epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Цукеркі ад бацькі

Машына скрыгатнула тармазамі і спынілася сярод дарогі, ля вялікай дажджавой лужыны. Двое дзяцей стаялі басанож у жаўтаватай вадзе і тонкімі дубчыкамі падпіхвалі папяровыя караблікі, якія здалёк вылучаліся сваёй белай чысцінёй. Хлопчык і дзяўчынка заўзята боўталі ў вадзе худзенькімі нагамі. Хвалі беглі ад іх ва ўсе бакі і былі для маленькіх караблікаў «штармавымі». Яны бездапаможна гойдаліся на вадзе, і калі адзін з іх ці два, ці ўсе тры затапляла, вясёлы гучны смех успуджваў невялічкую чараду вераб'ёў, якія ўладкаваліся непадалёку на бярозцы. Вераб'і весела цвіркалі, трапяталі крыламі, узляталі, але абранага месца не пакідалі, бо ніякай небяспекі сабе не бачылі. Гульня так захапіла дзяцей, што яны нават не пачулі, як пад'ехала машына. І дождж, відаць, таксама не быў ім перашкодай. Іх адзенне было мокрае, і сонца, якое выглянула з-за хмары, блішчала ў валасах, на тварах, руках вадзянымі кроплямі.

Антон Качан хацеў пасігналіць ды пераехаць лужыну, але ў апошні момант перадумаў. Ён дакрануўся рукой да жончынага пляча.

- Звядзі з дарогі, - кіўнуў ён на дзяцей, - ды заадно папытайся, дзе дом нумар чатырнаццаць... Толькі хутчэй, мы і так познімся...

Тэрэза з дакорам паглядзела на мужа. Мясіць гразкую дарогу моднымі бліскучымі басаножкамі ёй не хацелася.

- А можа, аб'едзеш? - нясмела спытала яна.

- Можна і аб'ехаць, - і, разглядаючы новыя чатырохпавярховыя будынкі, незадаволена буркнуў: - На ўсёй вуліцы ніводзін дом не пранумараваны... Адгадай тут, у якім твая сяброўка спраўляе ўваходзіны?

Ён адчыніў дзверцы і, вылазячы з машыны, прымірэнча прамовіў:

- Ну добра, сам папытаюся. Толькі ты свае басаножкі ўсё ж запэцкаеш... Глянь, што робіцца ў дварах. Да пад'езда хіба толькі трактарам можна пад'ехаць.

Тэрэза і сама заўважыла, што ад дарогі да кожнага дома цягнуцца сцяжынкі, вымашчаныя дзе дошкамі, а дзе і цэглай. Пасля дажджу і гэтыя пераходы апынуліся ў вадзе. «Прыйдзецца, як гэтым замурзаным дзецям, скідаць абутак і шыбаваць напрасткі па гразі», - падумала яна і міжволі адчула, як холад працяў ногі, быццам яны ўжо цяпер стаяць у вадзе.

Між тым Антон падышоў да хлопчыка і дзяўчынкі.

- А што, капітаны, - весела гукнуў ён, - можа, і майму «крэйсеру» пад назвай «Жыгулі» дазволіце пераплыць ваш акіян?

Дзеці разам азірнуліся. Ад нечаканасці Антон скалануўся. На твары так і застыла, бы прыклеілася, усмешка. Вочы акругліліся, пашырэлі і ці то са спалохам, ці то з затоенай радасцю паўзіраліся ў загарэлыя твары хлопчыка і дзяўчынкі. На бацьку глядзелі родныя дзеці!

Старэйшая, Аленка, а ёй не так даўно споўнілася восем год, была вельмі падобная на Антона. Гэткія, як і ў яго, шэрыя вочы, шырокія чорныя бровы, а капрызна сцятыя вусны рабілі яе твар занадта сур'ёзным для дзіцяці. Яна моўчкі глядзела на бацьку, і па радасным агеньчыку ў вачах было відаць, што пазнала яго, але разгубілася і не ведае, як сябе паводзіць. Яе вусны варухнуліся, цела выструнілася, напружылася, і збоку здавалася, што дзяўчынка вось-вось з радасным крыкам кінецца да бацькі...

Менавіта цяпер, калі яна ўбачыла яго, супярэчлівыя пачуцці ахінулі яе маленькую душу. Яна ўспомніла, як доўга плакала, калі маці сказала, што бацька іх пакінуў і жыць з імі больш не будзе. «За што кідаюць бацькі сваіх дзяцей?» - часта пыталася яна ў сябе, але адказу не знаходзіла. Пасля доўгіх роздумаў усё ж вырашыла, што кідаюць непаслухмяных ды непрыгожых, і з гэтага часу, калі зазірала ў люстэрка, шукала ў сабе заганаў, недахопаў... Аленка стрымала першае жаданне - не кінулася да бацькі і, толькі зрабіўшы некалькі крокаў да яго, спынілася і са стоеным нецярпеннем чакала. Востры халадок жалю да сябе і брата міжволі падступіў да сэрца.

Антон адчуў гэты халадок дзіцячай душы і цяжка, роспачна ўздыхнуў. А насустрач яму, уздымаючы слупы вадзяных пырскаў, у якіх гуляла вясёлка, бег сын - Васілёк.

- Та-та?! Та-тач-ка?! - усхвалявана закрычаў малы. - Ты вярнуўся да нас?! - Шчаслівая дзіцячая ўсмешка ззяла на яго твары. Кірпаты вяснушкаваты нос свяціўся радасцю, вочы акругліліся і нябесным блакітам глядзелі ў самую глыбіню Антонавай душы.

І ў Качана, які апошні час успамінаў дзяцей толькі ў дні, калі атрымліваў зарплату і шкадаваў грошай, вылічаных на аліменты, нешта абарвалася ўсярэдзіне. Невядомае дагэтуль пачуццё кінула яго насустрач сыну, і, прыцяўшы дыханне, Антон падхапіў на рукі худзенькае цельца. З затоенай асалодай і невыразным пачуццём палёгкі ён прыціснуў малога да сябе і на ўсю моц сваіх лёгкіх удыхаў з маленства забыты пах вады, сонца, дзяцінства, якім веяла ад хлопчыка.

Цераз плячо бацькі Васілёк убачыў сястру, якая заклала рукі за спіну і панура стаяла, боўтаючы адной нагой у вадзе. Яна з затоеным смуткам ці папрокам паглядала на іх, унікаючы позіркаў брата.

- Аленка, ты што, не пазнала? - здзіўлена запытаўся Васілёк. - Гэта ж наш татка!.. - І з дзіцячай непасрэднасцю дадаў: - Бяжы дахаты і пакліч мамку... Татка ж вярнуўся?!

Сэнс апошніх сынавых слоў не адразу дайшоў да Качана. А калі ён зразумеў, аб чым просіць Васілёк сястру, кроў шыбанула ў скроні. У адно імгненне сышліся да пераносся кусцістыя чорныя бровы. Шэрыя вочы зноў пазіралі з затоенай падазронасцю, а заўчасныя маршчыны ды капрызна сцятыя вусны састарылі твар. Пачуцці, якія міжволі вырваліся з-пад кантролю і расчулілі Качана, зніклі за маскай жорсткасці і дзелавітасці. Ён апусціў сына на зямлю і з цвёрдасцю ў голасе папытаўся ў Аленкі:

- Што вы тут робіце, на гэтай вуліцы?

Дзяўчынка не чакала ніякіх пытанняў ад бацькі і таму, пачуўшы яго голас, здрыганулася. Мокрыя светлыя пасмачкі яе валасоў тырчма, быццам ледзяшы, звісалі на плечы, прыліплі да лба.

- Жывём, тата, - паспрабавала ўсміхнуцца дачка.

- Ага, вунь у тым доме, што за зламаным трактарам, - махнуўшы рукой некуды за спіну бацькі, дадаў Васілёк.

Антон азірнуўся. Свежы вецер сцебануў па твары, раскудлаціў валасы, у якія ўжо закралася павуціннем сівізна.

Ён убачыў Тэрэзу, якая шпарка ішла да іх. Правай рукой яна прыціскала да сябе чырвоную сумку, а левай раз-пораз адкідала за вуха кудзеркі светлых валасоў, якія ўвесь час падалі на вочы.

Убачыўшы, як хлопчык павіс на шыі ў мужа, яна здагадалася, што гэта Антонавы дзеці ад першай жонкі.

- Добры дзень, Аленка! - з перайгранай зычлівасцю павіталася жанчына і спынілася каля мужа. - Добры дзень, Вася! - кіўнула яна хлопчыку.

Яе твар расчырванеўся, зеленаватыя вочы з цікаўнасцю і затоенай узбуджанасцю ўзіраліся ў дзяцей.

Аленка не адказала на прывітанне, а толькі з непрыязню, нават варожасцю паглядзела, зразумеўшы, кім даводзіцца гэтая расфранчаная цётка іх бацьку.

- Здрасце, - азваўся Васілёк і насцярожліва зірнуў на незнаёмку.

Некалькі хвілін стаялі моўчкі. Сонечнае святло, адбіўшыся ад вады, трапяталася на тварах. Дарослыя і Аленка адчулі сябе неяк няёмка, і толькі Васілёк ззяў радасцю.

Тэрэза павярнулася да мужа і адразу пляснула ў далоні, ад чаго сумка ледзь не звалілася на зямлю.

- Ты паглядзі на сябе! - з весялосцю ў голасе ўскрыкнула яна. - І ў гэткім выглядзе ты збіраешся сесці за святочны стол?

Белая кашуля ў Качана была запэцкана граззю, якая, відаць, засталася ад брудных ног і шортаў сына.

Жанчына, задаволеная тым, што знайшла сабе занятак, пачала выціраць белай хусцінкай гразкія плямы.

- Дарэмна гэта, - адсунуў жончыну руку Качан, - трэба змяніць кашулю.

- Дык паехалі, - адразу ўсхапілася Тэрэза. - Паехалі, Антоша, памяняеш, - замітусілася яна, вінавата зазіраючы мужу ў вочы.

- А як жа ўваходзіны, твая сяброўка... Вось і дзяцей сустрэў!..

- Нічога, Антоша, не здарыцца, калі сёння мы і не пабудзем на ўваходзінах, - паспяшалася адказаць яна. - Потым, калі-небудзь... на машыне нядоўга пад'ехаць...

Аленка ў гэты момант, задзірліва пазіраючы на Тэрэзу, прашлёпала напрасткі цераз лужыну да брата і стала побач, узяўшы яго за руку.

- І да дзяцей мы яшчэ прыедзем, - працягвала Тэрэза і, звярнуўшыся да хлопчыка, з усмешкай папыталася: - Праўда, Вася?..

Ён, не адводзячы шчаслівага позірку ад бацькі, згодна кіўнуў галавой.

А Тэрэза спяшалася. Ёй здалося, што муж пасля сустрэчы са сваімі дзецьмі іначай, не па-бацькоўску, пачне адносіцца да яе сына, дзевяцігадовага Андрэя. Паміж імі адносіны нарэшце наладзіліся, і сын прызнаў Антона за бацьку. У Аленцы з Васільком Тэрэза ўбачыла яўную перашкоду, якая ў адно імгненне можа разбурыць сям'ю, парушыць яе лад. Ёй шкада было мужавых дзяцей, але невыразны страх за сябе, за лёс Андрэя ўзрушылі спакой. Захацелася зараз жа апынуцца ў сваёй хаце, у звычных умовах займацца якой-небудзь кухоннай справай, абы толькі не бачыць гэтых дзіцячых вачэй, не адчуваць сябе вінаватай...

- Паехалі, Антоша, - напружана варухнуліся вусны Тэрэзы, і яна паціху пацягнула мужа за рукаў кашулі.

Васілёк убачыў гэта і, спяшаючыся, загаварыў, быццам хацеў затрымаць бацьку:

- Татка, а я восенню ў школу пайду, у першы клас...

- Малайчына, Васька! - раскудлаціў яму чупрыну Качан. - Вялікі ўжо вырас... Вучыся добра ды старэйшых слухай...

- А мамку ён не слухае, - умяшалася ў размову Аленка.

- А вось і слухаю, - крыўдліва азваўся брат. - А ты нагаворшчыца.

- А чаму тады спіш з машынай? - не здавалася сястра. - Мамка кажа, каб не клаў у ложак машыну, а ты ўсё роўна спіш з ёю.

Васілёк, нешта мармычучы сам сабе пад нос, апусціў долу галаву і ўтаропіў позірк на свае запэцканыя ногі.

Антон паглядзеў на бялявыя, даўно не стрыжаныя сынавы валасы і зазначыў, што яны ў Васілька таксама, як і ў яго, непаслухмяна віхурацца на самай макушцы. «Раней не заўважаў», - падумаў Качан, а ўслых даравальна прагаварыў:

- Не трэба, дачка, не сварыся, - ён правёў жорсткай далонню па Аленчыным плячы. - Няхай Васька спіць з машынай, калі падабаецца.

- Падабаецца, татка, - адразу павесялеў хлопец. - Машына прыгожая, гоншчыцкая... Ты мне яе падарыў ужо даўно... У ёй і шафёр сядзіць у чырвоным шлеме.

Ён ірвануў руку, якую трымала сястра, і, вызваліўшы яе, задаволена, з гонарам дадаў:

- Я, як вырасту зусім вялікі, таксама шафёрам буду...

- Антоша, паехалі, - зноў пацягнула за кашулю Качана жонка.

Ён згодна кіўнуў галавой.

- Ну, дзеці, да пабачэння, - паспрабаваў усміхнуцца бацька. - Я яшчэ прыеду...

Ён паціснуў Аленцы і Васільку рукі і порсткай хадой напрасткі пайшоў да машыны. За ім, крыху збоку, спяшалася Тэрэза. Раптам яна спынілася, адкрыла сумку і, нешта шукаючы, пакорпалася ў ёй. Заклапочаны твар жанчыны неўзабаве прасвятліўся, і яна вярнулася.

- Гэта вам ад бацькі, - сказала яна, усунула ў рукі дзецям па некалькі цукерак ды дзве рублёвыя паперкі і з выглядам чалавека, які выканаў свой абавязак, пайшла да машыны.

«Жыгулі» паварочваліся на дарозе, калі Аленка горка прамовіла:

- Не, не прыедзе больш бацька!

- Як гэта не прыедзе? - са спалохам паглядзеў на яе брат.

- А так, - зірнула з пагардай на машыну Аленка, - не прыедзе, і ўсё. Не пусціць яго да нас цётка, што была разам з ім, ды і нумар кватэры, у якой жывём, татка не спытаў.

Хлопчык у адно імгненне рвануўся ўслед за машынай, якая павярнулася ўжо і набірала хуткасць. Васілёк бег за «Жыгулямі» да таго часу, пакуль яны не зніклі на скрыжаванні ў канцы вуліцы.

Роспач і крыўда ахінулі хлапчукова сэрца. Ён чакаў сённяшняга дня. Яму здавалася, што трэба толькі ўбачыць бацьку, пагаварыць з ім, і той зноў будзе яго таткам. Кожны дзень думкі пра сустрэчу вярэдзілі душу Васільку. Ён не верыў ні маці, ні бабцы Шуры пра нагаворы на бацьку. Неяк ноччу яму прыснілася, што яго татка паехаў будаваць новы горад. З хваляваннем і дзіцячым даверам ён раніцай расказаў пра сон маці, і тая не стала яму пярэчыць. З таго часу, калі размова заходзіла пра бацьку, Васілёк з ахвотай расказваў пра новы горад, які будуе яго татка. Дзеці верылі яму, а дарослыя, якія ведалі праўду, згодна ківалі галовамі, але ў вочы хлопчыку не глядзелі. А колькі разоў Васілёк уяўляў сабе бацьку за рулём вялізнай, шматтоннай машыны?! Ён чакаў яго, каб разам з Аленкай і маці паехаць на гэтай машыне ў новы горад... А сёння яго спадзяванні, яго вера разбіліся. Васілёк адчуваў сябе падманутым, бездапаможным, ён не ведаў, што цяпер рабіць, і горка заплакаў...

- Не плач, Вася, - суцяшальна прамовіла сястра, якая бегла ўслед за ім, і, цяжка дыхаючы, дадала: - Мо татка і прыедзе... Ён жа абяцаў. Давай лепш цукеркі пакаштуем.

