epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Пастка

Пайшлі ўжо трэція суткі з таго моманту, як ласіха блукала па лесе ў пошуках свайго дзіцяці, раз-пораз падыходзячы да злашчаснай паляны, дзе апошні раз бачыла малога. Яна тужліва, працяжна клікала ласяня, камянела, прыслухоўваючыся да кожнага шораху, раздзімаючы ноздры, уцягвала паветра, абнюхвала зямлю, перабягала на крокаў сорак-пяцьдзесят, і зноў жаллівае ў сваёй бездапаможнасці мэканне рэхам неслася над сцішаным лесам. Усе гэтыя дні яна нічога не скубла, і толькі чыстая сцюдзёная вада з крыніцы на нейкі момант прыцішала нясцерпны боль у грудзях, вяртала былую разважлівасць.

У той дзень, пасля невялікага сляпога дажджу, яны ішлі сюды, каб напіцца вады. Ласянё непаслухмяна адбягалася многа далей, чым дазваляла маці, не прыслухоўвалася да лесу, паводзіла сябе так, быццам ніякай небяспекі не існавала. Яно гарэзліва гойсала сярод непралазнага хмызняку ці раптам таілася за якім магутным дрэвам. Ласіха хвалявалася, шукала свавольніка і, знайшоўшы, незадаволена штурхала пысай. Пасля пакарання малы пакрыўджана схіляў долу галаву і нейкі час плёўся ўслед за маці. Але хутка выпадалі з памяці матчыны штурхалі. Усё вакол было цікавае, невядомае, яно прыцягвала, вабіла, і ласянё, нязграбна выкідваючы заднія ногі, зноў імчалася за прыгожым матыльком альбо даганяла птушку, якая, здавалася, прымала ягоную гульню, а на самай справе адводзіла небяспеку ад свайго гнязда. А тут раптам перад вачыма цэлая паляна... Ласянё не пайшло за маці, якая мелася абысці небяспечнае месца, а на злом галавы кінулася ў сонечныя промні, што пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі, ззялі, іскрыліся ў празрыстым паветры, гралі чырвонымі, блакітнымі, ружовымі кветкамі. Не паспела яно дабегчы і да сярэдзіны паляны, як нешта нябачнае раптам балюча разарвала грудзі, загуло ў вушах, перахапіла дыханне, у вачах закруціліся і невядома куды пачалі знікаць лес, блакітнае неба, паляна, якая чамусьці зрабілася барвянай. Захацелася схавацца за маці, але яе побач не было. Ногі больш не трымалі, і, падаючы, малы раптам адчуў, што здарылася нешта страшнае.

А да яго падыходзіла нябачаная дагэтуль істота. Шукаючы паратунку ад бяды, якая навалілася гэтак нечакана, ласяня пацягнулася пысай да невядомага. І той, відаць, зразумеў, бо спыніўся, прыставіў да пляча чорную палку, прыплюснуў адно вока, раптам тузануўся і...

Нешта балючае сцебанула ласяняці па вачах, і ўсё знікла...

Менавіта гэты стрэл і спыніў ласіху, якая пасля першага як мага хутчэй панеслася ў лясны гушчар. Яна раптам адчула, што малога побач няма, і, не зважаючы на небяспеку, павярнула назад да паляны, але яго і там не было. Ласіха ішла па следзе амаль да таго месца, дзе ласяня зрабіла апошнія крокі, пакуль не натрапіла на страляную гільзу. Учуўшы яе непрыемны, прагорклы пах, ласіха незадаволена заматляла галавой, саступіла і больш сюды не падыходзіла. Таму і не заўважыла барвяных плям крыві, якія скрозь былі на зямлі. Потым яна знайшла і чалавечыя сляды, і след, пакінуты машынай, але ласяняці нідзе не было. Яна ўжо зразумела, што здарылася непапраўнае, найгоршае, але сэрца не прымала гэтага, яно штурхала на пошукі. І ласіха шукала малога па ўсіх лясных закутках. А сёння вырашыла пакінуць лес, знайсці машыну, на якой прыехаў чалавек і, па ўсім відаць, забраў з сабой ласяня.

Праз колькі гадзін, на світанку, зацокалі магутныя капыты па заасфальтаваным тратуары. Горад спаў, мноства ліхтароў, вялізныя гмахі шэрых дамоў палохалі і дзівілі. Ласіха прабегла кіламетр-другі па пустых вуліцах і спынілася. Яна больш не чула таго прыкрага паху, якім кіравалася дагэтуль, усе пахі пераблыталіся, непрыемна казыталі ў ноздрах. Лясная жыхарка разгубілася, не ведаючы, куды бегчы далей, дзе шукаць сваё дзіця, і наогул, як самой выбрацца з гэтага незразумелага каменнага меха-пасткі. Раптам парыў свежага ветрыку прынёс да болю знаёмы, родны пах сасонніку. Ласіха пераступіла з нагі на нагу і дробна зацокала ў той бок, адкуль навейвала лесам, домам. Сапраўды, праз некалькі хвілін гмахі неяк разам разышліся, і перад вачыма зялёнай сцяной паўстала звыклае лясное жытло. Яна ўпершыню за апошнія дні ўзрадавалася і порстка патрухала ў сасоннік. Але радасць была паспешлівай: гэта быў не лес, праз рэдкі сасоннік таксама пралягалі шматлікія бетанаваныя сцяжынкі і ўздоўж іх дзе-нідзе матляліся рыпучыя ліхтары. Там-сям, прыткнуўшыся да пакручастых ствалоў дрэў, стаялі невялікія будынкі, ад якіх патыхала нечым бражным, перакіслым, скрозь валяліся пратухлыя рыбіны галовы. Але ўсё ж тут было нашмат лепей, вальней, чым сярод каменных гмахаў, і гэта супакойвала. Ласіха раптам адчула, што вельмі стамілася: усё ж трэція суткі на нагах. Пры іншых абставінах яна ні ў якім разе не спынілася б на адпачынак у гэткім ненадзейным месцы, але цяпер яе хістала ад стомы, ногі па-здрадніцку дрыжэлі. Агледзеўшы ціхі закутак сярод невысокага, але шчыльнага кустоўя, яна ўляглася на рэдкую пажухлую траву і адразу забылася ў трапяткім, пужлівым сне.

І зноў перад вачыма ласяня... Вось яно імчыць за прыгожым матыльком, падскоквае, сілячыся дакрануцца да яго, але той быццам чакае гэтага і раптоўна ўзлятае... Вось малы спрабуе на смак лісце шыпшыны і, укалоўшы пысу, кідаецца прэч, шукаючы паратунку ў маці. Бачыць ласіха ў сне і яго апошнія крокі да квяцістай паляны...

Неяк нечакана да чуйнага слыху данесліся віскат і грукатанне, няспынны гоман, зусім побач пачуліся галасы людзей. Раней ласіцы даводзілася бачыць чалавека, а вось ягонага голасу ніколі не чула, і гэта яшчэ больш палохала. Яна ўсхапілася на доўгія ногі, пудліва азірнулася. Нізкія кусты не маглі схаваць магутнай постаці, і ласіху адразу заўважылі, з розных бакоў пачуліся крыкі. Гэта бы сцебанула, надало рашучасці. Яна з месца прыгожым скачком перамахнула цераз кусты і, крыху адкінуўшы галаву, на ўсю моц кінулася ад людзей. Але амаль адразу наткнулася на гурт хлапчукоў, якія загалёкалі, засвісталі, кінуліся да ласіхі напярэймы. Узняўшыся на дыбкі, яна крутнулася, і ўжо праз нейкую хвіліну «пагоня» засталася далёка ззаду. Недзе ў глыбіні душы зацеплілася надзея, што яна вырвецца з гэтай пасткі, бо крыкі і свіст аддаляліся, наперадзе толькі дрэвы, і пачуццё вольнасці рабілася з кожным скачком мацнейшым. Ласіха амаль супакоілася, як нечакана выбегла проста на вуліцу. Гэта збіла з панталыку, бо ў тым лесе, дзе жыла, усё было інакш, там непралазны гушчар паволі саступае бярэзніку, потым кустоўе і толькі тады - чыстае поле. А тут ні з таго ні з сяго лес скончыўся, і яна апынулася сярод дыму, машын, дамоў, якія паспела зненавідзець, сярод людзей. Ласіха стала як укопаная і агледзелася. Яе таксама заўважылі, і адразу загулі, засігналілі машыны... Адна... другая... трэцяя... дзесятая... Яна замітусілася, кінулася ўправа, улева, ваўчком крутнулася на адным месцы. Вочы зрабіліся нейкія здзічэлыя, поўныя жаху. Істоту перапаўняў гэты ашаламляльны роў машын, нясцерпным болем ірвалася з грудзей сэрца. Наваколле раптам захісталася, замільгацелі перад вачыма чырвоныя агеньчыкі. З'явілася жаданне вярнуцца назад у сосоннік, але з целам нешта здарылася - яно не слухалася. Ласіха павалілася на пярэднія ногі і балюча тыцнулася пысаю ў каменную зямлю, але болю не адчула. Здавалася, што гэтыя сігналы запаланілі, ёй хацелася хутчэй уцячы, пазбавіцца ад жудаснага наслання. Яна паволі ўзнялася і зноў упала. Потым апошнімі намаганнямі ўсё ж стала на ногі, памалу павярнулася і пасунулася ў гэты незразумелы, варожы сасоннік. Ласіха з цяжкасцю перасоўвала ногі, а самой здавалася, што яна, як калісьці, поўная моцы, імчыць разам з маленькім сярод знаёмага бярэзніку, па родным полі, якое раптам пачало распаўзацца ў розныя бакі барвянымі крывянымі плямамі...

Ласіха не адчула болю, калі, ломячы кусты, завалілася на зямлю; яна не бачыла хлапчукоў, якія з гіканнем і свістам ганяліся за ёю, а цяпер, расчырванелыя, стаялі побач, унікаючы глядзець адзін аднаму ў вочы.

Лясная жыхарка сцішана ляжала, неяк неймаверна выцягнуўшы шыю і нязручна падвярнуўшы ногі пад жывот. Але гэта ёй не замінала. Цяпер ёй нічога не перашкаджала, яна больш нічога не бачыла і не чула, сэрца больш не рвалася з грудзей...

- Навошта ж вы яе ганялі? - цяжка ўздыхнула немаладая жанчына з парасонам у руках.

- Д-ды мы, - заікаючыся, прамармытаў белабрысы хлапчук, - думалі, што яна прыручаная, са станцыі юных натуралістаў. Хацелі дадому загнаць.

- Вось і загналі, - пачуўся хрыпаты мужчынскі голас.

- Хіба толькі мы вінаватыя? - кінуў нехта з хлапчукоў.

Усе маўчалі.

- Трэ было б дарэзаць, - пачуўся ўсё той жа хрыпаты голас, - усё ж мяса...

Пасля гэтых слоў прысутныя неяк разам спахапіліся, замітусіліся і заспяшаліся прэч, робячы выгляд, што яны тут апынуліся выпадкова і гэтае ранішняе здарэнне іх не датычыць.

Праз якую хвіліну ля жывёліны ўжо нікога не было. Ласіха засталася ляжаць з прытуленай да дрэва і таму крыху прыўзнятай галавой, з нямым дакорам у вялізных астылых вачах, якія цяпер без ніякай баязлівасці глядзелі і глядзелі на заклапочаных сваімі справамі, абыякавых да яе лёсу людзей.


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая