epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Банальны дэтэктыў

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14


1

Уранку, падняўшыся з ложка, Іван Шантыка не ўбачыў за акном сваіх сініх «Жыгулёў». У першае імгненне ён як здранцвеў, не мог паварушыць ні нагой, ні рукой: вочы, застылыя і перапалоханыя, глядзелі ў адну кропку, на тое месца, дзе павінна была стаяць машына. Ён быў настолькі ўражаны, што ў яго як усё роўна перахапіла дух, і не мог вымавіць нават слоўца, каб нешта сказаць жонцы, якая мармычучы сабе пад нос нейкую песню збірала на кухні сняданак. Іван заплюшчыў вочы, пастаяў так мо хвіліну, спадзеючыся убачыць машыну, але яе не было. Да яго спярша вярнулася здольнасць думаць: колькі ж поту праліў ён, колькі рэчаў не змог прыдбаць, адмаўляючы і сабе, і жонцы, і сыну — усё дзеля таго, каб мець гэтага сіняга ідала. І колькі праездзіў на ім — смеху варта: мо тыдзень які. Божа, што ж гэта робіцца на свеце, навошта гэтакі здзек з чалавека — проста ўдарыла ўрэшце думка, як нажом прасекла галаву і выклікала боль. Іван залямантаваў па-бабску, дзіка, дадаючы да слоў гневу мацюкі.

З кухні выскачыла пераляканая жонка Марыля, бо яшчэ ніколі такой лаянкі не чула ад мужа. А ён крычаў, галасіў, як па нябожчыку, і здавалася, зараз пачне ламаць, біць усё, што трапіць пад руку.

— Што з табой? — ледзь прамовіла Марыля, з цяжкасцю спыніўшы паток мужавых слоў.

— Што, што?! Глянь! — ён пальцам торкнуў у шыбу. І Марыля, пакуль не разумеючы ягонага гневу, падышла да акна.

Убачыўшы, што няма машыны, яна спалатнела і страціла прытомнасць.

Іван падняў жонку з падлогі, льючы на твар халодную ваду. Марыля вохкаць і крычаць не стала, умомант сабрала сябе і мужа, бо ён нават забыў пра куртку, а на дварэ хоць і стаяла лета, але каторы дзень ліў дождж,— і яны бегма, наколькі хапіла сіл, шыбанулі да бліжэйшага тэлефона-аўтамата. Пазванілі па 02 у міліцыю. Іх папрасілі тэрмінова пад’ехаць у райаддзел і зайсці да капітана Яруся.

А капітан Ярусь якраз пачаў займацца справай аб крадзяжы трох матацыклаў, заявы ад гаспадароў якіх паступілі недзе на працягу тыдня. І вось званок, што нехта паквапіўся і на «Жыгулі». Дагэтуль у іхнім раёне такіх крадзяжоў не было. Ярусь у газетах чытаў аб угонах матацыклаў і машын у буйных гарадах і ў душы спадзяваўся дый не раз гаварыў сваім калегам, што хоць такія справы іхні райцэнтр і раён абмінулі. Як кажуць, бог памілаваў. Але ж, бач, не, і да іх дапаўзла зараза.

Паўгадзіны назад Ярусь, якога сябры называлі Алесь, а афіцыйна — Алесь Пятровіч, завёў сына ў дзіцячы сад. Нешта малы кашляў, і ён думаў, што па-добраму трэба было б увечары звадзіць яго да ўрача, хай паслухае, бо ўсю ноч бухаў як у трубу. Жонка не магла з ім пайсці: у другую змену падмяняла сяброўку. Значыць, зноў трэба прасіць суседку забраць малога, а ўрача ўжо наведаюць заўтра.

Да матацыклаў, лічыў Ярусь, прыклалі рукі падлеткі гадоў пятнаццаці-семнаццаці. Яны цяпер матарызаванымі армадамі лётаюць па горадзе, бясконца важдаюцца з гэтымі матацыкламі, мяняюць іх, прадаюць, ну і, пэўна, адзін у аднаго і пазычаюць, як яны кажуць, а не крадуць. Праз колькі дзён матацыклы павінны былі з’явіцца на дарозе, і іх адразу заўважаць, тым больш што інспектары ДАІ ведаюць нумары, хоць можна, канечне, памяняць.

Алесь пазваніў уніз дзяжурнаму, каб прапусціў жонку і мужа Шантыкоў, а пакуль яны прыйдуць, вырашыў успомніць, хто з мясцовых здольны на такі ўчынак, але зноў думкі вярталіся да дзятвы, якая гойсала на матацыклах. Безумоўна, яна магла і цяпер спакусіцца на сінія «Жыгулі» Шантыкоў, якія ўсю ноч, без нагляду стаялі ў двары. Але ж у тым двары былі яшчэ машыны, а ўзялі менавіта Шантыкоў. Мо проста выпадковасць, а мо і спецыяльна. Усе акалічнасці і варыянты пакуль трэба ўлічваць.

У дзверы пастукалі, і ў кабінет увайшлі паўнаваты з шырокай пляшынай мужчына гадоў сорак, бледны твар якога быў у кроплях поту, і жанчына недзе гэткага ж узросту, сімпатычная, з падфарбаванымі вейкамі і вуснамі, хоць шчокі таксама без адной крывінкі. Карацей, выгляд быў у гэтых людзей такі ж, як і ў многіх абкрадзеных, абрабаваных, з якімі даводзілася ўжо не раз сустракацца Ярусю. Ім ён спачуваў і заўсёды рабіў усё, што было ў яго сілах і здольнасцях. Але часам, на жаль, нічым не мог дапамагчы: канцы не сыходзіліся з канцамі, а маніпуляваць фактамі, як рабіў той-сёй з яго калег, ён не хацеў. У яго была думка, што гэткай працай робіцца двайная шкода: ашукваецца дзяржава, якую яны павінны ахоўваць, і людзі, чыя вера ў справядлівасць і аўтарытэт міліцыі выкасоўваецца, а можа, і знішчаецца. Ён прыйшоў у крымінальны вышук не дзеля якіхсьці выгод, вялікіх грошай, бо ведаў, што нічога гэтага не будзе. Проста, адслужыўшы ў пагранічных войсках, Ярусь унушыў сабе, што працаваць міліцыянерам — гэта якраз справа для мужчын. Пад якім і чыім уплывам прыйшла да яго гэная думка — невядома, але яна не пакідала яго, здаецца, ніколі. Ён помніў, як у дзяцінстве ў іхняй вёсцы не любілі ўчастковага Калеснікава, які заўсёды быў на падпітку і хадзіў са страхагентам Канавалавым па хатах і жлукціў самагонку. Гэта быў, на сённяшні Алесеў розум, маральны ўродзіна, якога б не варта і ўспамінаць, калі б часам не ўзнікалі і сярод новага пакалення міліцыянераў ягоныя браты па духу.

Слухаў Шантыкоў, і яму чамусьці вельмі хацелася, каб тыя, хто ўкраў матацыклы і «Жыгулі», былі адны людзі. Мо было б прасцей іх знайсці і хутчэй. Гэтыя бедалагі Шантыкі атрымалі б сваю машыну, калі яна яшчэ цэлая. Дзе-небудзь ляжыць у лесе абадраная.

Пры дэфіцыце запчастак украсці машыну маглі і дзялкі, якія яе разбяруць на часткі і прададуць асобна розным аўтаўладальнікам, што з радасцю купяць іх. А паспрабуй абследуй тысячы «Жыгулёў», які з’яўляліся на дарогах, нібы грыбы ў лесе пасля дажджу. Яшчэ гады два назад столькі машын нават у райцэнтры не было. Цяпер, як казаў Алесеў бацька, кожны жук і жаба з апошняга пхнецца, а набудзе «жыгуля», хоць трэба ён яму ці не, пра гэта не думае. Вось калі злодзей украдзе, тады пачынаецца трагедыя. Пэўна, і гэтыя двое збіралі капейку да капейчыны, па іх відаць: на мужчыне штаны ледзь не свіцяцца і на жанчыне плашч, якому гадоў дзесяць, не менш. Скуль будуць вялікія грошы: ён — інжынер-тэхнолаг на рамонтным заводзе і яна — эканаміст у будаўнічым упраўленні. Якая зарплата — вядома, хіба мо бацькі, калі жывыя, з вёскі трохі дапамогуць, прадаўшы бычка ці парсюка. Хоць, можа, ужо і бацькоў не быць: абаім амаль па сорак.

Магчыма, канечне, што адзін і той жа чалавек падабраў і матыцыклы, і машыну, але ж у сапраўднасці — будзе відаць.

 

2

Дождж сціхаў, і, здаецца, нават пачалося ачышчацца неба ад хмар. Адразу пасвятлела ў пакоі, мо і спраўдзяцца прагнозы сіноптыкаў, якія кожны тыдзень абяцалі пацяпленне. Нядрэнна было б, каб урэшце так і здарылася. Мінае ўжо лета, а сонца на дварэ мала — усё сырасць, хоць і ў адпачынак не ідзі: праз тыдзень Ярусь збіраўся падаць рапарт на адпачынак. Але цяпер незалежна ад надвор’я, пакуль не скончыць справу з крадзяжом матацыклаў і машыны, наўрад ці пусцяць яго. Паехаць бы ўсёй сям’ёй на азёры на паўмесяца з палаткай і павудзіць рыбу, а вечарамі варыць юшку і слухаць, як дыхае, спявае лес. Мары, мары, уздыхнуў Ярусь.

Ён аформіў першыя паперкі справы № 625 і вырашыў, што трэба зайсці да начальніка райаддзела і далажыць свае меркаванні. Той якраз пра гэта яго прасіў. Хоць мала яшчэ фактаў, але ж нейкі план росшуку ў галаве ўжо нараджаецца. Падпалкоўнік Пазняк, які паўгода назад заняў пасаду начальніка райаддзела, некалі кіраваў крымінальным вышукам у раёне, і, як помніў Ярусь, яго тады часта хвалілі на абласных нарадах, нават аднойчы ён ездзіў у Мінск на семінар абменьвацца вопытам. Алесю яшчэ не было чым абменьвацца: кожная справа давалася цяжка. Ці то злачынцы рабіліся больш разумныя, ці то ў яго кепска варыла галава. Адно з двух — іншага не магло быць. Гэтая думка ў яго ўзнікла мо паўгода назад, калі ён займаўся Ігнатам Казлом. Той абакраў уночы чатыры магазіны ў раёне, жыў праз некалькі дамоў ад Яруся, штораніцы з ім ласкава вітаўся, яны нават ціснулі адзін аднаму рукі як старыя знаёмыя. Некалі былі і ў адной кампаніі на дні нараджэння ў Кастуся Мігунца, Ярусевага земляка і аднакласніка, які з Казлом, а па пашпарце Іваноўскім, разам працавалі на аўтабазе.

Так, што сказаць начальніку райаддзела: матацыклы, пэўна, укралі падлеткі. Машыну — таксама, відаць, яны. Калі ж к абеду недзе на дарогах раёна ці ў лесе не будзе заўважана, можна лічыць, што да гэтага прыклалі рукі тыя, хто гандлюе запчасткамі. Ведаючы падпалкоўніка Пазняка, можна адразу здагадацца: ён спытае, якая асноўная версія, які галоўны варыянт росшуку ўсёй гэтай тэхнікі. Да абеду, пакуль не будзе звестак ад інспектара ДАІ, галоўнага варыянта ў яго не з’явіцца. Дый пасля, што раптам стане асноўным, а што дадатковым...

Ён завязаў папку з паперамі для даклада начальніку райаддзела, узняўся з-за стала. Тэлефонны званок спыніў Алеся ўжо ў калідоры, калі ён зачыняў за сабой дзверы. Падумаў: вяртацца ці не. Урэшце, калі каму патрэбны, знойдуць і ў начальніка. Але тэлефон роў, і Ярусь вярнуўся ў кабінет. З трубкі вылецеў, ажно захліпваючыся, голас дзяжурнага старшага лейтэнанта Бахаўца:

— Ярусь, з групай на выезд у вёску Бярозаўка. Абкрадзены магазін. Вартаўнік мёртвы.

Алесь зірнуў на гадзіннік: была ўжо палова дзесятай. Папку з дакладам кінуў у шуфляду стала, замкнуў яе. З сейфа дастаў пісталет, нават не думаючы, ці спатрэбіцца, але прывык, каб на аперацыі зброя была пры ім. Дый ці мала што можна чакаць наперадзе, якія ўзнікнуць нечаканасці.

Калі Ярусь спусціўся з трэцяга паверха ўніз, у машыне ўжо былі эксперт-крыміналіст Гурскі, следчы Батура і сяржант Гусік з сабакам Маратам. Хацеў з імі паехаць і лейтэнант Куско, інспектар крымінальнага вышуку, падначалены Яруся, але Алесь загадаў яму пакуль быць у аддзеле. Той цяпер займаўся справай Фядоры Аляхневіч, якую тры дні назад абрабавалі проста ў хаце. Забралі дзвесце рублёў грашыма, залаты пярсцёнак і завушніцы. Цётка помніла толькі, што ў абодвух рабаўнікоў былі чорныя твары і яны не гаварылі, а шыпелі, як гадзюкі. Лейтэнант Куско два дні шукаў гэтых чарнатварых, але пакуль не знайшоў. І справа ўскладнілася яшчэ тым, што пяцідзесяцігадовая цётка раптам дадала да сваіх паказанняў тое, што яе не толькі абрабавалі, але і згвалцілі. Чаму адразу пра гэта не сказала? Маўляў, саромелася, але цяпер набралася мужнасці і прызналася ў гэтым. Ад суседзяў Куско даведаўся, што Фядора Аляхневіч цішком гнала і прадавала самагонку, хоць нейкіх слядоў гэтага лейтэнант не выявіў пакуль. Здавалася, справа вельмі простая і ясная, калі яна звязана з самагонкай. Няйнакш папрацавалі самі ж Фядорыны кліенты. І тады яна не можа іх не ведаць. Хіба што чорныя панчохі на тварах...

— Займайся Фядорай,— крыкнуў ужо з машыны Алесь лейтэнанту.

Да Бярозаўкі было кіламетраў трыццаць — дарога, разбітая грузавікамі ўшчэнт: адны калдобіны.

Амаль ля вёскі быў кар’ер, адтуль вазілі пясок на цагельню. Ездзілі па дарозе ўсе, а вось падрамантаваць не знаходзілася гаспадара, не кажучы ўжо пра асфальт. Хоць, урэшце, мог бы гэта зрабіць і тутэйшы калгас, грошай у якога было больш, чым у іншых гаспадарках, не хацеў сам, дык няхай ужо разам з цагельняй. Колькі Алесь працаваў у райаддзеле, усе гады клялі дарогу ў Бярозаўку. І ён сам не раз пра яе казаў старшыні калгаса, але той лічыў, што кепская дарога перашкаджае маладым уцякаць у горад. Жартаваў ён ці казаў сур’ёзна — зразумець было цяжка.

— І так мала бензіну, ліміты, а яшчэ на гэткіх дарогах палім,— бурчэў вадзіцель.— Праз тыдзень, Алесь Пятровіч, не будзе ўжо на чым ездзіць. Пойдзем, як жабракі, да старшынь калгасаў прасіць бензін. Ужо ж прасілі.

— Пойдзем, а як жа, у цябе ж калодзежа няма,— сказаў следчы Батура.— Дакладней, пойдзеце... Я праз тыдзень буду грэць жывот у Гаграх. Жонцы на рабоце сямейную пуцёўку вызначылі.

— Віншую! — прамовіў судмедэксперт Гурскі.— Не забудзьце там і нас. Мо і ў Беларусі надвор’е стане лагодным.

Ярусь, слухаючы гэтую спакойную гаворку, думаў, што апошнія тыдні надта напружаныя ў яго, не паспявае высветліць адну справу, як ужо другая, трэцяя... Проста нейкі паток злачынстваў. І гэта не толькі ў яго, а ўвесь аддзел зараз амаль зранку да ночы на нагах.

Гэтай ноччу тут, відаць, быў моцны дождж, і дарогу ажно заліло вадой. Добра, што ў машыны вядучы пярэдні мост, інакш яны наўрад ці даехалі б у Бярозаўку.

 

3

Ля магазіна, які знаходзіўся побач з канторай калгаса, іх ужо чакалі. Сярод купкі людзей, якія шумна абмяркоўвалі здарэнне, Алесь адразу вызначыў старшыню сельсавета Падгайскага, былога настаўніка гісторыі, якога выбралі кіраўніком толькі летась. Гэта быў высокі, паўнатвары мужчына з шырокімі рудаватымі вусамі. Убачыўшы міліцыянераў, ён першы ступіў насустрач Ярусю. Відаць было, што трохі разгублены, але спрабуе трымацца ўпэўнена, захоўвае аўтарытэт.

— Вось прадаўшчыца, Ніна Іванаўна, прозвішча Акулік,— сказаў ён і паклікаў заплаканую сярэдніх гадоў жанчыну ў белым халаце, якая ажно ламала пальцы, і здавалася, вось-вось залямантуе.

— Дзе вартаўнік? — спытаўся Ярусь.

— У магазіне з участковым,— адказаў старшыня сельсавета.

— Дык ён жывы?

— Нібыта ачуняў...

Вартаўнік, дзядок гадоў пад семдзесят, з перавязанай галавой, паўсядзеў-паўляжаў на двух крэслах ля ўвахода ў магазін. Па зале былі раскіданы тавары, ля прылаўка ляжала разбітая бутэлька з-пад каньяку. Трохзорачнага, грузінскага.

— Калі вы ўбачылі, што магазін абрабаваны? — спытаў Ярусь у прадаўшчыцы.

— А недзе а палове дзевятай ішла ад маткі, я ёй насіла малако. Яна каровы не мае, вось я штораніцы і нашу. Іду, мне праз паўгадзіны магазін адчыняць, думаю, што гэта не відаць вартаўніка. Ён у нас звычайна да дзевяці ля магазіна. Не бачу яго, падходжу бліжэй і бачу...— заплакала прадаўшчыца,— і бачу: замка няма на дзвярах, а за дзвярыма дзед Міхась ляжыць, стогне.

— А чаму сігналізацыя ў вас не працуе?

— Ведаеце, некалі сапсавалася, усё збіраліся адрамантаваць, збіраліся, ажно пакуль унь...— зноў заплакала.

— Плачам ужо не дапаможаш,— сказаў следчы Батура.— Паглядзіце, што ўзялі... Пасля зробім рэвізію. Якіх тавараў не хапае?

— Я зараз, зараз...— заспяшалася прадаўшчыца, выцерла ражком хусткі вочы і пачала аглядаць магазін. Тым часам сабака нарэшце ўзяў след, бо каля магазіна ўжо досыць натапталі, і людзі не разыходзіліся, хоць участковы і старшыня сельсавета прасілі іх. След вывеў да дарогі і абарваўся. Колькі сабака ні скуголіў, скакаў, нюхаў, але далей ваколіцы Бярозаўкі не зрушыўся.

— Відаць, Алесь Пятровіч, што злодзей адбыў адсюль на матацыкле. Бач, след пратэктара,— паклікаў Алеся судмедэксперт Гурскі.— Зараз мы зробім адбіткі, а тое-сёе ў нас будзе.

Абышлі з прадаўшчыцай залу магазіна, склад. Яна ўсё паціскала плячыма, твар, здаецца, пасвятлеў, і ў вачах не надта засталося сумоты. Проста павесялела жанчына.

— Узялі скрынку грузінскага каньяку... А таксама новы рухавік да матацыкла «Іж-юпітэр». І пару колаў. Ну і пяцьсот рублёў з касы,— яна ўсхліпнула.— Вырашыла сёння, калі збярэцца болей выручкі, аднесці на пошту. Гэта ж я перад закрыццём угандлявала ажно пяцьсот рублёў. Кіндзель Васіль з сынам тэлевізар купілі, і Пабяжынскі Іван узяў халадзільнік. Яшчэ той-сёй — па дробязі, і за гадзіну назбіралася паўтысячы. Якая я дурная...

— Пагаворым з вартаўніком, ён ужо, здаецца, ачуняў?! — павярнуўся Алесь да следчага.— Мо помніць што? Хоць і стукнулі яго па галаве моцна... .

— А мне што рабіць, таварыш начальнік? — запыталася прадаўшчыца.

— Будзьце на месцы. Зараз пад’едуць вашы начальнікі: старшыні райпа і сельпа.

«Зноў матацыклы... Няўжо сляды адной банды? — думаў Ярусь.— Урэшце, адной ці не, але гэту справу мне весці цяпер».

Убачыўшы, што накіроўваюцца да яго, вартаўнік амаль роўна сеў на крэсле. Наўрад ці будзе дзядок працаваць ужо вартаўніком пасля такога здарэння, падумалася і Ярусю, і Батуру. Рукі ў старога дрыжалі дый, здаецца, і губы. Няшчасны чалавек. Як ні кажы, але мала прыемнага перажыць такое на старасці гадоў. А мо ён спаў, калі падышоў да магазіна злодзей? Мо праспаў, а цяпер дрыжыць, баіцца адказнасці? Ат, што за глупства лезе ў галаву. Калі б не спаў, што маладому чалавеку хворы стары. Пальцам кране і паваліць, як гнілую сухастоіну.

— Вы не ўспомніце, як усё гэта здарылася? — як мага далікатней спытаў Алесь вартаўніка.— Нам важна ведаць, які ў яго выгляд. Калі гаварыў, які голас? Што запомнілі, усё раскажыце, калі ласка.

— Што я запомніў...— марудна, кволым галаском сказаў дзядок.— Вялізны, здаровы, падышоў да мяне, спытаў запалку. Кажу, што не куру. І наогул знаходжуся на пасту і набліжацца да мяне нельга. Ён засмяяўся і кажа: дык кінь запалак. Я нічога не кінуў. Тады ён пытае: дзе дарога на райцэнтр? Я ўжо ўзлаваўся, што ён з мяне дурня робіць. А ён раптам як падскочыць і нечым цяжкім як ляпне па галаве! Я і асеў нібы мех. Больш нічога, таварыш начальнік, не запомніў, начыста вылецела з галавы пасля такога ўдару...

— Дык ён да вас не пад’ехаў, а падышоў?

— Падышоў, падышоў! Але трохі раней чуў я, як зароў недзе недалёка рухавік. Падумаў толькі, хто гэта давідна некуды сабраўся. А тут, бач, гэты бандыт з-за унь тых кустоў выходзіць, і дай яму запалак. Не ведаў, а то даў бы яму ражна ў зубы!

— Не запомнілі, які ў яго твар, мо ёсць вусы ці валасы даўгія, як цяпер у маладых па модзе? — спытаўся следчы Батура.

— Не... Знаеце што, цемнавата было, нядужа што і відаць. Дый дождж якраз пачаўся. Пэўна, дашчэнту сляды паганца змыў, га?

— Нічога, знойдзем,— усміхнуўся Алесь.— А вусоў у яго не было?

— Здаецца, не было. Хаця, чакайце, мо і былі. Точна, былі! Калі я яму даў запалкі, ён прыкурваў, і бачу: вусы. Вялікія вусы.

— Дык вы ж казалі, дзеду, што запалак яму не давалі,— уставіў зноў сваё слова следчы.— Дык давалі ці не? Успомніце, калі ласка?

— Ай, ай, што вы блытаеце мяне,— замахаў рукамі вартаўнік.— Я спакутаваны, паранены на пасту, з мяне шчэ здзекуецеся.

 

4

Абшукалі, здаецца, усё ў магазіне і вакол яго, але нічога адметнага, значнага не знайшлі, калі не лічыць парваную, зашмальцаваную пальчатку, якую судмедэксперт Гурскі падняў ля парога ўжо за дзвярыма. Прадаўшчыца не прызнала гэтай пальчаткі, маўляў, такіх у магазіне не было. Хоць мала, урэшце, люду ходзіць сюды, нехта мог прынесці з сабой і забыць альбо кінуць. Тут, ля парога магазіна? Следчы круціў пальчатку, ледзь не нюхаў, пасля вывернуў яе. Усе, хто быў зараз ля яго, прачыталі выразны надпіс, які застаўся ад штэмпеля: АРЗ № 5.

— Што значыць — аддзел рабочага забеспячэння № 5,— сказаў Батура.— Вы адтуль тавараў не атрымлівалі?

— Не, ні разу,— міргала, міргала вачыма, усё ніяк не магла супакоіцца прадаўшчыца.— У нас свая база, райпоўская. Мо гадоў пятнаццаць назад нешта і было. Але цяпер — не, ні разу. Прынамсі, за той час, што я тут раблю. А гэта ўжо дзевяць гадоў.

— Гэтая рукавіца яшчэ даволі новая,— заўважыў судмедэксперт.— Ведаючы якасць рабочай вопраткі і, у прыватнасці, пальчатак, калі яны пасля тыдня працы ператвараюцца ў анучу, мяркую: гэтай пальчаткай карысталіся найбольш дні тры-чатыры. Канечне, не выключаю і тое, што маглі атрымаць і месяц назад, але пачалі карыстацца ёю не раней. Урэшце, можам зрабіць экспертызу і высветлім, калі рукавіцу пашылі і нават дзе.

— Дык і зрабі, міленькі, і як найхутчэй,— ляпнуў Гурскага па плячы Батура.— А мы, думаю, Алесь Пятровіч, прыкінем з табой план дзеянняў, каб хутчэй завяршыць справу.

Так, канечне, але план планам, і без яго няможна, мільгнула ў галаве Яруся. Ён усё яшчэ не мог адысціся ад магазіна, хадзіў вакол яго, цешыў сябе, а раптам нешта знойдзе такое, што адразу зрушыць з месца ўвесь ход расследавання. Участковы аб нечым перамаўляўся з жанчынамі, і позірк Яруся нібыта спаткнуўся на ім і зачапіўся, як пацягнуў да яго.

— Лейтэнант, хадзі сюды! — гукнуў Алесь участковага, трохі разгубленага здарэннем, які, пэўна, прывык тут да спакойнага жыцця. Хоць наўрад і ў яго спакой, зараз усюды нешта адбываецца такое, што патрабуецца дапамога міліцыі. Па знешнім выглядзе ўчастковага, поўнага, ружовашчокага і нетаропкага, безумоўна, не скажаш, што ён не спіць уначы. З гэтым у яго, відаць, у парадку, ён сябе не крыўдзіць бяссоннем.

Пачуўшы словы Алеся, ён яшчэ хвіліну пастаяў, нешта адказваючы жанчынам, і толькі тады патупаў, па-мядзведжы, павольна, як шклянку вады на галаве нёс. Пасміхнуўся ў душы з яго Алесь, але злавацца не стаў, што марудзіць, мо такі ў чалавека характар. У рэшце рэшт кажуць: хто памалу едзе, той далёка вязе, а хто хутка едзе, той часта спатыкаецца.

Падышоў, стаў, трымаючы рукі за спіной, на твары пытанне, што скажа начальнік крымінальнага вышуку. А ён хоча казаць тое, што лейтэнант і сам мог здагадацца. Мог, але ж не здагадаўся, не трэба на яго злавацца, вучыць трэба. Амаль усе яны, участковыя, не прафесіяналы. Атрымалі па камсамольскай пуцёўцы пачатковую падрыхтоўку і надзелі мундзір з пагонамі.

— Лейтэнант, спытай у жанчын, мо хто з іх альбо з іхніх знаёмых бачыў увечары ці ўначы чужога чалавека на вуліцы.

 

5

Як і адчуваў Алесь, ніхто з жанчын чужога чалавека не ўспомніў. Маўляў, уначы яны спяць, а не ходзяць па вуліцы. Адна надзея заставалася толькі на пальчатку, якую знайшлі ля парога магазіна.

Пакуль вярнуліся ў райцэнтр, ужо і абед. Хоць і есці не хацелася, які апетыт, калі толькі і думаеш пра гэтыя матацыклы, машыну і магазін. Усё-ткі зайшлі ў сталоўку і перакусілі. Судмедэксперт Гурскі, відаць, і не абедаў, бо ў кабінеце іх ужо чакалі вынікі экспертызы. Па заключэнні Гурскага дзеда-вартаўніка стукнулі па галаве няйнакш фомкаю, але білі шкадуючы, каб толькі аглушыць. Пальчаткі пашылі недзе прыкладна тры тыдні назад у хоцінскім быткамбінаце. Вялікая партыя пальчатак была завезена на склад аддзела рабочага забеспячэння № 5 леспрамгаса. Якраз зайшоў у кабінет лейтэнант Куско, у яго з Фядорай ужо было амаль усё ясна. Прынамсі, для яго, але ж гвалтаўнікоў яшчэ не знайшоў. Так, не знайшоў, іранізаваў следчы Батура з маладога лейтэнанта, які працаваў у аддзеле першы год пасля сярэдняй школы міліцыі.

— А вось якраз я іх і знайшоў, таварыш следчы,— урачыста абвясціў Куско.— Сама Фядора прызналася. Гэтыя хлопцы ў яе пілі, пілі, к ночы пайшлі, але, мусіць, па дарозе здалося мала, і вярнуліся. Спярша зноў запатрабавалі гарэлкі, а пасля ўжо ясна... Мне, здаецца, тут усё лагічна. Дык яна амаль тыдзень маўчала і толькі цяпер паведаміла, бо гэтыя хлопцы адмовіліся ёй даць грошай. Вось так, таварыш следчы!

— Ну што ж, віншуем з пачаткам росшукавай дзейнасці, лейтэнант Куско,— задаволена пасміхаўся Батура.— Значыць, мне менш засталося работы. Але ж што гэта з людзьмі адбываецца, Алесь Пятровіч? На маёй памяці гадоў дваццаць назад такіх Фядорыных спраў не было. Ідзе буйны росквіт...

Алесь лічыў: яму пашанцавала, што працуе з Батурам. Гэты следчы добра ведаў сваю работу, быў сумленны чалавек. Ён нават не марыў аб тым, што некалі пяройдзе ў вобласць альбо у сталіцу. Яго задавальняла месца і пасада, ён быў родам з гэтага раёна і, здаецца, больш нічога не хацеў, як толькі працаваць тут следчым.

Калі ўпершыню Алесь убачыў Батуру, знешне, па паводзінах, нібыта абыякавага да ўсяго, што не датычыла яго асабіста, не мог паверыць нават, што гэта следчы. Але чым часцей яны сутыкаліся па справе, тым больш Ярусь пераконваўся: Батура — следчы высокай кваліфікацыі і трэба ў яго вучыцца. Нават размове з людзьмі. Што, канечне, вельмі важна. Часам складана разгаварыць чалавека так, каб ён поўнасцю раскрыўся.

— Ну што ж, трэба нам праверыць версію з пальчаткай,— сказаў Алесь. Ён паглядзеў на следчага, той згодна ківаў галавой.— Вы, Куско, едзьце зараз у аддзел рабочага забеспячэння. Паглядзіце, хто браў на складзе, якія арганізацыі. Хоць колькі людзей нам трэба праверыць, але нічога не зробіш. Іншага пакуль выйсця не бачу. Гэтая пальчатка пакуль для нас важная дэталь. Так, Яўген Іванавіч,— ён усё раіўся з Батурам.

— Так, так, Алесь Пятровіч. Як высветліце адрасы, нам званіце. Будзем адразу распрацоўваць іх. Ці мала што ўдумаюць гэтыя хлопцы заўтра...

— Чакайце, Куско,— затрымаў Ярусь лейтэнанта ўжо на парозе.— Папросім у начальніка машыну, каб трохі было хутчэй.

Але начальніка райаддзела на месцы не было, якраз ішла сесія Савета. І тады Ярусь, вырашыўшы, было не было, пазваніў дзяжурнаму, каб той паслаў з Куско машыну. Маўляў, дамоўленасць з кіраўніцтвам ёсць. За крымінальным вышукам быў замацаваны «Масквіч», але ён вось тры месяцы знаходзіўся на капітальным рамонце. Ярусь ужо збіраўся пад’ехаць на рамонтны завод, а раптам дапамогуць хлопцы з міліцыі. І быў упэўнены, што дапамогуць, бо колькі разоў звярталіся да яго калегі з іншых раёнаў, амаль ніколі не адмаўляў, абы гэта не было парушэннем закона. Надзіва дзяжурны сёння без спрэчак аддаў машыну Куско, хоць, пэўна, ведаў, што ніякай дамоўленасці з начальнікам райаддзела няма. Проста ўсе ўжо бачылі, што зараз найбольш клопату ў крымінальным вышуку. І на ранішняй пяцімінутцы начальнік райаддзела бы між іншым прамовіў, што, магчыма, хутка ім спатрэбіцца дапамога ўсяго калектыву, каб знайсці зладзеяў машыны і матацыклаў. Урэшце, інспектары ДАІ ўжо і займаліся гэтай справай, але звестак ад іх па-ранейшаму не было.

Батура пайшоў да сябе ў кабінет, а Ярусь застаўся адзін. З паўгадзіны яго ніхто асабліва не турбаваў. Пазваніла жонка, пацікавілася, ці зможа ён схадзіць з сынам да ўрача. Размова з ёй скончылася сваркай. Абвінавачванні былі як заўсёды: нічога па доме не дапамагае, сынам амаль не займаецца. Па шчырасці, жонка, вядома, мела рацыю, што ні казала, так яно і было. Але магла ўжо і зразумець: служба ў міліцыі — гэта ні дня ні ночы. У любы час чакай трывогі. Ніхто не прымушаў яго, сам такую службу выбраў. І калі жаніўся, папярэджваў жонку. Хоць, канечне, яе таксама трэба зразумець. Яна пасварыцца, пасварыцца, але ж і сустрэне дома як найлепш. Усё-ткі размова з жонкай яго трохі разнервавала, зблытала ўсе думкі. Успомніў, што збіраліся з Батурам абмеркаваць план сваіх дзеянняў. Ладна, трэба пачакаць званка ад Куско. А раптам даведаецца нешта такое, што адразу зрушыць расследаванне з мёртвай кропкі. Бо фактычна, яны і застаюцца яшчэ на мёртвай кропцы. Што ў іх ёсць: дзядзька з вусамі ці без вусоў, парваная пальчатка... Матацыклы, якіх не знайшлі, і машына. Гэта ж не іголка, у стозе сена не схаваеш. Хоць бывае і такое. Летась у суседнім раёне ў начальніка ПМК меліярацыі ўкралі «Волгу», і ніякіх слядоў. Зусім выпадкова ў Літве — літоўская міліцыя рабіла вобыск на хутары ў аднаго дзядзькі, шукалі крадзенае золата з ювелірнага магазіна,— у стозе сена знайшлі гэтую машыну. Перафарбаваную, без нумароў. Так што, хто ведае, мо стаяць сінія «Жыгулі» Шантыкоў дзе-небудзь на лузе ў стозе сена, і калі надарыцца тая выпадковасць, якая верне машыну гаспадарам. Застаецца толькі шукаць...

 

6

Куско пазваніў раней, чым чакаў Алесь. Аж захліпваючыся ад радасці, пачаў дакладваць. Толькі Алесь адразу перапыніў і спытаў — яго ніхто не чуе?..

— Не, што вы! Я тут з кабінета начальніка аддзела кадраў. А ён зараз на сходзе. Значыць, так, Алесь Пятровіч, партыю пальчатак у колькасці тысячы штук аддзел рабочага забеспячэння набыў у хоцінскім быткамбінаце. Точна як вызначыў Гурскі. Атрымалі яны пальчаткі месяц назад. Загадчыца склада Марфа Канстанцінаўна Піраговіч сказала, а я праверыў усё па паперах. Пальчаткі выпісалі сабе Лысагорскае лясніцтва, будаўнічы ўчастак, цэх па вырабе мэблі, а таксама па асабістым распараджэнні дырэктара леспрамгаса — геалагічная партыя, якая нешта шукае ў Выганаўскім лесе. Я паказаў нашу пальчатку Піраговіч, і яна прызнала, што гэта, магчыма, з іхняга склада. Але ж маглі прыдбаць у хоцінцаў пальчаткі і іншыя арганізацыі. Я ўзяў для ўзору са склада яшчэ пальчаткі. Няхай Гурскі іх параўнае.

— Малайчына. Едзь сюды, папярэдзь кладаўшчыцу, каб нікому нічога,— загадаў Алесь.

Так, трэба неадкладна паслаць тэлеграму ў Хоцінск, хай там высветляць хлопцы, каму яшчэ збываў цэх пальчаткі гэтай партыі. І менавіта арганізацыям нашай вобласці. Не мог жа невялічкі цэх вырабіць надта шмат пальчатак. Ярусь ведаў аб’ёмы вытворчасці быткамбіната свайго раёна, і, магчыма, яны такія ж, што і ў Хоцінску.

Да вечара не паступіла ніякіх значных звестак і ад ДАІ. Толькі інспектар Гарахавец перадаў у райаддзел, што па яго знаку не спыніўся матацыкліст. Паспрабаваў дагнаць, але ён некуды знік у лесе. Гадзіну ездзіў Гарахавец па дарозе, якая прымыкала да гэтага ўчастка лесу, так нікога і не дачакаўся. Інспектар паспеў заўважыць, што за рулём матацыкла быў хлопец, мабыць, гадоў дваццаці пяці — дваццаці сямі. Апрануты ў чорную ватоўку. На нагах былі ў яго кірзавыя боты.

Ярусь запісаў інфармацыю ў блакнот, але падумаў, што наўрад ці гэта той, каго шукаюць яны. Ад інспектара ДАІ, бывае, уцякаюць і маладыя і старыя, і не толькі на матацыкле. Урэшце, хай гэты факт застанецца ў блакноце. Значыць, уцёк ён ад Гарахаўца на ўчастку дарогі паміж вёскай Мышкі і павароткай на Застаноўку. Куды ён мог знікнуць? Хіба махнуў цераз лес і выскачыў з другога боку ля вёскі Рэчыца. Магло так быць, а чаму ж і не? Ярусь злавіў сябе на тым, што думае пра матацыкліста, які ўцёк ад Гарахаўца. Проста спрацавала ў душы: любы факт, хоць нечым звязаны з расследаваннем, зберагчы і асэнсаваць у лагічным ланцужку, які пачаў складвацца. Гэты ланцужок можа быць вельмі доўгі і здольны рвацца не раз.

Пад вечар ад таго ж Гарахаўца зноў атрымалі паведамленне. За трыста метраў ад дарогі каля вёскі Застаноўка ў кустах знайшоў раму матацыкла «Іж-юпітэр». На раме нумар аднаго з украдзеных матацыклаў.

— Яўген Іванавіч, а Яўген Іванавіч? — звязаўся Алесь па селектарнай сувязі з Батурам.— Знайшлі раму матацыкла, мо пад’едзем на месца?

— Не супраць, толькі вазьмі і Гурскага. Хай будзе і ён.

Ну што ж, гэта ўжо і няблага. Хоць толькі рама, але ўсё роўна след. Злачынец жыве ў вёсцы ці ў райцэнтры, пакуль не вызначыш, але ясна, што ён недзе тут, недалёка. Мо зараз едзе па вуліцы. Ярусь ажно агледзеўся: матацыклісты, машыны. Людзі едуць ужо, напрацаваўшыся, стомленыя, дахаты. А нехта з гэтай армады, можа, рыхтуе новае злачынства. І дзе яно здарыцца, ён, начальнік крымінальнага вышуку, на жаль, не вызначыць.

— Ты здагадаўся паслаць запыты ў Хоцінск наконт пальчатак? — спытаўся Батура ў Алеся.

— А як жа ж, адразу.

— Ведаеш, нешта не прыпомню ў нашым краі такога аматара матацыклаў. Прынамсі, з тых, хто адседзеў раней. Я ўжо і картатэку перагледзеў нашага «актыву», няма сярод іх такіх спартсменаў. Хіба мо хто з іх перакваліфікаваўся?.. Заходзіў да мяне начальнік райаддзела, у цябе не быў?

— Не, не быў...

— Кажа, пытаўся пра гэту справу першы сакратар райкома партыі. Маўляў, грамадскасць турбуецца. Крадуць матацыклы, машыны. Ледзь не банда дзейнічае. Я паабяцаў, што мы хутка зловім гэтага аўтааматара. А ён ужо і не толькі аўтааматар, а і рэцыдывіст. Знялі ўжо адбіткі пратэктара каля рамы. Аднолькавыя, што і ля магазіна. Значыць, сапраўды адна банда... Ведаеш, мяне зацікавіў факт уцёкаў матацыкліста ад Гарахаўца. Як ён табе?

— Здаецца, не надта...— паціснуў плячыма Алесь.

— А я адчуваю сваім вопытным старым носам, штосьці тут ёсць,— Батура дастаў з партфеля бутэрброд.— Бяры еш, бо я яшчэ і не вячэраў.

— Не, дзякуй, не хачу. Я трохі перакусіў.

У партфелі Батуры бутэрброды былі заўсёды, як ён казаў, на выпадак трывогі. Не раз з гэтага партфеля падмацоўваўся скібкай хлеба з кілбасой альбо салам і Алесь. Толькі сёння яму есці не хацелася. На вуліцы, пакуль чакаў Батуру, праглынуў піражок з мясам і выпіў шклянку ліманаду.

Паглядзелі ў лесе раму ад матацыкла, Гурскі сфатаграфаваў, і забралі з сабой. За два крокі ад яе знайшлі ключ дванаццаць на чатырнаццаць, яшчэ новы, але з крыху збітымі краямі. Аднак, як ні дзіўна, ні на раме, ні на ключы не было адбіткаў пальцаў. Усё чыста, і следу няма, быццам папрацаваў прафесіянал высокага класа. Няўжо рэцыдывіст-гастралёр, які доўга ў раёне не затрымаецца? Знікне гэтак жа нечакана, як і з’явіўся, калі толькі не паспеюць узяць яго. Знайшоў Гурскі і сляды, таксама зрабіў адбіткі: злачынца быў у кірзавых ботах сорак другога памеру. Мяркуючы па падэшве, боты былі яшчэ новыя, ледзь не са склада.

 

7

Ужо ўвечары сабраліся ў начальніка райаддзела. Падпалкоўнік паўтарыў, што казаў Батура: райком партыі патрабуе найхутчэй закончыць следства і, галоўнае, злавіць злачынцу. Праз дзень было запланавана свята раёна, і ўсе рыхтаваліся да яго. Чым парадуе людзей міліцыя? Пакуль нічым. Нават невядома — «свой» злодзей ці «турыст», дзе ён хавае крадзенае.

Столькі знікла матацыклаў, сінія «Жыгулі» (даплюсавалі, значыць, сюды і «Жыгулі», падумаў Ярусь), і нічога, акрамя рамы, не знайшлі. Трэба, нарэшце, абследаваць кожны квартал лесу, усе вёскі. Калі трэба — і гаражы. Зрабіць гэта ўсё па законе, каб ні чым не пакрыўдзіць сумленных людзей. Правесці аперацыю разам з грамадскасцю.

— У нас жа шмат значыцца на паперы дружыннікаў, хай дапамогуць леснікі. Яны лепш, чым хто, ведаюць сваіх людзей,— сказаў Батура.

— Ну што ж,— згадзіўся начальнік райаддзела,— я так і буду дакладваць першаму сакратару райкома партыі. Ён, дарэчы, папрасіў зайсці да яго ў дваццаць нуль-нуль, павінен вярнуцца з раёна. Будзем прасіць дапамогі грамадскасці, але з нас ніхто адказнасці не здымае. Калі ласка, як мага актывізуйце сваю дзейнасць.

Праз акно было відаць, што неба амаль ачысцілася ад хмар. Пасля столькіх дзён дажджоў нарэшце, мусіць, дачакаліся і добрага надвор’я. Мо к адпачынку і зусім яно ўсталюецца, падумаў Ярусь. Хоць трохі на сонцы сына пагрэю. Абрыдла ўжо гэтая сырасць, дый палі ўсе ў вадзе. Зноў будзем, пэўна, у калгасе сена касіць і жыта сушыць уначы. «Шэфская работа — вельмі важная справа»,— скажа падпалкоўнік і яшчэ падыме ўгору палец, як гэта робіць першы сакратар райкома партыі. Важная, канечне, але за нас лавіць зладзеяў не будзе ніхто.

Пагаварылі, атрымалі ўказанні, але што далей рабіць — ім вырашаць самім.

Вярнуўшыся ў свой кабінет, Алесь прысеў за стол. У гэты момант адчыніліся дзверы — зайшоў лейтэнант Куско.

— Дзе так доўга быў? — адразу спытаў яго, хоць і не варта было. Проста на душы сумота, і такі стан — не ведаеш, за што хапацца. А калі на свята здарыцца што-небудзь сапраўды? — Сядай, расказвай.

— Я ж не гуляў гэты час,— відаць, пакрыўдзіўшыся, сказаў Куско,— займаўся тым, што даручылі, Алесь Пятровіч.

— Ладна, не злуй...

— Значыць, так, Алесь Пятровіч. Маючы ў руках машыну, я паспеў ужо аб’ехаць будаўнічы ўчастак і цэх па вырабе мэблі. Як і сказала кладаўшчыца Піраговіч, яны атрымалі па дзвесце пяцьдзесят штук пальчатак. Прывезлі да сябе шаснаццатага, гэта значыць, на тым тыдні ў сераду. Там, на ўчастку, пальчаткі яшчэ ляжаць у складзе, усе ў наяўнасці. Двойчы пералічыў і нават склаў пратакол — зірніце, калі ласка... У цэху па вырабе мэблі трохі іншая справа. Там учора дзесяць пар пальчатак аддалі рабочым. Але, на наша шчасце, усе яны былі ў цэху. І я агледзеў кожную пару. Таксама склаў пратакол, пазнаёмцеся. На іх пальчатках былі пячаткі хоцінскага быткамбіната. Засталіся яшчэ Лысагорскае лясніцтва і геолагі. Вось і ўсё...

— Ну і малайчына, зрабіў нямала. Зараз пацікавімся наконт тэлеграмы ў Хоцінск.— Ярусь набраў нумар дзяжурнага па райаддзеле: — Васільевіч, ці не было нам тэлеграмы з Хоцінска?

— Якраз паўгадзіны як атрымалі,— гудзе з трубкі бас дзяжурнага, і Куско чуе ўсё, што ён кажа.— Так, так, вось... Магу прачытаць?..

— Чытай, чытай...

— Акрамя вашага раёна пальчаткі гэтай партыі адасланы ў Віцебскую вобласць: пяцьсот штук — Гарадоцкі раён і чатырыста — Лёзненскі. Па дамоўленасці паміж арганізацыямі. Зразумеў?

— Усё зразумеў. Дзякуй. Зараз тэлеграму забярэм.— Алесь паклаў трубку.— Вось так, даражэнькі. Уяўляеш, калі гэта «турыст»? Закапаемся ў гэтай справе. Чакаць, пакуль зноў сябе дзе-небудзь не раскрые?.. Вось што: заўтра з раніцы я сам з’езджу да геолагаў і ў Лысагорскае лясніцтва. Дарэчы, ты не ў курсе, колькі часу ўжо гэтыя геолагі ў нашым раёне?

— Здаецца, летась яны былі тут.

— А дакладна?

— Зараз успомню... У іх укралі падлеткі веласіпед, і я па вашым загадзе, Алесь Пятровіч, шукаў яго... Значыць, яны ў нашым раёне з красавіка мінулага года. На зіму ад’язджаюць дахаты. Яны трымаюць вартаўніка з суседняй вёскі Алешыны. Гэта — дакладна. У мяне нават дзесьці захаваўся блакнот. Пашукаць?

— Не, не трэба. О, палова дзевятай. Час ужо нам, братачка, і па хатах. Бо жонкі не пусцяць,— сказаў Ярусь і адразу з сумам падумаў, што не завёў сына да ўрача. А калі захварэе? Заўтра абавязкова трэба завезці, а мо жонка вызваліцца з працы раней? Мо пазваніць ёй, ужо ж, пэўна, яна з сынам дома. Не, час ісці дахаты.

— Ну, дык пайшлі, Алесь Пятровіч,— падняўся з крэсла Куско.

 

8

Як і чакаў Ярусь, дзень пачынаўся прыгожы, светлы. На небе ні воблачка. Нават не верылася, што запар амаль два тыдні ліў дождж. Як адразу змянілася ўсё ў прыродзе: было пахмурна, цёмна, а цяпер зазіхацела, здалося, фарбамі вясёлкі, нават твары ў людзей сталі больш прыветныя і радасныя. Мо надвор’е паўплывала на настрой і жонкі, была яна лагодная і, як звычайна, не сварылася на Алеся. Святлей неяк было і ў яго на душы, хоць учарашні клопат не даваў надта і спакою. Уночы кепска спаў, усё думаў, прыкідваў у галаве розныя версіі і выехаў з дому рана: на вуліцах яшчэ былі рэдкія прахожыя. А гэтак рана ён сабраўся, таму што да Лысагорскага лясніцтва нямала часу ехаць, як-ніяк пяцьдзесят кіламетраў, а на дарогах вада. Дый летам людзі ў канторах надта не затрымліваюцца, да восені ўжо нядоўга, а зрабіць трэба яшчэ — ой, колькі, каб своечасова ўправіцца.

Яму з райаддзела не званілі. Калі б нешта важнае здарылася, патурбавалі б. Алесь вырашыў пазваніць дзяжурнаму альбо Куско адтуль з Лысагорскага лясніцтва. Прынамсі, лейтэнант быў у курсе, што ён спярша туды едзе, а потым — да геолагаў.

Зноў дарогай бурчэў вадзіцель, скардзіўся, што не хапае бензіну, на кепскі рухавік, які даўно трэба спісаць, каб нікому не псаваў нерваў. Але новую машыну абяцалі прыслаць толькі на схіле года, а гэта значыць — у пачатку будучага.

Мала-памалу, але за гадзіну дабраліся да лясніцтва. Пашанцавала: на месцы быў ляснічы дый астатнія людзі не паспелі раз’ехацца. Толькі што скончылася нейкая чарговая нарада. Хаця ўжо на шчыце вісела аб’ява: лекцыя аб міжнародным становішчы на сучасным этапе. Алесь толькі кінуў позірк на аб’яву, і ў памяці засталося прозвішча лектара. Спатрэбіцца гэты факт альбо не — Алесь, канечне, яшчэ не ведаў, але прывучыў сябе нават такія дробязныя, здаецца, дэталі запамінаць. Былі выпадкі ў ягонай практыцы, што менавіта дробныя факты пасля дапамагалі звязаць лагічны ланцужок у следстве.

Ён нічога не тлумачыў ляснічаму, пажылому чалавеку, які, пэўна, прывык ужо ў жыцці да найверагоднейшага, а адразу загаварыў пра пальчаткі. Той выклікаў з бухгалтэрыі жанчыну, і яны разам пайшлі ў невялічкі складзік-хлявок, у якім, мусіць, стаяў і конь, бо моцна пахла конскім потам. А ў кутку на сцяне віселі дзве пары лейцаў, адны з іх новыя, дуга і два хамуты. Адзін без супоні. Усё гэта паспеў заўважыць Ярусь, але больш за ўсё яго зараз цікавілі пальчаткі, з шэра-зялёнага брызенту, звязаныя ў тры таўставатыя стосікі.

— Колькі іх у вас? — спытаў ён у жанчыны.

— Роўна сто пяцьдзесят штук... Можаце пералічыць. Я нікому яшчэ не выдавала.— Нібыта прасіла яна прабачэння ў Яруся, пачырванела.— Мы пакуль не выкарысталі леташні запас. Але тут прапанавалі, дык думаю, чаму б не ўзяць.— Цяпер яна паглядзела на ляснічага. Ён кіўнуў галавой, падтрымліваючы яе. Калі б ведала жанчына, як узрадавала гэтымі словамі Алеся.

Яны перагледзелі і палічылі пальчаткі хутка. І Алесь, падзякаваўшы за дапамогу, збіраўся ад’язджаць. Спытаў толькі, ці не званілі яму з райаддзела. Званкоў не было, але ў той момант, калі ён ужо стаяў ля машыны, яго паклікалі да тэлефона. Вяртаючыся назад, папікнуў сябе за тое, што сам думаў пазваніць у аддзел, а не зрабіў гэтага. Сэрца ёкнула: мо што здарылася зноў. Ён асцярожна прыклаў трубку да вуха.

— Слухаю, капітан Ярусь. Хто? Нічога не чуваць,— гукнуў ён, бо чуў толькі пакуль хрып і шчоўканне.— Сувязь у нас, проста нерваў не хапае ўжо,— сказаў ён, і ляснічы паспачуваў яму, пахітаўшы галавой. Гэты маўчун гаварыў мала, Алесь пачуў ад яго за гадзіну, што знаходзіўся ў лясніцтве, толькі некалькі слоў.— Перазваніце, калі ласка.— Ён паклаў на апарат трубку і пачаў чакаць.

На гэты раз Алесь выразна пачуў голас лейтэнанта Куско, які таропка сыпаў словамі, як гарохам. За адну хвіліну ён сказаў столькі, што проста ашаламіў Алеся.

— Тэрмінова выязджайце ў вёску Мышкі. У сярэднюю школу. Узламаны пакой зброі. Украдзены дробнакаліберныя вінтоўкі... Да нас выехаў начальнік аддзела крымінальнага вышуку абласнога ўпраўлення. Вось-вось павінен пад’ехаць намеснік начальніка ўпраўлення палкоўнік Казючыц. Дэталі — на месцы.

— Ясна, ясна,— толькі і прамовіў Ярусь, бо ад гэтай інфармацыі ажно кальнула ў сэрцы. Зброю ўкралі перад раённым святам, на якім будуць сотні людзей. А што ў гэтага бандыта ці банды ў галаве. А раптам...

Сеўшы ў «Масквіч», загадаў вадзіцелю ехаць як мага хутчэй. Той нешта буркнуў пра дарогі, старыя амартызатары, але Ярусь так зірнуў на яго, што вадзіцель змоўк і пагнаў машыну, нягледзячы ні на калдобіны, ні на лужыны.

Няўжо тыя самыя зладзеі, што і ўкралі матацыклы, «Жыгулі», абрабавалі магазін, думаў Алесь. Значыць, яны ці ён увесь час апярэджваюць нас, а мы бяжым, бяжым і не можам дагнаць. А калі гэта той матацыкліст? На матацыкле шась у адну вёску, назаўтра — У другую і на процілеглым баку раёна. Цікава, а як у суседніх раёнах? Няўжо ён лётае толькі па нашым? Не можа такога быць, раптам падумаў Ярусь. Ён жа, відаць, не дурань і разумее, што шанцаў трапіць у рукі міліцыі ў адным раёне больш, чым калі дзейнічаць у некалькіх. І гэта ўжо небяспечна, раз у ягоных руках зброя. Заўтра ж раённае свята, на якое запрасілі гасцей з Мінска, з вобласці і нават сяброў з Літвы. Жонка казала, што артысты з Мінска прыехалі. Павінен быць і Яраслаў Еўдакімаў, і «Песняры», і Святлана Кульпа. Грошы заплацілі, пэўна, немалыя, людзі рыхтуюцца.

Мо райком адменіць свята... А раптам... Невялікая ўсё-ткі падзея — раённае свята. Абвясціць, што ў сувязі з кепскім надвор’ем і што не скончана ўборка, свята адбудзецца ўвосень, разам са святам ураджаю. Урэшце, вырашаць першаму сакратару, кіраўніцтву раёна. А Ярусь, калі яго спытаюць, выкажа свае меркаванні.

У Мышках ля школы і ў пакоі, дзе захоўвалася зброя, ужо было з дзесятак міліцыянераў. Некаторыя ў цывільным. Начальнік райаддзела дапытваў немаладога вайскоўца, старшага лейтэнанта, злаваўся, а той ціха апраўдваўся. Хоць наўрад ці была тут ягоная віна. Пакой абсталяваны, як напісана ў інструкцыі, гэтак жа зроблена і ва ўсіх школах раёна, дзе выкладаецца пачатковая вайсковая падрыхтоўка. Нездарма людзі кажуць, што ад злодзея не ўратуешся ніякім замком. Канечне, трэба, каб была тут сігналізацыя. А яе няма альбо не працуе, як і ў магазіне. Дый, пэўна, праспаў школьны вартаўнік. Яго ж ломам не біў ніхто па галаве. Як здолеў гэтак незаўважна злачынец залезці ў пакой са зброяй?

Выпадак, канечне, быў вельмі сур’ёзны і небяспечны: зніклі чатыры дробнакаліберныя вінтоўкі, да іх паўтары тысячы патронаў і таксама дробнакаліберны пісталет. Тры вучэбныя аўтаматы злодзей пакінуў. Няйнакш вырашыў не траціць на іх час, ці мо які іншы матыў у яго быў, цяжка сказаць.

— Вы разумееце, таварыш капітан, складанасць сітуацыі?! — загрымеў, здалося, па ўсёй школе голас падпалкоўніка.— З-за вашай марудлівасці ўжо гэная банда атрымала зброю ў рукі. Разумееце, што гэта такое?! Час ідзе, а ў нас ніякіх змен ні па матацыклах, ні па магазіне... Мая думка: трэба перакрыць усе дарогі ў раёне і праверыць кожны матацыкл, кожную машыну. Інакшага выйсця не бачу. Да нас вось-вось пад’едуць таварышы з вобласці і рэспублікі. Як разумееце, крадзеж зброі — гэта не абы-што, пагроза грамадству, жыццю людзей. Зараз жа пачынаем аперацыю па праверцы ўсяго транспарту.

— Таварыш падпалкоўнік,— дачакаўшыся, калі начальнік райаддзела змоўкне, сказаў Ярусь.— Нам трэба пацікавіцца ў суседзяў, як у іх з крадзяжом матацыклаў, машын, па магазінах...

— Мы пра гэта ўжо гаварылі з намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення палкоўнікам Казючыцам. Ён мае такую інфармацыю. Акрамя таго, па ягоным загадзе да нас таксама едуць начальнікі райаддзелаў. Вось так... Урэшце апошняе: наша дзейнасць зараз на кантролі міністра ўнутраных спраў рэспублікі. Ёю цікавяцца ў ЦК. Так што, мяркую, таварыш Ярусь, пакажаце ўсім узор вышуковай работы.

Ён мармытнуў нешта сабе пад нос, убачыў задумлівы погляд Батуры, які сядзеў у кутку пакоя на табурэтцы. Відаць было, што чакаў, калі начальнік райаддзела скончыць сваю прамову.

— Ведаеце што,— прамовіў ён, па-ранейшаму чамусьці пільна гледзячы на Яруся.— Раз збіраецца такая сіла, дык мо зоймемся кожны сваёй справай?

— Што маеце на ўвазе? — перапыніў падпалкоўнік, нервова ўзмахваючы рукой.— Зараз тут будзе намеснік начальніка абласнога ўпраўлення...

— Ну і выдатна! — стаяў на сваім Батура.— Начальству лепш відаць, дзе яму быць. Я хачу вось пра што: усё-ткі нам трэба давесці да канца з пальчаткамі. Як я зразумеў, Ярусь толькі што з Лысагорскага лясніцтва. Засталіся толькі геолагі. Хай ён ужо скончыць праверку з гэтымі пальчаткамі.

— Ладна... Едзьце, Алесь Пятровіч,— падпалкоўнік чамусьці адразу згадзіўся з Батурам, хоць не любіў, калі яму нехта з падначаленых падказваў. Ён лічыў, што камандаваць павінен толькі начальнік. Да пенсіі заставалася гадоў пяць, і падпалкоўнік вельмі раўніва ставіўся да падначаленых.— Толькі ад геолагаў адразу ў райаддзел. Дзейнічайце аператыўна, зараз у нас кожная хвіліна будзе ацэнена ўверсе,— ён паказаў пальцам угору.

Ну што ж, падпалкоўніка можна зразумець як чалавека. А як міліцыянера...

Ён робіць усё правільна, і таксама няма яго за што ўпікнуць.

 

9

«Ай, усялякае ўжо было ў жыцці,— думаў Ярусь.— Высветлім нарэшце і тут. Высветлім... Вось толькі хутчэй...» У якія ён толькі не трапляў сітуацыі, але ж усё канчалася нармальна. Як яно будзе заўтра ці нават сёння праз гадзіну — ніхто не ведае. Унь тры месяцы назад яго нават пахваліў міністр унутраных спраў, і прыёмнік «ВЭФ» стаіць як памяць пра тую аперацыю. А магло і не быць... Магло. Проста так атрымалася, што рэцыдывіст, які ўцёк з лагера, апынуўся ў іх раёне. Тады пазваніў сам палкоўнік Казючыц. Маўляў, зрабі што хочаш, але затрымай яго. Бандыт валодае прыёмамі самба. Некалі меў званне кандыдата ў майстры спорту, вельмі небяспечны пры затрыманні. Мянушка Хірург. Зараз у яго пашпарт на Карнеева Паўла Кузьміча, 1943 года нараджэння. Знаходзіцца ў вашым раёне, але дзе — невядома. Шукай і знайдзі!

Такое, канечне, бывае раз у жыцці. Прынамсі, не часта. Начальнік райаддзела разаслаў групы па месцах, дзе збіраліся звычайна аматары лёгкага жыцця, а ён вырашыў зазірнуць у гасцініцу. Нават і не думалі, што можа пайсці туды. Аднак гэты Хірург быў настолькі нахабны, што якраз пайшоў менавіта ў гасцініцу, якая была за два крокі ад райаддзела. Адразу за райкомам партыі. Псіхолагам быў, амаль дакладна ўлічыў, як будзе паводзіць сябе міліцыя, дзе яго шукаць. А яны пры абмеркаванні аперацыі так і не падумалі пра гасцініцу. Начальнік райаддзела катэгарычна заявіў, што Хірурга трэба шукаць на ўскраіне.

Усе групы раз’ехаліся па сваіх адрасах, і Алесь з Куско сабраліся ехаць. Але пазваніла жонка лейтэнанта, ёй раджаць якраз надышоў час. І бледны, перапалоханы Куско папрасіў хвіліну, каб завезці жонку ў бальніцу. Такі момант, ён, канечне, дазволіў. Мо ўсё-ткі і пачакае Хірург. Так і падумаў: пачакае. Наўрад ці будзе ён некуды бегчы зранку. Тым больш іхні раён у яго прамежкавы этап. Па інфармацыі з абласнога ўпраўлення, Хірург ішоў некуды на Украіну. Урэшце было ясна куды: да Чарнаўцоў, адкуль быў родам.

Куско памчаў на машыне па жонку, а Ярусь паходжваў па вуліцы, нават не падумаўшы, што выкліча гнеў начальніка. І калі падумаў, якраз стаяў перад гасцініцай, старэнькай, яшчэ пасляваеннай пабудовы, адышоўшы трохі ад міліцыі. Прачытаў шыльду, у галаве нешта варухнулася, і ён пашыбаваў у будыніну. Адміністратарка Валя Швец, жончына аднакласніца, убачыўшы яго, усміхнулася:

— Мо Алена прагнала, у нас жыць будзеш?..

— Не, дзякую богу, не,— адказаў, а ў галаве ўжо, як свярдзёлак, круцілася, проста цягнула да стосіка дакументаў, якія ляжалі справа ад Валі. Аднак ён авалодаў сабой і вельмі спакойна, амаль абыякава спытаў:

— Валечка, у цябе няма госця па прозвішчы Карнееў? Карнееў Павел Кузьміч.

— Зараз глянем,— пагартала, пагартала паперы і проста сказала: — Ёсць. Што, твой знаёмы?

— Мой, Валечка. Нават вельмі блізкі. У якім ён нумары?

— Пяты нумар. З ім жонка... Карнеева Соф’я Іванаўна. Гэта на другім паверсе, адразу злева...

...Канечне, так бывае раз у жыцці, падумаў Ярусь. Яны ўжо ехалі лесам. Вось што значыць пясочак: два тыдні ішоў дождж, а за якую ноч, як распагодзілася, падсохла, і дзень-другі — стане зусім суха. Да геолагаў яшчэ было кіламетраў дваццаць. Хоць бы на месцы яны былі. Калі б паслаў Куско, дык зараз сядзеў бы на нарадзе. І Куско ў геолагаў ведаюць... Якая розніца, праверу — і назад.

Ярусь прыплюшчыў вочы, і ў галаве зноў малюнак: Валя Швец за сталом, і ён радасна ўсміхаецца, пачуўшы, што Карнееў Павел Кузьміч на другім паверсе, у пятым нумары. І амаль інстынктыўна рука палезла пад пінжак да пісталета. У Карнеева быў пісталет «ТТ», некалькі абоймаў патронаў і нож. Яму чалавека забіць, што раз плюнуць і расцерці. Мо пазваніць у аддзел? Але ж там, акрамя дзяжурнага, мусіць, нікога няма. Усе на аперацыі. Ну, хіба нампаліт на месцы і яшчэ той-сёй.

— Нешта доўга спіць мой знаёмы,— сказаў ён Валі, зірнуўшы на гадзіннік: ужо была палова дзесятай.— Вось што. Ты пастой на вуліцы. Як пад’едзе лейтэнант Куско... Знаеш яго? Малады, бялявы?

— Ну, ведаю, ведаю...

— Кажы, хай ідзе сюды. А я пайду будзіць сябра,— прамовіў Алесь: яна зразумела, пра каго гаворыць ён.

— Ой, я баюся,— амаль прашаптала Валя, у яе пабялелі вусны.

— Спакойна, ідзі на вуліцу і чакай Куско.

Ён падняўся па скрыпучых драўляных прыступках на другі паверх. Амаль не дыхаючы, падышоў да дзвярэй пятага нумара. Як добра, што нікога не было ў калідоры, перашкаджалі б толькі. Спярша думаў раптоўна расчыніць дзверы і ўскочыць з крыкам: «Рукі ўгору!» А калі Павел Кузьміч зараз сядзіць за сталом, а збоку — пісталет? Якая з ім жонка, зразумела. Такая ж, як і ён. Здалося, па ўсім калідоры чулася, як тахкае сэрца, пульсуе кроў. Напружаннем волі ён супакоіў сябе, і цела яго напялася, як спружына. Лёгенька крануўшы рукою дзверы, здзівіўся, што яны адразу скрануліся з месца. «Ай, малайчына, Камар!» — у думках падзякаваў ён начальніку камунгаса раёна за добра змазаныя дзверы і мацней націснуў на іх. І ледзь не зарагатаў, калі з пакоя пачуў магутны храп і тоненькі, свіст. Тады Ярусь упэўнена адчыніў дзверы, у якіх з унутранага боку тырчэў ключ, але яны былі незамкнёныя. Відаць, гаспадары настолькі загулялі, што зусім забыліся пра небяспеку.

На стале сярод рэшткаў закусі стаялі пустыя і поўныя бутэлькі. Вопратка на падлозе, а гаспадары на ложку. Хірург — даволі малады яшчэ мужчына, бялявы, з поўнымі ружовымі вуснамі. Ён спаў, раскінуўшы ўшыркі рукі, нібы збіраўся абхапіць імі ўсю прастору. Побач ляжала, падкурчыўшы пад сябе ногі, дзяўчына. Прыгожая, чорнавалосая. Як дзіцё прыцмоквала вуснамі і тоненька свістала. Стаяў над імі Ярусь і думаў, што, спаткаўшы іх на вуліцы, глядзеў бы з захапленнем, парадаваўся. Але ж, на жаль, унь як бывае ў жыцці. Ляжаць перад табой злачынец і яго сяброўка, якая, пэўна, таксама з гадзючай душою.

Ён засунуў руку пад падушку і намацаў пісталет. Так і ёсць — «ТТ». Пасля знайшоў нож, патроны. І толькі тады, звёўшы рукі ў Хірурга разам, зашчоўкнуў на іх наручнікі. Той нават не паварухнуўся, храп не зменшыўся. «Ладна, паспіце»,— падумаў з іроніяй і пайшоў з нумара ўніз...

Так, канечне, бывае раз у жыцці. А вось з матацыклістамі яшчэ нічога невядома пакуль.

— Колькі, Іван, засталося нам да геолагаў? — загаварыў да вадзіцеля, маладога сяржанта. У міліцыі ён з мая, адразу пасля арміі. Маўчыць усю дарогу, як вады набраў у рот.

— Кіламетраў чатыры, Алесь Пятровіч.

— Не надакучыла яшчэ міліцыя, Іван?

— Не, мала служу...— засмяяўся сяржант. Дарога завіхляла, замітусілася ўлева-ўправа, паваротка — і машына выскачыла на прасторную паляну. Пасярэдзіне паляны тры вагончыкі, студня, і, здаецца, больш нічога. Не, метраў у трыццаці, ля соснаў, хлявок з аполкаў. Дзверы на чорным вялікім замку. Што яны там трымаюць? Відаць, нейкае абсталяванне. Хоць былі б на месцы. Калі няма, дзе ж ты іх зараз знойдзеш. Тады чакай да вечара. А ўвечары... Ага, здаецца, дзверы ў адным вагончыку адчынены. Точна адчынена. І ля акна нехта сядзіць. Сядзіць спіной. Павярнуўся, ага, ёсць людзі. Зусім добра, проста выключна, падумаў Ярусь, узрадаваны, што ўжо цяпер з пальчаткамі ён высветліць да канца.

 

10

У вагончыку было двое: малады, коратка падстрыжаны хлопец гадоў дваццаці пяці са светлымі вусікамі пад кірпатым носам і сівы ўжо дзядзька з барадой. Ён сядзеў за сталом і нешта пісаў, перамаўляючыся з маладым. Калі Ярусь стаў на парозе, у яго твар быў разгневаны, амаль раз’юшаны. Мо яны сварыліся, альбо старэйшы дакараў маладзейшага, але Ярусь не зразумеў, бо з яго з’яўленнем гаворка ў вагончыку спынілася. На яго глядзелі дзве пары насцярожаных вачэй. Хлопец усміхаўся толькі, а барадаты пазіраў нелюдзіма. Маўляў, што патрэбна, якое ліха прынесла цябе сюды. І Ярусь чамусьці ў апошні момант вырашыў адразу нічога не тлумачыць, ён прыветна павітаўся, пахваліўшы ўтульнасць жылля, і спытаў начальніка партыі.

— Ну я,— па-ранейшаму нелюдзіма прамовіў барадаты.— А што вам патрэбна?

— Мне б хацелася з вамі сам-насам,— сказаў Ярусь.

Мо гэтыя словы прагучалі нахабна ці абразліва, толькі барадаты незадаволена закрахтаў, ляпнуў стылом, але ўсё-ткі выйшаў з-за стала. Спыніўся пасярэдзіне вагончыка і рукой паказаў на дзверы.

— Выйдзі, Сяргей, калі ласка. З чалавекам пагаманіць трэба.

Калі хлопец пакінуў вагончык, зноў сеў за стол і, не гледзячы на Яруся, прабурчэў:

— Ну, слухаю. Хто вы такі?

Ярусь разгарнуў перад ім сваё пасведчанне. Барадаты доўга вывучаў і нібы палагоднеў, у яго пасвятлеў твар.

— Думаў, зноў якія рэвізоры з упраўлення. Абрыдлі яны мне во як... Маё прозвішча Насонаў Іван Яўсеевіч. Што хоча знайсці міліцыя ў нашай партыі?

«Нечым чалавек быў расхваляваны. Штосьці здарылася...— падумаў Ярусь.— У кожнага свае праблемы».

— Мне трэба высветліць адну драбязу, Іван Яўсеевіч,— сказаў ён,— зусім драбязу, але як найхутчэй. Каб у вас не займаць часу, ну і ў мяне яго няшмат. Як разумееце... Тыдні два назад ваша партыя атрымала ў аддзеле рабочага забеспячэння леспрамгаса пяцьдзесят спяцовак, пальчатак. Мне іх трэба пабачыць...

— Хм... Так, мы атрымалі гэтыя пальчаткі. Хоць забеспячэнне ў нас па сваёй лініі някепскае. Проста нам прапанавалі, мы і ўзялі.

— Я супраць гэтага нічога не маю. Проста хачу іх паглядзець. Яны ў вас у складзе ці на руках?

— Ведаеце, такой драбязой я амаль не цікаўлюся. Хоць, здаецца, яны ў складзе. Але на гэта нам лепш адкажа Сяргей. Унь што сядзеў тут. Ён у нас узрыўнік і па сумяшчальніцтве загадчык склада. А таксама — прафорг. Так сказаць, прадстаўнік грамадскасці. Можа, запросім яго сюды.

— Калі ласка, чаму не,— згадзіўся Ярусь.— Запрашайце.

Насонаў выйшаў з вагончыка і праз хвіліну вярнуўся з маладым. Той быў ужо ў брызентавай куртцы, у джынсах і ў кірзавых ботах. У руках — саламяны брыль.

— Адкажы, Сяргей, капітану, у яго да цябе ёсць пытанне.

— З задавальненнем. Пытайцеся,— Сяргей зняў з сябе брызентавую куртку і застаўся ў тонкай спартыўнай кашулі.

— Пакажыце, калі ласка, пальчаткі, якія атрымалі з аддзела рабочага забеспячэння леспрамгаса.

— І ўсё? — шчырае здзіўленне было на твары хлопца.— Пайшлі...

Ярусь думаў, што Насонаў застанецца ў вагончыку, але ж не, выйшаў з імі. І на яго твары, як і на твары ў Сяргея, было недаўменне і нават расчараванне. Ярусь у душы ўсміхнуўся, яму нечым раптам спадабаліся гэтыя людзі. Мо тым, што дзеля сваёй працы адмовіліся ад элементарных жыллёвых выгод і месяцамі жывуць у гэтых вагончыках. Каб так жыць, трэба вельмі любіць справу, якой займаешся, быць адданым ёй.

Сяргей зняў замок з хлеўчука, расчыніў дзверы. Усярэдзіне было цёмна, толькі праз рэдкія шчыліны там-сям прасекліся танюсенькія сонечныя промні. Сяргей, відаць, думаў, што ён зойдзе ў хлеў, але Ярусь не пайшоў. Чакаў, пакуль той не вынес ахапак пальчатак да парога на святло.

— Вось пальчаткі, а вось накладная на іх,— стаў убаку, пазірае на Яруся і, пэўна, думае, што дажылася міліцыя. Замест таго каб лавіць зладзеяў і бандытаў, займаецца глупствам. Няйнакш гэтак жа мяркуе і барадаты Насонаў. Відаць па твары. Бяры вас халера, што хочаце, тое і думайце, а мы акуратна пералічым усё. Раз-два, раз-два, ужо дваццаць пяць, сорак. Так, сорак сем. Яшчэ раз палічым. Зноў сорак сем. Цікава, а дзе тры пары. Дзіўны чалавек, у людзей на руках.

Выпрастаўся Ярусь, хуценька аформіў пратакол. Потым паляпаў рукой па пальчатках.

— Вы атрымалі пяцьдзесят пар. Тут сорак сем, дзе тры пары?

— Дзе? У людзей, мабыць,— паціснуў плячамі Насонаў.— Так?

— Канечне, у людзей,— сказаў Сяргей.— Людзям жа ў нечым трэба працаваць. Я і выдаваў.

— Каму? — абыякавым тонам пытаўся Ярусь.

— Каму, каму. Ці зараз успомніш? Гэта ж не свідравальны станок альбо не машына? Так, Іван Яўсеевіч?

— Ну, вядома, вядома,— падтрымаў яго той.

— Канечне, не машына,— казаў Ярусь,— але, калі ласка, успомніце. Гэта вельмі важна,— падумаў, казаць ім ці не, што па пальчатцы яны шукаюць злодзея. Вырашыў маўчаць, калі запытаюць, навошта яму гэтыя пальчаткі, скажа: па аддзеле рабочага забеспячэння міліцыя вядзе следства.

— Ну, магу ўрэшце...— пачухрыў патыліцу Сяргей.— Здаецца, прасіў Матузавец Анатоль пальчаткі, Іосіф Пальчук і... Хто ж гэта трэці. Чакайце, чакайце,— ён цмокаў, міргаў вачыма, а потым ляпнуў сабе па калене.— От галава, два вухі. Я ж сам адну пару браў. Вось і ўсё. Што, мо паказаць?

Ярусь кіўнуў галавой. Сяргей зноў нырнуў у змрок хлеўчука і вынес чорную ў бліскучых плямах мазуту ватоўку. З кішэняў яе тырчэлі брызентавыя пальчаткі. Ярусь паглядзеў іх, амаль чыстыя. Пячатка тая ж, што і на ўсёй партыі. Цалюткія, працавалі ў іх мала. Ён вярнуў іх Сяргею.

— Дзякуй. А цяпер астатніх паглядзім...

Насонаў уздыхнуў, развёў рукамі. На яго твары ўжо было спачуванне.

— Іосіф Пальчук адсюль кіламетраў за пятнаццаць, а Матузавец — не менш як за трыццаць. І ў процілеглым баку.

— Што ж рабіць. Паехалі. У нас машына ёсць.

— Можна, Іван Яўсеевіч, я застануся тут,— сказаў Сяргей.— Мне трэба падрыхтавацца на заўтра. Самі ж казалі.

— Так, так... Рыхтуйцеся. Ну што ж, едзем... Здаецца, Алесь Пятровіч?

— Ужо трыццаць пяць гадоў, Іван Яўсеевіч,— весела казаў Ярусь. Як перад небяспекай у яго заўсёды ўзнімаўся настрой, так і чамусьці цяпер. Незразумела, небяспекай і не пахла. Ці не адчуваў ён сябе накшталт сабакі, які нарэшце вынюхаў след? Нават калі і гэтак, дык няблага. Проста ён па гэтым шляху ля фінішу. Добры настрой знікне пасля сустрэчы з Анатолем Матузаўцом. Калі ён, капітан Ярусь, застанецца ні з чым і пра гэта будзе дакладваць у райаддзеле палкоўніку Казючыцу. Якімі вачыма гляне начальнік райаддзела і што скажа пасля... Хай што хоча, тое і кажа. Вельмі разумны, начальнік... Ладна, спакойна.

Дарогай яны з Насонавым расказвалі адзін аднаму анекдоты. І нават маўчун сяржант рагатаў, ехаць было весела. Калі ўбачылі Іосіфа Пальчука, у таго пальчаткі былі на руках. Застаўся адзін Матузавец. Да яго ўжо дабіраліся моўчкі. Прыехалі на балота, дзе ён працаваў. Сонца ўзнялося высока і пякло, пякло. Здалося, лужыны высыхалі ўвачавідкі.

Матузавец сядзеў пад дрэвам і курыў, побач з ім былі яшчэ два дзядзькі. Відаць, рабочыя з тутэйшай вёскі. Убачыўшы машыну, ён узняўся з зямлі, высокі, худы, з доўгімі чорнымі ад загару рукамі. Няйнакш паспеў загарэць яшчэ перад дажджамі. У маі сонца было як у ліпені, нават там-сям прыпаліла азімыя. Раённая газета пра гэта пісала, а Ярусь чытаў кожны яе нумар уважліва.

— Дзе твае, дарагі Анатоль Антонавіч пальчаткі? — папытаўся ў Матузаўца Насонаў, апярэдзіўшы Яруся.

— А што? — на твары здзіўленне. Відаць, ніяк не чакаў ад начальства гэткага пытання.

— Міліцыю цікавіць,— кіўнуў Насонаў на Яруся.

— А...— яшчэ болей здзівіўся Матузавец.— Унь, ляжаць.

Ярусь падняў пальчаткі і адразу ўбачыў, што гэта не леспрамгасаўскія: пашытыя з белай тонкай тканіны. У некалькіх месцах парваліся ўжо па шве. І ніякай пячаткі не было.

— А тыя, што вы атрымалі на мінулым тыдні? — Ярусь адчуў, як унутры ў яго ўсё напялася. Маўчаў Насонаў, кідаючы позіркам то на капітана, то на Мазузаўца.

— Брызентавыя? — хрыпла сказаў Матузавец. Ён кашлянуў, адвярнуўся і, адышоўшы назад да дрэва, сеў зноў на сваё месца.— Чорт іх ведае, дзе яны. Толькі дзень і папрацаваў. А потым як карова языком злізала. Хацеў папрасіць новыя ў Сяргея... Але ён такі жмінда, снегу зімой не дасць. Дык узяў вось старыя, знайшоў у вагончыку. Дачакаю, калі падыдзе тэрмін, і тады ўжо вазьму ў Сяргея. Клапоціцца аб грамадскай маёмасці наш прафорг. Цьфу,— плюнуў ён сабе пад ногі. І раптам ажно спалатнеў ці не спалохаўся нечага.— А што здарылася ўрэшце?..

 

11

— На месцы злачынства знойдзена ваша пальчатка,— сказаў Ярусь і змоўк, чакаючы, як адрэагуе Матузавец. Той апусціў галаву і ў руках усё камечыў пачак цыгарэт. Рукі прыкметна дрыжалі. Нарэшце ён узняў галаву, твар нібы пастарэў, глыбейшымі здаліся зморшчыны ад носа да барады.

— А чаму гэта мая пальчатка? Што, на ёй напісана?..

Ярусь нічога не адказаў, бо сапраўды на ёй не было прозвішча Матузаўца. Тое, што ў яго няма гэтых пальчатак, а адну з іх знайшлі ля парога абкрадзенага магазіна, канечне, яшчэ не доказ, што ён злодзей. Але менавіта з усёй партыі ў семсот штук пальчатак, якія завезлі ў раён, знікла адна. І яе меў Матузавец. Магчыма, у яго ўкралі гэтыя пальчаткі альбо проста ўзялі, калі яны ляжалі ля вагончыка. Злодзею яны спатрэбіліся для сваёй аперацыі.

— Вы можаце, Анатоль, успомніць, дзе пакінулі пальчаткі? Тады, калі яны зніклі?

— Ведаеце, цяжка. Гэткая дробязь... І не звяртаеш увагі на яе.

— Гэта вельмі важна,— націснуў Ярусь,— вельмі.— І вам, і нам... Успамінайце, калі ласка.

— Што ж, паспрабую... Калі я вярнуўся з поля, пераапрануўся і, здаецца, спярша паклаў ватоўку і штаны на ганак вагончыка...

Відаць было, як ён спрабуе ўспомніць, як напружана думае. Да іх размовы прыслухоўваюцца гэтыя дзядзькі. Цікава, даўно яны працуюць з Матузаўцом? І дзе былі ў тую ноч, калі абрабавалі магазін. Ярусь падышоў да рабочых, яны падняліся з зямлі, сталі смірна па-салдацку. Мужчыны яшчэ не старыя, гадоў па трыццаць — трыццаць пяць, армію не забылі зусім, дый бяруць на перападрыхтоўку.

— Вы, хлопцы, даўно дапамагаеце таварышу Матузаўцу?

— Першы дзень, таварыш начальнік,— амаль дружна выгукнулі яны.

— Першы дзень...— паўтарыў услед за імі Насонаў.

— Ну, ладна. Ведаеце, Іван Яўсеевіч, можа, мы ўсе разам з’ездзім яшчэ ў ваш лагер. І няхай там нам Анатоль...

— Антонавіч,— падказаў Насонаў.

— Анатоль Антонавіч усё зноў раскажа і пакажа. Не супраць?

Насонаў перасмыкнуў плячыма, якое тут супраць. Па ўсім відаць, што трэба ехаць, навошта, каб чалавек дарэмна нерваваўся. Толькі падумаць, ягоная пальчатка на месцы злачынства. Але што можна зразумець па нейкай пальчатцы... Галоўнае, каб не пакрыўдзілі ні ў чым не вінаватага чалавека. Унь колькі цяпер пішуць пра міліцыю і якія чуткі толькі не ходзяць пра яе... Дыму без агню не бывае, а раптам ім трэба скончыць справу, патрабуе начальства — вось яны і шукаюць, на каго б пакласці злачынства. А мо не... Ведаю ж не адзін год Матузаўца. І на што ён здольны, думаў дарогай начальнік геалагічнай партыі Насонаў і ўсё паглядваў на Яруся. Нешта было сімпатычнае ў капітане, не падобна, што ён можа займацца фальсіфікацыяй, але Насонаў спакваля настройваў сябе на спрэчку з ім. Вырашыў даказваць, што Матузавец не вінаваты. Аднак, пэўна, не ўяўляў, што гэткая думка ўжо ўзнікла і ў Яруся. Калі яны ішлі да машыны, ён, прыпыніўшы хаду, спытаў у Матузаўца, дзе той учора быў увечары і ўначы. У вагончыку. Хто пацвердзіць? Іосіф Пальчук. Яны жывуць разам. Дарэчы, учора, здаецца, гулялі да трох ночы ў шахматы. Можаце спытаць у Пальчука. Чаму помніць час? Таму што ў Пальчука спыніўся гадзіннік і ён уключыў радыё. Прыёмнік «ВЭФ», які стаіць у іхнім вагончыку.

Матузаўцу можна верыць, і, відаць, Пальчук пацвердзіць ягонае алібі. Але гэта яшчэ болей ускладняла Ярусю задачу. Ён уявіў, як зараз гневаецца падпалкоўнік, што няма пад рукой начальніка крымінальнага вышуку. Нічога, ёсць пад рукой Куско і ён ведае ўсе дэталі. Тым больш калі столькі ўжо наехала спяцоў з вобласці. І, пэўна, са сталіцы. Крадзеж зброі — гэта не жарт. А калі завязаны ён з матацыкламі, машынай, магазінам. Цікава, як у суседніх раёнах. Не можа гэты хітрун ці хітруны дзейнічаць толькі ў адным раёне. Гэта ты так думаеш, а як ён думае — невядома. І ўсё-ткі несумненна, што мае нейкае дачыненне да геолагаў. Пальчатка іхняя, менавіта з ёй хадзіў на магазін. Трэба тут усё агледзець, падумаць...

А сонца пякло, і вада з лужын знікала ў зямлю як праз сіта. Было парна ў машыне нават з адчыненымі вокнамі.

— Будзе дождж, мусіць,— сказаў Ярусь.

У лагеры Матузавец скінуў з сябе боты, зняў штаны і паклаў на ганак вагончыка. Потым ватоўку вынес з машыны. Пераадзеўся ў чыстае. Прысеў на ганак і закурыў.

— Вось так і было.

— Пальчаткі былі ў ватоўцы?..

— Так...

— Да вас хто падыходзіў, размаўляў?..

— Пальчук выйшаў з вагончыка. Стаяў ля мяне...

— І я з табой размаўляў,— пачуўся голас Сяргея, які аднекуль выскачыў раптам, нібы з-пад вагончыка.— Забыўся... Я таксама да цябе падыходзіў.

— Падыходзіў і размаўляў,— сказаў Матузавец.— Сапраўды, зусім забыўся.

— Не хвалюйцеся, вы не спяшайцеся,— супакойваў яго Ярусь.

— Ну, падходзіў яшчэ Іван Яўсеевіч,— азірнуўся Матузавец на Насонава.

— Мо і падходзіў,— нервова махнуў галавой той.— Усе ж мы тут адзін ля аднаго. Мо і таксама з Анатолем размаўлялі. Тут за дзень часам так нагаворышся, што забудзеш сваё імя, не толькі што...

— Таварыш капітан, таварыш капітан,— неспадзеўкі паклікаў Яруся вадзіцель, ён трымаў у руцэ трубку ад рацыі. Гэтая рацыя ў машыне пастаянна псавалася, і Ярусь нават не спадзяваўся на яе. К канцу года абяцалі на машыны новыя рацыі, нібыта больш дасканалыя. Вось так і злаві злачынца: машына ледзь рухаецца, бензіну не хапае, і рацыя то хрыпіць, бы задушаная, то маўчыць зусім. Надзіва ясна ён пачуў з трубкі голас начальніка райаддзела.

— Ну што, знайшоў?

— Пальчатку?

— Злодзея!

— Пакуль не.

— Дык чаго там сядзіш. Едзь зараз жа сюды. Тут панаехалі і з Мінска, і з вобласці, што мне аднаму з імі цяжка. Хоць што высветліў? — дапытваўся ён.

— Тое-сёе. Калі прыеду, далажу. Праз паўгадзіны выязджаю.

— Не марудзь... Сёння ўначы абкралі магазін у Старых Пясках. Зразумеў?

— Зразумеў...— гэта навіна, канечне, уразіла Яруся, і ён спытаўся: — Шмат узяў?

— Амаль той самы асартымент, што і ўчора. Так што не затрымлівайся.

Цяпер ён можа ўпэўнена сказаць сабе, што гэта «свой» злодзей. Проста нейкая паталагічная цяга да матацыклаў. Няўжо гандлюе запчасткамі... Так, значыць, да Матузаўца падыходзілі і Пальчук, і Сяргей, Насонаў таксама. А як ягонае прозвішча? Чаму я не запісаў і не спытаў нават. Пальчатка засланіла ўсё святло ўваччу і забрала розум у чалавека. А дзе іхнія астатнія людзі? Хто быў яшчэ ў той вечар?

— Іван Яўсеевіч, а дзе вашы астатнія людзі?

— Яны, Алесь Пятровіч, ужо тыдзень начуюць ля Паслаўскага возера. Туды семдзесят кіламетраў...

— Гэта ведаю. Скажыце, Сяргей, як ваша прозвішча?

— А вы ж пісалі ў пратаколе, таварыш капітан...

— Сапраўды... Напомніце, запішу ў блакнот. Бо ўсіх запісаў, толькі пра вас забыўся.

— Калі ласка. Сяргей Аляксандравіч Нырко,— азваўся той.

— Ага, добра, добра...

Усё, трэба ехаць, нічога больш, чым сказалі, ён тут ужо не даведаецца. Ярусь акінуў вокам увесь лагер, падумаў, што зручнае месца выбралі геолагі. Рэчка блізка і лес вакол. Дарога побач.

— Мо хто з вас у той вечар бачыў у лагеры чужога чалавека? Гасцей не было? — спытаў ён.

Чужых у лагеры тады не было. Не бачыў нікога ні Насонаў, ні Сяргей, ні Матузавец. Аднак пальчаткі зніклі адсюль. І нехта ж іх занёс ажно ў вёску і згубіў ці спецыяльна кінуў ля магазіна. Пакуль было незразумела, хоць Ярусь ужо сябе ўпэўніў: трэба яшчэ па лагеры пахадзіць, пагаварыць з геолагамі. А раптам успомняць нешта важнае. Паабяцаўшы праз дзень-другі заехаць у лагер зноў, Ярусь рушыў ад геолагаў назад у райцэнтр.

 

12

У начальніка райаддзела ён даведаўся, што ў трох бліжэйшых да іх раёнах таксама былі крадзяжы ў магазінах. І там разам з астатнімі рэчамі бралі кожны раз, хоць дробязную, запчастку, якая мела дачыненне да матацыкла. Гэта былі рухавікі, бензабакі, гумавыя кіхі ў колы. Уначы ў магазіне ў вёсцы Старыя Пяскі ўзялі разам з каньяком, адэкалонам і двума мужчынскімі гарнітурамі матацыклетны ланцуг. І тут была сапсаваная сігналізацыя. У райпа нават і пальцам не паварушылі, каб наладзіць яе. Каб жа не ведалі, падумаў Ярусь, і званілі ім, і паперу паслалі, і ніякіх змен. Мо каму ў райпа выгадныя гэтыя крадзяжы, спісаць на іх хочуць свае ўласныя? Бывае і такое, некалі нават сам расследаваў выпадак, калі загадчыца магазіна крала ў сваім складзе, а потым падпаліла яго. Тут, канечне, іншая сітуацыя, зусім іншая...

У кабінеце начальніка райаддзела было некалькі палкоўнікаў і падпалкоўнікаў з абласнога ўпраўлення і з Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі. Седзячы з імі за адным сталом, Ярусь сябе адчуваў трохі ніякавата. Дый не па сабе было ад весткі, што загадам міністра створаны групы пошуку злачынца, які ўкраў зброю са школы. Гэтым жа загадам аб’ядноўваліся сілы міліцыі чатырох суседніх раёнаў. Перакрыты ўжо ўсе дарогі, і патруляваць іх будуць і ўранку, і ўначы. Ярусь трапіў у групу палкоўніка Казючыца. Якая розніца каму падначальвацца, абы хутчэй злавіць злачынца. Столькі людзей сабралі, а тэхнікі! І ніякіх вынікаў: усё роўна як іголка ў стозе сена знікае. Пэўна, зараз стог перабралі б па травінцы, а іголку знайшлі б. А гэта чалавек і столькі рэчаў з ім.

— Далажыце, таварыш Ярусь, аб сваёй паездцы ў Лысагорскае лясніцтва і ў геалагічную партыю,— папрасіў палкоўнік Казючыц, які быў сёння ў цывільным гарнітуры і здаўся яшчэ даволі маладым чалавекам. Толькі сіваватыя былі скроні. Летась зімой ён узначальваў групу па арышце небяспечнага рэцыдывіста, які забіў жанчыну і, схаваўшыся ў кватэры, адстрэльваўся з абрэза. Казючыц быў тады паранены і месяцы два лячыўся ў шпіталі.

Ярусь, стоячы, хоць яму дазволілі сядзець, расказаў, як быў у леснікоў, а пасля ў геолагаў. Гісторыя з пальчаткамі Матузаўца ўсіх зацікавіла. Чарнявы незнаёмы падпалкоўнік абурыўся, чаму Ярусь не арыштаваў Матузаўца. Маўляў, нічога не здарылася б, каб трошкі той пасядзеў у камеры. Затое ўжо дакладна ведалі б, мае ён дачыненне да крадзяжу альбо не.

— Я магу і зараз сказаць, што Матузавец не вінаваты,— стаяў на сваім Ярусь.— У яго ёсць алібі. У той час, як быў абкрадзены магазін, ён быў у лагеры, і гэта могуць пацвердзіць сведкі.

— Так, так,— падтрымаў яго палкоўнік Казючыц,— я згодзен з Ярусем. Іншае, што з геолагамі яшчэ трэба папрацаваць. Лічу, хай Ярусь і вядзе іх далей. Тым больш мая група будзе дзейнічаць тут, у раёне...

— Капітан Ярусь вопытны супрацоўнік, у яго амаль няма нераскрытых спраў,— нечакана ўставіў слова і начальнік райаддзела. Не спадзяваўся гэтага пачуць ад яго Алесь, бо ён толькі крытыкуе крымінальны вышук. Бач, пахваліў на гэты раз. Прыемна пачуць і ад свайго начальніка, што ты вопытны супрацоўнік. Наконт нераскрытых спраў ён ужо занадта. Дагэтуль не знайшоў, хто абрабаваў зімой Аўгінню Петравец у двары яе ўласнага дома за сто метраў ад міліцыі. Ажно няёмка сустракацца з жанчынай. Горад невялікі, і хочаш ці не, але калі-нікалі даводзіцца паглядзець ёй у вочы. Сорамна глядзець і тым больш размаўляць. Усю, мабыць, страціў ён павагу ў яе. Вось табе і вопытны супрацоўнік. На жаль, ёсць не менш вопытныя крымінальнікі, колькасць якіх не змяншаецца чамусьці. Адбудзе турму і — зноў за старое! А ты бегай за ім, высалапіўшы язык.

— Заўтра, Алесь Пятровіч, зноў вам да геолагаў. Яшчэ перагаварыце з усімі геолагамі. Бярыце з сабой лейтэнанта Куско. На сёння ўсё... Да ведама, таварышы. Раённае свята вырашана адзначыць трохі пазней. Разумееце, ахвяраваць людзьмі не маем права. Ніхто не гарантуе, што дробнакаліберныя вінтоўкі не выстраляць. У мяне ўсё.

Вось і дзень скончыўся, думаў Ярусь, ідучы ў кабінет. А зроблена шмат ці не надта — пакуль невядома.

— Алесь Пятровіч, капітан Ярусь,— пачуў ён крык дзяжурнага.— Жонка званіла і прасіла, каб раней пад’ехаў дахаты.

— Дзякуй. Абавязкова,— са свайго тэлефона пазваніў дамоў, але жонкі не было яшчэ. Значыць, і сын у дзіцячым садзіку. Мо ён захварэў, ці што з ім здарылася, занепакоіўся Ярусь. Урэшце паедзе ён і сапраўды дахаты. Усё роўна машына ўжо заведзена і за кожным магазінам у раёне назіраюць. Пабудзе дома з гадзіну, пераканаецца, што ўсё нармальна, і вернецца ў аддзел.

Ён паклаў пісталет у сейф, прыбраў туды ж са стала паперы. На вуліцы перад райаддзелам спыніўся, мяркуючы, хто б падкінуў яго дамоў на машыне. На дварэ пуста, усе машыны з патрулямі на дарогах. Вырашыў: пайду па вуліцы і мо хто знаёмы на машыне спаткаецца і падвязе. Да мікрараёна, дзе ягоная кватэра, ісці пешшу паўгадзіны, а то і ўсе сорак хвілін. Не менш. А яму праз дзве гадзіны таксама на патруляванне. Мо што з сынам ці жонкай, ці не патрэбна якая дапамога?

І ўсё-ткі яму шанцавала: пад’ехаў да райаддзела «Масквіч», у ім незнаёмы падпалкоўнік, пэўна, з камандзірованых, і ці не з Мінска, бо амаль усіх у абласным упраўленні ведаў. За рулём маўчун сяржант. Падпалкоўнік пайшоў да гасцініцы, а Ярусь — да машыны. Куды едзеш? Нікуды, з вамі праз дзве гадзіны патрулюем дарогу Мышкі — Старыя Пяскі. Часам для радасці мала трэба, сеў у машыну, і, здаецца, зніклі перажыванні, непрыемныя думкі. Праз колькі хвілін убачыць жонку і сына, пабудзе з імі хоць трошкі.

Як толькі пад’ехалі да дома, ён пачаў прагна ўзірацца ў постаці дзяцей, што гулялі на дварэ. Сына ўгледзеў ля пад’езда разам з такімі ж малымі. У яго руках была машынка, і ён гудзеў, надзьмуўшы шчокі. Жонка сядзела з суседкамі на лаўцы за тры крокі ад сына.

Дамовіўшыся з сяржантам, што праз колькі часу той забярэ яго, Ярусь застаўся з сям’ёй. Удзень жонка была з сынам ва ўрача, і яе супакоілі: страшнага нічога, трохі пачырванела горла. На ноч дасць малому цёплага малака з мёдам і таблетку стрэптацыду. Звычайна такое лячэнне дапамагала. Недзе, мабыць, прадзьмула скразняком.

Сёння жонка была лагодная і не сварылася, і Ярусь прыкмеціў, што яна пазірае на яго са спачуваннем. Канечне, шыла ў мяху не схаваеш. Няйнакш увесь раён толькі і гамоніць аб крадзяжы вінтовак са школы. Дый пра магазіны ведаюць людзі. Такая інфармацыя распаўсюджваецца надзвычай аператыўна.

Яны разам павячэралі, пасля Ярусь дапамог жонцы пакласці сына спаць. Пасядзеў ля яго, расказаў казку. Яшчэ перакінуліся слоўцам з жонкай, а за акном ўжо засігналілі: сяржант быў пунктуальны, прыехаў хвіліна ў хвіліну.

Ужо ў машыне ўспомніў, што пісталет пакінуў у сейфе. Павагаўся: ехаць у аддзел ці не? Часу заставалася мала — ім хутка быць на дарозе. Калі паедуць яшчэ ў райаддзел, спозняцца. І толькі за горадам ён спытаў у сяржанта, ці той са зброяй. Не, не браў. Ладна, супакоіў сябе Ярусь, абыдземся.

Дарога Мышкі — Старыя Пяскі была такая ж, як і амаль усе дарогі ў раёне, паўразбітая гравійка. Абапал яе рос лес. У гэтыя мясціны Ярусь з жонкай ездзіў летась у грыбы. Назбіралі два кашы баравікоў і паўвядра брусніц. Палову грыбоў пасушылі і ўсю зіму елі суп з грыбамі. Смаката, лепш за якія прысмакі. І сёлета няблага б назбіраць, калі будуць. Зрэшты, для грыбоў цяпер былі спрыяльныя ўмовы: вільгаці хапала і сонца прыгравала ўжо, не шкадуючы сваёй цеплыні. Яны ж не кожны год, хоць ёсць майстры, якія заўсёды прыязджаюць з лесу з поўнымі кашамі.

Яны памалу рухаліся па дарозе, і Ярусь пільна ўглядаўся ўперад, азіраўся па баках. Транспарту ўжо амаль не было. Праехаў самазвал з калгаса імя Прытыцкага, паспеў Ярусь прачытаць надпіс на дзверцы кабіны. У кузаве было сена, зацягнутае з усіх бакоў вяроўкамі. Потым мільгнуў інвалідскі «Запарожац», дзядзька ехаў з цёткай. І надоўга сціхла дарога.

Сонца ўжо амаль села і чырвонай вялізнай плямай накрыла ля далягляду лес. І, здалося, ажно адтуль да дарогі ахапіла сваёй ружовасцю прастору.

Рухавік машыны працаваў роўна і ціха, у салоне яго ледзь чуваць. Ярусь высунуў з акна галаву, падставіўшы пад цёплае, вільготнае паветра. Неба было без хмар, цёмна-блакітнае і паказвала, што і назаўтра дзень можна чакаць без дажджу.

Яны былі ўжо недзе пасярэдзіне дарогі, як Ярусь убачыў справа прасеку ў лесе, шырынёй не менш метраў дзесяці — пятнаццаці. Яе зрабілі, мусіць, не надта даўно, спілаваныя дрэвы ляжалі на ёй упоперак, толькі без галін, амаль гатовыя бярвенні.

— Навошта гэта прасека? — сказаў сам сабе.

— Лінію электраперадач у 220 кілавольт будуць узводзіць,— адказаў на пытанне сяржант.

— А... Зразумела...

За вёскай Мышкі яны павярнулі і паехалі ўжо добра знаёмай дарогай назад. Хуткасць невялікая, кіламетраў сорак у гадзіну. Спяшацца пакуль не было куды. І Ярусь па рацыі пагаварыў з дзяжурным па райаддзеле. На ўсіх дарогах было спакойна, толькі ля Вайцяшына затрымалі нецвярозага матацыкліста. Працуе механізатарам у калгасе імя Кірава, узрост — пяцьдзесят гадоў. Забралі правы, аштрафавалі і адправілі дахаты. Гэтага яму дзяжурны не казаў, але Ярусь падумаў так.

— Слухай, спыніся. Пастаім трохі,— папрасіў сяржанта. Той затармазіў, і яны выйшлі з машыны. Колькі яшчэ разоў сёння праедуць ад Мышак да Старых Пяскаў і назад — палічыць цяжка. Цяпер да канца жыцця запомніць гэту дарогу. Зрэшты, так здаецца, бо міне крыху часу і штось іншае затлуміць галаву, мо больш значнае.

Заўтра на золаку ён паедзе да геолагаў, будзе апытваць іх. Анатоль Матузавец... Вочы ў яго былі напалоханыя, спачатку вельмі здзівіўся. Жанаты, двое дзяцей у Мінску. Трыццаць пяць гадоў... Начальнік партыі Насонаў Іван Яўсеевіч... Пад пяцьдзесят ужо. Маладзейшы за ўсіх Сяргей Нырко. У іх ён прафорг. Што ён робіць у партыі як узрыўнік?.. Дзе ягоная ўзрыўчатка? Усё гэта заўтра праверыць, высветліць... Мо Куско паслаць да астатніх геолагаў на возера? Але ні Насонаў, ні Сяргей, ні Матузавец, ні Пальчук не ўспомнілі, што хтось адтуль прыязджаў. Маглі забыць...

Цішыня ў лесе, каб не гуд рухавіка, забыў бы, што на службе. Слабенькі ветрык калыша дрэвы, пахне чамусьці сенам, хоць побач не відаць сенажаці. Аднак самы час касіць. Мінулі дажджы, і зараз сена будзе сохнуць на вачах.

Нешта ў паветры далёка-далёка пачынае дрыжаць, нібы нацятая струна. Гук робіцца званчэйшы, мацнейшы, і Ярусь, а разам з ім і сяржант насцярожваюцца. Яшчэ хвіліна, і абодва разумеюць, што гэта рухавік. Кіламетраў дзесяць ад іх ці бліжэй, але гук узрастае. І сумненняў ужо няма: у бок Мышак імчыць матацыкл.

Ярусь бярэцца рукой за дзверцы, каб сесці ў машыну. Сяржант ужо за рулём. Нейкі момант Ярусь вагаецца, а затым выходзіць амаль на сярэдзіну дарогі і напружана глядзіць у той бок, скуль вось-вось з-за павароткі выскачыць матацыкліст. Відаць, што едзе ён на вялікай хуткасці, бо гул нарастае імкліва. У гэтай лясной цішыні проста цісне на вушы.

— Будзеце спыняць? — пытаецца сяржант.

— Пабачым...

Ужо чуваць, як магутна ракоча рухавік. Здаецца, чуваць шоргат колаў на гравійцы. Няйнакш ззаду каменьчыкі ляцяць фантанам. Многа пасыпалі свежага гравію, ён яшчэ не ўтрамбаваўся суцэльным настам. Раве матацыкл, раве. Нарэшце бліснуў з-за павароткі чырвоны шлем. Чамусьці адразу звярнуў увагу на шлем. Ідзе на шалёнай хуткасці. Што гэта, нават не збіраецца тармазіць! Не бачыць міліцыі...

Ярусь махнуў паласатай палкай ДАІ адзін раз, другі. Ага, убачыў, замаруджвае хуткасць. Усё бліжэй і бліжэй. На твары вялізныя чорныя акуляры. Аднак бачна, што за рулём малады хлопец. У чорнай ватоўцы, на нагах кірзавыя боты. «Няўжо?..— мільгнула ў галаве думка.— Няўжо ён?..» Матацыкл памалу ўжо коціцца і вось-вось спыніцца каля яго. Усё цішэй і цішэй гудзе рухавік.

Ён спыніўся метраў за пяць ад Яруся. Рукі на рулі, ногі ля педаляў, чакае.

— Куды едзем? — яшчэ здалёк, ідучы да яго, сказаў капітан. Адказу не пачуў, толькі нечакана зароў рухавік, і матацыкл мо за паўметра ад Яруся, набіраючы хуткасць, паляцеў прэч ад яго.

— Стой, стой! — закрычаў ён, рука — у кішэню, а там пуста. Пісталет у райаддзеле ў сейфе. Дый, каб і быў, страляць усё роўна нельга. Яшчэ невядома — гэта злачынец ці проста напалоханы міліцыяй чалавек. Бывае менавіта ад боязі ўцякаюць. Але ж надта ўпэўнена трымаўся ён за рулём.

— Хутчэй, таварыш капітан, хутчэй,— крычаў сяржант. Хапіла яму долі хвіліны, каб ускочыць у машыну. І яны рванулі ўслед уцекачу.

Адлегласць паміж імі была метраў сорак-пяцьдзесят, і як ні ціснуў на газ вадзіцель, але яна павялічвалася. Адна надзея на паваротку, якая праз кіламетр. Там злева агромністая яма, былы кар’ер з-пад пяску, запоўнены вадой. Калі ён не зменшыць хуткасць, дык наўрад ці ўтрымае матацыкл, яго павінна сарваць з дарогі ў яму.

— Ну, націсні, націсні! — шаптаў Ярусь.— Яшчэ трошкі, яшчэ...

І тут адбылося тое, чаго яны ніяк не чакалі. У галаве не змяшчалася, што такое можна зрабіць. Неверагодна, але факт, які пасля Ярусю давялося дакладваць начальству: матацыкліст раптоўна павярнуў з дарогі на прасеку. І, дадаўшы яшчэ газу, узняўшы воблакі дыму, проста, здалося, паляцеў па бярвенні, якое ляжала ўпоперак.

Ім толькі засталося выскачыць з машыны і слухаць магутны гул матацыкла. І ў паветры адчуваўся непрыемны пах дыму. Матацыкліст знік у лесе, як прывід. Вось цяпер Ярусь пашкадаваў, што ў яго не было пісталета. Ён не сумняваўся ўжо, матацыкліст — злачынец. Заўтра, канечне, чакай непрыемную размову з начальствам. Падпалкоўнік ужо не пахваліць перад гасцямі з вобласці і сталіцы. Мінімум вымову забяспечыў сабе, ах, шкада, шкада, перажываў Ярусь.

 

13

Мусіць, раніцай падпалкоўнік успомніў усе пралікі і памылкі, якія зрабіў Ярусь за час, што працаваў у райаддзеле. А ён яшчэ лічыў, што ўсё кепскае забываюць. Не, выходзіць усё добрае забылі, а кепскае пакінулі на рахунку. Карацей, вельмі яскрава дзейнічаў прынцып: я начальнік — ты дурань, ты начальнік — я дурань. Мусіць, і па сцяне размазаў бы яго начальнік райаддзела ў прысутнасці ўсіх чыноў, калі б не падтрымаў Яруся палкоўнік Казючыц.

— Тое, што Ярусь быў без зброі — гэта адно, а тое, што не страляў — гэта іншае,— сказаў ён.— Лічу дзеянні капітана правільнымі. Факт з матацыклістам сцвярджае: трэба аперацыю праводзіць і далей. Мо хіба павялічым колькасць міліцыі на дарогах. У гэту ноч крадзяжоў не было. Мусіць, злачынец адчуў, што мы яго шукаем і занерваваўся. Я ўпэўнены, хутка выйдзем на ягоны след. Вы, таварышы, едзьце да геолагаў,— звярнуўся палкоўнік да Яруся і Куско.— Яшчэ раз прасачыце, дзе быў у тую ноч кожны з іх. Як мага ўважлівей...

...Дарогай, мо кіламетраў пяць, над іхняй машынай ляцеў самалёт, невялічкі, белакрылы, з тых, што называюць кукурузнікамі. То ледзь не чапляе крыламі дрэвы, то ледзь відзён у небе.

— Што ён прычапіўся да нас? — спытаўся вадзіцель.— Мо шукае матацыкліста...

— Пажарнікі,— сказаў Куско.— Учора гарэў лес пад Матаровам, а пазаўчора на Вялікай гары. Колькі тут, як дождж спыніўся, а ўжо гарыць. Лета...

Ярусь убачыў, што самалёт нахіліўся ў правы бок да азёраў, пачаў змяншацца ў памерах. Яго стала зусім не відаць.

Ці будуць яны ўсе ў лагеры, думаў пра геолагаў Ярусь. Я ж іх толькі папрасіў, каб былі на месцы, а прымусіць не мог. Зноў туды-сюды ездзіць па лесе, траціць час. Значыць, у гэту ноч ён не выйшаў на паляванне, а мо я перашкодзіў яму, спаткаўшыся на дарозе. Магчыма, і так.

Дарога падсохла, і яны хутка дабраліся да лагера геолагаў. Яшчэ з машыны Ярусь прыкмеціў: дзверы ў вагончыку начальніка партыі замкнёныя. На ганку сядзеў і курыў Матузавец. Здалося, за гэты час, што не бачыліся, ён схуднеў, ажно завастрыўся і так доўгі нос. Пэўна, моцна перажываў, і Ярусь нават паспачуваў яму. Пачуўшы гул машыны, выйшаў з вагончыка Насонаў, трымаючы ў руках нейкую кніжку і акуляры.

Дзе ж твае людзі, начальнік, ведаў, што прыедзем, узлаваўся Ярусь, але нічым не паказаў свайго незадавальнення. Крычы, злуй, але нічога не зменіш пакуль. Кіўнуўшы галавой у знак прывітання, ён прайшоў па лагеры, спыняючыся ля кожнага вагончыка. Убачыў замок на хлеўчуку, спытаў:

— А дзе Сяргей Нырко?

— Нейкія накладныя яму трэба было тэрмінова здаць па ўзрыўчатцы... Гэта ж узрыўчатка,— апраўдваўся Насонаў.— Я ж не мог яго затрымліваць.

— Дзе Пальчук?

— Іосіф Пальчук...— зачырванеў, як хлапчаня, Насонаў.— Іосіф Пальчук на сваім участку. Ён заявіў, што яго пальчаткі ў кішэні, таму няма патрэбы бачыцца болей з міліцыяй. Маўляў, калі спатрэбіцца, выклічаце позвай. Я ж не мог трымаць іх сілком,— развёў ён рукамі.— Вось мы і засталіся з Матузаўцом.

— Які вы ўрэшце начальнік, што не здольны загадаць ім застацца ў лагеры? — абурыўся Куско.— Мы ж не дзеля жартаў прыехалі сюды. Унь, сабралі міліцыю з чатырох раёнаў... Злачынца ўкраў зброю, людзі могуць загінуць, а вы...

— Я разумею, разумею,— бездапаможна хітаў галавой Насонаў.— Пальчуку вельмі важна скончыць сваю работу, ён збіраецца абараняць на гэтым матэрыяле доктарскую...

— Значыць, абы доктарская, а людзі — смецце, няхай гінуць,— не ўтрымаўся і Ярусь.

— Навошта вы ўжо так? — запярэчыў Матузавец.— Не трэба аб’ядноўваць розныя паняцці і не ўтрыруйце, калі ласка. Мо я і вінаваты, што зніклі мае пальчаткі, але пры чым тут адно да аднаго? Пальчук — сумленны чалавек і геолаг. Што ведае, ён вам расказаў, больш нічога дадаць не можа. Іншае са мной... Пальчатак няма, таму і сяджу тут. Калі б былі, я таксама пайшоў бы на працу... Ідзе следства, і я са сваімі пальчаткамі, мусіць, важная дэталь у ім. Правільна?

— Канечне, Анатоль Антонавіч.— Ярусь ужо шкадаваў, што распачалі гэтую спрэчку. Трэба было адразу спыніць Куско. Хоць нічога страшнага: трохі паспрачаліся, дый усё.

— Што, зноў будзем успамінаць, дзе хто сядзеў і стаяў? — спытаўся Насонаў.

— Будзем... Мяне яшчэ цікавіць вось што: дзе звычайна знаходзіцеся вечарамі, пасля работы?

— Ну як дзе, тут, у вагончыках.

— Чым займаецеся?

— Ну чым... Гуляем у шахматы, кнігі чытаем. Анатоль часта грае на гітары. Разам спяваем.

— А вось не зусім, прабачце, далікатнае пытанне. Ніхто не ходзіць у вёскі да жанчын? Прабачце, але і гэта трэба нам ведаць.

— Мне здаецца, ніхто...— недаўменна паціснуў плячыма Насонаў.

— Чаму, Іван Яўсеевіч? Сяргей Нырко амаль штовечар ходзіць да сяброўкі ў вёску,— сказаў Матузавец.

— А ў якую?

— Не ведаю. Неяк няёмка пытацца. Такая справа...

— А вы не памятаеце, ці быў ён у тую ноч у сваёй сяброўкі?

— Здаецца, быў... А мо і не... Нешта не помню. Чакайце, мы да гадзін дзесяці з ім гулялі ў шахматы. Потым з Пальчуком... А ён адышоўся ад нас. Так, так, казаў, што, магчыма, пойдзе да дзяўчыны. Але сумняваўся, казаў, што за дзень вельмі стаміўся.

— У Сяргея матацыкла няма? — спытаўся Куско.— Ці машыны?

— Не,— адказалі і Насонаў і Матузавец.

— Ён не казаў, калі вернецца ў лагер?

— Думаю, праз гадзіны дзве-тры, не раней.

— А на чым ён паехаў?

— У нас ёсць «уазік». Звычайна ездзім на ім. А сёння Сяргей пайшоў на аўтобус. Ён спыняецца за тры кіламетры адсюль. «Уазік» паехаў на Паслаўскае возера, павёз прадукты і розныя матэрыялы. Дарэчы, і пальчаткі. Думаю, не супраць?

— Не...— а калі і супраць, ужо не вернеш назад.

Што рабіць, сядзець тут і чакаць тры гадзіны Сяргея Нырко альбо ехаць да Пальчука? Мусіць, трэба ехаць, падумаў Ярусь. За гэты час яны паспеюць вярнуцца ў лагер.

Ён пачуў, што запішчала рацыя. Іх выклікаў дзяжурны. Што яму спатрэбілася, мо нешта важнае? Зараз у аддзеле, пэўна, акрамя дзяжурнага і начальніка пашпартнага стала, наўрад ці быў хто. Усе на аперацыі, ездзяць па дарогах, шукаюць матацыкліста.

Вадзіцель падняў трубку, паслухаў і махнуў рукой, клічучы Яруся.

— Ідзі, пагавары,— сказаў ён Куско. Той адразу патупаў да машыны. А праз хвіліну паклікаў ужо капітана.

 

14

— Дзяжурны перадаў, Алесь Пятровіч, у квадраце нумар сем лётчык заўважыў вогнішча. Там пабылі ўжо леснікі і запатрабавалі міліцыю. Нам загад неадкладна ехаць да леснікоў. У Лысагорскае лясніцтва.

І зноў — машына. Ярусь падумаў, што апошнім часам ён толькі ездзіць і ездзіць. Каб толькі яна не сапсавалася, бо ўжо надта моцна пачаў чмыхаць рухавік.

— Што леснікі ўбачылі, дзяжурны не казаў?

— Не. Усё на месцы. Мо дарэмна пакінулі геолагаў. Мне здаецца, што нехта з іх мае дачыненне да крадзяжу. Чуе мая душа.

— Тое, што чуе душа, у якасці доказу не прыкладзеш да справы.

— Гэта канечне. Але вось адчуваю, Алесь Пятровіч. Вы не адчуваеце?

— Адчуваю таксама,— пацвердзіў Ярусь.— Нічога, праз гадзіны дзве мы вернемся ў лагер. І будзем распрацоўваць гэтую версію. Нам далі з табой такую магчымасць.

— Думаю, што ён залёг у бярлогу, убачыўшы, колькі міліцыі падняў на ногі. Дзе-небудзь спіць на баку і не думае пра нас. А мы, як кот вакол свайго хваста, скачам, скачам і не можам злавіць яго.

— Нічога, лейтэнант, зловім. Не сёння, дык заўтра...

— Не заўтра, дык паслязаўтра,— нецярпліва перапыніў Куско.— Ён гэтак можа яшчэ вельмі доўга ездзіць на сваім матацыкле.

— Не паездзіць,— сказаў як адрэзаў Ярусь, даючы зразумець, што больш гэта абмяркоўваць ён не мае намеру.

Відаць, ужо зусім усталявалася надвор’е. На небе ні хмаркі. Сонца смаліць у вочы, глядзець немагчыма. На дарозе павысыхалі лужыны. Яшчэ дзень-другі, і паляціць з-пад колаў пыл. Вось табе і два тыдні дажджу, думаў Ярусь. Умомант вільгаць праглынуў шэранькі пясочак.

Не даязджаючы да лясніцтва, на скрыжаванні дарог, спаткаў іх на матацыкле ляснічы. З ім былі яшчэ двое леснікоў, са стрэльбамі ў руках.

— На паляванне сабраліся? — пажартаваў Куско.

— Але ж, туды,— крывавата ўсміхнуўся ляснічы,— і хлопцаў узяў з сабой.

— Што здарылася? — павітаўшыся, спытаў Ярусь.

— Лётчык скінуў нам вымпел на двор,— узбуджана казаў ляснічы.— У ім паперка: у сёмым квартале заўважыў дым. Як ведаеце, зараз пажаранебяспечная сітуацыя. Сочым, каб пажараў не было. Зірнуў на карту, а ў гэтым месцы, дзе паказаў лётчык, у сёмым квартале балота. Наогул, ні я, ні мае леснікі там ні разу не былі. Меліярацыя не дабралася яшчэ туды. Ну, дык паслаў я на машыне хлопцаў, каб паглядзелі, ці не пажар. Ажно бачаць — не, невялікае вогнішча. Але дым з самалёта лётчык заўважыў... І, ведаеце што,— зямлянка...

— Якая зямлянка? — не зразумеў Ярусь.

— Звычайная, накшталт партызанскай, але на замку. І вогнішча. Мы тут і занепакоіліся, ведаючы, што шукаеце злачынца.

— Правільна зрабілі, едзем. І як найхутчэй.

— Тут па лесе надта не пагоніш,— сказаў ляснічы.

— Кіламетры за два ад балота спынімся,— папярэдзіў яго Ярусь.

Няўжо гэта ён, а чаму і не? Трэба ўлічваць зараз любы варыянт, якім бы неверагодным ён ні здаваўся. Зброя можа стрэліць ў любую хвіліну. І гэта будзе на тваім сумленні, на тваім сумленні, ліхаманкава думаў Ярусь. Памацаў у кішэні пісталет, на гэты раз ён быў на месцы. Хто ведае, хто ведае... Лепш, каб ён і застаўся ляжаць у кішэні.

— Зброя з сабой? — спытаўся ў Куско.

— З сабой,— сказаў той.— Учора чысціў і быў у ціры.

— Малайчына, малайчына,— пахваліў яго Ярусь і злавіў сябе на думцы, што неадчэпна глядзіць на матацыкл, які рухаецца спераду, чакае, калі ён спыніцца. Пэўна, амаль усе мускулы былі напятыя зараз. Ён быў зноў заведзены, нібы спружына. І, канечне, адчуваў, што зараз нешта адбудзецца важнае і небяспечнае. Усёй сваёй свядомасцю ён рыхтаваўся да гэтага.

Яны доўга ехалі па такіх сцежках, па якіх, мусіць, і папраўдзе даўно не хадзіла чалавечая нага. Вакол шумеў, гойдаўся лес, і спявалі птушкі. Тут панаваў спакой. І калі заглухлі машына з матацыклам, іх з усіх бакоў ахутала цішыня. Здавалася, кожны крок быў чуцён вельмі далёка. Першым ішоў каржакаваты ляснік, які быў ужо на балоце, за ім, амаль дыхаючы ў патыліцу,— Ярусь, потым — Куско, ляснічы, ляснік і вадзіцель. Гэткім ланцужком яны рухаліся хвілін мо дзесяць.

— Чш-ш,— зашыпеў ляснік і прыпыніўся. Паслухаў і, мусіць, не пачуўшы нічога падазронага, рушыў далей. Пад нагамі захлюпала вада. Няйнакш, балота, падумаў Ярусь, ці не дайшлі ўжо. І, апярэджваючы яго пытанне, ляснік тыцнуў перад сабой.

— Глядзі, начальнік...

Ярусь угледзеўся, але спярша нічога не ўбачыў, акрамя хмызу і крываватых соснаў.

— Справа, справа!..— шыпеў у вуха ляснік.

Між кучаравай бярозай і нізкарослай сасной струменіўся кволенькі шэры дымок. Мусіць, вогнішча дагарала ўжо.

Ярусь узяў з сабой Куско і вадзіцеля-міліцыянера, загадаўшы леснікам заставацца на месцы, памалу пайшоў на гэты дым. Перад іх вачамі расхінулася палянка, узбалотак, на якім узвышалася зямлянка. На яе дзвярах вісеў чорны важкі замок. Ярусь падумаў, што недзе такі ён ужо бачыў, але зараз было не да ўспамінаў.

Перад зямлянкай дагарала вогнішча, побач нікога не відаць. Недалёка пад сасной стаялі адна на адной нейкія скрынкі.

— Будзем чакаць гаспадара,— сказаў Ярусь Куско і вадзіцелю.— Ты пад тую сасну, а ты — унь туды за бярозу. Легчы — і чакаць. Забрудзіце свае мундзіры,— агледзеў абодвух, ён сам быў у джынсах і лёгкім світэры, пад якім пісталета відаць не было.— Нічога, пачысціце.— Толькі скончыў гэтае слова, як пачуў недзе за зямлянкай трэск. Нехта ішоў сюды.— Хуценька!

Ён схаваўся за шырозным ядлоўцам. Азірнуўся, паглядзеў, ці паспелі легчы Куско з вадзіцелем. Абодва ў схованцы, як дамовіліся.

Трэск мацнеў, нават, здалося, чуваць крокі. Але сціхла раптам, хвіліна-другая. Зноў трэск, за дрэвамі мільгнуў чалавек. Вось ужо ён амаль увесь відаць, толькі твар схаваны за лапамі сасны. Прыпыніўся, слухае.

Адчувае небяспеку, баіцца. Значыць, вораг ён... Няўжо матацыкліст? Яшчэ сумненні ёсць, як гэта адразу не прыкмеціў: унь ля сасны матацыкл без колаў. «Іж», ці не з магазіна? Мо з тых, што ўкраў? Якая розніца. Бач, і сінія «Жыгулі» за ядлоўцам прыхаваў. Як гэта ён даехаў сюды па балоце, ну, спрытнюга! Ідзе, ідзе... Увага! Каб толькі Куско з вадзіцелем не выскачылі раней часу. Ага, разведку правёў, не заўважыў небяспекі. Выйшаў, азіраецца. Чакай, чакай, хто гэта? Вельмі знаёмае здалося Ярусю аблічча чалавека, які падышоў да зямлянкі. Каб не гэтая кепка, насунутая на самыя вочы і... Што такое?..

Чалавек неспадзеўкі падскочыў, нібы перапалоханы заяц, кінуўся да маладой сасоначкі і сарваў з яе вінтоўку. Божа, як гэта яны не заўважылі яе.

Грымнуў стрэл. Злачынец выстраліў па вадзіцелю. У таго тырчала з-за дрэва чырвоная шапка. Ярусь вылаяў сябе, што не загадаў Куско і вадзіцелю зняць шапкі, якія свяцілі тут бы ліхтары ўначы. Але як гэта ён адразу ўхапіў вокам небяспеку. Насцярожаны быў звер...

Як выстраліў злачынец, стрэльнулі і яны з Куско. Пасля далучыўся да іх і вадзіцель, мусіць, напалоханы. Куля сарвала шапку з яго галавы. Каб трохі ўзяў ніжэй, усё — хана, усадзіў бы кулю проста ў лоб. Гэта пасля ўжо яны гэтак ацанілі першы стрэл, а цяпер, хаваючыся за дрэвамі, спрабавалі ўзяць злачынца ў кальцо. Аднак не так проста было гэта зрабіць, стралок ён быў адметны.

Злачынец яшчэ колькі разоў стрэліў, і Ярусь пачуў, як над ягонай галавой свіснула куля, і зразумеў, што яго таксама бачаць ужо. Раптам страляніна спынілася. Ярусь больш смела і адкрыта выглянуў з-за дрэва і ўбачыў, што злачынец ліхаманкава круціць туды-сюды затвор у вінтоўцы. Няйнакш, заела яго. Злачынец быў як на далоні, і можна было лёгка падстрэліць яго. Аднак трэба ўзяць жывога, вырашыў Ярусь і больш упэўнена рушыў да свайго ворага. Рухаліся і Куско з вадзіцелем, дый нешта крычалі злева леснікі.

Злачынец нечакана скочыў да зямлянкі, пацягнуў замок, але пад кулямі не змог адчыніць, не вытрымалі нервы. Тады, хаваючыся за дрэвамі, кінуўся прэч адсюль.

— Прыкрый мяне! — крыкнуў Ярусь Куско і, не спыняючы на хаду страляніны, шыбануў за ім. Бегчы было цяжка. Ногі правальваліся ў балоце, ажно пакуль не выбег на ўзбалотак. Там, адчуўшы пад сабой цвёрдую глебу, ірвануў колькі хапіла моцы. Даўно так не бегаў, толькі мільгалі перад вачыма дрэвы і спіна злачынца. Той азірнуўся, выскаліўшы зубы, як загнаны воўк. «Ну, зараз я цябе вазьму, вазьму!» — ліхаманкава думаў Ярусь. На тое, каб крычаць «стой», не хапала дыхання. Яшчэ і яшчэ падганяў ён сябе, ужо не чуючы, што за ім беглі Куско і вадзіцель. Яму трэба ўхапіць за гэту ненавісную спіну ў парванай кашулі, трэба! Здалося, ён скочыў як звер і закрычаў па-звярынаму. І ў гэтым скачку дагнаў уцекача, з усёй сілы стукнуў рукаяткай пісталета па плячы, і той з енкам і лаянкай паляцеў на зямлю. А на яго з размаху ўпаў Ярусь. Вокамгненна адзеў наручнікі, перавярнуў на спіну, тварам уверх. І толькі тады глянуў на твар... Пад ім ляжаў Сяргей Нырко, узрыўнік геалагічнай партыі. Ашчэраны рот, нібы застылы, анямелы позірк, у якім і страх, і здзіўленне, і нянавісць.

— Тваё сёння шчасце, лягавы,— прахрыпеў ён, ледзь варушачы языком, і ажно жылы выступілі на лбе ад напружання: ён спрабаваў яшчэ зняць наручнікі. Але дарэмныя былі ягоныя намаганні — жалеза было непадуладна яму. Знясілены, з крывой усмешкаю, здаецца, як назаўжды прыклеенай да вуснаў, зноў выдыхнуў:

— Тваё шчасце, лягавы, што не паспеў ускочыць у зямлянку...— і змоўк, адкінуўся спіной на чарнічнік.

— Ну і што, усё роўна была б табе хана,— абыякава-стомлена сказаў Ярусь, але словы Нырко ўстрывожылі яго. Дастаўшы ключы з кішэні злачынца, ён адамкнуў зямлянку і нібы трапіў у склад універсальнага магазіна, дзе, побач са скрынкамі каньяку і цукерак, ляжалі розныя запчасткі да матацыклаў, вопратка. Адразу ля дзвярэй, на невялічкім самаробным століку Ярусь раптам убачыў пакетны ўключальнік, ад якога адыходзіла ля дзесятка рознакаляровых тоненькіх правадоў. Адзін з іх выходзіў паверх парога і знікаў пад мохам. Ярусь пацягнуў яго, яшчэ надта не задумваючыся, навошта ён тут. Провад ляжаў неглыбока і паддаўся, вылез з-пад зямлі метраў на пятнаццаць. Да нечага ён быў, відаць, прымацаваны, канец знікаў у зямлі. Ярусь раскідаў рукою мох і ўбачыў прывязаную да сасновага кораня маленькую скрыначку. Менавіта да яе быў прымацаваны провад. Раскрыўшы скрыначку, капітан жахнуўся, яму стала ніякавата, нават страшна. Ён адразу ўявіў, што магло быць, каб злачынец паспеў ускочыць у зямлянку. У скрыначцы была ўзрыўчатка, і провад злучаў яе з электрычным узрывальнікам. Вось які ўключальнік стаяў у зямлянцы на стале.

Ярусь адчуў, як пабеглі па целе дрыжыкі і забалела галава. Ён паглядзеў угору: праз галінкі дрэў ярка свяціла сонца, і блакітнае неба, здалося, ахутвала з усіх бакоў зямлю. Так пастаяў мо хвіліну, а мо і дзесяць, усё роўна як мінула вечнасць. Марудна, усё яшчэ трымаючы ў руцэ пісталет, падышоў да Нырко. Той па-вар’яцку ўсміхаўся:

— Эх, не даў ты мне пажыць як арыстакрату, капітан, не даў. Ненавіджу, ненавіджу! — закрычаў ён, а вакол спакойна шумеў лес, і чуваць было, як недзе зусім блізка садзіўся верталёт. Але дапамога Ярусю ўжо была не патрэбна. Усё як у банальным дэтэктыве, падумаў ён. Але ж гэта было жыццё: за два крокі з наручнікамі на руках ляжаў злачынец.