- А-а-а! Цукеркі, - працягла закрычаў раптам брат. Ён злымі вачыма ўтаропіўся на невялічкія пірамідкі ў бліскучых паперках. Потым з усяго маху пляснуў іх аб зямлю і пачаў таптаць нагамі, прыгаворваючы: - Вось вам усім, вось, - усхліпваў Васілёк. - Не люблю я вашых цукерак, ад іх баляць зубы, ад іх плакаць хочацца. І грошы мне не патрэбны...

Ён выхапіў цукеркі з рук у сястры і таксама ўтаптаў іх у гразь...

Крыху супакоіўшыся, Васілёк глыбока засунуў рукі ў кішэні і моўчкі, сутулячыся, бы старэнькі дзядок, пайшоў дахаты. Аленка ішла ўслед за братам.

 

Качан гнаў машыну на павышанай хуткасці. Дажджавыя лужыны на дарозе з шыпеннем прапускалі праз сябе «Жыгулі», і тысячы пырскаў у гэты момант віхурыліся вакол машыны, залівалі шкло, заміналі добра бачыць дарогу. Муж і жонка ехалі моўчкі, думаючы кожны сваё. Здалёк даносіліся грымоты перуна. Вялізная чорная хмара, якая набрыняла, агрузла ад лішку вады, зіхацела бліскавіцамі. Яна захінула палову неба і, амаль чапляючыся за вершаліны дрэў, сунулася на ўсход. Наваколле, прыцішанае навальніцай, зноў ажывала...

Але Качан не заўважаў ні вясёлкі праз увесь небасхіл, ні мітусні ластавак на тэлефонных правадах абапал дарогі, ні насычанай водарам траў лёгкай пары, якая падымалася ад зямлі і, здавалася, па сонечных промнях спяшалася ў блакітную вышыню. Ён гнаўся ўслед за раз'юшанай стыхіяй, а думкі міжволі вярталіся назад, на вуліцу, дзе сустрэў дзяцей. Душу вярэдзіла, расчульвала нешта даўно забытае... І гэтае нешта да дрыготкі ў пальцах хвалявала Качана. Здалося, што колісь у яго быў гэткі стан душы.

Успамін нечакана перанёс Антона ў дзяцінства, і адразу ён зразумеў, адкуль ідуць гэтае хваляванне, гэты неспакой. Да дробязей прыпомніў той вясновы, па-летняму сонечны дзень, калі ў хаце адбылася звада. Маці сварылася на бацьку, а той моўчкі сядзеў на лаве і слухаў, утаропіўшы вочы на кірзачы. Потым устаў, моўчкі засунуў у кішэню камбінезона брытву і, гледзячы ў падлогу, выйшаў. Але праз хвіліну дзверы адчыніліся, і бацька ўсхвалявана, аднымі вуснамі прашаптаў: «Усё, Надзея, нажыўся я з табой. Нагі маёй болей не будзе ў гэтай хаце».

Успомніў Антон, як ён нема роў, пачуўшы гэтыя словы, як бег за трактарам, на якім працаваў бацька, у поле. Успомніў, як кінуўся напярэймы да магутнай машыны і, калі бацька вылез з кабіны, аберуч абхапіў яго за шыю, моцна прыціснуўся да няголенай шчакі і больш не адпусціў. Так і аралі разам да самага вечара. Антон нават не заўважыў, як і заснуў. А на другі дзень прачнуўся рана і зноў хацеў бегчы да бацькі і прасіць, каб не кідаў іх і вярнуўся дахаты. Але калі адчыніў дзверы на кухню і ўбачыў, што бацька і маці, абняўшыся, стаяць ля акна і ціха смяюцца, адчуў сябе самым шчаслівым чалавекам ва ўсім свеце...

Машыну падкінула на невялікай калдобіне і крыху занесла ўлева. Качан нервова крутануў кола руля і скінуў хуткасць. На шчоках ходырам хадзілі жаўлакі, на душы было прыкра і горка.

Сэрца калацілася, яго кожны ўдар балюча аддаваўся ў грудзях. «Чаму яно так баліць? - падумаў Антон. - Чаму гэтак гулка аддаецца ў скронях?»

