epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Наш Адам

Раніца.

Тэлефонны званок. Доўгі, зацяты.

— Алё, алё...

— Адам Восіпавіч, заўтра на юбілей да таварыша Івановіча. Так, так, Івана Ільіча,— у трубцы голас рэдактара.

— Зайсці да вас? Іду ўжо... Іду.

Ідзе па калідоры Адам Восіпавіч, і ўсе з ім радасна вітаюцца. О, які ён цікавы чалавек! «Наш Адам!» — называюць яго ў рэдакцыі. Можна абысці ўвесь Мінск, але такога чалавека, як ён, і блізка не знойдзеце. Адама Восіпавіча і цяпер у любым раёне нашай Беларусі помняць і ведаюць. Ведаюць і помняць...

Ён ужо даўно сівы і лысы, ходзіць цяжкавата, падцягваючы правую нагу. Гэта яму недзе пад Варшаваю ў сорак чацвёртым секанула асколкам ля ступні. І можна не сумнявацца, што Адам Восіпавіч па законе мае трэцюю групу інваліднасці. Ён калі ўжо кульгае на правую нагу, дык колькі будзе жыць, так і будзе. Не тое што Леанід Сымонавіч, які інвалідам Вялікай Айчыннай стаў праз трыццаць пяць гадоў пасля вайны. І кульгае то на правую нагу, то на левую, калі раптам забудзе, дзе ў яго раненне. Але, зрэшты, хай і яму добра будзе. Праўда, Адам Восіпавіч моцна злаваў на Леаніда Сымонавіча, а пад чаркаю нават лаяўся на яго мацюкамі. Тады Леанід Сымонавіч, зусім не кульгаючы, уцякаў ад Забарэвіча. Што было, тое і было. Леанід Сымонавіч, адскочыўшы метраў за дваццаць, крычаў, каб не было чуваць у кабінетах:

— П’яніца, прахвост!..

Усё гэта адбывалася ў далёкія ўжо часы застою, альбо, як людзі кажуць, запою. І Адам Восіпавіч нічым не адрозніваўся ў сваіх паводзінах ад некаторых іншых людзей. Ён жыў так, як амаль усе мы...

Адам Восіпавіч — фотакарэспандэнт адной невялічкай газеты рэспубліканскага маштабу. Некалі гэтая газета была большай, але паступова змізэрнела, хоць былая слава яшчэ грэла трохі. У многіх чытачоў яна была знітавана з імем Адама Восіпавіча, здымкі якога друкаваліся на кожнай старонцы.

Аднойчы рэдактар хацеў абвясціць Забарэвічу вымову, але не знайшоў слоў, як сфармуляваць яе. На Адама Восіпавіча цішком, па-сяброўску, каб не дай бог не ўведалі дзе наверсе, паскардзіўся першы сакратар Ляскоўскага райкома партыі. Тыдзень перад тым фатограф рабіў здымкі ў гэтым раёне. У адным калгасе яго пачаставалі ад душы. І ён сабраўся ўжо ад’язджаць у Мінск. Але як ехаць, не развітаўшыся з гаспадаром. Адам Восіпавіч на добрым падпітку зайшоў да першага сакратара і разыграў такую сцэнку.

На вачах здзіўленага гаспадара шаноўнага кабінета наліў паўнюткую шклянку гарэлкі.

— Пі!

— Ды што вы, Адам Восіпавіч, як можна! Я на працы. Праз гадзіну бюро...

— Пі! — настойвае Забарэвіч.— Пі!

Што рабіць? Раптам хто зойдзе і ўбачыць, як сакратара райкома частуюць гарэлкай. Лепш, мусіць, выпіць. Ён бярэ шклянку і глытае пякучку. Забарэвіч налівае зноў і, калі сакратар дапівае апошнія кроплі, смяецца. Дробненькім, непрыемным смехам.

— Хі-хі-хі... Цяпер нікому не скажаш, што я быў на падпітку. Бо сам піў гарэлку,— рагоча і пальцам яшчэ паказвае на сакратара. Але ж той быў знаёмы з рэдактарам і неяк між іншым расказаў пра гэты выпадак. Ну і што, з Адама Восіпавіча як з гуся вада: сёння вымову абвясцілі, а заўтра — знялі. Усё — у руках чалавечых. Нават рэдактар не хацеў канфліктаваць з Адамам Восіпавічам. Яго ж ведалі не толькі ў калгасах і саўгасах, але і ў найвялікшым доме ў Мінску. На найважнейшых нарадах і на партыйных з’ездах прэзідыум фатаграфаў толькі Адам Восіпавіч. І не было яшчэ такога, каб у аддзеле прапаганды не зацвердзілі для друку ягоны здымак кіраўнікоў партыі і ўрада рэспублікі.

Часам у камандзіроўцы Адам Восіпавіч, седзячы за юшкаю з якім-небудзь старшынёй калгаса альбо сакратаром райкома, распавядаў пра свае поспехі ў фатаграфіі. Уся публіка, вядома, пільна слухала, і нават баяліся есці, каб не збіць яго з тропу. Любімай гісторыяй у Адама Восіпавіча было тое, як ён браў удзел у міжнародным фотаконкурсе.

— Я за сваю фатаграфію прыгажуні Марылі,— казаў ён, жуючы курыную нагу альбо кавалак шашлыка,— атрымаў на выстаўцы ў Ландоне пяцьдзесят тысяч стэрлінгаў,— вытрымаўшы паўзу, дадаваў: — I ў Гаване таксама пяцьдзесят стэрлінгаў,— ужо забываючы пра тысячы. Ён так шчыра хлусіў, што некаторыя, магчыма, і верылі. Хоць ёсць фунты стэрлінгаў, а не проста стэрлінгі. І як было не верыць, калі Адам Восіпавіч паказваў пасведчанне заслужанага дзеяча культуры.

І вось у жыцці фатографа Забарэвіча адбылася падзея, якая яшчэ больш узвысіла яго аўтарытэт у вачах многіх людзей. Той-сёй з калег зайздросціў Адаму Восіпавічу і мо кусаў сябе за локаць, што не мог быць там, дзе быў Адам Восіпавіч. А быў ён у таварыша Памялушы. Так, так, у Васіля Макаравіча. У якога кабінет у найвышэйшым доме на чацвёртым паверсе. Дарэчы, ад аднаго імя Памялушы халодныя дрыжыкі беглі па скуры амаль ва ўсіх старшынь калгасаў і дырэктараў саўгасаў. І не толькі ў іх адных...

Неяк прыгожым вясёлым ранкам пазванілі з прыёмнай таварыша Памялушы рэдактару і загадалі, каб фатограф Адам Восіпавіч праз паўгадзіны з усім сваім начыннем быў на чацвёртым паверсе найвышэйшага дома. Праз колькі хвілін Адам Восіпавіч быў гатовы. Начынне ў яго заўсёды было пад рукой. Сеў у рэдактарскую машыну і праз пяць хвілін стаяў на парозе найвышэйшага дома.

— Значыць, так,— казаў памочнік, ведучы з сабою Адама Восіпавіча,— будзеце стаяць тут... і фатаграфаваць моманты віншавання Васіля Макаравіча з днём нараджэння. Ясна? Выбірайце самі зручнае месца. Я пакуль пайшоў...

Застаўшыся адзін, Адам Восіпавіч агледзеўся ў вялікім прасторным кабінеце. Праз высокія і шырокія вокны ярка свяціла сонца. Аднак, каб было болей святла, ён яшчэ ўключыў і дзве агромністыя, кожная на дзесятак лямпачак, крыштальныя люстры.

Адам Восіпавіч туды-сюды пахадзіў па кабінеце і нарэшце выбраў сабе месца ля рабочага стала. Хоць разумеў, што давядзецца яго і мяняць. Усё залежыць, як гаспадар будзе прымаць гасцей.

Роўна а дзесятай гадзіне ўвайшоў у свой кабінет Васіль Макаравіч Памялуша.

