epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Мухін

Спрадвечныя назовы

БЕРАСЬЦЕ
ДАРАГІЧЫН
НАВАГРАДАК
РАДАШКАВІЧЫ
ШАЦІЛКАВІЧЫ
БАРАНАВІЧЫ
КАРАЛЁЎШЧЫНА
МЁРЫ
ЛЁЗНА
ІГУМЕН
ПРАПОЙСК
ДРЫСА
СЛУЦАК
ПОЛАЦАК
КЛЕЦАК
РОСЛАЎ
ЛУКАМ’Е
НОВАЛУКАМ’Е
БУДСЛАЎ
ЗАСЛАЎЕ
МСЬЦІСЛАЎ
ВОРША
МЕНСК
ВІЦЕБСК
ГОМЕЛЬ
МАГІЛЁЎ
МАЛАДЭЧНА
БЯРЭЗАНЬ
ВЯЛЕЙКА
ЯНОВА
МАРЫНА ГОРКА
РАГАЧОЎ
МАЗЫР
КАПЫЛЬ
ЛУНІНЕЦ
КАЛІНКАВІЧЫ
УЛА
УШАЧА
р. АЎТА
в-сх. ПТЫЧ
ДЗЬВІНА
Іншыя


Bеды шараговага студэнта, а нават нацыяналіста, пра Беларусь    часам абмяжоўваюцца прачытаньнем адной-дзьвюх кніжак з краязнаўства ці гісторыі, зьмест якіх паступова забываецца і ў галаве застаюцца адно цьмяныя згадкі пра тое, што «раньш было». Альбо не стае моладзі часу чытаць кніжкі, альбо няма гэткага жаданьня, ці папросту няма кніг. У кнігарнях не заўжды можна пабачыць добрае беларускае выданьне, а калі гэткае дзіва зьяўляецца, дык празь месяц і сьледу не застаецца. Дагэтуль ня выдадзена слоўніка спрадвечных беларускіх назоваў нашых местаў. Паўсюль: Вільнюс, Мінск, Гродна, Брэст, Міёры… язык можна скруціць! А як па-беларуску – не адразу дый амаль ніхто ня сьцяміць. Спадзяюся, зьвесткі, што падаюцца ніжэй, будуць карысныя для ўсіх. Вельмі ўдзячны спадару Вінцуку Вячорку за пададзеныя матар’ялы, безь якіх гэтая нататка была б няпоўнаю.

У мінулым нумары нашага часапісу я пісаў пра паходжаньне назову Горадні, гэтым разам падаю блізу паўсотні спрадвечных назоваў іншых нашых паселішчаў. Закранаюцца толькі тыя, што ў жывой народнай мове й гістарычных помніках пісьменства маюць адрозную ад афіцыйнае нормы форму ці ў друку сустракаюцца праявы звычайнае непісьменнасьці, што, на жаль, апошнім часам моцна пашыраецца. Кожнаму назову ці групе тапонімаў адпавядае параграф, дзе зьмяшчаецца беларускі адменьнік, пасьля афіцыйны і ў кантэксьце расейскі ды польскі.

Найбольш пашыраныя на Беларусі тапонімы з поўнагалосьсем, якое страчанае ў афіцыйных формах, аднак у гутарковай мове ў ваколіцах тых гарадоў і мястэчак інакш як па-наску не гавораць:

 

 

БЕРАСЬЦЕ

 

Брэст/Брест/Brzesс

 

Назоў паходзіць ад вязаў зь сьветлаю карою, якіх дагэтуль шмат у ваколіцах гораду. Мясцовая форма – Бэрэсьць  (гэтак з паляшуцкаю вымоваю гавораць на Берасьцейшчыне), што дакладна азначае «берасьцевае места». Назоў  Брэст паходзіць з польскае мовы, для якое поўнагалосьсе ня гэтак уласьцівае, як нам, а мае шырокі распаўсюд сьцяжэньне галосных: brzeg – бераг, dіoс – далонь, sіoсce — сонца. Ад канца XVI стагодзьдзя, калі польская мова пачала выціскаць зь дзяржаўнае канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага старабеларускую, пісары перапісалі з старога дакумэнту тапонім Берестье (у той час напісаньне не заўжды супадала з вымаўленьнем) як Brzeњж, адтуль гэткая форма патрапіла ў эўрапейскія й расейскія мапы. Пасьля далучэньня да Расеі „исконе русских земель» Рэчы Паспалітае, маскоўскія картографы, упэўненыя, што Беларусь – гэта ўсяго толькі частка Польшчы, перакладалі на сваю мову нашыя тапонімы з польскае. Вядомая на’т канфузія, калі напісалі Берасьце як Бржест. А адтуль і Брэст. Да сярэдзіны 1930-х гадоў у БССР ужывалі назоў спрадвечны – Берасьце, але зь вядомае прычыны запанавала небеларуская форма.

 

 

 

ДАРАГІЧЫН

 

Драгічын/Дрогичин/Drohyґczyn

 

Гэтае беларускае места зараз знаходзіцца ў межах Польшчы. Па-старабеларуску называлася Дарагічань, але з вышэйпаказанае прычыны сёньня гучыць як Драгічын.

 

 

 

НАВАГРАДАК

 

Навагрудак/Новогрудок/Nowogrоdek

 

Недзе ў ХI стагодзьдзі на высокай гары ў моры балцкіх паселішчаў паўстаў новы гарадок з славянскімі жыхарамі. Пазьней гэнае места так і сталі называць – Новы гарадок, ці Новагародак. У старабеларускіх граматах мы сустракаем гэты тапонім у тагачасным напісаньні: Новогородок. Па-польску горад – grуd, а гарадок – grуdek, таму й назоў трансфармаваўся ў тагачасных актах у Nowogrуdek, адтуль жа трапіў у расейскую мову. Аднак у ваколіцах інакш, як Наваградак не казалі. Гэткаю ж формаю карыстаўся даваенны й эміграцыйны беларускі друк.

 

 

 

РАДАШКАВІЧЫ

 

Радашковічы/Радашковичи/Radaszkowicze

 

Менчукі ведаюць гэтае мястэчка, бо маюць там  свае  лецішчы.  Напэўна,  радашкаўскі чалавек у гэных мясьцінах улетку большая рэдкасьць за менчукоў, якія перайначылі ў няпомныя часы спрадвечны назоў на спольшчаны. Мястэчка славутае ня толькі «фазэндамі» жыхароў сталіцы, але гэтаксама Радашкавіцкай беларускай гімназіяй, што дзеіла тут у міжваенным часе, а дырэктарам якое быў колішні рэдактар «Нашае Нівы» Аляксандар Уласаў. Сяржук Сокалаў, калі шукаў рытмы да слова Радашкавічаў, анічога ня здолеў прыдумаць апроч як «радасьць на лычы». Аднак наўрад ці з радасьцю корпаюцца менчукі на сваіх сотках у тым мястэчку (з уласнага досьведу).

 

 

 

ШАЦІЛКАВІЧЫ

 

Светлагорск

 

У 1961 годзе мястэчка Шацілкі было пераназванае на Сьветлагорск. Рэч у тым, што ў 1958 годзе непадалёк пачала працаваць Васілевіцкая ДРЭС, якая быццам выраблянай энэргіяй асьвятліла глухія й забітыя палескія  ваколіцы, у тым ліку й суседнія Шацілкі.  Паводле зьвестак пісьмовых крыніцаў, першая згадка пра зямельнае валоданьне Востраў Шатылінскі  стасуецца да 1560 году. Ад сярэдзіны XVII стагодзьдзя вядомы назоў Шацілкавічы – вёскі, што належала да двара караля Рэчы Паспалітае, а ў ХVIII ён трансфармаваўся, магчыма, пад уплывам польскае мовы, а мо” й дзеля сьцяжэньня гукаў, у  Шацілкі. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя Шацілкі сталіся мястэчкам зь вялікаю доляю жыдоўскага насельніцтва. Чаму трэба вярнуцца да назову Шацілавічы? Бо Шацілкі – тапонім не ўласьцівы для гэтых мясьцінаў, а найбольш распаўсюджаныя гэткага кшталту назовы на Віленшчыне й паўночнай Гарадзеншчыне (Васілішкі, Трокі, Меднікі, Салечнікі, Юрацішкі, Жодзішкі, Міхалішкі). У Сьветлагорску ж мясцовыя краязнаўцы імкнуцца да адраджэньня менавіта назову Шацілкавічы.

 

 

 

БАРАНАВІЧЫ

 

Як і ў выпадку з Шацілавічамі, люд называе Баранавічы дзеля спрашчэньня  Баранкамі, а гэтаксама з кпінаю кажа Баранкавічы, і гэта “шчэ раз пацьвярджае патрэбу адраджэньня назову Шацілавічы, а не Шацілкі.

 

 

 

КАРАЛЁЎШЧЫНА

 

Крулеўшчына/Крулевщина/ Krуlewszczyzna

 

Вышэй ужо ішло аб спольшчваньні нашых спрадвечных назоваў. Уласьцівы шматлікім беларускім паселішчам корань кароль- у польскім варыянце маем як  krуl-. Таму й інтэрпрэтацыя Каралёўшчыны адпаведная. Што да паходжаньня гэтага тапоніму, дык, магчыма, ягоныя вытокі ў слове  каралёвая ці каралёўна.

 

 

 

МЁРЫ

 

Міёры/Миоры/Miory

 

У афіцыйнай мове пануе форма зрасеізаваная – Міёры. У польскай мове аднак гэты тапонім гучыць як і па-беларуску –  Miory. Магчыма, расейскія картографы перапісалі з польскае мапы назоў па літарах і ня ўцямілі сапраўднага ягонага значэньня, а на беларускую мову Миоры – Міёры трансьлітараваныя былі на ўзор слова  идиот – ідыёт. Цяжка штосьці пэўнае сказаць што да вытокаў тапоніму, але, магчыма, ён паходзіць ад кораню –мёр- і зьвязаны з паганскімі мясьцінамі ці пахаваньнямі.

 

 

 

ЛЁЗНА

 

Ліозна/Лиозно/Lozne

 

Сытуацыя падобная да папярэдняга выпадку. Паколькі ад канца XVII стагодзьдзя справаводзтва перайшло на польскую мову, дык і назовы пісаліся на ляскі капыл. Але Лёзна гэтак і засталося – Lozne, аднак у нейкім дакумэнце пісар мог зрабіць памылку, а  расейскі картограф сьпісаў абмылковы назоў, што адтуль пайшоў шырэй. Цікавае ягонае паходжаньне. У гэных мясьцінах даўней было шмат «людзей лёзных» – гэтак называлі ў Вялікім Княстве Літоўскім бадзягаў. Дарэчы, у часе маскоўскіх войнаў лёзныя часьцей за ўсё пераходзілі на бок праціўніка й здраджвалі сваёй Бацькаўшчыне – Літве. Ды гэта, спадзяемся, ня тычыцца месьцічаў сучаснага Лёзна. Зь Лёзнам зьвязаная постаць сучаснага прэзыдэнта Беларусі – менавіта ў гэтым горадзе адбыўся падстаўны замах на ягонае жыцьцё, што дадаў яму “шчэ больш папулярнасьці сярод люду.

 

 

 

ІГУМЕН

 

Чэрвень

 

У сярэдзіне дваццатых гадоў, калі раскручвалася ваяўнічая барацьба з рэлігіяй, стары назоў мястэчка  ў  Меншчыне  Iгумена  зьмянілі  на нэўтральны Чэрвень. Невядомы кірунак развагаў савецкіх «тапанімістаў», якія вырашылі надаць мястэчку беларускі назоў шостага месяца ў календары, але, напэўна, гэтым самым яны моцна ўдарылі па распаўсюдзе  «опіюму для народу», як казаў пра рэлігію правадыр сацыялістычнае рэвалюцыі У. Ленін. У той самы час рынак на Iгуменскім тракце (сучаснай вуліцы Маякоўскага) у Менску стаў называцца Чэрвеньскім.

 

 

 

ПРАПОЙСК

 

Слаўгарад

 

Слаўгарад, назоў якога яскрава сьведчыць, што савецкае мінулае яшчэ дагэтуль застаецца з намі, насамрэч вельмі старажытны горад. Яшчэ з ХІІ стагодзьдзя вядомае места Прапошаск, назоў якога да нашага часу трансфармаваўся ў Прапойск. Аднак пасьля выгнаньня ў 1944 годзе з Прапойску немцаў вызвольная брыгада Чырвонага войска не захацела называцца Прапойскай (празь ведамае нам ня дужа прыемнае значэньне сугучнага з назовам гораду расейскага слова) і ціхенька горад пераназвалі ў Слаўгарад. Безумоўна, пазьней яму будзе вернуты спрадвечны назоў.

 

 

 

ДРЫСА

 

Верхнядзвінск

 

Упершыню прыгадваецца ў летапісах пад 1386 годам, але археалёгія сьведчыць, што горад тут існаваў раней. Невядома, праўда, чаму на Каляды 1962 году гэтае стражытнае места зьмяніла свой пракаветны назоў на савецкі Верхнядзьвінск, бо нават дасёньня рэчка Дрыса, на якой стаіць паселішча, захавала свой назоў.

 

 

 

СЛУЦАК

 

 

 

ПОЛАЦАК

 

 

 

КЛЕЦАК

 

Слуцк, Клецк, Полацк

 

Тапонімы з канчаткам –цак вельмі пашыраныя на Беларусі, але слушна іх будзе ўжываць менавіта ў той форме, што вылучаная тлустым шрыфтам – гэтак патрабуе адзін з асноўных законаў беларускае мовы – поўнагалосьсе.

 

 

 

РОСЛАЎ

 

 

 

ЛУКАМ’Е

 

 

 

НОВАЛУКАМ’Е

 

 

 

БУДСЛАЎ

 

 

 

ЗАСЛАЎЕ

 

 

 

МСЬЦІСЛАЎ

 

Рославль, Будслав, Мстислав, Заславль, Лукомль, Новолукомль

 

У вышэйпрыведзенай групе тапонімаў найчасьцей сустракаюцца моўныя памылкі. Альбо няслушна ставіцца націск, альбо адмена нейкага назову скалькаваная з расейскае мовы. Таму паказаныя тут беларускія націскі адзіныя магчымыя. Па-беларуску нельга пісаць і казаць Мсьціслаўль, Заслаўль, бо гэтак можна толькі парасейску. Прыклад – Яраслаўль, фіналь адразу паказвае, што горад расейскі. Гэтаксама пабеларуску трэба казаць Лукам’е й Навалукам’е, бо па-наску ня будзе Лукомль і Навалукомль, на жаль, афіцыйная форма менавіта гэткая. Цікавая рэч маецца з Амсьціславам. Націск прыпадае на першы склад, без уліку прыстаўное галоснае. Калі ж, як маем у гэтым выпадку, назоў стаіць пасьля зычнага, дык да яго дадаецца прыстаўная літара а.

 

 

 

ВОРША

 

Орша

 

У старажытнасьці горад меў назоў  Ръша, які вымаўляўся прыкладна як Раша, пазьней першая а выпала, але паўстала прыстаўная галосная о – Орша. Тое ў напісаньні, але паколькі ў беларускай мове ў гэткай пазыцыі зьяўляецца яшчэ й гук в, дык і маем – Ворша. Найцікавейшае тое, што калі прааналізаваць фармаваньне тапоніму, дык знойдзем у ім аснову з трох літараў і яшчэ дзьве прыстаўныя (!) – о і в (выпадак унікальны). Але бітва 1514 году на рацэ Крапіўне, у якой 40тысячнае ліцьвінскае войска гетмана Канстанціна Астроскага разьбіла 80-тысячную маскоўскую армаду, будзе называцца  Аршанскай, а месьцічы Воршы – аршанцы.

 

 

 

МЕНСК

 

Мінск/Минск

 

Яшчэ ў 1991 годзе была прынятая пастанова Менскае мескае Рады (Мингорсовета) аб вяртаньні сталіцы Беларусі ейнага спрадвечнага назову. Аднак на тое патрабавалася згода парлямэнту, які аднагалосна ў 1939 годзе накінуў гораду чужое яму імя –  Мінск, замест пракаветнага  Менск. Вярхоўны Савет жа гэтак і не набраўся сьмеласьці, а папросту праз сваю замшэласьць і чырвань не ўхваліў вяртаньня галоўнаму гораду краіны ягонага сапраўднага імя. Да сярэдзіны ХVII стагодзьдзя назоў  Менск яшчэ сустракаецца ў граматах і кроніках, але менавіта тады ж стаў замяняцца польскім адпаведнікам –  Miсsk. Ужо было вышэй аб тое, як расейскія картографы „перадзіралі» з польскіх мапаў зьнявечаныя беларускія назовы. Таму наўрад ці здагадваюцца савецкія вэтэраны другое сусьветнае вайны, што баронены імі назоў Минск зусім не „расейскі», а Менск, наадварот, ня польскі.

Існуе шмат вэрсіяў наконт паходжаньня гэтага тапоніму, аднак хутчэй за ўсё ён утвораны ад назову ракі Менкі, што ўпадае ў Сьвіслач непадалёк ад Кругавое дарогі сучаснага гораду. У 1067 годзе, пасьля спаленьня Менску, ягоныя жыхары перабраліся ў горад Няміга на беразе аднайменнае ракі ды прынесьлі з сабою імя свайго першаснага паселішча.

Калі ж вярнуцца да польскае лініі ў менскім лёсе, дык у Польшчы ёсьць гэткі самы горад – Minsk-Mazowiecki. Недзе да ХVI стагодзьдзя папольску гэтае места называлася гэтаксама, як і нашае – Miensk (між іншым, у летапісах сустракаецца варыянт беларускага Менску як Меньск), але пазьней назоў трансфармаваўся празь сьцяжэньне  гукаў у Minsk. У Рэчы Паспалітай было два Міньскі, а таму дзеля таго, каб адрозьніваць, надалі ім яшчэ й зямельныя азначэньні: беларускі Мinsk-Litewski ды польскі Minsk-Mazowiecki. Сёньняшняя палітыка ўладаў на далучэньне Беларусі да Расеі ды суцэльную «славянізацыю» патрабуе безумоўнае замены польскага  Мінску на «древнерусский»  Менск.

 

 

 

ВІЦЕБСК

 

Witebsk

 

Беларускі нацыянальны друк часам нясьведама карыстаецца спалянізаванымі тапонімамі з мэтаю адысьці далей ад расейшчыны. Клясычны прыклад – Віцебск. Горад паўстаў ля вытоку ракі Віцьба зь Дзьвіны.   Паводле   старажытнабеларускага напісаньня, меліся гэткія формы –  Витьба і Витебск. Польскія пісары перапісалі іх няслушна, без уліку пастаўленага па літары л мяккага знаку – Witba ды Witebsk. Таму форма Вітэбск/ Вітабск няслушная,  скалькаваная  з  польскае  мовы. Месьцічы ж Віцебску – віцьбічы ці віцябляне, як каму даспадобы.

 

 

 

ГОМЕЛЬ

 

Мова надзвычай ашчадна ставіцца да словаў, таму й тапонім Гомель, калі яго праскланяць страчвае літару е: Н. Гомель/ Р. Гомля/ Д. Гомлю/ В. Гомель/ Т. Гомлем/ М. Гомлю. Мабыць, нехта непісьменны не зразумеў, як трэба па-беларуску зьмяняць гэты назоў і адтуль пайшла „ў масы» памылковая форма Гомля (насамрэч родны склон слова Гомель). Абмылка “шчэ ў тым, што горад Гомель мужчынскага роду й празь няправільнае напісаньне як быццам зьмяняе пол. Каб чытач не сумняваўся ў полавай прыналежнасьці горада Гомля, прыводжу вядомую прымаўку: „А за Гомлем людзі ё? — Ё, толькі дробненькія!» Як бачым, каб была Гомля, дык і прымаўка інакш гучала б: „А за Гомляй…»

 

 

 

МАГІЛЁЎ

 

Мohylew

 

Сытуацыя падобная да віцебскае маецца і ў выпадку з „горадам прэзыдэнта». Магілёў славуты больш сваёю сярэднявечнаю спадчынай, якая несправядліва   зацемненая   постацяй   усім вядомай… Ужываная часьцяком форма  Магілеў няслушная, бо паходзіць з польскае мовы – Мohylew. Праўда, у ваколіцах кажуць па-рознаму (Мугілёў, Мугылеў, Мугулёў, Магілеў, Магылеў, Магілёў ды г. д.), аднак у літаратурнай мове здаўна ўсталяваная форма Магілёў.

 

 

 

МАЛАДЭЧНА

 

Маладзечна/Молодечно/Molodeczno

Ад  пачатку  ХХ  стагодзьдзя  ў  беларускай літаратурнай мове ўсталявалася форма Маладэчна, бо менавіта гэтак кажуць у ваколіцах гораду. Аднак зараз цяжка дакладна сказаць, ці палянізм гэта ці пракаветная форма, праўда адна – назва свая! Прыметнік жа мусіць быць бо менавіта і.

 

 

 

БЯРЭЗАНЬ

 

Беразіно/Березино

 

Горад на рацэ Бярэзіна гучыць у афіцыйнай мове ненатуральна й каструбавата. Зразумела, што  канчатак  –о  для  нашых  тапонімаў  не ўласьцівы, таму вяртаньне спрадвечнага назову патрэбнае й карыстацца трэба менавіта ім.

 

 

 

ВЯЛЕЙКА

 

Вілейка

 

Горад названы паводле найменьня ракі, на якой стаіць – Вяльлі. Вілейка паходзіць ад зьлітуанізаванае формы назову ракі – Вілія.

 

 

 

ЯНОВА

 

Иваново

 

Гэтае беларускае мястэчка знаходзіцца побач з фальваркам Дастоева, дзе жылі продкі слыннага расейскага пісьменьніка Фёдара Дастаеўскага. Беларускай мове вядомае імя Іван, аднак назоў мястэчка відочна паходзіць ад імя Ян, тым болей, што ў Расеі ёсьць сваё Іванава й нашае Янова было гвалтам перакручанае на ўсесаюзны капыл, ці прасьцей кажучы, змаскалізаванае. У ваколіцах кажуць як Янова, гэтак і Яноў.

 

 

 

МАРЫНА ГОРКА

 

Мар'іна Горка/Марьина Горка

 

Праблема нашае тапанімікі – насьледаваньне чужых моўных канструкцыяў. Па-беларуску ня кажуць Мар'іна, таму трэба абавязкова вярнуцца да спрадвечнае формы Марына, з націскам на першым складзе. Назоў гэты ня ўтвораны ад імя нейкае Марыны, а ад імя багіні Мары. Мажліва, у тых мясьцінах некалі было прысьвечанае ёй капішча.

 

 

 

РАГАЧОЎ

 

Rogaczew

 

У друку зрэдзьчас сустракаюцца гэткія «пэрлы», як Рагачэў, што выдаюць паводле свайго вонкавага аблічча на выяўныя палянізмы – пазьбягайма іх у гутарцы й на пісьме.

 

 

 

МАЗЫР

 

 

 

КАПЫЛЬ

 

Мозырь, Копыль/Mozyrz, Kopyl

 

Па-беларуску няслушным будзе ўжываньне гэткіх спольшчаных формаў, як Мозыр ды Копыль. Часам імі карыстаюцца празь непісьменнасьць.

 

 

 

ЛУНІНЕЦ

 

Лунінец

 

Лунінец паўстаў у выніку пераезду часткі жыхароў мястэчка  Луніін на новае месца й заснаваньня паселішча з падобным назовам. Раён будзе называцца Лунінецкі.

 

 

 

КАЛІНКАВІЧЫ

 

Калі, шаноўны чытачу, напаткаеш дзесьці гэткую форму назову мястэчка, як Калі, шанічы, дык не бянтэжся, бо гэтак кажуць у тамтэйшых ваколіцах, праўда, як мне тлумачылі, зь іроніяй і насьмехам, прычына якіх засталася загадкаю.

 

 

 

УЛА

 

 

 

УШАЧА

 

 

 

р. АЎТА

 

 

 

в-сх. ПТЫЧ

 

Балцкія   назовы   не   заўжды   пазнаюцца неспэцыялістамі, таму лічу патрэбным сказаць аб іх  колькі словаў. Паэта Рыгор Барадулін ужывае назоў свайго роднага мястэчка ў форме Вушача – гэта слушна з гледзішча гармоніі беларускае мовы, аднак як і Ула, Аута ды іншыя гэткага кшталту назовы, прыстаўное в тут ня ставіцца празь іхнае не славянскае, але балцкае паходжаньне. Назоў ракі Птыч (афіцыйны правапіс – Пціч) гэтаксама балцкага паходжаньня і яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі ўжываўся ў форме мужчынскага роду.

 

 

 

ДЗЬВІНА

 

Двина

 

За    часоў    Савецкага    Саюзу    тапаніміка падганялася  пад  агульны  ўзор,  таму  быў абсалютна неабгрунтавана праведзены раўналежнік паміж беларускай ракой  Дзьвіна і расейскай Двіной – першая сталася Заходняй, а другая Паўночнай. У незалежнай Беларускай дзяржаве ёсьць дзьве Бярэзіны ды тры Сьвіслачы, але Дзьвіна адна, таму называць яе Заходняй небясьпечна, бо можна быць абвінавачаным суседняй    Расеяй    у    замаху    на    ейную тэрытарыяльную цэласьць.

Далей пойдуць раўналежна ўласнабеларускія й афіцыйныя   назовы   не   прыгаданых   вышэй беларускіх гарадоў і мястэчак. У складаньні сьпісу за аснову ўзятая першакрыніца – мясцовая гаворка ці старая кроніка альбо летапіс:

 

Іншыя

 

Відамля/Відомля

Вяліж, веліжанін/Веліж

Мядзела/Мядзель

Нарача (Нарачча)/Нарач

Налібакі, Налібоцкая пушча/Налібокі

Талачын/Талочын

Петрыкоў/Петрыкаў

Асіпавічы/Асіповічы

Кобрынь(м.р.)/Кобрын

Ашмяна/Ашмяны

Смаргоні/Смаргонь

Крупка/Крупкі

Ружана ці Ражана/Ружаны

Пружана/Пружаны

Стоўпцы, стаўпецкі/Стоўбцы, стаўбцоўскі

Нясьвіж/Nieswiez (адсюль няслушная форма Несьвіж)

 

Віктар Мухін заўсёды ўдзячны чытачам за водгукі, дадаткі й каштоўныя парады да артыкулу.


1992-1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: StuDumka
Крыніца: невядомая