Разам з пачуццём спустошанасці, няёмкасці перад дзецьмі ўпершыню з'явілася пачуццё адказнасці за іх далейшы лёс. Сёння Антон зразумеў, што не толькі грошы, якія ён зарабляў на «шабашках», патрэбны дачцэ і сыну. Зразумеў, што перш за ўсё Аленцы і Васільку патрэбен бацька... Але ж грошы!.. Іх зарабляў Качан усюды: пасвіў аленяў у тундры і авечак у гарах Каўказа, працаваў на новабудоўлях, нават нейкі час лавіў змей у пустыні. Дэвіз сабе прыдумаў, які назваў «качаноўскім»:

 

Рабі там, дзе болей плата.

Грошай каб было багата.

 

Сяброў у яго не было, былі «патрэбныя людзі». Антон любіў паўтараць: «Кожны чалавек сам куе сваё шчасце». І калі хто знаёмы пытаўся, што «куе» менавіта ён, Качан з ахвотай кідаў у адказ: «Грошы». Антон лічыў дзівакамі тых, хто спрабаваў яму даказаць, што шчасце не ў іх, не ў гэтых паперках. Калі такі чалавек знаходзіўся, ён згодна ківаў галавой і гаварыў: «Праўда ваша, шчасце не ў грашах, - і, крыху памаўчаўшы, абавязкова дадаваў: - А ў іх колькасці...»

І Антон каваў. Ён не зважаў на тое, што кавадла ператварыла яго самога ў нейкі механізм, які працаваў толькі тады, калі за гэта добра плацілі. Пачала знікаць добразычлівасць да людзей. Чужы боль апошнім часам мала яго цікавіў і зусім не хваляваў. Калі паўтара года назад ён сустрэў Тэрэзу, якая спадабалася яму сваёй прыгажосцю і гаспадарлівасцю, Качан не перажываў пакут сумлення, а, склаўшы рэчы, пераехаў да яе. Тады ён сказаў першай жонцы: «Сустрэў тую, якая прынясе мне шчасце. На развод падам сам, і наконт аліментаў не хвалюйся. Працую я добра, так што грошай будзе хапаць...» Сказаў, быццам адкінуў, адрэзаў кавалак жыцця.

А сёння ён раптам адчуў сябе спустошаным, непатрэбным і ўпершыню за жыццё міжволі запытаў у сябе: «Адкуль у мяне гэтая хваравітая сквапнасць? Чаму я такі эгаіст? Чаму я не працую, як усе людзі, а лётаю за доўгім рублём?»

І зноў памяць вяртае Антона ў дзяцінства.

...Вось ён стаіць пасярод хаты і румзае, старанна выціраючы кулачкамі шчокі, па якіх цякуць слёзы. Маці трасе перад ім дзённікам і сварыцца за атрыманую двойку. У кутку, ля печы, сядзіць баба Насця і лушчыць фасолю. Яна раз-пораз кідае позіркі хітрых вачэй на дачку і ўнука. Ёй таксама карціць нешта сказаць, але дзе ж ты спыніш маці, якая не на жарт разышлася, і, пакуль не выгаварыцца, Антон павінен плакаць ды абяцаць, што больш не атрымае дрэннай адзнакі. Выратавала печ, у якой нешта зашыпела, затрашчала, і маці з крыкам: «Зацірка сышла!» - кінулася ратаваць вячэру. А бабка Насця ўжо стаяла ля ўнука і працягвала яму некалькі медзякоў: «Бяры, унучак, гэта табе аванс. Я хачу, каб ты вывучыўся на інжынера. За кожную пяцёрку буду даваць табе дваццаць капеек». З гэтага часу ў дзённіку ўнука двойкі больш не з'яўляліся. Цяпер Антон лічыў вучобу працай, і здаралася, што за тыдзень ён зарабляў па два рублі, а то і больш. Тады ён вучыўся ў пятым класе і вельмі марыў набыць веласіпед. Але калі бабка «выплаціла» Антону за пяцёркі суму, дастатковую, каб яго купіць, гэтая мара знікла. Ён нікому не прызнаўся, што шкада стала грошай, а толькі паведаміў бабцы, што лепш адразу купіць матацыкл. Матацыкла Качан таксама не купіў. «Лепш машыну», - сказаў ён маці, калі вярнуўся з арміі. Але і «Жыгулі», на якіх яны цяпер імчаліся, купіў не Антон. Гэта падарунак «маладым» ад бацькі Тэрэзы, цесця.

У душу Качана пачало закрадвацца сумненне. Ён раптам зразумеў, што нешта робіць не так... Перад ім стаялі сынавы вочы, якія так шчыра ззялі шчасцем, калі Васілёк глядзеў на бацьку. Гэты позірк узрушыў Антона, прымусіў мацней калаціцца сэрца. «Чаму мой лёс склаўся так? - пытаў у сябе Качан. - Чаму мой бацька, чалавек негаваркі, неадукаваны, які не чытаў ні Макаранкі, ні Сухамлінскага, адразу зразумеў мяне ў той вясенні дзень, сэрцам пачуў хлапчукоў боль? А я, яго сын, нават не пацалаваў Аленкі і Васілька на развітанне. Паводзіў сябе так, быццам яны і не родныя дзеці...»

Качану раптам здалося, што ён сёння страціў сябе, страціў мэту, дзеля якой жыў. Захацелася зноў убачыць дзяцей, пагаварыць з імі, пачуць іх смех... Ён з'ехаў з дарогі і спыніў машыну ля самай канавы. Тэрэза запытальна ўзняла вочы на мужа.

- Я вяртаюся, - асіплым голасам прагаварыў Антон, не гледзячы на жонку. - Мне трэба яшчэ іх убачыць.

Тэрэза павярнулася ўсім корпусам да мужа, вусны яе задрыжалі, пальцы нервова перабіралі канцы хусцінкі. Яна стрымлівала сябе, каб не заплакаць.

- Я не ўсё ім сказаў, - з трывогай у голасе рашуча дадаў Антон і слізгануў позіркам па яе дрыготкіх губах.

- Добра, добра, Антоша, - заспяшалася Тэрэза. - Я ж не супраць... гэта ж дзеці. Можа, і ў магазін заедзем ды купім што? Два рублі я ім дала ды цукеркамі пачаставала, але ж гэта не тое...

Праз паўгадзіны Качан ужо быў у пасёлку і спыніў машыну там, дзе і раней, - ля лужыны. Дзяцей на вуліцы не было. Ён падняў з зямлі дубчык і спіхнуў у ваду адзін з караблікаў, які ляжаў у пяску. Караблік сутаргава тузануўся, відаць, ад моцнага штуршка, і, зачарпнуўшы праз борт вады, заваліўся набок. Антон кінуў дубец і паглядзеў у бок дома, дзе, як казаў сын, яны жывуць. У двары дзяцей таксама не было. Качан паволі пайшоў па дарозе. Ён не ведаў кватэры, у якой жывуць дзеці, і таму цяпер думаў: ці варта ісці да суседзяў і пытацца пра былую сям'ю? Млява ныла сэрца, і недзе ў глыбіні душы з'явілася пачуццё незадаволенасці сабой, сваім цяперашнім жыццём і зробленымі ўчынкамі. Антон захваляваўся яшчэ мацней ад думак, якія нахлынулі на яго, авалодалі ўсёй істотай. «Я ж пакахаў другую, - шукаў ён сабе апраўдання, - я ж добра працую і спраўна плачу аліменты, не хаваюся ад дзяцей, як некаторыя». Але гэтыя доказы не супакоілі, а, наадварот, яшчэ больш узрушылі. «А чым вінаватыя Аленка і Васілёк? - бухала ў адказ у скронях. - Чаму яны жывуць без бацькі? Чаму пра іх лёс, пра іх пачуцці ты ўспомніў толькі сёння? Вось і цяпер ты шукаеш сустрэчы з дзецьмі, а навошта, што ты ім хочаш сказаць?..» Качан спыніўся і са смуткам у вачах паўзіраўся на раскіданыя па дарозе цукеркі. Было відаць, што іх тут не згубілі, а выкінулі ды яшчэ і затапталі ў гразь.

- Гэта ж мой пачастунак, - пачуўся за спінай у Антона трывожны голас Тэрэзы.

Некалькі хвілін стаялі моўчкі. Вецер ціха шамацеў лісцем маладых бярозак, пасаджаных не так даўно абапал дарогі, шкуматаў каляровыя паперкі, у якія былі закручаны цукеркі.

- Не, жонка, - схамянуўся Антон, - гэта не пачастунак дзеці затапталі ў гразь, а нешта большае...


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая