epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Шніп

Балада аднаго года

Балада студзеня

 

Студзень без снегу, як луг без травы.

Сёння Каляды. Ідзём да царквы.

Хто памаліцца, а хто - памаўчаць,

Хто нарадзіцца, а хто - паміраць.

Чорна навокал, нібыта пажар

Тут уздымаўся, як лес, аж да хмар,

Дзе адзінокая зорка цяплела

Светлая, быццам Хрыстовае цела,

Што не астудзяць ніколі вятры.

Сёння ты юны, а заўтра - стары

Будзеш спакойна ісці да царквы,

Быццам бы снег, што нядаўна ляцеў

Лісцем бялюткім з анёлавых дрэў

У цішыню пажаўцелай травы,

Каб там, знікаючы, студзень любіць

Столькі, пакуль снег з нябёсаў ляціць...

 

 

Балада лютага

 

Пытаецца люты: «Ці добра абуты?»

І ветрам сцюдзёным здзірае снягі

З дарогі, як скуру з вужакі заснутай,

Якой светла сняцца людскія грахі.

І ты зноў баішся далёка ад хаты

Ісці праз завейную белую ноч,

Бо ў небе за хмараю нехта рагаты

З зямлі не адводзіць задымленых воч,

Дзе з комінаў дым, адлятаючы ў неба,

Віецца над вёскай кудзеляй з цяпла,

Дзе тонкія нітачкі зімняга срэбра

Уткаліся й светла лятуць да святла

Задумлівых зорак, што больш ад марозу

Не могуць ужо размаўляць між сабой...

 

 

Балада сакавіка

 

...І трэснуў лёд, як неба, пад нагамі,

І хлынула вада, нібыта з горла кроў,

І папаўзла, нібы змяя, за намі,

І, бы ў каўчэгі, мы да берагоў

Пабеглі напалохана і дзіка,

Нібы ваўкі, што першы раз агонь

Убачылі, як смерць сваю, вялікі

І ўміг забыліся пра весні гон,

Бо трэснуў лёд, як вечнасць, пад нагамі

І хлынула жыццё, нібы вада,

Халоднае, дзе мы павінны самі

Уцяміць, што ёсць радасць, што бяда.

І, як па лёдзе, мы бяжым па свеце,

Не знаючы, што нас чакае там

За даллю белай, дзе вясна, і вецер,

І чорны лес, і белы-белы Храм...

 

 

Балада красавіка

 

Вярнуліся птушкі з далёкіх краін,

І толькі дамоў не прыйшоў ты адзін,

Бо дома няма - яго змыла вадой,

Самотна-вясновай, нібыта слязой.

І бачылі людзі, як дом твой сплываў

У свет, як каўчэг, паміж дрэў, нібы траў,

Высокіх і чорных, як цень ад бяды,

І крыгі плылі, як Харону лісты...

І людзі глядзелі на мора-ваду,

І кожны маліўся - палохаў бяду,

І сонца ўзыходзіла па-над зямлёй

Вялікай і светлай малітвай людской.

І там, дзе твой дом адзінока стаяў,

Успыхнулі кветкі сярод жоўтых траў,

Нібыта вуголле забытых кастроў,

Нібыта самота пражытых гадоў...

 

 

Балада траўня

 

Трава, як агонь, прарастае праз тло,

І, нібы віно маладое, святло

Душу тваю хмеліць да крыку, да слёз.

А неба самотнае, нібы Хрыстос,

Глядзіць на траву, што, нібыта цвікі,

Старое лісцё прабівае наскрозь,

І выюць вятры - маладыя ваўкі,

Што кроў тут адчулі - на травах расу,

Якую з травы твае ногі страсуць,

Калі ты зноў выйдзеш на луг, як у свет

Трава, што агнём прарастае праз тло,

Каб тло зноў згубілася ў новай траве

І кветкамі, нібы агнём, зацвіло...

 

 

Балада чэрвеня

 

Пачынаецца лета, нібы адзінота

Зноў спрабуе спакойна напомніць табе,

Што цяпер ад жыцця не схавацца за плотам,

Бо схавацца, нібыта ўтапіцца ў журбе

Па мінулым, якое травой зарастае,

І нічога назад не вярнуць, што было.

І ў твой сад залятае пчала залатая

І збірае густое на кветках цяпло.

І глядзіш ты на кветкі і ўжо адчуваеш,

Што ўжо хутка і чэрвень, як дзень, праміне

І ў гаі салавей, бы памрэ, адспявае,

І, як спелая вішня ў блакітным віне,

Сонца ў небе сплыве ў небакрай за лясамі,

І ты будзеш спакойна свой свет абжываць,

Што абмыецца заўтра дажджом, як слязамі,

І не будзе калі па былым сумаваць...

 

 

Балада ліпеня

 

Купальскія вянкі плывуць па рэчцы,

А кветку-папараць ты не знайшла.

І хоць гавораць: «Час усё залечыць...»

Табе адной, бы ўзімку да жытла,

Вяртацца неахвота ў адзіноту

Прыгожую, як з чорных сліў віно

У крышталёвай ружы, што як з лёду,

Якую кінуць хочацца даўно

Аб сценку, за якой святло і воля

І дзе купальскія вянкі плывуць

У свет, каб не з'явіцца ўжо ніколі

У гэтым краі, дзе даўно жывуць

Самотныя, прыгожыя дзяўчаты,

Што кветку-папараць шукаць ізноў

Наступным летам выбегуць крылата

І, не знайшоўшы, вернуцца дамоў...

 

 

Балада жніўня

 

Паспелы яблык падае на дол,

Нібыта кропля сонечнага лета.

Святла на кроплю менее наўкол.

Як спелы яблык, як сляза паэта

У бездань часу, дзе няма святла,

У бездань часу, дзе не будзе ночы,

Ляціць святло, а ноч ужо была...

І неба сумнае, як нашы вочы,

Бо лета адыходзіць назаўжды,

Як жоўтая лістота, адлятае

Праз туманы, праз вецер, праз дажджы,

Праз поле, дзе салома залатая,

Дзе ў восень ты ідзеш, як у агонь,

Што дзесьці за гарой, нібы за светам,

Дзе п'е ваду з ракі чырвоны конь

І сонца плавіцца ў вадзе, як лета...

 

 

Балада верасня

 

Верасамі пахне раніцою вецер.

Сцежкі ўсе грыбныя засталіся ў леце,

Як у памяці тваёй святлынь-дарога

У бацькоўскі дом, дзе ўжо няма нікога,

Дзе каля вакна чырвоная каліна

Светлая, нібы цяпер твая Айчына,

Дзе спакусна пахне вецер верасамі,

Дзе ў нябёсы сумнымі, як свет, вачамі

Ты глядзіш і бачыш - птушкі, як былое,

Пралятаюць, павуцінне залатое

Абрываючы, што сонца перад намі

Распусціла, каб знайшлі мы самі

Сцежкі і дарожкі да сваёй Айчыны,

Дзе заўсёды светла й горка ад каліны...

Ты ідзеш праз поле, за табою вецер,

І, здаецца, анікога ў цэлым свеце

Больш няма...

 

 

Балада кастрычніка

 

Ты ідзеш праз поле, за табою вецер,

А ў нябёсах хмары, сонца сонна свеціць,

Быццам дагарае, быццам памірае,

І ў траве зжаўцелай вечар прарастае

З кропель дажджавых, нібы з апалых зорак.

Нібы векавы курган, далёкі ўзгорак

Прад табой віднеецца, плыве ў тумане,

І глядзіш праз хвілю, ён, як дзень, растане,

І дамоў ты прыйдзеш, і сустрэне ціша,

Нібы ружа зацвіце ля крыжа...

 

 

Балада лістапада

 

На могілкі ідзеш няспешна да дзядоў,

Нібы з парэзанае вены выцякае кроў,

І вечнасць, як самота восеньскія сцежкі,

Спакойна напаўняе выстылыя вены,

І дрэвы чорныя, нібыта галавешкі,

І помнікі, нібы разбураныя сцены,

Перад табой, дзе ты ні разу шчэ не быў,

Нібы ў жыцці не сумаваў і не любіў

Ніколі ты пад гэтым небам, што як тло,

Дзе зоркі, нібы ў попеле начным вуголле,

Якое асвятляе тое, што было

І ў гэтым свеце не паўторыцца ніколі,

Як гэта восеньская сцежка да дзядоў,

Дзе лісце, як агонь,

дзе лісце, нібы кроў...

 

 

Балада снежня

 

Як сусветны патоп, з ветрам снег.

Як сусветны пажар, лістабой

У снягах патанае з журбой

І ўсплывае над снегам, як смех

Над самотай, якая была

У лістоце, якой не ўзляцець,

Бо ў лістоце замерзлая медзь

Да ссівелай травы прырасла,

Па якой дабірацца дамоў

Праз завею, нібы праз патоп,

Дзе над гурбамі поўня, як сноп

Залаты, усплывае ізноў

З-за лясоў, як з мінулых гадоў,

Што на гэтай нам роднай зямлі

Са снягамі вясной адплылі

У бязмежжа й бяздонне вякоў,

Над якімі завеі шумяць,

Бы анёлы і д'яблы ляцяць...

 

08-31.01.2005

 


31.01.2005

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая