epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Шніп

Комін

І стаіць хата сярод поля

І ў яе на страсе комін

Як купіна на балоце

У якім жывуць чэрці

І залятаюць у комін вятры

І наглытаўшыся дыму

Завываючы ўцякаюць прэч

Комін гэта калодзеж

На дне якога ляжыць золата агню

Калодзеж з якога зоркі чэрпаюць цяпло

Ля коміна як ля чорнай вежы

Як разбойнікі гуляюць каты

І садзяцца на комін птушкі

Як на Ноеў каўчэг

І злуецца пярун

І трапляючы ў комін

Ён трапляе ў цмока

Якому даўно адсеклі галаву

І якога цяпер ніхто не баіцца

І які ператварыўшыся ў печ

Стаіць сярод хаты

 


1995?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая