epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Дамоў

— І раз, і два, і раз, і два! Левай, правай, левай!..— пакрыкваў сяржант-недаростак у расхрыстанай на грудзях спяцоўцы. Рота ішла на абед у гарнізонную з брудна-чырвонай цэглы сталоўку. Нікога з калоны Лаўрэн не ведаў, ён служыў не ў гэтай роце, але часць у іх была адна. Яна мела назву: будаўнічы батальён.

Рота прайшла міма, нехта свіснуў, рагатнуў, дружна ўдарылі падкаваныя жалезам абцасы аб брук. Няйнакш здагадаліся, што перад імі дзембіль: у руках — чамадан, кірзавыя боты блішчаць, як хромавыя. Адразу відаць, што выстраіўся дамоў. Крокаў дваццаць адгрукала рота, паядаючы вачыма Лаўрэна, і знікла ў чорнай пройме сталоўкі.

Атрымаўшы дакументы, Лаўрэн хацеў як найхутчэй апынуцца на вакзале, каб болей не бачыць казармы, не адчуваць яе абрыдлага масціка-ваксавага паху. Тое, што рота павітала яго як афіцэра, штосьці змяніла ў настроі, і ён, павесялелы, памалу ішоў па тэрыторыі гарнізона, азіраўся па баках, напаследак разглядваючы будынкі санчасці, клуба, сустрэчных.

Раптам ён пачуў наперадзе рэзкія гукі трубы і барабана, маршавую музыку. Справа ад дарогі ля салдацкага клуба было ажно чорна ад «Волг». Гэта насцярожыла яго, і ён падумаў, як лацвей абмінуць плац, на якім зараз нешта адбывалася і дзе было шмат афіцэраў. Але калі Лаўрэн убачыў тое, што было на плацы, цікавасць узяла верх над перасцярогай. Ён прыпыніўся і пачаў назіраць. На плацы, дзе штораніцы развод, стоўпіліся, менавіта стоўпіліся, а не выстраіліся сотні з дзве афіцэраў.

За паўкіламетра ад іх гарлапаніў-лаяўся высозны, цыбаты, на доўгіх танклявых нагах чалавек з генеральскімі лампасамі. Вось ён закрычаў, і Лаўрэн выразна пачуў: «У калону па чатыры ста-на-ві-ся!!!» І ўвесь натоўп тоўстых і худых, высокіх і маленькіх, пажылых і маладых, палкоўнікаў і маёраў, здаецца, афіцэраў ніжэйшых чынам не было відаць,— загрукаў па плацы. Яны прабеглі гэтыя пяцьсот метраў так хутка, як, мусіць, не бегалі даўно. Імгненна ўтварылі маналітную калону, бяздумную і паслухмяную волі даўгалыгага. А яму зноў нешта не спадабалася, бо да Лаўрэна даляцела фальцэтнае: «Разайдзіся!!!» Падатная камандам машына развалілася, ператварыўшыся ў натоўп разгубленых людзей. Лаўрэн здагадаўся, што афіцэры гарнізона рыхтуюцца да сустрэчы важнага госця. Пра яго прыезд апошнія дні толькі і было гаворак у роце. Лаўрэн, заняты сваімі клопатамі, афармленнем дакументаў на звальненне з арміі, зусім забыўся пра гэту падзею. Дый яму, зрэшты, усё роўна хто прыязджае.

Зараз канца муштры не было відаць, і Лаўрэн, шчаслівы і вясёлы, што яму не трэба маршыраваць разам з ротай (яны таксама збіраліся сустракаць важнага госця), слухаць мацюкі старшыны, падаўся прэч ад плаца. За КПП ён сцішыў хаду і ўжо зноў паволі пацягнуўся да вакзала. Білет быў у кішэні, а да вечара, калі адыходзіў цягнік на Маскву, яшчэ далёка. Ён углядаўся ў дамы, у сустрэчных людзей, як бы развітваўся з горадам, з якім лёс звязаў яго на два гады. Горад яму спадабаўся, і да яго людзей ён адчуваў павагу і нават удзячнасць, бо ўбачыў шмат чаго, што мог бы ніколі не ўбачыць, калі б не служба тут. Аднак цяпер ён пра гэта не думаў, проста ўсё нібы фатаграфаў, занатоўваў у памяці. Прыгажосць і незвычайнасць архітэктуры горада, расліннасць, дагэтуль невядомая яму — гэта Лаўрэн асэнсуе і ацэніць пасля, праз шмат гадоў ужо сталым чалавекам. Памяць будзе нібы выкідваць са сваіх каморак малюнкі таго часу, выклікаючы сум і жаданне хоць раз вярнуцца ў горад.

