epub
 
падключыць
слоўнікі

Венанцы Бутрым

У барвах зямлі

I ЧАСТКА
  * * *
  * * *
  * * *
  Трыпціх
  1
  2
  3
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Эцюд
  * * *
  * * *
  * * *
II ЧАСТКА
  Шпакі
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
III ЧАСТКА
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Дзяўчынка ў пейзажы
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Здрада
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Жартаўлівая селяніяда
  * * *
  * * *
  «Беларус»
  З жыцця...
  Дарожнае...
  НА РАДЗІМЕ
    Магілы
    Трактарыстка
    Яліна
  ПАЎДНЁВАЯ НІЗКА
    * * *
    Да мора
    * * *
    На чужыне
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    Чаша
IV ЧАСТКА
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Чатыры накіды
  1
  2
  3
  4
  Міні-мастацтва
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Восень
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *


 

I ЧАСТКА

 

* * *

 

А ноччу сняцца рэкі Беларусі,

і нават назвы іх, што чысты гук нясуць.

Інакш ніхто іх звацца не прымусіў,

як Шчара, Нёман, Прыпяць, Друць.

 

Крануўся лёд! Чаромха губіць цвет!..

А там і вялы ліст на плынь халоднай хвалі...

І журавы пайшлі, за сонцам услед!..

Ужо як дробны шрот, ужо не чуваць, прапалі...

 

І ў сэрцы мужным - новы лістапад.

А пасмы-касмылі пакутлівых віроў

пад тоўшчу лёду паляглі.

 

І ўсе жыццё, няйначай, - змена дат...

Ды ў рэчышчах старых, сярод снягоў,

плывуць надзеі новай караблі.

 

 

* * *

 

Адліжна, трывожна... Зацята

за кроны чапляецца дым!

І посвіст антэнаў напятых

намерам, няйначай, благім.

 

Праз ноч - да чацвёртай, да пятай

развязкі упарта чакаць:

затопіць, залье узурпатар -

драты так панура рыпяць!..

 

А мо? Раскалолася б неба!..

Хай колкасць сусвету сплыве,

праб'ецца ледзь бачная Вега

дрыжаць і свяціць пакрысе,

каб шарай гадзінаю рання

праклаліся зноў рубяжы.

 

 

* * *

 

Першы снег, беспрычынная радасць!

На гарачыя вусны рабін -

пацалункі халодныя градам...

Смех таропкі ад гнуткіх галін...

 

Стынуць пальцы, падступна халодзіць

прытуманены шэранню стан.

О, спрадвечна салодкі падман,

ты, чаканне, сумненняў разводдзе!..

 

З кузні звон, перастукі. Бунтуе

ў гулкім горане полымя шар,

ды абняты дрымотай абшар

нат уласнага сэрца не чуе...

 

Будзе ноч насцярожана светлая

сілуэты лічыць збоч дарог...

 

 

Трыпціх

 

1

 

...Дзе ж тыя качары, чапля сівая

ў ранішнім цёплым тумане?

Хмара суцэльная, полап без краю,

як безнадзейнасць чакання!..

Цьмянай ружовасцю трапяткою

вока і думкі лагодзіць

чуласць сустрэчы неба з вадою

там, дзе ўжо сонцу ўзыходзіць?

Мо, як на грудзі адны, і даволі?

Пробліск найменшы не свеціць!

Ў голую шыбіну - голае голле,

нізкі, пранізлівы вецер...

 

2

 

Бачу, нарэшце! Белыя мухі,

о, замільгалі, дружна пайшлі!

Мо пасланцамі гульбы-завірухі

да перамучанай, грэшнай зямлі?

Тракі стальныя, грузныя колы,

хуткасці прагнай нястрымнай цяжар...

Зноў заімжыла ўпарта наўкола

з перанасычаных вільгаццю хмар...

Досыць! Брысці па размытых разорах

і ў думках - ці знойдзецца сіл...

Не адгукнецца спагадай прастора,

хоць кляў бы, хоць шчыра прасіў...

 

3

 

Сеюцца, сеюцца крупы бялюткі...

Кроны, паветра, дахі і дол

у дотыках лёгкіх, росчырках гнуткіх -

тчэцца абрус на няпрыбраны стол...

І ўсе яснее. І сустракае

воблікам новым знаёмых з'яў.

І промень першы з-за небакраю

раптам прабіўся, але прапаў...

Ды адбылося: ў хвіліну такую,

што незваротнаю явай прыйшла,

хвалю ўздымае, следам другую,

ужо нястрымны прыліў святла...

 

 

* * *

 

Сыпле і сыпле белае рэчыва -

прыступам хмары пайшлі!..

Памяць, слабая мая, чалавечая,

як тое зерне ў раллі?..

 

Цёмны бруснічнік калянасцю голаю

змоўк? Ці размовы вядзе?

Вы, што не маеце гучнага голасу,

ці не замерлі ў бядзе?

 

Дзіўны зварот? Недарэчнае мроіва,

пошукі казачных сіл?

Ах, на зямлі ды нямала што скроена

на нештодзённы капыл!

 

Дробныя кветкі. Маўклівыя людзі.

Што ні чарот - вастрыё!..

Перабаліць мне. А вам - не прыбудзе,

пойдзем усе пад куп'ё!..

 

Толькі як стрэну сваю ўжо часіну -

яснасць і велічны змрок, -

ўбачу яшчэ раз усё, што пакінуў.

От, проста так, незнарок...

 

Выдму сухую чаборам палоніць,

крэмня па ёй - дзе-нідзе.

Ліпенем вузкія пахнуць далоні...

Вочы ў задуме-паўсне...

 

Мост, далячынь - як прыгожае дзіва,

дугі ўскінўтых крыл...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Крок - і адзін па Краіне шчаслівай!

Гэй, вы, з прыжыццёвых магіл!

 

 

* * *

 

Ціхі і чысты блакіт -

нават вачам балюча.

Ў долах - бы клічнікі ўбіты -

з-пад снегу мёртвае сучча.

 

Хромам і умбраю сосны

праз насцярожаны іней.

Гіля рэальнейшы посвіст -

ў зачараванай краіне!..

 

Бездань, бясконцасць і холад -

подых халодны сусвету

і мяккае ззянне наўкола -

песціць свяціла планету...

 

Ах, непрывычныя словы!

Лепей - зямля пад нагамі,

ў лужынах сонца абновы

і пры дарозе той камень.

 

І смуткам пацягнены веі,

позірк астатні, расстанне,

захад без кроплі надзеі,

паўночы глухмень, світанне,

 

дзень новы, боскі бязмала;

Глюк-Крэйсляр, «Мелодыя», тая,

што дзеля нас завітала

і пераможна вітае,

кліча над грэбенем хвалі,

часам ледзь чутна, ды шчыра...

 

 

* * *

 

...Вечар заінелы з лёгкасцю зайздроснай

сцеле-кампануе ценяў сілуэт,

дрэў, фігур, таксі, услужлівых кіёскаў,

занятых падлікам планавых манет...

 

Моўчкі побач крочу, думкамі цвярозы.

Моўчкі я цікую, як глядзяць услед.

У лагу далёкім амярцвелі лозы,

па зазімку чыстым - двойчы воўчы след...

 

А табе да твару ў шапачцы-кубанцы,

і каўнер так слаўна да шчакі прынік...

У чарнаце над намі ў нетаропкім танцы

дробны снег і вузкі, мутны маладзік...

 

Я не стаў разважны, я не стаў цвярозы,

летам або ўзімку - ўсё той самы хмель:

у лагу без назвы - гнуткія бярозы,

буйству маіх думак белая пасцель...

 

І шчыруе горад перманентным святам,

не спяшае гучнасць замяніць на сон.

Светлафор нястомны... І мігціць заўзята

на карніз пасланы пульсаваць неон...

 

 

* * *

 

Толькі снег, белы снег, мокры снег...

А цябе - усё няма і няма...

Прыпынілі хвіліны свой бег,

забарона на гучнасць прыйшла!..

 

Белых клавішаў сціснуты рад.

Чорных рэдка расстаўлены строй.

Закрані з іх любы наўздагад -

толькі шэпт... Гэта снег за сцяной...

 

Толькі б тых дачакацца ім рук,

тыя пальцы адчуць над сабой -

хай ажывяць абноўлены гук

феерверкам над кожнай струной,

 

рэхам чыстым ад мутных вакон

да магніту нібы - да яе,

вадаспадам за той Рубікон,

што праз мора чакання цячэ!..

 

Каб нясло ў забыцця акіян

ветрам, хваляй, жаданнем маім.

Не патрэбны мне сёння падман -

белы снег...Гэты шэпт ні аб чым...

 

 

Эцюд

 

...Тужэе ультрамарын

за адпацелым акном

у зблытанай сетцы галін,

звязанай вялым святлом.

Памяць які ўжо час

пальчаткай з драбніцаю шкла:

гоман бяседы прыгас -

ЯНА нечакана ўвайшла!

Ты, акалічнасцей збег?

Душы нястрымны парыў...

Сіні за рамамі снег.

Проба звяна на разрыў...

Ды не заўважыў ніхто,

а ўжо адчуць - і не змог,

як ветрам вясновым прайшло

па лютаўскай скуры дарог,

як промня наставіў лязо

гарачага лета пульсар,

каб схамянуўся ЯГО

перанапружаны твар...

Ды не заўважыў ніхто -

бачаць жа ўсё навылёт -

як пульсавала жыццё

праз макіяжу налёт...

І зноў стаў звычайным пакой.

І сутыкаліся зноў

шпількі гамонкі пустой

на скрыжаваннях размоў.

 

...Дзве пары розных вачэй,

а далягляд ім - адзін.

І ўсё хутчэй і хутчэй

віруе кола хвілін.

Спыніся, імгненне, і стой

побач з жаданнем маім!

 

...Цёмны, тытунны настой.

Смутак, празрысты зусім...

 

 

* * *

 

Шэрані ціхія звесткі. Пара...

Досвітак першы настылы.

І ўсё нешта гоніць з двара,

нібы перабольшвае сілы...

 

Шэрага неба дыван.

Лёгкая постаць як з мары:

Шапачка, футра на стан

і подых воблачкам пары...

 

- Дзень добры, няўжо і мароз

Вам ясныя колеры дорыць?

Я - мерзну, хаваю нос!..

- Мне кожны дзень без дакору.

- Вам вядомы нейкі сакрэт!

Ці от, смяецеся з кабеты...

 

 

* * *

 

Месяца тонкі акраец.

Ночы размытая грань.

Бачыш, памалу світае,

мо не шчамі, перастань...

 

Тое, чаго ты чакала,

як хлеб надзённы, прыйшло.

Толькі яшчэ не хапала

Вашай журбы, Адамо.

 

Чуеце крык амярцвелы,

гэты бясконцы і белы?

 

Новы халодны сумёт

сыпле крылом забыцця

снежаньскіх пчол карагод

у чароўным танцы жыцця...

 

 

* * *

 

Гэта, мусіць, апошні ўжо снег

сакавіцкай халоднай усмешкай

абагрэў вузкі просмык застрэшка

і шурпатую шыфернасць стрэх.

 

Дрот звычайны - як шнур дарагіх,

дню будзённаму збытніх, карункаў.

А галіны ў чэзлых рыштунках

нібы ў квецці ўсіх веснаў былых.

 

Падказаў успамін дарагі -

гэта нашы бялелі снягі...

 

Пазаўчора ўскрай палігона

з-пад счарнелага лісця старога

я выкопваў сцяблінку зялёную.

І цішком віншаваў з перамогай.

 

 

II ЧАСТКА

 

 

Шпакі

 

В.В-у

Прыціх ліман, ды ўсё яшчэ булькоча

Ля нізкіх берагоў халодная вада,

Наркотык - мул разгойсанага дна -

Сілком глытаўшы на зыходзе ночы.

 

Гасціла замець Поўначы пахмурнай -

Раз'юшана кіпеў над стэпамі цыклон.

І тут ён, на вадзе, ўвесь першы эшалон,

Імклівы вырай - чорны след хаўтурны!

 

Праводзіў позіркам стары-стары фелах;

Блукала думка ў выцвілых вачах,

А там, за Прыпяццю, іх скрозь ужо чакалі!

 

Сто дробных сэрцаў - той чырвоны глог!.. -

Людскіх не ведалі сумненняў-засцярог -

Як рэшткі вогнішча на раўнадушнай хвалі!..

 

 

* * *

 

Першая цёплая ноч,

зноў я адчуць цябе змог!

Месяца тонкі серп

ціха на кроны прыплыў...

І сонцу, і ветру, і ўсім -

лістоты яшчэ чакаць:

новы пачатак жыцця

сокамі толькі пайшоў,

пупышак мільярды ізноў

асіляць дрымоту зімы,

і колер зялёны скрозь

нячутны ўздыме прыбой.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Скупа гукі плывуць. Аднак

час і стома возьмуць сваё -

горад гучнасць сцішыў, прытух,

дзень чарговы скінуў з плячэй.

Птушкам сніцца яшчэ без гнязда -

першы сон на сваёй старане...

Крылы помняць яшчэ пералёт,

сэрцы б'юцца напружаннем тым...

Месяц у галлі вастрыё

прытупіў аб начны туман.

Ды і зоры мігцяць мякчэй...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Як уладна кіруеш, ноч!

 

 

* * *

 

Алесіку

Ты быў такі маленечкі, што толькі й мог

Расплюшчваць вейкі, плакаць і смактаць.

А потым вырай быў. І зноў шпакі ляцяць

Шляхамі гібелі, вяртанняў-перамог.

На гэтай яблыні старой упершыню

Блакіт і золата убачылі яны.

Пазналі страх: ламае, як і сны,

Пярун-язычнік саду цішыню.

Што той Паўднёвы, найяснейшы Крыж!..

Ці ж меркне нам Палярная, свая?

Хадой нячутнаю, у росах, ноч прайшла.

І ты мне усміхаешся, не спіш,

І дню, што ўжо чакае ля дзвярэй.

Расці, маё сцябло, хутчэй!

 

 

* * *

 

Сонны спакой неглыбокай вады,

Звонкія россыпы лотаці.

Крок прыпынілі, удаль брыдучы,

Вольхаў празрыстыя постаці.

Жоўты на чорным, зялёны травы -

Парасткаў новае брацтва -

Чысты, праўдзівы і малады...

Стрэліся - і не расстацца!..

 

Ды мімаходам. Дабранач, прастор,

Памяць усё захавала:

Тонкага голля спакойны дэкор,

Водгук шчымлівы. Ці мала?

Захад - размыты на срэбным кармін,

Слуп з нерухомаю птушкай...

Вырай змарыў з тых заморскіх краін?

Вечар лагодны загушкаў?..

 

Гоніць нястрымны «Эрфурт - Масква»,

Дробязь паўстанкаў мінае.

Крышыць сфумата сканаўшага дня

Над засынаючым Краем...

Колькі ж яшчэ на вакзалы спяшаць,

Месца выпытваць па касах?

Зрокам праводзіць, а сэрцам вітаць

Свойскія краскі пад насыпам?..

 

 

* * *

 

Слепіць сонца бляск на лужынах,

ручаінамі павязаных.

А надзея зноў засмужана

абяцаннем недаказаным...

Мчыць планета, зоры лушчачы

арбітальнымі цяжамі.

Кім жа ды калі запушчаны

ў бясконцасць... мёртвы камень?

Дык спяшай, вада вясновая,

у акіянах растварыцца!

Мы ж - слабыя прад замовамі,

І ўсё тая ж постаць сніцца,

І не ўбачыць пільным зрокам -

зразумець, адчуць з палёгкаю

непаўторны почырк крокаў,

злучаных хадою лёгкаю...

...А над горадам, у зацішку

стратасферным, атмасферным,

вераб'і, каштан кашлаціцца,

вецер, захад, рухам мерным

вечар, у контурах размыты,

у бяздоннасць гулкай лейкі

сыпле шрот хвілін пражытых

з абыякавасцю нейкай...

з абыякавасцю нейкай...

 

 

* * *

 

Калі праскочыць чарада надзённых спраў,

а ноч няўхільная над краем паплыве,

каб стому зняць, якую дзень прыняў,

за плугам ідучы па баразне

ці гонячы срабрыстую смугу

хваль далікатных па жытах,

пакінь парогі, хатнюю нуду,

спяшай пад Млечны Шлях!..

 

На поўдзень коціцца ў бездані рака,

як россып рос,

не замуціўшы велічную плынь...

Сцябло ля ног; над лугам - лук Стральца:

устаў, цеціву абтрос,

напяўшы вобмацкам удалячынь...

 

 

* * *

 

І прамінула былое - з ветрам!

А мо з веснавою вадою

чародамі качак з асокавых нетраў?

Мо думак маіх чарадою?

 

Як і адвеку неба сінела,

так вечна сінець яно будзе.

Маё аджыве і рассыплецца цела,

іншыя пройдуць тут людзі.

 

Тут ездіў багаты і яснавяльможны,

не ўмеў не па-панску ні кроку:

і белыя рукі, і ўзнёслыя словы.

 

Астаўся гасцінца ўзмах пераможны -

шарэе на досвітку, свеціцца ў змроку

гэты гасцінец вясковы.

 

 

* * *

 

Ноч ты зорная! З небам высокім

уз'яднала зямлі берагі!..

Дзень мінулы - які ўжо далёкі,

той, што прыйдзе - ужо дарагі!

 

На запясці жыцця ані знаку -

пульс у скроні даўно перайшоў,

шле па Морзе прывет і падзяку

з тых людскіх і даверлівых слоў

тым, хто ўпартасцю волі ў дарозе,

хто спяшае ў нязведаны шлях:

не ўпасці вам ніц у знямозе

і спагады ў родных вачах!..

 

Ноч ты зорная з небам высокім!

Рэха-прывід ўдалечыні!

 

 

* * *

 

Дарэмна так марудзіце з адказам

каторы год!

Такую нерашучнасць ці развагу

як зразумець?

Змяняюцца ў прыродзе поры году -

зноў красавік...

Упарта ўсё ўзнімаецца да сонца,

інакш і не было!..

 

Яшчэ не песні - адгалоскі іх,

настройка струнаў...

Яшчэ не колер ўзноўленай палітры -

як успамін...

 

Пачатак сёмае. І зноў світанак.

Вам спаць яшчэ...

Лядыш празрысты - палавінка-месяц -

амаль растаў...

 

Спяшаецца жыццё, змяняе ночы, дні,

далей ідзе

адшукваць намаганнямі маімі, Вашымі

не менш як ідэал.

 

Ці ж правамерна, каб штодня

сумненням прарастаць?

Карысці колькі ад такога дрэва,

калі яно ўкарэніцца аднак?

 

Дарэмна так марудзіце з адказам!..

 

 

* * *

 

Маладзік - нечакана прыемным пытаннем,

бездакорна з лімоннага выдзьмуты шкла!

- А чалом, ты нарэшце прыйшла!..

- Каб абняць і шапнуць... аб расстанні!

 

...Сарамлівай усмешкай прытомлены захад

праз апошні сутоння прастор,

змаладзелыя кроплі старэючых зор

на халоднай мазаіцы дахаў...

 

Вокны - насцеж, знаёмыя песні

(і «Прыйдзі...», і «Чакаю даўно...»)

з цёплым ветрам на мяккае ночы крыло

асядаюць, каб плыць у паднябессі...

 

- Адыходжу. Праз тыдзень чакай

навальніцы, ужо летняга грому...

 

 

* * *

 

Сонца звонкі злітак.

Першы пыл дарогі.

Бляск несамавіты

з імпульсам трывогі.

 

Бы зялёным пылам

цягне па абочынах...

Толькі радасць - міма,

быццам ужо сурочана!

 

Быццам не патрэбен

красавіцкі вечар,

з галубамі ў небе

новая сустрэча,

 

купал так знаёмы,

той, бясконцы, сіні,

што не меў аб'ёму

і не ведаў ліній.

 

І матыў далёкі

і амаль нячутны,

як прызыўны воклік,

як адказ пакутны...

 

Што ж гібець у скрусе,

лічачы няўдачы?

Адбылося, мусіць,

і не перайначыць.

 

Што лічыў сустрэчай -

стала развітаннем.

І канае вечар.

А ці будзе ранне?

 

 

* * *

 

Калі у памяці перабіраю дні

ці цені дзён, змарнелых, і бясследна

(як зерне, што на глебе беднай

не мела сіл падняцца і расці),

прапаўшых для мяне і для людзей,

бо перамолатых мізэрнасцю падзей,

з дзіцячай роспаччу знайду адзін,

падхмелены, як сок з марозу журавін.

 

Вясковай працаю прытомлены залішне,

улёгся ён і сном каменным спіць,

паклаўшы галаву на роснае крысо.

 

Ліст не варухнецца. У венцер вішні

заблыталася зорка. І глядзіць

у цёмны двор і чорнае акно.

 

 

III ЧАСТКА

 

 

* * *

 

Дзён маіх лепшыя дні -

чэрвеня лад і спакой!

Май, красавік адплылі

радасцю буйнай такой...

Сутак сто доўгіх, бадай,

да зор вераснёўскіх яшчэ,

так што пакуль не чапай,

смутак іскрыстых начэй!..

О, не заменіш нічым:

ноч - тры гадзіны ў паўсне,

дзень - па зямлі, і з усім,

што паўнакроўна жыве.

Дзе ж аглядацца назад?

Птушак імклівы палёт.

Лёскат, імпэт аўтастрад -

вецер, што б'е навылёт!

Хлеб, малако. І віна

ява тугая ў крыві.

Як ацаніць, ды спаўна,

дзён маіх лепшыя дні?

 

 

* * *

 

Можа слоў і збяру, каб злажыць

песню тую, што вецер спяваў,

калі, радасці поўны, імчыць

над галовамі сцішаных траў.

 

І хоць каліва тых, што ў сабе

маюць сілу прыдбанага болю,

калі скаргу над полем нясе

ад паломанай ім жа таполі.

 

Адыходзяць. Ці вернуцца зноў

галасамі далёкіх сяброў?

 

Гарады беларукіх бяроз,

вербалоз ля санлівай ракі!..

Доўга буду гукаць перавоз

і збіраць вашых песень лісткі...

 

 

* * *

 

Млява шэпчуць стамлёныя губы -

лісце скаргу бясконца вядзе

у чаканні бяды або згубы:

навальні... Навальніца ідзе!..

 

- Адарвешся ад роднай галіны -

і выгнанне - жабрацтва і смерць!

Гоман дробны, глухі, безупынны:

- Што ж цяпер? Што ж цяпер?..

 

Сіне-белым ускінецца ў хмарах -

траціш слых і цямнее ў вачах,

бо зарніцай біблейскіх пажараў

працінае знямелы абсяг...

 

А ў тунелі начнога маўчання

занясе, паўтараючы зноў,

то азёрна-аернаю тванню,

то жывіцай прагрэтых лясоў...

 

Што ж цяпер? Пад нажамі маланак

кіламетры распятай зямлі

у надзеі, жаданні спантанным

каб дажджы стараной не прайшлі...

 

Ну а мне? Тэлефон не пакліча.

Ліпне духмень на рукі і твар.

І дрыжыць - на суцэльнасць разлічаны!.. -

на фрагменты ірвецца абшар:

 

то губляюць камлі мае дрэвы,

то між хмарамі кроны нясе.

І грыміць на паўтор, перапевам,

што, нядбайны, я страціў цябе...

 

 

* * *

 

М.М.Ш.

З-за Белалесся* заходні вецер,

цяжкія копяцца хмары.

Раз-пораз рвецца, дрыготка свеціць...

І побач! Пярун ударыў!..

 

Але прагоніць... З'явяцца, гінуць -

гракоў над пагоркам кідае...

Блакіт - праз попел, бы сець ускінуў.

Ды чорна над небакраем!..

 

На самых нізкіх глохнуць акорды,

а шлях - з ясна-шэрага тканы.

Цягні жа, хмарнасць з нарвежскіх фіёрдаў,

далей - на Мыш*, Лебяжаны*...

 

Пераглядайся ў старых разорах,

поўных жывою вадою!

 

* населеныя пункты Баранавіцкага р-на

 

 

* * *

 

Прылятала прыцемкам птушка,

а якая - ніхто не пазнаў.

Вецер нават лістка не кранаў,

сарамліва галінкай не гушкаў,

 

зухаватасць, сумяўшыся, траціў,

як на дрэва садзілася тое...

Пер'е мела яна залатое.

І блакітныя вочы дзіцяці.

 

Знікала дзіўная на чорным фоне.

Як твар сланечніка, палонены сутоннем.

 

А пражытых гадоў і хвілін,

што шапталі аб казачным нечым,

цэлы сноп каласоў - за адзін...

Непаўторнасць жаданай сустрэчы!..

 

 

* * *

 

Флёксаў купіны тлеюць. А змрок

акрыяў, загусцеў, ападае.

Да акорда акорд - і вянок,

што не вяне і цвет не губляе.

 

І цямней, і цямней. І пара

на дабранач сказаць тыя словы,

каб спакойна заснула трава,

і дзіванны схілілі галовы.

 

Нібы голас дзяцінства - ледзь чутны,

нібы пах несабранага мёду!

І зліліся харалам магутным

дні: калыскі, жніва, адыходу.

 

Прыдзе час - усё патоне ў начы.

Даняясці. Не згубіць. Зберагчы!

 

 

* * *

 

Праменняў сонечных апошні клін

лязом алмазным голле рэжа.

І ўжо не сумная сцяна ялін -

тутэйшы арабеск, дзівосная мярэжа...

Ля лесу коні; ногі ў малацэ -

туман пайшоў, цішком паўзе імшарай.

Як трапяткое птушаня ў руцэ,

дзень ціхенька сканаў, цямнее тварам...

Ды весела у роздуме сачыць,

як разгараецца смалісты бок карча,

і дым, што сон, снуецца па агні.

А поплеч, вогнішча вакол, сядзіць

маіх мужыцкіх продкаў грамада.

І зорак грамада - ў вышыні...

 

 

* * *

 

М.М.Ш.

Глянь: па бульбянішчы - скрозь матчыны сляды.

Як злепкі тых, што час даслаў з Пампеяў,

адбіўшы прагна на гарачым глеі,

каб засталіся явай назаўжды.

 

Як ломіць у крыжы! Да самых хмар

няўступліва шнуруецца палоса.

Самотнай птушкі крык ці песні адгалосак...

І сонца стомлены ў паўнеба твар.

 

А колькі трэба сіл, каб боль перамагчы,

зло чэрствасці людской? Ці дачакаць вясны?..

 

Не дачакала... З сёстрамі пайшла

спяшаць з дакопкамі на тым нябачным полі.

Няслі свае сцягі: работу дацямна,

прышчэрблены капач і серп, крывы ад болю.

 

 

Дзяўчынка ў пейзажы

 

Як зложыцца яно, тваё жыццё?

Табе яшчэ й дванаццаці няма...

Ці памяць зберажэ тваё імя,

ці адашле у небыццё?

 

Цяпер ты - ўвесь існуючы абшар:

далёкі грому хор, пужлівасць бліскавіц,

пах скошанай травы, рамонкаў і суніц,

аераў гарката і пераменнасць хмар.

 

Ты птушкаю ляціш - і смех твой наўздагон,

ўсё туліцца к табе, у радасны палон.

 

Дзень зіхаціць, як страказы крыло -

мелодыя і рытм вышэйшага настрою.

Хай будзе ён тваім. Яшчэ ніхто

не зладзіў з доляю людскою.

 

 

* * *

 

Алесіку

Там, за вадою, светлыя пяскі

смугой ліловаю закрыла,

узняўся вецер, мчыць на пругкіх крылах

і пляжыць лазнякі.

 

Ўбівае ў небасхіл ружова-белы штых

маланка-бліскавіца.

Яе не ўтаймаваць, прад ёй адно скарыцца!

І Сож сівы прыціх...

 

А наш маленькі спіць, перамагло...

Нясе па хвалях сну крыштальнае вясло...

 

На захад сонца йшло, як радасны асілак,

і рукі матчыны, і лёгкай хмаркі цень,

і напалохаў чмель, і крапіва ўкусіла...

Які шчаслівы і бясконцы дзень!

 

 

* * *

 

Дануце Бічэль

...Змые пыл, жыватворным напоіць -

ажыве, расцвіце, усміхнецца...

Неспадзеўкі раскажа пра тое,

што драмала і ў думках, і ў сэрцы.

Прынясе цёплым ветрам здалёку,

з ператканых праменнямі даляў,

буслянятак няўрымслівых клёкат,

перазвоны крынічных крышталяў,

шапаценне вярбы, плёскат хвалі,

шолах лоз, асакі і чароту.

І трывогі аціхлі, апалі,

разам з рэхам апошніх грымотаў...

Праспявае зусім нечаканым,

дзень будзённы, як свята, расквеціць.

І зашэрхнуць, загояцца раны.

І не будзе ўжо болю на свеце,

страт, нападаў, гвалтаў і боек,

ганьбы нават нязначных падманаў.

Неўпрыкметна пасохне благое.

І ачнецца амаль беззаганны

ціхі вечар пасля навальніцы

над табой, над дарогай, над Краем.

Недзе чуў пра такое... Як сніцца...

Што ж, бывае.

 

 

* * *

 

Чацвёрты дзень не заціхае вецер,

імчыць наўскач, шукаючы ахвяры.

Ад стомы курчацца і скрдзяцца, як дзеці,

бяроз пасечаныя твары.

 

І дзень сышоў, і безліч хмар сплыла,

на люстры неба - ластавак пункціры.

А дрэвы гнуцца. І канца няма

адвечнай песні на журботнай ліры.

 

Змагацца дужаму! Перамагчы

адным ударам. І, пасля, магчыма,

стаць песняй гучнай у свой час.

 

А выстаяць пад ветрам? Уначы

Выглядваць золак прагнымі вачыма,

прамень каторым назаўсёды згас?

 

 

* * *

 

В.В-у

Кінем усё і на досвітку едзем,

у дробнай хвалі губляць паплаўкі...

 

Дальні бор і аблокі-суседзі

між драцін патанулай лазы;

цела светлае ў цёмнай кашулі -

цягне век свой крывуля-вярба;

і над грудам, дзе продкі паснулі,

тлуміць ветрам кірмаш варання.

 

Проці сонца іскрыць павуцінне,

спеюць словы, ўбіраючы сінь...

Хай мой голас тут раптам загіне,

толькі ты, дарагая, не згінь!

Сотня год - толькі кропля расы

на спакойным абліччы тваім...

 

 

* * *

 

Не скарбаў шукаем - волі.

Каб новы ўявіць абшар,

узлятае, напяты да болю,

уціснуты ў сталь Ікар.

І гіне ў полымі лютым.

І, феніксам стаўшы, ізноў

рве прыцягненняў путы,

успеньвае ў жылах кроў.

 

Ціхімі галасамі клічуць яго назад

Шолахі-перазвоны, пошум старых прысад.

 

Недзе ў бездані золак

першую птушку збудзіў.

І расцвітае золатам

Трава Зямлі - дзівасіл.

 

 

* * *

 

М.М.Ш.

Дзеля славы нязгаснай - красы

пацалункамі ліпеньскай раніцы

расцвілі ў першых днях касачы.

Спакваля, на зары, на світанні...

 

Сіла нашай зямлі перайшла

праз карэнні ў тугія пялёсткі

сінім, жоўтым - адбіткам святла,

сцюжай зім, пазалотаю вёснаў.

 

Каб спявалі ў жаночай руцэ.

І каб новую песню складалі

новы Альбрэхт і новы Вінсент.

Ну і ты, мой шаноўны Міхале.

 

Не скупіцца на колер абшар

тым, хто ўбачыць, пазнае, адчуе...

 

 

* * *

 

Ох, засцілае туманам, хоць плач,

кладкі, алешнік, атаву аселіцы.

Нібы горла прачысціў пугач,

а рагатнуць - не асмеліцца.

 

На той бок не пайду нізашто,

нават птушка твая не ўпросіць:

Адбалела, як смага, прайшло...

Асталася счарсцвелая восень.

 

А любіў, брыдучы басанож

па імхах, выхваляць твае вочы.

І за гэта, няйначай, ўсю ноч

той, вушасты, за рэчкай рагоча:

 

- Ух!-ха-ха!.. Прыгажосць перахвальваў,

хараства не знайшоўшы ні каліва!..

 

 

* * *

 

Б.І.

Не пытай ты мяне, не пытай

нават позіркам, крыху упартым!

Хай адкажуць табе: небакрай,

казялец, і ўвагі не варты,

сіні бор, і аблокі над ім,

нерухомыя ў жнівеньскай стоме;

і лянотным дажджом залатым

сонца бляск на звычайнай саломе...

 

Я не першы палонны з людзей,

што шукаюць сваю азярыну.

Там, спатоліўшы смагу грудзей,

не баішся ўжо нават загінуць...

Бо спазнаў, бо ступіла нага

на ледзь бачную сцежку яднання.

Небам сінім, бяздонным, вада.

У ёй аблокі - маўклівыя здані.

 

Толькі вочы прыкрый, зварушы

вастракрылую ластаўку - памяць.

І пачуеш, як шэпча ўначы

плынь вады пад цяжкімі плытамі...

І, слабых не шкадуючы ног,

тым жа берагам, тым крутаярам,

ужо брыдзеш напрасцяк, без дарог,

з неабсяжным сам-насам абшарам.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Кроплі зор праз імжу, праз імжу...

То ярчэюць, то знікнуць гатовы.

Не трывож - не пытай! Што скажу?

Выцвітаюць будзённыя словы...

 

 

Здрада

 

Ptaków tyle. Zieleni tyle.

Lato, zaczekaj chwilę.*

K.I.Gałczyński

 

* Колькі птушак. Колькі зеляніны.

Лета, затрымайся на хвіліну.

К.І.Галчынскі

 

А яно - пачакаць не хоча...

А яно затрымацца - не можа!

Час няўмольны,

                          немы,

                                   шалёны,

упарта круціць кола-арбіту.

- Досыць!

Немаўля толькі, бачу, не чуе:

малако,

            вочы маці,

                            промні -

Вечнасць!

А што ж мне, спазнаўшаму болей?

Не нудзіць

                 непазбежнаю

                                      стратай!

- Ну, чакай жа!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

І з падмурка - бетоннай грані -

адштурхнуцца!

                        Мацней,

                                     што сілы!

- Возьмем!

У каруселі зялёнай імчуся:

...Коні,

          конікі,

                   травы - побач!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Цёплы вецер твар абвявае,

дорыць птушак суседства, пахі

перацвіўшых у стоме красак...

Радасць!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

       Слабнуць пальцы...

Ужо не ўтрымацца -

                 цэнтрабежнасці

Злая Сіла...

 

 

* * *

 

Занік матораў шум за плошчамі лясоў,

растаў і бляск неонавы, халодны,

а пах зямлі, спрадвечны, першародны,

свідруе грудзі знойдзеным ізноў.

 

...Дзве ніткі каляін праз рэдкі хмыз

ў пануры ельнік, скрозь імхом спавіты.

Я, мабыць, зноў дарогі пераблытаў -

і месца тое, а чужы абрыс...

 

Мкнучыся ў думках сотні раз сюды -

мыляем крок, губляючы сляды...

 

О, як шмат часу ўжо ў нябыт сплыло

і як змяніліся мы самі!

...Тут недзе сіл набралася жыццё,

каб упрыгожваць гарады агнямі.

 

 

* * *

 

А жолуд - прарасце вясной...

Мінуць гады і непагоды.

І будзе дуб высокі мой

ў глыбокія ўглядацца воды!..

 

Сплыве благое. Цішыня

такая ўсё вакол абдыме,

як быццам не было і дня

грымотна-гулкага над імі.

 

Драчыны крык начы спакой

не пераб'е ў лугах зарэчных.

А нехта ўзніме позірк свой

ў лістоту кроны... векавечнай.

 

І ў роўным месячным сяйве

размерана кладуцца цені -

магчыма, зноў перажыве

неабвяргальны сэнс імгненняў,

 

калі ва ўладзе ціхіх дум

не лічыць сэрца дзён пражытых

і ў непаўторны светлы сум

няўдачы цішынёй спавіты.

 

Прыклаўшы да маршчын ствала

шчаку гарачую, жывую,

адчуе, што сама прыйшла

хвіліна, так чакаў якую.

 

Даўмеецца: за небакрай,

за моры тры хадзіць ці варта,

каб адшукаць чароўны Край,

што сніцца, так жаданы, ўпарта?

 

 

* * *

 

Нявольнікі сваёй душы,

дзеля чаго аберагаем

знікомы бляск жывой зары

над непахісным небакраем?!.

...Радзіма, дзіўны водар траў

над Шчарай, у чмяліным гудзе!..

І кветак іншых - не прызнаў,

І спеў - заўжды адзіным будзе:

тут, толькі тут, дзе вольхаў рад

над нетаропкаю вадою,

і май надзей, і лістапад -

над пасівелай галавою.

Былых ахвяр няхай граніт,

паліраваны аж да ззяння,

бярэ на скронь халодных пліт

ўжо толькі яснае світанне,

не напалоханы нічым

сарочы крык кустоўе будзіць.

І так, з няведамых прычын,

падзякай напаўняе грудзі...

 

 

* * *

 

М.М.Ш.

Праясняецца... Шчырыя словы

ўжо ледзь чутна сыходзяць з губ.

Над сінеючай шапкай дубровы

крохкі месяц - спілованы круг.

 

Цішыня. Адзіночыя кроплі

паглынае бясследна зямля.

Дабрыду, усё роўна прамоклі

чаравікі яшчэ да дня...

 

Ні жаданняў, ні даўняй трывогі:

не паспець!.. - І халодзячы жах -

толькі ветах, ліхтарчык убогі,

скупавата... Ды мох на ствалах.

 

Вечар, вечар! Такі нечаканы...

А, бадай, і найлепшы ў жыцці...

І, вядома - найлепшы ў жыцці...

 

 

* * *

 

Без весткі прапаўшаму

...Чыстаю вохрай, глуха-чырвонай,

ціха сплывае з медзі ствала

на мох збуялы, на звонка-зялёны,

ды ўжо счарнелы тут, ля камля.

 

Захад крывавіць... Ірве назаўсёды

дня залатую, жывую шчэ ніць.

О недарэчнасць - успомніць з нагоды

аб тым, што мёртвым ужо не баліць!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Кропляў пякучых бег безупынны.

Бой аціхае... Ці трачу я слых?..

Зноў прыбывае сумнай ажыны,

сунічак сумных... дзеля жывых...

 

 

* * *

 

Без весткі прапаўшаму

Лагчына, груд... Алешнік, як нядоля,

брыдзе, здарожаны... спыніўся. Назаўжды.

Струменіць неба хвалямі нуды

на здратаванае жалезам поле.

... Як цяжка паміраць! Чужынца крок,

смех. І цурчыць - на нашым полі бою!

Зямля, расстацца я не мог з табою,

і выстаяў. Ды сіл... устаць не змог...

Ні вечароў, ні раніц больш не будзе,

счарнелі ліпы роднага сяла...

І чырвань канюшыны запляла

зямлёй мае прыдушаныя грудзі.

І тысячы над галавою зор -

асколкі памяці - ірвуць прастор...

 

 

* * *

 

Цёплы вечар. Ціхая ноч,

разрасліся даўжэзныя цені.

Расцвітае нарцыс, не суроч...

На нябесным скляпенні

ўраўнаважаны месячны бляск -

прападаюць драбнейшыя зоры.

Прыглядзіся: яшчэ адзін раз

свет сваё, патаемнае, дорыць...

А праявы чужога жыцця

маюць голас праўдзівы і гучны.

Чуеш? Шэпча аб нечым зямля -

голас дзіўны, шчасліва-пакутны...

 

Затаіся, чакай: зараз ветрык пачне

перамешваць над кветнікам пахі!..

 

 

* * *

 

Дужы вечар ночы чакае -

Песні-явы, сноў чыстых.

Прыпыніўся, маўчыць прамяністы.

І усмешка па твары блукае...

 

Дзікі голуб - тонкі пярсцёнак -

знік у кроне ліловай акацыі.

І пара першай зорцы займацца

там, на небе, на небе зялёным...

 

То яна: цёплы подых і крокі!..

Водсвет захаду комін пакінуў,

цені ніцма на сцежку, на гліну...

 

Яркі след! - дробны «МІГ», адзінокі,

забірае вышэй і вышэй...

Кропляй, кропкай... знікае з вачэй...

 

 

* * *

 

Па-над таполямі бязважкі белы пух,

нястомнай ластаўкі праменьчык чорны -

палёту след, адбітак бездакорны

на бездань сінюю і чысты, белы пух.

 

Дакладная дуга - бетонных праслаў рад,

нібы магутнай ускінутых рукою.

І ветрык міру, працы і спакою

праз захаду разліў і тапалёвы рад.

 

Аб чым цвіліць маленства угары,

мне не даведацца. А ветру крокі

не палічыць. Празрысты і далёкі

ўжо месяц праявіўся угары.

 

І ўсё цяплее у грудзях ад чыстых

гадзіны шарай дотыкаў празрыстых...

 

 

* * *

 

Рэдкую хмарнасць над гаем

ноч неўзабаве зглыне...

Выплыве месяц, яго запытаем:

- Аб чым жа салоўка пяе?

 

- А ні аб чым. Чалавеку, вядома,

чуецца родны матыў,

той, што прысніў, ну а потым нястомна

скрозь праз жыццё пранасіў.

 

...Моўчкі рассоўвае пасма дарогі

купкі алешын у бакі,

і неўзаметкі ясны, двухрогі,

лёгкія хмар чаўнакі...

 

Узноўлены пошчак класічнае гамы

зор прастаўляе ўгары,

а ў перспектыве - патрэбны напрамак

роўны агонь на бугры.

 

Ціхае вогнішча з лап не смаловых

кветкай ўзышло на зямлі,

перапыніўшы пачатак размовы:

- Хлопцы, здаровы былі!..

 

Моўчкі пасунуцца: - Месца ўступаем,

вечар не грэе, маўляў...

Чуеш, як сыпле нястомны над гаем

водгукі свойскіх праяў?

 

Чую! І ноч, і заслухаўся месяц,

плазам дарога лягла.

З-пад у зеніце схаванага крэсіва

іскра над намі прайшла...

 

 

* * *

 

Верас дробны, худаватае сцябло.

у сасонніку задуха - не стрымаць.

На пясках тут ці буяла што калі?

Светаяннік вырас кволы!.. Без яго - ніяк!

Тут скупыя краскі і прастор.

Белыя слупы высакавольтныя. І да суніц

прыгажуняў пяць ці шэсць.

Трактарыст пайшоў па вермут у сяльпо.

Праз гадзіну вернецца. Зноў ціха паляжым,

з цыгарэты вялай смокчучы дымок.

Спомніцца:

а недзе ж сельва - на зямных дражджах!..

...Жонка на гадзіннік глянула:

- Ужо ж павінен быць...

 

 

* * *

 

Яловы тонкі вочап.

Жалезны круг вядра.

Дапялі зорак вочы

калодзежнага дна.

 

Гараць таемным бляскам

у мяккай чарнаце,

шкадуючы заўчасна

упартага - мяне?

 

Пакепліваюць ціха:

- То ж не юначы век!

Агню ці прахалоды

шукае чалавек?

 

Ці той гарачай згубы,

ці толькі прагу збіць?

Перасыхаюць губы?

І ў грудзях смыліць?

 

Ім - сохнуць, бо чакалі,

а сэрцу - успамін?

На цёмнай ночы хвалі

ці ж мала іх, прычын?..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Прадоння подых волкі.

І пляск глухі вядра.

Загойсалі асколкі

чакання, зорак, дна,

 

надзеі нетрывалай,

як зорка на вадзе...

Ноч марна адгучала -

мо дзень не падвядзе?..

 

 

Жартаўлівая селяніяда

 

Мяне - ужо не будзе. А гэты месяц,

святлом наліты, як болем,

узыдзе нячутна над чорным лесам

плысці паважна над полем.

 

Над перапёлачкай: плакаць даволі,

ножкі застудзіш па росах...

Ох, доля, доля, матухна-доля

ціхагалосых і босых!..

 

І неўзабаве - над нашым садам:

па верхавінах прыгнутых

вішань-чарэшань бляскам-прынадай

селяніяннай атруты...

 

Адводзіш позірк?.. Няўжо напалохаў

прывід лунатычнай хваробы?

Усё ж памяркоўна і без падвоху...

Мне гэты бляск - даспадобы!..

 

Такі знаёмы - ці не з калыскі?..

ночкай санлівай над домам...

Недасягальна далёкі. І блізкі.

Нічый - і усім і нікому!..

 

...Ледзь чутна, шчыра кляў яго злодзей -

выплыў з-за хмар нечакана!..

Дзяўчо дакарала: - Што ж позна ўзыходзіш,

а твар хаваеш так рана?

 

Які ўжо раз безнадзейна спытаю:

- Сустрэча з любым ці будзе?

А ты - усё бокам, бы хата з краю...

О, нават месяц - як людзі...

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Што ж, дзякуй, месячык. От, давялося

яшчэ раз поўняй сагрэцца:

перагарнуўшы ў памяці штосьці,

як прахалоду на сэрца...

 

 

* * *

 

Радасць-вечар у бяздонні начы

растварыў і нюансы, і колер.

Вернай птушкай далонь на плячы,

не зляціць, не пакіне ніколі!

 

Слаба бэзам заносіць здалёк.

І асфальт ад зямлі халадзее.

Што ні вечар - імчыць сакалок!

І на радасць - душою гібее:

 

Хто прыдбаў гэткіх зор над табой?

Кім пялёсткі прыдуманы ў кветак?

Басаножкі іскрыстай луской,

пад якімі прыціхла планета?

 

Крок у крок, прыпыняцца не час:

ноч усё гоніць, а ранак не блізкі...

 

 

* * *

 

Альфе

Ля брукаванкі буйна шыпшына,

над стужкай бруку танок стракоз.

Глухне надзея ў шоргаце шынным,

ценню кароткай ляціць пад адкос...

 

Побач!.. Праскочым, сустрэчы не будзе -

надта ўжо доўгім чаканне было...

Адтрапятала пад ветрам на грудзе,

як страказы палахлівай крыло,

 

адвіравала бясконцасцю думак,

смелых і яркіх, як сонца з-за хмар.

Ды растварылася ў зборышчах тлумных,

увесь адзіноты спазнаўшы цяжар...

 

Цяжка прыняць усю віну за няўдачу.

лёгка ўявіць, што чакае далей:

крок машынальны маршрутаў наўдачу,

клямкі чужыя чужых дзвярэй,

 

усё новых заняткаў канвеер бясконцы -

каб думкі прысталі, адчуўшы ярмо...

Каб здагадаліся: тут пад сонцам

шмат пуцявін і напрамкаў лягло...

 

З-за павароту - схілы пагоркаў,

зноў цвет ружовы, пышней і ярчэй.

А дух палынны, цяжкі, прагорклы,

ліпне на губы і да вачэй.

 

І лямант ад бруку. І ўсё лапоча

брызент, напяты над галавой.

Слупы, кіламетры. І так да ночы...

Якая павінна несці спакой!..

 

 

«Беларус»

 

За лясамі, гарамі высокімі,

там, дзе Нігер зялёны цячэ,

пасланцамі яны яснавокімі

у гвінейскай чужой баразне.

 

Рукі цёмныя, чорныя твары,

светлых сэрцаў напружаны стук:

то пяюць у трапічным абшары

наш матор і тамтэйшы жаўрук.

 

Мо са словам і я не спазнюся,

хоць цяжкія да песні шляхі...

Каб ляцеў той прывет з Беларусі,

што калісь адны гусі няслі

ад іржавай балотнай вады,

ад сіўца, што не зведаў касы...

 

 

З жыцця...

 

...Адгрукала, хмары камечачы!

І свеціць, усё больш аддана,

сцябло пад кропелькай гнецца,

пасмачкі пары над плотам...

Малыя па зелені лужын

то моўчкі, то з віскатам радасці,

крышаць ружовасцю пятак

люстранасць тонкую, чыстую.

Птушкі ўладкоўваюць пер'е.

А галіны - кроплі страсаюць.

Ім, галінам, што ж застаецца?

 

Іржа на цвіках іскрыцца

праз пасмачкі пары над плотам.

«Ціў-і» аўсянкі, як з камертонам...

А з вокнаў, наўсцяж расчыненых,

Бетховен з-пад пальцаў дзіцячых:

«Сурок»... прыўзняўся, таўсматы,

лупіць сумныя вочкі...

 

Пасмачкі пары над плотам -

промні мокры бетон шліфуюць.

Пракаціліся дзверы-пліта

па рэйках профільнай сталі -

цішыню і паўзмрок у сховішча!

Дзяжурны, «Ціў-і!» пачуўшы,

лена ў кроне шукае зрокам...

 

...Гадзіна яшчэ да змены...

...Недзе побач патрон стандартны

з дапамогай затвора нячутна

прапаўзае памалу ў патроннік.

 

 

Дарожнае...

 

Усё ядловец між соснамі, соснамі.

Дзе ніжэй - усё альха ды альха.

Крок за крокам, зімою ці вёснамі -

дзён ланцуг без пачатку, канца...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

На дзялянках, ад лета не бачаных,

пасядзець на смаловых карчах.

Нешта знойдзена. Мусіць і страчана,

калі гэтак няўтульна ў грудзях...

Мо прытомяцца думкі-бадзягі?

Мо падорыць лясная сям'я

той няўлоўнай зямной раўнавагі,

так патрэбнай жывому штодня?

Вунь як промні праз шторы лістоты

нетаропка снуюць, каб дайшла

сіла іх да найменшай істоты

тут, на зрэзе збуцвелага пня,

разбуршыньваюць кроплі жывіцы...

І ў прагалы вядуць, дзе няма

ужо ствалоў, а затое іскрыцца

свежым жвірам адхон палатна...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Эх, дарога, дарога бетонная,

колькі сіл ты ўзяла пад сябе!

Ужо прывыклі лічыць мегатонамі

ўсё, што час нам аберуч нясе!..

Ад імклівых загонаў Батыевых -

толькі пыл здратаванай раллі! -

на шыкоўныя ўезды такія мы

ўсё дазволіць сабе не маглі...

Праімчаць пад гудкі, адгалёкаюць,

анекдотамі бавячы час.

Прывіталі б сціплей сінявокую,

калі ўжо завіталі да нас!

Прыпынілі б «Рэно» адмысловыя,

саступілі бы з пліт на мурог:

што ж гуляць з рэчаіснасцю ў хованкі,

бакавых не пазнаўшы дарог?

Што ж ты, час, пад сучаснасці знакам

столькі ўмоўнасцей розных нясеш?!

І праводжу амаль абыякава

Імпазантна-святочны картэж...

Воўчым лыкам, лазою, крушынаю,

дробным лісцем спрадвечных суніц

памячаю чаргу безупынную

яркіх, шэрых, ніякіх дзянніц...

Зноў ядловец, пяскі незайздросныя

ды прымятая колам трава.

І аблокі над мудрымі соснамі.

Не лічы, бо няма ім канца...

 

 

НА РАДЗІМЕ

 

Магілы

 

Дзедаў, прадзедаў вечны спачынак.

Воддаль, у тых жа пясках, - янычары.

Соснаў велічных шэпт безупынны

ў спёку, слоту, дзень зноўку бясхмарны.

 

Кроплі сіняга кінуты ў зелень.

Белы крэмень на шэрай зямлі.

Шаблі Ўсходу наскрозь праржавелі,

па капцах чабарком узышлі...

 

Час чыесь там падлічвае крокі,

назапашвае радасць і жах.

Моўчкі неба праз хмары-аблокі

тчэ блакіт па жалезных крыжах...

 

 

Трактарыстка

 

Шчок ружовасць ад свойскай вяргіні,

рычагі змазалілі далонь.

Мой ты, штампам народжаны, сіні,

тут гарачы канвеерны конь!

 

Сіл зямных набіраецца колас,

свой, пшанічны, жытнёвы, святы!

Песня просіцца ў высі і ў голас.

Эх, той клуб за чатыры вярсты!

 

І за хлеб «дзякуй» скажа не кожны...

Ды аб чым тут, такое бяды!..

Лугу дальняга подых мурожны,

пругкіх колаў палосы-сляды!..

 

 

Яліна

 

У гушчары запаведнага лесу

вёрткай сцежкі заблытаўся след.

Праз імжы праступае завесу

сухастоіны грузны шкілет...

 

Мох сыры, павуцінне па гліцы,

набрынялы ад вільгаці грыб;

толькі думцы адсюль і прабіцца

да далёкіх, утульных сяліб...

 

Больш стагоддзя, бадай, прастаяла,

німбам сонца вянчаючы ствол...

Смерць, Фінал. Ды дзесятак бязмала

маладых паднялося вакол.

 

 

ПАЎДНЁВАЯ НІЗКА

 

* * *

 

На камені ўладкаваўся ён,

зялёныя заплюшчыў вочы.

Ні дня яму, ні ночы

ўжо тыдзень. О старэчы сон!

 

І чайкам гойдацца няма на чым,

і процьмы баязліўцаў асмялелі:

палоняць берага пясок і мелі -

ляжаць упокат праведны з благім.

 

Ні дна б яму, ні ночы!..

Трызубец крабы точаць...

 

Нептуне! Ці ж радкамі перадам,

як ружавеюць пад усмешкай лета

прапорцыі чароўных дам

і ножкі пульхных дзетак?

 

 

Да мора

 

Разгорнешся... А сіл няма стрымаць

ні голас твой, ні ўспененае цела.

Убачу першы знак - малы грабеньчык белы -

і буду разам з чайкамі чакаць

 

з тужлівым пачуццём уражлівай істоты

на твой жыцця суровы пераказ.

І з горыччу пытаць (ужо каторы раз!):

- Хто я? І што - ты?

 

Нязменны зор шляхі. Палярная вяла,

каб перасільваў, колькі сіл хапала,

свой страх, твае бясконцыя валы.

 

І плакаў узрушаны, пазнаўшы кліч жытла -

дрыготкі твар агню на родных скалах.

Я, велічны. І ўсё ж такі малы!..

 

 

* * *

 

Ужо вецер ветразі ўзялі. І першы вал,

што нарадзіўся там, за шэрым небасхілам,

ударыў, у свае паверыў сілы

і знік, і зноў цалуе шчокі скал.

 

На рэйдзе, дзе іх, велічных, трымае

фундамент ім патрэбны - глыбіня,

застылі, тоячыся на экране дня,

пяць сілуэтаў у арэолах чаек.

 

І раптам - рэзкі свіст. І шторму зыркі знак

трапечацца на клоціку*, а ўзняцца - аніяк.

 

Пад кілем мрок. Над ім - гарачыня

машынных сэрцаў непамернай сілы.

Той вечны бой, у якім усё няма

наяўнай перамогі - каменя магілы!

 

* Клоцік - частка карабельнай аснасткі для вывешвання сігналаў сцяжкамі.

 

 

На чужыне

 

Як Базыль ў паходзе канаў,

ўсё старонку сваю спамінаў...

М.Багдановіч

 

У бухту на захадзе сонца

белыя яхты зайшлі.

- Ці не бачылі вы зямлі,

па якой я сумую бясконца?

 

Тут апошні прытулак мой.

Вам - толькі ад шторму ўкрыцца.

Вам - пашэнціць. А мне - мо прысніцца

куст каліны над ціхай вадой?..

 

Ля гары, што завуць Аю-Даг,

тлеюць косці паўночных бадзяг...

 

За якія ж, мой Божа, грахі?

Што ў серцы збалелым нясуць

гневу полымя, горычы ртуць,

ціхі сум саламянай страхі?..

 

 

* * *

 

Разета (некалі Давідаў знак нясла...)

рыпіць счарнелаю, палушчанай фанерай.

Крапчае брыз... І сцёбае без меры

фасад з бясспрэчнасцю пячаці мастака.

 

Ну што ж вы, сцены сінагогі ўзнёслай,

прытулак скрынкам з-пад спажыўтавару?!

Вам, векапомным, ці да твару

усё, што саткалі часу кросны?

 

На лавачцы стары: ужо болей не сагнуць,

лагоднае, семіцкае аблічча.

Драмаў у зацішку. Цяпер, здаецца, ліча

тых птушак, што аліўку скрозь нясуць...

 

О, камяні! Што з вамі робіць час,

з якім нічога мы зрабіць не можам!

 

 

* * *

 

Пакутнікам

еўпатарыйскага дэсанта

1942 года

 

На хісткія трапы. На борт -

у жалезнае чэрава тральшчыка.

Са штыкамі - на панцыр кагорт.

За дзень заўтрашні.

 

За жаданы ў спёку глыток.

За ўсё, што на пірсе пакінуў.

За дзяцей. За ўзбярэжжа пясок.

За ўсіх - за Радзіму.

 

У кулямётаў захлёбісты брэх.

У мінаў д'ябальскі рогат.

Песня Вашых пакут - не памрэ!

Ваша смерць - Перамога!

 

 

* * *

 

Ну, вот мы и на месте, у конца земли,

в безлюдном скифском, дальнем и

глухом краю...

Эсхіл «Праметэй прыкаваны»

(Пераклад С.Апта)

 

Паслушная Уладзе Сіла беззаганная

Даставіла яго сюды па найвышэйшаму загаду.

Ён богам быў. Ды ўпісана: «За здраду».

І росчырк - Зеўсавай рукою змацавана.

 

Што месца тое выбрана няблага -

Ў дзесяту кнігу ўпішацца севілай:

Дражніць яго тут мора будзе сілай;

Рваць пасланец; і мучыць смага!

 

У скалы вал за валам мерна б'е...

Пасохлы мох... Нат вуж не прапаўзе...

 

І здані дзве: быцця і небыцця,

Дзве сёстры родныя - галеча і багацце.

І ўся здранцвелая ад гора маці

Ўсё туліць да грудзей скалелае дзіця.

 

 

* * *

 

Аўтару чароўнай «Таўрыды»

Дрыготкае вогнішча - кропля ў начы!.. -

барвавіць каменняў белыя твары.

Выйшлі на пашу неба атары,

а Ваша - дрэмле у сэрцы Яйлы...

 

І ўжо спаць нельга: у цішыні,

у скалаў заломах, у церневых сплётах

жальбаю-крыкам птушкі залётнай

губяцца гукі - дзеці зямлі.

 

А ўзнімеш голаў - Пегас крылаты

імчыць з Гелікону - такі ўжо лёс! -

прылёг над прорвай Вялікі Пёс,

а меншы, ўядлы, гоніць заўзята!..

 

І ўсё замерла... Не, не дагналі:

не зварухнуліся нават Шалі!..

 

 

* * *

 

...Мы зрадніліся, вечна жывое!

Даспадобы голас мне твой,

а душу не пакіне прыбой,

стаўшы родным жытнёвым прыбоям.

 

Ты старэй шапаткіх каласоў...

Ды смяротны абдымкі твае,

калі ўзбуджанай хваляй нясе

пах прадоння, як першаасноў,

 

перамалвае жвір на драбніцу

дзень і ноч, міліярдам часцін,

што ляцяць з невядомых часін

і не маюць патрэбы спыніцца...

 

Да сустрэч!..

 

 

* * *

 

...Там вечар на цёплую рунь

цені халодныя сцеле...

Хусты шаноўных красунь,

жоўтыя посцілкі зелля!

 

Папару сівыя пласты,

запознены краснагаловік!

Сімвалы вечнай красы,

знакі маёй любові!

 

Выраі, вёсны. Гады.

Памяць і дым ліхалеццяў.

Спявайце ж мне, верасы,

Балюча-звонкім суквеццем...

 

Краю, дзе рос і жыву,

поле смужлівай пяшчоты!

З прыдарожных каменняў злажу

помнік мясцовай работы:

 

гонкія хвоі чатыры

вартай на стораны свету.

 

Між іх, на бурштынавым жвіры,

месца адвечнаму лету.

 

Згедзеўшы - сойка пяро,

скарб свой адзіны, пакіне,

каб хараства прыбыло

на жоўта-янтарным і сінім,

 

дзе кроплі ружовай расы

у квецені дзікае ружы.

 

А ўсё абвілі каласы,

якія і вецер не здужаў...

 

- Канец Паўднёвай нізкі -

 

 

* * *

 

Ўжо адцвіло. І з асцярожнасцю -

куды спяшаць!.. -

перабірае завязь кожную:

ці даглядаць?

 

Ці хопіць сіл, адменнай якасці

(расце - спялі!),

каб не згубіла абыякавасць

красу зямлі?

 

Каб на зялёным яблык ласкавы

як мак ірдзеў,

свяціўся паўнацэннай часткаю

аблокаў, дрэў,

 

прамераных і не празначаных

сцяжын, дарог,

дзе выпадкова ці прадбачана

твой шлях пралёг,

 

пагорка, лубінам укрытага,

пнёў, валуна,

дзе кожны раз сустрэне сітаўка,

ўсё адзінюсенька-адна.

 

Ці жыта побач: хваля шэрая

аб чым пяе

крыху маркотна, бо размерана,

табе і мне?

 

...Рунела, мерзла. Красавіцкія

ўзяло дажджы...

Хай выстаіць пад навальніцамі!

І назаўжды!

 

 

Чаша

 

Бляклую рунь за дарогаю,

цёмны ядловец наўзбоч,

раніцу, фарбамі ўбогую,

месячна-зорную ноч,

захад паводкай раскошы,

поўдзень праз смех навальніц,

з мятлікам, у лузе няскошаным,

з пахам нябачных суніц,

шышку, што ботам раструшчыў,

сцежку, што верна вяла

ад задуменнасці пушчы

у шматгалоссе сяла,

песні акорд развітальны,

сонца прамень на вісу -

ў чашы, празрыстай крыштальна,

ўпарта аберуч нясу.

 

Ступлю, неразважны, няўдала,

заняты тым, што ў руках.

(Глыжоў і карэння нямала

на пакручастых шляхах...)

Дробныя пырснуць асколкі...

Спуджана ўзнімецца грак -

подых пранізліва волкі

на момант пройме прасцяг...

І стану я ціхі і роўны,

па мерцы на кожны фасон,

а профіль - нейтральна бяскроўны -

стандартным з абедзьвюх старон.

Ніхто ўпікнуці не зможа

ці пахітаць галавой:

змяшчуся ў пракрустава ложа -

тупік той дарожкі маёй.

 

Бляклая рунь па-за ворывам

колеры возьме свае -

што халадамі агорана,

тое цяплом аджыве.

А сыдуцца бровы пагрозна -

шалей, вераб'іная ноч!..

Паўмёртвыя птушкі ў гнёздах...

Жалобны ядловец наўзбоч...

 

Цемры цурацца слабому,

сіл - толькі сэрца суняць!..

Заранка птушынаму дому

надзеі праставіць пячаць...

І ты не тужы. Адзіноту

не для жанчын завялі.

Смутку накажам быць госцем залётным,

на ўсёй неабсяжнай зямлі...

 

 

IV ЧАСТКА

 

* * *

 

Зноў у садзе сініц галасы,

кожны ліст ювеліры чаканілі.

Тым, пунсовым, мне плашч прыбяры -

заўтра з дому іду на світанні.

 

І да ночы мяне не чакай -

дзень малы абысці ўсе разлогі.

Парадзеў мой асінавы гай,

сцеле хрусткую чырвань пад ногі...

 

Россып верасу, склаўшы зарок,

сінім полымем кліча здалёк...

 

Як жа быльнік счарнеў!.. Таварняк

грукаціць, перагоны глынае...

Не магу іх пакінуць ніяк,

хоць і ведаю - доўга чакаеш.

 

 

* * *

 

Я быў малы. Йшла па зямлі вайна -

жанчына юная з сівою галавою.

На бруку вулачкі, апафеозам бою,

ляжаў варожы труп асмалкам бервяна.

 

У грудзі біўся страх і роспачы навала.

Адрына збурана, агню смяротны хрып.

І местачковы журавель вымучваў скрып -

вады на галавешкі не хапала.

 

На небе злыя шнары праляглі.

Пакутамі брыняў след плямістай змяі.

О верасень, мой месяц сінявокі,

купаюся ў зычлівасці тваёй!

Плывуць няведама куды суцішныя аблокі,

сціраюць след штыка над галавой...

 

 

* * *

 

Днём даўжэзным намуляўшы ногі,

прытаміўшы і думкі і зрок,

дабіваю астатак дарогі.

Недалёка ўжо. Спорыцца крок.

 

         - - -

Ночы верасня! Дужы сусвет

хмары збыў і спакой рассылае.

Зор шляхі і арбіты планет

завяршаюцца нам... небакраем!..

 

Недзе гусі крычаць... Не, хутчэй

пераклік цеплавозаў далёкі.

Пільны позірк бяздонных вачэй...

Пробліск дробных агнёў адзінокіх.

 

         - - -

Прахалоду спагадай нясе,

лоб кранае вільготным павевам.

І па кроплі губляеш сябе,

як лістоту нябачнае дрэва.

 

Суразмерыўся крок, павяла

каляіна, як колішнім трактам.

Тут спыніся, дарог больш няма!

Што было - ўсё паглынута раптам!

 

         - - -

Ты - адзін, на бязмежнай гары.

Толькі рух, каб адным намаганнем

дакрануцца касмічнай зары,

перакрэсліць усе існаванні!..

 

Ды плыве ад халоднай зямлі,

у прадонні прасторы сабраны,

пах надоечы ўзнятай раллі -

боль старой, незагойнае раны...

 

         - - -

Хай узняўся, ляціш ўсё вышэй,

усё лепшай шукаючы долі -

не сыходзяць упарта з вачэй

луг бацькоўскі і матчына поле...

 

 

* * *

 

Ўсё туды, ў непадробную сінь

так спакусліва цягнецца зрок!

Зразумець - і надзею пакінь

што знайшоў праз будзённасць дарог.

 

Выбягаюць асіны наўпрост -

галізна і ліняласць кары;

на атлас і крамнёвасць бяроз

сонца нізкае позняй пары;

перасвіст развітальны шпакоў -

непазбежнага радасць і сум.

І аддаць ўсё, што маеш, гатоў

за звычайны пад лесам валун...

 

- Прыпыні, брат. Ніколі яшчэ

тут, убаку ад гравійкі, не быў...

 

 

* * *

 

Б.І.

Чысты кобальт прамытага неба -

трое сутак ішлі ўжо дажджы.

Гоніць, гоніць - пазбыцца, знаць, трэба, -

друз аблокаў да нейкай мяжы.

 

І табе было неяк маркотна -

ўсё крадком паглядала ў акно:

след на шыбе ад кроплі самотнай

так знікомы!.. Прапаў - заплыло...

 

А скажу я табе: неаднойчы

яшчэ будзе прычына тузе!

Хмар прыгнаў буйны вецер-малойчык -

зноў імжыць і гняце пакрысе...

 

Дык бярэм хоць на сёння з сабой

гэты белы на сінім прыбой!

 

 

Чатыры накіды

 

1

Дзе ты, дзіўны час навальніц?

Лісце ў скрусе ўсцілае дол.

Поўні той не спаткае ноч,

ночы той ні шукаць, ні знайсці...

 

2

За расчыненым насцеж акном

супакойваўся ўзбуджаны гром.

 

Кроплі з цёмнага скочваў ліста.

Адганяў - не жадала душа! -

 

мітуслівы, роспачны рой:

хай сумненні ляцяць стараной!

 

Ці ж не бачаць? Нябёсаў агонь

хай іх спаліць, ратуючы ўстронь!

 

3

...Зразумець - не змагла! Назаўжды,

стрымгалоў, вужом пад лаўжы,

 

пад усмешкай - лязом зіхаціць! -

ўсё нямее і ў прорву ляціць!

 

Пад насмешкай - ўжо словам сышла! -

чорнай роспачы выспець пара!..

 

Як жа будзе? Ці можна сцярпець?!

Бездань неба. Месяца медзь.

 

4

Сёння так спакойна аб тым,

што ў той час блюзнерствам было б!

Не спяшай прыняць варажбу

цёмнай ночы, поўні, дажджу...

 

 

Міні-мастацтва

 

Альфе

Перасыпана сінь паліняла

чысцінёй нечаканай аблокаў.

Дацягнуўся б рукою бязмала я,

а на справе - далёка-далёка!..

 

А на справе - зусім недасяжнае:

птушкі - плямкамі, ўзбуджаны вецер,

і шматтонных метал фюзеляжаў

проста дробнымі блешнямі свеціць...

Дзень пры дні. Усё прыстойна наўкола.

Усё як след і, лічы, бездакорна.

Дзень у дзень праварочвае кола

рэчаіснасць твая, рукатворная.

Усё размовы, размовы, размовы.

І - правалы. І ўздымы, і ўзлёты

экстра-інтэр-экзістэнц-асновы

з неадменным пушком пазалоты...

Толькі раптам - ужо не пакліча,

ўсё па-свойму жыццё спланавала.

І ідзе ён, цвяроза-трагічны,

ураўнаважаны... зломак бязмала...

А на справе - брыдзе, ужо атручаны,

ногі шлях паўтараюць прывычны...

- Што шукаеце вокам змучаным,

Homo sapіens... трагікамічны?

З ціхай зайздрасцю: - Сінь паліняла,

колер стрымана - гучны, бо вечны,

зразумеў бы ўсю сутнасць бязмала,

ды маячыць профіль там нечый...

Восень, чыстыя барвы не тоячы,

як чакала: пад ногі, на плечы...

Ды мільгае ўвесь дзень, як надоечы,

сілуэт так знаёмы, ужо нечы...

 

Ўсё аблокі - заўжды недаступныя,

на мяжы, на спрадвечным падзеле.

Што ж так, восень, спяшаешся, рупная,

а даверліва барвамі сцелеш?..

 

 

* * *

 

Чым жа свеціш, пажоўклае лісце?

Раз'яснеў змрачнаваты пакой...

Мы маўчым - гук адзін будзе лішні.

Твары нашы палоніць спакой.

 

Гэта водбліск зляцеўшых паводак?

Майскіх раніц бясконцы працяг

залаціцца - прыспела нагода! -

сарамлівасцю ў шэрых вачах?

 

Што сплыло пад чароўнай усмешкай,

тое у сэрцах стамлёных баліць.

Колькі б крокаў яшчэ па тых сцежках

і без іх ці дарог адхадзіць -

неба сіняга ветразь напяты.

А па ім - залатыя зярняты...

 

 

* * *

 

М.М.Ш.

Цякуць гады. І часу плынь нясе

ўсё новую вясну, як і мяне з табою.

Ты ведаеш, і я перад сабой не ўтою,

што набліжаемся да мэты пакрысе.

 

Адным знайдзёнкаю, а іншым - горкай згубаю

ператасуецца часамі ўсё, нібы калода карт:

з кахання - лёгкі ці нікчэмны жарт

і недарэчны фарс - з работы любай.

 

Ды што! Вось жнівень дабівае дні,

і хутка астрам дацвітаць на карані...

 

Ўжо неба пачало хіліцца долу,

твар месяца зліняў ад смутку і турбот -

быў сёння першы павуціння лёт:

спакойна ўпэўнены, хаця яшчэ і кволы.

 

 

* * *

 

Двух дзён хапіла, каб страцілі

ліпы свой далікатны ўбор.

Мой ты верасень, мы ж пабрацімы,

не глядзі спачувальна, ва ўпор.

 

Як у маі свет ўбачылі дзеці -

што ж, я радасць сваю не таіў.

Толькі зжыцца паспелі - аблецелі,

мірыядамі жоўтых крыл.

 

Злосць людская каб долу іх кінула -

дык уступіцца, хоць словам благім!

Пад нагамі рака жаўтаплынная,

за плячыма - пражытага дым.

І нясе яго ветрам удаль,

назаўсёды. На жаль.

 

 

* * *

 

Л.І.П.

Досвіткі ціхія, досвіткі ясныя,

песня прасторы без слоў!

Тыя сустрэчы вясёлыя, частыя...

Чым жа хвалюеце зноў?..

 

Вецер прыціх немаўлём супакоеным -

Маці-заранка ўсю чуласць яму...

Што ж я, у жыцці часам нечым раздвоены,

тут - усё цалкам прыму?

 

Шолахі дрэмлюць, ліст не зварушыцца

ў шчытных абдымках расы.

Слухаеш, нечым таемным узрушаны,

птушак, нясмелых яшчэ, галасы...

 

Дзень будзе доўгім, стамляюча гучным.

Пройдзе наскрозь праз цябе.

Будзе няўтульна? Мо і нязручны

груз гэты раз пападзе.

 

Успомніш, апалены крыўдай ці здрадаю,

неразуменнем намераў тваіх,

гэты пачатак бясхмарны і радасны,

свежасцю поўны уздых...

 

І непаўторнаму зноў паўтарыцца

воблікам новым колішніх з'яў!

З пальцаў раскрытых зляцела сініца...

Хто ж непаседу і як пераняў?

 

А ці была яна? Мо падалося?

Сумна паклікаў жораў з імжы,

лета забраўшы, страсаючы восень

шэрым пяром на дарог віражы?..

 

Досвіткі чыстыя, золакі ясныя,

рэха і явы і сноў!

Ці не расстаўся я з вамі заўчасна,

што ж так чаруеце зноў?

 

 

* * *

 

Крываўнік, палын, лебяда.

Узмежак, расы павалока.

Ад вертыкалі слупа

удалеч, як кінуць вокам,

колеру свежай іржы

цягнуць праз сінь правады.

 

Кастрычнік, апошнія з дат,

лісткі на далоні маёй.

Апалі гракі чарадой -

крыклівы на рунь лістапад!

І цягне да цёплых краін

маўклівага выраю клін...

 

Размыты адлегласцю крык

пакінуў: «Бывайце!..» І занік...

 

 

* * *

 

Апалі чакання аковы!

Заняты адным суцэла,

зноў цягнеш, вырай чарговы,

на Піну, Басфор, Дарданелы...

...Унізе поўня на ўсходзе

нырае ў тонкія хмары.

Ды буйна зоры ўзыходзяць

над вамі ў чорным абшары...

 

На ўзлёт! І парывам, не тлумам,

і ўжо толькі смерць вас супыніць,

крылы павяжа самумам

ускрай Аравійскай пустыні.

Не зважыць, што вы - жывыя,

на ўзгоркі бязводныя кіне.

І зноў пераможа стыхія

ускрай чарговай пустыні...

Яшчэ раз - ужо каторы!-

вам, дробным, сіл не хапіла -

жывое змяла без разбору

сляпая варожая сіла.

Віруе шэрае пер'е

над бурым каменнем бясконцым,

ды шэлест пясчанага зерня

пад бельмам засмяглага сонца...

 

А будуць чакаць пад Валожынам

палі ў красавіцкіх туманах.

І нехта штодзень заварожана

будзе вышукваць старанна

за Іслаччу, ў небе абноўленым,

аздобленым сонца каронай,

лёт дзіўна свабодны і роўны

ўпартых істот не скароных...

 

 

* * *

 

М.М.Ш.

Лямеш, што каменем затоеным сарвала,

ужо зрудзеў - заложныя дажджы.

Тут новы ладзілі: дубца асмалак,

бляшанка чорная; і не злічыць сляды

 

грувасткіх ботаў. Засмужыла далёкі бор,

і нібы зганьбіла - раскоўзала дарогу.

Ды не ліняе каралеўскі твой убор:

каралямі рабін, шыпшыны, глогу

 

сям-там красуеш. (Яркі клёну ліст

нацешыў вока, склаў падзяку лету

і лёг, дрымотны, у сонную траву.)

 

Мой лістапад, мо іншы пейзажыст

дабавіць колераў твайму партрэту,

я упрыгожваць - не магу.

 

 

* * *

 

Над чорнай зямлёю чырвоных паходняў

такі ненадзейны заслон!

А вецер крапчае: ад мора, з заходняй

і золкай, паўночнай, старон.

 

Ад тундры прасцёртай, спрадвеку панылай,

з ахутаных снегам Хібін

імчыць, усё прутчэй напінаючы крылы,

марозу і цемрадзі сын

не меранай сілы парывам шалёным

з заходняй і золкай старон...

У лістоце барвістай узнёслыя клёны -

ці ж гэта надзейны заслон?

І моўчкі адзначым, што так павялося.

Ўсяго давядзецца зазнаць:

бывае ў жыцці і апошняя восень,

і дрэвы - жывыя! - гараць...

 

Дажджыць, але днее, ў рытмічнасці кропель.

І мы, як на службу, пайшлі

ўбачыць чырвоны усё яшчэ попел

на шэрай, халоднай зямлі...

 

 

* * *

 

Астры, дзеці восені любай,

спадарожніцы явы і сноў!..

Холад дзёрзка і шчытна на губы

пульсаваць падштурхоўвае кроў...

Ўсе жыццёвыя колкасці спрэчак

у бяздонную прорву апалі.

Вашы ўсмешкі - апошняй сустрэчы... -

белай пенай на хвалі,

што нясе праз каменні на строму.

Вы - усім. Вы - нікому.

Пад няўмольным мароза нажом

род увесь ваш знянацку загіне.

Сэрца чуе, сумуе цішком.

Неба зорыцца, строміцца, стыне...

 

 

* * *

 

С.Ж.

Царская карона,

жоўтая лілея,

пругкіх шэсць пялёсткаў -

полымя вянок!

Свеціш апельсінам,

журавінай тлееш,

як заваражыла,

адганяеш змрок...

Вертыкаллю гордай

на сустрэчу сонцу

узнімаеш келіх

чэрвеньскай расы.

Ноч - суцішнай скрыпкай,

бубнам - дзень бясконцы:

рэха гаманкое,

птушак галасы...

Белую трымалі

у гербах магнаты,

неслі, паланіўшы,

на сваіх сцягах.

Ты - на вольнай волі:

ля ўбогай хаты,

між карчоў альховых,

на сямі вятрах...

Тварыкам дзіцячым

ля халоднай шыбы,

яркасцю прызыўнай

нечакана ў снах,

знакам пуцяводным

роднае сялібы,

пад дажджом няўступлівым,

на сямі вятрах...

Век зусім кароткі:

ўжо халодны вецер

ладзіць пераборы

ў бадыллі сухім.

Соннай мухай кружыць

успамін аб леце...

Шэракрылым шэршнем

адгалосак зім...

 

 

Восень

 

Дз.Шчаснаму

1

Кастрычніцкая яснасць!.. Як праз шкло

Прамытае не раз, ды таўшчыні належнай...

Ільецца створанае вечнасцю святло,

Сатканае з журбы і радасці бязмежнай.

І песні горнуцца, бы ветразі плывуць,

У словах, знойдзеных і сказаных другімі.

І спее ўласнае. Збірай, і не забудзь,

Што так пяецца толькі між сваімі...

 

2

І пракрадзецца досвіткам туман нямы,

Абдыме былку кожную. І стан яліны дужай...

Счакаўшы раніцу, пад сонца пойдзем мы,

Зямляк і суайчыннік - шчыры дружа,

Адчуць, як у гаі з бяроз, ляшчын, асін

Страсаецца цішком пад кірзавыя боты

Начышчаная медзь, прынадлівы кармін,

Нейтральнасць блякласці пры кроплях пазалоты.

 

3

Спакой і цішыня - не маюць меж і мер.

Ахейцы сінявы такой не сустракалі!

Халаднаваты клімат... Быў бы свой Гамер,

Калі яны Руна яшчэ і не шукалі...

А нам - элегіі, санеты. Конь сівы,

Барвовым захадам ружова фарбаваны...

І гэты вось кастрычнік! Залаты,

Да дробязей знаёмы, зноў жа - нечаканы...

 

4

Быў млын калісь... Праз рэшткі паляў лье

У нізкіх берагах рака струмень халодны.

Спрамляюць рэчышча. Чакае тут яе

Бетонная труба. Над ёю - мост выгодны.

Падыдзем? Пастаім, каб лепей ацаніць

Прыкметы навізны, наканаванай часам.

Цякла - як сонная, тут - пеніцца, бурліць!

І зноў спакойная - пакінулі сам-насам!

 

5

Зусім як чалавек! Ды праз матора гук

Ён нашых разважанняў не пачуе:

З навюткім кошыкам лазовым паляшук

З-пад Пінска на Наваградак шыбуе!

Да тых грыбкоў, што ў кошыку ляжаць,

Зяць прынясе што-кольвечы з сяльмага...

Без кроплі ж той - ні быць, ні гасцяваць:

Адолее, замучыць тая смага...

 

6

Ах, колькі ж іх было: тых кропель, баразён,

Крывавых мазалёў, крыжа здранцвення, поту,

Дажджоў заложных, каб буяў драсён,

І тых чаканых, ссунутых на потым!

Шчасліва, дзядзька! Ўнукаў падтрымай,

Хай доля мачыхай ніколі ім не будзе!

А розных там хвароб, нястач - о непачаты край!-

Адолеем, усю іх плойму збудзем!

 

7

Зноў цішыня. А шэранькі біплан

За хмару лепіцца ледзь бачнаю стракозкай...

 

 

* * *

 

Ветер всхлипывал, словно дитя,

за углом почерневшего дома.

Н.Рубцов

 

Не зачакаліся восені...

Запар каторы дзень

вецер ў кватэру просіцца,

ўпарта па шыбах вядзе

далонямі мокрымі, шэрымі:

- Будзь чалавекам, пусці!..

А мы - даражым кватэрамі,

як самым надзейным ў жыцці.

 

Зручна. Утульна. О не, не вонкавы

сінтэтычны, дыхтоўны лоск:

у вазе крыштальнай рабіна гронкамі,

набыты ў Лейпцыгу Босх.

Скардзіцца нехта? Гэта ж далёка,

той жа вецер за моцнай сцяной.

З цыферблата-табло электроннае вока

аглядае наш слаўны пакой.

 

Усмешку вясны ці заўважылі?

Някідкі жаночы твар...

І вецер, яшчэ нехлямяжны,

таўчэцца між кронаў і хмар,

І сквер той і голы і мокры,

і ў сэрцы зімовы спакой

надзейна бароняць шырокія вокны

шкляной дубальтовай бранёй.

 

Не ацанілі звончатасць лета?

Як та - прайшло стараной?

Чырванню гронкі душа падагрэта.

Вецер-жабрак - за сцяной.

Соку паўднёвай лазы памяркоўна

ў тонкае, чыстае шкло.

Не замутнёны сон будзе роўным,

і заўтра ўжо сёння прыйшло.

 

 

* * *

 

Толькі сонца, сонца і неба.

І роўны вецер з паўдня.

Колас аддаўшы, да новага хлеба

ў роздум запала зямля.

 

Цягліцы ўзрэзаных гоняў -

ворыва, рунь ці папар -

лена чакаюць сутоння,

сумам настоеных хмар.

 

Ды грэе. І ясніцца пожня,

на лёгкасць настройвае крок.

І позірк валошкі апошняй

заўважыш, ацэніш здалёк...

 

І спеў навакол такі чысты,

што ў небе шукаеш выток.

А там - толькі сінь і празрыстасць

стамляюць разгублены зрок...

 

І слухаеш, нібыта рэха

святочных дзяцінства званоў.

Адтуль назаўсёды ад'ехаў,

ды неяк вяртаешся зноў

 

да сонечных плям на падлозе -

пачатку бязвоблачных дзён...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Астаткі саломы вывозяць

праз павуціння заслон.

 

 

* * *

 

Высокія дрэвы.

Паніклыя травы.

А ты - паміж імі,

упрэжаны ў справы:

ў пачаткі, фіналы,

падлікі, вынікі -

як Шыва трохрукі

ў натоўпе стоногім!..

І трэлі ў кронах,

і цягне чаборам,

і рытмы, і пахі,

і час, і прастора,

і гукі, і ноты,

і фарбы, і колер.

І сплаў абавязкаў,

і... ветру сваволя!..

Гадзінаю шарай

адчуць і ўбачыць

усё, што знаёма,

ярчэй ды іначай!

Апоўначы ўгледзець,

як у сонцы, натхнёна,

віруе ў танцы

рой дробных падзёнак.

Апоўдні заўважыць,

як ў месячным ззянні

іскрыцца на вейках

адбітак кахання...

І тэме спрадвечнай

даць воблік сучасны,

ды... рыфмы прывычныя

губяць заўчасна!

Лістота і кветкі,

птушыныя спевы

раскіданы смела

і ўправа і ўлева!..

А ты - пад уплывам

стандартных паняццяў,

стабільных прыёмаў,

як у рамках закляццяў...

А ты ў завядзёнках

снуеш без спачынку

між знакаў дарожных,

між знакаў прыпынку,

між Сцылы з Харыбдай

у трывалым чаканні

знайсці спалучэнне

дазволу з жаданнем...

 

 

* * *

 

А.Бакачу

...у нячуты павер запавет,

палюбі непазнаную мэту...

А.Разанаў

 

За пасмам бору - ўжо за даляглядам!.. -

па лапінах іржышч, па сівізне раллі

калі і кім пасеяна прынада?

Чые зярняты рунню узышлі?

 

Не быў ніколі там... А, мусіць, і не буду -

што не сабраць, а дзе і не дайсці:

сплываюць дні без нашага прысуду

у хуткаплынным ручаі - жыцці...

 

Няўмольны час гадзіну за гадзінай

зрывае з дрэва існасці тваёй.

І толькі хмар і ветру безупынны

пралёт і перасвіст над галавой...

 

А там... такая позняя ўжо восень,

што лістапад, яе апошні сын,

у сонца нават промня не папросіць

для схаладалых, голых арабін.

 

І гнецца вецце!.. І парывам новым

страсае гронкі, бы жывую кроў,

на незаменную нічым аснову

халоднай гліны, мокрых верасоў.

 

А ўжо і прыцемкі - наканавана.

І цемра цяжкая лягла на ўсё.

А заўтра? Сонцам мо спавіты ранак,

такі, якіх за ўсё жыццё і не было.

 

Каб нехта ўбачыў - слаўны міг удачы!.. -

не слотай змучаны, здранцвелы лог,

а рай зямны для ўсіх - і не іначай! -

ступіўшы там, дзе я прайсці не змог.

 

 

* * *

 

Ночка хмурыла хмар брыво,

сон з павекамі стрэцца не мог.

Трэці певень перасцярог...

І адразу адхмарваць пайшло,

ўміг суцішылася - Маўчун

мяккі палец да губ прыклаў...

І з нацягнутых срэбных струн

чыстай думкаю - шэрань лягла

пры народзінах шчырага дня.

 

Хто ні пройдзе, стары ці дзіця,

колькі хочаш ззяння бяры...

Дарагая мая зямля!

Сонца шар залаты!

 

 

* * *

 

Лісця - гурбы. Падае, падае -

завяршаецца цыкл.

Цвіллю пахне, як здрадаю.

Глохне ветра язык.

 

Крок міжвольна тут замарудзіш...

А думкі - хутчэй, хутчэй:

не заўважаеце, людзі!

І што вам подых начэй!..

 

Млечны Шлях зіхаціць, рассыпае

зорным пылам - яшчэ і яшчэ!

І голле без вас адмірае,

і мроіва колеры тчэ...

 


2000-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая