчы дзяяч. Геолаг Б.І.Вронскі ў названай вышэй кнізе ўспамінаў, што на пачатку сакавіка 1932 года Срэднекан наведаў сам Берзін. На агульным сходзе інжынерна-тэхнічных працаўнікоў ён паведаміў, што неўзабаве на Калыме будуць утвораныя буйныя канцлагеры. Вось тады ў 1932 годзе Калыма і пачала адлік гадоў сваёй лагернай гісторыі. Паводле Вронскага, Берзін, між іншага, асабліва падкрэсліў удзельнікам сходу, што яны не павінны ні ў якім разе чым-колечы паказваць, што вязні знаходзяцца на асаблівым становішчы. «На працы вы мусіце, - сказаў Берзін, - ставіцца да іх так, быццам бы яны вольнанаёмныя. Аднак у нерабочы час вам не варта заводзіць занадта блізкіх узаемадачыненняў. Першае я загадваю, другое прашу ўлічыць». Гэтаму наказу яны заставаліся верныя ўвесь час, нават пасля таго, як Берзіна расстралялі і на Калыме ўсталявалі лагерны тэрор. Працаўнікі са стажам давалі прыклад стаўлення да вязняў несупыннаму новаму папаўненню. Першым у гэтым шэрагу быў начальнік геолагаразведвальнага ўпраўлення «Дальстрой», геолаг па прызванню, генерал-маёр В.А.Цараградскі. Даведаўшыся, што недзе на прыіску ў якасці дрывасека ля бойлера гібее яго былы настаўнік - вядомы мінералог Болдыраў, ён адшукаў яго і забраў у Магадан на працу ў ГРУ, чым выратаваў ад немінучай смерці. Аднак драпежная і прагная Калыма ўсё ж праглынула яго жыццё. Неяк Болдырава накіравалі прачытаць лекцыю ў недалёкім узбярэжным пасёлку карэнных жыхароў. Ехалі на аўтамашыне па лёдзе бухты Нагаева. Лёд бухты як аўтадарога выкарыстоўваўся вельмі часта. Бывала, караблі ўзімку разгружаліся на ледзяны прыпой, шырыня якога дасягала амаль ста кіламетраў ад берага да адкрытай вады Ахоцкага мора. Грузы аўтамашынамі перавозіліся па лёдзе ў склады порта Нагаева.

Машына, на якой ехаў Болдыраў, правалілася ў палонку. Болдыраву ўдалося вылезці з вады. Ён, мокры, пайшоў у бок пасёлка, да якога ўжо было не так далёка. Але не дайшоў. Прыкладна за паўкіламетра ад пасёлка ён замёрз.

В.А.Цараградскі вызначаўся як выдатны геолаг і здольны арганізатар геалагічнай службы Дальбуда. Ён шырока выкарыстоўваў былых вязняў на практычнай працы ў разведраёнах і геалагічных партыях. Значная частка іх прапускалася праз вучэльню ў Магадане, дзе атрымлівала неабходныя сістэматызаваныя веды. Без шырокага дадатковага выкарыстання рэзерву патэнцыйных магчымасцяў былых вязняў, бадай, нельга было б так хутка вывучыць геалагічную будову агромністай тэрыторыі. За 18 гадоў - з 1928 да 1947 (апошняга майго калымскага года) на тэрыторыі Дальстроя працавала больш за 1300 партый і экспедыцый, якія ахапілі даследваннем тэрыторыю, што сягае на ўсход ад Лены і Алдана (улучаючы басейны Індзігіркі і Яны) ажно да Ахоцкага і Берынгавага мораў ды на поўнач - аж да Ўсходне-Сібірскага і Чукоцкага мораў. Праз абсягі гэтай велізарнай тэрыторыі пралягала і мая жыццёвая сцяжынка. Яна віляла паміж калымскіх магільнікаў, не ўткнуўшыся ні ў адзін з іх, каб вывесці мяне назад - на бацькаўшчыну, каб урэшце мець магчымасць закончыць свой жыццёвы шлях і легчы касцьмі ў родную зямлю Беларусі, за што я ўдзячны лёсу. Я ўдзячны і тым людзям, што ставіліся там да мяне, як і іншых былых палітвязняў, па-чалавечы, не паддаўшыся агульнадзяржаўнаму псіхозу шалёнай прапаганды, хлусні і цкавання. Іх імёны запалі ў памяць назаўсёды.

Вызначаўся добрым стаўленнем да былых палітвязняў і начальнік РайГРУ СГПУ геолаг Н. А. Шыла, які апошнім часам узначальваў Далёкаўсходняе аддзяленне АН СССР. І ягоны лёс быў скалечаны вайной. Тады хадзілі чуткі, што яго жонка загінула ў блакадным Ленінградзе. Нібыта яе забілі, каб з'есці.

Спагадлівымі людзьмі былі геолагі магіляўчанін Скарнякоў, гамяльчанін Махлін, які потым працаваў у АН БССР, начальнік тапаграфічнага аддзела РайГРУ Русанаў, тапограф Ружыцкі, не кажучы ўжо пра начальнікаў геалагічных партый Капітонава, Дзіхціеўскага і шмат каго іншага. Апошні, выехаўшы з Калымы, працаваў у Летувіскім ГРУ, а потым вельмі доўга - галоўным інжынерам Беларускага геалагічнага ўпраўлення ў Менску. Тут ён не так даўно і памёр.

Вельмі прыемнае ўражанне пакінулі выкладчыкі Магаданскай вучэльні. Усе яны вельмі добра ведалі і разумелі сваю аўдыторыю. Ніводны з іх ніколі не дазваляў сабе нагадаць нам хоць раз, хоць ускосна, што мы - былыя палітвязні, паставіцца да нас з пагардай. Не магу не ўспомніць з удзячнасцю і павагай наступных выкладчыкаў: Пятрова Рафаіла Пятровіча, Стулава Мікалая Мікалаевіча, Калтоўскага Юрыя Юр'евіча, Пчалінцава Васілія Аляксандравіча, Прозарава Міхаіла Аляксандравіча, Няходава Мікалая Аляксеевіча, Чайкоўскага Васілія Канстанцінавіча, Карпава Н.Ф.

Горш было, калі я вярнуўся назад у Беларусь. Тут амаль на кожным кроку я натыкаўся на непрыязнае стаўленне, пра што пісаў напачатку. Але і тут ратавалі, бескарысліва працягвалі руку дапамогі добрыя людзі.

 

«Воўчы білет»

 

Такое побытавае вызначэнне пашпартоў з рэжымам абмежаванняў перайшло з дарэвалюцыйных часоў у савецкую штодзённасць. На Калыме «воўчых білетаў» не выдавалі. Там на былых зэкаў пашпартных бланкаў не трацілі. Іх замянялі рознымі даведкамі. З адной стандартнай, выдадзенай СВИТЛам у Магадане, я вяртаўся дадому. Яна называлася форма «А». У ёй значылася, што я адбыў тэрмін зняволення, па якім артыкуле і на які тэрмін быў асуджаны. На даведцы была мая фотакартка, а побач дактыласкапічны адбітак майго пальца ківача. Яны былі засведчаны лагернай гербавай «серпасто-молоткастой» пячаткай. У правым верхнім куце даведкі было вызначана: «Правом на жительство не служит. При потере не возобновляется». Барані бог згубіць! Гэтая даведка дала магчымасць атрымаць у Магадане перад выездам з Калымы першы паслялагерны пашпарт. Але радасці было мала, бо ў канцы пашпарта значылася: «Паспорт выдан на основании статьи 39-й положения о паспортах». Гэтая непрыкметная на першы погляд прыпіска ператварыла пашпарт у «воўчы білет». Кожны пашпартыст, усякі міліцыянт ці эмгэбіст ведалі, што ўладальнік пашпарта - былы палітвязень і што яму не дазваляецца жыць у пэўнай колькасці гарадоў ды ў памежжы. Прыбліжацца да гэтых гарадоў і да дзяржаўнай мяжы не дазвалялася менш чым на сто кіламетраў. За парушэнне гэтых правілаў належаў тэрмін зняволення. Такім чынам, за мной пацягнуўся калымскі канчур вяроўкі ад паслабленай пятлі на шыі, за які ў кожны момант маглі пацягнуць. Мне не давялося ехаць у Градзянку, дзе прапісвалі такіх, як я. Удалося прапісацца ў роднай вёсцы, а ўладкавацца на працу ў Менску ў Беларускім геалагічным упраўленні. Начальнікам упраўлення быў вядомы геолаг Гарэлік Залман Абрамавіч, чалавек памяркоўны. Галоўны інжынер Астроўскі дапытаў мяне, за што я быў асуджаны, але дыяганальную візу на заяве наклаў. З яе вынікала, што я прыняты на працу. У Менску прапісацца было нельга, і я пачаў свае вандроўкі па геалагічных партыях, асцерагаючыся сутыкацца з міліцыяй. Усё йшло больш-менш добра. Я папярэджваў, што мне нельга працаваць у прымежных партыях, і мяне туды не пасылалі. Але змянілася начальства. Змена супала па часе з маскоўскім «делом врачей». У геалагічным упраўленні Беларусі адчуўся яго перуновы пошчак, што ўвасобіўся ў разгоне супрацоўнікаў габрайскай нацыянальнасці. Для гэтага быў прысланы з Масквы на пасаду начальніка ўпраўлення нехта Шыленка. Яго лічылі эмгэбістам. Гарэліка звольнілі, і ён пайшоў на працу ў акадэмію.

У той час Шыленка прызначыў мяне старшым геолагам у партыю, якая дзейнічала ў раёне Горадні. Я пайшоў да яго і давёў да ведама, што для мяне дарогі ў Горадню няма. Ён дамогся таго, каб я ўсё-такі паехаў. Прыехаўшы ў партыю, я неадкладна накіраваўся ў абласное ўпраўленне МГБ. Мяне прыняла жанчына - капітан дзяржбяспекі. Яна аказалася даволі ветлівай і ўважлівай. Я паказаў ёй загад аб маім прызначэнні і «воўчы» пашпарт, звярнуўшы яе ўвагу на тое, што яны знаходзяцца ў супярэчнасці. Спытаў: як мне быць? Яна сказала, што трэба неадкладна вяртацца туды, адкуль прыехаў. Яе прапанова (калі можна гэта назваць прапановай) азначала невыкананне загаду начальніка геалагічнага ўпраўлення, за што мог быць пакараны адміністрацыйна. На гэтую акалічнасць я звярнуў увагу эмгэбісткі і папрасіў якую-небудзь паперку. Яна сказала літаральна наступнае: «Не бойся. Возвращайся смело. Мы позвоним, а справки на этот счет мы не выдаем». Акрылены надзеяй, што мне ўдасца выблытацца са складанай сітуацыі з дапамогай МГБ, я вярнуўся ў Менск і адразу ж - да Шыленкі. Застаў яго ў кабінеце, калі ён у валёнках, у якія абуваўся на працы (а была ўжо цёплая вясна), хадзіў усцяг доўгага стала, грэўся хадой. Ацяпленне ўжо адключылі, і ў кабінеце было халаднавата. Я далажыў яму, што МГБ мяне выгнала з Горадні. Ён, не спыняючы хады, даволі доўга маўчаў, а потым толькі і сказаў: «До чего ты дожился». Загадаў пайсці да П. А. Леановіча (а ён тады быў галоўным геолагам упраўлення) і сказаць ад яго імя, каб той даў мне якую-небудзь працу. Леановіч прапанаваў напісаць праект на дэталёвую разведку выхадаў на паверхню зямлі гранітаў у Глушкавіцкім раёне на рацэ Ўбарць. Адразу ж паўстала неабходнасць зрабіць выпіскі з 3-га тома «Геалогіі СССР» (Беларуская ССР). А на гэтым томе грыф «секретно». Вельмі пільная начальніца геалагічных фондаў упраўлення Зуева, ведаючы, што я не маю допуску, том мне не выдала. Давялося зноў ісці да Леановіча з адчаем. Ён, доўга не думаючы, пасадзіў мяне ў сябе ў кабінеце, сам пайшоў у фонды, узяў том і прынёс мне. У яго кабінеце я і зрабіў патрэбныя мне выпіскі. Неабходнае вывучэнне папярэдніх даследванняў пры праектаванні вымагала азнаёміцца з геалагічнай справаздачай Зуева (мужа «фондаўскай» Зуевай). Ён працаваў у Акадэміі навук Беларусі і ў свой час займаўся даследваннямі на выхадах глушкавіцкіх гранітаў. Яго машынапісная праца захоўвалася ў спецчасці Акадэміі навук. Я звярнуўся туды. Мне адмовілі. Прыйшлося прасіць самога Зуева, каб ён узяў са спецчасці сваю працу і даў мне магчымасць азнаёміцца з ёй на яго працоўным месцы. Ён сказаў, што працу не выдаюць і яму самому, не зважаючы на ягонае аўтарства. Так было ці не, я ўжо не ведаю. Прыйшлося зноў у роспачы звяртацца да Леановіча. Ён знайшоў даволі просты выхад. Паслаў у спецчасць АН БССР геолага Ігашава, які меў допуск, каб той узяў працу Зуева і перадаў мне. А мне параіў знайсці зацішны куток, каб я не мог трапіць на вочы загадчыцы спецчасці. Я пайшоў да былога калымчаніна Е.М.Махліна. Ён, вярнуўшыся з Калымы, дзе працаваў па вольным найме, у АН БССР займаўся навуковай працай. Дарэчы, вывучаў парагнейсы смілавіцкай свідравіны і глушкавіцкія граніты. Адначасна быў загадчыкам геалагічнага музея акадэміі. Выслухаўшы мяне, ён прыладзіў невялікі столік у музеі за паліцамі, занятымі ўзорамі камянёў і мінералаў. Ігашаў - пажылы ўжо чалавек, да таго ж баязлівы, відаць, напужаны тым, што адбывалася наўкола, прынёс мне патрэбнае і вельмі прасіў, каб я не вытыркаўся з-за паліц і не хадзіў па калідоры, бо загадчыца спецчасці штось западозрыла. Ён разумеў, што перадача «сакрэтных» матэрыялаў асобе, якая не мае допуску, хоць сабе і ў часовае карыстанне, цягне за сабой вялікія непрыемнасці, але не выканаць загад Леановіча ён не адважыўся. Я яго супакоіў, паабяцаўшы, што не вылезу са схованкі, пакуль не выпішу ўсяго, што мне патрэбна да праекта. На гэты раз для мяне ўсё абышлося без значных непрыемнасцяў.

Вальней за ўсё працавалася ў палявых геалагічных партыях. Там было вузкае кола супрацоўнікаў. Абыходжанне з «сакрэтнымі» матэрыяламі насіла ўмоўны, фармальны характар. Усе тапаграфічныя карты паўмільённага маштабу і буйнейшыя лічыліся сакрэтнымі. (Толькі для нас, а не для немцаў. Яны мелі іх яшчэ да акупацыі і пад час яе.) У палявых умовах я без абмежаванняў карыстаўся ў працы гэтымі картамі, хадзіў з імі ў маршруты, а ў журнале штодзённай выдачы іх распісваўся хто-небудзь з геолагаў, якія мелі допуск.

Вось так і працавалася былому калымчаніну ў сябе на радзіме, дзе былі ўсталяваныя чужыя парадкі, за выкананнем якіх пільна сачылі кампартыйныя «асаднікі» ды шэфы МГБ, што паходзілі часцей за ўсё з прыблудаў.

У той час штат упраўлення быў «засмечаны» былымі работнікамі МГБ, пракуратуры на пасадах, не звязаных з геалогіяй. Пасаду юрысконсульта займаў былы працаўнік пракуратуры. Даведаўшыся аб маіх праблемах, ён аднойчы мне сказаў:

- Давай пашпарт. У мяне ў міліцыі старыя сувязі. Прапішу.

Я паверыў, аддаў пашпарт. Праз дзень пры сустрэчы, адчуваючы няёмкасць ад таго, што страціў гонар, ён сказаў:

- Прабач. Падвёў я цябе незнарок. Пашпарт забралі і не аддаюць.

Было не падобна на тое, што ён зрабіў усё знарок.

Праз некаторы час прыйшоў міліцыянт. У аддзеле кадраў пачаў вывучаць маю асабовую справу. Начальніца аддзела кадраў Вера Палазнік бараніла мяне як магла. Сведчыла, што я ў Менску не жыву, працую ў палявых партыях. Казала, што я маю ўрадавую ўзнагароду. Добрую вусную характарыстыку далі Шыленка і Леановіч. Міліцыянт, пачуўшы толькі станоўчае, пакінуў мой «воўчы» пашпарт, нават не пажадаўшы мяне ўбачыць. Пасля гэтага здарэння я стараўся ўнікаць паслуг і ўдзелу ў маім лёсе самаўпэўненых былых, якія страцілі з нейкіх прычынах у сваю працу ў органах і пракуратуры. Пры Шыленку іх шмат нашышкалася ў сістэму геалагічнай службы, бо ён аддаваў ім перавагу перад іншымі катэгорыямі людзей.

Паколькі я вярнуўся з Калымы з паслабленай пятлёй на шыі, дык былі апасенні, што адпаведныя органы могуць яе зацягнуць. У Беларусі ў той час уладарыў Цанава. Пачалі збіраць і адпраўляць назад у ГУЛАГ тых, што вярнуліся. Быў у геалагічнай службе яшчэ адзін такі, як я. Яго забралі. Мяне гэты «хапун» абмінуў. Мо таму, што я «згубіўся», не вяртаючыся з палявых вандроўных партый? Але мяне падсцерагала свая ўнутрыведамасная небяспека.

Ужо тады, па вайне, у галаве нейкага «преобразователя природы» зарадзілася сакраментальная думка сапсаваць Палессе рэгіянальнай меліярацыяй. Нехта гэтую ідэю ўвёў у вушы «вождю» і справа закруцілася. У Беларускім геалагічным упраўленні стварылі Гідрагеалагічную экспедыцыю з некалькіх партый. Пачаліся даследванні дзеля абгрунтавання праектаў асушэння. Я тады працаваў у Столінскай партыі. То быў 1952 год.

За палескай праграмай надзейна замацаваўся найвышэйшы ранг - «Сталинская стройка коммунизма». У паветры запахла сталінскімі прэміямі, ордэнамі і медалямі. На гэты конт масквічы ўмелі трымаць нос па ветру і ніколі не рабілі прамашкі. Таму Ўсесаюзны гідрагеалагічны трэст адабраў нашу экспедыцыю ад геалагічнага ўпраўлення Беларусі. Мы апынуліся ў непасрэдным падпарадкаванні Маскве. У экспедыцыі паявіліся новыя людзі з цэнтра. У прыватнасці, галоўным інжынерам экспедыцыі быў прызначаны А.Н.Лаўроў, які раней «преобразовывал природу» ў Сярэдняй Азіі ці Казахстане. У першы наезд у Столін ён намерыўся наведаць райкам партыі. Усе спецыялісты пайшлі туды гуртам. Нас прыняў першы - таварыш Самаркін - наменклатура Крамля, прысланы ў Столін разам з батальёнам войск МУС для савецізацыі раёна.

Размова ў яго кабінеце пайшла, безумоўна, пра «сталинскую стройку коммунизма». Самаркін з глыбокім задавальненнем, не хаваючы радасці, нам паведаміў, што ў часе нейкай партыйнай нарады ў Крамлі сам таварыш Сталін распытваў Патолічава, як ідуць справы на Палессі. Самаркін адпавядаў сваёй ролі савецізатара. Ужо тады ў Століне дзейнічала расейская сярэдняя школа і не было беларускай.

У экспедыцыі пачалі адбывацца некаторыя структурныя змены. У штаце з'явілася новая пасада: зампаліт начальніка. На вакансію прызначылі былога эмгэбіста Корзуна - майго земляка па Чэрвеньскаму раёну. Я нават скурай адчуваў, што ў экспедыцыі мяняецца палітычны клімат, што для мяне гэта дабром не скончыцца. Так яно і здарылася. Зампаліт шукаў сабе працу, каб сцвердзіць важнасць сваёй ролі. Аб'ектам яго ўвагі стаў я. Ён паслаў у Маскву ў трэст паперу аб тым, што ў экспедыцыю «пракраўся вораг народа». Аб гэтым адразу ж паведаміла машыністка, якая друкавала ягоны данос. Заставалася чакаць развязкі.

Неўзабаве ў Маскву ў трэст па справах выехаў Лаўроў. Ад яго ў трэсце запатрабавалі на мяне кампрамат, каб мець фармальную падставу дзеля звальнення мяне з працы. Ён напісаў рапарт (аб чым мне паведамілі канфідэнцыйна), хаця да гэтага, калі я вярнуўся з палявой партыі і прасіўся ў адпачынак, каб з'ехаць з Менска, бо не было прапіскі, ён катэгарычна адмовіў, патрабуючы брацца за камеральныя работы. У сітуацыі, якая склалася, партбілет пераважыў сумленне ў душы інтэлігента Лаўрова без нутраной барацьбы. Доўга чакаць развязкі не прыйшлося: з Масквы паступіў загад звольніць мяне з працы «за невозможностью дальнейшего использования». Начальнік экспедыцыі Н.М.Грыпінскі прадубляваў загад трэста таксама без згрызот сумлення. Так я стаў беспрацоўным, па тэрміналогіі таго часу «тунеядец». Запіс у працоўнай кніжцы выключаў магчымасць знайсці працу. Узнік шанец трапіць у ГУЛАГ другі раз. Я вярнуўся ў сваю вёску Карзуны без спадзяванняў і надзей. Ішоў трэці месяц беспрацоўя ў чаканні горшага. Сувяззю са светам служыў батарэйны радыёпрыёмнік «Родина».

Аднае раніцы я пачуў па радыё нешта надзвычайнае, ад чаго скаланулася ўся краіна. Жалобны голас дыктара паведамляў пра Чэйн-Стоксава дыханне і ступарозны стан «вялікага і мудрага». Трывожыла адна думка: ці паднімецца, ці ўстане? Я палез у медычны даведнік. Стала ясна, што не ўстане. А гэта ўскосна мяняла маё становішча ў лепшы бок.

Калі скончылася афіцыйная жалоба, я пайшоў у сваё Геалагічнае ўпраўленне да Леановіча (ён тады ўжо быў начальнікам упраўлення). У яго кабінеце адбыўся кароткі дыялог:

- Ты чаго прыйшоў?

- Дайце зарабіць кусок хлеба.

- Пішы заяву.

І я быў прызначаны начальнікам разведвальнай партыі. Самае цяжкое паслялагернае выпрабаванне засталося ў мінулым. Але яно не было апошнім. Потым, пасля выхаду на пенсію, гэты вымушаны разрыў бесперапыннага працоўнага стажу біў, як кажуць, па кішэні.

Пры Хрушчове пачалася рэарганізацыя міністэрстваў і ведамстваў, у выніку якой нашу экспедыцыю вярнулі назад у Беларускае геалагічнае ўпраўленне. Пазней я зноў працаваў у ёй доўгі час, аж да выхаду на пенсію.

Зараз, у канцы жыцця, азіраючыся назад, здзіўляюся, адкуль хапала сілы выносіць гвалт і здзек ужо пасля вяртання з Калымы. Іншым разам было цяжка і моташна, што хоць ты зноў вяртайся на Калыму ўжо добраахвотна. Даводзілася задумвацца над тым, хто я? Вольны чалавек ці вечны нявольнік? Бывала так у сталінска-берыяўскія часы, калі даводзілася, як і ўсім астатнім геолагам, садзіцца на зіму на камеральныя работы ў Менску, з той толькі розніцай, што ў мяне не было прапіскі, не было нават права наняць у горадзе хоць які кут. З палітычнага тупіка, у які я быў загнаны, выйсця не было. Знаходзячыся на дзяржаўнай службе, я вымушаны быў ратавацца ад палітычнага пераследу з боку гэтае дзяржавы. Каб не пакідаць працу па спецыяльнасці, я мусіў ездзіць за 35 кіламетраў у сваю вёску начаваць. Аўтобусы тады не хадзілі. Усё зводзілася да «галасавання» на выездзе з горада ў надзеі, што які-небудзь шафёр падбярэ і давязе хоць бы ў кузаве. Раніцай назад у горад тым жа спосабам. Выдаткаваў на пераезды амаль усё, што зарабляў. «Галасаванне», бывала, безнадзейна зацягвалася да 10-11 гадзін вечара. Тады я ехаў на чыгуначны вакзал, купляў уваходны білет і ўладкоўваўся дзе-небудзь сярод сапраўдных транзітных пасажыраў, каб седзячы перадрамаць ноч. Заўтра ж, як звычайна, на працу.

Так цягнулася да ХХ з'езда партыі. Хрушчоўская палітычная адліга дала магчымасць змяніць пашпарт, а значыць, і жыць у Менску хоць па часовай прапісцы, кватаруючы ў прыватных дамах. Заставаліся складанасці з допускам да «сакрэтных» матэрыялаў, што па-ранейшаму псавала шмат крыві да самага выхаду на пенсію.

Толькі ў 1989 годзе пасля рэабілітацыі, ажно на 76-м годзе я ўздыхнуў вальней, набыў ільготы. Але і пасля гэтага я ўпэўніўся ў тым, што нас - рэабілітаваных палітвязняў могуць прыгнятаць і ў часы перабудовы ўсё тыя ж наменклатурныя сілы.

 

Уладныя «таго свету»

 

Калі гаварыць пра ўладных людзей калымскага прадоння, што складалі структурныя дэталі машыны тэрору і прыгнёту, то многія з іх канчалі дрэнна не толькі ў выніку палітычнай барацьбы ўнутры зграі «д'ябалістаў», выпеставанай генеральным д'яблам. Яны былі пакараныя Богам яшчэ і па-іншаму. Памятаю такі выпадак. Недзе ў 1954 годзе аднаго разу па нейкай пільнай службовай патрэбе я зайшоў у кабінет да начальніка Белгалоўгеалогіі П.А.Леановіча. То было ўжо ў Менску на Свярдлова, 3. Праз колькі хвілін зайшлі яшчэ двое. Адзін з іх мой беспасярэдні начальнік геолаг Фёдар Максімавіч Усянкоў. Мы з ім у тым годзе вялі геалагічную здымку Смалявіцкага і прылеглых да яго раёнаў. У свой час ён працаваў на Калыме па вярбоўцы, па вольным найме, дзе, як ён апавядаў, ледзь не загінуў, заблудзіўшыся ў гарах. Яго знайшлі праз тыдзень. Там, на Калыме, мы не ведалі адзін аднаго. Лёс звёў нас толькі ў Беларусі.

Другі наведнік быў мне зусім не знаёмы. Я яго бачыў упершыню. Менавіта ён прыцягнуў маю ўвагу сваім вонкавым выглядам і станам вопраткі. Фёдар Максімавіч адрэкамендаваў Леановічу незнаёмага як былога начальніка прыіска імя Вадап'янава, раячы ўзяць яго на працу. Гэта якраз той прыіск, на якім я «давал стране металл». Я аслупянеў. Сапраўды свет цесны. Паблізу ад мяне стаяў чалавек алкашызнага выгляду, няголены, неахайны, у зашмальцаваным заношаным паўкажушку брудна-рыжага колеру, апранутым не па сезоне. Я добра памятаў гэтыя адметныя, стандартныя, новенькія светла-карычневыя паўкажушкі, апранутыя на плечы самазадаволеных ружовых мордаў, амаль заўсёды на падпітку, якія трымалі сябе як плантатары сярод рабоў. Яны не спазналі ні холаду, ні голаду, ні адчування дакору сумлення.

З нейкага здранцвення мяне вывеў стук дзвярэй, калі яны зачыніліся за наведнікамі. Начальнік Белгеолагаўпраўлення Леановіч быў чалавек праніклівы. Ён адмовіў у прыёме на працу «былому», нават не зазірнуўшы ў працоўную кніжку. Рэдка хто на яго месцы зрабіў бы інакш. Магчымы канец «былога» ўгадваецца дзе-небудзь пад плотам у нецвярозым стане ці пры іншых падобных варунках. Божая кара пачала здзяйсняцца над імі яшчэ рукой Сталіна ў паваенны час, недзе пры канцы 1947 ці на самым пачатку 1948 года. Яны, не зазнаўшы ні гора, ні бяды, ні галечы, перачакаўшы на Калыме ліхалецце вайны, назбіралі на ашчадных кніжках даступнымі для іх спосабамі (падвойнай зарплатай, паўночнымі надбаўкамі да яе, выкарыстаннем службовага становішча, прэміямі, махлярствам, а то й спекуляцыяй) значныя сумы «доўгіх рублёў». Сталінская грашовая рэформа падсекла іх дабрабыт пад корань, скараціўшы капітал у дзесяць разоў, калі ўклад быў большы за тры тысячы рублёў (а ён заўсёды быў намнога большы). Яны вокамгненна ператварыліся з «мільянераў» літаральна амаль у жабракоў. То быў скрышальны ўдар пад дых за адданую сабачую службу. Праўда, гэты ўдар у пэўнай ступені адчулі і сумленныя працаўнікі, але гэта іх суцешыць не магло. Маральна нетрывалыя сярод іх (а такіх была бальшыня) не змаглі ачуняць ад шоку, не вытрымаўшы падспуднасці свайго куміра, маўкліва пракляўшы яго і не дараваўшы яму. Гэта ўсё адбылося яшчэ да гістарычнага хрушчоўскага зруху акцэнтаў, які канчаткова даканаў іх. Падспудны ўдар «любімага і мудрага» быў, бадай, асноўнай прычынай, з якой многія ўладныя людзі апынуліся на шляху дэградацыі, што пачалася яшчэ тады, калі яны нас тыранілі. Нам - хто выжыў і яшчэ не перажыў тады, у тым часе глабальную трагедыю народа - гэтыя маленькія трагедыі апаратчыкаў тыраніі здаваліся смешнымі. Мы ставіліся да іх з пэўнай доляй злараднасці. Што зробіш. Так выхавала нас жорсткае жыццё, жорсткі час. Гэтыя рысы былі атрыманыя ў спадчыну ад старэйшага пакалення праз ідэалагічныя гены гэтак званай класавай (дакладней, узаемнай) нянавісці. Мы ж, зэкі, і яны належалі да розных «класаў». Яны - да класа прыгнятальнікаў, мы - да класа прыгнечаных. У такіх умовах нічога іншага ва ўзаемадачыненнях чакаць нельга, нягледзячы на тое, што мы крочылі з імі ў «светлую будучыню» не пад рознымі сцягамі. А што ж пасля ХХ з'езда? Штучны падзел грамадства быццам бы знік. Вось і пачалі сустракацца на скрыжаваннях жыццёвых шляхоў «бывшие и те и эти».

«Тот ураган прошел, нас мало уцелело». Тым не менш мы не адзіныя носьбіты горкай памяці. Памыляецца той, хто думае, што з адыходам нас у нябыт знікне і наша памяць. Не ўсе сем'і «ворагаў народа» знішчаныя з каранямі. Так, радзеюць нашы шэрагі цяпер натуральным шляхам. Але нашчадкі ацалелых вязняў і нашчадкі сталінскіх удоў і сірот множацца. Яны і нясуць эстафету нашай дэталізаванай памяці ў вякі, каб стаць ёй абагуленай у гісторыі. Бо «никто не забыт, ничто не забыто». Гэтае выслоўе мае дачыненне не толькі да Вялікай Айчыннай вайны, але і да ГУЛАГа. Памяць застаецца ў соках разгалінаваных радаводных дрэваў мільёнаў сем'яў, пацярпелых ад культу, ад тагачаснай партыйнай палітыкі. Нехта сказаў, што заўтрашні дзень стане сённяшнім, а ўчарашні - ніколі. Але памяць пра ўчарашні дзень - сённяшняя для ўсіх часоў. Такой ёй і быць. Горкая памяць, пра якую я вяду размову, настолькі прыкметная, што яе не схаваеш пад надуманай прапагандысцкай «рамантыкай» трыццатых гадоў. Нездарма ў народзе кажуць: трыццатыя - праклятыя, саракавыя - ракавыя. Цяжкая памяць нашых сем'яў, наша памяць ёсць і застанецца ўсенароднай, насуперак жаданням былых катаў. Насуперак усяму яна пакрочыць праз вякі раўналежна з памяццю пра вайну, бо ў гістарычным разрэзе нашай эпохі яны непадзельныя.

 

Закон тайгі

 

Рака Калыма сваіх вытокаў не мае. Яна пачынаецца з сутокаў трох рэк: Кулу, Аян-Юр'ях і Берелех. Толькі ніжэй сутокаў яна набывае свой назоў. Безліч буйных і дробных прытокаў, што збягаюць з горнага хрыбта, названага прозвішчам нашага земляка Я. Чэрскага, а таксама з паўночна-заходняга схіла хрыбта Гыдан, утвараюць вадазбор яе верхняй плыні. Паступова, год за годам, па гэтых прытоках, пачынаючы з буйнейшых, прасоўваліся ў некранутую тайгу геалагічныя партыі, абыймаючы ўсё большую тэрыторыю. На падставе вынікаў даследванняў партый утвараліся разведраёны. Адным з такіх быў Сярэдне-Дзебінскі разведраён. Паступова ён разрастаўся, ствараючы новыя ўсё больш аддаленыя разведучасткі. Недзе ўлетку 1942 года з басейна ракі Дзебін, па яго правым прытоку - рацэ Джэлгала, цераз перавалы геолагаразведчыкі праніклі конна-ўючным транспартам у даліну ракі Тыллах і заснавалі там базу новага ўчастка. А гэта прыкладна 100 кіламетраў ад базы разведраёна - пасёлка Саганья, пры поўным бездарожжы. У наступную зіму грузы транспартаваліся на аленях. На ўчастку працавала па згодзе блізу 25 аленевых нартаў. А гэта паўсотні аленяў. Іх прыгналі тры каюры з карэнных жыхароў-эвенаў: мужык і жонка Пётра і Ганна Сляпцовы ды іх сваячка Ўлляна Бапцава. Працавалі звязкамі па пяць нартаў. Для гэтага прарабу Марцідзі давялося вылучыць у дапамогу звенам двух чалавек - былых зэкаў у якасці каюраў. Адзін з іх Захар Лепігоў быў родам з Магілеўшчыны. За кароткі час ён стаў запраўскім каюрам, спраўляўся з аленямі не горш за эвенаў.

Узімку 1942/43 года мы прасунуліся ўніз па Тыллаху яшчэ кіламетраў на 30-40 і ўтварылі на правым прытоку Тыллаха - Вялікім Омчуку - новае прарабства з пякарняй, лазняй, харчовым складам. Гэта было маё прарабства. Вакол глухая некранутая тайга. На ўчастку працавала прыкладна 30-35 шурфоўшчыкаў пад кіраўніцтвам трох дзесятнікаў шурфовачных работ ды некалькіх узрыўнікоў. Усё насельніцтва ўчастка - былыя зэкі. Утварыўся замкнёны, ізаляваны ад ўсяго свету гурт людзей. Ён жыў выключна паводле законаў тайгі. Нідзе і блізка не было органаў савецкай улады. Не было нават вохры. Усе былі ўзброеныя самаробнымі фінкамі. Насілі іх адкрыта, на пасе ў самаробнай похве. У мяне, прынамсі, быў казённы трохзарадны аблегчаны кавалерыйскі карабін і пэўная колькасць патронаў да яго. Я набіў імі самаробную кулямётную ленту. Перакрыжаваўшыся ёй, як рэвалюцыйны кранштацкі матрос, смела хадзіў па тайзе, не баючыся ні мядзведзя, ні ліхога чалавека. Узнікалі іншы раз і канфлікты між асобнымі людзьмі. Яны гасіліся астатнімі па прынцыпе прымірэнчай таварыскасці, але, бывала, мелі і трагічныя вынікі.

Летам 1943 года я перамясціў адну брыгаду шурфоўшчыкаў з пятнаццаці чалавек у даліну рэчкі Малы Омчук, таксама правага прытока ракі Тыллах, дзе былі пазначаны шурфовачныя лініі. Хлопцы выбралі ў тайзе зручнае месца, павалілі лістоўніцы і на расцяробе (штучнай паляне) зрубілі з бярвёнаў барак. Рабілі для сябе, таму стараліся. Усярэдзіне нават сцены пасклюдавалі, ад чаго будыніна стала ўтульнейшая, святлейшая. Закончылі будаўніцтва, пачалі шурфаваць. Разбілі некалькі шурфовачных ліній і ўзяліся за працу без раскачкі. Працавалі здзельна, таму зацікаўлена. Тыя шурфоўшчыкі, чые родныя мясціны не трапілі пад нямецкую акупацыю, пасылалі сваім сем'ям грошы, каб яны маглі ўратавацца ва ўмовах карткавай сістэмы ў гарадах або «пустопорожнего трудодня» - на вёсцы. Самі ж цягнулі лямку, як маглі.

Аднаго разу я адправіўся са сталай базы, што на Вялікім Омчуку, на Малы Омчук, каб пабачыць, што там робіцца. Толькі спусціўся з перавала, дайшоў да першай шурфовачнай лініі і пачаў разглядаць выкладкі здабытай пароды, як бачу: бяжыць ад барака мне насустрач адзін рабочы (былы старшыня сельсавета з Браншчыны). Задыхаўшыся, ён паведаміў мне, што татарын Ахмуртаў Капаз забіў масквіча Міронава. Я спытаўся: за што? Былы старшыня сельсавета адказаў: «За кайло». Кайло - гэтая вечная прылада рабскай працы вязняў - сталася прычынай забойства. Двое былых зэкаў, якія выжылі ў лагеры, стаўшы вольнымі, не падзялілі кайло. У выніку адзін забіў другога. Гэта здарылася ў перапынку на полудзень. Міронаў абурыўся, што Капаз без дазволу ўзяў яго кайло. Пачалася дробязная сварка. Міронаў назваў Капазава «зверь» (абразлівая мянушка «инородцев»). Капаз выхапіў нож з похвы і ўсадзіў яго проста ў сэрца Міронаву. Кроў фантанам. Хапіла аднае хвіліны, каб аддзяліць душу ад цела. Міронаў толькі і паспеў сказаць: «Ну, усё!» У часе сваркі ён сядзеў у бараку ў адной бялізне і латаў вопратку.

Да барака заставалася кіламетры тры. Я прыспешыў хаду і калі падышоў да барака, Міронаў ужо ляжаў знадворку ля парога, прыкрыты з галавой кароткай байкавай бруднаватай коўдрай, з-пад якой тырчэлі пажоўклыя босыя ногі. Я адхінуў коўдру з твара Міронава. Смерць ужо паклала на ім свой адбітак. Калыма паглынула яшчэ адно жыццё, чым былі адзначаны ўлазіны ў таежным бараку.

Тапчан Міронава стаяў пры пераковай сцяне, што аддзяляла бакоўку, у якой асобна месціліся два дзесятнікі. Я зайшоў у барак. Усе былі ў прыгнечаным стане. У тым ліку і Капаз. Нехта прыцягнуў маю ўвагу да сцяны над тапчаном Міронава. На склюдаваным бервяне за дзень да смерці Міронаў напісаў чатырохрадкоўе (здаецца, з верша Дзяніса Давыдава):

 

Пусть смерть пугает глупый свет,

Но нас бояться не принудит.

Пока мы живы - смерти нет,

А смерть придет, так нас не будет.

 

Што гэта? Адчуванне блізкай смерці ці выклік ёй? Меркаваць не бяруся.

Я папрасіў Капаза, каб ён зайшоў у бакоўку дзесятнікаў для гутаркі, і пайшоў з барака, міма трупа Міронава, у другія асобныя дзверы. Капаз ішоў за мной следам. Апынуўшыся ў бакоўцы, я спытаў у Капаза, за што ён забіў Міронава. Ён мне адказаў з выразным акцэнтам: «Он меня назвал зверем. Я не стерпел и убил его ножом». Я запытаўся:

- А дзе нож?

- Я забросил его в тайгу.

Я папрасіў Капаза пайсці знайсці нож і аддаць яго мне. Капаз пакорліва пайшоў з бакоўкі. Праз адчыненыя дзверы я назіраў за ім. Ён сапраўды адышоўся метраў 40-50 і пачаў прыглядацца долу. Дзесятнікі, што прысутнічалі пры нашай размове, не ўхвалілі мой намер абяззброіць Капаза. Праз хвіліну-другую Капаз знайшоў нож, прынёс яго ў бакоўку і палажыў перада мной на самаробны стол. Я схаваў нож у палявую планшэтку.

Побач з высокай расейскай дваранскай і народнай культурай раўналежна заўсёды крочыла цвёрдым поступам і расейскае нахабства, расейскае хамства, асабліва ў дачыненні да «инородцев». Карані гэтых з'яваў у імперскім мысленні часта завуаляваныя інтэлектуаламі пад панславізм, місіянства, выключнасць нацыі, перавагу культуры, гістарычную ролю і г. д. Ідэолагамі камуністычнай партыі быў прыдуманы тэзіс «старэйшабратняга першынства сярод роўных». Больш недарэчнага нічога прыдумаць нельга. Усім гэтым афіцыйная прапаганда атручвала мазгі адным і абражала іншых. На гэтым тэзісе былі закамплексаваныя, «зацыкленыя» масы людзей. Як вынік распаўсюдзіліся абразлівыя мянушкі, дапасаваныя да перыферыйных народаў. Не самі ж на сябе яны прыдумвалі гэтыя мянушкі. Да прыкладу: румыны і малдаване - «мамалыжники», украінцы - «хохлы», беларусы - «бульбаши», палякі - «пшеки», летувісы - «лабасы», эстонцы - «чухна». Абагульнена (відаць, толькі ад этнічнага невуцтва) ўсе народы поўначы - «чурки». З той жа прычыны ўсходнія народы Азіі - «косоглазые», японцы - «мамаки», каўказцы - «чернож...» (быццам бы туды знарок заглядвалі). Агульная мянушка азіяцкіх народаў - «звери». Хамскае гыгыканне і нахабнае выскалянне на пацеху тупому расейскаму вялікадзяржаўнаму шавінізму спараджала хвалі абразлівых анекдотаў. Адышла ў мінулае хваля анекдотаў «армянскага радыё», якая прыпадала на 50-60-я гады. Усе яны расейскага хамска-фальклорнага паходжання. Запомніўся адзін (відаць, сапраўды армянскі). Вось ён: армянскае радыё спыталі: «Чаму анекдоты армянскага радыё такія бязглуздыя?» Армянскае радыё адказала: «Таму што іх прыдумляюць расейцы».

У 70-80-х гадах у часе асваення нафтавай Поўначы і залатой Чукоткі пайшла хваля паўночных анекдотаў, у якіх насміхаліся з чукчаў, называючы іх «чуркамі». Гэтая хваля анекдотаў не згасла і дагэтуль. Узнікалі гэтыя хвалі якраз у перыяд «росквіту» інтэрнацыяналізму, у пару міграцыйна-ссыльнага зліцця нацый па дырэктывах і ўтварэння ў выніку «паспяховай» нацыянальнай палітыкі партыі «новой общности - советского народа», а па сутнасці выбуховага матэрыялу ў міжнацыянальных дачыненнях. Многія не разумеюць гэтага і зараз, як не разумеў гэтага і Міронаў. Ён сарваўся, а Капаз «не стерпел».

Таму, хто будзе чытаць мае ўспаміны, неабходна ўявіць сабе маё становішча тады. Звычайна паведамляюць аб злачынстве ў міліцыю. Яе й блізка не было. Да базы разведраёна больш за сотню кіламетраў бездарожнай тайгі. Дый там толькі адміністрацыя ды вохра. Для неадкладнай медычнай дапамогі або канстатацыі смерці чалавека неабходна выклікаць лекара. Яго таксама можна было знайсці толькі за светам. А Міронава трэба было хаваць. Труп нельга было трымаць тыдзень або два. Я напісаў рапарт на імя начальніка разведраёна і прапанаваў аднаму ўзрыўніку з блатных спешна даставіць яго на Саганью. У рапарце я прасіў тэрмінова неадкладна накіраваць лекпома для канстатацыі факта смерці Міронава. Узрыўнік, узяўшы хатуль з боханам хлеба і павесіўшы сваю фінку на дзягу, адправіўся ў дарогу пешкі. Я не сумняваўся ў тым, што ён захопіць у дарогу і пару малых зарадаў выбухоўкі.

Летам дні там вельмі доўгія, а ночы - белыя. Мы знаходзіліся дзесьці на шыраце Ўхты. А гэта 62-63 градусы паўночнай шыраты. Недалёка і палярны круг. Амаль кругласутачнае святло спрыяла ўзрыўніку ў спешным выкананні майго задання.

Ад Ахмуртава Капаза я ўзяў падпіску не адлучацца з участка да пэўнага распараджэння. Яна пачыналася так: «Я - Ахмуртаў Капаз, учыніўшы забойства Міронава, абавязуюся не адлучацца...» і г. д. Пакінуць яго на Малым Омчуку лічыў немэтазгодным. Таму накіраваў яго на Вялікі Омчук да дзесятніка Явелева (былога сталага жыхара Ўладзівастока) - метысаванага нашчадка палітссыльнага каўказскага паходжання. Амаль адначасна Капаз з маёй пісулькай да Явелева, а ўзрыўнік з рапартам да начальніка разведраёна самастойна выправіліся па тайзе ў процілеглых кірунках.

На Саганьі, незадоўга да гэтага здарэння, змянілася начальства. Былы начальнік разведраёна, пасля таго як згарэў гараж, перавёўся на іншае месца працы. Магчыма, яму стала вядома аб прыгодах жонкі. Нам прызначылі новага - былога чэкіста армяніна Маркаряна. Па характары ён быў чалавек мяккі, ціхі, але ўпэўнены ў сабе. Цяжка было дапусціць, што ён пасля рэвалюцыі мог кагосьці там расстрэльваць. Але ж людзі кажуць, што ў ціхім балоце чэрці растуць. А вось руку ён сам сабе прастрэліў па-сапраўднаму неўзабаве пасля таго, як з'явіўся ў нас на Саганьі. Адбылося гэта так. З нейкай пільнай прычыны да яго ў дом глыбокай ноччу пастукаўся вохравец. Маркарян запаліў карасінавую лямпу, узяў пісталет, узвёў курок і пайшоў адчыняць дзверы. Трымаючы ў левай руцэ лямпу, ён выставіў яе наперад, каб высвеціць таго, хто стукаўся ў дзверы, а правай накіраваў у бок апошняга рулю пісталета. Але знячэўку націснуў пальцам на курок і прастрэліў сваю левую руку. Лямпа ўпала і разбілася. Вохравец таксама ўпаў - з перапуду. Карасіна разбітай лямпы загарэлася. Вялікім намаганнямі вохраўцу і Маркаряну ўдалося затушыць агонь.

Жонка Маркаряна - былая оперная спявачка ці то Казанскай, ці то Свярдлоўскай оперы, пульхная маладзіца. Яна мела прыемны моцны голас. Я чуў яе ў Ягадным, калі прыязджаў да нас на гастролі з Магадана вядомы спявак тых гадоў Вадзім Козін - на той час зэк. Яна таксама выступала там самадзейна. Калі Козін з'явіўся ў Магадане, то пра гэта паведаміла «тарбазное радыё» па ўсёй Калыме. «Тарбазным радыё» называлі неафіцыйныя чуткі (ад слова «тарбаза» - абутак абарыгенаў). Згодна з гэтымі чуткамі, Козіна захапіла з сабой (нібы набыла як прыгоннага), вяртаючыся з Масквы самалётам, начальніца Магаданлага Грыдасава. На той час Козін сядзеў у Маскве ўжо асуджаны. Грыдасава была вядомая ўсёй Калыме і як жонка начальніка Дальстроя - генерал-лейтэнанта войск НКВД І.Ф.Нікішова.

І мне давялося быць носьбітам «тарбазнога радыё». Памятаю, у чэрвені 1941 года ў клубе пасёлка Хатыннах адбываўся нейкі пасялковы сход «вальняшак», здаецца, прысвечаны выбарчай кампаніі. Я на ім прысутнічаў. Апошнім на гэтым сходзе выступаў начальнік палітаддзела СГПУ. Ён, між іншага, сказаў прыкладна так: «Вот уже длительное время в мире идет война. Только наша страна, благодаря мудрой внешней политике товарища Сталина, находится вне войны». Пры гэтым ён «забыўся» пра вайну з Фінляндыяй, пра акупацыю прыбалтыйскіх дзяржаў ды іншае. Выступленне сваё ён закончыў усхваленнем «вождя» под бурныя апладысменты прысутных.

Сход закончыўся, і людзі нетаропка выходзілі на вуліцу. Недзе сярод апошніх выйшаў і я. Адразу кінулася ў вочы, што людзі не разыходзяцца, а, згуртаваўшыся вакол слупа, на якім вісеў чорны галоснік, слухалі радыё. Я таксама прыслухаўся і нечакана пачуў наступны ўрывак перадачы: «Советское правительство дало приказ Красной армии изгнать...» і г. д. Людзі, якія толькі што воплескамі ўхвалялі мудрую замежную палітыку «вождя», напружана, устрывожана, моўчкі слухалі радыё. Ніхто не варушыўся. Толькі энкэвэдзісты, чамусьці, замітусіліся. Аднекуль з'явілася кузаўная паўтаратонка. Яны кінуліся да машыны, пазалазілі на яе і, стоячы ў кузаве, некуды панесліся.

Праслухаўшы перадачу, я паволі пакрочыў уверх па даліне Хатыннаха на ўчастак, куды быў перакінуты на разведку рассыпнога касітэрыту (валавянага каменя). Я крочыў па трасе, што вяла на прыіск «Штурмавой» паўз свой «родны» лагпункт «Камандзіроўка Чэлюскін», з якога «вылузаўся» каля васьмі месяцаў таму. Нічога з ім не адбылося за гэты час. Ён быў на сваім месцы і спраўна дзейнічаў. На месцы была і Серпанцінка.

Я ўсім сустрэчным паведамляў навіну - казаў адны і тыя ж словы: «Пачалася вайна! Германія напала на нашу краіну!» На павароце даліны я сышоў з трасы і пакрочыў далей па буйной чэрвеньскай зеляніне роўдані, заходзіў на кожную шурфовачную лінію, дзе працавалі людзі, паўтараў адны і тыя ж словы пра вайну. Такім чынам, іншым разам толькі з дапамогай «тарбазнога радыё» чуткі даволі хутка дасягалі самых глухіх куткоў Калымскай тайгі.

Маркарян багатварыў сваю жонку і пяшчотна клікаў яе не інакш, як «Верачка». Яна, відаць, заслугоўвала такога стаўлення, была жанчына добрая, не дзяліла людзей па палітычных метках. Магчыма, яе ўплыў зрабіў Маркаряна чалавекам больш мяккім і разважлівым.

У тым часе за перавалам на Джэлгале ўжо дзейнічаў прыіск. Геолагі вялі даразведку на прылеглых тэрыторыях. Маркарян выехаў туды для азнаемлення з раёнам работ. Мой пасланец сустрэў яго там. Маркарян аператыўна адшукаў медыка і накіраваў да нас разам з узрыўніком - маім пасланцом. Прыкладна на другія суткі яны прыбылі на ўчастак.

Шурфоўшчыкі пахавалі свайго сябра Міронава як належыць, адсалютаваўшы выбухамі, зрабіўшы з дапамогай вабухоўкі глыбокую магілу ў вечнай мерзлаце. Вядома, пахавалі без труны, бо не было дошак. Насыпалі магілу са жвіру і паставілі крыж з надпісам. Так быў закладзены яшчэ адзін пагост на Калыме.

Неўзабаве побач з'явілася яшчэ адна магіла. У шурфе падарваўся Кузьма Бяздзенежны (добра не памятаю, вяцкі ці валагодскі мужык), малады, дужы, працавіты чалавек. Смерць была недарэчная. Вінаватыя былі былыя лагернікі трутні-блатныя, што працавалі на ўчастку ўзрыўнікамі. Нават адпаліць адзін-два разы на дзень шпуры і то яны ленаваліся. Таму толькі разносілі зарады і раздавалі шурфоўшчыкам. Тыя закладвалі і адпальвалі зарады самі. Кузьма затрамбаваў зарады і запаліў бікфордавы шнуры. Звычайна адбегшы ад шурфа, пачыналі лічыць выбухі. Кузьма не далічыўся аднаго выбуха. Мог прыняць такі выпадак за дэфект аднаго зарада, зацяжку або здвойванне выбухаў. Счакаўшы трохі, падышоў да шурфа. Шурф быў яшчэ мелкі, пакуль што праходзіўся навыкід. Кінуў у шурф рыдлёўку, кайло і, відаць, нахінуўся, каб скочыць у шурф. У гэты момант адбыўся зацяжны выбух. Ён у літаральным сэнсе слова раструшчыў галаву Кузьме. Хто з узрыўнікоў не выканаў свой службовы абавязак, высветліць было ўжо нельга.

Праз нейкі час халоднай восенню памёр яшчэ адзін ад крупознага запалення лёгкіх. Нават тыя, хто выжыў у зоне, засявалі іншы раз касцьмі сваімі гэтую чужую для іх зямлю.

Увечары таго дня, калі быў забіты Міронаў, я вярнуўся на асноўную базу, на Вялікі Омчук. Адразу ж Явелеў далажыў мне, што Капаз ледзь не забіў капцёра, кінуўшы ў яго паўкілаграмовую гіру. Калі капцёру стала вядома пра забойства, ён запатрабаваў ад Капаза, каб той сплаціў доўг Міронава. Узнялася сварка, якая траха не закончылася яшчэ адным забойствам. Толькі своечасовае ўмяшанне Явелева спыніла інцыдэнт. Па сутнасці, для ўзнікнення канфлікта, як і ў першым выпадку, вялікіх прычын не было. Рэч у тым, што харчы шурфоўшчыкам і ўсім іншым выдаваліся па ведамасці пад распіску. Ведамасці падаваліся ў бухгалтэрыю разведраёна, дзе ўтрымліваўся кошт забору за месяц. Хваляванне капцёра было дарэмнае. Міронаў паспеў зарабіць больш, чым спажыў.

Пазней тым вечарам прыйшоў да мяне Капаз і паскардзіўся на капцёра, выказаўшы пагрозу. Ён сказаў: «Пусть он меня не трогает. Иначе я его убью. Мне все равно, что один, что два». Давялося папярэдзіць капцёра, каб ён не чапаў Капаза, быў далей ад бяды. Словам, жыццё на ўчастку ішло па законах тайгі.

Капаз спраўна працаваў на ўчастку болей за два тыдні, пакуль не прыйшоў па яго нарад вохры. Што сталася з Капазам, мы не даведаліся. Верагодна, ягонае жыццё закончылася ў Серпанцінцы.

Закон тайгі да ўцекачоў быў жорсткі. Геолагі затрымлівалі іх, лавілі і здавалі вохры. Не бралі пад увагу, што самі многія былі зэкамі і гатовыя былі ў свой час бегчы на край свету. Тут пытанне стаяла рубам: ці мы іх, ці яны нас. Нездарма ж блатныя, перад тым як здзейсніць уцёкі, угаворвалі якога-небудзь «салажонка-фраера» ісці з імі на «мацярык». У крытычны час пераходу, калі не было ўжо чаго есці і наступаў голад, яго забівалі і з'ядалі. На жаргоне блатных гэта гучала «взять с собой в бега каптёрку».

Беглякі добра ведалі, што ў геолагаў было чым пажывіцца: здабыць харчы, зброю, вопратку, нават тапаграфічныя карты. Ім было няўцям, што па гэтых картах можна прайсці 50-100 кіламетраў тайгой ці па горнай бездаражы - і ўсё. А далей не меней дзвюх тысяч кіламетраў незнаёмага шляху да чыгункі. Далёка не ўсім удавалася туды выйсці. Гэта амаль безнадзейна. Аднак даведзеныя да адчаю зняволеныя ўцякалі, абы пазбавіцца невыносных умоваў жыцця.

Явелеў расказваў аднойчы, як яны, працуючы ў адной геалагічнай партыі, «злавілі» двух уцекачоў. Ідучы чарговым маршрутам, ён і рабочы пачулі слабы крык: «Эй! Мы беглецы! Возьми нас!» Яны пайшлі на голас і ўбачылі двух «нацменаў». У тайзе ўцекачы дахадзіліся да таго, што, згаладалыя, амаль страцілі магчымасць рухацца. Яны былі вельмі радыя сустрэчы з геолагамі. Наіўна радаваліся, што выратаваліся ад смерці. А радавацца не было падставаў. За ўцёкі «тройка» адпраўляла на Серпанцінку. Некаторыя беглякі развітваліся з жыццём у тайзе пры сустрэчы з аператыўнымі групамі вохры. Пра характар гэтых трагічных сустрэч нічога сказаць нельга. Яны пакрыты таямніцай, а тайга ніколі нічога не раскажа. Злоўленых уцекачоў вохраўцы не заўсёды прыводзілі да аддачы пад суд «тройкі». Бывала, забітых у тайзе спісвалі «на спробу ўцячы». Мой знаёмы, былы вохравец, расказваў, што дастаткова было прынесці з тайгі дактыласкапічны адбітак пальцаў рукі застрэленага або саму далонь ці хоць бы палец-ківач. Па адбітках вызначалася асоба ўцекача для спісання з уліку ў ГУЛАГу. Трупы ж пакідалі лісам і мядзведзям, а калі гэта адбывалася ля Калымы, то хавалі марскім спосабам (з каменем на шыі) або адпраўлялі плынню ў Паўночны Ледавіты акіян. Гэта таксама адпавядала законам тайгі.

Неўзабаве наш разведучастак ператварылі ў разведраён, назваўшы яго Тыллахскім. Выбралі месца для базы там, дзе сутыкаюцца даліны Малога Омчука і Тыллаха. А гэта ўсяго блізу 15 кіламетраў ад Якуцкага пасёлка Аратук. Не думаю, што якуты былі радыя нашаму з'яўленню ў іх пад бокам.

Распачалося інтэнсіўнае будаўніцтва канторы, дамоў, складоў, пякарні, лазні. Прызначылі новага начальніка разведраёна. Гэта быў Зыскін. Паводле яго словаў, ён паходзіў з каўказскіх габраяў. Таму пярэчыла яго прозвішча. Яно нагадвала прозвішчы нямецкага паходжання тыпу Ліпкін (ліб кінд), Фішкін (фіш кінд) і г. д. Як бы ні было, але ён быў носьбітам процьмы анекдотаў, якія можна было б далучыць да катэгорыі антысеміцкіх, калі б яны гучалі з вуснаў негабрая. Часцей за ўсё ў іх ліку былі побытавыя або жартоўныя. Зыскін не трымаў іх пры сабе. Адпускаў іх пры ўсякай размове, у кожным выпадку, з усялякай нагоды, што выклікала стрыманы, крыху няёмкі смех у тых, хто вымушаны быў слухаць яго. Дружнага рогату не было. Папракнуць яго ў антымесітызме было недарэчна, таму яго цярпліва слухалі, як падначаленыя свайго начальніка, калі той нешта вярзе. Ад гэтага Зыскін атрымліваў пэўнае задавальненне, іншым разам тлумачачы: «Што можна мне, вам не дазваляецца». З ім прыехала яго жонка, маладзейшая за яго, палячка. Дзе яны знайшлі адно аднаго, нам было невядома. У яе было сваё прозвішча. Мы яе паміж сабой звалі «графіня Валеўская».

З заканчэннем будаўніцтва пашыраліся штаты. З'явіліся бухгалтар, загадчык гаспадаркі з жонкай - былой зняволенай, прараб выбуховых работ, галоўны геолаг ды іншыя. Тайга абжывалася, але яшчэ жыла паводле сваіх законаў.

Аднаго разу да нас заехаў ветэрынар з Аратука. Ён вяртаўся з вышнявіны Тыллаха, дзе наведаў пастухоў, што наглядалі за статкам аленяў. Папярэдзіў нас, што ўніз па Тыллаху ідуць два ўцекачы. Калі яны з'явіліся на папасе, то ў аднаго з іх страляла якутка з дробнакаліберкі, але не трапіла. Пачуўшы гэта, Зыскін падняў па трывозе ўвесь наяўны інжынерна-тэхнічны персанал і службоўцаў, прапанаваў узяць зброю, якая ў каго была, і асабіста ўзначаліў «кампанію» па адлове беглякоў. Памалу, уважліва аглядаючы мясцовасць, пачалі прасоўвацца ўверх па даліне. Летні адвячорак змяніўся белай ноччу. Станоўчых вынікаў «кампаніі» не было. Зыскін спыніў каардынацыю дзеянняў, вярнуўся на базу, а з ім і іншыя. Засталіся толькі двое: я ды прараб узрыўных работ. Мы прайшлі да вусця Вялікага Омчука, агледзеліся, нічога не заўважылі, павярнулі назад. Паволі, моўчкі, крыху насцярожана крочылі берагам Тыллаха. Раптам бачым: на выспе шугае высокае полымя. Значыць, там уцекачы. Мы перайшлі пратоку, узялі зброю напагатоў і, ціха крадучыся, падышлі да вогнішча. Павярнуўшы свае плечы да цяпла, моцна спалі два маладыя хлопцы. Накіраваўшы на іх зброю, мы выгукнулі: «Рукі ўгару!» Хлопцы прачнуліся, селі і седзячы паднялі рукі. Пакуль я трымаў карабін напагатове, прараб абшукаў іх. У кішэнях, апрача паўкарабка сярнічак і ляза брытвы, нічога не было. З гэтакім набыткам яны адважыліся «пойти в бега». З выгляду ўцекачы-блазнюкі, але не блатныя. Высветлілася, што пасля звальнення з лагера яны працавалі па вольным найме на прыіску імя Вадап'янава. За спазненне на працу былі зноў асуджаныя і накіраваныя на Саганью, у наш былы разведраён, адкуль і збеглі. Баяцца іх не было сэнсу. Мы закінулі зброю на плячо і, ідучы побач, гутарылі. На базе Зыскін загадаў заггасу выпісаць ім паёк і паставіць іх на будаўніцтва. Як-ніяк лішнія працоўныя рукі. Вохры ў нас не было, каб пільнаваць іх. Ім так спадабалася ў нас, што яны больш не збіраліся нікуды ўцякаць. Жылі яны тут каля месяца. Потым, калі па іх прыйшла вохра, яны вельмі прасілі Зыскіна, каб пакінуў іх у сваім разведраёне. Але гэта ад яго не залежала. Лёс іх нам невядомы. Думаю, што ён незайздросны. Як-ніяк наспявала трэцяя судзімасць.

Аднойчы наш бухгалтар з другім спадарожнікам адправіліся пешкі на Саганью, каб трапіць у Ягаднае па службовых справах. Адышлі яны не болей за кіламетр, як сустрэлі невядомага чалавека, які ішоў ім насустрач па беразе Тыллаха. За плячыма ў яго хатуль, на поясе - амерыканская сякерка.

Бухгалтар спытаўся ў яго:

- Куды вы ідзяце?

Адказ быў кароткі:

- На лесанарыхтоўкі.

Незнаёмы, відаць, не ведаў, што на дзесяткі кіламетраў навокал ніякіх лесанарыхтовак не было. Бухгалтар імгненна зразумеў, хто перад ім, адскочыў метраў на пяць і накіраваў на незнаёмца сваю дубальтоўку. Спадарожнік бухгалтара адабраў у невядомага сякерку, абшукаў. Іншай зброі не было. Давялося вяртацца назад на базу, але ўжо ўтрох. Незнаёмец быў небяспечны злачынец-рэцыдывіст. Ён бы нікога не пашкадаваў. Але тут ён пралічыўся. Дастаткова яму было сказаць «Іду на Аратук» - і на яго не звярнулі б увагі. Яму б паверылі. Ды пра існаванне Аратука ён нічога не ведаў. Гэтага бегляка давялося трымаць пад замком. Бухгалтар і яго спадарожнік зноў выправіліся ў дарогу. У Ягадным паведамілі пра затрыманага ўцекача. Праз пару дзён прыйшоў нарад вохры і забраў затрыманага. Бухгалтар пазней цікавіўся ягоным лёсам. Яму паведамілі, што ўцекача прысудзілі да расстрэлу.

Калі вохры станавілася вядома, што з нейкай зоны ўцяклі зняволеныя, дык неадкладна наўздагон высылалася аператыўная група. У асноўным вохраўцы «ачышчалі» тайгу ад уцекачоў. Але і геолагі вымушаныя былі іншым разам рабіць гэта, калі ў зоне іх дзейнасці з'яўляліся небяспечныя часовыя суседзі. Такі быў жорсткі закон тайгі.

Былых зэкаў уладкоўвалі на працу па ўсёй Калыме. Пасылалі нават у суседні з намі якуцкі пасёлак Аратук. Там іх набралася бадай столькі, колькі было карэнных жыхароў. Пасылаць былых вязняў вымушалі абставіны, дакладней - недахоп рабочай сілы. У гэтым пасёлку якуты (у тым часе ўжо калгаснікі) не маглі забяспечыць патрэбы жывёлагадоўчай фермы, бо памер яе не адпавядаў колькасці наяўных рабочых рук. Вось у такіх выпадках штучна створаныя «дзіркі» затыкаліся былымі зэкамі, а часам і зэкамі. Так злучаліся «дети разных народов». Не думаю, што такое спалучэнне ў Аратуку было плённае ва ўзаемадачыненнях паміж якутамі і прышлымі. Але ж гэта адпавядала дырэктыўным устаноўкам на зліццё нацый. Не бралася пад увагу тое, што прышлыя прыносілі з сабою норавы лагернай зоны. Паводзілі сябе нетактоўна, мякка кажучы.

Тыллахскі разведраён разгортваў шурфовачныя работы вакол Аратука. Аднаго дня галоўны геолаг Дзенісяк і я пайшлі на правае ўзбярэжжа Калымы намячаць шурфовачныя лініі па далінах прытокаў. Папярэдне было дамоўлена з адным якутам у Аратуку, што ён дасць нам за плату на пэўны час каня пад уюк. Паводле дамоўленасці, з намі (пры кані) мусіў пайсці сын гэтага якута. Меркавалі прабыць у тайзе больш за тыдзень. Нам дапамаглі данесці да Калымы палатку, хлеб, харчы, інструменты ды іншыя рэчы. Падышоўшы да левага берага, насупраць Аратука мы пасігналілі стрэламі ў паветра. Ад правага берага адплыла лодка, на якой нас і пераправілі ў Аратук. У якута мы даведаліся, што ягоны сын марна ганяўся па тайзе за паўздзічэлым канём, што прызначаўся нам. Конь кінуўся са стромы ў Калыму і заплыў на выспу сярод ракі. Выбавіць яго адтуль было немагчыма. У выніку сітуацыя ўскладнілася. Мы вымушаныя былі пакінуць частку рэчаў і палатку ў Аратуку, а ўзяць з сабой столькі, колькі маглі панесці. У пасёлку я сустрэў свайго старога знаёмага па лагернай зоне. Гэта было дарэчы. У яго бараку агульнага пражывання прышлых мы і пакінулі лішні груз, які не маглі панесці на сабе, у тым ліку частку хлеба і харчоў.

Улічыўшы тое, што Дзенісяк ужо немалады чалавек, я даў яму магчымасць ісці ўлегцы, узяўшы на сябе ролю, якая прызначалася таму каню. Мы рушылі пешкі ўверх па Калыме па роўнядзі яе абалоні. Тут сопкі расступаліся на паўдзесятка кіламетраў і болей, саступіўшы месца заліўным сенажацям. Пышная трава была вышэйшая за пояс. Паплавы прасціраліся і па прытоках Калымы. У адным мы сустрэлі гурт касцоў з Аратука. Гурт складаўся з былых зэкаў. Над паплавамі стаяў прыемны водар свежага сена. Я з асалодай паспрабаваў пакасіць, тужліва прыгадаўшы сваю далёкую вёску Карзуны, што на Чэрвеньшчыне, дзе калісь клаў пракосы на лугах у даліне Волмы і Слоўсці.

Касцы кідалі стагі з жэрдкамі ў асяродку, ну як рабілася гэта ў нас у Беларусі. Раўнінны краявід шырокіх лугоў, падобных на шырокую роўдань Дняпра або Прыпяці, з той толькі розніцай, што тут небакрай засланялі сопкі. Адвечны спакой прыроды гэтых мясцін уліваўся ў душу, выганяючы адтуль трывогі ненатуральнага нашага жыцця. Але цалкам пазбыцца адчування таго, дзе мы, у якім краі, было немагчыма. Пра гэта выразна напаміналі нейкія выпадковыя дробязі. Напрыклад, занятыя працай, мы не заўважалі, куды знікаюць касцы ўвечары. Ажно яны клаліся спаць у будонах, закамуфляваных пад звычайныя стагі. Буданы не вылучаліся сярод мноства стагоў і гэта засцерагала ад нечаканага нападу ўначы. Мы спыняліся нанач дзе-небудзь ля ракі і спалі пад адкрытым небам па чарзе, ахоўваючы сон адзін аднаго са зброяй у руках. Такая пільнасць была не лішняй.

Дзенісяк быў тыповым прадстаўніком старой школы геолагаў, выхаваным на традыцыях Ленінградскага горнага інстытута. Ён жыў адзінока. Ці была ў яго дзе-небудзь на белым свеце сям'я? Невядома. Ён валодаў моцна развітой беспамылковай інтуіцыяй, але, на жаль, не кіраваўся ёю. І таму штораз шкадаваў і каяўся, што не паслухаўся яе голасу. Так бывала нават у дробязях. Памятаю, аднае раніцы, калі мы ўжо не спалі, перад намі на касе метраў за 7-10 густа села чародка далінных курапатак. Дзічына, як на далоні. Дзенісяк паціху ўзяў сваю дубальтоўку і пачаў цэліцца. Інтуіцыя падказвала, што трэба страляць неадкладна. Але ён паддаўся спакусе і пачаў вадзіць рулямі з разлікам як мага болей курапатак узяць на прыцэл. Тым часам курапаткі агледзеліся, узняліся і паляцелі, а Дзенісяк у чарговы раз пачаў каяцца. Зноў жа, калі мы галодныя вярнуліся ў Аратук, з'еўшы ў папярэднія дні ўсё, што бралі з сабою, высветлілася, што мой знаёмы «пусціў у расход» пакінуты намі хлеб, спадзеючыся вярнуць за кошт прадуктовых картак пры чарговым заборы харчоў. Але не паспеў гэтага зрабіць. А мы так спадзяваліся пад'есці, вярнуўшыся назад! Калі мы, галодныя, выйшлі з барака, Дзенісяк зноў пачаў каяцца: «Я ведаў, што так і будзе. Калі мы пакідалі Аратук, я падумаў, што лепей схаваць хлеб у тайзе. Ну мог бы знайсці яго алень ці карова, урэшце, мядзведзь. Але маглі і не знайсці. Апошняе было верагодней. А тут ведаў напэўна, што з'ядуць, але не паслухаўся інтуіцыі».

Нічога не аставалася рабіць і мы накіраваліся ў пякарню да пекара. Дзенісяк і пекар, як пажылыя людзі аднаго веку, былі добра знаёмыя. Пекар адразу адваліў нам цэлы бохан жытняга добра выпечанага свежага хлеба. Да таго часу Калыма перайшла на ўтрыманне Амерыкі. Да нас завозілася толькі амерыканская пшанічная высокага гатунку мука. Есці белы хлеб са стравамі нязвыкла, іншы раз хацелася чорнага, але яго не было. А тут, у Аратуку, яшчэ быў глыбінны завоз жытняй мукі. Я схадзіў на ферму. Якутка-даярка дала мне амаль паўвядра сырадою. На пякарні мы добра падсілкаваліся чорным хлебам з малаком. На памяць прыйшла родная вёска, дзяцінства, калі маці адвячоркам, падаіўшы карову, частавала сырадоем з акрайцам жытняга хлеба, спечанага на кляновых лістах або аеры.

Пакуль елі, тым часам старыя (Дзенісяк і пекар) гутарылі, дзяліліся навінамі. Дзенісяк расказваў пекару, што ў Магадане бачыў сапраўднага папа з доўгімі валасамі, у падрызніку і з крыжом на грудзях. Гэта было нам у навіну. Тады, пад час вайны, Сталін проста з разлікам паслабіў ціск на праваслаўную царкву. Другой навіной, паведамленай пекару, было тое, што эмгэбісты перайшлі на новую форму з пагонамі, якая нагадвала апратку царскай арміі. Таго дня мы без прыгод вярнуліся на базу разведраёна.

Так і ішло маё постлагернае, калялагернае жыццё. Думалася, што «надо мной не властен ни один начальник». На справе ж волю далі (а маглі і не даць), але шворку не адпускалі. Мы былі запрыгоненыя за Дальстроем надоўга. Нават на вайну не пускалі.

У гэтым перыядзе хлынула на Калыму хваля вязняў ваеннага часу. Адзін з іх ліку трапіў ажно да нас - на Тыллах. Гэта быў малады чалавек, не болей за дваццаць пяць гадоў. Да пачатку вайны быў на тэрміновай службе ў войску. Літаральна ў першыя ж дні вайны трапіў у палон да немцаў. Расказваў, як вялі бой за нейкую вёску на Ўкраіне. Яна двойчы пераходзіла з рук у рукі. У апошняй атацы яму дала па нагах кулямётная чарга. Куля прайшла праз мяккія тканкі нагі. Застаўся на полі бою. Недзе ў Заходняй Украіне змясцілі ў лагер ваеннапалонных. Умовы былі нечалавечыя. Надышлі восеньскія халады. Адзенне - салдацкія парткі і гімнасцёрка. Але жыццё ішло па законах палону. Немцы ганялі на працу збіраць ураджай з калгасных палёў. Аднойчы прынёс у лагер бурак і выменяў на яго ў данскога казака крапіўны мяшок. Абрэзаў вуглы, каб можна было прасунуць рукі, зрубіў дзірку для галавы. Надзеў мяшок цераз галаву, як кашулю, падперазаўся канчаром вяроўкі, так і хадзіў у гэтай самаробнай апранасе. Пазней адправілі ў Нямеччыну. Давялося быць у розных мясцінах на цяжкой працы. Горш за ўсё даймала амерыканскае бамбаванне, што накрывала тэрыторыю бомбавым дываном. Самалёты ішлі хваля за хваляй. Гінулі і немцы, але найбольш нашы ды іншыя, вывезеныя немцамі з захопленых краін Эўропы. Хавацца ад бомбаў амаль не было дзе. У канцы вайны мясціна, дзе ён знаходзіўся, апынулася на нейтральнай тэрыторыі. Нейкі час не было ні савецкіх войскаў, ні альянтаў. Кожны вырашаў сам за сябе, як быць далей. Адны ішлі на захад, другія - на ўсход. Ён пайшоў на ўсход. Нарэшце трапіў на буйны зборны пункт у Чэхаславакіі. Там пачалі фармаваць эшалоны з цялячых вагонаў для адпраўкі людзей дамоў. Эшалоны рыхтавалі дзіўным чынам. На вокны ставілі краты, на вагонах з тамбурамі - кулямёты. Калі пыталіся, навошта гэта робіцца, адказвалі: «Каб абараніць ад нападу бандэраўцаў пасля пераезду дзяржаўнай мяжы». Урэшце мяжу пераехалі, ніякіх бандэраўцаў не бачылі. Пацягнуліся тыдні. Канвой і кулямёты не здымалі, нікога нікуды не адпускалі. Нарэшце прыбылі ў порт Находку на Далёкім Усходзе. А там на карабель - і ў Магадан. У Магадане на «пункце фільтрацыі» пачаліся допыты. Асабліва старанна «фільтравалі» тых, што траплялі ў палон групамі, падраздзяленнямі. Сярод іх звычайна знаходзіўся слабы духам і воляй, ад якога вымагалі нагаворваць на іншых. Рабілі гэта з дапамогай вытанчаных здзекаў. У такіх выпадках «фільтрацыя» канчалася буйнымі тэрмінамі зняволення «за измену родине».

Усё гэта расказваў нам прысланы да нас ваеннапалонны. Яго таксама прапусцілі праз канвеер «фільтрацыі». Шчасце яго, што не было каму на яго нагаворваць. Да таго ж раненне нагі. Дзякаваў Бога за тое, што не палічылі за самастрэла. У выніку - толькі шэсць гадоў працы на Калыме на правах вольнага без права выезду на «мацярык». Карацей кажучы, далі 6 гадоў ссылкі. Яго прапусцілі праз кароткатэрміновыя курсы ў вучэльні Магадана - і ў тайгу. Такім шляхам ён трапіў з нямецкага палону ў савецкі палон.

Мы, былыя, сабраўшыся іншым разам у каго-небудзь пасядзець, пагутарыць, бралі чарку. З намі звычайна бываў і наш ваеннапалонны. Памятаю, аднойчы ён на падпітку сказаў з тугой у голасе: «Не могу себе простить, что легкомысленно совершил в жизни роковую ошибку. Надо было пойти на запад, а я пошел на восток. И вот я здесь - на Тыллахе».

Ён нам расказваў пра аднаго маладога эстонца, з якім пазнаёміўся на фільтрацыйным пункце. Гэты эстонец у свой час быў мабілізаваны як грамадзянін сваёй рэспублікі ў армію Эстонскай дзяржавы. На вернасць ёй і прысягаў. Пасля анексіі Эстоніі, праведзенай Чырвонай арміяй, ён, па сутнасці, трапіў у савецкі палон. Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз быў мабілізаваны ў Чырвоную армію як грамадзянін СССР і прысягаў на вернасць Савецкаму Саюзу. Трапіў у нямецкі палон ужо ў форме чырвонаармейца.

У немцаў стаўленне да эстонцаў было лепшае, чым да іншых. Ім казалі, што іх айчына - вялікая Германія. Яго трэцім разам мабілізавалі, але ўжо на гэты раз у эстонскае фармаванне, што ваявала на баку немцаў. Зноў прысяга, але Германіі. Пры канцы вайны трапіў у савецкі палон. Урэшце апынуўся на фільтрацыйным пункце. «Фільтратар» абвінаваціў яго ў «измене родине». Тады эстонец спытаўся ў яго:

- А дзе мая радзіма? Я служыў па мабілізацыі ў трох розных арміях. Мяне прымушалі прысягаць на вернасць тром розным дзяржавам. Каторая з іх мая раздзіма? Каторай і калі я здрадзіў?

Фільтратар сцвярджаў:

- Твая радзіма Савецкі Саюз.

Эстонец з гэтым не хацеў пагадзіцца, сцвярджаючы наступнае:

- Я не магу лічыць сваёй радзімай краіну, у якой для мяне толькі турмы і канцлагеры.

Яго асудзілі на доўгі тэрмін катаржных работ і неўзабаве выклікалі «с вещами».

Лагерны рэжым на Калыме ўстанавілі яшчэ больш жорсткі, асабліва для катаржан. Да таго ж тэрміны давалі тады больш працяглыя. Не скупіліся. Утвараліся катаржныя зоны з невыносным рэжымам. Пасцелі ім не выдавалі. Людзі спалі на голых нарах не раздзеючыся. Катаржнікі былі даведзеныя пякельным жыццём да крайняй мяжы, за якой толькі смерць. У выніку сярод іх значна ўзрасла смяротнасць, што вымусіла начальства Севвостлага памякчыць рэжым.

Пазней, калі я ўжо працаваў у геалагічных партыях, мне даводзілася ў часе камеральных работ бачыць іншым разам катаржан у пасёлку Ягаднае. Іх аднекуль прыводзілі сяды-тады на расчыстку трасы (яна праходзіла праз пасёлак) і вуліц ад снегавых заносаў. На іх, як колісь на мне, брудная лагерная вопратка, падшытая ветрам, з той розніцай, што ў іх на спінах былі нумары. Лічбы замянялі прозвішчы. Кідалася ў вочы вялікая колькасць вохраўцаў і аўчарак, што ахоўвалі катаржан. У марозным паветры над натоўпам катаржан стаяў смурод даўно немытага цела і бруднага адзення. Усё гэта ў свой час адчувалася і перажывалася самім. Нібы збоку бачыў сваё мінулае. Яно не забылася.

 

На Калымскім шляху «з варагаў у грэкі»

 

Адкрыццё буйных пакладаў золата на Калыме суправаджалася ажыятажам. Яшчэ задоўга да будаўніцтва трасы «вождь» прагнуў наяўнага рэальнага золата. Відаць, дарадчыкі пераканалі «вялікага і мудрага» ў тым, што там, на Калыме, яго запасы невычэрпныя. Апетыты разгарэліся пасля першых поспехаў разведкі і здабытнікаў. Таму, відаць, Севвостлаг быў на асаблівым становішчы ў ГУЛАГу, у МГБ і ў самога Сталіна. Бралі золата якім заўгодна коштам і спосабам. «Вождь народов» бачыў дзве выгады ад асваення Калымы: па-першае - знішчэнне «ворагаў народа» - яго ворагаў, як яму здавалася; па-другое - узбагачэнне казны. У недаступнай тайзе адкрываліся прыіскі. Туды ішлі людзі: адны добраахвотна, іншыя пад канвоем. Іх трэба было неяк забяспечыць. Для гэтага на рацэ Малтан, што ўпадае ў раку Бахапчу (правы прыток Калымы), была створаная сплаўбаза. На ёй будаваліся кунгасы. Сплаўбаза знаходзілася за пераваламі горнага хрыбта Гыдан. Грузы ад Магадана да сплаўбазы цераз перавалы цягнулі і ўлетку і ўзімку на няўклюдных санях трактары, набытыя за мяжой. Далей грузы сплаўляліся кунгасамі па Малтану і Бахапчы на Калыму, а ўжо далей - па Калыме да першых прыіскаў на Срэднекане і Ўцінай. Шлях гэты жартам называлі «из варяг в греки». А жартаваць было не варта. Ён быў вельмі небяспечны. Малтан - рака парожыстая. Мне самому давялося бачыць у рэчышчы Малтана стары паўразвалены кунгас, загнаны вадой на камяністую выспу. Ён у мой час ужо паспеў зарасці кустамі тальніка. Асабліва небяспечныя былі парогі на Бахапчы, там, дзе яна праразае гранітны масіў. Ён і называецца Бахапчынскі. На парогах гінулі людзі пад час сплаву. Імёны некаторых увекавечаны ў назовах парогаў.

На гэты «шлях» мы выйшлі геолага-здымачнай партыяй у 1945 годзе ў складзе пятнаццаці чалавек і васьмі коней з уюкамі. Тады ўжо спраўна на працягу, бадай, дзесяці гадоў дзейнічала Калымская траса з яе аўтабазамі, дыспетчарскімі, заправачнымі, дацягнутыя будаўніцтвам аж да Індзігіркі. Калымскі сплаўны шлях абязлюдзеў задоўга да нашага прыходу ў даліну Малтана. Там, дзе было людна, тайга зноў здзічэла, знікалі матэрыяльныя сляды трагічнай калымскай гісторыі.

У Магадане ў тым часе дзейнічала аэрагеадэзічнае ўпраўленне, займаючыся планамерным картаваннем тэрыторыі краю. Ці не ўпершыню мы былі забяспечаныя дакладнымі тапаграфічнымі картамі стотысячнага маштабу і аэрафотаздымкамі. Аднойчы ў маршруце, ідучы па горным хрыбце ўздоўж даліны ракі Малтан, я ўбачыў праз бінокль нейкі пасёлак, што прыляпіўся на верхняй тэрасе ракі каля самага падножжа правага схілу даліны. Людзей у пасёлку не заўважалася. Папярэдняе вывучэнне маршруту сведчыла, што на маім шляху ніякіх пасёлкаў няма. Мы добра ведалі, што даліну Малтана людзі даўно пакінулі. Я дастаў з планшэткі карту і пачаў прыдзірліва разглядаць. На ўсім лісце карты ніякіх пасёлкаў не значылася. Тады я ўзяў стос аэрафотаздымкаў. На двух ці трох суседніх здымках я заўважыў пасёлак - той, што быў перада мной. Чаму картографы праігнаравалі сітуацыю пры складанні карты, вытлумачыць не мог. Я прыйшоў да высновы, што перада мной даўно пакінутая сплаўбаза.

Са мною быў мой маршрутны работнік інгуш Мальцагаў Ахмет (у партыі былі два браты Мальцагавы). Мы з ім спусціліся з гор у даліну і насцярожана падышлі да пустога пасёлка. Асцерагаючыся, што там выпадкова могуць месціцца ўцекачы, мы пачалі метадычна аглядаць кожную будыніну. Я звычайна станавіўся са стрэльбай напагатове супраць дзвярэй, а Ахмет асцярожна, з нажом у руцэ заходзіў у будыніну. Нарэшце, апошняя будыніна, што стаіць наводшыбе. Ага, гэта будыніна вохры. На ёй прыбіты стандартны лозунг, намаляваны на дошцы: «Труд в СССР - дело чести...» і г.д. Нават і тут, як усюды, як па ўсёй краіне.

Мы зайшлі ў будыніну. Яна была лепей дагледжаная, лепей абсталяваная. Здавалася, што з яе толькі ўчора выселіліся людзі. На падлозе валяліся розныя паперы. Я падняў адну... То быў рапарт лагстарасты на імя начальніка вохры. У ім было напісана, што зняволены такі і такі адмовіўся зайсці ў ваду па пояс, калі гэта спатрэбілася пры спуску на ваду чарговага кунгаса. Па даце было відаць, што дзея разыгрывалася ранняй вясной, калі вада ледзяная. Як пакаралі ўпартага зэка, невядома.

Пустыя пасёлкі, як гэты, як на закінутым рудніку «Дняпроўскі» ды іншых, якія мне даводзілася наведваць на Калыме, заўсёды выклікалі непрыемныя пачуцці, наводзілі на роздум пра марнасць жыцця. Напэўна, і душы тых, што загінулі тут, на Калыме, косці якіх валяюцца недзе каля сопак, побач з разрабаванымі мядзведзямі магільнікамі, пакінулі гэтыя злавесныя пасёлкі. Можа, хіба толькі здані загубленых прыходзяць часам сюды. Іншы раз здавалася, што пустыя пасёлкі сталі селішчамі самога сатаны. Я звычайна пакідаў іх з цяжкай думай пра тых, каго ўжо няма, каго ўжо ніколі не будзе. Сярод іх апынуўся мой аднавясковец, мой сябар дзяцінства, былы аднакласнік па Смілавіцкай сямігодцы, Лухверчык Макар, расстраляны тут пад час разгулу гараніншчыны, не надта даўно рэабілітаваны пасмяротна. Трапілі мы сюды абылганыя даносамі таксама «сябра», таксама былога аднакласніка, толькі з другой вёскі, толькі з прыхаванымі рысамі Юды.

Мы з Ахметам пакінулі пасёлак і пакрочылі далей па беразе Малтана. Але неўзабаве дарогу перагарадзіла строма. Вада віравала пад навіслай скалой. Шляху далей не было. Агледзеўшыся, мы заўважылі круты распадак, намечаны ў скале. Па ім вада ўвесну не цячэ, а падае вадаспадам проста ў раку. Зараз ён быў сухі. Нам падалося, што па яго тальвегу можна падняцца ўгару метраў на сто і па пляскатай сопцы абысці прыжым. Ахмет палез першы, я - следам. З-пад ног сыпаўся з характэрным шоргатам друз патрэсканых гліністых сланцаў. Паступова тальвег станавіўся больш круты, больш стромкі. Да сярэдзіны пад'ёма я ўжо выбіўся з сіл. Здавалася, вось-вось пакачуся ўніз па распадку, як па крута пастаўленым жолабе або латку, разаб'юся ўшчэнт і застануся тут назаўсёды. А косці мае з часам будуць валяцца, як валяюцца па ўсёй Калыме выбеленыя косці сотняў тысяч. Думка гэтая маланкай мільганула ў галаве. Мяне апанаваў страх. Я зірнуў уніз. Там, на перакаце, стаяў па калені ў пеністай вадзе начальнік партыі Капіронаў і крычаў:

- Куды вы палезлі? Давайце назад! Я перавязу вас на лодцы!

Як гэта можна было зрабіць, бадай, ён і сам не ведаў. Лодку ж заліло. А як спусціцца?.. Рэч у тым, што надоечы мы знайшлі паўгнілую старую пласкадонку. Начальнік наважыўся правесці свой чарговы маршрут на лодцы. Мы сяк-так яе падлаталі і ссунулі на ваду. У той момант, калі мы заняліся «альпінізмам», ён падплыў да чарговага парога, што быў насупраць. Лодку закруціла на парозе, перакінула і начальнік апынуўся ў вадзе. Стоячы на перакаце рэчышча, ён з трывогай сачыў за намі і працягваў крычаць, каб мы спускаліся ўніз. А зрабіць гэта было ўжо немагчыма, як і падняцца ўгару. Я распрасцёр рукі і прыліп да скалы ўсім целам. З-пад ног усё сыпаліся дробныя абломкі сланцаў, лёгка аддзяляючыся па кліважы (дробных шчылінах) ад скалы. Ахмет Мальгацаў - дзіця гор - не разгубіўся. Ён вырас на Каўказе і для яго такія прыгоды былі не ў навіну. Ён скінуў са сваіх ног гарняцкія гумовыя чуні і закамандаваў гэта зрабіць і мне. Зрабіць гэта было не цяжка, бо чуні былі набуты ўгалоступкі. Яны, падскокваючы, пакаціліся ўніз. Іх пазбіраў начальнік. Голымі пальцамі ног я, як малпа, пачаў чапляцца за вузкія выступы скалы. Ахмет скамандаваў:

- Давай стрэльбу! - і ўзяўся за рулю. Я неяк вылузаўся з плячавога рамяня. Ахмет працягваў камандаваць:

- Трымайся за прыклад!

Так мы, счапіўшыся з дапамогай стрэльбы, сантыметр за сантыметрам пачалі прасоўвацца ўгару. Стромкасць паступова станавілася меншая і мы з неймавернымі намаганнямі вылезлі наверх. Ахмат потым казаў, што я з твару быў белы як палатно. Гэты выпадак назаўсёды адбіў у мяне жаданне займацца «альпінізмам» нават тады, калі ў гэтым была пільная патрэба.

Лёс пасёлкаў і асобных будынкаў, узведзеных па ўсёй Калыме, аднолькавы. Яны з часам станавіліся пакінутымі і закінутымі, іх разбураў час. Засталіся толькі тыя, што не страцілі свайго эканамічнага значэння. Апошнія знаходзяцца на трасе або на яе адгалінаваннях. Напрыклад, Аратукан з заводам горнаўзбагачальнага абсталявання на аснове металаломнай металургіі; Ягаднае з сваім рамонтна-механічным заводам, створаным на базе зэкаўскай мехмайстэрні; пасёлкі Іўльцінскага і Валькумейскага горнаўзбагачальных камбінатаў. Жывыя, вядома, і пасёлкі вуглекамбінатаў (асновы энергетыкі Калымы) - Хасыньскага, Эльгенскага, Аркагалінскага, Зыранскага. Каменнавугольныя радовішчы Калымы славутыя не толькі сваімі карыснымі выкапнямі, але і былымі катаржнымі зонамі.

Думаю, што той жа лёс заняпаду напаткаў і пасёлак Хатыннах, дзе я пачынаў сваё вольнае калымскае жыццё. Залатыя россыпы ракі Хатыннах у тэмпе былі вычарпаныя, і даліна, дзе некалі лютавала смерць, пакінутая людзьмі. Сляды іх дзейнасці - пустыя адвалы адпрацаваных парод ды закінутыя лагерныя магільнікі. Зніклі запасы золата ў многіх далінах рэк, зніклі людзі, зніклі зоны, зніклі турмы, у тым ліку самая страшная (але не адзіная) - Серпанцінка, праз якую пайшла на той свет безліч людзей. У гэтым праклятым краі знікалі зоны і турмы ў адных месцах і ўзнікалі ў іншых, куды этапаваліся масы зняволеных.

 

Канец Серпанцінкі

 

На Серпанцінцы расстрэльвалі кожны дзень 30-50 чалавек пад павеццю паблізу ізалятара. Потым трупы адцягвалі на трактарных санях за сопку. Трактарысты, грузчыкі і тыя, хто закопвалі трупы, жылі ў асобным бараку. Пасля расстрэлу самога Гараніна расстралялі і ўсіх іх. Была там і іншая тэхніка: падводзілі да глыбокага шурфа з завязанымі вачыма і стралялі ў вуха або ў патыліцу (ніхто не расказваў аб якім-колечы супраціве). Серпанцінку закрылі, ізалятар зраўнялі з зямлёй, а разам і ўсе сведчанні расстрэлаў.

Напісанае вышэй (пад загалоўкам «Канец Серпанцінкі») - гэта не мае словы. Гэта словы Аляксандра Салжаніцына. Я запазычыў іх з вядомай кнігі «Архіпелаг ГУЛАГ». Двукоссі, якімі належала вызначыць чужыя словы, я апусціў знарок. Я мог бы далей працягваць трактоўку фактаў, узяўшы яе з твораў іншых аўтараў, што пісалі пра Калыму, змаўчаўшы да часу пра іх аўтарства. Чытач, бадай, не здагадаўся б, што гэта падборка з розных крыніц пра адны і тыя ж падзеі. А рэч тут у аб'ектыўнай падачы жорсткай праўды. Таму і няма супярэчнасцяў у розных сведак падзей. Праўда не бывае асабістай.

Мяне ўразіла інфармаванасць і дасведчанасць Салжаніцына пра Серпанцінку і наагул пра Калыму лагерную. У яго падача фактаў спалучаецца з дакладнай геаграфіяй «Севвостлага», наглуха закрытай сакрэтнасцю амаль да апошняга часу. А сам Салжаніцын не быў на Калыме. Значыць, сведчанні яго карэспандэнтаў вельмі дакладныя.

У зносцы да запазычанага мной урыўка Салжаніцын піша: «У 1945 годзе на Серпанціннай (маецца на ўвазе даліна ключа, дзе знаходзіўся ізалятар. - В.Ш.) адкрылі прамысловыя запасы золата (раней не ведалі яго там). І давялося здабываць паміж касцямі: золата даражэй».

У іншым месцы Салжаніцын піша: «Лютасць калымскага рэжыму вонкава была азнаменаваная тым, што начальнікам УСВИТЛага (упраўленне паўночна-ўсходніх лагераў) быў прызначаны Гаранін, а начальнікам «Дальстроя», замест камдзіва латышскіх стралкоў Э. Берзіна - Паўлаў.

......................................................

...І пачаліся «гаранінскія расстрэлы», прамыя забойствы, іншы раз пад трактарны грукат, іншы раз і без. Многія лагпункты вядомыя расстрэламі і масавымі магільнікамі: Аратукан і Палярны, і Свістапляс, і Аннушка, і нават сельгас Дукча, але болей за іншых славутыя гэтым прыіск Залацісты (начальнік лагпункта Пятроў, оперупаўнаважаныя Зелянкоў і Анісіпаў, начальнік прыіска Баркалаў, начальнік райаддзела НКВД Бураў) і Серпанцінка. На Залацістым выводзілі днём брыгады з забоя - і тут жа расстрэльвалі засаб. (Гэта не замест начных расстрэлаў, тыя - самі сабой.) Начальнік «Юглага» Мікалай Андрэевіч Агланаў, прыязджаючы туды, любіў выбіраць якую-колечы брыгаду, у нечым вінную, загадваў адвесці яе ўбок і ў напужаных скучаных людзей сам страляў з пісталета, суправаджаючы гэта радаснымі крыкамі. Трупы не хавалі, яны ў траўні загніваліся - і тады ацалелых дахадзяг клікалі закопваць іх за палепшаны паёк, нават са спіртам» (канец вытрымкі).

Я сведчу, што ўсё гэта было. Я ведаю пра гэта з уласнага досведу лагернага жыцця, з таго, што я чуў ад многіх ацалелых зэкаў, былых зэкаў, сумленных «вальняшак», нават былых вохраўцаў, што пазбавіліся ад палітачмурэння.

Калымскія цмокі, пераняўшы багаты вопыт ГУЛАГа за папярэднія гады, пачынаючы ад 1917-га, рабілі і свае «адкрыцці». Напрыклад, пахаванні расстраляных у шурфах. Першы чалавек, пахаваны на Калыме ў разведачным шурфе, быў Барыска. Яго пахавалі ў 1917 годзе якуты па неабходнасці. Масавае разавае пахаванне расстраляных з выкарыстаннем разведшурфоў адбылося пасля таго, як селевая плынь размыла магільнік Серпанцінкі, пра што я пісаў напачатку. Некага з катаў натхніў спосаб, ужыты якутамі. І са слоў Салжаніцына відаць, што гэты спосаб знайшоў сваё «прагрэсіўнае творчае» развіццё. А колькі іх, пустых, без золата, шурфоў?! Часам пакінутыя цэлыя лініі. Падводзь, страляй, запаўняй. Ні коней, ні трактара не трэба. Да таго ж разведка вядзецца безупынна. А што такое разведкавы шурф? Гэта гатовая глыбокая горная выпрацоўка, плошчай метр на паўтара, пройдзеная ў вечнай мерзлаце. Глыбіня залежыць ад геалагічных умоваў. Памятаю, на Тыллаху на некаторых шурфовачных лініях глыбіня іх сягала за трыццаць метраў. Ну, няхай сабе дзесяць метраў, няхай пяць. Усё роўна ніхто не вылезе адтуль, нават недастрэлены. Дый праца зэкаў-шурфоўшчыкаў геолагаразведкі не прападзе дарэмна. А выкарыстанне гатовых шурфоў пазбавіць ад лішніх турботаў.

Я ўпэўнены: у такім кірунку разважаў любы калымскі кат. А тым, у каго была бедная фантазія ці адсутнічаў езуіцкі практыцызм, сама рэчаіснасць падказвала, што рабіць. Напрыклад, заваліла ў штольні вязняў. Ага! Чаму б не выкарыстаць адпрацаваныя штольні, каб прываліць расстраляных, ужыўшы выбух?

Серпанцінка знікла. Яе разбурылі, бо яна была збудаваная на залатых россыпах. Але гэта не азначала, што яна не ўзнікне «лагерным феніксам» дзесьці ў іншым месцы. Адкрываліся новыя радовішчы, утвараліся новыя зоны, будаваліся новыя серпанцінкі, бо гэта адпавядала прыродзе сістэмы. Яны будаваліся з тупой, настойлівай, мэтанакіраванай бальшавіцкай упартасцю, асновай якой была канібальская ідэалогія генацыду, увасобленая ў працах і ўказаннях «отца всех народов, величайшего гения всех эпох».

Нядаўна прачытаў верш Алеся Звонака «Аляўціна» (Полымя. № 10. 1990).

Верш крылаты, у ім вольны палёт думкі, пачуццяў, успамінаў. Ёсць паэтычнае ўвасабленне фактаў. Але вось у тлумачэнні слова «Серпанцінка» ў падрадкоўніку - недакладнасць. Там напісана: «Серпанцінка - штрафны лагер на Калыме. Рэдка хто з яго вяртаўся жывым». Гэта не лагер. Нават і не ізалятар. Гэта турма, вастрог, катоўня, дзе знішчалі фізічна тых, хто туды трапляў. Хто туды трапляў, той не вяртаўся. Гэта канвеер смерці, па якім «тройка» адпраўляла на той свет масу зняволеных, у асноўным з СГПУ (Северного горно-промышленного управлення), з зон Севлага, падпарадкаванага УСВИТЛу, ды з іншых мясцін Калымы, дзе не паспелі стварыць свае катоўні. Туды, безумоўна, траплялі людзі і з прыіска Верхні Ат-Урях, дзе Алесь Звонак быў «сціплым удзельнікам вялікага будаўніцтва камунізму». (Разумею, што цытаваны выраз быў спробай выдаць самому сабе індульгенцыю, каб неяк засцерагчыся ад чарговага «хапуна»). Тое ж рабілі мы ўсе, усім ГУЛАГам. Толькі бальшыня з нас па прастаце сваёй не разумелі, не здагадваліся, што ўдзельнічаем у будаўніцтве «светлага будучага». Не здагадваліся і тыя, касцьмі якіх органы брукавалі дарогу ў «камунізм» на ўсіх шыротах і мерыдыянах краіны.

Бог мяне бараніў, хоць я бачыў Серпанцінку, яе панараму штодня ўвесь свой тэрмін, з ранку да вечара, у любую пару года. Я бачу яе нутраным зрокам і зараз, амаль фотаграфічна.

Засталося шкадаванне, што мне не давялося ўбачыць яе знішчэння.

Мне давялося сядзець у лёхах Краснадарскага НКВД, у Краснадарскай турме на Дубінцы, у Растоўдонскай турме, у Харкаўскай перасыльнай, у Кіеўскай на Лук'янаўцы, у Аршанскай гарадской, у Аршанскай этапнай, у лёхах НКВД у Менску, у Менскім Пішчалаўскім замку, у Барысаўскай турме. Мяне этапавалі ў сталыпінскіх вагонах, цялячых эшалонах, карабельных трумах і цвіндэках. Усюды былі краты, краты, краты. Здавалася, што ўвесь свет быў закратаваны. Прайшоў немалы час - цэлае паўстагоддзе. Прайшла разбуральная вайна. Знішчаліся гарады, гарэлі вёскі. А гэтыя цытадэлі гвалту ацалелі. «Не прав твой, о небо, святой приговор!»

Зрэшты, аднаго разу ў жыцці я атрымаў задавальненне ад разбурэння. Было гэта ў 1967 годзе. Геалагічная партыя з маім удзелам працавала на Барысаўшчыне, а база партыі месцілася ў Барысаве. Захацелася паглядзець на Барысаўскую турму, дзе калісьці сядзеў пасля разгрузкі Менскай турмы. Я ўбачыў руіны. Але разам з задавальненнем закралася ў душу шкадаванне. Хай бы была, толькі ў іншай якасці. Ну, скажам, у якасці музея партыйна-дзяржаўнага гвалту над уласным народам. Гэта стасавалася б з гісторыяй горада Барысава.

Паводле некаторых звестак, на месцы турмы быў Барысаўскі замак, збудаваны на выспе, аддзеленай пратокай Бярэзіны. Пратока зараз затарфована. Мікалай І пераабсталяваў замак пад турму. У гэтай якасці яна праіснавала да часоў Сталіна, калі выкарыстоўвалася інтэнсіўней, чым пры ўсіх Аляксандрах і Мікалаях.

Ну вось, здаецца, і ўсё тое, што хацелася сказаць, каб пачулі іншыя. Высвечаныя горкай памяццю асобныя эпізоды, моманты пэўнага перыяду майго доўгага жыцця, далёка не асабістыя. Высвечаныя з парушэннем храналогіі ў пераказе падзей. Мне здавался, што так лепей, выразней, рэльефней.

Я не імкнуўся адкрыць для майго пакалення (для яго рэшткаў) нешта новае пра той час. Гэта зрабіць немагчыма, бо ў асноўным яно страчана вайной, канцлагерамі нямецкімі і савецкімі, нарэшце, вычарпальным расходаваннем гадоў, адпушчаных яму генетычна. Можна лічыць, што майго пакалення як цэласнага гістарычнага пласта чалавецтва ўжо няма.

Таму, спадзяюся, мае ўспаміны пра трыццатыя, саракавыя, пяцідзесятыя, пра дні і ночы, прапахлыя крывёю нявінных ахвяраў, будуць мець нейкую карысць для маладых і маладзейшых, як папярэджанне, засцярога ад паўтарэння ідэалагічна-палітычнага апакаліпсіса. Спадзяюся на гэта.

Чуюцца іншым разам заклінанні: «Хватит про это! Сколько можно?!» Калі я чую такое, то мне прыходзяць на памяць словы Аджубея: «Не так просто развеять прах прошлого». Калі я чую гэтыя заклінанні, то разумею, што яны цудоўна «манціруюцца» са сталінізмам. Разумею, каму прыкра слухаць пра тое, што было. Гісторыя ў нас агульная і яе нельга размежаваць калючым дротам мінулага. Не атрымаецца. Ужо не атрымаецца. Памнажаючы звесткі пра наша мінулае, памнажаем скруху, жаль, тугу па мільёнах бязвінных ахвяраў.

Буду рады, калі мае ўспаміны папярэдзяць некага ад ідалапаклонства нашаму мінуламу. Калі-нікалі бачу і чую, як камусьці хочацца зноў ператварыць нас у ідалапаклоннікаў, замяніць адну ману другой. Мы ўжо нажыліся дэкрэтыўнай «праўдай», дырэктыўнай «праўдай», якая на паверку сталася хлуснёю. Няма свабоды там, дзе няма свабоды праўдзе. Гэта словы Вацлава Гавэла - чалавека, які ведае ім цану.

Нам не абысціся без палітычнага вымярэння падзей мінулага. Дапушчанае зло нельга паправіць. Важна зноў не дапусціць. Я даў сваё асабістае сведчанне для гісторыі пра гады маладосці майго пакалення, пра ідэалагічна замацаваны тым часам генацыд, даў, прысягнуўшы свайму сумленню, не крывячы душою. Часам чутны заклікі жыць так, як жылі мы, старыя. Гэта - голас спевакоў тае самае песні. Другой яны не ведаюць. Не варта слухаць спевы ідэалагічных сірэнаў.

Не папракніце мяне ў іроніі. Без іроніі нельга асэнсаваць мінулае. Таму ёсць яскравы прыклад: даклад Хрушчова ХХ з'езду.

На памяць прыйшлі чыесьці словы: «Партыя надзімала сталінскія ветразі, накіроўваючы краіну на рыфы». Мы зараз сядзім на іх. Маладым рабіць высновы са створанага і натворанага намі.

 

ПЕРАЖЫЎШЫ ГУЛАГ

 

На турэмных, этапных, лагерных перакрыжаваннях я сутыкнуўся з тысячамі і тысячамі лёсаў. Я бачыў мноства людзей, абвінавачаных і асуджаных ці бяссудных, але ні ў чым не вінаватых, акрамя крымінальнікаў («бытавікоў»). Але апошніх было няшмат у параўнанні з вялізнай масай палітычных, якія колькасна пераўзыходзілі ўсіх іншых.

Вядома, сярод «бытавікоў» было таксама шмат незаслужана жорстка пакараных паводле сталінскіх драконаўскіх законаў за дробныя крадзяжы, якія часта ўчыняліся з галадухі, за збор каласкоў на калгасных палях ды іншае. Усе яны безагаворачна падводзіліся пад гэтак званы закон «ад сёмага восьмага» («за крадзеж сацыялістычнай уласнасці»), на падставе якога атрымоўвалі круглыя дзесяткі. Яны неслі свой лагерны крыж нароўні з тымі, хто ўчыніў больш цяжкія крымінальныя злачынствы.

Масавы «чысцец» працоўных вынішчальных лагераў непазбежна прыводзіў чалавека да аб'ектыўных ацэнак таго гістарычнага часу, вызваляў ад памылковых поглядаў. Хоць праўда не заўсёды спасцігалася лёгка, у рэшце рэшт рэчаіснасць усё ставіла на свае месцы, лагічныя ацэнкі вынікалі з рэальных фактаў. А іх, фактаў, было аж занадта. Аднак сустракаліся і такія зэкі, якія лічылі сябе «святымі», а ўсіх астатніх - «грэшнымі». Гэта было або шчырае перакананне, або памылка, а іншым разам - крывадушнасць. Такі кожнага лічыў ворагам народа, а сябе - непавінна пацярпелым. Яму, як і набожнаму чалавеку, лягчэй было пераносіць нягоды лагернага жыцця. Ён спадзяваўся, што «бацька народаў» урэшце «разбярэцца» ва ўсім. Але дарэмна! Гэтакіх людзей сустракаў і летапісец ГУЛАГа пісьменнік Салжаніцын, пра што ён напісаў у сваім сусветна вядомым творы «Архіпелаг ГУЛАГ».

У той час шмат хто зазнаў жахі «золатаздабычы», але найбольш гэта закранула габрайскае насельніцтва мястэчкаў і гарадоў, у першую чаргу дробных лавачнікаў, якія займаліся гандлем да рэвалюцыі і ў перыяд нэпа, рамеснікаў. «Кампетэнтныя органы» здагадваліся, што менавіта гэты пласт насельніцтва перасякала самая багатая «залатаносная жыла». Залатыя запасы яе вычэрпваліся тым хутчэй, чым больш люта працавалі рэпрэсіўныя органы.

Каб мець уяўленне пра становішча, што склалася на той час, нагадаю пачатковую гісторыю грашовага абарачэння ў краіне ў першыя гады савецкай улады. Выпуск савецкіх папяровых грошай суправаджаўся неверагоднай інфляцыяй, якая нарастала з кожным днём. Грошы страцілі ўсялякую вартасць і іх проста ігнаравалі. Ролю грошай выконваў хлеб. Цэны на тавары і паслугі вызначаліся пудамі ці фунтамі хлеба. Адначасова ў абарачэнні ў прыватным гандлі і паміж прыватнымі асобамі знаходзілася залатая валюта царскай чаканкі, якая была да пачатку рэвалюцыі на руках у насельніцтва. Дэнамінацыя, праведзеная пад час нэпа, стабілізавала савецкі рубель, і ён лёгка канкураваў з царскім золатам. Быў перыяд, ва ўсялякім разе ў Беларусі, калі 10 рублёў царскага золата катыраваліся як 9 рублёў савецкіх.

Да пачатку 30-х гадоў царскае золата поўнасцю знікае з абарачэння ў прыватным гандлі і ў здзелках паміж прыватнымі асобамі. Яно асядае на руках у насельніцтва як зберажэнні «на чорны дзень». Пакуль царскае золата знаходзілася ў неафіцыйным абарачэнні, дзеячам дзяржбанка не прыходзіла ў галаву думка зрабіць выгадны для насельніцтва і дзяржавы абмен яго на савецкія грошы або правесці пераважную скупку. А як толькі яно знікла з абарачэння, «правадыр народаў» адчуў ягоны смак. Неадкладна з дапамогай рэпрэсіўных органаў пачалося задавольванне прагі. Чалавека маглі арыштаваць і катаваць па падазрэнні, што ён мае царскую залатую валюту. Да яе залічаліся і нацельныя крыжыкі, ланцужкі, шлюбныя пярсцёнкі з золата ды іншае. Арыштаванага катавалі да таго часу, пакуль ён не згаджаўся аддаць, што меў, вядома, без кампенсацыі, як і пры ўсялякім іншым грабяжы. Горш было таму, каму не было чаго аддаць.

Пазней адзін з пацярпелых пад час «залатой ліхаманкі» распавядаў мне, як людзей шчыльна набівалі ў камеру, а потым напаўнялі камеру гарачай парай. Адначасова бразгатлівая талерка рэпрадуктара крычала на ўсю моц, у духу інтэрнацыяналізму, на чатырох мовах - расейскай, беларускай, габрайскай і польскай: «отдай деньги», «аддай грошы», «гіп гелд», «отдай пінендзы». Мала хто вытрымліваў.

Сталін, якога прапаганда абагаўляла, дзейнічаў у адпаведнасці з формулай «савецкая ўлада - гэта я», стварыўшы магутны апарат тэрору, падначалены толькі яму. Ужо тады ён цвёрдай нагой стаў на шлях злачынстваў і цалкам заслугоўваў нянавісці. Для большай пераканаўчасці нагадаю словы вядомага гісторыка Роя Мядзведзева, выказаныя на гэты конт у яго кнізе «Старонкі мінулага»: «Рэпрэсіі 30-х гадоў завяршылі даўно задуманую ўзурпацыю Сталіным улады ў краіне і ў партыі, якая праводзілася паэтапна. Яшчэ пры канцы 20-х гадоў яго не без падстаў называлі дыктатарам» і далей: «Зразумела, узурпацыя ўлады Сталіным не была зменай толькі знешняй формы Савецкай ўлады. Па сутнасці, гэта быў частковы контррэвалюцыйны пераварот...»

Усохлая рука «правадыра» шчодрай жменяй сеяла насенне шалёнай злосці, сутыкаючы людзей па прынцыпе «падзяляй і валодай». І гэтае насенне прарасло глыбокай нянавісцю да самога «правыдыра», яго блізкага і далёкага атачэння і рэпрэсіўных органаў з боку той часткі насельніцтва, якая была ўкінута ў крывавы вір рэпрэсій. Усё гэта вылілася пад час Вялікай Айчыннай вайны звядзеннем рахункаў, сляпой помстай, шырокім распаўсюджаннем калабарацыянізму на акупаваных тэрыторыях. Гэтая ўсохлая жорсткая рука, па сутнасці, штурхнула ў абдымкі акупантаў значную частку тых, хто пацярпеў. Глеба для гэтага была падрыхтавана ўсім жахам перадваеннай рэпрэсіўнай палітыкі. Пацярпелыя ад «боства» былі гатовыя служыць д'яблу.

Рэпрэсіі ў Беларусі, як і ва ўсёй краіне, дасягнулі сваёй кульмінацыі ў 1937-1940 гадах. У той час яны былі даведзены камандай Цанавы да крайніх межаў на тэрыторыі далучанай Заходняй Беларусі, дзе органы ў сваіх злачынствах дайшлі да бяссудных расстрэлаў па загаддзя складзеных спісах. У выніку крывавай бойні мноства людзей прапалі без звестак, г.зн. бясследна зніклі ў НКВД, які стварыў сістэму шматлікіх Курапат.

У паважанай рэспубліканскай газеце ад 17 жніўня 1988 года змешчаны рэпартаж спецыяльнага карэспандэнта В.Гойтмана з паседжання нефармальнага аб'яднання «Талака». Пад тэкстам дзве рэпрадукцыі з фатаграфій часоў акупацыі. Газета міжволі выказала пашану Гітлеру, змясціўшы яго партрэт. Праўда, мэта была іншай: выкарыстаць гэты партрэт у якасці «пудзіла», каб адпудзіць моладзь ад «Талакі». Але гаворка не пра гэта. Як адзначана вышэй, фатаграфіі адносяцца да перыяду 1942-1943 гадоў. Пасля Кастрычніка прайшло 25-26 гадоў. А на здымку пад сцягамі беларускай нацыянальнай сімволікі 12-14-гадовыя хлапчукі, у мінулым савецкія школьнікі і піянеры. Першамайскіх усмешак на іх тварах няма. Што пасялілася ў іх душах?.. Міжволі ўзнікае пытанне: а дзе іх бацькі? Можа, у Курапатах? А можа, на Калыме? Ці знаходзяцца іх бацькі ў ліку тых двух з паловай мільёнаў ахвяр беларускага народа, названых В.Гойтманам? Ці ёсць яшчэ іншая статыстыка, якая доўга замоўчвалася і замоўчваецца? Гэтая закрытая статыстыка характарызуе «фашызм» нашай уласнай гадоўлі. Хлапчукі тыя паміж дамарослым і чужым фашызмам, як зерне паміж камянямі жорнаў.

Калабарацыянізм меў месца не толькі ў Беларусі. Дастаткова нагадаць Расейскую вызваленчую армію генерала Ўласава. Узнік калабарацыянізм у асноўным на глебе, шчодра палітай крывёю ахвяраў сталінскага тэрору і самадурства.

Людзей часцей за ўсё арыштоўвалі па даносах. На пачатку 30-х гадоў пачаў фармавацца «корпус» сексотаў (сакрэтных супрацоўнікаў органаў) з амаральных, подлых, зайздрослівых, карыслівых, баязлівых людзей, кар'ерыстаў, інтрыганаў, зваднікаў, для якіх не было нічога святога. Ім належала на ўсю моц выявіць свае «таленты» ў другой палове 30-х гадоў. Гэтым людзям былі невядомы такія паняцці, як гонар, абавязак, сумленне, сяброўства, каханне, сямейныя і сваяцкія сувязі. Яны ўвесь час прадавалі і здраджвалі, хлусліва сведчылі без згрызотаў сумлення, выкарыстоўвалі выдумкі, хлусню і паклёпы. Сваёй гнюснай дзейнасцю яны, па сутнасці, адпраўлялі за срэбранікі і без іх на пагібель сталінскім душагубам бязвінных людзей. Органы НКВД усялякімі спосабамі стараліся папярэдзіць выкрыццё сексотаў іх ахвярамі, бо яны былі патрэбныя для шматразовага выкарыстання. Здаралася, што іх фіктыўна арыштоўвалі разам з ахвярамі іх жа даносаў. У працэсе следства яны праходзілі па групавой справе, «выкрываючы» і няславячы знаёмых і сяброў, адначасова выкарыстоўваліся як падсадныя качкі ў камерах для сачэння за іншымі арыштаванымі. Звычайна іх місія заканчвалася разам з заканчэннем следства па «сваёй» групе, а ў абвінаваўчым заключэнні адным абзацам паведамлялася, што следчыя дадзеныя пра пэўнага ўдзельніка «контррэвалюцыйнай групы» (называлася прозвішча сексота) вылучаны ў самастойную асобную справу. На самой справе гэта азначала, што ён не будзе пераследавацца судом, аб чым няцяжка было здагадацца. Пасля такой маскіроўкі сексота вызвалялі з-пад фіктыўнага арышту, а група, падведзеная пад сапраўдны арышт і следства з яго ўдзелам, атрымоўвала тэрміны і ішла этапам у лагеры ці пад расстрэл.

У год Чарнобыля (1986) мне давялося працаваць на Магілеўшчыне ў геалагічнай партыі. Нейкі час геолагі размяшчаліся ў Шклове. Я ўспомніў пра Віктара Цымбарэвіча, які нарадзіўся ў гэтых мясцінах. Калісьці нам давялося разам «раскручваць» свае тэрміны на Калыме. Зацеплілася надзея на магчымую сустрэчу пасля такога доўгага расстання. Знайшоў на карце вёску Аляксандраўку. Да яе кіламетраў 15. Намерыўся ў наступную нядзелю з'ездзіць туды.

У прыгожай старой вёсцы Аляксандраўцы першымі мне сустрэліся пажылыя жанчын, якія сядзелі на лаўцы каля адной з хатаў. Апранутыя яны былі па-святочнаму, бо была нядзеля. Спынілі машыну. Падышоў, павітаўся, спытаў: ці жыве ў вёсцы хто-небудзь з палякаў па прозвішчы Цымбарэвіч? Адказ расчараваў. Я запытаў, ці памятаюць яны Віктара. Сказалі, што добра памятаюць, што ў 1936 годзе яго арыштавалі ў Менску, дзе ён вучыўся, і пра далейшы яго лёс ніхто нічога не ведае, нават сваякі, у тым ліку і старэйшы брат - пенсіянер, былы настаўнік, які жыве ў іншым раёне.

Адна з жанчын сказала: «Якія яны палякі? Яны - старажылы, такія ж беларусы, як і мы. Толькі маліліся Богу ў касцёле, а мы ў царкве. Праўда, з-за гэтай розніцы ўлады тады ставіліся да іх горш, чым да нас».

Сумны і расчараваны, я вяртаўся ў Шклоў. Па дарозе думаў пра Віктара, спрабуючы шляхам лагічных разваг прасачыць за ягоным лёсам. Пасля руплівага адбору з найбольш верагодных версій засталіся тры. Першая: мог загінуць у лагеры, не вытрымаўшы невыносных умоваў. У гэта не хацелася верыць. Ён жа быў малады, здаровы.

Другая версія больш рэальная. Яна звязаная з вайной. Не, ён не мог быць мабілізаваны ў Савецкую армію. Гэта выключана. З Калымы наогул нікога не прызывалі - ні вольнанаёмных, ні зняволеных. Патрэбныя былі золата, волава і іншыя карысныя выкапні.

Аднак калі «вялікі і мудры» вырашыў стварыць польскую армію на савецкай тэрыторыі, магчыма, па патрабаванні лонданскага польскага ўрада Мікалайчыка, то сталі збіраць палякаў, паразганяных па лагерах усёй краіны, ацалелых пасля Катыні, Асташкова і іншых месцаў пакарання смерцю. Калыма ў гэтым выпадку не была выключэннем. Падыходзілі ўсе: ваеннапалонныя і зняволеныя, заходнікі і ўсходнікі, тыя, хто адседзеў і яшчэ сядзіць, палякі і заходнія беларусы.

Я бачыў гэтых хлопцаў, памытых, паголеных, абмундзіраваных у новую лагерную робу. Яны ведалі, куды іх павязуць. Азлобленыя, не саромеліся выказваць свае пачуцці. Звычайна казалі: «Мы ім наваюем».

З такога кантынгенту пад Свярдлоўскам польскім генералам Андэрсам была сфармаваная польская армія, якую мелі намер увесці ў дзеянне на савецкім фронце. У гэтую армію мог трапіць і Віктар Цымбарэвіч.

Калі ж усё было падрыхтавана, армія забаставала. Становішча разрадзіў Чэрчыль. Ён прапанаваў перавесці армію на Захад. «Генералісімус» згадзіўся. Армія была выведзена ў 1942 годзе з Савецкага Саюза праз Каспійскае мора ў Іран, далей у Ірак і Афрыку. Усяго з СССР было выведзена 114,5 тыс. польскіх вайскоўцаў і іх сем'яў. Ці не гэтым шляхам прайшлі і ўнучкі Францішка Багушэвіча, перад тым як пасяліцца ў пасляваеннай Польшчы?

Баявое хрышчэнне армія Андэрса прыняла ў пясках Эль-Аламейна і ў Італіі пры штурме манастыра Монта-Касіна. Манастыр быў добра ўмацаваны немцамі. Яго не змаглі ўзяць войскі саюзнікаў і каланіяльныя войскі. Зламаць нямецкую абарону павінны былі палякі. У гэтым штурме выявілася ўся лютасць і нянавісць, якая сабралася ў іх душах за папярэднія гады выпрабаванняў і пакут. Узяцце Монта-Касіна аплочана тысячамі жыццяў палякаў і беларусаў. Меркаванне, што ў Італіі на брацкіх могілках спачывае і Віктар, выключыць нельга.

І нарэшце, трэцяя версія. У Савецкім Саюзе было створана другое польскае злучэнне - дывізія пад камандаваннем генерала Берлінга. У яе складзе было шмат савецкіх грамадзян польскага паходжання і іншых нацыянальнасцяў. Дывізія была ўведзена ў бой пад Оршай каля вёскі Леніна. Калі дапусціць, што Віктар не трапіў у армію Андэрса, то ён мог трапіць у дывізію Берлінга і палажыць косці ці пад Оршай, ці пад Прагай Варшаўскай. Праўда, у спісах загінуўшых пад вёскай Леніна, апублікаваных у кнізе «Память о совместной борьбе» (Масква, 1989; Варшава,1989), прозвішча Віктара Цымбарэвіча няма. Дзе б ні спачываў яго прах- на Калыме ці ў Італіі, у Беларусі ці Польшчы, - мір праху яго і вечная памяць.

У перыяд разгулу сталінскага тэрору рызыкоўна і небяспечна было мець кнігі, аўтары якіх абвяшчаліся «ворагамі народа». У атмасферы ўсеагульнага страху, якая панавала ў краіне, людзі вымушаны былі весці бесперапынную, перманентную «чыстку» асабістых бібліятэк і знішчаць іншы раз вельмі каштоўныя выданні, надрукаваныя ў Савецкім Саюзе дзяржаўнымі і кааператыўнымі ведавецтвамі ў 20-я і на пачатку 30-х гадоў, аўтары якіх былі рэпрэсаваныя. І бяда чакала таго, хто да вымушанага знішчэння кнігаў ставіўся не так сур'ёзна, як таго патрабаваў момант. Такі чалавек, апынуўшыся ў руках органаў, атрымліваў стандартнае абвінавачанне, іншы раз адзінае: «захаванне, чытанне і папулярызацыя ці распаўсюджванне контррэвалюцыйнай літаратуры». Варыяцыі маглі быць рознымі, але вынік адзін - тэрмін і лагер.

Кнігі, зразумела, пры ператрусах канфіскоўваліся і ўсё роўна спальваліся, але ўжо ў топках кацельных НКВД. Зараз, заходзячы ў кнігарні, у тым ліку і букіністычныя, я бачу іх перавыдадзенымі ці цудам ацалелымі, бяру ў рукі з душэўным хваляваннем і радуюся, што час ганенняў і на людзей, і на кнігі мінуў. Бязвінна пацярпелыя, яны, як і людзі, цяпер рэабілітуюцца. На жаль, гэты працэс ідзе не так хутка, як хацелася б, асабліва ў нас, у Беларусі.

Горш ідуць справы з архівамі, найперш з асабістымі. У адрозненне ад тыражаваных кнігаў асобныя экземпляры якіх маглі ацалець, архівы, як правіла, вяліся ў адным экземпляры і беззваротна зніклі ў жэрлах топак. Іх ўжо не адродзіш, як і бязвінна расстраляных грамадзян нашай краіны. І гэта незаменная страта для гісторыі, для культуры.

Я не думаю, што для вызначэння каштоўнасці асабістых канфіскаваных органамі архіваў пісьменнікаў, вучоных, дзяржаўных дзеячаў, што трапілі ў няміласць, прыцягваліся кампетэнтныя людзі. Тады ж побач з беззаконнасцю панавала і невуцтва. А калі і прыцягваліся, то далёка не ўсялякі мог асмеліцца сказаць праўду пра каштоўнасць архіва таго ці іншага «ворага народа», бо гэта патрабавала моцнага духу і мужнасці, якіх тады шмат каму неставала.

Ну а што маглі сказаць такія даволі вядомыя тады кансультанты, як Бэнда, Кучар і іншыя, пра каштоўнасць асабістага архіва таго ці іншага рэпрэсаванага беларускага пісьменніка? Адназначны адказ вынікае з «аб'ектыўнасці» памянёных кансультантаў. Першы нават прыдумаў для сябе абрэвіятурны псеўданім «Бендэ», выкарыстаўшы пачатковыя літары ад словаў «Бей национал-демократов» («Бі нацыянал-дэмакратаў»). З спрытам дварняка яны брахалі на ўсіх, жадаючы дагадзіць інтарэсам «правадыра», думаючы толькі пра тое, каб не гаўкнуць неўпапад.

Супрацоўнікі органаў НКВД, для якіх у той час было дасягальным асабістае жыццё кожнага чалавека, вышуквалі ў асабістых архівах разам з «крамолай» што-небудзь такое патаемнае, інтымнае, «салёнае», каб пацяшацца і задавальняць свае «інтэлектуальныя запатрабаванні» ў перапынках, калі надакучвала прымушаць арыштаваных даваць жаданыя для следства паказанні. Я памятаю, як у кабінеце майго следчага - малодшага лейтэнанта дзяржбяспекі Шэйкмана збіраліся амаль усе следчыя 4-га сакрэтна-палітычнага аддзела НКВД БССР, каб «разрадзіцца» і адпачыць ад «турбот праведных». Яны капаліся ў канфіскаванай асабістай перапісцы арыштаваных, вышукваючы што-небудзь вартае смакавання з іх пункту гледжання.Часам гэта насіла характар здзеку над чыстымі інтымнымі пачуццямі, даверанымі паперы. Яны атрымлівалі асалоду ад гэтага, практыкаваліся ў каментарах, насычаючы іх вулічнай лексікай, зусім не саромеючыся маёй прысутнасці, пакуль я сядзеў у куце ў чаканні новага раўнда допытаў. Памятаю, якую асалоду выклікала ў іх чытанне канфіскаваных у кагосьці парнаграфічных паэм сучасніка Пушкіна - даволі вядомага Івана Сямёнавіча Баркова. Яны рагаталі, як коні, гэты смех, здавалася, чутны быў на тагачаснай Савецкай вуліцы. Сама начальнік аддзела Марыя Антонаўна Губская на гэтых «хлапечніках» не прысутнічала. Гэта было ніжэй яе жаночай годнасці. З той вясёлай кампаніі акрамя прозвішча Шэйкман запомнілася яшчэ адно даволі дзіўнае прозвішча Механік (можа, хто-небудзь памятае яго «механічныя» цяжкія кулакі?). Ён быў грузны, лысы, старэйшы за іншых, у асноўным маіх равеснікаў.

Маё пакаленне... Яно было падзелена пралеглым паміж намі ценем генія смерці, які стварыў палітычнае сілавое поле д'ябальскай магутнасці. Яно раскідала нас па розных полюсах, нягледзячы на тое што ў нас былі аднолькавыя камсамольскія білеты, аднолькавыя погляды - так бы мовіць, аднолькавага полюснага знака.

У той час ажыццяўлялася сатанінскае цкаванне адзін аднаго шляхам палітычнага ўлюлюкання, вынікам чаго была непазбежная адпраўка ў лагеры, а часта і ў «свет іншы», што для майго і папярэдняга пакалення азначала самазнішчэнне. Мы былі адвольна падзеленыя на дзве далёка не роўныя часткі і змешчаны па абодва бакі фатальнай рысы. І толькі ХХ з'езд партыі і асабліва перабудова звялі нас разам - і катаў, і ахвяр, і сексотаў. Сёння, здараецца, мы жывем на адной вуліцы, часам у адным доме, але ўжо ў ролі ціхіх, малапрыкметных пенсіянераў. Я маю на ўвазе тых з майго пакалення, каму пашчасціла выжыць і дажыць да старасці. Ужо нішто вонкава не падзяляе нас, нягледзячы на тое што ў мінулым наша жыццё працякала асобна - па розныя бакі драцяной лагернай агароджы. Хіба што розніца ў сацыяльным становішчы, якая ўсё яшчэ існуе, ды памяць пра наша такое рознае мінулае.

Службоўцы органаў ні на хвіліну не дапускалі думкі, што над імі таксама можа захмарыць. Але ў іх куміра былі свае інтарэсы і, вядома, свае планы і разлікі. На маёй памяці «змена вахтаў», калі энкавэдзісты саджалі адзін аднаго, адбывалася двойчы. Першы раз, калі каманда Яжова змяняла каманду Ягоды. Другі раз, калі каманда Берыі змяняла каманду Яжова. У абодвух выпадках Сталін дзейнічаў вераломна па прынцыпе «канцы ў ваду».

Шмат якія энкавэдзісты пад час кампаній чыстак і «змены каравулаў» былі выкінуты з органаў, як рэч, што адслужыла сваё і стала непатрэбнай. У гэтым выпадку яны папаўнялі лагеры, што раней самі адпраўлялі іншых людзей. А тыя, што ажыццяўлялі непасрэднае кіраўніцтва пры рэалізацыі ўстановак на масавыя рэпрэсіі, якія зыходзілі ад «правадыра», былі вынішчаны фізічна, бо вельмі шмат ведалі. Цяпер гэта стала вядома ўсім.

Між тым іншым разам можна пачуць размовы пра бязвінна пацярпелых супрацоўнікаў органаў НКВД. Прыводзіцца нават кругленькая лічба загінуўшых - 20 тысяч. Магчыма, яна дакладная, рабіць высновы не бяруся. А вось з тлумачэннем прычынаў іх знішчэння відавочная падтасоўка. Кажуць, іншы раз афіцыйна, што яны пацярпелі з-за адмовы ўдзельнічаць у рэпрэсіях. Ну проста-такі масавае непаслушэнства і непадпарадкаванне волі «правадыра», адмова ад аднойчы і назаўсёды абранай прафесіі ката. Так яны і ішлі пакаянна ў турму? Калі і былі такія, то гэта адзінкі, якія заслужылі сабе славу «ворагаў народа, што прабраліся ў органы». Атрымліваецца, што нехта стараецца адпрацаваць алібі для тых, хто працяглы час тварыў беззаконне, здзяйсняў злачынствы. Значыць, вядуцца пошукі параметраў для залічэння катаў у ахвяры і нехта займаецца міфатворчасцю, называючы Каіна Авелем, стараючыся «падвярстаць» катаў да сапраўдных ахвяраў рэпрэсій. Задумаемся над тым, дзеля чаго гэта робіцца...

Я ніколі не бачыў на тварах тагачасных супрацоўнікаў органаў нават ценю незадаволенасці сабою, сваёй прафесіяй. Не было і следу сумневу, згрызот сумлення, раскаяння. Не было і чалавечага стаўлення да тых, хто знаходзіўся пад следствам, да арыштаваных, асуджаных. Наадварот, энкавэдзістам былі ўласцівыя грубасць, жорсткасць, садызм, фанабэрыстасць, самаўпэўненасць, самазадаволенасць. Гэта ж не жартачкі! Знакі адрознення ў іх на пятліцах (пагонаў яшчэ не было) былі на два парадкі вышэйшыя, чым у арміі пры параўнальна аднолькавых пасадах. Кожны з іх лічыў сябе «пупам зямлі», увасабленнем «рэвалюцыйнай законнасці».

Маё сутыкненне з органамі, калі не лічыць тых, хто мяне арыштоўваў, - падробленых пад старшых лейтэнантаў пехацінца і артылерыста, адбылося праз 35 дзён пасля таго, як мяне пасадзілі ў Краснадары ў сутарэнне НКВД. Я шмат часу ішоў этапам у Менск у сталыпінскіх вагонах, падоўгу адседжваючы ў турмах, пачынаючы з Краснадарскай, што на Дубінцы, у Растоўскай, Харкаўскай перасыльнай, Кіеўскай, што на Лук'янаўцы, Аршанскай. За гэты час сустрэўся з мноствам людзей асуджаных, падследных і, зразумела, страціў усялякія ілюзіі. Я ўжо ведаў, з кім буду мець справу.

У Менск наш сталыпінскі вагон прыбыў раніцай з маскоўскім цягніком. Вагон адчапілі і пакінулі на крайнім пуці паміж Заходнім мостам і вакзалам. Прыехаў «варанок» і аператыўна даставіў мяне да пачатку працоўнага дня ў будынак НКВД БССР. Людзі старэйшага пакалення добра памятаюць гэты дом на вуліцы Савецкай паміж вуліцамі Валадарскага і Камсамольскай. Там заўсёды на тратуары «прагульваўся» паставы, не дазваляючы прахожым спыняцца.

Мяне адразу прывялі ў кабінет начальніка 4-га сакрэтна-палітычнага аддзела НКВД БССР Марыі Антонаўны Губскай. Там я павінны быў пачакаць, пакуль з'явіцца прызначаны мне следчы Шэйкман. У абліччы Губскай не было нічога такога, што выдавала б у ёй монстра. Звычайная жанчына, прыкладна саракагадовага, як кажуць, бальзакаўскага ўзросту, ці то бялявая, ці то русявая, яшчэ не кранутая завяданнем, вонкава нават сімпатычная. На стале зазваніў тэлефон. Яна падняла слухаўку. З размовы можна было лёгка здагадацца, што тэлефанаваў сынок ці дачушка. Колькі ў яе голасе было жаночай, мацярынскай пяшчоты, ласкі! Яна тлумачыла, што з'есці, што апрануць, перш чым пайсці ў школу. Усё гэта не магло выклікаць нічога іншага, акрамя замілавання. Адным словам, вонкава ў ёй не было нічога адыёзнага.

А між тым па начах яна, як ваўчыха, рыскала па горадзе, калі «наш Минск усталый мирно спал», урывалася ў кватэры, дзе жылі звычайныя савецкія людзі, якія не адчувалі за сабой аніякай віны, капалася ў іх асабістай маёмасці. Яна забірала з сабою бацькоў ад дзяцей, якія крычалі немым голасам, падсвядома адчуваючы, што становяцца сіротамі. Для яе ж гэтыя дзеці былі не свае - чужыя. Нашаму «кіраўніку нацдэмаўскай групы» была зроблена вялікая «ласка» - ён быў арыштаваны самой Губскай.

Працуючы на адказнай пасадзе ў НКВД БССР у Менску, у перыяд эскалацыі тэрору гэтая жанчына прыносіла незлічоныя беды, гора, няшчасце ці смерць у Курапатах шмат каму з жыхароў горада і не толькі ім. Хто вымерае глыбіню ўсіх гэтых трагедый, хто загладзіць іх хоць бы часткова, хоць бы пакаяннем?

Мая прысутнасць у кабінеце Губскай не магла не стварыць атмасферу напружанасці. Першай загаварыла яна. Загаварыла «прафесійна». Гэта было пытанне: «Што ты ведаеш пра контррэвалюцыйную дзейнасць свайго брата Ўсевалада Шыдлоўскага?» Я адказаў, што мой брат ніякай контррэвалюцыйнай дзейнасцю не займаўся. Патрэбы ні ў гэтым пытанні, ні ў маім адказе не было. Яны павінны былі толькі разрадзіць цяжкую атмасферу маўчання.

Справа ў тым, што на той час ужо сядзела група былых студэнтаў ВПІ, у тым ліку і пісьменнік Сяргей Грахоўскі. (Мой брат і Грахоўскі былі аднакурснікамі.)

У працэсе следства нас не спрабавалі якім-небудзь чынам паяднаць. Не было нават аніякага намёку на гэта, што цалкам зразумела: чым больш «раскрытых контррэвалюцыйных груповак», тым больш шанцаў на ўзнагароды і павышэнне ў чынах.

