epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Шніп

Хата

1. Падмурак

 

падмурак гэта каменны востраў

у зялёным моры травы

на якім рана ці позна ўзнікае жыццё

падмурак гэта пачатак

які нічога не абяцае

але сваёй каменнасцю

ён здольны настаяць на сваім

і даць нам веру

што мы тут ёсць невыпадкова

бо ў нас ёсць свой падмурак

як карэнне радаводнага дрэва

 

 

2. Сцены

 

сцены забіраюць у нас волю

але забіраючы волю

сцены бароняць нас

і даючы нам сілу

слухаюць усе нашы таямніцы

і мы верым у сцены і сценам

і вешаем на сцены абразы і зброю

і ставім да сцен сваіх ворагаў

і б'ёмся аб сцены

і стаім ля сцен

як ля саміх сябе

 

 

3. Дзверы

 

замкнутыя дзверы супакойваюць

і самі супакойваюцца

яны нам служаць

але не прыслужваюцца

бо яны ведаюць хто і што

за імі

 

 

4. Вокны

 

мы падыходзім да вокнаў

каб бачыць і быць бачнымі

вокны зачыняем стаўнямі

нібы хаваемся ў сваё я

адчыняем стаўні

нібы адчыняем клетку

у якой жыве цяпло

і вокны да пары да часу

чыстыя і светлыя

як думкі дзяцей

якія вераць у казкі

 

 

5. Страха

 

страсе бывае страшна

калі ўздымаецца буран

але страха нас страхуе

хоць і сама безабаронная

як наша жыццё пад ёй

 

 

6. Гарышча

 

гарышча гэта гарэм павучыны

напоўнены змрокам і пылам

і самотны матыль

які ад холаду ўцёк на гарышча

ляціць да майго ліхтара

як да анёла свайго

 

 

7. Комін

 

комін заўсёды на вышыні

бо ён комін

бо ён дае волю дыму

бо ён дыхае небам

бо ў ім грэюцца вятры

і ён добры

хоць нутро ў яго чорнае

 

 

8. Падлога

 

падлога не любіць смецця

і яна холадна на ўсё рэагуе

і мы дагаджаем ёй

і мыем яе і шаруем

і сцелім на яе дываны

але падлога рыпіць незадаволена

бо яна ведае нас

 

 

9. Столь

 

столь гэта наша тутэйшае неба

пад якім нам светла і сумна

столь гэта наша доля

і ў кожнага яна свая

 

 

10. Печ

 

печ у цэнтры

як сарцавіна радаводнага дрэва

на печы грэецца кот

а ў запечку цвыркуны

і ўсім добра

і ў печы трымаецца святло

як душа ў чалавеку

 

 

11. Парог

 

парог пераступаем

нібыта баімся што ён укусіць

а ён бяскрыўдны

хоць часам бывае вельмі высокім

і парог раздзяляе свет

на наш свет і запарожжа

 

 

12. Сенцы

 

у сенцах кашы

як гнёзды

у сенцах крыху змрочна

як восенню

сенцы даюць магчымасць падумаць

ці ісці ці вярнуцца

 

 

13. Ганак

 

ганак ганарлівы

і яго не трэба ганіць

бо калісьці на залатым ганку сядзелі

цар царэвіч кароль каралевіч

і ганак памятае пра гэта

і на ганку любяць сядзець дзеці

як на краі свету

 


2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая