epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Набат

1
2
3
4
5


1

Макар шмат паездзіў па белым свеце. Была ў яго сям’я, але разышоўся з жонкай. І апошнія пяць гадоў жыў адзін. Столькі ж часу не быў дома, у роднай вёсцы. Нават калі памерла маці, не змог прыехаць на пахаванне. Урэшце надакучылі далёкія дарогі, гарады, якія не сталі блізкімі, і аднойчы, сабраўшы рэчы і доўга не разважаючы, Макар сеў на цягнік, што ішоў у Беларусь.

Цяпер ён сапраўды адчуў тое, што называюць смуткам па радзіме. Аб будучым пакуль не думаў. Пераканаўся, што само жыццё часта вырашае ўсё лепш за чалавека.

У вёску ён прыехаў на золаку. Але ўжо, як і многа гадоў, рыпелі вароты, бразгаталі вёдры і чуўся звон малака. Вёска была, здавалася, тая ж, што і пяць гадоў назад, калі апошні раз быў тут. Нічога нібыта не змянілася, але ён усё-ткі шукаў вачыма змен, якія, магчыма, адбыліся за яго адсутнасць.

Макар зайшоў у двор сваёй хаты не з вуліцы, а як звычайна, калі прыязджаў, з агарода. Любіў незаўважна з’яўляцца перад бацькамі.

На двары сакаталі куры, дзяўблі ў бляшанцы з-пад кансерваў проса. Ён зазірнуў у адзін хлеў, у другі — яны былі пустыя, пахла мышамі, струхлелай саломай. Бацька пісаў яму, што не трымае свіней, карову даўно збыў.

Сад быў белы ад цвету. Багаты будзе на яблыкі год, падумаў Макар. Яго толькі ўразіла, што не чуваць гуду пчол. Хіба мо яшчэ сядзяць у вуллях.

Пастукаўшы ў акно, ён разбудзіў бацьку. Яны абняліся, пацалаваліся і потым доўга сядзелі за сталом, усё гаварылі, гаварылі. Пасля абеду схадзілі на мацерыну магілу. Макар, гледзячы на фотакартку, на якой быў такі блізкі і родны твар, заплакаў. Яго нібыта кальнула: мо калі б часцей ездзіў дахаты, і маці яшчэ жыла б. Хоць прымусіў бы яе легчы ў бальніцу, бо яна да самай смерці ні разу не была ў доктара. Гэтая думка так усхвалявала Макара, што ажно забалела сэрца, і ён вымушаны быў прысесці на траву, каб трохі супакоіцца. Бацька, прывыклы да сваёй адзіноты, маўчаў, толькі хітаў галавой і гладзіў схуднелай старэчай рукой сына па спіне.

З могілак яны пайшлі не дахаты, а да рэчкі. Макару хацелася пастаяць на старэнькім мосце, памыць стомленыя ногі ў халоднай вадзе. Яго здзівіла толькі, што бацька, пачуўшы гэта, неяк здзекліва ўсміхнуўся і сказаў:

— Але ж, пастаіш...

— А што? — спытаўся ён.

— Пабачыш,— загадкава адказаў бацька.

Яшчэ здалёк убачыў жоўта-шэрую паласу, нібыта пляж ля мора. Макар помніў, што там быў лес, які называўся Падверб’е. Ён пачынаўся з невялікай горкі Канторы, на ёй раслі чырвонагаловікі, баравікі. За Падверб’ем быў Вялікі лес, потым — Сапажынскі, Дулі, Дабрахіны, Сімонікі... Разгублена глядзеў, глядзеў, але нічога гэтага не было: там-сям тырчалі гарэлыя пні, ляжалі абпаленыя бярвенні, і зямля была чорная, быццам спаленая,— ні жывой травінкі. На шмат кіламетраў перад Макарам распасцерлася створаная чалавекам пустыня. За жоўтым бугром роў бульдозер, сваім рылам дратаваў зямлю, здалося, ірваў жывое цела.

Таго моста не было, як і рэчкі. Замест яе выцягнуўся роўным шнурочкам канал з пустымі тарфянымі берагамі, якія пачыналі ўжо зарастаць асотам.

Ад гэтай карціны ў Макара ажно перахапіла дыханне. Ён стаяў сцяўшы зубы і глядзеў на ваколіцу, па якой нібыта прайшоўся смерч, агонь, навала.

— Даўно гэта ўсё? — нарэшце вымавіў.

— Тры гады ўжо,— уздыхнуў бацька.— Колькі лесу знішчылі, а колькі спалілі, каму расказаць — не павераць. Усё роўна як татара-мангол прайшоў... Возера, маўляў, трэба. Ды дзесяць кіламетраў адсюль Белае, Чорнае, Спораўскае азёры, што моры. Пазарасталі травой... Новае давай... Яці іх у душу...

— Чаму ж не перашкаджалі? Не спынілі?

— А хто?

— Як хто? Трэба было ўсёй вёскай выйсці і легчы на дарозе,— сказаў Макар, ужо злуючыся на сваіх землякоў.

— Ну і што? Што зменіцца...— бацька махнуў рукой.— Я сваё аджыў, хай маладыя думаюць. А ім, гляджу, усё роўна, ніхто анічога...

Яны пасядзелі моўчкі ля канала. Бульдозер варочаў зямлю, уздымаючы агромністы хвост пылу, які засцілаў, здавалася, паўнеба. Было горача, але лезці ў канал, па дне якога струменіў кволы ручай, не хацелася. Макар сядзеў з цяжкай галавой, з болем у сэрцы. Ён цяпер адчуваў сябе гэтак жа, як і ля магілы маці: што не паспеў, што кепскі сын...

— Няма гаспадара,— прамовіў бацька.— Хто што ўдумае, тое і робіць.

— Як — няма гаспадара? — не згадзіўся Макар.— А людзі, народ...

— Нехта іх слухае! Старшыня вырабляе, што хоча.

— Канечне, калі ўсе маўчаць.

— А ты што рабіў бы? Ва ўсіх адно жыццё.

— Адно. Але і сумленне таксама адно...

Тыдзень Макар палоў з бацькам агарод, пілаваў дровы, дапамагаў сястры касіць сена. У суботу, ушчэнт стомлены, брудны ад поту і пылу, ён дастаў з чамадана чыстую бялізну, свежую кашулю, спартыўны касцюм — усё склаў у сетку.

— Куды ты? — спытаўся бацька.

— Пойдзем у лазню. Дзе твая чыстая бялізна?..

— У лазню? — бацька сумна засмяяўся.— Зачынілі ўжо шэсць гадоў назад на рамонт.

— Дык дзе вы мыецеся? — не зразумеў Макар.

— Забыў, дзе мыўся ў дзяцінстве?

— Помню. У начоўках, у балеі...

— Вось так і мы цяпер. У механізатараў на мехдвары ёсцека душавая, у даярак — таксама. А мы, старыя, і астатні народ плаваем у балеі.

Макар са злосцю глянуў на бацьку, кінуў сетку з бялізнай на канапу і панура сеў на ўслон ля парога. Настрой быў сапсаваны, і ўсё вакол здалося непрыемным, кепскім, сумным. Макар успомніў горад, у якім жыў нядаўна, сваю ўтульную кватэру і работу, якая яшчэ тыдні два назад была яму нецікавая і хацелася звольніцца. Цяпер усё тое стала нібыта лепшым, патрэбным.

Бацька спадылба паверх акуляраў пазіраў на сына, рабіў выгляд, што чытае газету. Але твар быў устрывожаны і нават разгублены. Было крыўдна за сваю вёску, за суседзяў. Атрымлівалася, што сын кажа праўду, хоць і горкую.

 

2

Гарачыня апала ўжо, і прахалода праз адчыненае акно памалу запоўніла хату. Па вуліцы раз-пораз праязджалі машыны, уздымаючы пыл, які ляцеў у двор, на яблыні, вішні. І хоць на вокнах была марля, пыл трапляў і ў хату. Толькі ўчора Макар памыў падлогу, выцер мокрай анучкай падаконнікі, і зноў можна было апратваць.

— Не рады, што прыехаў? — бацька зняў акуляры, акуратна згарнуў газету.— Чалавек да ўсяго прывыкае: і да добрага, і да благога. Да добрага хутчэй...

— Ды не тое, не тое,— ускрыкнуў Макар і, ускочыўшы з услона, узбуджана захадзіў па хаце. Яму не спадабалася, што бацька здагадаўся, аб чым ён думаў.— Я здзіўляюся, што не знайшлося ў вёсцы ні аднаго чалавека, які б запратэставаў.

— Што зменіцца з таго? — сказаў бацька і стукнуў рукою па стале.— Ат, гаварыў і гаварыць буду: няма гаспадара ў калгасе, у вёсцы.

Макар раптам адчуў моцную смагу. Здалося, нібы склеілася горла і дыхаць стала цяжка. Ён набраў паўлітровы кубак вады і залпам выпіў. Стомлены, стары твар бацькі быў спакойны, выцвілыя блакітныя вочы глядзелі сумнавата, быццам вось-вось заблішчаць у іх слёзы. І адразу адхлынула жорсткасць ад сэрца, зніклі з галавы непрыемныя словы, якія Макар толькі што ледзь не выказаў.

— Хочаш ведаць праўду? — ціха гаманіў бацька.— Магу сказаць...

— Чаму ж не...

— Дык слухай. Ты, мусіць, не помніш, калі наш старшыня Іван Іванавіч прыйшоў у калгас, дык ён быў худы, як трэска, і з усімі вітаўся за руку. Цяпер ён такі таўстун, што ледзьве ўлазіць у машыну. Калі ж едзе па вёсцы, дык не тое што не вітаецца, нават не глядзіць на людзей. Горш, чым які пан! Адкуль, што тут будзе? Ён клапоціцца толькі пра сябе. Калі расказваюць, што недзе ёсцека добрыя старшыні, слухаеш, як казку.

— Няўжо ён такі? Нешта не веру...— Макар зноў выпіў вады, але смага не зменшылася, толькі твар стаў мокры ад поту.— Ладна... Пайшлі хоць крыху ў канале абмыемся.

— Не, я ўжо ў балеі. Мо і ты?

— Не, не, не,— схапіўшы мыла і ручнік, Макар выбег з хаты.

У гэтую ноч яму не спалася. Было вельмі крыўдна за родную вёску, за людзей. Не мог зразумець, што з імі, адкуль такая ўсеагульная, як здавалася, абыякавасць.

Макар асцярожна, каб не разбудзіць бацьку, які соладка спаў, пасвістваючы носам, падняўся, хуценька апрануўся.

Месяц на небе і ліхтары на слупках ператварылі ноч у дзень. Толькі святло было жоўтае, нейкае нежывое. Па дарозе Макар не сустрэў ніводнага чалавека. Спалі нават сабакі.

Ён помніў, дзе была старая лазня: у кустах за раўчуком, які таксама ўжо стаў канальчыкам. Знайшоў лазню адразу. Густа пахла язмінам, маладой травой. Недзе зусім побач заспяваў салавей, потым яшчэ адзін. Макар слухаў іх, баючыся крануцца з месца. Салаўіная песня абарвалася гэтак жа нечакана, як і пачалася.

Макар падышоў да лазні. На дзвярах вісеў вялізны замок. У вокнах былі выбіты шыбіны. Пад нагамі ляжалі кучы смецця, друзу. Усё гэта ён разгледзеў, абышоўшы будынак вакол. Той жа дарогай праз кустоўе вярнуўся на вуліцу.

Ён да ранку пратупаў у двары. Хадзіў па залітым месячным святлом садзе, слухаў салаўёў, якія спявалі і ля хаты, але гаркота з душы не знікала. Нарэшце прысеў пад сцяной хлява на калодцы і задрамаў. Прачнуўся ад таго, што сонца свяціла яму ў вочы, а здалося, нейкі настырны чалавек утаропіўся на яго. І хоць паспаў, але галава ўсё роўна была як не свая, ціснула ў скронях, і ён падумаў, што мо захварэў: у гарачыню таксама бывае запаленне лёгкіх. Мабыць, усё-ткі ён адвык ад сялянскай працы.

Папіўшы гарбаты, Макар пераадзеўся ў святочны касцюм і нават завязаў гальштук. Наваксаваў туфлі, папырскаўся адэкалонам. Каб менш сонца пякло ў галаву, надзеў светлы капялюш з шырокімі палямі. Бацька дапытваўся, куды сабраўся, але ён не адказаў, толькі пажартаваў, што ідзе ў сваты.

Хутка зразумеў, як недарэчы яго святочная вопратка, асабліва гальштук. І так было горача: сонца зноў караскалася на чысцюткае блішчастае неба. Але вяртацца дамоў не стаў.

Ён помніў, дзе кантора калгаса, і лёгка знайшоў яе, двухпавярховую будыніну, некалі пафарбаваную ў чырвонае, а цяпер — брудна-жоўтую. Перад канторай стаялі дзве легкавушкі, трактар і грузавік. Нават падумаў, на якой ездзіць старшыня, і вырашыў, што на зялёнай «Ніве». Ля ўвахода ў кантору ён спаткаў суседку, якая працавала тут прыбіральшчыцай, і ад яе даведаўся: вось-вось у старшыні скончыцца нарада і тады ўжо яго сёння не зловіш. Макар заспяшаўся, бегма рушыў на другі паверх.

Ён не спазніўся, паспеў якраз, таму што нарада ўжо скончылася і старшыня крычаў праз акно шафёру, каб той рыхтаваў машыну ў дарогу.

Жыццё навучыла Макара, як дзейнічаць у такіх сітуацыях. Наогул, калі трэба, ён мог набрацца смеласці і нахабства і падысці да любога начальніка. Ён адсунуў крэсла ад стала і рашуча сеў насупраць старшыні. Гэта быў чалавек сталага веку, з густымі напалавіну пасівелымі чорнымі валасамі. Пад маленькімі вачыма набрынялыя пухліны, і твар нездаровы, шэры. Пагляд у старшыні непрыязны, калючы. Канцы губ незадаволена апушчаны ўніз і пераходзяць у глыбокія зморшчыны, з якіх тырчыць сівое шчацінне. Відаць, спяшаўся, таму і пагаліўся неахайна.

— Што ў вас? — схаваў вочы пад цяжкімі павекамі і забарабаніў кароткімі тоўстымі пальцамі па бліскучым паліраваным стале. Усім сваім выглядам паказваў: нецікавы яму Макар чалавек. Аднак на Макара гэта не дзейнічала.

— Лазня ў вёсцы на замку ўжо шэсць гадоў. Людзям няма дзе памыцца. Гэта нармальна? — пачаў Макар.— Гэта ж здзек з людзей.

Старшыня расплюшчыў вочкі, шырокай мясістай далонню правёў па стале. І нечакана ўсміхнуўся хітраватай асцярожнай усмешкай.

— Лазню я не замыкаў. Дый, мабыць, ім лепш мыцца ў балеі.

— А дзе вы мыецеся?

— У мяне асабістая лазня, у двары...— старшыня падціснуў вузкія губы, і яны зніклі ў складках скуры.— Дый чаму калгас павінен яе рамантаваць? Унь колькі мужчын у вёсцы, хай збяруцца на суботнік і падладзяць лазню. Я — не супраць!

— Але ж у вас — улада,— Макар, болей не слухаючы старшыню, амаль крычаў.— Вам лазня не трэба, але яна трэба людзям. Людзям! Разумееце гэта?!.

— Разумею, чаму ж не,— раўнадушна сказаў старшыня. А Макар загарачыўся і ўспомніў усё, што здавалася яму, не так, як трэба, рабілі ў калгасе. Выказаў пачутае ад бацькі, суседзяў. Але ніякага ўражання на старшыню не зрабіў. Не слухаючы болей Макара, ён накіраваўся з кабінета.

— Калі трэба табе лазня, вазьмі і адрамантуй,— сказаў старшыня, агледзеўшы свайго наведвальніка знізу ўверх.

— А як вы дазволілі знішчыць лес вакол вёскі?! — выгукнуў Макар.

— У мяне ніхто не пытаўся. Дый якая розніца,— старшыня надзіва порстка для сваёй камплекцыі спусціўся па лесвіцы на першы паверх, сеў у зялёную «Ніву», і Макар, пэўна, перастаў для яго існаваць.

«Што, атрымаў?.. Навошта ўсё гэта мне? Як жылі, хай і далей так жывуць. Але ж балюча за вёску, за бацьку...» — падумаў Макар. І нібыта ўсім яны задаволены, маўчаць, як праглынуўшы языкі. Да іх вяртаецца мова ў сваіх хатах, дзе-небудзь за сталом, вечарам на лаўцы ля варот. Вось калі яны ўсё аналізуюць, крытыкуюць, здымаюць з пасад і прызначаюць на новыя пасады. Палітыканы хлеўчуковыя... Колькі можна цярпець і колькі можна гаварыць па завуголлі. Толькі скардзяцца адзін аднаму, каб трэці не чуў. Што ў іх за душой, няўжо так заціснуў страх? Але за што, чаго баяцца? Не, гэтага ён не разумеў. Многія з дзядоў былі ў партызанах, ваявалі на фронце, параненыя. Хадзілі ў атаку, біліся насмерць з фашыстамі і не баяліся, рызыкавалі сваім жыццём і жыццём сваіх сем’яў. Хоць, канечне, іх ужо мала, іх слова — не галоўнае. Цяпер у сіле іхнія дзеці і ўнукі, у якіх такі ж незразумелы страх.

 

3

Вярнуўшыя дамоў, Макар папрасіў у бацькі сякеру, пілу-нажоўку, цвікоў. У кішэню штаноў паклаў скібку хлеба з салам, цыбуліну. Ён адчуў раптам у сабе столькі энергіі, што быў здольны працаваць і працаваць. Здавалася, рукі самі прасілі работы, і ён ледзь не бег.

Ужо ля лазні ён пашкадаваў, што не ўзяў рыдлёўкі, каб трохі расчысціць ад смецця і друзу панадворак. Лёгка, адным ударам сякеры, Макар выбіў прабой з дзвярэй, і замок упаў на зямлю. Дзверы, зарыпеўшы, адчыніліся, і з памяшкання патыхнула сырасцю і цвіллю.

Макар зазірнуў ва ўсе куткі лазні, амаль што абмацаў рукамі сцены, падлогу, столь. Ужо гаспадарыў тут грыбок, еў дрэва, але паднавіць будынак яшчэ можна было. Толькі папрацаваць трэба. Замяніўшы дошкі на падлозе, столі, падрамантаваўшы дзверы і вокны, палкі ў парыльні, якія быццам знарок хто паламаў папалам,— можна было запальваць агонь у лазні. І Макар уявіў, як шугае полымя, чырванее каменне і — пайшла пара. Ён назапасіць бярозавых венікаў, прыйдуць з бацькам увечары — во будзе любата!

Ён доўга прыкідваў, што і як рабіць, каб закончыць рамонт за дзён пяць-шэсць. Мабыць, трэба спярша зняць струхлелыя дошкі з падлогі і столі, потым вокны, дзверы.

У зарасніках, якія Макар не паспеў падцерабіць, затрашчала сухое галлё. Нехта, пэўна, сюды ішоў. І Макар узрадаваўся: чым больш будзе рук, тым хутчэй адчыніцца лазня. Ён выйшаў на ганак, нагамі паскідаў на зямлю друз, смецце.

— Што тут робіце? — неспадзеўкі пачуў ззаду. Адразу хацеў пажартаваць, што хату сабе рамантуе, але змоўчаў, бо ўбачыў маладога і худога, як сцябліна, міліцыянера з зорачкай малодшага лейтэнанта на пагонах і сівога дзядзьку, твар якога ў дробных парахавых кропельках здаўся знаёмым. І праз імгненне Макар успомніў, што гэта старшыня сельсавета: некалі ў яго нават браў даведку, каб купіць бацькам дровы ў райтопе.

— Што раблю?..— думаючы, з якой нагоды прыйшлі сюды прадстаўнікі ўлады, сказаў ён.— Ды вось здзіўляюся, што ні ў кога рукі не дайшлі да лазні. І сельсавет нібыта ёсць, і калгас,— дадаў праз паўзу, а потым даўмеўся, што зрабіў глупства. Бо ў старшыні пачырванеў твар, нервова затрэсліся рукі: пэўна, словы Макара пра сельсавет ён успрыняў як асабістую абразу. Дый малодшы лейтэнант натапырыўся таксама, пачаў расшпільваць сваю афіцэрскую сумку.

— Ёсць у нас усё,— прамовіў старшыня сельсавета,— ўсё! Але хто дазволіў ламаць замок, хто, вас пытаюся?!. Вы што, не ведаеце, што гэта грамадская маёмасць? А ведаеце, што бывае за шкодніцтва? Калі забыліся, напомнім! — гучаў голас, і так сорамна было слухаць, нібыта ён, Макар, стаяў на гэтым ганку голы, а ўсе бачылі і смяяліся з яго.

— Мы вымушаны скласці пратакол і на першы раз папярэдзіць вас,— сказаў густым сакавітым басам малодшы лейтэнант і неяк вінавата скасіў вочы ўбок.

— Ну што ж, калі ласка...— Макар палажыў сякеру, цвікі і нажоўку ў торбу, зачыніў дзверы ў лазню.— Здзіўляюся, як выбралі вас старшынёй сельсавета...

— Цябе не спыталі. Пагавары яшчэ тутака, умэнт на пятнаццаць сутак.

Макар, не чытаючы, падпісаў пратакол і без загаду забіў назад у шула прабой з замком. Потым прысеў на ганку, закурыў. Спяшацца не было куды, усё роўна дзень праходзіў дарма.

Ён застаўся адзін. Здалося, што, адыходзячы, малодшы лейтэнант па-змоўніцку падміргнуў яму. Ён зноў закурыў цыгарэту і ўпершыню за шмат гадоў жыцця брудна вылаяўся. Не мог ён зразумець, што гэта з людзьмі робіцца, мазгі ў іх павысыхалі, ці як? Са старшынёй — ясна, але ж астатнія людзі... А можа, ён сам звар’яцеў? Страціў меру рэальнага, канкрэтнага, жыве яшчэ літара ў літару па школьных і інстытуцкіх падручніках. Менавіта з-за яго «прынцыповасці» і жонка развялася з ім. Яна называла прынцыповасць дурнотай. Але ж усё-ткі гэта ненармальна, што ў сучаснай вёсцы няма лазні, што вакол знішчылі сотні гектараў лесу, які ствараў клімат, трымаў у зямлі вільгаць і захоўваў глебу. «Ненармальна!» —Макар стукнуў сябе кулаком па калене і, пакуль не ведаючы, што рабіць далей, пацягнуўся прэч ад лазні.

 

4

У іхняй вёсцы была невялікая плошча з клубам, паркам, царквой і магазінам, які толькі што адчынілі пасля перапынку на абед. Відаць, прывезлі хлеб, а мо і яшчэ што, бо людзей сабралася багата. Доўгі хвост чаргі вылез ажно на вуліцу. Мужчыны, узбуджаныя і нецярплівыя, голасна абмяркоўвалі: хопіць ім тавару ці не. Макар прыпыніўся, паслухаў гэтыя размовы, думаў ужо пачаць гамонку пра лазню, але вырашыў, што цяпер яго не зразумеюць.

Адразу за магазінам ля студні з вядром вады стаяў невысокі мужчына з чорнай кучаравай барадой. У майцы, салдацкіх галіфэ і ў тапках на босую нагу. Вочы вясёлыя і нахабныя. Як старому знаёмаму, усміхнуўся Макару.

— Вялікая чарга, га? — спытаўся і сам адказаў: — Дужа вялікая. Хоць, калі трэба, пастаіш. Я ўчора тры гадзіны стаяў, але ўзяў. Цяпер ёсцека, магу прыняць гасцей. Гляджу, няўжо я вас, пане дабрадзею, не ведаю?

— Мо і ведаеце,— сказаў Макар і назваў свайго бацьку.

— Ну, канечне, як жа ж... Ваша матухна «почила в бозе».

— Памерла...

— Я ж тутэйшы поп, айцец Мікалай. Што, не відаць па выгляду? Дык сёння бывае пастух апрануты, як начальнік, а начальнік — як пастух. Усе роўныя перад богам і кіраўніцтвам. Цікава пазнаёміцца з вамі, цікава! Куды гэта вы з сякерай, з пілой? А што, заходзьце, паглядзіце, як жыве сучасны поп на Беларусі. З інтэлігентным чалавекам прыемна пагаварыць.

І Макар зайшоў з айцом Мікалаем, які быў, напэўна, падпіўшы, бо пахла ад яго віном, у двухпавярховы, з маленькім балкончыкам, цагляны дом. Насустрач выскачылі два чарнявыя хлопчыкі, а за імі нетаропка ступала поўная, ажно круглая, жанчына з вельмі сімпатычным тварам... Макар апынуўся ў прасторным пакоі, аклееным блакітнымі шпалерамі з залатымі каласамі. У куце ля ўвахода былі прыладжаны паліцы з кнігамі. Пасярэдзіне пакоя стаяў стол, а на ім — гладышка і кубак.

— Частуйцеся, калі ласка,— айцец Мікалай наліў у кубак малака.— У нас свая кароўка. Малако тлустае, смачнае. Матушка Людміла любіць. Штодня два літры выпівае. Таму і гладкая ў мяне. Як і трэба быць пападдзі,— ён зарагатаў, запрасіў за стол. У хаце пахла сасновымі галінкамі і язмінам. Макар папіў малака, агледзеўся: у гасцях у папа не даводзілася быць раней. Айцец Мікалай пытаўся, дзе працуе, якую пасаду займае і чаму сумны. І Макар — чалавек не надта адкрыты перад сябрамі, не кажучы пра незнаёмых.

— У мяне было такое, было. Мо перакусіш...— перайшоў ужо на «ты» айцец Мікалай.— Павер, усё дробязь у параўнанні з добрым сталом.

— Не хачу,— адмовіўся Макар і пажартаваў: — Жывеш ты багата, як куркуль. Абіраеш людзей памалу.

— Жыву нішто сабе, але нікога не абіраю,— не пакрыўдзіўся поп.— Самі даюць. Чалавек спакон веку імкнуўся да веры. Як сказана ў Бібліі: «...блуждающие духом познают мудрость, и непокорные научатся послушанию». Альбо: «Душа надменная не успокоится, праведный своей верою жив будет». Ты паглядзі, што ў нашай вёсцы, акрамя кінафільмаў, прапануюць людзям у якасці духоўнай ежы. Абсалютна нічога. Дый фільмы ў большасці амерыканскія і індыйскія. Ну і што прапануе мясцовае кіраўніцтва маім парафіянам? Гарэлку забралі, але замест яе нічога не далі. Вот царква, а вот клуб. У царкве прыгажосць, а ў клубе выбіта шкло ў вокнах, паламаная падлога і ніякага парадку. Што гэта такое? Мне і то абрыдла на гэта глядзець.

— Усё гаварыльня. Рабіць трэба, а не языком малаціць,— сказаў Макар, і ўспомніліся сустрэчы са старшынямі калгаса і сельсавета, але не стаў пра гэта гаварыць папу. Надта той ужо лез у душу. У сяброўства з першага позірку Макар не верыў і з падазронасцю ставіўся да людзей, якія перад кожным сустрэчным мякка сцелюць.— Пара мне... Пайду...

— Калі не хочаш праснак пакаштаваць у маёй хаце, тады пайшлі. Правяду,— айцец Мікалай тут жа ў пакоі, не саромеючыся госця, скінуў з сябе галіфэ і апрануў цёмна-сіні спартыўны касцюм.

— Навошта мяне праводзіць. Я сам,— аднекваўся Макар, але поп вывеў яго са свайго двара і, не адстаючы ні на крок, ішоў следам.

Чарга ля магазіна яшчэ пабольшала, выпаўзла з вуліцы аж у парк. Пасоўвалася марудна, нібыта не рухалася зусім. За магазінам пад старымі ліпамі прыпынілася некалькі трактароў, машына.

— Шукаюць супакаенне для душы,— сказаў айцец Мікалай, хмыкнуў і спытаў: — Быў у нашай царкве калі-небудзь?

— Здаецца, у дзяцінстве з мамай...

— Шмат страціў. У нашай царкве ёсць іконы, напісаныя ў шаснаццатым стагоддзі рукой невядомага майстра. Якая прыгажосць! А калі заспявае хор, тады гэтыя іконы наогул здаюцца бессмяротнымі.

— Ат, твае байкі! — Макар хацеў сказаць што-небудзь рэзкае, каб адчапіўся гэты настырны, самазадаволены поп.— Што твая царква...

— Гэта не толькі мая. Зірні хоць вокам на гэты цуд, створаны рукамі чалавечымі.

— Навошта?

— Для душы,— айцец Мікалай глядзеў на яго строга, нават сурова.— Я ж не агітую цябе за бога, гэта ўсё на тваім сумленні: верыць альбо не верыць. Лічы, прапаную табе экскурсію ў мастацкі музей.

 

5

Макар заходзіў у царкву з пачуццём непрыязнасці, якое выхоўвалася ў ім яшчэ з дзяцінства. На столі, сценах было шмат золата, усё блішчэла ад святла дзесяткаў электрычных лямпачак вялізнай люстры. Макар слухаў айца Мікалая, які да драбніц расказваў пра кожную ікону, але гэта не затрымлівалася ў галаве, бо памяць зноў вяртала да няўдалага рамонту лазні, да жоўтае пустэчы, якая была на месцы лясоў, да кволага раўчука... У царкве было прыгожа, але гэтая прыгажосць прыгнятала, прыціскала душу, і тое, што трывожыла, гняло, спакваля выплывала наверх. Макару ўжо было сорамна, што ён спалохаўся, адступіў перад пратаколам, які склаў малодшы лейтэнант. Відавочна, што праўда за ім, і гэтай праўды чакаюць людзі.

— У нашай царквы званы чыстага, амаль салаўінага голасу. Рабілі іх беларускія майстры. Геніі, можна сказаць. На жаль, званара ў нас няма. Званю толькі, калі пажар у вёсцы здарыцца. Тады ўсе бягуць на плошчу. Можна сказаць, пажарныя ў нас званы.

— І часта бываюць пажары?

— Ды не... Раз-два ў год, а то і меней,— гаварыў айцец Мікалай.— Пайшлі наверх, убачыш на званах аўтограф майстра.

Па крутых драўляных прыступках яны падняліся да званоў, і Макар прачытаў напісанае стараславянскай вяззю: Вітаўт Рудаміна... Ён лёгенька хітнуў рукою язычок звана, і пачулася чыстае, мяккае: дзын-дзын-дзын.

Адсюль, з вышыні, уся вёска была перад ім. Ён знайшоў кантору калгаса, перад якой ўсё яшчэ стаялі машыны, лазню ў кустах. Вочы яго спыніліся на даўжэзнай чарзе ля магазіна, пазнаў у ёй свайго бацьку, суседа. Яны аб нечым размаўлялі, абапёршыся на кульбакі. За сваё нялёгкае жыццё старыя стаміліся, ім не было ўжо куды спяшацца. Але ў чарзе стаялі і маладыя, чамусьці, здавалася, яшчэ больш стомленыя, і ім нібыта ўсё роўна, што робіцца вакол.

— Пакажу я табе рэч...— пачуўся знізу голас папа,— ідзі сюды...

Раптам нейкая злосць, дзікая ярасць ахапіла Макараву душу, захацелася крычаць, плакаць, каб толькі пачулі ўсе гэтыя людзі. Ужо не думаючы, ён схапіў абедзвюма рукамі вяроўку і з усяе сілы пацягнуў на сябе. Пачуўся глухі, магутны звон. І тады Макар, не спыняючыся, пачаў званіць. Айцец Мікалай спрабаваў адарваць яго ад вяроўкі, але Макара было не спыніць.

Ён убачыў, як чарга ад магазіна рассыпалася і рушыла на плошчу. З усіх бакоў сюды беглі людзі, і гэта надало яму яшчэ большай сілы. Макар званіў да той пары, пакуль на плошчы не сабраўся натоўп людзей: збеглася, мусіць, уся вёска. Тады толькі, нарэшце, змоўклі званы.