epub
 
падключыць
слоўнікі

Венанцы Бутрым

Паралелі

 

Свіцязянскае

 

Калі навагрудскія ўбачыш прасторы,

Ракітнік разгалісты, нізкі, -

Каня супыні ля Плужынскага бору,

Каб глянуць на возера зблізку.

А.Міцкевіч. Свіцязь (пер. А.Бялевіча)

 

А за Парэччам гонкія хвоі,

вольхі - да хмар!..

І праз ляшчэўнік промняў сувоі

коцяцца ў яр...

 

А ўзбоч Парэчча - не, не сасоннік... -

бор - пры сасне сасна!

Выйдзе каторая з іх да тоні -

дасягне дна

 

адлюстраваннем узнёслай кроны

ва ўлонні вод!..

Зачараваны пошумам-звонам,

замрэ чарот...

 

...Пане Адаме, стыль легкаважны,

аднак, прабач.

Я і не лірнік балюча-сярмяжны,

і не сурмач...

 

Вузкі палетак, дробнае зерне -

ніва мая.

Рог не пратрубіць, і не паверне

Туган каня...

 

Адбушавала ў нетрах стагоддзяў.

Лось ці алень

на бераг нізкі смела выходзяць

у белы дзень.

 

Дужае цела, подых гарачы,

лёгкасць хады.

Ужо не забудзеш - ужо пабачыў!

Ужо назаўжды!

 

Здарыцца часам: з поўдня, пачую,

бура ўпарта брыдзе!

І як, счакаўшы гадзіну ліхую,

дрозд перасвіст завядзе...

 

...Як раз апошні цёмным Басфорам

паўмесяц плыў.

Ты ж бачыў грэбень Плужынскага бору!..

І поўню сніў...

 

Не мінарэта белага ззянне,

не кіпарыс.

Ліпы старое ў цёплым тумане

мяккі абрыс,

 

бедны засценак, уціснуты долу,

ростань вартуюць крыжы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Дуб свіцязянскі страсае жолуд

на брук з парыжскай імжы...

 

 

Трыпціх паэту

 

І. Чужое сваё

 

Ой, не век жа свечцы тонкай зіхацець, гарэці, -

Дагарыць яна і знікне, як і ўсё на свеце...

М.Багдановіч. Ян і Маці

 

Повязь спрадвечная: Маці і Ян,

страх за дзіцяці жыццё...

Душа не паспела набраць заган,

а цела брыдзе ў небыццё...

 

- Ці ж не рабіла ўсё, што магла?

Ці шкадавала сябе?

Горам стужэла мая сляза,

воскам па свечцы плыве...

 

- Ці ж не жадаў я долі усім

лепшай і сонечных дзён?

Нячутна ўваходзіць у хату Максім

нябачны, бо дух не відзён...

 

Маці - над Янам. А побач - ён,

воблік з пячаццю бяды:

дзень прадапошні кіруе на скон...

Шкада маладыя гады!..

 

Катарга вечная: болем чужым

спальваць на попел сябе.

Ды не дарма нараклі - Максім,

той, што звыш сілы нясе!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Доля дарогу з пустым перайшла...

І адышла назусім.

Стосік паперы. Пяро, як страла.

Ясны, апошні Максім...

 

ІІ. Дуб і бяроза

 

Гэй, пайду ж я па вуліцы

У тое поле за аколіцу...

...То не траўка-павіліка расплятаецца, -

Наша вернае каханніца канчаецца.

М.Багдановіч. Максім і Магдалена

 

Лёс разлучыў? Руку прыклалі людзі.

Кліны сталёвыя забітыя ў распіл,

адкрасаваўся, нашым будзе,

дабрацца б толькі да халодных жыл!

 

Заводзь наўскос! Грызі надзейным джалам

увішнай, нібы чмель, бензапілы!

Вядзі кругом! Лічы, што метр бязмала,

не абхапіць, дык пакрысе бяры!

 

І ўсхрыпу скрып - ламаецца жывое,

і рэхам на удар азваўся дол.

Крамянасць рук-галін патрушчанаю зброяй,

бездапаможнымі абломкамі вакол...

 

Перамаглі! Напружвай шыю, карак

і ты, рахманы конь, і ты, ліхі вазак!

Тралюй, бульдазерыст, на радасць піваварам

магутны труп пад жарты разявак!

 

Для нейкае карчомкі будуць лавы;

для бара «МЛЫН» стылізаваны ўслон.

І задаволена размесціцца кліент рухавы,

авее дух фальклорны інтэлект персон.

 

...Яе - пакінулі. Цяпер навідавоку

аголенаю існасцю, зусім адна,

у нудны дождж, у мроістую спёку,

да прыцемак, праз цемру - да відна...

 

Прымчыцца вецер, пасваволіць з голлем

і, разагнаўшы пастушковы дым,

нібы жывы, раптоўна заскуголіць

і кіне ў адзіноце назусім...

 

Душа ж у засені так любай кроны

прывыкла бавіць свой і май, і лістапад,

пяшчотаю штодня настройваць ліст зялёны

пад дабрадушны і спагадлівы пагляд,

 

бясконца паўтараючы, дзе то званчэй, то глуха,

прывычнае, знаёмае... Аднак жа - навіна!..

Бо ЁН з удзячнасцю таемнай слухае...

Бо сыпле гэты шэпт яму - ЯНА...

 

ІІІ. Варта

 

Аляксею Беламу

 

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць...

М.Багдановіч. Пагоня

 

Праз пустэчы, хмызы, абыходзячы яр,

зноў высільваем коней здарожаных.

З набрынялых пакутлівым зарывам хмар -

вараннё пасланцом устрывожаным:

 

гэты раз - не паспець, зняўся злодзей-крымчак,

зашпурнуўшы на стрэхі паходні.

Над пажарышчам чорным скрываўлены знак -

маладзік, як паўмесяц усходні!..

 

Не паспець!.. Бо ідзем ад заходняй мяжы -

ў Нёмне коней паілі надоечы.

Зноў нахабны крыжак на святым - на крыжы! -

распінае зямлю нашу, кроячы!

 

Як даўно ступаком не краналі раллі,

адно зброю сціскаем упарта.

Нам прытулак адно пры начлежным агні,

наша доля - ЗАЎСЁДНАЯ ВАРТА!

 

І сумуе сяліба, чакае сям'я.

Груша-дзічка маркоціцца голлем.

Ды ў бясконцым чаканні, аднак, спакваля

забываюць здабытчыкаў волі.

 

...Над аўчынамі пушчаў, над срэбрам вады,

нерухомай у месячным ззянні,

ад пагоні ў пагоню ляцяць праз гады -

з плоці плоць, векавечныя здані...

 

І не сціснуцца сэрцы - не пройме адчай.

І не стомяцца верныя коні.

Бо за імі, прад імі - бацькоўскі наш край...

І супынку няма для ПАГОНІ!

 

 

Восень

(урывак)

 

Дз.Шчаснаму

 

А между прочим, осень на дворе...

М.Рубцоў

 

І

Кастрычніцкая яснасць!.. Як праз шкло,

Прамытае не раз ды таўшчыні належнай,

Ільецца створанае вечнасцю святло,

Сатканае з журбы і радасці бязмежнай.

І песні горнуцца, бы ветразі плывуць,

У словах, знойдзеных і сказаных другімі.

І спее ўласнае. Збірай і не забудзь,

Што так пяецца толькі між сваімі...

 

ІІ

І пракрадзецца досвіткам туман нямы,

Абдыме кветку кожную. І стан яліны дужай.

Счакаўшы раніцу, пад сонца пойдзем мы,

Зямляк і суайчыннік - шчыры дружа -

Адчуць, як у гаі з бяроз, ляшчын, асін

Страсаецца цішком пад кірзавыя боты

Начышчаная медзь, прынадлівы кармін,

Нейтральнасць блякласці пры кроплях пазалоты.

 

ІІІ

Спакой і цішыня - не маюць меж і мер.

Ахейцы сінявы такой не сустракалі!

Халаднаваты клімат... Быў бы свой Гамер,

Калі яны Руна яшчэ і не шукалі,

А нам - элегіі, санеты... Конь сівы,

Барвовым захадам ружова фарбаваны...

І гэты вось кастрычнік! Залаты,

Да дробязей знаёмы, зноў жа - нечаканы...

 

ІV

Быў млын калісь... Праз рэшткі паляў лье

У нізкіх берагах рака струмень халодны.

Спрамляюць рэчышча. Чакае тут яе

Бетонная труба. Над ёю - мост выгодны.

Падыдзем? Пастаім, каб лепей ацаніць

Прыкметы навізны, наканаванай часам.

Цякла - як сонная, тут - пеніцца, бурліць!

І зноў спакойная - пакінулі сам-насам!

 

V

Зусім як чалавек! Ды праз матора гук

Ён нашых разважанняў не пачуе:

З навюткім кошыкам лазовым паляшук

З-пад Пінска на Наваградак шыбуе!

Да тых грыбкоў, што ў кошыку ляжаць,

Зяць прынясе што-кольвечы з сельмага...

Без кроплі ж той - ні быць, ні гасцяваць:

Адолее, замучыць смага...

 

Ах, колькі ж іх было: тых кропель, баразён,

Крывавых мазалёў, крыжа здранцвення, поту,

Дажджоў заложных, каб буяў драсён,

І тых, чаканых, ссунутых на потым!

Шчасліва, дзядзька! Ўнукаў падтрымай,

Хай доля мачыхай ніколі ім не будзе!

А розных там хвароб, нястач - о, непачаты край! -

Адолеем і куды-небудзь збудзем!

 

VІІ

Зноў цішыня. А шэранькі біплан

За хмару лепіцца ледзь бачнаю стракозкай...

 

 

* * *

 

А.Бакачу

 

...у нячуты павер запавет,

палюбі непазнаную мэту...

А.Разанаў

 

За пасмам бору, ўжо за даляглядам!.. -

па лапінах іржышча, па раллі

калі і кім пасеяна прынада?

Чые зярняты радасна ўзышлі?

 

Не быў ніколі там... А мусіць, і не буду -

што не сабраць, а дзе і не дайсці:

сплываюць дні без нашага прысуду

у хуткаплынным ручаі - жыцці...

 

Няўмольны час гадзіну за гадзінай

зрывае з дрэва існасці тваёй.

І толькі хмар і ветру безупынны

праход, пралёт і свіст над галавой...

 

А там... такая позняя ўжо восень,

што лістапад, яе апошні сын,

ужо і промня цёплага не просіць

для схаладалых, голых арабін.

 

І гнецца вецце!.. І парывам новым

страсае гронкі, бы жывую кроў,

на незаменную нічым аснову

халоднай гліны, мокрых верасоў.

 

А ўжо і прыцемкі - наканавана.

І цемра цяжкая лягла на ўсё.

А заўтра? Сонцам мо спавіты ранак,

такі, які адзін за ўсё жыццё.

 

Каб нехта ўбачыў - слаўны міг удачы!.. -

не слотай змучаны, здранцвелы лог,

а рай зямны для ўсіх - і не іначай! -

ступіўшы там, дзе я прайсці не змог.

 

 

Рэвізія

 

Федэрыка Гарсія Лорку,

паэту Гішпаніі, якога забілі фашысты

ў ноч на 19 жніўня 1936 года

 

...подых ветру забеглага...

працінае вершамі грудзі

людзей, сцірае адлегласці.

Паэт - гэта дрэва

з пладамі суму,

ад слёз па ўсім, што ён любіць...

Ф.Г.Лорка. Уступ

 

У кішэні:

металічны рубель

(як апошні салдат у апошнім акопе);

алоўка шэсць сантыметраў,

сярэдзіна верша (або пачатак);

ключ,

анальгін;

нацярушана бурага пылу

(ён, тытунь... наркатычныя здані

праз усё падарожжа - з намі...)

 

У скронях:

учарашні,

дзень сённяшні,

заўтрашні.

 

У сэрцы:

зноў паўднёвыя рытмы?

«Зялёнае, ты мне люба?»

А на зелені -

                     цёмныя плямы!

- ...А, паэт! Прыглядайся:

цябе заўтра такое ж чакае!

...І старога садоўніка, перш чым застрэліць,

бізуном хвасталі па твары,

прывязаўшы - зручней каб!.. - да дрэва.

Пасівела б, няйначай, аліва...

ды сівой яе старасць зрабіла...

...Толькі думка ляцела на волю:

зелень хвалі за белым прыбоем...

А на сінім -

         ветразь і вецер.

 

У скронях:

Homo sapiens?

Ці не надта агульная назва?

 

 

На просты лад

 

Спраў маіх існых праходзяць чароды -

прыпевы прыпеваў нямога крыку.

Сярод заходу нізкага і чароту як дзіўна,

што зваць мяне Федэрыка!

Ф.Г.Лорка. На іншы лад

 

Ні крыжа ні зоркі?

Бо няма магілы.

Ў церні дрок прагорклы

набірае сілы,

пад цыкадаў звоны

распусціў суквецце.

І наскрозь зялёны,

непадсудны вецер...

 

Успамін бязладны?

Шчырасцю юначай

на зямлі Гранады

ўсё пяе і плача!

Мае ўласны колер,

месца і найменне!..

Дзе маўчыць жывое -

там гавораць цені...

 

Прасачыла птушка,

бачыла ўсё чыста:

мараканцаў хмурных,

бледных фалангістаў.

Як трымалі ружжы,

цяжарныя стрэлам.

Каб шырэлі ружы

на кашулі белай...

 

Як чакалі ночы,

сцішваючы крокі.

Каб памерклі вочы

пад ілбом высокім...

Як зарой да стомы

чысцілі прыклады -

сімвал векапомны

жорсткасці і Ўлады...

 

І спяшаў скаціцца

месячык за хмары:

шылі бліскавіцы

змрок густы ў Віснары...

Толькі ручаіна

без журбы і мукі

сыпала няспынна

пацеркамі гукі...

 

Хто крычыць начыма,

на каньёны кліча?

Слухае хлапчына,

абмірае, ліча...

Маці ж - не да ліку,

не самкнула вочы:

- Спі, мой Федэрыка!..

Што з табой, сыночак?

 

Пойдзеш у хуглары,

каралі фіесты?

Плач і смех гітары

прыйдуць з новым зместам?

...Вецер - конна ехаў,

і вада спявала.

Ды канала рэха

выстралаў у скалах...

 

Саледад забудзе

прысмак адзіноты?

Ступіць у шматлюддзе,

запытае: - Хто ты?

Ты душой не згаснуў;

гэта ты паклікаў,

павадыр мой ясны,

смуглы Федэрыка?..

 

 

Аўтадафэ

 

...Цябе ў маім сэрцы знойдуць:

пад прысакам - зарыва поўні...

Ф.Г.Лорка. Раманс аб гішпанскай жандармерыі

 

Крыку ж ужо не чуваць -

заглушыла суцэльна віхура агню.

Падаецца ахова назад,

карабіны ўніз апусціла,

кулямёт адкаціла -

твары і рукі пячэ!..

О, вядзьмарка!

У пятнаццаць гадоў!..

Так з Інквізітара слоў.

 

І ў пякельнай віхуры адной:

усе пятнаццаць гадоў,

калыска і Яначак разам,

бабка Адэля,

шафа, куфар і кросны...

Прадзедаў гадзіннік дзівосны:

чорны,

зязюля ў акенцы

у шэрай сукенцы.

Дзюбу раскрыла для крыку.

Ды час спыніўся і ёй,

гады налічыць не зможа...

Даруй безгалосай, Божа!..

 

Адступае ахова далей -

непрыемна!

Твары і рукі пячэ,

дыхаць цяжка.

Ох, цяжка!..

 

А над чорным вуголлем - поўня...

 

Цэлы дзень быў той попел гарачым.

Сорак зім. Пяць вякоў упрыдачу.

 

 

* * *

 

Жанчына ў зялёным змроку

стаіць на верандзе ноччу...

Ф.Г.Лорка. Самнамбулічны раманс

 

Па сыходнай ступіў першы крок

па-над местам узнесены вечар...

Голас чысты, чужы, як знарок,

паўтараючы, сведчыць аб нечым...

 

Веру: моўчкі Вы ля акна,

ля расхінутых крыламі рамаў.

Вам, - надзею гадую!.. - чутна

гэта слаўная песня таксама...

 

Чэрцяць ластаўкі петлі, кругі

у шафранна падсветленым небе.

Як не побач, то ў думках - другі,

бо не я Вам, вядома, патрэбен.

 

Дробнай хваляй біскайскі прыбой

лена лашчыць пясок прыбярэжны.

А спявак з палымянай душой...

Ён клянецца ў каханні бязмежным...

 

Мо дарма не вучыў у свой час

я гарачай гішпанскае мовы!

Па-гішпанску ж уразілі б Вас

тры мае, традыцыйныя словы?..

 

...Памірае, трыванне сабраў

і лагоду сабраў усю вечар.

Што яму карагод нашых спраў?

Што яму дух слабы, чалавечы?

 

Неба з сіняга ў чорнае йдзе,

Андалузіі рытмы расталі.

Вось праб'ецца, мільгне дзе-нідзе

кропля зорнай празрыстай эмалі...

 

Толькі захад апошні рубеж -

дольку вузкую велічнай сферы -

не нахваліць - залоціць без меж,

песціць промнем агністым без меры...

 

Ды, паверце, пагасне яна,

страціць бляскі і згіне памалу...

Так юначая гіне віна

у віры паэтычнага шалу!

 

Захавайце Ваш дзіўны спакой!

Зберажыце, калі даспадобы,

той далёкі біскайскі прыбой...

Гэты вечар вышэйшае пробы.

 

 

Карыда

 

Свята,

          радасць сватай!

Ф.Г.Лорка. Карусель

 

Ад Гібралтара да тунельных пашчаў

прыдушаных цяжарам Пірэнеяў,

чарговы дзень, і дужы, і лядашчы,

шафранам жоўціцца і кобальтам сінее.

 

І вецер, то павольны, то імклівы,

на паншчыну з усходам выйшаў.

Старайся, найміт, смяглыя алівы

раўняючы і гонячы па ўзвышшы!..

 

А ўнізе - чайкі настрасалі пер'я

між стромаў Сьеры і блакітам мора?

Не, слаўны горад, белая Альмерыя,

званамі фэсту радасна гаворыць.

 

Гранат разрэзаны - яшчэ рубін, не рана.

Яшчэ ў быку не разбудзілі звера.

Чарговы выхад: перад люстрам цьмяным

карункі каўняра разгладжвае тарэра...

 

...А з перавала ўніз павольным крокам

брыдзе Алонса, парабак спрадвечны.

Насвіствае хітрун, але ў вачах глыбока

стаіўся цень засмучанасці нечым.

 

А звон вітае ўсіх, ды твой праб'е - аднойчы...

Карыда, нечаканасцей абвалам

у пустку жыл маіх ужо надоечы

ты, непаўторная, жаданнем завітала!

 

Заўжды я - пікадор стары, не болей,

мне хлеб надзённы - стравай і ласункам.

Ды лепшай не прыдумаць долі,

Танчэйшых не прыдбаць карункаў...

 

Маэстра, час! Магчыма, круг замкнецца,

апошнім першы выхад стане...

Ўтаймуем страх і супакоім сэрца:

                - VIVA ESPANA!*

 

* Жыве Гішпанія!

 

 

Дарожныя гравюры

 

І

 

...Дробныя рэчкі і ручаіны -

праекцыі жыццяў людскіх.

Ці ж не падобны?

Ты, лясная, ціхая, з чорнай вадою, -

якраз мая!

Кіламетры, гадзіны дарогі -

фільматэка, наўсцяж бясконцая,

краявідаў рэальных, прывычных...

 

Вось ён, аркуш класічна дакладны!

 

...Далягляд адступае з паваротам чарговым,

лес рассунуўшы ў бакі.

І між вольхаў маўклівых

бруіцца нячутна пятлянка,

непрыкметная рэчка. О так - мая.

Тут вось чыстай халоднай

так жаданы глыток!..

 

Паварот.

 

Меркне колер на шапках дрэў.

Дзень, аднак, дагарэў.

Мох. Іржавая асака.

Смягнуць вусны, не дачакаўшыся

так патрэбнага ім глытка.

А яна - пакручастае рэчышча -

не спыняе хады ў акіян...

 

ІІ

 

Секунды павароту:

ветравое шкло

прарэзаў клін дакладны

сіняга асфальту...

...пад самым верхам

гарызонт уздыбленай зямлі

над сціртамі саломы

мёртвымі кітамі

дыск сонечны без промняў

наліты

люмінесцэнтнасцю

касмічнай...

Як рэдка азіраемся наўкол!

Як мала заўважаем!

 

ІІІ. Каляровая літаграфія

 

Цямнее край зубчаты бора...

М.Багдановіч. Слуцкія ткачыхі

 

Зноў Случчына вакол, як стол:

ні буйных рэк,

ні гор, ні вадаспадаў.

Бясконцы шлях, запаяны ў асфальт.

Маўклівасць дрэў старых. І маладых

прысад задзірыстасць у кронах зухаватых.

Ля плыткай сажалкі размораны жывёлы гурт;

дзядоў, пры кепачках і пугах, двое,

сабака брудна-белы... Ад пылу? Пасівелы?

І, пругкім мячыкам падскокваючы спраўна,

імчыць да іх сцяжынай праз тарфянік

хлапчук з пластмасавым бітончыкам і торбай...

 

Шарэе хмыз, сінее бор далёкі

пад сферай чыстага ды вялага блакіту.

О, тонкі майстра - толькі меланхолік... -

пракладваў колер.

Каторы раз - ці не апошні? - бачу!

Яшчэ заплачу!..

 

ІV. Разрэзаны аркуш

 

Лянотны думак ход,

закалыханы рухам -

як тым жытнёвым шумам,

як шэлестам асін,

ці стракатаннем конікаў наперабой

ў траве сухой -

разломлены ушчэнт,

ураз!

 

«Мігалкаю» - па восі ўздоўж!

Выццём сірэн - наўскос,

па ўсёй дыяганалі...

Наскрозь - за гарызонт!..

І ў марыве прапалі...

 

Няшчасце.

Знак бяды.

І мёртвы сіні пробліск маячка -

сігнальнай кветкі штучнай -

балюча

па вачах...

 

Фінал.

Без фіналіста?..

 

О, дзьмухавец,

дакладнасцю прывабны, бездапаможны!

Ужо на аркушы з дзвюх палавін!..

 

V. Спадчына. Беглы эскіз

 

Завецца ж спадчына мая

Ўсяго Старонкай Роднаю.

Янка Купала. Спадчына

 

Хаты знаёмыя вёсак далёкіх,

пыл над гравійкаю, малакавоз,

новы пасёлак стандартныя блокі

вольна рассыпаў між рэдкіх бяроз...

Луг, пералескі, узгорак чупрыніцца

грыўкай ядлоўцу, дзе травы ляглі.

Мост, прагрымеў... І аб'езду суглініца

ранай спрадвечнай на смяглай зямлі...

Дзед са старою сваёй, прыадзетыя,

межамі шпарка прамуюць на шлях.

Тварык бабулін - усмешкаю лета,

хустка «у ружы» на дробных плячах...

...Як мроя, аблічча тваё выплывае,

ля вуснаў - пальца вымоўны жэст:

маўляў, прамаўчы, бо надзея слабая

пераказаць безназоўнага змест!..

Ціха ўсміхніся... Няхай мітусіцца

кнігаўка з вечным пытаннем сваім...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Узбілася, долу! Так падаем ніцма

ў цяжкі сваёй гаркатой успамін...

 

VI

 

Дрэў вялікіх маўклівыя вежы.

Ў іх размешчаны пацеркі гнёздаў

і насельнікі - ў пер'і істоты,

ў пер'і чорным, шэрым і шызым.

А пад пер'ем - маленькія сэрцы.

Век: кароткі-кароткі... Слабейшыя гінуць

чыстым досвіткам... З болем, вядома.

Ды без жалю. Прыроды літасць...

 

А над вежамі - ЧАС, ВЯЛІКАСЦЬ.

Калібруе няспынна гадзіны.

Топчам дол. Гонім ў спраўных машынах.

 

О, насыпана сучча -

пасохлае зеляніна да часу хавала.