У беларускага народа ёсць такая прымаўка: «Насіў воўк, панеслі і воўка». Неўзабаве «бліскучая» кар'ера Губскай раптоўна абарвалася. Пасля фіяска Ягоды нехта з каманды Яжова арыштаваў і Губскую, сеўшы ў яе наседжанае крэсла. Мажліва, гэта быў які-небудзь Ермалаеў ці Крупянкоў, мажліва, нехта іншы, што не так ужо істотна.

Злавесным ва ўсім гэтым было тое, што ўсе справы «ягодаўскага» перыяду, сфабрыкаваныя органамі, заставаліся ў сіле да ХХ з'езда партыі і пазней. Тэрор пры Яжове значна ўзмацніўся. У гэтым іронія лёсу такіх і больш значных пешак, як Губская, што выбылі з шулерскай злачыннай гульні на шахматнай дошцы сталінізму.

У лагер Губская не трапіла. Яе памучылі і вызвалілі «з-за адсутнасці складу злачынстваў». Праўду кажуць у народзе, што воран ворану вачэй не выдзяўбе.

Вось што піша наконт гэтага вядомы гісторык, прававерны камуніст Рой Мядзведзеў у творы, цытаваным вышэй: «Частку супрацоўнікаў НКВД знішчылі ў часы Сталіна. Некаторых пакаралі ў 1953-1957 гадах. Але шмат хто абышоўся лёгкім спалохам - іх звольнілі з пасад, якія яны займалі, і накіравалі на іншую працу ці на пенсію».

Мяне перадалі Шэйкману ў яго кабінеце. Распяразваючы свой макінтош нядаўна ўведзенай для НКВД уніформы, названай кімсьці «ягодаўкай», ён задаў мне нязначныя пытанні, імкнучыся наладзіць кантакт. У сваю чаргу я прыглядаўся да яго - будучага вяршыцеля майго лёсу. Росту ён быў сярэдняга ці нават ніжэй сярэдняга. Яго цёмныя вочы - з ледзь заўважнай касавокасцю. Чорныя, шорсткія валасы, утваралі непаслухмяную шавялюру. Калі б не ўніформа, ён выглядаў бы звычайным местачковым хлопцам, якім, уласна, і быў, бо нарадзіўся і вырас у з Мазыры. Што прывяло яго ў органы на шлях следчага, сказаць цяжка. Відаць, яму давала поўнае задавальненне тое, што студэнты - яго аднагодкі цэлымі гуртамі праходзілі праз ягоныя рукі і падводзіліся яго намаганнямі пад суды, што забяспечвала рост прэстыжу і абавязковае прасоўванне па службе. Ён належаў да катэгорыі местачковых «падонкаў» (выраз Яўгеніі Альбац), якія пацягнуліся ў органы, што лічылася прэстыжным сярод недалёкіх людзей. Такі тып выведзены паэтам Іосіфам Уткіным у «Аповесці пра рыжага Мотэлэ».

З першага ж допыту мне стала зразумела, што асаблівай цікавасці для яго я не ўяўляю. Я быў патрэбны трэцім, проста для камплекту, бо што гэта за контррэвалюцыйная група з двух чалавек? За 35 дзён майго этапавання з Краснадара ў Менск следства, па сутнасці, скончылася. Намаганнямі следства была сабрана «контррэвалюцыйная нацдэмаўская група» з чатырох чалавек у складзе трох вайскоўцаў (вайсковага фельчара, курсанта артшколы, майстра зброі) і аднаго цывільнага - студэнта. У кіраўнікі групы следствам быў «узведзены» вайсковы фельчар, які пазней загінуў на Калыме, цяпер рэабілітаваны пасмяротна з-за адсутнасці саставу злачынстваў. Фельчар даволі ўпарта адмаўляў высунутыя супраць яго абвінавачванні. Але жорсткія катаванні пад час следства прымусілі яго прызнаць усё, што паказаў студэнт. Тады вытанчана дзейнічалі «яжовыя рукавіцы». Фельчар падпісаў усё, што ад яго патрабавалі. На яго няшчасце, знайшліся і «рэчавыя доказы»: канфіскаваныя пад час арышту вершы, у якіх вынайшлі «крамолу». Хто ведае, можа, загінуў паэт, талент якога не паспеў раскрыцца.

Маё прыбыццё этапам у Менск са значным спазненнем, па сутнасці, на шапачны разбор, ужо не магло паўплываць на вынікі следства. А ці магло яно паўплываць наогул? Не мела ніякага значэння маё адмаўленне віны і непрызнанне сябе вінаватым.

Аднак Шэйкман звыкла рабіў сваю справу, не грэбуючы нават дробнымі паскудствамі і падлогамі. Допыт вёўся на расейскай мове. Да прыкладу, калі я казаў: «Он мой соученик», то следчы выкарыстоўваў сугучнасць словаў і пісаў у пратаколе: «Он мой соучастник», спадзеючыся, што я не заўважу падлогу. Даводзілася тыцкаць яго носам і выкрываць у непрыстойнасці. Аднаго разу ён абурыўся і пачаў крычаць, абзываючы мяне ворагам народа. Я адмовіўся даваць паказанні. Тады следчы выклікаў па ўнутраным тэлефоне на дапамогу Губскую. Тая каршуном уляцела ў кабінет Шэйкмана, істэрычна крычала і размахвала перад маім тварам кулакамі, аднак выцяць не асмелілася. І ўсё ж нарэшце абвастрэлае супрацьборства паміж мною і следчым скончылася кампрамісам, які выявіўся ў аднаўленні карэктнасці з боку Шэйкмана, хоць і прытворнай, няшчырай.

Абвінавачванні былі недарэчныя, надуманыя, прымітыўныя. Усялякія сяброўскія сустрэчы, дарэчы сказаць, вельмі рэдкія, якія праходзілі з нагоды сямейных урачыстасцяў ці проста так, расцэньваліся следствам як «сход групы». Допыт круціўся вакол нікчэмных фактаў, якім надавалася палітычная інтэрпрэтацыя. Абыгрывалася сяброўская размова (а мы былі сябрамі з дзяцінства), якая быццам бы калісьці адбылася, пра тое, што калгаснікі пакідаюць вёску і едуць у горад. На самой справе такой размовы ніколі не было, хоць калгаснікі сапраўды пачалі пакідаць вёску ў пошуках лепшага жыцця. Сур'ёзным абвінавачваннем лічылася «захоўванне контррэвалюцыйнай літаратуры», у разрад якой трапілі перыядычныя выданні мінулых гадоў, творы беларускіх пісьменнікаў, абвешчаных «ворагамі народа», і шэраг кніг беларускіх класікаў (Багдановіча, Купалы, Коласа), працы арыштаваных вучоных, у тым ліку і навучальныя дапаможнікі. Да крамольнай літаратуры была далучана і паэзія Ясеніна, творчасць якога характарызавалася тагачаснай крытыкай як «бандыцкае выяўленне кулацка-трацкісцкай ідэалогіі». Шэйкман гартаў перада мною рукапісныя сшыткі вершаў Ясеніна, канфіскаваныя ў мяне, лічачы іх доказам маёй віны.

Следчы ахвотна даваў мне чытаць «выбітыя» паказанні «кіраўніка групы», ад якіх апошні адмовіўся перад трыбуналам, і ніколі - паказанні студэнта. З імі я азнаёміўся праз 51 год у вайсковай пракуратуры, калі трымаў у руках тоўстую папку нашай справы з грыфам «захоўваць вечна». У ёй на пажаўцелых лістах зафіксавана ўся недарэчнасць, якая адбылася з намі тады і якая каштавала жыцця аднаму з нас траіх, адпраўленых з тэрмінамі ў лагеры.

У абвінаваўчым заключэнні адзначалася (вядома, для адводу вачэй), што следчыя матэрыялы пра ўдзел чацвертага, г.зн. студэнта, у гэтай «контррэвалюцыйнай групе» вылучаюцца ў асобную справу. Студэнт пакінуў турму, каб працягнуць вучобу і, бясспрэчна, сексоцтва.

Усе матэрыялы допытаў захаваліся ў пратаколах у выглядзе пытанняў і адказаў і толькі паказанні студэнта носяць форму маналога. З гэтага можна зрабіць, бадай, адзіную выснову: у НКВД тады існаваў нейкі каардынацыйны аддзел, дзе канцэнтраваліся і захоўваліся арыгіналы даносаў, і толькі потым, пасля арышту на іх падставе, машынапісныя копіі накіроўваліся следчым, дзе далучаліся да справы. Я зразумеў, што адпраўным пунктам, які паслужыў узнікненню нашай справы, быў названы вышэй маналог.

Такім чынам, з дапамогай сексота была «разгромлена» яшчэ адна «контррэвалюцыйная нацдэмаўская групоўка». А ў вызначэнні Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР пры пераглядзе нашай справы ў траўні 1989 года запісана літаральна наступнае: «Як вынікае з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР, а таксама архіва Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП Беларусі, у перыяд 1920-30 гг. на тэрыторыі Беларускай ССР арганізацыі «БНЦ» - «Нацдэмы» не існавала».

Там жа адзначаецца, што «студэнт», калі яго патурбавалі ў кастрычніку 1988 года, паказаў, што справа ў дачыненні да яго была спынена ў студзені 1937 года за недаказанасцю віны. З гэтага вынікае, што ён на ўсіх нашых не такіх ужо частых сяброўскіх сустрэчах прысутнічаў не як сябра, а як сексот НКВД. Фальсіфікацыя гэтых сустрэч у яго даносе адыграла сваю каварную ролю. Ён прыслужваў органам, таму не быў асуджаны разам з намі. Ён быў патрэбны органам для чарговых сцэнарыяў.

Больш чым паўстагоддзя прайшло з тых часоў. Азіраючася на мінулае, я думаю не толькі пра незлічоныя ахвяры, але і пра памагатых органаў - сексотаў, стукачоў, інфарматараў, «наседак», даносчыкаў, таптуноў, «кансультантаў», тлумачальнікаў «чысціні ідэй» і іншых. Хто яны? Фанаты? Ці тыя, хто страціў сумленне? Ці хто заняпаў духам?.. Менш за ўсё было першых, болей - апошніх. Калі б у гэты час у краіне было нармальнае становішча, то адмоўныя рысы чалавека не выявіліся б у такой агіднай форме ў характарах і дзеяннях іх носьбітаў. Яны проста заглухлі б, апынуўшыся ў рудыментарным стане. Але насенне ліха, беззаконня і самадурства легла на спрыяльную глебу. Яно дало буйныя ўсходы і, як чартапалох, заглушыла прыроджаныя чалавечыя якасці: дабрату, спагаду, літасцівасць, сумленнасць і г.д. Дайшло нават да масава-псіхозных мітынгавых патрабаванняў смерці невядома каму і невядома за што. А тыя, хто не паддаваўся масаваму псіхозу, замкнуліся ў сабе, маўчалі ў чаканні, малітоўна паўтараючы пра сябе засцярогу, выказаную Ясеніным наступнымі словамі: «Только бы мне, как ромашке, не скосили головы». А ў неабходным выпадку адпаведна дзейнічалі, падпарадкоўваючыся інстынкту захавання. Калі ўчынкі фанатаў у служэнні органам мелі сакраментальны характар, то для тых, хто заняпаў духам, - практычны. «Што мне да блізкіх? Толькі б самому ацалець». Пры вярбоўцы сексотаў вельмі добра дзейнічаў шантаж з боку органаў. Там, дзе законы, якія павінны забяспечваць правы грамадзян, не дзейнічаюць, вельмі лёгка загнаць чалавека ў тупіковую сітуацыю. І на самой справе, калі Садоўскага можна было штурхнуць на шпіянаж за мяжою, то гэткім жа спосабам іншых - на ўнутраны шпіянаж. Незалежна ад пабуджальных матываў сексоты і былі ўнутранымі шпіёнамі, што знаходзіліся на службе (платнай ці бясплатнай) у органах НКВД. Закамуфляваныя, яны ўкараняліся ў асяроддзе, у калектыў і, як чарвяточына пад карой дрэва, раз'ядалі іх, прыводзячы вызначаных ахвяраў да трагічных наступстваў.

Я яшчэ да арышту ведаў, што студэнт мае кантакты з супрацоўнікамі органаў НКВД. Не адчуваючы за сабой аніякай віны, я не надаваў гэтаму ніякага значэння і тым больш не мог прадбачыць магчымыя наступствы гэтых кантактаў. Вонкава яны былі бяскрыўдныя. Студэнт расказваў мне, што жонка аднаго буйнога энкэвэдзіста пажадала вывучаць замежную мову, каб мець магчымасць знаёміцца з замежнай (заходняй) перыёдыкай. Яна звярнулася ў студкам ВПІ з просьбай замацаваць за ёю каго-небудзь з аддзялення замежных моваў для хатніх заняткаў. Выбар прыпаў на нашага сябра, і ён стаў бываць на кватэры ў гэтага буйнога чына органаў.

Аднаго разу студэнт праводзіў сваю каханую дзяўчыну ў студэнцкі інтэрнат і затрымаўся там да глыбокай ночы. Вяртаўся ўжо амаль пад раніцу. Каля аднаго будынка адламаў галінку бэзу, якая звісала над вуліцай. Тут жа быў схоплены і пасаджаны ў сутарэнні НКВД. Раніцой допыт пачаўся з таго, як ён апынуўся і што рабіў каля гэтага будынка. Як высветлілася, у гэтым доме жыў высокапастаўлены службовец ЦК КПБ. Тлумачэнні студэнта пад увагу не прымаліся. Тады ён сказаў, што знаёмы з жонкай іх буйнога начальніка. Патэлефанавалі ёй дадому, каб упэўніцца, ці праўду ён кажа. Гэтая дама неадкладна з'явілася ў будынак НКВД і адразу строга спытала студэнта, як ён сюды трапіў. Прыйшлося расказваць: «Праводзіў студэнтку, вяртаўся і г.д.» Дама расчулена ўсклікнула: «Ах, закаханы Амур! Навошта вы яго трымаеце? Адпусціце!» І студэнт быў вызвалены. Паступова ён станавіўся сваім у гэтым асяроддзі. Слабавольны, нерашучы, баязлівы, ён быў прыцягнуты да сакрэтнага супрацоўніцтва.

Распавядаючы пра гэта, я не стаю на пазіцыі ўсёдаравання. Разам з тым разумею, што ўсе мы ахвяры малоха сталінізму - і пацярпелыя, і сексоты (ва ўсялякім разе нейкая частка з іх). Мяне хвалюе адно пытанне: ці хопіць у каго-небудзь з іх мужнасці хоць цяпер, каб напісаць пакаянныя ўспаміны? Ці выкарыстае хто-небудзь гэтую магчымасць з ліку тых, хто яшчэ жывы і здаровы і хоць крыху валодае пісьменніцкімі здольнасцямі? Такіх прыкладаў пакуль няма. А гэта сведчыць пра абсалютную маральную дэградацыю гэтых людзей.

Паводзіны студэнта былі тыповымі для сексотаў. Іх заўсёды раздзірала ўнутраная барацьба. Сумленне да пары да часу жывіла зародкі чалавечнасці, пакуль душа не аказвалася канчаткова разбуранай, спустошанай і прыгнечанай жывёльным інстынктам самазахавання ва ўмовах татальнага тэрору і самадурства, што лавінай абрынуліся на народ. Ім уласцівыя былі глухата да людскіх бедаў і пакут, бяздушнасць у дачыненнях да блізкіх, знаёмых, былых сяброў, нават сваякоў, якія трапілі па іх ці нават не па іх віне пад каток рэпрэсій.

Тым часам у ВПІ на геаграфічным аддзяленні вучылася мая сястра. Калі з намі было ўсё скончана, студэнт, як быццам нічога і не адбылося, як пасля канікул, камандзіроўкі ці адпачынку, з'явіўся ў інстытут і, можна меркаваць, працягваў «выяўляць ворагаў народа» сярод студэнцтва. Гэта ж ён быў у свой час падселены ў інтэрнат польскай секцыі. Ён перастаў вітацца з маёй сястрой без усякіх падставаў на гэта. Сустракаючыся ў калідорах інстытута, ён пагардліва праходзіў міма ці рабіў выгляд, што не заўважае яе. Такія сустрэчы пасля таго, што адбылося, зразумела, былі яму непрыемныя. Спачатку ніхто і не ведаў на геафаку пра бяду, якая напаткала нашу сям'ю. На той час быў асуджаны і мой старэйшы брат, які працаваў адказным сакратаром газеты «Піянер Беларусі» і вучыўся на газетным аддзяленні вячэрняга Камвуза імя Леніна.

Калі студэнты геаграфічнага факультэта ВПІ даведаліся, што іх аднакурсніца - сястра асуджаных «ворагаў народа», у кіраўніцтве камсамольскай арганізацыі факультэта ўзняўся лямант і ўлюлюканне. Урэшце гэта вылілася ў ганенне і патрабаванне выключыць сястру з інстытута. Рэктар баязліва пайшоў насустрач «пільнаму» камсамолу, і сястра апынулася за сценамі інстытута. Прыклаўшы нечалавечыя намаганні і настойлівасць, паабіваўшы парогі розных устаноў на працягу года, яна ўсё-такі вярнулася ў інстытут і закончыла яго на год пазней за «пільных».

Здарылася так, што студэнт, прайшоўшы праз вайну, і я - праз ГУЛАГ, вярнуліся ў Менск. Першая сустрэча была выпадковай і выклікала ў яго дрэнна схаваную збянтэжанасць. Ранейшыя дачыненні не маглі аднавіцца па зразумелых прычынах. Здараліся сустрэчы і пазней, часцей за ўсё на розных вечарынах у Доме пісьменнікаў, якія я часам наведваў. Стаўленне да мяне мянялася ў залежнасці ад кан'юнктурных зменаў у краіне. Былі выпадкі (пасля прыходу да ўлады Брэжнева), калі студэнт мяне не заўважаў. Гэта ў яго добра атрымлівалася, бо было адпрацавана з артыстызмам, набытым яшчэ ў студыі Галубка. Такія дачыненні, па сутнасці, не зазналі сур'ёзных зменаў да самой яго смерці. Зразумела, яго самаўпэўненасць і самаадчуванне з пачаткам перабудовы не маглі заставацца ранейшымі. Адчуванне пагрозы выкрыцця не садзейнічала ранейшаму душэўнаму камфорту і спакою, хоць напярэдадні перабудовы ён у адной публікацыі яшчэ жангліраваў тэрмінам «белбурнацы», запазычаным у некаторых «ідэйна чыстых» прокшаў, бажкоў і іншых пасрэднасцяў з пісьменніцкага асяроддзя.

Следчы пракуратуры БВА пры пераглядзе нашай справы палічыў неабходным патурбаваць і былога студэнта. Што ён адказваў на пытанні следчага, з'явіўшыся па выкліку, я ўжо не ведаю. Пад час наведвання следчага пасля гэтага я пацікавіўся, што сказаў студэнт. Той адказаў: «Што з яго ўзяць. Стары чалавек. У яго трасуцца рукі. Сказаў - такі быў час». А ён жа малодшы за мяне. І рукі ў яго трэсліся не ад старасці. Проста надышоў час, калі ён апынуўся ва ўладзе жывёльнага страху. Гэта ж не жартачкі - варушаць стары пыл, выклікаюць для тлумачэнняў. Магчымае выкрыццё сапраўднай ролі - а гэта пры яго рэпутацыі, набытай рознымі спосабамі, - магло ўвесці ў шокавы стан. Пры іншых абставінах ён умеў добра валодаць сабою.

 

1988-1989 гг.




Крыніца: Вячаслаў Шыдлоўскі. Рысы майго пакалення. Менск, «Тэхналогія», 2001.

Беларуская Палічка: http://knihi.com