epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Фаварыт Карл

Нахіліўшыся над загараддзю, Сцяпан Мінавіч прутком паказытаў свіней, якія ляніва, быццам начальнікі, валюхаліся перад ім у гразі. Свінні ўсе гладкія, з ружовенькімі лычамі, адно ў адно, што блізняты.

Сцяпан Мінавіч стаяў і думаў, што вось і споўнілася тры гады ягонага новага жыцця. Хоць якое яно новае, калі тры гады? Здавалася, тут ужо векаваў. За тры гады ён амаль усё ўспомніў з інстытуцкай навукі і па заатэхніі і па ветэрынарыі. Успомніш... Лепш свіннямі загадваць, чым лес пілаваць альбо мокнуць у снег і дождж на будоўлі. Лепш... Дзякуй тым, хто дапамог яму, знайшоў гэтае месцейка загадчыка турэмнай свінафермы. Лепш быць з свіннямі, чым з людзьмі...

Прычухаў да плота парсючок Карл. Рохкае, трэцца бокам аб нагу Сцяпана Мінавіча. Потым абслюніў лычом увесь чаравік, узняў свае маленькія свіныя вочкі і глядзіць не міргаючы. Ёсць, мусіць, і ў яго галаве нейкая думка. Сцяпан Мінавіч прыгінаецца і гладзіць, гладзіць па спіне парсючка, а самому раптам хочацца плакаць. Па шчацэ спаўзае сляза. Рукавом выцірае яе і бачыць, што і ў парсючковым воку бліскучая кропля... «Ах ты дурненькі»,— шэпча ён, чухрыць парсючка па гладкім дагледжаным карку і забывае, што гэта жывёла, а не чалавек. Усё, што вакол яго, знікае, нібыта ён не ў турме. І на душы адразу лягчэе. Застаецца толькі ён, гэты парсючок Карл, і статак свіней, якія рохкаюць ціха, бесклапотна.

Калі б гадоў дзесяць назад хто сказаў, што яму для шчасця будзе дастаткова пасядзець аднаму каля свіней і пачухрыць ім спіны, ён бы таго вылаяў і ніколі больш не размаўляў з ім. Але гэта ў мінулым жыцці...

Карл прыціх, лёг каля слупа, мяккім бокам прыціснуўшы нагу загадчыка фермы. Мусіць, бедалагу таксама не хапае ласкі. Не ведае, не разумее лапавухі, што ўвосень прыйдзе прапаршчык Зухвец, загадае закалоць яго да свята.

Будзе вельмі шкада Карла. Толькі што зробіш, калі такі парсюковы лёс — ісці на спажыву людзям. Раней, яшчэ ў тым жыцці, Сцяпан Мінавіч ніколі пра гэта не думаў. Палічыў бы проста глупствам. А цяпер гэта глупства мо для яго найважнейшае. Усё змянілася, перавярнулася, стала, як кажуць, з ног на галаву.

Учора ў канцылярыі, куды выклікаў яго прапаршчык Зухвец, Сцяпан Мінавіч крадком зірнуў на сябе ў люстэрка, што вісела на сцяне каля дзвярэй. Жахнуўся: твар у зморшчынах, валасы ссівелі, нелюдзімы позірк. Словам, дайшоў, даехаў...

Не ўзнімаючы галавы, ён раптам убачыў, не, проста адчуў, што недалёка ад яго прыпыніўся чалавек. Навошта ён тут? Адразу ахапіў страх: хто гэта? Нехта з аховы, альбо гэтакі ж зэк, як і ён? Яму нікога не трэба зараз, досыць кампаніі Карла! І ўсё-ткі краем вока Сцяпан Мінавіч спрабуе разгледзець таго, хто парушыў яго спакой. На другім баку загарадзі, гэтак жа апіраючыся грудзьмі на жэрдку, стаіць Карнук. Ён у турме з таго тыдня. Яны ўжо бачыліся, пагаманілі трохі. Хоць і ў чорнай ватоўцы Карнук, простых картовых штанах і галава паголеная, аднак яшчэ адчуваецца былая пастава. Здаецца, вось-вось пачуеш вымову альбо папярэджанне. І ў прысутнасці Карнука ў Сцяпана Мінавіча нешта сціскаецца ўнутры, хочацца бадзёра павітацца з ім. Усёй істотай пратэстуе Сцяпан Мінавіч супраць свайго трымцення перад былым сакратаром райкома, але нічога не можа з сабой зрабіць. Міжволі на вуснах злепліваецца прыязная ўсмешка.

За тыдзень Сцяпан Мінавіч прывык ужо да думкі, што Карнук таксама тут, у турме. Значыць, нешта-такі адбываецца ў краіне, калі ён за кратамі. І ўжо тое, што стаіць побач, не бянтэжыць і не здзіўляе. Відаць, прыслалі ў памочнікі да яго. Сцяпан Мінавіч палахліва думае: а калі ён, Карнук, ужо загадчык свінафермы? Ягоныя ж сувязі мацнейшыя...

Сцяпан Мінавіч хітае галавой, Карнук гэтак жа адказвае. На яго твары таксама ўсмешка. Пастава ў ім засталася, але ўсмешка сумная і нават, здаецца, баязлівая. Яшчэ ўчора Сцяпан Мінавіч яму спачуваў, а сёння — наўрад. У душы варушыцца ціхая радасць: і на яго знайшлася сіла. Думаў да смерці выседзець каля карыта. «Бач, адабралі крэсла! Карытнік... — думае Сцяпан Мінавіч.— Я павінен быць удзячны яму: уратаваў ад сібірскай тайгі, уладкаваў да свіней. Спакойнае ціхае жыццё. Але ж я ледзь не спяваю ад таго, што ён разам са мною...»

У Карнука пад ватоўкай пададзеты світэр, хоць на вуліцы і не холадна. Твар ў яго бледны, шчокі адвіслі, як у старой свінні. Але ж Сцяпан Мінавіч забыў, што свінні не дажываюць да старасці.

Карнук падыходзіць зусім блізка, дастае цыгарэты з кішэні, частуе. Які гонар, думае Сцяпан Мінавіч. Раней такога не дачакаўся б ад Карнука. Раней...

Сцяпан Мінавіч рэдка калі курыць, але бярэ цыгарэту і кладзе за вуха. Маўчыць, хоць бачыць, што Карнук нервуецца. Дурань, што ўжо нервавацца, нервы трэба пакінуць за варотамі турмы. Інакш — надоўга не хопіць здароўя. Бо нават свіней без здароўя не дагледзіш.

Позірк выпадкова апускаецца на руку Карнука, у якой цыгарэта. Дробненька дрыжаць пальцы, і скура жоўтая, з рудаватымі плямкамі, бы ў дзеда.

— Парасяты, як лялькі, негоршыя, чым калісь у тваім калгасе,— робіць камплімент Сцяпану Мінавічу Карнук.

Што адказаць яму? Мо падзякаваць і радасна заўсміхацца? «Памыляешся, Вікенцій Пятровіч, у калгасе парасяты былі горшыя. Кармоў заўжды не хапала».

Не, усё-ткі не мог уявіць Сцяпан Мінавіч, што мінуць тры гады і да яго далучыцца сам Вікенцій Пятровіч. Адразу, як яны спаткаліся ў турме, моцна карцела нагадаць, як павучаў усіх, крычаў на бюро. А ўнутры была парахня...

— Мо ты, Мінавіч, не хочаш са мной рабіць? — пытаецца Карнук, і ў яго вачах, напалоханых, з чырвонымі, як распухлымі, вейкамі, жах, які крывіць сутаргавата твар.

— Чаму, Вікенцій Пятровіч? Мы з вамі выгадуем найлепшых парасят за ўсю гісторыю гэтай фермы.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі і закурылі. Парсючок Карл варушыцца каля іхніх ног, але не ўстае. Сцяпан Мінавіч чухрыць яму спіну, і ён сціхае.

Сонца кволае, нейкае паўсоннае, але ўсё роўна здаецца, што цёпла. Да абеду яшчэ ёсць час. Сцяпан Мінавіч успамінае, што ў свінарніку сабралася шмат гною. Прапаршчык Зухвец можа ўзлавацца і напісаць рапарт.

Сцяпан Мінавіч пералазіць загарадку і ідзе, каб узяць сахор. Ззаду чуваць хрыплае дыханне Карнука, дыханне старога курца і немаладога чалавека. Да абеду яны выкінуць гной, падсцелюць саломы. Потым... Усё-ткі шкада Карнука. Спярша, калі трапіў сюды, думае Сцяпан Мінавіч, і сам не ведаў да каго прыхіліцца, было страшна. Яму пашэнціла, удвух лягчэй. Але ж, бач, і Вікенцій Пятровіч не адкупіўся ад турмы. І хто! — той, у каго сувязі і ў вобласці, і ў рэспубліцы, і далей. Нібыта чакала яго ўжо высокая пасада ў Мінску...

Сцяпан Мінавіч лічыць, што па дурасці ў турме. Хоць ад вялікага розуму тут мала хто. Усе лічаць, што па дурасці. Мусіць, да скону ён будзе помніць тую салаўіную вясну, надзіва раннюю. Перад маем яны ўжо былі адсеяліся. І даў ён сабе крышачку палёгку: паехаў аднойчы на вячэру да суседзяў у калгас «Чырвоны партызан». Быў без шафёра — навошта сведкі. За рулём добры дзесятак гадоў, ездзіў і на падпітку не раз. Не меркаваў доўга сядзець, а выйшла наадварот. Кампанія была вясёлая. З раёна быў інструктар і чыноўнік з аграпрома. Мужчына салідны, паабяцаў Сцяпану Мінавічу запчастак для аўтамашыны. І ўрэзаў Сцяпан Мінавіч на радасцях так, як даўно не піў: аж уваччу задваілася. Развітваючыся, цалаваліся, абдымаліся, як жанчыны. Цьфу ты... Гаспадыня ўгаворвала не ехаць, але Сцяпан Мінавіч тады быў вельмі ўпарты дый прывык начаваць у сваёй хаце. Язды той пятнаццаць хвілін.

Сеў ён за руль, упёрся рукамі і нагамі, здаецца, уваччу пасвятлела трохі. Дрэвы перасталі хістацца, усё набыло трываласць і надзейнасць. Помніў, як зрушыў з месца, выехаў на гасцінец. Лёгенька пакручваў руль, машына рвалася, як звер, уперад. Ён спяваў, і ўсё ягоная душа спявала. Як добра, калі шмат сяброў, з якімі можна пасядзець, адпачыць. Перад Навасёлкамі павярнуў па крузе ўлева. Да роднай хаты заставалася раўнюсенька пяць кіламетраў. Дарога чысцюткая, ніводнай машыны, і трэба ж, аднекуль з поля, з-пад кустоў выскачыў матацыкліст. Спярша Сцяпану Мінавічу здалося, што той быў адзін, а пасля ўбачыў: ззаду сядзела дзяўчына. Іх зачапіла перадам машыны, пацягнула за сабой. Калі Сцяпан Мінавіч нарэшце спыніўся, яны абодва ляжалі ў крыві на асфальце, а колы матацыкла ўсё яшчэ круціліся з шалёнай хуткасцю...

Ён успамінае часта да гэтага моманту, бо далей проста было, як па праграме. Дзесьці ў тым жыцці засталіся жонка з сынам. Карнук паклапаціўся пра яго, уладкаваў у гэту турму, пастухом да свіней. Канечне, гэта не тое што на лесапавале...

Нібыта ўпершыню бачачы, Сцяпан Мінавіч уважна, з цікавасцю разглядае Карнука, які спрабуе ўхапіць сахаром гной. Ён хрыпіць, кашляе, лоб мокры ад поту. Вядома, гной ірваць у свінарніку, не тое што сядзець у кабінеце. Учора ён плёў кашалі і плакаў: яго абылгалі, зайздроснікі з’елі. З’есці не з’елі, а выплюнулі. Усё адно хеўра. Карнук можна верыць найбольш на трыццаць працэнтаў, астатняе — казка. Кожны хоча, каб пра яго думалі лепш, чым ён ёсць.

— Перакурым, Пятровіч,— кажа Сцяпан Мінавіч.

Карнук хоць нічога не зрабіў, але намучыўся, хай адпачне. Ён з крэктам усаджваецца на камень ля сцяны, адкідваецца да яе спіной. Курыць з заплюшчанымі вачамі.— Нічога, Мінавіч, мы яшчэ вернемся,— гаворыць Карнук. Яго застылыя вочы ажываюць, у іх ужо нянавісць.— Сядай.— У голасе ўладныя ноткі, быццам ён зноў на кані.— Перакусім. Хлопцы ўчора ўвечары перадалі.— Карнук расшпільвае ватоўку і з-за пояса штаноў дастае чорны скрутак. Заінтрыгаваны Сцяпан Мінавіч са здзіўленнем пазірае, як ён дастае пляскаты штоф «Белавежскай», паўпалкі сервелату і цукеркі «Мішка на Поўначы». Такога багацця не бачыў даўно. На языку варушыцца, хоча сарвацца пытанне — скуль гэта ўсё, але Сцяпан Мінавіч стрымлівае сябе. І так ясна сказана: перадалі хлопцы.

Шклянкі няма, і Карнук п’е з рыльца. Глынуўшы, перадае Сцяпану Мінавічу. Ён робіць тое ж самае. У гэты момант яго нешта штурхае ў ногі, ён ледзь не падае.

Д’ябал, парсючок Карл прытупаў ужо сюды. Няйнакш адчуў пах кілбасы. Карнук з размаху б’е яго нагой у жывот, і парсючок з віскатам адскоквае ўбок. Узбуджана пачынаюць рохкаць усе свінні, падымаюць галовы з лужын нават тыя, што драмалі, грэючыся на сонцы. Карл пакрыўджаны, і Сцяпану Мінавічу не спадабалася, што Карнук ударыў яго. Але вельмі смачная кілбаса і ў бутэльцы шмат яшчэ «Белавежскай».

— Мы вернемся, Мінавіч,— паўтарае Карнук, грызе кілбасу, і Сцяпан Мінавіч, як клоун, міжволі хітае галавою і таксама мармыча: — Абавязкова вернемся. Толькі куды? — У галаве нейкае зацьменне, блытаніна. Некуды вернуцца, але куды? Канечне, вернемся, супакойвае сябе Сцяпан Мінавіч і зноў глядзіць на Карнука не як на зэка, а як на першага сакратара, найразумнейшага ў раёне чалавека. Час ужо і падзякаваць за тое, што дапамог уладкавацца загадчыкам гэтай фермы. Думаў не гаварыць, але, мусіць, пара. Глытае «Белавежскай» і абдымае Карнука:

— Вікенцій Пятровіч, мой дарагі, да скону не забуду, што загадчыкам фермы зрабіў мяне. Хочаш, на калені стану?..

— Ну-ну,— махае рукою і смяецца Карнук, смяецца. Сцяпан Мінавіч таксама хіхікае, а праз хвіліну ўжо рагоча. Раптам ім абодвум забівае дых, у двух кроках ад свінарніка прапаршчык Зухвец. Сцяпан Мінавіч ускоквае з зямлі і выцягвае рукі па швах. Карнук нават не варухнуўся, сядзіць і трымае ў руках бутэльку. У галаве ў Сцяпана Мінавіча ўмомант святлее, і ён уяўляе найгоршае, што з імі можа быць. Шэпча Карнуку, каб схаваў бутэльку, але слоў сваіх не чуе, быццам адняло мову. Ох, як не хочацца ехаць на лесапавал вось з-за гэтай дурноты. Пра яго добра думаюць у турме, і начальнік паабяцаў пахадайнічаць, каб скасавалі тэрмін. Цяпер усё, і месца ўдзячнасці да Карнука займае нянавісць. Як загіпнатызаваны стаіць Сцяпан Мінавіч: толькі фіксуе вачамі, што прапаршчык Зухвец падыходзіць да Карнука, нагінаецца і нешта шэпча яму на вуха. Бярэ цукерку і хавае яе ў кішэню. Потым ляпае Сцяпана Мінавіча па плячы і жартуе, што ў яго выдатная выпраўка. Шырокая зялёная спіна прапаршчыка з кароткімі тоўстымі нагамі хутка знікае ў вузкіх варотах. Нібыта і не было Зухвеца, яны толькі адны і парсючок Карл, які, рохкаючы, лезе зноў у ногі, не верыць, што яго могуць пакрыўдзіць. Але Сцяпан Мінавіч ужо сам адганяе яго і толькі кідае ласунак — скібкі хлеба. Карл амаль на ляту ловіць і чаўкае, ад задавальнення пускаючы сліну.

— Сядзь ты нарэшце,— незадаволена бурчыць Карнук.— Еш кілбасу... Да вечара далёка.

Зусім нядаўна гэтага немаладога чалавека з азызлым тварам баяўся цалюткі раён. Сцяпану Мінавічу неяк пашчасціла быць з ім у кампаніі. Тады якраз наведаў раён дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, якога летась па хваробе адправілі на пенсію. І быў у лясгасе на базе адпачынку ў Дзямідаўскім бары, як кажуць, бэнц. Сцяпана Мінавіча і Саўку Каспяровіча, старшыню калгаса «Чырвоны партызан», таксама запрасілі. Але яны з Саўкам былі як у ліхога сына на вяселлі: сядзелі не разам з шаноўным госцем, а ў маленькім пакойчыку на кухні з вадзіцелямі. Сцяпан Мінавіч і Саўка адказвалі за фінансавую частку прыёму. Яны ўсё роўна ганарыліся гэтым, бо абыя-кому старшыні Карнук не давяраў. Чалавек ён пільны, вопытны, столькі гадоў адбыў сакратаром райкома. Усё добра, калі б не адна ягоная слабасць. Многія на гэтым гараць: жанчыны і гарэлка. Яны і да турмы даводзяць... Не, шмат ён не піў. Сцяпан Мінавіч ніколі не бачыў яго на падпітку. Браў не больш, чым усе ў той самы застойны час. Дый лічылася нармальным канчаць сход ці канферэнцыю чаркай. Гэтыя бяседы ўзнімалі настрой, думае Сцяпан Мінавіч, мацавалі сяброўства... Карнук прыгледзеў сабе кабетку. Яна некалі сядзела ў райспажыўсаюзе. Мо колькі разоў і бачыў яе Сцяпан Мінавіч. Нічога асаблівага: чарнявая, вялізныя залатыя завушніцы. Валасы чорныя, шорсткія, як конская грыва. Потым прыязджала ў калгас ужо як інструктар райкома партыі. Вучыла, як жаць жыта. Чарнявенькая закілзала Карнука так, што ні туды і ні сюды. Грошай давай як паболей, і пачаў ён дзерці іх са старшынь калгасаў. Самы росквіт Карнуковага кахання быў, калі апынуўся Сцяпан Мінавіч на гэтай свінаферме. Карнуку проста не пашэнціла: гадоў пяць назад выйшаў бы сухім з вады. А тут пачалі круціць галовы няроўня яму. Урэшце, што яму да Карнука, трэба дбаць пра сябе, думае Сцяпан Мінавіч. У іх артыкулы аднолькавыя, а тэрмін у Карнука ўдвая меншы. Мусіць, нядоўга ён будзе памочнікам на свінаферме. Лёгка жыў Вікенцій Пятровіч, быў у сябрах у абкомаўскага начальства.

«У фаварытах быў, як у мяне цяпер Карл»,— думае Сцяпан Мінавіч. А побач зноў рохкае парсючок, падліза... Няйнакш і ён кілбасы хоча.

Каля Карнука на газеце ляжыць яшчэ ладны кавалак сервелату. Сцяпан Мінавіч бярэ яго і кідае парсючку, які есць яе, здаецца ажно прытанцоўваючы ад шчасця. «Фаварыты... Любіце кілбасу, сервелат любіце... Ха-ха-ха...»

Ну, пасядзелі, і хопіць. Гной хто будзе за іх выкідваць са свінарніка?

Сонца хавалася за хмарамі, і холад палез пад ватоўку, пагнаў мурашоў па целе. Карнук нібыта прыдрамаў, разявіў рот, дыхае спакойна. Проста шкада яго чапаць. Мо няхай паспіць... Але не, няблага, калі і рукі трохі памазоліць, раптам злуе Сцяпан Мінавіч. Таксама мне фаварыт... Тут я начальнік, а не Карнук.

— Гною шмат! — крычыць, каб разбудзіць Карнука. А той — нават не варушыцца. Потым мармыча і мыляе губамі:

— Гм-гм...

Мо сніцца, што есць сервелат? Ці бачыць сваю чарнявенькую? Нядобра думае ўжо пра Карнука Сцяпан Мінавіч, але нічога не можа зрабіць з сабою. Чорныя думкі лезуць у галаву. Яму ўжо хочацца паздзекавацца з гэтага былога начальніка, паганяць да сёмага поту.

— Устаць! — амаль істэрычна крычыць, і Карнук імгненна ўскоквае і есць яго вачамі. У іх страх, рукі ходзяць ходырам. Радасна думае Сцяпан Мінавіч: сувязі ў цябе і тут ёсць, але ж мяне баішся. Тут свае законы, свае правілы гульні...

— Што, што такое? — пытаецца Карнук. Сцяпан Мінавіч не адказвае, глядзіць, як да яго, пыхкаючы, падыходзіць Карл. З газеты забірае рэшткі кілбасы, чаўкае. Яшчэ хвіліна, і, мусіць, Карнук ударыць яго нагой у жывот. Узнімае нагу...

— Пайшоў, пайшоў! — перацягвае парсючка Сцяпан Мінавіч дубцом упоперак спіны. Сваім віскам Карл палохае ўсіх свіней, і яны з рохканнем пачынаюць насіцца па двары.

— У нас, Вікенцій Пятровіч, хто не працуе, той не есць,— гаворыць Сцяпан Мінавіч, але яму чамусьці сорамна глядзець у вочы Карнуку.

Ужо без перапынку яны дзяруць і дзяруць гной у свінарніку, складваюць яго ў кучы. Цяпер Сцяпан Мінавіч ні аб чым не думае. Ён прымушае сябе ні аб чым не думаць, бо тут твае думкі нікому не патрэбны. На Карнука не глядзіць, неяк ўсё роўна ёсць ён ці не. Падняць галаву ад зямлі прымушае свінячы віскат. Так можа толькі вішчаць Карл — тоненька, пакрыўджана. Незразумела, хто яго пакрыўдзіў. Сцяпан Мінавіч набліжаецца да варот і, прыкрыўшы далонню вочы ад сонца, якое ўзнялося вышэй хмар, бачыць, што на двары гаспадарыць прапаршчык Зухвец. З салдатам яны заганяюць парсючка ў кузаў грузавога «уазіка». Карл вішчыць так, нібыта просіць дапамогі. Сцяпан Мінавіч сціскае рукі ў кулакі, адварочваецца ад дзвярэй. Нейкі момант стаіць, прыслухоўваючыся, пасля апантана працуе, каб толькі больш не чуць гэтага амаль чалавечага крыку... Здаецца, мала паветра ў свінарніку, з усіх бакоў толькі краты, краты. Побач, з пабялелым ад стомы тварам, крэкчучы, цягае гной Карнук. У Сцяпана Мінавіча раптам мільгае жарсткава-здзеклівая думка: ці ёсць у яго яшчэ кілбаса? Урэшце, хто тут начальнік? На неба яны яшчэ доўга будуць глядзець праз краты...

А на дварэ зноў ціха, свінні ляжаць ў лужах, грэюцца на сонцы. Нібы і не было ніколі сярод іх Карла, парсючка з ружовенькім лычом, ягонага фаварыта.

Цішыня...