— Як, гатовы да працы? — весела спытаўся Памялуша ў Забарэвіча і працягваў гаворку далей.— Ведаеце, я хацеў бы, каб з усіх здымкаў, што сёння будуць, вы зрабілі мне альбом. Я — удзячны! — падміргнуў ён Адаму Восіпавічу. Яны як роўныя паціснулі адзін аднаму рукі, і кожны заняўся сваёй справаю.

У кабінет зазірнуў памочнік і, бліснуўшы вачыма на Адама Восіпавіча, спытаўся ў гаспадара:

— Пачынаем?

— Але ж,— адказаў Васіль Макаравіч, і на твары ўзнік той халодны выраз, якога баяліся старшыні калгасаў і іншыя людзі, якім даводзілася сутыкацца з Памялушам.

У Адама Восіпавіча на шыі ўжо віселі і «Кодак» і «Нікан», імпартныя і дагэтуль надзейныя апараты. Ён толькі, як кажуць, папрасіў бога, каб і сёння яны былі надзейнымі.

Асцярожна адчыняюцца дзверы, і — на парозе міністр сельскай гаспадаркі са сваім першым намеснікам.

Не паспелі гэтыя госці выйсці, як з падарункамі ў кабінет — міністр нарыхтовак таксама з намеснікам. І ў кожнага па падарунку. Адзін з падарункаў — куртаты алень. Толькі з ім ужо — міністр, а намеснік — з доўгай і шырознай, як руля гарматы, крыштальнай вазай, на якой партрэт юбіляра. Працэдура амаль паўтараецца, Адам Восіпавіч націскае на затворы сваіх апаратаў, толькі зрэдзь мяняючы месца.

Недзе праз гадзіну Забарэвіч адчуў, як пацяжэлі ногі і рукі стаміліся. Мацней пачаў ён накульгваць на правую нагу, перабягаючы па кабінеце з кута ў кут. А госці да юбіляра ішлі і ішлі. Даўжэзны стол для пасяджэнняў ледзь стаяў пад цяжарам падарункаў, з якіх найбольш было куртатых аленяў. Мусіць, найлепшы падарунак быў ад таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Іхні старшыня адстаўны генерал, але ў параднай форме, прамаршыраваў ад дзвярэй да Памялушы. «Бач, які яшчэ жвавы»,— падумаў Адам Восіпавіч. Падабраўшы жывот, генерал выцягнуўся, як у маладыя гады, і бадзёра, камандзірскім голасам вымавіў:

— Здароўя юбіляру! Гадоў да ста расці вам без старасці! Паляўнічыя і рыбаловы рэспублікі сардэчна і шчыра віншуюць вас з днём нараджэння! Дазвольце ўручыць наш сціплы паляўнічы падарунак і залічыць вас у свае ганаровыя члены.

Памялуша на плячы трымаў стрэльбу, а ў руцэ — рэмень-патранташ з кінжалам. Ён нібы сышоў з якойсьці класічнай карціны.

— Ну, як паляўнічы? — ганарліва ўскінуўшы галаву з трохі разбэрсанай чупрынаю, спытаўся Памялуша ў Адама Восіпавіча.— Ці паспелі зрабіць гістарычны здымак?

— Канечне ж...

— Малайцом, малайцом! Радзіма вас не забудзе.

Паляўнічыя выйшлі з кабінета. Яны засталіся ўдвух. Настрой у Памялушы быў святочны, і яму хацелася пагаманіць. Дый Адам Восіпавіч — не супраць, стаміўся, бегаючы па кабінеце. Параненая нага заныла, але ён, высільваючыся, стаяў з ліслівым тварам, як і тыя, хто толькі што віншаваў юбіляра. Нічога, ён згодзен месяц бегаць вакол Памялушы, зазіраючы ў вочы. Нічога, горш не стане. Затое, ён амаль упэўнены: дачка, якая жыве з мужам і двума дзецьмі ў аднапакаёўцы, атрымае кватэру. Памялуша яму не адмовіць у просьбе. Хоча мець альбом з фотакарткамі, калі ласка. Адам Восіпавіч ноч ці дзве не будзе спаць, каб толькі дагадзіць Памялушу.

Прыйшлі павіншаваць юбіляра і рэдактар са сваім намеснікам. Прынеслі крыштальную вазу з кветкамі і гадавую падшыўку газеты ў тоўстых кардонных вокладках. «Няўжо ён будзе гэта чытаць?..» — пасміхаўся ў думках Адам Восіпавіч, але ж рэдактара не спытаеш. Хоць гэткае пытанне ён прачытаў і на твары Памялушы, які, праўда, трохі праяснеў, калі рэдактар сказаў, што газета друкуецца пад наймудрэйшым кіраўніцтвам таварыша Памялушы. Тады юбіляр узяў падшыўку і паклаў яе зверху ўсіх падарункаў. Узняўшы палец угору, шматзначна прамовіў: «Сувязь тэорыі з практыкай!» Пасля чаго абняў рэдактара, а намесніка, прывабную саракагадовую жанчыну з пульхнымі яркімі вуснамі, нават пацалаваў...

Адам Восіпавіч моцна стаміўся, але вяртаўся дахаты шчаслівы не менш за Памялушу. Ён быў упэўнены, што той ужо не адмовіць з кватэраю. І пра кватэру Адам Восіпавіч скажа, калі будзе аддаваць альбом, які зробіць за гэтыя два дні. Нічога, ён вытрымае дзеля вялікай мэты. Затое якая радасць наперадзе ў дачкі. Ён нават уявіў радасныя твары дачкі і ўнукаў.

Праз тры ночы і два дні, як мінуў юбілей, альбом быў гатовы. Адам Восіпавіч у сваёй лабараторыі снедаў, абедаў і начаваў. Альбом быў вельмі прыгожы, і, галоўнае, на ўсіх фотакартках у цэнтры — Памялуша. Адразу было відаць, што ён не абы-якая асоба, а асоба з найвышэйшага дома.

Калі Адам Восіпавіч прывёз альбом, памочнік Памялушы ўжо чакаў. Папярэдзіўшы, што шэф у кепскім настроі, адразу правёў фатографа ў кабінет. Так і было, Памялуша некаму злосна выгаворваў па тэлефоне і ажно рукой паляпваў па стале. А памочнік як увёў Адама Восіпавіча ў кабінет, адразу знік за дзвярыма, пакінуўшы яго сам-насам з гаспадаром.

— Што ў вас? — нібы не пазнаючы, спытаў Памялуша.

— Альбом вось...— сціпла вымавіў Адам Восіпавіч.

— Альбом? — неяк адразу ажывіўся Памялуша.— Пакажыце.

Забыўшы аб параненай назе, Адам Восіпавіч у два крокі апынуўся ля стала і паклаў альбом. Памялуша гартануў яго раз-другі, потым хмыкнуў, пачаў уважна разглядаць здымкі. Зрэдзь уздымаў галаву, пазіраў на Адама Восіпавіча, які не вытрымаў і сам, без дазволу сеў у крэсла. Ацэньваў работу Памялуша не менш гадзіны і ўрэшце прамовіў:

— Няблага, няблага... Хоць, канечне, магло быць і лепш. Але няблага, няблага... Мне даўно вас рэкамендавалі як кваліфікаванага фатографа. Дзякую! — не ўстаючы з крэсла, ён працягнуў руку Адаму Восіпавічу, які з радасцю паціснуў яе. Потым Памялуша выйшаў з кабінета і вярнуўся праз якую хвіліну з немалым пакункам у чорнай блішчастай паперы.

— Гэта ад мяне,— сказаў і ўзняў перасцерагальна руку,— Зразумела?..

— Быў рады...— прамармытаў Адам Восіпавіч, але ў яго хапіла смеласці, каб вымавіць.— У мяне просьба вялікая, Васіль Макаравіч...

— Што такое? — на твары ў Памялушы адразу незадаволенасць.

— З кватэрай у дачкі праблема,— і Адам Восіпавіч усё выказаў, што хацеў.

Памялуша паслухаў, памаўчаў. Пасля некуды пазваніў.

— Віншую, Іван Ільіч, з надыходзячым юбілеем. Фатограф трэба? Няма праблемы. Запішы прозвішча. Ага, што мяне фатаграфаваў. Адам Восіпавіч Забарэвіч. Ага, будзе наш Адам. Дык ён да цябе зойдзе. Дарэчы, зрабі яму двухпакаёўку... Для дачкі. Ну, усё...

Паклаўшы трубку, Памялуша строга паглядзеў на Адама Восіпавіча. Аднак той ужо яго не баяўся.

— Размову чулі?

— Чуў.

— Вось і ідзіце да гэтага чалавека. Праз тры дні і ў яго юбілей. Таксама зрабіце яму альбом...

Ужо ў лабараторыі Адам Восіпавіч разгарнуў пакунак, які атрымаў ад Памялушы. Там былі дзве пляшкі «Белавежскай», бляшанка чорнай ікры, палка кілбасы «Паляўнічай», і між імі ляжала візітная картка, з аднаго боку якой буйнымі літарамі было напісана «З павагаю В. Памялуша». О, гэта даражэй за гарэлку і ікру! Адам Восіпавіч, асцярожна ўзяў картку двума пальцамі і паклаў яе ў партбілет, які насіў з левага боку ва ўнутранай кішэні каптана.

Назаўтра ўся рэдакцыя ведала, што фатограф мае візітную картку асабіста ад Памялушы. Вітаючыся, рэдактар першы працягваў ужо руку і запрашаў да сябе на чай.

У камандзіроўках на бяседах цяпер Адам Восіпавіч не распавядаў аб удзелах у конкурсах на лепшы фотаздымак, а моўчкі, з таямнічым выглядам паказваў візітную картку Памялушы. Уражанне заўсёды было незвычайнае: у субяседнікаў, здавалася, аднімала мову. Адам Восіпавіч успамінаў аб сустрэчах з Памялушам, дадаючы між іншым, што яны кожную пятніцу разам мыюцца ў лазні.

З Памялушавай візіткай фатограф стаў найдаражэйшым госцем у кожным раёне, куды б ні прыязджаў у камандзіроўку. Канечне, гасцяваць ён гасцяваў, але і справу ніколі не забываў. У рэдакцыі не маглі паскардзіцца, што ён не зрабіў здымкаў альбо яны не якасныя.

І вось неяк ранняй вясной, калі ў небе ўжо спявалі жаўрукі, Адам Восіпавіч сабраўся ў камандзіроўку. У лабараторыі, як звычайна, гаманіла радыё, бо яго фатограф ніколі не выключаў. Часам нават дзеля канспірацыі: каб не было чуваць галасоў. Сяды-тады да яго заходзілі знаёмыя выпіць бутэльку-другую віна. І раптам Адам Восіпавіч пачуў, што адбыўся пленум, на якім вызвалілі ад пасады таварыша Памялушу. У канцы паведамлення дыктар абвясціў, што замест яго выбралі таварыша Івановіча Івана Ільіча...

Ад такой навіны ў Адама Восіпавіча нават знікла жаданне ехаць у камандзіроўку. Ён разгублена прысеў ля стала, чамусьці дастаў з кішэні візітную картку Памялушы, чытаў, што на ёй напісана, і ў нейкае імгненне падумаў разарваць гэты невялічкі кавалак паперы. Аднак ён не зрабіў гэтага. Адчыніўшы свой стары грувасткі сейф, Адам Восіпавіч кінуў візітку на дно, дзе ляжалі розныя паперы, якія даўно былі непатрэбныя.

Зусім механічна Адам Восіпавіч узяў з сейфа цёмна-сінюю папку, развязаў яе. У ёй таксама былі паперы. Зверху ляжаў вялікі блакітны канверт з крывулістым надпісам: «Тав. Забарэвічу А!» Адам Восіпавіч паціху расклеіў яго і зарагатаў. Ён рагатаў да слёз, да знямогі. Нарэшце, супакоіўшыся, зноў узяў у рукі канверт. У ім ляжала візітная картка, з аднаго боку якой крывулістымі літарамі было накрэслена: «Дарагому нашаму Адаму. З павагаю Іван Ільіч Івановіч».