Ды прайшлася віхура, калмацячы

ліп і клёнаў гнуткія стрэхі,

чарапіцу цярэбячы дробную - ліст дубовы.

 

Толькі-толькі згушчацца сутонню

і пара адпачыць краявіду.

 

Прамільгнулі маўклівыя вежы

і ледзь бачныя пацеркі гнёздаў,

дзе зліліся ў адным - ў задуменнасці

лісце, гнёзды, стук сэрцаў маленькіх...

 

 

* * *

 

Вечар на захадзе ў попеле тушыць

Кучу чырвоных кавалкаў вугля;

Ціха ўсё: вецер лістка не зварушыць...

М.Багдановіч

 

І зноў гэты вечар, няўцямна бясконцы!..

Не проста гадзіны - шматграннік празрысты

адсвечвае промні нябачнага сонца

на небе, нейтральным і чыстым...

 

Умошчвае цела штодзённая стома

старанна ў сваю абалонку літую.

Што ж, позірк упарта, няхай падсвядома,

бясконцыя грані здзіўленнем шліфуе?

 

...Паўночы толькі зоры праявіць,

хоць месяц запознены не перашкодзіць.

...На месцах прывычных спрадвечнай праявай

гусцей паасобку - спрадвечна у згодзе:

 

і безліч адзінак прастора, бязмежжа

прыхільна размесцяць у лад адпаведны.

І толькі сузор'і упэўнена рэжа

алмаз спадарожніка следам бясследным...

 

...Вядома, вядома - умоўная еднасць

парсекаў і крокаў па цеснай кватэры.

Ды гэты шматграннік!.. чаму адпаведнасць?..

Без краю, пачатку, без межаў, без меры...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А ты ўся - рэальнасць, у зоркі залічана,

рэальна ў рэальным шукаеш апоры.

Стамляецца небам і падае знічка...

І змогуцца вусны, сон чэрвеньскі зморыць...

 

 

Медытацыі

 

І прытупіліся пачуцці голаду і смагі -

ляжу ў духмянай цішыні.

Зноў праявіліся і набіраюць бляску і адвагі

яшчэ няясныя, ды чыстыя агні.

 

У вышыні, не дзеля нас, бо сілай

той непазбежнасці, з якой не саўладаць.

О, нездарма Дэдал маўклівы ладзіў крылы -

паліла неабходнасць існасць апраўдаць.

 

...А пад гарою, дзе сяло на грудзе,

вачам маім адсюль нябачнае ўжо аніяк,

сабе і мне запальваюць іх людзі.

Дар Праметэя? Пражывання знак...

 

Пад локцем мулкасць жвіру - прахалодай,

- пад пальцамі - падсохлая на ветры поўсць зямлі:

памлела зелле. Ці не з той нагоды

медытаваць са мною з'явы наплылі?

 

...І чайкі падаліся з возера на Нёман,

да водмеляў начлежных; час і мне -

не блізкі шлях. І думка падсвядома

пясчанаю дарогаю пад зорамі вядзе.

 

Да раніцы - мо век. Ды доўга не стаміцца,

грудзям дасць сілу подых роднай стараны.

І будуць клікаць ўсё далей таемныя зарніцы,

праводзіць таямнічыя, як вечнасць, кажаны...

 

 

Навечна зачумлены

 

Востраў Руніт (атол Эніветак, Маршалавы астравы) уладамі ЗША,

пасля выкарыстання яго пад ядзерны палігон, быў ператвораны ў

могільнік радыёактыўных адкідаў, пасля суцэльнага запаўнення

пакрыты жалезабетонным панцырам. Карэнныя жыхары ў свой

час былі выселены... (З друку)

 

...Ўсё набягалі хвалі,

панцыры крабаў змывалі.

Тут акіян бязмерны

праз целы нябачныя рыфаў

ультрамарын свайго цела

працэджваў лагуне ціхай.

 

На захадзе сонца, на ўсходзе

вецер сябе не знаходзіць:

любіў заводзіцца з пальмамі,

кудлаціць ім пер'е-вецце!..

Ды раптам быў страшна апалены,

калі прыдрамаў на дасвецці...

 

Ні птушак, ні людзей?

Ды дзе ж той ліхадзей!?.

І вобмацкам - ўжо ж невідушчы! -

даследуе купал бетонны...

Не ссунеш, не зломіш, не струшчыш -

збіліся ў блок мегатоны.

 

...Сівы, аж да блакітнага, сухі, як косць, рыбак,

надзьмуўшы шчок старэчай скуры абалонкі,

трубіў узнёсла-радасна:

- Улоў багаты!

З ружова-белай ракавіны глуха,

гаворкай-шумам хваль,

хрыпатасцю прыбою,

птушыным рэзкім крыкам

і гучным стукам сэрца,

надзеяй здзейсненай,

штуршкамі выгукаў да берага плыло:

- Багаты ўлоў!..

 

Ля лініі прыбою нерваваўся гурт сабак,

спяшаліся па мелкаводдзі да катамаранаў

жанчыны, дзеці,

і промні захаду і пырскі акіяна залацілі

смуглявасць твараў, смугласць пругкіх цел,

узбуджаных так неабходнай весткай:

- Улоў багаты!..

...На вастрыі кап'я,

над лодкай ўзнятага рукамі дужымі,

гарэла захадам, вясёлкавым ірдзела перламутрам

на гэты раз ужо знямоглая макрэль -

багаты ўлоў!..

 

...Усходзіць сонца з-пад хвалі зялёнай,

каб панаваць у зеніце,

і, дзень адпалаўшы, шчакой пранікнёна

у прахалоду туліцца...

...А там акаём ўжо пабратаўся з небам,

заліты бетонам ліловым.

І захаду промні на шыльдах ганебных

высвечваюць ВЕЧНЫЯ словы:

STOP!

СМЯРОТНА!

НЕ НАБЛІЖАЦЦА БЛІЖЭЙШЫЯ... 25 ТЫСЯЧ ГАДОЎ!

 

 

Коні вострава Сэйбл

 

Востраў Сэйбл (паўночна-ўсходні ўскраек Канады), месца

шматлікіх караблекрушэнняў, насяляюць здзічэлыя коні, у

свой час пакінутыя там людзьмі. Дзеля вадапою вымушаны

разграбаць пясок дзюнаў на метры ўглыб, да грунтовых

водаў. (З геаграфічнай даведкі)

 

Пяты дзень безупынны норд-ост

неадольнай, нябачнай сцяной.

Нам прасольвае скуры наскрозь,

засыпае пяском вадапой.

Пяты дзень на губах толькі соль.

Пот і пыл на крыжы ўсё цямней.

Захад - вялы, і заўтра золь

нам падорыць наш востраў Сэйбл!..

Чаек рэзкі, разгойданы крык.

Ды не жалю - драпежнай тугі:

гнеды злёг і да дзюны прынік,

то над ім яны чэрцяць кругі...

Сотня дзюбаў - што зграя ваўкоў,

чарадой - і смялей, і ямчэй!..

Чэрап новы ўпрыгожыць ізноў

наш, прасцёрты між хвалямі, Сэйбл...

Ды прысыпле ж упарты норд

жоўты чэрап белым пяском:

хай з вачніц не сплывае дакор

і назад не струменіць пяском...

- Помню цесны паркі хамут...

- Помню новага мулкасць сядла...

- Ў каляінах па бабкі пясок...

- Пекла шахты нязносны смурод...

- Ў труме ногі раз'ела вада...

- Біч са скуры брата майго...

- Гэта што!

Цуглі помніце ўсе?

- Цуглі помнім ўсе, як адзін!

- Памаўчы, адналетак,

ты ўжо вольным убачыў свет...

...На капыт каб падкову - якраз,

у крыві разлілася б Вясна...

Ды кляймо гэткай формы ў свой час

мне агнём прыпяклі да сцягна!..

...І не я ўжо - жывое цягло.

І цаніў мяне гаспадар.

І вады ж уволю было.

І ўзараў я - паднебны абшар...

А ўдарыў падступна вал -

месца ў шлюпках коням няма.

Хоць у путах, аднак стрываў...

Толькі радавацца дарма...

Воля!

Голад Волі і Смагі цяжар,

не спазнаны ў меры такой.

І грабём пад наглядам хмар

сыпкі дол... там, дзе быў вадапой...

Пяты дзень безупынна грабём.

На вяршок, паўвяршка - ўсё ж глыбей!..

Насцярожана сцяўся нутром

скнарыць Богам прымушаны Сэйбл...

 

- Я жарэбай адбіцца змагла ад ваўкоў...

- І-га-га!.. Жарабя тваё з'еў чалавек...

- Ўнаравіўся, прывязь парваў,

тыдзень жыў як хацеў...

- Сам у стайню прыбег назад... І-га-га!..

- Ля дарогі пакінулі ўжо здыхаць...

Устаў як бач...

- І-га-га!.. Маглі скуру адразу злупіць...

- Падмяні: злосць і смага,

аднак, даканае мяне...

- Дзесяць, дваццаць ці трыццаць міль -

толькі нашы вакол сляды!..

- Воля, воля!.. Колькі трэба! На ўсіх!

Не стае толькі целу вады...

 

 

Разважанне

 

Углядайся ў аблокі, каб дол ацаніць...

Па-за імі ўжо толькі нябыт:

холад, голад, выпраменьванне.

Смерць. Магма, што паліць,

пярун, што сячэ,

багна, што паглынае...

Гінем, перамагаем.

Куля з атрутай,

са спружынаю нож,

кастэт нержавейна-бліскучы,

і ўсе іх намеры благія -

пачвары, аднак - зямныя.

Рубцы на душы і целе?

Таквеле!..

Гэты - бліскучы «разбі галаву»,

той, што бандытам стаў,

тая, прагрэсу зямнога прыплод, -

ушчэнт сапсутыя дзеці.

Вядома: балюча - смецце!..

 

 

* * *

 

Спомні, спомні:

вобмацкам лезучы ўглыб гары,

пусцілі людзі на волю споры.

Таўсцее грыбніца, нябачны міцэлій

то тут, то там ўсталяваўся надзейна...

...Пад гарой закаханы Нарцыс засяроджаны

паварочвае тварык, - то так, то гэтак, -

ўсё глядзіцца бясконца

у цьмянае люстра сваёй ручаіны.

Штодня - імяніны!

А грыб - як той грыб, ўсё расце,

непрыкметна, няспынна:

баабабавы ствол,

капялюш-парасон.

На сто тысяч персон...

Родны брат таго, хірасімскага.

 

 

* * *

 

Углядайся ў аблокі! Плывуць, плывуць...

Аксамітны блакіт супакойвае нас,

наталяе халодна-празрыстую сінь,

заварожвае чыстым ў прагалах, як рунь.

Той блакіт,

тая сінь

ці зялёны настой -

толькі твой.

Покуль ты - на зямлі...

...Злыднем вецер - збівае з ног!

Хвошча градам - лічы сінякі!

Колькі сіл - ва ўкрыццё, напрасткі!..

Вось прарвецца покрыва хмар,

блісне сонца прамень...

Слаўны дзень!

 

 

Альфе

 

Не чакалі...

            Узнікла сама,

з непазбежнасцю зруху і збегу...

Аз есм альфа... -

было нездарма.

Нездарма надышло:

                              І амега

А.Разанаў. Амега

 

І

 

Я цябе не прыдумаў - знайшоў,

існуеш, нібы міф старажытны:

сонны вецер ад ніў і бароў

песціць нехаця вобраз блакітны...

Не прыкласці далонь да шчакі.

Не адчуць дугі броў бездакорных.

Бачыць цьмяна, як быццам вякі

засланяюць твой твар непаўторны...

 

Я цябе не ўявіў, а сустрэў

выпадкова - ішла бесклапотна...

Зноў лістота страсаецца з дрэў,

пастарэлых на год незваротны.

Мы ж старэем цяпер удвая:

кожны год - як два нашых асобных.

Назапашваем дзён спакваля,

а спажытак - да каліва - спробны...*

 

Цёмны твар, неакрэслены ўзрост,

цяжкі погляд, няўдзячны занятак:

спадарожнік няпрошаны - лёс -

крок у крок... І цікуе зацята!

Адступіцца - забыць - ці ж змагу?

Ні на крок не адступіцца памяць...

Таямніца - амаль на бягу.

Таямніца ўсё болей за намі...

 

* Радок А.Разанава

 

ІІ

 

Ды не прыходзяць словы тыя,

каб тое свята, што было,

аформіць у радкі літыя,

у пачуццёвае святло,

калі жаданае так блізка -

на ўзмах працягненай рукі!..

...І гоніць ветрагон-вятрыска

па целу вольнае ракі

пяшчотнасць хвалі ўперамежкі

з мігценнем сонечнай лускі

адбіткам ліпеньскай усмешкі

на перамытыя пяскі...

 

Не... Вільгаццю ад хвалі шэрай

праймае цела да касцей.

І ўжо памёр парыў - намерам,

не здзейсненым у сне падзей.

За спінаю ж - на кіламетры

лазняк глухі вакол брадоў.

І глухне на апошніх метрах

ўся праўда неабходных слоў.

Ці ж варт імклівых дзён абліччы

лагодзіць кветкамі надзей?

О, той блакіт, што вечна кліча:

- На крок бліжэй! Яшчэ бліжэй!..

 

ІІІ. Раманс

 

Зорка Венера ўзышла над зямлёю...

М.Багдановіч. Раманс

 

Лютаўскі вечар прыбраўся у шэрань.

Імглістасць сцюдзёная слаба падсвечана.

Пуста у небе. І толькі Венера

Моўчкі упарта пытае аб нечым.

Промнем празрыстым, позіркам ясным

Шле мне прывет і адказу чакае:

Ці не зліняла мне неба заўчасна?

Ці ж углядаюся - зорку шукаю?

Час няўмольны. І фарбы ліняюць,

І ўспрымаем шмат што па інерцыі.

Зрок прытамляе прастора без краю.

Стома гадоў асядае на сэрцы.

Ды не старэем - сардэчнымі ранамі:

Тая ж надзея, жаданні ўсё тыя ж.

Усё па-дзіцячаму мы закаханыя...

І па-даросламу - строга чужыя...

Вечар глыбее. Лютаўскай ноччу

Зор не прыбудзе, прыхованых шэранню.

Толькі ні зрокам, ні думкай не збочу -

Каб не расстацца з ёю, з Венераю...

 

ІV

 

Яшчэ чакаў цябе. На вішнях мокрых

дрыжэў халодны бляск ад ліхтароў:

зляцела, пранясло... А ў чорных вокнах

трывала недамоўленасць ізноў...

 

Чужое навісала, як няўхільнасць, смела.

Чужое ведала, што сіла - ўся ў яго.

Займаўся месяц над прасторай белай,

да ценю прытуліўшыся свайго.

 

* * *

 

Прабач, што не пішу табе па-руску -

па-беларуску ж думаю і ў сне.

Упрыся, сноб з прагматыкам, на вузкай,

пракладзенай схаластам, баразне!..

 

З табой я гавару - вачыма. Позірк

больш красамоўны, чым квяцістасць моў.

Прымай (каторы раз!) надзеі возера,

ход двух загубленых між хвалямі чаўноў...

 

* * *

 

Астранамічна восень завітала.

А тая, што са мной, без тэрмінаў і дат,

лагодным бляскам завушніц бязмала

яўляе зноў бясконцы лістапад...

 

Зноў золата? Яшчэ да фараонаў

цанілі бляск яго і падаў жоўты ліст.

Яно і ён, і колерам і звонам,

не больш як рэчыва - метал,

і дзеянне - чарговы падаліст.

 

* * *

 

...Месяц дробны, крыху прытуманены.

...А ўзнесла - глядзець не захочацца!

...Там і кінулі, дзе падранілі,

не патрэбнага нават і ночы!..

...Ўсё рыпіць пясок пад падэшвамі,

цені-мышы, нястомныя, точацца...

І не тое што зорку вышукваць -

і пад ногі глядзець ці захочацца?

 

V

 

Ўсё лічылі: аднак зразумеем,

як два дні у адзін аб'яднаць.

Вяла захад між хмарамі тлее,

а вароны ў паўсілы крычаць...

І хрыпатасцю сон непаборны

падганяюць ў сілы верхавін,

а ў музейна нейтральныя жорны -

не вясёлы, аднак, успамін:

ўсё шукалі хоць кволай прычыны

дзве гадзіны схаваць у адной.

...Прыкамечаны гоман птушыны,

прадначлежны, завіс над зямлёй...

Мала дзён да канца засталося,

год танчэе, прасі ні прасі...

Дык бывай, ты стамілася, восень,

пад канец жа нялёгка ісці!..

Зноў праясніцца. Час прыцярушыць

хараство да стамлёнай травы.

Пацалункам аголенай грушы

вельмі ўсцешыцца снежань сівы.

І ў адметныя чаркі - што будзе -

пераборлівасць сытым і злым -

разальем мы, звычайныя людзі,

забыцця традыцыйны уздым,

калі чвэрць засталося гадзіны -

стрэлкам сектар апошні прайсці,

каб прадоўжыць свой ход безупынны

на кругі ў развясёлым жыцці...

 

 

* * *

 

...вачам заплюшчаным адкрылася новая даль смяротная,

а вушам - арганы - і ўбачыў я дубровы для каралеўскіх паляванняў,

і дарогі закаханым...

К.І.Галчыньскі. Анінскія ночы

 

Вераснёўская ноч - цыклапічны арган, -

шум глухі, звон высокі і чысты!

Канцэнтруецца думка, нібы на таран...

Метэор не спыніўся, не выстыў!..

 

І, праводзячы зрокам той страшны палёт -

ніадкуль, ў нікуды, назаўсёды, -

халадзееш на момант: мо й мяне ў карагод?

Проста так? З непазбежнай нагоды?

 

О, дарма, паспрачайся, абстрактны балід,

вось з рэальна існуючым зараз:

шэлест лісця, пах яблык; і рэзка, наўскід,

кажана траекторыя - марай,

 

бо не можаш, істота жывая, як ён,

свой маршрут так пракласці дакладна!

А вакол - з немагчыма магчымых старон -

і харал, і накцюрн, і таката!..

 

І твой голас найхуткі, нібыта страла,

дотык пальцаў, бясконца знаёмы.

І прадонне вачэй з пералівам святла

і адбіткам шчаслівае стомы...

 

Дык трывацьмем. Як сад да чарговай вясны,

каб запасці ў паўсон белапенны...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вечны Міцар: ледзь бачны, складаны, двайны,

у сваім старажоўстве нязменным...

 

 

Памяці паэта Мікалая Рубцова

 

...продлится пусть хотя бы этот миг,

Когда души не трогает беда.

И так спокойно двигаются тени...

М.Рубцоў. Ночь на родине

 

А жолуд прарасце вясной

упартым парасткам лагоды,

і будзе дуб высокі мой

вартаўніком маёй гасподы.

 

Сплыве благое. Цішыня

такая ўсё вакол абдыме,

як быццам не было і дня

грымотна-гулкага над імі.

 

Драчыны крык начны спакой

не пераб'е ў лугах зарэчных.

А нехта ўзніме позірк свой

у лісце кроны векавечнай.

 

і ў роўным месячным сяйве -

размерана кладуцца цені -

магчыма, зноў перажыве

неабвяргальны сэнс імгненняў,

 

калі, ва ўладзе ціхіх дум,

не лічыць сэрца дзён пражытых

і ў непаўторны светлы сум

няўдачы цішынёй спавіты.

 

Прыклаўшы да маршчын ствала

шчаку гарачую, жывую,

адчуе, што сама прыйшла

хвіліна, так чакаў якую.

 

Даўмеецца: за небакрай,

за моры тры хадзіць ці варта,

каб адшукаць чароўны край,

што сніцца, так жаданы, ўпарта?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Маўклівых дрэў затоенасць жыцця

душу натоліць раўнавагай дзіўнай.

А промні месяца - не водсвет небыцця,

надзеі светлай бляск прызыўны...

 

 

* * *

 

Ветер всхлипывал, словно дитя,

за углом потемневшего дома...

М.Рубцоў

 

Не зачакаліся восені...

Запар каторы дзень

вецер ў кватэру просіцца,

дрогка па шыбах вядзе

далонямі мокрымі, шэрымі:

- Будзь чалавекам, пусці!..

А мы - даражым кватэрамі

больш, чым жыццём у жыцці.

 

Паэзіяй даўняй, старымі старонкамі

пахне паркетны воск-

у вазе крыштальнай рабіна гронкамі;

набыты ў Лейпцыгу Босх.

Скардзіцца нехта? Гэта ж далёка,

той жа вецер за моцнай сцяной.

З цыферблата-табло электроннае вока

аглядае наш слаўны пакой.

 

Радасць вясны ці заўважылі?

Някідкі жаночы твар...

І вецер, яшчэ нехлямяжы,

таўчэцца між кронаў і хмар,

і сквер той, і голы і мокры...

І ў сэрцы зімовы спакой

надзейна бароняць шырокія вокны

шкляной дубальтовай бранёй.

 

Не ацанілі звончатасць лета?

Хіба прайшло стараной?

Чырванню гронкі душа падагрэта.

Вецер-жабрак - за сцяной.

Соку паўднёвай лазы памяркоўна

ў тонкае, чыстае шкло.

Незамутнёны сон будзе роўным -

заўтра ўжо сёння прыйшло.

 

 

Фрагменты жыцця Цёткі, Алаізы Пашкевічанкі

(паэма)

 

...Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,

Ад шолаху начэй,

Ад тысячы ніцей...

Якуб Колас

 

Крывавіць адзінае вока -

Месяц сумнаю мальвай расцвіў.

Зродзяцца ў небе высока,

А гінуць жа сярод ніў,

 

Халодныя дробныя пырскі -

Зоркі агністае след.

Гэта цацкі з-над нашай калыскі

Раскідае шчодры Сусвет...

 

Калыска... Дзірван настылы.

Холад галодных начэй.

Ладзяць, зладзілі крылы...

А ўзняцца - яшчэ халадней,

 

Як плыла, так і сёння сплывае

Адтуль на кволых рака,

Гонячы хвалю без краю,

Цвелячы ёй рыбака.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Каторы ўжо раз аб нечым

Пачынаюць гаворку аўсы...

І алешнік, крывая галеча,

Свае давярае мне сны...

 

А што сасніць такі можа?

Мінулы, пакутлівы дзень.

Брыдзе ён у змрок бездарожжам

І не пабыўшы нідзе...

 

Глуха. Далёка. Бясконца.

Зноў росчырк на неба сукне.

Чалавек там, гоніць за Сонцам...

Кліч Сусвету не праміне...

 

Ледзь чутна цягнік пралёскаў.

А гэта, здаецца, ляляк,

Бясконцым туркатам-ўсплёскам,

Спакою не знойдзе ніяк...

 

Халодна зранку. Ватоўка

Белая ад расы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Трава навакол як воўна.

Сілы б і вам, каласы!..

 

* * *

 

Чорныя выганы - жабракоў

Выганяе з-пад стрэх сакавік.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Выскачыў вецер, блазнам прайшоў

Ды засаромеўся, знік.

 

Упаў за гнілыя снапы,

Цікуе: - Куды ж ад сяла

Дзіця і стары сляпы?

І следам - дзеўка пайшла?..

 

Ці поймеш што ў людзей?..

Гэты - танчэй ад ражна,

А той - за кадушку таўсцей,

Не чалавек - сцяна!

Ха-хаха-хахаха-а-а!

 

Сляпога - малы вядзе!*

Знаць - ні кала ні двара!..

Кожны па шыю ў бядзе -

Такая ўжо гэта пара!

Ах-хаха-ха-ха-ха-а!

 

Ім дарогі - свае, ды чужыя.

А пагодка - ўжо як пашанцуе.

Скрозь сабакі: рахманыя, злыя.

А людцы - той крычыць, той шкадуе.

 

...Роднай моваю славіць Хрыста,

Зняўшы шапкі пад кожным акном...

Браць усё, ўсё бярэ бедната!

І нясці, як святое нясём!..

 

О, не кожнаму смак той спазнаць,

Што узрос на чужой паласе!

Бач, красуня! Хаця - як знаць...

Хто і колькі чужога нясе...

 

Мае ж у бацькі абуць-адзець:

Чаравічкі, белы батыст!..

Дзе вы бачылі! Чулі вы дзе?!

Эх, дзяўчо - калінавы ліст!..

Эх-хаха-хахаха-а-а!

 

...Дзве мурашкі, дарогі ніць

І канца каляінам няма...

Гляньце, хмары, як пылам курыць

На дзяўчыну, як снегам зіма!..

Эх-хаха-хахаха-а-а!

 

* Тут і далей - Мацей, сляпы жабрак, і Яначак, хлопчык-павадыр - тыповыя прадстаўнікі нізоў тагачаснага грамадства.

 

* * *

 

Ён, бацькоўскі парог. Ён як Бог.

Сто сцяжын. Далікатна і шчыра

Вабіць зеленню ўбраны разлог;

Вабіць радасцю сонечны вырай.

 

Вы бывайце: калодзеж і сад,

Аксаміткі, ляшчына за садам!

Сінім бэзам цвіце далягляд

І глядзіць без канца са спагадай:

 

- Ну, хутчэй, не марудзь! Сон з павек!

Хата спіць, ты - гатова ў дарогу.

На зямлі ўсё жыццё чалавек

Шлях шукае... да родных парогаў!..

 

Сонца, хмары - ляціш! Прыхапі

Лусту хлеба, бабуліны казкі.

Мо спазнаеш: свае праснакі

Аддаюць смак і сілу без ласкі...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Цішыня. Як настой. На страсе

Моху больш. І ніжэй яна стала.

А Ягасі* няма!.. Не нясе

Той ручнік, што сама вышывала...

 

Змыўшы пыл нялёгкіх дарог,

Прыхінуцца да цёмнага шула.

Аблысеў - прахадзілі!.. - парог,

Паглядае са смуткам і чула,

 

І баіцца прызнаць, хоць пазнаў...

Што ж, здараецца часам...

І, ва ўласных палоне спраў,

Засяродзься сам-насам...

 

...Замінаць не прыйшла сюды я,

Не сярдуй! Не шкадуй, не журыся...

Хай яшчэ гаспадыня твая,

Ды даўно сірацінка-Марыся...

 

Бо сабе долю выбрала з тых,

Што паэтам кладуць ля калыскі:

Каб знаходзіць зярнят залатых

У чужых парываннях і блізкіх.

 

* Хатняя нянька А.Пашкевіч у дзяцінстве.

 

* * *

 

Брук. Камяніцы. Морась.

Святое Ганны крыжы

Ужо не мігцяць, як учора.

Дзе ўзлёт, дзе святочнасць душы?!

 

Цэгла. Шэрая бляха.

Сіла скамененых дум.

З тваіх вачэй, Андрамаха,

Сеяўся гэтакі ж сум:

 

Лёс, ты шукаеш ізгоя -

Гнаць да чужых берагоў?

...Зарыва паўшае Троі -

Жывая, паводкаю, кроў...

 

З сынам, апошняй апорай,

Ветразя ўскінуць крыло:

Што не збылося ўчора -

Сёння быллём парасло!..

 

...Не, не адна я. З народам -

У далейшы, пакутлівы шлях,

Сноп несучы недароду

На нескароных плячах.

 

Трэба трываць. Як ля БРАМЫ*

Гэты бязногі прывык.

Шчэрблены брук. Як карэлыя раны.

Куляй прашыты язык.

 

Бачыш, як тварам палаю,

Кінуўшы ў шапку мядзяк?

Цешся, казацкая зграя,

Двухгалова-кіпцюрысты знак!

 

Залпамі ты не спыніла

Ход наш у будучы дзень!

Мы - дамо! Мы - вялікая сіла!

Ты - толькі прывіду цень!..

 

Пырсне халоднай жарствою

Уладай разбэшчаны трон!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Народ мой, крочу з табою

Новы ўзнімаць Іліён!

 

БРАМА, асілкам нязрушным

Ты праз стагоддзі прайшла,

З нашае вырасла крушні,

Ратніцкі меч узнясла!

 

Раскочвай, Вілія, хвалі -

Нёман чакае іх!

Сілу яны ўвабралі

Ўсіх навальніц былых...

 

Вільня! Прычал мой, калыска

Так захапляючых мар!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Рэйкі. Ліхтарная нізка.

Шэры ў сутонні жандар.

 

* Вострая Брама ў Вільні.

 

* * *

 

Наплывайце, дзіўныя словы:

Неба, воля, курган, разлог!

Будзе ў песні захад барвовы

І спакой палявых дарог.

 

Гоніць хмаркі - авечы статак -

Як на поўнач, так і на ўсход.

Там ўскрай вёскі адбілася хата,

А за ёй азярцо, азярод,

 

Дзеці босыя, выбіты выган...

Шнурам - гусі, над садам - шпакі.

Пацямнела буслянка, як крыга,

Адпяялі сваё жаўрукі.

 

Вецер змогся - загоны расчэсваў...

(Эх, шчыруй ад відна да відна!)

Узышла - светлы тварык - над лесам

Зорка ясная, радасць мая...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Адыходзіць нячутнай хадою

Дзень: адбыў сваё на зямлі.

Як маркотна без вас - я не ўтою, -

Дарагія мае землякі!..

 

Побач горы. Веліч застылая...

Жорны часу крышаць тут зуб.

А мне сняцца - вярбіна пахілая

І збуцвелы калодзежны зруб.

 

Як вы там? Усё тая ж нястача

У чаканні лепшых часоў!..

Чую штоночы: маленькае плача

І стары спаць галодны пайшоў...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Мой друкар, хай машына не стане,

Да радка хай кладзецца радок.

Між радкамі белым - світанне.

А яны немаўляты - знарок.

 

Што ні дзень - неўзаметкі мужнеюць,

Сэнс удумлівым несучы.

І ужо палымнее, не тлее,

Над маркотай глухое начы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

О, някідкія зброя і шчыт:

чысты аркуш, асадка, атрамант...

Твой нататнік. Чытанка. Сапегі Статут.

Scripta manent!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

* * *

 

- Яна... Яначак...

Пачакай...

- Што ты слухаеш зноў?

Тых старых так палохае шмат...

Ат, няхай бы і дождж прайшоў,

так пячэ, што і сонцу не рад.

Зноў стаіш? Як грыміць - то чакаць?

Хмара чорная, як сцяна..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

- Дзеду! Коннікі з пікамі мчаць,

я не бачыў такіх, навіна!

- Навіна?

Зноў гібецьма... Дарожны пыл

ад крыві стане чорнай карою...

Мне лягчэй: я сваё ўжо аджыў,

хай заб'е. А што, дзеткі, з табою?..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

- Дзеду, страшна як: конь - забіты!..

У вачах, як мурашкі, - аблокі,

не варушыць губой!..

- Памаўчы ты...

 

Рэбры, скура... Як памяць, глыбокі

яр за намі. Не стрэлася доля,

як былі маладзейшымі крыху.

Ўжо табе - ды і мне ўжо... - ніколі

ні травы, ні раллі, ні ўздыху...

Ўсё ў свой час... Ды чаму ж без пары?

- Што ж ты гладзіш ужо нежывое?!

- Гавары сабе, гавары...

- Эх, Мацей, Мацей!.. Што малое!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

- Дзеду, паліць мяне!.. Трэба спехам

уцякаць, бо ўжо скачуць на грэбень!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Грах-ах-ах!..

            Незмаўкаючым рэхам

і кудзеллю ўчэпіста ў небе...

 

* * *

 

З кожным днём ты, жыццё, даражэй -

Зноў з касою ў барак завітала!..

Рой бясконцы вялікіх надзей,

А сапраўдных здзяйсненняў - як мала!

 

...Родны край, старана ты мая!

Зноў чырвоным прасяклі разоры,

Чыстых рэчак, азёр глыбіня

Не блакітам, а зарывам дорыць.

 

Твой абшар з кожным разам гусцей

Засявалі пад мову чужую

Зернем тым, што іржой прарасце,

Як крывёю людской адбалюе!..

 

...Пад гармонікі, лаянку, свіст -

Ў шынялях парабчанскія спіны.

Калатню пачынае міністр,

А ў магілу кладзецца - нявінны...

 

Не гарыць і не тоне ў вадзе,

І віхуры па ёй не галосяць -

Не спыняецца - далей брыдзе

Зла і крыўды адвечная пошасць!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Рукі... Не, не ў вясновай расе -

Пацямнелі ад болю і ёду:

Як не смерць, то калецтва нясе

Хрэст, які трэба ўзяць на свабоду.

 

...Гэты ціхі, бяздомны стары,

Павадыр - пастушок-верабей!

...Замест хат - бадыллё, пустыры,

Дрот калючы - загон для людзей,

 

Двор зямлі без вясёлкі-варот...

Нават межы фугасам ўзараны!..

То на Захад імчыць, то на Ўсход

Праз крыжы карагод апантаны...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Краскі зноў зацвітуць. Будзе май,

Жаўрукоў зазвіняць перагукі.

І пракосам пара! Не цягні, пачынай,

Да касільнаў хай горнуцца рукі!

 

Яшчэ толькі ўстаеш, мой народ:

Дзе зацята маўчыш, дзе галосіш...

Сцюжа, снег. Крыгалом. Крыгаход.

Закружылі буслы, выглядаючы восень.

 

* * *

 

- Прытаміліся, дзеду. Няйначай,

трэба, мусіць, крыху адпачыць.

- Ты, Мацейка, здароўем лядачы,

доўга ходзіш... А час як ляціць -

толькі ж восень была! Кожан вечар,

спомні, бульбу пад лесам пяклі.

- Ах, ці будзе той Ян!.. Халадэча,

як мы толькі сюды дабрылі...

...Каб угрэцца: б'юць мяне дрыжыкі...

Чуў я - ціха казалі: - Опять

умирает от ран... Сам ён рыжы

і маўчыць. А вочы - гараць...

- Што ж ты зробіш!.. Наб'е сухастою,

дзе віхура і гром - кавалі.

А глядзіш - і здаровую хвою

як не зломіць, то вырве з зямлі...

Падступае і мне... Ці мо хворы?..

На грудзях, чую, камень ляжыць...

- Што ты, дзедка мой, што гаворыш!

Ля стала дактарыца не спіць.

- Пазнаёміўся з ёй кагадзе.

Ды не плач, не рыпі ты саломай...

Давядзецца спаткаць мо... ў бядзе

без людзей... без такіх - нібы зломак...

- Праўда, праўда! Гаворыць - як мы,

а на хустачцы - крыжык чырвоніць!

- Як цяпло пасля доўгай зімы,

я адчуў яе рукі на скронях...

 

* * *

 

Да усходу - гадзіна, не болей.

Недасяжны ў сваёй адзіноце,

Праясніўся Пан Месяц над полем,

А яно усё ў той жа дрымоце...

 

...Растрасла, пагубляла ўсе зоры

Неўпрыкмет, як на бруку падковы.

І змяніла, ля дальняга бору,

Паясок на яснейшы, ружовы.

 

Дол увесь, прагны з сонцам сустрэчы,

Пасівеў ці расою яснее?

Што ж ты, ночка, параніўшы - лечыш?

Ох вы, думкі мае... днее, днее...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

І лясам, і нябёсам не спіцца...

То палеглых стралковыя роты.

Ў лаўрах вечназялёнай ігліцы

Ці кастрычніцкай спрэс пазалоты...

 

Ты, спрадвеку салдацкая, доля:

Пад «Ура!» нізавошта палегчы.

Астаецца - мо памяць, не болей...

Ды ужо ці аб кім, ці аб нечым...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Хто збіраў залатыя дзесяткі -

Стаў глыжом на пясчанай дарозе.

Хто за плугам не зведаў дастатку -

Супакоіўся ў светлай знямозе.

 

Жабракі і нявінныя дзеці -

Палынамі, бяссмертнікам жоўтым.

І пасохшы - духмяняць і свецяць

На злінялай восеньскай коўдры...

 

Ўсіх дасягне халодная стома,

Неадступнай пяшчотаю спаліць.

...А паэты - агульнавядома -

адзінокімі дрэвамі сталі...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Там, дзе вецер ад радасці плача,

Што ізноў першацветы ўваскрэслі,

Шмат каму давялося пабачыць,

Як вартуеш сасною на ўзлессі.

 

Не вярбою ў тумане пахілай.

Не слугою так зменлівай славе.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Той жалезны твой крыж над магілай!

І той помнік, што людзі паставяць!..

 

- Канец -

 

 

Ліра і Горан

(паэма)

 

Памяці крошынскага каваля Паўла Багрыма

 

Зайграй, зайграй, хлопча малы...

П.Багрым

 

Ўсяго удосталь. Усяго - удосталь:

Зямлі і солі. Хлеба і віна.

Ды знаю: ёсць сустрэча, нібы ростань.

Ёсць ціхі боль у сэрцы - СТАРАНА.

 

Яна - зусім не лёгкія аблокі,

Не песня, што пяецца «на дазволь».

Яна - мой хлеб няпросты і нялёгкі.

Яна - зямлёй пасоленая соль.

Я.Янішчыц. Зямля і соль

 

Распаўзліся, разбрыліся тры з сяла дарогі:

у шынок, свет белы, да крыжоў убогіх.

Ох, не жартам, дзеля справы

скрып і след калёсны.

І пятой пячаці ставіць

і ў лапцях, і босы.

На каторую ні ступіш - павядзе, пагоніць.

Шастай зрокам, мерай крокам з ранку да сутоння...

З ранку да сутоння

мурашамі людзі:

ў каляін палоне

ох, не памарудзіш!..

 

* * *

 

Губернатар цугам пражыць.

Жабракі праклыгалі.

Нейкі пан у каламажцы -

у пенснэ і з кнігамі...

 

І зноў пуста. На пагоду

аблачын авечкі

шэрай пыскай смокчуць воду

з неба, нібы з рэчкі...

 

А пасе іх - вольны вецер,

не звяртае ўвагі:

і пагубіць - не прыкмеціць...

Што спагнаць з бадзягі?..

 

* * *

 

...Хмарай пыл! З бадзёрым свістам

маршавая рота.

Каб не надта вокам бліскаў

тут мужык-галота.

 

Каб згінаўся у пакоры

непакорны карак:

не вылазь з сваёй разоры!

Вол каню - не пара!..

 

Сыч галубку не прылашча -

крыл не той разлёт...

«...Соловей, соловей-пта-шеч-ка!

Кинаре-еч-ка жалобно поёт!..»

 

Шомпаламі тут шугалі

па мужычых спінах,

перамераўшы да цаляў

царавым аршынам?

 

Ты, староцце, - у магілу,

у пясочак чысты.

Ты ж, пяюн, юнак пахілы,

ротным будзь гарністам!

 

Адмуштруем, вашсцяпенства,

болей не ўваскрэсне

яўны бунт непаслушэнствам

і крамола песняй!

 

Шпіцрутэнаў назапашана

аж на круглы год!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

«...Соловей, соловей-пта-шеч-ка!

Кинаре-еч-ка жалобно поёт!..»

 

А я зайграю ў дуду,

Бо ў Крашыне жыць не буду.

Бо ў Крашыне пан сярдзіты,

Бацька кіямі забіты...

П.Багрым

 

I. Старана ты мая...

 

Зноў прыходзіш, вечар, ціха-задуменным,

зноў прыносіш ночы зорнасць і спакой.

Ці ж не на пасту я, вартавы нязменны?

Ці ж не да магілы, як прыгонны твой?

 

Захад палымнее золатам чырвоным,

а з нізін лянівіцай зноў туман паўзе.

Ноч у кош збірае шоргаты і звоны,

расстаўляе зоры - зрэдку, пакрысе.

 

Дзівяцца хай людзі: пажылы, талковы

прыцемкам у поле, да балота йдзе.

І не зерне сее - сіратлівы словы...

Ўсё шукае нешта - учарашні дзень?!.

 

Што скажу я блізкім, што аднавяскоўцам?

Сам не зразумею цяжкай галавой,

як няма прыпынку думкам у вандроўцы

да мяжы, дзе ціша, зорнасць і спакой...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Вёрст расейскіх ботам шчыра перамераў,

давялося нават у спякотны Крым...

Старану - угледзіць перад смерцю, верыў

светлы, сінявокі ніжні чын Багрым.

 

Ліпу-векавуху каля весніц вёскі,

выган, дзе за гускамі шнураваў малым,

бачыў неадступна, сніў праз зімы-вёсны

збройнік батарэйны, з Крошына Багрым...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

...Поле, поле! Старонкі маёй

то панылы, то радасны твар!

Што ж я век неразлучны з табой?

Арандатар я твой? Ці ўладар?

 

Як хадзіў між загонаў чужых -

дзе і ў сажню пшаніца расла.

Ды лавіў насцярожаны слых

песню родную - песню святла.

 

Тыя ж неба і колер травы,

сонца промні без скупасці шле.

А праявы чужой сінявы

не губляліся ў родным святле.

 

А над шнурам благога аўса -

намагаўся расці, ды не змог -

раніцой цалавала раса

шапаткі і празрысты чубок.

 

Кожан дзень на палетак мне свой:

заараць і засеяць ізноў.

Бог ды з ёю, чужой ярыной!..

Хопіць жыта з тутэйшых пяскоў...

 

Поле, поле! З цямна да цямна

мой і серп і лямеш - для цябе.

Чорным хлебам вяртаеш спаўна

дні жыцця, што плывуць у журбе...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Тут, дзе з балотам мяжуецца поле

і сенажаці лука,

сэрцу спакойна, а думка міжволі

хутка цячэ, як рака:

 

...Што ж яны, зоры, спрадвечна нязрушныя?

Соннае дбаюць святло?

Плуг ды са скібаю, молат ды з крушняю -

наша зямное жытло!..

І над гасцінцам, у змроку нябачным,

смяглы, бразготлівы звон

ціхаю праўдай аб родным, ды страчаным,

праўдай пра вечны палон...

Вязень з жандарам

звычнаю парай,

ці прыпазніўся паштар?

Стомлены коні,

і спевам сутоння

закалыханы абшар...

О, гэты сум, што сплывае пустэчамі

і бальшакамі брыдзе!

Ці не прыдбаў ён маўклівасць-прыгнечанасць,

як слугаваў злыбядзе?

Як валачыўся, бядак, у туманах

восеньскіх голых палёў,

каб падступіць да сяліб нечакана

і загубіцца ізноў?

 

...Ша, тыя ж бомы: прывідным рэхам

смех у карчомнай душы.

Свецяцца вокны... Таму, хто праехаў

сёння этап да мяжы.

 

II. Карчма. Дажынкі

 

Тая ж хата! Ды не тая,

хоць страха з саломы:

шыльда пляшкаю вітае,

гаспадар паклонам.

 

- Нізкі стол ды лава з білам,

скрозь у нас выгода!

- Ваша міласць! (Той, хаміла,

не дай, Божа, шкоды!..)

 

* * *

 

Карчма? Дурному шкодзіць скрозь,

дзе жар прыкрыты прысакам.

Тут пан ураднік рэдкі госць,

а пісар - як прыпісаны.

 

- Зноў без рубля? Зноў напавер?

Вай, хлеб мой - горкі-горкі!..

...Гандляр, паўпанак, афіцэр

ў кампаніі акторкі...

 

На Слонім гэты, той - ў Нясвіж,

таму - у Сталавічы...

- Карчмар, віна! Ну, што стаіш?

І стол чысцейшым вытры!

 

...А сёння двор фундуе нам

за сенажаць і поле.

Тут кожан з нас - амаль як пан!

На дзень і ноч, не болей...

 

* * *

 

Як дажынкі - дык дажынкі:

з'елі бохан да скарынкі!..

 

Даканалі і скарынку -

малацілі безупынку:

 

паўбарана, курку, гуску,

і... цялятка на закуску...

 

Хоць бы скварка на паўміску!

- Выкінь, Шая, косці Лыску!

 

І давай яшчэ, што зможаш, -

па мяху прыцягнем збожжа.

 

Як сцямнее. Як прыспіцца

аканому з маладзіцай...

 

Грайце, Бэрка, Шмуль і Шлёма,

на сон цвёрды аканома!..

 

* * *

 

Абапёрся локцем вузкім

на прылавак коўзкі

манаполькі верны служка

Шая Бараноўскі.

 

Вінаватая на вусны

лепіцца усмешка.

Пры казённым, а не тлусты!

Вай, худы, як вешка!

 

Ды разумны і разважны -

пры любой патрэбе:

перш узважыць, потым скажа.

Ну, амаль як рэбе!..*

 

Са сваім - як нітка з голкай,

і чужых не лае.

Кажуць людзі: пад ярмолкай

кайстра не пустая!

 

Бо шчыруе - не на пана

і ўзіму, і ўлетку:

каб было на абаранак

і пярыну дзеткам.

 

Каб на кожан дзень будзённы.

А яшчэ - на чорны...

О, калодзеж той бяздонны,

ненаежны жорны!

 

* Размоўнае ад рабін.

 

* * *

 

...Разышоўся смык ахвочы,

разахвоціў скрыпку:

то смяецца, то рагоча

чортам нападпітку...

 

Спатыкнецца - не саб'ецца,

рэй вядзе бясконца:

тонкім хмелем рэха ўецца

пад ліпнёвым сонцам,

 

сыпле звонка чыстым лісцем

ліставей з асіны...

Як учора, як калісьці -

той танок няспынны...

 

* * *

 

Бэрка, Бэрка! О, штукар ты,

чараўнік вялікі!

Узвялі цябе не жартам

у паны - музыкі:

гнецца клён вярбою ніцай,

глухне вір глыбокі.

Мёртвы пойдзе варушыцца,

а бязногі - ў скокі...

 

* * *

 

...Бубен дужае характар -

вохкае з натугай.

Лад згубіўшы, лясне раптам,

як цыганскай пугай!

І задышна павучае:

не гібей сам-насам,

бяры дзеўку з лавы, з краю,

не шкадуй абцасаў!

 

* * *

 

...А басэтля - жменяй, жменяй,

бы хрушчоў пускае.

Засаплася - тым не меней

форсу не губляе.

Рэжа польку, як па нотах,

жарыць без запінку:

жалі дружна, без ляноты.

А дажалі - дык дажынкі!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Грайце, Бэрка, Шмуль і Шлёма!

Пану - зерне, нам - салома!..

 

* * *

 

Прарыпелі дзверы, шчоўкнулі

драўлянаю сківіцай.

Шая кланяецца моўчкі,

ды уголас дзівіцца.

 

І ўрачыста - на падносе! -

чарку ніштаватую,

паважаючы, падносіць.

І за локаць кратае:

 

- О, вітаем! Што ж так позна?

Бачыце: балюем,

што ў млыне у дзень завозны

у сыботу тую!..

 

Як здароўечка? Мінае

хай работу фэлер!*

Вай, музыкі дзёрзка граюць

і стаміць паспелі...

 

...Шчокі - мальвы, вусны - ружы,

сэрдачка разгушкана.

Аб чым бае хлопец дужы,

што ірдзее вушка?

 

Заірдзее, калі ў танцы

ўся шынкоўня вогненным:

шыбы ў дробнай ліхаманцы

і падлогі стогны...

 

* Польскае - недахоп, хіб у рабоце.

 

* * *

 

Весялосцю ж не кранае майстрава аблічча...

І карчмар ківае змоўна, у бакоўку кліча.

 

Выцягнуў са збана, разгарнуў анучку:

- Прыбярог я для васпана... старасвецку штучку!

 

Нешта, праўда, папсавана, ды работа - глянец!

Клеймы, во, гішпанскай маркі, князевы, васпане!

 

...Два, мітусь, варанёныя ствалы.

Дзве рукаяці. Два куркі.

 

Маўклівая да часу сталь.

І дужую руку паклаў на іх каваль.

 

- Што ж, дарагія. І направы вартыя...

Калі б ты піў - не абышліся б квартаю.

 

- Дай мне, паночку, тры рублі.

І мо замок на хлеў зрабі?

 

...За пояс, пад палу. І моўчкі выйшлі

ў гармідар гульбішча, што і, бадай, залішні.

 

III. Карчма. Прыпеўкі хорам

 

За князёўнай у пасагу

ты не ўзяў нас, пане.

Тваёй праўды - колькі звягу,

мы не хлопы, мы - мяшчане!

 

І не гной, не зброд лядачы,

хоць і чорнай косці.

Калі крыўду і прабачым,

то знявагу - помсцім!

 

Не глуміся, дабрадзею,

што з карчмы я - босы.

Вельмі хутка, як прыспее,

пераставім косы!..

 

Лес бацькоўскі - за парогам...

(Прыхавай, не выдай...)

Воўчым логам, шчыра, з Богам, -

зноў пад Мілавіды!*

 

Эх, мільгала хіжым джалам,

ведучы пракосы!

Дзве капы - і воз бязмала,

да нябёс калёсы...

 

То касі, пакуль з расою!

Старчаком прыладзім -

набрыняе дол крывёю,

на грудку не сядзеш...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Спелы месяц пабялее,

ніж у шлях мы рушым.

Ой, павіснеш, дабрадзею,

пудзілам на грушы!

 

* Месца вядомай бітвы ў паўстанні 1863 г.

 

* * *

 

За палову ночы,

а карчма - гуляе!

Мружыць стомленыя вочы

і нястомны Шая...

 

Заглядае ў шыбу зорка

ўжо з-пад самай рамы:

весялухаю гаворка

ці адчаю лямант?

 

Кум з кумою пры бяседзе

цэдзяць час і піва?

Ці цыган мазгі вярэдзіць

страхотлівым дзівам?

 

Не ўглядайся, ты, праменная,

тут - усё зямное:

шыем, праўда, не адметна,

як выходзе, кроім...

 

Не па мерцы не бывае

на спіне мужычай.

Завядзёнка ўжо такая...

І разлік, і звычай...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

(Эт, напіўся і лайдачыш!..

Мне ж - бяда якая...)

Нібы дрэмле, ды ўсё бачыць

незаменны Шая...

 

IV. Лірнік

 

Цягнеш даль, дарога,

а я - свае косці...

Навярэдзіў ногі

ды пазбыўся злосці.

 

Натаміў я цела,

а душу - ачысціў.

Цёмнае сатлела,

як пад снегам лісце.

 

Дзе надзел? Дзе хата?

Сваякі, суседзі?

Вугал родны не пакратаць,

у снах хіба агледзець...

 

І агонь-навала,

і людская хцівасць...

...Дзевяноста год бязмала

сее маё мліва...

 

* * *

 

...Ці не млын шуміць на Шчары?

Ды не мне ён меле...

З году ў год маё - папарам,

як не пустазеллем...

...Пры вадзе - намочышся,

пры муцэ - запылішся.

Ад свайго не надта збочыш,

ды яшчэ на мыліцах...

Не адцягвай плечы мне,

ліра, скарб адзіны!..

На сваёй мы старане

добра жыць павінны...

 

...Пад вярбой, ля застаўкі,

выпражаны коні.

 

Мне ж ад стомы вочы засціць,

ногі засупонены...

 

Стома ж мая стома, ты непераможная!..

Сабірае сілкавацца маладзіца гожая.

 

Корч цыбулі. Хлеба луста

па скарынцы кменам густа;

 

побач - грудка солі шэрай;

квасу гляк - бадай што мера;

 

скорам у хусціне чыстай:

мо баранчык, мо свінчыска...

 

- Тут, у млыне, не чакалі з ліраю сустрэчы.

Дык сядайце, спачывайце, добры чалавеча!..

 

* * *

 

Зайграй, зайграй, хлопча малы,

І ў скрыпачку, і ў цымбалы...

П.Багрым

 

Я ж на ліры трохгалосай

І пра дол, і пра нябёсы...

 

Ніз кляновы, верх яловы.

Голас прымхі? Ці замовы?

 

Голас дужы, шчыры водгук -

карміцелькі-маці модлы...

 

...Як сцяжына ў росным жыце

не мыляе свой кірунак,

так і людзям раскажыце,

вы, з авечых кішак струны,

галасамі лесу, поля,

і балота, і пустэчы,

як нявечыць цёмнай доляй

род упарты, чалавечы!..

 

...Як чакала маці сына,

бо ў рэкруты сілай ўзялі;

як да поўначы няспынна

гусі шэрыя крычалі,

гусі дзікія крычалі,

што зляцела буйна лета,

што бяскорм'е ўпрочкі гоніць:

слотай змучаны палетак

не прывеціць, не пракорміць...

 

...Як віла кудзельну думку,

прадучы да позняй ночы:

- Дзе ж ты, дзе ж ты ў свеце тлумным,

Паўлючок ты мой, сыночак?

На чужыне, у даліне

спраў чужых, чужой гаворкі

ўсё не тое, як ні кінеш:

тытунь - прэсны, цукар - горкі,

солі пуд - што фунт, не солкі,

на вяселлі сват - цвярозы!..

Каб на тыя недасолкі

мною вылітыя слёзы!..

Фуркачы мне, верацёнца,

залаціся ніццю тонкай.

Ты пучнееш, ды танчае

майго жыцця абалонка.

Ці сатку я кужаль белы?

Ці прыедзе? Ці надзене?

А у свеце, свеце цэлым -

толькі здані, толькі цені!..

 

...Маці тужыць, сястра плача

Дзе ж ты пойдзеш, небарача?

 

Будзь здарова, маці міла!

Каб ты мяне не радзіла,

Каб ты мяне не карміла,

Шчасліўшая ты бы была!..

П.Багрым

 

* * *

 

Упанурыліся коні,

і памольцы ўсё маўчалі.

Спеву смутак сплыў на тоню,

лашчыў бераг дробнай хваляй...

 

Тут дзяцюк, што мех пад пахай

жартам нёс, як ляльку-цацку,

склаў на возе ношку пахкую,

трасянуў чупрынай хвацка:

 

- Час, аднак, каму ў дарогу,

сонца твар хавае ў хмары...

З новым хлебам! Дзякуй Богу!..

Полю... млынару... і Шчары!..

 

V. З белым светам салдацікі ў паход пайшлі...*

 

Мне пастушком век не быці,

А ў маскалях трудна жыці...

П.Багрым

 

А ў паход паднялі -

гнуў мацюкі фельдфебель:

хоць і не шмат рэгалій,

ды на гатовым хлебе.

 

Хоць рангам і не надта,

ды падуладных мае.

А як да ўлады здатны,

дык жытка не благая,

 

сычаў, хапала ўволю,

з пад'ёму да адбою.

А днёўкі ў чыстым полі

на сухарах з вадою?

 

Не ўцешыць сонцам ранне,

ўвесь дзень хадзі пануры:

француз ды англічанін!

Ды зубы скаліць турак!..

 

Вядома, мо пацешыш

ці галаву, ці шыю,

бо праз апрошы, флешы**

шрапнеллю гліну рые!..

 

* З беларускай народнай песні пра салдатчыну.

** Вайсковыя палявыя ўмацаванні.

 

* * *

 

А «Збор!» труба выводзіць,

вядома, - неспадзеўкі!

...Выходзілі, праводзілі

дзяды, жанкі і дзеўкі.

 

І паціралі вочы,

і гаманілі разам:

- Няхай прад вамі збочыць

і куля, і зараза!..

 

Няхай кіруе вамі

дзясніца Боскай волі...

Каб маткі над сынамі

слёз не лілі ніколі...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Акідваў зрокам цвёрдым

жывы той шчыт дзяржавы

арол, прасцёрты горда

над будачнікам бравым:

 

- Престол - первооснова!

- Ужо не выдай, братцы!..

Вядома: двухгаловы -

у два бакі ўглядацца...

 

* * *

 

- Ой, татулю, татулю!

Каму каня купуеш

І так жаласна плачаш?

- Гэта табе, сынаньку,

Ты паедзеш на войнаньку,

На чужую старонаньку.*

 

...То пяюць, то дрэмлюць; суткі, двое, тыдзень.

Шлях, затканы пылам, сам сабе абрыдзеў.

 

Далягляд размыты цёплым ветрам моршчыць.

Пад нагамі - суслікі, палыны ды вёрсты.

 

Вёрсты пад нагамі, каршачкі ж - у высях.

Саланчак пракіслы пасівеў і высах...

 

- Ой, матулю, матулю!

Каму й шыеш кашулю

І так жаласна плачаш?

- Гэта табе, сынаньку,

Ты паедзеш на войнаньку,

На чужую старонаньку.

 

Старана ж чужая - белы свет... - наўкола:

пад салдацкім ботам, пад гарматным колам.

 

...Ў фуры, на саломе, у адной бялізне,

сцяты ліхаманкай, батарэец трызніць:

 

- Зачарпні, нагніся, піць! Вадзі...вадзіцы...

...Свой ставок у вербах мроіцца і сніцца.

 

- Ой, сястронька, сястронька!

Каму рубіш хустачку

І так жаласна плачаш?

- Гэта табе, братаньку,

Ты паедзеш на войнаньку,

На чужую старонаньку.

 

...Так неміласэрна дол цярплівы паліць!

Галасы пасохлі, словы песні звялі.

 

...Засінелі хмары, ледзь дабрацца зрокам!

Не растуць, застылі. Цвеляць цёмным вокам.

 

Пасвяжэла. Коні пайшлі крокам спорным.

- Эх, литва чащобная! Это, дядя, - горы!..

 

- Ой, братаню, братаню!

Каму каня сядлаеш

І так жаласна плачаш?

- Гэта табе, братаньку!

Ты паедзеш на войнаньку,

На чужую старонаньку.

Панясеш свае плечкі

На турэцкія мечкі,

Панясеш свае ножкі

На турэцкія дарожкі...

 

...Верхавы пасыльны хісткі, хоць цвярозы:

- Каваля з падручнымі ў галаву абозу!

...ў галаву абозу!

ў галаву абозу-у-у...

 

* З беларускай народнай песні пра салдатчыну.

 

VI. У засені цішы і дрэў...

 

Тут нашы завяршаюцца шляхі,

сыходзяцца дарогі у адну.

Ля роднае, апошняе вяхі

жывым пакінуўшы і праўду, і ману...

І Бог наш існуе, як у паўсне,

спакойна, завяршыўшы, колькі змог.

Што ж гэта цягне ўсё часцей мяне

сюды, на непазбежнасці парог?

Нібыта зачакаўся кампанейскі сват

пакуль я на чужыне браў усмак

гарэліцу адчайных свят,

будзённасці з нішчымніцай праснак.

 

Птушыны шчэбет, і крыжы ў бары

пад гаманлівай шатай дрэў,

і вы, вялебнасць, і жабрак стары,

які, нарэшце, права ўласнасці займеў,

прыдбаўшы нечакана ўласны кут,

дзе не абразіць скупасцю ніхто

і не дасягне сквапнасцю... Хоць тут

за дзесяць год і нават і за сто...

...Прыпыніцца бег вечнай чысціні.

А ты, мая душа, мая вясна,

пад траў і кветак ляжаш карані

ці станеш над зямлёй блукаць адна?..

            Заўжды адна?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Дзе ж я пайду? Мілы Божа!

Пайду ў свет, у бездарожжа,

Ў ваўкалака абярнуся,

З шчасцем на вас азірнуся.

П.Багрым

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

- Дзень добры вам. Я з Юшкавіч,*

            шукаю вас. Сказалі:

вось ходзіць, ходзіць, у нядзелю так штораз.

Вы ж тутака.

Багатым, бачыце, дык з мармуру анёл...

Хапала пры жыцці - дык і па смерці свеціць.

Не багатырка я, мой агарод пры хаце,

ды адраблю, зрабіце ласку: скуйце крыж!..

...Каторы год, як Казіка майго няма...

А я ўсё дол таўку. Ды ўжо зусім адна...

            ...Дзіця як гэта перажыць!

Задзела толькі пікаю... Нагнаў казак, ды хібіў.

Загоілася рана. Ды год-другі -

і стаў хварэць і сохнуць. А берагла,

тады ўсё не пускала - хай паны ваююць!..

 

Ды маладое, ўсё такім па сілах!..

А лёс наканаваў сваё: магіла...

 

...Дзіця, як гэта перажыць?!

            Зрабіце ласку - крыж,

І літары на ім, бо звёўся род...

Я адраблю...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

- Чакайце, панечка! А прозвішча?

- Мы ўсе тутэйшыя.

Ён - Казімір, ён Казік Зьніч...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Прыйшла, прасіла.

                     Шапацелі словы,

як ўвосень на градзе пакінуты відук.

Прывычныя, а сэнс - пякуча новы,

бо новым рэхам перажытых мук.

Паўстанцам быў... А долі - не прыдбаў.

На дактароў і лекі ўсё пайшло.

Ці там, юнача, праўду ты шукаў?

Дзе ж хованку знайшло зямное зло?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Ўжо колькі вёснаў-зім, як той курган капалі,

і шаблю - шведскую, з магілы - прыняслі.

Каваў з яе касу - не спомніў лепшай сталі.

Адборны матэр'ял, не ўела соль зямлі...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Я маю ўсё. І дзень мой мне належыць.

І будзе - не за плату!.. - адпаведны крыж:

з фасоннай паласы, а лёгкі, як мярэжы,

бо ты, жыццём знясілены, пад ім ляжыш.

І літары - глыбей: не руш, іржа-грызота,

сюды сваё знішчэнне не заві.

Бо наш палын гарэніць нашым потам,

бо цвет, чырвоны буйна, - на крыві...

Адборны матэр'ял... Каб нецярплівасць тую,

з якой ірваўся на прасцяг дарог!

Ўжо за плячыма. Сёння ўжо гадую

на ўзмежку, у зацішку, мой,

            крохкі ўжо, быльнёг...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Мяне, вялебнасць, Вы чытаць вучылі.

І клікалі глядзець, як ружа расцвіла.

Пакуль яшчэ я целам не знясілеў,

маё і Ваша аб'яднаць пара.

Той пышны цвет, што з князевага саду,

людская чуласць казкай наракла.

То пекната знаёмага мне складу -

сястра шыпшыне нашай з цвінтара.

Не адкаваць пялёсткаў тонкіх свежасць,

не ўвекавечыць дзіўны, росны пах.

Што ж, ад маіх жаданняў незалежна,

праявы роднага нязменна у вачах?

 

...Не горш ад віленскіх і ад варшаўскіх.

Якой жадалі Вы, якой чакаюць ўсе.

Як той вянок, з асобных кветак склаўшы,

каваць і шліфаваць - радніцца пакрысе.

Запаляць свечкі. Круг агні паўтораць,

бляск гранямі памножыцца не раз.

І кожан ў думках будзе ціха ўторыць

надзеі тых, што адышлі ад нас.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Раджаліся. Жывёлу пасвілі. Касілі.

Аралі да цямна свой і чужы загон.

Цяслярылі. Бунтарылі... І д'ябал не асіліў,

пакуль зямля не брала... назаўжды ў палон...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

- Дзяньдобры вам!

- Маё ушанаванне! Дзякуй Богу,

пагода - як на фэст.

- Дзянькі, скажу, як шкло...

Глядзі - і жаць пачнем.

- Яно і час, вядома.

- Вядома, час. Ды і зрадзіла сёлета не горш...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Заказваў і плаціў магнат ці уладар -

хапала і за што, і часу, і прычын.

А майстра меў не менш - умельства дар,

з ім крэўнасць непадробную, калі ён праўды сын.

Дык жырандоль!.. Пасядзьце, жаўручкі,

мізэрных, вас тут ліха не кране.

Хоць вам без выраяў і не з рукі -

не пакідайце кузню і мяне...

І ты, пялёстак, вытрывай, не вянь,

пакуль твой адпаведнік ў шрубштаку...**

Ружовае жыццё, бязважкае, як здань,

падоўжыць у жалезе ці змагу?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Павінен! Бо рашыўся - як пачаў.

Насуперак ўсім недавяркам ці сляпым...

Агул і спадзяваўся, і чакаў - і... выканаў,

у Крошыне над Шчараю, Багрым...***

 

* Вёска непадалёк ад Крошына, Баравнавіцкі раён.

** З польскай - ціскі, слясарныя, кавальскія.

*** Выбіта лацінкаю па акружнасці жырандолі Крошынскага касцёла.

 

VII. Работа

 

Усё прабоі, замкі,

і атосы, і шыны, і восі.

І сярпы, капачы і матыкі

пад варштатам упокат ляглі.

Гэй, вясна! Лета звон, перуны!

Лістапад пра сваё адгалосіць,

вецер зможацца, сціхне.

І ўжо снежань брыдзе напрасткі.

І стаіш, мая кузня,

шэрай плямай на белым абрусе.

Каб угледзець ад хмары цябе

хоць аднойчы магчымасць прыйшла...

Птушкам - звону гняздом,

недарэчнай спарудаю, мусіць,

у развілцы галінак-сцяжын

ля гасцінца старога - ствала.

Што ж ад хаты маёй

нават сцежкі, бадай, не прыкмеціш?

Бо хаджу - я адзін,

і на раніцы лёгкі мой крок.

Там чакаюць мяне

паслухмяна-вусцішна, як дзеці,

абяцанай бабуляю казкі

навіты працавіта клубок:

ля кавадла успёрся мой молат галоўны,

ў нерухомасці сіл набірае;

мех кавальскі да часу стаіў

подых цяжкі хрыпавых грудзей.

О, з-пад крэсіва ў трут

іскры сіла - такая малая...

І ўжо тлее, свіціцца, шугае

і хутчэй, і чысцей, і званчэй!

Пачынай жа, каваль!

Мы табе падуладны суцэла,

як салдаты ў сутычцы

з варожаю сілай чужой.

Ў палкім горана ўлонні

хай жалеза упартага цела

стане воскам патульным,

назапашаным сціплай пчалой!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Гэй, вясна ды красна!

Над лужком завіхаецца чаіца,

і, вакол пранікаючы,

льецца спеў з-над прасохлай мяжы.

Скрыгатне па каменні лямеш,

ды, аднак, баразна не канчаецца!

І, маўкліва, чужынцамі, ўзбоч,

не патрэбныя полю глыжы...

 

VIII. Маўклівы дыялог з падарожным

 

А, губернская брычка! Ды накульгвае дужа...

Ашалела-разгублены, успацелы фурман,

бо рысора - ушчэнт, экіпаж занядужаў!..

І спакойна-разважлівы пан.

 

Капялюш і пальчаткі, гальштук-хустка на шыі;

на кійку булавешка - слон слановай касці;

і на пядзю, не менш, бакі роўна сівыя,

непрыгорблены торс. Хоць на цокаль нясі!..

 

- Мне сказывал корчмарь,

                     что мастер ты отменный?

(Маўклівы паўпаклон і бляск вачэй імгненны

з-пад сцятага брыва, прытушаны ураз).

- Вот золотой, коль сделаешь за час.

 

Зноў галавы ківок і позірк не на пана -

знявечанай рысорай прыкаваны.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

- Сработал хорошо... Но что же так угрюм?

(...На могілках зялёных - шэры тлум.

 

На могілках, пад шэлестам асін,

ля долаў, на жвіры, пяць свежых дамавін...)

 

- Твой золотой! Да, вижу, ты - мастак!

(Рука яшчэ пульсуе рытмам малатка.)

 

...Стук малатка па веку ў цішыні.

Зняў шапку бліжні стражнік на кані...

 

Упарта цуглямі скрыгеча конь.

На шаблі рукаяць усперлася далонь...

 

- Мой залаты!.. Я, бачыш ты, мастак!..

...На века - жменькамі пясок, жарствы камяк...

 

Ў цывільным ты, ды помню муштру я,

якую бачыў ты ў сядле, з каня,

 

калі я на пляцы - ні рук, ні ног! -

ляжаў у гразі і ўстаць ужо не мог...

 

Ды падымаўся, бо надзеяй жыў

сюды вярнуцца, да пясчаных ніў,

 

да сцен, дзе бацька гэты горан раздзімаў,

а я, з кавадлам упоравень,

                  ды з важнасцю, стаяў...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ой, кажане, кажане!

Чаму ж ня сеў ты на мяне?

Каб я большы не падрос

Ды ад бацькавых калёс...

П.Багрым

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Пярэднімі стаеннік месіць дол.

У плячук фурманскі лёгенька: - Пош-шь-ёл!

 

А на далоні - профиль залаты:

бародка, вус, гузасты лоб круты...

 

IX. Фінал

 

Нарэшце, скончылі!.. Каронай жырандоль

Для вежы ўзнёслай на святочны дзень!

Ды дзіўны неспакой мяне адолеў -

На стог завершаны папоўз сумнення цень...

 

І сцяўся сэрцам... Адаслаўшы хлопцаў

(Лупілі вочы шчыра - тут і іх удзел!..),

Жалезны завіток браў машынальна ў шчопці.

Зусім знясілены ў роздуме сядзеў.

 

Ёй жыць пасля мяне... Мо хіб? Не перайначыш,

Забрала без астатку ўсю наяўнасць сіл.

А світу дзён маіх, і дужых і лядачых,

Як ні бярог - лічы, ушчэнт знасіў...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Твар спаласнуць, і дабрысці да хаты,

На прызбе пасядзець, накінуўшы кажух...

Ды што за неспакой, нібы я кляты!

І месяц, узыйшоўшы, нібыта прытух!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Пахаладзеў я!.. За спіной дзяўчына

Намацвала дзвярэй счарнелы спрэс вушак...

Празрыста-белы твар, і позірк,

                           больш чым дзіўны:

У калодзежах вачэй жывога - хоць бы знак!..

 

Патрабавальны жэст пад позірк невідушчы,

З усмешкай - як прымус! Падаў ёй жаўрука...

І металічны лопат крыл ажылай птушкі,

І мой за імі крок, і дрыжыкі ў руках.

 

...Чакаў яе хлапец... Ды не звярнуў увагі -

Не чуў! - як трапятаў, спяваючы, мой птах!

І падаліся прэч, бяздумна, як бадзягі.

Нячутны крок у крок. І знічкі у руках...

 

Сляпая і Глухі! Блізняты - Лёс і Доля!

Адкрыўся мне сустрэчы непаўторны сэнс!..

Як пашча, дзверы кузні... Поле,

Размытае туманам... Цела жырандолі...

                              Туман... Туман...

 

* * *

 

Уставала сонца, як заўсёды. Ночы,

Бяссоннай для мяне, паліла прывілей.

Нованароджаны, ды дзейнасці ахвочы,

Узнімаўся вецер, размясці хутчэй

 

Вуголле чорнае сумненняў, попел,

Прыбіты шротам жнівеньскай расы...

І неўзабаве ўжо сушыў празрыстаць кропель,

Падлічваў рэдкіх птушак галасы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Я Крошынам іду. Яшчэ ў дрымоце хаты,

Дзень новы промнем не крануў вакон.

Спяць крошынцы мае, тутэйшы люд, зацяты

Ў працы, праўдзе, цяжкі на паклон.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Тут, ад крыжа, якім, ушанаваўшы, асвяцілі

Пакуты, кроў і смерць, і пачынаўся строй:

Мундзіраў дзвесце ў дзве шарэнгі, кіі

І твары, вінаватыя, ў пакорнасці тупой.

 

...Як сёння бачу: тут упаў мой тата!

Заплюшчаныя вочы, потны, цёмны твар.

І над скрываўленым нагнуўся паганяты.

Хто ж вінаваты за смяротны ўдар,

 

Неронаўскі разгул у шорах муштры прускай?

За здзеклівы, бо невымоўны, жах?

І плакаў у страі служывы сівавусы

У рамянях крыж-накрыж на грудзях...

 

Суцішылася. Ад маста змярканне

Паўзло на ўз'езд, які Галгофай стаў.

А грукат барабанаў млосным вуркатаннем,

Дапяўшы Шчары, у імглу сплываў...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Я Крошынам іду. Так цяжка не ішлося

Яшчэ ні разу за мой доўгі век...

Так чула не вяла пад руку пані Восень -

Як самы блізкі сэрцу чалавек...

 

Кашуля свежая (не адзяваў, здаецца...)

Знімае стому са збалелых плеч.

І вецер разгарэзіўся: то цельпуком таўчэцца,

То з радасцю шалёнай гоніць прэч...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

- Удачы, Крошын, крошынцы!

Паклон мой Вам апошні!..

...Як лёгка басанож...

               брысці...

                     па свежай пожні...

 

- Канец -

 


2001-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая