epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Электра

 

— Эля, Элька! — крычаў з вуліцы Міфодзеў Рыгор, чарнавусы сіваваты мужчына з пугаю ў руках. Жанчына, стаіўшыся ў хаце, слухала яго хрыпаты голас і не адклікалася. Але ён гукаў і гукаў, і яна не вытрымала, выйшла ў двор. Мужчына кінуў убок пугу, бегма рушыў да жанчыны, абняў за худыя плечы, і яна, затрымцеўшы ўсім целам, прыціснулася да яго. Пахла каровамі, потам і тытунём. Гэтак некалі пахла ад бацькі, калі ён прыходзіў з холаду ў хату. Яна тады была маленькая і шчаслівая.

...Калі дзяўчынка нарадзілася, бацькі доўга не маглі вырашыць, як назваць яе. У вёсцы Цітаўка была забабона, што ад імя залежыць, быць жанчыне шчаслівай ці не. Здаецца, перабралі ўсе імёны, аднак нічога не падабалася: Тэкля, Гандзя, Лёдзя, Маня, Саня... Дзяўчынка была першым дзіцем, і хацелася назваць яе прыгожа і незвычайна.

Бацька ў маладосці трохі служыў у Маскве. У камандзіра роты жонку звалі Электра. У яе заўсёды была ўсмешка на пухлявых губах, а вочы, як агеньчыкі, так і свяцілі шчасцем. Муж нібыта насіў яе на руках. Але гэта было ўжо іншае: насіў ці вазіў, іхняя справа.

Доўга сварыліся бацькі, толькі ў сельсавеце выпісалі метрыку, у якой чорным па белым значылася, што імя ў дзяўчынкі Электра. У Цітаўцы паздзіўляліся, паўсміхаліся дый прывыклі да гэтага нетутэйшага імя. Тым больш што дзяўчынка была копія бацькі, а гэта — на шчасце. Наканавана ёй было ад нараджэння радаснае і бесклапотнае жыццё.

Суседка Марфа, у чыёй хаце шчыпаліся, біліся і крычалі на палацях пяцёра малых, з зайздрасцю пазірала на іхнюю хату і штодзень кляла мужа, гарбатага Міфодзю. Той, акрамя Насці, Рыгора, Фені, Лёні і Клаўдзі, амаль ніякіх імёнаў не ведаў і нідзе не чуў, бо ўсё жыццё пасвіў кароў на пастаўніку. І толькі аднойчы, калі выходзіла замуж стрыечная сястра, патрапіў у вёску Дамашы, што ажно за Мінскам.

Аднак дарэмна зайздросціла Марфа: была шчаслівай Электра да таго часу, пакуль не пачалася вайна. Забілі бацьку. Потым згарэлі хата, хлеў, а з ім карова і ўсё астатняе, што дзяцей карміла.

Яны з маці выскачылі ў двор у чым былі, ухапілі толькі смаркачоў Ваньку, Мішку, Геньку. Усё дабро пайшло прахам. Плакалі, енчылі, але ніхто іх не чуў, бо палала вёска, куды ні глянь. Спачуваць не было каму.

Марфіны дзеці былі ў пограбе і ад дыму ледзь усе не памерлі. Трох адкачалі, а дзвюх дзяўчатак назаўтра пахавалі на могілках за Кавальцом.

Электра з маці сяк-так абсталявалі клуню і перазімавалі. Гарбаты Міфодзя зляпіў печку, бо спярша таксама жыў тут з імі. Гэта пасля ўжо зрабіў зямлянку, а недзе пазней перайшоў у новую хату.

У іх не было каму рабіць іншае жытло, і яны спакваля пашыралі клуню. Дабудавалі з дапамогаю таго ж Міфодзі і сенцы, камору. І ўрэшце нішто сабе атрымалася хата, таму што сцены былі са смалякоў, яловыя. Бацька будаваўся не на год, а каб і дзецям засталося.

Удзень маці бегла ў калгас на работу, а Электра была за няньку з малымі. У лесе ад вайны поўна засталося мін, зброі, дык не адно пакалечылася. Не дай бог, каб гэта здарылася ў іхняй хаце. Глядзі, дачушка, за бахурамі, гаварыла маці, бо залезуць і ўтвораць што-небудзь.

Яна пахадзіла ў школу да шостага класа, а потым за сахор і на ферму — гной дзерці з-пад кароў. Адзень, абуй, накармі братоў, а яны растуць, есці толькі давай. Вось з маці і вырашылі: вучыцца яна будзе пасля, а зараз трэба ставіць на ногі малых. Уведала Электра, нібыта адкрылі вячэрнюю школу, дык ці не ўсё роўна, у якую хадзіць. Так прыкінула яна сваёй галавой і ўляглася з маці ў работу.

Час імчыць, як неаб’езджаны конь, не спыніць яго, не павярнуць. Учора, начапурыўшыся, бегла на танцы па храбусткім маладым снезе, скакала з Міфодзеевым Рыгорам, а сёння Генька пабег у клуб. Усё змянілася, толькі хата ў іх тая ж, з клуні, і комін яшчэ больш нахіліўся над ёй. Наляціць моцны вецер, падхопіць іскру, і — бяда. Нарэшце Міфодзеў Рыгор за бутэльку самагонкі перарабіў комін. Як выпіў гарэлкі, зашаптаў, каб прыйшла ноччу, будзе чакаць яе на вышках. Электра засмяялася ў вочы яму, і ён пакрыўджаны пайшоў, а яна ўсю ноч мачыла падушку слязьмі.

Якое замужжа, калі браты ў інстытутах, памагаць трэба. Яны былі вельмі здатныя да вучобы.

Раптам у Цітаўцы ліквідавалі ферму, на якой працавала Электра. Горад быў побач, яму не хапала зямлі. Спярша Электра паплакала з маці, што не будзе кароў, пагаравала. Аднак штось трэба рабіць, неяк жыць далей. Хлопцы прасілі грошай. У горадзе асфальт, абутак на ім сінім агнём гарыць. Дзіўна, як ногі вытрымліваюць.

Паехала Электра ў горад, і адразу ёй пашчасціла: узялі лабаранткай у навукова-даследчы інстытут. У вёсцы ўладкавалася вартаўніком сельмага. Капейчына і капейчына — рубель. Яны з маці елі бульбу з кіслай капустай, малачко прывозілі з горада дый, каб сіла была, пілі чай. Колісь Міфодзя крычаў на ўсю вуліцу: чай не піў — адкуль сіла, чай папіў — зусім аслаб.

Як уладкоўвалася ў інстытут, спыталі імя. Электра засаромелася і, баючыся, што будуць смяяцца, ледзь чутна вымавіла: Эля... Яе так і прынялі ў лабараторыі Эляй. Так і ў вёсцы яе называлі. Э-ле-кт-ра! — пакуль скажаш, язык зломіш.

Браты назусім пераехалі ў горад і толькі прыязджалі па сала, бульбу, гуркі... На рынку грошы вылажы, а тут — дарэмшчына. Дый ехаць недалёка. Аўтобус спраўна курсіруе. Пад настрой і пешшу за пару гадзін можна датупаць: да горада пятнаццаць кіламетраў.

Зіма, лета, вясна, восень — і неяк, запазніўшыся на рабоце, Электра не застала маці жывою. Відаць, стамілася за дзень, прысела каля стала адпачыць. На вуснах ласкавая ўсмешка, якую не сцерла нават смерць. Мабыць, успамінала сваіх хлопцаў, што няблага ўладкаваліся ў жыцці, думала, што будзе шчасце і для Элі. Пра гэта яны многа разоў гаварылі, і было не цяжка здагадацца, гледзячы на маці, з якімі думкамі яна памірала.

Цяпер Электра не спяшалася дахаты, звольнілася з вартаўнікоў і працавала толькі лабаранткай. Ёй грошай хапала. Браты даўно былі на сваім хлебе, дый з маслам, зараблялі добра: Генька і Мішка ездзілі на ўласных легкавушках.

...Пад канец работы, калі Электра перамыла посуд, прыбрала ў лабараторыі, нечакана сабралася многа людзей. Звычайна так было на свята. Сюды прыйшлі старшыня прафкома і парторг інстытута. У руках загадчыка лабараторыі быў велічэзны букет руж. Упершыню ў жыцці Электра пазайздросціла таму чалавеку, які атрымае гэтыя кветкі.

— Дарагая наша Электра Іванаўна! — раптам сказаў старшыня прафкома. Яна спачатку не зразумела, што гэта звяртаюцца да яе і ўсе глядзяць на яе, радасна ўсміхаюцца. Ад гэтага ёй стала сорамна і страшна, яна адчула, што задрыжэлі губы. Электра сабрала ўсе свае сілы, бо хісталіся ў вачах сцены, і падлога, і твары людзей. «Ой-ой...» — выдыхнула яна і толькі цяпер даўмелася, што ёй сёння сапраўды пяцьдзесят год і дваццаць пяць, як яна працуе ў гэтым інстытуце.

Усё-ткі яна заплакала. Слёзы цяклі па твары, Электра іх не выцірала. Многія, хто стаяў перад ёй, былі маладзейшыя, але для ўсіх яна была проста Эля.

Старшыня прафкома перадаў ёй букет, і зноў ёй ледзь не стала дрэнна. Ніколі яшчэ ніхто не дарыў ёй кветак. Здалося, што яна маладая і гэта нехта пасля танцаў прынёс кветкі. Але віншавалі яе з пяцідзесяцігоддзем і гаварылі столькі прыемных слоў, колькі яна не чула за ўсё жыццё.

Электра стаяла бледная, невысокая, у белым халаце, такая, якой яе прывыклі бачыць штодня: ціхмяная і сарамлівая. Яе папрасілі сказаць што-небудзь, але яна нібыта анямела: усміхалася і плакала. Яна думала пра тое, што не пабачыць маці, якая шчаслівая яе дачка, што няма тут Ванькі, Мішкі, Генькі. Хай паглядзелі б, як паважаюць іхнюю сястру Электру. Ёй хацелася запрасіць усіх гэтых людзей да сябе, пачаставаць, аддзячыць за дабрыню. Аднак не павязеш жа іх у хатку, у якой бацька некалі трымаў сена.

З лабараторыі яна пайшла апошняя. Доўга кружыла па гарадскіх вуліцах. Да яе часта звярталіся, думаючы, што прадае ружы. Электра прыціскала да сябе букет, нібыта дзіця, і бегла. А ў вачах бацька, маці, браты, і палаюць хаты... Спынілася паштальёнка ля іхняга двара і маўчыць. Маці здагадалася, упала па зямлю, абамлеўшы... Танцы да ночы, гармонік вось-вось не вытрымае, парвецца ў дужых руках Міфодзевага Рыгора, які ўжо гадзіну наярвае польку з «падкіндэсам». Электра танцуе, не чуючы ног пад сабой... Маці сядзіць за сталом, а на вуснах спакойная і лагодная ўсмешка. «Мамы няма, няма мамы!..» — крычыць Генік, а яна, як некалі, дваццаць год назад, калі яго пабілі ля клуба, супакойвае, гладзіць рукой па галаве і плача, плача... Мамы няма, няма мамы...

«Электра, Эля...— думала, ужо спакойна ідучы да аўтавакзала.— Лепш бы назвалі якой Маняй альбо Дуняй. А то выдумалі...» Аднак яна нават у думках сабе не сказала, хто гэта выдумаў ёй такое імя.

Ужо ў вёсцы яна сустрэла Міфодзевага Рыгора, які панура цягнуўся за дзесяткам кароў.

— Як яно? — абыякава спытаў і, не чакаючы адказу, прайшоў міма. Потым спыніўся, здзіўлены, усё ж заўважыў: — Што гэта?

Электра чамусьці спалохалася, прыціснула да сябе кветкі, нібыта баючыся, што Рыгор адбярэ іх. Ён пераступіў з нагі на нагу і вымавіў:

— Файны букет...

Тым часам, пакуль яны стаялі, каровы ўбіліся ў жыта. Рыгор вылаяўся і пабег выганяць іх. Электра памагла яму: запыніла кароў і павярнула назад.

Летась Рыгор пахаваў жонку. Ён узяў сабе ў галаву, быццам яна захварэла ад таго, што ён курыў. Куды цяпер зніклі яго жартачкі. Жыў ён адзін, сын быў у арміі.

Паглядзела Электра ўслед Рыгору і няспешна, перапоўненая радасцю і шчасцем, пашыбавала дамоў. З усіх бакоў пахла кветкамі. Калі б не саромелася людзей, пабегла б па вуліцы і спявала б. Усё-ткі яна шчаслівая, Электра...

Яна адчыніла веснічкі і ўбачыла ў двары «Жыгулі». Па нумары пазнала, што Мішкавы. Узрадавалася: вось малайчына, успомніў і прыехаў павіншаваць. Зараз яна што-небудзь прыгатуе, і яны пасвяткуюць у роднай хаце. Успомняць маму і тату...

На ганку Электра зняла басаножкі і ступіла ў паўзмрок сенцаў. Дзверы ў хаце былі адчынены. Міхал, згорбіўшыся, стаяў на каленях і штосьці рабіў. Яна падкралася да яго і ўжо хацела закрыць яму вочы рукамі. Аднак тое, што ўбачыла, уразіла яе: Электра ажно разгубілася, зніклі словы, якія сабралася сказаць.

Міхал трымаў у руках металічную рулетку і вымяраў падлогу. Электра адразу падумала, што брат нарэшце заўважыў гнілаватыя дошкі і заменіць іх новымі. Яна і сама планавала ўвосень зрабіць сякі-такі рамонт. Нават дамовілася наконт дошак. Канечне, братоў клопат таксама не пашкодзіць.

— Мі-хал! — прашаптала Электра. Брат спуджана ўздрыгнуў, узняў галаву, і твар у яго пачырванеў. Відаць было — ён так разгубіўся, што мо хвіліну не мог падняцца на ногі. Урэшце ўсхапіўся і моўчкі сеў на ўслон, адвярнуўся ў акно. У Электры ад прадчування нечага благога ажно заныла сэрца.

— Што такое, Міша? — спыталася, крануўшы брата за плячо.

— Так...— ён узмахнуў рукой,— нічога сур’ёзнага.— Убачыў кветкі.— Куды гэта іх? На продаж?

Голас у Міхала быў вінаваты. Вочы чамусьці хаваў ад сястры. Як у маленстве, калі нашкодзіць.

— Мне падарылі...— Можа, усё-ткі ён здагадаецца, чаму менавіта сёння ёй падарылі гэты агромністы букет.

Брат і не паспрабаваў гэта зрабіць, штось пісаў на паперцы, нешта лічыў.— Мне... мне пяцьдзесят год...

— А...

Электра задрыжэлымі рукамі неяк прыладзіла кветкі ў вазу, пераадзелася ў кутку за печчу. Пачала збіраць на стол.

Міхал скончыў лічыць, уздыхнуў.

— Во, глянь,— паклікаў сястру,— сюды.

Яна паглядзела на паперу: на ёй быў намаляваны прамавугольнік ці квадрат, падзелены на чатыры часткі. Кожная частка была пазначана сваёй літарай: М, В, Г, Э...

— Што гэта? Задача ці гульня? — усміхнулася Электра.

— Якая гульня, якая гульня! — выкрыкнуў брат, дастаў цыгарэты і закурыў. Раней ён у хаце ніколі не курыў.— Разумееш...— ужо цішэй загаварыў ён,— мы ўсе, акрамя цябе, жывём у горадзе. І нам патрэбны... дачы. А дзе мы іх возьмем? Мы вырашылі падзяліць хату на чатыры часткі, каб у кожнага была свая.

— Якія дачы? — яшчэ не разумела Электра.— Прыязджайце, адпачывайце. Ці ж я не даю?

— Ты гаворыш абы-што,— перабіў яе Міхал і адчаканіў: — Нам трэба падзяліць гэту хату і агарод на чатыры часткі, каб кожны меў сваё. Ясна?!

— Ясна...— урэшце Электра даўмелася, чаго дамагаюцца Міхал з братамі. У вачах стала цёмна. Яна падхапілася з услона і, нібыта сляпая, выцягнуўшы перад сабой рукі, пайшла па хаце ўздоўж сцен. Ля печы спынілася, ёй здалося, што там яны з мамай і малымі хлопцамі схаваліся ад холаду. Мішка шэптам просіць, каб расказала якую казку.

Электра прыхілілася тварам да печы і заплюшчыла вочы. Вельмі моцна пахла кветкамі. Цішыня... Яна дома...

— Ты адна, табе многа не трэба,— пачула ззаду, і нібыта ёй забілі цвік у галаву. «Электра, Эля...»

— Чуеш ці не?

Яна нічога больш не чула, у галаве нібыта цыганскі табар: галёкалі людзі, іграў гармонік, крычаў певень, спявалі птушкі. Ногі дрыжалі, яна прымусіла сябе зрабіць тры крокі да стала. Павяла па хаце вачыма. Яна была адна. За акном загула машына. Міхал ад’язджаў. Пуста ў хаце, усё роўна як брата і не было, як не сядзеў тут. Адна паперка на стале з квадрацікамі і літарамі. І кожная — быццам нумар для чалавека. Яе нумар з літарай Э...

Электра з цяжкасцю паднялася з услона, выйшла на двор. Вароты былі расчынены, і слуп, на якім трымаліся веснічкі, нахіліўся. Мусіць, зачапіў яго Міхал машынай. Яна абкапала вакол слупа, выпрастала яго і ўтрамбавала зямлю, як гэта рабіў бацька.

Электра бяздумна хадзіла па двары, зазірнула ў хлеў, дзе пахла ўжо мышамі, а не каровай, пасядзела ля кастра дроў. Было б лепш, каб паплакала, але некуды прапалі слёзы.

На дварэ гусцеў змрок, а яна ўсё сядзела пад хлявом. Потым ачулася, зайшла ў хату і, не запальваючы святла, навобмацак знайшла ў шафе сваю лепшую сукенку. Яна пашыла яе з крэпдэшыну, які купіла ўвесну за прэмію. Электра накінула на плечы хустку, ад парога вярнулася і ўзяла яшчэ кветак. Адным вокам зірнула на сябе ў люстэрка, але нічога не ўбачыла. А мо гэта і добра? Ведала, што твар у зморшчынах і бяскроўны. Пра гэта падумала на вуліцы.

Міфодзеў Рыгор ляжаў на ложку і нібыта спаў. Мо разбудзіць?..

— Хто? — спытаў нейкім нежывым голасам і пазнаў яе.— А, ты? Сядай, чаго стаіш, у нагах праўды нямашака.

Электра палажыла кветкі. У галаве па-ранейшаму быццам цыганскі табар. Яна маўчала.

Рыгор нічому не здзівіўся, прынёс з каморы сала, гуркоў, нарэзаў хлеба. Ёй здалося, што яго чорныя вусы ўсё роўна як пахудзелі, неяк сумна звісалі ўніз. Яна глядзела, як ён піў, еў, а ў вачах была паперка з квадрацікамі.

— Помніш, як у Леўкаў на танцах? — выдыхнула яна. Ёй захацелася, каб Рыгор пагаварыў пра той час, калі яны былі маладыя, а ён лавіў яе ў цемры, абдымаў і цалаваў. Яна ўцякала ад яго, а ён даганяў.

Рыгор спадылба глянуў на яе, звузіўшы вочы, і змоўчаў. Электра больш не гаварыла.

Яны моўчкі прасядзелі за сталом усю ноч. Электра ўспамінала дзяцінства, матку, бацьку, братоў. Не было ні злосці, ні тым больш нянавісці. Яна бачыла іх зараз малымі і напалоханымі вайной. «Электра Іванаўна!..» — так назваў яе старшыня прафкома, якога яна лічыла непрыемным чалавекам, таму што ён за ўвесь час ні разу не павітаўся з ёй. Аднак ён гаварыў пра яе шчыра і букет падарыў. Яна адчувае, як пахнуць кветкі, і таму шчаслівая. Іх пах быў ужо і ў Рыгоравай хаце.

Мінала ноч, на дварэ шарэла. Электра выключыла святло, прыбрала са стала, але посуд не памыла. Рыгор, згорбіўшыся, нібы зусім стары дзед, ці то спаў, ці то драмаў. Яна асцярожна правяла рукой яму па валасах і, спалохаўшыся, што прачнецца ад яе дотыку, на пальчыках выбегла з хаты.

Рыгор глядзеў ёй услед...


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Супрунчук В. Недзе баліць ля сэрца: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 247с.
Крыніца: скан