epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Інспектарская праверка

1
2
3
4
5
6
7


1

 

Не паспеў маёр міліцыі Раман Бярозка адчыніць дзверы ў свой кабінет, які дзяліў з маладым сышчыкам Зверавым, як забарабаніў тэлефон. Хоць меў ён моцныя нервы, але гэтага «звону» не выносіў. Колькі ні прасіў старшыну аддзела памяняць апарат, адказ заўсёды быў адзін: «Няма мані-мані». Раман і сам майстроў прыводзіў, каб паглядзелі ды прыглушылі гэты трэск, які нябожчыка падыме, але хлопцы таксама толькі рукамі разводзілі: што возьмеш з вырабленага паўстагоддзя таму апарата?!.

- Бярозка слухае, - адрэкамендаваўся Раман і адразу пазнаў голас свайго аднакашніка і сябра Вінцука Грыневіча з упраўлення крымінальнага вышуку горада.

- Прывітанне, Раман, правільна робіш, што слухаеш, - засмяяўся Вінцук. - Хачу папярэдзіць, што да цябе выехаў рэ-ві-зор!

- І што з таго? - сказаў Раман. - Хіба ён першы на маім вяку ці апошні? Толькі чаму менавіта да мяне?

- У тым і закавыка, - пасур'ёзнеў Грыневіч. - Інспектар, можна сказаць, не просты, а тытулаваны. Яго пасылае начальнік упраўлення толькі ў самых сур'ёзных выпадках, разумееш?

- Та-ак, - як мага спакайней адказаў Бярозка, але пад сэрцам усё ж непрыемна пацягнула халадком, - тытулаваных тваё начальства выпускае на паляванне, калі трэба кагосьці пакусаць, з'есці ці спешна вылучыць на вышэйшую пасаду.

- Правільна, малайчына, яшчэ не развучыўся думаць.

- Значыцца, калі мяне на кіруючую пасаду не вылучаюць, то трэба пакусаць ці праглынуць. Вось толькі не магу здагадацца, што такое я вытварыў?

- Я і сам не ведаю, але камусьці ты перайшоў дарогу, - сцішана прагаварыў Грыневіч. - Я папярэджваю, каб з хлопцам, які прыйдзе, быў вельмі асцярожны.

- Ды ладна, Вінцук, не першы год замужам! - сядаючы ў крэсла, адказаў Раман, а сам ужо пракручваў у памяці апошнія справы, якімі займаўся, і нічога прыпомніць не мог: усе яны без закавык пайшлі ў следчы камітэт. - Як жыццё? Даўно не бачыліся, - перавёў Бярозка гаворку на другую тэму.

- Усё як і раней, - паспешліва адказаў Грыневіч. - Ты выбачай, да мяне прыйшлі.

- Бывай, сябра, - толькі і паспеў сказаць Раман, як пачуліся кароткія гудкі, ён нават не паспеў падзякаваць за папярэджанне.

«Добра, хай прыязджае рэвізор, - падумаў Раман, - там даведаюся, што ад мяне трэба, каму я прышчаміў хвост».

Праз паўгадзіны Рамана выклікаў намеснік начальніка аддзела па рабоце з асабовым складам, а прасцей - былы нампаліт Кульбека.

- Знаёмцеся, - паказаў ён на хударлявага, з выцягнутым тварам і крыху прыплюснутым носам, чалавека, - падпалкоўнік Навіцкі Мікалай Сямёнавіч, прыбыў з інспекцыяй.

- Вельмі прыемна, - кіўнуў Раман і стаў чакаць, што будзе далей.

- Я хачу сказаць, што ён будзе правяраць вашу работу, - кашлянуў у кулак Кульбека.

- Работу крымінальнага вышуку ці асабіста маю?

- Толькі вашу, - нейкім ненатуральна ціхім голасам не сказаў, а нібы прашаптаў Навіцкі.

- Я павінен паведаміць непасрэднаму начальніку...

- Няма патрэбы! - рэзка перапыніў Рамана Навіцкі. - У мяне прадпісанне ад самога генерала Тоўсціка.

- Але ж маё начальства павінна ведаць, - настойліва даводзіў Бярозка. - І потым, мяне цікавіць, па якіх накірунках маёй дзейнасці вы будзеце весці праверку?

- Па ўсіх... І гэта адзначана ў прадпісанні, - умяшаўся ў гаворку Кульбека.

Сустрэўшыся з ім вачыма, Раман заўважыў радасныя агеньчыкі, якія, бы светлячкі, штоімгненна ўспыхвалі ў шэрых Кульбекавых вачах. На ягоным твары блукала ўсмешка. Бярозка зразумеў, што не апошні ў гэтай справе нампаліт. Сам ён, вядома, не мае права ўмешвацца ў аператыўна-вышуковую работу, значыцца, спатрэбіўся чалавек, які можа зрабіць тое, што трэба. І канешне, гэты падпалкоўнік з патлівымі рукамі, якія ўвесь час выцірае насоўкай, зробіць на сто працэнтаў сваю справу. Але пры чым тут Кульбека? І раптам Бярозка зразумеў паводзіны нампаліта, гэтую помслівую радасць, бляск у вачах. Так, Кульбека не забыў, як ён, Бярозка, калісьці выставіў яго за дзверы свайго кабінета.

 

2

 

Гэта было ў 1991 годзе, калі ў Беларусі пасля маскоўскіх падзей таксама забаранілі дзейнасць камуністычнай партыі. Недзе праз месяц у аддзел быў прызначаны новы нампаліт, гэта і быў былы райкамаўскі работнік Фрол Францавіч Кульбека.

На пачатку сваёй міліцэйскай дзейнасці Кульбека ніяк не мог уцяміць, чаму яму нельга ўмешвацца ў работу аператыўных служб. Яму вельмі карцела ведаць, чым там займаюцца гэтыя негаваркія хлопцы, якія ўвесь час носяць пад пінжаком пісталеты. Яму вельмі хацелася, каб і ягонае прозвішча мільгала на старонках газет, а вышэйшае начальства, не шкадуючы, прэміравала яго за раскрыццё складаных злачынстваў. Апошняе турбавала больш за ўсё: што ні кажы, а той жа Бярозка кожны месяц меў, акрамя зарплаты, яшчэ і прэміі. Кульбека для сябе засвоіў адно правіла: калі хочаш хутка авалодаць навыкамі, якіх не маеш, вучыся справе ў лепшых, глядзі, слухай, запамінай...

І ён пачаў дзейнічаць. Заходзіў у кабінет да Бярозкі і назіраў за ўсім, што той робіць, вечарамі пачаў чытаць дэтэктывы. Праўда, калі Бярозка вылятаў, як не на крылах, на чарговае злачынства, Кульбека не спяшаўся, ды й навошта было, калі пра ўсё, што там адбудзецца, ён даведаецца ад аператыўнага дзяжурнага ці тут, у кабінеце маёра, дзе той будзе весці допыт злачынцы. Але праз колькі дзён такіх назіранняў маёр Бярозка выставіў Кульбеку за дзверы, ды яшчэ прыгразіў напісаць рапарт начальству, што ён перашкаджае працаваць. Вось з тых часоў Кульбека і затаіў злосць на Бярозку.

Паступова новы нампаліт уцягнуўся ў работу і зразумеў, што ягоныя абавязкі амаль нічым не адрозніваюцца ад тых, якія ён выконваў раней, калі працаваў у райкаме: галоўнае, своечасова выкрыць хібы ў рабоце аддзела, рапартаваць начальству, а калі зусім справа дрэнь - мянці языком, бічуй самога сябе перад начальствам, абяцай выправіць становішча. Знікла і жаданне самому раскрываць злачынствы, хоць раней лічыў, што калі ён - міліцыянер, то павінен гэта рабіць. Ён цяпер ведаў, што людзей, якія не займаюцца аховай правапарадку і раскрыццём злачынстваў, у міліцыі ў тры разы болей, а грошы атрымліваюць усе аднолькава. Зрабіўшы такую выснову, Кульбека расправіў крылы. Ён зразумеў, з каго трэба «здымаць стружку», хто не будзе выстаўляць яго за дзверы, хто будзе дрыжэць перад ім, як ліст на ветры.

І вось - вышэйшае начальства зацікавілася Бярозкам. Цяпер у яго, Кульбекі, пытаюцца, што маёр за чалавек, цяпер зляціць з яго пыха: бач, лепшы сышчык! Цяпер успомніць ён Кульбеку, і неаднойчы...

 

3

 

Падпалкоўнік Навіцкі папрасіў Бярозку вылажыць з сейфа ўсе паперы, адчыніць шуфляды стала, даць сшытак для службовай падрыхтоўкі. Калі сейф і шуфляды апусцелі, Навіцкі задаволена пацёр рукі.

- Ну, маёр, прыступім!

- Калі ласка, працуйце, таварыш падпалкоўнік, - хітравата ўсміхнуўся Раман. - Толькі хачу папярэдзіць, што я сёння ў аператыўнай групе. Калі што якое здарыцца, вы паедзеце са мной, каб паглядзець маю работу на практыцы...

- Не, не, - замахаў рукамі Навіцкі, і ягоныя вусны пачалі расцягвацца ва ўсмешцы, ажно пакуль замест іх не засталася вузенькая, моцна сцятая палоска.

Ад такой усмешкі Раману зрабілася непрыемна, быццам дакрануўся да нечага гідкага.

- Вы, маёр, бачыце, колькі ў вас папер, - дастаючы акуляры, неяк па-дзіцячы радасна піскнуў падпалкоўнік. - Да вечара трэба паспець, для мяне гэта асноўная работа! - Навіцкі пляснуў далоняй па паперах і дадаў: - А вы займайцеся сваімі справамі за суседнім сталом, толькі потым, напрыканцы дня, даложыце, што напрацавалі.

Ад слоў «займайцеся за суседнім сталом» Раману стала смешна, адразу знікла хваляванне, напружанасць. «Займацца за сталом!» - у думках паўтарыў ён словы падпалкоўніка. Хіба ён бухгалтар ці сакратар-машыністка? Вось людзі, якія пішуць нам інструкцыі і рыхтуюць загады! У гэтага падпалкоўніка мысленне чыноўніка, а не аператыўнага супрацоўніка, ён, мабыць, за сваё жыццё ніводнага злачынства асабіста не разблытаў, таму і ўяўляе работу ў міліцыі «за сталом».

Старадаўні тэлефонны апарат зазвінеў так, што падпалкоўнік ажно падскочыў на крэсле.

Ён адсунуў ад сябе паперы і вымучана засмяяўся:

- Ну і апарат, яго толькі ў музей крыміналістыкі!

- Я не аддаў! - беручы трубку, адказаў Бярозка. - Тут французы месяц таму на экскурсіі былі, давалі за яго сто франкаў, сказаў - падумаю.

Званіў дзяжурны па аддзеле. Бярозка моўчкі выслухаў паведамленне пра ўзброены налёт на кватэру і коратка адказаў:

- Зараз буду.

Навіцкі неяк падазрона пазіраў на Бярозку. У гэты момант стала асабліва заўважнай ягоная касавокасць, бо ў размове з начальствам, з дапамогай правільна абранай паставы, павароту галавы, нават асвятлення, ён навучыўся рабіць свой дэфект зроку нябачным для субяседніка, але ў размове з падначаленымі на гэта ўвагі не звяртаў.

- Кажаце, сто франкаў? - здзіўлена перапытаў ён.

- Тры дні таму зноў званілі з французскага пасольства, прапанавалі сто пяцьдзесят, - напусціўшы на сябе сур'ёзнасць, удакладніў Бярозка і дадаў: - Мне трэба на выезд, узброены налёт на кватэру...

- Едзьце, калі ласка, Раман Станіслававіч, едзьце, - паспешліва прагаварыў Навіцкі. - Я тут буду да вечара, гэта ж столькі трэба пералапаціць!

 

4

 

Аператыўная група працавала на месцы злачынства хутка і зладжана, ніхто ні ў кога нічога не пытаўся, кожны ведаў сваю справу. Бярозка на кухні размаўляў з пацярпелай, кідка прыгожай жанчынай, на выгляд гадоў трыццаці. Яе зеленаватыя вочы пачырванелі ад слёз, раз-пораз нервова ўздрыгвалі вейкі, кончыкі пальцаў біла дрыготка. Відавочна, што да прыезду аператыўнай групы пацярпелая паспела прывесці сябе ў парадак, падмаляваць вусны, вейкі. Прыгожыя белыя валасы спадалі на плечы, блакітны халат падкрэсліваў яе стройную фігуру.

- Раіса Сяргееўна, папрашу падрабязна расказаць пра ўсё, што адбылося, - аглядаючы шыкоўную кухонную мэблю з чырвонага дрэва, сказаў Бярозка.

Жанчына прыкурыла доўгую цыгарэту з залацістым фільтрам, і на яе выразныя вочы навярнуліся слёзы: цяжка было нават прыгадваць пра тое, што з ёю адбылося.

- Супакойцеся, Раіса Сяргееўна, - напружана прагаварыў Раман, - мы знойдзем бандытаў, але нам патрэбна ваша дапамога.

- Пазванілі ў дзверы, - цяжка ўздыхнуўшы, загаварыла жанчына. - Калі я спытала хто, адказалі, што прынеслі пасылку ад мужа.

- Дзе ваш муж?

- Ён камерсант і цяпер у Аўстрыі, па справах фірмы.

- Так, зразумела, і што далей?

- Я адчыніла... Не паспела і слова сказаць, як двое мужчын у масках упіхнулі мяне ў кватэру, адзін прыставіў пісталет...

Як ні трымалася жанчына, а ўсё ж усхліпнула, дзве буйныя цяжкія слязінкі выкаціліся з куточкаў вачэй і пацяклі па шчоках. Раман маўчаў, ён ведаў, што ў такіх выпадках прыспешваць чалавека - марная трата часу. З практыкі ён ведаў, калі страх у жанчыны пройдзе, калі яна зразумее, што ёй нічога не пагражае, яна раззлуецца па-сапраўднаму, па-бабску. Вось тады толькі занатоўвай інфармацыю.

- Другі адразу палез у секцыю, дастаў шкатулку з каштоўнасцямі, потым вырваў шнур відзіка з разеткі.

- Так, добра, - падахвочваў пацярпелую Раман, - што было далей?

- Гэты, з пісталетам, звязаў мне рукі і заляпіў рот пластырам...

- Што яшчэ з каштоўных рэчаў яны забралі?

Жанчына нахмурылася, сілячыся прыгадаць, страсянула попел з цыгарэты ў попельніцу і сцішана прагаварыла:

- У чамадан яны запхнулі маё скураное паліто, відэамагнітафон, чатыры бутэлькі каньяку, два батоны сухой каўбасы...

- Каньяк якой маркі? - удакладніў Бярозка.

- «Напалеон».

Відавочна, што страх у пацярпелай праходзіў, цяпер яна пачала ўсведамляць, што магло адбыцца і горшае, на яе твары прамільгнула нешта накшталт усмешкі.

- Цяпер, калі ласка, апішыце, як яны выглядалі, - папрасіў Бярозка.

Калі жанчына «малявала» партрэт таго, хто лазіў па секцыі, даставаў шкатулку з каштоўнасцямі, прынёс з бара каньяк, Бярозка ўлавіў у яе словах пэўную заклапочанасць, адчувалася, што яна нешта недагаворвае, вагаецца.

- Вы сказалі, што налётчыкі былі ў масках? - перапытаў Раман. - А вам нічога ў іх паводзінах не здалося падазроным? Напрыклад, той, каторы знайшоў шкатулку. Не падалося, што ён дакладна ведаў пра яе існаванне і нават месца захоўвання? А потым каньяк? Ён жа, як я зразумеў, стаяў у бары, адчыніць які не так проста, калі не ведаеш сакрэту.

- Так... - нервова сашчапіла пальцы жанчына. - Я ўвесь час пра гэта думаю.

- У вас ёсць падазрэнні? Мо злачынцы называлі сябе? Мо хто з тых двух падаўся знаёмым?

Бярозка адным духам выпаліў пытанні, якія турбавалі, і цяпер, гледзячы пацярпелай у вочы, чакаў адказу.

- Я не ўпэўнена, але...

- Што? - рэзка ўзвысіў голас Бярозка. Ён зразумеў: калі жанчына перадумае сказаць пра свае падазрэнні цяпер, то потым ужо не скажа. - Што, Раіса Сяргееўна, вы хацелі сказаць?

- Я не ўпэўнена, але скуранка ў таго, што шастаў па секцыі, была зацыравана на спіне, злева, пад самай лапаткай.

- І што гэта вам нагадала?

- Паўгода таму ў фірме мужа працаваў ягоны аднакласнік Федзя Мальцаў, і мне здаецца, у яго таксама была такая ж драпіна на скуранцы.

- Вы ўпэўнены?

- Ён нас заўсёды вазіў на машыне, і я міжволі бачыла драпіну на спіне - шво было накладзена неахайна, крыжыкам.

- А што з гэтым Мальцавым здарылася?

- Муж звольніў Федзю за нейкую аферу, дакладна не ведаю, гэта іх справа...

 

5

 

Бярозка адразу прыняў рашэнне. Паведаміўшы па тэлефоне дзяжурнаму па аддзеле, ён са следчым Іванам Пракопчыкам паехаў на кватэру, дзе быў прапісаны Мальцаў. Цяпер ад хуткасці іх дзеянняў залежала, ці ўдасца па гарачых слядах затрымаць налётчыкаў, пакуль тыя не пазбавіліся ад рэчаў з абрабаванай кватэры.

Ліфт спыніўся на сёмым паверсе, з кватэры, дзе жыў Мальцаў, чулася музыка, галасы. Пракопчык запытальна паглядзеў на Рамана і шэптам прагаварыў:

- Дзверы могуць не адчыніць.

- Калі нас убачаць, то дакладна давядзецца ламаць, - пагадзіўся Бярозка. - Ты вось што, Іван, чакай тут групу захопу, а я паспрабую што-небудзь прыдумаць з суседняга пад'езда.

У сумежнай з Мальцавым кватэры жыў вайсковы палкоўнік у адстаўцы, які сітуацыю зразумеў з паўслова, нават прапанаваў дапамогу, але чым сямідзесяцігадовы ветэран мог дапамагчы? Усё роўна гэтая прапанова ўзрадавала Рамана: нячаста прапануюць міліцыі дапамогу, заўсёды даводзіцца разлічваць толькі на самога сябе.

Бярозка выйшаў на балкон, агледзеўся. Балконы Мальцава і палкоўніка былі амаль усутыч, усяго метр аддзяляў іх. З расчыненых дзвярэй чулася музыка, жаночы смех. Гэта ўскладняла задачу, бо, па словах пацярпелай, у аднаго з бандытаў быў пісталет. У гэты момант Раман убачыў аддзелаўскую машыну, якая спынілася ў суседнім двары, хлопцаў з групы захопу, якія накіраваліся да пад'езда, дзе чакаў Пракопчык.

«Калі пачнуць званіць у дзверы, Мальцаў паціху, крадучыся, пойдзе глядзець у вочка, - падумаў Бярозка. - Другі ў гэты момант, хутчэй за ўсё, сунецца на балкон, каб паглядзець, што робіцца ў двары, ці ёсць міліцэйскія машыны. Вось тут і трэба яго браць».

Раман скінуў плашч, пінжак і, стаўшы на парапет, зрабіў адзіны небяспечны крок, які раздзяляў балконы. Ён стаў на нейкую скрынку, потым на падлогу і сцішыўся ў чаканні за прачыненымі дзвярамі. Знізу яго ўбачылі, значыцца, перададуць па радыёстанцыі астатнім, і задача хлопцаў спросціцца. Надта доўга цягнуліся некалькі хвілін, пакуль ліфт вёз групу захопу на сёмы паверх, але нарэшце да Раманавага слыху даляцеў пераліўны званок у дзверы. Адразу музыка сціхла, у пакоі бразнулі дзверы. Чуйны слых улавіў, як хтосьці накіраваўся да балкона, праз хвіліну ў дзвярах з'явілася хударлявая постаць з пісталетам у руцэ. Яшчэ крок, і чалавек у метры ад Бярозкі стоена спрабуе непрыкметна вызірнуць на дарогу ля пад'езда. Ён цягнецца на дыбачках - уся ўвага на ўваход у пад'езд. Раман нячутна выйшаў са сваёй схованкі.

- Рукі! - рашуча, на самае вуха злачынцы, скамандаваў ён і балюча выцяў яго дулам пісталета ў бок. - Кідай зброю!

Страх працяў худое цела злачынцы, на шыі сутаргавата затузаўся коўцік, пісталет выпаў з ягоных рук.

- Рукі на парапет! - шэптам скамандаваў Бярозка і, калі дрыготкія далоні абхапілі металічны парапет, шчоўкнуў наручнікамі і «прыкаваў» бандыта за адну руку. - Будзеш тузацца ці, крый божа, крыкнеш... - грозна прашаптаў маёр і шматзначна ўзняў руку з пісталетам. - Пры спробе да ўцёкаў... Чуў пра такое?

Злачынец вытарашчанымі ад страху вачыма глядзеў на Бярозку, яму не хапала паветра, ён хацеў нешта сказаць, але Раман прыкрыў даланёй рот. Бярозка зразумеў, што гэты налётчык будзе маўчаць. Ён адхінуў ружовую штору і ўвайшоў у пакой, трымаючы напагатове пісталет.

На канапе сядзелі дзве дзяўчыны і з жахам глядзелі на яго. Адна з іх, з ярка-рыжымі валасамі, так і застыла з бакалам шампанскага ў руцэ, не данёсшы яго да рота.

Раман прыклаў палец да вуснаў і прашаптаў:

- Сядзець ціха! Дзе другі?

Дзяўчына з бакалам паказала на дзверы. Бярозка пачуў з прыхожай п'янаваты мужчынскі голас:

- Я не выклікаў ніякіх сантэхнікаў...

- А міліцыю? - ступіў у калідорчык Бярозка і навёў на Мальцава пісталет...

 

6

 

Злачынная група Мальцава «брала» на сябе каля дзесятка налётаў на кватэры, і па ўсіх злачынствах трэба было неадкладна працаваць. Толькі каля дванаццаці гадзін ночы Раман успомніў пра Навіцкага. Калі ішоў да сябе ў кабінет, ужо не спадзяваўся ўбачыць там падпалкоўніка, але той, непрыязна ўсміхаючыся, сустрэў Рамана на тым самым месцы, дзе быў раніцай.

- Ну і як прайшоў дзень? - груба спытаў Навіцкі.

- Вам рапарт напісаць ці прачытаеце ў аператыўнай зводцы? - стомлена, не хаваючы непрыязнасці, прагаварыў Бярозка.

- Папраўдзе, я ведаю, якую групу вам пашэнціла ўзяць, - скоса пазіраючы на Рамана, зазначыў падпалкоўнік. - Калі вы не супраць, гэта я таксама адзначу ў даведцы.

- Пішыце, - абыякава згадзіўся Бярозка і стомлена сеў на крэсла, выцягнуў ногі, расслабіўся.

Гэтая пастава абурыла Навіцкага: ён усё ж вышэйшы ў званні, ды й пасаду мае, не тое што нейкі там старшы інспектар раённага маштабу.

- Вы б, таварыш маёр, саблюдалі субардынацыю, - строга прамовіў Навіцкі.

- Прабачце, таварыш падпалкоўнік, але працоўны дзень скончыўся, - не гледзячы на правяраючага, буркнуў Раман. - Я прыйшоў спытаць, ці шмат у вас тут работы. Мо ўзніклі якія пытанні да мяне?

- Ды ўжо ж давялося папрацаваць! - задаволена ўсміхнуўся Навіцкі. - Вас чакаў, каб папярэдзіць пра недахопы.

- Лішняе ўсё гэта, - не мяняючы паставы, спакойна прагаварыў Бярозка. - Вы зрабілі сваю справу, пішыце што хочаце.

- Зразумела, - устаў з-за стала Навіцкі. - Копію даведкі я прывязу вашаму кіраўніцтву.

 

7

 

Праз тры дні пасля сустрэчы Рамана з Навіцкім у пачатку рабочага дня яго паклікаў да сябе Кульбека і адразу, не адказаўшы на прывітанне, затрос над галавой некалькімі паперкамі. Побач за сталом сядзеў Навіцкі і не глядзеў на Рамана, быццам таго тут і не было.

- Начальнік аддзела ў камандзіроўцы, таму я сам давяду гэтую непрыемнасць, што бруднай плямай пала на ўвесь аддзел. Правільна людзі кажуць: лыжка дзёгцю заўсёды спаганіць бочку мёду. Таму і ў нас - ёсць такі маёр Бярозка, якому не пісаны загады і інструкцыі міністэрства.

Раман маўчаў, разумеючы, што тут абурацца - толькі вецер ганяць. Ён нічога добрага не чакаў ад інспектарскай праверкі і быў падрыхтаваны да ўсялякага, але тое, што пачуў, выбіла яго з каляіны.

- Гэта ж трэба так парушыць рэжым сакрэтнасці! - распаляўся Кульбека. - На настольным календары пазначаны нумары міністэрскіх загадаў, сейф на момант праверкі не быў апячатаны, у сшытку для службовых заняткаў няма і паловы тэм, прапанаваных для вывучэння, выяўлены недзелавыя сувязі з замежнымі бізнесменамі - збіраўся прадаць службовы тэлефон. І самае галоўнае, вам, таварыш маёр, патрэбны ў рабоце штурхаль: пакуль не прыехаў з праверкай падпалкоўнік Навіцкі, за дзесяць дзён вы не выкрылі ніводнага злачынства, а тут адразу затрымалі групу Мальцава. Дык ці не надта дорага дзяржаве абыходзяцца такія сышчыкі? Няўжо да кожнага трэба прыстаўляць правяраючага?

- Я папрашу зачытаць вынікі праверкі, - спакойна прамовіў Бярозка.

- А вось і вынік, - зласліва ўсміхнуўся Кульбека. - Вам, таварыш маёр, надалей кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў забаронена займацца аператыўна-вышуковай дзейнасцю.

Раман моўчкі крутнуўся і выйшаў з кабінета. Ён больш не жадаў, ды й не мог слухаць Кульбеку, ведаў і другое, што Навіцкі наўмысна там сядзіць: а раптам Бярозка сарвецца, нагаворыць абы-чаго начальству, дык для гэтага і магнітафон падрыхтаваны ў шуфлядзе стала - Раман бачыў, як Навіцкі ўключаў яго.

Бярозка зайшоў у кабінет, набраў нумар тэлефона. Толькі адно цяпер цікавіла маёра - сапраўдная прычына «інспектарскай праверкі». На другім канцы доўга не здымалі трубкі. Раман зноў і зноў набіраў патрэбны нумар, пакуль не пачуў голас Грыневіча.

- Вінцук, - не вітаючыся, пачаў Бярозка, - мяне цікавіць сапраўдная прычына інспектавання.

Грыневіч нейкі час маўчаў. Маўчаў і Раман. Ён зразумеў, што сябра ведае сапраўдную прычыну і вагаецца, распавядаць ці не, бо гэта можа рыкашэтам стрэліць і па ім. Але сяброўства перасіліла.

- Раман, - сцішана прагаварыў Грыневіч, - я збіраўся пад'ехаць, але раз склалася так, то адкажы на адно пытанне: ты тры месяцы таму затрымліваў за крадзеж запчастак пляменніка намесніка міністра?

- Было такое...

- У цябе была размова з генералам?

- Толькі па тэлефоне.

- Што ён табе сказаў?

- Ухваліў і сказаў, што кожны павінен атрымліваць па заслугах за свае ўчынкі...

- Цяпер уцяміў, адкуль ногі растуць? Ты не зразумеў намёку генерала, перадаў матэрыялы ў следства, быў суд, пляменніку ўляпілі чатыры гады. Інспектарская праверка - звядзенне рахункаў з табой... Усё зроблена, як бачыш, у рамках інструкцый і закона, так што - трымайся, папрацуеш участковым гады два-тры, а там будзе відаць...

 

1991


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая