epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Шніп

Вакно

вакно самае безабароннае месца ў доме

праз яго як праз рэшата

з неба працякае святло

і працякае цемра ў мой свет

і як просячыся ў неба

якое стварылі людзі

стукаецца аб шкло матыль

нібыта душа засохлай ружы

што ляжыць на маім стале

вакно гэта мой квадрат

які бывае чорнага колеру

як у Казіміра Малевіча

які бывае якім бываю я

вакно гэта вітрына майго жыцця

дзе суседскія вокны

гэта толькі вокны

з якіх выцякае святло і змрок

знікаючы ў Леце часу

вакно гэта прорва

у якую можна кінуцца

і на хвілю спазнаць тое

што называецца самагубствам

вакно гэта люстэрка

у якое глядзіцца бяроза

што стоячы ля майго вакна

пакідае мне ў сваім галлі вакно

маё вакно ў Еўропу.

 


1995?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая