epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Шніп

Каса

Каса большую частку свайго існавання

Вісіць у застрэшшы

Нібы павешаная за ўсе свае справы

Але пра яе не забываюцца

Бо каса гэта рабро

З якога ствараюць сенакос

І б'юць касу малатком

І лашчаць яе бруском

І звініць каса ўспамінаючы

Што яна зброя касінераў

Што яна сталёвая коска сказа

Памілаваць нельга пакараць

Каса гэта ўсмешка Смерці

Якая блукае па Еўропе

І я кажу сваім дзецям

Глядзіце не чапайце касу

І вісіць каса ў застрэшшы

Але да пары да часу

Да пары да часу

 


1995?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая