epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Акцябрына Іванаўна і Муся

 

Адзначалі дзень нараджэння Максіма Ігаравіча. Для Акцябрыны Іванаўны проста Максіма. На стале фаршыраваная рыба, мясная салата, чорная ікра, вэнджаная кілбаса, кумпяк — смаката. Вакол смех, песні.

— Пальчыкі абліжаш...— какетліва завяла вочы пад лоб Акцябрына Іванаўна. Яна сказала так, каб пахваліць гаспадыню.

— Ой, я ўжо намурзалася,— засмяялася Вікторыя Ігнатаўна і глытнула шампанскага за здароўе юбіляра.

Пузаты гадзіннік адбіў палову дзевятай. Акцябрына Іванаўна перасела на другое месца, каб быць бліжэй да дзвярэй.

— Я пайду,— шапнула яна, але яе не пачулі. Тады Акцябрына Іванаўна пацягнула Максіма Ігаравіча за рукаў. Ён, не перастаючы спяваць, кіўнуў галавой жонцы, якая выйшла ў калідор услед за Акцябрынай Іванаўнай.

— Высокі дый стромкі! — выспеўвалі ў пакоі жанчыны і іхнія танклявыя галасы перабіваў бас Максіма Ігаравіча.

— Куды бяжыш? — Гаспадыня вынесла штосьці загорнутае ў цэлафан.— Бяры і не дурыся!

Ужо ў дзвярах Акцябрына Іванаўна пачула, як нехта з жанчын сказаў: «Да Мусі пабегла». І адразу прапаў настрой.

Яна якраз паспела на аўтобус і за пятнаццаць хвілін была ля свайго дома. Не чуючы ног пад сабой, узляцела на чацвёрты паверх і спынілася, каб перавесці дух.

Знізу і зверху ляцелі галасы. Недзе сварыліся мужчына і жанчына. Заплакала дзіця.

У кватэры Акцябрыны Іванаўны ціха. Гэтым яна была задаволена. Дый увогуле ніхто не перашкаджаў ёй рабіць што хацелася: чытаць кнігі, хадзіць у кіно і тэатр... І вось зусім нядаўна яна заўважыла, як з замілаваннем глядзіць на маці з дзіцём, нават з зайздрасцю слухае лаянку мужа з жонкай. Вядома, яна здагадвалася, ад чаго ў яе ўсё гэта,— і хмурнела. Крыху стала весялей, калі з’явілася кошка...

Муся выбегла ёй насустрач. У яе было бледна-шэрае футра. На хвасце, носе і вушах — як нехта намаляваў белыя зорачкі.

— М-яў-яў-уаў! — кошка выгнула спінку дугою.

— Галубка ты мая! — Акцябрына Іванаўна распранулася і залезла з нагамі на канапу. Муся блішчала зялёнымі вачыма, нібы чакаючы, што гаспадыня скажа.

— Ах, Мусечка, я ж была на саракагоддзі Максіма.— Акцябрына Іванаўна ўспомніла пра гасцінец. Гэта былі бутэрброды з кумпяком.— З’еш, і ў цябе будзе свята.

Некалі выпадкова ў гэткі ж дзень яна купіла ў хлопчыка ля плошчы Горкага маленькае шэрае кацяня. Яно хутка вырасла ў прыгожую кошку Мусю, без якой было б вельмі кепска.

Акцябрына Іванаўна зменшыла гук радыё і ўзяла з кніжнай паліцы зборнік паэзіі. Яна чытала вершы Багдановіча, калі хацелася забыць аб усім на свеце.

 

Была калісь пара: гучэла завіруха

І замяла маёй мінуўшчыны сляды.

Усціхла ўжо яна... Плывуць ўдаль гады,

А ўсё не б'юцца скрыдлы духа:

Куды цяпер ісці? Куды?

 

Кошка, прыхіліўшыся да нагі, ледзь чутна варкатала.

— Чуеш, Муся? — Акцябрыне Іванаўне здалося, што кошка слухае верш. І вочы разумныя, нібыта ў чалавека. Акцябрына Іванаўна перагарнула старонку і задумалася...

Сёння дзень на рабоце, як заўсёды, пачаўся з размоў.

— У маёй суседкі-генеральшы манто з норкі,— гаварыла Марына.— А сама ж кракадзіл кракадзілам. Во шанцуе людзям.

Нібы па камандзе, жанчыны паднялі галовы ад папер. Ала Вітальеўна закрыла фортку, і пакой запоўніў пах касметыкі. Ад Марыны пахла французскімі духамі. Акцябрына Іванаўна да іх абыякавая.

Блага ў калектыве, дзе адны жанчыны. З мужчынамі прасцей. Аднак што зробіш, трэба працаваць. Супакойвае, што начальнік аддзела Максім. Жанчыны прывыклі да яго і пры сваіх размовах не глядзяць — у кабінеце ён ці не. Гэта Акцябрыне Іванаўне не падабаецца, бо разам з ім вучылася ў інстытуце і паважае Максіма.

Ала Вітальеўна дастала з сумачкі невялікі пакунак, разгарнула і на выцягнутай руцэ падняла над сталом.

— Купіла набор касметыкі ў камісіёнцы.

Паглядзела набор Марына, перадала Акцябрыне Іванаўне. Ніштаватая цацачка: розных колераў памада, пудра, цені для павек. Чаго там не было! Акцябрына Іванаўна і дарма яго не ўзяла б. Навошта ёй гэта?

— Колькі каштуе? — спытала яна.

Ала Вітальеўна назвала цану, ад якой жанчыны прыціхлі. Максім Ігаравіч тым часам выйшаў на пяцімінутку да кіраўніцтва. Ён быў у новым вельветавым касцюме, у туфлях на высокіх абцасах. Нечым падобны на артыста Алега Янкоўскага. Жах, які абаяльны! Нездарма Волечка Сільвястровіч закаханая ў яго.

Як толькі за ім зачыніліся дзверы, Вікторыя Ігнатаўна павярнула гаворку.

— Па пятаку — і ў школу не пойдзем. Хто за? — яна сказала, як часта гаварыў тэхнік Платонаў з другога аддзела. Узнікла доўгая паўза. Жанчыны думалі. І трэба ж было азвацца Акцябрыне Іванаўне.

— Навошта? — прамовіла і спалохалася за гэта слова: мо падумаюць, быццам за капейчыну павесіцца гатова.— А чаму і не...— выціснула з сябе.

— Тады ў аблавушку! — Вікторыя Ігнатаўна са сваёй пясцовай шапкай пайшла па крузе. У калгасе на сельгасработах так рабіў Платонаў...

— Чуеш, Муся? — Акцябрыне Іванаўне здалося, што кошка заснула. Але яна ўзняла галаву. У яе вачах, як у люстэрку, адбілася электрычная лямпачка. Было ціха і спакойна. Акцябрына Іванаўна знайшла ў кніжцы любімыя радкі.

 

Замерзла ноччу шпаркая крыніца;

Твая пара, зімовая нуда!

Цяпер няма ўжо руху ні сляда,

І нават зверху слоем снег лажыцца.

Ды ўсё дармо, бо там, пад ім, струіцца

Магутная, жывучая вада.

Чакай! Яе йшчэ прыйдзе чарада!

Здалее хваляў хор на вольны свет прабіцца.

 

І Муся больш любіць паэзію, чымсь прозу. Калі Акцябрына Іванаўна чытала ўголас кнігу англійскіх навел, якую далі на некалькі вечароў, кошка незадаволена фыркнула.

Дый Акцябрына Іванаўна любіла гэтыя вершы. Нібыта паэт напісаў менавіта для такіх, як яна... Ці мала адзінокіх жанчын сумуюць за сценамі кватэр? Чытаюць, як яна, вершы адзінай блізкай істоце — кошцы, сабаку. Былі б у яе хоць родныя ў горадзе, а то нікога. Бацькі даўно памерлі...

І ўсё ж сёння дзень быў неблагі. Жанчыны паслухалі параду Акцябрыны Іванаўны і купілі венгерскую кашулю з замшай па каўняры і грудзях. Максім у студэнцкія гады меў амаль такую ж кашулю. Усе згадзіліся з Акцябрынай Іванаўнай, хоць Марына і падпусціла шпільку:

— Леташні снег...

Яна так зірнула на Марыну, што гэта самаўпэўненая жанчына прыкусіла язык. Купілі яшчэ тры цюльпаны.

Падарунак хацела паднесці Волечка Сільвястровіч. Яна нафарбавалася, як лялька. Калі ж па справядлівасці, дык хто пяць гадоў з Максімам здаваў экзамены і залікі, хто з першага дня ў гэтым аддзеле?

— Прабач! — Акцябрына Іванаўна забрала са стала Волечкі падарунак і кветкі. Максім пазіраў некуды ў акно.

— Мілы, дарагі Максім Ігаравіч...— сказала яна, не стрымаўшыся, усхліпнула і пацалавала яго. Акцябрына Іванаўна не бачыла, як аднесліся да гэтага жанчыны. Ёй было ўсё роўна. Толькі потым з люстэрка на яе глянуў заплаканы твар з чорнымі ад фарбы плямамі. Слёзы адкрылі павуцінне зморшчын. Светлыя валасы раскалмаціліся. Канечне, яна нераўня Волечцы Сільвястровіч...

Максім запрасіў іх дахаты, дзе Люда, яго жонка, ужо чакала і накрыла стол. Жанчыны пачалі званіць сваім мужам, што затрымаюцца на юбілеі. Толькі не папярэдзіла нікога Акцябрына Іванаўна. Мусі ж не пазвоніш...

— Акцябрынка! — яны расцалаваліся з Людай, таксама былой аднакурсніцай, і, як колісь, абняўшыся пайшлі ў кватэру. Быццам прыемна Людзе, што прыйшла сяброўка. І ўсё ж у яе паводзінах было штосьці ненатуральнае. Мо таму Акцябрына Іванаўна не пазайздросціла гэтай жанчыне, пашкадавала яе. Хоць і поўныя сцены дабра. Яна падумала так, як даўно не думала: муж, двое дзяцей. Клопат, клопат — векі вечныя. Седзячы ж дома на канапе, Акцябрына Іванаўна прызналася сабе, што ёй гэтага якраз не хапае.

...Дваццаць гадоў назад Максім пазнаёміў яе і Люду са сваім школьным таварышам Кірылам. Смехата! Яны навыперадкі хацелі закахаць у сябе Кірыла. Дурніца была, перамагла на сваю галаву. Не надта прыемна ўсё скончылася ў іх з Кірылам. Аднак яна ўдзячна яму за нядоўгія хвіліны шчасця. Яны былі гарачыя і маладыя. За два месяцы ажаніліся і развяліся. Яна ў гарачцы, нібы здурэўшы, кінулася ў бальніцу і зрабіла тое, аб чым цяпер шкадуе. Ні сына, ні дачкі, а ёсць Муся, якая зашылася галавою ёй у калені і мыецца, мыецца, як дзіця, калі дарвецца да вады.

Мінуў дзень нараджэння ў Максіма Ігаравіча, і час ні на хвілінку не прыпыніўся з-за таго, што Акцябрыне Іванаўне было неяк не па сабе. Зіма счарнела пад яркім сонцам, як дровы ў вогнішчы, уцякала сотнямі ручайкоў. Ноччу ж на дварэ было дрогка. Мароз хапаў мацаком.

Штодня Акцябрына Іванаўна з Мусяй выходзілі адвячоркам на вуліцу. Далёка не ішлі — уздоўж дома. Дзвесце крокаў туды і столькі ж назад. Пры небяспецы Муся шукала паратунак на руках.

Акцябрына Іванаўна засмяялася, калі кошка аж затрымцела, нібы ўбачыўшы сабаку. Перад суседнім пад’ездам згорбіўся маленькі брудна-чорны кот. Яго ўсяго калаціла. Вось-вось упадзе ад ветру.

Сэрца — не камень. Гэты кот не Муся, але і ён жывая істота.

— Ах ты, бядак! — Акцябрына Іванаўна з асцярогай узяла яго на рукі. Кот, да якога пасавала імя Цыган, пад’еў з Мусяй і павесялеў. Страх яшчэ жыў у ім. Ён жаласліва мяўкаў, але, калі Акцябрына Іванаўна набліжалася, ашчаціньваўся. Яна не змагла ў той момант узяць яго за шкірку, выкінуць з кватэры і адклала гэта надалей.

Аднаго разу яна, ідучы з работы, напаткала жоўтую, нібы лотаць, кошку. Акцябрына Іванаўна і ёй дала прытулак. Назвала Шарлотай. А ноччу Муся, Цыган і Шарлота ўзнялі калатню. Раніцай Акцябрына Іванаўна была як выціснуты лімон.

Адпрацавала дзень, нібы ў тумане, і вярталася дамоў ушчэнт разбітая. Калі б лепш сябе адчувала, дык, мабыць, ацаніла б, што ўпершыню за многа гадоў Максім сказаў ёй камплімент. «Блакітная сукенка табе да твару...» Гэту сукенку яна купіла пазалетась і прыходзіла ў ёй на работу дзве вясны запар.

Па дарозе ўвага Акцябрыны Іванаўны на імгненне засяродзілася на магазіне, што побач з домам. Перад уваходам прадавалі рыбу. Яе любіла Муся. Пры іншым самаадчуванні і настроі Акцябрына Іванаўна пастаяла б у чарзе. Стома перамагла: толькі б легчы. Дый штосьці турбавала яе, і не разумела — што.

Колькі жыла ў гэтым доме, на свой паверх узнімалася пешшу. Зараз падышла да ліфта і націснула кнопку.

Дома ёй зрабілася страшна. Калідор быў у пер’і і пуху. На разадранай навалачцы чорным клубком згарнуўся Цыган. Яна прайшла на кухню і схапілася за сэрца. Ад круп і цукру была белая падлога. Тут гойсалі Муся і Шарлота.

Акцябрына Іванаўна прысела на крэсла і залілася слязьмі. Яна плакала ад таго, што здзяцінела з катамі, што ёй сорак гадоў, як і Максіму, і што ўвогуле жыццё яе — нібы зарослая асакой рака.

Галава пухла ад думак. Нарэшце, калі дом заціх, Акцябрына Іванаўна апранулася ў зімовае паліто, завязала цёплую хустку, злавіла Цыгана пад шафай. Ён, відаць, адчуў, што яна надумала, і выпусціў кіпцюры. Руку апёк боль. І гэтым Цыган нашкодзіў сабе, бо Акцябрына Іванаўна яшчэ вагалася: жаночае сэрца адыходлівае.

Яна таропка выйшла на вуліцу. Мароз быў ядраны. І яе рашучасць знікла. «Куды ён пойдзе? — падумала, азіраючыся па баках.— Такі холад. А што, калі?..»

Акцябрына Іванаўна выбрала з усіх гмахаў дом і накіравалася да яго. Суцішылася думкай, што ў пад’ездзе Цыгану будзе цёпла і мо хтосьці возьме сабе. Шарлоту яна занесла аж на другую вуліцу.

Маладзік свяціў, як ліхтар на слупе, млява і надакучліва. Жаласлівасць пакрысе брала верх, і Акцябрыне Іванаўне захацелася, каб Цыган і Шарлота ўспомнілі дарогу назад і вярнуліся.

Яна прыбрала ў кватэры. Тое-сёе зрабіла на кухні.

Ліпкая, як цеста, цішыня ахутала кватэру. Акцябрына Іванаўна тэлефон на ноч выключала. На гэты раз забылася. Растрывожылася з катамі. Сон прапаў, і апанавала нейкая нервознасць.

Рэзка і неспадзявана зазваніў тэлефон. Акцябрына Іванаўна спуджана ўтаропілася на яго і чакала, каб ён сціх. Тэлефон званіў і званіў. Яна, адчуваючы слабасць у нагах, не вытрымала і зняла трубку. Нехта здалёк хрыпеў:

— Ацяб-рынка!

— Я...

— Не пазнаеш? Як здароўе, як жывеш?

Штосьці знаёмае было ў гэтым мужчынскім голасе, але Акцябрына Іванаўна не разумела — каму патрэбна.

— Што вам?

— Ну, Акцябрынка, мая ты малінка! Гэта ж я, Платонаў!

— Адкуль у вас мой тэлефон?

— Ну даеш! Я еду ў госці да цябе.

— Я забараняю...

Пачуў ён ці не, што яна прамовіла. Не хапала ёй тэхніка Платонава. «Па пятаку — і ў школу не пойдзем...» Увесь інстытут смяецца з яго. А яму хоць у вочы плюй альбо кол на галаве чашы — усё роўна.

З Платонавым яны ездзілі на жніво ў падшэфны калгас. Напачатку гэты чалавек ёй падабаўся. На руках мускулы, як у барца, шырокія плечы. Працаваў лепш за ўсіх.

Вечарамі яны хадзілі з ім па вясковай вулачцы. Ён жаліўся Акцябрыне Іванаўне на жыццё, а яна спачувала яму, бо ў самой гэткі ж цяжар на душы. Што было, тое сплыло... Неяк з паўгода назад ён прасіў на бутэльку. Мо хоча, каб ізноў пазычыла пяць рублёў?

Платонаў увайшоў у кватэру імкліва, затрубіў прастуджаным басам. Паліто і шапка былі ў снезе. Ён пе павесіў іх, а скінуў проста на падлогу ля дзвярэй. Сеў на крэсла, як гаспадар, выцягнуў доўгія ногі. Ад Платонава пахла гарэлкай.

— Рада! — не спытаў, а ўпэўнена абвясціў.

Яна паціснула плячыма.

— Будзе ў цябе рабінавая ноч. Ты мне па душы, а жонку — на кірмаш. Пакупнік і на яе знойдзецца.

Ён прыпомніў, як былі ў калгасе, парагатаў і заснуў, цяжка нахіліўшыся на маленькі столік. Ёй раптам стала холадна, і яна агарнула плечы хусткай. Зашчымела сэрца. Акцябрына Іванаўна накапала ў шклянку валяр’янкі, даліла вады і выпіла.

Мабыць, Платонаў нешта смачнае сасніў — з рота пацякла сліна. Гідка было глядзець, і Акцябрына Іванаўна паціху штурхнула яго ў плячо. Ад штуршка ён захроп, як закілзаны конь. І гэта чамусьці яе раззлавала. Яна ўзяла нашатырны спірт і паднесла Платонаву пад нос. Ён дыхаў спакойна, а потым уздыхнуў, нібыта яму пераціснулі горла, і закашляўся. Расплюшчыў вочы і загадаў:

— Раскладзі канапу. Позна.

— Позна,— згадзілася Акцябрына Іванаўна.— Вам далёка...

— Каму вам? — шчыра здзівіўся Платонаў.— Я ж у прымакі да цябе.

Акцябрына Іванаўна не любіла нахрапістых людзей. Мо ўсё было б інакш, калі б ён не такі нахабны. Каб не лез напралом. Яна натапырылася, нібыта вожык. Ад нечаканай злосці бачыла толькі яго твар, больш нічога. Адчыніла дзверы ў калідор (суседзі паехалі да бацькоў у вёску) і моўчкі прыхілілася да сцяны.

Ад іхняй гаманы прачнулася Муся, прылашчылася да Платонава. Ён нагой падфутболіў яе. Кошка мяўкнула і забілася пад канапу.

— Навошта ўдарылі Мусю?

— Муся, Муся... Эх ты! Ідзі... каціная маці!..

У вачах Акцябрыны Іванаўны пацямнела ад болю, нібы хтосьці выцяў яе бічом.

Платонаў з парога нешта гаварыў, здзекліва смяяўся, калі яна з сілаю зачыніла за ім дзверы. Ён, пэўна, ад нечаканасці ледзьве не ўпаў. Акцябрына Іванаўна пачула, як ён, брудна лаючыся, стукаў нагамі на лесвіцы.

 

 

 

 

 

 


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Супрунчук В. Недзе баліць ля сэрца: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 247с.
Крыніца: скан