Мінуўшы раён, які меў назву Канакер, Лаўрэн насцярожыўся: па вуліцах туды-сюды лёталі на матацыклах у белых шлемах, у белых куртках, у белых штанах міліцыянты. Важна крочылі тройкі ваенных патрулёў. На вуліцы, па якой ішой Лаўрэн, міліцыянты стаялі, мабыць, праз тры-чатыры крокі. Іх было так многа, што ён разгубіўся, палохала, каб штосьці не затрымала яго ад’езд. Было адчуванне, што сустракалі не важнага госця, а чакалі нейкага перавароту ці мяцяжу. Ну, як паказваюць па тэлевізары аб падзеях у афрыканскіх і лацінаамерыканскіх краінах.

Лаўрэн перайшоў на другую вуліцу, але і там было тое ж: кругом міліцыянты і ваенныя патрулі, якія ўжо двойчы спынялі яго. На шчасце, калі вымаўляў слова «дзембіль», махалі рукой, прапануючы барзджэй выбірацца адсюль.

І на вакзале была адна гамана: што на свята рэспублікі ў горад увечары прыляціць сам таварыш Брэжнеў. Яго партрэты, каляровыя і чорна-белыя, маленькія і вялікія, здаецца, віселі на сценах усіх будынкаў. Дзядзька, які сядзеў побач з Лаўрэнам, пачаставаў яго кілбасой з памідорамі і, нахіліўшыся да вуха, цішком сказаў, што ўчора ў горадзе быў грандыёзны скандал.

— Вось тут,— ён паказаў пальцам на прывакзальную плошчу, і Лаўрэн убачыў высока ўзнятыя ў неба велічэзныя партрэты Брэжнева і Леніна,— нехта пажартаваў, мо і цяпер шукаюць гэтага жартаўніка.— І амаль уткнуўшыся вусамі Лаўрэну ў вуха, дзядзька апавядаў, што ўначы нейкі смяльчак-адчаюга ўзлез да партрэта Леніна і намаляваў на пінжаку правадыра Зорку Героя. Раніцай людзі ўбачылі, што не толькі Брэжнеў з медалямі, але і ў Леніна ёсць. За дзень увесь мільённы горад пабыў тут.

— А цяпер глядзі! — выцягнуў палец дзядзька, нібы паказваючы фокус, і Лаўрэн нічога не ўбачыў на грудзях ні ў Брэжнева, ні ў Леніна.— Вось так...— засмяяўся дзядзька, схаваў рэшткі свайго абеду ў торбу і праз хвіліну як растаў у вакзальным віры.

Хіліла на сон, і Лаўрэн задрамаў. Уначы ён амаль не спаў, мо прыкімарыў з паўгадзіны, наўрад больш. Проста яму не было часу заставацца ў казарме. Адчуваў, калі затрымаецца трошкі, можа прыехаць камандзір роты альбо дзяжурны па часці, а гэта яшчэ горш. Тады будзе кепска. Хоць, зрэшты,такая ўжо віна, можна сказаць, змусілі яго... Сяржанты Аліеў, Каўбаеў і Мацюрупа падышлі да яго ўначы, ведалі, што атрымаў грошы. Канечне, была такая завядзёнка: той, хто ад’язджае, частуе сяржантаў і «дзядоў». Яму нікога не хацелася паіць, але ж падумаў, што служыць ім найменш паўгода, а ён шчаслівы — едзе дамоў і чаму не падзяліцца хоць трошкі гэтым шчасцем. І Лаўрэн адразу згадзіўся адсвяткаваць свой ад’езд.

Іх рота стаяла ў гарах, за тры кіламетры ад яе ўправа і ўлева былі дзве вялікія вёскі Ашнар і Куназ. У Ашнары прадавалі чырвонае віно па рублю за літр, а ў Куназе — белае. Лаўрэн даў грошай на чырвонае і на белае, а таксама на памідоры і на лаваш. Вырашылі сабрацца ў сталоўцы пасля адбою. Кухар Маныраў пакінуў Лаўрэну ключы ад склада прадуктаў і на стол узялі мясных кансерваў, цыбулі, хлеба. На кухні пакінулі бульбы, на гэты раз яна была патоўчаная з мясам.

Калі Лаўрэн увайшоў у сталоўку пасля капцёркі, там ужо сядзела чалавек трыццаць. Дзесяцілітровыя тэрмасы з віном стаялі на сталах. У Лаўрэна на душы было трывожна, не верылася, што гэта апошняя ноч у казарме, магчыма, больш гэтых хлопцаў не ўбачыць ніколі ў жыцці. Ён пільна агледзеў салдат, што сядзелі разам з ім за развітальным сталом. Насупраць усміхаўся Казбек Назарбекаў з Грознага. Яны не былі сябрамі, нават аднойчы ледзь не пабіліся з-за нейкай дробязі. І гэтая бойка была б не на карысць Лаўрэну, бо за Казбекам яшчэ чалавек трыццаць землякоў, якія ніколі не далі б яго ў крыўду. А ў Лаўрэна толькі два землякі: Васіль Камарэвіч з Лунінца і Казік Капурка з-пад Баранавіч. Сілы няроўныя, і таму, сціснуўшы зубы, давялося знесці абразу. Цяпер Казбек шчыра і амаль па-сяброўску яму ўсміхаецца, будзе піць віно, купленае на яго грошы. Яны забылі ўсё кепскае, што было між імі, сёння свята, якога дачакаўся першым Лаўрэн.

— Салага, давай! — крычыць Юра Антонаў, б’е рукой па стале, і на падлогу падае жалезная міска. Лаўрэн уздрыгвае, ён крыху асцерагаецца Антонава, ля якога таксама пяць землякоў з Краснаводска. Яны, мусіць, ужо накурыліся анашы, бо ўчора Антонаў атрымаў з дому пасылку. Лаўрэн бачыў, як Антонаў мяшаў табаку з травой, пасля набіваў папяросныя гільзы. Раней у іхняй кампаніі быў Аляксей Мурзаў, таксама з Краснаводска, але яго забрала ваенная пракуратура. Мурзаў цяпер у дысбаце.

— Давай, давай, салага! — рагоча Антонаў, адбівае на гітары акорд сваёй любімай песні, якая вельмі не падабаецца Лаўрэну, але ён слухае і ведае ўжо на памяць «Дваццацігадовых нас пад сто шасты загад падстрыглі нагала пад барабан...» «Толькі б цяпер не завыў... Крычаць пачне»,— з сумам думае Лаўрэн. А на табурэтцы ў цэнтры сталоўкі ўжо «салага» адэсіт Валік Кірзуйка, хлапчыска пад два метры ростам, вечна галодны. Ён адзін можа з’есці бачок грэцкай кашы, бачок салдацкага баршчу на дзесяцярых і вып’е чайнік кампоту. Амаль штовечар Кірзуйка добраахвотна мые разам з народам посуд на кухні, гэта дае яму магчымасць сабраць недаедзеныя лусты хлеба. Ён мог бы на сняданак, на абед і на вячэру папрасіць дзве порцыі, але тыя, хто служыць у будаўнічым батальёне, павінны разлічвацца за харч, вопратку і абутак са свайго заробку. Кірзуйка ўжо больш з’еў, чым зарабіў, і баіцца стаць даўжніком у арміі.

Цяпер ён на табурэтцы чытае загад міністра абароны аб чарговым звальненні з радоў Узброеных Сіл і сквапна глядзіць на стол, ад якога пахне мясам, цыбуляй і хлебам. Кірзуйка радасна дзярэ горла, і ягоны крык перакрывае бяседу, панылы спеў Антонава, які ўжо курыць сваю папяросу.

На ўваходзе ляпаюць дзверы, і ўсё ўмэнт сціхае, затойваецца як мыш пад венікам. Ва ўсіх адна думка: хто? а калі дзяжурны па часці? Першае жаданне ў Лаўрэна выскачыць у акно. Дзеля таго каб паехаць дахаты, ён здольны і на такое. Змоўк Кірзуйка, саскочыў з табурэткі і, выкарыстаўшы разгубленасць, ухапіў са стала мяса і хлеба. Толькі чуваць, як ён прагна грызе здабытую ежу, ніхто яму з «дзядоў» не перашкаджае. У калідоры рыпяць ужо нейчыя боты, відаць, новыя, абцасы на падкоўках. «Рып-скрып, рып-скрып, рып-скрып...» Каб не іранічны позірк Казбека, які здагадваецца аб пучуццях Лаўрэна, ён бы зараз уцякаў адсюль. Унь, у кутку адчынена палова акна. Толькі цыгнуць, і ён на дварэ...

Расчыняюцца дзверы, і Лаўрэн нават перастае дыхаць: на парозе намеснік камандзіра роты старшы лейтэнант Анціпаў. Учора Лаўрэн казаў яму аб сваім ад’ездзе і намякаў пра лаваш з, памідорамі, але не думаў, што той прыйдзе. Прыйшоў, але ж ён афіцэр і раптам... Што ў ягонай галаве... Ён, здаецца, здзекліва акідвае ўсіх позіркам, і зараз пачуецца: «Устаць! Пастроіцца!..» Уключыць усе лямпачкі, дастане з кішэні блакнот. З паўзмроку блішчаць на ім рамяні, новыя боты, казырок шапкі. Ён вельмі прыгожы, гэты афіцэр, і ўсе салдаты ведаюць, што, калі камандзір суседняй роты ў камандзіроўцы, Анціпаў у час дзяжурства ўначы заходзіць да яго на кватэру і затрымліваецца на дзве-тры гадзіны.

— Ну што? — зусім строга пытаецца старшы лейтэнант.— Дамоў, Лаўрэн?

— Дамоў...— з цяжкасцю вымаўляе ён і чакае, што скажуць далей, але ўсё-ткі супакойваецца, адлягае трывога ад сэрца.

— Што ж ты забыўся пра свайго камандзіра? — праз паўзу кажа Анціпаў, і яму не даюць закончыць фразу, дружнае, хоць і прыглушанае «ўра» ўзрывае напятую цішыню.

Намкамроты ўсаджваецца на пачэснае месца між Лаўрэнам і Казбекам, а насупраць іх — Антонаў, які налівае ў паўлітровы кубак чырвонага віна. Ад Анціпава пахне жаночымі духамі, няйнакш сусед у камандзіроўцы. Але пра гэта нікому не прыходзіць у галаву. Галоўнае, каб старлей быў задаволены. Ён п’е віно, і праз колькі хвілін у сталоўцы ўсё па-ранейшаму, кожны нешта выказвае, алкаголь бярэ перамогу над усімі. Толькі Лаўрэн ужо і ў губы не бярэ. У яго задача, каб пад раніцу незаўважна знікнуць з роты.

Да яго лезе, чапляецца Казбек. Ён успомніў аб сваім земляку Аліку Мусараву, які павінен быў звальняцца з арміі разам з Лаўрэнам. Але што зробіш, яго ўжо няма. Слухае Лаўрэн Казбека, і слёзы нагарнуліся на вочы. Дзейнічае алкаголь на нервы, але і хлопца шкада. Ужо мінулі тры месяцы, як забралі Аліка бацькі і недзе пахавалі ў сваёй Чэчні. Разам яны былі з Антонавым на балконе на чацвёртым паверсе. Алік тынкаваў сцяну, а Антонаў страхаваў яго. Пакінуў аднаго, кажа, мо на хвіліну, а дошка кульнулася пад нагамі, і Мусараў з чацвёртага паверха ўпаў на каменне... Ён пражыў яшчэ паўгода, і ўсё. «Чаму ён пакінуў Аліка?» — пытаецца Казбек у Лаўрэна і плача, скіскае кулакі. Малоціць імі па стале, брудна лаецца, крычыць.

— Ты знарок пакінуў Аліка!!! — выгуквае ён і раптам хапае Антонава за плечы, цягне яго да сябе і перакульвае кубкі з віном. Старшы лейтэнант нешта спрабуе скамандаваць, але ён на моцным падпітку і яго ніхто не слухае ўжо. Казбек б’е з размаху Антонава ў твар і вылівае яму на галаву кубак віна. У сталоўцы пачынаецца вэрхал, усе крычаць: адны супакойваюць забіякаў, другія пераходзяць у іхніх саюзнікаў, раздзяляючыся на варожыя лагеры. І толькі Кірзуйка спакойны, у яго свой інтарэс: рукі і рот заняты ежай.

Апошні раз глядзіць на былых аднапалчан Лаўрэн, няма сэнсу развітвацца: усім ужо не да яго. Ён спыняецца ля адчыненага акна і нечакана ўспамінае першы дзень службы, калі іх, страшэнна стомленых за восем дзён дарогі, яшчэ ў цывільнай вопратцы, адразу з цягніка прывялі ў гэту сталоўку. Яны паабедалі, і добрую гадзіну касавокі падпалкоўнік, як кажуць, на «дэсерт» расказваў пра «Малую зямлю» і яе агромністую ролю ў Вялікай Айчыннай вайне. Лаўрэн чуў толькі ўступ, а потым, знясілены дарогай, размораны салдацкай кашай і словамі падпалкоўніка, нібы праваліўся ў бездань, заснуў і ачнуўся, калі прамоўца заканчваў сваё выступленне. Спалі амаль усе навабранцы, і іх пабудзіла ўжо каманда: «Устаць! Выходзь строіцца!» Гэты малюнак узнавіўся ў памяці Лаўрэна як бы на нейкую долю хвіліны і знік, пакінуўшы рэальнасць: вось-вось у сталоўцы пачнецца бойка і ў гэтым будзе павінен ён. Адно ратуе: тут намкамроты старшы лейтэнант Анціпаў, які мо праявіць сваю волю.

Лаўрэн выскачыў праз акно і звычнай дарогай, міма вышкі вартавога, праз дзірку ў плоце, па цясніне, якая ўпрытык да іхняга гарадка, шыбануў да горада. Якраз паспяваў на першы ранішні аўтобус. І вось цяпер сядзіць на вакзале. Толькі неспакойна на душы, вельмі неспакойна... А калі зараз з’явіцца дзяжурны з часці і верне яго, Лаўрэна, у роту...

На вакзале, як заўсёды, было тлумна. Проста над Лаўрэнам вісеў дынамік, які маўчаў, бы даючы людзям удосталь пагаманіць, падзяліцца з выпадковым суседам па лаўцы нечым сваім, якое часам не выкажаш знаёмаму чалавеку. І неспадзеўкі дынамік захрыпеў, адразу перакрываючы ўсю вакзальную гаману, адкашляўся і гучна заспяваў барытонам: «Малая зямля, вялікая зямля... Малая зямля, вялікая зямля...» І гэтак хвіліну-другую. Іншых слоў не было чуваць, пэўна, заела магнітафон ці прайгравальнік. Калі людзі спярша пачціва слухалі, дык потым пачалі смяяцца. Нарэшце ў дынаміку шчоўкнула, змоўк барытон, і ўсе пачулі лаянку з мацюкамі, акрэсленымі выразным каўказскім акцэнтам: відаць, нейкі начальнік выгаворваў таму, хто адказваў за музыку. Цяпер ужо людзі ледзь не клаліся ад смеху. Здалося, хваля рогату пакацілася на перон і, набыўшы яшчэ большую сілу, панеслася па вуліцы. Толькі не смяяўся Лаўрэн, не мог забыць казарму, вячэру ў сталоўцы...

Але вось тэхніку наладзілі, і праз паўзу зноў паляцела з дынаміка: «Малая зямля, вялікая зямля...»

— Ачысціць памяшканне, ачысціць памяшканне! — у вакзал увайшлі чалавек з пяць міліцыянтаў у белым і пачалі вытурваць людзей з залы. Навошта гэта яны рабілі, Лаўрэн зразумеў, калі ўбачыў, што сюды нясуць некалькі партрэтаў. Іх, напэўна, збіраліся прымацоўваць да сцяны, а мо і на столь, а людзі заміналі.

На шчасце, аб’явілі пасадку на маскоўскі цягнік. І Лаўрэн разам з іншымі пасажырамі пабег на платформу. Калі ўвайшоў у вагон, з дынамікаў грымела: «Малая зямля, вялікая зямля...» І Лаўрэн засмяяўся. Ён ехаў дамоў назаўсёды.